6.VІІІ. Прыехаў Максім з Аркадзіем Паўлавічам і яго жонкай Люсяй. Агулам Любаша зусім выбілася з сіл, бо ледзь размясцілі на дачы адзінаццаць чалавек. А галоўнае — думай, як накарміць такую сямейку, улічваючы густы кожнага. Сёння шэсць чалавек паехала ў Мінск, але праз пару тыдняў некаторыя зноў вернуцца. А хвароба мая не адстае. Дыхавіца, слабасць, галавакружэнне, ціск. Ноччу прачнуўся ў 5 г., так і не заснуў.

Вецер праганяе хмары. Часамі брысае дождж. Любаша перабірае купленую брусніку. Аж не верыцца, што пацішэла ў доме. Сярожка паехаў лавіць рыбу, а Кацюша недзе гуляе ў Куляшовых. Узяўся за Багуміла Грабаля. А ў газетах — забастоўкі, дэманстрацыі, аварыі, якім і канца не відаць. Прачытаў у «Лит. газете» цікавыя, можна сказаць, прарочыя выказванні Салжаніцына, што нашу краіну можна лёгка падпаліць нацыянальнай нянавісцю, што, скінуўшы партыйную бюракратыю, выйдуць на паверхню сілы, і мы пачуем іх роў, не аб адказнасці і абавязках кожнага, а аб правах, правах… I разгромяць нашы рэшткі яшчэ ў адным лютым, яшчэ ў адным развале. Гэта было сказана ім у 1974 г.

Ох, як дакучае аддышка. Не хапае паветра, быццам грудзі нечым залажыла і сціскае, сціскае.

Заходзіла Ксана Куляшова. Пагаварылі аб тым, што нас усіх чакае. Прызнацца, усё цяжэй верыць, як гаварылі раней, у светлую будучыню.

7.VIII. Першы, параунаўча, ціхі дзень на дачы. Засталіся: Іра з Кацяй і Сяргеем і цюцька — Альфа. Ну і мы з Любашай. Дзень хмарны. Наглытаўся розных таблетак, хоць і зняверыўся у іх лекавых якасцях, бо не адчуваю ніякага паляпшэння.

Надта сумна на сэрцы. Ды як можна быць спакойным, калі так трывожна ва ўсей нашай краіне. Biдаць, пачынаючы перабудову, ніхто не мог прадбачыць, што побач са здаровымі, прагрэсіўнымісіламі, сапраўды зацікаўленымі ў аднаўленні жыцця, на гэтай хвалі падымецца столькі рознай пены, вызваляцца ў людзей чалавеканенавісніцкія інстынкты, дэструктыўныя імкненні, якія пагражаюць самым асновам нашага існавання.


Я люблю весні час, калі з шумам і спевам

Пасля зімняга сну прачынаюцца дрэвы

I сяброў і сябровак сваіх аклікаюць,

Ці пра сны, што ім сніліся, апавядаюць.


I хаця з малых дзён чую іхнія мовы,

Знаць усе перагуды, пашумы, замовы —

Да канца, можа, толькі іх разгадаю,

Калі стану і сам дрэвам роднага краю.


Зноў вярнуўся да свайго верша «Пахвала гісторыі», выправіў некаторыя радкі і сёе-тое дапісаў. Зараз, здаецца, атрымалася лепш.

Заходзіла Лена. Прыехала адпачываць у санаторый. Расказвала пра норавы, якія там пануюць. А мы яшчэ думаем з такім людскім капіталам будаваць новае жыццё.

8.VIII. Прачытаў учарашні свой верш і зноў пачаў перарабляць. Учора адважыўся і прайшоў аж за турбазу. Колькі там лебедзяў, качак! Зялёнай непралазнай сцяной стаіць трыснік, дзе, відаць, гняздуюць гэтыя птушкі. Яны ўжо сталі амаль ручнымі. 3 рук бяруць хлеб, якім шчодра іх тут падкармліваюць. Агулам кіламетраў пяць прайшоў. Аж Любаша занепакоілася: дзе я прапаў! Сустрэў Кацю і Іру, якія выйшлі мяне шукаць.

Сяргей прынёс свежыя газеты, за якімі змарнаваў пару гадзін. Калі буду магчы, трэба будзе заняцца зборам яблык у садзе.

Думаў схадзіць на прагулку, але заняўся рознымі дамашнімі справамі і нікуды не пайшоў. А дзень — на дзіва — выдаўся пагожы. Любаша перабірае ягады. Сёлета мы іх накуплялі, як ніколі. Увесь цукар перавялі на іх.

9.VІІІ. Зноў узяўся правіць і перапісваць апошні свой верш. Вычарпаўшы свой запас тэм, трэба будзе ўзяцца за пераклад вершаў А. Маргаран.

Хвароба зусім мяне выбіла з каляіны. А галоўнае — цяжка дыхаць. Не памагаюць ніякія таблеткі.

А. Маргаран:


***

Прызнайся ж,

Што за пазухай

Трымаеш галубоў —

Вунь тых,

Што праляцелі

Па блакіце неба!

Прызнайся,

Што ў сэрцы грэеш іх —

Тых, што праз сэрца сонца

Зараз праляцелі?

Скажы,

Ты іх малітвай будзіш

Раніцой?

Дзень распачаўся імі

I кончыўся імі.

..........................

Так і жыццё маё…

Яно, як белы голуб,

Пранеслася па сіняве тваёй,

Але чаму ж

Крыл маёй душы

Ты так і не сагрэў?


Армянскія горы


Армянскія горы, высокія вы,

Ўздымаецеся так пад самы зеніт,

Што варта прабіцца сцяблінкам травы,

Як з сонцам адразу зліюцца яны.


Армянскія горы вартуюць вякі

I зоры нат з імі бяседу вядуць.

I поўныя звонам зарніц раўчукі

Нібыта не з гор, але з неба бягуць.


О, як жа высока стаяў над зямлёй

Наш домік маленькі ад тваіх нябёс!

Дык што ж ты такі быў сляпы, Божа мой

Не бачыў ні бед нашых горкіх, ні слёз?


Мова армян


Не з чужых песень, што пяюць,

Не з слоўнікаў, з кніг адмысловых

Я палымяную сваю

Армянскую пазнала мову.


Зямля была лемантаром.

Патокі, што збягалі звонка

3 вяршынь праз хмары напралом,

Заўжды са мной вялі гамонку.


А там, дзе ў сіняве абрыў

I жарам дыхае дуброва,

Шыпшыннік шчодры мне дарыў

Свае пурпуравыя словы.


I залаты жаўрук вясной,

Увесь ахоплены зарою,

Узняўшыся па-над Зямлёй

Свой шарайан вёў нада мною.


Зямлі пісьмёны — сцежак рад —

Маёй найлепшай кнігай сталі,

I на зямлі — за складам склад —

Я сваю мову вывучала.


Яе ўзяла і змест і жар,

I гул магутны сіл падземных,

I між сухой травы хачкар

Быў маёй літарай каменнай.


О, манускрыпт маёй зямлі,

Дзе нават травы і дубровы,

I старажытныя ў пылі

Палаюць камяні, як словы!


Тут мова — ўсё. I храм стары

У свечках ззяючых васковых,

Які з зары і да зары

Гучыць каменнаю прамовай.


I схілы горныя хрыбтоў

Над гулкай глінаю даліны;

Прыслухайся — і гул вякоў

Пачуеш ты з глухіх глыбінаў.


Прыслухайся — шуміць вада.

Таемным сэнсам поўны горы.

На неба глянь — гор чарада

3 табой аб вечнасці гаворыць.


***

Як безжыццёва і пуста

Без цябе сэрца баліць.

Сэрцу так сумна…

Як без любві яму жыць?

Разбураны храм,

У якім пагаслі агні.

Сэрца маё без цябе —

Руіны… Айні.


10.VІІІ. Званіў Максім і Аркадзій Паўлавіч. Можа заўтра прыедуць, бо Юра захварэў. Лёг у бальніцу: язва страўніка, печань. Не памагло, што ён тут лячыўся голадам. Трэба перакласці яшчэ адзін верш А. Маргаран.


Маё шчасце


Я знаю, шчасце,

Прыйдзеш, не мінеш.

Так многа год я жду цябе, так многа!

Ты непрыкметна прыйдзеш да мяне,

На чорны камень сядзеш ля парога.

Ты будзеш дзень і ноч

Сачыць за мной,

Каб мне апавясціць

Пра свае цуды.

Калі ж, нарэшце, час настане твой,

Мяне пачнеш

Падсцерагаць усюды.

I будуць на парог мой дрэў лісты

Струменіць свае шэлесты

Шторанак…

Маё зямное шчасце, прыйдзеш ты,

Але тады, калі я небам стану.

Калі змяню цялесны воблік свой

I стану бегчы клікаць зараніцы

I буду промнем, кветкай веснавой

Безабаронна да цябе туліцца.

I стану я святлом,

Каб раздарыць

Сябе людзям усім,

Далінам, горам.

I стану белым голубам кружыць

Над старажытным Урартыйскім морам.

I стану ўсім —

I азарыцца муць

Начная з беспрасветлаю імглою.

I я пачую, як званы гудуць

Над артанежскай роднаю зямлёю.

I зноў

У неба заструменіць дым

3 таніра папялішчаў і ўліецца

Ён свежым хлебным пахам залатым

У маладое

Над зямлёй дасвецце.

I я пачую,

Як вада журчыць,

Што ў садзе бацькі

Высмягла ў спякоту.

Ты, знаю,

Прыйдзеш, каб са мной пабыць,

Калі

Я перастану быць самотнай.

Вярнуліся Саша, Вера, Дзяніс з замежнай паездкі. Відаць, гэтымі днямі прыедуць на Нарач. Божа, хутчэй бы кончыўся гэты наш дачны «адпачынак».

Узяўся за кнігу «Звездная исповедь» Ф. Бахчыняна. Прачытаў паўсотні старонак і неяк не магу ўчытацца. Аўтар піша ў стылі мінулых дзесяцігоддзяў, калі ўсяму, што пісалася тым ці іншым вядомым паэтам, даваліся завышаныя ацэнкі. А шкада. Творчасць Межэлайціса ад гэтага не страціла б свайго значэння. Ды шлях яго ад вершаў з яркім нацыянальным літоўскім каларытам і соцрэалістычнай «брацкай паэмы» да, у нейкай меры, абстрактнага «Чалавека» не такі просты, як гэта здаецца Ф. Бахчыняну. Агулам, пасля нечалавечых злачынстваў супроць прыроды і самога сябе цяжка сказаць, што «Человек — звучит гордо».

11.VIII. Быў Аркадзій Паўлавіч. Прыехаў разам з ім і наш дырэктар Беллітфонда Васілій Антонавіч Вільтоўскі. Казаў я яму, што званіў М. Мятліцкі, прасіў дапамагчы Галубовічу вырашыць яго кватэрную справу, перадаць яму кватэру, ад якой адмовілася Лялько.

Гаварыў з Верачкай. Прасіў, каб захапіла маю пошту і прывезла цукру для бруснічнага варэння, можа, калі будуць ехаць, заглянулі ў рыбгас, бо невядома, чым тут частаваць такі калгас. А яшчэ ж прыедзе і Максім малодшы з жонкай.

Не адпачынак, а хаджэнне па муках.

13.VIII. Учора прыехалі Вера, Саша і Дзяніс са свайго турнэ па Балгарыі. Хадзілі з Любашай у санаторый на масаж. Дамовіліся, каб масажыстка да нас прыходзіла, бо Любашы вельмі цяжка, хоць гэта і блізка, самой хадзіць на гэту працэдуру. Вечарам нешта пабальвалі грудзі. А мо гэта — ад сэрца? Узяў таблетку нітронгу. Пад шум дажджу заснуў позна.

Вось і праляцела лета, за якое я напісаў усяго некалькі вершаў.

Зноў шуміць густы, ціхі і цёплы дождж. Неба — суцэльная, беспрасветная паляна аблокаў. Зямля ў садзе ўсыпана яблыкамі, якія і збіраць перасталі.

Раніцой з Сашам ездзілі ў Кабыльнік, думаў купіць цвікоў, але магазін быў закрыты. Зайшлі ў царкву, запоўненую веруючымі. Паслухалі, як прыгожа спяваў хор багамольцаў. Сцены ўвешаны абразамі, напісанымі дамарослымі мастакамі. Купіў французскае юбілейнае выданне Нового Завета тыражом адзін мільён экземпляраў. Цікава, што гэта — падарунак да тысячагоддзя хрышчэння Русі праваслаўным ад манашаскай абшчыны ў Тэзэ.

14.VIІІ. Быў Васіль Антонавіч Вільтоўскі. Зноў цёплае і пагожае надвор’е. У «ЛіМе» досыць нудныя вершы на т. зв. тэму дня: суцэльныя галашэнні, казанні, а галоўнае — усё на такім прымітыўным узроўні, што аж дзіву даешся.

Чамусьці сёння чуюся горш. Прачытаў «Чернобыльскую тетрадь» Г. Мядзведзева ў «Новом мире», і настрой зусім упаў. I есці нічога не хочацца. Трэба ціха змерыць тэмпературу, бо нешта дзярэ горла. Чорт ведае. Хвароба за хваробай чапляецца за мяне. Відаць, мяне сёння скразняк уламаў. I агулам, калі дацягну да канца тут, у Мінску трэба будзе пахадзіць на інгаляцыю, бо сядзіць нейкі чорт глыбока ў горле.

15.VІІІ. Разбудзіў кароткі, але краплісты дождж, які забарабаніў па шыферы. Спаў дрэнна. Усё часцей наведваюць думкі аб смерці. Здаецца, сарваўся б з ложка і пачаў завяршаць незакончаныя свае задумы і справы, якія я кожны раз усё адкладаю з думкаю, што можа гэта наступіць не сёння, не заўтра, не заўтра. I гэта «не заўтра» вяртала спакой.

Зноў зашумеў дождж.

Прачытаў досыць сумны нарыс А. Наўроцкага ў «ŻL» пра становішча палякаў у Літве і агулам пра тую атмасферу, якая зараз там пануе. 3 Трохкрыжовай гары былі скінуты палаючыя тры куклы савецкіх салдат. Відаць, праўду пісалі беларусы ў пісьме, якое было змешчана ў нашых газетах, аб тых шавіністычных настроях, якія бяруць верх у «Саюдзісе».

16.VІІІ. Учора ў Куляшовых адзначалі дзень нараджэння В. А. Вільтоўскага. Прыехаў рафік з мінчанамі. Магчыма з Фёдарам Фёдаравічам пад’едзе на Нарач і Георг Эмін, які зараз адпачывае ў нашым Доме творчасці. Добра было б з ім пабачыцца.

Прывезлі мне газеты, розныя навіны з Мінска. Разгарэлася палеміка з 3. Пазняком, які даў інтэрв’ю латышскай газеце «Белоруссия: Вандея “Очаков”,…(?)».

Адным словам, ставіць сваёй задачай — вырваць уладу з рук бюракратаў і перадаць яе народу. Усё гэта нагадвае тактыку «Салідарнасці», якая ўжо вырвала ўладу з рук партыі ў Польшчы і перадае яе Бжэзінскаму. Апошні сцвярджае ў сваіх выступленнях, што Польшча і Венгрыя хутка вернуцца ў лона Еўропы. Пачаўся, мне здаецца, дэмантаж сацыялізма ў лагеры сацыялізма. Трагічная старонка ў гісторыі нашай партыі. У Літве апублікавалі ваенную карту 1933-1936 гг., з якой відаць, што ўжо ў тыя гады савецкім генштабам распрацоўваўся план захопу Прыбалтыкі. Тут толькі нельга прыдаваць асаблівае значэнне падобным планам, бо каб апублікавалі ўсе планы генштабаў усіх дзяржаў, мы ўбачылі б, які лёс яны рыхтавалі і сёння рыхтуюць супраць чалавецтва. Пад прыцэлам ракет НАТО амаль усе нашы гарады і прамысловыя цэнтры.

Званіў Максім і цікавіўся нашымі справамі. Забыў запытацца, калі ён збіраецца прыехаць на Нарач.

Чытаю нарыс Л. Габышава «Одлян, или Воздух свободы» (НМ). Цяжкая рэч аб непаўналетніх у лагерах. Ніхто таго не выдумае, што «людзі людзям».

Усё ніяк не збяруся адпісаць В. Шошыну. Просіць, каб я напісаў рэдактару «Лит. газеты» і папрасіў даць яго, шошынскую, падборку вершаў пра Леніна. Дзівак. Зараз газету цікавяць іншыя тэмы, ды і нязручна мне ўкліняцца ў маскоўскія пісьменніцкія страсці-мардасці.

Позна вечарам прыехаў Максім з Оляй. Зараз тут дзевяць чалавек. У суботу будзе 12. Чорт ведае, як накарміць такую араву. Як мы з Любашай дацягнем да канца гэтага месяца? Дача для нас стала нейкай катаргай. Відаць, апошні год мы тут з Любашай пеклімся. У такой атмасферы не дзіва, што здаюць і сэрца, і нервы, і ўсё іншае.

17.VІІІ. Ноч цёплая, душная. Некалькі раз будзіўся, бо здавалася, не хапае паветра. Зноў, відаць, будзе пагожы дзень. Учора па тэлебачанні паказвалі, якое ў нас марнатраўства рыбы на Камчатцы. На пунктах нарыхтоўкі не прымаюць. Бульдозерам закапваюць дзесяткі, сотні тон. Што ж гэта робіцца ў нас? То хлеб, то мяса, то малочныя прадукты марнуем і марнуем, а потым купляем. Гэтага нават дзікары не робяць. Гэта ўжо не безгаспадарчасць, а нейкі прыроджаны ідыятызм.

Цікава, чым эакончылася ўчарашняе абмеркаванне эстонскага пытання-пастановы, прынятай іх Вярхоўным Саветам, асабліва цэнза аседласці, пастановы, якая нібыта неспадзявана з’явілася на павестцы дня сесіі. Невырааным было выступленне нашага Г. Таразевіча. Такое адчуванне, што ў нашага ўрада няма выразнай лініі, праграмы. I гэта ўсе адчуваюць, і гэтым карыстаюцца ўсе «добразычліўцы» перабудовы і яе прыхільнікі.

У другой палове дня прачнуўся вецер. Які гаючы шум хваль і дрэў.

