Наша Ніва


Цёмна. Нiякiх перашкод. Суцэльная пяшчота й цеплыня. Рух. Імпульсы. Штуршкi. Сьвятло жоўтае, мяккае, васковае. Такое сьвятло можна намаляваць алейнымi фарбамi на iльняным палатне. Так тады й пахла: iльняным палатном, печчу ды чыстацелам. У начоўках на сподзе ляжала мяккая, тоўстая, ружовая пялюшка. Над ёю курэла духмяная пара. Мяне загарнулi таксама ў пялюшку, але ў тоненькую, белую. Мяне купалi ў пялюшцы. Мацi Нiна й баба Ядзя лiлi з прыгаршчаў мне на грудзi ваду й прыгаворвалi: «А-цi-цi». Я адкрываў рот, дзе не было нiводнага зуба. Яны ўсьмiхалiся й казалi: «Ён сьмяецца. Яму добра. А-цi-цi...»

Ваду люблю моцна, як мацi, як дачку, як жыцьцё. Адным падабаецца лес з палахлiвай таемнасьцю, другiя адпачываюць душою толькi ў гарах, а я знаходжу спакой у назiраньнi за хвалямi, за бясконцымi пералiвамi ў вадзе. Я — чалавек вады. І з усiх чатырох стыхiяў не адмаўляю нiводнай. Вогнiшча зачароўвае, шум ветру лепшы за музыку, а зямля клiча ў бясконцыя вандроўкi. Але я — iстота неўраўнаважанай лiючайся вады. Памiж параю й лёдам плыве чалавечы час. І ня зьведаны першакрынiцы, i невядомыя сыходы. Навiдавоку адно плынi, вiры, вадаспады...

У зманлiвую, крынiчную, зеленкаватую рэчку Рудзiцу я, трохгадовы, i зайшоў з напаленага жнiвеньскiм сонцам пяшчанага пляжу. У ледзяной вадзе схапiў жывот. Скурчыўшыся, я выпаўз на бераг i лёг на траву. Каленi падцiснуў да падбародзьдзя, так крышку меней балела, торгала й рэзала ўсярэдзiне. Выпрастацца так i ня змог, сядзеў крукам у бацькi Чэся на руках, пакуль той подбегам нёс мяне ў местачковую больнiцу. У прахалодзе пустой палаты доктар Гладкi загадаў прамыць страўнiк i кiшэчнiк. Вада заходзiла ў вантробы й выходзiла зь iх, а мэдсястра зноў i зноў напампоўвала мяне нясмачнай, пустой, доктарскай вадою. Жывот адпусьцiла пасьля клiзмы. Прамытага, змэнчанага, вылекаванага мяне вывелi за больнiчную браму да бацькоў.

Выпадак на Рудзiцы хутка сплыў у нейкi цёмны куток памяцi, я зноўку лез купацца ў кожную лужыну, дзе вады было хоць крышку вышэй маiх парэпаных каленяў. Я плаваў у бурштынавай канаве Захаравага балота, у Дзягiлёнскiх крэйдавых кар’ерах, у той жа Рудзiцы й на Менскiм моры. Купальныя сэзоны ў першыя школьныя гады я адкрываў рана: або на Вялiкдзень, калi той прыпадаў на апошнюю нядзелю красавiка, або на сьвята працоўных — Першамай. Меўся й знаёмец, зь якiм нiчога не аб’ядноўвала, акрамя вясновых купаньняў. Звалi яго Кастусь. Мы ехалi на роварах на койданаўскае возера, што ляжала за больнiцаю, распраналiся дагала й з крыкам ускоквалi ў вогненна-ледзяную вадкасьць. Рукi й ногi сутаргава секлi ваду некалькi iмгненьняў. На пляж мы выляталi сiнiя, з шалёнай дрыготкаю ва ўсiм целе. Каб сагрэцца, лёталi па беразе з вар’яцкiмi гiгiканьнямi. Мы не саромелiся нi аголенасьцi, нi крыкаў, нi чужога вока. Мы належалi прыродзе цалкам. Нагойсаўшыся да поту й ружовых шчокаў, мы закусвалi прысмакамi са сьвяточнага стала: калi на Вялiкдзень, дык чырвонымi яйкамi, а на Першамай — паляндвiцаю з хлебам i цыбуляю. Рабацiнiсты Кастусь выпаў з майго жыцьця раптоўна. Памерла баба Ядзя, я перастаў езьдзiць у Койданава на сьвяты, i купальныя сэзоны пачыналiся ў iншых месцах i зь iншымi хлопцамi, а пазьней i зь дзяўчатамi.

