Учора зайшлі ў магазін сувеніраў. Калі гаспадар даведаўся, што мы з Савецкага Саюза, прывітаў нас і сказаў:

— Купляйце ў мяне. Тут любіў купляць Аджубей, — і паказаў нам картку, на якой было напісана: «Отоваривайтесь в этом магазине. Здесь все дешево и вещи хорошие». I — подпіс.

27.ІХ. Рана прачнуліся, бо трэба было збірацца Ў дарогу. Недалёка ад Фларэнцыі спыніліся на радзіме віна «Кіанці». Гасцініца «Рым». Сустрэў нас сакратар таварыства Італія — СССР Мазі Даніло, які пры фашыстах шмат год правёў у катаржнай турме «На Эльбе». Снедалі на плошчы Сеньерыі ў маляўнічым рэстаранчыку «Каваліно» («Конік»). Палац Уфіцы. Сад Ціболі. У Народным доме на сустрэчы з рабочымі нас пазнаёмілі з сенатарам Шкапіні, удзельнікам партызанскага руху. Ён быў у Маскве і ў Мінску. Адзін з нашых гаспадароў Карэда Біані ў часе вайны служыў у Гомелі, дзе немцы хацелі яго расстраляць за тое, што ўратаваў ад іх расправы беларускую дзяўчыну, але ён збег да партызанаў. А яго сябра камандаваў партызанскай дывізіяй, у якой служылі палякі, амерыканцы, французы, югаславы. Але самым моцным яе ядром была савецкая група, камандзірам яе быў мінчанін Іван Лешчык. Там, дзе ён загінуў у гарах, пастаўлены яму помнік.

Ноч цёплая, пагожая. 3 нейкай высокай гары доўга любаваліся на апаясаную млечным шляхам агнёў Фларэнцыю.

Цягніком прыехалі ў Балонію — горад мудрасці і кухні. На вакзале сустрэў нас Гвідо Палоцці, які пазнаёміў нас з праграмай заўтрашняга дня. I так будзем у Сан Джыавані на адкрыцці кааператыва, на сыраварным заводзе і на ферме, у Народным доме і ў бібліятэцы муніцыпалітэта. А заўтра нас чакае Равена.

28.IX. Вежы, вежы. На вялікай плошчы, дзе можа змясціцца каля 250 тысяч чалавек, велізарная сцяна, на якой віднеецца 2059 партрэтаў загінуўшых партызан. У раёне Балоніі, расказваюць нам, дзейнічала 19 брыгад, з ix 11 — гарыбальдзійскіх, арганізаваных камуністамі.

На сцяне надпіс: «Мы гэга прысвячаем дзецям, жанчынам і мужчынам усіх нацый і рас, якія пакутавалі ад нямецкіх зверстваў і якія загінулі ў лагерах, прысвячае Балонія на памяць гора і ўдзячнасці, каб справа, за якую загінулі, заўсёды жыла і была прыкдадам ва ўсіх бітвах за свабоду чалавека, незалежнасць народаў, ажыццяўленне аднаго грамадства, больш справядлівага ў дружбе ўсіх народаў. Балонія, 9 красавіка, 1961 г.».

Запісваю на скорую руку чарнавы пераклад гэтай эпітафіі.

Вяртаючыся ў гасцініцу, трапілі у такі паток машын, што ледзь з яго выбраліся. Сёння футбольная каманда Балоніі перамагла фларэнційцаў.

Балонцы крычалі: — Ганьба!

Фларэнційцы: — Мы яшчэ вам пакажам!

30.ІX. Зноў — у дарогу. Медзічыне, Масаламбарда, Люча, Барака, Базіліка Святога Апалінарыя (IV век), грабніца Гала Плечыды. Да поўначы заседзеліся на кватэры доктара, дзе разгарэліся спрэчкі аб мастацтве, архітэктуры, музыцы, літаратуры. Такая ж сустрэча з інтэлігенцыяй у «Piazza Corsica» і ў рэстаране «Bella Venecia». Наведалі і магілу Дантэ. Не ведаю, ці разбяруся калі ў гэтых сваіх хаатычных нататках, накіданых то ў цягніку, то ў машыне.

2.Х. Чазанаціка — горад, які помніць Гарыбальдзі. Сцены клуба «Медуза» ў велізарных плакатах: Церашкова, Цітоў, Джон Дарэлі, Рока Мантан. Міжнародны курорт, дзе нярадзіўся Тасканіні. Едзем у Сан-Марына. Мост Ціберці і пансіянат сабак. Спыніліся перакусіць у таверне «Паўліна», дзе замест люстраў звісаюць са столі велізарныя пляцёнкі з каласамі, яблыкамі, гранатамі, вінаградам. Рэклама: «У “Паўліне” жыццё — рай, добра ядуць і п’юць». Ёсць тут яшчэ зала паляўнічая, упрыгожаная чучаламі звяроў, птушак.

Вечарам былі ў Фермі, дзе разам з былымі партызанамі спявалі іх баявую песню «Чао, чао…».

На сённяшняй сустрэчы была адна сеньёра са сваімі такімі прыгажунямі-дочкамі, што я аж пажартаваў, ці не баіцца яна з імі хадзіць без аховы карабінераў.

— Я і так іх пільную больш, як трэба, — адказала шчаслівая маці.

Позняй ноччу вярнуліся зноў у Балонію і ў тую ж самую гасцініцу. I хоць стаміліся за дарогу, але яшчэ раз схадзілі палюбавацца на маляўнічыя вежы і плошчы горада партызанскай славы. Ноч была пагожая і ціхая. Глыбокім сном спалі балонцы, турысты. Аж шкада было расставацца з гэтай хвалюючай цішынёй вуліц, з гэтым усеяным зорамі небам.


1964


4.І. Грунтоўна ўзяўся за Кафку, бо раней я чытаў толькі некаторыя фрагменты яго твораў. Зараз і на Захадзе і ў нас адбываецца нейкі шабаш. Кафка — новы Дастаеўскі, геній XX стагоддзя. А чытаць яго цяжка. У дзіўных несамавітых абставінах жывуць яго героі, заблытаныя ў павуцінне такіх канфліктаў, з якіх — ні выхаду, ні надзеі на нейкі прасвет у іх жыцці.

Неспадзявана пазваніў дзядзька Лявон Банькоўскі. Віншаваў з Новым годам. Зараз ён працуе ў Кашалінскім ваяводстве на пасадзе дырэктара дзяржаўнай гаспадаркі.

Прачытаў нарыс I. Шамякіна «Два месяцы ў Нью-Йорку», які збіраемся даць у трэцім нумары «Полымя».

6.І. Апошнія дні сядзеў над сваім новым зборнікам вершаў, які трэба заўтра здаць у выдавецтва. Не знаю, ці хопіць у мяне сіл на грунтоўнае абнаўленне сваёй паэзіі, каб не таптацца на месцы.

Прыехаў з Пількаўшчыны Федзя. Казаў, вельмі дрэнныя справы ў нашым калгасе. Кармоў не нарыхтавалі. Сена згнаілі. Нат саломы не сабралі. Кормяць жывёлу бярозавай сечкай. Трэба будзе пайсці ў абком ці нават у ЦК, каб памаглі навесці ў іх нейкі лад.

9.І. Заходзіў I. Малец, скардзіўся, што яму адмовілі ў прызначэнні персанальнай пенсіі. Афармляю дакументы на наездку ў Польшчу. Напісаў пісьмо К. Боруту. Заўтра — пленум ЦК. Званіў А. Вялюгіну. Грыпуе.

12.І. І мяне зваліў грып. У «Tworczosci» рэцэнзія Я. Івашкевіча на Анталогію польскай паэзіі. Хваліць.

Прыслаў У. Сэгаль часопіс «Teatr Ludowy» са сваімі перакладамі трох маіх вершаў. Пераклады бездапаможныя, падобныя да дрэнных падрадкоўнікаў, аб чым яму і напісаў.

13.І. Атрымаў пісьмо ад Міхала Забэйды. Спадзяецца, што вясной яму ўдасца наведаць Мінск і Вільнюс. Рыхтуе новую праграму. Я толькі не ўпэўнены, што наша філармонія пойдзе яму настрэчу. Там ёсць людзі, якія не вельмі зычліва ставяцца да яго, што адчувалася падчас яго апошняга канцэрта ў Мінску, калі ў горадзе амаль не было ніякіх афіш, хоць аб гастролях нейкага халтуршчыка абвяшчаюць велізарныя плакаты, радыё і газеты. Ды чамусьці апалчылася супроць яго і Ніна Глебка.

Званілі з Крупак, каб прыехаў на сустрэчу ў школу. Калі лепш буду чуцца, трэба будзе з’ездзіць, бо, здаецца, ніколі не быў у гэтых Крупках.

15.І. Трэба наведаць Г. Вылчава, які спыніўся ў гасцініцы «Мінск», у 444 нумары. Ён, здаецца, цэлы месяц будзе ў нас гасціць і збіраць матэрыял для Анталогіі беларускай паэзіі на балгарскай мове. Калісьці ён абяцаў даць для «Полымя» артыкул пра лужыцкіх паэтаў.

Дачытаў «Дзённікі» (1910-1925 гг.) Ф. Кафкі. Шмат пра што можна даведацца з гэтых дзённікаў, нат пра тое, як робіцца абразанне, але нічога — пра гады вайны, рэвалюцыі.

19.І. Вельмі харошая была тэлеперадача, прысвечаная творчасці Я. Купалы. Выступалі сёстры Івана Дамінікавіча, М. Аўрамчык, П. Мядзёлка, супрацоўнікі музея. Хораша гучалі вершы паэта і песні на яго словы. Я часта перачытваю Я. Купалу і кожны раз адкрываю нешта новае, нешта такое, чаго не заўважаў раней.

22.І. Пазычыў у Р. Шкрабы зборнік вершаў Р. Фроста «Из девяти книг». Чамусьці гэтыя вершы не пакінулі такога глыбокага уражання, як я спадзяваўся. Магчыма, не зусім удалы падбор яго твораў, ці пераклады не данеслі подыху яго паэзіі. А магчыма і другое. Быў бы ён паэтам якога меншага народа, можа, і меншай была б яго слава. Мы, напрыклад, да гэтага часу не змаглі дабіцца, каб у календарах чалавецтва побач з іншымі славутымі імёнамі стаялі імёны Купалы, Коласа, Багдановіча…

23.І. Люблю слухаць музыку і баюся яе чароўнага ўздзеяння, якоё ўсё можа зрабіць з чалавекам. Быў у ЦК па справе Бітэля. А. Т. Кузьмін паабяцаў памагчы падшукаць яму нейкую работу.

28.І. Зноў у Польшчы. Ад 3. Федэцкага даведаўся аб трагічнай смерці Пентака. Выскачыў праз акно бальніцы і забіўся. Памёр і К. Дунікоўскі. Атрымаў ад сакратара Таварыства ПСД план нашых шматлікіх паездак па краі, сустрэч, выступленняў. Відаць, пара мне спыніць свае бясконцыя бадзянні і паездкі па свеце. Бо не паспеў ачухацца ў «Брыстолі» ў сваім 405 пакоі, як ноччу разбудзіў мяне тэлефонны званок ад I. Клімава: ці не згадзіўся б паехаць на шаўчэнкаўскія ўрачыстасці ў Кіеў у складзе беларускай урадавай дэлегацыі.

24.ІІ. Адпісаў А. Жукаўскасу, які просіць прыслаць яму аповесць М. Гарэцкага «Віленскія камунары», якую збіраецца перакласці на літоўскую мову.

5.ІІІ. Прыехаў з жонкай Якаў Хелемскі. Тры дні правялі за сяброўскімі бяседамі ў П. Броўкі, П. Панчанкі і ў нас. Я думаю, што такія сустрэчы даюць больш, як нейкія нашы пленумы. У балгарскім тыднёвіку апублікавана вялікая падборка вершаў славянскіх паэтаў (Твардоўскі, Бажан, Рыльскі, Ружэвіч, Танк, Весны Парун (харват), Франц Кесмачэ (славенец), Кіто Лорэнц (лужычанін), Іржэ Тоталі (чэх), Паволя Орсач-Максімавіч (серб), Ганэ Тодараўскі (македонец), Божыдар Божылаў (балгарын).

8.IV. Яшчэ адно імя заношу ў свой памінальны дзённік: памёр Б. С. Ірынін — адзін з першых маіх рускіх перакладчыкаў. Харошы і сардэчны гэта быў чалавек, сумленны і здольны працаўнік на ніве нашай савецкай літаратуры.

Сёння дачытаў аповесць I. Пташнікава «Лонва». Выдатна напісаная рэч. Трэба павіншаваць яго з удачай.

Аднёс у выдавецтва свой зборнік вершаў «Глыток вады». I, прызнацца, шкада стала, што застаўся з пустой кайстрай.

8.V. Зноў еду ў Польшчу на з’езд пісьменнікаў заходніх і паўночных ваяводстваў. Разам са мной едзе і В. М. Барысаў — перакладчык польскай літаратуры і рэферэнт замежнай камісіі СП СССР.

У Брэсце сустрэў групу нашых вучоных, якія ехалі на юбілей Кракаўскага універсітэта. У Варшаве нiхто нас не сустрэў, бо не ўдакладнілі, якім цягніком мы едзем. Ледзь сазваніліся з СП, і Маліноўскі памог нам уладкавацца ў гасцініцы «Orbis». Добра, што узяу з сабой «Wielkie kazanie» Л. Калакоўскага — кнігу, якая памагла забыць усе нашы дарожныя прыгоды і непаладкі.

9.V. У пазнанскім выдавецтве пазнаёміўся з галоўным рэдактарам А. Містэрскай, Ч. Кур’ятам, Л. Галінскім, В. Шчэслоўскім і сустрэў даўняга свайго сябра В. Шэўчыка, з якім дамовіўся, што ён прышле анталогію лужыцкай паэзіі.

На адной з вуліц шыльда: «Цырульня для пані III катэгорыі».

10.V. Удалося пабываць у музеі музычных інструментаў і ў пазнанскай ратушы. Асабліва мне спадабалася зала з каляровым скляпеннем, упрыгожаная рознымі сімвалічнымі постацямі, расліннымі матывамі, і багатая калекцыя карцін Хэлмонскага («Арба»), Мальчэўскага, Мана, Бонара…

Пасля знаёмства з ПТР заехалі ў Галухоўскі замак, дзе выступаў выдатны хор хлапчукоў пад кіраўніцтвам Е. Карчэўскага. Разам з намі ездзілі Піларж, Міхасек. Заўтра ўсе вяртаемся ў Варшаву.

11.V. Мы прыехалі ў самы разгар палемікі навакол пісьма, якое паслала група пісьменнікаў Цыранкевічу і якое паслужыла повадам да антыпольскай кампаніі на Захадзе. Ініцыятарамі напісання гэтага пісьма былі: Сланімскі, Ясеніца, Кісель, Кот, Калакоўскі, Важык. I, зразумела, што тут не абышлося без самага актыўнага ўдзелу такіх старых зубраў, як Цат-Мацкевіч, М. Ваньковіч.

Я. Івашкевіч запрасіў нас на абед у нейкі невялічкі, але ўтульны рэстаран, дзе мы абмяняліся сваімі думкамі і ўражаннямі ад з’езда польскіх пісьменнікаў. Мне здаецца, што зараз у Польшчы нарастаюць трывожныя падзеі, аб чым гаварылі пры нашай сустрэчы і Я. Бранеўская і Вітлін.

Ад Браўдэ даведаўся, у якім шпіталі ляжыць цяжка хворы мой стары друг Кекштас. Абавязкова трэба будзе яго наведаць. «ПіВ» збіраецца выдаць зборнік маіх вершаў. Рэдактары прасілі прыслаць ранейшыя пераклады Путраманта, Яворскага, Вайнтраўба…

13.V. Жывём у гасцініцы «Еўропа». Пакой наш 428 нагадвае турэмную камеру, бо невялічкае акно пад самай столлю. Каб паглядзець, што робіцца ў Саскім парку, трэба ўзлезці на крэсла і то ўбачыш толькі зялёныя кроны дрэў.

Былі з Барысавым у «Атэнэум» на спектаклі «Начное апавяданне». Пазнаёміліся з Андрычам, якога мы запрасілі прыехаць да нас. «Я быў тройчы ў Савецкім Саюзе, — адказаў ён. — Хацеў бы і яшчэ пабываць, але ўжо стараваты на вялікія падарожжы. Так заўсёды бывае, калі малады — ніхто не запрашае, а калі не можаш ехаць — запрашаюць усе».

Заходзілі Бартэльскі, Смоляр. У выдавецтве «Чытэльнік» Барысаў пазнаёміў мяне з Аліцыяй Лісецкай, з вельмі прыгожай і, як казаў ён, «чартоўскі здольнай журналісткай, супрацоўніцай Інстытута даследаванняў літаратуры». Любуючыся такой жанчынай, забываеш, пра што яна гаворыць. Былі на Старым месце, у рэстаране «Рыцарскі», куды зацягнуў нас Р. Дабравольскі на сапраўды рыцарскі абед.

14.V. 3 Гданьскага вакзала, роўна ў 12 гадзін, развітаўшыся з нашымі польскімі сябрамі, крануліся ў дарогу. Купэ наша загружана пачкамі кніг, якімі нас шчодра надзялілі ў розных выдавецтвах.

16.V. Дома — бясконцыя нарады, якія ўжо сталі нашай невылечнай хваробай. Толькі ў вярхах пройдзе нейкае мерапрыемства, толькі яго рэха пракоціцца па ўсіх арганізацыях і ўстановах, як з’яўляецца нешта новае. I так дзень за днём, год за годам. Такое ўражанне, што ў нас усе зацікаўлены, каб нікому не даць працаваць.

3.VI. Вярнуўся з Украіны, з шаўчэнкаўскіх келейных урачыстасцяў. Разам з нашай дэлегацыяй прыляцелі ў Мінск Вацлаў Жыдліцкі і Юльюш Доляўскі, якія збіраюць матэрыял для гісторыі беларускай літаратуры.

28.VI. Нядзеля. Люба з Аляй пайшлі ў Кабыльнік на кірмаш, а я засеў за перапіску сваіх вершаў. Міхась Ціханавіч збіраецца ехаць у Мінск. Гэтымі днямі пераклаў некалькі вершаў Т. Ружэвіча.

