Самотны чалавечы голас


"Я не ведаю, пра што расказваць… Пра смерць ці пра каханне? Ці гэта адно і тое ж… Пра што?

… Мы нядаўна пабраліся. Яшчэ хадзілі па вуліцы і трымаліся за рукі, нават калі ў краму йшлі… Я казала яму: "Я кахаю цябе". Але я не ведала яшчэ, як яго кахала… Не ўяўляла… Жылі мы ў інтэрнаце пажарнай часткі, дзе ён служыў. На другім паверсе. I там яшчэ тры маладыя сям'і, на ўсіх адна кухня. А ўнізе, на першым паверсе стаялі машыны. Чырвоныя пажарныя машыны. Гэта была яго служба. Заўсёды я ў курсе: дзе ён, што з ім? Сярод начы чую нейкі шум. Вызірнулаў акно. Ён убачыў мяне: "Зачыні фортачкі і лягай спаць. На станцыі пажар. Я хутка буду".

Самога выбуху я не бачыла. Толькі полымя. Усё нібы свяцілася… Усё неба… Высокае полымя. Чад. Гарачыня страшэнная. А яго ўсё няма і няма. Чад ад таго, што бітум гарэў, дах станцыі быў заліты бітумам. Хадзілі, пасля прыгадваў, як па смале. Збівалі полымя. Гарэў графіт. Яго скідвалі нагамі… Паехалі яны без брызентавых касцюмаў, як былі ў адных сарочках, так і паехалі. Іх не папярэдзілі, іх выклікалі на звычайны пажар…

Чатыры гадзіны… Пяць гадзін… Шэсць. А шостай мы з ім збіраліся ехаць да ягоных бацькоў. Садзіць бульбу. Ад горада Прыпяць да вёскі Спярыжжа, дзе жылі ягоныя бацькі, сорак кіламетраў. Сеяць, араць… Яго любімы занятак… Маці часта прыгадвала, як не хацелі яны з бацькам адпускаць яго ў горад, нават новую хату паставілі. Забралі ў армію. Служыў у Маскве ў пажарных войсках і як вярнуўся: толькі ў пажарнікі! Нічога іншага не прызнаваў. (Маўчыць.)

Часам, быццам чую ягоны голас… Жывы… нават фотакарткі гэтак на мяне не ўздзейнічаюць, як голас. Але ён ніколі мяне не кліча… I ў сне… Гэта я яго клічу…

Сем гадзін… А сёмай мне перадалі, што ён у бальніцы. Я пабегла, але вакол бальніцы ўжо стаяла кружком міліцыя, нікога не пускалі. Адны машыны "Хуткай дапамогі" заязджалі. Міліцыянеры крычалі: машыны зашкальваюць, не падыходзьце. Не адна я, усе жонкі прыбеглі, усе, у каго мужы той ноччу апынуліся на станцыі. Я кінулася шукаць сваю знаёмую, яна рабіла ўрачом у гэтай бальніцы. Ухапіла яе за халат, як яна выходзіла з машыны: "Прапусці мяне!" — "Не магу! З імі бяда! З імі ўсімі бяда". Трымаю яе: "Толькі глянуць". — "Добра, — кажа, — тады пабеглі. На пятнаццаць-дваццаць хвілін". Я ўбачыла яго… Ацёклы ўвесь, апухлы… Вачэй амаль няма… "Трэба малака. Шмат малака! — сказала мне знаёмая. — Каб яны выпілі хоць бы па тры літры". — "Але ж ён не п'е малако". — "Цяпер будзе піць". Многія ўрачы, медсёстры, асабліва санітаркі гэтай бальніцы праз нейкі час захварэюць… Памруць… Але ніхто тады гэтага не ведаў…

А дзесятай раніцы памёр аператар Шышанок… Ён памёр першым… У першы дзень… Мы даведаліся, што пад руінамі застаўся другі — Валера Хадзямчук. Яго так і не дасталі. Забетанавалі. Але мы яшчэ не ведалі, што ўсе яны — першыя…

Пытаюся: "Васечка, што рабіць?" — "Едзь адсюль! Едзь! У цябе будзе дзіця". А я цяжарная. Толькі ж як я пакіну яго? Просіць: "Едзь! Ратуй дзіця!" — "Спачатку я павінна прынесці табе малака, а пасля вырашым".

Прыбягае мая сяброўка Таня Кібянок… Яе муж у гэтай самай палаце… З ёй ейны бацька, ён на машыне. Мы сядаем і едзем у бліжэйшую вёску па малако. За кіламетры тры ад горада… Купляем шмат трохлітровых слоікаў з малаком… Шэсць — каб на ўсіх хапіла… Але ад малака іх страшэнна ванітавала… Увесь час абміралі, ім ставілі кропельніцы. Урачы чамусьці ўсё паўтаралі, што яны атруціліся газамі, ніхто не гаварыў пра радыяцыю. А горад запоўніўся ваеннай тэхнікай, перагарадзілі ўсе дарогі… Перасталі хадзіць электрычкі, цягнікі… Мылі вуліцы нейкім белым парашком… Я непакоілася, як жа мне заўтра ў вёску патрапіць, каб купіць яму сырадою? Ніхто не гаварыў пра радыяцыю… Толькі вайскоўцы хадзілі ў рэспіратарах… Гараджане неслі хлеб з крамаў, адкрытыя пакуначкі з булачкамі… Пірожныя ляжалі на латках…