18.VIII. Сёння зноў чуюся горш — слабасць, галавакружэнне. Нат чытаць не магу. Колькі дэмагогіі, хлусні ў выступленнях розных «палітыкаў», «рэфарматараў», «перабудоўшчыкаў»! Зараз усё так пераблыталася, што цяжка разабрацца, хто ёсць хто, што крыецца за лозунгамі. Поўная неразбярыха ў Польшчы, Венгрыі… Ды і мы не можам служыць нейкім станоўчым прыкладам.

А хвароба мая сёння далася мне ў знакі. Не знаю, ці ўдасца дацягнуць да канца жніўня. Вельмі ж не хацелася б зараз вяртацца ў Мінск і класціся ў бальніцу.

Вечарам прыехаў Юра. Іх кватэру абакралі. Іра з Юрам паехалі ў Мінск. Малая Кацюша плача, што застаецца адна. Вось табе, якое няшчасце. I абакралі днём. Няўжо ён не ўключыў сігналізацыю?

19.VІІІ. Званіў з работы Саша. Я прасіў, каб заехаў да Юры, даведаўся пра іх справы, бо тэлефон у іх, відаць, абрэзаны. Не дзіва, што мы ўчора не маглі дазваніцца.

у «Звяздзе» — нарыс Н. Клінковіча пра М. Забэйду-Суміцкага, аб яго перапісцы з Я. Шутовічам, дзе, між іншым, успамінае Міхал і мяне, грэшнага. Недзе ў маім архіве павінны быць лісты яго з Прагі, апошнія нашы фатаграфіі. Трэба будзе ў Мінску разабраць і, агулам, прывесці да нейкага ладу ўсе свае паперы.


Рэабілітацыя


Пасля таго,

Як рэабілітавалі

Мой род вялікасны

Патомных хлебаробаў,

Асуджаных за тое,

Што ў іх гербах

Былі аднаасобніцкія сохі і сярпы,

Сякеры, калаўроты, мазалі

I нашы беларускія

Цымбалы-самагуды —

Дзён лепшых дачакаліся

I пакараныя за нейкі опіум,

Якога нат не бачыла ніколі —

Старая, тысячагодная ў маім сяле

Царквушка.


Сягоння зноў прыбралася яна,

Як на Вялікдзень:

Уздзела крыжаносны купал,

Прытвор ачысціла

Ад гандляроў, ад фарысеяў

I кліча звонам

Вярнуцца з усіх лагераў і ссылак

Сваіх дзяцей — жывых і мёртвых —

Сваіх святых,

Каб занялі належнае ім месца

На незагоеным яшчэ ад куль

Іканастасе.


16.ІХ. Усё больш расчароўваюся ў непрадуманых нашых рэформах. Не ведаю — і, відаць, ніхто не ведае — куды мы ідзём. Зараз развенчваем старыя міфы, а заўтра будзем развенчваць новыя.

Г. Эмін прыслаў свой зборнік вершаў «Ластаўка з Аштарака». Шкада, што падвяла мяне хвароба, не змог з ім сустрэцца, калі ён адпачываў у «Іслачы».

17.ІX. I так, мінуў клапатлівы дзень майго нараджэння. Званіў У. Правалінскі, прасіў на галасаванні ў АН падтрымаць яго сябра.

Прыйшла ў рух Украіна. Дарма Б. Алейнік казаў, што гэта — адна з самых ціхіх рэспублік. Не разумею: чаму на нашы мітынгі дазваляюць прыязджаць розным эмісарам з іншых рэспублік і нат замежных краін. Я не ўяўляю, каб на падобныя мітынгі можна было прыязджаць у нейкую заходнюю краіну і праводзіць там сваю агітацыю, арганізоўваць забастоўкі.

Прыйшоў трэці нумар «Twórczości». Пасля Я. Івашкевіча часопіс стаў ніякім.

Армянскія пісьменшкі прыслалі тры тэлеграмы аб становішчы ў іх рэспубліцы, блакіраванай Азербайджанам. Такія ж тэлеграмы прыслалі і азербайджанскія пісьменнікі. Вось тут і разбярыся.

23.ІХ. Некалькі пісем з Вільнюса, які калісьці лічыўся Паўночным Ерусалімам. Зараз горад змяніў і свой барочны воблік, дзе выраслі новыя сучасныя блокі дамоў, і сваіх жыхароў, дзе калісьці на кожнай вуліцы яўрэйскія гандляры заклікалі мяне купіць штаны, капялюш, паліто, пантофлі, бо ўсе гэтыя старыя рэчы на мне прыгоднымі былі толькі агароднаму пудзілу ці на сметнік.

Чытаю апошнія творы Ч. Мілаша. Слушна нехта гаварыў, што Нобелеўскія прэміі заўсёды прысуджаюцца некаму на злосць. Думаю, што зараз не прысудзілі б прэміі i М. Шолахаву, як і многім іншым, чые імёны даўно канулі ў Лету.

Чытаю: «Паэт — самавук»… Мне здаецца, усе паэты павінны быць самавукамі.

Зараз перажываем такі духоўны крызіс усіх ранейшых ацэнак і вартасцяў, які, у спалучэнні з крызісам эканомікі, палітыкі, можа быць глабальнай трагедыяй для ўсяго чалавецтва.

Начытаўся, наслухаўся пра розныя нашы недахопы, непаладкі і ўсю ноч не мог заснуць, хоць двойчы прымаў мснатворнае. Некалькі раз браўся за пяро, але нічога не ўдалося выкрасліць з пустога ілба.

Р. Ралан, калі пісаў свайго «Кола Бруньёна», смяяўся ад шчасця. Такая радасць была і ў мяне, калі пісаў сваю «Нарач», «Каліноўскага», «М. Дворнікава».

У нас многія пісьменнікі любяць займацца рэкламай. Дзякуй богу, што хоць гэта хвароба мяне абмінула.

27.ІХ. Учора ездзіў у «Іслач» на сустрэчу з перакладчыкамі беларускай літаратуры. Сёння дзень нараджэння Любашы.

В. Клепман піша, якімі былі распуснікамі пры жыцці Пруст, Вільдэ, Талстой… Дай божа больш нам такіх распуснікаў!

Зараз шумім аб ахове прыроды. Баюся, што на тым, як і раней, усё і закончыцца. Хоць бы за гэты час пасадзілі па адным дрэўцы, ачысцілі нейкую рачулку ці вадаём, спынілі атручваць зямлю, паветра. Ды дзе там!

Зноў заходзіў Лукша са сваімі цікавымі замалёўкамі нашых аколіц.

15.Х. Званіў Ф. І. Верабей. Агітаваў, каб я паехаў на адкрыццё музея ў Дзятлаве. Не ведаю, ці змагу, бо хутка пленум ЦК і прэзідыум праўлення СП.

Язэп Семяжон пераклаў аўтографы Данельсона. «3 маімі найлепшымі пажаданнямі чытачу гэтага зборніка» (у кнізе змешчана шэсць перакладзеных маіх вершаў). Зборнік называецца: «Сустрэча паэтаў». «Я атрымаў, — піша ён, — неацэнную дапамогу ад многіх людзей. Хацеў бы выказаць сваю асаблівую падзяку паэту Ежы Вялюнскаму, мадам Ользе Сенюх (літаратуразнаўцу з Кіева), паэту Максіму Танку (Мінск, Беларусь), паэту Джузеку Альфрэдо Нікола (паэту, выдаўцу з Турына, Італія), Анры Арманда (шаноўнаму памочніку рэдактара, Аоста, Італія), а таксама доктару філасофскіх навук Артуру Генніваль (Ісландскі універсітэт, Рэйк’явік). Па знакамітасці аўтараў у зборніку “Сустрэча паэтаў” я, асабліва як перакладчык, стаўлю на першае месца Тараса Шаўчэнку, 175-годдзе якога адзначаецца ў гэтым 1987 г. Гутмундар Данельсон. Майму любімаму паэту Максіму Танку з Мінска з маёй самай сардэчнай падзякай і найлепшымі пажаданнямі. Покі жыву — твой брат і друг Гутмунд». 2 — 800 Selfos. Island.

23.Х. Думаю, чаму А. Ганчар у сваім рамане «Сабор» усю прафанацыю святыні ўсклаў на бандзюкоў. Цэнзура? I так яна на доўгія гады раман забараняла друкаваць. А што да прафанацыі, дык самая большая была нанесена савецкай уладай. Я помню, як закрываліся маскоўскія цэрквы, манастыры, як іх абрабоўвалі, а ў лістах святых кніг прадавалі ў магазінах і на вуліцах селядцы, ягады, мыла. Ну, а ў нас, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі, храмы забіралі пад склады, клубы, кінатэатры, розныя майстэрні. Мінскі Чырвоны касцёл у гады вайны зноў быў адкрыты для вернікаў і распісаны Пятром Сергіевічам. Усё гэта П. Пестраку і мне пасля вызвалення Мінска расказваў ксёндз Шутовіч. Шкада, што гэты роспіс потым быў знішчаны.

27.Х. Прыехалі госці з Турцыі на чале з пісьменнікам Насрэдзінам Аглы.

Чытаю «Архіпелаг ГУЛАГ». Непасільную для чалавека правёў работу Салжаніцын. Гэта другі выпадак пасля Дантэ, калі смяротнік вярнуўся з пекла да жывых, каб расказаць жудасную праўду аб часах сталінізму. Як няма ў нас ніводнай сям’і, якую б вайна абмінула, так і няма ніводнай сям’і, якая б не заплаціла жыццём сваіх бацькоў, дзяцей, родных за крывавыя гады панавання «бацькі ўсіх народаў» і разгулу яго азвярэлых апрычнікаў.

З1.Х. Усю ноч шумеў дождж. Званілі з тэлебачання. Прасілі прачытаць верш «У доме Я. Коласа». Саша — у Японіі, у камандзіроўцы. Відаць, да свята не вернецца. У «Огоньке» — глупейшы артыкул пра Л. Брык, аб яе заслугах і ролі ў жыцці У Маякоўскага. Леніна збіраюцца выносіць з Маўзалея, ці не думаюць некаторыя перабудоўшчыкі перахаваць туды і гэту блудніцу.

7.ХІ. Адсвяткавалі юбілей М. Лужаніна. Пасля ўрачыстага вечара — прыём. На жаль, я па стане здароўя не змог быць на гэтым юбілеі.

Дзіўна, што сёлета ў спіску на званне лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі СССР — ніводнага прадстаўніка з нацыянальных літаратур, чаго ніколі не было раней.

А хвароба мая ўсё прагрэсіруе. Не ведаю, што рабіць. Усё з рук валіцца. Не хапае паветра. Слабасць.

8.ХІ. Гляджу, як з дрэў ападае апошняя лістота. Толькі на адной рабіне чырванее гронка ягад.

Чамусьці прыгадалася Любашына маці, якая перад смерцю часта глядзела праз акно на вуліцу і, хаваючыся ад нас, сцішыўшыся, плакала.

Перакладаю. Сам нічога не пішу. Можа, яшчэ распішуся, бо ўся наша літаратура пачыналася з перакладаў грэкаў, рымлян, Бібліі, якую і зараз перакладае Ч. Мілаш, а ў нас A. К. Клышка.

Мяне ўсё больш дзівіць барацьба ў нашых вярхах за ўладу, якая вялася і вядзецца ўвесь час. А мы, дзівакі, думалі, што змаганне ідзе за праўду. Дык каму ж тады верыць? Відаць, і «праўда датуль застаецца праўдай, пакуль не пачне кіраваць» (В. Мігалік).

18.ХІ. Дзень пачаўся з тэлефонных званкоў: памёр Ф. Янкоўскі — нястомны золаташукальнік і збіральнік самародкаў і скарбаў нашай беларускай мовы.

Потым нехта пачаў па тэлефоне мяне лаяць: як я мог на вечары, прысвечаным 50-годдзю ўз’яднання Заходняй Беларусі, гаварыць, што ўвесь наш народ чакаў гэтага свята, калі яго бацька не чакаў, і г. д.

Пішу марудна, як Флабер, які, кажуць, гадзінамі мог карпець над адным словам. Вельмі павольна з’яўляюцца новыя вобразы, рыфмы. Раней, як ад камароў, трэба было ад іх бараніцца.

У пакоі сцюдзёна. Заўтра трэба будзе перад зімой ацепліць вокны.

23.XI. Яшчэ адзін «прыемны» званок. Скардзілася нейкая жанчына, што А. Грачанікаў часта напіваецца і буяніць у пад’ездзе іх дома.

Пісьмо з Мядзельшчыны: просяць выслаць зборнікі для камароўскай школы і дапамагчы арганізаваць музей. Гэта, здаецца, недзе ля Княгініна, дзе калісьці, будучы легіянерам, ваяваў У. Бранеўскі і кожны раз, успамінаючы аб гэтым, плакаў, бо там тады загінула шмат яго сяброў. Апошні раз, калі ён са слязамі, пасля нейкай чаркі, мне звяраўся, я яму сказаў: «Якога чорта ты сюды ішоў з вінтоўкай? Ішоў бы з паўлітрам, знаеш, як гасцінна цябе тут сустрэлі б…»

Прыходзіла Оля з Жэнечкам. Той, казала, убачыўшы мяне ў тэлевізары, здзіўлены, у яе запытаў, як я туды залез.

Пасля нашых велікапосных вершаў пра каханне з задавальненнем чытаю старога Рансара:


О постой, о погоди!

Я умру, не уходи.

Ты, как лань, бежишь тревожно.

О дозволь руке скользнуть

На твою нагую грудь

Иль пониже, если можно.


27.ХІ. Наснілася рознай дрэні. Цяпер у сне не адпачываеш, а яшчэ горш стамляешся. Усё ў жыцці пераблыталася. А гэта адбіваецца на працы кожнага.

28.ХІ. Н. Гілевіч вызваліўся з пасады сакратара, спаслаўшыся на дрэнны стан свайго здароўя. А што ўжо гаварыць мне. Работа ў СП зусім мяне падкасіла і як пісьменніка. Леў Талстой восем раз перапісваў «Вайну і мір», а мы Львы худыя? Вельмі дрэнна адчувае сябе Любаша: апухаюць і невыносна баляць ногі. Не спіць начамі. Плача. Стараюся разагнаць яе невясёлыя думкі, як малой, расказваю розныя гісторыі з нашай мінулай маладосці, расказваю пра апошнія падзеі, прачытаныя творы.

С. Далі гаворыць: «Калі малюю, адчуваю сябе вар’ятам. Адзіная розніца паміж вар’ятам і мной, што я не з’яўляюся вар’ятам». У кожным выпадку, у творчыя хвіліны кожны мастак ці пісьменнік адчувае нейкі уздым на мяжы вар’яцтва. Нешта падобнае гаварыў і У. Бранеўскі:


He знаю, чым ёсць паэзія

I што ў жыцці яна значыць.

Я знаю адно: часам людзі

Слухаюць вершы і плачуць.


А гэта вартыя ўвагі радкі Л. Новамейскага:


Божа мой, Божа мой з высокага неба,

Калі ты даў мне зубы, дай жа мне і хлеба.


Пры самотных крыжах крыжы:

Смерць не ўмее распісвацца.

(«Магільнік за горадам»)


3 захапленнем чытаю старога Кнута Гамсуна. Час, калі ён жыў і тварыў, быў часам геніяў, бо потым усё пайшло на спад, скацілася да фашысцкага адзічэння, сталінскага цемрашальства, вайны, з якіх выйшла чалавецтва, атручанае маральна і псіхічна хворае.

Зараз да пісання вершаў мне не хапае часу, былой адвагі і свабоды. Яшчэ спадзяюся, што нешта ўдасца вярнуць. Без патрэбы працягваю пісаць і гэты свой дзённік. Хапіла б, як пісаў Фолкнер, «…суму свайго жыцця і працы замкнуць эпітафіяй: “Пісаў кнігі і памёр"».

4.XII. Прыснілася, што я блукаю па Дуброўніку і не магу з яго выбрацца. Дзіўна. Колькі часу мінула, калі я быў у гэтым горадзе!

А над намі згушчаюцца ўсё больш цёмныя навальнічныя хмары, якія могуць праліцца крывавым дажджом. I пакуль што не відаць ніякага прасвету.

Прыйшоў «Новый мир», у якім надрукаваны «Архіпелаг ГУЛАГ», які на Камітэце па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях правалілі. Асабліва, казалі, востра супроць выступаў А. Пракоф’еў і нашы члены камітэта, якія потым хваліліся, што не прапусцілі гэтага антысаветчыка.

Ездзілі з У. М. Юрэвічам уручаць маці М. Стральцова дыплом лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. А потым, была цікавая сустрэча з індыйскім паэтам і перакладчыкам Будданнам Хангамірам. Неспадзявана познім вечарам быў выкліканы да М. С. Ігрунова, дзе застаў амаль усіх нашых сакратароў СП. У сувязі з падзеямі ў Прыбалтыцы цікавіўся, як абстаяць справы ўнас.

Чуюся хворым, падобным да руіны, якая ўсё яшчэ стаіць, трымаючыся за неба. Вельмі ж не хацелася б класціся ў бальніцу перад Новым годам.

18.ХІІ. Два дні прасядзеў дома. Сёння адбылося пахаванне А. Д. Сахарава.

Адліга. Пётр Маркавіч Кузюковіч раіць паехаць падлячыцца ў Бараўляны. Апошні раз на рэнтгене: застойныя з’явы ў лёгкіх і сэрцы велізарныя, як вушанка. Адным словам, пара зматваць вудачкі.

Нешта сёння позна няма газет. А крызіс усё разрастаецца. Можа праліцца шмат крыві, у якой усе захлынёмся. Узяўся за пісанне віншавальных навагодніх паштовак.

21.ХІІ. Мы часта гаворым аб трагічным становішчы беларускай мовы ў рэспубліцы. Але ніколі нас не зразумець людзям, якія самі гэтага не перажылі, людзям, якім не пагражала, як нам, поўная асіміляцыя. Шкада, што і нашы першыя творы, якія былі каталізатарамі нацыянальнай самасвядомасці, з’явіліся са спазненнем на цэлае стагоддзе, таму і не змаглі выйсці за свае этнаграфічныя межы.

Дачытваю «Архіпелаг ГУЛАГ». Страшная рэч.

