Не стала на зямлі нашай Маці, з якой я нікога не магу параўнаць па сціпласці, працавітасці, любові да дзяцей і святасці. Ніхто, як яна, не ўмеў радавацца, калі мы яе наведвалі. Бласлаўляла, калі прыязджалі, хрысціла, калі клаліся спаць, калі пакідалі яе.
Цяпер днём і ноччу стаіць перад маімі вачамі.
Прыслалі спачувальныя тэлеграмы і пісьмы: Панчанка, Брыль, Гамзатаў, Кербабаеў, Нараўчатаў, Хелемскі, Тарас… Ф. О. Міхееў прывёз на магілу вянкі. Некралогі.
Ну што ж, пара займаць чаргу.
16.VII. Дні мінаюць так хутка, што ў іх мітусні няма калі задумацца над мінуўшчынай, сучаснасцю і будучыняй. Тэмпы! Тэмпы! А да ўсяго, не навучыліся па-гаспадарску даражыць часам, што наносіць большую шкоду, як марнатраўства матэрыяльных каштоўнасцей.
На Камароўцы пачалі ўзносіць помнік Я. Коласу.
Даўно не сустракаўся з Піменам, які, здаецца, збіраецца некуды паехаць падлячыцца. Ён — адзін з нямногіх у нас, з кім цікава абмяняцца думкамі і з каго яшчэ не выветрыўся крытыцызм мастака нат самога сябе. А гэта гаворыць аб многім.
Пачало хмарыцца. Быў на пленуме ЦК КПБ. Mo заўтра пад’еду ў Пількаўшчыну. Схаджу пакланіцца старым і свежым магілам.
29.VIII. Гасцініца «Масква». У фае сустрэў членаў нашай парламенцкай дэлегацыі, якая ляціць у Чылі. I зноў узмацнілася мая арытмія. Добра, што з намі ляціць кіеўскі доктар Д. Д. Драздоў.
Самалёт на вышыні 11 тысяч метраў. Пад намі — аблокі, а ў іх прасветах — зямля, вяршыні Карпат, Бялград і сонечная сінява Адрыятыкі.
У 11 г. 45 м. прызямліліся на рымскім аэрадроме Леанарда да Вінчы. Гарачыня. Як у лазні, абліваемся потам. Ледзь дабраліся да свайго пасольства, бо гарэла высушаная сонцам трава і дым засцілаў дарогу.
На ватыканскім гадзінніку 5-я гадзіна вечара. Знаёмімся з Вечным Горадам. Замак святога Анёла, Цібр, Масты, Ратонда, Пантэон, Санта Марыя пад Мінервай, Капіталійскі ўзгорак, статуя братоў Дзіаскураў, палац Сенатараў, статуя Марка Аўрэлія, Палацінскі ўзгорак, плошча Іспаніі, запоўненая турыстамі і хіпі, якія прадаюць розныя сувеніры. Званы, званы, званы.
Вечарам на «Дугласе» — ляцім у Мілан. Самалет забірае новых пасажыраў, і мы зноў — у небе. Нейкая бясконцая ноч. А ў небе — ніводнай знаёмай зоркі. Пралятаем міма велізарнай хмары. Ледзь не зачапілі яе крылом самалёта. 13 гадзін няспынна гудуць маторы. Нарэшце, каманда: прымацавацца рамянямі. Зніжаемся. Пачынае світаць. Па левай старане — зялёныя горы. На рэйдзе — нейкія караблі. Сустрэлі нас работнікі пасольства, у Каракасе прадстаўнікі прэсы, пачаставалі джусам, гарэлкай, нейкімі венесуэльскімі фруктамі. Тут упершыню ўбачылі і ўсход асляпляючага паўдзённа-амерыканскага сонца, азарыўшага пустынны акіян і ў лёгкай смузе вяршыні гор. Надвор’е ціхае, парнае. Следам за французскім лайнерам уздымаецца і наш. Да Лімы яшчэ тры гадзіны палёту над Кардыльерамі. Самалёт ляціць проста на яркі і велізарны дыск вясёлкі. Пад намі — бясконцыя ніткі дарог з нанізанымі на іх пацеркамі халуп, горныя рэкі, азёры. I зноў — акіян. Перу, Лiма! Ляцім уздоўж берага, над амярцвелай зямлёй, якая гадамі не знае дажджу. Не ведаю, дзе тут можна прызямліцца. Усё ж, нарэшце, дабраліся да Сант’яга, да гасцініцы «Карэра».
Апошнія промні сонца яшчэ нейкі час дагаралі на вяршыні гары Крыстобль, увенчанай велічным помнікам Дзевы Марыі, а калі яны пагаслі — настаў вечар.
З.ІХ. Вальпараіса — даліна руж. Пальмы, эўкаліпты, тунэлі, віражы. Сустрэча з гарнізонам і ўскладанне вянкоў ля манумента нацыянальнага героя Чылі Артура Прада. Вілядэльмар — райская даліна. Сустрэча з дэпутатамі, рабочымі медзеплавільнага завода і нафтапрыёмніка, якія працуюць на глыбіні 50 метраў над вадой. Тут багацейшыя залежы руды, з якой выплаўляюць медзь, золата, плаціну, серабро, нікель. Вечарам пазнаёміліся з выступленнямі самадзейных калектываў, з іх надзвычай каларытнымі танцамі, уборамі і песнямі.
Рэвалюцыя працягваецца, але аб яе поўнай перамозе гаварыць яшчэ рана. Кампартыя налічвае ўсяго 117 тысяч чалавек. Падзеі ў Балівіі павінны завастрыць пільнасць чылійскіх рэвалюцыянераў. Аб гэтым пры сустрэчы з намі гаварыў Л. Карвалан. Вялікая невядомая — армія. Забойства генерала Р. Шнейдара гаворыць аб тым, што рэакцыя стараецца зрабіць яе сваёй ударнай сілай.
На сцяне палаца прэзідэнта надпіс: «Куба ўжо не самотная».
Былі на прыёме ў Алькаледа Вальпараіса, які сустракаўся з Леніным.
4.ІХ. Учора за абедам сядзеў з нейкім генералам, які, даведаўшыся, што я з Беларусі, пачаў прыпамінаць нашы гарады. Ён, здаецца, у ваеннай школе выкладае геаграфію. Частавалі нас рознымі малюскам, якіх некаторыя члены нашай дэлегацыі асцерагалім есці. Сёння пабывалі ў маракоў, на караблях «Піразус», «Вэрці», «Ціндэт дэ пэрэіта», «Аранкарп».
У парку імя Леніна пасадзілі малыя елачкі, пальмы.
Заглянулі і ў славутую Чылійскую кавалерыйскую школу. Паказалі нам пародзістых коней — чэмпіёнаў, заваяваўшых на многіх спаборніцтвах міжнародныя прызы.
5.ІХ. Былі на адкрыцці сельскай школы, пабудаванай парламенцёрамі — камуністамі. Надзвычайнае ўражанне ад канцэрта пад адкрытым небам. Дзяўчаты — у яркіх сукенках, хлопцы — у накідах — панчо. На нагах, як месяцы, шпоры. Пад звон гітар, пад звон струн, нацягнутых на конскія сківіцы, танцы «Пуэнта», «Танга», «Курэна», танцы з хустачкамі, з бутэлькамі. Частавалі нас гаспадары сваім віном, пірагамі з мясам-эмпанада, якія трэба есці гарачымі. I піць трэба да дна ці «да Хрыста», якога лік на самым дне чаркі.
6.ІХ. Падняліся, але нешта адказаў адзін матор. Вярнуліся і пераселі ў другі самалёт. Са спазненнем прыляцелі ў Канцэпсіон на стрэчы з рабочымі сталіліцейнага завода, на якім працуе каля шасці тысяч рабочых. Тут самыя багатыя на свеце запасы руды, з самым высокім працэнтам жалеза.
Вячэралі ў рэстаране, зноў слухалі народныя чылійскія і балівійскія песні ў выкананні прыгожай артысткі Чыліты.
7.ІХ. Ноч душная, месячная. Пераправіліся праз шырачэзную Біобіо. Упершыню гэту назву ракі сустрэў у вершах Пабло Неруды. I не думаў, што мне некалі прыйдзецца пабываць на яе берегах.
На сцяне універсітэта велізарныя фрэскі: карані дрэва аплялі пахаваных пад ім. У ствол яго ўбіты нажы. Але яно цвіце і цягнецца сваёй кронай да сонца. Канкістадор у латах і індыянка. Пад зямлёю спяць жанчыны ўсіх рас — багацце Чылі. У выніку змяшэння рас паўстае прыгожы вобраз жанчыны Лацінскай Амерыкі. Цяжка ў словах перадаць змест сімволікі гэтых фрэсак.
Вяртаемся ў Сант’яга. У 5 гадзін прыём у прэзідэнта Альендэ. Сустрэў ён нас у сваім палацы. Пачалася цікавая бяседа:
«…Я хацеў вас запрасіць да сябе. Не зважаючы на ўсе перашкоды, мы ідзем наперад. Нацыянальны даход вырас на 7 %… Нашы непрыяцелі думалі нас ізаляваць. Мы прарвалі гэту ізаляцыю… Кожны народ мае ўрад, які хоча мець. Мы адчуваем пагрозу з боку імперыялістаў. I мы ведаем, што нас яшчэ чакае самы цяжкі час, бо сілы апазіцыі аб’ядналіся. Але мы за імі сочым… Паглядзім, як будзе далей… Мы прыйшлі да ўлады законным шляхам… Народ нас падтрымлівае, аб чым гаворыць праведзены гэтымі днямі мітынг на аэрадроме, аб якім вы напэўна чулі. Перажываем пераходны перыяд, які паможа нам выйсці на шлях сацыялістычнага будаўніцтва… I таму вельмі важна, што вы ўяўляеце нашы праблемы…»
8.ІХ. Чамусьці ляцім галандскім самалётам. Перавалілі за аснежаны горны хрыбет. На пару гадзін спыніліся ў Буэнас-Айрэсе, дзе нас сустрэлі пасол і ваенны аташэ, які прыгадаў мне, што мы ўжо калісьці сустракаліся з ім у Маскве.
Нейкі час ляцім уздоўж пустыннага берага акіяна, над нейкім распластаным, як палтус, востравам. Прабіваем заслону хмар. Па ілюмінатары, па крыле самалёта прабягаюць буйныя кроплі дажджу.
Зноў на пару гадзін прызямляемся у Сан-Паўла. Побач з намі стаіць велізарны «Канкорд». Пазнаёміўся з суседам-немцам, які да вайны жыў у Лодзі, а зараз працуе ў Паўднёвай Афрыцы.
Яшчэ адна пасадка - у Рыо, сустрэча з супрацоўнікамі нашага пасольства, якія падарылі некалькі банак кофе. Следам за партугальскім лайнерам ляцім і мы. Праз восем гадзін, калі нічога не здарыцца, будзем у Лісабоне. Неба хмарнае. Сцюардэса-негрыцянка паказвае, як трэба карыстацца кіслародным апаратам у выпадку разгерметызацыі самалёта. А каб не думаць аб гэтай разгерметызацыі, пачаў гартаць падораную Цяжэльнікавым кнігу С. Канёнкава.
9.ІХ. Мінула бяссонная і душная ноч пад Паудзённым Крыжам. Нарэшце ўбачылі зямлю. Любуюся яркім усходам сонца. Лісабон. Праз пару гадзін — Амстэрдам са сваімі мастамі, каналамі, партавымі кранамі, бітламі. Начуем у новай гасцініцы «Альфа-гатэль». Можа, заўтра перад адлётам паспею яшчэ заглянуць у славутую карцінную галерэю. Пераводжу гадзіннік на наш, маскоўскі, час.
10.ІХ. Па гарачых слядах трэба было б нешта напісаць пра сваё падарожжа ў Чылі. Нават надпіс, які бачыў на браме тэкстыльнага завода былой кампаніі Яруга ў Галі: «Тэрыторыя, свабодная ад эксплуатацыі», мог бы быць загалоўкам для падборкі вершаў. Пампея загінула пад лавай вулкана, а мы гінем пад лавай сваёй балбатні. Вось і сёння цэлы дзень пацелі над планам новых мерапрыемстваў, нарад, сходаў.
20.Х. Зноў у дарозе. Браціслава. Прыехалі з В. М. Барысавым на перагаворы аб умацаваня творчых сувязяў. Пазнаёміліся з многімі славацкімі пісьменнікамі: Я. Саловічам, У. Міначам, Жабкам, Плаўкам, дырэктарам выдавецтва мастацкай літаратуры Татранам. Пабывалі на выстаўцы А. Бруноўскага «Каляровыя агні» і на выстаўцы экслібрысаў нашага Ціханоўскага. На прыёме ў міністра культуры М. Валека пазнаёміліся з дырэктарам Кракаўскага драматычнага тэатра Гаўлікам, які запрасіў нас да сябе ў госці, нат білеты ўручыў на два спектаклі — «Шаўцоў* і «Бесаў». Выступалі на выстаўцы дзіцячых кніг, выступалі на нейкім вечары, выступалі...
22.Х. Прага. Гасцініца «Флора». Па тэлефоне 25-25-65 дамовіўся аб нашай сустрэчы з М. Забэйдам. Па дарозе да яго заглянулі ў праслаўленую Я. Гашакам піўную «Пад куфлем» і за здароўе яго Швейка выпілі па кубку цудоўнага «пільзенскага» піва.
26.Х. Як цыган, не магу спыніцца ў сваіх вандроўках. Часамі мог бы адмовіцца ад нейкай камандзіроўкі, але, калі надумаю, якая нудота мяне чакае дома, бяру свой дарожны партфель, блакнот і еду. Вось і зараз на некалькі дзён з В. М. Барысавым спыніліся ў Варшаве. У вагоне закончыў чытаць успаміны выдатнай танцоркі і экстравагантнай жанчыны — А. Дункан «Маё жыццё».
27.Х. Былі ў Л. Левіна, у якога засталі намесніка міністра культуры А. Сычэўскага (родам з-пад Мінска), Маліноўскага. Абедалі на Старым Месце, у рэстаране, якім заведуе жонка С. Пентака. Тут сустрэлі С. Дыгата.
28.Х. 3 I. Сікірыцкім і В. Яжджынскім завіталі Ў Лодзь. Я. Гушча прасіў прыслаць яму нашу энцыклапедыю. Машынай едзем у Пётркуў-Трыбунальскі. На пару гадзін спыняемся на радзіме Л. Рудніцкага. Піліца, Кузня Сташыца, Чорная медная гара, Обленгорэк, у якім хрысціўся Г. Сянкевіч, вёска Бугай, млын, дом-музей Г. Сянкевіча, у якім яго праўнучка расказвае розныя цікавыя гісторыі пра свайго славутага прадзеда — першага польскага Нобелеўскага лаўрэата.
Цікава, зямля тут нейкая чырвоная, як выпаленая цэгла. Заўтра цягніком едзем у Кракаў. Едзем паглядзець «Шаўцоў» Віткевіча, сустрэцца з Міхеекам, Голуем і абмеркаваць нашы выдавецкія справы з панам дырэктарам А. Куртам, Р. Клысам, А. Тарлецкім, Русінакам…
2.ХІ. Варшава. Кароткая сустрэча ў пасольстве з С. А. Пілатовічам. Абмяняліся думкамі аб выданні анталогіі на польскай і беларускай мовах. Вечар правялі ў В. Кубацкага. Стабэрскі паказаў нам Анталогію сучаснай польскай паэзіі на латышскай мове, пачынаючы ад Стафа, Тувіма, Івашкевіча да Гарасымовіча, Граховяка, Брыля.
З.ХІ. Неспадзявана ў гасцініцы сустрэў П. Пестрака, які ехаў у складзе дэлегацыі Савецкага камітэта міру. Міністр культуры ПНР паабяцаў прыслаць мне пяцітомнае выданне Ц. Норвіда, з творчасцю якога хацелася б пазнаёміць нашых чытачоў. Абедалі з Я. Івашкевічам. Першы яго тост быў «За сем відаў сацыялізму». Пазнаёміўся з перакладчыцай Я. Дзярноўскай. Агітаваў яе пацікавіцца творамі беларускіх пісьменнікаў. Паабяцаў ёй прыслаць Я. Брыля, В. Быкава, I. Шамякіна. Чамусьці нуднай была гэты раз сустрэча з няўрымслівым Р. Дабравольскім. Мне здаецца, жыве ён у нейкай ізаляцыі. Відаць, перасварыўся з маладзейшымі, а старэйшыя адышлі ад актыўнага жыцця, ды не шмат ужо іх i засталося ў пана Рышарда. Нічога не параіш. Адыходзіць старая гвардыя.
6.ХІ. Якое шчасце вяртацца дамоў! За акном вагона — знаёмыя палі, пералескі. На змярканні пераехалі граніцу. Брэст.
Пераглядаю ўзятыя ў дарогу часопісы. Мне здаецца, што літаратура на Захадзе больш, як мы, цікавіцца сучаснасцю. Афарызм Ліхтэнберга: «Калі ўбарыцца кніга аб галаву і ад гэтага ўдару пачуецца пусты гук, ці заўседы ў гэтым вінавата кніга?» Успомніў дудзінскую антываенную частушку, з якой трэба было, як змагара за мір, пазнаёміць П. Пестрака:
С неба атомка упала
Прямо милому в штаны.
Пусть взорвется, что попало,
Лишь бы не было войны.
Набліжаецца Новы год. 3 Масквы прыслалі спісак юбілейных дат. Не да працы будзе і ў наступяым годзе.
Прэзідэнт Ліберыі тлумачыць студэнцкія забурэнні тым, што маткі перасталі карміць сваіх дзяцей, а кормяць іх малаком кароў. Таму ў дзяцей і развіваюцца скацячыя інстынкты.
Адным словам: «Тыя, што гавораць — не знаюць, тыя, што знаюць — не гавораць».
Усё надалей адкладваю свае пісьменніцкія планы і намеры. Хутка ў даробку маім толькі яны і застануцца.
— У каго вучыцца? — пытаў у мяне адзін графаман.
— Вучыся ў таго, каго любіць начальства, хто пасля кожнай чарговай кампаніі крычыць: — Цяпер мне ясна!
Відаць, у таго трэба вучыцца, каму ўсё ясна.