Ужо больш месяца не было дажджу. Здаецца, у Купу на нарачанскае лета прыехалі Я. Брыль і А. Вялюгін. Трэба будзе іх сёння наведаць. Прачытаў інтэрв’ю Колдуэла, якое ён даў амерыканскаму журналісту. Калі яму верыць, дык ён нічога не чытаў, нават класікаў, лічыць сябе анальфабэтам. Найбольш цэніць Хэмінгуэя і Стэйнбека і нікога больш. Пісьменнік не з’яўляецца інтэлектуалам, сам ён палітыкай не цікавіцца, і ніякія гістарычныя даты для яго не маюць значэння.

30.VI. Усім калгасам ездзілі ў Мядзела. Быў у сакратара райкома П. П. Астапава. Перадаў яму пісьмо калгаснікаў, якія скардзяцца на свайго старшыню Чабатара.

Калі вяртаўся з Мядзела, сустрэў у аўтобусе старога знаёмага рыбака, удзельніка нарачанскай забастоўкі. Збіраецца наведаць мяне, пагаварыць. Відаць, думае ісці на пенсію, бо ўжо яму каля 80 год.

Паслаў пісьмо старшыні літоўскага калгаса імя Чарняхоўскага Віктару Казіміравічу Адамовічусу, да якога ўсё ніяк не магу сабрацца пад’ехаць. А гэта надзвычай цікавы і абаяльны чалавек, выдатны гаспадар, у якога многаму можна навучыцца.

3.VІІ. Пасля ўрачыстасцяў, прысвечаных 20-годдзю вызвалення Мінска ад фашысцкіх захопнікаў, сёння цэлай брыгадай рыхтуемся да паездкі ў Краснаярскі край. У Маскве да нас далучыцца яшчэ Пятрусь Броўка. Набраў з сабой розных часопісаў, каб было што чытаць у дарозе.

4.VII. Атрымалі камандзіроўкі, білеты на самалёт і ў шэсць гадзін вечара на «ИЛ-18» пакінулі Маскву. Вышыня 8 тысяч метраў. Аблокі засцілаюць зямлю. Узяўся за «Zycie Literackie». Злева — зара, за бартом — мароз 30°.

5.VII. Прачнуўся, калі сцюардэса разносіла чай і газеты. У адных з іх былі змешчаны біяграфічныя анатацыі пра кожнага з нас і вершы. У Краснаярску сустрэлі нас гаспадары, яны памаглі перагрузіць нашы чамаданы ў самалёт, які праз дзве гадзіны даставіў нас у сталіцу Тувы — Кызыл. У гэты ж дзень былі на прыёме ў Тока. Пасля мітынгу паехалі машынамі на возера Чэдэр (Далхаць), потым — на возера Свецікава, са дна якога б’юць салёныя гарачыя крыніцы. Па дарозе сустрэлі статак вярблюдаў, юрты пастухоў. Далёка на гарызонце ўздымаліся снежныя вяршыні хрыбта Тану-Ола.

6.VII. Жывём у адным нумары з Петрусём у невялічкай гасцініцы на беразе Енісея. Ледзь ачухаліся пасля пералёту і ўчарашніх вандровак па бясконцых стэпах Тувы, зрытых суслікамі, вышытых ценямі аблокаў і каршуноў. Пабывалі і каля абеліска «Цэнтр Азіі», пастаўленага ў 1910 годзе, і ў надзвычай цікавым краязнаўчым музеі. На адным з гранітных помнікаў на старажытнай цюркскай мове — надпіс: «Пры жыцці я быў волатам», на другім: «На 73 годзе я адлучыўся (памёр) ад майго нябеснага Беля, ад маіх сыноў, ад маіх табуноў у 6 тысяч коней, ад майго хана і народа Цюльберы, у вас, мае паплечнікі-волаты, мае зяці, мае нявесткі, я больш не мог быць». Надпіс гэты выбіты ў VII веку да нашай эры. Знойдзены ён быў каля Цюрска. Рэлігіяй у старажытных тувімцаў было шаманства, адухатварэнне прыроды і пакланенне яе сілам. Бачым мы тут і бубен шамана, і цікавую карціну мастака Лайзы «Змрочнае мінулае». А ці такое яно было змрочнае?

Вазілі нас на кацеры па Енісеі. Якія ж дзікія, неабжытыя і трывожныя мясціны! Прырода тут такая магутная і велічная, што чалавек перад ёю здаецца нейкай дробнай мурашкай, які, на вялікі жаль, некалі спустошыць і гэтыя зрытыя суслікамі чарназёмныя стэпы, і лугі, дзе травы ў рост чалавека, і нязведаныя таежныя нетры.

Пазнаёміўся з цікавым паэтам Барбю, які пераклаў на тувінскую мову мой верш «Я хацеў бы…».

Зімой, кажуць, тут бываюць маразы больш 50°, а зараз — плюс 35°. Паветра, як порах, сухое. Следам за машынай уздымаецца хмара гарачага пылу. Тут усё трэба паліваць. Без паліву нічога не хоча расці.

Быў вечар у парку. Адкрыў яго С. Тока. Я калісьці чытаў яго аўтабіяграфічную аповесць «У берасцяным чуме». Таленавіты пісьменнік і разумны палітычны дзеяч. На канцэрце самадзейнасці ўсім нам вельмі спадабаўся Кызыльскі хор і танец «Звінячая чуласць» у выкананні настаўніцы Тыртын-Кара. Як звычайна, вечар наш зацягнуўся. Каля кніжнага прылаўка давалі аўтографы. А самае дзіўнае, што ў гэтым цэнтры Азіі сустрэлі сваіх землякоў з розных куткоў Беларусі.

7.VII. Тандзінскі р-н. Заехалі ў адзін з багацейшых калгасаў «Полымя рэвалюцыі». 40 тысяч пахаты, 66 трактароў, 41 камбайн, 36 машын, 200 розных матораў. Адзін цэнтнер хлеба, які тут вырошчваюць, абыходзіцца ў 2 рублі 1 капейку. Сярэдні заробак калгасніка — 120 рублёў, механізатараў — 150-200. Пазнаёміліся са старшынёй Гудковым Георгіем Сямёнавічам, з механізатарам-рацыяналізатарам Міхаілам Мурамцавым, які сканструяваў веялку-агрэгат, што ў гадзіну ачышчае 100 тон зерня. «Толькі п’е здорава», — скардзіўся старшыня, які часта ў яго пытае: «Ну, колькі табе, Міхаіл, трэба дзён на папойку?»

Вяртаючыся з калгаса, спыніліся каля юрты чабана, які пачаставаў нас баранінай, ханам (крывяная каўбаса), квасам, салёным чаем, забеленым малаком.

Вечарам у Кызыле яшчэ чакаў нас прыём.

8.VІІ. Сёмая гадзіна раніцы. Едзем у Саяны. На хвіліну спыніліся ў сельскагаспадарчай школе, якой ужо больш 50 год. На сваіх 100 гектарах гаспадаркі тут вырошчваюць кукурузу, ячмень, гарох…

Заехалі па дарозе і ў Усінскі мараласаўгас, дырэктарам якога аказаўся гамяльчанін Сцяпан Кірылавіч Капошка. Гаспадарка яго налічвае некалькі сот маралаў. Мы ўсе ўпершыню бачылі, як іх заганялі ў станкі і спілоўвалі панты. Тут адзін сукаваты рог марала падарылі і нам, толькі яго адразу перахапіў Леў Ашанін. Відаць, ён быў яму вельмі патрэбен.

Едзем берагам буйнай ракі Ус. Мінулі пасёлак Арадам. Спыняемся ў Шушанскім. Усе накіроўваемся да дому, у якім калісьці жыў у ссылцы У. I. Ленін. Зараз тут музей, у якім захаваны рэчы яго, кнігі, часопісы. Уражанне такое, што той, хто тут жыў, жыве і цяпер, што ён толькі выйшаў на нейкі час са свайго пакоя.

9.VII. Начавалі ў нейкім паляўнічым доміку на беразе ляснога возера Кізык-Куль. Раніцой у трысніках спудзіў дзікіх качак. Пасля снядання едзем у Абакан. На працягу ўсяго Усінскага тракту страчаем велізарныя атары авечак, гурты кароў, якіх чабаны гоняць у Краснаярск. Здаецца, у Абакане чакае нас некалькі літаратурных сустрэч.

10.VII. Самалётам ляцім у Краснаярск. На аэрадроме з кветкамі сустрэлі нас прадстаўнікі мясцовых улад і СП. I так, мы апынуліся ў цэнтры Сібіры, у цэнтры велізарнага краю, дзе на трох мільёнах квадратных кіламетраў жыве толькі тры мільёны чалавек. Тут выпрацоўваецца 450 мільярдаў кілават электраэнергіі, здабываецца тры трыльёны тон каменнага вугалю, запасаў якога хопіць на дзве тысячы гадоў. Тут руда мае 65% жалеза, пад Ангарой 8% свінца і 2% цынку, плюс серабро, кадмій, і тут 1/5 лясных запасаў усёй краіны, з якіх нарыхтоўваецца толькі 20 мільёнаў кубаметраў, а натуральны прырост 150 мільёнаў… Пра ўсё гэта нам расказаў начальнік саўнаргаса В. Ф. Гаўрылаў-Падольскі.

11.VII. На кацеры «Некрасов» ездзілі ў Дзіўнагорск, на будаўніцтва адной з велізарнейшых на свеце ГЭС. Вечарам выступалі ў кінатэатры. У рэстаране гасцініцы «Север» сустрэў крыху падпіўшага Бабаеўскага, які аказаўся вельмі цікавым субяседнікам. Шмат расказваў пра свае сібірскія прыгоды. Раіў пабываць у запаведніку, падзівіцца на славутыя краснаярскія слупы і абавязкова наведаць тутэйшых мастаков, сярод якіх ёсць вельмі таленавітыя і самабытныя майстры.

12.VІІ. Выступалі ў парку і на тэлебачанні. Пабываў у майстэрні Уладзіміра Ільіча Машкова, застаўленай цудоўнымі і суровымі пейзажамі Поўначы. На развітанне ён падарыў мне сваю гравюру. Позняй ноччу перабазіраваліся на дызель-электраход «Латвія», на якім паедзем аж за Палярны круг. Разам з намі едзе і сакратар крайкома Паліна Рыгораўна Макеева, сяброўка нашай Дударавай, якой прасіла перадаць ад яе прывітанне.

15.VII. На палубе сустрэў дачку Ржэўскай, якая са сваім мужам едзе ў Нарыльск. Агулам, у гэтай Сібіры на кожным кроку сустракаем сваіх землякоў. У адным Нарыльску іх каля трох тысяч. Пачаліся палярныя дні. Пачаў марасіць дробны дождж. Уздоуж берагоў Енісея — бясконцая, дрымотная тайга.

17.VII. Ігарка — цэнтр лясной прамысловасці. З’ездзілі на мярзлотную станцыю. У надземных галерэях, накрытых крышталамі лёду, сцены нагадваюць слаёны пірог: слой сівой гліны, слой ільду, якому, можа, тысячы год. Ды ільдзяныя глыбы, вынесеныя павадкам, шмат дзе бялеюць на берагах Енісея. Мінула поўнач, а сонца стаіць над тундрай, пакрытай лістоўніцай, карлаватымі бярозкамі, цвіце іванчай, скрыпень, капрэй, і ярка гараць палярныя жаркі.

18.VII. У дзве гадзіны ночы прышвартаваліся да прычалаў Дудзінкі. Перабраліся ў чыгуначны вагон і па страшэнна няроўнай дарозе памалу едзем у Нарыльск. За акном бясконцая тундра і велізарныя айсбергі, якія, відаць, і не растаюць за кароткае палярнае лета.

Пры ўваходзе ў гасцініцу «Нарыльск» — плакат, напісаны па-беларуску: «Сардэчна вітае вас сцюдзёная Поўнач, сябры. — Сердечно встречает друзей Заполярье». У аўтобусе сустрэлі земляка-шафёра В. Ц. Пятровіча, які ўжо 25 год працуе ў Нарыльску.

Дырэктар камбіната расказаў пра незлічоныя скарбы Нарыльска і асабліва Талнаха.

Па пантонным мосце пераехалі на другі бераг ракі Нарылкі. I тут бачым велізарны транспарант на беларускай мове: «Шчырае прывітанне дарагім сябрам пісьменнікам Беларусі ад будаўнікоў Талнаха!». Вялізны прыгожы клуб. Шмат моладзі. Стол прэзідыума расквечаны жаркамі. На сцяне карціна Раннеса Тайва «Нараджэнне Енісея».

19.VII. Прафілакторый, тэлебачанне, радыё. Паступаюць сотні прывітальных тэлеграм ад гледачоў, слухачоў і рабочых калектываў… Заўтра едзем на руднік «Мядзведжы ручай» і на абагачальную фабрыку. Шкада, што сапсуўся мой фотаапарат, ды і надвор’е становіцца горшым. Не ведаем, ці ўдасца нам заўтра вылецець у Маскву.

21.VII. Чамусьці ляцім на Андэрму. Невялічкі аэрадром на самым беразе акіяна. Адзіны будынак — збіты з дошчак хлевушок. Тут і буфет, і каса. Перакусілі аленінай ды зноў у дарогу. Пазнаёміўся з нашым пілотам Палурэнкам Аляксандрам Сямёнавічам. У гады вайны ён часта лётаў у наш партызанскі край, перавозіў раненых, зброю. Запрасіў мяне ў рубку самалёта, адкуль адкрываўся непаўторны від. Такога перапляцення, такой мазаікі азёр і рэк, астравоў і айсбергаў хіба нідзе не ўбачыш. Вось злева выцягнуўся Запалярны Урал, справа — з незлічонымі праталінамі, багністымі затокамі тундра.

22.VIІ. Нарэшце — у Маскве. Пасяліліся ў гасцініцы «Украіна», забітай замежнымі турыстамі. Нат у рэстаране няма свабодных сталоў. Разбрылася наша каманда: хто — у СП, хто — да знаёмых, сяброў. I я пайшоў блукаць па вуліцах Масквы. У бежанстве, да вяртання на радзіму, жыла наша сям’я на Краснай Прэсні. Помню: Ціхвінская вуліца, дом № 16, кв. 1. Зноў захацелася паглядзець на гэты дом, на невялікую цэркаўку, у якой маліўся Цудатворцу Мікалаю, каб за нейкае правіненне настаўніца не выклікала на бяседу маіх бацькоў, бо, пасля, ведаў, не мінаваць мне добрай лупцоўкі. I трэба сказаць, што святы не адмовіў у сваёй дапамозе. Адным словам, знайшоў я і той дом, у якім жылі, і школу, у якой пачынаў сваю вучобу, і тую цэркаўку, толькі не сустрэў там мінулага свайго юнацтва і сяброў, з якімі лазілі па садах і агародах, гулялі ў лапту, у гарадкі, у казакі-разбойнікі.

23.VIІ. Сёння сустракалі ў Мінску нашых ленінградскіх сяброў. Зноў выступленні, прыёмы. Мы зусім забылі, што аб нашых поспехах будуць судзіць не па колькасці з’ездаў, пленумаў, вечароў, а па творах. I толькі па творах.

25.VII. Памёр Максім Рыльскі — адзін з выдатных прадстаўнікоў класічнага напрамку ў украінскай і ўсёй нашай шматнацыянальнай савецкай паэзіі. Чалавек светлага розуму і рэдкай у наш час абаяльнасці. Помню, калісьці пра аднаго з сучасных нашых класікаў сказаў: «Я адчуваю, што ён не любіць Коласа. Ён, відаць, не разумее, што, калі ў яго выраслі зубкі, дык нельга кусаць за цыцку сваю маці, якая яго выгадавала». Здаецца, ад нас П. Броўка паехаў у Кіеў на пахаванне.

1.VIII. Вяртаючыся з Пількаўшчыны, сустрэў Я. Брыля, У. Калесніка і Г. Вылчава. Трэба будзе з імі сустрэцца. Толькі зараз у нас поўна хата гасцей. Нат няма дзе ўсіх пакласці спаць. Атрымаў балгарскую газету «Эхо» (19.VI), у якой надрукаваны ў перакладзе Г. Вылчава мой верш «Даліна руж», і яшчэ некалькі вершаў у ягоным перакладзе ў часопісе «Народна культура» (14.VII).

3.VIII. Учора ў Брылёў, а сёння ў нас сабраліся за бяседным сталом У. Калеснік, А. Вялюгін, Лыньковы, Кузюковічы, Г. Вылчаў, А. Астрэйка.

Калі ўсе разышліся, узяўся за агарод. Міма ішлі нейкія дачнікі. Адзін з іх тлумачыў:

— Тут жывуць пісьменнікі… Пішуць нікому не патрэбныя рэчы…

Можа, і праўда.

7.VIII. Прывезлі пошту. «Литературная газета» перадрукавала з «Przyjazni» інтэрв’ю М. Рыльскага, у якім ён добрым словам адзываецца і аб творчасці П. Броўкі і маёй. Зараз яго словы дайшлі да нас, як з таго свету.

16.VIII. Ездзілі на кірмаш у Міхалішкі. Купілі яек, бараніны, кошык брусніц. Купілі ў Кабыльніку этажэрку для кніг.

Вечарам перачытваў В. Брусава. Можа, я і памыляюся ў ацэнцы яго, але ён, мне здаецца, нейкі без жыцця. Хоць і ведаў усе таямніцы сусветнай паэзіі.

Рамантычная вера ва ўсемагутнасць паэзіі перашкаджае нашай крытыцы — у чым я даўно пераканаўся, — у выяўленні сапраўдных яе вартасцяў. Часта ў нас зарыфмаваны лозунг выносіцца на шчыт, аб’яўляецца эталонам для ўсіх.

17.VIII. Брыль, Вялюгін, Гілевіч і я ездзілі па грыбы. Больш за ўсіх назбіраў Толя — каля трохсот баравікоў. Забілі дзвюх гадзюк. Відаць, у гэтым лесе, што пад Канстанцінавам, іх тут шмат. Думалі даўжэй спыніцца на беразе возера Швакшты, але напаўзала грымотная хмара, і мы хутчэй пастараліся вярнуцца ў Купу.

24.VIII. Які сёлета ўраджайны год на грыбы, яблыкі, арэхі! Няма нат калі пісаць вершы. Заехалі ў пераведы С. Александровіч і Крук. Казалі, былі ў Пількаўшчыне. Бацька насыпаў ім поўную машыну яблыкаў на дарогу.

Па волі нейкага начальніка перайменавалі Кабыльнік на Нарач. Зараз і вёска Купа — Нарач, і калгас — Нарач, і санаторый — Нарач, і біястанцыя — Нарач… I ў Мінску рэстаран — Нарач, і сыр — Нарач…

Нешта ўзняўся раптоўны вецер.

