Люблю Менск. Ведаю, шмат хто ня любiць майго гораду. Адным замала ў iм гiстарычных помнiкаў, другiм не стае генiяў, трэцiм нiяк не вымалёўваюцца пэрспэктывы нармальнага разьвiцьця. Шэрасьць, асфальтнасьць, прыпыленасьць i задымленая тумановасьць малююць аблiчча майго Менску. Архiтэктура стандартная, насельнiцтва бесхарактарнае, кiраўнiцтва прыблуднае, мова бiлiнгвiстычна-макаранiчная. Што ў Менску можна любiць? Вар’ятаў! Іх постацi, твары, паводзiны разбураюць завядзёнкi, парушаюць нормы й правiлы, ствараюць непаўторнасьць нашае сталiцы.
Вось табе Вова-Камандзiр. Ён стары. Я ведаю Вову гадоў трыццаць, i колькi памятаю — ён заўсёды быў стары, сiвавусы, стрыжаны пад «бобрык», у вайсковай форме. Можа, Вова й хадзiў некалi ў камандзiрах, але наўрад. Хутчэй за ўсё, ён, як большасьць хворых на галаву, проста любiць усё вайсковае: боты, фрэнчы, фуражкi з кукардамi. Такi бяскрыўдны вайсковец — Вова-Камандзiр. Нi дзе жыве, нi хто ягоныя сваякi, я ня ведаю. Але добра знаю, дзе й чым Вова харчуецца. Камандзiр любiць гастраномныя кафэтэрыi. Прадаўшчыцы налiваюць яму гарбаты. Вова сыпле, не шкадуючы, лыжачак зь пяць цукру, зьбiрае недаедзеныя канапкi, кавалкi батонаў, паперкi ад тварожных сыркоў i моўчкi падсiлкоўваецца ў кутку. Праўда, гарбату сёрбае вельмi гучна. Ад любовi да ўсяго перасалоджанага й зацукранага ў Камандзiра баляць зубы. Таму яго часьцяком можна пабачыць каля другой стаматалягiчнай клiнiкi, што месьцiцца насупраць кiнатэатру «Цэнтральны». Палiклiнiка працуе круглыя суткi. У ёй заўсёды сьветла й цёпла. Вова-Камандзiр любiць сядзець у чарзе й чакаць, калi ранiцай адчыняцца кафэтэрыi, дзе можна пасаладзiць душу перацукранай гарбатаю. А запляваны крывёю сьнег каля ганку палiклiнiкi, вiдавочна, нiколi не псаваў Вовiнага апэтыту.
Сам Вова-Камандзiр таксама нiколi не псаваў мне апэтыту, а вось ад пагляду на Жабрака-Прэзыдэнта заўсёды рабiлася млосна...
Ён стаяў на сходах станцыi мэтро «Акадэмiя навук» i прасiў грошы. Нават i не прасiў, а проста трымаў зiмовую шапку так, што кожны разумеў — дайце на хлеб. Кiдалi яму неахвотна. Агiду ён выклiкаў, бо не стары, а такi запушчаны, сьмярдзючы, неахайны. Брррр... І вось, у адно iмгненьне ён стаў самым знакамiтым жабраком у сталiцы, дый ня толькi ў Менску, а ва ўсёй Беларусi, бо быў страшэнна падобны да першага прэзыдэнта. Усе толькi й гаварылi пра яго, паказвалi адзiн адному. Ну й грошы сыпалiся ў шапку несканчоным дажджом. Жабрак-Прэзыдэнт неяк нават папрыгажэў, пакруглеў, паружавеў... Быў жа зялёны, як мярцьвяк, а тут i падстрыгаецца, i шчокi голiць, вусы падрэзаў акуратненька — рыхтык Лукашэнка. Вядомасьць Жабрака-Прэзыдэнта абярнулася для яго бядою. Цi са сваёй iнiцыятывы, цi на загад з гары, мянты пачалi ганяць жабрака. Толькi ён стане каля кiнатэатру «Кастрычнiк», а яны тут як тут. «Валi адсюль! Каб духу тут твайго не было!» Жабрак-Прэзыдэнт сунецца да Акадэмii Мастацтваў, але й там яго праганяюць праваахоўнiкi. Не такая й добрая рэч, як высьветлiлася, быць падобным да кiраўнiка краiны. Калi ты жабрак, дык лепей нагадваць апазыцыянэра: Васiля Быкава цi Зянона Пазьняка. Зь мянтамi жартаваць не выпадае. І ён прапаў. Колькi часу па Менску хадзiў жарт, маўляў, Лукашэнка запрасiў жабрака да сябе працаваць двайнiком. Цяпер таго смуродлiвага шызiка нiхто ня згадвае. Забылiся. Вось прападзе чалавек, усе пагавораць, паўспамiнаюць, прыдумаюць нейкую казку пра двайнiка й забываюцца на зьнiклага чалавека.
