27.ІІІ. А хваробы не ўступаюць. Магчыма, Любашы прыйдзецца легчы у бальніцу, бо тромбафлебіт усё больш дае аб сабе знаць. I ніякія лекі не памагаюць. I ў мяне зноў вярнулася арытмія. Быў доктар. Загадаў ляжаць. А як ляжаць, калі ўваліліся госці з Вільнюса. Прыехаў П. Граніт з маладым паэтам Васько. Пазванілі з ЦК, пыталіся, як мы думаем адзначыць 25-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
30.ІІІ. Чытаў С. Выспянскага і А. Адзі, якога ў нас амаль не знаюць. Што з маёй галавой? Не магу сабрацца з думкамі. Слабасць. Наведаў сёння Семяжонаў і маму. Рвецца наша старэнькая, як птушка, у сваю Пількаўшчыну. А што яна там адна будзе рабіць?
6.IV. I сёлета спазняецца вясна. Заўтра зноў пачынаюцца розныя пасяджэнні. Званіў В. У. Роўда. Прасіў, каб абавязкова прыйшоў на канцэрт, на якім будзе выканана «Ave Maria». Мне зараз не да шуміхі i рэкламы. Ледзь трымаюся на нагах. Ды месца пісьменніка — у яго творах, а не ў розных фэстах, кірмашах, юбілеях.
13.IV. Сёння Вялікдзень. Трэба наведаць маму і Семяжонаў. Яны, здаецца, адзначаюць рэлігійныя святы. Не ведаю толькі, ці будзе велікодны пірог, але яйкі хварбаваныя — напэўна.
2.V. Учора калонай пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў прайшлі ў першамайскай дэманстрацыі. Дзень выдаўся досыць цёплы. Збіраліся ўсім калгасам паехаць на Нарач, пасадзіць на сваіх сотках бульбу, толькі прыхварэла Любаша. Расплакалася, што яе пакідаем дома і што без яе ў агародзе мы ўсё зробім не так, як трэба. А тут яшчэ пазваніла Оля: учора банда хуліганаў моцна, да непрытомнасці, пабіла Максіма. Выклікалі «хуткую дапамогу». Ну што ж, прыйдзецца нарачанскую паездку адкласці на пазней.
8.V. Быў на нарадзе ў Ц. Я. Кісялёва. 12-га г. м. трэба ехаць на Дні беларускай культуры ў Ульянаўск.
Дома — прыкрая спрэчка з Максімам і Оляй, якая нам з Любашай каштавала шмат нерваў і здароўя. Заходзіў А. Шыдлоўскі, які прасіў даць яму характарыстыку.
13.V. Масква. У складзе ўрадавай дэлегацыі еду ў Ульянаўск. У «Советской культуре» цікавы артыкул нейкага А. Спірыдонава. Прыводзіць цікавую статыстыку, з якой відаць, што сур’ёзныя рэчы выпадаюць з рэпертуару тэатраў, а розныя пустышкі, як «Гэта жанчына мая», «Шальменка-дзяншчык», «Варшаўская мелодыя», «Званок у пустую кватэру», — не сыходзяць са сцэны.
14.V. Рана нас разбудзілі ўльянаўцы, якія на першай сваёй станцыі прыйшлі прывітаць нас і адразу ўключылі ў вір шматлікіх мерапрыемстваў.
Тут, аказваецца, не дачакаюцца дажджу. У некаторых паўночных раёнах вобласці гадавы апад раўняецца 50-150 міліметрам. Пасялілі нас у гасцініцы «Волга». У мяне 302 нумар. Ды такі велізарны, хоць зайцоў ганяй.
15.V. Павінен прыляцець А. Вялюгін, калі не падвядзе яго Бахус. За ноч наснілася розных сноў. Раніцой усклалі кветкі ля помніка Леніну. Пабывалі Ў філіяле музея Леніна, школе, у якой ён вучыўся. Выступалі ў Палацы кнігі і на адкрыцці Дзён культуры БССР.
Надзвычай удачным быў канцэрт. Амаль усіх нашых артыстаў выклікалі на біс: Ніжнікаву, Лакштанава, Шутаву, Мартынава, Рыжкову, Вуячыча.
16.V. Заходзіў у маю адсутнасць нейкі Фейгельман. Пакінуў запіску. Просіць, каб я яму пазваніў. Відаць, нехта з маіх старых знаёмых. Помню, з адным Фейгельманам з Лужкоў я ў 1933 годзе сядзеў на Лукішках. Няўжо яго аж сюды закінула.
У абкоме быў прагляд нашых фільмаў: «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Генерал Пушча». У нейкім хранікальным кадры з часоў вайны і сябе ўбачыў. Аж не верыцца, што быў такім маладым. Вяртаўся ў гасцініцу ў беспрасветны туман. За пару крокаў нічога не было відаць. А потым пайшоў дождж, якога ўсе тут з нецярпеннем чакалі.
М. Ткачоў і С. Грахоўскі пайшлі выступаць на тэлебачанні, але я ўжо не змог пайсці з імі, бо толькі што вярнуўся з новабудоўляў і з сустрэчы з рабочымі станкабудаўнічага завода. Дужа сімпатычным аказаўся мой цёзка Я. I. Клімчанка — інструментальшчык, паляўнічы, любіць літаратуру, музыку. Трэба з ім пазнаёміць Федзю. Яны разам працуюць на нашым трактарным заводзе. Праўда, Федзя чалавек другога складу, але ў іх ёсць адно хобі — паляванне.
Гляджу і не магу налюбавацца на гэту зямлю. Які цудоўны чарназём! Якія неабсяжныя прасторы палёў! Ажылі азімыя. Пачынае ўсходзіць яравая пшаніца.
Наведалі Мелікес — горад у абдымку бярозавых і сасновых лясоў, дубовых пералескаў, рыбных завадзяў.
18.V. Цэлы дзень правялі ў конегадоўчым саўгасе Лавінскі. У суседнім раёне ў сяле Красная Рака жывуць бацькі героя брэсцкай крэпасці Наганава. Вось каго нам варта было наведаць. Вечарам вярнуліся ў Ульянаўск, які здаецца велізарным караблём, застыўшым на волжскім прычале.
19.V. Былі на будаўніцтве Ленінскага цэнтра. Толькі нашто тут такі небаскроб сярод утульных вуліц і завулкаў маляўнічага старога горада? Наведалі педінстытут і дзіцячы дом імя Матросава. I хоць дзеці выглядаюць дагледжанымі, вясёлымі, але неяк сумна бачыць столькі сірот, якія не знаюць матчынай ласкі і цяпла свайго дома. Мо таму гэтыя cipoты — як казала выхавальніца Іванова, — калі падрастуць, ніколі не жэняцца, не закладаюць сваёй сям’і са сваімі дзетдомаўцамі.
Да позняй ночы з К. П. Буславым сядзелі мы ў Ц. Я. Кісялёва над выступленнем на заключным вечары.
Радыё перадало, што ў Беларусі цёплае надвор’е, ідуць дажджы з навальніцамі. Напэўна цяпер на Нарачы самая прыгожая пара. Некалі буду шкадаваць, што я, бадзіня, столькі прапусціў на сваёй Радзіме непаўторных салаўіных вечароў і начэй, столькі жаўруковых світанняў і зязюльчыных куванняў…
20.V. Сёння ездзілі ў калгас «Знамя ленинизма». На варотах — велізарны транспарант: «Запрашаем на радзіму Ільіча». Дзеці. Кветкі. Знаёмства з гаспадаркамі калгаса. Шчодрае застолле і бясконцыя тосты.
Выйшаў нумар «Ульяновской правды» са старонкай, прысвечанай беларускай літаратуры: вершы Вялюгіна, Грахоўскага, мае, апавяданне Ткачова.
21.V. Першы дзень без выступленняў, калі не лічыць розных інтэрв’ю. Меліся на параходзе паездзіць па Волзе, але перашкодзіў дождж і штармавы вецер. Купіў дзяўчатам басаножкі і гліняны бачонак.
22.V. Позна вярнуліся з заключнага вечара і канцэрта. У пяць гадзін разбудзіла радыё, якое забыў выключыць. Не ведаем, калі паляцім дамоў, бо аэрапорт закрыт. Шкада, што не паляцеў з Ткачовым і Вялюгіным на ваенным самалёце, бо яны ўжо, напэўна, у Мінску.
23.V. Прынёс з СП паўкапы пісем. Сярод якіх — цэлы жыццяпіс нейкага Э. Г. Кацуры, асуджанага за шматлікія рабункі і злачынствы. Трэба будзе перадаць у Прэзідыум Вярхоўнага Савета з просьбай перагледзець яго просьбу.
А сцюжа не адступае. Праўду калісьці казаў мой дзед: «Май — каню сена дай, а сам на печ уцякай». Аж страх падумаць, як там мама адна жыве на сваім хутары.
24.V. Дэпутацкія справы. Прыходзіў былы грамадавец, член партыі з 1925 г. С. А. Татарын, каб я памог яго сыну, якога за хуліганства асудзілі на два гады. Прыслаў з Высоцка пісьмо С. Малько, каб памог яго землякам атрымаць нарад на цэглу.
Фолкнер на пытанне, які занятак лічыць найлепшым, адказаў: «Быць кіраўніком бурдэля ці панам».
28.VI. Ужо тыдзень як хварэю. Мікалай Іосіфавіч хацеў палажыць мяне ў лечкамісію. А мне хочацца яшчэ на Нарач. Відаць, трэба будзе ціхенька, як кажуць. закругляцца. Меўся ехаць у Англію. Адмовіўся. Ці не свята Пятра сёння? Самы сенакос, а пагода такая няўстойлівая. Вецер рве палотнішчы святочных транспарантаў, завешаных на працягнутых праз вуліцу тросах. Па просьбе выдавецтва перакладаю пры дапамозе вельмі дрэннага падрадкоўніка выдатны верш С. Вургуна «Азербайджан». Пад рукой маю і рускі переклад. Але ён, мне здаецца, далёкі ад арыгінала і залішне перагружаны арыентальнай квяцістасцю.
4.VII. Думаю на некалькі дзён уцячы на Нарач. Заходзіў Марцінчык. Прасіў памагчы, каб яго сына, які закончыў педінстытут, накіравалі на Гродзеншчыну. Была ў нас і Э. Кунавіч. Яна прыехала ў госці да сваёй былой вучаніцы Ані Сухой (Марцыёнак). Хоча яна, каб яе кнігу ўспамінаў пра Заходнюю Беларусь пераклалі на беларускую мову. Кніга цікавая, але жыццё паказана ёю без тых падспудных рэвалюцыйных падзей, якія на працягу дваццаці год давалі аб сабе знаць на т. зв. Паўночных Крэсах.
Пазнаёміўся з Вераччыным хлопцам — Сашам. Здаецца, яны збіраюцца распісвацца. Цяпер бацькі апошнімі даведваюцца, што замышляюць іх дзеці.
Памёр М. А. Грамыка. Я часта з ім сустракаўся, але так і не ўдалося бліжэй пазнаёміцца. Шкада, што за штодзённай мітуснёй нам няма калі задумацца аб многіх жыццёвых чалавечых справах. Мір табе, нястомны працаўнік на нашай нялёгкай беларускай літаратурнай ніве.
Сёння ўжо Максім з Оляй, Вера з Сашам і Кузюковічы едуць на Нарач. Не ведаю, як там Любаша справіцца з такой грамадой.
Быў на ўрачыстым вечары, прысвечаным 25-й гадавіне вызвалення Беларусі. Заўтра трэба яшчэ ехаць на адкрыццё мемарыяла на Лагойскім тракце і мемарыяльнага комплексу «Хатынь».
6.VІI. Велізарнае масавае спартыўна-тэатралізаванае прадстаўленне на стадыёне. Некаторыя сцэны ўзрушылі да глыбіні. Праз пару дзён пасяджэнне Камітэта міру. Вечар, прысвечаны 25-й гадавіне нараджэння народнай Польшчы. Прыехаў з сям’ёй М. Хонінаў, і яшчэ едуць замежныя госці. Усё гэта добра, але не ў такой конскай дозе. Ужо нервы не вытрымліваюць такой колькасці ўрачыстасцяў, сустрэч, провадаў, прыёмаў. А тут яшчэ розныя дамашнія непаладкі.
27.VІІ. Вярнуўся з Навагрудка, куды ездзіў з Я. Брылём і з нашымі польскімі сябрамі: Ф. Няўважным, Г. Гаворскім, Я. Пешхалам, С. Быстрыцкай, пабывалі ў Шчорсах, ля дуба Міцкевіча і ў яго музеі, на Свіцязі, а ў Карэлічах наведалі хворага П. Жалезняковіча.
Пазнаёміліся з вельмі сімпатычнай сям’ёй Сашы Тушынскага, за якога наша Верачка выходзіць замуж.
10.VIII. На цэлы тыдзень еду на сустрэчу з выбаршчыкамі 576-й выбарчай акругі. Буду ў Кобрыне, Бярозе, Драгічыне, Іванаве.
Трэба сазваніцца з Варшавай і даведацца, калі дзяўчаты прыязджаюць дамоў. Зноў пахаладала.
У вольныя хвіліны вяртаюся да паэтаў-класікаў, якім усё больш пачынаю давяраць. I менш за ўсё — крытыкам, якія столькі раз памыляліся ў сваіх прыгаворах.
14.VIII. За час сваёй паездкі па Палессі пазнаёміўся з многімі і надзвычай цікавымі людзьмі. Трэба часцей заглядаць у свае родныя куткі, а не ў вытаптаныя турыстамі, паэтамі і мастакамі Парыжы, Лонданы, Нью-Йоркі.
Федзя пакінуў запіску, у якой пытае, што з помнікам на магілу бацькі. Заўтра пад’еду ў арцель і даведаюся, калі ён будзе гатоў.
17.VIII. Нейкі кнігалюб К. Г. Кісялёў з Тамашполя прыслаў мой зборнік, каб я яго яму падпісаў. У высакапарным стылі піша пра мае вершы. Відаць, усім ён так піша. Ужо ў яго бібліятэцы некалькі тысяч кніг з аўтографамі пісьменнікаў. I так, мой зборнік будзе стаяць на яго кніжнай паліцы побач з класікамі. Прызнацца, я гэтаму не прыдаю ніякага значэння. I ўпэўнены, што, каб быў нейкім шчупаком, нават з самай лепшай прыманкай на кручок славы не даў бы сябе падчапіць.
Ездзіў з Любашай на рынак за зелянінай. Званілі бацькам Сашы, што Верачка з Ірынкай вернуцца толькі ў канцы гэтага месяца, бо ніяк не могуць дастаць білетаў.
21.VIII. У Саюзе пісьменнікаў — адны непрыемнасці. Прымалі польскіх пісьменнікаў — Вітліна, Малеска…
Заўтра Федзя павязе помнік на магілу бацькі.
Званіў Д. А. Лукашэвіч: за мяне прагаласавала 99,9% выбаршчыкаў. Не галасавала 16 баптыстаў, 2 затрыманых у атрэзвілаўцы і 2 арыштаваных за парубку ў лесе.
Зусім недарэчна атрымалася, што не паспелі Н. Гілевічу аформіць дакументы на паездку ў Балгарыю. Шкада, што на з’ездзе славістаў не будзе прадстаўніка ад Беларусі.
24.VIII. Зноў заглянуў у Пількаўшчыну. Дома застаў толькі маму і дзяцей, Язэп з Людмілай былі ў ягадах. I я пайшоў паблукаць па старых сцежках. Толькі яны так пазарасталі кустамі лазы і ядлаўца, бярэзнікам і ельнікам, што ледзь пазнаў зрытыя дзікімі кабанамі былую Пружанку, Жукаву, Краснаўку, Дрывасек, дзе некалі з закрытымі вачамі не заблудзіў бы.
27.VIII. Закончыў верш Катлярэўскаму, трэба ўзяцца за пераклады Ю. Тувіма, Р. Дабравольскага. Прачытаў № 8 «Маладосці». Нумар досыць нудны. Узяўся за «Twórczość».
30.VIII. Учора быў у мяне Е. Г. Хахлоў. Прывёз дэпутацкае пасведчанне. Відаць, прасядзелі б мы з ім за сталом, прабяседавалі б цэлы дзень, але пазванілі, каб прыйшоў на юбілейную камісію па святкаванню Туманяна і ў СП пазнаёміцца з праектам нашага новага будынка.
7.ІХ. Згулялі шумнае вяселле, на якім было шмат сваякоў і гасцей. А сёння — працяг яго — у Сашыных бацькоў. Пазнаёміўся я на гэтым вяселлі з цікавымі людзьмі. Ігралі музыканты з джазавага аркестра, адзін з якіх быў увесь нейкі зялёны, аблеплены плястарамі, як рэкламны слуп. Ці то яго пабілі, ці то ашпарыўся.
9.ІХ. Быў на аэрадроме. Сустракаў Я. Бранеўскую, якая прыляцела да нас на некалькі дзён у адведзіны. Прымаў яе ў ЦК С. Пілатовіч. А я не маю ратунку ад п’яных, якія прыходзяць кожны дзень, як да старшыні Вярхоўнага Савета, за грашовай дапамогай.
Прачытаў у «Barwach» вельмі цікавыя ўспаміны аб наведанні Беларусі Гаворскім і яго сябрамі. Не магу не перакласці хоць адзін з фрагментаў яго дасціпных заўваг:
«Ані я, Гаворскі, яшчэ не маю рангі Івашкевіча, ані Няўважны, выкладчык на кафедры русістыкі Варшаўскага універсітэта, не мае рангі Катарбінскага, ані Вантула — Янэк Пезжала, не маюць яшчэ славы Сянкевіча, і ні нашы абаяльныя сяброўкі Быстрыцкая і Маркава не з’яўляюцца яшчэ, асабліва ў Савецкім Саюзе, такімі папулярнымі, як Брыгіта Бардо, хоць, напэўна, не ўступаюць гэтай пані ў харастве і асабістай прывабнасці, — міма ўсяго, найлепшыя прадстаўнікі беларускай культуры прысвяцілі свой час і сілы нам ва ўсіх нашых спатканнях і паездках і рабілі ўсё, каб мы як прадстаўнікі польскай культуры, чулі для іх сваю вартасць і важнасць. Уяўляю сабе Путраманта, які займаецца нейкім пісьменнікам Іванам Іванавічам ці Валяй Іскінскай з-за Буга. Чыстая абстракцыя».
12.IX. Дома — цяжка і трывожна. I Любаша і я ледзь трымаемся на нагах. Заўтра паеду ў Каралішчавічы, дзе будзем прымаць Дабравольскага з яго жонкай і Бранеўскую.
