У кожнага мастака, паэта павінна быць граніца яго незалежнасці, за якую ён не павінен нікога пускаць. Хоць для самога яго ніякіх абмежаванняў быць не павінна.

30.XII. Е. Плесняровіч просіць «Полымя» з апошняй падборкай маіх вершаў. Прыслаў мне часопіс «Профілі». Каторы раз пераконваюся, што да ўсяго трэба даходзіць самім, асабліва — у мастацтве, у літаратуры. Мо таму паэзія наша становіцца эклектычнай, губляе сваю непаўторную нацыянальную самабытнасць.

Відаць, ніколі не варта аддаваць у друк усё, што напісаў, бо ў такіх выпадках доўга мяне не пакідае нейкае дзіўнае пачуццё апустошанасці. Не пакідае аж да з’яўлення новых вершаў.

31.XІI. Набліжаецца сустрэча з Новым годам. Вецер. Золь. Адліга. Усё ніяк не магу прыступіць да сваёй паэмы пра М. Дворнікава. Пэўна, прыйдзецца скараціць час, які трачу на чытанне розных часопісаў, газет, рукапісаў, асабліва — на нудную перапіску.

Гартаю замежныя ілюстраваныя журналы, якія ўсё больш адводзяць месца рэкламе сексу. Відаць, ён хутка ахопіць і наша мастацтва, кіно, літаратуру, і на навагоднія ёлкі будзем вешаць другія цацкі. Бо як жа нам адставаць ад Еўропы? I тут не паможа ніякая цэнзура. Атразвіць можа толькі яўны абсурд, да чаго мы не раз даходзілі і ў палітыцы, і ў іншых жыццёвых справах.

Пакуль усе збяромся, мо паспею перапісаць свой чарнавы пераклад верша Абрама Суцкевера «Два каміны», які ён калісьці чытаў мне ў Маскве, калі яго Ф. Маркаў выратаваў з вільнюскага гета.


Як памяць анёла, плыве месяц да руінаў завулка

I спыняецца паміж камінамі.

Чорныя цені фантаняць, быццам кроў

Забітага каня, аж тае снег на бруку.

Чалавек вынырае над комінам,

Як дзікая качка з цёмнай вады:

«Шэйн-да-лэ!

3 коміна, з другой стараны вуліцы

Чуецца голас: — Цалке!

— Шэйндалэ, мы мусім жыць!

Так, Цалке. Як доўга — ты думаеш —

Мы тут сядзім?

— Хіба, трэці месяц. Сцюдзёна табе, Шэйдалэ…

— Сцюдзёна? Калі свеціць месяц,

Сажа здаецца лісіцай. Баюся не сцюжы, а каб

Печы не запалілі, бо іскры з долу лятуць…

— Нікога няма ў гэтым чорным завулку.

А іскры — шчаслівыя зоры.

Не, Цалке. Зоры сцюдзёныя, а не як іголкі,

Як пацалункі, ці, нават, страшней.

— Шэйдэлэ, на каго намякает?

Давай будзем шчырымі. Сам гэта бачыў.

— Як цалуюцца, не відаць. Дзе гэта бачыць мог.

— Каля магіл. Перад тым, як уцяклі і схаваліся

Мы ў камінах. Ты да некага, помню, усміхалася,

Прысягаю.

— Але, Цалке, каб зайздросціць у коміне.

Добра, скажу, гэта быў —

Чуюцца крокі цяжкія, салдацкія.

I, адначасна, у комінах знікаюць

Над чорным завулкам

Два твары.


1976


14.І. Няма адбою ад сваякоў. А тут новая бяда: Любашы тэрмінова трэба класціся на аперацыю. Усё валіцца з рук. Быў у хірурга Сямёнавай Н. В. Чакаюць прыезду прафесара Аляксандрава, бо аперацыя цяжкая. Збіраюцца накіраваць яе ў Бараўляны. Са страхам чакаю на вынікі абследавання. Праўду кажуць: бяда, як дуда: пачнеш дзьмуць — слёзы набягуць; бяда па бядзе, як па нітачцы ідзе. Гэтыя прыказкі калісьці знайшоў у запісках Дубейкаўскага, якія перахоўваліся ў віленскім музеі I. Луцкевіча.

26.І. Рана ўсталі. Праводжу Любашу да дактароў. На кансультацыі і пры аперацыі будзе Пётр Маркавіч Кузюковіч. Гэта ён і параіў, каб аперыравацца не ў лечкамісіі, а ў першай бальніцы, дзе больш вопытныя ўрачы.

Вецер. Снег. Сядзяць на балконе, нахахліўшыся, асірацелыя галубы і вераб’і, якіх заўсёды Любаша падкармлівае.

Быў на літаратурным вечары ў філармоніі. Дамоў вярталіся з Рыгорам Раманавічам. Званіў брат Федзя. Скарацілі яго пасаду лесніка. Скарацілі — казаў — за тое, што не піў з начальствам.

7.ІІ. Дзесьці чытаў, што пад канец свайго жыцця часта паэты пішуць свае найлепшыя творы. I сапраўды, я прыгадаў А. Міцкевіча, А. Твардоўскага…

Нейкая трывога не пакідае мяне. Не ведаю, адкуль яна прыйшла і што яе выклікае. Хочацца толькі паўтарыць словы Дарыя Вялікага, якія напісаў ён у сваім пелапанескім палацы: «Божа, ратуй краіну. Перад ворагамі, перад голадам, перад хлуснёй».

3 ворагамі і з голадам справіцца ўдалося. А як з хлуснёй?

Атрымаў ад Мяжэвіча некалькі цікавых здымкаў Пазнаёміўся з маім земляком, старшынёй любанскага саўгаса Я. Ф. Мірановічам. У гады вайны ён партызаніў. I, агулам, чалавек — з надзвычай цікавай біяграфіяй.

Прыйшоў з Зялёнак стары, які часта прыносіць тварог. Станіслава заўсёды пытае яго: «А ты яшчэ не памёр?» I цікава, што на вёсцы ніхто на такое пытанне не крыўдуе.

10.ІІ. Званіў Пятру Маркавічу Кузюковічу, можа, ён што знае, як са здароўем Любашы. Не магу прыйсці ў сябе. Каб можна было, тысячу раз перахварэў бы за яе. Мы ўсе абавязаны ёй сваім жыццём.

А больш за ўсіх — я. Які сцюдзёны і змрочны дзень! Не спраўдзіўся прагноз пагоды, бо мароз у два разы большы. У Маскве зноў шалее грып.

14.ІІ. I Любашу не мінуў грып. Ніяк не ўдаецца збіць тэмпературу. Перакладаю польскіх паэтаў. Пераклады гэтыя з’яўляюцца не проста перакладамі, а вельмі істотным дапаўненнем да маіх твораў. А мо — не толькі да маіх. А тут лезуць розныя карэспандэнты, каб падзяліўся сваімі планамі. Прыгадаў Г. Гурніцкага, што мудрая курыца кудахтае толькі тады, як знясе яйцо.

18.ІІ. Дома стала проста немагчыма жыць. Moладзь сварыцца. Любаша хворая. Мне трэба ехаць на з’езд партыі ў Маскву. Ад усяго гэтага зусім выбыў са строю. Праз два дні адпраўляюся ў дарогу.

22.ІІ. Нядзеля. Па-святочнаму прыбраны сцягамі, транспарантамі вуліцы і плошчы Масквы. Пазваніў Я. Хелемскаму. У «Знамени» ідзе яго аповесць «Не даязджаючы да Гранады». Трэба будзе прачытаць, бо іспанская тэма ўсё больш і больш мяне цікавіць. Абедаў у кампаніі Дзёміна і Полазава, якія ўвесь час расказвалі пра свае неверагодныя партызанскія прыгоды. Званіў Любашы. Аперацыю яе зноў адклалі на тыдзень. Хаця б усё было добра. Паслязаўтра пачынаецца з’езд партыі.

24.ІІ. У дзевяць гадзін раніцы пайшоў на рэпетыцыю. На сцэне — прэзідыум. На фоне разгорнутага сцяга — вялізная скульптура Леніна. 3 левай стараны - транспарант: «Партыя — розум, гонар і сумленне нашай эпохі». Пад лічбай «XXV» — чырвоныя кветкі.

25.ІІ. Не запісваю выступленняў, бо яны — ва ўсіх газетах. Мне здаецца, найбольш змястоўнымі былі выступленні П. М. Машэрава, сакратара ЦК Украіны, Грузіі, Ф. Кастра.

29.ІІ. Званіў у Мінск. Гаварыў з Любашай. Усе трывожымся. Хаця б удачна прайшла яе аперацыя. С. П. Кошачкін, казаў Я. Хелемскі, збіраецца пісаць пра мой зборнік «Нарачанскія сосны».

1.ІІІ. Гаварыў па тэлефоне з Любашай. Плача, бедная. Відаць, і сама губляе надзею на выздараўленне, хоць усё жыццё была такім аптымістам, які ва ўсіх нас усяляў веру. А я ў гэту цяжкую хвіліну — воддаль ад яе і нічым не магу памагчы, не магу яе падтрымаць. А тут яшчэ наездка ў Японію. Чакаю Сашу, які сёння павінен прыехаць у Маскву.

3.ІІІ. Званіў Пятру Маркавічу. Сёння Любашу аперыравалі. Аперацыя прайшла ўдачна, хоць пухліну будуць яшчэ правяраць. Хаця б не злаякасная. Нат калі ўсё будзе добра, дык толькі пад канец сакавіка яна зможа вярнуцца дамоў. Як прыгавору, чакаю вынікаў аналізу.

8.ІІІ. Заходзіў А. I. Падабед. Ён мяне падвёз i на аэрадром. Купіў у дарогу дзве буханкі чорнага хлеба, пару бутэлек гарэлкі, карэйкі… Мо прыйдзецца каго пачаставаць, ды мо i сабе прыдасца, бо камандзіровачных у нас — кот наплакаў.

9.ІІІ. Прачнуўся, калі ў шыбу ілюмінатара глядзела сонца. Пад самалётам голыя, бязлесыя горы. Голас сцюардэсы: вышыня 10 тысяч метраў, хуткасць — 950 км. Паказалася мора. Нейкія лініі, дарогі. Нарэшце - Японія. На аэрадроме сустрэлі нас супрацоўнікі пасольства і пісьменнікі Хіраяма і Ігуціван. Пасялілі нас у шматпавярховым кубічным будынку гасцініцы «Даіры», мяне — у нумары 3146. Думаў адпачыць, але прыехаў з нашага пасольства Ю. М. Левін, якому я перадаў маскоўскія гасцінцы ад А. I. Падабеда: булку духмянага барадзінскага хлеба, бутэльку наліўкі і баначку ікры. Уключыў тэлевізар. Нейкія фантастычныя, прыгодніцкія фільмы. А за акном — агні шматмільённага горада. Гудуць надземныя аўтастрады, палаюць рэкламныя надпісы і ўздымаецца ў неба нейкай несамавітай формы вежа. Цяжка ў такім пекле жыць і немагчыма заснуць. Чамусьці аж на другім канцы зямлі ў гэты час успомніў загінуўшага ў партызанах Паўла Адынца, пра якога трэба было б напісаць. Падчас з’езда партыі шукаў у «Ленінцы» пра яго нарыс Е. Путраманта, але так і не ўдалося знайсці, бо ў падшыўцы «Новых віднакрэнгаў» не аказалася таго нумара, у якім ён быў надрукаваны.

Цікава, трэба спытаць у нашых японскіх сяброў, чаму закончыў сваё жыццё Кавабата? Творчы крызіс?

Перакладчыца Л. М. Родзіна знаёміць мяне з Токіо, расшыфроўвае мне іерогліфы: «Тэатр Кабукі», «Дзяржаўны музей Буды», кафэ, пагада Хамон — багіні Літасці з дзевяццю парамі рук (XVII век)… Сустрэлі пісьменніка Кавачучу Мацашуру. Цікавіўся, як у нас развіваецца палітычна-гістарычная літаратура. Вечарам захапляліся ў тэатры Кабука (ставілі «Сесамі Марыцупа») цудоўнай ігрой артыстаў, іх касцюмамі, прычоскамі і фантастыкай дэкарацый. Збіраемся яшчэ наведаць тэатр рытуальных танцаў.

11.ІІІ. Цягніком з хуткасцю 250 км едзем у Кіота. Мінулі цэнтр Токіо. Пайшлі прыгарадныя хібаркі. За ракой Тамезава — тунэлі, тунэлі. Квадраты рысавых палёў, якія пачынаюць зелянець. Прэфектура Садзуока і славутая Фудзіяма. Дзень пагожы, і нам пашанцавала ўбачыць яе ва ўсёй красе. Сусед мой з некім сазвоньваецца па тэлефоне. Відаць, дзеляцца сваімі дарожнымі ўражаннямі, бо некалькі раз паўтарае слова Фудзіяма.

Каля Начая пачалі разносіць па вагонах піва, кофе, фрукты. У Кіота — перасадка. Нарэшце дабраліся да Нары — першай старажытнай сталіцы Японіі. Знаёмства з горадам пачалі з музея трохлікай багіні Літасці (IX в.), з пяціяруснай пагады (XI в.), з парка, запоўненага дзетварой і ручнымі аленямі, якія так і пільнуюць каля кіёскаў, каб ты ім купіў нейкіх прысмакаў. А самі, разумнікі, не бяруць, хоць усё гэта ляжыць ля самай пысы. Ля статуі Бога сямейнага шчасця ўсе дрэвы ўвешаны папяровымі стужкамі, запісаныя малітвамі. Звон VIII века з эпохі Нара, у які білі падвешанай калодай. I зараз у свята ачышчэння ад грахоў багамольцы бяруць у храме ваду…

Ігуцісан. Стомлены нашымі вандроўкамі, адразу задрамаў у вагоне. Начавалі ў Кіота, дзе безліч розных крам, сувенірных магазінаў, рэстаранчыкаў, разлічаных на турыстаў.

12.III. Каля нашай гасцініцы «Міжнародная» і шмат дзе на скрыжаваннях вуліц замест паліцэйскіх стаяць іх чучалы. Дождж. Імгла.

Былі ў храме імхоў, якіх налічваецца больш 120 відаў. У садзіку бамбукавы жолаб, які, напоўніўшыея вадой, сам перахіляецца, і з яго выліваецца вада. Усюды арыкі, мосцікі і імхі. На адным з камянёў верш паэта Кавабаты: «Калі прыходзіш у гэты храм, разумееш, што хараство гэтага храма неразлучна а нашым жыццём, і яно сведчыць аб тонкім чуцці японцаў».

Сад камянёў і велізарная лесвіца ў храм, у які з 13 год водзяць дзяцей, каб яны паразумнелі. Тут любяць японцы пасядзець, падумаць, паслухаць, аб чым гавораць камяні. Ходзім разуўшыся па забаранаваных дарожках. У хмарах патанае гара Арасіяма. Ля прычала калышацца самотная лодка, каля Залатой пагады ціха звініць крынічка. Над Паляўнічымі штучнымі астраўкамі і затокамі высіцца гара Хлезан, апетая многімі японскімі паэтамі. Ля падножжа яе рэстаран «Асака». Прыйшоў дзетсадаўскі аўтобус. Група гідаў. Цвітуць персікі. Побач квартал ганчароў. Яшчэ адна пагада. Клеміндзу — чыстая вада.

13.ІІІ. Зноў бяссонная ноч. Здаецца, больш выразна пачынае ў мяне вырысоўвацца сюжэт паэмы пра М. Дворнікава: пераход майго героя праз польска-чэхаславацкую граніцу, сцэна ў гуральскай хаце… Аднаго яшчэ не магу вырашыць: чаму ён, будучы хворы, не згадзіўся, каб яго пераправілі ў Савецкі Саюз, дамоў. Няўжо ён баяўся — аб чым аднойчы прагаварыўся Паўлік, — што і яго можа сустрэць такі ж трагічны лёс, які выпаў на долю многіх яго сяброў?

Раніцой накіраваліся ў Хірасіму. На вуліцы чамусьці шмат людзей у масках з марлі.

Едзем праз прэфектуры Хіега, Акаяму, Асака. Бясконцае перапляценне дарог. Сотні фабрычных каміноў. Невялікія рознакалёрныя домікі, невялічкія лапіны палёў і зноў фабрыкі, пасёлкі.

Поўднем цягнік наш спыніўся ў Хірасіме. Сустрэлі нас карэспандэнт М. Патыкатаў і пісьменнік Каківа. Па дарозе ў гасцініцу спыніліся ля «Музея Міру». На помніку загінуўшых ад атамнай бомбы: «Спіце спакойна, гэта памылка больш не паўторыцца». Чыя памылка?

14.ІІІ. Пахаладала. Першы раз не каюся, што ўзяў з сабой цёплае паліто. У апусцелым вакзале і ў пераходах у метро спяць жабракі і бяздомныя. Нейкі нудны магільнік, далей — горы, пакрытыя лесам, пабялелыя ад ранняга прымаразку.

Зусім не арыентуюся ў курсе ены. У рэстаране гасцініцы «Хірасіма» за чай і марожанае заплацілі 1000 ен. Агулам, рэстараны тут дарагія. Добра, што захапілі з сабой у дарогу крыху прадуктаў, якія ратуюць нас ад банкруцтва.

У Асацыяцыі японскіх пісьменнікаў сустрэліся з прадстаўнікамі прэсы. Такая ж сустрэча чакае нас і ў Токіо, куды сёння вярнуліся экспрэсам «Рэха».

У гасцініцы наведаў нас адзін з вядомых японскіх пісьменнікаў Гамікава, аўтар шматтомнай эпапеі «Вайна і чалавек». Былі ў яго дома, які стаіць у зацішным такійскім завулку. У пакоях — шмат кветак. Пачаставаў ён нас чаем, пірожным і свежымі клубніцамі. Свой рабочы кабінет, да столі завалены кнігамі, забараніў прыбіраць, аж пакуль не закончыць сваю эпапею. Ён, аказваецца, быў і ў нас на апошнім з’ездзе пісьменнікаў СССР. Надзвычай цікавы субяседнік.

Сёння — нядзеля. Усе магазіны закрыты. Апусцелі нат вуліцы самых шматлюдных раёнаў; парламент, гарадскі парк і заўсёды перапоўненая турыстамі наша гасцініца.