Увечары ў бальніцу не прапусцілі… Мора людское вакол… Я стаяла насупраць ягонага акна, ён падышоў і штосьці мне крычаў. З такім адчаем! У натоўпе хтосьці пачуў: уначы іх павязуць у Маскву. Жонкі ўсе збіліся ў адну купку. Парашылі: паедзем з імі. Пусціце нас да нашых мужоў! Не маеце права! Біліся, драпаліся. Салдаты, ужо стаялі салдаты, нас адштурхоўвалі. Тады выйшаў урач і пацвердзіў, што яны паляцяць на самалёце ў Маскву, але нам трэба прынесці ім адзенне, — тое, у якім яны былі на станцыі, згарэла. Аўтобусы ўжо не хадзілі, і мы бегма праз увесь горад. Прыбеглі з сумкамі, а самалёт паляцеў ужо… Нас спецыяльна падманулі… Каб мы не галасілі, не плакалі…

Ноч… Па адзін бок вуліцы аўтобусы, сотні аўтобусаў (ужо рыхтавалі горад да эвакуацыі), а па другі бок — сотні пажарных машын. Прыгналі адусюль. Уся вуліца ў белай пене… Мы па ёй ідзём… Лаемся і плачам…

Па радыё аб'явілі, што, магчыма, горад эвакуіруюць на тры-пяць дзён, вазьміце з сабой цёплыя рэчы і спартыўныя касцюмы, будзеце жыць у лесе. У палатках. Людзі нават узрадаваліся: на прыроду! Сустрэнем там Першамай. Здорава! Гатавалі ў дарогу шашлыкі… Бралі з сабой гітары, магнітафоны… Плакалі толькі тыя, чые мужы пацярпелі.

Не памятаю дарогі… Нібыта прыйшла да памяці, калі ўбачыла ягоную маці: "Мама, Вася ў Маскве! Павезлі спецыяльным самалётам!" Але мы дасадзілі гарод. (А праз тыдзень вёску эвакуіруюць!) Хто ж ведаў? Хто тады гэта ведаў? Надвячоркам у мяне пачалася рвота. Я — на шостым месяцы цяжарнасці. Мне гэтак блага… Уначы сню, што ён мяне кліча. Пакуль ён быў жывы, клікаў мяне ў сне: "Люся! Люсечка!" А як памёр, ні разу не паклікаў. Ні разу… (Плача.) Падымаюся раніцою з думкаю, што паеду ў Маскву. Сама… "Куды ты, гэтакая?" — плача маці. Сабралі ў дарогу і бацьку. Ён зняў з ашчадкніжкі грошы, што былі ў іх. Усе грошы…

Дарогі не памятаю… Дарога зноў выпала з памяці… У Маскве ў першага міліцыянера спыталі, у якой бальніцы ляжаць чарнобыльскія пажарнікі, і ён нам сказаў…

Шостая бальніца — на Шчукінскай…

У гэтую бальніцу, спецыяльная радыелагічная бальніца, без прапускоў не пускалі. Я дала грошы вахцёрцы, і тады яна кажа: "Ідзі". Кагосьці зноў прасіла, умольвала… I вось я сяджу ў кабінеце ў загадчыцы радыелагічнага аддзялення Ангеліны Васільеўны Гуськовай. Тады я яшчэ не ведала, як яе завуць, нічога не запамінала… Я ведала толькі, што павінна пабачыць яго…

Яна адразу ў мяне запыталася:

— У вас ёсць дзеці?

Як я прызнаюся?! I ўжо цюкнула, што не трэба гаварыць пра маю цяжарнасць. Не пусціць да яго! Добра, што я дробненькая, нічагуткі па мне не відаць.

— Ёсць, — кажу.

— Колькі?

Думаю: "Трэба сказаць, што двое. Калі адно — усё роўна не пусціць".

— Хлопчык і дзяўчынка.

— Калі двое, дык раджаць, пэўна, больш не давядзецца. Цяпер слухай: цэнтральная нервовая сістэма паражоная цалкам, касцявы мозг паражоны цалкам…

"Ну ладна, — думаю, — зробіцца трошкі нервовым…"

— Яшчэ слухай: калі заплачаш — я цябе адразу ж выпраўлю. Абдымацца і цалавацца няможна. Блізка не падыходзіць. Даю паўгадзіны.

Толькі я ведала, што ўжо нікуды адсюль не пайду. Калі пайду, дык з ім. Паклялася сама сабе! Заходжу… Яны сядзяць на ложку, гуляюць у карты і смяюцца.

— Вася! — гукаю яго. Паварочваецца:

— Ой, браткі, я прапаў! I тут знайшла!

Смешны гэткі, піжама на ім сорак восьмага памеру, а ў яго — пяцьдзесят другі. Кароткія рукавы, кароткія штонікі. Але пухліна з твару ўжо сышла… Ім улівалі нейкі раствор…

— А чаго ты гэта раптам прапаў? — пытаюся. I ён памкнуўся мяне абняць.

