БЕЛАРУСЬ У РАСЕЙСКАЙ ІМПЕРЫІ



Ператвораная ў калонію Беларусь трапіла пад прыгнёт царскага самаўладдзя. Смак новай улады найвастрэй адчуў просты люд, прававое і эканамічнае становішча якога адразу пагоршылася. Сотні беларускіх вёсак расейскі ўрад перадаў ва ўласнасць сваім памешчыкам і чыноўнікам, увёў рэкруцтва, многія тысячы вольных людзей перавёў пад прыгон, а мяшчан пазбавіў вольнасцяў і выгодаў магдэбургскага права. Павялічваючы павіннасці і пераследуючы вунію, царызм наступаў менавіта на бальшыню беларускага народа (да якога так крывадушна апеляваў, апраўдваючы анексію).

Інкарпарацыя Беларусі ў склад вялізнай імперыі зусім не ратавала яе ад новых спусташэнняў і стратаў. Цэлы край стаў пабаявішчам французскай і расейскай арміяў у 1812 годзе, потым беларусы гінулі ў крымскай і турэцкіх войнах. Калі Напалеон абнадзеіў шляхту планамі аднаўлення Вялікага Княства, дык і атрымаў яе падмогу, але пасля паразы французаў тысячы патрыётаў мусілі пакінуць айчыну, эмігруючы на Захад.

Уплывы Эўропы, ідэі французскай рэвалюцыі «Свабода - Роўнасць - Братэрства» спрыялі росту шырокага нацыянальна-вызвольнага руху на акупаваных землях. Імкненне адрадзіць былую Рэч Паспалітую вылілася ў збройны антырасейскі выступ. Пачатае ў 1830 годзе ў Варшаве паўстанне перакінулася і на Беларусь, ды было задушанае арміяй. Царскія ўлады паспяшаліся знішчыць усялякія падставы новых антырасейскіх бунтаў - заняліся «разборам» шляхты (пазбаўлялі дробных дваран шляхоцтва або высялялі з Беларусі), поўнай ліквідацыяй вуніі і паслядоўнай русіфікацыяй забранага краю. Справаводства і навучанне пераводзілася на расейскую мову, а замест Статута паўсюль уводзілася расейскае заканадаўства. Каб не згадвалася былое, нават наш гістарычны назоў быў заменены казённым тэрмінам «Северо-Западный край». Але «исконно русскими землями» Беларусь так і не стала. Калі ў Польшчы выбухнула новае паўстанне, беларусы таксама ўзняліся «на вайну з маскалём за нашую вольнасць» (К.Каліноўскі). Пасля крывавых рэпрэсіяў супраць удзельнікаў паўстання дайшло да татальнай русіфікацыі Беларусі. Царызм прывозіў сюды чыноўнікаў, папоў і нават сялянаў з самой Расеі, бо мясцовым не давяраў. «Русские начала» на беларускай зямлі прышчапляліся брутальнымі метадамі генерала Мураўёва-Вешальніка. Нягледзячы на ўсё гэта, краіна абуджалася да ўласнага нацыянальна-культурнага жыцця. Яго этапнымі праявамі сталі часопіс нарадавольцаў «Гоман», у якім упершыню абгрунтоўвалася права беларускага народа на самастойнасць, творчасць Францішка Багушэвіча, які агаласіў крэда беларускага нацыянальнага адраджэння, дзейнасць студэнцкіх гурткоў. Неўзабаве беларусы займелі і сваю палітычную партыю ды першую легальную газету «Наша Ніва», што цягам дзесяці гадоў была люстрам усяго нацыянальнага жыцця Беларусі.

Ва ўмовах крызісу ўлады ў імперыі, выкліканага Першай сусветнай вайной, сведамыя патрыёты перайшлі ад агульных думак пра вольную Беларусь да ідэі яе дзяржаўнага суверэнітэту. Каб вызначыць лёс краіны, на Першы Ўсебеларускі з'езд сабраліся пасланцы з усіх этнічных беларускіх абшараў. Дэлегаты гэтага з'езду, разагнанага бальшавікамі, стварылі ўрад, які 25 сакавіка 1918 года абвясціў Беларусь незалежнай і вольнай дзяржавай.

Генадзь САГАНОВІЧ


10 чэрвеня 1812. Адкрыццё Полацкай акадэміі

12 студзеня 1812 года імператар Аляксандар у выніку намаганняў духоўных і свецкіх колаў Беларусі выдаў указ: «Во уважение представленного Нам желания Белорусского дворянства и пользы для наук от соревнования между несколькими училищами равной степени, признали Мы за полезное возвести Полоцкую иезуитскую коллегию на степень Академии с присвоением ей преимуществ, дарованных Университетам».

Адкрыццё акадэміі адбылося 10 чэрвеня, перад самым пачаткам напалеонаўскага паходу. У сувязі з вайной заняткі пачаліся толькі 8 студзеня 1813 года. Студэнтаў чакалі тры факультэты: тэалагічны, моваў і літаратур, філасофіі і свабодных навук. У дадатак да дысцыплінаў, што ўваходзілі ў праграму калегіума, тут вывучалі дастасоўную матэматыку, хімію, заалогію, батаніку, мінералогію, трыганаметрыю, палітычную эканомію і статыстыку, права. На філалагічным факультэце выкладаліся такія мовы і створаныя на іх літаратуры, як лацінская, грэцкая, старагабрайская, польская, расейская, французская, нямецкая, італьянская, арабская і сірыйская. Курс той ці іншай мовы вёў педагог, для якога яна была родная.

У друкарні ці, дакладней, у выдавецтве, што дзейнічала пры акадэміі, выходзілі падручнікі па замежных мовах, матэматыцы, паэтыцы і рыторыцы. Тут друкаваліся навуковыя трактаты, календары і літаратурныя зборнікі. У Полацку пабачылі свет «Слоўнік старажытнасцяў» і «Лацінска-польскі лексікон», былі перавыдадзеныя творы Фэдра, Цыцэрона, Тыбула, Непота ды іншых антычных і новых аўтараў. Ад 1818 да 1820 года выходзіў ілюстраваны літаратурна-навуковы часопіс «Месячнік Полацкі», што меў шэсць аддзелаў: літаратуры і свабодных навук, маральна-філасофскі, фізічна-матэматычны, гістарычны, крытыкі і літаратурных навін.

За гады свае дзейнасці (1787-1820) полацкая друкарня выдала больш за паўтысячы кніг на дзесятку моваў, у тым ліку на жамойцкай і латышскай. Па-беларуску выпускаліся зборнікі духоўных песняў.

40 000 тамоў налічвала акадэмічная бібліятэка. Папаўняліся экспанатамі музей і карцінная галерэя. Полацкай альма-матэр падпарадкоўваліся ўсе езуіцкія калегіумы і школы Расейскай імперыі, якія існавалі тады (апрача Полацка) у Пецярбурзе, Віцебску, Воршы, Магілеве, Амсціславе, Чачэрску, Клімавічах, Рызе, Астрахані, Адэсе, Саратаве. Акадэмія мела 600 студэнтаў і 40 прафесараў і пачынала рабіцца годнай канкурэнткаю Віленскага ўніверсітэта. Захаваліся звесткі пра зварот полацкіх айцоў-езуітаў да рымскага папы з прапановаю ўвесці выкладанне па-беларуску.

Са сценаў акадэміі пачалі свой шлях гісторык, археолаг і этнограф Канстанцін Тышкевіч, філосаф Анёл Доўгірд, астраном і філосаф Якуб Накцыяновіч, палітык і прамоўца Тадэвуш Корсак. Дыплом акадэміі атрымаў знакаміты пісьменнік Ян Баршчэўскі. Пералік імёнаў мог быць шматкроць большым, каб Полацак надаўжэй застаўся ўніверсітэцкім горадам.

Навучальныя ўстановы зрабіліся на захопленых Расеяй землях магутнай апазіцыяй каланізатарам. Царскія ўлады неўзабаве разгледзелі небяспеку і рыхтавалі расправу. Полацкай акадэміі было наканавана сысці з гістарычнай сцэны першаю. У сакавіку 1820 года з царскай канцылярыі выйшаў указ: «Полоцкую иезуитскую академию и подведомственные ей училища упразднить».

Педагогі і выхаванцы акадэміі рассеяліся па свеце. Выкладчык тэалогіі аршанец Францішак Дзеружынскі запачаткаваў сістэму каталіцкай школы ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Ягоны калега філосаф Вінцэнт Бучынскі стаў прафесарам Лювэнскага ўніверсітэта ў Бэльгіі.

Маёмасць акадэміі царскія ўлады перадалі каталіцкаму Ордэну піяраў. Піяры адчынілі ў Полацку свой калегіум, але праз восем гадоў, у 1830-м, гэтую навучальню, у якой дзейнічалі антырасейскія нелегальныя арганізацыі, спасціг лёс яе папярэдніцы.

Пасля выгнання піяраў уся колішняя маёмасць езуітаў перайшла ў казну, і пачалося нечуванае рабаванне нашых нацыянальных скарбаў. Музейныя зборы і найлепшыя творы карціннай галерэі паехалі ў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Паштовы рэестр зафіксаваў дзве велізарныя скрыні, на 160 перагародак кожная, з полацкімі калекцыямі, дзве скрыні з карцінамі і яшчэ тры з сонечным гадзіннікам, мазаікамі і антыкварыятам. Друкарню перавялі ў Кіеў.

Горад развітаўся з бясцэннай акадэмічнай бібліятэкай. Каланізатары пагрузілі на фурманкі 256 пудоў кніг. Публічная бібліятэка ў сталіцы прысабечыла «все редкие и роскошные издания, коих она не имеет и, следовательно, могущие служить ее украшением» - 177 кніг і 106 рукапісаў. Пецярбургскі ўніверсітэт атрымаў 6260 тамоў, Маскоўскі - 454 (пераважна па медыцыне), Галоўнае імперскае ўпраўленне духоўных спраў «иностранных вероисповеданий» - 3056. Дзве тысячы тамоў пакінулі будучаму кадэцкаму корпусу. Царская камісія знішчыла таемнае памяшканне з сістэмаю правадоў, адкуль акадэмічныя механікі кіравалі сваімі ўнікальнымі робатамі, у тым ліку згаданай у ІІІ томе «Живописной России» механічнай галавой, якая давала мудрыя парады «на всех употребительных языках».

На ўсход царскія рабаўнікі павезлі і архіў акадэміі, дзе, магчыма, яшчэ быў Полацкі летапіс ці яго копія.

Уладзімір АРЛОЎ


1812. Паход Напалеона

Паўмільённае войска Банапарта перайшло расейскую мяжу ў ноч на Янаў дзень. Цару Аляксандру І паведамілі пра гэта, калі ён танцаваў на раскошным балі ў Вільні. Праз чатыры дні былая сталіца ўжо вітала французскага імператара. Дамы закідвалі яго кветкамі, юнакі пыталіся ў світы, як запісацца ў Вялікую армію. Вільня грымела воклічамі: «Слава вызваленцу!»

3 (15) жніўня імперыя Напалеона - ад Гішпаніі да Беларусі - адзначала ягоны дзень нараджэння. У гарадах былога Вялікага Княства віселі партрэты Банапарта са святочнымі надпісамі. Газеты пісалі пра «волатаўскія крокі непераможных палкоў вялікага імператара» і пра ахвяраванні на ягонае войска. У шляхоцкіх дамах падымалі тосты і крычалі «віват», аднак келіхі звінелі зусім не так радасна, як на пачатку паходу.

Беларускія землі афіцыйна называліся «вызваленымі ад расейскага прыгнёту», але на сапраўднае адраджэнне нашай дзяржавы гэта было падобна мала. Створаны Часовы ўрад мусіў падпарадкоўвацца імператарскім камісарам. За абяцанне аднавіць Вялікае Княства Напалеон вымагаў стотысячнага войска і велізарных паставак фуражу і харчу. Апрача новых падаткаў, ён запатрабаваў заплаціць у ягоную казну і ўсе старыя даўгі цару. Пачаліся бясконцыя рэквізіцыі. Сяляне марна чакалі скасавання прыгону, патрыёты Вялікага Княства - магчымасці адбудовы дзяржавы.

Французскі імператар вёў сваю буйную гульню.

Роўна праз месяц пасля Вільні ён уступіў у Віцебск. Нягледзячы на цяжкія страты ды ваенныя няўдачы пад Кобрынам, Мірам і Полацкам, Банапарт прайшоў ад памежнага Нёмана сотні вёрстаў і набыў пяць мільёнаў новых падданых. Усведамленне гэтага дапамагала адпрэчыць думкі і пра частае дэзерцірства, і пра сялянскія бунты, і пра тое, што ў ягоных беларускіх палках замест сотні тысяч жаўнераў у лепшым разе толькі чвэрць гэтага і тым бракуе рыштунку і зброі.

Перад нашэсцем ён казаў маршалам: «Я завяршу кампанію ў Смаленску і ў Менску. У Вільні, дзе ў гэтую зіму будзе мая галоўная кватэра, я займуся ўпарадкаваннем Літвы, якая прагне скінуць з сябе расейскае ярмо. Я не перайду Дзвіны. Рухацца сёлета далей - гэта ісці насустрач сваёй пагібелі». У першы віцебскі дзень ён адшпіліў шпагу, кінуў яе на завалены разгорнутымі картамі стол і абвясціў: «Тут я спынюся, злучу карпусы маёй арміі, дам ёй спачын і вазьмуся за ўладкаванне гэтай краіны. Кампанія 1812 года - закончаная!»

Хто ведае, як павярнулася б кола гісторыі, каб Банапарт папраўдзе спыніўся, прыслухаўся да сваіх прыхільнікаў з Вялікага Княства, даў волю сялянам, як зрабіў гэта ў Варшаўскім герцагстве? Але ў Віцебску напярэдадні дня нараджэння ён прыняў фатальнае рашэнне ісці на Маскву. Былы рэвалюцыйны генерал-рэспубліканец, а цяпер валадар 100-мільённай імперыі страціў пачуццё рэальнасці. Імкненне народаў да незалежнасці мала хвалявала яго: у галаве выспяваў план сусветнага панавання.

Па беларускіх вёсках, пакідаючы за сабой пустыя хлявы і адрыны, гойсалі рэквізатары. Пад выглядам ахвяраванняў французскія жаўнеры забіралі з кожнага двара па два пуды сена і саломы і па пяць - жыта і аўса. У жніўні Напалеон падпісаў новы ўказ аб рэквізіцыях, паводле якога з пяці нашых губерняў Вялікая армія павінна была атрымаць 528 тысяч тон збожжа, 100 тысяч тон аўса і 53 тысячы кароў. Сяляне браліся за косы і сякеры. Перамена ў стаўленні беларусаў істотна блытала Напалеону карты. З Часовага ўрада Літвы выйшаў і загінуў у жніўні пры загадкавых абставінах былы заўзяты банапартыст Аляксандар Сапега, што няраз выконваў асабістыя разведвальныя даручэнні французскага імператара. Перад Барадзінскаю бітвай валадар Эўропы мусіў накіраваць 10 тысяч жаўнераў на дапамогу 12-тысячнаму віцебскаму гарнізону, які партызаны фактычна трымалі ў аблозе.

Восеньскае адступленне былой Вялікай арміі з Масквы хутка ператварылася ва ўцёкі. У кастрычніку-лістападзе расейскія войскі авалодалі Полацкам, Віцебскам, Менскам, Магілевам, Барысавам. Каля вёскі Студзёнкі паблізу Барысава французы з вялікімі стратамі пераправіліся цераз Бярэзіну і бязладна адступалі далей на захад. У мястэчку Смаргонь Напалеон, пераапрануўшыся ў мундзір польскага ўлана, пакінуў сваіх жаўнераў.

Напалеонаўская авантура каштавала Беларусі мільён яе жыхароў, кожнага чацвертага. Адны загінулі ў баявых дзеяннях, другія - ад голаду і пошасцяў. Частка беларускіх палкоў Вялікай арміі, у якіх служылі 25 тысяч нашых суайчыннікаў, была разбітая, частка адступіла і ваявала ў Эўропе - на чужыне і за чужыя інтарэсы.

У выгнанні, на закінутым у акіяне скалістым востраве святой Алены, Банапарт, як сведчаць яго паперы, шмат разоў вяртаўся ў думках на беларускую зямлю. Мы не ведаем, ці раскайваўся ён у тым, што прынёс народам Эўропы незлічоныя няшчасці. Аднак дакладна вядома: на схіле дзён ён лічыў зробленыя ў Беларусі памылкі - не столькі ваенныя, як палітычныя - прычынаю свайго разгрому ў 1812 годзе.