Аднойчы вада ледзь не забрала маё жыцьцё. Здарылася тое ў мястэчку Раўбiчы, дзе цяпер стаiць спартовы комплекс з трамплiнамi для скачкоў на лыжах. Мне было пяць, я хадзiў у старэйшую групу дзiцячага садка, якi штолета вывозiлi ў Раўбiчы й сялiлi ў драўлянай аднапавярховай школе. Лета выпала дажджыстае. У старой школе было няўтульна й золка. Я нудзiўся, сумаваў i чакаў бацькоў. І яны прыехалi, бацька Чэсь у васiльковай футболцы й мацi Нiна ў квяцiстай сукенцы без рукавоў. Неўспадзеў выплыла з-за пухкiх аблокаў сонца, высокае й срабрыстае. Якраз пад такiм сонцам хадзiлi на раўбiцкае возера купацца. Толькi гэта зусiм ня тое возера, што сёньня ляжыць за спартовым комплексам. Тое азярцо было меншае. Яго, праўда, як толькi пачалася будоўля спартовых пляцовак, спусьцiлi тамтэйшыя сяляне. Улада забаранiла трымаць каровы, бо пашы пайшлi пад стадыёны. Мужчыны згаварылiся i ўночы пабурылi дамбу. Возера сышло. Паўстала поле, на якiм некалькi гадоў папасьвiлiся статкi, пакуль i яго не перабудавалi ў стрэльбiшча. Цяпер раўбiцкiя каровы ходзяць уздоўж новага вялiкага возера, абапал якога загараюць менскiя хлопцы зь дзяўчатамi.

Такiя самыя дзецюкi з маладзiцамi сядзелi тады пад сумнай вярбою. Мацi баялася спалiць плечы й хавалася ў цень. Бацька, стоячы на сонцы, курыў папяросу. Я разломваў i разглядаў ракаўкi-пярловiцы. Разламаць ракаўку даволi цяжка, але якая асалода — паслухаць пiск пярловiцы! Навучыў мяне слухаць той пiск адзiн зь дзецюкоў — Алiк — i прапанаваў паплаваць з гумовым кругам. Якi быў круг! Ружовабокi, пругкi, з жоўтым шнурочкам. Адмовiцца ад спакусы я ня змог. Як лёгка мне паплылося на моцна напампаваным, рыпучым пад пальцамi выратавальным крузе! Я лунаў па вазёрнай паверхнi памiж небам i зямлёю. Раптам пругкi круг уздыхнуў, засiпеў па-зьмяiнаму й ператварыўся ў пляскатыя лахманы. Апошняе, што я пачуў, — гэта цiхi хлапок адной далонi. Краявiд зьнiк. Вочы заслала вада. Экран жыцьця згас. Цела плаўна пайшло на дно. Вада залiлася ў грудзi. Патануў i нават не ўсьвядомiў, што патануў. Сасьлiзнуў у вазёрныя нетры й ацiх на глеi. Напэўна, я быў бы вельмi прыгожы нябожчык: маленькi, белагаловы, чысты. О, як плакалi б несуцешныя бацькi над вузенькай труною! Не знайшлi б суцяшэньня.

Але вiр лёсу крутнуў мяне ў адваротны бок. Бацька Чэсь заўважыў зь берага, як зьнiк пад вадою яго тады яшчэ адзiны, а таму любiмы сын Валодзя. Бацька любiў курыць, гэта кепска, але ён любiў курыць стоячы. Ён курыў адну папяросу за другой, а таму i ўбачыў, як сын прапаў. Сычэньня й сьвiсту круга ён ня чуў. Ён зафiксаваў само iмклiвае зьнiкненьне й кiнуўся ў возера, знайшоў нежывога сына на мяккiм глеi, выцягнуў пад прыбярэжную вярбу, адкачаў.

Вазёрная вада выйшла зь лёгкiх, жыцьцё вярнулася. Я прахапiўся, заплакаў. Мяне захлiснуў страх за пашкоджаны круг, якi няма як аддаць п’яному Алiку. Бацька Чэсь паўсьмiхаўся зь недарэчных страхаў, i гаспадар выратавальнага круга — таксама. Толькi мацi не разьвесялiлася, яна ўсё распытвала бацьку Чэся, як ён заўважыў, што я тану. Бацька сам ня ведаў. У бацькi Чэся заўсёды было адчуваньне прысутнай сьмерцi. Ён чуў яе водар. Калi мой малодшы брат Мiраслаў у свае два гады, забаўляючыся з дробнымi грашыма, выпадкова глынуў дзесяць савецкiх капеек, манэта пайшла ў дыхальнае горла й закаркавала лёгкiя. Брат пачаў сiнець. Нi я, нi мацi не здагадалiся, з-за чаго. Мацi закрычала. З кабiнэта ў залю прыляцеў бацька. Схапiў свайго малодшага, а таму любiмага сына за ногi й вытрас манэтку з асьцюкаватым гербам СССР. Мiраслаў плакаў, i твар яго блiшчэў ад сьлёз i сьлiны. У мяне няма выратавальнага бацькавага iнстынкту, але спадзяюся — зьявiцца. Не адразу. Галоўнае, седзячы з вудаю на беразе рэчкi, не спадзявацца, што зловiш марскога вожыка. Толькi вiры жыцьця непрадказальныя. Таму стукаю па дрэве перад тым, як сказаць: пасьля Раўбiчаў я болей не тануў. Наадварот, я ўсiмi сiламi вучыўся добра плаваць.

