МАКСІМ ТАНК


ДЗЁННІКІ (1980-1994)


1980


2.І. Эйнштэйн пісаў: «Не трэба нікому прысвячаць самога сябе, а даць толькі з сябе самае большае тры чвэрці. Бо калі ў навуцы, у мастацтве ці ў асабістым жыцці сустракае нас расчараванне, дык гэта адна чвэртка той часткі, якой не прысвяціў нікому».

Мне здаецца, цяжка падзяліць жыццё сваё на часткі і, бадай, немагчыма іх так размеркаваць, як гэта раіць Эйнштэйн.

Думаў закончыць мінулагодні верш, але і сёння не змог. большасць маіх вершаў — мая біяграфія. Пошта прынесла з дзесятак лістоў.

Пасля чарговай сваркі нашых маладых Сярожка заявіў, што ён, калі не перастануць сварыцца, пакіне іх і пойдзе з дому. Помню, як і я перажываў розныя дамашнія баталіі ў дзедаўскай хаце. Відаць, не памыляўся Тувім, калі гаварыў, што жыццё — гэта мука.

3.І. Атрымаў сігнальны экземпляр сваёй казкі пра Мураша-Бадзіню ў цудоўным афармленні М. Гуціева. Памёр С. Шчыпачоў. Быў адным з папулярнейшых паэтаў. Асабліва ў часы, калі амаль усе пісалі жалезабетонныя вершы і розныя агіткі.

Угаворваюць, каб я пісаў успаміны. Я пра ўсё сказаў у сваіх вершах. Што яшчэ магу да іх дадаць?

7.І. Цярушыць дробны снег. Валя Куляшова дала рэцэпт ад кашлю: 100 гр. мёду і свінога тлушчу, 15 гр. алоэ. Піць перад сном па сталовай лыжцы з гарачым малаком. Трэба будзе спрабаваць, бо і сам не сплю і другім перашкаджаю. Прасіў К. М. Платонава даведацца, як абстаіць справа аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза М. Дворнікаву.

На небасхіле новага года сабраліся такія хмары, што ў любы дзень могуць праліцца крывавым дажджом. А мы ў гэты час узяліся за падрыхтоўку да Алімпіяды, якая вельмі дорага нам будзе каштаваць, бо нават дэфіцыт ад канадскай алімпіяды застаўся такі, што людзі старэйшага пакалення гэтай краіны да канца свайго жыцця яго не пакрыюць. А што казаць пра нас? Дэфіцыт будзе яшчэ большы.

10.І. Ездзіў у Каралішчавічы, дзе зараз адпачываюць Верачка і Дзяніска. Цішыня там. Лec у снежным уборы. Каб не дамашнія справы, прыехаў бы сюды папрацаваць. Тэлеграма ад Д. М. Грудасава. Трэба быць у Маскве на пасяджэнні Камісіі па ахове прыроды.

«Не дай мне Бог сойти с ума»… Адкуль магла прыйсці А. Пушкіну гэта думка?

26.І. Чакаю М. Арочку. Збіраецца нешта пісаць пра мяне, пра заходнебеларускую літаратуру. На 63-м годзе жыцця памёр Е. Мірановіч. Пару тыдняў таму бачыў я яго ў Таварыстве дружбы. Дамовіліся сустрэцца з ім у яго Любані і ў нас, на Нарачы. Я ўсё збіраўся пра яго напісаць. Вось як адклад не ідзе ў лад.

31.І. Еду на літаратурны вечар у Маладзечна. Чытаю і захапляюся Язэпавым перакладам міцкевічаўскай эпапеі «Пан Тадэвуш». Не магу толькі пагадзіцца, што, скараціўшы трынаццаціскладовы радок арыгінала, перакладчык змушаны быў павялічыць колькасць радкоў паэмы.

Відаць, на гэта звернуць увагу і рэдактары. Доўга пераконваў Язэпа, што гэтага не трэба рабіць, а ён — мяне ў слушнасці сваёй пазіцыі. Здзіўляе, што ў сваіх тлумачэннях да паэмы Ю. Кшыжаноўскі беларускія словы ці яўныя беларусізмы называе правінцыялізмамі. Да іх ён адносіць такія, як: боровік, крываўнік, метліца, свежоп (свірэпка), ботвіня, незабудка, опенькі, пастка, склюд, покуць, шурпаты, заушнічкі, дзяды, макрыца, отава, зажынаць, прызба, сіто, цівун, кабан, котух, пшэвенсло, дзеўка, сковорода… (Выданне 1955 г., «Чытальнік»)

1.II. Позняй ноччу вярнуўся 3 Маладзечна. На літаратурным вечары пазваёміўся з многімі землякамі: сакратаром райкома В. А. Ляшкевічам, Л. Ф. Лыкавай, Л. С. Абраменка, Л. А. Бабій, В. І. Носавым. 3 некаторымі я ўжо раней сустракаўся, калі быў на адкрыцці бібліятэкі. Віктар Іванавіч падарыў сваю брашуру і прысвечаны мне верш.

У 11-м нумары «Советской литературы» на чэшскай мове, у перакладах Ю. Андрычака, змешчана падборка маіх вершаў і анатацыя Н. Купрыянавай. Атрымаў пісьмо ад В. С. Рабава аб тым, што ў іх ваенным выдавецтве запланаваны мой зборнік вершаў. Просіць толькі хутчэй яго прыслаць. Знайшоў цікавую пагаворку ў I. Есенберліна: «Хочаш пасварыць чалавека з сябрамі — узнагародзь яго пры ўсіх».

14.ІІ. Учора вярнуўся з Масквы. Нудна прайшла сесія Камітэта па прэміях. Удалося толькі наведаць М. I. Таўбэ ды прагледзець некалькі цікавых фільмаў: «Першая паласа» і «Казанова» (Феліні), «Рой» (Дэвенціса), «Вяселле» (Облеблана), «Адвакат з забяспечанай будучыняй» (дэ Санціса), «Незамужнія жанчыны», «Вузы крыві» (Шаброля), пабываць на канцэрце А. Салаўяненкі і каторы раз — паглядзець «Мёртвыя душы».

Званіў А. Бачыла. Выйшаў сігнальны экземпляр мініяцюрнага зборніка любоўнай лірыкі «Ave Maria». Трэба будзе закупіць пару сот экземпляраў. Перачытаў «Песню з Бярозы» А. Гаўрылюка, перакладзеную на беларускую мову Н. Мацяш. «Песня з Бярозы» выдадзена на трох мовах — рускай, украінскай, беларускай — з прадмовай Р. Братуня.

19.ІІ. Закончыў верш пра Ф. Багушэвіча. Разлічыўся з дэпутацкай поштай. Вярнуўшыся з лечкамісіі, дома застаў А. Сухую, ад якой даведаўся аб смерці майго старога друга — А. Хадзінскага. Разам працавалі мы з ім у камсамоле, некалькі год з ім і з яго братам Мікалаем жылі разам у Вільні. Быў і у Петруся Броўкі. Вельмі дрэнна выглядае. Aлe, не зважаючы на сваю хваробу, па-ранейшаму заняты рознымі справамі, збіраецца ехаць у Барвіху. Скардзіўся на горла, што стала цяжка гаварыць, а пагаварыць ён заўсёды любіў і любіць. Быў у яго A. Т. Кузьмін.

21.ІІ. У эфіопскай казцы «Залатая зямля» расказваецца аб тым, як імператар вітаў еўрапейскіх вандроўнікаў, як іх багата адарылі. Але, калі яны вы-язджалі, іх папрасілі зняць абутак і ачысціць ад зямлі, бо такі ў іх звычай: «Гэта зямля дорага нам. У яе мы кідалі зярняты, хавалі мёртвых. Мы кладземся на яе, калі адпачываем пасля працы, на яе лугах пасём скаціну. Сцяжынкі, па якіх вы ішлі па даліне ў горы, са стэпаў у лясы — гэтыя сцяжынкі пратапталі ногі нашых продкаў, нашы ногі і ногі нашых дзяцей. Мы аказалі вам гасціннасць, мы далі вам каштоўныя падарункі. Але зямля Эфіопіі — самае каштоўнае, што ёсць у нас, і таму мы не можам аддаць вам і драбінкі гэтай зямлі».

22.ІІ. Наведаў Петруся Броўку. Незадаволены, як яго даглядаюць. У палаце — гарачыня. Дрэнна кормяць. Уся надзея на Барвіху, куды абяцалі яго накіраваць. Толькі, відаць, нашы дактары супроць гэтай яго паездкі. Мне здаецца, што хоць ён і бадзёрыцца, але адчувае сябе, як у пастцы, з якой няма і надзеі вырвацца. I самае дзіўнае, што, адчуваючы гэта, ён мужна трымаецца, дзякуючы нейкай сваёй надзвычайнай вітальнасці.

Чуваць, што ў Афганістане ўжо многія нашы хлопцы злажылі свае галовы. Прызнацца, хоць мы і гаворым, што разрадка застаецца асновай нашай мірнай палітыкі, баюся, каб мы не ўліплі ў небяспечны зацяжны канфлікт, як амерыканцы ў Карэі i В'етнаме, за які дорага прыйдзецца расплачвацца.

26.ІІ. На свята Міжнароднага дня жанчын думаем склікаць свой хурал. Любаша запрасіла і Софію Захараўну. I сёння быў у Петруся Броўкі. Казаў, не спаў усю ноч. Паднялася тэмпература.

Сярожка, прыйшоўшы ca свайго дзіцячага сада, неспадзявана спытаў у мяне: «Дзядуля, а французы з намі дружаць?»… Цікава, як палітыка адбіваецца нат у свядомасці малышоў, якія стараюцца зразумець свет дарослых.

В. С. Смірноў прапануе ўзначаліць дэлегацыю, якая едзе ў Бельгію. Адмовіўся. Чуюся нейкі разбіты. Відаць, у такім стане пісаў Шапэнгаўэр, што, узважыўшы ўсе за і супроць, лепей было б не радзіцца,

Чытаю нарыс А. Асэнкі пра Пікасо, які, будучы ў Польшчы ў 1948 г., вёў сябе вельмі «беспасрэдна». Калі ў музеі не было дзе сесці, садзіўся на падлозе, калі было горача, здымаў пінжак, камізэльку, кашулю.

Р. Гохут піша, што пасля замаху на Гітлера са школьных праграм быў выкраслены шылераўскі «Вільгельм Тэль» і забаронена было яго ставіць на сцэне.

5.ІІІ. Памёр Я. Івашкевіч. Так яму і не ўдалося пабываць у Навагрудку, на радзіме А. Міцкевіча, аб чым ён марыў і аб чым дамаўляліся мы, калі ён з польскай урадавай дэлегацыяй гасціў у Мінску. Чалавеку, які зведаў амаль увесь свет, на суседні Навагрудак не хапіла часу.

Глыбокае ўражанне пакінула выстаўка работ М. Сеўрука. Асабліва цікавымі былі яго ранейшыя палотны. На выстаўцы быў і мой зборнік «На этапах», які ён афармляў. Тэму вокладкі я яму падказаў. Яна пераклікаецца з вокладкай лукішскага часопіса «Краты». Праўда, ён яе вырашыў значна глыбей і лепш.

7.ІІІ. Усе польскія газеты працягваюць пісаць пра Я. Івашкевіча. У «Культуры» — апошняя падборка яго вершаў. Трэба будзе спрабаваць іх перакласці. Рэдка каму з сучасных пісьменнікаў удалося ўзняцца да вяршынь яго майстэрства і ў паэзіі, і ў прозе, і ў драматургіі. Талент яго не знаў старасці, стомы, якая прыходзіць з гадамі. Стыль яго нагадвае графіку. Здаецца, заплюшчыўшы вочы, вобмацкам можна чытаць яго творы. Дзіўнае і зайздроснае майстэрства.

10.ІІІ. Памог калгасу «Маяк» набыць аўтамашыну і машыну для ўборкі камення.

У другой палове дня разгулялася завея. Відаць, сёлета прыпозніцца вясна.

Нешта не магу разабрацца ў паэзіі О. Жупанчыца. Мо пераклады дрэнныя. I гэта бывае. Кажуць, Б. Пастарнак, прачытаўшы свае вершы ў англійскіх перакладах, толькі цяжка ўздыхнуў.

13.ІІІ. Быў у П. Броўкі. Ён нейкі час адпачываў у Аксакаўшчыне. Учора зноў вярнуўся ў лечкамісію. Пагаварылі мы з ім пра нашы пісьменніцкія справы. Потым зайшоў у палату да У. Караткевіча, які гэтымі днямі выпісваецца з бальніцы.

18.ІІІ. Учора Гніламёдаў, Аўрамчык, Макаль, Дайліда і я ездзілі ў Радашковічы. На керамічным заводзе быў літаратурны вечар, які зацягнуўся да позняй ночы. Званілі з замежнай камісіі СП СССР. Намячаецца паездка ў ГДР.

24.ІІІ. У пяць гадзін раніцы памёр Пятрусь Броўка. Цяжкі настрой ва ўсіх. Пазванілі ў Маскву, Кіеў, Вільнюс, Рыгу… Пішу развітальнае слова.

27.ІІІ. Сёння былі ў нас Хелемскія. Потым прыйшоў І. Шамякін. Вечарам праводзілі нашых маскоўскіх гасцей. Чытаю А. Вергеліса. У мінулую ноч прыснілася, што мяне прыгналі на дапрос да пракурора Пятроўскага. Амаль пяцьдзесят год, калі гэты аднавокі цыклоп мяне дапрашваў. I раптам зноў з ім сустрэўся ў сне.

3.IV. Праслухаў — перадавалі па тэлебачанні — цудоўныя нашы народныя песні, праспяваныя маімі вузлянскімі суседзямі, песні вясельныя, жніўныя. Слухаючы іх, душой пераношуся на сваю Мядзельшчыну, у далёкае сваё юнацтва. Гэтыя песні яшчэ раз напомнілі мне, што трэба часцей вяртацца да сваіх першакрыніц. А то я часта далёка шукаю свайго шчасця, а не там, дзе нараджаюцца гэтыя песні, ці больш дакладна, нараджаліся. Бо зараз толькі часамі і чуеш іх са сцэны нейкага калгаснага клуба.

Трэба пазваніць Г. Цітовічу і падзякаваць яму за шчодры падарунак.

Д. Легкадух прыслаў газету «Родзянске слово», у якой надрукаваны пра мяне яго артыкул.

Атрымаў ад В. Жыдліцкага зборнік сваіх вершаў на чэшскай мове з яго пасляслоўем. Зборнік называецца «Карэспандэнцыя з зямлёй». Пераклаў Яраслаў Кабічак. Прыехаў з Прагі рэдактар Каміль Рыбак. Крыху пасядзелі з ім у кафэ. Бяда толькі, што У. Караткевіч, які толькі што выпісаўся з бальніцы, пасля пары чарак каньяку ахмялеў. А піць яму нельга. Пачаў нешта плясці пра развод з жонкай, пра тое, што хоча размяняць сваю кватэру, і г. д.

Ідзе мокры снег. У Бейруце было забіта некалькі тысяч буслоў, якія чамусьці апусціліся на горад. Відаць, хутка знікнуць не толькі буслы, але і ўсе іншыя птушкі і звяры ад нашай плюс хімізацыі, механізацыі, цывілізацыі. Як марудна сёлета наступае вясна!

5.IV. Успомнілі, грэхаводнікі, што заўтра Вялікдзень. Купіў два тарты: адзін — нам, другі Іры. Нарыхтаваў шалупіння цыбулі для фарбавання яек. А што яшчэ? Хай думае гаспадыня. Здаецца, і сёлета, як у 1932 г., велікодныя святы ў католікаў, праваслаўных і яўрэяў супалі ў адзін дзень.

Помню, сядзеў я тады на Лукішках. На прагулку выйшлі, бо да таго быў гэта яшчэ і Першамай, з чырвонымі бантамі. Дазорцы зрывалі іх, крычалі, пагражалі карцэрамі, зноў заганялі нас у камеры. Сядзеў я тады з групай літоўскіх гімназістаў. На трэцім паверсе ў вуглавой камеры сядзеў Б. Тарашкевіч, якога прывезлі з Тчэва. Я яшчэ тады не знаў, што ў яго блакноце была знойдзена кароткая мая характарыстыка: «Скурко, хлопец актыўны (дзельны), вазіў адозвы…». 3 гэтай характарыстыкі пачынаўся і мой акт абвінавачання.

Звоў трэба ехаць у Маскву.

Усё збіраюся напісаць пра вуліцы Сант’яга, якім былі прысвоены назвы вершаў П. Неруды: «Ода цыбулі». «Ода знішчаных рэчаў». Зараз, напэўна, Піначэт іх перайменаваў.

Ператрасаючы свае кішэні, знайшоў цэлы жмут запісак з розных літаратурных сустрэч. «Як вы пішаце?», «Як вы адэньваеце свае творы?», «Які ваш погляд на традыцыю?..»

Прыгадаў верш бразільскага паэта Роза Паўло Марэйра:


Мінуўшчына — зямля мёртвая,

Калі ёй даверу насенне,

Ніколі не ўбачу зялёнага дрэва.


22.IV. Вярнуўся з ГДР разбіты, хворы. Пара спыніць мае далёкія паездкі. У берлінскім клубе Ё. Бехера пазнаёміўся з Г. Кантам, Г. Гольц-Баўмартам, I. Навотным, М. Шульцам, Г. Конігерам, I. Моргнерам, В. Ноубартам, В. Навойскім, Р. Штралем, Э. Шайбнерам і іншымі…

А дома сапраўдны кірмаш. Любаша зусім выбілася з сіл, пакуль усіх гасцей пачаставала. Вельмі дрэнна адчувае сябе.

I. Шамякін пакідае работу ў СП, ідзе на месца П. Броўкі ў Энцыклапедыю. У ЦК вырашылі нікога не назначаць на яго месца, пакуль у СП не ападзе ажыятаж каля гэтай пасады. Пазычыў у Б. Сачанкі аднатомнік Н. Арсенневай, каб пазнаёміцца з яе пазнейшымі вершамі.

Узяўся за пераклад Ю. Марцінкявічуса.

Як даўно я не пісаў сваіх вершаў!

13.V. Захварэла Любаша. Перад гэтым, у маю адсутнасць, упала і моцна пабілася. Я толькі сёння аб гэтым даведаўся. Намечана сустрэча з заходненямецкімі журналістамі. Пахаладала. Дождж. Цікавая статыстыка: зараз на адным з японскіх заводаў 67 чалавек рабочых выпускаюць за змену паўтары тысячы аўтамашын, што здзівіла нат міністра прамысловасці ЗША: «Як з імі канкураваць!»

