Пуслоўскія і Альбярцін

Альбярцін — адзін з найпрыгажэйшых мікрараёнаў старажытнага горада Слоніма. А ў мінулых стагоддзях Альбярцін быў маёнткам, мястэчкам, пасёлкам. Сёння слонімскі мікрараён Альбярцін вядомы сваім кардонна-папяровым заводам — крупным прадпрыемствам Беларусі. Мінаючы яго, пераязджаеш мост праз рэчку Ісу. З правага боку — на першы позірк даволі непрыкметны паварот, у канцы якога відаць белыя слупы брамы — праз яе можна заехаць да сядзібы Пуслоўскіх.

Дзякаваць Богу, да сённяшніх дзён захаваліся палац, стайня, флігелі, акружаныя вялікім паркам. Побач знаходзіцца возера са сціплым вадападам, далей пачынаецца лес. Кіламетраў чатыры ад маёнтка Пуслоўскіх у лесе можна ўбачыць яшчэ адзін помнік прыроды — расколаты камень-валун. Ён больш за тры метры ў вышыню, тры з паловай метры ў шырыню і ў даўжыню.

Сярод слонімцаў бытуе легенда, што неяк вяртаўся пан Пуслоўскі з лецішча ў свой маёнтак у Альбярцін. У дарозе яго застала навальніца. Фаэтон Пуслоўскага спыніўся каля самага каменя-валуна. У гэты момант моцна стукнула маланка і трапіла проста ў камень, які ад удару раскалоўся на дзве часткі.

Два тыдні ў маёнтку Пуслоўскіх гарэлі свечкі ў знак таго, што камень выратаваў пана. Спадар Пуслоўскі пасля загадаў паставіць на камені крыж.

Аднойчы слугі Пуслоўскага спрабавалі нават даведацца, на колькі метраў валун знаходзіцца ў зямлі. Яны пракапалі ўглыб на некалькі метраў зямлю, але асновы так і не знайшлі. Пан загадаў спыніць гэту работу і засыпаць яму. Што слугі і зрабілі.

Сёння людзі кажуць, што некалі ў шчыліну расколатага каменя магла ўлесці толькі рука. А цяпер шчыліна стала шырынёй больш метра. Мабыць быў і на камені крыж, бо зверху яго ёсць паглыбленне.

Альбярцін — як памешчыцкая сядзіба, так і сама назва – з’явіўся ў палове ХІХ стагоддзя. Да гэтага часу быў там толькі фальварак, якія належаў да вялікіх Шылавічаў (Шыдловічаў), дзе знаходзілася першапачатковая сядзіба. Паводле існуючага да Першай сусветнай вайны ў Альбярціне архіва, самая даўняя згадка пра Шылавічы адносіцца да паловы XV стагоддзя. Датычыла яна перадачы мясцовай маёмасці ў якасці пасагу дачцэ князя Пяцігорскага, калі тая выходзіла замуж за Юндзіла. Чарговая зацемка датаваная канцом XVІ стагоддзя сведчыць, што чарговы ўладальнік Няміра прадаў Шылавічы канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу. Сапега купіў яшчэ ў Паўла Верашчакі суседнія Якімавічы. Пасля памерлай у 1667 годзе Анны Сапяжанкі, Шылавічы атрымаў яе апякун Гіляры Палубінскі, маршалак Вялікага Княства Літоўскага, які прадаў іх у Анне з Копцяў Сапяжанцы, а Якімавічы, Шастакі і Ісаевічы — Цыпрыяну Паўлу Бжастоўскаму (памёр у 1688), рэферэндару Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве адкупіў ён ад Сапегаў таксама і Шылавічы, а ягоныя патомкі далі пачатак г.зв. „шылавіцкай” галіне[1].

