Саюз беларускай моладзі (СБМ)

У ліпені 1993 года, калі Савет Міністраў Беларусі ўзначальваў Вячаслаў Кебіч, некаторыя рэспубліканскія газеты апублікавалі на сваіх старонках інфармацыю “Ва ўрадзе рэспублікі”. У ёй, у прыватнасці, пісалася, што “Савет Міністраў Беларусі разгледзеў зварот Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны і працы, Камітэта па справах моладзі пры Саўміне, шэрагу іншых грамадскіх арганізацый і грамадзян, якія выказваюць пратэст і абурэнне ў сувязі са сходам, прысвечаным 50-годдзю стварэння Саюза беларускай моладзі (СБМ), які намячаўся на 26 чэрвеня г.г. у памяшканні Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы…Урад падтрымаў паступіўшыя ў яго адрас прапановы аб недапушчальнасці якіх-небудзь мерапрыемстваў, звязаных з юбілеем СБМ. Старшыня Савета Міністраў В.Ф.Кебіч падпісаў адпаведнае распараджэнне”. І хоць тадышні кебічаўскі Савет Міністраў забараніў святкаванне 50-годдзя СБМ, беларуская моладзь і дэмакратычныя сілы ўсё ж адзначылі слаўны юбілей Саюза беларускай моладзі — адну са старонак нашай гісторыі. Але што гэта была за арганізацыя і якое дачыненне да яе меў Альбярцін?

У пачатку чэрвеня 1942 года нямецкі рэйхсміністр акупіраваных усходніх тэрыторый Альфрэд Розэнберг выдаў дэкрэт аб стварэнні на акупіраваных усходніх тэрыторыях спецыяльнага маладзёжнага аддзелу ў нямецкім міністэрстве ўсходніх абшараў (ОМІ). Па-рознаму ўспрынялі гэты дэкрэт нямецкія акупацыйныя ўлады. Напрыклад, супраць былі генеральныя камісары ў Коўне фон Рэнтэльн, Кох на Украіне і некаторыя іншыя. А вось Вільгельм Кубэ на Беларусі, наадварот, быў прыхільнікам стварэння беларускай маладзёжнай арганізацыі. Ён шмат разоў ездзіў да Розэнберга, каб той афіцыйна даў дазвол на стварэнне такой арганізацыі. І на працягу некалькіх месяцаў Кубэ такі дазвол атрымаў. Ці не з’яўляецца гэта адной з прычын знішчэння Вільгельма Кубэ? Бо яшчэ ў снежні 1942 года “полицейские власти в Берлине и Минске начали компанию, имеющую целью политическую дискредитацию Кубэ, как проводника «противоречащих» интересам Германии белорусских национальных тенденций… 22 сентября 1943 года погиб в результате покушения, которое, возможно, было инспирировано СС»[14]. Менавіта Вільгельм Кубэ, як пісала далей гэта газета, пад лозунгам «Беларусь для беларусаў» прапагандаваў ідэі нямецка-беларускай супольнасці зацікаўлення і супрацоўніцтва, клапаціўся аб аднаўленні беларускіх школ і культурных устаноў, абараняў мінскія музеі і бібліятэкі ад рабавання і знішчэння арміямі. Але вернемся да стварэння СБМ і Альбярціна.

22 чэрвеня 1943 года, падчас урачыстасці ў Мінскім гарадскім тэатры, Кубэ аб'явіў аб стварэнні Саюза беларускай моладзі (СБМ). У прыватнасці ён сказаў:

1. Дзеля аднастайнага ўзгадавання і арганізацыі беларускае моладзі засноўваецца Саюз беларускай моладзі (СБМ).

2. Узгадаванне беларускай моладзі, апрача бацькоўскага дому і школы з фізічнага, духоўнага і маральнага гледзішча перадаецца Саюзу беларускай моладзі.

3. Заданне ўзгадавання беларускай моладзі ў Саюзе беларускай моладзі перадаецца кіраўнічаму штабу беларускай моладзі. Дзеля кіравання кіраўнічым штабам я прызначаю шэфа гэтага штаба, які рэпрэзентуе Саюз беларускай моладзі і мае сваю сядзібу ў Мінску. Шэф кіраўнічага штаба беларускае моладзі падначальваецца мне…

Гэта выступленне генеральнага камісара Вільгельма Кубэ ў Мінску было апублікавана ў «Беларускай газэце» 22 чэрвеня 1943 года.

Галоўным органам СБМ быў кіруючы штаб пад кіраўніцтвам Міхася Ганько (1918-?). Працаю сярод дзяўчат на цэнтральным узроўні займалася Надзея Абрамава (1907-1979). Саюз беларускай моладзі месціўся ў Альбярціне, дзе навучаліся юнакі. Дзявочы СБМ знаходзіўся ў Драздах каля Мінска. У СБМ тады ўваходзіла беларуская моладзь ад 10 да 20 гадоў. На першае чэрвеня 1944 года СБМ налічваў 12635 чалавек і дзейнічаў у 56 раёнах Беларусі.

