МЕХ АВЕЧАЙ ВОЎНЫ (канспэкт раману)

Памяці І.П.Ш.


Выходзячы з машыны, Іван Андрэевіч згубіў гузік з прарэху (давялося падняць з асфальту), а ўзьбягаючы па прыступках, двойчы спатыкнуўся. Гэта былі знакі зьверху, папярэджаньне вышніх сілаў. Іван Андрэевіч – чалавек далёка не прымхлівы, — але цяпер, напярэдадні паседжаньня бюро абкаму, тройчы плюнуў празь левы плячук. Якраз з таго боку шыбаваў Мішка Гардыка. Ля ўваходу Іван Андрэевіч павітаўся кіўком галавы са знаёмым міліцыянтам, паціснуў руку калегу – першаму сакратару Разьдзярышчанскага райкама Пятру Халімону (калісьці разам працавалі ў камсамоле) і, пераводзячы дых, спыніўся на імгненьне ля шыкоўнага, ці не даваеннага яшчэ люстра. Іван Андрэевіч дастаў грабянец, зачасаў на патыліцу разбэрсаныя валасы, прыняў паважную паставу і з-за сьпіны ягонай, як заўсёды недарэчы, вытыркнуўся Мішка Гардыка. Гэты рудавалосы, рабаціністы (пра такіх кажуць: мухамі заседжаны) маладзён першы год працаваў загадчыкам сельгасаддзелу, упершыню быў запрошаны на паседжаньне бюро абкаму, і ўпрыкмет хваляваўся.

Іван Андрэевіч адышоў ад люстра, нетаропкай хадою, сюд-туд здароўкаючыся са знаёмцамі, рушыў па калідоры.

Загадчыца агульнага аддзелу Зінаіда Станіславаўна, ладнага веку, але па-ранейшаму прыгожая жанчына, абагнала іх, тыцнула паперкі з парадкам дня паседжаньня.

— Та-ак, мы стаім пятымі, – Іван Андрэевіч азірнуўся на Гардыку, мімаходзь парукаўся (— Добрага здароўечка!) са старшынём абласнога выканкаму Казьленям. – Галоўнае, Міша, не хвалюйся. І кажы па сутнасьці. Бацька ня любіць вады…

Нечакана, аднекуль з бакавых дзьвярэй, у калідор выйшаў той самы Бацька – першы сакратар абкаму партыі Андрэй Пятровіч Дзяшчэня, — і Йван Андрэевіч, наструніўшыся, падцягнуў вузел гальштука.

Паседжаньне доўжылася трэцюю гадзіну, і Бацьку даводзілася раз за разам стукаць асадкай па стале, патрабуючы цішыні.

— Так, таварышы… разгледзем яшчэ адно пытаньне – і пойдзем на абед. — Бацька насунуў на нос гламаздаватыя, з тоўстымі шкельцамі акуляры. – “Аб мерах па разьвіцьці авечкагадоўлі ў Верхнядрысенскім раёне”, — першы сакратар зрабіў паўзу, зірнуў паўзьверх акуляраў у залю. – Дакладаюць таварышы Антанюк і Гардыка.

Іван Андрэевіч падхапіўся на ногі, з вайсковым спрытам абцягнуў пінжак.

— Верхнядрысенскі райкам партыі надае вялікую ўвагу разьвіцьцю сельскагаспадарчай вытворчасьці, падвышэньню яе эфэктыўнасьці. У прыватнасьці, мы акцэнтавалі сваю ўвагу на разьвіцьці такой, скажам шчыра, занядбанай галіны, як авечкагадоўля. Між тым, гэтая галіна дае ня толькі каштоўную воўну, аўчыну і высокакалярыйнае мяса, але й…

Бацька шматзначна кашлянуў, Іван Андрэевіч прамармытаў: — Я разумею, — каторым ужо разам паправіў гальштук:

— Канкрэтна пра нашы пляны распавядзе загадчык сельгасаддзелу таварыш Гардыка Міхал Ільліч.

Рудая Мішкава галава ўзьнялася над моўніцай, паперы крануліся мікрафону, той зафаніў, прыкрым зыкам драпануўшы па нэрвах.

— Таварышы члены бюро абкаму, шаноўныя прысутныя! – голас Мішкавы зьлёгку дрыжэў ад хваляваньня. — Намі падрыхтаваны канкрэтны плян мерапрыемстваў з усімі выкладкамі, але, з-за недахопу часу, я спынюся толькі на асноўных момантах… Усе вы ведаеце, што авечкагадоўля вымагае…

— Ня варта казаць пра тое, пра што мы ўсе ведаем, — перарваў прамоўцу старшыня выканкаму Казьленя, і Бацька, на знак згоды, кіўнуў галавой.

— Добра, я буду канкрэтным, — Мішка ўздыхнуў, пашукаў вачыма Івана Андрэевіча. – На поўначы нашага раёну знаходзіцца вялізнае Ўсвайскае возера, а на ім востраў плошчаю 500 гектараў. Востраў незаселены і ў гаспадарчым сэнсе, як і наша авечкагадоўля, занядбаны. Я на мінулым тыдні наведаў тую мясьціну. Дык вось, травастой там ў чалавечы рост. Калісьці на востраве жылі людзі, і сёньня на месцы культурных палеткаў красуе поле самасейнай канюшыны. Узьнікае пытаньне: а чаму б не зрабіць там, умоўна кажучы, летні адкормачны пункт? Запусьціў яе, жывёлу, з канца красавіка – і хай сабе пасьвіцца. Пры гэтым ня трэба ніякіх пастухоў, ня трэба падвозіць ваду, дый праблема крадзяжу жывёлы практычна зьнікае. Увосень частку пагалоўя можна б было перавесьці на зімовае ўтрыманьне. Тут таксама праблемы няма, бо ў нашым прыбярэжным калгасе “Ўсвайскі” чатыры жывёлагадоўчыя фэрмы стаяць пустыя.

Пачуўшы пра пустыя фэрмы, Іван Андрэевіч зашоргаў нагамі па падлозе, удакладніў зь месца:

— Не чатыры, а адна.

