Акт аб'яднання Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, прыняты на супольным сойме 1569 года ў Любліне, дакляраваў адзіную Рэч Паспалітую (г.зн. Рэспубліку). І хоць яна мела характар федэрацыі, ранейшая самастойнасць Вялікага Княства абмяжоўвалася. Тады, намагаючыся адстаяць суверэнітэт, патрыятычныя колы нашай краіны стварылі новую рэдакцыю зводу законаў - славуты Статут 1588 года, які касаваў многія артыкулы Люблінскай вуніі.
Дзякуючы вуніі Вялікае Княства Літоўскае, хоць і не атрымала ад палякаў той дапамогі, на якую разлічвала, змагло пераможна скончыць вайну з Іванам Жахлівым ды паправіць гаспадарку. Але, з другога боку, вунія адкрыла браму шырокім польскім уплывам. Польская мова, каталіцкі абрад лёгка пераймаліся беларускай арыстакратыяй як больш прэстыжныя. З наступам контррэфармацыі ў традыцыйна талерантнай краіне пачала нарастаць рэлігійная нецярпімасць. Царкоўная вунія, прынятая ў 1596 годзе ў Берасці, не зняла, а толькі абвастрыла канфесійны разлад. Творчыя сілы народа марнаваліся непатрэбным нутраным змаганнем, і толькі праз стагоддзе грэка-каталіцтва стала верай бальшыні беларусаў.
Бадай, толькі для гаспадарчага развіцця канец ХVІ - першая палова ХVІІ стагоддзя сталі найлепшымі часамі. Шматкроць павялічылася колькасць гарадоў і мястэчкаў, з'явіліся новыя рамёствы, была праведзеная аграрная рэформа, актывізаваўся гандаль. Беларускія майстры карысталіся аўтарытэтам далёка за межамі нашай дзяржавы, іх вырабы экспартаваліся ў Эўропу і Азію. Але ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя Беларусь скаланулі небывалыя датуль войны і знішчэнні.
Спачатку занялося паўстанне ўкраінскіх казакоў на чале з Багданам Хмяльніцкім, полымя якога ахапіла таксама поўдзень ды ўсход Беларусі. Скарыстаўшы момант, Маскоўскае царства развязала вайну з Рэчай Паспалітай, супраць якой неўзабаве выступіла і Швецыя. Масква кінула асноўныя сілы на Беларусь. Вялікае Княства проста не мела такога войска, каб абараніцца ад стотысячнай арміі цара Аляксея Міхайлавіча. Захапіўшы Беларусь, маскоўскія ўлады ператваралі нашыя землі ў свае правінцыі. Жыхароў забіралі ў палон у сваё царства, дабро вывозілі, вёскі палілі, гарады разбуралі. Здзекі і гвалт чужынцаў выклікалі шырокі народна-вызвольны рух, які стаў пачаткам традыцыі беларускай народнай партызанкі. Нацярпеўшыся, просты люд чынна дапамагаў рэгулярнаму войску вызваляць сваю зямлю.
Вайна прывяла Беларусь да эканамічнай і дэмаграфічнай катастрофы (з прыкладна 2 мільёнаў 900 тысяч чалавек засталося ўсяго 1 мільён 350 тысяч). Колькасць насельніцтва не магла аднавіцца цэлае стагоддзе. Знясілены і зруйнаваны край ужо не выяўляў супраціву паланізацыі. У 1696 годзе польская мова была абвешчаная афіцыйнай мовай Вялікага Княства.
Умацаваўшыся, Расея метадычна выкарыстоўвала нутраныя звадкі ў Рэчы Паспалітай дзеля яе далейшага аслаблення. Ужо Пётр І стаў адкрыта мяшацца ў яе ўласныя справы. Імперыя не дапускала ніякіх рэформаў у паралізаванай бязладдзем дзяржаве. Урэшце, змовіўшыся між сабою, Расея, Прусія і Аўстрыя, гэтыя «тры каранаваныя разбойнікі», ажыццявілі падзелы Рэчы Паспалітай, падзяліўшы ўсю яе тэрыторыю. У выніку гвалту, пасля задушэння вызвольнага паўстання Касцюшкі Беларусь была ператворана ў расейскую калонію.
Генадзь САГАНОВІЧ
Пытанне аб дзяржаўнай вуніі з Польшчай востра паставіла на парадак дня найперш Полацкая вайна. Наша краіна не магла ўласнымі сіламі адбіцца ад усходняга інтэрвента, вызваліць акупаваную маскоўскім войскам Полаччыну. Ужо ў 1562 годзе, сабраўшыся на палявы сойм пад Віцебскам, шляхта Вялікага Княства прыняла зварот да караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста з просьбай аб'яднання дзяржаваў і ўтварэння «агульнай абароны».
У 1563 годзе на варшаўскім сойме пры ўдзеле дэлегацыі Вялікага Княства пачалі афіцыйна абмяркоўвацца ўмовы аб'яднання дзяржаваў. Польскі бок, спасылаючыся на старыя акты часоў Ягайлы, дамагаўся фактычна поўнай інкарпарацыі Княства, а нашы паслы настойвалі на зусім раўнапраўным саюзе. Захаванне незалежнасці Княства было прынцыповай пазіцыяй магнатаў - Радзівілаў, Хадкевічаў, Валовічаў ды іншых. Спрэчкі цягнуліся не адзін год, між тым цяжкасці вайны ўсё вастрэй патрабавалі новых сілаў - дапамогі з боку Польшчы. Шляхта, якая найбольш цярпела ад няроўнага міжбою з Масквой, згаджалася на польскія ўмовы і прасіла гаспадара тэрмінова склікаць агульны сойм для падпісання вуніі.
