20.Х. Ваўкі задушылі кабана, выпушчанага Федзем на бульбянішча. Дажыліся нашы пількаўскія паляўнічыя. Трэба будзе падкінуць патронаў, а то ваўкі хутка дабяруцца і да саміх гаспадароў.
У старых паперах знайшоў падрадкоўнік аднаго з вершаў Хаіма Семяжыцкага, які, здаецца, у 1939 г. атрымаў прэмію яўрэйскага аддзялення ПЭН-клуба ў Варшаве. Відаць, я збіраўся яго перакладаць. Зараз нат не прыпомню, хто даў гэты падрадкоўнік і чаму я не пераклаў. Мо таму, што ён быў рабінам? Але ж у літаратуры шмат было прадстаўнікоў у сутанах, рызах, ярмолках…
11.ХІ. Усё чалавецтва жыве пад нацэленымі ў яго ракетамі, якія не так лёгка даюцца перакуць на аралы. 3 далёкай Поўначы прыехаў мой зямляк Сцяпан Казлоўскі. Таленавіты самародак. I этнограф, і мастак, і даследчык жыцця эвенкаў…
Чамусьці ніхто з нашых крытыкаў ніколі не звярнуў увагі У. Караткевіча на яго выпендрыванне, напышлівы стыль яго прозы: «Я здатны быў біць нагамі, як жарабок пасля зімовай стайні», «Асабліва сапрапраўдныя арыстакраты саромеліся, што Пілсудскі родам з тых мясцін». (А Радзівілы, Пацы, Тышкевічы, Ваньковічы — з якіх мясцін?) «Аб адхіленні ў псіхіцы кавалера», «Я маю на ўвазе чалавека вытанчанага, а не прыземістую свінню», «Добра вядзе выдуманыя легіёны да дабрыні і дабра», «Чорная сіла. Самушчальнік злы дух Жэневы», «Чалавецтва, якое сядзіць, пускаючы сліну з рота» і г. д. («Чорны замак…»),
13.ХІ. Учора позна вечарам вярнуўся з партканферэнцыі. Аказваецца, Мікалай I, які быў асабістым цэнзарам A. С. Пушкіна, не палічыўся з забаронай цэнзуры і дазволіў паставіць «Рэвізора». А вось нашы кіраўнікі наклалі сваё вета на «Мілага чалавека» К. Крапівы.
Дома — несусветны гармідар. Немагчыма ні пісаць, ні чытаць. Ніхто і не ўяўляе, у якім пекле мы жывём з Любашай.
А зіма ўсё больш убіраецца ў сілу. Маскву — чуваць — замяло снегам. Вялікія цяжкасці перажывае сельская гаспадарка. Моладзь пакідае вёскі. A гарады папаўняюцца гультаямі і дармаедамі, якія прэтэндуюць на лёгкае жыццё. Растуць, як грыбы, розныя ўстановы, канцылярыі, міністэрствы. Разбухаюць да неверагодных памераў.
17.ХІ. Падчас апошняй імперыялістычнай вайны мой дзед Хведар Маркавіч, які да гэтага быў вельмі набожным, страціў быў веру ў Бога, а я зараз перастаю верыць і ў розум чалавека. Перагартаўшы газеты, доўга не магу заснуць. Перад абліччам сусветнай катастрофы мы ўсё працягваем пісаць сентыментальныя сялянкі і розныя рыцыначныя творы.
У «Маладосці» прачытаў забаўныя радкі верша Г. Бураўкіна:
Прыўзніму ўспамінаў грэшных дымку,
Дзе схаваў я ад чужых людзей
Сонейка заспанае — радзімку —
У лагчынцы белай між грудзей.
23.ХІ. Сёння закончыў свой верш «Смех» страфой:
Бічуеш за кожны агрэх,
Ратуеш ад ісцін паблеклых.
О, не пакідай мяне, смех,
Ніколі ні ў раі, ні ў пекле.
24.ХІ. А зіма ўсё больш убіраецца ў сілу. А я сёлета і акон не ацепліў.
Д. Мароз піша, што першыя свае вершы Купала падпісваў псеўданімам Янук Купала. Гэта Эпімах-Шыпіла перахрысціў яго на Янку.
3 Украіны прыйшла сумная вестка аб смерці Міколы Бажана. Трэба некаму з нашага СП пад’ехаць на пахаванне. Гэта быў выдатны паэт і чалавек высокай культуры. Ездзілі мы некалі з ім на 500-годдзе «Джангара» ў Калмыкію. Сустракаліся на фронце. А калі цяжка захварэў Максімка, дапамог Любашы дастаць лякарства і ўратаваць яго. Потым часта бачыліся ў Маскве, у Кіеве. Разам падарожнічалі па Італіі.
А гэта вартая ўвагі эпіграма Боўтэрвека:
Он все, что может, переводит с ходу.
Он несомненный мастер перевода.
Супругу драгоценнейшую тоже
Он перевел к себе с чужого ложа.
8.ХІІ. Мінуў яшчэ адзін дзень, запоўнены непатрэбнай балбатнёй. К. Шэрман, які толькі што вярнуўся з маскоўскай нарады перакладчыкаў, перадаў прывітанне ад Гао Мана. Я ўжо думаў, што ён загінуў падчас культурнай рэвалюцыі ў Кітаі. Ён, аказваецца, быў у маю адсутнасць і ў Мінску. Шкада, што мы з ім размінуліся. Абяцае прыехаць Е. I. Каліна, каб сабраць матэрыялы для беларускай анталогіі на каталонскай мове, аб выданні якой я дамовіўся, калі быў у Іспаніі. Баюся, каб мы не прапусцілі такой магчымасці.
Пагаворка Чынгісхана: «Хто гаворыць праўду, не памрэ ад хваробы». Што праўда, то праўда.
13.ХІІ. Выступаў на семінары маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах. Дачытаў В. Шклоўскага, ў якім зусім расчараваўся: «Земля создала ведьм Шекспира, они были пузырями земли», «Хлестаков — это кашель земли, которая задыхается, она не может жить» і г. д.
Сёння надрукавана пастанова ЦК па СП. I ўжо тое, што яна надрукавана побач з пастановай аб расследаванні крымінальнай справы, пакідае прыкрае ўражанне. А тое, што няма твораў аб карэнных праблемах сельскай гаспадаркі, навукі, культуры, мовы, — дык іх я яшчэ не сустрэў ні ў нашых цэнтральных часопісах і газетах, ні ў якіх пастановах.
Званіў Іван Іванавіч, відаць, пасля гутаркі з Н. Гілевічам, які падзяліўся нашымі ўражаннямі ад пастановы, пераконваў, што нічога не здарылася і г. д. Тады незразумела, для чаго ўсё гэта трэба было пачынаць. На абмеркаванне браць адну з самых актыўных творчых арганізацый, і давай на ёй адыгрывацца за свае промахі ў ідэалагічнай рабоце.
14.ХІІ. Зноў прыслалі анкету. Першае пытанне: чаму пішу? Прыгадаў Т. Парніцкага: «Пішу, каб пазнаную праз сябе праўду замацаваць, толькі каб да праўды, якой не знаю, дайсці».
30.ХІІ. Да ўсіх пераднавагодніх непрыемнасцяў дабавілася яшчэ адна: Максім пакінуў сваю работу ў інстытуце, у якім працаваў. Яшчэ не ведаю, што там здарылася. Трэба будзе распытацца ў A. А. Ахрэма. Чуваць, там атмасфера ў калектыве вельмі склочная.
Язэп Семяжон падарыў перакладзены ім зборнік вершаў Р. Бёрнса. Мне здаецца, тут Язэп выйграў у спаборніцтве з Маршаком. Пераклад яго проста геніяльны.
Час зацірае віну, калі яна і была. За апошнія часы з задавальненнем прачытаў К. Гамсуна, Л. Фердынанда, I. Сілонэ, I. Буніна, Т. Парніцкага, які пісаў пра сябе: «Быў, што тут гаварыць, вельмі дрэнным студэнтам. Не здаў ніводнага экзамена». А які незраўнаны майстра слова! Не дарма яму Ягелонскі універсітэт прысвоіў званне Honoris causa.
Слухаў цудоўныя ўкраінскія песні, ад якіх, здаецца, аж святлей робіцца на сэрцы. Не дзіва, што Давід уцішаў сваёй музыкай боль Саула.
1984
2.І. Дождж. Чытаю ўзбекскага мудраца Гафура Гуляма: «Пакуль рачулкі тыя ў тваё ўпадаюць сэрца, няхай на скронях тае снег сівізны тваёй!»
Мне i I. Шамякіну, калі мы былі на сесіі ВС у Маскве, В. Ф. Шаўра шмат расказваў пра свае сустрэчы з многімі славутасцямі. Ён, аказваецца, даўно вядзе запісы ў сваім дзённіку, які «некалі будзе адной з самых сенсацыйных і цікавых кніг». А запісвае ён кожную бяседу.
Не зважаючы на непагоду, Верачка з Дзяніскам паехалі на Нарач.
4.І. 3 Ваўкавыска нейкая А. Шэмет прыслала пісьмо, адрасаванае мне, Шамякіну, Брылю, Лойку, Дамашэвічу і нябожчыку Пестраку, у якім з абурэннем піша пра фільм «Чужая Бацькаўшчына», пастаўлены па раману В. Адамчыка. Асуджае і аўтара, і рэжысёра: «Зрабіце што-небудзь, каб гэта пустазелле не развівалася ў беларускай літаратуры».
Атрымаў пісьмо і ад жонкі Ц. Я. Кісялёва. Відаць, пакрыўдзілася, што я не ўзяўся пісаць пра Ціхана Якаўлевіча. Яна не ведае, што на перашкодзе гэтаму шмат было розных непераадольных барыкад.
Рыхтуючыся да вечара, прысвечанага 70-годдзю А. Куляшова, перачытаў Збор яго твораў. Ён настойліва прабіваўся праз схематызм паэзіі 30-х гадоў. На гэтым шляху значным крокам наперад была яго паэма «Сцяг брыгады» і многія лірычныя вершы.
Натрапіў на Ф. Вілона. Умеў жа, чорт, пісаць, як зараз пісаць не ўмеем. Аказваецца, у 1830 г. царскі ўрад забараніў на 30 год іграць на тэатральных сцэнах Шэкспіра, у якога заўсёды можна знайсці сугучныя сцэны з сучаснасцю, што могуць выклікаць непажаданую рэакцыю гледачоў.
Пераклаў некалькі фрывольных вершаў С. Трэмбіцкага і Д. Князьніна. Толькі дзе іх сёння хто. надрукуе?
5.І. Падаюць тыражы часопісаў не толькі ў нас, але і ў Маскве. I чартоўскі цяжка пішацца. Праўда, на гэта скардзіліся і раней многія вядомыя пісьменнікі.
Прыйшоў чарговы нумар «Обзора» — часопіса які прыгожа афармляецца, толькі, можа, крыху залішне ў рэкламным стылі знаёміць з культурай Балгарыі, з яе літаратурай, мастацтвам.
А дома кожны дзень розныя прыкрасці. Няма калі пісаць. Не знаю, як мог Ю. Рот тварыць у рэстаранах і кафэ. Хіба там было цішэй і спакайней, як у мяне дома.
А. Назараў пераклаў некалькі маіх вершаў на арабскую мову, і іх перадавалі па радыё.
Зусім у нас перастаў развівацца жанр сатыры. Калісьці пра Фрэдра гаварылі, што ён уратаваў край ад меланхоліі. А хто нас выратуе ад казённай нудоты?
18.І. Памёр П. К. Панамарэнка. Не магу сабе дараваць, што ні раней, ні апошні раз, калі мы з ім ехалі ў Маскву, гаварылі пра розныя справы, не спытаў у яго: як было з Я. Купалам? Зараз распаўсюджваюць розныя чуткі. А ён павінен быў ведаць праўду.
Сёння ад Л. Гаўрылкіна даведаўся аб вылучэнні мяне кандыдатам у дэпутаты ВС СССР ад Пінскай выбарчай акругі.
Сустракаліся з будаўнікамі нашага новага Дома творчасці. Завяраюць, што ў 1985 г. здадуць гэты аб’ект.
3 захапленнем прачытаў кнігу А. Клышкі пра Ф. Скарыну, напісаную прыгожай мовай і, галоўнае,— займальна.
24.І. Упершыню пацікавіўся Максімкавымі школьнымі падручнікамі па літаратуры і падумаў, што іх мог скласці толькі нейкі ідыёт, каб адбіць у вучняў ахвоту да яе вывучэння. I ўспомніў, якімі цікавымі былі і «Жывое слова», і двухтомная хрэстаматыя Галахава, i «Тэорыя славеснасці» Белавусава, па якіх калісьці вучыўся у Віленскан гімназіі.
Званіў Якаў Хелемскі. Казаў, даў адну падборку маіх вершаў у «Огонёк», другую — у «Дружбу народов».
28.І. Выхадны ў нас самы шумны і мітуслівы дзень, бо сыходзяцца дзеці, унукі, сваякі, якіх трэба і забаўляць, і частаваць. Аж да позняга вечара мы з Любашай пеклімся на кухні, як літаўры грымяць талеркі.
29.І. «Дружба народов» дала падборку вершаў Ц. Норвіда. Людзям, выхаваным на паэзіі А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, творчасць яго — глыбокая, наватарская, філасофская — можа здацца грувасткай, цяжкой. Таму і ў нас яна не знайшла належнага водкліку.
Кажуць, няма незаменных людзей. Магчыма. Але не ў мастацтве.
2.ІІ. Баюся, каб не падкасілі мяне апошнія камандзіроўкі. Трэба ехаць у Лунінец, Парахонск, Давыд-Гарадок, Столін на цэлы тыдзень.
Скардзіўся мне адзін з польскіх сяброў на дарагавізну, нястачу: «Калі мы мелі 50 кіламетраў узбярэжжа, селядцы былі ў кожнай краме, а зараз — мора больш, і яны расплыліся».
У нашай паэзіі паэтэсы смялей пераступаюць граніцы сацрэалістычнага пурытанізму, як паэты. Відаць, ім надакучылі залёты скапцоў.
«Жыце Варшавы» паведамляе аб адкрыцці Бюро польскай геральдыкі, дзе за 400-600 злотых даюцца спраўкі аб шляхецтве. Відаць, і да нас дакоціцца гэта мода.
Як асвянкі, часта ў галаве гудуць дакучлівыя рыфмы, ад якіх і ратунку няма.
10.ІІ. Усю раніцу перадаюць жалобную музыку. Усе ў нейкім трывожнымі настроі. У СП даведаўся аб смерці Ю. У. Андропава. Не стала аднаго з выдатных кіраўнікоў, які на сваім высокім пасту пачаў наводзіць лад у краіне і заваяваў заслужаны аўтарытэт у народзе.
Праслухаў інфармацыю аб нечарговым Пленуме ЦК КПСС, на якім першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны К. У. Чарненка. Не ведаю, як палітычным кіраўнікам, але нам, пісьменнікам, большая карысць ад непрыяцеляў, у якіх заўсёды можна нечаму навучыцца.
Паслаў былому падпольшчыку I. А. Круку ўколы АТФ і румалона, якія праз Міністэрства аховы здароўя ўдалося для яго дастаць.
25.ІІ. Позна ноччу вярнуўся з Пінска. Прывёз поўныя кішэні наказаў ад выбаршчыкаў. Трэба будзе разабрацца ва ўсіх гэтых шматлікіх запісах.
Не стала М. Шолахава. Апошнія гады, відаць, ён перажываў нейкі творчы крызіс, бо амаль нічога не пісаў і не друкаваў.
Дома зусім расхварэўся. Кашаль. Тэмпература. Прачытаў цікавыя ўспаміны Ц. Хлябоўскага пра дзейнасць дыверсантаў АК «Вахляж» «На рубяжах даўняй Рэчы Паспалітай». У кнізе шмат змешчана розных дакументаў, загадаў, фатаграфій.
4.ІІІ. Хадзілі з Любашай галасаваць. Ледзь дайшла, так баляць ёй ногі. Ю. Хапалаеў прыслаў вялікую падборку маіх вершаў, перакладзеных ім на лакскую мову і надрукаваных у часопісе «Дустыву». Калі ўлічыць, што на лакскай мове гаворыць крыху больш за 50 тысяч чалавек, дык нельга не здзівіцца, што тыраж часопіса — 2350 экз. Вось як людзі ўмеюць даражыць сваёй роднай мовай! А мы, пры дзесяцімільённым насельніцтве рэспублікі, топчамся на месцы са сваімі мізэрнымі тыражамі беларускіх газет і часопісаў.
5.ІІІ. Вельмі дрэнныя справы са здароўем У. Караткевіча. Нікога да яго не пускаюць. Каранцін. А ў горадзе — грып.
Ездзілі з Н. Гілевічам да Кандрата Крапівы. Павіншавалі яго з днём нараджэння. Пастарэў юбіляр, але ў свае 88 год захаваў ясны розум і аптымізм. І зараз працуе над слоунікам і над новымі байкамі.
10.ІІІ. Званілі з Пінска, што прыедуць мне ўручыць пасведчанне аб выбранні дэпутатам ВС СССР.
11.ІІІ. Паехаў на Сіўцаў Вражак за лякарствамі, а мяне адтуль на насілках у рэанімацыю. Горача. Шумна. Неяк дазванілася Любаша. Гаварыла з сястрой. Мяне да тэлефона не пусцілі. За акном — увесь у агнях фрагмент праспекта Калініна. Шкада, што не ўзяў з сабой чытаць нейкіх часопісаў, газет.
12.ІІІ. Не спалася. Датчыкі паказваюць поўную арытмію. Дактары суцяшаюць, што ўсё наладзіцца. Кансультавала сёння праф. Лідзія Іванаўна Ягорава, з якой калісьці мяне пазнаёміў у Барвісе наш В. I. Казлоў. Ад В. М. Шчадрыной даведаўся, што заўтра прыязджае група нашых пісьменнікаў на юбілейны вечар А. Куляшова. Вось так мне і не ўдалося прыняць удзел у гэтым вечары.
Нейкія сняцца цяжкія сны. Хаця б чаго не здарылася дома.
Чытаю дзіўныя радкі Г. Абашыдзе:
Закроют силой — ты глаза раскрой:
Нам видеть мир дано лишь раз, не боле —
Деревья, женщину, закат, прибой.
