30.ХІІ. У апошнія гады ў нас было шмат перавыданняў твораў першых год станаўлення савецкай улады, якія і зараз чытаюцца з вялікай увагай і цікавасцю. Толькі ў жанры крытыкі амаль нічога не заслугоўвае на перавыданне, бо ўсе іншыя нашумеўшыя артыкулы, якія нагадвалі судовыя прыгаворы, страцілі ўсякую пазнавальную вартасць і могуць толькі быць зборам трагічных памылак. Прычына недаўгавечнасці гэтай прадукцыі — і ў нізкім яе мастацкім узроўні.

I яшчэ сказаў бы: у ацэнцы таго ці іншага твора ў нас заўсёды пераважала і пераважае групавая ацэнка. «Калі творца — наш, бі ў звон!»

31.XII. I так, сёння сустракаем Новы год. Сотні паўтары паслаў віншавальных паштовак. Марозы. Даўно ўжо не было такіх піліпаўскіх халадоў. Нат дома тэмпература апала да сямі градусаў. Званіў Э. Валасевіч. Казаў, шмат дзе палопалі трубы і радыятары ацяплення. Як тут піць шампанскае за такі Новы год? У «Правде» — харошая падборка вершаў Расула Гамзатава.

Гэты Новы год загрукаў у дзверы не з падаркамі, а з такімі зубастымі, куслівымі халадамі, якія, помню, былі толькі ў памятных 1939-1940 гг. — гадах і радасных, і трывожных.


1979


3.І. Дома сцюдзёна, тэмпература не падымаецца вышэй 18°. Дзень і ноч палім газ. Гарадская гаспадарка аказалася зусім непадрыхтаванай да такой cyровай зімы. Нават вуліцы апусцелі. Прыйшла «Лит. газета» з маёй перадавіцай. Званіла з Аксакаўшчыны К. Шавялёва. Запрашала ў госці. У яе распараджэнні машына ЦК. Відаць, не змагу паехаць, бо трэба еа Камароўцы купіць палыну, напарыць і спрабаваць ім выганяць сваю хваробу.

А мароз не спадае. 3 коміна электрастанцыі вецер гоніць хмару дыму. Відаць, яшчэ доўга прыйдзецца памярзаць, бо і на дварэ палопалі ацяпляльныя трубы. Асабліва цяжкая сітуацыя ў дамах, у якіх батарэі ўмурованы ў сценах. I якому ідыёту прыйшло ў галаву ў нашых кліматычных умовах гэта рабіць.

Захварэў У. Караткевіч. У выдавецтве на дзесяць лістоў скарацілі яго двухтомнік. Трэба будзе пагаварыць з A. Л. Петрашкевічам, папрасіць, каб памог адваяваць гэтых дзесяць аркушаў, бо становішча ў У. Караткевіча крызіснае: хворы, нідзе не працуе.

Званіў Генеральны консул ПНР Мар’ян Дрэўняк. Хоча сустрэцца з беларускімі пісьменнікамі.

8.І. 3 задавальненнем чытаю на беларускай мове Байрана, які аказаў вялікі ўплыў на паэзію XIX века, на творчасць Пушкіна, Лермантава, Славацкага. Міцкевіча. Цікава, што ён у самой Англіі не быў такім папулярным, як у нас. Відаць, тут значную ролю адыгралі і яго палітычныя погляды, і ўдзел у вызваленчай барацьбе грэкаў.

Адразу атрымаў некалькі анкет ад розных часопісаў, тэлебачання, літаратурных даследчыкаў. Сапраўдная эпоха анкетаманіі.

Снілася мая Пількаўшчына. Стаю каля старой сасны-пастаўні, якую даўно слілавалі на вал для ветрака, i чакаю са стрэльбай узнятага загоншчыкамі кабана. Брэх сабак усё набліжаецца і набліжаецца. Вось ён ужо бяжыць праз хмызнякі. Ускідваю стрэльбу — асечка. Зноў прыцэльваюся і бачу, як пасля выстралу кабан валіцца з ног.

11.І. Званілі старыя ветераны, каб Саюз пісьменнікаў пахадайнічаў аб павелічэнні пенсіі жонцы 3. Бядулі. Зараз яна атрымлівае толькі 65 рублёў у месяц.

Чытаю. У паэзіі — суцэльны гладкапіс. А яна павінна быць гаркаватай, шаршаватай і непадатлівай на разрыў.

Нарэшце — адліга.

14.І Накупляў розных лекавых траў. Летам трэба будзе самому заняцца іх зборам. У «Правде» — два вельмі слабыя вершы П. Броўкі. Сяджу за карэктурай пятага тома збору сваіх твораў.