18.V. А з Любашай — бяда. Тромбафлебіт не адразу распазналі дактары. Абяцаў абследаваць яе Пётр Маркавіч. Увайшлі мы з Любашай у паласу хвароб, з якіх не ведаю, ці ўдасца і выбрацца. Вару абед. Чышчу бульбу. Перакладаю Марцінкявічуса.

21.V. Заўтра партсход. Званіла В. Шчадрына. Пыталася, ці змагу прыехаць на юбілей М. Шолахава. Пісьмо ад В. Ражко. Цікавы з яго чалавек. Піша ўсім, хто чым павінен займацца: Я. Брылю — каб той адрэдагаваў яго ўспаміны, мне — каб памог іх выдаць. А як памагчы, калі гэтыя яго ўспаміны не маюць нічога супольнага з літаратурай, і друкаваць іх нельга. У сваіх паперах знайшоў некалькі рэпрадукцый выстаўкі фінскай прымітыўнай мастачкі А. Алярыэсты, на якіх адлюстраваны суровы быт жыхароў Лапландыі. Некаторыя з іх знаходзяцца на другой старане нашых уяўленняў, як, напрыклад, забойства сваіх дзяцей, каб толькі самім выжыць у галоднай, лядовай тундры.

Трагедыя ў А. Вялюгіна: жонка пакончыла з сабой, выкінуўшыся з акна сваёй кватэры.

Не паспяваю сачыць за прэсай. Відаць, прыдзецца скарыстаць парады Е. Дзімнета: «Не чытай добрых кніг! Жыццё закароткае. Чытай найлепшыя».

Хвароба Любашы не адступае. Ногі як налітыя волавам. Болі не даюць спаць. Не ведаем, што рабіць, бо ніякія лекі не памагаюць.

28.V. Сустрэў М. С. Арэхву. Пытаўся, каб удакладніць, калі польскімі уладамі быў закрыты беларускі сатырычны часопіс «Асва». Мне здаецца: у маі 1933 г. А найлепш запытаць у былога рэдактара П. Радзюка, які за гэты свой часопіс чатыры гады адсядзеў на Лукішках. Зараз ён — у Польшчы, працуе інспектарам тэхнічных школ у Шчэціне.

З1.V. Дзень нараджэння Іры і Веры. Пётр Маркавіч званіў у лечкамісію, прасіў свайго сябра неўрапатолага абследаваць Любашу. 3 кожным днём ёй усё цяжэй. Баюся, што і я звалюся з ног.

Недзе чытаў, што Вялікі Леанарда тры гады працаваў над сваёй «Джакондай» і, быццам, закончыўшы яе, сказаў, што не таго хацеў, што атрымалася.

У Гродне памёр доктар М. Марцінчык — адзін са старэйшых дзеячаў Таварыства беларускай школы, былы сябра Р. Р. Шырмы. У бальніцы ляжыць і Янка Хвораст — арганізатар нашых танцавальных кружкоў у Вільні, у Беластоку, у Гродне.

3.VI. У 10 г. раніцы забралі Любашу ў лечкамісію. Застаўся дома адзін, бо Сашава бабка з унукамі паехала на Нарач. Размарозіў халадзільнік, які ўжо стаў падобны на айсберг. Наглытаўся таблетак і ўзяўся за пошту. Чытаю і нічога не разумею. Як там Любаша? Званіў А. Вялюгіну. У ліпені спаўняецца 70 год Л. Геніюш. Здаецца, у восьмым нумары «Полымя» ідзе падборка яе вершаў.

Другая палова чэрвеня будзе страшэнна перагружана рознымі нарадамі, сустрэчамі, юбілеямі… Усё гэта было б нічога, каб дома было ўсё добра.

Саша з Юрам прывезлі з Нарачы кілаграмы тры нейкай рыбы. Шукаў у кухарскай кнізе, як варыць юшку, але не знайшоў. Паставіў на агонь. Можа, што і атрымаецца.

4.VI. Напісаў верш «Калі ў хлебе больш сілы, як хлеба…». Тэлеграма: 24-га пасяджэнне камісіі Вярхоўнага Савета СССР па ахове прыроды.

Баюся за Любашу. А самае крыўднае: усім нам яна заўсёды самаахвярна памагала, а мы нічым не можам ёй памагчы. Прывёз ёй крыху памідораў, яблыкаў. Выглядае стомленай і змарнелай.

Вечарам пазваніла, каб прынёс ёй індаметацын і бруфен. Гаварыў з яе доктарам Кацярынай Дзянісаўнай. Заўтра, казала, прыедзе на кансультацыю прафесар I. П. Антонаў.

9.VI. Ездзіў сёння з кіраўніком Літфонда СССР на будаўніцтва нашага Дома творчасці. Былі ў Н. Л. Сняжковай. Калі ўдасца нам пабудаваць гэты дом, трэба будзе паставіць помнік нашым кіраўнікам, без дапамогі якіх мы ніколі не пабудавалі б новы Парнас.

Усе нашы з малышамі ляцяць у Піцунду і на Каўказ. Так сёлета і не прыйдзецца пабываць на Нарачы. Прачытаў апошні нумар польскага часопіса «Паэзія», у якім надрукавана падборка вершаў літоўскіх паэтаў. Падборка мне не спадабалася. Відаць, рэдактары хацелі паказаць, што вершы літоўскіх паэтаў падобны да польскіх. Толькі ці варта гэта было рабіць, бо, як вядома, паэзія літоўская мае свой адметны, самабытны характар.

3 тыднёвіка «Культура» даведаўся аб смерці рэжысёра А. Форда, з якім мы перад вайной працавалі над экранізацыяй маёй паэмы «Нарач». У свой час шырока былі вядомы яго фільмы: «Шапэн», «Крыжакі», «Прыгранічная вуліца»… Апошнія гады ён эміграваў у Францыю, жыў у Парыжы. А ў Любашы настрой з кожным днём пагаршаецца. I я пачынаю губляць надзею на хуткае яе выздараўленне. Званіу Якуб Міско. I ён летась больш двух месяцаў перахварэў на гэты пракляты радыкуліт. I яшчэ потым доўга далечваўся ў санаторыі «Аксакаўшчына».

У СП была цяжкая гутарка з жонкай А. Якімовіча. Яна паказала мне пісьмо свайго мужа ў ЦК КПБ, у якім ён дамагаецца, каб яму прысвоілі званне народнага пісьменніка. Зараз яна патрабуе, каб яго пасмертна ўзнагародзілі ордэнам, устанавілі прэмію яго імя і г. д. Была ў Маскве ў Міхалкова, у ЦК, у A. Т. Кузьміна, у I. Антановіча. Бяда з гэтымі ўдовамі. Многія з іх пры жыцці так не глядзелі за сваімі мужыкамі, сварыліся з імі, а зараз патрабуюць ставіць ім помнікі, выдаваць пра іх успаміны, даваць назвы вуліцам, адкрываць музеі, мемарыяльныя дошкі…

Я ўжо казаў сябрам, што нам з Я. Брылём павязло: пасля нашай смерці ніхто ні іх, ні СП не будзе непакоіць, бо ў Мінску ўжо ёсць нашы вуліцы — Брылеўская і Танкавая.

12 VI. Сёння Любаша крыху лепш выглядае, хоць хвароба і не збіраецца адступаць. А над Мінскам прашумеў такі лівень, што многія вуліцы затапіла. Спыніліся трамваі, машыны. Званіла Людміла. Збіраецца наведаць Любашу. Трэба было параіцца з A. Т. Кузьміным, можа, удалося б выклікаць на кансультацыю славутага Касьяна, які, быццам, лечыць усе падобныя недамаганні. Бо ў такім стане, у якім яна зараз, няма як везці яе ў далёкую дарогу. Быў Максім. 3 нейкай небывалай для яго чуласцю гаварыў пра сваю маці.

Гаварыў з У. Караткевічам. Расказаў ён, у якіх цяжкіх умовах працуе Н. Кіслік. Невялічкая кватэра. Цесна. Можа, гарсавет пайшоў бы нам насустрач і пад гарантыйнае пісьмо СП згадзіўся дапамагчы ў гэтай справе — выдзеліць для паэта-ветэрана большую жылплошчу.

19.VI. Занёс Любашы крыху яблыкаў і бананаў, якія ўдалося раздабыць у сталовай Саўміна. Гаварыў з Кацярынай Дзянісаўнай, якая, на вялікі жаль, нічым мяне не парадавала. Вельмі дрэнна ў Любашы з пазванкамі. Пашкодзіла ёй яшчэ і тое, што яна двойчы ўпала і ў бальніцы. Зараз ёй ні горш ні лепш, і амаль ніякай надзеі на паляпшэнне.

Пазваніла Любаша, што са мною хоча пабачыцца прафесар I. П. Антонаў, які яе кансультаваў. Баюся, што ці ўдасца як вырвацца Любашы з кіпцюроў гэтай хваробы, якая прыкавала яе да ложка. Яна, відаць, і сама не ўяўляе ўсёй трагедыі, якая і яе і ўсіх нас спаткала.

Зварыў сабе абед, хоць на яду і глядзець не хочацца. Крыху прыбраў кухню і паспачуваў сваёй гаспадыні, якая штодзень была занята работай каля пліты і сямейнымі клопатамі. А дзень стаіць цёплы, сонечны. Хварэць у такі час — тое самае, што пакутаваць у турме, а мо і яшчэ горш.

26.VI. Вярнуўшыся з Масквы, пабег у лечкамісію. Уколамі занеслі Любашы інфекцыю. Паднялася тэмпература. Сёння будуць ускрываць гэтыя нарывы. Чорт ведае, што робіцца! Сёння пасля працэдуры з парафінам Любашы ўдалося заснуць. Прасіў рэктара універсітэта У. А. Белага ў сувязі з цяжкой хваробай маці даць Іры на тры месяцы водпуск за свой кошт, на што ён адразу даў сваю згоду.

Прачытаў досыць цікавую паэму Я. Янішчыц «Ягадны хутар» і трагедыю У. Караткевіча «Кастусь Каліноўскі». Парадавала і новая свежая падборка кубінскіх вершаў Р. Барадуліна. Пасля юбілейнага вечара, прысвечанага П. Броўку, з І. І. Антановічам абмяркоўвалі нашы арганізацыйныя справы ў СП. Каго ўзяць на месца I. Шамякіна? А мне, відаць, яшчэ дабавяць адну нагрузку — узначаліць Камітэт па Дзяржаўных прэміях БССР. Заўтра трэба ехаць на Віцебшчыну, на рэспубліканскі Дзень паэзіі.

27.VІ. Запісваю адрас лекара Касьяна: Палтаўская вобласць, гор. Кабалякі, вул. Кааператыўная, 9, тэл. 9-12-05. Запісваю, можа, прыйдзецца з Любашай ехаць да яго, бо стан яе вельмі цяжкі.

Упершыню мне ўдалося пабываць у купалаўскіх Ляўках і ў лынькоўскіх Крынках. Позна вярнуўся дамоў, поўны незабыўных уражанняў.

4.VII. Званіла Любаша. Як яна дабралася да тэлефона? Болі — казала — крыху сціхлі, толькі страшэнная слабасць. Без апоры не можа хадзіць.

Смяяліся ў ЦК, калі я на пытанне, колькі ў нас слабых, добрых і выдатных пісьменнікаў, адказаў, што ў нас слабых няма, а толькі добрыя і выдатныя.

9.VІІ. Быў у Любашы. Ніяк не могуць збіць тэмпературу. У палаце горача. Проста няма чым дыхаць. Прачытаў аб новай пагрозе чалавецтву — дэмаграфічнай бомбе. Кожны год колькасць насельніцтва на зямлі павялічваецца на 90 мільёнаў чалавек. Відаць, Мальтус быў бліжэй да ісціны, як яго апаненты — марксісты.

Перафразаванне старой пагаворкі: «Цяпер лягчэй знайсці іголку ў стозе сена, як дзяўчыну з іголкай».

10.VII. Застаў Любашу ў слязах. Болям канца не відаць. Ніхто не знае, як іх утаймоўваць.

Гаварылі з Бураўкіным. Ён згодзен прыйсці на работу ў СП, толькі да з’езда не хоча расставацца з сваім Камітэтам па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

У «Новом мире» цікавы і глыбокі артыкул А. Адамовіча.

Ёсць пісьменнікі, якім у вернасці клянуцца, але ўсё менш і менш чытаюць. Хто ў гэтым вінават? Школа?

Памёр Чарльз Сноў. Калісьці Нараўчатаў, Гулія і я гасцілі ў яго доме, пазнаёміў ён нас тады са сваёй жонкай Памелай — аўтарам шматлікіх расказаў для моладзі.

13.VІІ. Вярнуўшыся з паездкі на Нарач, наведаў Любашу. Застаў у яе Алю. Пачаў імгліць дождж. Сустрэў у лечкамісіі I. Я. Палякова i A. Т. Кузьміна. Відаць, і яны прыходзілі наведаць сваіх. Які пануры дзень! Трэба заглянуць у свае чарнавікі, мо там зачаплюся за які незакончаны верш. «Калі Бог хоча каго пакараць, — гаварыў Гжымала-Сядлецкі, — ажыццяўляе яго мары».

Прызнацца, у нас яшчэ няма твораў на меру сучасных падзей. Таўчом у ступе старыя ісціны. Пытанне: «Быць ці не быць?» калісьці стаяла перад самотным героем, а зараз — перад усім чалавецтвам.

Сёння ў мяне столькі розных спраў, што нат не знаю, з якіх пачынаць. Мо паслухаць парады мудрых: калі няма часу, сядзь і пасядзі. Аднойчы я гэта праверыў: кінуў усё і ўзяўся нешта пісаць. I нічога надзвычайнага не здарылася. Як і заўсёды, на другі дзень у свой час узышло сонца, ажылі вуліцы горада, прыйшла пошта, ажыў тэлефон, на пліце закіпеў чайнік.

21.VІІ. Відаць, і ноччу ішоў дождж. На дварэ велізарныя лужыны. Званіла Любаша. У яе, як у Рэмарка, без змен. Нага, як балела, так і баліць.

Сёння нікога не застаў на тэлефоне. Усе збеглі на алімпіяду.

23.VІІ. Кудысьці ўцёк мой сон. Устаў. Думаў, у начной цішыні, калі ніхто не перашкаджае, папрацую. Успомніў Я. Івашкевіча, які гаварыў, што «найцяжэй» падумаць аб старасці, што і другія пастарэлі. I яго горкае і, адначасна, жартаўлівае прызнанне: «Наканец, дарваўшыся да самотнасці, застаўшыся сам з сабой, сеўшы на тэрасе, сказаў сабе: ну нарэшце сам з сабой. Але, падумаўшы, прыйшоў да пераканання, што сам сабе я не маю што сказаць».

Так і я сёння, не маючы што сказаць, узяўся за апавяданні Дзіна Буцаці, а тое, «што бачыў, раскажу — па смерці» (А. Міцкевіч).

24.VІІ. Верачка прынесла Любашы ад Сашынай бабкі нейкую мазь, якая крыху прыгасіла боль, і яна ўпершыню заснула без снатворных таблетак і ўколаў. Можа, праз пару тыдняў выпішацца з бальніцы.


8.VІІІ.

Уплывы? За іх мне ніколі не сорам.

Я горды, што стаў вучнем волатаў божых,

I што сярод рыфмаў сваіх некаторых

Я рэха знаходжу, што грае прыгожа.

(Ю. Тувім)


Пераклад гэты трэба будзе яшчэ дашліфаваць. Але няма калі, пакуль што хай будзе і так.

Кожны дзень ездзім з Любашай у Бараўляны на электрапрацэдуры. Рыхтуемся да паездкі ў Прыбалтыку. Можа, нам удасца знайсці нейкі ратунак ад праклятага хандрыта, ад якога ўжо чатыры месяцы пакутуе Любаша. Ізноў — дождж. Ён ужо зусім звар'яцеў. Зараз стараюся пісаць, бо на дрогкай дарозе жыцця лопаюць усе надзьмутыя пухіры метафар, выгараюць на сонцы іх стужкі, рассыпаюцца іх бомы-шарахаўкі.

Агітавалі выступіць па тэлебачанні. Адмовіўся. Хай выступаюць артысты. Мая справа — пісаць, а не круціцца перад экранам. Быў у мяне настаўнік з Габ У. Лешак, які прынёс мне другі нумар падпольнага часопіса «Пралом» з маім вершам (люты, 1932 г.). Як ён ацалеў?

25.VIII. Прыехалі ў рыжскі санаторый «Вулдуры». Добра, што сустрэў нас на сваёй машыне галоўурач Мікалай Іванавіч і мы без прыгод дабраліся да сваёй «Беларусі».

Адразу пачалося наша хаджэнне па муках — па ўрачах і працэдурах. Сустрэлі тут А. Абуховіч, Я. Міско, А. Канцавую, В. Івашына.

Пад вечар выйшаў пазнаёміцца з морам, з чайкамі, з векавымі соснамі. 3 Якубам прайшлі аж да Дзінтары. Трэба будзе наведаць дом-музей Я. Райніса.

26.VIII. Цэлы дзень Любаша адпачывала ў палаце № 515. Чытаю П. Неруду, пра якога Г. Лорка пісаў: «Паэт бліжэйшы смерці, як філасофіі, бліжэйшы болю, як разуменню, бліжэйшы крыві, як чарнілу».

I неба за акном, як наш настрой: цяжкое, сцюдзёнае, асенняе. Хоць ты кідайся на яго з бізуном, як Дарый на бушуючае мора.

Чытаю пра смешную для мяне праблему — выкарыстанне вольнага часу. У мяне ніколі яго не было.

29.VIII. У нашу адсутнасць заходзіў Я. Хелемскі. Шкада, што размінуліся. Быў у П. К. Касача, ад якога даведаўся, што ў іх санаторыі Чацвёртага ўпраўлення ЛССР ляжыць цяжка хворы Жан Грыва.

За акном палаты стаяць ссутуленыя ад цяжару хмар чорныя сосны. Вечар.

30.VII. 3 Я. Міско хадзіў у Дубулты. 3 кожным днём у мяне расце трывога за здароўе Любашы. Болі ў яе не сціхаюць. У палаце — змрочна, сцюдзёна. Быў на ўзмор’і. Усю дарогу ўспамінаў цудоўныя радкі A. С. Пушкіна: «Прощай, свободная стихия…». Калышуцца сосны, якія, здаецца, плывуць і не могуць выплыць з туману.

6.ІХ. Кожны раз, калі хаджу вуліцамі Булдуры, захапляюся, як тут беражліва адносяцца да прыроды. Усюды чыста, прыгожа. Калі ў нас так будзе на Нарачы?