У маю семдзесят трэцюю школу завiталi трэнэры з Палацу воднага спорту, якi збудаваўся ў Менску побач з батанiчным садам. Раней непадалёк стаяў адкрыты летнi басэйн, куды бацька Чэсь прыводзiў мяне палюбавацца на скачкi ў ваду. Мы ўздымалiся на трыбуну, сядалi на драўляную лаву й назiралi за нырцамi, якiя выпiсвалi разнастайныя фiгуры ў паветры й боўталiся ў сiняватую ваду.

У свае трыццаць тры я, пэўна ж, апошнi раз з уласнага жаданьня скокнуў з трохмэтровага трамплiну ў басэйн. Я плаваў, а дзецi скакалi з ганарыстай вышкi. Захацелася скокнуць. Узьлез па халоднай лесьвiцы, падыйшоў да краю й зрабiў крок у паветра. Я ўпаў васьмiдзесяцiкiляграмовым салдатам у басэйн Дому афiцэраў. Рукi трымаў па швох. Ногi былi разам. Да дна дайшоў спакойна. Згрупаваўся. Адштурхнуўся ад кафлi. Выплыў. Аддыхаўся i адчуў: скакаць болей нельга. Скачок прайшоў нармальна, калi не лiчыць ледзь заўважнага зруху, што адбыўся ў вэстыбулярным апараце. Вось сымэтрыi майго цела скранулася, мяне павяло, пацягнула, паклiкала да той цёмнай ракi, па якой плавае адзiн толькi човен сьмерцi. Перадаць той стан немагчыма, увесь час натыкаешся на таямнiчае слова «нешта». Гэта як адзiн раз кранеш языком настылую на марозе жалязяку — i болей гэтага ня робiш, так i тут: скокнуў, жывы — i больш ня хочаш. Хiба што скiнуць, як скiдаў маiх аднагодкаў-трэцяклясьнiкаў трэнэр Анатоль у Палацы воднага спорту.

Пасьля таго, як мяне залiчылi ў групу навучаньня плаваньню, i я адзаймаўся тры месяцы, адбылiся паказальныя выступы. Кожны з навучэнцаў мусiў праплыць пяцьдзясят мэтраў i скокнуць зь пяцiмэтровай вышынi. Праплылi ўсе, а вось скакаць некаторыя хлопцы пабойвалiся. Тады Анатоль узьлез на вышку й паскiдаў баязьлiўцаў. Самае неверагоднае ў той сытуацыi, калi зiрнуць сягоньняшнiм вокам, — гэта рэакцыя бацькоў. Яны спакойна глядзелi, як трэнэр скiдвае iхных сыноў. Растлумачыць такое можна тым, што ў СССР было спартанскае выхаваньне. Наагул папулярнасьць рымскага паўстанца Спартака й грэцкага гораду Спарты была наймагутнейшая, i таму ўсе прымалi на ўра зьнiштажэньне слабых i хворых дзяцей спартанскiмi воiнамi й кiданьне ўласных нашчадкаў зь пяцiмэтровай вышынi ў дзесяцiмэтровую глыбiню.

Анатоль зрабiў паказальную справаздачу. Вы заплацiлi грошы, а я навучыў вашых сыноў плаваць, скакаць з вышкi. Напрыканцы паказальных выступаў тром асаблiва здатным навучэнцам трэнэр уручыў бясплатныя пропускi ў Палац. З таго дня пачалося маё кароткае жыцьцё сапраўднага спартоўца. Я наведваў басэйн ажно чатыры разы на тыдзень, а на вакацыях — кожны дзень. Трэнэр выхоўваў зь мяне брасiста i, можа, выхаваў бы, але бацька Чэсь атрымаў ордэр на новую кватэру. Сям’я перабралася ў iншы раён, да Кальварыйскiх могiлак, за тым часам — край Менску. Езьдзiць у Палац стала нязручна: гадзiна туды — гадзiна назад. Бывала, я засынаў у тралейбусе, i кiроўца будзiў мяне на канцавым прыпынку. Брасiстам ня стаў, але ў сваё задавальненьне разы два на тыдзень праплываю кiлямэтар выключна па-жабiнаму — звычка.

Пад вадою мне падабаецца плыць брасам. Цiха рухацца каля самага дна. Толькi на глыбiню нават трох-чатырохмэтровую я не заплываю. Узрост i пол. Жанчыны ўтрая больш прыдатныя для плаваньня на глыбiнi, а мужчыны добра нырцуюць толькi ў маладосьцi. Я сваё адныраў напоўнiцу. У школе я быў дробны, стаяў у клясе трэцiм-чацьвертым з канца. І таму ня дзiўна, што, седзячы на хвалярэзе ў горадзе Сочы, змог падбiць дарослага мужчыну на небясьпечную спрэчку. Той мужчына быў цынiкам i садыстам. Ён прыйшоў на хвалярэз, дзе загаралi мае аднагодкi, i прапанаваў гульню. Ён кiдаў у ваду манэтку й лiчыў да кошту манэткi, а мы скакалi ў мора, пачуўшы апошнюю лiчбу. Такiм чынам ён давёў гульню да жалезнага рубля, якi, вядома ж, лёг на дно. Глыбiня была мэтраў дванаццаць. Я лёгка даплыў да ёдыста-зеленкаватых, парослых водарасьцямi камянёў, але рубля не знайшоў. Давялося ныраць разоў зь пяць, пакуль адшукалася манэта з добрым мечаносцам, якi трымаў на руках выратаваную нямецкую дзяўчынку.