Сустрэў Верачку з Дзяніскам. «Ну, як у школе?» — пытаю. «Добра, толькі трэба сядзець, як загіпсаванаму. А калі сядзіш ціха, настаўніца не заўважае. Вось і прыношу па паводзінах то чацверкі, то тройкі». Пачаўся перапіс насельніцтва.

Быу на пахаванні А. Якімовіча. Страшэнна цяжкое ўражанне. Толькі некалькі дзён таму мы з ім гутарылі аб яго апошняй аповесці для дзяцей — аповесці пра К. Каліноўскага.

18.І. Тзлеграма: «Калгаснікі калгаса «Маяк» Ашмянскага раёна аднагалосна вылучылі вас кандыдатам у дэпутаты Савета нацыянальнасцей Вярхоўнага Савета СССР дзесятага склікання. Просяць даць згоду 6алаціравацца па Ашмянскай выбарчай акрузе №92…»

20.І. У парку імя М. Горкага сустрэў П. Броўку, С. Грахоўскага. Паслаў С. Баруздзіну тры пачкі кніг для Нурэкскай інтэрнацыянальнай бібліятэкі.

Гартаю свае дарожныя запісныя кніжкі. Колькі іх набралася! Вось запіс аб наведанні Юваскулскай школы, пабудаванай па праекту Альвера Аальта: «Як тут умела, па-мастацку выкарыстаны цэгла, камень, дрэва, шкло. Як усё гэта гарманічна спалучана з акружаючай прыродай! Гэта можна бачыць у Кеуру, і ў Атаве, і ў Хельсінках…»

Прачытаў цікавыя ўспаміны С. Анісава, у якіх піша пра нашу сустрэчу з ім у Вільні ў 1932 г.

На процілеглай старане вуліцы ўспыхнуў пажар. Полымя ахапіла амаль увесь другі паверх. Добра, што ўдалося пажарнікам яго пагасіць.

Заходзіла Аля Кузюковіч. Расказвала пра сваю паездку ў Польшу.

Здаецца, Норвід сказаў, што пісьменнікаў судзяць за іх творы. А ў нас — каму толькі не ўздумаецца. Пераклаў некалькі вершаў Ч. Курыямы. Трэба будзе падрыхтаваць падборку з польскай паэзіі, бо, здаецца, намячаюцца ў нас Дні польскай культуры. Самы небяспечны перыяд у жыцці мастака — перыяд задавальнення сабой. Прыехала Рэната Шыманская. Аказваецца, перакладчыкам Сілёнэ («Фантамара») быў яе бацька, літаратурны псеўданім якога Людвік Савіцкі. Гэты раман меў у свой час шумную славу. Купіў я яго ў 1938 г. у адной з віленскіх кнігарняў. Ён нейкім цудам і сёння захаваўся ў маёй дамашняй бібліятэцы.

26.І. Сустракалі дэлегацыю кубінскіх пісьменнікаў: Луіса Суардзіса, Луіса Марузу, Дэсідэрыя Навару, Таліціну Чорстку, Вальда Аліева і масквічоў-кансультантаў з замежнай камісіі СП.

А ў паэзіі нашай — неверагодная нудота, ад якой не ратуе ніякае мастацтва, стылістычнае ўпрыгожванне.

Пайду на выстаўку М. Савіцкага, аб якім з захапленнем піша В. Быкаў.

30.І. Здаецца, знайшоў канцоўку да свайго верша «Пакуль я са сваёй павольнасцю сялянскай»…

31.І. Учора цэлы дзень марасіў дождж, а сёння — разгулялася завея. Званілі У. Караткевіч і М. Чарняўскі, што вельмі цяжка хворы муж Л. Геніюш. Прыслалі карэктуру майго чацвёртага тома і зборніка «Прайсці праз вернасць», у якім — зараз бачу — шмат слабых вершаў. Ратуе яго, можа, паэма пра Дворнікава ды казка пра Мураша-Бадзіню. Званіў М. Мінковіч. Запрашае на сваё 60-годдзе. Чытаю М. Жэпінскага пра Гойю. Цікава, што ён больш як на сотню год аперадзіў сучасных турпістаў, пісаў, што нельга ідэалізаваць прыгажосці.

Гаварыў з A. Л. Петрашкевічам пра Л. Геніюш. Трэба будзе пад’ехаць да яе і аказаць дапамогу ў цяжкім становішчы, у якім яна зараз апынулася.

8.ІІ. Выклікаюць у Маскву на пахаванне М. С. Ціханава. Не дай, божа, ні хаваць блізкіх і родных, ні выступаць на іх хаўтурах.

16.ІІ. Вярнуўся з сустрэчы з выбаршчыкамі. Быў У Смаргонях, ашмянскім калгасе «Маяк», у Іўі, Воранаве, Астраўцы. Страшэнна стомлены вярнуўся дамоў.

