Мне было дзевятнаццаць гадоў. Я ляжаў на мулкай лаве і зацята глядзеў на міргатлівую зорку — яна толькі што выплыла з-за фіранкі. Зорка то бліскала, то патухала, захінутая на імгненьне галінамі старой яблыні, якая расла пад вакном.
Гаспадыня кватэры, у якой кватараваў, таксама не спала. І калі яна зь цяжкім уздыхам пераварочвалася з боку на бок, я таксама ўздыхаў. Гаспадыню звалі Сабінай і яна была на пятнаццаць гадоў старэйшай ад мяне.
На пячной ляжанцы адчайдушна хроп яе муж – кадыкасты, па-брэжнеўску густабровы здаравяка. Печка была напалена як домна, я ляжаў, накрыты адной прасьцінай, а гэты храпун штоначы ўзьбіваўся на самую гарачынь ды яшчэ спавіваўся старым кажухом.
— Ну і храпе, — раз-пораз выдыхала Сабіна. — Мне карцела сказаць штосьці ў адказ, але я не адважваўся. А яшчэ мне карцела падысьці да жанчыны, сьцягнуць зь яе коўдру і зь пяшчотнай павольнасьцю правесьці рукою па малочна-белым сьцягне. Разумеў, што ніколі не зраблю гэтага, але палкая фантазія не давала спакою і зганяла сон з павекаў.
Я толькі трэцюю ноч спаў у хаце, на старой лаве, якую гаспадары называлі тапчанам. Дагэтуль мы з Лозкам, старастам групы, месьціліся на вэрандзе. Тры дні таму Лозку – студэнту-пераростку, які пасьпеў ужо адслужыць у войску, заехалі вязанкай лёну, самым камлём, у вока, і ён паехаў дадому, бо вока пачырванела ды пакрылася блакітнай плеўкай. Якраз таго дня ўдарыў мароз і гаспадыня прапанавала начаваць у хаце, на драўлянай, паточанай шашалем лаўцы з выразанымі на прыслоне загадкавымі літарамі “НКПС”. Я доўга маракаваў – што б яны маглі азначаць. І толькі калі даведаўся, што лаўку прыцягнулі калісьці з разбомбленай немцамі чыгуначнай станцыі, уцяміў: гэта было майно Народнага камісарыяту шляхоў зносінаў.
Гаспадар меў прозьвішча Кірпіч – з націскам на першы сказ. Кірпіч быў сугнеем; ён і са мной амаль ніколі не размаўляў. Толькі аднойчы спытаў, насупіўшы кудлатыя бровы: калі мы, студэнты, зьедзем да хаты. Праўда, да Лозкі ён ставіўся больш лагодна: распытваў пра службу ў войску. Аднаго разу яны нават выпілі на пару пляшку гарэлкі.
Таго дня, як стараста пашкодзіў вока — мы з Лозкам закідвалі лён у пуню — да нас пад’ехаў на кані калгасны брыгадзір.
— Ну, як там вам, у Кірпіча? – прозьвішча было прамоўлена з націскам на апошнім сказе.
— Нармальна! – крыкнуў Лозка, завіхаючыся з калянымі вязанкамі, і брыгадзір, ссунуўшы з патыліцы на нос кепурку-васьміклінку, жартам папярэдзіў:
— Сабіна ягоная… любіць маладых хлопцаў. Толькі ж вы да яе не чапіцеся. А то Кірпіч раўнівы. Аднойчы ў іх салдат быў на пастоі, дык ён яго зьбіў на горкі яблык. Два гады потым на Аршанскай зоне адбухаў.
Жарцік запаў у душу і калі адвячоркам, праводзіўшы Лозку на аўтобус, я вярнуўся на вэранду, думкі мае апанавала жанчына, прыглушаны голас якой гучаў за сьценкай…
А ўчора ўначы гаспадыня папраўляла падушку і незнарок адхінула край шторы, якая аддзяляла ложак ад сьвятліцы. Праз шчыліну, у шэрым прыцемку, я ўгледзеў малочна-белае сьцягно, такі ж белы, трохі пукаты жывот і кроў гарачай хваляй апякла твар.
