Атрымаў цікавае пісьмо з Польшчы ад Е. Вялюньскага. Піша, што мой верш «У ваенкома» надрукаваны ў шведскай камуністычнай газеце «Norskienstlamman» і ў італьянскай «Nosa Varsej» з такой яго хвалебнай анатацыяй, што і паказваць нязручна. Просіць прыслаць яму некалькі экземпляраў «Літаратуры і мастацтва» для Данельсона і Буціты. А гэта ў перакладзе страфа з аповесці Войціка:
Калі маладзейшым быў, дык быў вельмі горды,
Бо ўсе члены былі мяккія, толькі адзін цвёрды,
А сягоння пастарэў, і ўжо ў небаракі
Усе члены зацвярдзелі, толькі адзін мяккі.
Невясёлыя справы і ў М. Ф. Дубянецкага. Ратуецца толькі нітрагліцэрынам. Шкада, што ён быў змушаны пакінуць выдавецтва. Ён умеў адстайваць творы многіх пісьменнікаў, якія без яго — не знаю — ці пабачылі б свет.
27.ХІІ. Наснілася розных сноў. Уяўляю, колькі спраў і клапот у Любашы перад Новым годам. А мяне не перастае мучыць арытмія, аддышка, слабасць. Па тэлефоне пагаварыў з Кацюшай. Паведаміла, што яе коцік навучыўся выключаць таршэр і ад холаду забіраецца да яе пад коўдру.
28.ХІІ. Не зважаючы на стан свайго здароўя, буду прасіць, каб хоць на некалькі дзён адпусцілі мяне дамоў, хоць на сустрэчу з Дзедам Марозам, які сёлета сур’ёзна ўзяўся за свае справы.
На акне маёй палаты палымнее некалькі руж. Аж дзіва, як яны ў такую сцюдзёную пару расцвілі.
Сярод нямногіх хворых у лечкамісіі застаюся і я. Буду сустракаць свой 75-ты год. Колькі за гэты час перадумана, перажыта! Колькі пройдзена дарогі Пра гэта можна было б напісаць значна лепшую кнігу, як усё тое, што напісаў.
31.ХІІ. Чытаю «Літаратуру на свеце». Нумар прысвечаны «Нью-Йоркскай школе». Не люблю я гэтых розных «школ», «хваляў», на якія любяць дзяліць літаратуру. Ёсць дзве літаратуры — добрая і графаманская. Але з чаго тады будуць жыць розныя даследчыкі?
Як зубы, праразаюцца два вершы. Ныюць. Не даюць спакою.
Што ж далей? Дактары назначылі, калі крыху падрамантуюць, як сябе паводзіць у далейшым жыцці-быцці. Прыгадаў я тут Р. Дабравольскага, які, выслухаўшы парады прафесара Татаркевіча, прызнаўся яму: «Тое, што рабіў дваццаць гадоў таму, раблю і цяпер. Кажуць мне, не пі. П'ю. Кажуць, не куры. Куру». I гэтак далей. Прафесар нахіліўся над ім і сказаў: «I я таксама жыву па гэтых жа рэцэптах».
1987
1.І. Вось і мінула навагодняя ноч — ноч бальнічная, бяссонная. Чытаю. Зараз у нас пачалі насіцца з замежнай, эмігранцкай літаратурай. Нат звычайных зайцоў-шаракоў выдаюць за львоў. А колькі і сярод іх разрэкламаваных графаманаў, слава якіх трымаецца толькі на антысаветызме.
Многія хворыя паўцякалі з паліклінікі дамоў на сустрэчу з Дзедам Марозам. Узяўся чытаць прынесеныя Ірай часопісы, ды кінуў. Стараюся абстрагавацца ад сваіх невясёлых думак. Вось ужо двух маіх знаёмых — С. Пілатовіча і Д. Цябута — не стала…
5.І. Званіў Н. Гілевіч, што прыязджае да нас мой стары знаёмы — Гао Ман. Як шкада, што я не магу з ім сустрэцца, падзякаваць яму за пераклады і выданне майго зборніка на кітайскай мове. А за акном — аж пераліваецца серабрысты серп маладзіка. Відаць, мароз убіраецца ў сілу. Чытаю, што наша каманда прайграла ў матчы з чэхаславацкімі хакеістамі. Якія глыбокія разважанні і каментарыі на гэту тэму. Колькі «ахаў, охаў»!
7.І. Нарэшце падсялілі ў маю палату В. А. Гамзякова — дырэктара мінскага метро. Хоць будзе з кім перакінуцца словам. Калі змагу, пастараюся наведаць у суседняй палаце I. Я. Палякова. Чалавек ён надзвычай цікавы і з пачуццём гумару, чаго часта не хапае многім нашым кіраўнікам.
А мароз зусім звар’яцеў. Помню, такія халады былі ў 1939-1940 гадах, калі шмат дзе павымярзалі азімыя і сады. Намерзліся тады і мы з Любашай у сваёй сцюдзёнай вілейскай кануры.
9.І. Прачытаў у «Литературной газете» падборку вершаў Э. Межэлайціса. Прызнацца, не спадабаліся. Неяк гучаць яны па-ахмадулінску, манерна: «флирт затевается в чёрной колоде», «Черная на белом коне принцесса» або: «Прекрасней личико, чем лик у Форнарины»…
Прыехаў Гэ Баоцюань. Эх, як не ў час падкасіла мяне гэта хвароба! Намячаецца нарада публіцыстаў. 3 Масквы прыехалі ўжо госці са сваімі штабамі. Мой сусед па палаце любіць, як калісьці Пімен, на ўвесь голас наставіць радыё, і яно гучыць цэлы дзень. Была Іра. Расказвала, што Кацін коцік стаў рыбаловам: навучыўся з акварыума цягаць рыбак і вельмі любіць Любашу, бо яна заўсёды прыносіць яму нейкія прысмакі.
12.І. Нарэшце вярнуўся дамоў. На стале — гара пісем. Не ведаю як, але трэба скарачаць мне сваю перапіску, з якой ужо не магу справіцца. Вечарам наведала Людміла. Прынесла слоік пількаўскага галубічнага соку, які, быццам, выводзіць з арганізма усе хімікаліі.
Пазычыў у Алеся зборнік палемічных артыкулаў М. Горкага з рэзка негатыўнай ацэнкай Леніна ў першыя гады Кастрычніцкай рэвалюцыі і яшчэ раз пераканаўся, што многія т. зв. Зборы твораў не з’яўляюцца зборамі ўсіх твораў пісьменніка, публіцыста, палітыка. Нат праз сотні год знаходзім невядомыя творы, пісьмы, успаміны, дзённікі, здымкі, дакументы…
13.І. Не спалася. Каб не забыць, як часта ў мяне бывае, запаліў святло і запісаў некалькі тэм: Кайсын Куліеў, Тайная вячэра, Малітва за старых коней. Агулам, кладучыся спаць, трэба будзе класці пад падушку блакнот і аловак. А то аднойчы прысніўся цікавы верш, а пра што — і сёння не магу ўспомніць.
Чытаю т. зв. гістарычныя раманы, якія больш падобны да баек на гістарычныя тэмы, бо розныя аўтары па-рознаму ацэньваюць адных і тых жа герояў. Здаецца, толькі аднаму Напалеону павязло. Хвалілі і захапляліся ім і Гётэ, і Шылер, і Пушкін, i Лepмантаў, і Міцкевіч, і Славацкі. Нават тыя, супраць каго ён ваяваў. I ў песні пра пажар маскоўскі: «И призадумался великий, скрестивши руки на груди…» Або «Воздушный корабль»…
18.І. Нядзеля. Перапісаў свае клінічныя вершы. Яшчэ раз прачытаў іх. Такімі ж яны здаліся мне нуднымі, як і вершы іншых нашых паэтаў, хоць і пісаў я іх з надзеяй, што будуць яны лепшымі. Не ведаю, што мяне змушае пасля няўдач зноў брацца за пяро. Хіба толькі мужыцкая ўпартасць.
19.І. Званіла нявестка А. Есакова. Звольнілі яе мужа з работы. Абвіняе ўсіх у антысемітызме, а ён, здаецца, быў няўжыўчывым чалавекам. Не любілі яго ў калектыве энцыклапедыі (казаў I. Шамякін) і ў радыёкамітэце (казаў Г. Бураўкін). Адказаў на пісьмо I. Чэкіса. Падзякаваў яму за зборнік вершаў I. Кекштаса. Атрымаў ад С. Хмары з Таронта зборнік «Аб багах крывіцкіх сказы».
26.І. Прачытаў падборку вершаў Пімена — вершаў, напісаных у нейкай крайняй узбуджанасці.
У ЦК былі В. Быкаў i Н. Гілевіч. Нейкая напружаная атмасфера. Пад лозунгамі перабудовы шмат у нас робіцца непрадуманага, скараспелага.
29.І. Н. Гілевіч і я разам з Генеральным консулам ПНР Я. А. Рачкоўскім ездзілі ў «Іслач». Адказаў на некалькі пісем пачынаючых паэтаў. Шкада, што адно пісьмо графаману не закончыў вядомымі словамі старога паэта, сказанымі маладому: «Лорд Байран — прыгажун, багаты, высакародны, арыстакрат, славуты Дон Жуан — і песіміст, а ты што — гаўно і аптыміст».
Знайшоў цікавую звестку пра малавядомага літаратара А. Іваноўскага, які, служачы ў тайнага следчага, выцягнуў з актаў і схаваў больш за сотню пісем да дзекабрыстаў — кіраўнікоў бунту і гэтым самым уратаваў многіх pyскіх пісьменнікаў.
Часта прыходзіцца чуць, што пісьменнікі атрымліваюць вялікія ганарары. А ў сапраўднасці — ганарары ў нас жабрачыя. За «Бахчысарайскі фантан» A. С. Пушкіну было выплачана тры тысячы залатых рублёў (па тры рублі за верш). Чамусьці перастала даходзіць беластоцкая «Ніва». Затое спраўна працуе тэлефонны подслух.
30.І. І так, на пленуме ЦК КПСС сакратаром выбраны М. М. Слюнькоў. Цікава, каго выберуць у нас. Да гэтага часу на камандных пастах у нас былі выдатныя людзі. Званіў Пімен. Падзякаваў яму за прысланы яго зборнік вострых, балючых, як раны, пераважна публіцыстычных вершаў.
Бачыў В. Ф. Праскурава. Прасіў яго падікавіцца гісторыяй трагічнай смерці Г. Дэмбінскага.
А. Карпюк хоча, каб пагаварыў я з Данутай, якая перасварылася з усімі гродзенскімі кіраўнікамі. Прызнацца, не хацелася б мне ўмешвацца ў іх асабістыя справы і канфлікты.
Пераклаў два вершы С. Е. Ферэйра: «Доўгая каменная ноч» і «Братэрства» i Р. Гажэльскага «Клетка». Нарэшце прыйшла «Ніва». Цікава, што там за Бугам?
Вецер. Сцюжа. Да дна вычарпаў сваю студню тэм. Цяпер буду чакаць, калі яна зноў напоўніцца. Чытаю зборнік У. Шахаўца. Ёсць некалькі цікавых вершаў («Быў на вайне», «Вяртанне ў паэзію»), а большасць — адгалоскі знаёмых тэм, традыцыйных формаў.
10.ІІ. Позна вярнуўся з пушкінскага вечара, на якім былі ўсе нашы кіраўнікі (Я. Я. Сакалоў, Г. С. Таразевіч, М. В. Кавалёў, міністры…).
«Дружба народов» дала рэцэнзію на мой трохтомнік.
Дома — шум, гармідар. Кот абдзёр ручку Кацюшы. Не дагледзелі. Іра скандаліць: кот можа быць шалёны. Што рабіць? Узяўся перакладаць трактат Т. Бароўскага «Аб паэзіі»:
Калі паэт скажа свету «так», дык нехта з іх вінаваты:
паэт або свет.
Бо паэзія — або палёт супроць ветру,
або — плыццё супроць плыні, або марш —
наперакор.
Калі паэт скажа свету «так», ён вінаваты.
Быць паэтам — значыць гаварыць свету «не».
Бо толькі няспынныя пошукі — паэзія.
Шукаючы яе, трэба абмінаць знойдзенае.
Знойдзенае ніколі не з’яўляецца паэзіяй,
а толькі наследаваннем.
Няхай асцерагаецца паэт, які скажа свету «так».
Хай асцерагаецца свет такога паэта.
Паэзія з’яўляецца няспыннай самотнасцю.
Шкада паэта, які ідзе ў натоўп. Натоўп не шукае
паэзіі. Крок натоўпу не з’яўляецца рытмам верша.
Суд натоўпу не ёсць паэтыкай.
Хай паэт асцерагаецца натоўпу.
Бо натоўп хоча паэзіі, як фабрык, дарог, войска,
кіно, дэфіляд, айчыны, хлеба, жанчын і гуртам
і на штодзень.
А пад слова натоўп можна падвесці і «грамадства»,
народ, ідэя…
....................................................................
Ніхто не патрабуе ад канстытуцыі, каб пісалася вершам.
Але патрабуюць ад вершаў, каб былі яшчэ
і канстытуцыйныя.
Не разумеюць, што ў паэзіі найважнейшая рэч —
паэзія.
Не разумеюць, што паэзія — рэч самотнага
сумлення.
Ахопленыя патрыятычнай ідэяй, шукаюць нацыянальнага паэта, які ім сказаў бы «так». Але народныя нашы паэты ішлі заўсёды дарогай самотнай: Міцкевіч, Славацкі, Норвід, Выспянскі… Нашы народныя паэты заўсёды гаварылі «не».
16.ІІ. Рыхтую новую падборку вершаў для «Полымя». Зараз дзірку ад ключа замяніў экран тэлевізара, перад якім многія любяць пакрасавацца, а мяшчане — паглядзець. Чытаю С. Вікулава «Разговоры, разговоры». Спадабаліся вершы «Дзень перамогі» і «Што табе піць». А гэта — са старой «дзіравай торбы памяці»: «Той цябе губіць, хто патураць любіць», «Пахвала — не ружа, а атрута».
Быў на сустрэчы з афганскім госцем Панджырынам, потым — на нуднай лекцыі ў ЦК. Прыехаў Е. Трачук. Прывёз некалькі нумароў «Нівы» і часопіс «Студыя полёнославіка арыенталія», у якім змешчаны мае лісты, якія ў свой час пісаў К. Яворскаму.
Трагічная звестка з Малдавіі: застрэліўся Павел Боцу. Ніколі не верыў і не веру, што самагубства — праяўленне слабасці.
Зараз узяліся за аднаўленне спадчыны, тады, калі ад яе засталіся толькі рожкі ды ножкі, калі знішчаны амаль усе помнікі мінулага. Раіліся ў ЦК, каб перавезці з Ялты прах М. Багдановіча і пахаваць у Мінску на Вайсковых могілках.
Зноў вярнуліся халады. Ці не апошняя гэта атака зімы. Усе гэтыя дні праўлю і праўлю свае вершы.
7.ІІІ. Былі сёння Верачка з Сашам і Таня са сваім Дзяніскам. Памёр С. Анісаў, былы член сакратарыята камсамола Заходняй Беларусі, з якім я ў 1932 г. сустракаўся ў падлоллі, які інструктаваў мяне перад паездкай на Наваградчыну. Кожны дзень прымаем гасцей. А найбольш дастаецца Любашы, якая пекліцца на кухні. Д. Лінкгайтэ просіць напісаць успаміяы пра I. Каросаса, I. Кекштаса. С. Шушкевіч прыслау цікавы зборнік М. Грамыкі «Родная пушча».
27.ІІІ. Тэлефонны званок: памірае Пімен. Бяда не ходзіць адна. I Зоя яго цяжка хворая. Можа, яшчэ і ўдасца як іх выратаваць. Лечыць Пімена Ірына Аляксандраўна. Ніяк не магу з ёю сазваніцца. А тут прыехалі госці з Балгарыі, Польшчы, Чэхаславакіі. Абяцаў П. Тэр-Мухамедаву напісаць для ўзбекскай газеты пра Арал. Узяўся за надзвычай цікавы зборнік твораў і лістоў С. Палуяна, які выйшаў пад рэдакцыяй Т. Кабржыцкай i В. Рагойшы.
2.IV. Учора быў у лечкамісіі. Слава богу, Пімен чуецца крыху лепш. Еду на пленум Камітэта na Лeнінскіх і Дзяржаўных прэміях.
16.IV. Э. Скобелеў прыслаў зборнік сваіх вершаў, якія нагадваюць рубаі Амара Хайяма. Толькі малавата ў іх арыгінальных думак, вобразаў. Зборнік адрасаваны «для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту». Сумняваюся, што гэтыя дыдактычныя вершы змогуць іх зацікавіць. Піша А. Карлюкевіч, што К. Курбаніпесаў рыхтуе на туркменскай мове зборнік маіх вершаў. Званіў Пімену, які, магчыма, заўтра выпішацца з бальніцы.
8.V. Па дарозе ў Пількаўшчыну, у Сваткаўскую школу завёз пачак кніг. Заехаў па дэпутацкіх справах у райвыканком. Прасіў дапамагчы вырашыць кватэрную справу жонкі былога партызана I. Місуны.
Гісторыя нагадвае склад розных запасных частак, з якога кожны цягне патрэбную для сябе дэталь.
11.V. Ніл Гілевіч пакрыўдзіўся, што па нейчым загадзе яго выступленне, надрукаванае ў «Литгазете», было знята са старонак «Літаратуры і мастацтва». Падаў заяву, каб яго вызвалілі з пасады сакратара СП. Асабіста я спачуваю яму і шкадую, што так здарылася.
14.V. Вельмі дрэнна сябе адчувае Любаша. Ніяк не можа ўсцішыць болі ў нагах. Ездзілі на магільнік. Невыказна цяжка на сэрцы. А тут званкі з розных рэдакцый. Трэба кідаць сваю работу ў СП. Ідзе дробны дождж. Федзя піша, што ў мінулую нядзелю пасадзілі бульбу.
Нейкае прадчуванне бяды. Выклікаюць нечага ў ЦК. Трэба будзе папрасіць, каб у сувязі з 70-годдзем узнагародзілі Я. Брыля і П. Панчанку. Е. Велюнскі прыслаў газету «Лесбок» (4.ІV.81), у якой надрукаваны мой верш «Пісьмо ваенкому», перакладзены Г. Данельсонам.