Доўга не мог заснуць. Нейкія болі і Любашы дакучалі ўсю ноч. Хаця б не аднавілася пасля аперацыі яе старая хвароба.

Трэба заўтра даведацца, што чуваць у Ю. Гаўрука. Ці паклалі яго ў лечкамісію?

18.ІІ. Кітай аб’явіў вайну В’етнаму. Свет зноў апынуўся на сваім фатальным смяротным рубяжы. Уключыў радыё: музыка, музыка, песні… В’етнам гарыць агнём, а ў нас суцэльнае ігрышча. В’етнам! В’етнам!

19.ІІ. Учора памёр Ю. Гаўрук — чалавек цудоўнай абаяльнай душы, выдатны перакладчык. Колькі ж апошні час не стала ў нас выдатных людзей! За якую кару, бяда — за бядой, бяда за бядой узвальваецца на плечы нашага народа. Ледзь паспяваем капаць магілы.

23.ІІ. Насталі прыгожыя прадвесныя дні: ноччу — мароз, а днём — светла, сонечна. I шмат снегу. Дарогі нагадваюць прабітыя ў гурбах тунэлі. Рознакалёрнымі іскрамі гараць, абняўшыся, бярозы. Даўно не бачыў такой першароднай чысціні прыроды. Сям-там віднеюцца ласіныя і заечыя сляды.

Прачытаў досыць нудныя дзённікі Т. Мана. 3ноў узмацнілася арытмія. Мо прыйдзецца легчы на абследаванне.

У. Калеснік казаў, што з Вільнюса прыязджаў нейкі доктар Кутарга, які, быццам, ведае мяне з даваенных год. Пакінуў мне запрашэнне на юбілей Вільнюскага універсітэта. Ніяк не прыпомню, хто б гэта мог быць.

Прыехала Зіна. Бачыла нашых пількаўшчан. Усе жывы, здаровы. Пусціў жа нехта чутку, што Федзю на паляванні параніў дзікі кабан.

Поўнач.

5.ІІІ. Званілі з выбарчай акругі, што я аднагалосна выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

Ізноў узяўся ператрасаць свае архівы, каб падабраць матэрыялы да апошняга тома збору сваіх твоpaў. Набралася неверагодная колькасць розных аднатыпных і шаблонных артыкулаў, выступленняў. Аж страх падумаць: колькі ўсё гэта змарнавала, адабрала ў мяне творчага часу!

Трэба адказаць на пісьмо Стулпану, якое чамусьці ішло з Рыгі да Мінска паўтара месяца.

14.ІІІ. Атрымаў газету «Сельмашавец», якая надрукавала маю паэму пра М. Дворнікава. Малайцы, што дагадаліся гэта зрабіць. Зноў хаўтурны звон: памёр К. Сяўрук. Апошняя наша сустрэча з ім ў яго нясвіжскай майстэрні, цесна застаўленай рамамі, палотнамі, эскізамі… I так, не стала ў нас яшчэ аднаго харошага Чалавека і самабытнага мастака. Б. Сачанка быў у лечкамісіі. Кепскія — казаў — справы ў М. Ткачова. Рак. Трэба пазваніць Пятру Міронавічу. Няужо няма ніякага ратунку? Можа, паслаць яго ў Маскву?

22.ІІІ. Быў У М. Ткачова. Кансультаваў яго праф. П. Кузюковіч. Стан здароўя — безнадзейны.

Марудна набліжаецца вясна. У калгасах не хапае кармоў. Кожны год паўтараецца адно і тое ж.

Шкада, што я толькі праз дзесяць год, як мне прыслаў А. Венцлава, прачытаў яго ўспаміны. Прачытаў іх не адрываючыся, так жыва і цікава яны напісаны. Шкада, што не паспеў яму пры жыцці аб гэтым сказаць.

16.IV. Не браўся за свой дзённік, бо ўсе дні запоўнены невясёлымі справамі. Пакрыўдзіўся Якаў, што некаторыя яго пераклады раскрытыкавалі ў «Дружбе народов», быццам я ў гэтым вінаваты. Адмовіўся перакладаць маю паэму пра Дворнікава, быццам гэта ні ў яго ключы, але ўзяўся за пераклад даўжэзнай і нуднай паэмы «Востраў любві» Р. Гамзатава. Агулам, справы з перакладчыкамі беларускай літаратуры маглі б быць лепшымі. Але мы не ўмеем кадзіць перакладчыкам. Таму яны больш цягнуцца да літаратур шашлычных, вінаградных, а не да нашай — бульбяной.