— Сядзі-сядзі, — не пускае яго ўрач да мяне. — Няма чаго тут абдымацца.

Ну неяк усё гэта жартам абышлося. I тут ужо ўсе збегліся, і з іншых палат таксама. Усе нашы. З Прыпяці. Іх жа дваццаць восем чалавек самалётам прывезлі. Што там? Што там у нас у горадзе? Я адказваю, што пачалася эвакуацыя, увесь горад вывозяць на тры ці на пяць дзён. Хлопцы маўчаць, а былі там дзве жанчыны, адна з іх на прахадной у дзень аварыі дзяжурыла, і яна заплакала:

— Божа мой! Там мае дзеці. Што з імі?

Мне хацелася пабыць з ім удваіх, ну, няхай бы адну хвіліначку. Хлопцы гэта адчулі, кожны прыдумаў сабе прычыну, і яны выйшлі ў калідор. Тады я абняла яго і пацалавала. Ён адсунуўся:

— Не сядай побач. Вазьмі крэселка.

— Ды глупства ўсё гэта, — махнула я рукой. — А ты бачыў, дзе адбыўся выбух? Што там? Вы ж першыя туды трапілі…

— Хутчэй за ўсё гэта шкодніцтва. Нехта спецыяльна ўчыніў. Усе нашы хлопцы гэтак мяркуюць.

Тады гэтак гаварылі. Думалі.

На наступны дзень, калі я прыйшла, яны ўжо ляжалі паасобку, кожны ў сваёй палаце. Ім катэгарычна забаранялася выходзіць у калідор. Сустракацца адно з адным. Перастукваліся праз сцяну… Кропка — працяжнік, кропка — працяжнік… Урачы тлумачылі гэта тым, што кожны арганізм па-рознаму рэагуе на дозы абпраменьвання, і тое, што вытрывае адзін, іншаму не пад сілу… Там, дзе яны ляжалі, зашкальвалі нават сцены. Злева, справа і паверх пад імі… Там усіх выселілі, ніводнага хворага… Пад імі і над імі анікога…

Тры дні я жыла ў сваіх маскоўскіх знаёмцаў. Яны мне гаварылі: бяры каструлю, бяры міску, бяры ўсё, што трэба… Я варыла булён з індычкі, на шасцёра чалавек. Шасцёра нашых хлопцаў… Пажарнікаў… З адной змены… Яны ўсе дзяжурылі той ноччу: Вашчук, Кібянок, Ціцянок, Правік, Цішчура. У краме купіла ім усім зубную пасту, шчоткі, мыла. Нічога гэтага ў бальніцы не было. Маленькія ручнічкі купіла… Я здзіўляюся цяпер са сваіх знаёмых, яны, вядома, баяліся, не маглі не баяцца, ужо хадзілі ўсялякія чуткі, але ўсё адно самі мне прапаноўвалі: бяры ўсё, што трэба. Бяры! Як ён? Як яны ўсе? Яны будуць жыць? Жыць… (Маўчыць.) Напаткала тады шмат добрых людзей, я не ўсіх запомніла… Свет звузіўся да адной кропкі… Ушчыльніўся… Ён… Толькі ён… Памятаю пажылую санітарку, якая мяне вучыла: "Ёсць хваробы невылечныя. Трэба сядзець і гладзіць рукі".

Ранічкаю еду на рынак, адтуль да сваіх знаёмых, вару булён. Усё працерці, пакрышыць… Хтосьці прасіў: "Прывязі яблычак". З шасцю паўлітровымі слоічкамі… Заўсёды на шасцёх! У бальніцу… Сяджу да вечара. А ўвечары — зноў на другі канец горада. Наколькі б мяне гэтак хапіла? Але праз тры дні прапанавалі, што можна жыць у гасцініцы для медработнікаў, на тэрыторыі самой бальніцы. Божа, якое шчасце!!

— Але ж там няма кухні. Як я буду ім гатаваць?

— Вам ужо не трэба гатаваць. Іх страўнікі перастаюць успрымаць ежу.

Ён пачаў мяняцца — кожны дзень я сустракала іншага чалавека… Апёкі выходзілі напаверх… У роце, на языку, шчоках — спачатку з'явіліся маленькія болечкі, пасля яны разрасліся… Слаёчкамі злазіла слізістая… Плевачкамі белымі… Колер твару… Колер цела… Сіні… Чырвоны… Шэра-буры… А яно такое ўсё маё, такое любімае! Пра гэта не расказаць! Пра гэта не напісаць!