Уладзімір АРЛОЎ


1817. Узнікненне таемнага студэнцкага таварыства філаматаў

На захопленых Расеяй беларускіх землях не спыняўся нацыянальна-вызвольны рух. Магутным агменем вальналюбных ідэяў і памкненняў быў Віленскі ўніверсітэт. Менавіта там з ініцыятывы студэнтаў Тамаша Зана, Язэпа Яжоўскага, Адама Міцкевіча, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага было заснаванае таемнае патрыятычнае таварыства філаматаў, што атрымала свой назоў ад грэцкага слова philomathes (той, хто імкнецца да ведаў).

Напачатку філаматы ставілі перад сабою толькі культурніцкія мэты, выступалі за паляпшэнне асветы, але ў тагачасных умовах наступу рэакцыі маладымі нелегаламі хутка завалодалі палітычныя ідэі.

У праграме таварыства з'явіліся патрабаванні нацыянальнай незалежнасці народаў і знішчэння прыгоннага ўціску сялянаў, які, на думку філаматаў, супярэчыў здароваму розуму і натуральнаму праву.

Галоўныя спадзяванні ў аднаўленні незалежнай Рэчы Паспалітай філаматы звязвалі з «сярэднім класам», пад якім разумелі шляхту. Дзеля пашырэння сваіх поглядаў таварыства стварыла філіі - «прамяністых» і філарэтаў (ад грэцкага philaretos - той, хто любіць дабрачыннасць).

Прэзідэнтам таварыства філарэтаў быў абраны Тамаш Зан.

Філаматы маюць вялікія заслугі ў вывучэнні гісторыі і культуры беларускага народа. Яны збіралі песні, легенды і паданні, запісвалі звычаі і абрады, наладжвалі паседжанні-вечарыны, на якіх чыталі свае навуковыя рэфераты і мастацкія творы.

Вось узор літаратурнай творчасці ўдзельнікаў таварыства - юначы беларускі верш Яна Чачота «На прыезд Адама Міцкевіча», напісаны ў 1819 годзе, а ўпершыню надрукаваны праз сто гадоў у кнізе «Архіў філаматаў»: Едзе міленькі Адам, Глядзіце, а онь, а онь, Ды ён харашэнькі сам, Пад ім - вараненькі конь. Золатам пояс ззяе, Аж ад бляску снег тае, На шапцы сіні баран, Хто бы думаў, што ён пан! Так адзет харашэнька, Едзе, едзе барздзенька. Гайда! Адчыняйце ж варотцы! Ды ўжо ж на двары Адам. Ды прымайце ж малодца, Ды кажы ж, ці здароў сам?.. Не так нам сонка ясна Блішчыць, як цябе нет. Радасці ішчам напрасна, Увесь нам няміл свет. Салавей не так нам пее, Рожы не пахне цвет, Не так нам бела лілея, Калі цябе тут нет. Без цябе ўсё тут смутна, Па табе плача гай, І рэчкі плывуць мутна, У жалобе ўвесь край. Наш ты міленькі Адам, Насмуціў жа ты нас досць, Наградзі смутак нам І будзь у нас доўга госць.

У 1823 годзе таварыства і яго нелегальныя філіі былі раскрытыя паліцыяй. Шмат філаматаў апынулася за кратамі, у іх ліку - Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Аляксандар Ходзька, аўтар «Песні філарэтаў» Антон Адынец, Ян Чачот...

Паводле прысуду Тамаш Зан (ратуючы сяброў, усю віну ён узяў на сябе) быў зняволены ў цытадэлі, іншых высылалі ўглыб Расеі.

А.Міцкевіч апеў сваіх таварышаў у неўміручых «Дзядах». Паэт паказаў філаматаў і філарэтаў у турэмнай няволі, куды яны трапілі паводле пастановы следчай камісіі на чале з сенатарам Навасільцавым. Для гісторыкаў гэты твор асабліва каштоўны сваім дакументалізмам, бо Міцкевіч падае рэальныя вобразы сяброў і паплечнікаў.

Шмат хто з філаматаў і філарэтаў пазней здабыў славу ў розных галінах дзейнасці. Антон Адынец, Ян Чачот, Тамаш Зан, Аляксандар Ходзька сталі вядомымі паэтамі. Язэп Кавалеўскі - прызнаным манголазнаўцам, рэктарам Казанскага ўніверсітэта. Ігнат Дамейка (гэтаксама як Адольф Янушкевіч і паэт Антон Фрэенд) браў удзел у нацыянальна-вызвольным паўстанні 1830-1831 гадоў, а ў эміграцыі выславіўся як выдатны вучоны-геолаг і мінеролаг, даследнік Чылі і яе нацыянальны герой. Міхал Рукевіч заснаваў таемнае таварыства «Ваенных сяброў», якое мела на мэце змаганне за «ўсеагульны дабрабыт» і «вольнасць».

Уладзімір АРЛОЎ


1825. Створанае рэвалюцыйнае таварыства «Ваенныя сябры»

Таемнае таварыства дзейнічала ў «Літоўскім асобным корпусе» царскай арміі, які дыслакаваўся ў Гарадзенскай губерні і Беластоцкай вобласці і ў якім значную частку афіцэраў складалі ўраджэнцы беларускіх губерняў.

Заснавальнікам «Ваенных сяброў» быў колішні ўдзельнік таварыства філаматаў шляхціч Міхал Рукевіч, што жыў у вёсцы Завыкі Беластоцкага павета. Ягонымі паплечнікамі сталі падпаручнікі Э.Пятроўскі, Завадскі, П.Гофман, М.Вільканец, паручнік А.Вягелін, шэраговы А.Угрычыч-Трэбінскі, чыноўнікі Л.Вронскі, А.Грынявіцкі, настаўнік гімназіі Ф.Ардынскі, шляхціч І.Высоцкі, гімназісты Ф.Баркоўскі, К.Ардынскі, А.Яневіч ды шмат хто яшчэ з жаўнераў, тутэйшай шляхты і моладзі навучальных установаў Гарадзеншчыны і Беласточчыны.

У ліку кіраўнікоў «Ваенных сяброў» быў капітан Канстанцін Ігельстром, які трымаў сувязь з расейскім дзекабрыстам Вільгельмам Кюхельбекерам.

Таварыства, што налічвала сорак пяць сяброў, вяло антыўрадавую прапаганду ў войсках, лічачы сваёй мэтаю барацьбу за «вольнасць» і «ўсеагульны дабрабыт» народу. Палітычнымі ідэаламі яно было даволі блізкае да Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. З ім, як і з Паўднёвай арганізацыяй дзекабрыстаў, а таксама з польскім Патрыятычным таварыствам «Ваенныя сябры» мелі, паводле ўскосных звестак, досыць сталыя кантакты.

Шмат хто з першых расейскіх рэвалюцыянераў падарожнічаў па Беларусі, праветрываў тут «гвардзейскі душок» на пятнаццацімесяцавых манеўрах пасля паўстання Сямёнаўскага палка. Па полацкіх вуліцах гуляў Міхаіл Лунін, аўтар бліскучага афарызма - «У Расеі два праваднікі: язык да Кіева, а пяро да Шлісельбурга». У Полацку жыў прыяцель Пушкіна пісьменнік Аляксандар Бястужаў-Марлінскі, а ў Віцебску працаваў над праектам сваёй «Канстытуцыі» кіраўнік Паўночнага таварыства Мікіта Мураўёў. Пра дзекабрыстаў (і, зразумела, з вялікай прыхільнасцю) напісана ў Беларусі непараўнана болей, чым, напрыклад, пра паўстанцаў Касцюшкі. Такім чынам сфармавалася думка, што слаўныя сыны Расеі - адначасна і нашы героі. У сапраўднасці ж усё было зусім не так.

Лёс Беларусі і беларускага народа мала цікавіў расейскіх рэвалюцыянераў, якія лічылі царскую імперыю чыста расейскай дзяржавай.

Мікіта Мураўёў у праекце «Канстытуцыі» прапаноўваў падзяліць краіну на федэратыўныя адзінкі накшталт паўночнаамэрыканскіх штатаў, якія ён называў дзяржавамі. Паводле гэтай ідэі, беларускія землі ўключаліся ў дзве дзяржавы: Заходнюю (сталіца Вільня) і Дняпроўскую (Смаленск), якія не мелі аніякіх нацыянальных прыкметаў.

Правадыр і ідэолаг Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў Павел Песцель наагул быў прыхільнікам адзінай і непадзельнай Расеі. Пералічваючы далучаныя да імперыі краіны і народы, ён прыгадваў і беларусаў, называючы іх часткаю расейскага «племени» Віцебскай і Магілеўскай губерняў. Пра іншыя гаворка не ішла, бо астатнія населеныя беларусамі губерні дзекабрысты па дамове з польскімі шляхоцкімі рэвалюцыянерамі меліся перадаць у склад Польшчы. Мяжу паміж дзвюма дзяржавамі меркавалася правесці ад Дынабурга (сёння Даўгаўпілс) да Полацка па Дзвіне, потым па рацэ Ўшачы да Бярэзіны, а адтуль па Пцічы ў кірунку да Прыпяці. Чытаючы «Русскую Правду» Песцеля, можна даведацца, што беларусы, аказваецца, не здольныя стварыць сваёй дзяржавы, а таму «должны отказаться от права особой народности». І наагул на абшарах імперыі ўсе павінны быць расейцамі і размаўляць на «общепонятном русском языке». Найменні іншых народаў Песцель без усякіх ваганняў прапаноўваў проста адмяніць.

У снежні 1825 года, праз дзесяць дзён пасля паўстання ў Пецярбурзе, «Ваенныя сябры» сарвалі прысягу цару Мікалаю І у сапёрным батальёне, адной з ротаў якога камандаваў К.Ігельстром, а таксама намагаліся зрабіць гэта ў іншых раскватараваных вакол Беластока часцінах.

Рэвалюцыянераў арыштавалі і аддалі пад суд.

Міхала Рукевіча, Канстанціна Ігельстрома і Аляксандра Вягеліна прысудзілі да пакарання смерцю, якое пасля царскай канфірмацыі было замененае дзесяцігадовай катаргай з далейшым пасяленнем у Сібіры. Браты Ардынскія, Вронскі, Грынявіцкі і Высоцкі атрымалі па пяць гадоў катаргі. Шэраг сяброў таварыства былі накіраваныя ў арыштанцкія роты Бабруйскай фартэцы.

Уладзімір АРЛОЎ


1831. Нацыянальна-вызвольнае паўстанне супроць царызму

Існуе думка пра адвечную санлівую пакорлівасць нашага народа. Аднак не хто-небудзь, а якраз нашыя продкі на працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Беларусі Расеяй тройчы браліся за зброю, каб вырвацца са смяротных абдымкаў імперыі. Вальналюбны дух паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі і Якуба Ясінскага быў жывы, і ўвесну 1831 года Беларусь следам за Польшчаю зноў паўстала.

Найбольш чынная барацьба ў Беларусі разгарнулася на Віленшчыне, у Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісенскім і Вілейскім паветах, а пазней - у ваколіцах Белавежскай пушчы. У кожным павеце выбіраўся паўстанцкі ўрад, камандзір і абвяшчалася мабілізацыя. Трохтысячны шляхоцка-сялянскі аддзел узяў і колькі дзён утрымліваў горад Дзісну. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў паспяхова дзейнічаў баявы аддзел, створаны дваццаціпяцігадовай графіняй Эміліяй Плятэр - збіральніцай беларускага фальклору, паэткай і рэвалюцыянеркай, якая атрымала званне капітана і была прызначаная ганаровым камандзірам роты паўстанцкага войска.

Асноўная сіла паўстання - шляхта - ваявала пад агульным лозунгам аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Аднак у стане інсургентаў існавалі два крылы: рэвалюцыйнае і арыстакратычна-кансерватыўнае.

Шляхоцкія рэвалюцыянеры на чале з І.Лялевелем выступалі за вызваленчую - супольна з расейскім народам - вайну супроць царызму «за нашу і вашу свабоду». Кансерватары дзейнічалі супярэчліва і нерашуча. Але і адны, і другія пакідалі ўбаку нацыянальныя правы беларусаў.

Царскі ўрад выдаў загад судзіць паўстанцаў-шляхцічаў і пазбаўляць іх маёнткаў. Сялянам, якія добраахвотна вернуцца дадому, абвяшчалася амністыя. Не атрымаўшы ад кіраўнікоў паўстання ніякіх пэўных абяцанняў пра надзяленне зямлёю, сяляне пакідалі шэрагі інсургентаў.

Добра ўзброенае і абвучанае рэгулярнае царскае войска ўжо ў траўні 1831 года разбіла паўстанцаў у Менскай і Віленскай губернях, але барацьба ўзмацнілася на Гарадзеншчыне. Нацыянальны ўрад у Варшаве накіраваў на дапамогу беларускім інсургентам аддзел генерала Д.Хлапоўскага з 820 афіцэраў, унтэр-афіцэраў і інструктараў. Ён злучыўся з 12-тысячным корпусам генерала А.Гелгуда, аднак у чэрвені аб'яднаныя сілы паўстанцаў былі ў ваколіцах Вільні разбітыя. Паўстанцкі генерал Г.Дэмбінскі павёў чатыры тысячы сваіх людзей праз Гарадзеншчыну на захад. У часе гэтага пераходу да яго далучыліся інсургенты Наваградскага і Слонімскага паветаў на чале са шляхцічам Я.Кашыцам. У чэрвені-ліпені іскры паўстання перакінуліся ў Мазырскі, Рэчыцкі і Пінскі паветы, але і гэтыя выступленні былі асуджаныя на няўдачу.

У жніўні расейскія войскі задушылі апошнія агмені змагання.

Улады канфіскоўвалі маёнткі, пазбаўлялі паўстанцаў дваранскіх правоў (у Беларусі адабралі шляхоцтва ў дзесяці тысяч чалавек), ліквідоўвалі навучальныя ўстановы. У 1832 годзе быў зачынены Віленскі ўніверсітэт.

Цяжэйшым рабіўся рэлігійны ўціск.

Падтрымка паўстання беларускім грэцка-каталіцкім духавенствам, у тым ліку манахамі-базылянамі, узмацніла наступ на вуніяцтва. Адначасова з двума полацкімі базылянскімі кляштарамі царскія ўлады зачынілі яшчэ сорак. Імператар Мікалай І з гэтае нагоды заўважыў: «Слава Богу, вот и еще несколько неприятельских крепостей уничтожили».

Адразу пасля паўстання ў Віцебскай і Магілеўскай губернях было скасаванае дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага. Цар зацвердзіў пастанову пра перасяленне ў Беларусь «выходцев из внутренних губерний, которые принесут с собой в сей край, чуждающийся России, наш язык, обычай, приверженность русских к престолу». На ўсе дзяржаўныя пасады прызначалі толькі расейскіх чыноўнікаў.

Але рэпрэсіі не паставілі народ на калені. Праз тры дзесяцігоддзі ён зноў падняўся на барацьбу.

Паўстанне мела і міжнароднае значэнне. Яно не дазволіла царызму паслаць войскі на задушэнне рэвалюцыі ў Францыі.

Уладзімір АРЛОЎ


1835. Адкрыццё Полацкага кадэцкага корпуса

Пасля скасавання Полацкай акадэміі, а потым і яе «спадкаемца» - піярскага калегіума расейскія ўлады адчынілі ў старадаўніх езуіцкіх мурах кадэцкі корпус. Афіцыйна такія корпусы былі сярэднімі навучальнымі ўстановамі з ваенным рэжымам, з выпускнікоў якіх камплектаваліся вайсковыя навучальні. На захопленых царызмам землях яны, аднак, выконвалі значна большую ролю, служачы ідэі «русского просвещения, русского патриотизма и русского дела».

Першы набор у корпус складаўся з 54 падлеткаў ва ўзросце ад дванаццаці да чатырнаццаці гадоў. Першым дырэктарам быў удзельнік штурму Полацка ў 1812 годзе генерал-маёр Павел Хвашчынскі, які вызначаўся, між іншага, такім паталагічным антысемітызмам, што меўся перагарадзіць прылеглыя да корпуса вуліцы кратаванымі агароджамі, каб полацкія габраі нават не набліжаліся да кадэтаў. Праграма заняткаў, апрача «фронту», улучала расейскую, французскую і нямецкую мовы, закон Божы, арытметыку, алгебру, геаграфію, гісторыю, чыстапісанне, маляванне, а таксама гімнастыку, фехтаванне, танцы і спевы. Веды ацэньваліся па 12-бальнай сістэме. Кіраўніцтва раіла педагогам звярнуць увагу на правільнасць чытання і маўлення, «так как большинство поступивших детей из губерний белорусских с грубым местным наречием».

