На апошнім павароце перад школаю Зьмітрок спыняецца і доўга глядзіць з-пад рукі на агромністае, ружовай імглой ахутанае неба. Каторы дзень хлопец прагне ўбачыць — як патухае апошняя, самая зыркая зорка, і кожнага разу, пакуль ідзе ад Мартулёвай хаты да павароткі, тая бязь сьледу зьнікае. Сёньня ён нават спрабаваў ісьці, не адрываючы вачэй ад неба, ды ўзьбіўся на сумёт і набраў у валёнак сьнегу. Дарогу зьвечара перамяло, таму трэба глядзець пад ногі і ступаць у санную каляіну.
— Што... самалёт ляціць?! — гукае стрыечны брат Чэсь, таксама зірнуўшы на неба.
Чэсь, не патрапляючы нагой у каляіну, бяжыць насустрач. На ягонай галаве летняя канфэдэратка, і адтапыраныя вушы малінавыя ад марозу.
— Самалёт?! — задыхана пытаецца Чэсь, але Зьмітрок у адказ толькі ўздыхае — казаць пра зоркі, ды яшчэ на марозе, няма ахвоты.
З гасьцінца да школы бягуць западзіны прыбітага сьнегу — некалькі чалавек прайшлі тут, ступаючы нага ў нагу.
— А я думаў — мы першыя, — падае голас стрыечны брат, і Зьмітрок, не азіраючыся, прамаўляе: — Першая Цыба прыходзіць.
Цыбаю хлопцы называюць сваю высакарослую, прысланую з усходу настаўніцу. Цыба тая жыве ў Мартулёвай хаце і прыбягае ў школу дасьвецьцем.
Прамерзлыя завесы жаласна стогнуць, хлопцы разам пераступаюць парог, кідаюцца да гарачай галяндкі, ды іх, як заўсёды, спыняе незадаволены воклік цёткі Агаты:
— Доконд?
Цётка — яна ўжо гадоў дваццаць жыве пры школе — торкае ў Чэсевы рукі паскубаны дзяркач. Абабіўшы сьнег з валёнак, хлопцы бягуць да печкі, ляпаюць па ёй зьбялелымі далонямі, міжволі наструньваюць слых.
— Так ровно? — пытаецца за сьценкаю Цыба і цётка Агата, увайшоўшы ў кляс, разважліва, расьцягваючы гукі, прамаўляе: — Ву-унь той краёчак — чу-уць угору, — потым, ужо адрывіста, гукае: — Добжэ, — і падлога зьлёгку страсянаецца. — Настаўніца штосьці вешала на сьценку і цяпер скочыла долу.
Цыба ляпае далонямі, а цётка Агата нясьмела выдыхае:
— Пані наўчыцелька... дроваў... адзін абярэмак застаўся.
Хвіліну пануе цішыня.
— Агата Ивановна, — не называйте меня так. Я не пани, а простая советская учительница. А что касается дров... — у клясе гучна рыпае масьнічына, — я подумаю над этим вопросом.
Зьмітрок з Чэсем пераглядаюцца. Пані Яблоньска, што вучыла іх летась, з усімі размаўляла па-польску, настаўнік Скочык — таксама. А вось Цыба на ўроках гамоніць па-беларуску, зь цёткай Агатай размаўляе па-расейску і гэта дзівіць хлопцаў.
Завесы зноў стогнуць і ў парнай ад марозу пройме зьяўляюцца Лена Патыка і Дана Кур’янка. Дзяўчынкі, не абабіўшы валёнак, бягуць да галяндкі.
— Доконд? — жартам гукае Чэсь, раскрыльвае рукі, не падпускаючы дзяўчынак да печкі, і Лена хвацка б’е яго спачатку па плячы, а потым па брыльку канфэдэраткі. — Чаго гэта ты зіму пужаеш? — Лена цісьне далоні да печкі, — глядзі, каб вушы не адваліліся.
Чэсь хмурнее. Летнюю шапку ён носіць дзеля форсу, і пасьля такіх кпінаў вушы ягоныя яшчэ больш пунсавеюць.
Праз латку незацярушанага інеем акна зыркае, працінаючы пунсовыя Чэсевы вушы, сонечны прамень.