15.ІІІ. Пазнаёміўся са старшынёй Асацыяцыі японскіх пісьменнікаў Амамотам, Абай Мінакай, Хіраямам, Эта Дзюнам, дырэктарам Япона-савецкага цэнтра Канэкам. Апошнія гады тут амаль нічога не перакладалася з савецкай літаратуры. Вось табе і бліжэйшыя суседзі! 3 падобнай з’явай я калісьці сустрэўся і ў Фінляндыі.

Магчыма, сёння будзем на прыёме ў нашага пасла А. А. Траяноўскага.

На тэлеэкране — фантастычны гістарычны фільм і рэпартаж з Хірасімы, дзе на нейкім фэсце праходзіла спаборніцтва, хто мацней крыкне.

Сачыў на скрыжаванні вуліц, як, забраўшыся на сваю машыну, горача выступаў нейкі прамоўца. Крытыкаваў урад. Толькі ніхто яго не слухаў, і ніхто на яго не звяртаў ніякай увагі. Бясконцай ракой міма яго плыў і плыў натоўп.

Вядомы перакладчык X. Кімура, казаў, пераклаў некалькі маіх вершаў. Зараз узяўся за Салжаніцына. Даведаўшыся, што я з Беларусі, пачаў распытвацца пра М. Шагала, Суціна…

На сустрэчы ў Асацыяцыі прысутнічалі пісьменнікі: М. Обл, М. Ісіда, К. Фурцяма, Д. Івея, Хіраяма (сакратар), Ігузі (намеснік сакратара), потым пабывалі мы яшчэ на такійскім Брадвеі — Гінза.

16.ІІІ. Раніцой ездзілі ў казачную Ніку. Аж да граніцы снягоў горы накрыты непралазнымі зараснікамі, лясамі. Чуецца перазвон гарачых крыніц, галасы малп, мядзведзяў, аленяў, шум хваль маляўнічага возера — Вараспара і вадаспада — Дракона Багіні Літасці. Перад ад’ездам у Токіо яшчэ паспелі пабываць і ў музеі — былой дачы імператара.

17.ІІІ. Ціхі, але такі густы дождж, што з-пад шматкалёрных парасонаў не відаць і Японіі. Паслаў паштоўку Пімену.

Цікава прайшла сустрэча ў Таварыстве Японія — СССР. Вечарам Галікаў з жонкай у імператарскім рэстаране частавалі нас кітайскай вячэрай. Гэта быў сапраўдны лукулаўскі пір: курыны бульён, у нейкай галярэце плаўнікі акулы, качка, якую тры-чатыры дні падсушвалі, а потым фаршыравалі яе рознымі спецыямі, блінцы, парасяціна, малюскі, макароны з мясам і перцам, піва, кока, чай, настояны на шыпшынавых пялёстках…

18.ІІІ. Збіраемся ў дарогу. Хутчэй дамоў! Трэба неяк непрыкметна прыехаць, каб хоць пару дзён адпачыць. Чартоўскі стаміўся. I сэрца пабальвае, і ногі ацяклі, ледзь улазяць у мае пантофлі-скараходы. Зноў па тэлевізары паказваюць нейкі фільм пра самурая, які перамагае ўсіх сваіх ворагаў. Выключыў. Трэба крыху ачухацца, бо толькі праз дзесяць гадзін познім вечарам прызямлімся ў Маскве.

Зноў пралятаем над бясконцымі сібірскімі прасторамі. Стэпы. Горы. Над нафтавымі вышкамі — безліч газавых паходняў.

Добра, што ў Маскве сустрэў А. I. Падабед. Дзякуючы яму паспеў узяць білет на мінскі цягнік і сазваніцца з Максімам.

19.ІІІ. Быў ў Любашы. Зараз чуецца лепш, хоць яшчэ трэба ў бальніцы правесці ёй хімічную тэрапію, бо аперацыю правялі ў апошні час, калі кіста награджала перарадзіцца ў ракавую пухліну.

20.ІІІ. Юбілейны вечар К. Крапівы, на якім прысутнічала ўсё кіраўніцтва рэспублікі. 3 харошым і вельмі дасціпным дакладам выступіў А. Макаёнак. Вёў П. Броўка. Шмат было гасцей з Масквы, Ленінграда, Украіны, Літвы. Толькі, чамусьці, не бачыў I. Мележа, А. Куляшова. Думаю развітацца са сваёй работай у СП, бо і здароўе, і дамашнія справы, і творчыя планы патрабуюць большай увагі і больш часу. Ды я зараз з’яўляюся самым старым старшынёй СП, які калі ў нас быў на гэтай пасадзе.

Памёр У. Дубоўка. У яго быў пералом бядра. Аперыравалі, але сэрца не вытрымала. Так і не стала паэта, які ў нармальных умовах быў бы пасля Купалы, Коласа, Багдановіча адным з самых нашых выдатных і культурных паэтаў.

29.ІІІ. Нарэшце Любаша дома. Здаецца, і хмарны дзень пасвятлеў. А то без яе мы ўсе як пчолы без маткі. Званілі мне, што на тэлебачанні была перадача пра мой зборнік «Нарачанскія сосны», у якой прымалі ўдзел С. Кошачкін, Д. Кугульцінаў, С. Сартакоў.

Мы людзі, якія мелі айчыну, але доўга нам забаранялі яе вымавіць імя; мелі мову, але саромеліся назваць — сваёй, мелі гісторыю, але баяліся прызнацца, што яна — наша.

Часта адно і тое ж мы ацэньваем па-рознаму. Тое, што ў аднаго народа лічыцца заганай, у другога — можа быць станоўчым.

Недзе згубіліся ў гімалаях непрачытаных часопісаў, газет пісьмы, чарнавікі незакончаных вершаў, і зараз не магу іх адшукаць. Думаю над сюжэтам сваёй паэмы пра М. Дворнікава. Недзе чытаў, як Акіра Курасава пісаў сцэнарый «Замаскіраваная крэпасць». Кожны дзень ён прыдумваў бязвыхадную сітуацыю для сваіх герояў. Заданнем трох яго памочнікаў было — знайсці нейкі выхад.

3.IV. Званіла з Мядзела А. Бажанава. Знялі ў іх з работы першага сакратара райкома С. I. Роўду. Трэба будзе пацікавіцца ўсёй гэтай справай, бо, казала, людзі вельмі шкадуюць, што так здарылася.

Заўтра зноў еду у Маскву. Набліжаюцца cecія Камітэта па Ленінскіх і Дзяржауных прэміях, VII наш з’езд пісьменнікаў, дэкада ўкраінскай літаратуры і мастацтва, з’езд СП СССР, Дні польскай літаратуры. I нікому не прыйдзе ў галаву: братцы, што ж та робіцца? Усё гэта зусім выбіла мяне з рабочага настрою. Ды, відаць, не толькі мяне.

10.IV. На Камітэце па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях у сувязі з тым, што зборнік мой, які перавыдаецца і дапаўняецца новымі творамі, вырашылі абмеркаванне яго перанесці на наступныя пленумы.

Пісьмо ад Е. Плесняровіча, які хоча на 7-10 дзён прыехаць у Мінск, узгадніць са мной свае пераклады.

Званілі з нейкай установы, каб выступіў і падзяліўся сваімі ўражаннямі аб Японіі. Я тут прыгадаў прыведзенае К. Вежынскім выказванне прафесара Рэйсгаўэра: «Калі пасля дваццацігадовага побыту ў Японіі перастанеце нешта разумець, можаце быць упэўненымі, што вы на правільнай дарозе да пазнання гэтай краіны». А я і дваццаці дзён не быў. Што я магу сказаць пра Японію, дзе «ўсход — ёсць усход»? Добра, калі ўдасца напісаць пару вершаў.

17.IV. Быў у Каралішчавічах на суботніку. Вечарам засеў за свой даклад на з’ездзе пісьменнікаў.

Шукаю, каб набыць «Біблію», «Каран» і «Талмуд» — гэтыя зборнікі мудрых старажытных легенд і паданняў.

22.IV. Званіў у Жэшуў Е. Плесняровічу. Казаў, што яму ўдалося знайсці даваенныя часопісы («Камэна», «Сігналы»), дзе друкаваліся пераклады маіх вершаў, якія ён хоча ўключыць у мой аднатомнік.

Збіраўся на Нарач і ў Пількаўшчыну, але неспадзявана пахаладала і выпаў снег. Прыйшлося адкласці сваю паездку на пазней, хоць адклад не ідзе ў лад. Можна пазайздросціць Хэмінгуэю, які лічыў, што для яго, пісьменніка, існуюць тры рэчы, вартыя ўвагі: пісанне, піццё і любоў. Што ён сказаў бы, каб пабыў у нашай скуры.

А гэта яшчэ адзін кур’ёз: Т. Ман у Сарбоне зблытаў нейкага акадэміка з Р. Раланам і выказаў яму сваю ўдзячнасць за гонар, які яго сустрэў са стараны старого аўтара «Жана Крыстофа», які ўжо тады ляжаў на магільніку.

24.IV. Я. Ф. Мірановіч прыслаў з Любані два самазвалы торфу на мой пясчаны нарачанскі агарод. Не ведаю, як яму і аддзячыць, а галоўнае — ад каго ён даведаўся, што без гэтага «золата» не падняць мне сваю дачную гаспадарку.

27.IV. Учора ездзілі з I. Шамякіным да I. М. Трацяка на перагаворы аб перадачы для нашай пісьменніцкай паліклінікі невялічкага доміка, у якім зараз знаходзіцца дзіцячы садзік, у замен на значна большую плошчу, выдзеленую нам гарсаветам. Сам I. М. Трацяк, здаецца, едзе на Далёкі Усход, на пасаду камандуючага ваеннай акругі.

29.IV. Усе дні забіты рознымі дробнымі справамі. Сёння А. Т. Кузьмін зазначыў, што часопісы нашы друкуюць шмат слабых твораў. Прыгадаў і верш А. Вярцінскага «Дрэсіроўка». Відаць, нехта з нашых пільных «добразычліўцаў» падсунуў яму гэты «заганны і небяспечны» верш.

10.V. Хадзіў сустракаць гасцей, якія прыехалі на наш з’езд СП.

Сёння пераканаўся, што сябры могуць усё дараваць, толькі не ўдачу. С. Міхалкоў хоча паехаць у Вільнюс. Можа, пасля з’езда паеду і я, пакажу яму і нашы нарачанскія аколіцы, ды і сам яшчэ раз наведаю незабыўны горад свайго бурнага і хмурнага юнацтва.

12.V. Званіў А. Т. Кузьмін: Пётр Міронавіч запрашае групу пісьменнікаў заўтра верталётам ляцець з ім, з Ц. Я. Кісялёвым на Палессе.

Калісьці любіў выступаць, чытаць свае вершы. Зараз толькі засталася любоў да самога творчага працэсу. Я заўсёды блукаў паміж лірыкай і эпікай. Мо таму ў мяне шмат няўдач. Баюся, каб не ўпасці ў смяротную хваробу паэзіі — у ўяўную прыгажосць. У сапраўднай музы — мазольныя рукі.

16.V. Велізарнае ўражанне засталося ад палёту на верталёце па маршруту: Мінск — Капацэвічы - Moзыр — Лунінец — Пружаны — Мінск. Відаць, доўга будуць стаяць у вачах незабыўныя краявіды, якія бачылі падчас свайго крылатага падарожжа.

Нешта часта пачала падводзіць мяне інтуіцыя, а без яе ў мастацтве нельга абысціся, і нельга яе нічым замяніць.

18.V. Гэтымі днямі збіраюцца разбурыць наш стары будынак СП — дом, які належаў славутаму роду Ваньковічаў і з якім звязана цэлая гісторыя гісторыя, багатая падзеямі і цікавая. Не памаглі гэтаму перашкодзіць ніякія нашы ўгаворы і перагаворы з начальствам.

Нехта напісаў у ЦК ананімку на Толю Грачанікава, што бачылі яго п’яным. Вывелі яго са склада сакратарыята СП. А шкада. Чалавек ён сумленны і пісьменнік здольны.

Непакояць непаладкі ў калектыве рэдакцыі «Полымя». Р. Шкраба хоча пакінуць сваю работу, бо ніяк не можа ўжыцца з новым рэдактарам. А гэта лічу вялікай стратай для часопіса, у якім ён шмат год выдатна вёў свой аддзел крытыкі. I другія супрацоўнікі збіраюцца пакінуць сваю работу. Шкада, што развальваецца такі харошы калектыў, які дагэтуль выдатна і зладжана працаваў.

3.VI. Дома — сапраўднае пекла. Хваробы, хваробы. Пазаўчора Любаша так пакаўзнулася ў калідоры і ўдарылася, што ўсю ноч не магла заснуць. Як на тое, і зубы разбалеліся, і чамусьці пачалі апухаць ногі. Захварэў і Сярожка. Ды і я ледзь трымаюся на нагах.

Некаторыя лічаць, што кожны мастак — чалавек ненармальны. Ну, гэта яўная гіпербала. Другая справа, што бываюць вар’ятамі. Але такіх знойдзем не толькі сярод мастакоў.

На календары — Дзень меліяратара. I які чорт душагубам прыроды падарыў гэты дзень!

Часта крытыкі ратуюць за чысціню жанраў, анталагічных прапорцый, гладкасці. Даруй ім, Божа, што не знаюць, чаго трэба патрабаваць ад паэзіі. Можна толькі параіць ім, каб яшчэ раз пераэкзаменаваліся ў класікаў. Прызнаваўся ж Хэмінгуэй: «Я інтэнсіўна трэніраваўся і перамог Мапасана. Два разы зрэмісаваў са Стэндалем, але ніхто мяне не ўгаворыць, каб выйшаў на рынг супроць Талстога».

7.VI. Памёр Міхась Машара. Апошнія гады ён падаўся ў прозу і напісаў некалькі цікавых аўтабіяграфічных раманаў, у якіх яму ўдалося намаляваць шмат рэалістычных партрэтаў сваіх сучаснікаў і перадаць атмасферу таго ладу, які панаваў у былой Заходняй Беларусі. Не спрыяла развіццю яго таленту пэўная ізаляцыя ад рэвалюцыйнага руху, хоць у часы «Грамады» ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі і працы яе гурткоў.

Праўда, уз’яднанне Беларусі ўнесла істотныя змены і ў яго жыццё і творчасць. Немалую ролю ў гэтым адыграла тое, што ён абагнаў усіх паэтаў былой Заходняй Беларусі і першы напісаў верш, прысвечаны правадыру народаў, што было заўважана кіраўнікамі ўсіх рангаў і зроблены адпаведныя вывады.

17.VI. «Дружба народов» дала падборку маіх вершаў, перакладзеных Якавам Хелемскім. Поўнач. Шуміць дождж. 3 Нарачы званіла Любаша. Голас нейкі ўсхваляваны. Можа, нешта там здарылася.

Званілі з замежнай камісіі СП СССР. У чэрвені лячу ў Францыю. У брыгадзе пяць чалавек: Л. А. Цераканаў, Т. У. Балашова, Е. I. Каліна, У. I. Баршчукоў і я. Пазнаёміўся з I. Шасталавым, надзвычай цікавым чалавекам і празаікам.

27.VI. Пралятаем над Галандыяй, зацягнутай парванымі аблокамі. Парыж. Невялічкая гасцініца «Святога Дамініка». Пасяліўся ў нумары з вокнамі, якія глядзяць у неба. Стол. Два крэслы. Ложак. Страшэнная духата і такая гарачыня, што аж з дрэў спадала лістота. Толькі платаны яшчэ трымаюцца, зелянеюць.

30.VI. Тэмпература афрыканская — 40. П'ем кока-колу і розныя сокі. Былі на прыёме ў пасла С. В. Чырваненкі. Запрапанаваў нам прадоўжыць тэрмін нашай камандзіроўкі, каб пабываць у Брэтані, у савецкай дзіцячай калоніі, і быў здзіўлены, што мы стрымана аднесліся да яго прапановы, бо трэба было б яшчэ сазваньвацца з Масквой з змежнац камісіяй, а самае галоўнае — хутчэй хацелася вырвацца з гэтага распаленага парыжскага пекла.

Былі ў Бернара Клевена. Сустрэў нас гаспадар у трусах, босы. Жонка прасавала яго штаны. Я падумаў, каб нехта з Францыі прыехаў да нас, які быў бы гармідар! Пагаварылі аб нашых кантактах, перакладах, выпілі пару бутэлек кока. «Пра вайну ў пішуць шмат. I пра нацызм. Пішуць з суб'ектыўных пазіцый, — зазначыў Б. Клевен. — I гэта мяне непакоіць. Мной тут пагарджаюць за тое, што пішу зразумела. Пішу для кансьержак. Мне не могуць дараваць, што кнігі мае папулярныя ў народзе. Зараз іх тыраж перавысіў за тры мільёны. Новы мой раман будзе называцца “Час ваўкоў”».

Была яшчэ адна цікавая сустрэча з Б. Клевенам у Таварыстве Францыя — СССР. Не зважаючы на стому i гарачыню, мы яшчэ заглянулі і ў таварыства Ганкураў.

Вярнуліся ў гасцініцу з ахапкам газет, часопісаў: «Эроп», «Марсельеза», «Анкр віў»… Заглянулі і ў кнігарню «Глоб», да маляўнічых антыкварных кіёскаў, што абаснаваліся на беразе Сены.

1.VII. Сёння пабывалі і ў вядомым выдавецтве Галімара. Мадам Брон, П’ер Гамара, Дабжынскі і Ружа Шаматон пазнаёмілі нас з нумарамі часопіса «Эроп», прысвечанымі літаратурам балгарскай, армянскай... Шкада, што няма тут людзей, якія б па-сапраўднаму цікавіліся нашай беларускай літаратурай. 3 гадамі мы ўсё больш губляем сваіх сяброў-перакладчыкаў нават у сябе дома. Сумная карціна, калі сяброўскія кантакты перараджаюцца ў бюракратычныя.

2.VII. Была цікавая бяседа з Івам Казо — адным з кіраўнікоў Таварыства літаратараў Францыі. Хлебнікаў, Гумілёў, Пралеткульт, акмеісты… Клод Жалніер з «Нувель крытык». Трэба сказаць, што нашы нацыянальныя літаратуры сюды яшчэ не знайшлі сваёй дарогі. I сумняваюся, што яны яе знойдуць.

А гарачыня не спадае. Нат ноччу тэрмометр паказвае 36. Бруднай Сенай плыве дохлая рыба.