31.VIII. Раніцой капаў у агародзе бульбу. Пахаладала. Пачаў церушыць дождж, потым — град. Расклалі з Міхасём Ціханавічам вогнішча і да позняй ночы ля яго грэліся, заслухаўшыся ў шум хваль. Чамусьці прыйшлі на памяць радкі Кіплінга:


Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход,

Ніякі не злучыць іх цуд,

Покуль не з’явяцца сонца з зямлёй

На страшны Божы суд.


З.ІХ. Ездзілі з Міхасём Ціханавічам лавіць рыбу. Ён падчапіў двухкілаграмовага шчупака. У мяне каля Касы — сарваўся. Да таго яшчэ і матор адказаў. I зноў ішлі на вёслах ды пад вецер. Нешта часта нас пачало падводзіць рыбацкае шчасце. I блёсны замежныя, мудрагелістыя. Здаецца, сам на такія спакусіўся б.

На турысцкай базе нейкі глухар цэлы дзень круціць пласцінкі, і праз рэпрадуктар раве музыка, грымяць розныя модныя шлягеры, ад якіх няма ратунку. Напісаў верш пра Нарыльскую тундру. Трэба было б напісаць лепш, але, як калісьці пісаў Кудравец у рэцэнзіі на зборнік П. Броўкі: «Паэт, чамусьці, паскупіўся». У кожным выпадку, я такіх паэтаў не страчаў, якія маглі б напісаць лепш, але напісалі горш. Слушна казаў Цыбіс, што мастацтву нельга навучыцца.

20.ІХ. Дзень запоўнены ветрам, дажджом, пісанінай вершаў. «Такія вершы, — раіў Вальтэр пачынаючаму паэту, — будзеце вы, зразумела, магчы пісаць, калі будзеце слаўным. I не раней».

27.ІХ. Нядзеля. Сёння мая Любаша — імянінніца. Тэлеграмы ад Кузюковічаў, ад Баркоўскіх, ад дзяўчат нашых, ад знаёмых. Сёння павязло і на рыбалцы: я злавіў невялікага шчупака, а Міхась Ціханавіч — пяцікілаграмовага. Ледзь мы яго выцягнулі. Парваў усе нашы рыбацкія снасці.

Сёння, здаецца, у Мінску пачынаецца пленум ЦК.

З.ХІ. Выпаў першы снег. Колькі гэтых першых снягоў захавалася ў маёй памяці! I ўсе яны былі розныя, непаўторныя.

Прасілі прыйсці заўтра на сустрэчу з бібліятэчнымі работнікамі і на літаратурны вечар у СП. Прыехаў да нас, каб пазнаёміцца з беларускай літаратурай, польскі пісьменнік М. Садзэвіч, супрацоўнік часопіса «Сталіца». Дамовіліся, што ён напіша для нас артыкул аб сучасным польскім тэатры.

13.XI. Прыехаў рускі паэт Г. Сарогін, які жыве ў Польшчы. Падарыў ён мне свой зборнік вершаў, у якім зашмат саломы і ні грама паэзіі. Быў на нарадзе ў ЦК, на якой выступаў К. Т. Мазураў. Часта ў нас любяць ствараць розныя надуманыя, штучныя псеўдапраблемы, навакол якіх нашы ідэолагі і крытыкі пачынаюць свае шаманскія танцы.

20.ХІ. Прачытаў некалькі балад Агнесы Мігелі, якая памерла вясною гэтага года. Вершы яе пранізаны такой шавіністычнай атрутай, нянавісцю да палякаў, што, здаецца, аддаюць чадам тых вогнішч, на якіх фашысты палілі і кнігі, і людзей. А яе гэтыя творы і сёння вывучаюць у школах Заходняй Германіі.


1965


4.І. Новы год сустрэў, п’ючы замест шампанскага розныя зёлкі ад прастуды. Сёння праводзіў Максіма ў армію. Службу будзе праходзіць у Баранавічах. Дамашнія крыўдзяцца на мяне, што не памог, як гэта робяць іншыя, вызваліць сына ад арміі.

X. Мальцінскі перадаў мне ад Смоляра нумар «Фольксштіме», у якой надрукаваны мой верш. A Л. Бартэльскі прыслаў для «Полымя» вельмі цікавы артыкул аб сучаснай польскай паэзіі, якая, мне здаецца, усё больш робіцца падобнай да рэбуса. Зараз можна пісаць і без сэнсу, хоць ніхто і ніколі з сапраўдных паэтаў так не пісаў. Невыпадкова зноў загаварылі аб смерці паэзіі, хоць асабіста я ў гэта не веру.

6.І. Насталі нейкія чорныя дні. Максім піша аб надзвычай цяжкіх умовах яго службы. Оля плача цэлымі днямі. Прыйшло сумнае пісьмо ад Міхала Забэйды. Ляжыць са зламанай рукой у бальніцы. Трапіў у нейкую аварыю. Апухаюць ногі. I ў мяне яшчэ трымаецца тэмпература. Але заўтра спрабую пад’ехаць у Баранавічы. А Міхалу Забэйду сёння пашлю пісьмо. Можа, яму трэба якія лякарствы?

8.І. Быў на сустрэчы з японскімі паэтамі Хадзімам Хадзімэ, Хаславам Рыеэй, Іватам Хуроа. А. Макаёнак запрасіў іх да сябе ў госці. Я не змог з імі пайсці, бо ўсё яшчэ дрэнна сябе адчуваю, ды трэба было папрысутнічаць на адкрыцці Дэкады рускага мастацтва.

Я ўсё вызначаю сабе дату, пасля якой пачну пісаць па-новаму і лепш. Каб пісаць лепш — трэба пашырыць свае магчымасці пазнання свету, выйсці за межы нашых традыцыйных уяўленняў.

15.І. Амаль цэлы дзень прайшоў у Баранавічах у Максімавай аўтарамонтнай часці. Гутарыў з яго камандзірамі. Прасілі прыехаць правесці ў іх літаратурны вечар. Паслаў у Маскву тэлеграму, што 25-га прыеду на пленум СП. Сёння ў СП адзначаем 60-годдзе А. Пальчэўскага.

1.ІІ. Вярнуўся з Масквы, з нашага чарговага нуднага пленума. Здаецца, пара было б пераканацца, што літаратура паўстане не пры дапамозе нейкіх пастаноў ці галасавання. Добра толькі — Любашу і дзяўчат крыху пазнаёміў з Масквой. Пабывалі яны ў маўзалеі, у тэатрах, у музеях.

2.ІІ. Чарговы салдацкі трыкутнік ад Максіма. Хворы. Абакралі яго да ніткі. Пісьмы яго зусім выводзяць мяне са строю. Дома — нараканні, слёзы. Не ведаю, калі кончацца і яго і нашы пакуты.

4.ІІ. Учора Брыль, Аўрамчык, Скрыган, Лойка і я выступалі перад студэнтамі-завочнікамі. Шмат было пытанняў, запісак. Выклікалі ў ЦК. Зноў крытыкавалі за матэрыялы ў часопісе. «Драмай нашай эпохі,— пісаў адзін з французаў, — з’яўляецца тое, што глупасць узялася думаць».

Мароз падскочыў да 20 градусаў.

9.ІІ. Званіў I. Шамякін, што мой зборнік у Камітэце па Ленінскіх прэміях думаюць перанесці на другі год. Зразумела, што выстаўляць адначасна двух кандыдатаў з рэспублікі нельга было. Зборнік А. Куляшова, дзякуючы захадам яго сяброў, шырока рэкламуецца ў друку. Сустрэў П. Броўку: «Ты што не арганізуеш ніякіх выступленняў? Папрасі Межэлайціса, Судрабкална, другіх…» Не, я гэтым ніколі не займаўся і займацца не буду.

Язэп Семяжон пазнаёміў мяне з перакладамі вершаў Уолтэра Мэя, які прасіў прыслаць яму мой зборнік на беларускай мове.

11.ІІ. У сваім дзённіку У. Бранеўскі піша, што ён, будучы легіянерам, ваяваў у раёне Княгініна, дзе ішлі вельмі жорсткія баі. Вось куды занёс яго нейкі чорт! Я і сёння помню, калі мы вярталіся з бежанства ў 1922 годзе, папялішчы, разбітыя вагоны, абгарэлыя сцены станцыі.

13.ІІ. Саюз пісьменнікаў Украіны запрашае прыехаць на 70-годдзе М. Рыльскага. Відаць, не змагу, бо яшчэ і грып не прайшоў і праз пару дзён у нас пачынаецца пленум СП.

Пімен прынёс у рэдакцыю «Полымя» новую падборку сваіх вершаў, якія з захапленнем мы ўсе прачыталі.

15.ІІІ. Атрымаў ад У. Дубоўкі перакладзеную iм кнігу санетаў Шэкспіра, а ад Г. Вылчава — часопіс «Slovenske Pohlady» (1961 г., № 10) з яго артыкулам аб беларускай літаратуры і з маімі вершамі «Жэтон», «Каб ведалі» i «Ave Maria», перакладзенымі Юліусам Кокавецам.

У тыднёвіку «Kultura» — цікавы артыкул пра поп-арт — новую плынь у мастацтве, якая зарадзілася ў Злучаных Штатах Амерыкі, некаторыя лічаць яе рэакцыяй супроць абстракцыянізму. «Прадметнасць, канкрэт, награмаджэнне рэаліяў, апавяданне аб рэчах — вось рысы гэтай тэндэнцыі» (Е. Косан).

Намячаецца паездка на міжнародную сустрэчу пісьменнікаў у ГДР у сувязі з 20-годдзем вызвалення ад фашызму і 30-годдзем Парыжскага кангрэса міру.

Прыехала Ядвіга. Расказала цікавую гісторыю пра свайго суседа, які закалоў парсюка і нечага пасварыўшыся з жонкай, сказаў, што пойдзе павесіцца. Тая думала, што ён жартуе, і нат дала яму вяроўку. Але калі праз нейкі час выйшла ў сені і ўбачыла, што мужык сапраўды вісіць, перапалоханая, пабегла ў міліцыю. А ў гэты час да іх прыйшла суседка. Убачыўшы, што нікога няма ў хаце, схапіла кумпяк і хацела ўжо ўцякаць, ды раптам чуе голас вісельніка: «Пакінь хоць на памінкі…». Тут яна і абамлела. У гэты час вярнулася жонка з міліцыянерам і ў сенях застала непрытомную суседку, а за сталом свайго мужа, які расказаў, што ён хацеў пажартаваць, бо вешацца не збіраўся. Абвязаўшы сябе вяроўкай пад пахі, ён толькі інсцэніраваў сваё самагубства. За ўсе гэтыя яго жарты далі яму 15 сутак арышту, а суседку, ледзь жывую з перапуду, адвезлі ў бальніцу.

31.III. Турхан Фарух прыслаў зборнік маіх вершаў на таджыкскай мове, выдадзены ў Душанбэ. Зборнік чамусьці назвалі «Кветнік шчасця» («Гулістоні саюдат»). I тут, відаць, праявіла сябе ўсходняя квяцістасць.

12.IV. Прачытаў Квазімода. Амаль на кожнай старонцы скланяецца слова «смерць». Відаць, нічога не разумею ў паэзіі, калі дзіўлюся: за што яму прысудзілі Нобелеўскую прэмію. Помню, у Італіі прыходзілася чуць дыфірамбы герметыстам, іх мужнасці. А яны, мне здаецца, больш нагадваюць дэзерціраў, якія ў гады барацьбы супроць фашызму не прымалі актыўнага ўдзелу, адмоўчваліся, а калі пісалі, дык творы іх былі вельмі далёкімі ад рэчаіснасці, ад жыцця і зашыфраваны больш, як нейкія звышсакрэтныя ваенныя зводкі.

27.IV. Ездзіў у Барысаў. Выступаў у ваеннай часці. Заўтра пленум ЦК. Ад Федзі даведаўся, што цяжка захварэў бацька. А я мушу збірацца ў Маскву. Трэба папрасіць Людмілу, каб пад’ехала ў Пількаўшчыну.

10.V. 3 П. Глебкам прыехалі ў Маскву. Вечарам пайшоў на спектакль «Укралі консула». У антракце напісаў навеяны маскоўскім дажджом верш:


Дрэнна стаяць пад дажджом

Пачынаючаму паэту…


13.V. Брэст, Варшава, Кутна, Познань. Вечарам прыехала дэлегацыя нашых савецкіх пісьменнікаў у Берлін.

14.V. Былі на сустрэчы з паслом П. А. Абрасімавым. Ён даў нам разгорнутую інфармацыю аб становішчы ў ГДР, у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры. Шмат цікавага расказаў аб дзейнасці творчых саюзаў, арганізацый і аб апошніх, цікавейшых літаратурных навінках — кнігах Вольф, Шульца, Зэгерс, Брэдэля…

Пабывалі і ў доме-музеі Бехера, дзе сустрэлі Шэўчыка, Цэнткевіча, Левіна, Ольху, Брэзана…

Потым наведалі і Патсдам, дзе пазнаёміліся з паэтамі Д. Маніфольдам, Рэінфранцам, Энзельманам і перакладчыкам беларускіх народных казак — Грымам.

Хтось з пісьменнікаў гаворыць: «Я быў самотны і ў натоўпе і, як на базары, у астрожнай камеры».

16.V. Былі на оперы Брэхта. У фае гасцініцы пазнаёмілі мяне з Петэрам Эдэлем, які апошні бачыў Ю. Фучыка перад самай яго смерцю. Заўтра едзем у калгас «Форвартс».

18.V. Ваймар. Спыніліся ў гасцініцы «Эльфант». Канцлагер. Суправаджаў нас Галяс, які 12 гадоў правёў у гітлераўскіх засценках. Гараць знічы. Гучыць звон Бухенвальда. Як раны зямлі, чарнеюць кратэры каменяломняў. Пасля таго, што бачыў, я доўга не мог прыйсці ў сябе. Да мяне нат не даходзіла, аб чым гаварыў гід, калі мы знаёміліся з домам-музеем Гётэ і з домам-музеем Шылера.

19.V. Ідзе дождж. А ва мне несціхана гучыць учарашні звон Бухенвальда. Каля фантана Нептуна сустрэў Неруду, Чакоўскага і Абашыдзе. За абедзенным сталом Рэнан. Расказваў нам смешную гісторыю, як адзін экспрэсіяніст маляваў партрэт генерала. На пытанне Глебкі, над чым ён зараз працуе, адказаў: «Пішу ўспаміны “Пехатой на Усход” Хачу напісаць ix у манеры “Запісак паляўнічага”».

Сёння — мітынг у тэатры. На сцэне — эмблема сонца і раскрытая кніга, з якой вылятаюць галубы.

Мне здаецца, не зусім было ўдалым выступленне К. Федзіна пры ўручэнні яму ордэна ГДР. Пачаў ён з таго, што «калі ехаў на гэту стрэчу, са страхам думаў: ці ацалеў Ваймар»… А ехаў жа ён праз разбураны Смаленск, спаленую Беларусь, зруйнаваны Мінск, папялішчы Варшавы. I хоць ён прызнаўся, што бачыў руіны, «каких не знало мое воображение», лёс Ваймара яго хваляваў асабліва.

Цікавым было выступленне былога вязня гітлераўскіх канцлагераў Т. Голуя: «Ваймар — сілы святла і цемры. Як мог паўстаць Бухенвальд каля Ваймара? Позна будзе аб гэтым думаць, ідучы ў газавую камеру»…

«Справядлівасць заўсёды ідзе павольнымі крокамі» (I. Лібэ).

Ад Голуя даведаўся, што ён яшчэ да вайны перакладаў мае вершы.

«Вам здаецца дзіўным, што чалавек, які столькі перажыў, плача. Я ўспомніў Іспанію, сваіх сяброў, матак і дзяцей, якія стаялі пад брамамі астрогаў».

«Хто закрыў дзверы да свайго сумлення, той закрыў дзверы да праўды».

«Мера вернасці — мера смеласці».

«У нас пісьменнік — высяленец. Амаль усе нашы вялікія пісьменнікі не маглі жыць у сваёй краіне… Так было з часоў інквізіцыі» (Гватэмала. Ангел Астурыас).

«Мы не хочам міру з магнатамі, а з хлебам, з дахам над галавой, з дружбай».

«Бухенвальд і Асвенцім я бачыў адразу пасля вызвалення. Бачыў людзей. Бухенвальд дом адпачынку ў параўнанні з Асвенцімам… ГДР рэабілітавала нямецкі народ… I я ўдзячны, што зняты цяжар з маіх плеч»… (Олдрыдж).

«У нас няма права адмовіцца ад веры, ад барацьбы за будучыню. Прадбачанне Франса аб смерці зямлі і яе маўклівым шляху ў космасе вельмі блізкія ад рэчаіснасці»… (А. Зэгерс).

«Алжырцы прымалі ўдзел у барацьбе супроць фашызму. Але, калі гэта барацьба закончылася, у нас яшчэ працягвалася барацьба за асвету, за мову, за свабоду»… (Анры Алсэ).

«Мы выраслі пры фашызме. Мы бралі Фаўста і пелі фашысцкія песні. Мне падарылі кінжал. Мы павінны былі любіць вінтоўку, як нявесту. Мы сядзелі ў палоне і хваліліся, што ў нас на ботах пыл Еўропы. Мы адчуваем, што трэба на некага зваліць віну. Была вясна. Мы баяліся глядзець на сонца. Потым антыфашысцкі строй паклікаў мяне настаўнікам. Мяне запрасілі ў Маскву. Я стаяў на Ленінскіх гарах, хацеў забыць пра мінулую вайну. Але я думаў, што стаяў у адлегласці 100 кіламетраў ад Масквы, “Колькі да Масквы?” — “Далей як да Берліна…” Я зноў пасля 20 год прыехаў у Ваймар. I рад, што Ваймар служыць гуманнаму духу» (Шульц).

20.V. Быў на прыёме ў пасольстве, на які былі запрошены разам з савецкімі пісьменнікамі і замежныя госці: Неруда, Вольф, Цвайг… Начавалі недзе пад Берлінам, у прафсаюзным доме адпачынку, у прыгожым сасновым лесе на беразе Шпрэі.

Не ведаю, як разбяруся ў гэтых хаатычных сваіх нататках, якія пісаў на калене, на калёсах, на сходах…

11.Х. Мароз. Снег. Чорт ведае, як не вязе з уборкай. Відаць, яшчэ добрая палова бульбы і буракоў засталіся на полі. Вярнуўся з Масквы. У СП сустрэўся з С. С. Арловым. Збіраемся з ім ляцець у Венгрыю, а ў замежнай камісіі, як заўсёды ў нас, замарудзілі з афармленнем дакументаў. Бачыў М. Садковіча, які толькі што вярнуўся з Францыі. Ён пазнаёміў мяне з нейкім японскім пісьменнікам, які ездзіць па ўсім свеце і збірае подпісы пад дэкларацыяй аб спыненні вайны ў В’етнаме.