Недзе чытаў, што ў старажытныя часы вельмі часта мянялі статуі на п’едэсталах. I не толькі статуі, але, часамі, толькі галовы. Так была адна і тая ж статуя Тыберыем, Неронам, Веспасіянам, Цітам.
Чамусьці прыгадаў аднаго свайго пількаўскага суседа, які пры сустрэчы любіў запалкай калупаць зубы, быццам ён еў мяса, і «чытаць», прысеўшы на прызбе, перавернутую дагары газету, каб усе бачылі, які ён грамацей.
Пачутая на Камароўскім рынку пагаворка: «Каму не баліць, таму няма чаго спяшыць».
«Чалавек гэты быў такі разумны, што ўжо да нічога не надаваўся» (Г. Хрыстоп).
«Не марсіяне нам пагражаюць, а мы самі сабе» (не помню, ад каго чуў).
3 захапленнем гартаю падораны мне фінскімі сябрамі альбом іх архітэктуры. Якія цудоўныя фасады, ансамблі Аальта, Саарынена! Як прыгожа і натуральна гарманічна ўпісаны іх будынкі ў пейзаж!
Секс захапіў польскую літаратуру. Відаць, і нас ён не абміне. Праўда, і ў фальклорных запісах М. Федароўскага, у яго «фрывольных» частушках, ёсць чаму павучыцца, як было чаму павучыцца і ў даваенных «катастрафістаў», якія многім бадзерам, у тым ліку і мне, здаваліся песімістамі, упаднікамі. Відаць, чакаць, калі мы паразумнеем, — справа безнадзейная.
Я ўжо недзе пісаў аб тым, што мы з рэвалюцыянераў у мастацтве і літаратуры сталі кансерватарамі. Насцярожана адносімся да ўсяго новага. А калісьці былі на чале ўсіх авангардных рухаў і пошукаў. Усё зводзім да спаборніцтва ў гладкапісанні. Забываем, што такое аднонапрамкавае спаборніцтва вядзе да застою. На Захадзе камуністы гэта разумеюць, бо П. Пікасо гаворыць: «…камуністычная партыя больш рашуча, як усе іншыя, стараецца пазнаць і перабудаваць свет… Ніколі не адчуваў я так сябе, як зараз, калі ўступіў у камуністычную партыю. Чакаю той хвіліны, калі зноў мяне пакліча да сябе Іспанія. Але камуністычная партыя ёсць для мяне айчына».
Думаю, што ў літаратуры нічога не з’яўляецца раптам. Кожны пісьменнік мае сваіх хросных бацькоў. Не ведаю, ці У. Маякоўскі чытаў міцкевічаўскую імправізацыю ў «Дзядах», у якой і верш, і касмічныя метафары павінны былі паказацца аўтару «Воблака ў штанах» блізкімі і сугучнымі.
Прачытаў у Т. Брэзы, што «быў загад фашыстаў, каб у захопленых краінах у музычныя школы прымалі дзяцей не з пяці год, а з дзесяці, калі ўжо зацвярдзеюць пальцы. Яны баяліся, каб зноў не з’явіўся ў гэтых народаў Шапэн, Падэрэўскі, Губерман. Геніем мог быць толькі немец».
А гэта дзве народныя песні, якія 3. Федэцкі ў часе вайны запісаў ад Ул. Мальца ў Жалудоцкім раёне:
— Пусці мяне, маці, ў сад пагуляці,
Бо я не буду саду ламаці.
Ой, выламаю вінаградзіну,
Пашлю да мужа на скарадзіну.
Прыедзь жа, мама, што мне рабіці,
3 нялюбым мужам цяжанька жыці.
— Навары рэдзькі, рыбанькі з перцам,
Пасадзі за стол, назаві сэрцам.
— Лепей я буду камень рубаці,
Чым нелюбога сэрцам назваці.
Камень рубаўшы, сеў, адпачынеш,
Сэрцам назваўшы, навек загінеш.
Ой, дай жа, Божа, цёмныя ночкі,
То уцяку я ад мужа ўпрочкі.
Ішла я мілю, ішла другую,
I напаткала смерць я ліхую.
Смерць старую, смерць страшную.
Вазьмі мяне ты хоць маладую.
Сынок Васілёк у гаечку заснуў.
Сынок Васілёк, што за сон прысніў.
3 правага боку шабелька ляжыць,
3 левага боку панічок стаіць.
Сядай на каня, ідзі да двара.
У нашым двары сталася бяда.
Прыехаў пад сад — мой сад не зялён,
Прыехаў у двор — мой двор невясёл.
Увайшоў у сені — ложа заслана,
Увайшоў у хату — хата прыбрана.
У канцы нажанят — свечачкі стаяць,
Свечачкі гараць, зажыгаюцца.
Дзетачкі плачуць, заліваюцца.
Ціха, дзетачкі, прывёз мамку.
Табе, татачка, жонка ў стужках,
А нам, сіротанькам, у сасновых дошках.
Табе, татачка, жонка ў вяночку,
А нам, татачка, ў жоўтым пясочку.
Ой ты, татачка, ляжаш з жаною,
А мы, сіроткі, з нямой сцяною.
Мае вочы, чорныя, чорныя.
Цяжка мне жыці з вамі,
Цяжка жыць.
Ой, даўно я даўно ў матулі не была.
Ды ужо тая дарожачка
Чабаром зарасла.
Радкі з Рымкевічаўскага верша «Асенні краявід». Чарнавы пераклад:
— Адны сябры мяне абагналі —
На Норвідаў авансавалі,
Другія — не марнуюць час,
А мне хапае — хапае бясед стрэчных,
Фурманкі простай, лоз надранных.
Не знаюць мяне, я не знаю вас.
Калісьці, яшчэ перад вайной, пазнаёміўшыся з А. Рымкевічам у Вільні, я быў у захапленні ад яго «Следапыта». На вялікі жаль, не знаю яго пасляваенных твораў.
Цікавае прызнанне Я. Івашкевіча: «Пішу толькі аб тым, што мне падабаецца, і нікога не ганю. Таму, пасля некалькіх спроб, перастаў пісаць аб кнігах маіх сяброў. Таму яшчэ некалькі сяброў я захаваў».
Прызнацца, і я зараз не стараўся вырываецца са сваімі крытычнымі заўвагамі, разносамі, каб захаваць неабходны спакой да сваёй працы. Не ведаю, ці слушна паступаў. Але гэта ўжо іншае пытанне. У кожным выпадку мая ранейшая задзёрыстасць і палеміка, калі працаваў у рэдакцыях «Нашай Волі», «Беларускага летапісу», «Калосся», «Вожыка» і «Полымя», лічу, былі карыснымі. Яшчэ ні разу я не бачыў, каб нехта пераканаў халтуршчыка, што твор яго слабы i што яго нельга друкаваць. Такі аўтар тады пачынае пісаць ва ўсе інстанцыі, абвіняючы ва ўсіх смяротных грахах і Саюз пісьменнікаў, і рэдактараў, і рэцэнзентаў. А высокія інстанцыі патрабуюць даць абгрунтаваны адказ і ім і аўтару-графаману.
9.ХІ. У антыкварным магазіне набыў рэдкі земпляр — зборнік Ш. Петэфі, выданы В. Сабалеўскім у 1879 г. Мне здаецца, што М. Хведаровіч вельмі ўпрасціў, перакладаючы гэтага геніяльнага венгерскага паэта. Мяркуючы па значна лепшых рускіх і польскіх перакладах.
Пасля таго, як распалася Федзева сям’я, ён хоча кінуць сваю працу на трактарным заводзе і вярнуцца дамоў, у Пількаўшчыну. Любаша збіраецца з дзяўчатамі ў Вільнюс. Мо і я пад’еду з імі. Наведаю сваіх літоўскіх сяброў. Чуў, вельмі цяжка хворы А. Жукаўскас.
28.ХІ. Былі ў нас Расул Гамзатаў са сваім перакладчыкам Грэбневым, Лынькоў, Шамякін, Грачанікаў. 3 вялікім поспехам прайшлі ў Мінску расулаўскія літаратурныя вечары. Сам ён выступаў не вельмі ўдачна. Па-руску гаворыць ён слаба, але ў яго ёсць свае арыгінальныя думкі, і гэта прыкоўвае ўвагу слухачоў да таго, што ён гаворыць.
30.ХІ. Званіў сёння герой маёй «Нарачы» — А. Г. Багданчук. 36 год прайшло з таго часу, калі ён, раззброіўшы канваіра-паліцэйскага, уцёк ад расправы. Потым мы яму памаглі перабрацца ў Савецкі Саюз.
На партсходзе выбралі мяне ў партбюро. Адзін голас быў супроць. І я знаю хто. Гэты таварыш, будучы ў Гродне, звяраў некаторых, што я не апраўдаў іх надзей. Чыіх? «Танка,— казаў ён,— пэўна выберуць у акадэмікі, і ён не будзе старшынёй». Не ведае, дзівак, што старшынства сваё я лічу боскай карай і вызваленне ад яго — шчасцем.
Хадзіў у бальніцу да Максімкі, якога заўтра будуць аперыраваць. Хаця б усё было добра.
Нешта здарылася неверагоднае: пакончыў з сабой Корбан. Чкваць, дрэнна сябе адчувае і Пятрусь Броўка. Кажуць жа, што бяда не ходзе адна.
А гэтыя горкія словы праўды з аповесці Е. Путраманта: «Улада дае велізарныя шансы. Але, як за ўсё на свеце,трэба плаціць... Калі былі ў падполлі, хто прыходзіў да нас? Перакананыя, ахвярныя, часта героі. Калі здабылі ўладу, хто да нас прыйшоў? Кар'ерысты».
3.ХІІ. Дома застаў гасцей з Вільнюса. Янка Шутовіч прывёз новы зборнік вершаў Онэ Міцютэ і цэлы чамадан розных даваенных выданняў. Узяўся за свой даклад пра М. Някрасава. Ва ўсіх жыццярысах класікаў і проста вядомых пісьменнікаў і мастакоў цяжка, а то і немагчыма аддзяліць міф ад праўды, у чым я не раз пераканаўся.
Заходзіў А. Карпюк. Пазычыў пару рублёў на дарогу. Усё абяцаюць гродненскія граданачальнікі падшукаць для яго нейкую работу, а ў «Маладосці» надрукаваць яго апавяданне. Але калі ўсё гэта будзе? Абяцалі ж і ў ЦК памагчы.
Да глыбіні мяне ўсхвалявалі радкі з верша В. Слабодніка:
Толькі тады дасі мёртвым, пане,
Спакой, калі дасі хлеба жывым.
13.XII. 3 урадавай камісіяй ездзіў у Вязынку, дзе да юбілею Я. Купалы вядуцца рэстаўрацыйныя paботы. Снег. Вецер. Але прыемна было, хоць на пару гадзін, вырвацца на зімнія прасторы. Заўтра пленум ЦК. Хацелася б, хоць вечарам, пабачыцца з 3. Стабэрскім, які ўчора прыехаў з Варшавы і загрыпаваў у нас. Прывёз ён апошнія нумары польскіх часопісаў («Одглосы»), у якіх змешчаны пераклады з беларускай паэзіі.
18.XII. Пазваніў Р. Бярозкін: памёр А. Т. Твардоўскі. Вось і не стала аднаго з самых выдатных паэтаў нашага часу.
Пачаў быў, але адклаў сваю прадмову да зборніка лодзінскіх паэтаў «Горад мільённы і я» і пачаў, як раней чыталі над памершым Евангелле, чытаць апошні зборнік лірычных вершаў паэта.
3 I. Шамякіным і А. Грачанікавым хадзілі вырашаць розныя нашы пісьменніцкія справы.
Званіў з Варшавы С. Малько. Збіраецца прыехаць у госці. У апошнім сваім пісьме пісаў пра Г. Смоляра, які выехаў у Ізраіль. У сваім інтэрв’ю заявіў: «Я камуніст без партыі, бацька без дзяцей, чалавек без радзімы». Складана разабрацца ва ўсёй гэтай гісторыі і, агулам, у сучасных польскіх справах.
Сяджу, як катаржнік, прыкуты да стала, і пішу навагоднія віншавальныя пасланні.
Перад сном раскрыў «Запіскі» К. Козьмяна (1771-1856). Ёсць там сцэна: за абедам, едучы кампот, шляхта пачала кідацца вішнёвымі костачкамі, а потым, перамазаўшыся, схапілася за шаблі, і пачалася бойка, пасля якой многія былі цяжка паранены. Аб норавах той залатой пары піша і К. Тэпліц, як адзін шляхціц Келеці, вярнуўшыся з крыжовага паходу, пабудаваў сабе палац-гарэм.
31.XII. Сёлета невялічкім сваім сямейным гуртам сустракаем Новы год. Над кінатэатрам каляровымі агнямі гарыць лічба 1972. Пахаладала. Вецер. Што ж прынясе нам Новы год?
1972
4.І. Адкапаў у сваім кнігасховішчы А. Навачынскага — былога ярага праціўніка ўсякіх рабочых рухаў і радыкальных плыняў. Але, трэба сказаць, што пяром умеў валодаць, як шпагай. I гэтаму можна ў яго павучыцца. Зараз у Польшчы пачалася рэабілітацыя яго. I не толькі яго.
Барадулінская эпіграма: «Коль на дружбу повелось, Ваш — ишак, а наша — Лось».
Збіраецца на свой аўтарскі вечар прыехаць А. Суркоў. 3 I. Шамякіным былі ў ЦК. Сказалі, каб мы рыхтаваліся да справаздачы аб рабоце ў СП. Відаць, у аддзеле прапаганды няма іншых клапот.
14.І. Прасіў нашых кіраўнікоў, каб у сувязі з юбілейнай датай, нейкай узнагародай аддзячылі часопіс «Неман». Але, як заўсёды бывае ў нас у такіх выпадках, раскрытыкавалі рэдактараў за слабыя творы і асабліва за аповесць супрацоўніцы «Роман-газеты», якую нехта ўсватаў А. Макаёнку. Вось табе і свята!
Прачытаў цікавае апавяданне Я. Гушчы пра П. Высоцкага, які, будучы раненым, трапіў у палон. Сябрам, якія раілі, каб ён прасіў у цара памілавання, ён пісаў: «Не для таго я ўзняў зброю, каб прасіць у цара ласкі, але дзеля таго, каб мой народ ніколі ў ёй не адчуваў патрэбы».
Абмяняліся з Міхасём Ціханавічам пласцінкамі: даў я яму нашых «Песняроў», а ён мне — расулаўскіх «Журавоў».
Якія цудоуныя словы Піфіі: «Нават вада перастала гаварыць».
Усе гэтыя дні стаіць марознае надвор’е.
23.І. Трэба было б мне закончыць сваю новую падборку вершаў для вераснёўскага нумара «Полымя», бо зноў еду ў Маскву. Званкі, званкі… Можна ачмурэць ад гэтых тэлефонных бомаў. А тут яшчэ, у сувязі вылучэннем мяне кандыдатам у акадэмікі, два дні запаўняў розныя анкеты і паперы.
27.І. Разам з членамі Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях лячу ў Берлін. Дрэннае надвор’е змусіла на цэлы дзень спыніцца ў Празе, потым, цягніком, праз Дрэздэн, дабірацца да месца назначэння. У вагоне пазнаёміўся з паэтам і карэспандэнтам «Правды» Ю. Воранавым, які падарыў мне свой зборнік вершаў «Памяць». I так — я зноў у Берліне і ў той жа гасцініцы «Берэліна».
28.І. Разам з супрацоўнікамі Міністэрства культуры ГДР — І. В. Васільеў, Б. В. Паўлоўскі і я — едзем у Дрэздэн пазнаёміцца з кербелеўскім К. Марком. Прызнацца, не спадабалася мне гэта работа — велізарная галава на фоне сцяны жылога дома. I яшчэ: цi трэба было — у гэтай краіне выдатных паэтаў, мастакоў, вучоных і філосафаў — выстаўляць такую тапорную, прымітыўную скульптуру. Гэта можна толькі вытлумачыць поўнай адсутнасцю сціпласці і палітычнага пачуцця ў тых, хто прыклаў да гэтага свае рукі ці свае капыты.
Добра, што ўдалося адвесці душу ў адбудаванай з руін славутай Дрэздэнскай карціннай галерэі.
29.І. Эрфурт. Цудоўныя сярэдневяковыя кварталы. Шкада, што не хапае часу пазнаёміцца з гэтым казачным горадам, з гарыстай жывапіснай Цюрынгіяй. Цэлы дзень ідзе снег. Позняй ноччу вярнуліся ў Берлін. 3 гасцініцы рукой падаць да высачэннай тэлевізійнай вежы. У дарозе, відаць, прастыў, бо кашаль не дае спакою.
31.І. Перад ад’еадам у Варшаву хацелася б сустрэцца з Г. Грымам — перакладчыкам нашых беларускіх казак, пабываць у майстэрні Ф. Крамера — аўтара помнікаў загінуўшым у Бухенвальдзе іспанскім байцам, удзельнікам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён, здаецца, перад вайной працаваў з Брэхтам, пісаў вершы.
2.ІІ. Варшава. Добра, што сустрэў мяне А. Баршчэўскі і дапамог уладкавацца ў гасцініцы «Еўрапейская». Чакаю прыезду Г. М. Маркава і В. М. Барысава. Пазваніў С. Малько. Дамовіліся, што сустрэнемся, калі вярнуся з Лодзі са з’езда польскіх пісьменнікаў. У антыкварным магазіне купіў «ГГА» — альманах футурыстаў, якія прапаведвалі Міцкевіча і Славацкага выкінуць на сметнік. Сапраўдны curiosus. Хоць гэта, здаецца, не першы i не апошні рэцыдыў хамства і варварства ў літаратуры і мастацтве.
Тут рыхтуюцца да вечара, прысвечанага дзесяцігоддзю з дня смерці У. Бранеўскага паэта, якога абыходзіла крытыка, але якога чытаў і чытае народ. У сучаснай польскай паэзіі няма нікога з такім грамадскім гучаннем.