19.V. Вярнуўся з сустрэчы з кіраўнікамі нашай рэспублікі. Абмяркоўвалі розныя справы. Амаль усе гаварылі аб ненармальным становішчы з беларускай мовай у рэспубліцы. Відаць, слушна зазначыў В. Быкаў, што вельмі далёка зайшлі ў нас нігілізм і нешанаванне яе. I ён ужо не верыць, каб нешта тут можна было выправіць.
23.V. Купіў на рынку курагі, цыбулі, гуркоў. Перада мной ішла нейкая маладая napa і спрачалася. Кажуць, што калі двое гавораць тое самае, гэта можа быць не тое самае.
25.V. Дзень пачаў са званкоў A. I. Бутэвічу, В. А. Пячэннікаву і, нарэшце, Я. Я. Сакалову. Прасіў, каб справу аб звальненні Н. Гілевіча адклалі. Яфрэм Яўсеевіч згадзіўся, хоць ужо вырашана было задаволіць просьбу Н. С. Гілевіча.
Раніцой усклалі кветкі ля помніка М. Багдановічу. Заўтра еду ў Маскву.
А маё «Пісьмо ваенкому» — піша Е. Велюнскі — надрукавана ў ісландскіх і шведскіх газетах («Дагскраін», 30.IV.87 г.). Неспадзявана павязло гэтаму вершу.
З1.V. У Маскве ў СП нікога з сакратароў не застаў. Усе ў раз’ездах. Разам са мной у нумары пару дзён перад адлётам у Японію жыў Саша. Скандальная гісторыя з заходненямецкім самалётам, які прызямліўся каля самага Крамля.
Чамусьці Кацюшы Іра забараняе есці мяса. А Кацюша есць і баіцца, бо мама па вачах пазнае, што яна ела.
Калі ў эпоху рамантызму «мировая скорбь» была нейкай данінай модзе, дык зараз яна становіцца неадлучнай спадарожніцай чалавецтва. Пагартаў нашы часопісы. Не магу чытаць даўжэзных вершаў, якія у нас шмат хто любіць пісаць. Слушна гаварыў А. Пальгар: «Жыццё вельмі кароткае, каб пісаць доўгія рэчы».
У літаратуры няма бязбацькавічаў. Тут як у радаслоўі Хрыста: «Аўраам нарадзіў Ісаака, Ісаак — Іакава, Іакаў - Іуду і яго братоў…» і г. д.
Пагроза атамнай смерці дэмаралізуе ўсё чалавецтва. Нікому нічога не дорага. Хай яшчэ маўчаць на палігонах ракеты, але яны ўжо рвуцца ў душах мільёнаў людзей, сеючы спусташэнне.
Чытаю Г. Гаўптмана, які пад старасць з’ехаў з глузду і пачаў маліцца на Гітлера і блаславіў сваіх сыноў на вайну, «бо людзі на вайне становяцца больш свежымі, мацнейшымі, аднаўляюцца».
Сумна робіцца, калі думаеш, што літаратура не змагла адвесці чалавецтва ад самазнішчэння.
8.VІ. Бяда прыйшла неспадзявана. У Любашы моцны сардэчны прыступ. Адвезлі яе ў бальніцу. У рэанімацыі не было месца, паклалі ў 407 палату. Пад вечар крыху ўтаймавалі боль, але трымаецца моцная арытмія. Адкуль што ўзялося? Раней ніколі не скардзілася на сваё сэрца. Хаця б не інфаркт.
А ў СП — адны пасяджэнні, на якіх распрацоўваем планы новых пасяджэнняў. 3 такой перабудовы не будзе толку. Ніяк не ўдаецца дабіцца, каб нашы словы не разыходзіліся са справамі.
Прачытаў цікавую манаграфію пра Л. Шылера і прыгадаў яго цудоўную пастаноўку «Ружы» ў віленскім тэатры на Пагулянцы. Узяўся за свае вершы. Сумна. Здаецца, ніколі не пісаў так дрэнна.
14.VІ. Па дарозе на Нарач заехаў у Крывічы, дзе ў калгасе праходзіць сваю практыку Сяргей. Зноў збіраюся ў Маскву. Трэба ўзяць з сабой і Верачку з Дзяніскам. У Пількаўшчыне застаў толькі аднаго Федзю. Баюся адну хворую Любашу пакідаць на Нарачы. Трэба, каб нехта быў пры ёй. Чытаю «Георгікі» К. Сімона. Няспынна ідуць дажджы. Шалее сцюдзёны вецер. Чорт ведае што ў нас робіцца! Дамба на Кара-Багазе каштавала 72 мільярды рублёў, і аказалася, што гэтыя грошы выкінуты на вецер. Больш таго, шкода, нанесеная дамбай, не паддаецца ўліку.
3 «Махабхараты»: «Вышэй праўды закона няма». Часта ўпадаю ў крайні нігілізм. Расчароўваюся ў многіх творах, якімі калісьці захапляўся.
Заходзіў стораж. Расказваў, калі гарэла хата Лапціка, ніхто не пабег яе гасіць, каб не згубіць чаргі за гарэлкай, якую тады прадавалі ў магазіне.
На вачах, разам са смерцю рэк, азёр, лясоў, паветра, памірае і наша беларуская мова. Відаць, усё даб’ём да абуха.
Прыязджала медсястра з уколамі, Як там мае нарачанцы? Як там Любаша? Такая ж яна хворая. Трымаецца толькі на сваёй жаночай самаахвярнасці.
У адным са сваіх дасціпных нарысаў М. Ваньковіч піша, як хаваюць амерыканцы памершых: «Калі б дазвалялі каноны, дык усадзілі б у жывот магнітафон, паўтараючы голасам, запісаным яшчэ пры жыцці, што памершы маецца “о кей”. Магільнікі павінны быць вясёлымі».
4.VII. Сёння I. Міхасёў уручыў нам граматы ганаровых грамадзян г. Мінска. Няма калі пісаць. Толькі адказваю на лісты, засядаю, выступаю. Званіў Пімену. Добра, што ён крыху акрыяў, чуецца лепш.
5.VII. Хадзіў на рынак. Купіў памідораў, гуркоў, чарніц. М. С. Стыка піша, што А. Міцкевіч хварэў на эпілепсію. Пры гэтым спасылаецца на іншых даследчыкаў, на шматлікія яго вершы, як і на радкі паэмы «Пан Тадэвуш»: «Ахвяраваны, мёртвыя узняў павекі».
Заходзіў вадаправодчык: «Перабудова, перабудова! А начальства як рамантавала, так і рамантуе свае кватэры за дзяржаўны кошт. Ставіць замежныя ванны, краны, унітазы, дарагой кафляй абліцоўвае кухні».
Наша крытыка ўсё яшчэ глядзіць на верлібр, як на незаконнанароджанага — байструка. Зараз цяжка напісаць нейкі фантастычны прыгодніцкі твор, бо навука і тэхніка апераджаюць усе нашы ўяўленні аб свеце, у якім мы жывём. I тут перадусім неабходна, як пісаў Т. Парніцкі, «падмацаванне мозгу».
Трэба ўмець проціставіцца густам чытачоў і крытыкаў, мянянь стыль сваёй працы і не марнаваць сілы на дробныя справы… Трэба. Знаю, а раблю ўсе не так, як трэба.
Ледзь адбіўся ад тэлебачання. Хацелі прыехаць мяне здымаць. Прыехалі госці з Індыі. Цяжка захварэў Язэп Семяжон. 3 газет: у Франкфурце яўрэі пабудавалі за 15 мільярдаў долараў (?) новую сінагогу і габрэйскую школу.
’ Зараз і мы пачынаем збіраць сваіх прарокаў, паэтаў, мастакоў, розных дзеячаў, забытых ці прысвоеных суседзямі.
Усё больш набліжаюся да паэзіі думкі. Адмаўляюся ад рытмічных і слоўных упрыгожванняў, хоць у нас такая паэзія не з’яўляецца папулярнай. Папулярная ж паэзія для мяне даўно ўжо страціла ўсякую вартасць і прывабнасць.
Саша дамовіўся, каб прывезці з Азербайджана пapy бутэлек нафталану для лячэння Любашы. Божа, каб хоць крыху ўдалося аблегчыць болі яе ног!
Атрымаў нумар «Літаратуры на свеце», прысвечаны Ф. Кафку. Агулам, нумар досыць нудны. Не магу не прызнаць слушнасці А. Хлебнікава (ЛГ, 28.V.86 г.), што «на жаль, ёсць такая мода ўсімі сіламі скрываць, што хацеў сказаць аўтар». Больш святла, больш сэнсу!
А гэта варта ўвагі. Адказ іспанскага караля каралю французскаму, які цікавіўся лёсам Сервантэса: «Калі неабходнасць змушае яго да пісання, дык дальбог, хай ніколі не знае дастатку, каб праз свае творы, сам бедны, узбагаціў цэлы свет».
10.VІІ. Усё часцей задаю сабе пытанне, на якое не знаходжу адказу. Зараз усе толькі і гавораць аб выхаванні моладзі і забываюць аб перавыхаванні выхаваўцаў, старэйшых, бо ва усіх нашых праліках у выхаванні найбольш яны і вінаваты.
Пішам аб эрозіі зямлі ў Афрыцы і маўчым пра тое што робіцца ў нас. Прымаем толькі розныя пастановы, якіх ніхто не выконвае.
Заходзіў А. Бембель. Падаў заяву: «Прашу прыняць мяне ў СП, бо:
…ў краіне сіняй, дзе я ўваскрасаю,
У сузор’і мар — найбліжэйшых у Свеце —
Я не самотны, я кніжку маю
3 друкарні пані Маргарэт Тэтчар.
Цікавы чалавек. Жонка ў яго — карэянка. Казаў, ужо гаворыць па-беларуску. Сам жа, дзівак, ходзіць абросшы даўжэзнымі кудламі.
3 захапленнем чытаю балады і рамансы безыменных каталонскіх паэтаў.
Міністранты хацелі памагчы,
Ды хоць вусны адкрывалі,
Замест пацер «амэн, амэн»,
«Амор, амор» паўтаралі.
Як там мае нарачанцы, Любаша? Верачка з Дзяніскам паехалі на Каўказ.
Больш дзесятка вершаў сабралася для новай падборкі. Бяда, што ўсе — нікудышныя. Трэба, калі будзе час, яшчэ да іх вярнуцца, дапрацаваць.
3 Н. Гілевічам правялі польскіх гасцей. Нейкі дзівак Андрэеў збіраецца аж з Астрахані прыехаць на сустрэчу са мной. Відаць, зблытаў мяне з Ісакоўскім, верш якога «Враги сожгли…» прыпісаў мне.
29.VІІ. Выклікалі ў ЦК на абмеркаванне калектыўнага пісьма, у якім яго аўтары патрабуюць выкладання ў школах беларускай мовы. «Сов. Белоруссия» выступае ў абарону Абэцэдарскага, якога на пленуме СП Н. Гілевіч крытыкаваў у сваім выступленні.
31.VІІ. Сёлетняй зімой у Федзі павыміралі пчолы. Сумна глядзець апусцелыя іх домікі, лежакі, стаякі. Толькі мурашы адрамантавалі разрытыя дзікімі кaбанамі свае пасёлкі.
У пількаўскіх паперах знайшоў адно пісьмо кампазітара Кошыца, а другое — адрасаванае Р. Р. Шырме,— відаць, недзе згубілася. А шкада.
Прачытаў злосную, але ў многім слушную рэцэнзію 3. Федэцкага на «Плаху» Ч. Айтматава: «Аўтар неспадзявана пераходзіць на рэйкі разважанняў і тэалагічных спрэчак, у якіх разбіраецца, як курыца ў перцы, або кленчыць над зантрапамарфізаванымі перажываннямі воўчай зграі».
2.VІІІ. У аб’ектыўным разглядзе творчасці пісьменніка часта перашкаджаюць яго званні, палітычныя погляды, пасада, якія прыводзяць да недаацэнкі або пераацэнкі. Сапраўдны пісьменнік ніколі не змяшчаецца ні ў якім пракруставым крытычным ложы.
Хутка павінен выйсці аднатомнік маіх вершаў. Каб зараз я яго складаў, больш строга падбіраў бы да яго свае творы.
Даўно заўважана, што паграніччы моў і культур найбольш багатыя на таленты. Нат Ю. Пілсудскі гаварыў, што Польшча як бублік: самае каштоўнае — на яе акраінах, бо ў сярэдзіне — дзірка.
Скардзілася знаёмая малочніца на непаладкі ў нарачанскім калгасе. П’яніца п’яніцай паганяе. Усе крадуць. Людзі сумленныя разбягаюцца хто куды. Вось тут і ўся перабудова. Яна сюды не дайшла і не дойдзе. Вырасла пакаленне гультаёў і шкоднікаў, якіх ужо не пераробіш. У нас, калі хто не п’е, не лічыцца чалавекам.
Вельмі дрэнна чуецца Любаша. Як магу, стараюся ёй дапамагчы, але дачная мітусня, кухня атручваюць усё жыццё. Трэба ж чалавек 10-12 накарміць. I так — дзень за днём.
Званіў у Мядзела старшыні райвыканкома I. Ф. Тарасенку, каб далі жонцы партызана Місуны, у якой забіраюць дом, новую кватэру.
За апошнія дні падрыхтаваў падборку вершаў. Не знаю, ці ўдасца напісаць пра ўсё, пра што хацелася б, бо пісаць становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.
Ездзілі ў Зялёнкі па малако. Наслухаўся ад «Глухога», як у іх незаслужана многія атрымліваюць пенсіі, а яго знялі з пасады кладаўшчыка за тое, што не даваў нікому красці.
5.VIII. Пакончыў з сабой К. Леві, з якім я сустракаўся ў Маскве і ў Рыме. Я і не ведаў, што ён быў вязнем Асвенціма.
Рамантуем з Максімкам сваю дачу.
Не знаю, як цешыцца: на некалькі дзён застаўся са сваімі думкамі. А то кожны дзень — госці. Вось і заўтра збіраецца мяне наведаць нейкі настаўнік. Не скажаш: не прыходзь!
Чытаю даваеннага авангардыста Ю. Чаховіча, а зараз — класіка польскай паэзіі і цікавы нарыс А. Стронскай «Пад рубінавым ліхтаром» пра гамбургскія бардакі. У магазінах поўна пенісаў. Рэклама заахвочвае: «Не будзь эгаістам, купі для жонкі большага».
Вецер пераганяе цяжкія хмары. Шуміць Нарач. Дома — зноў сямейныя непаладкі. Любаша не ўмее камандаваць, таму кожны стараецца камандаваць ёю.
Ляжыць гара пісем, на якія ўсё не збяруся адпісаць. I, прызнацца, не люблю займацца пісанінай. Эпісталярная спадчына Марка Твэна налічвае больш за 30 тысяч лістоў. Трэцяя частка, якую збіраюцца выдаць, зойме 10 тамоў.
Перакладаю Ф. Райчака, які нядаўна памёр ці згарэў, напіўшыся.
Зараз перад кожным з нас жыццё ставіць загадкі больш складаныя, як перад Эдыпам.
Прачытаў рэцэнзію М. Яшаноўскага на кнігу А. Рыбакова «Дзеці Арбата». Мне здаецца, ён дае завышаную ацэнку гэтаму твору.
Дачныя справы і клопаты выматалі ўсе нервы. Не можам з Любашай дачакацца канца свайго «адпачынку».
21.VІІІ. Калі ж я вазьмуся за ўпарадкаванне cваіх папер і за апошнюю рэдакцыю сваіх твораў? Добра, што я не спяшаўся, як іншыя, з выданнем сваёй публіцыстыкі, якой не прыдаю ніякага значэння.
Памёр мой стары сябра і аднагодак Альбінас Жукаўскас. Гэта быў цікавы, шырокай, шчырай душы чалавек, арыгінальны паэт і выдатны перакладчык нашай літаратуры.
22.VIII. Званіў Пімену, павіншаваў з прысваеннем яму звання Героя Сацыялістычнай Працы. Са страхам чакаю верасня з рознымі юбілеямі, паездкамі, нарадамі.
Заходзіў І. І. Жук, які адрэкамендаваўся як былы друг М. Машары. Піша вершы і спявае. Трэба сказаць, што голас лепшы, як вершы.
Званіў Бут-Гусаім. Пытаўся, якой я думкі пра Цішку Гартнага. Я яму адказаў, што ў нас, пісьменнікаў, адна думка: поўная рэабілітацыя як пісьменніка і палітычнага дзеяча, які калісьці сустракаўся з Леніным і ўзначальваў наш урад.
Абяцаў наведаць М. Аўрамчык. Увесь час стаіць цудоўнае надвор’е. Рэдка калі ў нас такое бывае.
29.VIII. Атрымаў пошту. Аказваецца, Пімена ўзнагародзілі ордэнам Леніна. А мы ўсе былі ўпэўнены, што яму прысвояць званне Героя. Не ведаю, чаму у ЦК не падтрымалі нашу просьбу. Няўжо маглі «пашкодзіць» яго апошнія вострыя публіцыстычыыя вершы? Праўда, ёсць у гэтых вершах залішняе самабічаванне, на што звярнулі ўвагу і Брыль, і Някляеў У «ЛіМе«. Але на ўсё трэба глядзець шырэй. Нельга, каб нейкі радок верша засланіў увесь даробак паэта, як гэта калісьці здарылася і з А. Твардоўскім. Бадай што сёння не даравалі б нікому, хто асмеліўся б напісаць: «Прощай, немытая Россия, страна рабов, страна господ…» Усё працягваем паўтараць старыя памылкі.
30.VІІІ. Пасля розных нашых вершаў пра мяшчан прыгадаў верш Ю. Тувіма, напісаны на гэту ж актуальную тэму. Некалькі раз парывазся я яго перакладаць, але зараз трэба давесці справу да канца. Першы дзень толькі нас двое на дачы: Любаша і я.
2.ІХ. Соф’я Захараўна чула, што I. I. Антановіча назначаюць на іншую работу, а на яго месца — С. Я. Паўлава. Не ведаю, чым гэта прадыктавана, ў дадзеным выпадку не дэмакратызацыяй на культурным участку.
Ноччу сцюдзёным, сталёвым колерам адсвечвае возера. Атрымаў запросіны на юбілей Полацка. Відаць, не змагу паехаць, бо ў Мінску чакае мяне шмат розных спраў. Ды, чуваць, едуць госці з Чылі. Прачытаў у «ЛіМе» артыкул А. Бабровіча аб нашай маладой паэзіі, але так і не зразумеў: якая ж яна?