— Дзеці, заўтра кожны мусіць прыхапіць з дому палена, — вітаецца з вучнямі настаўніца, потым глядзіць на Чэся і незадаволена заўважае: — Пераступаючы школьны парог, трэба здымаць галаўныя ўборы.
Хлопец няўцямна лыпае вачыма, і Цыба стоена дадае: — Шапку здымі.
Кляса поўніцца сонечным сьвятлом. Шэрань на вокнах вясёлкава блішчыць, а на пашарпанай падлозе дрыжаць рознакаляровыя плямы.
— Што, фарсун, ва ўсіх шапкі, а ў цябе галаўны ўбор? — гукае Лена Патыка, дзяўчынкі пырскаюць сьмехам і раптам аціхаюць, пазіраючы паўзьверх шышкаватай Чэсевай галавы. Там, над кляснай дошкай, зьявіўся партрэт вусатага дзядзькі. Адбітак сонечнага сьвятла дрыжыць на глюгастым носе, кранаецца ваяўнічых вусоў і гэта стварае ўражаньне, што дзядзька залівіста сьмяецца.
“На солтыса падобны”, — думае Зьмітрок. У солтыса Брошкі таксама быў глюгасты нос і такія ж густыя, пракураныя вусы.
— Дзеці, сталі роўна! — прамаўляе настаўніца, ляпае ў ладкі і прыкметна суравее з твару.
— Чалавек, якога вы бачыце на партрэце — Іосіф Вісарыёнавіч Сталін! — Цыба вытрымлівае паўзу, гнеўна глядзіць на Чэся, які пацірае гарачыя пасьля марозу вушы, і працягвае: — Таварыш Сталін — правадыр працоўных нашай краіны і ўсяго сьвету, вялікі друг савецкіх дзяцей. Ён думае пра кожнага з вас, думае пра тое, каб... — настаўніца трасе рукамі, падбіраючы патрэбныя словы, і Лена Патыка, лыпнуўшы вачанятамі, уражана пытаецца: — Ён што... і пра мяне думае?
Настаўніца праводзіць далоньню па дзявочай галаве, парывіста ўздыхае: — Думае, Леначка: і пра цябе, і пра Дану, і пра... — рука цягнецца да Чэся, ды той гучна чхае і Цыба незадаволена трасе галавою.
На другім уроку Зьмітрака цягне на сон. Хлопец сядзіць, прыкрыўшы рот — Цыба ня любіць, калі хто зяхае — і асавела глядзіць на мапу Савецкага Саюзу, па якой шнарыць канец настаўніцкай указкі. Да вушэй далятаюць толькі асобныя сказы.
— ... А там, за бацюхнам-Уралам, ляжыць суворы і казачна багаты край — край вячыстых лясоў, магутных рэк, высокіх гор, якія хаваюць у сваіх нетрах незьлічоныя багацьці...
Зьмітрок употай пазяхае і зялёная, пакрытая атожылкамі рэк, Заходне-Сыбірская раўніна паволі расплываецца ўваччу.
— ... Сталінскія пяцігодкі непазнавальна зьмянілі гэты край... Там, дзе зусім нядаўна шумела тайга і блукалі непалоханыя мядзьведзі, сёньня паўсталі новыя гарады і пасёлкі, леглі сталёвыя рэйкі чыгунак, загулі турбіны заводаў і фабрык... Пройдзе зусім няшмат часу, вы станеце дарослымі і, магчыма, хтосьці з вас паедзе ў далёкую Сыбір, працаваць на будоўлях камунізму...
У калідоры грукаюць дровы – гэта цётка Агата прынесла да печы апошні абярэмак; дзесьці знадворку, нібыта абуджаныя грукатам дроваў, пырхаюць коні, і Зьмітрок з Чэсем прыбіваюць насы да марознай шыбы.
Па вуліцы едзе абоз. Схуднелыя коні цягнуць шырокія развалкі, на якіх сядзяць людзі ў сьпічастых шапках.
— Жаўнеры, — выдыхае Чэсь, і настаўніца, адсунуўшыся ад акна, папраўляе: — Не жаўнеры, а байцы Чырвонай Арміі.