Наведаў у лечкамісіі хворых П. Глебку і Р. Бярозкіна. Застаў у іх Ніну Іларыёнаўну і М. Хведаровіча. Вярнуўся з Пількаўшчыны Язэп. У мамы — дрэнныя справы. Пачалі апухаць ногі. Не ведаю, што рабіць. Не хоча ехаць да нас, у Мінск, не хоча класціся ў бальніцу. Пасля сустрэчы з пісьменнікамі Расійскай Федэрацыі трэба пад’ехаць да мамы, бо потым — дарогі, дарогі… Вярнуся толькі ў канцы месяца.
4.Х. Субота. Быў з Любашай на рынку. Купілі сала, морквы, грыбоў.
А дома і на рабоце — адны прыкрасці. Іра не гаворыць з Верай і Максімам, а Максім пакрыўдзіўся на нас, разбіў машыну, бо вельмі ж любіць хутка ездзіць. Заходзіў Я. Мазалькоў са сваёй жонкай. Максіма зноў паклікалі ў ваенкамат. Чорт ведае што, ні працаваць не даюць, ні ў арміі — служыць. Збіраюся ў дарогу. Перш — у Маскву, потым — у Ленінград, а там — у Фінляндыю на Дні беларускай культуры.
12.Х. Не было калі ўзяцца за блакнот. Прапусціў шмат цікавых дарожных сустрэч і прыгод. Ювяскуля. Візіт у губернатара. Знаёмства з Фінляндыяй пачынаю са слоўніка: харху — мядзведзь, сусі — воўк, кету — лісіца, янос — заяц, ярві — возера, саары — востраў, мойта-ака — баба-яга.
18.Х. Вярнуліся з г. Тампары. Пасялілі нас у гасцініцы «Борэаліс». Мой нумар 311. На прыёме ў нашым пасольстве сустрэў С. I. Прытыцкага. Ён прадставіў членаў нашай дэлегацыі прэзідэнту. Пры гэтым прысутнічаў Ларні, з якім я сустракаўся раней. Прэзідэнт пацікавіўся, ці пасля нашай паездкі я напішу нешта пра Фінляндыю і як праходзяць Дні беларускай культуры. Пры гэтым прысутнічаў і Падгорны, які ўспомніў нашу паездку на «Балтыцы» і сустрэчу ў Нью-Йорку.
19.Х. Развітальны канцэрт і прыём. Позна вярнуліся з пасольства, дзе нас пачаставалі фінскай лазняй. Заўтра прымае нас прэзідэнт.
21.Х. У Маскве сустрэў П. Броўку, які вяртаўся з Цхалтубы. Магчыма, ён тут застанецца на пару месяцаў дзяжурыць у сакратарыяце. Расказваюць, што, будучы ў Саюзе польскіх пісьменнікаў, Суркоў запытаўся:
— Дзе тут можна пісаць?
— Пан можа ўсюды пісаць, — адказаў Івашкевіч, расчыняючы перад ім дзверы свайго кабінета.
22.Х. Відаць, і я спынюся на некалькі дзён у Маскве, бо пачынаецца пленум Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. Пазваню Любашы, можа, і яна вырвецца ў Маскву са свайго дамашняга палону. Маме крыху стала лепш. Расул запрасіў членаў камітэта на наваселле: на Калінінскім праспекце атрымаў кватэру. Нашто яна яму? Закончыў у чарнавым варыянце верш «Фінская лазня», які пачаў быў пісаць у Ювяскулі.
12.XI. Пісьмо ад Р. Дабравольскага. Піша, што «ZAiKS» прысудзіў дзве прэміі: адну — мне за пераклады з польскай літаратуры, другую — В. Міхаліку.
16.XI. Стаяць цёплыя асеннія дні. 3 «Trybuny Ludu» даведаўся аб выключэнні Салжаніцына з Саюза пісьменнікаў. Мне здаецца, у адносінах да яго была дапушчана недаравальная памылка. Цікава, хто з нашых пісьменнікаў быў на сходзе, калі вырашалася, як заўсёды, аднагалосна гэта справа. Відаць, абышліся без удзелу прадстаўнікоў іншых рэспубліканскіх саюзаў.
14.XII. Апошнія цыганскія мае вандроўкі зусім выбілі з рабочага настрою. А зараз зноў збіраюся на сваю першую сесію Вярхоўнага Савета СССР.
У сувязі са смерцю Пейпера, які ў свой час пакінуў значны след у літаратуры, гартаю пажаўцелы ад часу нумар «Zwrotnicy» — бібліі польскіх авангардыстаў.
18.XII. Дачытаў 3. Налкоўскай «Граніцу». Мне падабаецца яе салідная, класічная проза, якой сёння мы развучыліся пісаць. Быў на пахаванні Я.Мазалькова — майго першага рэдактара зборніка на pycкай мове і перакладчыка. Сустрэў Ч. Айтматава. Каааў, што збіраецца прыехаць у Мінск, паглядзець на мемарыяльны Хатынскі комплекс.
19.XIІ. На сесіі Вярхоўнага Савета сустрэў П. Броўку. Нейкі ён мітуслівы і так заняты сваёй хваробай, што аж цяжка аб нечым іншым з ім гаварыць. Быў у Васіля Іванавіча. Непакоіць мяне лёс Карпюка, яхі сваімі непрадуманымі паводзінамі толькі дадамог гродзенскай «апазіцыі» згуртавацца і выключыць сябе з партыі. Адзіная надзея на П. М. Машэрава, што ён паможа вырашыць гэты канфлікт паміж свецкай і духоўнай уладамі.
Вечарам зайшоў Мікалай Аляксандравіч Барысевіч. Раней я рэдка калі з ім сустракаўся. Ведаў толькі, што ён вядомы вучоны, а ён яшчэ — і цікавы субяседнік, які — трэба прызнацца — лепш арыентуецца і ў нашых пісьменніцкіх справах, як мы, гуманітарыі, — у яго.
21.XII. Званіў Язэпу. Мама, дзякуй богу, чуецца крыху лепш. Добра, што з ёю — свой дамашні доктар — Людміла. 3 пленума ЦК пайшоў на жалобны мітынг. Пахавалі П. Глебку на Маскоўскім магільніку. На памінкі не змог пайсці. Паплёўся з валідолам дамоў. Нешта пачынаюць здаваць нервы. А тут і Любаша і Ірына прыхварэлі. Ангіна ці грып.
29.ХІІ. Харошую звестку прынёс Я. Д. Бялугін: генерал-палкоўнік Трацяк задаволіў нашу просьбу аб выдзяленні для палескай школы аўтамашыны. Уяўляю, як будуць рады настаўнікі і вучні. Наведаў маму. Дрэнна спала. Ноччу з носа пайшла кроў, якую ледзь утаймавалі. I ў мяне сёння кардыяграма, як старая з вышчарбленымі зубамі піла.
Позняй ноччу пазваніла Алена Міхайлаўна, што з П. Броўкам нешта трэба рабіць, бо стан яго крытычны, што яго неабходна аперыраваць. I Пятрусь прасіў пазваніць Крукаву. Няўжо ў яго рак? Ён быў перакананы, і аб гэтым гаварылі ўрачы, што ў яго язва страўніка. Аж баюся раскрываць свой дзённік, бо так мала ў ім сацрэалістычнай бадзёрасці.
Заўтра трэба наведаць у лечкамісіі К. Крапіву і М. Лынькова. Прызнацца, калі апошні раз быў у Міхася Ціханавіча, ён мяне не парадаваў. Ляжаў, задыхаючыся. Хаця б не залячылі яго дактары. Ды і ў Кандрата Кандратавіча — справа не весялейшая.
30.XІI. Раніцой забег Ул. Караткевіч. Прынёс некалі пазычаныя 50 рублёў і страшэнна абураны расказаў, што ў выдавецтве зарэзалі яго аповесць і, па дырэктыўнаму загаду, рассыпалі набор. Чорт ведае, што робіцца! Аповесць гэта напісана — як і ўсё, што выходзіць з-пад пяра яе аўтара, — займальна і таленавіта. Розная халтура выдавалася і выдаецца, а творы выдатнага пісьменніка ідуць пад нож. Гэта больш страшная, як ірадава, разня.
А да Крукава не дазваніўся. Хворы. Гаварыў з Ц. Я. Кісялёвым. П. Броўку перавезлі ў хірургічнае аддзяленне.
Заўтра дамовіліся сустрэцца з У. А. Каралём, каб ён дапамог у будаўніцтве нашага Дома пісьменнікаў.
31.XII. Нейкі сумны гэты навагодні вечар. 3 магазіна падпісных выданняў прынёс першы том Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Марудна цягнецца час. Няўжо ніхто не прыйдзе?
Знайшоў у А. С. Пушкіна надзвычай цікавае і глыбокае выказванне аб адносінах чытачоў да паэта: «Разуменні і пачуцці да 18-гадовага паэта яшчэ блізкі кожнаму, маладыя чытачы разумеюць яго і з захапленнем пазнаюць у яго творах свае пачуцці і думкі, выказаныя ясна, жыва і гарманічна. Але ідуць гады — малады паэт сталее, разуменні становяцца вышэйшымі, змяняюцца пачуцці. Ужо не тыя самыя пяе песні. А чытачы — тыя ж і хіба ж астылі ў сэрцы, сталі абыякавымі ў адносінах да паэзіі, жыцця. Паэт пачаў аддзяляцца ад іх і таму становіцца самотным».
Не дзіва, што для многіх сваіх чытачоў сам А. С. Пушкін застаўся толькі пяўцом Руслана і Людмілы.
1970
1.І. Некалькі раз званіў у Маскву. Хацеў павіншаваць П. Броўку з Новым годам, але так і не дазваніўся. Відаць, яго перавялі ў іншую палату. Міхась Ціханавіч — у лечкамісіі. Быў у яго С. І. Прытыцкі. Мароз больш 20 градусаў. I вецер. Уяўляю, што зараз робіцца на палявых нашых пількаўскіх дарогах.
10.І. Раніцай заходзіў М. Бурсэвіч. Даўно мы з ім не бачыліся. Пасядзелі, паўспаміналі былыя годы і прыгоды і нашых супольных сяброў. Не шмат іх ужо засталося.
Чытаю новую аповесць В. Быкава. Вялікае, але цяжкое ўражанне пакідае гэта рэч. Баюся, што яна яшчэ падліе масла ў агонь крытыкі і аўтара і часопіса.
27.І. Прачытаў «Лірычныя эцюды» Э. Межалайціса. Адпісаў яму… Магчыма, паэзіі ўдасца пры дапамозе сінтэзу ўсіх форм дабіцца адзінства свету. «Гэта было б вялікай перамогай над адзіноцтвам і раз’яднанасцю людзей, каторыя нарастаюць з такой жа страшнай хуткасцю, з якой расшыраюцца галактыкі…»
Ледзь адбіўся ад дакучлівых карэспандэнтаў радыё і тэлебачання.
Наведаў маму. Ледзь ходзіць, старэнькая, спрацаваная. Пачуўшы нас, на нейкі міг ажывілася. 3 цяжкім сэрцам пакінуў яе самотную ў асірацелай хаце.
А мароз усё ўбіраецца ў сілу.
4.ІІ. Прыехала Надзя Дабрыян, у якой ад інсульту памёр яе Янка. Пахавалі яго ў Слоніме. Сама яна збіраецца пераехаць да дачкі ў Гомель, бо не можа там жыць, дзе сустрэла яе такое гора. Не стала сярод нас чалавека, аддаўшага ўсе свае маладыя сілы барацьбе за свабоду, з паднятай галавой прайшоўшага праз усе пакуты і выпрабаванні.
Паслаў у Будапешт Сары Карыг свой новы зборнік.
8.ІІ. 3 Бялугіным разгледзелі каля паўсотні заяў з просьбай у Вярхоўны Савет БССР аб аказанні дапамогі. Каторы дзень мардуюся над вершам, які ніяк не ўдаецца закончыць.
Не хацелася б крытыкаваць паважанага аксакала Берды Кербабаева, але вылучаны на Дзяржаўную прэмію СССР яго раман «Цудам народжаны» рэч слабая і, напэўна, на камітэце не пройдзе. I, агулам, самае разумнае было б прысуджаць прэміі не за нейкі адзін твор, а за ўсю творчасць пісьменніка, кампазітара, рэжысёра…
22.ІІ. Усе грыпуем. Памёр Андрэй Малышка. Апошні раз я яго бачыў, калі лячыўся ў санаторыі Конча-Заспа. Хто мог тады знаць, што мы больш не сустрэнемся?
13.ІІІ. Некалькі тыдняў не выходзіў з дому. Чытаў запоем. Касякамі пайшлі ў нас вельмі слабыя творы. Ужо абганяюць нас літоўцы, латышы, эстонцы, грузіны…
Званіла Людміла, што і маму зваліў грып. Вярнуўся Федзя з Пількаўшчыны. Прывёз мёрзлых антонавак і пару слоікаў грыбоў-мачонак.
27.ІІІ. Барвіха. Палата № 80. Лячыцца буду пад апекай доктара С. К. Кісялёва. У вольны час вазьмуся за свой даклад. У палаце чамусьці два тэлефоны. У мяне дома — адзін, і то не маю спакою. Здаецца, Ч. Чаплін не адказваў на тэлефонныя званкі, не любіў сваіх дзяцей, а тым, хто звяртаўся да яго за дапамогай, пасылаў свае фатаграфіі. Гісторыя шмат ведае сярод алімпійцаў розных дзівакоў, п’яніц, наркаманаў, распуснікаў і тыранаў у прыватным жыцці, толькі ці можа гэта засланіць іх велізарны ўклад у развіццё чалавецтва. Знаю, што розныя ханжы выступалі і будуць выступаць за 100% станоўчага героя. Але такіх я сустракаў толькі ў розных халтуршчыкаў. Відаць, важней за ўсё, каб пісьменнік пісаў добрыя творы.
Прачытаў некалькі мудрагелістых крытычных артыкулаў і жахнуўся: як некаторым людзям пашкодзіла асвета пісаць і гаварыць на зразумелай, яснай мове.
30.ІІІ. Завея. Нат не відаць пушкінскіх бесаў. Перамяшаліся і зямля і неба ў вар’яцкай крутаверці. Гаварыў з Мінскам. Любаша казала, што прыходзіў да нас мой былы сябра па КПЗБ, з якім я калісьці сядзеў у адной камеры. Можа, I. Гаралічонак? У 1932 г. ён быў арыштаваны ў Вільні і прайшоў праз усе катоўні дэфензівы. Убачыўшы тады яго, я ўспомніў словы I. Карфантага: «Народ мой… няздольны прынесці другому народу такіх крыўд, якія перажыў ад захопніцкіх дзяржаў».
Дзівак! I яго дзяржава аказалася не лепшай у адносінах да другіх народаў і, асабліва, да нас, беларусаў.
Былі ўрачы. Абследавалі. Абнадзеілі.
1.IV. Ездзіў у Маскву. У Камітэце па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях даведаўся аб аварыі, у якую трапілі С. Пілатовіч, Г. Кісялёў і члены Камітэта, якія ездзілі аглядаць Хатынскі мемарыяльны комплекс.
У гасцініцы сустрэў Я. Брыля, Я. Хелемскага і рэдактара майго двухтомніка — Элькіна.
5.IV. Узяўся за сваю пошту, якую мне прыслалі з Мінска. Сярод часопісаў і пісем — два запрашальныя білеты: на Ленінскі юбілейны вечар і на сесію Вярхоўнага Савета. У «Правде» — велізарны артыкул П. М. Машэрава «Сіла ленінскай ідэйнасці».
6.IV. Рана прачнуўся і пайшоў у лес. Мокра. Золка. Горш такой непагодай начала дакучаць і арытмія. Зноў вярнуўся ў палату і ўзяўся за свой даклад. Думаю больш грунтоўна спыніцца на непрыглядным становішчы з беларускай мовай і на выхаванні моладзі. Ва ўсіх нас балючай стрэмкай у сэрцы сядзіць лёс роднай мовы. Пытанне гэта мяне непакоіць даўно, яшчэ з тых год, калі пачынаў пісаць свае першыя вершы і калі гэтыя вершы ў многіх выклікалі здзіўленне: «Глядзіце, ён піша на беларускай мове!» Відаць, каб на кітайскай — усё было б нармальна.
Бачыў у сне сваю Пількаўшчыну. Бачыў стары з падбітым крылом вятрак, які быццам клікаў мяне на бяседу.
3 «ЛіМа» даведаўся аб смерці маладога нашага паэта Блатуна. Ірынка піша, што яго забілі, аб чым яна чула ад А. Слесарэнкі. А газета, хоць і змяніла фармат, не стала лепшай. Асабліва на нізкім узроўні вядзецца раздзел «Сто радкоў з рэдакцыі».
7.IV. Ноччу разбудзіла навальніца з громам і бліскавіцамі. Другі раз на працягу свайго жыцця бачу нешта падобнае. Доктар змерыў ціск, але нічога не сказаў. Толькі я сам адчуваў, што ўзмацнілася арытмія. Як пасля марафона, кружыцца галава і не хапае паветра.
10.IV. Кусты і дрэвы прыцярушыў снег. Двойчы лясную сцежку перакрэсліў заечы след. Нагрымзоліў нейкі верш «Пад ёлкай у дождж». Трэба будзе пераслаць яго Любашы.
А гэта быль ці легенда пра Пікасо: аднойчы ён спытаў афіцыянтку, як яе зваць. «Марыя Пікасо», — адказала дзяўчына. — «I я», — сказаў мастак. Ён хацеў яе абдарыць, але мала ўзяў грошай. Тады пачаў размалёўваць пальцамі чырвонае віно і попел папяросы па настольніках. Пад вечар Марыя магла купіць сабе дом.
13.ІV. 3 часопіса «Poezja» пераклаў верш С. Чэрніка. Спакушае мяне і Ц. Норвід: «О, Платон… схіліся перад бясконцасцю праўды»…
У галаву лезуць нейкія дзіўныя вершы. Званіў Канавалаў. Прасіў узначаліць беларускую дэлегацыю на выстаўцы кніг у Маскве. Ледзь адмовіўся. І так маё прабыванне ў санаторыі падобна на службу ў пажарнай камандзе.