Вось і цяпер мне мроілася малочна-белая пляма, мроілася, што Сабіна лашчыць свае сьцёгны рукою – я памкнуўся ўцяміць – сон гэта, ці ява, і нечакана прачнуўся ад зацятага сабачага брэху. Гаспадарава Жучка, істота крывалапая і куртатая, брахала з рыкам, стогнам і прагавітай нянавісьцю.
— Ну до табе ўжо, до… — азвалася за шторай Сабіна. – Яна хацела тым самым абудзіць мужа, але той адно храпянуў спрасонку.
Жучка, нібыта пачуўшы гаспадыню й сапраўды змоўкла, але толькі на імгненьне. Неўзабаве зноў забрахала, але цяпер ужо з жаласьлівым скавытаньнем.
— Мішка! – голасна выдыхнула жанчына і на ляжанцы заварушыліся.
— Чаго табе?...
— Ты што, ня чуеш як сабака заходзіцца? Можа ваўкі блізка?
Гаспадар мацюкнуўся і глуха, відаць, з галавой захінуўшыся кажухом, адказаў:
— Тут бы на ўсю вёску галас стаяў. А так толькі Жучка брэша… суседзкія не дапамагаюць.
— А можа шашок у хлеў убіўся?
— Сьпі ты, шашок… Курэй жа не чуваць…
Я стаў углядвацца ў вакно, спрабуючы па руху зоркі вызначыць – ці доўга спаў, і нечакана, скрозь сабачы брэх, пачуў дзіўныя зыкі. На двары, каля плоту, штосьці глуха гуло і шаргатліва цёрлася аб штыкеціны. За час кватараваньня я добра вывучыў гукі Кірпічовага жытла. Ведаў – у якім месцы рыпаюць масьніцы, дзе сьпявае цвыркун і ў якім баку шоргае вецьце аб сьцену хаты. Пачуты зык быў невядомы, нават злавесны. Сабіна, відаць, таксама пачула дзіўны шоргат і наструніла слых. Вецер дзьмухнуў з новай сілай, зык паўтарыўся, прычым, цяпер штосьці настойліва шарканула па страсе, і гаспадыня з пярэпалахам у голасе прашаптала:
— Міш…
Гаспадар адразу адгукнуўся, голасам дрогкім і шапятлівым:
— Чую, чую…
— Выйдзі, паглядзі – што там…
Гаспадар ладны час ляжаў бяз дыху і без руху, і толькі калі па страсе шкрабанулі як мае быць, бязгучна споўз зь ляжанкі.
— І хто там валтузіцца? І Жучка асіпла ад брэху, — з панікай у голасе прашаптаў Кірпіч, прыпаўшы да ваконнай шыбы. — Гаспадар відавочна шукаў маёй падтрымкі, але я прыкінуўся, што сплю, нават засоп дзеля прыліку.
Нічога ня ўгледзеўшы, Кірпіч з апаскаю — аніводная масьніца не азвалася — падаўся ў сені.
Выхадныя дзьверы азваліся рыпам перарывістым і зычным, засьведчыўшы, што іх адчынялі з насьцярогай. Я прыўзьняў голаў. Знадворку ізноў зашамацела, у сенях гучна бразнула вядро і Кірпіч, заляцеўшы ў хату, пераселым ад хваляваньня голасам выгукнуў:
— Шпіён!
Я падхапіўся на ногі, памкнуўся надзець штаны ды заблытаўся ў калашыньні й кінуўся на двор у адных трусах.
У твар дыхнуў халодны вецер, сэрца парывіста затахкала, але тут жа і сунялося, калі я пабачыў над галавой вялізны шар: пачапіўшыся да плоту, ён мерна біўся аб край страхі.
— Радыёзонд прыляцеў, — патлумачыў я гаспадару, галава якога ціхенька вытыркнулася зь дзьвярной проймы.
Мы ўвайшлі ў хату, сталі апранацца, і я распавёў Кірпічу ўсё, што ведаў пра радыёзонды...
— Дык, кажаш, аж на сорак кілямэтраў уздымаюцца? – перапытаў Кірпіч, калі мы выйшлі на ганак. – Гаспадар мерыўся запаліць, ды я тузануў яго за рукаво: паветраныя балёны поўнілі вадародам, і трэба было асьцерагацца агню.