Не помню, дзе чытаў, што М. Горкі асуджаў тых, хто даваў дзецям лялькі, якія абуджаюць у іх пачуццё прыватнай уласнасці. Як часта і разумныя людзі бываюць дзівакамі!
Усё збіраюся аднавіць у паэме пра М. Дворнікава радкі, у якіх гаворыцца, чаму ён не хацеў вяртацца ў Савецкі Саюз, а падаўся ў Іспанію, а ў вершы пра В. Харужую раскрыць яе трагедыю, пра якую расказваў I. Ф. Сяменнікаў. У «Огоньке» — званіў Я. Хелемскі — падборка маіх вершаў.
Чытаю Т. Боя-Жэленскага. Як нам не хапае пісьменніка такога рангу, пра якога пісаў Ян Марко: «“Слоўкі” яго былі мініяцюрнымі насмешкамі з неправераных аўтарытэтаў, афіцыяльных пяўцоў, надзьмутых вучоных, быццам нашчадкаў Рабле, Мантэг’ю, Мальера, Вальтэра».
Як пацеркі ружанца, вецер перабірае на правадах дажджавыя кроплі.
13.ІХ. Зараз усе «гімнаграфаманы» (Бой) пераключыліся. Б’юць сябе ў грудзі, спрачаюцца: хто больш вінаваты. Былі ў нас паэты-прарокі, паэты — сумленне народа, інжынеры чалавечых душ, паэты, захопленыя рэчаіснасцю, і толькі не было паэтаў горкай праўды. I, відаць, не хутка яны з’явяцца, бо ўсе трэба было пісаць для падтрымання духу, энтузіязму, бадзёрасці. Пры адсутнасці аўтаіроніі вечна ўпадаем у манію вялікасці, псеўдапатрыятычную чуллівасць, сентыментальнасць. Бяда яшчэ і ў тым, што такая паэзія — бясплодная.
18.IX Тры дні не выходжу з паласы юбілейных стрэс. Былі Вяціс Рэймерыс, Валенцінас Свенціцкас, Гедымінас Кіркілос. Апаясалі мяне шырокім саматканым літоўскім поясам і падарылі цудоўны альбом Вільнюса з літаграфіямі К. Вільчынскага.
19.ІХ. Гаварыў з Н. Гілевічам аб вылучэнні на нашу Дзяржаўную прэмію М. Лужаніна. Баюся толькі, што не пройдзе, бо апошні яго зборнік слабейшы, як папярэдні, ды і ў камітэце, чамусьці, некаторыя настроены супроць Максіма.
Прачытаў зборнік В. Аколавай, густа замешаны на фальклоры, што вельмі абнадзейвае. Заходзіў малодшы Максім. Відаць, сям’я з Наташкай разваліцца. Чамусьці не паехаў са студэнтамі на бульбу. Быў недзе на Каўказе.
Доўга нейкі графаман па тэлефоне пераконваў мяне, што ён напісаў выдатны твор. Часта аўтар бароніць тое, што ён хацеў, але яму напісаць не ўдалося. Лічу няўдзячнымі ўсе намаганні вучыць такіх людзей, як трэба пісаць.
13.Х. Вярнуўся стомлены і хворы з брэсцкага семінара. Зноў не ўсцярогся і недзе прастыў. Калі ж я вазьмуся за сваю работу? У нас усё робіцца так, каб пісьменнік не пісаў, артыст не іграў. Цэлая плойма кіраўнікоў толькі гэтым і занята. Званілі з СП з Масквы. Агітавалі паехаць на Кубу. Адмовіўся.
26.Х. Выпаў першы снег. Прыслалі з Перу Анталогію савецкай паэзіі, у якой змешчан у перакладзе Еза Векта і адзін з маіх вершаў.
Ездзілі з Любашай да Семяжонаў, якія перабраліся ў новую кватэру.
27.Х. Атрымаў перакладзены на малдаўскую мову А. Бусуіскам і П. Боцу свой зборнік «Вершы».
Званіла з Нальчыка Элізат Куліева. 30.Х К. Куліеву 70 год. Званілі з АН і з Мінска… Званілі з СП, са школ, па дэпутацкіх справах, з рэдакцый…
А З1.Х трэба быць у Маскве на ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі.
3 Ісландыі вярнуўся І. Лучанок. Казаў, на вечары дружбы чыталі мае вершы, перакладзеныя Г. Данельсонам. Відаць, не змагу пайсці ні на святочны прыём, ні на парад, бо зусім расхварэўся.
8.ХІ. Пайшоў мокры снег. Каторы раз перачытаў «Рэквіем» А. Ахматавай, і кожны раз ён болем адклікаецца ў сэрцы. Наша літаратура перажывае крызісны перыяд. I мы яшчэ пра гэта баімся сказаць ва ўвесь голас. А страх, як казаў старажытны мудрэц, — віноўнік усіх бед.
9.ХІ. На тры тыдні Н. Гілевіч паехаў адпачываць у «Іслач». Трэба было б і мне адпачыць, толькі шкада адну дома пакідаць Любашу. А разам — няма як ехаць, бо зноў затэмпературыла Кацюша. Вось так у нас заўжды. Саша збіраецца з Ф. П. Каўрыгам паехаць у Пількаўшчыну на паляванне. Шкада, што не змагу далучыцца да іх. Аддышка. Галавакружэнне.
14.ХІ. Калі Сталін даведаўся, што ў клубе СП уставаннем прысутныя прывіталі А. Ахматаву, спытаў: «Хто арганізаваў уставанне?»
Відаць, і да нас можна аднесці словы Ц. Норвіда:
Кожны друк спознены,
Кожны подзвіг (чын) прадчасны.
3 цікавасцю чытаю запісаныя С. Казлоўскім легенды народаў Поўначы. Ніяк не ўдаецца іх выдаць, хоць не раз мне абяцалі.
Надзвычай цікавае пісьмо атрымаў ад В. Жукроўскага. Да гэтага прыслаў мне Т. Парніцкага, М. Кунцэвіч і сваё апавяданне «Дачушка».
Піша Дора, што «Паўлік» ляжыць у бальніцы.
22.ХІ. Вечарам узяліся з Любашай шаткаваць капусту. Ды хутка яна мяне прагнала: «Ты толькі мне перашкаджаеш». А сама ледзь трымаецца на сваіх хворых нагах. I так, яшчэ адзін змарнаваны дзень. Глытаем розныя таблеткі, а толку — ніякага. Праўду казаў Мантэск’е: «Людзі не паміраюць, але самі сябе забіваюць».
23.ХІ. Запрашае В. С. Смірноў мяне на паляванне. Будуць там: генеральныя консулы ПНР, ГДР і М. I. Дзялец. Не знаю, можа, і я далучуся да іх кампаніі.
Паслаў у Індыю свайму перакладчыку на мову хіндзі Анілу Джанвінджану свой трохтомнік.
25.XI. Вярнуўся з Асіповіцкага раёна з палявання. Нат удалося стрэліць па расахатым, але, дзякуй богу, спудлаваў, як спудлавалі і іншыя. Толькі ляснік Новікаў упаляваў велізарнага рагача. Пры вогнішчы гаспадары пачаставалі нас такімі дарамі прыроды, якіх не пакаштуеш ні ў якім рэстаране. Агулам, я рад, што хоць на дзень адарваўся ад тэлефонных званкоў, бясконцых клапот і дамашняй мітусні.
3.ХІІ. Дома — гвалт. Плача Кацюша, што пакрыўдзілі яе Пушка. Добра, што не было Іры, а то было б пекла.
Быў у ЦК. Прасіў, каб па стане здароўя вызвалілі мяне ад работы ў СП. Вельмі дрэнна адчувае сябе і Любаша. Яна толькі церпялівая і праз сілу трымаецца на нагах. Яшчэ і мяне падбадрывае.
7.ХІІ. Ва ўчарашнім нумары «Известий» А. Вазнясенскі даў амаль на палову паласы артыкул «Совесть мысли». Крытыкуе, як гэта мы сёлета не адзначылі на Магілёўшчыне гадавіны смерці К. Сіманава.
I пры гэтым такую закаціў істэрыку аб няўдзячнасці беларусаў, а канкрэтна — кіраўніцтва СП, што аж дзіву даешся. Асабліва прыкра, што прылажылі да гэтага свае рукі і нашы некаторыя пісьменнікі.
10.ХІІ. Цікавая была сустрэча ў СП з іспанскім паэтам Л. Касціліо, які збіраецца выдаць кнігу перакладаў маладых нашых паэтаў.
Быў на літаратурным вечары «Тутэйшых». На матыў «Марсельезы» праспявалі «Пагоню» М. Багдановіча. Нехта нат прачытаў прысвечаны мне верш. Агулам, весела становіцца на нашым Парнасе. Абяцаў сустрэцца з вучнямі 52-й школы.
Калісьці непакоілася мая маці: хаця б яе пахавалі на высвенчанай зямлі, бо слабадскі магільнік разросся далёка за свае ранейшыя межы, заняўшы і нявысвенчаныя акраіны. Пахавалі яе побач з бацькам і побач з усімі нашымі сваякамі.
У «Звяздзе» У. Конан прыводзіць цытаты з выступленняў А. Кучара, В. Барысенкі, надрукаваных у 30-я гады ў «ЛіМе»: «Жылуновіч — Цішка Гартны — гэта закончаны закляты вораг беларускага народа», «Гарэцкі — нацыянал-фашыст» (з А. Александровіча). «Адным з агіднейшых бандытаў пяра з’яўляецца шпіён Чарот» (А. Кучар).
Сёлета Нобелеўскі камітэт прысудзіў сваю прэмію I. Бродскаму. Трэба будзе недзе дастаць зборнік і лепш пазнаёміцца з яго творчасцю. А то толькі ведаю яго па польскіх перакладах.
24.ХІІ. Цэлымі днямі сядзіць Любаша на кухні, бо амаль усе прыходзяць да нас сталавацца.
Ёсць творы, якія не паддаюцца перакладам (Гарэцкі, Купала, Колас, Чорны, Мележ, Брыль…), і творы, якія пры перакладах амаль нічога не губляюць (Хэмінгуэй, Быкаў, Шамякін…).
25.ХІІ. Апошні нумар «ЛіМа» змясціў два цікавыя артыкулы: П. Пруднікава аб увекавечанні памяці пісьменнікаў, загінуўшых у часы культу Сталіна, і роздум Э. Лагутэ аб падарожжы па Беларусі і аб тым, у якім заняпадзе беларуская мова. А найбольшае ўражанне пакідаюць вершы Л. Геніюш — самай здольнай і выдатнай нашай паэтэсы.
Ператрасаю свой архіў, у якім цудам захаваліся нумары «Нашай волі», «Літаратурнага месячніка», «Пёна», «Папросту», «Вікан» і чэхаславацкага «Підро» — органа т. зв. другой авангарды.
Чытаю фрагменты, прыведзеныя Я. Івашкевічам у артыкуле «Гісторыя пісем Ф. Шапэна да Дэльфіны Патоцкай»: «Асноўным нашым нацыянальным недахопам з’яўляецца нараканне. Паляк і ў раі знойдзе прычыну да наракання. Заўсёды ўсюды ўсе вінаватыя, толькі ён адзін мае слушнасць, ён сам — няшчасная ахвяра».
Або: «Знаеш мяне і ведаеш, што не пераношу фарысейства, таму мяне злуе Гюго, які выносіць сябе над іншымі, з абы-кім панібрацтвуе, а, прыкідваючыся святым, паказвае, што зад яго не зганьбіць алтара. А ў сапраўднасці кожны тыдзень мае новую палюбоўніцу. Іншым жа прапаведуе аб маральнасці».
29.ХІІ. Відаць, хутка пойдзе на спад зацікаўленне ўсім тым, што звязана з культам. Ачмурэнне народа вялося планава, сістэматычна, напрацягу дзесяцігоддзяў. Цікава, што гэтаму гіпнозу паддаліся не толькі ў нас, але і многія віднейшыя прадстаўнікі культуры на свеце. Тыя, хто раней праціраў вочы, асуджаліся на анафему, многіх і сёння яшчэ не рэабілітавалі, яны ходзяць з ярлыкамі «анты». Не ведаю, ці ўдасца калі чалавецтву пакончыць з хлуснёй. Зараз трэба нам пачынаць не з дакладаў пра тое, што зроблена, а з таго, што не зроблена і па якой прычыне. Зараз модным стала слова «бескампраміснасць». А яно шмат прынесла шкоды і ў ацэнцы твораў, і ў жыцці, і ў міжнародных адносінах. Геніі заўсёды сумняваліся.
30.ХІІ. Атрымаў пісьмо ад маладога пісьменніка С. А. Верацілы, які ажаніўся з эквадорскай студэнткай. Жонка цяжарная. Просіць СП дапамагчы яму прыпісацца ў Мінску.
Па тэлебачанні выступаў Р. Барадулін, які абвінавачваў нас, бюракратаў, што сарвалі сіманаўскія чытанні ў Беларусі. Колькі вакол гэтага шуму, а вінаваты самі арганізатары, якія не паклапаціліся нат звярнуцца са сваёй просьбай да абласных ці гарадскіх улад Магілёва аб правядзенні гэтых чытанняў.
3 задавальненнем чытаю агляды 3. Федэцкага ў «Twórczości» нашых цэнтральных часопісаў. Яны і цікавыя і глыбокія. Я згодзен з яго ацэнкамі аповесці «Плаха» Ч. Айтматава, аповесці «Дзеці Арбата» А. Рыбакова. Яны разыходзяцца з ацэнкамі нашай алілуйскай крытыкі і мне здаюцца больш пераканаўчымі.
С. С. Элькін расказваў, што нашы «Тутэйшыя» арганізавалі нейкую дэманстрацыю ў піянерскім лагеры каля Ракава. Бяда, што ў некаторых з іх не літаратура, а самарэклама становіцца галоўным заняткам. Але, відаць, гэта — хвароба пераходнага узросту, на якую перахварэлі многія, — хвароба, як пісаў калісьці Л. Ленч, «залатой пары памылак».
Званіла нейкая Н. М. Пасынкава. Пыталася, ці знаю я Вілецкага, які прымаў удзел у выданні маіх першых зборнікаў, якія выходзілі ў Вільні. Прозвішча гэта мне знаёмае. Толькі да выдання маіх зборнікаў ён не мог мець ніякага дачынення. Вось так і паўстаюць розныя легенды. I гэта адна з многіх, якія мне прыходзілася абвяргаць.
З1.ХІІ. Не люблю я святочнай мітусні. Здаецца, каб яе перачакаць, забіўся б у нейкі глухі куток з пяром ці з кнігай у руках. Цікава, што ніколі і ніхто не крытыкаваў чытачоў, якія вельмі часта памыляюцца ў ацэнцы твораў літаратуры і мастацтва, якія даўжэй застаюцца ў палоне старых уяўленняў.
Сёння мне расказалі цікавы анекдот, як памірае стары рабін. Перад сваёй смерцю спытаўся, ці ёсць яго жонка Хая, старшы сын Мойша і малодшы Ёсель, старшы ўнук Арон. Пачуўшы, што ўсе прысутнічаюць, з крыкам сарваўся з ложка: «А хто — чорт пабяры — застаўся ў краме?»
Г. Лорка хацеў паэзіі такой, якая для самога паэта застаецца таямніцай. На вялікі жаль, зараз у нас усё больш і больш такой паэзіі.
Поўнач. Здаецца, ніколі ў такім паганым настроі не сустракаў Новы год.
1988
1.І He ведаю, як будзе з нашай мовай. Трэба, каб на ёй загаварылі ўсе, а не толькі пісьменнікі. Каб яна чуваць была ў штодзённым жыцці, бо асіміляцыя, як ракавыя метастазы, пранікла, закранула самыя глыбінныя яе словатворчыя народныя слаі.
А гэта — з нарыса карэспандэнта «Twórczości»: «У Перадзелкіне, на дачы Еўтушэнкі, цяжка мне прыйсці ў сябе пасля таго, як гаспадар паказаў гасцям відэафрагменты свайго аўтабіяграфічнага фільма, у якім яго сённяшняя каханка — для пікантнасці прысутнічала пры праглядзе, іграла яго матку, пасля сауны голая танцавала на снезе».
На абедзе за сталом сабраўся ўвесь наш калгас. Вось так і прайшоў першы дзень Новага года.
3.І. Па тэлефоне гаварыў з I. Шклярэўскім. Расказваў пра семінар маладых, якім ён кіраваў. Казаў, што прыйшлося крыху прыгасіць залішне самаўпэўненыя выступленні некаторых з нашых пачынаючых, якія яшчэ не навучыліся пісаць, а перанялі ўсе паводзіны сталічных «класікаў».
Прачытаў у «ЛіМе» «Накіды трох партрэтаў» Я. Брыля, якія яшчэ раз мяне пераканалі, што перад нашым братам-пісьменнікам нельга раскрываць душу, бо рана ці позна ўсё можа быць вынесена на плошчу, і што самае аб’ектыўнае асвятленне фактаў будзе разыходзіцца з праўдай.
8.І. Адкрылася юбілейная выстаўка работ 3. Азгура. Думаю, што Богу было лягчэй: ён стварыў толькі адну пару людзей, бо далей яны самі размнажаліся, а наш мастак — безліч. На выстаўцы было шмат народу.
Дома застаў госця — М. Бурсэвіча. Аж да поўначы прабяседавалі мы з ім. Неяк сумна. I я хворы, і Любаша. Яна глядзіць на мяне і плача.
9.І. Узяўся перакладаць Расула Рзу. Не магу разабрацца ў блытаніне бяздарных падрадкоўнікаў.
Прыйшло пісьмо ад нашага індыйскага друга Аніля Джанвіджана, які перакладае беларускую паэзію на мову хіндзі. Спадзяюся, што мне ўдасца з ім сустрэцца ў Маскве, калі буду на сесіі ВС. Кіта Лорэнц прыслаў зборнік маіх казак, перакладзеных ім на лужыцкую мову.