16.IV. Здаецца, 18-га адкрываецца сесія Вярхоўнага Савета БССР. Званіў Давыд Андрэевіч, каб я абавязкова прыехаў. Так, зноў трэба ехаць у Маскву на юбілейную сесію. Не знаю, ці дацягну да канца гэтага года, бо і конь пры такой тузаніне выцягнуў бы ногі. Мо спусціў хто зверху такую дырэктыву: хай лепш круцяцца гэтыя пісьменнікі, як белкі ў калясе, каб толькі не пісалі. Усім будзе спакайней.
19.IV. Выклікалі ў ЦК на бяседу. Былі С. Пілатовіч, С. Марцалеў. Дасталася мне і ўсяму сакратарыяту за непаладкі ў Гродзенскім аддзяленні СП і за А. Карпюка. Я прасіў не здымаць яго з пасады, якую ён займае. Я яго добра ведаю яшчэ з даваенных год, калі разам з ім удзельнічалі ў баявых дэманстрацыях у Вільні. Гэта — чалавек з нялёгкім характерам, экспансіўны, але энергічны і галоўнае харошы пісьменнік.
У адным з літаратурных аглядаў рэцэнзент піша аб цікавай з’яве, што першае дзесяцігоддзе пасля абвяшчэння незалежнасці Індыі (1947-1957) для літаратуры было бясплодным. Гэта можна заўважыць і ў іншых. Хоць у нас — наадварот. Першае дзесяцігоддзе пасля рэвалюцыі было надзвычай бурным і шчодрым для нашай літаратуры.
23.IV. Пасля сустрэч з выбаршчыкамі Кобрынскай акругі ды розных вечароў і ўрачыстасцяў зноў адправілі мяне на рамонт у Барвіху.
24.IV. Доўга блукаў па лясных сцяжынах. Упершыню гэтай вясной пачуў куванне зязюлі, а за паркам у полі — перасвіст шпакоў. Мне здаецца, каб часцей чуў шум дрэў, галасы птушак, хутчэй бы і я ачуняў.
Чытаю польскія часопісы і літаратурныя тыднёвікі. Чамусьці ў рэвалюцыйныя гадавіны і даты нашы польскія сябры часцей за ўсё друкуюць падборкі вершаў Ахматавай, Мандэльштама, Гумілёва, Пастэрнака, Хлебнікава… Няўжо толькі іх вуснамі пела, стагнала, крычала Рэвалюцыя?
Гаварыў па тэлефоне з Якавам Хелемскім аб сваім новым зборніку вершаў. Вечарам глядзеў фільм «Небяспечныя гастролі». Фільм Адэскай кінастудыі і па-адэску пастаўлены.
27.IV. Усю ноч бяссонніца тармасіла, камячыла маю падушку. Мо на дождж, нейкае замурзанае ўстала сонца, сваім рассеяным святлом азараючы вершаліны сосен.
Быў кансіліум. Прыпісалі новыя таблеткі. Пасля цяжкой аварыі прыехаў падлячыцца С. А. Пілатовіч. Цэлы вечар правялі ў яго 36-й палаце. Цікавіўся ён работай СП, здароўем Пімена, работай рэдакцый, выдавецтваў. Раіў перад з’ездам пісьменнікаў сустрэцца нашаму сакратарыяту з П. М. Машэравым, бо вельмі ў нас шмат сабралася розных нявырашаных спраў.
I.V. Нарэшце — дома. Нат паспеў пабываць на першамайскай дэманстрацыі, адказаць на некалькі пісем. Заходзіў даўні сябра па радашкоўскай гімназіі — Буркевіч. Просіць памагчы. Сын кінуў вучобу і паехаў на Поўнач. А як магу яму памагчы ў гэтым сямейным канфлікце?
Думаў закончыць учора пачаты верш, але сёння ён здаўся нецікавым, і я яго закрэсліў. Пакуль што я больш ведаю аб сваіх няўдачах, як мае крытыкі. Бо ў недасягальнай далечыні бачу іншы вобраз паэзіі.
19.V. У другой палове дня прыехаў у Кобрын. Вясна сёлета дажджлівая. На палях куды ні глянь — вада. Ля самай дарогі на тэлефонных правадах бусел пабудаваў гняздо, з якога, як з вышкі, аглядае свае аколіцы. У райкоме ўжо непакоіліся, ці паспею прыехаць у час і выступіць перад выбаршчыкамі аўтарамонтнага завода, інструментальнага завода і пашывачнай фабрыкі. Адзін з прамоўцаў на сходзе зблытаў мяне з I. Шамякіным: «Хто яго ў нас не ведае». Трэба будзе расказаць Івану Пятровічу, які ён тут папулярны.
20.V. На пяць дзён разлічана праграма маіх сустрэч з выбаршчыкамі. Цяжкавата будзе яе выканаць з маёй хранічнай арытміяй. Але кожная з гэтых сустрэч пакідае незабыўнае ўражанне. Хоць, вядома, такая гастрольная і ў нейкай меры парадная паездка не дае глыбей заглянуць у надзённыя клопаты і справы. Аб гэтым толькі можна меркаваць па наказах кандыдату і па шматлікіх запісках і просьбах калгаснікаў, рабочых, інтэлігенцыі.
I так, буду: у Бярозе на ГРЭС, у Пружанах, у Ружанах, у Жабінцы, у шматлікіх калгасах і ваенных часцях. I, відаць, яшчэ на пару дзён спынюся ў Брэсце.
28.V. Сустракалі балгарскіх пісьменнікаў. А тут усё наша кіраўніцтва ў раз’ездах. I. Шамякін у ГДР, Я. Брыль — у Казахстане на юбілеі С. Муканава, I. Мележ — хворы, ды і я ледзь трымаюся на нагах.
13.VI. Ездзіў з Ірынкай на аэрадром сустракаць Любашу. Самалёт, сказалі, спазняецца. Відаць, усяму вінавата нешчаслівая лічба — 13. Пазваніў у дзверы нейкі п’яны, каб даў яму чатыры рублі на гарэлку. Заходзіў А. Куляшоў. Раіліся, які падарунак завезці А. Твардоўскаму, якому 21-га спаўняецца 60 год. Помню, аднойчы — гэта было ў Маскве пасля сабрання партактыву, я зайшоў у гасцініцы да А. Куляшова. За сталом сядзела некалькі маскоўскіх пісьменнікаў, сярод якіх быў і Твардоўскі.
— Ну расказвай, што там было? — спытаў ён мяне.
— Нічога цікавага, адказаў я. — Добра што вы лепш выкарысталі гэты час.
I я пачаў пералічваць, хто выступаў на партактыве. Пры прозвішчы А. Карнейчука ён дадаў:
— Ну, гэтаму царадворцу заўсёды было і будзе добра.
26.ІХ. Быў на святкаванні 50-годдзя камсамола Беларусі. Стандартнымі і нуднымі ўжо сталі падобныя ўрачыстасці. Ужо больш цікава пабыць на нейкіх сямейных, без прэзідыумаў, дакладаў і віншаванняў, спісаных з папярэдніх прамоўцаў. Вось заўтра будзем адзначаць дзень нараджэння Любашы. Нат не ведаем, хто прыйдзе, бо спецыяльна запрашаць нікога не запрашалі.
Гартаю вершы ў нашых часопісах. Няўжо, сапраўды, пагражае паэзіі смерць, аб чым пісалі Маор, Норвід, Гарасымовіч?..
28.ІХ. Заходзіў Ян Гушча. Хоча з’ездзіць у Вільнюс. Магчыма, і я і А. Лойка разам паедзем у гэту Меку, каб толькі не сапсулася дарога, бо ўжо каторы дзень марасіць сцюдзёны дождж. А на полі яшчэ амаль уся бульба, усе буракі і гародніна.
1.Х. Быў на Нарачы. Як заўсёды, Міхася Ціханавіча застаў ля яго любімага вогнішча. Сёлета ўпершыню мы з ім так і не парыбачылі. Чуецца ён крыху лешп, хоць тэмпература чамусьці не спадае ніжэй 37 градусаў. Забраў са складзіка слоікі з агуркамі, з грыбамі. Не зважаючы на бездарожжа, дабраўся і да сваёй Пількаўшчыны. Мама стрэла на ганку. Час ад часу не забывае яе наведаць і галоўурач А. Бажанава. Абышоў я асірацелы свой хутарок. Заглянуў у пуню. Аж галава закружылася ад паху свежага сена, ад успамінаў. Усё напамінае бацьку: і плуг пад страхой гумна, і каса — над свірнам, і маткі лазы на лапці, і сякера — на дрывотні, і старыя вуллі — у садзе. I нейкі боль сціснуў сэрца. Бо ўжо і мама апошняй свечкай дагарае на гэтай святой для мяне сялібе.
Федзя паправіў вароты, напілаваў на зіму дроў. Хадзіў на кабаноў, але нічога не ўпаляваў. Забіў толькі некалькі адзічэлых катоў, якія знішчаюць птушак і маладых зайцаў.
8.Х. Па камандзіроўцы Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях прыляцеў у Тбілісі. Усіх нас, членаў Камітэта на чале з Ю. I. Васільевым, размясцілі ў гасцініцы «Іверыя». 3 акна майго нумара — цудоўны від на набярэжную і на горад. Толькі няма калі ўсім гэтым любавацца, бо мы адразу трапілі ў абдымкі гасцінных гаспадароў, і ўсё пайшло па грузінскаму распісанню. Пачалося ўсё з лукулаўскай вячэры ў выдатнага мастака і майстра чаканкі 3. Цэрэтэлі, дзе сустрэліся з вядомым кампазітарам і сапраўдным міністрам культуры Грузіі, абаяльным Тактакішвілі. Больш за ўсё я баяўся, каб не звалілі нас шчодрыя тосты. Але, дзякуй богу, тамада знаў меру і ў меру карыстаўся сваімі дыктатарскімі паўнамоцтвамі.
9.Х. Едзем знаёміцца з Грузіяй, з яе старажытнымі замкамі, саборамі, незлічонымі помнікамі і сучаснымі пасёлкамі, гарадамі. А самае незабыўнае ўражанне — ад наведання Алаверды, дзе незнаёмыя нам людзі запрашалі нас да сваіх начлежных вогнішч, азараючых велічныя руіны храма, частавалі нас віном і ўсім тым, чым багаты іх дом Грузія. Ярка свяціў месяц. I калі мы вярталіся і наша дарога ўздымалася ўвысь, здавалася, што мы проста едзем на серабрысты спутнік нашай зямлі.
10.Х. Цёплы, сонечны дзень. Едзем у Горы. Я за гэтыя два дні зусім агрузініўся. Неспадзявана ў нейкай прыдарожнай шашлычні сустрэў А. Бэка і I. Нонешвілі. 3 жалем думаю, як нам, беларусам, не хапае нацыянальнай годнасці і самасвядомасці. Кажуць, гісторыя вучыць. Відаць, мы былі самымі адсталымі вучнямі, бо да гэтага часу нічому не навучыліся.
Вечарам ад Ігара Іванавіча даведаўся аб прысуджэнні Салжаніцыну Нобелеўскай прэміі. Перад гэтым ён быў вылучаны на Ленінскую прэмію, але супроць яго кандыдатуры выступалі А. Пракоф’еў, нехта з масквічоў, у тым ліку і нашы члены Камітэта, якія потым хваліліся, якімі яны аказаліся прынцыповымі і дальназоркімі.
11.Х. Зноў у Маскве. Бачыў А. Куляшова. Ён жыве ў нумары 917. Дамовіліся вечарам сустрэцца. Сазваніўся з Мінскам. Гэтымі днямі прыйшла тэлеграма з Ленінграда: памёр Павел Сямёнавіч Кабзарэўскі — наш літаратурны пастпрэд і перакладчык многіх твораў беларускай літаратуры.
А на Камітэце, па патрабаванню кіраўніцтва рэспублікі, кандыдатура Друцэ была знята з абмеркавання. Вось чаму перапалоханы Варанкоў пытаўся ў мяне: «Ты выступаў і падтрымліваў яго?»
Незадаволены ўкраінскія сябры — казаў А. Куляшоў — нашай слабой падрыхтоўкай да юбілею Л. Украінкі. А гэта дарма. Зараз юбілейная камісія распрацоўвае праграму вечара, які адбудзецца ў тэатры і на які іх запросім. А да гэтага будуць яшчэ і радыёперадачы і тэлеперадачы, прысвечаныя ёй.
Быў на канцэрце «Летувы», на які ледзь не спазніўся, бо думаў, што ён адбудзецца ў Кансерваторыі, а не ў зале Чайкоўскага. Выратаваў мяне «запас часу»» які заўсёды я выдзяляю, калі куды збіраюся ісці. А канцэрт і афармленне яго мне вельмі спадабаліся. Проста парадаваўся за нашых суседзяў.
14.Х. Пахаладала. Вечарам з іншымі членамі Камітэта еду ў Ленінград глядзець у тэатры Кірава «Гаранку». А я зноў недзе прастыў. Ломіць сярэдзіну. Ледзь абуўся.
Многіх членаў Камітэта ўзбударажыла гісторыя з Друцэ. Кніга яго выдатная. I аўтар яе быў бясспрэчным кандыдатам на прэмію. Агулам, апошнія гады Ў Малдавіі, чуваць, усё больш разгараецца канфлікт паміж кіраўніцтвам рэспублікі і інтэлігенцыяй.
15.Х. Ленінград. Пасялілі нас у «Асторыі». Разам са мной — В. I. Касіян. Сустрэў Л. Ашаніна. Нешта індычынае ёсць у яго характары. Званіў А. Пракоф’еву — не застаў дома. Паказалі нам новую, на беразе Нявы, насупраць «Аўроры», гасцініцу «Ленінград» і анікушынскі помнік У. I. Леніну, помнік, які выклікаў у мяне больш пытанняў, як захаплення. Сёння вяртаемся ў Маскву. Еду ў адным куш з А. Х. Хаджаевым. За акном мігцяць пярэстыя палі, дзе — снег, дзе — зеляніна.
23.Х. Толькі што вярнуўся з камандзіроўкі. Званіў Пімену — хворы. Янка расказаў пра сваю паездку ў Польшчу. Відаць, трэба будзе і мне ехаць у Варшаву за сваёй ЗАіКСаўскай прэміяй.
24.Х. Субота. Усю ноч ішоў снег. Хаця б не устанавілася зіма, бо шмат яшчэ засталося на полі бульбы, буракоў, капусты. Трэба пазваніць Людміле і даведацца, калі мама і Федзя прыязджаюць з Пількаўшчыны.
Са старых, калісьці запісаных прыказак: «Свату — першая чарка або — першая палка», «Ці мора пагана, што ў ім сабака пляскаўся?».
Ад Янкі Брыля даведаўся аб смерці Ю. Пшыбася. Гэта — вялікая страта не толькі для польскай паэзіі. Апошні раз мы з ім бачыліся ў Мінску. Разам ездзілі ў Вільнюс. Праўда, надвор’е было такое дрэннае, што мы нат не пабывалі ні ў Закрэце, ні на Росах, ні на Зялёных азёрах. Шмат ён расказваў аб становішчы ў сучаснай польскай паэзіі. «Зараз у нас так дрэнна, што горш не можа быць. Можа быць толькі лепш».
Усю дарогу тады чамусьці не пакідала мяне мелодыя малдаўскай песні «Ліст зялёны вербалозы!»:
Лянушка моя.
На лице твоем две розы,
Лянушка моя.
А снег усё ідзе і ідзе. Вечарам забег да мяне В. Каладзій, які прыехаў у Мінск з нейкай турысцкай групай. Паказаў мне вёрстку свайго новага зборніка, у якім змешчана ў яго перакладзе некалькі і маіх вершаў.
25.Х. Выйшлі ўспаміны Полі Негры, якая зараз жыве ў ЗША. Калісьці гэта кіназорка мела незлічоных паклоннікаў. Помню яе фільмы «Вочы муміі» і «Кармэн». У кіно не было дзе сесці, і я стоячы іх прагледзеў.
Трэба было б сустрэцца з Піменам. Ён — адзін з нямногіх, хто разбіраецца ў паэзіі. Зараз у нас моднай стала мадэрнізацыя фальклора рознымі халтуршчыкамі, у выніку чаго ад народнасці і нацыянальных традыцый амаль нічога не застаецца. 3 абурэннем аб гэтым гаворыць i Р. Р. Шырма.
Усё збіраюся навесці нейкі лад у сваіх паперах. Сёння выкінуў цэлы жмут спарахнелых ад часу фатаграфій, якіх ужо нельга было рэстаўрыраваць. На адной я быў зняты з Е. Вайнтраўбам, каля славутай варшаўскай кавярні «Земянска», на другой, здаецца, з I. Гінько — на Кракаўскім Прадмесці, на трэцяй — з I. Каросасам у Гдыні. А сярод іх — да непазнання зацёртыя часам і сырасцю фатаграфіі многіх сяброў і знаёмых.
27.Х. 3 Кіева В. I. Касіян прыслаў некалькі сваіх цудоўна выкананых эстампаў. Развесіў іх. Аж пасвятлела ў пакоі, хоць за акном — шэрае, зацягненае хмарамі неба і няспынна ідзе дождж.
Быў у 63-й СШ на сустрэчы з вучнямі. Заўтра пасяджэнне рэдкалегіі «Полымя». Нейкая нарада ў Вярхоўным Савеце БССР, ды трэба падрыхтавацца (званілі з ЦК) да выступлення на адкрыцці Дзён фінскай культуры. Атрымаў дыплом «За заслугі ў галіне перакладаў з польскай літаратуры», кнігу нарысаў «3-пад коскі» Е. Вышамірскага і зборнік пана Яна Гушчы «Старая паільня».
Недзе згубіў свой паходны слоўнік, у які запісваў рэдкія, яшчэ не апрабіраваныя лінгвістамі словы, але якія жывуць у народзе. Калісьці Вальтэр пісаў, што простанароддзе ў галіне мовы вядзе за сабой высакародныя элементы народа, як і ў іншых важнейшых звычаях.
Несціхана гучыць праспект. Гараць рэкламныя надпісы: «Тэатральная каса», «Центральны», «Адзенне мужчынскае»…
Трэба заўтра сустрэцца з А. Шаўнёй і папрасіць яго перакласці для «Полымя» некалькі вершаў А Севярыні.
Званіў А. Куляшоў. Казаў, што раздабыў звесткі пра аўтара «Тараса на Парнасе». Баюся, што гэта — такая ж чарговая сенсацыя, як і нашумеўшае ў свой час адкрыццё I. Гутаравым невядомай часткі пушкінскага «Яўгенія Анегіна».