А на свеце ўсё больш і больш неспакойна. у туюцца да вайны. Гаварыў я аб гэтым з Паўлікам, калі ён гасціў у нас. Мяне здзівіў і не пераканаў яго генеральскі аптымізм.

Пішу верш пра агарод, у якім знайшла мяне маці. Сёння доўга сядзелі ў лесе — Любаша, Якуб і я. Якуб вельмі цяжка хворы. Аб гэтым яму не гавораць. Колькасць лейкацытаў у дзесяць раз перавышае норму. Вечарэе. Далёка пабліскваюць агні караблёў ды бартавыя агні самалётаў, якія чагосьці кружаць над морам. Учора на дарозе ваенныя патрулі чамусьці правяралі машыны. Відаць, нейкае, як кажуць, ЧП. Зайшлі ў буфет пагрэцца кавай. За суседнім столікам нехта грэўся больш гарачым трункам. Прыйшла на памяць любімая пагаворка нашага, святой памяці, аднавяскоўца Захаркі, якога забілі фашысты: «Піце, жылы, покуль жывы!»

14.ІХ. Так і не змог сёння палюбавацца на штормам успененую Балтыку. Ездзіў з Любашай у Рыгу да славутага лекара 3. В. Каавандзе, хоць і кажуць, што ўсе старанні медыцыны канчаюцца яе паражэннямі.

Дамоў! Хутчэй дамоў!

16.IX. I так, заўтра ў дарогу. Баюся, каб у сувязі з днём майго нараджэння Мікалай Іванавіч не пачаў нешта арганізоўваць, бо і Любаша хворая, і я, імяніннік, занядужаў. Відаць, прастыў. Кашаль. Даўно не адчуваў сябе так дрэнна.

18.IX. Позна ноччу цягніком Рыга — Кіеў вярнуліся дамоў. На стале — гара пісем, тэлеграм. Прыслалі запрашэнне на 275-годдзе Д. Гурамішвілі, заўтра — вечар Цітовіча і трэба сустрэцца з нашым беластоцкім госцем — С. Яновічам, а 20-га — свята камсамола, а там — безліч розных нарад, пленумаў…

23.ІХ. Зноў у Маскве. Амаль цэлы дзень давялося правесці ў паліклініцы літфонда. Набіў кішэні лякарствамі. На сакратарыяце сустрэў Пімена, Янку, Андрэя…

Абедалі ў рэстаране «Масква». Дзве з паловай гадзіны змарнавалі, пакуль нас абслужылі. Не ведаю, ці ўдасца нам, так працуючы, пабудаваць камунізм. Нідзе на свеце не бачыў такога марнатраўства часу.

27.ІХ. Званілі з СП, каб прыйшоў на ўручэнне медаля A. А. Фадзеева. Павіншаваў Любашу з днём нараджэння. Вечарам зайшоў I. Шамякін, які толькі што вярнуўся з ГДР. Калі нішто не перашкодзіць, заўтра лячу ў Іспанію.

28.ІХ. Мадрыд. Яшчэ не ўяўляю, якія мяне тут чакаюць прыгоды. Быў у мяне муж Людмілы Пятроўны, потым прыйшлі нейкія кансультанты з выдавецтва. Знаёмства з Іспаніяй пачаў з Прада: Эль Грэка, Гойя, Веласкес… Пякельная гарачыня. Ледзь жывы дабраўся да гасцініцы «Ландрэс».

1.Х. Грэнада. Прыгадаў святлоўскую «Грэнаду» і баладу А. Міцкевіча. Купіў сваім унукам пісталеты і наборы каляровых алоўкаў. Доўга блукалі па лабірынтах цудоўнага Маўрытанскага замка.

Вечарам прыляцелі ў Барселону. Гатэль «Новель». Сустрэлі нас граф Хуан Рамон і Хосэ Агусцін. Хуан Рамон выказаў жаль, што «Иностранная литература» не надрукавала ўсёй падрыхтаванай ім падборкі іспанскіх паэтаў. Зараз усе, каго скарацілі, крыўдуюць на яго, бо думаюць, што ён у гэтым вінаваты.

З.Х. Нешта ноччу грымела пад акном гасцініцы. Гаспадар магазіна кветак пабіўся з жонкай і павыкідаў усе кветкі на вуліцу.

Каралеўская плошча, на якой двор сустракаў Калумба. Санта Марыя дэль Мар. Вітрыны XII века. Музей Пікасо. Чортаў кашаль і ніяк не праходзіць мая прастуда. Бульвар Ромблат. Помнік Калумбу. Караблі: «Горад Бургас», «Санта Марыя». Танец Сардзена на вуліцах Каталоніі, які быў калісьці забаронены. Нацыянальная бібліятэка. Зала Сервантэса. На рынку — горы рыжыкаў! Арэна. Вуліцы Эстрамадуры, Сарагосы, Барселоны. Караблі на рэйдзе, фантаны, пальмы.

5.Х. Сустрэча ў гасцініцы з Хуанам Рамонам — перакладчыкам «А хто там ідзе?». Дамы ж выгнутымі лініямі. Францысканскі манастыр XIV века. Дом графа Гуэлі з залацістымі вокнамі. Дом Хуана Рамона за горадам з відам на горы. Былі ў кіно на фіьме «Кабарэні». Рэстаран «Паўночны вецер». Сустрэча з паэтам і міністрам культуры Альбертам Маментам. Прыём у Саюзе каталонскіх пісьменнікаў і ў доме ўрада. Фантастычны Палац музыкі Дэмініканэ і Пантанэ. Канцэрт ізраільскіх артыстаў. Гайдн, Шастаковіч, Бах. Сустрэча з Луісам Гайтасосам, які 15 год працаваў над сваёй апошняй аповесцю. Рэкламныя шчыты. Дамы з цёмнымі вокнамі.

8.Х. Паўднём ляцім у Мадрыд. Праводзіць нас Анна Марыя, якая толькі што вярнулася з Балгарыі. У дарозе сустрэў нас лівень. Ледзь прабілі заслону хмар. У пасольстве даведаўся аб трагічнай смерці П. М. Машэрава. Цяжка ўявіць, якая гэта для Беларусі вялікая страта. Ён быў адным з сапраўдных народных герояў, да якога ўсе ў нас — і не толькі ў нас — адносіліся з любоўю і пашанай. Прарочымі сталі апошнія словы Петруся Броўкі, сказаныя A. Т. Кузьміну: «Пільнуйце і аберагайце Пятра Міронавіча». Быццам ён прадчуваў, што яму нешта пагражае. Цяжка ўявіць, які велізарны цяжар гора лег на нашы плечы…

Зноў спыніўся ў той жа гасцініцы «Ландрэс». Я у нумары 404, Л. П. Сінянская — y 401.

9.Х. Сустрэча з дырэктарам выдавецтва Кутэзам, з драматургам Антоніа Буэра Вальеха. Дома ў яго на сценах шмат напісаных ім карцін, партрэтаў сяброў, з якімі ён калісьці сядзеў у франкісцкай турме і быў асуджаны да пакарання смерцю. Вельмі цікавая была сустрэча ў Таварыстве Іспанія — СССР.

11.X. Нейкія непаладкі з пасадкай на самалёт. Пошукі багажу. На гадзіну перапынак у Люксембургу. У 17 г. праляцелі над Мінскам. Шкада, што без прызямлення ў нас. Ляцім аж да Масквы. Каб можна было, спусціўся б на парашуце і быў бы ўжо дома.

12.Х. Мінск пасля пахавання П. М. Машэрава застаў у жалобе.

17.Х. Сёння на пленуме СП Н. С. Гілевіча зацвердзілі першым сакратаром. Заўтра зноў еду ў Маскву. Званіла Софія Захараўна. Прасіла падабраць кнігі для школьнай бібліятэкі імя М. Ц. Лынькова.

25.Х. Вярнуўшыся з Масквы, наведаў сваіх пількаўшчан. Пахадзіў па знаёмых сцежках, якія шмат дзе пазарасталі непралазным лесам, кустамі. На полі стаіць непрыбраны лён. Няма каму прывесці яго да ладу, бо толькі некалькі баб засталося ў вёсцы, якія лічацца ў рабочым актыве калгаса.

26.Х. Прагноз пагоды: заўтра — 10° марозу. Колькі загіне гародніны, бульбы, буракоў! Аж сэрца баліць, калі падумаеш аб хранічных непаладках у нашай гаспадарцы.

28.Х. Выпаў першы снег. Напісаў для «Лит. газеты» пару слоў пра Е. Путраманта, якому гэтымі днямі спаўняецца 70 год. I ўзяўся за катаржную работу — пісанне віншавальных паштовак, тэлеграм.

2.ХІ. Званіла Н. Шчасная, каб я даў сваю ацэнку напісанаму ёю партрэту, бо выставачная камісія яго забракавала. Я адмовіўся ўмешвацца ў гэту гісторыю і аспрэчваць рашэнне камісіі. Цяпер будзе на мяне злаваць. Але інакш я паступіць не мог. В. А. Грамыка абяцаў супакоіць яе.

Гасцілі ў нас дома В. Жыдліцкі, Н. Гілевіч, Я. Семяжон, А. Вярцінскі.

6.XI. Рыхтуюся да выступлення на блокаўскім вечары, якое дамоклавым мячом вісіць над маёй галавой. Няма ратунку ад бясконцых юбілейных выступленняў, прамоў. Стаў падобны да чэхаўскага вясельнага генерала.

9.ХІ. 3 Ленінграда вярнуліся нашы вандроўнікі. Усе, нат дзеці, у захапленні ад свайго падарожжа. Вечарам былі Пётр Маркавіч і Аля. Прывезлі са свайго саду кошык яблык. Расказвалі, колькі нявыкапанай бульбы засталося на полі. Аж глядзець не хацелася на парадную святочную тэлеперадачу. Заўтра пленум ЦК КПБ. Потым — сесія ВС БССР. Далей — юбілей А. Макаёнка, пленум па драматургіі, блокаўскія вечары ў Маскве і ў Мінску, з’езд пісьменнікаў РСФСР… Можна звар’яцець. Добра, што хоць прыйшоў у СП Н. Гілевіч, які актыўна ўключыўся ў нашы справы. Праўда, I. Шамякін больш быў спрактыкаваны, як усе мы разам узятыя.

14.XI. Зноў Любаша чуецца горш. Раіць Н. В. Каменская звярнуцца да дактароў Маскоўскай акадэмічнай паліклінікі. Запрашае У. Караткевіч на свой літаратурны вечар, які адбудзецца 28-га гэтага месяца. Шкада, што я ў гэты час буду ў Маскве.

15.XI. Сніліся нейкія вогненныя птушкі, навальніцы з перунамі, якія білі ў наш нарачанскі громаадвод.

Званіў Я. Скрыгану. Павіншаваў яго з 75-годдзем. Па тэлефоне В. Я. Крукаў: «Яўген Іванавіч, з вамі будзе гаварыць Пётр Міронавіч…» Потым паправіўся. Гаварыў я з Ціханам Якаўлевічам, папрасіў яго, каб ён перад з’ездам прыняў нас, сакратароў, бо мы хацелі б параіцца ў некаторых сваіх пісьменніцкіХ справах.

21.XI. Быў на сустрэчы з вучнямі 21-й сярэдняй школы. Праслухаў досыць нудную лекцыю ў ЦК. Запрашае да сябе I. Навуменка. Што там у яго за нагода? Купіў на рынку кветак, грыбоў за 65 рублёў і для Сярожкі — арэхаў.

22.ХІ. Учора позна з Любашай вярнуліся з гасцей.

Іван Якаўлевіч падарыў мне «Біблію». Трэба яшчэ недзе дастаць «Каран» і «Талмуд», каб грунтоўна папоўніць свае веды ў галіне старажытнай міфалогіі. Чытаю новыя вершы Ч. Мілаша.

Званіла К. Шавялёва. Шукае, хто б напісаў рэцэнзію на яе ўспаміны пра П. М. Машэрава. Калі яна паспела іх напісаць і выдаць? Пахвалілася, што яна сакратар СП РСФСР. Праўда, «Пан Тадэвуш», закончаны А. Міцкевічам у студзені 1834 г., выйшаў з друку ў чэрвені гэтага ж года. Можам толькі пазайздросціць, як раней хутка выдаваліся кнігі. Ды і мае першыя зборнікі друкары І. Баеўскага ці М. Багаткевіча i В. Труцькі выдавалі за нейкіх пару тыдняў.

І.ХІІ. Гаварыў па тэлефоне з Ц. Я. Кісялёвым. Ён удакладніў, калі юбілей I. Шамякіна. Казаў, што падпісаў дакументы аб яго ўзнагароджанні. Абяцаў пасля Новага года сустрэцца з кіраўніцтвам нашага СП.

5.ХІІ. Перад ад’ездам у Маскву паспеў пабываць на выстаўцы работ нашых мастакоў. Агульнае ўражанне досыць добрае. Прыкоўваюць да сябе ўвагу гледачоў палотны Сумарава, Анікейчыка, Кішчанкі, Лазоўскага, Рамановіча, Азгура, Ціхановіча, Верам’ева («Рабіна»), Багутэвіча («Трывожныя дні нашых бацькоў»), Марачкіна («Партрэт Т. Бондар»). Нешта не пакінула ўражання карціна Савіцкага «Хлеб» і скульптура Анікейчыка (партрэты М. Лынькова, Я. Купалы, які быццам спіць). Цудоўныя габелены Сухаверхава «Лён» і Бондар «Летні дождж». Варты ўвагі работы Дуброва «Партрэт бацькі», «Жанчына з Палесся», Смалякова «Кірыла Тураўскі», Шаранговіча, Купавы, Аўрамчыка і графіка Басалыгі.

Не ведаю, чаму не хацелі выстаўляць партрэты Шчаснай. Партрэты арыгінальныя, цікавыя ў колеры.

13.ХІІ. Адліга. Ледзь дабраўся да сваёй Пількаўшчыны. Пачаставалі там нас свежанінай. Яшчэ і на дарогу далі.

Усё было б добра, каб не было так трывожна на свеце. А мы ўсё пішам лірычныя, элегічныя, сентыментальныя вершы — сялянкі, дохлыя рамансы, бадзёрыя і пустазвонныя агіткі, калі да канца свету, можа, сталіся лічаныя гады, месяцы, дні…

Раней лягчэй было быць аптымістам. Тады катастрафісты былі з’явай прадчаснай, моднай з чарговых літаратурных плыняў т. зв. авангарда.

Прачытаў паэму В. Зуёнка «Маўчанне травы». Рэч арыгінальная, напісаная харошым вершам і сакавітай мовай.

20.ХІІ. Выйшаў цікавы нумар «Літаратуры і мастацтва», прысвечаны юбілею М. Гусоўскага. Да ўсіх клапот прывязалася яшчэ і ангіна. Два дні тэмпература трымалася на вышыні 38°.

Мы часта гаворым і пішам аб развіцці мастацтва, літаратуры, хоць пераканаўчых доказаў гэтаму я не бачу.

3 сучаснай «малітвы»: «Маці Боская, ты зачала без грэху, а мне дай грашыць без зачацця».

Мяне менш дзівіць тое, што савецкія пісьменнікі не проціставіліся культу Сталіна. Зразумела, што ў гэтым не апошнюю ролю адыграў і страх, які «першы стварыў Бога» (Стацыус). Але чаго маглі баяцца Ман, Нексэ, Ралан, Шоў, Цвэйг, Хемінгуэй, Бранеўскі, які пасля арышту і ссылкі прысвяціў Сталіну сваю паэму, і многія, многія іншыя?

26.ХІІ. Гутарыў з I. Шамякіным. Зноў — казаў на партсходзе Ніл Сямёнавіч намякаў на розныя закулісныя махінацыі ў СП пры размеркаванні кватэр. Ну і дзівак! Лічыць, што толькі ён — самы, самы» самы…

27.ХІІ. У невясёлым настроі сустракаем Новы год. Дрэнна сябе адчувае Любаша. Не памагаюць ніякія ўколы, масажы, таблеткі. Часта застаю яе ў слязах, хоць яна ў нас — найбольш мужная, цярплівая. Прывезлі нам з Каралішчавіч дзве ёлачкі. Адну — аддалі Дзяніску, другую — Сярожку. Быў на пахаванні нашага шматпакутніка, паэта з Божай ласкі і надзвычай сардэчнага чалавека, якім быў Сяргей Дзяргай.

I я нічога не мог выдумаць лепшага, як расхварэцца пад Новы год. Іра для сваёй сяброўкі просіць дастаць білет у Ерэван.

Чорная паласа дыму над комінам электрастанцыі жалобнай стужкай перакрэсліла шэрае неба, яшчэ больш узмацняючы мой сумны настрой.

А тут — званкі, званкі… Зрываюся, слухаю розную белібярду.

30.ХІІ. На дварэ — плюсавая тэмпература. Можа, зіма рыхтуецца, каб вясной паказаць сябе. I раней — я помню — былі ў нас такія зімы, што з незамерзлых балот не маглі вывезці стагі сена. Аднойчы на Новы год у нас на Плесах, у Нявераўскім і на бабінай вярбе на дрывотні прадчасна нават папрачыналіся коцікі.

Чамусьці ўспомніў цудоўны плакат Т. Трэнкоўскага, напісаны ў 1955 г. з нагоды шапэнаўскага конкурсу: зямля клавішы раяля, перакрэсленыя чарадой плакучых мазавецкіх вербаў. В. Кажэўнікаў прыслаў пісьмо: «Знамя» прэміравала мяне за апошнюю падборку вершаў. Дзень завяршаю чытаннем такіх гарэзлівых польскіх фрашак, як:


I буду скакаць я молада, задорна,

Хоць звісае срака, як у млыне жорны.


31.ХІІ. Апошні дзень старога года. Павіншаваў Ніла Сямёнавіча з прысуджэннем яму Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы. Потым прыехалі з лечкамісіі Валянціна Антонаўна і медсястра з банкамі. Прыехаў У Мінск А. Баршчэўскі. Трэба будзе мне з ім сустрэцца, хоць дактары загадалі ляжаць і не рыпацца.

I так, канчаецца яшчэ адзін засушлівы год нашай паэзіі. Справа не ў тым, што не было добрых вершаў, напісаных па-майстэрску. Мала было вершаў, якім суджана сустрэць не толькі гэты год, але і наступныя.


1981


2.І. Учора на абед сабраўся ўвесь наш «калгас. Распілі пару бутэлек віна і бутэльку віскі, якую падарыў, вярнуўшыся з Амерыкі, Барыс Сачанка. Бутэлька надзвычай прыгожая і больш спадабалася маім гасцям, як віскі.