Цыба стукае ўказкай па падаконьніку, заклікаючы вучняў сесьці, ды тут брынкае званок – цётка Агата чамусьці зазваніла раней часу.
За палякамі ўсе вучыліся разам, у школе-сямігодцы. Цяпер малечу адасобілі; школка, дзе займаюцца Зьмітрок з Чэсем, называецца пачатковай і месьціцца на ўскрайку мястэчка, у былой габрэйскай краме. Да сямігодкі паўвярсты хады, аднак хлопцы маюць завядзёнку: бегаць туды пад час вялікай пярэрвы. Цікава ж пакруціцца сярод старэйшых мальцаў, паслухаць іхныя размовы. Ну а сёньня і пагатоў: абоз з жаўнерамі прыехаў... Ці ўседзіш тут у школе.
Цётка Агата яшчэ бомкала званком, а Зьмітрок з Чэсем, на хаду насоўваючы кажухі, ужо бухнулі плечукамі ў дзьверы. Бухнулі раз, другі, і толькі тады зразумелі, што дзьверы зачыненыя.
— Мароз... на вулку ніхто ня пойдзе, — азвалася Цыба. Расьпіхваючы вучняў, што высыпалі з клясы, настаўніца падбегла да акна ў канцы калідора. З дапамогаю цёткі Агаты ўзьлезла на падаконьнік, расчыніла фортку.
— Товарищи, куда поехали красноармейцы? — крыкнула, пусьціўшы марозную аблачынку, Цыба, і ў гэты момант у дзьверы пастукалі.
Цётка Агата хуценька іх адчыніла, хлопцы памкнуліся скочыць на двор, ды ўбачылі на парозе заінелага вайскоўца.
— Младший политрук Сергиеня, — адрэкамэндаваўся вайсковец, пераступіў парог і цётка Агата — ці то зь перапуду, ці то зь якой іншай прычыны, ізноўку дачасна бомкнула званком.
Настаўніца таропка пісала на дошцы. Крэйда крышылася, сыпалася долу і літары атрымліваліся пахілымі і нязграбнымі. “Да 17 верасьня 1939 года беларускія сяляне... — слова “сяляне” атрымалася зусім нечытэльным, таму Цыба сьцёрла яго і напісала па-новай, — …сяляне... стагналі ў ярме польскіх паноў і капіталістаў”.
Дрогкая рука кранулася лобу, пазначыўшы яго белай мецінай.
— Перапішыце сказ, запісаўшы лічэбнікі пропісьсю, — настаўніца перавяла дыханьне, падышла да клясных дзьвярэй і ўжо з калідору задыхана прамовіла: — Сядзець ціха, я зараз вярнуся.
“Да сямнаццатага... — напісаў Зьмітрок, тыцнуў асадку ў каламар. “Сямнаццатага ці семнаццатага?” — падумаў хлопец, скасіў вока ў Ленчын сшытак, але суседка закрыла сшытак бібулай. Чэсь таксама памкнуўся зірнуць цераз Ленчын плячук, але атрымаў чытанкай па галаве.
— Выдатніца сраная, — буркнуў Чэсь, а Ленка, не азіраючыся, выдыхнула яшчэ больш абразьлівае: — Асаднік недабіты.
У Чэся па пісьму адны двойкі: беларуская мова яму даецца цяжка.
Рыплівае пёрка выводзіць слова “стагналі” і на паперы расплываецца невялічкая клякса. Зьмітрок незадаволена крывіцца, прыкусвае ніжнюю вусну, міжволі задумваецца над сэнсам напісанага. Цыба піша, што сяляне стагналі, але ж гэта лухта. Стагнала толькі іхная бабця Наста. Паўгода адляжала, хворая, на печы і памерла на яблычны Спас.
Пад драбы тыцнула асадка і Зьмітрок азірнуўся. Чэсь, што сядзеў за ягонай сьпінай, шматзначна таргануў галавой. Пудка ступаючы па рыпучай падлозе, хлопцы высьлізнулі з кляса, агледзеліся. Цётка Агата, відаць, выйшла на падворак: калідор быў пусты і браты, ня чуючы ўласных ног, падкраліся да дзьвярэй настаўніцкай.