Ходзiць па Менску яшчэ адзiн двайнiк, толькi ён падобны не да прэзыдэнта, а да слыннага лiтаратара...
Адзiн час вар’ят Валера быў вельмi падобны да пiсьменьнiка Ўладзiмера Арлова. І ня дзiўна, бо Валодзю Арлова ў лiтаратурным асяродзьдзi шанавалi й любiлi, а Валера якраз i спэцыялiзаваўся на выпрошваньнi грошай у рэдакцыях i Саюзе пiсьменьнiкаў. Хворага так i называлi: Валера-Пiсьменьнiк. Ён, як самы сапраўдны пiсака, абыходзiў усе рэдакцыi, нават у бiблiятэкi завiтваў. Шмат яму нiхто не даваў, больш за тое, калi хто й ахвяраваў капейчыну, дык абавязкова казаў, каб Валера не купляў алькаголь. Пiць яму катэгарычна забаранялi дактары, бо як толькi Валера выпiваў бутэльку пiва, дык рабiўся агрэсiўны, кiдаўся на людзей, нiкога не пазнаваў i прачынаўся ў лякарнi, што ў Навiнках. Таму, даючы грошы, i Някляеў, i Разанаў па тры разы паўтаралi — пiць нельга. І Валера-Пiсьменьнiк амаль ня пiў. Хто ж хоча качацца на бальнiчных прасьцiнах ажно сорак дзён? Няма дурных. Апошнiм часам пiсьменьнiцкае асяродзьдзе моцна зьбяднела. Схуднеў, змарнеў, абнасiўся й Валера. Ён так зьмянiўся, што перастаў нагадваць Вову Арлова. Дый стаўленьне да Арлова ў лiтаратурным асяродку цяпер iншае: адны зайздросьцяць, другiя не падзяляюць ягоных яскрава-нацыяналiстычных перакананьняў, але засталiся трэцiя — патрыёты, яны чытаюць, шануюць i любяць Вову яшчэ больш, чым раней. Вось да iх надоечы й зьвярнуўся Валера. Прыйшоў на выступленьне копыльскага народнага тэатру, падышоў да мастацкага кiраўнiка й папрасiў грошы на бутэльку гарэлкi для гiстарычнага лiтаратара Ўладзiмера Арлова. Калектыў майстроў аматарскай сцэны сабраў рублi й перадаў iх самазванцу. Да сапраўднага Ўладзi Арлова тая пляшка, вядома, не патрапiла. А чутка пра здарэньне дайшла, чым жывы клясык гiстарычнага жанру й суцешыўся.
Калi Валера-Пiсьменьнiк круцiўся й круцiцца ў дэмакратычных колах, дык ягоны антыпод Заiка-Газэтнiк зьбiрае вакол сябе разнастайных артадоксаў...
Па дарозе з Камароўскага рынку да мэтро, каля палiграфкамбiнату iмя Якуба Коласа можна пабачыць гандляра расейскiмi шавiнiстычнымi газэтамi. Тоўсты, чырванатвары, з маленечкiмi парсючынымi вочкамi, запакаваны ў расейскi нацыянальны колер — хакi, ён вядзе дыскусii пра былую значнасьць расейскай iдэi, пра хiмэрычнае мiсiянства расейскага народу, нацыянал-патрыятызм экзальтаванага палiтпiсьменьнiка Эдуарда Мандарынава, пра сымболiку калаўротаў i процьму iншых цiкавостак для маргiнальных асобаў пэнсiйнага веку. Распаўсюднiк паўлегальнай прэсы крыху заiкаецца, як i большасьць носьбiтаў вялiкарасейскай iдэi, ён грэшны на iнародчаскi акцэнт, але прыродная дабрыня, дзiцячая шчырасьць i ўгодлiвасьць дробнага гандляра падкупляюць. Чаму не спынiцца? Чаму не набыць брыдкаслоўную газэтку? Чаму жартам не паспрачацца пра пэрспэктывы беларускай мовы? І раптам высьветлiць, што Заiка-Газэтнiк вельмi любiць i паважае беларускае слова. А белпрэсаю ён не гандлюе таму, што ў ёй замала экспрэсii. Пра «Слова нацыi» ён ня ведае, а ўсё астатняе сапраўды можна набыць у любым шапiку ад Навiнак да Камароўкi й ад Малiнаўкi да Чыжоўкi. У кожнага свая праўда, свае навiны й свае вар’яты.