Супольны сойм Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай для разгляду справы вуніі сабраўся ў студзені 1569 года ў Любліне. Зноў выявіліся прынцыповыя разыходжанні ў прапанаваных дэлегацыямі ўмовах задзіночання. Сенатары і паслы ад нашай дзяржавы нават нарады свае праводзілі асобна. Палякі звярнуліся да Жыгімонта Аўгуста, каб той прымусіў іх далучыцца да кароннага сойму ды прыняць польскія ўмовы. Абураная дэлегацыя Княства пакінула Люблін. Тым часам польскія паны, скарыстоўваючы момант, дамагліся далучэння да Кароны багатых земляў Вялікага Княства - Падляшша і Валыні. Потым гэтаксама былі інкарпараваныя Кіеўскае і Брацлаўскае ваяводствы.
У Вільні абураліся, нават разглядалі магчымасць вайны з Польшчай, але яшчэ больш аслабленаму стратаю лепшых тэрыторый Княству ўрэшце не заставалася нічога іншага, як зноў прыслаць дэлегацыю на Люблінскі сойм. Нашы магнаты рабілі ўсё, каб адстаяць максімальную адасобленасць сваёй дзяржавы. Урэшце абодва бакі пагадзіліся на кампрамісных умовах аб'яднання, і 1 ліпеня 1569 года прысягаю прысутных сенатараў і паслоў быў прыняты акт дзяржаўнай вуніі - выразна кампрамісны і таму супярэчлівы па змесце.
Згодна з люблінскім актам, Польскае Каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае аб'ядноўваліся ў «адну агульную Рэч Паспалітую» з адным манархам (кароль польскі быў адначасова і вялікім князем) ды соймам. Прадугледжвалася таксама адзіная манета і адзіная замежная палітыка. На тэрыторыі ўсёй аб'яднанай дзяржавы дакляраваліся аднолькавыя правы шляхты. Аднак апрача гэтых унітарных прынцыпаў у акце былі і нормы федэратыўнага аб'яднання: Вялікае Княства захоўвала ў рамках Рэчы Паспалітай свой назоў і тытул манарха, уласнае войска, сістэму дзяржаўных пасадаў, скарб і нават права. Праўда, прадугледжвалася перапрацоўка другога Статута, каб наблізіць яго да польскага зводу законаў (аднак новы кодэкс права, Статут 1588 года, наадварот, яшчэ больш адмежаваў Вялікае Княства ад Польшчы).
Вунія Вялікага Княства і Кароны паводле Люблінскага акта часова задаволіла абодва бакі. У тых складаных умовах яна дазволіла і ажыццявіць патрэбнае аб'яднанне, і захаваць адасобленасць Княства, а самае галоўнае - пераможна скончыць вайну з Маскоўскім царствам. Утвораная Рэч Паспалітая па сутнасці з'яўлялася дзяржавай федэратыўнага тыпу, якая магла эвалюцыянаваць і ў бок унітарызацыі, і ў бок адасаблення злучаных краінаў.
Генадзь САГАНОВІЧ
На каранацыю Сцяпана Батуры і ягонае абяцанне адваяваць Прыдзвінне Іван Жахлівы адгукнуўся зняважлівымі словамі, што сам ён, маўляў, не царом сябе і не памятае, бо зрабіўся манархам «по божию изволению, а не многомятежному человечества хотению». Заява крамлёўскага тырана не збянтэжыла валадара Рэчы Паспалітай. У Полацкай вайне набліжалася развязка.
У чэрвені 1579 года Батура прыехаў з Вільні ў Свір, дзе вайсковая рада пастанавіла авалодаць Полацкам, «ключом Лівоніі і самой Літвы». Манарх выдаў два маніфесты: да войска і да беларускага народа, дзе абвясціў, што ўзнімае меч на цара, а не на мірных жыхароў. На пачатку жніўня ягонае войска ўжо падыходзіла да горада. Яно падымалася берагам уверх па Дзвіне, і акупанты, каб запалохаць непрыяцеля, пайшлі на новае злачынства: палачанаў хапалі на вуліцах, забівалі, а знявечаныя целы прывязвалі да бёрнаў і пускалі па плыні.
У Дзісне Батура пераправіўся цераз Дзвіну па зробленым з чаўноў мосце. Рухацца далей было цяжка, бо прыдзвінскія палі за гады маскоўскай улады зараслі густым лесам. Вугорская пяхота ішла наперадзе, робячы прасекі і насцілаючы дарогу праз балоты. 11 жніўня нашае войска ўзяло Полацак у аблогу. Грунтоўнае апісанне тых падзеяў пакінулі польскія храністы Мацей Стрыйкоўскі ды Марцін Бельскі і каралеўскі сакратар Рэйнгольд Гейдэнштэйн.