— Вы тут всех знаете, а потому должны нам помочь, — басіў за дзьвярыма малодшы палітрук. У настаўніцкай чыркнулі запалкай, аддзьмухліся і вайсковец, нібыта згадаўшы пра штосьці, спытаў: — Да, кстати, сколько у вас детей осадников?
— Двое — мальчик и девочка, — адказала Цыба, — мальчик трудный... демонстративно ходит в польской шапке...
У настаўніцкай затупалі, дзьверы тузануліся (вайсковец, відаць, хацеў пераканацца — ці шчыльна яны зачыненыя), і хлопцы, страпянуўшыся, на цырлах пабеглі ў клясу.
Неўзабаве вярнулася і настаўніца. Была яна расчырванелая і ўсхваляваная.
— Заўтра, у сувязі з моцным марозам, заняткі адмяняюцца, — з робленай весялосьцю абвясьціла Цыба. Вучні радасна загарлалі, заляпалі вечкамі партаў, і толькі Чэсь ня выказаў радасьці: сядзеў, наструнены, з трывогаю пазіраючы на настаўніцу.
Ля местачковага клюбу, які па старой памяці называюць Народным домам — поўна народу. Гукае п’яныя песьні Яська Хадаронак — адзіны на ўсю акругу апівуда; гергечуць, зьбіўшыся ў кучу, старыя габрэі; пырхаюць на марозе коні. Ля плоту трашчыць сухімі карчагамі вогнішча — яго, відаць, распалілі вайскоўцы, а поруч з вогнішчам, аточаная з усіх бакоў цікаўнымі жанкамі, мазоліць язык Наста Амяльянчык — местачковая балаболка.
— Будзе як летась — усіх мужыкоў паберуць і на хронт адправяць, — сакатала Наста асіплым голасам.
— А куды ж гэта адправяць? — улякнута запыталіся ў натоўпе.
— Ну ў гэную... як яе...
— У Фінляндыю! — падказаў Чэсь і цёткі разам азірнуліся.
— Чаго бабіны плёткі слухаеце, вушы марозіце?! — адбіўся ад хлапечых сьпінаў зьвяглівы Наставы голас — хлопцы той хвіляй ужо беглі да траскучага вогнішча і Чэсь, тузануўшы брата за рукаво, каротка выдыхнуў: — Глянь!
Да клюбу, бойкай хадою, ішоў малодшы палітрук Сергіеня, а сьледам за ім, ціснучы да грудзей нейкія паперы, няўпэўненым крокам тупала Цыба.
— Па хатах ходзяць, падсабачнікаў зьбіраюць, — прасіпеў Яська Хадаронак, смачна плюнуў, і ўсе, хто стаяў поруч, зьнямела аціхлі. —Падсабачнікамі ў мястэчку называлі савецкіх актывістаў.
Палітрук з настаўніцай увайшлі ў клюб, і ў той жа міг на адкрытай клюбнай вэрандзе паўстаў чырвонаармеец з даўжэзнай вінтоўкай у руках. Чырвонаармеец хукнуў у далонь, ускінуў вінтоўку на плячо і востры багнет мякка ўехаў у нізкую столь. Уехаў даволі глыбока, бо ваяку давялося прысядаць, тузаць за рулю і гэта выклікала вясёлы сьмех дзятвы.
— Вот... щас яйцы вырежу! — крыкнуў ваяка, адкінуў крысо шыняля і падшыванцы — а іх было вакол як мурашак, — кінуліся ўроссып.
Зьмітрок з Чэсем таксама адбеглі, але недалёка. “Пужае, а ў самога, відаць, і ножыка няма”, — падумаў Зьмітрок, сьціснуўшы рукою тронкі сьцізорыка. Трохлязовы, са штопарам і шылам, сьцізорык, ён знайшоў летась на дарозе, і цяпер зь ім не разьвітваўся. Нават ноччу клаў пад падушку.
— Ну што, падшыванцы, зьмерзьлі? — пачулася з-за сьпіны, і паветра скалануў хваравіты кашаль.