25.IV. Ляжу ў Кунцаве. Далі ўколы магнезіі, дзібазолу, а ціск усё не спадае. Недзе ў суседняй палаце ляжыць Пятрусь. Трэба будзе сазваніцца з ім. Відаць, тут доўга пратрымаюць мяне. Сустрэў у парку Ю. Міленцева, знаёмую па Карлавых Варах жонку намесніка міністра Яўг. Ів. Мацвееву, А. Салынскага, які прыехаў наведаць Петруся.

5.V. Гаварыў па тэлефоне з Любашай. Быў Саша, які прыехаў на пару дзён у Маскву. А ў Мінску рыхтуюцца да розных сўстрэч, паездкі ў Азербайджан, да нарады перакладчыкаў. Ну, зараз з мяне слабы ўдзельнік гэтых мерапрыемстваў.

6.V. За акном чуюцца першыя перакаты веснавога грому. Пішу «Сярэдні верш пра каханне».

I так, да маіх сардэчных недамаганняў адкрылі тут яшчэ язву і эрозію страўніка. Глытаю «ротар» і безліч розных таблетак. Не ведаю, як я з усяго гэтага выкарабкаюся. Усяго скалолі. Сяджу на строгай дыеце. Прапануюць на рэабілітацыю паехаць на Каўказ або ў падмаскоўны санаторый. Відаць, рамонт мой зацягнецца. А дома чакае столькі неадкладных спраў! Накідаў верш «Вецер з Хірасімы».

20.V. Званіў А. Т. Кузьмін. Едзе з дэлегацыяй у ГДР. Запісаў ад свайго сімпатычнага ўрача Г. В. Чарнышовай (дачка былога першага сакратара Мінскага абкома) распарадак свайго далейшага жыцця-быцця, бо праз пару дзён еду далечвацца ў падмаскоўны санаторый імя Герцэна.

23.V. Прачытаў у «ЛіМе» артыкул У. Калесніка пра паэму «Мікалай Дворнікаў». Так і не зразумеў, якая гэта паэма. Сустрэў Ю. Друніну з Каплерам, сярод сясцёр санаторыя ёсць некалькі маіх зямлячак — з Магілёва, з Пружан. Напала на мяне нейкая тувімаўская хандра ўныньская. Накідаў успаміны пра А. Куляшова.

17.VI. Апошні дзень у санаторыі. Абышоў усе лясныя, дрымотныя саснякі ды ельнікі. Сабраў усе свае часопісы, нататкі. Відаць, у Маскве яшчэ спынюся на пару дзён, а там — дамоў. Як там мае нарачанцы? Верачка, здаецца, збіраецца з Дзяніскам у Сімферопаль.

3.VIII. Першы дзень майго «адпачынку» на Нарачы. Якое шчодрае лета на яблыкі! Заходзіў П. Сергіевіч. Чамусьці наш СП яшчэ не разлічыўся з ім за партрэт Ф. Скарыны. Трэба будзе даведацца, што за прычына. Са страхам думаю, што гэтымі днямі прыедуць з тэлестудыі мяне здымаць. Хоць ты куды ўцякай.

5.VІІI. Нядзеля. Вецер. Дождж. Уся зямля ў агародзе ўсыпана ападам. Узяўся за пераклад Э. Капішэўскага. Мне здаецца, пераклад павінен гучаць натуральна на мове, на якую перакладаецца, і адначасна захаваць нешта ад арыгінала, хоць такога спалучэння вельмі цяжка дабіцца.

8.VIII. Учора цэлы дзень правёў з аператарамі тэлестудыі. Былі ў вёсцы Баяры, праз якую калісьці ў 1934 годзе мяне скутым гналі ў Паставы. Якія тут прыгожыя аколіцы!

Прыехаў В. Рагойша. З’ездзілі мы з ім на гатаўскі бераг Нарачы. Купіў у рыбакоў некалькі ўгроў, судакоў і велізарнага шчупака. Будзе хоць чым пачаставаць гасцей.

15.VІІІ. У самы разгар рамонту дачы прыехаў I. Шамякін з сынам. Радыё перадало, што разбіўся наш самалёт і загінулі ўсе пасажыры. Калісьці Марта Эгерт, будучы жонкай Яна Кепуры, ніколі не ляцела са сваім мужам у адным самалёце. «Калі што здарыцца, казала, — хоць адзін з нас застанецца гадаваць, даглядаць дзяцей».

17.VIII. Наведаў нас, нарачанцаў, I. Ф. Клімаў. Хоча, каб я прачытаў яго ўспаміны, якія збіраецца друкаваць у «Нёмане».

«Няма сэнсу маляваць рэчы, якія існуюць» (Паскаль). Гэта, відаць, адносіцца і да літаратуры, якая павінна ствараць новыя рэчы.