Непрыкметна аб'ехаўшы горад з канцлерам Янам Замойскім і ваяводам Каспарам Бекешам, кароль расставіў збройную сілу наступным чынам. На правым фланзе бераг Дзвіны насупроць Запалоцця занялі Бекешавы вугорцы. Войска Вялікага Княства з дружынай Радзівіла стаяла ад Дзвіны да пакінутага Спасаўскага манастыра. За Палатою ад манастыра да Валовага возера размясціліся палякі з каралеўскай стаўкаю. Левы фланг ад возера да Дзвіны трымалі нямецкія палкі.
Аблога пачалася з артылерыйскага абстрэлу Запалоцкага пасада. Маскоўцы пакінулі яго і перайшлі па мосце ў Верхні замак. Адступаючы, яны з чатырох бакоў падпалілі пасад, дзе жыло мірнае насельніцтва, і за колькі гадзін Запалоцце дашчэнту выгарала.
Каспар Бекеш бамбардаваў Верхні замак, аднак ядры адно прабівалі сцены, не разбураючы іх. Не меў поспеху і абстрэл ядрамі, папярэдне распаленымі на агні. Знаходзілася нямала смельчакоў, якія, набраўшы сухіх смаляных дроў, пераходзілі ўброд Палату, пад градам куль і бярвення караскаліся да замкавых сценаў і падпальвалі іх. Абаронцы спускаліся па вяроўках, гінулі адзін за адным, ды ўсё ж паспявалі патушыць агонь. Полацкая аблога была неверагодна цяжкая. Штодня ліло з неба, і па войску паўзлі чуткі, нібыта дождж пасылаюць чараўнікі, якіх у Маскоўшчыне дужа багата. Абозы з харчам захрасалі ў глыбачэзнай гразі, коні падалі ад знямогі, і ў табары абложнікаў запахла голадам. Польская ды вугорская пяхота ела здохлых коней, немцы хварэлі на крывавы панос. Найбольш цвёрда трымаліся беларусы: ім дапамагала прага помсты за сваю здратаваную зямлю.
Ваяры не хацелі болей пакутаваць і рваліся на прыступ, каб здабыць Полацак або загінуць. Герольды абвясцілі Батураў указ: той, хто падпаліць замак так, каб яго ўжо не патушылі, атрымае па-каралеўску шчодрую ўзнагароду. Фартуна ўсміхнулася нейкаму альбоўскаму майстру-медніку, які падпаліў кутнюю вежу, адкуль вецер перакінуў моцнае полымя на сцены. Гэта здарылася ў першы за ўсю аблогу сухі і сонечны дзень. Параненаму стрэламі герою была нададзеная шляхоцкая годнасць і прозвішча Палацінскі (ад ракі Палаты).
Гарнізон думаў пра капітуляцыю, але вугорскія жаўнеры пасеклі пяцёх парламенцёраў, бо разлічвалі на багатую здабычу, а таму хацелі не добраахвотнай здачы горада, а - прыступу. Кароль адклаў вырашальны бой да раніцы, аднак ягоныя суайчыннікі, падагрэтыя аповядамі пра полацкія скарбы, не маглі больш утаймоўваць сябе і самахоць пайшлі на прыступ. Яны тройчы за ноч кідаліся на Верхні замак і тройчы адкочваліся назад. У запале прычынілася крывавая бойка паміж імі і палякамі.
Уначы абложнікі пусцілі чырвонага пеўня яшчэ на адну вежу і падкапаліся ўсутыч да сценаў. Ваявода Пётр Валынскі паведаміў, што гарнізон складзе зброю, калі Батура захавае абаронцам жыццё. Кароль паабяцаў даць свабодны праезд таму, хто захоча вярнуцца дахаты, і права вольнага жыцця ў Полацку таму, хто пажадае застацца. Астатнія царскія ваяводы і пастаўлены Масквою епіскап Кіпрыян паспрабавалі ўзарваць Верхні замак, але самі ж стральцы не дапусцілі гэтага. Баючыся кары за здачу горада, ваяводы і ўладыка зачыніліся ў Сафійскім саборы, адкуль пераможцы выводзілі іх жывасілам. Разам з Верхнім замкам здаўся і Стралецкі.
Абвешаныя абразкамі маскоўцы выходзілі з замкаў і дзяліліся на дзве часткі: адны ішлі на службу да караля, другія выбіралі вяртанне на радзіму. Сцяпан Батура асабіста сачыў, каб ягоныя абяцанні не парушаліся. У маскоўскіх разрадных кнігах пра здачу горада запісана так: «Король Стефан Полотск взял изменою, потому что изменили воеводы что были худы, а милы были им жены, а как голов и сотников побили, то воеводы город сдали, а сами били челом королю в службу с детьми, с людьми и со стрельцы. Всего воинского люду в Полоцке было 6 000». У часе полацкага паходу войскі Батуры здабылі і пабудаваныя маскоўцамі замкі.
Да захопу Полацка Іванам Жахлівым гэты горад пераўзыходзіў багаццем і колькасцю жыхароў саму Вільню. Пасля вайны ён і ягоныя ваколіцы так абязлюдзелі, што на адбудову полацкіх умацаванняў бралі сялянаў ажно з-пад Магілева. Усе землі на 50 вёрстаў вакол Полацка за шаснаццаць гадоў маскоўскай акупацыі ператварыліся ў лясную пустэльню. У гісторыі горада яшчэ здараліся ўзлёты, але вярнуць сабе былой велічы ён ужо ніколі не змог.
