МАКСІМ ТАНК
ДЗЁННІКІ
(1960-1979)
1960
8.І. Зноў званіў у Варшаву. Любаша з дзяўчатамі збіраецца наведаць Кракаў, Паронін, Закапанэ. Відаць, імі заапекавалася наша старая сяброўка — Э. Арлоўская.
Прачытаў зборнік вершаў К. Кірэенкі «Светлая хваля». Зборнік вельмі слабы. Вершы рытарычныя, хадульныя, надуманыя. I паэту, відаць, пісаць іх было цяжка, і чытачу цяжка чытаць.
20.ІІІ. Шамякін, Брыль, Бачыла і я ездзілі на літаратурныя вечары ў Карэліцкі раён. Неспадзявана сустрэў хлопцаў з Кальчыц, дзе ў 1932-1933 гг. працаваў у падполлі, і гаспадара канцавой хаты Карлюка, у якой была наша яўка, праводзіліся партыйныя нарады і я не раз знаходзіў прытулак.
Павел Ахрыменка надрукаваў у «Литературной газете» рэцэнзію на мой украінскі зборнік і беспадстаўна абвініў В. Шведа за тое, што той недакладна пераклаў мой верш «У маршы». А вінават не перакладчык, бо ў апошняй рэдакцыі для двухтомніка я выправіў некаторыя радкі. I таму так атрымалася.
7.V. Заходзіў Я. Малец, з якім я калісьці сядзеў на Лукішках. Да позняй ночы ўспаміналі сваіх аднапалчан. 3 Латвіі атрымаў свой зборнік, перакладзены Я. Плотнексам. Зборнік хораша аформлены. Трэба будзе падзякаваць і перакладчыку і выдаўцам.
15.VI. Лячу ў Маскву. Нейкая няспраўнасць матора, і самалёт наш быў змушаны прызямліцца на запасным падмаскоўным аэрадроме. Праз пару дзён у складзе дэлегацыі СП адлятаю ў Італію. Вечарам наведаў выстаўку «Мастацтва РСФСР». Перад сном прачытаў Праект праграмы «Еўрапейскага згуртавання пісьменнікаў», якое ставіць сабе за мэту «Садзейнічанне цеснаму супрацоўніцтву еўрапейскіх пісьменнікаў па ўсіх праблемах маральнага і практычнага характеру» і г. д. Прызнацца, я не ўпэўнены ў жыццяздольнасці падобнай арганізацыі. Ну, там пабачым.
Усе, здаецца, будзем жыць у рымскай гасцініцы «Плаза», побач са славутай Плошчай Іспаніі.
Нешта замарудзілі з афармленнем маіх дакументаў. Нарэшце размясціліся ў вялізарным, напалову пустым ТУ. Ляцім на вышыні 9 тысяч метраў. За бортам самалёта — мінус 45. Разам з намі нейкія грузінскія ці армянскія свяшчэннікі. На кароткі час прызямліліся ў Парыжы. Гарачыня. Толькі вечарам прыляцелі ў Рым. Спаць не хацелася, і мы ўсе пайшлі блукаць па ўтульных і маляўнічых вуліцах і завулках вечнага горада. Разам з усімі і я на шчасце кінуў у фантан Трэві некалькі дробных манет. Фурманкай рамізніка паехалі на вячэру да Вігарэлі, які сёння замочваў сваю літаратурную прэмію.
19.VI. Рана ўстаў. Нат удалося з багамольцамі пабываць у базыліцы Святых Пятра і Паўла. Многія чэшскія, славацкія пісьменнікі, з якімі пазнаёміўся ў Рыме, на Кангрэс прыехалі на сваіх машынах.
20.VI. Сёння цэлы дзень засядалі. Старшынстваваў М. П. Бажан. Найбольш цікавымі былі выступленні Енджэеўскага, міністра культуры графа Антонi. Старшынёй выбралі Вігарэлі. Заўтра, калі будзе час, трэба б схадзіць на два фільмы: «Салодкае жыццё» і «Пакуты Жанны д’Арк».
22.VI. Былі на прыёме ў графа П'ёвене і яго жонкі — самай багатай жанчыны ў Італіі. П'ёвене не раз гасціў у Савецкім Саюзе, а ў Усурыйскай тайзе паляваў на тыграў, пра што зараз ніша кнігу.
Калі вярталіся ў гасцініцу, вецер пераганяў над горадам рэдкія аблокі, з якіх марасіў дождж; ля фантана на плошчы Іспаніі ігралі бітлы, гандлявалі рознымі самаробнымі сувенірамі. У газетах стрыманыя каментарыі аб выступленні на Канграее М. П. Бажана, які гаварыў аб небяспецы реваншызму, фашызму ў Заходняй Германіі.
23.VІ. Едзем у Фларэнцыю. За вокнамі вагона мігцяць палі кукурузы, бабкі аўса, ячменю. Спыніліся ў гасцініцы «Янінгса Рацыолі». Амаль цэлы дзень правялі ў галерэі Уфіцы: Леанарда, Перуджыа, Дзюрэр, Гранах, Беліні, Цінтарэта, Рэмбрандт, Каналета, Караваджыа, Рубенс. Аж не хацелася вяртацца з гэтай казачнай краіны да нашай трывожнай рэчаіснасці, з неабсяжных вяршынь мастацтва — на нашу грэшную зямлю.
Накоратка спыніліся ля дома, у якім калісьці жыў Ф. Дастаеўскі.
24.VI. Устаў разбуджаны касцельнымі званамі. I так, заўтра на «Каравеле» вяртаемся ў Маскву. Чытаю апошні нумар «Альманаха», у якім дяецца ацэнка творчасці А. Кулакоўскага. Баюся, што зноў яго будуць у нас цягаць па розных дырэктыўных уставовах. Як усё гэта дакучыла! А тым часам усе больш і больш наша літаратура здае і здае свае пазіцыі. У нас шмат «млыноў круцяць жорны, хоць у іх і няма зярнят» (Ф. Марыяк).
30.VI. Вярнуўся з Італіі з кангрэсу Асацыяцыі еўрапейскіх пісьменнікаў. Рым, Фларэнцыя. Шкада, што шмат часу занялі пасяджэнні і мала часу было на знаёмства з гэтымі старажытнымі гарадамі, музеямі, карціннымі галерэямі, архітэктурнымі помнікамі. Прызнацца, я не асабліва веру ў гэту асацыяцыю, што яна нам паможа аднавіць ранейшыя творчыя кантакты. Падзяліўся я гэтаю думкай і з Міколам Бажаном, які ўзначальваў нашу дэлегацыю. «Пакуль што, — адказаў ён, — другіх кантактаў у нас няма».
8.ІХ. У 17 гадзін 10 мінут ад перона Мінскага вакзала пачынае кратацца калінінградскі цягнік.
Пакуль вагоны набіраюць разбег, чуваць, як услед нам ляцяць развітальныя воклічы праважаючых. За густой сеткай дажджу хутка прамільгнулі знаёмыя контуры прывакзальных дамоў, а калі мінулі прыгарады — насустрач пайшлі зялёныя лугі і пералескі.
I вось мы едзем у Калінінград, адтуль па моры — у Нью-Йорк, на 15-ю сесію Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ужо ў дарозе мы дачуліся, што на параходзе, на якім паплывём, будзе і Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў.
У купэ нас двое: рэдактар «Камуніста Беларусі» Я. I. Качан і я. Неяк хутка надышоў вечар. Леглі спаць — не спіцца. Успамінаем розныя сустрэчы, супольных знаёмых. Якаў Іосіфавіч партызаніў на Гродзеншчыне. Ён ведаў майго старога друга па падпольнай працы ў Заходняй Беларусі Паўла Адынца, які загінуў, прарываючыся праз варожае акружэнне. Ведаў і Міхася Васілька, пра смерць якога мы перад самым нашым ад’ездам атрымалі сумную вестку.
Міхась Васілёк — адзін з тых нашых пісьменнікаў, якім прыходзілася пачынаць сваю літаратурную вучобу і працу ва ўмовах белапанскага прыгнёту. Мы з ім у 1936 годзе разам уступілі ў партыю. Да гэтага ён працаваў у «Грамадзе», друкаваўся ва ўсіх легальных камуністычных і прагрэсіўных газетах і часопісах. Ён быў паэтам, які не вельмі ярка вылучаўся сваёй арыгінальнасцю, але разбудзіў многіх сваімі простымі і шчырымі вершамі. Ён быў той магнітнай стрэлкай компаса, якая ў змрочныя ночы панскай няволі памагала многім знайсці сваю дарогу.
Па шыбах няспынна сячэ буйны дождж.
Добра, што я захапіў з сабою цэлы ахапак непрачытаных часопісаў, газет. Відаць, іх хопіць аж да самага Нью-Йорка.
Нат не заўважыў, калі прыехалі ў Вільнюс, горад, з якім у мяне даўняя дружба і паўз які я ніколі не магу праехаць не павітаўшыся. Эх, які вецер!
А мне і ў такое надвор’е прыемна пастаяць на гэтым пероне, праз які столькі разоў праходзіў то з торбай вясковых сухароў і школьных падручнікаў, то з пачкам камуністычнай нелегальнай літаратуры.
9.ІХ. Калінінград. Пачынае світаць. Адны пайшлі шукаць свежых газет, другія — выпіць шклянку чаю. Я пайшоў галіцца. Ад вакзальнага цырульніка, які доўга скроб мяне (галіў не спяшаючыся, бо яшчэ не было кліентаў), пачуў пра надвор’е і пра ўраджай у вобласці, пра рыбную лоўлю, адбудову горада і нават рыначныя цэны.
Магчыма, што я сваёй цярплівасцю заваяваў сімпатыю і давер цырульніка, бо ён падзяліўся са мною і самай важнай навіной:
— Вы заўважылі, як горад упрыгожаны сцягамі, транспарантамі? Усе рыхтуюцца сустракаць Мікіту Сяргеевіча, які сёння прылятае ў Калінінград. Вы гэта ведаеце? Ну, як я вас пагаліў, не парэзаў?
I хоць я ў душы праклінаў сябе, што ў такі ўрачысты дзень неасцярожна даверыў бараду такому скуралупу, усё ж падзякаваў яму і хутчэй пайшоў да вагона. Неўзабаве выгрузілі багаж і аўтобусам паехалі ў Балтыйск. Спыніліся ў гасцініцы. Шкада, што не было ў нас часу пазнаёміцца з горадам. Пасля абеду мы толькі паспелі забегчы ў аптэку купіць ад марской хваробы аэрон і вярнуліся ў Калінінград. Тут мы сустрэлі К. Т. Мазурава, убачылі членаў украінскай дэлегацыі на чале з М. В. Падгорным, дэлегацыі Балгарыі, Венгрыі, Румыніі, тт. Тодара Жыўкава, Янаша Кадара і Г. Георгіу-Дэж.
Калінінград у гэты дзень выглядаў па-святочнаму. Дзесяткі тысяч яго жыхароў з жывымі кветкамі, з транспарантамі запоўнілі вуліцы, якія вялі да аэрапорта.
Толькі пад вечар мы зноў прыехалі ў Балтыйск. Апошнія мінуты развітання. Матросы, жанчыны, моладзь, дзеці прыветна махаюць шапкамі, хусткамі, рукамі. Вось наша прыгажуня «Балтыка» адыходзіць ад пірса. Усё шырэй паласа цёмнай марской вады, якая аддзяляе нас ад берага, ад горада, дзе пачынаюць загарацца вячэрнія ліхтары.
А вецер усё мацнеў, рэзка гайдаючы корпус парахода. Недзе паляцелі талеркі, нешта разбілася. Некаторыя з дэлегатаў пайшлі па аэрон. Але і ён ужо не памагаў. Не ўсе змаглі вытрымаць да канца вячэры. За сталамі віднелася шмат пустых месц. Засталіся толькі найбольш вынослівыя, у тым ліку і члены нашей беларускай дэлегацыі. Мікіта Сяргеевіч жартаваў з украінскіх сяброў:
— Не вытрымалі. А яшчэ марская дзяржава!
11.IX. Кожны дзень мы на гадзіну назад пераводзім стрэлкі сваіх гадзіннікаў. Стрэлкам нічога. А я не магу прызвычаіцца да новага распарадку і ўстаю на 2-3 гадзіны раней за астатніх.
Сёння наглядаў, як уздымалі на мачце сцяг Старшыні Савета Міністраў СССР. Над морам — лёгкі туман. Як два шэрыя паплаўкі, увесь час на адной адлегласці ад нас плывуць вартавыя эсмінцы. Часамі яны знікаюць за белагрывымі хвалямі Паўночнага мора. Быццам «клюнула» і пацягнула іх на дно нейкая вялізная рыбіна. Але вось яны зноў паказваюцца з-за хваль… Ужо даўно зніклі берагі праліваў. Толькі час ад часу праплываюць міма сустрэчныя параходы, ахрыплымі ад ветру галасамі вітаюць «Балтыку».
Турбаэлектраход «Балтыка» на акіянскія маштабы — невялікі карабель. Водазмяшчальнасць — усяго якіх 8 тысяч тон. Пабудаваны ён быў на адной заходнееўрапейскай верфі. Плавае ўжо больш за 20 год. Але выглядае яшчэ досыць молада і прыгожа. Гэтыя кароткія біяграфічныя звесткі пра «Балтыку» даў адзін з членаў каманды, які знаёміў нас з караблём, паказваў усе механізмы, а потым завёў на капітанскі мосцік, адкуль відаць быў бясконцы, суровы, непаўторны ў сваім харастве марскі прастор.
Пад вечар мы ўвайшлі ў Ла-Манш. Мора крыху паспакайнела, але ўсё роўна яшчэ нельга стаяць на насавой частцы, якую заліваюць белагрывыя хвалі. У такі час толькі трымаючыся за канаты можна прайсці па слізкай, як лёд, палубе.
Я гляджу на мора і думаю: а ці ўдасца вылавіць якую тэму? Столькі тут рыбачыла нашага брата! Толькі з Беларусі за апошнія гады не раз пабывалі тут Лынькоў, Глебка, Броўка, Панчанка… I хіба пасля іх тут магло што астацца? Але мора ёсць мора! I я з надзеяй углядаюся ў яго далячынь.
12.IX. Ноч. Прайшлі Ла-Манш. Справа ўзвышаюцца берагі Англіі. Чуецца больш магутны подых, подых акіяна, ад якога яшчэ мацней пачынае хістацца наша «Балтыка». Некалькі разоў амаль над самымі мачтамі пранесліся англійскія самалёты, з якіх фатаграфавалі наш карабель.
Сёння развіталіся з нашымі эсмінцамі, якія павярнулі назад, дамоў. Доўга мы глядзелі ўслед, пакуль яны не зніклі за небасхілам. Паслалі дамоў бадзёрыя тэлеграмы: «Прывітанне з Атлантыкі». А ад гэтай Атлантыкі многія ледзь трымаюцца на нагах. Парадзела і за абедзенным сталом, цяпер нас пяцёра. Я з цікавасцю прыглядаюся да сваіх суседзяў. А. А. Салдатаў, пасол СССР у Англіі, чалавек ураўнаважаны, спакойны. Аб’ездзіў ён амаль увесь свет. Добра ведае Азію, Афрыку, Аўстралію. Да таго — удалы расказчык і субяседнік. Сусед мой, М. І. Кучава, першы намеснік старшыні Савета Міністраў і міністр замежных спраў Грузінскай ССР, чалавек на выгляд вельмі маўклівы, як гэта мне здаецца. Цэлымі днямі ён сядзіць над матэрыяламі — трэба прачытаць дзесяткі розных даведак, дакументаў, зводак. Як заўсёды, найбольшае ажыўленне ўносілі жанчыны. Але іх, як вядома, у двух словах не ахарактарызуеш. Таму я абмяжуюся анкетнымі дадзенымі. А. Р. Бондар, намеснік міністра вышэйшай асветы УССР, жанчына энергічная, валявая. Яна ўжо ў тым узросце, калі вельмі цяжка адгадаць, колькі год мае жанчына. У часы Айчыннай вайны яна партызаніла ў Беларусі, якую палюбіла ўсім сэрцам і дзе ў яе шмат сяброў. Л. С. Чаркасава — чалавек навукі, вельмі сардэчны і спагадлівы таварыш. За ўсіх яна непакоіцца, перажывае. Гэтыя цудоўныя якасці яе характеру вельмі пасуюць той сяброўскай атмасферы, якая ўсталявалася між усімі… Пяты за нашым круглым сталом быў аўтар гэтых радкоў. Я, відаць, быў самы нудны субяседнік, бо па сваёй прафесійнай звычцы заўсёды стараўся больш слухаць і ўвогуле пераканаўся, што пісьменнікі ў сваёй большасці — нецікавыя субяседнікі. У гаворцы яны самае істотнае пакідаюць для сваіх будучых твораў. Асцерагаюцца, каб нейкая цікавая гісторыя ці эпізод з жыцця потым не перакачавалі ў верш ці ў паэму твайго субяседніка. Было ж неяк з Ул. Маякоўскім: аднойчы ён, размаўляючы са сваёй спадарожніцай, сказаў, што ён «не мужчына, а воблака ў штанах», а потым непакоіўся — хаця б яна не разбазарыла гэтых слоў, якія яму праз пару год прыдаліся да паэмы. Ну, я, здаецца, не ўтрымаўся ў рамках анкетных дадзеных, калі загаварыў пра сябе.
13.IX. Праўду кажа старая прыказка: у мора пагоды многа. Вось і сягоння: раніцой было досыць спакойна, а пад вечар разгуляўся сямібальны шторм. Гэта ўжо не такі малы шторм для нашай «Балтыкі». Каб не зляцелі талеркі, шклянкі, бутэлькі, да сталоў прымацаваны спецыяльныя абручы. На буфеце да гэтага часу спакойна стаяла чучала пінгвіна, а сёння і гэты былы жыхар арктычных вод ляжыць на баку і пакачваецца. Не дзіва, што вячэраць шмат хто не змог прыйсці.
Калі мы селі за стол, Мікіта Сяргеевіч запытаў:
— Як там маюцца беларусы?
— Добра! — адказалі мы.
— Відаць, трэба сёння ўзяць усім па чарцы каньяку, каб адчуваць сябе яшчэ лепш!..
