Традыцыйна беларускія землі былі слаба звязаныя з старажытным цэнтрам усходніх славянаў Кіевам, падпарадкаваным татарамі ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя. Затое з суседнімі балцкімі плямёнамі палачане і жыхары Панямоння мелі даўны вопыт шчыльных кантактаў. У басейне Дзвіны і Нёмана паміж імі яшчэ не было выразнай этнічнай мяжы. Усходнеславянскае насельніцтва тут жыло ўперамежку з балцкім, арыстакратыя практыкавала міжэтнічныя шлюбы, і князі ўсходнеславянскага паходжання маглі мяняцца на балцкіх. Таму аб'яднанне раздробленых земляў у адну дзяржаву пры пагрозе нападу азіяцкіх качэўнікаў стала натуральнай з'явай. Яно адпавядала інтарэсам князёў і баярства не толькі этнічна балцкіх тэрыторый, але і суседніх, усходнеславянскіх гарадоў ды княстваў, а галоўнае - абапіралася на адпаведны гістарычны досвед гэтага рэгіёна.
З летапісаў вядома, што прыкладна з 1235 года недзе паміж Вяллёй і Нёманам існавала «Літва Міндоўга». Міндоўг захапіў там уладу ў свае рукі - «пачаў княжыці адзін ва ўсёй зямлі Літоўскай». Крыху пазней улада гэтага балцкага князя пашырылася на сумежныя тэрыторыі Беларусі, найперш на Панямонне - Чорную Русь з гарадамі Новагародак (пазней Наваградак), Ваўкавыск, Горадня, Здзітаў і Слонім. Няма ніякіх сведчанняў гвалтоўнага падпарадкавання гэтай зямлі. У Наваградку, які стаў першай сталіцай Вялікага Княства, Міндоўг заняў княскі пасад са згоды мясцовага насельніцтва. У гэтым жа беларускім горадзе ён быў ахрышчаны і каранаваны.
Праз колькі пакаленняў у заснаваную Міндоўгам новую дзяржаву ўваходзіла большая частка сучаснай тэрыторыі Беларусі, а да канца ХІV стагоддзя вакол Вільні без гвалту злучыліся ўжо практычна ўсе этнічна беларускія землі.
Пад ціскам Тэўтонскага ордэна вялікі князь Ягайла мусіў пайсці на хаўрус з Польшчай. Падпісаная ў Крэве персанальная вунія (пасад вялікага князя і караля займала адна асоба) адкрывала просты шлях польскім уплывам на Беларусь, але яна не касавала асобнай дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага. У выніку аб'яднання сілаў удалося разграміць прускіх рыцараў пад Дуброўнаю (Грунвальдам) ды спыніць нямецкую экспансію на ўсход. І пасля грамадзянскага закалату 1432-1436 гадоў, інспіраванага малапольскімі магнатамі, Беларусь упершыню больш як паўстагоддзя не ведала войнаў.
Канец ХV-ХVІ стагоддзе сталі Залатым векам беларускай культуры. Дзякуючы Францішку Скарыну беларусы першымі з усходніх славянаў займелі сваю друкаваную кнігу. Справу Скарыны працягвалі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Славутай «Песняй пра зубра» Мікола Гусоўскі заснаваў лацінамоўную літаратуру Беларусі. У нас былі распрацаваныя і напісаныя па-беларуску Статуты - ці не найбольш дасканалыя ў тагачаснай Эўропе зводы законаў. Высокага роўню дасягнула дойлідства, выяўленчае мастацтва, іншыя сферы культуры. Наагул дэмакратычнае і талерантнае Вялікае Княства перажывала лепшую пару сваёй гісторыі. Але з усходу на дзяржаву насоўвалася вялікая небяспека.
Абвясціўшы сябе ўладарамі ўсяе Русі і прыкрыўшыся дактрынай «Масква - трэці Рым», маскоўскія манархі ўзяліся ажыццяўляць свае захопніцкія планы. З канца ХV cтагоддзя Масква развязвала вайну за вайной супраць Вялікага Княства Літоўскага: 1492-1494, 1500-1503, 1507-1508, 1512-1522... Для Беларусі, землі якой цярпелі найбольш, гэтыя войны былі абарончыя. Ваенныя страты, спусташэнні, вывад мясцовых людзей у чужую няволю - усё гэта непазбежна тармазіла развіццё краіны. Цяжар сама працяглай вайны, калі цар Іван Жахлівы заняў паўночную Беларусь, падштурхнуў Вялікае Княства да яшчэ цяснейшага збліжэння з Польшчай, якое спарадзіла новыя праблемы беларускай гісторыі.
Генадзь САГАНОВІЧ
Пасля аб'яднання летапіснай Літвы з Новагародскім княствам і ўтварэння такім чынам новай дзяржавы Міндоўг, хоць быў паганцам, мусіў прыняць хрысціянства. Паводле Густынскага летапісу, ужо ў 1246 годзе ва ўласнай рэзідэнцыі ў Новагародку ён ахрысціўся ў праваслаўе - веру сваіх падданых - беларусаў. Аднак палітычная сітуацыя змусіла Міндоўга па якім часе яшчэ раз змяніць веравызнанне.
У сярэдзіне ХІІІ стагоддзя Міндоўгу давялося весці барацьбу з незадаволенымі яго вярхоўнай уладай васальнымі князькамі Ердзівілам, Таўцівілам і Вікінтам. Паўстаўшы, тыя паклікалі сабе ў падмогу інфлянцкіх рыцараў, рыжскае арцыбіскупства і галіцка-валынскіх князёў. Гэтак утварылася магутная кааліцыя супроць Міндоўга. Тады ён паставіў на мэце разбурыць варожы блок. Падставай для гэтага стала суперніцтва паміж Інфлянцкім ордэнам і Рыжскім арцыбіскупствам. Паколькі апошняе зблізілася з Таўцівілам і ахрысціла яго ў каталіцтва, Міндоўгу лёгка ўдалося знайсці паразуменне ў Ордэне.
За абяцанне прыняць хрысціянства рымскага абраду і аддаць ва ўладанне інфлянцкім рыцарам частку Жамойці ў 1251 годзе Міндоўг атрымаў падтрымку самога магістра Ордэна і перамог кааліцыю. Гэта быў грандыёзны поспех ягонай палітыкі. Ахрысціўшыся, манарх пайшоў на далейшае збліжэнне з каталіцкім светам, у прыватнасці з Рымам. Рымскі папа Інакент ІV узяўся асабіста апекавацца Міндоўгам - валадаром няхрышчанае краіны (праваслаўныя не лічыліся праўдзівымі хрысціянамі).
Міндоўг стаў асаблівым сынам святога рымскага Касцёла. Вянцом найлепшых стасункаў з Захадам была яго каранацыя: у 1253 годзе ў Новагародку Міндоўг атрымаў ад рымскага папы каралеўскую карону. Афіцыйна ягонае княства рабілася каралеўствам, што стварала падставы поўнай стабільнасці ў стасунках з эўрапейскімі дзяржавамі. У 1255 годзе рымскі папа прызнаў Міндоўгавага сына ягоным пераемнікам і дазволіў каранацыю, і гэта яшчэ больш умацавала пазіцыі нашага манарха ў хрысціянскім свеце.
Аднак гэтакай эўрапейскай арыентацыі Міндоўг трымаўся не доўга. Ужо на пачатку 1260-х гадоў ён разарваў пагадненне з Інфлянцкім ордэнам, а потым і з папам ды пачаў адкрытую вайну супроць сваіх былых хаўруснікаў. Што падштурхнула Міндоўга на такі крок? Магчыма, тое, што сам пачуваўся паганцам і ўсе супляменнікі ягоныя былі паганцы. Магчыма, штуршком была барацьба Жамойці, якую ён аддаваў Ордэну, супроць улады нямецкіх рыцараў. У кожным разе перамогай каля возера Дурбэ ўлетку 1260 года пачынаецца напружаная барацьба Вялікага Княства Літоўскага з інфлянцкімі і тэўтонскімі рыцарамі.
Генадзь САГАНОВІЧ
Воляю гісторыі ў 1238-1241 гадах Беларусь не зведала лютасці мангола-татараў. Амаль усе расейскія, а таксама ўкраінскія землі былі спустошаныя і падпарадкаваныя ханам Батыем. Тумены азіяцкіх ваяўнікоў праносіліся з усходу і поўдня каля Беларусі, аднак у ейныя межы так і не ўварваліся. Чаму? Гісторыя не пакінула яснага адказу на гэтае пытанне. Вядомыя пісьмовыя крыніцы і матэрыялы археалагічных раскопак пакуль толькі пацвярджаюць сам факт: войска Батыя ў межах Беларусі не было.
Сама меней двойчы мангола-татары мелі зручную магчымасць заваяваць беларускія землі. Спачатку пад час другога этапу нашэсця, калі яны пустошылі Чарнігаўшчыну. Да Гомеля было зусім блізка, а далей - паўднёва-ўсходняя Беларусь, і шлях туды не меў асаблівых прыродных перашкодаў. Потым гэтакі момант настаў пасля захопу Кіева, у канцы 1240-пачатку 1241 года, калі татары прайшлі па поўначы Ўкраіны і зграмадзіліся пад Уладзімірам Валынскім. Там стаяла блізу 50 тысячаў лепшага войска Батыя, якое адпачывала перад паходам на Польшчу, Вугоршчыну, Чэхію. Гэтакай ардзе трэба было жывіцца, здалёк прывозіць харч. Але нават тады татары не наважыліся пайсці на поўнач, у абшары суседняй Беларусі. Прынамсі, ніякіх верагодных звестак пра такія рэйды няма.
Чым кіраваліся ардынцы, калі абміналі блізкія і зусім не бедныя абшары Беларусі? Гісторыкі тлумачылі гэта рознымі прычынамі. Найчасцей гаварылі, што мангола-татары не дайшлі да Беларусі таму, што былі моцна аслабленыя барацьбой з расейскімі княствамі. Аднак пад Кіевам Батый меў намнога болей войска, чым пад Разанню. Яго тумены пераможна пранесліся па Эўропе, і калі б не смерць вялікага хана - невядома, чым бы ўсё скончылася.
Гэтаксама не выклікае даверу думка, быццам татары проста не хацелі ісці ў беларускія лясы пасля ўкраінскіх прастораў: не спужалі ж іх гушчары і багна Ўсходняй Русі.
Такім чынам, пакуль невядома, з якіх прычынаў Беларусь засталася ўбаку ад Батыевых шляхоў. Між тым гэтая акалічнасць у нашай гісторыі мела асаблівае значэнне для гістарычнага лёсу беларусаў.
Першае ўварванне татарскай арды на Беларусь адбылося ажно праз дваццаць гадоў пасля Батыя. Яно было выклікана актыўнасцю валадароў Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе. Калі іх дружыны пачалі хадзіць на Смаленшчыну, арда занепакоілася. Зімою 1258/59 года на захад Беларусі рушыла вялікае татарскае войска на чале з ханам Бурундаем. Бурундай загадаў удзельнічаць у паходзе галіцка-валынскаму князю Васільку, напісаўшы: «иду на Литву, еже еси мирен - поиди со мною», і той не адмовіўся. Разам з ардой у Беларускае Панямонне ўварвалася галіцка-валынскае войска князя Васілька, а Даніла Галіцкі сам напаў на Ваўкавыск - відаць, каб не саступаць у ініцыятыве хану Бурундаю. Паводле летапісу, кааліцыя спустошыла вялізныя абшары на захадзе Беларусі. Гэтыя набегі на тэрыторыю Беларусі паўтараліся яшчэ не аднойчы. Азіяцкія наезнікі ўварваліся ў наш край у 1275 годзе - і з імі пайшлі іх галіцка-валынскія хаўруснікі, затым тое ж здарылася ў 1277 годзе, калі нагайская арда наляцела на Горадню і Новагародак па просьбе сыноў Рамана Данілавіча. Трэці паход быў у 1287 годзе. Кожнага разу татары чынілі «вялікае ліха і многа пакасці», аднак гэтыя ўварванні не пагражалі Беларусі ардынскім панаваннем.
Генадзь САГАНОВІЧ
Калі рыцары Тэўтонскага ордэна паканалі прусаў, дык адразу ж рушылі на землі Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку на Беларускае Панямонне. Ужо ў 1284 годзе рыцары з'явіліся пад Горадняй, штурмам здабылі замак і спалілі горад. У 1295-м крыжакі напалі на Горадню і Новагародак, у 1305 і 1306 гадах ізноў прыходзілі ваяваць Горадню, а ў 1311-м - урываліся двойчы. Пад час сваіх рэйдаў рыцары пустошылі вялікія абшары, забіралі людзей і жывёлу.
У адказ наша дзяржава арганізоўвала паходы на тэрыторыю Прусіі. Прыкладам, у 1311 годзе вялікі князь Віцень павёў палкі далёка ў глыбіню ордэнскіх уладанняў, але гэты паход скончыўся няўдала.
З пачатку ХІV стагоддзя націск нямецкіх рыцараў на Вялікае Княства нарастаў. Беларускае Панямонне, якое цярпела ад іх асабліва часта, займела тады свайго абаронцу - гарадзенскага старасту Давыда. Сын славутага Даўмонта, Давыд ад прыроды быў адораны незвычайным ваенным талентам і пагэтаму стаў адным з сама блізкіх паплечнікаў вялікага князя.
Кіруючы Горадняй, Давыд шматкроць сустракаў пад мурамі гарадзенскага замка нямецкіх рыцараў, неаднаразова граміў іх на сваёй зямлі і вадзіў дружыны ва ўладанні тэўтонцаў. Адну з найлепшых акцыяў супроць крыжакоў ён правёў у 1314 годзе.
Таго году тэўтонскія рыцары ажно тройчы хадзілі на Вялікае Княства Літоўскае. Першым разам яны дасягнулі Меднікаў ды там і спыніліся нанач, нічога не прадчуваючы, калі ў начной цемры на іхны лагер напала нашае войска і шмат нашкодзіла. За тое рыцары жорстка помсцілі - палілі вёскі, хапалі людзей і 700 чалавек павялі ў няволю.
Другім разам крыжакі хадзілі на адзін з замкаў Вялікага Княства, але залога надта добра баранілася, і яны, пастаяўшы, вярнуліся з мілым ліхам.
Нарэшце, у верасні 1314 года сам маршал Тэўтонскага ордэна ўзначаліў буйны аддзел рыцараў, які рыхтаваўся ўварвацца ў Панямонне праз знаёмыя гарадзенскія мясціны. З чатырохтыднёвым запасам прадуктаў крыжакі рушылі на Горадню.
Паход ад пачатку быў надзвычай цяжкі. Ісці давялося праз балоты, шматлікія рэчкі і непралазныя лясы. Гарадзенцы ведалі пра набліжэнне рыцараў і, калі тыя прыйшлі, замак, які абараняла войска Давыда, быў непрыступны. Паваяваўшы ваколіцы, маршал вырашыў весці войска «ў край Крывічоў» - на Новагародчыну. Каб мець харч на зваротны шлях і не абцяжарваць рух аддзелу, ён загадаў скласці прадуктовыя запасы і ўсё нарабаванае ў двух месцах гарадзенскай пушчы. Ахоўваць гэтыя склады засталіся значныя сілы рыцараў.