28.Х. А. Ліс хоча зрабіць некалькі здымкаў для газеты. Збіраюся на прыём да С. В. Марцалева. Трэба, каб памог ён падшукаць нейкую працу для А. Карпюка. Б. Клейн піша, што зараз у Аляксея Нічыпаравіча надзвычай цяжкое становішча: нідзе нічога не друкуюць, хворая жонка, дзеці.
Ад С. I. Прытыцкага запісаў прывезеную ім з Азербайджана народную пагаворку:
Калі скажуць, што Ахмет захварэў
Не верце гэтаму,
Калі скажуць, што Ахмет памірае
Не верце гэтаму,
Калі скажуць, што Ахмет памёр —
Не верце гэтаму, —
Вось, калі скажуць, што Ахмета
Забылі сябры,
Ён , значыць, памёр.
Любаша чытае Максімку на сон нейкую казку. На стале дацвітаюць кветкі, якія мне падарылі пры сустрэчы ў 63-й школе. На дварэ шалее завея. Поўнач. «Hi на якім гадзінніку, — пісаў Е. Лец, не ўбачыш стрэлак для жыцця». Узяў зборнік Лехоня. Цікавы паэт. Збіраўся вярнуцца ў Польшчу, а жыццё трагічна закончыў у ЗША, выкінуўшыся з 12-га паверха гасцініцы «Гудзон».
30.Х. Не магу супакоіцца: вырасцілі сёлета добры ўраджай бульбы, буракоў, усё пайшло пад снег, усё змарнавалі.
Званіў з Гродна Мікуловіч. Казаў, што А. Карпюку прапанавалі некалькі розных пасад, але ён марудзіць з выбарам. С. В. Марцалеў угаворвае мяне паехаць на пленум СП у Маскву, але ён, відаць, забыў, што я павінен сустракаць у Мінску ўрадавую дэлегацыю з ГДР. Не ведаю, хто паедзе ад нас, бо ўсе то занятыя, то хворыя.
Доўга не мог заснуць. Перагартаў нейкі стары без вокладкі зборнік малітвенных і меланхалічных вершаў. Mo В. Дабачэўскай? Потым Е. Вышамірскага «Асабістыя фельетоны», дзе стрэў цікавую думку Эпікура: «Пакуль я жывы, няма смерці, а калі смерць з’яўляецца, мяне ўжо няма».
Быў у Міхася Лынькова. Трэба часцей наведваць яго, а то ён замкнуўся ў сабе, нат дактароў не выклікае. Учасціліся ў яго сардэчныя прыступы. П'е нейкія лекі, бярэ валідол, нітрагліцэрын… Класціся ў бальніцу не хоча. А да ўсяго — курыць і курыць.
31.Х. Усе польскія газеты запоўнены ўспамінамі аб Ю. Пшыбасю. К. Гансяроўскі лічыць, што гэта самы выдатны паэт пасля Ц. Норвіда, што «гэта найцяжэйшая смерць у польскай літаратуры».
3 Восава прыехала настаўніца Валуева Ніна Антонаўна (сястра Валі Грузд). Сядзіць у нас і плача. Адпрацавала 25 год, а зараз — звольнілі. А прычынай паслужыла тое, што муж яе калісьці ўмяшаўся ў калгасныя справы і дапамог раскрыць злачынства былога старшыні калгаса, якога падтрымлівалі ў раёне. Колькі ў мяне падобных дэпутацкіх спраў! I амаль на ўсе атрымліваю ад мясцовых улад стандартны адказ, што мяне няправільна інфармавалі.
Вярнуўся Федзя з Пількаўшчыны. Казаў, падрыхтаваў сад да зімы, ацяпліў пчаліныя вуллі. У самога толькі — поўны разлад у сям’і. Мінулі выхадныя дні, а я так і не браўся за свае вершы. I як тут не пазайздросціць Э. Хэмінгуэю, словы якога прыводзіць у сваім артыкуле Кежун: «Я ніколі не раблю таго, што перашкаджае мне ў 6 г. раніцы ўзяцца за работу».
1.XI. Няспынна марасіць дождж. Колькі было ў маім жыцці такіх слот! I я часта думаю не толькі аб падарожных, якіх застала непагода ў дарозе, але і аб дрэвах, птушках, звярах i аб самой зямлі, бо і ёй сцюдзёна.
Знаёмлюся з творамі, вылучанымі на нашы рэспубліканскія прэміі. Агулам, цяжка даць аб’ектыўную ацэнку творам мастацтва. Нават калі б у Камітэце засядалі такія геніі, як Шэкспір, Гётэ, Талстой, Дастаеўскі, Герцэн, Някрасаў, Чэхаў, Горкі… Забалаціравалі б адзін аднаго і перасварыліся б.
А гэта — са старых блакнотаў: аднойчы крывіцкі ксёндз не мог са сваёй брычкай выбрацца з балота. Паклікаў сялян, але і тыя не маглі яго выцягнуць. «Чаму вы такія слабыя?» — спытаўся вялебны. — «Цяпер жа вялікі пост», — адказалі тыя. — «Ну дык вось,— паабяцаў ксёндз, — калі выцягнеце — скарачу вам пост на пару тыдняў і адпушчу ўсе грахі».
А гэта пачатак нейкай казкі: пайшоў і прывёў за сабой ручай да самай хаты…
I некалькі загадак, запісаных яшчэ падчас маіх вандровак:
Як родзіцца — у дудачку грае,
Як вырасце — зямлю капае,
А як памрэ, дык у танец ідзе
I ўсё не гуляе.
(Вол)
Крыкнуў вол на сто сёл,
На сто міль, на ўвесь мір.
(Гром)
Знайшла мяне маці,
Згубіла мяне маці,
Паднялі мяне людзі,
Панеслі на торг таргаваці.
Адрэзалі мне галаву.
Стала я піць
I яўна гаварыць.
(Гусінае пяро)
Белая карова
Чорную палажыла,
А чорная трысцё пакасіла.
(Дзень, ноч і паснуўшыя людзі)
Сядзіць пані ў бары
У чырвоным каптуры:
Хто ідзе — паклоніцца.
(Суніца)
Воўк жалезны, хвост канапляны.
(Іголка)
Век дажывалі
I адзін другога не дагналі.
(Калёсы)
Цыганка-паганка
Па золаце скачыць.
(Качарга)
Нарадзіўся прарок з-пад белага камня.
Стаў прарок праракаць —
Сталі людзі з мёртвых уставаць.
(Певень)
Праз бруха — дарога,
Між ног — трывога,
Над дзіркай — вяселле.
(Скрыпка)
А дождж усё імгліць. Узяўся за пераклады. Шкада, што іх нельга дапоўніць музыкай, гучаннем твораў на іх арыгінальнай мове. Недзе чытаў — аж цяжка паверыць, што «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча мае рэкордную колькасць — аж сорак перакладаў на нямецкай мове.
Званіла В. Хацкевіч. Звольнілі яе ў сувязі са скарачэннем штатаў. Не ведаю, як ёй памагчы знайсці нейкую работу.
Арабы ганарацца, што мова «Карана» налічвае пяць мільёнаў слоў, тады, калі ніводная з еўрапейскіх моў не мае больш як трыста тысяч. Цікава — піша 3. Залускі, што на такой багатай мове «зямля», «маці», «радзіма» называюцца адным словам «зімм».
Званілі з Масквы. Назначаецца паездка ў Англію. У польскім тыднёвіку «Культура» надрукаваны мой верш «Джаконда», перакладзены Ул. Блятанам-Сегалем. Але ад таго, што прозвішча перакладчыка стала даўжэйшым, пераклады яго нічога не выйгралі.
Паступіў заказ ад Р. Барадуліна: напісаць нешта да з’езда партыі. Прызнацца, настрой такі ж паганы, як і надвор’е. Разачараваўся ў нашых газетных перадавіцах, статыстычных зводках, як і ў прагнозах пагоды. Успомніў, што даўно не прычашчаўся ў Ясеніна.
7.ХІ. Учора быў на ўрачыстым вечары і ў СП. На парад не пайшоў, бо перад гэтым прастыў. Лячуся рознымі зёлкамі. На абедзе былі Федзя з дзяўчатамі. Заўтра трэба будзе наведаць нашых хлопцаў Алешку, Асіпенку, Герцовіча.., якія сустракаюць Кастрычніцкае свята ў лечкамісіі. Па радыё злавіў знаёмую мелодыю з аперэты «Роз Мары», якую з захапленнем слухаў яшчэ ў віленскім тэатры «Лютня».
8.ХІ. Была Люся. Прасіла памагчы абмяняць ёй кватэру, бо тая, у якой жыве, зусім непрыгодная да жыцця, такое ж становішча і ў Алешкі. А. Пракоф'ев прыслаў свой новы зборнік і паштоўку, нагрымзоленую няпэўнай рукой, што ледзь прачытаў. Прыйшлі пісьмы ад Новік, Ражко, Жалезняковіча… Думаем набыць тэлевізар, хоць Любаша не раіць, бо гэта такі марнатраўца часу для ўсіх і, асабліва, для дзяцей.
9.ХІ. Прачытаў А. Стэрна пра радаслоўную Апалінэра, пра тое, што ён з’яўляецца пабочным сынам Напалеона. Мне здаецца, што Стэрн сам выдумаў гэту легенду, а сябры яе падхапілі. Шкада, што пры жыцці аўтара не ўдалося мне з ім пагаварыць на гэту тэму.
Цэлы дзень прахадзіў па розных установах і дэпутацкіх справах. А ў СП — няспынныя канфлікты, сваркі. На вялікі жаль, ёсць у нас людзі больш зацікаўленыя не творчымі клопатамі, а сваімі групавымі страсцямі-мардасцямі. I хоць я гэта прадбачыў, але зараз не магу сабе дараваць, што паслухаў сваіх сяброў і згадзіўся пайсці на работу ў апараце СП, ад якога зараз самі яны памалу, пад рознымі прычынамі, стараюцца вызваліцца. Дорага будзе мне каштаваць гэта мая памылка. Баюся, што каб да маёй арытміі сэрца не далучылася і арытмія творчасці.
Засталося пару гадзін да поўначы. Трэба хоць заглянуць у газеты. Хоць пісьменнікі ніколі не былі добрымі палітыкамі, але неабходна хоць больш-менш арыентавацца ў тым, што робіцца на свеце.
10.ХІ. Упадаю ў нейкі нігілізм: не падабаецца і тое, што сам пішу, і тое, што пішуць нашы паэты. Ніяк не магу натрапіць на сапраўдную залатаносную жылу, усё перакопваю перапрацаваную руду. Узяўся за Р. Бачынскага, якога ў нас амаль ніхто не знае і не перакладаў. Запісваю падрадкоўнік:
Выньце з воч маіх шкло болю —
Вобраз дзён, што чарапамі
Засцілае поле бітвы.
Забярыце час крывавы.
Плашчом рэк прыкрыйце трупы.
Бітваў пыл з валос сатрыце —
Тых гадоў суровых пыл.
12.XI. Позняй ноччу прыйшла мая аднасяльчанка Янька, якая зараз працуе ў рэстаране «Мінск», каб я памог ёй атрымаць кватэру. Жыве яна адна ў нейкай халупе, якая кожны дзень можа разваліцца. А як ёй памагчы?
Званіў А. Кулакоўскі, як парторг, занепакоены, што А. Куляшоў, М. Лужанін, А. Макаёнак п’юць. Агітаваў, каб мы, сакратары СП, паўплывалі на іх, бо яго не слухаюць. Ну і дзівак! Узяўся каго выхоўваць. Сёння А. Макаёнка ўзнагародзілі ордэнам. Трэба будзе павіншаваць, а зараз, як казаў легендарны Сабала: «Пара мядзведзю спаць».
13.Х1. Слухаю ашанінскую песню: «Калі б хлопцы ўсёй зямлі…». Але ж аб гэтым калісьці пісаў «кароль паэтаў» Поль Фор: «Калі б усе хлопцы на свеце захацелі падаць свае далоні»…
Нейкі пан 3. Фіяс піша: «Закуткі Беласточчыны, дзе пачынаецца пейзаж літоўскі», відаць не ведае, што амаль уся Беласточчына мяжуе з Беларуссю.
Трэба сказаць, аб слабым «веданні» геаграфіі сведчаць многія творы сучасных польскіх пісьменнікаў.
«На восень схаваныя трымаю шлемы збройныя і Літву,
У якой лес над Свіцяззю шуміць цёмны і чужы»
С. Горак
«Жыхары Смургоні — невялічкага мястэчка на Літоўскай Беларусі, каля Мінска… Звесткі аб вучобе літоўскіх мядзведзяў дайшлі да яго праз Англію».
П. Вітт
«Заўсёды ў гэтым голасе нота рускай гордасці,
Літоўскі подых дзяцінства — мой замак абаронны».
В. Драздоўскі (родам з Палесся)
Суцін «прыкрыўся камянём, а хацеў абрусам сурова і груба тканай коўдрай літоўскага крайабразу».
Пырчак
К. Іллаковіч піша ў сваіх успамінах, што там, «дзе жыла ў дзяцінстве на вёсцы ў Інфлянтах, шмат было беларусаў, так што гэты народ для мяне найбліжэйшы. I нянька была беларускай. Я літвінка. Шкада толькі, што не знаю літоўскай мовы».
Ніхто ж у нас не піша, што многія польскія дзеячы культуры нарадзіліся ў Прывісленскім краі.
Прыходзіла ў СП дачка Валкадаева. Скардзілася, што бацька тэрарызуе сям’ю, п’е, завёў каханку. Вось тут і разбірайся! Многія прапаведнікі справядлівасці, маралі не жывуць па сваёй праграме. Хтось мне расказваў, што на заўвагу сакратара ЦК Дагестана, калі Расул Гамзатаў не кіне распутнічаць, яго не вылучаць кандыдатам у дэпутаты, той адказаў, што народ не зразумее сваіх кіраўнікоў, бо аб заганных паводзінах паэта знаюць толькі яны ды міліцыя.
У «ЛіМе» цудоўныя семяжонаўскія пераклады А. Тарціайнена і Э. Сінервы:
Мора стогне: «Дзе ты, дзе,
Ліесі маладая?
Толькі лодка на вадзе,
А вада — нямая».
14.XI. Пераклаў верш А. Сланімскага «Саскі парк». «Полымя» надрукавала выдатную аповесць В. Быкава «Сотнікаў», у якой няма герояў у старым, шаблонным разуменні, але ёсць жывыя людзі, якія нясуць у сабе праўду і за яе змагаюцца.
Чытаю Сартра, на якога часта спасылаюцца нашы крытыкі і літаратуразнаўцы. У «Твурчосці» цікавая анатацыя пра Гофмана — аўтара «Германія, Германія», равесніка Міцкевіча, Гейнэ, Пушкіна, які быў прагрэсіўным паэтам, за што прускі ўрад яго праследаваў. А песняй сваёй ён заклікаў немцаў да аб’яднання. Гэта потым імперыялісты зрабілі яе сваім гімнам.
На вуліцы К. Маркса праз адчыненую фортку чулася мелодыя старога шлягера «Ціціна». Горад быў разбураны, а вось такая патэфонная пласцінка ацалела.
Прыехаў з Пількаўшчыны былы партызан — В. Глінскі са сваёй бядой: сын за забойства асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Зараз — на абследаванні ў бальніцы.
15.XI. Перакладаю А. Сланімскага. Прыемна адчуваць, як непадатлівы матэрыял пачынае прымаць новую і адначасна адэкватную форму. Пераклад нагадвае лоўлю джына, якога ты неасцярожна выпусціў з бутэлькі, а потым стараешся загнаць назад.
Заходзіў А. Ліс са сваім другам — фатографам Зянонам. Вельмі цікавыя хлопцы. Была яшчэ Марыя Кацялеўская, якая прывезла мне з Варшавы пісьмо ад Л. Брадоўскага — аўтара манаграфіі пра Г. Дэмбінскага, які піша, што варта было б у нас адзначыць трыццацігоддзе з дня трагічнай смерці (12.VII.1971 г.) гэтага вядомага літаратара, палітычнага дзеяча і змагара за нашу і вашу вольнасць. Ён быў расстраляны фашыстамі ў Ганцавічах. Цікава, што АК не ведала аб гэтым і праз год пасля смерці Г. Дэмбінскага вынесла яму паўторна свой смяротны прыгавор.
Сёння ўнук Максім скардзіўся бабулі: «Як падрасту, не буду хадзіць у дзіцячы сад. А то мне так цяжка жыць…».
16.ХІ. Перадаў у мастацкі фонд свой партрэт, напісаны П. Сергіевічам. Нешта даўно не бачыў Пімена. Мо зноў захандрыў і ўпаў у «вальтшмерц». А Аркадзь, як заўсёды, заняты сваім бізнесам. Аб ім можна сказаць словамі Хэмінгуэя, што ён мае добры нюх.
Варты ўвагі факт, пра які піша Чарльз Чаплін, што на конкурсе пераймальнікаў ігры Чарлі Чапліна бацька яго атрымаў трэцюю прэмію і вельмі быў пакрыўджаны рашэннем журы.
17.XI. Быў на пленуме ЦК КПБ. Аж галава разбалелася ад выступленняў. А дома — на ўвесь голас раве радыё, потым падключылі тэлевізар, шум, гам.
Цікава, колькі званняў можа быць у аднаго чалавека? Вільгельм III быў каралём Галандыі і адначасна Вільгельмам I у Ірландыі, III — у Шатландыі, III — у Англіі, Вільгельмам IV у Нармандыі.
А гэта радок з Д. Томаса: «Сто буслоў крычыць у правай руцэ сонца!»
Ездзілі з Любашай ускласці кветкі на магілы Я. Купалы і Я. Коласа. Мне здаецца, вельмі ўдалыя пастаўлены ім помнікі, якія б маглі ўкрасіць любую плошчу Мінска. Шмат было людзей на магільніку, хоць надвор’е сырое, прамерзлае, грыпознае, — відаць, многім перашкодзіла прыйсці на гэты святы Акропаль.
18.XI. Здаецца, Т. Ман гаварыў, што пісьменнік — чалавек, якому пісанне даецца з вялікімі цяжкасцямі. У гэтым — з гадамі — я ўсё больш і больш пераконваюся. Каторы дзень ніяк не магу закончыць адзін са сваіх вершаў. Праўда, пасля чарговай галавамыйкі ў ЦК за ўспаміны Мікуліча («Хто іх даў А. Макаёнку?»), які можа быць творчы настрой? А дзённікі Mікуліча вельмі цікавыя. Піша ён аб літаратуры, пра свае сустрэчы з многімі пісьменнікамі, не абыходзячы і тых, хто прычыніўся да яго трагічнага лёсу.
