У шыбу пастукалі і на падворку натужна кашлянуў Канавальчык.
— Гэй, Матруна, памёрла, ці што?
Спрасонку вочы не адразу ўгледзелі — колькі часу, а калі ўгледзелі, дык нават сэрца ёкнула і самлелыя вусны бязгучна прашапталі: "Божухна, што ж гэта я..."
Такога яшчэ не было, каб Матруна праспала і не падаіла сваёй карміліцы. А пятай гадзіне — і ўзімку і ўлетку — яна прыхоплівалася з ложку, апраналася й бегла да Зьвяздохі — рудой, зь белай плямай на пакатым лобе каровы. І пакуль іншыя гаспадыні яшчэ сядзелі ў ложках і невідушча вадзілі рукамі, шукаючы вопратку, з Матрунчынага хлява ўжо вырываліся на прасьцяг зычныя цыркі ды воклічы: "Стой ты, халера!" А цяпер во... на ходзіках палова шостай, Канавальчык стукае ў шыбу, Зьвяздоха рыкае ў хляву, кот Базыль дзярэ палена, счакаўшыся сырадою, а яна сьпіць, як сьветам загавеўшы.
Раніца дыхнула ў твар волкай прахалодай і пахам парфумы, што непрыемна казытнуў у носе.
— Хто пасьвіць? — крыкнула Матруна, падхапіўшы з паркану даёнку.
— Карпачыха зь зяцем, — азваўся сусед, і Матруна на хаду ўздыхнула: карпачысінага зяця — вядомага ў навакольлі п'янчугу — зранку было не абудзіць, а таму статак, відаць, яшчэ не пагналі.
"Уходае мяне гэты малец",— нарадзілася ў галаве падступная думка і першыя, самыя гучныя цыркі, скаланулі даёнку.
Вось ужо тыдзень, як Матруне няма жыцьця з-за пляменьніка. Лёшка, васемнаццацігадовы бэйбус, прыехаў на пагасьціны зь Ленінграду і ў першы ж вечар пабіўся ў клюбе зь Пецькам Халімонавым. Пецька, казалі, ударыў пляменьніка пад дых, зваліў з ног, а пляменьнік, дзіўным чынам крутнуўшыся, заехаў крыўдзіцелю пяткай у лабешнік. Увесь наступны дзень гарадзкі бэйбус ляжаў на гарышчы, гучна аддзімаўся, за ўвесь дзень выпіў толькі конаўку сырадою, а ўвечары пад вокнамі хаты заляскатаў Пецькавы матацыкл. Матруна тады зьнямела, думала зноў біцца будуць, а калі выбегла з хаты, дык убачыла, што мальцы прыязна адно другому пасьміхаюцца і пляменьнік частуе вясковага бандзюка прывезенымі зь Ленінграду цыгарэтамі. "Хто будзе бочкі каціць — адразу паведамляй, — даляцеў да вушэй сіплы Пецькавы голас, — я хутка разьбяруся". Матруна пасьля таго перавяла дых, а пляменьнік скочыў на матацыкл і вярнуўся дахаты толькі на наступны дзень. Халімоніха апавядала — у Азярышча езьдзілі, у рэстаране гулялі, а потым у Кацькі Крываручкі, бойкай азярышчанскай разьвядзёнкі, начавалі.
— Пецю дваццаць гадочкаў усяго, а зблытаўся з трыццацігадовай,— сьлёзна пажалілася прыканцы размовы Халімоніха. — Далібог, паеду ў Азярышча і аблію тую шалахвостку варам.
З таго дня пляменьнік дзень да ночы гойсаў зь Пецькам на матацыкле і Матруна, пачуўшы на золку шалёнае матацыклетнае ляскатаньне, доўга потым не магла заснуць.
Учора, праўда, матацыкл сярод ночы не ляскатаў. Дзесьці а першай гадзіне рыпнулі весьніцы і па стоеным шорганьні падэшваў Матруна зразумела, што пляменьнік заявіўся не адзін. Звычайна Лёшка спаў на хаце, дзе ляжала леташняе сена, цяпер жа крокі суціхлі ля адрыны і кот Базыль, які ўзьнік на тле цёмна-шэрага вакна, доўга потым біў нягнуткім хвастом па падвоканьні.
Гадзіну, а можа і дзьве Матруна ляжала з шырока расплюшчанымі вачыма, слухала начныя зыкі і зьмежыла вочы толькі тады, як у прастакутніку прасьвятлелага вакна праплылі дзьве кудлатыя галавы і кот, бязгучна вякнуўшы, скочыў на падлогу. І адразу ж цяжкая, ліпучая замарач лягла на павекі і прысьніўся малады Каравайчык са стрэльбаю ў руках і яшчэ нехта — мяккі, хмельны, цёплы, чыё аблічча забылася да часу, і калі раніцою, падаіўшы карову, Матруна згадала сон, вочы яе паланіла пенная бель сырадою і адтуль, з глыбіні даёнкі, усплыла разьвітальная ўсьмешка таго самага немца.
...Зьвяздоха, цяжка аддзімаючыся, пайшла да весьніц, а паколькі карова мела звычай класьці ляпехі пасярод двара, гаспадыня рушыла сьледам, прыціскаючы да верху каровінага хваста палку-рагулю.
— Пагналі ўжо,— дакорліва выдыхнуў Канавальчык,— недзе ў Зарэччы рыкаюць, цяпер і не дагоніш,— за сьпінай суседавай па-блазенску голасна азвалася авечка: — М-м-еее...
Хаты іхныя стаялі наводшыбе і кожнай раніцы даводзілася гнаць Зьвяздоху і канавальчыкаву Машку — глумлівую, на дзіва галасістую авечку — да клюба, дзе зьбіраўся статак. На гэтым тыдні радоўку адбываў Канавальчык — таму стары псюк і крывіў гімору — маўляў, праспала, а мне цяпер даганяй статак, гані аж да Зарэчча, і Матруна, не ўзьнімаючы вачэй, ляснула палкай па халяве гумовага бота й голасна крыкнула:
— Пайшлі ў поле!
Зьвяздоха паважна ішла пасярод вуліцы, поруч бегла авечка, трэсла закручаным хвастом; хвост, здавалася, зьвінеў званочкам і галава поўнілася мілагучным звонам — як гэта заўсёды бывае зь недасыпу. Паганяючы скацінку, Матруна чухала пальцам то ў адным, то ў другім вусе, пару разоў страсянула галавою, а дайшоўшы да павароткі азірнулася і з палёгкай перавяла дых. Стары псюк, які звычайна любіў стаяць на дарозе і паглядаць ёй усьлед, гэтым разам падаўся да хаты.
Сорак гадоў, лічы, жывуць яны поруч, а ня горнецца душа да суседа... ня горнецца. Пасьля жончынай сьмерці Канавальчык увесь сьсівеў, схуднеў і галава ўехала ў плечы, але Матруна, як пачуе ягоны голас, так адразу і ўяўляе суседа высокім, маладым, кудлатым вахлаком, і шторазу пакутліва ўздыхае.
Шмат што ў жыцьці забылася, адляцела ў невараць, а тая, іх першая сустрэча, нібыта ўчора надарылася. Матруна нават запомніла колер ніткі, якой была зацыравана канавальчыкава пілётка. Пад час адступленьня — а калі ж яшчэ — з пілёткі выдралі зорку і рваную дзірку няўмела зацыравалі зялёнаю ніткай.
...Яны зь сястрой абіралі бульбу, калі на двары штосьці зашамацела і ў вакне цёмным ценем праплыла нечая вялізная, пазначаная руляй карабіну, постаць. Празь імгненьне ў прысенку цяжка затупалі, закерхалі і Соня, выпусьціўшы бульбіну, зьбялелымі вуснамі прашаптала: "Немцы!"
На парозе, аднак, паўстаў цыганаваты мужчына ў куртатым нямецкім шынялі і ў выцьвілай рускай пілётцы. Мужчына моўчкі кіўнуў, зьняў з плечука карабін, пачэрпнуў вады зь вядра і доўга піў, казелячы вокам на аголенае Соньчына калена.
— Дзе Таўпіла? — запытаўся, нарэшце, няпрошаны госьць, паставіўшы ў кут сваю пукалку.
Таўпіла жыў у хаце насупраць. Надоечы яго прызначылі вясковым старастам і Соня, зыркнуўшы ў кут, дрогкім голасам прамовіла:
— Сын ягоны ў Чырвонай Арміі.
— Ведаем,— буркнуў госьць, таргануў галавою, патрабуючы адказу на сваё пытаньне, а пачуўшы, што немцы пагналі Таўпілу пілаваць дровы, неяк адразу змарнеў, папрасіў пяток бульбін і пайшоў з хаты.
Праз тыдзень мужчына завітаў ізноў. І не адзін, а зь Міцькам Дзенісенкам — акружэнцам, які два гады жыў прымаком у суседняй вёсцы, а ўлетку 43-га, прыхапіўшы з сабой цэлы воз майна, падаўся ў лес. Гэтым разам госьця як падмянілі. Падлабуньваючыся да Міцькі Дзенісенкі, свайго камандзіра, ён загадаў сабраць вячэру, падзёр на бінты дзьве прасьціны, прырэзаў штыхом ярку — апошняе, што было ў гаспадарцы, — і пры гэтым шторазу пытаўся: "Дзе сястра?". Потым госьці пілі самагонку, якую выгнаў Таўпіла, а Соня той парой сядзела бяз духу ў адрыне: хавалася ад партызанскага камандзіра, які ўсё гэтыя два гады чапляўся да яе.
— Захварэла, ці што?! — працяў паветра натужны голас і Матруна ачулася.
Насустрач ёй, махаючы кароткай пугай, трухала Карпачыха.
— А мы пагналі ўжо, ды бачу — Зьвяздохі няма. Пайшла вось напярэймы.
— Праспала,— з уздыхам прамовіла Матруна і Карпачыха, вомігам зразумеўшы, што да чаго, даверліва-суцішаным голасам засакатала: — Твой жа ўчора зь лябёдкавай падчаркай сышоўся. Пасьля кіна да Траяна ў сад лазілі, а потым, у абдымачку, у ваш бок пайшлі... Глядзі, зьвядзе твайго мальца... Заўчора іду, гляджу, сядзіць тая падчарка на бярвеньні, лыткамі сьвеціць і піпіроска ў зубах... Агут-ту, п-паскуда...— выдала Карпачыха і тут жа кінулася, тупаючы вялізнымі кірзачамі, спаганяць гнеў на канавальчыкавай авечцы.
— Ці з Казікам пасьвіш? — крыкнула Матруна наўздагон і сяброўка, ужо з ладнай адлегласьці, пракрычала:— Анягож... зь ім, западэнцам праклятым... Учора Мар'і ячмень малацілі, дык толькі раніцой і прытоўкся... з мокрымі штанамі. Ці то ў лужыне спаў, ці то абасцаўся... халера яго ведае.