Прысніўся мне сёння П. Сергіевіч. Быццам мы сустрэліся з ім на нейкай выстаўцы ля знаёмых палоцен Рушчыца, Пранашкі, Слядзінскага, Раўбы... I раптам пачалі ападаць сцены ратушы, і мы патанулі ў дыме, у пыле руін. Хаця б з ім чаго не здарылася.

3.І. Ніяк не магу расстацца са сваёй прастудай. Начытаўся турпістаў. Не ў захапленні я ад культу брыдоты, як і ад культу прыгажосці. У жыцці ўсё гэта існуе побач, як жыццё і смерць.

I так, мы ўступілі ў новы год. Відаць, і ён будзе не з лёгкіх, бо шмат пакінуў у спадчыну нявырашаных праблем і канфліктаў.

5.І. Літоўскія сябры запрашаюць прыехаць на іх з’езд пісьменнікаў. Я. Гушча прыслаў паштоўку, поўную горкіх, скептычных выказванняў аб падзеях у Польшчы. Відаць, там усё больш рвецца да ўлады клерыкальнае і нацыяналістычнае падполле. А партыя канчаткова сябе абюракраціла і скампраметавала. Дачытаў аднатомнік В. Брусава. Многа ў ім інтэлекту, але мала сэрца і пачуцця.

Каб крыху паправіўся, трэба было б наведаць хворага сына Ю. Хапалаева.

24.І.

Любоў — гэта той жа парасончык:

Засланяе другіх,

А сама прамакае да ніткі.

(Серватвар Дала Саксан)


Нешта даўно не атрымліваю польскіх часопісаў і газет, хачу пазнаёміцца з апошнімі творамі Ч. Мілаша, Слушна калісьці гаварыў Б. Шоў, што Нобелеўскія прэміі заўсёды прысуджаюцца супроць некага. Відаць, тут не апошнюю ролю адыгралі і падзеі ў Польшчы. Зараз Мілаш узяўся перакладаць «Біблію».

Па тэлефоне гутарыў з Ц. Я. Кісялёвым. Казаў, што I. Шамякіну прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Трэба будзе павіншаваць яго. Паслязаўтра пачынаецца з’езд КПБ.

У дзённіках I. Мележа знайшоў запіс пра «Шаноўнага», пра якога я чуў ад свайго дзеда і калісьці расказваў Івану Паўлавічу. Гэту мянушку я выкарыстаў яшчэ ў сваёй паэме «Янук Сяліба» (1943 г.):


— Дык вось, шаноўны,

зноў пачаў Шарон.

(Даўней блізкіх шаноўнымі зваў ён…)


Агулам, дзённік I. П. Мележа гаворыць аб тым, што ён карпатліва збіраў усё, што чуў і бачыў. Запісваў нат і тое, што можна было і не запісваць, як: «Паэзія — парывісты вецер. Гоніць пыл па дарозе». Можа, так і трэба, каб не прапусціць нешта вартае ўвагі, што можа некалі прыдацца. А цікавага ў яго запісках — шмат.

30.І. Быў на юбілейным вечары I. Шамякіна, які прайшоў цёпла і ўрачыста. Афіцыйным было слова Івана Пятровіча. Відаць, не было калі юбіляру падумаць над ім, сабрацца з думкамі. Заўтра яшчэ прыём. Можа, на пару гадзін удасца і Любашу адарваць ад дамашніх спраў.

5.ІІ. Выступаў на трактарным заводзе. Пазнаёміўся з братам М. Дворнікава. Працуе на чыгунцы. Просіць дапамагчы яму прыпісацца ў Мінску. Пісьмо ад Карнавуха. Ніяк не можа ўладкавацца ў бальніцы. Заўтра зноў трэба недзе выступаць. «Литературная газета» раскрытыкавала А. Савіцкага, Л. Гаўрылкіна, У. Дамашэвіча. Прыходзіў Я. Давідовіч, просіць дапамагчы перавесці дачку ў вячэрнюю школу.

А на дварэ разгулялася завея. I свету не відаць.

13.ІІ. Адсвяткавалі юбілей I. П. Мележа. Выступалі на вечары С. Сартакоў, А. Адамовіч, С. Залыгін, Я. Брыль… Атрымаў цікавае пісьмо ад сына Макса Зінгера, які прыслаў успаміны свайго бацькі пра Я. Купалу, з якім, помню, ён сустракаўся ў першыя дні вайны.

Аднекуль з глыбіні памяці ўсплылі радкі Р. М. Рыльке: «Той, хто сёння самотны, доўга будзе самотным».

3 Пількаўшчыны прывёз падручнік арыфметыкі А. Малініна i К. Бурэніна, па якім рыхтаваўся да экзаменаў у гімназію. Дастаўся мне гэты падручнік у спадчыну ад дзядзькі Ціхана. Многія старонкі яго заліты ёдам. Гэта пры адступленні пад Ржэвам нямецкі асколак разбіў на плячах яго куфэрак з лякарствамі. Добра, што тады сам ацалеў.

6.ІІІ. Вярнуліся з Любашай з Масквы. Былі на кансультацыі ў розных дактароў. Але і яны нічога не памаглі. А дома — няспынныя тэлефонныя званкі. Усе просяць расказаць аб з’ездзе партыі. А пра што расказаць, калі газеты шырока яго асвятлялі. Р. Дабравольскі піша, што памерла Я. Бранеўская. Пераклаў некалькі вершаў М. Паўлікоўскай-Яснажэўскай. Прачытаў цікавую паэму, прысвечаную смерці А. Ульянава. А. Ожуг піша ў сваёй анатацыі, што яе мог напісаць ці Б. Пілсудскі, ці Т. Пашкоўскі. Першы быў асуджаны на 15 год катаргі, другі — на 10. Трэба было б гэту паэму перакласці.

24.III. Сярожка ўключыў тэлевізар, калі перадавалі цудоўную песню італьянскіх партызан «Чао-чао-чао!». Помню, як натхнёна гарыбальдзійцы яе спявалі Ў таверне на беразе Адрыятычнага мора.

Трэба было б пазнаёміцца а творамі Т. Венцлавы. Мілаш прысвяціў яму ў эміграцыйным друку цыкл сваіх нарысаў.


Страта родных аколіц і айчыны

Такая рамантычная.

Так, нарэшце, споўнілася мая малітва.

Вучня гімназіі, выхаванага на прароках,

Просьба аб велічы, гэта значыць аб выгнанні.

(«Зорка Палын». Ч. Мілаш)


30.ІІІ. Палітычная сітуацыя ў Польшчы ўсё больш і больш ускладняецца. Здаецца, Гётэ ненавідзеў рэвалюцыі. Грэцыя цэлы год насіла жалобу па Байране. У нас на другі дзень забылі б аб яго смерці. Справа Дрэйфуса абышла ўвесь свет. На яе адклікнуліся віднейшыя людзі таго часу, а вось генацыд у Лaoce, трагедыя Чылі, В’етнама хутка адышлі ў гісторыю.

31.ІІІ. На тэлеэкране — кадры вясны. Прыгадаў ранейшыя птушыныя кірмашы над нашай Шыпоўкай, якая кожную вясну залівала балоты, размывала грэблі, рвала масты, днём і ноччу шумела, звінела, булькатала. Каб не бачыў і не чуў усяго гэтага, сёння не паверыў бы, што некалі такой была вясна.

3. Федэцкі ў сваёй рэцэнзіі піша пра маю паэму «М. Дворнікаў», што я ўключыў у яе перакладзеную песню Яна Выкі. Ён не заўважыў, што слова «знаць» не азначае, што яе напісаў Я. Выка. Аўтарам гэтай песні з яўляюся я. А Выку я ўспомніў, бо ён тады быў адным з вядомых паэтаў, і яму прыпісалі аўтарства, як і мне прыпісвалі часта вершы, якіх я ніколі не пісаў.

3.IV. Быў у ЦК. Прасіў, каб мяне, у сувязі з дрэнным станам здароўя, вызвалілі ад пасады старшыні СП. Але A. Т. Кузьмін і гаварыць не даў на гэту тэму. Давядзецца, відаць, прасіць хлопцаў, каб забалаціравалі пры галасаванні, за што паставіў бы ім бочку піва ці нечага мацнейшага.

6.IV. Усе члены сакратарыята былі на прыёме ў Ц. я. Кісялёва. Пры гэтым прысутнічалі У. I. Бровікаў A Т. Кузьмін i І. І. Антановіч. Спадзяемся, што ўдасца да з’езда СП вырашыць некаторыя кватэрныя і выдавецкія справы, палепшанне ўмоў працы рэдакцый і паскарэнне будаўніцтва нашага Дома творчасці ў Іслачы.

9.ІV. Відаць, найлепшай маёй школай была Пількаўшчына. Там я вывучаў мову, знаёміўся з жыццёвай філасофіяй яе людзей, палюбіў працу, стаў паэтам. Успомніў пагаворку свайго дзеда: «Вялікаму пану і сабаку ўсё можна».

Р. Грэўдэр апісвае гульні асвенцімскіх дзяцей: «Давайце гэтых свіней!» — I дзеці падпальваюць піраміду лялек.

11.IV. Быў на маскоўскім магільніку. Наведаў сваіх былых сяброў. Мой год нараджэння даўно ўжо красуецца на многіх помніках. Дрэнна сябе адчуваю. Відаць, зноў прыйдзецца класціся ў бальніцу.

15.ІV. Закончыўся з’езд СП БССР. Выбралі тое ж кіраўніцтва, што і было. Галасы размеркаваліся так: супроць мяне — больш 30, супроць Н. Гілевіча — 80, супроць I. Чыгрынава — 100. Нат I. Шамякіну, які ўжо не працуе ў апараце СП, — больш 40, і нават некалькі галасоў супроць К. Крапівы.

Бачыў Ларысу Геніюш. Дамовіліся з Данутай Бічэль, што яна падрыхтуе для «Полымя» новую падборку яе вершаў. Прачытаў паэму Р. Гамзатава «Востраў жанчын». Паэма даўжэзная і досыць нудная. Пісьмо ад В. Жыдліцкага. Шкада, што не змог прыехаць на наш з’езд СП. Абяцае прыехаць у маі.

26.ІV. Вялікдзень. Дзень выдаўся сонечны. Паштоўка ад I. Чэкіса: памёр у Варшаве Кекштас, з якім калісьці разам сядзелі на Лукішках. Шмат адпакутваў ён у сваім жыцці. Усе пасляваенныя гады пасля ранення ляжаў прыкуты да шпітальнага ложка.

А. Вялюгін прачытаў мне па тэлефоне пісьмо Пятра Міронавіча, копію якога даў яму М. Нагнібеда. Пісьмо хвалюючае. Відаць, гэта было яго апошняе пісьмо.

4.V. Быў у Каралішчавічах. Прывёз ад П. Стэфановіча падарак — бутлю бярозавага соку. Ён там арганізаваў цэлую фабрыку ў лесе. Прачытаў Л. Мартынава. У нас такі зборнік раскрытыкавалі б, а тут у анатацыі: «Аўтар у кнізе “Залаты запас” выступае як цікавейшы субяседнік, чыя памяць фенаменальная, а круг інтарэсаў невычарпальны». Мо я ўжо з глузду з’ехаў, што нічога гэтага не заўважыў.

10.V. Вярнуўся з Нарачы, дзе правёў два дні, капаючыся ў агародзе. Пачынаюць цвісці сады. Шкада, што ў гэты час буду ў Маскве ці ў Барвісе. Дачу нашу аблюбавалі дзятлы, ластаўкі, чмялі, асвянкі, ад якіх восенню няма ратунку, а зімой — мышы.

Гартаю зборнік С. Нараўчатава, вылучаны на Дзяржаўную прэмію. Вельмі ж даўжэзныя і шматслоўныя вершы:


В недостижимом дымном зазеркалье,

Под времени знобящий перегуд…


3 усіх зборнікаў паэзіі найбольшай увагі заслугоўвае зборнік П. Панчанкі. Потым ідзе — Шукурло, потым…

Званіў дамоў. Казалі, прайшоў добры дождж. Зараз трэба, каб ён праходзіў хоць раз у тыдні, бо меліяратары так перасушылі зямлю, што яна хутка ператворыцца ў пустыню.

15.V. Надпіс на клінапіснай табліцы, якой больш за 2500 год: «Я Кір, цар Свету… Святым гарадам, па другой старане Тыгра, святыні, якія доўгі час ляжалі У руінах, вярнуў пышнасць, багам, якія ў іх жылі, памог туды вярнуцца».

Якая ў гэтых старажытных словах магутная паэзія!

16.V. А. Севярыні прыслаў сваю новую паэму. Трэба было б яе нам перакласці. Была «Пахвала дурноце». Пара было б нам напісаць «Пахвалу бяздумнасці» або «Пахвалу абыякавасці».

Здаецца, X. Л. Борхес любіў чытаць слоўнікі. I сапраўды, іх чытаць цікавей, як нейкія нашы раманы ці паэмы. Поўнач.

17.VІ. А. Юшчанка прыслаў свой зборнік вершаў і зборнік вершаў для дзяцей П. Тычыны, у якім змешчана і мая «Казка пра музыку». А я і не ведаў, што ён яе пераклаў. Заходзіў Рэп’ях Сцяпан. Прыехаў да К. Гоцка лячыцца. 3 былой падпольшчыцы стала наша Клаўдзія славутым народным лекарам.

5.VІІ. Два тыдні прападарожнічаў: Масква — Вільнюс — Масква — Мінск. На з’ездзе пісьменнікаў у Маскве сустрэўся з Е. Путрамантам і 0. Міхальскім.

23.VІІ. Паэзія — казачная птушка. Пры самым неасцярожным набліжэнні да яе — знікае. Выйшаў апошні том збору маіх твораў. Цяпер бачу, што не трэба было ў яго ўключаць многіх слабых вершаў і розных сваіх выступленняў на з’ездах, пленумах, юбілеях. Усе яны падобны да пустазвонных тостаў.

Валя Куляшова хоча, каб на старой іх кватэры быў адкрыты музей бацькі. Не ведаю, як гэта нам удасца.

К. Сцепанян у сваім артыкуле («Лит. газета») прыводзіць залатыя словы Я. Баратынскага: «Дараванне ёсць даручэнне. Яго трэба выконваць». У гэтым жа нумары прачытаў і выдатныя вершы Танзілі Зумакулавай.

28.VIII. Памёр выдатны Паэт, Чалавек, Баец — А. Пысін. Адышоў пад жалобны асенні дождж, які трэці дзень плача за акном.

Пахаладала. Шмат гасцей прыехала на Дзень паэзіі, прысвечаны М. Багдановічу.

Трапіў Максім у аварыю. Добра, хоць сам ацалеў.

Пераклаў цудоўны верш Платона Варанько «Лебедзі, вяртайцеся дадому» і пазнаёміўся з выдатнымі перакладамі Б. Спрынчана маіх вершаў. He Mary пагадзіцца з О. Уайльдам, што мастацтва павінна быць прыгожай хлуснёй. 3 неспакоем думаю аб няў’мольным набліжэнні свайго 70-годдзя. Паводле элінаў — гэта самая разумная мяжа жыцця. Баюся, што нам з Любашай цяжка будзе перахварэць юбілейную мітусню. I так хапае розных трывог.

8.ІХ. Чытаю ў Мілаша пра 6еларусаў, «вядомых з пасіўнасці, бязраднасці і пакоры перад лёсам». І гэта піша чалавек, які не мог не чуць пра бясконцыя выступленні, забастоўкі, працэсы, збройныя выступленні ў былой Заходняй Беларусі. I далей: «Прызнаюся, што беларусы для мяне застаюцца загадкай». Блізарукасць ці то вялікапанскае засляпенне ў адносінах да беларусаў, якое і сягоння дае аб сабе знаць.

Гаварыў з Б. Я. Емяльянавай, каб памагла падшукаць нейкую работу для Дануты Бічэль-Загнетавай — работу, якая б не забірала ў яе столькі часу, як яе работа ў школе.

Юбілей Гусоўскага звярнуў увагу нашых даследчыкаў на лацінамоўную літаратуру, ад якой у нас як мага раней усе адхрышчваліся. У сярэднявеччы гэта мова памагала многім пісьменнікам і асветнікам выходзіць у шырокі свет. Праўда, у часы зараджэння нацыянальных літаратур яна не асабліва спрыяла іх развіццю, у чым дапамагаў ёй і каталіцкі клер.

Кожная эпоха мела свае дзівацтвы. Ніцшэ на каленях перапрашаў каня за ўдары яго пугай. Ясенін ездзіў на карове па Парыжы, Маякоўскі… Еўтушэнка… Караткевіч…

Сяджу над перакладамі, якія лічу істотным дапаўненнем да сваёй творчасці. I не толькі да сваёй. Цікава, што ў іспанскай мове бязмежная колькасць асанансных рыфм. На адну ці на дзве рыфмы можна нанізаць шмат радкоў. Вось тут і гавары аб дакладнасці перакладаў.

Есць для нашага брата спакуслівая небяспека — падабацца і быць на пабягушках у моды.

Пакрыўдзіўся I. Чыгрынаў, што яго намалявалі ў «Маладосці». А паколькі ён, — казаў С. Законнікаў, — пісьменнік усесаюзнага маштабу, будзе скардзіцца і рабіць захады пакінуць рэспубліку і абаснавацца ў Маскве. Божа, колькі той фанабэрыі! Адзін збіраўся перасяліцца на Волгу, другі у Вільнюс, трэці…

17.ІХ. Ездзіў на Нарач. Вецер. Усё возера ў белых грэбнях хваль. Каля аўтобуснага прыпынку зламаная таполя забарыкадавала дарогу.

Ц. Я. Кісялёў i A. T. Кузьмін павіншавалі з днём нараджэння. Як яны мяне тут знайшлі ў гэтай глухамані? Я часамі не магу сазваніцца з Мядзелам. Ціхан Якаўлевіч парадаваў добрай звесткай аб узнагароджанні Н. Гілевіча ордэнам.

I так, канчаецца мой сёмы дзесятак пад шум ветру, дажджу і Нарачы.

18.ІХ. Статыстыка: у Парыжы 10 тысяч мастакоў, 400 выставачных галерэй, столькі кінатэатраў, 80 розных узнагарод… Ёсць над чым падумаць нашым культуртрэгерам.

21.ІХ. А. Разанаў зноў ублытаўся ў нейкую гісторыю. Ну і дзівак! Выдавецтва забракавала яго зборнік. Зноў трэба ісці за дапамогай да A. Т. Кузьміна. Мо заўтра ўдасца з ім сустрэцца на пленуме ЦК.