У Бжастоўскіх у Шылавічы купіў Войцех Пуслоўскі (1762-1833), маршалак слонімскі, дэпутат Чатырохгадовага Сейма, жанаты з княгіняй Юзэфай Друцкай-Любецкай, дачкой Францішка, кашталяна пінскага, сястрой міністра Ксаверыя. Пасля яго маёмасць дасталася ў спадчыну сыну Уладзіславу (1801-1859), які быў жанаты з княгіняй Генавефай Друцкай-Любецкай, дачкой міністра. Затым гэтая маёмасць перайшла ў спадчыну ўнуку Францішку Ксаверыю (1847-1908), які ажаніўся з Леантынай Влодэк. Апошнім уладальнікам Шылавіч, Альбярціна і палескіх маёмасцей быў сын Францішка Ксаверыя — Уладзіслаў Пуслоўскі (1871-1964), жанаты з Крысцінай Марыяй, княгіняй Піньятэллі д’Арагон. Купіўшы Шылавічы, якія тады называлі „графствам”, Войцех Пуслоўскі асеў у існуючай там, ужо з часоў Бжастоўскіх, сядзібе. На тэму яго знешняга выгляду не захавалася ніякіх звестак, бо гэты будынак згарэў неўзабаве пасля Пражываючы ў Шылавічах, Войцех Пуслоўскі значна разбудаваў невялікі фабрычны пасёлак, які знаходзіўся побач. У гэты пасёлак перавёз з Хомска суконную і дывановую фабрыкі, а таксама ўзвёў шэраг іншых будынкаў у „аляксандраўскім” стылі. Адным з такіх будынкаў быў таксама двухпавярховы мураваны дом.

Пасля пажару сядзібы, калі не было дзе жыць, чарговы ўладальнік Шылавіч Уладзіслаў Пуслоўскі вырашыў пабудаваць новае жыллё ў іншым месцы. Пачаткам яго меў быць менавіта стары мураваны дом. Дабудаваў тады да яго пад прамым вуглом новае крыло, якое, паводле ягонага праекта, павінна было быць цэнтральным, прадстаўнічым корпусам. З правага боку планавалася дабудаваць трэцяе крыло, падобнае на колішні мураваны дом. Аднак гэтых планаў Уладзіславу Пуслоўскаму поўнасцю не ўдалося здзейсніць, бо ў выніку канфлікту з князем Паскевічам, вымушаны ён быў на доўгі час пакінуць краіну.

Пра сам Альбярцін захаваліся звесткі, што так назваў свой маёнтак Войцех Пуслоўскі ў гонар сына Альберта. Але сына з імем Альберт у Пуслоўскага не было. Ён меў чатырох сыноў — Уладзіслава (1801-1859),

Адама Тытуса (Цітуса) (1803-1854), Францішка Ксаверы (1806-1874), Вандаліна (1814-1884) і дзвюх дачок — Генафему і Марту.

Па іншых крыніцах, Войцех Пуслоўскі меў пяцярых сыноў. Але даследчыкі магчыма блытаюць, бо лічаць, што Францішак — гэта адзін сын, а Ксаверы — другі.

Сам Войцех Пуслоўскі (1762-1833) нарадзіўся ў Песках на поўдні былога Слонімскага павета (цяпер Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці). Скончыў павятовую школу камісіі народнай адукацыі ў Слоніме. Быў дэпутатам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, маршалкам Слонімскага павета. Валодаў маёнткамі Пескі, Шылавічы, Альбярцін, Сынковічы, Шулякі, Косава, Міхалін Слонімскага павета і іншымі. У Слоніме меў добрую сядзібу, а ў Вільні — Антаколь і палац.

Дзякуючы Войцеху Пуслоўскаму, у першай палове XIX стагоддзя ў маёнтку Альбярцін былі пабудаваныя палац, флігель, стайня, закладзены парк, адкрыты некалькі прадпрыемстваў і г.д.

Уладзіслаў Пуслоўскі (1801-1859) нарадзіўся ў Шылавічах (Шыдловічах). Калі маёнтах у Шылавічах згарэў, ён пераехаў у новую рэзідэнцыю — Альбярцін, дзе і гаспадарыў пэўны час.

Пуслоўскі Адам Тытус (Цітус) (1803-1854) нарадзіўся ў Песках Слонімскага павета, служыў у войску, а пасля асеў у маёнтку Плянта на Піншчыне. У час паўстання 1830-1831 гадоў узначальваў паўстанцкія атрады Пінскага павета. У апошнія гады свайго жыцця жыў у Прусіі і Францыі.

Пуслоўскі Францішак Ксаверы (1806-1874) скончыў Калегіум Нобіліум у Варшаве. Падарожнічаў па Германіі, Англіі, Францыі, Італіі. У 1830-я гады быў маршалкам Слонімскага павета. У палацы ў Крулікарні пад Варшавай сабраў калекцыю карцін, бронзавай і мармуровай скульптуры, гравюр, гебеленаў, бібліятэку.