У «Советской Белоруссии» змешчаны артыкул В. Быкава, у якім ён патрабуе хутчэйшай рэабілітацыі загінуўшых у гады культу і выяўлення віноўных у іх смерці. Ніхто дагэтуль не ўспомніў аб лёсе тых, хто пайшоў у Савецкі Саюз, ратуючыся ад праследванняў польскіх улад, і загінуў у сталінскіх лагерах і засценках. А іх — тысячы і тысячы.
17.І. Перабудова. Я, прызнацца, пакуль што не бачу выразнай праграмы перабудовы нашага жыцця. Цяжка будзе зняць гэты велізарны, асеўшы на падводных рыфах карабель.
У нас часта агітуюць пісаць на вытворчыя тэмы. Мне здаецца, пакуль індустрыялізацыя будзе несці ў сабе экалагічную небяспеку і знішчэнне ўсяго жывога, яна не стане аб’ектам паэзіі.
Ужо хутка перастану табе пісаць,
Бо мая людская мова канчаецца
I рука дрыжыць.
(М. Кунцэвічова)
Успомніў пагаворку свайго дзеда: «Калі конь не цягне, пугай сцябай не каня, а сябе».
Трэба было б легчы ў бальніцу, але хто дапаможа Любашы, якая выбіваецца з апошніх сіл? Усё больш і больш становіцца бязвыхадным наша далейшае жыццё.
«Вожык» выпусціў асобнай кніжыцай напісаную М. А. «Лысагорскую паэму». Трэба будзе яе набыць.
22.І. Выйшаў студзеньскі нумар «Полымя» з новай падборкай вершаў Пімена. Мне здаецца, што ён у некаторых вершах пачынае паўтарацца, а галоўнае — пад яго пачынаюць пісаць і іншыя. Усе пачалі пісаць пра розных чыноўнікаў, прыстасаванцаў, хабарнікаў, быццам вершамі іх можна перавыхаваць.
Атрымаў нейкае дзіўнае пісьмо ад Г. А. Рамановіча, які цяжка хворы ляжыць у бальніцы. Хоча сустрэцца са мной і перадаць нейкую таямніцу, звязаную з Я. Коласам. Толькі ці ўдасца нам сустрэцца? Таямніцу гэту перадаў яму У. Царук па просьбе маткі Г. А. Рамановіча.
3 Масквы прасілі прыслаць у Камітэт па прэміях водзывы на творы Р. Барадуліна i I. Чыгрынава. Б. Сачанка раіць мне падабраць том перакладаў, які выдавецтва збіраецца выдаць.
30.І. Вецер, мароз. Ледзь злавіў таксі, каб дабрацца да Таварыства дружбы.
Мы ўсе ратуем за сур’ёзную музыку, а статыстыка гаворыць, што 85% слухачоў ёю не цікавяцца. I што за дзіва! Школы нашы не прывіваюць любові ні да сур’ёзнай музыкі, ні да мастацтва, ні да літаратуры.
Чытаю Талмуд: «Хто забывае падаваць міласць, той грашыць». Вось адкуль паэт узяў: «Мы разучились милость подавать…» I там жа: «Не рабі бліжняму свайму таго, што табе няміла…» Трэба асцерагацца, каб каго не штурхнуць на вуліцы, бо, можа, гэты прахожы — эпапея.
31.І. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС мацней за ўсіх ударыла па Беларусі. Страшныя рэчы расказваюць тыя, хто наведаў некаторыя раёны Гомельшчыны, Магілёўшчыны. Шведы да 2010 года збіраюцца закрыць усе свае АЭС. А мы ўсё будуем іх і будуем.
Здаецца, Яструн назваў паэзію «апошнім абшарам свабоды». Толькі я да гэтай думкі прыйшоў значна раней, яшчэ у сваіх «Лістках календара».
2.ІІ. С. П. Шушкевіч прыслаў пісьмо з фрагментамі з даваенных артыкулаў А. Кучара пра яго, Таўбіна, Хадыку, Дарожнага і з артыкулаў Есакова, Хомчанкі і Агняцвет… Цяжка нават уявіць, што рабілася ў тыя часы на беларускім Парнасе і навокал яго. В. Хомчанка, аказваецца, быў лагерным пракурорам. Па яго прапанове С. Дудар пісаў на рускай мове вершы, а Хомчанка іх публікаваў пад сваім прозвішчам, а потым і сам падаўся ў пісьменнікі.
У кнігарні купіў Высоцкага і Пікуля. Сяк-так, стомлены, дацягнуўся дадому. Адным словам — невясёлыя справы. Выпісаў на сваю галаву столькі газет і часопісаў, што зараз не паспяваю нат іх перагледзець.
9.ІІ. Быў у лечкамісіі. Набраў розных таблетак ды ўзяўся за «Новый мир» і «Культуру». Прачытаў падборку вершаў I. Бродскага і вырашыў, што я зусім перастаў разбірацца ў сучаснай паэзіі, бо толькі гэтым і магу вытлумачыць, чаму яго вершы мне не спадабаліся.
14.ІІ. Праслухаў выступленне акадэміка Ліхачова. Аказваецца, на Волзе ідзе будаўніцтва гідрастанцый, у выніку чаго гіне рыба, затопліваюцца велізарныя абшары зямлі, якія ўжо раўняюцца плошчы ўсей Францыі. Вядзецца або шкодніцкая, або ідыёцкая гаспадарка, катастрафічныя вынікі якой ужо адчуваем, а з гадамі будзем адчуваць яшчэ больш.
21.ІІ. Паштоўка ад A. М. Лебедзева. Піша, як урачыста адзначылі ў Сарнах яго 70-годдзе, як яго віталі і г. д. Крыўдуе, што не атрымаў віншавальнай тэлеграмы ад нашага СП. Божа, чым толькі не забіты галовы ў некаторых людзей! У нас — ні П. Панчанка, ні Я. Брыль не адзначалі сваіх юбілеяў, а тут…
23.ІІ. Ніл Гілевіч збіраецца кінуць сваю работу Ў СП. Не разумею, чаму супроць яго апалчыліся некаторыя пісьменнікі. Ён жа так працуе, як мала хто. У кожным выпадку сумленна цягне свой нялёгкі воз сакратара. Ці не дырыжыруе ўсім гэтым нехта ў аддзеле прапаганды?
1.ІІІ. Юбілеі, якія калісьці былі цэлымі падзеямі Ў культурным жыцці, зараз сталі карай Божай. Сёння іх адзначаюць толькі графаманы ды хворыя на амбіцыі.
Усю ноч пальцы дажджу барабанілі ў падаконнікі.
Няма каму ехаць у Маскву на пленум СП, бо ўсе хворыя. Відаць, гэтымі днямі і мяне пакладуць у лечкамісію. Пераклаў некалькі гарэзлівых вершаў Галіны Кірпы.
Зараз усе нашы кіраўнікі пераключыліся на бесталковую тузаніну, прымаюцца бясконцыя пастановы, а іх чым больш — тым менш вынікаў.
2.ІІІ. На світанні выпаў снег. Цікава, як прайшоў пленум СП. Тое, што перадавалі, — суцэльная нудота. Па ўсім відаць, што Саюз пісьменнікаў пачынае распадацца. I ў гэтым вінаваты мы ўсе.
Трэба пакідаць мне гэту гаварыльню, бо не з маім характарам на яе марнаваць свой час і здароўе.
Званілі з лечкамісіі. Казалі, ёсць месца ў палаце № 307. Так не хочацца ехаць і класціся, бо наспявае шмат розных неадкладных падзей і спраў.
Адклаў, каб узяць з сабой, цэлую кіпу часопісаў, хоць, здаецца, мала ў іх цікавых твораў і артыкулаў. Слушна кажуць, што нічым так справядліва на свеце не надзяліў Бог людзей, як розумам, бо кожны лічыць, што ён мае яго досыць.
Не разумею, як пані Г. Аўдэрская можа лічыць «гварай» сваіх твораў («Бабіна лета», «Птушыны гасцінец»), якая складаецца з мешаніны русіцызмаў, паланізмаў і літуанізмаў, і не заўважаць беларусізмаў — карэннай мовы палешукоў.
3.ІІІ. Лечыць мяне стары мой доктар М. А. Хадзінскі. Разам са мной — Ф. В. Баравік. Мяне папярэдзілі, што ён моцна храпе. Прыйдзецца, відаць, і мне навучыцца храпці. Зараз нікога да нас не пускаюць. Грып. Званіў Любашы. Як яна там спраўляецца з унукамі?
Чытаю італьянскіх герметыстаў: Унгарэці, Мантале, Квазімоду, Лебора, Пэна… Не ведаю, як можна займацца такой паэзіяй, ад якой нічога не застаецца ў памяці.
7.ІІІ. Выпаў снег. Ротар, фурасемід, цэрабралізін, куранціл. Пульс — 40. Арытмія. Сусед па стале раіць ехаць у Літву. Але ці варта трымацца за жыццё, каб толькі жыць?
Запісваю дасціпную заўвагу нямецкага пісьменніка А. Споэрля: «Погляд, што мужчына не можа кахаць адну і тую ж кабету, такі ж фальшывы, як погляд, што скрыпач, каб адыграць той самы твор, мусіць мець некалькі інструментаў».
Чытаю ўсё, што не паспеў прачытаць дома.
13.ІІІ. Тэлебачанне перадало маю кароткую гутарку пра К. Петрусевіча, які ў 1933 г. бараніў мяне ў Віленскім акружным судзе. Шкада, я тады не ведаў, што ён быў дэлегатам Першага з’езда РСДРП. А перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй, аб чым сам паведаміў, абараняў Я. Коласа ў працэсе ўдзельнікаў нелегальнага з’езда беларускіх настаўнікаў.
16.ІІІ. Заходзіў Н. Гілевіч. Ад яго даведаўся, што А. Вазнясенскі i Р. Барадулін надрукавалі ў «Известиях» адказ на маё пісьмо ў справе К. Сіманава. Да іх далучыўся i І. Чыгрынаў. Агулам, уся гэта гісторыя з сіманаўскімі чытаннямі непрыемная і надуманая.
Чытаю і чытаю. Мы ніяк не можам вырвацца за круг традыцыйных адраджэнскіх тэм і пытанняў. Відаць, моладзь гэта адчувае. Але ўсё гэта, як камень, прывязаны да шыі, цягне і яе ў сваю тонь.
Сусед мой чытае С. Злобіна. Я ўспомніў гісторыю з яго дзённікамі, якая магла для яго закончыцца трагічна, каб трапілі ў рукі чыноўнікаў апарата СП і каб я не выкрасліў тады некаторыя «крамольныя» радкі.
Ад Р. Шкрабы даведаўся, што ў палаце 507-й ляжыць хворы К. Крапіва. Трэба будзе яго наведаць.
А гэта з гісторыі слуцкіх паясоў: аказваецца, пачалі іх вырабляць у 1758 г. у радзівілаўскіх ткальнях. Пасля далучэння Беларусі да Расіі ў 1844 г. было забаронена іх насіць як польскую нацыянальную вопратку. Не помню зараз, дзе чытаў, што паясы гэтыя выраблялі не слуцкія ткачыхі, а немцы-каланісты.
Напісаў некалькі вершаў — вершаў слабых, над якімі, калі змагу, трэба яшчэ працаваць і працаваць.
Заходзіў A. Т. Кузьмін. Шмат расказваў пра нашых пісьменнікаў і пра некаторых маіх сяброў, якія ніяк не могуць паміж сабой падзяліць ні ўлады, ні славы.
20.ІІІ. Сёння, здаецца, пачынаецца сесія Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. Цікава, як там пройдуць кандыдатуры Р. Барадуліна i I. Чыгрынава, якія з некаторымі таварышамі так праславіліся ў «абароне» К. Сіманава і ў падхалімажы перад вялікасвецкім барынам А. Вазнясенскім. Але прэміі, безумоўна, яны заслугоўваюць. Толькі, як вядома, не заўсёды іх атрымліваюць тыя, хто заслугоўвае. I гэта не толькі ў нас.
Былі ў мяне Любаша, Людміла і Янка Брыль.
Прачытаў падборку выдатных вершаў А. Бачылы.
П. Броўка, відаць, адчуваў, што А. Бачыла інакш думае, «як трэба», таму не раз папярэджваў, што ён можа падвесці і мяне, і рэдакцыю «Полымя», і не раз патрабаваў, каб мы яго звольнілі. А на П. Броўку, пэўна, націскалі і з ЦК. «Колькі казённымі ботамі Марцалеў, топчучы сэрца, калечыў мяне». А да ўсяго, гэтыя вершы напісаны яшчэ да таго, калі шлагбаум для «инакомыслящих» на Парнасе быў закрыты і пад пільнай аховай.
Заходзіла Верачка са сваёй падружкай-урачом. I яна раіць мне ехаць у Вільнюскі кардыялагічны цэнтр. Адным словам, як некалі пісаў Я. Колас, у мяне суцэльная «няпэўнасць і туга».
Перад сном яшчэ раз перачытаў вершы А. Бачылы. Найбольш спадабаліся: «Рускаму брату», «Негаючая рана», «Дум і пачуццяў», «Паэзія», «Калі ў развалах…».
26.ІІІ.
Панове, нашто пушчаць у вочы дым,
Мы жывём толькі дзякуючы злачынствам сваім.
(Брэхт)
Рыторыка аб праўдзе не заменіць праўды. Яна нават забівае веру ў яе.
3 кожным днём жыццё становіцца горкім і апастылым. Магчыма, праз пару дзён пакіну лечкамісію, буду далечвацца дома. Хоць і дома — клапот яшчэ больш.
Сёння перавялі гадзіннікі на летні час.
29.ІІІ. Заўтра трэба быць у ЦК. Здаецца, ёсць пастанова аб рэабілітацыі Цішкі Гартнага. Нарэшце!
Трэба было б да свята купіць пару бутэлек шампанскага. «Што за жыццё, у якім няма віна», — гаварыў мудрэц Саламон. Праўда, ён зазначаў, што яго піць трэба з пачуццём меры і ў адпаведны час. Толькі хто ў нас ведае гэту меру і гэты час? А ўсе забароны на спіртное пакуль што прыносілі яшчэ большую шкоду і страты і не спынялі п’янства.
4.ІV. Званіў A. I. Бутэвіч. Казаў, што М. С. Ігруноў дамовіўся з сакратаром ЦК Літвы, каб мне аказалі дапамогу ў Вільнюскім кардыялагічным цэнтры. Прыснілася, што я — у Пількаўшчыне. Стаю пад бабінай грушай, якую гне вецер і асыпае зямлю яе пялёсткамі. А грушы гэтай ужо даўно няма.
6.ІV. Вільнюс. Пазнаёміўся з доктарам Н. А. Паўлючынскай, праф. Марцінкявічусам, з дачкой А. Жукаўскаса Гедрай, якая працуе ў гэтай бальніцы. Сустрэлі мяне літоўскія сябры надзвычай сардэчна. Ляжу ў палаце № 316, з акна якой адкрываецца від на маляўнічыя Кальварыйскія ўзгоркі і далёкія вежы касцёла. Не ведаю, колькі часу мяне тут пратрымаюць. Наведаў мяне загадчык аддзела аховы здароўя ЦК тав. Караблікаў. Разгаварыліся. Я, аказваецца, ведаў яго бацьку. Працаваў з ім калісьці ў падполлі. У гады вайны ён загінуў разам са сваім другам С. Мажуцам, які быў забіты акаўцамі, аб чым я даведаўся ад яго сястры Надзі. Быў ён тады сакратаром Вільнюскага падпольнага гаркома. Чытаю С. Выгодскага «Затрыманы да выяснення».
7.ІV. Цэлы дзень пайшоў на розныя абследаванні. Лечыць мяне малады ўрач Урбінас Арвідас. Цікавую гісторыю расказалі мне тут пра вядомага ксяндза В. Ф. Кубіша — партызана, потым — капелана ў дывізіі Берлінга, потым — манаха і гарнізоннага капелана ў Катавіцах… Помню, пра яго баявыя подзвігі калісьці расказваў і П. К. Панамарэнка.
Тут шмат працуе дзяўчат з Астраўца, Маладзечна, Ашмян. Як ластаўкі, шчабечуць на літоўскай мове. Проста — малайцы. Шкадую цяпер, што я, калі жыў у Вільні, не авалодаў гэтай мовай. Праўда, тады ўсе мае знаёмыя пераважна гаварылі на польскай, на якой гаварылі, як на эсперанта, і мае літоўскія сябры: Каросас, Кекштас, Міцюта, Жукаўскас, Грыгусявічус…
Хвароба скавала мяне і фізічна, і творча. Усё даецца цяжка. Што напішу — перакрэсліваю, сотні раз узважваю кожнае слова, перарабляю кожны вобраз. Чытаю «Новае назначэнне» А. Бека.
На акне цвітуць некім пастаўленыя тры ружы. Нат у хмарны дзень мне, здаецца, свеціць сонца.
11.IV. Ноччу выпаў снег. Па шашы няспынна снуюць машыны. Выйшаў на прагулку. У кіёску купіў часопіс «Литва литературная». Здаецца, справы мае ўсё ўскладняюцца. Зноў хадзіў на розныя абследаванні. Трэба будзе неяк сазваніцца з домам.
13.IV. Сёння кансіліум дактароў абвясціў мне свой прыгавор. Трэба неадкладна да майго сэрца падключаць стымулятар. I так, вяртаюся на нейкі час дамоў і праз ЦК ці Міністэрства аховы здароўя трэба дастаць гэты апарат. Не ведаю, ці ён мне дапаможа, бо так аслабеў ад ляжання, бясконцых аналізаў і розных таблетак, што ледзь трымаюся на нагах. Званіў у Мінск. Абяцаў за мной прыехаць А. П. Кірылаў.
21.IV. Вярнуўся з Вільнюса і пайшоў вандраваць па ўсіх установах: ЦК, СП, лечкамісія, міністэрства. Столькі назбіралася розных спраў! Вечарам перапісаў напісаныя ў бальніцы вершы — вершы сумныя, навеяныя і трывожнымі падзеямі, і недамаганнямі. Шкада, што не змог пайсці на вечар М. Горкага. Неспадзявана пазваніў М. С. Ігруноў. Заўтра буду ў яго. Ён, здаецца, апошнімі днямі сустракаўся з многімі нашымі пісьменнікамі.