Уладзімір АРЛОЎ
Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова на абшары Вялікага Княства Літоўскага. Да яе заснавання спрычыніўся Ордэн езуітаў, які стварыў сама перадавую для свайго часу сістэму адукацыі ў Эўропе.
Першым рэктарам адчыненай паводле прывілею вялікага князя Сцяпана Батуры Віленскай акадэміі стаў Пётра Скарга, знакаміты каталіцкі прапаведнік, пісьменнік і палеміст, які, дарэчы, добра валодаў беларускай мовай і напісаў на ёй шэраг твораў.
Напачатку Віленская «альма матэр» мела тэалагічны і філасофскі факультэты, а з 1641 года - і юрыдычны. У 1586 годзе пры акадэміі была адчыненая друкарня.
Ад 1773 года, пасля пастановы папы рымскага пра скасаванне Ордэна езуітаў, акадэмія перайшла пад кіраўніцтва Адукацыйнай камісіі (па сутнасці, першага ў Эўропе міністэрства адукацыі) і ў 1781-м была пераўтвораная ў Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага. Паводле ўніверсітэцкага архіву, ад 1583 да 1781 года навуковыя ступені былі прысвоены тут 4076 асобам.
У 1803 годзе старажытная школа стала называцца імператарскім Віленскім універсітэтам. На той час у ім існавалі факультэты літаратуры і вольных навук, маральных і палітычных навук, медычны і фізічна-матэматычны. Універсітэт з'яўляўся цэнтрам Віленскай навучальнай акругі.
На працягу ўсёй яго гісторыі значную частку студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ўніверсітэта складалі выхадцы з беларускіх земляў. У гэтым агмені навукі чыталі лекцыі прапаведнік і красамоўца Пётра Скарга; славуты новалацінскі паэт, філосаф і тэарэтык літаратуры ХVІІ стагоддзя Мацей Казімір Сарбеўскі; ягоны сучаснік, выбітны знаўца рыторыкі Жыгімонт Лаўксмін; беларускі асветнік і астраном Марцін Пачабут-Адляніцкі; польскі гісторык, аўтар крылатага закліку паўстанцаў 1830 года «За нашу і вашу свабоду!» Іаахім Лялевель ды іншыя навукоўцы з эўрапейскай вядомасцю. Сярод гадаванцаў універсітэта былі Сімяон Полацкі, выдатны польскі паэт Юльюш Славацкі, летувіскі гісторык Сіманас Даўкантас, адзін з першых даследнікаў заканадаўчых і летапісных помнікаў Беларусі Ігнат Даніловіч... Віленскімі студэнтамі былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, якія ўваходзілі ў разгромленыя царскай паліцыяй таемныя таварыствы філаматаў і філарэтаў.
У першай траціне ХІХ стагоддзя пры Віленскім універсітэце дзейнічалі мастацкія кафедры гравюры, скульптуры, жывапісу і малюнку, дзе студэнты атрымлівалі падрыхтоўку для паступлення ў акадэміі мастацтваў. Тут выкладалі вядомыя жывапісцы і графікі Францішак Смуглевіч, Ян Рустэм, скульптар Казімір Ельскі. Выхаванцамі Віленскай мастацкай школы сталі беларускія мастакі Язэп Аляшкевіч, Валянцін Ваньковіч, Іван Хруцкі, Напалеон Орда, Генрых і Вікент Дмахоўскія...
Пасля прымусовага далучэння Беларусі да Расейскай імперыі ўніверсітэт быў магутным асяродкам духоўнай апазіцыі каланізатарам. Шэраг віленскіх выкладчыкаў і студэнтаў узялі чынны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстанні 1830-1831 гадоў. Гэта адыграла вызначальную ролю ў закрыцці ўніверсітэта царскімі ўладамі ў 1832 годзе.
На аснове былых універсітэцкіх факультэтаў былі створаныя Медычна-хірургічная і Духоўная акадэміі, але праз десяць гадоў існавання першую перавялі ў Кіеў, а другую - у Пецярбург.
Уладзімір АРЛОЎ
Акты ХVІ стагоддзя сведчаць, што прадаўжальнік Скарынавай справы беларускі гуманіст і асветнік Васіль Цяпінскі (Амельяновіч) з'явіўся на свет у сям'і баярына Полацкага павета ў 1530-я або на пачатку 1540-х гадоў.
Вядома, што ён браў удзел у Інфлянцкай вайне, служыў у падканцлера літоўскага Астафея Валовіча, які падтрымліваў рэфармацыйны рух і кнігавыдавецкую дзейнасць у Вялікім Княстве Літоўскім.
Па сваіх поглядах Цяпінскі быў блізкі да Сымона Буднага. Разам з ім ён удзельнічаў у пратэстанцкіх з'ездах, адстойваў права хрысціянскай дзяржавы весці справядлівыя войны супроць варожых нашэсцяў і небяспекі тыраніі.