Вечарам наведалі мяне Г. Куранёў са сваёй жонкай Галяй. Дачытаў апошні нумар часопіса «Твурчосць», прысвечаны аўстрыйскай літаратуры. Узяўся за пераклад цікавага верша В. Томана «Чалавечы торс 855».

12.Х. С. С. Арлоў пайшоў купляць плёнку для кінаапарата, а я вечарам пайду ў тэатр У. Маякоўскага на «Каўказскі мелавы круг» Б. Брэхта. Здаецца, заўтра раніцой самалётам ляцім у Будапешт. Дакараю сябе, што легкадумна згадзіўся паехаць у гэта чарговае і клапатлівае падарожжа.

13.Х. Цэлы дзень правялі з С. Арловым на бясконцых сустрэчах з венгерскімі пісьменнікамі. Вечарам разам з Іштванам Шыманам, Сяргеем Васільевым і дачкой Бела Ілеша Аннай былі на прыёме ў нашым пасольстве.

14.Х. Наведалі рэдакцыю часопіса «Kortars». Потым, выпіўшы па куфлю піва, доўга з С. Арловым блукалі па вуліцах Будапешта. Любаваліся яго новым мостам, што лёгкай прыгожай аркай злучыў берагі Дуная, вячэрнімі агнямі, што азаралі гару Гелерт, вуліцамі, бульварамі гэтага аднаго з прыгажэйшых еўрапейскіх гарадоў. Дзень закончылі праглядам фільма «На ўсход ад Эдэма».

15.Х. У музеі пабачылі выдатныя карціны Цэнзі Агашпона «Жанчыны на беразе мора», Лошца Кароля «Купальшчыца», Мункачы «Бабка б’е масла» і выстаўку мастака С. Чока… А вечарам зноў заваліліся ў кіно на нейкі досыць марны фільм з мільянерамі, пераапрананнямі, затое — са славутай Мэрылін Манро. Хацелі паслухаць апошнія паведамленні, але ў транзістары толькі чутны былі нейкія хрыпы, свісты, піскі. Так і не злавілі ніводнай сваёй станцыі.

16.Х. Сустрэліся з Ю. А. Келменам, які калісьці працаваў у радыёкамітэце ў Маскве. Абедалі ў нашым пасольстве. Сёння з перакладчыкам Томашам ездзілі на літаратурны вечар у Вэстрэм. Усю дарогу прагаварылі: паэзія, спадчына, гісторыя. Відаць, кожны думае аб сваім народзе, як аб народзе выключным, асаблівым. I кожная гісторыя ў гэтым стараецца пераканаць. I тут прыходзіцца чуць аб «новай хвалі» ў літаратуры, хоць пакуль што, мне здаецца, папулярнасць гэтай «хвалі» кароткатэрміновая.

17.Х. Позна вярнуліся з літаратурнага вечара, які праходзіў у будынку гарсавета. Артысты чыталі вершы Межалайціса, Мартынава, Леўчава, Гідаша, Пекалі, Чарлі, Гарона, Бароні. Іван Леўчаў прачытаў у сваім перакладзе і мой верш «Эпітафія»… Начавалі ў гасцініцы, у якой за некалькі дзён да рэвалюцыі 1848 г. жыў Ш. Пётэфі. Сустрэў тут і польскіх пісьменнікаў — Філіповіча, Свяжэўскага, М. Якімовіча, які жыў калісьці ў нас, у Барысаве, і цудоўна ведае венгерскую мову. А ў Саюзе пісьменнікаў, як і ў нас, такая ж гаварыльня, мітусня. Скардзяцца паэты, што іх усё менш чытаюць. Мне здаецца, у гэтым вінавата і сучасная паэзія, якая ўсё больш замыкаецца ў сабе. Дарэчы, мы не ведаем дэфініцыі самой паэзіі. Недзе чытаў, што паэзія ёсць тое, што пачынаецца з новага радка, не дакончыўшы папярэдні.

Ля цудоўнага Вэстрэмскага фантана пазнаёміўся з чэшскім паэтам Францішкам Браніславам з Камаржанаў. Прасіў прыслаць яму зборнік.

У Будапешт вярталіся вечарам. Доўгі час дарога вяла нас берагам Балатона. Вецер пад шум хваль калыхаў высокі трыснік. Прыпыніліся ля дрэў, пасаджаных некалі Тагорам і Квазімодам.

18.Х. I сёння празасядалі ў Саюзе венгерскіх пісьменнікаў. Усе тут страшэнна многа кураць. Праз заслону дыму ледзь маячылі постаці выступаючых Райнера Кірша, Міраслава Валека…

19.Х. Нешта запазніўся наш праваднік і перакладчык Томаш. Агулам, мы тут, як вязні, якія па дамоўленасці нашых саюзаў адседжваем свой тэрмін, хоць зараз нам няма чаго тут рабіць.

Былі ў музеі Ш. Пётэфі, дзе сустрэліся з югаслаўскімі і польскімі пісьменнікамі, якіх суправаджала сімпатычная перакладчыца Марыко. Амаль усю ноч правялі ў падвальным кафэ рэстарана «Асторыя». Абмяняліся адрасамі, падрадкоўнікамі сваіх вершаў з Барыславам Радовічам, Сабо Іваноўскім, Іосіпам Папачычам з жонкай, Томашам Евай Куплец.

21.Х. Захварэў мой сябра Сяргей Сяргеевіч Арлоў. Сёння меліся мы з ім быць на прыёме ў міністра асветы, у выдавецтве і з’ездзіць у Дэбрэцэн. Магчыма, прыйдзецца мне аднаму ехаць. Трэба будзе ў Томаша распытацца пра маіх старых знаёмых — Дэвечары і Элі Нікадэмус.

22.Х. Пабываў на выстаўцы сучаснага мастацтва і ў рэдакцыі часопіса «Уй ірас», дзе пазнаёміўся з адным з цікавейшых сучасных венгерскіх паэтаў — з Вацы Міхалы, які для Анталогіі савецкай паэзіі пераклаў некалькі маіх вершаў: «Пачатак оды», «Рамане», «Шапэн». 3 беларускіх паэтаў у гэтай анталогіі ў перакладзе паэта Чалп Карнашы змешчаны вершы і Пімена Панчанкі. Агулам — не густа. Такі ўжо лёс літаратур «малых народаў».

Цікава, што кожны нумар часопіса «Уй ірас» ад ілюстрацый да заставак афармляецца іншым мастаком.

Былі ў гасцях у паэта Дэменя Оша. Разам з намі былі і югаслаўскія паэты Радовіч, Іваноўскі. Радовіч увесь час стараўся філасофстваваць. Гэту яго схільнасць да філасофіі я заўважыў яшчэ падчас нашай першай сустрэчы з ім. Тут пазнаёміўся я і з Толпаі Іожэфам і Аннай Бедэ. Вечарам яшчэ паспелі мы схадзіць на аперэту «Спакойнай ночы, Бэці».

24.Х. Сентандра — горад на маляўнічым беразе Дуная, дзе жыве цэлая калонія мастакоў, а пад адкрытым небам у парку — выстаўка іх скульптурных работ. Пабывалі ў некалькіх старых праваслаўных цэрквах. Цікава, што хоць позняя пара года, усе дрэвы ў садах усыпаны чырвонымі яблыкамі.

Эстэргом. Шкада, што не ўдалося пабываць у яго славутым саборы. Быў закрыты. Але калоны, якія калісьці былі пашчэрбленыя снарадамі, ужо адрамантаваны, залечаны.

Вышаград. Спыніліся ля «Літаратурнага кафэ», дзе нас чакалі Іштван Шыман, Шандр і жонка Вегы Марка. Наведалі розныя гістарычныя мясціны і кафэ «Пільвакс», дзе ў 1848 г. Ш. Пётэфі чытаў сваю «Нацыянальную песню», збіралася рэвалюцыйная інтэлігенцыя.

25.Х. Будапешт. Былі ў нашым савецкім пасольстве, у аташэ па справах культуры В. А. Каралёва у якога сустрэлі А. Суркова з жонкай. Яны, здаецца, прыехалі сюды на адпачынак. С. Арлоў, атрымаущы ганарар за свой артыкул у газеце, у рэстаране «Асторыя» частаваў усіх нас абедам, бо ўжо не было калі купляць нейкія сувеніры.

26.Х. Раніцой на аэрадром праводзіў нас Томаш. Праз дзве з паловай гадзіны прызямліліся ў Маскве.

З.ХІ. Заходзіў Міхаіл Ханінаў. Расказваў пра сваё жыццё, колькі яму давялося хлебануць гора на фронце, у партызанах, дзе і сёння аб ім па ўсёй Віцебшчыне ходзіць баявая слава — слава пра «Мішу Чорнага». А потым, калі быў арыштаваны і сасланы ў Сібір разам з усімі калмыкамі, як пакутаваў у прамерзлай зямлянцы, а пасля смерці жонкі гадаваў сваю асірацелую дачушку, як пад канвоем ездзіў у вобласць атрымліваць свой баявы ордэн. Страшны лёс выпаў на долю паэта і калмыцкага народа. Я гляджу на яго як чалавека, які пасля Дантэ прайшоў праз усе самыя страшныя кругі пекла.

Ужо трэці тыдзень ляжу з болем у сэрцы. Відаць, далі аб сабе знаць мае няспынныя камандзіроўкі і асабліва — апошнія, у Венгрыю і ў Польшчу.

9.ХІІ. Чакаю дактароў, якія абвесцяць свой прыгавор. За час хваробы прачытаў гару кніг і часопісаў. Адкрываю розныя ляпсусы і ў выдатных паэтаў: «Я сябе пад Леніным чышчу».

У нас ніколі не было недахопаў у пісьменніках, якія пісалі і пішуць для «падмацавання сэрц». Не хапала пісьменнікау, якія б пісалі праўду, бо шляхі праўды часцей вядуць да судзілішча, а не да яе трону. Не дарма казаў старажытны мудрэц Цярэнцій: «Праўда ўздымае нянавісць, падлізніцтва прыбаўляе сяброў».

15.XII. Гасціў у мяне ўчора Кіта Лоранц. Былі і нашы хлопцы — Язэп, Ніл, Аляксей і Алесь. Кіта прывёз шмат лужыцкіх кніг. Трэба будзе перадаць іх у бібліятэку нашага СП. У лужыцкай літаратурнай газеце надрукаваны перакладзены Кіта Лоранцам мой верш «Нарачанскія лодкі».

21.XІI. Прыснілася: прыехала маці. Федзя прыцягнуў аднекуль наш стары грамафон, і пад яго ахрыплую музыку я прачнуўся.

Распачалася сесія Вярхоўнага Савета БССР. Усё яшчэ пасля хваробы не магу прыйсці ў сябе. Пішу навагоднія віншавальныя паштоўкі, тэлеграмы.

Выбралі мяне на сесіі старшынёй Вярхоўнага Савета рэспублікі. Віншуюць. А я з жалем думаю, што з вершамі, відаць, прыйдзецца мне развітацца. Прачытаў у кнізе О. С. Рэзніка, прысвечанай творчасці I. Сяльвінскага, які, відаць, не знае польскай мовы, глупейшую недарэчнасць: «I выхад для народа толькі адзін, падказаны сацыялістычнай рэчаіснасцю. Ты даб’ешся ратунку, Польшча, калі не будзеш паннай».

28.ХІІ. Казімір Зыберт расказаў пра маці дзвюх дачок Зінаіду Вітанаву з нашага Суража, якая доўга пасля вайны шукала згубленых у фашысцкім канцлагеры сваіх дачок. Яна помніла іх нумары. I вось адну з дачок знайшла ў Кракаве. Жыве яна ў сям’і нейкага прыватнага гандляра і сама стала гандляркай. Даведаўшыся, што сапраўдная маці жыве, адмовілася ехаць да яе і сустракацца. «Я думала, што яна ў Амерыцы»…

29.XІI. Памерла цётка Соня. Ездзіў з Ленай на Маскоўскі магільнік выбіраць месца для пахавання. Колькі я ні стараўся атрымаць на гэта дазвол, нічога не мог зрабіць, а некалькі рублёў хабару, якія некаму з пахавальнай канторы дала сястра, адразу ўсё вырашылі.

Сёлета з падпіскай на «Полымя» крыху лепш і перавалілі за шэсць тысяч. Усё роўна, для нашай рэспублікі — тыраж мізэрны. Усе нашы кіраўнікі тлумачаць гэта рознымі прычынамі, хоць ведаюць што галоўнае — у катастрафічным скарачэнні беларускіх школ і ў ненармальным становішчы з беларускай мовай у рэспубліцы.

30.ХІІ. Па заданню Камітэта па Ленінскіх і дзяржаўных прэміях еду ў Маскву, а з Масквы самалётам — у Сімферопаль.


1966


14.І. Пасылаю некалькі вершаў А. Пракоф’еву. Трэба канчаць нам з абыякімі адносінамі да сваіх вершаў. Толькі комплексам нейкай беларускай засцянковай сціпласці можна тлумачыць тое, што мы большае значэнне прыдаем таму, што нас пераклалі, а не таму, як пераклалі. А паэзія нат у самым лепшым перакладзе губляе свае непаўторныя якасці. У нас, бадай, сур’ёзна адносіўся да перакладаў толькі А. Куляшоў. Ён нат у пераклады Ісакоўскага, Хелемскага ўносіў неабходныя карэктывы. I таму пераклады яго паэзіі — найбольш верныя і дасканалыя.

13.ІІ. Сёння ў Кабыльніку памёр у бальніцы дзядзька Фадзей. Не стала нашага пількаўскага Калумба, працавітага аратага, цудадзейнага ветэрынара, вопытнага партызанскага разведчыка і першага старшыні калгаса. А мяне зноў зваліла хвароба, і я не змагу паехаць, каб з ім развітацца. Без яго і бацькам зараз будзе цяжэй. Як вулей, у якім нарушаны спрадвечны лад, асірацеў і наш хутар.

4.ІХ. Прыснілася, што я — у сваёй пількаўскай хаце, перастаўляю з кутка ў куток паляўнічыя стрэльбы і розныя прылады. На дварышчы сустрэў маці, у якой з адной грудзі лілося малако, а з другой — вада. I яна венікам зганяла варон, што абселі старую бабіну ігрушу… Так і не змог пад уражаннем таго, што бачыў, зноў запасці ў сон.

5.ІХ. Хадзіў на аўтобусную станцыю сустракаць Любашу. Аўтобус прыйшоў са спазненнем. Толькі поўначчу дацягнуліся мы да Купы.

6.ІХ. Вецер, вецер! Эх, як расшумелася Нарач! Некалькі дзён з Язэпам Семяжонам гасціў Уолтэр Мэй, якому у нас тут спадабалася. Толькі Язэп не мог спаць, чуючы несціханы шум хваль.

Раніцой перакапаў агарод. Званіў старшыні калгаса «Зара» Чабатару, прасіў, каб дапамог да бацькоў падвесці электрычнасць. Уяўляю, якая будзе палёгка і радасць маім старым.

20.Х. Учора з Барысава пазваніў мой хроснік — Іосіф Скурко, што памерла яго маці. Сёння быў на яе пахаванні. Здаецца, яшчэ перад вайной з Пількаўшчыны сям’я іх пераехала ў Паставы. Сама Францішка Адамаўна працавала настаўніцай у нашай школе. Адзін час хацелі яе звольніць з работы за тое, што хадзіла маліцца ў касцёл. Але мне ўдалося тады заступіцца. Дапамог у гэтай справе і Ф. Маркаў, які быў намеснікам старшыні Маладзечанскага аблвыканкома. Невыказна цяжкім было гэта развітанне з памершай яе дзяцей і мужа Уладзіміра, які гаварыў праз слёзы, як яе стараліся ўратаваць ад смерці, гаварыў аб тым, што ніколі яе не забудзе і, як жывую, прасіў, каб яна аб гэтым помніла і, хоць у сне, наведвала яго такой, якой была ў маладосці, ці такой, якой была ў апошнія дні.

26.Х. Атрымаў пісьмо ад Ларысы Геніюш, якая прайшла праз усе найстрашнейшыя пакуты нашага часу, з годнасцю пранёсшы званне чалавека і паэта. Прапанавалі мы ёй аформіць сваё грамадзянства, уступіць у СП. Баіцца, каб яе, як савецкую падданую, зноў не арыштавалі і не саслалі. Не знаю, як ёй дапамагчы выйсці з самаізаляцыі і хвараблівай насцярожанасці.

24.ХІ. Былі ў ЦК. Мне здаецца, што, не зважаючы на рэкамендацыі Мележа, Панчанкі, Брыля, Пётр Міронавіч неахвотна згадзіўся на маю кандыдатуру на пасаду першага сакратара СП, бо ў аддзеле культуры ЦК некаторыя таварышы пабойваліся прыходу «да ўлады» ў нашу пісьменніцкую арганізацыю т. зв. дэмакратаў і заходнікаў, пра якіх і так хадзілі розныя «неблагонадежные» чуткі.

25.ХІ. Пленум СП зацвердзіў мяне першым сакратаром СП. Трэба хутчэй здаць у выдавецтва чацвёрты том сваіх твораў ды рыхтавацца да свайго выступлення на чарговым з’ездзе пісьменнікаў СССР.

13.XII. Засядаю і засядаю. Прападзі ты пропадам такая работа! А яшчэ збіраюцца запрэгчы мяне ў новыя аглоблі — у Камітэт па прэміях. Мінковіч прывёз перакладзеную Верай Рыч на англійскую мову Анталогію беларускай паэзіі, пазнаёміўшыся з якой разгарэліся несусветный страсці-мардасці: па чыйму недагляду на вокладцы змешчана «Пагоня», а сярод твораў — вершы Н. Арсенневай і іншых… Як нашы прадстаўнікі ў ЮНЕСКА выпусцілі анталогію з-пад свайго кантролю і г. д…

Чакаю: што яшчэ Дзед Мароз можа прынесці пад навагоднюю ёлку.


1967


8 І. Вярнуўся з цяжкой паездкі — з Пількаўшчыны. Адвёз хворага бацьку ў Мядзельскую бальніцу. Дома засталася старэнькая і слабая маці. Некалькі дзён яшчэ тут будзе Федзя. А потым? Адзіны выхад — канчаць з гаспадаркай і пераязджаць у Мінск. I так тут усё дажывае свой век. Толькі з усіх бакоў на сялібу наступае лес. Праўду кажа польская прыказка: «Не было нас — быў лес, не будзе нас — будзе лес».