27.IV. Аб’ездзіў усе аптэкі ў пошуках лякарстваў. Наведаў у лечкамісіі Пімена. Чуецца, казаў, лепш, хоць яшчэ, відаць, пару тыдняў прыйдзецца паляжаць. Званіў П. К. Краўчанка. Абяцаў прыслаць білет на трыбуну. Не ведаю, ці змагу пайсці. Заходзіў карэспандэнт «Ціесы» В. Кальцяніс. Увесь вечар мы з ім прагаварылі пра «дела давно минувших лет», пра нашы сённяшнія суседскія справы. Толькі мне чамусьці здалося, што ўсё гэта яго мала цікавіць.
Увесь час стаіць гарачыня. Даўно не было дажджу. Сустракалі ў СП гасцей з В’етнама, якія прыехалі да нас на некалькі дзён. Трэба будзе звазіць іх на Курган Славы, у Хатынь, на Нарач.
10.V. «Правда» надрукавала падборку лістоў, у якіх чытачы просяць дапамагчы адшукаць сваіх родных і блізкіх, загінуўшых у часы вайны. «Пісьмы гэтыя нельга чытаць без хвалявання», — піша газета. Людзі не могуць «змірыцца з маўчаннем». Вось табе і «ніхто не забыты»…
Іра і Юра збіраюцца ляцець у Планерскае. Не знаю толькі, ці удасца ім дастаць білет на самалёт, бо нат наш усемагутны адміністратар — С. С. Элькінд — не змог іх дастаць.
Трэба будзе папрасіць польскіх сяброў прыслаць мне зборнік С. Бруча, які калісьці пісаў пра мяне ў даваенных «Ведамасцях літарацкіх». Ён, здаецца, быў звязаны з групай «Скамандра» і футурыстамі.
20.VI. Кожнае мадэрнае аб’яднанне стараецца акружыць сябе арэолам скандалаў і міфаў. У вершы X. Моргінштэрна «Рыбінае калыханне» няма ніводнага слова, у шасцірадковай страфе — адны птушачкі ды працяжнікі.
Працую над новай падборкай сваіх вершаў. Праўда, запас новых тэм вычарпаўся, але спадзяюся, што з’явяцца ў выніку новых паездак, сустрэч.
22.VІ. А стан здароўя ў Любашы ўсё пагаршаецца. Ніякія лякарствы не памагаюць. Трэба ехаць у Маскву, а як яе адну пакідаць?
Адпісаў на пісьмо I. Чэкісу. Званілі з абкома. На 25-е намячаецца нейкая сустрэча, на якой, відаць, будуць дадзены ўказанні, як сябе паводзіць на партканферэнцыі. Недзе чытаў, што аж да XVIII папы рымскага Іаана старыя ватыканскія дакументы заканчваліся словамі: «Хто б судзіў іначай, хай будзе пракляты».
5.VІІ. Вярнуўшыся з Масквы, адразу пайшоў на стрэчу з гарадскім актывам. Пачуўшы, што я выступаю на беларускай мове, зал пачаў мяне спыняць алладысментамі. Чаго можна чакаць ад такога партактыву? Прыкрае ўражанне засталося ў мяне ад гэтай стрэчы. Самі забылі і народ адвучылі гаварыць на сваёй мове.
Усё цяжэй даецца спалучыць чытанне газет, часопісаў са сваім пісаннем. Відаць, з чытання прыйдзецца зрэзыгнаваць і судзіць аб кнігах, не чытаючы іх. Пісаў жа Ліхтэнберг, што да найбольшых адкрыццяў чалавечага розуму ў найноўшых часах іменна гэта і адносіцца.
7.VІІ. Каб не зацягалі па розных выступленнях, трэба хутчэй уцякаць на Нарач, хоць і там не дадуць спакою, бо ўжо званілі з Мядзельскага райкома. Вось і спрабуй, як раіў Паскаль, пісьменніку заставацца ў засені свайго кабінета.
9.VІІ. Ёсць у адным апавяданні А. Карпюка цікавая сцэна. Жанчыны, калі ён прыехаў на сваю радзіму, просяць пры сустрэчы, каб ён расказаў ім нешта такое, «каб мы сабе тут паплакалі». «Уваж жа ты нас, дурных баб!» Здаецца, нічога асаблівага і ў той жа час сказана так шчыра і па-народнаму, што аж пранізвае да сэрца.
Запіс у чарнавіку пад датай 1936 г. 13.V.: «Сустрэўся з К.(?), які расказаў мне пра пастаноўку Л. Шылера ў Львоўскім тэатры спектакля «Крычы, Кітай». У пастаноўцы гэтага выдатнага рэжысёра я бачыў толькі «Ружу» С. Жэромскага і «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра. Сёння трэба схадзіць у заезджы дом па вул. Конскай…» Колькі год прайшло з таго часу!
Думаю частку сваёй бібліятэкі перавезці ў Пількаўшчыну, бо дома і так загружаны кнігамі ўсе полкі.
Чытаю цікавыя дзённікавыя запісы В. Бечыка.
11.VII. Пра несамавітае здарэнне прачытаў у А. Сандаўэра: «Калі чамусьці раскапалі магілу М. В. Гогаля, дык знайшлі яго труп скручаны ад пякельных мук». Няўжо яго пахавалі жывым, запаўшым у летаргічны сон?
Прасілі выступіць у Мядзельскім райкоме. У нядзелю спрабую пад’ехаць у Паставы на кірмаш. Якія харошыя сёлета ільны! Пайшлі грыбныя дажджы.
А ў краіне — поўны разброд, які чамусьці называем перабудовай. Часам цяжка зарыентавацца. Бюракраты хаюць бюракратаў, хабарнікі — хабарнікаў, мяшчане — мяшчан, п’яніцы — п’яніц, халтуршчыкі — халтуршчыкаў. Пачаўся падзел на групы, падгрупы, партыі, касты, розныя нацыянальныя і рэлігійныя згуртаванні… Усё гэта пагражае спадам і развалам эканомікі, якую і так падсеклі пад корань забастоўкі, няспынныя аварыі, хаос у сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Відаць, увайшлі мы ў такую зацяжную крызісную паласу, што невядома калі і як удасца выбрацца. А тут яшчэ Афганістан!
Не эедаю, чаму ўдзельнікаў вайны ў Афганістане называюць у нас «інтэрнацыяналістамі»?
Дасціпная і сціплая заўвага: «Дзяўчына з задзёртай сукенкай можа бегчы хутчэй, як мужчына са спушчанымі штанамі». Не помню зараз, дзе я гэта чуў ці чытаў.
19.VII. Хадзіў з Кацюшай у магазін. Купіў ёй альбом для рысавання. Усю дарогу яна гаварыла, гаварыла, не паспяваў ёй адказваць.
У гутарцы з Кардэлем Сталін зняважліва адзываўся аб інтэлігенцыі малых народаў: «Усе яны падобныя… так і наша, грузінская». Каб толькі ў гэтым ён памыляўся!
Мы не заўважаем, як наша паэзія становіцца нуднай. Кажуць, што вярблюд не бачыць свайго горба. А гэта — з несмяротных фрашак Боя:
Вунь пад той грушкай сядзеў Касцюшка.
Зараз там — скверык і травы.
А каля Луга Калонтай Гуга
Спыняўся па малой справе.
Трэба будзе папрасіць В. Жыдліцкага, ці не змог бы ён мне прыслаць успаміны А. Чэрнага.
Стараюся забыць, што старэю, толькі сэрца ўсё часцей аб гэтым напамінае.
20.VII. Пачатак верша:
Крыжы, абеліскі ды пліты.
Знаць, ёсць нейкі сэнс, каб з’явіцца.
Жыццю і зямлі пакланіцца,
А потым тут легчы забытым.
Нарэшце «Twórczość» надрукавала цікавую падборку вершаў Т. Кіёнкі. Запісваю свой чарнавы пераклад аднаго з яго вершаў «Капітуляцыя»:
Пётр адрачэцца — я па сабе знаю.
Перад прысягай скорыцца, бо мусіць.
Перш рукі ўздыме паводле звычаю,
Потым дасць подпіс ў лаяльнасці, скрусе.
Гэта відаць, калі мужчын страчаеш
Тых, што ў вачах спалох маюць Пятровы,
Нат калі п’юць, чаркі так асушаюць,
Каб не падняць завысока галовы.
Пётр скрыта слёзы сціраць будзе з твару.
Певень штодня будзе пець апастыла.
Толькі дарэмныя мукі, ахвяры.
Страх за ім крочыць: хаця б не злавілі.
Свету з яго асноў усталяваных
Доўга скрануць не асмеліцца зноўку.
Верыць, хоць з морам і развітаны…
Дзеці ў Пятра
I цяжарная жонка.
21.VІІ. Зараз шкадую, што пасля вайны шмат кніг параздаваў знаёмым. А больш за ўсіх падарыў слабадскому Алёксу, які, будучы партызанам, забраў быў у дзядзькі Фадзея апошнія боты, хоць і таму як разведчыку яны былі патрэбны.
Перачытваю «Тры зімы» Ч. Мілаша. I сёння, як і раней, паэзія гэта здаецца мне далёкай ад жыцця, як і ўся паэзія «Авангарды» з яе трыма «М» (места, маса, машына).
Пакуль што героі нашых гістарычных твораў паўстаюць у двух колерах: чорным і белым.
Поўнач. Цішыня. Даўно ўжо спяць мае нарачанцы. Чуў, што над суседнімі раёнамі прайшоў ураган, які знішчыў амаль увесь ураджай.
Становішча ў краіне ўсё больш становіцца трывожным, а па тэлебачанні — танцы, песні, музыка. У Маскве адкрываецца клуб гульні ў гольф.
Каб жыць і тварыць далей, трэба зноў нарадзіцца, трэба ўсё пачынаць з азоў. У мяне ўжо на гэта няма ні часу, ні рашучасці, ні сіл.
27.VІІ. Чытаю страшную хроніку пра годы сталінскіх рэпрэсій, ад якіх загінулі мільёны нявінных людзей. Рэпрэсіі гэтыя не абмінулі і нашу сям’ю. Недзе ляжаць у снежных сібірскіх магілах цётка Крыстына і цётка Поля, адзін з арганізатараў на Алтаі камуны талстоўцаў, муж цёткі Соні — І. Чарняўскі, дзядзька Трахім; забітая ў гады вайны сястра Верачка са сваім двухгадовым сынам. Тое, што ў 1932 г. мяне накіравалі зноў у Заходнюю Беларусь, лічу цудам, бо раней ці пазней загінуў бы, як загінулі многія мае сябры, якія тады пайшлі ў Савецкі Саюз. А я, помню, перад сваім вяртаннем зайздросціў тым, каго накіроўвалі на лесараспрацоўкі ў Сібір.
30.VІІ. Пытае ў пісьме адзін пачынаючы паэт, ці варта яму пісаць. Відаць, на гэтае традыцыйнае пытанне толькі сам аўтар і можа адказаць.
Нахмарылася. Распаліў касцёр. Прыходзіла з Юшкавіч старэнькая. Скардзілася, што дваццаць год адпрацавала ў паноў. Усе сведкі паўміралі, і яна зараз не можа дабіцца, каб ёй павялічылі пенсію.
Закончыў перапісваць свае апошнія вершы, ад якіх, прызнацца, не ў захапленні. Вечарам з санаторыя «Сосны» званіў I. Шамякін. Узяўся за нарыс М. Ермаловіча «Старажытная Беларусь». Пахаладала. Вецер узбаранаваў усё возера… Накідаў два вершы: «Дзікі вінаград» і «На прызбе». Запісваю тэму верша «Паўночная сага»: «Памажы мне, мудры шаман»…
Заходзіў нейкі турыст з Арменіі. Шукае, дзе яму прыпыніцца. Працуе на Ерэванскай фабрыцы дзіцячых цацак.
А ў нас катастрафічнае становішча з беларускай мовай. Усе нашы галашэнні на гэту тэму нікога не цікавяць. Неабходна, каб наша мова стала дзяржаўнай, і гэта было ўзаконена ва ўсіх установах, у штодзённым жыцці.
4.VІІІ. Нешта разлёталіся ластаўкі, быццам пасля ночы распраўляюць свае крылы. Трэба навесці нейкі парадак у агародзе, а то ўсё пазарастала травой. Збіраецца на дождж. А на полі яшчэ ўся ярына. Чуваць, што ў раён прыедзе высокае начальства. Усюды стявяць новыя платы, да ферм пракладваюць асфальтавыя дарогі.
9.VІІІ. Слушна хтось заўважыў, што ў нас чыталі не тых, каго адзначалі прэміямі і хвалілі крытыкі, а тых, каго ганілі. Зараз — мода на літаратуру, якая развенчвае т. зв. «сацрэалізм», культ Сталіна. Цікава, якая літаратура прыйдзе на змену сённяшняй? Многія з пісьменнікаў падаліся ў гісторыю. Але гэта, думаю, з’ява часовая. Самай цяжкай, складанай і актуальнай была і застаецца тэма сучасная.
На вуліцы — шум, гоман. Чуецца песня: «А я люблю жанатага…». Відаць, вяртаюцца дачнікі з кіно. Прыйшлі на памяць радкі М. Бернацкага: «Смерць мае вялікія вочы». Нешта падобнае чытаў і ў Ю. Тувіма, якога, трэба сказаць, мала ў нас ведаюць. А што ўжо казаць пра Ц. Норвіда. Відаць, папулярнасць пісьменніка ў свеце вырашае не толькі якасць яго твораў, бо, як вядома, і сам Бог да свайго разгалосу патрабуе гулу званоў.
11.VІІІ. Прачытаў пару апавяданняў А. Суцкевера, з якім пазнаёміўся ў Маскве. Яго тады Ф. Маркаў выратаваў з вільнюскага гета. Пісаў пра яго I. Эрэнбург. Потым, як мне расказваў I. Шымкус, ён эмігрыраваў у Злучаныя Штаты.
Быў у лесе. Высек сухое грабаўе. Вецер пераганяе хмары. Вось і канчаецца маё лета. У Мінск вярнуся з дзесяткам новых кароткіх вершаў ды з рознымі перакладамі. I я, як Э. По, доўгія вершы лічу запярэчаннем паэзіі. Таму нават такія сюжэты, з якіх лёгка было б зрабіць цэлыя паэмы, як «Готыка Святой Ганны», «Антон Нябаба» і інш., я пастараўся спрасаваць у кароткіх вершах.
16.VІІІ. Раскрыў A. С. Пушкіна:
А хозяйка ждет другого,
Не убитого, живого.
Мо калі напішу скандальны верш пра смерць паэта, здраджанага царом, сябрам і жонкай, бо на ўсіх іх ляжыць доля віны. Цар пры жыцці паэта не мог сябе адчуваць самадзержцам; сябры, як сябры, толькі пасля смерці становяцца сябрамі, а жонка, як кожная жанчына, не была абыякавай да залётаў сваіх бліскучых, вялікасвецкіх амантаў.
17.VІІІ. М. Гласка піша, што ён хацеў добраахвотнікам з амерыканцамі ехаць у В’етнам, але яго не прынялі, бо не меў амерыканскай візы, і што аповесць Э. Хемінгуэя «Па кім б’е звон» у 1956 г. была абвешчана пасквілем на грамадзянскую вайну ў Іспаніі.
Чорт ведае што!
Доўга не мог успомніць аўтара п’есы «Анна», па якой у далёкія 30-я гады ішоў пастаўлены спектакль у віленскім тэатры «Рэдута», аб чым сёння даведаўся з рэцэнзіі. I так, напісаў яе Леангард Франк.
Атрымаў пісьмо ад В. Варашыльскага і вялікую падборку сваіх вершаў, перакладзеных ім для зборніка беларускіх паэтаў (Пысін, Барадулін, Бондар і я), які мае выйсці ў выдавецтве «Чытэльнік». Трэба будзе адпісаць яму. Праўда, В. Варашыльскі чамусьці не каціруецца ў нас. Але, мне здаецца, пара з гэтым было б пакончыць. Збіраюцца ж у нас друкаваць Салжаніцына і творы многіх пісьменнікаў-эмігрантаў, якія былі на індэксе забароненых. A В. Варашыльскі — польскі паэт, і аб гэтым нельга забываць. I ў Польшчы ён шырокавядомы, творы яго друкуюцца ў многіх часопісах. I перакладчык — выдатны, які добра ведае нашу беларускую мову.
19.VIII. 3 газет даведаўся, што прах рэжысёра Таркоўскага перавозіцца ў Маскву. А мы ніяк не можам выканаць завяшчанне М. Багдановіча і перавезці яго прах на Беларусь.
Як праз задымленае шкло, праглядвае праз воблакі вячэрняе сонца. Цішыня.
Што знаеш аб прыгажосці?
Яна з'яўляецца формай любові.
(Ц. Норвід)
Памёр Платон Варанько. Вось так радзеюць нашы рады. «Калі памірае чалавек вольны, канчаецца жыццё… але, калі памірае нявольнік, канчаецца толькі боль» (3 фільма «Спартак».)
Імгліць дробны сцюдзёны дождж.
Быў упэўнены,
Што ведаю:
Колькі пялёстак у рамонка,
Колькі крылаў у сокала,
Колькі ног у скакуна, —
Покуль не пабачыў
У Эрмітажы
Залатога скіфскага аленя
Ў імклівым бегу.
Поўнач. Мо заўтра дакончу гэты верш ці заяўку на верш.
23.VIII. У Пількаўшчыне знайшоў стары сшытак: «1928 г. вучань IV кл. Віленскай рускай гімназіі»… На адной старонцы запісаны верш, прадыктаваны былым паланістам — Крашэўскім. Магчыма, ён быў аўтарам гэтага верша пра веснавыя кветкі, бо потым я нідзе яго не сустракаў. Верш сентыментальны, але ён мне тады вельмі падабаўся. Я яго і сёння помню:
Gdy pierwsze nikłe wiosenne kwiaty
Na zmartwychwstałej napotkasz niwie,
Nie zrywaj, nie nieś ich do komnaty,
Nie niszcz żywota, wszak kwiecie żywe…
24.VIII. Серада. Званіў Сашу. Яго назначылі на новую адказную пасаду. 3 дзвюх кандыдатур на калектыве рабочых ён прайшоў большасцю галасоў. Гэтымі днямі з Астрахані, дзе адпачывала, вяртаецца Верачка.
Нашы футбалісты зноў прайгралі. Я — не балельшчык, але гульня нашай каманды пакідае прыкрае ўражадне.
Неспадзявана прыехалі Юра з Сяргеем. Казалі, на некаторых участках дарогі выпаў снег.
