13.VІІ. Хацеў Максіма павіншаваць з днём нараджэння, але так і не ўдалося сазваніцца. Газеты перапоўнены рознымі скандальнымі і агрэсіўнымі інтэрв'ю, бо ад іх, відаць, залежыць і іх тыраж, і іх папулярнасць. У вярхах улады — калатня, якой і канца не відаць. I дома ў нас — сямейныя непаладкі. Пад канец жыцця столькі збіраецца непамыслот, трывог за дзяцей, за ўнукаў, за іх будучыню, непадрыхтаванасць да пераадолення цяжкасцяў, што і сон — не сон, яда — не яда, і ніякія лекі не памагаюць.
14.VII. Пасля нараканняў на вясеннія і летнія дажджы прыйшла засуха, якая ўжо ахапіла паўднёвыя раёны Беларусі.
Заўтра Юра і Максім збіраюцца на Нарач. Кацюша там застаецца на месяц у «Зубраняці».
16.VІІ. А гарачыня не спадае. Званіла з Нарачы Кацюша. Бяда толькі, вада ў возеры стала такой бруднай, што і купацца нельга, бо цела пакрываецца нейкімі болькамі. Сёння яна паедзе у свой дзіцячы лагер. Што ж будзе сёлета з нашым ураджаем? У «Народнай газеце» — артыкул майго старога «аднапалчаніна» і друга Давіда Пінхасіка. Трэба сказаць, напісаны вострым пяром і, галоўнае, — цікава і пераканаўча. Вось табе і «намеснік камандзіра стралковага батальёна». Выдатны карэспандэнт-публіцыст.
Цікава, што ў нас ніхто да гэтага часу не займаўся такой з’явай, як дэкаланізацыя і ажыўленне цыянальна-вызваленчых рухаў на свеце. А ўраган іх нарастаў даўно, і асабліва я гэта адчуў яшчэ на ААН, прысвечанай гэтаму пытанню. Мы тады pатавалі за афрыканцаў (нат я выступаў), азіятаў. I я, помню, пытаў сам сябе: а як у нас? Зразумела, што становішча з мовай у Беларусі насцярожвала не толькі нас, але і нашых суседзяў. Прыкладам, што сацыялізм збіўся з дарогі: адно прапаведуе, а робіць зусім другое, робім тое, што ў нас рабілі польскія, а потым — царскія ўлады, а зараз «змагары» за «дружбу народаў».
16.VІІ. Стаяць душныя, ціхія ночы. Рана прачнуўся. Каб неяк супакоіцца, пачаў думаць і ўкладаць невялічкі вершык «Над гараскопам».
Сяргей прынёс з рынку чарніц. Сёлета, здаецца, ураджай на ягады. Толькі цэны вар’яцкія. За шклянку — дзве тысячы рублёў.
Божа, колькі на змену былым бонзам прыйшло новых, якія, захапіўшы ўладу, сталі яшчэ большымі хамамі, дзяльцамі карумпіраванымі, махлярамі і міжнароднымі мафіёзамі. Кожны вечар іх рэкламуе тэлебачанне, паказвае іх манеры, моды, куцяжы ў розных велікасвецкіх прытонах і бардаках, розных шоу.
Кожны раз, калі пішу апошні верш, мне здаецца, што я ўсё вытрас з кошыка сваёй галавы. Але праз нейкі час зноў бяру пяро. Усё збіраюся перайсці на новую паэтыку, але зноў вяртаюся да традыцый беларускай, рускай, польскай — еўрапейскай, зразумела, што не да паэтыкі дыназаўраў, якой у нас яшчэ многія захапляюцца. А наша новая пакуль што, здаецца, мае ў сабе больш бязглуздага штукарства, як сэнсу. Зусім выпадкова ўдалося пазычыць на пару дзён Г. Мэрлінга-Грудзінскага «Пяць медальёнаў і сярэбраная шкатулка».
17.VІІ. Званіў Сашка. Вярнуўся з Нарачы. Быў на сустрэчы 3 прэзідэнтам А. Лукашэнкам. Па тэлефоне не хацелася распытваць, як прайшла і чым закончылася гэта гутарка.
Перадрукаваў для новай падборкі свой апошні верш «Гараскоп», хоць мне здаецца, што яго прыйдзецца яшчэ правіць. Зараз амаль усе вершы, якія пішу, праўлю і праўлю.
Па тэлеперадачы праслухаў цудоўную песню на словы А. Суркова «Бьется в тесной печурке огонь»… Рэха яе нейкім болем адклікнулася ў сэрцы.
Вечарам вярнуліся з Нарачы: Юра, Іра, Оля, якая прывезла пару літраў чарніц. А Кацюша — у «Зубраняці». Праз некалькі дзён збіраецца зноў туды пад’ехаць Оля.
18.VІІ. 3 захапленнем, што ў нас ёсць такі празаік, чытаю Сакрата Яновіча, кнігу якога «Доўгая смерць Крынак» пазычыў мне мой сусед У. М. Казбярук. Да гэтага часу я мала ведаў аўтара, хоць ён адразу звярнуў маю ўвагу на свой адменны стыль, на сваю мову і нешаблонны падыход да праблем нашага часу.
А я ўсе гэтыя дні жыву ў нейкім прадчуванні бяды, хоць знаю, што кожная бяда прыходзіць найчасцей неспадзявана. Непакояць мяне сямейныя справы, здароўе Любашы і сваё. Непакояць усе тыя нягоды, непаладкі, якія пануюць у нас і ў нашых суседзяў, якія не могуць не закранаць і нас. Бяруся за розныя справы і кідаю іх. Не магу ні чытаць, ні пісаць. Трэба прыняць нейкія супакойваючыя таблеткі. Якая цяжкая галава! Відаць, таму так цяжка ідзе работа над новай падборкай вершаў.
Хадзіў па хлеб. Купіў некалькі памідораў, цыбулін, яек. Заўтра Іра збіраецца купіць малака, масла, бо мне ўжо цяжка дацягнуцца да базару, хоць ён і побач.
Зараз у нас усе захапіліся выданнямі замежнай — эмігранцкай — літаратуры, без разбору — вартай і другараднай і ўдзяляюць ёй шмат больш увагі, як т. зв. «савецкай». Адным словам: застаў дурня маліцца… Толькі і чуем адны захапленні і рэцэнзентаў і крытыкаў іх творамі. А некалі ж павінен наступіць час цвярозых ацэнак. Хоць і малая надзея, што ён наступіць у нашай заблытанай мітусні.
Дзень закончыў чарнавым накідам верша «Над дзённікам».
20.VІІ. Званіў у СП, але ўсе тэлефоны маўчаць. Зноў узяўся за ўчарашні верш. Зусім перапісаў перарабіў, упрасціў.
21.VІІ. Праслухаў выступленне нашага прэзідэнта А. Лукашэнкі. Карціна сённяшняга становішча вельмі непрыглядная і больш змрочная, як многімі з нас уяўлялася. Абнадзейвае тое, што будзе спынена дзікая, зладзейская прыватызацыя важнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў, далейшы развал калектыўных гаспадарак, спекуляцыя… Толькі як гэтага дабіцца пры татальным развале эканомікі?
Узяў Ц. Норвіда. Божа, што з ім зрабілі перакладчыкі на рускую мову!
22.VІІ. У гадзіну нейкага праяснення напісаў верш «Адліваючы свечы». Няўжо мне суджана пачаць яшчэ адну падборку для «Полымя» 1995 г. «Дай бог!» Гэтымі словамі я закончыў свой новы верш. Праўда, пакуль што сярод напісаных вершаў няма такіх, якімі поўнасцю я быў бы задаволены.
У «Народнай газеце» — выступленне В. Быкава на кангрэсе ПЭНа, які гэтымі днямі праходзіў у Доме творчасці «Іслач». Бяда, што ва ўсіх яго апантаных выступленнях, як і Пазьняка, я не бачу праграмы выхаду. Адны суцэльныя абвінавачванні. Тое, што яны прапануюць, пагражае нам поўным развалам эканомікі, сельскай гаспадаркі, навукі і культуры, бо і тыя, на каго яны абапіраюцца, не абнадзейваюць, што могуць вывесці з пасткі, у якой мы апынуліся. Цяжкое і супярэчлівае ўражанне пакінула і ўчарашняя тэлегутарка з Салжаніцыным.
А засуха, відаць, сёлета нас даканае. I на дварэ горача, і дома душна. Шукаю ратунку ў таблетках вінпацэціну ды ва ўколах нейкага актавігілу. А самае страшнае — прывід голаду і разрухі, які больш вырысоўваецца перад намі, перад абліччам якога ўсе нашы баталіі за розныя сімвалы, гадавіны, юбілеі, бясконцыя фестывалі, конкурсы, кангрэсы, дыпламатычныя ваяжы, на якіх падпісваюцца пустазвонныя паперы і пратаколы, не маюць ніякага значэння. Сялу пагражае горш, як нашэсце саранчы, нашэсце з гарадоў галодных і беспрацоўных, як гэта было і ў першыя гады пасля рэвалюцыі, як расказваў мне калісьці М. Лынькоў, як ён ездзіў разам з іншымі чырвонаармейцамі вылаўліваць людаедаў і іх знішчаць.