Як толькі крыжакі адышлі на Новагародчыну, яны пашкадавалі, што пакінулі свае запасы ў пушчы. Край быў нібы вымерлы: мясцовыя жыхары пахаваліся ў багнах і лясах, не пакінуўшы ў вёсках нічога, чым рыцары маглі б пажывіцца.
Новагародак быў таксама малалюдны. Без асаблівых цяжкасцяў захапіўшы яго, раззлаваныя крыжакі выпалілі горад дазвання і спустошылі ваколіцы. Ад Новагародка маршал павёў рыцараў на замак Крывіч, што стаяў над Нёманам, аднак і там яны нічога не здабылі. Залога мужна адбівалася, а крыжакі неслі страты і цярпелі голад. Заставалася хутчэй вяртацца да схаваных запасаў.
Які жах апанаваў нямецкае рыцарства, калі на месцы і першага, і другога склада яны знайшлі толькі пабітую варту! У выніку захадаў Давыда Гарадзенскага ў ваколіцах таксама нельга было знайсці ніякай жыўнасці. Гэтак без бітваў вялікае крыжацкае войска было зможанае ў зямлі, якую прыйшло ваяваць. Мала хто з рыцараў дайшоў да Прусіі.
Генадзь САГАНОВІЧ
Пасля таго як месцазнаходжанне кіеўскага мітрапаліта было перанесена ва Ўладзімір-на-Клязьме, а потым у Маскву (1299), праблема мітрапольнай прыналежнасці беларусаў Вялікага Княства Літоўскага набыла асаблівае значэнне. Суверэнная дзяржава не магла спакойна глядзець на тое, як сумленне яе грамадзян падпарадкоўваецца маскоўскаму мітрапаліту, што фактычна азначала падпарадкаванне Маскоўскаму княству, бо ў Маскве ўладыка ішоў за манархам. Натуральнае імкненне Вільні захаваць самастойнасць сваіх хрысціянаў магло задаволіцца толькі стварэннем уласнай мітраполіі.
Паводле некаторых запісаў у грэцкім спісе архірэйскіх кафедраў, свайго першага мітрапаліта нашая дзяржава мела, відаць, у 1300 годзе, у часы княжання Віценя. Аднак апроч адной узгадкі болей ніякай інфармацыі пра гэта вядомыя крыніцы не данеслі.
Толькі ў 1317 годзе намаганнямі Гедзіміна ўтвараецца сталая асобная мітраполія ў Вялікім Княстве, кафедра якой месцілася ў Новагародку. Вядома, што ў жніўні таго года беларускі мітрапаліт Феафіл браў удзел у паседжаннях Канстантынопальскага сінода. Візантыйскім імператарам тады быў Андронік Палеалог Старэйшы, а канстантынопальскім патрыярхам - Іаан Гік. Першаму вядомаму мітрапаліту Вялікага Княства Літоўскага падпарадкоўваліся епархіі Полацкая, Пінская і Тураўская.
Аднак Масква не жадала страчваць манаполію на праваслаўных хрысціян Усходняй Эўропы і распачала барацьбу супроць асобнай кафедры ў Новагародку. У 1328 годзе беларускія епіскапы падпарадкоўваліся ўжо маскоўскаму мітрапаліту Феагносту. Праз год Гедзімін зноў здолеў пасадзіць свайго ўладыку ў Новагародку, і зноў Масква пачала дамагацца ліквідацыі кафедры канстантынопальскім патрыярхам.
Альгерду давялося развязваць тую ж праблему, што і яго бацьку Гедзіміну, - нанова ўтвараць асобную мітраполію ў сваёй дзяржаве. Ён хацеў, каб кафедра месцілася ў Кіеве, даўным цэнтры праваслаўя. І хоць у 1352 годзе Канстантынопаль не зацвердзіў Альгердавага кандыдата на кіеўскую кафедру, аддаўшы перавагу маскоўскаму Алексію, Літоўская мітраполія ўсё ж была адноўлена. Яе цэнтрам ізноў стаў Новагародак. Нашаму мітрапаліту Раману падпарадкоўваліся Полацкая і Тураўская, а потым і Галіцка-Валынская епархіі.
Не менш уважлівым да праблемы ўласнай мітраполіі быў Вітаўт. Умацаваўшы сваё становішча на пасадзе вялікага князя, ён рабіў захады па нейтралізацыі ўплыву Масквы на праваслаўныя дзяржавы, а таксама абмяркоўваў ідэю аб'яднання цэркваў. У 1406 годзе з яго ініцыятывы епіскапамі Вялікага Княства Літоўскага быў абраны свой мітрапаліт - полацкі ўладыка Феадосій. Калі ж Канстантынопаль зацвердзіў мітрапалітам маскоўскага кандыдата Фоція, Вітаўт забараніў яму візітаваць епархіі сваёй дзяржавы. На з'ездзе духавенства і свецкай арыстакратыі ў Новагародку ў 1415 годзе быў зноў абраны ўласны мітрапаліт Рыгор Цамблак, які на Канстанцкім саборы заклікаў да царкоўнай вуніі. Аднак і ён пратрымаўся не доўга, бо Канстантынопаль аддаў перавагу маскоўскаму Фоцію. Гэтак барацьба паміж Масквой і Вільняй вялася да 1458 года, пакуль асобная мітраполія Вялікага Княства Літоўскага не выдзелілася канчаткова.
Генадзь САГАНОВІЧ
У 1362 годзе, калі аслаб націск крыжакоў і Вялікае Княства Літоўскае ўсталявала добрыя дачыненні з Польшчай, Альгерд выступіў супроць татарскіх ордаў. Да яго войска далучылася рушанне з Кіеўшчыны ды Валыні.
Каб у генеральнай бітве разграміць сілы татараў, Альгерд пастанавіў ісці ўглыбкі іх уладанняў. З Беларусі ён прывёў войска ў Кіеў, які стаў базай паходу. Далей на поўдзень пачыналася тэрыторыя, падуладная Ардзе. Альгерду процістаялі злучаныя сілы трох татарскіх ордаў - Крымскай, Перакопскай і Ямбалуцкай. Глыбокай восенню харугвы Вялікага Княства пакінулі Кіеў ды накіраваліся ў заходнія землі Падоліі, насустрач татарам.
Бітва адбылася каля ракі Сінія Воды - левае прытокі Паўднёвага Буга, што пазней стала называцца Сінюхай. Татары паставілі сваё войска ў тры палкі, якімі кіравалі султаны Кутлубук, Качыбей і Дзмітр, - «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі». Альгерд жа размеркаваў свае харугвы ў шэсць палкоў так, каб яны ўтваралі як мага глыбейшую лінію абароны. Галоўным было не дазволіць праціўніку скарыстаць яго тактычныя перавагі, дзякуючы якім татары звычайна перамагалі ў палявых бітвах: разбуралі шыхты цяжкіх харугваў атакай па ўсім фронце, а потым імкліва заходзілі на флангі і ў тыл, што і вызначала зыход сечы.
Гэтым разам татары не здолелі атачыць войска Вялікага Княства і мусілі атакаваць яго шчыльныя шыхты. Ваяры Альгерда амаль без стратаў адбілі атаку ардынцаў. Тады ўжо князеўскія харугвы разам напалі на конніцу султанаў і адначасова з франтальным ударам атакавалі яе з флангаў. Татары не вытрымалі магутнага націску ды пачалі ўцякаць.
Арганізаваны пераслед праціўніка давяршыў поўны разгром татараў. Рэшткі іхнай конніцы ўцякалі да Дуная і далей, у Дабруджу. Вайсковая моц трох ордаў, якія валадарылі на вялізных абшарах ад Кіева да Чорнага мора, была знішчаная ў адной бітве. Пераможцы завалодалі татарскім абозам і пайшлі яшчэ глыбей у Дзікае Поле, да вусця Паўднёвага Буга.
Сеча каля Сініх Водаў, у якой асабліва вызначыліся новагародцы, мела вялікае палітычнае значэнне. Яна сталася пачаткам вызвалення ўсходнеславянскіх земляў ад ардынскага панавання. Падуладная татарам тэрыторыя ажно да вусцяў Дняпра, Днястра і нізавіны Паўднёвага Буга перайшла пад кантроль Вялікага Княства Літоўскага. Украінскія землі Падолля, Валыні і Кіеўшчыны, а таксама Чарнігаўшчына больш трывала ўвайшлі ў склад нашай дзяржавы і, зразумела, перасталі плаціць даніну Ардзе.
Разгром аб'яднаных татарскіх сілаў каля Сініх Водаў стаў першай буйной перамогай над ардынцамі ва Ўсходняй Эўропе. Яна была натхняльным прыкладам для ўсходніх славянаў, што цярпелі золатаардынскае ярмо. Поспех Альгерда каля Сініх Водаў падрыхтаваў другую вялікую перамогу над татарамі - разгром хана Мамая на Куліковым полі ў 1380 годзе.
На жаль, папярэдніца Кулікоўскай перамогі цяпер амаль забытая. Беларусы, продкі якіх здабывалі славу першага трыумфу над татарскай ардой, пра Сінія Воды, бадай, нічога не ведаюць. Ці не таму, што беларускія харугвы былі там з Альгердам, супернікам маскоўскага князя Дзмітра Данскога? Альгерда ж расейскія гісторыкі заўсёды выдавалі за «агрессора» і «разорителя». Хоць калісьці ў Беларусі была пра яго іншая памяць.
Генадзь САГАНОВІЧ
У сярэдзіне ХІV стагоддзя залежныя ад Вільні землі на ўсходзе сягалі межаў Разанскага і Цвярскога княстваў. У вышнявіне Акі ўдзельныя Рурыкавічы добраахвотна рабіліся васаламі Альгерда. Гэта вельмі трывожыла валадароў Маскоўскага княства, якое выступіла з уласнай праграмай збірання ўсходнеславянскіх земляў. Дайшло да ваенных сутычак паміж Масквой і Вільняй. Але ўжо ў 1348 годзе Альгерд і вялікі князь маскоўскі памірыліся. Праз два гады мір быў замацаваны дынастычным шлюбам: цвярскі князь Усевалад аддаў за Альгерда сваю дачку Ўлляну. На гэтай падставе Цвер, якая не жадала падпарадкоўвацца Маскве, зрабілася сталым хаўруснікам Вільні ды шукала ў яе абароны.
Гэтак было ў 1368 годзе, калі маскоўскі валадар Дзмітры Іванавіч (названы пазней Данскім) паслаў войска ваяваць цвярскія вёскі на правым беразе Волгі, а потым запрасіў да сябе ў Маскву цвярскога князя Міхаіла, арыштаваў яго ды кінуў у вязніцу. Па вызваленні князь Міхаіл адразу паспяшаўся да Альгерда і папрасіў яго заступніцтва, тым больш што Масква пагражала нападам на Цвер.
Рыхтуючыся да вайны з Вялікім Княствам Літоўскім, Дзмітры Іванавіч ужо ў 1367 годзе загадаў тэрмінова будаваць у Маскве «горад каменны». Аднак на мяжы доўгі час было ціха. Толькі ўвосень 1368 года Альгерд павёў войска на Маскву. Харугвы вырушылі з Віцебска. Яны пайшлі скрытна і ціха, таму ў Маскве не адразу даведаліся пра небяспеку. Атрымаўшы звесткі, маскоўскі князь парассылаў граматы па ўсёй дзяржаве з загадам хутчэй весці да сталіцы сабраных ратнікаў. Насустрач Альгерду выйшаў ваявода Дзмітры Мінін, які кіраваў перадавым палком, сфармаваным з войска Масквы ды жыхароў бліжэйшых гарадоў. У бітве каля Волака Ламскага, недалёка ад ракі Трасны, нашыя харугвы дазвання разграмілі гэтае войска і пайшлі проста на Маскву. Не сустракаючы болей ніякіх перашкодаў, Альгерд неўзабаве з'явіўся пад мурамі крамля.
Вялікі князь маскоўскі з войскам зачыніўся ў добра падрыхтаваным да абароны крамлі. Тры дні і тры ночы стаяў Альгерд пад высокімі сценамі маскоўскай цвердзі, але захапіць яе было немагчыма. З палоннымі ды ўсялякім дабром ён пакінуў Маскву і спакойна вярнуўся ў сваю дзяржаву.
Увосень 1370 года Дзмітры Іванавіч зноў напаў на Цвер, спустошыў нямала гарадоў і воласцяў. Цвярскі князь Міхаіл звярнуўся па дапамогу да Альгерда - і той рушыў у другі паход на Маскву. Разам з старым князем пайшлі яго сыны і браты, а таксама смаленскі князь Святаслаў, які вёў смаленскае войска. Шмат часу давялося змарнаваць каля Волака Ламскага, які Альгерд хацеў здабыць, таму ў Маскву харугвы прыйшлі толькі на пачатку зімы. Дзмітры Іванавіч зноў зачыніўся ў крамлі. Восем дзён доўжылася аблога, пакуль не пачаліся перамовы аб замірэнні. Як падае летапіс, вялікі князь маскоўскі прыслаў да Альгерда свайго баярына з прапановай міру, бо не мог чыніць яму паважнага адпору. Тады Альгерд пашкадаваў маскоўскага князя, «любоў сваю над ім учыніў, з Масквы яго не здабываў ды мір з ім узяў». Пасля гэтага Дзмітры Іванавіч выехаў з умацаванняў і дараваў Альгерду золата, срэбра, футры собаля ды іншыя каштоўнасці. Пад час тае сустрэчы, паводле летапісу, сказаў Альгерд: «...хачу пад горадам тваім Масквою дзіду сваю прыкланіці, і тую славу ўчыніці, што вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі Альгерд дзіду сваю пад Масквою прыкланіў». Сеўшы на каня, ён пад'ехаў да крамля і дакрануўся да яго дзідай. «Памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквою», - звярнуўся Альгерд да Дзмітра Іванавіча на развітанне.
Праз колькі часу мірнае пагадненне было падмацаванае новым дынастычным шлюбам: брат вялікага князя маскоўскага ажаніўся з Альгердавай дачкой Аленай. Аднак мір патрываў не доўга. У 1372 годзе цвярскі князь Міхаіл чарговы раз прасіў Альгерда дапамагчы яму ў барацьбе з агрэсіўнай Масквой. Улетку нашае войска рушыла ў трэці паход на ўсход. Зноў да вырашальнай бітвы не дайшло. Прастаяўшы колькі дзён пад Масквой, Альгерд пагадзіўся на новае замірэнне. Якраз у тыя гады Вялікае Княства вяло цяжкую барацьбу з нямецкім Ордэнам.