У 1853-1859 гады Францішак Пуслоўскі быў намеснікам старшыні, а ў 1862-1864 і 1867-1868 гады — старшынёй Варшаўскага Таварыства Дабрачыннасці. У 1856 годзе галоўным з фундатарскіх праектаў Пуслоўскага стаў касцёл Святога Міхала на вуліцы Пулаўскай у Варшаве. А ў 1865 годзе Пуслоўскі пабудаваў за ўласныя грошы вялікую капліцу на тэрыторыі парку ў Крулікарні. Капліца была шыкоўна аздоблена, у галоўным алтары знаходзіўся абраз Юзафа Сімлера. У 1865 годзе Пуслоўскі разам з Я. Блохам, Л. Кроненбергам, Л. Натансанам стаў арганізатарам справы па будаўніцтву дамоў для рамеснікаў і рабочых. Пуслоўскі быў камергерам расійскага двара, а ў 1871 годзе папа Пій IX надаў яму (і яго брату Вандаліну) тытул графа рымскага. Памёр Пуслоўскі Францішак Ксаверы ў Варшаве і там пахаваны ў падзямеллі касцёла Святога Аляксандра.

Вандалін Пуслоўскі (1814-1884) з’яўляўся ўладальнікам Косава, дзе збудаваў палац. Быў вялікім калекцыянерам і аматарам мастацтва. Пасля смерці брата Францішка Ксаверыя, валодаў Крулікарняй.

Зыгмунт Пуслоўскі (1849-1913) — сын Уладзіслава і ўнук Войцеха Пуслоўскіх. Атрымаў у спадчыну ад бацькі вялікія маёнткі. Быў калекцыянерам мастацкіх твораў. Памёр у Альбярціне…

Усе войны апошніх двух стагоддзяў не міналі Альбярціна. 19 ліпеня 1812 года праз Альбярцін адступала другая руская армія пад кіраўніцтвам Пятра Баграціёна. Пасля яе адступлення, у палацы Пуслоўскіх месціўся штаб 12-га аўстрыйскага корпуса генерала Г.Шварцэнберга. Войцех Пуслоўскі і яго сям’я падтрымлівалі французскую армію Напалеона Банапарта, які паабяцаў аднавіць Вялікае Княства Літоўскае. Пры фінансавай падтрымцы Пуслоўскіх, ураджэнец Слоніма генерал Ян Канопка, сфарміраваў конны полк уланаў. Была яшчэ створана слонімская жандармерыя на чале з капітанам Юргашкам, а таксама гвардыя з 54 асоб. Французскую армію ў асноўным папаўнялі прадстаўнікі літоўскай (беларускай) шляхты. Калі 20 кастрычніка 1812 года ў Слонім уварваліся салдаты рускай арміі генерала Яфіма Чапліца, яны хацелі злавіць Яна Канопку, але гэта ім не ўдалося — ён і іншыя ліцвіны-вайскоўцы своечасова пакінулі Слонім, бо яго і генерала Яна Дамброўскага папярэдзілі Пуслоўскія аб небяспецы.

Пасля паспяховай аперацыі, Чапліц, да прыходу асноўных сіл адмірала Чычагава, затрымаўся ў Альбярціне ў палацы Пуслоўскіх. Ці ведалі рускія, што Пуслоўскія падтрымлівалі Напалеона — цяжка сказаць. Але Пуслоўскіх ніхто не зачапіў.

Праз 18 гадоў Войцех Пуслоўскі разам са сваімі сынамі і ўнукамі актыўна падтрымае шляхецкае паўстанне на Беларусі і Літве ў працяг паўстання ў Польшчы за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Сын Войцеха Пуслоўскага — Цітус Пуслоўскі створыць паўстанцкі атрад колькасцю каля 1000 чалавек. У атрадзе Цітуса было нямала рабочых і тэхнікаў з бацькавай суконнай фабрыкі. У атрадзе Міхала Валовіча найбольш было сялян. Сродкі для паўстанцаў давалі Войцех Пуслоўскі і бацька Міхала Валовіча — Казімір Валовіч. Валовіч старэйшы нават заклаў свой маёнтак з землямі ў Пецярбургскай захоўнай казне за 30150 рублёў[2].

На Беларусь для задушэння паўстання было сцягнута 125-тысячнае расійскае войска. Паўстанне было задушана. Цітусу Пуслоўскаму пашанцавала. Яго ў адміністрацыйным парадку выслалі ў Уфу, скуль праз пэўны час удалося ўцячы ў Прусію, а потым у Францыю. Вярнуўся Цітус у Альбярцін напрыканцы свайго жыцця, дзе ў 1854 годзе памёр у Песках.