Закроют силой — ты глаза раскрой.
Исполни долг пред миром, и до боли,
До слез гляди. Пусть надавят рукой,
Закроют силой — ты глаза раскрой.
Нам видеть мир дано лишь раз, не боле.
15.IV. Усё яшчэ ляжу на Граноўскага. Толькі перавялі ў 30-ю палату. В. Шчадрына расказала, як пасля прысуджэння Ленінскай прэміі М. Карым, Р. Гамзатаў банкетавалі ў бальнічным парку, пакуль іх не развялі ўрачы. Не дзіва, што на сесіі ВС (бачыў па тэлевізары) Расул глядзеў, як турэцкі святы, і не мог прыйсці на вечар А. Куляшова.
А. Стэрн — адзін з вядучых польскіх футурыстаў, аказваецца, вучыўся ў Вільні, быў перакладчыкам і выдаўцом У. Маякоўскага. Чытаю «Сілуэты» А. Луначарскага, якія прасвятляюць пачатак савецкай эпохі, зараджэнне яе мастацтва, літаратуры. Некаторыя квяцістасці яго стылю сёння здаюцца ўстарэлымі, як і ацэнкі многіх твораў.
Неспадзявана наведаў мяне ў палаце мой зямляк і славуты хірург Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі, з якім калісьці пазнаёміў мяне П. Броўка. Успомніў ён, як я ў 1939 г. выступаў на мітынгу ў Вілейцы, у будынку пажарнай каманды. Аднойчы ў гэтым будынку я цэлы дзень прасядзеў, схаваўшыся за дэкарацыямі, бо не было грошай на білет, каб паглядзець на ігру прыехаўшай на гастролі вандроўнай украінскай трупы. I хоць больш паўстагоддзя мінула з таго часу, я помню, з якім захапленнем глядзеў на чароўную «Наталку-Палтаўку».
У шыбы барабаніць дождж. Чытаю В. Петрасяна «Армянские эскизы», напісаныя ў нейкім біблейным стылі, у экстазе, з любоўю і болем у сэрцы.
А на свеце ўсё больш неспакойна. Калісьці Лютэр на пытанне, што ён рабіў бы, калі б заўтра наступіў канец свету, адказаў: «Садзіў бы яблыні». Значыць, ён верыў, што яны некаму прыдадуцца. Запісваю сваё штодзённае меню: гемітон, нітракарбіт, індэрал, аглупект, цэрыкетон, ноатрапіл, фосфалугель (замяняе ротар) і на сон — эндаксін.
22.IV. Нешта паскупіўся сёлета Камітэт на прэміі. А вось я зусім не спадзяваўся, што ўкраінскі комплекс героям грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў атрымае прэмію. Ён і ў горад не ўпісаўся, і шмат залішняй пампезнасці, і сама фігура Маці-Радзімы — стандартная і грубая.
27.IV. Чытаю Марціна Гяска і нічога не разумею. Накідаў верш «Складанне стагоў». Нешта не магу сазваніцца з домам.
Гляджу на нашы непаладкі ў эканоміцы і ў палітыцы і думаю: мы валодаем неверагоднымі здольначцямі ўсё даводзіць да нуды, шэрасці, абсурду і асабліва — у вырашэнні нацыянальнага пытання — пытання самага ўзрыванебяспечнага. Сыходзячы толькі з ранейшых уяўленняў і меркаванняў, проста немагчыма прадбачыць развіццё падзей. Жыццё становіцца ўсё больш нестабільным. Няма пэўнасці, што заўтра не будзем ганіць тое, што сёння хвалім і — наадварот.
28.IV. Прыязджаў у Мінск В. Жукроўскі. Вельмі шкадую, што мы з ім размінуліся. Пару гадзін кружыў па бальнічным дворыку. Прыгадаў мудраца Току, які гаварыў: «Старый режим — семь жен держим, новый режим — от одной бежим».
Вечарам зноў падняўся ціск. Відаць, позна ўзяўся за рамонт свайго здароўя. I мо не варта было браць «па Бэкварку лютню«…
30.IV. Званіў Якаў. Заўтра «Правда» дае два мае вершы. У пісьме з Коўна (1820) А. Міцкевіч пісаў: «Кінуўся на ложак і ляжу пару гадзін нічога не думаючы, толькі “злуёнц сен"». Я. Слаеўскі апошнія два словы называе архаізмамі і правінцыялізмамі з Адамавай правінцыі. А гэта чыстыя беларусізмы, якіх у Міцкевіча шмат.
А ціск, не зважаючы на ўсе таблеткі, трымаецца: 180-120. Не дзіва, што напала на мяне тувімаўская хандра-ўныньская. Прынеслі жменю таблетак: этмузін, стугерон, гемітон…
9.V. Званіў Саша. Парадаваў, што на Мядзельшчыне прайшлі добрыя дажджы. Прачытаў «Полымя». Цікавая падборка вершаў Я. Сіпакова, на якія варта звярнуць большую ўвагу.
10.V. «Чалавек не толькі самотны ў смерці, але яшчэ больш адзінокі ў сваіх пакутах» (Я. Івашкевіч).
На прагулцы сустрэў намесніка міністра цяжкога будаўніцтва Я. Мацвеева, з якім калісьці пазнаёміўся ў Карлавых Варах. I ў яго — арытмія. Шмат цікавага расказваў пра Польшчу, куды ездзіў вывучаць яе прамысловасць.
Як даўно не быў дома! Адна Любаша ваюе там з унукамі.
17.V. Быў на прагулцы. Бачыў К. У. Чарненку, які прыязджаў на нейкія працэдуры. Неяк няўпэўнена у адказ на прывітанне хворых, памахаў рукой. Ён, здаецца, кожны дзень сюды прыязджае.
У «Неделе» надрукаваны выдатны верш татарскага паэта Р. Файзуліна:
Я родился в день бомб,
В месяц пуль и огня,
В год, когда не рождали пустые поля
И нуждалась в гробах — не в пеленках земля.
Я учился
Добру у заплаканных вдов.
У голодных — последнюю корку делить,
У незрячих — глядеть,
У безногих — ходить…
Трэба спрабаваць гэты верш перакласці. Двойчы сёння ішоў дождж. Званілі з дому. Увесь курс Максімкі прызываюць у армію. Думаю, што гэту школу трэба прайсці, бо зусім з ім парваліся нашы сувязі, нікога не слухае. Каб толькі не накуралесіў у арміі, бо пасля жаўтухі нервы ў яго зусім разладжаны. Заходзіў акадэмік прафесар К. К. Кузняцоў, раіў мне кожную вясну быць на курортным лячэнні, а восенню — на стацыянарным. А ў будучым давядзецца згадзіцца на прышчапленне стымулятара сэрца, хоць гэта і не вельмі прыемная рэч. Быў i В. В. Арцыбашаў. I так — заўтра еду на рэабілітацыю ў санаторый Герцэна. Так сёлета і не пабачу, як цвітуць сады на Нарачы.
23.V. У Герцэна прыехаў пад раскацістыя салюты грому. Спыніўся ў палаце на пятым паверсе. Пазнаёміўся са сваім доктарам Паўлам Рыгоравічам Герасіменкам, ад якога даведаўся, што тут і Расул Гамзатаў. Палата мая — на ўзроўні верхавін векавых сосен, за якімі пераліваецца ў сонцы Масква-рака.
25.V. Заходзіў Расул. Пагаварылі мы з ім пра нашы пісьменнідкія непаладкі, маскоўскія страсці-мардасці. Неспадзявана прыехала A. В. Малаева. Хоча, каб я напісаў зварот да школьнай моладзі і г. д. Трэба ж было і ў гэтым лесе мяне знайсці!
Сёння ўпершыню ў гэтым годзе пачуў зязюлю. А гэта радкі з В. Варашыльскага ў маім нязграбным перакладзе:
Перапалоханы, усяго баіцца:
Вайны і партыі, кары божай,
Сумненнямі раздзерты быццам.
Баіцца блізкіх сваіх, праходжых.
Як далёка адышоў паэт ад сваіх ранейшых поглядаў, палітычных перакананняў!
Праслухаў апошнія паведамленні. Нічога абнадзейваючага. Зайшоў Расул. Пазычыў дзесяць рублёў на піва. Відаць, жонка ўзяла яго фінансы пад строгі кантроль, каб не пачаў ён і тут, як у Маскве, банкетаваць. Як там дома?
5.VІ. Гарачыня. Сёння трэба будзе скласці ўсе мае манаткі, хоць і заўтра яшчэ будзе час, бо цягнік мой на Мінск адыходзіць познім вечарам. А каб цэлы дзень не блукаць па Маскве, спрабую спыніцца ў нейкай гасцініцы.
15.VI. Усе нашы спробы стварэння станоўчага героя, што нам не ўдаецца, у нечым нагадваюць стварэнне анёлаў, якія потым узбунтаваліся супроць Богa. Кажуць, нясмеласць — спадарожнік таленту, але ж талент, калі ён сапраўдны, не можа абысціся без смеласці.
18.VІ. Чуваць, А. Вялюгін пакінуў «Полымя». Шкада. Ён быў адным са старэйшых супрацоўнікаў часопіса і выдатным рэдактарам аддзела паэзіі. 3 Нілам Сямёнавічам былі ў I. I. Антановіча, расказалі яму пра нашы справы. Крытычна ён выказаўся пра аповесць І. Шамякіна, прысвечаную памяці А. Макаёнка, і пра апошнія творы I. Пташнікава.
Чытаю нашы рэцэнзіі. Уражанне такое, што быццам нейкі параліч скаваў нас. А дакучныя дэкларатыўнасць і маралізатарства не маюць нічога супольнага з сапраўднай літаратурай.
Т. Канвіцкі ў «Лe Монд» піша аб экалагічнай акупацыі Польшчы… Усё, што мне абяцалі, гэта яшчэ дзесяткі год няволі, калі Захад без выстрала адступіць перад Расіяй… Улада пачала асіміляцыю…
Ёсць больш дзвюх тысяч дэфініцый паэзіі, да якіх і я яшчэ дадаў некалькі. I ўсё роўна ніхто не ведае, чым яна з’яўляецца.
Прачытаў заблытаную рэцэнзію В. Кубілюса на зборнік вершаў Л. Гутаўскаса. У канцы аўтар сам прызнаўся, што цяжка становіцца акрэсліць, дзе добрыя вершы, а дзе слабыя, бо ў сучаснай літаратуры знікаюць ясныя «паэтычныя крытэрыі».
Анекдот пра Эрэнбурга. Калі той у 1946 г. прыехаў у Нью-Йорк і сустрэў знаёмага, які яго не прывітаў, спытаўся: «Ці вы мяне не пазналі?» Пачуў у адказ: «Вы Ілья Эрэнбург, былы пісьменнік».
5.VІІІ. Усе раз’ехаліся. На Нарачы засталіся толькі мы з Любашай і Іра з Кацюшай. Сяргей — у «Зубронку».
Колькі калісьці папулярных выказванняў згубілі сваю ранейшую вартасць і сталі парадыйнымі, як, напрыклад: «Чалавек — гучыць горда», «Пісьменнікі — інжынеры чалавечых душ», «Савецкая ўлада нам усё дала, толькі адабрала права пісаць дрэнна», «Маладым усюды ў нас дарога…». I сотні, тысячы іншых.
6.VIII. Першы дзень афіцыйнага майго водпуску. Запоем чытаю ўсё, хоць Дзюрэнмат чытаў толькі творы старых майстроў, бо пры масавай прадукцыі літаратуры нат на лепшыя не хапае часу. I, відаць, ёя меў рацыю.
Вось і сёння прачытаў у «Правде» вельмі слабыя вершы С. Міхалкова. Як іх і надрукавалі? Ну, улічваючы прабіўную сілу аўтара, маглі надрукаваць. А вось чытачоў падобнай дэвальвіраванай паэзіі не так будзе лёгка знайсці.
Мы знаем «вялікія літаратуры». Але мала што знаем аб літаратурах «перыферыйных». На што слушна звяртала ўвагу Вера Рыч у сваёй прадмове да беларускай анталогіі на англійскай мове, якая выйшла пад яе рэдакцыяй і патранатам ЮНЕСКА.
8.VІІІ. Калі культура пазнаецца па адносінах да працы (Бальзак), дык мы ўсё больш і больш становімся дзікунамі. Зараз пайшла мода на маладых.
I слова «малады» гучыць больш атракцыйна, як нейкі «класік». Клапаціцца аб маладой змене трэба, але не так парадна, змушаючы ўсіх быць яе нянькамі. Ды трэба прызнацца, што ўсе мы становімся нудным тэлевізійным пакаленнем.
Выкапаў у сваім хаатычным кнігазборы М. Ваньковіча, якога хтось дасціпна назваў «найбольшым польскім паўстанцам», бо ён браў удзел у паўстанні цукровага манаполю, у паўстанні фірмы «Рой» і паштовай рэкламы.
Тэма верша ці паэмы пра забойства Зямлі новабудоўлямі, прамысловымі аб’ектамі, стадыёнамі, стартавымі палосамі, аўтастрадамі, асфальтам, бетонам, хіміяй, смеццем, АЭС… А ў нашым заканадаўстве няма нат ніводнага артыкула, у якім гаварылася пра забойцаў Зямлі.
Французская статыстыка гаворыць, што ў 1975 г. у парыжскія выдавецтвы паступіла 9367 рукапісаў. 3 іх — 4822 зборнікі вершаў. Адно з іх выдала 21 томік, другое 150 тыражом 400-500 экз. У асноўным гэта паэзія герметычная, якая пачынае нудзіць чытачоў, і кніжныя магазіны адмаўляюцца прадаваць гэту паэзію. А часопісы друкаваць.
11.VIII. У Купе сустрэў С. Грахоўскага з жонкай, якія тут адпачываюць. Купіў пачку газет. 3 «Трыбуны Люду» даведаўся аб смерці паэта і перакладчыка Е. Загурскага, былога «жагарыста», з якім пазнаёміўся ў Вільні, а пасля вайны не раз сустракаўся ў Варшаве.
Вельмі дрэнна адчувае сябе Любаша: узмацніліся болі ў нагах, паднялася тэмпература.
13.VIII. Адвёз Любашу ў лечкамісію. Болі не сціхаюць. Аналізы, рэнтген, абследаванне. Ляжаць у бальніцы Максімка, Лена. Ну і лета! Заехаў у СП. Трэба званіць В. А. Пячэннікаву. Мо ён дапаможа вырашыць кватэрныя справы Г. Шупенькі, В. Карамазава, бо гарсавет нешта марудзіць. Званіла Іра. Прывыклі нашы дамашнія, каб усімі апекавалася Любаша, якая сама выбіваецца з сіл і патрабуе апекі. Аказваецца, што ў яе быў прыступ апендыкса, а да гэтага — і нервовае вычарпанне і болі суставаў. I ёй трэба было б кожны год грунтоўна падлечвацца ў стацыянары і ў санаторыі, а то з рана да ночы стаіць на кухні, усім дагаджае. Тут не толькі захварэеш, але можна і звар’яцець.
14.VIІІ. В. Быкаў быў у М. М. Слюнькова. Гаварылі пра нашы пісьменніцкія справы. Мікалай Мікітавіч выказаў шмат засцярог у адрас Н. Гілевіча, што ён не апраўдаў сябе на рабоце, шмат выдаецца. Не ведаю, хто яго так інфармуе. Адкуль усё гэта бярэцца. Мне здаецца, у аддзеле культуры ЦК ёсць людзі, зацікаўленыя ў розных інтрыгах у нашым пісьменніцкім асяроддзі, бо без іх не было б чаго рабіць. А трэба ж кіраваць!
16.VІІІ. Прачытаў Е. Герасімовіча. Відаць, я бязбожна адстаў, бо ўсё менш разумею сучасную паэзію. Адно знаю: нельга далей пісаць так, як я пішу, але нельга пісаць і так, што губляецца ўсякая сувязь з чытачом.
Пажшлі дажджы. I сёлета, відаць, змарнуецца шмат хлеба, сена, саломы… I гэта незалежна ад надвор’я. Бо нат у самы найлепшы для ўборкі год наракаем і пішам аб неспрыяльных пагодных умовах.
17.VІІІ. Нешта раскрычаліся чайкі. Уздоўж берага плывуць чародкі дзікіх качак, якія тут зусім асвоіліся і не баяцца людзей.
Зайздрошчу тым, каму не трэба адказваць на тэлефонныя званкі, марнаваць час на перапіску, на выступленні, на розныя сустрэчы. Але каму я магу, як Дыяген, сказаць: «Не засланяй сонца!»
Ноч. На вуліцы, чуваць, спявае моладзь, ды недзе высока ў небе гудуць самалёты.
18.VІІІ. Сумныя звесткі ад Любашы. Хвароба не адступае. Адным словам, не ўбераглі мы яе. 3 гадамі ўсё больш прыбывала клапот, якія клаліся на яе плечы.
Купіў сёння ў знаёмага старога пчаляра пару банак мёду. Юра прывёз пошту. Я, відаць, у нашай сям’і апошні з магікан, які чытае і збірае кнігі, бо новае тэлевізійнае пакаленне рэдка калі іх бярэ ў рукі.
21.VIIІ. Сёлета скупое лета на ягады і грыбы. Ва ўсім нашым садзе толькі пара антонавак красуецца на яблыні, калісьці падоранай былым матросам з «Аўроры» Сіланам Гусевым.
Была з Сырмяжа сястра Ф. Каравацкага. Расказвала, што брат яе Франц выехаў з жонкай у Галандыю. Запрашае яе ў госці, але яна — старая, відаць, паехаць не зможа.
23.VIII. Не хапае фантазіі нашым кіраўнікам, бо: і дом адпачынку — «Нарач», і санаторый — «Нарач», і вёска Купа — «Нарач», і Кабыльнік — «Нарач», і турбаза — «Нарач», і сыр — «Нарач», і нават хлеб «Нарачанскі».
Званіў у Мінск. Любаша крыху чуецца лепш.
У «ЛіМе» здымак: «А. Астрэйка i М. Танк. 1942 г.».
А на здымку не А. Астрэйка, а мастак Вальк, які працаваў разам з намі ў агітплакаце. Прачытаў цікавы непальскі цыкл вершаў П. Панчанкі. Становіцца ўсё цяжэй пісаць на замежныя тэмы з традыцыйных, усенівеліруючых, класавых і сацрэалістычных пазіцый.