Галоўным жыццёвым клопатам Васіль Цяпінскі зрабіў адукацыю народа. Дзеля гэтага ён узяўся перакладаць на беларускую мову Евангелле і на ўласныя грошы заснаваў у сваім маёнтку Цяпіна (цяпер Чашніцкі раён) друкарню. Гэтая цяжкая ды карпатлівая праца патрабавала вялікіх сродкаў, якіх асветнік не меў. Паводле свайго прызнання, ён здолеў перакласці і надрукаваць толькі тэксты Евангелляў ад Мацвея і Марка, а таксама - часткова ад Лукі. Асветнік меўся выдаць і Катэхізіс, аднак гэты намер застаўся няспраўджаны.
«Евангелле» Васіля Цяпінскага надрукаванае ў два слупкі - на царкоўнаславянскай і беларускай мовах са шматлікімі тлумачэннямі і спасылкамі на крыніцы. Прыгожае аздабленне ініцыяламі і арнаментамі нагадвае віленскія кнігадрукі Скарыны.
Выдатным помнікам нашай сярэднявечнай літаратуры з'яўляецца прадмова да Евангелля, якая дайшла да нас у рукапісе і захоўваецца ў Пецярбургскай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына. Ні ў якай іншай прадмове з тагачасных беларускіх выданняў мы не знойдзем такой, як у Цяпінскага, грамадзянскай жарснасці і вастрыні. Асветнік усхвалявана піша пра неабходнасць культурнага ўздыму і згуртаванасці беларусаў - свайго «славного народа» - перад пагрозаю паланізацыі. Ён адстойвае права на адукацыю на роднай мове, а тым, хто цураўся «науки в слове своем», раіць успомніць братоў Кірылу і Мяфода, якія сталі гонарам славянскай культуры.
Цяпінскі заклікае свецкіх і духоўных валадароў захоўваць традыцыі і звычаі продкаў. «Бо а хто богобойный не задержить, на такую казнь божую гледечи, хто бы не мусил плакати, видечи так великих княжат, таких панов значных, так много деток невинных, мужов с жонами з таком зацном русском, а злаща перед тем довстипном, ученом народе езыка своего славного занедбане а просто взъгарду, с которое за покаранем панским оная ясная их в слове божьем мудрость, а которая им была, праве, яко врожоная, гды от них отишла, на ее местьце на тых мест такая оплаканная неуметность пришла, же вжо некоторые и письмом се своим, а злаща в слове божем встыдают?!»
З абурэннем ён піша пра неадукаванасць і рэнегацтва праваслаўнага духавенства, што адмаўлялася ад роднай мовы, лічачы яе занадта грубаю для храма, тым часам як само яно дрэнна валодала прынятай у набажэнстве царкоўнаславяншчынай, а сваіх дзяцей выпраўляла вучыцца ў польскія школы. Звяртаючыся да гісторыі, асветнік гаворыць, што славяне далі прыклад іншым эўрапейскім народам, калі «своим власным езыком от так давного часу слово божее выложили».
Прадмова дыхае патрыятызмам аўтара, які аддае Бацькаўшчыне свае сілы і «ўбогую маетность», каб не даць ёй загінуць у цемры і невуцтве. Бальшыня беларусаў вызнавала ў той час праваслаўе, Васіль Цяпінскі быў пратэстантам, але як сапраўдны гуманіст ён узняўся да разумення таго, што рэлігійныя погляды - гэта прыватная справа кожнага чалавека, які ніколі не мае права забываць пра агульнанародныя інтарэсы.
Уладзімір АРЛОЎ
З'яўленне манахаў Таварыства Ісуса ў Полацку звязана з абяцаннем Сцяпана Батуры: пад час цяжкай аблогі Полацка ён дакляраваў у выпадку перамогі зафундаваць у Полацку езуіцкі кляштар, што і было выканана. 2 ліпеня 1580 года ўжо адбылася закладка езуіцкага калегіума, на якой прысутнічаў сам манарх. Першым рэктарам стаў славуты царкоўны і палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай Пётра Скарга. У першы навучальны год бацькі прывялі да манахаў толькі пяць вучняў, ды хутка бар'ер недаверу быў зламаны, і ў калегіум паступілі нават сыны праваслаўнага полацкага епіскапа Феафана і ваяводы Мікалая Дарагастайскага, што быў заўзятым кальвіністам.
Езуіцкія школы Беларусі, як і ўсяго свету, кіраваліся прынятым генеральнай кангрэгацыяй ордэна ў 1581 годзе дакументам пад назовам «Спосаб і лад навучання», у аснову якога леглі працы прагрэсіўных педагогаў эпохі Рэнесансу і прынцыпы адукацыі Парыжскага ды іншых эўрапейскіх універсітэтаў і які быў складзены так грунтоўна і прадбачліва, што дзейнічаў да ХІХ стагоддзя.
Таварыства Ісуса стварыла найлепшую для свайго часу сістэму асветы. Айцы-езуіты вучылі задарма, не патрабавалі ад шкаляроў быць каталікамі ад нараджэння або мяняць веру; неабавязкова было належаць да шляхоцкага ці духоўнага стану: у калегіумы ахвотна прымалі дзяцей месцічаў і сялянаў. Не дапускаючы доўгіх пастоў, шкаляроў добра і разнастайна кармілі, шмат увагі аддавалі фізічнаму выхаванню і правілам паводзінаў сярод простага люду і ў вышэйшым свеце.