3 трывогай сочым за падзеямі ў Польшчы. Відаць, да развязкі там засталіся лічаныя дні. Вось табе і «вечная дружба» і «Сто лят!». Рэакцыя ўжо заклікае: «Вешаць чырвоных!»

23.ІХ. Памёр М. Хонінаў. Трэба было б пад’ехаць на яго пахаванне. I Беларусь і Калмыкія ніколі не забудуць свайго героя і паэта.

Прыйшло пісьмо ад М. Таўбэ, які зараз адпачывае ў Хісары. Запрашае прыехаць у Маскву на літаратурны вечар, прысвечаны Турсун-задэ.


Вершы мае меліся быць

Мяккія, як валасы жанчыны,

Барвовыя і лётныя,

Як каляровыя бліскавіцы.

(У. Бранеўскі)


У нас, каб далі спакойна пісаць, трэба мець не толькі паперу і аловак, але і інфаркт, і выключаны тэлефон. I я ад Тракля заразіўся скептыцызмам.

Прачытаў нарыс В. Жука пра нашага сваткаўскага настаўніка М. А. Пашкевіча. Які гэта быў цікавы чалавек, выдатны выхавальнік, любіцель літаратуры, паэт. Шкада, што так хутка адышоў ад нас. Ён некалькі раз прыязджаў у Пількаўшчыну, і бацькі мае з захапленнем пашанай гаварылі аб ім.

23.ІХ. У Федзевым садзе гара яблык. Казаў, з нейкай канторы абяцалі прыехаць і забраць, заплаціўшы па 10 капеек за кілаграм. I гэта яшчэ — па блату.

26.ІХ. Каторы дзень, не адрываючыся, чытаю і перачытваю пераклад Б. Тарашкевіча паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Сёння пераклад гэты ў нейкай меры ўстарэў. Але калі ўлічыць узровень нашай літаратуры таго часу і ўмовы, у якіх знаходзіўся перакладчык, ва ўсёй велічы паўстае перад намі подзвіг Б. Тарашкевіча. Шкада, што да гэтага часу не ўдалося адшукаць яго пераклад «Іліяды», які недзе падчас вайны загінуў.

27.ІХ. Дзень нараджэння Любашы. Усю ноч, казала, не магла заснуць. А зараз стаіць ля пліты, нешта смажыць, бо могуць прыйсці яе віншаваць. Памагаю ёй. Купіў на рынку кветак, капусты, буракоў. Прымалі ў СП мангольскага паэта Жамбарн Пурэва і генеральнага консула ПНР Барнатака.

Зараз у нас асаблівай папулярнасцю карыстаюцца замежныя аўтары, хоць сярод іх не менш нудных, як у нас. Нобелеўская прэмія — не знаю, як самога Мілаша, але яго адаратараў зусім ачмурыла.

2.Х. Прыехаў А. Лебедзеў (В. Струмень), каб сфатаграфавацца з Я. Брылём і са мной… Ну і дзівак! Ён зараз — на пенсіі, і яму здаецца, што ва ўсіх нас столькі свабоднага часу, як у яго.

3 непакоем сачу, як наша балбатня перараджаецца ў хранічную хваробу.

Хтось падмеціў цікавы факт, што шмат год у мінулым стагоддзі амерыканскія паэты, якія не выязджалі за межы сваёй краіны, з захапленнем пісалі аб спеве салаўёў і жаўрукоў, якіх у ЗША няма. Проста яны паўтаралі сваіх еўрапейскіх калег. 3 малых год у мяне сядзіць комплекс нясмеласці, бо я заўсёды быў горш апрануты, без гроша ў кішэні, без упэўненасці ў заўтрашнім кавалку хлеба, у сваёй будучыні. I сёння, калі недзе трэба выступаць, адчуваю заклапочанасць. Позна вярнуліся з Любашай ад Гілевічаў, дзе былі Антановіч, Навуменкі, Бураўкіны, Багамолаў. I так, Ніл Сямёнавіч адзначыў сваё 50-годдзе.

«Цывілізацыю янкесаў стварыў плуг і буквар паўднёва-амерыканскую — знішчылі крыж і шпага. Там навучыліся працаваць, а тут — маліцца і нічога не рабіць». Ад чаго ж гіне наша цывілізацыя?

4.Х. Куды ні паедзеш, гніюць горы яблык. А вясной будзем купляць — польскія, ліванскія… У Пількаўшчыне застаў сваякоў Мані. Хадзілі ў грыбы. У Слабадскім ельніку сабакі паднялі кабана і пагналі на Астравы. Дома застаў пісьмо Я. Гушчы: «Калі што здарыцца, барані маё імя… Перажываем часы цяжкія, хоць і цікавыя»…

Ніяк не магу разабрацца ў хаатычным падрадкоўніку верша Белты Касьціні, як, напрыклад:


Не, не магу аплакваць груды зламаных крыл.

Толькі жудасны камок грызе ў горле,

На кожным кроку грызе ў горле.

Так многа пустых абыякавых твораў,

Так многа жалобных, звязаных

Між тых, ззяючых, непраходных…


і г. д.

Прападае ўраджай гародніны, бульбы, яблык. Толькі, як грыбы, растуць розныя ўстановы і колькасць служачых, бюракратаў. I як тут не прызнаць слушнасць Паркінсона, які пісаў, што «на 6 працэнтаў у год павялічваецца адміністрацыя, незалежна ад колькасці працы. Кожная праца так расцягваецца, каб запоўніць час, прызначаны на яе выкананне». А мы гэтага капіталістычнага Паркінсона, як некалі Фрэйда і Мендэля, усяк знеслаўлялі.

8.Х. Трапілі ў рукі цудоўныя вершы Р. Гамзатава «Родная мова», «Жоўтая лістота», «Вунь ля таго акна». Відаць, важней тое, што бачыць мастак, як тое, што хоча бачыць чытач. У гэтым разыходжанні скрыты глыбокі канфлікт, да якога трэба будзе некалі вярнуцца. Трэба пайсці і нешта купіць Сярожку да дня яго нараджэння.

Здаецца, В. Быкаў збіраецца ехаць у Заходнюю Германію. Калі пабачу яго, папрашу, каб прывёз сатырычную аповесць Іахіма Сэйпеля «Як фюрэр выйграў вайну».

12.Х. Ездзіў на Нарач па яблыкі. Штармавы вецер сагнаў дзікіх качак на бераг, ды яны тут так асвоіліся, што хутка і ў рэстараны будуць наведвацца.

23.Х. Пазваніў Я. Брыль: памёр Якуб Міско. У мінулым годзе мы разам з ім адпачывалі на Рыжскім узмор’і. Слаўны і адважны гэта быў чалавек. Шмат гора зведаў ён у сваім жыцці: і ў юначыя гады, і ў гады вайны. Якія ж мы бяссільныя перад абліччам смерці! Да апошняга часу ён кожны дзень наведваў на магільніку сваю сяброўку Аню. Усе доўга будзем адчуваць яго адсутнасць.

Быў у мяне сёння Юрый Андрычак, які пераклаў на славацкую мову многіх нашых паэтаў, у тым ліку і мой зборнік «Глыток вады». Заўтра зноў трэба ехаць У камандзіроўку, хоць толькі што вярнуўся з Масквы з радаснай навіной аб прысуджэнні Пімену Дзяржаўнай прэміі СССР.

1.ХІ. Пераклаў для Анталогіі латышскай паэзіі вершы Белты Касьціні, Мірдзы Кемпе, Вальдзіса Лyкаса, Юлія Ванага, Аўсны Тормале… Вельмі цікавая і арыгінальная паэзія, хоць ледзь змог заглыбіцца ў яе праз нетры падрадкоўнікаў.

2.ХІ. Думаю напісаць пра Атлантыду. Гэта тэма з’явілася, калі быў на Кіпры. Вось толькі каб са здароўем было лепш. А то прымаю безліч таблетак ад арытміі, ад язвы, ад ціску. А толку мала.

20.ХІ. Сёння з Любашай вярнуліся з Масквы. Радкі з незакончанага верша:


Пад купалам паўдзённага паўшар’я

ляцеў я і шукаў знаёмых зор.


Кожны з нас думае аб будучыні, толькі рэдка яна бывае такой, якой мы яе ўяўлялі.

21.ХІ. Перадалі па радыё, што набліжаецца тайфун. А. Самуйлік запрашае прыехаць да свайго Камянца. М. Канановіч прыслаў кіпу часопісаў і свой новы зборнік вершаў. Піша, што зараз у Польшчы і холадна, і голадна і не ведае, калі палепшае. Збіраецца напісаць пра Я. Семяжона і пра яго пераклад «Пана Тадэвуша».

Ч. Мілаш піша, што Ю. Славацкі заўсёды яго смяшыў. Сёння і мне некаторыя яго творы здаюцца залішне чуллівымі і сентыментальнымі, як, напрыклад, яго паэма «У Швейцарыі». Але, што казаць, гэта быў незраўнаны майстра. Не дарма пісаў 3. Красінскі: «Хай яго чорт возьме! Хто пасля яго патрафіць пісаць вершы!»

Зноў пасля маіх вандровак абвастрыліся болі сэрца. Няма маіх старых. Бацька ўмеў замаўляць ад урокаў, і мама лячыла ад вачэй, расой з ваконных шыб — і ад лішаёў, нарываў. А галоўнае — памагала. Ідзе мокры снег. Любаша раіць прыняць яе таблеткі. Мо як дацягну да раніцы.

26.ХІ. Навісае лавіна розных пасяджэнняў, пленумаў, сесій, юбілейных вечароў і ў Мінску, і ў Маскве. Калі ж я вазьмуся за свае вершы? С. Законнікау пазнаёміў мяне i Н. Гілевіча са скандальным пісьмом Т. Пяркоўскай, якая абвіняе А. Вярцінскага і П. Maкаля ва ўсіх смяротных грахах. Вось тут і разбірайся!

Жыццё і мастацтва. Апошняе часта бывае больш пераканаўчым, як жыццё. Дзесьці чытаў, што акцёр, які, страціўшы блізкага яму чалавека, плакаў на сцэне сапраўднымі слязамі і перажываў сапраўднае гора, не ўзрушыў так гледачоў, як тады, калі іграў, імітаваў свае пачуцці.

А ў Польшчы працягваюцца непаладкі, да якіх прывяла і наша бязглуздая палітыка. Беззваротна мінулі часы, калі цар пры дапамозе збудаванай Аляксандраўскай цытадэлі, як пісталет прыстаўленай да скроні Варшавы, хацеў расправіцца з ідэяй незалежнасці.

28.ХІ. Зноў нейкая замінка з друкаваннем новай выдатнай аповесці В. Быкава «Мёртвым не баліць». Вельмі ж мы дагматычна, з аглядкай і насцярожанасцю падыходзім да ўсяго новага. Нельга жывы працэс развіцця літаратуры заганяць у нейкія рамкі і формулы, у якіх яна задыхаецца. Дзве спакусы не можа пераадолець і наша крытыка: спакусы быць за пан-брата з літаратурай і спакусы — быць суддзёй.

А ёй трэба быць самой літаратурай, якую хацелі б чытаць.

Быў на надзвычай цікавай выстаўцы, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча. Трэба будзе яшчэ раз прыйсці на яе, бо на адкрыцці было шмат народу, і ў гэтай мітусні не было як даўжэй спыніцца ля многіх партрэтаў, карцін, графічных работ.

7.ХІІ. Выпаў снег. Пасля адкрыцця помніка М. Багдановічу быў у Оперным тэатры на ўрачыстым, прысвечаным юбіляру вечары, які зацягнуўся да позніх гадзін. Добра, што ўдалося злавіць таксі.

10.ХІІ. Пачалася сапраўдная зіма з завеямі, халадамі. «Трыбуна люду» піша, што ў краі неспакойна. Газетныя звесткі падобны да франтавых.

Будучы ў Маскве, запісаў эпіграму М. Дудзіна:


Был мудак на всю Европу —

Анатолий Чепуров.

Полизал Прокопу жопу

Стал талантлив. Будь здоров!


14.ХІІ. В. Ярузельскі аб’явіў ваенны стан у Польшчы. I так, пачалася адкрытая барацьба, у якой вырашаецца лёс сацыялізму не толькі ў гэтай краіне. Бо падзеі ў Польшчы могуць выклікаць ланцуговую рэакцыю і за яе межамі.

20.ХІІ. 3 непакоем усе чакаем звестак з Польшчы. Учора, відаць, каб не псуць святочнага нacтрою, не перадавалі ніякіх звестак, хоць, напэўна, пacля дэманстрацый і масавай бойні, якая была ў Гданьску, там доўга яшчэ будзе бурліць падземны вулкан.

Прачытаў пераклад «Слова», зроблены Ігарам Шклярэўскім. Пераклад выдатны. А вось апопшія вершы яго — менш спадабаліся. Можа таму, што былі побач з геніяльным «Словам»?

22.XII. Заходзіў у СП Юсуп Хапалаеў са сваім сынам Асланам. Шкада, што мы размінуліся. Падарыў ён мне дзве бутэлькі свайго дагестанскага эліксіру. Трэба будзе падшукаць для яго наш сувенірны набор «Зуброўкі».

Прыехала з нарады па дзіцячай літаратуры Э. Агняцвет. Па маёй казачцы пра «Расінку і Светлячка», казала, паставіла наша кінастудыя фільм. Недзе падхапіў грып, а тут трэба ехаць у Маскву на камісію Вярхоўнага Савета, на вечар А. Фадзеева, на ўручэнне Дзяржаўных прэмій лаўрэатам гэтага года.

Трэба было б некуды пад’ехаць адпачыць, але не магу пакінуць Любашы, якой цяжка будзе без маёй дапамогі.

27.ХІІ. I. Шклярэўскі пераклаў майго «Люцыяна Таполю» і даў у «Дружбу народов».

Нехта званіў з Вільнюса, каб я напісаў анатацыю да яго зборніка. А хто — не ведаю, бо вельмі дрэнна было чуваць.

Са страхам думаю аб набліжэнні свайго 70-годдзя. Адзін японскі мастак гаварыў: «Усё, што зрабіў за 70 год, не заслугоўвае нат увагі. У 80 год буду мець поспех. Калі дажыву да 90 год, пазнаю таямніцы рэчаў. Калі будзе 100 год, дайду да цудоўнага ўзроўню. А калі буду мець 110 год, усё ў мяне будзе жывым: просты пункт, простая лінія».

Усе даўно спяць. Трэба яшчэ напісаць некалькі віншавальных паштовак і дачытаць у «Правде» нарыс А. Калініна «Хлеб, песня». Ён піша, якую вялікую шкоду прынесла наша непрадуманая індустрыялізацыя данскіх стэпаў. А што робіцца ў нас: кожны год дзесяткі тысяч га зямлі задыхаюцца пад асфальтам, пад тэрыконамі, пад адваламі смецця. Калі раней нашы пасёлкі і гарады былі ў акружэнні садоў і агародаў, дык зараз — у акружэнні розных звалак, кар’ераў, пустыроў.

28.ХІІ. 3 «Воеинздата», ад В. С. Рабава атрымаў дарагі навагодні падарунак — цудоўна аформлены мой аднатомнік вершаў. Я не спадзяваўся, што ён так хутка выйдзе. А зараз трэба пайсці і купіць для Дзяніскі і Сярожкі ёлкі і дамовіцца з Дзедам Марозам, каб ён прынёс ім нейкія падарункі.

Несусветную бязглуздзіцу прачытаў у польскім філасофскім слоўніку, што кібернетыка — антынавука, «паўстала яна ў ЗША, накіраваная супроць Савецкага Саюза». Да чаго ж мы часта спяшаемся са сваімі непрадуманымі ацэнкамі і вывадамі!

Званілі з Масквы, што збіраецца да нас прыехаць Уолтэр Мэй, вядомы перакладчык на англійскую мову твораў Я. Купалы і Я. Коласа…

Паэзія, як дзяўчына: калі яна прыгожая і разумная не трэба ёй ніякіх бразготак, калі непрыгожая і дурная — не памогуць ёй ніякія пярсцёнкі, завушніцы, бранзалеты і ніякія свацці, пасагі…

Быў у ЦК, гаварылі аб нашых рэспубліканскіх прэміях. Я выказаў ерэтычную думку: прысуджаць прэміі і даваць узнагароды пры нараджэнні пісьменніка ці мастака, калі яны яму так патрэбны. А праз кожных 5-10 год правяраць, ці ён іх апраўдаў. Калі не апраўдаў — паступова адбіраць. Гэта падняло б і прэстыж прэмій і ўзнагарод.

Не падабаецца мне ні эпігонская паэзія, ні сучасная мадэрнісцкая. Найгорш тое, што не знаю: якой жа яна павінна быць? I хоць адчуваю хранічны недахоп часу, але і той ідзе на пошукі адказу на гэта пытанне.

29.XII. Паслаў М. Канановічу апошні том тлумачальнага слоўыіка. Званілі з замежнай камісіі СП СССР, ці не згадзіўся б з дэлегацыяй паехаць у Мексіку. Відаць, пара спыніць майго Пегаса, каб не нажыў ён дыхавіцы, гойсаючы па свеце.

У «Лит. газете» ў артыкуле пра «Салідарнасць» успамінаецца А. Смоляр. Карэспандэнт піша: «Дык гэта, аказваецца, не француз, а паляк». Карэспандэнт, відаць, не ведае, што ён — і не паляк, што маці яго В. Найдус жыве ў Варшаве, а бацька — Гірш Смоляр — у Ізраілі. Перад вайной ён быў адным з відных дзеячаў КПЗБ. Удзельнік партызанскага руху ў Беларусі. Выйшла ў нас яго кніга пра Мінскае гета.

Чытаю пра вар’яцкія дасягненні сённяшняй навукі, тэхнікі. Камп’ютэры гуляюць у шахматы, пішуць вершы, музыку, перакладаюць на розныя мовы… Смешна сёння гучыць: «Пісьменнік — інжынер чалавечых душ», калі камп’ютэр лепш, як доктар, можа абследаваць хворага, паставіць дыягназ і праінфармаваць, якімі лекамі лячыць хворага. Ідзе дэвальвацыя даўніх паняццяў, званняў, старых ацэнак.

Натрапіў на цікавыя заўвагі 3. Федэцкага да салжаніцынскай аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча»: «Усё больш ясна відаць, што Салжаніцын выводзіць на сцэну рускага мужыка, надзеленага творцам такімі духоўнымі якасцямі, як дабрата, сумленнасць, мудрасць, працавітасць… Спецыяльнасць земляроба загінула. Іван Дзянісавіч з’яўляецца не толькі для мяне малапераконваючай копіяй талстоўскага Каратаева… Не падабаецца мне ўсякая народная спецыфіка. Не веру я ні ў рускую душу, як такую, ні ў польскую, ні ў патагонскую».