У 1863-1864 гадах на Беларусі ўспыхнула новае паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Актыўна ствараліся паўстанцкія атрады і на Слонімшчыне, куды ўваходзілі прадстаўнікі беларускага дваранства — І. Стравінскі, Ф.Мікульскі, А.Кераноўскі, І. і З. Ягалкоўскія, А. Эйсмант[3] і іншыя. Узначаленыя ім партызанскія атрады атрымлівалі правіянт, зброю, коней ад некаторых мясцовых багатых людзей, у тым ліку і ад Пуслоўскіх з Альбярціна. Але і тады ўсё скончылася паразай.

Пасля смерці Войцеха Пуслоўскага, уласнікамі Альбярціна сталі яго сыны і ўнукі. Унук Войцеха Пуслоўскага — Уладзіслаў Пуслоўскі (1871-1964), які быў уласнікам Альбярціна да 1939 года, у пасёлку працягваў справу дзеда і таксама адкрыў шмат прадпрыемстваў. Пры ім у першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя Альбярцін стаў крупным прамысловым цэнтрам Навагрудчыны.

Самымі цяжкімі для Уладзіслава Пуслоўскага і Альбярціна былі Першая сусветная і польска-савецкая войны.

Першая сусветная вайна прымусіла Пуслоўскіх вывесці найбольш каштоўныя рэчы ў Маскву. Для гэтага спатрэбілася чатыры з паловай вагоны. Пасля вайны з вывезеных вагонаў назад удалося вярнуць толькі паўвагона., астатнія бясследна зніклі.

Падчас Першай сусветнай вайны ў палацы Пуслоўскіх жыў нямецкі камандуючы фронтам князь Леапольд Баварскі. У той час Альбярцін наведвалі прынц Караль (пазней — імператар Аўстрыі) і Вільгельм II. У палацы Пуслоўскіх знаходзіўся са сваім штабам і кайзераўскі генерал Воерж. Яму спадабаўся палац, парк і флігель Пуслоўскіх. Асабліва партрэты каралёў Рэчы Паспалітай, якія ўпрыгожвалі палац. Пра гэтыя карціны згадвае ў сваёй кнізе “Wycieczki Slonimskie” Станіслаў Лорэнц[4]. Адступаючы, генерал Воерж забраў з сабой 10 партрэтаў каралёў і, мажліва, цяпер яны знаходзяцца ў прыватных калекцыях Германіі. Дарэчы, сам Войцех Пуслоўскі і яго сыны былі заўзятымі калекцыянерамі беларускай даўніны і кніг. Кнігазбор, з некалькіх тысяч тамоў, знаходзіўся ў асобнай вялікай зале, застаўленай навокал высокімі шафамі з чырвонага дрэва — дзевяць шафаў было ў стылі Луі-Філіпа, тры ў стылі дырэкторыі, упрыгожаныя бронзамі. Пустое месца займалі стэлажы, якія дасягалі столі. Некаторыя кніжкі, галоўным чынам польскія і італьянскія, сягалі з XVII стагоддзя, далей ішлі кнігі XVIIІ стагоддзя, энцыклапедычныя выданні, старыя атласы і старыя карты колішніх польскіх зямель. Самым каштоўным быў багаты архіў, які ўцалеў з пажару папярэдняга двара — ён адносіўся да XV стагоддзя і датычыў усіх сем’яў, з якімі звязана было мінулае мясцовых маёнткаў. Сярод архіўных дакументаў былі пергаментныя каралеўскія наданні з подпісамі манархаў і пячаткамі, копіі Літоўскай метрыкі, карэспандэнцыя шэрагу пакаленняў, тастаменты, маёмасныя дакументы і іншыя. У бібліятэцы стаяў таксама тэлескоп з усімі астранамічнымі прыборамі, а таксам два шары — зямны і нябесны Адамса з Лондана з .


Асабліва гэтым захапляліся Вандалін і Францішак Пуслоўскія. Але за часы нямецка-польска-савецкай акупацыі 1914-1945 гады палац Пуслоўскіх у Альбярціне апусцеў.

Сёе-тое Пуслоўскім удалося вывезці ў Вялікабрытанію і Францыю. Але большая частка альбярцінскіх каштоўнасцей (абсталяванне прадпрыемстваў, калекцыі карцін, бронзавай і мармуровай скульптуры, гравюр і габеленаў, кнігі) паехалі ў Германію і Расію.