5.ІІ. Сёння ў нашым пасольстве прымаў нас С. А. Пілатовіч. На яго ж машыне прыехалі і ў Лодзь, у самы разгар прадз’ездаўскай мітусні. Чуваць, што на пасаду старшыні СП апазіцыя выстаўляе I. Неверлі, хоць Я. Івашкевіч карыстаецца большым аўтарытэтам сярод польскіх пісьменнікаў. Напэўна, яго перавыберуць. Сустрэўся тут з Мельхіёрам Ваньковічам — адным з цікавейшых польскіх пісьменнікаў, аўтарам такіх папулярных кніг, як «Шчанячыя гады», «Монтэ-Касіна», «На сцежках Смэнтка», нарысаў аб вандроўках па былой Заходняй Беларусі…
7.ІІ. Былі ў ЦК ПАРП. Акрамя нашай дэлегацыі, прысутнічалі пры бяседзе загадчык аддзела Е. Квятэк і саветнік пасольства П. Крылоў. Прызнацца, надакучылі ўсе гэтыя сустрэчы, бяседы. А яшчэ трэба быць і на прыёме. Галоунае — гэта мітусня нічога j не дае ні сэрцу, ні паэзіі. А дома тэрмінова трэба здаваць у выдавецтва новы свой зборнік. А я яшчэ не ведаю, як яго назваць: «Развітанне з летам», «Нарачанскія сосны», «Усход сонца», «Эстафета агню»?..
Часта заглыбляюся ў свае далёкія-далёкія ўспаміны. Помню, напрыклад, як мы ехалі ў бежанства праз Бушаў Бор, міма сваткаўскага азярка з нейкай каплічкай, як цёмнай дажджлівай ноччу мяне несла маці праз чыгуначныя раз’езды і я са страхам туліўся да яе, быццам адчуваў, якія мы бяздомныя і самотныя… Мае ўспаміны — невычэрпная студня паэзіі.
А гэта з Лесьмяна:
А ты рассмяялася
Плячамі, бёдрамі, усёй моцай цела.
Нешта ёсць супольнае ў бясконцасці і матэматыцы. Няма ў іх граніцы.
Паэзія наша развучылася самастойна думаць. Як ёй вярнуць гэту здольнасць?
16.ІІ. Пахавалі М. Лупсякова. Памёр, атруціўшыся алкаголем. Алошнія часы я рэдка з ім сустракаўся. А чалавек ён быў цікавы і таленавіты. Шкада, што так прадчасна абарвалася яго жыццё.
Вярнууся Саша з Малдавіі. Прывёз бачонак віна. Збіраецца, дзівак, пачаставаць. Яго, здаецца, бяруць у армію. Нешта прыхварэла Верачка. Узялі да сябе Дзяніску. Зараз Любаша ваюе з двума ўнукамі. Званіў з Пастаў Я. Давідовіч. Хоча купіць нейкую халупу і перабрацца ў Мінск.
Прыйшоў, падвыпіўшы, Піліп Пестрак. Чапляўся да нейкай маёй рэплікі, але я так і не зразумеў, у чым справа.
Званіла Святлана Барысенка. Павіншавала, што, хоць з вялікімі цяжкасцямі, кандыдатура мая ў акадэмікі прайшла. Прызнацца, акрамя Я. Купалы і Я. Коласа і, можа, яшчэ К. Крапівы і М. Лынькова, ніхто з нас, сучасных пісьменнікаў, не падыходзіць да гэтага ганаровага звання. I акрамя ўсяго, лягчэй быць проста пісьменнікам. Нат караблю цяжэй, калі днішча яго абрастае ракушкамі.
14.ІІІ. Зноў пачалася арытмія. Сёння Іра аб’явіла Любашы, што яна выходзщь замуж. А мы яшчэ і хлопца яе не бачылі. Абяцае пазнаёміць.
Атрымаў ад Турсун-задэ яго двухтомнік, а ад Рамы Бабаджана дзесяты нумар «Звезды Востока» (1971 г.) з вершам, прысвечаным мне, «У гасдях», перакладзеным на рускую мову У. Раждзественскім. У гэтым жа нумары — некалькі цікавых вершаў Э. Ахунавай, перакладзеных Р. Казаковай.
Первым цветком поднялась
В первой росе на рассвете…
Женщиной я родилась.
Люди! Вы все — мои дети…
21.ІІІ. Сёлетняя бясснежная зіма цяжка адаб’ецца на азімых. Каля мільёна га трэба будзе перасяваць. Сённяшні дзень перагружаны навінамі: П. Пестрак — кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ад Старобінскай выбарчай акругі, К. Кірэенка — назначаецца рэдактарам «Полымя», I. Грамовіч — «Бярозкі», А. Бачыла — дырэктарам музея Я. Купалы, У. Юрэвіч — ідзе нейкім кансультантам. П. Панчанка адмовіўся ад прапанаванай яму пасады галоўнага рэдактара нашага выдавецтва. Відаць, папрацавалі мудрацы ў аддзеле прапаганды ЦК. Не знаю, як аднясуцца палымянцы да новага рэдактара. Шкада, калі распадзецца вопытны калектыў супрацоўнікаў часопіса. Баюся, што і Р. Шкраба некуды падасца. А на аддзел крытыкі, як вядома, не так легка падабраць чалавека з яго ведамі і аўтарытэтам.
23.ІІІ. Закончыў верш «Готыка святой Ганны». Прыехала група казахскіх пісьменнікаў на тыдзень дзіцячай літаратуры. Здаецца, на казахскай мове выйшаў зборнік маіх вершаў. Настрой паганы: Любаша затэмпературыла, і Ірыша захандрыла, і мая арытмія не сціхае, і доктар нешта не прыязджае.
А на дварэ — сняжок, падмарозіла, а вечарам разгуляўся штармавы вецер. Пасля дзён, ураджайных на вершы, сёння не магу звязаць і двух радкоў.
28.ІІІ. Гаварыў па тэлефоне з 3. Багуслаўскай. Заўтра прыязджаюць у Мінск некалькі членаў Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. Папрасіў яе, каб на 7-га красавіка забраніравалі месца ў гасцініцы.
Дождж, снег. Ноччу разгулялася навальніца з громам і перунамі. Другі раз у сваім жыцці бачу нешта падобнае.
30.ІІІ. Трэба было б запрасіць у госці Ж. Амірбаева, Ш.Муртазаева. Шкада, што арытмія прыкавала мяне да ложка. На некалькі дзён на гастролі прыехаў Л. Ашанін. Званіла наша Оля, што мяне аднагалосна выбралі акадэмікам. Адным словам, спраўдзіліся калісьці жартам напісаныя радкі верша:
Пісаць пачынаю ўсё горш я і горш —
Пара выбіраць акадэмікам.
Гаварыў з I. Мележам. Таксама хворы. Перажывае, як там на Камітэце вырашыцца справа з прысуджэннем яму Ленінскай прэміі. Спадзяюся, што ўсё будзе добра, бо раман-хроніка Мележа — адзін з выдатнейшых твораў ва ўсёй нашай савецкай літаратуры. 3 такой ацэнкай, помню, падчас папярэдніх абмеркаванняў згодна была большасць членаў Камітэта.
11.IV. I так, перадаў у Мінск радасную звестку аб прысуджэнні I. Мележу Ленінскай прэміі. Зараз, можа, крыху прыціхнуць яго апаненты, якія старался прынізіць гэты раман, бо ён, быццам, напісаны не на актуальную тэму дня і іншае.
16.IV. Прыехалі на Нарач. Шкада, што дзень выдаўся халаднаваты. Вецер разагнаў крыгі і ачысціў возера. У хаце сцюдзёна. Мо начаваць паедзем у Пількаўшчыну, куды, развітаўшыся са сваім заводам, перабраўся Федзя. Як яму, пасля распаду сям’і, удасца ажывіць нашу бацькоўскую сялібу, наладзіць новае жыццё?
22.IV. Адшумела, адгрымела Ірынчына вяселле. Вечарам толькі доўга не маглі супакоіць захмялеўшага Максіма.
Нейкі дзівак прыслаў пісьмо ў СП, каб прыслалі пачытаць Салжаніцына «Август четырнадцатого», за што абяцае заплаціць 50 рублёў. Мне здаецца, яшчэ ніхто з нашых пісьменнікаў гэтага рамана не чытаў.
3.V. Засадзілі бульбай свой дачны агарод, падграблі апаўшую ігліцу, нат комін вычысцілі, у якім ужо вароны паспелі звіць гняздо. Наведалі і Пількаўшчыну, да якой ледзь дабраліся па разбітай і ўхабістай дарозе.
15.V. Былі з Шамякіным у ЦК. Гаварылі пра А. Карпюка, якога выключылі з партыі. Відаць, без П. М. Машэрава гэтай справы не ўдасца вырашыць. А А. Карпюк напісаў цікавую кнігу пра сектантаў.
29.V. Прыехалі балгарскія сябры: Д. Ангелаў, А. Германаў, I. Давыдкаў і сакратар пасольства БНР I. Грыгораў.
Ператрасаю сваю бібліятэку. Пакідаю толькі самыя неабходныя, цікавыя і з аўтографамі кнігі, a ўсё іншыя — трэба будзе перадаць у сваткаўскую школьную бібліятэку.
4.VI. М. Маслоўская піша пра цяжкое становішча жонкі С. Паўловіча. Трэба параіцца з I. Шамякіным. Можа, наш Вярхоўны Савет аказаў бы ёй якую хоць разавую дапамогу, а Вільнюскі гарсавет папрасіць, каб правёў газ на яе кватэру, на гарышча драўлянай хаціны. А ёй жа — пад дзевяноста год. Як яна там самотная, гаротніца, жыве? Ёсць усякія малітвы, толькі, здаецца, няма малітвы да Бога, каб даў лёгкую смерць.
7.VII. Дзе я толькі за апошнія дні не пабываў? I ў Маскве, на пасяджэнні камісіі заканадаўчых прапаноў, і ў Докшыцах, і ў Вязынцы, у сувязі з падрыхтоўкай да юбілейных купалаўскіх урачыстасцяў, і на сваёй Нарачы, і ў Вільнюсе, і яшчэ недзе.
Ад дажджоў палегла жыта. Балота, гразь. Выкінуліся грыбы. Толькі няма калі іх збіраць. Ды пасля дарожнай мітусні чуюся, як ыкручаная ануча. Пісьмо ад Л. Забашты. Просіць напісаць пару слоў пра А. Малышку. Быў наш цудоўны друг — Е. Плесняровіч. Хадзілі мы з ім пa аптеках, шукалі ад дыябету таблетак «мельдзіена». Вечарам праводзілі С. Капуцікян, сустракалі Н. Рыбака. Заўтра падамся на Брэстчыну, бо тут можна звар'яцець ад бясконцых сустрэч і провадаў. А яшча маюць прыехаць з ГДР рэдактар часопіса «Гарызонт» В. Клауснер. У. Мей, Ю. Верчанка і польскія пісьменнікі на чале з В. Жукроўскім.
Чытаю П. Неруду. Вельмі ж нудна ён піша пра каханне. Куды цікавей у Ф. Саган: «Жыць самотнай, калі гэта неабходна, так, але самой спаць — ніколі». Або чаго варты такіа нашы частушкі:
«Дзеўка речкаю ішла
Ды на кладцы села.
Няхай п... ваду п'е,
Бо кілбасу з’ела».
«Мая жонка Явуся
Кросны ткала на брусе.
Ой, на пуні кросны ткала,
Паміж ног чаўнок пускала».
«Что меняют моду вроде.
Ты, подружка, не тоскуй.
Остаюсь при старой моде:
Мини-юбка, макси-...».
«Не вярціся, не круціся.
Каб не змогся я...».
21.VIII. Самалетам «Локхід» — М. Луконін, В. Шклоўскі, Ю. Марцінкямчус, М. Нагнібеда і я — ляцім на літаратурныя выступленні ў Македонію, у Ахрыду.
28.VIII. Вечар савецкай паэзіі. Як звычайна ў такіх выпадках, і наш вечар зацягнуўся да позніх гадзін. На вечары было шмат народу. І хоць кожны з нас чытаў на сваёй мове, зала слухала з вялікай увагай.
Якое тут можна пабачыць скрыжаванне культур! Руіны горада, заснаванага яшчэ Філіпам Македонскім. На сценах базілік — лікі святых, багародзіц з даўжэзнымі пальцамі рук, якія, здаецца, гучаць музыкай. У гасцініцу вярталіся з польскімі сябрамі — 3. Бенькоўскім, Т. Карповічам і 3. Гербертам… Пазнаёміўся з цікавай аўстралійскай паэтэсай Марджоры Одзі і з вядомым артыстам-спеваком I. Цацавым, які запрасіў нас у свой дом, дзе пачаставалі нас рознымі македонскімі прысмакамі.
30.VIII. 3 акна гасцініцы — цудоўная панарамі горада. На сцяне — на фоне гары партрэт македонская красуні ў маляўнічым нацыянальным уборы. Заўтра, здаецца, будзем у Бялградзе. Пазнаёміўся з новая паэмай Міколы Нагнібеды, прысвечанай П. М. Машэраву. Мо ён і пакрыўдзіўся, што я не ўзяўся яе перакладаць, бо зараз не маю вольнай хвіліны прывесці да нейкага ладу нат сваю занядбаную паэтычную гаспадарку.
2.ІХ. Вяртаемся ў Маскву. Калі ўдасца дастаць білет, сёння ж пастараюся вылецець у Мінск. Не ведаю як і куды ўцячы ад свайго шасцідзесяцігоддзя. Ад пяцідзесяцігоддзя ўратаваўся за акіянам. Намячаецца паездка ў Францыю, толькі яшчэ невядома калі.
23.ІХ. Дзень хмарны, дажджлівы. Распалілі з Міхасём Ціханавічам традыцыйнае нарачанскае вогнішча. Упершыню я заўважыў, што ён, часамі, адключаецца ад таго, пра што я яму расказваю, І, у нейкім забыцці, прыслухоўваецца да нечага, чаго я не чую. 3 цяжкім сэрцам пакінуў я яго, бо трэба было хутчэй вярнуцца ў Мінск, дзе чакалі розныя неадкладныя справы і дамашнія клапоты.
24.ІХ. Званіў I. Мележу. Ад яго даведаўся аб цяжкім стане здароўя П. Пестрака і П. Панчанкі. Трэба будзе заўтра іх наведаць. У хаце — халадзіна. Пасля свайго юбілею чуюся разбітым, як пасля нейкай аварыі. Кіяўляне запрашаюць прыехаць на літаратурны вечар. Прыляцеў з Украіны нейкі П. Г. Майсіёнак. абураны, што ніхто з нас яго не сустрэў. Ну і дзівак!
А гэта з успамінаў Л. Шашалевіча. На пытанне, што такое любоў, А. В. Луначарскі адказаў: «Калі аўтар пажылы чалавек, гэта няшчасце — век пражыць і не ведаць. Калі аўтар чалавек малады, я яму пазайздрошчу, што ён яшчэ даведаецца».
«Уладзімір Уладзіміравіч, я прыехала з Таганрога. Кажуць, вы вельмі дасціпны… Ну скажыце што-небудзь такое…» — «Вы маніце, што прыехалі з Таганрога. Там людзі разумнейшыя».
Прачытаў Ю. Фатнева. Здольны паэт, толькі ніяк не можа выйсці з ценю свайго патрона — Ясеніна. Дзякуе, што памаглі яму атрымаць кватэру. Але зараз сядзіць без грошай. Нават кнігі папрадаваў. Як яму памагчы?
На шматлікія пісьмы, у якіх чытачы пытаюцца пра мае творчыя планы, перастаў адказваць.
Прачытаў А. Савіцкага «Тры непражытыя дні», каб пераканацца, што рэцэнзенты, крытыкуючы гэты твор, маюць рацыю. Нельга ж так прымітыўна пісаць!
12.XII. 3 дамашняга фальклору. Любаша нясе ў туалет малога Дзяніску, а той, сонны і напалоханы, крычыць:
— Бабуся, трымай штаны!.. Бабусю любіць Дзяніса, папа, мама і пылесос…
Сёння ля тэатра спыніў мяне муж Рады, якога я амаль не знаю: «Яўген Іванавіч, не маглі б вы пагаварыць з сакратаром гаркома. Заўтра будуць разбіраць маю партыйную справу». Потым я даведаўся, што на заводзе, на якім ён працаваў, выдаваў сябе за нейкага майго родзіча. Чорт ведае, якія ёсць нахабныя людзі. I гэта не першы выпадак з падобнымі «сваякамі».
23.XII. Былі з Любашай у Маскве, адкуль у складзе дэлегацыі Вярхоўнага Савета, узначаленай В. В. Грышыным, на пару дзён злёталі ў Варшаву, на ўрачыстае святкаванне 50-годдзя СССР.
Самае хвалюючае ў гэтай паездцы было тое, што пабачыўся з некаторымі сваімі старымі сябрамі. Праўда, парадзелі нашы рады. Многія загінулі ў падполлі, у турмах, у Іспаніі, у фашысцкіх і сталінскіх канцлагерах, ссылках, у лютай завірусе ваенных і пасляваенных гадоў.
24.XII. Проста бяда: амаль усе — і старэйшыя і малыя — хворыя. Амаль за ўсімі трэба глядзець, усім трэба памагаць і памагаць, тады калі і ў саміх здароўе нікудышнае.
Вось і набліжаецца канец года — года, які быў не вельмі ўраджайны на новыя творы, але надзвычай шчодры на розныя пустазвонныя выступленні, пампезныя паездкі і ўрачыстасці, марнатраўчыя нарады і пасяджэнні.
А пісьменніка трэба, як хтось казаў, чытаць, а не паказваць для агляду. Праўда, у наш час цяжка і немагчыма быць толькі пісьменнікам. Бяда, што мы не ўмеем усе іншыя абавязкі разумна спалучаць з асноўнай сваёй работай, па-гаспадарску іх размяркоўваць. «Бо кожная змарнаваная гадзіна з’яўляеццаі страчанай для ідэі» (Ц. Фрыоры). I асабліва творчая праца патрабуе часу, часу і часу, адзіноцтва, адзіноцтва і адзіноцтва. А ў мяне на працягу ўсяго жыцця не хапала ні таго, ні другога. Праўда, на «Лукішках» быў час, але не было як пісаць, а на волі — не было калі брацца за пяро. Не дарма для У. I. Леніна ў пісьменніку М. Горкім самым важным была яго творчасць, а не усе іншыя яго заняткі.
25.ХІІ. Мо сёння куплю дзецям навагоднюю ёлку. Каля гасцініцы «Беларусь» — цэлы лес. Ці яшчэ пачакаю, бо абяцалі прывезці з Пількаўшчыны.