Я кахала яго! Я не ведала яшчэ, як яго кахала! Мы толькі пабраліся… Ідзём вуліцаю. Падхопіць мяне на рукі і закружыцца. I цалуе, цалуе. Людзі ідуць міма, і ўсе ўсміхаюцца…

Клініка вострай прамянёвай хваробы — чатырнаццаць дзён… За чатырнаццаць дзён чалавек памірае…

У гасцініцы ў першы ж дзень дазіметрысты мяне замервалі. Адзенне, сумка, кашалёк, туфлі — усё "палала". I ўсё гэта тут жа ў мяне забралі. Нават ніжнюю бялізну. Не ўзялі толькі грошы. Узамен выдалі бальнічны халат пяцьдзесят шостага памеру, а тапачкі сорак трэцяга. Адзенне, сказалі, можа, прывязём, а можа, і не, наўрад ці можна будзе яго "адчысціць". У такім выглядзе я і з'явілася перад ім. Спалохаўся: "Божачкі, што з табой?" А я ўсё-такі ўхітралася варыць булён. Ставіла кіпяцільнік у слоік… Туды кідала кавалачкі курыцы… Маленькія-маленькія… Пасля хтосьці аддаў мне сваю каструльку, здаецца, прыбіральшчыца ці дзяжурная гасцініцы. Нехта — дошчачку, на якой я крышыла свежую пятрушку. У бальнічным халаце сама я не магла выбрацца на рынак, нехта мне гэтае зяленіва прыносіў. Але ўсё марна, ён не мог нават піць… Праглынуць сырое яйка… А мне хацелася здабыць што-небудзь смачненькае! Быццам гэта магло памагчы. Дабегла да пошты: "Дзяўчаткі, — прашу, — мне трэба тэрмінова пазваніць маім бацькам у Івана-Франкоўск. У мяне тут памірае муж". Чамусьці яны адразу здагадаліся, адкуль я і хто мой муж, тут жа злучылі. Мой бацька, сястра і брат тым жа днём вылецелі да мяне ў Маскву. Яны прывезлі мае рэчы. Грошы.

Дзевятага мая… Ён заўсёды мне казаў:"Ты не ўяўляеш, якая прыгожая Масква! Асабліва ў Дзень Перамогі, калі салют. Я хачу, каб ты ўбачыла". Сяджу ля яго ў палаце, расплюшчыў вочы:

— Цяпер дзень ці вечар?

— Дзевяць вечара.

— Адчыняй акно! Пачынаецца салют!

Я расчыніла акно. Восьмы паверх, увесь горад перад намі! Букет агню ўскінуўся ў неба.

— Ух ты!

— Я абяцаў табе, што пакажу Маскву. Я абяцаў, што па святах буду ўсё жыццё дарыць кветкі…

Азірнулася — дастае з-пад падушкі тры гваздзікі. Даў медсястры грошы — і яна купіла. Падбегла і цалую:

— Мой адзіны! Любы мой!

Разбурчэўся:

— Што табе кажуць урачы? Няможна мяне абдымаць! Няможна цалаваць!

Мне не дазвалялі яго абдымаць… Але я… Я падымала і саджала яго… Перасцілала пасцелю… Ставіла градуснік і вымала… Прыносіла і выносіла судна… Пра гэта ніхто нічога не гаварыў…

Добра, шго не ў палаце, а ў калідоры… У мяне закружылася галава, я ўхапілася за падаконнік… Міма ішоў урач, ён узяў мяне за руку. I нечакана:

— Вы цяжарная?

— Не-не! — Я гэтак пералякалася, каб нас хто-небудзь не пачуў.

— Не падманвайце, — уздыхнуў ён.

Я так разгубілася, што не паспела нічога ў яго папрасіць. Назаўтра мяне выклікаюць да загадчыцы. — Чаму вы мяне падманулі? — спытала яна.

— Вымушана была. Калі б сказала праўду — адправілі б дадому. Святая хлусня!

— Што ж вы нарабілі!!

— Але я з ім…

Усё жыццё я буду ўдзячна Ангеліне Васільеўне Гуськовай. Усё жыццё!

Іншыя жонкі таксама прыязджалі, але іх ужо не пусцілі. Былі са мной іхнія мамы… Мама Валодзі Правіка ўвесь час прасіла Бога: "Вазьмі лепш мяне".

Амерыканскі прафесар, доктар Гейл… Гэта ён рабіў аперацыю па перасадцы касцявога мозгу… Суцяшаў мяне: надзея ёсць, маленькая, але ёсць. Такі моцны арганізм, такі дужы хлопец! Выклікалі ўсіх яго сваякоў. Дзве сястры прыехалі з Беларусі, брат з Ленінграда, там служыў. Малодшая Наташа, ёй было чатырнаццаць гадоў, вельмі плакала і баялася. Але яе касцявы мозг падышоў лепш за ўсіх… (Змаўкае.) Я ўжо магу пра гэта распавядаць… Раней не магла… Я дзесяць гадоў маўчала… Дзесяць гадоў. (Змаўкае.)