Мужчына пашкадаваў грошы, але й адбiраць рубель на людным пляжы не наважваўся. Ён лёгка пагадзiўся на маю прапанову: ён дастае са дна камень, а я неадкладна вяртаю грошы. Садыст нырнуў i прапаў. Я не на жарт перапужаўся. А калi хлопцы былi гатовыя клiкаць на дапамогу, маўляў, чалавек патануў, ён вынырнуў на паверхню. Лепей бы патануў, падумалася мне, калi над вадою ўзьняўся белы, перакрыўлены пакутаю твар з чырвонымi рагамi крывi, якая цякла з вушэй i носа. Спрэчку я выйграў, нiякага каменя мужчына не падняў. Грошы засталiся ў мяне. Днi тры давялося пахадзiць на iншы пляж, але гэта неiстотна. Проста зерне парады, дадзенай трэнэрам пры выпадковай сустрэчы, — што ня варта пасьля дваццацi гадоў глыбока занырваць — упала не на камень. Варта згадаць акрываўлены твар кiдальнiка манэтак, i жаданьне быць падводнiкам зьнiкае. Хоць ныраецца мне лёгка й дагэтуль.

Здатнасьцямi нырца я аднойчы зьдзiвiў настаўнiцу фiзкультуры маёй чарговай дзявятай школы. Здавалiся нарматывы ГПА (гатовы да працы й абароны). Я з хлопцамi скокнуў у басэйн пэдагагiчнага iнстытуту, каб праплыць адвольным стылем стомэтроўку. У аднаклясьнiка Мiхася зьляцелi плаўкi. Пакуль той ачомаўся, плаўкi леглi на дно. Мiхась сядзеў у кутку басэйна й плакаў. Настаўнiца ня ведала, што рабiць. Бо Мiхасёвы плаўкi ляжалi пад дзесяцiмэтровай вышкаю на такой самай глыбiнi. Бязь лiшнiх тлумачэньняў я дастаў плаўкi. Настаўнiца Люцыянаўна (Рэвалюцыя Янаўна) узрадавалася больш за Мiхася й прапанавала выступiць за зборную школы. За гонар школы я гуляў у баскетбол, у валейбол, у настольны тэнiс, нават бегаў на доўгiя дыстанцыi, адзiнае, чаго не ўдалося — гэта праплыць на хоць бы якiх дробных спаборнiцтвах, каб замацаваць свой трэцi, а можа й другi юнацкi разрад у плаваньнi. Зрэшты, не бяда. Ну няма пасьведчаньня пра ўменьне трымацца на паверхнi, затое ёсьць шмат iншых.

Чалавека мераюць па-рознаму. Можна паглядзець у пашпарт, пагартаць дыплёмы й атэстаты, вывучыць працоўную кнiжку, даведацца пра рахункi ў банку й пра здатнасьць зарабляць, а тым самым памераць яго грашыма. Яшчэ можна замераць чалавечую здатнасьць страўляць ежу й выпiваць пэўную колькасьць алькагольных напояў. І ў дадатак паразважаць пра жывую й мёртвую ваду. Маўляў, алькагольны напой — жывы, пакiнь у адкаркаваным посудзе — ён вычхаецца й загiне, памрэ, стане мёртвы. А вось крынiчная вада доўга стаiць у срэбным келiху, бо нежывая. А можна ўсё перавярнуць i назваць крынiчную ваду жывою, а гарэлку — мёртвай. Асабiста мне даспадобы апошнi варыянт. Самая жывая вада стаiць у шклянцы на начным столiку, каля ложка. Прачынаешся, п’еш жывую ваду й засынаеш, ведаючы — сон жахаў не паўторыцца. Чалавека трэба мераць вадою й ягонымi здатнасьцямi плыць. Неiстотна, якiм стылем ён плыве, галоўнае — сам рух у магме жыватворнай субстанцыi. Раней, у дваццаць сем, я хацеў, каб пасьля маёй крэмацыi попел разьвеялi на радзiме, за мястэчкам Койданава, дзе-небудзь у лесе. А цяпер бачыцца iншае. Хай жменька праху будзе перасыпана ў драўляную талерку й паплыве па хвалях ручая, якi застаўся ад ушчэнт змэлiяраванай, абмялелай беларускай рэчкi Рудзiцы. Хай маё плаваньне працягнецца на два iмгненьнi пасьля сьмерцi. Зямля да зямлi, прах да праху, а мая душа iмкнецца да вады.