1973
2.І. Званіў I. Мележ. Чуў ён, што справа з назначэннем мяне віцэ-прэзідэнтам нашай АН адкладваецца і, здаецца, ужо неактуальная. Аж лягчэй стала на сэрцы, бо работа ў СП, якой бы ні была клапатлівай, бліжэй мне як пісьменніку па сваім характары. Аб гэтым я гаварыў i А. Т. Кузьміну і ў Маскве — Г. М. Маркаву. Я думаю, што гэта абсурдная ідэя зарадзілася ў галовах тых жа людзей, надзеі якіх я «не апраўдаў», і не апраўдаў у сённяшнім складзе наш сакратарыят.
Новы год сустракалі толькі з унукамі, а ўсе іншыя, як кажа Міхась Ціханавіч, дамачадцы разбрыліся па гасцях.
На покуці стаіць прывезеная з Пількаўшчыны густая, прыгожая ёлачка, якая расла за дзедавай лазняй, прыкрываючы сваім густым парасонам галін муравейнік. Цікава, што падумаюць вясной мурашы, калі яе не пабачаць.
5.І. Учора аперыравалі Дзяніску. Спаў ён добра, толькі, прачнуўшыся, клікаў сваю бабулю. 3 малым Максімкам ездзілі ў акупіраваныя дзяцьмі Каралішчавічы. 3 пісьменнікаў засталі там толькі Я. Семяжона і Е. Лось. У часопісе «Дальний Восток» змешчаны перакладзены А. Клёнавым мой верш «Астролагі і розныя варажбіты»…
3 цікавасцю прачытаў аповесць Э. Радлінскага «Канапелька», напісаную досыць развязна, але цікава і таленавіта. Аповесць з польска-беларускага пагранічча.
Як абмінуць у паэзіі рыфы прыгажосці і прапісных ісцін? Як уратаваць ад надакучлівых дапатопных цытат, якімі нафаршыраваны ўсе нашы выступленні?
Зараз у польскай паэзіі пануе матрыярхат. Прадчуваю, што гэта чакае і нас.
12.І. Асцерагайся абыякавых —
Не забіваюць, не здраджаюць,
Але дзякуючы іх маўклівай згодзе,
Забойствы і здрада існуюць на свеце.
(Р. Эбергардт)
Пісьмо ад Федзі. Піша, што памёр наш швагер Браніслаў Лётка. Страшную трагедыю перажыў ён і ўся наша сям’я. У час вайны нейкі гмінны службіст загадаў Браніславу адвезці яго ў Куранец, а па дарозе іх абстралялі партызаны, здаецца, з атрада «Народный мститель» і захапілі ў палон гэтага службіста. «Хто цябе падвозіў?» — «3 Сэрвач Лётка». Тут жа расправіліся з ім і з сем’ямі братоў Лёткаў: забілі сястру Веру і яе двухгадовага сына, забілі швагерку з дзесяцігадовым сынам. А мужыкі іх — ацалелі. Былі ў суседняй вёсцы. Калі вярнуліся — засталі адны папялішчы. Потым браты былі мабілізаваны, прайшлі з баямі праз усю Польшчу, штурмавалі Берлін…
У гэтым забойстве, казалі мне многія, быў замешаны нявераўскі «Папок», які, будучы партызанам, займаўся рабункам. Пасля вайны нейкі час працаваў брыгадзірам у калгасе. Але за тое, што біў людзей, яго судзілі. Сястра яго доўга распрадавала нарабаванае ім дабро. Толькі адных веласіпедаў было ў яго семнаццаць штук, а колькі рознай адзежы, дываноў, пасцілак, шапак, ручнікоў, абутку!
17.І. Усе ў нас грыпуюць. Толькі я сяк-так яшчэ трымаюся на нагах.
Усё больш нарастае ў мяне пачуццё незадаволенасці сабой і сваёй паэзіяй. А тут — лісты: навучы, як пісаць вершы. Званіў Я. Семяжон. 3 планаў выдавецкіх нехта выкрасліў аднатомнік яго перакладаў. Трэба будзе пагаварыць з С. Марцалевым.
Зноў выклікаюць у Маскву на сакратарыят.
Нарэшце падпісана пагадненне аб міры ў В’етнаме. Мне здаецца — мо некалі аб гэтым напішуць — што В’етнам уратаваў усё чалавецтва ад глабальнай катастрофы, бо, спатыкнуўшыся на ім, амерыканцы змушаны былі адступіць.
22.І. Захварэў I. Мележ. Трэба было б яго наведаць, але ў бальніцы зараз каранцін. Заходзіў старшыня калгаса «Светлы шлях», каб дапамог атрымаць камбікармы, бо леташняя засуха іх моцна падкасіла.
Відаць, пасля аперацыі тромбафлебіту Любаша вельмі дрэнна сябе адчувае, бо сёння мяне да яе не пусцілі. Быў у яе толькі Пётр Маркавіч.
5.ІІІ. Позняй ноччу вярнуўся з Рыгі, дзе з членамі Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях глядзелі дылогію ў акадэмічным тэатры імя А. Упіта «Пяціпавярховы горад» і «Бяскрылыя птушкі».
15.ІІІ. Толькі сёння з бальніцы вярнулася Любаша. «Азербайджанская звезда» надрукавала мой верш «Зямное прыцягненне». Выступаў на пленуме СП «Сучаснасць і паэзія».
2.IV. Апша-Бабі. Маўзалей Кара-Хана. Едзем у Чымкент. А там Ташкент. Якія бясконцыя прасторы! Бялеюць нейкія кусты. Перакаці-поле. Набіў кішэні духмяным казахскім палыном. Калгас імя Джамбула. Помнік паўшым. Маўзалей XVI века. У тэатры імя Хамзы — «Зара рэвалюцыі» К. Яшэна.
5.IV. 3 членамі Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях лячу ў Бухару. Буслы на дахах мінарэтаў. Сады, асыпаныя цветам, тысячагаловыя чароды авечак. Сустрэўся з Р. Бабаджанам. Чамусьці ён вельмі крытычна настроены супроць Д. Кугульцінава. Які чорны кот перабег ім дарогу? Пазнаёміўся з рэдактарам газеты «Советская Бухара» В. Паповічам. Самалётам камандуючага акругай ляцім у Самарканд, якому, кажуць, 2500 год, а мо і больш. Я раіў узбекскім сябрам адкапаць недзе каменную метрыку старой сваёй сталіцы, як гэта зрабілі армяне, на якой напісалі, у якім годзе пабудаваны Эрэбуні…
8.V. Пацею над сваім выступленнем на пленуме. I дома — адны непрыемнасці, і ў Саюзе, у сувязі з раскрытыкаванай аповесцю А. Савіцкага: «Дзе быў СП, рэдкалегія?» I пайшлі шукаць вінаватых. Нат забыліся пра галоўнага віноўніка — аўтара. А аўтар, не зважаючы на крытыку і ў нашым друку, і ў «Книжном обозрении», хоча, каб наш СП рэкамендаваў У. Кочатаву гэту яго аповесць выдаць, бо ў Маскве нехта з яго знаёмых супрацоўнікаў ЦК ужо яе пераклаў.
15.V. Уцёк з дому i СП. Амаль цэлы дзень правеў на выстаўцы Шагала, Гагена, Гойі, Ван Гога…
У Палацы трактарнага завода на вечары савецка-польскай дружбы сустрэў нашых гасцей з Варшавы. Шмат расказвалі пра свае справы, непаладкі. У СП ідзе грызня. Путрамант, якога яны называюць «Святы Ежы» «на ўсякі выпадак», хворы. Я. Івашкевіч заняты сваімі справамі, «Творчасцю», гастролямі па замежных краінах. «Палякі і так згінулі б, мусілі згінуць у сувязі з неўраўнаважаным спосабам мыслення». Вось табе і Гётэ, геній, філосаф!
18.V. Любаша гаспадарыць на кухні. Часамі стараюся памагчы, але дапамога мая — кропля вады ў акіяне яе розных спраў і клапот. На дварэ — гарачыня.
ЗО.V. Прыехалі з Чэхаславакіі рэдактары газет, часопісаў, выдавецтваў. Заўтра лячу на пушкінскія ўрачыстасці ў Кішынёў… Калі ж кончыцца наша балбатня? Ад мяне ніхто ўжо не патрабуе вершаў, а слоў, слоў, слоў і выступленняў.
4.VI. У кішынёўскай гасцініцы пазнаёміліся з венесуэльскімі пісьменнікамі. Следам за імі прыехалі Сартакоў, Антакольскі, Матузявічус, Братунь і праўнук юбіляра — Г. Пушкін. Агулам у гасцініцы, у якойначуем, як у Ноевым каўчэгу. Вечарам далучыліся яшчэ венгры, румыны, палякі…
Асабліва цікавым было наша знаёмства з падваламі Бахуса, якія працягнуліся пад зямлёй на 27 кіламетраў, дзе стаяць велізарныя бочкі па 5-6 тон вiна ў кожнай. Амаль цэлы дзень нас вадзіў інжынер Крыўлянскага віннага завода Л. I. Галімбоўскі па бясконцых сваіх вуліцах «Алігатэ», «Фецяскі», «Рыслінга», «Шампанскага»… Дзве тысячы гатункаў вінаграду ідзе на выраб розных він. Такой другой бібліятэкі він няма на цэлым свеце.
20.VІ. Пару дзён празасядаў на камісіі заканадаўчых прапаноў Вярхоўнага Савета. Бачыўся з Якавам. Страшэнна пакрыўдзіўся на В. Рагойшу за артыкул у «Немане», дзе той крытыкуе яго пераклады.
6.VII. Сёння дамовіўся з майстрамі аб устаноўцы помніка на магіле мамы — трэба будзе пад’ехаць у Касцяневічы, прывесці ў парадак магілу і помнік Верачкі. А то ўжо даўно не быў у яе ў гасцях. Хай ёй, пакутніцы, і яе малышу, лёгкай будзе наша зямля, бо пры жыцці для іх яна была страшэнна цяжкой.
Добра, што дзень выдаўся пагожы і старшыня калгаса С. Чабатар прыслаў бульдозер, пры дапамозе якога ўдалося ўсцягнуць на гару цяжкі гранітны валун. Заўтра пачынаецца свята паэзіі ў купалаўскай Вязынцы. Чакаем гасцей з Масквы, Ленінграда, Кіева, Вільнюса, Рыгі…
Грузінскія сябры прыслалі падрадкоўнікі Г. Табідзе, але зроблены яны так па-партацку, што могуць угробіць любога класіка.
25.VII. Еду ў Брэст па дэпутацкіх справах. Вецер. Дождж. У калгасах сёлета вырасцілі добры ўраджай, толькі як яго сабраць, калі ўсё палягло. Асабліва — у Кобрынскім і Бярозаўскім раёнах.
Памёр К. А. Яворскі. «Палітыка» піша пра яго як вядомага пісьменніка, паэта, педагога, перакладчыка паэзіі рускай, украінскай, чэшскай, славацкай. Забыліся, што ён шмат перакладаў і нас, беларусаў. Нешта вельмі часта суседзі пра нас забываюць.
3 бальніцы званіла Ірынка. Трэба папрасіць Пятра Маркавіча даведацца аб стане яе здароўя, бо сама яна нічога не гаворыць.
Павіншаваў 3. Азгура з прысваеннем яму звання Народнага мастака СССР. Ён поўнасцю заслужыў гэта высокае званне. Ён адзін з тых мастакоў, які заўсёды цікавіўся і цікавіцца развіццём усёй нашай нацыянальнай культуры і асабліва літаратуры, чаму, відаць, спрыяла дружба яго з Я. Купалам, Я. Коласам, 3. Бядулем, М. Лыньковым, А. Куляшовым...
29.ІХ. Нехта ў маю адсутнасць заходзіў і пакінуў дзве пласцінкі народных украінскіх песняў. Хацеў праслухаць, але ўнукі вывелі са строю прайгравальнік. Прапануюць з’ездзіць на Сахалін, але не пускаюць розныя дамашнія справы.
Радыё прынесла звестку пра смерць П. Неруды, якая саўпала са смерцю Альенды.
У «Одглосах» нарыс В. Яжджынскага пра наведванне Беларусі, толькі адкуль ён узяў, што I. Пташнікаў рэдактар «Полымя», і што Мінск карыстаецца вадой з суседняй Літвы? Прыйшла на памяць страфа ці не з Асныка?
Аблокі, што ўдалеч імкнуцца
I ў сонцы гараць пазалотай,
Заўсёды, чамусьці здаюцца
Мне крыламі маёй самоты…
А гэта з фальклору Дзяніскі: — Месяц які шчарбаты! Відаць, хуліганы залезлі на хмару і адламалі кавалак… Курка-Раба знесла яечка. Яно звалілася і разбілася. Дзядуля плача, а бабка нервуецца…
10.Х. Былі ў ЦК. Відаць, прыйдзецца ехаць на Кангрэс Міру ў Маскву. Бацькам песімізму А. Уайльд лічыў Гамлета. Мне здаецца, Біблія гаворыць, былі ў яго папярэднікі.
Вечарам пазванілі з раддома, што ў Ірынкі нарадзіўся хлопчык. Гэтымі днямі пойдзем з Любашай шукаць для ўнука ванначку, каляску, соскі. Каму-каму, а бабусі клапот прыбавіцца. Галоўнае — каб усе былі здаровы.
6.XІ. Званілі з Масквы, збіраюцца правесці ў нас нараду «Сучаснасць і літаратура». Відаць, усе адмаўляюцца ад падобных нарад, агітуюць нас. А ў нас пад канец года — ні грошай на падобныя мерапрыемствы, ні часу, бо ўсе дні да канца года ўжо запоўнены да адказу.
А тут яшчэ бяда — Максімка зламаў руку. Адвезлі ў бальніцу.
У газетах — праблемы сыр’я, паліва, хлеба. Можа, не такім «дурнем» быў Мальтус, як мы яго лічым, калі гаварыў, што сельскагаспадарчая прадукцыя расце ў арыфметычнай прагрэсіі, а насельніцтва — у геаметрычнай. У гэтым спаборніцтве ў чалавецтва, калі не пярэйдзе да рэгламентаванага прыросту, амаль няма ніякіх шансаў на перамогу. Снег, снег…
22.ХІ. Прыехалі галоўны рэдактар Лодзінскага выдавецтва Б. Лic з сястрой Е. Путраманта, якая працуе ў часопісе «Пшыязнь». Прынялі мы іх у сваім каралішчавіцкім Доме творчасці. Крыху сапсуў нам усю музыку А. Бялевіч, які прыйшоў п’яны і пачаў выясняць свае адносіны з А. Кулакоўскім. Ледзь удалося яго супакоіць. Прыехаў С. Малько. Агулам, гэты тыдзень у мяне шчодры на гасцей. А найбольш з імі клапот у Любашы. Прыблізны пераклад з Боя:
3 тым абое клопат мелі,
Што не ў адзін час хацелі…
З.ХІІ. Званіў У. Караткевіч. Відаць, пасля чаркі, бо тлумачыў мне нешта блытана, чартыхаўся, што не падрыхтаваліся да сустрэчы славацкіх пісьменнікаў, аб прыездзе якіх мы толькі сёння даведаліся.
9.ХІІ. Тэлеграма: памёр Янка Шутовіч. Пахаванне адбудзецца 11-га. Некалькі дзён таму я атрымаў ад яго пісьмо, у якім пісаў, што на перахаванні жонкі прастыў. Цешыўся, што, нарэшце, правялі яму телефон, і ён мяй магчымасць часцей звязвацца з сябрамі. Збіраўся наведаць Мінск. Вось як неспадзявана абарвалася жыццё чалавека, чалавека цікавага, клапатлівага, закаханага ў беларускую літаратуру і мастацтва. Шкада, што не змагу паехаць на яго пахаванне, бо 11-га мушу быць у Маскве.
29.ХІІ. Апошнія дні года па 12 гадзін засядаем на розных нарадах, пленумах, юбілейных вечарах. А трэба ж яшчэ напісаць сотні дзве віншавальных паштовак і тэлеграм. Дома — шум, гам. Іра Федзева выходзіць замуж. Не знаю, ці будзе хто з нас на яе вяселлі.
А гэты запіс варты ўвагі: «Найбольш старажытная лічыльная машына зроблена ў 60-я гады ХVIII стагоддзя нейкім Е. Якабсонам — гадзіннікавым майстрам з Нясвіжа ў Літве. Машына гэта і зараз знаходзіцца ў музеі М. В. Ламаносава ў Ленінградзе» («Наука и жизнь»).
Зноў адліга. Дождж, вецер.
Распачаў адначасна некалькі вершаў («Цыкута», «Рапсод», «Касандра», «Чэ Гевара»). I ніводнага не закончыў. Адклаў да сваіх жнівеньскіх ці нарачанскіх ідаў. Як зразумець перараджэнне рэвалюцыі ў Молаха?
1974
6.І. Нядзеля. Чытаю карэктуру сваіх «Лісткоў календара». За парадай сяброў, ездзіў да знахара, ад якога ад усіх недамаганняў прывёз торбу розных зёлак. Снегам замяло ўсе вуліцы. Добра, што ўдалося злавіць таксі. Стрэў свайго намесніка з Таварыства дружбы і ўспомніў словы дэ Голя: «Намеснік — чалавек, які кожнай раніцай цікавіцца вашым самапачуццём і чуецца расчараваным, калі даведаецца, што вы добра спалі».
7.І. Прыехаў Г. Куранёў са сваёй Галяй, якая, здаецца, перакладае «Казкі жыцця». Толькі адкуль яна, масквічка, ведае беларускую мову? Апанавалі мяне землякі са сваімі справамі. Званю ва ўсе ўстановы. Хаджу па начальству.
18.І. Вярнуўся з Пількаўшчыны. Дарога ў страшэнных калдобінах, выбоінах, аб’ездах. Выступаў на партканферэнцыі. Дома — лазарэт. Ляжаць: Саша, Дзяніс, Іра. Толькі мы сяк-так, старыя, яшчэ трымаемся. Наведаў у лечкамісіі Лынькова, Мележа, Шамякіна. Мой дзённік усё больш становіцца падобны на бальнічны журнал.