Зноў узяўся правіць учарашні верш.
Зноў напала нейкая нуда. Нехта званіў, прасіў напісаць уступ да яго зборніка i пару слоў да зборніка Я. Янішчыц. Псуюць настрой і Сашавы справы. Невядома, чым яны закончацца. Гэта ўжо другі раз трапляе ён у непрыемную гісторыю. Можа, у выніку першай і Верачка захварэла, і Дзяніс ледзь зусім не збіўся з дарогі. Непакоіць мяне лёс і Максіма, Іры і ўнукаў.
24.VІІ. Пару тыдняў не выходзіў з дому. Можа, адважуся схадзіць на пошту і па хлеб. Відаць, сонца ўсё выпаліць: і травы і збожжа. У магазінах амаль нічога няма, а тое, што ёсць, з кожным днём усё даражэе. А што робіцца з лекамі? Актывізін, які тыдзень таму каштаваў 426 тысяч, зараз падняўся да дзевяцісот. Мяне ратуе яшчэ, што я — ветэран, а то даўно ў Аўраама варыў бы піва. Праўда, было б спакайней. A то і хваробы, і сямейныя канфлікты, непаладкі да таго астачарцелі, што не ведаю, як далей і быць.
А колькі размножылася розных партый! Часта на іх сходах бывае ў застоллі больш бутэлек, як членаў.
Тое, што робіцца зараз у нас, не пакідае надзеі на лепшае. Адны бачаць выхад у розных сімвалах, абрадах, другія — у канчатковым разбурэнні эканомікі, трэція — у зладзейскім бізнесе. А праясненне можа наступіць не так хутка, як гэта абяцаюць розныя нашы «збавіцелі».
27.VII. Кастусь Цвірка прынёс карэктуру маіх вершаў у «Полымі», а новыя, якія напісаў, усё праўлю і праўлю. Званіў Тарасевіч. Недзе адпачывае пад Мінскам. Чуецца лепш, хоць, як і ў мяне, апухаюць ногі. А дома цяжкая атмасфера. Мо таму і не спіцца ні мне, ні Любашы. У галаве мітусяцца нейкія новыя вершы, толькі мне зараз не да іх. Гаварыў па тэлефоне з Максімам Лужаніным. Скардзіўся на палымянцаў, якія чамусьці адмаўляюцца друкаваць яго паэму. Патрабуюць скараціць. Шкада, не чытаў я яе.
Што робіцца з гарачынёй! Гінуць травы, каласавыя, бульба, гародніна. А мы ўсё гуляем у палітыку, у фестывалі. А прывід голаду ўсё больш набліжаецца. Ён, відаць, ахопіць усю Расію і Украіну. Прыйдзецца перажыць страшныя гады, пра якія я толькі чуў ад свайго дзеда.
Тэмпература пад плюс 40°, а тут свята за святам. Каторы дзень няма газет.
30.VІІ. Відаць, соты раз перарабляю апошнія свае вершы. Усё цяжэй пісаць. Бо хвароба перашкаджае. Пачалі горш апухаць ногі, адкрыліся нейкія язвы на іх. А гарачыня такая, што і дыхаць няма чым. Заходзіў Саша. Прынёс карабок ампул кітайскага жэньшэню. У яго невыразная сітуацыя: яшчэ не ведае, калі яго вызваляць ад пасады першага намесніка міністра абароны і куды, на якую работу яго накіруюць. Адным словам: пара нам, старым, перасяляцца на нейкі пагост, бо тут — не жыццё. Для ўсіх сталі цяжарам, лішнімі.
31.VІІ. Трэба было б схадзіць на базар, купіць алею. Але да прыезду сястры з уколамі мушу сядзець дома, а пазней баюся выходзіць на паўдзённую спякоту, каб дзе не заваліцца.
Прачытаў выдатную паэму А. Сланімскага, напісаную ў эміграцыі падчас вайны, «Попел і вецер». У параўнанні з якой сучасныя нашы паэмы — дзядоўскія песні, якімі ў нас захапляюцца і чытачы і крытыкі.
1.VIII. Тэрмометр падняўся да 45°. Устаў з цяжкой, быццам волавам налітай галавой, але неяк закончыў пачаты ўчора верш «I чаго плыву я»…
4.VIII. Памёр Грыгол Абашыдзе. Ён, здаецца, на год маладзейшы. Усе сувязі з т. зв. братнімі літаратурамі спыніліся за гэтыя гады вар’яцкай перабудовы, з якой ніяк не можам выбрацца.
Прыехаў Юра з Нарачы. Дача наша ўжо стала нейкай казармай. Хто там толькі не адпачывае?! I ўнук Максім са сваімі сябрамі, а зараз і Рада прыехала з нейкай знаёмай. Не ведаю, чаго іх усіх туды цягне?
Атрымаў сардэчнае пісьмо ад М. Ігрунова, былога сакратара ЦК Беларусі. Мо заўтра змагу адпісаць, бо сёння нічога не ўдалося зрабіць. Не чыталася і не пісалася. Горача, душна.
5.VІІІ. Гаварыў па тэлефоне з Янкам Брылём. Засуха — казаў — усё выпаліла. Набліжаюцца страшныя часы — часы голаду.
Трэба будзе схадзіць у бібліятэку імя Я. Купалы, якая знаходзіцца побач з намі, і прачытаць новую падборку вершаў Пімена ў шостым нумары «Маладосці».
Прачытаў аднатомнік А. Сланімскага і дэтэктыў Г. Клімава, замешаны на яго фантазіі і розных гістарычных і біблейных спасылках. Усё гэта ператасована так, каб просты чытач не мог разабрацца, дзе праўда, а дзе — неверагодная хлусня.
Прачытаў у «Маладосці» вершы Пімена. Яны, мне здаецца, к многім паўтараюць яго ранейшыя вершы супроць бюракратаў, казнакрадаў, розных ідэолагаў, якія прывялі краіну да развалу і г. д. Праўда, ён быў у нас адным з першых, які выступаў супроць іх, нат некаторыя яго вершы здымалі цэнзары, але зараз на ўсе лады вар'іруюць тэму амаль усе пісьменнікі, хоць яня і не ахоплівае ўсёй праўды аб нашым грамадстве — карумпіраваным, двулікім, азвярэлым, ачмурэлым і здратаваным. Не паўтаралася ж у былых сацыялістычных краінах тое, што было ў нас: там ніхто не паліў касцёлаў, бібліятэк, не разбураў палацаў, не будаваў канцлагераў, не было ні масавых растрэлаў, працэсаў над іншадумцамі ці апазіцыянерамі. Звер сядзеў не толькі ва ўладзе, ён сядзеў і ў людзях, якія ёй падпарадкаваліся, ухвалялі на сваіх мітынгах гэту палітыку і яшчэ спаборнічалі: хто першы падпіша смяротны прыгавор асуджаным і, як аказалася, невінаватым.
8.VIII. Памёр Л. Ляонаў — адзін з выдатнейшых сучасных рускіх празаікаў. Помню, калісьці я пазнаёміўся з ім у Казахстане ў юрце Джамбула. Ён дужа здзіўлены быў, калі прыгадаў я яму цэлыя старонкі з яго апавяданняў, якія чытаў яшчэ да вайны. Адпісау на ліст М. Ігрунова, паслаў яму пару сваіх зборнікаў.
9.VІІІ. Нафрановіч A. I. просіць напісаць уступ ці колькі слоў да яго зборніка. Божа ты мой, я ледзь трымаюся на нагах сам, калі накрымзолю нейкі верш, сотню раз яго праўлю, а людзям здаецца, што мне нічога гэта не каштуе, магу ўсім даваць свае ацэнкі, парады, інтэрв’ю.
Тры дні біўся над невялічкім вершам, які не даваў спакою ні днём ні ноччу.
10.VІІІ. Атрымаў з Варшавы ад Валі Найдус бандэроль: некалькі нумароў тыднёвіка «Вядомосці культуральнэ» і «Зэшыты літэрацке». Надзвычай цікавыя часопісы па змесце i па форме. Ніяк не можам выбрацца з духоўнай aбмежаванасці і беднасці. 3 адной пасткі трапляем у другую. Культуру замянілі рознымі відовішчамі дзікуноў, спортам, парнаграфіяй, рэлігійным шаманствам.
Заходзіў В. Каляда, які ездзіў на юбілейныя ўрачыстасці Вільнюскай беларускай гімназіі. Шмат цікавага расказваў пра сустрэчы свае з беларусамі, якія з'ехаліся з усіх куткоў былога Саюза.
12.VІІІ. Праслухаў апошнія навіны: аварыі, забойствы, банкруцтвы… I гэта амаль кожны дзень. Радыё перадало, што ў нас замянілі ўсіх намеснікаў міністра абароны, шкада, што і Сашка Tpaпіў у гэтую кампанію. Відаць, не трэба было яму кідаць сваю ранейшую работу.