20.ХІ. Быў на ўрачыстым юбілейным вечары, прысвечаным 50-годдзю тэатра імя Я. Купалы, і на прыеме. Наслухаўся і цвярозых і п’яных прамоў і тостаў.
Любаша казала, што званіў з ЦК В. Крукаў, прасіў перадаць. каб я рыхтаваўся да паездкі ў складзе беларускай урадавай дэлегацыі на 50-годдзе Арменіі і яе Кампартыі.
У кнігарні купіў некалькі зборнікаў польскай паэзіі, у тым ліку Ю. Тувіма, хоць да апошняга начынаю адносіцца не з такім энтузіязмам, як раней. Цяжкавата чытаць нават яго «Квяты польске».
21.XI. Зноў едуць нейкія маскоўскія і замежныя госці. Некаторыя з іх сталі горшымі тарбахватамі, як татарскія ці ханскія збіральнікі ясыру. А мы тут сустракаем іх з хлебам-соллю, арганізуем прыёмы, вечары. I калі ўжо мы пазбавімся свайго засцянковага комплексу непаўнацэннасці?
3 захапленнем перачытваю М. Гарэцкага «Віленскіх камунараў» і «Камароўскую хроніку». Мне ўсё больш падабаецца наша проза. Пачынае непакоіць паэзія. Спадзяваліся на маладзейшых, але іх амбіцыі часцей за ўсё канчаюцца на рэдакцыйных і выдавецкіх парогах. Паглядзім, што прынясе новае папаўненне.
Дакранулася да вас, як матыль агрэтай.
Выбачайце.
Зусім я не хацела.
Вы, быццам касач, палкі і загарэлы.
Нат забылася,
Што я — кабета.
(М. Паўлікоўская-Яснажэўская)
Радыё перадавала, што амерыканцы зноў бамбілі Паўночны В’етнам.
23.ХІ. Цэлы дзень правёў у СП. Партбюро. Пасяджэнне камісіі па Дзяржаўных прэміях. Вечар, прысвечаны 60-годдзю А. Міронава.
А гэта з дарожнага блакнота: прыйшло шчасце — будзь пільным, прыйшло гора — будзь стойкім. Рана не ўстаў — згубіў дзень, у дзяцінстве не вучыўся — згубіў жыццё.
Гаварыў па тэлефоне з рэдактарам майго двухтомніка В. Элькіным. Прапануе некаторыя слабейшыя вершы скараціць. Відаць, слушная прапанова, з якой нельга не згадзіцца.
Памёр Я. Цікоцкі. Нейкі час пасля вайны жылі мы ў адным доме, часта сустракаліся. Арыгінальны і таленавіты кампазітар. Хоць опера «Дзяўчына з Палесся», акрамя некалькіх харошых арый, неяк распадаецца на часткі. Слухаючы яе, мне здаецца, музыка яго набліжаецца да нечага святога, высокага. I кожны раз ляціць у прорву пекла.
27.ХІ. Ерэван. Не спіцца на новым месцы. Гадзіннік на плошчы адлічвае гадзіны. Заўтра разам з А. Рэутам едзем на дачу, дзе спыніўся П. М. Машэраў, а там — у Арташат. Нашай дэлегацыяй апякуецца міністр лясной гаспадаркі Арменіі Л. А. Арзінкян. Ён казаў — паедзе з намі і на аэрадром сустракаць Брэжнева і Грэчку. Гасціннасць тут — бязмежная, усходняя. Пры ўездзе ў калгас сустрэлі нас з кветкамі і, па старому звычаю, тут жа, на дарозе, асвежавалі барана на плоў. Я і не ведаў, што ў майго друга Г. Эміна цудоўны голас. Мы з захапленнем слухалі, як ён са старшынёй калгаса спяваў за бяседным сталом старыя армянскія песні.
28.ХІ. У гэту ноч не спалася. Відаць, дае аб сабе знаць вышыня, на якой стаіць Ерэван, а яна — у тры разы большая за нашу Лысую гару. На дачы П. М. Машэрава глядзелі фільм аб Арменіі, зняты па сцэнарыю Г. Эміна. Перад сном узяўся чытаць зборнік вершаў Я. Ожуга. I хоць аўтар прадмовы хваліць іх за «аўтэнтызм», прыводзіць водзывы іншых крытыкаў, мяне яны ў гэтым не пераканалі. Ці, можа, я ўжо згубіў усякі густ да паэзіі?
За акном шуміць, грыміць па-святочнаму прыбраная, расквечаная рознакалёрнымі агнямі плошча Леніна.
30.ХІ. Парад. Прыём, на якім выступаў Брэжнеў. Заўтра дамоў. Перад адлётам, можа, яшчэ ўдасца пабываць у славутым Метандаране, паглядзець на новы стадыён, палюбавацца на Арарат, які гэтыя дні ззяў ва ўсёй сваёй непаўторнай красе і велічы.
2.XIІ.3 адной паездкі — у другую. Масква. Спыніўся ў гасцініцы «Россия». 3 акна від на Крэмль, на запруджаную крыгамі раку, якая рыхтуецца да зімовага сну. У буфеце сустрэў Р. Р. Шырму. Заўтра пасяджэнне Камітэта Вярхоўнага Савета СССР. Нешта зноў пачынае дакучаць сэрца. Абяцаў заўтра заглянуць I. Мележ. Прачытаў у «Литературной газете» вельмі слабую падборку вершаў А. Пракоф’ева. Не ведаю, ці варта было іх даваць юбіляру.
6.ХІІ. Цэлы дзень ляжаў хворы, чытаў I. Чыгрынава «Плач перапёлкі». Выдатны раман. Пад вечар крыху збіў тэмпературу. Нат разам з П. Броўкам і Я. Хелемскім зайшлі ў рэстаран павячэраць.
8.ХІІ. Пасля сесіі Вярхоўнага Савета буду хутчэй уцякаць дамоў. Баюся, каб не расхварэцца тут. Званіў у пракуратуру па справе Глінскага. Хутка —сказалі — перададуць на разгляд у Вярхоўны Суд. Цяжкая справа, а віна ўсяму — гарэлка.
13.XII. Званіў з Друскенінкая мой зямляк з Княгініна А. Тамковіч, які калісьці вучыўся ў віленскай беларускай гімназіі і працаваў у падполлі. Хоча прыехаць сустрэцца. Даўно не бачыў Пімена. Чуў, што яму вярнулі на «дапрацоўку» трэці том збору яго твораў. Што там маглі знайсці зверхпільныя рэдактары?
Сніліся бацькі і нейкія, прыехаўшыя з Дрывасекаў, цыганы. Дзень шэры. Адліга. Любаша з Ірай са жменяй рэцэптаў пайшлі ў аптэку.
3 вечна тым самым дзяцінствам прад вачамі,
3 вечна той самай смерцю на карку.
(А. Мендзыжэцкі)
Прыходзіла скардзіцца жонка Р. Няхая на свайго мужыка, які з Прыходзькам, Астрэйкам і нейкім Скапаравым беспрабудна п’е.
А ў СП, як заўсёды, ідзе змаганне за званні, рангі, пасады… Няўжо не ведаюць, што даўно «Дантэ і Шэкспір падзялілі паміж сабой свет і трэцяга няма» (Эліот).
На пленуме бачыў А. Карпюка. Вельмі дрэнна выглядае. Па партыйнай лініі далі яму вымову. Яшчэ раз трэба перагаварыць з I. Ф. Мікуловічам, каб падшукалі яму якую работу. I так ён, чуваць, аброс даўгамі. На свой мізэрны ганарар — а зараз ён амаль нічога не друкуе — цяжка пражыць з яго сям’ёй.
19.XII. Зноў трывожныя звесткі — з Польшчы. Па нашай прэсе немагчыма сарыентавацца, што там адбываецца.
На Камароўскім рынку купіў некалькі шклянак журавін, якія прывабна гарэлі на прылаўку і пахлі імшарамі. Помню, часта мы іх збіралі вясной, калі яны, перазімаваўшы, былі набрынялымі асвяжаючым, хмельным соладам. Перакладаю цікавы верш Эдварды Голды. Бацькі яе родам з Ашмяншчыны. У Польшчу выехалі пасля вайны.
На калабжэскі магільнік
Бацьку завезлі кары ашмянскія…
Памёр Ян Дрда — аўтар «Нямой барыкады» і лозунга — падчас трагічных падзей у Чэхаславакіі «Ні кроплі вады савецкім салдатам». Некалі я з ім пазнаёміўся ў Празе. Быў ён грузны, нейкі пухлы, як падушка, і вельмі сяброўскі.
А снег ідзе такі густы, што невядома, ці настане заўтра.
22.XII. Трэба мець слановае здароўе і жалезны зад, каб праседзець на ўсіх нашых сустрэчах, вечарах, пленумах, нарадах, юбілеях, мітынгах. Відаць, ніколі не навучымся ашчаднасці свайго часу.
Прыходзіла былая партызанка Грамыка: і пры фашыстах і пры савецкай уладзе сядзела. Зараз рэабілітавалі. Збірае дакументы, каб дабіцца пенсіі і дазволу прыпісацца ў Беларусі. Быў яшчэ адзін рэабілітаваны — Туроўчык, дамагаецца кампенсацыі за пабудаваны перад вайной дом. Прыходзілі ў Вярхоўны Савет за дапамогай А. 3. Смоліч, партызанскі Герой Савецкага Саюза Ф. І. Паўлоўскі, якому ўжо шмат раз аказвалі грашовую дапамогу. Казаў, што разам з Р. Нехаем працуе над сваімі ўспамінамі.
Да канца года ўсе дні, як абойма патронамі, запоўнены справамі, справамі, справамі. Нат на Новы год не ўдасца адпачыць, бо будуць госці.
Б. Гардынскі піша з Рыма. Просіць прыслаць яму перакладзеныя на беларускую мову яго вершы.
23.ХІІ. Мінскую вобласць узнагародзілі другім ордэнам Леніна. Відаць, не змагу пайсці на мітынг, буду на пасяджэнні камісіі па прэміях і засяду пісаць віншавальныя навагоднія тэлеграмы і паштоўкі.
Ч. Мілаш піша: «Выкажу ерэтычную думку: там, дзе ёсць поўная веда, паэзія ўжо непатрэбна. Паэзія існуе, пакуль з’яўляецца авангардам веды нейкай эпохі ў сабе самой — з усёй цаной сляпых пошукаў».
Трэба яшчэ гэтымі днямі купіць ёлку.
24.XІІ. Амаль усю сесію ВС прыйшлося весці мне, бо шмат было розных працэдурных пытанняў.
В. Жукроўскі піша аб сустрэчы Сталіна з Прышвіным.
— А вы, таварыш Прышвін, усё пра сабак і грыбы…
— Усё пра сабак… — прызнаўся пісьменнік…
Доўга глядзелі адзін другому ў вочы. Потым Сталін махнуў рукой:
— Ну добра, пішыце сабе…
Адкуль узяў гэта В. Жукроўскі? Пры сустрэчы спытаю.
27.ХІІ. Думаў не ісці на юбілейны вечар «Полымя». Але каб не пакрыўдзіліся хлопцы, пацягнуўся. Вось так і прапалі ў мяне два апошнія дні — ні вершаў, ні новых думак. Толькі планы, у ажыццяўленне якіх і сам перастаю верыць. Каравацкі піша, што «Трыбуна люду» перастала даваць «літаратурную старонку». I што да гэтага ў нейкай меры быццам прычыніўся я, калі падчас сустрэчы з калектывам рэдакцыі выказаў сваю думку, што цяжка ім будзе рэпрэзентаваць мастацкія творы на палітычным, ідэалагічным узроўні сваёй газеты.
А. Куляшоў закончыў сваю новую паэму, якая разраслася, стаўшы беларускім «Манасам».
Вечарам зайшоў айцец Пыск. 3 жонкай яго я калісьці вучыўся ў вілейскай гімназіі. Доўга сядзеў, расказваў пра сваё жыццё, пра свае прыгоды. Аказваецца, з другім вілейскім айцом у яго класавы канфлікт. Той піша на яго розныя даносы і архірэю і ў савецкія ўстановы. Зараз прыйшоў, каб я памог прыпісацца ў Мінску яго дачцы.
29.ХІІ. У старых паперах захаваўся сшытак з подпісамі шкленікоўскага настаўніка Д. Янеля. Пасля яго быў нейкі М. Давід, якога ў тым жа 1924 г. замяніла пані навучыцелька Маслоўская — жонка арандатара сваткаўскага маёнтка. Кожны дзень яе муж прывозіў у школу, і мы дзівіліся, якая прыгожая брычка і які харошы стаеннік. Вось якія далёкія часы прыгадаў стары сшытак.
31.XII. Шмат хто з нас, паэтаў, стараецца быць і модным і сучасным. I мяне нейкі час ламала гэта хвароба, пасля якой засталася няўтольная туга па сапраўднай паэзіі.
Спадзяемся, што на сустрэчу Новага года прыйдуць да нас Кузюковічы, Семяжоны, Максім, Федзя…
1971
2.І. Чытаю аб трансплантацыі органаў аднаго чалавека — другому. Ці не пачынаецца эра культурнага людаедства, калі, дзеля таго, каб даўжэй жыць, чалавек будзе паляваць на «запасныя часткі» свайго бліжняга.
За перапіскай мінуў другі дзень новага года. Вечарам, калі ўсе паразыходзіліся, узяўся рыхтаваць сваю новую падборку вершаў, перапісваць, правіць.
А гэта вартае ўвагі выказванне В. Брандта на першым з’ездзе пісьменнікаў ФРГ: «Надзвычай вялікая і цяжарная ў выніку была на працягу дзесяцігоддзяў пропасць паміж палітыкай і пісьменнікамі». Але ёсць і другая небяспека, калі яны ў адной упражцы.
Нехта прыслаў навагоднюю паштоўку, якая пачынаецца словамі: «Здароў, Ажан!» Не магу прыпомніць, каб хто мяне называў Ажанам. А зваротнага адраса — няма.
3.І. Прыехаў Глінскі даведацца, ці ў Прэзідыуме Вярхоўнага Савета СССР разглядалася справа аб памілаванні яго сына. Казаў, на вачах старэе наша Пількаўшчына. Моладзь уцякае ў гарады.
Меліяратары асушылі ўсе нашы лугі і балоты, але чамусьці запусцілі пад хмызы і лес многія ранейшыя пахатныя землі.
Чытаю надзвычай цікавыя запіскі дэ Голя. Мне здаецца, стыль гэтых запісак вельмі адчуваецца ва ўспамінах Е. Путраманта, хоць у іх даецца панарама свайго, польскага, пісьменніцкага і кіруючага асяроддзя, з усімі яго слушнымі і няслушнымі прэтэнзіямі, непрымірымымі супярэчнасцямі і канфліктамі.
Башкірскі паэт Сафуан Алібаеў прыслаў свой зборнік «Вясёлка», у якім надрукаваны і мой верш «Я не лічыў бы салдатам сябе».
Вечарам заходзіла пількаўская настаўніца Г. В. Гунько. Скардзілася на старшыню райвыканкома, які зняў з чаргі на кватэру яе хворага мужа.
5.І. Праграма на сёння: гарком, Вярхоўны Савет, трактарны завод і СП, дзе будзем раіцца, як змагацца з п’янствам. Гінуць жа ад гэтай заразы такія пісьменнікі, як Стральцоў, Астрэйка, Няхай, Нядзведскі, Гаўрусёў, Прыходзька…
Часта гаворым, што мы, пісьменнікі, адказваем за ўсё і за ўсіх. Можа, лепш было б, каб кожны адказваў за сябе і за сваю работу.
6.І. Зноў званіў у Гродна ў справе А. Карпюка. Усё ніяк не могуць там падшукаць яму нейкую работу.
Пачаў чытаць Аляксееву п’есу. Мо дамо ў «Полымя». Праўда, вельмі спрошчана выпісаны ў ёй партрэты польскіх арыстакратаў, выпісаны паводле мужыцкіх уяўленняў аб іх жыцці.
Нейкі дзівак з юрыдычнага факультэта хоча прыйсці, каб памог разабрацца ў яго сардэчных справах. Скардзіўся А. Махнач на непаладкі з цешчай і жонкай. Была, як заўсёды, нейкая разамлелая В. Вярба з ультыматыўным патрабаваннем, каб СП выдзеліу ёй лепшую кватэру… Адным словам — вясёлы дзень А да ўсяго — партыйная канферэнцыя, паездка ў Маскву і падрыхтоўка да з’езда партыі.
9.І. Бачыўся з С. I. Прытыцкім. Скардзіўся на здароўе і шкадаваў, што не зможа паехаць на пахаванне жонкі П. Жалезняковіча. Відаць, даюць аб сабе знаць яго старыя раны.
10.І. Адпісаў на пісьмы Я. Гушчы і В. Яжджынскага. Эх, паехаць бы зараз у нашу Жукову і пасядзець бы ў лесе ля распаленага вогнішча!
Прасілі, калі быў апошні раз у Польшчы, Гэля, Янка і Іра Шаф’янскія, каб у Вільнюсе пашукаў на антокальскім пагосце магілу іх бацькі Канрада, які памёр у 1945 г. Колькі год ужо мінула з таго часу, калі я з А. Хадзінскім у іх кватаравалі!
Быў у Семяжонаў. Мама чуецца крыху лепш.
Прынеслі запрашальны білет на выстаўку работ Заіра Азгура, якую, хіба, наведаю, вярнуўшыся са сваёй замежнай камандзіроўкі.
12.І. У СП СССР пазнаёміўся з нашай перакладчыцай А. С. Кругерскай. Дамовіліся, што заўтра яна заедзе за мной і разам паедзем на аэрадром. Сцюжа. Вецер.
Перад сном выйшаў на прагулку. Абышоў Крэмль. Палюбаваўся на храм Васілія Блажэннага, пра які, у сваім авангардысцкім ачмурэнні, гаварыў аўтар «Чорнага квадрата» К. Малевіч, што ён хутчэй пашкадуе сапсуты вінт, як разбурэнне яго на Чырвонай плошчы.
13.І. Гадзіны тры заняло афармленне дакументаў і багажу. Нарэшце, уладкаваліся. Самалёт хутка набірае вышыню. Прабілі цяжкую заслону хмар. Толькі пралятаючы над Даніяй, як праз снежныя праталіны, зноў убачылі зямлю. На лонданскім аэрадроме сустрэлі нас Кроум Леан і Тэйлар Трэвер. Размясцілі нас у невялічкай, але досыць утульнай гасцініцы «Дамініанс». У нумары досыць сцюдзёна. Добра, што хоць ёсць электракамін.