Званіў Анішчык — наш прадстаўнік у ЮНЕСКА. Трэба будзе з ім сустрэцца.

4.VII. Ездзіў на вілу Іва Казо, дзе правялі амаль цэлы дзень. Заўтра збіраемся ехаць у Марсель. I яшчэ чакае нас сустрэча з французскімі пісьменнікамі, перакладчыкамі, членамі аддзялення «Францыя — СССР».

6.VІІ. Монтэ-Карла. Сустрэча з супрацоўнікамі рэдакцыі газеты «Марсельеза». Сустрэча зацягнулася, мы ледзь паспелі ў Каны да М. Шагала, вілу якога мы ледзь адшукалі ў ціхім завулку, заглыбленую У лясной засені.

Даведаўшыся, што я з Беларусі, гаспадар забыў пра ўсіх нашых членаў дэлегацыі і консула, які нас суправаджаў, і пачаў распытваць пра свой незабыўны Віцебск: што ацалела ў ім пасля вайны? Як падабаецца мне яго жывапіс? Хто застаўся з яго былых знаёмых, сяброў, вучняў? На развітанне падарыў мне каталог з нейкай сваёй выстаўкі і раіў усім нам паглядзець на роспіс заслоны ў Гранд-Опера.

9.VII. Сёння ноччу абакралі Е. I. Каліну. Добра, што хоць засталіся білеты на самалёт. Заўтра вяртаемся ў Маскву.

22 VII. Еду на семінар, арганізаваны ЦК. Лунінец, Пінск, Кобрын, Брэст, Бяроза, Івацэвічы, Баранавічы…

Чартоўскі стаміўся. Каторы месяц не браўся за свае вершы. Відаць, і пісаць іх развучыўся.

Вуліцу запрудзіла вялікая група турыстаў. Слушна гаварыў мексіканскі прэзідэнт Г. Дзіаз, што турызм усё больш становіцца вялікай індустрыяй, прамысловасцю без каміноў.

Цікавая гісторыя, якая здарылася з В. Т. Парфір’евым («Юность» № 6, 1969 г.). Яго збіраліся судзіць за дэзінфармацыю і фантастычныя ідэі, і раптам за два дні да суда на сярэднеазіяцкай плошчы разведкі, як ён і прадказваў, ударыў фантан нафты.

Так і не дачытаў звар’яцелага С. Бекета, якім шмат хто ў нас захапляецца.

Цікавая звестка пра Струга: ён, аказваецца, быў магістрам польскага масонскага найвышэйшага Завета, старшынёй Лігі абароны правоў чалавека, членам цэнтральнага камітэта МОПРа. Чуў, што і некаторыя старэйшыя нашы дзеячы звязаны з масонаш.

Быў у П. М. Машэрава. Прасіў яго вырашыць кватэрную справу, бо дом, у якім жыву, ідзе пад капітальны рамонт, а гэта значыць, што цэлы год будзе ў мяне змарнаваны.

Трэба б напісаць успаміны пра М. Ц. Лынькоў i верш пра Э. Шыманскага, у якога ў гады вайны хаваўся наш радыст. Іх выдалі фашыстам здраднікі — настаўнік, солтыс і ксёндз. Няўжо ніхто з польскіх пісьменнікаў не зоймецца гэтай трагічнай гісторыяй толькі таму, што Э. Шыманскі быў звязаны з рэвалюцыйным падполлем, а настаўнік, солтыс і ксёндз — з панам Богам.

1.VІІІ. Нарач. Любаша казала, што заходзіў П. Сергіевіч. Расказваў, як змарнавалі і расцягнулі бібліятэку кс. Адама Станкевіча. Няўжо яе не закупіла наша АН? Шкада. Такога другога кнігазбору беларусістыкі не было ва ўсёй Заходняй Беларусі.

Не зважаючы на ўсе нашы веды, шмат чаго ў сваім жыцці мы не змаглі прадбачыць, быццам яно развівалася па іншых законах, а не па тых, якія мы вывучалі, якімі кіраваліся.

2.VIII. Былі з Любашай у кіно. Пайшоў дождж. Позна дамоў вярнуліся нашы рыбакі, бо адказаў матор і аж ад Чараўкоў ішлі на вёслах.

Як даўно ўжо не браўся за вершы! Можна сказаць, што сам сябе выкрасліў з літаратуры.

На стале — некалькі анкет, на якія, хіба, не буду адказваць. У нас шмат развялося розных даследчыкаў, якія змушаюць пісьменнікаў пісаць каментарыі да сваіх твораў, а потым выдаюць за самастойныя адкрыцці.

У пількаўскім хаатычным кнігазборышчы адкапаў О’Гара, які ў кнізе «Сустрэча ў Самары» даў зусім другі вобраз Амерыкі, непадобны да сінклераўскага.

Пахаладала. Дождж і дождж. Купілі чарніц, малік.

У «Жыцю літэрацкім» — надзвычай цікавы нарыс пра Ф. Дзяржынскага і яго сям’ю. У аўтамабільнай аварыі загінуў А. Сланімскі — выдатны паэт, сатырык і публіцыст, які пакінуў глыбокі след у інтэлектуальным жыцці не аднаго пакалення польскіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры. Ён не быў супроць нас, але не быў і з намі. Стаяў на сваёй пазіцыі і абстрэльваў усіх, хто яму не падабаўся, і ўсё, што яму не падабалася.

4.VIII. Ездзіў у нядзелю на кансультацыю да доктара У. Я. Баслыка.

Дзень і ноч звіняць над Нараччу гітары, грымяць транзістары. Вось і зараз пайшла грамада турыстаў, узброеная рознымі гукавывяргаючымі інструментамі, апаратамі. Зараз тут не чуваць і галасоў птушак. Наведаў Аркадзя. I ён дрэнна сябе адчувае.

Чытаю творы прадстаўнікоў «канкрэтнай» паэзіі, «візуальнага ўкладу слоў», узалежненай ад графічнага ўкладу, і, прызнацца, не бачу ніякіх новых адкрыццяў.

6.VIII. Прыехала Нэла Шчасная пісаць мой партрэт. Да гэтага часу ні Сергіевічу, ні Паўлоўскаму, ні Герусу, ні Сеўруку не ўдалося дабіцца нават нейкага вонкавага падабенства. Відаць, звычайныя рысы твару пісаць цяжэй за ўсё.

Сёння зайшла гутарка аб славе. Я рад, што даўно вылечыўся ад гэтай хваробы, якая многім нашым пісьменнікам атручвае жыццё.

Вечарам вярнуліся нашы рыбакі. Прывезлі пару шчупакоу. А я зусім выбіўся з рабочага настрою. Ды як тут пісаць, калі дача поўна гасцей. I хоць ужо ноч, але ля студні чуваць галасы жанчын і смех дзяцей, а на вуліцы — песні і галёканні п’яных. Вось і мінула нядзеля.

9.VIII. Прыехалі з «Зубронка». Просяць выступіць перад дзяцьмі.

Пазванілі з СП: памёр I. П. Мележ. Якая цяжкая звестка. Яна ўсіх нас аглушыла. Даўно мы зналі, што ён — хворы. Але не верылі і не хацелася верыць у трагічны вынік яго хваробы. Апошні раз мы бачыліся перад маім ад’ездам на Нарач. Расказваў я яму пра семінар на Брэстчыне, пра сваю паездку ў Францыю.

Цэлы дзень адчуваю сцюдзёны подых гэтай смерці. Званіў на аэрадром. Заказаў білет у Мінск.

10.VIII. Трэба збірацца ў дарогу. Вечар. Вецер. Beцер! Хаця б не адмянілі рэйс. Заўтра пахаванне I. П. Meлежа. 3 Масквы павінны прыехаць С. Сартакоў і К. Шэвелева.


13.VIII. Вось ужо сусед за сцяной

Выключыў радыё.

Прайшоў апошні трамвай.

Перастаў шаптацца аб нечым

3 дрэвамі дождж.

Толькі пераміргваюцца

3 ліхтарамі светафоры.

А я ўсё не магу заснуць,

Бо ўсе птушкі сноў маіх

Да цябе адляцелі.


Работа ў СП часамі нагадвае вядомую гісторыю пагоншчыка і ішака. Як пагоншчык ні стараўся — і вёў ішака, і ехаў на ім, і нёс яго — і ўсё роўна з яго смяяліся: «Глядзіце, які дурань!»

Мне здаецца, што ёсць такая тэндэнцыя вывесці літаратурную мову з падначалення зместу, калі яна перастае быць сродкам паразумення паміж людзьмі.

Асабліва гэта я адчуў у Францыі, дзе ў кожнай «заумі» любяць шукаць нешта надзвычайнае. Відаць, наш падыход да гэтых спраў ім выдаўся архаічным. Бог з імі. Я не лічыў патрэбным прыкідвацца, што paзумею такую адарваную ад жыцця паэзію. I не ўпэўнены, што і яны яе разумеюць.

Вечарам заглянулі да нас А. Бажанава і Роўда. Добра, што была бутэлька «Цынандалі».

3 афарызмаў К. Краўза: «Д’ябал з’яўляецца аптымістам, калі думае, што можа зрабіць людзей яшчэ горшымі». Добрыя думкі з’яўляюцца бескарыснымі. Самае важнае ведаць: да каго яны належаць.

17.VIII. 3 Пількаўшчыны прывёз некалькі цудоўных булгакаўскіх фатаграфій. У 1944 г. згарэла яго майстэрня і загінула дзесяць тысяч здымкаў. Відаць, у Вільнюсе ён недзе жыў у раёне старога горада, які найбольш быў знішчаны фашыстамі падчас памятнай бамбардзіроўкі, калі і я, лежачы ў акопе на былой Буковай вуліцы, думаў, што ўсё вогненнае неба рушыцца на мяне.

Прыйшлі са сваімі справамі мае аднасяльчане. Цікава, што людзі, якія перажылі гора, не любяць аб ім чытаць, як людзі, перажыўшыя вайну, вяртацца да яе жахаў.

Пачаў пісаць свае ўспаміны пра Міхася Лынькова. Са дна памяці ўсплываюць усё новыя і новыя забытыя падзеі і супольныя прыгоды.

У нас — як на дзіва — можна праслыць пісьменнікам, пішучы пра ўсім вядомыя рэчы, і быць слаўным — нічога не адкрыўшы. Як нам не хапае добрых сатырыкаў і крытыкаў! А калі б і былі, то дзе яны маглі б друкаваць свае ерэтычныя выказванні, творы?

Цішыня. Дрэвы стаяць, асыпаныя буйнымі плямі расы. Туман. Максім — казаў — пайшоў купацца і ледзь знайшоў свой бераг.

Чытаю нудныя фрагменты дзённікаў Б. Брэхта. Мо так няўдачна падабраны?

18.VIII. Часта прыходзіцца чуць аб смерці паэзіі, аб яе крызісе. Я думаю, што гэта беспадстаўныя чуткі, якія ў свой час былі моднымі і па адрасу прозы — аповесці, рамана. Гэта нат абмяркоўвалася і ў нас на міжнародным ленінградскім сімпозіуме.

Сваімі вершамі лічу толькі тыя, якія яшчэ нашу ў сабе. Чытаю затручанага «палярнымі бацыламі» Цэнткевіча і трызненне польскіх футурыстаў: «Аб’яўляем за С. Бжазоўскім распродаж стар’я. Прадаюцца за паўцаны старыя традыцыі, прывычкі, маляванкі, фетышы. Будзем вывозіць на тачках з плошчаў, сквераў і вуліц Міцкевічаў і Славацкіх, ачышчаць пастаменты, пляцы, рыхтаваць месца для тых, што ідуць».

21.VІII. Пішу сваю паэму пра Дворнікава. Мне здаецца, аб зменах у мастацтве, эстэтыцы не так гавораць метрыкі, як новыя ідэі, формы, мова і ўсе іншыя выяўленчыя сродкі.

Не люблю слухаць аб тым, як той ці іншы пісьменнік пісаў свае творы. Не ведаю, каго гэта можа цікавіць.

Сустрэў на беразе Нарачы N. Быў калісьці простым, сардэчным чалавекам. Няўжо яго захапіў дэмаралізуючы ўплыў улады? Гаварыў з Софіяй Захараўнай. Ад некага яна чула, што захаваліся дзённікі] П. Глебкі, у якіх ён у непрыглядным відзе малюе сваіх знаёмых пісьменнікаў. Ды гэта і не дзіва: за ўсе пасляваенныя гады самому яму нічога не ўдалось стварыць. I, відаць, гэты крызісны настрой адлюстраваўся і на старонках дзённікаў, як і ў яго шматлікіх апошніх выступленнях.

Аказваецца, аўтарам лозунга «Мір хатам, вайна палацам» быў Глор Бюхнер, які памёр у 1837 г.

Божа, якія стракатыя мае запісы! На славацкай мове выйшаў зборнік маіх вершаў «Глыток вады», перакладчык і аўтар прадмовы Юрый Андрычак.

Заходзіў А. Куляшоў. Заўтра едзем з ім у Мядзел афармляць дакументы на нашы дачы.

Апошнія камандзіроўкі падкасілі маё здароўе. Відаць, трэба было, як кенігсбергскаму філосафу, не бадзяцца так па свеце, а сядзець, як ён, усё жыццё дома.

27.VIII. Гаварыў па тэлефоне з Б. Сачанкам. Трэба вяртацца ў Мінск — хутка пленум ЦК. Прыязджаюць балгарскія пісьменнікі.

Калісьці мяне цікавіла біяграфія Рэмбо, яго перараджэнне з паэта ў гандляра, але сёння гэта тэма адышла, як і многія іншыя. 3 Купы даносіцца музыка. Здаецца, там іграюць вяселле. Сёння заезд гасцей: прыехалі Максім, Оля, следам фотакарэспандэнт, за ім А. Бажанава, за ёй — знаёмыя з турысцкай базы і нейкі далёкі сваяк з Круцяў. Скардзіўся, што яго абышлі ўзнагародамі, хоць ён быў і партызанам і брыгадзірам у калгасе. Я прыгадаў С. Керкагарда, які гаварыў: «Ёсць людзі, якім ордэны прыносяць славу, і людзі, якія прыносяць славу ордэнам».

Ізноў узяўся за фальклор, які ўратаваў ад забыцця і нашу мову і мінуўшчыну, а яны — нашу будучыню.

Ездзілі ў Свір. Хацеў купіць для Максіма БСЭ, але не было першага тома. Трэба сказаць, што выданне БСЭ — сапраўдны подзвіг П. Броўкі і ўсяго яго калектыву. Цяжка пераацаніць яе значэнне для нашай культуры, хоць многія яе артыкулы ўжо сёння патрабуюць пераацэнкі і новага, больш аб’ектыўнага асвятлення падзей мінулага.

Поўнач. Недзе чуецца гул самалёта. Шум возера зліваецца з шумам сосен. На касе мігціць трапатлівы агонь. Відаць, нехта абаснаваўся там на начлег.

2.ІХ. Спрадвечная наша трагедыя. Больш дужыя суседзі вербавалі і сілай змушалі пераходзіць на іх старану інтэлігенцыю і багацейшую праслойку народа, надзяляючы іх рознымі прывілеямі, пасадамі, дабрабытам, магчымасцямі выхаду іх у шырокі свет. Цікава, што ў народнай творчасці гэта не знайшло такога шырокага адлюстравання, як праблемы сацыяльныя.

У сястры Ф. Каравацкага купілі кошык баравікоў, а ў рыбгасе — рыбы. Будзе чым пачаставаць дзяцей. Заходзіў нейкі вершаплёт. Спасылаўся на вядомага артыста, які, быццам, сказаў, што ён — выдатны паэт, на што я адказаў яму: пасля такой ацэнкі ён не мае патрэбы — у маёй.

У аднаго заворначаўскага варажбіта — кажуць — захавалася бібліятэка магічных кніг і соннікаў, пачынаючы ад Мінецкага і каралевы Сабы, да апошніх — польскіх, рускіх, нямецкіх, і старажытныя кнігі са збораў мядзельскага мулы, да якога мы некая з бацькам вазілі дубільную яловую кару і аўчыны. Трэба будзе пад’ехаць да нашых бадзенеўскіх i мікасіцкіх родзічаў маёй бабкі — калі хто яшчэ жывы — і распытацца.

Да паўдня блукаў па нарачанскіх сасонніках. Як засмяцілі гэты лес! Відаць, праўда, што «чалавек з'яўляецца адзіным са звяроў, які напаўняе глыбокім сапраўдным непакоем» (Б. Шоў).

Прачытаў знойдзеныя ў Пількаўшчыне артыкулы тэарэтыка польскага фашызму Дмоўскага, які не прызнаваў украінцаў і беларусаў, ненавідзеў яўрэяў. Адразу на мяне дыхнула мяртвячынай 30-х гадоў. Артыкулы падкрэсленыя, з заўвагамі «Паўліка» ці «Герасіма», якія збіраліся даць аўтару бой на старонквх «Нашай Волі». Помню, заданнем маім было сабраць гэтыя опусы, вылавіць іх з тагачасных рэакцыйных газет. Сёння падпалю імі наша нарачанскае вогнішча, бо, здаецца, усё гэта ўжо канула ў бурныя воды Леты.

5.IX. Нядзеля. Быў прымаразак. Пара вяртацца ў Мінск. Аркадзь, чамусьці, адмовіўся, калі прасіла яго Софія Захараўна напісаць пару слоў для зборніка ўспамінаў пра М. Лынькова. Збіраецца, казаў, пісаць паэму пра Ф. Дзяржынскага. Тэма — трэба сказаць — не з лёгкіх. I ў нейкай меры — не яго. А ў такім выпадку на ўдачу не прыходзіцца спадзявацца. Нават вопытныя майстры, як 3. Бядуля (паэма «Хлопчык з Гродна»), Я. Колас («Суд у лесе», «Рыбакова хата»), М. Шолахаў («Яны змагаліся за Радзіму»), не змаглі пераступіць за гэты рубеж…

9.ІХ. Прыехалі з Балгарыі К. Колчаў, П. Незнакомаў, С. Паптонеў на «Вечар дружбы».

Амаль кожны дзень пачынаю з дэпутацкіх спраў і перапіскі. 3 пісьмаў Ю. Тувіма («Культура», 1940): «Уцячы ў вершы — адзіная мара і надзея. Але недзе пад скурай і на самым дне веру, што гітлераўская сцерва, паміма ўсяго, згіне ад расійскага салдата». Ён, аказваецца, лепш разбіраўся ў міжнароднай палітыцы і ў значэнні Савецкага Саюза, як многія прысяжныя дыпламаты.