22.ІХ. Прыляцелі з Любашай у Сафію. На аэрадроме ледзь не размінуліся з Баянай. Спыніліся ў гасцініцы «Балкан» — у самым гандлёвым цэнтры. За акном — нейкая старажытная царква. Вечарам доўга блукалі па бульварах і вуліцах Сафіі. Былі і на славутай Віташы, з якой сцякае бязводная, запруджаная каменнымі глыбамі рака. Сустрэліся з Караславам. Цягніком выехалі ў Плоўдзіў. Начавалі ў нейкім былым купецкім доме, які стаіць на досыць высокай гары, і дабірацца да яго трэба лабірынтам вузкіх сярэднявечных завулкаў. Ноч цёмная. Недзе гадзіннік адлічваў час, ды пераклікаліся галубы.

24.IX. Нарэшце дабрылі да Хісара. Тут сустрэлі нашых знаёмых: М. У. Таўбэ і яго жонку — Таццяну Аляксееўну, члена рэдкалегіі «Иностранной литературы».

27.ІX. Прыехала Дора Габор, пра якую тут гавораць, што яна ўхітрылася ў сваё 90-годдже адсвяткаваць 80-годдзе. Абмяняў свае грошы на левы. Паблукаў па рынку і, вярнуўшыся з лячэбнага вадапою, узяўся за часопісы, якія захапіў з сабою ў дарогу. Багдан Сухадольскі ў «Месенчніку Культуральным» (чэрвень, 1977 г.) піша, што рэктар Акадэміі мастацтва, які суправаджаў на выстаўцы французскага прэзідэнта (1900 г.) і меўся разам з ім увайсці ў залу імпрэсіяністаў, сказаў: «Няхай пан прэзідэнт тут затрымаецца, тут пачынаецца ганьба Францыі».

Усе гэтыя дні Хісар задыхаецца ў афрыканскайя гарачыні. У «Лит. газете» здымак: старшыня калгаса імя Леніна К. Ахунбабаеў і я — на хлопкавым полі. Хадзіў знаёміцца з Хісарам, з яго велічнымі руінам былой рымскай крэпасці. Атрымаў тэлеграму, у якой Л. Еленкаў запрашае на свята балгарскай паэзіі, прысвечанае 70-годдзю М. Вапцарава.

3.Х. Тры дні правёў у Сафіі і Благаўградзе, дзе сустрэў М. Ваўжыковіча, К. Гансяроўскага, I. Маіскі, Э. Грунару, Г. Альберці, В. Кліане, М. Сакрата, В. Заваду, Ф. Марэні, Я. Бузаці, I. Бела, I. Кентэйа. X. Яуза, X. Абдалаха… На свяце паэзіі выступалі шматлікія госці, у тым ліку — М. Дарызо і я.

4.Х. Хадзілі на рынак палюбавацца дарамі гэтай зямлі. Горы памідораў, вінаграду, перцу, яблыкаў, шэрсці… Паслаў паштоўку Э. Межэлайцісу.

Неспадзявана, як боская кара, прыехаў Зосін Валодзька (Плятон-Сегаль). Прыехаў з Сафіі, даведаўшыся, што мы ў Хісары адпачываем. Усё было б добра, і мы былі б яму рады, каб ён не піў. А то ж прыкра на яго глядзець. Заўтра чакаем Сільву, з якоЙ паедзем у Плоўдзіў.

7.Х. Усю ноч барабаніў дождж. У Плоўдзіве на літаратурным вечары, прысвечаным юбілею «Лит. газеты», сустрэў масквічоў: Е. Крывіцкага, П. Праскурына, Е Богата, Е. Ісаева, А. Іванова, К. Куліева, ад якого запісаў эпіграму М. Дудзіна на А. Кешокава:


В горах Кавказа меж озерами,

От просвещенья вдалеке,

Кешоков родился со шпорами

На жопе и на языке.


Усе размясціліся ў пабудаванай калісьці французамі гасцініцы «Плоўдзіў». Прыгожыя нумары і сам горад. Столькі тут архітэктурных і старажытных помнікаў! Пазнаёміўся з Марыяй Дзмітравай, якая пераклала аповесць Я. Сіпакова «Крыло цішыні». Прасіла прыслаць ёй беларускі слоўнік. Нарэшце пакінуў нас Валодзька. Не ведаю, як ён тут будзе жыць і працаваць, калі з ім нельга толкам і пагаварыць. Яму трэба лячыцца, а не бадзяцца па свеце, па рэстаранах і піўнушках. I бясконца хваліцца, як і ўсе алкаголікі, што ў Варшаве ў яго выйшла некалькі зборнікаў, выдаў беларускую анталогію (?), усім польскім паэтам рабіў падрадкоўнікі вершаў беларускіх паэтаў, быў на канферэнцыі пісьменнікаў краін Афрыкі і Азіі ў Ташкенце, купіў машыну…

За сцяной чуваць нейкая ціхая знаёмая песня, якая мяне вярнула ў далёкія і забытыя дні.