У залі заварушыліся, закашлялі, і Бацька зноўку пастукаў асадкай, цяпер ужо па графіну.

— Я таксама бываў на востраве, — азваўся Казьленя. – Ад пасёлку Ўсвай яго аддзяляе два кілямэтры вады. Як жа вы зьбіраецеся перапраўляць скаціну? На лодках? І яшчэ… памятаеце, гадоў дваццаць таму паспрабавалі было гадаваць качак на браслаўскіх азёрах. Казалі: ніякага корму ня трэба, будуць сілкавацца азёрнымі глеямі. І што атрымалася? І возера запаскудзілі, і качкі перадохлі. Так што тут варта добра падумаць.

Прысутныя разам загаманілі, але тут жа і аціхлі, наструнена пазіраючы на Мішку.

— З заходняга берагу да вострава мэтраў пяцьсот, ня болей, — голас Мішкавы ўжо не дрыжэў; гучаў звонка і пераканаўча. – У тым месцы можна зрабіць паромную пераправу. Зьбіць два дзясяткі бярвеньняў, накрыць дошкамі… А што да браслаўскага казусу, дык ня сёньня сказана: сьвіньня каню не таварыш. А баран, адпаведна, не таварыш качару; пры наяўнасьці пашы, ён ніколі не скапыціцца.

Бацьку такі дзёрзкі адказ відавочна спадабаўся. Ён адкінуўся на прыслон старшынёўскага крэсла, зьняў акуляры:

— І колькі галоў плянуеце выпусьціць на пашу?

— Чатырыста, а можа і больш, — удакладніў Іван Андрэевіч, але Бацька ў ягоны бок нават не зірнуў.

— Мы ўжо, Андрэй Пятровіч, мелі размову з кіраўніцтвам племгасу “Ходцы”. Племгас абяцае даць некалькі сот галоў раманаўскай пароды, — Мішка сабраў паперы ў стос, ляпнуў ім па моўніцы.

— А пароду прэкас чаму ігнаруеце? — Бацька таксама канчаў сельгасакадэмію і ў авечых пародах добра разьбіраўся.

— Раманаўская авечка адна з самых прадуктыўных. Кожная матка, як правіла, прыносіць па тры ягняці. Праўда, гэтая парода больш патрабавальная да рацыёну. Патрэбныя кукуруза-бабовы сілас, караняплоды, камбікорм…

— Ну, дайшла, нарэшце, справа і да камбікорму, — падаў голас няўрымсьлівы Казьленя, — а між тым у нас кожны кіляграм даўно расьпісаны.

Але Бацька як і ня чуў такіх словаў: прыкусіў дужку акуляраў, акінуў залю задуменна-невідушчым позіркам.

— Вось бачыце, таварышы. Калі з адказнасьцю падыходзіць да справы, можна, аказваецца, знайсьці рэзэрвы росту. Думаю, ініцыятыву верхнядрысенцаў трэба падтрымаць. Зараз у нас абед, а пасьля перапынку мы вернемся да гэтага пытаньня.

Паседжаньне бюро абкаму скончылася а палове на шостую. Перад тым, як ехаць дахаты, Іван Андрэевіч зазірнуў, напару з Пецькам Халімонам, у абкамаўскі буфэт, балазе, апошнія наведнікі зь яго ўжо выкуліліся. Каньяк тут ад нядаўняй пары не налівалі, але для першых сакратароў райкамаў буфэтчыца рабіла выключэньне.

— І дзе ты выкапаў такога… рудога ды рабаціністага? – запытаўся Халімон, кульнуўшы поўны, з каптуром, фужэр “кізьляру”.

Іван Андрэевіч таксама прыклаўся да фужэру, укінуў у рот скрылёк цытрыны.

— Заатэхнікам працаваў, задзёр усіх сваімі ідэямі. Узяў яго ў райкам. Малец з галавою, дарма што рабаціністы, — Іван Андрэевіч здаволена адрыгнуў каньячна-цытрынавым духам.

— Вось і я пра тое… Бацька, адчуваю, ужо ўключыў яго ў кадравую рэзэрву… любіць маладых ды неаб’ежджаных.

Бяседнікі кульнулі па другой, закусілі канапкамі з чырвонай рыбай.

— А Казьленя… Казьленя! — абурана выдыхнуў Халімон, і Іван Андрэевіч шматзначна насупіў бровы: іх размову магла пачуць кельнэрка, што зьбірала са сталоў посуд. – Рые пад Бацькам, што той вяпрук. Тут ужо адно з двух: альбо Бацьку паваліць, альбо лыч сабе зьверне.

— Ёсьць і трэці варыянт, — буркнуў у адказ Іван Андрэевіч. – Ходзяць чуткі, што Казьленю ў Цэка забяруць, у аддзел прапаганды.

Халімон хмыкнуў, разьліў па фужэрах рэшткі хмельнага трунку.

— Ды ён сам гэтыя чуткі і распускае. Бачылі ў Цэка такіх… казьленяў…

Летась, з ініцыятывы старшыні выканкаму, Халімону за развал працы ўляпілі страгача, ад той пары Казьленя стаў ягоным лютым ворагам.

— Не, бляха, я цаліну на ДТ-54 разворваў, а ён дзевак у райкаме камсамолу ціскаў; я паехаў у самы адсталы раён сельскую гаспадарку ўздымаць, а ён у выканкаме дваццаць гадоў порткі праціраў. І цяпер гэты к-казёл будзе мне партыйныя вымовы выпісваць?! На амаралцы сёлета ўжо двое пагарэлі… Чуў, як ён ім на пленуме мараль чытаў? А сам… – Халімон мелькам азірнуўся, суцішыў голас, – каханку сабе надыбаў. І ведаеш каго? Дырэктарку нашай вечаровай школы! Кожнай суботы ў Разьдзярышчы таўчэцца.

Першы сакратар Разьдзярышчанскага райкама грукнуў кулаком па стале і Йван Андрэевіч, вінавата пасьміхнуўшыся кельнэрцы, тузануў калегу за рукаво.