Генадзь САГАНОВІЧ
Смерць вялікага князя Альгерда выклікала глыбокі нутраны разлад у Вялікім Княстве Літоўскім. Старэйшыя сыны Альгерда не пагадзіліся з тым, што віленскі пасад атрымаў Ягайла. Першым супраць гэтага выступіў Андрэй Полацкі, які стаў зацятым супернікам Ягайлы. Згодніцтва апошняга з нямецкімі рыцарамі прывяло да таго, што стары Кейстут у 1381 годзе заняў Вільню, адабраў у свайго пляменніка ўладу і арыштаваў яго, але потым адпусціў на волю. А наступным летам ужо Ягайла пры падтрымцы нямецкіх рыцараў і месцічаў Вільні зняволіў дзядзьку ды замкнуў яго ў вежы Крэўскага замка, дзе 15 жніўня 1382 года князь быў задушаны. Сын жа Кейстутаў, Вітаўт, здолеў уцячы з няволі і знайшоў прыстанак у крыжацкім Мальбарку.
Захапіўшы вялікакнязеўскі пасад, Ягайла мусіў умацоўваць сваю ўладу, бо яго не прызнавалі князі Андрэй Полацкі, Зміцер Бранскі і сама галоўны супернік - Вітаўт, які пачаў вадзіць у землі Вялікага Княства нямецкіх рыцараў. Толькі ўлетку 1384 года Ягайла і Вітаўт паразумеліся. Вітаўт вярнуўся з Прусіі, атрымаў сваю Гарадзеншчыну і Берасцейшчыну. Аднак Андрэй Полацкі разам з сваёй Полаччынай аддаўся пад апеку Інфлянцкага ордэна. Так што становішча, у якім апынулася Вялікае Княства, было вельмі складанае.
Каб умацавацца, Ягайла шукаў хаўрусу з суседнімі дзяржавамі. Была магчымасць выбраць збліжэнне ці з Масквой, ці з Польшчай. Яшчэ пры канцы 1382 года Ягайла праз сваю маці Ўлляну правёў перамовы з Масквою і нават дасягнуў папярэдняй дамоўленасці з маскоўскім князем Дзмітрам Іванавічам. Прадугледжвалася, што Ягайла прыме хрысціянства ўсходняга абраду і ажэніцца з дачкой маскоўскага ўладара Соф'яй. Але калі Масква запатрабавала ад яго прызнаць сябе васалам («малодшым братам») князя Дзмітра Іванавіча і ахрысціць у праваслаўе «ўсю Літву», у Вільні адмовіліся ад такой перспектывы.
Знаходзячыся ў хісткім становішчы, Ягайла аддаў перавагу блоку з Польшчай, з пасламі якой вяліся перамовы яшчэ ў 1383 годзе. Вунія Вялікага Княства і Кароны тады адпавядала інтарэсам абодвух бакоў. Яна дазваляла аб'яднаць сілы абедзвюх дзяржаваў супроць агульнага ворага - крыжакоў. Нямецкая экспансія ў Польшчы дасягнула пагражальных памераў. Для палякаў важна было забяспечыць спакой сваіх межаў і з боку Вялікага Княства, бо ліцвіны толькі за адзін паход у 1376 годзе вывелі з Польшчы 23 тысячы палонных. У перспектыве польскія магнаты разлічвалі, відаць, на сваё дамінаванне ў вялікай суседняй дзяржаве. Іх асабліва вабілі абшары Валыні ды Падолля.
У студзені 1385 года віленская дэлегацыя правяла перамовы ў Кракаве, а ўлетку польскія ўпаўнаважаныя прыехалі ў Вялікае Княства. Акт вуніі быў падпісаны 14 жніўня ў Беларусі, у князеўскай вежы Крэўскага замка. Ягайла атрымаў права ажаніцца з польскай каралеўнай Ядзвігай і стаць каралём Польшчы. Дзеля гэтага ён абавязваўся прыняць каталіцтва і ахрысціць у яго братоў, сваякоў ды іншых падданых, вызваліць палонных хрысціянаў (палякаў), заплаціць 200 000 фларынаў за зрыў пагаднення аб шлюбе Ядзвігі з Вільгельмам Габсбургам, вярнуць забраныя і назаўсёды далучыць свае землі да Каралеўства Польскага.
Да канчатковага зацверджання вуніі дайшло ў 1386 годзе, пасля таго як Ягайла ахрысціўся на Вавельскай катэдры ў Кракаве, узяў шлюб з Ядзвігай і 4 сакавіка ўрачыста каранаваўся. Афіцыйна ён пачаў тытулавацца «каралём Польшчы, вярхоўным князем Літоўскім і дзедзічам Рускім».
З юрыдычнага боку акт Крэўскай вуніі азначаў інкарпарацыю Вялікага Княства ў склад Польшчы. Аднак на практыцы інкарпараваць такую моцную дзяржаву было немагчыма. З прычыны палітычнай актыўнасці незадаволеных вуніяй грамадскіх колаў Вялікага Княства Літоўскага гэты план так і не стаў рэчаіснасцю. Ужо ў 1386 годзе паўстаў князь Андрэй Полацкі, які лічыў, што калі Ягайла прыняў каталіцтва, дык ён не можа быць валадаром Вялікага Княства.
Што да самога акта Крэўскай вуніі, то ёсць меркаванне, нібыта ён (у тым выглядзе, у якім дайшоў да нас) сфальсіфікаваны ў ХV стагоддзі, каб апраўдаць прэтэнзіі палякаў на беларускія землі. Бо надта ж непраўдападобнымі выглядаюць астранамічны «выкуп» Ядзвігі і лёгкая згода Ягайлы інкарпараваць Вялікае Княства ў склад Польшчы. Пра гэта, дарэчы, гаварылі нашыя паслы яшчэ ў 1569 годзе на Люблінскім сойме.
Генадзь САГАНОВІЧ
Магдэбургскае, або майдэборскае, права ёсць права горада на самакіраванне, якое ўпершыню ўзнікла ў ХІІІ стагоддзі ў нямецкім горадзе Магдэбурзе, а затым хутка пашырылася па Эўропе.
У Беларусі граматы на магдэбургскае права выдавалі вялікія князі. Першай такую грамату атрымала ў 1387 годзе Вільня, потым Берасце (1390), праз год - Горадня, у 1441 годзе - Слуцак, у 1498 - Полацак, у 1499 - Менск. Самакіраванне давала гораду права на ўласны герб.
Магдэбургскае права мела бальшыня беларускіх гарадоў і мястэчак. Яно вызваляла гараджанаў ад феадальных павіннасцяў, ад суда і ўлады вялікакнязеўскіх старастаў, ваяводаў і іншых дзяржаўных асобаў. Гарадскім жыццём кіраваў выбарны магістрат, што складаўся з дзвюх «палатаў» - рады і лавы. Рада была непасрэднай гарадской уладаю, займалася маёмаснымі і цывільнымі судовымі справамі. Лава разглядала крымінальныя злачынствы.
У раду горад штогод выбіраў радцаў, або райцаў, у лаву - лаўнікаў. На чале рады стаялі таксама выбарныя бурмістры, у лаве старшыняваў прысланы вялікім князем войт або прызначаны ім з ліку месцічаў намеснік - лентвойт. Войт звычайна прысягаў на крыжы, што будзе верна служыць гораду.
Магістрат збіраў падаткі, сачыў за правільнасцю мераў і вагаў на рынках, абараняў інтарэсы гарадскіх гандляроў і рамеснікаў, што былі аб'яднаныя ў цэхі - своеасаблівыя сярэднявечныя прафсаюзы. Полацкі цэх гарбароў і кушняроў меў, напрыклад, зацверджанае гарадскімі ўладамі права за тры мілі ад горада адбіраць ва ўсіх майстроў-аднаасобнікаў тавар, а іх самых саджаць у турму. Гарадское паветра рабіла чалавека вольным. Сялян-уцекачоў, што сяліліся ў месце, магістрат браў пад абарону і не дазваляў вяртаць былому гаспадару, незалежна ад таго, быў ён просты шляхціч ці ваявода.
Наводзячы парадак, гарадскія ўлады не цырымоніліся з парушальнікамі. Полацкі мешчанін Марцін Какорка аднойчы ўзяў ды аблаяў бурмістра. Відаць, потым і дзесятаму заказаў, бо гарадскі кат публічна адлічыў яму на рынку сорак бізуноў, а рада на цэлы год забараніла аматару лаяцца са службовымі асобамі займацца сваім рамяством.
Багатыя жыхары хацелі кіраваць паўнаўладна, бяднейшыя змагаліся за свае правы. Месцічы вымагалі, каб іхныя дэпутаты правяралі ўсю дзейнасць магістрата. Такія ператрускі часам выяўлялі злоўжыванні, вельмі падобныя на сучасныя. Замяць некаторыя было цяжка, і тады парушальнікамі займаліся суддзі. Полацак доўга гаварыў пра суд над бурмістрам Даніэлем Клібневічам. Праз подкупы ён дамогся выбрання радцам свайго швагра Курбатовіча, прысабечваў падаткі і рознымі хітрыкамі паклаў у кішэню тысячу залатовак. Побач з ім на лаве падсудных сядзеў радца Міхневіч, які наклаў лапу на падаткі з полацкіх корчмаў. Бурмістр Мікола Зелядніцкі вызначыўся тым, што, карыстаючыся службовым становішчам, прызначыў свайго зяця Яна Лашкевіча магістрацкім пісарам і пачаў разам з ім чыніць суд не ў ратушы, як належыць, а ў сябе дома.
Але адкрытасць дзейнасці магістрата і строгая справаздачнасць перад месцічамі былі дастаткова надзейнымі перашкодамі для пашырэння карупцыі ды іншых злоўжыванняў. У чэрвені 1676 года ў Полацку адбыўся сход «магистратских особ всех трех сессий і посполитых», які запрапанаваў гарадскім уладам скласці падатковую ведамасць разам з «поспольством» (простымі гараджанамі) і, збіраючы падаткі, «не отступать як пана радного, так и посполитого, богатого и убогого, без ниякое коррупции, не так, як перед тем».
У Масковіі, а потым у Расейскай імперыі, дзе панавалі дзікія феадальныя парадкі, магдэбургскага права, паводле якога жылі эўрапейскія гарады, ніколі не існавала. Нядзіва, што, захапіўшы ў канцы ХVІІІ стагоддзя Беларусь, імператрыца Кацярына ІІ адразу ж выдала адмысловыя ўказы аб скасаванні самакіравання і ўсіх старых гарадскіх вольнасцяў.
Уладзімір АРЛОЎ
Вітаўт не мог доўга цешыцца становішчам служылага князя, у якім апынуўся пасля Крэўскай вуніі. Натхнёны падтрымкай апазіцыйных да Ягайлы сілаў, узімку 1389/90 года Вітаўт узняў супроць свайго брата ўзброенае паўстанне. Захапіць Вільню, у якой сядзела польская залога, не здолеў і мусіў уцякаць, як і ў 1382 годзе, да нямецкіх рыцараў. Ордэну ж з'яўленне Кейстутавіча было жаданай падставай для агрэсіі, таму крыжакі ўзяліся актыўна дапамагаць Вітаўту ў барацьбе за віленскі пасад. Балазе той стаў васалам прускіх рыцараў ды перадаў ім ва ўладанне Жамойць.
Адтуль, з Ордэна, пры дапамозе магістра Конрада Валенрода і яго крыжацкага войска Вітаўт распачаў сапраўдную вайну за ўладу. Ужо ў 1390 годзе паспрабаваў авалодаць Вільняй, у 1391-м захапіў замак у Горадні, а ў 1392-м заняў Новагародак і Мерач ды зноў стаў пагражаць сталіцы. Вітаўта падтрымлівалі шырокія колы грамадскасці, незадаволеныя цэнтралізацыйнай палітыкай Ягайлы. Яны змагаліся ў імя свайго краю, старой веры, старых звычаяў.
Ужо праз які год Ягайла, сутыкнуўшыся з моцнай ваеннай сілай і варожым стаўленнем насельніцтва Вялікага Княства да яго, пераканаўся, што без кампрамісу з Вітаўтам не здолее ўтрымаць пад сваёй уладай усю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Каб супакоіць Вітаўта, а галоўнае - развесці яго з крыжакамі, сама небяспечнымі ворагамі і Польшчы, і Вялікага Княства, ён пайшоў на таемныя перамовы са стрыечным братам. Вітаўту былі прапанаваныя ўладанні яго бацькі Кейстута - і той згадзіўся адмовіцца ад паслугаў Ордэна.
У канцы чэрвеня 1392 года Кейстутавіч выехаў з крыжацкага Рытэрсвэрдэна быццам бы для нападу на Панямонне, але потым нечакана вярнуўся, спаліў Рытэрсвэрдэн і яшчэ два рыцарскія замкі на Нёмане - Новую Горадню і Мецяны ды ўцёк на айчыну. За гэта крыжакі зацята помсцілі свайму былому васалу: у тым жа годзе напалі і спустошылі Вітаўтавы ўладанні, у 1394 годзе магістр Конрад фон Юнгінген з вялікім войскам некалькі тыдняў спрабаваў здабыць Вільню, ды не здолеў. А ў змрочных лёхах Мальбарка яшчэ шэсць гадоў пакутаваў Вітаўтаў брат Жыгімонт.
Тым часам Вітаўт і Ягайла памірыліся. 4 жніўня 1392 года на сустрэчы ў Востраве пад Лідай яны падпісалі пагадненне, паводле якога ўлада ў Вялікім Княстве пажыццёва перадавалася Вітаўту. Атрымаў ён і бацькаву вотчыну з Горадняй, Трокамі і Луцкам. Ягайла адрокся ад беспасярэдняга валодання сваімі ўдзеламі, якія меў у Княстве. Прысягнуўшы на вернасць Ягайлу, Вітаўт стаў гаспадаром нашай дзяржавы. Гэтак быў пакладзены канец дзесяцігадоваму нутраному закалоту, што трываў у Вялікім Княстве ад 1382 года. Спачатку з тытулам «князь літоўскі», а потым - «вялікі князь літоўскі ды пан і дзедзіч рускі» ды «вялікі князь Літвы і Русі» Вітаўт стаў адзіным уладаром краіны, хоць намінальна вярхоўны суверэнітэт Ягайлы над землямі Вялікага Княства яшчэ захоўваўся.
Атрымаўшы ўладу, Вітаўт пачаў умацоўваць дзяржаву знутры, цэнтралізаваць яе, утаймоўваць ўсялякі сепаратызм, ствараючы такім чынам магутнае эўрапейскае гаспадарства. І ўжо праз некалькі гадоў, падтрыманы сваімі служылымі князямі і баярамі, Вітаўт пайшоў на абвастрэнне стасункаў з Ягайлам. Толькі цяжкая параза на Ворскле ў 1399 годзе пабурыла яго далёкія планы. У 1401 годзе Ягайла і Вітаўт падпісалі новую, Віленскую вунію, паводле якой апошні пажыццёва пераймаў уладу над Вялікім Княствам як цэлым.
Менавіта пры Вітаўце Вялікае Княства стала вялікім не толькі паводле назову ды тэрыторыі (яго ўлада ахапляла больш за 900 000 квадратных кіламетраў), але і паводле палітычнае ролі ў міжнародным жыцці Эўропы.