Рыхтую падборку вершаў польскіх паэтаў, хоць вельмі цяжка нешта падабраць. Большая частка вершаў з такім герметычным зместам, што без дапамогі аўтара ніяк не дабярэшся да сэнсу.

Заглянуў у нашу газету «Спорт». Прызнацца, мне ўсё больш не падабаецца, што каля яго завіхаецца цэлая армія ўсякіх дзяльцоў, якія распальваюць нездаровы ажыятаж, шавінізм, хамства т. зв. балельшчыкаў, ад якіх трэба адгароджвацца сеткамі, вадой, дубінкамі аховы.

I так, згодна з Л. М. Талстым, у мастацтве не павінна быць аўтарытэтаў. Ён не толькі не прызнаваў Шэкспіра, але і Пушкіна, якога лічыў прыгодным толькі для таго, каб простыя людзі маглі з яго кніг круціць папіросы… Аказваецца, што і сам Бог можа быць неаб’ектыўным і памыляцца. Тут ён мае рацыю толькі ў тым, што ў мастацтве нельга нікога і нічога паўтараць.

Памёр Мао Цзэ-дун, якога калісьці бачыў у Пекіне на трыбуне.

22.ІХ. Вярнуўся з Нарачы. Прыехалі А. Стаянаў і М. Заградка.

Цікава, што ў Італіі ўсіх байструкоў завуць «дзецьмі Мадонны».

Вельмі слабая падборка вершаў П. Броўкі ў апошнім нумары «Полымя».


Іх узлёту, іх палёту

Нельга сутрымаць.


Сорам, хлопцы, сорам, хлопцы,

Крылцы ім ламаць.

(«Заспявае хор дзявочы»)


Або верш «Кнігаўка». Ну ды бог з ім!

Поўнач. Свеціць нейкая адзінокая зорка.

Думаю над вершам, прысвечаным кардыналу Данілону, які заўсёды яра выступаў супроць цэлібата, а сам у 80 год памёр у абдымках парыжскай стрыптызкі.

Трэба сустрэцца з А. Наўроцкім. Гэта надзвычай арыгінальны паэт.

У тралейбусе нейкая жанчына расказвала сваей сяброўцы пра пахаванне… Як гаравала жонка па свайму мужыку-нябожчыку, галасіла і прасіла, каб конь асцярожна вёз яе Марціна, бо ён на вайне быў цяжка пакалечаны і ўсё жыццё яму балелі косці.

19.Х. Вечарам сазваніўся са сваімі мінчанамі. Прыехалі з Варшавы ў госці Любашына сястра Зося з дзяцьмі. Уяўляю, які зараз дома гармідар. Трэба хутчэй вяртацца дамоў, каб дапамагчы Любашы. Пазычыў на пару дзён у М. Барысава Т. Канвіцкага «Каляндар з пясочным гадзіннікам».

«Беларусь, Беларусь! Чаму завешся Беларусь, калі не маеш у сабе белізны, калі белізной тваёй — рудыя асеннія іржышчы, калі белізной тваёй — губкі шэрага палатна, вызалачаныя сонцам, калі белізной тваёй — гарачы пот змардаваных людзей. Ты павінна называцца Дабрарусь, павінна называцца "Добрай зямлёй Добрых Людзей".

Не ўрэзалася ў людскую памяць, Беларусь, не адбірала іншым свабоды, не рабавала чужых зямель, не мардавала людзей за суседняй мяжой. Мела для чужынцаў пашану і гасцінную скібу хлеба са знакам крыжа, для рабаўнікоў — апошнюю карову, для няшчасных — акрываўленае сэрца і беднае нявыпешчанае сэрца да аддачы. Таму цябе мала хто помніць.

Калі ўспомню беларускае слова, калі павее вецер з паўночна-ўсходняй стараны, калі ўбачу палатняную кашулю з сумнай вышыўкай, калі пачую крык болю без скаргі, — заўсёды жывей маё сэрца заб’ецца, заўсёды аднекуль з’явіцца чулы сум, заўсёды падплыве раптоўны холад неакрэсленых дакораў сумлення, пачуццё віны і сораму.

Беларусь. Беларусь! Шэра-зялёная, з велізарным небам над галавой, задобрая, залагодная, зашляхетная ты на нашы часы».

Мой пераклад яшчэ патрабуе грунтоўнай дапрацоўкі, каб перадаць гэта хвалюючае да глыбіні душы прызнанне ў любові польскага пісьменніка да Беларусі, прызнання, якога мы не знойдзем ва ўсёй літаратуры.

26.Х. Званіла В. Памазнёва, каб даў што для «Литературной газеты». Днём у мяне — як на рынку. Толькі ноччу магу сабрацца з думкамі.

Зараз, калі падмарозіла, многія з кіраўнікоў нашых паехалі наладжваць уборку буракоў і бульбы. I ўсё гэта паўтараецца з года ў год. Такога марнатраўства ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, як у нас, не знойдзеш на цэлым свеце. Я помню, як раней было на вёсцы: пасля ўборкі мы стараліся двойчы пераараць і пабаранаваць бульбянішча, перакасіць атаву і кожную палянку ў лесе, падняць ільны, з сажалак да прымаразкаў павыцягваць вымакшыя кулі канаплі і пласконяў.

1.XI. Вярнуўся з Масквы і ўзяўся за пісанне віншавльных паштовак. Крыху пацяплела. Мо яшчэ ўдасца ўратаваць хоць нейкую частку ўраджаю.

6.ХІ. Цэлы дзень Любаша, як прыкутая, стаіць на кухні. Быў Е. Плесняровіч і Зося, Рада з мужам, госці з Пількаўшчыны… Расчараваўся я нат у некаторых старых сябрах, якія з нашай кватэры зрабілі і рэстаран і гасцініцу. Памагаю Любашы прыбіраць, мыць талеркі, чаркі. I так — дзень за днём.

«Тры рэчы чыняць чалавека прыгожым: зялёныя лугі, крынічная вада, прыгожыя жанчыны» (індыйская пагаворка).

Загад АК, у якім абасноўваецца тэорыя двух ворагаў: «Трэба пачакаць, аж перагрызуцца да таго, што толькі застануцца хвасты. Тады завяжам іх вузлом, і паўстане Польшча. Вайна на транспарце, якую вядуць камуністы, з’яўляецца злачынствам супроць польскага народа… Калі б для спраўнай работы нямецкага транспарту трэба было мазаць маслам шыны, мы павінны былі б гэта рабіць».

20.ХІ. Вярнуўся з юбілейных урачыстасцяў з Баку. Ездзілі з Піменам на радзіму Самеда Вургуна. I выступалі на розных вечарах. Назад ляцелі праз Данецк, Херсон. Званіў А. Вярцінскі: прыехалі А. Германаў і Найдэн Вылчаў.

23.ХІ. Выпаў першы снег. Сафі Ларэн лічыць: «Умею на 12 мовах сказаць “не”, жанчыне гэтага хапае». Тады колькі моў павінен ведаць мужчына?

Да поўначы прасядзелі з балгарскімі гасцямі урэстаране. М. Ткачоў расказаў забаўную гісторыю: некаторыя з сакратароў СП адмовіліся распісвацца пад зарплатай, бо не па рангу былі запісаны ў ведамасці іх прозвішчы. Я і не ведаў, што наша бухгалтэрыя мае такія клопаты з сакратарыятам.

Перачытаў А. Блока. Адкуль у аўтара «Скіфаў» такое захапленне Германіяй? «Радзіма готыкі,— піша ў пісьме з Неўгейма, — толькі Германія, краіна найбольш блізкая Pacіі, вечны ёй папрок. О, калі 6 немцы узялі Расію пад сваю апеку! Ад гэтага стала б лягчэй дыхаць і не было б больш ганебнага жыцця».

5.ХІІ. Учора былі прыём і провады ўдзельнікаў 4-й міжнароднай сустрэчы перакладчыкаў савецкай літаратуры, на якую прыехалі прадстаўнікі з Балгарыі, Румыніі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Японіі, Грэцыі, Італіі, Лівіі, Сірыі…


Над патокам цэлы дзень

Ловіць, ловіць страказа

Свой цень.

(Ціс-ні)


Прыгадалася забаўная сцэна, як нашы малышкі, аблюбаваўшы яблыню, якая расла на дрывотні ў Пількаўшчыне, часта падыходзілі да яе і прасілі: «Дай!» I яна іх частавала. Яблыкі былі спелыя, і яны пры самым лёгкім подыху ветру ападалі на зямлю. I дзеці былі ўдзячны, што яблынька іх пачула і не адмовіла ў іх просьбе.

Мне здаецца, што верш, які перакладаецца на мову прозы, нельга лічыць паэзіяй.

Іра недзе прастыла. Выклікалі «хуткую дапамогу». Забралі ў бальніцу. Плача малы Сярожка. Як дзеці адчуваюць сваю бяду. А тут і Юра недзе затрымаўся на рабоце. I ў самога пабальвае сэрца. Нейкі звон і шум у галаве, як у сапсутым гадзінніку.

На тэлеэкране — Сіманаў, Алігер, Друніна, Шчыпачоў.

Званіў Я. Брыль: захварэў Д. Кавалёў. Трэба заўтра сазваніцца з Масквой і папрасіць, каб перавезлі яго ў лепшую бальніцу.

19.XII. Ездзіў у Вілейскае лясніцтва на паляванне, якое арганізаваў В. С. Смірноў з удзелам генеральных консулаў ПНР і ГДР. Нам з Раманоўскім нічога не ўдалося ўпаляваць. Ды я рад быў, што хоць пахадзіў па лесе, падыхаў яго водарам, пасядзеў ля раскладзенага леснікамі кастра.

27.ХІІ. На шашы Брэст — Мінск загінулі ў дарожнай аварыі Ф. А. Сурганаў, Л. I. Бяда і іх шафёр. Ехалі яны ў страшэнную завею. Невядома, які стан доктара М. I. Калача, які быў з імі і зараз ляжыць увесь пакалечаны. Ну і канун Новага года!

30.ХІІ. Прывёз А. Н. Лебедзеў-Струмень сшытак сваіх графаманскіх вершаў. Такіх даўно не трымаў у руках. А аўтар працуе ў нейкай школе ў Сарнах настаўнікам. Не ведаю, чаму ён можа навучыць сваіх вучняў.

Наведаў у лечкамісіі Янку Брыля. Чуецца, казаў, лепш. Напісалі з П. Броўкам пасланне ў Маскоўскі райсавет і ў сакратарыят СП, у якім просім дапамагчы Я. Хелемскаму вырашыць яго кватэрнае пытанне.

Прыслалі польскія сябры — генеральны консул ПНР і Озга-Міхальскі — навагодні падарунак: бутэлькі мёду і спірту. Ці не напіцца пад Новы год? Званіў М. Ткачоў. Казаў, што на мае «Нарачанскія сосны» паступіў заказ на 45 тысяч экземпляраў..

31.XII. Толькі мы з Любашай засталіся дома, бо ўсе разбрыліся, пайшлі гасцяваць. Пачалі абзваньваць сяброў, знаёмых, каго не паспелі павіншаваць па пошце. А потым пачалі званіць і нам з Масквы. Кіева, Вільнюса, Рыгі…


1977


2.І. Думаў папрацаваць, але два дні хата не зачынялася ад гасцей. Трэба было б прывесці да нейкага ладу свае дарожныя нататкі. Чаго толькі не наснілася за апошнюю ноч. Знаць, «яшчэ помняць памершыя нас і ў сны прыходзяць» (М. Спрусіньскі).

Цяжка, бывае, жывецца з людзьмі геніяльнымі, але яшчэ горш — з пасрэднымі, якія лічаць сябе геніяльнымі. Стараюся ад іх трымацца воддаль, хоць мне і не заўсёды гэта ўдаецца.

7.І. Чытаю нашы т. зв. гістарычныя раманы, якія мала што маюць супольнага з тым, як было ў сапраўднасці. Слушнасць меў Генры дэ Монтгерлянд, што «нават Бог не ўмее таго, што гісторыкі: змяняць гісторыю».

Якая цяжкая галава! Калі дацягну да панядзелка, зноў пайду да дактароў. Поўнач. Е. Плесняровіч піша, што наш ВАПП нешта марудзіць з дазволам на выданне маёй кнігі. Званіў С. Атлас: нарэшце выйшлі на польскай мове мае «Лісткі календара».

16.І. Даўно ўжо не было такой зімы. Мароз замураваў усе вокны. Зноў прыехалі са сваімі клапотамі мае мядзяльшчане. Усе нашы аколіцы калісьці належалі да магната А. Гоштальда. Трэба было б некалі пацікавіцца гісторыяй сваіх родных мясцін, сваткаўскімі і гарадзішчанскімі валатоўкамі, пакуль яшчэ іх не разаралі трактарамі, старым пількаўскім магільнікам, што ля магдулінскай грэблі, пра які, помню, расказвалі розныя легенды.

17.І. Дачытаў эсэ Э. Межэлайціса. Прызнацца, не спадабаўся мне яго высакапарны стыль: «За бронзай сімвалаў», «3а граніцай слоў», «Каменныя хімеры»,

«Сувязь з рэальнасцю рассечена мячом», розныя сімфоніі, эцюды і г.д. Узяуся за Т. Галендара «Час, які мінуў». На чарзе яго ж «Людзі і помнікі» і Верцеля «Заклятыя абшары».

20.І. Сёння вынеслі навагоднюго елку, якая пачала ўжо асыпацца.

Паштоўка ад С. Малъко. Зноў збіраецца у Miнск. Трэба будзе неяк раздабыць дзённікі 3. Налкоўскай. Быў на нарадзе ў ЦК. Клапатлівую там задумалі справу — распрацоўку планаў усіх творчых арганізацый па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі.

Спартыўны каментатар перадаў вельмі важную звестку, што нападаючы каманды «Дынама» забіў гол галавой. А я, дзівак, думаў, што галава дадзена чалавеку для нечага іншага.

5.ІІ. Пісьмо ад Федзі. Піша: памерлі пчолы. Цікава, што пра смерць пчол у нас гавораць, як пра людзей: памерлі. Не помню ўжо, хто сказаў: «Смерць ёсць першая спакойная ноч».

А гэта радкі з А. Рымкевіча:


Тых, што паклалі прад ворагам зброю,

Божа, забі, а нашчадкаў з праклёнам

Знішчы, аддаўшы іх цела варонам...


Мо ў паэму пра М. Дворнікава ўвесці Л. Рэна? Ён, як вядома, выдатна правёў быў некалькі баявых aперацый супроць франкістаў.

8.ІІ. Гаварылі мы з А Клышкам пра А Наўроцкага. Чамусьці ён кінуў сваю працу ў «хуткай дапамозе». Ніхто да гэтага часу па-сапраўднаму не цікавіўся яго здароўем, жыццём і творчымі справамі. Жыве ён адасоблена, замкнута. А чалавек ён цікавы і, мне здаецца, надзвычай здольны. Таму дарма яго на адным з нашых з’ездаў крытыкавалі.

19.ІІ. Быў на 70-годдзі А. Звонака. Вечар прайшоў крыху сумнавата, але цікава. Юбіляр прачытаў нам вянок сваіх выдатных санетаў, глыбокіх па змесце і бліскучых па форме. Развучыліся радавацца поспехам іншых.

Часта, праездам на Нарач ці ў Вільнюс, бываю ў Радашковічах. Трэба некалі спыніцца і пацікавіцца: ці стаіць яшчэ каля касцёла дом Буйвіда, у якім мясцілася наша беларуская гімназія імя Ф. Скарыны. Распытаць у старажылаў, можа, яны што ведаюць пра майго былога сябра Янку Сідаркевіча, які пісаў вершы і прымаў актыўны ўдзел у камсамольскім жыцці і ў забастоўцы супроць закрыцця беларускіх школ. I дзе разбрыліся былыя настаўнікі І. I. Дука, Н. Я. Лузгін, С. В. Кароль, Н. К. Шчэнсновіч, Л. П. Ліманоўскі?

Адзін з герояў А. Кусьневіча — стары яўрэй — гаворыць: «Той, хто лічыць, што ён заўсёды мае 100% рацыю, — з’яўляецца разбойнікам».

А гэта пачутае, забаўнае наследаванне італьянскай мове:


Ім кабарэта пшы санкцыянета

Бэз тых монэто,

Грандо скандале,

Эт мордобіто!

Гэй, поліцыя!

Санта Люцыя!


Дзённік мой — як дзядоўская торба, запоўненая мімалётнымі думкамі, каляндарнымі датамі, падзеямі, пошукамі ўражанняў. Не ведаю, ці хопіць часу яго перагледзець, прывесці ўсё да нейкага ладу, а галоўнае — скараціць.

20.ІІ. Яшчэ попусту змарнаваў два дні. Найбольш непакоіць тое, што, хоць і браў пяро ў рукі, нічога новага не змог напісаць. А пісьменнік, як вядома, датуль жыве, пакуль слухае яго пяро.

На тэлеэкране — «Браты Карамазавы». Апошнія кадры: завея, завея, праз якую брыдуць асуджаныя на катаргу.

Захвальванне свайго толькі таму, што сваё, мне нагадвае застарэлую нашу хваробу, з якой я сустракаўся на пачатку літаратурнай дзейнасці, калі кожная партыя хваліла і прызнавала толькі сваіх бардаў. Кажуць, Плутарх іранізаваў над тымі людзьмі, якія сцвярджалі, што месяц над Афінамі прыгажэйшы, як над Карынфам. Але бывае і наадварот. У нас ёсць паэты, пра якіх, калі б яны былі замежнымі, пісалі б, і хвалілі б, захлёбваючыся.

22.ІІ. Н. Назараў прыслаў перакладзеныя ім на арабскую мову і надрукаваныя ў «Анба Моску» два мае вершы, а Ю. Хапалаеў — свой аднатомнік і бутэльку каньяку. Пашлю і я яму нашай «Белавежскай», якой многія знаўцы даюць высокую ацэнку.

2.III. Сёння на пленуме ЦК з цікавым і аналітычным дакладам выступаў П. М. Машэраў. У прыклад усім нам паставіў П. Броўку, які, будучы цяжка хворы, актыўна працуе і творыць. Усё гэта так. Толькі бяда, што ў творах яго шсаўт паўторнага, вядомага ўсім.