11.Х. Раніцой хадзіў па лекавую ваду да крыніцы «Маміны слёзы». Пачаў пісаць верш пра Хісар, пра гасціннасць балгарскіх сяброў.

Сёння адлятаюць у Маскву нашы сябры Т. А. Кудраўцава і М. I. Таўбэ, з якімі мы тут правялі шмат незабыўных сустрэч, бясед. Перад абедам доўга блукалі па вуліцах гэтага зацішнага, маляўнічага курорта. Запісаў некалькі цікавых тэм.

Эпітафія кардынала Більбо на смерць Рафаэля: «Гэта той Рафаэль, калі быў жывым, вялікая Маці рэчаў баялася быць пераможанай. Сёння са смерцю яго смерці баіцца сама».

Поўнач. На вуліцы чуюцца нейкія галасы. Перад сном, каб не забыць пачутую тут пагаворку: «Ашчаслівіць адно сэрца — больш як узняць з руін мячэць».

У суседнім пакоі пасялілася нейкая гаваркая маладзіца. Цэлы дзень не закрываецца яе рот. Яна і нам не дала б спакою, на шчасце, мы не разумеем яе мовы, а яна — нашай. Пры сустрэчы толькі вітаемся, ветліва ўсміхаемся.

У Хісары шмат сустракаем турак. Моладзі амаль не відаць. Усе — пажылыя і хворыя, як мы.

Купіў некалькі рэпрадукцый Эль Грэка, якога пры жыцці лічылі вар’ятам, і толькі праз чатыры стагоддзі прыйшла да яго слава.

Як рэдка мы заглыбляемся ў сябе! А іменна там чакаюць нас неверагодныя адкрыцці.

15.Х. Стаяць залатыя восеньскія дні. Аж шкада пакідаць гэта сонца і сінеючыя на небасхіле горы. Перакладаю Еўціма Еўцімава. Захапляюся багаццем балгарскай літаратуры, якой могуць пазайздросціць еўрапейскія літаратуры і ў якой мы многаму можам навучыцца.

Нехта запусціў пласцінку са знаёмай мелодыяй танга. А. Піазаліні казаў: «Танга — сумная думка, якую танцуюць».

16.Х. Пара збірацца ў дарогу. Калі, як дамаўляліся, машына прыйдзе раней, можа, удасца мне пабываць на кансультацыі ў славутага доктара Дымкава. Амаль месяц я тут адпачываў ад дамашніх спраў і клапот.

Думаю: колькі ў сусветнай і нашай літаратуры розных герояў, біяграфій, якія разыходзяцца з праўдай. Некалі варта да гэтай тэмы вярнуцца.


Я ў даўгу, які вярнуць мне трэба,

Калі не адразу, спакваля,

Што ўзяў у неба — аддаць небу,

Што — у зямлі, хай забярэ зямля.


17.Х. Дарога да Сафіі такая маляўнічая, што вачэй ад яе не адвесці. Асабліва прыгожа выглядаюць горы ў залатой чырвані восеньскай лістоты.

Баяна перадала, што заўтра мяне прыме не ў бальніцы — а на сваёй кватэры доктар Дымкаў.

Апошнімі часамі стала модна: расказваць, як пісьменнік пісаў свой раман ці паэму, мастак — сваю карціну, артыст — іграў. Важна — што атрымалася. Чытаю пра габраўцаў і ўспамінаю, што і ў нас, амаль у кожным пасёлку, былі свае жартаўнікі, якія маглі паспаборнічаць са сваімі балгарскімі сябрамі.

18.Х. 3 Антонавым ездзіў да чарадзея Дымкава. Дом яго стаіць наводшыбе. Прыняў ён нас у сваім кабінеце, заваленым кнігамі, пісьмамі, тэлеграмамі. Самае цікавае, што па дне маіх вачэй, не заглядаючы ў прывезеную мной гісторыю хваробы, пералічыў усе мае недамаганні. Абяцаў мне прыслаць апісанне лячэння маёй хваробы. Раіў, каб я звязаўся ў Маскве з доктарам В. Рафілавай (вуліца Бранская, 2-119) і з кіеўскім доктарам В. У. Крывенка (Клоўскі спуск, 14/24-9). А пакуль кожны дзень перад ядой выпіваць паўшклянкі капуснага соку, 250 г. высушаных лістоў каштана запарыць і перад сном пакласці на жывот, прыкрыўшы шарсцяной коўдрай. Вечарам 12 раз прамыць вочы вадой і пакласці на іх кампрэс з тварагом, а на галаву — каштаны.