Для адных вар’яцтва канцэнтруецца ў газэтных шапiках, а для другiх яно жыве на могiлках...
Могiлкавы Прыбiральнiк — цi ня самы калярытны вар’ят у Менску. Начуе ён на Вайсковых кладах. Як толькi сыходзiць сьнег, ён пачынае спаць на могiлкавых лаўках, непадалёк ад помнiкаў Коласу й Купалу. І так ажно да маразоў. А ўзiмку хаваецца на гарышчах i па сутарэньнях дамоў паблiзу ад тых жа кладоў. Харчуецца ў магазiнах «Садавiна-гароднiна». Цёткi-гандляркi частуюць яго салёнымi гуркамi й памiдорамi. «Дай-дай агурок!» — крычыць ён на ўсю краму. Шкадуюць, вылоўлiваюць з бочкi салёнага караля беларускiх гародаў, частуюць паўдурка. Першы агурок схрумстваецца каля прылаўка, а другi нясецца на могiлкi й нясьпешна зьядаецца ў бэзавай засенi. Але не паяданьне салёнае гароднiны — галоўная асаблiвасьць Могiлкавага Прыбiральнiка, а паталягiчная прага чысьцiнi. З ранiцы да ранiцы ён зьбiрае сьмецьце. Пасьпiць якую гадзiнку й зноўку носiць розныя паперкi, бутэлькi, кансароўкi на сьметнiк. Лаецца Прыбiральнiк магутна... «Пазасiралi, пазапаскудзiлi, пазасцалi...» Брэша й прыбiрае, прыбiрае й брэша, ажно пакуль не пачнецца прыпадак. Тады кантэйнэры са сьмецьцем пераварочваюцца, бруднае рызьзё разьлятаецца ў розныя бакi, шкуматаецца, рвецца, дзярэцца, падфутбольваецца, топчацца... Ажно пакуль сiлы не пакiнуць Могiлкавага Прыбiральнiка. Валiцца тады ён у бруд i плача-скавыча, як загнаны ў пастку i сьмяротна паранены зьвер. Выплачацца, высьпiцца — i зноў за Сызыфаву працу, за прыборку зь вечара да вечара, ад зiмы да зiмы.
Калi Могiлкавы Прыбiральнiк займаецца выключна матэрыяю, дык Зорык-Вынаходнiк жыве мроямi, марамi, iлюзiямi...
Звычайна цёплымi вечарамi Зорык-Вынаходнiк гуляе на Кастрычнiцкiм пляцы або шпацыруе ўздоўж «Цэнтральнага» ўнiвэрсаму. У Зорыкавым заплечнiку заўсёды знойдзецца бутэлечка сухога чырвонага, а калi няма, ён неадкладна прапануе пайсьцi набыць бутэлечку. Гарэлкi Зорык ня любiць. П’е, як налiваюць, але ён сталы й трывалы аматар сухога рубiна-кроўнага вiна. Папiваючы алькаголь на беразе вечаровай Сьвiслачы, Зорык любiць распавесьцi сябрам-сабутэльнiкам пра свае найноўшыя адкрыцьцi ў самых розных кiрунках чалавечай дзейнасьцi... Ну чаму сабакi ходзяць па вулiцах проста так? Трэба выпускаць вазкi для сабак, такiя ж, як i для коней, толькi меншага памеру. Сабакавод iдзе ў краму, а побач бяжыць гадаванец, запрэжаны ў вазок. Адпаведна на зваротным шляху сабака павязе пакупкi. Чым кепска? У Беларусi выдатная мiнэральная вада й зусiм няма мiнэралаў. Трэба арганiзаваць здабычу мiнэралаў зь мiнэральнай вады... Нашто ў кашулi каўнер? І наагул нашто каўнер патрэбны? Нiкому не патрэбная дэталь вопраткi — каўнер. Адрэж яго, i што зьменiцца? Нiчога. Але адразаць каўняры няварта. Лепш правесьцi тлумачальную работу пра непатрэбнасьць каўняроў i адмовiцца ад iх цалкам. Уяўляеш, якая эканомiя сродкаў? Колькi можна ўсяго ўсялякага патрэбнага пашыць з наэканомленай матэрыi! Ого!.. Гарады можна будаваць! Рабiць каркасы зь лёгкага мэталу й абшываць iх матэрыяй. Канечне, папярэдне тую матэрыю варта прапiтаць антывогненным растворам... Ня кожны сабутэльнiк можа вытрываць Зорыкавы размовы больш за пятнаццаць хвiлiнаў. Але Вынаходнiк не крыўдуе, бо чырвонае сухое хутка зморвае. Ён супакойваецца й засынае з шырока адкрытымi вачыма.
