21.ІХ. Быў на пахаванні Івана Аляксеевіча Скрыгана. Не стала, Маці-Беларусь, яшчэ аднаго Твайго выдатнага сына, вялікага пакутніка і выдатнага майстра нашага роднага слова… Сустрэў Заіра Азгура. Ледзь пазнаў. Галава патанае ў снежнай завеі валос. Эх, як мы ўсе пастарэлі! Па тэлебачанні перадалі аб узнагароджанні Пімена і мяне медалямі Ф. Скарыны. Як не ў час усе гэтыя ўзнагароды, прэміі, званні! Наспяваюць трагічныя падзеі ў краіне. Людзі губляюць усякае цярпенне. Усе праграмы і ўрада, і апазіцыі, як смецце, размятае віхор хаосу, развалу. Зараз усе захапіліся дыскрэдытацыяй мінулага, барацьбой за ўладу, за узурпацыю яе.

22.ІХ. 3 Нью-Йорка прыехала жонка Целеша, якая шукае нейкіх слядоў свайго загінуўшага мужа. Паслаў я яе да Б. Сачанкі, але і ён нічога не змог праясніць, акрамя таго, што па рэкамендацыі ЦК КПБ пад нейкім псеўданімам было надрукавана яго невялічкае апавяданне, за якое праз наша прадстаўніцтва Ў ААН быў яму выплачаны ганарар. Калі быў у нашай рэдакцыі «Полымя», цікавіўся, як бы яму выдаць свой зборнік твораў у Мінску. Сапраўды, нейкай загадкавай з’яўляецца ўся гэта гісторыя з Целешам, як і знікненне бацькі А. Адамовіча, які выйшаў, як расказваюць, вечарам са сваёй нью-йоркскай кватэры пагуляць і — не вярнуўся.

27.ІХ. Дзень нараджэння Любашы. Відаць, нечым атруцілася, бо няспынныя рвоты. Ледзь жывая, сядзіць на ложку скурчыўшыся. Што рабіць, як яе ратаваць? Мо забраць дамоў? А што дома? Найбольш зараз клапоціцца Максім і найбольш памагае ва ўсіх нашых клапотах і справах.

Перакладаў кнігі, трапіў у рукі «Беларускі каляндар» на 1926 г., які быў першай беларускай кнігай у маім жыцці. Колькі год прайшло з таго часу, а я і сёння помню змест кожнай яго старонкі. Колькі ў ім розных гаспадарчых парад і розных цікавых звестак! А галоўнае — вершы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і бацькі беларускага адраджэння — Ф. Багушэвіча. Невялічкая кніжка, а пераважыла ўсе іншыя, якія засталіся пасля загінуўшага на фронце дзядзькі Ціхана.

30.ІХ. Устаю раніцой і не знаю, за што брацца. Спаралізавалі мяне і хвароба Любашы і тое, што зараз адбываецца ў краіне. Няма надзеі і на Божую справядлівасць, пасля знішчэння ім Садома і Гаморы, дзе загінулі не толькі грэшнікі, але і невіноўныя дзеці. Чакаю Сашу з замежнай камандзіроўкі. Абяцаў параіцца там са знаёмымі, сябрамі і прывезці нейкія лячэбныя прэпараты.

А ў нас — няспынная грызня ва ўсіх звеннях дзяржаўнага апарату, розных партый, грамадскіх арганізацый, колькасць якіх няспынна расце і расце. Такое ўражанне, што ва ўсёй рэспубліцы — адны злачынцы, хабарнікі, кар’ерысты.

4.Х. Прыехаў брат Федзя са сваім Ванем на Людміліны памінкі. Прывёз з Пількаўшчыны розных прадуктаў і цэлы кошык свежых баравікоў і падасінавікаў. А я ўжо другі год, як не быў у лесе! Заўтра з Пятром Маркавічам паедзем наведаць Любашу.

Прыйшлі часопісы з апошнімі падборкамі маіх вершаў. Адказаў на пару лістоў. Пазваніў Максіму Лужаніну. Падзякаваў яму за артыкул пра мяне. Падзяліліся сваімі клапотамі, бедамі, бо і ён дрэнна адчувае сябе, ды і Жэня яго цяжка хворая. А што наперадзе? Паводле рапарта Фарэстара: у 2050 г. пачнецца глабальная серыя катастроф на Зямлі і недахоп паветра. Мне здаецца, усё гэта пачалося ўжо з Хірасімы, Нагасакі і нашага Чарнобыля. I зараз усё гэта, нарастаючы, адбываецца ва ўмовах нарастаючай разбэшчанасці, цемрашальства, рознага шаманства.

5.Х. Рана прачнуўся. Здалося, быццам нехта мяне паклікаў. Як там Любаша? За час сваёй хваробы зусім знясілела. Ляжыць згараваная, толькі блішчаць запаўшыя вочы, быццам на ўсіх нас глядзіць з нейкай недасяжнай далечыні… Божа, калі ты недзе ёсць, забяры і мяне з ёю разам, бо што мне тут рабіць аднаму? У 12 гадзін павезлі яе амаль непрытомную, бо ўжо не пазнавала нас. Па просьбе Пятра Маркавіча, аперыраваць яе будзе прафесар Мікалай Яўстаф’евіч Філіповіч. Усе гэтыя дні Максім не пакідаў яе. I зараз застаўся дзяжурыць. Дамовіліся, што ён будзе званіць. Не помню, як дабраўся дамоў. Толькі познім вечарам пазваніў Максім: «Цяжкая аперацыя, і дактары не ўпэўнены, ці зможа хворая яе перанесці».

6.Х. Званіў у рэанімацыю. Стан здароўя Любашы вельмі слабы.

Раскрыў першы том Б. Пастарнака, і — чамусьці — вершы яго здаліся мне нейкімі аднастайнымі. Каб каму сказаў, палічылі б за вар’ята. У вачах нейкая імгла. У Вільнюсе адзначылі стагоддзе з дня нараджэння 3. Верас. Зараз у Вільнюсе амаль нікога не засталося са старых беларускіх дзеячаў.

8.Х. Сёння Любашу перавезлі з рэанімацыі ў 919-ю палату. Каб хоць крыху акрыяла ды вярнулася дамоў, напэўна, хутчэй адчула б сябе лепш. Гляджу на яе з болем ў сэрцы, як на дагараючую свечку. Званіў I. Шамякін. Маецца адбыцца сустрэча з С. С. Шушкевічам. Нічога не магу рабіць. Нітрагліцэрынам гашу боль у сэрцы. Максім пайшоў у бальніцу. Вецер пераганяе снежныя хмары. А на палітычным небасхіле няўмольна разгараецца зарава крывавых канфліктаў.

Перакладаючы кнігі, раскрыў Я. Івашкевіча. «...Даведаўся, што горы маюць сваю музыку... Таму, прыкладаючы вуха да зямлі, можна пачуць, як горы іграюць…» Як гэта пераклікаецца з радкамі маёй казкі, напісанай яшчэ ў 1938 годзе:


Аж пачулі, нехта недзе грае,

Толькі дзе і хто — не знаюць,

Хоць па гэтым дзіўным краі

Дзень і ноч блукаюць.


Адзін кажа:

— Можа гэта здань?

Другі:

— Мо трава спявае?

Толькі трэці,

Прылажыўшы вуха,

Кажа:

— Браткі, тут зямля такая!


14.Х. Нешта рана пачала свой наступ зіма. Па розных прагнозах абяцае быць адной з самых сцюдзёных, як у 1912 — годзе майго нараджэння. Падобная зіма — ужо на маёй памяці — была ў той памятны для ўсіх нас год — год вызвалення былой Заходнян Беларусі, калі мы з Любашай працавалі ў рэдакцыі «Вілейскай праўды». Далася многім тады ў знакі. Павымярзалі азімыя, сады.

3 газетных звестак: вядомы рэжысёр Ленон зняў фільм, у якім паказвае 365 голых азадкаў з арыстакратычных салонаў Лондана. Як да гэтага мы не дадумаліся. Сапраўды, адстаём ад Еўропы! А гэта ўжо для нашых дэмакратаў і розных прыхільнікаў свабоды слова амаль сенсацыя: «А чым асабліва мы, шведы, можам пахваліцца? Усе пісьменнікі, закранаючыя палітычныя тэмы, знаюць, што ў нас ёсць цэнзура» (Арвірд Рундберг).

15.Х. Ездзіў з Сашам на магільнік, дзе пад сціплым, але прыгожым помнікам ляжыць бабуля са сваёй унучкай Верачкай. Потым наведаў Любашу. Крыху адчувае сябе лепш, але яшчэ вельмі слабая і бездапаможная. Цяжкія часы і выпрабаванні насталі для нас усіх. Няма згоды нават сярод дзяцей. А гэта — другая хвароба, якая непакоіць і трывожыць нас, старых.

16.Х. Набраўся смеласці і разам з Н. Гілевічам, А. Бутэвічам, П. Краўчанкам, Я. Брылём ездзіў у Радашковічы на сустрэчу з калектывам рабочых керамічнага завода, дзе вельмі гасцінна і сардэчна нас прымалі. Крыху пахадзіў па вуліцах гэтага невялічкага, але поўнага маіх юнацкіх успамінаў гарадка, які за апошнія гады разросся. Са старых будынкаў амаль нічога не ацалела. Даўжэзны дом, у якім мясцілася наша Беларуская гімназія імя Францішка Скарыны, згарэў. Ацалелі толькі касцёл і двухпавярховы дом нейкага Буйвіда, у якім знаходзіўся наш інтэрнат. Радашковічы — пачатак маіх літаратурных блуканняў і пошукаў. Чартоўскі стомлены вярнуўся ў Мінск. Доўга не мог заснуць. У думках усё вяртаўся да маляўнічых радашкоўскіх узгоркаў, берагоў Гайкі і Вязынкі…

19.Х. Тэлеграма з Нальчыка. Запрашаюць прыехаць на 75-годдзе Кайсына Куліева. Каб быў крыху дужэйшы і не такой хворай і бездапаможнай была Любаша, відаць, з’ездзіў бы на гэты сабантуй. Напісаў верш «Творчая зайздрасць». Сярод пісем — пісьмо пачынаючага паэта, у якім просіць адказаць, ці варта яму пісаць далей. Недзе, помню, чытаў, што была зроблена спроба ацэнкі тэкстаў класікаў, пазнаёміўшыся з якімі, была дадзена ацэнка: друкаваць яшчэ рана, а многія старонкі, напісаныя Бальзакам, Дзюма, Верленам, Рэмбо, Бадлерам, аднеслі да дзіцячых спроб марных эпігонаў… Вось тут і рай: ці варта пачынаючаму паэту пісаць, ці не. Тут кожны павінен вырашаць сам.

24.Х. Страшэнна цяжкая была мінулая ноч. Болі ног і сярэдзіны ні на хвіліну не далі Любашы заснуць. Саша абяцаў прывезці нейкія лекі ад сэрца і тромбафлебіту. Хадзіў з Ірышай на рынак. Цэны на прадукты з кожным днём усё больш растуць. Ідзе амаль прымусовая прыватызацыя зямлі. Трэба быць ідыётам, каб верыць, што яна нам паможа выйсці з крызіснай сітуацыі. А ў ваенныя канфлікты ўцягвае крывавы смерч усё новыя раёны былога Савецкага Саюза.

Заходзіла Оля, на некалькі дзён ездзіла з Максімам і Жэнькам на Нарач. Атрымаў паштоўку і зборнік вершаў Віктара Шведа. Найбольш мне спадабаліся яго вершы для дзяцей. 3 Ірышай хадзіў па аптэках. Сыра. Сцюдзёна. Не магу выйсці з паласы нейкай дэпрэсіі. Амаль нічога не пішу.

9.ХІ. Думаў закончыць пачаты калісьці верш, але так і не змог. Відаць, праўду гаварыў Стэйнбек, што пісьменнік павінен паміраць у 28 год, бо пасля розуму яму не прыбывае. Ператрасаю свае чарнавікі. Колькі набралася рознай макулатуры!

Па тым, як паводзяць сябе некаторыя нашы змагары за дэмакратыю, я усе больш пераконваюся, што яны, перамогшы, стануць не меншымі душыцелямі, як іх сталінскія папярэднікі. Гэта мы ўжо бачым і ў Прыбалтыцы, і ў Сярэдняй Азіі, дзе каторы год ліецца кроў, дзе ад былой дружбы народаў засталіся руіны і папялішчы, а сотні тысяч бежанцаў сталі бяздомнымі жабракамі.

12.XI. Быў на вечары Паўлюка Багрыма. Трывожна дома, а яшчэ больш у краіне. Да гэтага часу у гаспадарчых і іншых розных справах памагаў Максім. Але хутка канчаецца ў яго водпуск і пойдзе на працу. Часамі прыходзіць Оля навесці лад у хаце. Ды зараз і сам ужо налаўчыўся і мыць, і варыць. Можна сказаць, прыдалася практыка маіх юнацкіх халасцяцкіх гадоў. Сёння наведалі нас Наташа і Пеця Семяжоны. Прынеслі для Любашы яблыкаў са свайго садзіка. Пасля смерці бацькоў асірацелі яны, бедныя. 3 болем у сэрцы гляджу на іх. Адно радуе, што ў нашых нечалавечых умовах яны выраслі сумленнымь шчырымі, чулымі. Памажы, Божа, ім у жыцці застацца такімі, якімі былі іх бацькі, што самааддана любілі сваю мову, свой народ, сваю Радзіму.

13.XI. Прынёс М. А. Савіцкі, каб я падпісаў, зварот да нашага ўрада аб стварэнні ў нас Акадэміі мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Падпісаў, хоць мне здаецца, што зараз не такі час на стварэнне розных новых акадэмій, калі і тыя, якія ёсць, развальваюцца, як развальваюцца і ўсе творчыя саюзы, арганізацыі.

Сёння сніў, што я дома, у сваёй Пількаўшчыне, і што прыехалі на талаку нашы задубляне і мікасецкі балагур Марцін, і што мы возім з Тарчышніку на новую хату бярвенне. А бярвенне цяжкое. Так і прачнуўся, памагаючы каню выбірацца з густых зараснікаў.

Выпаў снег. Трэба будзе яго змесці з балкона ды нейкімі крошкамі пачаставаць галубоў, што ўжо даўно, паглядаючы ў шыбы, чакаюць на кухонным падаконніку.

15.ХІ. Ужо каторы дзень нічога не выходзіць з-пад майго атупелага пяра. Баюся, каб мяне зноў не падкасіла хвароба, бо што тады будзе з Любашай. Не будзе каму і вады падаць. Зайшоў Максім нейкі ўзбуджаны. Перасварыліся. Не ведаю, як далей жыць. Трэба было б адказаць на некалькі лістоў. Вечарам наведаў А. Анішчык. Скардзіўся, што да іх, віленчукоў, не даходзіць наша прэса.

Нагрузіў я яго сякой-такой літаратурай. Званіў Л. Дранько-Майсюк. Раіць хутчэй здаць у іх выдавецтва «Мастацкая літаратура» новы зборнік вершаў «Мой каўчэг».

27.ХІІ. Каляды. Доўга не мог заснуць, пакуль не дачытаў «Полымя». Нешта рэдакцыя марудзіць з публікацыяй успамінаў П. Мядзёлкі. Усё ніяк не магу сабрацца адпісаць A. I. Афрановічу і падзякаваць за прысланыя нумары пастаўскага альманаха «Рунь».

Трагічныя справы адбываюцца на Беласточчыне. Сяляне пакідаюць свае вёскі, зямля адыходзіць у дзяржаўны фонд. Аб гэтай дэмаграфічнай катастрофе нам нельга маўчаць. Нідзе не пакідае нас пракляты прывід асіміляцыі. Зноў, як да вайны ў былой Заходняй Беларусі, гараць і зараз там праваслаўныя цэрквы, капліцы, дэвастуюцца магільнікі, разбураюцца помнікі савецкіх воінаў, партызан…

28.XII. Трэба прызнацца. раней нам не вельлі вязло на паэтэс. Цётка, Буйло, Арсеннева… I як бы мы іх ні ўздымалі, ні ўзвялічвалі, вельмі абмежаваны тэматычны абсяг іх паэзіі, выйсці за які рэдка калі ўдавалася нават Жанне д’Дарк — Ларысе Геніюш. Зараз ёсць у нас шмат вельмі таленавітых і выдатных паэтэс. Толькі нешта марудзяць нашы крытыкі і літаратуразнаўцы апранаць іх у мужчынскую вопратку, а некаторых паэтаў — у спадніцы.


1993


3.І. У цесным сваім кругу, як казаў святой памяці Міхась Лынькоў — сяброў і дамачадцаў — сустракалі Новы год. А ноччу, калі заснулі, ледзь не ўчадзелі. Любаша не выключыла электрагрэлку, ад якой пачала тлець яе коўдра. Добра, што яшчэ самую не апаліла.

Напісаў некалькі вершаў, якія каторы ўжо дзень праўлю і праўлю. Кажуць, што хараство ўратуе свет. Прызнацца, даўно я зняверыўся ў гэтым.

Перачытваю несамавітыя трызненні Кафкі, з якімі са шматгадовым спазненнем зараз носяцца нашы інтэлектуалісты. А Кафка, помню, яшчэ ў даваеннай Польшчы быў вядомы.

19.І. Наведала сёння нас сімпатычная энтузіястка польскай і беларускай паэзіі, нейкая сваячка А. Клышкі. Мне здаецца, што яна і сама піша вершы, толькі, дзякуй богу, не асмельваецца мне іх чытаць. Быў i Максім, якому недзе ўдалося атаварыць нашы карткі на цукар і крупы.

21.І. Начытаўшыся і наслухаўшыся пра нашы непаладкі, доўга не мог заснуць. «Звязда» піша пра талачынскія Вадохрышчы, на якіх, напэўна, п’яныя, вернікі перабілі посуд і, мацюкаючыся, ледзь не збілі з ног айца Алексія. 3 такімі дзікунамі не пабудуеш «з чалавечым тварам» ні сацыялізму, ні капіталізму. Званіў В. А. Мілаванаў. Гаварылі аб нашым новым гімне. Ён супраць таго, каб асновай яго былі вершы Н. Арсенневай ці М. Краўцова. I мне яны не вельмі падабаюцца, бо нагадваюць ужо ўсімі чутыя перапевы вядомых нам нашых гімнаў. Мне здаецца, пакуль мы будзем ставіць перад сабой патрабаванні, каб у тэксце гімна і Бог, і наша гісторыя, і нацыянальная сімволіка былі зарыфмаваны, песню, якую спяваў бы народ, мы не атрымаем.