Дзеля чаго ўсё гэта рабілася? Салжаніцын прабуе адказаць на гэта пытанне. Але каб на яго знайсці адказ, трэба пранікнуць у чорную душу самога д’ябла.

30.ХІІ. Здаецца, ніколі так сумна не сустракаў Новы год. Званіў скульптар Міско. Хоча ляпіць мой партрэт. Не раіў яму на мяне псуць гліну. Хутчэй бы развітацца з працай у СП.


1990


1.І. Прыехаў Федзя. Прывёз гасцінцаў — пількаўскіх грыбоў, ягад, тварагу. Перастаю арыентавацца ў нашым балагане розных асацыяцый, аб’яднаній, таварыстваў… Узяўся за новую падборку вершаў для «Полымя».

12.І. У «Правде» — кароткая анатацыя пра І. Барбаруса. Я і не ведаў, што ён пакончыў жыццё самагубствам. Апошні раз сустракаўся з ім на нейкім юбілеі ў Таліне. Ён, здаецца, быў старшынёй прэзідыума Савета Міністраў Эстонскай ССР. Тады ён мне падарыў цудоўна ілюстраваны фальклорны эпас Крэйцвальда «Калевіпоэг».

14.І. Цяжкая ноч. Цяжкі дзень. Рыхтую новую сваю падборку, а зборніка, відаць, не дачакаюся, бо хвароба ўсё больш узмацняецца. У антыкварным магазіне набыў Ю. Чаховіча, які ў першыя дні вайны загінуў у Любліне.

20.І. Праслухаў выступленне Гарбачова, у якім ён заклікае спыніць братазабойную барацьбу ў Азербайджане і Арменіі. Хто мог прадбачыць, што пасля столькіх год савецкай улады, столькіх дэкларацый, клятваў і гімнаў аб вечнай дружбе народаў можа пачацца такая разня!

24.І. Быў у кардыялагічным цэнтры. Думаў там легчы на рамонт, бо з кожным днём чуюся ўсё горш. Амаль нічога не засталося з былога майго аптымізму. Ледзь хаджу, трымаючыся за дзве спадніцы — жонкі і паэзіі.

25.І. Лечкамісія. Уколы, кропельніцы. Заходзілі Максім, Іра. У палатах пасля нейкай аварыі сцюдзёна. Ледзь дачакаўся світання. Званіў Любашы. Яна хрча прасіць, каб мяне перавялі ў лепшую палату. Напто?

29.І Званіў I. П. Шамякін. Казаў, што яго былі выставілі кандыдатам у дэпутаты, але ён адмовіўся.

Часта мяне наведваюць Максім з Оляй і Жэнечкам, Верачка з Дзяніскам, Ірыша, ну і Любаша, хоць ёй вельмі цяжка самой.

Атрымаў паштоўку ад былога дамброўшчыка — Яна Выкі. Зараз яму, здаецца, пад 90 год. Трэба будзе адпісаць.

Ціск і рытм крыху нармалізаваліся. Толькі адкуль гэта праклятая дыхавіца? Саша збіраецца ў Італію. Мо адтуль прывязе якія лекі.

Выплыў месяц. Відаць, пахаладае. Набліжаецца даўжэзная бяссонная ноч.

8.ІІ. Перавялі ў палату 408. Ляжу разам з хворым Я. А. Глебавым. I ў яго — справы невясёлыя. Узяўся перакладаць верш С. Высоцкага «Ліст у ноч»:


Дзесь на друзах Варшавы блукае

Мая ў горы самотным дзяціна.

Мо пабачыш яе, мо спаткаеш

Дзесь на прыгараднай лугавіне

Ў абшарпанай сукенцы, галоднай

На завулку, што зваўся Галодным.

Там блукае сярод папялішчаў,

Дзе шукае знаёмага дома

Сярод іншых дамоў і дварышчаў,

Ды пра гэта не кажа нікому.

Там стаіць, згаладалая, мерзне.

Можа, стрэнеш ля Брамы Жалезнай

Без апекі бацькоўскай і боскай

На былой вуліцы Маршалкоўскай.

I ніколі вакзал не мінае,

Мая крошка, дачушка малая.

Згараваная, сумная, плача,

Знаючы, што не будзе іначай.

Неадступная думка трывожыць,

Згаладалая, шэпча, а можа,

Я вярнуся ці вернецца матка.

I так ходзіць туды да астатку,

Аж пакуль перон не апусцее

Сярод ночы марознай, завеі,

Мая бедная сіраціна.

Калі стрэнеш яе ты часінай,

Памажы ў яе горы, няшчасці,

I скажы, што і сёння я часта

Ўспамінаю дачушкіна імя,

Яе, спаленую ў Асвенціме.


Ледзь закончыў гэты пераклад. Так ён мяе не даваўся, быццам заржавелі ў маёй галаве ўсе дэталі. Вечарам заходзіў М. А. Хадзінскі, які сёння дзяжурыць па аддзяленні. Доўга мы з ім прагаварылі пра «дела давно минувших дней». Апошнімі часамі не пакідае мяне нейкая трывога, нейкае прадчуванне бяды. На небасхіле ўсё больш збіраюцца хмары, і невядома, якім дажджом яны пральюцца над нашай зямлёй.

У «Навінах» — знаёмае прозвішча А. Шукелайціса, які зараз у ЗША ўзначальвае нейкую арганізацыю эмігрантаў. 3. Пазняк піша ўспаміны пра свайго дзеда — былога рэдактара «Беларускай крыніцы», якога ён і ў вочы не бачыў. Агулам, зараз многа даследчыкі ўзяліся за Заходнюю Беларусь, пагалоўна ўсіх — нават яе друкароў — узводзячы ў змагароў-адраджэнцаў.

Чарнавы пераклад страфы з верша В. Іванчука:


…Гэтыя ж японцы, у 37, калі ўварваліся у Кітай,

Забілі больш людзей,

Як згінула ў Хірасіме.

А што рабілася на Акінаве,

Калі высадзіліся там амерыканцы.

Адступаючы, японцы выразалі ўсіх

Яе жыхароў, у тым ліку і сваіх.


Не зважаючы на дробны дождж, крыху пагуляў па парку; колькі я тут попусту марную часу! Заходзіў A. А. Шабалін. Паказаў апошні нумар «Беларусі» з голай красуняй на вокладцы.

Увесь час стаіць цёплае надвор’е.

Заглыбіўся ў ананімную літаратуру. Цікава, што Гамер не пакінуў свайго подпісу ні пад «Адзісеяй», ні пад «Іліадай».

22.ІІ. Цэлы месяц правёў у бальніцы. I пакідаю яе ў цяжкім стане. Не знаю, як будзе далей. У кожным выпадку не шмат засталося часу на ўладкаванне сваіх спраў. Перапісаў з чарнавіка верш «На вакзале». Разам са мной выпісваецца і Я. А. Глебаў.

25.ІІ. Дома агледзеўся, што ў маю адсутнасць нехта сцягнуў маю двухстволку. Шкада. Харошая была стрэльба, хоць я з яе нічога не ўпаляваў. Памог мне калісьці яе набыць М. К. Міцкевіч. Трэба ісці ў міліцыю і заявіць аб прапажы. Нумар стрэльбы 5476 («Сімсан», калібр 16).

Быў на рынку, на якім цэны пачалі вар’яцець: галоўка часнаку — 2 рублі, лімон — 2,5 р., мяса — 7-8 рублёў… I, відаць, цэны будуць расці і расці.

Заўтра выбары ў Вярхоўны Савет БССР.

5.ІІІ. Спрэчка глухіх: аўтар рамана адстайвае тое, чаго ў ім няма, а крытык тое, што ён напісаў бы. Пагадзіліся, што ва ўсім вінавата рэдакцыя, якая «не дапрацавала».

Перакладаю В. Мігаліка.

Цэлы дзень — то снег, то дождж.

У СП — стаўпатварэнне. 3 пісьменнікаў на выбарах дэпутатаў у ВС рэспублікі прайшоў толькі А. Вярцінскі. Яшчэ важыцца лёс Н. Гілевіча і Г. Бураўкіна. Адмовіліся балатаваццца Брыль, Шамякін, Навуменка і Чыгрынаў.

У «Звяздзе» — карта радыяцыйнай абстаноўкі. Амаль уся рэспубліка пакрыта струпамі цэзію-137. Зямля наша стала падобнай да велізарнага магільніка, на якім яшчэ жывуць людзі, але дні іх палічаны.

Званілі з Нарачы, што нехта зноў гаспадарыў на нашых дачах

8.ІІІ. «Ніва» дала цікавую падборку вершаў паэіаў, якія жывуць на эміграцыі. Акрамя знаёмых прозвішчаў — Ільяшэвіча, Арсенневай, Салаўя, Адважнага — шмат новых: Вярба, Валошка, Данілеўскі, Кавыль, Клішэвіч, Золак, Ясень… У большасці вершы патрыятычныя, пранізаныя сумам па Бацькаўшчыне.

Каб лепш чуўся, пад’ехаў бы ў Маскву на пленум СП, бо, можа, больш не ўдасца ў ёй пабываць, ды і Саюз пісьменнікаў, чуваць, развальваецца на розныя рэспубліканскія і рэгіянальныя аддзяленні і згуртаванні. Мне здаецца, што ўсё гэта — ад лукавага. Бо, не зважаючы ні на якія нацыянальныя, палітычныя, рэгіянальныя разыходжанні, існуе ж такая міжнародная арганізацыя, як ПЕН-клуб.

Моднымі становяцца рэлігійныя святы, царкоўныя абрады, нат зборнікі некаторых паэтаў нагадваюць малітоўнікі ці кантычкі вернікаў. Усё гэта, здавалася б, павінна было паўплываць на рост нашай т. зв. духоўнасці. Ды — не! Колькасць жахлівых забойстваў і злачынстваў з кожным днём расце і расце.

10.ІІІ. Дзьме штармавы вецер. Атрымаў пісьмо ад С. Казлоўскага. Перакладаючы кнігі, натрапіў на даваеннае выданне Т. Плівера і аповесць «Фантомарэ» I. Сілоне, якая пакінула незабыўнае ўражанне. I сення я з задавальненнем прачытаў некаторыя яе старонкі.

А ў краіне ўсё больш трывожна. Партыя пачала перабудову, бо не магла яе не пачаць, але, абцяжараная адказнасцю за ўсе грахі і злачынствы, не змагла ўтрымаць штурвал карабля, які зараз, па волі стыхіі, нясецца ў невядомае, а хутчэй за ўсе — на смяротныя рыфы.

15.ІІІ. Неспадзявана ўдалося закончыць верш «Ноч вераб’іная». Прыехаў з Лондана нейкі святар, які, кажуць, у часы вайны супрацоўнічаў з немцамі. Сустракалі яго з прамовамі, са сцягамі. Чуваць, збіраюцца кананізаваць ксяндза Адама Станкевіча. Постаць гэта цікавая і заслугоўвае на ўвагу нашчадкаў, толькі рабіць з яго святога няма ніякай патрэбы. Але ж мы не можам не давесці ўсё да абсурду.

18.ІІІ. Быў у Ларысы Іосіфаўны Гарэцкай. Па завяшчанні Паўліны Вікенцьеўны Мядзёлкі, яна перадала мне яе ўспаміны, якія прасіла апублікаваць толькі праз 25 год пасля яе смерці. Але ж ніхто з нас да гэтага часу не дажыве. Зараз, з болем у сэрцы, чытаю гэтыя ўспаміны. Колькі ж ёй, шматпакутніцы і змагару за свой беларускі народ, прыйшлося перажыць! Відаць, яна не спадзявалася, што не праз 25 год, а хутчэй наступяць змены ў нашым жыцці. I што яе ўспаміны змогуць раней пабачыць свет. Вось чыё імя трэба было б залічыць у лік святых!

22.ІІІ. Чытаю «Споведзь» Ларысы Геніюш — адзін з самых трагічных чалавечых дакументаў, у якім непарыўна зліты біяграфія паэтэсы з лёсам нашага народа. Гэты твор пакідае большае ўражанне, як «Архіпелаг ГУЛАГ» Салжаніцына, бо ўсё, пра што яна піша, перажыта ёю, а да ўсяго яшчэ — у кожным слове чуеш біццё яе няскоранага і самаахвярнага сэрца. «Споведзь» Л. Геніюш — твор велізарнай выбуховай сілы.

Учора па дарозе на Нарач заехаў і ў Пількаўшчыну. Дома быў толькі Федзя. Максім у кустах набрыў на самагонны апарат, дзе ноччу гналі гарэлку для Маніных сваякоў на вяселле. Цёпла. За лазняй прачнуліся мурашкі. Грэюцца на сонцы.

На экране тэлевізара — схаластычныя спрэчкі, разважанні аб ролі партыі і г. д.

А я бязбожна марную час. Нічога не пішу, толькі чытаю. Зараз спаборнічаюць ілюстраваныя часопісы, хто з іх больш змесціць аголеных дзяўчат. Усе нашы перайманні больш за ўсе доказы вучоных мяне пераконваюць, што чалавек сапраўды паходзіць ад малпы.

1.IV. Запрашаюць на 20-годдзе «Песняроў», выступіць у школе, на літаратурны вечар у нейкім клубе і прыняць удзел у фільме пра М. Забэйду. Ва ўспамінах Л. Геніюш мяне ўразіла сцэна, у якой яна апісвае, як пасля арэшту гестапа яе мужа ў Празе Міхал прыходзіў да яе ў сваты, запэўняючы, што, як яму вядома, муж да яе больш не вернецца... Аж цяжка паверыць, што нешта падобнае магло здарыцца.

Прыгадаў, што і ва ўспамінах П. В. Мядзёлкі шмат ёсць падобных прыкрых сцэн, якія напэўна будуць выкраслены рэдактарамі.

4.ІV. Прыходзіў унук Максімка. Нейкі стаў замкнуты ў сабе. Што з ім робіцца? Чым ён жыве? Не ведаем нат, ці вучыцца. Вось бяда! Парваліся ўсякія сувязі з бацькамі, з намі.

Даў у «ЛіМ» падборку вершаў. Ганарар прасіў перавесці ў фонд дзяцей, пацярпеўшых ад чарнобыльскай аварыі.

Сённяшняя сітуацыя ў нас нагадвае здарэнне, апісанае С. Каркергардам, калі аднойчы блазен выйшаў на сцэну і аб’явіў, што тэатр гарыць, але ўсе гэта ўспрынялі як жарт і словы яго сустрэлі апладысментамі. Блазен яшчэ раз паўтарыў, і ўсе яшчэ больш смяяліся і апладзіравалі. Так, гаворыць ён, пры агульных апладысментах і смеху людзей наступіць і канец свету. I ўсе будуць думаць, што гэта жарт.


Хацеў быць вялікім — не вырас,

Хацеў быць добрым — прыйшла вайна.

Хацеў быць гордым — уваліўся ў балота.

Хацеў быць шчырым — паверыў.

Хацеў ісці проста,

Але вось іду кульгаючы

Наўскос,

Спатыкаючыся.

(Когут)


6.ІV. I так, у Літве пачынаюць паліць кнігі Юозаса Балтушыса. Мяркуючы па ананімках і тэлефонных званках, хутка ўспыхнуць падобныя кастры і ў нас.

Пазнаёміўся з паэзіяй рока. Мне здаецца, далёка яна ад сапраўднай паэзіі паэзіі скандэнсаваных думак, вобразаў, адкрыццяў.

11.IV. Ездзіў у наш кардыялагічны цэнтр. Да старой хваробы далучыўся і цяжкі настрой, які адчуваецца ўсімі пасля Чарнобыля, Курапат і трывожных падзей і хаосу ў краіне.

Зараз амаль усе ўзяліся пісаць успаміны. Відаць, праўда, што пісьменнік без мемуараў, як пёс без хваста.

Чытаю Т. С. Эліота, які чамусьці ў нас не стаў такім папулярным, як на Захадзе.

Перапісаў для «ЛіМа» новую падборку вершаў. Апошнімі часамі ўсё, што пішу, выклікае ў мяне сумненне. Раней ніколі гэтага не адчуваў.

Пераклаў невялічкі верш Бэрты Капэн «Прагну любві…».

А дажджу ўсё няма і няма. Кепскія справы са здароўем. Не ведаю, ці дацягну да з’езда СП. Нейкая стома, хоць нат нічога не пішу. Як гэта Тыцыян у 80 год мог вывучыць грэцкую мову, а ў 98 напісаць сваю славутую «Бітву пад Лементэ»?

18.IV. Ездзіў з С. С. Элькіндам у ваенны гарадок пад Дзяржынскам да экстрасенса Ніны Паўлаўны. Прывёз ад яе бутэлечку муміё.

На стале — дзесяткі розных запрашэнняў. Колькасць пасяджэнняў, нарад даўно перайшла граніцу вытрываласці чалавечых нерваў. А дажджу ўсё няма. Не хапала нам яшчэ адной бяды — засухі.

28.IV. Прайшоў з’езд пісьменнікаў Беларусі. Нарэшце, хоць з недаравальным спазненнем, я вызваліўся ад свайго старшынства. Трэба будзе вычытаць карэктуру зборніка сваіх перакладаў. Шкада, што я не змог прасачыць за выбарам твораў, якія ўвайшлі ў гэты зборнік, які мог быць значна цікавейшым.

4.V. Нарэшце, адзін Д. Набокаў асмеліўся сказаць у сваім пісьме Г. Струве пра раман Б. Пастарнака «Доктар Жывага», што «яго ташніць ад царкоўна-славянскага духу».

6.V. Думаў, што развітаўся з СП. А сёння пацягнулі на сустрэчу з I. Гласкам i Т. Міланам.

А дяжджу ўсё няма. Трэці раз хадзіў на галасаванне. Людзі — трэба сказаць — разуверыліся ў парламенцкіх дэбатах, закліках і законах, якія прымаюцца, але нікім не выконваюцца.

Доўга гаварыў па тэлефоне з Я. Глебавым. Ён вельмі крытычна ставіцца да кандыдатуры В. Роўбы, вылучанага на Дзяржаўную прэмію за выканананне народных песень з фальклорных запісаў Р. Р. Шырмы, якога пры жыцці бязбожна крытыкаваў. Ну, бывае і так.