Навучанне ў калегіуме пачыналася з пяцікласнай гімназіі, дзе існавалі класы граматыкі, паэтыкі і рыторыкі. Тут выхаванцы айцоў-езуітаў дасканала авалодвалі лацінскаю і старажытнагрэцкаю мовамі. Як сведчаць гадавыя справаздачы, выкладанне ў малодшых класах, пакуль вучні не зусім вольна пачуваліся ў лаціне, да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя ішло па-беларуску. У праграме існаваў адмысловы курс беларускай мовы. Было дасканала наладжана спаборніцтва паміж класамі і вучнямі, якія маглі заваёўваць ганаровыя званні дыктатараў, імператараў, аўдытараў, цэнзараў, што давалі розныя прывілеі. У навучальным працэсе дзейнічаў прынцып канцэнтрацыі, што вымагаў ад выкладчыка засяродзіцца на ўроку толькі на адной праблеме. Прынцып практычнасці патрабаваў выкарыстання засвоеных ведаў у жыцці. Завяршыўшы тэму, вучні пісалі па ёй лісты і вершы, выступалі з прамовамі і ставілі спектаклі. Перагружаць выхаванцаў забаранялася. Дзённая норма навучальнага матэрыялу ў другім класе складалася з аднаго правіла і чатырох сказаў антычнага пісьменніка. Гэтулькі ж прафесар задаваў на дом. Педагогі кіраваліся таксама прынцыпамі індывідуальнага падыходу і паступовага ўскладнення заданняў. Вучні малодшых класаў пачыналі з дыктантаў, якія перакладалі на родную мову, а потым рабілі пераклад выпраўленага настаўнікам тэксту назад на лаціну. У класах паэтыкі і рыторыкі пісалі празаічныя і паэтычныя перайманні старажытных аўтараў.
Пасля гімназіі можна было вучыцца далей на трохгадовым курсе філасофіі, а потым - на чатырохгадовым тэалагічным, аднак сюды мелі права паступаць толькі сябры і кандыдаты ордэна. Падмуркам філасофскага курса служылі трактаты Арыстотэля, тэалагічнага - погляды Тамаша Аквінскага.
У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя ў Беларусі, апрача Полацкага, існавалі яшчэ восем езуіцкіх калегіумаў, якія можна з пэўнымі агаворкамі лічыць вышэйшымі навучальнымі ўстановамі гуманітарнага цыкла. Полацкі калегіум належаў да гэтак званых поўных і адрозніваўся ад універсітэта толькі тым, што не меў ягонае аўтаноміі ды права прысуджаць навуковыя ступені.
Пры калегіуме абавязкова існаваў тэатр. У Полацку ён быў заснаваны ў 1585 годзе. Рэпертуар тэатраў складаўся з п'ес на антычныя і біблейныя тэмы, на сюжэты з айчыннай гісторыі. Першым спектаклем, які ўбачылі палачане, стала трагедыя «Навухаданосар». Ордэнскае кіраўніцтва пільна сачыла за школьнымі тэатрамі, загадваючы рэктарам увесь час абнаўляць рэпертуар «дзеля славы нашых навучальняў, каб гледачы пазбеглі сумоты». На пачатку ХІХ стагоддзя полацкі тэатр ставіў спектаклі на лацінскай і французскай мовах, а таксама па-польску, прычым персанажы з ліку паспалітых людзей гаварылі на сцэне па-беларуску.
У Полацкім калегіуме чытаў універсітэцкія курсы паэтыкі і рыторыкі філосаф і слынны паэт-лацініст Мацей Казімір Сарбеўскі (1595-1640), які першы з славянаў быў ганараваны на Капіталійскім пагорку ў Рыме лаўровым вянком і названы «хрысціянскім Гарацыем». Тут выкладаў рыторыку ягоны сучаснік Жыгімонт Лаўксмін, чыя кніга «Практычнае красамоўства» пасля выдання ў Вялікім Княстве Літоўскім вытрымала адзінаццаць выданняў у Вене, Мюнхене, Празе, Франкфурце... У ліку педагогаў быў беларус Марцін Пачабут-Адляніцкі - вучоны-энцыклапедыст, будучы рэктар Віленскага ўніверсітэта, сябар Каралеўскага астранамічнага таварыства ў Лондане, сябар-карэспандэнт Парыжскай Акадэміі навук.