У пад’ездзе снуе міліцыя. Відаць, некага абакралі. У райсабесе выдалі талоны на прадукты. 3аглянуў у магазін, каб нешта купіць, але ўсе полкі пустыя. Каля рынка стрэў групу валютчыкаў, які сёння паднялі курс долара да 600 рублёў і хутка можа павысіцца больш. Усе жывём у нейкай трывозе. Хоць ты не чытай газет, не слухай радыёперадач, выключай тэлевізар.

3.ІІ. Закончыў верш «Не вязе мне, спадары, прызнацца…». Саша абяцаў перагаварыць з міністрам гандлю аб інваліднай калясцы для Любашы, бо старая пачала развальвацца. Званіў Сяргею Грахоўскаму. Падзяліліся з ім сваімі клопатамі, якіх зараз хапае ва ўсіх. Адпісаў свайму старому сябру В. I. Кізіку. Званіла A. А. Кашперава, потым доўга чытала мне свае вершы. Гаварыў з Міколам Аўрамчыкам. У навагоднім нумары «Беларусі» надрукаваны яго выдатны верш «Журавы». Р. Дабравольскі адкрывае свайго «Спартакуса» цікавым эпіграфам з Платона. «Усё, што жыве, паўстала з таго, што памерла»… Заходзіла ў пераведы В. I. Клышка. Абяцала па рэцэптах дастаць для Любашы неабходныя для яе лекі.

15.ІІ. Ва ўсім Мінску не знайшоў чарніла для аўтаручкі. Праўда, няма нічога радаснага для запісу. Занатаваў толькі некалькі тэм, да якіх трэба будзе вярнуцца: «Кафэ Штраль», «Нерукатворнае дзіва», «На полі», «Метамарфозы». Пасля кожнай бяссоннай ночы думаю, што гэта — мая апошняя раніца. Але, калі бяруся за пяро, зноў вяртаюць мяне да жыцця новыя вершы. Вось і сёння накідаў некалькі строф:


Звычайны дзень. Знаць, у календары

Падобных дзён не многа засталося,

Бо іншыя ўсе некалі прыйшлося

Святым ды юбілярам раздарыць,

Запоўніўшы іх рознай балбатнёй,

Тэатралізаванай мітуснёй.


Памалу, здаецца, збіраецца новая падборка вершаў для «Полымя».

1.ІІІ. Знаёмая малочніца прынесла сыру, пару дзесяткаў яек. А цэны на ўсё растуць і растуць. Амаль увесь ганарар за зборнік «Мой каўчэг» аддаў Максіму і Іры. Не ведаю, як яны будуць жыць далей.

Поўнач. Перачытваю некаторыя творы М. Гарэцкага. На фоне і нашаніўскай і сучаснай літаратуры ўзвышаецца яго рэнесансная постаць.

Усе гэтыя дні сяджу дома. Быў аўтар вельмі цікавага зборніка «Квадры памяці». Падпісаў дагавор з выдавецтвам «Юнацтва» на выданне маёй «Казкі пра Музыку».

3.ІІІ. Усё больш пераконваюся, што лепш за ўсе лекі памагае праца. Эх, каб паспеў ажыццявіць хоць палову сваіх планаў! Цікавае супадзенне: не раз я калісьці казаў сваім інтэрв’юерам, што вершы пачаў быў пісаць са злосці, бо ў тагачаснай заходнебеларускай літаратуры было столькі рознай муры, якая і мяне справакавала ўзяцца за пяро. А зараз чытаю, што і ружэвічаўская новая паэтыка — «з нянавісці да паэзіі»… «Пабудзіла мяне да бунту тое, што яна перажыла і існуе і пасля “канца свету”. Абыякавая. Боская. Некранальная ў сваіх асновах, у сваёй паэтыцы».

А са здароўем зноў усё ўскладняецца. Любаша ўгаворвае, каб я клаўся ў бальніцу. Калі адчуваю сябе крыху лепш, бяруся за эпітафіі Л. А. Мастэрса. Трэба было б адказаць на ліст землякоў-школьнікаў. А пяро ўжо часта адмаўляецца мяне слухаць. Усё часцей вырываецца з баразны сваёй і ідзе ў агрэх. А тут яшчэ і непаладкі ў краіне, якія ва ўсіх нас ляжаць на сэрцы цяжарам.

21.ІІІ. Прачытаў А. Наўроцкага «Неба ўсміхаецца маланкаю». Шкада, што ён неяк замкнуўся ў сабе, у гордым адзіноцтве, перасварыўшыся з многімі сваімі былымі сябрамі. Я ўжо гаварыў і недзе пісаў, што я адчуваю адсутнасць яго ў нашай сучаснай паэзіі. Гэта паэт нестандартнага мыслення і складу.

А надвор’е золкае, сырое. Купіў у магазіне нейкай кілбасы. Выключыў тэлевізар, а то аж вушы пухнуць ад балбатні розных палітыканаў і папоўскіх пропаведзяў аб духоўнасці. Цяжкое ўражанне ад таго, што зараз робіцца і ў Расіі і ва ўсіх іншых рэспубліках.

Узяўся чытаць выкрутасы А. Вазнясенскага. Прыйшоў трэці нумар «Полымя» з надзвычай цікавымі ўспамінамі П. Мядзёлкі. Быў у аптэцы, дзе пачуў, як два старыя яўрэі абмяняліся на сваёй мове даўно ўжо забытымі традыцыйнымі прывітаннямі: «Шолам алейхам!», «Алейхам шолам!» В. Варашыльскі прыслаў нумар «Крэсаў», дзе ў яго перакладах змешчаны і мае два вершы пад шапкай «Вершы старога паэта». Крыху гэта нагадвае надпіс гашэкаўскага бургамістра: «Езус, Марыя, едзе Франц Іосіф!»

27.ІІІ. «Иностранная литература» дала выдатную падборку санетаў Д. Д. Белі. У нас чамусьці сур’ёзнай паэзіяй пераважна лічыцца паэзія патрыятычная. Вершы на гэту тэму, нават самыя лапэтныя і прымітыўныя, цытуюць, друкуюць ва ўсіх анталогіях і школьных падручніках. Я спрабаваў быў выйсці за гэты традыцыйны круг: «Ave Maria», «Готыка Святой Аыны», «Антысанет»… Шкада, што далей не змог пайсці.


…Як працаваць, як цешыцца з табой,

Калі санет твой грудзі і стан мой

Чатырнаццаццю клямрамі сціскае.


29.ІІІ. Насталі нейкія худыя дні: нічога не пішу. Толькі чытаю. Вось узяўся за творы лаўрэата Нобелеўскай прэміі І. Б. Зінгера. Мне здаецца, у нас ёсць не горшыя пісьменнікі, толькі няма іх каму рэкламаваць. Апошнімі часамі і ў нас усё больш моднай становіцца паэзія герметычная, замкнутая за сямю замкамі, ключа да якой часта няма і ў самога аўтара. Але ж нельга адставаць ад Еўропы, хоць і там ад такой паэзіі, як ад блох, пачынаюць чытачы атрасацца. Відаць, трэба помніць: «Няма прыкладу супольнасці, якая, пачынаючы ад энтузіязму, не закончылася б на дурноце» (Прудон).

Вецер. Снег. Ужо тыдзень не выходжу з дому. Неспадзявана з Кіева пазваніў Васіль Сідарэнка: «Як чуешся?» Чамусьці вельмі дрэнна было чуваць, знаць, нехта падключыў подслух, бо адначасна чуліся гукі музыкі, паасобныя словы… Так нам з Васілём і не ўдалося пагаварыць. Ад Рыгора Барадуліна даведаўся аб выхадзе з друку майго аднатомніка. Трэба было б з’ездзіць па яго, аднавіць падпіску на часопісы і газеты. Жахлівая статыстыка: зараз смяротнасць перавысіла натуральны прырост насельніцтва ў нас і ва усім былым Савецкім Саюзе.

9.ІV. Вярнуўся са сваёй паездкі ў Польшчу В. В. Зуёнак. Прывёз мне ад Э. Кабатца пачак кофе і пачак чаю. Відаць, сябры нашы думаюць, што мы зусім тут занядужалі і галадаем. Чорт ведае, як узняліся цэны на паштовыя перасылкі. На канвертах не хапае нат месца для марак. Ніяк не магу знайсці архімедаўскага пункта апоры, каб выбрацца з блытаніны розных процілеглых поглядаў, ачмуральнай галаслівасці, засцянковай мегаламаніі. Павінны ж некалі наступіць прасветы ў нашым цёмным царстве.

13.IV. Вярнуўся Саша з Эміратаў і з Індыі. Прывёз муміё і яшчэ нейкія таблеткі ад сэрца. Пакуль што асноўным маім лякарствам — творчасць. Нат у самыя цяжкія хвіліны яна мяне ратавала і ратуе.

А дзень нейкі змрочны, пануры. Узяўся за Э. Хэмінгуэя «За ракой у засені дрэў». Бачыў я гэту рэч у 1964 годзе на сцэне варшаўскага тэатра «Атэнэум» з Я. Вашчаровічам, Ю. Кастэцкім, Б. Шышкевіч… На ўсё жыццё засталося незабыўнае ўражанне ад гэтага спектакля. Потым нейкі маскоўскі «драматург» хэмінгуэеўскі сюжэт выкарыстаў у сваёй банальнай і сентыментальнай п’есе «Варшаўская мелодыя».

19.ІV. Другі дзень Вялікадня. Заўтра пастараюся адвезці карэктуру свайго зборніка «Мой каўчэг». Каторы дзень штармавы вецер пераганяе снежныя хмары. Hоччу, віаць, будзе прымаразак. Прыйшло пісьмо ад Федзі. Ён чакаў, што нехта з нас прыедзе на свята. He ведае ён, што мне ўжо не да гасцявання, што ўсё радзей выходжу нават за парог сваёй кватэры. А ў газетах — несусветны балаган і грызня. І не толькі ў газетах. Праўду піша І. Чэкіс у сваім апошнім пісьме, што зараз ідзе спаборніцтва ў патрыятызме… За пяцьдзесят год прывыклі шукаць ворагаў. І гэта прывычка, эх, як прыдалася! Змест — другі, але форма сталінская.

21.IV. Трывожныя думкі сталі штодзённымі і неадлучнымі маімі спадарожнікамі. Сёння і за пяро не браўся. Так і мінуў яшчэ адзін змарнаваны дзень. Толькі аддаў у «Полымя» сваю новую падборку вершаў. Не ведаю, як яе сустрэнуць чытачы, бо яна размінаецца з агульнапрынятым і пануючым напрамкам у нашай сучаснай паэзіі, паэзіі, якая, не зважаючы на ўсе адраджэнскія бадзёрасці, не можа выбрацца з цянётаў своеасаблівага фіндэсіклею.

4.V. Усе знаходзімся пад уражаннем крывавых першамайскіх падзей у Маскве. Па ўсім мяркуючы, гэта толькі пачатак трагедыі былой краіны «ста народаў», да фіналу якой ніхто з акцёраў сучасных не дажыве.

Будучы ў выдавецтве, выпадкова трапіў на выстаўку выданняў энцыклапедый. Вяртаючыся дамоу, зайшоў на пошту, каб аднавіць падпіску на газеты і часопісы, хоць усё больш падводзяць вочы і цяжэй становіцца чытаць.

6.V. Званіла В. Найдус з Варшавы. Яна страшэнна абурана на Дамарада, які ў сваёй кнізе пра мінскае гета абвіняе Г. Смоляра ва ўсіх смяротных грахах. Яна хоча выступіць у яго абарону. Толькі не ведае, у якой газеце ў нас яна зможа надрукаваць свой артыкул. Янка Брыль абяцаў параіцца з лімаўцамі. Цікава, хто і чаму ўзняў усю гэту куцярму супроць Г. Смоляра і Івана Новікава, аўтара аповесці «Руіны страляюць ва ўпор», у якой Г. Смоляр з’яўляецца адным з герояў мінскага падлолля. I я больш веру I. Новікаву. Ды і ў самога мяне за гады нашай супольнай працы як у даваенныя, так і пазнейшыя гады склалася ўражанне аб ім, як аб чалавеку сумленным і таленавітым публіцысце, загартаваным рэвалюцыянеры.

10.V. У сваім кнігазборы знайшоў шмат калісьці купленых у нью-йоркскім музеі Метрапалітэна паштовак з рэпрадукцыямі карцін выдатных майстроў, якія, замест нашых стандартных, пасылаю сваім сябрам. Гаварыў з У. I. Карызнам. Перадаў радасную звестку, што выдавецтва «Юнацтва» запланавала на 1995 год зборнік маіх казак і вершаў для дзяцей. Буду рыхтаваць гэты зборнік, хоць не спадзяюся, што мне ўдасца яго ўбачыць.

21.V. Адпачываючы, памаленьку неяк дайшоў да нашага СП. Сустрэў Янку Брыля. Збіраецца наведаць У. Калесніка, якога падкасіла нейкая цяжкая хвароба. Рабілі пераліванне крыві. Відаць, гэта ўсё Чарнобыль збірае сваё жніво. Хадзіў па хлеб. Прастаяў дарма ў чарзе, бо апошнім ужо не хапіла.

2.VІ. Цэлы дзень імгліць дождж. Адбыўся з’езд БНФ, на якім выступаў В. Быкаў. Мне здаецца, Васіль Уладзіміравіч аказаў мядзведжую паслугу лідэру апазіцыі, заяўляючы, што Зянон Станіслававіч Пазняк для нас «пасланы самім Богам».

9.VІ. Усё часцей наведвае мяне трывога за будучыню, хоць надзея на нешта лепшае ўсё яшчэ маячыць на маім небасхіле, і я з ёй не расстануся да апошняга свайго дня. Адбыліся нейкія непрыемныя змены і ў маім нарачанскім краі. Раней столькі тут было ластавак, рознай машкары, а зараз нічога гэтага не стала. I самога пад канец лета не раз адвозілі ў бальніцу з арытміяй сэрца.

Трэба б было заглянуць да нашых у Пількаўшчыну ды перадаць для школьнай Сваткаўскай бібліятэкі пару пачак розных кніг і гадавікоў-часопісаў.

Зараз нашы гісторыкі, удакладняючы граніцы Беларусі, то вызначаюць іх «ад мора да мора», то ад Буга і амаль да Волгі. А яна павінна быць ад песні да песні ці, як пісаў калісьці Пайпер аб граніцах Польшчы, «ад далоні да далоні», а Ожуг: «ад плуга да плуга».

Пахадзіў па пустых магазінах. У «Акіяне» купіў пapy селядцоў, а на вуліцы спакусіўся выпіць шклянку піва. У паштовай скрынцы газет ужо не было. Нехта апярэдзіў мяне, выбраў. У чарзе па хлеб разгаварыўся з нейкім інвалідам, абураным на нашы непаладкі, на дарагавізну, на маральную разбэшчанасць. У «Правде» артыкул Кара-Мурзы, у якім крытыкуе В. Быкава за яго тэорыю, што перамены да лепшага наогул наступяць толькі тады, калі знікнуць з жыцця пакаленні, атручаныя ядам бальшавіцкай ідэалогіі… Памыляецца В. Быкаў. Дзіўна, што такі мастак, які ўмее глыбока заглянуць у тайнікі чалавечай душы, у аналізе грамадскіх, гістарычных падзей аказваецца такім недальназоркім.

Заходзіў Пётр Маркавіч Кузюковіч. Прызнаўся, што дактары вынеслі былі Любашы свой прыгавор і ўжо яе не лячылі. Толькі яму ўдалося ўгаварыць хірурга Філіповіча, і той у апошні час яе ўратаваў.

19.VІ. Сёння ў нас нашэсце гасцей: прыехала Валя Найдус са сваёй сястрой Ленай і доктарам Ліпскім, Кузюковічы — Аля з Аняй, якія прывезлі са свайго агарода цэлы сноп зеляніны — кропу, цыбулі, салаты. К. Жук падарыў мне свой новы зборнік з дзіўнай назвай «Пладаносны агонь». А вершы цікавыя, можа, толькі малавата новых тэм, міма якіх мы, не заўважаючы, праходзім. Ды гэта наш агульны недахоп. Перад сном замест снатворнага ўзяўся гартаць том «Савецкай паэзіі». Як мала ў ёй вершаў, да якіх хацелася б вярнуцца, якія хацелася б яшчэ раз прачытаць і якія змусілі б цябе задумацца. Бо, «колькі ні вандраваў бы, граніцы душы не знойдзеш» (Геракліт).

А ў мяне зараз адны няўдачы, адны трывогі. Губляю ўсякую упэўненасць у неабходнасці свайго жыцця і творчасці.

Нешта здарылася ў суседнім пад’ездзе. Спытаўся ў міліцыянера: «Што здарылася?» — «Нічога страшнага…» Нашы сродкі прапаганды — радыё, прэса, тэлебачанне — выхавалі цэлае пакаленне людзей з завышанымі патрабаваннямі, якія яны ўсякімі сродкамі стараюцца задаволіць. Недзе чытаў, што ўжо ідзе трэцяя сусветная вайна, у якой загінула 25 мільёнаў чалавек. Сёння ўсё неба ў хмарах.

27.VI. Заўтра прыязджае з Польшчы прэзідэнт Валенса. Здаецца, і ён, як Ю. Пілсудскі, родам з Беларусі. Здаецца, іх нават радніць нейкая супольная мужыкаватасць. Званіла Іра з Нарачы. Там, аказваецца, і Максім атайбаваўся са сваімі з нейкімі рыбакамі. Трэба было б і мне пад’ехаць, паглядзець, што там робіцца.