У вадзе няма смутку. Нават у мёртвай, вогненнай, алькагольнай вадкасьцi смутку нямашака. Увесь смутак пакiнулi сабе вецер, агонь i зямля. Можа таму я выбраў ваду.

Дарэчы, ваду любiў бацька Чэсь. Ён так пiсаў пра рэчку дзедавай вёскi: «Ятранка, яна цячэ праз маё сэрца...» Аднаго разу ён ледзь не ўтапiўся ў раззлаванай Ятранцы, калi купаўся адзiн пасьля навальнiцы, але выплыў, каб сто разоў расказаць, як трэба падпарадкавацца вiру, якi цягне на дно, дайсьцi да цьвёрдага пяску, адштурхнуцца абедзьвюма нагамi й выплысьцi са сьмертаноснай варонкi.

Дзед Валодзя не любiў вiроў, але шанаваў той кавалак Ятранкi, што плыве праз нашую зямлю. «Вось нашая рэчка, i гэты кавалак балота наш, а вунь там нашае поле... Зямлi няшмат, але хопiць, каб паставiць сапраўдную незалежную гаспадарку. І дзяды твае, i прадзеды куплялi зямлю па лапiку, па палосцы, каб сабраць гаспадарку. Сабралi... Немцы спалiлi хату. Расейцы забралi зямлю. Табе, Бог дасьць, давядзецца пачынаць спачатку. Памятай, калi раптам будзе магчымасьць вярнуць нашую зямлю па дакумэнтах, ты не пагаджайся браць iншую, быццам больш яе й лепшая. Настойвай, каб аддалi кавалак рэчкi, якi сто гадоў наш. Бо спрытныя паны абавязкова нечага не дададуць, каб ты штогод да iх на паклон хадзiў, бо цi то лесу не хапацьме, цi то сенажацi. На нашай зямлi дзьве каровы, цялятка, авечак дзесяць, кабанчыкi два ўтрымаць можна. Куры й трусы таксама не зашкодзяць. Каня давядзецца наймаць, цi зараз ёсьць чэскiя трактары, такi варта ўзяць. Зажывеш. А не захочаш на зямлi рабiць — аддасi ў арэнду. Зямлю купляй i не прадавай. Мне цяжка было: i вайна, i хата згарэла — але нi кавалачка не прадаў... Забралi, абрабавалi — iншая рэч. Сьвет мяняўся й будзе мяняцца, а вось бяжыць нашая рэчка ў мора, а хмаркаю вяртаецца назад. Так зямля й вада вернуцца да гаспадароў». Дзед Валодзя спадзяваўся, што я вярну нашу нiву.

Я спрабаваў вярнуць зямлю. Пачалi пацiху калгасныя палi раздаваць арандатарам. У той рэвалюцыйны хуткаплынны час працаваў я ў гарэзьлiвым часопiсе «Крынiца», дзе спраўна ладзiлiся штотыднёвыя гулянкi з жывой i мёртвай вадою. Сярод ганаровых гасьцей «Крынiцы» апынуўся старшыня таго самага калгасу, дзе ляжыць дзедава зямля. Асьмялеўшы пасьля кiлiшка, я падсеў да чырванатварага старшынi Барыса. Ён быў згодны даць любую зямлю, толькi ня тую, што пазначана ў дакумэнтах. «Усё зьмянiлася, дзе быў лес, легла поле, вада й тая рэчышча мяняе, адзiн бераг падмываецца, а другi асотам зарастае. А ты наважваешся ўсё на стары капыл перакулiць. І мне не падабаецца ня тое, што хочаш калгасную зямлю ў прыватны сэктар перасунуць, ня радуе тэндэнцыя. Такiя, як ты, на зямлi не працуюць, а вучаць, як жыць. Апошняе слова: пакуль я гаспадару, не палюбуешся сваёй зямлёю». Чырвананосы Барыс i ў сярэдзiне быў чырвоны, як фашыстоўскi штандар. З такiмi чырвонымi дзедавы землякi гаварылi па-iншаму. Першага старшыню калгасу падпiльнавалi ў недалёкай ад нашай Варакомшчыны вёсачцы Таўкуны дый застрэлiлi на кладцы. Так той першы й не перайшоў рэчкi Ятранкi. Бадай, i апошняга чакае начная сустрэча на кладцы. Вядома, нельга два разы зайсьцi ў адну й тую ж рэчку. Але хто сказаў, што чырванапысага Барыса застрэляць каля Таўкуноў. Колькi тых рэчак у Беларусi?