у «ЛіМе» — вельмі слабая ура-патрыятычная падборка вершаў Р. Барадуліна. Мне здаецца, што ў нас вельмі спяшаюцца з прысваеннем звання «класіка», што належыць да будучыні, а не супярэчлівай сучаснасці, а універсальныя ў свой час крытэрыі хараства замянілі групавымі, партыйнымі, дзяржаўнымі, сяброўскімі «ацэнкамі».
14.VІІІ. Засуха не адступае. А жнівеньскія і вераснёвыя дажджы мала ў чым памогуць. Натварыла бед наша меліярацыя Палесся і іншых раёнаў Беларусі, пра зямлю якой гаварылі, што і панаваць не дасць, але і жабраваць не пусціць. Зараз пусціць. Колькі пра асушку балот было напісаны од, пачынаючы ад купалаўскай паэмы «Над ракой Арэсай». А найбольш за ўсіх, лічу, да гэтага прычыніўся П. М. Машэраў, як і да нарыхтоўкі бярозавага корму для скаціны, стагі якога і сягоння сям-там дагніваюць.
У польскім друку: Мілаш, Мілаш, Мілаш! «Вядомосці культуральнэ» пішуць, што чытачам ужо надакучыла чытаць пра яго. Як упруцца ў каго, дык за ім і не відаць нікога. Слушна. Так і ў нас.
Заходзіла Іра. Паспрачаліся наконт спадчыны, якую, яна лічыць, што перахапіў Максім, а ім нічога не засталося. Агулам, цяжка з ёю гаварыць пра гэтыя справы.
Памалу пачынае спадаць гарачыня. Пад вечар пачаў брысаць дождж.
15.VІІІ. Хадзіў на пошту. Паслаў пісьмо В. Найдус, але баюся, што не дойдзе, бо зноў узняліся цэны. Непакой паралізуе людзей. Блукаюць па магазінах, але рэдка хто нешта купляе. А да ўсяго дамашнія канфлікты атруцілі ўсё жыццё.
Ад У. Казбярука даведаўся, што «Полымя» не выходзіць, бо няма паперы. Скандальная рэч. Падпісаўся на «Звязду». А на «ЛіМ» падпіскі яшчэ няма.
16.VІІІ. Польскі тыднёвік «Не» запрапанаваў паставіць помнік п’яніцам, якія сваімі страўнікамі, ныркамі і мазгамі п’юць на славу і карысць сваёй Рэчы Паспалітай.
17.VIII. Сёння зноў цяжкая гутарка аб спадчыне. Трэба аформіць дакументы на дачу. Як гэта робіцца, мо даведаюся ў юрыста СП. А. Жалязоўскі абяцаў мяне з ім звязаць. У. Казбярук зноў прынёс мне цэлы пачак польскіх газет і часопісаў. Відаць, хопіць на пару тыдняў.
Падкасіла нас засуха. Сонца асушыла рэкі, спапяліла ўраджаі каласавых, бульбы — нашага другога хлеба. Гэта, здаецца, найбольшая засуха ХХ веку.
Прачытаў зборнік вершаў Рыгора Крушыны «Вясна ўвосень» (Нью-Ёрк — Мюнхен, 1977 г.). Вершы напісаны на сярэднім узроўні сённяшняй паэзіі, агульным недахопам якой з’яўляецца тэматычная абмежаванасць, якая не пакідае свайго следу ў памяці чытача, якую не заменіш ніякім майстэрствам. А аўтар — мяркуючы па мове — недзе з маіх аколіц. Шкада, што ў зборніку не знайшлося месца на анатацыю аб ім.
У «Вядомосцях культуральных» інтрыгуючая рэцэнзія на кнігу 3. Зініка «Грыбаўступленне», якая выйшла ў Польшчы. Трэба будзе яе раздабыць.
«Мы и время» надрукавала на дзве паласы разгромны артыкул пра В. Быкава. Напісаў яго нейкі Ясны. Відаць, псеўданім. Сапраўды, ці не пара пакончыць з галашэннямі аб праследваннях цэнзуры, якімі зараз хваляцца амаль усе. Цэнзура была заўсёды, толькі, можа, не такая бязглуздая, як у нас.
20.VIII. Вось і мінула лета. А становішча ў нас з кожным днём ускладняецца, усё даражэе. Расце хабарніцтва, злачынствы. Недзе чытаў, што Масква ўжо стала сталіцай мафіі, якая захапіла ў свае рукі і капітал і ўладу. Новае слова: халтурызацыя. Да палітыкі дарваліся акторы, дзяльцы і спекулянты. Усё больш выязджае за граніцу вучоных, артыстаў. Хутка будзем не партнёрамі Захаду, а чысцільшчыкамі ботаў у замежных бізнесменаў, бо развалілі свае школы, ВНУ, акадэміі, калектывы спецыялістаў прамысловасці, абароны.
Толькі што перадалі «Новости» аб смерці Роберта Раждзественскага. Не верыцца. Яму ж толькі мінула 60 год ці крыху больш. Цікавы паэт, хоць, прызнацца, не ўсе яго эксперыменты мне падабаліся. А пазнаёміліся мы ў Вільнюсе, калі Э. Межэлайцісу ўручалі Ленінскую прэмію, разам выступалі на літаратурным вечары, потым былі ў Тракаі.
За акном барабаніць дождж. Чартоўскі цяжка на сэрцы. Набліжаецца канец і мой. Чуюся ўсё горш і горш.
21.VIII. Нядзеля. Разы два прымаў снатворнае. Званіў Саша. 3 ранейшай работы яго вызвалілі. Адны непрыемнасці. Вярнуліся мае нарачанцы — Юра і Сяргей. На тыдзень яшчэ там засталіся Іра і Кацюша. Прыслалі нам па баначцы чарніц. Відаць, сёлета ўраджайны год на ягады.
А я ўсё праўлю і праўлю свае апошнія вершы. Усё страшэнна ўскладняецца. Ніяк не магу ўзяцца за сваё завяшчанне.
У парыжскай «Культуры» прачытаў пару артыкулаў Ю. Чонскага пра мастацтва. Аўтар, здаецца, родам з-пад Мінска. Быў вядомым крытыкам, мастаком, публіцыстам. Мне пра яго калісьці расказваў Г. Смоляр. Ці не ў Суціна ён з ім сустракаўся. Ёсць нат прысвечаны яму верш у А. Ахматавай. Як бывае Ў жыцці ўсё пераблытана!
Карупцыя, спекуляцыя, відаць, у нашы дні — з’ява глабальная. Я пісаў у адным са сваіх вершаў, што крадуць медзь і бронзу, а сёння прачытаў у «Палітыцы», што ў Катавіцах, дзе стаіць помнік Ю. Пілсудскаму, у «Дзядка» укралі бронзавую шаблю. Ну, а ў Маскве ля помніка Невядомаму салдату з гранітнай пліты нехта збіў бронзавыя літары «Город-герой» і г. д.
22.VІІІ. Першы асенні туман. Памалу пачынаю складаць свой новы зборнік вершаў і перадрукоўваць іх. Нат не ўяўляў, якая гэта марудная справа. А ў краіне нешта адбываецца несамавітае: карупцыя, злачынствы… Відаць, усіх нас чакаюць выпрабаванні, аб якіх мы яшчэ не маем ніякага ўяўлення. Ды і ўвесь свет ахапіла пошасць вар’яцтва, якая распаўсюджваецца не без дапамогі сучаснай музыкі, літаратуры, кіно… У Амерыцы шалее gangster аре, які відаць, перахопіць і наша моладзь, прагная на ўсё замежнае, новае.
Заходзіў Максім. Казаў, што сын захварэў. Ляжыць у Вілейцы. Нешта ў яго разбалеліся вочы. Ды і ў мяне кепскія справы з вачамі. I акуляры не памагаюць.
24.VІІІ. Сёння ў Любашы быў нейкі прыступ: болі ў правай руцэ, галавакружэнне. Ледзь сваімі таблеткамі змог ёй крыху памагчы. Ды і я ледзь трымаюся на нагах. Ноч была неспакойная. Некалькі раз прымаў нітрагліцэрын. Відаць, да раніцы гарэлі шматколерныя рэкламныя агні рэстарана на вуліцы М. Багдановіча.
Заўтра паспрабую сазваніцца з доктарам Валерыем Мікалаевічам і з таварыствам «Дружба», можа, у іх ёсць нейкія лекі.
У Фларэнцыі, піша «Палітыка», выстаўка акварэляў Гітлера. Чарга была большая, як ля карцін Тыцыяна.
29.VIII. Заходзіла ўчора маці Сашы. Заблытаўся ён у непрыемную гісторыю будаўніцтва дачы. На якога чорта была яна яму?
Відаць, апошні раз быў на рынку. Купіў памідораў, пару селядцоў і ледзь прыцягнуўся дамоў. Сёння чакаю званка з лечкамісіі. Трэба зноў класціся. А я тут пакідаю хворую Любашу. Развальваецца наша сям’я. Учора вярнуліся з Нарачы Іра і Каця. Казалі, сёлета шмат у лесе грыбоў, якія яны збіралі і якімі харчаваліся. Шкада, што ніхто з іх не здагадаўся хоць пакаштаваць прывезці.