Падзеі 1863 года, калі ў Беларусі пачалося нацыянальна-вызвольнае паўстанне, засведчылі, што ў корпусе жыве дух вальнадумства і патрыятызму. Некаторыя кадэты не вярнуліся з калядных вакацый і далучыліся да інсургентаў. За 1863/64 навучальны год з корпуса выбыў 171 выхаванец пры агульнай іх колькасці 289. Большая частка, мяркуючы па афіцыйных справаздачах, пакінула Полацак з прычыны пераводу ў іншыя ўстановы або «по домашним обстоятельствам», «за неуспехи» і «за дурное поведение». Безумоўна, за гэтымі словамі часта хавалася сувязь з паўстаннем. У Пецярбурзе было нават пастаўленае пытанне аб расфармаванні корпуса.

У 1865 годзе Полацкі кадэцкі быў пераўтвораны ў ваенную гімназію, якая праіснавала да 1882-га. Выпускнікі такіх гімназій працягвалі вучобу ў вайсковых навучальнях. Разам з агульнаадукацыйнымі дысцыплінамі ў пералік абавязковых заняткаў уваходзілі шыхтовая падрыхтоўка, плаванне, танцы, спевы, музыка і розныя рамёствы «полезные в смысле педагогическом». У апошнім, сёмым, класе гімназістам выдавалі стрэльбы. Паводле матэрыялу рэвізіі, у першы навучальны год гімназія налічвала 333 выхаванцы ва ўзросце ад дзевяці да васемнаццаці гадоў: 221 праваслаўны, 109 каталікоў, 18 лютэранаў, двое армянаў і адзін мусульманін.

Шэраг неардынарных падзей корпуснага летапісу прыпадае на пачатак 1900-х гадоў. У расейска-японскую вайну сухапутнаю абаронай абкружанага японцамі Порт-Артура камандаваў адзін з найталенавіцейшых военачальнікаў таго часу, гадаванец Полацкай вайсковай гімназіі генерал Раман Кандраценка. На ягоную гібель адгукнуліся ўсе буйнейшыя газеты свету. Ангельскі карэспандэнт Нарыгард у рэпартажы з фронту нават сцвярджаў, што, каб не гэтая смерць, Порт-Артур мог бы выстаяць.

У 1905-1907 гадах корпус зведаў, як сведчаць дакументы, «массовые заявления неудовольствия».

Наводзячы парадак, дырэкцыя зрабіла стаўку на «смягчающее и облагораживающее влияние искусств». У корпусе ладзіліся літаратурна-музычныя вечарыны і спектаклі, у якіх дазвалялася ўдзельнічаць дамам. Пад старажытнымі скляпеннямі спявала вядомая капэла Д.Славянскага, выступалі гастралёры з пецярбургскіх тэатраў. Падтрымліваць баявы дух і традыцыі закліканы быў рукапісны кадэцкі часопіс «Полочанин».

Улады як чорт крыжа баяліся праяваў сепаратызму і сачылі, каб на чале корпуса не апынуўся прадстаўнік мясцовага дваранства. Да ўраджэнцаў Беларусі належыць толькі трынаццаты па ліку дырэктар генерал-маёр Мадэст Чыгір, што застаўся ў гісторыі корпуса як тонкі знаўца мастацтва і апякун музаў. Пры ім кадэты ставяць камедыю Аляксандра Астроўскага «Свои люди - сочтемся», адзначаюць вялікім літаратурным вечарам 100-годдзе Гогаля. Канцэртуюць корпусны хор, струнны і духавы аркестры.

Полацкі кадэцкі корпус даў адукацыю і выхаванне больш чым тром тысячам афіцэраў царскай арміі. Далёка не ўсе з іх марылі быць вернымі абаронцамі праваслаўнага трона. Шляхціч Андрэй Патабня стаў адным з кіраўнікоў «Камітэта расейскіх афіцэраў у Польшчы», перайшоў на бок паўстанцаў 1863 года і загінуў у баі з карнікамі пад Кракавам. Яшчэ адзін гадаванец корпуса гісторык і археолаг Язэп Стаброўскі заснаваў Слонімскі гістарычна-краязнаўчы музей. У яго аснову легла асабістая калекцыя былога «палачаніна», дзе былі сабраныя ўнікальныя рэчы, здольныя зрабіць гонар кожнаму эўрапейскаму музею: галава паганскага ідала, першае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, аўтографы Льва Талстога, лісты Пушкіна да Наталлі Ганчаровай...

Вежы Сафійскага сабора, корпусныя калідоры і класы снілі выдатны фенолаг, палачанін па нараджэнні Дзмітры Кайгародаў, сакратар Расейскай акадэміі навук, аўтар кніг пра вайну 1812 года і Крымскую кампанію Мікалай Дубровін, вядомы вучоны-механік Віктар Кірпічоў і ягоны брат Ніл, таксама буйны навуковец, які займаў пасаду старшыні расейскага Паветраплавальнага камітэта. У корпусе вучыўся аўтар вядомага гістарычнага рамана «Порт-Артур» Аляксандар Сцяпанаў.

Уладзімір АРЛОЎ


21 студзеня (2 лютага) 1838. Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі

Радзіма нашага нацыянальнага героя - вёска Мастаўляны Гарадзенскага павета (цяпер у Беластоцкім ваяводстве Польшчы). Паходзіў Канстанцін Вікенці Каліноўскі з сям'і дробнамаянтковага шляхціча. Першапачатковую адукацыю будучы рэвалюцыянер атрымаў у Свіслацкай павятовай навучальні. Вялікі ўплыў на яго меў старэйшы брат Віктар, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, вывучаў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўныя беларускія рукапісы.

У 1856 годзе Кастусь паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступенню кандыдата права. Ужо ў студэнцтве ён рашуча ступіў на сцяжыну палітычнай барацьбы з самаўладдзем, разам з братам належаў да рэвалюцыйнага гуртка Зыгмунта Серакоўскага і Яраслава Дамброўскага. На Бацькаўшчыну Каліноўскі вярнуўся ў 1861 годзе перакананым змагаром супроць царызму.

Кастусь стаўся стваральнікам і душой нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі ў Горадні, разам з паплечнікамі ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялянаў, рыхтуючы іх да паўстання. Гэтай мэце служыла і нелегальная беларуская газета «Мужыцкая праўда», якую надзелены яскравым публіцыстычным і літаратурным талентам Каліноўскі пачаў выдаваць у 1862 годзе супольна з Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным і Валерам Урублеўскім. Аўтар і рэдактар бальшыні нумароў газеты, Кастусь сам браў удзел у яе пашырэнні: развозіў па вёсках, раскідваў на дарогах. Ён імкнуўся развеяць ілюзіі сялянаў, паказаць, што царскі маніфест аб скасаванні прыгоннага права - гэта чарговае ашуканства працоўнага люду. Кастусь заклікаў змагацца за тое, каб прыйшоў час, калі «ніколі ніякай нікому мужыкі паншчыны служыць не будуць і ніякага ў казну аброку плаціць, і народ наш будзе вольны і шчаслівы».

Пасля загаду аб ягоным арышце Каліноўскі дзейнічаў пад канспірацыйнымі прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус... Увосень 1862-га ён узначаліў Літоўскі правінцыйны камітэт, што рыхтаваў вызвольнае паўстанне ў Беларусі. Кастусь стаяў на чале найбольш паслядоўных рэвалюцыянераў, якіх у адрозненне ад лібералаў («белых») называлі «чырвонымі». Яны выступалі супроць саслоўнай няроўнасці, за дэмакратычную рэспубліку, за перадачу зямлі сялянам. Каліноўскі лічыў, што народы Беларусі, Летувы і Ўкраіны павінны самі вырашыць пытанне пра сваю незалежнасць. «Белыя» ж лічылі галоўнаю задачай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.

Пасля пачатку паўстання «белым» удалося адхіліць Каліноўскага і ягоных прыхільнікаў ад кіраўніцтва. Ён стаў паўстанцкім камісарам Гарадзенскай губерні, здолеў прыцягнуць да ўдзелу ва ўзброенай барацьбе шмат сялянаў. Улетку 1863 года Кастусь зноў узяў у свае рукі кіраўніцтва віленскім паўстанцкім цэнтрам, што часам называлі «чырвоным жондам».

Паўстанне ў Беларусі ўжо задыхалася. Адзін з інсургентаў - паўстанцкі камісар Магілеўскай губерні Вітаўт Парфіяновіч - на допыце выдаў Каліноўскага. У лютым 1864 года «дыктатар паўстання», што жыў у Вільні ў Святаянскіх мурах (побач з саборам святога Яна) пад імем Ігната Вітажэнца, трапіў у рукі царскіх жандараў. У часе следства і суда Кастусь трымаўся надзвычай мужна. На прапанову аблегчыць свой лёс, назваўшы некаторыя адрасы і імёны, ён адказаў: «Калі грамадская шчырасць з'яўляецца дабрачыннасцю, то шпіёнства апаганьвае чалавека. Усведамленне гонару, уласнае годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху».

Царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць правадыра інсургентаў смерцю на шыбеніцы. Страта адбылася 10 (22) сакавіка 1864 года на віленскай гандлёвай плошчы Лукішкі. Слухаючы перад смерцю прысуд, у якім кіраўнік паўстанцаў быў названы «дворянином Калиновским», ён выгукнуў: «У нас няма дваранаў, у нас усе роўныя!»

З царскага астрога Кастусь перадаў на волю свой напісаны па-беларуску і звернуты непасрэдна да народа запавет - «Ліст з-пад шыбеніцы»:

«Браты мае, мужыкі родныя! З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, но не жаль згінуць за тваю праўду.

Прымі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як бы з таго свету толькі для дабра твайго напісана.

Няма, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тады ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках і тады толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, бо, збагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой шчыра палюбіць. Но як дзень з ночай не ходзяць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Ды пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць, не для дабра, но на пагібель нашу.

Для таго-то, народзе, як толькі калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б'юцца за праўду і свабоду, тады і ты не аставайся ззаду, но, ухапіўшы за што зможаш, за касу, сякеру, і цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля ўжо не будзе!

Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні».

У турме, перад смерцю, напісаны і адзіны вядомы сёння верш Кастуся Каліноўскага, прысвечаны яго каханай: Марыська чарнаброва, галубка мая, Дзе ж падзелася шчасце і ясна доля твая? Усё прайшло, як бы не бывала, Адна страшна горыч у грудзях застала...

Але адначасова гэта і зварот да ўсяго беларускага народа: Бывай здаровы, мужыцкі народзе, Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе І часамі спамяні пра Яську свайго, Што загінуў за праўду для дабра твайго.

Уладзімір АРЛОЎ


1839. Царкоўны сабор у Полацку прымае акт аб ліквідацыі Вуніі

Для расейскага самаўладдзя ніякіх беларусаў не існавала ў прыродзе. Вуніяцкая ж царква з яе народнай мовай у навучанні, кнігадрукаванні, казаннях сцвярджала адваротнае. Між тым вуніятамі ў Беларусі напрыканцы ХVІІІ стагоддзя былі кожныя тры жыхары з чатырох, а праваслаўнымі - 6,5 працэнта. Ужо за Кацярынай ІІ з небяспечнага вуніяцтва ў надзейнае праваслаўе расейскага ўзору перавялі паўтара мільёна нашых продкаў. Ішла апрацоўка грэцка-каталіцкіх герархаў. Вуніяцкі мітрапаліт Лісоўскі ў 1806 годзе загадаў у малітвах царова імя згадваць раней за папава.

Асабліва жорстка з народнай верай змагаўся ўкраінец паходжаннем вуніяцкі біскуп Іосіф Сямашка, які цалкам перакінуўся на бок царызму. Ён прымусова ўводзіў у вуніяцкіх духоўных семінарыях і ў царкоўных справаздачах расейскую мову. Святары мусілі ладзіць набажэнствы па службоўніках, прысланых з Масквы і Пецярбурга. Нязгодных чакаў суд як царкоўных і дзяржаўных злачынцаў. На вачах у вернікаў з храмаў выкідалі бакавыя алтары, ламалі арганы. Усе гэтыя здзекі расейская, а потым і савецкая гістарычная навука безапеляцыйна называла вызваленнем беларусаў ад рэлігійнага прыгнёту.

Шмат хто з вуніятаў шукаў паратунку ў каталіцтве. Толькі ў 1834 годзе 35 тысяч беларускіх дзяцей з вуніяцкіх сем'яў бацькі хрысцілі паводле рымскага абраду.

Вайна самаўладдзя з вуніяцтвам афіцыйна завяршылася 12 лютага 1839 года. Гэтым днём у Полацку пачаўся царкоўны сабор, рэй на якім вёў Сямашка. Святая Сафія, што ўжо два з паловаю стагоддзі была грэцка-каталіцкім храмам, пачула пастанову пра вяртанне сваіх прыхаджанаў «в лоно прародительской православной веры, дабы пребывать отныне в послушании Святейшего Правительствующего Всероссийского Синода».

Нават ва ўмовах жорсткага ўціску ў Беларускай вуніяцкай дыяцэзіі (царкоўнай акрузе) у 1838 годзе з 680 святароў за далучэнне да праваслаўя падпісаліся толькі 186. Ды гэта не перашкодзіла прывезенаму з Расеі праваслаўнаму епіскапу Смарагду заявіць, што «уния расползлась, как ветхий и дырявый мех». Каланізатары пазбавілі Беларусь рэлігіі, якую з поўным правам можна назваць нацыянальнай, народнай (так яе называлі К.Каліноўскі, М.Багдановіч, В.Ластоўскі і шэраг іншых дзеячоў беларускага адраджэння), падзялілі нас на каталікоў і праваслаўных. Вось адна з галоўных прычын слабой нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, ад чаго мы зазналі столькі няшчасцяў і ў гэтым стагоддзі.

У гонар перамогі над вуніяцтвам імператар Мікалай І пастанавіў выбіць медаль з надпісам «Отторгнутые насилием (1596) возсоединены любовию (1839)». Любоў тая вельмі часта выяўлялася ў бізунах, якімі вуніятаў, у тым ліку і дзяцей, змушалі прымаць новую веру. Пра здзекі з грэка-каталікоў абурана пісаў Леў Талстой. А Аляксандар Герцэн надрукаваў у сваім лонданскім «Колоколе» артыкул «Секущее православие», дзе Іосіфа Сямашку называў «Иудой во Христе, который высек себе новый памятник на спине беззащитных жертв». Вось прыклад радаснага «ўз'яднання» цэркваў: «Со стороны гражданского начальства истязанием заведовал окружной Новицкий. Этот полицейский апостол сек людей до тех пор, пока мучимый соглашался принять причастие от православного попа. Один четырнадцатилетний мальчик после двухсот розг отказался от такого общения со Христом. Его снова начали сечь, и только тогда, уступая страшной боли, он согласился. Православная церковь восторжествовала!»

Разам з гвалтоўным пераводам нашых продкаў у «истинную» веру знішчаўся велізарны пласт беларускай культуры: царскія памагатыя ў царкоўных рызах палілі вуніяцкую скульптуру, распілоўвалі грэцка-каталіцкія распяцці, выкідалі з храмаў абразы. На цвінтарах гарэлі вогнішчы з кніг. Гінула не толькі царкоўная літаратура, праваслаўныя фанатыкі адпраўлялі ў агонь усе даўнейшыя беларускія выданні. Іосіф Сямашка ў 1852 годзе асабіста назіраў, як гараць 1295 кніг, знойдзеных у былых вуніяцкіх храмах. У сваіх «Запісках» ён з гонарам паведамляў, што за наступныя тры гады на ягоны загад спалілі яшчэ дзве тысячы тамоў.

На беларускай зямлі запанавала расейская праваслаўная царква, якая на працягу амаль усёй сваёй гісторыі паслухмяна выконвала волю царскай, а потым камуністычнай улады. Праваслаўю была даручана галоўная роля ў русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. У 1840 годзе (тады ж, калі адмысловы царскі ўказ забараніў ужываць назоў Беларусь у афіцыйных дакументах) выйшла забарона прамаўляць па-беларуску царкоўныя казанні. Епіскапы патрабавалі ад святароў ды іхных жонак карыстацца расейскай мовай і ў прыватным жыцці, каб даць прыклад парафіянам. Вядома, што за заслугі ў задушэнні нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года Сямашка прадставіў да ўзнагароджання медалём 496 духоўных асобаў свае епархіі.

Уладзімір АРЛОЎ


1861. Скасаванне прыгоннага права

Беларускія сяляне былі канчаткова запрыгоненыя ў ХVІ стагоддзі, што юрыдычна замацавалі Статуты Вялікага Княства Літоўскага. Тым не менш феадальны прыгнёт тут быў не такі жорсткі, як у суседняй Маскоўшчыне, дзе прыгонны быў цалкам бяспраўны. У сувязі з гэтым расейскія сяляне тысячамі перасяляліся на землі сумежнай краіны. Вядома, што ў 1754 годзе ўрад імператрыцы Лізаветы Пятроўны вымагаў ад сойма Рэчы Паспалітай вярнуць мільён (!) уцекачоў. За Кацярынай ІІ расейскіх сялянаў пачалі афіцыйна называць рабамі. Пецярбургскія і маскоўскія газеты друкавалі абвесткі аб продажы, дзе людзі стаялі ў пераліку побач з сабакамі.

