Генерал Яўген Леашэня

Генерал-лейтэнант інжынерных войск Яўген Леашэня быў не толькі вайскоўцам, але і заўзятым беларускім краязнаўцам. Генерал Леашэня напісаў гісторыю Слоніма і Слонімшчыны, а перад смерцю перадаў яе ў Слонімскі краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага, дзе і па сёняшні дзень захоўваюцца тоўстыя рукапісныя тамы з дакументамі і фотаздымкамі.

Нарадзіўся Яўген Леашэня ў снежні 1900 года ў Альбярціне. Спачатку з чаравікамі за спіною бегаў басанож уздоўж чыгуначнага палатна ў Слонімскае вышэйшае пачатковае вучылішча, якое давала яму адукацыю ў аб’ёме сучаснай дзевяцігодкі. Пра гэта аўтару кнігі пры жыцці часта расказаў старэйшы беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн, які добра ведаў Яўгена Леашэню. Сяргей Міхайлавіч прыгадваў: “Яшчэ да кастрычніцкага перавароту ў Расіі на галоўнай вуліцы Слоніма, каля вітрыны кнігарні Венцыяна Любоўскага, можна было заўважыць сціплага юнака, які падоўгу разглядаў кнігі. Пастаіць, пастаіць і пойдзе. Зацікавіла гэта кнігара і аднойчы ён не стрываў, запытаў:

— Малады чалавек, а чаму вы ніколі не заходзіце да мяне ў краму?

Хлопец збянтэжыўся, пачырванеў, апусціў вочы на свае стаптаныя чаравікі.

— Вы, пэўна, любіце кнігі? — распытваў далей Любоўскі.

— Вельмі.

— Дык чаму ж не заходзіце?

— Грошай няма. Я працую на Альбярцінскай фабрыцы графа Пуслоўскага. Зарабляю мала.

— Нічога, калі-небудзь заробіце больш. А пакуль што заходзьце без грошай!

І кнігар павёў хлопца ў сваю бібліятэку, якая знаходзілася ў падвале кнігарні.

— Выбірайце любыя кніжкі, ды так, каб вам на тыдзень чытаць хапіла. А ў наступную нядзелю возьмеце яшчэ.

У хлопца ах вочы заблішчэлі ад радасці. З таго часу кожную нядзелю прыходзіў ён да Любоўскага і ніколі не выходзіў з пустымі рукамі...

У верасні 1939 года Чырвоная Армія выгнала палякаў са Слоніма. Перад кнігарняй Любоўскага затрымалася ваенная машына. Станісты афіцэр выйшаў з машыны і накіраваўся ў краму. Увайшоўшы, узяў пад казырок:

— Добры дзень, спадар Любоўскі! Ці памятаеце вы таго альбярцінскага хлопца, якому давалі чытаць кніжкі?

— Як жа, як жа, памятаю...

— А ці ведаеце вы, што тыя кніжкі дапамаглі хлопцу стаць палкоўнікам Чырвонай Арміі, які стаіць перад вамі?..

Вайсковец абняў і пацалаваў усхваляванага кнігара, а потым пасадзіў яго ў машыну і павёз у свой родны Альбярцін.

Доўга гутарылі былыя сябры. Было ім аб чым пагаварыць. А калі апынуліся ў розных мясцінах, пачалі перапісвацца. Часта паказваў мне стары Любоўскі пісьмы, што прыходзілі ад Леашэні з Масквы, і змахваў з вачэй слёзы радасці. У 1944 годзе, калі вайна адышла на захад ад Слоніма, днём і ноччу праходзілі па горадзе савецкія часці, грукаталі па бруку танкі і гарматы. Каля дома гісторыка-краязнаўчага музея, дырэктарам якога я быў на той час, спынілася легкавушка. У памяшканне ў суправаджэнні афіцэраў зайшоў генерал і пачаў аглядаць здымкі на сценах фае.

— А вось і мой родны Альбярцін! — узрадавана паказаў генерал Леашэня на адзін са здымкаў.

— Прабачце, вы генерал-маёр Леашэня? — падышоў я да яго.

— Але... Адкуль вы ведаеце маё прозвішча? — здзівіўся ён.

— Мне пра вас расказваў Любоўскі, — дадаў я.

— Дзе ж ён цяпер, — усхвалявана спытаў генерал.

— Расстралялі фашысты.

Леашэня спахмурнеў, зняў фуражку. Пастаяў некалькі хвілін моўчкі, а потым развітаўся і выйшаў...”.

У Першую сусветную вайну сям’я Леашэняў пераехала ў Петраград, але там была нядоўга. Вярнуўшыся на радзіму, Яўген Леашэня пачаў працаваць настаўнікам у вёсцы Жарабілаўка былой Баранавіцкай вобласці. А затым па прапанове аднаго батальённага камісара ён рашыў стаць ваенным і летам гэтага ж года запісаўся ў Чырвоную Армію.

У 1930-я гады Яўген Леашэня становіцца слухачом Ваеннай акадэміі імя Фрунзе. Там упершыню ён сустракаецца з Дзмітрыем Карбышавым — вядомым спецыялістам ваенна-інжынернай справы. Паміж маладым слухачом і начальнікам кафедры завязалася моцная дружба. Карбышаў прымаў удзел у мадэрнізацыі Брэсцкай крэпасці перад Першай сусветнай вайной і кансультаваў будаўніцтва абарончых ліній у многіх беларускіх пагранічных гарадах напярэдадні Другой сусветнай вайны і таму добра ведаў і вельмі любіў Беларусь. Але галоўную павагу выдатнага спецыяліста Леашэня заслужыў самастойнасцю думкі і ўменнем адстойваць свае перакананні. Калі ад Ваенна-інжынернай акадэміі імя Фрунзе адышла Акадэмія Генеральнага штаба, Карбышаў быў запрошаны на працу ў зноў створаную акадэмію і рэкамендаваў на сваё месца Яўгена Леашэню, які ўжо скончыў да тае пары ад’юнктуру.