7.V. Аж не хочацца браць у рукі сённяшнія газеты. Трэба так засмеціць мову: мэрыя, стрэс, бестсэлер, трэнд, сэраль, мэнэджэр, спонсер, шоу, кемпінг, брыфінг, ланч, тэлефакс…

Чамусьці ў нас вельмі ахвотна пераймаюць з Захаду не самае лепшае.

9.V. Вось і мінуў Дзень Перамогі. Быў на прыёме ў гасцініцы «Свіслач». Дома застаў заплаканую Любашу, якая праслухала па радыё ў цудоўным выкананні песню на мае словы «Салют перамогі». Шкада, што спазніўся і не пачуў.

10.V. Нешта хутка выдыхаюцца многія з нашых пачынаючых паэтаў. Ды да якіх год можна хадзіць у маладых. Ялю Курэк успамінае, што Марынеці, будучы ўжо лысым, пераваліўшы за 60 год, любіў біць сябе ў грудзі і паўтараць: «Мы маладыя». У 1942 г. быў добраахвотнікам на Усходнім фронце. Цікава, на якім участку ваяваў гэты звар’яцелы пад старасць футурыст.

Нешта кружыцца галава. Спрабую, лежачы, перачытаць прывезеную пошту. Здаецца, А. Франс любіў пісаць лежачы. Любіў лежачы пісаць i А. Куляшоў.

У нас паўстала новае аб’яднанне ці арганізацыя былой шляхты, якая ўжо налічвае некалькі дзесяткаў чалавек. Не ведаю, ці ёсць тут чым ганарыцца, бо іменна шляхта першая здраджвала свайму народу і была на паслугах «сильных мира сего», за што пераважна і атрымлівала свае званні і прывілеі.

У нас на змену аднаго галавакружэння заўсёды прыходзіла — чарговае. Я ўжо столькі раз быў сведкам масавага ачмурэння, што перастаў верыць у нейкае ацверазенне.

13.V. Здаецца, вызваліўся ад работы ў СП, а ўсё роўна амаль кожны дзень там засядаю. Праслухаў нейкага хрыплага, безгалосага спевака. Крык, скрыгат зубоў, на грані вар’яцтва.

Хоць джэнтльмены не гавораць аб грошах, але новы закон аб падатках мацней за ўсё ўдарыць па творчых работніках — пісьменніках, мастаках, музыкантах, артыстах.

Ля Дома ўрада пікеты з рознымі плакатамі. Аказваецца, на паўторных выбарах у Вярхоўны Савет не прайшоў ніхто з пісьменнікаў. Агулам, вельмі мала ў ВС прадстаўнікоў з інтэлігенцыі і з рабочых. Новая сістэма выбараў не апраўдала сябе. А пакуль што ў краіне балаган расце і расце.

А мы яшчэ са сваім свіным рылам лезем у «Еўрапейскі дом».

Не ведаю, як мы, хворыя, старыя, сёлета паедзем на Нарач. Калісьці, як пісаў Герадот, славяне забівалі старых, ратуючы іх ад пакут і недамаганняў. Нешта падобнае было паказана і ў славутым японскім фільме «Нараяма», як сын нясе сваю хворую маці ў Даліну смерці, усеяную касцямі памерлых.

Калісьці мы пелі гімны індустрыялізацыі, пакуль не ўбачылі, што яна нясе пагібель усяму жывому на зямлі. Асабліва гэта праявілася ў нас, дзякуючы нашай злачыннай безгаспадарнасці і эксплуатацыі прыродных багаццяў. Зараз — падлічылі вучоныя — на дне акіянаў ляжаць радыеактыўныя адходы, якія толькі праз 25 тысяч гадоў перастануць быць забойчымі. Але тады ўжо зямля будзе мёртвай планетай. Самая большая памылка Бога, што ён стварыў чалавека, які стаў і яго забойцам.

17.V. Усю ноч, як трызненні Кафкі, сніліся нейкія несамавітыя сны.

Нейкі дзівак —амерыканскі мільянер — купіў У Лондане мост і паставіў яго ў пустыні, дзе не было ніякай ракі.

Р. Гажэльскі прыслаў два свае апошнія зборнікі эпіграм і пародый.

Слухаю выступленні на сесіі ВС розных палітыканаў. А становішча ў краіне ўсё больш і больш гаршаецца. Падкасіў нас Чарнобыль. Баюся, каб і пошасць шавінізму, якая ахапіла некаторыя рэспублікі, не перакінулася і да нас, бо невядома, што рабіць з сотнямі тысяч бежанцаў. Як ім жыць, дзе знайсці якую працу? А на экранах тэлевізараў розныя баевікі, іконы, крыжы, манахі, манашкі. Відаць, мы не дараслі ні да сацыялізму, ні да капіталізму. Пад шуміху аб « духоўным адраджэнні», як ніколі ранеё, расце колькасць злачынстваў, забойстваў, гвалтаванняў. Зараз адны міфы развенчваюцца, другія — ствараюцца.

Ездзіў у бальніцу да хворай Верачкі. Вельмі дрэнна выглядае. Зараз і я, як Энгербергер, «не знаходжу нічога, што мог бы на зямлі хваліць».

Добра яшчэ, што блукаюць у галаве сякія-такія задумы, пішу сваю бясконцую споведзь перад сабой і часам. Мне здаецца, што адна з прычын самагубства мастакоў — адчуванне завершанасці сваёй місіі. Я, напрыклад, не ведаю, што мог бы новага яшчэ сказаць Ясенін, Маякоўскі, калі б і далей яны жылі. Нават — Купала.

23.V. Верачку перавялі ў іншую палату. А тут яшчэ бяда з Дзянісам. Недзе прапаў. Дамоў не прыходзіць. Відаць, зноў трапіў у нейкую кампанію бітлаў. Усе мы трапілі ў паласу хвароб і розных бед, з якіх ніяк не выбрацца.

Прачытаў зборнік С. Каробкінай «Арабескі восені зялёнай». Чулыя прызнанні жанчыны, хоць яны цяпер больш адважныя, як мужчыны.

Гэтымі днямі быў у мяне A. А. Бембель. Прынёс нейкае калектыўнае пісьмо, пад якім і я распісаўся. Нарэшце Саша знайшоў свайго Дзяніса — хворага, амаль непрытомнага.

26.V. Ездзіў з Сашам у бальніцу да Верачкі. Ніхто нам не гаворыць, што з ёю, а гэта нас яшчэ больш насцярожвае. Такая яна ляжыць хворая, бездапаможная, што я там ледзь змог стрымаць свае слёзы. Каля бальніцы пачало каласіцца жыта. Аж захацелася пагладзіць гэтыя першыя хлебныя каласы.

27.V. Вярнуўся з Вязынкі са свята славянскага пісьменства, дзе разам з нашымі паэтамі выступалі і нашы замежныя госці. Праслухаў выступленне Гарбачова. Відаць, нічога радаснага нас не чакае. Усе ўяўленні будучыні не спраўдзіліся. Здзіўляе Біблія, у якой гаворыцца аб канцы света, аб тым, што ўсе воды будуць атручаны і ў іх горычы загіне ўсё жывое. Тады ж яшчэ не было ніякай прамысловасці, якая пагражала прыродзе, чалавецтву, яго будучыні.

А што робіцца з нашай паэзіяй? Пімен пісаў, што яе не чытаюць. Платонаўская ідэя смерці, падхопленая калісьці катастрафістамі, зноў вяртаецца ў сучасную паэзію.

А ў СП разгараецца грызня. Відаць, яна заўсёды была і будзе. Любаша і я гаварылі з Верачкай. Горш за ўсё, што ніякія лекі ёй не памагаюць.

31.V. Ca страхам збіраюся ехаць на Нарач. Ніколі так дрэнна сябе не адчувалі Любаша і я. I надвор’е сцюдзёнае, ды і з прадуктамі не ведаю, як там будзе.

Ю. Пшыбась піша, што рэвалюцыя патрабуе не панегірыстаў, а сатырыкаў і візіянераў. А ў нас — наадварот. Усе сталі яе одапісцамі, хоць, можа, і не па сваёй волі.

Заходзіў А. Бембель. Прынёс велікоднае пасланне Філарэта і для подпісу ліст, у якім прапануецца лічыць членамі СП Беларусі ўсіх пісьменнікаў-эмігрантаў. Падпісаў.

1.VІ. Быў у бальніцы ў Верачкі. Сёння яе дзень нараджэння. Яе і Ірынкі. Чуецца крыху лепш, але, відаць доўга яшчэ ёй прыйдзецца пакутаваць. Галоўнае, каб хоць як вырвацца з кіпцюроў страшнай і незразумелай хваробы.

Зусім выбіўся з творчага настрою. Ездзілі з Любашай паглядзець да Сашы, як яны ўладкаваліся на новай кватэры. Нехта з унукаў у маю адсутнасць пагаспадарыў у маёй бібліятэцы, бо не стала ні Бібліі, ні Карана, ні іншых кніг. Хоць ты замыкай рабочы кабінет ад такіх чытачоў.

4.VІ. Калі вяртаўся з лечкамісіі, ля магазінаў — бясконцыя чэргі. Хутка ўся наша перабудова можа закончыцца другім Чарнобылем — экалагічным крахам і развалам усёй краіны і яе эканомікі. Не дзіва, што прыбалты імкнуцца адгарадзіцца ад гэтага хаосу. Малой сям’ёй, ды яшчэ і жывымі традыцыямі былога фермерства, прыватнай уласнасці і гандлю ім будзе лягчэй неяк наладзіць сваю гаспадарку, як такому гіганту, што расцягнуўся ад Шалтая да Балтая. Губляецца вера нат у відавочнае. Жыў жа ў Англіі дзівак, які не верыў, што быў Напалеон, а Трумэн не верыў у нашы касмічныя караблі «Усход-3», «Усход-4».

6.VІ. Нічога не магу рабіць. Аддышка. Болі ў нагах.

Зайшоў у некалькі магазінаў — адны пустыя полкі. А на сесіях — дэбаты. Кожны дамагаецца павелічэння зарплаты, новых сродкаў на навуку, на гаспадарку, на прамысловасць, на дапамогу пенсіянерам, жанчынам, моладзі, на рэстаўрацыю і адбудову гістарычных помнікаў… А тут яшчэ экалогія, Чарнобыль.

Трэба хутчэй выбірацца на Нарач, а то там адна Любаша, якой няма каму памагаць.

Зноў пахаладала. Неба ў хмарах нагадвае ўзаранае поле.

1О.VІ. Заўчора прыехалі на Нарач. I так, пачынаем свой дачны «адпачынак»: малая Кацюша і двоe інвалідаў — Любаша і я.

Якія слабыя вершы друкуе «Правда»! Сёння дала, напрыклад, К. Ваншэнкіна «Из лирики»:


Эй, дождик, полей

По высшему праву

И зелень полей

И эту дубраву…


11.VІ. Зараз многіх у нас захапіла гісторыя, ці, больш дакладна, гістарычная міфалогія. Відаць, гэта — натуральная рэакцыя пасля шматгадовага нігілізму да нашай мінуўшчыны. Галоўнае, каб не ўпасці тут у самазахапленне, не згубіць пачуццё меры, як гэта было ўжо ў нашых суседзяў.


Мо ў нашых модлах прад Тваім тронам

Замала боскасці адзначаем,

Але ў Тваёй, Божа, абароне

Крыжы становяцца мячамі.

(Вежынскі)


Пісьменнікі дзеляцца на выдатных — дома і за граніцай.

Праслухаў апошнія паведамленні. Усё больш упаўзаем у экалагічную, эканамічную прорву. Слушна гаварыў Ф. Дастаеўскі аб загадкавасці чалавечай істоты, якая больш схільная да балагану, а не ладу, вайны, а не міру, грэху, а не цноты, знішчэння, а не будавання.

12.VІ. Зноў бяссонная ноч. Цікавыя звесткі дае Л. Бартэльскі пра віленскае гета, з якога ўцяклі яўрэйскія пісьменнікі Аба Коўнер, Гірш Глік і Абрам Суцкевер. Ён толькі не ведае, што іх уратаваў камандзір вілейскага партызанскага злучэння Герой Савецкага Саюза Фёдар Маркаў, аб чым ён мне расказваў, як гэта было. Ды аб гэтым мне расказваў i А. Суцкевер, калі я сустрэўся з ім у Маскве. Ён нейкі час знаходзіўся ў адным з партызанскіх атрадаў. Сустракаўся нат з маімі бацькамі ў Пількаўшчыне. Піша Л. Бартэльскі i пра А. Ендрыхоўскую i М. Жаромскую, якія сядзелі пад пільным наглядам літоўскіх празюрэтаў у канцлагеры ля Коўна, і пра тое, што шаўлісы генерала Павіляса Пляхавічуса збіраліся, як і для яўрэяў, стварыць на Антокалі гета для палякаў.

Цікава, што ў гэты час жылі ў Вільнюсе Т. Буйніцкі (пасля вызвалення быў забіты па загаду АК), А. Рымкевіч, Г. Лапалеўскі, С. Пясэцкі, былы агент II аддзела, аўтар нашумелай у свой час кнігі «Ранак Вялікай Мядзведзіцы», і іншыя.

Усё не магу прывыкнуць, што вызваліўся ад работы ў СП, што зараз сам распараджаюся сваім часам. Бяда толькі, што няшмат яго ў мяне засталося ў запасе.

А ў Вярхоўным Савеце бясконцыя баталіі. I кожны даказвае, што ён друг народа. Як тут не прыгадаць крылатыя словы Антыгона III: «Божа, барані нас ад сяброў, бо з ворагамі самі дамо рады».

13.VІ. Відаць, прадчасна сказаў Ніцшэ, што Бог памёр, а Маркс, што прывід камунізму блукае па Еўропе. Зараз людзі, ачухаўшыся ад прапагандысцкага дурману, шарахаюцца ва ўсе бакі. Яшчэ такога катастрафічнага зацямнення розумаў чалавецтва не перажывала. Гаворым адно, а робім другое або зусім нічога не робім.

У пятым нумары «Полымя» — падборка вершаў «Славянская сябрына», перакладзеная Н. Гілевічам. Задума добрая, толькі вершы — слабыя.

Верачка ў бальніцы. Кожны дзень яе наведвае Дзяніска. За акном — цішыня. Хаця б і гэта ноч не была такой цяжкой, як мінулая.

15.VІ. Збіраецца прыехаць рэжысёр В. Кавалеў са сваімі памочнікамі здымаць фільм. Не мела баба клопату… Шкада, што не ўдалося адмовіцца ад задумы нашага Міністэрства асветы.

17.VІ. Мы ўвесь час стараемся вывесці нейкі гібрыд: паэзіі і палітыкі. Але гэта яшчэ нікому не ўдавалася. I вельмі ж часта ўпадаем у самазахапленне.

Трапіла пад рукі міцкевічаўская «Ода да маладосці». Калісьці яна мне падабалася, а зараз падзяляю думку Зана і Чачота, што гэта — пустышка, пустая рэч, як апяванне мужчын, жанчын толькі таму, што яны мужчыны ці жанчыны. У кожнага ёсць аб іх сваё ўяўленне, незалежнае ад полу.

Снілася, што з цяжкім рукзаком на плячах блукаю па нейкім горадзе, шукаючы прытулку.

18.VI. Цэлы дзень з В. А. Кавалёвым і яго сябрамі здымаліся на беразе Нарачы. У чарнавіках захаваліся запісы: «У апошнюю вайну на тысячу чалавек у Францыі загінула 8 чалавек, у Грэцыі — 70, у Югаславіі — 108, у Польшчы — 220, у Беларусі — 250…» і запрашальны білет: «Запрашаем вас на літаратурны вечар з удзелам беларускіх савецкіх паэтаў-ордэнаносцаў Петруся Броўкі і Пятра Глебкі. Вечар адбудзецца 10.Х.1939 г. а 5-й гадзіне па мясцоваму часу ў зале тэатра «Лютня». Аддзел культуры, асветы Часовага ўпраўлення г. Вільня»… Аж дзіва, як ацалела гэта невялічкая карталюшка.

Званю і званю ў Мінск. Ніхто не адказвае. Што з Верачкай? Мо кінуць усё і наведаць яе…

22.VІ. Гаварыў з Сашам. У канцы месяца Верачка збіраецца ехаць на кансультацыю і абследаванне ў Лондан.

Відаць, малодшы Максім збіўся з дарогі. Чуваць, скандаліў у нейкім рэстаране. Атруціў ён сваімі паводзінамі жыццё і бацькам, і нам, бо ўсе перажываем за яго. Не ведаю, ці дацягнем мы тут з Любашай да канца свайго дачнага сезона.

24.VI. Пасля дажджоў усё ажыло. Асабліва прыгожа пачало каласіцца жыта. I гэту ноч амаль не спаў. Пад дзень прыснілася, што я з Княгініна вяртаюся дамоў. I калі аглянуўся назад, здалёк убачыў крыж на будслаўскім касцёле. Дзіўна, бо з такой адлегласці можна было толькі пабачыць самую вежу, а не крыж на ёй.

Над комінам дачы Лыньковых уюцца чорныя кажаны дыму. Відаць, і нам трэба выпаліць у печы, бо неяк халаднавата.

27.VI. Чытаю Л. Літа «Арфічныя вазы». Кніга напісана такой цяжкой мовай, што не адразу змог у яе ўчытацца. Неяк трывожна на сэрцы. Здаецца, і ў самыя трагічныя дні вайны не было такой разгубленасці, разброду, які перажываем зараз. А Чарнобыль пагражае ўсяму нашаму народу выраджэннем і вынішчэннем. На карце свету некалі напішуць: «Тут была Беларусь».

Трэба закончыць верш «Увесь час толькі чую...»

29.VI. Былі хлопцы з тэлебачання. Запісалі на плёнку мае блытаныя адказы, бо адчуваў я сябе чартоўскі пагана. Прачытаў у «ЛіМе» харошую нізку вершаў Я. Пфляўмбаўм і два цікавыя палемічныя артыкулы: А. Лойкі i А. Сямёнавай.

9.VII. 3 рэпрадуктара даносіцца песня на словы П. Антакольскага, якую я ўпершыню пачуў ад яго, калі мы былі з ім на Другім Беларускім фронце: «Я говорю вам в прозе, на песню перейду».

Заўчора вярнулася Верачка з Англіі. А тут і Любаша расхварэлася. Нічога не есць. Пахудзела. Званіў Аркадзій Паўлавіч. Раіў прымаць фурасемід ад апухання ног і яшчэ нейкія таблеткі.