Дамовіліся з Н. Вылчавым аб сустрэчы з К. Колчавым і Давыдкавым.

Прачытаў даклад М. А. Суслава. Усё больш становяцца для мяне незразумелымі адносіны нашых ідэолагаў да спраў культуры. Быццам на свеце не адбылося ніякіх змен, ніякіх пераацэнак, што пярэчыла б развіццю грамадства.

19.Х. Перад ад’ездам на аэрадром сустрэўся з Паптоневым, які толькі што вярнуўся з Беларусі. 3 захапленнем расказваў аб сваёй паездцы на Віцебшчыну, на Нарач.

А Масква сустрэла нас снегам і дажджом. Добра, што хоць познім вечарам дабраліся дадому. У Ірышыным пакоі яшчэ гарэла святло.

3.XІ. Лячу сваю прастуду. Прачытаў І. Б. Зінгера апавяданне «Ключ», канцоўка якога нагадвае шчаслівую канцоўку многіх сентыментальных амерыканскіх фільмаў. Званілі з розных рэдакцый, каб перад Новым годам падзяліўся з чытачамі сваімі творчымі планамі. Раскрыццё сваіх пісьменніцкіх планаў тоіць у сабе такую ж небяспеку, як раскрыццё ваенных.

Па тэлефоне гаварыў з Піменам і Караткевічам. Абмяняліся сваімі крытычнымі думкамі аб паэзіі. В. С. Смірноў запрашае разам з генеральнымі консуламі ПНР і ГДР зноў з’ездзіць на паляванне.

16.XI. Закончыўся пленум нашага СП, на які прыехала шмат гасцей з Масквы, Украіны, Латвіі, Літвы.

A. Л. Петрашкевіч пайшоў на работу ў БСЭ, а загадчыкам аддзела культуры назначаны сакратар Мінскага гаркома І. І. Антановіч.

21.XI. Зноў атрымаў некалькі анкет. У адной з іх аўтар пытае: «Як гляджу на беларускую мову?» Я не спецыяліст, не вучоны. Мову сваю вывучаў за плугам і касой, у бацькоўскай хаце, на кірмашах, на фэстах і на вяселлях і хрэсьбінах, у бясконцых сваіх вандроўках па родным краі. Да мовы падыходзіў з эмацыянальнай стараны, з слухавой, зрокавай. I тамі магу толькі сказаць як пісьменнік, што яе люблю. I, хоць у роспачы за сённяшні яе стан, веру ў яе будучыню.

1.XII. Раней, як закончылася сесія Вярхоўнага Савета, вярнуўся зусім разбіты. Ціск 120 на 220. Ніяк не ўдаецца яго знізіць. Сёння абяцаў наведаць М. I. Таўбэ.

Атрымаў ад Н. Вылчава «Работнічэска дзела» (8.ХІ), дзе надрукавана падборка перакладзеных ім маіх вершаў. Напісаў некалькі новых вершаў, пасля якіх такое адчуванне, быццам нейкі вецер выдзьмуў з галавы ўсе думкі. А тут трэба рыхтавацца да чарговых выступленняў і ўсё малоць і перамолваць аж да атупення адно і тое ж, адно і тое ж.

4.ХІІ. Тэма: нехта, каб праславіцца і праславіць свой горад, раскапаў фіктыўныя гістарычныя дакументы і — закруцілася карусель. Пачалася падрыхтоўка да юбілею: прысвойванне вуліцам і пляцам горада імён розных славутасцяў, будаванне ім помнікаў, рэстаўрацыя старых будынкаў, арганізоўванне розных ceсій, урачыстасцяў і г. д.

5.ХІІ. Чытаю А. Разанава. Выдавецтва не хоча друкаваць яго зборнік. А дарма. Гэта — паэт цікавы. Можа залішне ўскладнены для чытачоў, якія развучыліся думаць, і, калі што не месціцца ў іх загіпсаыаных сацрэалізмам галовах, б’юць у набат. Рэдка калі нешта новае ў навуцы і мастацтве — Міцкевіч, Маякоўскі, Тувім — прымалася без скандалаў, пратэстаў. Калісьці Пантагафэн, каб абвергнуць Коха, на публічньм паказе глытаў бацылы халеры, а Рублёва лічылі варварскім багамазам, «мастацтва якога мае толькі этнаграфічную вартасць».

7.ХІІ. Відаць, пакуль не стане ўсім відавочны абсурд нашых пустазвонных пасяджэнняў, нам не ўдасца іх спыніць. А колькі людзей усё гэта адрывае ад працы, колькі марнуецца часу, сродкаў. Аж страх падумаць.