14.IX. Куды ні глянь — вадзяная пустэльня, над якой клубяцца цяжкія шэрыя хмары. Відаць, мы на самай сярэдзіне акіяна. Але хоць «Балтыка» і далёка ад берагоў зямлі, наўкол яе, як гавораць зводкі, ва ўсім свеце бушуюць буры і штормы.
Аднекуль прыляцелі чайкі, нізка кружылі над «Балтыкай», быццам дзівіліся: адкуль мы тут узяліся? Калі яны паляцелі, пачаўся цёплы лагодны вечар, з якім доўга не хацелася расставацца.
15.IX. Відаць, і акіяну надакучыла буяніць. Змарыўся. Толькі лёгкія зморшчыны прабягаюць па яго сіняй роўнядзі. Праз адчыненыя ілюмінатары ў каюту ўрываецца цёплае вільготнае паветра. Адчуваецца блізкасць Гальфстрыма.
Нешта прыхварэў мой сусед М. I. Кучава. Частую яго рознымі лекамі, якія захапіў з сабою ў дарогу.
— Можа, лепш паспрабаваць маіх?.. — гаворыць ён, паказваючы на нейкі невялікі, але цяжкі пачак з грузінскімі, відаць, вінаграднымі «лекамі».
На верхняй палубе сустрэў Юрыя Сцяпанавіча Мельнічука, якога раней ведаў па яго творах, асабліва па баявых і вострых антырэлігійных і антынацыяналістычных памфлетах. Моўчкі мы стаім і любуемся акіянам, які пачынае ўсё больш і больш падабацца. Воддаль прайшоў наш грузавы параход. Пэўна, з Гаваны. На вадзе з’явіліся астравы і цэлыя кантыненты водарасцяў, марской капусты. Пад вечар зноў абуджаецца акіян. Быццам агледзеўшыся, што праспаў лішні час, стараецца навярстаць сваё і ўсё вышэй і вышэй уздымае шумлівыя хвалі.
16.IX. Падчас снедання Мікіта Сяргеевіч раіцца з тт. Я. Кадарам, Т. Жыўкавым, Г. Георгіу-Дэж і іншымі таварышамі, калі лепш нам перабрацца на сухазем’е: ці 18, калі прыбудзе наша «Балтыка» ў Нью-Йорк, ці 19 раніцай. I тут жа, калі загаварылі аб выбарах прэзідэнта ў ЗША і аб магчымай сустрэчы з Эйзенхаўэрам, Мікіта Сяргеевіч з уласцівым яму гумарам адказаў:
— Я люблю сустракацца на хрэсьбінах і вяселлях, а не на памінках… — Потым падышоў да стала, за якім сядзела група журналістаў, і, смеючыся, сказаў: — Трэба праверыць, што яны п’юць. Мо ў бутэльках з-пад баржому — гарэлка?..
Ноч ціхая і пагодлівая. Нізка, ледзь не кранаючыся хваль сваімі зорнымі лапамі, вісіць Мядзведзіца. Апоўначы апусцілася густая імгла. Час ад часу раве сірэна. Здалёк адгукаецца рэха, быццам і Мядзведзіца падае свой голас, заблудзіўшыся на бясконцых прасторах акіяна.
17.IX. Сёння 21-я гадавіна ўз’яднання Беларусі. Яшчэ ніколі я не сустракаў гэты дзень так далёка ад дому.
Хацеў зрабіць некалькі здымкаў, але, як на злосць, сапсаваўся экспанометр. А шкада! Заўтра — апошні дзень нашага плавання на гэтым славутым караблі. Відаць, з часоў легендарнага Ноевага каўчэга ні пра адно судна не гаварылі і не пісалі столькі, як пра «Балтыку».
18.IX. Пад вечар паказаліся дзве (напэўна, амерыканскія) падводныя лодкі. Яны перасеклі курс нашай «Балтыкі» і зніклі ў паўночным напрамку.
19.IX. Не ўгадалі мы, як гэта часта здараецца з усімі варажбітамі, надвор’я. Яно выдалася такое, што горшага і не прыдумает. У 6 гадзін 40 мінут на кацеры «Амбоі», абвешаным, як абаранкамі, старымі аўтапакрышкамі, прыехаў лоцман. Паволі з імглы пачалі выплываць дзесяткі параходаў, якія стаялі на рэйдзе. Калі крыху павіднела, над намі, як дакучлівыя шэршні, закружылі паліцэйскія верталёты. 3 кожнай хвілінай іх усё больш і больш. Вось мы пад эскортам вартавых кацераў прайшлі паўшэрую грамадзіну авіяносца, славутую статую Свабоды, якая нагадвала чалавека, што тоне ў імгле мора і ўзнятай рукой кліча, каб хто ратаваў. За кардонам вартавых кацераў паралельна з «Балтыкай» ішло некалькі пасажырскіх параходзікаў з чорнымі жалобнымі і амерыканскімі сцягамі. 3 іх палуб даносіліся хрыплыя крыкі, свіст, лаянка. Гэта падапечныя дзяржаўнага дэпартамента ЗША і розных арганізацый, былыя паліцаі наладжвалі нам сустрэчу. У 13 гадзін 17 мінут «Балтыка» затрымалася каля прычала № 73, што непадалёк ад будынка ААН.
I ўсё ж, не зважаючы на непагоду, сустракаць савецкую дэлегацыю прыйшлі шматлікія прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, карэспандэнты газет, радыё, тэлебачання.
Ледзь дабраліся праз забітыя машынамі вуліцы да гасцініцы «Олры». Пасяліўся я на дзевятым паверсе ў нумары 91. На сцяне вісіць даволі цікавы партрэт жанчыны, напісаны Мадзільяні, побач пейзаж Ван-Гога з несамавітымі дрэвамі і гарамі і з велізарным сярпом месяца. Побач яшчэ некалькі марскіх пейзажаў. Апошнія напісаны ў імпрэсіянісцкім стылі, але пакідаюць прыемнае ўражанне. Мэбля старасвецкая, цяжкая і нязграбная. Падлога заслана нейкай тоўстай, як дыван, ружовай тканінай. Праз вокны відаць кардыльеры камяніц, якія ўздымаюцца адны над другімі, цягнуцца ўвысь, аж, здаецца, хмары чапляюцца за іх. На вуліцы — ніводнага пешахода. Машыны, машыны, машыны…
Па дарозе ў наша прадстаўніцтва неспадзявана сустрэў на вуліцы вядомага польскага пісьменніка С. Дыгата. Павіталіся. Нават часу не было распытаць, дзе ён затрымаўся і што робіць у гэтым Вавілоне. Дождж, пракляты дождж!
20.ІХ. Мінула першая ноч у Нью-Йорку. Відаць, пару тыдняў давядзецца пажыць у гасцініцах, а там, можа, удасца пераехаць на нашу дачу. Усё ж між сваіх будзе спакайней.
Снедалі ў сталовай, у будынку саюзнага прадстаўніцтва. Па дарозе некалькі разоў нас затрымлівалі паліцэйскія і правяралі дакументы.
Хацелася б нешта напісаць пра Амерыку. Не можа быць, каб гэты шум, гармідар, дзікая свістапляска расістаў, пікетчыкаў былі зместам жыцця амерыканскага народа. Напэўна, гэта небяспечная хвароба людзей, што страцілі свой чалавечы воблік і кіруюцца толькі нянавісцю да нас і варожай прапагандай. Недзе ёсць другая, сапраўдная Амерыка. Толькі ці ўдасца мне яе ўбачыць праз гэты частакол паліцэйскіх, шпіёнаў і пікетчыкаў, які абкружае нас?
Роўна а трэцяй гадзіне началася сесія Генеральнай Асамблеі. Беларуская дэлегацыя зяймае месца ў першым радзе, каля самай трыбуны. Бачыш кожнага прамоўцу, яго твар, без навушнікаў чуеш яго жывы голас. Фотакарэспандэнты фатаграфуюць амаль кожную дэлегацыю. Калі ж з’яўляецца М. С. Хрушчоў, усе аб’ектывы фотаапаратаў і тэлекямер нацэльваюцца на яго, фіксуюць кожны рух, кожны яго крок.
Пачынаецца досыць аднастайная цырымонія прыёму ў члены ААН трынаццаці новых афрыканскіх дзяржаў.
На вячэрняе пасяджэнне Кірыла Трафімавіч запрапанаваў мне ехаць у яго машыне. Перад намі і за намі імчалі матацыклісты і паліцэйскія машыны, сірэны якіх безупынку раўлі дзікімі гудкамі. У гэты час на вуліцы спыніўся ўсякі рух.
Кірыла Трафімавіч нават пажартаваў:
— Трэба перадаць амерыканцам, каб яны мяне так не рэкламавалі.
Адно добра — на яго машыне мы даехалі да ААН за некалькі мінут, тады як на звычайных машынах, без суправаджэння паліцыі, не заўсёды і за гадзіну можна адолець гэту адлегласць.
21.IX. Дзень шэры, дажджлівы. Такія ж шэрыя і нецікавыя сённяшнія выступленні большай часткі дэлегатаў. Напісаў верш «Завяшчанне марака»:
Сёмыя суткі калышацца
Ў пене сівой карабель…
3 газет і ад карэспандэнтаў даведаліся аб учарашняй паездцы Мікіты Сяргеевіча ў Гарлем, дзе ў гасцініцы «Тэрэса» ён наведаў Фідэля Кастра.
Як вядома, па загаду дзяржаўнага дэпартамента гаспадары гасцініц у центры Манхэтэна адмовіліся даць месца для кубінскай дэлегацыі, і яна пасялілілася ў чорнай частцы Нью-Йорка, куды амаль ніколі не заглядаюць белыя гаспадары горада. 3 радасцю сустрэлі жыхары Гарлема і Фідэля Кастра, і Мікіту Сяргеевіча. Усю ноч каля гасцініцы адбываліся дэманстрацыі, чуліся песні, танцы, воклічы: «Няхай жыве Кубінская рэвалюцыя!», «Прэч рукі ад Кубы!».
22.IX. Доўга стукаў старшыня сваім малатком, пакуль не спыніўся шум у зале пасяджэнняў. Пасля зачытання Боландам паслання імператара Эфіопіі, у якім той выказваў сваю надзею на мірнае вырашэнне ўсіх міжнародных канфліктаў, пасля выступлення міністра замежных спраў Бразіліі Г. Лафера выступіў Эйзенхаўэр. Ён выйшаў з-за перагародкі, якая аддзяляе прэзідыум ад фае. Пачуліся слабыя воплескі. На худым прадаўгаватым твары прэзідэнта з’явілася нейкая невыразная ўсмешка, і невядома было: ён збіраецца сказаць нешта вясёлае ці расплакацца.
Выступленне Эйзенхаўэра, якое перад гэтым так шырока рэкламавалася амерыканскай прапагандай, было нецікавае. Не дзіва, што гэтая лебядзіная песня прэзідэнта не толькі нікога не задаволіла, але расчаравала нават яго бліжэйшых прыхільнікаў і сяброў.
Перад сном уключыў тэлевізар. Па ўсіх каналах — фільмы і рэклама, фільмы і рэклама… Страляюць, рэжуць, гвалтуюць, і зноў рэклама. I такая рэклама, што нават я не маю сілы ад яе адкараскацца, бяру аловак і пачынаю запісваць: найлепшы сродак ад бяссонніцы, ад грыпа, ад… Запісваю назву пілюль ад болю галавы, «анацін», бо, відаць, тут без гэтых пілюль не абыдзешся.
23.ІХ. Ранішняе пасяджэнне пачалося выступленнем прэзідэнта Ганы К. Нкрума. Ён выйшаў на трыбуну, апрануты ў свой яркі, маляўнічы нацыянальны касцюм. Выглядае яшчэ досыць молада, як большасць дэлегатаў Чорнага кантынента, дзе сярэдні век жыцця чалавека не даходзіць і да 35 год.
— Той вецер, які праносіцца над Афрыкай, — сказаў К. Нкрума, — не проста вецер. Гэта імклівы ўраган. I ніхто не можа перашкодзіць яго палёту…
Пасля прэзідэнта Ганы выступіў Старшыня Савета Міністраў СССР М. С. Хрушчоў.
Падчас перапынку ў кулуарах ААН доўга не разыходзіўся народ. Кожнаму хацелася падзяліцца сваімі ўражаннямі аб выступленні главы Савецкага ўрада. Яго палымяныя словы палі не на мёртвы грунт, яны глыбока запалі ў сэрцы мільёнаў, набатам прагучалі над светам, заклікаючы народы на барацьбу за мір без кайданаў, без страху і зброі.
Сярод членаў польскай дэлегацыі сустрэў сваіх знаёмых тт. 3. Дэмбіньскую і А. Старэвіча. Вырашылі цэлай групай пехатой прайсці да прадстаўніцтва, крыху паглядзець на горад, які да гэтага часу бачылі толькі з акна машыны.
Горад пакідае супярэчлівыя ўражанні. Ёсць досыць цікавыя і маляўнічыя ансамблі дамоў, цэлыя кварталы вуліц, ёсць шмат арыгінальных высотных будынкаў, пабудаваных з алюмінію, сталі і шкла. Некаторыя з іх выглядаюць эфектна і прыгожа. У іх не знойдзеш нічога лішняга і дэкаратыўнага, яны прыкоўваюць увагу новымі архітэктурнымі формамі, якіх раней нідзе не даводзілася бачыць. I ўсё ж ні за якія скарбы не згадзіліся б мы жыць у гэтых дамах з кандыцыянерамі для ачысткі паветра, з вокнамі на такой вышыні, што не відаць ні зямлі, ні вуліцы, ні таго, што робіцца на ёй. Толькі высяцца падобныя адна да адной неабсяжныя аграмадзіны, гледзячы на якія аж цяжка паверыць, што іх пабудавалі людзі, а не нейкія звар’яцелыя цыклопы. I ўжо зусім недарэчныя самі вуліцы, пазбаўленыя зеляніны, падобныя да душных, змрочных горных цяснін. Спяшаемся выбрацца з гэтага лабірынта, але яму і канца няма. Цяжка тут прывыкнуць жыць чалавеку, які вырас недзе над Нёманам ці Дняпром, прывык адчуваць на сваім твары асвяжаючы подых ветру, бачыць над сабой адкрыты прастор неба, а не нейкую брудную ад дыму стужку серпанціну. Цяжка тут жыць не толькі людзям, але і машынам, якіх тут звыш 4 мільёнаў. Ім нават няма дзе спыніцца і перавесці дух, вырваўшыся з шалёнага патоку, які нястрымна плыве на ўсю шырыню авеню і стрытаў.
Прыйшоўшы ў гасцініцу, я замкнуўся на ключ, выключыў тэлевізар, праглынуў дзве пілюлі разрэкламаванага анадіну і пачаў пісаць свой новы верш.
24.ІХ. Даведаўся, што сесія ААН закончыць сваю работу толькі перад самым Новым годам. На тры месяцы трэба будзе набрацца цярплівасці.
Сёння былі на дачы «Ойстэр-бей» (Вустрычны заліў), куды з часам маем надзею перабрацца з душнага і шумнага Нью-Йорка. Па дарозе хацеў зрабіць некалькі цікавых здымкаў горада, але машына ішла з хуткасцю 120 кіламетраў, а спыніцца ў бясконцым патоку тысяч і тысяч другіх машын было немагчыма, і я пакінуў свой фотаапарат у спакоі.
Дарога ішла па ўсхваляванай невялічкімі пагоркамі, забудаванай дачнымі пасёлкамі мясцовасці. Паралельна з гэтай дарогай ішло яшчэ некалькі такіх жа бетаніраваных шырачэзных артэрый. Чорт ведае, колькі тут дарог і мастоў! I ніводнага пешахода. Відаць, хутка і ногі ў людзей зусім атрафіруюцца, і замест ног у кожнага амерыканца будуць якія-небудзь колы.
25.ІХ. Ноччу, калі не спіцца, думаю пра ненапісаныя вершы, ці, дакладней, гэтыя вершы і з’яўляюцца прычынай бяссонніцы. На калідоры гасцініцы кашляе паліцэйскі, які дзень і ноч стаіць пад маімі дзвярыма. Відаць, і яму надакучыла гэтая работа. Часамі перагортвае старонкі нейкіх часопісаў з голымі красунямі, кіназоркамі, артысткамі, а то сядзіць у крэсле і дрэмле. Сёння выдалася крыху вольнага часу. Хадзілі знаёміцца з Цэнтральным паркам. Пабывалі на Брадвеі, пра які трызняць усе снобы. I мне хацелася яго пабачыць. Ён патрэбен быў як рыфма, якая можа калі і прыдасца. I ўжо як да рыфмы, да яго пастараюся яшчэ вярнуцца, каб лепш прыгледзецца, ацаніць, чаго ён варты.
26.ІХ. Падобна да асвяжаючай навальніцы прагучала выступленне Фідэля Кастра, якое, здаецца, скаланула усю залу.
Вось ён упэўненым крокам падыходзіць да трыбуны. На ім зеленкаватага колеру ваенны мундзір. Каўнер кашулі расшпілены, быццам гэтаму салдату рэвалюцыі горача. На плячах — пагоны з ромбамі, раздзеленымі на дзве роўныя часткі. Адна — чырвоная, другая — чорная. Пасярод ромба гарыць белая пяцікутная зорка. Валасы крыху кучаравыя. Бровы прамыя, густыя. Над правым брывом маршчына ці нейкі шрам. Вусы рэдкія, барада чорная, густая. Твар вельмі жывы. Пачаў Фідэль Кастра гаварыць спакойна, свабодна, без ніякага раней падрыхтаванага тэксту. Але, калі ўспомніў аб крыўдах свайго народа, аб несправядлівай і варожай палітыцы амерыканскага ўрада ў адносінах да каланіяльных народаў і народаў Лацінскай Амерыкі, якія задыхаюцца ў цянётах прагных трэстаў і манаполій, адчулася, як нялёгка яму было стрымаць свой гнеў. Двойчы старшыня перапыняў яго выступленне. Першы раз, калі ён закрануў кандыдатаў у прэзідэнты Кенэдзі і Ніксана, другі раз, калі ён успомніў франкісцкую Іспанію.
Фідэль Кастра гаварыў больш за чатыры гадзіны. Той, хто чуў і бачыў яго на трыбуне, чуў і бачыў бушуючае полымя Кубінскай рэвалюцыі.