10.VІІ. Былі ў Пількаўшчыне. Дзікія кабаны зрылі ўсю бульбу, а лісіца пацягала курэй. Непагода не дае ўбраць сена. На палях — буяе віка з аўсом. Не ведаю, пры хранічных непаладках і безгаспадарчасці ў калгасе ці ўдасца сабраць гэты ўраджай. Вярталіся ў такі лівень, што часам і дарогі не было відаць.

13.VII. Меўся прыехаць Саша з нейкім амерыканскім бізнесменам. Ездзілі з Верачкай і Дзянісам у рыбгас. Купілі судака і вугроў, хоць будзе чым пачаставаць заморскага госця. Званілі з ЦК і кінастудыі. Са «Звязды» даведаўся аб смерці М. С. Арэхвы. Хутка пасоўваецца чарга ветэранаў. Зноў збіраецца на дождж. Гэтымі днямі Сяргей і Ваня здаюць уступныя экзамены. Усе перажываюць за іх. Вечарам прыехаў Максімка са сваімі сябрамі. Зараз дача наша нагадвае Ноеў каўчэг, які, не ведаю, ці даплыве са сваімі пасажырамі да свайго Арарата. А заўтра прыбудзе папаўненне — прыедуць Іра і Юра.

Недзе чытаў, што Ю. Лабадоўскі, пасля Анталогіі ўкраінскай паэзіі, рыхтуе беларускую. «Толькі _ пісаў, — калі яна выйдзе». Здаецца, ніхто ў нас пра гэта і чуць не чуў, і знаць не знае. Чытаю Паўнда, якога многія лічаць «найбольшай індывідуальнасцю» XX веку.

22.VІІ. Вечарам ездзілі ў Зялёнкі па малако.

А. Маргаран прыслала зборнік вершаў «Сады Арменіі». Зборнік вельмі цікавы. Мо некаторыя вершы спрабую перакласці.

А ў краіне нарастаючымі тэмпамі працягваецца дэмантаж усёй эканомікі: забастоўкі, крывавыя сутычкі, яўныя дыверсіі, а да ўсяго гэтага — розныя аварыі, стыхійныя бедствы… I не відаць ніякага прасвету.

Сёння па прагнозах — крызісны дзень для хворых на сэрца. Так не хацелася б пакідаць Нарач. Добра, што хоць Оля з намі і памагае ў дамашніх клапотах і справах.

Заходзіла А. Бажанава. Купіла яна для нас нейкіх кансерваў і банку кофе.

29.VІІ. Учора быў у Пількаўшчыне. Пахадзіў крыху па зарослай лесам Жукове, Дрывасеку, Пружанцы.

Купілі ў сястры Франука Каравацкага вядро брусніц, хоць ягады яшчэ і няспелыя.

А на дачы — кірмаш. Хутка прыедзе яшчэ пяць чалавек.

3 кожным днём нарастаюць трывожныя падзеі ў краіне. Амаль палову Беларусі Чарнобыль накрыў сваім саванам смерці.

Увесь час нейкія сумныя думкі не пакідаюць мяне. Узяўся за пераклады А. Маргаран.

1.VIII. Усю ноч ішоў дождж. I зараз ідзе. Нечага раскрычаліся вароны.

6.VIII. Прыехаў Аркадзій Паўлавіч з жонкай. Зноў прывёз нейкія новыя лякарствы. Бяда, што нічога не памагае. Брысае дождж. Сярожка паехаў рыбачыць. Не спалася.

Вось і мінае лета, за якое напісаў толькі некалькі вершаў. За акном беспрасветная паляна аблокаў. Вецер абтрос яблыні. Дождж.

10.VІІІ. Учора ў Куляшовых адзначалі нараджэнне В. А. Вільтоўскага, які прыехаў з сябрамі на Нарач. Казаў, у Іслачы адпачывае Г. Эмін. Добра было б з ім сустрэцца.

Доўга сядзеў на беразе возера, слухаючы яго гаючы шум хваль і прыбярэжных сосен.

19.VІІІ. Зноў у лечкамісіі. Ляжу ў 309-й палаце разам з I. Ф. Якушавым. На Нарачы засталіся Любаша і Іра з Кацюшай і Жэнькам. На чацвёртым паверсе Дубянецкі. Трэба будзе наведаць яго. Верачка зноў збіраецца ў Маскву, а там — у Лондан.

24.VIII. Заходзіў А. П. Кірылаў, ад якога даведаў ся аб смерці Язэпа Семяжона. Памёр ён у той дзень, як мяне адвезлі ў рэанімацыю. Нат не пазванілі нам на Нарач. Відаць, развязаўся мяшок Пандоры. Бяда за бядой. Сёння, змардаваная, хворая, вярнулася ў Мінск Любаша.

Чытаю «Перапіску Б. Пастарнака». Вельмі цяжкі стыль яго пісем і выступленняў, хоць ён і імкнуўся «к простоте». Аб гэтым пісаў яму М. Горкі, што «затрудняешься понять связь ваших образов и утомляет ваша борьба с языком».

Невясёлыя справы і ў мяне. Не ведаю, ці паспею падвесці пад сваімі планамі апошнюю рысу.

1.ІХ. Не ведаю, ці ёсць у нас нейкая навуковая ўстанова, якая збірала б усё, што пісалася пра Беларусь. Здаецца, такія звесткі перад вайной збіраў ксёндз Адам Станкевіч, бібліятэку якога пасля яго арышту расцягалі розныя даследчыкі і гандляры.

З.ІХ. Памёр М. Ф. Дубянецкі. Я ўсё збіраўся яго наведаць і — не паспеў. Усё часцей пачынаю спазняцца. А ў Маскве пачаліся перабоі з хлебам. I гэта ў самы ўраджайны год! He стала папярос, цукру, гарэлкі, мяса і іншых прадуктаў. 3 полак магазінаў зніклі: шклянкі, міскі, патэльні, лыжкі, вілкі.

Чытаю Я. Брыля. Люблю яго, як i К. Чорнага, і ў стылістыцы і фанетыцы адкрыўчую мову. Нямногія ў нас валодаюць гэтым божым дарам. Апошнімі часамі захапляемся метапаэзіяй. Пачалі пісаць вершы аб вершах.

Гаварыў па тэлефоне з У. М. Юрэвічам. Абмяняліся з ім сваімі невясёлымі думкамі аб тым, што робіцца на свеце і ў нас. Званіў Верачцы. Кепскія справы ў яе. 3 кожным днём адчувае сябе горш. Не памаглі і замежныя дактары, і іх лекі. Вось якая вялікая бяда загрукала ў нашы дзверы, у нашы сэрцы.

Дождж. Сцюжа.

14.ІХ. Зноў завезлі Верачку ў бальніцу. Толькі ўколы ратуюць ад болю. Відаць, перажытыя трагедыі пакінулі свой след. Вярнуўся дамоў, а мне здаецца, што зямля ўцякае з-пад ног. Прыехаў на заняткі ў інстытут Ваня. Маці яго зламала руку. Цяпер на кані ездзіць на сваю работу. Ходзім з Любашай прыбітыя горам. Днём правіў свой верш «Лемантар». Сёлета слабы ў мяне ўраджай на маёй літаратурнай ніве. Няма чым хваліцца.

18.ІХ. Будучыня, якая заўсёды рысавалася аптымістычнай, закрыта цяжкімі хмарамі. Быў у Верачкі.

Ёй нат цяжка гаварыць. Ідуць дажджы, дажджы…

Званіў Якаў Хелемскі. Падзяліліся з ім сваімі невясёлымі навінамі, бо і ў яго іх хапае.

В. А. Вільтоўскі казаў, што С. Пяюн прыслаў яму пісьмо, у якім просіць, калі памрэ, пахаваць яго побач з бацькамі на вясковым магільніку. I я хацеў бы быць пахаваны побач са сваімі бацькамі, як Я. Семяжон, а раней I. Гутараў. Мінскі магільнік зараз падобны на мёртвы прэзідыум. Казённы. Напышлівы. Нудны. На нашым, слабадскім, хоць часамі можна пачуць, як зязюля кукуе ды вараннё спраўляе грай. Аб гэтым я ўжо казаў Любашы, бо і яе там ляжаць сваякі. І месца зацішнае.

20.ІХ. Цэлы дзень змарнаваў на перапіску і газеты. Трэба будзе на наступны год скараціць спісак часопісаў. Хваліўся ж Гіндэнбург, што ён за сваё жыццё не прачытаў ніводнай кнігі аб літаратуры.

21.ІХ. Чытаю амерыканскіх і японскіх паэтаў, I ніяк не магу дайсці да іх сутнасці, што ў іх ёсць нешта невядомае і спакуслівае для мяне. Перанос чужой паэтыкі — справа бесперспектыўная. Наша паэзія грашыць апісальнасцю і шматслоўнасцю. Гэта — у яе традыцыі. Перафразіруючы Дзясніцу Зледэна, можна сказаць, што мы пішам зборы твораў, замест — выбраных.

22.ІХ. Мне здаецца, што ў крытычных трапных заўвагах 3. Федэцкага ёсць доля праўды ў ацэнцы «Аднаго дня Івана Дзянісавіча» А. Салжаніцына: «Мне не падабаецца ўсякая савецкая спецыфіка, якая спаўзае на рэйкі нацыяналізму. Не веру ані ў душу рускую, ані ў польскую, ані патагонскую. Трэба помніць, што кроў эскімоса ў іглу і негра пад пальмай маюць тую самую тэмпературу — 36 градусаў па Цэльсію».

24.ІХ. Кажуць, Пастэрнак, убачыўшы свае вершы, перакладзеныя на англійскую мову, толькі цяжка ўздыхнуў. Думаю, яшчэ цяжэй уздыхнуў бы Ю. Славацкі, убачыўшы пастэрнакаўскія пераклады сваёй паэмы «У Швейцарыі».

Бурст іранізуе з рамантычных цярпенняў «за мільёны».


Паэт пакутуе за мільёны ад 10-й да 18, 20,

У 11 выходзіць,

Расшпільвае штаны,

Вяртаецца, харкае

I зноў

Пакутуе за мільёны.


Як хутка мінула залатая пара юнацтва, калі здавалася, што ад цябе пачынаецца адкрыццё свету!

Зараз усе друкаваныя органы запоўнены досыць нізкапробнай палемікай. Выйгрывае той, хто першы абмажа свайго апанента дзёгцем. I не так важна праўда, як тое, да якой ты групы ці партыі належыш, з кім дружыш, кантактуеш. I асабліва любяць усе графаманы танцаваць на патрыятычнай тэме.

27.ІХ. Ператрасаю свае архівы. Гётэ ў апошні перыяд свайго жыцця дапрацоўваў і выпраўляў свае творы. У мяне, відаць, на гэта ўжо не хопіць часу. За вузкім сямейным сталом адзначылі дзень нараджэння Любашы. Усё больш сумнымі становяцца нашы гадавіны. Асабліва — сённяшняя.

29.ІХ. Быў Пётр Маркавіч з Аляй. Прывезлі бульбы, капусты, цыбулі, морквы. Не ведаю, хто ўсё гэта будзе есці, бо мы зусім расхварэліся. А ў Верачкі — рак. Толькі нам пра гэта не гавораць. Ніякай надзеі на нешта лепшае. А да ўсяго, і ў сучасным жыцці такія непаладкі, што і прасвету ніякага не відаць.

Не спіцца. Устаў і запісваю свае хаатычныя думкі. В. Быкаў — няспынна на перадавой. Чытаю яго цікавыя, але вельмі ж катэгарычныя і безапеляцыйныя артыкулы.

Я зайздрошчу прамоўцам, якія заўсёды любяць выступаць ад імя народа, усе злачынствы рабіліся, быццам, ад імя народа. Неяк заглянуў у падшыўку газет часоў культу. Колькі там пастаноў розных калектываў, у якіх аднагалосна патрабавалася расправы з т. зв. «ворагамі народа».

Званілі, каб прыслаў рэцэнзію на нейкі зборнік. Адмовіўся, паўтарыўшы за Я. Івашкевічам, што пасля такіх спроб я перастаў пісаць аб кнігах сваіх сяброў. Таму яшчэ некалькі іх у мяне засталося.

6.Х. Зараз мне, хвораму, вуліцы здаюцца непамерна шырокімі і даўжэзнымі, разлічанымі не на людскія ногі, а на калёсы машын, на сучасныя сродкі транспарту. Ды і так, найбольш прыдатнымі да жыцця, для працы лепш надаюцца невялікія гарады, а не такія шматтысячныя, як наш Мінск, ці большыя — Масква, Ленінград, Кіеў…

Захапляюся Аўдэнам. Мо таму, што дакучыла мне ў нашай паэзіі розная эквілібрыстыка, мода на ўскладненасць, якая — рана ці позна, як кожная мода, — міне.

10.Х. Магчыма, на пару тыдняў Верачка выпішацца з бальніцы. Саша чакае, што прывязуць яму нейкі новы, вельмі дарагі прэпарат.

А ў нашых парламентах — бясконцыя дэбаты, грызня. Мне здаецца, зараз ніводная партыя не мае выразнай, чоткай праграмы перабудовы. Гэты разброд закрануў і творчыя арганізацыі. Агулам, я ўсё больш і больш пераконваюся, што развал ідзе па загадзя распрацаваным замежнымі палітыкамі ў саюзе з нашай апазіцыяй сцэнарыі. Я гэта адчуў яшчэ тады, калі мы, пісьменнікі, былі на сустрэчы з Гарбачовым у Маскве, калі яшчэ розным аб’яднанням пасылаліся заахвочвальныя і віншавальныя тэлеграмы, калі розныя нат замежныя пасланцы і эмісары пачалі гастраліраваць па рэспубліках і кансультаваць, як арганізаваць забастоўкі, якія ставіць патрабаванні, ультыматумы…

12.Х. Цяжка захварэла Любаша. Двойчы выклікалі «хуткую дапамогу». Болі ў сэрцы, рвота. Сёлета абрушыліся на нас няшчасці, якім і канца не відаць. Сяджу адзін дома. Не ведаю, як доўга змагу так пратрымацца.

Узяўся за М. Гумілёва. I ён мне здаўся нейкім аднастайным, замкнутым у цесным кругу свайго «я». Хутчэй за ўсё паэзія гэта настроена на іншыя хвалі, якія я не ўспрымаю. Пісаў жа М. Ваньковіч, што Козьмян «Крымскія санеты» А. Міцкевіча лічыў паскудствам: «Усё ў іх крымскае, татарскае, але не польскае». А Немаеўскі пра «Дзяды»: «Што ў тых пінскіх галовах раіцца, пераходзіць усякае разуменне». А Ю. Славацкі пісаў 3. Красінскаму: «Возьмемся за рукі і скінем з Парнаса гэтага літоўскага барда». Ім уторыў A. Ходзька: «Аўтарытэт пана Міцкевіча падазроны, бо ўсе яго лічаць рускім шпіёнам». 3 чым згаджаўся і публіцыст Астроўскі: «Міцкевіч падчас свайго падарожжа ў Расію цара называў бацькам народаў… быў толькі маскалём. Палякам ніколі не быў і дабравольна не хацеў ім быць»…

13.Х. Неяк так атрымалася, што ў такіх густанаселеных краінах, як Японія, Англія, у гарадах на чалавека выпадае значна большая паркавая плошча, як у нас. Эканоміка аказалася ахілесавай пятой усіх рэвалюцыйных пераўтварэыняў. Ці не пара нам развітацца з нашай выключнасцю, у якой заўсёды ёсць нацыяналістычная падаплёка. Мы — не горшыя і не лепшыя за іншых. Вось зараз пачынаем упадаць у анахранізм. Адчуваю, што не так хутка на ўсё будзем глядзець больш цвяроза. Вельмі ж далёка зайшлі мы ў сваім нігілізме, які лічым праяўленнем дэмакратызму.

14.Х. Ледзь прарваўся ў рэанімацыю, дзе ляжыць Любаша. Абяцаюць падлячыць, хоць стан яе вельмі цяжкі.

3 Сочы вярнуўся Максім са сваім забаўным унукам Жэнькам.

Чалавечай мовы хапіла, каб перадаць трагедыю Антыгоны, Лipa, Гамлета… Але яўна яе не хапае, каб перадаць пакуты мільёнаў загінуўшых на вайне, у гітлераўскіх і сталінскіх лагерах і засценках, пакуты ахвяр генацыду, голаду.

Недзе чытаў, што Лютэр патрабаваў, каб кожны ўмеў чытаць і пісаць. У Швецыі і Германіі непісьменным забаранялі жаніцца. Помню, маці расказвала, што і ў іх крывіцкім прыходзе не давалі шлюбу, калі маладыя не ведалі пацер.

Запрашаюць знаёмыя на вяселле. Але радыкуліт так скруціў, што, пэўна, буду сядзець дома. Ды не да вяселляў мне зараз. Шкада, што не дайшоў да нас загад караля Казіміра Вялікага (1336 г.) аб абмежаванні колькасці гасцей на вяселлях і хрысцінах.

Запрашаць на іх дазвалялася толькі 8 чалавек апрача радні і духоўных. На заручынах нельга было піраваць, а на вяселлі падавалі толькі 5 страў і ігралі 8 музыкантаў…

А што зараз робіцца ў нас? Няма канца марнатраўству ні на рабоце, ні на вяселлях, ні на хрысцінах, ні на памінках.

Сёння — Пакроў. Прыехаў Саша, прывёз з рыбгаса пару вугроў і шчупака.

Запісаў у Пількаўшчыне некалькі народных песень, без якіх — як казалі старыя — ніхто не перанёс бы цяжару сялянскага жыцця-быцця.

Усё больш з’яўляецца вершаў, у якіх не дабярэшся да сэнсу. I яны становяцца моднымі. У Аўстраліі некалькі чалавек, для жарту, апублікавалі падобныя вершы (Ян Маркс, «Паэзія» № 2, 79 г.), быццам знойдзеныя творы нейкага шахцёра. Усе крытыкі аж захлыналіся ад захаплення.

За акном — серп маладзіка, хаця б яшчэ пратрымалася пагода і дала сабраць ураджай.

16.Х. Любаша ўсё яшчэ ляжыць у рэанімацыі. Дамовіўся з Максімам пад’ехаць да яе.