— Усё, Пятро, пайшлі. На двары пагамонім.

Глынуўшы сьвежага паветра, сябры запалілі цыгарэты, праводзілі юрлівымі позіркамі загадчыцу агульнага аддзелу Зінаіду Станіславаўну, якая зьбягала па сходах, і Халімон таргануў падбародкам.

— Можа яшчэ дзе пасядзім?

Сядзець з Халімонам Івану Андрэевічу не выпадала.

— Табе тут ехаць паўгадзіны, а мне 180 кэмэ пілаваць. Так што давай, дружа… па конях. А то нас дома прычакаліся.

Іван Андрэевіч махнуў рукой вадзілу і райкамаўская “волга”, даўшы кругаля па пляцы, спынілася ля сходаў. Гардыкі ў машыне не было.

— Прасіў па дарозе забраць. Будзе чакаць ля абласной бібліятэкі, — паведаміў вадзіла і Іван Андрэевіч перасмыкнуў плячыма: яму праглася пагаманіць з падначаленым, пачуць, што той думае пра сёньняшняе паседжаньне.

— Я ў маладосьці таксама кніжкі чытаў, — выдыхнуў Іван Андрэевіч, плюхнуўшыся на сядзеньне, — Цяпер другое ў галаве…

“Колькі там на паром? Пару кубоў дошак хопіць? Потым… трэба замовіць цэглы для рамонту фэрмы, выбіць вагон камбікорму, паставіць павеці, каб авечкам было дзе ад дажджу хавацца… гэта яшчэ кубо-оў…” — прыкідваючы, колькі дошак спатрэбіцца, Іван Андрэевіч п’янавата пазяхнуў. “Усё ж такі гэты Гардыка спраўны малец. Дарма, што не дае спакою з рознай лухтой”.

Душным летнім вечарам Мішка Гардыка ляжаў на канапе і неадрыўна глядзеў на прастакутнік вакна. Гадзіньнік паказваў палову восьмай, а неба ўжо было непраглядна-шэрым; па ім ляцела ашмоцьце дымнай смугі, і гэта абяцала навальніцу. На грудзіне Мішкавай грувасьцілася важкая таміна. Назва сьцерлася з вокладкі, але для цікаўных паведамім, што гэта была ўзятая ў абласной бібліятэцы “Авечкагадоўля” пад рэдакцыяй Есавулава і Літоўчанкі. Таміна калыхалася ў тахт парывістаму Мішкаву дыханьню і была разгорнутая на разьдзеле “Хваробы”.

Тры гады таму, як канчаў сельгасакадэмію, хваробы парнакапытных яго ня надта хвалявалі. Хаваючы ў далонь позех, ён занатоўваў лекцыі, без асаблівага імпэту сядзеў у лябараторыях, яшчэ з большай неахвотаю здаваў вытворчую практыку. А вось цяпер, прачытаўшы пра гнойныя афты, ліхаманку і паразу крывяносных судзінаў у парнакапытных, не на жарты расхваляваўся. Хваляваўся ён, вядома ж, за авечак, што пасьвіліся на востраве. Як яны там, без дагляду? А як возьмуць ды захварэюць? З каго спытаюць за паморак? З таго п’янчугі, што завіхаецца ля парому, падводзячы кармы? Калі што надарыцца, адказваць давядзецца асабіста яму, Мішку Гардыку, прычым, па поўнай праграме.

Мішка падняўся з канапы, падышоў да вакна і на даляглядзе, поўнячы душу халоднай трывогай, бліснула першая маланка.

А тым часам, як шуганула бліскавіца, і па вадзе чорнымі гузікамі заскакалі кроплі дажджу, да берагу бязьмежнага Ўсвайскага возера падышлі тры панурыя ваўкі. Яны прыбеглі з суседняй Латвіі і, задзёршы пысы, доўга нюхалі паветра. На сваім ваўчыным вяку ім даводзілася часьцяком пераплываць рэкі і нават невялічкія азярыны. Аднак тут, каб пажывіцца баранінай, галавакружны пах якой далятаў з супрацьлеглага берага, трэба было плысьці немаведама колькі. Ваўкі разам аблізнуліся, і адзін зь іх, старэйшы, дарэшты схуднелы – нават драбы тырчалі з-пад поўсьці – забег у кусты, некалькі разоў, як гэта робяць сабакі, крутнуўся на месцы і лёг, тыцнуўшыся носам у хвост. Неўзабаве непадалёку скруціліся абаранкамі й ягоныя спакрэвічы. Ваўкі вырашылі дачакацца ночы.

Наступны ранак, як гэта бывае пасьля начной навальніцы, выдарыўся сонечным і навылёт празрыстым. І ўсё ж трывога за лёс племяннога статку не адпускала, і Мішка, падпільнаваўшы шэфа ў райкамаўскім калідоры, папрасіў таго даць машыну.

— Ва Ўсвай сабраўся? – Іван Андрэевіч шыбаваў па калідоры, на хаду гартаючы жмутак папераў. – У мяне на шыі трыццаць чатыры гаспадаркі, дзесяць камбайнаў стаяць неадрамантаваныя, а ты тут дзяўбеш голаў нейкім статкам. Едзь вунь у “Аблсельгастэхніку”, запчасткі даставай. — Іван Андрэевіч на імгненьне спыніўся, ужо лагодным тонам дадаў: — Ну што ты, далібог, расхваляваўся? Нічога з тымі авечкамі ня здарыцца. А здарыцца што – Балабошка з пасады зьляціць, пагатоў, ужо і заява напісана.

Калі прымалі рашэньне аб арганізацыі авечай гаспадаркі, адказным за пагалоўе прызначылі старшыню калгаса “Ўсвайскі” Балабошку. Праўда, сам старшыня ад гаспадаркі той рашуча адбіваўся і нават падаў заяву аб сыходзе на пэнсію.

— Так што, Міша, кідай свае выбрыкі і займіся запчасткамі. А ва Ўсвай выхаднымі днямі зьезьдзіш; адпачнеш, пазагараеш. Я табе з такога выпадку нават свой японскі сьпінінг пазычу.