Пасля захопу Беларусі Расеяй (якраз у гэтым часе там ішла сялянская вайна пад кіраўніцтвам Емяльяна Пугачова) дзеянне імперскіх законаў паступова пашыраецца і на далучаны абшар. Каля мільёна беларусаў сталі прыгоннымі расейскіх памешчыкаў. У Расейскай імперыі панавалі адсталыя формы гаспадарання, і ў выніку новыя валадары пераводзілі беларускіх сялянаў з грашовага аброку - чыншу на паншчыну. Былі запрыгоненыя дзесяткі тысяч асабіста незалежных раней людзей.

Ад ХІХ стагоддзя ў царскай імперыі пачалі распрацоўвацца розныя праекты абмежавання і скасавання прыгонніцтва. 19 лютага 1861 года імператар Аляксандар ІІ падпісаў маніфест пра адмену прыгону. Паводле Агульнага палажэння аб рэформе сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і права распараджацца сваёй маёмасцю. У руках у памешчыкаў заставалася ўся зямля, аднак яны мусілі аддаць сялянам у сталае карыстанне (за павіннасці) сядзібу і палявы надзел - «дзеля забеспячэння іх быту і выканання іх абавязкаў перад урадам і памешчыкам». Сяляне мелі права выкупіць сядзібу і надзел, аднак устаноўлены кошт зямлі быў значна вышэйшы за рынкавы. Памеры надзелаў, павіннасці і парадак іх выканання вызначалі самі памешчыкі. Іншымі словамі, рэформа пакідала бальшыню сялянаў абрабаванымі.

У Беларусі рэформа 1861 года праводзілася з улікам двух адмысловых мясцовых палажэнняў і мела шэраг асаблівасцяў. У васьмі паветах Магілеўскай і Віцебскай губерняў памешчыкі мелі права адразаць у сялянаў зямлю, калі дарэформавы надзел быў большы за вышэйшую норму (4-5,5 дзесяціны) і калі ў памешчыка заставалася менш за траціну прыдатнай зямлі. У Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губернях сяляне атрымалі права на зямлю, якой карысталіся ў часы прыгону, але і тут дапускаліся адрэзкі.

Хваляванні пасля царскага маніфеста і асабліва паўстанне 1863 года змусілі царскі ўрад памяняць умовы рэформы ў Беларусі. Каб не дапусціць удзелу сялянаў у збройнай нацыянальна-вызвольнай барацьбе, 1 сакавіка 1863 года быў выдадзены ўказ аб спыненні абавязаных дачыненняў сялян да памешчыкаў у Віленскай, Менскай, Гарадзенскай і часткова Віцебскай губернях, а таксама аб скарачэнні на 1/5 выкупных плацяжоў (у тым жа годзе гэтыя правілы былі пашыраныя і на астатнія беларускія землі). Але гэта не змяніла рабаўнічага характару рэформы, бо больш за палову лепшай зямлі засталося ў руках у абшарнікаў.

У эканоміцы і грамадска-палітычным ладзе пасля рэформы захоўваліся шматлікія перажыткі феадалізму. Сялянства заставалася ў імперыі найбольш абмежаваным у асабістых і маёмасных правах станам. Яно, прыкладам, не магло вольна распараджацца сваімі надзеламі, мяняць месца жыхарства.

Паводле статыстыкі, на пачатку ХХ стагоддзя прыкладна 70 працэнтаў беларускага сялянства належала да беднякоў, 20 працэнтаў да заможных гаспадароў і 10 - да багатых.

Уладзімір АРЛОЎ


Чэрвень 1862. Выйшаў першы нумар нелегальнай газеты «Мужыцкая праўда»

Улетку ў беларускіх вёсках і мястэчках людзі пачалі знаходзіць друкаваныя лацінкаю лісткі. Яны мелі невялікі памер, іх можна было разгладзіць на калене ў хвіліны адпачынку проста на полі, а прачытаўшы - лёгка схаваць.

Гэта была першая ў гісторыі беларуская газета.

«Muzyckaja prauda», - водзячы пальцам па радках, разбіраў пісьменны селянін і са здзіўленнем адкрываў для сябе, што гэтая газетка сапраўды гаворыць пра мужыцкія клопаты, прычым гаворыць на простай і зразумелай мове.

«Мужыцкую праўду» выдаваў Кастусь Каліноўскі разам са сваімі паплечнікамі па барацьбе Ф.Ражанскім, С.Сангіным і В.Урублеўскім. Кожны нумар, які нязменна падпісваўся псеўданімам Каліноўскага «Яська-гаспадар з-пад Вільні», прысвячаўся якой-небудзь пэўнай тэме. Газета выкрывала царскі маніфест аб скасаванні прыгону і русіфікатарскую палітыку, вяла гаворку пра рэкруцкія наборы і рэлігійны прыгнёт.

«Дзецюкі! - пісаў Яська-гаспадар у першым нумары. - Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі да сахі, - цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці... такую праўду справядліву, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўды...

Ад маскаля і паноў няма чаго спадзявацца, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымася разам! А калі паны схочуць трымацца з намі, так няхай жа робяць па святой справядлівасці, бо калі іначай - так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе».

Газета разляталася па ўсім абшары Беларусі, пашыралася на Беласточчыне, Віленшчыне і Дзвіншчыне. Да канца 1862 года значным накладам выйшла шэсць нумароў «Мужыцкае праўды».

«У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля... - звярталася газета да простага люду. - За тое, што мы цару 25 лет на войнах служым без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхецтва, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці... А што грэху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалю, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе француз даваці вольнасць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасць і веру, а мы-то даем рэкрута, і нашымі грудзямі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты... Ён-то, перакупіўшы многа папоў... плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі, а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў злітавання над намі».

Апошні, сёмы нумар «Мужыцкае праўды» пабачыў свет ужо ў часе нацыянальна-вызвольнага паўстання. Тут гучыць адкрыты заклік да змагання з расейскімі каланізатарамі:

«Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашу вольнасць! Нас цар ніц не падмане - не падвядуць маскалі: няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя - нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам ды бацькам».

Прайшло больш за стагоддзе, але палымяны пратэст выдаўцоў газеты супроць каланіяльнай палітыкі Расейскай імперыі, заклік здабыць сапраўдную волю і незалежнасць не страцілі сваёй актуальнасці. Невыпадкова поўныя тэксты «Мужыцкае праўды» ў Беларусі ўдалося надрукаваць толькі ў 1988 годзе.

Уладзімір АРЛОЎ


1863. Паўстанне Кастуся Каліноўскага

Трэцяе нацыянальна-вызвольнае паўстанне супроць царызму ў Беларусі рыхтаваў так званы Літоўскі правінцыйны камітэт, што знаходзіўся пад уплывам рэвалюцыйных дэмакратаў з лагера «чырвоных». Ён збіраў грошы, набываў зброю, вёў навучанне будучых камандзіраў. Сялянаў клікала на барацьбу «Мужыцкая праўда» Каліноўскага.

Першае выступленне паўстанцаў адбылося ўначы з 22 на 23 студзеня ў Варшаве. Увечары таго самага дня вестка пра пачатак збройнага змагання дайшла да Вільні.

1 лютага 1863 года Літоўскі правінцыйны камітэт выдаў да жыхароў Беларусі маніфест аб паўстанні. За колькі дзён да гэтага ў заходніх паветах беларускіх губерняў ужо з'явіліся першыя аддзелы інсургентаў з Польшчы. У сакавіку-красавіку пачынаецца хуткае стварэнне мясцовых паўстанцкіх аддзелаў, у якія пераважна ўваходзілі шляхта, чыноўнікі, студэнты і навучэнцы. Пятую частку ўзброеных змагароў складалі сяляне. На чале аддзелаў сталі адданыя ідэалам свабоды патрыёты Валер Урублеўскі, Рамуальд Траўгут, Людвік Звяждоўскі, Ігнат Будзіловіч, Фелікс Віславух...

Напачатку нашы ваяры здолелі атрымаць некалькі значных перамогаў. Аддзел паўстанцкага начальніка Магілеўскай губерні Людвіка Звяждоўскага заняў горад Горы-Горкі. Паўстанцы авалодалі мястэчкам Свіслач і напалі на Ружаны. Аднак расейскім уладам удалося (асабліва на ўсходзе Беларусі) падмануць значную частку сялянства, якое паверыла, нібыта «паны змагаюцца за вяртанне прыгону». Усеагульнага антыпрыгонніцкага паўстання баяўся і лагер «белых», якіх задавальняла аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года з дапамогаю іншаземных дзяржаваў. «Белыя» былі катэгарычна супраць планаў Каліноўскага і яго паплечнікаў усталяваць новыя дэмакратычныя парадкі, калі не будзе саслоўнай няроўнасці, а зямля пяройдзе да тых, хто яе ўрабляе. Прадстаўнікам «белых» удалося яшчэ ў лютым замест рэвалюцыйнага Літоўскага камітэта стварыць свой Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, які прызначыў ва ўсе губерні сваіх камісараў.

Ва ўсходнебеларускіх губернях царскія войскі задушылі паўстанне ўжо ў траўні. Былі разбітыя і амаль усе аддзелы змагароў Менскай губерні. Толькі на Гарадзеншчыне, дзе паўстанцы карысталіся найбольшай падтрымкаю сялянаў, яны дзейнічалі больш паспяхова і доўгі час заставаліся недасягальнымі для карнікаў. Сама вялікі бой адбыўся ў Слонімскім павеце каля вёскі Мілавіды, дзе дагэтуль захавалася мемарыяльная капліца, што нагадвае пра тую падзею. Пад націскам добра абвучаных і ўзброеных рэгулярных войскаў інсургенты адышлі са Слонімскага павета ў Ваўкавыскі, але ў чэрвені былі там разбітыя.

На пачатку лета кіраўніцтва паўстаннем зноў перайшло ў рукі «чырвоных». Рэвалюцыйны ўрад, названы Выканаўчым аддзелам Літвы, неўзабаве ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Ён і ягоныя прыхільнікі ахвярна спрабавалі ўзняць на барацьбу сялянства, зрабіць больш дзейнымі мясцовыя рэвалюцыйныя камітэты. Аднак паўстанне ўжо было асуджанае на паразу.

Задушэннем вызвольнай барацьбы кіраваў разумны і жорсткі царскі сатрап М.Мураўёў, што за свае крывавыя «подзвігі» атрымаў мянушку Вешальнік. Ён не грэбаваў ніякімі сродкамі: дзейнічаў подкупамі і ашуканствам, падпісваў смяротныя прысуды і загадваў заліваць магілы экскрэментамі, каб не дапусціць там патрыятычных маніфестацый. Тым не менш асобныя аддзелы на захадзе Беларусі змагаліся да канца 1863 года.

Агульная колькасць паўстанцаў, палеглых у баях у «Северно-Западном крае», невядомая. Пакараных ваенна-палявымі судамі і без суда налічвалася 18 500. 128 былі павешаныя або расстраляныя, 853 пайшлі на катаргу, 11 502 - у высылку.

Паўстанне 1863 года было адным з нешматлікіх у гісторыі ХІХ стагоддзя прыкладаў, калі, па сутнасці, купка ўзброеных людзей, абараняючы сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, паўстала супроць велізарнай імперыі. Тры эўрапейскія народы - беларусы, палякі і летувісы - коштам жыццяў сваіх найлепшых сыноў выказалі пратэст супроць расейскага феадалізму, абсалютызму і дэспатызму, засведчыўшы прыхільнасць да канстытуцыйнасці і парламентарызму.

Царызм патапіў паўстанне ў крыві, але насуперак гэтаму ў народзе мацнела пачуццё нацыянальнае годнасці. Сярод паўстанцаў 1863-га было ўжо нямала тых, хто ваяваў не за Рэч Паспалітую, а за Беларусь. Інсургенты мелі беларускую газету, у іх шэрагах змагаліся беларускія пісьменнікі Францішак Багушэвіч і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Гэта прагучала для расейскіх уладаў трывожным сігналам, і нацыянальны прыгнёт рэзка ўзмацніўся. Звяртаючыся да беларускага дваранства, галоўны начальнік «Северо-Западного края» М.Мураўёў казаў: «Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край».

Уладзімір АРЛОЎ


28 траўня (9 чэрвеня) 1881. Нарадзіўся Іван Луцкевіч

Яго па праве называюць адным з бацькоў беларускага адраджэння.

Нарадзіўшыся ў сям'і паўстанца 1863 года, змагара за Рэч Паспалітую Абодвух Народаў, Іван Луцкевіч стаў змагаром за незалежную Беларусь. Вядома, што ў юначыя гады на яго погляды значна паўплывалі сваімі творамі Францішак Багушэвіч і бацькаў знаёмы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Пад час навучання ў Менскай класічнай гімназіі 16-гадовы Іван разам з маладзейшым на тры гады братам Антонам заснавалі гурток, сябрамі якога валодалі ідэі нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасці. Канчаткова пераканацца ў тым, што яны - беларусы, братам дапамагала сустрэча з адданым працаўніком адраджэння пісьменнікам і мастаком Карусём Каганцом (Казімірам Кастравіцкім).

У 1902 годзе браты Луцкевічы паступілі ў Пецярбургскі ўніверсітэт: старэйшы - на юрыдычны факультэт, малодшы - на фізічна-матэматычны. Потым Іван вучыўся ў Маскоўскім археалагічным інстытуце, а Антон атрымаў адукацыю юрыста ў Дэрпцкім універсітэце.

Разам з аднадумцамі з Пецярбурга і Вільні сыны паўстанца зрабіліся сябрамі Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады. Маладыя рэвалюцыянеры мелі на мэце барацьбу супроць царызму, за дэмакратычную Расею і аўтаномію Беларусі, за перадачу сялянам панскай, царкоўнай і скарбовай зямлі, за правы беларускай мовы. Пры канцы 1903 года адбыўся ўстаноўчы з'езд Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ). Іван Луцкевіч стаў яе сапраўдным лідэрам, а Антон - галоўным ідэолагам і публіцыстам партыі. Беларускія сацыялісты чынна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях таго часу. Менавіта Іван Луцкевіч пад выглядам замоўцы з'явіўся пасля вядомага Курлоўскага расстрэлу ў Менску на фабрыку Якабсона, гудок якой даў сігнал да ўсеагульнай стачкі пратэсту.

У доме Луцкевічаў хавалі зброю, якую назапашвалі для баявых групаў Грамады. Звесткі пра гэта дайшлі да паліцыі, Іван разам з братам мусіў таемна выехаць у Вільню і перайсці на нелегальнае становішча, узяўшы мянушку Іван Міхальчук.

У былой сталіцы Вялікага Княства Іван Луцкевіч узяў удзел у стварэнні першай легальнай беларускай газеты «Наша Доля», а затым разам з братам і сацыялістам Аляксандрам Уласавым заснаваў новае выданне - «Нашу Ніву», што адыграла выключную ролю ў нацыянальным адраджэнні, згуртаваўшы вакол сябе найлепшыя сілы інтэлігенцыі.

Іван Луцкевіч удзельнічаў у заснаванні ў 1913 годзе ў Вільні Беларускага выдавецкага таварыства, што праіснавала блізу дваццаці гадоў, пакуль не было зачыненае польскімі ўладамі. Тут пабачылі свет кнігі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Наталлі Арсенневай, Канстанцыі Буйлы, Уладзіміра Жылкі...

У гады нямецкай акупацыі заходніх земляў Беларусі пад час Першай сусветнай вайны Іван Луцкевіч спрабаваў стварыць прафесійны хаўрус беларускіх настаўнікаў. Ён спрычыніўся да адкрыцця дзвюх сотняў пачатковых школ з выкладаннем на роднай мове, а таксама беларускай настаўніцкай семінарыі і курсаў. З ягонай ініцыятывы 1 студзеня 1919 года адчынілася Віленская беларуская гімназія.

Велізарны плён дала самаадданая навуковая дзейнасць Івана Луцкевіча. Археалагічныя і этнаграфічныя даследванні, вывучэнне Аль-Кітаба - напісанай арабскім пісьмом па-беларуску мусульманскай кнігі-малітоўніка, заснаванне ў Вільні Беларускага навуковага таварыства... Гэта ўсё ён, Луцкевіч.