Дзед Мартуль, у хаце якога кватаравала настаўніца, доўга, з усхліпам кашляў, нарэшце сумеўся, страсянуў галавою:
— Чаму ня ў школе?
— Адпусьцілі... з-за марозу, — адказалі падшыванцы і дзед дакорліва хмыкнуў.
— Хэк-х... за партай сядзець — холадна, а па вулцы гойсаць — цёпла?
Дзед ізноў кашлянуў, падчапіў кульбай зьмерзлы конскі яблык.
— Ну, а дзе лепей вучыцца — у польскай школе, ці ў гэнай... савецкай?
— У по-ольскай! — парна выдыхнулі хлопцы, — там каву давалі.
Пры паляках, пад час вялікай пярэрвы, вучням давалі па шклянцы ячнай кавы з лустай хлеба, а цяпер на вялікай пярэрве Цыба прымушала вучняў нагінацца, цягнуць угору рукі і ўсё гэта называлася гімнастыкай.
Хлопцы ўжо рушылі ўпрочкі, ды дзед Мартуль ізноў падаў голас:
— Ад бацькі нічога няма?
Чэсь на імгненьне спыніўся і, замест адказу, панурыў долу заінелыя вейкі.
Мінулым летам тутэйшых асаднікаў пабралі ў польскае войска і ніхто зь іх назад не вярнуўся. Згінуў недзе і Чэсевы бацька — шыракаплечы і віславусы пан Станіслаў. Чэсю цяпер даводзілася дапамагаць маці па гаспадарцы, таму, пагрэўшыся ля вогнішча, ён рушыў да хаты, а Зьмітрок яшчэ доўга марозіў нос і дахаты заявіўся сінім адвячоркам.
Кінуўшы ля рукамыйніка заінелую кайстру з кніжкамі, хлопец доўга піў квас з гладыша, потым, ня зьняўшы шапкі, куснуў салёнага гурка і пачуў здушаны матчын шэпт:
— Ой, баюся я гэных Саветаў. Людзі надоечы казалі: лесьнікоў і асаднікаў высяляць будуць... А куды ж Куліна паедзе... з Чэсем на руках?
Бацька штосьці прабурчэў у адказ і, падвысіўшы голас, запытаўся:
— Зьмітрок, ты?!
— Я-а, — азваўся хлопец, чмякаючы на ўсю кухню і расшпільваючы азалелымі пальцамі кажух.
— Чаму так позна? — запыталася ў сваю чаргу маці, і сын, ізноў прыклаўшыся да гладыша, прагугнеў: — Пяць урокаў было.
Маці дастала зь печы чыгунок з капустай, накроіла хлеба.
— Ну... што там людзі кажуць?
Перад тым, як есьці капусту ці поліўку, Зьмітрок звычайна кроіў сьцізорыкам хлеб на дробныя кавалкі, а тут адразу куснуў самую тоўстую скібу і, жуючы, няўцямна прамармытаў:
— Казалі… мужыкоў на фронт адправяць... у Фінляндыю.
— Авохцімне! — прашаптала маці, спалохана перахрысьцілася, а бацька, кінуўшы на падлогу штосьці мяккае і важкае, наструнена запытаў: — А дзе пачуў?
— Наста Амяльянчыкава казала.
— О-от! Знайшоў, каго слухаць, — з трывожнай весялосьцю азваўся бацька са сьвятліцы, а памаўчаўшы, дадаў: — Пад’ясі, дратву навошчыш… хамут зусім падзёрся.
На падворку здаволена брахнуў Жук, хтосьці здушана войкнуў і бацька, з хамутом у руках, кінуўся ў сенцы.
— Куля?! Ты?!
— А людцы мае... а што ж гэта... а пранясі, Гасподзь... — цётка Куліна, Чэсева маці, убілася ў кухню, тройчы перахрысьцілася на абраз.
— Ды скажы ты... што здарылася? — прасіпеў бацька, адкінуўшы ўбок хамут.
— Патыкаў высылаюць! Прыйшлі во зараз з вучыцелькай... Тры гадзіны на зборы... Патычыха самлела, сьнегам адціраюць.