3-за адсутнасці паперы не выйшлі многія часопісы («Полымя», «Нёман»…). А зараз не будзе выходзіць і «ЛіМ».
Званілі са школы. Запрашалі на сустрэчу з вучнямі, якія купілі мой апошні зборнік і хацелі б падзяліцца сваімі думкамі з аўтарам ды і самога яго паслухаць. Шкада, што не магу, бо чакаю, калі трэба будзе ехаць у паліклініку.
Вось так і не сабраўся напісаць завяшчанне, у якім катэгарычна забараніў бы і тэатралізаванае сваё пахаванне, і памінкі, і адкрыцці мемарыяльных дошак ді нейкіх музеяў, бо ўсё гэта лішняя непатрэбшчына і буфанада.
Рэклама так забіла тэлеперадачы, што і глядзець не хочацца. Рокавыя канцэрты з голымі, звар’яцелымі бабамі, сексуальныя сцэны даводзяць моладзь — і не толькі моладзь — да небывалай разбэшчанасці і маральнай дэградацыі. Відаць, усё гэта некаму трэба. Відаць, такім безгаловым стадам лягчэй кіраваць, лягчэй нацкоўваць чалавека на чалавека і народ на народ.
У верасні Міністэрства культуры плануе нейкі сход. Запрашалі. Але я, відаць, не змагу браць у ім удзел.
Двойчы хадзіў у цырульню, але такая была чарга, што я не адважыўся чакаць. Мо заўтра ўдасца пастрыгчыся.
А застой у эканоміцы ўсё паглыбляецца. Праслухаў учарашняе інтэрв’ю. Раней палітыкі менш гаварылі пра сябе, як зараз. I не заўважаем, як усе абмяшчаніліся, абхамелі. Усё больш пераконваемся, што грашовы мяшок спонсараў капіталістычных разлічаны на прыбытак, а не на культуру. Разлапушваецца псеўдакультура псеўдаталентаў. Кіраўнікі нашы паралізаваны прагай улады. Гаворым аб цэнзуры, якая была раней. Але адсутнасць яе — чысцейшая утопія, бо прэса ніколі не была аб’ектыўнай, як і творчасць.
30.VIII. Нешта і з паліклінікі ніякіх звестак. Напэўна, няма свабодных месц. Званіў Сашу. Яшчэ не вярнууся з Масквы. Максім, відаць, паехаў на Нарач. Зараз там наша дача стала карчмой. Поўна розных прошаных і няпрошаных гасцей, аб чым, напэўна, ведаюць і мясцовыя кіраўнікі.
Перачытаў перыёдыку ды зноў узяўся за «Дон Кіхота». Не разумею, чаму яго так не любіў Лопэ дэ Вега. Тады, калі Сервантэс лічыў апошняга адным з выдатнейшых іспанскіх драматургаў. Зайздрасць? Слепата? Ці нешта іншае, аб чым мы не ведаем? Не мог жа алімпіец Гётэ памыліцца, што ў навелах Сервантэса знайшоў скарб.
Рышард Б прыслаў пісьмо і пераклады маіх вершаў на эсперанта. Вось чаго не спадзяваўся, дык не спадзяваўся. Трэба хутчэй яму адпісаць, бо могуць мяне пакласці ў бальніцу. Гаварыў з Сашкам пра яго невясёлыя справы. Усюды ідзе скарачэнне ўпраўленчага апарату. Толькі зараз, каб адвесці ўвагу ад чарговай дэвальвацыі, усе газеты, як па камандзе, забіты рознымі матэрыяламі аб карупцыі, злачынствах, нацыянальных канфліктах, якія з'явіліся ў выніку гэтай бязглуздай перабудовы. Цяпер усе віды прапаганды загаварылі аб катастрафічным стане ў нас, тады калі гэта было відаць адразу, толькі палітыкі стараліся заглушыць усё сваімі абяцаннямі ды бязглуздымі лозунгамі.
1.ІХ. Зноў ляжу ў бальніцы. Здаецца, суседам маім будзе Я. Глебаў, з якім я ўжо калісьці быў у адной палаце. Заходзілі нейкія амерыканцы. Суправаджаў іх наш галоўны ўрач Мікалай Міхайлавіч і перакладчыца. Нервы зусім выйшлі з-пад кантролю. Не спіцца і не ляжыцца. Нат чытаць не магу, а тое, што пішу, нікуды не надаецца. Толькі безліч раз перакрэсліваю.
4.ІХ. Нядзеля. Была Оля. Максім трапіў у нейкую аварыю, многіх пакалечаных пасажыраў забралі ў бальніцу.
7.ІХ. Прачытаў сёмы нумар «Полымя», у якім надрукавана цікавая аўтабіяграфічная (?) аповесць І. Навуменкі, паэма П. Панчанкі і падборка вершаў Р. Барадуліна. У гэтым жа нумары змешчан і мой пераклад Г. Пельгрымоўскага. Прызнацца, паэзія аказалася менш эмацыянальнай і змястоўнай, як проза. А верш Р. Барадуліна «Грукаю ў дзверы» пераклікаецца з маім сляпцом, які асцярожна стукае кавенькай, быццам баіцца пачуць голас зямлі: «Калі ласка». Агулам сённяшняя наша літаратура, асабліва — паэзія, не выйшла за рамкі нашаніўскіх адраджэнцаў.
Хадзіў з Яўгенам Аляксандравічам Глебавым на прагулку. Зусім развучыўся хадзіць. Відаць, тут прыйдзецца правесці і свой дзень нараджэння. Чытаю Ніцшэ, яго прозу і вершы. Трэба будзе пагартаць і нашумеўшую кнігу Н. Букшына, якую прынеслі Я. А. Глебаву.
14.ІХ. Была Іра. Званіла Любаша. Ёй здалося, што я ўчора быў дома і пыталася, як я даехаў. Усё пераблыталася ў яе памяці. Трэба хутчэй вяртацца дадому, не зважаючы на маю хваробу, і хутчэй пісаць завяшчанне. Ларыса Васільеўна Глебава раіла ў гэтай справе звярнуцца да яе знаёмай — натарыуса Турмовіч Антаніны Кліменцьеўны.
Накідаў верш «Рэзыгнацыя».
Сёння пачну перагаворы з маім доктарам Яўгеніяй Вітальеўнай Бучурынай — калі змагу выпісацца, бо ўжо амаль усе абследаванні я прайшоў. Сумная карціна.
15.ІХ. Учора познім вечарам з СП прывезлі Любашы нейкую прадуктовую пасылку. Сёння Глебаў, які 10.ІХ адзначыў тут сціпла, але сардэчна са сваімі сябрамі і вучнямі 65-годдзе, паехаў на тыдзень у Гарадзішчанскі санаторый.
Чакаю, каго падселяць у палату. Аднаму, прызнацца, тут сумна. А за акном — самы разгар бабінага лета. Гарачыня.
Заходзіла наша Оля. Пагаварылі пра сённяшнія невясёлыя справы. Усе ў трывозе за далейшае жыццё-быццё. Хутка і мой дзень нараджэння, і Любашын.
Учора прывеэлі ў бальніцу Пімена. Ляжыць у 308 палаце. Разам з ім і Зоя, якая яго даглядае. Трэба наведаць яго. Колькі ўжо год мы ў ім не бачыліся! I ён быў прыкуты хваробай да ложку, і я, як стрыножаны конь, не мог нікуды адлучыцца без дапамогі транспарту.
17.ІХ. Вось і настала мая сумная гадавіна. Атрымаў некалькі віншавальных тэлеграм, паштовак. Званіў I. Шамякін, У. Правалінскі, 3. Азгур, Я. Глебаў, яшчэ нехта. Узяўся за верш «Хмара».
Ні на хвіліну — ці ноч, ці дзень — не пакідаюць трывожныя думкі.
Здаецца, Кашчавая не зводзіць з мяне вачэй. Толькі тады не глядзіць на мяне, калі пішу.
18.ІХ. Хадзіў да Пімена. Ледзь пазнаў ён мяне, а я — яго. Пасля перанесенага інсульту яму цяжка гаварыць, а на мяне напала нейкая глухата. Сеў за верш:
Калі горыччу перапоўнена сэрца
I дыхаць і жыць немагчыма, здаецца,
Заўжды ўспамінаю сасну над абрывам,
Падсечаную нарачанскім прылівам…
А тым часам збіраюся вяртацца дамоў, хоць стан майго здароўя — крытычны. Узяўся яшчэ за адзін верш: «Не любіў і не люблю ў прадказанні бавіцца...» Схадзіў яшчэ да стаматолага, у якога сустрэў i А. Кучара.
Амаль не гляджу тэлеперадач. Ідзе суцэльная амерыканізацыя рэкламы, кіно, культуры. Усё гэта чартоўскі надакучыла. Званіў I. Малец, абураны на артыкул у «Советской Белоруссии», у якім аўтар піша, як спатыкалі Савецкую Армію А. Луцкевіч, Рак-Міхайлоўскі і другія былыя дзеячы ў 1939 г. У сваіх успамінах А. Луцкевіч прыйшоў да сумнага вываду, што змарнаваў сваё жыццё, змагаючыся cyпроць камунізму. Праўда, пісаў ён гэта трагічнае прызнанне будучы ў турме. Магчыма, у архівах рэдакцыі «Полымя» недзе захаваўся гэты дакумент. Шкада, што яго чамусьці не апублікавалі.