Іван Андрэевіч згадаў пра адпачынак мімаходзь, паўжартам, але падначалены ўспрыняў гэта як дырэктыву і ў суботу, яшчэ дасьвецьцем, выкаціў з дому спартовы ровар. Дарога да Ўсвая няблізкая, дваццаць пяць кілямэтраў, ды Мішка так націснуў на понажы, што празь дзьве гадзіны ўжо стаяў на ўзгорку, захопленымі вачыма пазіраючы на блакітны, шызаватай смугой крануты прасьцяг. Усвайская возера гуляла ўсімі сваімі фарбамі, адбірала вочы, а леваруч, пад белай аблачынкай, падымаўся з вады пяшчысты востраў з чубком зялёнага лесу пасярэдзіне.

Сонца ўжо ладна прыпякала, і ехаць лукаватай праселіцай, у цяньку прыбярэжных кустоў, было праўдзівым задавальненьнем. Праселіца прыбівалася да самага берагу, але была сухой ды тупкай, і толькі ў адным месцы – там, дзе яе перацінала балоцістая ручаіна, — давялося ўскінуць ровар на плячук і скакаць па купінах, выбіраючыся на сухое. Пакуль Мішка скакаў, яго пакусалі камары, таму, ратуючыся ад заедзі, ён паехаў ля самага краю дарогі, падстаўляючы твар шаргатлівай альховай лістоце.

Мішку ўжо даводзілася бываць у гэтых мясьцінах. Апошнім разам быў тут месяц таму: пад’ехалі разам з Балабошкам паглядзець – як перапраўляюць на востраў авечак. Тады, з апошняй партыяй, ён і сам хацеў пераправіцца, паглядзець – што там ды як, аднак Бабошка адгаварыў. Замест таго яны паехалі ў бліжэйшую латыскую вёску, узялі ў мясцовай краме дзьве пляшкі гарэлкі і там жа, на ўзбочыне дарогі, адзначылі падзею…

Нечакана дарога павярнула ўправа і з-за кустоў выплыў нізкарослы дзядзька, які піхаў наладаваны двума велічэзнымі мяхамі ровар. Недаростак, сапучы і мацюкаючыся, прайшоў міма і ў паветры завіс устойлівы пах махры і самагону.

“Камбікорм крадуць!” – гэтая думка дала працы нагам; Мішка нават прыўзьняўся зь сядла, разганяючы ровар. Пры гэтым альховае вецьце балюча хвастала па твары, выпетрываючы з душы асалоду летняга ранку.

Дарога пабегла ўгору і з-за кустоў вытыркнулася, бліснуўшы шыбамі вокнаў, хата-пяцісьценка. Стаяла яна непадалёку ад берагу і ў ёй жыў Фарзун – паромшчык, які падвозіў на востраў камбікорм ды іншую спажыву.

“Будуць тут прывагі… усё прапіваюць, падлюгі!” – душа аж па край поўнілася абурэньнем і ў Мішкі, калі ён заяжджаў у двор Фарзуновай хаты, нават затрэсьліся рукі.

— Ёсьць тут хто? – запытаў, адчыніўшы рыпучыя дзьверы, і пачуў грымотны храп за сьпінай.

Храплі пад хлявом. Там, у цяньку, стаялі калёсы, на якіх, прыкрыўшы ражком пустога меха вочы, спаў чарнявы здаравіла.

— Эй, таварыш! – адвёўшы нос, каб пазбыцца часнычна-самагоннага перагару, Мішка крануў храпуна за плячук, тузануў, але той не прачнуўся. – Гэта і быў той самы Фарзун.

Ляпнуўшы далонямі па клубах, Мішка рушыў да возера.

Парому на месцы не аказалася, відаць, адагналі на востраў. Але затое поруч гойдалася, прывязаная вяроўчынай да кала, лодка-душагубка. Давялося вярнуцца ў двор, зазірнуць у пошуках вёслаў у хлеў і адрыну. Не знайшоўшы нічога лепшага, Мішка прыхапіў старую, пацямнелую ад часу лапату: тую самую, якой бабы садзяць ў печ караваі. А ля самага берагу знайшоўся даўжэзны, адшараваны далонямі прыс.

Калі ён, стоячы ў лодцы, адпіхнуўся ад берагу, душагубка небясьпечна зыбанулася, чарпанула вады і далей ён ужо кіраваў лодкай упрысядкі, тыцкаючы прыс у глеістае дно.

Востраў уражваў сваёй пустэльнасьцю, але пяшчаны бераг – гэты было бачна яшчэ здалёк – быў здратаваны авечымі капытамі. Хвілін празь дзесяць лодка тыцнулася носам у прыбярэжную асаку, шоргнула дном па жвіры і Мішка, скокнуўшы ў ваду, падцягнуў яе бліжэй да берагу. Наўкол было ціха. Нават азёрныя кагаркі, якія ўсю дарогу да вострава сіпла крахталі над галавой, суняліся. Цяпер яны паселі ля прыбярэжных кустоў і штосьці там зацята дзяўблі.

“Дзе ж статак?” – з разважлівай насьцярогай падумаў Мішка, ды тут жа адагнаў трывогу думкаю пра тое, што авечкі, хутчэй за ўсё, хаваюцца ад сьпёкі ў хвойніку.

Прыемна было ступіць голымі пяткамі па гарачым пяску, яшчэ прыемней было панурыць навярэджаныя ногі ў цёплую як той сырадой ваду. Скінуўшы паўкеды, штаны, кашулю Мішка зьбіраўся быў сігануць у празрыстую азёрную глыб, ды тут убачыў, як адна з кагарак, загарлаўшы, узьнялася ў паветра, несучы ў дзюбе нейкі сіняваты пухір.

Пазяхнуўшы, Мішка падышоў да кустоў і аслупянеў: у цяньку, напаказ сьцякаючы крывёю, ляжалі шызыя вантробы.