На ганку бомкнулі вёдры – маці хадзіла да студні — і ў пройме наросхліст адчыненых дзьвярэй матлянулася яе сутулая постаць.
— Пра Стася што ўведала?!
— Патыкаў высылаюць, — выдыхнула цётка Куліна, а бацька, незадаволена крэкнуўшы, пайшоў зачыняць уваходныя дзьверы.
У хату белым туманком уварваўся мароз, скалыхнуў фіранкі на вокнах.
— Як ты, Куля, мяне напужала, — маці прыпала на калена, укінула ў печ пару бярозавых аскабалкаў.
— А як і мяне высяляць?.. — цётчын голас сарваўся і хата напоўнілася здушанымі ўсхліпамі.
— Ды хрысьціся ты, далібог... Патыка палясоўшчыкам быў, са стрэльбаю хадзіў. Брошка ў солтысах круціўся... А ты што? — бацька падхапіў хамут: — Усё жыцьцё ў зямлі адпоркалася.
— Дык асаднікі ж... — усхліпнула цётка Куліна і зноўку, аж дзевяць разоў запар перахрысьцілася.
Цётка Куліна брала шлюб у касьцёле, і ў сваёй хаце жагналася па-польску. Калі ж завітвала да сястры, дык хрысьцілася па-праваслаўнаму, сьпехам прамаўляючы доўгія малітвы і нізка ківаючы галавой.
Маці зь цёткаю пашапталіся аб нечым на кухні і неўзабаве, не сказаўшы ні слова, падаліся на двор. У хаце стала ціха, адно тахкалі ходзікі ды раз-пораз рыпела суворая нітка: гэта бацька зашываў стары хамут.
Зьмітрок ляжаў на печы, салодка пазяхаў. Лагоднае цяпло і замарачныя зыкі краналася павекаў, рабілі іх цяжкімі; павекі пачалі зьліпацца і ўваччу заблішчэў сьнежны пыл. Пыл ападаў з высокага неба, казытліва кранаўся твару і сярод сяйва бліскучых іголак дрыжэла, працінаючы нябесную ясноту, апошняя зорка. Усё наўкол: высокае неба, неабсяжны, зацярушаны пульхным сьнегам абшар, і нават зорка над галавою здаваліся чужымі, нетутэйшымі; і велічная ціш панавала над сьветам, здушыўшы шорхат сьнежнага пылу і грукат сэрца ў грудзіне. І сярод гэтай велічнай цішы прагучалі, немаведама скуль узяўшыся, сабачы брэх ды ўладны воклік:
— Эй, хозяин, запрягай лошадь!
На падворку кашлянулі, мацюкнуліся на Жука, які заходзіўся ад брэху і, крыкнуўшы: — Подъезжай к клубу! — патупалі да весьніц.
Зьмітрок са сьмяшком на вуснах назіраў, як бацька падхапіўся на ногі, войкнуў, пачаў дзьмуць на палец — укалоўся, відаць, шаршаткай, — і, з хамутом на карку, прыпаў да акна.
— Во прынесла нячысьцікаў, — прамармытаў бацька, углядаючыся ў цемру, потым уздыхнуў і, апрануўшыся, пайшоў запрагаць Зорку.
Страшна аднаму сярод ночы. Вецер гудзе ў коміне, у цёмным куце нехта пішчыць і шкрабаецца, а на гарышчы чуваць стоеныя крокі ды парывістыя ўздыхі.
Газы ў бутэльцы засталося на палец, але Зьмітрок запаліў усе тры лямпы, а пачуўшы, як у коміне заенчылі, а потым заплакалі, упусьціў у хату Жука.
Жук — чорны, зь белай мецінай на шыі, дварняк, — збрахаўся да сіпу, але і тут, у хаце, ня даў сабе спакою: падбег да акна і здушана, з падвываньнем, заекатаў.
— Жук! — крыкнуў хлопец, ляпнуў рукой па калену і дварняк, скавытнуў наастачу, скруціўся абаранкам на каберцы, але нос у хваста ня ўбіў — ляжаў, прыўзьняўшы голаў, нюхаў паветра.