27.ІХ. На трыбуне прэзідэнт Гамаль Абдэль Насэр, чалавек атлетычнага складу, з моцна апаленым афрыканскім сонцам тварам. Яго строгі вастраносы профіль нагадаў мне некалі бачаныя ў музеі барэльефныя партрэты егіпецкіх фараонаў. Толькі гэта фараон XX стагоддзя нашай эры, з чорнымі невялічкімі вусікамі, з пацярушанымі першай сівізной і зачэсанымі па-еўрапейску валасамі, апрануты ў гарнітур, пашыты па апошняй модзе. Калі Насэр гаворыць, у кутках яго тонкіх вуснаў заўсёды цепліцца нейкая загадкавая усмешка, быццам за кожным яго словам ёсць нешта недасказанае. Нават не ведаючы арабскай мовы, у працяжных, пявучых гуках яго слоў адчуваеш гарачы подых вятроў Сахары. У часе прамовы — ніякіх жэстаў; як тыгр, умела абыходзіць небяспечныя мясціны і пасткі.
— Мы чакалі многа ад нарады глаў урадаў у Парыжы…
Абрыў думкі, пераход да іншай тэмы.
— Мы стаім на баку міру…
Зноў пераход. Агулам, выступленне было цікавае і вострае.
I на сённяшні дзень нечага крыўдаваць. Моцна прагучала і выступленне Ул. Гамулкі. А потым зноў палымяна выступіў прадстаўнік Кубы. Мы ўсе ўлюбіліся ў гэтых цудоўных, барадатых, неспакойных кубінцаў. Хто б іх ні зачапіў, яны заўсёды дадуць належны адпор.
Калі мы ноччу вярталіся з чэхаславацкага прадстаўніцтва, дзе былі на прыёме, чуваць было, як на другім баку вуліцы нешта выкрыквалі пікетчыкі, а потым, покуль не раз’ехаліся кіраўнікі дэлегацый, доўга прарэзліва вылі ўночы сірэны паліцэйскіх машын.
29.ІХ. У фае ААН вісяць два цікавыя дываны. Адзін — персідскі, падарунак Ірана, другі — кент, падарунак Ганы. Кент — гэта велізарны, квадратнай формы кавалак тканіны, якой ахінаюцца каралі. Вытканы ён рукамі ганскіх ткачоў па ўзорах XVІІІ стагоддзя. Існуе, як гаворыцца ў даведцы, 117 розных узораў кента. Кожнае племя мае свой узор, сваё спалучэнне розных колераў нітак, якое адрознівае яго ад іншых. У парку стаіць падарунак Савецкага Саюза — скульптура Вучэціча «Перакуем мячы на плугі». Скульптура вельмі цікавая, але стаіць яна нізка, і не адразу яе заўважыш.
Стрэлкі гадзінніка на небаскробе, што насупраць ААН, паказваюць 10 гадзін 25 мінут. Трэба ісці на пасяджэнне. Гэта ўжо, як абвясціў старшыня, будзе 877-е пасяджэнне.
На трыбуну выходзіць Макмілан. Ён так горача абараняў палітыку Заходняй Германіі, што з большым энтузіязмам гэтага не змог бы зрабщь і сам Адэнаўэр. Мікіта Сяргеевіч двойчы кінуў яму рэпліку:
— Не пасылайце сваіх самалётаў і не пачынайце агрэсіі!
— Прыміце раззбраенне, а мы прымем любы кантроль!
Пасля Макмілана выступіў міністр замежных спраў Аўстрыі. Выступленне было кароткае, але такое нуднае, што здалося яно мне самым доўгім. Ды і прамоўца быў падобны да таго ружавашчокага немца, партрэты якога даводзілася мне некалі бачыць на талерках ці на кубках з надпісамі «Будзь здароў!» або «Пі на здароўе!».
Пачалася гарачая перапалка паміж Эквадорам і Перу за нейкі спрэчны пагранічны раён. Большасць дэлегатаў пайшлі піць каву. Выйшаў і я, каб выпіць бутэльку кока-колы. Але афіцыянт, відаць, не зразумеўшы маёй англійскай мовы, наліў мне нейкай трасцы, якую я піць не адважыўся. Калі вярнуўся на сваё месца, усё яшчэ працягвалася бітва паміж Эквадорам і Перу. Узяўся за верш «Акіян».
30.ІХ. Прысутнічаў на ўрачыстасці падняцця флагаў новапрынятых у ААН краін. Сабралася досыць шмат народу. Дзень быў сонечны, цёплы. Вецер весела гайдаў маляўнічыя палотнішчы сцягоў. Я знайшоў свой. Яго шэлест быў такі знаёмы і родны, што доўга не хацелася з ім расставацца. Але зноў трэба было ісці на пасяджэнні, якім, здаецца, і канца не будзе.
Сёння праслухаў цікавае выступленне прэзідэнта Інданезіі Сукарна. Ён выступіў нібыта прапаведнік нейкай новай рэлігіі панча шыла, якая складаецца з пяці стаўпоў: вера ў бога, нацыяналізм, інтэрнацыяналізм, дэмакратыя і сацыяльная справядлівасць.
1.Х. Сёння абмяркоўваецца пытанне аб аднаўленні ў правах Кітайскай Народнай Рэспублікі як паўнамоцнага члена ААН. Разгараецца надзвычай вострая дыскусія. I па гэтым пытанні ўзяў слова Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. Такой атакі на галоўную цытадэль капіталізму — ЗША ніхто не адважваўся зрабіць за ўвесь час існавання ААН.
А пачаў ён сваё выступленне з жарту:
— Харошая краіна, а баржому няма…
Потым быў і баржом і гром. Ды які гром! Старшыня двойчы спрабаваў спыніць М. С. Хрушчова, але кожны раз яшчэ больш даставалася і старшыні і тым, за каго той хацеў заступіцца.
З.Х. Учора была нядзеля. Амаль цэлы дзень мы правялі ў музеі «Метрапалітэн». Якія тут скарбы мастацтва! Бачыў партрэты Марыі-Луізы, Фердынанда VII, Дона Табурцыя — работы Ф. Гойі, а таксама яго карціны «Бой быкоў», «Махі на балконе». А палотнаў Рэмбрандта тут больш, чым на яго радзіме: «Пілат», «Жанчына з веерам», «Цітус», «Высакародны Слаў», «Пілігрым, які моліцца», «Флора», «Мужчына з барадой»… А Рафаэль, Тыцыян, Карэджа, Рубенс, Давід, Дзюрэр, Манэ, Рэнуар, Пікаса!.. Проста немагчыма пералічыць усе імёны вялікіх мастакоў, іх неўміручыя творы, перад якімі, здаецца, стаў бы ды маліўся. Калі будзе якая вольная хвілінка, пастараюся зноў пабываць тут. Ёсць у «Метрапалітэне» і залы так званага сучаснага мастацтва. Але гэтыя залы пустуюць. Рэдка сюды заглядаюць наведвальнікі і экскурсанты, іх заўсёды бачыш каля палотнаў старых майстроў.
Нанач пачынаю зачыняць вокны, бо робіцца халадней, ды і не хочацца слухаць выццё паліцэйскіх сірэн і п’яныя крыкі пікетчыкаў, якія ўчора дралі горла каля югаслаўскага прадстаўніцтва.
На абедзе, які даў Кірыл Трафімавіч Мазураў у беларускім прадстаўніцтве, прысутнічалі Мікіта Сяргеевіч, члены саюзнай і ўкраінскай дэлегацый, а таксама кіраўнікі дэлегацый краін сацыялістычнага лагера. Абед, як звычайна пішуць у газетах, прайшоў у сардэчнай і сяброўскай атмасферы. Я сядзеў насупраць савецкага пасла ў Францыі тав. Вінаградава. Ён шмат расказваў цікавага пра гэту краіну, пра Парыж. Абяцаў, калі будзем у Францыі, пазнаёміць нас з яе музеямі, тэатрамі і пачаставаць цудоўным «Шартро дэ тур» і «Бардо», якое, як ён казаў, вельмі любяць жанчыны, калі яго п’юць мужчыны.
Сённяшні дзень перагружаны рознымі прыёмамі. Падчас вячэрняга перапынку нам з Кузьмой Венядзіктавічам давялося пабываць на прыёмах у інданезійскай і балгарскай дэлегацый. А потым да дзвюх гадзін ночы сядзелі на вячэрнім пасяджэнні, слухаючы вялікую прамову Менона.
Вельмі цяжка ў пракруставым ложы — на дзвюх-трох старонках блакнота — змясціць падзеі любога дня, асабліва сённяшняга. Усё гэта — толькі маленькія фрагменты ці кадры вялікага фільма.
4.Х. Зноў старшыня Боланд стукам малатка абвяшчае пачатак пасяджэння. Сам ён чырвоны, як рак. Доўга ўглядаецца прыжмуранымі вачамі ў зал, быццам шукае прамоўцу, які павінен зараз падняцца на трыбуну. Пасля няўдалых для яго спроб перашкодзіць Мікіту Сяргеевічу востра крытыкаваць антынародную палітыку заходніх дзяржаў ён больш асцярожна і дыпламатычна кіруе работай сесіі. Калі часамі і спыняе каго з нашых прамоўцаў, дык толькі пасля таго, як яны скажуць тое, што хацелі сказаць.
Сёння першым у спрэчках выступіў М. Падгорны. Гаварыў ён на ўкраінскай мове. Як вядома, толькі главы ўрадаў маюць права выступаць на сваёй мове, а ўсе іншыя дэлегаты павінны выступаць на любой з рабочых моў: англійскай, іспанскай, рускай, французскай ці кітайскай.
6.Х. Нарэшце ўсе мы атрымалі пісьмы з дому. Аж весялей стала на сэрцы.
Падчас перапынку знаёміліся з самім будынкам ААН. У фае — мадэль нашага першага спадарожніка і маятнік Фуко. Каля цэнтральнай лесвіцы — цудоўнае пано, падарунак Бельгіі, на якім вытканы паводле карціны мастака Пятра Гольфа алегарычныя фігуры міру, працы. Фарбы светлыя, цёплыя. Амаль заўсёды каля нашага спадарожніка і гэтага пано — шмат наведвальнікаў. А побач — дзве насценныя размалёўкі. На адной — вайна, на другой — мір. Ненатуральный фігуры людзей, звяроў. Усё намалявана нейкай бруднай зялёнай фарбай, нібы гэта ілюстрацыі да бясконцых перагавораў…
Ужо двойчы — учора і сёння — выступаў Кірыл Трафімавіч Мазураў. Першы раз — па пытанні раззбраення, другі раз — па пытанні аднаўлення правоў Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яго выступленні досыць шырока былі каменціраваны і ў замежным друку.
Дзіўна паводзяць сябе дэлегаты некаторых афрыканскіх краін, якія толькі на гэтай сесіі сталі членамі ААН. Колькі яшчэ засталося ў іх прыніжанасці, калі яны, выступаючы з трыбуны ААН, пачынаюць раскланьвацца перад «высакароднай» Францыяй, якая дала ім свабоду, перад «велікадушнай» Англіяй, якая «памагла» ім стаць незалежнымі. Зразумела, што каланізатары, перадаючы ўладу, аддавалі яе ў надзейныя рукі блізкіх ім людзей, якія з імі супрацоўнічалі раней і цяпер супрацоўнічаюць. Аж злосць бярэ, калі бачыш, як яны кожны раз падчас галасавання азіраюцца на сваіх гаспадароў, каб хоць не памыліцца і не прагаласаваць супроць іх. Яны нат баяцца апладзіраваць прамоўцам, якія выступаюць у іх абарону, супроць каланізатараў.
Сёння крыху раней закончыліся пасяджэнні, і мы ўсе сабраліся пайсці паглядзець у адным з кінатэатраў на Брадвеі разрэкламаваны амерыканскі баявік — фільм «Спартак». Але кампанія наша распалася: адны пайшлі адпачываць, другія — вячэраць. Жанчын, відаць, напалохала паведамленне газет, што ў Нью-Йорку з’явіўся нейкі шызафрэнік, які ў пісьме начальніку паліцыі напісаў, што збіраецца забіць сто чалавек. Ад яго бомб ужо было шмат пакалечаных.
А на вуліцах усе той жа канцэрт — выюць і выюць паліцэйскія машыны. Больш за 20 чалавек паліцэйскіх і ўдзень і ўночы стаіць каля нашага прадстаўніцтва.
Амерыканскі паліцэйскі! Цэлая тэма. На гэту службу, як вядома, падбіраюць дужых і рослых вярзіл. Колер скуры не мае значэння. Вось ён стаіць у сваёй бліскучай касцы, шырока расставіўшы ногі, быццам збіраецца спыніць спрадвечны рух Зямлі на ўсход. У руках палка, з якой ён, як сапраўдны цыркач, вырабляе розныя мудрагелістыя фокусы. 3 усіх бакоў ён абвешаны ўсякімі прычандаламі. Побач з рэвальверам — скураны патранташ, туга набіты патронамі. 3 пояса звісаюць наручнікі, і ў дадатак да ўсяго — запісная кніжка, аловак, аўтаручка, электрычны ліхтарык, свісток і фінка… I гэта, здаецца, яшчэ не поўны пералік.
7.Х. Паколькі не было цікавых выступленняў, я пачаў пісаць верш «Ля статуі Свабоды».
8.Х. Сёння не было вячэрняга пасяджэння, і мы невялікай групай — Ф. Н. Гразноў, які ўжо некалькі год жыве ў Нью-Йорку і з’яўляецца прадстаўніком БССР пры ААН, А. А. Ціханаў, саветнік нашага Міністэрства замежных спраў, Я. I. Качан і я — пайшлі знаёміцца з горадам. Зайшлі ў нейкі кінатэатр паглядзець фільм з інтрыгуючай назвай «Голыя і грэшнікі». Прызнацца, у фільме гэтым не было ні голых, ні грэшнікаў і ніякага сэнсу. Калі выходзілі, сустрэлі знаёмых таварышаў з балгарскай дэлегацыі, якіх, відаць, як і нас, прывабіла крыклівая рэклама. Усе збіраемся паглядзець «Спартака» і «Бен-Гура». Толькі гэтыя фільмы ідуць каля чатырох гадзін, ды і білеты досыць дарагія. Зноў выйшлі на Брадвей. Вось яна, адна з найбольш разрэкламаваных вуліц свету! Ноччу Брадвей ашаламляе сваёй вакханаліяй шматкалёрных агнёў, неверагоднай колькасцю розных рэклам. Праўда, не ўвесь Брадвей такі стракаты. Толькі цэнтральная частка. Некаторыя яго кварталы i бакавыя стрыты асветлены значна слабей. Чамусьці на гэтай багатай вуліцы сярод шумнага натоўпу белых, чорных, жоўтых сустракаецца шмат сляпых Вось адзін з іх ідзе, пабразгваючы скарбонкай, у другога на шыі вісіць дошчачка з надпісам: «Божа, блаславі. Вы можаце бачыць, а я не…». На рагу стаіць нейкі прапаведнік з Бібліяй. Каля яго чалавек дзесяць разявак, якім ён расказвае аб хуткім канцы свету. Магазіны зіхацяць сваімі люстранымі вітрынамі, за якімі красуюцца фатаграфіі голых гёрлс — «настаўніц» танцаў. На агітпунктах выступаюць прамоўцы, якія ўгаворваюць галасаваць за сваіх кандыдатаў. У натоўпе — шмат прыхільнікаў і Кенэдзі і Ніксана, абвешаных іх партрэтамі. Партрэты ўсюды: на машынах, на капелюшах, на гальштуках, на сукенках.
Перад сном у сваім нумары закончыў верш «Лістапад на чужыне».
9.Х. Ужо трэці тыдзень, як я ў Нью-Йорку. Крыху прывык, абыўся. Ратуе паэзія. Калі пачынаюць здаваць нервы, выключаюся з усяго і думаю аб вершах.
10.Х. Я забыў, што кожны сур’ёзны вандроўнік, які піша дарожныя нататкі, павінен іх аздобіць салідным уступным словам. Я думаю, што не позна гэта зрабіць і цяпер. Бо дарожныя нататкі — жанр, які менш за іншыя падначалены сюжэтным канонам. Асноўным тут з’яўляецца час. Раней немалую ролю іграў від транспарту. Калі, напрыклад, аўтар ішоў або ехаў конна ці поездам, то нататкі яго былі пешыя, конныя, паязныя. Адрозніваліся яны не нейкімі там сваімі мастацкімі якасцямі, а толькі тым, што конныя нататкі былі карацейшыя за пешыя, а паязныя карацейшыя за конныя. А якія ж тады павінны быць нататкі ў век ракетнай авіяцыі і міжпланетных караблёў? Бо не паспееш дастаць сціло і блакнот, як сцюардэса абвяшчае: Парыж, Рым, Пекін…
Мне цяжка акрэсліць, да якой катэгорыі належаць гэтыя нататкі, таму што аўтару іх даводзілася ў сваім падарожжы карыстацца ўсімі відамі транспарту. Я гляджу на іх як на сыры матэрыял, які, можа, некалі спатрэбіцца ў працы над вершамі.
Ці напісаць такую кнігу, старонкі якой зачытваліся б так, як старонкі журналаў жаночых мод!
11.Х. «Згодна з пунктам 77-м, — гаворыць старшыня, — па гэтым пытанні могуць выступіць тры прамоўцы за і тры — супроць…»
Пасля выступлення шасці прамоўцаў — галасаванне. Пасля кожнага галасавання яшчэ выступае некалькі прамоўцаў, якія тлумачаць, чаму яны галасавалі супроць ці чаму яны ўстрымаліся. Узровень многіх выступленняў бывае надзвычай нізкі. Думаеш: і чаго ты, чалавеча, вылазіў на гэту трыбуну? Асабліва прыкра слухаць, калі нехта свядома гаворыць няпраўду. А такіх прамоўцаў тут хоць гаць гацi. Вось і цяпер з нейкай траскучай прамовай выступіў прадстаўнік Гаіці. 3-за высокай трыбуны ледзь відаць яго каротка падстрыжаная, узброеная акулярамі галава. Яна, быццам у лялечным тэатры, то ўздымаецца, то зноў знікае за трыбунай, нібы яе нехта торгае. А можа, там яго і сапраўды хто торгаў?
12.Х. I сённяшні дзень у ААН прайшоў у няспынных баях. Некалькі разоў браў слова Мікіта Сяргеевіч.