Расказвалі хлопцы, як А. Вялюгін, пасля каторай там чаркі, выдаваў сябе ў рэстаране за генерала, удзельніка баёў у Іспаніі. Ну і дзівак! А ўчора заваліўся да нас п’яны Лёня. «Пазычыў» у Любашы дзесятку і, відаць, зноў пайшоў з сябрамі піць.

Не ведаю, якому богу маліцца, каб спыніў нашы нікому не патрэбныя і ўсім надакучыўшыя нарады. Вось і зараз пасля з’езда прафсаюзаў і пленума ЦК ужо запланаваны розныя сустрэчы, вечары, дні беларускай літаратуры ў Маскве, у абласцях, выступленні, прысвечаныя 60-годдзю Кастрычніка…

Атрымаў цікавае пісьмо ад майго земляка С. В. Казлоўскага, які пасяліўся на Поўначы і вывучае жыццё эвенкаў, запісвае іх легенды, абрады. Вось як паэтычна гучаць, напрыклад, жаночыя імёны: Эдлен ці Эллек — бронзавыя ўпрыгожванні, Унтэнэ — ціхая хваля, Гевух — зара, Нёльшык — сонечная, Гарпук — прамень, Нёчык — кветка…

Быў у дактароў. 3 сэрцам — дрэнныя мае справы. А тут трэба ехаць у Чэхаславакію. Гартаю свае «Лісткі календара», перакладзеныя на польскую мову С. Атласам, і цікавую да іх прадмову і каментарыі Ф. Няўважнага. Думаю пра Я. Купалу. Калі ўявіць, што наша Зямля — велізарны арган, дык ніхто з яе не выдабыў столькі чаруючых гукаў, як ён.

21.ІІІ. Браціслава. Дзве ночы правялі ў нейкім разбоўтаным вагоне. Спыніліся ў гасцініцы «Дэвін», з акна якой адкрываецца прыгожы від на замак, на Дунай. Сёння ж адбылася сустрэча ў выдавецтве «Славацкі пісьменнік», а вечарам — у нейкім манастырскім падзямеллі гаспадары частавалі нас півам, і мы слухалі цудоўныя народныя славацкія песні. Пазнаёміўся з У. Кавальчыкам — рэдактарам майго зборніка. У заўтрашняй праграме: наведанне Таварыства чэхаславацка-савецкай дружбы, універсітэта, райкома партыі, нейкай самай высокай касцельнай вежы, з якой відаць увесь горад і нат далёкія хрыбты Карпат.

24.ІІІ. Усю ноч гудуць машыны, шуміць набярэжная Дуная. I снатворныя сродкі не памагаюць. А сёння Ф. Аліева, Г. Сямёнаў і я, здаецца, едзем У Гленавец.

29.ІІІ. Заглянулі ў Дом творчасці славацкіх пісьменнікаў. Які цудоўны закутак! На палях прачнуліся азімыя. Такой прыгожай руні я яшчэ нідзе не бачыў. I нідзе не бачыў столькі зайцоў, фазанаў. А Георгій Сямёнаў паспеў недзе і тут апахмяліцца. Бяда з гэтымі класікамі!

30.ІІІ. Неспадзявана выпаў снег. Былі ў міністра культуры М. Валека і на імянінах — у В. Мігаліка, дзе пазнаёміліся з Джапарам, В. Кегеровай, В. Бударжай. Шкада, што не ўдалося мне сустрэцца з Ю. Андрычакам — перакладчыкам майго зборніка.

Ноч. Вакзал забіты навабранцамі. Шум, гармідар. Снег, балота. Нідзе не бачыў столькі курцоў, як на гэтым Браціслаўскім вакзале. Нешта і цягнік спазняецца, быццам не можа прабіцца праз заслону дыму.

11.ІV. Не зважаючы на туман, трэба было б з'ездзіць на Нарач. Нехта на дачы выламаў дзверы. Чорт ведае, што робіцца. А тут зноў званкі з Вярхоўнага Савета, з Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. Трэба ехаць у Львоў, Кіеў, на Кіпр, у Афіны.../p>

Здаецца, калісьці быў паэтам. А зараз месяцамі не бяруся за пяро.

16.ІV. Трэба было б напісаць для дзяцей аб фантастычных прыгодах Мураўя-Касманаўта. Толькі калі? Дыстанцыя майго паэтычнага адставання усё павялічваецца. Усё больш няўдач і паражэнняў. Недзе чытаў, што ў адной з афрыканскіх краін ёсць міністэрства па паражэннях. Хоць ты да яго звяртайся за парадай.

18.IV. Учора вярнуўся з Львова. Я і не ўяўляў, які гэта прыгожы горад. 3 акна гасцініцы «Украіна» цудоўны від на плошчу, на якой высіцца помнік А. Міцкевічу. Гаспадары з украінскай гасціннасцю прынялі нашу дэлегацыю Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях.

Вялікім палітыкам часта прыпісваюць чужыя думкі. Як вядома, першы сказаў С. Выспянскі, а не I. Сталін, што любоў перамагае смерць.

2.V. На першамайскай дэманстрацыі сустрэў Пімена, Заіра, Максіма… Дзень выдаўся надзвычай пагожы. Пошта ўручыла цэлы пачак віншавальных паштовак. Узяўся гартаць слоўнікі. Бясконцая і бяздумная запазычанасць чужых слоў, як у нас, не можа не пагражаць дэградацыяй самой мове.

Як пераклікаюцца купалаўскія радкі верша: «Мне сняцца сны аб Беларусі» з С. Выспянскім: «Я сніў жыццё свайго народу».

Цікавая гісторыя пра нестара польскага сацылістычнага руху К. Ліманоўскага. Ён адмовіўся прыняць узнагароду з рук урада, які ў Брэсце катаваў яго сяброў.

Зараз мяне цікавяць стылявыя кантрасты, на паграніччы якіх можна адкрыць нешта новае, адсякаючы, як Радэн ад каменя, усё лішняе.

Я думаў, што самы доўгі тытул быў у нашага бацькі і правадыра ўсіх народаў, прадаўжальніка справы Леніна, карыфея ўсіх навук і г. д., і г. д. Але, аказваецца, у яго быў канкурэнт: «Яго эксцэленцыя Сукарна пан прэзідэнт Інданезійскай рэспублікі, Вялікі правадыр рэвалюцыі, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі, старшыня меджлісу, найвышэйшы правадыр народнага фронту, прэм’ер урада, доктар гонорыс каўза 22-х універсітэтаў у Бандунгу, чэмпіён Іслама і свабоды…»

Ну і гарачыня! Нат у засені плюс 30°.

У Крыжоўцы здарылася страшэнная аварыя. Шмат ахвяр. Гэтым перапоўненым цягніком маглі ехаць Людміла, Язэп, дзеці, многія нашы пісьменнікі. Ніяк не магу ні з кім сазваніцца.

3.V. Масква. У складзе дэлегацыі Вярхоўнага Савета (П. Петрыка, К. Маскаленка, В. Яўгенава, Г. Бараноўскага, Л. Нікіфаравай, С. Філімонава, А. Шыцікава) лячу на Кіпр.

Аказваецца, да Кіпра ўсяго тры гадзіны палёту. Калі ехалі з аэрадрома да Ніказіі, бачылі, што тут самы разгар уборкі ячменю, аўса, бульбы. Размясцілі тут нас у гасцініцы «Хілтон». Днём аглядалі разваліны прэзідэнцкага палаца і нацыянальны музей. Калючы дрот, якім размежаваны горад, блакітныя каскі салдат амаль на кожным кроку напамінаюць, што тут праходзіць франтавая паласа — крывавая рана вострава Афрадыты.

15.V. Наведалі лагеры бежанцаў у Аракліне, Армідзе, заўтра па пратаколу — сустрэчы з прэзідэнтам — архіепіскапам Макарыясам, з міністрам замежных спраў I. Хрыстафідзісам і прадстаўнікамі палітычных партый. Сустрэчы, сустрэчы… I прыём у нашага пасла.

19.V. Вуліцы забіты машынамі розных марак. Сярод іх — шмат і нашых «МАЗаў», «Лад». Душна. Пасля прэс-канферэнцыі паехалі ў Ларнаку, пабывалі ў лагерах бежанцаў, адкуль — самалётам перанесліся ў Афіны. Хутчэй бы дабрацца дадому!

30.V. Учора быў на сваёй новай кватэры. Пахадзіў па яшчэ пустых пакоях і падумаў: гэта, пэўна, апошні мой прыстанак. Наперадзе — шмат клапот з пераездам. А чуюся я дрэнна: адышка, часта кружыцца галава. Літвінюк прыслаў свае выдатныя пераклады маіх вершаў. У «Молодом коммунисте» нуднейшыя разважанні на тэму «Личность художника, личность героя». I там жа пра «Жабаода Сартра».

8.VII. Званіў У. Ліпскі: у Бараўлянах, пасля аперацыі, памерла Еўдакія Лось. Узбаламошаная была, але паэтэса шчырая, цікавая. Вельмі шкада, што так рана пакінула наш Парнас, бо з кожным годам яна пісала ўсё лепш і лепш і была ўжо на сваёй творчай дарозе, на якую, як вядома, не ўсім удаецца прабіцца.

18.VІІ. Сустрэў Р. Бярозкіна. Хворы. Ішоў у лечкамісію. Кажуць, памершыя сняцца на дождж. А мне ўсю ноч сніліся бацька, маці, стары дзед.

Кожны дзень — дождж, слата. Нарэшце перабраўся на новую кватэру. Толькі ніяк не магу тут наладзіць свайго жыцця. Усе пакоі завалены кнігамі. Частку, відаць, перавязу на Нарач, у Пількаўшчыну, а частку перадам ў Сваткаўскую школьную бібліятэку.

Атрымаў пісьмо ад чытача, які ў захапленні ад нашых твораў, таму што яны — беларускія. Прызнацца, наіўна. Без Шэкспіра і Пушкіна, Міцкевіча і Шаўчэнкі, Дастаеўскага і Талстога, Маякоўскага і Ясеніна, ці ж бы мы мелі такую літаратуру, якую маем сёння? Ды не толькі мы.

30.VII. Непагода. Што будзе з ураджаем? Некага з нашага двара з музыкай праводзяць на вечны спачынак. Дождж яшчэ больш ажалобіў расстанне чалавека з жыццём.

Думаю аб ролі літаратуры ў жыцці. Відаць, мы перабольшваем яе значэнне, бо нават самыя выдатныя творы не мелі прыкметнага ўплыву на палітыку, на развіццё падзей у жыцці грамадства. А я, відаць, зноў прастыў, бо кашаль усю ноч не даваў заснуць.

1.VІІI. Цяпер і сляпому ясна, што наступ т. зв. цывілізацыі тоіць у сабе смяротную небяспеку для чалавецтва, для акружаючай нас прыроды.

Некалькі раз прачынаўся ад грымотаў, ад шуму дажджу, які ўжо стаў няшчасцем. Перакладаю М. Ціханава. А гэта страфа са зборніка Нэндзы Кубінца:


Меў у хрыбце сваім цвёрдую косць,

Не кланяўся, а стаяў проста.

Злосцю адказваў на злосць,

На крыўду — сякерай вострай…


А ўраджай гіне.

4.VIII. Толькі што адгрымела навальніца. У Лыньковых перагарэлі пробкі, выкрышыла тынк, дзе быў кантакт для тэлевізара. Заваліла лес бураломам. Раніцой заехаў I. Ф. Клімаў. Хацелі з ім з’ездзіць у Пількаўшчыну, але дажджы так размылі нашы дарогі і грэблі, што і пешкам ці дабярэшся.

Падчас хваробы перачытаў гару кніг. «Кальдэрон — казалі — меў калені, каб на іх станавіцца перад Богам і жанчынай». Падобная думка, толькі крыху перафразіраваная, сустракаецца і ў А. Міцкевіча:


Тры паклоны

Не могуць спадліць чалавека:

Перад Богам,

Перад бацькамі

I перад каханай.


А Гарацый лічыў сябе апошнім з першых. Затое у нас — усе першыя.

5.VIII. I ў гэту ноч грымела навальніца.

Зараз не прыпомню, дзе вычытаў: «Рэвалюцыйныя ідэі — новыя аксіёмы ў навуцы такія неспадзяваныя і непрывычныя, што, бывае, разуменне ідэй і іх важнасці ўспрымаецца не адразу». Відаць, для навукі часта быў бы сэнс стасаваць мудрыя правілы суда над ерэтыкамі, выпрацаваныя ў Кітаі (?) яшчэ 2,5 тыс. год таму назад. Напачатку ерэтыка выслухоўвалі. Потым — галасавалі тайна чорнымі і белымі шарамі. I калі ўсе шары аказваліся чорнымі, вінавачанага ў ерасі не білі камянямі, як ерэтыка, а з гонарам праводзілі, бо, можа, ён прарок і таму ніхто яго не разумее.

Нарэшце, каб Пайпер не спакушаў, пераклаў яго «Што». Запісваю канцоўку:


Таму мне шкада,

Што не бачу галоў, для якіх адчыніў свае дзверы,

I што не бачу рук, у якія аддам сусветы,

Я, я бургамістр, я бургамістр незаселеных мар.


Прыводжу гэту «сціплую» самаацэнку паэта: «Калі людзі будуць некалі знаць прозвішча Івашкевіча, то толькі таму, што ён, Пайпер, успамінае пра яго ў сваім артыкуле».

Нашы бязмозглыя меліяратары збіраліся асушыць пойму Нарачанкі, але ім перашкодзілі студэнты з біястанцыі, якія некалькі дзён дзяжурылі. Каб я раней ведаў, далучыўся б да іх. I так колькі рэк мы навекі пахавалі.

6.VІІІ. Прачытаў досыць слабую аповесць A. Ганчара «Бераг любві» і ўспаміны М. Бажана пра В. Васілеўскую. Хвароба мая не паддаецца ніякаму лячэнню. Гартаю прэсу ды адказваю на лісты, знаёмлюся са структуралістамі, пра якіх слушна казаў Махеек, што імі валодае мова, а не яны — мовай.

Пасля бітлаў у нас з’явіліся панкі, якія малююць валасы на зялёны, чырвоны, жоўты колер… Адзін з іх агласіў праграму: нічога не рабіць, перастаць жыць. Ходзяць у падзёртых лахманах, удэкараваныя рознымі значкамі, шпількамі, свастыкамі. П'юць толькі піва, прапагандуюць свой новы стыль музыкі…

Нарастае трывога на свеце, а мы ўсё пішам і пішам свае «сялянкі».

Прачытаў заўвагі М. Лужаніна аб мове. Артыкул цікавы. Толькі не з усімі яго заўвагамі можна пагадзіцца. Эталонам ён лічыць мову пісьменнікаў 30-х гадоў і зусім мала ўдзяляе ўвагі мове такіх сучасных майстроў, як Я. Брыль, І. Мележ, Я. Скрыган, І. Чыгрынаў, Б. Сачанка, I. Пташнікаў… Ды ніводзін выдатны пісьменнік ніколі не ўкладваўся ў пракрустава ложа сінтаксічных, этымалагічных нарматываў.

П. Кажэўнікаў у «Лит. газете» прыводзіць цікавыя факты: у 1835 і 1885 гг. былі выданы кнігі вершаў, якія іх аўтарам прынеслі нечуваную славу. Справа дайшла да таго, што нат сур’ёзныя людзі паддаваліся агульнай атмасферы і ставілі гэтых аўтараў вышэй за Пушкіна. Гутарка ідзе аб кнігах Бенядзіктава і Надсана. Бястужаў сцвярджаў, што ў «Бенядзіктава думак больш, як у мінулага Пушкіна, а верш гучыць таксама». Адначасна з вершамі Надсана выйшаЎ другі выпуск «Вячэрніх агнёў» Цютчава, якія належаць да адной з вяршынь сусветнай лірыкі, тады, агулам, ён быў не заўважаны.

Таксама і Пшыбышэўскі ставіў Каспровіча вышэй за Міцкевіча, Красінскага, Славацкага, Выспянскага.

Шкада, што не ўзяў з сабой Ц. Норвіда, які ўсё яшчэ для многіх застаецца далёкай зоркай, але гэта не значыць, што тыя, якія мы бачым, — большыя. А без Ц. Норвіда нельга мець пэўнага ўяўлення аб польскім рамантызме і, агулам, аб польскай літаратуры.

Шлях мой у літаратуру быў такі складаны, які і не сніўся розным даследчыкам.

Памёр У. Карпаў. Шмат год мы з ім працавалі Ў рэдакцыі «Полымя». Ён быў рэдактарам аддзела прозы і, трэба сказаць, рэдактарам выдатным.

I сёння не сціхаюць грымоты, быццам нехта няспынна калоціць даўбешкай у бубен Нарачы.

7.VIII. Лісты, лісты. У адным аўтар просіць адказаць на яго даўжэзную анкету. Я ўжо даўно выйшаў з таго ўзросту, калі пішуць не творы, а маніфесты, не вершы, а як пісаць вершы. Як нам не хапае такога сатырыка, як Бой-Жэленскі!

3 расказу П. Адынца: «Я ціхенька зайшоў у хату і прытуліўся да печы. Падышлі хлопцы, пытаюць, чаму я не танцую. Адказваю: "Прыйшоў толькі пагрэцца. А танцаваць — я толькі танцую са сваім аўтаматам". Смяюцца. Пачаставалі. Далі і на дарогу».

А гэта — македонскія пагаворкі, запісаныя ў Ахрыдзе:

Не кліч ліха — само прыйдзе.

Язык не мае косці, але косці ламае.

Бяры жонку маладую, а віно — старое.

Калі выбіраеш нявесту, кінь вока і на яе маці.

Любові і кашлю нельга схаваць.

Грошы — самы горшы друг, які хутчэй за ўсіх здрадзіць.

Дом без жанчыны хай агонь спаліць.

3 няволі можна вярнуцца, а з труны — ніколі.

10.VIII. Дома завязваюцца такія канфлікты, што можна звар’яцець. Перад ад’ездам з Нарачы трэба будзе пад’ехаць у Пількаўшчыну. Наведаць магілы бацькоў. Чакаю прыезду У. Баслыка. Абяцаў прывезці нейкія лекі. А доктар з яго — вопытны. Умее падбадзёрыць, паспачуваць. А спачуванне — маці медыцыны, — гавораць індусы. Нешта разбалеліся і вочы. Хутка зусім буду інвалідам. Узяўся за верш: «Адлегласць ад А да Б…».