А гэта варты ўвагі эпіграф са Светонія: «Да гэтага часу аб ім можна было гаварыць як аб уладары, а зараз мушу гаварыць як аб пачвары».
Як актуальна гучаць гэтыя словы сёння!
25.VІІІ. Не знаю, ці дачакаемся калі праўдзівай гісторыі, пакуль не падымем архіваў. А пакуль — адны міфы ды скажэнні праўды. Як сляпыя, блукаем у пошуках сваёй мінуўшчыны, у вочы якой нават страшна заглянуць.
31.VIII. В. Коўтун падарыла сваю новую кніжку пра Цётку. Трэба будзе ўважна яе прачытаць, бо часопісны варыянт чытаў даўно.
Званіў памочнік М. С. Ігрунова. Цікавіўся, як справы са здароўем.
Сустрэў А. Барскага, які пару тыдняў адпачываў у «Іслачы» і, казаў, напісаў 150(!) вершаў. I ўсе — пра лес. Ну, гэта, відаць, свайго роду — рэкорд.
8.ІХ. Зноў захварэла Любаша. Выклікалі хуткую дапамогу. Зараз ляжыць у рэанімацыі. Болі сэрца, арытмія, нізкі ціск.
Быў у СП. Уручалі на прэзідыуме членскія білеты М. Стрыгалёву, П. Шрубу, I. Чыгрыну, Т. Чабан.
3 Кітая прывёз мне А. Вярцінскі цікавы альбом малюнкаў Гао Мана.
9.ІХ. Начамі пачаліся прымаразкі. Ранавата бярэцца зіма. Заўтра сустрэча з кітайскай дэлегацыяй.
Прачытаў рэцэнзіі на дзённікі 3. Налкоўскай, якая, аказваецца, была сапраўдным Дон Жуанам у спадніцы. Магчыма, заўтра вернецца з лечкамісіі Любаша, якая даўно рвецца дамоў.
6.Х. Быў на цікавай выстаўцы «Жывапіс і графіка-88», потым — на прыёме ў Консульстве ГДР. Званіў Я. Брыль: памёр С. Малько («Паўлік»).
Чытаю I. Бродскага. Вершы не захапілі мяне. Ці, можа, такая няўдачная падборка ў часопісе «Літаратура на свеце».
У гэтым жа нумары змешчаны і кароткія звесткі пра М. Шагала. Е. Вялюнскі піша, што ў анталогіі, падрыхтаванай ім на брэтонскай і французскай мовах, ідзе з дзесятак маіх вершаў.
11.Х. Прымалі ў СП індыйскага госця С. Чаудгарога. Прывёз ён з сабою нумар часопіса «Літаратура Беларусі», дзе змешчана падборка маіх вершаў і анатацыя пра мяне.
Пад шум непагоды перапісваю фрагмент свайго незакончанага верша:
…Яны прыйшлі ў твой родны дом,
Расселіся у тваёй хаце,
Дзе вырас ты і шчасным днём
Цябе хадзіць вучыла маці,
Дзе пакахаў шум родных дрэў
I звон крыніцы у дуброве.
Усё там знішчана цяпер.
Распялі каты край і славу.
Старую маці люты звер
Спаліў на вогнішчы крывавым.
Адпомсці ж ты, баец і сын,
За смерць бязлітаснаю смерцю,
Каб ад расплаты ні адзін
Не ўратаваўся кат на свеце…
(1942)
М. Бучкуўна піша пра верш К. Брадзінскага «Песня трубадура», надрукаваны ў VI томе «ў друкарні школ беларускіх віленскай акругі ў 1848 г.». Цікава, ці ведае хто пра гэты факт, бо я ўпершыню чую.
Збіраюся ў Маскву на сесію ВС. Відаць, гэта будзе апошняя сесія, бо там — новыя выбары. А мне, як казаў Сабала, пара старому мядзведзю на адпачынак.
Нейкі «ўдзячны» чытач прыслаў мне, відаць, сцягнуты з бібліятэкі мой зборнік «Мой хлеб надзённы» з допісам: «Больно и стыдно за наш народ, который пичкают вот такими шедеврами. Обидно за поэзию, которую вы оскверняете. Впрочем, такие стихи может писать только человек, принявший такой псевдоним. Взяли бы “Горький”, да уже был такой писатель». Подпіс: «Иван Бездомный. Шарковщина, ул. Рыбакова, 27/1».
Відаць, яго ўзбясіў мой «Трактат аб паэзіі».
4 XI. На Маскоўскім магільніку міліцыя разагнала арганізаваны БНФ мітынг, што выклікала ўсеагульнае абурэнне. Пастанавілі паслаць тэлеграму ў ЦК у Маскву. Атрымалі карткі на прадукты. Прыходзіцца дзівіцца непразорлівасці нашых палітыкаў і кіраўнікоў.
Снег. Слата. Усклалі кветкі на магілу Я. Коласа.
14.ХІ. Быў на цікавай выстаўцы самадзейных мастакоў Віцебшчыны. Б. Сачанка расказваў, што ў архівах ЦК шмат невядомых нам матэрыялаў. Аказваецца, К. Кірэенка пісаў, каб усіх нашых пісьменнікаў паслалі на фронт. Ён толькі не ведаў, што мы амаль усе ў першыя дні вайны запісаліся добраахвотнікамі, але па загаду Сталіна немцаў у армію не бралі (В. Вольскі), а т. зв. «заходнікаў» накіроўвалі, пераважна, у «стройбаты». Гэта толькі я з былых «заходнікаў» быў накіраваны на работу ў рэдакцыю франтавой беларускай газеты, а калі рэдакцыю адклікалі ў рэзерв, мяне паслалі на курсы «Выстрел».
Пачаў санет, ды кінуў. Усё ж такі форма санета мае не адны плюсы, але і мінусы. Не дзіва, што адзін з санетаў А. Міцкевіча «Від гор са стэпаў Казлова» М. Лермантаў пераклаў як звычайны верш.
Сёння памёр Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі — адзін з той слаўнай плеяды Гарэцкіх, уклад якіх у скарбніцу культуры беларускага народа нельга пераацаніць.
22.ХІ. 3 цяжкім настроем вярнуўся з пахавання Г. I. Гарэцкага. На магільніку чамусьці нікога не было з нашых кіраўнікоў. Былі толькі блізкія, знаёмыя.
Атмасфера ў СП — пераднавальнічная.
Сёння пакончыла з сабой Жэня Янішчыц. Усе хадзілі, як аглушаныя. Што яе змусіла выкінуцца з сёмага паверха сваёй новай кватэры?
Прыехалі з Польшчы Э. Кабатц і рэдактар часопіса «Літаратура на свеце». 3 нарыса Сакрата Яновіча даведаўся, што ў Торуні жыве этнограф Мар’ян Пяцюкевіч. Калісьць, дзякуючы яму, я карыстаўся бібліятэкай Інстытута даследаванняў Усходняй Еўропы, у якой ён працаваўі ў якой быў вельмі багаты аддзел савецкі.
9.ХІІ. Званіў з Парыжа (другі раз) прэзідэнт давецтва «Славянская кніга» Тонін Макар Іванавіч. Просіць прыняць яго намесніка, які хоча дамовіцца з намі аб выданні беларускіх казак для дзяцей.
Усе гэтыя дні жывём пад цяжкім уражаннем ад землетрасення ў Арменіі.
3 кожным днём чуюся горш: слабасць, арытмія, аддышка. Усё не магу вызваліцца ад розных нарад, паездак, ад сваёй пякельнай работы ў СП.
17.ХІІ. Вечарам заехаў М. I. Дзялец. Падзяліўся са мной сваімі падзеямі. Недзе пад Вілейкай, куды і мяне запрашалі, упалявалі лася. Шкадую, што не змог з’ездзіць на гэта паляванне, а галоўнае — пахадзіць па лясных сцежках, падыхаць водарам саснякоў, алешнікаў, верасу.
Пачалася завея. Па пакоі бегае Кацюша са сваім коцікам Пушком. Трэба ж пісаць навагоднія віншаванні. Быў Саша. Угаварыў купіць абоі, хоць яны мне і непатрэбны, бо пачынаць рамонт мы не збіраемся. Мо ў выхадныя дні прыступлю да надісання казкі пра Мураша Бадзіню.
23.ХІІ. «Палітыка» піша, што Сталіну падабалася Ванда Васілеўская, якая аднойчы ў яго спытала: «Скажыце мне, тав. Сталін, адкуль, не зважаючы на будаўніцтва новага ладу і столькі год яго існавання, далей набіраецца столькі рознай сволачы на розных становішчах?»
Пытанне, трэба сказаць, пастаўлена дальназоркім дыпламатам у спадніцы і з верным разлікам.
З1.ХІІ. На двары шалее вецер. Прачытаў цікавае інтэрв’ю В. Тараса з I. В. Мальцам. Асабліва мяне ўразілі словы Івана Васільевіча: «А ведаеце, усё тое, пра што мы гаворым, пра што ўспамінаем, маладым, відаць, не патрэбна. Гісторыяй мала хто з іх цікавіцца».
1989
3.І. Напісаў некалькі вершаў і, здаецца, нішто сабе, хоць ацэнка аўтара рэдка калі бывае аб’ектыўнай. Літаратура багата рознымі казусамі. Я знаю выдатных паэтаў, якія пісалі і графаманскія вершы, і паэтаў слабых, у якіх, часамі, знаходзіў творы выдатныя.
Аказваецца, што да таго, як К. Маркс назваў рэлігію опіумам, аб гэтым сказаў Г. Гейне: «Слова рэлігія, якая пакутліваму чалавецтву да горкай чашы ўлівае некалькі салодкіх снатворных кропляў духоўнага опіума».
Відаць, слушна пісаў Лехань: «Ах, мусіць памерці ў жыцці, што мае паўстаць у песні».
Калісьці Чэнстахову ў Польшчы хацелі перайменаваць у Сталінград. Нехта дасціпна заўважыў, што тады і Матка Боская Чанстахоўская называлася б сталінградскай. Божа, да якога ідыятызму могуць дайсці халуі!
6.І. Трэба збірацца ехаць у Вільнюс. Не ведаю, як удасца там падрамантаваць маё сэрца. Горш за ўсё, што дома пакідаю вельмі хворую Любашу. Калі мы разам, дык неяк адзін аднаго падтрымліваем, яшчэ сяк-так жывём. А да ўсяго, пакідаю безліч незакончаных спраў.
9.І. Хоць добра ведаю стары Вільнюс, але за апошнія гады ён так разбудаваўся, што ледзь знайшлі дарогу на Кальварыю, дзе знаходзіцца бальніца. Сустрэла мяне тут Ніна Аляксееўна Пальчынскайтэ. Ляжу ў 315-й палаце. Лечыць мяне ўжо знаёмы доктар Урбінас Арвідас.
10.І. Не спалася. Амаль усю ноч чуліся на калідоры нейкія галасы. I амаль усю ноч я чытаў цікавы 12-ы нумар «Полымя».
Заўтра, сказалі, будуць аперыраваць.
Зайшоў у прыёмную да праф. Марцінкявічуса, каб сазваніцца з Мінскам. Сястра пацікавілася, колькі мне год і чамусьці з недаверам паглядзела на мяне. Відаць, тут мала такіх старых. Найбольш — амаль з усяго Саюза.
Перад абедам зноў вадзілі на абследаванне. Нешта радыё не працуе, не маю ніякіх газет. Каторы дзень жыву ў поўнай ізаляцыі ад усяго, што робіцца на свеце. Нават калісьці на Лукішках, у камеры, на марзянцы перадавалі апошнія звесткі.
Сёння пытаўся доктар, з якой стараны прымацаваць стымулятар. Важна, каб ён памог. А з якой стараны — не іграе ніякай ролі.
12.І. На акне ляжыць таўшчэзны раман «Кабакі» Ладо Лавановіча, пакінуты маім суседам па палаце, якога пасля перасадкі сэрца перанеслі ў рэанімацыю. Ужо чацвёрты дзень дактары змагаюцца за яго жыцце.
У нас зараз бум ці мода на кнігі, асабліва — класікаў. Іх купляюць, толькі не ведаю, ці чытаюць.
15-га пленум СП у Маскве. Прызнацца, нічога і ад яго не чакаю. Ад нашай балбатні нічога не зменіцца. Калі крыху ачухаюся, пастараюся за сотні кіламетраў абыходзіць гэтыя зборышчы. Вось толькі трэба вызваліцца ад пасады «свадебного генерала».
У другой палове дня прааперыравалі. Загадалі дні тры ляжаць на спіне. Прыехаў наведаць мяне Максім. Прывёз розных фруктаў, пошту.
За акном чуваць, як шалее вецер.
Набліжаецца душная, даўжэзная ноч.
16.І. Заходзіў хірург Яўгеніюс Касынскас. Праверыў швы, тэмпературу. Абяцае хутка выпісаць. А потым — цэлы кансіліум прафесароў. Нат нейкі карэспандэнт з кінакамерай. Адным словам, літоўцы аказаліся надзвычай гасціннымі і ўважнымі. Не ведаю нат, як ім за ўсё гэта аддзячыць. Пачаў верш «На Дзяды».
17.І. Каторы раз сустракаю прозвішча Ліса Кулі. Сёння чытаю ў Я. Б. Ожуга прысвечаную яму 6аладу. Аказваецца, ён быў легіянерам і загінуў на Украіне падчас паходу Пілсудскага на Кіеў. Толькі якое ён меў дачыненне да нашай Нарачы, дзе ў гонар яго быў названы яхт-клуб і пастаўлены знак?
19.І. Збіраюся ў дарогу. Дзень, здаецца, пагожы і цёплы. Трэба будзе заехаць на рынак купіць яблык i пару булак славутага літоўскага хлеба, якім буду частаваць сваіх дамашніх.
25.І. Чорт ведае што робіцца на свеце! Адзін аднаго «колет, рубит, режет». «Политический собеседник» выліў цэбар памыяў на В. Быкава, на А. Адамовіча.
Не магу зараз дараваць сабе, што мы, калі захварэла Любаша, не з’ездзілі з ёю на Украіну да вядомага кастаправа Касьяна. Можа, не адчувала б яна сябе так дрэнна, як зараз.
28.І. Так і не дачытаў да канца двухтомнік М. Цвятаевай. Відаць, я зусім страціў здольнасць да адчування сапраўднай паэзіі.
Многія з нашых пісьменнікаў захапіліся публіцыстыкай, забыўшы, што аб вартасці іх будуць вырашаць не іх спрэчныя ў многім выказванні, а іх творы. Засеў за карэспандэнцыю, хоць не люблю гэты эпісталярны занятак і марнаванне на яго свайго часу.
4.ІІ. Думаю і думаю пра трагедыю ў Курапатах.
«ЛіМ» даў цікавую падборку вершаў Л. Геніюш. Яна i па свайму трагічна-нацыянальнаму лёсу не мае сабе роўных. У нас любяць заклікаць наследаваць класікаў, але грош была б нам цана, каб мы спыніліся на іх дасягненнях.
Званіў з Мінска A. I. Сімановіч. Нарэшце далі яму новую кватэру. Відаць, гэта апошняя мая дэпутацкая дапамога старому ветэрану. Колькі раз я за яго прасіў і райком, і гарком, і абком, і гарсавет.
6.ІІ. Памёр Л. I. Гаўрылкін. Столькі год мы з ім папрацавалі разам у СП. Харошы быў і пісьменнік, і чалавек, хоць з шарахаватым характарам, за што некаторыя яго не любілі, крытыкавалі.
Сёння праводзім у апошнюю дарогу А. А. Анікейчыка.
10.ІІ. Усе заняты прадвыбарнай кампаніяй. Дзякую богу, што сёлета яна мяне абмінула, бо не трымаў бы. Неяк трывожна на сэрцы. I Любаша замкнулася ў сабе. Вечарам быў Максім.
Пісьмо ў СП з Краснадара, у якім аўтар пратэстуе, што некаторыя беларускія пісьменнікі называюць Сталіна катам. Дзівак! Хай бы перш навёў «парадак» у Маскве, у Закаўказзі і ў сябе, а то ўзяўся за беларусаў, у якіх на гэта ёсць неабвержныя падставы і факты.
15.ІІ. 3 Амерыкі прыехаў на стажыроўку нейкі вучоны, з бацькам якога я калісьці працаваў у падполлі. Хоча сустрэцца.
Беластоцкая «Ніва» піша пра Я. Найдзюка, які жыў у Польшчы пад прозвішчам Я. Александровіча. Працаваў у Інаўроцлаве загадчыкам друкарні. За сваю выдатную работу быў узнагароджаны многімі ордэнамі ПНР. Я. Найдзюк быў вядомы не толькі як рэдактар «Шляху моладзі», але і як аўтар падручніка гісторыі «Беларусь учора і сяньня». Добра, што ўдалося яму перабрацца ў Польшчу, бо ў нас пры Сталіне яму гэтага не даравалі б. Ён нават адзін час хацеў вярнуцца ў Вільнюс, аб чым мне гаварыла яго дачка і раілася, ці варта яму гэта рабіць.
Зноў скруціла мяне праклятая хвароба. I няма як класціся ў бальніцу і пакідаць адну Любашу.
А на дварэ — снег, туман, слата. Газеты поўныя трывожных звестак. «Няшчасная краіна, якая заўсёды патрабуе герояў» (Брэхт).
Гэтымі днямі на стадыёне збіраецца мітынг. Відаць, не змагу пайсці. Нехта прыслаў выразанае з часопіса фота В. Быкава з рознымі хуліганскімі і антысеміцкімі дапіскамі.
Згубіў усялякую цікавасць да гладка адгабляваных твораў. Старасць? У расказах і ўспамінах пра нашых пісьменнікаў столькі рознай беліберды, што дзіву даешся. Мы забываем, што са смерцю мастака памірае і праўда аб ім, застаюцца пытанні і пытанні, на якія мы ніколі не знойдзем вычарпальных адказаў.
4.ІІІ. Вечарам былі госці: С. С. Шушкевіч і загадчык фізіка-тэхнічнага аддзела амерыканскай дзяржаўнай лабараторыі Юрый Арэхва. Аказваецца, у нас звайшлося многа супольных знаёмых у Амерыцы. Так, кумой у яго — былая Любашына сяброўка Ляля Лукашэвіч (Гляк). Падарыў ён мне цудоўна выдадзены зборнік амерыканскай паэзіі.