Звон у вушах не даваў пакою і пакуль яна ўзышла на пагорак, дзе стаяла хата, увушшу пачалі біць званы — маркотна, глуха, цьмяна — і страшэнная стома авалодала целам. Трымаючыся за паркан, Матруна дапяла да весьніц, пастаяла крыху, зьбіраючы сілы, а адчуўшы, што сілаў не прыбывае, бязвольна апусьцілася на мяккую, перакапаную курамі зямлю. "Ад недасыпу",— падумала Матруна, падпаўзла да лаўкі і, паглядзеўшы — ці ня бачыць яе Канавальчык, прытуліла да лаўкі сьсівелую скронь.
Звон паволі аціх, душа і цела зрабіліся лёгкімі, салодкая дрымота падняла Матруну ў паветра, панесла праз мроіва гадоў і апусьціла на зямлю дакладна на тое ж самае месца, ля збуцьвелага паркану. "Гэта ад нэрваў... зараз пройдзе,"— прагучаў над вухам таўпілавы голас і штосьці халоднае кранулася вуснаў. "Выпей, адразу палягчэе". Зубы стукнулі аб край конаўкі і разам з халоднай вадой грудзі напоўніліся гнятлівай тугою: ёй да млосьці, да сардэчнага болю закарцела кінуцца ў калодзеж. Яна паспрабавала ўстаць, але Таўпіла схапіў за руку, правёў шурпатай далоньню па валасах, здушана прамовіў: "Ну чаго ты?.. ну супакойся... цяпер нам немцы не страшныя... зараз пяску наверх насыпем... я яшчэ самасаду нацярушу... у іхных аўчарак ад самасаду нюх зусім губляецца..." Голас таўпілавы гучаў прыдушана, усё адно як з-пад зямлі, потым зусім ачах і Матруна разьмежыла павекі. Малады цыбаты певень паважна хадзіў каля лаўкі, поруч, у цяньку, дзьве рабыя курыцы купаліся ў пяску, кудлаты суседавы цюцька ганяўся за вераб'ямі, а кот Базыль, які й дагэтуль не пакаштаваў сырадою, адчайна дзёр кіпцюрамі камель старой ліпы. "Авохці мне... я ж малако не працадзіла!"— падхапілася Матруна і хаця ляжаць давялося кароткую хвілю, званы больш ня білі ўвушшу і гарачыя голкі не калолі грудзіну. Жанчына вынесла з прысенку даёнку, плюснула кату сырадою — абліла пры гэтым каціную галаву — і, спыніўшы пагляд на высокім быльніку, які кусьціўся ля паркану, пакутліва ўздыхнула. — Толькі што скасіла — ізноў падняўся,— прашапталі вусны і слых ізноўку напоўніўся ценькім аднастайным звонам.
Была раная раніца, калі знадворку зарыпелі калёсы і пракурана закашляў стары Таўпіла. На ўскрайку вёскі, за могілкамі, немцы зрабілі лесасеку і сусед шторанку вазіў у Азярышча бярозавыя пацурбалкі. Праяжджаючы міма, ён кожнага разу кідаў некалькі цурбакоў у прыдарожную крапіву і ехаў далей. Цяпер жа Таўпіла спыніў каня і цяжка затупаў пад вокнамі.
— Вось, дзеўкі, немцы выдалі за працу,— прамовіў стары, убіўшыся ў хату і паклаўшы на стол акраец бохана. — Калі паварушыцеся, будзеце есьці хлеба ўдосыць.
Сусед сьцярожка ляпнуў па кішэні, пасьля чаго, гэтак жа сьцярожка, выцягнуў адтуль мяшэчак самасаду і зьлёгку патрушчаны грыб. Грыбоў такіх расло ў навакольлі процьма і вяскоўцы лічылі іх паганкамі.
— Кухар нямецкі на чыгуначнай станцыі за кош маладых паганак паўбохана дае. Так што хапайце кашы і бяжыце ў поле, зьбіраць гэтыя самыя шампіньзе, ці як іх там немцы называюць... Можа атруцяцца, паскуды!
...Яны ішлі па полі і сястра, якая ішла першай, нечакана войкнула і заскакала, схапіўшыся за пятку: пад яе нагамі, у чэзлай траве, спруцянелай вужакай выгінаўся калючы дрот. Соня выціснула з пяткі кроплю чорнай крыві, перакрывілася ад болю і тут жа падабрала з-пад ног дзьве крамяныя паганкі. Зьбіралі грыбы да самага вечара — Соня скакала па полі, прыпадаючы на правую нагу, — а як прысьпела пара ісьці да дому, села на купіну і са стогнам прамовіла:
— Не магу ступіць... пятка апухла.
Спачатку Соня скакала поруч, абапіраючыся на плячук, потым давялося цягнуць небараку на сабе; сястра сьціскала рукамі яе шыю, здушана плакала і гарачыя Соньчыны сьлязіны казытліва падалі за каршэнь.
— Зараз, Соня, пацярпі... прыйдзем — напаю цябе чаем зь зёлкамі,— супакойвала яна сястру і вечаровая палымніца, што дагарала на захадзе, барвовай плямай расплывалася ўваччу.
Ноччу Соні стала дрэнна. Прабітая пятка пасінела, нага пачала пухнуць і да Соньчынага лобу немагчыма было дакрануцца, такі ён быў гарачы. Яна прыклала да ранкі лісьцік трыпутніку, потым альяс, напаіла сястру адварам зьверабою, але нічога не дапамагала: сястра марнела на вачах і дзед Таўпіла, якога яна паклікала ранішнім дасьвецьцем, ледзь чутна прашаптаў:
— Лекі патрэбныя... можа быць заражэньне крыві.
"Якія лекі? Пра што ён кажа? Яшчэ летась усё да апошняга парашку аддалі партызанам,"— падумала яна ў тую хвіліну, а сусед, падхапіўшы з падлогі кошык з грыбамі, раструшчыў абвялымі пальцамі крохкую паганку і дадаў:
— На лесасеку немец прыяжджае... пагаманю зь ім.
Таўпіла падаўся з хаты, яна выйшла сьледам, села, сьцепанаючыся ад ранішняга халадку, на ганак і заплакала. Сонца з урачыстай павольнасьцю ўзьнялося над небакраем, доўгі цень ад калодзежнага асьверу прапоўз ад адрыны да паркану, а яна, ужо бяз сьлёз, усё сядзела на ганку, невідушча глядзела ў бок Дабранскай гары і страшныя думкі кроілі сьвядомасьць: яна з падступнай злараднасьцю думала пра тое, што Міцька Дзенісенка так і не дамогся Соні. А з Дабранскай гары тым часам увішным мурашом спаўзала цёмная фігурка — нехта ехаў на ровары.
Пазбылася одуму толькі тады, як пачула бразгат роварнага званку: ля весьніц стаяў малады немец і махаў рукою.
— Зоніа? — запытаўся нечаканы госьць і яна кіўнула ў адказ.
Немец неяк дзіўна павёў вачыма, перапытаў: — Ты ест Зоніа? — і толькі тады яна канчаткова ачулася, тыцнула пальцам у бок хаты, дрогкім голасам паведаміла:
— Соня там... хворая.
Яна даўно ўжо запрыкмеціла гэтага немца — ён часьцяком праяжджаў на ровары міма іхнай хаты, кіруючыся з Азярышча на лесасеку — і заўсёды дзівілася — як гэта фрыц не баіцца ехаць цёмным лесам. Іншы раз яна сустракала немца, стоячы пасярод двара, той вітаў яе бразгатлівым званком, махаў рукою, аднак ніколі не спыняўся. І вось сёньня спыніўся і змучаная бяссоньнем галава не адразу ўцяміла — адкуль немец ведае Соньчына імя.
Калі яна ўскочыла на ганак і расчыніла дзьверы, немец, які дагэтуль ішоў сьледам, нечакана спыніўся й пагрозьліва запытаў:
— Тыфус?
— Найн, найн... Сястра нагу прабіла, трэція суткі ляжыць,— і, каб было больш зразумела, яна паказала пальцам на голую пятку.
У цёмным прысенку яе апанавала дзіўнае насланьнё — на кароткую хвілю здалося, што немец крануўся яе клубаў і ад таго насланьня зашумела ўвушшу і сьцягнула скуру на цемі.
Соня ляжала незварушна, з заплюшчанымі вачыма. Немец крануўся краем пальцаў Соньчынага лобу, уражана зацокаў языком, потым зірнуў на пасінелую нагу, зацокаў зь яшчэ большай апантанасьцю, а яна стаяла, утрапёная, пасярод хаты, баючыся зварухнуцца і пазбыцца таго салодкага здранцьвеньня, што авалодала целам. І нават калі за госьцем зачыніліся дзьверы і Соня кволым голасам запытала: "Хто гэта быў?" — не скранулася зь месца і нічога не адказала.
Больш у той дзень сястра не прамовіла ні слова. А калі ўвечары яна ўкленчыла перад ложкам і малітоўна прашаптала:
— Соня, не маўчы, скажы хоць што-небудзь, — сястра расплюшчыла вочы і зварухнула сасьмяглымі вуснамі: — Павукі, два страшных павукі... паўзуць да нашай хаты...
Соня трызьніла і халодны жах зірнуў з усіх цёмных кутоў і яна, ратуючыся ад страшных павукоў, падбілася пад коўдру і абхапіла рукамі гарачае Соньчына цела.
На золку ў шыбу пастукаў Таўпіла.
— Быў? — запытаўся сусед.
— Быў, — гукнула яна пераселым ад плачу голасам.
— Добры немец, Бэртрамам завуць. Казаў, сын у яго нарадзіўся. Можа, на радасьцях, знойдзе якіх лекаў, — Таўпіла закашляўся і неўпрыкмет, нібыта чухаючы пераносьсе, змахнуў са шчакі сьлязіну.
...Толькі на паўгадзінкі і выбегла яна з хаты — бегала на вёску за жарынкай, каб запаліць у печы, а калі вярнулася, дык убачыла медніцу ля ложку , а на стале бохан хлеба ды купку зялёных таблетак. І міжволі пашкадавала, што немец завітаў у хату ў яе адсутнасьць.
— Дзьве ўжо выпіла... — са стогнам прамовіла Соня, кіўнуўшы на лекі, і ўпершыню за апошнія дні ўсьміхнулася.
Адвячоркам Соні стала зусім кепска, гаротніца нават спаўзла з ложку, але неўзабаве сунялася і нараніцу ляжала, працятая халодным потам, і штохвілі прасіла піць.
— Нічога ня памятаю, а вось немца запомніла, — казала Соня, сёрбаючы адвар зьверабою, — выцягнуў з-пад лаўкі медніцу і піхае ў яе нагу — паказвае, як трэба парыць. Была б здаровая — зарагатала...
Сястра яшчэ нешта казала, але яна ня слухала: дрыготкая рука сыпала ў медніцу цёмны парашок, бліскучыя драбочкі фарбавалі ваду ў бурачковы колер і ў глыбіні сьветлай барвы прывідна калыхаўся ўсьмешлівы твар маладога немца.