22.ІX. Прачытаў «Між берагамі» Н. Арсенневай. Цікавы зборнік і асабліва — прадмова да яго Ант. Адамовіча — адна з самых глыбокіх і цвярозых ацэнак яе творчасці.
Думаю сёння выйсці. Можа, што куплю з прадуктаў — наступілі біблейныя худыя гады. Ва ўсім тут вінаваты і кіраўнікі і мы самі. Недзе чытаў, што на пачатку перабудовы пачалі мы з нябачнага марнатраўства: за сто мільёнаў долараў запланавалі пабудаваць сто заводаў па выпуску кока-колы, быццам не маглі абысціся без гэтага пітва, недзе згнаілі дзесяць мільёнаў авечых скур, а колькі хлеба, прадуктаў… I так ва ўсіх галінах сваёй гаспадаркі. Відаць, ніколі мы не навучымся жыць ашчадна і разумна працаваць. Зараз усе магазіны завалены замежнымі таварамі. А дзе нашы?
24.ІХ. Хадзіў па прадукты. Купіў хлеба, пару селядцоў, сыру і манкі. Ледзь прыйшоў у сябе, вярнуўшыся дамоў. Шкада, што на вуліцы Багдановіча чамусьці паўбіралі лаўкі, на якіх можна раней было адпачыць.
Перадрукаваў для палымянскай падборкі некалькі новых вершаў. Не ў захапленні я ад яе.
26.ІХ. Заўтра дзень нараджэння Любашы. Не ведаю, ці хто прыйдзе. Чытаю А. Бахеньскага «Гісторыю дурноты ў Польшчы». Не менш яе і ў нас. Зараз не паспяваем адзначаць розныя гадавіны. А іх столькі, што і дзён не хапае ў годзе.
Перастаў глядзець заамерыканізаваныя тэлеперадачы і рэкламныя шоу, якія ўсім астачарцелі.
Неспадзявана наведаў доктар Валерый Мікалаевіч. Ён пазнаёміўся з аналізамі, зробленымі ў бальніцы, калі я ляжаў там. 3 яго слоў і са слоў дактароў, якія праводзілі абследаванне, справы мае зараз горшыя, як былі некалькі месяцаў раней. Трымаюся толькі дзякуючы сардэчнаму стымулятару, які вось ужо шосты год працуе, і лякарствам. Забараніў аднаму выходзіць на вуліцу. Так што неабходна хутчэй вырашаць мне свае справы. Калі вернецца Максім, трэба паскорыць афармленне завяшчання. А што будзе без мяне з Любашай? Як і хто ёю заапякуецца?
Атрымаў ад Валі Найдус з Варшавы цэлую кіпу газет і часопісаў. Ну і маладзец! Буду мець, што чытаць. Хоць і польская прэса, як і наша, запоўнена амаль аднымі і тымі сенсацыйнымі разаблачэннямі розных карупцый і гангстэраў, якія давялі ўсё наша грамадства да палітычнай і маральнай інфляцыі.
28.ІХ. Наведалі мяне мае мядзяльчане. У кастрычніку (28-га) прасілі прыехаць на літаратурны вечар разам з Захарэвіч Марыяй Георгіеўнай і Вячаславам Пятровічам Рагойшам. Прывезлі з радзімы маёй прыгожы букет кветак і мядзельскіх яблыкаў. Відаць, калі змагу, пад’еду, хоць дактары і забаранілі ні на якія вечары, выступленні не ездзіць аднаму і не вы ходзіць з дому.
Слухаю спрэчкі дэпутатаў у Вярхоўным Савеце. Я думаю, што дэмакратыя — ніякая не дэмакратыя, калі яна ўскладняе наша жыццё, калі людзі пакутуюць ад непаладкаў у краіне, калі западае навука, культура і іх асноўная база — эканоміка. Не трэба быць дальназоркім, каб без трывогі думаць і ў такіх умовах не трывожыцца за нашу будучыню…
Чакаю дзевятага нумара «Полымя». У цяжкім становішчы апынуліся нашы часопісы. Зараз іх пусцілі на вуліцу, як нейкіх дзевак, каб шукалі спонсараў ахвочых іх падтрымаць, апекавацца імі.
Чакаю, абяцалі прыслаць з Польшчы цікавую аповесць «Паводле Іуды» Генрыка Панаса і новыя творы Стахуры — аднаго з выдатных сучасных польскіх празаікаў. Добра, што кіраўніцтва нашага СП падкінула ветэранам па мяху бульбы. Прывёз У. Скарынкін. Відаць, ён працуе ў апараце. Казаў, закончыў пераклад «Пекла» Дантэ. Не спытаўся я ў яго, ці ён перакладаў з арыгінала, ці з падрадкоўніка. У кожным выпадку гэта значная падзея ў нашай літаратуры.
29.ІХ. Прыйшло «Полымя» з маёю падборкай. Трэба будзе купіць некалькі нумароў, каб паслаць Якаву ў Маскву, хоць зараз не да перакладаў, бо няма дзе іх друкаваць ні ў нас, ні ў Маскве.
Да ўсіх маіх недамаганняў прыбавілася яшчэ хвароба ног: адкрываюцца нейкія язвы, якія доўга не зажываюць, і слабеюць вочы. Дробны газетны друк чытаю пятае праз дзесятае.
У. М. Казбярук зноў мяне загрузіў польскімі выданнямі. Новае слова: «амерыканізацыя», якога, сапраўды, не хапала ў нашым гармідары.
4.Х. Максім вярнуўся з Нарачы. Трэба было б дамовіцца з некім, каб наглядаў за дачаю. Куляшовы і Лыньковы дамовіліся плаціць па 50 долараў. Відаць, мы не зможам.
Быў сёння доктар. Катэгарычна забараніў мне ехаць на мой вечар у Мядзела і нат на сустрэчу з балгарскімі пісьменнікамі ў Таварыства дружбы. Трэба будзе папярэдзіць землякоў, каб яны не рыхтаваліся. Забараніў нат аднаму выходзіць на вуліцу, бо апошні час, аказваецца, стан здароўя значна пагоршыўся. Значыць, у запасе ў мяне амаль не засталося i пару месяцаў. Ці паспею сяк-так скласці рукапіс свайго апошняга зборніка? Сёння пачаў яго перадрукоўваць.
Пахаладала. Добра, што Сашка падкінуў пару мяшкоў бульбы. Засталося толькі, калі атрымаю ганарар, закупіць для сябе і для Максіма з Ірай сала — без гэтага асноўнага прадукта зараз хутка выцягнеш ногі.
Учора закончыў «Веснавую песню». Эх, як недаравальна ў жыцці растраціў свой час! Трэба было раней мне развітацца з работай у СП, у розных камісіях, журы, саветах…
Чытаю. Вельмі шмат сустракаю ў паэзіі запазычанасцяў, наследаванняў. Але што з гэтага дзівіцца, калі недзе чытаў — яшчэ супернікі Мікеланджэла Рафаэль і Брамантэ, маючы ключы ад Сіксцінскай капэлы, прыходзілі запазычаць яго ўзоры.
He дае мне спакою справа з афармленнем завяшчання.
9.Х. Гаварыў з Максімам Лужаніным па тэлефоне. I ў яго дома — лазарэт. Хадзіў Сярожка па хлеб. Думаў купіць памідораў, агуркоў, але не купіў, бо і дарагія і непрыгожыя. Чакаю ганарару з «Полымя» за падборку сваіх вершаў, але з расплатай нешта не спяшаюцца, а грошы, як вада, знікаюць. Не паспееш іх пакласці ў кішэню, як няма чаго і класці, бо ўсё даражае з кожным днём. Відаць, цяжкай і галоднай будзе зіма. Нам яшчэ, дзякуй богу, літфонд падкінуў мех бульбы, і запасліся цукрам.
Напісаў у Мядзела К. А. Каратаю, што 28-га кастрычніка не змагу прыехаць, бо дактары забаранілі нат выходзіць з дому. Шкада, што так атрымалася.
Поўнач. Перадавалі, што заўтра пахаладанне. Прачытаў, што не толькі я, але i К. Ілакавічуўна і іншыя пісьменнікі, паэты, пакінулі па сабе вельмі нецікавую перапіску.
Учора правёў сямейную нараду, бо гэтымі днямі трэба аформіць мне маё завяшчанне (кватэра, рэчы, кнігі, ганарар), каму што перадаць. Трэба сказаць, што гэта такая клапатлівая справа, можа, нат большая, як мая хвароба.
11.Х. Званілі мае медзяльчане. Прасілі прыехаць. Можа, і рызыкну, узяўшы ў дапамогу Максіма, хоць гэта падарожжа маё можа быць небяспечным.