Менавiта ўночы я любiў ляжаць каля рэчкi Ятранкi, якая цячэ празь дзедаву Варакомшчыну, праз нашую зямлю. Варакомскiя хлопцы раскладалi на беразе вогнiшча й гулялi ў карты. Рэзалiся ў «дурня», у «тысячу», у «кiнга», у «дурня пераводнага». Мы гулялi, а ў чарнаце няспынна плыла, вуркатала, шаптала вада. А самы iнтымны момант наставаў у канцы гульнi. Хлопцы станавiлiся вакол прытаптанага кастрышча й гасiлi яго. Пасьля чаго разыходзiлiся ў розныя бакi, каб сабрацца ўранку й будаваць грэблю.

Ятранка — рэчка плыткая, пяройдзеш — i пуп не замочыш. А каб пакупацца, паплаваць, паскакаць, штогод у чэрвенi варакомцы будавалi грэблю. У пясок заганялiся сасновыя жэрдкi. Гадзiнамi хлопцы стаялi ў вадзе й вiнтавымi рухамi ўкручвалi тыя жэрдкi ў дно. Настаўляўшы жэрдак клiнам па плынi ў два шнуры, iх перапляталi лазовымi дубцамi. Памiж сплеценымi загарадкамi накладаўся i ўтрамбоўваўся дзёран. Берагi сыходзiлiся. Плынь рабiлася разоў у пяць вузейшая, шпарчэйшая, мыла дно. Празь дзень-два вёска мела купальню. Там кожны спрабаваў плыць супроць плынi, кожны даваў нырца, скакаў, дзеразаваў, весялiўся... І нарэшце, кожны са шкадобаю глядзеў, як пасьлянавальнiчная вада курочыць i змывае грэблю. Такая вада ледзь не забрала майго бацьку Чэся й зрабiла непрыемнасьць мне.

Другi дзень лiў дождж. Сядзець у дзедавай хаце надакучыла. Пайшоў да Ятранкi. Вада ўзьнялася, жоўта-тлустая, яна шумела ўпоравень зь берагамi. Я ступiў на кладку ў адно бервяно. Пасунуўся, трымаючыся за сталёвы дрот, нацягнуты замест парэнчы. На сярэдзiне сьлiзкага, як мянтуз, бервяна мне стрэлiла ў голаў разьвярнуцца й пайсьцi дамоў. Так i зрабiў. Раўнавага страцiлася. Я колькi iмгненьняў павiсеў, налягаючы на дрот, i боўтнуўся ў мутную ваду. Плысьцi ў фуфайцы й ботах цяжкавата, але не настолькi, каб забыцца аб прыкрасьцi й злосьцi на самога сябе. Седзячы каля гарачай грубкi, я ўсё нiяк ня мог супакоiцца, бо да ўсiх непрыемных адчуваньняў дадалося асноўнае з горшых — я называю яго пачуцьцём сьцюдзёнай вады, адчужанасьцю. Яно зьяўляецца раптоўнай шэраньню на душы, а розум залiвае ўсьведамленьне, што ты — чужы й непатрэбны сьвету. Пацiху той адчужанасьцi можна пазбыцца, прытулiўшыся сьпiнаю да напаленай грубкi. Толькi мiнецца яна не раптоўна, як зьявiлася, а павольна, як сыходзiць хвароба. Прад вачыма будуць зьяўляцца й зьнiкаць iншыя сытуацыi, у якiх трапляў у падобны стан.

Першы раз адчужанасьць наведалася ў маю душу на гасьцiннай печы ў дзядзькi Івана, мужа сястры айчыма маёй мацi Нiны. І трапiў я на добразычлiвую печ, iдучы з Захаравага балота, дзе з койданаўскiмi хлопцамi гуляў у шайбу. Мы штодня на зiмовых вакацыях лёталi на каньках i ганялi гумовы дыск. Але тэрмiн гульнi вымяраўся не пэрыядамi й гадзiнамi, а iншым чынам. Меншыя гулялi да той пары, пакуль не прыходзiлi большыя. Яны нас не ганялi й ня бiлi, яны прасiлi сыйсьцi з балота. Малодшыя паважаюць старэйшых, таму саступаюць, сыходзяць. Але прыкрасьць застаецца. Прыкрасьць i пералiлася ў жаданьне прасячы за брамаю палонку. Хакейныя брамы былi вельмi ўмоўныя — па два слупкi з кожнага канца поля. Там i прадзяўблася палонка, пастка для звычайнай шайбы. Але Кастусь, мой таварыш па вясновых купаньнях, вынайшаў шайбу, якая ня тоне: бляшаначка з-пад ваксы, схопленая ў сярэдзiне балтом. Мы ганялi незвычайную шайбу, пакуль я не ўляцеў у помсьлiвую палонку. Дзякуй Богу, вады аказалася па пахi. Хлопцы падалi клюшкi. Я ўчапiўся. Мяне выцягнулi. Ісьцi мокрым у хату бабы Ядзi не хацелася. Насварылася б, як пiць даць, накрычала б, было за што. І я завярнуў да Івана. Той дазволiў разьвесiць апранахi вакол печы й сядзець грэцца. Сярод паху сухiх шпалераў, на рускай печы зьявiлася ўва мне пачуцьцё адчужанасьцi. Наплыў сум. Я адчуў адзiноту, сваю завершанасьць i нiкчэмнасьць. У дзяцiнстве выблытацца з такiх настрояў прасьцей, я загаварыў да Івана, той адказаў, пачаў распытваць пра палонку, засьмяяўся, маўляў, не капай ямiну для iншага, сам увалiшся. Страхi мiнулi, выпарылiся ў гарачым паветры. Тады сагрэўся хутка. З узростам адчужанасьць прыходзiць часьцей, а пазбыцца яе цяжка. Ведаю, варта зьмiрыцца — i не магу. Шукаю сiлы плыць супроць плынi. Плаваньне насуперак плыням грэе ня толькi цела, але й душу. Ясьней яснага, iдучы насуперак — рызыкуеш. Трэба рызыкаваць. Трэба вучыцца не баяцца перашкодаў, i я вучуся й нават iншых вучыў. Калi вучыш iншых, хутэй вучышся сам.