Дзесьці чытаў, што Аляксандр I запрасіў Т. Касцюшку на баль і сустрэў яго словамі: «Месца, месца для героя!» Божа, якія былі «высакародныя» каты! Зноў перажываю творчы спад.

Цяпер у нас мода на розныя ўспаміны пра пісьменнікаў. Часта іх пішуць людзі, якія не мелі нічога супольнага з тым, пра каго пішуць. Колькі ў гэтых успамінах рознай лухты. Усё гэта падаецца ў сентыментальным соусе. Прымітыўна, што аж чытаць моташна. Баюся, што гэтымі днямі могуць прыехаць з кінастудыі і мяне здымаць на нейкі фільм.

Неспадзявана наведаў мяне П. Сергіевіч. Рыхтуецца — казаў — да сваёй выстаўкі ў Мінску. Апошнія гады ён напісаў шмат цікавых партрэтаў сваіх землякоў, пейзажных замалёвак з аколіц Браслава і Нарачы.

У санаторыі, аказваецца, адпачывае «Грышка», з якім я калісьці сустракаўся ў Вірышчы, Асташыне, Шукалах, а пасля першамайскай дэманстрацыі — на Лукішках. Помню, тады сяржант Стшэльскі і стражнік Барэйша пагражалі згнаіць нас у карцэры. Ён, аказваецца, добра ведаў П. Адынца. Працаваў з ім у падполлі. Недзе ў мяне павінны быць яго апошнія пісьмы, прысланыя мне ў Маскву па партызанскай пошце.

l6.VIII. На Захадзе ролю былых салонаў іграюць кафэ, дзе сустракаюцца і вырашаюць свае справы паэты, артысты, мастакі. У нас такімі пунктамі з’яўляюцца піўныя ларкі ці кіёскі, дзе даюцца ацэнкі творам, раздаюцца прэміі, званні, ордэны.

Думаю, слушна гаварыў Боргес, што нялёгка было б жыць вечна.

У літаратуру я найчасцей ішоў за пачуццямі, бо тэорыі заўсёды мне выдаваліся нуднымі, і разбірацца ў іх я лічыў сябе непадрыхтаваным.

«Загадка псіхалагічная: Міцкевіч геній — і глупы, здольны да найшляхетнейшых учынкаў — і подлы і нізкі ў кожнай хвіліне свайго жыцця». Вось характарыстыка генія, дадзеная паняй Габрыэляй Жміхоўскай. Чым ён ёй не дагадзіў?


У кожнага дрэва адменная мова.

Іначай гавораць сасняк і бярэзнік,

Алешнік і ельнік, дубняк і ляшчэўнік,

Лазняк і ліпоўнік, каліннік, рабіннік.


Я часта прыходжу да іх у гасціны,

Каб мову сваю асвяціць і папоўніць

Іх мовай цяністай, духмянай, гаючай,

Шумлівай, дрымучай, стазвоннай, шматзорнай.

Часамі — зялёнай, як травень, шалёнай,

Часамі — барвовай, дажджлівай, шумлівай.


Гутарка ў чарзе (з польскага): — Што даюць? — Залежыць… — Ад чаго? — Ад таго, дзе стаіце. Калі перада мной — атрымаеце па мордзе, калі за мной — атрымаеце пнеўманію.

Як пагасіць няўтольную прагу да сапраўднайЯ паэзіі? Пішу, перакрэсліваю. Зайздрошчу Крашэўскаму, які пісаў, нічога не перакрэсліваючы, і налісаў 200 тысяч лістоў, 600 аповесцяў, а Лопэ дэ Вега —1700 п'ес. У нашы часы ніхто з іх не змог бы столькі напісаць.

Раннія халады напамінаюць аб набліжэнні восені. Кожны дзень палім печ. Ізноў пайшоў дождж.

18.VIII. У Егіпце ваенны савет прапануе увесці кару смерці за змену рэлігіі і адсячэнне рукі за пакражу. Вось табе і XX век!

Сёння чамусьці не пакідае мяне прадчуванне нейкай бяды. Чытаў, што грымучая змяя адчувае цяпло адной тысячнай градуса.

Прыязджаў з Мядзела тэрапеўт А. Баслык. Чуюся крыху лепш, толькі пульс замаруджаны. Ды, відаць, і сасновы лес не спрыяе маёй хваробе. У Софіі Захараўны ўзяў адрас доктара Мар’яна Стааніслававіча Прыстрома (жонка яго, Святлана Анатольеўна, таксама доктар): Мінск, вул. Ульянаўская, 3-31, т. 27-51-89.

19.VІІІ. Цэлы дзень займаўся рознымі гаспадарчымі справамі. Знайшоў свае даўнія чарнавікі перакладаў Т. Буйніцкага, які быў у 1944 г. забіты па загаду АК за тое, што вітаў Савецкую Армію, вызваліўшую Вільнюс.

Успомніў дзве пагаворкі: «Не бойся таго, хто пярэчыць, а таго, хто патакае» (часта гэту пагаворку паўтараў дзед, хоць, прызнацца, сам не любіў, калі хто з дамашніх з ім не згаджаўся). I пагаворка маёй маці: «Спатыкалі, чым вароты падпіралі». Заходзіў Аркадзь. Казаў, на пошце чакае мяне тэлеграма А. Вярцінскага: памёр А. Маўзон.

20.VIІІ. Быў I. Шамякін. Ён зараз адпачывае на ўрадавай дачы «Сосны». Трэба напісаць Капроўскаму, мо ён зможа раздабыць для мяне кнігу Бальцэжака «Польскія пісьменнікі аб мастацтве перакладу». На вялікі жаль, у нас няма нічога, вартага ўвагі, прысвечанага гэтай важнейшай праблеме.

«Пераклад толькі тады добры, калі лепшы за арыгінал», — пісаў аўстрыйскі сатырык і гумарыст Рода-Рода. Вось чаму слабыя творы заўсёды выігрываюць нат у сярэдніх перакладах, а выдатныя — губляюць свае непаўторныя якасці.

Цікавы факт падае М. Русінак у сваім нарысе пра Л. Кручкоўскага. Ён забараніў уключаць у рэпертуар тэатраў свае творы, пакуль будзе намеснікам міністра культуры і мастацтва.

22.VIII. Усім сваім калгасам ездзілі ў Пількаўшчыну, дзе назбіралі падасінавікаў, маслят. Нешта сёлета рана пачынаюцца начныя прымаразкі, ад якіх пачарнеў і агурэчнік, і бульбоўнік.

Перадаў больш за 500 кніг для школьнай бібліятэкі, амаль столькі ж пакінуў у Федзі. «Дом, у якім няма кніг, падобны да цела без душы» (Цыцэрон).

Гадзіны дзве змарнаваў попусту ля тэлевізара — гэтага сучаснага «злодзея часу».

Узяўся за пераклад верша Яна Гурэца Расінекскага «Авідзій у Канстанцы»:


Ты выразаў строфы

Кроплямі болю.


Цяпер, ці ж можна асудзіць слова

На маўчанне?


Актавіане, ці ж можна маўчанню

Загадаць замерці?


Маўчанне паэта

З’яўляецца труной

Яго праследавацеляў.


Не ўсхваляваўся Рым,

Не ўмеў дараваць тым,

Каго пакрыўдзіў.


Перапоўнена любоўю скарга паэта.


У краіне Дакаў

Айчыне з выгнання

Жывеш, Авідзій,

У горадзе сваёй ганьбы

Жывеш, Авідзій,

У Рыме, які памёр,

У Рыме, які жыве,

У нас.

Аўгуст, апякун мастацтва,

Праследавацель твой Актавіян

Пераможаны.

Схілі галаву над Выгнаннікам,

Ты, што марыш аб лаўрах,

Трыумфальных арках.

Царствам паэта —

Безабароннасць праўды.

Ад яе кроплі

Шчэрбяцца скалы і меч.


28.VІІІ. Недзе ў тумане па расплыўчатай яснасці ўгадваецца сонца. Цішыня. Я хадзіў у грыбы. Знайшоў толькі пару чашчавікоў ды падасінавік. Псля турысцкай саранчы лес не можа прыйсці ў сябе. Усюды бітае шкло, іржавыя кансервавыя банкі, сляды вогнішч. Над лясной палянай нізка праляцела чапля. Як даўно я не бачыў яе! У нас раней варажылі: калі над хатай праляцела гэтая балотная самотніца — чакай павадка.

1.IX. Перадалі праз Ірынку, якая сёння была на Нарачы, каб я пазваніў У. Лабанку. Баюся, што будуць зноў сватаць у нейкую паездку. Пісьмо, падпісанае Г. Маркавым і В. Озеравым, у якім запрашаюць прыехаць на канферэнцыю «Вялікі Кастрычнік і літаратурны працэс сучаснай эпохі». Якому схаласту магла прыйсці ў галаву такая тэма?

8 IX. Вось і канчаецца мой нарачанскі сезон. Накідаў верш «Гібакуша». Завяршаю свае дачныя гаспадарскія работы. Прэзідыум Вярхоўнага Савета даў тэрміновае заданне: перакласці наш гімн на рускую мову. Трэба будзе склікаць хурал перакладчыкаў і папрасіць, каб яго ўзначаліў Я. Хелемскі. Вартыя ўвагі радкі Т. Ленартовіча:


Калі раптам змоўкне гук фартэпіяна,

Здаецца, другі раз іду на выгнанне

З маёй айчыны…


26.ІХ. Дзве жалобныя звесткі: памёр выдатны паэт, прыгожай душы Чалавек — Мірзо Турсун-задэ, і адна з вядомых кіраўнічак КПЗБ — Эдварда Арлоўская. Можа, некалі жывыя будуць зайздросціць тым, што яны развіталіся з жыццём, перакананыя ў сваёй праваце. Я ўспомніў пранізваючыя да глыбіні сэрца словы У. Бранеўскага пра А. Струга, што ён хоць і памёр у айчыне, але не ў той, за якую змагаўся.

5.Х. Вярнуўся з сесіі, якая зацвердзіла новую Канстытуцыю СССР. Дома застаў гару пісем. Не ведаю, калі змагу ў іх разабрацца. У часопісе «Новыя кнігі» — рэцэнзія В. Жукроўскага на мой зборнік, які выйшаў у Польшчы.

Мне здаецца, што як па тэлефонных справачніках нельга мець уяўлення аб жыхарах горада, так па нашых анталогіях — аб той ці іншай літаратуры.

Сучасны анекдот: «На павестцы дня два пытанні: будаўніцтва хлява і абмеркаванне праекта 2000 года. Таму, што на будаўніцтва хлява няма матэрыялаў, прыступім да абмеркавання праекта 2-тысячнага года».

30.Х. Сёння з Любашай едзем у Маскву: я — на сесію Вярхоўнага Савета, яна — на кансультацыю ў паліклініку літфонда.

У 10 нумары «Полымя» ў перакладзе Ю. Свіркі верш Друнева «Чароўная жалейка» — скарочаны варыянт маёй «Казкі пра Музыку». Гэта ўжо не першы выпадак. Трэба будзе некалі на гэта звярнуць увагу. Калісьці так карэспандэнт «Правды» пераказаў змест маёй легенды «Ля вогнішч начлежных», нібы запісанай ад нарачанскіх рыбакоў. А раней яшчэ Я. Мазалькоў і нат А. Макаёнак залічвалі некаторыя сюжэты маіх вершаў да фальклорных.

2.XІI. Вярнуліся з Любашай з Карлавых Вар. Тры тыдні правялі ў гэтай славутай водалячэбні і некалькі дзён у Празе, дзе сустракаўся з Козакам, Мервартам, Шчадровай і М. Забэйдам-Суміцкім.

6.ХІІ. Быў ва вечары, прысвечаным творчасці К. Крапівы. Глыбокае ўражанне пакінула ігра купалаўцаў, якія паказалі фрагменты са спектакляў «Мілы чалавек», «Людзі і д’яблы», «Брама неўміручасці»… Потым да позняй ночы зацягнулася вячэра, на якой былі многія нашы артысты і пісьменнікі.

8.XII. Сын Юсупа Хапалаева Ален прывёз мне падарунак ад свайго бацькі — цудоўнай работы ляску. Не ведаю, як і аддзячыць яму за гэта.

16.XII. У самалёце, калі вяртаўся з Масквы, неспадзявана набрыў на канцоўку свайго верша пра Марка Шагала. Званіў I. Шамякіну — хварэе. Ды і я Новы год сустракаю з грыпам. Абмяркоўвалі новыя творы. Я не думаю, што развіццё літаратуры, як і навукі, можна вырашаць пры дапамозе галасавання.

3 гадамі, хоць, здавалася б, знаходжуся ў эпіцэнтры падзей, раблюся ўсё больш самотным.

24.XII. Першая ў гэтым годзе завея. Нічога не пішацца. Можа, наступіў час і майго маўчаяня. Усё лепшае, што напісалі Красінскі, Рэмбо, Лехань,— напісалі ў свае юнацкія гады. Ды і нашы класікі.

Гасціў Расул. Шумна прайшлі ў нас яго літаратурныя вечары… 3 усімі ён ужо гаворыць, як з пастамента. Слушна хтось заўважыў, што з класікам — у чым і я не раз пераканаўся — можна гаварыць толькі пра яго самога.

Ну і завея! Нешта Любаша доўга не вяртаецца з рынку. Прыйшлі наведаць нас Верачка з Дзяніскай.

Відаць, найбольш глыбокія і праўдзівыя творы — тыя, якія бяруць пачатак у біяграфіі пісьменніка.

Званіў Якуб Міско. Трэба будзе нам і з Янкам Брылем пад’ехаць у Навасёлкі, павіншаваць I. Мальца з яго 70-годдзем.

25.ХІІ. Многіх нашых пісьменнікаў не захаплялі Парыж, Лондан, Нью-Йорк… Відаць, глыбока сядзіць, закараніўшыся ў нас, вёска, засценак.

Маякоўскі гаварыў, што кіно зліквідуе тэатр і ўсе віды мастацтва. «Зусім не цікавіць нас, за што Анегін любіў Таццяну». Памыляўся. Цікавіць.

Прагноз пагоды: рэзкія перапады.

31.XIІ. Апошні дзень старога года. Учора бачыў А. Вярцінскага. Расказваў пра свае амерыканскія ўражанні і прыгоды. Чакаем гасцей. Абяцалі прыйсці Кузюковічы, Максім з Оляй і Максімкам, Іра, Юра з Сярожкам. Можа, яшчэ хто са сваякоў.

Што ж прынясе нам Новы год? Пэўна, трывог на свеце не паменшае. I галоўная бяда — у тым, што мы з імі звыкаемся, што развучыліся думаць самастойна, хоць сам не раз пераконваўся, да якіх трагічных памылак гэта прыводзіць. Як вядома, традыцыйнымі сталі пажаданні здароўя, шчасця, поспехаў у працы, але з гадамі я ўсё менш спадзяюся на іх здзяйсненне.


1978


1.І. Не ведаю, з чаго пачаць навагоднюю хроніку. Была непрыемная гутарка з А. Вярцінскім: не ўспомніў яго ў сваім артыкуле ў «Известиях». Божа, колькі раз не ўспаміналі маё прозвішча, і нікому я не дурыў галавы.

Газеты прынеслі звестку аб смерці Ч. Чапліна, які ў сваёй аўтабіяграфіі пісаў: «Размнажэнне — галоўнае заняцце прыроды». Трэба сказаць, што ён гэтаму «патэнцыялу сексу» да канца свайго жыцця быў верны.

Збіраецца ў пераведы да нас прыехаць Марта. Хоча перадаць мне рукапісы В. Таўлая. Сумняваюся, што ў яе захаваліся нейкія вершы Валянціна, бо ніколі яна імі не цікавілася.

Я ад многіх чуў аб харастве прыроды. I цікава, што аб гэтым менш за ўсё любяць гаварыць людзі, якія маюць непасрэдную сувязь з ёю.

5.І. Не ведаю, як перакладаюць з японскага, кітайскага, калі там вельмі складаная вобразнасць і зусім іншае мысленне. Чытаў недзе, што, напрыклад, сказ: «Я прайшоў па вуліцы тваіх клапот» азначае: «Я думаў пра вас», а «я ўдарыў палачкай гневу па вуху тваёй увагі» перакладаецца: «Я хацеў звярнуць на сябе ўвагу».

8.І. Прыйшла мода на Бекета, як калісьці на Кафку, Сартра, Іанеску, Мілера…

Не ведаю, як каму, а мне ўжо надакучылі розныя модныя плыні і «новыя хвалі» ў літаратуры.

А на свеце — неспакойна. Ідзе няспыннае нарошчванне ўзбраення. Няўжо спраўдзяцца прадказванні Ніцшэ, што наступны век будзе векам касмічных войн?

Намячаецца сустрэча з генеральным консулам ГДР. Гутарка будзе аб наладжванні кантактаў паміж нашымі творчымі саюзамі. Відаць, многім з нас цяжка палюбіць мову, на якой у гады вайны толькі і чулі прыгаворы смерці. Учора заходзіла да нас суседка, паказвала Любашы на сваіх руках сляды, якія засталіся ад клыкоў нямецкіх аўчарак.

9.І. Ніхто ў нас не клапоціцца, што пад новыя кварталы гарадоў і новабудоўляў адводзяцца велізарныя абшары зямлі, якой мы не ўмеем даражыць, быццам яна нічога не каштуе, што пагражае глабальнай катастрофай. Усё працягваем перарабляць прыроду, забываючы, што дзень перамогі над ёю будзе днём канца жыцця ўсяго жывога.

Прачытаў выказванне аднаго вучонага, што мы ў сусвеце — самотныя. Аж сумна стала на сэрцы.

Цікава, што сучасная літаратура перастала так захапляцца поступам тэхнічнага развіцця, як захапляліся ў свой час футурысты і іншыя авангардысты, пісаўшыя на сваіх сцягах тры «М» (места, машына, маса).

У нас прафесія пісьменніка ўсё яшчэ авеяна рамантыкай.

Калісьці ўсе праступкі тлумачылі матэрыяльным, сацыяльным становішчам, а зараз пераканаліся, што не ўсё можна вытлумачыць сакраментальней формулай: «Быт акрэслівае свядомасць».

Можна кружыць па свеце і яго не заўважаць, і можна, як Кант, пражыць на адным месцы і змусіць свет кружыцца вакол сябе. Усё залежыць ад таленту, ад кругазору, характару чалавека.