— Я ганаруся тым, што мяне ненавідзяць каланізатары, — сказаў ён. — Значыць, я правільна бараню інтарэсы рабочых, сялян, інтэлігенцыі, інтарэсы прыгнечаных народаў…
Калі ж, карыетаючыся правам на адказ, у падтрымку філіпінца з паклёпніцкай прамовай выступіў прадстаўнік ЗША, прадстаўнік Румыніі Мізінчэску рашуча патрабаваў ад старшыні, каб той спыніў падобныя выступленні. Мізінчэску заявіў, што ірландскі народ добра ведае, што значыць змагацца супроць каланіяльнага прыгнёту, але пан Боланд аддае перавагу імперыялістам і каланіялістам.
Раззлаваны старшыня з такой сілай ударыў сваім малатком па стале, што з гэтага малатка толькі асколкі паляцелі. I ён тут жа абвясціў аб закрыцы гэтага бурнага пасяджэння.
13.Х. Пасля вячэрняга пасяджэння мы развіталіся з Кірылам Трафімавічам і з іншымі таварышамі, якія разам з ім адляталі дамоў. Потым паехалі ўсе на аэрадром праводзіць Мікіту Сяргеевіча.
На аэрадроме, асветленым нейкім нежывым сцюдзёным святлом пражэктараў, пры якім людзі, будынкі і самалёты выглядалі шэрымі і адкідалі такія даўжэзныя цені, што яны, здаецца, цягнуліся праз усё велізарнае ўзлётнае поле, стаяў наш паветраны карабель ТУ-104.
У сваёй развітальнай прамове Мікіта Сяргеевіч сказаў, што ён верыць у той час, калі народы і ўрады нашых краін будуць жыць не толькі ў міры, але ў дружбе. Мы ўсё рабілі і будзем рабіць у гэтым напрамку і чакаем такіх самых крокаў з боку Злучаных Штатаў Амерыкі.
Ён сардэчна развітваецца з усімі праважаючымі. Самалёт пачаў вырульваць на ўзлётную дарожку і хутка знік у цёмным акіяне паўночнага неба.
Доўга глядзелі ў той бок, куды знік самалёт і дзе за бясконцымі марскімі прасторамі і небасхілам — наша Радзіма.
Забабонныя людзі трынаццаты дзень лічаць нешчаслівым. Помню, у Кітаі ў адной з гасцініц не было нават трынаццатага нумара. I я, каб не канчаць свае запісы ў гэты дзень, вярнуўшыся з аэрадрома, доўга яшчэ біўся над вершам «Выбары прэзідэнта», які закончыў на світанні 14 кастрычніка.
14.Х. Сёння ўдалося сазваніцца з Мінскам. Толькі дрэнна было чуваць. Не паспеў нат запытацца, як здароўе Любашы, дзяцей, бацькоў. Гэнымі днямі з Нью-Йорка пераехалі на дачу. Былі на беразе акіяна. Назбіралі на пляжы розных ракушак. Некалькі рыбакоў лавілі спінінгамі рыбу. Ля прычалаў драмалі лодкі.
16.Х. Рана ўстаў. За акном чуваць быў гул самалётаў і хрыплы крык варон. У ранняй імгле драмалі расахатыя клёны. У парку — папярэдзілі нас — расце нейкая трава — пайзан, ад якой на целе з’яўляюцца раны, якія вельмі цяжка паддаюцца лячэнню. У лесе шмат белак. Нат бачыў двух зайцаў. Днём наведаў нас карэспандэнт «Известий» Палякоў, які выцыганіў у мяне для газеты пару вершаў. Расказваў, што ноччу да нашага карэспандэнта Панікоўскага ламаліся ў нумар нейкія бандыты. Відаць, і М. Ф. Філімонаву прыйдзецца ўцякаць з гасцініцы да нас на дачу.
18.Х. Адчуваем мы сябе тут як у воўчым логаве. Асцерагаемся хадзіць, каб не нарвацца на якую правакацыю, асцерагаемся гаварыць, бо могуць падслухаць. Хутчэй бы дамоў. Добра, што яшчэ жывём на сваёй дачы і ў сваім калектыве.
Паслаў паштоўку Я. Брылю. Працую над сваім выступленнем па алжырскаму пытанню.
Купілі мы тут усе па японскаму кінаапарату «Яшыка». Трэба яшчэ запасціся плёнкай на дарогу.
Ад 3. Дэмбіньскай пачуў, што сесія ААН можа працягнуцца аж да Новага года.
23.Х. Ездзілі ў Нью-Йорк. А. І. Галкін аказаўся цудоўным гідам. Пабывалі мы з ім у Гарлеме, у музеі Клостэра, на магільніку, дзе пахаваны Грандт, ля помнікаў Уітмэна, Ірвінга, Лангфэла, у цэнтральным парку.
У кожным нумары «Русского слова» рэкламуецца пахавальнае бюро Пятра Ярэмы: «Единственно русский погребальщик. Лучшие похороны за самую дешевую плату»…
Божа, ратуй мяне ад гэтага Ярэмы! Таму што «ближе к милому пределу мне все ж хотелось почивать».
24.Х. Хутка гадавіна Кастрычніка. Дома, напэўна, ужо рыхтуюцца да свята, да ўрачыстых вечароў.
Выйшаў раман Б. Пастарнака «Доктар Жывага». Нарэшце трэба будзе прачытаць гэты твор. Тут яго бачыў, прадаюць у кнігарнях. Кніга каштуе 6,5 долаpa.
Цікава, кожны штат мае свае законы. У штаце Мэйн ёсць закон, па якому старыя незамужнія жанчыны атрымліваюць пенсіі з фонду халасцякоў. Ад гэтага падатку вызваляюцца толькі тыя мужчыны, якія дакажуць, што яны тройчы прапанавалі, але не атрымалі згоды на шлюб. А ў Паўдзённай Караліне кожны мужчына, які ў штанах мае ззаду кішэнь, можа быць аштрафаваны на 150 долараў і адседзець у турме шэсць месяцаў. А ў нейкім штаце караюць за тое, што пахнеце часнаком…
А пагода ўсё пагаршаецца. Замятае снег. Шмат дзе дарога на дачу блакіравана разбітымі машынамі. Ноччу разгулялася навальніца з бліскавіцамі, з громам.
25.Х. Ездзіў у Гленкоў па запасныя часткі для лодачнага матора, якія прасіў прывезці М. Ц. Лынькоў. У машыне паслухалі радыёканцэрт. Адна песня «Я хачу, каб мяне ўсе хацелі сягоння». Рэклама бюстгальтараў: «Мне снілася, што мяне хацелі толькі ў бюстгальтары фірмы…»
Вярнуўшыся з паездкі, узяўся за сваё выступленне па алжырскаму пытанню. Асабліва мяне непакоіць выступленне «Аб мерах, накіраваных на садзейнічанне распаўсюджвання сярод моладзі ідэй міру, узаемнай павагі, узаемапаразумення паміж народам!». На гэту тэму ніякіх матэрыялаў. I адмовіцца ад гэтага выступлення не змагу, бо перад сваім ад’ездам К. Т. Мазураў чамусьці даручыў выступіць мне.
Зараз у ЗША самы разгар выбарчай кампаніі. Цяжкая дылема ў выбаршчыкаў: за каго галасаваць. Магчыма, што Кенэдзі і не такі салдафон, як іншыя кандыдаты на прэзідэнта. Гэтымі днямі Ніксан і Эйзенхаўэр выступалі на канферэнцыі нацыянальных рэакцыйных груп, на якой былі князь Беласельскі, Талстая, венгры, украінцы, палякі…
28.Х. Зноў пацяплела. Збіраўся пісаць сваё чарговае выступленне, але чорт спакусіў, і ўзяўся за верш «Паветраная трывога». Амаль кожны дзень слухаю выступленні розных дэлегатаў аб міры. А ў гэты час распрацоўваюцца планы новай вайны, намячаюцца аб’екты для бамбардзіровак, вядзецца падлік, колькі мільёнаў людзей загіне ў гэтай бойні.
Сёння зноў удалося пабываць у галерэі Фрыка. Тыцыян, Гольбайн, Эль Грэка, Габем, Гойя («Сіла», «Донна Марыя», «Герцаг Асуна»), Рамнэ («Партрэт ледзі Гамільтон»), Рэмбрандт («Аўтапартрэт», «Польскі коннік»), Манэ («Зімой», «Бой быкоў»), Карэ…
Ледзь не спазніўся на нараду ў прадстаўніцтве. Вечарам яшчэ ўдалося паглядзець фільм «Спартак», які варта было б паказаць і нашым гледачам.
У маім пакоі ёсць велізарны камін. Усе гэтыя дні ў ім свішча асенні вецер. 3 трывогай сочым, як усё больш і больш згушчаюцца хмары над Кубай.
На стале застаў пошту — два цікавыя лісты ад Любашы.
1.XI. У складзе нашай дэлегацыі шмат цікавых людзей: Броннікаў, Баршчэўскі, Кудраўцаў, Шардзюкоў, якія цікавяцца літаратурай, мастацтвам. Добра ведаюць замежныя мовы. Трэба будзе рэдакцыі «Полымя» завязаць з імі больш цесную сувязь. Аднаму з іх Ф. Кастра расказаў пра сябе анекдот. Аднойчы ён са сваімі братамі прыйшоў у рай. Святы Пётр пытае: «Хто вы?» — «Мы камуністы». — «А ты хто?» — пытае ў Фідэля. — «Я беспартыйны».— «Ты мне не хлусі! Я цябе добра ведаю. Пайшоў у рай!»
З.ХІ. Усе гэтыя дні рыхтуюся да сваіх выступленняў. Нейкі Голдэн Гэйт кінуўся ў Сан-Францыска са славутага моста. Гэта ўжо двухсоты самагубца. У машыне пакінуў запіску, адрасаваную жонцы: «Вада заліва будзе цяплейшай, як твая любоў».
У Центральным парку неспадзявана пад адным з кустоў убачыў масляка. Вечарам за бутэлькай віна доўга сядзелі ў К. Кісялёва, які перадаў святочны тэлеграмы ад М. Лынькова, ад П. Броўкі…
Стаяць ясныя, халодныя дні. Адкрыў акно ў парк, зноў вецер намёў каля ганка гурбу лісця.
Учора з небаскроба глядзелі на Нью-Йорк, які быццам велізарны электрычны спрут, аж за гарызонт працягнуў свае шчупальцы. Свістаў такі пранізлівы вецер, што мы хутчэй схаваліся на зашклёнай пляцоўцы.
8.ХІ. 3 прадстаўніком ААН хадзілі на выбарчы ўчастак на рагу 42-й стрыт і 3-й авеню, які мясціўся ў будынку гандлёвай школы. Пазнаёміліся там з кандыдатам у сенат ад дэмакратычнай партыі, які крыху гаварыў па-польску і перакананы быў у перамозе сваёй партыі. Абстаноўка на ўчастку будняя, рабочая. Але многія, у каго мы пыталіся аб выніках галасавання, прарочаць перамогу Кенэдзі над Ніксанам. Гэта быў бы адчувальны ўдар па ўсёй палітыцы рэспубліканцаў за ўсе іх правакацыі, зрыў перагавораў у Парыжы, за шпіёнскія палёты…
Нахмарылася. На стале — гара зводак, газет, часопісаў. У Мінску адзначылі 60-годдзе Міхася Ціханавіча. Трэба будзе павіншаваць яго.
10.XI. Мой сусед — прадстаўнік Камбоджы — такі заядлы курэц, што цэлы дзень над ім стаіць хмара дыму, ад якога сам зрабіўся падобным на вэнджаную сасіску. Дастаецца і мне. Каракала калісьці забіваў сваіх ахвяр, запаўняючы іх камеры кветкамі, ад паху якіх яны задыхаліся.
14.XI. Учора вярнуўся з Вашынгтона. Паездка была ўдачнай: наведалі музеі, пазнаёміліся з горадам, які мне больш спадабаўся, як Нью-Йорк, ды і пагода была цудоўная. 3 К. Кісялёвым збіраемся на прыём, які дае дэлегацыя Венесуэлы. Рыхтуюся да выступлення па алжырскаму пытанню. Яшчэ нічога не ведаем, калі закончыць сваю работу сесія. Магчыма, пасля кароткага навагодняга перапынку тут празасядаем аж да вясны. Было некалькі вольных гадзін, і з Л. С. Чаркасавай мы зноў наведалі галерэю Фрыка, дзе амаль усе свае грошы растрацілі на розныя альбомы, рэпрадукцыі карцін. Вечарам былі ў мюзік-холе на праглядзе фільма «Свет Сузі Вона».
23.ХІ. Прыйшлі два пісьмы. Любаша піша, што не могуць дачакацца, калі вярнуся. Просіць купіць для Юры Болтуця нейкі прэпарат ад яго сухот «цыклосерын». Другое пісьмо ад М. Ц. Лынькова. Заўтра свята «Індзюка», якое ўсе амерыканцы ўрачыста адзначаюць. Але мы, відаць, паедзем на ўзмор’е збіраць ракушкі. Да позняй ночы праседзеў у Ю. С. Мельнічука. Паказаў ён мне дэкадны нумар «Жовтеня». Нумар вельмі цікавы, багата ілюстраваны.
25.ХІ. Нейкі мёртвы сезон настаў у ААН. «Нью-Йорк геральд трыбьюн» пісала, што «шквал наляцеў і мінуў, але сцены ААН яшчэ дрыжаць». Хрушчоў страсянуў гэты будынак да самай асновы, і ніхто не можа з упэўненасцю сказаць, колькі яшчэ ён пратрымаецца. Здаецца неверагодным, што адзін чалавек пры дапамозе некалькіх прамоў патрапіў выклікаць такое землетрасенне.
26.ХІ. Падмарозіла. Белымі сталі трава, дрэвы і сонца. Вечарам глядзелі шведскі фільм «Дзявочы ручай«. Закончыў верш: «На падмостках, у ззянні агнёў мюзік-хола»… Няма калі брацца за дзённік, бо, здаецца, 15.XII едзем дамоў і ўсе гэтыя дні будуць загружены пасяджэннямі, выступленнямі, прыёмамі, зборамі ў дарогу.
30.ХІ. Учора быў на велізарным прыёме, дадзеным старшынёй сесіі Боландам. Сабралася ўся нью-йоркская арыстакратыя і дэлегаты, відаць, больш дзвюх тысяч чалавек. А сёння дае прыём наша беларуская дэлегацыя. Прыйшла пошта. У «Звяздзе» — некалькі маіх новых вершаў. Рэкламны плакат: «Тут рамантуюць спутнікі, разбітыя бутэлькі, тэлевізары і сэрцы». Проста здорава!
4.ХІІ. Недзе прастыў. Ледзь супольнымі намаганнямі збілі тэмпературу. Учора выступаў К. В. Кісялёў — «грузны сівавалосы беларус», які патрабаваў вызвалення Лумумбы. Некалькі раз перапыняў Боланд прамоўцу.
13.XII. Снегапад спыніў усякі рух на дарозе. Уяўляю, што нас чакае на акіяне. Гэтыя дні двойчы выступаў. Здаецца, як гаварылі сябры, досыць добра. Віншавалі. Тэма верша: перагружаная чамаданамі, пасажырамі аж па ватэрлінію, адрываецца ад пірса «Каралева Елізавета». Ноч. Акіян…
Пасля завеі тысячы машын стаяць на дарогах. Снег. Мароз 16°. Калі ў нас такія халады, трэба будзе пазваніць з Брэста, каб прынеслі на вакзал хоць цяплейшую шапку. I так, праз два дні пакінем горад жоўтага д’ябла, развітаемся з Амерыкай, пра якую, здаецца, Уайльд сказаў, што ён лепш хацеў бы адкрыць адну са сваіх прыгажунь, а не Амерыку.
Уключыў тэлевізар — рэклама, шоу, ударная музыка, ад якой, як паказалі доследы амерыканскіх вучоных, людзі губляюць слых, расліны нават гінуць.
У гутарцы ўчора адзін з арабскіх дэлегатаў хваліўся, што ў іх самая выдатная канстытуцыя, Каран, бо яна напісаная Богам.
14.XII. Наведалі рэдакцыю «Нью-Йорк таймс», у якой — як нас інфармаваў работнік па сувязях Энфаліт Мартон — больш за шэсць тысяч супрацоўнікаў, 121 лінатып, якія працуюць на тры змены. На ўсіх славутых і вядомых людзей свету ў рэдакцыі газеты падрыхтаваны паўтара мільёна дасье-некралогаў.
15.XII. Дзень бурных пасяджэнняў у I і III камітэтах. Прагаласавалі афрыканскую рэзалюцыю па Алжыры і рэзалюцыю па моладзі. Позна вярнуўся на дачу і ўзяўся за ўпакоўку свайго багажу.
16.XII. Зноў пайшоў мокры снег. Каб не занесла дарогі, пастараліся выехаць раней. Пасадка на лайнер пачалася ў 13 гадзін, а ў чатыры гадзіны адшвартаваліся ад прычала. У каюце першага класа № 145 — я і Якаў Качан. Чакаем вячэры, бо цэлы дзень не было калі і перакусіць.
19.XII. Ужо трое сутак плывём на «Каралеве Елізавеце». Лайнер ідзе спакойна і ўпэўнена, не зважаючы на штармавое надвор’е, на велізарныя ўспененыя хвалі, якія амаль зліваюцца з хмарамі.
Чытаю Брэхта. «Калі народ не задавальняе ўрада, дык можа быць урад павінен змяніць народ». У кожнай каюце — Біблія. Шкада, што на англійскай мове. А то яшчэ раз пагартаў бы гэту адну з цікавейшых кніг чалавецтва. Я яе ўвёў бы ў нашы школьныя праграмы, як міфы Грэцыі, Егіпта, Рыма, замест многіх нізкапробных нашых сучасных твораў.
Калі будзем у Парыжы, трэба было б пахадзіць па антыкварных магазінах, дзе часамі можна знайсці рэдкія кнігі, зрабаваныя ў часе вайны з нашых і польскіх кнігасховішчаў і бібліятэк.
За гэтых некалькі дзён, што мы на караблі, некаторыя з нас зусім разлажыліся. I я пачаў дэгуставаць крабаў, устрыц, драўняных ракушак, жаб, заказваць нейкія замыславатыя стравы.