У 2004 годзе ў Лондане адна мясцовая польская газета надрукавала артыкул “Альбярцін” Р.Міроўскага, дзе падрабязна была апісана сядзіба Пуслоўскіх у Альбярціне каля Слоніма. Аўтар прыводзіць звесткі пра музейныя, архіўныя і бібліятэчныя каштоўнасці, якія захоўваліся ў мясцовым палацы. “Калекцыя карцін з Альбярціна магла б з поспехам экспанавацца ў многіх еўрапейскіх галерэях”, — сцвярджае аўтар. Тут знаходзіліся эскізы “Галоўкі” Леанарда да Вінчы, “Кентаўра” Рубенса, дзве карціны Пітэра Брэйгеля, некалькі венецыянскіх партрэтаў. З польскіх мастакоў называюцца Шыман Чаховіч, Юліуш Косак, Францішак Жмурка. Апрача таго, у палацы знаходзіліся сямейныя партрэты, выявы каралёў і гетманаў Вялікага Княства Літоўскага. На сценах размяшчалася вялікая калекцыя саксонскага і мясцовага фарфору. Бібліятэка магла ганарыцца польскімі і італьянскімі выданнямі XVII стагоддзя, энцыклапедыямі, атласамі і геаграфічнымі мапамі (картамі). У архіве захоўваліся дакументы на пергаміне (некаторыя нават з XV стагоддзя).

Паводле Р. Міроўскага, усе зборы ў час Першай сусветнай вайны, калі пачалося нямецкае наступленне, вывезлі з Альбярціна ў Маскву. На гэтым іх сляды губляюцца[5].

У 1996 годзе польская даследчыца Уршуля Пашкевіч знайшла ў Торуні каталог, дакладней інвентар кнігазбору з альбярцінскага палаца Пуслоўскіх (21 старонка ненумераваная). Усе кнігі былі пазначаны экслібрысам Ex-librys Francisci Puslowski[6].

Лёс багатага і значнага кнігазбору Пуслоўскіх вельмі складаны, і пуцявіны яго заблытаў не менш складаны час. Цяпер кнігі з экслібрысамі, пячаткамі, штампамі вялікай сям’і Пуслоўскіх можна сустрэць у бібліятэках Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і далёкага замежжа. Напрыклад, у кнігазборы Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея прыватная калекцыя Пуслоўскіх адна з найбольш значных. Тут захоўваецца звыш шасці тысяч тамоў па самых розных галінах ведаў: філасофіі, тэалогіі, гісторыі, прыродазнаўству. Яшчэ ў 1879 годзе Вандалін Пуслоўскі падараваў бібліятэцы Акадэміі Мастацтваў у Кракаве 30 тамоў рукапісаў XVII-XVIII стагоддзяў, а таксама аўтографы, пісьмы і г.д.[7]

Пасля Першай сусветнай вайны з бежанства з Расіі паціху пачалі вяртацца людзі ў родны Альбярцін. Толькі не ўсе. Многія загінулі ў дарозе і ў далёкай галоднай Расіі, некаторыя там засталіся жыць. Але большасць з іх дабіралася дадому. І тыя, хто вяртаўся ў Альбярцін, зноў на працу прыходзілі да Уладзіслава Пуслоўскага. І ён іх браў, даваў не толькі працу, але і жыллё, хатнюю жыўнасць, трохі зямлі. Уладзіслаў Пуслоўскі быў шчырым, добрым, простым чалавекам. Дапамагаў ён фінансамі і сваім сваякам, даваў ім каштоўныя парады, найперш, звязаныя з зямлёй і лесам. Вось як успамінае адзін са сваіх прыездаў да Уладзіслава Пуслоўскага ў Альбярцін яго сваяк Юзэф Гадлеўскі ў кнізе ўспамінаў “На пераломе эпох”, якая выйшла на польскай мове ў Лондане ў 1978 годзе: “Прыехалі мы ў Альбярцін у мароз. Снегу было па калена. Дзядзька з жонкай прынялі нас надта гасцінна. Атрымалі мы пакой з відам на маляўнічае альбярцінскае возера, якое было замерзлае і моцна пакрытае снегам.

Палац у Альбярціне абсталяваны быў мэбляй, дастаўленай з Рацінева, з Памор’я, часткова неадкладна дакупленай. У час вайны (маецца на ўвазе Першай сусветнай вайны — С.Ч.) Альбярцін быў дашчэнту аграблены войскам і насельніцтвам. У палацы было цёпла і ўтульна, а кафельныя печы і каміны прыемна абагравалі вялікія пакоі, ствараючы атмасферу цішыні і спакою.