Пра Андрэаса Папандрэу гаварыў яго бацька, што ён увасабляе чатыры дзеянні ў матэматыцы: дадаў да яго асабістых клопатаў, адняў шмат сяброў, памножыў колькасць непрыяцеляў і, нарэшце, падзяліў яго партыю.

11.І. Трэба ехаць у Віцебск, а 25-га — у Цюмень на нараду «Новабудоўлі камунізму і літаратура». Даканаюць мяне гэтыя паездкі. I не бачу ніякага ратунку. Званілі з Масквы, каб падабралі «аўтарытэтную далегацыю». А як яе падбярэш, калі ніхто с сакратароў СП не хоча ехаць. Мо ўдасца ўгаварыць Лецку Яўгена, які апошнімі часамі ў «Дружбе народов» надрукаваў сваю цікавую аповесць. Ды трэба падшукаць да паездкі ў Цюмень нейкую цяплейшую вопратку і абутак. Бяда — няма калі пісаць. А для мяне не пісаць, — тое самае, што не дыхаць.

Чытаю байкі. Ці не адыходзіць у мінулае гэты калісьці папулярны ў народзе жанр? Уваскрасіць яго можа толькі карэнная перабудова — і стылёвая і тэматычная.

Часта наракаем на ўскладненасць некаторых твораў. Відаць, яно ідзе ад нашых устаралых уяўленняў і літаратурных канонаў, з-пад уплыву якіх не так і лёгка вызваліцца, хоць навука даўно ўжо карыстаецца абстрактным мысленнем.

15.І. Стараюся пісаць лаканічна. Часамі, з даўжэйшага верша пакідаю толькі некалькі строф ці радкоў. Толькі мой друг Якаў Хелемскі, пры перакладзе часта запаўняе мае прабелы, але ад гэтага свабодны верш толькі праігрывае.

Карэспандэнт «Звязды» прасіў падзяліцца сваімі творчымі планамі. Адмовіўся, бо ўсе мае планы, пакуль працую ў СП, — нерэальныя.

Атрымаў два пісьмы. У адным бэсціць мяне чытач за артыкул у «ЛГ», у якім тройчы выкарыстаў цытаты з выступленняў іншых аўтараў. А ў другім — нейкі гамяльчанін, якому не хацелі даць мой адрас, патрабуе выслаць яму грошы, бо ён не мае за што купіць бензіну для сваёй машыны.

29.І. Вярнууся з цяжкой паездкі ў Цюмень. Не ведаю, ці варта было нашым кіраўнікам пасылаць у Сібір такі шматлікі дэсант пісьменнікаў, каб яшчэ раз пачуць тое, аб чым столькі раз гаварылі мы на сваіх з’ездах, пленумах, нарадах.

Пасля палярных халадоў крыху адагрэюся ды зноў трэба збірацца ў дарогу — у Маскву.

4.ІІ. Як гром з яснага неба, аглушыла мяне звестка аб смерці А. Куляшова. Памёр ён у Нясвіжы. I дома — казаў І. Шамякін — аб гэтым яшчэ не ведаюць. І так, не стала аднаго з выдатнейшых нашых паэтаў, які ўскрыў такія глыбінныя пласты паэзіі, да якіх ніхто з сучаснікаў не даходзіў, валодаў такім майстэрствам слова, якім мала хто з сучасных савецкіх паэтаў мог пахваліцца.

13.ІІ. Смерць А. Куляшова не выходзіць з галавы. Ніяк не магу пагадзіцца з тым, што яго не стала. А меліся мы разам з ім пабываць на яго радзіме, у маёй Пількаўшчыне.

Віншавалі сёння П. М. Машэрава з прысваеннем яму звання Героя Сацыялістычнай Працы. Пятрусь прачытаў прысвечаны яму свой верш. Ад усіх творчых саюзаў віншаваў яго А. Савіцкі.

15.ІІ. Сёлета выдалася класічная зіма: снежная, марозная. Званіў Болтуцям. Заўтра з польскімі гасцямі збіраюцца ў адведзіны да нас. Збіраюся на рынак. Трэба нешта купіць да заўтрашняга прыёму. Бой піша пра цікавы выпадак: пошта французская атрымала пісьмо з адрасам «Найбольшаму паэту нашага краю». Пісьмо гэта пераслалі Лямарціну, у якога былі кантакты з урадам. Той — ліст пераадрасаваў Гюго, які шырокім жэстам ускрыў канверт, і пісьмо выпала з яго рук. Яно было адрасавана Мюсэ.

Карым Курбанепесаў прыслаў зборнік сваіх вершаў «Дзеля дабраты» (1974), у якім змешчаны перакладзены ім і мой верш «Здаецца мне».

20.ІІ. Чуваць, цяжка хворы Рыгор Раманавіч. Званіў яму дамоў — ніхто не адказвае. Трэба будзе яго наведаць.

Пазнаёміўся з выдатнымі перакладамі з беларускай паэзіі, зробленымі Б. Спрынчанам. Ізноў узяўся за Насовіча, Федароўскага, каб прыгадаць смак сапраўднай паэзіі і непаўторнае гучанне нашай беларускай мовы.

За вокнамі шалее завея.

4.ІІІ. Закончыў казку пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні. Усё часцей трывожыць наша будучыня. «Ад XX вякоў, — пісаў Камю, — сума зла свеце не паменшала». I сапраўды яна ўсё нарастае і нарастае.

Неспадзявана ўсплыла тэма верша пра Ланцуцкі замак.

13.ІІІ. Глядзеў пастаноўку балета «Стварэнне свету», якую ажыццяўлялі В. Елізараў і Е. Лысік. Глядзеў я гэты балет і ў Празе. Вельмі падабаліся танцы, у якіх удалося глыбей раскрыць філасофскі змест музыкі кампазітара А. Пятрова.

Званілі з Малдавіі, каб я прыняў удзел у фільме, прысвечаным Я. Букаву. Адмовіўся. Адмовіўся і ад выступлення па тэлебачанні ў Маскве, бо зноў дае аб сабе знаць мая арытмія. Рыхтую новую падборку вершаў для «Полымя».

15.ІІІ. Адзначалі саракавы дзень смерці А. Куляшова. Былі Гілевіч, Бярозкін, Кіслік, Ткачоў. Чуюся нейкі разбіты. Трэба было б легчы на абследаванне, але няма калі, бо зноў выклікаюць у Маскву. Перапісваю з блакнота назбіраныя ў сваіх вандроўках народныя пагаворкі.

Адной рукой дае, а дзвюма — заграбае.

Багаты праўду любіць, як сабака палку.

Няма той крамы, дзе купляюць мамы.

Гарэлка — не дзеўка, не цалуй.

У магілу можна і дубцом загнаць, а з магілы з пранікам не выманіш.

Усё забыта, што зямлёй зарыта.

Чорт чорта пазнаў і на nip пазваў.

Асцерагайся каровы спераду, каня — ззаду, а дурня — з усіх старон.

Каля пекла жывучы, трэба і чорта кумам запрасіць.

Свайго гарба ніхто не бачыць.

3 першай чаркай чалавек п’е віно, з другой — віно п’е віно, з трэцяй віно п’е чалавека.

Калі ты і вельмі патрабуеш дапамогі, не звяртайся да д’ябла.

Чалавек пасля смерці пакідае імя, баран — шкуру.

Змяя гаворыць: гэта не я кручуся, а дарога.

Птушка — дужая крылом, чалавек — дружбай.

19.ІІІ. Кажуць, што талент мерыцца не толькі ўдачамі, але і паражэннямі. На вялікі жаль, апошніх — у нас больш. Трэба было б нам перакласці паэму I. Горака «Яма». Толькі хто ў нас ведае харвацкую мову? Мне здаецца, літаратуры вялікіх народаў часта бываюць абмежаваныя сваёй веліччу. Я гэта даўно заўважыў. I пісаў калісьці ў сваіх «Лістках календара».

Набыў некалькі рэпрадукцый Суціна, якога і сёння мала хто на яго радзіме ведае.

Зноў званіў Рыгору Раманавічу. Ніхто не адазваўся.

Ёсць горкая доля праўды ў словах М. Клобскай, што народ, які не можа смяяцца з вялікіх, з’яўляецца малым народам. Выклікалі ў ЦК. Я. Брыль у фрагментах сваёй «творчай біяграфіі» закрануў некаторых «класікаў» і ўзняўся ад Мінска да Масквы такі вэрхал, што не ведаюць, як яго пагасіць. А. Т. Кузьмін званіў у «Лит. газету», якая збіралася даць разносную рэцэнзію, і прасіў Чакоўскага, каб не друкавалі, бо мы самі абмяркуем гэта пытанне ў сябе. Трэба сказаць, што сапраўды ў Янкі ёсць некалькі прыкрых мясцін, такіх, як пра Абая, Упіта, якія чамусьці прапусцілі рэдактар і перакладчык, не звярнуўшы на гэта ўвагі аўтара. Баюся, ці не было гэта зроблена з мэтай зняць з абмеркавання ў Камітэце па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях кнігу «Мы з вогненнай вёскі», таму што гэта быццам «не мастацкі, а публіцыстычны» твор. Але ж перад гэтым за падобныя творы («Проста фашызм» Рома) прэміі прысуджаліся.

23.ІІІ. Званіў Семяняка: памёр Рыгор Раманавіч Шырма. Апошнія дні ён, знаць, прадчуваў, што не вырвецца з рук смяротнай хваробы. Рад быў, што я яму пазваніў. Дачка Лена казала: ён часта западаў у забыццё, нат сваіх не пазнаваў. Збіраліся мы з Янкам гэтымі днямі яшчэ наведаць яго, але так і не ўдалося. Спазніліся, занятыя вар’яцкай штодзённай мітуснёй.

Заўтра выстаўка П. Сергіевіча, прысвечаная яго 75-годдзю.

25.ІІІ. Быў на пахаванні Дзядзькі Рыгора. Як жывы, ляжаў у труне. Толькі пахудзеў за час сваёй хваробы. Калі выносілі, па-вясенняму свяціла сонца. Мне прыйшлося сказаць на магільніку развітальнае слова. Добра, што захапіў валідол, бо нешта зноў пачало пабальваць сэрца. Добра было б заўтра сустрэцца ў нас з П. Сергіевічам, бо на магільніку ў натоўпе не ўдалося яго пабачыць.

Амаль ва ўсіх абласцях Беларусі сёлета шмат дзе загінулі азімыя. У некаторых калгасах больш 50, а то і 80% трэба перасяваць. У нейкай афрыканскай краіне ёсць спецыяльнае міністэрства па паражэннях. Відаць, і нам не пашкодзіла б мець такое. Чорт ведае, як не вязе ў сельскай гаспадарцы: то не засеем, то не паспеем сабраць з поля, то, сабраўшы, змарнуем на складах і элеватарах… I так з года ў год.

Аж не верыцца, што такімі малалеткамі былі: Беатрычэ Дантэ (дзесяць год), Лаура Петраркі (12 год), Фон Кун Наваліса (11 год). Ды, здаецца, толькі на пару год былі старэйшымі маці М. В. Гогаля і каралева Ядвіга, якую касцёл залічыў да святых.

14.IV. Вярнуўся з пленума, які аднагалосна прагаласаваў аб прысуджэнні мне Ленінскай прэміі. Што сказаць, гэта самая высокая ўзнагарода ў маім творчым жыцці. I я рад, што атрымаў яе ні перад кім не адбіваючы паклоны і ні ў каго не выклянчваючы падтрымкі.

Калі не падвядзе здароўе, трэба будзе з'ездзіць з дэпутацкім адчотам да выбаршчыкаў у Смургоні, Ашмяны, Воранава, Іўе, Астравец.

З захапленнем чытаю «Палескую хроніку» І. Meлежа.

Я ведаю, што многія пісьменнікі не былі палітыкамі. Але не разумею здзічэння Эліота, які заклікаў ужыць атамную бомбу супроць нас; Тунду, Гамсуна, Гауптмана, Стэйнбека — стаць апалагетамі фашызму.

19.ІV. Прачытаў у часопісе «Полымя» цікавую падборку вершаў Р. Барадуліна і нарыс A. Лica пра Я. Горыда. Шкада, што ён не пазнаёміў мяне з гэтым нарысам раней. Ён піша, што нікога не ацалела з былых супрацоўнікаў «Маланкі». А гэта — не так. У рэдакцыі працавала сястра Любашы Зося Блятон, якая зараз жыве ў Варшаве. І яшчэ я чуў: нехта з маланкаўцаў жыве ў Вільнюсе.

2.V. Гэтыя дні гасцілі ў нас літоўскія сябры: Мальдоніс, Марцінкявічус, Балтакіс, Стрэськунас, Паліоліс.

У Польшчы шмат пішуць пра герояў Вэстэрплятэ. Хоць гэта быў малазначны эпізод у Другой сусветнай вайне, дзе, як падаюць гісторыкі, загінула 15 чалавек, амаль столькі было ранена і каля двухсот трапіла ў палон. Слушна пісаў С. Фацішэўскі, што абаронцы Вэстэрплятэ былі на крок ад Фермапілаў, а дайшлі толькі да гісторыі.

А колькі больш значных і вырашальных эпізодаў канула у забыцці! Розна бывае са славай.

Сення былі ў нас на абедзе М. Канановіч, Я. Брыль з жонкай, А Адамовіч з жонкай, Я. Міско… Вось і мінула свята. Позна вечарам званіла з «Лит. газеты» Памазнёва, прасіла прыслаць новыя вершы.

7.V. Чуваць, цяжка хворы П. Броўка. Нейкія чуткі ходзяць, што збіраюцца мяне сватаць на пасаду віцэ-прэзідэнта АН. Якому чорту магла прыйсці ў галаву такая думка? Відаць, у аддзеле ЦК некаму вельмі хочацца змяніць склад сакратарыята нашага Саюза пісьменнікаў на больш пакладзісты і паслухмяны. Вось і ламаюць галаву, як гэтых дамакратаў разагнаць.

10.V. Ляцеў у Маскву. А надвор’е такое паганае, што самалёт змушаны быў вярнуцца ў Мінск. Узяў білет на цягнік. Заўтра трэба выступаць на камісіі па ахове прыроды, а 16-га — на вечары Айні. Зноў пахаладала. Прачытаў апошнюю аповесць В. Быкава, якая пакінула надзвычайна глыбокае ўражанне.

Цікава, што С. Баброўскі быў родзічам Ю. Конрада. А пра яго ў нас не ведаю, ці чуў хто, хоць ён адзін з кіраўнікоў чырвоных у паўстанні 1863-1864 гг. і, напэўна, быў у блізкіх адносінах з К. Каліноўскім.

Званіла дачка Л. Блятона, якая прыехала з групай турыстыў. Хоча пабачыцца з намі.

Г. Новік прыслала велізарную сваю аповесць «Другая сустрэча». Рэч страшэнна расцягнутая. Хацелася б надрукаваць, але аповесць патрабуе грунтоўнай аўтарскай дапрацоўкі. Толькі не ведаю, ці яна зможа гэта зрабіць без дапамогі рэдакцыі.

17.V. 3 сакратаром ЦК камсамола Беларусі К. М. Платонавым і I. Лучанком ездзілі ў Гомель і Мозыр. На «Гомсельмашы» чытаў сваю паэму пра М. Дворнікава, які калісьці быў першым камсоргам на гэтым заводзе. Тут пазнаёміўся і з яго сястрой, з яго сябрамі. Шкада, што не пабываў тут раней, калі яшчэ жыла маці «Герасіма».

Няма калі пісаць. Наступіў нейкі зацяжны творчы крызіс. Ездзіў на магільнік, дзе толькі што паставілі помнік М. Лынькову. Помнік досыць арыгінальны, выдзяляецца сярод іншых, стандартных. Побач з магілай Міхася Ціханавіча — магілы I. Мележа, А. Куляшова. Р. Шырмы, Е. Лось, А. Бялевіча.

Яшчэ паспеў пабыць і на партсходзе, прысвечаным «Малой зямлі» і «Адраджэнню» — нарыса Л. I. Брэжнева, паслухаць гарачыя выступленні прамоўцаў.

5.VI. Прыслаў свой зборнік Абдурахман аль-Хамісі, з якім пазнаеміўся ў Маскве. Збіраецца прыехаць да нас.

Дома — розныя непаладкі. Расце пакаленне самалюбаў. Чым больш мы стараемся прывіць пачуццё калектывізму, сям’і, тым больш сустракаем супярэчнасцяў, з якімі нам цяжка і немагчыма справіцца.

Рыхтуемся да свята паэзіі ў коласаўскай Мікалаеўшчыне, на якое запрасілі пісьменнікаў з Масквы, Ленінграда, Украіны, Прыбалтыкі.

Гаварыў з М. Ткачовым пра кнігу Я. Брыля, якую стараемся адстаяць у Галоўліце.

Калісьці забойчую фразу кінуў Дунікоўскі на адной з выставак у «Захэнце»: «Бачыў я скульптуру ў гліне, у мармуры, у бронзе. Першы раз бачу ў вазеліне». Трэба сказаць, што ў нас асабліва вялікі попыт на творы ў вазеліне.

11.VІІ. Прачытаў «Крылы над морам» Э. Матузявічуса і «Сонечны гром» I. Драча, які сёння пры развітанні падарыў свой зборнік. Не разумею, чаму ў свой час некаторыя украінскія паэты лічылі яго Юліянам-Адступнікам. Гэта — харошы паэт, цікавы і самабытны, з яркім нацыянальным почыркам.

Ніхто не звярнуў увагі на тое, як хутка губляюць сваю атракцыю розныя фестывалі, конкурсы. Можа таму, што ва ўсім гэтым ёсць нешта штучнае, разыгранае.

12.VIІ. Зараз Максім працуе ў рэстаурацыйнай лабараторыі. Работа цікавая і вельмі патрэбная. Колькі ў нас загінула гістарычных помнікаў. Не ўмеем мы даражыць сваёй спадчынай і беражна да яе адносіцца. А гэта пагражае нам застацца без роду, без племені.

30.VII. Валодзька Зосін (В. Сегаль) выдаў перакладзеную ім на польскую мову Анталогію маладой балгарскай паэзіі. Каб не піў, відаць, быў бы з яго толк, а так скаціўся ў балота багемы.

Быў на адкрыцці мемарыяльнай дошкі I. Meлежу на доме, у якім ён жыў апошнія свае гады.