Калі ён даведаўся, што касцявы мозг бяруць у ягонай малодшай сястрычкі, наадрэз адмовіўся: "Я лепей памру. Не чапайце яе, яна маленькая". Старэйшай сястры Людзе было дваццаць восем гадоў, яна сама медсястра, разумела, на што ідзе. "Толькі б ён жыў", — гаварыла яна. Я бачыла аперацыю. Яны ляжалі ўпобачкі на сталах… Там вялікае акно ў аперацыйным зале. Аперацыя доўжылася дзве гадзіны… Як скончылі, Людзе было горш, чым яму, у яе на грудзях васемнаццаць праколаў, цяжка ачуньвала пасля наркозу. I цяпер хварэе, на інваліднасці… Была прыгожая, моцная дзяўчына. Замуж не выйшла… А я тады кідалася з адной палаты ў другую, ад яго — да яе. Ён ляжаў ужо не ў звычайнай палаце, а ў спецыяльнай баракамеры, за празрыстай плёнкай, куды заходзіць не дазвалялася. Там такія спецыяльныя прыстасаванні ёсць, каб, не заходзячы пад плёнку, уводзіць уколы, ставіць катэтар… Але ўсё на ліпучках, на маланках, і я навучылася імі карыстацца… Адсоўваць… I прабірацца да яго… Ля ягонага ложка стаяла маленькае крэселка… Яму стала гэтак блага, што я ўжо не магла адысціся, ні на хвіліну. Клікаў мяне ўвесь час: "Люся, дзе ты? Люсечка!" Клікаў і клікаў… Іншыя баракамеры, дзе ляжалі нашы хлопцы, абслугоўвалі салдаты, бо штатныя санітары адмовіліся, патрабавалі ахоўнага адзення. Салдаты выносілі судна. Праціралі падлогу, мянялі пасцельную бялізну… Усё рабілі… Адкуль там узяліся салдаты? Не пыталася… Толькі ён… Ён… А штодня чую: памёр, памёр… Памёр Цішчура. Памёр Ціцянок. Памёр… Як малатком па цемечку…

Стул дваццаць пяць-трыццаць разоў за суткі. З крывёю і сліззю… Скура пачала трэскацца на руках, нагах… Усё пакрылася пухірамі… Калі ён паварочваў галаву, на падушцы заставаліся пасмачкі валасоў… Я спрабавала жартаваць: "Нават зручна. Не трэба грабеньчыка насіць". Хутка іх усіх падстрыглі. Яго я стрыгла сама. Я ўсё хацела яму рабіць сама. Калі б я магла вытрываць фізічна, дык я усе дваццаць чатыры гадзіны не адыходзілася б ад яго. Мне кожнае хвіліны было шкада… I мінуткі тае было шкада… (Доўга маўчыць.) Прыехаў мой брат і спалохаўся: "Я цябе туды не пушчу!" А бацька кажа яму: "Такую хіба не пусціш? Ды яна ў акно ўлезе! Па пажарнай драбіне!"

Адлучылася… Вяртаюся — на століку ў яго апельсін… Вялікі, не жоўты, а ружовы. Усміхаецца: "Мяне пачаставалі. Вазьмі сабе". А медсястра праз плёначку махае, што няможна гэты апельсін есці. Калі ўжо ля яго нейкі час паляжаў, яго не толькі есці — дакранацца да яго страшна. "Ну, з'еш, — просіць. — Ты ж любіш апельсіны". Я бяру апельсін у рукі. А ён у гэты час заплюшчвае вочы і засынае. Яму ўвесь час давалі ўколы, каб ён спаў. Наркотыкі. Медсястра глядзіць на мяне са страхам… А я? Я гатовая ўсё зрабіць, каб толькі ён не думаў аб смерці… I аб тым, што хвароба ягоная жахлівая, што я яго баюся… Урывак нейкай гаворкі… У мяне ў памяці… Хтосьці ўпрошвае: "Вы павінны не забываць: перад вамі ўжо не муж, не любімы чалавек, а радыеактыўны аб'ект з высокай шчыльнасцю заражэння. Вы ж не самазабойца. Вазьміце сябе ў рукі". А я як ненармальная: "Я яго кахаю! Я яго кахаю!" Ён спаў, я шаптала: "Я цябе кахаю!" Ішла бальнічным дваром: "Я цябе кахаю!" Несла судна: "Я цябе кахаю!" Успамінала, як мы з ім раней жылі… У нашым інтэрнаце… Ён засынаў уначы толькі тады, як возьме мяне за руку. У яго была такая звычка: у сне трымаць мяне за руку… Усю ноч…

А ў бальніцы я вазьму яго за руку і не адпускаю…

Ноч. Цішыня. Мы адны. Паглядзеў на мяне дапытліва-дапытліва і раптам кажа:

— Надта хачу ўбачыць наша дзіцятка. Якое яно?

— А як мы яго назавём?

— Ну, гэта ўжо ты сама прыдумаеш…

— Чаму я сама, калі нас двое?

— Тады, калі народзіцца хлопчык, хай будзе Вася, а калі дзяўчынка — Наташка.

— Чаму гэта Вася? У мяне ўжо ёсць адзін Вася. Ты! Мне другога не трэба.

Я яшчэ не ведала, як я кахала яго! Ён… Толькі ён… Як сляпая! Нават не адчувала штуршкоў пад сэрцам… Хоць была ўжо на шостым месяцы… Я думала, што ён унутры ўва мне, мой маленькі, і ён абаронены, ахаваны…

Пра тое, што начую ў яго ў баракамеры, ніхто з урачоў не ведаў. Не здагадваўся… Пускалі мяне медсёстры. Па першым часе таксама ўгаворвалі: "Ты — маладая. Што ты надумала? Гэта ўжо не чалавек, а рэактар. Згарыце разам". Я, як сабачка, бегала за імі… Гадзіны навылёт стаяла пад дзвярыма. Прасіла-ўмольвала… I тады яны: "Чорт з табой! Ты — ненармальная!" Ранічкою, за колькі хвілін да васьмі гадзін, калі пачынаўся ўрачэбны абыход, паказваюць мне праз плёнку: "Уцякай!" На гадзінку збегаю ў гасцініцу. А з дзевяці раніцы да дзевяці вечара ў мяне пропуск. Ногі ў мяне да каленяў пасінелі, распухлі, гэтак я стамлялася…