Толькі пасля некалькіх дзён, калі мы адпачылі пасля падарожжа, дзядзька забраў мяне ў свой офіс, паказаў мне планы сваіх уладанняў і даў мне да выбару некалькі аб’ектаў. Сярод іх былі: Ніва, Ніннічы на Палессі, Басіны, Шыдловічы (маецца на ўвазе вёска Шылавічы, якая так называецца цяпер — С.Ч.) і Сынковічы з фальваркамі ў Слонімскім павеце. Падчас гутаркі дзядзька апісваў мясцовыя ўмовы, глебу, ураджайнасць, стан паасобных аб’ектаў, а таксама банкаўскія і сервітутныя запазычанасці і г.д.

З-за мяцеліцы нам давялося чакаць пару дзён, пакуль не расчысцяць дарог, каб можна было даехаць па чарзе ў Басіны, Шыдловічы і Сынковічы, да якіх недалёка ад Альбярціна.

Нарэшце наступіла добрае надво’е і мы пачалі агляд паасобных маёнткаў. Спачатку паехалі мы ў Шыдловічы, якія знаходзіліся над самой Шчарай, у пяці кіламетрах ад Слоніма. Шыдловічы былі вельмі знішчаныя пасля вайны. Забудова, апрача мураванай аборы, стайні і некалькіх баракаў, была спалена. Фальварак над Шчарай меў часткова падмоклыя і заліўныя сенажаці, землі былі сярэднеўраджайныя, месцам пясчаныя. На кожным кроку бачны былі ваенныя знішчэнні — разваліны вінакурні і забудовы... У лесе таксама відаць сляды рабаўнічай гаспадаркі як расіян, так і немцаў... Агульнае ўраджанне было прыгнятальнае, асабліва таму, што фальварак пазбаўлены быў дрэў, апрача адной альхі над невялічкай дрыгвой...

Вярталіся мы праз Слонім. Тры чвэрці насельніцтва гэтага мястэчка складалі яўрэі. У час Першай сусветнай вайны большая частка яго згарэла, ад дамоў засталіся толькі счарнелыя коміны. Але і тут відаць былі новыя ўзведзеныя домікі і камянічкі. Паволі зажывалі раны, атрыманыя падчас вайны.

На другі дзень адправіліся мы з тым самым фурманам Войцехам у Сынковічы. Фурман расказваў нам па дарозе свае ваенныя прыгоды, асабліва небяспечныя здарэнні з немцамі. Расказваў таксама і пра мясцовыя прыгоды. На кожным кроку бачны былі ваенныя знішчэнні. Людзі вярталіся з бежанства з Расіі і, не знаходзячы сваіх сядзіб, туліліся ў зямлянках, выкапаных у зямлі, без акон, з часовым комінам з паржавелай бляхі. Мінулі мы фальварак Грыбава, уладальнікам якога быў расіянін Заградзін, потым пераязджалі праз вёску Чамяры — надта русіфікаванай, з насельніцтвам прыхільным камунізму.

Нарэшце мы ўехалі ў лес — з аднаго боку цягнулася палоска казённых лясоў, а з другога — будучых уласнасцю Сынковічаў. Былі гэта змешаныя лясы, а менавіта — яліны, сосны, грабы, дубы, ясені, а таксама алешнік. Немцы не ўсё перацярабілі. Сынковічы знаходзіліся далей ад чыгункі, а насельніцтва падалося ў бежанства. Не хапала рабочых рук і коней неабходных для вывазкі драўніны.

Від дрэў паказваў, што глеба і падглеба былі разнароднымі, але зусім не дрэнныя. Лес быў даволі шчыльны, падлесак у ім складалі ядловец, ракітнік і ляшчына. Фурман Войцех паведаміў нам, што сасновы ўзгорак называецца Хваінка. Калі мы толькі яго мінулі, паказалася забудова, а дакладней кажучы, рэшткі забудовы Сынковіч. Гэта былі Сынковічы другія, якія знаходзілася паўкіламетра ад шашы. Пазней называлі мы іх Піяцкімі альбо Вінакурнымі. У адрозненне ад Сынковіч першых, якія атрымалі назву Графскія альбо Касцельныя. Сынковічы першыя ляжалі трохі далей, пры колішнім тракце.

Дарога ў фальварак не была расчышчана і коні, фыркаючы, ледзь заехалі па глыбокім снезе ў двор.

Пуслоўскія ў асноўным ворную зямлю здавалі ў арэнду, а ў сваім распараджэнні захоўвалі лясы. Толькі Альбярцін, Пескі і Шыдловічы апрацоўвалі самі, ставячыся да іх, як да месца сваёй сельскагаспадарчай практыкі...”[8].