Прынесла бабка Каравацкая крыху чарнічак. Бедавала, што дачка — п’яніца, не хоча нічога рабіць. Разгультаіўся народ. Падчас уборкі мабілізуем настаўнікаў, школьнікаў, медработнікаў, а на адной Нарачы можна было б сабраць цэлы полк лабатрасаў, якія толькі ганяюць мяч. Вось дзе рэзервы рабочай сілы! I агулам, як так атрымліваецца, што ў самую ўборку ў нас усе едуць у адпачынак? Усе віды транспарту не паспяваюць развозіць турыстаў па чарнаморскіх, каўказскіх, балтыйскіх курортах і лагерах.
26.VІІІ. Нехта вельмі музыкальны працуе ў нарачанскім кінатэатры, бо цэлымі днямі з гучнагаварыцеля грыміць хрыплы голас Высоцкага ці марцовай коткі — Алы Пугачовай.
У паэзіі нашай адчуваецца нейкая аднастайнасць, быццам большую частку вершаў пісаў адзін і той жа паэт, толькі пад рознымі прозвішчамі.
Мы часта пацяшаем сябе: народ, які даў такіх мастакоў слова, як X, У, 3, можа смела глядзець у будучыню. Усё гэта са слоўніка кветак красамоўства. Слушна пісаў Э. Рэнан, што існаванне народа з’яўляецца штодзённым плебісцытам.
Сяджу пад хатай на лаўцы, на якой не так даўно сядзелі з Міхасём Лыньковым, Аркадзем Куляшовым, за якімі і мне пара збірацца ў дарогу дальнюю. Вось толькі затрымліваюць мяне яшчэ ненапісаныя вершы, і мне яшчэ ўдаецца на нейкі час адтэрмінаваць сваю зямную камандзіроўку.
Званіў у Мінск. Любаша адчувае сябе лепш. Але як лепш, калі збіраюцца аперыраваць.
Званіла А. Бажанава. Пыталася, як справы ў Любашы і, можа, каб хто з дактароў прыехаў да мяне. Падзякаваў ёй за клопаты. Мо дацягну як да канца свайго водпуску, хоць арытмія мая зноў узмацнілася.
29.VІІІ. Купіў для Сярожкі білет на самалёт. Напісаў пад шум непагоды верш «Дождж Стафа». Хаця б заўтра было лепшае надвор’е.
А Любашу чамусьці яшчэ на некалькі дзён затрымалі ў лечкамісіі для абследавання. Уяўляю, як яна ca сваім руплівым характарам непакоіцца і рвецца дамоў.
У адной з польскіх газет прачытаў, што ў арміі Андэрса была выдадзена карта Польшчы з выхадам на Чорнае мора. Да польскіх тэрыторый залічаліся: Крым, Данбас, Букавіна, Бесарабія, Смаленск, Эстонія… На Тэгеранскай канферэнцыі Сталін паказаў Рузвельту і Чэрчылю гэту вар’яцкую карту.
Нешта падобнае было выдадзена і Я. Станкевічам — «спадаром» — у 1939 г.
Гартаю зачытаныя і пажаўцелыя старонкі зборніка Г. Гофмансталя, з пячаткай бібліятэкі віленскага універсітэта С. Баторага. Шкада, што многа кніг з маёй пількаўскай бібліятэкі загінула ў гады вайны. А было там нямала такіх, якіх цяпер і са свечкай не знойдзеш. Асабліва шкада гадавікоў старых газет ічасопісаў.
Калісьці мы любілі пісаць аб будучыні, якую зараз засланіў прывід атамнай катастрофы.
Трэба будзе даведацца, хто з’яўляецца аўтарам папулярнай у Заходняй Беларусі песні «Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай…».
З1.VІІІ. Толькі што з дому пазваніла Любаша. Хацелі аперыраваць, але пераканала ўрачоў, што чуецца лепш, сазванілася з Сашам і ўцякла. Хаця б паўторны прыступ хваробы не падкасіў яе зноў. А тут — званкі, званкі. Трэба ехаць у Маскву на пленум СП. Атрымаў сігнальны экзэмпляр свайго новага зборніка «За маім сталом». Чамусьці далі заніжаны тыраж, і аформлены сяк-так. Ну, ды ліха яго! Мо напішу яшчэ новы.
ІЗ.ІХ. Сустракалі дэлегацыю балгарскіх пісьменнікаў. Ездзілі з імі ў Хатынь. Заўтра — у купалаўскую Вязынку.
Усё было б нічога, каб не хваробы. А то з апошніх сіл цягнем з Любашай лямку незлічоных клапот і спраў. Адна паэзія мяне яшчэ падтрымлівае і маладзіць.
27.ІХ. Прыехаў М. Джарковіч, які прывёз перакладзены ім зборнік маіх вершаў. На пленуме у Маскве пазнаёміўся з Г. Аўдэрскай і з Я. Рашко. Заходзіў С. Малько, які гэтымі днямі вяртаецца ў Варшаву. Заўтра дзень нараджэння Любашы. Званкі: з «Полымя», каб выступіў па тэлебачанні, з Масквы каб выступіў на юбілеі ЦДЛ, а тут — пленум Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях, выбары новых акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў. Кожны агітуе за свайго кандыдата. Паступаюць розныя ананімкі. Сышлася ўся наша раць. Шум, гам. Як у вар’яцкім доме. Вось тут і пішы!
Калісьці я мог дома адпачыць, а зараз, каб адпачыць, трэба некуды ўцякаць. Сярод дэпутацкай пошты некалькі даўжэзных пісем шызафрэнікаў, з якіх нічога нельга зразумець.
9.Х. Чытаю рэцэнзіі і дзіўлюся неаб’ектыўнасці іх аўтараў у ацэнках многіх твораў літаратуры. Але гэта, відаць, заўсёды было і будзе. Нават Леў Талстой, разграміўшы Шэкспіра, аж пад нябёсы ўзносіу Цютчава, без якога, пісаў, «нельга жыць».
2.XI. Памёр П. Сергіевіч. Аж сцюдзёна стала на сэрцы ад гэтай звесткі.
4.ХІ. Бяда не ходзіць адна: памёр У. Е. Лабанок. Які цяжкі год! Дрэнныя справы і ў нас з Любашай. Калі ніхто не перашкодзіць, спрабуем зноў з’ездзіць на кансультацыю ў Маскву. Сёння белым шэранем пабяліў мароз дрэвы, зямлю. Пачутае на вуліцы: «Чужое лепш бачна нат за лесам, як сваё — пад носам».
У СП перасварыліся ўсе. Відаць, бурны будзе партсход. Многія ў нас не літаратурай займаюцца, а сваркамі, інтрыганствам. I ў мяне такі паганы настрой, што ўсё з рук валіцца. Прачытаў некалькі апавяданняў нудных, як тэлефонны справачнік. Усё цяжэй становіцца быць пісьменнікам. Толькі позна ўжо мне сваё пяро мяняць на нейкі іншы інструмент.
16 XI. Быў на праглядзе фільмаў. Яшчэ раз пераканаўся, што пасля Эйзенштэйна, Пудоўкіна, Даўжэнкі, Данскога наша кіно перастала быць «важнейшым з мастацтваў».
У сувязі з 50-годдзем СП СССР узнагароджана вялікая група пісьменнікаў.
Нейкі дзівак піша, каб я яго сон узяў за сюжэт для сваёй паэмы. А сон яго яўна ім прыдуманы з запазычаных апавяданняў пра паноў і мужыкоў, пра няшчаснае каханне і г. д.
А дома ўсё больш ускладняюцца сямейныя справы паміж нашымі маладымі. I ўсё гэта ўзвальваецца на нашы плечы — на плечы старых і хворых.
Памерла Kipa Бранд. Цікава, ці засталіся ў яе якія рукапісы В. Таўлая.
Успомніў матчыну загадку: «Маці — таўстуха, дачка — краснуха, а бацька — перабор, пайшоў смуродзіць на двор». (Печ, агонь, дым.)
23.ХІ. Зноў хаджу па дактарах і аптэках. Завея. Вечарам заходзілі А. Кудравец i В. Карамазаў з рознымі «казённымі» паперамі, якія трэба было падпісаць. Ян Гушча піша, што лодзінскае выдавецтва збіраецца выдаць Анталогію паэзіі народаў СССР і што Ў наступным годзе спаўняецца паўстагоддзя яго літаратурнай працы. Трэба будзе і нам адзначыць гэту дату нашага земляка, выдатнага перакладчыка беларускай паэзіі і рэдактара многіх зборнікаў.
24.ХІ. Туман. Адліга. Нейкая аддышка. Званіла А. Кобец-Філімонава: чаму не выдаюць збору твораў яе бацькі Рыгора Кобеца? Ніяк не мог ёй уталкаваць, што гэта не ад СП залежыць. Зноў збіраюся ў Маскву. Бяру з сабою сваю новую падборку вершаў. Падборка досыць слабая, што мяне не менш засмучае, як і здароўе. У сумным настроі развітваюся са сваімі дамашнімі, бо не ведаю, калі да іх вярнуся.
30.ХІ. Р. Гажэльскі прыслаў тыднёвікі «Факты» і «Жыце літэрацке», у якіх надрукаваны перакладзеныя ім мае вершы. Чамусьці да гэтага часу ён не атрымаў даўно пасланых маіх пісем.
Прыехаў Алесь Баршчэўскі. Трэба было б з ім стрэцца і паслухаць, што там чуваць у нашых польскіх сяброў.
Прыйшло пісьмо ад Максімкі, які зараз служыт, у Інце. Двойчы бачыў паўночнае ззянне, а тэрмометр паказвае мінус 40°.
7.ХІІ. Дзень запоўнены рознымі дробнымі справамі. Толькі вечарам змог заглянуць у газеты і перад сном пачытаць вершы Я. Сейферта — новага Нобелеўскага лаўрэата. Упершыню з яго вершамі — помню — сустрэўся на старонках даваеннай «Камэны», якую нехта пазычыў у мяне і, як часта бывае, забыў вярнуць.
Зноў непаладкі з сэрцам, галавакружэнне. Трэба нешта ўзяць на сон.
9.XII. Хадзіў на Камароўскі рынак. Купіў мяса, агуркоў, часнаку. Саша вярнуўся са сваёй швейцарскай камандзіроўкі. Я. Брыль перадаў мне цэлы цыкл пейзажных вершаў М. Канановіча, якія нагадваюць кінастужку, знятую з яго юнацкіх аколіц. 3 газет даведаўся аб смерці В. Шклоўскага. Я калісьці захапляўся яго выступленнямі. Але зараз больш крытычна адношуся да яго неспадзяваных процістаўленняў і парадаксальных спалучэнняў. А ён, мне здаецца, увесь на гэтым трымаецца.
Рэдка каму ўдаецца дабіцца зліцця розных ведаў, розных відаў мастацтва. Таму досыць прымітыўнымі лічу і нашых паэтаў-філосафаў і філосафаў-паэтаў.
15.XII. Прачытаў гісторыю сваёй хваробы ці заключэнне ўрачоў. I зразумеў, што малая надзея на папраўку. Трэба хутчэй кідаць мне сваю работу ў СП, якая і так шмат каштавала мне. Не было калі аб нечым творчым сур’ёзна падумаць, а тое, што неяк напісаў, давесці да належнага ўзроўню.
16.XII. Прыслаў Максімка пісьмо і сваю фатаграфію. Піша, што ў іх страшэнныя маразы і завеі. Аднаму не даюць кудысьці ісці, бо лёгка збіцца з дарогі і замерзнуць.
Сёння I. Шамякін, Н. Гілевіч і я хадзілі ў Савет Міністраў да У. I. Бровікава. Прасілі дапамагчы вырашыць нашы пісьменніцкія кватэрныя справы.
Чытаю Г. Каханоўскага «Адчыніся, таямніца часу». Да позняй ночы не мог адарвацца ад гэтай кнігі. Аўтару ўдалося сабраць столькі новых матэрыялаў пра нашых першапраходцаў беларускай культуры (Чачота, Баршчэўскага, Кулакоўскага) і напісаць такой сакавітай мовай, што я па некалькі раз перачытваў паасобныя старонкі яго выдатнай кнігі і радаваўся, што ёсць у нас такі майстра слова і глыбокі даследчык.
28.ХІІ. Зусім ачмурэў ад пісання навагодніх віншаванняў. Я. Скрыган чуў, М. Лужанін вельмі пакрыўдзіўся, што яму не прысудзілі Дзяржаўнай прэміі. Напісаў у ЦК пісьмо, ад якога, як казаў Б. Сачанка, «будзе ўсім кісла». Ну і дзівак! Яму трэба было б адаць прэмію за ўсю яго творчасць. Але за ўсю — не даюць. А апошні зборнік — слабы. Не выпадкова на прэзідыуме і ў камітэце многія галасавалі супроць яго. Прыкрае ўражанне ва ўсіх ад пісьма, якое, можа, больш, як некаму, пашкодзіць самому М. Лужаніну. Шкада, што ніхто з яго сяброў не параіў яму гэтага не рабіць.
30.ХІІ. Не ведаю, як дзе, а ў літаратуры трэба пачынаць рэвалюцыю. Усе пішам нейкую жвачку, якая ўсім даўно набіла аскому.
На апошняй старонцы рамана Я. Васэрмана «Каспэр Гаўсэр» некалі запісаная мной страфа (Е. Пачкоўскага?). Вось яе прыблізны пераклад:
Ёсць дзве сур’ёзныя прычыны,
Чаму мне Польшча няміла.
Зашмат вады свянцонай,
Замала звычайнага мыла.
З1.ХІІ. Усе паразыходзіліся. У чаканні Дзеда Мароза пад ёлкай засталіся толькі мы з Любашай, малышы — Сярожка з Кацюшай.
Нехта звоніць па тэлефоне. Наглытаўшыся розных таблетак ад ціску, ад арытміі, я ўжо і тэлефоннай трубкі не падымаю.
1985
4.І. Зайшоў у паліклініку. Доктар паслухаў, змерыў ціск і пытае: «Хто вас давёў да такога стану?»
Справы ў СП ускладняюцца. Патанаем у пустазвонстве, пасяджэннях, разважаннях і абмеркаваннях, пра што і як трэба пісаць. На што толькі марнуем час.
Пазваніла Оля, што ў Наташы Максімавай нарадзіўся хлопчык. I так, я ўжо не дзед, а прадзед, а Любаша — прабабка. Ну, што ж, гэтаму можна толькі радавацца.
Штучнасць і пазёрства заўсёды вылазяць, як шыла з мяшка. Калісьці ў разгар спрэчкі Бялінскага і Герцэна гаспадыня запрасіла іх за стол. Бялінскі абурыўся, як можна садзіцца за стол, калі не вырашылі асноўнага пытання: ці існуе Бог?
Вечарам прыйшла Оля. Жанчыны пачалі збіраць абмундзіраванне для малыша, якому яшчэ і імя не падабралі.
Здаецца, падымаецца цана на людзей, якія яшчэ не развучыліся самастойна думаць.
11.І. Прыехаў на некалькі дзён з арміі Максім паглядзець на свайго малыша.
«Огонёк» і «Знамя» прэміравалі мае леташнія падборкі вершаў.
Званіў Ражко: «Не пазнаеш?» Пару раз я з ім сустракаўся, і ён упэўнены, што я яго павінен адразу пазнаць. А прыехаў ён з Вільнюса, каб «прабіць» у друк свае ўспаміны. У яго такое ўяўленне, што ўсе кнігі друкуюцца толькі па пратэкцыі. Ён мне так і сказаў: «У цябе напэўна ў выдавецтве ёсць знаёмыя». Заўтра зойдзе. А я збіраўся ў выхадны дзень папрацаваць…
13.І. Прачытаў харошую падборку вершаў Р. Барадуліна. Павіншаваў Пімена з вылучэннем кандыдатам у дэпутаты ВС БССР. 3 пісьменнікаў вылучаны i Н. С. Гілевіч.
Гэтымі днямі Максім зноў едзе ў сваё Запаляр’е, у Інту. Амаль трое сутак будзе ў дарозе.
Аказваецца, Флабер раней за Сталіна сказаў пра пісьменнікаў: «Пісьменнікі адказныя за чалавечыя душы». Адным словам — інжынеры.
25.І. Вярнуўся з Масквы, з Усесаюзнай канферэнцыі міру. Сустрэў В. Жукроўскага. Разам з Піменам правялі ў яго цэлы вечар. Званіў у Кунцава Кайсыну, у вельмі цяжкім стане ён ляжыць. Я нат не пазнаў яго голасу. Ды і ён мяне не адразу пазнаў, бо некалькі раз пытаў: «Хто?»
Няма калі закончыць яшчэ ў Маскве пачаты верш. Гашак пісаў толькі тады, калі яму хацелася. Я ж пішу, калі ў мяне ёсць нейкая вольная хвіліна, а гэта не заўсёды супадае з настроем.
Нехта ў тралейбусе: «Не трэба пачынаць спрэчку, калі яе не ведаеш, як закончыць…» Дзе няма згоды, там няма і праўды.
Праслухаў апошнія паведамленні. Малеюць шансы на мірнае жыццё на зямлі. Ды і лёс самой зямлі становіцца праблематычным.
1.II. Апошнія часы нейкі Л. М. Няўзораў шле і шле пісьмы, у якіх цяжка дабрацца да сэнсу: «Я прошу довести до ваших писателей, что я признанный в союзах писателей СССР и УССР, как национальный поэт БССР не могу печататься в газетах…» Відаць, хворы чалавек. «Не дай мне Бог сойти с ума…»
Вечарам — у тэлевізары спартыўныя гульні, якія ўсё больш становяцца школай шавінізму.
Дома ўсе хворыя: і Кацюша (адвезлі ў бальніцу), і Сяргей, і Любаша, і я. I ад Максіма — ніякіх звестак. Усе непакоі і трывогі пачалі збірацца ў адну хмару.
Не помню ў каго вычытаў: «Гюго робіць з мухі слана, тады калі сапраўдны пісьменнік павінен рабіць наадварот».
8.ІІ. Купіў некалькі кніжных навінак. На вялікі жаль, магу толькі сказаць пра іх, што яны выдатна аформлены. Званіла жонка Кайсына. Прасіла, можа, у Беларусі можна знайсці на лякарства засушаныя бульбяныя кветкі. Заўтра абыду ўсіх нашых рыначных бабулек, якія прадаюць зёлкі. Мо ўдасца знайсці, хоць, прызнацца, ніколі не чуў, каб іх у нас збіралі.