А дзесьці праз тыдзень — ад самага ранку — да іх завітаў Таўпіла і ўпалым голасам паведаміў:
— Усё, дзеўкі, апошні раз вязу дровы. Немчура партызан баіцца, будуць лес пілаваць у іншым месцы, бліжэй да Азярышча.
Словы такія ўсхвалявалі: яна і сама не магла зразумець — чаму абмерла сэрца, — і толькі калі за Таўпілам зачыніліся дзьверы і пад вокнамі зашаргацелі і аціхлі дзедавы крокі, згадала пра немца. Бэртрам па-ранейшаму штодня езьдзіў на лесасеку і яна кожнага разу з хмельным сумам у вачах паглядала на хлопца, мружылася ад сонечных бліскаў, што гралі на роварных колах і гулкае сэрца кожны раз абмірала, сьціснутае, як здавалася, нечымі цёплымі далонямі. Сэрца абмёрла і цяпер, і сасьмяглыя вусны ледзь чутна прашапталі:
— Немцу падзячыць трэба...— і Соня, ступіўшы левай нагой на падлогу, згаджальна кіўнула галавой.
Перад тым, як панурыцца ў лес, бальшак добры кілямэтр пнуўся пад гару, густа парослай алешнікам і там, у кустах, яна й вырашыла дачакацца Бэртрама. Чакаць давялося нядоўга, бо не пасьпела яна ўбіцца ў алешнік, як на дарозе суха зашамацелі роварныя скаты і пачулася таропкае шамаценьне — гэта білася аб лістоту руля Бэртрамавай стрэльбы. У першае імгненьне яна не магла зварухнуцца ад хваляваньня, а калі, нарэшце, зварухнулася і выкулілася з кустоў, немец з перапуду крутнуў руль і заехаў пярэднім колам у прыдарожную канаву. Пакуль небарака выцягваў ровар на дарогу і папраўляў зьбітую набакір пілётку, яна блытана распавяла, што сястра, дзякуючы лекам, амаль ачуняла, ступае на хворую нагу і просіць шаноўнага пана сёньня ж зайсьці ў адведкі. Тлумачэньне давялося паўтарыць, яна нават прайшлася, прыпадаючы на левую нагу, дэманструючы, як ачунялая Соня ўпраўляецца па гаспадарцы і немец, гойкнуўшы: — Зоніа! — махнуў рукой спачатку ў бок лесасекі, а потым, дробна перабіраючы пальцамі, у бок вёскі.
Дахаты яна бегла нацянькі, спатыкаючыся на кожным кроку і маракуючы — чым яшчэ можна пачаставаць госьця. Стол быў падрыхтаваны ад ранку — на стале, у адзінай ацалелай талерцы, грувасьціліся кіславатыя папяроўкі, на сурвэціне ляжаў парэзаны тонкімі лустамі хлеб – той, што Таўпіла прынёс за сабраныя паганкі,— а ў печы смажылася цэлая патэльня сьвінога сала, якое яна выменяла падчас Соньчынай хваробы на бацькавы шынель. Але чагосьці ўсё ж такі не хапала і вось, чарговым разам спатыкнуўшыся, яна ўгледзела цэлую плойму летніх апенек, якія кусьціліся на пні і сьпехам стала зьбіраць іх у хвартух.
...Грыбы сквірчэлі і стралялі тлушчам, калі ля весьніц бзынкнуў ровары званок. Яны з Соняй разам страпянуліся, сталі выхопліваць адна ў адной аскалёпак люстэрка, абцягнулі гаматныя, прапахлыя цьвільлю сукенкі, нарэшце паправілі валасы на скронях і застылі ў нерухомасьці.
Немец увайшоў не адразу: доўга тупаў у прысенку, зь лёгкім шоргатам шнарыў рукою па сьценцы, шукаючы дзьверы, нарэшце адчыніў іх і таксама зьнерухомеў.
Першай ачулася Соня.
— Праходзьце, праходзьце,— гукнула яна госьцю, госьць пераступіў парог, паставіў у кут карабін і, ня ведаючы — чым заняць рукі, стаў расшпільваць, а потым зноў зашпільваць верхні гузік мундура.
Ім бы адразу пайсьці да стала, тым больш, што немец павёў носам і прыклаў далонь да вуха, жартаўліва прыслухоўваючыся да сквірчэньня тлушчу на патэльні, але замест таго ўсе трое паселі ў кухні і Соня пачала звонкім голасам апавядаць як яна ляжала, ледзь жывая, а Бэртрам, задзёршы калашыну, паказваў — як трэба парыць нагу.
— Йа, йа,— задаволена ківаў немец, штохвілі паціраючы рукі і калі сястра заскакала на левай назе, ляпнуў у далоні і гучна прамовіў: — Брава, Зоніа!
Госьць гаманіў зь сястрою, абодва весела сьмяяліся і сьмех гэты казытліва адбіваўся пад пахамі. Яна сядзела ў здранцьвеньні, ня ведаючы — як уплішчыцца ў размову, а калі сабралася з духам і хацела запытацца — ці сапраўды закрываюць лесасеку, азалелы язык пралепятаў нешта зусім іншае:
— Сына як назвалі?
Немец спачатку не зразумеў, але Соня хуценька растлумачыла, паказаўшы рукамі — як маці гушкае дзіця.
— Ага-а... Как назфалі... Лётар,— прамовіў госьць, прасьвятлеўшы з твару, палез у нутраны кішэнь, зьбіраючыся нешта паказаць, ды так і застыў з прыціснутай да грудзіны рукою.
Знадворку грукнула, хтосьці ўваліўся ў прысенак і на парозе, наваліўшыся плячом на вушак, паўстаў Міцька Дзенісенка. Імгненьне Міцька стаяў, утаропіўшыся на пакатую Бэртрамаву сьпіну, а што было потым — яна ня бачыла: захінула твар далонямі. І адразу ж цяжка здрыганулася падлога, пранізьліва крыкнула Соня, страшна вылаяўся Міцька.
— О-от с-сука, на нашых дзевак галісься? Зараз, б-ля, зьвяжам ды ў сральні ўтопім... Канавальчык... вяроўку!
На кароткі міг яна адарвала далоні ад вачэй: Бэртрам ляжаў тварам долу, а Міцька Дзенісенка тыцкаў яму ў патыліцу карабінам.
— Што ён вам зрабіў? Адчапіцеся ад яго!— крыкнула скрозь сьлёзы Соня і тут жа віскнула, атрымаўшы кухталя.
— Сала смажыце, п-посьцілкі нямецкія... Нас дык салам ніколі не частавалі!
Каб ня чуць мацюгоў, яна заціснула вялікімі пальцамі вушы і затрэслася ад бязгучнага плачу. У той міг яна прагла аднаго: згінуць, зьнікнуць, праваліцца ў апраметную.
Хоць і заціскала вушы, але пачула, як хтосьці стукнуў у шыбу і здушана крыкнуў:
— Немцы ў вёсцы!
Толькі краем вока глянула на сьвет, уражаная гэтым крыкам, і потым усё жыцьцё дакарала сябе, што не схавала ў той момант вачэй. Бэртрам разьвітаўся зь ёю дакорлівай усьмешкай. Проста пасьміхнуўся аднымі вуснамі і зьнік у цёмных сенях, атрымаўшы прыкладам у сьпіну. Там, у сенях пасыпаліся долу глякі, парахня сыпанула з гарышча, і валацуга Міцька, стукнуўшыся плячом аб вушак, азірнуўся і здушана прагугнеў:
— А з вамі яшчэ разьбярэмся.
Сьціснуўшы далонямі прыадкрыты рот, яна з жахам зірнула ў вакно. Па таўпілавым гародзе, у бок лесу, беглі трое: Канавальчык з трафэйным роварам на карку, Міцька Дзенісенка з двума стрэльбамі ў руках і Бэртрам з узьнятымі да гары рукамі.
— Падумаў, што гэта мы яго... зацягнулі ў пастку,— заплакана прастагнала сястра і ўсе гукі зямныя аддаліліся, ператварыліся ў аднастайны шум і малады немец ізноў пасьміхнуўся ёй аднымі вуснамі, але ня зьнік у сенях, а так і застыў, нерухомы і штосьці халоднае кранулася твару і дзесьці над самым вухам прагучэў асіплы таўпілавы голас: "Матруна, чуеш, уставай..." Яна разьмежыла павекі і ў твар ёй пырснулі халоднай вады.
— Падымайся, хутчэй... схаваць трэба, пакуль ніхто ня бачыў...
Яна паспрабавала ўстаць, але здолела, толькі падпаўзьці да парога.
— Забілі... забілі, сволачы... на маім агародзе. Пабеглі, дачушка, пакуль ніхто ня бачыў. А то ж спаляць вёску.
Дзед Таўпіла схапіў за плечы, падняў на ногі, і яна, не ўтрымаўшыся на ватных нагах, ізноў асунулася на падлогу.
— Уставай, йо... адзін не сьцягну! — нягучна, але страшна выдыхнуў сусед і гэта вярнула сілы.
... Немец ляжаў тварам да неба, раскінуўшы рукі, і здавалася, што ён прылёг адпачыць на ўзьмежку таўпілавага гароду.
— Ну, дачушка, дапамагай, пацягнем да калодзежу, — сусед падхапіў немца пад пахі, працягнуў пару мэтраў, упаў на калені.
— Можа жывы? — пралепятала яна не сваім голасам.
— Як жа, жывы... мазгі толькі цякуць, — буркнуў сусед і кіўком галавы загадаў цягнуць немца да калодзежу: — Давай, пакуль немцы не наляцелі!
Бэртрамава рука была яшчэ цёплай. Не азіраючыся, яна пацягнула немца па ўтравелых разорах і зусім ня чула, што ёй казаў дзед Таўпіла.
— Усё з-за мяне,— задыхана бубнеў дзед, цягнучы немца за другую руку. – Крыкнуў, што немцы ў вёсцы... думаў — зьбягуць... а яно во як атрымалася...
Ля самага калодзежу яна ўпала на траву і зайшлася ад млосных курчаў. Ванітаваць не было чым; шлункі, здавалася, лезьлі з жывата і пры гэтым страшэнна балела пад дыхніцай. Штосьці невымерна цяжкое абрынула ў нетры зямныя; зямля здрыганулася, нібыта ад далёкага грому, самотная кропля гучна ціўкнула ў калодзежным прадоньні і слых напоўніўся замарачным звонам.
— Бяжы, дачушка, шукай які мех... Будзем пясок насіць.
Яна зь цяжкасьцю паднялася на ногі, пайшла, не разьбіраючы дарогі, да хаты; з кожным крокам шум у вушах мацнеў, хата плыла ўваччу і, перад тым, як абрынуцца ў чорную зеўру непрытомнасьці, Матруна ўхапілася рукой за паркан...
Пляменьнік зьлез з гарышча блізу абеду. Азызлы, пакамечаны, з жмутком саломы ў валасах. Ён доўга піў ваду — з таго вядра, дзе піла Зьвяздоха, потым сеў на ганак і змучана ўздыхнуў. Бычкоўскія п'янтосы і дзеўкі ўходалі ленінградца і на зьдзеклівае пытаньне — ці пойдзе ён сёньня ў клюб? — небарака страсянуў галавой. Ад абеду пляменьнік напачатку адмовіўся, а паблукаўшы па двары, убіўся ў кухню і сіплым голасам паведаміў:
— Чаго-небудзь гарачага, можа, і зьем.