1982


1.І. Mo пачаць мне Новы год з ранішняй яўрэйскай малітвы: «Будзь праслаўлены, наш Божа вялікі, Уладар Свету, што не ўчыніў мяне ні жанчынай, ні язычнікам»? А за тое, што ўчыніў паэтам, не ведаю, ці дзякаваць?

Была Тамара Залатухіна з унучкай. Званіў Л. Прокша: «Спадзяюся, Яўген Іванавіч, што ў Новым годзе выступіце…» Такія ж званкі з Масквы, Адэсы, Вільнюса, Львова з прапановамі выступіць…

Цікавыя казусы бываюць у гісторыі: пабочны сын Аляксандра I — Густаў Эгрэнберг — быў аўтарам рэвалюцыйнай песні «О, чэсць вам, панове-магнаты», а другі з Раманавых — песні «Умер бедняга в больнице военной»…

10.І. Я і не ведаў, што I. Галчынскі ненавідзеў Ю. Тувіма, Сланімскага, Вітліна, хоць, мне здаецца, не такія яны антыподы, каб пісаць, што «махлярствам і подласцю, а не крывёй і самаадданасцю здабыты іх славы. Гэта фальшывыя грошы».

11.І. Памёр Міхал Забэйда-Суміцкі. Памёр ён — аб чым даведаўся ад Л. П. Мірачыцкага — перад самым Новым годам — 21.XII. Архіў свой завяшчаў Беларускаму музею. Вось і закончыўся слаўны і пакутны жыццёвы шлях аднаго з самых выдатных нашых артыстаў-спевакоў. Адарваны ад Бацькаўшчыны, самотна жыў і самотна памёр. За труной ішла толькі верная яго спадарожніца — родная беларуская песня…

Е. I. Каліна прыслала майскі нумар часопіса «Паэт», які выдае ў Мадрыдзе Міжнародная асацыяцыя паэтаў. У нумары надрукаваны і мае вершы «Мой хлеб надзённы», «Перад партрэтам Джаконды» і «Багіня перамогі». Вершы перакладзеныя А. Мілерам і Д. Ротэнбергам.

Званіла нейкая Дуся Казнянка. Казала, што я з Любашай і яна ў 1939 г. разам працавалі на віленскім складзе насенных траў. Зараз яна працуе настаўніцай у Івацэвіцкай школе. Просіць дапамагчы яе хвораму мужу ўладкавацца на абследаванне ў Мінскай абласной бальніцы.

Быў у СП на сустрэчы з маткай Ю. Гагарына. Натрапіў на цікавую думку, гартаючы старонкі гісторыі паўстання 1863 г. Царскі ўрад усё рабіў, каб пажар, які пагражаў успыхнуць у Расіі, успыхнуў на рубяжы, у Польшчы, дзе лягчэй будзе яго пагасіць, крывавай расправай з паўстаннем (удзельнікам якога па загадзе генерала Дравіча адсякалі правую руку) запалохаць іншых. Шкада, што калі пісаў сваю паэму пра Кастуся Каліноўскага, я не быў знаёмы з многімі матэрыяламі і дакументамі аб паўстанні.

Трэба нешта рабіць з нашай паэзіяй, бо яна пачынае выдыхацца, таптацца на месцы. Мо яе прыглушылі трывожныя падзеі на свеце? Некаторыя з нас узяліся за слоўную эквілібрыстыку, падаліся ў дробныя жыццёвыя справы.

Апошнія паведамленні: буры, навальніцы, паводкі, завеі, халады. Ну і новы год — год сабакі!

16.І. Пісьмо ад I. I. Сачко. Цікавыя звесткі пра яго самога, пра I. М. Варашкевіча, які быў легіянерамі Пілсудскага павешаны. Пра яго жонку і сына-партызана, у якога немцы ў першым баі забілі каня, і ён вярнуўся ў атрад з сядлом, а другі раз — загінуў сам, і конь прыйшоў у атрад.

Яшчэ мінуў адзін змарнаваны дзень. Нашы часы можна назваць часамі небывалага марнатраўства чалавечага розуму, інтэлектуальных сіл, здольнасцяў і скарбаў зямлі.

20.І. Ігар Шклярэўскі прывёз пераклады маіх вершаў. Напісаў пару слоў пра майго старога друга — А. Жукаўскаса і ў Прагу Н. Касцянецкай, якая да апошняга часу апекавалася М. Забэйдам-Суміцкім. Аказваецца, хавалі яго 30 снежня. Гэтымі днямі памёр і Сцяпан Алейнік. Часта калісьці мы з ім сустракаліся. Гасціў ён у нас і на Нарачы. Сумна і горка развітвацца з сябрамі.

Відаць, з гадзіну прагаварыў па тэлефоне з У. Караткевічам. Адчувалася, што ён быў у добрым і баявым настроі: адных класікаў уздымаў пад неба, другіх — бэсціў.

Раптам прыгадала Любаша, хоць мінула з таго часу 50 год, што я яе, вяртаючыся са студэнцкай вечарынкі, не правёў, а пайшоў праводзіць іншых дзяўчат. I смешна і шкада мне яе стала. Вось які быў чурбан!

У ЦК задумалі выдаць статомны летапіс Вялікай Айчыннай вайны. Прызнацца, не верыцца, што гэта ўдасца ажыццявіць. Усіх нас ахапіў вірус пустапарожняй балбатні, ад якой можна ўпасці ў адчай і дэпрэсію. Куды б ні пайшоў, як дзядоўнікавымі калючкамі, абрастаю рознымі клапотамі.

4.ІІ. Хадзіў у Сіўцаў Уражак па лякарствы, а там, не пытаючыся маёй згоды, доктар Л. П. Маліноўская выклікала неадложку, і адвезлі мяне ў Кунцава. Ляжу ў Цэнтральным корпусе, у 339-й палаце, у якой ляжаць яшчэ двое хворых. У суседніх палатах — М. Шолахаў, В. Катаеў. Сустрэўся са сваім суседам па пад’ездзе В. Мацвеевым, які тут пакутуе ўжо другі месяц.

11.ІІ. Сёння гаварыў па тэлефоне з Ц. Я. Кісялёвым i A. Т. Кузьміным. Званілі І. І. Антановіч, С. I. Законнікаў, Н. Л. Сняжкова. Ідуць перагаворы, каб юбілей Я. Купалы і Я. Коласа правесці ў Маскоўскім Вялікім оперным тэатры СССР.

12.ІІ. Лечыць мяне вельмі сімпатычны доктар — Галіна Васільеўна Чарнышова, дачка нашага былога партызанскага камандзіра, а потым сакратара Далёкаўсходняга крайкома.

Баюся, што не хутка я адгэтуль выберуся, з кунцаўскай пасткі.

13.II. Другі дзень выходжу на прагулку. Званіў Н. Гілевіч. На пленуме — казаў — сакратаром СП зацвердзілі В. В. Зуёнка. Харошы ён і паэт, і чалавек.

Прыслалі з Мінска апошнюю кардыяграму: «На фоне сінуснага рытму і перамяжаючай блакады правай ножкі пучка Гіса частая прадсардэчная экстрасісталія»… і г. д.

Паслаў дзве віншавальныя тэлеграмы: А. Лупану i А. Звонаку.

18.ІІ. Здаецца, заўтра еду ў санаторый імя Герцэна. Гаварыў па тэлефоне з Любашай. Самае важнае ў жыцці — нікога не абцяжарыць сваім адыходам. Арытмія мая не паддаецца ніякім лекам.

22.ІІ. Санаторый імя Герцэна. Палата — 425. Вечарэе. 3 акна — цудоўны від на Маскву-раку. Цішыня. Быццам у нейкім забыцці, стаяць векавыя сосны, бярозы.


Я шчасліў, што пяю цябе, Радзіма.

I калі мо не на ўсе песні хопіць

Адмеранага лёсам часу, ведай:

Я даспяваю іх, нат калі буду

Пясчынкай на тваіх шляхах бясконцых,

Сасной на нарачанскім узбярэжжы

Ці жаўруком — прадвеснікам жыцця.


12.ІІІ. Ноччу выпаў снег. Калісьці я любіў такое надвор’е. Часта з дзедам ці з бацькам у гушчарах Жуковы хадзілі пілаваць на дровы сухастой, буралом. Бралі з сабой у торбачку нейкі перакус, а каб ен не змёрз, закапвалі ў снег. Чорныя клубы дыму, як малітва, уздымаліся над вяршалінамі і цішынёй заснежаных дрэў.

Найбольш у санаторыі людзей пажылых, пенсіянераў. Некаторыя з іх трымаюцца велічна, быццам і зараз яны вырашаюць важныя дзяржаўныя справы. Але многіх старасць вярнула да іх натуральнага чалавечага вобліку. Сталі простымі смяротнымі, без масак, без поз, толькі са старэчымі недамаганнямі і хваробамі. Прыйшоўшы з прагулкі, накідаў верш «Ёсць не менш важныя…».

I ўсё ж так, як хацелася б пісаць, не удаецца. Часамі перад маім зрокам вырысоўваюцца нейкія новыя канструкцыі вобразаў, але, калі пачынаю да іх набліжацца, знікаюць. Застаецца горкае адчуванне сваёй бездапаможнасці.

Ціт Лівій лічыў, што ён страціў дзень, калі не зрабіў нічога добрага. А я і лік згубіў тут страчаным дням.

Гадзіны дзве блукаў па герцэнаўскаму лясному парку. У суседнім пасёлку, — відаць, на змену надвор’я крычалі пеўні. На дне глыбокай балкі, не баючыся ні маразоў, ні снегу, з гарэзным шумам шустра збягаў ручаёк.

14.ІІІ. Нядзеля. Дапісаў верш «У Вязынцы». Снег пахне вясной. Прыляцелі першыя шпакі.

У «Огоньке» надрукавана выдатная падборка вершаў эстонскіх паэтаў: Д. Ваарандзі, I. Беэкмана, Л. Сійга, П. Рума, В. Лусіка, М. Траата. Вось адзін з вершаў Д. Ваарандзі ў маім няўдалым перакладзе: «Людзі глядзяць на мора»:


Калі дзень аддыміць,

Калі са шпіляў веж

Асядзе ў падваротні шум,

Калі бяздомны голас цягнікоў

Нас перастане аклікаць, —

Прыходзяць на ўзбярэжжа гараджане.

Стаяць ля пірса моўчкі

I глядзяць удаль.

То тут, то там.

Змярканнем,

Калі вада напамінае

Раптам аззяныя любоўю вочы

Ў празрыстай сіняве асенніх дзён.

Над крыкамі ўстрывожаных птушак

Перад пачаткам крыгаходу,

Пафарбаванага адценкам шэрым, —

Стаяць на парапеце людзі,

Ў маўчанні паглядаючы на мора.

Я праз вячэрняе паветра бачу

Іх адбіццё у ззянні контура,

Іх цёмныя фігуры ля вады,

Ля прыбярэжных скал, на валунах.

Так у бязмоўнай у бяседзе з морам

Бачу я людзей.

I ў гэтыя імгненні

Яны найбольш мне зразумелыя

I блізкія,

Людскімі заклапочаныя справамі.

Інакш чаго прыходзіць ім,

Стаяць, маўчаць,

Глядзець на мора.


15.ІІІ. Яшчэ адна бальнічная раніца. Сусед мой дзівіцца, што я прыгожа засцілаю ложак. А гэта ў мяне яшчэ з Лукішак, дзе патрабавалі засцілаць «як належыць». Пасля працэдур зноў узмацнілася арытмія, да якой прыкінулася яшчэ і алергія. Што б ні было, а 19-га буду вяртацца дамоў. Напісаў пару вершаў. Хмарна. Золка. Прысніўся ў мінулую ноч нейкі страшны сон. Помню, мая маці за тысячы кіламетраў прадчувала, калі з намі здаралася нейкая бяда. Так было, калі ад гішпанкі вымерлі ў яе бацькоўскай задубенскай хаце амаль усе яе родныя, так было, калі трагічна загінула мая сястра Вера са сваім малым, так было, калі на Урале брату Федзю ледзь не аднялі руку, і многія здарэнні са мной.

16.ІІІ. Яшчэ раз пераканаўся, як часамі пераклікаюцца мае думкі з думкамі іншых. У I. Грыгулеска: «Чалавек у наш час гучыць трывожна». Я шмат год таму пісаў у адным са сваіх вершаў, як зорка папераджае другія зоркі: «Асцерагайцеся зямлі, на ёй — чалавек!»

Мо на змену пагоды, якое сёння заходзіць крывавае сонца! Вечарам перадавалі выступленне Л. I. Брэжнева. Заўтра прачытаю. А зараз узяўся за свой верш «Жэзл».

17.ІІІ. У дрэнным настроі канчаю гэты дзень. Нешта разгудзеліся ў небе самалёты.

«Нішто не канчаецца, акрамя нас саміх. А гэта — так нямнога» (Л. Арагон). Цікавая думка Е. Леца: «Хто перажыў трагедыю, той не быў яе героем». Трэба было б перакласці яго афарызмы на беларускую мову, а перакласці іх найлепш мог бы Я. Брыль, які апошнія гады сам спецыялізуецца на мініяцюрах.

Вярнуўшыся дамоў, зноў спрабую вызваліцца ад сваёй пасады старшыні СП не толькі па стане здароўя, але і для таго, каб магчы больш часу і ўвагі ўдзяляць сваёй творчасці. Хоць апошняе нікога з нашых кіраўнікоў не цікавіць.

Зараз усе мы навучыліся пісаць вершы, якія можна цытаваць, хваліць. Засталося яшчэ навучыцца пісаць такія, да якіх не раз хацелася б вяртацца.

Званіла В. М. Шчадрына: ці змог бы я паехаць у Мексіку?

19.ІІІ. 3 рознымі дарожнымі прыгодамі вярнуўся дамоў. Адразу ўзяўся за карэспандэнцыю. Сярод часопісаў цікавы нумар «Мастацкага агляду» (на польскай мове). Ёсць у ім некалькі рэпрадукцый П. Пікасо. Гэта, убачыўшы яго «Дзяўчат з Авіньёну», Гаргела дасціпна спытаў мастака: «Што б ты сказаў, калі б твая сям’я, калі прыедзеш у Барселону, выйшла цябе прывітаць з такімі губамі?»

1.IV. Званіў Юра. У Ірышы нарадзілася дачушка.

Усе рады. Адзін Сярожка незадаволены. Цікавіцца, якое будзе ў яе прозвішча і імя. Калі будзе плакаць — казаў — ён яе наб’е. Вельмі незадаволены быў, што купілі дачушку, а не хлопчыка.

18.IV. Вярнуўся з Масквы, дзе два тыдні празасядаў на Камітэце па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях.

Больш за ўсё мне надакучылі розныя няпрошаныя настаўнікі, у якіх за душой адчуваю пустку, і людзі, якія, угробіўшы пісьменніка, залічаюць сябе да яго сяброў.

Розныя дамашнія клапоты, непаладкі зусім мяне выбілі са строю. Перажываем з Любашай за Верачку, за непаладкі ў яе сям’і.

26.IV. У ацэнцы твораў розных народаў мы не ўлічваем іх спецыфікі, своеасаблівасці ўспрымання і падыходзім са сваёй меркай. Кавабата Ыacyнара сваё выступленне пры ўручэнні яму Нобелеўскай прэміі (1968 г.) пачаў з верша паэта Дагэна, звязанага з паэзіяй Зэн:


Кветкі — вясной,

Зязюля — летам,

Восенню — месяц,

Чысты, халодны снег —

Зімой.


Можа, гэты верш — гаварыў ён — выдасца еўрапейцам прымітыўным і банальным, мяне ён захапляе тонкасцю, глыбінёй і цеплынёй пачуцця.

Сапраўды, паэзія — невырашальная загадка. Яна — дзіця розуму, інтуіцыі і рацыянальных адчуванняў.

27.IV. Званіла Верачка. Прыкрая гісторыя з Сашкам. Гаварыў з ім. Быццам ён і не вінават, але і я ўжо яму не веру.

Ю. Хапалаеў піша, што ён перакладае мае вершы. Здаецца, гэта будуць першыя беларускія вершы на лакскай мове.

28.IV. Ездзілі з Любашай купляць каляску для маленькай Кацюшы. А перад гэтым з Максімам, Оляй і Максімкам наведалі Нарач і Пількаўшчыну. Завезлі для Вані веласіпед. Каля лазні пагрэліся ля вогнішча, бо дзень быў сцюдзёны, золкі.

А дома — адны непрыемнасці: і ў Верачкі ўскладніліся яе сямейныя справы, і ў Максіма — сын зусім выбіўся з-пад улады бацькоў, не хоча вучыцца. I Ў Іры розныя скандалы. У такой атмасферы нічога не магу рабіць. I Любашу шкада, бо ўсё гэта яна страшэнна перажывае.

3.V. Прачытаў зборнік вершаў У. Высоцкага. Большая частка вершаў — пра вайну. Надрыўныя. Суровыя. Нешта іх родніць з творамі В. Быкава. Вершы Высоцкага прыкметна выдзяляюцца з той псеўда-паэзіі, бліскуча зарыфмаванай і гладкай, але якая не пакідае ніякага ўражання.

Жахлівыя лічбы прыводзіць фрнцузскя статыстыка: палова дзяцей, народжаных у 1972 г., загіне ў дарожных аварыях. Вось якой цаной разлічваецца людскасць за сваю індустрыялізацыю і механізацыю.

10.V. Ад Генеральнага консула ПНР атрымаў зборнік вершаў «А хто там ідзе?», які выйшаў у Лодзі пад рэдакцыяй Т. Хрусцялеўскага і з яго прадмовай. Выбар вершаў мог бы быць лепшы. I зусім не было ніякай патрэбы ўключаць у яго незакончаны верш Я. Купалы «Дзевяць асінавых калоў».

16.V. ДУмаю аб нашай будучыні. Цяжка ўявіць — якой яна з'явіцца перад намі. Нават усе славутыя візіянеры у разгубленасці.

Гаварыў з Ц. Я. Кісялёвым. Магчыма, паеду з ім на святкаванне 1500-годдзя Кіева.

М. Міхеек піша: А. Талстой пасля з’яўлення свайго рамана «Пётр Першы» на банкеце ў Крамлі падышоў да Сталіна і запрапанаваў яму выпіць на брудэршафт, на што той адказаў яму: «Вы, зразумела, жартуеце, граф»…

Закончыў сваё слова пра Я. Купалу, з якім трэба будзе выступіць у Маскве.