Наколькi абстрактныя пражэкты ў Зорыка-Вынаходнiка, настолькi заземленыя развагi ў Алеся-Аналiтыка...
Не сакрэт, што ў Менску процьма ўстановаў займалася й займаецца падрыхтоўкаю розных агентаў i спэцагентаў, ахоўнiкаў i праваахоўнiкаў. Беларус як чалавек, схiльны да асымiляцыi, найлепшы матэрыял для вырабленьня шпiёнаў, журналiстаў, якiя збольшага тыя ж шпiёны, выведнiкаў i найпростых кадэбiстаў зь мiлiцыянтамi. Гэтая акалiчнасьць не магла не адбiцца на шматаблiчным сьвеце менскiх вар’ятаў. Ёсьць сярод iх i Алесь-Аналiтык. Ну якi ж таемны агент ня марыць на старасьцi гадоў стаць палiтычным, а тым больш геапалiтычным аналiтыкам i пасьля бурапеннага жыцьця са стрэламi, трупамi, мiльёнамi даляраў, сэксу з манэкеньнiцамi засесьцi ў зацiшнай аднапакаёўцы й папiсваць артыкулы, якiя лягуць у аснову стратэгii й тактыкi разьвiцьця дзяржавы. Кожны апэратыўнiк марыць стаць аналiтыкам. Факт! Алесь не выключэньне. Праўда, нiякай шпiёнскай кар’еры ён не зрабiў. Ён наагул нiякай кар’еры не рабiў. Скончыў фiлязофскi факультэт i пайшоў працаваць на трактарны завод вартаўнiком. Грошай ня шмат, але як жыць адному — хапае. Затое ёсьць процьма вольнага часу, i можна ночы навылёт пiсаць аналiтычныя артыкулы. Алесь пiша, пiша й пiша. Аналiзуе, прагназуе й, што самае цiкавае, стварае iдэалёгiю новай белдзяржавы. За бутэлькай гарэлкi, па вялiкiм сакрэце, найлепшым сябрам Алесь-Аналiтык распавядае свой варыянт iдэалёгii, зробленай на аснове канфуцыянства, навуковага камунiзму й расейскага стараабраднага праваслаўя. Самае незвычайнае ў гэтай, так бы мовiць, iдэалёгii — тое, што ўласна беларускага ў ёй нямашака нi калiўца. Зрэшты, кожны вар’яцее, як умее, i на тым грунце, якi мае. Ну не чытаў Алесь Абдзiраловiча (Канчэўскага), што ты тут зробiш. Дый нiчога рабiць ня трэба. Хай пра тое дбаюць супрацоўнiкi жоўтага дому з бэльвэдэрам на вулiцы Камсамольскай, куды Алесь-Аналiтык рэгулярна заносiць свае творы. КДБ на тое й створаны, каб дзяржаву бясьпекай забясьпечваць. Хай пячэцца.
Хваляваньне за дзяржаву ахоплiвае ня толькi Алеся-Аналiтыка, яно й зразумела, але ёсьць i такiя, каму на тую дзяржаву напляваць i начхаць. Такiя пякуцца перш-наперш пра сябе, менавiта да iх належыць Хламаў-Халамаў...
