З гісторыі прадпрыемстваў Альбярціна

Кардонна-папяровы завод

Першае ўпамінанне аб папяровай вытворчасці ў Альбярціне адносіцца да 1790 года, калі Пуслоўскім быў выдзелены лес і адведзены зямельны ўчастак для будаўніцтва папяровага млына. А ў 1806 годзе, як сведчаць архіўныя дакументы, у Альбярціне адкрылася сапраўдная папяровая фабрыка “действительным Статскимъ Советником Кавалером Пусловскимъ…”[18]. Фабрыка працавала шмат гадоў, але потым у 1814 годзе Пуслоўскія аддалі яе ў арэнду Готлібу Шміту.

З кожным годам попыт на паперу рос. І ў Альбярціне вытворчасць паперы павялічвалася. Так, напрыклад, калі ў 1817 годзе паперы там выраблялі 425 тон, то ў 1818 годзе — 452 тоны. А ў 1834 годзе, абсталяванне фабрыкі папоўнілася двума прэсамі і валамі, вялікім і малым чанамі, катлом для варкі клею. Вытворчасць паперы штогод расла тонамі.

У верасні 1915 года Альбярцін быў акупіраваны нямецкімі войскамі. У гэты час частка абсталявання мясцовых прамысловых прадпрыемстваў была вывезена ў Германію. І толькі ў 1927 годзе акцыянернае таварыства, у якім пераважная доля акцый належала Уладзіславу Пуслоўскаму, распачало і закончыла будаўніцтва Альбярцінскай кардонна-папяровай фабрыкі. Гэта было невялікае прадпрыемства. Працавала толькі адна машына. А энергетычная гаспадарка складалася з невялікага паравога катла, лакамабіля, гідратурбіны магутнасцю 70 кілават... На фабрыцы працавалі 200-250 чалавек. Найбольш было жанчын і маладых рабочых, працаваць было цяжка. Праўда, праз некалькі гадоў гаспадары прадпрыемства аддалі яе ў арэнду Францішку Вайцехоўскаму і Вольфу Гурвічу. Але становішча рабочых ад гэтага не палепшылася. Яны жылі ў цесных бараках, паўсюль бачна была антысанітарыя. І рабочыя ўсё часцей і часцей выказвалі гаспадарам прадпрыемства сваё незадавальненне. А ў студзені 1934 года на фабрыцы забаставалі сартавальніцы паперы. Яны патрабавалі павышэння заробку і заключэння калектыўнай дамовы.

1 верасня 1939 года гаспадары кардонна-папяровай фабрыкі аб’явілі, што ў сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны фабрыка закрываецца. Але дваццаць добраахвотнікаў разам з Пятром Чашуном узялі пад ахову фабрыку, млын, вадаспуск, гідратурбіну і чыгунку. А 18 верасня 1939 года ў Альбярцін прыйшла Чырвоная Армія, а разам з ёй — і савецкая ўлада.

Праз два тыдні на кардонна-папяровай фабрыцы адбыўся сход рабочых, які вырашыў аднавіць работу фабрыкі. Першым дырэктарам быў прызначаны Канстанцін Сідарэнка, тэхнічным дырэктарам — Самуіл Фарбер.

На прадпрыемстве ўпершыню ў СССР пачалі выпускаць каляровы кардон. Яго адпраўлялі ў Варонеж, Вільню, Ленінград, Маскву і ў іншыя савецкія гарады. З 9806 тон кардону, выпушчанага ў Беларусі з чэрвеня 1940 года да чэрвеня 1941 года, амаль палавіна была альбярцінскага.

З развіццём фабрыкі пачаў расці і фабрычны пасёлак Альбярцін. З’явіліся свая электрастанцыя, лесазавод, смалакурна-шкіпінарны завод, млын, школа, медпункт, пошта, ашчадная каса і іншыя ўстановы.