Матруна наліла пляменьніку міску гарачай капусты, накроіла хлеба і, зірнуўшы на выгнутую Лёшкаву сьпіну, падумала: "Кастрамская парода".
Соньчын мужык быў якраз з той самай Кастрамы. Толькі раз і прыяжджаў на пагасьціны — гадоў дзесяць таму. Хадзіў па двары, зазіраў у кожную шчыліну, штосьці мармытаў сабе пад нос, а калі раскрываў рот, дык прамаўляў нейкай дзіўнай мовай: "А яблоки у вас быва-ат? " І за абедзенным сталом сядзеў як бяз рук, чакаючы — калі яму нальюць капусты ды накрояць хлеба. Вось і Лёшка такі: поўдня будзе сядзець, а чыгунка зь печы не дастане.
Пляменьнік між тым агораў адну міску, потым другую, умалоў яечню з патэльні, запіў усё конаўкай сырадою і падаўся на падворак.
— Жыцьцё як у таго Базыля,— аднымі вуснамі прашаптала Матруна, таксама выйшла з хаты і слых ейны крануў непрыемны шоргат: Лёшка, седзячы на кукішках, шараваў пяском старую нямецкую каску. Каска здавёнчасу валялася на двары і кожнай вясны Матруна карміла зь яе маладых гусей.
— І навошта яна табе? Насіць будзеш, ці што? — запыталася Матруна.
— Ну так, насуну і пайду па Лігаўцы, — з усьмешкаю прамовіў пляменьнік, і ўжо сур'ёзна дадаў: — На Ленфільме прымаюць. Па два чырвонцы за штуку.
Матруна таму не дала веры. "Відаць, жартуе, — падумала, змахнуўшы пот з упрэлай лабаціны, — ці ж можа гэта быць, каб за жалезіну давалі два чырвонцы?"
Пляменьнік ізноўку ўзяўся шараваць каску і шоргат нэрвовым сьвербам прайшоўся па целе.
— А што, немцы ў вас былі? — выдыхнуў Лёха, падхапіўшы ў далонь жменю вільготнай жарствы.
— Былі, каб на іх немач.
— І што, лютавалі?
— Ды ўсякае было, — Матруна цяжка ўздыхнула, — і немцы лютавалі, і партызаны. Ужо ж нацярпеліся мы з тваёй мамай страху — ня дай Бог... Але і немцы розныя былі, — голас Матрунін міжволі здрыгануўся, — адзін нават лекі прынёс, калі твая мама нагу прабіла.
— Што ж вы, з акупантамі зналіся? — запытаўся пляменьнік, не перапыняючы шараваньня.
— Ды хто зь імі знаўся...— выдыхнула Матруна, — прыйшоў чалавек ды прынёс лекі... Яго потым партызаны застрэлілі. Вунь там, на суседзкім агародзе.
Лёшка пакінуў шараваць і задаў пытаньне, ад якога ў Матруны на момант спынілася сэрца.
— А дзе яго пахавалі?
Напачатку яна прамармытала штосьці няўцямнае, а потым стоена выдыхнула:
— У калодзеж укінулі.
Словы зьляцелі з вуснаў, і душа, пазбыўшыся путаў, страпянулася ў грудзіне. Пляменьнік кінуў шараваць каску, ускочыў на ногі, пачаў задаваць бязглуздыя пытаньні: дзе месьціўся той калодзеж, якое ў немца было званьне, ці віселі на мундуры мэдалі? Матруна сядзела, ачмурэлая, штосьці бубніла ў адказ і толькі калі Лёшка пабег са двара і крыкнуў, убіўшыся ў быльнік: — Ці тут? — ачулася і моўчкі махнула рукой.
Увесь дзень Матруна хадзіла прыгаломшаная; у грудзях пасяліўся лёгкі халадок, сэрца парывіста білася, усё валілася з рук і адно пытаньне не давала пакою: ці варта было казаць Лёшку пра магілу? Увечары, падаіўшы Зьвяздоху, яна выправілася да Карпачыхі — хацелася пагаманіць з якой жывой душой, — ды мусіла вярнуцца: сьвятла ў карпачысінай хаце не было і на шыбах трымцела вечаровая барва. Барва трымцела на рэдкіх лужынах, на кроне старой ліпы, на высокім быльніку, што буяў уздоўж паркану, яна трывожыла сэрца й займала дух. Матруне карцела некуды бегчы, карцела нешта рабіць і, падуладная такому п'янкому пачуцьцю, яна зьняла з-пад страхі касу і шпарка, амаль подбегам, рушыла да паркану.
Кусьцісты быльнік лёг пад ногі, паветра напоўнілася гаркавым пахам, галава зьлёгку закружылася, крылатая душа сунялася ў грудзях, і барвовая палымніца рухавымі бліскамі адбілася ўваччу. Абапёршыся на касільна, Матруна ўтрапёна зірнула пад ногі і ёй здалося, што там, глыбока пад зямлёй, хтосьці цяжка і змучана ўздыхнуў. Яна міжволі азірнулася і ўбачыла суседа Канавальчыка. Сусед стаяў за сьпінаю, з крывой усьмешкай на твары раздзьмухваў прыгаслую цыгарку.
— Што гэта ты проці ночы касіць узялася?
Тытунёвы дым казытнуў у носе, пальцы сьціснулі касільна і Матруне раптам да сьвербу ў пахвіне закарцела махнуць касой ды зьнесьці з плеч пляшывую канавальчыкаву галаву. Яна ступіла крок назад, каб замахнуцца, але тут жа сунялася і сьціжма халодных іголак кальнула патыліцу.
— Давай пастаім, пагамонім,— гукнуў Канавальчык, але Матруна, перавёўшы дых, ускінула касу на плячук і ціха прамовіла: — Позна ўжо.
Можа таму, што была глухаватая, яна ніколі не магла дачуцца суседавых крокаў. І кожны раз, калі сусед нячутна падыходзіў і дыхаў у сьпіну, Матруну апаноўвала злосьць. Гэтым разам злосьць шуганула праз край, увушшу зноў зазьвінела і, зайшоўшы ў хату, яна вымыла твар халоднай вадой, а потым доўга сядзела, не запаляючы сьвятла, і слухала, як гулка тахкала ў грудзіне надарванае сэрца. Ачулася ўжо сярод ночы, калі пад вокнамі заляскатаў матацыкл і Пецька Халімонаў штосьці крыкнуў пляменьніку на адвітаньне.
Ноччу Матруна кепска спала — сон толькі на золку змарыў вочы і быў ён замарачным, мулкім, неадчэпным. Прысьнілася, як яны зь сястрой цягалі мяхі зь пяском, сыпалі той пясок у калодзеж і дзесьці зусім непадалёку — так ёй здалося ў сьне — бязладна брахалі нямецкія аўчаркі. Можа таму, што мяхі ў сьне былі цяжкімі, на раніцу балелі рукі, ныла паясьніца і яна доўга не магла ўсесьціся на ўслончыку, каб падаіць Зьвяздоху.
Як ні дзіўна, Лёшка таго дня падняўся а сёмай гадзіне. Раней спаў да абеду, а тут зьлез з гарышча, змачыў твар у каровіным вядры і падаўся ў вёску.
— Ты ж хоць малака папі, — гукнула ўсьлед Матруна, але пляменьнік нават не азірнуўся.
...У хаце мерна тахкалі ходзікі, ля ног, скруціўшыся абаранкам, спаў кот Базыль, сонная дрымота цьвяліла павекі і Матруна ўжо кульнулася на бок, каб паспаць якую гадзінку, ды тут на вулцы залапатаў трактар і сон зьляцеў з павекаў. "Каго там чэрці прыгналі?"— падумала Матруна, зірнуўшы ў вакно. Па вуліцы, уздымаючы пыл і матляючы прымацаваным да заду каўшом, ехаў пецькавы "беларус".
— Лётае як шалёны, паратунку няма, — выдыхнула Матруна, ізноў кульнулася на бок, але вачэй не заплюшчыла, стала цікаваць левым — чуйным вухам — куды паехаў трактар.
"Беларус" між тым лапатнуў наастачу і загуў лагодна і суцішна, спыніўшыся дзесьці ля канавальчыкавай хаты. Пачуліся няўцямныя галасы, ляснула жалезьзе і трактар ізноў завуркатаў — натужна і перарывіста. Матруна скацілася з ложку, абарвала ў сьпешцы фіранку, што вісела на дзьвярах сьвятліцы і так, з фіранкай на плячы, і выбегла з хаты. Пецькавы трактар падхапіў каўшом груд зямлі, падняў угору і з каўша ценькім струмком пасыпаўся той самы пясочак. Яна хацела крыкнуць, але для крыку не хапіла паветра.
— А што ж... а што ж гэта робіцца? — выдыхнула Матруна, шыбуючы да трактара, і сусед Канавальчык, які стаяў на дарозе і дыміў цыгаркай, патлумачыў: — А то ня бачыш? Мальцы калодзеж рыюць.
— Яшчэ тры каўшы — і хопіць... Далей рыдлёўкай, — крыкнуў пляменьнік Пецьку Халімонаву і гэта былі апошнія словы, пачутыя Матрунай. Увушшу зазьвінела, потым зашумела, нарэшце, загуло, зямля кульнулася пад нагамі і душу Матруніну спавіла зьнямоглая ціша.
Сакратарка Ія — элегантная саракагадовая кабета з выскубенымі брывамі і з моднай "хіміяй" на галаве — набрала нумар дарожнага ўчастку, прыціснула да вуха слухаўку.
Участак доўга не абзываўся, нарэшце азваўся залівістым дзявочым голасам: — Алё-о...
— Прыміце тэлефанаграму, — прамовіла сакратарка і, не чакаючы, пакуль дзяўчына схопіць асадку, прадыктавала: — Таварышу Даўбешку Эл Пэ зьявіцца на закрытае паседжаньне Бюро райкаму. Пачатак а шаснаццатай гадзіне.
— На закрытае? — перапыталіся на ўчастку, і змучаная такімі пытаньнямі сакратарка па складах паўтарыла: — За-кры-та-е.
Ія выцягнула з шуфляды стала люстэрка, мелькам паправіла кудзеркі на лбе і ў гэты момант у прыёмную вужакай прасьлізнуў старшыня спорткамітэту Мурленя.
Мурленя прайшоўся, як гэта ён заўсёды рабіў, уздоўж сьцяны, спыніўся пад партрэтам правадыра, запытальна кіўнуў у бок абабітых дэрматынавым матрацам дзьвярэй.
— Рыхтуецца да паседжаньня Бюро. Прасіў нікога не пускаць, — паведаміла Ія, не адрываючы вачэй ад люстэрка.
— А што... закрытае? — стоена запытаўся Мурленя.