Прыслаў I. Сарайліч зборнік сваіх перакладаў «Кніга сяброў», у якой змешчаны і мае два вершы.

24.V. Быў у A. Т. Кузьміна i Л. С. Фірысанава, якога прасіў разабрацца ў Сашкавай гісторыі.

Выйшаў досыць цікавы зборнік С. Бартохавай.

29.V. Вярнуўся з Кіева ў захапленні ад сталіцы Украіны, ад яе музеяў, помнікаў, тэатраў і гасціннасці гаспадароў. Хоць і чартоўскі стаміўся за гэту паездку. Каторы раз заракаюся спыніць свае гастролі, а ім і канца не відаць. Праўду кажуць, што гарбатага толькі магіла выпрастае.

Ноч. Вецер. Дождж.

30.V. Цікава, Конрад, які, здавалася б, адышоў ад родных крыніц, лічыў, што стаць універсальным пісьменнікам можна, толькі апіраючыся на нацыянальную аснову. Відаць, у глыбіні сваёй душы ён балюча адчуваў тое, што парваў усякую сувязь з мовай бацькоў, хоць і стаў славутым англійскім пісьменнікам. Нацыянальны нігілізм многіх у нас зрабіў калекамі, як пошасць, на працягу стагоддзяў апусташаючы культуру беларускага народа.

А дождж усё не сціхае.

5.VІ. 3 Берліна прыслалі на нямецкай мове анталогію, у якой змешчаны вершы П. Броўкі, А. Куляшова і мой «Варшава ў дзень памінак», перакладзены Вільдэмарам Дэчэ.

27.VI. Зусім расстроены вярнуўся з Нарачы. Няма каму глядзець за малымі. Жывуць там дзікарамі і робяць усё, што ўзбрыдзе ў галаву. Любаша зусім выбіваецца з сіл. Не ведаю, чым усё гэта скончыцца.

7.VІІ. Вярнуўся з Масквы, з юбілейных купалаўскіх урачыстасцяў. А наперадзе — новыя клопаты, юбілеі, сходы…

I сёлета, відаць, надвор’е не дасць убраць з поля. Трэба сказаць, што мы і гаспадарыць развучыліся, больш знішчаем, як ствараем.

Трэба пакончыць з разыходжаннем нашых слоў і нашых спраў, розных ідэй — са сваімі перакананнямі. Я, як і многія, шмат у чым памыляўся, але найчасцей, калі слепа ішоў за нейчай думкай.

18.VII. Перад самай навальніцай прыехаў з Нарачы ў Мінск. Пакінуў Любашу ў слязах. Да хваробы ног яшчэ прывязалася нейкая новая хвароба. Званіў A. Р. Бажанавай у мядзельскую бальніцу. Абяцалі абследаваць. А тут яшчэ набліжаецца — чорт бы пабраў яго — маё 70-годдзе, у сувязі з якім нешта плануюць і ў Маскве, і ў нас. 3 цэлай брыгадай кінаработнікаў ездзіў у Пількаўшчыну. Едуць спевакі, артысты прыняць удзел ва ўрачыстым вечары… І ніхто не знае, колькі ўсё гэта каштуе мне здароўя і нерваў.

27.VІІ. Чытаю перакладзеныя В. Сёмухам «Санеты Арфея» і ніяк не магу ўчытацца ў гэтыя мармуровыя вершы. Гаварыў з Н. Гілевічам аб перакладзе «Пана Тадэвуша». У выдавецтве не ведаюць, што рабіць, бо Я. Семяжон амаль на 1/3 павялічыў колькасць радкоў паэмы. Гучыць яна цудоўна, але, відаць, давядзецца яму скарачаць свой пераклад. Праца гэта пякельная, але другога выхаду няма.

28.VІІ. Часта ўспамінаю сваіх бацькоў і дакараю сябе, што рэдка іх наведваў, усё перашкаджалі нейкія неадкладныя справы. Цяпер бачу, што ўсе гэтыя справы не такія былі вырашальныя ў маім жыцці.

Трэба схадзіць на выстаўку карцін Л. Ф. Панамарэнкі.

«Факел» даў падборку маіх вершаў у перакладзе Б. Геронціева. Збіраліся з’ездзіць у Паставы, але адклалі на наступную нядзелю. Чытаю Э. Штрытматара «Мініяцюры», якія ў нечым нагадваюць мае «Лісткі календара».

9.VІІІ. Ноччу прыехалі Лена і Дзіма: памёр Юра Болтуць. Перад сном выйшаў пакурыць і зваліўся ў сенях. Відаць, падвяло сэрца. Яшчэ ўчора быў у нас, пазычыў некалькі нумароў «Иностранной литературы». Зрабіў некалькі здымкаў нашай Кацюшы… Усе ходзім пад уражаннем гэтай неспадзяванай бяды, якая абрушылася і на яго сям’ю, і на ўсіх нас.

Званіў у ЦК В. Я. Крукаву і Ю. Б. Колакалаву. Прасіў, каб дазволілі яго пахаваць на Маскоўскім магільніку.

Гарачыня. На полі ўсё перасмягла і сохне. Непакоімся за Максімку, які гэтымі днямі будзе здаваць экзамены ў Політэхнічны інстытут.

11.VІІІ. Нічога не пішу. Памагаю Любашы ў гаспадарцы: хаджу па малако, па газеты, па хлеб, нашу ваду, чышчу бульбу, мыю талеркі. Наша нарачанская дача стала невялічкім філіялам пекла для мяне і, асабліва, для Любашы, якая цэлыя дні пакутуе на кухні.

13.VIII. Купілі ў рыбгасе свежай рыбы. Прыйшла анкета аб выхаванні моладзі. Многа ў ёй надуманага, у выніку чаго расце колькасць адукаваных дзікароў і гультаёў, якія цураюцца працы і да сівога воласа ходзяць у ганаровым званні маладых.

Вечарам некалькі раз выключалася святло, і не ўдалося праслухаць апошніх навін.

16.VІІІ. Адчуваецца набліжэнне восені. Да ад’езду ў Мінск — лічаныя дні. Прачытаў кнігу ўспамінаў пра М. Лынькова. Шмат у ёй розных недакладнасцяў. Відаць, усіх нас з гадамі падводзіць памяць. Найбольш цікавыя ў гэтай кнізе — успаміны Софіі Захараўны.

Зноў наехала гасцей. Любаша выбілася з сіл, хоць, як магу, стараюся ёй памагчы.

22.VIII. Купілі на рынку ў Паставах бульбы, мяca, гуркоў, памідораў. Крыху менш стала народу ў нашым каўчэзе, але яшчэ чалавек дзесяць засталося.

Поўнач. Узяўся за пераклад вершаў М. Бернета. Недзе ў санаторыі на танцах забавіліся Максім і Наташа. Не ведаю, ці наладзіцца ў іх нейкае жыццё. Шкада, калі па-пустому змарнуюць яго.

25.VІІІ. Выдавецтва прасіла перакласці Н. Mapaхона. Толькі спрабуй разабрацца ў такім падрадкоўніку, як:


Закаханыя кладуцца на сонцы

На дне яхты

I дыхаюць вільготным клапанам,

П’юць подыхі мора,

Што ідуць з паўдня.

Дыхнуў сарамлівы брыз,

I наша вуха ўжо смяецца ў вечнасць…


Зацепліў печ. Збіраюцца мыць Кацюшу. На небе — пашчэрблены месяц.

27.VIII. Была наша пількаўская суседка Кацярына Глінская. Просіць дапамагчы вырашыць кватэрнае пытаяне яе ўнучкі, якая працуе ў Мядзеле. Заходзілі супрацоўнікі газеты «Зара». Фатаграфавалі.

29.VIII. Дождж, несціханы дождж. Выкінуліся ў лесе маслякі, сыраежкі. А на палях — і жыта і ярына.

Чорт ведае, што атрымліваецца ў нас з уборкай. I гэта кожны год, нат пры самым лепшым надвор’і. Чуваць, памёр наш дамарослы партызанскі лекар Бронька Глінскі, з братам якога я калісьці разам ганяў на пасту. Не ведаю, які з яго быў лекар, але музыка быў адмысловы. Іграў і на скрыпцы, і на гармоніку, і на цымбалах. I як іграў! Ніхто не мог устаяць і не пусціцца ў танец.

7.ІХ. Прыходзіў артыст нашага цырка В. Каваленка. Нехта сказаў яму, што я ўсё магу. Дык вось, просіць дапамагчы яму атрымаць нейкае званне, бо ён даўно працуе і г. д. Ю. Дубасаў прыслаў паэму пра Кулікоўскую бітву, просіць памагчы яе надрукаваць у нейкім беларускім часопісе… Можна звар’яцець ад падобных бязглуздых пісем і просьб.

Мой юбілейны вечар, на які хоча прыехаць і Ц. Я. Кісялёў (ён зараз у Маскве ў бальніцы), перанеслі на 24-га верасня. Неяк цяжка і трывожна на сэрцы. Не падабаецца мне ўся мітусня навакол юбілею. I я не магу яе спыніць.

У апошнім сваім пісьме Ларыса Геніюш піша пра свае бясконцыя канфлікты з раённымі кіраўнікамі і аб сваім цяжкім стане здароўя. Хоча, каб усе яе кнігі перадалі ўнукам. Шкада, што зараз, у сувязі з ваенным становішчам у Польшчы, да яе не зможа прыехаць сын. Добра, што з друку выйшаў яе зборнік.

Прачытаў «Знак бяды» В. Быкава. Крыху надуманай мне здаецца гісторыя з бомбай, якую купіла Сцепаніда, каб адпомсціць ворагам, але ў аповесці шмат глыбокіх жыццёвых эпізодаў і ярка выпісаных запамінальных партрэтаў, якія балючымі стрэмкамі ўваходзяць у памяць.

13.ІХ. Быў у ЦК па справе Ларысы Геніюш. Аж не верыцца, што пасля ўсіх яе пакут знаходзяцца людзі, якія так стараюцца ў яе жыцці ўсё ускладніць.

Начаваў у мяне I. Сачко, які прывёз для мяне цэлы куль розных лекавых траў.

6.Х. I так — дзякуй богу — прайшлі мае юбілейныя дні. Яшчэ і сёння не магу ачухацца, быццам пасля працяглага палёту верталётам. Ціхенька, у сямейным кругу адзначылі і дзень нараджэння Любашы, якая любіць зазначаць — хоць мы і аднагодкі, — што яна маладзейшая ад мяне.

18.Х. Вярнуўся з дэкады беларускай літаратуры ў Польшчы. Гэта была адна з самых цяжкіх камандзіровак. Сустрэчы, выступленні, сустрэчы-прыёмы. Не было вольнай хвіліны на адпачынак. I ўсё гэта ў нейкай напружанай атмасферы. Варшава, Лодзь, Беласток, Гайнаўка, Нараўка… Трэба сказаць, што, не зважаючы на ўсю складаную сітуацыю, шмат увагі ўдзялялі нам нашы польскія сябры, іх друк, тэлебачанне, радыё.

Ля касцёлаў бачылі вогненныя крыжы, мауклівыя натоўпы людзей. Не хутка тут усё ўвойдзе у свае берагі.

26.Х. Пазычыў у Б. Сачанкі зборнік вершаў М. Гумілёва. Нешта не зрабілі яны ніякага ўражання, мо таму, што гэта — паэзія, адарваная ад зямлі, ад звычайнага жыцця, на сотні ладоў перапяваецца адна тэма — любові. I ў некаторых вершах адчуваюцца знаёмыя адгалоскі Блока.

11.XІ. Званіў з Душанбэ Г. Г. Аванаў, які дае канцэрты. Казаў, што ў Разані чуў, як пад гітару спявалі песню на тэкст майго верша «Святая Ганна». Якіх толькі цудаў не бывае на свеце!

Неспадзявана радыё перадало паведамленне аб смерці Л. I. Брэжнева.

17.ХІ. Усе дні гучыць жалобная музыка. Яна, можа, у сваёй вымове не такая дакладная, як літаратура ці выяўленчае мастацтва, але затое найбольш універсальная. Усе каментарыі да яе — умоўныя, у чым пераканаўся калісьці, чытаючы эсэ А. Талстога аб «Ленінградскай сімфоніі» Д. Шастаковіча і слухаючы гэту сімфонію.

3 задавальненнем прачытаў, крыху пантэістычныя ў гамсунаўскім духу, радкі верша майго друга А.Жукаўскаса:


Палажыце мяне вачамі

Да палыхаючай сінявы,

Да сонца яснага, да зор і месяца,

Да небазводу маёй Літвы.

.........................................

Эх, як весела мне ў адпачынку.

Я яго, прызнацца, заслужыў

У жыцці. Пасля сваіх блуканняў

Па шляхах, прасторах родных ніў.

..........................................

За вёснамі вёсны мяняюцца.

Вяселле ў грудзях маладых.

I ціха ідуць, спатыкаюцца

Два чорты, ужо пажылых.


Пачутая на рынку пагаворка: «Лепш даіць худую карову, як тлустага быка». У мае гады трэба прывыкаць да такіх слоў, як «памёр», «пакінуў нас»… І асцярожна асвойваць з імі сваіх блізкіх.

4.ХІІ. Вярнуўся з Масквы. На сельскагаспадарчай выстаўцы сустрэў М. С. Патолічава. Вельмі дрэнна выглядае. Казаў, у яго захаваліся цікавыя фатаграфіі з Я. Коласам, М. Лыньковым, П. Броўкам… Пытаўся, як жыву… Усё было б добра. Толькі працаваць прыходзіцца больш, як пры капіталізме: кожны дзень па 16 гадзін без выхадных…

Пераклаў некалькі вершаў Ю. Озгі-Міхальскага. Паэт ён самабытны, арыгінальны. Варта было б з яго паэзіяй пазнаёміць шырэйшыя кругі чытачоў.

10.ХІІ. У АН у музеі старажытнага мастацтва сустрэў Ларысу Геніюш. Выглядае бадзёра. Усім цікавіцца і пра ўсё гаворыць з мілым жаночым захапленнем. С. В. Марцалеў пазнаёміў нас з надзвычай цікавымі экспанатамі, ад якіх сапраўды цяжка было адарвацца.

Слушна піша В. Райкаў у сваім артыкуле «Вернасць метаду сацыялістычнага рэалізму» («Обзор» 1982 г.), што часта бясспрэчныя ісціны падаюцца спрошчана, элементарна, напрыклад, «быццё акрэслівае свядомасць». «А па якому вобразу і падабенству фарміраваліся такія асобы, як Маркс, Энгельс, Ленін? Як вядома, у іх эпоху грамадства было пераважна капіталістычным».

У тым жа «Обзоре» мяне ўразілі эцюды балгарскага мастака У. Дзмітрава-Майсцера, яго «Жнец», «Дзяўчынка са сланечнікамі», «Мая маці», «Ратаванне раненага», — поўныя рэалізму і нейкай унутранай сілы, глыбока пранікаюць ў сэрца.

У шыбы барабаніць дождж. Нешта пабольвае ў грудзях. Толькі няма калі хварэць, бо заўтра трэба выступаць.

17.ХІІ. Дакладваў на Савеце Міністраў аб рабоце Камітэта па Дзяржаўных прэміях. Н. Л. Сняжкова запрасіла нас на абед. A. Н. Аксёнаў запрапанаваў мне падлячыцца ў санаторыі «Сосны». Але як я паеду адзін і пакіну Любашу з усімі дамашнімі справамі і клопатамі? У Каралішчавічы на сустрэчу з маладымі пісьменнікамі не змог паехаць, бо стомлены. ледзь дацягнуўся дамоў.

Сярожка клеіць цацкі на ёлку. Сёння прынёс пяцёрку. Задаволены. Быў у ЦК. Крытыкавалі наш Камітэт па прэміях. Агулам, гэта такая няўдзячная работа, што горшай і не прыдумаеш. Атрымаў пісьмо ад Бічэль-Загнетавай, напісанае ў нейкай істэрыі. Пытае, па чыім загадзе яе выкраслілі з праграмы тэлеперадачы? Колькі раз мяне выкрэслівалі, і нікомУ я галавы не дурыў.

Хамід Гулям прыслаў падборку маіх вершаў, перакладзеных I. Шэбекам і надрукаваных у газеце «Совет Узбекистан».

30.ХІІ. Гаварыў na тэлефоне з Т. Каламіец. Збіраецца прыехаць да нас і прывезці некалькі экземпляраў выйшаўшага пад яе рэдакцыяй майго зборніка.

Перапісваю з часопіса «Наука и жизнь» цікавыя статыстычныя дадзеныя: «Дзюма-бацька напісаў 250 тамоў прозы і 50 драматургічных твораў, Бальзак — 150 тамоў, Лопе дэ Вега — 2700 п’ес (да нас дайшло 470), Жорж Сіменон — 415 раманаў, Вальтэр — 210 тысяч лістоў, а Бернард Шоу — 250 тысяч, Картлэнд, сучасная англійская пісьменніца, — 325 кніг. Апошнія 5-6 год выпускае па 20 раманаў, якія яна дыктуе тром сакратарам і карыстаецца дапамогай некалькіх сваіх супрацоўнікаў»… Што б мы рабілі з такімі аўтарамі ў нашых сацыялістычных умовах?

31.ХІІ. Снежныя і марозныя стаяць пераднавагоднія дні. Сёння, відаць, ніхто не завітае. Трэба толькі павіншаваць новых лаўрэатаў з прысуджэннем ім Купалаўскіх і Коласаўскіх прэмій. Што ж мне нясе з сабой новы, 1983 год?


1983


4.І. Гаварыў з I. Шклярэўскім. Не знаю, ці ўдасца ўратавацца ад свайго аўтарскага вечара ў Маскве.

Памёр Алесь Бачыла. Харошы паэт і чалавек. Не знаю, чамусьці не любіў яго П. Броўка: «Чаго ты трымаеш у рэдакцыі А. Бачылу? Ён цябе некалі падвядзе». А мы з ім шмат год працавалі разам у часопісе «Полымя», і працавалі дружна. Перад самым Новым годам яшчэ званіў мне. Памёр. Пакінуў па сабе шмат харошых вершаў і, асабліва, песню — «Радзіма мая дарагая».

Захапленне, якое зараз заўважаецца ва ўсім свеце фальклорам, мінуўшчынай у нашай атамнай, касмічнай, тэхнічнай эпосе, уяўляецца пошукам свайго радаводу. Наіўнымі і безагляднымі аказаліся ўсе тэорыі і ўяўленні аб хуткім зліцці ўсіх моў і нацый у адну.