Вельмі актыўна і весела праходзіла ў Альбярціне і свецкае жыццё Пуслоўскіх. Яны былі даволі гасціннымі людзьмі. Таму вельмі часта ў альбярцінскім маёнтку збіраліся госці з усёй Еўропы. А сын Уладзіслава Пуслоўскага — Ксаверый быў яшчэ заўзятым паляўнічым. Калі прыязджалі госці, ён арганізоўваў грандыёзнае паляванне, у якім прымалі ўдзел усе госці. Калі паляванне завяршалася, першым дамоў вяртаўся ляснік. Ён трубіў у ражок, нагадваючы ўсім, што паляванне прайшло дужа паспяхова. Праз пэўны час з палявання вярталіся гаспадары і госці. Перад палацам, насупраць цэнтральнага ўваходу, аматары палявання раскладвалі вялікае вогнішча і клалі вакол яго свае трафеі: дзікоў, лісіц, ваўкоў, зайцаў. А потым пачынаўся пір, які працягваўся да самай раніцы. Госці весяліліся каля палаца і ў самім будынку. Галоўны ўваход палаца аформлены скульптурамі ляжачых львоў — дэкаратыўны элемент архітэктуры класіцызму першай паловы XIX стагоддзя. Аўтарам гэтых львоў быў вялікі італьянскі скульптар Антоніо Канова (1757-1822). Той скульптар, імя якога Папа Пій VII загадаў упісаць у Залатую кнігу Капітолія і надаў яму тытул маркіза д’Іскіа. Самыя вялікія яго працы цяпер знаходзяцца ў парыжскім Луўры і ў пецярбургскім Эрмітажы. Відаць, Антоніо Канова быў добра знаёмы яшчэ з Войцехам Пуслоўскім, па просьбе якога былі зроблены гэтыя шыкоўныя скульптуры. Яшчэ два венецыянскіх ільва стаялі каля ўваходу на тэрасу. Але яны да сённяшніх дзён у Альбярціне не зберагліся.

У самім палацы сцяну ў кабінеце Пуслоўскага над камінам распісваў вядомы мастак Францішак Жмурка. У доме быў вялікі набор старой мэблі, калекцыя фарфору, адзення і мундзіраў, пачынаючы з канца XVIII стагоддзя. Наведвальнікам надоўга запаміналася кітайская хатка з бронзы, вышынёй 2,5 метраў, якая асвятлялася срэбранымі званочкамі, а таксама шэсць мармуровых бюстаў на міфалагічныя тэмы канца XVIII стагоддзя і г.д.

На першым паверсе будынка пры жыцці Пуслоўскіх знаходзілася вялікая зала для трапезы. Былі тут яшчэ танцавальная зала і пакоі эканомкі і пакаёўкі. А на другім паверсе — спальня гаспадароў і шматлікія пакоі для гасцей. Пад палацам быў вінны склеп, а пад службовым флігелям — склеп, дзе захоўваліся прадукты. У службовым флігелі месціліся кухня, сталовая для службовага персаналу, хлебапякарня, пральня і пакой, дзе жыў повар. На другім паверсе жылі слугі. Уладзіслаў Пуслоўскі меў свой уласны аўтамабіль і шафёра, які яго вазіў і абслугоўваў аўтамабіль. У стайні гаспадар трымаў дарагіх коней...

Некалькі гадоў таму ў Слоніме пашчаслівілася пазнаёміцца з Іванам Катко, які два гады, пачынаючы з 1937 года, працаваў у Пуслоўскага пастухом. Ён пагадзіўся адказаць на некаторыя мае пытанні, якія вельмі дапаўняюць мой матэрыял пра Пуслоўскіх і Альбярцін. Памяць, праўда, не ўсё захавала з той пары. Але падчас гутаркі Іван Герасімавіч Катко сёе-тое ўспомніў.

— Давайце пачнем нашу гутарку са знаёмства з вамі. Вы адкуль родам, Іван Герасімавіч?

— Мае бацькі родам з вёскі Савічы Слонімскага раёна. У 1927 годзе ў іх нарадзіўся я. І калі мне споўнілася шэсць гадоў, пайшоў у польскую школу. Скончыў чатыры класы. Неяк аднойчы да бацькі прыходзіць ляснік Кастусь Сітнік і кажа, што пан Уладзіслаў Пуслоўскі шукае добрага пастуха, каб змог пасвіць чатырнаццаць яго цялят. Ну і адначасова дазваляў пасвіць і сваіх кароў. А ў нас тады былі дзве каровы і цялушка. І бацька пагадзіўся, але запытаўся пра плату.