Пераглядаю сваю бібліятэку, паводле парады Флабера, што бібліятэка пісьменніка павінна складацца з пяці-шасці кніг, якія трэба чытаць кожны дзень.
10.ІІ. Зараз у нас шумяць аб канцы рамана, як перад гэтым — аб паэме. «Забываюць, што гэтыя кананічныя формы заўсёды мяняліся і будуць мяняцца».
Прыйшло пісьмо ад Я. Гушчы, напісанае такой дрыготкай рукой, што ледзь я яго змог прачытаць. Перажыў інфаркт. У кастрычніку спаўняецца 50 год яго літаратурнай дзейнасці. Ліст вельмі сумны — ліст самотнага чалавека, які перасварыўся з былымі сябрамі, выдаўцамі, рэдактарамі. Трэба будзе перакласці яго некалькі вершаў і паслаць яму свае апошнія зборнікі.
Прачытаў «Цвет алешыны» А. Канапелькі. Простыя і шчырыя вершы. Пачатак, можна сказаць, абнадзейваючы. Агулам, Палессе — адкуль і яна — стала не толькі хлебным, але і шчодрым краем на таленты.
15.ІІ. Ездзіў з Н. С. Гілевічам у АН. Павіншавалі I. Я. Навуменку з яго 60-годдзем. На прыём, відаць, паехаць не змагу, бо чуюся дрэнна, і ўсе страшэнна непакоімся за стан здароўя Кацюшы. Ніякай папраўкі. Нічога не есць, тэмпература і дрэнныя аналізы.
Е. Вялюнскі піша, што ў «Музікальбрандэ» надрукаваны перакладзены на нямецкую мову мой верш і што ў Ірландыі Арнор Ганібальсон, які добра ведае польскую, рускую, украінскую і беларускую (!) мовы, збіраецца нешта перакласці з маіх вершаў. Цікавая звестка, толькі сёння мала яна мяне радуе.
17.IІ. Прыслаў Г. Шупенька роспачнае пісьмо, што ніяк не можа атрымаць кватэры. А жыве ён у жудасных умовах.
Сёння папрасілі жонку Ф. I. Фёдарава Рыну Александраўну паглядзець Кацюшу. Новыя ўколы лінкаміцына, новыя таблеткі. Можа, зноў прыйдзецца класці ў бальніцу.
22.ІІ. Быў на вечары 50-годдзя Рыгора Барадуліна. Толькі, як і ўсе такія вечары, зацягнуўся амаль да поўначы. Добра што Н. М. Мазай памагла мне на сваёй машыне дабрацца дадому.
Увесь час стаіць марозная і снежная зіма, якая падчысціць усе нашы скупыя запасы кармоў у калгасах.
1.ІІІ. Усё больш і больш западаю ў бездань дамашніх і розных грамадскіх клапот і спраў. Страшэнна многа часу забірае дэпутацкая перапіска. Многім здаецца, што я магу і кватэру без чаргі атрымаць, і вызваліць асуджанага, і пабудаваць чыгунку, клуб і г. д.
Хвароба Каці ўсіх нас вывела са строю. Ледзь трымаемся на нагах.
Забаўная канцоўка ў вершы I. Галчынскага:
…Званю.
Нехта выходзіць імглісты.
— Пан Міцкевіч?
— Не, выехаў у Расію…
Божа, значыць і ён з камуністаў!
У Анталогіі польскай паэзіі натрапіў на прозвішча С. Бруча, які калісьці ў «Вядамосцях літэрацкіх» пісаў пра мяне. Шкада, што мне не ўдалося з iм сустрэцца. А ён быў напярэдадні вайны на аўтарскім вечары ў Варшаве. Зараз, здаецца, жыве ў Лодзі.
15.ІІІ. Нарэшце атрымаў зборнік А. Бурсы, якога ў нас мала хто знае, але які варты пільнай увагі. Прачытаў цікавы нарыс пра Зельвяровіча, яго «Дзядоў», «Рэвізора», «Ружу», пастаноўка якой калісьці мяне ўразіла. Можа, таму, што сцэна ў ахранцы нагадвала дапросы ў дэфензіве.
Рэдка калі вяртаюся да сваіх ранейшых вершаў. А іх трэба было б яшчэ прапусціць праз апошнюю рэдакцыю.
Мы ўсе яшчэ працягваем жыць у палоне мінулых легенд, паэтык, уяўленняў.
Пісьмо ад Е. Вялюнскага. Піша, што атрымаў усе тамы беларускага тлумачальнага слоўніка і што ў ісландскім часопісе ў перакладзе Гутмунда Данельсона і Арнора Ганібальсона надрукаваны мой верш «Каб ведалі», які вельмі спадабаўся чытачам. Ніколі не думаў, што мае вершы забрыдуць аж у Ісландыю, над якой я толькі аднойчы — па дарозе ў Ныо-Йорк — пралятаў уначы. Даследчыкі мае «пераломным момантам» у маёй творчасці лічаць пазнейшыя гады, а гэты верш напісаны быў у 1945 годзе і даў назву аднаму з лепшых маіх зборнікаў.
У сувязі з абмежаваннем лімітаў, якія выдзяляліся на будаўніцтва школ, мастоў, дарог, вельмі цяжка дабіцца ажыццяўлення наказаў выбаршчыкаў, хоць звяртаюся і пішу ў розныя інстанцыі. Часамі толькі і ўдаецца сяму-таму палепшыць жыллёвыя ўмовы ці вырашыць нейкія дробныя справы.
Вострай праблемай стала знайсці некага на работу дворніка, санітара, грузчыка, чорнарабочага, а грамацеямі хоць гаць гаці.
8.ІV. Часта нашы мемуарысты, пішучы пра некага свае ўспаміны, больш пішуць пра сябе, і гэтым адбілі ўсякую ахвоту іх чытаць.
Пачатак верша: «У воўчы месяц Зюзя-бог…».
Бадай, што ніводная мова так не засмечваецца канцылярскім жаргонам і запазычанасцямі з іншых моў. Трэба некалі будзе спрабаваць на гэтых макароніках напісаць верш пра каханне.
А. Кузьнеўскі ў інтэрв’ю для «Жыця Варшавы» на пытанне, над якой кнігай зараз працуе, адказаў: «Не маю i часу, нічога не пішу. Стаю ў чэргах за туалетнай паперай…» Ну, гэта яшчэ не так дрэнна, калі Кузьнеўскаму ёсць патрэба ў туалетнай паперы. Бывае горш.
Не хапае ў нас аўтаіроніі ў адносінах да сябе і да сваёй гісторыі.
10.IV. Мне здаецца, А. Адамовіч перахваліў раман Э. Скобелева: «0, такой человек не дает погибнуть надежде», «Мы с ней всласть наболтались на родном языке», «Душензизер обнаружил какую-то погрешность в туалете жены, потому что разъяренным чутьем зашипел оскорбительные слова», «Откровенность мне может вылезти боком», «Женщина в натуральном внде… это прекрасно», «На вид обыкновенная змея, но прекрасно смотрится на сковородке»… I так на кожнай старонцы. Мова рамана нагадвае некаторыя шаблонныя выступленні нашых дыпламатаў, у падрыхтоўцы тэкстаў якіх аўтар набіў руку, калі працаваў у Міністэрстве замежных спраў.
12.IV. Аксакаўшчына. Цішыня. Мароз пабяліў траву. Лec ужо акультурылі, услаўшы дарожкі бетоннымі плітамі. Бачыў некалькі вавёрак. Чамусьці саснякі дажываюць свой век, затое разрастаецца густы ельнік. Пачаў верш, але нічога не выйшла:
Ты, што першым быў уладаром нашай мовы,
3 залатых самародкаў і вогнішч распаленых слоў
Вычароўваць мог супроць смерці закляцці, замовы —
Надумана. Дрэнна. А гэта яшчэ горш:
У светлыя тоні ракі
Закінулі дрэвы галіны,
Як вуды свае рыбакі…
Мне здаецца, што сучасная нестабільная сітуцыя на свеце з яўляецца першапрычынай хаосу ў мастацтве.
Калі буду на Палессі, трэба разведаць, дзе пахаваны Віткацы і Дэмбінскі.
Пачаў імгліць дождж. Толькі дзяцел чуваць у маўклівым лесе, адстуквае сваю марзянку.
Трэба сур’ёзна падумаць над новым зборнікам сваіх вершаў, які, відаць, будзе апошнім. На падрыхтоўку яго спатрэбіцца каля пяці год. А хутчэй напісаць яго не змагу. Добра было б — на большае не разлічваю, ды і часу засталося мала — калі не стварыш, нешта вартае, дык хоць бы пакінуць візію паэзіі авўтрашняй.
А на Нарачы — званіла Соф’я Захараўна — зноў у іх дом залезлі былі хуліганы, павыламвалі дзверы. У наступную суботу яна з Куляшовай збіраюцца ехаць на ўсё лета.
19.IV. Сёння — Вялікдзень. Калісьці ў гэты дзень у Пількаўшчыне збіралася ўся наша сям’я — сям’я хлебаробаў. Трэба было б пад’ехаць і пакланіцца іх магілам.
Наведалі мяне Любаша і Кацюша са сваім любімым козлікам. Вельмі дрэнна выглядае Любаша. Хворая. Стомленая. Ніхто ў нас не ўмее яе цаніць, хоць на ёй трымаецца ўвесь наш дом, усё наша шчасце. Не я, а яна — апора ўсяму. Без яе і маё жыццё было б марным…
Дождж. Дождж.
Трэба хутчэй адпісаць Яну Козаку, які запрашае нас з Любашай прыехаць у Дом творчасці ў Карлавы Вары або Добржышы. Нешта доўга — аж чатыры месяцы — ішло пісьмо. Відаць, доўга праляжала ў СП у Маскве.
Чытаю цікавы зборнік Т. Бондар, які гэтымі днямі мне прывезлі з Мінска.
Як ва ўсім мы спазняемся! Часта вядзем спрэчкі аб сучаснасці, якая даўно ўжо стала мінуўшчынай. Каштоўнейшай рысай нашай паэзіі з’яўляецца заземленасць, заглыбленасць у людскія справы. А бяда, што не навучыліся пісаць коратка, усе захапляемся шматслоўем. Яшчэ Гётэ пісаў: «Я, магчыма, быў бы вялікім паэтам, калі б мой язык не аказаўся такім нястрымным…»
Расказвала прыбіральшчыца Ніна Грыгораўна, што ў Аксакаўшчыне I. Грамовіч заўсёды хваляваўся: куды пайшла ці паехала яго маладая жонка Каця. Загадалі будаваць дачу. А нашто яна мне? Пайшла нечага ў палату да Пацёмкіна. Чаго яна там сядзіць? A К. Крапіва крыўдаваў, што сын і нявестка пакідаюць яго аднаго і едуць на курорты. А чаму не ехаць за дармовыя грошы?
Гэта прыбіральшчыца і яе сяброўкі знаюць безліч усякіх гісторый пра хворых, што каб запісаў, магла б атрымацца цікавейшая кніга пра многіх нашых сучаснікаў, кніга больш верная, цікавая, як усё тое, што пра іх пішам ці будзем пісаць.
24.IV. Зноў закружыўся, як белка ў калясе. 3 Гутмунда Данельсона:
Ісус — гэта чалавек. Сын
Другога чалавека і Марыі,
А Іосіф узяў крыж на плечы
I ўратаваў жаночы гонар.
Бесталкова мінаюць дні за днямі. А. Кузьнеўскі слушна піша пра швейцарцаў. Яны «зразумелі, што не маюць сваіх сыр’явых рэсурсаў — мусяць выкарыстаць адзіны, які маюць, — свае мазгі і свае далоні».
6.V. Ледзь уратаваўся ад аднаго настойлівага графамана. Графаманія — своеасаблівая агрэсіўная хвароба, якая, бадай што, не паддаецца ніякаму лячэнню.
Жарт пра баварцаў і прусака, які на ўсіх мовах, пачынаючы ад свайго дыялекта, пытаўся, як яму знайсці піўную. «Чуў, сябра, які адукаваны?» — гаворыць баварац пра прусака, калі той пайшоў, не пачуўшы адказу. «Ну і што з таго! — адказаў другі баварац. — Усё роўна ён не даведаўся ад нас нічога».
Стаіць каля тэлефона наша Кацюша і, заклапочаная, пытае: «I сто гэта такое — мамы няма?.. I сто гэта такое?»
7.V. Прайшла навальніца, затапіўшы вуліцы Коласа, Горкага, Куйбышава. Прыехаў Джарковіч Мамчыла. Можа, з ім пад’еду на Нарач і ў Пількаўшчыну, дзе спрадвеку жылі людзі, урослыя ў свае зямныя і сардэчныя клопаты і справы, і маглі абыходзіцца без шырокага свету, толькі свет не мог абыходзіцца без іх: трэба было плаціць падаткі, карміць хлебам, ісці на вайну. Трэба было…
Стомлены вярнуўся з урачыстага вечара. Стомлены і фізічна і маральна. Як арганізатары канцэрта маглі не ўключыць у сваю праграму ніводнай беларускай песні, ніводнага верша?
10.V. Вярнуўся з паездкі ў Пількаўшчыну. У іх калгасе «Зара» зацягваецца пасяўная. Яшчэ зямля не падсохла і на полі гразнуць машыны. У Дрывасеку пачуў першую ў гэтым годзе зязюлю. Агулам, мала чуць птушыных галасоў. Пасля меліярацыі глухімі сталі і нашы лясы, надрэчныя лугі, палі.
13.V. Усваталі мяне ў журы кінафестывалю. Чорт ведае, адкуль бяруцца гэтыя розныя мерапрыемствы? У гэтыя ж дні будзе яшчэ разглядацца і пытанне: як часопіс «Полымя» выконвае пастанову ЦК; будзе адзначацца 80-годдзе М. Шолахава і трэба збірацца ехаць на пасяджэнне камісіі па ахове прыроды ВС СССР… Набліжаецца юбілей Хлебнікава, якім, прызнацца, ніколі я не захапляўся.
Зараз шмат гаворым аб уваскрашэнні старых традыцый і звычаяў, абрадаў. Не ведаю толькі, ці можна ўсё гэта паўтарыць у нашых сённяшніх адменных умовах, каб яно стала такім натуральным праяўленнем культуры народа, якім было калісьці.
25.V. Прачытаў пераклад Р. Барадуліна «Слова пра паход Ігаравы», які, мне здаецца, можа спаборнічаць з найлепшымі вядомымі нам перакладамі гэтага твора. У «Маладосці» вельмі цікавая падборка загінуўшых паэтаў: 3. Астапенкі, Л. Бобрыка, А. Жаўрука, А. Коршака, М. Сурначова. Я, здаецца, быў адзіным з пісьменнікаў, хто бачыўся з 3. Астапенкам у Маскве перад яго небяспечнай камандзіроўкай у тыл ворага, з якой ён так і не вярнуўся. Ён мне, помню, даў на адзін дзень пазнаёміцца са сваёй паэмай «Эдэм», вяртаючы якую яму, я сказаў, што паэма — выдатная. I відаць, што гэта — твор не толькі сапраўднага мастака, a і паэта, за плячамі якога вялікі творчы вопыт і стаж.
Цікава, што, калі я расказаў аб гэтай сустрэчы А. Куляшову, П. Панчанку, П. Глебку, М. Лынькову, К. Крапіве, усе сышліся на тым, што гэта мог быць толькі 3. Астапенка. Паэма была падпісана прозвішчам Няміра. Гэта, здаецца, было на пачатку 1943 г., калі выйшла з друку мая паэма «Янук Сяліба», якую ён чытаў і якая, казаў, яму вельмі спадабалася.
Іграюць скрыпкі ў зялёнай вёсцы,
Дзе няма мяне і дзе я не буду.
У краі дзесьці дом ззяе ў сонцы,
Дзе няма мяне і дзе я не буду.
Чакае жанчына ў асеннім полі,
Дзе няма мяне і дзе я не буду.
Дзесь чакае камень і грудка зямлі.
О, там я буду, усе там будзем.
Але чаму?
(Маўрыцы Шымель)
26.V. У «Маладосці» — новая паэма К. Кірэенкі «Надзея». Сентыментальная, наіўная, чуллівая. Зразумела, што тэму ён узяў складаную — тэму вайны і міру, якую цяжка вырашыць пры дапамозе традыцыйнай нашай бадзёрасці. У Серэдзі з класічнай прастатой і глыбінёй мясцовы ксёндз напісаў на магіле загінуўшых у часе вайны: «Слава парафіянам, што аддалі за свабоду і веру цела — зямлі, душу — Богу, сэрца — Айчыне». Ёсць чаму ў гэтага святара нам павучыцца.
Рэдакцыя «Смены» запрашае прыехаць на бяседу аб свабодным вершы. Адмовіўся. Хай аб гэтым спрачаюцца крытыкі. На гэту тэму я ўжо не раз выступаў і, агулам, лічу ўсё гэта пустой балбатнёй.
27.V. Няўмольна мы, старыя, набліжаемся да свайго фінішу. Яшчэ раз прачытаў сваю новую падборку вершаў для «Полымя». Не ведаю, якая яна ў мяне атрымалася. Прасіў Мяшкова дапамагчы дастаць мармуру для помніка Ю. Болтуця. Пачалася кампанія супроць п’янства, у поспех якой вераць хіба толькі нашы кіраўнікі. Рэдактары і галоўліт — згубіўшы ўсякае пачуццё рэальнасці — пачалі выкідаць з усіх твораў сучасных і нат класічных усё, што напамінае аб спрадвечным чартоўскім зеллі. Вось і пішы праўду!
Як часта слава пісьменніка гаворыць не аб яго ўзроўні, а ўзроўні чытачоў. Напісаў два вершы. Адзін пра П. Багрыма.
30.V. «Бліжэй да жыцця!» Яшчэ Рансар у сваёй паэтыцы раіў вывучаць усе рамёствы. Гартаючы «Кабзара», пераканаўся, як самы лепшы і дакладны пераклад бывае далёкі ад арыгінала. Беларускае: «Раве і стогне Днепр шырокі» і рускае «Ревет и стонет Днепр широкий» не маюць, не перадаюць магутнага гучання галоснага «э». У мяне заўсёды, калі слухаю гэту песню, слёзы падступаюць да вачэй.