Вучыў хлопчыка Андрэя маляваць алоўкам i акварэльлю. Было тое ў гарадку Мсьцiславе. Я працаваў рэстаўратарам у касьцёле. Туды, у сабор Усьпеньня Дзевы Марыi, i завiтала Андрэева мацi, Рэгiна. Яна ўгаварыла майго брыгадзiра Юру дапамагчы з падрыхтоўкаю ў мастацкую вучэльню. Андрэй хацеў апрацоўваць камень, рабiць помнiкi. Юра перадаручыў хлопца мне. Я старанна вучыў Андрэя выяўленчай абэвэге, распавядаў пра пэрспэктыву, пра халодныя й цёплыя фарбы, пра лёгкую празрыстасьць акварэлi на белай паперы. Андрэй быў старанны вучань, выконваў заданьнi й даручэньнi, добра разумеў сказанае i разам з тым заставаўся лялечным, драўляным. Ён здаў iспыты на крэпкiя чацьверкi й прайшоў на скульптурнае аддзяленьне. Удзячная Рэгiна прынесла ў касьцёл два дзясяткi яек, кавалак сала й кошык яблыкаў. Юра сказаў, што можна ганарыцца вучнем. Я пагадзiўся, але не забыў адзначыць Андрэеву драўлянасьць. Брыгадзiр заўважыў, што рука ў Андрэя цяжкая, жалезная, такая й павiнна быць у апрацоўшчыка камянёў. З драўлянасьцю свайго першага вучня я абмылiўся, меў рацыю вопытны Юра. Андрэй патануў. Праз год, на самым пачатку лета ён купаўся ў Бабруйску ў рэчцы i ўтапiўся. Рэгiна хадзiла па Мсьцiславе адрошаная, нiкога не пазнавала. Мне здавалася, што забiтая горам кабета знарок не вiтаецца, бачыць ува мне вiнаватага. Каб ня я, Андрэй ня зьехаў бы, не паступiў у вучэльню й адпаведна не патануў. Я вiнавацiў сябе. Вырашыў: нiколi нiкога не вучыць. Пазьней зразумеў глупства такiх рашэньняў, калi адказнасьць за трагiчны лёс чалавека нехта выпадковы бярэ на сябе. Таму спакойна выкладаў асновы кампазыцыi ў клюбе самадзейных мастакоў i вучыў школьнiкаў арыентавацца ў лiтаратуры. Незагойных ранаў не бывае.

Плынь часу гаючая, як вада з уласнага калодзежа. «Вось надумаўся капаць новы калодзеж на старасьцi гадоў, — казаў дзед Валодзя, — здаецца, да суседняга два крокi ступiць. Нiхто ня супраць, каб мы ў Кумагэраў ваду бралi. Толькi суседавы настроi зьмяняюцца, як надвор’е... Вось я ўсё жыцьцё меў свой калодзеж. Вянкi старога зруба згнiвалi, я побач капаў новы. А цяперака куплю бятонныя колы, пастаўлю вечны калодзеж, i мне да апошняга дня вада будзе, i людзям застанецца. Памiраць зьбiрайся, а жыта сей. Вось я вапну купiў, ажно дзьве машыны, а дом цагляны не паставiў, саветы не далi, не пэрспэктыўная нашая вёска Варакомшчына. Вапна ляжыць у зямлi, за старым калодзежам мэтры тры ўздоўж плоту адмерай i капай. Праз нашую вапну столькi дажджоў прайшло, што яна стала як масла, нажом рэж i на хлеб маж. Можна такi тынк зрабiць, што ня трэсьне й сто гадоў прастаiць. Пра сто гадоў я жартам сказаў. Але вапна добрая. Як нашу нiву вернеш, як поле, рэчку, лес сабе забярэш i пачнеш у сваiм садзе дом ставiць, тады й адкапаеш дзедаў скарб».

Зямлi я не вярнуў, дому не паставiў i вапны не адкапаў. Усяму свой тэрмiн надыходзiць. Напэўна, не прыйшоў час дом будаваць i кроквы ўздымаць вышэй за суседавы. А таму дажджы ўсё яшчэ гасяць нашую вапну. Ня спраўдзiлiся спадзяваньнi дзеда Валодзi, не рэалiзавалiся мае ўласныя праекты.