Пагаварыў па тэлефоне з Сашам і яго сябрам Каўрыгай. Выкапаў у сваёй бібліятэцы зборнік вершаў Сміта. Як я мог яго да гэтага часу не ведаць?!
Шкада, што размінуўся я са сваімі мядзяльчанамі: я паехаў у выдавецтва, а яны загрукалі да нас. Ці не быў толькі сам старшыня райвыканкома? На стале пакінуў ён сцэнарый майго літаратурнага вечара, напісаны прадумана, цікава, які ўсхваляваў мяне. I так, не зважаючы на катэгарычную забарону дактароў, буду з Максімам збірацца ў сваё перадапошняе падарожжа, перадапошняе таму, што буду прасіць у сваім апошнім завяшчанні далучыць мяне з Любашай да нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў на слабадскім пагосце.
17.Х. Накідаў кароткае ўступнае слова, з якім трэба, калі змагу, выступіць на літаратурна-музычным вечары ў Мядзеле. Пішу, «калі змагу», бо нейкія язвы адкрыліся на нагах. Яшчэ не ведаю, з кім паеду: з Максімам ці Пятром Маркавічам.
Яшчэ раз пагартаў зборнік вершаў Ч. Мілаша. Мне здаецца, у прысуджэнні яму, як і многім іншым, Нобелеўскай прэміі адыгралі ролю ў першую чаргу палітычныя моманты.
3 польскіх газет даведаўся, што на Захадзе выйшаў падручнік гісторыі для школ, у якім амаль нічога не сказана пра Беларусь і пра іншыя еўрапейскія краіны, многіх славутасцяў. А мы, упаўшы ў свой рамантызм, думаем, якія мы славутыя, вядомыя ўсяму свету, што без нас… і г. д.
У Боне адбылася прэм’ера оперы «Гарбачоў» (лібрэта Т. Карнера, музыка Г. Боня). «Чаму ім не пець, чаму не гудзець?» — арыя для Коля…
Усё даражае, усе абкладаецца падаткамі. «Звязда» піша пра выдавецкія, бізнесменскія справы, у якіх замешаны і сыны В. Адамчыка. Агулам, цяжка становіцца жыць у бардаку, у якім усе мы апынуліся. Званіла Г. I. Ціхановіч, каб выказаўся ў іх газеце аб выкладанні беларускай мовы ў брэсцкіх школах, бо многія бацькі пішуць заявы, у якіх патрабуюць выкладання на рускай мове. Чорт ведае што робіцца!
19.Х. Халадзіна. Апрануў на сябе ўсе світры. Зіма, відаць, убіраецца ў сілу. Добра, што вечар у Таварыстве перанеслі на палову лістапада. Учора ледзь не трапіў у аварыю. Хацеў сесці ў тралейбус і зваліўся з прыступак. Добра, што нейкі праходы памог падняцца. Відаць, без аховы мне ўжо нельга. Дактары даўно забаранілі гэта рабіць, але мне не хацелася ў гэта верыць. На нагах адкрыліся нейкія варыкозныя язвы, якія нічым не даюцца загаіць. Памалу пішу, адказваю на лісты, як магу, баранюся ад розных інтэрв'ю.
Ч. Мілаш як ганаровы грамадзянін Літвы зараз патрабуе звароту маёнтка бацькоўскага ў Шэтэйне.
Запісваю, у перакладзе, словы песні паўстанцаў 63 г.:
Побач з арлом знак пагоні,
Пайшлі нашы ў бой без зброі.
Го, го! Крокі граюць, дух іграе.
Няхай уся Польшча знае,
Якіх смелых сыноў мае!
Закінуў свой дзённік і календарый, у якім запісваў распарадак дня, хоць рэдка калі ў яго ўкладваюся. Пішу «гаіку» (3 радкі, 17 складоў). Унёс некалькі правак у адзін са сваіх апошніх вершаў, і аж у душы пасвятлела.
Кажуць, што джэнтльмены пра грошы не гавораць, але зараз мы, пісьменнікі, апынуліся ў незайздросным становішчы. Так, за год працы над вершамі (ад падборкі да падборкі) я атрымаў 150 тысяч рублёў. А трэба яшчэ памагчы і дзецям і ўнукам. Мяне яшчэ ратуе пенсія і не плачу за лякарствы, якія каштуюць столькі, што можна было б застацца і голым і галодным. Большая частка народу ўжо каторы год пакутуе за т. зв. рысай беднасці. А галоўнае — ніякай надзеі на нешта лепшае.
20.Х. Напісаў пісьмо ў Варшаву Валі Найдус. Ізноў узяўся дапрацоўваць свае апошнія вершы. А ў пакоі холадна. Не ведаю, як гэту зіму перазімуем. Гартаю зборнік Л. Геніюш «Невадам з Нёмана» і прыгадаў радкі са свайго верша: «I ў паўнаводны ўспенены Нёман разам з другімі закінуў я невад»
Званіў Янка Брыль: амаль у безнадзейным стане ляжыць Толя Вялюгін (рак) і Ул. Ан. Калеснік. Аж мароз прабег па спіне ад гэтых звестак. Напісаў нейкі верш «У палёце». Другі дзень усё праўлю яго і перапісваю.
Званілі з Мядзела, што 28-га прыедуць за намі — удзельнікамі літаратурна-музычнай вечарыны. Не ведаю, ці вытрымаю гэту нагрузку, бо з кожным днём адчуваю сябе горш. Толькі не гавару пра гэта нікому.
26.Х. Памёр Толя Вялюгін. Нейкая пустка пачынае мяне акружаць. Трэба і мне збірацца ў гэту невясёлую дарогу. Шкада, што не засталося ў мяне часу на пераацэнку сваіх твораў і твораў усёй нашай літаратуры, на што трэба было б мець у запасе яшчэ адно жыццё.
3 афарызмаў Эміля Ціафана: «Што Бог рабіў, калі нічога не рабіў?», «Гісторыя — парад фальшывых абсалютаў». (Перапісаў з «Respubliki», часопіса, які атрымаў ад Валі.)
Гаварыў з Міколам Аўрамчыкам, які толькі што прыехаў з вёскі. Цяжкое ўражанне пакінула ў яго гэта падарожжа… Усё распадаецца. Людзі нат не пасадзілі бульбы, не пасеялі азімых. Са страхам чакаюць зімы і з трывогай — падзей.
28.Х. Позняй ноччу прыехаў з Мядзельшчыны з т. зв. літаратурна-песеннай вечарыны, прысвечанай мне, грэшнаму. Перш заехалі ў Пількаўшчыну, дзе надзвычай гасцінна сустрэлі ўсю нашу васьміасабовую каманду Федзя і Маня, пачаставаўшы нас сваімі вясковымі прысмакамі. А потым — у Мядзела. I хоць я вельмі слаба сябе адчуваў, дзякуючы апецы Пятра Маркавіча сяк-так дацягнуў да канца. Мясцовыя кіраўнікі і работнікі культуры, трэба сказаць, наладзілі былі прыём і стол. Мяркуючы па стане свайго здароўя, гэта было маё развітанне з Нараччу і маімі сябрамі. Па дарозе спыніліся і на слабадскім магільніку. Пакланіўся магілам сваіх бацькоў і дзядоў, суседзям: «Да хуткай стрэчы, дарагія!», бо я ў сваім апошнім завяшчанні буду прасіць пахаваць на гэтым каля нас пагорку, усеяным заімшэлымі валунамі, і мяне з Любашай, так як і яна мае «права» быць тут пахаванай, бо бацька родам з гэтай жа Слабады.
Добра, што выдаўся дзень сонечны, пагожы. Толькі калі вярталіся ў Мінск, пачаў імгліць дождж.
Падарылі мне там керамічны кубак з мёдам, восеньскі пейзаж работы мясцовага мастака і цудоўны драўляны бачонак ад Сваткаўскай школы, ну і — прыгожыя букеты кветак з караваем. А ў брата Федзі папоўніў свае зімнія запасы бульбай, грыбамі, цыбуляй, буракамі. Адным словам, вярнуўся, як наш даваенны поп пасля аб’езду веруючых сваёй парахвіі. Шкада, што не змаглі чамусьці паехаць са мной ні Максім, ні Іра. Праўда, дзень быў рабочы. Ды і такіх літаратура, як і большасць сучаснай моладзі, зусім не цікавіць. Я ім і не надакучаю сваімі творамі, хоць і крыўдна крыху за такіх людзей, якія нічым не цікавяцца.
Перачытваю прэсу. Не заўважаем, як усё больш пачынаем патанаць без ніякай патрэбы ў запазычаннях вульгарызмаў і агрэсіўных амерыканізмаў.
Апошнімі часамі чартоўскі пачалі апухаць ногі і мучыць бяссонніца.
Званіў з Масквы Саша. Відаць, на доўгі час ён там абсталяваўся.
30.Х. Пасля паездкі на Нарач не магу прыйсці ў сябе. Заходзіў Максім. I ён нешта скардзіцца на свае здароўе.