10.І. 3 Сафіі прыслалі том вершаў «Поэти приятели на Болгария», дзе змешчаны вершы і нашых беларускіх паэтаў. Заўтра буду званіць у Мядзель.

14.І. Пасля доўгіх перагавораў з К. Б. Серабраковым у СП дамовіліся, што карэспандэнтам «Литературной газеты» ад нас будзе I. У. Клімашэўская. Уладзіў некалькі дэпутацкіх спраў у ЦК і ў Вярхоўным Савеце. 3 Аўстрыі прыслалі «Грани», дзе надрукаваны зварот дзеячаў культуры СССР да Л. I. Брэжнева ў справе культа Сталіна і тэлеграма-пратэст у абарону праф. Дувакіна з заявай групы пісьменнікаў, якія жадаюць узяць Сіняўскага і Даніэля на парукі.

21.І. Забыўся, калі пісаў вершы. Хутка забуду, як іх пісаць. Часта гаворым аб стварэнні лепшых умоў для працы, але на сапраўдную працу амаль не застаецца часу, які мы так не па-гаспадарску марнуем. А пра гэта разумныя людзі клапаціліся даўно. Яшчэ ў ХVII веку ў дыпломе караля Зыгмунта ІІІ, выданым аўтару «Сялянкі» Шыману Шымановіцу, сказана: «Паколькі такім дасканалым з’яўляецца паэтычнае мастацтва, што патрабуе адыходу ад іншых заняткаў у пошуках высокай самотнасці, — мы, беручы пад крыло спецыяльнай няшай ласкі, дазваляем яму ў любой правінцыі, горадзе прыдбаць грамадскае права з карыстаннем прывілеяў і свабод, і звальняем яго ад абавязкаў і цяжару як мірнага, так і ваеннага часу, каб не толькі сам жыў свабодна, але і дом яго, які лічым прыстанішчам святых муз, — свабодны быў ад усякага шуму, звальняем яго ад абавязку прадстаўлення для пастою і ўсім, хто ўзначальвае гэтыя справы, напамінаем, каб спакою паэта нішто не нарушала».

Мы, помню, жартавалі з Мележа, калі той гаварыў, што не мог прыйсці на нейкі вечар ці на пасяджэнне сакратарыята, бо ён піша. Ну а іншыя? I ў яго словах было адчуванне важкасці таго, аб чым ён пісаў.

29.І. Наведаў у мядзельскай бальніцы хворага бацьку. Усцешыўся, што я хоць на кароткі час прыехаў да яго. Аж сэрца баліць, калі гляджу, як хвароба падкасіла яго здароўе. А які гэта быў нястомны ў працы і руплівы чалавек. А як там дома наша мама? Хутка такімі будзем і мы. Ноччу прыснілася, што бацька збіраецца ў нейкую далёкую дарогу і з усімі з намі развітваецца.

5.ІІ. Званіла А. Бажэнава з бальніцы. Бацька чуецца горш. Грып. Тэмпература 39°. Нешта трэба рабіць. Заўтра з Людмілай і Язэпам паедзем у Мядзела. Трэба даведацца: можа, якое прывезці з Мінска лякарства?

6.ІІ. Ніяк не магу сустрэцца з С. А. Пілатовічам. У СП справы ўсё больш і больш ускладняюцца. Па кожнай дробязі трэба бегчы раіцца, трэба ўзгадняць нат якім шрыфтам, на якой паперы і якога памеру друкаваць нейкі запрашальны білет, узгадняць змест святочных нумароў часопісаў, спіскі выступаючых і г. д. Быць чыноўнікам ці нейкім кіраўніком для пісьменніка — раўназначна смерці. Праўда, нават алімпіец Гётэ быў прыдворным міністрам. Але, пэўна, у яго часы лягчэй было дыхаць, яшчэ не быў так разбудаваны апарат бюракратызму.

13.ІІ. Бацька прадчасна выпісаўся з бальніцы. Каб дома зноў не адкінула хвароба. Атрымаў тэлеграму з Мірскай выбарчай акругі № 333, дзе ў калгасе імя У. Царука мяне вылучылі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета рэспублікі. Я рад, што 6уду балаціравацца на Навагрудчыне, якую калісьці ў падполлі пехатой абышоў з канца ў канец, дзе і сёння ў мяне нямала сяброў і знаёмых.

23.ІІ. Некалькі дзён правёў на сустрэчах з выбаршчыкамі. Быў у Паўла Жалезняковіча. Дарогі так пазаносіла снегам, што толькі пры дапамозе трактароў змаглі дабрацца да Міра, да Карэліч.

24.ІІ. Тэлеграма ад М. С. Ціханава, што я выбраны ў склад Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях СССР. Паслаў пісьмо В. Варашыльскаму, у якім дзякую яму за выдатныя пераклады маіх казак.

10.ІІІ. Вярнуўся з Гродна, куды ездзіў з С. В. Марцалевым уладжваць канфлікт паміж некаторымі кіраўнікамі вобласці і мясцовым аддзяленнем Саюза пісьменнікаў. Ды і ў сакратарыяце нашым няма ладу. Пімен неяк трымаецца наводшыбе і рэдка калі бывае ў Саюзе пісьменнікаў, Мележ — прахварэў больш двух месяцаў.

18.ІІІ. Былі з Янкам у Маскве, на абмеркаванні «Нового мира». Прызнацца, розуму не набраліся. Шкада толькі, не змог запісаць, хто і што гаварыў. А гэта — толькі крошкі з блакнота:

«Мы з ворагамі ўмеем гаварыць, а не ўмеем — з сябрамі».

«Давайце гаварыць аб сваіх памылках, крытыкуючы сябе да канца» («Октябрь»).

«Ці было памылкай, са згоды ЦК, друкаваць Салжаніцына?»

«“Правда” надрукавала тры атрыкулы пра Салжаніцына. I толькі апошні — з крытычнымі заўвагамі».

«Салжаніцын аказаў уплыў на Айтматава. Запытайцеся ў яго»…

«За “Цёркіна на тым свеце” я быў асуджаны. Тады за яго мяне здымалі з “Н. М.”. Тэатр паставіў спектакль. Яго знялі ў поўным маўчанні. Ён выняў з паэмы яе душу».

«Твардоўскі падсунуў яе Хрушчову. Першы раз Хрушчоў мяне здымаў. Другі раз паэма яму спадабалася. Усе хвалілі» (А. Твардоўскі).

«Мне не падабаецца рэдактар паўлегальных твораў».

«Цэнзар — перажытачны орган у нашым жыцці».

«У Італіі выйшла кніга Гінцбурга пра Аксёнава… 1000 экз. гэтай кнігі ў Маскве».

«За рубяжом складваецца падпольная савецкая прэса. Гэта можна спыніць толькі больш шырокай публікацыяй».

«Зошчанка, Булгакаў, Платонаў, Пастарнак… Там зараз друкуюць усіх. Мы ж заганяем іх у труну… а потым падбіраем іх старонкі».

«Гэты год абяцае быць ураджайным. Генеральная тэма — рэвалюцыя… “Запіскі” Емяльянава, “Зялёная падзь” Залыгіна, “Новае назначэнне” Бека».

«Салжаніцына ў 62 г. у “Коммунисте” Кажэўнікаў хваліў».

«Не заўсёды трэба хутка адклікацца на запросы “быстро текущей жизни”. Я далёкі ад таго, каб бачыць толькі недахопы. Высокі ўзровень, непрымірымасць да недахопаў… перажылі складаныя, супярэчлівыя дзесяцігоддзі. 3 гэтага пункту я не кіну камень у Салжаніцына. Публікацыя — адно са звенняў супярэчнасцей» (Чакоўскі).

«Пытанне аб праўдзе. Пісьменнік — слуга праўды. Бюракрат — падбірае факты, угодныя для ўлады. Ці трэба газеты і “Н. М.” супрацьпастаўляць? “Н. М.” супрацьпастаўляўся праўдзе, якая прапагандавалася і часта памылялася».

«Рэдка калі сустрэнеш слова “сацыялістычны рэалізм” на старонках “Н. М.”».

«Нельга лічыць ухваленне на Захадзе — адмоўнай ацэнкай».

«“Цёркіна на тым свеце” — з палітычнага пункту гледжання — нельга абвіняць. Гэта проста слабая паэма, фельетонная, публіцыстычная. I гэта паэма была выкарыстана. Не апраўдваю яе забароны. Перакананы, што вы не можаце ўсяго ўсведаміць»...

«Павінен гаварыць перад гадавінай (лицом) юбілея. Літаратура павінна ўзняцца на вышыню рэчаіснасці» (Ціханаў).

«Журнал бярэ за ўзор дарэвалюцыйныя журналы. Да яго песімізму трэба дабавіць больш аптымізму. “Адзін дзень…” быў аб’яўлен самым выдатным творам. Няма ў журнале другой струны — наступальнай».

«Нічога не было. Hi “Аўроры”, ніякіх перамог. На ўсё замахнуліся».

«Ва ўсім галоўным я лічу слушнай пазіцыю “Правды”» (Навічэнка).

«Салжаніцын і Айтматаў — з’явы процілеглыя».

«Аповесць Быкава аднабокая. Рэдактар “предпочитает действительность сочиненности”».

«Праўда — не галоўны крытэрый. Важна шырыня разумення».

«Агульная лінія, прадстаўленая многімі добрымі творамі, — слушная, але былі і зрывы, і прыкульгванне».

«Вораг хваліць — промах. “Цёркін на тым свеце” — твор няўдачны» (Турсун-задэ).

«Журнал востры, тлумачыцца тым, што ў ім працуюць і пішуць таленавітыя людзі і падымаюць набалелыя пытанні. Журнал адлюстроўвае ўсе этапы развіцця нашага грамадства. Адлюстроўвае? Аказвае ўплыў? Так!» (Озераў).

«Салжаніцын — не знаю, ці брат ён нам па духу і настрою. Трэба паглядзець, што ловіць у свой невад. Мы куды дубавацейшыя. Аднабокасць лозунгаў поўнай праўды і паўпраўды. Складаны і трывожны час. Частку сваёй артылерыі Салжаніцын накіраваў біць па аднаму і таму ж аб’екту. Твардоўскі можа памагаць вырашаць нашы літаратурныя справы, але пакуль што часопіс ідзе па лініі накалу і групавой барацьбы. А нам трэба аб’ядноўваць свае сілы» (Грыбачоў).

«Мы любім “Н. М.”. I ён займае віднае месца ў нашым жыцці. Шмат у ім друкавалася выдатных твораў. I мастацкі яго ўзровень — высокі. “Тайм” піша: “Лібералаў у “Н. М.” не змусілі замаўчаць. Крытыка журнала б’е ў сэрца партыі”. Як сакратарыят рэагуе на гэту крытыку? Рэдкалегія не рэагавала. Журнал маўчыць. Сакратарыят не кіраваў і не памагаў. Трэба папоўніць склад рэдкалегіі журнала» (Варанкоў).

«Мне забаронена выступаць, але я не магу не сказаць. Я быў у Японіі. Ёсць рэчы больш сур’ёзныя, чым удзельная барацьба. Мы былі на грані вайны. Лібералы і кансерватары патрабуюць свабоду Даніэлю і Сіняўскаму. Твардоўскага вывелі са складу ЦК. Як вы гэта ацэньваеце? Яны вядуць лінію, якая можа перамагчы. “У вас дзве літаратуры: падначаленая ЦК і “Н. М.” — свабодная”. Адбываецца тое, чаго мы не можам дапусціць. Баявы аптымізм павінен быць у журнале. Журнал павінен даць адпор. Сіняўскі — стаўленік Твардоўскага. Чаму маўчыць журнал?»

«Сіняўскага мне не прыпісвай, а то я табе прыпішу!» (Твардоўскі).

«Не трэба ратаваць, калі ён сам цвёрда стаіць на нагах!» (Суркоў).

«Чаму “Н. М.” не адказвае, я не ведаю. Я праверыў усё, што было надрукавана аб вайне ў “Н. М.”. Сумняваюся, што захацелася б ваяваць за тое, за што мы ваявалі».

«Мы з табой сядзелі ў бліндажы. Нашы пайшлі на лінію Манергейма. Камкор крычыць: — Наперад! Наперад! За Сталіна!»

«Я і ты гаварылі аб гэтым факце. Гэта саўпала б з тым, што надрукавана ў “Н. М.”. Як можна пагадзіцца з тым, што робіць журнал з ваеннай тэмай. Рашэння аддаць жыццё за сваю краіну я не знаходжу ў журнале. Адзін з нашых журналаў становіцца зброяй супроць нас. А сам журнал “должен прекратить свою клевету”».

«Нада гаварыць лагічна. Кантузія кантузіяй. Журнал — вельмі складаная з’ява ў нашым складаным жыцці. Сакратарыят упершыню абмяркоўвае часопіс. Будучыя кіраўнікі павінны будуць помніць аб гэтым горкім вопыце. Быў XX з’езд партыі. І такія творы, як Салжаніцына і “Цёркін”, не маглі не з'явіцца. Без ніякай логікі вывешваем сцягі і іх здымаем. Артыкул: “А ці была Кастрычніцкая рэвалюцыя?” Кроме сапраўднай віны, абставіны ўскладняюцца. Творы чыталіся праз лупу. Ёсць групаўшчына? — Ёсць!» (Грыбачоў).

«Ільіну сталі абвіняць, што яна была белагвардзейкай. Журналы грызліся, а мы глядзелі: хто каго? I нельга кідацца словамі, як Собалеў» (Суркоў).

«Даследаванне вытворчых сіл, эканоміка — у журнале на высокім узроўні. Заўвага: інтэлігентнасці не хапіла. На крытыку трэба адказваць. На з’ездзе партыі 8 дэлегатаў крытыкавалі “Н. М.”. Трэба выказацца і аб залпе “Аўроры”, і панфілаўцах. Я не думаю, што ў “Н. М.” ёсць іншая лінія, якая адрозніваецца ад партыйнай. Салжаніцын не можа быць сцягам. Становішча яго складанае. Трэба з ім пагаварыць. Яму выказалі вялікі давер, але лютасць у яго засталася. Ён таленавіты. Новае пачуццё мы у ім не абудзілі. Не трэба адразу спісваць з карабля. Мне не падабаецца, што Салжаніцын мажа і тых, хто паклаў на яго плячо сяброўскую руку» (Маркаў).

«Хачу заверыць сакратарыят, што ўсе заўвагі будуць рэдакцыяй разгледжаны» (Твардоўскі).

Вось і ўсё. Агулам, са стэнаграмай гэтага абмеркавання трэба было б пазнаёміцца ўсім пісьменнікам.

Хацелі мне даручыць выступіць на з’ездзе з дакладам аб савецкай паэзіі. Ледзь адхрысціўся. Агулам, нейкі разнабой адчуваецца ў рабоце нашага саюзнага сакратарыята. Няма А. Фадзеева. I яго ніхто не можа замяніць.

3.IV. Зноў у Маскве. 3 акна гасцініцы бачыў жалобны картэж. Хавалі маршала Маліноўскага. Заўтра павінна прыехаць Любаша. Званілі М. Лужанін, Я. Хелемскі.

Дні, прапушчаныя ў маім дзённіку, — дні найбольш загружаныя рознымі справамі, падзеямі. Толькі часу не было, каб іх занатаваць.

6.IV. Пачынаецца Дэкада ўзбекскай літаратуры і мастацтва. Вечарам з Арэхвам, Пестраком, Салуціным, Сяменнікавым і другімі таварышамі сустракаем дэлегацыю ветэранаў камуністычнага і рабочага руху ў Польшчы і дэлегацыю былых вязняў Бярозы-Картузскай. Чамусьці іх размясцілі ў нейкім матэлі пад Мінскам. Вярнуўся дамоў на машыне В. С. Смірнова. Угаворваў ён мяне паехаць з іх работнікамі ў Аўстрыю ці ў Індыю. Шкада, што няма часу. Сяджу за непатрэбнымі нікому выступленнямі, дакладамі, ад якіх можна звар’яцець.

19.V. Прыехалі ў Маскву на з’езд пісьменнікаў. Быў на сакратарыяце. Вечарам з Піменам сустракалі ўзбекскую дэлегацыю. Страшэнная гарачыня. А ў нас, чуваць, пахаладала. Мяне як сакратара пасялілі ў гасцініцы «Масква», у велізарным нумары, каб было дзе нашай дэлегацыі праводзіць свае нарады. Няўжо і тут будзем засядаць? Яшчэ раз трэба падрэдагаваць сваё выступленне.

21.V. Нядзеля. Нават і начная навальніца не астудзіла паветра. Ездзілі з Шамякіным сустракаць нашых дэлегатаў: К. Крапіву, П. Глебку. 3 імі едзе і С. А. Пілатовіч. Хадзілі глядзець магілу невядомага салдата. Перад сном узяўся за часопісы, якія ўзяў з сабой у дарогу. У адным з польскіх журналаў натрапіў на маніфест футурыстаў: «Аж да гэтага часу літаратура славіла статычную задуму. Мы хочам славіць рух, непакой, бяссоннасць, крык бегуна, salto mortale, удар у твар i кулак. Хочам праславіць вайну — адзіную гігіену — мілітарызм, патрыятызм, жэст знішчальны анархістаў, прыгожыя ідэі, за якія паміраюць, і пагарду да жанчын…»

Адным словам — вар’яцкае трызненне, якім, помню, у гады майго юнацтва захапляліся многія. Мне здаецца, што толькі наша беднасць і запозненае развіццё ўратавалі беларускую паэзію ад гэтай пошасці і пазнейшых фармалісцкіх плыняў, як абстракцыянізм, турпізм… Немалую ролю адыграў і наш практычны, мужыцкі розум, які заўсёды падказваў нам, што нельга адрывацца ад зямлі.

22.V. Добра, што сёння, хоць у другой палове дня, мне ўдалося выступіць. Чытаў хутка, каб ускласціся ў рэгламент, але, відаць, мінут 5-6 перабраў. Позна вярнуўся ў гасцініцу. Ноччу нехта доўга і настояліва званіў. Але я не падыходзіў да тэлефоннай трубкі.

24.V. У прэзідыум, калі вёў сход, паступіла запіска: «Таварыш Танк, прыміце тэрміновыя меры, а то партрэт Горкага засланяе Гамзатова»..