У Альбярціне ў былым палацы Пуслоўскіх праходзілі спецыяльнае навучанне і кіраўнікі Саюза беларускай моладзі. Як піша гісторык Юры Туронак «СБМ быў першай у гісторыі арганізацыяй, заснаванай дзяржаўнай уладай для ўзгадавання моладзі ў беларускім нацыянальным духу. Ранейшыя арганізацыі ў Беларусі, як камсамол і польскае гарцэрства, таксама дзейнічалі з дабраславення ўладаў, аднак служылі процілеглым мэтам — змаганню з беларускім нацыяналізмам і дэнацыяналізацыі моладзі. З гэтай прычыны піянерска-камсамольскія важатыя і гарцэрскія інструктары наогул не адпавядалі патрэбам новай арганізацыі і рэдка ёю выкарыстоўваліся. У такім становішчы адной з найважнейшых задач стваральнікаў СБМ была падрыхтоўка новых кіраўнічых кадраў — функцыянераў штаба і кіраўнікоў суполак на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь і зоны армейскага тылу»[15].

У Альбярціне юнакі і ў Драздах дзяўчаты, якія скончвалі курсы СБМ, атрымлівалі адзнакі па наступных дысцыплінах: пачуццё таварыства, стараннасць, рысы характару, паводзіны, кемлівасць, агульныя веды, наяўнасць аратарскіхх здольнасцей, знешнія фізічныя дадзеныя, плаванне, лёгкая атлетыка, гульневыя віды спорту, спевы, дырыжыраванне, пачатковае навучанне, страявая падрыхтоўка, камандная мова, уражанне ў цэлым.

21 верасня 1943 года да вышэйшых кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі з прадмовай звярнуўся прафесар Вацлаў Іваноўскі. Ён адзначыў, што “вы, маладыя, бярэце ў свае рукі беларускі нацыянальны сцяг. У вас шмат маладой энергіі і вялікія магчымасці, і вы паводле закону прыроды займеце вашае месца ў грамаскім жыцці, у працы і змаганні. Дык мы цешымся, што наша змена вартая тае гістарычнае часіны, якую мы перажываем, і шлем вам на дарогу самыя найлепшыя і сардэчныя пажаданні. Расці, дарагая моладзь, мацней, каб пабудаваць новую і шчаслівую Беларусь”[16].

Галоўнай задачай СБМ было нацыянальна-патрыятычнае выхаванне беларускай моладзі, правядзенне мерапрыемстваў дзеля азнаямлення з мінуўшчынай роднага краю, вывучэнне роднай мовы і культуры, развіццё нацыянальных асаблівасцей, пазнанне сваёй Бацькаўшчыны. Важную навучальна-пазнавальную ролю адыгрывалі і разнастайныя экскурсіі па роднаму краю, удзел юнакоў і дзяўчат у святочных мерапрыемствах, у канферэнцыях і мастацкай самадзейнасці. Саюз беларускай моладзі не толькі актыўна адраджаў нацыянальную культуру, пашыраў беларускі маоладзёжны асяродак, але і абараняў моладзь ад вывазу ў Германію. На жаль, прасавецкае падполле гэтага не разумела і варожа ставілася да СБМ. Але змагацца з ім, як піша ў сваёй кнізе “Беларусь пад нямецкай адукацыяй” Юры Туронак, падполлю было не так проста. Па-першае, гэтаму перашкаджала малалецтва яго ўдзельнікаў, а па-другое, дзейнасць яго праходзіла ў большасці сваёй па вялікіх гарадах і мястэчках — партызаны не маглі туды шырокага доступу. Знамянальна было і тое, што насуперак настойлівай падпольнай прапагандзе толькі трое кіраўнікоў СБМ пакінулі яго шэрагі і перайшлі да партызанаў…[17]

Але многія юнакі СБМ разам з Чырвонай Арміяй прымалі ўдзел у разгроме гітлераўскай Германіі, паклалі свае голавы ў Прусіі, Польшчы, Чэхіі і Нямеччыне. А тыя, хто вярнуўся дамоў з фронту і хто заставаўся на Радзіме, на вялікі жаль, былі рэпрэсіраваны і згінулі ў сталінскіх лагерах. З тых некалькіх тысяч беларускіх юнакоў і дзяўчат, якія прайшлі школу СБМ, у жывых сёння засталіся некалькі дзесяткаў чалавек. Але гэта — шчырыя і адданыя беларусы, сапраўдныя патрыёты нашай Бацькаўшчыны.

Загрузка...