Як цяжка на рубяжы дваццатага веку ўявіць нашу будучыню, бо яе, i агулам, можа не быць.
6.VІ. Н. С. Гілевіч падаў заяву, каб яго вызвалілі з пасады сакратара СП па стане здароўя. Мне здаецца, тут нейкая іншая падаплёка, бо што тады мне гаварыць пра сваё здароўе? Шкада, што ён хоча пакінуць работу ў СП. Праўда, некаторыя з яго былых сяброў ставяцца да яго нядобразычліва. Але такі лёс кожнага, хто працаваў, працуе ці будзе працаваць у нашым СП. I тут не прыходзіцца спадзявацца на нейкую ўдзячнасць, разуменне, спачуванне.
9.VІ. Дарогай з Нарачы захварэла Верачка. У вілейскай бальніцы зрабілі кардыяграму, далі нейкія ўколы, каб мы даехалі да Мінска. Урач запэўніў, што болі ў яе неўралагічнага характару.
Прачытаў карэктуру падборкі «Збор калосся». Мо так і назаву свой новы зборнік, які хачу падрыхтаваць да канца сваёй пяцігодкі.
Нейкае вар’яцкае лета: дажджы, халады.
18.VI. Сёння быў у М. М. Слюнькова Н. С. Гілевіч. Вярнуўся з ЦК акрылены. Відаць, там яго ўгаварылі застацца на сваёй пасадзе першага сакратара СП.
Эпітафія Гарсона: «Тут спачывае чалавек які займаўся ўсякай распустай». У нас бы так не напісалі. У нас чым большы распуснік і ліхадзей, тым больш прыгожую мае эпітафію. У даваенных нумарах цатаўскага «Слова» знайшоў справаздачу з крымінальнага працэсу Р. Гаргановай, які нарабіў шмат шуму.
Прасілі выступіць на пленуме СП у Маскве падчас абмеркавання працы літоўскіх пісьменнікаў. Накідаў тэкст свайго выступлення.
Усё больш пераконваюся, што сярод жывых паэтаў няма роўных тым, што адышлі. Мо гэта песімістычная ацэнка. Не ведаю. Каб не быў старшынёй СП, я яе выказаў бы і абаснаваў, а так у сваіх выступленнях мушу ўлічваць розныя нюансы і, як усе кіраўнікі і чыноўнікі, у сваіх дакладах гаварыць аб росце і няспынным развіцці нашай літаратуры.
19.VІІ. Далі заданне М. А. Моўчану напісаць серыю партрэтаў. Піша артыстаў, пісьменнікаў, кампазітараў. Каб не падводзіць яго, і я даў згоду. Падарыў ён мне цікавую сваю гравюру, якая нагадвае месячную ноч на Нарачы. Званіла Данута, каб памог СП вырашыць справу будаўніцтва дома для А. Іверса і яго сына. Пры сустрэчы трэба папрасіць Л. Г. Кляцкова падтрымаць нашу просьбу, бо, здаецца, слонімскія кіраўнікі не асабліва прыхільна ставяцца да А. Іверса. Што там за прычына?
А дождж бесперапынна ідзе, імгліць, марасіць.
1.VІІІ. Збіраюся на Нарач. А то там адна цяжка хворая Любаша ваюе з унукамі. Апынуліся мы з ёй, старыя, у бязвыхаднай сітуацыі. Калі звалімся з ног, не будзе каму і вады падаць.
4.VІІІ. Першы дзень водпуску. Пазнаёміўся з сімпатычным госцем з Туркменіі Гурбанам Аліевым, якi і падарыў мне казкі «Рассказы попугая». Прывёў яго М М. М. Герановіч. Жонка яго прынесла забаўнага папугайчыка, якім доўга не маглі нацешыцца нашы малышы.
А за акном шуміць дакучны дождж.
5.VІІІ. Ha двары чуюцца звонкія галасы Куляшовай і Лыньковай. Яны заўсёды рана ўстаюць і нешта горача абмяркоўваюць. То яны не сыходзяцца ў ацэнцы прачытаных твораў, то падзей на свеце.
Пачаў перакопваць сад, які зарос травой, удзірванеў, то наводзіць нейкі лад на дрывотні. Ёсць, кажуць, кнігі, якія бяром у дарогу, і кнігі, якія нас бяруць у дарогу. Чытаю Я. Брыля і радуюся, што ў нас ёсць такі выдатны майстра слова. Радуюся ціха, бо вельмі ж надакучылі крыклівыя захапленні, трыбунныя алілуйшчыкі. Эх, як сёння расшумелася Нарач!
Вечарам, калі гуляў з Кацюшай, падышоў нейкі ўзбек: «Помніце, я быў у вас калісьці з лесніком, якога за няўплату аліментаў засудзілі на два гады… I мяне толькі што выпусцілі. Бачыў у вашай кнізе фатаграфію на фоне мінарэта ў Бухары…» I пайшоў у рэстаран.
12.VIII. Цішыня. Толькі чуваць, як ападаюць з дрэў яблыкі. Кожны дзень збіраю іх для малочніцы, якая корміць імі сваю карову. Каб быў час, паставіў бы на вуліцы кошыкі і запрашаў бы: «Частуйцеся, калі ласка».
Чытаю нарыс пра Э. Хэмінгуэя, пра яго розныя прыгоды, любоўныя гісторыі. 3 пісьма да Марты Гельгорн: «Ты — маленькая ложачка з тварам, якой успамін разрывае мне сэрца, з прыгожым целам, фіглярскім вялікім азадкам, такой цябе кахаю». А «каціны магільнік» — з мемарыяльнымі дошкамі, а падвал з бочкамі віна і віскі, зграя сабак, чарада задзірыстых пеўняў! Ва ўсім гэтым ёсць шмат пазіравання, якім любіў займацца і наш У. Караткевіч. А можа, і спроба ўцячы ад атуляючай нас нудоты.
21.VIII. Туман зліўся з возерам. Не відаць ні возера, ні зямлі, ні неба.
Прачытаў «Пахвалу вайне» Бертрана дэ Борна. Вар’яцтва? Але ж гэта «пахвала» адчуваецца і ў апісаннях біблейскіх і ў творах некаторых сучасных пісьменнікаў. Так што не прыходзіцца дзівіцца з гэтага сярэднявечнага трубадура. Відаць, толькі атамная вайна не будзе мець сваіх апалагетаў і пяўцоў.
Максім піша, што там, дзе ён служыць, у Інце, вельмі многа грыбоў. Жыве на лоне прыроды. Чакаюць пары дажджоў і зімы.
Загадчыца аптэкі Юлія Мікалаеўна Пінчукова падарыла Любашы дзіўны кактус з калючкамі, пакрытымі нейкім белым пухам. Казала, што ён прыгожа цвіце.
Прачытаў Э. Паунда і Эліота ў польскіх перакладах. Гісторыя знае многа выдатных майстроў, якія былі людзьмі нікчэмнымі. I таму, знаючы аб іх прафашысцкай дзейнасці, «в минуты жизни роковые», мне цяжка даць аб’ектыўную ацэнку іх творчасці, хоць, менавіта, апошняе і вырашальнае слова застаецца за творчасцю (Гамсун, Гаўптман…).
У «Новом мире» — пісьмы М. Цвятаевай. Божа, што за сумбур!
Памог Любашы надзерці бульбы на дранікі. Мучае сумленне, што нічога не пішу. Але як пісаць у нашым дачным гармідары?
23.VІІІ. Днём узняўся вецер. Непаўторнай музыкай шумяць сосны і хвалі Нарачы. Музыкай, якую слухаю ўсёй сваёй істотай.
Пісьмо ад В. Гедры. Дзякуе, што я яму памог звязацца з Е. Велюнскім. Мяне здзіўляе актыўнасць гэтага перакладчыка-паліглота. Ён адзін больш робіць у наладжванні творчых кантактаў, як польскі і наш саюзы пісьменнікаў.
Наглядаецца фемінізацыя некаторых прафесій, у тым ліку — і пісьменніцкай. У іх (жанчын) мацней гучаць мінорныя матывы ў лірыцы. Відаць, меў слушнасць Флабэр, кажучы, што, каб іх вылечыць ад суму, «патрэбен не ідэал, а справа, патрэбен мужчына, дзіцё, любоўнік».
Незадаволенасць сваёй і агульным станам паэзіі не дае спакою. Задаволенасць творчая ўсыпляе таленты, але і крайняя незадаволенасць не памагае тварыць. Гэта я па сабе адчуваю.
26.VІІІ. Дзень пачаўся са шчэбету ластавак, што прыселі на раме адчыненага акна.
Чамусьці некаторыя лічаць вольны верш — амерыканскім, а ямб — англійскім. Хай пачытаюць «Слова», нашы народныя песні, казкі, галошанні, замовы, у якіх знойдуць усё гэта за шмат год да адкрыцця і Англіі, і Амерыкі.
Пад вечар прывезлі нам дроў. Каб толькі не разбудзіць прыціхшую арытмію, вазьмуся за іх упарадкаванне.
Неспадзявана пайшоў дождж, які загнаў мяне на маё гарышча, і я ўзяўся перакладаць А. Маргаран і фрашкі, накшталт:
— Быў бы Ян святым Ісусам,
Каб не грэшныя спакусы…
9.ІХ. Не зважаючы на забарону, яшчэ больш пачалі на вёсках гнаць самагонку. Бо, як казаў наш пількаўскі сусед: «Каб з людзьмі жыць, трэба піць».
I тут нічога не параіш. У адной нашай Краснаўцы працуе некалькі самагонных апаратаў.
Нарэшце дастаў Карла Леві «Хрыстос затрымаўся ў Эбалі». Гутарыў па тэлефоне з I. В. Мальцам, які толькі што прыехаў з Наваградчыны. Наведаў магілы камуністаў, павешаных у 1932 г. У гаркоме, казаў, абяцалі паставіць помнік.
Разгарэўся скандал навакол гістарычных раманаў А. Савіцкага. Удзельнікі партызанскага руху пратэстуюць, пішуць у ЦК. Прыйдзецца абмеркаваць усю гэту непрыемную гісторыю.
15.IX. Радуюся, што яшчэ некалькі дзён магу правесці на Нарачы, хоць творчым даробкам гэтага лета не магу пахваліцца. Набліжаюцца цяжкія часы, аб чым гаворыць крызіс веры ў чалавека, у яго розум, у яго, здавалася б, непадважальныя догмы.
Калі не ўдасца ўратаваць міру, трэба было б забяспечыць людзей нейкімі сродкамі скарачэння іх мук. Аб гэтым я думаў не раз, а сёння, здзіўлены, прачытаў, што да такога вываду прыйшоў Стэфан Цвэйг 28.V.1940 г., падчас наезду гітлераўцаў на Францыю: «Я падрыхтаваў сабе такую бутэлечку…»
17.ІХ. Ноччу дождж і вецер усю зямлю ў садзе ўсыпаў яблыкамі. Каб не рупілі розныя справы ў Мінску, сядзеў бы тут аж да самай зімы.
Трэба распаліць касцёр, ля якога калісьці любілі пагрэцца i М. Лынькоў, i А. Куляшоў, і Я. Колас, калі наведваў нас, нарачанцаў.
У космас — перадавалі па радыё — запушчаны новы карабель з касманаўтамі.
Вецер абарваў электраправады. Цемень.
23.ІХ. Вярталіся ў Мінск праз дождж, град і шторм. Дома застаў гару пісем, тэлеграм. Прыслалі свае зборнікі Шошын, Сеітаў і Г. Данельсон. У «Голасе Радзімы» цікавы артыкул А. Траяноўскага пра лужычан, пра іх культуру. Піша, што ў выдавецкіх планах іх «Домовіны» — мой зборнік казак. Ніколі не спадзяваўся, што мой «Бай» завандруе аж на берагі Шпрэвы, да нашых лужыцкіх пабрацімаў.
Перад з’ездам разгараюцца розныя спрэчкі паміж паасобнымі пісьменнікамі каля буфетных стоек, камплектуюцца новыя кабінеты, групы. Стараюся трымацца ад усяго гэтага воддаль.
Гаварыў з Людмілай. Язэп, казала, паехаў у Аксакаўшчыну. Вельмі непакоіцца, што выданне перакладзенага ім «Пана Тадэвуша» з года ў год нашым выдавецтвам усё пераносіцца і пераносіцца.
Калі слухаю розныя парады, як трэба пісаць, прыпамінаю прыведзеныя Е. Відокам словы К. Бандроўскага: «Раю вам усе добрыя парады на тэму пісання мець у дупе».
Раптам Каця пытае: «Бабуся, ты любіш, як дзядуля цябе цалуе?» — «Люблю». — «А чаму тады крычыш, што сярэдзіна баліць?»
3.Х. Учора зайшоў у кнігарню, перапоўненую пакупнікамі. Не думаю, што ўсё гэта былі чытачы і прыхільнікі літаратуры. Проста кніга стала больш стабільнай.
4.Х. Заходзіў В. Ражко. Шмат расказваў пра старых нашых знаёмых, былых капэзэбоўцаў. Многія з іх узяліся пісаць успаміны, капаюцца ў старых канфліктах, працягваюць спрачацца, у каго быў левы ці правы ўхіл, на што расходуюць рэшткі свайго жыцця і энергіі. Усё гэта магло б быць цікавым і трагічным матэрыялам для нейкай аповесці, рамана пра людзей, якія да канца дзён засталіся ў палоне сваёй маладосці, у кругу мінулых уяўленняў і падзей.
Атрымаў ад Е. Вялюнскага ісландскі часопіс «Лесбок», у якім змешчаны адзін з маіх вершаў. Гэтымі днямі еду на сесію Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. Вязу з сабой усю дакументацыю аб вылучэнні кандыдатам на Ленінскую прэмію В. Быкава. Ёсць надзея, што сёлета Дзяржаўныя прэміі могуць атрымаць В. Дашук за дакументальны фільм і тэатр — за спектакль «Радавыя» А. Дударава.
20.Х. Вярнуўся з ясенінскіх урачыстасцяў Н. С. Гілевіч. Непрыемна, казаў, атрымалася з Р. Барадуліным, які павінен быў выступіць на вечары, a С. Міхалкоў даў слова Нілу, з якім таксама было дамоўлена. Чуваць, гром і маланкі абрушвае на сакратарыят і прэзідыум I. Шамякін за вылучэнне на Ленінскую прэмію В. Быкава.
Пыталася В. М. Шчадрына, ці змагу прыехаць на вечар Я. Райніса. Агулам, у нас, калі дазваляе здароўе і ты прыхільнік застольных бясед, можна нічога не рабіць, а толькі ездзіць і ездзіць, гасцяваць і гасцяваць, засядаць і засядаць у прэзідыумах… I гэта будзе залічвацца ў твой актыў начальствам больш, як творчы даробак. Усё гэта — адно з ненармальных і жахлівых з’явішчаў нашай рэчаіснасці.
Зноў быў В. Ражко са сваімі ўспамінамі. Расказваў ён розныя гісторыі, у тым ліку і пра Я. Патаповіча (Чабора), які пасля Лукішак «зусім стаў іншым, пайшоў на супрацоўніцтва з санацыяй, дзякуючы чаму атрымаў пасаду ў кааператыўным таварыстве “Сполэм"»… Я. Патаповіча я добра ведаў, бо разам сядзеў з ім на Лукішках. Трымаўся ён добра. Не ведаю толькі, ці пісаў ён што пасля свайго дэбюта ў «Літаратурнай старонцы», за што і быў асуджаны разам з Пестраком, В. Таўлаем, Я. Міско і інш. на некалькі год турэмнага зняволення. Апошні раз мы бачыліся перад самай вайной у Вільні. Потым чуў, што ён у 1939 ці ў 1940 г. быў арыштаваны. Няўжо за сваю працу ў «Сполэме»? А мо ўсё гэта — няпраўда? Бо амаль ва ўсіх, пра каго гаварыў В. Ражко, былі розныя недаравальныя заганы і палітычныя грахі. Прызнацца, гэта яго зверхпільнасць мяне насцярожвае.
5.ХІ. Нарэшце прачытаў паэму Ніла Гілевіча. Найбольш яму ўдаліся лірычныя адступленні і такія выдатныя фрагменты, як «Купальскія васількі», «Вечар у полі», некалькі дасціпных публіцыстычных філіпік супроць мяшчанства, касмапалітызму, несумленнасці, але побач з гэтым страчаюцца безгустоўныя вульгарызмы, ці, як іх інакш назваць: «Народ цалуецца прыстойна: ён ляпу ляпай не дзярэ», «здаровыя быкі, на кірмашы вунь так і водзяць блудлівым зіркам у бакі». I іх шмат. I яны зніжаюць агульнае гучанне паэмы. Можа, варта было б яшчэ падумаць і над сюжэтам гэтай досыць цікавай паэмы, жанр якой у нас пачаў выраджацца.
12.ХІ. Памёр В. Бечык — адзін з выдатнейшых нашых маладых крытыкаў, які закаханы быў у літаратуру і, як рыцар, верна ёй служыў.
Часта думаю: якой павінна быць наша паэзія. Такая, якая яна ёсць, мяне не захапляе. Каб адказаць на гэта пытанне, трэба было б, як даўнім прарокам, кінуць усё і пайсці ў пустыню, каб ніхто не перашкаджаў заглыбіцца ў сябе, у свае пошукі, сумненні, надзеі.
18.ХІ. Быў у майстэрні М. А. Моўчана. Пасля Г. Гарэлава ён напісаў другі досыць удачны мой партрэт, бо ўсе іншыя — перадаюць толькі вонкавае падабенства.
3 Гродна прыехаў П. Прыходзька. Быў ён на вечары, прысвечаным 80-годдзю М. Васілька. Быў і на яго радзіме — у Баброўні. 3 дакладам выступала Данута Іванаўна. Шкада, што не змаглі туды пад’ехаць Я. Брыль, У. Калеснік і я. Перад самай вайной я з П. Пестраком быў у хаце Міхася. Помню, пісаў я яму тады, што сын ужо зраўняўся з яго паляўнічай стрэльбай. Я. Брыль, які быў з ім разам у нямецкім палоне, расказваў, што М. Васілёк чытаў маё пісьмо і плакаў. Вярнуўшыся з палону, ён быў партызанскім разведчыкам, аб чым пазней даведаліся. Нат М. Машара, у нейкай нямецкай газеце прачытаўшы верш М. Васілька, паспяшаўся яго аб’явіць здраднікам.