5.ІІІ. Г. Дэніс піша, што т. зв. «апошнія словы» вялікіх людзей перад смерцю былі выдуманы для падтрымання легенды аб іх. Магчыма, так атрымалася і з гётаўскім «больш святла!».
Гісторыя з помнікамі Сталіна падобна да гісторыі з помнікамі Калігулы, якія, як пісаў Светоній, пасля яго смерці былі знішчаны за адну ноч. Бяда, што ў нас не ставілі помнікаў простым людзям. У Даніі на востраве Лааланд стаіць помнік жанчыне (польцы), якая навучыла мясцовых жыхароў вырошчваць цукровыя буракі.
Хацеў пайсці ў тэатр на «Танга» Мрожака, але прыйшлі госці, так і не змог выбрацца. Агулам, па колькасці тэатраў далёка мы адсталі ад старажытных грэкаў і рымлян. Яны будавалі іх у кожным горадзе. А колькі было сцэн пад адкрытым небам. Помню, у Грэцыі ў адным з такіх тэатраў гід на сцэне шаргацеў газетай, і чуваць было з адлегласці дзесяткаў метраў, на самых апошніх радах. Толькі ў жылых дямах мы дабіваемся такой акустыкі. На ўсіх паверхах чуваць, хто рыхтуе адбіўныя і што робіцца.
Розныя бясконцыя пленумы, пасяджэнні замянілі ўсе нашы асабістыя кантакты, у выніку чаго пачалося масавае адзічэнне.
12.ІІІ. Зараз усе заняліся рэвізіяй гісторыі. Кожны перарабляе яе на свой капыл. Успомніў словы аднаго з героеў Ле Карэ: «Бачыце, мая работа заключаецца ў тым, каб хлусіць у інтарэсах краіны, аднак праблема ў тым, што я не знаю, дзе праўда».
14.ІІІ. Як ніколі востра стаіць у нас пытанне мовы. Многія пісьменнікі пішуць не на сваёй роднай мове. Як асуджаць за гэта Джойса, Конрада, Гогаля, Кафку, Тувіма, Набокава, Маршака, Айтматава?..
15.ІІІ. Гаварыў па тэлефоне з Піменам. Піша артыкул аб мове. Думае ўзяцца за прозу, за ўспаміны.
Не дае жыць праклятая дыхавіца. Вяртаючыся з прагулкі, купіў яблыкаў. Вецер. Дождж.
Як грыбы, растуць розныя аб’яднанні, таварыствы, асацыяцыі. На мільёны долараў падпісваем умовы на будаўніцтва розных палацаў, аб’ектаў, без якіх маглі б абыходзіцца, як, напрыклад, культурны тэатральны цэнтр у Мінску або забаўны гарадок пад Ракавам. Дзе той народны кантроль, які паставіў бы заслон гэтаму вар’яцтву?
Трагізм жыцця ўсё часцей непакоіць мяне. Можа, навеялі яго творы Кафкі, Леанардзі, катастрафістаў, якія апошнімі днямі перачытаў.
Цікавыя бываюць біяграфіі пісьменнікаў: Лопэ дэ Вега служыў у інквізіцыі, Л. Гіра быў міністрам унутраных спраў у буржуазнай Літве, Рэмбо — падарожнікам і спекулянтам, які насіў у сваім поясе 8 кг золата, што і падарвала яго здароўе…
Пісьмо ад Гао Мана. Збіраецца выдаць новы зборнік маіх вершаў. Зараз перакладае іх на кітайскую мову.
А ў СП — няспынныя спрэчкі, баталіі.
Статыстыка: у Польшчы было спалена 10 тысяч чараўніц, а ў Еўропе, толькі на нямецкім абшары — мільён. Палілі за засуху, за сапсутае ў кароў малако, за каўтун…
Яшчэ ніколі ў нас не было такога балагана. Наша дэмакратыя стала падобнай да былой шляхецкай. Шмат каму яна імпануе, бо Захад ёй апладыруе. Зараз ідзе засцянковая ідэалізацыя ўсяго беларускага.
А ў Арменіі і Азербайджане — забастоўкі, бойкі. Вось табе і апяваная намі дружба народаў!
Чуюся нейкі разбіты. Дыхавіца. Не памагаюць і прыпісаныя Аркадзем Паўлавічам уколы дзіпрамонію і фосфадэну. Настрой паганы. Відаць, зноў прыйдзецца ехаць у Вільнюс, хоць малая надзея, што нешта ўдасца зрабіць з маім хворым сэрцам, якое ўсё горш і горш працуе.
26.V. Усе дні стаіць гарачыня. Сядзім ля тэлевізараў і сочым за спрэчкамі дэпутатаў. Баюся, каб наша дэмакратызацыя не прывяла да развалу і дзяржавы, і эканомікі, якая ўсё больш і больш пачыяае кульгаць.
Пазнаёміўся з Чу Кійем, які пераклаў на кітайскую мову некалькі маіх вершаў. Заўтра ён едзе ў Ленінград.
15.VІ. Толькі што прайшла канферэнцыя «Народ, культура, перабудова», на якой шмат было гасцей з Балгарыі, Венгрыі, В’етнама, ГДР, Кампучыі, Лaoca, Манголіі, Польшчы, Румыніі, Чэхаславакіі і з нашых саюзных рэспублік.
1.VІІ. Прачытаў інтэрв’ю карэспандэнта французскай газеты з Ярузельскім, які дасціпна зазначыў, што калі б на выбарах у сейм этыкетку «Салідарнасць» наклеіць на каня, то ён быў бы выбраны. Нешта падобнае наглядаецца і ў нас.
Куды падзелася сапраўдная паэзія? Усё больш моднымі становяцца вершы, да сэнсу якіх цяжка, а то і немагчыма дабрацца. Мо таму зараз слова «паэт» не выклікае ранейшых эмоцый, акрамя здзіўлення, што яшчэ існуе такая прафесія. Калі паэт становіцца паэтам? Я гэта адчуў толькі пасля свайго чацвёртага зборніка «Пад мачтай».
Праслухаў выступленне Гарбачова аб нашых нацыянальных канфліктах, якія пагражаюць саюзу народаў краіны. Відаць, позна мы гэта ўбачылі. Небяспека гэта была ўжо, калі мы спявалі: «Саюз непарушны рэспублік свабодных…». Відаць, трэба асцерагацца, дзе трэба і дзе не трэба ўжываць такія словы, як: «навекі», «назаўжды», «ніколі»…
2.VІІ. Заходзілі М. Мятліцкі і Л. Галубовіч, які ніяк не можа з сям’ёй прыпісацца ў Мінску і знацсці нейкую работу. Падарылі свае першыя зборнікі. Цікавыя і здольныя хлопцы. Можа, наш літфонд зможа дапамагчы.
Не знаю, ці дацягнем з Любашай да канца дачнага сезона, бо і яна не перастае пекліцца на кухні, хоць сёлета шмат у чым яе выручае Оля, і я з кожным днём адчуваю сябе горш.
К. Чапэк пісаў, што ўсе праўды адносныя. Да гэтага, хоць са спазненнем, прыйшоў і я.
Пачутае на фэсце каля партызанскага помніка: «Самы смачны хлеб, які зарабіў сам», «Піце, жылы, пакуль жывы».
Нарэшце перасталі ламаць галовы над ідэальным героем. Перабудова даканала апошнія догмы, якія яшчэ жылі ў школьных падручніках.
I так, невядома: ці А. Міцкевіч памёр сваёй смерцю, ці быў атручаны. «Што ж ты Афінам, Сакрат, учыніў…» (Ц. Норвід).
Зямля стала труной для ўсіх звяроў, птушак, рыб, раслін. На чарзе — чалавек. Гэтай тэме прысвечаны апошні зборнік М. Мятліцкага.
Я даўжэй прывык быць у грамадзе,
Як з уласнай жонкай.
Даўжэй у руках трымаю вырабы,
Як уласных дзяцей,
Ведаю аб метале больш,
Як аб людзях.
Што ж такое паэзія? Прачытаў Арыстоцеля, Гарацыя, Пушкіна, Маякоўскага, Тувіма, Купалу, Брэтона («паэзія творыцца як дыханне»), Фроста («паэзія словы, якія сталі справай»). І яшчэ: «Паэзія — усё, што не з’яўляецца прозай», «Паэзія — найбольш скрытая духоўная вартасць, якая не паддаецца дэфніцыі»... Аб гэтым і я калісьці пісаў у адным са сваіх ввршаў. Ну, жартаўлівае акрэсленне А. Жыда: «Адзінай рысай, якая адрознівае паэзію, ёсць тое, што яна пачынаецца з новага радка, не дакончыўшы папярэдні».
Слухаю выступленні дэпутатаў на сесіі ВС, ад якіх застаецца нейкі горкі асадак. Раней было засілле маўчальнікаў, а зараз — балбатуноў. Ніяк не можам спыніцца на мяжы разумнай разважлівасці і прызваітасці.
Пачаў верш:
На расчыненай раме майго акна
Да сну рыхтуецца ластаўка…
6.VІІ. Наехала гасцей. Нат не ведаем, дзе іх размясціць. Набліжаецца 50-я гадавіна ўз’яднання Заходняй Беларусі. Цікава, ці будзе яна адзначацца? Стары лад сышоў з рэек, і цягнік грукоча па шпалах. Збіраемся будаваць еўрапейскі дом, а свой растрэслі да самых падрубаў.
Скардзяцца выдаўцы, што многія нашы кнігі месяцамі ляжаць і не разыходзяцца. А калісьці першае выданне А. Міцкевіча дзесяць год ляжала на полках кнігарняў. I нікога гэта не дзівіла. Цікава, які быў тыраж гэтага выдання? У кожным выпадку, меншы, як Агаты Крысці, які пераваліў за чатырыста мільёнаў, хоць ад яе твораў мала што застаецца ў галовах чытачоў.
У нас зараз, як гавораць англічане, тыя, што патрафяць нешта рабіць, — робяць, тыя, што не патрафяць, — павучаюць.
Усе падаліся ў гісторыю. Спакушае мяне напісаць у вершах ці ў прозе парадыйны сатырычны раман на гэту тэму, хоць гэта справа не такая лёгкая і бяспечная. Але, як кажа Русо: «Калі не можаце ўратавацца, каб вас не зжэрлі, пастарайцеся хоць, каб вас не пераварылі».
Пасля перабудовы ў нас значна павялічыцца колькасць пісьсменнікаў, якіх будуць успамінаць, але — не чытаць, будуць па інерцыі выдаваць і перавыдаваць, уводзіць у школьныя падручнікі і праграмы, не зважаючы на тое, што яны ўжо могуць цікавіць толькі гісторыкаў літаратуры, і што пяюць ім яшчэ «многая лета!» Баюся, каб не зацягнуўся ў нас перыяд дыктатуры шарызны.
У садзе чуваць галасы маіх суседак: Ксаны Фёдараўны і Соф’і Захараўны, якія часта абмяркоўваюць сённяшнія навіны і падзеі.
9.VII. Ездзіў з Максімам у Паставы па бульбу і свежую гародніну. У Кабыльніку зайшлі паглядзець на адноўленую царкву (помнік XIX в.), пабудаваную з гранітных валуноў, якімі так багата ўсеяна наша Мядзельшчына. У царкве яшчэ ідуць рэстаўрацыйныя работы.
Сёння наведалі нас В. П. Рагойша з жонкай і сынам, якія сёлета адпачываюць на Нарачы.
Прачытаў артыкулы аб трывожным становішчы ў нас пасля Чарнобыльскай трагедыі, з якой і вайна не можа зраўняцца. «Шчаслівы, хто нарадзіўся i памёр нязнаны» (Гарацый). Часы, у якія жывём, — часы, калі жывыя будуць зайздросціць мёртвым. Усе больш сягоння пераконваюся ў гэтай страшнай прарочай ісціне.
Ул. Лукша падарыў альбом сваіх замалёвак пейзажаў Маладзечаншчыны, Віленшчыны. Некаторыя з іх нагадваюць малюнкі Драздовіча. А галоўнае — яны дыхаюць паэзіяй нашай прыроды. Перад сном накідаў верш «Шчаслівыя часы»…
11.VІІ. Праслухаў выступленні нашых цыцэронаў. Відаць, нехта слушна гаварыў: праблема палітыкаў у тым, што зашмат яны гавораць, у сувязі з чым замала слухаюць іншых, і ўжо зусім не маюць часу думаць.
Прачытаў аповесць П. Пруднікава «Яжовыя рукавіцы», якая пакідае незабыўнае ўражанне. Гэта рэч нагадвае ўспаміны Драбінскага, якія мы калісьці хацелі надрукаваць у часопісе «Полымя», але дазволу на гэта не атрымалі. Шкада, калі яны недзе загінулі ў архівах.
12.VII. Дачытваю B. А. Шошына. Пачаў імгліць дождж. А гэта з кнігі Р. Гажэльскага: «Быў такі бедны, што меў толькі адну жонку і то не сваю», «Што ад нас застанецца? Шэкспір і дзяўчаты», «У нас нат непісьменныя крадуць кнігі», «Гэта пані фатальна апранаецца, але цудоўна распранаецца»…
Калі не спіцца, думаю аб вершах. Я ведаю аб сваіх недахопах больш, як усе мае крытыкі, таму што бачу вяршыні паэзіі, але да іх ніяк не дайду.
А ў Карабаху зноў неспакойна. Мы геніяльныя ў розных планаваннях і бяздарныя ў іх рэалізацыі.
14.VII. За акном гараць жоўта-зялёныя ліхтары яблык. Пахаладала. Хадзіў на пошту і ў прадуктовы магазін. Ледзь прыцягнуўся дамоў. Аддышка. Мо зноў сазваніцца і пракансультавацца з нашым Аркадзем Паўлавічам Кірылавым? Ніяк не наладжваецца здароўе ні ў Любашы, ні ў мяне. Відаць, гэта апошняе наша развітальнае лета з Нараччу.
Напісаў нейкі верш ды зноў перакрэсліў. Не туды павяла, старога, мая гарэзлівая муза.
22.VII. Цэлы дзень не знаходзіў сабе месца. Вечарам ездзілі ў Зяленкі за малаком. Аршалунь Маргаран прыслала свой зборнік вершаў «Сады Арташата». Пачаў чытаць. Выдатныя вершы. Мне здаецца, чым багацейшая спадчына культурная, тым большы яна аказвае ўплыў на сучаснасць.
23.VII. Дзень пачаў з карэктуры ўчарашняга верша. Вьшраўляў, перакрэсліваў і зноў выпраўляў. Трэба пагартаць газеты. У краіне надзвычай трывожнае становішча. Працягваецца ланцуговая рэакцыя дэмантажа эканомікі. I як з ёй справіцца? Аварыі, стыхійныя бедствы, забастоўкі, крывавыя сутычкі і яўныя дыверсіі — не спыняюцца ўжо на працягу некалькіх год. А да ўсяго і разброд ідэалагічны. Усё гэта падрывае веру ў партыю і ў перабудову, з чаго карыстаюцца розныя спекулянты і экстрэмісты.
А верш, здаецца, стаў лепшы.
Горш за ўсё, што гэтыя дні чуюся вельмі дрэнна. Трэба будзе параіцца з Аркадзем Паўлавічам: што рабіць. Мо прыдзецца зноў ехаць у Вільнюс. Нешта пачалі ныць грудзі. Змерылі ціск (у Лыньковых ёсць такі аппарат). Ціск нармальны (80—170), толькі частыя перабоі пульса. Слабасць і нейкая беспрасветная нуда. Сёння, праўда, крызісны дзень для сардэчнікаў.
Прачытаў у «За рубежом» цікавую нататку пра астму, смертнасць ад якой у ЗША павялічылася ў два разы. Сімптомы гэтай хваробы, адчуваю, і ў мяне. Толькі чаму дактары не звярталі ўвагу, калі я скардзіўся ім на дыхавіцу. I ўжо даўно. А гэтыя дні не знаходжу ад яе ратунку. Раней хоць пад вечар станавілася лягчэй.
Чытаю прывезеныя газеты і часопісы.
Слухаў М. Гарбачова. Баюся, што мы набліжаемся да вельмі цяжкіх і вырашальных падзей і выпрабаванняў для ўсіх народаў нашай краіны. Назад няма дарогі, а наперад — усё ўскладняецца. Пакуль што прасвету не відаць. Забастоўка шахцёраў паставіла краіну на грані катастрофы.
Тут на дачы багата польскіх кніг. Нат знайшоў даваенны зборнік Ю. Пшыбося «Śruby», праўда, у такім знішчаным стане, што і ўратаваць нельга. Помню, доўга я да гэтай паэзіі не мог падабраць ключа, нельга было без разбегу пераскочыць мне адлегласць, якая тады аддзяляла беларускую паэзію ад Пшыбосяўскай, авангардыскай.
24.VІІ. Званіў Максім. Лякарствы, якія раіў прымаць да свайго прыезду Аркадзій Паўлавіч, Оля дастала ў нарачанскай аптэцы. А прыедзе ён заўтра. Так не хацелася б пакідаць Нарач, бо, можа, апошняе маё лета, ды і Любашы хоць крыху трэба памагчы ў яе дамашніх клапотах, хоць вядро вады прынесці. Зараз добра памагае Оля.
Якая стаіць цішыня! Зноў вяртаюся да ўчарашняга выступлення М. Гарбачова, якое мяне устрыважыла і такім цяжарам лягло на сэрца. Не знаю, як хтo, а я не магу зразумець, што ў нас адбываецца. Пакуль мы навучымся дэмакратыі, можа быць шмат крыві і ахвяр. Пакуль што ідзе дэмантаж ранейшага ўкладу жыцця, партыі, паглыбляецца крызіс у эканоміцы і ідэалагічны разброд. Усе зараз патрабуюць: дай, дай, дай! А адкуль узяць? Абагатваралі масы, на чале якіх часта бачым розных прахадзімцаў, якія зараз адкрыта заклікаюць да пагромаў, да расправы над усімі, хто не з імі. «Кто не с нами, тот — наш враг, тот должен пасть». Былі ж такія песні і ў нас калісьці!
Заходзіла Бажэнава. Пагаварылі пра сённяшнія трывожныя падзеі на свеце. Купіла яна для нас у рэстаране пару мясных кансерваў і для Любашы кофе. Хоць будзе заўтра чым пачаставаць маіх гасцей.