У рупліва сабранай ім калекцыі старажытнасцяў былі рарытэты, якія палічыў бы за гонар мець у сваёй экспазіцыі ўсялякі сусветна вядомы музей. Гэты збор папаўняўся аматарамі даўніны і стаўся асноваю адкрытага ў 1921 годзе ў Вільні Беларускага музея. Яго наведнікі захапляліся старажытнымі абразамі і слуцкімі паясамі, палотнамі сярэднявечных мастакоў і творамі народных разьбяроў. Багаццем вылучаліся зборы манет і старажытных пячатак - у тым ліку полацкіх князёў Усяслава Чарадзея і Барыса, вялікага князя Міндоўга. У калекцыі рукапісаў і старадрукаў захоўваліся Статут Вялікага Княства Літоўскага, Скарынава «Біблія», «Мужыцкая праўда» Каліноўскага. Архіў музея меў практычна ўсю дакументальную гісторыю нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя, а бібліятэка налічвала блізу 15 тысяч тамоў. Сабраныя Луцкевічам скарбы натхнялі Янку Купалу, Змітрака Бядулю, Максіма Гарэцкага. Агледзеўшы гэтыя калекцыі, Максім Багдановіч у захапленні зазначыў: «Гэта ёсць фундамент нашага адраджэння. Гэта і за тысячу гадоў будзе сведчыць пра нас».

Іван Луцкевіч адным з першых зразумеў неабходнасць дзяржаўнай незалежнасці Бацькаўшчыны і разам з братам стаў ініцыятарам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

Ён не шкадаваў сябе. Цяжка хворы на сухоты, па-ранейшаму ахвярна працаваў, і калі сябры ў 1919 годзе завезлі яго на курорт у польскае Закапанэ, было ўжо позна.

Антон Луцкевіч працягваў братаву справу. Ён узначальваў урад БНР і яе Найвышэйшую Раду. У 20-30-х гадах кіраваў Віленскім навуковым таварыствам і музеем імя І.Луцкевіча, выкладаў у Беларускай гімназіі, меў заслужаную славу таленавітага публіцыста і літаратурнага крытыка, што пісаў пераважна пад псеўданімам Антон Навіна. Скончыў сваё жыццё ў кіпцюрах НКВД.

Прывезены з Польшчы прах Івана Луцкевіча ў 1991 годзе перазахаваны на віленскіх могілках Росы.

Уладзімір АРЛОЎ


25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882. Нарадзіўся Янка Купала

Будучы пясняр нарадзіўся ў фальварку Вязынка (цяперашні Маладэчанскі раён) якраз на старажытнае беларускае свята Купалле, што потым і паўплывала на выбар літаратурнага псеўданіма (сапраўднае імя - Іван Луцэвіч).

Сям'я Луцэвічаў жыла з арандатарства. Пасля бацькавай смерці ў 1902 годзе малады Янка зведаў смак хлеба, заробленага ўласнаю працай, - рабіў на гаспадарцы, быў хатнім настаўнікам-дарэктарам, пісарам судовага следчага ў Радашкавічах, малодшым прыказчыкам і памочнікам вінакура ў панскіх маёнтках... Ён паспеў скончыць Бяларуцкае народнае вучылішча, займаўся на вядомых у той час агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева ў Пецярбурзе (1909-1913), у маскоўскім універсітэце Шаняўскага (1915), аднак галоўным яго «ўніверсітэтам» стала народнае жыццё - поўнае няпростых клопатаў, але заўсёды прасякнутае вераю ў лепшую долю, мары аб якой гучалі ў чутых Купалам з маленства песнях і казках, легендах і паданнях, ва ўсім найбагацейшым у славянскім свеце беларускім фальклоры.

Пісаць ён пачаў па-польску, але неўзабаве прыйшло разуменне, што найпаўней і найглыбей выказаць сябе можна толькі на роднай мове. Першы вядомы літаратуразнаўцам беларускі верш Купалы «Мая доля» датуецца 1904 годам, першы друкаваны - «Мужык» - пабачыў свет у траўні 1905-га ў менскай газеце «Северо-Западный край». Першы зборнік «Жалейка» выйшаў у 1908 годзе ў Пецярбурзе. Услед за ім з'явіліся «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913).

Асаблівую ролю ў жыцці і творчасці паэта адыграў віленскі перыяд, калі ён у 1908-1909 гадах спачатку супрацоўнічаў у «Нашай Ніве», а потым, у 1914-1915-м, быў яе рэдактарам, знаходзячыся ў самай гушчыні нацыянальна-адраджэнцкага руху.

Купалу наканавана было стаць адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, стварыць сапраўдны летапіс жыцця свайго народа, дзе яскрава адлюстраваліся нацыянальны характар і светаўспрыманне беларусаў на пераломных гістарычных межах ХХ стагоддзя.

Вяршыня творчасці паэта - дакастрычніцкая лірыка з яе глыбіннай народнасцю і рамантызмам, з драматызмам перажыванняў і вылучным багаццем арыгінальных тэмаў і мастацкіх вобразаў. Купала стварыў своеасаблівы мастацкі партрэт Маладой Беларусі - гэтай «сакалінай сям'і», якая чуйна ўслухоўваецца ў «вольны вецер вольных песень» і ўсёй душой верыць, што «не загіне край забраны». Патрыятызм песняра найбольш яскрава выяўляецца ў філасофска-гістарычных творах «На Дзяды» і «На Куццю». Класікай сталі і яго фальклорна-рамантычныя паэмы «Курган», «Бандароўна», «Яна і я»... Купала - адзін са стваральнікаў багатай традыцыі беларускай пейзажнай і любоўнай лірыкі.

Янка Купала са сваёй камедыяй «Паўлінка» і драмай «Раскіданае гняздо» стаіць ля вытокаў гэтых жанраў у беларускай драматургіі. Дагэтуль не страцілі сваёй актуальнасці дарэвалюцыйныя публіцыстычныя творы паэта, што будзілі нацыянальныя пачуцці, сцвярджалі велізарныя жыццядайныя сілы роднага слова, - «Вера і нацыянальнасць», «Чаму плача песня наша?», «Ці маем мы права выракацца роднай мовы». Пяру Купалы належаць і бліскучыя ўзоры перакладаў - празаічны і вершаваны «Слова пра паход Ігаравы», паэмаў і вершаў А.Міцкевіча, А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Крашэўскага.

Семдзесят гадоў афіцыйнае беларускае літаратуразнаўства імкнулася давесці, нібыта Янка Купала «радасна вітаў Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю і арганічна прыняў ідэі сацыялізму і ленінскую нацыянальную палітыку». У сапраўднасці ўсё было іначай. Паэт выдатна разумеў, што бальшавікі паступова ператвараюць Беларусь у палігон для сваіх злачынных сацыяльных эксперыментаў, з болем бачыў, як у русіфікатарскіх хвалях захлынаецца не падмацаваная агульнай дэмакратызацыяй жыцця палітыка беларусізацыі. Так, з-пад яго пяра ў 20-х гадах часам выходзілі дзяжурныя, пазначаныя штучным пафасам вершаванкі кшталту прысвечанай дзесяцігоддзю «Кастрычніцкай рэвалюцыі» паэмы «З угодкавых настрояў». Але адначасова Купала быў аўтарам забароненай да пастаноўкі п'есы «Тутэйшыя», а ў 1926-м, праз год пасля надання яму звання народнага паэта, напісаў верш «Акоў паломаных жандар»: Акоў паломаных жандар, Сліўнём зарыўшыся ў нару, Сядзіць расейскі чынадрал, «Слуга оцечаству, цару». Былых не выклічаш вякоў, І ты, Масквы кароннай гразь, Парваных не скуеш акоў, З якой брахнёю ні вылазь!

Ужо напрыканцы 20-х гадоў над Купалам навісла небяспека арышту. Неўзабаве яго пачалі выклікаць на допыты ў ГПУ, абвінавачваючы ў тым, што ён з'яўляецца кіраўніком і ідэолагам контррэвалюцыйнага «Саюза Вызвалення Беларусі». У лістападзе 1930 года паэт, ратуючыся ад здзекаў, робіць замах на самагубства, але дактарам удалося яго адратаваць. Пасля гэтага бальшавіцкія ўлады сфабрыкавалі ад яго імя так званы «Адкрыты ліст», дзе нібыта Янка Купала выракаецца нашаніўскіх традыцый, адраджэнцтва і незалежніцтва. Але нават духоўна зламаны паэт заставаўся небяспечным, і ў чэрвені 1942 года сталінскія майстры заплечных справаў арганізавалі ў Маскве яго забойства.

Уладзімір АРЛОЎ


22 кастрычніка (3 лістапада) 1882. Нарадзіўся Якуб Колас

Малой радзімаю Якуба Коласа (сапраўднае імя - Канстанцін Міцкевіч) была прынёманская вёска Акінчыцы, якая цяпер у межах Стоўбцаў. Паходзіў будучы народны паэт з сям'і лесніка.

Скончыўшы ў 1902 годзе Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, Канстанцін Міцкевіч працаваў настаўнікам спачатку на Піншчыне, а потым паблізу ад Смалявічаў пад Менскам. У ліпені 1906 года ён удзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з'ездзе ў вёсцы Мікалаеўшчына, за што пазбавіўся пасады. Пасля гэтага нейкі час працаваў у газеце «Наша Ніва», у прыватнай школцы, але ў верасні 1908 года за ўдзел у з'ездзе настаўнікаў і нелегальную дзейнасць быў засуджаны царскім судом на тры гады зняволення. Вярнуўшыся на волю, выкладаў у Пінскім прыходскім вучылішчы, а з верасня 1915-га служыў у войску. У 1916 годзе К.Міцкевіч скончыў у Маскве Аляксандраўскую вайсковую вучэльню і ў званні прапаршчыка блізу двух месяцаў знаходзіўся на Румынскім фронце. На той час ён быў ужо вядомым беларускім літаратарам.

Пісаць вершы Колас пачаў вельмі рана, прычым спярша па-расейску. Літаратуразнаўцам вядомыя болей за пяцьдзесят ранніх твораў паэта, датаваных 1898-1906 гадамі. У тых вершах і ў першай празаічнай спробе - «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле» - адчуваецца значны ўплыў класічнай расейскай літаратуры. Дэбют Коласа адбыўся ў верасні 1906 года, калі першая легальная беларуская газета «Наша Доля» змясціла ягоны верш «Наш родны край».

У 1910 годзе выйшаў паэтычны зборнік «Песні жальбы», праз два гады - «Апавяданні», яшчэ праз два - «Родныя з'явы»... У Коласавай паэзіі арганічна спалучаюцца лірыка і эпас. Героі ягоных рэалістычных вершаў - простыя людзі. Колас піша пераважна пра вясковае жыццё з яго цяжкімі клопатамі і сціплымі радасцямі.

Ён становіцца адным з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы, з самых першых сваіх празаічных твораў імкнецца да напружанасці дзеяння, пранікнення ў чалавечую псіхалогію. У алегарычных «казках жыцця» Якуб Колас дасягае высокіх мастацкіх абагульненняў разнастайных жыццёвых з'яваў.

1911 год у творчым жыццяпісе пісьменніка пазначаны пачаткам працы над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», што былі скончаныя больш чым праз дзесяцігоддзе і сталі вяршыняю творчасці Коласа-паэта. Шмат у чым аўтабіяграфічная «Новая зямля» - сапраўдны эпас, героем якога з'яўляецца беларускі народ на зломе ХІХ-ХХ стагоддзяў. Рамантычная паэма «Сымон-музыка» прысвячалася адвечным праблемам дачыненняў грамадства і мастака, што прагна шукае дасканаласці і сэнсу жыцця.

Плённымі былі ў жыцці Коласа і 20-я гады, калі беларуская інтэлігенцыя напачатку шчыра паверыла ў магчымасць нацыянальнага адраджэння. Менавіта тым часам разам з паэмамі, зборнікамі вершаў і апавяданняў выходзяць у свет буйныя празаічныя творы - заснаваныя на аўтабіяграфічным матэрыяле аповесці «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся», якія сталі першай і другой часткамі скончанай ужо пасля Другой сусветнай вайны трылогіі «На ростанях». Галоўны герой трылогіі настаўнік Андрэй Лабановіч увасабляе прадстаўніка той часткі беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі, што на пачатку ХХ стагоддзя жыла марамі пра вызваленне Бацькаўшчыны і пераўтварэнне жыцця на больш справядлівых асновах.

Пяру Якуба Коласа належаць таксама вядомая аповесць «Дрыгва», прысвечаная змаганню беларусаў у гады інтэрвенцыі, шэраг п'есаў і публіцыстычных твораў. У Другую сусветную вайну галоўнай тэмай творчасці пісьменніка была барацьба з гітлераўскімі захопнікамі.

Вялікія заслугі належаць Коласу ў галіне дзіцячай літаратуры і педагогікі. Ён - аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909) і «Методыка роднае мовы» (1926). Высокім роўнем вызначаюцца яго лепшыя пераклады з А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча.

Колас па праве лічыцца адным з заснавальнікаў нашага сучаснага прыгожага пісьменства і беларускай літаратурнай мовы.

На працягу ўсяго свайго жыцця пісьменнік займаўся таксама навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасцю. Найбольш значныя вынікі яна мела ў 20-х гадах, калі Колас быў сябрам Інстытута беларускай культуры, а затым - віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР.

Памёр народны паэт Беларусі Якуб Колас у 1956 годзе.

Уладзімір АРЛОЎ


27 кастрычніка (8 лістапада) 1883. Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі

Малая радзіма Ластоўскага - Дзісеншчына, дзе ў засценку Калеснікаў жылі ягоныя бацькі-арандатары. Маючы за плячыма толькі пачатковую школу, ён здолеў шляхам самаадукацыі здабыць бліскучыя веды ў гуманітарных навуках, развіць свой талент літаратара і гісторыка.

Ад 1906 года Вацлаў Ластоўскі жыў у Вільні, быў сябрам Беларускае Сацыялістычнае Грамады.

У 1909-м стаў сакратаром выдаванай у Вільні штотыднёвай беларускай газеты «Наша Ніва». На яе старонках часта з'яўляліся ягоныя гарачыя публіцыстычныя артыкулы, вершы і апавяданні, падпісаныя псеўданімамі Юры Верашчака і Власт. Яго пяру належыць гістарычна-фантастычная аповесць «Лабірынты», якую можна лічыць першым фантастычным творам у беларускай літаратуры.

Глыбока перакананы, што нацыянальнае адраджэнне немагчымае без вяртання народу праўды пра яго мінуўшчыну, Ластоўскі грунтоўна вывучае беларускую даўніну і ў выніку піша «Кароткую гісторыю Беларусі», якая ўпершыню была надрукаваная ў «Нашай Ніве» і ў 1910 годзе выйшла асобнай кнігай. У прадмове да яе аўтар пісаў: «Гісторыя - гэта фундамэнт, на каторым будуецца жыцьцё народу. І нам, каб адбудаваць сваё жыцьцё, трэба пачаць з фундамэнту, каб будынак быў моцны. А фундамэнт у нас важны, гісторыя наша багата: «жатва многа, а делатель мало», як кажа Сьвятое Пісаньне. Поле пустое, бо сыны Бацькаўшчыны нашай к чужым у найміты пайшлі, чужыя гумны і засекі багацяць!.. Працу гэтую ахвярую сыном маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісторыю Бацькаўшчыны ў сваёй роднай мове».

У 1916-1917 гадах ён рэдагаваў у Вільні грамадска-палітычную і літаратурную газету нацыянальна-дэмакратычнага накірунку «Гоман». Чынна працаваў у Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе, змагаючыся за нацыянальную самастойнасць Бацькаўшчыны. Ён быў адным з тых палітыкаў, што стаялі ля вытокаў абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), а ў снежні 1919-га ўзначаліў яе Раду міністраў.

Ластоўскі неаднаразова выступаў у абарону растаптанай бальшавікамі беларускай дзяржаўнасці перад Лігаю Нацый у Генуі, Парыжы, Рыме.

Урад БНР знайшоў прытулак у суседняй Летуве. У Коўне Ластоўскі быў рэдактарам беларускага часопіса «Крывіч». Там пабачылі свет яго славутыя працы «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», у якой дадзена апісанне манускрыптаў і друкаваных выданняў ад канца Х да пачатку ХІХ стагоддзя.

У сярэдзіне дваццатых гадоў ён адышоў ад чыннай палітычнай дзейнасці. Паездка ў Менск на міжнародную навуковую канферэнцыю ў 1926 годзе пакінула ў Вацлава Ластоўскага ўражанне, што ўрад БССР сапраўды зацікаўлены справаю нацыянальнага адраджэння і стварае добрыя ўмовы для працы навуковай і творчай інтэлігенцыі. У наступным годзе былы прэм'ер па прыкладзе некаторых іншых дзеячоў БНР вярнуўся на Бацькаўшчыну.