Заўтра вечар, прысвечаны 90-годдзю Ісака Платнера. Цікавы гэта быў і Чалавек і Пісьменнік з такой адкрытай па-дзіцячаму душой, што здавалася: ці не заблудзіў ён у нашы суровыя часы з нейкай іншай эпохі, з іншай планеты.
Даўно не браўся за свае вершы. Ды і пісаць становіцца ўсё цяжэй. Буало раіў з цяжкасцямі пісаць лёгкія рэчы. Усё ж зараз, відаць, не змог бы імправізаваць, як раней, калі друкаваўся мой зборнік «Пад мачтай», і за адзін вечар запоўніць тэкстам чатыры свабодныя старонкі.
Нарэшце адпісаў Е. Вялюнскаму і паслаў яму свае пераклады вершаў I. Буціты і Г. Данельсона. Вершы, можна сказаць, выдатныя.
Думаю, што сапраўднай паэзіяй можна назваць тое, што іншымі сродкамі нельга было б выявіць.
Многія сучасныя мастакі маглі б наследаваць майстроў мінулага. Тое, што гэта так, гавораць шматлікія падробкі, якія нельга адрозніць ад арыгіналаў. Але гутарка ідзе аб адкрыцці новых шляхоў у мастацтве, а гэта не пад сілу ніякім эпігонам і самым здольным капіроўшчыкам.
2.ХІІ. Трэці дзень ляжу ў лечкамісіі. Разам са мной С. А. Пілатовіч. Ляжу з забінтаванай нагой. Да ўсіх хвароб далучыўся яшчэ тромбафлебіт. Заходзіў М. П. Малочка. Прынёс пачытаць свае ўспаміны пра жыццё ў былой Заходняй Беларусі, пра партызанскую барацьбу на яго Гродзеншчыне. Наведаў i А. Бембель, які ляжыць у суседняй палаце. Невясёлыя і ў яго справы.
14.ХІІ. Усплыла тэма кароткага верша. У нашы часы няма калі ні пісаць, ні чытаць даўжэзныя рэчы. Нейкая дзіравая стала памяць: забываю многія свае прадуманыя сюжэты і аўтараў радкоў, на якіх спыніў калісьці сваю ўвагу.
Смерць — наш доўг перад натурай.
Я яго заплаціў. I ты памрэш.
Паколькі смерці не чакаў я,
Яна мяне чакала.
(Тамаш Чынагон?)
Неспадзявана заглянуў У. Правалінскі. Прынёс, дзівак, пірожнае. А мне, дыябетыку, ласавацца гэтымі прысмакамі забаронена. Расказваў пра свае ўражанні ад падарожжа на Сахалін, ва Уладзівасток, дзе выступаў на канцэртах. Шкадую, што мне не ўдалося пабываць у гэтых краях, хоць былі такія магчымасці.
18.ХІІ. Сёння глядзеў мяне галоўны хірург аддзялення Я. А. Цалкішур. Адкуль у палешука такое прозвішча? Сэрца зусім разладзілася. Збіраюцца перавесці мяне ў рэанімацыю. Адно гэта слова кідае мяне ў жар. Шкада Любашы. Не мела яна за мной лёгкага жыцця. Неяк так склалася, што ніхто яе не мог замяніць ва ўсіх справах, не было каму ёй памагчы. А я — у сваіх няспынных раз’ездах, камандзіроўках.
21.ХІІ. Не знаю, ці варта залічаць Ф. Рушчыца да беларускіх мастакоў, як гэта робяць некаторыя. На яго прэтэндуюць і палякі, і літоўцы, у якіх, мне здаецца, ёсць больш падстаў лічыць яго сваім.
Відаць, месца нараджэння яшчэ не акрэслівае нацыянальную прыналежнасць мастака. Міцкевіч нарадзіўся ў Беларусі, Славацкі і Гогаль — на Украіне, Конрад — у Польшчы…
22.XII. Прынеслі лякарствы. Запіў іх нейкімі зёлкамі, прынесенымі Любашай. За акном шуміць дождж. Сусед мой паехаў дамоў. Відаць, займуся карэспандэнцыяй. Яшчэ трэба напісаць сябрам з дзесятак навагодніх паштовак. I нудная ж гэта работа! Заходзілі Максім з Оляй і Верачка з Дзяніскам.
25.ХІІ. Кансультаваў Г. I. Сідарэнка. Абнадзейвае, што яшчэ можна будзе жыць і працаваць. Прыпісаў: капельніцу, адэльфан, клафелін, цэланід (па 1/2), нітронг…
3 прыемнасцю чытаю раман В. Адамчыка «Скажа той, хто народзіцца». Пагаварыў з Кацюшай па тэлефоне, ад яе даведаўся, што заўтра ў іх дзіцячым садзіку — ёлка, што сёння сустрэла Дзеда Мароза, які падарыў ёй цукерку.
27.ХІІ. Пісьмо ад нейкага дзівака. Сказы даўжэзныя, як у Пруста. Ледзь зразумеў, пра што піша. Меў неасцярожнасць адказаць яму на першае яго пісьмо, цяпер займеў яшчэ аднаго карэспандэнта.
Абмяняліся па тэлефоне з Я. Брылём сваімі невясёлымі навінамі. I ў яго баляць ногі.
Узяўся за верш «Ты не раўнуй і не крыўдуй».
28.ХІІ. На калідоры чуецца плач. Пэўна, нехта памёр. Званіў Л. I. Гаўрылкін, бедаваў, што зацягваецца будаўніцтва нашага Дома творчасці. Заўтра збіраюцца хлопцы прыйсці мяне наведаць. У бальніцы — пераднавагодняя мітусня. Нейкі цяжар ляжыць на сэрцы. Не ведаю, ці ўдасца мне зноў вярнуцца да нармальнага стану.
Прыстаць хаця б на нейкі час
Для перакуру, сну, рамонту.
Але з руін глядзіць на нас
Плакат: «Што ты зрабіў для фронту?»
I, сцяўшы зубы, мы ідзём
Праз сто смярцей, агонь і гром.
1986
10.І. Зноў у бальніцы і ў той самай 309-й палаце. Да ўсіх ранейшых хвароб — тромбафлебіт.
У палаце халаднавата. Прачытаў гусарскія сіманаўскія запіскі — гутарку яго з нямецкімі пісьменнікамі. Старыя рускія раманы — раманы «пасляабедзенныя». Наіўнымі мне здаюцца і іншыя яго разважанні. Гаварыў па тэлефоне з Любашай. Расказвала пра нашу малую Кацюшу, пра Жэнечку. Такія яны ў нас забаўныя. Калі глядзіш і слухаеш іх, забываеш і пра свае недамаганні.
11.І. Быў час, калі ў нас усе зачытваліся кнігамі доктара Спока, які прапаведваў, што дзецям нельга нічога забараняць. Часамі і разумны чалавек гаворыць глупства. Ці ён пацікавіўся калі, колькі няшчасных выпадкаў на свеце, віноўнікамі якіх былі дзеці, якім нічога не забаранялі.
12.І. Зноў пакутлівая, бяссонная ноч: болі ў нагах, адышка. Гаварыў з У. Юрэвічам. Няма — казаў — ратунку ад некаторых нашых пісьменнікаў: дамагаюцца, каб вылучаў іх на Дзяржаўныя прэміі, а Камітэт — ім прысуджаў. Ляжу ў адной паладе з Д. В. Цябутам. Вельмі цікавы і шчыры чалавек, можа, крыху грубаваты. Але такім яго зрабіла жыццё.
18.І. Дачытаў зборнік вершаў А. Маргаран. Узяўся перакладаць. Вельмі хацелася б пазнаёміць нашых чытачоў з гэтай арыгінальнай і празрыстай, як тоні Севана, паэзіяй. Сёння наведалі мяне Людміла і Язэп. Прынеслі паказаць мне сігнальны экземпляр «Пана Тадэвуша». Кніга і перакладзена, і аформлена — цудоўна. Можа, крыху паскупіліся з тыражом, бо толькі з-за граніцы паступіў заказ на паўтары тысячы экземпляраў.
21.І. Сення наведалі мяне В. Карамазаў і А. Кудравец. Жартавалі, што прынеслі пількаўскіх яблыкаў. Кінастудыя хоча запісаць мае словы пра К. Петрусевіча. Божа, і тут няма спакою!
За акном, чуваць, шалее вецер. Учора буран прайшоў па берагах Балтыкі. Званілі з Масквы. Хацелі б, калі буду на XXVII з’ездзе КПСС, запісаць для радыёперадачы мае новыя вершы. У вольны час ад розных працэдур сядзеў над сваім чарговым дзяжурным выступленнем, з вершаванай канцоўкай, з надзеяй, што, можа, хоць яна яго ажывіць.
26.І. 3 Міністэрства замежных спраў прынеслі «Русскнй голос», у якім надрукавана цікавае інтэрв’ю В. Зуёнка, а на апошняй старонцы рэклама пахавальнага бюро несмяротнага Пітэра Ярэмы.
Сёння наведалі мяне неспадзяваныя госці: Г. Бураўкін, А. Кучар, В. Правалінскі i I. Лучанок, які прынёс зборнік песень «Радзіма бацькоў», дзе змешчана і мая песня «Два арлы».
30.І. Першы дзень з’езда КПБ. Страшэнна дрэнна чуюся. А трэба было выступаць. Не знаю, як паеду ў Маскву са сваёй арытміяй і хворымі нагамі. Знайшоў у сваіх паперах выразку з «Сов. Белоруссии» (26.III.55), што мексіканскі кампазітар Якаў Кастакоўскі напісаў музыку на мае вершы «Сасна», «Галінка і верабей» і песню-баладу «Граніца».
15.ІІ. У « ЛіМе» — харошая паэма Я. Янішчыц. Пазваніў, павіншаваў яе. А ў яе — мы і не ведалі — бяда з сынам. Аперыравалі хлапчука. Ледзь уратавалі.
I ў мяне складваецца — як найгорш.
Няўмольна набліжаецца дзень ад’езду ў Маскву. У нас шмат ахвотнікаў падлічваць пісьменніцкія ганарары, забываючы, што пісьменнікі дзяржаве прыносяць большы прыбытак, як многія калгасы ці прамысловыя прадпрыемствы і што 90% іх, каб пражыць, змушаны прызарабляць, працуючы ў рэдакцыях газет і часопісаў, радыё і тэлебачання, выдавецтвах і розных іншых установах.
Паспрачаўся ca сваім суседам па палаце. Ён лічыць, што ў культурны даробак народа нельга ўлічваць даробак эмігранцкіх пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў. А што тады рабіць з палякамі Міцкевічам, Славацкім, Норвідам або што — з Рэпіным… Яшчэ Дантэ гаварыў, што айчыну паэт забірае з сабой. У кожнага паэта — яна свая.
Эдзі Агняцвет расказвала пра юбілей Зульфіі, на якім яна была. Прывезла мне зборнік вершаў, перакладзеных на беларускую мову, і некалькі сваіх кніжак для дзяцей, вылучаных сёлета на Дзяржаўную прэмію. Не вязе ёй з гэтай прэміяй, хоць заслугі яе ў гэтай галіне — бясспрэчныя.
Чытаю А. Адамовіча «Нічога важней». Кажуць, Ніксан, прачытаўшы нейкі артыкул Салжаніцына, сказаў свайму сакратару: «Ён яшчэ правейшы за Галдуотэра». «Не, — адказаў сакратар, — ён правейшы за цара. Ён лічыць абгрунтаваным праследванне Магода, Руіца, Р. Альберці і многіх, многіх іншых».
Пасля паэзіі метафарычнай, рэфлексійнай зніклі граніцы паміж паэзіяй і прозай.
7.ІІІ. Вярнуўся са з’езда КПСС. Хочацца верыць, што ён дасць пачатак дабратворным зменам у нашым жыцці. Упэўнены толькі, што без кардынальных змен не ўдасца нешта зрабіць. Перастаю верыць і ў літаратуру як усемагутны Архімедаў пункт, а другога — яшчэ не знайшоў.
Нецікавыя мае запісы. Можа, некалі вярнуся да іх і, як лоцман, праясню карту сваіх блуканняў па моры жыцця, поўным скрытых рыфаў і падводных скал.
18.ІІІ. Званіў, занепакоены, І. І. Васільеў. Многія члены Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях захварэлі і не ведае, ці ўдасца сабраць кворум.
Ад А. Адамовіча даведаўся, што навокал яго артыкула пра маладых разгарэліся страсці. У «ЛiMe» і ў ЦК выказаліся супраць яго артыкула. I ён яго надрукаваў у маскоўскім часопісе «Вопросы литературы». Мне здаецца, крытыка таленавітым людзям не шкодзіць. У нас ніхто не пісаў і не піша, колькі галоў ускружыла алілуйшчына.
26.ІІІ. Намячаецца паездка ў Італію на сустрэчу з амерыканскімі і італьянскімі пісьменнікамі. Прапануюць ехаць і Любашы. На роздум далі паўтара месяца. Брыгада невялікая: Федарэнка, Кузняцоў, Сулейменаў, Загурскі. Маршрут — Рым, Неапаль, Фларэнцыя…
Гаварыў з Якавам Хелемскім. Сёлета Ленінскія прэміі атрымліваюць В. Быкаў і Васільеў (публіцыстыка). Значыць, зноў вярнуліся да прэмій па публіцыстыцы. Шкада, што яна абмінула такую кнігу, як «Я — з вогненнай вёскі». Вось як у нас бывае.
Зноў ляжу ў лечкамісіі. Са мной у палаце — сакратар Віцебскага гаркома В. В. Міхельсон. Разам з ім былі мы на XXVII з’ездзе КПСС. Змусіў ён мяне легчы далей ад акна, каб не прастыў. Заходзіў Максім з Оляй, а потым Верачка з Сашам. Званіў дамоў — і там у Любашы хапае клапот.
Здаецца, усе хваробы, якія маглі на мяне ўзваліцца — узваліліся. Засталося толькі, каб яшчэ нейкі цырубалак, калі выйду на вуліцу, прыглушыў мяне.
I тады будзе ўсё ў парадку.
31.III. Памёр наш аўроравец — Сіла Гусеў. Крыху не дацягнуў да свайго 90-годдзя. Адваяваў, стары. Пісьменніцкая работа яму не давалася. Недзе ў мяне на Нарачы расце падораная ім яблынька. Смяяліся з яго, што ён, пасля залпа па старому свету, аглух. I амаль нічога не чуў.
А я ўсё яшчэ пасля хваробы не магу прыйсці ў сябе.
2.ІV. Сёння адзначалі дзень нараджэння Кацюшы. А. Пракоф’ева абяцала гэтымі днямі прынесці мне мой зборнік на англійскай мове, выданы рэдакцыяй газеты «Голас Радзімы». Званіў брат С. Міхалкова. Казаў, што Ю. Андропаў лячыў свой тромбафлебіт прарошчанай пшаніцай. Трэба будзе і нам з Любашай спрабаваць.
21.IV. Прайшоў чарговы наш з’езд пісьменнікаў. Не ведаю, як дацягнуў да канца свой нудны справаздачны даклад. Прыехаў М. Джарковіч і прывёз пепакладзены ім, хораша аформлены мой зборнік.
1.V. «Правда» дала невялічкую падборку маіх вершаў. Хадзіў гуляць у аксакаўскі лес, але хутка вярнуўся, бо сцюдзёны, пранізлівы вецер нават там прабіраў да касцей.
Зараз, калі менш і менш ужываецца ў быце беларуская мова, слоўнікі, якія ў нас выдаюцца, нагадваюць помнікі на пагосце, якія зарастаюць травой забыцця. Гаварыў аб гэтым у ЦК. І. І. Антановіч раіць схадзіць да Слюнькова, бо нельга пусціць на самацёк выкладанне ў школах беларускай мовы, што адбіваецца і на тыражах нашых кніг, часопісаў, газет. Страта культуры любога народа — страта агульная. Трэба схадзіць… Хоць я ўжо зняверыўся ў выніках гэтага хаджэння па муках.
Аварыя на атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі. Пакуль што не знаем, што нам пагражае. Больш гаворыцца аб тым, як гэта выкарыстоўваецца Захадам для антысавецкай прапаганды і што ад нас адклікаюць усіх замежных студэнтаў і турыстаў і г. д.
Чытаю апошнія нумары часопісаў. Колькі ў нас розных «класікаў»! Ці настане ў нас калі працверазенне? Хвароба давяла да таго, што не магу ні чытаць, ні пісаць. Нейкая незразумелая трывога не пакідае мяне ні на хвіліну.
4.V. Чарнобыльская аварыя ўстрывожыла ўсіх. Відаць, яна дорага абыдзецца нам. Калі памірае нейкі дзяржаўны муж, вывешваем жалобныя сцягі. А тут трагедыю глабальнага маштабу стараемся агаласіць ледзь не аварыяй мясцовага значэння. I, разгубіўшыся, нат не аб’явілі ўсенароднай жалобы.
Званілі нейкія сваякі, каб памог. Не ведаю, адкуль у мяне набралася столькі сваякоў, перакананых, што я ўсім магу памагчы.
На балконе буркуюць галубы, і, чуваць за ракой некаму зязюля шчодра адлічвае гады.
Званіў Л. I. Гаўрылкін. Вуду прасіць ЦК пакінуць яго на пасадзе сакратара нашага СП. Не ведаю, чаму супроць яго апалчыліся некаторыя ў аддзеле культуры. Праўда, ён, часамі, бывае вожыкаваты, а гэта начальству не падабаецца.
16.V. Што ж сёлета будзе з ураджаем? Зямля такая сухая, што, здаецца, і ад сонца можа ўспыхнуць, як порах. Пачалі цвісці каштаны. Часта спыняюся і прыслухоўваюся, ці не грыміць гром. А гэта гудуць самалёты. Каб не трэба было рыхтавацца да саюзнага з’езда пісьменнікаў, уцёк бы на сваю Нарач. Там хоць лягчэй дыхаць. Прачытаў арыгінальную і ўдачную паэму В. Віткі «Тры хаты». Прыслалі запрашэнне прыехаць у Казань на 100-годдзе Тукая. Відаць, не змагу. Гэтымі днямі адзначаем у сябе стагоддзе з дня нараджэння 3. Бядулі. Апошні раз, калі быў у Пількаўшчыне, знайшоў сярод ацалелых рэшткаў свайго кнігазбору некалькі зборнікаў былых віленскіх жагарыстаў: Е. Путраманта, Ч. Мілаша, Т. Буйніцкага… Амаль усе адышлі ў вечнасць.
