Радкі-вадалазы


ПАВУК

Гэта вялізны павук, што не ходзіць;

галава і жывот, голае цела —

усё крывяніць, бо ўсё яму шкодзіць.

Зблізку бачыў. Цяжка яму, ён хоча

ўсё ж працягнуць незлічоныя лапы

ва ўсе бакі, хоча абавязкова.

Падумаў пра нябачныя вочы,

пілоты фатальныя павуковы.

Гэта павук, ён дрыжэў палахліва,

стаяў на лёзах камення цвярдога;

з аднаго боку жывот велічэзны,

непамысная галава — з другога.

Гэта вялізны павук, у маруды

жывот галаве рухацца замінае.

Падумаў пра вочы сляпыя, без шалу,

пра незлічоныя ногі няўклюды...

Шкада мне, шкада вандроўніка стала!


ВАВІЛОН

Салодкі дом, васковы дом, без стылю

адразу збудаваны, маналітна.

Яна, бывае, ў гэтым доме ходзіць,

псуе і папраўляе; кажа скрытна:

“Прытулак гожы; толькі тут, як бачым!”

А то ўзрываецца парою плачам!


ПАЛОМНІЦТВА

Мы праходзім. Сон пяшчотна

ліжа пяткі нашых ценяў,

а наўкола ўсё з памкненяў

бледных, горкіх адрачэнняў.

Мы праходзім. Душы мёртвых,

як і мы, прайшлі каханнем,

іх апалавыя крокі

з хваравітым нараканнем,

нас, выходзячы ў жалобе,

працінаюць хваляваннем.

Любая, хадзем да краю,

дзе апошні жвір чакае.

I крыло ідзе цнатліва,

як па маслу, ды раптоўны

ўдар спыняе рух няспынны

і сцвярджае паратоўны

смутак кожнае слязіны.

I салдат вялізны мае

раны, а не эпалеты

і мужнее днём геройскім,

і салдат рагоча гэты

і паказвае, як гуньку,

мозг Жыцця, агнём адпеты.

Разам мы. Ступае з намі

і Святло, каб не спыніцца,

дзе на могілках лілеі

бралі колер у гарчыцы.


ЦЕСНАЯ ЛОЖА

Бліжэй, бліжэй. Мне гэтак добра як ніколі.

Вось дождж, ён абмяжоўвае бязмежжа.

Пасунь жа ножку, ну пасунь паволі.

Дакуль заслону не падымуць рукі,

падобныя на парасткі ажыны?

Бач, іншым зручна, як іконы, селі.

Бліжэй, бліжэй! Няхай далей чужыя!

Дождж. Карабель другі ўжо з грузам крэпу

сягоння пройдзе, развярэдзіць рану,

а чорны будзе, як дэфармаваны

сасок, шго вырваў нехта ў сфінкса зману.

Бліжэй, бліжэй. Ты ўся каля адхону,

і мора цягне карабель зацята.

Як сімвал, нерухомая заслона...

Сядай замест мяне! I гнеўна выкінь

мяне, нібыта ў чорных ружах свята.

I шум маёй адмовы ўзрушыць грудзі,

і нітка вечнасці крывяніць будзе.

А мне і гэтак добра як ніколі, —

пасунь жа ножку, ну пасунь паволі!


Загрузка...