З.VІІ. Толькі што вярнуўся з прыёму, арганізаванага Мінгарвыканкомам у рэстаране «Ванда». Рэстаран гэты, відаць, пабудаваны для розных бізнесменаў, дыпламатаў, бо і кухня і абслуга на самым высокім узроўні. Прыслалі запросіны на з’езд беларусаў свету. Відаць, схаджу хоць на адкрыццё. Устанавілася пагода, толькі дома — розныя сямейныя непаладкі. Атрымаў з Бранска ад Ф. I. Ільюшэнкі некалькі нумароў часопіса «Пересвет» з яго цікавымі ўспамінамі пра 3. Kасмадзям’янскую. Аднаўляю ў сваёй ужо дзіравай памяці некаторыя старонкі з лекцый А. Міцкевіча «Славянская літаратура».

17.VІІ. У «ЛіМе» Лявон Луцкевіч змясціў фатаграфію, на якой зняты А. Трэпка, Багдановіч, Тумаш, Мілючанка, Галкоўскі, Забэйда, Шырма, Луцкевіч, Паўловіч, Гадлеўскі, Станкевіч і я. Толькі здымак, мне здаецца, зроблены не ў сакавіку 1935 года, а значна пазней. Такая сустрэча магла адбыцца толькі пасля вядомага «Літаратурнага вечара» (Вільня, 15.ІІІ.1936 г.), калі я ўпершыню пазнаёміўся з М. Забэйдам і з некаторымі з гэтых беларускіх дзеячаў. У шостым нумары «Першацвета» (1993 г.) С. Чыгрын даў кароткую анатацыю А. Бартуля. Прывёў ён і маё выказванні аб ім з «Лісткоў календара». Аказваецца, што падчас вайны А. Бартуль працаваў на Лідчыне і звяртаўся з просьбай да доктара-стаматолага Баляслава Грабінскага, каб той як старшыня Віленскага беларускага камітэта засведчыў, што А. Бартуль з’яўляецца беларускім пісьменнікам, на што Б. Грабінскі дасціпна адказаў яму: «Ці не запозна вы пра гэта ўспомнілі». С. Чыгрын чамусьці не піша, кім А. Бартуль працаваў у немцаў падчас вайны. 3 Б. Грабінскім мяне калісьці пазнаёміў Р. Р. Шырма. У яго як славутага спецыяліста лячыліся многія віленчукі. Адначасна ён быў і настаўнікам у Беларускай гімназіі. Звярталіся да яго за дапамогай і Любаша з Аляй, і я. Ад сваіх беларускіх знаёмых ён нат грошай не браў. Помню, і я, не маючы чым заплаціць за свой хворы зуб, тады падарыў свой новы зборнік вершаў «Пад мачтай». У тыя гады ён часта аказваў грашовую дапамогу розным часопісам. A. Лic казаў, што Б. Грабінскі зараз жыве ў нейкім захалусці.

Званіў Саша. Зноў едзе ў нейкую замежную камандзіроўку. Няспынныя дажджы паклалі ў полі ўсе каласавыя.

28.VІІ. Званіў у выдавецтва «Мастацкая літаратура», але так і не дазваніўся. Свята. А ў карэктуры зборніка неабходна выправіць некалькі прыкрых друкарскіх памылак. Шкада, што не змог пабываць на свяце Незалежнасці, бо нешта разбалеліся былі ногі. Працягваю чытаць А. Міцкевіча, яго прозу — лекцыі, лісты, артыкулы, да якой, прызнацца, раней не даходзіў, а якая з’яўляецца цікавым дапаўненнем да яго паэтычнай творчасці.

Чуваць, на Палессі пачаўся павадак. А агульнае становішча ў краіне ўсё больш і больш ускладняецца. Усё імкнёмся ўвайсці ў «Еўрапейскі дом». Які чорт у яго прыме нас, калі ў сваім доме не можам навесці ладу?

7.VІІІ. У сёмым нумары «Полымя» прачытаў паэму Р. Барадуліна «Трыкірый». Ёсць у ёй шмат цікавых строф, напісаных з уласцівым яму майстэрствам. Толькі мне здаецца, твор гэты непамерна расцягнуты i некаторыя яго часткі рассыпаюцца, як пацеркі парванага ружанца.

Ні на хвіліну мяне на пакідае прадчуванне набліжэння нейкай бяды. Максім узяўся за афармленне Любашынай пенсіі, якую яна магла даўно атрымліваць, ужо з першых пасляваенных гадоў як удзельніца рэвалюцыйнага падполля, а потым — па старасці і інваліднасці. Але тут я вінаваты, бо ніколі не цікавіўся гэтымі справамі.

На Палессі, чуваць, страшэнны павадак. Не хапала нам яшчэ гэтай бяды.

Здаецца, знайшоў канцоўку да свайго верша «Эрата»: «Таму хацелася б да эпілога, калі паспею, — дапісаць эрату і вены перарваныя злучыць». Апошнія дні разбалеліся ногі. Больш за ўсё я на іх спадзяваўся, a і яны перастаюць мяне слухаць. А найгорш — трывожныя звесткі, якія паступаюць з усіх куткоў краіны. Забаставалі рабочыя Мінскага завода вылічальных машын, спынілася праца і на іншых заводах. Праслухаў нарыс пра П. М. Машэрава. I сам пачынаю думаць, што смерць яго была невыпадковай. Сяджу дзяжурным пры хворай Любашы. Добра, што часта заглядае Максім. Прынёс пару бутэлек малака і свежай бульбы. Зварылі, а есці немагчыма: так атручана рознымі хімікаліямі. Прыйшло пісьмо ад македонскіх пісьменнікаў. Не ведаю, ці варта нам умешвацца ў заблытаныя балканскія праблемы, у якіх не ведаю, ці разбіраецца хто ў нас акрамя Н. С. Гілевіча, каб не атрымалася так, як з якавенкаўскім нарысам пра Карабах, за які пакрыўдзіліся азербайджанскія пісьменнікі.

13.VIII. Наведала нас Сашава маці. Хварэе. Не знаю, ці ёсць у нас зараз здаровыя людзі. Заўтра Іра збіраецца на Нарач. Сёлета там надзвычай багаты ўраджай на яблыкі. Шкада, што ён змарнуецца, бо ніяк іх не прывязеш. Няма бензіну. Як так магло атрымацца, што нічога не аплачваецца рабіць: ні сеяць, ні жаць, ні здабываць газ, нафту, нават — золата.

14.VIII. Ездзіў тралейбусам па пакупкі. Людзі з апошніх слоў клянуць усіх кіраўнікоў урада, бо, сапраўды, апынуліся ў жахлівых умовах, якія абярнуцца страшэннай катастрофай. А да гэтага ўсе сродкі прапаганды накіраваны на масавае адурманьванне моладзі. Усе з трывогай думаем аб заўтрашнім дні, аб нашай будучыні.

20.VІІІ. Сёння ў падземным пераходзе ля Камароўскага рынку нейкі калека прыгожа іграў мелодыі старых франтавых песняў. Ля яго сядзела аўчарка і пільнавала свайго гаспадара і яго падзёртую шапку з падачкай, з нейкай ахвяраванай дробяззю.

Мой надзвычай сімпатычны сусед па доме пазычыў некалькі польскіх тыднёвікаў «Магазін» і «Не» і чацвёрты нумар «Спадчыны», якую абавязкова трэба выпісаць і мне.

Пэўна, з гадамі кожны робіцца больш сентыментальны.


У саду гуляла,

Цвяты збірала,

Каго любіла,

Та цалавала…


Якія, здаецца, простыя словы. а як яны бяруць за сэрца! Са слязамі слухаю гэтую простую ўкраінскую песню… А хваробы кожны дзень і Любашы і мне могуць спыніць падлік нашых дзён. I так, відаць, мы замарудзілі гасцяваць на гэтым свеце.

26.VIII. Напісаў невялічкі верш «Зарэджанне». Што значыць звышдалікатнасць! Пры ўручэныі I. Бродскаму дыплома «Гонорыс кауза» Слёнскага універсітэта, эх, як ён распінаўся ў сваёй троннай прамове перад палякамі! «Сваё выступленне агалашу па-англійску, бо не хачу дражніць усімі вамі зненавіджанай мовай тут — рускай мовай — уражлівы польскі слых». I гэта сказаць асмеліўся там, дзе 360 тысяч савецкіх людзей аддалі сваё жыццё за вызваленне Польшчы. А на якой бы ты, сукін сын, мове гаварыў у Хірасіме ці Нагасакі?..

Рыхтую новую падборку вершаў. Праз Максіма паслаў цэлую пачку кніг для Сваткаўскай школы.

30.VІІІ. Вось і канец лета. Калі ішоў на пенсію, цешыўся, што будзе больш часу на розныя дамашнія і творчыя справы. А зараз, здаецца, нечага не хапае. Пісаць становіцца ўсё цяжэй.

1.ІХ. 3 болем у сэрцы сустрэў першы дзень восені. Максім прывёз цэлы мех нарачанскіх яблыкаў. Толькі зараз з падаражаннем бензіну дорага абыходзяцца гэтыя яблыкі. Амаль кожны дзень прачынаюся з болем у сэрцы. Трэба было б на нейкі час легчы ў бальніцу, але не магу пакінуць адну Любашу, бо ўсе заняты сваімі справамі і клапотамі. Больш за ўсіх дапамагае Максім вырашаць розныя неадкладныя справы, бо ў Іры, відаць, хапае сваіх клапот.

Атрымаў пісьмо ад Валі Найдус. Піша, што праз Янку Брыля перадала для «ЛіМа» свой артыкул пра Г. Смоляра. Пахаладала. Відаць, сёлета прыйдзецца памерзнуць, бо гаспадары горада малавата прызапасілі гаручага. Гаварыў з Уладзімірам Іванавічам Карызнам аб новым сваім зборніку для дзяцей, які запланаваны на 1995 г. Малая надзея, што змагу дачакацца яго выхаду. Перастаю разумець палітыку нашага ўрада. I таму, што гэта адна з самых заблытаных і брудных рэчаў. Узяўся за Д. Ірвінгаву «Малітву за Овэна». Доўга не мог учытацца ў яго глыбокую, ашаламляльную прозу.

Цікавыя персаналіі пра Ю. Пілсудскага надрукавала польская газета (24.VII.93 г.): каб развесціся са сваёй першай жонкай і ўзяць шлюб з А. Шчарбінскай, ён стаў пратэстантам. Вось чаму архібіскуп Сапега не хацеў памершага маршала ўпусціць у Вавельскі магільны склеп.

6.ІХ. Атрымаў ад С. Новіка-Пяюна яго новы зборнік вершаў «Песні з-за кратаў». Надвор’е такое паганае, што выходзіць нікуды не хочацца. А яшчэ больш пагана на сэрцы ад таго, што робіцца ў нашай краіне. У нас зараз шмат развялося розных анкетаманаў, якія потым падшываюць твае адказы да сваіх каментарыяў і выдаюць за свае даследаванні. Аднаму ўчора адпісаў: не хачу паўтараць тое, што сказаў у сваіх творах.

16.ІХ. Павіншаваў С. I. Грахоўскага з яго 80-годдзем. Памёр стары газетны трудзяга Яфім Садоўскі, з якім у гады вайны і пасля ў СП часта мы сустракаліся. Учора да позніх гадзін былі госці. А пад канец прыехалі Саша i В. С. Смірноў, які доўгі час быў паслом у Пакістане, а перад гэтым мы працавалі ў адным камітэце ў ААН. Чалавек ён надзвычай таварыскі і абаяльны.

18.ІХ. Прачытаў у «Родным слове» (№ 8, 1993 г.) артыкул Ул. Казберука «Прадвесне беларускага нацыянальнага адраджэння». Я даўно з цікавасцю чытаю гэтага ўдумлівага і глыбокага даследчыка нашай гісторыі. Аказваецца, у адраджэнскіх нашых справах К. Каліноўскі займаў не такую выразную пазіцыю, як гэта зараз прыпісваюць яму. Вось яго пазіцыя ў «Звароце да мужыкоў зямлі Польскай»: «Дзецюкі! Калі цяпер Ронд польскі падняў паўстанне супроць маскаля, дае нам зямлю, спрадвечную вольнасць і Веру нашых бацькоў… калі як шырока зямля наша народ грамадою, хто са стрэльбаю, а хто з касою, ідзе на адвечнага непрыяцеля паганага, калі маскаль ад нашых кос агнём уцякае, ці ж мы, дзецюкі, сядзець будзем, мы, што жывём на зямлі польскай, ямо хлеб польскі, мы палякі з вякоў вечных? Трэба нарэшце і нам да таго розуму, што адно сілаю дай касою даб’емся справядлівасці, вольнасці і веры нашых дзядоў і прадзедаў».

Слушна піша аўтар, што «нашы гісторыкі да сённяшняга дня друкуюць публіцыстыку К. Каліноўскага толькі выбарачна, хаваючы ад чытачоў тов, што не адпавядае агульнапрынятым характарыстыкам»»

19.IX. Якое сцюдзёнае, зацягнутае пашматанымі хмарамі неба! Чытаю нашых паслядоўнікаў абстракцыянізму. Прызнацца, нудна. Шкада, што за апошнія гады амаль ва ўсіх былых рэспубліках у нас парваліся кантакты з нашымі перакладчыкамі. Вось польскім сябрам павязло на Дэдэцыуса, які адзін пераклаў на нямецкую мову больш васьмідзесяці польскіх аўтараў. А Бой-Жэленскі?! Хоць ты маліся да патрона перакладчыкаў — Святога Гераніма, каб дапамог нам, беларусам, у гэтай справе. Зараз у незалежніцкім захапленні і ачмурэнні папалілі ўсе масты, якія нас злучалі, а новыя — не так лёгка пабудаваць. Ды і зараз мы не так заняты сур’ёзнай перабудовай, як пустой мітуснёй, як ажыццяўленнем вядомай А. Далесаўскай праграмы далейшага развіцця «…хамства, нахабнасці, хлусні і ашуканства і наркаманіі, жывёльнага страху аднаго перад другім, бессаромнасці, здраднідтва і варожасці народаў, перадусім варожасці і нянавісці да рускага народа…»

А ў Маскве збіраюцца хмары. Памалу рыхтую новую падборку сваіх вершаў. А пісаць становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.

Зацікавіў мяне верш Папы Кароля Вайтылы з яго паэмы «Думаючы Айчына»:


Так згуртаваныя ў сабе адной мовай

Існуем у глыбіні сваіх каранёў,

Чакаючы на плод даспявання і крызісу.


Ахопленыя штодзённа прыгажосцю сваёй мовы,

Не адчуваем горычы,

Хоць на рынках свету

Не купляюць нашых думак

Па прычыне дарагавізны слоў.

Ці ж не прагнем яшчэ глыбейшага абмену?

...........................................................

Народ, які жыве ў сэрцы сваёй мовы,

Застаецца на працягу пакаленняў таямніцай мыслі,

Не ўбачанай да канца.


Інвазія чужаземных слоў набліжае нас да дзікунства, як набліжае і захапленне аджыўшымі традыцыямі. Мы забываем, што многія з іх у свой час уводзіліся сілаю: «Чыя ўлада, таго і рэлігія». I народ іх сустракаў варожа. Яшчэ доўгія дзесяцігоддзі ў сваіх святых гаях маліўся розным ідалам.

Сярод сваіх кніжных завалаў адкапаў гравюры Е. Барталамейчыка, якія ў нечым нагадваюць Ул. Дрэму.

А ў Маскве пачаліся крывавыя сутычкі… Ездзіў па аптэках у пошуках лекаў. I толькі дзякуючы A. М. Ваніцкаму і Нэлі Кандрацэвіч у Таварыстве дружбы ўдалося папоўніць сваю аптэку.

Не ведаю як хто, але я без кантактаў са сваімі замежнымі сябрамі, без іх твораў, часопісаў адчуваю сябе як рыба, выкінутая са сваёй стыхіі. Мне здаецца, што так сябе адчуваюць многія. Прачытаў цікавую падборку вершаў С. Грахоўскага, вершаў, затручаных пякельнай лагернай тэматыкай.

Думаў схадзіць на рынак, але недзе запрапасцілася падораная Ю. Хапалаевым кавенька, а без яе ісці не адважыўся.

Як там у Маскве? Неяк не верыцца, што зараз Масква, Кіеў, Вільнюс — заграніца.

27.ІХ. Зноў вярнуліся халады. Перачытваю А. Гаруна — аднаго з нашых выдатнейшых паэтаў-рэвалюцыянераў. Асабліва спадабаліся мне яго: «Думы ў чужыне», «Нактурн», «Літанне Адзіноце». Ёсць некалькі выдатных і сюжэтных вершаў, напісаных харошай сакавітай беларускай мовай, як «Варожба», «Канец Паўлючонка», «Шчасце Мацея». Зборнік вершаў адкрываецца выдатным аналітычным артыкулам У. Казберука. Праўду гаварыў Геракліт: колькі б ні вандраваў, не знойдзеш граніц душы.

А ватэрлінія нашага карабля перабудовы ўсё больш і больш ідзе пад ваду. Наглядаецца небывалае ажыўленне розных рэлігійных арганізацый і сект. Асабліва вялікую актыўнасць праяўляе каталіцкі клер. Памыліўся Сталін, калі на Ялцінскай канферэнцыі, даведаўшыся, што супроць яе пастаноў выступае Папа Рымскі, жартам спытаў: «А колькі дывізій у Папы Рымскага?» Нябачныя дывізіі Папы нямала ў гісторыі выйгралі баталій.

Чакаю «Полымя» ca сваёй новай падборкай. Толькі цяпер я ўбачыў, якой стратай для мяне абярнулася праца ў апараце СП, колькі змарнаваў часу на розныя пустазвонныя пасяджэнні, нарады, пленумы, з’езды, артыкулы, выступленні…

Званілі, ці не згадзіўся б падпісацца пад пратэстам супроць выступлення С. Шушкевіча. Адмовіўся, бо я ўжо не раз падпісваўся пад рознымі калектыўнымі пісьмамі, а потым выслухоўваў лаянку ананімных тэлефонных хамул: «Як ты сякі-такі мог?» і г. д.

Па тэлебачанні праслухаў канцэрт славутага Майкла Джэксана. Такога дзікага ачмурэння шматтысячнай публікі я, прызнацца, яшчэ не бачыў ніколі. А гэты поп-ідал, як піша польскі «Пшэглёнд тыгоднёвы», вельмі «любіць дзяцей»… Вось табе, як яго нехта назваў, «Сучасны Бог».