21.XII. Паказалася зямля. Больш стала сустрэчных параходаў. Вось і канечны наш прыпынак — Шэрбург. Пару гадзін заняло афармленне дакументаў, пасадка ў цягнік, а там — Парыж. Спыніліся мы ў нейкай старой гасцініцы «Hôtel de Palais d’Orsay», пакой № 208. Я ўжо другі раз у Парыжы. Не падабаюцца мне гэтыя старыя гасцініцы: няскладныя, непрытульныя, крэслы плюшавыя, да якіх не хочацца і дакранацца. Нехта на калідоры голасна гаворыць па тэлефону. На вуліцы імгліць дождж. Заўтра пойдзем знаёміцца з Парыжам: Версаль, Луўр, Эйфелева вежа, музей Радэна…
25.ХІІ. Забаставалі бельгійскія чыгуначнікі, і мы едзем праз Бон. Ноччу на пару гадзін спыніліся ў Кёльне. Пабывалі і ў славутым Кёльнскім саборы з мініяцюрным ствошаўскім алтаром, у якім ішла служба а удзелам кардынала. Асабліва мяне ўзрушыў хор. Яго не відаць было. Ён грымеў як з неба, з-пад «дымных грамад» высачэзных калон і скляпен’яняў. А самае дзіўнае, што не зважаючы на час і ваенныя ліхалецці, дзякуючы клапатлівым старанням людскім, цэлымі захаваліся і Нотр Дам, і Крэмль, і Вавель…, у вонкавых формах якіх, кажуць, ні адзін камень не мае больш за сто год.
26.ХІІ. Берлін. Можа, восеньскае надвор’е наклала свой сумны адбітак на горад. Алея ці вуліца Сталіна нагадвае нашы архітэктурныя ансамблі. Пры дапамозе пасольства ўдалося сесці ў цягнік, якім, спадзяемся, ужо без перасадак дабярэмся да Мінска.
27.XIІ. Нарэшце, пасля чатырохмесячнай адлучкі, дома. Пачынаю ўваходзіць у свой быт. Тэлефонныя званкі, пасяджэнні, якія, быццам, толькі і чакалі на мяне. Заходзілі палымянцы, якіх абдараваў рознымі сувенірамі, паштоўкамі-рэпрадукцыямі розных выдатных майстроў, у тым ліку і нашых: Шагала, Суціна, Кандзінскага, Малевіча… Пакінуў сабе Эль Грэка, Рэмбрандта, Ван Гога і «Герніку» Пікаса, якую гітлераўскі афіцэр, убачыўшы, сказаў: «Гэта карціна надобна на ўдар дывізіі. Гэта — ваша работа?» — «Не, гэта — ваша», — адказаў мастак. Страшная карціна, а яшчэ страшнейшай — будзе атамная, пасля якой, як сцвярджаюць вучоныя, на Зямлі змогуць ацалець толькі клапы, бо ім не страшны і сто тысяч рэнтгенаў.
Нешта невясёлыя думкі апанавалі мяне пад Новы год.
1961
3.ІІІ. Раніцай наша дэлегацыя на сесію ААН вылецела з Масквы. Дзень быў хмарны. Толькі ў Капенгагене паказалася сонца. Абедалі ў рэстаране «Скоу-рыдэркроен», на беразе мора, недалёка ад славутай бронзавай Русалкі. Тут ужо адчуваецца подых вясны. Далей ляцім самалётам кампаніі «САС». У месячным святле паказалася Грэнландыя. Прызямляемся на лядовым аэрадроме Стромфіорда. Пакуль самалёт запраўляўся гаручым, мы зайшлі ў будынак велізарнага аэрапорта, дзе я купіў некалькі цікавых паштовак з відамі Грэнландыі. Тут зараз зіма ў самым разгары: вецер, мароз 30°. Чорт ведае, куды мяне занясло! Я, відаць, першы з беларусаў, які заблудзіў сюды.
5.ІІІ. Нью-Йорк сустрэў нас сцюдзёным ліўнем. Ледзь дабраліся да сваёй Эстэрбееўскай дачы. Не спіцца. Прачнуўся ноччу і ўзяўся за верш «Мой хлеб надзённы». Мо так і ахрышчу свой новы зборнік.
7.ІІІ. У фае ААН сустрэў прафесара К. С. Шадурскага, які ў часе вайны партызаніў у нашых краях, сустракаўся з маімі бацькамі. Прыехаў ён сюды на нейкую нараду па наркотыках. Гэтымі днямі збіраецца вяртацца дамоў. Трэба будзе праз яго паслаць пісьмо Любашы, бо па дыпламатычнай пошце яно не так хутка дойдзе.
11.ІІІ. Хадзіў у Гленкоў, дзе купіў для Міхася Ціханавіча марскі компас. Потым агледзеўся, што дыск яго паказвае не поўнач, а поўдзень. Аказваецца, што так і трэба. Учора амерыканскія газеты пісалі, што нейкі сердабольны ўласнік аўтамабільнага агенцтва Лосбар падарыў прадстаўніку Конга Бахізі «кадылак», каб той не хадзіў пехатой. Цырымонія перадачы машыны адбывалася перад будынкам ААН. Вось гэта рэклама! А вось як рэкламуюцца фільмы: «Яе пацалункі ператвараюць мужчын у жывых трупаў» (фільм «Чорная нядзеля»), «Голая ці апранутая Елізавета Тэйлар выглядае як мільён долараў». А вось новы фільм пра прастытутак: «Карпарацыя дзяўчат», ці «Дзяўчаты па вызаву», «Абзывай мяне, Поль, як хочаш, але выклікай мяне часта»…
За акном вецер калыша голыя дрэвы. Лес тут нізкарослы, пакручасты, нейкі рахітычны. Рэдка дзе ўбачыш роўны і стройны ствол. Пакуль што такіх лясоў, як у нас, я не бачыў. I цікава, што ў гэты прадвесні час не чуваць галасоў птушак. Толькі вадаёмы акупіраваны дзікімі качкамі. Яны нікога тут не баяцца.
3 Масквы прыляцеў М. Філімонаў, якому, чамусьці, доўга не выдавалі візы. Недзе, чуваць, выюць паліцэйскія сірэны ды няспынна гудуць самалёты.
14.ІІІ. Шуміць дождж. Успомніў шум нашага пількаўскага дажджу. Прачнешся, паслухаеш яго ды глыбей зарыешся ў духмянае сена. Асабліва прыемна было яго слухаць у нядзелю, калі не трэба было рана ўставаць і ісці на поле, на сенажаць, у лес.
15.ІІІ. «Нью-Йорк таймс» надрукаваў тэлеграму лідэра амерыканскіх прафсаюзаў Міні, у якой віншуе былога лідэра меншавікоў Ральфа Абрамовіча «За яго непахісную адвагу і бясконцую прыхільнасць і энергію, якую ён праявіў у барацьбе супроць царскага расізму і камуністычнага дыктату».
У прадстаўніцтве сустрэў М. Філімонава і А. Сітнікава. Па дарозе купілі сабе халасцяцкія ці дарожныя кашулі, якія можна самому вымыць і не трэба гладзіць. Сяджу са сваім выступленнем. Знаёмлюся з рознымі дакументамі, справачнікамі.
Позна, калі ўжо збіраўся ехаць, запрасілі да сябе нашы ўкраінскія сябры. Пілі нейкую нячыстую сілу, закусваючы салам і часнаком. Ю. Мельнічук прасіў прыняць удзел у вечары, прысвечаным вялікаму Кабзару, на якім будуць прадстаўнікі многіх прагрэсіўных украінскіх эмігранцкіх арганізацый.
Вярнуўшыся ў сваю келлю, думаў — засну. Не заснуў. Узяўся пісаць верш пра «Таго сейбіта».
19.IІІ. Нядзеля. Пачаў падаць снег. Потым на змену яму зноў замарасіў дождж. Ну і сакавік!
Быў у нашага прадстаўніка Ф. Гразнова. Пазнаёміўся з яго жонкай, якая аказалася зямлячкай з Ліды. Пачаставала яна нас венгерскім віном, фруктамі. Даручылі мне выступіць у першым камітэце па афрыканскаму пытанню, якое неспадзявана ўнеслі ў павестку дня.
24.ІІІ. Усе члены дэлегацыі едзем на ланч. Шмат было тостаў за сацыялістычныя краіны, за Беларусь. Шкада, што на ланч не змог прыехаць А. А. Грамыка, бо быў на сустрэчы з амерыканцамі.
Замест выступлення пішу верш «Айсбергі — гэта алмазы палярнага ззяння…».
26.ІІІ. Першы па-сапраўднаму вясенні дзень. На шаўчэнкаўскім вечары пазнаёміўся з выкладчыкам рускай літаратуры Ролічам, бацькі якога нават родам з маіх нарачанскіх аколіц. Надзвычай цікава прайшоў гэты вечар. Быў на ім Рокуэл Кент, рэдактар «Русского слова» Барысаў, Д. Панамарчук, С. Мельнічук. Сустрэў на гэтым вечары яшчэ аднаго земляка з Талуці. Як шкада, што ў нас амаль ніхто па-сапраўднаму не займаецца кантактамі і сувязямі з беларускай эміграцыяй.
28.ІІІ. Перад абедам з Э. Баршчэўскім пабывалі ў музеі Гугенгейма. Некаторыя з карцін абстракцыяністаў нат не маюць назваў. Я ўпершыню ўбачыў некалькі палотнаў В. Кандзінскага: «У чорным скверы», «Круг на Чорным», «№ 333»; Пікасо «Старая жанчына», «Мандаліна», «Тры музыканты»; Рэнуара «Купальшчыцы»; Жан Міро, Ф. Лагар.
Пасля Гугенгейма заглянулі і ў «Метрапалітэн» палюбавацца на Рэнуара, Манэ, Гагена, Радэна, Шагала.
29.ІІІ. Праслухаў змястоўнае, але вострае пленне К. В. Кісялёва, якое некалькі раз Боланд перапыняў і потым — спыніў за крытыку Стывенсана і Хамаршэльда.
Пачаў верш пра амерыканскую рэкламу.
Нарэшце атрымаў пісьмо з дому. Дзяўчаты пішуць, што яны вучацца на выдатна і слухаюць маму, што дома ўсе жывы, здаровы. Уяўляю, як яны пісалі гэта пісьмо, каб толькі супакоіць мяне. У поспехах іх у навуцы я не сумняваўся, а вось, як там абстаяць справы са здароўем — не ведаю.
Вечарам праводзілі А. А. Грамыку, які вяртаецца ў Маскву. Заблыталіся былі ў павуціне дарог, пераездаў. Толькі ў поўнач дабраліся да прадстаўніцтва.
1.IV. Зноў пахаладала. Калі ставіш машыну, аўтамат цябе вітае: «Дзякуем!» I ў залежнасці ад часу загараецца на шыльдзе: «Добрай раніцы!», «Добры дзень!», «Добры вечар!». Але пакуль прывыклі вадзіцелі да гэтай ветлівасці, было на стаянках некалькі аварый. У Англіі «цікаты», ці штрафы, выпісваюць жанчыны, бо гэта больш прыемна, і мужчыны больш ахвотна іх выплачваюць.
2.IV. Вецер, вецер, залятае снег. Ездзіў з К. В. Кісялёвым на бераг заліва Эстэрбей. Быў час адліву, хвалі акіяна далёка адступілі, агаліўшы падводныя рыфы, на якіх гаспадарылі качкі і чайкі. Стаяла нейкая машына, у якой сядзела маладая пара. Відаць, прыехалі сюды на начлег. Праехалі міма былой рэзідэнцыі Моргана. Перад сном яшчэ паспеў накідаць верш «Грыбы».
4.IV. Праслухаўшы нудныя выступленні дэлегатаў у першым камітэце, пачаў пісаць свой верш «Смаленне кабана». Вечарам быў на прыёме ў Венгерскім прадстаўніцтве. Рыхтуемся да выступленняў супроць агрэсіўных дзеянняў ЗША, у сувязі са збітым над Свярдлоўскам амерыканскім самалётам-разведчыкам.
Апошні дэень абмеркавання трагічных падзей у Конга. Слухаючы прамоўцаў, пачаў пісаць верш пра Патрыса Лумумбу.
8.ІV. Над Кубай згушчаюцца хмары. Дзяржаўны дэпартамент адкрыта заяўляе аб сваёй інтэрвенцыі. Заўтра рана збіраемся паехаць у Атланцік Сіці.
«Нью-Йорк Таймс» піша, што Тайвань летась прадаў грыбоў на мільён трыста тысяч долараў. А колькі ў нас марнуецца гэтых і розных іншых дароў прыроды! Па радыё: «Вазьмі мяне за руку! Трымай мяне моцна! Цалуй мяне часта! Любі мяне доўга!»
9.IV. Цэлы выхадны дзень правялі ў Атланцік Сіці. Тут цудоўны пляж, шмат гасцініц. Ездзілі па пякельных горках. У кіёсках прадаюцца фартухі з надпісамі: «К чорту дамашнюю работу», «Што вам падаць?», «Бывай, суровы свет», «Падаць Вам вустрыцы з пэрлай ці без?» Рэклама: «Парады дае храм Беда», «Херыйбар адзіны на гэтай дарозе». А побач сотні лепшых. Майка — чэмпіён ЗША па піццю малака: «Дзякуем, што вы наведалі нас. Хутчэй прыязджайце зноў!» У вітрынах магазіна скрыпка і мандаліна — з запалак. Бог нявіннасці з Конга. Сякера секчы чалавечыя галовы. Нігерыйская багіня пладароддзя, якой бясплодныя жанчыны моляцца. Чарпак людаеда. Цікавыя ляскі са скрытай у іх зброяй, для пераносу наркотыкаў, брыльянтаў і для самаабароны, картамі горада, ляскі з людскіх касцей.
Назбіралі поўныя кішэні ракушак. Перакусілі ў рэстаране «Вілка і нож» і вечарам вярнуліся ў свае пенаты. Трэба падрыхтавацца да заўтрашняга выступлення.
11.IV. Наведалі магазін былога ваўкавыскага купца Бекштэйна — «Грышкі». Вытраслі яму на сувеніры свае камандзіровачныя долары. Сёння выступаў. Рыхтуюся да выступлення па карэйскаму пытанню. Ходзяць чуткі, што Савецкі Саюз вывеў касмічны карабель з чалавекам на арбіту. Вось дык навіна!
12.IV. I так, чуткі спраўдзіліся! Імя касманаўта Ю. Гагарын. Уся Амерыка са здзіўленнем і зайздрасцю гаворыць аб яго подзвігу. Купіў жмут газет. У кожнай — партрэт Ю. Гагарына і яго біяграфія. Радыё перадае, што ўся Масква выйшла на вуліцы. Нат не верыцца, што нам першым выпала шчасце зрабіць такі гіганцкі крок у космос. Ходзім, як імяніннікі, — усе дэлегацыі нас віншуюць.
13.IV. Вецер — харыкейн. Снег, дождж. Доўга ішло ў камітэце абмеркаванне карэйскага пытання. Па прапанове прадстаўніка Польшчы адклалі яго на наступны дзень. Я казаў Левандоўскаму, што ён адкрыў слабае месца ў англасаксаў — не ў галаве, а ў жываце, — калі напомніў, што трэба ісці абедаць, з чым усе, без галасавання, пагадзіліся і разышліся. Мо ў гэтай бясконцай гаварыльні вінавата і прыгожая стэнаграфістка, на якую ўсе заглядаюцца.
Прыехаў ансамбль Майсеева. Збіраемся схадзіць на яго канцэрт.
Да позняй ночы сядзеў над сваім выступленнем, толькі не ведаю, ці дадуць выступіць, бо ўжо мала часу засталося да канца сесіі.
18.ІV. I так, ЗША пад прыкрыццём флота пачалі агрэсію супроць Кубы. А ў ААН, перад вачамі ўсёй асамблеі, разыгрываецца фарс, які пагражае перарадзіцца ў новую сусветную бойню. Яшчэ не ясна, як разгортваюцца падзеі, да якіх зараз прыкута ўвага ўсяго свету.
20.IV. На Кубе, здаецца, справы абстаяць не так дрэнна, як аб гэтым пісалі амерыканскія газеты. Учора выступаў К. В. Кісялёў. Харошае і баявое было яго выступленне. Сёння ён адлятае дамоў самалётам, а мы, калі нічога не перашкодзіць, адплываем заўтра. Надзвычай яркім было выступленне і прадстаўніка Cayдаўскай Аравіі. Раз некалькі яго перарывалі французы, англічане, амерыканцы.
Выступаў Д. Кенэдзі. Гаварыў аб неабходнасці змены курсу амерыканскай палітыкі, а то без выстрала можна згубіць усё. Стывенсан усё жыццё лічыўся лібералам, а за апошнія дні скінуў маску міратворца. Маніў пра лётчыка, якога ў нас збілі, маніў пра неінтэрвенцыю амерыканцаў на Кубе, маніў, калі гаварыў, што контррэвалюцыянеры не з амерыканскіх баз высаджвалі дэсант. Трывожны час.
На «Лібэртэ» мы прыехалі за гадзіну да адыходу карабля, разам са мной у каюце 254 сакратар нашай дэлегацыі Б. Кудраўцаў. Па суседству — А. Гурыновіч. 3 праважатымі распілі пару бутэлек «Белавежскай», пачаставалі і французаў, якія нас будуць абслугоўваць.
25.IV. Лёгкі ветрык успеніў хвалю акіяна. Але карабель ідзе без гайданкі. На палубе сустрэлі знаёмых членаў польскай дэлегацыі, у якіх я часта пазычаў літаратурныя часопісы, з якіх шмат можна было вывудзіць цікавых звестак.
Сярод пасажыраў бачыў былога прэм’ера Францыі П. Рэйно і яго жонку і вядомую кіназорку М. Дзітрых. Вечарам паказалі нам два фільмы: «Францыя» і «Пяць залатых часоў».
На захадзе сонца, як падводныя лодкі, праплылі дэльфіны, размінуліся з «Каралевай Елізаветай». Абслугоўвае нас афіцыянт, які ў гады вайны сядзеў у нямецкім канцлагеры, сустракаўся з палоннымі рускімі. Ведае некалькі слоў: «Хорошо, иди сюда, Мишель».
Поўнач. Кожны дзень пераводзім наперад на гадзіну свае гадзіннікі.
Паглядзелі выдатны фільм аб жыцці эскімосаў у Грэнландыі.
26.IV. Змерыў крокамі палубу: 210 крокаў у даўжыню. Заўтра раніцой будзем у Плімуце — буйнейшым порце Англіі, а вечарам — у Парыжы. Ноч месячная. 3 левага борта мігцяць агні маяка.