Каторы раз ператрасаю свае архівы, шмат выкідваю. Яшчэ не ведаю, што рабіць са сваімі чарнавікамі і нуднымі дзённікамі, якія пісаліся ў часы небывалага палітычнага разброду і эстэтычнага балагана. Помню, як пасля кожнай чарговай кампаніі некаторыя з нашых бардаў аб’яўлялі: «Вось цяпер нам усе ясна!» Але праходзіў нейкі час, і нічога на лепшае не мянялася ні ў жыцці, ні ў творчасці. I мы толькі потым зразумелі, што справу мелі са сляпымі. За расправай з праціўнікамі чакай расправы з яе выканаўцамі. Гэту ісціну прасцей фармуляваў мой бацька: насіў воўк, панеслі і ваўка.

Прыгадаў старога мудраца К. Дунікоўскага: «Па рэвалюцыі яе здабычы замацоўвае фармалізм — неадлучны таварыш фармалізму».

17.Х. Сёння Любашу перавялі ў агульную палату. Вельмі дрэнна выглядае. Відаць, нічога не есць, нейкая маленькая, худзенькая. Толькі вочы блішчаць. Відаць, апошнія дні, калі я пакінуў Нарач, хвароба зусім яе там падкасіла. Кепскія нашы справы.

18.Х. Чытаю С. Маршака. Цікава, што такі вопытны і ўважны перакладчык ды нашага Францішка Багушэвіча перахрысціў на Фёдара. Не зрабіў жа з Саламеі Нерыс нейкую Суламіф. Часам дзіўлюся, як некаторыя рускія паэты не адчуваюць нашай спецыфікі і прозвішчы вядомых пісьменнікаў вымаўляюць: Якуб Колас, Рыгор Барадулін…

19.Х. Вартая ўвагі выразка з «Огонька». Акадэмік М. Ціхаміраў піша, што I. Фёдарава не выгналі з Масквы, а ён па загаду цара выехаў на Украіну. «И это предположение более почетно объясняет отъезд первопечатника за рубеж». Але ж пра тое, што яго праследвалі і не давалі ў Маскве працаваць і жыць, пісаў жа сам I. Фёдараў. Вось так і перарабляем гісторыю, як для нас «предпочтительнее».

20.Х. Жыву бабылём. Жонка ў бальніцы. Сам сабе гатую, мыю кашулі, сам сябе лячу. Пахаладала.

Залятае сняжок. Для Любашы купіў на рынку вінаграду. Аддышка. Такім днём і паміраць не весела. Хоць ты бяры на той свет парасон.

А палітычнае становішча ўсё больш ускладняецца. Не ўмеем жыць у згодзе самі з сабой, з людзьмі, з прыродай.

Сёння зноў адвезлі Верачку ў бальніцу.

Я пакуль трымаюся на нагах. Зайшоў у цырульню. Падстрыгся.

Не разумею, чаму польскія гісторыкі пішуць, што Рэч Паспалітая была краінай толькі «обойга народуў» — польскага і літоўскага, тады калі гэтаму пярэчыць статыстыка. Так, Вацлаў Садкоўскі («Літаратура на свеце», № 2, 1987 г.) падае наступныя лічбы:

«У межах Рэчы Паспалітай у 1772 г. жыло 7,5 мільёна украінцаў і беларусаў; 5,5 мільёна — палякаў, 2,1 мільёна — яўрэяў, 1,9 мільёна — літоўцаў, 0,5 мільёна — італьянцаў і 0,2 — рускіх».

28.Х. Хадзіў па прадукты, бо, можа, заўтра прыедзе Любаша. Вельмі дрэнна пасля новых прэпаратаў адчувае сябе Верачка.

Званіў Я. Брыль. Пытаўся пра В. Тумаша, ці я яго ведаю. Ён нейкі час пры немцах быў мэрам Мінска. Цяпер у ЗША выдаў цікавую кнігу пра Ф. Скарыну. У «Маладосці» змешчана паэма Я. Сіпакова, толькі, мне здаецца, ён не выйшаў за рамкі эксперымента, бо сама тэма — трагедыя генадыцу — патрабуе глыбейшага вывучэння для асвятлення гэтай трагічнай падзеі, як яна пачалася, кім і чым была выклікана.

Праслухаў спрэчкі ў ВС РСФСР і пераканаўся, што мы набліжаемся да катастрофы, якой не бачыла чалавецтва на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Некалі раскрыецца глыбока, усебакова прадуманы план гэтай трагедыі і будуць вядомы яе аўтары. А цяпер усе ідзе да развалу.

29.Х. Адпісаў на пісьмо Гу Юйя, які зараз працуе ў Нанкіне на факультэце замежных моў.

Сёння перажываем міфатворчы перыяд у гісторыі і літаратуры. Гэта ўжо было калісьці ў Заходняй Беларусі, аб чым я, здаецца, пісаў ужо ў сваіх «Лістках календара». Нейкая вечарынка, «гарбатка», на якой прысутнічала 5-10 чалавек, адзначалася ў друку як нейкая міжнародная канферэнцыя. Мы ўсё ўмеем даводзіць да абсурду. А галоўнае — кожны рвецца перавыхоўваць другіх, толькі не самога сябе. Ратуем за абарону прыроды і не спыняемся далей атручваць паветра, зямлю. Ужо знішчылі 2/3 лясоў, мільён га пахаты, 150 відаў птушак і звяроў…

Сам не пішу. Перакладаю. Адкуль узяў М. Яструн, што А. Міцкевіч лічыў немэтазгодным перакладаць яго творы на іншыя мовы, і гэта пасля пушкінскіх перакладаў!

З0.Х. Спорт стаў такі папулярны, што далёка пакінуў за сабой усе віды мастацтва і цікавыя навуковыя адкрыцці. Амерыканскія балельшчыкі футбола пратэставалі, калі была прыпынена перадача са стадыёна, каб паказаць, як касманаўты апусціліся на Месяц.

31.Х. Тры дні шалее штармавы вецер, дождж. Разграбаю сваю бібліятэку. Колькі аджыўшых свой век, устарэлых брашур, кніг! Відаць, не такі дурны быў той Халіф, які казаў: «Калі кнігі паўтараюць Каран — яны не патрэбны, калі ў іх ёсць нешта новае — яны хлуслівыя і павінны быць знішчаны».

Як позна я развітаўся са сваёй работай у СП! А зараз не хапае часу прывесці да нейкага ладу сваю гаспадарку — канчаткова адрэдагаваць свае творы.

Хвароба настрайвае на невясёлыя думкі. Відаць, у жыцці кожнага чалавека больш трывог, як радасцяў. «Любі Бога і рабі, што хочаш», — гаварыў святы Аўгусцін. Ён нічога новага не сказаў, бо па гэтай запаведзі людзі жылі і жывуць.

1.XІ. Часта чуем, што мова нейкага народа бедная, прымітыўная. А я недзе чытаў, што ў паўночных плямёнаў ёсць больш чатырохсот слоў для акрэслення колеру скал пры сонечным асвятленні, сто слоў — пры акрэсленні храпаватасці камянёў, некалькі дзесяткаў слоў — для снегу, — невядомых для еўрапейскіх моў.

Баранюся як магу ад розных «рэкламных» выступленняў у газетах, па радыё, на вечарах, бо ўсё большы клопат са здароўем, ды і часу шкада на гэта.

У Францыі паставілі помнік польскім шахцёрам і напісалі:


«Пайшла Каралічка да Гедавіна,

Каралічак за ёю, за паняй сваёю

3 фляжачкай віна…»


Думаю, што заслужыла на свой помнік і наша «Лявоніха». Толькі нам не хапае пачуцця гумару. Мы прызнаём патэтыку — ва ўсім.

Збіраўся на рынак, але так і не сабраўся. Зайшла Аля. Памагла атаварыць талоны на алей і мыла.

Прыняўшы конскую дозу розных таблетак, за сваю карэспандэнцыю.

4.ХІ. Яшчэ ніколі так сумна не сустракалі гадавіну Кастрычніка. Званіў былы падпольшчык Ф. Верабей. У «Сов. Белоруссии» надрукаваны — казаў — зварот да Гарбачова, пад якім падпісаліся ветэраны партыі. Трэба будзе пашукаць гэты нумар газеты. Званілі з гаркома, запрашалі, калі змагу, прыйсці на ўрачысты вечар.

«Абразіць народ? А што ты за пісьменнік, які не знае, што вялікімі пісьменнікамі былі толькі тыя, што гаварылі найстрашнейшыя рэчы свайму народу? Абразіцца — гэта не пісьменніцкая справа. Гэта на пісьменніка заўсёды абражаліся святошы гісторыі» (словы д’ябла падчас гутаркі ў Вартбургскім замку. Марыя Дамброўская).

11.XI. Мінулай ноччу Любаша страціла прытомнасць. Пабілася, зваліўшыся на падлогу. Ледзь прыйшла ў сябе. Званіў Якаў Хелемскі. Падзяліўся маскоўскімі навінамі. Невясёлыя і там справы. Выпраўляю старыя вершы. Здаецца, Драйзер абыякава адносіўся да сваіх тэкстаў. Ну, з вершамі справа больш складаная.

А сітуацыя ў краіне стратная і трывожная. 3 кожным днём усё больш аддаляемся ад стабілізацыі і набліжаемся да палітычнага і эканамічнага краху, развалу Саюза на паасобныя рэспублікі з прэзідэнтамі і князькамі, вобласці ці губерні з губернатарамі, раёны, — чаму радавацца могуць толькі вар’яты. «Господи, не прощай ты нас. Ведь мы уже не люди» (актрыса А. П. Георгіева).

16.ХІ. Выпаў першы снег. Званіў У. Юрэвічу. Аказваецца, пленум СП у Маскве не адбыўся, бо не было кворуму.

А. Севярыні прыслаў свой новы зборнік вершаў, трэба параіцца з нашымі італьянцамі і, можа што перакласці. Хоць, як казаў А. Дольчаў: «Паэзія — гэта нешта як лячэбная з мінеральнай крыніцы вада. І піць яе трэба на месцы. Удалечыні ад крыніцы роднай мовы яна губляе цудадзейныя ўласцівасці».

14.ХІІ. Ездзіў на рынак. Цэны з кожным днём растуць і растуць. Не ведаю, адкуль бяруцца пакупнікі, 6о сёння нат на сярэднюю зарплату пражыць немагчыма. Заўтра — казаў Саша — прывязуць для Верачкі нейкае новае лякарства. Трэба памагчы яму разлічыцца. Заехалі да нас Кузюковічы.

Цяжка на сэрцы, калі блукаеш па руінах сваіх юнацкіх надзей. Нейкія сумныя радкі вершаў непакояць і днём і ноччу. Міцкевіч лічыў, што смешна, будучы старым, пісаць нейкія вершы, хоць пад канец жыцця сам сабе запярэчыў, стварыўшы несмяротны Лазанскі цыкл: «Над вадой вялікай і чыстай», «Калі мой труп тут», «Паліліся мае слёзы»…

26.XII. Трэба будзе на сустрэчы Новага года сабрацца за сталом усім сваім хуралам: Максім з Оляй і Жэнькам, Верачка з Сашам, Дзянісам, Іра з Юрам, Сяргеем і Кацюшай, Кузюковічы. Мо гэта апошні наш новы год у такім поўным складзе…

Цэлы дзень пішу віншаванні. Званіў Янка Брыль. Едзе ў Іслач адпачываць. Снег. Вецер.

28.ХІІ. Многія ў нас наракаюць на несправядлівае прысуджэнне прэмій. Цяжкая гэта справа. Нават Нобелеўскі камітэт «не заўважыў» такіх пісьменнікаў, як Талстой, Ібсен, Рыльке, Чэхаў, Горкі, Уэльс… А што ўжо гаварыць пра нас.


1991


1.І. Можа, ужо апошні раз усёй сям’ёй сустракалі Новы год. Неяк тужліва на сэрцы. Даўно нічога не пісаў, акрамя віншавальных пасланняў сябрам, якія яшчэ мяне не забылі. Чытаю нашы газеты і часопісы, хоць і яны ўжо надакучылі сваімі рамантычна-істэрычнымі легендамі і ўра-патрыятычнымі казкамі. Слушна калісьці з іроніяй пісаў Прушынскі пра сваіх гісторыкаў і пісьменнікаў, што толькі па недагляду яны не назвалі свае творы «Жыццём святога Тадэвуша», «Подзвігам святога Яна з-пад Вены», «Гісторыяй святога Стэфана з Семіраду»…

4.І. Тэлеграма з Масквы С. Колава. Запрашае прыехаць 10.І на пленум СП. Я, відаць, не змагу, бо зноў збіраюся легчы ў бальніцу. Гаварыў з I. Шамякіным. Яму ў гэтым месяцы спаўняецца 70 год. Казаў, не 6удзе спраўляць ніякага юбілею. Ну і маладзец! I я ўжо даўно вырашыў, калі дацягну да свайго 80-годдзя, не адзначаць гэтай сумнай даты, бо і час не такі, і няма чаму радавацца.

Сёння Верачка ездзіла на кансультацыю ў Бараўляны.

6.І. М. Раманчанка прыслаў паштоўку: «Хай год Аўцы прынясе нам мяса і воўны». Адпісаў яму, што ў гэтым годзе хутчэй самі будзем стрыжанымі і без мяса. Цяжкія калядныя святы перажывае краіна. Нашы гора-палітыкі, калі параўноўваць з дарэвалюцыйным, забываюць, што заможным гаспадаром у нас лічыўся той, у каго хлеб не зводзіўся ад старога да новага і калі раз у тыдні перападала нейкая скварка. Усё цягнулі на продаж. Першыя шарачковыя штаны дзядзьку Фадзею пашылі, калі ішоў на прызыў. Большасць хадзіла ў саматканай вопратцы і самаробным абутку. Я яшчэ вучыўся пры лучыне. Лямпу запальвалі толькі для гасцей. Жылі так ашчадна, каб нідзе не змарнаваўся ні каласок, ні жменька сена, ні бульбіна. Не ведаю, ці навучымся калі з такой любоўю адносіцца да зямлі.

7.І. Узяўся чытаць «Правду»: «Уратуем усім светам горад на Няве», «Канфлікт у доме друку», «Развал у кіно»… Няма ніводнай галіны жыцця, не закранутай гангрэнай крызісу.

Памёр Кандрат Крапіва. Званілі са «Звязды», каб напісаў развітальнае слова, а я і сам ледзь трымаюся на нагах. Слушна гаварыў Эпікур: «Смерць страшная не для тых, што паміраюць, а для тых, што застаюцца».

8.І. Снілася, што я завіс над нейкай пропасцю і клічу свайго бацьку, каб памог мне ўратавацца.

Заўтра пахаванне Кандрата Крапівы. Трэба было б з'ездзіць на паніхіду, бо як-ніяк усю вайну пратупалі мы з ім разам.

Перабіраючы свае паперы, знайшоў некалькі чарнавікоў незакончаных сваіх вершаў, цікавых пісем і дакументаў. Перапісваю некаторыя з іх, бо хутка сатруцца літары і нельга будзе іх прачытаць.


УДОСТОВЕРЕННЕ

Дано Ивану Федоровичу Скурко в том, что данный товарищ является отцом патриота, белорусского писателя Максима Танка. Приказывает партизанский центр командирам партизанских отрядов и всем партизанам у отца Максима Танка ничего не брать и всеми средствами помогать в ихней жизни.

Представитель ЦК КПБ в Вилейской областн. 20.ІІ.1943 г. Печать. Подпись.


I яшчэ з тых ужо далёкіх часоў дзве спраўкі:


СПРАВКА

дана настояшая гражданину деревни Пильковщина Скурко Ивану Федоровичу в том, что у него находится на хранении имущество и хлеб отряда «Боевой». Без согласования у гражданина Скурко И. Ф. ничего из вещей не брать.

Командир спецгруппы «Боевой» Г. С. Плотников. 22.ІІ.1943.


СПРАВКА

У гражданина Скурко, дер. Пильковщина, Мядельского района, отца белорусского поэта Максима Танка, запрещается всем партизанским отрядам и группам, находящимся временно или постоянно в данной местности, производить заготовки как продовольствия, обмундирования и личных вещей.

Начальник военно-оперативного отдела партизанского центра Вилейской области Марков

14.ІІ.1943 г.


15.І. Відаць, пачнецца страшная трагедыя — вайна на Блізкім Усходзе, якая можа перакінуцца і на суседнія раёны.

У кіёску купіў апошні нумар «Нівы». Шкада, не паспеў на яе падпісацца. У нарысе «У амерыканскіх беларусаў» успамінаецца імя Антона Шукелайца — старшыні Беларуска-Амерыканскага задзіночання. Помню яго, як аднаго з хадэцкіх дзеячаў, быў старшынёй Урада Беларусаведы, жыў на Зарэччы, пад апекай і на кватэры ксяндза Адама Станкевіча, дзе мелі прытулак многія студэнты.

Як гром з яснага неба, на ўсіх нас абрушылася трагічная звестка аб падзеях у Вільнюсе. Праўда, гэтага можна было чакаць, бо ўвесь час там накаляліся страсці і нарасталі нацыянальныя і сацыяльныя супярэчнасці, толькі, відаць, іх не хацелі бачыць блізарукія палітыкі і кіраўнікі.

Наведаў у лечкамісіі Верачку. Вельмі цяжкі стан яе здароўя. Учора адкачалі з яе восем літраў вільгаці. I гэта ўжо каторы раз. Ніякія дактары, ніякія лекі не памагаюць. Відаць, набыла яна сваю страшную хваробу ў сваім Інстытуце торфу. А бяда не ходзіць адна. Ва ўсёй краіне — мітынгі, узброеныя сутычкі. Пачаўся развал Савецкага Саюза, які можа прывесці да грамадзянскай вайны.

Заходзіў М. Бурсэвіч. Прыехаў на медыцынскае абследаванне. Скардзіцца на занік памяці, болі ў нагах.