Мароз. Трэба ўцягнуць на кухню, каб не памерзлі, прывезеныя Максімам і Юрам нарачанскія яблыкі.

З.Х. У Маскве пачаліся забурэнні. У краіне пачынае ўсё больш разгарацца зарава пажару братазабойчай вайны. Ад аптымістычнага сцэнарыя мірнай перабудовы і дэмакратызацыі нічога не засталося.

Нядзеля. Атрымаў ад свайго суседа У. М. Казберука цэлую пачку часопісаў, якіх, відаць, хопіць чытаць мне да канца месяца. Зараз мяне больш за ўсё цікавіць наша гісторыя. Не ведаю толькі, ці новае яе асвятленне набліжае нас да ісціны. Усе перажываем трагічныя падзеі ў Маскве, якія яшчэ невядома якім рэхам адклікнуцца ў нашай краіне. Вечарамі ўсе асцерагаюцца выходзіць з дому, і на вуліцах амаль спыняецца ўсякі рух. Неспадзявана «ЛіМ» даў даўжэзны артыкул пра мяне, напісаны М. Мікулічам. 3 Нью-Йорка вяртаецца Г. Бураўкін, які шмат год быў нашым прадстаўніком пры ААН. Чуў, што сватаюць яго на месца міністра культуры Я. Вайтовіча, а апошняга — паслом у Літве.

Запісваю вартае ўвагі выказванне прафесара Торуньскага універсітэта імя М. Каперніка С. Александровіча: «XVII-XVIII стагоддзі — вяршыня цывілізацыі на Усходніх Крэсах. Якраз тады закончаны быў працэс паланізацыі мясцовай шляхты і класаў маёмных». А нашы гісторыкі ўсе працягваюць дзяўбці аб залатой пары пад уладай польскіх і літоўскіх каралёў і магнатаў.

У Лондане выйшаў цікавы зборнік «дыялектаў заменных і таемных». Дзесьці ў мяне — калі хто не сцягнуў — павінен быць тувімаўскі «Слоўнік п’яніц».

13.Х. Пасля розных творчых няўдач не магу выйсці з нейкай дэпрэсіі. Хаатычна бяруся за розныя справы і ніводнай не даводжу да канца. Крыху адвёў сваю душу з Толем Вялюгіным, які толькі што вярнуўся са сваёй лысагорскай дачы. Накупляў розных паштовых марак. Ніхто ў нас не звяртае ўвагі на тое, якія яны нецікавыя, шэрыя і не маюць ніякай каштоўнасці для калекцыянераў. А на іх жа магла б і дзяржава падлатаць свой дзіравы бюджэт, як гэта робяць іншыя: Сан-Марына ды і некаторыя нашы суседзі. Яшчэ раз пагартаў Фэрэнца Мальнара «Хлопцы з пляца Бою». Часамі нат у прачытаных кнігах адкрываеш нешта новае, не заўважанае раней, як і на сваіх пройдзеных дарогах жыцця.

17.Х. Па радыё перадавалі народную ўкраінскую песню: «У саду гуляла, цвяты збірала, каго любіла, та цалавала…» Божа, як проста і геніяльна. Так толькі ўдавалася часам Т. Шаўчэнку: «Вішнёвы садзік каля хаты…», Я. Купалу: «Як на свет радзіўся Янка…».

Да ўсіх маіх недамаганняў прыбавілася горкае пачуццё незадаволенаеці і непатрэбнасці таго, што раблю. Ужо мінула два гады, як я не быў на сваёй Нарачы. Нешта доўга не выходзіць мой апошні зборнік вершаў. Відаць, камерцыйныя выданні на другі план адціснулі творы сучасных пісьменнікаў, і ў першую чаргу паэзію. А ў газетах і ва ўсіх сродках прапаганды — няспынная грызня.

20.Х. Саша быў на паляванні. Казаў, што біў, але прамазаў па дзіку. Навярэдзіў толькі сваю хворую нагу. А хутка трэба ляцець у ЗША. Атрымаў запросіны на жалобныя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці загінуўшых яўрэяў на тэрыторыі Беларусі ў гады ВАВ.

Цяжкія часы перажывае наша краіна: ваенныя і нацыянальныя канфлікты, пакуты бяздомных, бежанцаў, поўны развал эканомікі, навукі, дэградацыя культуры. Сумна і горка глядзець, як хвалёная дэмакратыя перараджаецца ў дыктатуру дзяльцоў, спекулянтаў, мафіёзаў, зладзеяў і дэмагогаў.

Прачытаў Е. Касінскага. Думаю, сакрэт яго папулярнасці на Захадзе мала што мае супольнага з літаратурнымі вартасцямі яго твораў. А ў галаве таўкуцца нейкія сумбурныя вершы.

21.Х. Падвёў транспарт. Так я і не паспеў на канцэрт-рэквіем, на якім чыталі нат мой верш «Гета». Вечарам на прыёме сустрэў Я. Брыля, Н. Гілевіча і пазнаёміўся з многімі замежнымі гасцямі — былымі падпольшчыкамі, ветэранамі. У «ЛіМе» — харошы артыкул пра Г. Смоляра, у якім В. Найдус піша аб беспадстаўным шальмаванні яго некаторымі нашымі гісторыкамі. На вялікі жаль, зараз усё пераблыталі: чорнае стала белым, белае — чорным. Як скарпіёны, счапіліся літоўцы з акаўцамі, якія ніяк не могуць высветліць: хто падчас вайны лепш выслугоўваўся перад нямецкімі фашыстамі і хто з іх больш знішчыў нявінных людзей.

Не спалася. Аж да світання чытаў пазычаны ў У. Казберука польскі тыднёвік «Акцэнт», у якім сустрэў вартае ўвагі выказванне Густава Лe Бона: «Фактарам развіцця народаў была ілюзія, а не рэчаіснасць… Народ не патрабуе праўды і пагарджае рэчаіснасцю, але багатварыць падманныя ілюзіі… Чалавечаму розуму, напэўна, не ўдалося б павесці чалавецтва да развіцця цывілізацыі з такою самаадданасцю, з якімі зрабілі гэтыя ілюзіі… Не розум, але пачуцці, часта супроць розуму, стварылі такія паняцці, як гонар, самаадданасць, вера, любоў да радзімы і славы, якія аказаліся асноўнымі апорамі ўсіх цывілізацый».

26.Х. Здаецца, лічуся свабодным ад розных службовых абавязкаў, а кожны дзень набіраецца столькі розных спраў, што ледзь дацягну да канца дня. У сувязі з падрыхтоўкай матэрыялаў для «Нёмана» была Валя Аколава. Працуе — казала — над гістарычнай паэмай. Падзялілася са мной бягучымі пісьменніцкімі навінамі. Аказваецца, як і раней, кіпяць там страсці-мардасці. Тон усяму задаюць неафіты.

Прыслаў мне Ф. Ільюшэнка некалькі нумароў газеты «Голос» з фрагментамі са сваіх успамінаў пра П. К. Панамарэнку, які, падчас Беларускай аперацыі, быццам, насіўся з планам вызвалення Мінска партызанскімі сіламі. План гэты ў партызанскім штабе не знайшоў падтрымкі. А гэты эфектны крок мог дорага каштаваць і партызанам і мінчанам: для такой аперацыі не было ні дастатковых сіл, ні ўзбраення.

Прачытаў некалькі гістарычных даследаванняў, у якіх больш літаратурнай белетрыстыкі, як фактаў і праўды.

За акном няспынна барабаніць асенні дождж. Здаецца, аж па маёй спіне прабягаюць яго сцюдзёныя кроплі.

28.Х. Зараз усе ў нас пішуць хвалебныя оды роднай мове. Шкада толькі, што мала вершаў арыгінальных. Зараз наша мова, якая доўгі час была і ў загоне і ў прыгоне, патрабуе грунтоўнай рэстаўрацыі і ачышчэння ад розных непатрэбных запазычанасцяў. Падпісаўся пад зваротам да нашага Урада аб адкрыцці музея Р. Р. Шырмы на кватэры, дзе ён жыў апошнія гады.

Нядаўна прачытаў цікавую легенду, што быццам у паўднёваамерыканскіх джунглях жывуць папугаі, якія гавораць на мове вымершага індзейскага племені. Няма чалавека, які знаў бы гэту мову. Апошні прадстаўнік племені даўно памёр. Толькі папугаі далей паводле легенды няспынна выкрыкваюць словы, якіх ніхто на свеце не зможа зразумець.

31.10. Зараз наглядаецца небывалы разнабой у ацэнцы літаратурных твораў. Раней усё ўзважвалася заангажаванасцю іх у палітыку, апрабацыяй рэчаіснасцю. Сёння ўсё ацэньваенда з групавых пазіцый. Усе гэтыя млыны круцілі і круцяць пустыя жорны. Старую візію будучыні разбурылі, а новая пакуль што вырысоўваецца ў вельмі непрыглядным выглядзе.

1.ХІ. Сёння неспадзявана наведалі нас Пётр Маркавіч і Аля. Памаглі навесці лад у кватэры і ацепліць на зіму вокны, бо чуваць, што зіма будзе не такая лагодная, як мінулая.

Трэба будзе зверыць пераклады С. Налерскага з рускімі перакладамі твораў Уітмена. Цікава, ці У. Маякоўскі знаў міцкевічаўскую «Імправізацыю»:


Я майстар!

Я, майстар, працягваю далоні,

Працягваю аж у неба і кладу іх

На зорах, як на шкляных клавішах гармоніка.

То раптам, то завольненых рухам

Кручу зоры сваім духам…


Нашы газеты і радыё зусім з’ехалі на розныя абывацельскія і пляткарскія звесткі. Зараз пішуць, што старшыня ВС С. Шушкевіч, будучы ў Кітаі. купіў сабе дарагі гарнітур мэблі, а жонка яго па знаёмстве — па таннай цане унітаз. Эх, як любяць у нас капацца ў начных гаршках! А перад выбарамі яшчэ і не такія пачуем звесткі пра кандыдатаў у дэпутаты. А колькі рознай лухты, праўды-няпраўды ўсякай пачуем.

У старых газетных выразках, у адным з нумароў «Полымя», трапіўся перакладзены Ю. Свіркам верш Йылгая Дырдыева «Чароўная жалейка», які з’яўляецца скарочаным пераказам маёй «Казкі пра Музыку». Ну, а ў пані Дануты Храсцялеўскай: «Столькі жыцця працадзілася праз пальцы» — вельмі знаёмыя радкі з майго верша «Другу». Калі яны ім спадабаліся, відаць, калісьці мне ўдалося напісаць нядрэнныя радкі.

Вось мінуў яшчэ адзін змарнаваны мною дзень.

3.ХІ. Ca спазненнем пачалі прыходзіць газеты. Хутка, відаць, зусім застанемся без прэсы, бо дэзарганізаваны і падпіска, і дастаўка іх. Заходзіў Пётр Маркавіч. Падарыў я яму цудоўнае выданне «Пана Тадэвуша», бо, на вялікі жаль, ніхто з нашых дзяцей не цікавіцца літаратурай. Пасля мяне, відаць, здадуць усе кнігі букіністам або пусцяць іх у макулатуру хоць, як казаў Цыцэрон: «Хата без кнігі, як цела без душы».

4.ХІ. На вуліцы апусціўся такі густы туман, што за пару крокаў нічога не відаць. Учора быў Максім. Расказваў несусветныя гісторыі з жыцця нашых дамарослых бізнесменаў-мільянераў. Званілі з нейкай рэдакцыі, каб даў інтэрв’ю. Накідаў верш пра віленскага друкара Клецкіна, які падчас ліквідацыі гета загінуў у Панарах. Калі не пішацца, мне здаецца, што да мяне набліжаецца мая няпрошаная, але настырная госця.

Усе гэтыя дні стаіць цудоўная асенняя пагода. А я і гэты год як пад дамашнім арыштам: ні разу не пабываў у лесе. Прыслалі запрашэнне на кастрычніцкія ўрачыстасці, а 9-га лістапада на мітынг. Відаць, нікуды не змагу дайсці. I. Шамякін расказау жудасную гісторыю: нейкія бандыты ці мафіёзы зарэзалі нявестку К. Кірэенкі і трохгадовую яе дачку.

А крызіс усё паглыбляецца. Ужо дзесяткі заводаў у Мінску спынілі працу.

8.ХІ. Выпаў снег. Хадзіў на пошту аднавіць падпіску на часопісы і газеты. Не ведаю, што са мной poбіцца: цяжка дыхаць і нейкая цемень у вачах. Любаша, відаць, заўважыла, што адчуваю сябе горш. Сядзім, старыя, бездапаможныя. Ноч. Не спіцца. Толькі вецер шуршыць за акном… Трэба ў сваёй дамашняй аптэцы пашукаць нечага, што супакойвае нервы.

9.ХІ. Адказаў на пісьмы В. Найдус i I. Мальца. У газеце «Вперед» жахлівы артыкул пра падзеі 1932-1937 гг., калі былі рэпрэсіраваны многія пісьменнікі, і што на іх ляжыць вялікая віна, бо і ў «Звяздзе», і ў «ЛіМе» друкаваліся такія артыкулы-абвінавачанні, ў такімі драматычнымі сюжэтамі, што і Шэкспір пазавідаваў бы. I калі «вспыхнул в 1937 г. костер, в разжигание его внесла свою лепту белорусская интеллигенция, подбрасывая сухие поленья».

I, відаць, гэта прывычка самаедства доўга яшчэ жыла ў многіх. Я помню, як у 1942 г. пасля нейкага застолля ў нумары гасцініцы «Масква» П. Броўка, пасля чарговай сутычкі з М. Лыньковым, без ніякай прычыны накінуўся быў на мяне: «А ты што глядзіш, польскі агент?» Я рынуўся быў працерці яго акуляры, але П. Глебка засланіў свайго сябра. Праўда, потым Броўка перапрашаў мяне і не раз гаварыў: «Як я мог такое сказаць?»

Памыляецца I. Шамякін у сваім дзённіку («Полымя», 1993 г.), калі піша, што я рэўнасна адносіўся да П. Броўкі як паэта, бо ніколі я яму ні ў чым не зайздросціў. Гэта ён быў заўсёды насцярожаны: хто можа стаць на яго дарозе да славы, да прызнання? А. Куляшоў, П. Панчанка, я? Калі атрымаў быў Лeнінскую прэмію, усё пытаў у А. Куляшова: «Ну як Максім?» — «Ды нічога, — адказаў той. — Смяецца».

10.ХІ. Ад Янкі даведаўся, што цяжка захварэў У. Калеснік. Ляжыць у брэсцкай бальніцы. Можа, варта было б перавезці яго ў Мінск. Запрашаюць на вечар незалежнасці Польшчы. Відаць, не змагу пайсці, бо без машыны да тэатра не дабяруся, хоць і спакуслівая праграма: канцэрт «Каралінкі», выстаўка творчасці мастакоў… Узяўся за пераклад верша Чэслава Мілаша «Арс поэтыка». Варта было б з ім пазнаёміць і нашых чытачоў і нашых авангардыстаў. Прызнацца, пазайздросціў, што не я гэты верш напісаў.

12.ХІ. Былі мае медзяльчане. К. А. Каратай збірае матэрыялы для зборніка «Памяць». Прасілі напісаць уступных пару слоў. Закончыў невялічкі мадрыгал «Карынфская ваза» ды ўзяўся чытаць брылёўскія «Свае старонкі». Чытаю і радуюся, што ў нас ёсць такі мастак-пісьменнік. Фрагменты яго біяграфіі, насычаныя роздумам, болем, перажытымі пакутамі і трывогамі, запаўняюць многія прабелы, якія адчуваліся і яшчэ адчуваюцца ў нашай беларускай літаратуры…

Як марудна я вызваляюся ад розных прапісных ісцін і аўтарытэтаў! Тэмы, да якіх трэба будзе вярнуцца: «Паўдзённы крыж», «Мой статут», «Танец гор». Анекдоты: «Хай вернецца сацыялізм. — Дык яго ж не было. — Хай вернецца тое, чаго не было». «За каго збіраешся галасаваць? — За X. — Чаму? — Бо яго не знаю».

Праслухаў выступленні нашых дэпутатаў на сесіі ВС, якія мала чым адрозніваюцца ад выступленняў гандлярак на Камароўскім рынку.

Калісьці называў Кромвель сваіх парламентарыяў мачымордамі і блядунамі, а Ю. Пілсудскі польскі сейм — сеймам прастытутак.

17.ХІ. Відаць, ніяк мы не можам абысціся без культу. Ну раней было зразумела: «Устань, каб не сядзець!» Зараз ужо і пры імені 3. Пазняка, якога, як казаў В. Быкаў, сам Бог нам паслаў, усе ўстаюць. Хутка і летачысленне весці пачнуць ад даты яго нараджэння, а не ад сатварэння свету ці нараджэння Хрыста.

Сёння адважыўся выйсці з дому, каб направіць гадзіннік і купіць хлеба. Нарэшце ўжо каторы месяц і Любаша атрымлівае належную ёй інвалідскую пенсію, якую яна ўжо шмат год магла атрымліваць. Ну ў нас пакуль што сякія-такія запасы прадуктаў маюцца. Але як жывуць людзі сямейныя? Зараз нашу эканоміку цяжэй зрасціць, як пакрышаныя косці ў арганізме чалавека. Чытаў, што на Украіну збіраецца прыехаць Папа Рымскі. Відаць, каб не толькі «одмувіць ружанец», a і навесці нейкі лад сярод сваіх вернікаў, праінструктаваць іх. Мо загляне і на Беларусь?

Трэба ў нашых даследчыкаў літаратуры даведацца: хто такі Мечыслаў Лісевіч (1897 г.), які выбаў у Англіі (Глазга, 1940 г.) (?) свае «Нарачанскія хронікі». Цяжка цяпер разабрацца ў гісторыі, пераважна пісалі яе нашы пераможцы. пастала пара паслухаць, што скажуць былыя падняволеныя народы пра сябе і пра сваіх былых апекуноў.