Напачатку ён працуе дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. Пад ягоным кіраўніцтвам ідзе плённае збіранне і даследванне даўніны. Толькі адзін прыклад - дзякуючы намаганням Ластоўскага была знойдзеная і перавезеная ў Менск нацыянальная святыня беларусаў - крыж найпадобнейшай Еўфрасінні Полацкай. Ад 1928 года Вацлаў Ластоўскі - акадэмік і неадменны сакратар Акадэміі навук БССР.

Але часу для працы на карысць радзімы яму заставалася зусім мала. Над беларускай інтэлігенцыяй ужо была ўзнятая крывавая сякера сталінскіх рэпрэсій. 21 ліпеня 1930 года Ластоўскага арыштавалі і праз дзесяць месяцаў турэмнага зняволення, допытаў і катаванняў выслалі ў Саратаў. А 23 студзеня 1938 года куля бальшавіцкага ката абарвала жыццё вялікага сына беларускага народа. Вернасць свайму абавязку інтэлігента і навукоўца ён захоўваў да канца.

Адзін з вядомых дзеячоў беларускага замежжа Янка Станкевіч пісаў пра Ластоўскага: «Ён пасьвяціў сябе ўсяго адраджэньню беларускага народу, належачы да тых нямногіх, што не толькі ўсёй душою аддаліся справе беларускай, але і ўвесь час свой аддавалі ёй».

Уладзімір АРЛОЎ


1884. Пачаў выходзіць часопіс «Гомон», орган беларускай фракцыі «Народнай волі»

Увесну 1881 года свет абляцела водгулле выбуху, што прагучаў на набярэжнай Кацярынінскага канала ў Пецярбурзе. 1 сакавіка ў сталіцы Расейскае імперыі быў забіты цар Аляксандар ІІ. Прысуд рэвалюцыянераў-нарадавольцаў выканаў паплечнік Соф'і Пяроўскай і Андрэя Жалябава дваццаціпяцігадовы беларускі шляхціч Ігнат Грынявіцкі.

Мары пра новае грамадства, заснаванае на прынцыпах свабоды, роўнасці і братэрства, захапілі юнака яшчэ ў гімназічныя гады. Паступленне ў сталічны Тэхналагічны інстытут і вялікія здольнасці да навукі абяцалі яму ў будучым спакойнае незалежнае жыццё і магчымасць бліскучай кар'еры. Але ён зрабіў іншы выбар.

Уступіўшы ў 1879 годзе ў «Народную волю», Грынявіцкі бярэ чынны ўдзел у рэвалюцыйных гуртках, збірае сродкі на патрэбы палітычных вязняў, пашырае падпольную літаратуру і супрацоўнічае ў «Рабочей газете», працуе ў «нябеснай канцылярыі» - нелегальным пашпартным стале, дзе фабрыкаваліся неабходныя рэвалюцыянерам дакументы. Адначасова ён, прыхільнік тэрарыстычных метадаў барацьбы, уваходзіць у групу, якая дзень пры дні сачыла за выездамі цара, рыхтуючы яго забойства.

Было б памылкаю бачыць у Грынявіцкім асобу другарадную, чалавека, што ў вызначальны момант апынуўся на патрэбным месцы ў выніку выпадковых абставін. Такім поглядам супярэчыць само ягонае жыццё, да канца ахвяраванае ідэі справядлівага пераўтварэння свету, якая спарадзіла не толькі прыклады высокага гераізму, але - як нам добра вядома - і нечуваную да таго хвалю крывавага гвалту.

Напярэдадні тэрарыстычнага акта ён склаў свой запавет, дзе пісаў:

«Аляксандар ІІ павінен памерці. Дні ягоныя злічаныя.

Недалёкая будучыня пакажа: мне або іншаму давядзецца зрабіць апошні ўдар, водгулле якога разнясецца па ўсёй Расеі і адгукнецца ў сама далёкіх яе кутках.

Ён памрэ, а разам з ім памрэм і мы, яго ворагі, яго забойцы.

Гэта неабходна дзеля свабоды, бо ў выніку значна пахіснецца тое, што хітрыя людзі называюць кіраваннем - манархічным, неабмежаваным, а мы - дэспатызмам...

Што будзе далей?

Ці шмат яшчэ ахвяраў запатрабуе нашая няшчасная, але дарагая радзіма ад сваіх сыноў дзеля свайго вызвалення? Я баюся... мяне, асуджанага на смерць, чалавека, які адной нагой стаіць у магіле, палохае думка, што наперадзе барацьба забярэ яшчэ шмат дарагіх ахвяраў, а яшчэ болей - апошняя смяротная бітва з дэспатызмам, якая, я перакананы, ужо не вельмі далёка і якая залье крывёю палі і нівы нашае радзімы, бо - на жаль! - гісторыя паказвае, што раскошнае дрэва свабоды вымагае чалавечых ахвяраў.

Мне не давядзецца ўдзельнічаць у апошняй барацьбе. Лёс асудзіў мяне на раннюю пагібель, і я не ўбачу перамогі, не буду жыць ні дня, ні гадзіны ў светлы час перамогі, але лічу, што сваёй смерцю зраблю ўсё, што павінны быў зрабіць, і большага ад мяне ніхто, ніхто на свеце патрабаваць не можа.

Задача рэвалюцыйнай партыі - запаліць ужо назапашаны палкі матэрыял, кінуць іскру ў порах і потым зрабіць усё дзеля таго, каб пачаты рух скончыўся перамогаю, а не павальным вынішчэннем лепшых людзей краіны».

Пасля выбуху бомбы Ігнат Грынявіцкі перажыў імператара ўсяго на некалькі гадзін.

Праз тры гады ў Пецярбурзе выйшлі два нумары падпольнага гектаграфічнага часопіса «Гомон». Ягоныя выдаўцы - група студэнтаў-нарадавольцаў з Беларусі на чале з А.Марчанкам і Х.Ратнерам называлі Грынявіцкага «адным з гарачых заснавальнікаў сваёй фракцыі».

На старонках «Гомона» з рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцый гаварылася пра існаванне беларускай нацыі і гучала патрабаванне яе федэратыўнай самастойнасці пасля знішчэння царызму.

«Мы - беларусы і павінны змагацца за мясцовыя інтарэсы беларускага народа і федэратыўную аўтаномію краіны, - чытаем у першым нумары «Гомона». - Мы - рэвалюцыянеры, таму што, падзяляючы праграму барацьбы «Народнай волі», лічым неабходным узяць удзел у гэтай барацьбе; мы - сацыялісты, бо нашай галоўнай мэтай з'яўляецца эканамічнае паляпшэнне краіны на грунце навуковага сацыялізму».

«Гоманаўцы» лічылі, што ў сваёй дзейнасці нельга абмяжоўвацца вывучэннем роднага краю і культурнай работаю на яго карысць, бо пры такім рэжыме гэта не дасць аніякіх практычных вынікаў. Патрэбна палітычнае змаганне.

Заклікаючы беларусаў да барацьбы за сацыяльныя і нацыянальныя ідэалы, аўтары часопіса пісалі, што народ можа адчуваць недавер да сваіх сілаў, але адсутнасць у ягоных масах нацыянальнага руху - яшчэ не сведчанне яго нібыта адвечнай дрымотнай пасіўнасці. «Гомон» нагадваў пра барацьбу беларускіх царкоўных брацтваў з акаталічваннем, пра магутныя сялянскія бунты супроць прыгону і нацыянальна-вызвольныя паўстанні за часамі Мікалая І і Аляксандра ІІ.

Гісторыя засведчыла: любыя спробы змяніць свет да лепшага праз сілу асуджаныя на няўдачу, што аплочваецца нязмернымі чалавечымі пакутамі. Ігнат Грынявіцкі і ягоныя паплечнікі былі ахвярамі аблуднага вучэння. Яны трагічна памыляліся, але яны вартыя нашай памяці.

Памяці, якая перасцерагае.

Уладзімір АРЛОЎ


1891. Выйшла ў свет кніга Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская»

Здарылася гэта ў кракаўскай друкарні Ўладзіслава Анчыца. Замест сапраўднага імя аўтара на выдрукаваным лацінкаю зборніку вершаў стаяў псеўданім - Мацей Бурачок. Паэту тады ішоў ужо шосты дзесятак.

Францішак Бенядзікт Багушэвіч нарадзіўся 9 (21) сакавіка 1840 года ў «двары Свіраны» (цяпер Віленскі раён Летувы). Неўзабаве не надта заможная шляхоцкая сям'я пераехала ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета, дзе і прайшло дзяцінства будучага пісьменніка. Адсюль ён выправіўся па навуку ў Віленскую гімназію, дзе быў у спісе вучняў, «няздольных уносіць вызначаную за навучанне плату». Гімназічнымі сябрамі Францішка былі Цітус і Канстанцін Далеўскія, Юллян Чарноўскі, Жыгімонт Мінейка, якія стануць чыннымі ўдзельнікамі паўстання 1863 года.

Гімназію Багушэвіч скончыў у ліку чатырох найлепшых выпускнікоў і ў тым сама 1861 годзе паступіў на фізічна-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Вучыцца ў сталіцы, праўда, не давялося: разам з іншымі студэнтамі юнак з Кушлянаў быў адлічаны за адмову атрымаць свае заліковыя кніжкі. Гэта было пратэстам супроць новых універсітэцкіх правілаў, што абмяжоўвалі студэнцкія правы.

Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, Францішак стаў адным з тых, хто блізка да сэрца прыняў заклік пачынальніка новай беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які лічыў, што дзеля хаўрусу ў будучай барацьбе супроць расейскага самаўладдзя паны і шляхта павінны несці ў народ - «малодшай браціі сваёй» - асвету і займацца дабрачыннасцю. І Багушэвіч пайшоў працаваць настаўнікам вясковай школкі на Лідчыне.

Калі пачалося паўстанне 1863 года, ён без вагання ўзяў у рукі зброю і ўдзельнічаў у баях у аддзеле, якім камандаваў славуты камандзір інсургентаў Людвік Нарбут. У сутычцы з карнікамі ў Аўгустоўскіх лясах быў паранены. Пасля задушэння паўстання Францішку ўдалося пазбегнуць астрожнай камеры і кайданоў. Аднак цаною свабоды сталі дваццаць гадоў, пражытыя ў расстанні з роднай зямлёй.

За гэты час ён атрымаў юрыдычную адукацыю ў Нежынскім ліцэі на Ўкраіне і паспеў папрацаваць судовым следчым у Чарнігаўскай, Сумскай, Бранскай і Валагодскай губернях. Толькі ў 1884 годзе ён зноў змог прайсці па дарагіх з юнацтва віленскіх вуліцах.

У Вільні Багушэвіч уладкаваўся на пасаду прысяжнага паверанага судовай палаты, займаўся пераважна справамі гарадскіх беднякоў і сялян і заслужыў мянушку «мужыцкага адваката».

Першыя вядомыя сёння літаратуразнаўцам вершы Францішак Багушэвіч напісаў па-польску. Па-польску ён пісаў і свае публіцыстычныя віленскія допісы, якія друкаваў у часопісе «Kraj», што выдаваўся ў Пецярбурзе. Але пісьменнік глыбока адчуваў крэўную повязь з беларускай зямлёй, яе моваю і яе народам, якому ён вырашыў прысвяціць свой талент. З гранічнай шчырасцю і болем «Мацей Бурачок» сказаў пра гэта ў сваёй «Дудцы».

«Братцы мілыя, дзеці Зямлі - маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «б е л а р у с к а й»... Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная... але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек... Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна?

Яно добра, а навет і трэба знаць суседзкую мову, але найперш трэба знаць сваю.

Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй!..

Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!..

Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь?

Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...»

Праз год у той сама кракаўскай друкарні асобнай кніжкаю выйшла апавяданне Багушэвіча «Тралялёначка».

Выдадзены ў 1894 годзе другі паэтычны зборнік паэта «Смык беларускі» пачынаўся спавядальнымі радкамі: Ох, дайце ж мне смык, Каб усюды граў! Хоць бы сам я знік, Абы голас даў, Каб той голас чуць Па ўсей зямлі, Гдзе людзі жывуць, Гдзе даўней жылі!

Атрыманая ад сваяка ў 1896 годзе спадчына дазволіла паэту разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць кушлянскую сялібу, а потым, пакінуўшы службу, цалкам аддацца творчасці. Ён піша новыя творы, працягвае складаць слоўнік беларускай мовы. Магчыма, даследнікі яшчэ змогуць высветліць лёс забароненай цэнзурай трэцяй паэтычнай кнігі Багушэвіча «Скрыпка беларуская», як і лёс празаічнага зборніка «Беларускія апавяданні Бурачка», здадзенага ў 1899-м, за год да скону аўтара, у Віленскую губернскую друкарню.

Сапраўднае літаратурнае прызнанне і слава прыйшлі да яго толькі пасля смерці.

Уладзімір АРЛОЎ


27 лістапада (9 снежня) 1891. Нарадзіўся Максім Багдановіч

Яго бацька Адам Багдановіч быў беларускім фалькларыстам, этнографам і мовазнаўцам. Літаратурныя здольнасці мела і маці - Марыя Мякота, якая памерла, калі Максіму ішоў шосты год. Будучы паэт з'явіўся на свет у Менску, але неўзабаве сям'я пераехала ў Горадню, дзе і прайшло яго ранняе дзяцінства. Пасля раптоўнай смерці маці - новы пераезд, гэтым разам у Ніжні Ноўгарад, куды бацьку перавялі на службу.

Атмасфера сям'і, культурнае асяроддзе буйнога горада, сяброўска-сваяцкія дачыненні бацькі з Максімам Горкім (яго жонка была сястрою другой жонкі Адама Багдановіча) спрыялі выхаванню эстэтычнага густу, рана абудзілі імкненне да мастацкай творчасці. Недзе паміж дзесяццю і адзінаццаццю гадамі Максім ужо спрабаваў пісаць вершы на беларускай мове, якой, жывучы ў цалкам расейскамоўным асяроддзі, авалодаў самастойна - дзякуючы беларускім выданням з бацькавай бібліятэкі, а потым і газеце «Наша Ніва». Трэба адзначыць, што Багдановіч-старэйшы не ўхваляў сынавага захаплення, мяркуючы, што беларусіка «больш замінала ягоным поспехам, чым спрыяла».

Пасля грунтоўнай хатняй падрыхтоўкі Максім вучыўся ў гімназіі - спачатку ў Ніжнім Ноўгарадзе, а потым у Яраслаўлі, куды Багдановічы пераехалі ў 1908 годзе. Прыкладна ў гэтым часе ў юнага паэта пачаўся туберкулёзны працэс у лёгкіх.

Падзеяй велізарнага значэння ў жыцці паэта стала паездка ў Беларусь улетку 1911 года, пасля заканчэння гімназіі. Яго запрасілі супрацоўнікі «Нашай Нівы» (на яе старонках у ліпені 1907 года адбыўся літаратурны дэбют Багдановіча - было надрукаванае апавяданне «Музыка», а неўзабаве і вершы) Іван і Антон Луцкевічы, якія ўжо бачылі агульнанацыянальную значнасць літаратурнага таленту беларускага юнака з Яраслаўля. Ад чэрвеня да жніўня Максім жыў у фальварку Ракуцёўшчына (паблізу ад Маладэчна), што належаў дзядзьку Луцкевічаў. Тут ён з асалодаю акунуўся ў стыхію народнай мовы. Тут напісаў дзве паэмы і шаснаццаць вершаў, што склалі выдатныя паэтычныя нізкі «Места», «Старая Беларусь» і «Мадонны».

Максімавы мары пра заняткі беларускай філалогіяй у Пецярбургскім універсітэце былі перакрэсленыя матэрыяльнымі цяжкасцямі і хваробаю. Не апошнюю ролю адыграла і пазіцыя бацькі. Паэт мусіў паступіць у юрыдычны ліцэй і толькі пасля яго заканчэння, у верасні 1916 года, здолеў пераехаць у Менск.

Ён вярнуўся на Бацькаўшчыну ўжо знакамітым паэтам.

Пры канцы 1913 года ў Вільні, у друкарні Марціна Кухты, выйшаў ягоны зборнік «Вянок», якому наканавана было застацца адзінай прыжыццёваю кнігай. Ліцэйскія гады пазначаныя плённай публіцыстычнай і літаратурна-крытычнай дзейнасцю: адна за адной з'яўляюцца яго працы: «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця», «За сто гадоў», «Беларускае адраджэнне»... Пяру Багдановіча належаць шматлікія публікацыі ў расейскай і ўкраінскай перыёдыцы, у тым ліку грунтоўныя літаратуразнаўчыя даследванні пра Тараса Шаўчэнку. Натхнёна працаваў паэт і над перакладамі з эўрапейскіх моваў. Сцвярджаючы шырокія выяўленчыя магчымасці роднай мовы, ён адным з першых у беларускай літаратуры бліскуча працаваў у такіх складаных вершаваных формах, як санет, трыялет, рандо, актава, тэрцыны... Ён стаў адным са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часу.

