Помнікі Альбярціна

З прыгожага жывапіснага берага Альбярцінскага возера здалёк відаць самы высокі у Еўропе тэлерэтранслятар, пабудаваны ў 1965 годзе. А калі з напрамку Мінска заязджаеш у Альбярцін на вуліцу Войкава, то на схіле пакатага ўзгорка сярод малапавярховай сядзібнай забудовы дамінуе касцёл гатычнай архітэктуры. Адсутнасць шэрагу характэрнай для готыкі кананічнай асаблівасці дазваляе аднесці яго да псеўдагатычнага напрамку XIX — пачатку ХХ стагоддзяў.

Касцёл узведзены з цэглы. Ён просты па аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, хаця сам будынак набыў манументальны выгляд, дзякуючы свайму эфектнаму размяшчэнню.

Недалёка ад касцёла ў 1996 годзе беларускімі грэка-католікамі быў пастаўлены мемарыяльны крыж з жыльдай. На шыльдзе напісаны словы: “Памяці айцоў-езуітаў усходняга грэка-каталіцкага абраду, якія жылі і працавалі тут у 1923-.г. 400-я ўгодкі Берасцейскай вуніі. .

Побач з касцёлам бачны праваслаўны храм прападобнага Афанасія Брэсцкага, які займае частку будынку былога каменнага манастыра езуітаў, пабудаванага ў 1924 годзе.

На альбярцінскіх могілках на месце брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны, у 1956 годзе быў устаноўлены помнік — скульптурная кампазіцыя ў выглядзе журботнай жанчыны і сувораўца. А ў 1965 годзе каля альбярцінскіх могілак быў узведзены і пірамідальны абеліск у гонар усіх ахвяраў Другой сусветнай вайны. Мемарыяльная шыльда савецкім воінам у 1969 годзе была адкрыта і на будынку кардонна-папяровага завода “Альбярцін”. Яна прысвечана 13 чырвонаармейцам, якіх 26 чэрвеня 1941 года расстралялі гітлераўцы. На ўшанаванне памяці работнікаў завода — ахвяр вайны, перад будынкам прадпрыемства ў 1969 годзе была ўстаноўлена і стэла з памятным надпісам.

Але гісторыя і памяць Альбярціна абмяжоўваецца не толькі помнікамі Другой сусветнай вайной, але і помнікамі XIX стагоддзя, найперш архітэктурнымі. Альбярцін сёння найперш ведаюць, як помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга класіцызму. У комплекс уваходзяць сядзібны дом з флігелем, службовыя пабудовы, гаспадарчыя будынкі (захавалася стайня) і сама фабрыка.

Цэнтральны палац Пуслоўскіх у вайну гарэў, яго хацелі спаліць партызаны, але не ўдалося. Пазней палац адбудавалі і размясцілі ў ім гарадскі Дом культуры і бібліятэку, якія знаходзяцца там і цяпер. Сёння палац Пуслоўскіх з шыкоўнымі мармуровымі львамі на ўваходзе прыцягвае ўвагу турыстаў.

Галоўны корпус, праектаваны як цэнтральны, на плане прамавугольніка, на восі быў упрыгожаны порцікам, які падтрымліваецца чатырма тасканскімі калонамі, звенчанымі ступенчатым франтонам, падзеленым філёнкамі. У месцы, дзе звычайна знаходзіўся гербавы картуш, у франтоне было трохкутнае акенца. Верхні паверх пакрытай пілястрамі порцікавай часткі змяшчаў тры вокны тыпу porte-fenкtre (ад падлогі да столі) з прыгожа каванымі чугуннымі балконамі. Калоны стваралі адну лінію з карацейшым бокам крыла. Пад порцік, на цэлай яго шырыні, вялі каменныя сходы, акружаныя скульптурамі львоў, выкананымі ў белым мармуры паводле Антоніо Кановы. Бакавыя часткі пярэдняга фасада на абодвух паверхах мелі толькі па адным, падвойнай шырыні, акну. Увесь першы паверх і навугольнікі былі пакрыты рустоўкай. Правы фасад карацейшы, як на першым, так і на другім паверсе меў адно акно і адны зашклёныя дзверы. Ніжнія дзверы выходзілі на абшырную тэрасу, верхнія — на доўгі балкон. Ля ўваходу на тэрасу стаялі два чарговыя львы, венецыянскія XV стагоддзя. Тэрасу акружала альтанка з павойнымі раслінамі. Цэнтральны корпус накрыты быў таксама гладкім чатырохскатным дахам.

У парадным крыле знаходзілася пяць фешэнебельных, прасторных пакояў з паркетнымі падлогамі, выкананымі з розных гатункаў драўніны ва ўзоры цераспалосіцы, авалаў і квадратаў. На сценах красаваліся ўзорыстыя шпалеры (тканыя і папяровыя) або шалёўка. На гладкіх столях былі толькі разеты, з якіх звісалі жырандолі.

З нерухомага абсталявання інтэр’ераў асаблівай увагі заслугоўвалі чатыры стыльныя, французскія каміны і дзве латарынскія печкі ў стылі ампір. Плоскасць над камінкам у кабінеце ўладальніка дома ўпрыгожвала фрэска аўтарства Францішка Жмуркі, якая прадстаўляла Музу з рознымі атрыбутамі. Дзверы ў парадных пакоях пакрытыя былі палітурай колеру натуральнай драўніны, у іншых — белым лакам.