18.ХІ. Усякая прапаганда, даведзеная да абсурду, выклікае процілеглую рэакцыю, якая нат можа быць алагічнай. Так атрымалася ў нас і з літаратурай, якой казённы сацрэалістычны аптымізм замяніўся песімізмам, спавядальнасцю. Так атрымалася і з нашай пурытанскай мараллю, якая перарадзілася ў парнаграфічную разбэшчанасць і ўсёдазволенасць. I тут, можа, варта было б расшырыць аддзел рэцэнзій твораў, як гэта калісьці рабілі «Вядомосці Літэрацке», аглядам твораў найгоршых. I чыталася гэта з цікавасцю і з карысцю не толькі для графаманаў, але і для чытачоў.

Угаварылі паехаць на развітальны прыём з Я. К. Вайтовічам, які едзе ў Літву на пасаду пасла нашай рэспублікі.

19.ХІ. Вярнуўшыся, дома застаў Максіма, які забяспечвае нас прадуктамі, за якімі зараз доўга прыходзіцца выстойваць у чэргах. Перад сном перачытаў вершы Ізі Харыка, падораныя калісьці мне яго жонкай Дзінай. Вершы яго вызначаюцца лірычнасцю, змястоўнасцю сярод тагачаснай барабаннай паэзіі. Некаторыя з іх я калісьці пераклаў («Падпольшчык», «Восень»…).

А мароз убіраецца ў сілу. Атрымаў ад свайго суседа У. М. Казберука некалькі польскіх газет і цікавых часопісаў. Цяпер на пару тыдняў буду мець што чытаць. Магчыма, сёе-тое ўдасца атрымаць і з Польскага пасольства ад пані Эльжбеты Смулковай, якая абяцала пазнаёміць мяне з прэсай. Дзякуючы У. М. Казберуку прачытаў фрагменты прозы Арміна Мюлера, яго аповесці «Лялечнік Кёніг і я» і «Д’яблавы версэты» С. Рушдзі, за галаву якога Вялікі Імам вызначыў узнагароду больш за мільён долараў. I не дзіва! Узяць бы з гэтага «святога пісання» хоць бы адзін такі версэт:

«Сярод пальмавых дрэў аазіса Габрыель з’явіўся перад Прарокам (Алахам) і пачаў рэцытаваць правілы, правілы і яшчэ правілы, аж веруючыя не маглі не падумаць яшчэ аб нейкім новым аб’яўленні пустой справы: калі нехта пердне, то хай адвернецца тварам да ветру, правіла, якой рукой выціраць сабе зад… Так каб ніякі аспект людскога існення не мог застацца неадрэгуляваным, свабодным. Аб’яўленне-рэцытацыі гаварылі вернікам, колькі трэба есці, як глыбока спаць і якая пазіцыя ў сумесным жыцці ўзаконеная Богам, якія анальныя адносіны і пазіцыі санкцыянаваны Богам. I так даведаліся, што анальныя адносіны і місіянерская пазіцыя цешацца апрабацыяй Архангела, тады, калі забароненымі з’яўляюцца ўсе тыя, калі жанчына знаходзіцца зверху. Далей Габрыель пералічыў у спісе дазволеныя і забароненыя тэмы, аб якіх можна гаварыць, і вызначыў тыя часткі цела, якія нельга часаць, як бы яны ні свярбелі».

Увесь час стаяць сцюдзёныя, марозныя дні. Статыстыка перадае, што ў выніку чарнобыльскай аварыі ўжо ў многіх раёнах Беларусі смяротнасць перавысіла прырост насельніцтва.

3 газет са спазненнем даведаўся аб смерці Станіслава Выгодскага. Радзеюць рады старой гвардыі. Здаецца, я ў 1933 г. пазнаёміўся з яго выдадзеным у Маскве зборнікам «Апэль», а потым былі сустрэчы ў Варшаве ў рэдакцыі тыднёвіка «Нова Культура». А пазнаёміў нас, помню, Леслаў Бартэльскі…

26.ХІ. Снілася, што я ў сваёй Пількаўшчыне. Старая хата запоўнена нейкімі мяхамі з бульбай. Святло лучыны падае на твары бацькоў… Прачнуўся ад болю ў сэрцы. Добра, што пад рукой была прабірка з нітрагліцэрынам.

Зараз наша прэса ўсё больш становіцца падобнай да даваеннай польскай: хлуслівай, калтунскай, квазігістарычнай, бульварнай. Рэчаіснасць у ёй скажаецца, дэфармуецца, як у крывым люстэрку. А справы ўсё ўскладняюцца. У канфліктных раёнах у Cярэдняй Азіі ўжо гандлююць заложнікамі, палоннымі. Ды мала лепш абстаяць справы і ў нас…

Па пошце рассылаюць усім праграму графа A. К. Прушынскага аб «палепшанні дабрабыту нашых грамадзян». у канцы праграмы: «Галасуй за Графа! Твой лёс у тваіх руках!..» Божа, да чаго мы дайшлі!

Прыйшло пісьмо ад А. Гажэльскага. Піша, што ў другім нумары анталогіі «На маёй зямлі быў Асвенцім» змешчаны і мае два вершы.

28.ХІ. Заходзіў Сашка з Дзяніскам. I ён трапіў пад агонь крытыкі. Усюды такая куцярма. А галоўнае: ніхто не бачыць выхаду з сённяшняй крызіснай сітуацыі ў рэспубліцы, у якой апынуліся пасля развалу Саюза. Яшчэ ніколі на такім раздарожжы не была і наша інтэлігенцыя. Дзе ж праўда? Як так магло атрымацца, што зараз у нас ніякая работа не аплачваецца, кроме нейкіх незразумелых для мяне банкавых аперацый і разбэшчанай спекуляцыі.

Прачытаў успаміны А. Адамовіча. Успаміны цікавыя, толькі сцэна сустрэчы Сталіна з Гітлерам напісана на ўзроўні сярэдненькага анекдота.

Прасілі прыйсці на вечар, прысвечаны Н. Арсенневай. Не ведаю, ці змагу.

В. Аколава прынесла карэктуру маіх вершаў, перакладзеных Н. Кіслікам для «Нёмана».

1.ХІІ. Усе чамусьці любяць выдаваць сябе за жыхароў «Цэнтра Еўропы»: і мы, беларусы, і палякі, і немцы, славакі і чэхі. Так, чытаю ў Вацлава Гавела: «Усе лініі перакрыжоўваюцца ў Празе, таму што гэта сярэдзіна Еўропы».

Часамі наведвае нас нейкая сваячніца А. Клышкі Вера Іосіфаўна. Відаць, яе ўсе ведаюць у Мінску і яна ўсіх ведае. Заблыталася ў паперах выразка з газеты аб прысваенні Б. Ельцыну звання Камандора Мальційскага ордэна. Як вядома, Павел I за сваё званне паабяцаў — і нат выдаў загад — перахрысціць усіх сваіх падданых праваслаўных у католікаў. А што мог паабяцаць Б. М. Ельцын мальційскім крыжаносцам?

7.ХІІ. Заходзіла Малгажата Кошнер. Хацела, каб я падзяліўся з ёю сваімі ўспамінамі пра Ю. Кекштаса, пра якога збіраецца пісаць нейкі нарыс. А ў мяне з усёй перапіскі з ім засталося толькі некалькі паштовак і фатаграфій.

Пачалася адліга. Апала такая імгла, што, здаецца, прагінаецца пад яе цяжарам зямля. У квартальніку «Акцэнты» (№ 1-2, 1990 г.) знайшоў цікавыя ўспаміны пра былога рэдактара «Часопіса для ўсіх» доктара Шырана. Аўтар піша, што ён быў звязаны з камуністычным падполлем. Быў двойчы асуджаны польскім судом. Выбіраўся дэпутатам Народнага Сходу. Потым быў арыштаваны. I падчас вайны, калі пераганялі ў Віцебск, быў аховай забіты. Запісваю ўсю гэтую сумную гісторыю, бо і да гэтага часу многія былыя падполыычыкі лічаць яго канфідэнтам, ворагам. Вось тут і разбярыся!

11.ХІІ. Вечарам забег Максім. Відаць, недзе выпіў. Нейкі быў нервовы, узбуджаны. Потым аказалася, што ён не знае хвіліны спакою, у трывозе за ўнука Жэньку, у якога акрамя павялічанай шчытавідкі пачынаюць балець ногі. Дзе ён мог падхапіць гэту чарнобыльскую заразу? Няўжо ў Пяршаях, куды часта ездзілі? А гэта, здаецца, зона павышанай радыяцыі.

Званіў I. Шамякін, каб я на бліжэйшых выбарах вылучыў яго кандыдатам у акадэмікі па аддзяленні грамадскіх навук.

17.ХІІ. Прайшлі выбары ў Расіі, якія не развязалі гордзіевых вузлоў ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы. Крызіс працягвае паглыбляцца. Асабліва цяжкое становішча ў нас — у Беларусі. У мутным патоку словаблуддзя патанае праўда. Замест духоўнага адраджэння — секс, маразм, хлусня. Побач з царкоўнікамі ажывілася дзейнасць розных сектантаў, астролагаў і розных прахадзімцаў-варажбітоў. Нават на запчасці рабуюць нябожчыкаў, раскрадаюць помнікі. Ідзалагічная, нацыянальная, рэлігійная грызня — на грані людаедства.

19.ХІІ. Змарнаваў дэень, хоць двойчы браўся за пяро. Усё. што напісаў, перакрэсліў. Ніяк не магу сабрацца з думкамі. Узяўся чытаць Ігуду Галеві. Шкада, што толькі адзін дзень правёў у Таледа, у гэтым славутым цэнтры інквізіцыі. Паспеў толькі для ўнука купіць бліскучы дзіцячы пісталет і набор паштовак з цудоўнымі відамі гэтага казачнага горада.

Чуваць, у Казахстане пачаліся антырускія дэманстрацыі. Успомніў Кіплінга: «Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход…»

25.XII. Учора быў на цікавай сяброўскай сустрэчы ў Таварыстве дружбы. Агулам, A. М. Ваніцкі выдатна ўсё арганізаваў: чыталі вершы, абменьваліся тостамі. Нат кожны з прысутных атрымаў падарунак пад ёлку ад Дзеда Мароза. Па тэлефоне павіншаваў Толю Вялюгіна з яго 70-годдзем і харошай новай падборкай вершаў у «ЛіМе» i М. Б. Осіпаву з яе 85-годдзем. Аж крыўдна, што ўсе мы такія старыя і нямоглыя. 3 кожным днём мы з Любашай адчуваем сябе горш і горш. Званіў з Масквы Якаў. I ў іх — казаў — поўны разгардыяш. Няма дзе друкаваць ні свае творы, ні пераклады. Пачынаем новы год амаль у поўнай ізаляцыі ад сваіх ранейшых сяброў, іх твораў і прэсы.

26.XII. У Коўне — піша «Камэна» — «Саюдзіс» выдаў карты: на адной — Літва сучасная, на другой — якой павінна быць: з Мазурамі аж да Гданьска, Беласточчынай, з большай часткай былой Заходняй Беларусі. Відаць, кожны па-свойму вар’яцее. Зноў джын шавінізму пачынае гуляць па свеце, збіраючы сваё крывавае жніво. Хадзіў на пошту і па хлеб. Перасталі ў горадзе расчышчаць вуліцы. Ледзь дабраўся дадому. А цэны няспынна растуць і растуць.

27.XII. Хацелася б, калі паспею, зрабіць неабходныя праўкі ў сваіх творах. Пачаў са сваёй «Нарачы». У паэме ёсць шмат слабых мясцін, але і шмат цікавых лірычных адступленняў і драматычных падзей. Дарма я яе калісьці недаацэньваў, хоць водгукі польскай крытыкі былі высокія. Ну, ды чаго на свеце не бывае. Ц. Норвід лічыў «Пана Тадэвуша» «Вызваленым Ерусалімам», «Дон Кіхота» і «Круля духа» — паэмамі сатырычнымі, Шоў — шэкспіраўскага «Атэла» камедыяй, у якой інтрыга залежыць ад жаночай хустачкі і таму не можа быць трагедыяй… Колькі ў літаратуры такіх казусаў! Горкі быў прыняты ў хор, а Шаляпін — не. Маркес быў звольнены з рэдакцыі журнала за тое, што не ўмеў пісаць. Такіх хохмаў можна знайсці безліч у Мацкевіча, Ваньковіча і іншых. Я іх калісьці пачаў быў збіраць, ды недзе пагубляў усе свае запісы. А шкада!

Кажуць, ніхто не знае, што яго заўтра чакае. На вялікі жаль, я пачынаю здагадвацца па тым, як часта выпадае пяро з маіх рук.

Напісаў некалькі навагодніх віншавальных паштовак, хоць ніхто не знае, якім будзе новы год. Амаль ніякіх надзей, што ён будзе лепшым.

Нешта, як на вёсцы, вечарам разбрахаліся сабакі.

31.XII. Залятае сняжок. Коўзка. Падпісаўся на «Лінгвістычны атлас беларускіх народных гаворак», хоць ужо і не дачакаюся выхаду ўсіх яго пяці тамоў. Хацелася б яшчэ паспець усе свае творы перачытаць і канчаткова адрэдагаваць.


1994


3.І. Сёння паспрачаўся з Любашай. Хоча, каб я пайшоў у бальніцу, бо з кожным днём усё больш забівае дыхавіца, дакучае неймаверная слабасць. Але і адну яе не магу я пакінуць, бо адчуваю: калі разлучымся, больш не сустрэнемся.

Ледзь прачытаў пісьмо У. Калесніка, напісанае такім неразборлівым почыркам. Нешта нічога не пішуць мае пількаўшчане. Цікава, як пройдзе ў нас чарговая сесія ВС, бо вельмі ж шмат сабралася гаручага матэрыялу для сварак і лаянак, хоць хапае іх і ў іншых парламентах. Нат у ізраільскім кнесеце, кажуць, можна пачуць: «ванючка», «сабака», «канібал»… I яшчэ мацнейшыя словы. А там жа, здавалася б, усе — выхаванцы меламедаў ды іншых прэстыжных навуковых устаноў.

І раней дрэнна друкаваў на машынцы, а зараз прапускаю літары, цэлыя словы, хоць ты перадрукоўвай. Адрывае мяне ад працы і дамашняя мітусня, а найгорш — хвароба. Часта зусім губляюся ў сваіх дзённікавых запісах-нататках.

10.І. Учора наведалі нас Лена і Люся. Шкада, што не было чым асабліва іх пачаставаць. Пасядзелі, пагутарылі, пабедавалі, бо ў кожнага — свае беды, хваробы, клапоты. Пазваніў у нашу пісьменніцкую паліклініку, каб хто з дактароў пад’ехаў, але няма гаручага, няма на чым прыехаць. Відаць, і на клады хутка будзем насіць на насілках ці за ногі цягаць.

Эх, каб можна было забраць на той свет хоць невялічкую бібліятэчку i пару блакнотаў!

Начытаўшыся В. Гросмана, доўга не мог заснуць.

12.І. «Звязда» друкуе А. Мяснікова пра А. Жэбрака, супроць якога выступалі А. Суркоў, А. Твардоўскі, Г. Фіш… Я і цяпер не магу зразумець, як некампетэнтныя кіраўнікі партыі так па-абскуранцку маглі ўмешвацца і вырашаць лёс людзей навукі, мастацтва, літаратуры. Перафразіруючы А. Пушкіна, можна сказаць: «Так вот где таилась погибель социализма…»

Памёр Нобелеўскі лаўрэат А. Зінгер. Зараз пішуць пра яго як пра скупца, бабніка. Вось яго дыялог з журналістамі:

— Ці яўрэйская літаратура добрая?

— Добрая.

— Вялікая?

— Вельмі вялікая.

— Mae шмат вялікіх паэтаў?

— Шмат.

— Прашу некаторых назваць.

— Ой, калі гутарка ідзе пра памяць, дык яна зусім не працуе.

17.І. Заходзіў Л. Яўменаў. Выдае нейкі калектыўны акадэмічны зборнік, да якога і я яму даў некалькі сваіх новых вершаў. Праслухаў радыёнавіны. А ватэрлінія нашага дзяржаўнага карабля ўсё глыбей западае ў бурлівыя хвалі акіяна. Ніколі ў мірныя часы смерць не збірала такога багатага ўраджаю. Больш за мільён рублёў зараз каштуе пахаванне. Большасць, чуваць, ужо хаваюць у пластыкавых мяшках, a то і проста скідаюць у яму, бо адна труна каштуе каля двухсот тысяч. Церажываем не адраджэнне, а нейкае масавае ачмурэнне, якое ў нашым жыцці пачынае займаць усё больш дамінуючае значэнне.

23.І. Усе гэтыя дні з Любашай не жывём, а дажываем. Выпадкова трапіла ў рукі «Пелапанеская вайна» С. Жаромскага. Відаць, няма нічога больш заблытанага і страшнейшага, як нацыянальныя і рэлігійныя канфлікты. С. Жаромскі піша, што армяне першымі пачалі паліць мячэці, у якіх ратаваліся татарскія і туркменскія жанчыны і дзеці. I толькі па іх просьбе каліф паслаў армію Нары Пашы, якая, выразаючы армян, іх трупамі ўсцілала ўсе горныя пераходы і рэкі для сваёй артылерыі… Вось тут і разбярыся! А ці ж гэта адзіны выпадак і ў нашай гісторыі.

Зараз наша літаратурная крытыка — звышдалікатная, а публіцыстыка — звышхамская. Атрымаў цікавае пісьмо М. У. Мікуліча. Збіраецца пісаць нейкі артыкул пра мяне. Прыслалі запросіны на ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае Дню беларускай культуры. Толькі не ведаю, аб якой зараз можна гаварыць культуры, калі яна апынулася ў кіпцюрах рынку, калі лешпыя навуковыя кадры пакідаюць нашы акадэміі, універсітэты, майстэрні, заводы… Пустазвонства не ўратуе ні культуры, ні эканомікі.

Да ўсіх маіх ранейшых клапот дабавіліся яшчэ клапоты з вачамі. I акуляры не памагаюць. Чытаць і пісаць становіцца ўсё цяжэй.