А ў горадзе — духата. Паветра перасычана перагарам бензіну. Смог запрудзіў усе вуліцы.

У сёмым нумары «Маладосці» надрукаваны харошыя вершы Н. Мацяш і Г. Кляўко.

5.VIII. Поўная хата гасцей. Не ведаем як іх усех і размясціць, і накарміць. Любаша, як катаржніца, цэлымі днямі прыкута да кухні.

Вечарам быў Сергіевіч з жонкай. Ён недзе абаснаваўся на другім канцы Купы.

Перад сном пачаў чытаць С. Стабра аб творчасці Р. Ваячка.

Поўнач… Цішыня. Толькі на турбазе, чуваць, іграе музыка, ды ўсхліпвае Ваня, якога Федзя пакінуў у нас на пару дзён.

8.VIII. У рэцэнзіі Ф. Сікорскага на кнігу Г. Віспера «Вайна на вайне» ёсць цікавае выказванне пра ўзаемаадносіны, якія склаліся паміж літоўцамі і палякамі пасля Першай сусветнай вайны: «Варожасць літоўцаў да палякаў была прадыктована гістарычна-тэрытарыяльнымі рацыямі. Перавага польскага элементу і польскай культуры на працягу цэлых стагоддзяў не толькі не паўплывала на развіццё сваёй культуры і літоўскай літаратурнай мовы, але прывяла да асіміляцыі літоўцаў». Аб гэтым сведчыць і статыстыка. У Вільні тады было 68 733 палякаў, 60 613 яўрэяў і толькі 3671 літовец.

Вецер. Накідаў верш «Легенда»:


На ўскраю гаротнага поля,

Дзе толькі гуляе вецер,

Высокія дзве таполі

Стаяць, заламаўшы вецце.


Не могуць нагаварыцца,

Не могуць наабдымацца,

Не могуць у спелым жыце

Адна з другою расстацца.


Легенда гаворыць, быццам,

Зусім гэта не таполі,

А партызанкі-сястрыцы,

Што палі на гэтым полі,

Калі ў час ліхой навалы

Параненых ратавалі.


Трэба будзе некалі вярнуцца да гэтага верша і дапісаць заключную страфу. Перапісваю чарнавы пераклад верша В. Кота «Штодзённасць»:


Гаворыш

У нішто не веру

А верыш у зоры

На небасхіле.


Гаворыш

Не веру нікому

А верыш польным кветкам.


Гаворыш

Няма чаго жыць

А штодзень устаеш

Да новага суму.


Гаворыш

Не маю ніякай надзеі

А плачаш

Калі яе забіраюць.


Сёння прыспаў мяне

Звон дажджоў у шыбы

Заўтра ўстану да блакіту.


Сёння закалыхаў мяне

Скрып ветрака

Заўтра ўстану

Да свежага хлеба.


Сёння ўсыпіла мяне ноч

Шумам цішыні

Заўтра ўстану да сонца.


Сёння памёр вінаваты

Заўтра ўстану

Да новых вінаў.


Памёр ксёндз Вільгельм Кубш, пра якога чуў ад П. К. Панамарэнкі, што ён быў у партызанскім атрадзе, потым — у дывізіі Т. Касцюшкі. Цікавая біяграфія ў гэтага чалавека ў сутане, які ў грозны час з крыжам і з аўтаматам уступіў на шлях барацьбы супроць фашысцкіх захопнікаў.

Я ўсё часцей парушаю граніцу паміж прозай і паэзіяй. I хоць знаю, што многія асуджаюць мяне за гэта, але для мяне яна, як табу, ужо не існавала з дня нараджэння першых маіх вершаў.

А дождж марасіць і марасіць. Не дождж, а нейкае насланне.

12.VIII. Нарэшце ўсе раз’ехаліся. Гляджу ў закратаванае дажджом акно і ўспамінаю Міхася Ціханавіча, Аркадзя…, за якімі і мне пара збірацца ў дарогу, за сябрамі, якія, як казаў Лесьмян, «на смерць старэйшыя».

14.VIII. Прыйшла паштоўка ад Ірыны з малюнкамі Сяргея: Планерскае, мора, горы… Разам з імі адпачываюць Гілевічы, Грахоўскія… Гутарыў з М. Лужаніным пра «Лысагорскую паэму», якую лічу адным з выдатнейшых сатырычных твораў у нашай літаратуры. Застаецца загадкай: хто яе аўтар? I тут апраставалосіліся ўсе нашы даследчыкі, што да гэтага часу не ведаюць — хто яе напісаў, хоць з аўтарам яе часта сустракаюцца.

17.VIII. Памагаў Дзянісу і Максіму запускаць змея. Неяк бесталкова тут праходзіць час: і не адпачываю, і не пішу.

П. Валеры піша, што ўсе дзяржаўныя дзеячы чыталі гісторыю. Можна сказаць, што чыталі яе з той мэтай, каб авалодаць уменнем арганізаваць новыя канфлікты.

Пачынаюць выступаць з нейкай імглы дзве тэмы. Пакуль што яны падобны да тых рыб, якіх бачыш у тоні, але не можаш вылавіць.

18.VIII. Крыху распагодзілася. Ездзіў на рыбалку, але нічога не злавіў на свой спінінг. Пасля абеду развіталіся і паехалі да сябе на дачу Кузюковічы. Чакаем прыезду Сашы і Верачкі. Накідаў верш: «На шчаслівым месцы стаіць наша хата…». Але ці на шчаслівым? Заўтра збіраюся ў Даўгінава. Можа, загляну і ў Пагост, дзе калісьці ў 1932 г. пераходзіў граніцу, уцякаючы ад паліцыі, і дзе пераводчык сцягнуў у мяне дадзены мне бацькамі на дарогу кажушок. Колькі з таго часу мінула дзён! А галоўнае — усё, і да самай драбніцы, захавала мая памяць.

Заходзілі сваткаўскія настаўнікі. Абяцаў папоўніць іх школьную бібліятэку новымі кнігамі.

22.VIIІ. Вось і канчаецца мой нарачанскі «адпачынак». Бяда толькі, што нешта ўзмацнілася мая арытмія.

Мы часта пішам аб уплыве народнай творчасці на творчасць пісьменнікаў і зусім забываем аб адваротным працэсе, калі, скажам, многія вершы становяцца народнымі, як «Па дзікіх стэпах Забайкалля», «Ліпа векавая», «Імчыцца тройка паштавая», «Сонца ўсходзіць і заходзіць»…


Я раскрыў канверт. Чытаю.

Што ж мяне наперадзе чакае?

А чакаюць мяне дні трывогі,

Новыя краіны і дарогі,

Новыя сябры, сустрэчы, страты

I ў бурлівым моры — вал дзевяты.


25.VІІI. Заўчора памёр П. Пестрак. Не знаю, чаму ў гэты дзень з СП не змаглі да мяне дазваніцца. Перад самым ад’ездам на Нарач бачыліся мы з ім. Я яшчэ сказаў яму, што ў сваёй паэме пра Дворнікава ўспамінаю і яго. Быў ён у добрым настроі, бадзёры. Скардзіўся толькі на занік памяці. Адным словам, чарга ветэранаў на той свет не спыняецца, а наадварот — паскараецца.

27.VIII. Званіў Я. Брыль. Ён гаварыў па тэлефоне з М. Канановічам, які прасіў выслаць яму тэлеграму аб маёй згодзе на пераклад майго «Мураша-Бадзіні».

Зноў дождж. Ну і лета! Помню, пра адно такое сцюдзёнае лета мне калісьці расказвала бабка. Нават жалі ў рукавіцах.

Нізка над возерам праляцела чарада дзікіх качак. Любаша пайшла ў аптэку, а я пачаў перакопваць агарод, на якім ужо нічога не расце, бо густа разрасліся дрэвы.

З.ІХ. Нядзеля. Відаць, яшчэ застануся на Haрачы. Быў у Пількаўшчыне. Адкапаў там на польскай мове томік Эмінеску, без апошніх старонак. Па дарозе купіў у Мядзела па вядры брусніц і журавін.

9.ІХ. I так, заўтра еду ў Мінск. На нейкі час тут застаецца Любаша, абяцалі прыехаць майстры перакласці печ, бо старая развалілася зусім і не грэе.

11.IX. М. Канановіч прывёз польскія часопісы «Одглосы» і «Літэратура» са сваімі перакладамі маіх вершаў. Званіў на Нарач. Не ведаю, як там Любаша спраўляецца з майстрамі, з малышом і нашай дачнай гаспадаркай. Усё гэта звалілася на яе плечы, і нет каму памагчы. А работы — пропасць. Трэба будзе падумаць і пра агароджу дачы, бо як кажуць. добрая агароджа збліжае суседзяў. Трэба было б раздабыць і торфу, і навозу, а то ад хімічнай цывілізацыі хутка і зямля і самі тут патруцімся.

У галаву прыходзяць нейкія вар’яцкія тэмы. Колькі іх пахавала мая цвярозасць!

Якой смешнай самаўпэўненасцю гучаць словы Б. Ясенскага: «Магу пісаць так, як Севяранін. Магу пісаць так, як Маякоўскі»…

Часта задумваюся над тым, як пісаць далей, як пісаць, каб новы зборнік быў новым і па змесце, і форме.

Гасціў у мяне Кароль Ізаковіч, з якім я калісьці пазнаёміўся ў Браціславе. Збіраецца пісаць пра нашых партызан.

27.ІХ. Дзень нараджэння Любашы. Зноў пачынаецца сезон маіх цыганскіх вандровак. Магчыма, з ёю паедзем у Маскву, а з Масквы — у Ташкент

Прыйшла звестка аб смерці Я. Парандоўскага — выдатнага знаўцы антычнай літаратуры, перакладчыка. Узяўся ўа вершы Альда Северыні, хоць падрадкоўнікі — вельмі невыразныя, блытаныя.

Тэлеграма сакратара ЦК Грузіі. Запрашаюць на Дні савецкай літаратуры. Здаецца, у гятыя дні намячаецца паездка ў Літву. Трэба мець конскае здароўе, каб паспець на ўсе гэтыя дні, юбілеі, сустрэчы, пленумы.

24.Х. Перарагартаў пачкі з тэкстамі сваіх выступленняў. Шкада, што столькі на іх змарнаваў часу. I мне яны нічога не далі, і чытачоў ці слухачоў не парадавалі. Пісьменнік павінен гаварыць сваімі творамі, a не нуднымі перадавіцамі і дэкларацыямі.

26.Х. Зноў хвароба зваліла з ног. Магчыма, гэтымі днямі пад’еду падлячыцца ў Аксакаўшчыну. Мо таму ў нашай літаратуры шмат апісальніцтва, што апісваць лягчэй, як думаць, заглыбляцца ў жыццёвыя працэсы.

28.Х. Сустрэў М. С. Арэхву. Хоча, каб я напісаў хоць пару слоў пра I. Каросаса. Трэба будзе заглянуць У свой архіў, дзе павінны быць яго пісьмы. Польскі сатырычны журнал надрукаваў перакладзеныя яшчэ Я. Гушчам два мае вершы: «Аўтабіяграфічны фільм» і «Бутэлькі».

Нехта званіў з Масквы, толькі дрэнна было чуваць. Любаша кажа: можа, гэта наша былая беластоцкая суседка па кватэры і былая падпольшчыца Марыся Руткевіч, якая цудам вырвалася са сваімі двайнятамі з разбітай падчас налёту нашай авіяцыі турмы на Павіяку? Толькі зараз яе прозвішча Старэвіч, за якога яна выйшла замуж і які працуе ў ЦК ПАРП.

Змарнаваў вечар над вершам. А верш не атрымаўся. А гэта страфа з Юсупа Набі:


Як поўны месяц, свецішся ўдалі, а што мне рабіць?

Усе смяротныя на яе свае вочы ўзвялі, а што мне рабіць?

Яшчэ маёй не стала ты, хітруха,

А падышахам стала ўсёй зямлі, што мне рабіць?


Амаль усе вершы паэта прысвечаны каханню. Многія прыёмы арыентальнай паэзіі ў іх паўтараюцца. Але, трэба сказаць, высокае майстэрства адчуваецца ў кожным радку.

А ў Ленінградзе — другі ў гэтым месяцы — бушуе павадак. Закончыў камплектаваць пяты том збору сваіх твораў, у які ўвайшлі і вершы са зборніка «Прайсці праз вернасць».

19.XI. Быў у сваіх літоўскіх сяброў. Ездзілі мы ў госці цэлай брыгадай: В. Вітка, А. Вярцінскі, А. Пысін, А. Мальдзіс, А. Разанаў. На граніцы сустрэлі нас А. Мальдоніс, Р. Пальчынскайтэ, А. Дрылінг. Л. Шапеціс падарыў мне цудоўна выдадзены ў Францыі альбом рэпрадукцый Чурлёніса. Наведаў у бальніцы свайго старога друга — А. Жукаўскаса, які ледзь жывы выйшаў з дарожнай аварыі.

Пасля літаратурнага вечара — быў яшчэ час — пахадзіў па старых знаёмых завулках Вільнюса. 3аглянуў на рынак, завалены гароднінай, яблыкамі. На дарогу ўсе мы купілі па пары булак духмянага «Літоўскага» хлеба і хлеба «Паланга», якім будзем частаваць сваіх дамашніх.

Я. Гушча просіць выслаць яму наш тлумачальны слоўнік. Толькі не знаю, ці ўдасца зараз мне яго знайсці.

22.XI. 3 задавальненнем прачытаў Я. Брыля «Золак, убачаны здалёк» — успаміны пра маленства, напісаныя яркай і сакавітай мовай.

Зноў дождж. Мой дзённік стаў запісам зводкі пагоды. Такі ж аднастайны і нудны.

25.ХІ. Едзем з Любашай у Маскву. Мо ўдасца там і ёй і мне пракансультавацца ў дактароў, бо са здароўем справы кепскія.

Даўней пра нікудышнага чалавека гаварылі, яму нельга даверыць нават пугу пастуха, быццам работа пастуха — самая простая. А я помню, як дзед вучыў пасці кароў, вывучаць іх нораў, намеры. I трэба сказаць, што гэта не такая простая навука.

Усё часцей абступаюць мяне ўспаміны пра бацькоў, пра сяброў, якія адышлі ў вечнасць. Ды і мне пара завяршаць свае зямныя справы, а то я іх нагрувашчваю, быццам збіраюся на другое жыццё.

З.ХІІ. Прачытаў аповесць у вершах Еўтушэнкі. Рэч даўжэзная, банальная і нудная.

Выпаў першы снег. Званкі з Масквы, Кіева, Вільнюса. Прыехалі мае мядзяльшчане — супрацоўнікі музея народнай славы. Нагрузіў я іх рознымі рукапісамі, здымкамі, дакументамі, якія збіраўся здаць у архіў.

8.ХІІ. Поўнач. У хаце сцюдзёна. Ніяк не магу ўзяцца за ацяпленне вокан, бо наперадзе — яшчэ не такія халады і завеі.

Знайшоў цікавыя дадзеныя аб даваенных тыражах у Польшчы. Так, М. Чухноўскага «Раніца горычы» 170 экз., «Жанчыны і коні» — 150 экз. Шэсць яго зборнікаў — каля тысячы экземпляраў. Нават мае першыя зборнікі ў той час выходзілі значна большымі тыражамі.

12.XIІ. 3 «Правды» даведаўся аб смерці камандуючага Чырванасцяжнай Туркменскай акругі С. Я. Беланожка. Калісьці ён прымаў нас — членаў Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. Цікавы быў чалавек. Любіў літаратуру, музыку і, асабліва, архітэктуру, якой удзяляў шмат увагі. А зараз трэба будзе напарыць зёлак, прысланых калісьці Я. Шутовічам, і спрабаваць імі лячыць усе свае недамаганні, бо вельмі ж не хацелася б класціся ў бальніцу.

16.XII. Спакусілі паехаць на паляванне. Упаляваць, як заўсёды, я нічога не ўпаляваў, але хоць падыхаў лясным водарам, пахадзіў, пагрэўся ля кастра, пагутарыў з леснікамі.

Вечарам заехалі да I. П. Раманоускага, потым зайшлі да Рудака. Пазнаёміліся з яго надзвычай сімпатычнай сям'ёй: жонкай — Дзімай Іванаўнай, іх дочкамі. Пабываўшы на людзях, я ўбачыў, якой нудотай, бывае, запаўняем мы, пісьменнікі, сваё жыццё.

17.XII. Баюся нат пералічыць, колькі за гэтыя дні адбудзецца ў нас розных нарад. Заўтра (званіў Я. Скрыган) пленум Камітэта па Дзяржаўных прэміях. Сябрук прыслаў старонкі з даваеннага польскага часопіса «Апель», на якіх змешчаны з вершамі Aтвіноўскага, Струга, Іванюка, Плесняровіча, Ожуга і фрагменты з артыкулаў Чэховіча, Загурскага, Лабадоўскага.

Тэрмометр апаў да мінус 22°.

27.ХІІ. Усе хваляць нашу рэспубліканскую мастацкую выстаўку. Трэба будзе яе наведаць. Глыбокая ноч. I нарэшце — цішыня. Думаю, што індустрыяльная тэма толькі тады зможа знайсці сваё мастацкае адлюстраванне, калі перастанем калечыць зямлю, атручваць паветра і вынішчаць усё жывое. Ужо на змену нам прыходзяць людзі, якія не бачылі многіх відаў раслін, жывёл і чыстага неба, што яшчэ ў гады свайго юнацтва бачылі мы.

29.ХІІ. На парад ваенны і дэманстрацыю не змог пайсці. I так, недзе прастыў. Быў толькі на приёме ў гонар 60-годдзя БССР.

Казалі, званіў з Масквы Н. Мар. Прачытаў вершы ў дзевятым нумары «Полымя», у якім змешчаны цікавая падборка Пімена і мая паэма «М. Дворнікау». Вечарам званіў Пімен. Пахваліў паэму і растлумачыў, чаму ў адным са сваіх вершаў апалчыўся супроць верлібра, за які многія бяруцца, але нічога ў іх не выходзіць. Гэта мне нагадвае той дасціпны плакат на дзікім Захадзе, які вісеў у піўной над піянінаМ і пра які гаварыў друг Д. Рыда Вільямс, калі выступаў на рускай мове. На плакаце было напісана: «Просім не страляць! Кожны іграе, як можа»…

Загрузка...