Кірпіч перарэзаў сьцізорыкам шнур, які лучыў шар з бляшанай скрынкай, тузануў за канец шнура, прыкідваючы, ці прыдасца гэтая надзіманая халера ў гаспадарцы, і нечакана пусьціў шар па ветры. Той шорхнуў наастачу па яблыневых галінах і паляцеў пад разьвітальны Жучкавы брэх уздоўж вясковай вуліцы.
— Хай яшчэ куды заляціць. А то прывяжы да плоту, дык на раніцу ўся вёска зьбяжыцца.
— … Божухна, гумовы пузыр са шпіёнам пераблытаў, — сустрэў мяне іранічны голас гаспадыні, калі я, завітаўшы па выпадку за хлеў і палашчыўшы змучаную брэхам Жучку, вярнуўся ў хату і бухнуўся на энкапээсаўскі тапчан.
— Ты нічога ня ведаеш, дык маўчы, — незадаволена азваўся гаспадар. – Я адразу па вайне ў Дрысе вучыўся, дык нам вайсковец лекцыю чытаў. Пра імпэрыялістычныя падкопы. І фотаздымак паказваў, на якім дакладна такі пузыр быў сфатаграфаваны. Казаў, на такіх пузырах шпіёны празь мяжу і пералятаюць. Ды я ў дзяцінстве… – гаспадар падвысіў голас, зьвяртаючыся ўжо да мяне, — сам на шпіёна ўзьбіўся. Тут жа да вайны, адразу за Дзьвіной, Польшча была. І вось пасьвім мы аднойчы са старэйшым братам статак, а тут з-за кустоў чалавек выходзіць. Незнаёмы, не па-нашаму адзеты. “Як тут, хлопцы, да чыгуначнай станцыі прайсьці? Мне, – кажа, – у Менск трэба, у Цэнтральны камітэт камсамолу”. Так і сказаў: ня ў Мінск, а ў Менск. Лёшка, брат мой, неўпрыкмет падміргнуў, павёў таго чалавека ў Свольну, а я на заставу кінуўся. Начальнік заставы потым у школу прыходзіў. Падзяку нам абвясьціў за дапамогу ў затрыманьні лазутчыка.
Гаспадар змоўк, зычна керхануў, празь нейкі час засоп, а я ляжаў, разьмежыўшы вочы, і думаў: які подлы гэты Кірпіч. Здаў чалавека, і яшчэ ганарыцца. А гэта ж, відаць, быў заходнебеларускі камсамолец. Мяне апанавала злосьць на Кірпіча. Я хацеў быў кульнуцца на бок ды ў гэты момант рыпнулі спружыны і гаспадыня белым прывідам выплыла з-за шторы. Нячутна, у сваіх лямцавых тэпцях, яна выйшла ў сені і там напорліва зумкнула вядро. У мяне заняло дыханьне. Я перапоўз на край тапчана, і калі Сабіна ўваходзіла ў сьвятліцу, схапіў жанчыну за руку. Думаў, гаспадыня закрычыць, лясьне мяне па твары, а тая паказала вачыма на печ і стоена шапятнула:
— Заўтра.
Заўтра… якое чароўнае слова! Слова — прадвесьце шчасьця і ўадначас помста кадыкастаму мужлану, які дрыхнуў на печы. Дый ня заўтра, а ўжо сёньня, калі ў хаце ня будзе Кірпіча (націск на апошні сказ), я зноў схаплю Сабіну за руку, прыпаду вуснамі да голага пляча, зьнямелай далоньню правяду па малочна-белых сьцёгнах!.. Вушы напоўніліся аднастайным шумам, і наўкол стала на дзіва ціха: нават Кірпіч пакінуў сапці і ходзікі ня тахкалі на кухні. Я ляжаў у шчасьлівым здранцьвеньні, і скрывіўся як ад болю, калі на печы схрапянулі, а на другім канцы вёскі – у той бок якраз паляцеў пузыр, — гамузам, з залівістым енкам, забрахалі сабакі.