Генадзь САГАНОВІЧ
Паводле летапісаў, у 1307 годзе Полацкая зямля, што была калыскаю беларускай дзяржаўнасці, мірна ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Полацак захаваў вялікую самастойнасць, якую новагародскія, а затым віленскія валадары неаднаразова падкрэслівалі пісьмовымі абяцаннямі «не рухаць старыны, не ўводзіць навіны». Напачатку становішча Полацкай зямлі ў новай дзяржаве нагадвала палітычны хаўрус. Дамова, што Вялікае Княства Літоўскае падпісала з Лівонскім ордэнам у 1338 годзе, называе полацкага князя, як і гаспадара ўсёй дзяржавы, каралём: «Гэты мір дакончаны ў дзень усіх святых са згоды магістра і ландмаршала і многіх іншых дастойных і рады Рыжскай і са згоды караля Літвы і яго дзяцей і ўсіх ягоных баяраў і са згоды епіскапа полацкага і караля полацкага»...
На знак прызнання асаблівага становішча крывіцкая зямля мела сваіх князёў, якія звычайна даводзіліся блізкімі сваякамі вялікім князям літоўскім. Полацкі валадар Васіль-Воін быў родным братам Гедзіміна. Пазней полацкі пасад заняў Гедзімінаў унук Андрэй, сын вялікага князя Альгерда.
Андрэй Полацкі быў старэйшы з дванаццаці Альгердавых сыноў. Ён паспяхова ваяваў з Лівонскім ордэнам і пасля бацькавай смерці разлічваў заняць пасад у Вільні. Аднак вялікім князем стаў Ягайла, а Андрэй з дружынаю мусіў падацца ў Масковію да князя Дзімітра, таго сама, якога неўзабаве назавуць Данскім.
У Полацак Ягайла прызначыў брата Скіргайлу. Прыязджаючы кіраваць у старажытную крывіцкую сталіцу, усе князі мянялі веру на праваслаўе. Скіргайла, яўна недаацаніўшы самапавагу палачанаў, наважыўся адступіць ад завядзёнкі і захаваў вернасць паганству. Скончылася гэта для яго вельмі сумна. Раз'ятраны збой полацкіх месцічаў прывязаў князя задам наперад да старой кабылы-шаўлюжкі і пад свіст і агатуканне пагнаў яе да гарадской брамы. Зняважаны Альгердавіч вярнуўся з моцным войскам, якое разам з лівонскімі рыцарамі ўзяло Полацак у аблогу. Чатыры месяцы палачане адстойвалі родныя сцены і перамаглі. Навука была Скіргайлу на карысць: зноў прыехаўшы праз колькі гадоў у Полацак вялікакнязеўскім намеснікам, ён прыняў хрост пад праваслаўным імем Іван.
Барацьба з Ягайлам дапамагла Андрэю Полацкаму вызначыцца на Куліковым полі. Палітычныя варункі штурхалі Вялікае Княства Літоўскае да альянсу з Залатой Ардой супроць агульнага ворага. Хан Мамай атрымаў ад Ягайлы абяцанне падтрымаць татараў збройнай сілай. Яго вораг Андрэй стаў пад сцягі маскоўскага валадара.
Беларускае войска спынілася за дваццаць вёрстаў ад Куліковага поля і на бітву не пайшло. Няварта загадваць, якой каляінаю пакацілася б наша гісторыя, каб Ягайла ўдарыў у спіну маскоўцам. Зрабіць гэтага ён проста не мог, бо ваяры-беларусы не захацелі ісці супроць аднаверцаў, добра памятаючы, як білі ардынцаў на Сініх Водах.
Андрэй Альгердавіч прывёў з сабою каля дзвюх тысяч полацкіх ратнікаў і ўзначаліў полк правай рукі - правы фланг маскоўскіх войскаў. Князь біўся ў адным шыхце з падначаленымі. На шостай гадзіне сечы полк левай рукі і палова вялікага палка паказалі татарскім шаблям ды арканам спіны. Правы фланг з палачанамі, хоць вакол яго і сціскаліся варожыя «абцугі», стаяў насмерць. Чаканне блізкай перамогі ўжо хмяліла Мамаю галаву, але тут у бітву ўступіў засадны полк. Палачане разам з тымі, хто выстаяў, перайшлі ў наступ, «и побегоша татарсции полци, а христианскии полци за ними гоняюще, бьюща и секуща».
Добра, калі хоць траціна Андрэевай дружыны вярнулася дахаты. Аднак і на радзіме не кожны з гэтых ваяроў памёр сваёй смерцю. Андрэй па-ранейшаму ваяваў з Ягайлам. Марачы пра вялікакнязеўскі пасад, ён уступіў у хаўрус з крыжакамі, назваў лівонскага магістра бацькам і дарагім сябрам і прызнаў сябе ягоным васалам. Крыжацкія мячы расчысцілі князю дарогу назад у Полацак, ды на кані яму давялося быць нядоўга. Андрэй быў разбіты і надоўга трапіў у вязніцу. Трымалі яго за кратамі на ўсялякі выпадак далёка ад дзвінскіх берагоў, у Польшчы. Адтуль князя вызваліў ужо наступны гаспадар Вялікага Княства Літоўскага - Вітаўт.
Доўгае і бурнае жыццё найстарэйшы Альгердаў сын скончыў, як і належыць ваяру, на полі бітвы. Вітаўтава войска ў 1399 годзе напаткала цяжкая параза ад татараў на рацэ Ворскле. Доўга балявалі там ваўкі і крумкачы. Пажываю ім была палова ўсіх воінаў Вялікага Княства, блізу шасці дзесяткаў славянскіх ды балцкіх князёў. Ратуючы сябе, баявыя таварышы пакінулі іх непахаванымі. Вусцішнае відовішча адкрывалася на месцы сечы праз колькі гадоў: безліч вымытых дажджамі чалавечых шкілетаў. Там, далёка ад роднай зямлі, трава прарасла і праз косці Андрэя Альгердавіча.
У дзень, калі ён астатні раз бачыў сонца, князю ішоў семдзесят пяты год. Ён застаўся ў гісторыі як апошні полацкі князь. Пасля яго местам і Полацкай зямлёй кіравалі ўжо вялікакнязеўскія намеснікі, а пасля на абшары колішняга княства было створана Полацкае ваяводства.
Тры стагоддзі Полацак заставаўся найбуйнейшым горадам Вялікага Княства.
Уладзімір АРЛОЎ
Войска нямецкага Ордэна і злучаныя сілы Вялікага Княства ды Польшчы сышліся на ўзгоркавым полі паміж тагачаснымі прускімі мястэчкамі Грунвальд і Танэнбэрг. Рыцары з'явіліся тут першыя і добра падрыхтаваліся да бітвы. Вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген размясціў артылерыю і арбалетнікаў, загадаў выкапаць і прыкрыць спецыяльныя ямы супраць конніцы непрыяцеля. Сабраныя тут сілы Ордэна сягалі 20 тысячаў.
Армія Вітаўта і Ягайлы была пастаўлена перад нямецкім войскам такім чынам, што ўтварала роўны па даўжыні фронт з праціўнікам. На правым фланзе стаялі 40 харугваў Вялікага Княства Літоўскага, каля паловы якіх прыйшлі з беларускіх земляў, - берасцейская, ваўкавыская, віцебская, гарадзенская, лідская, амсціслаўская, новагародская, пінская, полацкая, смаленская, старадубская ды іншыя. Апроч іх у складзе Вітаўтавых сілаў быў аддзел татарскай конніцы, якую прывёў хан Джэлал-ад-Дзін. Польскае войска складалася з 50 харугваў. Дапамагаць ім прыйшлі найманыя аддзелы чэхаў і мараваў. Разам хаўруснікі мелі велізарную армію - блізу 25-30 тысячаў.
Нямецкія рыцары імкнуліся выклікаць атаку непрыяцеля, каб яшчэ да сечы прычыніць яму страты падрыхтаванымі ямамі і артылерыйскім агнём. Яны нават адвялі свае перадавыя аддзелы назад. Раніцай 15 ліпеня 1410 года харугвы Вялікага Княства першымі кінуліся на ворага - спачатку лёгкая конніца, затым цяжкая. Палякі марудзілі і ўступілі ў бой пазней. Калі Вітаўт быў сярод свайго войска і беспасярэдне кіраваў ім у сечы, дык Ягайла знаходзіўся ў тыле, каля лагера, на высокім пагорку, з якога ажыццяўляў агульнае кіраванне злучанымі сіламі.
Дзве велізарныя арміі сутыкнуліся, і лютая сеча закіпела па ўсёй даўжыні фронту, аднак галоўныя сілы Ордэна на чале з маршалам Конрадам Валенродам памкнуліся на фланг Вялікага Княства. Прыкладна праз гадзіну ўпартай бітвы харугвы Вітаўта пачалі адступленне да свайго абозу, і рыцары кінуліся ў пагоню. Гэтак пачаў здзяйсняцца вырашальны для баталіі манеўр Вітаўта, узгоднены з Ягайлам. Ягонае войска не ўцякала, як пра тое пісалі многія гісторыкі, а дзейнічала паводле вызначанага плану дзеля парушэння баявых парадкаў цяжкаўзброеных рыцараў. Іх такім чынам рассейвалі па шырокай мясцовасці.
Толькі смаленскія харугвы, пакінутыя Вітаўтам, прыкрывалі правы фланг палякаў і неслі цяжкія страты. Тым часам рыцарская конніца, якая гналася за «ўцекачамі» да абозу арміі Вялікага Княства, была знішчаная, і харугвы зноў вярнуліся на поле бітвы. Яны ўдарылі з тылу па групоўцы Ульрыха фон Юнгінгена, захопленай сечай з палякамі. Неўзабаве харугвы магістра і правы фланг войскаў Тэўтонскага ордэна былі аточаныя і апынуліся ў двух вялізных катлах. Пачаўся разгром крыжацкай арміі. Частка яе вырвалася з атачэння і паспрабавала наладзіць абарону ў сваім умацаваным абозе, аднак хаўруснікі ўварваліся ў табар і ў асабліва крывавай сечы давяршылі знішчэнне галоўных сілаў Ордэна.
Перамога ў бітве пад Дуброўнаю (так называюць гэтую бітву беларускія летапісы) далася дарагой цаною. У чужую зямлю палегла палова ратнікаў, прыведзеных Вітаўтам, сярод якіх - тысячы беларусаў. Але палітычнае значэнне гэтай перамогі цяжка пераацаніць. Амаль дзвюхсотгадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход была спыненая. Разгромлены Ордэн так і не змог узнавіць сваіх ранейшых сілаў ды неўзабаве знік як самастойная дзяржава. Стасунак сілаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе змяніўся на карысць славянскіх краінаў. Вялікае Княства змагло адмовіцца ад нявыгадных умоваў вуніі 1401 года з Польшчаю і стала больш самастойным. Нарэшце, пасля разгрому Тэўтонскага ордэна яно атрымала амаль стагоддзе параўнальна мірнага існавання - да пачатку экспансіі Маскоўскай дзяржавы.
Генадзь САГАНОВІЧ
Разгром галоўных сілаў Тэўтонскага ордэна пад Дуброўнай (Грунвальдам) не прывёў да поўнай паразы нямецкай дзяржавы ў Прусіі. Торуньскае пагадненне 1411 года было кампрамісным і не магло задаволіць аніводны бок. Пры актыўнай падтрымцы Захаду новы магістр тэўтонцаў Генрых Пляўэн пачаў аднаўляць мілітарную моц Ордэна. Новая вайна з крыжакамі здавалася няўхільнай, таму Вітаўт і Ягайла палічылі патрэбным больш шчыльнае аб'яднанне сілаў.
Разам аб'ехаўшы землі Вялікага Княства Літоўскага, падпісаўшы ваенныя пагадненні з Масквой і татарамі, Вітаўт і Ягайла вырашылі прыняць умовы новай дзяржаўнай вуніі. Дзеля гэтага ў кастрычніку 1413 года ў Горадлі над Бугам сабраліся не толькі манархі, але і паны абедзвюх дзяржаваў. Прынятыя імі граматы - Ягайлы і Вітаўта, польскіх паноў і баярства Вялікага Княства - сталі актамі новай Гарадзельскай вуніі. Першай граматай пацвярджалася само аб'яднанне дзяржаваў. Пры гэтым упершыню была выразна прызнана самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага: яно захоўвала права на існаванне і па смерці Вітаўта; праўда, вялікага князя можна было выбраць толькі пасля ўзгаднення з Ягайлам і ягонай радай. Гэтаксама палякі бралі абавязак не выбіраць нікога каралём пасля Ягайлы, не ўзгадніўшы кандыдатуры з вялікім князем ды яго баярствам.
Панам і баярам Вялікага Княства, якія прынялі каталіцтва, былі пацверджаныя прывілеі, наданыя Ягайлам яшчэ ў 1386 годзе, а таксама гарантаваныя новыя. Яны атрымалі права поўнага распараджэння сваёй зямлёй і шырокія палітычныя свабоды. Іх павіннасці былі абмежаваныя толькі абавязкам узводзіць умацаванні і ўдзельнічаць у ваенных паходах на свае сродкі.
Дзеля шчыльнейшага збліжэння дзвюх дзяржаваў 47 баярскіх родаў Вялікага Княства Літоўскага абмяняліся гербамі з польскай шляхтай. Паводле польскага ўзору ў дзяржаве ўтвараліся ваяводствы і каштэляніі (спачатку толькі Віленскае і Троцкае). Але права на гэтыя пасады і ўсе прывілеі, гарантаваныя Гарадзельскай вуніяй, належалі толькі каталікам. Гэтак шырокімі свабодамі і гербавым пабрацімствам з польскай шляхтай прынятыя акты рабілі нашых паноў і баяраў прыхільнікамі вуніі.
Адной з прычын адкрыта каталіцкага характару Гарадзельскай вуніі было імкненне Вітаўта здабыць сімпатыі на Захадзе, пазбавіць заходняй падтрымкі Ордэн. Чыста праваслаўныя землі Беларусі - Віцебская, Полацкая, Смаленская - не бралі ніякага ўдзелу ў Гарадзельскім з'ездзе і акты вуніі іх не датычылі. Яны заставаліся аўтаномнымі вобласцямі дзяржавы.
Акты Гарадзельскай вуніі зрабілі каталіцтва прывілеяванай рэлігіяй дзяржавы, з прычыны чаго канфесійная праблема ў Вялікім Княстве пачала набываць асаблівае значэнне. Хоць пастанова, якая забараняла праваслаўным займаць важныя дзяржаўныя пасады, не заўсёды і не абавязкова выконвалася, тым не менш яна была сур'ёзнай падставай нутранога разладу ў грамадстве.
Генадзь САГАНОВІЧ
У часе паўвекавога княжання Казіміра Ягайлавіча, калі ў Вялікім Княстве стабілізавалася нутраное жыццё, паспяхова развівалася гаспадарка, хутка павялічвалася колькасць насельніцтва, быў складзены першы з вядомых збораў феадальнага права. Гэта так званы Судзебнік 1468 года - каштоўны помнік заканадаўства, які адлюстраваў пэўны этап развіцця нашай дзяржаўнасці. Зацвярджаўся ён у Вільні 29 лютага на нарадзе вялікага князя з панамі-радаю ды «з усім паспольствам».