I так, знаёмімся з Лонданам, з Англіяй. Пачалі з Гайд-парка, з сабачага магільніка з яго прачулымі помнікамі розным дарагім Бобі, мілым Долі, незабыўнаму…
Цэнтр. Сіці. Таўэр. Кембрыдж з яго доўгавалосымі студэнтамі і студэнткамі ў міні і максі.
Чакаем. 3 Варшавы павінен прыляцець С. Нараўчатаў з жонкай. Г. Гулія нешта не вельмі прыхільна аб ім адзываецца, хоць мне ён здаецца досыць цікавым паэтам і чалавекам энцыклапедычных ведаў. Я помню яго бліскучы даклад на юбілейным вечары Туманяна ў Ерэване.
Гасцілі ў Чарльза Сноу і яго жонкі Памелы Джонсан. Мы цікавіліся, над чым яны зараз працуюць. Абое хацелі б разам са сваімі дзецьмі наведаць Савецкі Саюз, дзе апошні раз былі ў 1966 годзе. Усе яны вопытныя і заядлыя падарожнікі. Чарльз Сноу ведае мовы рускую, лацінскую, грэцкую. Зараз вывучае кітайскую.
На сцяне некалькі карцін. На адной Дон Кіхот з квадратнай галавой нагадвае Сальвадора Далі, другая нагадвае Чурлёніса.
Пад канец нашай сустрэчы прыехаў Джэк Ліндсей, які толькі што вярнуўся з нейкага далёкага падарожжа. Прасіў, каб мы яму прыслалі свае зборнікі на рускай мове. Ён — аўтар кніг аб Кюрбе, Сезане, аб музыцы эпохі Адраджэння…
15.І. Позна вярнуліся з літаратурнага вечара. Слухачы задавалі шмат розных пытанняў: «Ці піша хто ў вас на яўрэйскія тэмы? Як вырашаецца ў Савецкім Саюзе нацыянальнае пытанне? Якія тыражы кніг?..» Агулам аўдыторыя прыхільна рэагавала на нашы адказы.
16.І. Рана прачнуліся. З’елі традыцыйную яечню з беконам і старой, яшчэ пракладзенай рымлянамі, дарогай з Леанам Кроумам паехалі ў Кембрыдж. Miнаем пастаялыя двары: «Галава каралевы», «Тры падковы», «Карэта і конь». Кроум гаворыць: «Добра быць маладой жанчынай у Амерыцы, маладым хлопцам у Францыі, пародзістым канём — у Англіі». I сапраўды, тут часта сустракаеш прыхільнікаў коннай язды.
Мінаем руіны нармандскага замка (XI век). Пагоркі, фермы, крытыя саломай, чарапіцай, над стрэхамі якіх тырчаць антэны. Ва ўсім пасёлку Касл-Хедзінген сцены дамоў — ружовыя, жоўтыя, паласатыя, як зебры, з белымі рамамі вокан.
Нарэшце, пасля доўгіх пошукаў спыніліся ля ўрослай у зямлю невялічкай Ліндсееўскай мураванкі № 40, пабудаванай яшчэ ў XV стагоддзі. Джэк Ліндсей сам яе адбудаваў і прывёў у парадак.
Надзвычай ветліва нас сустрэлі сам гаспадар, яго жонка, дачка Елена і велізарны чорны кот. Пад акном — кусты лібуры, якая не баіцца нат зімніх замаразкаў. У хаце прывітала нас сваячніца Ліндсея з малым хлопчыкам на руках, апранутым у маляўнічы шатландскі касцюмчык.
Пакуль гаспадыня рыхтавала стол, Г. Гулія, як вопытны журналіст, адразу прыступіў да інтэрв’ю.
— Я не магу скардзіцца, што мяне ў Савецкім Саюзе мала знаюць, — пачаў Ліндсей. — Многія мае творы ў вас перакладаліся. Нядаўна адкрылі мяне і як аўтара гістарычных даследаванняў. Пішу кнігі аб Візантыі, Усходняй Еўропе, якія адыгралі вялікую ролю ў развіцці культуры Захаду. Захапіўся кельтамі, Егіптам у перыяд рымскага ўладання. Хутка закончу кнігу «Клеапатра і Юлій Цэзар». I хачу вярнуцца да тэм сучасных. Працую арганізавана. Ёсць у мяне сакратар, які памагае ў зборы матэрыялаў…
I тут паказаў нам цэлую гару кніг, напісаных ім за апошнія пяць год. Кнігамі яго аж да столі запоўнены ўсе полкі. Здаецца, і страха яго дома трымаецца на іх ды на розных сабраных гаспадаром музейных антычных гаршках, вазах, чарапках…
Пачаў марасіць дождж. За ручаём пачуўся брэх сабак, якія ўзнялі зайца.
— Гэта нашы паляўнічыя прачосваюць зараснікі,— сказаў Ліндсей. За бяседай з ім мы і не заўважылі, што настаў вечар, наблізілася поўнач. А яшчэ ж нам трэба дабрацца да Лондана.
17.І. Нядзеля. Ноцінген. Рэктар коледжа Бэрд пазнаёміў нас са сваімі калегамі — Блэкам Моорам і Джонам Откінсам. Паэтэса Коні Форд папрасіла, каб я нешта прачытаў ім на беларускай мове. Потым пачаліся спрэчкі на літаратурныя тэмы. «Добрае — вораг геніяльнага» (сентэнцыя рэктара). Усе былі Ў каляровых кашулях пры шырачэзных квяцістых гальштуках, завязаных велізарнейшымі вузламі. Відаць, адсталі мы ад моды.
18.І. Начавалі ў паліклініцы, якая ў гэты час пуставала. Пакоі прасторныя, толькі з нізкімі столямі. Шафы, тумбачкі, ложкі, умывалка. Недзе на калідоры доўга званіў тэлефон. Трэба было б даведацца, якія ў іх ёсць прэпараты ад тромбафлебіту і арытміі. Пазнаёміліся з досыць багатай бібліятэчкай каледжа. Побач з творамі савецкай літаратуры — эмігрантскія выданні, часопісы «Грани», «Мосты». У «Гранях» — партрэт Даніэля і яго паэма «А в это время», напісаная ім у 1970 годзе. Выданыя ў Мюнхене «Ракавы корпус» А. Салжаніцына, вершы Мандэльштама...
У Кліфтане пабывалі ў старым нармандскім касцёле, якому каля дзевяцісот год, і ў фермера. Цікава, што і жылы дом і ўсе гаспадарчыя будынкі над адной страхой.
Заглянулі на магільнік. На парослай імхом пліце: «Джон Гардзі, які пакінуў свет у 1909 годзе». Усе пліты нейкія тонкія, як акамянелыя лапухі, з выразанамі на іх крыжамі. Сям-там дагараюць ружы. Воддаль — у зялёных зарасніках — блішчыць стужка ракі Трэнці. Далей — нейкія сажалкі. Штучнае язярко. На веласіпеднай дарожцы сустрэліся з выкладчыкам рускай гутарковай мовы М. I. Найдзёнавым. Родам з Тамбова. Быў у нямецкім палоне, потым пераехаў у Aнглію. Ад яго даведаліся, што заўтра ў іх пачынаецца забастоўка паштавікоў. З Монікай Партрудж — загадчыцай кафедры славянскіх моў і літаратур — едзем на вакзал. У Лондане зноў спыніліся ў той жа гасцініцы. Неспадзявана сустрэлі дачку М. Алігер Машу. Яна, здаецца, выйшла замуж за нямецкага пісьменніка Энцбергера. Запрашала ла сябе ў госці.
19.І. Пасля наведвання музея Вікторыі і Альберта, дзе акспануюцца велізарныя картоны Рафаэля з Эміліяй Флетчар, пайшлі ў мюзік-холл, які ў антракце пакінулі, бо вельмі ж было нецікава і нудна. Другі раз будзем разумнейшымі. Перафразіруючы К. Макушынскага, сёння мог бы сказаць пра Лондан: спераду гмахі, ззаду — гмахі, а ў сярэдзіне — дождж, які марасіць і марасіць.
20.І. Рана ўстаў. Дачытаў журнал «Poezja», амаль увесь прысвечаны Ю. Пшыбасю — паэту цікавых сінтэзаў, філасофскіх пошукаў, які імкнуўся да найбольш поўнага адлюстравання акружаючай яго рэчаіснасці.
Растраціў усе свае камандзіровачныя на сувеніры. Пакінуў толькі пару фунтаў на таксі. Едзем у Брайтан. Цягнік нырнуў у даўжэзны тунель, за якім, раптам, убачыў на крэйдавым узгорку вясёлую чараду бяроз. Адкуль яны тут узяліся? Мо як і мы, прыехалі ў камандзіроўку?
Мінаем зацягнутыя дымам пасёлкі і ў нейкай змучанай зелені лугавіны. Зноў пайшлі бярэзнікі, змешаныя з соснамі, дубамі, туямі. Рэйдгіль, Гейварт Хіль. Летам тут поўна турыстаў. Выйшлі на бераг палюбавацца бурлівым Ла Маншам. На спартыўнай пляцоўцы дзеці гуляюць у футбол. Суправаджае тут нас выкладчык рускай мовы ў коледжы Бэрнс Колін, а ў універсітэце паэт P. М. Голанд, які перакладае Забалоцкага і займаецца гісторыяй «Перавала». У лекцыйнай зале на ўсю сцяну — палатно: блудніцы, воіны, багі, манахі, кардыналы, чорныя, белыя, жоўтыя, мячы, трубы… Тут, аказваецца, працуе Гальдштукер. Знаёмімся: Берд Покней, Фельтан, Бейча, Соўдэн, Лоурэнс… Пытанні. Адказы. Гаспадары дзівяцца, што ў нас вельмі папулярны Байран. Сустрэча зацягнулася, і мы, змораныя, як чэрці, толькі апошнім цягніком вярнуліся ў Лондан.
21.І. Сустрэлі маўклівы натоўп забастоўшчыкаў пад надзейнай аховай паліцыі. Здаецца, у Гайд-парку мае быць велізарны мітынг.
Паказалі нам музейны кліпер. Уяўляю гэтага прыгажуна ў моры, пад сваімі крылатымі ветразямі. Пабывалі і на Грынвіцкім мерыдыяне. Абедалі ў старым славутым рэстаране «Раяль», куды запрасіў нас містэр У. Голдзіні, вельмі падобны да барадатага Саваофа, што разам з іншымі святымі калісьці вісеў у нас на покуці.
— І так, — пачаў У. Голдзіні, — як вам спадабаўся наш Ноцінген? Ён славіцца прыгожымі дзяўчатамі. А нашы валасатыя?.. Не знаю, калі наведаю Савецкі Саюз. Пахаваў сваю маці. Сыну ўжо 30 год. Дачка выйшла замуж за амерыканца. Жонка мая з Уэльса. Ёсць у яе кельцкая кроў. Прапаную вам каву. Тут любілі яе піць Шоў, Уэлс, Чэстартан і многія славутыя артысты. — Пакаштаваў віна. Адобрыў. — У мяне ў садзе ссох ясень. Ссеклі яго. А што рабіць з пнём? Узяўся я яго выкарчоўваць. Ужо заглыбіўся на шэсць футаў. А карані ідуць глыбей. Я пачынаю разумець, што значыць быць рабочым. Мне здаецца, што я гэтай работай займаюся ўсё жыццё і хутчэй спраўлюся, калі яшчэ апрану сялянскую вопратку. Кніга, над каторай думаю, будзе называцца «У пошуках майго бацькі»… У Грузіі мне падалі рог з віном, які я асушыў. Я прызнаю вялікую сілу Лоўрэнса. Ён зламаў нашу закасцянеласць, путы маралі. Ёсць у яго і слабыя кнігі. Але «Сыны і любоўнікі» — твор выдатны. Эліот шмат узяў у яго — гэтага прыроднага арыстакрата — і даў новы напрамак паэзіі. Лоўрэнс больш заземлены. У Эліота больш ведаў, ён быў міжнацыянальным паэтам. Я ж — чалавек без каранёў. Таму і шукаю іх. Калі быў маладым, пападаў пад уплывы многіх пісьменнікаў. Я гавару аб іх, як маленькі чалавек аб веліканах.
Сёння мы яшчэ пазнаёміліся з цікавым крытыкам Чарлем Осбарнам, з паэтамі Джонам Бекененам, Роем Фулерам. У ліпені гэтага года адбудзецца Фестываль паэтаў, на які хацелі б, каб прыехалі паэты і з Савецкага Саюза.
На вечары нацыянальнай кнігі была вялікая група маладых паэтаў. Чыталіся вершы, гучалі песні. Было горача, шумна і так дымна, што ледзь можна было разгледзець развешаныя на сценах карціны рэалістычнага і абстрактнага мастацтва.
Потым яшчэ нас завезлі ў коледж. Тут сустракалі нас студэнты і нейкія артысты ў нацыянальных уборах, з балалайкамі, з гітарамі. Зайгралі «Каробачку», заспявалі «Кацюшу». Падышла нейкая пажылая жанчына, ураджэнка Петраграда: «Тут шмат жыве беларусаў. Я іх часта сустракаю…» Зала спявала, танцавала, апладзіравала.
Г. Гулія з захапленнем расказваў пра фільм «Генерал Патон», які яму ўдалося паглядзець. Яго вельмі ўразіла сцэна пасля бітвы: велізарныя грыфы дзяўбуць трупы салдат і разам з імі арабы-марадзёры распранаюць забітых. Патон дае загад аўтаматным агнём скасіць грыфаў. Пачуўшы стрэлы, арабы пакідаюць поле бітвы, цягнучы за сабой нарабаванае. I другая сцэна: Патон, перад строем салдат, перапрашае пехацінца, якога ў гарачцы ўдарыў.
Зноў у гутарку ўключылася петраградка: «Бацька мой быў прафесарам музыкі. Вучыўся ў Рымскага-Корсакава. Прозвішча яго Захараў. Маці была артысткай. Мяне вывезлі ў Англію, калі я была маленькай».
Гэтымі днямі наша перакладчыца, прыехаўшы з групай турыстаў, папрасіла даць ёй тут прыстанішча.
Божа, калі настане канец гэтым бясконцым сустрэчам? Заўтра чакае нас Уэльс. А дождж усё не сціхае. Імгліць, хлюпае, барабаніць.
22.І. Кардзіф — порт і цэнтр Уэльса. Даліна Ронды — буйнейшы пасля Рура вугальны басейн. Запрасілі нас гаспадары на канферэнцыю паэтаў, на якой абмяркоўвалі розныя выдавецкія і арганізацыйныя справы. Да нас, здаецца, ніхто сюды з нашых пісьменнікаў не заглядаў. Паказалі нам надзвычай цікавы музей нацыянальнага мастацтва і карцінную галерэю (Манэ, Пікасо, Рэнуар, Эль Грэка, Сезан, Рубенс, Радэн, Міль).
На вуліцы — дэманстрацыя рабочых і студэнтаў. «Забіць біль! Забіць біль!» Над шматтысячным натоўпам — эмблемы шахцёраў, будаўнікоў, краўцоў…
А дождж не перастае. Прамоклі да касцей, пакуль дацягнуліся да сваёй гасцініцы «Кардзіф».
24.І. Амаль кожны дзень у 9 гадзін 30 мінут ідзем снедаць. Яечня з беконам і лустачка падсмажанага белага хлеба. Шкада, што не ўзялі з сабою пару баханак свайго, чорнага. Учора перад тым, як заснуць, накідаў верш про кельцкую хату і лірычную мініацюру:
He маючы магчымасці песню пра цябе
Перадаць з рук у рукі…
Машынай едзем з Майкам. Дарогай ён нам расказвае пра літаратурныя справы, што пісьменнікі Уэльса пішуць на сваёй мове і актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці.
«Даліна Ронды цягнецца на сорак міль. Тут пераважна жывуць шахцёры. Мне цяжка гаварыць, што зараз з 45 шахт толькі 5 працуе. Вельмі папулярнымі кнігамі сталі раманы Гвіна Томаса «Усе табе здраджвалі» і «Якой зялёнай была мая даліна».
«Бацька мой — электрык. Жылі мы ў лясной вёсцы Трыфарэст, адкуль калісьці па галінах дрэў белка магла даскакаць аж да Кардзіфа. А зараз — адны дахі, дахі. А вось і Таф. Тут пасля ліўня на пасёлак Аберван абрушыўся тэрыкон. Ён накрыў чорным саванам шмат дамоў і школу, у якой загінулі ўсе дзеці».
Едзем дзікімі, неабжытымі мясцінамі. Сям-там пасуцца коні, авечкі. Куды ні глянь — пясчаныя пагоркі, сухотныя саснякі і піраміды тэрыконаў.
Майк расказвае, як калісьці англічане ў іх праводзілі перапіс насельніцтва. Усім валійцам давал свае прозвішчы. А гэта так, як і ў нас, беларусау-католікаў запісвалі палякамі, а праваслаўных рускімі.
— Зараз, — працягваў Майк, — пішу пра тое, як людзі становяцца злачынцамі. Герой мой — валіец. Верыў у Бога, у братэрства людзей, плакаў, калі яго маці расказвала пра беднякоў, але, выехаўшы за акіян, разбагацеўшы і стаўшы ўплывовым палітыкам, у 1921 годзе, у разгар класавых баёў дабіўся высылкі з Амерыкі яўрэйскіх эмігрантаў, якія пасля пагромаў уцяклі былі з царскай Расіі.
Я тут успомніў горкія словы Гвіна Томаса: «Людзей трэба бачыць у іх справе. На вялікі жаль, шмат ёсць такіх, што за бутэльку каньяку мяняюць свае погляды. Пішу зараз аб тым, як рэлігія можа пакалечыць людзей, пра сялянскае паўстанне ў Бразіліі ў 1892 годзе».
Глін Джон — аўтар многіх зборнікаў вершаў, раманаў, эсэ: «Сіні ложак», «Музыка вады», «Даліна, горад, вёска», «Востраў яблык», «У д’ябла ёсць дзве мовы» і іншых.
— Я глыбока цікаўлюся падзеямі свайго часу, бо вырас у той частцы свету, дзе чалавек дыхае палітыкай. Адчуваецца, што тут, сярод звону зброі, музы не маўчаць.
Цесць Джона — прэсвітэрыянскі святар — запрасіў нас у царкву паслухаць валійскія песні. Калі мы чакалі таксі, да нас падыходзілі многія валійцы, пыталіся, як мы чуемся ў іх, і вельмі былі рады, што нам спадабаліся іх песні, іх мова, гасціннасць.