27.IV. Зрабіў некалькі здымкаў гарыстых берагоў Англіі і нейкіх сельскіх будынкаў, крытых саломай.
28.IV. Учора, пакуль уладкаваліся ў гасцініцы, перавезлі багаж, так стаміліся, што і вячэраць не пайшлі. Раніцой выбраліся ў пасольства, а потым да адыходу цягніка — знаёміліся з Парыжам. Спадзяёмся, што да свята неяк дабяромся дадому.
29.IV. Бясконцая колькасць уражанняў хаатычна адкладваецца ў маёй памяці. Упадаю ў нейкі фаталізм, усё больш губляючы сувязь са сваім мінулым і шмат у чым не пагаджаючыся з сучаснасцю.
Ад польскіх сяброў даведаўся аб трагічнай смерці Бруна Шульца, застрэленага на вуліцы нейкім гестапаўцам. Калісьці я захапляўся яго аповесцю «Крамы карыцы». Часта задумваюся і над лёсам нашай літаратуры. Да гэтага часу не магу ўясніць сутнасці сацыялістычнага рэалізму: ці гэта нейкі універсальны аптымістычны напрамак, ці нейкае геаграфічна-палітычнае акрэсленне. Бо, напрыклад, усе рэвалюцыйныя пісьменнікі былой Заходняй Беларусі пасля далучэння да Савецкага Саюза раптам сталі сацыялістычнымі рэалістамі.
6.V. Ужо і лік згубіў сваім выступленням. Да чаго ж мы любім розныя літаратурныя фестывалі, дэкады, тыдні… I забываем, што колькасць іх, статыстыка не з’яўляюцца паказчыкам росту нашай літаратуры і, асабліва, — яе якасці. Я ўжо не кажу пра неверагоднае марнаванне часу. I гэта на ўсіх участках нашага жыцця.
4.VI. На дзесяць дзён еду ў Румынію. Відаць, не хапіла сваіх нарад. Пасля прыезду з Амерыкі яшчэ не браўся за вершы. Падрыхтаваў толькі для выдавецтва новы зборнік, які назваў «Мой хлеб надзённы». Я. Брыль пакінуў нашу рэдакцыю. На яго месца прыйшоў Янка Скрыган.
9.ХІ. Наведаў хворага Міхася Ціханавіча. Зараз казаў — чуецца лепш, але па ўсяму відаць, што яшчэ не так скора ўдасца яму ачуняць.
3 Варшавы званіла Марыя Камянецкая. Прасіла, каб я напісаў уступ да «Успамінаў маці» М. Фарнальскай. Я паабяцаў, хоць не ведаю, ці наша выдавецтва плануе выдаць гэту кнігу. А выдаць яе варта было б.
12.XII. Праз снежныя заносы і гурбы ледзь дабраўся да сваёй Пількаўшчыны. Дамашнія не спадзяваліся, што прыеду. Бацька сядзеў за сталом і пісаў пісьмо Людміле. Былі яны сёння з дзядзькам Фадзеем на паляванні. Прынеслі некалькі зайцаў. Прыгожа тут у нашай лясной глушы. Маці запаліла ў печы. Гляджу, як закіпае ў сагане бульба. Памалу ападае змрок. 3 непакоем пачынаю думаць, што і сюды некалі дабярэцца наша т. зв. цывілізацыя.
14.XII. На сустрэчы з італьянскай дэлегацыяй быў паэт Альда Севярыні, у якога я ўзяў некалькі падрадкоўнікаў яго вершаў. Сёння ў Палацы прафсаюзаў літаратурны вечар. Соф’я Захараўна крыўдуе, што дактары ў лечкамісіі безуважна адносяцца да хваробы Міхася Ціханавіча, стан здароўя якога з кожным днём пагаршаецца. Трэба нам з П. Броўкам пайсці да В. Шауры, папрасіць, каб хвораму была аказана больш дзейсная дапамога. Мо накіраваць яго ў Маскву?
1962
1.І. Вярнуўся з Масквы з нуднага пленума СП па ідэалагічных пытаннях. Няўжо такі нудны будзе і ўвесь Новы год? Здаецца, нарэшце, памёр Л. Бэндэ. Пішу «здаецца», бо дух яго яшчэ жыве ў творах некаторых нашых гісторыкаў літаратуры і крытыкаў. Па-рознаму людзі зарабляюць на вечную памяць. Зарабіў на яе і Бэндэ, але зарабіў, як юда. Самае неверагоднае, што ён да канца свайго жыцця быў перакананы ў сваёй слушнасці. Я яму пра гэта гаварыў, калі ён аднойчы прынёс разгромны артыкул пра Ф. Багушэвіча, толькі на той падставе, што той за выслугу гадоў быў узнагароджаны медалём, такім жа, як і задубенскі пастыр, за тое, што больш за дваццаць год зімой хадзіў па хатах і вучыў дзяцей чытаць, аб чым калісьці расказвала мая маці. I ўсё ж, трэба сказаць, што са смерцю Л. Бэндэ стала менш на адну здань, народжаную «часамі пагарды» да Чалавека.
12.І. Пераклаў Байрана «Стансы» і «Інеса». Быў на нарадзе па сельскай гаспадарцы, на якой выступаў М. С. Хрушчоў. 3 некаторымі яго разлікамі ніяк не магу пагадзіцца. Яўнай недарэчнасцю з’яўляецца пасадка бульбы квадратна-гнездавым спосабам і скарачэнне яе плошчы пры адначасным павелічэнні яе паставак. Калі мы ў мінулы, самы ўраджайны год не змаглі разлічыцца па даведзенаму нам плану. I дарма ён падняў на шчыт нашага Цішкова за некалькі пачаткаў кукурузы, вырашчаных ім пры дапамозе хіміі на сваім балконе.
Пасля двух пакутлівых месяцаў вярнуўся з бальніцы Міхась Ціханавіч. Заўтра вечар, прысвечаны 60-годдзю Міхася Зарэцкага. Помню яго раман «Сцежкі-дарожкі», якім усе мы зачытваліся. Помню нават вокладку з паласой світальнай зары, хоць з таго часу мінула больш чым трыццаць год.
18.І. Настрой пагаршаецца з кожным днём: дакучае грып. Няма спакою ад тэлефонных званкоў, розных наведвальнікаў. I не пішуцца вершы. Стаіць сырое, прамерзлае надвор’е. Прачытаў пераклады Л. Левіна маіх вершаў. Ён, чамусьці, разбурыў рытміку арыгінала, і вершы сталі цяжкімі, нязграбнымі, як нейкія падрадкоўнікі.
15.IX. Які даўжэзны дзень! На пару гадзін прызямліліся ў Паўночнай Шатландыі і ў Гендзіры. Праляцелі над бясконцымі астравамі, азёрамі Канады. На нью-йоркскім аэрадроме Астапенка ўручыў мне віншавальную тэлеграму ад Пімена. Насупраць нашага прадстаўніцтва, у якім мы спыніліся, — паліцэйскае ўпраўленне, пажарная каманда і сінагога. Агулам — вясёлае суседства. Усю ноч гудуць сірэны.
17.IX. Думаў, што ўдасца мне ўцячы ад юбілейнай мітусні, але і тут нястомны наш міністр Кузьма Венядзіктавіч арганізаваў застолле, на якім быў увесь наш дыпламатычны корпус на чале з А. А. Грамыкам. Я ведаў, што і мне, як кожнаму чалавеку, давядзецца шмат сустрэць у жыцці і цяжкога і радаснага. Але мне чамусьці здавалася, што розныя там юбілейныя даты не маюць ніякіх адносін да мяне. Але выйшла так, як гаворыцца, што — усім, тое — і бабінаму сыну.
21.IX. У зале пленарных пасяджэнняў сустрэў 3. Дэмбінскую. Мы, здаецца, будзем з ёю працаваць у адным камітэце. На Брадвеі ідзе музыкальная камедыя «О, тата, бедны тата, мама павесіла цябе ў прыбіральні, і мне вельмі сумна». А гэта з газеты: «У Таймс-скверы згвалтавалі 71 год жанчыну, якая адчувае сябе вельмі добра». «М. М., калі яшчэ хадзіла ў школу, купіла сабе цесны світэр і пераканалася, што зусім дэзарганізаваліся лекцыі матэматыкі».
Вечарам усе мы былі на прыёме ў А. А. Грамыкі ў гонар нашага Вялікага опернага тэатра.
24.ІХ. У Гленкоўскім парку мне паказалі траву, якая ўсюды тут расце і якой трэба асцерагацца, бо, дакрануўшыся да яе, на целе з’яўляюцца балючыя пухіры. Яе знішчаюць, але яна адрастае. Рэклама фарбы для валос: «Мяняйце так часта колер валос, як мяняеце свае погляды і перакананні». Як там дома? Сёлета была ў нас грыбная восень. Успомніў і, здаецца, на 67-й стрыт пачуў пах баравікоў.
25.ІХ. Як марудна цягнецца час! Mo і таму, што я выбіўся са сваёй каляі, не магу знайсці сябе, быццам нешта згубіў ці забыўся ўзяць з дому, а што — не прыпомню.
У нядзельным нумары (23.IX.1962) «Нью-Йорк таймс» надрукаваны цікавы артыкул «Вайна прыказак», у якім аўтар гаворыць і аб тым, што я ў сваім выступленні па алжырскаму пытанню прывёў народную прыказку: «Калі гаворыць ліса, хай яе словы глыбока прадумаюць пеўні». А на малюнку пад прыказкай ліса вельмі падобна да прэзідэнта дэ Голя. Аўтар успамінае цікавую кнігу палкоўніка Гінцбурга, які шмат год збіраў у ААН прыказкі розных народаў. Цікава было б пазнаёміцца з гэтай кнігай. Здаецца, аўтар падарыў яе К. В. Кісялёву.
Кожны дзень сяджу над матэрыяламі для выступлення. Пасля вячэры з В. С. Смірновым прайшліся па 3-й авеню, на якой безліч розных антыкварных магазінаў, заваленых такім стар’ём, што аж страх браць яго ў рукі. Няўжо ўсё гэта нехта купляе?
26.ІХ. Некалькі раз мяне будзілі паліцэйскія сірэны. За акном, здаецца, шумеў дождж. Хоць тут за няспынным грукатам цяжка разабрацца, што адбываецца ў прыродзе, а за лесам небаскробаў не пабачыш ні ўсходу, ні захаду сонца.
Сённяшнія газеты найбольш удзяляюць увагі не сесіі ААН, а баксёру Лістану, які ўчора на трэцяй мінуце накаўціраваў Петэрсана і зарабіў 500 тысяч долараў. «Калі ён паднясе свой кулак да нейчага носа і спытае: «Бачыш?», то заслоніць усё, і ты нічога не бачыш». Боксу новы чэмпіён навучыўся ў турме. Яго памочнік, калі хто па-старому называў Лістана па імені, казаў, каб яны звярталіся да яго «сэр», бо ён дяпер роўня прэзідэнту.
На Другой авеню і 57 стрыт — рэстаран «Гутарка з падушкай».
27.ІХ. Сёння Любаша — імянінніца. Паслаў тэлеграму. I так, дні свайго нараджэння мы сустракаем на розных канцах свету, раздзеленыя бясконцымі прасторамі акіяна і трывожнымі днямі. Вечарам ездзілі ў пасёлак Алабія. Нат пакупаліся ў акіяне. Амерыканцы са здзіўленнем глядзелі на нас, дзівакоў. А вада была яшчэ цёплая. Рыбакі з берага закідвалі спінінгі і лавілі нейкую падобную да камбалы рыбу — «блэдфіш». Пабывалі і на адкрыцці філармоніі. Білеты на такія ўрачыстасці досыць дарагія — 80 долараў. Праслухалі цудоўную сюіту і драматычную кантату «Атлантыда» ў выкананні хору і аркестра пад кіраўніцтвам Э. Ансэрмена. Прыемнае ўражанне засталося і ад самога будынка, ад яго афармлення, асвятлення, акустыкі. Перад канцэртам з прамовай выступаў сам Ракфелер III. Прывітаў прысутных дэлегатаў асамблеі, пажадаў ім плённай працы. На канцэрце была ўся нью-йоркская арыстакратыя.
Велізарны барометр на Брадвеі паказваў 60° цяпла і варажыў на добрую пагоду.
Адна з газет падлічыла, што найменшы працэнт разводаў (1 — на 47, сярэдні — 1-4) у тых, хто жэніцца са сцюардэсамі, таму што яны за 18 месяцаў сваёй работы абслугоўваюць 7000 чалавек, закалыхваюць 1500 дзяцей, пройдуць у самалёце 700 міль, падвергнуцца позіркам 8000 халасцякоў, знаюць, калі гаварыць і калі маўчаць.
2.Х. 3 акна майго пакоя не відаць, што на дварэ. Як у глыбокай студні, заўсёды змрочна. Нат днём, калі чытаю ці пішу, запальваю святло.
Гісторыя з неграм Мерыдзітам у Місісіпі перарасла ў антырасісцкія выступленні супроць федэратыўнага ўрада. Некалькі чалавек забіта і шмат раненых. Армія пусціла ў ход зброю, газ. Урад змушаны быў адступіць. I Мерыдзіт будзе вучыцца ў універсітэце.
Быў на прыёме, які даваў Грамыка. Сустрэўся са знаёмымі дзеячамі прагрэсіўных рускіх, украінскіх арганізацый. Жонка мільянера Ітана ўспомніла, што нас пазнаёмілі ў 1960 г., калі ішоў дождж, і папрасіла, каб мы гаварылі па-руску, толькі памалу, бо яна тады крыху разумев, аб чым гаворым.
3.Х. Дзень без асаблівых падзей. Калі будзе вольны час, думаем зноў наведаць музей сучаснага мастацтва і славуты «Метрапалітэн». Сёння ў нашым камітэце пачынаецца абмеркаванне «Праекта канвенцыі і рэкамендацыі аб згодзе і ўступленні ў шлюб, шлюбным узросце і рэгістрацыі шлюбаў». I не снілася мне, што некалі буду ламаць галаву над такім пытаннем.
Цікавае выказванне знайшоў у Рэнуара: «Калі б можна было растлумачыць вобраз, не было б мастацтва».
4.Х. Ездзіў з Сітнікавым купляць запчасткі для лодачнага матора Міхася Ціханавіча. Не можам дачакацца пісем з дому. Калісьці я вельмі любіў фантазіраваць. Вяртаючыся дамоў, я складаў розныя страшный і цікавыя гісторыі, прыгоды, якія памагалі мне скарачаць дарогу. Цяпер я згубіў гэту здольнасць.
Перад тым, як заснуць, напісаў невялікі верш «Самыя раннія — веснія воды».
5.Х. Страшэнная духата. Кожную ноч грымяць, звіняць пажарныя машыны. Ёсць тут у пажарнікаў аўчарка, якая, пачуўшы тэлефонны званок, падымае трывогу — вые. А потым разам з камандай едзе гасіць пажар. Сёння на пленарным пасяджэнні выступаў К. В. Кісялёў. Выступленне было, як заўсёды, вострым і цікавым. Усе мы яго віншавалі.
Вечарам хадзілі ў кіно паглядзець на Брыджыту Бардо, якая іграла ў фільме «Справа выключна асабістая». Карціна не з лепшых. Сюжэт нагадвае гісторыю з Мэрылін Манро. Чуваць, з акіяна набліжаецца харыкейн. Можа, яму ўдасца разагнаць нью-йоркскі смог. Пачаў верш:
Пакуль пазычу ў альбатроса
Ці ў пералётнай хмары крыл…
7.Х. Тры гадзіны правёў у краязнаўчым музеі. Яшчэ такога цікавага музея не бачыў. Шкада, што не было больш часу агледзець яго дзівосныя экспанаты. Трэба будзе яшчэ некалі выбрацца сюды. Сёння чацвёртая нядзеля, як я ў Нью-Йорку. Чуў, што быццам будуць скарачаць склад нашай дэлегацыі. Ахвотна паехаў бы дамоў.
8.Х. Зноў удалося выкраіць некалькі свабодных гадзін і з В. I. Пашковым i В. С. Смірновым наведаць «Метрапалітэн», пабываць у цудоўным свеце мастацтва у гасцях у Рембрандта, Гоі, Каро, Манэ, Радэна.
Прыехала жонка Паўла Яўменавіча Рыта Пятроўна і прывезла пошту. Асабліва харошыя пісьмы Любашы. Прачытаў іх нават сваім сябрам.
На раннім пасяджэнні праслухаў яркае і баявое выступленне прэзідэнта Кубы Дарцікоса Асвальда. Усе гэтыя кубінцы — прыроджаныя прамоўцы, трыбуны. Зала пасяджэнняў упершыню за гэту сесію была перапоўнена. Каля ААН стаялі натоўпы людзей, паліцыя.
Лёс Кубы хвалюе ўсіх яе сяброў. Пехатой вярталіся ў свае прадстаўніцтвы. Пасля нью-йоркскага гулу і шуму Мінск мне будзе здавацца аазісам цішыні. Любаша піша, што сёлета ў нас надзвычай грыбны год. Нават Максім, які не ўмее іх збіраць, прыносіць па 50 баравікоў і поўныя кошыкі мачонак. Шкада, што я прапусціў такую залатую нашу восень.
9.Х. Нейкі змрочны дзень. Нат запаліў святло, каб пагартаць газеты. Учора каля будынка ААН была бойка з кубінскімі контррэвалюцыянерамі. Сёння выступаў Бен-Бела, які шмат год адседзеў у французскіх турмах, і прэзідэнт Гвінеі Секу Турэ.
А ў нашым камітэце ўсё абмяркоўваюць Канвенцыі аб шлюбах. I канца не відаць спрэчкам, папраўкам, падпапраўкам да падпаправак і г.д.
Майму саветніку вельмі падабаецца дзяўчына, якая ў камітэце разносіць дакументы. Імя яе — Норма. Я пажартаваў, што яна выглядае вышэй усякай нормы. Рассмяялася. Відаць, разумее рускую мову.
3 В. С. Смірновым былі ў рэдакцыі газеты «Русский голос». Пазнаёміліся з яе рэдактарам генералам Яхантавым — чалавекам надзвычай цікавай біяграфіі — і з некаторымі супрацоўнікамі. Падарылі ім некалькі фотаальбомаў, кніг, набор пласцінак з беларускімі песнямі, танцамі. Сёння трэба было паспець на прыёмы ў алжырскім, саудаўскім, украінскім прадстаўніцтвах. А гэта не так лёгка вытрымаць.