Яўген Леашэня шмат працаваў над удасканаленнем ваенна-інжынернай школы, развіваў тэорыю тактыкі інжынерных войск, тэорыю інжынернага забеспячэння боя і аперацыі.

У гады Другой сусветнай вайны Яўген Леашэня выконваў абавязкі начальніка інжынерных войск Маскоўскага абарончага рубяжа, пасля быў начальнікам штаба аператыўнай групы інжынерных загарод Стаўкі Вярхоўнага Галоўнага камандавання ў абароне Масквы, прымаў таксама ўдзел у абароне Севастопаля і Крыма.

У 1944 годзе на пасадзе начальніка штаба інжынерных войск Першага Беларускага фронту вызваляў родную Беларусь, сваю Слонімшчыну. Дайшоў да Берліна, удзельнічаў у разгроме Квантунскай арміі на Далёкім Усходзе.

Пасля вайны Яўген Леашэня ўзначальваў кафедру інжынерных войск Ваенна-інжынернай акадэміі імя Куйбышава па навуковай і вучэбнай рабоце.

Пяць гадоў генерал Леашэня адпрацаваў выкладчыкам у Ваенна-тэхнічнай акадэміі Войска Польскага ў Варшаве. Дарэчы, ён быў адным з яе заснавальнікаў.

Як бачыце, шмат работы і спраў было ў альбярцінскага генерала Леашэні. Але, нягледзячы на сваю занятасць, Яўген Варфаламеевіч любіў і цаніў беларускую мову, культуру і гісторыю. Прыкладам гэтаму можа служыць яго знаёмства з многімі беларускімі дзеячамі літаратуры і мастацтва. Асабліва шчырым было яго знаёмства з Якубам Коласам.

Імя Якуба Коласа Яўген Леашэня пачуў яшчэ тады, калі вучыўся ў Альбярцінскім двухкласным вучылішчы (1912-1914 гг.), дзе выкладаў тады перадавы беларускі настаўнік Восіп Іванавіч Петрашкевіч. Ён знаёміў сваіх вучняў з творамі Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Гутаркі аб беларускай літаратуры Восіп Петрашкевіч праводзіў не ў класе, а ў школьным садзе або падчас экскурсіі ў лесе, на беразе ракі Іса, Альбярцінскім возеры...

У пачатку лістапада 1942 года ў Ташкенце, у доме Савецкай Арміі адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. У прэзідыуме сходу былі прадстаўнікі Вярхоўнага Савета і члены ўрада БССР. У цэнтры сядзеў сам юбіляр, дарагі ўсім чалавек — Якуб Колас. Ён быў вельмі ўсхваляваны: не чакаў, што ў такі цяжкі для краіны час яго будуць віншаваць.

Ад імя арміі, Ваеннай акадэміі і франтавікоў юбіляра вітаў Яўген Леашэня. У перапынку Якуб Колас падышоў да Яўгена Варфаламеевіча, паціснуў руку і падзякаваў за цёплыя словы. У лютым 1943 года адбыўся чарговы выпуск Ваеннай акадэміі імя Фрунзе, і Яўген Леашэня запрасіў Якуба Коласа на ўрачыстасць.

У красавіку 1943 года Ваенная акадэмія імя Фрунзе (Леашэня тады працаваў начальнікам кафедры інжынерных войск — С.Ч.) вярталася ў Маскву. Альбярцінец пакідаў Ташкент. Цёплым вясновым надвячоркам 15 красавіка Яўген Варфаламеевіч развітаўся з Якубам Коласам.

У 1944 годзе Леашэня зноў накіраваўся на фронт. Пачаў перапісвацца з Якубам Коласам, расказваў пра вызваленую заходнюю частку Беларусі, пра сустрэчу з маці. Толькі ў 1954 годзе Яўген Леашэня вярнуўся ў Маскву. Зноў пачаў працаваць, аднавілася і перапіска з Якубам Коласам.

Неўзабаве альбярцінца перавялі працаваць за мяжу, і ліставанне з Якубам Коласам перапынілася. Толькі з газет даведаўся ён аб смерці беларускага песняра. Засталіся на ўсё жыццё цёплыя ўспаміны сустрэч і кніжка вершаў “Голас зямлі”, выдадзеная Дзяржаўным выдавецтвам Узбекістана да 60-годдзя паэта, з аўтографам: “На ўспамін земляку — палкоўніку Леашэню. Якуб Колас. Ташкент, .”.

У снежні 1981 года не стала і генерал-лейтэнанта Яўгена Леашэні — удзельніка трох войнаў (грамадзянскай, Другой сусветнай і вайны з Японіяй), які быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, Кутузава, Багдана Хмяльніцкага.

У 1984 годзе вуліца, якая вядзе са Слоніма на мікрараён Альбярцін, пачала насіць яго імя, а на адным з будынкаў вуліцы была адкрыта мемарыяльная дошка. На жаль, цяпер гэтай шыльды няма, дзесьці прапала. І ніхто да сённяшняга дня не парупіўся яе знайсці, аднавіць, замацаваць на будынку. Тым не менш, старэйшыя альбярцінцы памятаюць свайго слыннага земляка Яўгена Леашэню.

Загрузка...