Як хутка ўсё забываецца! Трапіў пад руку артыкул Т. Голуя, у якім ён піша, што перад вайной не засталося амаль ніводнай беларускай школы ў былой Заходняй Беларусі, было 85% непісьменных, а 61% зямлі, так умілаванай нашымі паэтамі, знаходзіўся ў руках польскіх абшарнікаў. Цікавыя лічбы.

28.І. Адказаў на некалькі пісем. Hy і надакучыла мне гэта нерапіска! А тут пазванілі з СП, што памёр Алесь Адамовіч. Цікавы гэта быў і пісьменнік і чалавек. Толькі мне здаецца, не варта было яму зрывацца з дому і станавіцца хай сабе і вядомай на маскоўскім небасхіле прыкметнай зоркай. Няўжо яго магла вабіць туды нейкая слава? Быў жа ён адным з нашых выдатнейшых крытыкаў і пісьменнікаў, што заняў пачэснае месца на савецкім Парнасе. Шкада, што не змагу быць на жалобным развітанні з ім… Ну, хіба ўжо не за гарамі наша сустрэча.

29.І. Пры дапамозе нашай новай сяброукі Веры Іосіфаўны Клышка — удалося раздабыць некалькі ампул «ратабалілу». У «ЛіМе» Б. Сачанка надрукаваў надзвычай моцны верш У. Дубоўкі «Учарашняе і сённяшняе», напісаны са знішчальнай іроніяй і такім асуджальным пафасам, якіх я не страчаў і ў сусветнай літаратуры. Эх, каб не быў знішчаны ў сталінскіх засценках наш маладняк, не тапталася б на месцы столькі год наша літаратура. Бо гэта быў яе такі імклівы ўзлёт, падобны да выбуху туга ўтрамбованага зарада.

I так — змены за зменамі ва ўрадзе, у палітыцы, эканоміцы… Раней казалі, калі няма плёнаў, збіраем пленум. А зараз? Пачалі вазню з канстытуцыяй, з выбарамі, апытваннямі. А сельская гаспадарка працягвае развальвацца, заводы становяцца, расце беспрацоўе… Чым больш змен у кіраўніцтве, тым большы балаган у жыцці.

У. I. Карызна прывёз падпісаць дагавор на выданне зборніка маіх казак. Гэта, здаецца, будзе адзін з найбольш поўных маіх зборнікаў для дзяцей. Толькі ўжо ці пабачу яго я. Прачытаў ён мне некалькі і сваіх новых вершаў. Адзін з іх пашлю Р. Гажэльскаму для трохтомнай асвенцімскай анталогіі. Званіла Г. Каржанеўская: збіраецца з Браслаўшчыны прыехаць нейкі карэспандэнт, каб запісаць мае ўспаміны пра Я. Драздовіча. А я амаль усё сказаў, што мог сказаць у прысвечаным яму сваім вершы, які быў надрукаваны ў «ЛіМе». Ды ўзяўся чытаць К. Баракоўскага, які пісаў на дзвюх мовах — польскай і літоўскай.

6.ІІ. Нядзеля. Пахаладала. Заходзіў М. А. Барысевіч. Хутка выбары ў акадэмікі. Крыху прасвяціў мяне ў розных закулісных справах, у баталіях, якія там ідуць за званні, за пасады.

Зараз многія ў Польшчы дамагаюцца суда над віноўнікамі катынскай трагедыі, толькі як ты іх знойдзеш, як і тых акаўцаў, што палілі падчас вайны і пасля беларускія сёлы разам з людзьмі, аб чым калісьці пісала ў сваёй перадавіцы «Трыбуна люду». Баюся, каб і сённяшняя наша бязглуздая перабудова не закончылася нечым падобным. Пакуль што не бачу сіл, якія б актыўна суцроцьстаялі шавіністычнаму дурману ў нашай гісторыі і літаратуры, не давалі розным байкам і легендам падмяніць праўду. Баюся, каб сённяшняя перабудова не закончылася падобнай трагедыяй. А да ўсяго ідзе небывалы маральны распад. Усюды растуць шавіністычныя настроі, асабліва супроць чужаземцаў і нат бліжэйшых суседзяў. А што будзе з экалогіяй? Марское дно навакол Расіі заслана мільёнамі тон радыеактыўных адыходаў. Што нас чакае, калі распадуцца ржавыя кантэйнеры, у якіх яны ляжаць? Як ратавацца ад татальнай смерці?

7.ІІ. Прыснілася наша старэнькая, спаленая партызанамі Сваткаўская цэркаўка. Вясновы павадак сарваў мост. А вада ў рацэ бурлівая, цёмная. I я не знаю, як перабрацца на другі бераг.

У «Н. М.» (№ 9, 88 г.) надрукаваны верш, жыўцом злуплены з П. Броўкі. I калі мы перастанем усякую рыфмаваную лухту лічыць паэзіяй? А гэта эпахальнае адкрыцдё: «Не верылі мы раней, што шлюб рускага з беларускай — небяспечны від генадыду». Адкрыццё БНФ, 15.VIII.1992. Беларус. Ліда.

Апошнімі днямі ўзмацніліся халады, быццам увайшлі ў нейкі новы ледніковы перыяд. Толькі ідыётам магло прыйсці ў галаву, што перабудову трэба пачынаць з разбурэння ўсёй эканомікі краіны.

Большая частка энергіі нашай апазіцыі ідзе на гуканні вясны, перайменаванне вуліц, разбурэнне помнікаў. Рымляне на сваіх помніках мянялі толькі галовы цэзараў, а мы — да аснавання і ўзвядзення новых багоў на п’едэсталы. Хутка ўзвядзем помнік 3. Пазняку, якога В. Быкаў ужо не раз аб’яўляў «пасланцом самога Бога» і пры імені якога патрабуюць ужо ўсіх уставаць.

Нешта доўга не можа выйсці ў свет мой новы зборнік вершаў. Трэба было б папрасіць С. А. Андраюка даведацца, у чым там справа. Чуў, што няма адпаведнага профілю паперы. Шкада, што апошнія мае зборнікі выходзяць ва ўсё горшым і горшым афармленні. Можа, слабей стаў пісаць. Хоць аб гэтым самому мне цяжка судзіць.

9.ІІ. Ha вечары, прысвечаным В. Таўлаю, сустрэў А. Іверса, Л. Барысаглебскага, які ледзь мяне пазнаў, і Г. Бураўкіна, які толькі што вярнуўся з Нью-Йорка. Казаў, бачыўся з Н. Арсенневай. Аказваецца, за мяжой не атрымлівае з Беларусі ніякай прэсы. Нат ён — прадстаўнік Беларусі ў ААН — яе не атрымліваў. Проста дзіва, у якой мы ўсе зараз апынуліся ізаляцыі.

3 векавым спазненнем зараз узяліся за беларусізацыю царквы і касцёла. Забылі толькі чамусьці пра сінагогі і мячэці. Асаблівай карысці з гэтых пропаведзяў не бачу. I не з іх трэба пачынаць, каб выправіць тое, што рабілася згодна з законам: «Чыя ўлада, таго і рэлігія». Да канца давялі эрозію зямлі. Зараз узяліся за культуру. Вярнуўся з Вільні мой сусед, казаў, рыхтуюцца там урачыста адзначыць гадавіну Беларускай гімназіі. Няма мне ўжо да каго туды ехаць.

16.ІІ. Пагартаў газеты, ад якіх аж млосна стала. Магчыма, слушна зрабіла Ю. Друніна, развітаўшыся з гэтым вар’яцкім бардаком, у якім мы ўсе зараз апынуліся. Не мінуць нам ні голаду, ні цемрашальства, якія могуць давесці да братазабойчай вайны. Сцэнарый распрацаваны так, што ахоплівае ўсе галіны эканамічнага, культурнага і біялагічнага існавання народа. Дэмантаж Савецкага Саюза адбыўся, зараз працягваецца — рэспублік, краёў, абласцей… Нат і ў нас ідзе гутарка аб самастойнасці «Палісся».

Свае беды і клопаты на нейкі час засланілі падзеі ў Югаславіі, дзе спляліся ў гордзіеў вузел нацыянальныя і рэлігійныя антаганізмы. Калісьці людзі майго пакалення часы свае называлі часамі пагарды. Зараз мы ўступілі ў часы адчалавечання. I хоць, здавалася б, з нацыянальным адраджэннем, вяртаннем да рэлігіі павінна б было наступіць маральнае і духоўнае аднаўленне, на вялікі жаль, мы гэтага не бачым.

20.ІІ. Прасіў У. Няфёд на выбарах у члены-карэспандэнты АН падтрымаць кандыдатуру Смольскага. Зараз, перад выбарамі, ратунку няма ад падобных званкоў і просьбаў. Н. Гілевіч i В. Быкаў адмовіліся даць згоду на вылучэнне іх ганаровымі акадэмікамі. Толькі Я. Брыль і П. Панчанка згадзіліся.

Усе каналы тэлебачання забіты рэкламай замежных прадуктаў. А куды ж падзеліся нашы? Кніжныя кіёскі забіты парнаграфічнай літаратурай.

22.ІІ. Пяць раз прыязджала падліковая камісія АН перагаласоўваць. Пад канец я ўжо зусім збіўся, за каго галасаваў, бо тэлефонныя званкі аж да вечара не сціхалі.

А становішча ў рэспубліцы ўсё пагаршаецца з кожным днём. Хлеб, які зачарствеў, сушым на сухары, бо не кожны дзень магу хадзіць па прадукты.

23.ІІ. Нешта не спалася. Рана разбудзіў Цэзар-кот, які, на балконе ўбачыўшы галубоў, пачаў прасіць, каб выпусціў іх папалохаць, а потым нейкі начальніцкі званок тэлефонны: «Гэта хто?»

Відаць, як некалі Ч. Чаплін, убачыўшы ў першых агучаных фільмах канец кіно, памыліўся і Бэніта Аліві, што наступіў канец «усялякіх нацыяналізмаў у мастацтве». Ён не ўлічыў таго, што наш век — век вызваленчай барацьбы і выхаду на арэну гісторыі мільёнаў прыгнечаных і заняволеных каланіяльных народаў, і яны возьмуць на сваё адраджэнне і сваю гісторыю, і мову, і нацыянальнае мастацтва, як бралі і тыя, для каго гэта — даўно пройдзены этап.

Набраўся смеласці і выйшаў па прадукты. Купіў булачку хлеба, пару селядцоў, крыху фаршу. За ўсё заплаціў сорак тысяч «зайцоў». Каб не Любашына інвалідная пенсія і акадэмічная дапамога, не ведаю, ці хапіла б нам на нейкі сухі паёк. А ў многіх жа — яшчэ горшае становішча. Развал эканомікі набліжаецца да нябачанага краху. I зараз не паможа нам ні Бог, ні цар і ні герой. А калі наступіць нейкае прасвятленне, дык яно, відаць, за межамі нашай бачнасці.

Вечарам заходзіў Максім. Вельмі дрэнна сябе адчувае. Не лепшыя справы ў Любашы. Яна не можа абысціся без дапамогі, хоць і стараецца запоўніць свой дзень, не адрываючыся ад каляскі, рознымі дамашнімі справамі.

Мой сімпатычны сусед У. М. Казбярук пазнаёміў мяне з надзвычай цікавай паэмай Г. Пельгрымоўскага (1601 г.). Можа, нат паспрабую перакласці, хоць гэта арэх досыць цвёрды на любыя зубы.

2.ІІІ. Хацеў з’ездзіць у АН на заключнае галасаванне, але пасля бяссоннай ночы не адважыўся. А тут яшчэ і мае землякі абяцалі пад’ехаць. Атрымаў ад нейкай Ірэны Бохры пісьмо з просьбай адказаць на на розныя пытанні, бо яна хоча «бліжэй пазнаёміцца з беларускай літаратурай». Адным словам, хоча, каб я памог ёй напісаць дысертацыю. Нехта ж ёй і адрас мой даў. Божа, як я марную скупую рэшту сваіх дзён!

Ч. Мілаш лічыць сябе літоўцам, хоць ён не ведаў і не ведае літоўскай мовы. Чытаючы зараз нашых некаторых паэтаў і гісторыкаў, атрымліваю ўражанне, што мы — самыя высакародныя і сумленныя, а ўсе суседзі нашы — разбойнікі. Літоўцы захапілі Вільню, латышы — Латгалію, палякі — Беласточчыну і частку Белавежы, рускія вырадкі і бандыты — Смаленшчыну, украінцы — частку Палесся… Усе войны нашы былі справядлівыя. А ўсе каралі, магнаты — святыя і патрыёты.

Газеты пішуць, што Украіна і Беларусь не расплаціліся з Расіяй за газ, доступ якога да нас будзе перакрыты. I так, да нашай гіперінфляцыі могуць яшчэ падкаціцца і сібірскія халады. У Сант-Яга памёр Э. Хонекер, з якім у нас як з палітычным эмігрантам паступілі па-варварску, выдаляючы яго за межы былога Савецкага Саюза.

5.ІІІ. Па запрашэнні скарынаўскага Інстытута збіраецца прыехаць з Варшавы В.Шайдус. А газеты спаборнічаюць у несусветнай брахні, тэлебачанне забіта парнаграфіяй, рэкламай, сцэнамі «салодкага жыцця» нашых бізнесменаў. I ўсё гэта робіцца свядома, планава, якімі б лозунгамі ўсё гэта ні прыкрывалася. I пры ўсім гэтым аж захлынаемся сваёй засцянковасцю, бязглуздым клерыкалізмам. Бяда, што мы ніколі нічога своечасова не выпраўлялі і не выпраўляем, пакуль не даводзім да яўнага абсурду. Нават Пaпa Рымскі, выступаючы ў Эстоніі, сказаў, што ў марксізме ёсць «ядро праўды». Чамусьці нашы апалагеты капіталізму не ўспамінаюць аб гэтым. Зарана яны паставілі крыж над сацыялізмам, бо ён няўмольна некалі прыйдзе, ачысціўшыся ад усіх сваіх першародных грахоў і скажэнняў, культаў. Бо нават усе нам вядомыя рэлігіі мелі не толькі слаўныя перыяды ў сваёй гісторыі. Яшчэ і сёння розныя вызнаўцы Хрыста, Магамета стагоддзямі вядуць братазабойчыя войны. Адна з найвялікшых небяспек, каб здрадніцкай і партацкай перабудовай не адкінулі нас на дзесяткі год назад. Баюся, ці гэта адставанне ўдасца калі надрабіць. Нездарма лідэры капіталізму стараліся з намі расправіцца.

Трагедыя Катыні не сыходзіць са старонак польскіх газет. Помню, будучы ў складзе савецкай дэлегацыі ў Польшчы, М. Хрушчоў сказаў, што ён яшчэ не ведае, як там было. I я ўжо тады ўсумніўся ў тым, Што ён не ведае, бо ўжо тады, да выкрыцця Сталіна на XX з’ездзе КПСС, расказваў розныя гісторыі і нам — членам дэлегацыі, — і польскім гаспадарам К. Ракасоўскаму і Б. Беруту.

8.ІІІ. Мы і не чакалі з Любашай, што сёння столькі гасцей прыйдзе на жаночае свята. Добра, што сёе-тое знайшлі ў халадзільніку, а ў буфеце пару бутэлек грузінскага і малдаўскага віна, што яшчэ нейкім цудам ацалелі з беззваротна мінулых «часоў дружбы».

Ад свайго суседа У. М. Казберука атрымаў некалькі гадавікоў беластоцкай «Нівы» і два тамы цудоўнай прозы Я. Івашкевіча, хопіць на цэлы месяц.

А на Беласточчыне, як піша «Ніва», зноў гараць праваслаўныя цэрквы, каплічкі. Гэта было яшчэ і ў даваеннай Польшчы. Вось табе «За нашу і вашу вольнасць», «Маральнае і духоўнае адраджэнне». Купіў «Нёман», у якім надрукавана падборка маіх вершаў, выдатна перакладзеных Н. Кіслікам.

15.ІІІ. Закончыў чытаць гадавікі «Нівы». Прызнацца, цяжкое ўражанне засталося ад некаторых літаратурных твораў і асабліва ад калатні ў асяроддзі рэдакцыі, і гэта тады, калі ідзе татальны наступ каталізацыі на праваслаўных і асіміляцыя нацыянальных меншасцяў, асабліва — беларусаў. Эх ты, наша беднасць!

Агулам, нецікавай становіцца наша літаратура. Спадзяваліся на маладзейшых. Але і яны пакуль што не могуць выбрацца з цянётаў уяўных і аджыўшых вартасцяў, «гістарычных» легенд, забабонаў і казак. Стрыножаныя ўсім гэтым топчамся на месцы.

Шкада, што сённяшні стан майго здароўя не пакідае на гэта часу. Калі ёсць якая вольная хвіліна, аддаю яе вершам.

21.IIІ. Гаварыў па тэлефоне з Піменам. I ў яго са здароўем кепскія справы. Р. Гажэльскі просіць прыслаць колькі вершаў нашых паэтаў для «Асвенцімскай анталогіі». Хоць і дрэнна сябе адчуваў, але прыняў удзел у сустрэчы ў Таварыстве дружбы, на якой былі прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Мінску, і вялікая група нашых пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў.

Памёр вядомы польскі паэт, эсеіст, перакладчык. Помню выданы яшчэ перад вайной першы яго зборнік «Крышталі ценю». Здаецца, мы з ім у адных гадах.

Немагчыма стала глядзець на нудныя нашы сённяшнія тэлеперадачы, забітыя рэкламай і рознай папоўшчынай. Перапісваю страфу Д. Сутлера з яго алімпійскай песні:


Час настаў адкласці нашу зброю.

Досыць крыві выпілі ўжо з нас.

I ўсе палігоны ў стадыёны

Замяніць настаў нам час…


На вялікі жаль, не так лёгка гэта ажыццявіць. Нат на гэтай жа алімпіядзе ў Нарвегіі распявалі і папулярызавалі напісаную шведамі Д. Данельсонам Г. Альфрэдзанам песню, у якой гаварылася, што Нарвегія — пляма сораму на нашым глобусе, «найгоршы край на свеце», «праклятае гняздо бандытаў», «народ, прасмердлы рыбай, гэта — нарвег»… (Палітыка, 5.ІІІ.94). Відаць, на ўсім свеце жывуць не так мірна і ў згодзе народы-суседзі, як гэта мы ўяўлялі і ўяўляем. Вось тут і гавары нат аб элементарным аб’ектывізме!