У свой час польскі гісторык В.Мацяеўскі называў яго «беларускім статутам» не толькі таму, што гэты кодэкс быў напісаны на старабеларускай мове. Ён увабраў нормы звычаёвага беларускага права (разам з даўнымі нормамі гэтак званай «Рускай праўды»). Судзебнік уяўляў з сябе зборнік з 25 артыкулаў, у якім былі сістэматызаваныя прававыя нормы аб пакараннях за крымінальныя злачынствы (што складалі толькі частку крымінальнага права) ды аб павіннасцях грамадзян на гаспадара. Ён, у прыватнасці, абараняў усіх уладальнікаў ад наездаў і гвалту (гвалтаўніка прыцягвалі да суда вялікі князь ці паны-рада), прадугледжваў абавязковае выкананне судовай пастановы, пазбаўленне годнасці і ўсіх правоў наўзамен смяротнага пакарання для шляхціча і пазбаўленне асабістай свабоды - для нешляхціча, вызваляў ад пакаранняў сям'ю злачынца, уводзіў прынцып індывідуальнай адказнасці кожнага, патрабаваў вяртаць законным уладальнікам знойдзеныя рэчы і жывёлу, а таксама замацоўваў прыгонную залежнасць сялян, а ўсіх жыхароў абавязваў падтрымліваць у належным парадку дарогі і масты. У артыкулах зборніка замацоўваўся таксама шэраг іншых важных нормаў, якія потым паспяхова ўдасканальваліся і пашыраліся ў далейшай працы над сістэматызацыяй права.
Праўда, паралельна з існаваннем Судзебніка, які выкарыстоўваўся, бадай, толькі ў цэнтральных абласцях дзяржавы, іншыя землі па-ранейшаму паслугоўваліся сваім мясцовым правам. Неабходнасць умацавання дзяржаўнага суверэнітэту Вялікага Княства стымулявала далейшую працу па кадыфікацыі права, што неўзабаве прывяло да стварэння «аднаго права» для ўсіх земляў - першага Статута. Нормы, выкладзеныя ў Судзебніку, нязменна дзейнічалі да таго часу, пакуль не былі пашыраныя і дапрацаваныя ў Статуце 1529 года. Аднак тыя, што не ўвайшлі ў Статут, заставаліся актуальнымі і надалей.
Судзебнік 1468 года паклаў пачатак новаму этапу развіцця права і заканадаўчай дзейнасці дзяржаўных органаў, які арганічна завяршыўся стварэннем Статутаў Вялікага Княства Літоўскага - найбольш дасканалых зводаў законаў у тагачаснай Эўропе. У галіне прававой культуры наша дзяржава апярэдзіла сваіх суседзяў.
Паводле тэрміналогіі і выкладзеных формулаў да Судзебніка Казіміра Ягайлавіча вельмі блізкі быў і першы зборнік прававых нормаў Маскоўскай дзяржавы - Судзебнік маскоўскага князя Івана ІІІ, выдадзены ў 1497 годзе. Тлумачыцца гэта тым, што складальнікі маскоўскага зводу карысталіся законам Вялікага Княства Літоўскага ды шмат з яго запазычылі.
Генадзь САГАНОВІЧ
Пры канцы ХV стагоддзя аб'яднаная і моцная Маскоўская дзяржава ўсутыч падышла да межаў Вялікага Княства Літоўскага. У зацятым процістаянні Вільня пачала страчваць ініцыятыву яшчэ на пачатку панавання Казіміра Ягайлавіча, калі той падпісаў з Масквой «вечны мір» у 1449 годзе. Паводле дамовы наша дзяржава адмаўлялася ад актыўнай ролі на сумежных землях. Вось жа дзякуючы такой пазіцыі Вільні маскоўскі валадар неўзабаве падпарадкаваў Цвер, пасля Разань. Ноўгарад Вялікі сам прасіў у Казіміра Ягайлавіча дапамогі, калі Масква яго занявольвала, але той нічога не зрабіў для падтрымкі Ноўгарадскай рэспублікі.
У 1480-х гадах служылыя людзі Маскоўскай дзяржавы без абвяшчэння вайны пачалі пустошыць суседнія воласці Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўскі валадар Іван ІІІ, які пасля шлюбу з Соф'яй Палеалог пераняў у візантыйскіх цэсараў і герб (двухгаловага арла), і палітычную дактрыну, адкрыта запатрабаваў ад вялікага князя Казіміра «Полацка, Віцебска, Смаленска і ўсіх іншых земляў рускіх». Масква абвяшчала сябе адзінай пераемніцай былой Русі ды бралася «збіраць» усе ўсходнеславянскія землі.
Іван ІІІ рыхтаваўся да адкрытай вайны і сачыў за справамі ў нашай краіне. Як толькі памёр Казімір Ягайлавіч, улетку 1492 года на захад рушылі маскоўскія ваяводы. Скарыстаўшы зручны момант, яны занялі Мцэнск, Любуцк, Масальск, Сярпейск, Вяземшчыну. Абараняць іх не было сілаў. Смаленскі ваявода Юры Глябовіч здолеў-такі вярнуць некалькі захопленых гарадоў, аднак у 1493 годзе маскоўскае войска зайшло яшчэ далей. Іван ІІІ прасіў свайго хаўрусніка крымскага хана нанесці ўдар па Вялікім Княстве з поўдня, а да мазавецкага князя і магістра Тэўтонскага ордэна накіраваў паслоў дзеля ўтварэння ваеннага блоку супраць Ягайлавічаў.
Вайна была зусім нечаканай для нашага гаспадарства, якое спадзявалася на трываласць «вечнага міру» з Масквой. Каб перапыніць агрэсію, новы вялікі князь Аляксандар паслаў да Івана ІІІ сваіх упаўнаважаных са скаргамі і прапановамі. У хана Заволжскай Арды і караля Польшчы ён прасіў дапамогі, крымскага хана спрабаваў схіліць на свой бок, аднак ніхто не спяшаўся заступіцца за Вялікае Княства Літоўскае. Толькі ў 1494 годзе віленскім паслам удалося падпісаць замірэнне з маскоўскім валадаром. Паводле дамовы Вільня страчвала на карысць Масквы вялізныя тэрыторыі, у прыватнасці Вязьму і землі на вышнявінах Акі. Мірнае пагадненне было замацавана шлюбам Аляксандра з Іванавай дачкой Аленай.
Здавалася, сваяцтва манархаў палепшыць узаемадачыненні дзяржаваў, аднак гэты шлюб толькі ўскладніў іх. Іван ІІІ рыхтаваўся да новай вайны, спрабаваў уплываць на Аляксандра як на свайго зяця ды скіроўваў на Вялікае Княства крымскіх татараў. Урэшце, спасылаючыся на пераслед тут праваслаўнай царквы, у 1500 годзе Іван ІІІ яшчэ да абвяшчэння вайны накіраваў на яе сваіх ваяводаў. Шматтысячнае войска заняло Бранск, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, іншая групоўка здабыла Дарагабуж і збіралася ісці на Смаленск, а з Вялікіх Лукаў на Тарапец рушыла трэцяя маскоўская армія. Падбухтораныя Іванам ІІІ, з поўдня наляцелі крымскія татары, якія спустошылі Берасцейшчыну, спалілі пасады Берасця і Камянца.
У гэтай крытычнай сітуацыі насустрач маскоўскім ваяводам паспяшаўся найвышэйшы гетман Канстанцін Астрожскі. За Смаленскам ён даведаўся, што вораг мае 40-тысячнае войска, а ў гетмана было толькі блізу чатырох з паловай тысячаў. І ўсё ж трэба было бараніць межы. «Мала ці многа маскавітаў будзе, ды толькі ўзяўшы Бога ў падмогу біцца з імі, а не біўшыся - назад не вяртацца», - цвёрда вырашыў Астрожскі ды пайшоў на маскоўскае войска.
Трагічная бітва адбылася 14 ліпеня 1500 года каля рэчкі Ведраша, за Дарагабужам. Харугвы Астрожскага напачатку нават паціснулі маскоўскую конніцу, аднак дыспрапорцыя сілаў была занадта вялікая. У няроўнай сечы палеглі амаль усе, хто прыйшоў з Астрожскім да Ведрашы, а сам гетман трапіў у палон. Вялікае Княства пацярпела першую ў палявой бітве адчувальную паразу ад Масковіі.
Просячы дапамогі, Аляксандар рассылаў паслоў да валадароў іншых дзяржаваў - заволжскага хана, маскоўскага гаспадара, інфлянцкага магістра, сваіх братоў караля польскага Яна Альбрэхта і караля вугорцаў ды чэхаў Уладзіслава, аднак рэальную падтрымку ён атрымаў толькі ад Інфлянцкага ордэна, які ўступіў у вайну супроць Масквы. Маскоўскія ваяводы з вялікімі сіламі ўрываліся ў Беларусь і пустошылі землі Амсціслаўшчыны, Віцебшчыны і Полаччыны, палілі Воршу ды іншыя гарады. Толькі ў 1503 годзе, стаміўшыся, Іван ІІІ пайшоў на замірэнне. Паводле падпісанай дамовы, да Маскоўскай дзяржавы адышлі вялікія абшары з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Ноўгарад-Северскі, Рыльск, Любеч, Пуціўль, Хоцімск, Бранск, Любуцк, Дарагабуж, Невель, Вяліж ды іншымі. Як адзначыў у сваёй «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» Аляксандар Гваніні, «за адзін ваенны паход і за адзін год Масквіцін захапіў усё тое, што шмат гадоў і з вялікімі цяжкасцямі здабываў вялікі князь літоўскі Вітаўт».
Гэтак трагічна пачалося ХVІ стагоддзе для Вялікага Княства - абарончымі войнамі супроць Маскоўшчыны, стратай вялікіх тэрыторый, спусташэннямі воласцяў і знішчэннем гарадоў.
Генадзь САГАНОВІЧ
У ліпені 1506 года больш за 12 тысяч крымскіх татараў на чале з Беці-Гірэем і Бурнашам уварваліся ў межы Вялікага Княства Літоўскага. Пераправіўшыся каля Лоева цераз Дняпро, яны пайшлі проста да Слуцка, потым да Клецка і адтуль рассылалі свае загоны на вялікіх абшарах Беларусі.
Хворы вялікі князь Аляксандар быў якраз са сваім дваром у Лідзе, калі даведаўся, што набліжаюцца татары. Магло дайсці да трагедыі. Гаспадар Аляксандар даручыў выбіваць татараў гетману найвышэйшаму Станіславу Кішку і маршалку дворнаму князю Міхалу Глінскаму, а яго самога тэрмінова павезлі назад у Вільню.
Татары не дайшлі нейкай мілі да Ліды, у якой знаходзіліся паны-рада, ды пачалі паліць і рабаваць вёскі ваколіцаў. Кішка з Глінскім хутка сабралі блізу 6 тысячаў паспалітага рушання і ўжо пад Лідаю, сутыкнуўшыся, разбілі невялікі загон наезнікаў. Потым шляхоцкія харугвы пайшлі ў Новагародак і тры дні стаялі там, здабываючы інфармацыю пра галоўныя сілы арды. Злоўленныя пад Гарадзішчам татары паведамілі, што іх галоўны кош размешчаны каля Клецка. Вось тады Кішка і Глінскі павялі войска праз Асташын, Палонку, Ішкальд на Клецак.
Пад Ішкальдам натрапілі на загон татараў з 500 коннікаў і разграмілі яго, але некалькі чалавек паспелі ўцячы ды папярэдзіць пра небяспеку свае галоўныя сілы.
Нашае войска спынілася нанач недалёка ад Клецка, у вёсцы Ліпа, а раніцай наступнага дня (6 жніўня, у сераду) рушыла проста на татараў. Гетман найвышэйшы Станіслаў Кішка раптам занядужаў і замест яго пры поўнай згодзе старэйшых чыноў каманду над харугвамі пераняў Міхал Глінскі.
Калі Глінскі падвёў войска да Краснага Ставу і ракі Лань, татары ўжо стаялі на процілеглым беразе падрыхтаваныя да бітвы. Абстрэльваючы з лукаў нашы харугвы, яны не давалі ім пераправіцца цераз Лань. Некалькі гадзін вялася перастрэлка. Тым часам войска Глінскага падрыхтавала дзве гаці і ўсімі сіламі пачало пераправу. Аднак па правай гаці конніца перайшла хутчэй, чым па левай, дзе знаходзіўся князь Глінскі. Заўважыўшы гэта, татары разам наваліліся на правае крыло і шмат каго ў ім пабілі. Тады паспяшаўся Глінскі, які з левым крылом скончыў пераправу ды што было моцы заатакаваў татараў, разразаючы іх войска на дзве паловы. Пашматанае правае крыло паспела ачуцца ды таксама кінулася на ворага. Гэтак частка татараў апынулася ў атачэнні. Яны не вытрымалі націску і пачалі ўцякаць.
Вершнікі князя Глінскага доўга яшчэ гналіся за рэшткамі татарскіх загонаў, забіваючы і беручы ў палон хіжых наезнікаў. Яны пераймалі іх на розных дарогах - каля Слуцка, Петрыкава, на Ўкраіне. Мала хто з вялікага войска вярнуўся ў крымскія ўладанні.
А пад Клецкам, дзе была здабытая першая буйная перамога Вялікага Княства над крымскімі татарамі, чакалі вызвалення дзесяткі тысяч жыхароў Беларусі, якіх татары збіраліся весці ў няволю.
Генадзь САГАНОВІЧ
На зыходзе 1512 года Маскоўская дзяржава распачала новую вайну за «искони русские земли» - Беларусь і Ўкраіну, што ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага і пад уладаю Маскоўшчыны ніколі не знаходзіліся.
Фарпостам Княства на ўсходзе быў старажытны беларускі горад Смаленск. У ліпені 1514-га яго ўзяло ў аблогу велізарнае 80-тысячнае войска маскоўцаў, папоўненае наёмнікамі з заходнеэўрапейскіх краінаў. Па гарадскіх умацаваннях амаль бесперапынна білі трыста гарматаў. Ваявода Юры Салагуб капітуляваў.
Натхнёны поспехам маскоўскі князь Васіль ІІІ кінуў свае войскі ўглыб Беларусі. Услед за Смаленскам здаліся ворагу Крычаў, Амсціслаў і Дуброўна. Крамлёўскі валадар быў настолькі ўпэўнены ў сваёй перамозе, што пад час адной з застоліц загадаў сваім ваяводам «войскі літоўскія і польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць». Над дзяржаваю сапраўды навісла смяротная небяспека.
Вялікі князь Жыгімонт Стары здолеў сабраць пад свае сцягі ў Менску толькі трохі болей за 30 тысяч ваяроў. Тут былі 16 тысяч коннікаў паспалітага рушання Вялікага Княства пад камандаваннем славутага гетмана Канстанціна Астрожскага, 14 тысяч польскіх конных жаўнераў, тры тысячы найманай пяхоты і 2500 шляхцічаў-добраахвотнікаў з Польшчы. Жыгімонт з чатырохтысячным войскам застаўся ў Барысаве, а асноўныя сілы на чале з Астрожскім рушылі насустрач варожай ардзе. Пры канцы жніўня адбыліся першыя сутычкі з ворагам на рэках Бярэзіне, Бабры і Друці.