У 1915 годзе нарадзіўся шэдэўр Багдановічавай паэзіі - верш «Пагоня», які стаўся адным з неафіцыйных беларускіх гімнаў. ПАГОНЯ Толькі ў сэрцы трывожным пачую За Краіну радзімую жах, Ўспомню Вострую Браму святую І ваякаў на грозных канях. Ў белай пене праносяцца коні, Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць: Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разбіць, не спыніць, не стрымаць. У бязмерную даль вы ляціце, А за вамі, прад вамі - гады. Вы за кім у пагоню спяшыце? Дзе шляхі вашы йдуць і куды? Мо яны, Беларусь, панясліся За Тваімі дзяцьмі уздагон, Што забылі Цябе, адракліся, Прадалі і аддалі ў палон? Бійце ў сэрцы іх, - бійце мячамі, Не давайце чужынцамі быць! Хай пачуюць, як сэрца начамі Аб радзімай старонцы баліць... Маці родная, Маці-Краіна, Не усцішыцца гэтакі боль!.. Ты прабач, Ты прымі свайго сына, За Цябе яму ўмерці дазволь. Ўсё лятуць і лятуць тыя коні, Срэбнай збруяй далёка грымяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У лютым 1917 года здароўе ў Максіма Багдановіча надта пагоршылася. Менскія сябры выправілі яго на лекаванне ў Ялту, але было ўжо позна. Вядома, што ў апошнія свае дні геніяльны паэт займаўся складаннем беларускага лемантара. На самай мяжы жыцця слабая паэтава рука вывела: Ў краіне светлай, дзе я ўміраю, У белым доме ля сіняй бухты, Я не самотны, я кнігу маю З друкарні пана Марціна Кухты.

Уладзімір АРЛОЎ


1903. Утварэнне першай беларускай палітычнай партыі - Грамады

Партыя была створаная ў снежні на з'ездзе прадстаўнікоў студэнцкіх і вучнёўскіх гурткоў Вільні, Менска і Пецярбурга. Каля яе вытокаў стаяла група беларускіх студэнтаў, якія ўвосень 1902 года ўзяліся за арганізацыю падпольнай Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі. У гэтую групу ўваходзілі Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Іван Луцкевіч...

На з'ездзе партыя атрымала назоў Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, а пазней была перайменаваная ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ). Акрамя ўжо названых дзеячоў нацыянальнага адраджэння ў шэрагу заснавальнікаў Грамады былі Вацлаў Ластоўскі, Антон Луцкевіч, Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) ды іншыя.

За бліжэйшую мэту БСГ мела знішчэнне царскага самаўладдзя і сцверджанне дэмакратычных свабод у супольнай барацьбе разам з іншымі народамі імперыі, пасля чаго ставілася задача пабудовы сацыялізму. Што да нацыянальнага пытання, дык першая праграма партыі прадугледжвала ўтварэнне незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, а другая (1906) - дзяржаўную аўтаномію краю з соймам у Вільні (у складзе дэмакратычнай федэратыўнай Расеі).

Стваральнікі Грамады бралі чынны ўдзел у заснаванні першага нацыянальнага легальнага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» і першых легальных беларускіх газет «Наша Доля» і «Наша Ніва».

Пад час Першай сусветнай вайны браты Луцкевічы разам з В.Ластоўскім выступілі з прапановаю аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага са сталіцаю ў яго старадаўным цэнтры - Вільні, што тады была пад немцамі.

На беларускім абшары, што заставаўся пад кантролем Расеі, Грамада ўзнавіла дзейнасць пасля лютага 1917 года. Менавіта ёй належыць асноўная роля ў скліканні ў Менску з'езда прадстаўнікоў нацыянальных арганізацый, які выказаўся за аўтаномію Беларусі.

Падзеі 1917 года спрыялі росту БСГ у Беларусі і ўзнікненню яе арганізацый у Петраградзе, Маскве, Кіеве, Казані ды іншых буйных гарадах. Грамада хутка зрабілася сама значнай палітычнай сілай беларускага нацыянальнага руху. Час вылучыў новых лідэраў, сярод якіх былі Алесь Прушынскі (Алесь Гарун), Аркадзь Смоліч, Язэп Варонка, Язэп Дыла, Браніслаў Тарашкевіч, Алесь Чарвякоў, Палута Бадунова, Зміцер Жылуновіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі...

Грамада стала адным з галоўных арганізатараў Першага Ўсебеларускага з'езда ў снежні 1917 года. Пасля разгону гэтага прадстаўнічага кангрэса бальшавікамі частка сяброў БСГ, якая трымалася нацыянальна-дэмакратычнай арыентацыі, узяла курс на стварэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Уладзімір АРЛОЎ


Травень 1906. Заснавана першае беларускае легальнае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца»

Ініцыятарам стварэння на кааператыўных асновах гэтай выдавецкай суполкі лічыцца выкладчык Пецярбургскага ўніверсітэта Браніслаў Эпімах-Шыпіла, вакол якога аб'ядналася група беларускіх інтэлігентаў, што жылі ў сталіцы імперыі. Узначаліў і напачатку фінансаваў таварыства адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху Вацлаў Іваноўскі. Першы параграф статута суполкі сведчыў пра яе асветніцкія мэты: «Таварыства ўстанаўляецца для таго, каб друкаваць і шырыць памеж людзёў ксёнжкі беларускія і ўсё, што датычэ Беларусі».

Сваю дзейнасць суполка распачала з выдання беларускіх падручнікаў. Першай выпушчанай у свет кнігаю стаў «Беларускі лемантар», аўтарам якога быў Карусь Каганец. Следам за ім выйшла складзенае Цёткай «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Гэтыя кніжкі былі выдрукаваныя спачатку лацінкаю, а потым, паўторна, кірыліцай.

У 1906 годзе ў выдавецтве выходзяць першыя беларускамоўныя паштоўкі, што ў тагачасных аб'явах называюцца пісулькамі. Гэта былі партрэты пісьменнікаў, сялянскія тыпы, краявіды. Сярод першых дзесяці паштовак - «Дом Тадэвуша Касцюшкі ў Марачоўшчыне», «Мужыкі з-пад Слуцка», «Парабковая дворная хата», «Дудар беларускі», «Францішак Багушэвіч (М.Бурачок) - пясняр беларускі», «Вінцук Марцінкевіч - пясняр беларускі», «Янка Лучына - пясняр беларускі». Пазней суполка выпусціла яшчэ болей за дзесятак «пісулек»: «Беларускае евангелле ХV в.», «Апостал Скарыны», «Беларуская біблія ХVІ в.»...

Дзякуючы намаганням таварыства пабачылі свет першыя кніжкі Янкі Купалы «Жалейка», Змітрака Бядулі «Абразкі», Цішкі Гартнага «Песні», а потым Купалавы зборнікі «Сон на кургане» і «Шляхам жыцця». За 1907-1908 гады была выдадзеная серыя «Беларускія песняры» з шасці тамоў, якая пачыналася з «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча. Апрача «Дудкі» чытачы атрымалі ягоны ж «Смык беларускі», а таксама «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, «Гапона», «Вечарніцы», «Шчароўскія дажынкі» і «Купалу» Дуніна-Марцінкевіча. Кожны том меў наклад 4300 паасобнікаў.

Распачатае суполкай сістэматычнае выданне беларускіх кніг прыцягнула ўвагу царскай цэнзуры. Старшыня Віленскага часовага камітэта па справах друку ў верасні 1908 года паслаў калегам з адпаведнай сталічнай установы запыт-данос пра магчымасць «допущения к обращению» «Жалейкі», «Дудкі» і «Смыка». Пецярбургскай судовай палаце было прапанавана кнігі гэтыя арыштаваць, а супроць аўтараў пачаць судовую справу. Арышт з «Жалейкі» палата зняла, а супроць нябожчыка Мацея Бурачка рыхтаваўся працэс.

У Вільні, Менску, Пецярбурзе, Полацку, Слуцку ды іншых гарадах нацыянальная інтэлігенцыя стварала тады шматлікія музычна-драматычныя гурткі, якія ладзілі гэтак званыя «беларускія вечары». Дзеля патрэбаў гэтых адраджэнцкіх гурткоў таварыства выпусціла дзесяць перакладных і арыгінальных драматычных твораў, сярод якіх «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «У зімовы вечар» Элізы Ажэшкі, «Мядзведзь» Чэхава ды іншыя. Выдавецтва лічыла сваёй задачаю і выданне беларускіх песняў. З Пецярбурга па Беларусі быў разасланы зварот такога зместу: «Выдавецкая суполка... вельмі просіць, каб тыя, што знаюць музыку і могуць запісваць матывы песняў з голасу вясковых людзей, памаглі сабраць ноты ўсіх беларускіх песняў і выдаць. З прысланых матываў некаторыя суполка пастаралася б перавярнуць на хор, а некаторыя прыспасобіць да спеву з акампанементам... Усякі, хто прылучыцца да гэтай працы, атрымаець без платы пекнае выданне ўсіх нот беларускіх песняў з вялікім падзякаваннем».

Таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца» зрабіла спробу стварыць беларускі літаратурна-грамадскі часопіс, якім, па сутнасці, стаў альманах «Маладая Беларусь». Нягледзячы на тое, што выйшла ўсяго тры нумары, альманах пакінуў у гісторыі нашага прыгожага пісьменства прыкметны след. На ягоных старонках упершыню з'явіліся драматычная паэма Янкі Купалы «Сон на кургане», шмат якія апавяданні Цёткі і Змітрака Бядулі, вершы Канстанцыі Буйлы, Янкі Журбы, Цішкі Гартнага...

Пачатак Першай сусветнай вайны спыніў дзейнасць першага беларускага выдавецтва. За час свайго існавання яно выдала 38 кніг агульным накладам больш за 100 тысяч паасобнікаў. Гэта быў вялікі даробак у стварэнне падмурка нацыянальнага адраджэння.

Уладзімір АРЛОЎ


1(14) жніўня 1906. Выйшаў першы нумар легальнай беларускай газеты «Наша Доля»

Першая легальная грамадска-палітычная і літаратурная газета «для вясковага і местачковага рабочага люду» выйшла ў свет адначасна лацінкаю і кірыліцай на васьмі старонках невялікага фармату агульным накладам 10 тысяч паасобнікаў. У артыкуле «Да чытачоў» газета сфармулявала сваю праграму так: «Пісаць мы будзем для вёскі і будзем бараніць справы вясковых людзей. Лічачы найбольшым ворагам цямноту і бяспраўнае палажэнне мужыка, мы аб'яўляем вайну ўсім цёмным сілам, каторым дзеля карысці сваёй вялікая выгада была трымаць васьмімільённы народ беларускі ў няволі і паняверцы, баламуціць і дурыць яго. У дзісейшы вялікі момант, калі ўсе народы гасударства расійскага, аб'явіўшы вайну старым парадкам, напрагаюць усе свае сілы, каб дабіцца свабоды і лепшае долі, мы будзем разам з імі... Мы верым, што шчырыя прыяцелі вялікае народнае справы памогуць нам у гэтай працы. Мы маем надзею, што пры іх помачы «Наша Доля» разыдзецца далёка па ўсёй нашай маці зямліцы Беларускай...»

Стваральнікамі газеты была група сяброў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, а выдаўцом і рэдактарам - жыхар Вільні Іван Тукеркес.

У першым нумары былі змешчаныя верш Якуба Коласа «Наш родны край», якім паэт дэбютаваў у друку, а таксама вядомае рэвалюцыйнае апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі (Алаізы Пашкевіч), што брала чынны ўдзел у заснаванні газеты. У трэцім нумары з'явілася апавяданне «Суд» Ядвігіна Ш. Аднак ідэйны кірунак «Нашай Долі» вызначалі найперш не літаратурныя творы, а публіцыстычныя і агітацыйныя матэрыялы: «Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Аб народных дэмакратах», «Колькі стояць рускія генералы», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» ды іншыя. Яны паведамлялі пра рэвалюцыйныя падзеі ў імперыі, выкрывалі палітыку царызму і «истиннорусских людей» у Беларусі. Нядзіва, што газета адразу прыцягнула пільную ўвагу ўладаў. Ужо назаўтра пасля выхаду першы нумар быў канфіскаваны, а ў рэдакцыі паліцыя ўчыніла ператрус.

З нумара ў нумар «Наша Доля» друкавала падборкі карэспандэнцый «З Беларусі і Літвы», «Па Расеі», «Усяго па троху». Газета вучыла сваіх чытачоў салідарнасці незалежна «ад веры і народнасці», бо «ўсё гэта браты па бядзе і нядолі». У рэдакцыйным артыкуле «Аб выбарах у Гасударственную Думу» можна пачуць водгулле публіцыстыкі «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага: «Дык вот жэ і трымайцеся разам, не завадзіце адзін з другім сварак, выкіньце са свайго сэрца тую нянавісць адзін да другога, каторую вашы ворагі ў вас засяваюць, каб вы ў гэтай братаўбійсцвеннай вайне патрацілі свае сілы і не маглі ваяваць з праўдзівымі вашымі ворагамі і гныбіцелямі. Ведайце добра, жэ пакуль вы ўсе разам - вы сіла, а як разлучыцеся ды пойдзеце кожны па сабе, дык тады вас перадушаць, як мух. Вазьміце куль саломы і паспрабуйце яго зламаць. Які бы чалавек ні быў, а цэлага куля не зломіць, а як развязаць куль ды па горстачцы - дык і малы дзяцюк не толькі куль, але і цэлы воз саломы пераламае. Таксама гэта і з вамі».

Па-сапраўднаму разгарнуць сваю дзейнасць газета так і не здолела. Яе няўхільна душыла цэнзурная пятля. Чатыры з шасці нумароў былі канфіскаваныя. Віленская судовая палата неаднаразова разглядала справы пра арышт газеты, а 11 студзеня 1907 года вынесла прысуд: спыніць выданне і зняволіць рэдактара тэрмінам на 1 год.

«Наша Доля» спыніла сваё існаванне, але на змену ёй ужо прыйшла новая беларуская газета. У прамежку паміж чацвертым і пятым нумарамі «Нашай Долі» беларускі чытач атрымаў першы нумар «Нашай Нівы», якой быў наканаваны даўжэйшы і шчаслівейшы лёс.

Уладзімір АРЛОЎ


10 (23) лістапада 1906. Пачаў выходзіць беларускі тыднёвік «Наша Ніва»

Гэтай грамадска-палітычнай, літаратурна-мастацкай і навукова-папулярнай газеце належыць велізарная роля ў згуртаванні ўсіх нацыянальных сілаў, якія змагаліся за адраджэнне Беларусі.

Заснавальнікамі новага выдання былі браты Іван і Антон Луцкевічы ды іхны паплечнік па Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе Аляксандар Уласаў. «Наша Ніва» выдавалася ў Вільні да жніўня 1915 года (спачатку кірыліцай і лацінкаю, а з кастрычніка 1912 года - толькі кірыліцай). У розны час рэдактарамі-выдаўцамі газеты былі С.Вольскі, А.Уласаў, Янка Купала.

У першым нумары рэдакцыя давала абяцанне служыць «усяму беларускаму скрыўджанаму народу». Палітычная пазіцыя газеты ў залежнасці ад абставін мянялася, спалучаючы ў сабе рэвалюцыйна-дэмакратычныя і ліберальна-асветніцкія погляды, але «Наша Ніва» нязменна выступала супроць царскага вялікадзяржаўніцтва і польскага шавінізму, супроць рэакцыі і чарнасоценнага тэрору, за дэмакратычныя правы і свабоды. На яе старонках змяшчаліся матэрыялы аб рэвалюцыйных падзеях, жыцці беларускіх вёсак і гарадоў, аб становішчы эмігрантаў.

«Наша Ніва» здолела зрабіцца сапраўды народнай, агульнабеларускай газетай. Дастаткова сказаць, што за першыя тры гады тут было надрукавана болей за дзевяцьсот допісаў з 490 мястэчкаў і вёсак. Газета мела падпісчыкаў не толькі ў розных кутках Беларусі, але і па ўсёй імперыі. Яна ішла ў Прагу, Брно, Львоў, Парыж, Льеж, у Злучаныя Штаты Амерыкі.

«Мы, мікалаеўцы, жывём патроху, як той казаў, і перакідваемся з нагі на нагу. Газету вашу любім чытаць і слухаць, бо ў ёй пішуць аб тым, чаго хоча беларускі народ», - прызнаваліся ў навагоднім віншаванні жыхары прынёманскай вёскі Мікалаеўшчына ў 1909 годзе. Пад лістом стаяла 39 подпісаў. У тым самым нумары падаваў голас сваім вершам «З песень астрожных» саракавы мікалаевец - Якуб Колас, што на той час сядзеў у турме.