28.V. А гарачыня не спадае. А тут яшчэ і Чарнобыльская трагедыя, якая прынесла незлічоныя пакуты нашаму народу і нашай Зямлі.
Нейкімі нуднымі сталі літаратурныя радыё- і тэлеперадачы. Творчасць — такая ж інтымная справа, як любоў і смерць. I нетактычна бяздарна расказваць пра яе. Я ўжо, здаецца, калісьці пра гэта пісаў. Вось эротык Джона Донка з XVII веку. Пераклаў з перакладу Сіты:
Дай жа далоням насыціцца ўдоваль
Побач, паміж і вышэй і на доле.
О, мой Свет Новы, нікім не адкрыты
Толькі адным мной, шчаслівым, абжыты
З бяздоння памяці ўсплылі радкі з малдаўскай паэзіі:
На гары Балабаш,
Між лясных грамад
Свішча салаўём.
Скача напралом
Пад капытны стук
Малады гайдук.
Атрымаў кубінскі часопіс «Уніон» (№ 2, 1985 г.), у якім надрукаваны вершы Куляшова, Панчанкі, Барадуліна, Гілевіча, Зуёнка. 3 маіх вершаў — «Готыка святой Ганны», «Антысанет» і яшчэ некалькі. Адклаўшы перапіску і іншыя справы, чытаю Рэмбо.
З.VІ. Непрыемная гісторыя з сынам А. Бембеля. Напісаў ён нейкае даследаванне аб беларускай мове, якое выдалі ў Англіі, бо ў нас галоўліт забараніў, і зараз узняўся вакол гэтага такі вэрхал, што і ўявіць цяжка. Ствараецца камісія. А што тут камісія можа вырашыць? У гэтай кнізе ці брашуры — кажа аўтар — сабраны выказванні розных нашых паэтаў, пісьменнікаў аб роднай мове.
Раней пакутаваў з сэрцам, а зараз — і з нагамі.
Ці не пара мне падводзіць рысу пад усімі сваімі справамі?
2.VІІ. Празасядаў канец чэрвеня ў Маскве, на камісіі па ахове прыроды, на сесіі ВС, на VIII з’ездзе СП. Быў і на сустрэчы М. С. Гарбачова з пісьменнікамі. Прызнацца, гутарка ў ЦК мяне не супакоіла, а насцярожыла адсутнасцю выразнай праграмы ўсёй перабудовы. Партыя ізалюецца ад актыўнага ўдзелу, наіўна спадзеючыся на т. зв. чалавечы фактар. Ён паказаў сябе ў антыалкагольнай кампаніі. Мяркуючы па ўсім, на сцэну выйдуць усе, да гэтага часу скрытыя дэструктыўныя сілы.
«Трэба больш працаваць», «Партыйныя прывыклі камандаваць», «Людзі маўчалі», «больш трэба дэмакратыі і сацыялізму», «Большага ўдзелу народа ў сацыялізме», «Актыўна ўключыцца ў пачынанні партыі», «Правесці з’езд пісьменнікаў, каб краіна адчула, што вы будзеце з партыяй», «Ворагі разглядаюць нашу задуму больш як ядзерную сілу, і яны стараюцца нашаму ўраду і кіраўніцтву скруціць карак», «Калі будзем стаяць моцна на нагах, гэта пацягне за сабой і іншыя краіны». Шмат тут бясспрэчных ісцін… Я толькі не бачу надзейнага пункта апоры для Архімедава рычага.
Быў у аптэцы. Папоўніў свой арсенал рознымі таблеткамі, каб хапіла на ўвесь водпуск.
Памёр Іван Грамовіч. Так яму хацелася пабываць на апошнім з’ездзе пісьменнікаў у Маскве. Ачуўся ён дрэнна. Помню, ледзь угаварылі яго, каб не ехаў у гэту нялёгкую камандзіроўку.
3.VII. Не паспеў, прыехаўшы дамоў, агледзецца, як пачаліся званкі: Роўда хоча, каб я запісаў свае вершы на тэлебачанні, рэдакцыі — каб падзяліўся ўражаннем ад з’езда СП, а некалькі графаманаў, творы якіх забракавалі ў рэдакцыях, — каб я іх прачытаў. Прыслалі Хапалаеў і Гамзатаў запрашэнні прыехаць да іх. На вялікі жаль, не з маім здароўем зараз ехаць у гэтыя каўказскія гасціны.
Чуваць, што радыеактыўныя выпаданні не мінулі і маю Мядзельшчыну.
5.VII. У «Twórczości» № 3 надрукаваны цікавы артыкул пра віцябляніна Ладу-Заблоцкага,
«Што да шчыразалатой лютні Каханоўскага
Яшчэ раз з Белай Русі працягнуў далоні смела...»
«Трэба не толькі шкадаваць, што песні беларускага народа, што яго песні і паданні яшчэ да гэтага часу не звярнулі на сябе ўвагу светлых маіх землякоў. Я перакананы (і можа, слушна), што калі будуць сабраны матэрыялы, тады паэзія беларуская будзе мець свой уласны адбітак і будзе здольнай абудзіць тую самую цікавасць і прывабнасць, што польская ці літоўская» (Рубон, т. VII, Вільня, 1846).
9.VII. Пачаў касіць траву ў агародзе. Kaca тупая. Апошні раз кляпаў яе яшчэ пры жыцці наш бацька.
Нехта ідзе па вуліцы і іграе на гармоніку.
Можа, і слушна калісьці іспанскі кароль на пытанне французскага караля, як жыве Сервантэс, адказаў: «Бяда і недастатак спрыяюць развіццю таленту». У нас гавораць: «Галодны певень раней спявае». Але ж нам вядома, «колькі талентаў звялося» ў цяжкіх умовах нястачы і няволі.
Як магу, памагаю Любашы ў яе гаспадарцы. Думаю і баюся брацца за верш пра Чарнобыль. Вельмі ж цяжкая тэма. У мінулае маё 70-годдзе падарылі мне безліч партрэтаў. Каб не ўпасці ў культ, прывёз іх на Нарач для распалкі ў печы.
11.VІІ. Прыехаў Юра, прывёз пісьмы, у якіх просяць напісаць успаміны пра М. I. Аляксеева і пра Л. Дзмітэрку. У мяне ўжо, хіба, каля сотні падобных просьб ад розных камісій па ўшанаванні памяці. Не ведаю, хто чытае такія пасмяротныя ўспаміны-панегірыкі. Нейкі шызафрэнік (Павел Мартынаў-Драздоў) прыслаў графаманскі верш, у якім абвінавачвае М. Шолахава ва ўсіх смяротных грахах, у тым ліку — і ў прысваенні рукапісу К. Сарокіна. Каму зноў гэту дохлую хлусню спатрэбілася падымаць? Прыехаў малодшы Максім са сваёй жонкай. Нешта нічым яны не цікавяцца. Кіно, рэстараны. Не ведаю, як яны будуць жыць далей.
13.VІІ. Прачытаў «Лит. газету». Аж моташна ад бясконцай балбатні, адсутнасці нейкіх выразных крытэрыяў у ацэнках твораў, ад словаблуддзя.
Паслаў пісьмо М. I. Дзяльцу, у якім прашу да 75-годдзя А. Іверса выдаць яго зборнік, які ўжо каторы год выпадае з выдавецкіх планаў, хоць некаторыя неяк умудраюцца кожны год выдаваць па некалькі кніг.
Гартаю Анталогію чэшскай паэзіі і каторы раз пераконваюся, што няма ніводнай анталогіі, якая была б здольнай даць поўны вобраз, бо ў кожнага рэдактара сваё ўяўленне аб паэтах і іх творах.
Войны, няспынная міграцыя (усход — захад, горад — вёска) страшэнна засмецілі нашу мову. А калі да гэтага дадаць і слабае яе вывучэнне ў школах, абыякавае стаўленне да яе газет, радыё, устаноў ад самых ніжэйшых да самых вышэйшых, — не прыходзіцца і дзівіцца, што яна ўсё больш і больш губляе свае непаўторныя якасці, мастацкія нормы, уласцівыя ёй узоры.
Зусім змерз у сваёй шпакоўні, на гарышчы. А дождж ні на хвіліну не перастае ісці. Толькі паэзія, якая часамі наведвае, ратуе ад нуды і самотнасці.
14.VІІ. Не знаю, як мы з Любашай дацягнем да канца месяца свой «адпачынак». I я — хворы, і яна выбіваецца з апошніх сіл.
У «Правде» — верш Б. Алейніка пра Чарнобыль. Гэта — адзін з лепшых вершаў на гэту тэму.
Прыехалі госці з тэлебачання. А. Казловіч піша ў «Звяздзе», што некаторыя кадры фільма «Ідзі і глядзі» моладзь суправаджала цынічным смехам.
Прачытаў даўжэзную і нудную паэму Р. Гамзатава «Калясо жыцця». Відаць, цяжка нашаму брату паэту, які заваяваў славу і прызнанне, утрымаць над сабой кантроль.
16.VІІ. Пасля знаёмства з некаторымі крытычнымі артыкуламі прыйшлі да невясёлай думкі, што гісторыя нашай крытыкі — гісторыя суцэльных недарэчнасцяў і памылковых фармуліровак, у якіх ніколі не ўкладвалася жывая літаратура.
На беразе Нарачы грымяць транзістары. Як мы не ўмеем даражыць гаючым шумам хваль, дрэў і цішынёй!
18.VІІ. Любаша хадзіла да Бронькавых хлопцаў па рыбу. Сёння, здаецца, знялі яны з перамётаў з дзесятак вугроў.
Засумаваў за добрымі вершамі, і сам іх развучыўся пісаць. Мікеланджэла гаварыў, што мармур дрыжыць пры яго набліжэнні. Нешта падобнае павінна было б адчуваць і слова пры набліжэнні паэта.
Часта вяртаюся да свайго дзяцінства, як вандроўнік, прайшоўшы пустыню, да студні, якая калісьці наталяла яго смагу.
У Капроўскага знайшоў мудрую кітайскую прымаўку: «Куды цябе запрашаюць — прыходзь рэдка, куды не запрашаюць — не прыходзь зусім».
Сёння абяцаў прыехаць галоўурач Мядзельскай бальніцы Уладзімір Яўгенавіч Баслык. I Любаша і я адчуваем сябе вельмі дрэнна.
Чуюцца галасы крытыкі ў адрас кіно. Але хто ў гэтым вінаваты? Я помню, як забракаваны на Камітэце па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях фільм «Чырвоныя званы» быў адзначаны прэміяй. На якога тады чорта было ствараць нейкія камітэты, калі з думкай іх не лічацца.
Нахмарылася. Пачаў брысаць дождж. Над садам разлёталіся ластаўкі. Некаторыя, прытаміўшыся, садзяцца адпачыць на расчыненых рамах акна. Яны прыпомнілі мне нашу старую пуню, пад саламянай страхой якой любілі гняздзіцца і раніцай сваім шчэбетам будзілі мяне, ахмялелага ад водару духмянага сена.
Перакладаю, хоць Навакоўскі і палохаў, што «пераклад — на палуміску дзіка пазіраючая галава барда». Відаць, тут справа ў тым: хто перакладае і каго перакладаюць. На палуміску можа быць і галава перакладчыка. 3 такімі выпадкамі я сустракаўся.
Пісьмо ад сястры Яна Гушчы: 26-га чэрвеня памёр яе брат. Яшчэ не стала ў нас аднаго выдатнага перакладчыка і друга нашай беларускай літаратуры.
А ці прыдбалі мы каго за апошнія гады?
Насцярожвае мяне стан нашай сучаснай паэзіі. Топчамся на месцы, паўтараем старыя прыёмы, перапевы, штампы. Аж тошна ад нашай сентыментальнасці, чуллівасці і дыдактычнасці.
Купіў зборнік А. Аверчанкі. Даўно я ўжо яго не трымаў у руках. Хіба паўстагоддзя мінула, калі я ўпершыню пазнаёміўся з яго творамі яшчэ ў бібліятэцы славутага Сыркіна.
30.VII. Калісьці выдаваліся дапаможнікі, як пісаць лісты знаёмым, бацькам, каханым, заяв’ы ў суд ці ў нейкія іншыя ўстановы. Зараз можна было б выдаць такі дапаможнік для крытыкаў і рэцэнзентаў, які ўпрасціў бы іх работу. Бо ацэнкі ў іх падобныя: «выдатны», «глыбокі», а зараз сталі моднымі такія словы, як: «непрымірымы», «сумленны», «адухатвораны»…
2.VIII. Поўная хата гасцей. Ледзь размясцілі іх па пакоях, верандах. А самае галоўнае — як іх усіх накарміць? Як магу, памагаю Любашы, але ўсё роўна цэлымі днямі яна не адыходзіць ад пліты. Вечарам не чуе пад сабой хворых ног. Заўтра трэба з’ездзіць па гародніну ў Паставы.
13.VIII. Прачытаў цыкл вершаў В. Зуёнка пра Амерыку, якія не пакінулі ніякага ўражання. Можа, таму, што ён узяўся даіць ужо многімі выдаеную карову. Што на гэту тэму можна сказаць новага — тэму, ужо збаналізаваную папярэднімі паэтамі, пачынаючы ад Маякоўскага і канчаючы на нас, на вачах з тымі самымі сацрэалістычнымі шорамі?
Нейкія непаладкі ў сям’і ўнука Максіма. I ен і яго Наташка нічым у жыцці не цікавяцца. Нат па малако для малога Жэнькі ходзіць у Купу хворая прабабка Любаша або я. Нат свайго пакоя не прыбярэ. Чорт ведае што робіцца!
17.VIII. Вяртаючыся ўчора з Пількаўшчыны, наведалі Слабадскі магільнік. Відаць, сястра Людміла, калі была тут, паклала кветкі, пасцірала мох, які пакрыў надпісы на помніках. Добра было б, калі прыйдзе час, і мне тут легчы побач з маімі бацькамі, родзічамі, суседзямі. Перад вайной раслі тут велізарныя расахатыя сосны, укаранаваныя дрымотнымі вяршалінамі і буслінымі гнёздамі. Калі фашысты разам з людзьмі палілі вёску, пагарэлі і тыя старкі-сосны, і крыжы. Згарэў тады тут і наш сусед 3. Калбун, які выпадкова зайшоў быў да некага ў адведзіны. «Лясы папярэднічалі чалавеку, пустымі ішлі за ім» (Р. Шатабрыян).
18.VIII. Ледзь прывалокся з аптэкі, куды хадзіў за лякарствамі. Нешта і малыя расхварэліся. Выклікалі хуткую дапамогу. А калі дадаць і нас, старых, нямоглых, дык сёлета дача — не дача, а лазарэт. А яшчэ, калі паслухаеш, што робіцца на свеце, дык сапраўды, як піша Біблія, хутка, можа, жывыя будуць зайздросціць мёртвым.
19.VІІІ. Ранкі стылыя, але дні цёплыя. Я даўно не бачыў такога спрыяльнага для ўборкі лета. I ўсё роўна ў газетах будуць наракаць, што падвяла пагода і не паспелі ўбраць ураджаю, нарыхтаваць на зіму кармоў. Чаму ж раней пры любым надвор’і спраўляліся і з сяўбой і з уборкай? I гэта без пастаноў розных пленумаў, партсходаў, узнагарод.
20.VIII. Зараз узяліся за спадчыну. Гэта добра. Але пад гэту чарговую кампанію падымаем усякую ўсячыну, прыпісваючы ёй значэнне, якога яна не мела і не будзе мець.
Пайшоў густы асенні дождж.
Усё жыццё стараўся нікога не паўтараць, не наследаваць, хоць не заўсёды мне гэта ўдавалася. Таму і не стараюся, каб нехта паўтараў мяне, бо ў любой засені нават трава не расце. Сваёй кананізацыяй любых формаў і стыляў мы іх даводзім да дыcкрэдытацыі.
Недзе чытаў, што зачараваная ігрой А. Рубінштэйна нейкая артыстка, не маючы што яму падарыць на памяць, запрапанавала: «Калі б хацелі правесці са мной ноч, можаце мяне мець». Цікава, ці скарыстаў ён з гэтай прапановы?
Чакаем, што заўтра прыедзе да нас уся каманда — чалавек 14. Трэба падрыхтавацца да прыёму.
Амаль усё жыццё прайшло на розных паслугах і дамашняй мітусні. Людзям здаецца, што нас абслугоўваюць афіцыянты, повары, домработніцы. Адным словам — райскае жыццё.
А ў мяне сёння нешта мацней пабольвае сэрца і дакучае аддышка. Вецер няспынна гоніць цяжкія хмары, якія, здаецца, вось-вось пральюцца дажджом. ^
23.VIII. Прачытаў нарыс А. Лойкі пра былога сваткаўскага настаўніка М. Пашкевіча, пра якога шмат расказвалі мае бацькі. Любілі і шанавалі ягона нашы людзі за сумленнасць і добразычлівасць. Я толькі аднойчы з ім сустрэўся, і назаўсёды ў маёй памяці застанецца яго воблік. Я чуў, што ён пісаў вершы, выкладаў беларускую літаратуру і прывіваў да яе любоў у сваіх вучняў. Добра, што А. Лойка сваім нарысам усім нам прыгадаў: «Здыміце шапкі перад памяццю аб гэтым Чалавеку».
Відаць, заўтра трэба будзе ехаць і класціся ў бальніцу. Шкада толькі пакідаць тут Любашу. Прыйшла тэлеграма, што 17.ІХ пачынаецца сесія Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. Не ведаю, ці змагу паехаць. I так, закончыўся мой «адпачынак», які выматаў усе нервы, і зноў пачынаецца работа ў СП.
24.VІІІ. Шкада, што выклікалі ноччу хуткую дапамогу. Каб не яна, можа, удалося б дацягнуць да канца гэтага месяца.
За час сваіх канікулаў паспеў прачытаць шмат розных часопісаў і сёе-тое з іх вывудзіць, як, напрыклад: «Дарожныя ўказальнікі самі не ішлі, куды ўказвалі». Або: «Шэф жандараў пры Мікалаі I Арлоў, праводзячы аднаго са сваіх знаёмых за граніцу, даручыў яму, калі будзе ў Нюрнбергу, падысці да помніка першадрукару і плюнуць яму ў вочы, бо ад яго пайшло ўсё зло на свеце».