30.VII. Памёр Тудор Аргезі — адзін з выдатнейшых паэтаў нашага стагоддзя, чалавек надзвычай цікавай біяграфіі, з якім я яшчэ меў шчасце сустракацца. Зараз, сярод касмічнага шуму, гаму і мітусні многія падзеі застаюцца непрыкметнымі: глухне нават голас самога Бога. А калісьці яго чулі.

2.VІІІ. Засуха. Смягнуць палі і агороды. Нарэшце, гэтай вясной на слабадскім магільніку паставілі дзядзьку Фадзею помнік. Побач з ім стаяць парослыя мхом надмагільныя пліты усёй нашй радні. Магільнік, пасля пажару Слабады, калі немцы спалілі шмат нашых людзей, зноў пачынае зарастаць лесам, кустамі.

Званілі з Мінска, каб даў згоду з фондаў Вярхоўнага Савета БССР прэміраваць трыма тысячамі рублёў нашых футбалістаў. Чорт знае, што робіцца! Трэба будзе перагаварыць з сакратаром Прэзідыума Д. А. Лукашэвічам, каб спынілі такую практыку, такое разбазарванне грошай, выдзеленых на дапамогу людзям, якім неабходна памагчы ў цяжкую хвіліну.

6.VІІІ. Вяртаюся ў Мінск, дзе трэба рыхтавацца да юбілейных вечароў у Маскве ў сувязі з 85-годдзем нараджэння Коласа і Купалы.

8.VIII. Трапіў у рукі доктара М. I. Калача, які выпісаў мне цэлую торбу розных таблетак ад усіх маіх недамаганняў. Тое ж самае выпісаў мне ўчора і наш Гіпакрат — Якаў Уладзіміравіч Нейфах.

Самалётам на пару дзён прыляцеў на Нарач, дзе застаў яшчэ Асю з Пятром Маркавічам і Любашыну сяброўку Клаўдзію Фёдараўну са сваячаніцай Ірынкай.

Потым прыйшлі і мае аднасяльчане раіцца, як ім пераехаць у іншую мясціну на работу, бо райком і старшыня калгаса іх не адпускаюць. А ім у Пількаўшчыне без сваёй гаспадаркі дужа цяжка.

10.VIIІ Званіў I. Шамякін. Едуць да нас Уолтэр Мэй і Жыдліцкі. Трэба будзе папрасіць Я. Семяжона, каб ён іх сустрэў, бо мне тут прыпісалі дактары паўпасцельны рэжым.

11.VIII. Вецер разбудзіў Нарач. За ўсё гэта гарачае і ціхае лета сёння наша мора нагаворыцца, нашуміцца, нагуляецца. Неспадзявана ля варот знайшоў нейкі залаты пярсцёнак. Хто б яго мог згубіць на нашым дварышчы? Гэта ўжо мая другая находка. Першы пярсцёнак знайшоў, перакопваючы агарод. Гэта быў згублены пярсцёнак Любашы. А сэрца маё зусім разладзілася.

12.VІІІ. Заходзіў прафесар Даўгяла. Паглядзеў. Выпісаў лякарствы. Загадаў ляжаць. Заўтра нядзеля. Поўнач. Нейкая птушка-начніца ўдарылася ў шыбу.

13.VIII. Прачнулася дажджлівая раніца. Міхась Ціханавіч з Пятром Маркавічам паплылі за шчупакамі. Сёння Кузюковічы вяртаюцца ў Мінск. Застанемся самі ды вільнюскія госці. Чуў, што Янку Брыля ў сувязі з яго пяцідзесяцігоддзем узнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Пры сустрэчы — павіншую, бо цяпер невядома, дзе яго шукаць. А Пімен, здаецца, сваё пяцідзесяцігоддзе сустракае ў Дубултах. Трэба будзе паслаць яму тэлеграму.

21.VIII. Званіў С. В. Марцалеў. Пытаўся, ці змагу паехаць на Тыдзень беларускай культуры і мастацтва ў Маскву. Адмовіўся, спаслаўшыса на забарону дактароў, якія ніяк не адрэгуліруюць перабоі сэрца. Прывезлі дровы. Слухаў пільшчыкау, якія расказвалі розныя фацэцыі з жыцця шляхты і мужыкоў. Ідучы праз лес з Максімкам, знайшлі першыя ў гэтым годзе масляты.

2.ІX. Ездзілі ў лес за Кабыльнік. Выкінуліся баравікі, за якімі палююць цэлыя ватагі грыбнікоў. Недалёка ад гасцінца знайшоў у багульніку велізарныя з васьмю адросткамі ласіныя poгі. Узважыў дома: 5 кілаграмаў.

Заходзіў мядзельскі ветурач, які калісьці разам працаваў з дзядзькам Фадзеем.

Паслаў пісьмы М. Яворскаму і М. Хонінаву, які прыслаў мне напісаную пра яго кнігу А. Дзямідава. Пра М. Хонінава, пра яго баявыя подзвігі мне шмат расказвалі віцебскія партызаны. За яго галаву немцы былі вызначылі вялікую ўзнагароду. Але ім так і не ўдалося злавіць гэтага адважнага калмыка — партызана і паэта.

11.IX. Заехалі і ў Пількаўшчыну. Пакуль хадзілі па грыбы, малы Максімка паспаў у засені ліп, якія мы калісьці з бацькам прынеслі з нявераўскіх сенажацяў і якія зараз буйна разрасліся за нашай дрывотняй.

Дзікія кабаны зрылі ўсё гумно. Хутка павінен пад’ехаць Федзя і мо крыху іх паганяе, а то зусім перасталі баяцца старога паляўнічага. Дома набралі некалькі мяхоў антонавак, мундэраў, цітавак.

Ніяк не ўдаецца ўгаварыць бацькоў, хоць на зіму, паехаць да нас. А здароўе іх вельмі слабое, ніяк іх адных нельга тут пакідаць. Вярталіся ў Мінск праз Ліпаўскі бор, Гарадзішчанскі лес і Губскую пушчу, што ўпіраецца ў Куранецкія сядзібы.

17.ІХ. Памёр М. Г. Тычына. 3 Польшчы прыехаў Казік Петрусевіч. 3 Варшавы званіла Марыся Камянецкая. Яшчэ было з паўсотні званкоў.

20.ІХ. Неспадзявана, позна пазванілі з канцылярыі П. М. Машэрава. Відаць, Варанкоў узняў тарарам, што мы з П. Броўкам не едзем на сакратарыят. Пётр Міронавіч раіў нам з Броўкам абавязкова быць на сакратарыяце, а мне — нат адкласці сваю паездку ў Канаду, бо ў Маскве будзе разглядацца пытанне, звязанае з пісьмом Салжаніцына. Ах, вось яно што. Ну, то паедзем.

22.ІХ. Цэлы дзень прасядзелі на сакратарыяце, ад якога засталося ў мяне прыкрае ўражанне. Я не выступаў, бо спазніўся прыехаць і не паспеў пазнаёміцца з творамі Салжаніцына. Здаецца, толькі П. Броўка паспеў прачытаць «Ракавы корпус». У асноўным гутарка ішла аб тым, каб Салжаніцын выступіў у друку і адмежаваўся ад заходняй прапаганды, якая навакол яго імя распачала антысавецкую кампанію. Але Салжаніцын не згадзіўся. Ён толькі ўважна запісваў выступленні, а потым, спаслаўшыся на тое, што хутка адыходзіць яго цягнік, пакінуў кабінет Федзіна.

24.ІХ. I так, лячу ў Канаду. На вышыні 10 тысяч метраў запісваю: Рыга — 13 г. 36 хвілін, Осла — 14 г. 47, Ісландыя — 17 г., Грэнландыя — 18 г. 30, Манрэаль — 22 г. 22. Ад кабіны самалёта на аблоках адбіваецца ззянне вясёлкі.

30.ІХ. Быў у гасцях у Манрэальскім аддзяленні Федэрацыі рускіх канадцаў. Надзвычай сардэчная і хвалюючая сустрэча. Нас вітаў старшыня федэрацыі Рыгор Рамановіч. Ад беларускай дэлегацыі выступіў я.

2.Х. Раніца. Туман, сонца, туман, сонца. Абапал дарогі — бярэзнікі, ельнікі, плакучыя вербы. Са старых знаёмых сустрэў тут С. Сіняка, а на выстаўцы і на прэс-канферэнцыі — М. Шчорса і С. Станкевіча. Многія збіраліся прыехаць на выстаўку, на Дні БССР і, магчыма, правесці нейкую антысавецкую дэманстрацыю, як гэта было на Днях УССР, але дату нашых дзён перанеслі на пазней, і гэта перакрэсліла іх планы.

14.XI. Раніцой з Янкам Брылём праводзілі на цягнік Ю. Пшыбася, які гасціў у нас падчас свята.

А мая арытмія зноў пачала свой галоп. Якаў Уладзіміравіч выпісаў жмут рэцэптаў. Ці змагу іх толькі ўсе дастаць. А за гасцямі, прызнацца, свята не бачыў. 3 Высоцка званіў С. Малько, збіраецца з Дорай і сынамі прыехаць на некалькі дзён у Мінск. I так — кожны дзень. Сустрэчы, провады, сустрэчы…

17.XI. У Таварыстве дружбы прымалі афрыканскага паэта Лa Гума, які шмат год адпакутаваў у расісцкіх турмах за ўдзел у рэвалюцыйнай вызваленчай барацьбе свайго народа. Паслаў зборнікі В. Жыдліцкаму ў Прагу, А. Пракоф'еву і Нагнібядзе.

Позняй ноччу пачаў кружыць першы снег. Заўтра еду ў Каралішчавічы на адкрыццё рэспубліканскага семінара маладых пісьменнікаў.

Ніяк не ўдасца закончыць верш. Перапісваю, дапрацоўваю і скарачаю. Мне здаецца, што сёння наша любоўная лірыка пра цнатлівых гераінь мала каго цікавіць. А пра тых, што балдзеюць ад секса, наркоцікаў, сучаснага абстрактнага мастацтва, ударнай музыкі і танцаў трасуноў ці святога Віта, — мы яшчэ пісаць не ўмеем. Відаць, прыйдзецца вучыцца ў маладзейшых.

4.ХІІ. Перамерз на пахаванні В. I. Казлова. Званіў Аркадзь Куляшоў. Прапануе мне па яго пуцёўцы паехаць падлячыцца ў украінскі санаторый Конча-Заспа, бо сам зараз чамусьці паехаць не можа.

10.XII. Ужо чацвёрты дзень жыву ў Конча-Заспе. Санаторый стаіць на прыгожым высокім беразе Дняпра, ці хутчэй над адным з яго рукавоў. На пойме высяцца аснежаныя стагі сена і цямнеюць дубы-волаты. Аднаму з іх, кажуць, больш за пяцьсот год. Сустрэў тут А. Карнейчука з жонкай і Дзміцерку.

Цікавую гісторыю, якая здарылася з ёю, расказала Марына Фёдараўна. У час вайны яна была санітаркай. I вось аднойчы, вяртаючыся ў сваю часць, збілася з дарогі. Каб падбадзёрыць сябе — пачала спяваць народныя ўкраінскія песні. I раптам, выйшаўшы на лясную паляну, чуе: «Брава!.. Брава!». Глядзіць — з акопаў павылазілі немцы. Ледзь жывая пачала адступаць, а потым, як утрапёная, кінулася бегчы назад, да сваіх. Цікава, што ўслед ёй не пачуўся ніводзін стрэл.

Ідзе буйны, як панцак, снег.

Сустрэў Котава. Прыехаў па нейкіх справах да А. Карнейчука, які ўсіх нас запрасіў на прэм’еру сваёй новай камедыі.

11.XII. Учора позна вярнуліся з Кіева, бо пасля спектакля яшчэ чаявалі ў А. Карнейчука. На яго нялёгкае пытанне, як спадабалася мне яго новая рэч, я, каб не пакрыўдзіць гаспадара, дыпламатычна адказаў, што і ў гэтай п’есе адчуваецца кіпцюр льва.

Чытаю Ю. Пшыбася «Sens poetycki». Добра, што захапіў гэту цікавую кнігу ў дарогу, бо дома не было б калі.

«Калі Стравінскаму запрапанавалі галандскі ордэн за ўдзел у фестывалі, ён адказаў: “Збіраю грошы, а не ордэны”» («Universitas», № 8, 67 г.).

А. I. Карчагін прыслаў для аўтарызацыі пераклады маіх вершаў. Некаторыя прыйшлося забракаваць. Яны больш падобны на дрэнныя падрадкоўнікі.

На дварэ — мароз, цішыня. Над далёкім Кіевам у начной цемені палыхае зара агнёў.

25.ХІІ. Перад ад’ездам у Мінск яшчэ пабываў на святкаванні 50-годдзя Савецкай Украіны. Я і не ведаў, што мяне ўключылі ва ўрадавую дэлегацыю. Свята прайшло надзвычай урачыста. На юбілейнай сесіі было шмат цікавых выступленняў, але найбольш запамінальным і сардэчным было выступленне П. М. Машэрава. Сустрэўся тут і з У. А. Калеснікам, які быў у складзе брэсцкай дэлегацыі, а на прыёме — 3 Бажанам, Стэльмахам, Ганчаром, Алейнікам.

Цікавіўся Пётр Міронавіч здароўем А. Куляшова. Казаў, што пара падумаць аб прысваенні яму звання народнага паэта. Шкадаваў, што А. Куляшоў апошнія гады адышоў ад актыўнага жыцця ў СП. Чамусьці крытычна адазваўся аб кнізе Я. Брыля «Жменя сонечных промняў». Я так і не зразумеў, што ў гэтай кнізе яму не спадабалася. Не ведаю, ці чытаў ён яе сам. Магчыма, гэта — думка нейкіх «добразычліўцаў» і ідэйных нашых апекуноў з аддзела прапаганды, якім з першых дзён не падабаецца склад сённяшняга сакратарыята СП, аб чым яны не раз заяўлялі адкрыта.

А гэта гістарычны анекдот пра дацкага караля, які на прапанову Гітлера далучыць сваю тэрыторыю да рэйха, адказаў, што ён не падрыхтаваны да кіраўніцтва такой вялікай дзяржавай.

29.ХІІ. Чытаў С. Маршака — гэтага, відаць, апошняга з магікан класічнага верша і дзівіўся: як ён, будучы разумным і дальнавідным чалавекам, не бачыў небяспекі — усё жыццё перакладаючы паэтаў большых, як ён сам.

I так, завяршаю свае кончазаспаўскія справы: паслаў некалькі пісем у Маскву, Ю. Пшыбасю, разлічыўся з бібліятэкай, развітаўся з М. Нагнібедай, А. Малышкам, з незабыўнымі ўкраінскімі наддняпроўскімі краявідамі, ранкамі, вечарамі, зорамі.


1968


10.І. Прачнуўся ноччу і ўжо да раніцы не мог заснуць. Усё больш пачынаю думаць аб расстраляных немцамі ў Глыбокім італьянцах, якія адмовіліся страляць у нашых палонных.

Учора быў на з’ездзе мастакоў. Адчуваецца, што ў іх Саюзе нарастае канфліктная сітуацыя паміж маладымі і старэйшымі.

13.І. Памёр Кірыл Арлоўскі. Недзе на Нарачы ў нас і ў Лыньковых растуць чатыры яго яблынькі, якія ён падарыў позняй восенню 1966 г. Усю зіму яны праляжалі ў нас у гаражы, а вясной мы іх пасадзілі. Не думаў, што яны прыжывуцца. Трэба будзе прывязаць да іх дошчачкі і напісаць: «Яблыні, падораныя Кірылам Арлоўскім». Цяжка змірыцца з тым, што не стала такога чалавека!

14.І. Ля гасцініцы «Беларусь» сустрэў I. Навуменку. Чуў ён ад некага, што П. М. Машэраў пакідае Беларусь і едзе ў Маскву. Шкада, што яго ад нас забіраюць.

28.І. Адпісаў А. Венцлаву на яго ліст, у якім піша, што з цікавасцю прачытаў у «Новом мире» фрагменты маіх «Лісткоў календара». Зноў выклікаюць У Маскву.

24.VI. Ледзь вырваўся з цянётаў мінскай мітусні на сваю Нарач. Праўда, і тут ужо няма спакою, як па загаду С. Пілатовіча ўсім нам правялі тэлефон.

Пазаўчора званіла Верачка, каб паведаміў Язэпу (а ён зараз з Людмілай у Пількаўшчыне), што памерла яго маці. А тут лягчэй сазваніцца з касманаўтамі, як з маёй Пількаўшчынай.

У «Kultury» прачытаў жудасны артыкул аб вынішчэнні цэлых індзейскіх плямён у джунглях Амазонкі.

Двадцаты век — пачатак атамнай эры, касмічных палётаў і масавага знішчэння людзей і цэлых народаў, глабальнага атручвання зямлі, вады, паветра,

З.VII. Хоць лыжка дорага да абеду, але юбілейныя вершы лепш пісаць пасля святочнага гармідару.

Прачытаў сваю новую падборку вершаў і бачу, што яе трэба яшчэ правіць, дапрацоўваць.

Заходзіла пількаўская прадаўшчыца, якую за растрату знялі з работы. Прасіла памагчы, за што яна аддзячыць. Я пагразіў ёй, што за гэта падам у суд. А відаць, што вінаватая, бо ў прыгаворы яшчэ напісана, што прадавала тавары па завышаных цэнах. Ды і дома мне расказвалі, што з магазіна заўсёды ішла п’яная.

ІЗ.VII. Любаша, Оля, Максім з Лыньковымі паехалі ў Вільнюс. Баюся, каб яны без мяне не заблыталіся ў лабірынце вуліц гэтага горада.

Сустрэў А. Д. Рудака, які адпачывае ў санаторыі «Нарач». Прыйшло пісьмо ад С. Хмары. Не ведаю: ці на яго адказваць яму.

15.VII. Ездзіў праведаць маму. Усё ўспамінае бацьку і плача: «Каму я цяпер патрэбная…» Ніяк не ўталкую, што яна ўсім нам патрэбная… Прывыкла за ўсіх клапаціцца і зараз ніяк не можа ўявіць, што каб нехта паклапаціўся аб ёй. Наслухалася ад баб, што многія дзеці адмовіліся ад старых бацькоў. Апавядае і плача. Зараз пры ёй застаецца Людміла, потым — Федзя. Калі ад’язджалі, доўга стаяла ля варот, накінуўшы на галаву чорную хусцінку, і ўсё хрысціла нас і хрысціла.

Аж сэрца сціскаецца ад невыказнай тугі і болю.