Пасля некалькіх паразаў расейскае войска спынілася паміж Воршай і Дуброўнай на рэчцы Крапіўне. Тут і адбылася вырашальная бітва. Частка конніцы Астрожскага ўброд і наўплаў - без стратаў - пераправілася цераз Дняпро. Астатнія коннікі, пяхота і артылерыя пераадолелі раку трохі вышэй, па таемна наведзеным наплыўным мосце. Палкі Канстанціна Астрожскага пачалі шыхтавацца насупроць стану маскоўцаў уначы з 7 на 8 верасня. У цэнтры гетман паставіў 16 тысячаў ліцьвінскай конніцы, па баках - палякаў. Наперадзе былі сабраныя сама трапныя стралкі.
На досвітку пад гукі трубаў і бубнаў маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца павялі палкі ў першую атаку. Астрожскі звярнуўся да сваіх ваяроў з кароткай гарачаю прамовай: «Мужныя рыцары! Няхай доблесць і мужнасць вашы будуць вартыя слаўных бацькоў!..»
Няўдача першай атакі не надта збянтэжыла Чалядніна і Голіцу: у іх была амаль трохразовая перавага - 80 тысяч супроць 30. Такая самаўпэўненасць саслужыла ваяводам дрэнную службу. Яны кепска ўзаемадзейнічалі і нават не лічылі патрэбным дапамагаць адзін аднаму. Калі ваяры Астрожскага ўдарылі па палках Булгакава-Голіцы, Чаляднін ад бою ўхіліўся, а калі ўдар абрынуўся на ягоных ваяроў, Голіца адплаціў тым сама.
Спроба абысці нашае войска і наляцець з тылу не ўдалася, і пасля паўдня маскоўскія ваяводы кінулі на праціўніка галоўныя сілы. Сеча дасягнула найвышэйшага напалу. Гетман быў сярод сваіх жаўнераў. Ягоная ўзнятая над галавою булава дадавала мужнасці слабейшым.
І раптам здарылася нечаканае: конніца Астрожскага завагалася, спыніла націск, а потым і наагул пакацілася назад. Расцягнутыя баявыя парадкі маскоўцаў з пераможнымі крыкамі перайшлі ў наступ. Колькі хвілінаў коннікі і сапраўды ўцякалі, а тады знячэўку крута павярнулі ўбок. Расейская дваранская конніца апынулася перад пакінутымі ў засадзе гарматамі.
Смяротны град артылерыі спыніў атаку. Чужынцы, збіваючыся ў бязладныя натоўпы, замітусіліся і паказалі нядаўнім «уцекачам» спіны. Конніца Астрожскага рассекла сціжму заваёўнікаў на часткі і рассеяла іх па шырокім прырэчным полі. Ворагаў гналі і секлі яшчэ пяць вёрстаў. Вада ў Крапіўне пачырванела ад крыві і, паводле падання, выйшла з берагоў, бо целы мноства забітых загацілі раку. Шмат хто знайшоў сваю смерць у Дняпры, у навакольных лясах і балотах.
Летапісы і кронікі паведамляюць, што маскоўская раць страціла забітымі блізу 40 тысячаў. Чаляднін, Булгакаў-Голіца і яшчэ восем ваяводаў трапілі ў палон. Разам з імі ў руках у пераможцаў апынуліся дзве тысячы «дзяцей баярскіх» і тры тысячы шэраговых воінаў. Прыгаломшаны весткаю пра поўны разгром свайго войска Васіль ІІІ абвясціў, што ўсе палонныя для яго - мёртвыя, і кінуў іх на вырак лёсу. Булгакаў-Голіца вярнуўся ў Масковію толькі ў 1552 годзе.
Аршанская бітва стала адной з найбуйнейшых у Эўропе ХVІ стагоддзя. Бліскучая перамога нашай зброі аддала ініцыятыву вайны ў рукі Вялікага Княства. Усе захопленыя маскоўцамі гарады, апроч Смаленска, былі вызваленыя. Пачаў развальвацца накіраваны супроць Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага таемны альянс Маскоўшчыны і эўрапейскіх дзяржаваў. Крымскія татары, уражаныя перамогаю пад Воршай, на два гады спынілі набегі на Княства і павярнулі сваіх коней у бок Маскоўшчыны.
У снежні 1514 года вялікі гетман Канстанцін Астрожскі трыумфальна ўступіў у сталіцу дзяржавы Вільню. У гонар перамогі на ягоныя сродкі там былі збудаваныя праваслаўныя храмы Святой Тройцы і Святога Мікалая, якія захаваліся дагэтуль.
Апісанне бітвы пад Воршай змешчанае ў «Кроніцы» Мацея Стрыйкоўскага. Праз некалькі гадоў пасля перамогі невядомым мастаком было створанае жывапіснае батальнае палатно, на якім адлюстраваны адзін з эпізодаў сечы. На карціне, што захоўваецца цяпер у Нацыянальным музеі ў Варшаве, можна ўбачыць баявыя бел-чырвона-белыя сцяжкі беларускіх ваяроў. Гэта першая па часе выява нашага нацыянальнага сцяга. Памяць пра слаўную перамогу ўвасобілася і ў беларускай народнай песні:
Ой, у нядзельку параненька
Узышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Сялецкім таборам.
А ў таборы трубы йграюць,
Да ваяцкае парады зазываюць,
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршы здабываці:
А ці з поля, а ці з лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
А ні з поля, а ні з лесу,
Толькі з рэчкі невялічкі.
А ў нядзельку параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы,
Каля рэчцы на прыгорцы:
Гучаць разам з самапалаў,
З сяміпалых ад запалаў.
Б'юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці.
А як з Воршы ўцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як нашая слава тутака прапала;
Бадай высыхала да сканчэння свету
Што нашай славанькі ўжо нету».
Слава Воршы ўжо ня горша
Слаўся, пан Астрожскі!
У 1992 годзе ў дзень гадавіны бітвы пад Воршай на пляцы Незалежнасці ў Менску адбылася прысяга беларускіх вайскоўцаў на вернасць свайму народу.
Уладзімір АРЛОЎ
У прадмове да гэтай кнігі, якая называлася «Псалтыр», ён пісаў: «І відзячы такавыя пажыткі ў так малой кнізе, я, Францішак Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, павялеў Псалтыру ціснуці... наперад ка чці і к пахвале Богу ў тройцы адзінаму і прачыстай яго мацеры Марыі... а потым к пажытку паспалітага, добрага, наболей з тое прычыны, іжэ мя міласцівы Бог з таго языка на свет пусціў».
Ён пакінуў нашчадкам перакладзеныя на блізкую да народнай мову біблейныя кнігі і гэтым увёў Беларусь у агульнаэўрапейскую цывілізаваную сям'ю.
Ён застаўся ў гісторыі як беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар.
Як наш першы пісьменнік - празаік і паэт - што служыў не эліце або нейкаму аднаму саслоўю, а ўсяму народу.
Як гуманіст, што пакінуў надзвычай сугучны нашаму часу запавет: «Тое чыніці іншым ўсім, што самому люба ёсць ад іных ўсіх. І таго не чыніці іным, чаго сам не хошчашы ад іных меці. Такі закон прыроджаны, напісаны ёсць у сэрцы адзінага кажнага чалавека».
Застаўся, як выдатны перакладнік з некалькіх старажытных і новых моваў.
Як рэдактар і выдавец, што дасягнуў найвялікшай суладнасці слова і друкарскага мастацтва.
Як патрыёт, пяру якога належыць сама прачулы за ўсю беларускую гісторыю, геніяльна просты хваласпеў любові да Бацькаўшчыны: «Панежэ ад прыраджэння звяры, ходзячы ў пустыні, знаюць ямы свае, птушкі, лётаючы па воздуху, ведаюць гнёзды свае, рыбы, плаваючы па моры і ў рэках, чуюць віры свае, пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае,... так і людзі, дзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць».
Як волат усяго эўрапейскага Адраджэння, што не толькі стаў упоравень з сваімі сучаснікамі Эразмам Ратэрдамскім або Марцінам Лютэрам, але ў нечым і апярэдзіў іх.
Скарынава Біблія выйшла ў свет раней за нямецкую Лютэраву. Кніга кніг выдатнага палачаніна стала першай друкаванаю Бібліяй ва ўсходне- і паўднёваславянскіх народаў. Яна з'явілася амаль на паўстагоддзя раней за польскую Біблію і на 47 гадоў раней за «Апостала» Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца.
Сын народа, што жыве на эўрапейскім памежжы, ён геніяльна знітаваў ў сваёй творчасці традыцыі візантыйскага Ўсходу і лацінскага Захаду.
Ён аздобіў свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, па якіх можна вывучаць тагачаснае беларускае жыццё - побыт, адзенне, тэхніку будоўлі. Смела адступаючы ад канонаў, ён падаў у Бібліі ўласны партрэт. Нават самога Бога чытачы ўбачылі без узаконенага царкоўнымі ўладамі німба.
За парушэнне царкоўных правілаў выдання Бібліі Скарыну маглі б не меней за трынаццаць разоў спаліць на вогнішчы як ерэтыка. Галоўным жа «злачынствам» быў сам яе пераклад дзеля таго, каб натхнёную Богам, але чалавечую кнігу мудрасці мелі магчымасць чытаць усе.
Скарынава жыццё было напоўненае падарожжамі па Эўропе, узлётамі да вышыняў славы і горкімі расчараваннямі. У ім адбілася ўся тая вірлівая, авантурная і ўзнёслая эпоха.
Ён сустракаўся з Лютэрам і дыскутаваў у Вільні з сусветна вядомым медыкам і алхімікам Парацэльсам. Быў сакратаром і прыдворным лекарам у віленскага біскупа Яна. Запрашаўся на службу да апошняга магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбургскага, які надаў яму шляхоцтва. Браў удзел у складанні Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 года.
Імкнучыся пашырыць святло навукі сярод блізкіх па крыві ўсходніх суседзяў, ён прывёз вялікую партыю сваіх выданняў у Маскву, прапанаваў тамтэйшым свецкім і духоўным валадарам наладзіць кнігадрукаванне і замест удзячнасці ўбачыў, як на загад вялікага князя маскоўскага з ягоных кніг склалі вялізнае вогнішча.
За братавы даўгі крэдыторы пасадзілі Скарыну ў турму, адкуль яго вызваліў сам вялікі князь Жыгімонт Стары. На знак прызнання заслугаў вучонага палачаніна перад Айчынаю манарх даў яму адмысловы прывілей: «няхай ніхто, апрача нас саміх або спадкаемцаў нашых, не мае права прыцягваць яго да суда і судзіць, якой бы ні была важнай ці нязначнай прычына яго выкліку ў суд... няхай ніхто не адважыцца затрымліваць або арыштоўваць яго самога ці ягоную маёмасць пад страхам цяжкага пакарання... Дайце названаму доктару Францішку, якога мы прынялі пад сваю апеку, магчымасць карыстацца і валодаць прыгаданымі вышэй правамі, ільготамі і прывілеямі. Забараняю наогул умешвацца ў яго справы, учыняць яму які-небудзь гвалт, змушаць да выканання нейкіх павіннасцяў ці гарадскіх службаў нароўні з іншымі жыхарамі таго горада, які ён сам абярэ для жыцця».
Такім горадам неўзабаве пасля вяртання з вязніцы на волю для Францішка Скарыны стала Прага, дзе ён і скончыў свой зямны шлях, пакінуўшы па сабе мноства таямніцаў.
Дагэтуль дакладна невядома ні калі ён прыйшоў на свет, ні калі навекі заручыўся з зямлёю. Невядома, у каго ён працаваў сакратаром перад экзаменам на годнасць доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце - у караля Даніі ці ў гаспадара Дакіі (Валахіі)? Невядома, хто ствараў для ягоных кніг гравюры. (Некаторыя даследнікі лічаць, што першадрукар быў і выдатным мастаком.) Вучоныя спрачаюцца пра ягонае веравызнанне, пра час паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт, пра тое, хто ж у сапраўднасці займаў у чэшскага караля пасаду садоўніка - Францішак Скарына ці італьянец Франчэска Банафардэ...
1990 год ЮНЕСКО абвясціла годам Скарыны. Ягонае 500-годдзе адзначалася ў Беларусі, у Летуве і Латвіі, у Злучаных Штатах Амэрыкі і Аўстраліі, у Расеі і Польшчы - паўсюль, дзе жывуць беларусы, дзе ведаюць пра слаўны вычын нашага земляка.
Уладзімір АРЛОЎ
Звестак пра выдатнага беларускага паэта-лацініста Міколу Гусоўскага захавалася надзвычай мала. Дакладна невядомыя ні гады жыцця, ні месца нараджэння і вучэння, ні ягоны апошні зямны прыстанак, але бясспрэчна тое, што ён добра ведаў жыццё, характар, звычаі і гісторыю беларусаў, быў патрыётам Вялікага Княства Літоўскага.
Гісторыкі літаратуры лічаць, што будучы паэт мог з'явіцца на свет у сям'і вялікакнязеўскага палясоўшчыка або паляўнічага. Згадваючы юнацтва, Гусоўскі пісаў:
Змалку ад бацькі вучыўся ў бясконцых абходах
Крокам нячутным ступаць, каб нішто не шурхнула...
Колькі патоў ён, бывала, зганяў з мяне ў зімнюю сцюжу,
Коп'і шыбаць прымушаючы з бегу наводмаш!
Колькі нагледзеўся смерці, наслухаўся енку
У пушчах, пакуль мяне, сына, вучыў палясоўшчык.*
(* Урыўкі з «Песні пра зубра» падаюцца ў перакладзе Язэпа Семяжона.)
Граматай Мікола авалодаў у кафедральнай або царкоўна-прыходскай школе, а потым удасканальваў веды ў Вільні, Польшчы і ў Італіі. Запісы ў дакументах Кракаўскай і Балонскай альма-матэр дазваляюць выказаць меркаванне, што Гусоўскі вучыўся ў гэтых славутых эўрапейскіх універсітэтах.
Лёс звёў паэта з біскупам Эразмам Вітэліусам, які зрабіўся ягоным апекуном і сябрам. Блізкасць да вялікага князя Аляксандра і бліскучыя здольнасці дазволілі Вітэліусу заняць пасаду сакратара вялікакняскай канцылярыі. Эразм быў вядомы пры эўрапейскіх дварах дыпламат, няраз узначальваў адказныя пасольскія місіі. У 1518 годзе пасольства Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага на чале з Вітэліусам выехала ў Рым. Мецэнат узяў з сабою паэта, для якога падарожжа сталася шчаслівым.
Паслы мелі на мэце схіліць папу да стварэння альянсу хрысціянскіх краінаў супроць Асманскай імперыі (Турэччыны) і яе васалаў - крымскіх татараў, якія ледзь не штогод учынялі спусташальныя набегі на землі Княства і Кароны. Папа Леў Х быў тонкі знаўца паэзіі і мастацтва, а таксама любіў паляванне. Пад уплывам аповядаў біскупа Вітэліуса пра пушчы далёкай радзімы папа пажадаў мець праўдзівы паэтычны твор пра паляванне на ляснога волата зубра. Мецэнат даручыў выканаць просьбу Міколу Гусоўскаму.