16.ІІ. Чытаю творы паэтаў і празаікаў, жыццё якіх абарвалася ў трагічныя часы культу. Сёння нат цяжка ўявіць, якой была б наша літаратура, каб гэтыя людзі былі ў страі. Адно ясна, што старт літаратуры і сучасны яе ўзровень быў бы значна вышэйшым. I калі ў галіне тэхнікі, навукі можна неяк ліквідаваць сваё адставанне, дык у галіне культуры — гэта беззваротная страта, якую ніколі нам не кампенсаваць.
17.ІІ. Паслаў віншавальную тэлеграму Л. П. Александроускай, якой споўнілася 70 год. Газеты запоўнены Салжаніцыным. Нідзе не магу дастаць яго апошнія творы. Мо ў Маскве ўдасца раздабыць.
23.ІІ. Памерла «Паўлінка». Так яна і не дачакалася выхаду сваіх успамінаў. Бачыла толькі карэктуру. Які гэта быў абаяльны Чалавек! У наш час — час розных хапуг, яна была нейкай безабароннай, летуценнай, непрыстасаванай да сучаснага асяроддзя гарлахвацкіх, ад чаго страшэнна пакутавала. Колькі яна перажыла за сваё жыццё розных бед, несправядлівасцяў! Хай ніколі забыццё не сатрэ яе імя на нашай зямлі, на яе магільным помніку.
Чытаю I. Шамякіна «Атланты і карыятыды». Раман гэты значна слабейшы за яго «Снежныя зімы», «Сэрца на далоні», «Глыбокую плынь». Мне здаецца, мядзведжую паслугу зрабіла і рэклама гэтага рамана, бо кожны зараз чытае яго з павышанай патрабавальнасцю. Ёсць у ім адна незабыўная сцэна — смерць маці, напісана так глыбока і пранікнёна, што проста бярэ за сэрца.
Чаго толькі не наснілася за апошнюю ноч. Каб можна было фатаграфаваць свае сны, мы ўбачылі б свет больш фантастычны, як усе зямныя ўяўленні.
25.ІІ. Узяўся за Конрада, якога беспадстаўна абвіняла Э. Ажэшка і ў сквапнасці да грошай і ў здрадзе свайму народу. Быў у выдавецтве. Ад М. Ткачова даведаўся, што хутка выйдуць успаміны П. Мядзёлкі. I цікава, ці аднавіла яна тыя мясціны, якія, пад «націскам» Уладыславы Францаўны, у часопісным варыянце былі скарочаны. Агулам, нашым класікам не навязло на ўспаміны аб іх. Мне здаецца, амаль усе нашы ўспаміны бліжэй да легенд, як да праўды, да таго, што было. А дактары прыпісваюць нам, старым, спакой, спакой, спакой. А ён нам і ў сне не сніцца.
Хачу, каб пад сумленным крылом маёй любові,
Якое атуляе мой дом, адпачывалі загараваныя,
Селі за маім сталом сляпыя,
Спалі ў маім ложку раненыя.
(П. Неруда)
Каб не баяўся праслыць ерэтыком, сказаў бы, што ў сённяшняй нашай паэзіі мала знайшоў таго, што да глыбіні мяне ўсхвалявала б. Мо я страціў веру ў трываласць і даўгавечнасць нат праслаўленых сучасных творцаў. Не ведаю.
2.ІІІ. У дзве гадзіны ночы разбудзіў тэлефонны званок. Нейкі перакладчык з Туркменіі хоча сустрэцца. Потым доўга не мог заснуць. Цікавую думку стрэў у Яструна: «У Полыпчы ўсё робіцца наадварот — паэты і пісьменнікі гавораць аб гаспадарцы, экано-міцы, палітыцы, а палітыкі і эканамісты — ахвотна выказваюцца на тэмы літаратуры, культуры».
5.ІІІ. На партсходзе X. Мальцінскага выключылі з партыі за тое, што збіраецца ехаць у Ізраіль, да сваіх дзяцей. Усе, хто выступаў, за гэта яго асуджалі.
А як яго асуджаць, пакалечанага вайной інваліда?!
I паэт ён цікавы. Я калісьці пераклаў быў некалькі яго вершаў:
Ты ззяеш нават між дзяўчат усіх
У яркай і расквечанай сукенцы
3 кішэнямі, як сумкі: ў адну з іх
Утульна палажыў бы я, здаецца,
Сваю ўскалмачаную галаву,
Каб на тваіх каленях адпачыла.
Ну, а ў другую — хай бы лёг кавун,
Які адэскім сонцам апаліла.
Заканчваю сённяшні дзень дасціпнымі радкамі з Я. Штаўцінгера:
Толькі тады паэт памірае,
Калі ніхто яго кніг не чытае.
Д’ябал просіць ключніка не асуджаць грэшніцу «вельмі сурова, бо бывала яна міласэрнай і дарма давала».
Чаму маўчыш, маленькая,
Чаму усміхаешся скрыта?
Сягай туды, куды зрок не сягае.
Хоць гэта і непрызваіта.
28.ІІІ. Вярнуўся з фантастычнага падарожжа з Таджыкістана, дзе быў на Дэкадзе савецкай літаратуры. Адразу ўключыўся ў нашы будныя і нудныя клопаты і справы. Заўтра пленум ЦК, за ім — сесія Вярхоўнага Савета. Трэба не забыць Канібадам, маім новым сябрам, і Турсун-задэ паслаць віншавальныя паштоўкі, падзякаваць за іх гасціннасць.
Пісьмо ад Міхала Забэйды. Скардзіцца на сваё здароўе, на сваю самотнасць.
12.V. Сустракаў М. Канановіча і 3. Пшэтакевіча. Збіраюцца ў Навагрудак. Ахвотна паехаў бы з імі, але заўтра чагосьці выклікаюць да С. А. Пілатовіча. Не люблю я хадзіць па калідорах высокай улады, хоць гэтым, ведаю, карыстаюцца многія.
18.V. Вярнуўся з сустрэч з выбаршчыкамі ў Смургонях, Воранаве, Івацэвічах, Астраўку, Ашмянах...
Нехта доўга ноччу званіў, але я не падыходзіў да тэлефона, бо чуўся зусім разбітым і хворым.
26.VI. Мінск — горад-герой. У сувязі з 30-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў зусюль на гэта свята едуць госці. Сёння іду сустракаць польскую дэлегацыю, якую ўзначальвае С. Вронскі.
19.VII. У Познані — расказвалі польскія сябры — быў арганізаваны літаратурны вечар, прысвечаны загінуўшаму паэту В. Бонку. I раптам на гэты вечар з’явіўся сам паэт, выклікаўшы ў прысутных і здзіўленне, і радасць, і смех.
Часта ў нас спасылаюцца на артыкулы Я. Купалы, Я. Коласа. А іх крытычныя, публіцыстычныя артыкулы пісалі Емяльянаў, Кучар, Вольскі, Чорны, Лужанін… Вось тут і разбярыся! Як вядома, такія негры былі і ў Бальзака і ў Дзюма…
Дамашнія справы ўсё больш ускладняюцца. У выхадныя дні на Нарачы — цэлы кірмаш. Больш за ўсіх дастаецца розных клапот Любашы, хоць, як магу стараюся ёй дапамагаць.
30.VII. Гартаю матэрыялы першага з'езда пісьменнікаў СССР: «Вся дооктябрьская белорусская литература едва насчитывала десяток писателей. Среди них, кроме дооктябрьского поколения нынешних писателей БССР (Я. Купала, Я. Колас, 3. Бядуля, А. Гурло и Т. Гартный), был певец крепостничества Дунин-Мартинкевич, глашатай национальной буржуазии Богушевич, Ядвигин, Богданович, группа мелкобуржуазных писателей — Тетка, Гарун (с-p, впоследствии полковник Булак-Балаховича).
Характерной особенностью дооктябрьской белорусской литературы было националистическое оплакивание тяжелой доли белорусского крестьянства»… і г.д., і г. д. Амаль такімі ж на з’ездзе былі і ўсе іншыя выступленні.
18.VIII. Надпіс на магільнай пліце: «Дарагі сынок Валерык, залаты наш прамень сонца так рана пагас, загінуў трагічна». Пліта парасла мохам. Пытаўся ў смургонскіх старажылаў пра трагедыю загінуўшага. Не помняць. Я, калі бываю ў нейкай новай мясціне, заўсёды наведваю школы, бібліятэкі, музеі і магільнікі. Помнікі — найбольш верагодныя акамянелыя старонкі нашай забытай гісторыі.
3 газет даведаўся аб смерці Ваньковіча. Пахавалі яго на Павонзках. Так і не ўдалося яму пабываць на сваёй роднай Случчыне. Цікавы гэта быў і чалавек і пісьменнік.
Пазнаёміўся з вершамі Т. Новака, вырасшымі з фальклору, з народнай асновы. А так, часопісы запоўнены нейкімі прахаднымі вершамі пачынаючых і досыць нуднымі вершамі «неприкасаемых».
21.IX. Чуваць, Пімен зноў захварэў. Трэба б яму пазваніць. Сам жа, дзівак, ніколі не пазвоніць. Прачытаў прысвечаны яму верш П. Броўкі, відаць, напханы ў адказ на верш Пімена. Сустрэў К. Кірэенку. Ён, мне здаецца, належыць да тых людзей, якія не ўмеюць радавацца удачам ці поспехам другіх. А ўжо даўно не адбываецца нічога радаснага на нашым Парнасе. Цэлы дзень адпісваю на лісты. Заўтра на радзіме Я. Коласа — свята паэзіі. Прыехаў С. Галаваніўскі, вершамі якога я калісьці зачытваўся. Чакаем гасцей з Літвы, Ленінграда, Эстоніі, Грузіі.
Відаць, трэба хутчэй мне кідаць сваю работу ў СП — работу, якая толькі творча працаваць перашкаджае. Бой казаў: чытаць і пісаць — зашмат. I ўжо зусім немагчыма — адначасна займацца яшчэ нейкай іншай работай.
27.ІХ. Дзень нараджэння Любашы. Дождж барабаніць у шыбы. У «Маладосці» — цікавая падборка вершаў А. Вярцінскага. Баюся, каб не прычапіліся да яго верша «Вялікі атракцыён» нашы «зверхпільныя добразычліўцы», як гэта часта яны робяць. А да ўсяго гэтага — лісты загінуўшага на вайне сына Максіма Гарэцкага. Якая багатая і светлая душа раскрываецца ў гэтых лістах!
А дождж перайшоў у сапраўдны лівень з малайкамі, з грымотамі. Што будзе з бульбай на полі?
Па тэлефоне П. М. Машэраў павіншаваў з прысваеннем мне звання Героя Сацыялістычнай Працы, за што я горача яму падзякаваў. Прызнацца, гэта высокае званне трэба было б, раней як некаторым з нас, прысвоіць старэйшым — Р. Шырме, К. Крапіве, М. Лынькову. Праўда, аднойчы, калі мы з I. Шамякіным аб гэтым гаварылі, Пётр Міронавіч запэўніў нас, што ён аб іх помніць. Былі яшчэ званкі ад А. Шыцікава, М. Зімяніна, ад сяброў, знаёмых… Сёння трэба паслаць віншавальныя тэлеграмы Бажану, Абашыдзе, Гамзатаву, Грыбачову, Катаеву, Кажэўнікаву, Маркаву, Мусрэпаву, Палявому, Сіманаву, Яшэну.
Пішу тэлеграмы і думаю: няўжо ў нас столькі герояў у літаратуры?
А дома такі гармідар, што цяжка сабрацца з думкамі. Поўнач. Мінуў дзень, і я, герой, нічога не зрабіў, не напісаў ніводнага радка верша. Калісьці мяне палохалі розныя паездкі, камандзіроўкі, а зараз больш палохае дом, дзе ні хвіліны спакою.
30.ІХ. Усе гэтыя дні атрымліваю віншавальныя тэлеграмы, лісты. Яны ўжо не так мяне і цешаць, бо мудрасць народная гаворыць, што са славай сяброў убывае.
У адной з польскіх газет вычытаў, якія былі ганарары ў даваеннай Польшчы. М. Ваньковічу за рэкламныя два словы «Цукер кшэпі» фірма выплаціла пяць тысяч злотых. Па таму курсу — 1250 залатых царскіх рублёў, ці больш 2500 пудоў жыта. Такія ж неверагодныя ганарары былі і ў «Вядомосцях літэрацкіх» М. Грыдзэўскага і зарплата розных чыноўнікаў. Напрыклад, маршалка сейма — 3000 злотых. Па некалькі сот злотых у месяц атрымлівалі старосты, войты, паліцыя, рознай рангі чыноўнікі. Атрымлівалі — трэба сказаць — не так за сваю службу, як за тое, што памагалі паланізаваць т. зв. «Усходнія Крэсы».
27.Х. Вярнуўся з пленума Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях СССР. Трэба будзе павіншаваць В. Быкава з прысуджэннем яму Дзяржаўнай прэміі. Ён быў адным з першых кандыдатаў да гэтай заслужанай узнагароды. Можа, зараз спыніцца ўся свістапляска навакол яго. Г. Бураўкін казаў, што нат перад самым прысуджэннем прэміі адзін з нашых адказных кіраўнікоў на нейкім сходзе распінаўся аб «памылках» В. Быкава. Відаць, з гадамі тупеюць людзі на ідэалагічнай рабоце. А ў пісьменніцкім асяроддзі — як ні дзіва — буяе і лапушыцца зайздрасць, непрыязь.
З.ХІ. Быў у Верачкі. Дзяніска паспрачаўся з маткай і сказаў, што пойдзе і не прыйдзе дамоў. «А я пайду ў магазін і куплю другога». Дзяніска ў адказ: «Вам другога не прададуць. Скажуць, трэба было любіць гэтага…»
А дождж не спыняецца. Над усёй Еўропай катастрафічныя ападкі, якіх не было на працягу сотні год.
У старых чарнавіках знайшоў некалькі вершаў Я. Карпоўскага, які, помню, перад вайной за заслугі ў літаратуры быў адзначаны сярэбраным акадэмічным лаўрам.
На апошнім абкомаўскім семінары нейкі лектар захапляўся раманам I. Шамякіна «Атланты і карыятыды» і зноў крытыкаваў В. Быкава.
17.XI. Вярнуўся з Польшчы. Варшава, Люблін, Жэшуў, Катавіцы… Сустрэчы, выступленні. Учора з Любашай былі на 60-годдзі Язэпа Семяжона. Харошая была кампанія і вясёлае застолле, толькі мы раней развіталіся з усімі, бо трэба было ісці карміць Сярожку.
На Брэстчыне, чуваць, жудасны павадак. Затоплены вёскі, палі і прадмесці Брэста, знішчаны азімыя, стагі сена, капцы бульбы і ўсё, што яшчэ было на полі.
На рынку поўна асенніх грыбоў — махавікоў, зялёнак. А я сёлета так і не выбраўся ў грыбы.
6.ХІІ. Трэці дзень у Берліне. Сустрэчы. Перагаворы. Сартакоў, я і наша перакладчыца Л. I. Герасімава пасяліліся ў досыць сцюдзёных нумарах гасцініцы «Ёганенсгоф». За гэты час пабывалі ў Трэптаў-парку і ў оперным тэатры. Вецер. Снег.
8.ХІІ. Дрэздэн. Цэлы дзень гаспадары знаёмілі нас з музеямі, з выстаўкамі карцін Каспара Давіда Фрыдрыха («Горны пейзаж», «Раніца ў гарах», «Усход сонца») і выстаўкай плаката. Пазнаёміўся з Г. Генігарам, Е. Данэманам, Е. Штрытматарам. У Бауцыне, куды хоць на кароткі час удалося заглянуць, сустрэўся з К. Лоранцам і Ю. Брэзанам. Па іх просьбе пераклаў на беларускую мову верш А. Зайлера «Народ наш вечна будзе жыць» і верш Я. Барт-Чышынскага «Асамотненая ліра»…
Дождж. Няўжо і сёлетняя зіма будзе такая ж гнілая і бясснежная, як мінулая?
1975
7.І. Былі з I. Шамякіным у П. М. Машэрава. Амаль чатыры гадзіны гаварылі і пра літаратуру (тыражы, выкладанне беларускай мовы), і архітэктурныя помнікі, і сельскую гаспадарку.
Прыйшлі на памяць нейкія радкі: «Цень велізарнай птушкі прабягае па маім твары». А чые — не магу ўспомніць, хоць цэлы дзень хаджу пад іх уражаннем.
Званіў С. В. Марцалеў. Прапануе з’ездзіць з ім у Магілёў.
15.І. Вельмі ў цяжкім стане ляжыць у бальніцы М. Лынькоў. Заўтра трэба будзе яго наведаць, а сёння буду званіць у ЦК і міністру аховы здароўя.
Званіў М. Канановіч з Лодзі, пытаўся, хто едзе да іх на літаратурныя вечары і сустрэчы. А тут захварэў У Маскве А. Адамовіч, і Я. Брыль не зможа, казаў, паехаць. Даў для «ЛіМа» некалькі перакладзеных вершаў Я. Гушчы, Т. Слівоніка і А. Рымкевіча.
20.І. Паэзія не дае мне пакою. Яе нат у самы галодны год нічым не заменіш і не вычарпаеш, як бяздонную крыніцу.
Цікавая заўвага М. Ваньковіча, што ніводная мова, як англійская, не ўвабрала ў сябе столькі чужаземных, іншамоўных слоў. У маналогу Гамлета 80 % іншамоўных слоў. I ўжо не помню, у каго вычытаў, што культура — сінонім антыпаэтычнасці; развіццё культуры — працэс паэзіязабойчы. Чым менш культуры, тым больш паэзіі.
Толькі пад вечар аформілі дакументы на паездку ў Польшчу.
14.ІІ. Нарэшце звалілі мяне з ног розныя паездкі. Грып. Запаленне лёгкіх. А тут прыйшла сумная звестка: памёр М. П. Браўн. Пасля А. А. Пракоф’ева — гэта адна з найбольшых страт. Не стала харошага друга, паэта і перакладчыка, які шмат зрабіў на ніве ўмацавання нашых творчых сувязяў з рускай літаратурай. Вечарам заходзілі ў пераведы Шамякін, Вярцінскі, Грачанікаў, Макаль. Хацеў іх пачаставаць польскай «Зуброўкай», але яны спяшаліся на вячэру з Верчанкам. Званіў з Кішынёва Е. Букаў, але яму сказалі, што ляжу хворы.
«Чакаю спакою і ўваскрашэння з мёртвых» — напісана на магіле Фёдарава. Гэтага — на жаль — нельга напісаць на магілах нашых сучаснікаў.