Шмат дзяцей ты ўзгадавала,
Зямля — наша маці,
Толькі ніхто цябе так
Не спустошыў, прызнацца,
Як чалавек. Часам
Аж цяжка паверыць,
Што і ён — сын твой,
А не пякельны прышэлец.
22.VI.89
25.VІІ. Усталі з Любашай рана. У 6.30 павінен быў выступаць нейкі лекар ад усіх хвароб, у тым ліку — ад сардэчных. Але, чамусьці, перанеслі гэта выступленне на пазней. Знаць, уварваліся ў праграму тэлеперадачы падзеі больш сур’ёзныя, як забастоўка шахцёраў і іншыя. Потым прачытаў учарашні верш і ўзяўся яго дапрацоўваць.
Званіў Максім. Аркадзій Паўлавіч, аказваецца, выехаў учора, але ў дарозе сапсулася машына, і ён вярнуўся ў Мінск. Абяцаў прыехаць сёння. Ну, я чуюся крыху лепш, хоць рытм часта яшчэ збіваецца.
Чытаю маладых. I хоць яны неахвотна прызнаюцца да бацькоў, якія іх нарадзілі, наследаванні і перапевы апошніх выразна адчуваюцца ў многіх. Вабіць многіх мода, на якую і я калісьці перахварэў, хоць як мужык ад зямлі доўга хварэць на гэту хваробу не мог, бо чакалі зямля, праца… На памяць пераклаў верш Ч. Слезака «Тапор»:
Хто працягвае руку
Супроць улады тырана,
Тыран можа яе адсекчы,
Але рука народа,
Як гідра,
Адрастае.
Тапор ката вышчарбіцца.
Народа — ніколі.
Нарэшце прыехаў Аркадзій Паўлавіч. Зрабіў кардыяграму, выслухаў. Сказаў, пачакаем да восені. Прывёз но-шпу. У Саюзе пісьменнікаў гасцяць нашы сябры з Арменіі. Цікава, хто прыехаў.
Чытаю, чытаю, чытаю. Мо таму ў мяне на нешта іншае і не хапае часу. А галоўнае, што толькі нязначная частка прачытанага зараз застаецца ў памяці.
Я атрымаў два нумары «Литературной жизни за рубежом», запоўненыя рознымі інтэрв’ю. Досыць цікавая «Беседа с Ф. Саган».
Пра многія справы, пра якія зараз пішуць, я думаў раней, яшчэ ў 1939 г. Тады многіх, хто жыў у Заходняй Беларусі, не зважаючы на радасць уз’яднання, насцярожвала палітыка ўлад, разыходжанне пaміж нашымі ідэалістычнымі, сказаў бы, уяўленнямі аб сацыялізме і рэчаіснасцю. Мы тады працавалі з Любашай у рэдакцыі газеты «Вілейская праўда» — у самай, можна сказаць, гушчы падзей, і бачылі, як прыехаўшыя з Усходу эмісары замацоўваць у нас савецкі лад, як саранча, накінуліся перш за ўсё на розныя крамы. Амаль усе ў гэтым бралі ўдзел: работнікі партыйнага і савецкага апарата і інтэлігенцыя, у тым ліку і пісьменнікі. Хто накупляў шэрсці на касцюмы, хто — радыёапаратуру, гадзіннікаў, а адзін з нашых класікаў — на дзесяткі год абутку і падэшвы. Калі мы былі з Любай і Машарам у ялцінскім Доме творчасці, толькі і гутаркі ў масквічоў аб паездках на машынах за таварамі ў Львоў, Вільнюс, Рыгу, Талін… Асабліва гэтыя справы хвалявалі жонак славутых пісьменнікаў, якія лічыліся класікамі, творы якіх мы чыталі яшчэ ў Заходняй Беларусі. Усё гэта для нас было новым, дзіўным, бо да гэтага ў нас ніхто нічога не купляў і не мог купіць у запас. Куплялі толькі ў крайнім выпадку і самае неабходнае. А тут — хапалі ўсё.
Аб гэтым спрабаваў быў напісаць у сваім рамане «Серадзібор» П. Пестрак. Але аднагалосны прысуд рэцэнзентаў быў: «Друкаваць нельга». Толькі пасля бясконцых правак і пераробак ён пабачыў свет.
26.VІІ. Юра і Оля паехалі з дзецьмі ў Вільнюс. Званіў Максім. Зноў карпеў над сваім апошнім вершам. Недахоп яго ў тым, што нічога новага я не адкрываю, і гэта — сёння, калі з паэзіі зняты ўсякія тармазы, што дае шансы ўсякую пустку засланіць тo незразумелай балбатнёй, то распаясаным турпізмам ці сексам.
Перад сном дачытаў зборнік вершаў А. Маргаран «Сады Арташата». Ёсць шмат цікавых і проста выдатных вершаў. Я калісьці яе перакладаў. Калі хвароба не скруціць, трэба будзе яшчэ перакласці некалькі яе харошых, прачулых лірычных вершаў, такіх як: «Наш дом», «Снег», «Безжизненно пусто», «Тополя», «Мое счастье», «Признайся же», «А пальцы твои не горят», «Пусть достанется вам», «Снег идет»…
27.VІІ. Учора нечага званіў унук Максім. Пэўна нейкія ў яго непаладкі. Але Олі не было, ды тэлефон адключыўся, так мы і не знаем, у чым там справа. Бяда з дзецьмі і ўнукамі. Не прывучылі да самастойнай працы, а тое асяроддзе, у якім яны жывуць, мала цікавіцца жыццёвымі справамі, нічога не чытае.
Гартаю, перачытваю Уітмена — хроснага бацьку футурызма, які потым закончыў сваё жыццё ў урбаністычнай балбатні эпігонаў, як і многія другія модныя напрамкі. Відаць, праўду гаварыў Буало, што не ў зацямненні думкі праяўляецца майстэрства; ясная думка выказваецца ясным словам.
Калі няма аб чым пісаць, многія ў нас кідаюцца ў метапаэзію, якой, мне здаецца, часта хварэюць старэйшыя літаратуры. Наша ж паэзія заангажавана не сунуць вушы ў палітыку, у надзённасць. Толькі стыль яе архаічны. Відаць, многія ў нас гэта адчуваюць, асабліва — маладзейшыя.
Да таго рассвергаталіся, абсеўшы аконныя рамы, ластаўкі, што кінуў усё і слухаю. Каб пад рукой быў магнітафон, можна было б запісаць іх бяседу.
Пераклаў адзін верш А. Маргаран. Шкада, што не маю падрадкоўніка, каб зверыць з арыгіналам. Гладкасць перакладу на рускую мову мяне насцярожвае. Знаць, таму, што здароўе горшае, усякая праца сёння здаецца цяжэйшай, як раней. У тым ліку і пісанне вершаў.
28.VІІ. Чакаю Максіма, які павінен прывезці нейкае новае лякарства, а Іра — пошту.
Відаць, кожны паэт перажывае часы свайго ўзлету і спаду. Перажываюць іх і цэлыя літаратуры.
Чытаю газеты, і ў сэрцы нарастае непакой за лёс нашай краіны і народа. Пачынаючы перабудову — а цяпер гэта відаць усім, — мы многа чаго не ўлічылі. I зараз працягваем рабіць памылкі за памылкамі. Ды і бліжэйшая будучыня не абяцае, што іх будзе менш.
29.VІІ. Зноў цяжкая, бяссонная ноч. Учора былі ў Пількаўшчыне. Засталі там маміных сваякоў. Пахадзіў крыху па зарослай лесам Жукове. Сёння Оля з Жэнем і Юра едуць у Мінск. Магчыма, на выхадныя прыедуць усе зноў і з імі наш доктар СП Аркадзій Паўлавіч. Ён праз Максіма прыслаў мне нейкі новы прэпарат. Але не буду спяшацца яго прымаць. І так глытаю безліч розных таблетак.
Відаць, бяруся правіць свой апошні верш.
У сястры Ф. Каравацкага купілі вядро бруснікі. Ягады яшчэ не зусім спелыя, але зараз дачнікі не чакаюць, калі яны паспеюць.
Нешта мая аддышка гэтыя дні яшчэ стала большай. Нейкі цяжар ляжыць на грудзях і не дае спакою ні ноччу, ні днём.
Учора, калі спыніліся ў Слабадзе каля хаты Зініных бацькоў, даведаўся аб смерці майго хросніка Іосіфа Скурко, члена нашага СП, аўтара тэкстаў многіх песень. Што магло з ім здарыцца? Нейкая загадкавая смерць. Знайшлі яго без дакументаў. Тыдзень пратрымалі ў моргу, пакуль удакладнілі, хто. Перад ад’ездам помню — сустрэліся з ім каля СП. Я яшчэ пацікавіўся: што ў яго добрага чуваць, над чым працуе?
А дома ў нас — кірмаш, якому канца не відаць. Пяць чалавек паехала, а следам — Максім (унук) з жонкай, а ў пятніцу прыедзе яшчэ пяць чалавек. Не ведаю, як справіцца з усёй гэтай ардой. Проста нервы не вытрымліваюць. Хоць ты ўцякай з гэтай дачы. Дача гэта стала катаргай, на якую мы асуджаны, відаць, да канца жыцця.
Прачытаў апошнія карэспандэнцыі аб трагічным становішчы ў многіх рэгіёнах Беларусі пасля аварыі ў Чарнобылі. Кіраўніцтва рэспублікі з першых дзён старалася не гаварыць, скрываць праўду гэтай трагедыі ад народа. Не зразумела: чаму? Усе сённяшнія пастановы аб адсяленні людзей з небяспечнай зоны, якая ахапіла амаль трэцюю частку абшараў нашай зямлі, прымаюцца з недаравальным спазненнем, і я ўжо не веру ў тое, што яны будуць выкананы пры сучасным крызісным стане, які перажывае наша краіна. А да ўсяго: амаль кожны дзень бясконцыя аварыі, стыхійныя бедствы, забастоўкі, якія цягнуцца месяцамі і якія могуць выклікаць новыя канфлікты, кровапраліцці.
З1.VІІ. Чуюся ўсё горш і горш. Узмацніліся арытмія, галавакружэнні, задышка. Не ведаю, што рабіць. Так не хацелася б зноў ехаць у Вільнюс, зноў нешта рабіць са стымулятарам. Відаць, нічога гэта не дапаможа.
Як сведчаць хронікі,
Легенды, казкі,
Калісьці з-пад зямлі ў нас білі
Цудадзейныя
Жывой вады крыніцы,
Апырскаўшы якой
I мёртвыя героі ажывалі.
О колькі трэба б
3 небыцця вярнуць
Мне блізкіх і сяброў!
Бяда, што зараз на зямлі —
Дзе не прыгубіш — мёртвая вада.
А той — жывой —
Я не магу знайсці,
Хоць і пытаўся
У звяроў і птушак,
У вятроў і дрэў
І ў сонца.
На раме акна прысела ластаўка. Прыхарошваецца і шчабеча — напявае нешта сама сабе. А можа, мне хоча сказаць: якая ціхая і сонечная раніца. Не помню такога пагожага лета, каб так спрыяла надворе касьбе і ўборцы хлеба.
Малыш, убачыўшы сябе ў люстэрку,
Шукае: што на старане другой?
А я, дзівак, не здагадаўся
Ніколі пацікавіцца,
Што за слязамі, радасцю,
Спагадаю, усмешкай,
Няпрыязню ці дружбай
Адбілася на другой старане
Майго люстэрка.
Пераклаў са зборніка «Сады Арташата» А. Маргаран адзін з яе вершаў «Наш дом»:
Вядома, дом наш малы быў,
Ды ён стаяў на ўзлессі юным,
I жаваранак весяліў
Нас на вясёлцы сяміструннай.
Уважна прыглядаўся дом,
Як сцежка ўдаль віецца строма.
Шапталі кветкі пад дажджом,
Заслуханыя ў песню грома.
Зялёны дождж. I забыццё.
Узлёт да зорнага мігцення.
I станавіўся быт быццём
I вечнасцю было імгненне.
Вядома, дом наш малы быў,
Ды ён стаяў на ўзлессі юным,
I жаваранак весяліў
Нас на вясёлцы сяміструннай.
Пасля працяглай цішыні прачнуўся вецер. Слухаю няўцішны шум хваль Нарачы, шум таполяў, якія разрасліся на дварышчы Лыньковых. Можа, нагоніць хмару з Балтыкі, з Літвы, бо перадавалі па радыё, што можа быць дождж.
«…Пытанне аб лёсе маёй радзімы. Для любога мастака яно галоўнае, і задае ён яго да смерці» (А. Вайда).
Дзень закончыўся дажджом. Усё ж такі вецер не дарма дзьмуў, не дарма шумеў на ўсю Нарач.
1.VIII. Усю ноч шумеў дождж. I зараз ідзе. I, відаць, доўга будзе ісці, бо ўсё неба зацягнута хмарамі, і ціха, ціха. За ноч нападала яблыкаў. Нечага раскаркаліся вароны. Званіў Максім. Пасля поўдня павінен прыехаць Сярожка. Апошні летні месяц. Учора праслухаў справаздачу з пасяджэння Вярхоўнага Савета СССР. Бясконцыя дэбаты. Рыхтавалася забастоўка чыгуначнікаў. Ну, гэта магло быць апошняй кропляй у сённяшняй напружанай сітуацыі і закончыцца такой катастрофай, з-пад абломкаў якой цяжка было б нам выбрацца. I так становішча — на грані поўнага развалу эканомікі і ідэалагічнага разброду. Доўта ўсё гэта не можа працягвацца.
Цікавы нарыс С. Стануха ў «ŻL» «Яшчэ раз Парыж» пра кнігарню FNAK, якая мае плошчу 5500 кв. метраў, кожны дзень тут прадаецца 13 000 кніг, пакупнікоў абслугоўвае больш 100 прадаўцоў. Кнігі тут прадаюць на 20% танней, як у іншых кнігарнях.
Чытаю розныя ўспаміны пра знаёмых мне пісьменнікаў і класікаў — сентыментальныя і далёкія ад праўды. Гісторыю таксама я аднёс бы да ўспамінаў. Пачынаю сумнявацца ў аб’ектыўнасці і праўдзівасці і ўспамінаў і гісторыі, якую на маёй памяці не раз выпраўлялі і перапісвалі.
Дождж перастаў, але дзень хмарны, цяжкі. Тэрмометр паказвае плюс 15, а здаецца значна халадней. Можа таму, што чуюся нейкім разбітым. Няўжо не змагу дабыць на Нарачы да канца гэтага месяца? Хутка павінен з аўтобуса прыйсці Сяргей, які выехау з Мінска ў 12 г. 40 мінут, і прывезці пошту.
Леапольд Тырманд у сваім «Дзённіку 1954» піша пра Я. Івашкевіча: «Я яго нат люблю: ён значны з віду, з тварам, мадэляваным гадамі, позай, задумамі, грымасамі на Зеўсавага паэта, такога падольскага Гётэ. Быццам крыху з вылепленай аздобы не самай высокай якасці, але аздобнай, нешта ў ім ёсць неэлеганцкага, што хоча за ўсякую цану быць элеганцкім, глобтротар (валацуга), педэраст, дыпламат, ласун, паэт і пешка». Забойчая характарыстыка, хоць, пэўна, з нейкай доляй праўды.
2.VIII. Здаецца, імжыць дробны дождж. Сцішыўшыся, сядзяць у нейкім роздуме мае ластаўкі. Званіў у рыбхоз. Можа, удасца заўтра дастаць рыбы, каб пачаставаць Аркадзя Паўлавіча, які ў пятніцу абяцаў прыехаць з жонкай.
I Люба і я ўжо не можам вытрымаць свайго дачнага пекла. 12 гадзін, а Максім са сваёй Оляй яшчэ спяць. Сняданне стыне. А ўжо трэба і абед рыхтаваць. Не ведаю, за якую кару так усё жыццё прайшло ў служэнні ўсім, каму толькі ні ўздумаецца. Я ўжо не гавару, што ўсе на іждзівенні нашым, хто — тыдзень, хто — пapy месяцаў, а хто — цэлыя гады. Добра, што сёлета хоць Вера з Сашам і Дзянісам паехалі ў Балгарыю, а то не было б нават дзе расставіць раскладушкі. У такіх абставінах можна не толькі захварэць, але і звар’яцець.
А дождж усё імгліць і імгліць.
Неспадзявана ў магазіне гародніны купіў бруснікі. Трэба будзе падарыць нашым гасцям, якія прыедуць у пятніцу.
Чытаю і ніяк не магу расправіцца са сваёй поштай, прывесці ўсё да нейкага ладу.
3.VІІІ. Аж страх ахоплівае, як хутка знікаюць за днямі дні. Празмерныя страсці-мардасці, я даўно заўважыў, хутка становяцца прыкрымі, і перастаеш у іх верыць. Гэта — ігра на струне, нацягнутай да граніцы вытрымаласці. Пагражаючы поўнай дэвальвацыяй у паэзіі, расце павадак слоў, слоў і слоў.
Баюся, каб нашы непаладкі, ускрытыя перабудовай і звязаныя з ёю, не парадзілі цягі да дыктатуры улады — страшнай і бесчалавечнай.
Недзе былі ў мяне К. Гамсун і Лундквіст. Шукаю, не магу знайсці. Чамусьці ў сённяшні непагожы дзень пацягнула мяне на іх суровую скандынаўскую прозу.
Разгуляўся дождж, расшаліўся вецер. Відаць, паатрасае ў садзе ўсе яблыні.
4.VІІІ. Неспадзявана ў другой палавіне дня выглянула сонца. Схадзіў у прадуктовы магазін. Не мог yстрымацца, каб не купіць яшчэ вядро брусніц — буйных, чырвоных.
У Таліне канферэнцыя гісторыкаў, на якой абмяркоўваюць савецка-германскі дагавор 1939 г. Таварышы з Прыбалтыкі хочуць даказаць бяспраўнасць далучэння іх рэспублік да Савецкага Саюза. Яны сцвярджаюць, што была тайная дамоўленасць з фашысцкай Германіяй аб размежаванні ўплываў і перакройцы граніц. I мне здаецца, што не магло не быць такой дамоўленасці, бо вельмі ж тады ўсё адбылося гладка. Відаць, быў распрацаваны дакладны сцэнарый далучэння да Савецкага Саюза Літвы, Латвіі і Эстоніі. Знаць, кожная дзяржаўная палітыка эгаістычная і брудная. I асабліва наша ў часы сталіншчыны.