— І колькі Пуслоўскі за гэта плаціў?

— За сезон плаціў 6 злотых за адну цялушку, а ўсіх было 14 жывёл. Памножце 6 на 14 — атрымліваецца 84 злотыя.

— Гэта на той час былі вялікія грошы ці не?

— За 6 злотых у 1930-я гады мінулага стагоддзя можна было купіць 3 бутэлькі гарэлкі. Добрыя боты каштавалі 7 злотых, касцюм — 14 злотых. А карову можна было купіць за 60–70 злотых.

— Значыць, для сям’і быў нядрэнны заробак?

— Нядрэнны, таму і прыйшлося мне тых цялят пасвіць да верасня 1939 года. Цяляты знаходзіліся ў лесніка Сітніка, і я кожны дзень са свайго хутара Зарэчча прыходзіў туды, выганяў цялят і пасвіў іх па лесе. Акрамя заробку, Пуслоўскі дазваляў майму бацьку бясплатна нарыхтоўваць для сябе дровы.

— А чым займаўся ваш бацька?

— Мой бацька быў бондарам: вырабляў з дрэва бочкі, балеі, лыжкі, вокны, дзверы, вуллі. Яму патрабаваўся лес. І Пуслоўскі бясплатна яго даваў.

— Ці цяжка было працаваць пастухом?

— Нялёгка. Але я ніколі цялят у лесе не губляў. Я іх так да сябе прывучыў, што яны заўсёды былі побач. На дзвюх цялушках нават катаўся. А выганяў іх да ўсходу сонца. Неяк праспаў і спазніўся, каб своечасова выгнаць жывёл на пашу, дык мяне Сітнік за гэта добра набіў кіем. Бацька паехаў і паскардзіўся наконт гэтага пану Пуслоўскаму. Пан моцна лаяў Сітніка.

— А ці сустракаліся вы з самім Уладзіславам Пуслоўскім?

— Сустракаўся. Ён часта наведваўся да ляснічага ў такой лёгкай карэце. Сустракаўся і з яго сынам Ксаверыям, які прыязджаў у савіцкі лес на паляванне. Але сын быў разбэшчаны, любіў выпіць і пагуляць з жанчынамі.

— На якой мове размаўляў пан Пуслоўскі?

— Ён размаўляў толькі на беларускай мове. Можа, з багатымі на фэстах гутарыў па-польску, але я чуў ад яго толькі беларускую мову.

— А ў палацы Пуслоўскага ў Альбярціне вам не пашанцавала пабываць?

— Быў з бацькам і ў Альбярціне, у канторы Пуслоўскага, дзе бацька атрымліваў за мяне заробак. Але ў самім палацы пабываць не давялося. Тады ў Альбярціне было ўсё вельмі прыгожа, чыста, культурна. Ды і пан Пуслоўскі да людзей адносіўся дужа шчыра, добра, па чалавечы міла. Калі ў каго было якое няшчасце — заўсёды дапамагаў. Хата згарыць — дасць бясплатна лесу, карова здохне — купіць карову. Людзі яго вельмі паважалі і любілі за такую дабрыню.

— А ці памятаеце, як Пуслоўскія ў 1939 годзе пакінулі Альбярцін?

— Не, не памятаю. Але мне расказваў бацька, што за два тыдні да прыходу ў Слонім бальшавікоў усе Пуслоўскія на цягніку выехалі кудысьці на Захад, мусіць у Францыю і ў Англію...

Сапраўды, у самым пачатку верасня 1939 года Уладзіслаў Пуслоўскі з сям’ёй назаўсёды пакінуў Альбярцін. Месцам жыхарства ён выбраў Парыж. У пажылым веку (пражыў 93 гады) спадар Пуслоўскі захапляўся гістарычнымі даследаваннямі. Ён быў жанаты на Крысціне Марыі Піньятэллі д’Арагон, прадстаўніцы італьянска-іспанскага княжаскага роду[9]. Яны мелі сыноў — Францішака і Ксаверыя, і дачку Марыю (Крысціну). Францішак з 1939 года жыў у ЗША, працаваў у Польскім інстытуце ў Нью-Йорку, а Ксаверый пасяліўся ў Іспаніі. Цяпер нашчадкі Пуслоўскіх жывуць у многіх краінах свету. І пра Альбярцін яны ведаюць з успамінаў сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, а бачаць яго толькі на старых сямейных фотаздымках.

Загрузка...