Пакуль з ім я… Гэтага не рабілі… Але, як адыходзілася, яго фатаграфавалі… Адзення аніякага. Голы. Адна танюсенькая прасцінка поверх. Я штодня мяняла гэтую прасцінку, а да вечара яна ўся ў крыві. Падымаю яго, і ў мяне на руках застаюцца шматочкі ягонай скуры, прыліпаюць. Прашу: "Любенькі! Дапамажы мне! Абапрыся на руку, на локаць, як можаш, каб я табе пасцель разгладзіла, не пакінула наверсе шва, складачкі". Любы рубчык — гэта ўжо рана на ім. Я зразала сабе пазногці да крыві, каб незнарок не драпануць яго. Ніхто з медсясцёр не мог падысці, дакрануцца, калі што-небудзь трэба было, клічуць мяне. I яны фатаграфавалі… Гаварылі, для навукі… А я ўсіх бы іх павыганяла адтуль! Крычала б! Біла! Як яны могуць! Усё маё… Усё любімае… Калі б я магла іх туды не пусціць! Калі б… Выйду з палаты ў калідор… I іду проста на сцяну, на канапу, бо не бачу іх. Кажу дзяжурнай сястры: "Ён памірае". Яна мне адказвае: "А што ты хочаш? Ён атрымаў тысячу шэсцьсот рэнтгенаў, а смяртэльная доза чатырыста. Ты сядзіш ля рэактара". Усё маё… Усё любімае…

Калі яны ўсе памёрлі, у бальніцы зрабілі рамонт… Сцены абдзіралі, узарвалі паркет і вынеслі… сталярку…

Далей… Апошняе… Памятаю ўспышкі… Абрыў…

Ноч сяджу ля яго на крэселку… У восем раніцы: "Васечка, я пайду. Я трошкі адпачну". Расплюшчыў і заплюшчыў вочы — адпусціў. Толькі дайду да гасцініцы, да свайго пакоя, лягу на падлогу, на ложку ляжаць не магла, гэтак усё балела, як ужо стукае санітарка: "Ідзі! Бяжы да яго! Кліча нясцерпна!" А той раніцаю Таня Кібянок мяне вельмі прасіла, умольвала: "Паедзем са мной на могілкі. Я без цябе не змагу". Той раніцаю хавалі Віцю Кібянка і Валодзю Правіка… З Віцем яны былі сябрукі… Мы дружылі сем'ямі… За дзень да выбуху разам сфатаграфаваліся ў нас у інтэрнаце. Такія яны, нашы мужы там прыгожыя! Вясёлыя! Апошні дзень нашага таго жыцця… Такія мы шчаслівыя!

Вярнулася з могілак, хуценька званю на пост медсястры: "Як ён там?" — "Пятнаццаць хвілін назад памёр". Што? Я ўсю ноч у яго Толькі на тры гадзінкі адлучылася! Стала ля акна і крычала: "Чаму? За што?" Глядзела на неба і крычала… На ўсю гасцініцу… Да мяне баяліся падысці… Апамяталася: апошні разок яго пабачу! Пабачу

Скацілася з прыступак… Ён ляжаў яшчэ ў баракамеры, не забралі… апошнія словы ягоныя: "Люся! Люсечка!" — "Толькі што адышлася. Зараз прыбяжыць", — супакоіла медсястра. Уздыхнуў і аціх…

Ужо я ад яго не адарвалася… Ішла з ім да труны… Хоць запомніла не саму труну, а вялікі поліэтыленавы пакет… Гэты пакет… У моргу спыталіся: "Хочаце, мы пакажам вам, у што яго апранем". Хачу! Апранулі ў парадную форму, фуражку наверх на грудзі паклалі. Абуць не абулі, не падабралі абутку, бо ногі распухлі… Парадную форму таксама разрэзалі, нацягнуць не маглі, цэлага цела ўжо не было… Усё — рана… У бальніцы апошнія два дні… Падыму яго руку, а косць хістаецца, матляецца косць, цела ад яе адышло… Крупінкі лёгкага, крупінкі печані ішлі праз рот… Захліпаўся сваімі вантробамі… Абкручу руку бінтом і засуну яму ў рот, усё гэта з яго выграбаю… Пра гэта немагчыма расказаць! Пра гэта немагчыма напісаць! Гэта ўсё такое роднае… Такое любімае… Ніводзін памер абутку нельга было нацягнуць… Паклалі ў труну босага…

На маіх вачах… У параднай форме яго засунулі ў цэлафанавы мех і завязалі… I гэты мех паклалі ўжо ў драўляную труну… А труну яшчэ адным мехам абвязалі… Цэлафан празрысты, але тоўсты, як цырата… I ўжо ўсё гэта памясцілі ў цынкавую труну… Уціснулі… Адна фуражка наверсе засталася…

З 'ехаліся ўсе… Ягоныя бацькі, мае бацькі… Купілі ў Маскве чорныя хусткі… Нас прымала надзвычайная камісія. I ўсім гаварылі адно і гое ж, што аддаць вам целы вашых мужоў, вашых сыноў мы не можам, яны вельмі радыеактыўныя і будуць пахаваны на маскоўскіх могілках асаблівым чынам. У запаяных цынкавых трунах, пад бетоннымі плітамі. I вы павінны гэты дакумент падпісаць… Калі хто-небудзь абураўся, хацеў павезці труну на радзіму, яго пераконвалі, што яны, маўляў, героі і цяпер сям'і ўжо не належаць. Яны ўжо дзяржаўныя людзі… належаць дзяржаве.