25.І. Учора ў нашым СП выступаў A. А. Малафееў. Не знаю, што будзе далей, ды, відаць, і ніхто толкам не знае. Адсутнасць выразнай палітыкі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, у вырашэнні нацыянальных праблем прывяла ўсю краіну да грані пропасці. Неяк так атрымліваецца, што ўсе намаганні і мерапрыемствы толькі паглыбляюць крызіс усёй перабудовы. I гэта пачынаючы ад забароны на гарэлку і да апошняй грашовай рэформы, якая ўдарыла па мільёнах пенсіянераў, ветэранаў, старых людзей. I што рабіць гэтым людзям? Сястра Людміла была ў Пількаўшчыне. Казала, сядзяць бабы ў сваіх асірацелых хатах і плачуць, бо і на пахаванне сваё нічога не засталося.

Пісьмо ад Гу Юйя, які піша, што пераклаў на кітайскую мову некалькі маіх вершаў.

3.ІІ. Нядзеля. Дыхавіца. Слабасць. Любаша ўгаворвае, каб я клаўся ў бальніцу. А як яе такую хворую пакінуць адну? Званілі з Масквы А. Тэр-Акапян і Галя. Там арганізуецца новае выдавецтва «Дружба народов». Яны ўключылі ў свой выдавецкі план і мой новы зборнік вершаў, які меўся выйсці ў «Советском писателе», але там так і кануў у Лету.

Памёр Ю. Балтушыс. Гэта вельмі балючая страта не толькі для літоўскай літаратуры. Не стала выдатнага Мастака і Чалавека.

Неспадзявана распагодзілася неба. Не ведаю, ці хто гэта заўважыў, уставіўшыся ў экран тэлевізара. А дарма, бо такой ігры колераў заходзячага сонца рэдка калі ўбачыш.

7.ІІ. А Верачцы ўсё горш і горш. Не памаглі ні нашы, ні замежныя дактары. Людміла зрабіла для яе нейкую настойку з лекавых траў. Сёння Іра завязе ёй.

Перастаю заглядаць у нашы сённяшнія газеты, поўныя хлусні і дэмагогіі. Заняўся дзённікамі і зусім забыўся пра вершы.

А свет робіцца ўсё больш страшным. Асабліва непакоіць будучыня нашых дзяцей. Чалавецтва перажывае крызіс усіх сваіх надзей. I памыляюцца тыя, хто думае, што ўдасца ўратавацца за плячамі Бога.

Як даўно не браўся за вершы. Хачу прывесці да нейкага ладу свае дзённікі, толькі не ведаю, ці паспею, бо хвароба ўсё больш убіраецца ў сілу.

3.ІІІ. Мой дзённік нагадвае бальнічную гісторыю хворага: не паспею выйсці, як зноў вяртаюся ў бальніцу. 3 рэанімацыі перасялілі ў палату да Васіля Быкава, які сёння ці заўтра выпісваецца дамоў. Нешта і ў яго нейкія нелады з сэрцам, хоць ён, здаецца, на добры дзесятак год і маладзейшы. Толькі, відаць, Кастлявая ўсім нам вядзе свой лік. Страшэнная слабасць. Не хапае паветра. Запаліў настольную лямпу. Раскрыў Грахавяка:


Ёсць людзі такія вымытыя,

Што, калі праходзяць,

Нат пёс не завурчыць,

Хоць яны не святыя

I нат не ціхія.


Зараз у нас ацэньваюць пісьменнікаў па метрыках: чым маладзейшы, тым і выдатнейшы. Слушна калісьці пісаў Б. Сільвестраў: «Мы, як карлікі, якія стаяць на плячах гігантаў. Калі мы можам бачыць далей, як яны, то гэта не таму, што наш зрок больш востры або мы вышэйшыя за іх, а таму, што мы ўзняліся дзякуючы іх гіганцкаму росту». I яшчэ цікавае выказванне Л. Бартэльскага: «Тое, што было традыцыйным, ацалела, тое, што мела замяніць традыцыю, прапала».

Прачытаў Ю. Тувіма і Боя, якімі калісь захапляўся. Сёння зусім зняверыўся ў многіх сваіх колішніх багах. Не сказаў бы, што гэта мяне радуе.

Цікавыя звесткі ў кароткай анатацыі Мечыслава Лісевіча (1897 г.), які ў Англіі выдаў «Нарачанскія хронікі» (Глазга, 1943 г.). Толькі дзе і як іх знайсці? Трэба будзе прасіць некага, можа, удасца дастаць гэтыя хронікі.

29.ІІІ. Пасля трох тыдняў, праведзеных у бальніцы, сёння вярнуўся дамоў. А дома — новая бяда. Любаша ўпала на падлогу і так разбіла галаву, што «хуткая дапамога» забрала яе ў бальніцу. Заўтра з Максімам паедзем яе пераведаць. Сяджу адзін дома. За што б ні ўзяўся, усё валіцца з рук. Ляжаць пісьмы, на якія трэба б было адказаць, а я нічога не магу рабіць.

30.ІІІ. Былі з Максімам у Любашы. Ляжыць яна у рэанімацыі. Сатрасенне мозга і інфаркт. Ляжала пад капельніцай. Ляжыць аслабленая, як перагарэлая лучынінка, якая аддала ўвесь свой агонь дзецям, блізкім. Усе мы вінаваты, што не ўмелі яе шанаваць. Што рабіць? Як жыць далей? Суседка з пад’езда: «Ну што вы хочаце, калі ёй ужо восемдзесят год?» Мо заўтра ўдасца яшчэ з ёю пабачыцца. Няўжо ніякай надзеі на выздараўленне?

31.ІІІ. Дома такая цішыня, ад якой можна звар’яцець. Ездзілі з Максімам да Любашы. Аказваецца, яна і ўчора страціла была прытомнасць, калі яе перавялі ў рэанімацыю. Зараз ёй даюць кропельніцу, індэрал, сустанін, нітронг, трэнтал. Пазнаёміўся з загадчыкам аддзялення Штамерам Міхаілам Ізраілевічам і з доктарам, які лечыць Любашу, Аляксеевым Мікалаем Аляксеевічам. Заўтра абяцаў пад’ехаць з Аніным мужам Пётр Маркавіч.

4.IV. Зноў з Максімам наведалі Любашу. Не разумею, як яна магла так разбіцца і пакалечыцца? Перавялі ў новую палату. Чуецца крыху лепш. Адна з хворых казала, усю ноч каля яе прадзяжурыла, бо вельмі дрэнная была кардыяграма. Заўтра Вялікдзень. Аднойчы сустракаў я яго на Лукішках. Але такога сумнага свята ніколі не было. I Любаша і Верачка — у бальніцы, ды і я ледзь трымаюсь на нагах. Калі вяртаўся дамоў, на кожнай вулічнай лаўцы адпачываў.

9.IV. Званіла Любаша з бальніцы. Рвецца дамоў. Ледзь угаварыў не спяшыць выпісвацца. Яшчэ не распусціліся дрэвы, а вечарам адгрукатала навальніца. Калі верыць народным прыкметам, будзе галодны год. Ды і без прыкмет няма надзеі на нешта лешпае. Пачаліся забастоўкі, усё развальваецца, урад бяздзейнічае. Ды і што ён можа зрабіць? Краіна зараз нагадвае смяротна хворага з парванымі венамі, з якіх хлышча кроў.

11.IV. Сёння прывёз Максім Любашу дамоў. Божа, якая ж яна слабенькая, схвараваная, згараваная. Вечарам быў спазм сэрца. Добра, што была Аля, і мы перанеслі яе з дывана на канапу. Крыху адышла.

А ўсе гэтыя дні стаіць пагожае, цёплае надворе. Сёння наведаў нас У. I. Карызна. Аддаў яму для выдавецтва «Юнацтва» напісаны для дзяцей свой верш «Лемантар». На Сашавай машыне думаю з'ездзіць у рэдакцыю «Полымя» і здаць для дзевятага нумара, можа, ужо сваю апошнюю падборку вершаў.

24.IV. Званілі з Быхава. Пыталіся, ці я калі абяцаў памагчы Карлюкам, у якіх калісьці хаваўся ў падполлі, купіць машыну. Відаць, там заварылася нейкая каша. Толькі нікому я нічога падобнага не абяцаў. Гэтымі днямі ездзілі нашы на Нарач. А я ўзяўся за марудную і, відаць, непатрэбную работу — упарадкаванне сваіх дзённікавых нудных запісаў.

8.V. Быў у Верачкі. За час сваёй хваробы стала маленькай, худзенькай, з вачамі, поўнымі слёз. Няма ніякай надзеі на выратаванне. Тут можна толькі варажыць: хто з нас раней закрые свае вочы. Вось так канчаюцца ўсе нашы зямныя дарогі. А найгорш, калі ў гэтым нас апераджаюць нашы дзеці, якія б маглі яшчэ жыць і жыць.

Перапісаў апошнія два вершы для дзевятага нумара «Полымя». Не знаю, ці пабачу ўжо яго, бо раптам узваліліся на плечы ўсе хваробы, усе беды і непамыслоты. Але, як кажуць, паміраць збірайся, а жыта сей.

Запісваю гутарку двух палякаў перад выбарамі ў акадэмікі ПАН. — Належыць? — Гэны? Не. Аддаў партбілет у 1981 годзе. — А гэты належыць? — Не ведаю, але зараз даведаюся. Пане прафесар, ці X партыйны? — Ды не, пане прафесар, гэта прызваіты паляк… — Я так і думаў, хацеў толькі ўпэўніцца. — А гэты? — дапытваўся першы, які быў мала зарыентаваны. — О, гэта сволач!

15.V. Вярнуўся Саша са сваёй індыйскай камандзіроўкі. Прывёз для Верачкі нейкія лячэбныя прэпараты. Толькі ёй усё горш і горш. Трымаецца толькі на абязбольваючых уколах. Божа, дай нам з Любашай сілы разам развітацца з гэтым светам, у якім амаль нікога не засталося з блізкіх.

19.V. Нядзеля. Баюся кожнага тэлефоннага званка. Яшчэ летась у лонданскай бальніцы, куды яе вазіла сяброўка Зоя, сказалі, што ў яе рак. Што рабіць?

Сядзім з Любашай, як аглушаныя. Прыгадаліся апошнія прадсмяротныя словы Любашынай мамы: «Глядзіце за Верачкай…» Чаму за Верачкай? Быццам яна прадчувала яе трагічны лёс. Праўду казаў старажытны мудрэц Крэзу: «Ці ты шчаслівы, мне цяжка сказаць, пакуль ты не памёр».

20.V. Памірае Верачка. Хацеў пайсці да яе, але не раяць, бо яна ляжыць у нейкім забыцці і нікога не пазнае. Якое хмарнае сёння надвор’е! I Любаша не можа паехаць, бо хвароба прыкавала да ложка. Адна там дзяжурыць Ірыша ды яе сяброўкі з неадступнай памочніцай — Зояй…

Памерла ў чацвёртай гадзіне дня. Зайшоў Максім. Заўтра прывязуць яе дамоў, на апошні начлег перад беззваротнай дарогай.

24.V. Пахавалі Верачку на Маскоўскім магільніку побач з яе бабуляй, як і прасіла яна. Прасіла перад самай смерцю, каб мы не забывалі і пра яе Дзяніску... Праводзіла яе незлічоная колькасць сяброў, знаёмых. Уся магіла ўкрыта была вянкамі, кветкамі. Сашава багамольная бабка ў царкве заказала па Верачцы памінальную паніхіду. Пад вечар Дзяніска прывёз нам Вераччынага коціка — Цэзара, бо дома няма каму яго даглядаць. Усю ноч сумаваў ён па сваёй гаспадыні. Не знаю, як складзецца далей наша жыццё, бо відаць, настаюць часы, калі жывыя будуць зайздросціць мёртвым.

30.VI. Ездзілі Юра, Іра і я на магільнік. Заўчора адзначылі сорак дзён са дня смерці Верачкі.

1.IX. Трапіла ў рукі кніжка апавяданняў для дзяцей Л. Талстога. Так і не адарваўся ад яе, пакуль яе прачытаў. Ад Р. Барадуліна даведаўся, што цяжка хворы ляжыць Пімен, хворая і Зоя Кірылаўна. Трэба было б наведаць іх. На 10-12 дзён еду ў санаторый «Сосны», дзе, чуваць, гарыць некім падпалены лес. Ніхто ў нас па-сапраўднаму не клапоціцца аб захаванні прыроды. Колькі раз я на сваім вяку быў сведкам такіх пажараў. Калі быў у Фінляндыі, нават на вырубах не ўбачыш ніякага ламачча, трэсак, пнёў.

Не дзіва, што гэта любоў і пашана да сваёй прыроды знайшлі сваё адлюстраванне і ў іх гімне:


Наш бедный край угрюм и сер,

На нём узоры наших шхер —

Отрада слаще всех отрад,


Неоценённый клад.

Нам люб потоков наших рёв,

Ручьев бегущих звон,

Однообразный шум лесов,

Прозрачность звёздных вечеров,

Всё, всё, чем слух был поражен,

Чем взор был полонён.


10.Х. Які цяжкі і чорны год! Не стала Верачкі, а 5.Х памерла сястра Людміла… Баюся, што хутка яшчэ некага з блізкіх і дарагх мне людзей не стане. Учора быў мацнейшы прыступ стэнакардыі ў Любашы. Ды і сам я ледзь трымаюся на нагах. У прадуктовым магазіне ўкралі ў мяне ашчадную кніжку і прадуктовыя талоны. Ды чорт з імі!

11.Х. Усё жыццё пайшло на вучобу. А на стварэнне новай паэзіі не хапіла часу. Часцей аддаваў перавагу т. зв. аб’ектывізму: «Гэта праўда!», тады калі яна праз нейкі час аказвалася няпраўдай. Глядзеў фільм «Так жыць нельга», які пакідае жахлівае ўражанне. Выправіў свой стары верш «Ты чуеш, брат», прысвечаны «Пагоні», напісаны яшчэ ў 1930 г. Зноў быў доктар у Любашы. Кардыяграма нікудышняя, і не сціхаюць болі ў сэрцы.

14.Х. Вартая ўвагі статыстыка. У Віленскім універсітэце ў 1919-1920 гг. на 547 студэнтаў-палякаў налічвалася 472, літоўцаў — 6, беларусаў — 5, рускіх — 6, яўрэяў — 53, іншых нацыянальнасцяў — 2.

Хадзіў па розных справах — на пошту, на рынак. Цэны няспынна растуць. I канца гэтаму не відаць.

Апошнімі часамі і ў літаратуры і ў мастацтве несусветны гармідар. «ЛіМ» надрукаваў агляд дзевятага нумара «Полымя». Аўтар з усёй маёй падборкі цытуе і хваліць адзін з найбольш няўдалых вершаў.

Вось ты і вер рэцэнзенту! Прыслалі анкету, каб выказаў свае думкі аб стане нашай паэзіі. Час, у якім жывём, не быў спрыяльным ні для паэзіі, ні для мастацтва.

11.XI. Тэлеграма: запрашаюць прыехаць на юбілей Турсун-задэ. Куды ў гэты неспакойны час ды з маім здароўем ехаць! Званіў з Мядзела нейкі Казакевіч. Думаюць адбудаваць царкву, якая згарэла падчас першай імперыялістычнай вайны. Помню, як пры паляках доўга разбіралі і не маглі разабраць яе сцены, складзеныя з велізарных палявых валуноў. Католікі ўжо, чуваць, аднавілі свой касцёл у Старым Мядзеле, дзе падчас паўстання 1863 г. казакі перахапілі былі склад зброі паўстанцаў. Пра ўсё гэта чуў я ад свайго дзеда і ад татарскага мулы, якому мы вазілі скруткі сухой яловай кары для вырабу аўчын.

Калі верыць чуткам, зіма будзе галоднай і халоднай.

Каторы дзень знаходжуся пад уражаннем звесткі аб самагубстве Ю. У. Друнінай. Што ж будзе з народам, калі яго пачынаюць пакідаць такія людзі? Наша перабудова ўсё больш становіцца сінонімам развалу. Р. Гажэльскі піша, што ў часопісе «Зварот» (№ 10, 1991 г.) у яго перакладзе надрукавана некалькі маіх вершаў. Чорт з імі — з гэтымі вершамі! Чытаю газеты і бачу: т. зв. перабудова перарадзілася ў татальны развал, а наша публіцыстыка — у вар’яцкае трызненне. Толькі глухі можа не чуць поступу набліжэння крывавых падзей і голаду.

Выпаў свежы снег. Ноччу не дала спаць алергія. Запаліў святло і пачаў пісаць нейкі верш: «Мне пагаварыць бы...» Думаў, як часта раней было, як за іголкай падягнуцца наступныя радкі, вобразы, рыфмы. Але, дзякуй богу, прыйшоў нарэшце гаючы сон.

22.XII. Наведаў рынак. Бясконцыя натоўпы народу. Да кіёскаў і прылаўкаў не дабіцца. Чуюся ўсё горш. Класціся ў бальніцу — не хачу без апекі пакідаць Любашу, бо і ў яе справы не лепшыя. Засеў за віншавальныя паштоўкі. Заглянуў у ашчадкасу, дзе па нейкіх купонах пачалі выплачваць уклады. І там — бясконцыя чэргі. А на вуліцах — усё больш людзей разгубленых, бедных, жабракоў, дзяльцоў, спекулянтаў…

29.ХІІ. Праслухаў па радыё нуднае выступленне Б. Ельцына і невясёлыя апошнія паведамленні. Ва ўсім пачалі капіраваць Захад і не ўлічваем, што ў нас другія традыцыі і ўмовы. Зараз у пустых магазінах ні посуду, ні цвікоў, ні мыла… Калісьці адзін ганчар забяспечваў сваімі гаршкамі і міскамі цэлую воласць, як і каваль сваімі вырабамі — сваю і суседнія вёскі. Нейкая стыхійная немач паралізавала ўсіх і ўсё.


1992


18.І. Зноў у бальніцы. Быў Максім. Галава, як волавам налітая. Неспадзявана памёр наш малады шафёр М. Дабрыян, які працаваў у СП. Асіраціў сваіх малалетніх дзяцей. Шкада. Харошы быў чалавек. У суседняй палаце ляжыць Алесь Адамовіч. Інфаркт. Накідаў верш «На пераатэстацыі» ды ўзяўся за прынесеныя мне часопісы і газеты. Чытаю нашы гістарычныя нарысы і раманы і ўсё больш пераконваюся ў адсутнасці ў іх «абсалютнай праўды» (Ніцшэ). Колькі памылак дапусціў нават Нобелеўскі камітэт у ацэнцы многіх літаратурных твораў! Былі ж калісьці кандыдатамі на прэміі міру нават Гітлер і Чэмберлен.