«Наша Ніва» невымерна шмат зрабіла для развіцця беларускай літаратуры. Менавіта тут дэбютаваў апавяданнем «Музыка» Максім Багдановіч. З публікацый у беларускім тыднёвіку пачалі свой творчы шлях Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Канстанцыя Буйла, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Янка Журба, Уладзіслаў Галубок... На старонках «Нашае Нівы» ўпершыню пабачылі свет Купалавы паэмы «Курган» і «Бандароўна», урыўкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа, шэраг літаратуразнаўчых артыкулаў Багдановіча і Гарэцкага, Сяргея Палуяна і Ўладзіміра Самойлы. Газета знаёміла з найлепшымі творамі іншых літаратур - найперш расейскай, польскай і ўкраінскай. Падпісчыкі атрымалі магчымасць на сваёй роднай мове прачытаць апавяданні і вершы Антона Чэхава, Льва Талстога, Адама Міцкевіча, Валерыя Брусава, Тараса Шаўчэнкі, Элізы Ажэшкі, Марыі Канапніцкай, Стэфана Жаромскага ды іншых. Былі адзначаныя юбілеі Гогаля, Талстога, Шаўчэнкі, Шапэна, Дарвіна...

Рэдакцыя займалася і кнігавыданнем. Дзякуючы ёй выходзілі беларускія календары, альманахі, перакладныя творы, пабачылі свет кніжкі Якуба Коласа, Ядвігіна Ш., Гальяша Леўчыка. На старонках «Нашай Нівы» ды ў іншых яе выданнях адбывалася выпрацоўка нормаў беларускай літаратурнай мовы і правапісу. Вялікі даробак належыць газеце ў развіцці і папулярызацыі беларускага тэатра, музыкі, фальклору і ўсёй нацыянальнай культуры.

Выдаўцы і супрацоўнікі тыднёвіка лічылі сваім абавязкам будзіць гістарычную памяць народа. На пачатку 1908 года «Наша Ніва» паведаміла пра ўдзел беларускай дэлегацыі ва ўсеславянскім з'ездзе студэнтаў у Празе, дзе адзін з дэлегатаў гаварыў: «Беларусы ў Празе былі яшчэ 500 гадоў таму. Тады ў іх была багатая літаратура. Яны надрукавалі па-беларуску Біблію. Па-беларуску надрукаваны быў і Статут Літоўскі. Цяпер... пра беларусаў ніхто нічога не знае». У 1910 годзе штотыднёвік з нумара ў нумар друкаваў «Кароткую гісторыю Беларусі» Вацлава Ластоўскага.

Заслугамі «Нашай Нівы» былі і яе клопаты аб развіцці краязнаўства, збіранне беларускай даўніны. Пры газеце захоўвалася ўнікальная калекцыя Івана Луцкевіча. «Ціха... Поўнач, - пісаў пра яе Змітрок Бядуля. - Я сяджу адзін у рэдакцыі... Агонь вялікай лямпы кідае нейкае таемнае сьвятло з-пад блакітнага каўпака на сьцены і шафы... На сьценах вісяць абразы даўнейшых беларускіх князёў, старасьвецкія беларускія вопраткі, шаблі, шаломы і панцыры ваякаў ХVІ стагоддзя. Розныя тканіны народнай беларускай творчасьці, паясы слуцкія, дываны, разьба розная. Музыкальныя інструменты - дуда, цымбалы, труба пастырская, жалейка. У шафах ляжаць скарбы мінуўшых гадоў: манеты, медалі, пячаткі, кнігі беларускае пісьменнасьці. Жывая паэма старыны!..»

У сваёй шматстайнай дзейнасці «Наша Ніва», вядома, няраз сутыкалася з цэнзурнымі перашкодамі. На запыт мясцовага ахраннага аддзялення паліцыі Віленскі камітэт па справах друку ў 1907 годзе даў газеце такую характарыстыку: «Спярша крыху памяркоўнейшая, чым «Наша Доля», пачала пасля змяшчаць артыкулы бунтоўнага характару, за што некалькі разоў канфіскоўвалася».

Выданне «Нашай Нівы» было цэлай эпохаю ў беларускім адраджэнні пачатку ХХ стагоддзя.

Уладзімір АРЛОЎ


1914. Пачатак Першай сусветнай вайны

Гэта была вайна за перадзел ужо падзеленага свету паміж нямецка-аўстрыйскім блокам дзяржаваў і Антантай (Англіяй, Францыяй і Расеяй). Зачэпкаю для яе пачатку сталася забойства сербскімі тэрарыстамі спадкаемца аўстра-вугорскага трона эрц-герцага Франца Фердынанда. 19 ліпеня (1 жніўня) вайну Расейскай імперыі абвясціла Нямеччына, а праз пяць дзён - Аўстра-Вугоршчына.

У кампанію 1915 года галоўны ўдар сваіх армій Нямеччына скіравала супроць Расеі. У сувязі з гэтым у жніўні быў створаны Заходні фронт са штабам у Менску. Беларусь зрабілася прыфрантавой паласой. Тут скарачалася прамысловая вытворчасць, пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. Блізу паловы мужчын былі змабілізаваныя. Сотні тысяч жыхароў, часцей за ўсё пад прымусам, сталі бежанцамі.

У выніку летняга нямецкага наступлення расейскія войскі пакінулі Варшаву, а потым Коўна, Берасце і Горадню. У верасні нямецкае кавалерыйскае злучэнне ў складзе шасці дывізій прарвала фронт на ўчастку Свянцяны-Барысаў, захапіла Вілейку і наблізілася да Маладэчна. Асобныя часткі дайшлі да Барысава і Смалявічаў. Была пакінутая Вільня. Аднак 2-я расейская армія здолела пасля жорсткіх дзесяцідзённых баёў у ваколіцах Маладэчна, Вілейкі і Смаргоні разбіць праціўніка. Немцы адступілі да азёраў Нарач і Свір, пасля чаго бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны, і фронт на доўгі час усталяваўся на лініі Дзвінск (Даўгаўпілс) - возера Нарач - Баранавічы - Пінск.

Паводле дамовы з хаўруснікамі расейскае камандаванне меркавала правесці ўлетку 1916 года шырокае наступленне, але, каб дапамагчы французскай арміі, якая трапіла ў цяжкае становішча пад Вердэнам, аперацыя пачалася раней, у сакавіку, на вузкім участку фронту каля возера Нарач. Наступ разгарнуўся пры слабой падтрымцы артылерыі і ў складаных метэаралагічных умовах. Нарачанская аперацыя была непадрыхтаваная і, нягледзячы на гераізм расейскіх салдатаў, дала толькі нязначныя тактычныя поспехі. Страты Расеі забітымі, параненымі і палоннымі склалі блізу 100 тысяч чалавек. Такі кошт быў заплочаны за палёгку, атрыманую французскай арміяй.

Цяжкія паразы, дрэннае забеспячэнне правіянтам і боепрыпасамі вялі ў арміях Заходняга фронту да росту незадаволенасці і салдацкіх выступленняў. Сама моцнае з іх адбылося ў кастрычніку 1916 года ў Гомелі. Штуршком да яго стаў арышт казака М.Башкіна, якога турэмшчыкі жорстка збілі. У адказ на гэта паўсталі чатыры тысячы салдатаў і казакоў, якія абяззброілі вартавых, вызвалілі з гаўптвахты 800 арыштаваных і знішчылі абвінаваўчыя дакументы.

Пасля кастрычніцкага перавароту салдаты Заходняга фронту адыгралі галоўную ролю ва ўсталяванні бальшавіцкай улады на неакупаваным немцамі абшары Беларусі.

3 сакавіка 1918 года ў Берасці была падпісаная мірная дамова паміж Савецкай Расеяй і дзяржавамі нямецкага блоку. Паводле гэтай дамовы нямецкія войскі акупавалі Польшчу, Летуву і частку Беларусі. Першая сусветная вайна прынесла беларускаму народу велізарныя людскія страты. Загінула 1 млн. 200 тыс. чалавек, сотні тысяч беларусаў не змаглі вярнуцца з эвакуацыі, засталіся параскіданымі на неабсяжных абшарах Расеі.

Уладзімір АРЛОЎ


5 (18) снежня 1917. Адкрыццё Першага Ўсебеларускага з'езда

Падзеі 1917 года спрыялі згуртаванню нацыянальных арганізацый, якія аб'ядналіся ў Вялікай Беларускай Радзе. Дзеля вызначэння далейшага лёсу Беларусі Рада склікала ў Менску Ўсебеларускі з'езд (кангрэс).

Такога прадстаўнічага сходу не здолеў у тым часе сабраць ніводны паняволены народ колішняй Расейскай імперыі. На кангрэс з'ехаліся 1872 дэлегаты з усяго беларускага этнічнага абшару - ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Апрача дэлегатаў ад мясцовага жыхарства на з'ездзе прысутнічалі прадстаўнікі беларусаў, якія служылі ў войску і на флоце, а таксама беларусаў-бежанцаў, што мусілі пакінуць Бацькаўшчыну ў сувязі з вайной. Старшынёй кангрэса быў абраны прафесар Іван Серада.

На з'ездзе прагучаў заклік «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!». Дэлегаты падзяліліся на тых, хто змагаўся за поўную незалежнасць, і тых, хто выступаў за аўтаномную дэмакратычную рэспубліку ў складзе Расеі. Другая прапанова мела значна больш прыхільнікаў і была прынятая.

Удзельнікі кангрэса выказалі трывогу з тае прычыны, што Троцкі вядзе ў Берасці перамовы пра мір з немцамі без уліку інтарэсаў Беларусі. Дэлегаты выказалі недавер кіраўніцтву Заходняй вобласці (так Беларусь называлі бальшавікі). З трыбуны з'езда неаднаразова гаварылася, што выканаўчы камітэт Заходняй вобласці не можа прадстаўляць беларускі народ, бо ў ягоным складзе бальшыню маюць не мясцовыя жыхары, а вайскоўцы з дыслакаваных на Беларусі часцінаў расейскай арміі.

Запрошаныя на кангрэс камуністы ад удзелу ў ім ухіліліся, але пільна сачылі за падзеямі. Так званы Паўночна-Заходні абкам РСДРП(б), на чале якога тады быў А.Мяснікоў, не прызнаваў не толькі права беларусаў на самавызначэнне, але нават самога факта існавання беларускай нацыі. Убачыўшы, што на з'ездзе няўхільна набіраюць вагу незалежніцкія настроі, бальшавікі пастанавілі разагнаць яго з дапамогаю сваіх узброеных аддзелаў. Дэкрэт аб разгоне падпісаў старшыня Савета народных камісараў Заходняй вобласці К.Ландар.

З'езд вымушаны быў спыніць свае паседжанні, частку дэпутатаў бальшавікі арыштавалі. Але прытулак удзельнікам кангрэса далі менскія чыгуначнікі, пад аховаю якіх была абраная Рада і Выканаўчы (Спаўняючы) Камітэт Усебеларускага з'езда. Выканкам узначаліў адзін з кіраўнікоў Беларускай Сацыялістычнай Грамады Язэп Варонка.

18 лютага 1918 года пачаўся наступ нямецкіх войскаў. Праз дзень бальшавікі ўцяклі з Менска і Выканаўчы Камітэт выйшаў з падполля. У сваёй 1-й Устаўной грамаце ён абвясціў сябе ў Беларусі часоваю ўладай і ўзяў курс на скліканне Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойма на аснове агульнага выбарчага права.

1-Я ЎСТАЎНАЯ ГРАМАТА ДА НАРОДАЎ БЕЛАРУСІ

Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі.

Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне, а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію.

Правы нацыі павінны знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму.

Але і да скліканьня Ўстаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам, якія на ёй жывуць.

Выканаўчы Камітэт Рады першага Ўсебеларускага Зьезду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў, зьдзяйсьняючы мэты Зьезду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня краем і скліканьня, як можна хутчэй, Усебеларускага Ўстаноўчага Сойму на аснове агульнага права для ўсякага дарослага, нялічучыся з нацыянальнасьцю, вызнаньнем і родам...

Дадзена ў Менску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 г.

Выканкам стварыў урад - Народны Сакратарыят на чале з Я.Варонкам. Але 25 лютага 1918 года Менск занялі немцы. Яны забралі грашовую касу Народнага Сакратарыята, скінулі з яго будынка бел-чырвона-белы сцяг і разагналі службоўцаў. Акупанты папярэдзілі, што не дазволяць ніякай паважнай палітычнай дзейнасці. Нягледзячы на гэта, Выканкам Рады Ўсебеларускага з'езда працягваў сваю палітыку і зноў звярнуўся да жыхароў Беларусі з устаўной граматай, у якой акрэсліваліся дзяржаўны лад Беларусі, правы і свабоды яе грамадзянаў.

2-Я ЎСТАЎНАЯ ГРАМАТА ДА НАРОДАЎ БЕЛАРУСІ

У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабаняе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор - Усебеларускі Зьезд 5-17 сьнежня 1917 року, дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад...

1. Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.

2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаёмнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасьць і рэлігію.

3. Да часу, пакуль зьбярэцца Ўстаноўчы Сойм Беларусі, заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Ўсебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі.

4. Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ.

5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў: бязумоўная вольнасьць сумленьня, незачэпнасьць асобы і памешканьня.

6. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.

7. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, што самі на ёй працуюць. Лясы, вазёры і нутро зямлі абвяшчаюцца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі.

У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўстанаўляецца найбольшы 8-гадзіновы рабочы дзень...

Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року.

Уладзімір АРЛОЎ


25 сакавіка 1918. Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі

Ідэя незалежнасці заваёўвала ўсё больш прыхільнікаў. Выканкам Рады Ўсебеларускага з'езда абвясціў яе Радаю Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). У яе склад былі ўведзеныя прадстаўнікі Віленскай Беларускай Рады, выдатныя дзеячы беларускага адраджэння браты Іван ды Антон Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі.

23 сакавіка А.Луцкевіч выступіў на паседжанні Народнага Сакратарыята. Ён гаварыў, што фармальна Беларусь застаецца тэрыторыяй Расеі, бо ні першая, ні другая ўстаўныя граматы не скасоўваюць абвешчанай на кангрэсе федэратыўнай сувязі з Расеяй. Тым часам падзеі паказалі, што спадзявацца на ўсходняга суседа нельга. Расея з Нямеччынай, не спытаўшыся ў беларусаў, падзялілі нашу зямлю паміж сабою ў выніку падпісанага бальшавікамі Берасцейскага міру.

А восьмай гадзіне вечара 24 сакавіка адкрылася паседжанне Рады БНР. Праца доўжылася ўсю ноч і завяршылася прыняццем наступнага дакумента.

3-Я ЎСТАЎНАЯ ГРАМАТА РАДЫ БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ

Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі ськінулі ярмо расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; ня пытаючыся народу, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, ськідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай. Самі народы Беларусі ў васобе Ўстаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязах Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі. На моцы гэтага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсьці ў зносіны з зацікаўленымі старанамі, прапануючы ім перагледзець тую часьціну Берасьцейскага трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць мірную ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродненшчыны (з Гродняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў, заселеных беларусамі.

Беларуская Народная Рэспубліка зацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаныя Ўстаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 року.

Абвяшчаючы аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі

Дана ў Менску-Беларускім 24 сакавіка 1918 року.

Акт 25 сакавіка быў рашучым пратэстам супроць падзелу Беларусі кайзераўцамі і бальшавікамі. Увесь этнічны беларускі абшар упершыню абвяшчаўся адзінаю дэмакратычнай дзяржавай. Народны Сакратарыят зацвердзіў дзяржаўную пячатку з выяваю «Пагоні». У Менску прадугледжвалася стварыць Беларускі ўніверсітэт і Беларускую калегію для падрыхтоўкі кадраў новага дзяржаўнага апарату. Адкрыліся курсы беларусазнаўства для беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Наладжваліся эканамічныя і гандлёвыя сувязі БНР з іншымі дзяржавамі. У Кіеве пачала дзейнічаць Беларуская гандлёвая палата і Беларуска-ўкраінскае таварыства збліжэння.

Незалежную Беларускую Народную Рэспубліку афіцыйна прызналі Арменія, Аўстрыя, Грузія, Латвія, Летува, Польшча, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Чэхаславакія і Эстонія.

Ніхто ўжо не мог заяўляць, што беларускага народа не існуе.

Як бы ім таго ні хацелася, ідэю нашай дзяржаўнасці не маглі ігнараваць і бальшавікі ў Расеі, якія мусілі даць беларускім камуністам дазвол на стварэнне БССР.

Дзень 25 сакавіка 1918 года стаўся пачаткам доўгага і пакутнага шляху да набыцця Беларусяй сапраўднай незалежнасці.

Уладзімір АРЛОЎ

Загрузка...