У адказ сакратарка змучана ўздыхнула, замутніўшы люстэрка, і старшыня спорткамітэту, гэткім жа чынам — уздоўж сьцяны — падаўся ўпрочкі. Дзьверы прыёмнай ціхенька рыпнулі і абудзілі тэлефон нутраной сувязі. Тэлефанавала Шура Няўмывакіна з прамысловага аддзелу.
— Іечка... Бюро закрытае?
— Закрытае, — прастагнала сакратарка.
— А па якім пытаньні?
— Не дакладваў! — слухаўка высьлізнула з рукі, ляснулася на вагар, ды так хвацка, што з носу сакратарчынага пасыпалася пудра.
Ія і сапраўды ня ведала — пра што будуць гаманіць на паседжаньні, таму і нэрвавалася. Інтрыгу надавала і тое, што з вобласьці мусіў прыехаць супрацоўнік абласной управы КГБ. Раніцай, калі шэф узяў яе руку і, па старой звычцы, правёў языком між пальцаў, яна запыталася — на якую халеру едзе чэкіст і шэф, паправіўшы гальштук, паўжартам адказаў: "Ія, сакрэты ёсьць ня толькі ў жанчын, але і ў партыйных работнікаў".
"Божухна, у яго яшчэ ёсьць нейкія сакрэты, — падумала Ія, згадаўшы ранішнюю размову, — гэты ёлупень думае, што і іхныя практыкаваньні на зялёным стале — вялікі сакрэт. А пра іх ужо ведае апошні сабака ў Азярышчы". Сакратарка згадала, што акурат учора ёй давялося заціраць мокрай анучкай зялёнае сукно і, страсянуўшы кудлатай "хіміяй", стала набіраць нумар апошняга запрошанага на паседжаньне — дырэктара райхарчпрамгандлю Ванзовіча.
А тым часам у Матрунінай хаце, расклаўшы на двух табурэтах мэдычнае прычындальле, маладзенькая фэльчарка Ніна набірала ў шпрыц вадкія лекі.
— Я ж, дачушка, ужо і сама магу прыйсьці. І карову даю, і канюшыну ўчора дакасіла, — прамаўляла цётка Матруна, казелячы вокам на шпрыц.
— Навошта ж вам хадзіць? Амбуляторыя на другім канцы вёскі. А мне прайсьціся — адно задавальненьне... Кашулю падыміце...— Ніна толькі сёлета скончыла мэдвучэльню і таму рабіла ўсё, як мае быць: паляпала па пэўнай мясьціне, працерла ледзь ня ўвесь азадак прасьпіртаванай ватай, нарэшце замружыла вочы і ўбіла іголку крыху ніжэй хвастца.
Цётка Матруна хварэла. Цэлы месяц ляжала ў пасьцелі і толькі сёньня, адчуўшы палёгку, стала на ногі: падаіла раніцою карову, потым рушыла касіць канюшыну, і Карпачысе, якая апекавала яе пад час хваробы, давялося з крыкам і гвалтам адбіраць касу.
— А што ж ты мне, дачушка, колеш? — запыталася Матруна, абцягнуўшы кашулю. — Ужо ж надта пякучыя, усё адно як жарынка заляцела...
— Спазмалітычны сродак. Зьніжае крывяны ціск, — фэльчарка зьняла з твару марлевую маску, з палёгкаю ўздыхнула. — Вам, Матрона Іванаўна, яшчэ паляжаць трэба пару дзён. І ніякай цяжкой працы. Адно лёгкія прагулкі, — фэльчарка закрыла валізу і наструніла слых: да хаты з вуркатлівым гудам набліжалася легкавушка.
Яшчэ хвіліна — і ля весьніц, узьняўшы пылюку, спынілася шэрая "волга". Легкавушка вуркатнула наастачу, аціхла і зь яе вылез мужчына ў даўжэзным, мышастага колеру, плашчы і ў гэткай жа шэрай кепурцы. Мужчына ляснуў дзьверцай, нюхнуў паветра, зірнуў на гадзіньнік.
— Госьці да вас, Матрона Іванаўна, — пралепятала фэльчарка Ніна, а цётка Матруна, прыўзьняўшыся на локці, ўсхвалявана пралепятала: — І хто ж гэта сунецца?
У прысенку грукнулі дзьверы, ляснула вядро, пачуліся стрыманыя мацюгі, потым мяккі шоргат — мужчына шукаў у цемры дзьвярную клямку, і фэльчарка, пачуўшы такое, кінулася да дзьвярэй.
Сьпехам апранаючыся, Матруна чула, як госьць штосьці прабубніў, стоячы на ганку, Ніна штосьці адказала, пасьля чаго мужчына кашлянуў і цяжкой ступою ўвайшоў у сьвятліцу. Не сказаўшы ні слова, госьць прайшоўся ад дзьвярэй да стала, потым ад стала да дзьвярэй, нарэшце тупнуў нагой па падлозе і толькі тады адрэкамэндаваўся:
— Я з аддзела сацзабесьпячэньня. Дасьледуем умовы пражываньня пэнсіянэраў.
У наступную хвіліну госьць аблашчыў позіркам фэльчарку Ніну, якая прайшлася пад вокнамі і з задуменнай разважлівасьцю прамармытаў:
— Масьніцы... гуляюць. Могуць і абламацца.
— Гуляюць, добры чалавек. Хату ж яшчэ мой прадзед ставіў, валадарства яму нябеснае, — паведаміла Матруна асіплым ад хваляваньня голасам.
Госьць спахмурнеў, прысеў на ўслон, з роспачным уздыхам прамовіў:
— Мала... мала ўвагі мы надаем пэнсіянэрам!
Матруна кіўнула на знак згоды, выцерла ражком хусткі здранцьвелыя вусны, а госьць, дастаўшы з кішэні блякнот, прымасьціў яго на касьцістым калене.
— Тэлевізара ў вас, гляджу, няма...
— Няма, добры чалавек... Да суседкі хаджу на цілівізер. Зімой дык кожны вечар хадзіла. Паказвалі, памятаю, гэтага... як яго... ну, прыгожы такі мужчына... у нямецкай форме...
— Шцірліц, можа?
— А во-во... Шцірліц... ён самы, — усхапілася Матруна, а госьць, зірнуўшы на столь, прамовіў кароткае слова "люстра" і стаў штосьці пісаць у блякноце.
— У вас сваякоў паблізу няма? — запытаў госьць, не перарываючы пісаніны.
— Сястра ў мяне. У Ленінградзе жыве, — ціха прамовіла Матруна, спрабуючы ўцяміць — навошта чалавек пра гэта пытаецца.
— Ленінград, на жаль, далёка, — мужчына падняўся на ногі, паправіў на галаве кепку, валюхаста пайшоў да дзьвярэй.
На падворку госьць пахістаў рукою плот і, зірнуўшы ў бок хлява, няўцямна прамармытаў:
— А дзе тут у вас... гэты самы...— чалавек крутнуў у паветры абедзьвюма рукамі і Матруна залыпала вачанятамі. — Ну, разумееце? — чалавек ізноў крутнуў рукамі, потым крутнуў галавой, але цётка Матруна не зразумела і чалавек, махнуўшы рукой, пашыбаваў да машыны.
Па дарозе госьця пераняў Канавальчык.
— Шофэр кажа, што вы з райсабесу, дасьледуеце бытавыя ўмовы.
— Ну, — незадаволена выдыхнуў райсабешчык.
— Дык, можа, вы б і маю хату паглядзелі? Жыць нема як... страха цячэ, — заенчыў Канавальчык, а райсабешчык, адчыніўшы дзьверцы, каротка прамармытаў: — Другім разам.
Калі машына, скрыгатнуўшы счэпам, кранулася зь месца і накрыла Канавальчыка пыльнай аблачынай, той сплюнуў рыплівую сьліну і са злосьцю прасіпеў:
— Нямецкіх падсьцілак дасьледуюць, а на нас х... паклалі.
І хаця Матруна была глухаватая, словы гэтыя даляцелі да вушэй і ачунялае было сэрца ізноў заныла і попельна-шэрая зямля паволі паплыла пад нагамі.
Ранейшым часам паседжаньні Бюро райкама заўсёды пачыналіся са спазьненьнем. Цяпер жа, не пасьпеў масіўны гадзіньнік, што стаяў у куце, бомкнуць чатыры разы, як Эдуард Альфонсавіч — гаспадар кабінэту — падняўся з-за стала, абцягнуў, як гэта робяць вайскоўцы, пінжак і непракерхана прамовіў:
— Таварышы!
У дальнім канцы стала начальнік дарожна-будаўнічага ўчастка Даўбешка рыпнуў крэслам і дрыжачымі рукамі разгарнуў блякнот.
— Сёньняшняе паседжаньне закрытае, таму папрашу не рабіць ніякіх запісаў, — прамоўца кашлянуў, а Даўбешка, схапіўшы са стала блякнот, выпусьціў яго з рук, той упаў на падлогу і няўклюда зашоргаў нагамі, падганяючы блякнот бліжэй да крэсла. – На мінулым тыдні Даўбешка завёз самаскід асфальту на лецішча генэрала Карзо, быў схоплены на гарачым і цяпер хваляваўся, чакаючы разгляду сваёй пэрсанальнай справы.
— Павінен адразу сказаць, што пытаньне, якое мы сёньня разглядаем, знаходзіцца на кантролі абласнога камітэта партыі, таму і стаўленьне да яго мусіць быць адпаведным.
Даўбешка зноў заварушыўся і Эдуард Альфонсавіч незадаволена зыркнуў у ягоны бок.
— У двух словах яго сутнасьць можна сфармуляваць так: да нас едзе заходнегерманскі журналіст.
Такую вестку прысутныя стрэлі шоргатам ног і дружнай кашлянінай.
Гаспадар кабінэту вытрымаў паўзу, таксама кашлянуў і працягваў:
— Што сабой уяўляе шпрынгераўскі друк і ў якім сьвятле падаецца там зьнешняя і нутраная палітыка нашай дзяржавы, казаць ня буду. Вы, таварышы, ведаеце пра тое ня горш ад мяне. І таму наша задача сёньня — выявіць палітычную пільнасьць і паказаць заходняму госьцю ўсё лепшае, што маем. Задача, скажу вам, даволі складаная, бо заходні госьць мерыцца наведаць калгас "Шлях камунізму" — ня самы моцны ў раёне.
Прамоўца пашукаў вачыма Бамбізу — старшыню памянёнага калгасу, але ў гэты момант абудзіўся тэлефон спэцсувязі і Эдуард Альфонсавіч падхапіў слухаўку.
— Слухаю, Мірон Пятровіч! — гаспадар кабінэту павярнуўся тварам да прысутных, шматзначна кіўнуў галавой. — У нас зараз партбюро па гэтым пытаньні. Так, Мірон Пятровіч, я ўсіх папярэдзіў — поўная канфідэнцыйнасьць...
— З абкаму званілі,— патлумачыў гаспадар кабінэту, скончыўшы размову, папярэдне пастукаўшы косткамі пальцаў па стале, каб суняць усхваляваны шэпт і шоргат.