Усю маладосьць я празаймаўся жывапiсам i маляваньнем, прашукаў iдэалаў у краявiдах i не знайшоў. Цi то занадта зялёнымi былi дрэвы, цi вельмi ярка сьвяцiла сонца, цi вада ў возеры недастаткова сiняй здавалася. Я штодня намочваў аркуш паперы, налеплiваў яго на кавалак тоўстага шкла й маляваў пяром з тушшу дый пэндзлем з акварэльлю. Калi малюнак не задавальняў, я змываў яго губкай i пачынаў наноў. Стосы малюнкаў расьлi, а iдэал аддаляўся ў асмужаную невядомасьць. Я маляваў рэчы, целы, дзiркi памiж рэчамi й целамi, я ўрэшце пачаў маляваць амаль дасканалыя геамэтрычныя фiгуры, якiя прайшлi празь вялiкае нiшто, склалiся ў лiтары й пацяклi — радок за радком. Я стаў лiтаратарам. Аднойчы, калi i ў галаве не было шукаць iдэальны краявiд, ён знайшоўся сам сабою. Я сядзеў на беразе Менскага вадасховiшча й пiў вiнаграднае вiно з рыльца доўгай францускай бутэлькi. Пiў вiно й глядзеў на роўную плоскасьць вады й стужку лесу за вадою. На бяздумнае неба я пазiраў разьняволеным вокам падвыпiўтага адпачыньнiка. Алькаголь скончыўся. Вiно мае прыкрую завядзёнку сканчацца. Толькi пачынаеш адчуваць сонечны смак вiнаграду, а яно сканчаецца. Я ўзяў бутэльку за рыльца й зашпурнуў у краявiд. Яна ўпала, пусьцiла кругi й стала ў вадзе. Я сядзеў на каменi, пазiраў на сумны ляндшафт i разумеў, што дарэмна шукаў карцiннасьцi ў прыродзе. Гармонiя тоiцца ў суадносiнах памiж табою й навакольлем. Калi знаходзiцца раўнавага, ты робiшся шчасьлiвы i выгляд вадасховiшча выклiкае радасьць. Ня варта сьмяяцца з парожняй бутэлькi. Чалавек — пусты мяшэчак з-пад радасьцяў i пакут.

Да плаваньня я займаўся фiгурным катаньнем. Быў адзiным хлопчыкам сярод адзiнаццацi дзяўчынак. Мацi Нiна падарыла мне чорныя канькi. Дзяўчаты мелi белыя. І калi на адзiн бок Батанiчнага саду стаяў басэйн, дык на другi бок ляжаў каток. Я мог зрабiць «ластаўку» й «пiсталецiк», мог вельмi хутка езьдзiць i ўзад, i ўперад. Але ня мог аднаго: палюбiць лёд. Ня стаў я любiмым вучнем у царстве вечнай нерухомай прыгажосьцi, дзе пануе Сьнежная Каралева й стаiць ледзяное японскае пекла. Я зь дзяцiнства быў чалавекам вады. Зразумела, лёд родны вадзе, i з кожнага басэйну можна зрабiць каток. Я доўга разганяўся на каньках, каб ускочыць у басэйн. І ўскочыў, i паплыў, i плыву дагэтуль. Прыходжу ў басэйн заводу «Далягляд», распранаюся, падаю ў блакiтную прахалоду й плыву ў плойму сонечных блiцаў. Выбiраю днi й гадзiны, калi найменш людзей. Люблю плаваць пасярэдзiне басэйну. Але не прымаю знарочыстай раскошы. Бо зьнiкае эратычны момант выпадковага флiрту, знаёмства, кантакту. Займацца каханьнем у басэйне нязручна. Вопыт паказвае, што плаваньне — занятак самотных асобаў.

Аднаго разу я праплаваў зь любiмай дзяўчынаю Тамараю больш за дзьве гадзiны ў халодным возеры на Браслаўшчыне. І ўрэшце мы прытулiлiся адно да аднаго, каб сагрэцца, на астатняе не ставала сiлы.

Вада змывае стому, але забiрае жаданьнi. У тых самых Раўбiчах, дзе ледзь не разьвiтаўся з жыцьцём, будучы ўжо студэнтам, я лавiў ракаў. З аднакурсьнiкам Алесем лазiў пад карчы i выцягваў з-пад карэньня гаспадароў рэчкi. Налавiлася ракаў, можа, з паўвядра. Расклалася вогнiшча, выпiлася па бутэльцы чорнапарэчкавага вiна. Мы заснулi. Варыць ракаў не было сiлы. Вада забрала моц, натуральна.

Аносiны памiж людзьмi, зрэшты, вымяраюцца вадою. Найгоршы чалавек той, хто хвораму не падасьць шклянку вады.

Менск. Лiпень 1996 году

Загрузка...