Вывеліся весельчакі і гумарысты. Відаць, у нашы часы не да смеху, калі тысячы ракет нацэлены ў чалавецтва.

Зайшоў сусед па доме. Здзівіўся, што мае кнігі размешчаны на ніжніх полках. На яго пытанне: «Чаму?» — «Не дараслі яшчэ, каб стаяць на вышэйшых».

6.І. Дома зноў цэлае пекла. Не знаю, за што ўзяцца. Учора ледзь выстаяў ля труны А. Бачылы. На магільнік не змог паехаць. Атрымаў ад У. Калесніка яго кнігу «Лёсам пазначанае», у якой зноў шмат пераблытаных фактаў з маёй біяграфіі.

7.І. Ездзілі з Максімам у Пількаўшчыну. Пагрэліся ля кастра за лазняй. Усё бульбянішча перарыта дзікімі кабанамі. Каля гнілых пнёў — нейкія грыбы. Няўжо цяпер яны выраслі? Усюды свежае кратавінне. Дзіўна, што яшчэ не спяць сваім зімнім сном гэтыя падземныя аратыя і разведчыкі.

10.І. Жонка Ізі Харыка хоча, каб адной з вуліц на Нямізе прысвоілі імя і прозвішча яе Ісака. Не ведаю. Цяпер вельмі неахвотна наш гарсавет ідзе насустрач нам, калі звяртаемся з падобнымі просьбамі.

16.І. Вярнуўся з пахавання Ціхана Якаўлевіча Кісялёва. Прамовы, прамовы. Не магу забыць нямой сцэны, як дрыготкай рукой Ніна Фёдараўна, развітваючыся, гладзіла і гладзіла твар нябожчыка. Пахавалі яго побач з магілай П. М. Машэрава. Прагучаў жалобны развітальны салют. Укрылі магілу вянкамі, кветкамі…

Дома ўзяўся за артыкул I. Фіка, які слушна піша, што нельга пісьменнікаў класіфікаваць паводле іх палітычных арыентацый, што мы рабілі і зараз робім. Вось толькі некаторыя з іх, якія паспелі на працягу свайго жыцця пабываць у розных палітычных партыях: Сартр, Сінклер, Жыд, Сілонэ, Гамсун, Фаст, Стэйнбек… Ды і ў нас можна набраць не адну абойму.

Праслухаў апошнія навіны. Зараз уладарамі дум сталі футбалісты, бегуны, баксёры, гімнасты. Аб стане іх здароўя пішуць у цэнтральных газетах, чаго не робіцца ў адносінах нат да самых выдатных вучоных, артыстаў, кампазітараў, пісьменнікаў…

Чамусьці ў ЦК апалчыліся ў аддзеле культуры супроць Л. Гаўрылкіна, хоць я лічу, што ён працуе актыўна і старанна. Не ведаю, у чым справа. Паступаюць нейкія ананімкі. Настойліва патрабуюць звольніць з работы i С. С. Элькінда. Я ўсё адкладваю на пазней. Можа, забудуць.

10.ІІ. Павіншаваў У. Караткевіча з прысуджэннем яму прэміі імя I. Мележа. Сам ён хворы, і жонка пасля трох аперацый адчувае сябе вельмі дрэнна.

I. Я. Навуменка запрашае на вяселле дачкі. Прыгадаў наша вяселле з Любашай. Не было ніякіх гасцей. Па дарозе ў рэдакцыю «Вілейскай праўды« зайшлі ў адпаведную ўстанову, распісаліся. Аж шкада, што ніяк не адзначылі мы тады такой важнай падзеі ў нашым жыцці.

18.ІІ. Прыехала сям’я ўзбекскага паэта Султана Джуры, які ў 1943 г. загінуў у баі пад вёскай Казярогі. Прыехалі ўскласці кветкі на яго магілу.

Узяўся перакладаць Э. Межэлайціса. Ды зноў трэба збірацца ў Маскву на юбілейны пленум Таварыства СПД.

28.ІІ. Званіў А. Карпюк. Цяжка хворая Ларыса Геніюш. Ляжыць зараз у гродзенскай бальніцы. Прыязджаў да яе сын Юрка. Напіўся, чорт! Спрабую сазваніцца з яе ўрачом I. М. Бабко. Можа, трэба прыслаць якія лекі?

1.ІІІ. Першы дзень вясны. Прыходзілі з газеты ўзяць інтэрв’ю. Усе гэтыя інтэрв’ю нагадваюць нейкі балет. I агулам, надакучыла наша няспынная балбатня аб літаратуры. «Злаві красамоўства і скруці яму шыю!» — раіў Верлен. А мы ўсё яшчэ ім забаўляемся.

10.ІІІ. Сёння ўдалося сазваніцца з Ларысай Геніюш. Баюся, каб не закончылася гэта аперацыя трагічна, бо і гады не маладыя, і хвароба цяжкая. Казала, што апякуюцца ёю і лечаць выдатныя дактары. А аперыраваць будзе вядомы спецыяліст — прафесар Астроўскі. Ну, дай божа, каб усё было добра.

11.ІІІ. Пазнаёміў мяне У. М. Правалінскі з доктарам А. Д. Котлярам, які лечыць травамі ад усіх хвароб. Трэба будзе паспрабаваць.

Сёння маленькая Каця пачала хадзіць. Усе збегліся глядзець на гэта дзіва: як малы чалавек самастойна ставіць свае першыя крокі.

12.ІІІ. Быу у мяне У. Стохаль. Прывёз ён з Польшчы копіі маіх пісем да К. Яворскага. Збіраецца пісаць пра нашы сувязі з «Камэнай». Добра ведае беларускую мову і літаратуру.

Чякаю зваяка з Гродна. А. Карпюк абяцаў паведаміць аб стане здароўя Ларысы Геніюш. У «ЛіМе» надрукавана падборка яе выдатных вершаў.

14.ІІІ. Ф. І. Фёдараў перажывае, што ў энцыклапедыі і лемантары пераблыталі дату нараджэння Янкі Маўра, і яшчэ, што напісалі як аб адным з пачынальнікаў дзіцячай літаратуры. «А хто, — пытае, — яшчэ?» Кажу: «Багдановіч, Колас…»

А з Гродна — невясёлыя звесткі. Ларыса Геніюш — цяжка хворая. Рак. Метастазы яшчэ не пайшлі, але амаль ніякай надзеі на выздараўленне. Зноў прыехаў з Польшчы яе сын і зноў, забулдыга, п’е.

Прачытаў зборнік М. Грубіяна. Ёсць шмат арыгінальных вершаў. Уяўляю, што яны яшчэ лепш гучаць на яго яўрэйскай мове.

Усё большую ўскладаю надзею на літаратуру, якая прындзе пасля нас. Сын А. Ахматавай часта гаварыў: «Мама, не каралеўся, калі ласка!» Колькі ў нашага брата, пісьменніка, пазёрства! Асабліва, калі глядзіш на паводзіны некаторых са стараны і фіксіруеш іх «скрытай камерай».

Пад Мінскам будуецца атамная электрастанцыя. Як пра яе пісаць нейкую оду, калі пры любой аварыі яна можа стаць забойцам.

3 капяжоў слязіцца зіма.

17.ІІІ. І. Ф. Клімаў, прачытаўшы мае «Лісткі календара», раіць, каб я далей іх пісаў. Калісьці i К. Сіманаў раіў мне дапоўніць іх сучаснымі каментарыямі, ацэнкамі, якія можна было б набраць іншым шрыфтам у адрозненне ад асноўнага тэксту. Гэта цікавая думка, над якой, можа, варта было б падумаць.

Трэба сёння сазваніцца з А. Карпюком ці з Д. Бічэль-Загнетавай і даведацца, што чуваць у Ларысы Геніюш. Яна — казалі — вельмі была рада, што ў «ЛіМе» з’явілася падборка яе вершаў.

Прачытаў займальную брашуру пра экстрасенсаў, пра тое, што адзін з іх — галандзец Краузе — раскрыў больш сотні злачынстваў і быў забіты мафіяй, якая даведалася, што ён узяўся за раскрыццё забойствы Mapo. I быццам Джуна прадказала Р. Гамзатаву — згараць яго рукапісы. Расул перавёз іх з дачы ў Маскву, але ўсё роўна ад агню яму іх уратаваць не ўдалося. Пры сустрэчы распытаю Расула.

19.ІІІ. Атрымаў ад I. Ганчарэнкі яго двухтомнік. 3 захапленнем прачытаў радкі, якія самі просяцца на музыку:


Признаюсь отверто, мамо, —

Очи долом повела, —

То не я стояла, мамо,

То черешенька цвила…


21.ІІІ. Засмучаюць нас непаладкі ў сям’і Максіма. Не адчуваецца ў іх ніякага кантакту з сынам. Хвароба выбіла яго з рытму. Баюся, што ён сарвецца і са сваёй вучобы. Агулам, з кожным днём жыцце ўсе ўскладняецца.

Учора нашы футбалісты прайгралі. Усе балельшчыкі перажываюць. Недзе чытаў, што адзін экспансіўны італьянец, калі прайграла яго каманда, выкінуў праз акно свой тэлевізар. Вось гэта балельшчык!

23.ІІІ. На вяселлі нашай знаёмай у Слабадзе было распіта паўтоны гарэлкі. Не толькі спаілі гасцей, але насілі бітоны самагонкі па хатах і паілі тых, хто не змог прыйсці на вяселле. За некалькі дзён там тры чалавекі загінулі ад п’янства.

Запісваю даўнюю прытчу: старэйшы сын кажа: «Якая высокая трава і якія прыгожыя кветкі»; сярэдні: «Будуць сытыя авечкі, і ад іх будзе немалы даход»; а трэці, малады, ціха сказаў: «Трэба бацьку купіць новую кашулю. Бо старая зусім падралася і ноччу яму сцюдзёна». Маці выслухала ўсіх трох і сказала: «У нас толькі адзін сын».

27.ІІІ. Брат просіць пазваніць у Мядзела, каб яму дазволілі трымаць паляўнічую стрэльбу; пазванілі з рэдакцыі, каб памог нейкі там атрымаць пакойчык; Струмень просіць прыслаць спраўку для прадстаўлення яе ў Маладзечанскі музей, дзе хоча адшукаць у архівах нейкія матэрыялы для напісання ўспамінаў; інвалід з Зялёнак — каб яму павялічылі пенсію; суседка паўгода не можа знайсці сабе працы… А ў мяне такая арытмія, што заўтра кладуць у бальніцу.

5.IV. I так, зноў — у лечкамісіі. У прыёмнай нейкі хворы дамагаўся, каб яго палажылі ў новым корпусе, бо ён ваяваў, бачыў Леніна. Сястра зазначыла, што Ленін так сябе не паводзіў. Быў чалавекам сціплым. Не ведаю, чым закончылася гэта спрэчка. У чаканні капельніцы і ўколаў камфары чытаю анталогію «Поздней латинской поэзии»:


Статуя ритора Руфа высится. Полное сходство!

Нет ни речей на устах и ни мозгов в голове.

Не шелохнется, глуха, слепа, — все качества Руфа!

Есть лишь несходство одно: сам то помягче он был.

(Аўсоній)


Вельмі цікавая і «Вясельная кветка» таго ж Аўсонія, складзеная, як мазаіка, са строф Вяргілія. Або такія сентэнцыі, як: «Паасцерагайся, перамогшы, каб потым не шкадаваў аб перамозе»; «Раней смяротнага дня нельга хваліць чалавека»; «Прытрымай язык, будзе лягчэй завязваць дружбу».

8.IV. Толькі што пазваніў С. Законнікаў: памерла Ларыса Геніюш. Памерла, ці згарэла як свечка прад алтаром сваёй Радзімы.

10.IV. Заходзілі мяне наведаць Саша з Дзяніскам, М. I. Дзялец, які падзяліўся сваімі выдавецкімі навінамі і клопатамі. Потым былі Людміла, Язэп, Наташа.

«Пах маіх падпах больш духмяны, як усякая малітва» (Э. Межэлайціс). Не нагадвае гэта цвік У. Маякоўскага?

11.IV. Ад Н. Л. Сняжковай даведаўся аб апошніх падзеях у Зэльве. На пахаванні Л. Геніюш ад СП былі А. Мальдзіс, Д. Бічэль-Загнетава, В. Іпатава. Шмат было народу… Найлепшым для яе помнікам будзе выданне яе твораў, аб чым трэба будзе ўсім нам паклапаціцца.

Наведаў мяне сёння У. Правалінскі.

Любаша расказала, як абувала Кацюшу і тая, хаця, ударыла яе шкарпэткай і, калі ўбачыла, што бабуля «заплакала», перш — здзівілася, а потым хуценька працягнула ёй сваю соску.

21.IV. Заходзіў да В. Быкава. I яго, як мяне, скалолі ўколамі. Добра, што хоць — казаў — чуецца лепш. У суседняй палаце — В. Я. Крукаў. Інфаркт. Гарачыня, як у лазні. А. Адамовіч расказваў аб нетактычным выступленні А. Савіцкага на навуковай канферэнцыі. Абяцаюць паслаць мяне на далечванне ў Аксакаўшчыну.

Мне здаецца, беззваротна мінулі часы, калі адзін, хай сабе і найгеніяльнейшы, думаў за ўсіх. Зараз стала больш самастойна думаючых людзей.

27.IV. Раніцой выехаў у Аксакаўшчыну. Асцярожна прабіраліся праз туман. Толькі ў другой палове дня праяснілася. Пайшоў на прагулку. За сасняком — нейкая маўклівая вёска і поле, якое, відаць, даўно чакае сваіх сейбітаў. А іх нідзе не відаць.

28.IV. Прыснілася, што я заблудзіўся ў Парыжы: прачнуўся і доўга не мог заснуць. Дамовіўся з А. Бембелем, што заўтра ён на сваёй машыне падвязе у Мінск. А на Нарачы вучні Купской школы зноў пагаспадарылі на нашых дачах: выламалі дзверы, пабілі вокны. Адным словам, учынілі пагром. Да позняй ночы пісаў віншавальныя паштоўкі. Са страхам думаю, як я са сваёй арытміяй змагу прыступіць да работы. Выйшаў на балкон. Цішыня і цемень.

4.V. Прыехала падлячыцца Ф. Я. Алер. Сустрэў тут дырэктара Гродзенскай музычнай школы, з якім калісьці мяне пазнаёміў Р. Р. Шырма. Вось толькі прозвішча не помню. Сусед па стале пераконваў мяне, што мы з ім яшчэ перад вайной сустракаліся ў Рагачове, хоць я ніколі там не быў.

8.V. I так, заўтра вяртаюся дамоў. Напісаў тут з дзясятак вершаў, якіх, каб не хвароба, не напісаў бы. Агулам, я ўсё забываю, што ў мяне ўсё менш застаецца часу на ажыццяўленне сваіх планаў. А галоўнае — пісаць лепш.

Кажуць, мастак Стука, малюючы Матку Боскую, стараўся перад ёю выслужыцца і маляваў яе на каленях, покуль яна не сказала яму: «Ты мяне не малюй на каленях, але малюй добра!»

15.V. Стаіць афрыканская гарачыня. А малодшы Максім захварэў жаўтухай. Баюся, што можа ён зусім збіцца з дарогі. А галоўнае — замкнуўся ў сабе і пагаварыць з ім нельга. Вучыцца — не вучыцца. Недзе цэлымі днямі і начамі прападае са сваёй Наташай.

17.VІІ. Накідаў сваё кароткае выступленне пра Maякоўскага. Наведаў сёння мяне былы падпольшчык і партызан Ф. Я. Луцэвіч. Прывёз вядро парэчак. Што мне з імі рабіць? Вось не было клопату. Пеpаклаў цудоўную казку-быль «Амар і Хумар» Юсупа Xапалаева. Даў згоду на факсімільнае выданне «На этапах». А цяпер шкадую, бо зборнік вельмі слабы. I перавыдаваць яго няма ніякага сэнсу.

23.VІІІ. Нейкая М. I. Лявонава напісала сцэнарый пра мяне. Просіць пазнаёміцца з яе работай. I на якога чорта ўсё гэта мне! Чым далей, усё цяжэй становіцца жыць на гэтым свеце. Люся просіць памагчы прыпісацца ў Мінску. Развялася са сваім мужыком, які п’е і паклёпнічае на яе.

29.ІХ. Нарэшце вярнулася з Нарачы Любаша з Ірай і Кацяй. Сёлета будзе Любашы яшчэ цяжэй, бо Іра ідзе на работу і нам трэба будзе даглядаць унукаў.

Нехта прыслаў мне кнігу У. Навумовіча «Такое бывае аднойчы» і картку: «Як мог такі «шэдэўр» убачыць свет?». А ў анатацыі пра аўтара: «Кандыдат філалагічных навук, працуе дацэнтам кафедры беларускай літаратуры»… Сапраўды, як выдавецтва магло выпусціць такую бяздврную аповесць, напісаную нейкім жаргонам?

Я не асабліва веру даследчыкам, якія любяць пісаць, як зарадзіўся і паўстаў твор пісьменніка. Некаторыя мае вершы маюць безліч варыянтаў.

А на свеце так неспакойна! Гісторыя гаворыць, што амаль перыядычна з’яўляецца і апаноўвае чалавецтва нейкая непераадольная цяга масавага самагубства.

Зноў збіраюся ў Маскву. Мо вазьму з сабой i Maксімку, які ў ёй быў толькі перад самым паступленнем у школу.

18.X. Амаль два тыдні празасядаў на пленуме Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. У выхадныя дні прагледзеў з дзесятак замежных фільмаў: «Ізгоі», «Гандзі», «Цень рызыкі», «Фрэнсіс», «Смерць у Ватыкане» і славуты японскі фільм «Легенду аб Нараяме». Дома застаў тэлеграму, у якой туркменскія сябры запрашаюць на 250-годдзе Махтумкулі. Відаць, паеду, бо і дома чакае мяне не такое «салодкае жыццё». На мінулым пленуме, на якім я не змог быць, многія апалчыліся супроць маіх верлібраў. У нас даруюць любое пустазвонства, было б яно толькі зарыфмавана, і не заўважаюць, што ў угоду гэтай скорапейкі, нават прызнаныя майстры пісалі розныя несуразнасці, як у В. Брусава: «Дремлет Москва, словно самка спящего страуса… Тянется длинная шея — беззвучная Яуза».

Агулам, трэба мне пакідаць сваю няўдзячную работу ў СП. I гады ўжо не тыя, і здароўе — нікудышняе, і рэшту дзён сваіх прысвяціць аснове асноў — творчасці.

Загрузка...