Высокі ўзлёт Полацкі калегіум зазнаў у апошняй чвэрці ХVІІІ стагоддзя, калі забаронены папам Кліментам ХІV Ордэн езуітаў захаваўся з дазволу Кацярыны ІІ толькі ў Беларусі, а Полацак зрабіўся ордэнскаю сталіцай. Сярод сяброў Таварыства Ісуса, што з'язджаліся сюды з усяго свету, было шмат выдатных навукоўцаў, педагогаў, мастакоў і літаратараў. Пасаду прафесара тэалогіі і архітэктуры ў калегіуме займаў таленавіты італьянскі прапаведнік, жывапісец і дойлід Каятан Анджыяліні. Полацкім студэнтам чытаў лекцыі доктар Сарбонскага ўніверсітэта, паліглот, гісторык і археолаг Дзід'е Рышардо. Выкладчыкам калегіума, а затым і генералам ордэна быў славенец Габрыэль Грубэр, з імем якога звязана абсталяванне астранамічнага, фізічнага, мінералагічнага ды іншых навучальных кабінетаў, а таксама стварэнне карціннай галерэі і адчыненага ў 1789 годзе музея. Музей меў мноства мастацкіх вырабаў з каштоўных камянёў, каралу і бурштыну, унікальныя нумізматычную і археалагічную калекцыі, зброю розных часоў і народаў, рукапісы старажытных актаў... У карціннай галерэі знаходзіліся карціны Рубенса, копіі з Рафаэля і Тыцыяна, дзве тысячы гравюраў, некалькі дзесяткаў выяваў вядомых педагогаў і выпускнікоў калегіума.
Праграма 1796 года (тады ў калегіуме было 300 студэнтаў) сведчыць, што ў гэты час тут вывучалі беларускую, расейскую, французскую і нямецкую мовы, агульную гісторыю, фізічную і палітычную геаграфію, алгебру, тэарэтычную і практычную механіку і гідраўліку, цывільную і вайсковую архітэктуру, тэорыю жывапісу, балістыку, піратэхніку і розныя рамёствы. На філасофскім курсе выкладаліся этыка і псіхалогія, логіка, анталогія (вучэнне пра быццё), этыялогія (медычная навука аб прычынах і ўмовах узнікнення хваробаў), касмалогія, астраномія, эксперыментальная фізіка, оптыка, найвышэйшая матэматыка. У параўнанні з езуіцкімі школамі навучальныя ўстановы царскай імперыі былі настолькі прымітыўныя, што расейская знаць, каб даць дзецям прыстойную адукацыю, часта прывозіла іх у Беларусь.
Выпускніком Полацкага калегіума быў адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі, аўтар знакамітай кнігі «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Тут вучыўся вядомы польскі пісьменнік і гісторык Нікодам Мусніцкі. Сярод выхаванцаў калегіума - беларускі жывапісец Валянцін Ваньковіч, расейскі медальер, скульптар і гравёр Фёдар Талстой.
У 1812 годзе калегіум быў пераўтвораны ў акадэмію з усімі правамі ўніверсітэта.
Уладзімір АРЛОЎ
Зацверджаны ў студзені 1588 года вялікім князем Жыгімонтам ІІІ звод законаў быў на той час сама перадавым у Эўропе. Статут рыхтавалі найлепшыя правазнаўцы Вялікага Княства пад кіраўніцтвам выдатных дзяржаўных дзеячоў-беларусаў - канцлера Астафея Валовіча і падканцлера Льва Сапегі. Заканадаўчай асноваю новага зводу былі ранейшыя Статуты 1529 і 1566 гадоў, вялікакнязеўскія прывілеі, пастановы соймаў і павятовых соймікаў. Тут адлюстравалася багатая прававая культура беларускага народа, якая бярэ свой пачатак з часоў Полацкага княства, а таксама дасягненні эўрапейскай юрыдычнай думкі. Статут быў напісаны і выдадзены на беларускай мове. Яго тэкст разумела пераважная бальшыня насельніцтва нашай дзяржавы, тым часам як у краінах Заходняй Эўропы карысталіся законамі, выкладзенымі на незразумелай паспалітым людзям лаціне.
Статут абвяшчаў ідэю праўнай дзяржавы, іначай кажучы, такога парадку, калі ўсе органы і службовыя асобы павінны ў сваёй дзейнасці кіравацца толькі правам. У прысвячэнні гаспадару Жыгімонту ІІІ і ўсім станам Вялікага Княства Леў Сапега пісаў: «Вольности своее во всем постерегаем, бо не только сусед а спольный наш обыватель в отчизне, але и сам господар пан наш жадное звирхнасти над нами заживати не может, одно толко колко ему право допущаеть».
Кодэкс законаў Княства замацоўваў ягоны суверэнітэт, грамадскі і дзяржаўны лад, правы і абавязкі жыхарства, прынцыпы судовага ладу. Статут заканадаўча сцвярджаў ідэю рэлігійнае талеранцыі і патрабаваў забяспечваць правы ўсіх жыхароў незалежна ад веравызнання. Вялікі князь быў абавязаны захоўваць недатыкальнасць межаў дзяржавы і вяртаць страчаныя раней землі. Чужаземцам (найперш гэта датычыла палякаў) забаранялася займаць у нашай краіне дзяржаўныя пасады, набываць зямлю і ганаровыя званні.
Вольныя людзі паводле закону ні за якое злачынства не маглі быць аддадзеныя ў вечную няволю. Кожны вольны чалавек меў права выехаць за мяжу, абы гэта не рабілася на шкоду Бацькаўшчыне. Разам з тым Статут адлюстроўваў няроўнасць асабіста свабодных жыхароў краіны. Памер галоўшчыны (грашовае кары) за забойства войта, бурмістра або лаўніка складаў 50 коп грошай; за звычайнага месціча, што жыў у горадзе з магдэбургскім правам, - 30 коп, а за шляхціча - 100. Мяшчане не маглі браць удзелу ў агульнадзяржаўных соймах і нават у павятовых сойміках.