— А хто яго сюды запрашаў? — гукнуў з дальняга канца стала Даўбешка.
Сябры Бюро ізноў загаманілі і гаспадар кабінэта ўдругарадзь, цяпер ужо далоньню, грукнуў па стале, дамагаючыся цішыні.
— Таварышы, вытрымка — перш за ўсё. Пытаньні будзем задаваць прыканцы паседжаньня. А зараз я даю слова Івану Пятровічу Газіну — супрацоўніку абласнога ўпраўленьня Камітэта дзяржбясьпекі. Ён і распавядзе — што за гусь ляціць на нашы палеткі.
Іван Пятровіч Газін, немалады ўжо чарнавалосы мужчына, паважна падняўся з-за стала, гэтак жа паважна перагарнуў старонкі таўшчэзнага нататніка.
— Пачну без прэамбул, — прамовіў Іван Пятровіч, мелькам зірнуў на прысутных і ў кабінэце запанавала мёртвая цішыня. — Да нас едзе нехта Лётар Бомбах, супрацоўнік крайне правай, бульварнай газэткі "Більд-цайтунг", якую выдае славуты Аксэль Шпрынгер. Вас, вядома ж, цікавіць пытаньне: навошта ён едзе і чаму менавіта ў вёску Бычкі? Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэты візытэр, нібыта, хоча наведаць мясьціны, дзе пад час вайны знайшоў сваю бясслаўную сьмерць ягоны бацька, Бэртрам Бомбах. Мы, зразумела, паднялі адпаведныя дакумэнты і высьветлілі, што яфрэйтар Бомбах і сапраўды знаходзіўся ў складзе 286-га ахоўнага палка і ў жніўні 43-га, падчас начнога бою, быў зьнішчаны партызанскай групай атрада імя Панамарэнкі. Па сьведчаньні Зьміцера Нікандравіча Дзенісенкі — былога камандзіра атрада, ён асабіста застрэліў фашыста на ўскрайку вёскі Бычкі. Пра тое ж сьведчаць і паказаньні здрадніка Радзімы Рыгора Таўпілы, які бачыў труп забітага фашыста.
Чэкіст на хвілю перапыніўся і, лізнуўшы палец, перагарнуў старонку.
— Узьнікае яшчэ адно пытаньне: чаму гэта шпрынгераўскі пісака сорак гадоў сядзеў у сваім Гамбургу, і толькі цяпер выправіўся ў Бычкі шукаць магілку свайго бацькі? І ці ня ёсьць усё гэта прадуманай палітычнай правакацыяй? Мы высьветлілі і гэта пытаньне і мусім канстатаваць, што ў гэтай справе, на вялікі жаль, замяшаныя і нашы савецкія людзі. А менавіта: навучэнец 49-й ленінградзкай вучэльні мэталістаў Аляксей Клячкін. Знаходзячыся на адпачынку ў сваёй цёткі, жыхаркі вёскі Бычкі Матроны Апалонік, гэты дзяяч знайшоў на гародзе жэтон забітага немца і, прыехаўшы ў Ленінград, занёс яго ў нямецкі кансулят. Заўважу, таварышы, што зрабіў ён гэта далёка не з гуманных пачуцьцяў: за такія жэтоны немцы плацяць добрыя грошы, прычым валютаю.
Пачуўшы пра валюту, грамада разам загаманіла, зарыпела крэсламі, а дырэктар райхарчпрамгандлю Ванзовіч ад хваляваньня нават укінуў у рот цыгарэту, ды згадаўшы, што ідзе паседжаньне Бюро, піхнуў яе ў нагрудную кішэнь.
— У размове з работнікам кансуляту Аляксей Клячкін паведаміў таксама, што ягоная цётка асабіста ведала забітага немца і гэтую вэрсію мы цяпер спраўджваем.
— А хто яму дазволіў цягацца па кансулятах? — гукнуў з канца стала няўрымсьлівы Даўбешка.
— Мы задалі гэтае пытаньне ленінградзкім таварышам... Як мы зразумелі з адказу, у паўночнай сталіцы ў гэтым пляне пануе лібэралізм. Калі б заходнегерманскі кансулят месьціўся ў нас, розныя шпанюкі там бы не цягаліся.
Пасьля такіх слоў члены Бюро ўхвальна загаманілі, Даўбешка — той быў узрадаваны, што яго не разьбіралі, таму і лез з пытаньнямі — гукнуў: — Што зь сябе ўяўляюць нямецкія жэтоны? — але чэкіст ня стаў адказваць, кіўнуў гаспадару кабінэта і гэтак жа павольна, як і ўставаў, апусьціўся ў крэсла.
Члены Бюро яшчэ пару хвілінаў перамаўлялася, потым сьціхлі і наставілі вочы на гаспадара кабінэту. Эдуард Альфонсавіч сядзеў у задуменнай паставе, мерна стукаў асадкай па стале. Нарэшце, налёг грудзінаю на стол і здушана прамовіў:
— Мы, таварышы, ня можам прымусіць заходняга візытэра напісаць пра нашы дасягненьні. І, магчыма, плёнам ягонага візыту стане фотаздымак якой-небудзь вясковай прыбіральні на старонцы нямецкай газэты. І ўсё ж сустрэць госьця мы мусім належным чынам, прадэманстраваўшы нашы здабыткі і шчодрасьць славянскай душы. Гэта не мае словы, а дырэктыва абласнога камітэта партыі, — прамоўца зрабіў кароткую паўзу і з партыйнай рашучасьцю ў голасе прамовіў: — Слова мае Куксёнак Тарзан Пятровіч.
Загадчык сельгасаддзелу спружна падхапіўся, правёў далоньню па чырвонаму ад хваляваньня плеху.
— Я, таварышы, толькі што з Бычкоў... Назад ехалі, сьпяшаліся і ў выніку райкамаўская "волга" стала на рамонт, — загадчык сельгасаддзелу зірнуў на Даўбешку і кудлатая даўбешкава галава ўехала ў плечы, не раўнуючы як сьлімачыная галава ў ракавіну. — Да Балбекаў яшчэ неяк можна ехаць, а потым — калдабан на калдабане, — Тарзан Пятровіч перавёў дых, дастаў з кішэні пашарпаны блякноцік. — Хата, у якой жыве Матрона Апалонік пабудаваная за царом Гарохам. Масьнічыны гнілыя, ганак зусім праваліўся. У хаце няма нават тэлевізара...
— Вашы прапановы, — перабіў Куксёнка гаспадар кабінэту і той, ні хвілі не раздумваючы, выпаліў: — Сустрэнем немца ў доме Сьцяпана Міканоравіча... старшыні калгаса. Дом з мансардай, паркет, санвузел... — Тарзан Пятровіч мерыўся далей разьвіваць сваю думку, але, угледзеўшы незадаволенасьць на шэфавым твары, прыкусіў ніжнюю вусну і дробна залыпаў вачамі.
Шэф керхануў у далонь і гэта азначала, што ён зьбіраўся некага паўшчуваць.
— Таварыш Даўбешка, — шэф нахіліўся, спрабуючы сустрэцца вачыма з начальнікам дарожнага ўчастку, — дагэтуль вы нам задавалі пытаньні, настала пара і нам запытацца: калі будзе адрамантаваная Бычкоўская дарога? Вы што, чакаеце аргвывадаў? Мы трэці год запісваем у плян сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця пункт: "Асфальтаваньне дарогі Балбекі — Бычкі" і за гэтыя тры гады там нават грэйдэр не праехаў...
— Эдуард Альфонсавіч... вы ж ведаеце...— пралепятаў Даўбешка, але шэф як і ня чуў таго лепятаньня. — Раённы камітэт партыі дае вам два тыдні... Усе людзі, уся наяўная тэхніка мусіць быць кінутая на аб'ект. Не хапае тэхнікі — пазычайце ў суседзяў, ганіце каткі і грэйдэры з Гарадка, Віцебску — адкуль хочаце. І ведайце — за гэтую дарогу вы адказваеце партбілетам.
Эдуард Альфонсавіч выцер насоўкаю халодны пот з лобу, перавёў позірк на загадчыка сельгасаддзела.
— Сядайце, Тарзан Пятровіч... Вы нас сваёй прапановай, шчыра кажучы, зьдзівілі, — шэф кінуў на стол асадку, тая зьляцела долу і адразу некалькі чалавек кінуліся яе падымаць. — Ну, сустрэнем мы госьця ў старшынёўскай хаце... А што на гэта скажуць людзі? Вы пра гэта, Тарзан Пятровіч, падумалі? Каго мы хочам ашукаць — немца, ці саміх сябе?
У паветры завісла гнятлівая цішыня, якую перарваў сам гаспадар кабінэту.
— Думаю, давесьці да ладу вясковую хату ня так і цяжка. І тэлевізар можна знайсьці... хаця б у часовае карыстаньне...— ужо лагодным голасам прамовіў Эдуард Альфонсавіч і члены Бюро гамузам заківалі галовамі.
Раніцой наступнага дня цётка Матруна ўжо не ўставала з пасьцелі і фэльчарка Ніна, зрабіўшы ўколы, узялася парадкаваць у хаце: памыла посуд, падмяла падлогу, згатавала кампот з антонавак, нарэшце, села на край ложка і стала чытаць уголас мясцовую газэту.
— Во, Матрона Іванаўна, паслухайце. Тут пра нашы Бычкі пішуць.
"Новае ў жывёлагадоўлі" — так называецца стэнд тэматычнай літаратуры, устаноўлены днямі ў памяшканьні Бычкоўскага сельскага клюба. На стэндзе дэманструюцца матэрыялы Красавіцкага пленума ЦК КПСС, кніжныя навінкі выдавецтва "Ураджай", у тым ліку брашура нашага земляка, знатнага жывёлавода Э. Дымагарнага "Грамадзкаму статку — клопат і ўвагу". Кніжны стэнд карыстаецца вялікай увагай сяльчан".
— І хто ж гэта піша? — пацікавілася цётка Матруна і наструніла слых.
Пад вокнамі загула, а потым лагодна завуркатала бліскучая чорная "волга".
— Божухна, і што яны ўнадзіліся...— прастагнала цётка Матруна, а фэльчарка Ніна, убачыўшы праз вакно чарговага цётчынага госьця — падхорцістага дзядзьку ў шэрым капелюшы, падхапіла валізку і падалася на двор.
Чарговы госьць увайшоў у хату нячутна — бяз рыпу, амаль бяз груку і тым самым напужаў гаспадыню. Паўстаўшы пасярод хаты, госьць млява пасьміхнуўся, выцягнуў з нутраной кішэні нататнік, а цётка Матруна, самлеўшы, схапілася рукой за фіранку, што вісела ля ложка, і плюхнулася на пярыну.
— Дарма так хвалюецеся, Матрона Іванаўна... і занавескі дарма абрываеце, — госьць дапамог гаспадыні сьцягнуць з галавы абарваную фіранку, спрытна прысеў на край услону. — Тым больш, мы ня маем да вас ніякіх прэтэнзій.
Госьць кінуў на стол капялюш.