“Чалавечыя!” – працяла мазгі панічная думка, але, прыгледзеўшыся, Мішка перавёў дых; нейкі злодзей, магчыма, нават Фарзун, разабраў авечку ды кінуў вантробы азёрным кагаркам.

Зь перапуду закарцела адліць. Мішка стаў ля куста, зашамацеў напорлівым струмком і зьніякавеў. З-за алешыны, прама на яго, глядзелі бурштынавыя вочы вялізнага ваўка. Мішкава рэакцыя была дынамічнай. Не пасьпеўшы нават падцягнуць трусы, ён скокнуў убок, сігануў праз крапіву і ў наступнае імгненьне ўжо караскаўся, да крыві абдзіраючы лыткі і сьцёгны, на высокую асіну.

Узьбіўшыся мэтраў на пяць ад зямлі, ён аддыхаўся, зірнуў долу, а потым, абламаўшы галіну перад носам, агледзеў азярыну. Непадалёку – так прынамсі, падалося, — гайдалася на хвалях рыбацкая лодка.

— Людзі-і! А-аа!!! – загарлаў ён штомоцы, — Давай сюды, тут ваўкі-і!!!

Гарлаў ён доўга, сарваў голас, але рыбакі яго не пачулі. Затое пачулі авечкі, і хваёвы падлесак – яны й папраўдзе былі там — напоўніўся жаласьлівым бляяньнем.

Ваўка не было бачна. Ляжаў, відаць, пад кустом ды цікаваў, калі няпрошаны госьць зьлезе з дрэва. Праўда, астыўшы мазгамі, Мішка вырашыў, што воўк і сам яго напужаўся.

— Ня будзе сытая ваўчара кідацца на чалавека, — прашаптаў дзеля самазаспакаеньня небарака, і яшчэ падумаў, што дапамогі чакаць не даводзіцца і рана ці позна трэба будзе злазіць долу.

Асіна – дрэва крохкае, таму спускаўся, аберуч трымаючыся за стаўбур, бо галіны абломваліся, і толькі намацаўшы пяткай ніжні тоўсты сук, вырашыў крыху адпачыць. Ён пасьпеў уздыхнуць, але не пасьпеў выдыхнуць, бо сук надламіўся і Мішка, махнуўшы наастачу рукамі, абрынуў у парослыя крапівою кусты. Спанталыжаны, з апечаным крапівою тварам, ён вылецеў з кустоў, сьпінай адчуўшы гарачы ваўчыны подых. Не разьбіраючы дарогі, Міхал Гардыка рынуў да лодкі, піхнуў душагубку ў ваду, і воўк, які бег сьледам, з адчаем забляяў. На беразе, убіўшыся па калена ў ваду, стаяў кудлаты маркач. Пыса ягоная была падзёртая, да рагоў пачапіўся хмель, а зь ніжняй губы зьвісала, кранаючыся вады, бліскучая асца.

— Пачакай, братка… не да цябе… — прасіпеў Мішка, увагнаў прыс у глей і той, высьлізнуўшы з рук, адразу ж аддаліўся, хістаючыся над вадою.

Мішка схапіў лапату, з адчайным імпэтам пагнаў душагубку да берагу. Ён не даваў спачыну цягліцам (два грабкі леваруч, два грабкі праваруч) і толькі аднойчы, на сярэдзіне пратокі, кінуў грэбсьці і поўнай жменяй плюхнуў на твар гаючай вады.

Лодка, запаволіўшы бег, зашамацела па прыбярэжным трысьці, уваччу мітусіліся чорныя мятлікі і сэрца грукала ў вушах, заглушаючы ня толькі навакольныя зыкі, але й думкі. Мішка плюхнуўся на гарачы пясок, заплюшчыў вочы. Лёгкі ветрык крануўся скроні, сэрца паволі суціхла і ён пачуў, як у вышыні, па-варонінаму зычна, крыкнула кагарка; як пляснула буйная рыба на мелкаводзьдзі; як крахтанула дзікая качка ў чаратах, і сонца, калі ён разьмежыў павекі, чорнай плямай здрыганулася ў нябесным прыціне.

Фарзун па-ранейшаму спаў на калёсах, адно зьмяніўшы паставу. Цяпер левая нага была сагнутая ў калене, а правая зьвісала долу.

Трэба было ў нешта апрануцца, бо вопратка засталася на востраве. На вешаку ў Фарзуновай хаце знайшоў зрэбную кашулю, выцьвілыя да белаты спартовыя нагавіцы. Насунуў на сябе ўсё гэта зрэб’е, падаўся на двор і, падумаўшы, сьцягнуў з храпуна каравыя сандалеты.

Ён ужо гнаў ровар з гары, ды раптам загамаваў, заклапочана і разважліва пацёр угрэты лоб. Адказнаму райкамаўскаму работніку ехаць ва Ўсвай у такім выглядзе ніяк не выпадала. Дый Балабошка, відавочна, выхадным днём дома не сядзеў. Адзінае, адкуль можна было пазваніць, гэта пошта. Але ж ня будзеш гарлаць пра ваўкоў у прысутнасьці чужых людзей. За ўцечку інфармацыі Антанюк можа і лупня даць. Адзінае выйсьце — ехаць у суседнюю Латвію. Пагатоў, да латыскага пасёлку Слабада, дзе яны з Балабошкам бралі гарэлку, нават бліжэй, чым да Ўсвая… Узьняўшы ўгору пярэдняе кола, Мішка павярнуў ровар у адваротны бок.

Дарога да Слабады, калі ехаць не гасьцінцам, а напрасткі, хаця й карацейшая, ды гіблая. Аж да самай латыскай мяжы – адны балоты, да таго ж пасечаныя мэліярацыйнымі канавамі. Так што давялося ня столькі ехаць, колькі прадзірацца скрозь кусты, цягнучы на плячы ўраз пацяжэлы ровар. І толькі ля самай мяжы выбіўся на гасьцінец, даў разгону, і з апалым сэрцам згадаў, што ня мае грошай. Яны засталіся ў штанах, якія вартаваў ненажэрны ваўчара.