16.VІІ. Прыехалі нейкія знаёмыя хлопцы Максіма. Прыехалі няголеныя, нястрыжаныя. Колькі тут зараз розных бітлаў з гітарамі, транзістарамі. Бераг усеян акуркамі, кансервнымі бляшанкамі, шклом разбітых бутэлек. Больш як на пяць метраў памутнела калісьці крыштальная вада ў возеры.

9.IX. Зноў ляжу ў лечкамісіі. Добра, што хоць адзін у палаце. Можна будзе чытаць і думаць свае невясёлыя думы. На калідоры сустрэў Т. Хадкевіча. Абяцаў прыйсці А. Вялюгін забраць маю новую падборку вершаў.

10.IX. Заходзілі Я. Брыль і I. Шамякін. Янка хоча пакінуць сваю работу ў СП. Шкада, бо ён адзін з самых актыўных сакратароў. Пахаладала. Пара ўжо і Любашы вяртацца з Нарачы.

Снілася: бацька клепіць касу. Пытаюся ў яго, нашто ён гэта робіць, калі на сенажаці — снег. А ён адказвае: «Усе раз’ехаліся і забыліся накасіць».

Ніхто ў нашай сям'і не быў так, як ён, прывязаны да зямлі, да арбы, да касьбы, да майстэрні і сялянскіх спраў. Усе стараліся вызваліцца ад беспрасветнай цяжкой працы, дамашняга дзедаўскага ладу. Адзін ён застаўся ім верным да канца сваіх дзён.

А з галавы не выходзяць трагічныя падзеі ў Чэхаславакіі. Яны яшчэ, калі і настане нейкая стабілізацыя, не раз дадуць аб сабе знаць.

Адпісаў на пісьмо настаўніка А. М. Белакоза. Райфо не дазваляе школам выпісваць беларускія часопісы, газеты і падпісвацца на беларускую энцыклапедыю. Што за ідыёцтва! А потым абвіняюць нас, што падае колькасць падпісчыкаў на беларускія выданні.

13.IX. А ў Чэхаславакіі становішча вельмі складанае. Не знаю, чаго ў нашай замежнай палітыцы больш: блізарукасці, бяздарнасці ці свядомага шкодніцтва, у выніку чаго змарнавалі заваяваны ў гады вайны свой маральны і палітычны капітал.

3 «Twórczości» перапісаў страфу з верша М. Раманоўскага, паэта, загінуўшага ў паўстанні 1863 г.:


I kiedyź uczynim, swobodni oracze,

Lemiesze z palaszy skrwawionych?

Ach! kiedyź na ziemi juz nikt nie zapiacze

Prócz rosy pól naszych zielonych!


Знаёмлюся з бібліяграфіяй «Twórczości». Аж нудна становіцца. Усё круціцца каля адных і тых жа прозвішчаў: Кафка, Камю, Брэхт, Дзюранмат, Пруст...

Сёння кансультаваў прафесар Памяранцаў, прапісаў: эленіум, індэрал, но-шпу, нераболь, кокарбаксілазу… Бяда, што ўжо гэтыя лекі мне не памагаюць.

15.IX. Сёння быў у мяне М. I. Аляксееў. Трэба было падпісаць падарачны зборнік. В. Варашыльскі піша, што пераклаў мой верш «Варшава ў дзень пашінак». «Źycie Literackie» друкуе нудныя ўсламіны з мязурскіх рыбацкіх прыгод Е. Путраманта, якія сярод апошніх падзей на свеце здаюцца нейкай недарэчнасцю.

Доктар Аляксей Іванавіч расказваў, як А. Куляшоў патрабаваў, каб яго паслалі лячыцца ў Барвіху, бо ён з’яўляецца найлепшым лірыкам у Савецкім Саюзе. Мне калісьці Пімен казаў, што на Аркадзя находзяць такія мінуты «вялічыя», калі ён усіх лічыць бяздарнасцямі і толькі сябе геніем. Чуў я яшчэ, як Мартынаў абвяшчаў сябе найлепшым паэтам у Савецкім Саюзе. I яшчэ многія. Калі ў мяне пытаюць, хто найлепшы, адказваю: не знаю. Яшчэ не атрымаў указанняў. Відаць, як улада нараджае прагу да большай улады, так і слава штурхае чалавека да яшчэ большай славы.

17.IX. Свой рабочы дзень пачаў з пісання лістоў: М. Туляковай (аўтар аповесці «Ziemi deptanej»), М. Нагнібедзе, А. Бондару (збіраецца прыехаць у Мінск). А потым прыйшлі М. Хайноўская, А. Гразнова, Я. Брыль, У. Калеснік, С. Марцалеў, Я. Семяжон… Максімка прыцягнуў бутэльку шампанскага.

Цікавае знайшоў выказванне старажытных, якія хацелі зганіць нейчую культуру: «Не ўмеюць чытаць, пісаць і плаваць».

18.ІX. Доўга не мог заснуць. Раніцой забег П. Броўка. Збіраецца з жонкай ехаць у Сочы. Трэба будзе падумаць, каб куды накіраваць падлячыцца i Любашу.

А то яна ў нас зусім замардавалася і з малым Максімкам на Нарачы, і з бясконцымі гасцямі і наведвальнікамі.


На акне гараць учора прынесеныя кветкі.

Калі б ад тваіх развітальных і крыкаў і слоў

Аддзяліць цішыню, што ўвалілася ў хату

I зрабіла нямым нож, якім кроілі хлеб,

Конаўку — непатрэбнай зусім, лыжку — лішняй,

У дзвярах — клямку не гаварлівай, нямой,

Сонца — цьмяным такім, быццам вока,

Зацярушанае слязой, — яшчэ можна было б і жыць,

Хоць так, як гароху пры бойкай дарозе.


А хвароба не адступае. Тэмпература не даходзіць да 36,0. Восень. Вецер атрасае з таполяў апошнюю лістоту.

Неба зацягнута нейкімі бескалёрнымі хмарамі.

19.IX. Пісьмо ад Любашы. Збіраецца гэтымі днямі прыехаць з Максімкам з Нарачы. Была П. В. Мядзёлка. Старэнькая, але яшчэ рухлівая. Праўда, скардзілася на сваё здароўе. Была, казала, у Ларысы Геніюш. Дома ў яе кожны дзень — кірмаш. Поўна нейкіх людзей. Шум. Гам. Не ведае, што рабіць: ці прымаць савецкае грамадзянства, ці ехаць — па прапанове СП — адпачываць у Крым. Пісаць дома не можа, бо муж яе цэлымі днямі слухае ўсе «галасы», а потым — каменціруе. Быў у Паліны Вікенцеўны У. Караткевіч. Выцыганіў у яе рукапіс успамінаў. Нашто яны яму спатрэбіліся? Прыйшоў п’яны ў «асысце» двух сваіх кампаньёнаў, якія падтрымлівалі яго пад рукі. Чартоўскі здольны чалавек, толькі фанабэрысты, як шляхцюк, і апошнімі часамі п’е з рознымі забулдыгамі.

Па пратэкцыі Людмілы прыходзіла па дэпутацкіх справах пількаўская суседка.

Трэба было б дамовіцца ў ЦК аб даце чарговага нашага пленума і вырашыць, каго выбраць у сакратарыят на месца Янкі Брыля. Неяк так атрымалася, што мяне ўсваталі на пасаду сакратара, а самі зараз — і Я. Брыль, і I. Мележ, i П. Панчанка — стараюцца вызваліцца ад сакратарскіх няўдзячных клапот і абавязкаў. Я раней гаварыў, што нельга нам было згаджацца ісці з рэдакцый на сакратарскія пасады, адрывацца ад жывога літаратурнага працэсу. У «Мінскай праўдзе» надрукаваны пра В. Быкава крытычны артыкул Агеева. Трэба будзе пазнаёміцца са зместам гэтага чарговага опуса. Калісьці Гётэ ў гневе крыкнуў: «Забіць пса-паклёпніка. Ён — рэцэнзент».

Цікавае выказванне I. Стрэлькі: «У стагоддзях, папераджаючых рамантызм, існавалі толькі тры грамадскія групы пісьменнікаў: шляхта, якая жыла з мужыкоў, мяшчане, якіх утрымлівала шляхта або магнаты, якім залежыла на ўвесяленні, славе ці духовым бляску, і духоўныя, прафесары, урадаўцы, якія мелі сталы даход».

Прапусціў я сёлета грыбны сезон. Адпісаў Э. Кунавіч і старому падпольшчыку Сташэўскаму Рыгору, з якім калісьці ў 1933 г. сустракаўся ў Пількаўшчыне. Ён нат не забыў пароль: «Колькі градусаў цяпла ў вашай камеры?» Я адказаў: «16 градусаў».

Зноў кансіліум дактароў на чале з праф. Сідарэнкам.

21. IX. У газетах — нічога цікавага. У дзевятым нумары «Невы» падборка беларускіх вершаў. А дождж ліе і ліе. Добра, што Любаша вярнулася з Нарачы.

Зноў прыходзілі ў палату мае аднасяльчане па дапамогу ў іх непаладках, канфліктах. Іх не пераканаеш, што ў пісьменніка менш правоў, як у нейкага калгаснага начальніка, але затое больш за ўсіх — абавязкаў. Пацікавіўся: хто ж застаўся з былых гаспадароў у Пількаўшчыне. Нямнога. Амаль усе разбегліся, разбрыліся. Нарэшце дабіліся нашы ідэолагі свайго: адвучылі людзей любіць зямлю.

Думаю, што гэта выказванне торуньскага ксяндза Пікса супроць шчапення воспы з яго брашуры (1905 г.) заслугоўвае на ўвагу: «Шчапенне воспы не толькі ёсць фікцыяй, але і пракляццем і згубяй людскога роду. Найбольгым злачынствам… найбольшым на свеце ашуканствам». Асудзілі шчапенне і Папы Лявон XV, Рыгор XVI, Пій IX. Апошні, выслухаўшы дактароў, сказаў на развітанне: «Пан Бог не дазволіць кпіць з сябе бяскарна. Амін!»

Папрасіў прынесці апавяданні В. Карамазава. У. Юрэвіч казаў, што яны думаюць яго запрасіць да сябе на работу ў «Маладосць».

А падзеі ў Чэхаславакіі, як і трэба было спадзявацца, унеслі небывалы разброд у кампартыі Італіі, Францыі, Іспаніі, якія занялі крытычныя пазіцыі ў адносінах палітыкі Савецкага Саюза. Падобную дэзарыентацыю перажыў толькі міжнародны рэвалюцыйны рух у 1939 г., калі быў заключаны дагавор паміж СССР і гітлераўскай Германіяй, а перад гэтым МСЭ пісала пра Гітлера, як пра «віднага еўрапейскага палітыка», дзеяча нямецкага рабочага руху.

25.ІХ. Цікава, якой будзе наша Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Асабліва ў ёй трэба асцерагацца скараспелых нявывераных ацэнак нашай гісторыі, літаратуры і мастацтва, каб не атрымалася так, што тое, што будзе сказана ў першым томе, не прыйшлося абвяргаць у другім ці апошнім томе.

Пасля нарачанскай цішыні няспынны шум, звон, скрыгат ні ноччу, ні днём не дае спакою. Калісьці ўсю гэту індустрыяльную какафонію ў паэзіі лічылі больш паэтычнай, як шум лясоў, палёў, хваль.

Цікавы факт, што псіхолаг К. Г. Юнг (аб чым піша А. Татаркевіч) на падставе чыста тэарэтычных разважанняў над германска-нямецкай міфалогіяй патрафіў заўчасу з вялікай дакладнасцю прадбачыць характар падзей, аб якіх і не снілася заходнім палітыкам.

I. Малец перадаў мне досыць цікавыя ўспаміны В. Міхалеўскай пра турму «Фардон». Сёння наведаў мяне Рыгор Раманавіч. Пагутарылі мы з ім пра розныя нашы справы. Ніяк не ўдаецца прабіць сцяну маўчання навакол М. Забэйды і выпусціць серыю пласцінак з яго песнямі. Двойчы хадзіў я па розных інстанцыях і нічога не дабіўся. Не ведаю, як яшчэ прапусцілі прысвечаны яму мой верш: «Куды б лёс ні закінуў…», напісаны ў 1962 г.

26.ІХ. Куды мяне толькі не занеслі сны. Сёння нат блукаў па вуліцах Пекіна. Як і ўчора, над горадам туман. Думаю над новымі вершамі, але ўсе яны нейкія сумныя, што супярэчыць сацрэалізму. Кампазітар М. А. Ракіцкі напісаў песню на словы майго верша «Калі вецер вее». Званіў у рэдакцыю «Полымя». Папрасіў Р. Шкрабу пацікавіцца ўспамінамі В. Міхалеўскай.

27.ІХ. Па тэлефоне павіншаваў Любашу з днём нараджэння. Учора была яна з Максімкам у заапарку, дзе найбольшае захапленне ў яго выклікалі макакі, падобныя да яго плюшавага «понтуса». Сёння павядзе яго запісваць у дзіцячы сад.

Званіў Ізох — баец славутай жалезнай дывізіі. Збіраецца мяне наведаць і «пракансультаваць», як лячыцца.

Нейкая цішыня ў бальніцы, быццам усе разбегліся.

«Дружба народов» дала падборку маіх вершаў, перакладзеных Я. Хелемскім. Пераклады, агулам, добрыя, толькі часамі перакладчык, каб праясніць думку, хоць для гэтага няма ніякай патрэбы, часта дапаўняе верш лішнімі радкамі. А верлібр асабліва патрабуе крайняй сцісласці.

28.ІХ. Калі ўдасца паехаць у Барвіху, вазьмуся за сваю паэму пра М. Дворнікава. Трэба не забыць, каб нехта ў кнігарні падпісных выданняў забраў чарговыя тамы Лынькова, Панчанкі, Брыля…

Заўтра нядзеля. На калідоры чуваць голас Паўла Малчанава. Вельмі дрэнна ён выглядае.

29.ІХ. Ужо тры тыдні, як я ў бальніцы, а хвароба ўсё больш убіраецца ў сілу. Адчуваю, што і нервы пачынаюць здаваць. Заходзілі наведаць М. Аляксееў і А. Слесарэнка са сваімі вечнымі крыўдамі на СП, на бюро прапаганды, на літфонд. Трэба было б хутчэй адпісаць на ліст Ларысы Геніюш. Толькі пасля апошняга яе ліста і непатрэбнай споведзі Карпюка я не знаю, што ёй раіць. Відаць, шмат у яе розных дарадчыкаў, больш зацікаўленых, каб ускладніць яе жыццё, бачыць яе ў ролі Жанны д’Арк ці адной з гротгераўскіх гераінь. А самі потым хаваюцца за яе плячамі.

Чытаю Брэхта. Некаторыя з яго вершаў вельмі нудныя. Каб напісаў нехта іншы, не звярнулі б на іх ніякай увагі.

30.ІХ. Бачыўся з нашымі ўкраінскімі сябрамі, якія прывезлі вёрстку майго зборніка. Зноў гутарылі аб выданні Анталогіі беларускай паэзіі. Янка Брыль збіраецца з імі з’ездзіць у Вільнюс, на Свіцязь, на Нарач. Даўно і я ўжо не дыхаў сустрэчным дарожным ветрам!

1.Х. Пахаладала. Трэба крыху пахадзіць, а то зусім развучуся. Язэп казаў, пакуль папраўлюся, яны маму забяруць з Пількаўшчыны да сябе.

Заходзіў В. Рудаў. Раіў мне паехаць падлячыцца да яго сваякоў у Адэсу. Але пры гэтым быў Пётр Маркавіч Кузюковіч, і мы спыніліся на Барвісе.

2.Х. Зноў кансіліум. Званіў Лукашэвіч, які збіраецца мяне пераведаць. Мо прыедзе і Сяргей Іосіфавіч Прытыцкі. А хвароба ўсё больш убіраецца ў сілу. Нават пісаць цяжка. Адышка, слабасць, галава цяжкая, нарушылася каардынацыя рук.

Былі Любаша і Ірынка з Верачкай. Прынеслі пошту і зборнік П. Пруднікава «Час майго нараджэння» і ліст ад А. Жукаўскаса. Збіраецца перакладаць на літоўскую мову мае «Лісткі календара».

4.Х. Заходзілі сёння Аркадзь і Пімен. Непрыгожа атрымалася: не знайшлося ў СП, каб хто праводзіў М. Нагнібеду і А. Бандуру. Мог бы тут і I. Шамякін з’ездзіць з імі ў Вільнюс ці на Нарач. Вось табе і наша славутая гасціннасць! А гэтыя людзі столькі для нас зрабілі і робяць. Відаць, няма нічога горшага ў характары чалавека, як абыякавасць. Хоць Мастраяні лічыць адсутнасць зацікаўлення ў чалавека, які «не чытае кніг, не аглядае карцін, не слухае музыкі, не любіць, а іграючы на сцэне, думае аб нечым іншым».

6.Х. Вецер. Дождж. Як не дае выбіраць бульбу!

Два дні быў малы Максімка ў бацькоў і ўвесь час рваўся, — казала Оля, — з іх белага дома ў наш, чорны.

Гаварыў па тэлефоне з М. Бурсэвічам. Пытаўся. што парабляе А. Іверс. Казаў, у рэдакцыі газеты ён так загружаны, што не мае часу займацца сваёй творчасцю.

8.Х. Прыходзілі студэнты філфака — маладыя паэты В. Ярац і А. Разанаў. Яны пачалі збіраць на сваім факультэце подпісы пад патрабаваннем, каб у іх усе прадметы выкладалі на беларускай мове. Патрабаванне слушнае. Толькі я ім параіў перш звярнуцца са сваім пісьмом у ЦК. Шкада, што я прыкаваны да бальнічнага ложка. Канфліктная сітуацьй ў СП. Пётр Міронавіч Машэраў на партактыве крытыкаваў А. Вярцінскага за яго паэму, а той напісаў нейкае ў ЦК пісьмо. Агулам, адстаў я ад падзей. Трэба будзе даведацца, у чым справа.

А дождж не сціхае. Барабаніць, як перад нейкай Божай карай.

У Любашы зноў абвастрыўся тромбафлебіт. Трэба недзе дастаць для яе фенеліну. Што за насланнё? Адна надзея на Барвіху. Можа, там нам удасца падрамантаваць сваё здароўе.

12.Х. Крыху прыадчыніў акно — халадзіна. Сустрэў на калідоры Я. Садоўскага. У суседняй палаце — цяжка хворая яго жонка. Ад Я. Брыля даведаўся, што юбілейны пленум адбудзецца ў кастрычніку і што мне, калі крыху ачуняю, трэба будзе рыхтавацца да выступлення.