25.І. Едзем цягніком. Нью-Форт. Брыстоньскі заліў і, нарэшце, шэкспіраўскі Стратфард! Наведалі і Дом Шэкспіра, які рамантавалі майстры. Як сувеніры, падабралі некалькі спарахнелых дубовых трэсак, пабывалі і ў доме паэта. Калісьці ў ім была крама, у якой бацька яго — суддзя і заможны ў сваім горадзе купец, прадаваў шэрсць. Шкада, што мала было часу больш пазнаёміцца з Стратфардам, бо нас чакалі ў Бірмінгеме і Ковентры. Усё ж мы яшчэ паспелі пабываць у храме, дзе, як казаў гід, на глыбіні шасці метраў, каб не ўкралі лонданцы, пахаваны Шэкспір. Хоць, магчыма, гэта — легенда, бо напэўна ніхто не ведае, дзе спачывае яго прах. Сумнае ўражанне засталося ад наведання магільніка, дзе пахаваны Карл Маркс, мо таму, што няспынна ішоў дождж, цяжка было блукаць па гразкіх сцежках, занесеных лістотай, зарослых нейкай гавылой. Якім запушчаным і непрытульным здаўся мне гэты апошні прытулак Вялікага Мысліцеля і рэвалюцыянера.
26.І. Літаратурны вечар. Пытанні. Салжаніцын, Сіняўскі, кніга Хрушчова, якая гэтымі днямі тут выйшла з друку, нацыянальныя праблемы, свабода творчасці, чаму не пускаюць Растраповіча за граніцу… Тут прыйшлося ўсім нам мабілізаваць сваё красамоўства. I трэба сказаць, што вечар прайшоў цікава. Мне здаецца, за час нашай паездкі мы тут шмат прыдбалі сяброў і самі ўбачылі многа новага, што можа прыдацца і ў творчай працы і ў жыцці.
27.І. Вяртаемся дамоў. На вышыні дзесяці тысяч метраў ярка ззяе сонца. Праз тры гадзіны прызямляемся ў Маскве. Сустрэла нас В. Шчадрына, якая памагла мне ўзяць білет на наш мінскі цягнік. Толькі ў вагоне я адчуў, як стаміўся за ўсе гэтыя апошнія дні. Разам са мной у купэ едзе вельмі сімпатычныЯ і цікавы чалавек — дырэктар Мінскага шарыкападшыпнікавага завода. Перад сном гартаю свой блакнот, у якім на развітанні з Майкам запісаў падрадкоўнікі яго вершаў «Сірэна», «Поні», «Вугры»…
28.І. Аж не верыцца, што я — дома, сяджу за сваім рабочым сталом, на якім за час маёй адсутнасці вырасла гара пісем, газет, часопісаў. Трэба ўключацца ў свой звычайны рытм жыцця: партсход, вечар, прысвечаны 50-годдзю I. Шамякіна, абласная партыйная канферэнцыя… Што там яшчэ: тэлеграма А. М. Міхайлава. Запрашае прыехаць на 50-годдзе часопіса «Дружба народов».
30.І. Трэба зайсці да Семяжонаў, да мамы, якая, даведаўшыся, што я ў замежнай камандзіроўцы, непакоілася. Званіў Ул. Караткевіч. Дамовіліся сустрэцца ў СП. Словы, пачутыя на вуліцы: «…Жыў, пакуль не вынеслі з хаты нагамі наперад»… «Гэта — гохштаплер… Я яго знаю».
Ну і зіма! Снег, дождж, гразішча. Не ведаеш, у што апранацца, у што абувацца.
Гаварыў па тэлефоне з М. Машарам. Скардзіўся на здароўе. Перадаў яму, што хоча з ім сустрэцца I. Ф. Клімаў. Усім калгасам хадзілі на выстаўку paбот Заіра Азгура. Усе вернісажы нагадваюць святочныя фэсты. Трэба яшчэ зайсці на гэту цікавую выстаўку, калі менш будзе народу.
31.І. Ездзіў на Камароўскі рынак. Купіў для Любашы зёлак ад тромбафлебіту. На Палессі паразліваліся рэкі, і людзі не могуць вывезці з балот сена. Павыпускалі кароў на верасавішчы і ягаднікі.
3.ІІ. Прыслаў С. Хмара паштоўку. Крыўдзіцца, што М. Машара ў сваіх успамінах піша, быццам я яму сказаў, што С. Хмара (Сіняк) быў правакатарам. Ніколі я не мог аб гэтым гаварыць з М. Машарам. Відаць, наблытаў Міхась. Якую ролю іграў С. Хмара ў падполлі, ведаў толькі М. Е. Крыштафовіч, але з Машарам ён не сустракаўся.
Баюся за Любашу. Зноў у яе абвастрыўся тромбафлебіт. Трэба заўтра наведаць Людмілу і Язэпа. Як там чуецца мама? Федзя прывёз ёй з Пількаўшчыны вады ад урокаў. Мама больш верыць у яе цудадзейную сілу, як у нейкія аптэчныя кроплі. Вярнуўся Саша з камандзіроўкі і прывёз анекдот:
— КДБ? — Так! — Хаіму прывезлі дровы. — Ну што? — Як што? Там у адным палене — золата.— А хто гэта гаворыць? — Ну і нашто ты гэта зрабіў? — пытае жонка. — Каб папілавалі і пабілі нам дровы.
Музыка, якую слухаю з табой,
Была нечым большым, як музыка,
Хлеб, які дзяліў з табой,
Быў нечым большым, як хлеб.
(Эйкін Конрад)
9.ІІ. Быў з Лыньковымі на юбілейным банкеце, які даваў I. Мележ. Заўтра пленум ЦК. Прыязджае М. Нагнібеда. А наперадзе яшчэ два юбілеі — Л. Украінкі і К. Крапівы. Званіла Н. Глебка. Відаць, хоча параіцца ў справе помніка Пятру Фёдаравічу. Чатырохверш філосафа Катарбінскага:
Раней панавалі: кулак, мозг і сэрца.
Калі ж сэрца ўбок адышло ў паняверцы,
Засталося двое ўладарыць у краі,
Кіруе мозг так, як кулак загадае.
Перакладаю цікавы верш Е. Найвер «Арол і рэшка». Выпаў снег, хоць сіноптыкі прарочылі адлігу, дождж.
18.ІІ. Званіў сакратар Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях СССР І.Васільеў. Просіць прыслаць яму кнігу «Архітэктурныя помнікі Беларусі». Прыходзіў Максім. Паспрачаліся. Трэба адпісаць Я. Брылю, які зараз адпачывае на Рыжскім узбярэжжы.
19.ІІ. Дзённік мой становіцца нястомным субяседнікам, якога магу разбудзіць у любы час ночы і працягваць бяседу — весці гэтыя хаатычныя запісы.
Сёння прыбег да мяне Максімка, каб я яму перад сном расказаў новую казку. Узяўся за «Кармазынавую паэму» Я. Леханя. Нейкі трагізм ацяняе ўсю творчасць гэтага амаль геніяльнага паэта. Андрыен піша, што няма такой другой краіны, дзе на квадратны кіламетр прыходзілася б больш паэтаў. А мы думалі, што мы — на першым месцы. Ходзяць чуткі, што С. А. Пілатовіч назначаецца паслом у Полыпчы, a на яго месца — А. Т. Кузьмін. Званіў I. Андроннікяу. Трэба будзе схадзіць на яго вечар. Пераклаў цікавы верш Э. Шэльбург-Зарэмбіны «Рэха», які можа стаць піянерскай песняй. Трэба будзе паказаць яго каму з кампазітараў.
21.ІІ. У мастацтве і ў літаратуры кожнае «вар'яцтва» ці «шаленства» павінна дайсці да свайго абсурднага канца. Процістаўленне гэтаму — дарэмнае намаганне.
Сёння прысніўся мой дзед Хведар Маркавіч, памершы ў канцы 1940 г., дужы, круты, кудысьці спяшаецца і мяне кліча за сабой. А я стаю ля старога вялуна, што і сёння ляжыць на гумне, і не магу скрануцца з месца. На 82-м годзе пакінуў ён сваю хату. Відаць, ніхто з нас не дацягне да яго старасці, бо і здароўе ў яго было завіднае, і жыццё спакайнейшае, і паветра, якім дыхаў, здаравейшае. Помню, як павее вецер з нашай Жуковы, з Вялікага Бору ці з Барсуков, чуеш, як па жылах разліваецца бадзёрасць.
Сярод старых рэпрадукцый — «Чацвёрка» Ю.Хэлонскага, якая калісьці праславіла гэтага мастака, паставіўшы яго імя побач з імёнамі Матэйкі, Гротгера.
23.ІІ. Выступаў на з’ездзе КПБ. Сяджу побач з камандуючым Беларускай ваеннай акругі I. М. Трацяком, які прасвятляе мяне ў міжнародных адносінах і канфліктах. Вельмі цікавы чалавек і, відаць, пільна сочыць не толькі за палітыкай, а і за літаратурай, ведае творы многіх нашых беларускіх пісьменнікаў. Дамоў ледзь дацягнуўся, стомлены і змардаваны. Узяўся яшчэ раз правіць і перапісваць свае новыя вершы. Будучы закаранелым кансерватарам, больш веру сваёй руцэ, як пішучай машынцы, ашчаджаю паперу. Стараюся выкарыстаць кожную незапісаную старонку. Ніяк да гэтага не магу прывучыць ні дзяцей, ні ўнукаў.
24.ІІ. Закончыўся з’езд партыі. Страшэнна ўсе стаміліся ад бясконцых і нудных выступленняў. Самым хвалюючым было заканчэнне, калі ўсе мы спявалі «Інтэрнацыянал». У гэты час я прыгадаў, як мы яго спявалі на дэманстрацыях і мітынгах, і ледзь не расплакаўся. Знаць, пад старасць, як і ўсе, раблюся сентыментальным.
Закончыў верш «Хай будзе святло», ідэя якога зарадзілася ў Уэльсе, на радзіме Шэкспіра.
Заўтра трэба дамовіцца: хто паедзе ў Маскву на юбілейны вечар Л. Украінкі, хто — на Урал, хто — да пагранічнікаў у Брэст і Гродна…
25.ІІ. У кожнага літаратурнага твора — свая гісторыя, і, часамі, яна бывае цікавейшай, як сам твор. Паэму «Нарач» я пачаў пісаць як невялічкі лірычны верш, які, неспадзявана, пачаў расці і даваць усё новыя галіны. Так «Сказ пра Вяля» паўстаў з кароткага апавядання майго дзеда. У 30-х гадах ішоў фільм пра Бетховена, і я быў уражаны ігрой артыста. Клавішы раяля мне здаліся скрышанымі льдзінамі, на якія ападалі яго пальцы, як устрывожаныя чайкі, а калі льдзіны западалі, птушкі з крыкам уздымаліся ў неба, Вобраз гэты не пакідаў мяне шмат год. І толькі ў часе вайны, калі прачытаў я ў газеце аб загінуўшых у бітве на Паўночным акіяне матросах, у мяне нарадзіўся верш «Рэквіем». Так бывае і з перакладамі. Я доўга не мог знайсці ключа да тувімаўскага верша «Невядомае дрэва». Пасля сустрэчы з Тувімам у 1950 г. удалося перакласці першыя дзве страфы. I толькі ўражаны смерцю паэта, я змог завяршыць переклад гэтага аднаго з самых выдатных вершаў у сусветнай паэзіі, як і вядомы пушкінскі верш «Брожу ли я вдоль улиц шумных…».
У «Маладосці» варты ўвагі напісаны ўпэўненай рукой A. Сербантовіча вянок санетаў.
У курганоў ёсць нешта ад званоў, з якіх павырывалі языкі…
М. Лынькоў даў мне пачытаць некалькі артыкулаў П. Галавача пра беларускую літаратуру. Сёння цяжка ўявіць, як маглі таленавітыя і разумныя людзі пісаць усякую лухту.
Перад сном узяўся чытаць Я. Немаеўскага.
28.ІІ. Крашэўскі пісаў каля пяці тысяч друкаваных старонак у год і яшчэ знаходзіў час на іншыя жыццёвыя справы і паслугі французскаму ўраду.
Часта мы хвалімся сваімі дасягненнямі ў літаратуры і не заўважаем, як расце колькасць твораў слабых, якія хутка выветрываюцца з памяці. Гвін Томас гаварыў аб «гурагане ідыятызму», які захапіў іх моладзь. Магчыма, што ён дойдзе і да нас.
Сёння цэлы дзень мяце і шалее завея.
Думаю, што ў вершы кожны радок павінен мець выбуховую сілу, а не толькі ў заключнай канцоўцы Інакш ён будзе нагадваць мяшок у сувенірным магазіне, у якім з бутэлькай шампанскага табе стараюцца ўсучыць зусім непатрэбныя рэчы — гальштук, зубную пасту, карабок запалак.
У СП зноў набедакурыў Наўроцкі. Лупсякоў пабіў Якімовіча, які здаўся яму варожым шпіёнам. I адзін і другі — псіхічна хворыя людзі. В. Панамароў хоча, каб яго назначылі рэдактарам «Нёмана». Быў С. Александровіч. Дамагаецца, каб яму далі новую кватэру, бо ён цяжка хворы. У кожным выпадку, вёў сябе, як яго далёкі продак Мамай. Абразіў Янку. Відаць, і са мной схапіўся б, але наш дыпламат М. Ткачоў пацягнуў яго з сабой у ЦК.
5.ІІІ. Крыўдаваў А. Зарыцкі, што яго рэдка калі ўспамінаюць у дакладах, хоць творы яго часта з’яўляюцца на старонках газет і часопісаў, і так прымае актыўны ўдзел у літаратурным жыцці. Трэба будзе папрасіць, каб аддзел прапаганды падтрымаў наша хадайніцтва аб яго ўзнагароджанні.
3 Англіі я прывёз зборнікі вершаў Г. Ліндсея, Г. Осбарна, Д. Ліндсея. Трэба будзе перадаць іх Язэпу Семяжону. Мо ён нешта перакладзе.
Абяцаў мне знаёмы букініст прыслаць зборнік першага польскага футурыста Е. Янкоўскага «Трам (апора, маціца) папярок вуліцы». Аўтар, здаецца, родам быў з Вільні. Памёр ці то ў Кайранскім шпіталі для вар’ятаў, ці то вайной яго забілі фашысты.
Часта задаю сабе пытанне: чаго ў бліжэйшыя гады можна чакаць ад нашай літаратуры? Раней крытыка хварэла на ўсёведанне. Зараз — мяжуе з рэлятывізмам. Нейкая разгубленасць і невыразнасць у ацэнцы твораў.
8.ІІІ. Гартаю кнігу Ч. Ендрыша «Лаціна на штодзень». Колькі старажытных пагаворак жыве і сёння! «Сябры — зладзеі часу», «Залатой з’яўляецца практыка; бясплоднай — тэорыя», «Супроць сілы смерці няма зёлак у агародзе», «Чалавек столькі раз памірае, колькі раз траціць блізкіх», «Агонь, мора, жанчына — тры няшчасці», «Нешчаслівы з’яўляецца святым», «Радасць мінае хутка, боль застаецца», «Імёны глупцоў чытаюцца ўсюды», «Ад укусаў злых языкоў няма лякарства»…
Званіў Янка Хвораст. Скардзіўся, што электрычныя гітары забіваюць народную самадзейнасць.
10.ІІІ. Галава мая запоўнена рознымі вершамі. Таму, чытаючы некаторыя новыя зборнікі, бачу, што яны — варыянты ці перепевы даўно вядомых мне вершаў, якія каліеьці чытаў.
Памёр І. Ахрэмчык. Не стала яшчэ аднаго з маіх сяброў, з якім часта сустракаліся і ў Маскве, і ў Мінску, калі жылі ў адным доме.
Цікавую думку сустрэў у Прыстлі: «Рэпутацыя пісьменніка, які не піша на працягу 10 год, няспынна расце». А так, як я няспынна пішу і друкуюся, гавораць, што са мною не ўсё абстаіць добра. А вось П. Глебка — успамінаецца ва ўсіх дакладах, крытычных артыкулах. Ну і фацэцыя! А галоўнае — ён і сам так думае. Часамі нат бярэцца павучаць і мяне, і Пімена, і Аркадзя… Чытаю А. Барскага. Неяк не магу ўчытацца ў яго паэзію, хоць некалькі вершаў знайшоў цікавых.
14.ІІІ. Наведалі мяне сёння мой зямляк з Брусоў А. Каўрус і яго друг Зянон, які калісьці ў Семяжонаў фатаграфаваў маму, Людмілу і ўсіх нас. I здымкі, трэба сказаць, атрымаліся вельмі ўдалыя. 3 невясёлай звесткай прыехаў з Нясвіжа А. Куляшоў: там зараз цяжка хворы ляжыць П. Пястрак. Трэба нам пазваніць у СП у Маскву, каб аказалі яму тэрміновую дапамогу.
Падзеі нашых часоў гавораць, што гуманістычная культура ўвесь час адступае перад бесчалавечнасцю. I я нат не бачу апошняй яе лініі абароны. Адзін з досыць высокіх нашых кіраўнікоў сказаў, што самыя правільныя пісьменнікі, якія з ім згаджаюцца.
16.ІІІ. Скардзіўся дзядзька Юзік на Данілу Канстанцінавіча. Чаго яны не падзялілі? Перад з’ездам пісьменнікаў ідуць розныя перагаворы, скалачваюцца блокі. Ад усяго гэтага стараюся трымацца далей. Аб паэзіі піша даклад А. Вярцінскі, якому аддаў усе свае нататкі.
19.ІІІ. Паспеў пабываць на чатырох пасяджэннях. Што можна сказаць пра чалавека, які перажыў такі дзень? Вечарам нат не змог прачытаць газеты. Падчас абмеркавання розных юбілейных мерапрыемстваў я падумаў, што хутка з-за бронзавых чучалаў не будзем бачыць жывых людзей.
20.ІІІ. Сяджу над сваім дакладам, які — чорт ведае — колькі забраў часу. Няма калі закончыць некалі накіданых вершаў. Не магу зразумець Пімена. На сакратарыяце неяк адасабляецца, садзіцца воддаль, маўчыць. Мо хворы?