Сёлета Нобелеўская прэмія прысуджана Кэнзабура Оэ. Нешта, помню, я яго чытаў на польскай мове. «Справы асабістыя» (?). А мы, трэба прызнацца, вельмі слаба сочым за творамі сучаснай літаратуры свету. Усё ніяк не можам выбрацца з мінулых вякоў. Пара ў нас адкрыць серыю твораў набелістаў. Да гэтага часу на перашкодзе гэтаму стаялі розныя палітычныя рагаткі. Але зараз хоць іх і няма, мала што змянілася на гэтым фронце. Асабліва ў паэзіі. Тут ёсць чаму павучыцца ў нашых польскіх сяброў.
Быў доктар Валерый Мікалаевіч. Ніяк не ўдаецца ліквідаваць мае ацёкі на нагах, якія ўсё павялічваюцца. Выпісаў рэцэпты. Усё ж ткі паездка мая была рызыкоўнай, бо пасля яе чуюся значна горш.
1.ХІ. Чытаю Набокава пра Хадасевіча Ул.: «Найбольшы паэт нашых часоў…» Відаць, я ні чорта не разбіраюся ў паэзіі, бо вершы яго ў гэтым мяне не пераканалі («Музыка», «3 Берліна», «Зоры», «Да сяброў», «3 дзённіка», «Госцю» і інш.).
За акном барабаніць дождж. Нейкая гарачыня ў нагах. Сяджу, распрануўшыся. Чытаю.
4.Х1. Дзяды. Добра, што ўдалося пабываць на Пількаўшчыне, пабачыцца з Федзем, Маняй, пабываць у Мядзеле і на слабадскім магільніку — у гасцях у маці, бацькі… Спяць яны на пагорку. Без дапамогі Пятра Маркавіча, відаць, не дайшоў бы да іх. А ў Касцяневічы, на магілу сястры Верачкі, ужо не змагу паехаць, такім чуюся знясіленым, што ледзь трымаю пяро ў сваіх руках. I так усё надакучыла.
За акном плывуць цяжкія аблокі, несучы на сваіх плячах ці снег, ці дождж. Ніяк не магу сабрацца напісаць сваім нарачанцам, падзякаваць за іх гасціннасць, схадзіць на пошту, аформіць падпіску на наступны год, бо пасля паездкі чуюся горш: слабасць, бяссонніца. Заходзіў Максім. I ён адчувае сябе дрэнна. Праходзіць абследаванне на дыябет.
5.ХІ. Каторы дзень змарнаваў: не напісаў ні радка вершаў, не прачытаў ніводнай кнігі, нат не адказаў на пару лістоў сябрам. За апошнія часы такіх дзён у мяне набіраецца ўсё больш і больш.
Польскія газеты пішуць аб карупцыі ў Савецкай Арміі — казнакрадстве. Яшчэ Сувораў казаў, што кожнага, хто праслужыў больш як пяць год кватэрмістрам, трэба расстрэльваць, а асуджаны будзе ведаць за што.
6.ХІ. Запісваю ўсякае трызненне. Толькі пад дзень, наглытаўшыся ўсякіх таблетак, заснуў. Званіла В. Клышка, каб даў пару сваіх зборнікаў для яе знаёмых. А галава — цяжкая. Трэба было б выйсці пагуляць, але баюся, каб дзе не заваліцца. Суседзі, чуваць, нешта ўжо каторы месяц рамантуюць, грукаюць і грукаюць. Каму ні пазваню — усе хворыя. Перачытваю Лукаша. Не разумею, чаму ён у нас лічыцца ерэтыком, рэвізіяністам. Спакушаюць выступіць з артыкулам аб сучасным стане нашай літаратуры, а я да гэтага часу не магу ў ёй разабрацца. Ведаю толькі, што мы блукаем паміж трох сосен — архаікай, сучаснасцю і будучыняй.
Заходзіла Оля з невясёлай звесткай: у Максіма вельмі ў цяжкай форме дыябет. Не хапала нам яшчэ і гэтай бяды.
I так, за плячамі засталіся: юнацтва, сталасць. Наперадзе — такая пустка і адзіноцтва, што не ведаю, куды ад іх падзецца. Са страхам чакаю зімы.
У галаве — нейкі балаган, як і ў жыцці.
Губляю кантакт з сапраўднай паэзіяй. Адчуваю, што яна — побач, але дзе? Традыцыйныя тэмы вытаптаны рознымі буйваламі. Трэба пачакаць, пакуль уляжацца пыл. Адводжу душу на песнях Дантэ.
7.ХІ. Цэлы дзень пішу пісьмо К. А. Каратаю і перакрэсліваю яго. Сёння Максім пайшоў на аналізы. Дзе ён падхапіў свой пракляты дыябет? Здаецца, ні хто ў нас з гэтай хваробай нё знаўся. Атрымаў запросіны на вечар перакладаў балгарскай паэзіі і на Свята Незалежнасці Польшчы.
Частушка са «Звязды» (Г. Дашкевіч):
Дурні мовай гандлявалі,
Бэкалі і мэкалі.
Паказалі ім далар,
Дык закукарэкалі.
9.ХІ. Хлеб зноў падаражаў на 30%, а малочныя прадукты на 100%. Званілі з выдавецтва, каб прыехаў па ганарар. Не знаю, ці змагу, а калі паеду, ці хопіць на таксі. Зноў праўлю вершы для новай падборкі. Гаварыў па тэлефоне з I. Шамякіным. Ён, аказваецца, пісаў прэзідэнту пра нашы пісьменніцкія клопаты, але адказу так і да гэтага часу не атрымаў. Відаць, канцылярысты перадалі яго пісьмо A. І. Бутэвічу.
Гаварыў з Р. Барадуліным і з дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» аб выданні свайго зборніка выбраных.
Пазнаёміўся з надзвычай цікавым доктарам Сіваковым Аляксандрам Паўлавічам, які прывёз мне з Варшавы ад Валі Найдус — ну і маладзец яна! — пачак часопісаў. Трэба будзе для Валі падшукаць том энцыклапедыі «Беларусь» і неяк праз А. П. Сівакова ёй перадаць. А ён, аказваецца, яшчэ і сваяк Аляксея Карпюка. Ну, зараз зноў будзе ў мяне што чытаць!
11.ХІ. Званкі, званкі… Столькі намножылася гультайскіх гадавінаў і юбілеяў, што няма калі і перадыхнуць. Ужо і адбівацца ад іх стаміўся.
Чытаю, раблю нататкі, быццам збіраюся жыць і жыць, хоць ужо ні сваіх ведаў, ні адкрыццяў не змагу рэалізаваць.
Збіраўся схадзіць у бібліятэку імя Я. Купалы, якая амаль побач з нашым домам, але прыйшла Лeна з рознымі гасцінцамі, потым Іра, Максім, які памог перавязаць нагу Любашы, на якой адкрыліся нейкія язвы, як і ў мяне ад ацёкаў, так і застаўся дома. Яшчэ адзін змарнаваны дзень.
— У будучыню?
I на скрышаных крылах?! —
Смяецца Слімак.
Выразка з «Жыця літэрацкага» (№ 43, Ігар Тарлецкі, 1940 г.): «Трэба было бачыць пагарду і ганьбаванне, з якім нямецкія яўрэі адносіліся да яўрэяў з Усходу, называючы іх Ostjuden… Чытаючы бюлетэні, вывешаныя на параходзе, з гонарам і радасцю выкрыквалі: “Наша армія пад Масквой!… Наша армія перамагае!” А было гэта ў верасні 1941 г. … А гэта ж былі тыя самыя яўрэі, якія расказвалі мне ў шчырыя хвіліны аб ганеннях, якіх былі ахвярамі, аб катаваннях, паняверцы, канфіскацыі маёмасці, паленні сінагог...»
15.XI. Снег і страшэнная галалёдзіца. Транспарт так быў перагружаны, што на кожным прыпынку стаяў натоўп. Падобную галалёдзіцу толькі помню ў нейкім 30-м годзе, пасля якой доўгі час маладыя дрэвы не маглі выпрастаць сваіх ствалоў. Застала яна мяне ў дарозе, у Наваельні, куды прывёз я падпольную літаратуру для брата пасла Дварчаніна. Не ведаю, якім цудам мне тады ўдалося вырвацца з паліцэйскай пасткі, бо, як потым даведаўся, за мной прыйшла пагоня.
Ездзіў на вечар, арганізаваны Таварыствам дружбы і пасольствам Балгарыі і прысвечаны перакладам з балгарскай літаратуры. На вечары былі Зуёнак, Бураўкін (ён мяне і адвёз дамоў), Рагойша, Разанаў (зараз працуе ў часопісе «Крыніца»), дыпламаты, знаёмыя. Гаварыў аб выданні выбраных твораў з Анатолем Іванавічам Бутэвічам. Не ведаю толькі, ці змагу зараз гэты зборнік скласці. Відаць, уключу ў яго лепшыя вершы з апошніх сваіх падборак.
У маю адсутнасць нехта званіў з Масквы. Можа, Саша? Прасіў пазваніць Сяргея ў Кіеў, але Люба ўсё пераблытала, нат згубіла нумар, па якім прасілі пазваніць. Над намі нехта запусціў пласцінку са старой і забытай песняй «Зашумелі плакучыя вербы»…
16.ХІ. Заходзіў Ул. Ів. Карызна з цудоўнымі ілюстрацыямі М. Рыжага да маіх баек «Блікі сонца». Даў я яму да свайго зборніка яшчэ адзін, напісаны для дзяцей верш «Зайчык і ёлка».