“Дзе ж маці?” — думаў хлопец, неадрыўна пазіраючы на цёмную столь. За бацьку ён не хваляваўся — таго ўжо раз выклікалі сярод ночы вазіць на станцыю нейкае майно. А вось маці такою парою... — Зьмітрок зірнуў на ходзікі, спрабуючы ўгледзець — колькі зараз часу, — ... заўсёды была ў хаце. Кульнуўшыся зь левага боку на правае, і наадварот, хлопец падумаў было, што яна засталася начаваць у цёткі Куліны, але тут жа ўявіў, як маці, зьбіўшыся з дарогі, блукае па цёмным лесе, і ліхаманкава скаціўся зь печы. Ён выхапіў з загнету валёнкі, падхапіў кажушок і застыў у непаразуменьні. Бацька, выяжджаючы са двара, загадаў сядзець у хаце... ды і цётчын засьценак стаяў у полі, у вярсьце ад мястэчка: блудзіць не выпадала.
Дзесьці непадалёку — ці не на суседнім падворку — голасна крыкнулі, на падворку рыпнуў сьнег і Жук, падляцеўшы да акна, здаволена махнуў хвастом.
— А Зьмітрачок, а сыночак жа ты мой... адчыняй жа хутчэй, — ад самых весьніц залямантавала маці, Зьмітрок пабег адчыняць, і зімовы холад, што вырваўся з сенцаў, крануўся хлапечай грудзіны.
З таго самага імгненьня, калі маці — расхлістаная, амярцьвелая, з узьбітымі на вочы валасамі, — уляцела ў хату, нібыта ліпкае павучыньне завалакло вочы. Хлопец стаяў, няўцямна назіраючы, як маці зрывала зь цьвікоў старыя кажухі, скідвала на падлогу падушкі ды зьвязвала іх, прыдушыўшы каленам, як распаляла дрыжачымі рукамі печ, і пры гэтым цяжка было зразумець — што здарылася, куды гэта зьбіраюцца гнаць Чэся (“За сьвет, Зьмітрачок, гоняць нашага Чэську-у!”) і матчына галашэньне сьцюдзёным скавышом казытала пяткі.
Потым яны, не разьбіраючы дарогі, беглі да клюба. Маці — яна цягнула на сьпіне аграмадны хатуль — колькі разоў падала, Зьмітрок, плаксіва шморгаючы носам, дапамагаў ёй падняцца; са спавітага анучкай сагана, які ён нёс, кожнага разу выплюхвалася гарачая капуста, і Жук, круцячы носам, падскокваў адразу на чатырох лапах і зморана дзяўкаў.
На чорным небе сноўдала палымніца, адбіваючыся на верхавінах высокіх хвояў, на спусьцістым царкоўным даху, на рашотчатых вокнах. Яны абмінулі царкву, завярнулі направа і тут жа прыцішылі крок. На пляцы перад клюбам злавесным барвовым агнём гарэлі вогнішчы, мільгалі чырвоныя людзкія твары, плылі ў марозным тумане аб'інелыя конскія храпы; там бязладна гаманілі, крычалі, галасілі і сярод гэтага вэрхалу прарываўся дрыготкі Цыбавы голас:
— Граждане! Чего вы кричите?! Вас же не на тот свет отправляют, а переселяют в восточные районы страны. Советская власть о каждом из вас позаботится...
Цыба яшчэ нешта крычала, але словы ейныя патанулі ў немым жаночым плачы.
— А сястрыца ты мая родна-я!... А куды ж цябе пасылаю-юць?! — загаласіла маці, і ад таго ляманту заняло дыханьне і сталі кісельнымі ногі.
Зьмітрок хацеў быў пасунуцца да вазоў, ды наткнуўся на старога Мартуля. Стары стаяў, абапёршыся на кульбу, захлынаўся тытунёвым дымам, раз за разам паўтараў:
— Заўтра ж паганю з хаты гэтую сучку.
На першых санях, у якія быў запрэжаны худы чырвонаармейскі конік, сядзела Лена Патыка. Дзяўчынка была ўхутана ў шэрую пуховую хустку, на сьвет глядзелі толькі затуманеныя дакорлівай сьлязінай вочы, і Зьмітраку падалося, што яны глядзяць аднекуль зь недасяжнага прадоньня.