Селі ў катафалк… Сваякі і нейкія вайсковыя людзі. Палкоўнік з рацыяй… Па рацыі перадаюць: "Чакайце нашых загадаў! Чакайце!" Дзве ці тры гадзіны калясілі па Маскве, па кругавой дарозе. Зноў у Маскву вяртаемся… Па рацыі: "На могілкі ўезд не дазваляем. Могілкі атакуюць замежныя карэспандэнты. Яшчэ пачакайце". Бацькі маўчаць… Хустка ў мамы чорная… Я адчуваю, што трачу прытомнасць Са мной істэрыка: "Чаму майго мужа трэба ад некага хаваць? Ён — хто? Забойца? Злачынца? Крымінальнік? Каго мы вязём на могілкі?" Мама: "Ціха, ціха, дачушка". Гладзіць мяне па галаве… Палкоўнік перадае: "Дазвольце следаваць на могілкі. З жонкай істэрыка". На могілках нас абкружылі салдаты… Ішлі пад канвоем… I труну неслі… Нікога не пусцілі… Адны мы былі… Засыпалі ўмомант. "Хутка! Хутка!" — камандаваў афіцэр. Нават не далі труну абняць… I — адразу ў аўтобусы… Усё крадком…

Умомант купілі і прынеслі зваротныя білеты… На наступны дзень. Увесь час з намі быў нейкі чалавек у цывільным, з вайсковай выпраўкай, не дазволіў нават выйсці з гасцініцы і купіць што-небудзь на дарогу. Барані Бог, каб мы з кім-небудзь загаварылі, асабліва я Быццам я тады магла гаварыць, я ўжо нават плакаць не магла. Дзяжурная, як мы выходзілі, пералічыла ўсе ручнікі, усе прасціны… туі жа іх складвалі ў поліэтыленавы мех. Напэўна, спалілі… За гасцініцу мы самі заплацілі… За чатырнаццаць сутак…

Клініка прамянёвай хваробы — чатырнаццаць сутак… За чатырнаццаць сутак чалавек памірае…

Дома я заснула. Зайшла ў хату і павалілася на ложак. Спала я трое сутак… Прыехала "Хуткая дапамога". "Не, — сказаў урач, — яна не памёрла. Яна прачнецца. Гэта такі страшны сон".

Мне было дваццаць тры гады…

Я памятаю сон… Прыходзіць да мяне мая бабуля-нябожчыца, у тым адзенні, у якім мы яе пахавалі. I прыбірае ёлку. "Бабуля, чаму ў нас ёлка? Цяпер жа лета?" — "Гэтак трэба. Хутка твой Васечка да мяне прыйдзе. А ён вырас сярод лесу". Я памятаю сон… Вася прыходзіць у белым і кліча Наташу. Нашу дзяўчынку, якую я яшчэ не нарадзіла. Яна ўжо вялікая. Падрасла. Ён падкідвае яе пад столь, яны смяюцца… А я гляджу на іх і думаю, што шчасце — гэта так проста. Я сню… Мы брыдзём з ім па вадзе. Доўга-доўга ідзём… Прасіў, напэўна, каб я не плакала… Даваў знак. Адтуль…Зверху… (Заціхае надоўга.)

Праз два месяцы я прыехала ў Маскву. З вакзала — на могілкі Да яго! I там на могілках у мяне пачаліся патугі… Толькі я з ім загаварыла… Выклікалі "хуткую"… Раджала я ўтойжаАнгеліныВасільеўны Гуськовай. Яна мяне яшчэ тады папярэджвала: "Раджаць прыязджай да нас". На два тыдні раней часу нарадзіла…

Мне паказалі… Дзяўчынка… "Наташачка, — паклікала я. — Тата назваў цябе Наташачкай". З выгляду здаровае дзіцятка. Ручкі, ножкі… А ў яе цыроз печані… У печані — дваццаць восем рэнтгенаў… прыроджаны парок сэрца… Цераз чатыры гадзіны сказалі, што дзяўчынка памёрла… I зноў, што мы вам яе не аддадзім! Як гэта не аддасцё? Гэта я вам яе не аддам! Вы хочаце яе забраць для навукі, а я ненавіджу вашу навуку! Ненавіджу! Яна забрала ў мяне спачатку яго, а цяпер яшчэ хоча… Не аддам! Я пахаваю яе сама. Побач з ім… (Маўчыць.)

Усё не тыя словы я кажу… Не такія… Нельга мне крычаць пасля інсульту. I плакаць няможна. Таму і словы не такія… Але скажу… Яшчэ ніхто не ведае… Калі я не аддала ім сваю дзяўчынку… Нашу дзяўчынку… Тады яны прынеслі мне драўляную скрыначку: "Яна — там". Я паглядзела… Яе спавілі… Яна у пялёнках… I тады я заплакала: "Пакладзіце яе ў яго ў нагах. Скажыце, што гэта наша Наташачка".