Пісаць на замову самога папы было вялікім гонарам, аднак паэта натхняла не толькі магчымасць здабыць эўрапейскую славу, але і імкненне паслужыць Бацькаўшчыне - сказаць свету пра яе гісторыю, яе веліч і славу, заклікаць дапамагчы ёй перад небяспекаю з усходу.
Створаная ў 1522 годзе на лаціне, тагачаснай міжнароднай мове літаратуры і навукі, паэма Гусоўскага атрымала назоў «Песня пра аблічча, дзікасць зубра і паляванне на яго», або, скарочана, проста «Песня пра зубра». Валадар беларускіх пушчаў з паэтавай ліры стаў вобразам і сімвалам роднай зямлі. Мікола з Гусава стварыў велічны гімн свайму краю, яго прыродзе, мужнай і прыгожай душы народа. Ён зняпраўдзіў пашыраныя тады ў Эўропе міфы пра дзікасць сваіх суайчыннікаў, паказаў Княства як эўрапейскі бастыён змагання з турэцка-татарскай пагрозаю.
Войны вядзём мы за ўвесь безудзельны свяшчэнны
Брацкі саюз хрысціянства з навалай з усходу.
Вораг страшэнны адольвае нас і зламысна
Рэжа пад корань наш род і вучэнне Хрыстова
У душах народаў на ўсіх заняволеных землях.
Там, дзе арда саранчой прапаўзе, застануцца
Толькі асмолкі ды печышчы, попел ды косці,
Зграі варон ды чароды сабак адзічэлых.
Бог барані, калі нас перамогуць прышэльцы!
Лепш ужо смерць нам усім без пары, чым такая
Доля - жыццё пад'ярэмнае ў цяжкай няволі.
У 1522 годзе, калі стваралася «Песня пра зубра», у Італію прыйшла чума. Яе страшны ўраджай быў такі вялікі, што ў Рыме не хапала трунаў і нябожчыкаў кідалі проста ў Тыбр. Пошасць забрала жыццё Эразма Вітэліуса, не пашкадавала і папу Льва Х. Гусоўскі з абурэннем глядзеў на тое, як у сталіцы хрысціянства адраджаюцца паганскія звычаі і прыносяць ахвяры даўнейшым багам. Гэтым часам ён піша свой выдатны верш-малітву «Да святога Себасцяна», дзе заклікае неба спыніць чумную пошасць і ўратаваць даведзеных да роспачы людзей.
Застаўшыся без магутных апекуноў, паэт страціў магчымасць выдаць сваю паэму ў Вечным горадзе. Па небяспечных эўрапейскіх дарогах едзе ў Кракаў, разлічваючы на дапамогу вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай адукаванай італьянкі Боны Сфорца. З яе падтрымкаю ў кастрычніку 1523 года ён выдаў сваю адзіную прыжыццёвую кнігу, куды ўвайшлі «Песня пра зубра» і напісаныя ў Рыме вершы. У прысвячэнні каралеве Боне паэт пісаў: «Дзяржава абапіраецца больш на мужнасць духу, чым на сілу цела, пра што сведчаць як грэкі, так і рымляне. Яны былі наймагутнейшымі якраз тады, калі квітнелі навукі і мастацтва».
Гусоўскі звяртаўся да валадароў з просьбаю ўзяць пад сваю абарону ўсіх таленавітых людзей, каб яны маглі працаваць на карысць дзяржавы, не думаючы пра кавалак хлеба. Гэты заклік застаўся непачуты. Кароль і прыдворныя хутка забыліся пра выдатнага паэта. Апошнія свае гады ён пражыў у нястачы, пакутуючы ад хваробаў і адзіноты.
Эўрапейская слава і прызнанне прыйшлі да Міколы Гусоўскага толькі праз чатыры стагоддзі. «Песня пра зубра» была перакладзеная на польскую, летувіскую, расейскую ды іншыя мовы. Па-беларуску яе перастварылі Язэп Семяжон, Уладзімір Шатон і Наталля Арсеннева. У 1980 годзе, калі адзначалася 500-годдзе паэта, ЮНЕСКО ўключыла яго імя ў каляндар міжнародных датаў выдатных дзеячоў славянскае культуры!
Уладзімір АРЛОЎ
Леў Сапега паходзіў са старажытнага праваслаўнага беларускага роду, карані якога былі на Смаленшчыне. Будучы вялікі канцлер Вялікага Княства Літоўскага нарадзіўся 4 красавіка ў 1557 годзе ў вёсцы Астроўна, якая цяпер у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці. Шасцігадовага хлопчыка бацькі завезлі ў Нясвіж, дзе ягоным апекуном і мецэнатам стаў князь Мікалай Радзівіл Чорны.
Тым часам Нясвіж быў адным з культурных цэнтраў Вялікага Княства. Высокім роўнем адукацыі славілася адчыненая Радзівіламі школа. Якраз тады ў тамтэйшай друкарні Сымон Будны выдаў свае беларускія кнігі. Мікалай Чорны вызнаваў кальвінізм, але пры яго двары панавала талеранцыя, што назаўсёды заклала ў душу Сапегі непрыняцце рэлігійнага фанатызму.
Схільнасць да навукаў, выдатныя здольнасці і вольнае валоданне некалькімі мовамі спрыялі таму, што князь Радзівіл паслаў трынаццацігадовага Льва разам з сваімі сынамі вучыцца ў Ляйпцыгскі ўніверсітэт. Там Сапега вывучаў гісторыю, філасофію і права. Са сценаў альма-матэр ён выйшаў ужо добра і ўсебакова падрыхтаваным палітыкам. Сваёй адукаванасцю і выдатным веданнем лацінскае мовы Сапега ўразіў вялікага князя Сцяпана Батуру. З парады сваіх апекуноў Радзівілаў малады палітык застаўся пры двары, каб бараніць інтарэсы Вялікага Княства, якое на Люблінскай вуніі 1569 года вымушанае было пайсці на небяспечнае збліжэнне з Польшчай.
У няпоўныя дваццаць тры гады ён ужо займаў пасаду сакратара Княства. Адданы патрыёт Бацькаўшчыны, Сапега вёў паспяховую палітыку процістаяння імкненню Кароны да поўнай гегемоніі над Вялікім Княствам. Умацаванню становішча Сапегі паспрыяла распачатая Маскоўшчынай вайна. Сваім коштам ён стварыў і ўзброіў гусарскі полк, на чале якога здабыў вайсковую славу ў бітве пры Вялікіх Луках і ў аблозе Пскова.
Пасля вайны Леў Сапега ўзначаліў пасольства ў Маскву і падпісаў мірную дамову, паводле якой Масква мусіла вярнуць Полаччыну і Інфлянты. Гэта была вялікая дыпламатычная ўдача, і, вярнуўшыся на радзіму, кіраўнік пасольства быў прызначаны падканцлерам, а потым і вялікім канцлерам - другім чалавекам у дзяржаве пасля вялікага князя. Захоўваючы гэтую пасаду на працягу трыццаці з лішнім гадоў Леў Сапега, па сутнасці, вызначаў нутраную і замежную палітыку Княства.
Вялікі князь Жыгімонт Ваза даручыў яму кіраўніцтва падрыхтоўкаю Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага. Прыняцце ў 1588 годзе гэтага сама прагрэсіўнага на той час у Эўропе зводу феадальнага права было бліскучай палітычнай перамогаю Сапегі. Статут ніяк не спрыяў зліццю Вялікага Княства з Каронай, бо захаваў артыкулы пра самастойнасць Княства ў складзе канфедэрацыі і забарону палякам займаць тут пасады і набываць зямлю. Новы звод законаў быў выдадзены пад асабістым наглядам Сапегі, з ягонымі прадмовамі і ягоным коштам.
Захаванню самастойнасці Княства служыла і стварэнне пры беспасярэднім удзеле Сапегі Галоўнага трыбунала Літоўскага - найвышэйшага апеляцыйнага суда, пастановы якога мелі сілу пастановаў сойма.
Вялікі канцлер, хоць і вызнаваў каталіцтва, быў прыхільнікам вуніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, што, на ягоную думку, заклікана была ўмацаваць дзяржаву. У сваіх лістах да полацкага вуніяцкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча Сапега неаднаразова засцерагаў уладыку ад гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да праціўнікаў вуніяцтва.
Пры канцы жыцця Леў Сапега колькі гадоў быў вялікім гетманам. І тут ён паказаў сябе не толькі таленавітым ваяводам, але і чалавекам, што інтарэсы Айчыны ставіць вышэй за ўсё іншае. Калі на Вялікае Княства напалі шведы, вялікі гетман і ягоны сын Ян аддалі на барацьбу з ворагам усё сваё багацце.
Вялікія заслугі ён мае і як мецэнат, што дапамагаў мастакам і пісьменнікам. Паэт ХVІ стагоддзя Андрэй Рымша ў сваёй одзе на герб Льва Сапегі пісаў:
При которих з оружъем конный воин стоить,
Знаком того иж ся з них не один не боить.
Служить своим спадарем ку каждой потребе,
Не литуючи скарбов, ни самого себе.
Рупнасцю Сапегі былі ўпарадкаваны і перапісаны некалькі сотняў тамоў Літоўскай Метрыкі - архіва нашай дзяржавы, які з'яўляецца бясцэннай гістарычнай крыніцай. Перад сконам, які надышоў у 1633 годзе, ён шчодра адарыў уфундаваныя родам Сапегаў храмы і быў пахаваны ў адным з іх - віленскім касцёле Святога Міхала.
Уладзімір АРЛОЎ
Дата нараджэння Буднага дакладна невядомая, лічыцца, што гэта адбылося каля 1530 года. У чатырнаццацігадовым узросце будучы знакаміты мысляр-гуманіст паступіў на факультэт вольных мастацтваў Кракаўскага ўніверсітэта. Правёўшы ў ягоных сценах блізу дзесяці гадоў, Будны атрымаў выдатную адукацыю. На старонках ягоных твораў чытач сустракаецца з імёнамі Арыстотэля і Плятона, Дэмасфена і Цыцэрона, Вергілія і Гарацыя, Ціта Лівія і Плінія Старэйшага, Эразма Ратэрдамскага, Францішка Скарыны, Івана Фёдарава... Магчыма, пасля Кракава ён скончыў яшчэ тэалагічны факультэт пратэстанцкага Базэльскага ўніверсітэта.
У 1558 годзе Сымон Будны прыехаў у Вільню і стаў катэхізістам - пратэстанцкім настаўнікам, які па нядзелях, аўторках, пятніцах і святочных днях па-беларуску выкладаў дарослым і дзецям асновы рэфармацыйнага вучэння. Выявіўшы бліскучыя здольнасці, праз два гады ён атрымаў падвышэнне - пасаду прапаведніка ў Клецку. Тут Будны намерыўся заняцца яшчэ і друкаванай прапагандаю ідэяў гуманізму і Рэфармацыі. Разам з нясвіжскім старастам Мацеем Кавячынскім і кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнам Крышкоўскім з фінансавай падтрымкаю беларускіх магнатаў Астафея Валовіча і Мікалая Радзівіла Чорнага Будны заснаваў у 1562 годзе ў Нясвіжы адну з першых у Беларусі друкарняў. Сюды з Вільні быў перавезены шрыфт, якім у свой час карыстаўся Скарына. Пры друкарні была, дарэчы, збудаваная і паперня.
Поўны назоў першай кнігі Буднага, што выйшла з нясвіжскай друкарні 10 чэрвеня 1562 года, чытаецца так: «Катехисис, то ест наука стародавная христианская от светого писма, для простых людей языка руского, в пытаниях и отказех собрана». Аўтар «Катэхізіса» выклаў свае тагачасныя рэлігійна-філасофскія, палітычныя і педагагічныя ідэі. «Каждый господар, - пісаў ён, - цар ли, княз ли, воевода ли, или боярин, или мещанин, кто бы только мел подданных, повинен им сие три речи: напервей выхованье, потом науку, а третье наказанье». Бачачы пагрозу паланізацыі, філосаф рашуча выступіў у абарону беларускай мовы. У «Посвящении» да «Катэхізіса» ён звяртаецца да князёў Радзівілаў з такімі словамі: «Абы ваши княжацкие милости не только в чужеземских языцех кохали, але, бы ся теж и того здавна славного языка словенского розмиловати и оным ся бивити рачыли. Слушная бо реч ест, абы ваши княжацкие милости того народу языка миловати рачили, в котором давные предки отци ваших княжацких милости славные преднейшие преложенства несуть».
У тым жа 1562 годзе з нясвіжскага друкарскага варштата сышоў яшчэ адзін беларускамоўны твор Буднага - «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», які да нашых дзён не захаваўся.
Неўзабаве Будны становіцца адным з ідэйных правадыроў беларускай Рэфармацыі і ўзначальвае яе радыкальную плынь - так званых антытрынітарыяў. Яны, вядомыя яшчэ як «літоўскія браты» і арыяне, выступалі супроць бальшыні царкоўных абрадаў і догматаў, адмаўлялі Святую Тройцу, не верылі ў замагільны свет і неўміручасць душы. Адстойваючы свае погляды, Будны разгарнуў чынную літаратурна-публіцыстычную і выдавецкую дзейнасць. Велізарных намаганняў патрабаваў ад яго і пераклад на польскую мову Бібліі, які выйшаў у свет у 1572 годзе.
Па смерці Мікалая Радзівіла Чорнага Будны знаходзіць сабе новага магутнага апекуна і брата па веры - беларускага магната Яна Кішку. У сваім замку ў Лоску гэты мецэнат стварае друкарню і робіць свайго падапечнага яе паўнапраўным гаспадаром. Тут Сымон Будны выдае шэраг кніг, сярод якіх Новы запавет з прадмоваю і каментарамі, трактаты «Аб дзвюх прыродах Хрыста», «Аб свецкай уладзе», «Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры».
Філосаф выступае за творчую свабоду асобы і супроць рэлігійнага фанатызму, піша пра неабходнасць засваення культуры іншых народаў і выкрывае праваслаўных дзеячоў, што адмяжоўваліся ад здабыткаў заходнеэўрапейскай навукі і асветы. Ён перакладае з французскай мовы і друкуе кнігу «Пра фурый, або Французскія вар'яцтвы», дзе апавядалася пра жудасныя падзеі Варфаламееўскай ночы, калі каталікі выразалі тысячы пратэстантаў. Пераклад гучыць як папярэджанне грамадству Вялікага Княства Літоўскага, у якім таксама ішла рэлігійная барацьба. Высокую адзнаку адукаваных чытачоў атрымліваюць і пазначаныя несумненным літаратурным талентам вершы Буднага.
Пры канцы жыцця мысляр разышоўся ў поглядах з былымі паплечнікамі. Ён даказваў, што валоданне ўласнасцю, праца на дзяржаўных пасадах, удзел у войнах не пярэчаць духу Эвангелля. За гэта «літоўскія браты» выключылі Буднага з сваёй супольні. Ён мусіў пакінуць Лоск, жыў у розных выпадковых мецэнатаў і ў 1593 годзе ў беларускім мястэчку Вішнева сустрэў сваю смерць.