За месяц да гадавіны ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР калектыў фабрыкі “Альбярцін” звярнуўся з пісьмом “Да ўсіх рабочых, калгаснікаў, сялян-аднаасобнікаў, служачых, інтэлігенцыі, да ўсіх працоўных Баранавіцкай вобласці” (тады Слонімскі раён уваходзіў у Баранавіцкую вобласць — С.Ч.). У гэтым звароце паведамлялася, што “на працягу 20 год тэрыторыя Беларусі была штучна разрэзана на двое. Заходняя яе частка знаходзілася пад ганебным і цяжкім ярмом польскіх паноў. На працягу 20 год народы Заходняй Беларусі таміліся і стагналі пад цяжкім панскім ботам. 20 сумны і страшных год народы Заходняй Беларусі былі адарваны ад сваіх адзінакроўных братоў — ад шчаслівага народа Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі… Урад былой панскай Польшчы ўсё рабіў для таго, каб зламіць дух народа, пазбавіць яго нацыянальнай самасвядомасці, яго культуры і роднай мовы, штучна апалячыцьяк беларусаў так і працоўных другіх нацыянальнасцей, зрабіць бязгласнымі і пазбаўленымі ўсякай надзеі на адраджэнне… Працуючы на фабрыцы “Альбярцін”, якая ў мінулым належала акцыянернаму таварыству капіталістаў Пуслоўскіх, Чапскіх і другіх, большасць рабочых зарабляла не звыш аднаго злота ў дзень. Паступаючы на фабрыку на работу, кожны з нас павінен быў адпрацаваць капіталісту-гаспадару месяц бясплатна. Шырока практыкавалася сістэма штрафаў. За 1938 год і да 16 жніўня 1939 года было падвергнута штрафам 157 чалавек. Непажаданых панам Пуслоўскім, Чапскім і іншым рабочых выкідвалі з фабрыкі… Цяпер значна палепшыліся ўмовы працы. Мы ўпершыню ў гэтым годзе (маецца на ўвазе 1940 год — С.Ч.) атрымліваем чарговыя водпускі. Валавая выпрацоўка прадукцыі на фабрыцы “Альбярцін” павялічыласяна 50 працэнтаў. Замест ранейшай выпрацоўкі 10 тон у суткі — зараз даем па 15 тон у суткі высокаякаснага кардона, прадукцыйнасць працы паднялася ў 2,5-3 разы. Колькасна вырас рабочы калектыў фабрыкі больш чым на 50 працэнтаў. На фабрыцы ёсць 150 чалавек стаханаўцаў, якія выконваюць нормы выпрацоўкі на 200 працэнтаў… Культурна і рацыянальна мы выкарыстоўваем зараз наш выхадны дзень. Калі раней выхадныя дні выкарыстоўваліся для наведвання касцёла і шынкаў, то ў сучасны момант у Нардоме ў выхадныя дні і пасля работы для нас чытаюцца лекцыі, даклады, ліквідуецца непісьменнасць і малапісьменнасць, працуюць гурткі па бягучай палітыцы…”[19].

Сапраўды, з прыходам у Альбярцін Чырвонай Арміі справы на кардонна-папяровай фабрыцы пачалі наладжвацца. Але хутка пачынаецца Другая сусветная вайна і ў пасёлак прыходзяць немцы. Праўда, і пры нямецкай уладзе фабрыка працавала, там выпускалі толевы кардон. Але хутка прадпрыемства спалілі партызаны, а частку абсталявання вывезлі немцы ў Германію.

У 1949 годзе Савет Міністраў СССР прыняў рашэнне аб пашырэнні альбярцінскага прадпрыемства з мэтай выпуску 16 тысяч тон кардону ў год. А праз год Міністэрства папяровай прамысловасці СССР прысвоіла фабрыцы “Альбярцін” званне “Прадпрыемства выдатнай якасці”.

З 1961 года альбярцінская кардонная фабрыка стала называцца “Беларусь”, з 1972 года — кардонна-папяровы камбінат, з 1976 года — кардонна-папяровы завод, з 1990 года — народнае прадпрыемства “Альбярцін”. У 1995 годзе народнае прадпрыемства было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства “Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альбярцін”. Замест ранейшага аднаго віду кардону завод вырабляе звыш 120 відаў тавараў. Гэта кардон паліграфічны і запалкавы, паперу ўпаковачную, пачкавую, мелаваную і парафінавую, сурвэткі, шпалеры, канцылярскія і школьныя тавары.

Суконная фабрыка

Ва ўладанне Пуслоўскіх суконная фабрыка ў Альбярціне перайшла ў 1828 годзе. А заснавана як мануфактура была графам Ф.Замойскім у 1813 годзе. У розны час фабрыка вырабляла сукно, коўдры, корт, трыко, фланель, драп. У 1843 годзе на фабрыцы працавалі 75 ткачых, дзейнічалі 35 прадзільных, 7 пастрыгальных, 10 варсавальных і больш за 60 іншых станкоў, якія прыводзіліся ў рух вадой, коньмі і “уласнаручна майстравымі людзьмі”. У 1843 годзе на суконнай фабрыцы ўжо працавалі 494 рабочыя, а ў 1858 годзе — 503. Сярод іх пераважалі вяскоўцы. Яны атрымлівалі месца ў фабрычным бараку або дазвол на пабудову ўласнай хаты. Для агарода рабочым выдаткоўваўся невялікі ўчастак зямлі. Дзённы заробак быў невялікі — ён складаў усяго 4-5 капеек. Поруч з вяскоўцамі на фабрыцы працавалі і гараджане, а таксама замежныя вольнанаёмныя майстры, напрыклад, у 1843 годзе іх было 8 чалавек. Пасля 1861 года выпуск прадукцыі дасягаў 128 аршынаў у год. У 1970-1880-я гады на фабрыцы дзейнічалі 134 ручныя ткацкія станкі, 22 часальныя, 15 прадзільных машын, слясарня. Былі ўстаноўлены дзве новыя паравыя машыны, два паравыя катлы, працавалі сталовая, бальніца на 4-12 ложкаў, фельчар, аптэка. У 1879 годзе на суконнай фабрыцы працавалі 475 наёмных рабочых. Сярэдняя заработная плата наёмнага рабочага складала 20-60 капеек у дзень[20].