У гэтым годзе на Нобелеўскую прэмію былі вылучаны Ганна Ахматава і Роберт Фрост, які, як расказваў Яхантаў, не ведаў, што А. С. Пушкін даўно памёр. У Яхантава ёсць пісьмо, у якім Фрост дзякуе, што яго пазнаёмілі з А. С. Пушкіным і што яго запрасілі быць ганаровым старшынёй Пушкінскага камітэта.
Гарачыня. Часамі здаецца, што ідзеш праз ствол вінтоўкі, з якой толькі што ў цябе выстралілі.
12.Х. Дзень Калумба. Хадзілі глядзець на святочны парад. Ездзілі на Лонг Айланд — маляўнічы востраў з цудоўным пясчаным пляжам. Па радые перадавалі наш танец «Бульба». Па дарозе купілі па пакету салодкіх яблык. Хацелася б папрацаваць над вершам, але трэба падрыхтавацца да заўтрашняга выступлення ў камітэце.
15.Х. Мінуў месяц, як мы тут, на амерыканскай зямлі. Пасля Лонг Айланда нат у сне бачыў акіян, чаек і белыя ветразі. Калбасін купіў там плаўкі з рэкламнай этыкеткай: «У гэтых плаўках будзеце выглядаць самым прыгожым мужчынам. Па колеру яны падыдуць да ўсіх іншых рэчаў, якія вы купіце ў фірме Мак Грэгор».
16.Х. Выступаў на камітэце. Віншавалі потым і нашы, і члены другіх дэлегацый, і нат старшыня камітэта. Ходзяць чуткі, што пад канец сесіі ААН прыедзе М. С. Хрушчоў. Узяўся за верш «У краіне гігантаманіі». Яшчэ адкрыў адзін з цікавейшых музеяў — музей Фрыка. Нідзе так не стамляюся, як у музеі. Відаць, ад павольнай хады.
21.Х. Нядзеля. Учора позна вярнуўся. Быў у гасцях у А. Сітнікава і Максімава. Хоць пару гадзін правялі ў дамашніх умовах. Нат праспявалі пару песень. Праўда, хутка з’явіліся два паліцаі, быццам па просьбе жыхароў дома, і папрасілі нас захоўвацца цішэй. Відаць, тут сочаць за кожным нашым крокам. Яны нат ведалі, што ў гасцях — наш міністр замежных спраў.
Перад адлётам у Маскву А. А. Грамыкі разам з К. В. Кісялёвым, П. Я. Астапенкам быў у яго на развітальным абедзе. На аэрадроме праводзіла яго шмат народу. «Гаворачы языком прозы, — сказаў мне,— да пабачэння». Спазніўся праслухаць выступленне Кенэдзі. Амерыка адкрыта аб’явіла аб блакадзе Кубы. Свет апынуўся на грані вайны.
Колькі ног, якія мараць
Пра абутак самы модны,
Колькі плеч, якія хочуць
Грэцца ў футрах, аксамітах,
Колькі рук мець хоча скарбы,
Залатыя бранзалеты, —
I як мала галоў бачыў,
Каб шукалі ў свеце праўды!
25.Х. Быў на пасяджэнні Савета бяспекі ААН, на якім выступалі Стывенсан, Варонін і прадстаўнік Кубы. Заўтра амерыканцы будуць спыняць усе караблі, якія ідуць на Кубу. А на прыёме ў дэлегацыі Эфіопіі, Самалі, Танганьікі — танцы, віно, танцы. Танцуюць твіст — танец слабаразвітых краін, але выдатна развітых задоў. Што нас чакае заўтра?
26.Х. У ААН быў канцэрт. Выступалі артысты Ленінградскай філармоніі. Перш я не хацеў ісці, а потым быў рад, што хоць на нейкі час музыка змусіла забыць трывогі дня. Усе дэлегаты горача і бурна апладзіравалі нашым артыстам. Чуваць, што М. С. Хрушчоў прыслаў пісьмо Кенэдзі, і што амерыканцы прапусцілі на Кубу караван нашых караблёў.
Глядзелі ў кіно разрэкламаваны і, трэба сказаць цікавы фільм «Гісторыя Заходняй стараны». Перад небяспекай вайны ўсе нашы штодзённыя справы здаюцца малазначнымі і пазбаўленымі сэнсу. Небяспека вайны навісла над чалавецтвам. I як яе пазбыцца?
Мы гаворым, што на Кубе няма савецкіх ракет. А Стывенсан у ААН выставіў іх здымкі, якія былі больш пераканаўчым аргументам, як аргументы Зорына, які пярэчыў гэтаму. Прызнацца, прыкра было нам слухаць гэты паядынак і, згодна з указаннем, пераконваць другіх, што сапраўды на Кубе няма ніякіх нашых ракет. Наступае яшчэ адна трывожная ноч.
Заходзіў Э. М. Скобелеў. Ён цікавіцца літаратурай і сам спрабуе пісаць вершы на рускай мове. Яго маці, казаў, калісьці разам вучылася з С. Грахоўскім, пра якога вельмі добра адзывалася. Агулам, сярод нашых маладых дыпламатаў шмат вельмі цікавых і здольных людзей. Яны ведаюць замежныя мовы, і многія з іх выдатна арыентуюцца ў сучаснай сусветнай літаратуры і ў міжнароднай палітыцы. Горш толькі з іх ведамі беларускай мовы, гісторыі. культуры. Ну, гэта — наша агульная бяда.
Хадзілі глядзець фільм «Мы вас пахаваем», зроблены так па-партацку, што смела яго можна было б паказваць і ў нас, каб гледачы маглі судзіць аб прымітыўным узроўні антысавецкай прапаганды.
Едучы ў Коні Айланд, уключылі радыё і пачулі, што Хрушчоў згаджаецца на дэмантаж нашых ракет і прапануе пачаць перагаворы. Прэзідэнт Кенэдзі даў загад аб зняцці блакады. I так, прывід вайны адступіў. Толькі ці надоўга?
Э. Баршчэўскі вычытаў у нейкай газеце, калі Нокс быў на прыёме ў М. С. Хрушчова і ўбачыў у яго партрэт К. Маркса, спытаўся: «Хто гэта?» — «Як, вы не ведаеце К. Маркса?» — у сваю чаргу здзівіўся М. С. Хрушчоў. Нокс паглядзеў на барадатага К. Маркса і адказаў: «Ніколі не думаў, што Маркс быў кубінцам».
3 Коні Айланда паехалі ў Лонг Айланд. Штармавы вецер дзьмуў з акіяна, які гайдаў белыя шапкі пены і абдаваў нас сваімі салёнымі пырскамі. Пад гэтым ветрам, як падпаленыя, дымілі дзюны і пясок да болю сек твар. Добра, што хоць некалькі гадзін падыхалі прасторам акіяна. Вяртаючыся, крыху паблукалі ў лабірынце дарог, пакуль выехалі на Бруклінскі мост і прабіліся на сваю трасу.
29.Х. Першая спакойная ноч. Не бачыў нат сноў і вершаў у сне, не чуў сірэн паліцэйскіх і гулу пажарных машын. На апошняй нарадзе выказаўся крытычна аб выступленні намесніка Т. Мікалаевай Астроўскага. I сёння яна ўжо занепакоілася і дала мне зразумець, што гэта нельга рабіць, бо ён — член саюзнай дэлегацыі і г. д. Відаць, у нас нельга рабіць ніякіх заўваг.
Прачытаў А. Карпюка «Па родных мясцінах». Першая частка ўдалася лепш, хоць і ў другой ёсць шмат харошых эпізодаў. Галоўнае — успаміны напісаны шчыра, праўдзіва, без ніякай позы, так, як і было ў нялёгкім жыцці аўтара. Надзвычай жыва і каларытна напісаны ўспаміны М. Лужаніна пра Я. Коласа «Колас расказвае пра сябе».
На Джон Біч няспынная хваляў пальба.
Шалеюць пясчаныя смерчы.
Каб крок зрабіць, трэба сякерай, хіба
Праз вецер дарогу прасекчы…
Пачаў быў верш, ды адклаў. Узяўся за другі «Адказ на пісьмо».
2.ХІ. Прыляцеў А. I. Мікаян. Каля прадстаўніцтва ўзмоцненая ахова. Сёння збіраемся адзначыць дзень нараджэння К. В. Кісялёва. Вечарам сабралася ў яго наша раць. Добра, што ўсе былі занятыя «Напалеонам» і не бачылі, як я за нашага міністра хлябаў нейкую мінеральную ваду.
3.ХІ. Заходзіў Л. Дзмітэрка. Хоча пісаць пра мяне нейкі нарыс. На якога беса! Думаю над вершам пра Уол-Стрыт, дзе ў падзямеллях 3/4 залатога запасу ўсяго капіталістычнага свету. Толькі трэба яшчэ раз з’ездзіць на гэту вуліцу, падобную да горнага ўшчэлля, пралёгшага паміж небаскробамі.
8.ХІ. Сёння раней закончылася пасяджэнне. Прыйшла звестка аб смерці Э. Рузвельт, якая калісьці працавала ў трэцім камітэце. Са словам спачування ад усіх нас выступіла Т. М. Мікалаева. Прыехалі нашы баскетбалісткі. Учора іх у гасцініцы абакралі. Запрашалі нас на сустрэчу, але я не змог пайсці, бо трэба было рыхтавацца да чарговага выступлення.
11.XI. Сёння пасвяціў увесь вольны час знаёмству з Бруклінскім музеем, дзе сабрана багатая калекцыя амерыканскага і егіпецкага мастацтва. Адна з работ Г. Лагэя «Жанчына, якая стаіць», помню, экспанавалася на маскоўска-амерыканскай выстаўцы, «Хваля» — з алебастра Ларэнта, выкананая крыху ў радэнаўскім стылі. Але ёсць і шмат жалезных канструкцый, квадратаў, кругоў Давіда Сміта, Л. Невельсана, Л. Сеймуры, якія застаюцца неразгаданымі загадкамі для гледачоў. Але, дзякуй богу, ёсць з дзесятак палотнаў імпрэсіяністаў, на якіх з захапленнем спыняецца зрок. Багатая калекцыя індзійскіх масак, зброі.
Заглянулі яшчэ і ў Бруклінскі батанічны сад, дзе можна пабачыць усе гатункі кактусаў — цікавых і проста фантастычных па форме.
Вяртаючыся, зноў заехалі на Уол-Стрыт — на вуліцу банкаў: гановерскага, атлантычнага, нью-йоркскага, амерыканскага, бельгійскага, братоў Гарыман. Вуліца ўпіраецца ў невялічкую цэркаўку, пабудаваную ў 1697 г., ля якой пахаваны А. Гамільтон, Р. Фульман і іншыя славутасці.
13.XI. Сёння рана наш камітэт закончыў сваю работу, бо мала было выступаючых. Хадзіў з Ільіным паглядзець на фільм пра нудзістаў «Голая па ўсяму свету». Да Брадвея дабіраліся метро. Сапраўды, далёка яму да нашага маскоўскага. I цёмна, і брудна, і дрэнная вентыляцыя. Яно больш нагадвае канвеер для перавозкі нейкіх грузаў, а не людзей. А на дварэ — сцюдзёна, вецер ганяе па вуліцах апалую лістоту. Накідаў у чарнавіку верш «Уол-Стрыт»:
Уол-Стрыт!
Тут можна было б нават жыць,
I неба не так дрыжыць
Ад выбухаў, ззяння нэона.
А грудзі атруціць дым.
Дабегчы блізка зусім
Да Батары парка, Гудзона,
Глытнуць глыток азона.
Калі ж памрэш, дык тут
Ёсць могілкі — ціхі кут,
Царква Святой Тройцы, якая
За чэк выдасць пропуск да рая.
Славутая Уол-Стрыт —
Небаскробы, бетон, граніт.
Адчуваю, што верш патрабуе яшчэ грунтоўнай дапрацоўкі і больш ударнай канцоўкі. Мо заўтра да яго вярнуся.
16.XI. Зноў выццё сірэн! Усе гэтыя дні ні хвіліны вольнага часу. А тут яшчэ трэба падрыхтавацца да парада. Беларуская дэлегацыя дае прыём, на які запрашаецца больш 500 чалавек гасцей.
Вечарам нашы ідуць у кіно. Mo і я далучуся да гэтага культпаходу.
19.XI. Нарэшце сёння ўдалося і мне пабываць на славутым рыбным рынку. Нагледзеўся на горы скрынь з камбалой, марскім акунём, амарамі, крэветкамі, вуграмі, селядцамі, вустрыцамі і нейкімі велізарнымі, як акулы, акіянскімі страшыдламі.
Вярталіся праз раён Баўэра — беднаты, дзе жыве каля 70 тысяч бяздомных.
Прыйшлі беларускія газеты. У Мінску адбылася юбілейная сесія АН, прысвечаная 80-годдзю Я. Купалы. У «Звяздзе» — фатаграфія: Лынькоў, Броўка, Глебка, Шамякін, Кабзарэўскі. Закончыў верш «Калі б я верыў ідалам…». Ды, калі будзе час, трэба пазнаёміцца з сучаснай лацінаамерыканскай літаратурай, з творамі А. Карпенцьера, К. Фуэнтаса, М. А. Астурыаса, чые прозвішчы ўпершыню тут пачуў. У Лондан прыехала дружына ігракоў у кракет з вострава Фіджы. Адзін з іх мае, хіба, найдаўжэйшае ў свеце прозвішча, якое — я падлічыў — складаецца з 60 літар.
20.ХІ. На прыём крыху спазніўся, бо цэлы дзень засядалі ў сваім камітэце. Да позніх гадзін не хацелі разыходзіцца госці. А ў нас усіх дарожны настрой: ужо заказаны білеты на параход. На пару дзён спынімся ў Парыжы, а далей — цягніком дадому, дахаты.
21.XI. Пачалася пара дажджоў. Прагледзеў некалькі цікавых фільмаў па навелах Бакачыа, толькі асучасненых рэжысёрам. Заўтра — «Дзень Індычкі». Калі будзе добрае надвор’е, трэба будзе паглядзець на карнавальны паход. А горад — прыбіраецца да свята. Асабліва красачна ззяюць вітрыны на 5-й авеню, на сценах небаскроба «666» — гараць велізарныя сінія сняжынкі. Усюды прыбраныя ёлкі, агні, няспынны паток людзей. Толькі псуе настрой пранізлівы вецер, які дзьме з усіх старон.
24.ХІ. Напісаў верш «Дзяўчыне з Коста-Рыкі». У сваім учарашнім выступленні я прывёў радкі невядомага паэта, якія цытуе прэзідэнт Кенэдзі ў сваёй кнізе «Аб мужнасці»:
Жыла-была такса, такая даўжэзная, што яна не знала,
Колькі часу яе настроі ідуць ад галавы да хваста.
I вось здарылася, што вочы яе былі поўныя суму,
А хвосцік працягваў яшчэ весела віляць.
Некаторыя з нашых дэлегатаў паехалі ў Вашынгтон. Я застаўся, бо ўжо быў у ім і дарога досыць цяжкая.
А вось якая сумная статыстыка: за адзін «Дзень Індычкі», ці «Свята ўдзячнасці», у аўтааварыях загінула 265 чалавек.
У «Вітчизне» — цікавы верш М. Рыльскага «Вуж». Я толькі ніяк не магу звязаць двух супярэчлівых думак: «Што поўзае, без вагання бі» і «хто ведае, ці я забіў вужа бязвіннага ці гадзіну».
А гэта анекдот пра дэ Голя. Калі англічане, занепакоеныя перамогамі немцаў у чэрвені 1941 г., запыталі, што думае генерал, ён адказаў: «Мне здаецца, што зараз трэба падумаць, як стрымаць камуністычнае наступленне». I свайму ад’ютанту: «Я часта памыляюся ў тым, што раблю, але ніколі не памыляюся ў сваіх прадказваннях». Або: «Як вы хочаце правіць краінай, якая мае 246 гатункаў сыру?»
26.ХІ. Адчуваецца святочны бум і ў магазінах і на вуліцах. «Армія ўратавання» збірае грошы на бедных. Да гэтай работы падключыліся і Дзяды Марозы. А мне ўсваталі яшчэ адно выступленне. Відаць, па колькасці выступленняў на гэтай сесіі Асамблеі я паб’ю рэкорд.
Я часта дзіўлюся, як тут умеюць абслугоўваць. Аднойчы зайшоў у магазін прыцаніцца, колькі каштуе нейкая куртка, а потым, праз месяц зноў зайшоў, мяне адразу пазналі. I гэта я наглядаў шмат дзе.
28.ХІ. Атрымаў запрашэнне на балет нашага Вялікага тэатра. Хадзілі ўсім калектывам. Хацелі пайсці падзякаваць нашай каралеве танца Mai Плісецкай за надзвычайны вечар, за той свежы глыток мастацтва нашай Радзімы, пасля якога аж святлей робіцца на сэрцы. Але да яе цяжка было прабіцца. Дамовіліся з яе братам, што заўтра сустрэнемся з ёю пасля абедзеннага перапынку.
6.ХІІ. Падарыў Г. Ганзалес свой зборнік з жартаўлівым вершам, прысвечаным ёй. Ю. Д. Ільін пераклаў яго на англійскую мову. Вечарам запланавана сустрэча з нашымі землякамі. Быў на праглядзе нашага фільма «Над ракой Арэсай». Фільм вельмі слабы, і не варта было яго везці сюды і паказваць. I так, дамоў вяртаемся на велізарнейшым лайнеры «Каралева Мэры». Кошт білета — 508 долараў. Нумар маёй каюты А-89.
11.XII. У «Русском голосе» змешчаны артыкул аб вечары ў Нью-Йорку ў Ленокс Холе, на якім выступалі члены нашай беларускай дэлегацыі. На гэтым вечары шмат было эмігрантаў амаль з усіх куткоў Беларусі, якія яшчэ да рэвалюцыі пакінулі свой край. Сустрэў там нат сваіх землякоў-мядзельшчан.
Заўтра трэба раней устаць і заняцца пагрузкай, бо партавыя грузчыкі адмовіліся грузіць багаж савецкіх пасажыраў.