“Раскажу ўсё як ёсьць… павінны дапамагчы… больш як на рубель не нагавару…” – з гэтымі думкамі, зыркнуўшы на дарожны паказальнік з надпісам “Slabada”, Мішка націснуў на понажы.

Між тым ненажэрны ваўчара і ня думаў вартаваць ягоныя порткі. Гэта быў мацёры воўк і, пабачыўшы чалавека, які пазначаў пад самым ягоным носам тэрыторыю, вомігам зразумеў, што неўзабаве на востраве зьявяцца людзі са стрэльбамі, і што трэба адсюль ліняць. Пра гэта, ваўчыным языком, ён і паведаміў сваім спакрэвічам. Праз паўгадзіны два ваўкі, укормленыя і пацяжэлыя, вытыркнуўшы з вады адны насы ды вушы, паплылі ў той бок, адкуль надоечы прыплылі. А маладзейшы яшчэ колькі часу стаяў на беразе, не разумеючы, чаму ён мусіць кідаць гэты ваўчыны рай, але, глянуўшы на вушы сябрукоў, што варушыліся сярод дробных хваляў, з неахвотаю, раз-пораз атрэсваючы пярэднія лапы, палез у ваду.

Хоць Мішка і ня ведаў латыскай мовы, ды ўбачыўшы шыльду “Pasta nodaļa”, выдыхнуў: — Тут, — і скочыў з ровару.

У невялічкім, прапахлым клеем і растопленым сургучом пакоі, сядзелі дзьве кабеты.

— Лабдзен! – выгукнуў Мішка, і адна з кабетаў – тая, што сядзела пад партрэтам Карла Маркса, крутнула ключ шуфляды. – У шуфлядзе, відаць, ляжала дзённая выручка.

— Я вам зараз усё растлумачу, — запабежліва пралепятаў наведнік, не пазнаючы ўласнага голасу. – Рэч у тым, што гэта не мая вопратка... – Мішка кашлянуў, але голас стаў яшчэ больш сіплым, — … мая засталася на востраве…

Зразумеўшы, што перад імі не рабаўнік, а вар’ят, жанкі пераглянуліся.

— Разумееце, на мяне напалі ваўкі… — ужо без ранейшага імпэту прамовіў Мішка Гардыка, і кабеты, а разам зь імі і Карусь Маркс (а мо’ гэта толькі здалося), стрымана пасьміхнуліся.

Хвілін дзесяць наведнік распавядаў – хто ён такі, і што зь ім здарылася, пасьля чаго папрасіў злучыць яго з Верхнядрысай.

— Грошай, праўда, у мяне няма. Але я вам заўтра прывязу…

— Заўтра нядзеля, мы не працуем, — азвалася адна з паштарак. — Мы вас злучым, але папярэдне спытаем дазволу ў начальства. Калі ласка, пачакайце ў двары…

Чакаць давялося доўга. Мішка спачатку сядзеў на лаве, потым прайшоўся вакол пошты, нарэшце, уявіўшы, як ваўчара загрызае чарговую ахвяру, расчыніў дзьверы і прасіпеў ад парогу:

— Ну, што там начальства?

— Ужо едзе! – быў адказ.

І сапраўды, непадалёку заляскатаў матацыкл і да весьніц, узьняўшы пылюку, падкаціў міліцэйскі К-750. Сэрца Мішкава абарвалася.

Сівагаловы міліцыянт зьлез з матацыкла, абабіў ад пылу форменнае галіфэ.

— Вашы дакумэнты.

Мішка разьвёў рукамі, пачаў, ужо дарэшты асіплым голасам, тлумачыць сытуацыю. Пачуўшы, што перад ім адказны работнік Верхнядрысенскага райкаму, міліцыянт пакасіўся на Мішкавы абутак, зь нетаропкай разважнасьцю прыпаліў папяросу.

— А ну… хто ў Верхнядрысе начальнік міліцыі? – міліцыянт з шумам выпусьціў дым.

— Як хто… Мандрык… Сьцяпан Пятровіч.

Міліцыянт адкінуў на патыліцу фуражку, выцер рукавом узмакрэлую лабаціну.

— Ну, а хто старшыня ўсвайскага калгасу?

— Балабошка… гэта ён і заваліў усю працу. Увосень на пэнсію выпраўляецца.

Вестка такая міліцыянта зьлёгку зьбянтэжыла. Ён крэкнуў, зьняў з галавы фуражку.

— Ну і сьпёка сёньня… Карацей, сядай на ровар і едзь за мной… што-небудзь прыдумаем.

Кабінэт участковага месьціўся ў двухпавярховай будыніне. Тут было прыцемна, прахладна і Мішка, сеўшы ў крэсла, адчуў страшэнную стому: балеў карак і ногі гулі як тэлеграфныя слупы. Міліцыянт доўга круціў тэлефонны дыск – тэлефанаваць давялося праз Рыгу, — суцішна мацюкаўся, нарэшце прасьвятлеў тварам і гучна выдыхнуў:

— Сьцяпан Пятровіч?! — трубка штосьці прабубніла ў адказ, а міліцыянт, пацёршы няголеную шчаку, з уздыхам прамовіў: — Ды якая там рыбалка… не да таго зараз… Слухай, тут да нас ваш чалавек завітаў… — міліцыянт прыціснуў далоньню слухаўку, таргануў галавой.

— Гардыка… Міхаіл Іванавіч, — падказаў Мішка, прыўзьняўшыся з крэсла.

— Гардыка Міхаіл… Дык вось, ён толькі што быў на востраве і ўзьбіўся там на ваўка. Так што бярыце стрэльбы, сабак, і тэрмінова выяжджайце на месца, — міліцыянт перакінуў трубку з аднаго вуха на другое. – Не, сам ён нічога сказаць ня можа… сарваў голас.

Яшчэ пару хвілін міліцыянт гаманіў па тэлефоне, дамаўляўся наконт рыбалкі, і Мішка, выцягнуўшы стамлёныя ногі, адчайдушна пазяхнуў.

Калі ён пад’ехаў да возера, сонца ўжо кацілася за небакрай і ад прыбярэжных кустоў на ваду леглі фіялетавыя цені.