— Трогай! — закрычалі з канца абозу; натоўп загарлаў, замітусіўся, пад нагою Зьмітраковай храснула грамафонная кружэлка і перад вачыма паўстаў малодшы палітрук Сергіеня.
— Спокойно, граждане! Всем оставаться на своих местах!
Нейкая ашалелая цётка штурхнула ў сьпіну, Зьмітрок паваліўся і ў твар яму горача дыхнулі: гэта Жук лыкаў пралітую на сьнег капусту. Ад капусты падымалася падсьветленая вогнішчам барвовая пара.
— А куды ж ты іх павязеш?! — маці тузанула крысо бацькавага кажуха, і бацька, зь нейкім роспачным спакоем, тузануў лейцы.
Зорка пырхнула, прыўзьняла пярэднія капыты, палазы натужліва рыпнулі і Чэсь, які сядзеў на кучы майна, скаціўся з возу.
— Лена таксама едзе, — выдыхнуў Зьмітрок, тыцнуў у братаву руку сьцізорык і застыў у непаразуменьні. — Чэсь узьняўся ў паветра, матлянуў нагамі, пляснуўся на кучу майна.
Малодшы палітрук схапіў яшчэ некага за каршэнь, ускінуў на воз, потым выхапіў з кабуры наган, стрэліў у паветра.
Ля царквы загарлалі вароны, небарака Жук, ужо дарэшты асіплы, кінуўся, падкурчыўшы хваста, да плоту, а ў аглушаных стрэлам вушах спачатку ледзь чутна, а потым усё гучней і гучней засьпявалі палазы. Сані праляталі міма, за імі беглі людзі, нейкая цётка — тая, што зьбіла Зьмітрака з ног, — хрысьціла абоз сьвятым абразом, нейкі дзядзька — ці ня зяць зьніклага Брошкі, — пнуўся, са швейнай машынкай на карку, дагнаць развалкі, на якіх ехалі Патыкі, а не дагнаўшы, ускінуў парэпаны “Зінгер” на апошнія сані. На тых санях, якія цягнула кульгавая, мышастай масьці, кабылка, ехала цётка Агата. На струхлелай саломе ляжалі два саганы, а ў руках — цьвёрда, як пахавальны крыж, цётка трымала закураны рагач.
Раніцою яго абудзіла тупаніна — гэта бацька абабіваў на парозе ногі. Зьмітрок прыспана павёў вачыма, прымружыўся ад сьвятла, што струменілася з напалову заінелых вокнаў. Неба знадворку было бяздонна-ружовым і ў ружовым бяздоньні паволі патаналі апошнія зоркі.
— Ну... як там? — змучана запыталася маці.
Бацька адказаў не адразу. Уздыхнуў, ляпнуў па стале закарэлымі рукавіцамі.
— Як... зьвезьлі на станцыю ды ў «сталыпіны» пасадзілі.
— Ну а потым куды?
— У Сыбір... куды ж яшчэ...
Маці ціха, з усхліпам заплакала, а Зьмітрок салодка пацягнуўся. Адчуваньне таго, што сёньня ня трэба ісьці ў школу, і што Чэсь паехаў у Сыбір — у гэты казачна багаты край, напоўніла душу маладой, як студзеньская раніца, празрыстай радасьцю. Зьмітрок кульнуўся на бок, і на твар ягоны павеяла лёгкай прахалодай. Гэта іскрысты сьнег ападаў з высокага неба, кранаўся гарачага лобу і сярод мірыядаў бліскучых іголак дрыжэла, працінаючы нябесную ясноту, апошняя зорка. Зьмітрок зірнуў з-пад рукі на неба і пачуў раптам вясёлы сьмех. Чэсь — заружавелы, з кучмай сьнегу на шапцы, стукаў нагой па камлях высозных сыбірскіх елак, сьпехам адбягаў, а сьледам за ім адбягаў, кожнага разу патрапляючы пад сьнежную лавіну, чалавек у даўгім шынялі.
“Сталін”, — прашаптаў Зьмітрок і вусны ягоныя — у сьне і на яве — кранула трапяткая ўсьмешка.