15.XII. Падчас уладкавання ў каютах у I. Л. Лысакоўскага ўкралі фотаапарат «Зоркі». Поўнач. Вецер мацнее і пачынае калыхаць наш лайнер. Дачытваю ўзятыя ў дарогу часопісы. Беларускі народ выпакутаваў сваіх паэтаў, мастакоў — вялікіх і малых. Усе яны нараджаліся пад трывожнымі зорамі. I нам заўсёды нешта пагражала.
17.XII. Учора былі на кактэйлі ў капітана, які шмат цікавага расказваў пра сваё судна. Аказваецца, у часе вайны яно ўдзельнічала ў розных дэсантных аперацыях. На ім перавозілі да 18 тысяч чалавек — цэлую дывізію з узбраеннем.
Прабіваемся праз густы туман. На палубе нехта іграў у шафетбол. Пачаў імгліць дробны дождж. У кіно прагледзеў цікавы фільм пра звераловаў Танганьікі.
20.ХІІ. Гляджу праз ілюмінатар, як у імгле праплываюць берагі Францыі. Неспадзявана вынырнуў нейкі кацер. Шэрбур. Перагрузка. Мітусня. Разбітыя чамаданы.
21.XII. Цэлы дзень змарнавалі ў пасольстве. Толькі вечарам удалося на пару гадзін забегчы ў Луўр, палюбавацца на Ніку і на Венеру, перад якімі, як у храме, стаяў у захапленні маўклівы натоўп турыстаў.
22.XII. Ледзь здабылі білеты на цягнік і неяк уладкаваліся. У купэ — К. В. Кісялёў і я. Добра, што на дарогу прызапасілі харчоў, а то — галадалі б. Праваднік зварыў нейкай заціркі, якой пачаставалі і нашых мангольскіх сяброў. Аднекуль дасталі і бутэльку «Маскоўскай». Нешта марудна цягнецца наш цягнік. Падоўгу спыняецца на прыстанках.
29.ХІІ. Снег. Познань. Варшава. Вечарам былі ў Брэсце, адкуль удалося сазваніцца з Мінскам. Усплылі ў памяці строфы кіплінгаўскай песні:
Я шел сквозь ад
Восемь дней и семь ночей.
Там нет, клянусь,
Ни жаровень, ни чертей.
Только пыль, пыль, пыль
От шагающих сапог.
Отпуска нет на войне.
Мой друг, мой друг.
Можешь ты меня не ждать.
Здесь я забыл,
Как зовут родную мать.
Только смерть, смерть, смерть
Впереди теперь у нас…
Хоць цягнік толькі ў тры гадзіны меўся прыбыць у Мінск, але ніхто з нас не клаўся спаць. Усе з нецярпеннем паглядалі, як за акном мігцелі агні пасёлкаў, станцый і сустрэчных цягнікоў.
1963
6.І. Сёння гасцявалі ў нас Лыньковы, Р. Шырма К. Кісялёў, Я. Брыль, I. Шамякін, П. Панчанка з жонкамі і Семяжоны. Позна мы іх праводзілі. Збіраўся ўжо спаць, як неспадзявана пазванілі па тэлефоне: памёр А. Александровіч. Вось так проста адыходзяць у апошнюю дарогу людзі, з якімі мы толькі што сустракаліся. На стале ў мяне ляжыць яго апошняя паштоўка, прысланая з санаторыя Герцэна, у якой піша, што хацеў бы са мной сустрэцца. Трагічна склалася яго жыццё. Вярнуўшыся з ссылкі, адчуваў ён сябе самотным. За час яго адсутнасці беларуская літаратура выйшла на новыя рубяжы. I ён гэта бачыў і перажываў. 3 былых сяброў, відаць, толькі адзін М. Лынькоў адносіўся да яго найбольш прыхільна і спачувальна.
Ездзіў з Любашай у Пількаўшчыну. Бацька дрэнна сябе адчувае, і мама зусім слабенькая. Баліць сэрца, калі гляджу на іх, як яны стараюцца па старой прывычцы дапамагчы нам. Прывезлі мы ім сёе-тое з гарадскіх прадуктаў. Дапамаглі грашамі, хоць яны — ведаю, не будуць расходаваць. Як заўсёды, будуць старацца ўсё рабіць самі. Пакутуе ад дыхавіцы і дзядзька Фадзей. Вельмі шкадаваў, што ў шафе падчас рамонту разбіліся прывезеныя калісьці з Чэхаславакіі два фаянсавыя кубачкі, якія хацеў нам падарыць. На адным, помню, быў прыгожы малюнак Марыязельскага касцёла, а на другім — Напалеон на белым скакуне, хоць, як вядома, ніколі ён на кані такой масці не ездзіў. Колькі ж у народзе бытуе такіх «гістарычных» легенд!
9.І. За апошнія часы нічога вартага ўвагі з-пад майго пяра не выйшла. Праўда, ёсць у мяне дзве цікавыя тэмы, але ранавата мне яшчэ за іх браода. Адна — дзедава прытча пра хлеб, другая — пра кара-нацыю дыганскага караля Квэка, якая ў свой час шырока асвятлялася ў віленскай цатаўскай газеце «Слово».
24.VII. Закончыў верш «Роздум караля». Званіў дамоў. У Мінску страшэнная гарачыня. Відаць, гэтымі днямі Максім адвязе Федзевых дзяўчат у Пількаўшчыну, ды і я, можа, пад’еду да бацькоў. Стары, чуваць, не зважаючы на сваё дрэннае здароўе, і дня не можа пражыць без працы. Усё косіць і косіць. Можа, удасца спыніць гэта сенакашэнне.
25.VII. Я баюся страціць здольнасць па-новаму глядзець на ўсё, што робіцца на свеце, бо ведаю, як лёгка прывыкаюць ногі да старых ботаў, вочы — да вобразаў, вушы — да песень, і чалавек пачынае старэць, не разумець тых змен, якія адбываюцца навакол яго.
Прачытаў Аксёнава «Апельсіны з Марока». Рэч, мне здаецца, надуманая і ў нейкай меры скапіраваная з Джэка Лондана, асабліва сцэна пагоні за апельсінамі на цягачах, машынах, аленях.
26.VII. Спрабую на нейкім папутным транспарце дабрацца да Мядзеля, а там — праз Лук’янаўскія кладкі да дому — рукой падаць. Заходзіў Ф. Каравацкі. Прыехаў з Польшчы наведаць сваякоў, старых сяброў і знаёмых. Калісьці, працуючы ў падполлі, ён пісаў вершы. Я толькі не ведаў, што ён быў аўтарам у свой час папулярнай у былой Заходняй Беларусі песні:
Прайшоў стары, настаў Новы год.
Чаго дачакаўся бедны наш народ?
Дачакаліся мы мукі.
Будуць помніць нашы ўнукі
Да смерці паноў…
Гэтую песню ўспамінае П. Пестрак у сваім рамане «Сустрэнемся на барыкадах». I ён, здаецца, не ведаў, хто яе напісаў.
30.VII. Заходзіў Мілаванаў. Прапануе нам у «Полымя» свой нарыс пра К. Каліноўскага. На турыскай базе сустрэўся з былым падпольшчыкам Парэцкім. Аказалася, што ў нас шмат супольных знаёмых. Прасіў, калі буду пісаць Г. Смоляру, каб перадаў прывітанне яму і яго жонцы Валі, з якой некалі працаваў у рэдакцыі беластоцкай польскай газеты.
Стаіць страшэнная гарачыня. Гараць і памідоры і агуркі. Хоць кожны дзень паліваю іх вадой з Нарачы.
31.VII. Бачыў В. А. Мілаванава, які пазнаёміў мяне з загадчыкам кафедры хіміі С. У. Калышэвічам. А мы, аказваецца, жывём з ім у Мінску на адной вуліцы і ў адным доме.
Нехта ноччу атрос яблыню. Шкада, што абламаў усё дрэва, ды і яблыкі яшчэ зялёныя, кіслыя. Напісаў «Прытчу аб хлебе і вандроўніку» паводле расказа свайго старога дзеда, які безліч ведаў розных павучальных гісторый, прыказак, прыкмет.
1.VIII. Напісаў два вершы: «Шумныя ліпы» і «Майя». Апошні пачаў яшчэ ў Нью-Йорку, у памятный дні т. зв. «кубінскага крызісу», пад уражаннем выступлення артыстаў нашага балета.
Заўтра абяцалі прыйсці электраманцёры і правесці на нашы дачы святло. А ў Пількаўшчыне — вельмі хворая маці. Чаму ж раней аб гэтым нам не паведамілі? Любаша раіць пакласці яе ў бальніцу або забраць у Мінск.
У «Литературной газете» артыкул Г. Кубліцкага пра меншавіка Абрамовіча. Я помню, нешта чытаў у амерыканскай белагвардзейскай газеце пра буфанаду з яго юбілеем. Нат прозвішча яго ўставіў у свой верш «Рэкламы Брадвея»:
…Калі ступіце вы на парог Эльдарада
I паслухаеце Рабіновіча джаз.
3.VIII. Гарачыня. Быў дома. Мама чуецца крыху лепш, але выглядае вельмі дрэнна. Добра, што зараз каля яе сястра Мілка, якая і лечыць, і памагае ў працы. Дамовіліся, што восенню я яе забяру ў Мінск. Бацьку ледзь знайшоў у Пружанцы, дзе выкошваў нашы імшарныя лугавіны.
Званілі з Мінска, каб хутчэй прысылаў документы для афармлення візы на паездку ў Італію, куды згадзіўся паехаць з ахвотай. каб яшчэ раз паглядзець на гэту краіну Рэнесансу, прычасціцца да яе славутай Мінуўшчыны.
10.VIII. Сёння нашы дзяўчаты здаюць экзамены. Усе, вядома, хвалюемся.
Без адрыву чытаю новую біяграфічную аповеснь Янкі Брыля. Кампазіцыйна — рэч досыць складаная, але, як уцягнешся, заглыбішся, падзеі не выпадаюць з-пад увагі. Недзе чытаў пра Эліота, які гаварыў, што указанне пальцам на добры верш важней ад усёй тэорыі літаратуры. А гэта аповеснь добрая.
16.VІІІ. Памёр Ю. С. Мельнічук. Цяжка паверыць, што нас пакінуў гэты цудоўны чалавек. Бліжэй я з ім пазнаёміўся падчас падарожжа ў ЗША на 15-ю сесію Генеральная Асамблеі ААН. Потым некалькі месяцаў жылі разам на дачы ў Эстэрбеі. Часта сустракаліся на розных прыёмах. Часта ўспаміналі суровыя гады нашай маладосці, працы ў падполлі. Эх, Юрка, Юрка! Сціплы і сумленны, непахісны баец рэвалюцыі!
«Литературная газета» раскрытыкавала паэзію у часопісе «Полымя». Толькі і сама газета часта друкуе вельмі слабыя вершы. Толя Вялюгін падаў заяву аб звальненні яго з пасады загадчыка аддзела паэзіі. А з ім расставапда — шкада. Праўда, ён звязаўся з кінастудыяй, піша цікавыя спэнарыі, па якіх ставяцца фільмы. Відаць, там і спакайней працаваць, як у нашай рэдакцыі.
Прачытаў А. Твардоўскага «Теркин на том свете». Не спадабаўся. Можа, гэта той выпадак, як нехта казаў: калі ад удара кнігі аб галаву чуеце пусты гук, дык не заўсёды ў гэтым вінавата кніга.
Заўтра Ірынка здае апошні экзамен. Хутчэй бы закончылася гэта мітусня з паступленнем у універсітэт.
2.ІХ. Ездзілі з Міхасём Ціханавічам на рыбалку. Ён злавіў двух ладных шчупакоў. Возера было ціхае. Накідаўшы розных карчоў у лодку для вогнішча, познім вечарам вярнуліся да сваёй прыстані. Заўтра, відаць, падамся ў грыбы.
З.ІХ. Зноў спакусіў Міхась Ціханавіч паехаць з ім лавіць шчупакоў. За цэлы дзень толькі аднаго невялікага мне ўдалося падчапіць на спінінг. Затое нагледзеліся на гульню акунёў, ад якіх, здаецца, аж ускіпала вада ў возеры. А вада была такая цёплал, што і мы яшчэ прынялі вераснёвае вадохрышча.
5.ІХ. Першы раз у гэтым годзе густы туман беспрасветнай пеляной заслаў Нарач. Правёў на аўтобус Любашу. Прачытаў у «Маладосці» паэму А. Грачанікава «Сонечны звон». Некаторыя мясціны мне спадабаліся. Агулам, трэба пільней сачыць за маладымі, бо ў паэзіі яны павінны сказаць сваё новае слова. Толькі трэба смялей ім вырывацца з палону старых канонаў і паэтык і не патануць, як некаторыя са старэйшых, у самазахапленні, у расцягнутасці і «гавэндзярстве». Мне здаецца, у нас зараз заўважаецца фемінізацыя лірыкі. I, магчыма, гэта з’ява — не часовая.
А гэта — з Камю: «Не існуе нічога больш трагічнага, як жыццё шчаслівага чалавека».
7.ІХ. Двойчы званіў Любашы. У яе сястры Олі інфаркт. Вечарам прыехалі Пётр Маркавіч і Ася, каб забраць яе ў Мінск. Кажуць, што на няшчасце ўлятае ў дом птушка. А перад гэтым, вярнуўшыся з кіно, Максім застаў на стале голуба. Пачынаю, як мая маці, верыць у розныя прыкметы і забабоны.
Ездзілі з Міхасём Ціханавічам па шчупакоў пад Гатавічы, дзе заглухлі маторы, і мы ноччу толькі а палове трэцяй вярнуліся дамоў.
Апошнія дні нічога не пішу. Пілую дровы, перакопваю агарод, ды з Пятром Маркавічам рамантуем плот.
10.IX. Прывезлі пошту і апошні нумар «Tworczosci». Нейкім нудным стаў гэты часопіс: ні добрай прозы, ні добрай паэзіі. Адзіны цікавы раздзел — раздзел хронікі, які вядзе 3. Федэцкі. Я заўсёды ўважна яго чытаю, каб сарыентавацца ў публікацыях нашых савецкіх часопісаў.
Наведаў нас, нарачанцаў, С. I. Прытыцкі. Ён мне шмат цікавага расказаў пра «Роберта»-«Герасіма» (М. Дворнікава). Калі С. I. Прытыцкі сядзеў у камеры смяротнікаў, яму прынеслі пасылку, у якой была люлька. Ён пачаў уважна яе разглядаць і ўбачыў на мунштуку, ледзь прыкметны, зроблены іголкай надпіс «Роберт». «Гэта быў для мяне, — казаў С. I. Прытыцкі, — у той час самы дарагі падарунак. Мне здалося, што Роберт — са мною, побач, галоўнае, што ён помніць пра мяне ў гэтыя апошнія хвіліны жыцця».
Мы дамовіліся з Сяргеем Іосіфавічам некалі з’ездзіць наведаць яго маці і сястру, якія жывуць у Гомелі.
13.IX. Вярнуўшыся з грыбоў, званіў Любашы. Магчыма, заўтра з Пятром Маркавічам прыедзе на Нарач. Я, відаць, застануся тут да 22-га, да нядзелі. Памагаю Віктару Лапціку ў яго рамонтных работах на дачы. Нешта занядужала Соф’я Захараўна. Ездзіў з Міхасём Ціханавічам па доктара.
Пасля маіх лясных грыбных паходаў і ўначы, здаецца, чую перастук дзятлаў, крык соек, перашум дрэў. Трэба падзякаваць М. Забэйду за яго віншавальную паштоўку.
24.ІХ. Зноў у Маскве. Дзень пачаў з розных клапот. Перад самым адлётам у Італію агледзеліся, што ў маім пашпарце ў нашым Міністэрстве замежных спраў забылі паставіць выязную візу. Пасля розных званкоў, перагавораў з пагранічнікамі ледзь паспеў сесці ў самалёт.
I не заўважылі, як хутка мы прызямліліся ў Празе. Чатыры гадзіны вольнага часу. Наш пасол М. Зімянін прыслаў па нас машыну, на якой мы з канца ў канец аб’ездзілі Злату Прагу. Была ў нас з Міхаілам Васільевічам кароткая сустрэча ў пасольстве. Відаць, ён пільна сочыць і за нашымі літаратурнымі навінкамі. Вельмі хваліў раман I. Мележа.
Далей ляцім на італьянскім самалёце «Альіталія». На гадзіну прызямліліся ў Мілане. У восем гадзін вечара былі ў Рыме. Спынілася наша дэлегацыя ў гасцініцы «Раймондо», на досыць утульнай вуліцы Дэле Карданато. Пасля вячэры доўга блукалі па Рыму і, як усе турысты, кідалі медзякі ў фантан Трэві, з надзеяй на будучыя стрэчы з гэтым вечным горадам.
25.ІХ. А Рым усю ноч несціхана шумеў, грымеў. Раніцой да ўсяго гэтага яшчэ далучыўся і гул званоу бліжэйшага касцёла. У нумары разам са мной А. Ц. Караткевіч. Сакратар пасольства нас прасвяціў, што ў Італіі ўсё наадварот: слаба снедаюць, абедаюць больш грунтоўна, а вечарам нагружаюцца да адказу. Таму першыя дні мы пасля іх снедання падмацоўваліся сваімі маскоўскімі запасамі. На суседнім будынку рабочыя рамантуюць дах, малююць сцены нейкай шэрай камяніцы з закрытымі стаўнямі.
У таварыстве Італія — СССР абмяркоўвалі план нашых сустрэч, паездак. 3 балкона таварыства я любаваўся цудоўным відам Плошчы рэвалюцыі.
У бібліятэцы адна з работніц сказала мне, што я вельмі надобны да Максіма Танка. «Дык гэта я і ёсць, сеньёра!» «Вы, калісьці, з савецкімі пісьменнікамі ездзілі ў Фларэнцыю».
Зараз нас суправаджае дужа сімпатычны супрацоўнік таварыства Мірка Дзікні. Перад тым як заснуць, заглянуў у В. Юнга і С. Выгодскага.
26.IX. Наведалі Калізей. На сценах: «Вікторыя», «Сільваш», «Пітрунэлля»… Як і ў нас. Пахадзілі па плошчы Іспаніі. У нейкім студэнцкім кафетэрыі выпілі кавы. Шмат гадзін правялі ў Базыліцы і Ватыканскім музеі, у новых кварталах Рыма. Пазнаёміліся з аргентынскай камуністкай Эльбай, якая ў тэатральным інстытуце вывучае рускую мову.