20.І. Дачытваю Салжаніцына «Цяля бадалася з дубам» і здзіўляюся з яго энергіі, з якой ён збіраў матэрыялы да сваіх твораў і яго канспіратарскіх здольнасцяў. Не ведаю, наколькі праўдзівыя яго закіды М. Шолахаву, што той не з’яўляецца аўтарам «Ціхага Дона». Праўда, за апошнія 30 год ён амаль нічога не напісаў. Раман «Яны змагаліся за Радзіму» яму не ўдаўся. А ўсе яго выступленні на з’ездах былі шчукараўскімі: калі слухаеш — смешна, а калі ўдумаешся ў тое, што ён сказаў, — поўнае расчараванне. Але ж мы ведаем многіх аўтараў адной кнігі ці аднаго зборніка вершаў, хоць пасля гэтага яны жылі і пісалі доўгія гады.

А на Беласточчыне, чуваць, ідзе татальнае наступленне на беларушчыну. Адным словам, лінія Пілсудскага ў замежнай палітыцы, якой была пры яго жыцці, такой і застаецца: «Наша поле дзеяння ёсць на Усходзе, там можам быць дужымі… на Захадзе нічога нас не можа чакаць, як толькі ўлажэнне Захаду ў дуну».

Чамусьці Ірышу не прапусцілі да мяне ў палату.

21.І. Вось пакінулі нас і Верачка, і Людміла, і Язэп. Заходзіў у палату наш стары сябра М. Хадзінскі, які сёння тут дзяжурыць. Чартоўская слабасць, нат сціла свайго не магу ўтрымаць у руках. Трэба б неяк дацягнуць да дому ды ўсё прывесці да нейкага ладу. Каб верыў пацерам, дык маліўся б за ўсіх. Неяк цяжка і трывожна на сэрцы. Ірынка прынесла пачак газет і пісьмо ад Віктара Варашыльскага.

На стале асыпаюцца кветкі, прынесеныя нашай цудоўнай Марыяй Захарэвіч.

2.ІІ. Нядзеля. Ля будынка ЦК нейкі мітынг. Захрдзіў Янка Брыль. Пагаварылі мы з ім пра невясёлыя нашы непаладкі і справы. Званіла Любаша. Якая яна ў мяне маладзец! Трымаецца, хоць ведаю, як і ёй нялёгка.


Дамовіліся ж мы

Быць неразлучнымі заўсёды…


Казала, калі я гавару з ёй па тэлефоне, наш кот Цэзар бяжыць першы слухаць мой голас, а потым усю ноч спіць на маім пісьмовым стале. Відаць, і мая хвароба не адступае таму, што ўсе жывём мы ў cтрэсавым свеце. Наведалі ўрачы. 3 усёй іх гутаркі я толькі зразумеў, што вылечыцца мне ўжо нельга. Трэба прывыкаць, паводле Юнга, жыць з хваробай.

11.ІІ. Поўная палата гасцей: А. Асіпенка. Г. Каржанеўская, Наташа, Пеця Семяжон, Сярожка, які прынёс цалы пачак газет і розных часовісаў, сярод якіх неспадзявана знайшоў навагодняе прывітанне з Амерыкі ад Мікалая Шчорса. Траба будзе адпісаць. Апошні раз бачыўся я з ім у Канадзе на выстаўцы, дзе разам з ім былі С. Станкевіч, С. Хмара…

20.ІІ. Дактары забаранілі нат выходзіць з дому. Засталася адзіная нітка, якая звязвае мяне з жыццём — творчасць. Чытаю ў Камю: «Дзесяць французскіх урачоў, з іх палова яўрэяў, не маючы ніякай інфармацыі, акрамя ўрадавага паведамлення з Масквы, падпісалі сваю заяву, у якой ухваляюць арышт сваіх савецкіх калег, на 9/10 яўрэяў.

Праз нейкі час той жа ўрад аб’яўляе аб невіноўнасці дактароў».

25.ІІ. У «ЛіМе» прачытаў цікавы артыкул А. Чобата пра Ю. Мацкевіча, былога рэдактара віленскага «Слова». Аўтар, трэба сказаць, з веданнем і абектыўна піша пра гэтага «крэсовага зубра», якога за прыхільнасць да Гітлера і нямедкага фашызму перад самай вайной саслалі былі ў Картуз-бярозаўскі лагер.

Нацыянальны бум, пішуць польскія газеты, так накаліў атмасферу, што зараз на вуліцах Вільнюса небяспечна гаварыць па-польску, а ў Пуньску — па-літоўску… Адным словам — дажыліся.

15.ІІІ. У «Звяздзе»: «Вялікія Радзівілы пачыналі з конюхаў». Відаць, аўтар зблытаў каралеўскага канюшага з пастухом.

Максім кінуў сваю вучобу. Не ведаю, чым ён зараз будзе займацца. І Сяргей збіраецца кідаць сваю вучобу ў інстытуце. Так стараліся вывесці іх у людзі, а яны пайшлі па сваіх дарогах, на якіх нічога добрага не чакае.

l.V. Мне часамі здаецца, што памяць мая захавала ў сабе і тое, што было за межамі майго дзяцінства.

Заходзіў Верабей. расказваў пра А. Анішчыка, акі ў часы вайны быў адным з ідэйных кіраўнікоў у Навагрудку і быў узнагароджаны фашысцкім ордэнам. Нарэшце паслаў Я. Хелемскаму дзевяты нумар «Полымя». Г. Бураўкін прыслаў мне праз нашага міністра замежных спраў П. К. Краучанку прэпарат «верашперон».

Тэма для верша «Цэнтр Еўропы», пра які дакладна ніхто не ведае, дзе ён знаходзіцца. Калісьці ў Варшаве на адной з плошчаў стаяў слуп з такім надпісам. Другі падобны слуп, толькі з надпісам «Цэнтр Азіі» бачыў у Туве, ля якога мы з П. Броўкам нават сфатаграфаваліся.

Перачытаў газеты. Да чаго ж у нас усё трагічна складваецца! Асабліва з беларусізацыяй. З часоў патрыярха Зізанія (1591) топчамся на месцы.

11.V. Пра некаторых нашых дзеячаў і пісьменнікаў ужо напісалі больш, як пра Напалеона, хоць мала хто на свеце можа паказаць на карце, дзе Беларусь. Калі ж закончыцца гэты наш нацыянальны катастрафізм?

Хутка гадавіна смерці Верачкі. Трэба будзе з’ездзіць і прыбраць магілы яе і бабулі.

19.V. Увесь Каўказ ахоплены полымем вайны, якое пагражае ахапіць і іншыя раёны краіны. А ў нас, каб адцягнуць ад гэтага ўвагу, арганізуюцца розныя відовішчы, конкурсы, фестывалі, юбілеі, круізы і адначасна працягваецца склероз, развал эканомікі, навукі, культуры. Народ прададзены міжнародным рабаўнікам, дамарослым дзяльцам і абдзіралам. Усімі сродкамі апрасцітуіруецца культура, падае ўзровень навукі, усе, хто можа, едуць за граніцу. Нічога не аплачваецца рабіць: ні сеяць хлеб, ні дабываць руду, нафту, газ…

9.VІ. Усе гэтыя дні цяжка хварэе Любаша: болі ў нагах, бяссонніца. А калі засне на хвіліну, доўга не можа прыйсці ў сябе, нешта маячыць, быццам западае ў нейкую бяздонную прорву… Заканчвае свае жыццё старое пакаленне, кульгаючы на мыліцах. Усё стала прыкрым. Далей так нельга жыць. На вачах нацыяналізм перараджаецца ў шавінізм. У вярхах — грызня за ўладу. Трэба было б закончыць апошні свой зборнік і ніяк не магу. Пасля смерці Верачкі і Людмілы ўвайшоў у паласу беспрасветнасці і няўдач. Страшна становіцца за будучыню Беларусі, нашых дзяцей і ўнукаў.

Учора па тэлебачанні паказвалі аўкцыён. Прадаваліся заводы, дамы, цэлыя вуліцы. Адкуль узяліся ў сучасных дзяльцоў мільёны, якія пахнуць крывёй?

Зноў абвастрылася хвароба Любашы. Ніякія лекі не памагаюць. Усё больш адчуваем, што мы, старыя, становімся цяжарам нават для сваіх блізкіх. Селета не змаглі паехаць і на Нарач. Усё гэта цяжкім каменем ляжыць на сэрцы. Хоць, як ні дзіва, за апошні час напісаў аж дзве падборкі вершаў для «Полымя» і «Беларусі». Усе дні заняты рознымі дамашнімі справамі. Пры дапамозе нашага сімпатычнага ўрача А. П. Кірылава дастаём сякія-такія лякарствы, бо ў аптэках зараз амаль нічога няма.

З.VІІ. Званіла Надзя Лынькова: памерла ад рака Соф’я Захараўна. Дзённік мой усё больш напамінае памінальную кнігу — столькі ў ім блізкіх, сяброў, знаёмых, якія назаўсёды пакінулі нас. Шкада, ніхто з нас не змог праводзіць С. 3. Лынькову.

3 захапленнем гартаю даваенны нумар «Аркадаў», прысвечаны слуцкім паясам. Успамінаю адзін з цудоўнейшых вершаў ва ўсёй сусветнай паэзіі М. Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», хоць выраблялі іх, калі верыць летапісцам, нямецкія евангелісты-рамеснікі, асеўшыя ў нас у палове XVIII ст. Вось адзін з цікавых выпадкаў, калі праўда пераходзіць на старану Паэзіі.

I гэта не адзіны выпадак. Сёння ўжо вядома, што Сальеры не віновен у смерці Моцарта, які з малых год хварэў на рэўматызм суставаў, частыя высыпкі і болі галавы, няспынныя вандроўкі, нястачы даканалі дарэшты. А колькі розных падобных гісторый, легенд жыве толькі ў маёй памяці!

10.VІІ. Гэтымі днямі гасцілі ў нас Кузюковічы, Наташа Семяжон. Сёння адвезлі Любашу ў бальніцу. Дома — трывожная пустка. За што ні вазьмуся, усё валіцца з рук. Пасля выхадных будуць Любашу прасвятляць рэнтгенам. Зараз яe і аперыраваць небяспечна. Што рабіць? Іра, забраўшы ката Цэзара, паехала на Нарач. Пачаў чытаць К. Леві «Хрыстос прызямліўся ў Эболі». Калісьці з аўтарам гэтай кнігі пазнаёміў мяне ў Рыме Я. Івашкевіч. Што з Любашай? Максім амаль і не выходзіць з бальніцы. Сэрца разрываецца, калі гляджу на яе пакуты. А ў палатах душна. Гарачыня. Пазванілі з СП: цяжка хворы А. Карпюк. Гэтымі днямі, чуваць, В. Ф. Кебіч збіраецца наведаць Пімена. Насцярожваюць мяне падобныя адведзіны.

15.VІІ. У «Вячэрнім Мінску» — пастанова аб ганаровым грамадзянстве, аб правах, якімі надзяляюцца гэтыя грамадзяне. Адным словам — жыві, не памірай. Наведалі з Максімам Любашу. Я ледзь стрымаўся, каб не расплакацца. Такая яна згараваная. Ляжыць прыкутая да ложка. Максім купіў для яе за тры бутэлькі гарэлкі інвалідную каляску. Каб удалося як перавезці дамоў, можа, пад нашым наглядам адчувала б сябе лепш. Увесь час удушлівая гарачыня.

Узяўся за складанне свайго новага зборніка вершаў «Мой каўчэг», але пераблытаў усе старонкі і даты і змушаны быў адкласці ўсю сваю работу. Праз наша Таварыства дружбы дастаў сякія-такія лекі ад сэрца. Можа, з іх дапамогай прадоўжу свае зямныя дні.

2.VIII. Зноў быў з Максімам у Любашы, якая ўжо амаль месяц пакутуе ў бальніцы. Юра з нейкімі знаёмымі амерыканцамі наведаў нашых нарачанцаў і пількаўчан, ад чаго яны былі ў захапленні. Узяўся за ўкладанне свайго новага зборніка, а думкамі блукаю па бальніцы, дзе на вачах дагарае Любаша. Нічым не магу супакоіць свае нервы. А засуха ўсё працягваецца. Да ўсіх нашых бед усё выразней вырысоўваецца прывід голаду.

У польскім тыднёвіку «Культура» — цікавая інфармацыя аб літаратурным вечары Ахматавай, якую прысутныя стоячы прывіталі, аб чым было данесена Сталіну. «А хто гэта мог арганізаваць?» — спытаўся Бацька народаў. На будаўніцтве Днепрагэса і Беламорскага канала загінула трыста тысяч чалавек. Усё было арганізавана так, што амерыканская дэлегацыя ў 1944 г., наведаўшы канцлагеры, была здзіўлена, у якіх люксусных умовах жылі і працавалі арыштаваныя. Сталін любіў тэатр. Вялікі тэатр, пісаў сын Антонава-Аўсеенкі, быў прыдворным гарэмам. Аднойчы Бацька народаў правёў ноч з выдатнай спявачкай, якая вярнулася ад яго лаўрэаткай Сталінскай прэміі. Молатаў і іншыя захапляліся балетам, балерынамі…

Ці напіша хто праўду пра гэтыя жахлівыя часы?

Нагрымзоліў нейкі ў старасвецкім стылі верш, бо зараз модна пісаць на незразумелай мове, якая больш нагадвае трызненне п’яніцы ці псіхічна хворага… У дадатку да дарэвалюцыйнага часопіса «Нива» (1911 г.) знайшоў цікавы верш Кнута Гамсуна «Месца пахавання», які калісьці мной быў перакладзены, і нарыс «У краіне паўмесяца» з вельмі дальназоркімі вывадамі, прагнозамі аб палітыцы Расіі і яе паўднёвых суседзяў.

Калі вяртаўся дамоў, неспадзявана ўзняўся пранізлівы вецер, пачаў брысаць дождж. Заўтра трэба будзе не забыцца аднавіць падпіску на газеты. Позна вечарам званілі С. Грахоўскі, I. Малец.

25.VІІІ. 3 цяжкім сэрцам вярнуўся ад Любашы. Павялічыўся ціск і несціханы боль у нагах.

Праслухаў па радыё вершы У. Паўлава. Пачаў перакладаць верш П. Пазаліні, ды адклаў. А верш цікавы, скіраваны да абжырэўшай буржуазнай моладзі: «О Божа! Няўжо сур’ёзна я павінен думаць аб удзеле разам з вамі ў хатняй вайне, адкладваючы набок старую ідэю рэвалюцыі?»

Сёння Мінск мітынгуе. Усе захапіліся ўра-патрыятычнымі прамовамі і вершамі, у якіх многа штучнага пафасу, маладога задору і сляпой агрэсіўнасці, на што ў свой час перахварэла польская літаратура, ад якой у мяне яшчэ са школьных гадоў засталася аскома: «Самосера», «Цуд над Віслай», «За Немэн», «О, як на ваенцы ладна», «Рэдута Ардона», «Ад мора да мора», кадлубкаўская версія паражэння Аляксандра Македонскага, «гістарычныя» сянкевічаўскія казкі, каранацыя на каралеву Польшчы Маткі Боскай Астрабрамскай… I колькі раз, калі мы змагаліся «за нашу і вашу вольнасць», столькі раз заставаліся ў дурнях. Праўда, трэба прызнаць, што ў нашых польскіх суседзяў было шмат разумных і цвярозых галоў, на якія чамусьці для нас Бог паскупіўся.

Заняты дамашняй мітуснёй, так і не паспеў сёння наведаць у бальніцы Пімена. А дома — нейкая трывожная цішыня. Кожны тэлефонны званок насцярожвае, баюся падымаць трубку.

28.VIII. Па тэлебачанні яўрэйскія песні, сярод якіх пачуў і вядомую «Цум балалайку», словы якой ведаў нат на яўрэйскай мове, як і словы «Інтэрнацыянала», завучаныя калісь ад свайго суседа па лукішскай камеры. Сёння Максім і Іра паехалі забіраць сваіх нарачанцаў.

З.ІХ. 3 газет даведаўся аб смерці А. П. Лупана. Вось не стала яшчэ аднагодка майго, харошага Чалавека і Паэта. Цяжка хворы Я. Скрыган. Неспадзявана наведалі мяне сягоння М. Герасіменка i Л. Валадзько. У сувязі з маім 80-годдзем ад нашага гарсавета падарылі цудоўную крышталёвую вазу. Нат не ведаю, куды яе і паставіць. Заходзіў Дзяніска са сваёй Леначкай. Дзякуй богу, крыху пахаладала. Купіў у кнігарні славуты «Сказ пра Лысую гару», які яшчэ раз з цікавасцю прачытаў. Ну і маладзец М. А.. Напісаў ён яе на ўзроўні «Тараса на Парнасе». Прозвішча аўтара, здаецца, і сёння ніхто не ведае. Калі ў мяне пыталі: «Хто аўтар?», я ўсім адказваў, што ведаю, але без дазволу яго сказаць не магу, бо абяцаў маўчаць.

16.IX. Адна з самых сумных маіх гадавін. Наведаў Любашу. Усё менш застаецца надзей, што нам удасца яе вырваць з кіпцюроў хваробы. А тут: несціханыя тэлефонныя званкі. Прыходзілі віншаваць з Таварыства дружбы, з СП. Заўтра збіраюцца наведаць А. Бутэвіч, цэлая дэлегацыя з АН. У невясёлы час ты ўзышло, маё сонца, і ў невясёлы заходзіш! Набліжаецца ноч.

18.ІХ. Два дні амаль не зачыняліся дзверы ад гасцей. Добра, што Оля дапамагла наладзіць стол, закупіць розных прадуктаў. Адным словам, выручыла ў гэтыя клапатлівыя дні. Зараз адчуваю сябе, як пасля землетрасення. Нат не было калі заглянуць у бальніцу. Толькі адзін Максім змог наведаць Любашу. Казаў, усё непакоіцца, як у нас дома.

Пагартаў апошнія нумары альманахаў. Амаль усе вершы напісаныя ўжо на чутыя тэмы і знаёмыя рытмы, рыфмы. А гэта — з малітвы сучасных бітлісак: «Маці Божая, якая пачала без граху, дапамажы мне грашыць без зачацця»…

Загрузка...