Ля Фарзуновай хаты стаялі два “ўазікі”, а ля самага берагу завіхаліся нейкія людзі, напампоўваючы аўтамабільнай помпай гумовую лодку. Поруч, на траве, ляжалі дзьве дубальтоўкі, а вакол іх бегала, прыязна махаючы хвастом, вялізная аўчарка.

— Ды няма там ніякіх ваўкоў. Пальма іх за пяць кілямэтраў чуе. Калі б што – брахала б як апантаная, — Мішка пазнаў па голасе начальніка раённага аддзелу міліцыі Мандрыка.

Мішка спусьціўся да берага, падаў Мандрыку руку. Галоўны раённы міліцыянт быў пад хмяльком і не ў гуморы.

— Гэта што, латышы цябе так апранулі? – запытаўся Мандрык, і Мішка, кіўнуўшы ў бок вострава, сіпла працадзіў:

— Апранаху маю забярыце. На беразе ляжыць.

Мішка пайшоў да свайго ровару, падагнаў яго да “ўазіка”.

— Ну як там, у Латвіі, парадак? – гукнуў у сьпіну начальнік міліцыі.

— Парадак! Нездарма ўсе браканьеры да нас едуць.

Словы такія Мандрыку не спадабаліся. Міліцыянт штосьці буркнуў у адказ – Мішка пачуў толькі словы “малады яшчэ… старых павучаць”, — а потым незадаволена крыкнуў:

— Ну што вы, бляха, цялёпкаецеся?! Лодку напампаваць ня можаце?

Сонца ўжо ня грэла і Мішку страсянулі дрыжыкі. Прыхінуўшы ровар да машыны, ён залез у кабіну, падкурчыў ногі, лёг на праседжанае сядзеньне.

“Зараз страляць пачнуць”, — адно й пасьпеў падумаць, перш чым праваліцца ў трывожны сон. Перад вачамі пабеглі ўсплёскі вады – леваруч, праваруч, — і па неспакойнай вадзе зашнуравалі цені імклівых кагарак…

— Ну што, праспаўся? Камбікорма шмат прапіў? – рэзкі Мандрыкавы голас на імгненьне вырваў са сну. “Фарзуна ўшчувае”, — скрозь сон падумаў Мішка. Тым часам ён ужо ня плыў, а ішоў да выспы напрасткі, пры гэтым вада не даставала каленяў. Пад нагамі срэбнай луской бліскала рыба, пяшчотна краналася лытак, белыя кагаркі чыркалі крыламі па хвалях, а на востраве, па грудзіну ўбіўшыся ў ваду, яго чакаў кудлаты маркач. “Нарабілі бяды, падлюгі!” — крыкнуў маркач, і Мішка ізноў прачнуўся.

Нехта плыў на лодцы, крычаў здаля:

— Хлопцы яшчэ лічаць, але, думаю, галоў пяць-шэсьць зарэзалі!

— Дык можа гэта не ваўкі?

— Ваўкі… іхных сьлядоў поўна.

Мішка падняўся, правёў далоньню па прыспаным, прыпухлым ад крапівы твары і з радасьцю падумаў, што заўтра нядзеля і можна будзе дасхочу выспацца.

Ад самага ранку Івану Андрэевічу патэлефанавалі з вобласьці. Зычнагалосая Бацькава сакратарка, павітаўшыся, загадала адразу ж па абедзе прыехаць у абкам партыі.

— Калі, заўтра? – перапытаў першы сакратар.

— Сёньня! Андрэй Пятровіч прыме вас а трэцяй гадзіне.

— А па якім пытаньні? — спытаў быў Іван Андрэевіч, але тут жа, сумеўшыся, выдыхнуў: — Буду! – У размовах з абкамаўскімі сакратаркамі ня варта было задаваць лішніх пытаньняў.

Тэрміновы выклік у абкам усхваляваў Івана Андрэевіча. Халера яго ведае, дзеля чаго выклікаюць. Можа хто ананімку настрачыў? Апошнім часам разьвялося пісакаў. Сашчапіўшы рукі за патыліцай, Іван Андрэевіч задзёр галаву да столі.

“Можа Пецьку Халімону патэлефанаваць?” — апанаваны невясёлымі думкамі, Іван Андрэевіч пацягнуўся да тэлефону, зьняў трубку і доўга слухаў натужлівае гудзеньне.

Пецька хоць і сядзеў у Разьдзярышчы, але быў абазнаны ва ўсіх абкамаўскіх закалотах. Хадзілі нават чуткі, што ён інфармаваў Бацьку аб настроях у партыйным асяродку. Пачухаўшы пальцам сівую скронь, Іван Андрэевіч перадумаў тэлефанаваць, кінуў гудзёлку на вагар.

У разьлеглай прымальні было поўна народу: сабраліся, відаць, на нейкую нараду. Іван Андрэевіч падумаў ужо, што рушыць у кабінэт разам з усімі, але Бацькава сакратарка – вабная саракоўка ў дэкальтаванай сукенцы – акінула яго прыязным позіркам і стоена прашаптала:

— Заходзьце, вас чакаюць.

Бацька сядзеў за сталом, штосьці пісаў, а пабачыўшы наведніка, моўчкі кіўнуў на крэсла. Паставіўшы кропку, першы сакратар парукаўся з падначаленым.

— Чаму рукі халодныя? – запытаўся Бацька і падначалены, ня ведаючы, што адказаць, разгублена пасьміхнуўся.

Андрэй Пятровіч Дзяшчэня быў кіраўніком новай фармацыі, а таму любіў людзей самастойных, ініцыятыўных і, галоўнае, здольных да рызыкі. Сярод такіх і шукаў сабе хаўрусьнікаў. Ініцыятыва з адкормам статку на закінутым востраве, зь якой выступіў Верхнядрысенскі райкам, пераканала абласнога кіраўніка, што Антанюк – чалавек, на якога можна пакласьціся. Да таго ж, ён ужо ня першы год прыглядаўся да падначаленага. Антанюк умеў трымаць язык за зубамі, і ўадначас дакладна і без пярэчаньняў выконваў загады. І вось цяпер, пазіраючы на скурчаную постаць падначаленага, Андрэй Пятровіч міжволі падумаў: “Ці не памыляюся?”