— Толькі два пытаньні, Матрона Іванаўна... Ці ведалі вы такога Бэртрама Бомбаха?
Адарваўшы галаву ад падушкі, цётка Матруна залыпала вачанятамі, зацкавана страсянула галавой.
— А вы, Матрона Іванаўна, не сьпяшайцеся... Згадайце вайну. Успомніце — хто зь нямецкіх салдат да вас заходзіў, як вы іх сустракалі, — чакаючы адказу, госьць паляпаў нататнікам па сьцягне...
Матруна ляжала нерухома і нават кінула дыхаць.
— Дзіўна, — госьць засмучана ўздыхнуў, насупіў кусьцістыя бровы, — а нам казалі, што вы гэтага ваяку добра ведалі, што ён не раз і не два завітваў у вашу хату.
Замарачны звон у вушах ператварыўся ў бязладны шум і Матруна зусім ня чула — што кажа няпрошаны госьць і зрэдзьчасу, зусім не да месца ківала альбо трэсла галавою. І ўсё-такі тузін словаў дапяў да вушэй.
—... Цалкам верагодна, што немец будзе даваць грошы. Возьмеце вы іх, ці не — ваша асабістая справа, але мы б не рэкамэндавалі гэтага рабіць...
Пасьля таго цётка Матруна ціха войкнула і заплюшчыла вочы. Госьць пабег на кухню, сёрбнуў вады з вядра, пырснуў у твар зьнямоглай кабеціне і калі тая ачулася, схапіў капялюш і палахлівым ценем высьлізнуў з хаты.
У абед, разам з каровай, што вярнулася з поля, у Матрунчын двор завітала Карпачыха. Суседка доўга навязвала наравістую Зьвяздоху, грукала даёнкай, нарэшце ўбілася ў хату.
— Ну, як ты тут? Ці палягчэла? — гукнула Карпачыха і тут жа дадала: — Я яго шукаю, падлюгу, а ён у кінабудцы сядзіць, гарэлкай заліваецца. Другім разам, далібог, падапру калом, ды падпалю гэтую кінабудку разам з усімі п'янтосамі.
Карпачыха яшчэ пару хвілін лаяла цесьця і сунялася толькі тады, як Матруна застагнала і папрасіла зьбегаць па фэльчарку.
— У больніцу трэба — хай бы падлячылі, — уздыхнула суседка і ўжо адчыніўшы дзьверы, крыкнула: — Унука пашлю, а то ж каровы стаяць нядоеныя...
Дзьверы грукнулі і — дзіўная рэч — Матруне адразу ж палягчэла. Сэрца ўжо не рвалася з грудзіны, увушшу не шумела і Матруна нават пачула, як білася ў шыбу зумклівая восеньская муха. Звон у вушах заўсёды зьнікаў, калі яна згадвала пра больніцу — гэтае, ва ўяўленьні Матруны, страшнае месца, дзе яна за сваё жыцьцё так ніколі і не пабывала і дзе, па чутках, людзей рэзалі, поркаліся ў нутры, а потым зноў сшывалі.
У хляву рыкнула нядоеная Зьвяздоха, муха стукнулася ў шыбу і пачала кружляць над галавою, а ў самой галаве сталі кружляць неспакойныя думкі. "І чаго яны да мяне прычапіліся?" — думала Матруна, згадваючы нязваных гасьцей. Асабліва яе ўстрывожыў мужчына ў капелюшы, які пытаўся пра немца. — Ці не Канавальчык што набрахаў? — прашаптала Матруна і тут жа супакоіла сябе на думцы, што мужчына, відаць, яе з кімсьці пераблытаў. Муха ізноў стукнулася ў шыбу, а на двары пачуліся шаргатлівыя крокі. Прычым, ішлі відавочна не Карпачыха з фэльчаркай, бо знадворку кашлянулі, мацюкнуліся, грукнулі дзьвярыма, ды так, што парахня пасыпалася са столі і нехта сіплым голасам прамовіў: "Ня ўлезе, давядзецца пілаваць". Другі мужчына гракнуў: "Улезе!", а Матруна спалохана перахрысьцілася і прашаптала:
— Каго там яшчэ прынесла?
Мужчыны доўга валтузіліся ў сенцах, нарэшце ўваліліся на кухню і Матруна з жахам убачыла, як у сьвятліцу, падчапіўшы квяцістую фіранку, уехала тоўстае габляванае бервяно.
— А божухна, — выдыхнула Матруна і ў той жа міг ўгледзела барвовы твар карпачысінага зяця: Казік трымаў цяжкое бервяно і зморана аддзімаўся.
— Прыйшлі, цётка, падлогу табе замацаваць, — засоплена і не зусім цьвяроза прабубніў "западэнец", прымасьціўшы бервяно на калена, — так што выбачай — патурбуем.
Мужчыны — а разам з Казікам у хату ўваліўся Васька Халімонаў — паклалі бервяно, зморана ўздыхнулі і ў хаце запахла гарэлкай.
— З раёну званілі. Загадалі ўмацаваць падлогу, — патлумачыў Казік. — І ганак паправіць, — гукнуў праз Казікава плячо Васька Халімонаў — малады яшчэ мужчына, якога летась пазбавілі шофэрскіх правоў і перавялі ў цесьлі.
Казік раскрыў рот, каб яшчэ нешта сказаць, ды тут у хату ўбілася цешча.
— Вы што! — гракнула Карпачыха ад парога, — зусім ад гарэлкі пашалелі? Зь бервяном у хату лезуць!
— Старшыня паслаў, — уставіў слова Васька Халімонаў, — загадаў падлогу ўмацаваць, як вэтэрану працы.
— Дык што ж вы, будзеце мазгатаць хворай жанчыне над вухам? — не сунімалася Карпачыха і зяць, адвёўшы вочы, пакрыўджана прамармытаў: — А можа яе да нас? Хай пажыве пару дзён, пакуль мы ўправімся.
Цешча неяк дзіўна паглядзела на зяця і, ці не ўпершыню ў жыцьці, пагадзілася зь зяцевай прапановай.
— А й сапраўды, Іванаўна... Фэльчарка ў раён зьехала, дык чаго ты тут будзеш ляжаць? Пайшлі да нас, а то ж не дадуць гэтыя п'янтосы жыцьця.
І Йванаўна, шморгнуўшы носам, асуджана ўздыхнула ў адказ.
Да сяброўчынай хаты ішлі моўчкі. Карпачыха, аднак, увесь час мерылася штосьці спытаць — керхала, набірала ў грудзіну паветра, але тут жа стульвала вусны і з шумам аддзімалася. Нарэшце, абмінуўшы зялёную каровіну ляпеху, яна чародным разам керханула і запыталася:
— А што за чалавек да цябе прыяжджаў?
Матруна зьлёгку сьцепанулася, паправіла хусьцінку на скроні.
— А я й сама яго ня ведаю. Прыйшоў... у капелюшы, ня выпіўшы, дастаў нейкую кніжачку і пачаў пра нейкага Бомбуха пытацца. Пытаецца, а ў мяне мятлікі ўваччу. Так і самлела. Ачулася, а яго ўжо і ў хаце няма.
— Хто ж такі, гэты Бомбух? —задуменна выдыхнула Карпачыха, — ці не халімонішын гэта швагра, што летась краму абрабаваў?
Сяброўка прымружыла вочы, згадваючы прозьвішча халімонішынага швагра і, не згадаўшы, прашаптала:
— Гэта ж я сёньня ў сяльпе была, дык там Халімоніха байкі баяла. Казала: пільнуйце, бабы, калодзежы, бо нейкі немец едзе — хоча ваду патруціць.
Матруна, аднак, ня чула тых слоў, бо душа ейная зноўку вырвалася з грудзіны і адляцела ў мінулае. І на Матруну ізноў зірнуў малады немец і ў сенцах зноў брыдка вылаяўся Міцька Дзенісенка. І толькі тады Матруна ўцяміла, нарэшце — хто едзе ў адведкі і бяскроўныя вусны бязгучна прашапталі: "Божухна, няўжо гэта ягоны сын?”
— Ты, Іванаўна, балбатню тую да сэрца не бяры, — засакатала Карпачыха, пабачыўшы, што Матруна зьмянілася з твару. — Халімоніха ж вядомая балаболка. Памятаеш, казала на Тройцу, што на Бычкі міцярыт зваліцца
...За цэлы дзень Матруна не прамовіла ні слова — ляжала ў чужым ложку, глядзела на столь, маркотна ўздыхала і ад уздыхаў варушылася сівая павуцінка, што вісела над галавой. Увечары сяброўка паставіла на стол чыгунок парнай бульбы, паклікала есьці і калі Матруна адмовілася, сілком зацягнула да стала.
— Паеш ты, далібог, а то памрэш з галадухі.
Есьці і сапраўды не хацелася… Матруна распалавініла бульбіну, каўтнула малака, наставіла на сяброўку сумныя вочы і сяброўка, адсунуўшы ўбок талеркі, падхапілася на ногі.
— Давай пагадаю. Уведаеш, што будзе — адразу палягчэе.
Карпачыха дастала з шафы калоду карт, ператасавала, расклала на стале, засяроджана пачухала гузаваты нос.
— Вось гэты стары псюк табе й не дае спакою, — сяброўка тыцнула пальцам у піковага караля і ўздыхнула — глыбака і трывожна. — Чакаюць цябе нейкія згрызоты, нейкія размовы, а ўсё скончыцца...— Карпачыха перагарнула дагары тварам крайнюю карту, сумелася і ў гэты момант на парозе — з глухой кашлянінай і тупаценьнем — паўстаў зяць Казімер.
— Хату ці зачынілі? — запыталася цешча, і Казімер, пачарпнуўшы вады зь вядра, стомлена выдыхнуў: — Зачынілі...
— За вас дужа не бярыся, п’янтосы няшчасныя, — прамовіла Карпачыха і з такім імпэтам узялася тасаваць карты, што яны высьлізнулі з рук і пасыпаліся на падлогу.
Наступным ранкам, а восьмай гадзіне, Казімер рушыў на працу, але неўзабаве вярнуўся і задыхана паведаміў: — Цётка Матруна! Там да вас прыехалі... Тэлевізар прывезьлі, і ўсё такое...
— Які цілівізе-ер? — усхвалявана прасьпявала Матруна і, апранаючыся, доўга не магла патрапіць у рукаво кацавейкі.
Яны выбеглі з Карпачыхай на падворак і ў канцы вуліцы ўгледзелі крытую машыну, а поруч зь ёю Канавальчыка ды нейкага незнаёмага мужчыну.
— Хто з вас Апалонік? — спытаў незнаёмец, калі жанчыны падышлі бліжэй.
— Я-а,— дрогкім голасам азвалася Матруна, зачапіўшы нагой сьвежую каровіну ляпеху.
— Расьпішыцеся ў атрыманьні... — мужчына расправіў на жываце скамечаную паперку, — тэлевізара, люстры, паласа і журнальнага століка.
— А калі мне што-небудзь дадуць? — пакрыўджана выдыхнуў Канавальчык. — Я, між іншым, вэтэран вайны, маю тры баявых мэдалі.