Даўно не было ніякіх звестак з Пількаўшчыны.

24.ІІІ. Сяджу дома, адбіваюся ад розных інтэрв’ю.

У нас чамусьці патрабуюць, каб пісьменнік выказваўся ва ўсіх справах, нават і ў тых, у якіх зусім не разбіраецца, хоць з думкай інтэлігенцыі ніхто не лічыцца. Прывыклі абыходзіцца без яе, адызаляваўшы ад народа, каб не абуджала, не трывожыла яго сумлення. Прыгадаліся словы А. Загаеўскага: «Польшча без інтэлігенцыі — гэта Швейцарыя без Альп, Нарвегія — без фіёрдаў». Ды і я ў палітыцы часцей памыляюся, як у паэзіі.

Пераклаў некалькі фрашак С. Леца:


Пахвала пані Валеўскай

Яна і без кашулі ў поўнач

Пра лёс сваёй айчыны помніць.


Воблік

Воблік сапраўднага ладу

Найлепей відаць ззаду.


Гімны

Пякнейшымі былі б гімны,

Спяваныя ў спосаб інтымны.


Лipa

Ліра іграе крывавую ноту,

Калі яе струны з калючага дроту.


25.ІІІ. Прачытаў у «ЛіМе» цікавы артыкул А. Чобата пра былога рэдактара віленскага «Слова» С. Мацкевіча. Аўтар цікава і аб’ектыўна піша пра гэтага «Крэсовага зубра», якога за яго прыхільнасць фашысцкай Германіі перад самай вайной саслалі былі ў картуз-бярозскі лагер. Недзе ў Брэсцкім музее хавалася, разам з іншымі, і яго анкета.

3 хронікі падзей даведаўся, што з усялякімі «ізмамі» пакончана, і што зараз мы жывём у веку бронзы, якую тубыльцы здзіраюць з усіх помнікаў і надмагільных пліт і за мільёны долараў прадаюць сваім суседзям. Так, Эстонія, не маючы сваёй руды, выйшла на адно з перадавых месц па пастаўцы каляровых металаў у свеце.

26.ІІІ. У нас зараз кожны выступае за свабоду, але многія выступаюць за яе таму, каб не даць гаварыць другім. Недзе чытаў, што ў сярэднія вякі палеміст перад тым, як выступіць, павінен быў пазнаёміць апанента са зместам свайго выступлення і нат аўтарызаваць яго. Як далёка адсталі мы ад тых рыцарскіх турніраў!

А на дварэ — адліга. Павадкі ахапілі шматлікія раёны краіны. 3 нашага чацвёртага паверха чамусьці выскачыў наш любімы кватарант Цэзар-кот і, відаць, разбіўся. Шукалі яго, але так і не знайшлі. Сядзім, старыя, зажурыўшыся, бо гэта быў апошні падарунак ад нашай Верачкі. Баюся, што гэта нядобрая прыкмета. Вось і зараз з кожным днём чуюся горш і горш.

l.IV. Асвяжальнымі глыткамі п’ю паэтычную прозу Я. Івашкевіча, аж покуль не адарваў мяне ад яе тэлефон A. Лica. Здаецца, збіраецца на дождж. Трэба было б выйсці крыху падыхаць свежым паветрам. У тужурцы — нейкі стары блакнот: «У нас усе без школ і жаніліся, і нараджаліся», «I ты вашаць і я вашаць, а хто хлеба нам напашыць?», «Доўг не раве, але спаць не дае», «На чужы раток не накінеш платок», «Вушы ёсць і у сцяны»... А гэта — спроба перакладу з Б. Ясенскага:


Не цаніў крыві мужыцкай

I за грош зламаны,

Дык чаму збаяўся гэтак

За вяльможных, Пане?…


27.IV. Быў на сваім апошнім — дванадцатым з’ездзе СП Беларусі. Нат адкрыў яго няўдалай прамовай, бо зусім не рыхтаваўся. Накідаў яе перад самым выступленнем і чытаў з рукапісу, ды яшчэ праз свае падслепаватыя акуляры. Ды ліха з ім. З’езд — як з’езд. Пра літаратуру амаль нічога не гаварылі, бо што сёння можна пра яе сказаць? Памянулі ўставаннем памерлых, пералічылі жывых, што пераканала ўсіх у нашым абнадзейваючым росце. Не ведаю, што было далей, бо ў перапынку нейкім спадарожным транспартам ледзь жывы вярнуўся дамоў. Добра, што — аб чым даведаўся праз пару дзён, бо так зацягнулася галасаванне — на пасадзе старшыні СПБ пакінулі Васіля Васільевіча Зуёнка — сціплага, сумленнага Чалавека і сапраўднага Паэта.

А вечарам зноў паспрачаліся з Максімам. Чаго ён толькі не нагаварыў! I што скандальным было маё выступленне на СП Беларусі і, быццам, уся заграніца падняла хай, і што я быццам некалі выступаў супраць Сахарава, а супраць яго ніхто з беларускіх пісьменнікаў, акрамя аднаго вядомага класіка, якога і называць не буду, бо пра гэта ўсе ведаюць, не выступаў. Відаць, Максім у сваім інстытуце апынуўся Ў асяроддзі людзей, якіх злуе, што я не ўдзельнічаю ні ў якой групавой калатні і займаю сваю незалежную ад нікога пазіцыю.

Юра, Іра і Оля са сваімі малышамі збіраюцца ў разведку з’ездзіць на Нарач. Там, здаецца, гаспадарыць са сваімі сябрамі Максімка. Навялі сякі-такі лад на дачы, перакапалі агарод ды рыбачаць. Хоць апошнія дні — сцюжа, возера штарміць і ідуць дажджы. А горш за ўсё, што хвароба мая не адступае, а ўсё больш убіраецца ў сілу. Ноччу задыхаюся ад недахопу паветра, усё мацней пабольвае сэрца і ні на хвіліну не пакідае нейкая, ужо стаўшая неадступнай, трывога.

Трэба было б адказаць на пару пісем, а то ўсё адкладваю і адкладваю. Як даўно не браўся за вершы! Калісьці ў нецярпеннем чакаў водклікаў чытачоў, крытыкі. У мастацтве і ў літаратуры трэба мець адвагу супрацьставіцца ўсяму пераходнаму, часоваму, моднаму. Толькі позна пачаў я адкрываць гэтыя даўно ўсім вядомыя ісціны.

9.V. Свята Перамогі. Усю ноч не мог заснуць ад праклятай дыхавіцы. Раніцой званілі I. Шамякін, A. Ліс, які расказаў трагічную гісторыю — пра смерць друга, якога забілі нейкія бандыты з-за скураной яго курткі. Зараз, каб не палохаць народ, газеты перасталі пісаць пра падобныя здарэнні, хоць кожнаму вядома, што ў горадзе кожны дзень і кожную ноч здараецца нешта страшнае. Вечарамі ўсе стараюцца сядзець дома і нікуды не выходзіць.

10.V. Ездзіў з Сашам ускласці вянкі на магілы Верачкі і яе бабулі. Запрашаюць прыехаць у Вільню на юбілей Віленскай Беларускай гімназіі. Толькі дзе ўжо мне — старому каню — адпраўляцца ў такую дарогу! Чакаю прыгавору доктара, хоць і без яго знаю, што кончыліся мае падарожжы і далёкія і блізкія.

Амаль кожны дзень тэлебачанне перадае аб прапажы дзяцей і дарослых людзей. Настала дзікая пара народазнішчэння.

Вярнуўся з прымусовай эміграцыі Салжаніцын. Цікава, якое ўражанне на яго зробіць сучасная патанаючая — не ў імгле, а ў глабальным развале — Расія? Агулам, ад прыезду яго я не спадзяюся ні на якія цуды, бо развал былога Саюза адбываецца па іншым сцэнарыі. Ды не вядома яшчэ, як і яму самому, як дрэву, з каранямі вырванаму калісьці, зноў удасца прыжыцца на сваёй радзіме.

19.V. Чацвер. Не зважаючы на свае недамаганні, адказаў на некалькі лістоў і падрыхтаваў пару бандэроляў кніг для польскіх сяброў. А над горадам прагрымеў першы веснавы гром, вясёлым дажджом абуджаючы яшчэ заспаную зелень.

Польскія газеты пішуць, што ў Сасноўцу дэмантаваны помнік воінам Чырвонай Арміі, а на яго месцы збіраюцца нашы польскія суседзі паставіць за мільярд злотых помнік Я. Кепуру. Хочацца сказаць: «Не спяшанцеся, панове, знішчаць помнікі і магілы савецкіх саддат, бо некалі ўспомніце сваіх сапраўдных абаронцаў». Больш дальназоркія з палякаў добра ведаюць, што рана ці позна немцы зажадаюць рэвізіі граніц і змены іх.

21.V. Хацелася б канчаткова прачытаць свае творы. выправіць многія радкі, а некаторыя выкрасліць… Але пасля сённяшняй пакутнай начы. бачу — не паспею. Не паспею нат прывесці да нейкага ладу і свае апошнія вершы і нават свае хаатычныя дзённікі, выправіць пераблытаныя даты. Сёння ўжо тры гады са дня смерці Верачкі, а мы, хворыя, нат не можам ускласці кветкі на яе магілку і на магілку яе любімай бабулі Анны. Да хуткай стрэчы, дарагія! Заўтра — свята Міколы. Помню, часта мой дзед гаварыў: «На Міколу святога сей, не пытайся ні ў кога». Добра, што крыху распагодзілася, не будуць мерзнуць нашы нарачанцы. 3 польскіх газет, якія часта пазычаю ў свайго сімпатычнага суседа Уладзіміра Міхайлавіча, аб чым толькі не даведаешся! I пра тое, што сённяшні пераможца ў італьянскіх выбарах Берлусконі Сільва лічыць Б. Мусаліні найвыдатнейшым дзеячам, «мэнжэм стану» XX века, якому ва ўсім будзе наследаваць.

I пра тое, што хутка ў Польшчы на беларускай мове будзе выходзіць каталіцкі часопіс «Рыцар Беззаганнай», з якім, прызнацца, ніколі не спадзяваўся сустрэцца праз паўстагоддзя ў Мінску. Вось табе яшчэ адзін з «Божых цудаў», як і той, што карова чорная, а малако дае белае. Цікава яшчэ і тое, што тыраж яго — 270 тысяч! — яўна гаворыць, што ён разлічаны ў асноўным на католікаў у Беларусі.

23.V. Амаль цэлы дзень была ў нас Валя Найдус.

Як заўсёды, дзяліліся ўспамінамі, навінамі. Пакінула некалькі вершаў загінуўшага свайго гродзенскага сваяка-паэта, каб я пераклаў іх на беларускую мову. Прачытаў два тамы лецаўскіх афарызмаў. Калі чуюся крыху лепш, памалу адным пальцам перадрукоўваю свае ўспаміны… Відаць, верш «Малю» будзе апошнім маім вершам:


Малю: не спяшы, Літасцівы, з’явіцца

На грэшную нашу зямлю, нейкім цудам

Ачысціць яе ў вогненных бліскавіцах

Ад недаравальных грахоў і ад блуду.


Бо покуль яшчэ фарысеі ў нас правяць,

I топчуць, разбіўшы, святыя скрыжалі,

Каб зноўку, замест ліхадзея Аравы,

Другі раз цябе на крыжы не распялі.


5.VІ. Якая пакутная ноч! Некалькі раз запальваў святло, браўся чытаць. Трэба было б упарадкаваць свае дзённікі, але ўжо не паспею, бо чуюся ўсё горш і горш. Не хапае паветра. Відаць, мой верш 1б.V — апошні. А тут усё — званкі, званкі. Сабралася цэлая гара запросін на розныя юбілеі, сустрэчы. Учора прыехалі з нейкай арганізацыі, каб падпісаўся пад зваротам да выбаршчыкаў. Падпісаўся, бо падпісаліся I. Шамякін, I. Чыгрынаў… Чытаю злы і дасціпны польскі тыднёвік «Не». Шкада, што ў нас такога няма.

10.VІ. Заўчора паслаў В. Быкаву ў сувязі з яго 70-годдзем віншавальную паштоўку. Так дрэнна сябе адчуваў, што не мог нават толкам звязаць некалькі слоў. Не ведаю, што са мной робіцца. А тут яшчэ трэба 22-га ехаць да стаматолага. Звярнуўся б за дапамогай да містыкаў, але прайшла ўжо на іх мода і зніклі з тэлеэкранаў, з газет.

Прачытаў цікавую кніжку ўспамінаў В. Рагулі — былога пасла і сенатара, вядомага грамадскага дзеяча былой Заходняй Беларусі, які ў 1955 г. памёр у эміграцыі. Многіх, пра каго ён піша, я ведаў. Толькі, зразумела, не мог я яшчэ тады ведаць усёй падаплёкі падзей таго часу. А ўспаміны В. Рагулі шмат што праясняюць, і ў гэтым іх гістарычная вартасць.

13.VІ. Пазнаёміўся са статыстыкай нараджальнасці і смяротнасці ў Расіі, на Украіне і ў нас. Жахлівая карціна. Зараз невядома, што нам больш пагражае: ці экалагічная катастрофа, ці гэта нарастаючымі тэмпамі выміранне. Сібір ужо засяляецца кітайцамі, карэйцамі, японцамі. Калі так пойдзе далей, хутка і да нас, да Еўропы, дакоціцца гэты жоўты вал.

I сёння падпісаўся пад нейкім зваротам. I заўтра трэба падпісаць нейкую музейную анкету… Званіў I. Шамякіну на дачу. А я ўжо трэцяе лета пад дамашнім арыштам. Раней хоць часамі выходзіў у магазін па хлеб, на пошту. А зараз сяджу дома. Больш за ўсё дакучае мая бяздзейнасць.

21.VI. Аўторак. Па радыё працягваюцца баталіі кандыдатаў у прэзідэнты. Паслухаеш і не ведаеш, за каго галасаваць. Цікавая толькі была гутарка з М. А. Савіцкім аб нашым мастацтве і аб тым незавідным становішчы, у якім яно апынулася дзякуючы ідэалагічным дыверсіям і розным заходнім мецэнатам.

Амаль цэлы дзень вазіўся са сваімі дзённікамі. Частку рукапісаў выкінуў. Шкада, што не змагу ўжо выправіць ні памылак машыністкі, ні сваіх пропускаў, нат пранумараваць старонкі.

Заходзіла Оля. Купіла памідораў і некалькі лімонаў, навяла сякі-такі лад на кухні. Абяцала заўтра паехаць са мной у паліклініку. Хаця б Саша не забыў прыслаць сваю машыну, бо пехатой я ўжо — не хадок.

22 .VI. Доўга сёння адседзеў у стаматолага Валянціны Мжрафанаўны. Дамоў дапамог дабрацца памочнік Сашы — П. С. Лаўранёў. Збіраецца гэтымі днямі адвезці махавік да Мілы ў Пількаўшчыну. Шкада, што не змагу з ім пад’ехаць разам.

Паслаў у Польшчу некалькі пісем. Можа, з дапамогай польскіх сяброў удасца дастаць кнігу Т. Навакоўскага пра Радзівілаў.

Аказваецца, Марынеці быў дабравольцам на Усходнім фронце. Відаць, пад старасць звар’яцеў бацька футурызму. Але што за дзіва, калі прававернымі прыхільнікамі Гітлера былі і Кнут Гамсун, і Гаўптман, і Паўнд, і многія іншыя пісьменнікі, дзеячы культуры.

Толькі сёння агледзеўся, што я розным знаёмым распаўычыў шмат кніг са сваёй бібліятэкі, забыушы мудраца Я. Івашкевіча, які папярэджваў: «Хто пазычае кнігі, не варты таго, каб іх яму вярталі».

А надвор’е на працягу дня раз некалькі мяняецца. Пачаў імжэць дождж. Вецер. Успомніў Б. Слуцкаг: «Покуда над стихами плачут». А я ўжо нічога не пісаў. Раскрыў Е. Загурскага:


Каб даць Польшчы вобраз кароткі,

Дарма пёрка паўліна шукаю:

Толькі дождж ды пустая арэна.

Чужаземец тут бутэльку водкі

Бачыць. Часам сустрэне Шапэна:

Рэчы, якіх амаль не ўжываю.


Пазваніў Пімен. Прыгадалі незабыўныя першыя дні вайны, цяжкія дні адступлення, пакут, страт. Як хутка мінулі гады! I што б там ні казалі, мы былі ўдзельнікамі непаўторных падзей у гісторыі. Трагічных і велічных.

23.VІ. Не ведаю, як міне гэта ноч, бо дыхаць становіцца ўсё цяжэй. Здаецца, Эпікур казаў: «Дзе знаходзімся мы — няма смерці, а дзе ёсць смерць — там нас няма». Толькі ад такой пацехі — не лягчэй.

Перабіраючы паперы, аж жахнуўся, колькі, як у гогалеўскага Плюшкіна, назбіралася ў мяне рознай усячыны. Тут і нашумеўшыя ў свой час такія кнігі, як «Дзеці Арбата», і старыя часопісы — польскія, чэшскія, украінскія, рускія. Адно, што з захапленнем яшчэ раз прачытаў у «Twórczości» (1966 г.) фрагменты «Рэквіема» А. Ахматавай, з арыгіналам якога я пазнаёміўся значна пазней.

А між усяго гэтага — пікантная заметка, як Еўтушэнка на прыёме на сваёй дачы паказваў гасцям кадры аўтабіяграфічнага фільма, дзе ў ролі маці распараная ў лазні, голая скакала па снезе прысутная пры гэтым яго чарговая каханка.

Сёння дзень выбараў прэзідэнта Беларусі. Максім прасіў, каб да нас прыйшлі з выбарчага ўчастка пря галасаваць, бо мы — старыя і хворыя — самі прыйсці не зможам. Думаю, што на першым туры нічога не вырашыцца. А. Герасіменка прыслаў цёплае віншаванне з 50-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Эх, каб не хвароба, якая выматвае ўсе нервы і дэградуе ўсе чалавечыя вартасці! Усе ведаем, што нічога няма вечнага, але, нагледзеўшыся на пакуты Верачкі, я думаю, што ў безнадзейным стане ці медыцыне, ці самому іх трэба скарачаць. «Як мог забыцца прыхапіць цыкуты?!» А самае галоўнае, каб да апошняй хвіліны свайго быцця я мог трымаць у сваіх руках пяро, хоць адчуваю, як усё больш станаўлюся самотным у нашых паэтычных джунглях.