Там, на магілцы, не напісана: Наташа Ігнаценка… там толькі ягонае імя… Яна ж была без імя, без анічога…

Я прыходжу да іх заўсёды з двума букетамі: адзін — яму, другі — у куточку кладу ёй. Поўзаю ля магілы на каленях… Заўсёды на каленях…

… У Кіеве мне далі кватэру. У вялікім доме, дзе цяпер жывуць усе, хто з атамнай станцыі. Кватэра вялікая, двухпакаёвая, пра якую мы з Васем марылі. А я вар'яцела ў ёй! У кожным куце, куды ні зірну — усюды ён… Пачала рамонт, абы не сядзець, абы не думаць. I гэтак два гады… Сню сон… Мы ідзём з ім, а ён ідзе басанож… "Чаму ты заўсёды неабуты?" — "Бо ў мяне нічога няма". Пайшла ў царкву… Бацюшка мяне навучыў: "Трэба купіць тапачкі вялікага памеру і пакласці каму-небудзь у труну. Напісаць запіску — што гэта яму". Я гэтак і зрабіла… Прыехала ў Маскву і адразу — у царкву. У Маскве я да яго бліжэй… Ён там ляжыць, на Міцінскіх могілках… Апавядаю служку, што да чаго, што мне трэба тапачкі перадаць. Пытаецца: "А вядома табе, як гэта рабіць трэба?" Растлумачыў… Тут якраз унеслі ў царкву адпяваць нейкага дзядулю. Я падыходжу да труны, падымаю накідачку і кладу туды тапачкі. "А запіску ты напісала?" — "Але, напісала, але не сказала, на якіх могілках ён ляжыць". — "Там яны ўсе ў адным свеце. Знойдуць яго".

У мяне ніякага жадання да жыцця не было. Уначы стаю ля акна, гляджу на неба: "Васечка, што мне рабіць? Я не хачу без цябе жыць". Удзень іду міма дзіцячага садка, прыпынюся і стаю… Глядзела б ды глядзела на дзяцей… Я вар'яцела! I пачала па начах прасіць: "Васечка, я нараджу дзіцятка. Я ўжо баюся быць адной. Не вытрываю болей, Васечка!!" А другім разам гэтак папрашу: "Васечка, мне не трэба мужчыны. Лепшага за цябе для мяне няма. Я хачу дзіцятка".

Мне было дваццаць пяць гадоў…

Я знайшла мужчыну… Я ўсё яму адкрыла. Усю праўду. Мы сустракаліся, але я ніколі яго да сябе ў хату не клікала. У хату не магла. Там — Вася…

Рабіла я кандытарам… Ляплю торт, а слёзы коцяцца… Я не плачу, а слёзы коцяцца… Адзінае, аб чым дзяўчатак прасіла: "Не шкадуйце мяне. Будзеце шкадаваць, я сыду". Я хацела быць, як усе…

Прынеслі мне Васеў ордэн… Чырвонага колеру… Я глядзець на яго доўга не магла… Слёзы коцяцца…

… Нарадзіла хлопчыка. Цяпер у мяне ёсць хтосьці, кім я дыхаю і жыву. Ён усё-ўсё разумее: "Мамачка, калі я паеду да бабулі на два дні, ты дыхаць зможаш?" Не змагу! Баюся на дзянёк з ім разлучыцца. Мы ішлі па вуліцы… I я, адчуваю, валюся… Тады мяне разбіў інсульт… Там, на вуліцы… "Мамачка, табе вадзічкі даць?" — "Не, ты стой ля мяне. Нікуды не адыходзься". I ўхапіла яго за руку. Далей не памятаю… расплюшчыла вочы ў бальніцы… Але гэтак яго ўхапіла, што ўрачы ледзь расціснулі мае пальцы. У яго рука доўга была сіняя. Цяпер выходзім з дому: "Мамачка, толькі не хапай мяне за руку. Я нікуды ад цябе не пайду". Ён таксама хварэе: два тыдні ў школе, два дома з урачом. Вось гэтак і жывём. Баімся адно за аднаго. А ў кожным куточку Вася. Яго фатаграфіі… Начамі з ім размаўляю і размаўляю…

Жывуць побач са мной усе станцыйнікі, як мы кажам, вахтавікі. Усё жыццё на атамнай станцыі прарабілі. Дагэтуль ездзяць туды на вахту. У многіх цяжкія захворванні, інваліднасці, але станцыю не кідаюць. Дзе і каму сёння яны патрэбныя? Шмат памірае. Раптоўна. Сядзеў на лавачцы — і зваліўся. Выйшаў, чакаў аўтобуса — і як падкошаны. Яны паміраюць, але іх ніхто па-сапраўднаму не распытаў. Аб тым, што мы перажылі… Аб смерці людзей не хочуць слухаць. Аб страшным…

Але я вам распавядала пра любоў… Як я кахала".

Людміла Ігнаценка, жонка загінуўшага пажарніка Васіля Ігнаценкі


Загрузка...