У Хламава-Халамава была запаветная мара: навучыцца выпрошваць вялiкiя грошы. Ён з запалам распавядаў пра лёнданскую школу адукаваных жабракоў. Было ў тым аповедзе нешта сапраўды ангельскае, дыкенсаўскае... Можа, гэта й быў пераказ ангельскай клясыкi, але ў выкананьнi Хламава-Халамава гiпатэтычны праект набываў непаўторны менскi калярыт. Напэўна, дзеля абстаноўкi, у якой гучала апавяданьне. Хламаў меў невялiчкую майстэрню на мансардзе двухпавярховага дамка на вулiцы Інтэрнацыянальнай. Бруднае, непрыбранае, заваленае старымi запыленымi рэчамi, сьмярдзючае памяшканьне з маленькiмi вокнамi й нiзкай стольлю. На падваконьнi ляжалi пяць гнiлых яблыкаў, зь якiх Халамаў пiсаў нацюрморт пад назваю «Дэмагог». Дэмагогiя й мройная адрошанасьць былi асноўнымi рысамi характару самога Хламава-Халамава... Ты апранаеш бялюткую кашулю, чорны смокiнг, iдзеш на сьвецкi раўт i там з келiхам дарагога шампанскага ў руцэ просiш у якога-небудзь мiлiярдэра пазычыць на год мiльён фунтаў. І ён табе дае мiльён ангельскiх фунтаў. Вось чаму вучаць у лёнданскай школе жабракоў... Паверыць Хламаву-Халамаву мог толькi поўны iдыёт. І ён гэта цудоўна разумеў, але ня мог стрымацца, каб не расказаць у сто першы раз пра школу сваёй запаветнай мары. Свайго «Дэмагога» ён так i не дамаляваў, майстэрню прадаў за капейкi, набыў хатку ў вёсцы й адпаведна перастаў быць менскiм вар’ятам.
Менск горад вялiкi, вар’ятаў i бяз Хламава-Халамава хапае, ну хоць бы Габрэйскую Моднiцу згадайма...
Жанчыны вар’яцеюць з-за шмацьця — не навiна. Але ёсьць сярод слабога на апранахi полу такiя, што больш за ўсё на сьвеце прагнуць прыбiрацца. Але большасьць з такiх усё адно носiць гатовае адзеньне. А вось старажытную габрэйку з пляцу Перамогi куплёнае, вiдавочна, не задавальняе. Яна мадэлюе й шые сама. І як шые! Пабачыш — не забудзеш. Яе стыль можна безь перабольшаньня ахрысьцiць шагалаўска-вiцебскiм. Салатны палiтончык з каўнерыкам лiсiнага футра. Фiялетавыя панчохi. Белыя боты на абцасах са срэбнымi спражкамi. Ружова-празрысты шалiк i такiя ж празрыста-ружовыя пальчаткi. Рыдыкюль, як i боты, бялютка-белы з масiўнай зашчапкаю. І макiяж у Моднiцы адметна-незабыўны. Твар алебастравы, вусны цёмна-малiнавыя, вочы падмалёваны ультрамарынавымi ценямi й тушшу, а бровы шырокiя й вугальныя, як крылы гругана. Завершанасьць i непадробнасьць усяму ансамблю надае брошка з галубовым шклом у карункавай аздобе зь белага мэталу. Яна iскрыстай кветкаю квiтнее над габрэйскiм сэрцам. Моднiца i ўлетку, i ўзiмку ходзiць у адным i тым жа строi. Ходзiць вакол пляцу Перамогi зь ягоным фалiчным абэлiскам i вечнай фаеркаю. Ходзiць амаль штодня, але мала хто зьвяртае на яе ўвагу. Горад бяжыць, ляцiць, сьпяшаецца... Справы, клопаты, заняткi... Каго хвалюе чужое шчасьце — быць модным i прыгожым. Тысячы разоў я праходзiў каля, паўз, пад i побач з пляцам Перамогi й бачыць ня бачыў Моднiцы, пакуль мастак-графiк Ігар — Ізя Лiбэрман — не паказаў мне на яе. І цяпер я бачу яе ледзь ня кожны раз, як трапляю на круглы пляц. Ёсьць такая акалiчнасьць — бачыць тое, што ведаеш. І менскiя дзiвакi не вынятак з гэтага правiла.
Правiлаў шмат, парушальнiкаў яшчэ больш. У адзiн бок iх парушае Габрэйская Моднiца, а ў другi — Сiротка.