Цікавая думка А. Самсэля: «Паэтаў, звязаных з рэвалюцыйным рухам, раней было значна больш. 3асталося вбльмі мала… Выпрабаванне часам вытрымалі толькі сапраўдныя лірыкі, для якіх справа сацыялізму была вельмі істотнай, неаддзельнай ад іх жыцця», і «Паэзія маладых старэе хутчэй, як яе творцы, тады як паэзія майстроў з часам набірае моцы, як старое віно».
26.VIII. Я і Сярожка зноў апынуліся ў бальніцы. У мяне — сэрца, тромбафлебіт, у яго — запаленне лёгкіх. Шкада, што адключыўся тэлефон і не магу пазваніць Ірышы і Максіму. Непакоюся, як там Любаша на Нарачы? Няма каму ёй там памагчы… Заходзілі Верачка з Дзяніскам. Абяцаў на кансультацыю пад’ехаць і Пётр Маркавіч, які сам пару тыдняў праляжаў, скручаны радыкулітам.
Думаю над новай падборкай вершаў. Калісьці А. Міцкевіч журыў Шапэна, «што той бранчыць на фартэпіяна, замест таго, каб у цяжкой гістарычнай сітуацыі пісаць для народа рэчы вялікія, як Мэербор і яму падобныя». А мяне з Куляшовым у часы вайны журыў Гарбуноў за паэмы, бо зараз больш патрэбны кароткія творы, заклікаючыя да барацьбы і г. д.
29.VIII. Зараз поўны разгардыят сярод «інжынераў чалавечых душ». Пачалося агульнае самабічаванне і галошанне над рэкамі вавілонскімі. Баюся, каб у часы перабудовы мы не сталі працаваць горш. А гэта ўжо адчуваецца.
Са здзіўленнем прачытаў у «Огоньке» домыслы аднаго «гісторыка»: «Предпочтительнее думать, что И. Федоров не бежал из Москвы, а был послан царем в Литву с заданием…» I гэта піша чалавек, не зважаючы на прызнанне самога Фёдарава, што ён быў змушаны ў 1563 г. уцячы з Масквы.
30.VIІІ. Канец лета прайшоў пад шум і грымоты дажджу. Сёння Максім забраў свой нарачанскі дэсант. Праз тыдзень прыедзе і Любаша з Кацюшай.
У літаратуры і мастацтве мяне заўсёды больш цікавілі ерэтыкі, бо нат і не згаджаючыся з імі, можаш нечаму навучыцца.
1.ІХ. В. Вітка і Я. Ісаеў звярнулі ўвагу на тое, што ў A. С. Пушкіна няма ніводнага верша, прысвечанага сваёй маці, бо ён выхоўваўся не маткай, а нянькай. He знаю, хто першы гэта заўважыў. Думаю, што В. Вітка, бо масквічы часта запазычанае ў правінцыялаў выдаюць за сваё. «Тым часам, нішто так не злучае людзей, як калектыўнае пярджэнне» (Д. Бітнер, «Twórczość», № 2, 1984). А мы, рамантыкі, думалі, што гэту місію выконвае паэзія, мастацтва. А мо, сапраўды паэзія памерла, як ёй прарочылі Моор, Норвід, Ружэвіч… Часта звышстаранныя настаўнікі выхоўваюць сваіх апанентаў, пратэстантаў, аб чым варта помніць.
Бадай што можна згадзіцца з К. Ілаковіч: «Пішы пра што хочаш і як хочаш, каб толькі пісаў добра».
Прыслалі анкету: якой уяўляю літаратуру ў 2000 годзе. Ведаю адно, што сённяшняя літаратура мала каго будзе цікавіць, як мала нас цікавіць і даваенная. Цяжка прадбачыць, які будзе канец XX веку.
У Румыніі — землетрасенне. Чатырохбальная яго хваля дакацілася аж да нас.
2.IX. Кожны дзень капельніца з лазікам. За акном вецер гайдае таполі. Пахаладала. Як там Любаша на Нарачы? Трэба было б ужо ёй вяртацца ў Мінск са сваёй ссылкі.
Больш за ўсё паэзія стыкуецца з музыкай і філасофіяй. Помню, была ў нас калісьці падораная М. Забэйдам пласцінка «Рэквіем» Моцарта. Любіў я яе ў нашай глухамані праігрываць на дапатопным, прывезеным з бежанства грамафоне. Відаць, вайной заігралі яе партызаны.
4.ІХ. Ізноў уначы не давала спаць аддышка. Ёсць людзі, гутарка з якімі цябе ўзбагачае. Часцей за ўсё я іх сустракаў не ў пісьменніцкім асяроддзі, дзе некаторыя стараюцца ў цябе вывудзіць нейкую ідэю ці тэму. Я знаў такіх рыбаловаў нат сярод вядомых пісьменнікаў.
Паганае адчуванне. I ўрачы, відаць, не ведаюць, што рабіць і як мяне лячыць. Так сёлета і не схадзіў у грыбы. А гэта — мой самы любімы занятак. Помню, аднойчы знайшоў у лесе каля Канстантынава велізарныя ласіныя рогі.
Званіў Л. Гаўрылкіну, які зараз працуе ў рэдакцыі «Вожыка». Зразумела, што кіраўніцтва СП трэба абмаладжваць. Толькі гэта трэба пачынаць ад мяне, аб чым я гаварыў і ў ЦК, але там мяне не падтрымалі.
Пасля розных працэдур узяўся за верш, прысвечаны К. Куліеву.
Нейкі сёння змрочны і ветраны дзень. Перш быў рад, што адзін у палаце, а зараз адчуваю сябе як у адзіночнай камеры, толькі тут вокны большыя і тэлефон, якім амаль не карыстаюся. Званіў толькі Ірышы i Р. А. Фёдаравай, якая лечыць Сярожку.
Перад сном узяўся чытаць Тагора. Пераклад кожнага выдатнага паэта нагадвае лізанне цукру праз шкло.
5.ІХ. Вецер гоніць і гоніць аблокі. Чакаю вяртання сваіх нарачанцаў. Барыс Сачанка быў на сваёй радзіме, дзе выпаў цэзій. Тысячы сямей перасяляюцца ў іншыя раёны. Дзеці цэлымі днямі не выходзяць за парогі школ, дзе яны вучацца і дзе іх кормяць. Вось так і пакутуюць дзеці па віне сваіх бацькоў, сваіх дзяржаўных гора-кіраўнікоў.
6.ІХ. Рана прачнуўся. Пасля гутаркі з Б. Сачанкам і начытаўшыся аб нашай ідыёцкай безгаспадарнасці, якая хутка давядзе нас да жабрачай торбы, зусім выбіўся са сну. Безадказнасць, гультайства, хабарніцтва, п’янства, наркаманія пагражаюць звесці на нішто нават самыя разумныя пачынанні. I гэтыя хваробы глыбока закараніліся, сталі хранічнымі ў нашым жыцці.
Набліжаецца зіма. Па прыкметах, чуваць, зіма будзе суровай. Асабліва цяжкой яна будзе для тых, каго не абмінула чарнобыльская пошасць. Для няшчасных людзей, для зямлі, для звяроў і птушак…
Канчаткова падважыла мой погляд аб пазнавальнасці сввту выказванне фізіка Ганса Юргена, што «кожны прырост ведаў азначае прырост нашага няведання». Гэта, як вядома, змыкаецца з поглядам агностыкаў, хоць і розніцца ў фармулёўцы. А галоўнае — Ганс Юрген лічыць, што гэта адносіцца і да розных дактрын і ідэалогій.
Усе мы раслі ў паслухмянасці да старэйшых нашых кіраўнікоў. Зараз, як са сну, абуджаемся і пачынаем думаць, хоць многія за гэты час зусім развучыліся думаць. Чалавек, як ніводнае божае стварэнне, прывыкае да ўсяго.
Званіў Н. С. Гілевічу. I ён тыдзень праляжаў з тэмпературай.
Заходзілі ў адведзіны Іра, Юра і Кацюша, якая за лета, як сасонка, падрасла.
8.ІХ. Бачыў у сне вырай. I ўспомніў, як аднойчы разбудзілі мяне буслы. Выйшаў паглядзець, хто там шуміць крыламі і ходзіць па страсе нашай пуні, дзе спаў, зарыўшыся ў сене, і бачу каля сотні буслоў, якія сабраліся на свой сейм перад адлётам. Гэта была незабыўная карціна. Я хаджу між імі, быццам і я адзін з іх кампаніі, і разам з імі збіраюся ў дарогу. Цэлы дзень правялі яны на нашым гумнішчы, на балотным выгары і толькі пад вечар іх не стала. Цікава, што іх не непакоілі нават сабакі, якія любілі ганяць курэй. Зараз, з адлегласці часу, думаю: мо і гэта быў сон.
9.ІХ. Гаварыў з Г. Г. Паплаўскім. Добра было б, каб ён узяўся аформіць зборнік легенд і казак майго суседа — нарачанца С. В. Казлоўскага, сабраных ім на Чукотцы, на бясконцых прасторах Сібіры. Ужо каторы год ляжыць яго рукапіс у выдавецтве, і невядома, ці пабачыць калі свет.
Прачытаў апошнюю падборку Пімена. Даўно мы з ім не сустракаліся. Ёсць нам аб чым і пагаварыць, і паспрачацца.
Зрабілі кардыяграму. Невясёлыя мае справы. Як калючкі дзядоўніка, чапляюцца хвароба за хваробу.
Перагартаў газеты. Слушна Вальтэр прызнаваЎ усе жанры, акрамя нуднага.
11.ІХ. Выйшла пад рэдакцыяй A. I. Гурскага кніга «Дрэва кахання». Не ведаю, на каго яна разлічана? Часусьці да народных легенд залічаны і пераказы твораў пісьменнікаў, як, напрыклад, майго верша «Ля вогнішч начлежных». У свой час Я. Мазалькоў залічаў да іх маю «Казку пра Музыку» («Тут зямля такая»), «Люцыяна Таполю», А. Макаёнак — верш мой пра смех… А скажоную маю легенду «Ля вогнішч начлежных» нат пераклалі з туркменскай мовы і надрукавалі ў часопісе «Полымя». I ніхто гэтага ў рэдакцыі не заўважыў.
Можа, заўтра выпішуся з бальніцы. Усё роўна хваробу маю нельга вылечыць, можна толькі на нейкі час крыху прыгасіць.
12.ІХ. Туман за акном, не відаць ні дрэў, ні суседніх дамоў. Званіў з Нарачы Максім. Цэлымі днямі, казаў, заняты машынай і гаспадарчымі справамі. Вечарам Саша прывёз з калгаса цэлы мех яблыкаў. Казаў, ніхто іх не збірае. Ападаюць. Гніюць. А зімой і вясной будзем стаяць у чарзе за польскімі ці ліванскімі яблыкамі.
16.ІХ. Заўтра дзень майго нараджэння. Добра, што ўцёк у Маскву, на пленум Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. 3 гадамі кожная юбілейная дата настройвае на сумны роздум аб нашым мімалётным жыцці. Хадзілі з Сашам на канцэрт дзяржаўнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Ліаны Ісакадзе. Атрымаў сардэчную тэлеграму ад Г. С. Таразевіча. Потым разам з Сашам і Ф. М. Каўрыгай вечар правялі ў рэстаране «Масква». Сустрэў Р. Гамзатава. Лечыцца. Казаў, відаць, да канца пленума не будзе, паляціць дамоў.
19.ІХ. Цэлы дзень былі з Сашам на праглядзе замежных фільмаў: «Чырвоная зона», «Амадэус», «Гонар Мітцы», «Кардэбалет».
21.ІХ. Нядзеля. Імжыць дробны дождж. Пасля прагледзеў «Святы Джэк» і «Кароткае замыканне», схадзіў на канцэрт К. Чазарсадаева.
У «Правде» — два вершы А. Жыгуліна. У адным з іх даводзіць, што ён — далёкі родзіч Раеўскіх. Смяяліся калісьці ў нас з гербаванай шляхты, a зараз самі лезем у іх сваякі, адкопваем у архівах абгрызеныя універсалы, граматы, гербы. З’явіліся ўжо дзяльцы, якія за грошы могуць давесці і выдаць спраўку, што вы родзіч Аляксандра Македонскага ці там нейкага караля, магната.
23.ІХ. Позна вярнуўся ў гасцініцу. Быў на праглядзе фільма «Фані і Аляксандра», з несамавітымі сцэнамі і страшэнна расцягнутым сюжэтам. Заўтра апошні дзень пленума. Учора ў Мінск прыехалі госці з Латвіі. Вярнуўся дамоў у самы разгар іх Дзён літаратуры і мастацтва.
27.ІХ. Імяніны Любашы. Сабраўся амаль увесь наш калгас. Сёння перавялі гадзіннікі на зімні час, хоць у гэтым, лічу, у нас няма ніякай патрэбы.
За апошнія дні нічога не змог напісаць. Зацягнуўся мой творчы крызіс, і канца яму не відаць.
Узяўся за Федароўскага. Ужо каторы раз прачытваю яго і пераконваюся ў жывучасці нашага фальклору і невычарпальнасці яго крыніц.
10.Х. Яшчэ змарнаваў некалькі дзён на розныя сустрэчы і адказы на пісьмы.
Здаецца, Ю. Пшыбась казаў, што аўтар, які напісаў адзін выдатны верш, заслугоўвае на тое, каб застацца ў гісторыі літаратуры. I слушна. Але гутарка ідзе аб выдатным вершы. А мы ў гісторыю літаратуры заносім усё без разбору. Прачытаў Піменаву «Паэму Сораму і Гневу», напісаную з нейкім істэрычным надрывам. Я думаю, з часам ён сам убачыць яе слабыя мясціны. А дапіску да верша «Ратуйце нашы душы»: «Зыходжу і са сваіх асабістых назіранняў, як член Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі» — відаць, не варта было даваць. А потым пра моладзь: «Яны чытаць не хочуць Броўку!»… Сам жа, чорт, не любіць яго чытаць і быў ён адным з самых актыўных, хто «вылізваў ардэны»… Тут я перастаю разумець Пімена, які ў сваім раздражэнні збіваецца з такту і пачуцця меры. Ды тое, што зараз многім падабаецца, заўтра мала каго будзе цікавіць.
Сёння былі госці з Новай Зеландыі.
15.Х. Купіў некалькі экземпляраў свайго зборніка на англійскай мове «Палаючая паходня». Вершы — у перакладзе Уолтэра Мэя.
19.Х. Былі з Максімам у Пількаўшчыне, пахадзілі па лесе, па садзе, які ўжо скінуў лістоту, але на некаторых дрэвах яшчэ свяцілі жаўтаватымі ліхтарыкамі антонаўкі. Завёз у сваткаўскую школьную бібліятэку некалькі пачак кніг.
Чытаю біяграфіі нашых класікаў. Многіх я знаў асабіста. Як іх залізаныя і прычасаныя партрэты розняцца ад тых, якімі яны былі ў сапраўднасці людзьмі, у меру святымі і ў меру грэшнымі, а не нейкімі манекенамі. Я ўжо даўно ўсумніўся ў праўдзівасці гісторыі, а зараз — і ў біяграфіях палітыкаў, дзеячаў мастацтва і літаратуры.
20.Х. Ю. I. Сураўцаў пытаецца, каго наш СП рэкамендаваў бы на пасаду старшыні савета па беларускай літаратуры. Спыніліся на Я. Хелемскім. Трэба сказаць, што А. Аўчарэнка неяк воддаль стаяў ад усіх нашых спраў. Ці то быў вельмі заняты і не да нас яму было.
21.ХІІ. Зноў — У рэанімацыі. У вольны час ад уколаў, капельніц, розных працэдур перакладаю вядомы верш Ю. Вітліна «Stabat Mater Dolorosa».
Прынеслі апошні нумар «ЛіМа». 3 прыходам A. I. Вярцінскага газета стала цікавейшай. Прачытаў востры крытычны артыкул К. Тарасава, рэцэнзію А. Сідарэвіча на гісторыю беларускай літаратуры, харошую падборку вершаў Д. Бічэль-Загнетавай, хоць канцоўка верша «Замест запавету» магла быць лепшай. Паэтэса гэта любіць звяртацца да герояў мінуўшчыны, ідэалізаваць іх, на што слушна звярнуў увагу ў сваёй рэцэнзіі на зборнік У. Калеснік.
За пераклад верша Ю. Вітліна я ўжо бяруся трэці раз. Мо тут дацягну да канца, падбяру ключ да яго перакладу.
Стаяла пакутлівая маці
Ля павешанага сыночка на пляцы.
Стаяла ў жудаснай свету пустцы
Маці польская ў старэнькай хустцы.
Нат не плакала з гора, маўчала,
3 цела мёртвага воч не спускала.
Сын вісеў з усяго абдзёрты:
Перад тым немцы забралі боты.
Хадзіць будуць у ботах яе сына
Па зганьбаванай імі краіне,
Па зямлі, што ў агні спапялела,
I глядзець, як яна анямела.
Stabat Mater Dolorosa,
Калі сыноў яе здымалі з троса,
Клала ў трунах іх цёмных, сцюдзёных,
Як плады мёртвыя свайго лона.
Stabat Mater, Mater nostra Polonia —
Ha чале мела з церняў карону.
22.XII. Доўга не мог заснуць. Усё думаў пра свае невясёлыя справы. Магчыма, сёння перавядуць мяне ў іншую палату, бо не хацелася б тут сустракаць Новы год.
23.ХІІ. Перасяліўся ў палату да М. Ф. Дубянецкага. Заходзіў Г. Бураўкін, які тут лечыцца. Потым — доктар М. Хадзінскі. Настрой паганы. У СП прывезлі ёлку, хоць некаторыя не раяць яе ставіць, можа радыеактыўная. Але як цяпер уратавацца ад гэтай заразы, калі яна — і ў зямлі, і ў паветры, і ў вадзе, і ў хлебе.
26.XII. Чуваць, назначылі новага міністра аховы здароўя У. С. Улашчыка, былога начальніка чацвёртага ўпраўлення. A Саўчанку — вызвалілі, відаць, у сувязі з Чарнобылем.