У 1891 годзе пры фабрыцы было адкрыта вучылішча. Там рыхтавалі ткачых для працы на фабрыцы.

Сваю прадукцыю суконная фабрыка ў Альбярціне вывозіла на экспарт у многія краіны свету. У 1857 года на Варшаўскай, а ў 1882 годзе на Усерасійскай у Маскве прамысловых выстаўках прадукцыя фабрыкі за высокую якасць была адзначана сярэбранымі медалямі. Аднак вытрымаць канкурэнцыю са шмат якімі заходнееўрапейскімі суконнымі фірмамі яна не здолела, і гаспадары закрылі фабрыку, якая існавала 70 гадоў, папрадавалі абсталяванне, тэхніку і за выручаныя грошы будавалі іншыя прадпрыемствы.

Чыгуналіцейны завод

Чыгуналіцейны завод бельгійца Барэ ў Альбярціне дзейнічаў 86 гадоў — з 1828 да 1914. У 1830 годзе ў Альбярціне быў пабудаваны мураваны будынак для плаўкі чыгуну. Завод пачаў вырабляць сячкарні, млынавыя машыны, веялкі і іншыя сельскагаспадарчыя прылады, а з 1900 года — турбіны для вадзяных млыноў.

З 1903 года чыгуналіцейны завод стаў называцца машынабудаўнічым заводам. Ён займеў чыгуналіцейную печ і тры такарныя станкі. Завод хутка наладзіў выпуск посуду для вінакурняў і піваварняў, драцяныя і шавецкія цвікі, шпількі, потым — вадзяныя турбіны, малатарні, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак. У пачатку ХХ стагоддзя на заводзе працавалі 50 рабочых.

Лесапільна-сталярная фабрыка

Фабрыка дзейнічала ў 1894-1914 гады. Належала яна акцыянернаму таварыству “Заходнеруская фабрыка механічнай апрацоўкі дрэва”. Фабрыка вырабляла дошкі, брусы, рэйкі, дзвярныя і аконныя рамы. У 1913 годзе на ёй працавалі 85 чалавек.

Іншыя прадпрыемствы

У канцы ХIX — пачатку ХХ стагоддзяў у Альбярціне дзейнічалі і шэраг іншых прадпрыемстваў. Гэта шоўкакруцільная фабрыка “Боньвуа”, якая існавала на працягу 20 гадоў. Яна была заснавана ў 1894 годзе. На ёй выпускалася аснова і ўток для тканіны.

Дывановая мануфактура дзейнічала ў 1832-1850 гадах. Вырабляла 1,5 тысячы аршынаў () дывановых вырабаў за год. На ёй працавалі 70 рабочых.

Некалькі гадоў напачатку ХХ стагоддзя ў Альбярціне існаваў электралямпавы завод “Альба” на якім працавалі каля ста рабочых. Гэта было першае на Беларусі прадпрыемства такога профілю.

Напрыканцы XIX стагоддзя ў Беларусі працавалі 14 паўсаматужных запалкавых фабрык. Сярод іх была фабрыка і ў Альбярціне. Яе адкрылі О.Гавінавіцкі і Ю. і М. Маркусы. Фабрыка мела назву “Шчара”.

З 1907 да 1913 года ў Альбярціне дзейнічалі драцяное і мукамольнае прадпрыемствы, з 1905 года — завод цвікоў Пінуса.

У 1823 годзе на рацэ Іса была пабудавана драўляна-земляная плаціна з двума шлюзамі, што дазволіла прымяняць вадзяны прывод. У 1886 годзе ў Альбярціне з’явілася гідраэлектрастанцыя і была пракладзена чыгунка. Дарэчы, з Альбярціна можна было заехаць па чыгунцы ў Слонім, Баранавічы, Беласток, Варшаву. Атрымаўшы ад Міністэрства шляхоў зносін немалую грашовую кампенсацыю за землі, што пайшлі пад чыгунку, Пуслоўскія надзялілі зямельнымі ўчасткамі тых рабочых, чые прысядзібныя землі і хаты паглынула будаўніцтва.

Загрузка...