22.ІII. Ва ўспамінах Рэцінгера — друга Конрада — ёсць цікавыя звесткі аб тым, як Конрад пачаў пісаць. Перш — каб забіць час, плаваючы па акіяне, потым — каб зарабіць на хлеб. Само пісанне было пабочным заняткам, які не прыносіў яму радасці, а толькі — боль і смутак… Лічыў, што аўтар павінен ужываць мінімум слоў, а перадусім пазбягаць непатрэбных прыметнікаў.
Словы, пачутыя ў аўтобусе: «Злачынства, калі нешта робіцца на шкоду другім». Як тут не прыгадаць засмучанага Хрыста з аповесці I. Сілоне «Фанта мара», які нічым не мог ашчаслівіць бедных сялян без шкоды для другіх.
Заходзіў нейкі пратэзіст з Дзятлава, які перасварыўся з усім сваім начальствам, і просіць не толькі, каб я за яго заступіўся, але і памог разагнаць райком, райвыканком, райздраў, бо ва ўсім Дзятлаве — адны зладзеі і ліхадзеі.
24.ІІІ. Янка Брыль вярнуўся з Урала, дзе праходзіла дэкада нашай літаратуры. Паездка, казаў, надзвычай цікавая. Выйшаў першы зборнік Я. Янішчыц, які з цікавасцю прачытаў. Харошы дэбют маладой паэтэсы: «Разлука ўпала на траву», «Ты пакліч мяне»…
А дома — кірмаш. Не паспяваем дзверы адчыняць.
27.ІІІ. 3 віцебскай дэлегацыяй прыехаў у Маскву на XXIV з’езд партыі. Спыніўся ў гасцініцы «Масква», № 589. Пасля рэгістрацыі далучыліся з Любашай да казахскай дэлегацыі і паехалі аглядаць Астанкінскую вежу. Шкада, што дзень быў хмарны і ўсё наваколле патанала ў нейкім смогу. Вечарам былі ў Вялікім тэатры. Ішла Рымскага-Корсакава славутая «Пскавіцянка». Былі захоплены і пастаноўкай, і ігрой артыстаў, і, асабліва, музыкай.
28.ІІІ. У фае сустрэў С. I. Прытыцкага. Трэба два свабодныя дні выкарыстаць. Узяў білеты на балет Хачатурана «Спартак», у МХАТ на «Сяло Сцяпанчыкава», на балет «Дон Кіхот» і ў тэатр Вахтангава на «Добры дзень, Крымаў».
2.IV. Збіраю матэрыялы з’езда, якія спатрэбяцца для маёй справаздачы. Аж смешна, што многія з дэлегатаў перажываюць паражэнне нашых хакеістау у гульні з чэшскай камандай. Не разумею я гэтага спартыўнага шавінізму. Абавязкова мы ва ўсіх гульнях павінны быць першымі. Калі няўдача — падымаецца цэлая кампанія, што трэба рабіць, якія сілы і сродкі мабілізаваць, быццам на спартыўных стадыёнах вырашаецца лёс сацыялізму.
3.IV. Як і можна было спадзявацца па ранейшых выступленнях, выступленне Шолахава на з’ездзе было на ўзроўні яго дзеда Шчукара. Усе рагаталі, апладзіравалі, а потым, адумаўшыся, пачалі крытыкаваць. Былі ў яго выступленні нейкія крошкі праўды, але яны былі разлічаны на вельмі непатрабавальнагв слухача. I таму ў мяне ад яго засталося прыкрае ўражанне. У гутарцы з Шаурам той сказаў: «Магло быць горш»…
Сёння правёў Любашу на цягнік. Нешта дрэняа чуецца Верачка: падняўся ціск, нейкія з’явіліся ацёкі. Можа, гэта — вынік таго, што яна працуе ў сваім інстытуце з рознымі хімічнымі прэпаратамі, шкадлівымі для здароўя. Прасілі выступіць на заводзе і ў ваенным вучылішчы.
6.IV. Заходзіў Бэндзік-Вераў са сваёй знаёмай, якая працуе ў філармоніі. Хоча, каб у нас выдалі зборнік яго перакладаў з беларускай паэзіі і каб я напісаў да яго прадмову. А пераклады — бяздарныя. Збіраецца пайсці яшчэ да П. М. Машэрава. Ледзь адчапіўся ад яго. Чытаю ў Ю. Пшыбася:
«Жаў, снапы роўна складаў — вершам» (1951).
Падобны вобраз быў і ў мяне: «Падасць іх весела дзяўчына сны-песні, зжатыя ў снапы» (1936 г.).
12.IV. Калі перажыву гэты месяц, дык, можа, працягну яшчэ некалькі год. Баюся за здароўе Верачкі. Сёння з Любашай наведалі яе ў бальніцы.
13.IV. Пазванілі, што ў Верачкі радзіўся сын. Доктар К. Савацееў сказаў, што самае цяжкое мінула. Зрабілі пераліванне крыві.
Былы падпольшчык У. Каравай прынёс, каб я прачытаў яго ўспаміны.
Прыехалі ў госці I. Сікірыцкі, В. Яжджынскі і В. Барысаў.
Званіла В. Вярба, каб памог ёй звязацца з С. Прытыцкім. Здаецца, збіраецца пісаць пра яго ці пра В. Харужую паэму. Толькі мне здаецца, гэта — не яе тэма.
Вецер. Снег. Поўнач.
15.ІV. Дома хапае і радасці і смутку. Але больш — смутку і горычы, непакою і трывог за здароўе маіх дамашніх. У ЦК выклікалі ў маю адсутнасць сакратароў СП. Раіліся аб структуры кіраўніцтва. Найлепш было б для мяне вызваліцца ад сваёй няўдзячнай работы.
Прыехала з Вільні Маруся Маслоўская. Прывезла артыкул Я. Шутовіча пра беларускі музей I. Луцкевіча, каб я яго перадаў у «Полымя».
Забег на пару хвілін да хворага М. Лынькова. Дрэнна ён выглядае. Пазванілі К. Крапіве, але нехта адказаў, што ён паехаў на дачу. Ад Верачкі з бальніцы атрымаў запіску, што чуецца лепш. Думаў адпісаць на некалькі лістоў, але настрой такі, што пяро выпадав з рук. Відаць, зноў узмацнілася мая арытмія.
21.IV. Часамі думаю: і нашто я раблю гэтыя запісы. У наш век, перагружаны рознай інфармацыяй, ці трэба старацца ратаваць розныя асабістыя дробязі. Забыццё, відаць, з’яўляецца зараз лякарствам і абаронай і так хворай ад перагрузак чалавечай памяці, псіхікі.
Паабяцаў унуку купіць веласіпед. А цяпер ходзіць за мной і ўсё пытае: «А калі ты, дзядуля, яго купіш?» Сёння ўсе іх дзетсадаўцы ідуць ускладаць кветкі ля помніка Леніну.
Прыйшла «Литературная газета» з некралонамі: памерлі Ю. Смуул, Г. Баран…
У суседзяў чуваць: нехта запусціў пласцінку П. Робсана. Помню, калісьці сядзеў я з ім на юбілейным вечары А. Пушкіна, і мне чамусьці здавалася, што з яго джунгляў валос на галаве выскачыць леў.
Чамусьці гродзенскія столаначальнікі супроць кандыдатуры В. Быкава на пасаду старшыш аддзялення СП. Сёння паедзем забіраць з бальніцы Верачку з яе малышом.
24.IV. Заходзіла жонка вілейскага папа. 3 ёю я калісьці вучыўся ў вілейскай гімназіі. Прасіла, каб дапамог прапісаць яе дачку, якая працуе на радыятарным заводзе. Прывезла «гасцінец» — адрэз на паліто. Вытурыў я яе і прыгразіў, каб яна гэтага больш не рабіла. А наконт прапіскі, як дэпутат, даведаюся, у чым справа. Да чаго ж прывучылі людзей розныя разбэшчаныя хабарнікі!
Гэтымі днямі быў у мяне Аркадзій Міхайлавіч. Выпіўшы чарку, прызнаўся, колькі яму каштавала кватэра, якую ён атрымаў пры дапамозе аднаго з адказных супрацоўнікаў нашага Вярхоўнага Савета.
Пры ўскладанні вянкоў на магілы Купалы і Коласа сустрэў нашых ленінградскіх сяброў і Ю. Збанацкага. Вечарам з Янкам Брылём і Якубам Міско наведалі дзядзьку Рыгора.
Ідзе снег. Заўтра на наш з’езд прыязджае Г. Mapкаў і яшчэ нехта з масквічоў.
25.IV. I так — прайшоў з’езд. Яшчэ на адну пяцігодку застаюся на пасту, цяпер — старшыні. На вячэру едзем з гасцямі ў Каралішчавічы. Адчуваю сябе, як стары конь, якога загналі да дыхавіцы. Былі кобрынцы А. Гуцяў і старшыня сельскага Савета П. Ігнацюк, прасілі дапамагчы ім у будаўніцтве школы.
2.V. Учора пайшоў на дэманстрацыю, ды вярнуўся, бо так было сцюдзёна. Ноччу — мароз, вецер. У Любашы зноў абвастрыўся тромбафлебіт. Ніякія лекі не памагаюць.
3.V. Дзень пачаўся з хаджэння па муках: Вярхоўны Савет, рэдакцыі, СП, лечкамісія, розныя сустрэчы, падрыхтоўка да нарады дзіцячых пісьменнікаў. Сёння зарэгістравалі нараджэнне ўнука Дзяніса і выдалі яму першы дакумент — метрыку.
Быў у лечкамісіі. Зноў узмацнілася мая арытмія. Прыпісалі да розных лекаў — спакойнае жыццё. А дзе, у якой аптэцы ты яго знойдзеш?
Нарэшце прыйшло паведамленне з Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб памілаванні Т. В. Глінскага, аб замене вышэйшай меры пакарання 15-ю гадамі турэмнага зняволення.
Нешта пацягнула на сатырычныя вершы.
12.V. Крыўдзіцца П. Пястрак, што на з’ездзе не ўспомнілі пра некаторыя яго творы. А ў Гродне — расказваў А. Карпюк — далей працягваецца цкаванне яго, Б. Клейна (выключылі з партыі) і В. Быкава, якога, у сувязі з нейкай рамантычнай гісторыяй, стараюцца перавесці ў Мінск. Паслаў пісьмо П. Мядзёлцы. Усё ніяк не можа вырашыцца справа з выданнем яе ўспамінаў, бо нехта з рэцэнзентаў даў адмоўную ацэнку.
14.V. Радыё перадало, што Пімен Панчанка вылучаны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Хацеў павіншаваць, але не застаў яго дома. Пазваню пазней.
16.V. Правёў Любашу ў Сочы. Мо там крыху падлечыцца. Прыйшло запрашэнне прыехаць у Алма-Ату на 125-годдзе Абая Кунанбаева. Былі ў Н. Л. Сняжковай з просьбай дапамагчы паставіць помнік на незаслужана забытай усімі магіле С. С. Блатуна — аўтара двух цікавых зборнікаў вершаў. Праўда, ён не быў членам СП, але ж паэтам — быў. I аб гэтым грэх бываць.
Прачытаў некалькі падручнікаў па літаратуры, і стала сумна: столькі ў іх аўтары сваімі звульгарызаванымі разборкамі і каментарыямі ўгробілі выдатных твораў! Не дзіва, што замест таго, каб прывіць любоў да нашай літаратуры, мы адбіваем у моладзі ўсякую ахвоту да яе.
Прывёз са свайго нарачанскага кнігазборышча «Апошнія накіды» Віткацага, якім калісьці зачытваўся, як зачытваўся Бранеўскім, Кручкоўскім, Чухноўскім.
Званіў М. Бурсевіч. Калі гаворыш са старымі сябрамі, здаецца, бачыш даўні, прызабыты фільм, у якім і сам калісьці іграў.
Нешта трэба рабіць, каб мы не марнавалі так попусту свой час. Бяда толькі, што некаторыя нашы кіраўнікі задаліся мэтай вырошчвання гібрыдаў, у якіх спалучаліся б: паслухмяныя пісьменнікі і палітыкі, агітатары і безгаловыя адміністратары. Не ведаюць, што пры такім скрыжаванні ўсё атрафіруецца і адмірае.
Засуха начынае пагражаць пасевам. Кожны раз, калі плануем ураджай, думаю: хаця б не пачуу нашай балбатні прарок Ілья і не перакрэсліў нашы разлікі. Прасіў Пятра Маркавіча Кузюковіча, каб ён паглядзеў хворага С. Александровіча. Паабяцаў.
20.V. Днём мардавалі дактары, а вечарам быў у тэатры Я. Купалы на ўрачыстым адкрыцці «Дня балгарскай культуры, асветы і славянскай пісьменнасці».Выступалі А. Босеў, М. Зідараў, П Струмскі, Н. Гілевіч, М. Калачынскі, Э. Агняцвет, Я. Янішчыц, I. Такманава, Ю. Карынец і я (адкрываў і вёў). 3 балгараў былі яшчэ П. Рудар, М. Янкоў, А. Босеў. Заўтра гасцей вязем у Брэст, у Белавежу, а 24-га за бяседным сталом страчаемся ў Каралішчавічах.
Дома застаў некалькі сваіх землякоў, дзятлаускага стаматолага, які ўсё працягвае ваяваць са сваім раённым кіраўніцтвам, і прыехаўшую ў пераведы пані Ядвігу.
23.V. Калі разам з Міколам Аўрамчыкам вярталіся з філармоніі, ён расказаў, што перад з’ездам пісьменнікаў многіх выклікалі ў аддзел прапаганды ЦК на бяседу. Рыхтаваўся разнос нашага сакратарыята. Не ведаю, што там гаварылі другія, але я ў канцы гэтай бяседы сказаў: некалі будуць успамінаць, што быў час, калі саюзам кіравалі сапраўдныя пісьменнікі.
Трэба было б перакласці некалькі вершаў Т. Бароўскага, які закончыў жыццё самагубствам, і М. Раманоўскага, радкі вершаў якога ўрэзаліся ў памяць:
Калі ж мы, аратыя вольныя, зможам
з мячоў акрываўленых выкуць нарогі…
24.V. Пэтэр Чухель пакінуў ГДР. Калісьці мне яго хваліў былы баец інтэрбрыгады Ганс Мархвіца. Захапляўся ім і яго вершамі. Некалі М. Горкі сказаў: «Чалавек — гучыць горда». А ў нашы часы ён можа гучэць — страшна.
Гартаючы свой апошні зборнік, заўважыў, што многія лепшыя вершы чамусьці засталіся за аб’ектывам крытыкі, а многія, слабейшыя, так зацытаваліся, што і сам баюся да іх вяртацца.
30.V. Усім калгасам прыехалі на Нарач. Не паспеў агледзецца, як прыйшлі нейкія жанчыны скардзіцца на Мазырскі гарвыканком і княгінінскі П. Пуня — на мядзельскі райсабес. Перад вайной была ў П. Пуні невялікая карчма, у якой часта спыняліся пількаўшчане. На вайне ён быў цяжка паранены. Хваліўся, што бачыў маршала Жукава і нат гутарыў з ім.
31.V. Званіў P. В. Кавалёў у справе ксяндза I. Ф. Мансаргера, які патрабуе, каб яму вярнулі рашэнне гродзенскай пракуратуры аб аштрафаванні яго за агітацыю моладзі, каб яна наведвала касцёл. Не ведаю, нашто яму гэты дакумент. Ды і справа даўняя.
Тэлеграма: 7-га чэрвеня трэба быць у Маскве, на сесіі Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях.
У «Огоньке» — падборка вершаў П. Броўкі «Я вам скажу». Нічога новага паэт у гэтай падборцы не сказаў. Можна пісаць і пра ўсім вядомыя рэчы, толькі пісаць інакш, як пра іх пісалі да цябе.
Ніяк не ўспомню прозвішча свайго мядзельскага земляка, які перад вайной выгараў гаршчок з дзінарамі, дукатамі, торнерамі (?) і прадаў за пару злотых вядомаму беларускаму нумізмату Быхаўцу. Цікава, ці ацалела гэта калекцыя, якой і я калісьці захапляўся.
Заўтра імяніны Ірынкі і Верачкі.
27.VI. Цяжка захварэла мама. Учора згубіла прытомнасць, давалі свечку. Потым зноў прыйшла ў сябе. 3 ёю зараз Федзя, Людміла і яе аднагодка суседка Аўдоцця.
Пількаўшчына. Поўнач. За хатай шуміць непралазная лясная гушча. Дзікія кабаны зрылі гумно. Кожны дзень з Вялікага бору выходзяць ласі. Каля Крывога Пня сустрэў барсука. Аж сэрца баліць, када гляджу на гэта апусцелае роднае гняздо, адкуль мы ўсе паразляталіся па свеце. I сад памірае, і агарод зарастае гавылой, палыном, і пчолы зводзяцца, і хата дажывае свой век, і студня, якую з бацькам капалі, усё глыбей упаўзае ў зямлю, усё больш і больш абрастае грыбамі, імхом. Прыснілася, што я купаюся ў нашай сажалцы, а вада ў ёй — чорная, гарачая.
Званіла з Нарачы Любаша. Голас быў нейкі невыразны, маркотны. Сказала, што заўтра прыедуць Максім, Іра, Вера, Саша.
Ля мамы застаецца Людміла. Мо на які дзень, на адкрыццё з’езда пісьменнікаў пад’еду ў Маскву. На ўсякі выпадак падрыхтаваны тэкст свайго выступлення аддаў I. Шамякіну.
13.VII. У той жа дзень, калі загінулі нашы касманаўты, на з’ездзе пісьменнікаў у Крамлі атрымаў тэлеграму аб смерці мамы. У апошнюю хвіліну удалося сесці ў самалёт і дабрацца да Пількаўшчыны. Мама ляжала ў труне, збітай з нейкіх таўшчэзных дошчак. Худзенькая, як лучынка. Здаецца, упершыню ў сваім жыцці так спакойна адпачывала. Перад смерцю скардзілася: «Чым я так саграшыла, што і зямелька не хоча мяне забіраць…» Перад маім ад’ездам у Маскву, калі Федзя спытаў у яе, ці пазнае мяне, сказала: «I нашто я цябе, сынок, вучыла? Быў бы ты заўжды са мной…» Часамі ёй здавалася, што яна не дома, а ў Мінску. I тады прасіла, каб яе завезлі у Пількаўшчыну, дзе яна магла б надыхацца свежым паветрам. Калі падавалі ёй ваду, не забывалася падзякаваць. Ёй, відаць, здавалася ўсё жыццё, што толькі яна павінна ўсіх даглядаць і абслугоўваць. Да апошняй хвіліны свайго жыцця непакоілася, што не можа нас пачаставаць…