Позна вярнуўся з прыёму польскай дэлегацыі. Ледзь дацягнуўся дадому, такі дзьмуў сцюдзёны, штармавы вецер. Па радыё перадавалі мае вершы.

14.ХІІ. Па руках ходзіць напісанае нейкім ярым антысемітам Г. Самойліным «Открытое письмо Солженицыну».

П’ю ад сваёй язвы і ціску розныя настойкі на травах. Можа, што і непатрэбнае п’ю. Хадзіў з Таўбэ купляць для яго настольную лямпу.

Мне здаецца, што самае небяспечнае сяброўства — сяброўства пісьменнікаў. Кожны асцерагаецца, каб не выдаць сваю тайну. Я пераканаўся ў гэтым, пабачыўшы, колькі раздарыў сваіх тэм! Заўтра ў СП сустрэча з перакладчыкамі, а там — Масква, сесія Вярхоўнага Савета БССР, зноў Масква. Радкі з Вапцарава:


Вы куляй забіць маю хочаце веру?

Ды гэта не ўдаеца!

Дарэмны старанні!

Яна за брамаю

У грудзях маіх скрыта,

I куля, што гэту браню бы прабіла,

Яшчэ не адліта!

Яшчэ не адлітаі


А гэта з Леўчава:


Мяне спыталіся.

Чаму ты мог так паступіць?

Вядома, ісціна

Заўжды

Ўсярэдзіне ляжыць!

Я, друг,

Паверыў бы табе,

Каб мае сэрца білася

Ў сярэдзіне грудзей.


15.XII. Прачытаў у рукапісе вершы Ларысы Геніюш. Адабраў каля двух дзесяткаў для «Полымя». Можа, як удасца правесці іх праз усе рагаткі і друкаваць. А ўсе іншыя патрабуюць яшчэ пэўнай дапрацоўкі. I гэта трэба зрабіць, каб хутчэй выйшаў новы яе зборнік. Вершы Л. Геніюш — не толькі выдатныя. Яны спалучаюць у сабе спрадвечны боль народа і боль чалавека, з годнасцю прайшоўшага праз усе пякельныя выпрабаванні жыцця, чаго ў нашы часы нат не ўдавалася многім святым.

Вельмі дрэнна чуецца Пятрусь. Прасілі мяне лімаўцы напісаць нешта навагодняе. Адмовіўся. Няма ніякага настрою.

Быў у Верачкі і ў Сашы. Атрымаў падрадкоўнік вершаў А. Севярыні, толькі такія блытаныя, што не магу ў іх разабрацца.

17.ХІІ. Ездзіў у Пількаўшчыну. Пахадзіў па лесе. Прывёз высечаную ў Жукаве елачку. А на свеце напружанасць с кожным днём нарастае. Такое ўражанне, што людзі згубілі свой самазахаваўчы інстынкт, як тыя кіты, што выкідваюцца на бераг і гінуць. Як доўга можа яшчэ вытрымаць і не сарвацца да адказу нацягнутая цеціва вайны?

Чытаю. I ўсё больш адчуваю, як мне не хапае сённяшніх ведаў на заўтрашні дзень.

30.ХІІ. Ужо і рука стамілася ад пісання навагодніх паштовак і тэлеграм. Учора ў СП усім уручалі новыя членскія білеты. Быў на праглядзе фільма «Дзікае паляванне караля Стаха». Фільм не спадабаўся. Званіў Пімену Панчанку, I. Шамякіну, А. Макаёнку, В. Быкаву, Я. Брылю, К. Кірэенку. Павіншаваў іх з Новым годам і з вылучэннем кандыдатамі ў Вярхоўны Савет БССР.

31.XII. Каторы дзень мяне не пакідае трывожнае прадчуванне нейкай бяды, хоць яна часцей да нас прыходзіць нечакана. Званіў Петрусю Броўку, але не дазваніўся. Думаў, сёння ўсе збярэмся за святочным сталом, але ўсе разбрыліся, толькі засталіся хворыя Ірыша з Сярожкам і мы з Любашай. У Янкі Брыля радзіўся ўнук. Вось гэта навагодні падарунак Дзеда Мароза!

Я, прызнацца, нічога добрага не чакаю ад новага года, бо, відаць, беззваротна мінулі тыя цудоўныя часы, калі кракаўскія дактары думалі над вынаходствам лякарства ад жаночых укусаў, бо калі пачнецца новая бойня, ад атамных укусаў ратунку не будзе.

Набліжаецца поўнач. Хутка пачуем звон Крамлёўскіх курантаў. Пара адкаркоўваць шампанскае і запальваць на ёлцы агні.

Загрузка...