Доўга гутарылі пра нашы піьменніцкія справы. Я і не ведаў, што Янка Брыль стаў членам ПЭН-клуба. На што ён яму? Зараз ужо, відаць, у нас чалавек дваццаць набярэцца членаў гэтай міжнароднай арганізацыі.
Гаварыў з Мядзелам. К. А. Каратай дзякаваў за пісьмо, якое я яму паслаў пасля стрэчы на нашай літаратурнай вечарыне. Заўтра буду прасіць, каб наведаў хірург, бо няма ратунку ад язваў на нагах у Любы і ў мяне. I наведаць бібліятэку.
17.XI. У «Звяздзе» змешчаны цікавыя здымкі Арсенневай, якой пераваліла ўжо за 90 год, і маладзец, трымаецца бадзёра, піша. На вялікі жаль, што спраўдзіліся словы майго верша, прысвечанага ёй, што нашым шляхам не стрэцца «на пясчаным парозе жыцця», бо вяртацца дамоў яна не збіраецца. Mae там прытулак, сям’ю, блізкіх.
А ў нас — адны клопаты. Максім заўтра едзе ў бальніцу. У Любашы і ў мяне разбалеліся ногі. Заўтра прыедзе сястра, каб перавязаць язвы на нагах. Відаць, зноў даў аб сабе знаць пракляты тромбафлебіт. Думаю над вершам Віткацага, забытую магілу якога на Палессі адшукаў са сваімі сябрамі С. Малько, аб чым, помню, калісьці расказваў.
А ў нас — бяда за бядой. Быў доктар, перавязаў язвы на назе Любашы… Абудзіўся ў яе і тромбафлебіт, Максім лёг у бальніцу. Страшэнны дыябет. Пахудзеў. Заўтра будуць уводзіць яму інсулін. Трэба будзе мне яго наведаць, хоць і забаранілі мне выходзіць аднаму. А цяпер неабходна дастаць яму лякарствы.
У нядзелю, казала, прыйдзе Оля. Што рабіць, што рабіць?
Адчуваю, што хутка абрушыцца на нашу сям’ю вялікае няшчасце, бо ўсе падыходзім да канца сваіх дарог. А ў мяне столькі яшчэ незакончаных розных спраў!
Прачытаў у «Зэшытах» нудныя і даўжэзныя разважанні — лекцыю I. Бродскага «Роберт Фрост».
19.XI. Праслухаў па радыё перадачу з мядзельскай вечарыны паэзіі і песні, прысвечанай мне. Было некалькі званкоў ад слухачоў. Перадача, мне здаецца, цікавая. Толькі настрой цяжкі. Як там у бальніцы Максім? Усё больш дакучаюць язвы на нагах у Любашы і ў мяне. Дае знаць аб сабе і сэрца. Заходзіў Сяргей. Пайшоў на базар купіць пару качаноў капусты. Гаварыў з Оляй. Магчыма, Максім заўтра вырвецца з бальніцы на пару гадзін. Ляжыць ён у палаце, у якой яшчэ ляжаць хворых на дыябет чалавек восем. А дома ў нас з Любашай суцэльныя спрэчкі: то не хоча, каб ёй памагаў на кухні, то не хоча перавязваць ногі, то адмаўляецца есці. Не ведаю, што і pабіць. Нервы, нервы, нервы.
Колькі незакончаных спраў! Насцярожвае мяне тое, што я зусім непадрыхтаваны стаў ні да жыцця ні да смерці. Цяжка дыхаць, баляць ногі, мучыць бяссонніца.
Поўнач. Амаль да раніцы відаць, як лыпае каляровымі агнямі нядаўна адкрыты на вуліцы М. Багдановіча бар.
Відаць, і заўтра нікуды не паеду. Толькі пачну весці перагаворы з выдавецтвам «Мастацкая літаратура» аб выданні зборніка «Выбраных вершаў», дапоўніўшы творамі з апошніх палымянскіх падборак.
20.XI. Гартаю газеты. Распад эканомікі ніяк не ўдаецца спыніць. Усе кінуліся ў хамскі бізнес і развал культуры, у якой на першым месцы ў жыцці становіцца «мець», а потым — «быць», на што звярнуў увагу нат папа Ян Павел II у адным са сваіх выступленняў. Пасля татарскага іга Расія другі раз згубіла сваю незалежнасць. Хоць трэба сказаць — няма поўнасцю незалежных народаў, бо нат багацце адных залежыць ад беднасці другіх.
21.XI. Падбіраючы матэрыялы для музея, па якія на гэтым тыдні прыедзе К. А. Каратай, пакінуў яшчэ сабе даваенны зборнік Е. Бенькоўскага «Крышталі ценю» — паэта, сустрэча з якім калісьці мяне зацікавіла сваёй шматзначнасцю.
Цэлы дзень імгліць дождж. Хадзіў у ашчадкасу па сваю пенсію, бо амаль усе грошы пайшлі на закуп прадуктаў. На большае падарожжа па магазінах не адважыўся, каб не падвяло сэрца. I так я парушаю ўсе забароны дактароў — не хадзіць аднаму, каб дзе не зваліцца. Адчуваю, што ўвайшоў у самы цяжкі перыяд свайго жыцця — перыяд паражэнняў творчых, маральных, жыццёвых. Цяпер ужо позна на ўсім ставіць кропку. Застаецца толькі прайсці праз усе пякельныя кругі. Непакоіць мяне лёс сям’і — дзяцей, унукаў. Тут нешта большае, як канфлікты пакаленняў.
Прыслалі на рэцэнзію вершы. Я прыгадаў адказ Ю. Тувіма: «Прачытаў том вершаў, якія мне пан даў, шкада, што пан не даў мне іх напісаць!»
22.ХІ. Снег зусім сагнала, але надвор’е пранізлівае, сцюдзёнае. Такі ж і настрой. Можа, адважуся схадзіць у бібліятэку пагартаць «ЛіМ», які недзе запрапасціўся на пошце, а квітанцыі на падпіску не захаваліся падчас маёй адсутнасці дома. Толькі аўторак, здаецца, там — выхадны. Званіў Олі. Дрэнныя справы ў Максіма. Нат інсулінам не ўдаецца яму спыніць, знізіць у крыві паказчыкі цукру. Усё гэта вывела і мяне са строю.
Думаў у кнігарні купіць каляндар, але яго яшчэ няма ў продажы.
Прагледзеў некалькі кадраў з расійскай глыбінкі, знятых на сяле. Страшная карціна развалу. Доўга так не можа цягнуцца. А тут яшчэ розныя палітыкі і дзяльцы тлумяць галовы вяртаннем да манархічнага ладу. Пажар страшэннага бунту можа разгарэцца хутчэй, як гэта мы думаем. Камерцызацыя жыцця ідзе ў пары з паўперызацыяй. Сталі горда гучаць такія словы, як банкір, бізнесмен, спекулянт, хабарнік, і зусім смешна — настаўнік, доктар, інжынер, артыст, пісьменнік… Зараз яны — на апошнім месцы, без якіх можна абысціся ў сённяшняй крутаверці.
Заходзіў Саша. Сёння зноў едзе ў Маскву. Гаварыў па тэлефоне з Максімам. Пакуль няма абнадзейваючых вынікаў яго абследавання. Заўтра мо вырвуся ў бібліятэку пагартаць літаратурныя газеты, часопісы.
23.ХІ. Званіў у Тав. дружбы Нэлі Мікіцічне, прасіў, калі ёсць якія прэпараты ад болю, тромбафлебіту (аспірын, вітаміны), прыслаць, бо іншыя лекі, можа, удасца атрымаць у лечкамісіі.
Раніцай туман апусціўся да самай зямлі. Не відаць ні вуліц, ні транспарту, ні людзей.
Пагоршыўся стан здароўя ў Любашы. Відаць, да язваў далучыўся яшчэ і тромбафлебіт. Страшэнныя болі ў нагах. Не лепш чуюся і я.
Відаць, клапатлівая і бяссонная будзе гэта ноч.
27.ХІ. Цэлымі днямі не магу ўзяцца за пяро. Шмат часу забіраюць газеты і мае санітарныя заняткі, бо некалькі раз за дзень прыходзіцца прамываць і бінтаваць ногі, якія пакрываюцца незагойнымі язвамі. I ніякімі лекамі не ўдаецца іх угаіць. Заходзіла Оля. I Максімаў дыябет не ўдаецца спыніць. А на Нарачы, чуваць, ператрэслі зладзеі ўсю дачу, укралі стрэльбу. Відаць, дабяруцца і да нашых хутароў.
Была з лечкамісіі доктар. Перавязала хворыя ногі. Абяцала ў чацвер (З0.ХІ) зноў наведаць. Паганы настрой. Нічога не магу рабіць. Чаго чакаю? Новых вершаў? Не ведаю, бо пісаць становіцца ўсё цяжэй.