Як кружыцца галава! Часамі губляецца сувязь паміж словамі, сказамі.

3 выбарчага ўчастка прыходзілі, мы з Любашай прагаласавалі. Выканалі свой грамадзянскі абавязак.

Аказваецца, верш «Стары коваль…», які я калісьці не мог вывучыць, напісаны М. Канапніцкай. Помню, задаў мне яго бацька. Добра, што тады выручыў мяне дзед, які пагасіў лучыну і, узяўшы мяне пад пахі, занёс на свае нары і паклаў з сабою спаць. А то, відаць, да раніцы паўтараў бы яго і бяздумна паўтараў бы: «Стары коваль млотэм валі…». Чаму я яго тады не мог чзапомніць? Не ведаю. Хоць столькі ведаў на памяць розных вершаў і нат празаічных апавяданняў.

Не ведаю, чаму мне гэта больш як з паўвяковай даўнасці ўсё прыгадалася… Агулам, часцей пачаў вяртацца ў сваю мінуўшчыну.

24.VІ. Нехта ноччу доўга званіў па тэлефоне, але я не мог устаць, так балелі ногі.

А на дварэ і сёння — вецер, дождж. Пры такім леце, відаць, не ўдасца ўзапасіць кармоў на зіму. Я помню адно такое лета, калі пры ўсёй нашай рупнасці па некалькі раз кожны воз сена перасушвалі на гумне і так амаль усё яно, парудзелае, пайшло ў зіму.

А трэба сказаць, апошнія гады былі надзвычай спагадлівымі для ўборкі. I мы зусім перасталі клапаціцда своечасова ўбіраць ураджай. Часамі тыднямі ляжалі на сенажаці непрыбраныя пракосы, на полі — валкі жыта, пшаніцы, аўса. А колькі толькі ў маёй Пількаўшчыне ўжо сабранага лёну пайшло пад снег, а вясной, сцягнуўшы з поля баронамі, палілі!

А на ўчарашніх выбарах прэзідэнта ніхто з кандыдатаў не набраў патрэбнай колькасці галасоў. Будзем перагаласоўваць. Найбольш галасоў у Лукашэнкі. Зразумела, што ў другім туры ён пройдзе. А вынікі галасавання, як і ў Расіі, у Польшчы, неспадзяваныя.

25.VІ. Дзень запоўнены рознымі непамыслотамі. Таму ўзяўся за нудную і, відаць, непатрэбную работу — за навядзенне нейкага ладу ў сваіх дзённіках.

Зараз усе мы захапіліся адбудовай і рэстаўрацыяй розных былых маёнткаў як культурных цэнтрау, помнікаў, каплічак, храмаў, навешваннем мемарыяльных дошак. Усё гэта добра. Толькі пры сённяшняй нашай галечы мы адначасна змушаны закрываць бібліятэкі, музеі, школы, дзіцячыя сады, дамы адпачынку, медпункты. Сумная ты, наша рэчаіснасць! Усё гэта мы адкладваем да грэцкіх календ. A час не чакае.

Усе дні стаіць хмарнае надвор’е. Нат забываць пачалі, як выглядае сонца. Ну і лета!

27.VІ. Не спалася, хоць і нейкія таблеткі браў на сон. А ноччу неспадзявана распагодзілася. Над горадам гарэў вялізарны месяц. Пасля таго як па ім пахадзілі касманаўты, ён перастаў быць паэтычнай дэталлю. Заснуў, запісаўшы страфу верша:


— Гэй! Гэй! Мацней звініце ў косы!

Не бачыце? Госць прыляцеў —

Мёдапахучы, стогалосы —

I ў садзе, змеўшыся, прысеў!

О, колькі тады джал пчаліных

Прыйшлося мне ператрываць,

Пакуль у матачнік крушынны,

Іх ў лежачок уладкаваць.

Таму, калі частуюць мёдам

Мяне на пасецы старой,

Успамінаю я заўсёды,

Хоць і куслівы, першы рой.

I цешуся парою кожнай,

Калі ляціць ён у свой дом

Ці з першай ношкай вербалознай,

Ці з вераснёўскім нектаром.


Некалькі месяцаў — у самы разгар хваробы — не давала мне спакою тэма «бяссмерця». Сёння крыху праяснела галава і спрабаваў накідаць адзін з варыянтаў:


Я даўно здагадваўся,

Хоць нікому не прызнаваўся,

Што душа чалавека

Не памірае,

А толькі перасяляецца

У іншую жывую істоту.

Бо скуль бы наш ганчак

Так ведаў, як мой дзед,

Усе птушыныя гняздоўі,

Усе звярыныя лаговішчы?

Бо скуль бы,

Каб не бабка,

Наш галагуцкі певень

Прадчуваў: калі ўставаць?

Бо скуль бы, каб не бацька,

Здагадваўся б Гняды,

На якім канцы загона

Прыстаць,

Каб перавесці дух?

Скуль, каб не мая маці,

Шпак знаў бы яе песні,

А кот запечны — байкі.


Цікава,

Кім жа мне яшчэ

Наканавана быць?


Званіла A. А. Кашперава. Хворая. Адзінокая. Сваякі, з якімі памяняла кватэру і якія абяцалі наведваць, зусім забылі пра яе. А ўчора У. У. Алоўнікаў пайшоў у туалет і зваліўся з ног. Завезлі ў рэанімацыю. А ён сёння меўся быць на прыёме ў рэстаране «Маравія», арганізаваным Мінскімгарсаветам. Пара і мне рыхтавацца ў дарогу.

Вярнуўся з Польшчы A. I. Вярцінскі. Перадаў прывітанні ад польскіх сяброў. Быў здзіўлены, што я падпісаўся пад зваротам да чытачоў, надрукаванаму ў камуністычнай газеце. А я тады быў вельмі хворы і перадаверыўся, убачыўшы подпісы I. Шамякіна i I. Чыгрынава. Безумоўна, рабіць гэтага не трэба было, тым больш, што я нат і з тэкстам не пазнаёміўся.

28.VІ. Учора позна вярнуўся з прыёму, арганізаванага нашым гарсаветам у сувязі з 50-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі, Прыём быў надзвычай і цікавы, і ўдачны. Не ведаю, як я вынес гэту, хоць і святочную нагрузку, і яшчэ пасля стаматолага. А галоўнае — перастаюць слухаць ногі. Хоць ты мыліцы бяры ў дапамогу. Шкада, што не магу паглядзець па-святочнаму прыбраную i расквечаную нашу сталіцу, куды з’ехалася шмат гасцей амаль з усёй Беларусі і замежжа.

Калі мы станем заходнімі гандлярамі, кінагледачамі, пераймальнікамі іх мод, можам паставіць крыж на сваёй мове, бо цануючай у нас стане англійская, французская, нямецкая і польская… Толькі сляпы гэтага можа не бачыць: спікер, мэр, брыфінг, ланч, рэкет, бартэр, імідж, рэйтынг, кансэнсус, спонсар, менеджэр, уік-энд, бум, бестселер… Гэта нязначная частка, да якой ужо можна прыплюсаваць тысячы і тысячы іншых слоў, і гэта ў той час, калі змагаемся за чысціню сваёй мовы.

А чым стаў экран?

Заходзіў Сярожка. Не ладзіцца ў іх сям’і. I ён, відаць, таму так дрэнна выглядае. Усе няшчасці абрушваюцца на нашу старасць, калі мы самі ледзь цягаем свае ногі, а кладучыся спаць думаеш: вось гэта апошняя твая ноч.

29.VІ. Пачаў перапісваць свае новыя вершы для «Полымя». Не ведаю, ці набярэцца на падборку, бо з кожным днём сіл убывае, а клапот прыбывае. Учора прыходзіла Рада ды пачаставала нас са свайго агарода такімі буйнымі суніцамі, якіх і на рынку не бачыў.

Званілі: Сашка, яго маці. Юра паехаў сёння на пару дзён на Нарач.

А ад тэлефона можна звар’яцець: гарсавет, СП, Міністэрства замежных спраў, рэдакцыя «Полымя», знаёмыя, незнаёмыя… А я ледзь трымаюся на нагах.

Узяўся за Г. Маркеса «Сто год адзіноты». А на чарзе — пазычаны ў У. Казберука Е. Вітлін і Ж. Сімянон, які паланіў за свой век 1200 жанчын і напісаў сотні дэтэктываў.

1.VІІ. Прыходзіў доктар Валерый Мікалаевіч. Трэба, казаў, падумаць, што рабіць са стымулятарам сэрца, які пяць год ужо адмярае мой час і ў любую хвілінку можа адключыцца.

2.VII. Больш за тры гадзіны цягнулася ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 50-годдзю вызвалення Беларусі. На канцэрце не застаўся і на прыём ужо не было сіл пайсці. На Сашавай машыне вярнуўся дамоў і злёг. Вечарам доўга па тэлефоне гаварылі з П. Ліпаем .Расказаў, што ў Мінску пачалі збіваць і красці мемарыяльныя дошкі і нават помнікі. Адразу з касмічна-атамнага веку вярнуліся ў бронзавы.

4.VІІ. Сёння ўстаў і зваліўся з ног. Добра, што яшчэ не пабіўся. А тут — званок з выдавецтва. Яшчэ павязло, што памог В. Зуёнак і арганізаваў машыну, а то, куды ні пазваню — ніхто не адказвае. Яшчэ, відаць, не прайшло ўчарашняе юбілейнае пахмелле. Хапіў двайную норму вінпацэціну (кавінтону). Вяртаючыся дамоў, пасядзеў крыху на лаўцы. Эх, як цяпер прыгожа на Нарачы! Каторы дзень не магу закончыць верш, хоць спісаў цэлы стус паперы.

5.VІІ. Дзень пачаў з кропкі, якую паставіў нарэшце ў канцы свайго верша, хоць гэта не значыць, што я яшчэ не буду да яго вяртацца і ўносіць праўкі. Нешта Максім учора не прыходзіў, відаць, быў заняты. Паслаў ліст А. Гажэльскаму.

Відаць, апошні мой удзел у святкаванні 50 вызвалення Беларусі не прайшоў дарам, бо ўвесь час адчуваю сябе горш, як раней.

Добра, што Максім пад вечар прынёс вінпацэціну, рэцэпт якога выпісаў др. Валерый Мік. Марзовік, адна пачачка якога каштуе каля 200 тысяч рублёў. Каб не ветэранскае пасведчанне, чорт бы яго купіў. А яшчэ ёсць нейкія прэпараты, якія каштуюць больш мільёна рублёў. Вось тут і лячыся!

6.VІІ. Ёсць людзі, якія прадбачаць многія падзеі ў сваім жыцці і ў жыцці сваіх блізкіх. Такой была мая маці. Яна да атрымання пісьма — жылі мы тады ў Маскве — прадчувала смерць сваіх задублянскіх, хваробу Федзі — хоць той жыў на Урале, смерць сястры Верачкі і многае ў маім жыцці… Кажуць, філосаф Скаварада Грыгорый прадказаў дзень і гадзіну сваёй смерці, сам загадаў падрыхтаваць сабе магілу. Асабліва ўмеюць прадчуваць стыхійныя бедствы і розныя няшчасці жывыя істоты. Мышы, напрыклад, на мокры год высока ў траве ўюць свае гнёзды. Перад землятрасеннем каты, сабакі, змеі пакідаюць свае прыстанішчы.

Як ганароваму грамадзяніну Мінска сёння прывезлі мне каралеўскі падарунак — тэлевізар і новае пасведчанне, у якім запісаны розныя прывілеі, якімі магу карыстацца (бясплатны праезд, бесчарговае наведванне ўстаноў культуры і надбаўка да пенсіі...) Жыві і не памірай!

Прачытаў апошнія рэцэнзіі ў часопісах на літаратурныя творы і гістарычныя нарысы і яшчэ раз пераканаўся ў тэндэнцыёзнай блытаніне і хлуслівасці іх аўтараў. Калі гутарка ідзе пра сваіх нацыянальных дзеячаў, дык, як у эпоху ракако, усе яны высакародныя, прыгожыя, святыя, харобрыя. Адзін святы Уладзімір чаго варты! А некаторыя нашы князі ды магнаты?

Пачутае: «Чаму курыца, калі п'е ваду, задзірае дзюбу? Паказвае яе Богу», «Дрэнна там, дзе мужык у спадніцы, а жонка ў штанах», «Жанчыны плачуць перад шлюбам, а мужчыны — пасля шлюбу», «Лягчэй дапільнаваць мех блох, як адну жанчыну», «Жонку трэба слухаць два разы: раз, калі заве абедаць, другі раз, калі заве спаць».

Званіў Пімену, з якім, здаецца, ужо цэлую вечнасць не бачыўся. Кепскія справы і ў яго. Ён амаль зусім не выходзіць на двор, ды і я зусім аслабеў, не магу ні хадзіць, ні чытаць і пісаць. Асабліва падкасілі мяне апошнія два месяцы. Спрабую перадрукаваць адзін са сваіх вершаў, хоць і друкаваць стаў на машынцы з нейкімі пропускамі, памылкамі.

Званіла з Нарачы Іра. Яна там будзе да паловы ліпеня, калі Каця паедзе ў сваё «Зубраня».

Схадзіў у бібліятэку імя Купалы пазнаёміцца з артыкулам Давіда Пінхасіка. Зараз некаторыя стараюцца ўсю віну за смерць Купалы ўзваліць на савецкія органы бяспекі, хоць для гэтага, лічу, няма ніякіх лагічных падстаў. Таямніца яго смерці была і застаецца для ўсіх нас неразгаданай загадкай. А гэта і дае падставы для стварэння розных версій, легенд, як смерць Моцарта, Міцкевіча, Маякоўскага, Ардона, Гастэлы…

8.VII. Амаль цэлы дзень правёў за газетамі. Паслаў «Мой каўчэг» З. І. Азгуру. Заходзіў У. Казбярук. Дзякуючы яму на добрую пару тыдняў буду мець што чытаць. А са здароўем і ў яго кепскія справы. Апошнія дні і ночы і да мяне прывязаўся нейкі кашаль. Па радыё і тэлебачанні выступалі нашы кандыдаты ў прэзідэнты. Прапусціў я толькі пачатак выступлення А. Лукашэнкі, у якім ён крытыкаваў і абвінавачваў ва ўсіх смяротных грахах наша Міністэрства абароны і асабліва А. Тушынскага. Прызнацца, дзіўныя справы адбываюцца з гэтымі абвінавачваннямі ў карупцыі. Дзе рартварыліся чамаданы з дакументамі Руцкога і што сталася з абвінавачваннямі самога яго і іншых?

9.VІІ. Сёння ў «Сов. Белоруссии» надрукавана другая версія аб тым, як загінуў Я. Купала, і, мне здаецца, версія — найбольш пераканаўчая, насычаная раней невядомымі фактамі аб тым, як нямецкая разведка цікавілася беларускімі пісьменнікамі, старалася каторых з іх пераманіць на свой бок, абяцаючы ім райскае жыццё, а ў праціўным выпадку пагражаючы рэпрэсіямі супроць іх родных і блізкіх, як гэта было з жонкай П. Глебкі, якая пад іх дыктоўку змушана была напісаць такога зместу пісьмо.

Заўтра вырашальны дзень выбараў прэзідэнта.

10.VІІ. За ноч склаўся верш «Вяртанне». Зараз сяджу і праўлю яго. I праўкам гэтым канца не відаць. Заўтра трэба будзе сазваніцца з нейкім нашым лінгвістам і даведацца, як на розных мовах гучыць, скажам, польскае слова «panowie»?

А чарнобыльскі вулкан зноў дае аб сабе знаць: на 60 год раней, як разлічвалі вучоныя, пачаўся распад новых, таямнічых ізатопаў плутону (амерык-242, амерык-241), якія распускаюцца ў вадзе і атручваюць прадукты.

А ў нас тут гуляюць у выбары прэзідэнта. Не ведаю, ці гэты кашаль паможа нашай хваробе. У кожнага свае клопаты. А ў мяне — з кожным днём іх больш. Званіў Саша. Баюся, што з яго могуць зрабіць казла адпушчэння ў барацьбе з карупцыяй. Ён, відаць, яшчэ не ўсведамляе гэтага. А верш свой ніяк не магу закончыць. Кожны раз, калі яго чытаю, знаходжу ўсё больш недахопаў. Відаць, трэба на нейкі час яго адкласці.

12.VІІ. Сёння выйшаў на кароткую прагулку. Гарачыня. Вярнуўшыся, зноў узяўся за верш, які кожны дзень праўлю. Гартаю нашы нудныя газеты і дзіўлюся неверагоднай колькасці розных масавых фестываляў, якія праводзяцца ў самую рабочую пару і амаль у кожным раёне. Ці гэта спроба запоўніць вакуум у ідэйнай пустцы, запоўніць рознай чартаўшчынай, рэстаўрацыяй аджыўшых свой век абрадаў народных, рэлігійных? Не ведаю. Адчуваю толькі, як і ў ранейшых палітычных імпрэзах, пэўную накіраванасць. Ствараецца штучнае ажыўленне ў нашым застойным жыцці, у якім рэй вядуць розныя гандляры, спекулянты.

Прачытаў у «Палітыцы» (2.VII.94) артыкул Н. Брыжко «Мафія, або Улада» і, прызнацца, аж страшна стала, што мафія ў былым Савецкім Саюзе ўжо захапіла ў свае рукі 55% рускіх фінансаў, 80% прамысловых аб’ектаў і чэкаў і г. д. «Уласнасць — гэта ўлада». Зараз у Расіі 25 тысяч злачынных груп, якія кантралююць 40 тысяч гаспадарчых адзінак, 2 тысячы дзяржаўных прадпрыемстваў, 4 тысячы акцыянерных таварыстваў, 9 тысяч кааператываў, 7 тысяч малых прадпрыемстваў, 400 банкаў і біржаў і 700 рынкаў.

Загрузка...