У Нясвіжы захаваўся будынак, дзе месцілася друкарня Сымона Буднага. Непадалёку ад яго стаіць помнік выдатнаму гуманісту і асветніку.
Уладзімір АРЛОЎ
Ішла Інфлянцкая вайна (у расейскай гістарыяграфіі яна мае назоў Лівонскай). Маскоўскія ваяводы дратавалі Беларусь, неслі на яе зямлю смерць і здзекі. Маскоўшчына рыхтавалася да вялікага паходу. Іван Жахлівы марыў захапіць Полацак - найбуйнейшы і найбагацейшы горад нашай краіны.
У расейскай гістарычнай літаратуры існуе даўная традыцыя ідэалізацыі цара Івана ІV. Яго называюць выдатным дыпламатам, філосафам, таленавітым пісьменнікам. З вядомых прычынаў гэтая тэндэнцыя паспяхова развівалася ў гады сталіншчыны. У тагачасным бестсэлеры - рамане В.Костылева «Иван Грозный» цар-бацюхна верна служыць народу, кладзецца спаць і ўстае з адным клопатам - «как служить Богу и как истреблять врагов России». Гэты погляд зняпраўджваюць самі ж знакамітасці расейскай гістарычнай навукі. М.Кастамараў называў Івана ІV «чудовищем, которое лжет в каждом слове», а В.Ключэўскі - «зверем от рождения».
Ён з дзяцінства меў садысцкія схільнасці - напрыклад, любіў глядзець, як канаюць скінутыя ім з высокіх крамлёўскіх дахаў таварышы ягоных гульняў. З гадамі садызм зрабіўся для цара жыццёвай патрэбаю: ён уласнаручна забіваў колішніх сяброў, абарваў сынава жыццё. Эўропа глядзела на яго як на дэспата, роўнага якому не было ні ў Старым, ні ў Новым свеце. Крывавая тыранія напоўніла краіну даносчыкамі і катамі. Менавіта гэты маскоўскі валадар пакінуў Расеі ў спадчыну ўжо цалкам сфармаванае азіяцкае самаўладдзе, што трымалася на тэроры супроць свайго народа. Не Грозным, а Жахлівым называлі яго на паняволеных землях.
Іван ІV асабіста ўзначаліў полацкі паход. Калі верыць маскоўскім пісцам, цар вёў 200 тысяч конніцы, 60 тысяч пяхоты і 80 тысяч абозных. Гісторыкі лічаць такія лічбы моцна завышанымі і пагаджаюцца на 60 тысяч воінаў, але гэта ўсё адно была велізарная сіла. Войска мела 200 гарматаў, у тым ліку чатыры вялікія сценабітныя і 36 камене- і вогнекідальных. Гарматы, порах ды іншы вайсковы рыштунак цягнула на сабе цэлае войска - 40 тысяч «чорных людзей». 31 студзеня 1563 года гэтая арда спынілася на дзвінскіх берагах. Перад ёю ляжала галоўная цвердзь Вялікага Княства - горад з дзевяцівежавым замкам, з дванаццаццю манастырамі і васемнаццаццю храмамі.
Зусім невялікі параўнальна з непрыяцелем гарнізон здавацца тым не менш не збіраўся. Палачане нават учынілі начны вылаз з мэтаю адбіць у ворага артылерыю. Абаронцы горада маглі б вытрымаць доўгую аблогу, каб не памылкі полацкага ваяводы Станіслава Давойны. Першы раз ён спудлаваў, выправіўшы з горада - каб паменшыць колькасць едакоў - дзве тысячы сялянаў, што ўмацоўвалі сцены. Царскія людзі палавілі іх і прымусілі паказаць лясныя ямы з гарадскімі запасамі збожжа. Другі раз Давойна схібіў, калі адвёў абаронцаў у замак і падпаліў астрог з пасадамі. Пад прыкрыццём густога дыму стральцы ўварваліся ў места і перацягнулі туды гарматы. У той дзень палоннымі сталі 11 тысяч навакольных сялянаў, што хаваліся ад захопнікаў за полацкімі сценамі. Варожая артылерыя ўжо магла страляць па замку простай наводкай. Апрача таго, маскоўцы падвялі падкоп і ўзарвалі вялікі парахавы прыпас, ад чаго выгарала трыста сажняў сцяны. Тым часам маскоўскае воінства плюндравала Прыдзвінне, выпальваючы ад Дзісны да Дрысы вёску за вёскай.
14 лютага цар загадаў біць з вогненных гарматаў, і за пяць гадзін да світання фартэца загарэлася. Пасля сёмага варожага прыступу ваявода Давойна з дэпутацыяй у складзе полацкага епіскапа Арсеня і лепшых людзей ад шляхты выйшаў з замка і папрасіў літасці. Полацкая шляхта і пяцьсот каронных рыцараў адмовіліся здавацца і адбіваліся яшчэ некалькі дзён, але лёс горада быў вырашаны.
Цар дакляраваў пакінуць абаронцам Полацка волю і маёмасць. Ваявода Давойна, быццам забыўшыся, што дзяржаўнага слова ў Маскоўшчыне ніколі не трымалі, выступіў з фартэцы з усім войскам і артылерыяй. Пасмяяўшыся з веры палачанаў у ягоныя абяцанні, цар Іван акружыў палонных моцнай аховаю і загадаў пяць дзён не даваць ім есці. Мірных гараджанаў выгналі ў поле і таксама ўзялі пад варту. Гарадскі скарб, уласнасць купцоў, шляхты і ўсіх заможных жыхароў цар прысабечыў і адаслаў у сваю сталіцу. Абяцаную волю атрымалі толькі польскія рыцары. Яны мусілі паведаміць свайму гаспадару Жыгімонту Аўгусту, што маскоўскі валадар вайны не прагне, а хоча толькі вярнуць «свае» Валынь, Галіччыну і Беларусь да самай Вільні.
У Полацку жыло шмат юдэяў. Ім, ад старых да немаўлятаў, выпала страшная доля - загінуць пад лёдам Дзвіны і Валовай азярыны. Пскоўскі летапіс апавядае: «Которыя были в городе люди жидове, и князь великий велел их с семьями в воду в речную вметати и утопили их». Такі ж лёс напаткаў каталікоў. Царскія татары пасеклі шаблямі манахаў-бернардзінаў і пусцілі дымам іхны храм. У той дзень апошні раз маліліся Богу і браты-дамініканы. Цар наказаў без усякага суда пазбаўляць жыцця ўсіх, хто хрысціцца не па-праваслаўнаму. Пасля той разні ў горадзе з'явіліся першыя каталіцкія святыя - пакутнікі Адам, Дамінік і Пётра, што загінулі ад стралецкіх шабляў. Паданне кажа, што ў Полацку, калі трэба было змацаваць грамату пячаткай, цар выганяў усіх прэч, каб не бачылі, як з ягоных рук крапае кроў.
Горад ператварыўся ў велізарнае пажарышча. Згарэла ўся яго ўмацаваная частка, дзе было тры тысячы двароў. Ваяводу Давойну з жонкаю і дзецьмі, епіскапа Арсеня, знаных полацкіх шляхцічаў Неміровіча, Корсака, Ешманаў ды іншых цар адправіў у Маскоўшчыну. Акупанты абвясцілі ўсіх месцічаў палоннымі, панішчылі полацкае рыцарства, якое адмовілася перайсці на службу да тырана. Стральцы на вачах у мужоў і бацькоў гвалцілі паважных кабет і маладзенькіх дзяўчатак. Шляхту, мяшчанаў, усіх, хто хаваўся ў месце, Іван загадаў вязаць і гнаць на ўсход.
Удзельнік вайны італьянец Аляксандар Гваніні, які быў віцебскім камендантам, у сваёй «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» паведамляе, што маскоўскі цар вывеў з Полацка 50 тысяч палонных. Польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі (ён на той час таксама служыў у Віцебску) дадае, што гналі іх не па-хрысціянску, а як юдэяў да Вавілона: і кабет, і дзяцей вялі злыганых вяроўкамі і абы-як апранутых. Людзей амаль не кармілі, і яны сотнямі паміралі на зімовых дарогах ад голаду і марозу. Амаль нікому з палоннікаў не пашчасціла вярнуцца на Бацькаўшчыну. Тых, хто не застаўся ў сумётах, у Маскоўшчыне развезлі па розных гарадах і сядзібах. 665 палачанаў па царовым наказе зарэзалі ў вязніцах.
У аддзеле рукапісаў Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Пецярбурзе захоўваецца «Псалтыр» другой паловы ХVІ стагоддзя, дзе можна прачытаць: «Написана сия книга рукою многогрешного и недостойного раба божего Ивана полонянина полоцкого в заключении и во двоих путах связанного».
Уладзімір АРЛОЎ
Захапіўшы беларускае Прыдзвінне, маскоўцы ўвялі жорсткія акупацыйныя парадкі. Сялянаў і месцічаў гналі ў Маскоўшчыну або змушалі цалаваць крыж на вернасць цару і ваяваць супроць братоў. Даведаўшыся пра непрыхільнасць да новае ўлады, царскія ваяводы пасылалі карныя атрады, якія знішчалі цэлыя вёскі, не літуючы ні жанчын, ні дзяцей. Заваёўнікі занеслі з сабою чуму, што пачалася ў 1563-м і касіла людзей чатыры гады. У рукі да ворагаў трапіла бібліятэка Сафійскага сабора. Каб вынішчыць памяць палачанаў пра сваю дзяржаву і колішнія вольнасці, царскія служкі палілі ці вывозілі старажытныя граматы. Магчыма, якраз тады Беларусь страціла бясцэнны Полацкі летапіс.
Пад маскоўскія гарнізоны ў Прыдзвінні ўзводзіліся новыя замкі. Аўтар «Запісак пра Маскоўскую вайну» Рэйнгольд Гейдэнштэйн пісаў: «На пскоўскай дарозе на паўвыспе паміж рэкамі Дрысаю і Нішчаю супроць літоўскіх фартэцаў Дзісны і Дрысы маскавіты пабудавалі фартэцы: Сокал і Нешчарду на возеры з тым жа назовам, Сітна па дарозе на Вялікія Лукі; потым Каз'ян на рацэ Обалі і Ўсвят на суднаходнай рацэ таго сама назову, што зліваецца з Дзвіною каля Суража. Каз'ян супроцьстаяў Уле, Усвят - Віцебску і Суражу. На левым баку Дзвіны цар пабудаваў у вусці аднайменнай ракі Туроўлю, а на месцы вельмі ўмацаваным і абваколеным з усіх бакоў вадою (на возеры Суша за трыццаць вёрстаў ад Туроўлі) узведзена фартэца Суша, што пагражае Літве. Апрача таго, ён дадаў да пералічаных замкаў Красны, які таксама ляжыць на высокім месцы ў кірунку да Літвы».
Паслам вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, якія прыехалі ў Маскву падпісаць замірэнне, Іван ІV паставіў загадзя невыканальную ўмову - вярнуць Інфлянты (Лівонію) і Полацкую зямлю. Між тым у часе перамоваў царскія палкі ўжо збіраліся ў Вязьме, Дарагабужы і Смаленску ў новы паход. Вайна, якая з Інфлянцкай ператварылася ў Полацкую, працягвалася.
Полацкаму намесніку Пятру Шуйскаму было наказана выступіць да Воршы і, сустрэўшыся паблізу яе з ваяводамі Сярэбранымі-Абаленскімі, «выпальваючы Літву», ісці на Менск і Новагародак. Шуйскі з 25-тысячным войскам рухаўся, быццам па сваёй зямлі, - дазоры наперад не пасылаў, панцыры і зброю вёз на санях - і быў за гэта жорстка пакараны.
Даведаўшыся пра рух непрыяцеля, наш вялікі гетман Мікалай Радзівіл, што стаяў у Лукомлі, узяў з сабою адборных коннікаў і на беразе Улы каля вёскі Іванск (цяпер у Чашніцкім раёне) раптоўна ўдарыў па ворагу. Стральцы не паспелі ні надзець браню, ні стаць у палкі. Сеча доўжылася пяць гадзін, а надвечар маскоўцы, кінуўшы абоз, пабеглі. Нашы ваяры да глыбокае ночы ў месяцавым святле пераследвалі і дабівалі захопнікаў. Радзівілу чынна дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Просты селянін з Іванска забіў сякераю самога ваяводу Пятра Шуйскага.
Ад куляў, шабляў і дзідаў на берагах Улы палегла дзевяць тысяч маскоўцаў і столькі ж патанула. Як сведчыць польскі храніст Мацей Стрыйкоўскі, мноства чалавечых костак на месцы бітвы можна было ўбачыць яшчэ праз дваццаць гадоў пасля яе. Пераможцы захапілі дванаццаць ваяводаў і абоз з трох тысяч вазоў. Цела князя Шуйскага знайшлі ў рацэ. Радзівіл урачыста ўехаў на ягоным кані ў Вільню, а царскага ваяводу з пашанаю пахавалі там у царкве Багародзіцы.
Бліскучая перамога на Уле сарвала планы царскіх ваяводаў зрабіць паход углыб Вялікага Княства Літоўскага і змусіла іх павярнуць свае палкі ад Воршы назад.
Раз'ятраны разгромам на Уле і ўцёкамі свайго былога паплечніка князя Андрэя Курбскага, Іван Жахлівы шукаў палёгкі ў расправе над полацкім палонам. Аднаго разу проста ад бяседнага стала цар і застоліца кінуліся ў крамлёўскія сутарэнні, дзе сядзелі вязні. Здаволіліся адно тады, як зарэзалі болей за сотню бяззбройных знясіленых людзей, а потым вярнуліся да хмяльных сталоў - дапіваць. Вядома, што ў той разні полацкі шляхціч Быкоўскі выхапіў у цара з рук дзіду, але сілаў на тое, каб адправіць яго ў магілу, ужо не хапіла.
Увосень таго ж 1564 года да Полацка падступіла нашае войска на чале з Радзівілам і Курбскім. На прапанову здавацца новы царскі ваявода Пётр Шчанятаў, ведаючы, што да яго ідуць палкі з Вялікіх Лукаў, адказаў гарматнымі стрэламі. Баючыся акружэння, гетман зняў аблогу і пераправіўся на левабярэжжа. Пасля гэтага на працягу пятнаццаці гадоў значных баявых дзеянняў у полацкім наваколлі не было. Час ад часу адбываліся адно памежныя сутычкі. Атрад Бірулі, напрыклад, разбіў пад пабудаваным маскоўцамі замкам Сітна чатыры сотні стральцоў, захапіў шмат пораху, куляў і 120 цяжкіх стрэльбаў-гакаўніц, а саму фартэцу спаліў.
Зацішша доўжылася, пакуль у снежні 1576 года вялікім князем літоўскім не быў абраны сямігародскі ваявода вугорац Іштван Баторы, або, як яго называлі беларусы, Сцяпан Батура, - выдатны палітык і таленавіты ваявода. Стаўшы на чале дзяржавы, ён прысягнуў заўсёды асабіста ўзначальваць войска і вярнуць усе заваяваныя маскоўскімі царамі землі.
Уладзімір АРЛОЎ