Д. А. Сікейрас, аказваецца, быў у атрадах рэспубліканцаў у Іспаніі. Можа, ён сустракаўся і з «Герасімам». Мне трэба пабываць у Іспаніі, пад Ларыдай, дзе ён загінуў. Гэта памагло б мне ў рабоце над паэмай, да якой усё не магу прыступіць. Усё больш пераконваюся, што толькі вызваленне ад свайго сакратарства ў СП можа мяне выратаваць як паэта.
Мне здаецца, што зараз аб каханні і сексе больш адважна пачалі пісаць жанчыны. Так — у Польшчы, у Балгарыі. Модным стала шумець аб лёсе рамана. Нат спецыяльна была праведзена міжнародная нарада ў Ленінградзе, на якой перажоўвалі гэту тэму нат сур’ёзныя пісьменнікі. Проста — фацэція!
А ў кіно ідуць даўжэзныя шматсерыйныя фільмы, нат глядзець не хочацца такую нудоту. Зараз ужо на экране не паказваюць героя адразу, а толькі па частках. I называюць гэта «псіхалагічным рысункам». Усё гэта не мае нічога супольнага з сапраўдным мастацкім наватарствам, з кандыдаўскім імкненнем да немагчымасці.
16.ІІ. Нядзеля. «Мароз і сонца»… Мне, часамі, здаецца, што я пішу і пішу адну кнігу, якую ніяк не магу закончыць.
Аўтаінспекцыя забараніла ў людных месцах на вуліцах вадзіцелям сігналіць. Шкада, што няма забароны супроць балбатуноў, якія любяць уздымаць шум і вэрхал.«Чым больш скрыты погляд аўтара, тым лепш гэта да твора мастацтва» (Ф. Энгельс). Гэту цікавую і слушную думку нехта з польскіх пісьменнікаў перафразіраваў (яблык і вітамін). Цікава, што Энгельс быў супроць выкарыстання літаратуры ў мэтах прапаганды. «Я думаю, што пісьменнік не абавязан падносіць чытачу ў гатовым відзе будучае, гістарычнае рашэнне адлюстраваных ім грамадскіх канфліктаў». З гэтым, бадай што, можна згадзіцца, бо ўсе спробы адлюстравання будучыні разыходзіліся з рэальнасцю. Але чым была б уся сусветная літаратура без гэтых спроб?
Заходзіў У. Паўлаў. Прынёс рукапіс маіх вершаў пра каханне. Нешта, казаў, апалчыліся ў выдавецтве супроць назвы зборніка «Ave Maria». А гэта, мне здаецца, лепш, як «Ты мая пчолка» П. Броўкі, што гучыць наіўна і сентыментальна.
20.ІІ. Быў у лечкамісіі. Невясёлыя справы. Знялі кардыяграму. Частыя перабоі. Званіў У. Караткевіч. Доўга па тэлефоне расказваў пра розныя свае прыгоды. Заўтра зноў трэба ісці на аналізы. Усё так дакучыла, што аж перасварыўся са сваімі дамашнімі.
3 часопіса «Паэзія» перапісваю ў сваім перакладэе з польскай мовы «Гаікі»:
Расце крык ключа
Гусей, бо западае ў трысцё.
Чуюць начную сцюжу.
Як кавалак ільду,
Адбітага жардзінай,
Плыве ракой паром.
Бачу, як вяртаецца
На ветку апаўшы квет.
Шкада, што гата матыль.
Агулам, усё больш вызваляемся ад наіўнай веры ва ўсемагутнасць чараў паэзіі. Нельга перабольшваць і выхаваўчага значэння літаратуры, бо ўжо даўно яна не займае свайго ранейшага прывілеяванага месца ў жыцці. I слова «пісьменнік» выклікае меншую зацікаўленасць, як словы «футбаліст», «штукар».
21.ІІ. Зноў і сёння завязалася з У. Караткевічам па тэлефоне працяглая бяседа. Цікавы і самабытны пісьменнік. Толькі любіць парысавацца. Катэгарычны ў сваіх прысудах. Каго любіць — хваліць без меры, каго ненавідзіць — чарніць і бэсціць.
А гэта з расказаў нашых дыпламатаў: калі на адным з банкетаў Радзівіл падняў тост за калгасы ў Польшчы, нехта спытаў у яго: як гэта трэба разумець? I той адказаў: «Радзівілы заўсёды былі прыхільнікамі буйнай гаспадаркі».
Калі ў міністра Даніі спыталі, як іхняя краіна дабілася такіх поспехаў у сельскай гаспадарцы і ў чым таямніца гэтых поспехаў, той адказаў: «Наша масла — самае смачнае, бо сяляне нашы чытаюць паэтаў».
Озга-Міхальскі прыслаў свой пераклад «Калевалы». Трэба было б і нам перакласці гэты славуты карэла-фінскі эпас. Але гэта пад сілу толькі А. Куляшову ці Я. Семяжону.
22.ІІ. Мода, мода, мода! Відаць, гэта — сур’ёзная пошасць, якая часта кружыць нат разумныя галовы. Зараз многія памяшаліся на турызме і сексе. Праўда, цяжка правесці граніцу паміж імі і сапраўдным мастацтвам, бо ўсё залежыць ад узроўню культуры чалавека.
Трэба навучыцца ў Гарацыя «смеючыся гаварыць праўду». Ніяк не ўдалося адмовіцца ад выступлення на нарадзе, прысвечанай 30-годдзю Перамогі.
Чаго толькі не наснілася ў мінулую ноч! Помню, наша маці заўсёды пачынала свой дзень з расказаў, што яна бачыла ў сне. А бачыла яна дзівы-дзіўныя і вешчыя.
23.ІІ. Заседзеўся дома. Трэба будзе выходзіць на прагулкі, хоць дактары яшчэ не дазваляюць. Наглядаю цікавую з’яву: перастаюць суседзі цікавіцца нат суседнімі літаратурамі, у тым ліку і нашай, беларускай. Амаль зусім не стала т. зв. любіцеляў. А шкада.
Пішам, хвалім, ганім самі сябе. А са стараны, бывае, відней.
Многім здаецца, што лёс паэзіі вырашаецца ў Мінску, на Парнасе. Прызнацца, самыя неверагодныя задумы ў мяне зараджаліся ў маёй глухой Пількаўшчыне. У літаратурных сталіцах я толькі іх правяраў, прымяраў, як вопратку на кірмашы.
Ніхто яшчэ ў нас на ўвесь голас не сказаў пра розныя дапатопныя літаратурныя даследаванні, цытаты, фрагменты твораў, якія калісьці гучэлі ўзнёсла, паэтычна, а зараз гучаць парадыйна.
Дзве вартыя ўвагі сентэнцыі са «Шпілек»: «Перш за ўсё вывучаю меню, а потым — афіцыянта» і «Ніколі не грашыць — недаравальны грэх».
Пішам аб адлюстраванні рэчаіснасці, а каго гэта можа задаволіць?
За час хваробы прачытаў цэлую гару кніг. Слабая распрацоўка нашай гісторыі стварае ўмовы для з’яўлення розных псеўдагістарычных твораў.
Яшчэ раз прачытаў Сада. Вельмі пасрэдны пісьменнік. А ў прадмове — геній.
Некалькі былых капэзэбоўцаў прыслалі свае ўспаміны. Крыўдзяцца, што іх не друкуюць. А як іх друкаваць, калі рэчы бездапаможныя і надаюцца толькі для архіўных справак.
На нішто не прыдалася хітрасць Адысея,
Троя загінула і ніколі не загіне.
(С. Галэмбёўскі)
А дома — пекла. Нельга ні чытаць, ні пісаць, ні лячыцца. А хвароба ўсё яшчэ трымаецца. Любаша, як белка ў калясе, круціцца, дагаджае ўсім.
6.ІІІ. Знайшоў апавяданне Пентака, якое ён мне калісьці даў для «Полымя». Апавяданне напісана ім па ўпрошчаных канонах сацыялістычнага рэалізму, я нат не панёс у рэдакцыю, такім яно здалося мне слабым. У «Твурчосці» верш Ф. Галяса, які вельмі пераклікаецца з вядомым вершам К. Гамсуна:
Не дай, створца, мне сваю стрэціць канчыну
На ложку з падушкай, пад мяккай пярынай...
А ў Ф. Галяса:
Я не хацеў бы паміраць
Пры святле свечкі на ложку…
Філармонія плануе мой аўтарскі вечар, на які пазапрашала паэтаў з Масквы, Кіева, Вільнюса. Начорта мне гэта паказуха! Пазваніў сябрам, каб не ехалі, бо ляжу хворы.
11.ІІI. I так, ад вечара ў філармоніі мне ўратавацца не ўдалося. Прынялі ў ім удзел Р. Шырма, Я. Брыль, Я. Міско, Р. Барадулін. Вечар зацягнуўся. Усе хораша і цікава выступалі. Толькі ў мяне, чамусьці, не было ніякага настрою ні чытаць свае вершы, ні адказваць на шматлікія запіскі слухачоў. Ледзь са сваёй арытміяй прывалокся дамоў. «Вось калі паміраюць без стогну — гэта любоў» (А. Хаям). Яшчэ запісваю цікавы верш Д. Румі, які некалі можна будзе прыгадаць, гаворачы аб значэнні перакладу:
Шли вместе тюрок, перс, араб и грек.
И вот какой-то добрый человек
Приятелям монету подарил
И тем раздор меж ними заварил.
Вот перс другим сказал: — Пойдем
На рынок и ангур приобретем!
— Врешь, плут, — в сердцах прервал его араб, —
Я не хочу ангур! Хочу эйнаб!
А тюрок перебил их: — Что за шум,
Друзья мои? Не лучше ли узум!
— Что вы за люди! — грек воскликнул им, —
Стафил давайте купим и съедим!
И так они в решении сошлись,
Но, не поняв друг друга, подрались.
Позна вечарам пазванілі з СП, што прыехалі да нас М. Іоргулеску і Г. Заліс. Усватала нам камісія гасцей, тады, калі ўсе мы збіраемся ехаць у Літву на Дні беларускай літаратуры і мастацтва. Ну, неяк будзе. У кожным выпадку сяброў трэба прымаць так, як хацеў бы, каб і яны цябе прынялі.
29.ІІІ. Вярнуліся з фантастычнай паездкі па Літве. I хоць гэта была цяжкая нагрузка, але я рад, што наведаў многіх сваіх старых сяброў, прыдбаў — новых, пазнаёміўся з надзвычай цікавымі людзьмі. Пабываў у Э. Межэлайціса ў бальніцы, у Закрэце, на вуліцах Сняговай і Канарскага, дзе некалі жыў, на сядзібе Любашыных бацькоў на вуліцы Буковай — Шкроблю, дзе некалі, працуючы ў падполлі, хаваўся. Злавіў таксі і з’ездзіў на магільнікі Роса, Антокаль. Каб не дождж, доўга калясіў бы па старым і дарагім майму сэрцу Вільнюсе.
3.IV. Каля будкі, дзе здаюць тару, бачыў аднаго з нашых маладых класікаў, які сядзеў на гары сваіх пустых бутэлек. Ён, як радэнаўскі «Мысліцель», быў так заглыбіўшыся ў газету, што нікога не заўважаў. Ды і я не асмеліўся нарушаць яго роздум, творчы спакой.
4.ІV. Дождж затрымаў мяне дома, і дзякуючы яму накідаў верш. Можа, сёння ўдасца схадзіць на выстаўку Рэрыха. Ад М. Арэхвы даведаўся аб смерці I. Каросаса. Шкада, што, будучы ў Вільнюсе, не змог яго наведаць. Вось так і расстаемся са сваімі старымі сябрамі, нат не развітаўшыся.
Вечарамі ў нас гараць усе электрычныя лямпкі, нат у закутках, дзе нікога няма. Мы з Любашай, не прывычныя да такога марнатраўства святла, ходзім за сваімі дамачадцамі ды гасім гэту нікому не патрэбную ілюмінацыю. I так — з вадой, з ядой. Не прывучылі мы дзяцей да ашчаднасці. Яны думаюць, што ўсё жыццё — «dolce vita».
Купіў у кнігарні «Афарызмы Уайльда»: «Кожны вялікі чалавек мае сваіх вучняў, і заўсёды Юда піша яго біяграфію». «Вялікія артысты аддаюць усё свайму мастацтву і таму застаюцца людзьмі нецікавымі»…
3 цікавасцю чытаю I. Аляксеева «Алмазнае сэрца Расіі». Ён, здаецца, калісьці пераклаў некалькі маіх вершаў на якуцкую мову.
6.ІV. Зараз у Маскве і ў нас усе гасцініцы запоўнены турыстамі. Відаць, хутка турызм перародзіцца ў стыхійнае няшчасце. Не застанецца ніводнага месца на зямлі, свабоднага ад гэтай пошасці — саранчы дваццатага веку. Памутнела ўжо і наша Нарач, абмялелі яе крыніцы, не стала ў ёй славутай сялявы, і парадзелі яе прыбярэжныя лясы.
13.IV. Узяўся за зборнікі югаслаўскіх паэтаў, якія прывёз са сваёй апошняй паездкі. Гэта надзвычай цікавая, глыбока закаранёная ў народную творчасць і, па-сапраўднаму, сучасная паэзія, якая нагадвае дзівосную мазаіку з сербскіх, харвацкіх, славенскіхі баснійскіх, македонскіх, чарнагорскіх, герцагавінскіх самацветаў. Дзіздар, Грысціч, Славічак, Попа, Матэўскі, Кракер, Грыстова, Сарайліч…
Нейкае шэрае надвор’е. Мароз. Часамі залятае снег. Пісьмо ад мужа К. Буйлы. Прыслаў вершы сваёй Канстанцыі. Патрабуе, каб надрукавалі, бо калісьці ёю захапляўся Я. Купала, і г. д.
18.IV. Усе дні бегаю па розных справах і адчуваю, як з касмічнай хуткасцю аддаляецца ад мяне мая паззія. Губляюся ў навале пісем, у чахардзе пасяджэнняў, тэлефонных званках. Праўду калісьці гаварыў адзін з настаўнікаў свайму вучню, што самая найцяжэйшая ў свеце прафесія ў чалавека сумленнага і ў тых, хто піша кнігі. Гэта пераклікаецца і са словамі Гётэ: «Быць паэтам — быць мучанікам». I старацца, каб не пакінуць пасля сябе толькі «жалезны лом і смех нашчадкаў» (Т. Бароўскі). Задажджылася. Слабасць нашай паэзіі, што ў ёй больш эмоцый, як думак.
22.IV. Гадзіны самотнасці маюць тэндэнцыю перарастаць у дні, у месяцы. Трэба было б выехаць за горад і паслухаць, як шумяць вецер, лес, аблокі. Недзе чытаў, што чалавек у горадзе выходзіць з-пад кантролю сяла, суседзяў і таму вядзе сябе іначай. I гэта праўда. Я часта наглядаў, як некаторыя мае знаёмыя трымаюцца сярод сваіх, сяброў і там, дзе ім здаецца, што нікога няма, хто б іх знаў. Часамі пацешныя бываюць сітуацыі.
На мінулым суботніку цяжка захварэла Людміла. Прывезлі беспрытомную. I як на тое, Язэп заўтра едзе ў ГДР.
24.ІV. Ражко прыслаў свае ўспаміны пра В. Таўлая. Не знаю толькі, ці «Полымя» іх надрукуе, бо яны вельмі разыходзяцца з успамінамі яго другой жонкі. Агулам, ацэнкі блізкіх, як і самаацэнкі, трэба прымаць з засцярогамі. Яны могуць быць цікавымі, але і далёкімі ад праўды.
Успомніў надпіс на магіле Ф. Галяса, зроблены яго бацькам-ткачом. «Тут спіць шчаслівы шчасцем сваёй смерці паэт Францішак Галяс, жыў тады, калі іншыя памерлі былі тут пры жыцці. Чэсць тваёй памяці (Франс Галяс Сеньёр)».
А гэта — несуразнасці з апавядання У. Карпава: «Калі аставаўся дома, ураз большала парадку», «I гэта само сабой уваходзіла ў натуру», «Галя спапяляла іх зіркам»…
Дзякуй Богу, адвёў душу на апошняй падборцы піменаўскіх вершаў.
Гартаю слоўнікі і радуюся, што нарэшце пачалі ў нас з’яўляцца дыялектныя слоўнікі, без якіх мова губляе свае рэгіянальныя вытокі, становіцца падобнай да ракі, закутай у бетонныя ці гранітныя берагі.
13.V. Нейкі графаман-пенсіянер прыслаў пісьмо, у якім бэсціць усіх нас за тое, што не друкуюць яго вершаў, а найбольш — П. Макаля за яго разгромную рэцэнзію. Дасціпная заўвага М. Вольскай: «У Польшчы, калі першы хваліць другога, то часцей за ўсё, каб насаліць трэцяму».
Думаю, што мне не трэба было спяшыць з друкаваннем сваіх «Лісткоў календара», бо тое, што скараціў, не аднаўлю ніколі. Памёр Р. Сабаленка. Ён напісаў пра мяне першы нарыс аб маёй паездцы ў Мінск у 1939 г. Друкаваць я яму не раіў, бо шмат было ў гэтым нарысе недакладнасцей, наіўнасцей.
Званілі, каб з’ездзіў на 70-годдзе Шолахава ў Вёшанскую. Не ведаю, як мая Любаша справіцца з нашым дамашнім калгасам. Чорт ведае, колькі ў яе клапот. I з кожным годам іх прыбывае. Прыехаў Озга-Міхальскі. Была — казаў В. Панамароў — цікавая радыёперадача пра мяне, але я яе прапусціў. Апошнія часы вельмі мала чытаю. Так можна і адзічэць. Зноў трапіў у паласу юбілеяў, прыёмаў.
21.V. Лечкамісія. Палата № 403. Перада мной тут ляжаў С. Грахоўскі. Лячуся ў вельмі сімпатычнай Ірыны Аляксандраўны Аляшкевіч. Яна, здаецца, мая суседка, з Маладзечаншчыны. Заходзіў мой стары знаёмы доктар Н. А. Хадзінскі. Адказаў на пісьмо нейкага I. I. Говара, які напісаў нарыс пра мяне. Не раю яму гэта друкаваць. Школьныя праграмы і так перагружаны рознай лухтой, рознымі рэбусамі.