Ёсьць вялiкая розьнiца памiж бамжом i вар’ятам. Бомж, бамжара, бiч — чалавек, якi сьвядома кiнуў дом i сям’ю, бадзяецца па сьвеце, п’е ўсё, што гарыць, i есьць усё, што знойдзе ўежнага. Бадзягi, бамжы — цэлы сацыяльны пласт у грамадзтве, цэлая кляса цi праслойка, складзеная з антысацыяльных элемэнтаў. І часам можна памылiцца, паблытаць гарадзкога вар’ята з бамжараю. Зьнешне яны бываюць вельмi падобныя. Абадраныя, абарваныя, нямытыя... Але бамжы — як нi дзiўна — людзi са сьвядомасьцю, з памяцьцю, з пэўным мэркантыльным iнтарэсам. Яны проста ўпадабалi сацыяльнае дно. Сьвядома абралi бадзяжнiцтва й п’янства. А таму мне малацiкавыя. На iх бурачковых тварах нямашака пячаткi Божай. У iх паводзiнах не выяўляецца Вышэйшая сiла. Яны лёгка пралiчваюцца й рэглямэнтуюцца. Іншая рэч — дзiвак-вар’ят. Ён адметны й непаўторны. Ты нiколi не здагадаешся, куды ён паверне, якi будзе наступны крок. А раптам гэта будзе гучнае, на ўсю вулiцу: «Ы-ы-ы-ы-ы!!!» Як вытлумачыць? Што сказаць? Ты бездапаможны супраць ягонае прыроды, як i супраць прыроды наагул. Застаецца адно назiраць, спачуваць i задумвацца над марнасьцю чалавечых намаганьняў. Але назiраць за вар’ятамi вельмi цiкава. Утрая цiкавей, чым за бамжамi. Таму за Сiроткам я не назiраў. Думаў, ён звычайны бомж, якi начуе на гарышчы ў маiм пад’езьдзе. Каб я быў больш уважлiвы, дык адразу б адзначыў: бамжы ня носяць акуляраў. Ну начорта бiчу акуляры? А ў Сiроткi на чорным ад гразi твары сядзелi, можна сказаць, тэлескопы. Лiнзы ў ягоных акулярах былi ў палец таўшчынёю. І калi мне сказалi, што Сiротку зьбiла машына, я падумаў пра акуляры. І ня толькi падумаў, а падняўся на гарышча правесьцi рэвiзiю ў ягоным гнязьдзе. Там я знайшоў процьму малюнкаў. Сiротка быў мастаком. Маляваў ён выключна галовы мутантаў. Лупавокiя, рэдказубыя, лабатыя, лысыя мутанты пазiралi на мяне зь мятых шматкоў абгортачнай паперы. Няўжо мы такiя? Такiя, такiя, i нiякiя ня iншыя. Творы нябожчыка я пакiнуў на гарышчы. Іх паступова пакрыў пыл i галубiны памёт, а можа, нехта й забраў iх сабе, уставiў пад шкло ў рамы, павесiў на сьцяну. Сумняваюся. Людзi ня любяць вар’ятаў, баяцца iх творчасьцi, пазьбягаюць сустрэцца зь iх паглядам, бо ў iм зеўрае абсалютна халодная вечнасьць.
Такiя, як Сiротка, сапраўды блiзкiя да вечнасьцi, а вось Зайчык-Папрашайка нагадвае матылька-аднадзёнку...
Дзе турысты, там i ён — даўгалыгi Зайчык-Папрашайка. Турыстаў у Менску кот наплакаў, таму Зайчыку ня надта каб шыкоўна жывецца. Бегай, гойсай, скачы з Траецкага прадмесьця да гатэлю «Беларусь», ад гатэлю да Чырвонага касьцёлу, ад касьцёлу да царквы... Зайчыку гадоў пад трыццаць, але паводзiць ён сябе, як дзiця, апранаецца ў школьны касьцюмчык, просiць значкi й цукеркi. Турысты нешта даюць, экскурсаводы злуюцца, лаюцца, праганяюць. Зайчык-Папрашайка ўцякае й вяртаецца зноў, каб атрымаць ад якога вясёлага араба прэзэрватыў. Раней па турыстычных маршрутах сноўдалi зграi дзятвы, раней гумовая жуйка была экзотыкаю, а замежная манэтка — вяршыняю мары. Час зьмянiўся. Каго зьдзiвiць жавальная гумка? Дзятва павырастала й паадчыняла свае шапiкi з тымi гумкамi. Толькi Зайчык-Папрашайка застаўся верны абранаму шляху. Бяжыць-бяжыць, скача, уцякае, даганяе з працягнутай да турыста лапкаю, шукае сваё прывiднае шчасьце, сваё дзяцiнства, якое нiколi ня скончыцца. Так што памылiўся, назваўшы Папрашайку матыльком аднадзёньным, ён вечны, як мiт.
Мы з табою — нармальныя, шэрыя, упарадкаваныя — сыйдзем у нiшто, а яны — вар’яты — застануцца ствараць непаўторны твар Менску.
Менск. Студзень 2001 году