Гаспадар кабінэту падняўся на ногі, прайшоўся ўздоўж даўжэзнага, засланага зялёным абрусам стала.

— Ну, распавядай… як справы? Ваўкі больш не дакучаюць?

Падначалены сьцепануўся, а Андрэй Пятровіч, пасьміхнуўшыся, паляпаў таго па плячы.

— Усё, братка, ведаю. Думаеш, я тут сяджу ды мух лаўлю? Эх, Ваня-а… ад Бацькі не схаваесься.

Андрэй Пятровіч кіўнуў на партрэт, што вісеў на сьцяне.

— Нас Ленін як вучыў? Мацаваць кіраўніцтва нераўнадушнымі, адданымі справе людзьмі. І рашуча вызваляцца, ад тых, хто не адпавядае такім крытэрам… — Дагэтуль Бацька гаманіў бадзёра і весела, ды нечакана надаў голасу сур’ёзныя ноткі: — Вы з Халімонам, здаецца, сябрукі?

— Ды так, працавалі разам у камсамоле, — голас у Івана Андрэевіча перасеў, як у таго Мішкі Гардыкі, і ён стрымана кашлянуў у жменю.

Шэф разважлівай хадою рушыў да стала і сэрца падначаленага замірала ад страху перад кожным новым крокам.

— Карацей, Халімона ў Цэка забіраюць, будзе на ідэалягічнай ніве завіхацца…

— А каго ў Разьдзярышча? – зь нечаканай для сябе сьмеласьцю запытаў Іван Андрэевіч.

— Казьленю, — з хітрынкай уваччу адказаў шэф, задаволена пацёршы далоні, — атрымаў страгача – хай цяпер пакіруе адсталым раёнам.

“Зьвярнуў Казьленя лыч”, — згадаліся Івану Андрэевічу Халімонавы словы. Ён з захапленьнем, і ў той жа час з прытоенай асьцярогай зірнуў на Бацьку.

— На вызваленую пасаду старшыні аблвыканкаму камітэт партыі рэкамэндуе… — Бацька сеў у крэсла, разгарнуў чырвоную тэчку, што ляжала на стале… — рэкамэндуе… — Бацькава вока гарэзьліва бліснула, — таварыша Антанюка… Івана Андрэевіча.

Пасьля такіх словаў Іван Андрэевіч адчуў, што яму не хапае паветра.

— Згоды тваёй пытацца ня буду, пагатоў, ёсьць партыйная дысцыпліна. Ну а на тваё месца, думаю, пасадзім… гэтага… рыжага…

— Гардыку? – пралепятаў Іван Андрэевіч.

— А што, ёсьць нейкія сумневы?

— Ды малады яшчэ… ні досьведу, ні саліднасьці… Два гады галоўным заатэхнікам працаваў, ды год у райкаме…

— Мне на месцах патрэбныя не салідныя перадпэнсійныя тузы, а маладыя адміністрацыйныя шасьцёркі. Тыя, што зямлю грызуць, ночы ня сьпяць, а справу робяць. Гэта ж ён там, голы, ваўкоў ганяў? Так што ідзі, падумай над маёй прапановай, а ў сераду разам паедзем у Цэка.

Прыгаломшаны, Іван Андрэевіч спусьціўся ў буфэт, замовіў шклянку гарбаты. “Пажадана армянскай, і з цытрынай”, — аднымі вачамі паведаміў ён кельнэрцы.

У буфэце было толькі тры наведнікі: нейкая кабета з пышнай “райкамаўскай” фрызурай піла каву за дальнім сталом, а ля ўваходу стаялі, зыркаючы на кельнэрку, два каротка стрыжаных ёлупні са службы бацькавай аховы. Уваходзячы ў буфэт, Іван Андрэевіч кіўнуў ім, але тыя не адказалі.

“Нічога, дармаеды, хутка пачнеце паважаць старэйшых”, — у думках прамовіў Іван Андрэевіч, і згадаў учарашнюю размову са Сьцёпкам Мандрыкам. Начальнік міліцыі чарговым разам наракаў на Гардыку. Лезе, маўляў, не ў свае справы. Учора ён Мандрыку нічога не сказаў. А вось заўтра параіць: пры сустрэчы з Міхалам Ільлічом Гардыкам прыкладаць далонь да брылька і пераходзіць на парадны крок. І пажадана з зухаватай гіморай на твары. Іван Андрэевіч, як гэта ён любіў рабіць часінай душэўнага натхненьня, ускудлаціў валасы на скронях. Натхняцца было з чаго: дзесяць гадоў адседзеў у праклятушчай Верхнядрысе, думаў, там і памрэ, а тут такі паварот лёсу!

“Ну і Халімо-он… нездарма яго называюць Бацькавым шпегам. Высачыў-такі Казьленю! Можа і фотаздымкі зрабіў для партыйнага кантролю, — Іван Андрэевіч нават уявіў здымачак: голы Казьленя ляжыць на дырэктарцы вечаровай школы, — дый раманаўскія авечкі прыдаліся ў жылу! Не-э, нездарма ангельцы паважаюць гэтую глумную жывёліну. Калі б не яна, тая ж Брытанія ніколі б ня стала вялікай дзяржавай”.

Кельнэрка прынесла каньяк і Йван Андрэевіч гарэзьліва схапіў дзяўчыну за руку.

— Ведаеце, прыгажуня, хто сядзіць на мяху авечай воўны?

— Старшыня палаты лордаў, — адказала дзяўчына.

Іван Андрэевіч шчыра зьдзівіўся: простая кельнэрка, а ведае такія рэчы.

— А вас што, пераводзяць на працу ў Вялікую Брытанію?

— Пераводзяць, але крыху бліжэй, — адказаў наведнік і з асалодай, не варушачы коўцікам, уліў у рот пякучы трунак.


Загрузка...