22.V. Ну і выбраў жа я час, калі хварэць! Пленумы, нарады, сходы, паездкі, юбілеі…
Наведаў у 503 палаце К. Крапіву, які гэтымі днямі выпісваецца. Паслаў два пісьмы М. Канановічу і М. Забэйдзе. Адзін з вершаў Боргеса заканчваецца словамі: «Хутка буду знаць, хто я»…
Шкада, што не маю часу і здароўя распачаць рэвалюцыю, бо ў нашай паэзіі столькі награмаздзілася старызны! Яна абрасла, як днішча карабля, рознымі ракушкамі, якія толькі перашкаджаюць ёй развівацца. Каб не кнігі, можна ў бальніцы звар’яцець. Зайшоў наведаць I. Шамякін, а потым К. Крапіва, які сёння, казаў, горш сябе адчувае. Заходзіла і Любаша. Збіраецца з унукамі ехаць на Нарач. Не знаю, як яна там адна з імі справіцца.
Перапісваю верш Кандрата Кандратавіча:
«Рак», «інфаркт» — такія назвы
Добра ведае народ,
А ў мяне, прабачце, «язва»,
I, таксама, мне не мёд.
Колькі лекаў тых навінак
Майго цела не міне!
Не хапае палавінак
Для уколаў у мяне.
Ные мой жывоцік кволы.
Відавочна: справа — дрэнь,
I красуні, як анёлы,
Ставяць клізмы кожны дзень.
Я ляжу, ўздыхаю цяжка.
Там — як хочаш, — так і сунь.
Ад штодзённай маннай кашкі
Мне зусім не да красунь.
Мяса я не знаю смаку,
I гарэлкі — ані ў зуб.
Выглядае цётка рака
Праз надзорную трубу.
Не з пярэдняга пад’езда
Пачынае з ракам бой.
Ледзь сама туды не ўлезла
За праклятаю трубой.
I знайшла такі адзнаку
Стану шкоднаму майму.
Чаго раку лезці ў сраку,
Я вось толькі не пайму.
27.V. Пахаладала. Чытаю перыёдыку. Цікава, што Сянкевіч быў членам Пецярбургскай царскай акадэміі навук, аб чым, відаць, мала хто ў нас ведае, і што папа Лявон ХІІІ быў аўтарам энцыклікі аб Боскім паходжанні грамадскай няроўнасці і прыватнай уласнасці.
Далёка за акном дымяць фабрычныя трубы. Учора заходзіла Любаша. Так мне яе шкада. Заклапочаная, загараваная. Не ведаю, як ёй памагчы? Прынесла мне аднатомнік Ц. Норвіда. Узяўся за пераклад верша М. Канановіча «Не спыняецца ля дзвярэй».
Шалёны вецер. Відаць, такі вецер зваліў летась славуты дуб Ягелы, якому было больш за 450 год. У вышыню дасягаў да 35 метраў. Упершыню я яго ўбачыў у 1938 г., калі ездзіў да Марцінчыка ў Нараўку.
Пры сустрэчы ў лечкамісіі падбадзёрыла мяне Уралава: «Папраўляйцеся! Вы нам яшчэ патрэбны».
29.V. Наведаў I. Шамякін. Заўтра, казаў А. Т. Кузьмін, едзе ўдакладняць спісак удзельнікаў нашай дэкады на Украіне. Шкода, што не змагу паехаць на гэту дэкаду. Асабліва мне хацелася б пабываць на Львоўшчыне і ў Закарпацці, дзе ніколі яшчэ не быў.
Сустрэў на калідоры нашага кампазітара Вагнера. Цікавы чалавек і субяседнік. Адчуваецца, што шмат чытае, ведае нашу беларускую літаратуру, чым рэдка хто з кампазітараў можа пахваліцца.
30.V. Узяўся за польскіх крытыкаў, якія ўсё яшчэ перажоўваюць сваіх рамантыкаў, пазітывістаў, акмеістаў, футурыстаў, жагарыстаў… Толькі чытачоў мала цікавіць, колькі ў тым ці іншым творы тэорыі і аджыўшай свой век паэзіі.
Хутка юбілей П. Глебкі, які пасля вайны амаль нічога не напісаў, вартага ўвагі. Патануў ён у сваіх акадэмічных клапотах і справах. А шкада.
«Калі ёсць нехта сярод вас, хто хоча пачаць пісаць, — гаворыць Картазар, — і чакае ад мяне парады, як за гэта ўзяцца, хачу параіць, каб ніколі не пытаўся пра гэта ў сталага пісьменніка, бо толькі ў гэтым выпадку мае шансы напісаць нешта сваё». «Кожны выдатны твор не паддаецца класіфікацыі»» «Літаратура з’яўляецца ўпрывілеяваным месцам забавы, у якім мары і рэчаіснасць маюць шансы сустрэцца».
Хадзіў на прагулку з нейкім татальным занудам. Добра, што хоць дождж мяне ўратаваў ад яго. Званіў А. Вярцінскі. Шкада, што не прапусцілі яго ў лечкамісію. Прынесла Ірынка газеты, часопісы, карэспандэнцыю. Заўтра ў яе дзень нараджэння. Максім з Оляй паехалі на Нарач.
31.V. Да гэтага часу я пераважна ў сваёй творчасці кіраваўся інтуіцыяй. Зараз стараюся яе спалучыць з рэальнымі дадзенымі, дапоўніць яе сваімі, хоць і дылетанцкімі ведамі.
Усю ноч барабаніў дождж.
Настаў цікавы перыяд, калі выраўняліся ўсе нашы саюзныя літаратуры, скараціўся разрыў паміж імі і вядучай, рускай літаратурай.
Ёсць у аповесці А. Кулакоўскага сцэна. Уратаваная ад расстрэлу дзяўчынка, якую засланіла маці, бачыць свой нос, умурзаны «цестам» пяску. Аўтар, відаць, забыў, што гэту сваю дэталь толькі слон можа бачыць.
«Ніхто не знае дарогі да нашчадкаў» (Ц. Норвід).
Часам у сне з’яўляюцца цікавыя сюжэты, але раніцой іх забываю. Хоць ты кладзі пад падушку аловак. А гэта пачутае ў бальніцы: жанчыны могуць захаваць толькі адну таямніцу, пра якую не знаюць. I яшчэ: нічога яму не зраблю, павешу толькі на хвіліну і пушчу…
— Хто ёсць найбольшым ворагам роду? — пыталіся ў настаўніка дзеці. — Смерць. — А хто прыяцелем? — Смерць…
А хвароба мая не адступае. Як там на Нарачы маецца Любаша?
Пацягнула на афарызмы: найменш у нас любяць тых пісьменнікаў, у якіх найбольш запазычаюць.
А гэта з Э. Эшанбая: найбольш бязлітасныя ў ацэнцы чужых твораў жонкі пасрэдных мастакоў.
Пры Хрушчове дапаўнялі вядомую формулу Леніна: камунізм — савецкая ўлада плюс электрыфікацыя яшчэ адным плюсам — хімізацыяй. Ужо дыхаем газам, п’ём атручаную ваду, ужываем прадукты, занячышчаныя хіміяй. Экалагічная катастрофа стала рэальнасцю. Відаць, усе нашы лозунгі — суцэльнае пустазвонства, хоць і працягваем яшчэ ў іх верыць — прапагандаваць у сваіх творах.
Дождж. Туман. I нейкі цяжар на сэрцы. Недзе мерзнуць на дачы мае нарачанцы. Заўтра еду ў Нясвіж.
Можа, там удасца крыху папрацаваць над сваімі накідамі, а то зусім дэкваліфіцыруюся.
3.VI. Цікава, як учора прайшоў наш пленум. Мы хацелі на пасаду намесніка старшыні выбраць Чыгрынава, але чамусьці маладзейшыя апалчыліся супроць яго. Відаць, у СП ніколі не было і не будзе кіраўніка, за якога галасавалі б усе.
У Нясвіжы сустрэў Я. Бабосава, які прыехаў пасля трагічнай смерці сына падлячыцца. Заўтра пайду па ўрачах. А сёння слухаю канцэрт жаб, якіх даўно не чуў. Спыніўся ў палаце 63-й: пярэдняя, спальня, ванная, тэлевізар, радыё, халадзільнік, газавая пліта, самавар… I нашто ўсё гэта мне?
Наведаў свайго старога друга М. Сеўрука. На лугавіне за хатай збіраў нейкія грыбы. Прыйшла масажыстка. Разгаварыліся. Яна аказалася сваячкай С. Дарожнага, якога калісьці яшчэ ў былой Заходняй Беларусі чытаў «Звон вясны» і «Пракосы на памяць». Я і не ведаў, што ён родам са Слонімшчыны.
Пра Дарожнага шмат расказаў У. Мяжэвіч. які сустракаўся з ім, з А. Александровічам, з С. Грахоўскім у Сібіры.
У парку на возеры некалькі пар лебедзяў і цэлая чарада дзікіх качак, якія жывуць тут са шчодрых падачак курортнікаў.
А ў полі пачынае каласіцца жыта. Зямля тут, відаць, адменная. Ведаў Радзівіл, дзе будаваць свой палац. Дачытваю «Совізджала» Озгі-Міхальскага. Кніга цікавая, хоць і многа ў ёй пустога зубаскальства. Але напісана мовай сакавітай і багатай. Можна толькі пазайздросціць, што ў нас няма такога балагура.
Цэлы дзень ідзе дождж. На сцежкі ў парку павыпаўзалі слімакі і чэрві. На адшліфаваным камні надпіс на польскай мове: «Гэту алею пасадзіла Марыя з Касталянаў, радзівілаўская княгіня флянсамі з насення, прывезенага з былога берлінскага палацу князёў Радзівілаў».
У кнігарні бачыў некалькі сваіх зборнікаў вершаў. Думаю, што ад пісьменніка трэба патрабаваць твораў, у якіх чытач зможа знайсці адказы на жыццёва важныя пытанні, бо інакш наша прафесія губляе ўсякі сэнс.
Сцюжа. Аж не верыцца, што на дварэ — чэрвень месяц. Сяк-так закончыў верш: «Пісьмо, вылаўленае ў моры».
6.VI. А дождж усё імгліць. Узяўся за цікавы, арыгінальны зборнік А. Вярцінскага «З’яўленне». Як там Любаша чуецца на Нарачы? Трэба ж ёй накарміць свой калгас. Ды і мне пара скараціць свае паездкі, бо ужо каторы год сэрца працуе з перабоямі, а нагрузак на яго ўсё прыбывае, і ўсё больш збіраецца розных пытанняў, на якія ўсё часцей не знаходжу адказу.
8.VI. Нядзеля. Думаў папрацаваць, але прыйшлі ў госці М. Сяўрук і яго сябры. Чытаю М. Кужыну пра М. Ваньковіча. Аказваецца, яго цікавыя фрагменты нарысаў пра Віленшчыну, якія перад вайной часткова друкаваліся ў тыднёвіку «Проста з моста» і ў газеце «Кур’ер поранны», загінулі. Пісаў ён там і пра сваю сустрэчу з М. Машарам, відаць, без дазволу цытуючы яго розныя выказванні, і, агулам, шмат было цікавых звестак аб жыцці ў былой Заходняй Беларусі. М. Сяўрук абяцаў мне паказаць свае накіды вокладкі «Часопіса для ўсіх» і апошнія свае работы, якія збіраецца паслаць на сваю мінскую выстаўку. Трэба адпісаць на паштоўку нейкага графамана, які перакананы, што ён піша выдатна, толькі яму чамусьці не даюць ходу. Ю. Тувім калісьці прыслаў Стафу больш сотні сваіх першых вершаў на ацэнку, і з іх ніводзін не быў змешчаны ў яго зборніку «Чаканне на Бога». Мяне ўсё больш пачынае спакушаць празрыстасць стылю народнай творчасці. Званіў у Мінск Юру. Пераклаў некалькі вершаў сваіх літоўскіх сяброў: Жукаўскаса, Матузявічуса, Марцінкявічуса, Meжэлайціса…
Некага хавалі. I я правёў нябожчыка аж да магільніка. Прыгадаў пахаванне сваёй маці, і зноў разбалелася сэрца.
10.VI. Прыехалі ў пераведы Максім з Оляй. Aд іх крыху даведаўся і пра дамашнія і нарачанскія справы.
А гэта з югаслаўскага фальклору: «Пытаюся ў басняка, які вярнуўся з Герцагавіны, ці шмат там ворнай зямлі. — Шмат. Аднойчы паўгадзіны шукаў сярод камення месца, дзе мог бы ўбіць калок, каб прывязаць каня». I яшчэ: «Хто табе выбіў вока?» — «Брат. Таму так глыбока…»
17.VI. Званілі з ЦК, пыталіся, ці не змагу паехаць на Дні нашай дэкады на Украіну. I тут не даюць спакою. Увесь час трымаецца высокі ціск. У А. Бінькоўскага прачытаў пра вядомага даследчыка Ю. Чэрскага, які быў родам з Віцебшчыны і актыўным удзельнікам паўстання 1863 г. Трэба было б пацікавіцца біяграфіяй гэтага чалавека. К. Вайцяхоўскі піша, што многія сцэны ў паэме «Пан Тадэвуш» запазычаны аўтарам з Вальтэра Скота. Якога толькі глупства не пісалі пра А. Міцкевіча!
Удалося па тэлефоне пагаварыць з Любашай. Завярае, што ў іх усё добра. А мне не верыцца. Не хоча, відаць, мяне непакоіць. Сказала толькі, што дрэнна сябе адчувае Міхась Ціханавіч. Трэба хутчэй вяртацца на Нарач. Купіў пару шклянак клубнікі. Толькі нейкая яна тут кіслая. Відаць, не хапіла ёй сонца. Сёння пахадзіў па Нясвіжы. Да чаго запушчаны горад, хоць ён і патанае ў зеляніне дрэў. На возеры п’яныя перавярнулі лодку. Нехта ўтапіўся. Каля будынка былой настаўніцкай семінарыі, у якой калісьці вучыўся Я. Колас, ямы, траншэі. Зноў дождж. Ідзе рамонт старога касцёла, у якім, чуваць, захаваліся грабніцы Радзівілаў. Каля помніка воінам гарыць вечны агонь. Нехта ўсклаў на пліту букет рамонкаў. Вечарам разгулялася навальніца. Прысніўся Забэйда. Глядзіць на мяне праз запацелую шыбу акна і плача. I я расхваляваўся, выціраю слёзы. Трэба павіншаваць Кандрата Кандратавіча з прысваеннем яму звання Героя Сацыялістычнай Працы і наведаць у палаце старога М. С. Гурвіча ды, можа, вечарам схадзіць на фільм «Яны змагаліся за Радзіму».
18.VІ. Некаторыя нашы польскія сябры зусім не цікавяцца, што там робіцца на ўсходняй старане Буга, якую і сёння яны лічаць польскай ці літоўскай, дзе праз нейкую гістарычную недарэчнасць нарадзіўся Адам Міцкевіч і дзе для іх не існуе нічога, вартага іх увагі. Марэль прыводзіць цікавае выказванне пра іспанцаў: «Мы, іспанцы, рана ідзем на імшу, папалудні — на карыду, а вечарам — у бардак». Часопіс «Паэзія» змяшчае некалькі цікавых песень з часоў вайны: «Марш Гвардыі Людовай», «Мы са спаленых вёсак» В. Зяленчык і асабліва «Чырвоныя макі на Монтэ-Касіна» Ф. Канарскага.
Пазычыў у бібліятэцы зборнік П. Броўкі з нуднай прадмовай С. Майхровіча. Падобнымі артыкуламі мы збанілізавалі многіх паэтаў.
Вечарам зноў падняўся ціск, які пры маёй арытміі не суліць нічога добрага. Пад ганкам санаторыя качка вывела качанят, толькі іх амаль усіх парасцягалі вароны. Усе шкадуем малых і іх асірацелую маці.
Прыехаў мой цёзка — Я. I. Клімчанка. Ён быў членам Рэспубліканскай выбарчай камісіі. Казаў, у галасаванні прыняло ўдзел 99,97 прац.
Прачытаў сваім суседзям верш К. Крапівы пра тое, як яго лячылі. Сапраўды, трэба ў нас больш цаніць людзей, якія змушаюць нас смяяцца і станавіцца лепшымі.
Як надакучыла рыфмаваная пустазвоншчына. Як перамагчы нам яе?
Што дзень наступны мне рыхтуе? Цікава, як гэтыя пушкінскія радкі гучаць у перакладзе А. Куляшова? Бяруся за сваё «Слова», якім трэба будзе адкрываць юбілейны вечар П. Броўкі.
19.VI. За абедзенным сталом лапатуха-суседка, што цэлы дзень звініць у вушах яе голас. Даў жа Бог талент!
Натрапіў на цікавую звестку: кароль Зыгмунт I кантактаваўся з шахам Ірана і што аж да разбору Польшчы першыя слуцкія паясы ткаліся ў Персіі, а потым у нашых ткальнях іх наследавалі. Сёння гаварыў з адным нашым кіраўніком аб пошасці юбілеяманіі, якая нас апанавала. Трэба было б на гэту тэму нешта напісаць дасціпнаму аўтару «Лысагоркай паэмы». Кажуць, што ў сучасных шкляных дамах у людзей развіваецца своеасаблівая хвароба — страх прасторы — і яны пачынаюць баяцца святла і шукаюць утульнасці і зацішша ў пакоі, у якім жывуць або працуюць. Абяцалі паказаць новы фільм Курасавы. На адной нясвіжскай гарадской абдрыпанай браме цудам захаваўся надпіс на польскай мове. Вось яго прыблізны переклад:
Марыя ў Слуцкай браме заснавала трон свой,
Каб для кожнага была заступніцай.
Шмат хто да яе звяртаўся.
Панны і маткі атрымлівалі дапамогу.
Май нас пад сваёй абаронай да канца жыцця.
Тут святая даніна, тут доўг
Для гэтай Марылі, бо ты Богу вінны.
А за тое будзеш мець на зямлі ўзнагароду,
Потым, навекі, са святымі на небе.