На працягу некалькіх пакаленняў кіравання Альбярцінам Пуслоўскія здолелі абсталяваць палац стыльной мэбляй — айчыннай і замежнай. Некалькі салонаў займелі назвы ад відаў мэблі, напрыклад, „чачоткавы” салон з камплектам мэблі (канапа, чатыры мяккія крэслы, восем крэслаў і шэсць фатэлікаў з паўкруглымі спінкамі) з карэльскай бярозы, выкананай айчыннымі майстрамі. „Гданьскі” салон з раялем для музыцыравання меў разныя ў чорным дубе, мяккія і абабітыя шкурай крэслы з высокай спінкай і ў такім жа стылі сталы і столікі. Салон „Буль” (Буль Андрэ Шарль (Boulle Andre-Charles) (1642-1732) — французскі майстар мэблевага мастацтва. — С.Ч.) апрача арыгінальнай мэблі з гэтай майстэрні меў таксама такія ж упрыгожванні камінаў у выглядзе бронзавага гадзінніка і кандэлябраў. Апрача таго былі яшчэ салоны ў стылі ампір і Луі-Філіпа, а таксама кабінеты – адзін у стылі Луі XVI, другі – кітайскі.

Сталовая памерам 7х, з мэбляй выразанай у чорным дубе, так як адзін з салонаў, вытрыманы быў у „гданьскім” стылі. Яе сцены па-над шалёўкай амаль поўнасцю завешаны былі парцалянай з амаль усіх еўрапейскіх мануфактур. Польскую парцаляну здзіўлялі вырабы з Бельведэра, Корца, Баранаўкі і Небарова, замежную — з Ліможа, Пецярбурга, Майсена, Берліна і Вены. Гэты пакой упрыгожвала таксама кітайская клетка шырынёй каля і вышынёй на , выкананая з бронзы, з характэрным шматпавярховым дахам, абвешаная сярэбранымі званочкамі. Асобную калекцыю, мабыць унікальную, складаў вялікі збор целеханскага фаянсу ў выглядзе вазонаў, дэкаратыўных вазонкаў, ліхтарыкаў, бутэлек, сальніц і г.д.[26]

Адразу за палацам у добрым стане сёння захаваны і колішні жылы флігель Пуслоўскіх, дзе ў савецкі час знаходзіўся Палац спорту. Як сляды нядаўна мінулай эпохі, са сцен гэтага будынку і сёння пазіраюць барэльефы савецкіх лёгкаатлетаў. А скульптура самага галоўнага з іх, у зялёных шортах і сіняй майцы, усталявана проста перад флігелем. Побач з абодвума палацамі захаваліся рэшткі былой аранжарэі, дзе Пуслоўскія вырошчвалі самыя розныя кветкі.

Палац стаіць і сёння сярод ладшафтнага парку плошчай у 20 гектараў. Некаторыя старыя дрэвы тагачаснага парку, у тым ліку стройныя лістоўніцы, раслі блізка каля палаца, побач яго левага крыла. На газоне перад порцікам, які лагодным схілам сыходзіў да возера плошчай каля 60 гектараў, на пастаментах стаялі дзве мармуровыя статуі Цэрэры і Памоны аўтарства італьянскага скульптара. З акон палаца, праз возера, відаць былі супрацьлеглы бераг і раскінутую на тым баку вёску. З левага боку ў возера ўрэзвалася даліна паміж пагоркамі, пакрытымі высокім борам. Зусім побач з палацам стаяла вялікая і высокая аранжарэя з поўнасцю зашклёнай паўднёвай сцяной. Вырошчвалі ў ёй між іншым экзатычныя расліны, якія летам выстаўлялі на двор у спецыяльных вазонах. Ззаду змяшчалася прыбудова, узведзеная ў тырольскім стылі; другая, на манер польскіх дворыкаў, стаяла ля ўязной брамы. Там таксама знаходзілася стайня, якая па заказе ўладальнікаў Альбярціна была ўзведзена ў форме падковы кракаўскім архітэктарам Тадэвушам Стрыенскім. Ужо па-за паркам, над ручаём, стаяла мураваная водная паперня, накрытая двайным ламаным польскім дахам, выгляд якой не мяняўся з XVII стагоддзя. Толькі колішняя галандская чарапіца, абстраляная ў гады Першай сусветнай вайны, у міжваенны перыяд была заменена гонтай. З ХІХ стагоддзя ў гэтым будынку знаходзіўся млын.

Стайня захавалася, як і сам палац, да сённяшніх дзён. Цяпер там знаходзіцца кафэ, наконт якога мясцовыя жыхары нярэдка сёння жартуюць: маўляў, за панамі тут елі коні, а цяпер — кормяць людзей.

Да нашых дзён у Альбярціне захаваўся велічны двухсотгадовы парк, пасаджаны Пуслоўскімі ўздоўж берагоў ракі Іса. Да жніўня 2009 года ў Альбярцінскім парку знаходзіўся помнік прыроды — ліпа каралінская. На жаль, падчас моцнага ветру, дрэва не вытрымала і напалову зламалася. Яго нядаўна спілавалі і вывезлі.

Уздоўж Альбярцінскага вадасховішча захаваліся і забрукаваныя старым брукам ліпавыя алеі, каля берагоў якіх прывязаны дзясяткі драўляных чаўноў. Побач, каля двух шырокіх вадаспадаў, у перабудаваным выглядзе знаходзіцца і колішні фальваркавы млын…

Калі спыняешся ў Альбярціне і заходзіш праз старую мураваную браму на сядзібу Пуслоўскіх, нібы трапляеш у чароўны свет XIX — пачатку ХХ стагоддзяў, сёння такога далёкага ад нас і… такога блізкага.

Гісторыя Альбярціна працягваецца. І вельмі многае мы можам стварыць для яго будучыні толькі тады, калі захаваем хаця тое мінулае, тое прыгожае, што зроблена было да нас.

Загрузка...