15.Х. Нейкі шэры, беспрасветны дзень, хоць ты запальвай святло. Дачытаў зборнік А. Барскага. Ён, бясспрэчна, адзін з цікавейшых паэтаў па той бок польска-савецкай граніцы.

Накідаў верш «Масква». Была Ірынка. Прынесла газеты, часопісы. Федзя хоча прывезці маму да сябе, каб памагла яму наладзіць сямейнае жыццё. Наіўны з яго чалавек.

Заходзіў П. Малчанаў. Збіраецца выпісацца і ехаць далечвацца ў Нясвіж. П. Кабзарэўскі прыслаў фатаграфіі з Тыдня беларускай літаратуры ў Ленінградзе. А Ізох зноў, дзівак, званіў і раіў як мага хутчэй, пакуль не залячылі, уцякаць з лечкамісіі.

Раз дзесяць пачынаў верш пра перанос урны з прахам Я. Купалы. I сёння нічога не атрымалася. У справе пуцёўкі ў Барвіху ўчора Ф. А. Сурганаў паслаў у Маскву тэлеграму. Не ведаю, як там вырашаць. Амаль у безнадзейным стане ляжыць хворая старэйшая сястра Любашы — Оля.

Я калісьці любіў блукаць па старых магільніках і чытаць надпісы на крыжах, плітах, скляпах. Быў у мяне цэлы сшытак эпітафій, які, на вялікі жаль, недзе загінуў разам з маёй беластоцкай бібліятэкай.

18.Х. Нарэшце сазваніўся з М. Ткачовым. Аказваецца, на партактыве абмяркоўвалі і аповесць В. Быкава. I Пімен, як казаў Ткачоў, «не зусім тактычна выступіў у яго абарону і выклікаў бурную рэакцыю прысутных». Агулам, усё больш набіраецца розных клапатлівых спраў і праблем. Аддзел культуры ЦК патрабуе, каб на праўленні ці на прэзідыуме СП абмеркавалі аповесць Быкава. А гэта, мне здаецца, можа прывесці да яшчэ большай палярызацыі настрояў у СП. Для аб’ектыўнай ацэнкі твора неабходны час, каб улягліся страсці-мардасці. Мудрасць — гаворыць народ — ніколі не спяшаецца. Мы ўжо безліч раз, пад гарачую руку, у нябёсы ўздымалі розныя ілюзіі і халтуру, і безліч раз асуджалі выдатныя творы на аўтадафэ ці абвяшчалі гарэзіяй. I таму нельга забываць, што ў ацэнцы твораў мастацтва часцей за ўсё асуджаныя жывуць даўжэй, як іх суддзі, і што голас праўды часцей бывае горкі. Адны графаманы знаюць, як пісаць творы, якія б усім падабаліся, толькі не знаюць таямніц іх даўгалецця. Відаць, пасля ўсяго Пімен перастаў паказвацца ў СП. Можа, захварэў. Не дзіва, што і Я. Брыль хоча вызваліцца ад сакратарства, ад усіх гэтых спраў і заняцца тым, чым павінен займацца сапраўдны пісьменнік — пісаннем.

А дождж усё ідзе — дождж стафаўскі, аднастайны, асенні…

19.Х. Субота. Замежнае радыё перадавала аб нейкім інцыдэнце ў нашым універсітэце, аб дэманстрацыі студэнтаў, якія патрабавалі выкладання на беларускай мове. Цікава, што раней, чым трапіць у нас да адрасата, розныя калектыўныя пісьмы і пасланні атрымліваюць на Захадзе і потым перадаюцца ў скажоным асвятленні і з антысавецкімі каментарыямі. Вінаваты ў гэтым і нашы дырэктыўныя ўстановы, якія дзейнічаюць па прынцыпе страусаў: схаваюць галаву і думаюць, што іх ніхто не бачыць. Як вядома, раней у нас засакрэчанымі былі і такія стыхійныя бедствы, як павадкі, засухі, землетрасенні.

20.Х. Сёння прынесла мне Вера Палтаран выпіску лячэння арытміі пры дапамозе сістэмы дыхання, распрацаванай ёгамі, якой зараз сама карыстаецца. Можа, і мне спрабаваць? Пётр Маркавіч казаў: выкінуліся расці лісічкі, зялёнкі, махавікі, апенькі…

Я рад, што пасля гутаркі ў ЦК са Станіславам Антонавічам Я. Брыль вырашыў застацца ў сакратарыяце. Не разумею толькі паводзін Пімена, які замкнуўся ў сабе і зусім не прымае ніякага ўдзелу ў рабоце.

21.X. Трывожнае пісьмо прыйшло ад П. Мядзёлкі. Піша пра Геніюшаў, якія так заблыталіся ў сваіх комплексах, жыццёвых супярэчнасцях, што думаюць пакончыць самагубствам. Не знаю, як ім памагчы. Усё, што ім прапануе СП, адкідаюць з глупейшымі агаворкамі. Яшчэ трэба будзе аб усім гэтым параіцца ў ЦК і наведаць іх, перагаварыць з мясцовымі кіраўнікамі, якія не ведаюць, з кім маюць дачыненне і ствараюць навакол іх атмасферу насцярожанасці, падазронасці, сачэння за кожным іх крокам.

Пазваніў М. Калач, што мне і Любашы выдзяляюць пуцёўкі ў Барвіху. 25-га кастрычніка трэба быць у Маскве.

У СП няспынна паступаюць пісьмы родзічаў памершых пісьменнікаў. Каб імёны іх былі прысвоены вуліцам горада, нават вуліцам са старажытнымі гістарычнымі назвамі, што, мне здаецца, мяжуе са снабізмам і варварствам. Калі буду пісаць завяшчанне, напішу, каб гэтага не рабілі. Мне з Іванам Антонавічам хопіць, што ў Мінску ёсць вуліцы: Брылеўская і Танкавая.

22.Х. У газетах часта крытыкуюць старшынь калгасаў і вышэйшага рангу кіраўнікоў за прыпіскі. А ці ж не займаліся гэтым і мы, пісьменнікі, калі ва ўсіх сваіх дакладах і выступленнях завяралі, што ўсе планы будуць намі выкананымі, і за гэта атрымлівалі ордэны, прэміі.

I яшчэ адна наша бяда — хранічнае спазненне ва ўсім. Многае, што сёння каціруецца ў нашым мастацтве, у іншых — учарашні дзень, даўно пройдзены этап. Вось чаму зацікаўленасць нашай літаратурай, нашым мастацтвам не была сталай, а была, сказаў бы, — сезоннай.

Да ўсяго гэтага дадаў бы, што залішняя апека розных устаноў і Глаўліта можа выклікаць крызісную з’яву ў літаратуры і мастацтве — абыякавасць. Ды яна ўжо даўно адчуваецца. На Захадзе лічаць, што літаратура павінна заўсёды быць у апазіцыі да рэчаіснасці. У нас гэта некаторыя адчувалі, але сарамліва хавалі пад т. зв. «творчым непакоем», каб, барані бог! — не залічылі іх да «инакомыслящих».

I так, у нас ёсць літаратура. Другая справа — ці яна такая, якая сёння нам патрэбна? Аб гэтым нiколі не было і не будзе адной думкі.

Пакуль што яна — прызнанне ў грахах і памылках на шляху чалавецтва да яго збавення.

Здаецца, звышпапулярным лічыцца той, каму прыпісваюць чужыя думкі. Сёння неспадзявана натрапіў на цытату з Салюсція: «Праца — справа гонару, доблесці і геройства». А мы ўсе, боўдзілы, думалі...

25.Х. Амаль пасля кожнага нумару «Полымя» выклікаюць на споведзь у ЦК. Чамусьці асаблівую насцярожанасць праяўляюць да Я. Брыля, П. Пестрака і А. Карпюка (раней — да К. Чорнага). Часамі даходзіць да смешнага. Так, дырэктар выдавецтва Матузаў патрабаваў калісьці зняць з майго зборніка верш «Неспадзявана: — Добры дзень!» за радкі: «Ты падарыла добры дзень, дык падары і ноч». Фацэцыя! I ў той жа час, не ведаю як, праскочыў у зборніку «Глыток вады» мой верш, прысвечаны М. Забэйду, бо артыкул пра яго, які збіраліся даць, быў зняты. Ніяк мне не ўдалося давесці тым, хто вырашаў гэтыя справы, што пад пражскім вернападданчым пісьмом Гітлеру М. Забэйда не падпісваўся, што подпіс яго некім падроблены. Аб гэтым сам ён мне гаварыў. Hi на якія прапановы аб супрацоўніцтве з фашыстамі ён не згадзіўся, за што быў гестапа арыштаваны і сядзеў у турме. Невядома, чым бы ўсё гэта магло закончыцца, каб не дапамога чэшскіх сяброў, якім удалося яго выратаваць з гестапаўскай пасткі. Шкада, што няма ў жывых старшыні Брэсцкага антыфашысцкага камітэта I. П. Урбановіча, з якім М. Забэйда быў звязаны і не раз яму дапамагаў. Чорт ведае, як усё гэта заблытана!

Нехта званіў, ці не змог бы я прыслаць рукапіс свайго верша, прысвечанага I. Фрыдлянду, з якім я некалі сядзеў на Лукішках. Помню, як мы яго праводзілі ў апошнюю дарогу. Харошы быў Чалавек.

У выразцы з газеты «Советский воин» (1955 г.?) знайшоў пераклад свайго верша, зроблены Н. Старшынавым. Трэба будзе не забыць і ўключыць яго ў свой маскоўскі зборнік. Верш называецца «Форт Ружана».

Магчыма, у паэзіі я шукаю таго, чаго няма. Але пошукаў сваіх спыніць не магу. Магчыма, аднойчы, апынуўшыся на скрыжаванні дарог ля таго казачнага каменя-ўказальніка («Налева пойдзеш… направа… проста…»), я не той напрамак выбраў у сваім жыцці. Ну што ж, сёння мне толькі застаецца закончыць сваю прысягу паэзіі, як закончыў сваю прысягу Польскай канстытуцыі камуніст Б. Берут словамі «Так дапамажы мне, Бог!»


1969


9.ІІ. Нядзеля. Дома цэлы лазарэт: у Любашы — цяжкі тромбафлебіт, грыпуюць Оля і Максімка. Я перастаў прымаць свае таблеткі, бо мала ад іх толку. Mароз, вецер. Трэба правесці Паўла Кабзарэўскага, які сёння цягніком вяртаецца ў свой Пецярбург.

«Вам, напэўна, у Ленінград?» — перапытала Паўла Сямёнавіча здзіўленая касірша, калі ён купляў білет, і паглядзела на яго так, як на недабітага рэвалюцыяй буржуя.

10.ІІ. Увесь сакратарыят, акрамя Янкі Брыля, які хварэў, быў у Пятра Міронавіча Машэрава. Шэсць гадзін правялі ў яго, абмяркоўваючы нашы літаратурныя справы. Гутарка была дужа цікавая і карысная, хоць з некаторымі яго заўвагамі, мне здаецца, безагаворачна здгадзіцца нельга. Пётр Міронавіч як кіраўнік і палітык больш удзяляе ўвагі творам на тэмы дня. І гатоў забыць пра яўныя недахопы гэтых твораў, аўтары якіх не справіліся з тэмай. Я прыгадаў Гурскага, У. Карпава і другіх. Усім вядома, што рэчы іх схематычныя. І ў той жа час яны пад такой дырэктыўнай апекай, што іх нельга нат крытыкаваць. А мы ведаем, што нашы фільмы, каторыя хвалілі, у Маскве былі забракаваны. I слушна. Шкада, што мы марнуем вялікія тэмы, і яны не знаходзяць адпаведнага ім высокамастацкага адлюстравання.

Альдо Северыні прыслаў пісьмо і верш, прысвечаны мне. Траба будзе дапрасіць нашых італьянцаў, каб пераклалі.

Паслаў пісьмо Ісакоўскаму, акі просіць, каб у нас выдалі сборнік перакладаў Б. Ірыніна. Не ведаю, ці ўдасца гэта зрабіць, бо зборнікі нашых паэтаў у выдавецтве гадамі чакаюць сваёй чаргі.

Люты паказаў свой люты характар: мароз, завея, снег, халадзіна ў доме.

14.ІІ. Ездзіў у Ждановічы. Глядзелі пабудаваныя ўрадавыя дачы. Гідам быў архітэктар Юрый Грыгоравіч. Сын яго — малочны брат нашага Максімкі. Разам іх выкарміла Оля. Сяджу над нуднай перапіскай сваіх «Лісткоў календара». Дапаўняю іх нататкамі і запісамі, пакінутымі на палях чарнавікоў сваіх вершаў.

15.ІІ. Быў у Семяжонаў. Вельмі хворая мама. Нічога не есць. Убачыла, што Людміла памыла яе пасцельную бялізну, расплакалася. Ёй здалося, што дачка думае аб яе смерці. Калі адыходзіў, яна ляжала, скурчыўшыся, учарнелая, худзенькая і малая. Завеі не сціхаюць. У Казахстане вецер знішчыў пасевы, і на Кубані, чуваць, трэба будзе перасяваць мільёны га.

У нас часта некаторых паэтаў называюць самавукамі. Мне здаецца, усе паэты — самавукі, бо паэзіі нельга навучыцца.

16.ІІ. У Доме афіцэраў ветэранам уручылі медалі «Пятьдесят лет Вооруженных Сил». Званіў Людміле: як там чуецца мама?.. А на дварэ — шалее завея.

20.ІІ. Ледзь паспяваю перагартаць газеты. Няма калі пісаць і адказваць на ўсе лісты. Званіла Софія Грыгораўна. У адным з маіх вершаў, якія ідуць у «Н. М.», А. Твардоўскі раіць адну страфу скараціць. Я не пярэчыў, хоць неабходнасці такога скарачэння не адчуваю. Рыхтуюся да пленума Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях.

Званіў у Міністэрства вышэйшай асветы М. Красоўскаму ў справе В. У. Яраца, які двойчы зразаўся на экзамене. Нейкі там салдафон на ваеннай кафедры апалчыўся на яго.

21.ІІ. На нарадзе ў ЦК абмяркоўвалі новы склад рэдкалегіі «Полымя» і, чамусьці, пытанне адказнасці за работу часопіса. Пазычыў у Янкі Брыля зборнік крытычных артыкулаў А. Сянкевіча, О. Канакоціна, П. Галавача, А. Салагуба. Зараз цяжка чытаць гэтыя талмудычныя і прымітыўныя разважанні т. зв. крытыкаў, якія стаялі на другой старане літаратуры і праўды. Агулам, нідзе не знойдзем столькі памылак, як у крытычных артыкулах, рэцэнзіях, аглядах. Бо іх аўтары памыляліся і калі хвалілі і калі ганілі.

1.ІІІ. Вярнуўся з Масквы. Прывёз з сакратарыята партфель новых указанняў і пастаноў, а з выдавецта «Советский писатель» хораша аформленыя свае «Лісткі календара».

Максіма зноў паклікалі ў армію на вучобу. Перажывае, што з усіх яго сяброў толькі ён адзін адбывае воінскую павіннасць. I сапраўды: неяк выкруціліся ад ваеннай службы хлопцы Куляшова, Калачынскага, Пестрака, Вінакурава…

2.ІІІ. Купіў на рынку цяляціны і часнаку, якім так начасночыўся, што аж усе дамашнія пачалі ад мяне насы адварочваць.

Сустрэў П. Кавалёва. Яму перадаў В. Панамароў, што А. Куляшоў прыслаў пісьмо П. М. Машэраву, у якім просіць пабудаваць яму дачу пад Мінскам, даць пуцёўку ў Барвіху і каб «Полымя» надрукавала яго пераклад «Энеіды» Катлярэўскага (каля 9 тысяч радкоў). Не ведаю, як там будзе, толькі апошняя просьба непасільная для часопіса з такім абмежаваным лістажом і жабрацкім ганарарам, аб чым, мне здаецца, павінен ведаць і сам А. Куляшоў.

9.ІІІ. Былі госці: Іра, Лена з Дзянісам, Надзя, якая прыехала з Польшчы, Кузюковічы і Максім, якога на пару дзён адпусцілі з арміі. А вечарам разгулялася страшэнная снежная завея з громам і перунамі. Кажуць, гэта на неўраджайны год.

12.ІІІ. Цэлы дзень празасядалі ў СП. Вечарам быў на юбілеі нашага галоўурача Якава Уладзіміравіча. Ноччу хадзіў сустракаць М. Нагнібеду, а там — прэзідыум, партсход…

На стале — гара непрачытаных газет, часопісаў, пісем.

15.ІІІ. В. М. Карпава напамінае ў пісьме аб заяўцы на новы зборнік маіх вершаў. Мне здаецца, што з гэтым не варта спяшацца. Чытаю апошнія пераклады Я. Хелемскага. Ён чамусьці аднаўляе тое, што я лічу лішнім і скарачаю ў сваіх вершах.

А на савецка-кітайскай граніцы ідуць баі. Хаця б яны не перараслі ў новую глабальную бойню! Нешта даўно не заходзіў да нас Федзя. Людміла казала, што ў яго нейкі сямейны разлад.

20.ІІІ. Мо памыляюся, але мне здаецца, што ў нашым інтэлектуальным жыцці зараз поўны застой. У развіцці сусветнай культуры нельга не ўлічваць культур нават самых малых народаў. I нельга вырашаць такія складаныя праблемы толькі пры дапамозе галасавання. Тут патрэбен і розум, якога нам часта не хапае. Так, напрыклад, кожны народ лічыць, што яго мова самая прыгожая. А я, помню, чытаў у нейкім польскім даваенным часопісе, што на парыжскім конкурсе прыгажосці моў эстонская заняла першае месца.

23.ІІІ. Нядзеля. Захварэў Максімка, а да яго далучылася і Любаша. Тэмпература каля 40 градусаў. Выклікалі «хуткую дапамогу». Прайшло больш трох гадзін, а яе няма.

Сёння I. Мележ едзе ў Маскву на нараду з брыгадай нашых маладых пісьменнікаў.

26.ІІІ. Позна вярнуўся дамоў з прыёму, які даваў П. М. Кузюковіч пасля абароны доктарскай дысертацыі. Па тэлебачанні перадавалі маю сустрэчу са школьнікамі. Ф. М. Янкоўскі ўгаварыў яшчэ на адну такую ж сустрэчу. А дома — ніякага прасвету. Усе хворыя, ды і я ледзь цягаю свае ногі.

Нехта слушна сказаў, што чалавек пачынаецца з гора. Гора нараджае і пісьменніка.

Загрузка...