Яшчэ раз абышоў парк і маляўнічыя аколіцы Нясвіжа. Толькі страшэнна ўсё запушчана. Нікому, відаць, не баліць галава, каб усё гэта прывесці да ладу. Прыйшла ад нейкага каўнаскага чытача паштоўка з рэпрадукцыяй помніка С. Нерыс. Калісьці бачыў я гэты помнік. Мне здаецца, часамі мастаку (які быў яе мужам) шкодзіць блізасць да свайго героя. Таму і яе скульптурны партрэт атрымаўся вельмі адамашнены. Каб не залітаратурыцца, зноў вяртаюся да нашага фальклору. Раней усе любілі апеліраваць да розуму, а зараз, пасля глабальных экалагічных катастроф, і ён застаўся здэградаваны.
Вечарам званіў Ірынцы. На Палессі зноў павадак. Відаць, меліярацыя давядзе нас да торбы. У засуху — тарфянікі выветрываюцца, у непагоду — затапляюцца. Зноў, чуваць, набліжаецца навальніца. Які цяжкі год для сельскай гаспадаркі! А нашы чыноўнікі, не спытаўшыся ў Ільі-прарока, кожны год плануюць сабраць то 27, то 30, то 40 цэнтнераў зерня з га. I калі настане канец гэтаму ачмурэнню?
20.VI. Ноччу быў град. Апошні візіт у лекараў. I так, калі не падвядзе шафёр, на машыне У. В. Ляшкевіча, са жменяй рэцэптаў, выпісаных доктарам П. Н. Лагуном, вяртаюся ў Мінск.
Па тэлебачанні паказвалі нашых касманаўтаў. Няўжо мы — адзіныя жывыя істоты ў космасе? Ад адной гэтай думкі робіцца сцюдзёна на сэрцы.
21.VI. Не знаю, як там на Нарачы адна Любаша спраўляецца з унукамі і з рознымі іншымі дамашнімі клапотамі і гаспадарчымі справамі. Мо хоць крыху змагу ёй у чым дапамагчы.
Я пераканаўся, што няма на свеце моў непрыгожых. Зразумела, што кожны лічыць найпрыгажэйшай мовай сваю. Але гэта — на свой дамашні ўжытак, а не для нейкіх шавіністычных вывадаў.
Наведаў Міхася Ціханавіча, хваравіты выгляд якога глыбока мяне засмуціў. Глытае розныя таблеткі, а толку ад іх ніякага. Пасядзелі з ім ля студні, падзяліліся сваімі навінамі. Трэба будзе з’ездзіць у Мядзела, разлічыцца за рамонт страхі і веранды, вырашыць некалькі дэпутацкіх спраў.
Ну і камароў сёлета! Здаецца, ніколі іх столькі не было.
На ўсякі выпадак запісваю цікавы дыялог папы Юліяна ІІ з М. Анджэлам, які можа некалі прыдацца.
— Калі будзе закончана скляпенне (у Сіксцінскім касцёле)? — спытаўся папа, без папярэджання забраўшыся на рыштаванне.
— Калі буду з яго задаволены,— адказаў яму абураны М. Анджэла.
— Задаволены? 3 якога боку? I так малюем ужо чатыры гады.
— 3 боку мастацтва, святы айцец.
Папа, злезшы з рыштавання, патрабуе, каб мастак змяніў вобраз.
М. Анджэла з верху драбіны адказаў:
— Прашу не перашкаджаць, бо спыню стварэнне свету.
24.VІ. Раніцой прыехаў Федзя. У нашых зарубенскіх родзічаў страшнае няшчасце: і другі іх 17-гадовы сын загінуў у дарожнай аварыі.
Зноў пайшлі дажджы. Цэлы дзень Бронька з сынам чысцілі заплыўшую плывуном нашу студню.
Нешта даўно не было ніякіх звестак ад Міхала Забэйды. Апошнія лісты былі нейкія трывожныя. Хаця б чаго не здарылася з ім дрэннага.
5.VII. Масква. Быў на Сіўцавым Уражку. Накупляў лякарстваў. Бяда толькі, што яны не памагаюць. Усю ноч шумяць вуліцы, быццам па іх праносяцца сотні эшалонаў. Раніцой зайшоў A. І. Падабед. Дзяліўся надзвычай цікавымі сваімі партызанскімі ўспамінамі. Абяцаў паслаць яму апошнія нумары нашых беларускіх часопісаў. Купіў на Арбаце аднатомнікі Я. Купалы і Я. Коласа на рускай мове. Мне здаецца, нашы класікі недалюблівалі адзін аднаго. Праўда, гэта «няпрыязнь» ніколі не перарастала ў канфлікт двух шляхціцаў — Міцкевіча і Славацкага. Праз год дваццаць будзе ў нас зусім іншая літаратура. Яна павінна прасеяцца праз аб’ектыўную крытыку. А то вельмі ж у нас шмат «неприкасаемых» халтуршчыкаў з рознымі ахоўнымі граматамі і пасадамі.
Мы часта гаворым аб адлюстраванні аб’ектыўнага жыцця. А такога адлюстравання я не знаходжу ў мастацтве. За свой век я разгубляў сваіх былых настаўнікаў. У сярэднявеччы такіх ерэтыкоў палілі.
18.VII. Званіла Валя Памазнёва. Прасіла даць інтэрв’ю для «Литгазеты». Цікавае выказванне К. Іллаковіч: «Найчасцей у творчасці адлюстроўваецца тое, што творца хацеў бы перажыць, але чаго не перажыў». I ў гэтым трэба прызнаць яе слушнасць.
19.VІІ. Я даўно разбурыў гранічныя муры, якія аддзялялі прозу ад паэзіі. I раптам у адным з лістоў Т. Мана знайшоў пацвярджэнне сваёй думкі: «Паэзія і проза ў самым высокім значэнні ўсё больш і больш набліжаюцца да сябе і некалі зліюцца ў адно» (1953 г.).
Прыехаў В. Элькін. Прасіў памагчы яму ўладкавацца на некалькі дзён на турысцкай базе. Гаварыў з дырэктарам гэтай базы, які абяцаў даць дзве палаткі. Сёння еду ў Мінск. Набралася столькі розных спраў, што не знаю, за што пачынаць брацца.
Латышскія сябры прыслалі прыгожа выданую анталогію беларускай паэзіі «Соль і хлеб» з прадмовай Я. Судрабкална. Трэба перадаць у «ЛІМ», каб далі разгорнутую рэцэнзію.
Прачытаў пісьмо В. Твардоўскай, адрасаванае Салжаніцыну: «Не я буду сведчыць перад чытачамі супроць вашай хлусні. Супроць вас ёсць усё тое, што засталося пасля Твардоўскага: яго творы…»
Пазнаёміўся з опусам П. Глебкі «Мая анкета», з яго наіўнымі разважаннямі аб зямлі — суцэльным парку, аб лірыках і фізіках, аб паэзіі, аб абстракцыяністах, якіх трэба асцерагацца, аб помніках чалавечай творчасці, якія прыносяць асалоду, аб вершах без рыфмы і рытму… Аб усім гэтым ён разважае, як еўнух, які не знае жанчын.
31.VIII. Вярнуўся з Нарачы. 3 «Трыбуны люду» даведаўся аб смерці А. Дымшы — аднаго з выдатнейшых артыстаў, слава якога ў свой час грымела ва ўсёй Польшчы. Там у нас, помню, пасля вайны ішло некалькі фільмаў, у якіх ён іграў. 3 лечкамісіі званіў Міхась Ціханавіч. Заўтра схаджу да яго. Скардзіцца на сваю арытмію і на тое, што пачалі апухаць ногі.
Усё неба зацягнута нейкім цяжкім смогам. Вечарам накідаў верш «Прызнанне, выразанае на клыку маржа».
Сам не знаю, адкуль узяўся гэты маржовы клык.
«Стыль квяцісты, штучны шэраг сказаў і вытанчаныя словы служаць для скрыцця пасрэднасці таленту, — пісаў Г. Мантэнран, — што было б відаць, калі б аўтар выказаўся ў спосаб натуральны».
21.IX. Нядзеля. Памёр Міхась Ціханавіч Лынькоў. Гэта смерць усіх нас асіраціла. Трэба званіць Кандрату, Пімену, Петрусю… I не магу…
13.Х. Зноў у Маскве. У СП юбілейны вечар С. Ясеніна, але я не змог пайсці, бо вельмі дрэнна сябе адчуваў. Прыдбаў у кніжным магазіне альбом рэпрадукцый К. Дунікоўскага, якога ў нас залічаюць да фармалістаў. Пабольш бы такіх фармалістаў!
14.Х. Выйшаў на прагулку. Абышоў Чырвоную плошчу, Крэмль. У фае гасцініцы сустрэў Ц. Я. Кісялёва. Званілі Вігурская, Сазонаў, Пархоменка, Хелемскі…
На днях вярнуўся з Азербайджана. У Куб’е неспадзявана падняўся ціск 120 на 220. Ледзь збілі уколам!. I зараз яшчэ не магу прыйсці ў сябе. У маю адсутнасць вылучылі на Ленінскую прэмію мой апошні зборнік «Нарачанскія сосны». I дарэмна, бо зборнік гэты слабейшы, як папярэдні «Мой хлеб надзённы». I, агулам, лічу гэту задуму, ініцыятарам якой быу С. В. Марцалеў, безнадзейнай.
Пісьмо ад Федзі. Здохла карова на полі, аб’еўшыся бульбай. Трэба будзе памагчы яму набыць новую. Прыходзіў Лёня. Забраў на выстаўку свайго «Вандроўніка пад хвояй». Работа цікавая. Думаў, дома ўдасца крыху адпачыць, а тут безліч розных клапот і спраў. Заходзіў Язэп Семяжон. Расказваў пра сваю паездку ў Польшчу. Трэба ляцець у Арменію на вечар, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння А. Ісаакяна.
А дажджоў усё няма. Hiдзе не відаць зялёнай руні. Прачытаў нарыс У. Калесніка «Будзённы дзень з Максімам Танкам». Шкада, што перад тым, як друкаваць, не паказаў яго мне. Страх, як ён там наблытаў. Трэба будзе напісаць, каб у наступным выданні сёе-тое выправіў, удакладніў. I хоць ён — вельмі ўпарты, але ў мяне — дзякуй богу захаваліся некаторыя архіўныя матэрыялы, з якімі нельга не лічыцца. А галоўнае — яшчэ жывы я — сведка і ўдзельнік падзей, пра якія ён піша.
19.Х. Дома калісьці ў нас слепа верылі кожнаму надрукаванаму слову: «Гэта ж надрукавана»…
Паміж песімістычнай і аптымістычнай ацэнкай сітуацыі на свеце і ў нас павінна быць яшчэ і рэалістычная. I мне часцей трэба яе трымацца.
Не магу спакойна глядзець, як у нас дома марнуецца чыстая папера. Першыя свае чатыры зборнікі я напісаў на нейкіх абрэзках, купленых па зніжанай цане ў віленскай фірме «Папер», што мясцілася на Завальнай вуліцы, побач з магазінам славутага «Зінгера» і складамі сельскагаспадарчых машын 3. Нагродскага.
Нарэшце — пісьмо ад Міхала Забэйды. Жыве ён — трэба сказаць — у нейкім абмежаваным свеце. Мо таму ў яго характеры адчуваецца эгацэнтрызм і самазахапленне. Але хто з нас не хварэе на гэтыя хваробы? Самае галоўнае, што ён — непаўторны артыст. I гэта важней за ўсё.
Зараз планіраваннем будучыні займаюцца палітыкі і вучоныя, а не летуценнікі «сонечных гарадоў», «шкляных дамоў» і розных утопій. Баюся, што і іх сустрэне такая ж няўдача. Быў на праглядах «Апошняй ахвяры» Астроўскага і «Маладой гвардыі» А. Фадзеева. Заўтра чакае мяне цяжкі дзень: пасяджэнне Камітэта па Дзяржаўных прэміях, тэлестудыя, сустрэча з прыехаўшымі на юбілейны вечар П. Броўкі М. Камісаравай і Ваншэнкіным, А. Кузьміным, Салынскім, Сартаковым, Куліевым, Турсун-задэ, Панчанкам, Барадуліным, Бураўкіным… Вяртаючыся Ў гасцініцу, паглядзеў, як мяняецца варта ля Маўзалея, на залітую святлом пражэктараў, запоўненую масквічамі і замежнымі турыстамі Чырвоную плошчу.
24.Х. 3 членамі падліковай камісіі ездзіў на дачу да К. А. Федзіна. Сустрэў ён нас на мыліцах. Я прыгадаў яму нашу наездку ў ГДР. Ажывіўся. Пачаў расказваць пра свае сустрэчы з Зэгерс, Кантам, Рэнам і іншымі нямецкімі пісьменнікамі. I так, сёння прагаласавалі за Абрамава, Лупана і Алейніка. Чакаю Якава Хелемскага, які абяцаў мяне пераведаць.
Крыху пахаладала, але стаіць залатая восень.
3 дачы К. А. Федзіна прывёз пах апалай лістоты і свежай капусты, якую шаткавалі ў яго доме.
7.ХІІ. Трэба паслаць Софіі Захараўне апошнія здымкі Міхася Ціханавіча, якія я зрабіў на беразе Нарачы. Усё не магу звыкнуцца з думкай, што яго няма, быццам час, які сцірае нашы сляды на дарозе жыцця, страціў сваю ўласцівасць.
Заходзіў учора да нас Ражко. Крыўдзіцца на ўсіх, што не друкуюць яго ўспамінаў. Расказваў ён Любашы пра нейкага Іваноўскага, які нясе несусветную лухту пра майго бацьку, якога, быццам, ён расстраляў. А Ражко яму і паверыў. Ёсць жа людзі, якім так і карціць некага ачарніць. Колькі пра мяне ходзіць чутак, што я горкі п’яніца, што на дачы нас абслугоўвае некалькі павароў і афіцыянтак. Нат Любаша, капаючыся ў агародзе, чула, як нейкія курортнікі гаварылі: «Бачыце, нат у выхадны дзень домработніцы не даюць адпачыць». А колькі розных расказваюць небыліц пра Купалу, Коласа, Крапіву. Ды амаль пра ўсіх пісьменнікаў, мастакоў… Галоўнае, калі пачынаеш пярэчыць гэтаму, — не вераць: «Ну, гэта вы заступаецеся за свайго брата. Мы лепш ведаем». I хоць працэнт п’яніц сярод прадстаўнікоў іншых прафесій — старшынь калгасаў, сельсаветаў і розных чыноўнікаў, якія без паўлітра не паставяць нават пячаткі, значна большы, слава ідзе пра пісьменнікаў: п’яніцы, гулякі, распутнікі.
9.ХІІ. Ездзіў у Вілейскі лясгас на паляванне, на якое запрасілі і мяне. Былі генеральныя консулы ПНР, ГДР, В. С. Смірноў, М. I. Дзялец i намеснік міністра лясной гаспадаркі У. П. Раманоўскі. Забілі двух ласёў і паранілі кабана, якога так і не знайшлі, бо было ўжо цёмна. Самае важнае — нaxaдзіўся і надыхаўся ў лесе пахамі смалы, прэлай лістоты і багунніку. Я і не знаў, што багуннік і зімой так моцна пахне. Мне ўдалося толькі раз стрэліць па параненаму ласю. Найбольшая ўдача выпала В. С. Смірнову, які паляваў з пяцізарадным амерыканскім штуцарам.
14.XIІ. Прыехалі ў госці кіеўскія сваякі. На з’езд пісьменнікаў РСФСР не паехаў. Ад нас паехалі I. Чыгрынаў і А. Вярцінскі. Я цэлы дзень быў заняты Душанам Слабоднікам і Галенай Брынзавай, якія прыехалі да нас па выдавецкіх справах.
15.XII. Цяжка ўявіць, у якім дамашнім гармідары жывем з Любашай. Рэдкі дзень праходзіць без канфліктаў. Стараемся наладзіць жыццё маладых, а ў іх усё рвецца, усё робіцца горш і горш. Шкада Сярожку. Такі чулы і разумны хлопчык. Ён ужо, хоць і малы, адчувае і перажывае сямейныя непаладкі.
16.XII. На сесіі Вярхоўнага Савета сустрэў Пімена, Максіма, Андрэя, дзядзьку Рыгора. Чамусьці не было Кандрата.
На дварэ — адліга, мокра. Перапісваю свае вершы. Да Новага года трэба здаць рукапіс у выдавецтва.
А дома несціханны шум, гам, званкі, званкі. Выступай! Давай інтэрв’ю! Выступаў перад школьнікамі, якія сёння засыпалі мяне рознымі пытаннямі, запіскамі.
Смерць, як дзяўчына ў абдымках,
Засаромленая, закрывае нам вочы.
(Генрык Вольняк)
Патоп слоў больш страшны, як патоп біблійны. Ад яго шуму ўсе мы сталі глухімі і перасталі чуць адзін аднаго.
28.ХІІ. Апошнія два выхадныя дні змарнаваў на пісанне навагодніх віншаванняў.
Спеўнасць з маёй паэзіі ўсё больш выветрываецца, як спірт з незакаркаванай бутлі. Званілі, каб рыхтаваўся да XXVIII з’езда партыі. А як рыхтавацца?
А зіма зусім расплылася. Відаць, пасля такой гнілой зімы шмат дзе прыйдзецца перасяваць азімыя.
Мы часта гаворым аб развіцці эканомікі, але якое гэта ў чорта развіццё, калі за яго трэба расплачвацца ў тры разы даражэй, як тое, што яно дае. Расплачвацца нам і наступным пакаленням.
I яшчэ: нас чакае аднаўленне забытай і абрабаванай спадчыны, пра якую, я ўжо калісьці пісаў, мы нат самі не маем поўнага ўяўлення.
Нейкія невясёлыя пераднавагоднія думкі не даюць мне спакою. Перафразіруючы Парфірыя Дзіяза, можна сказаць, што краіна наша далекавата ляжыць ад Бога і заблізка ад некаторых суседзяў.
Трэба пашукаць валідолу ці нітрагліцэрыны.
29.ХІІ. Недзе чытаў, што вялікі гумарыст Бернард Шоў сімпатызаваў усім дыктатарам, а Кнут Гамсун і Г. Гаўптман — Гітлеру. Відаць, творчасць любога выдатнага пісьменніка не паддаецца поўнай расшыфроўцы. Пісаў жа А. С. Пушкін Вяземскаму: «Восхищаюсь храбростью поляков (1830-31 гг.)... Все это хорошо в поэтическом отношении. Но все-тки их надобно задушить, и наша медлительность мучительна». А як тады выглядае яго дружба з А. Міцкевічам?