— Наступным разам, дзед, наступным разам, — буркнуў мужчына і з кіслай мінай на твары працягнуў Матруне пакамечаную паперку.
На ганак уласнай хаты Матруна ступіла, ня чуючы пад сабой ног, а пабачыўшы квяцісты кілім на падлозе, маленькі стол на крывых нагах і чалавека, які стаяў на стале і ўкручваў лямпачкі ў люстра, нават ікнула ад хваляваньня.
— Усё, цёткі, прымайце работу! — чалавек скочыў са стала, пстрыкнуў уключальнікам і Карпачыха, што стаяла за сьпінаю, зачаравана прашаптала:
— Як у царкве.
Дзень згасаў ужо ад ранку і мяккі змрок, нібыта дым ад бульбоўніку, плыў у вокны, кволіўся ў вісюлінах казённай люстры, няроўным прастакутнікам ляжаў на паверхні журнальнага століка і на гэтым прастакутніку цёмнай плямай вымалёўвалася нерухомая жаночая пастаць. Матруна сядзела ля вакна — дробненькая, скурчаная, лядашчая і летуценна паглядала спачатку на грэйдэр, што сноўдаў па вясковай вуліцы, а потым на пакрэсьленае згалелым вецьцем неба.
“Сустракайце, Матрона Іванаўна, госьця. І не забывайце — пра што мы з вамі гаманілі”, — паведаміў учора мужчына ў капелюшы і душу Матруніну працяў халадок трывожнага чаканьня. Адвячоркам, калі яны з Карпачыхай мясілі цеста для пірагоў, Матруну пачалі біць дрыжыкі, ноччу яе наагул апанавала нэрвовая ліхаманка, але раніцою ільдзінка непакою ў душы растала і цела чарговым разам апанавала хваравітая немач. Матруна прысела на хвілю да вакна і, няздольная зварухнуць аніводнай сваёй цягліцай, так і застыла ў няёмкай паставе, пазіраючы на няўтульны, колеру цьмянага волава сьвітанак. Яна сядзела так гадзіну, а можа і дзьве, і калі неба канчаткова праясьнела, у яго прадоньні сталі нараджацца напаўзабытыя абліччы: гайдалася ў паветры няголеная пыса Міцькі Дзенісенкі; таўпілавы сын Мікола, які не вярнуўся з фронту, сарамліва пасьміхаўся ёй на тле яблывага вецьця; і сам Таўпіла, акалелы, пакрыты бухматым інеем, наблізіўся да вакна і тут жа растаў, зьліўшыся зь бязрадасным небам. Там, за вакном, нараджаліся напаўзабытыя галасы, гучалі няўцямныя зыкі: Міцькава лаянка, сіплы таўпілавы кашаль, вясёлы воклік “Брава, Зоніа!”, ад якога шумела ўвушшу і абуджалася прыспанае сэрца і, апанаваная ўсёй гэтай замараччу, Матруна не адразу ўцяміла — ці то папраўдзе за шыбай паўстала Карпачыха, ці тое ёй прымроілася.
— Едуць! — гукнула сяброўка і ад вокліка ейнага здрыгануўся і апаў долу апошні ліст з яблыневага вецьця.
Да весьніц Матруна ішла як не на сваіх нагах, а ўбачыўшы жанчын, што стаялі ля канавальчыкавай хаты, і зусім зьніякавела. “Едуць, едуць”,— загаманілі жанкі і з-за павароткі выехала спачатку шэрая “волга”, а потым зялёны старшынёўскі “казёл”. Цяжка гудучы на ня ўежджанай дарозе, машыны ўзьехалі на пагорак, спыніліся і з “волгі” вылез нетутэйшага выгляду мужчына й маладая кабета ў бялюткім як сьнег палітоне.
“Жонка, жонка”— зашапталіся ў натоўпе і той жа міг сэрца Матруніна сьцялася — яна ізноў убачыла Бэртрама. Шалёная радасьць палыхнула, апаліла шчокі й згасла ад усьведамленьня, што гэта быў не Бэртрам, а ягоны сын.
—... Заработная плата сяльчанаў вырасла ў параўнаньні з 1965-м годам у 1,7 разы. Вёска Бычкі, паводле генэральнага пляна, ператвараецца ў пасёлак з усімі камунальнымі выгодамі,— грымеў на ўсю вулку зычны голас калгаснага старшыні — Сьцяпана Міканоравіча Бамбізы. Сьцяпан Міканоравіч шыбаваў поруч з гасьцямі, а сьледам за імі, на невялічкай адлегласьці, сунуўся той самы мужчына ў шэрым капелюшы.
— Ну вось, — прамовіў старшыня, падышоўшы да весьніц, — гэта і ёсьць тая самая Матрона Іванаўна Апалонік, зь якой вы хацелі пазнаёміцца.
Не ўздымаючы вачэй, Матруна паціснула спачатку шырокую і цёплую мужчынскую далонь, а потым халодную й далікатную жаночую далоньку.
— Как ваше здорофйе, Матрйона Іванофна? — запытаўся немец, дыхнуўшы саладжавым пахам мяты.
Матруна неакрэсьлена кіўнула і, змагаючыся з нэрвовай дрыготкай, пачала перабіраць пальцамі ражкі навюткай, па выпадку павязанай хусткі.
Немец стрымана кашлянуў, расшпіліў, потым зноў зашпіліў верхні гузік палітону: — Я ест сын Бэртрама Бомбаха, который тут погіб. Вы же его зналі, Матрйона Іванофна?
Матруна ізноў кіўнула, узьняла вочы і, наткнуўшыся на суворы пагляд з-пад шэрага капелюша, страсянула галавой.
— Может, Матрйона Іванофна, вы знаете — где он был похоронен?
— Вы ведаеце, дзе быў пахаваны спадар Бомбах? — перапытаў праз хвілю “шэры капялюш”, але Матруна маўчала, з хваравітай зацятасьцю пазіраючы пад ногі.
Немец яшчэ штосьці пытаўся, выцягнуў з кішэні мэталёвую блямбу, згадаў Лёшку Клячкіна, нарэшце асуджана ўздыхнуў і жонка — бялявая й вастраносая кабета — тузанула яго за рукаво. Немка штосьці прамовіла па-свойму, пайшла да машыны і сьледам за ёю, цяжка шоргаючы падэшвамі чаравікаў, пайшоў і сын Бэртрама Бомбаха.
— Гендэ хох! — гукнуў з-за плоту Канавальчык. Канавальчык зірнуў на жанчын, спадзеючыся, што тыя ацэняць ягоны жарт, але жанчыны абурана зашыкалі, а Карпачыха крутнула пальцам ля скроні і па-мужчынску мацюкнулася.
— Адзін гарлае абы-што, другая маўчыць як статуёвіна, — ледзь чутна прасіпеў Бамбіза, махнуў рукой і лёгкім трухам пабег да свайго “казла”.
Неўзабаве машыны зьніклі за павароткай, і жанкі, пастаяўшы хвілінку, пачалі разыходзіцца. Ніхто зь іх не падышоў да Матруны, ніхто нічога не сказаў, нават Карпачыха сарамліва адвяла вочы, і толькі Канавальчык штосьці крыкнуў у яе бок, ды словы ягоныя заглушыла вуркатаньне грэйдэру, які выяжджаў з прыдарожных кустоў. Матруна села на лаўку, насунулася сьпінаю на плот і з дзіўным спакоем падумала, што так і памрэ тут, пад плотам, ня ў сілах падняцца на ногі.
У абед прыгналі статак — быў канец кастрычніку і скаціну пасьвілі толькі да абеду. Зьвяздоха доўга рыкала пад гарою, клічучы гаспадыню, нарэшце прыйшла да хаты, пастаяла ля паркану і, лізнуўшы шурпатым языком вільготныя ноздры, пасунулася ў хлеў. Па абедзе — ужо ў вечаровым сутоньні — да хаты пад’ехала крытая машына, з кабінкі выкуліўся той самы мужчына, што прывозіў тэлевізар ды іншыя рэчы. Мужчына штосьці спытаў, Матруна кіўнула і праз колькі хвілінаў госьць вынес з хаты спачатку тэлевізар, потым згорнуты ў трубку кілім, нарэшце, журнальны столік і люстру, якая суцішна зазьвінела на ветры.
— А ты думала, што табе далі назаўсёды? — гукнуў ад сваёй хаты Канавальчык, калі машына ад’ехала.
Матруна нават не зірнула ў суседавы бок і Канавальчык, абражаны такімі абыходзінамі, падцягнуў зацухмоленае галіфэ, жвавым трухам перабег дарогу.
— Гэта хто, сынок таго фрыца, якога мы шлёпнулі? — сусед вытрымаў паўзу, чакаючы, што Матруна абзавецца хоць словам, але тая маўчала. — Тут да мяне чалавек прыходзіў... з Камітэту...— Канавальчык вытрымаў яшчэ адну паўзу, — між іншым, пра цябе пытаўся... Я яму ўсё і распавёў. Як мы таго немца вялі, як той немец жыць прасіўся. Гэта ж я яго і шлёпнуў, а Міцька Дзенісенка на сябе запісаў... Хітры быў, хахляра, таму і выбіўся ў людзі.
Нейкая дзіўная сіла падняла Матруну на ногі і яна, зьлёгку хістаючыся ўбокі, пасунулася дадому. Убіўшыся ў хату, Матруна глынула збружэлага квасу, няўмела перахрысьцілася і, не распрануўшыся, лягла на ложак. Жанчына цяжка ўздыхнула, зьмежыла павекі, а калі зноўку расплюшчыла вочы, дык убачыла ў пройме прачыненых дзьвярэй Бэртрама. Бэртрам пасьміхнуўся ёй аднымі вуснамі, паставіў у кут стрэльбу і, ня ведаючы — чым заняць рукі, стаў расшпільваць, а потым зноў зашпільваць верхні гузік мундура.
— Сын твой прыяжджаў, мы яго ўсёй вёскай сустракалі, — прамовіла Матруна і, прыкусіўшы дрыготкую вусну, скрозь сьлёзы прашаптала: — Замуж я так і ня выйшла.
— Ведаю, — азваўся Бэртрам і голас ягоны прагучаў гулка, нібыта з калодзежу.
Згадка пра калодзеж на кароткае імгненьне абудзіла Матруну; жанчына страпянулася, памкнулася разьвязаць хусьцінку, якая душыла яе, ды нечакана скацілася з ложку і паляцела ў халоднае і сырое прадоньне, на дне якога плюскала вада і хтосьці голасна гукаў яе імя.
Імжыстым ранкам ў шыбу пастукалі і на падворку прастуджана кашлянуў Канавальчык.
— Гэй, Матруна, выганяй карову!
Канавальчык кашлянуў другім разам, прыпаў тварам да шыбы і на вільготным шкле — у тым месцы, куды тыцнуўся канавальчыкавы нос, утварылася буйная кропля. Хвіліну яна нявыплаканай сьлязінай трымцела на ветры, а потым сарвалася долу, не пакінуўшы па сабе ніякага сьледу.