Грунтоўна было распрацаванае ў Статуце крымінальнае права. Уводзілася прэзумпцыя невінаватасці, паводле якой чалавек не лічыцца злачынцам, пакуль ягоная віна не даведзеная судом. Закон усталёўваў адказнасць шляхціча за забойства простага чалавека, вызваляў ад смяротнага пакарання цяжарных кабет, прадугледжваў больш суровую кару за злачынствы супроць жанчын. У параўнанні з іншымі эўрапейскімі краінамі сістэма пакаранняў была больш гуманная. Вызваляліся ад крымінальнай адказнасці дзеці і падлеткі да 18 гадоў, псіхічнахворыя людзі, а часам і тыя, што ўчынілі злачынства «па глупстве».
Статут 1588 года быў ці не першым у Эўропе прававым кодэксам, які рашуча абараняў прыроду, каштоўных звяроў і птушак, прычым рабіў гэта значна паслядоўней, чым некаторыя сучасныя законы. За разбурэнне сакалінага або лебядзінага гнязда злачынец плаціў ад трох да шасці коп грошай, за адлоў ці адстрэл бабра - ад дзвюх да чатырох. (Дзеля параўнання: рабочы вол ці жарабец каштавалі тады дзве капы.)
Статут замацоўваў нашу тагачасную мову як дзяржаўную: на ёй складаліся дакументы, ішлі лісты з канцылярыі вялікага князя, на ёй гаварылі і пісалі гаспадары і ўсе галоўныя асобы Княства. У прадмове да зводу законаў Леў Сапега з гонарам зазначаў: «Не обчим яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу чого нам потреба ку отпору всякое крывды ведати можем».
Статут зрабіў вялікі ўплыў на прававую думку Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Расеі. Праз два стагоддзі пасля свайго прыняцця ён па-ранейшаму ўважаўся найвыдатнейшым эўрапейскім зводам юрыдычных актаў. «Статут робіць гонар чалавечаму розуму. Ён складзены так разумна, асабліва ў дачыненні да відаў пакарання, што яго можна лічыць найдасканалейшай кнігай законаў ва ўсёй Эўропе», - казаў у выступленні на сойме Рэчы Паспалітай 1791 года адзін з паслоў.
У Беларусі Статут дзейнічаў і пасля яе захопу Расейскай імперыяй: у Віцебскай і Магілеўскай губернях да 1831 года, а ў Менскай, Гарадзенскай і Віленскай - да 1840 года.
Уладзімір АРЛОЎ
Таго года ўкраінскі казацкі атаман Севярын Налівайка з дзвюхтысячным аддзелам хадзіў у багатыя землі Трансільваніі ды Малдовы. Вяртаючыся, атаман павярнуў на ўладанні польскага канцлера Яна Замойскага ды спустошыў іх. За гэта Замойскі накіраваў на Налівайку вялікае войска рэестравых казакоў гетмана Рыгора Лабады. Вось тады, ратуючыся, Налівайка мусіў кудысьці ўцякаць. Узняўшы 7 тысяч казакоў, ён рушыў на Беларусь.
Ужо ў кастрычніку 1595 года Налівайка заняў першы беларускі горад - Петрыкаў. Адтуль накіраваўся на Слуцак. Па шляху казакі ўсё рабавалі і чынілі гвалт. Атаман меў сувязь з маскоўскім паслом. Нарабаваўшыся, ён планаваў, відаць, сыходзіць у Маскоўскую дзяржаву.
6 лістапада Налівайка ўвайшоў у Слуцак. Як ён авалодаў гэтым горадам - дасюль застаецца загадкай. Захапіць такую фартэцую казакам было не пад сілу. Найверагодней, нехта адкрыў ім гарадскую браму, бо Налівайка напісаў ліст месцічам, каб упусцілі ў горад.
Прастаяўшы ў Слуцку тры тыдні, атаман садраў з мяшчанаў 5 тысяч коп грошай, набраў удосталь дабра і, прыхапіўшы амаль увесь слуцкі арсенал (12 гармат, 80 гакаўніц, 700 ручніц), пакінуў горад. Казакі пайшлі на Омгавічы, адтуль накіраваліся да Бабруйска, але не дайшлі і павярнулі на багаты і блізкі да мяжы Магілеў. Адтуль можна было лёгка перайсці пад апеку маскоўскага цара.
У магілеўцаў сваіх сілаў для абароны было замала. Яны прасілі дапамогі ў гетмана Крыштофа Радзівіла, аднак падмога не паспела: у снежні Налівайка штурмам захапіў Магілеў. Казакі жорстка расправіліся з горадам. Як падае летапіс, яны выпалілі большую частку Магілева, у тым ліку дзве праваслаўныя царквы, абрабавалі і пабілі насельніцтва: «мяшчан, баяр, людзей заможных як мужчын, так і жанчын, дзяцей малых пабілі, пасеклі, пагвалцілі, скарбаў таксама безліч пазабіралі з крамаў і хатаў».
Два тыдні Налівайка стаяў у Магілеве. Тым часам каля Ігумена сабралася нарэшце шляхоцкае войска - колькі тысяч паспалітага рушання Вялікага Княства. На казакоў яго павёў рэчыцкі стараста Мікалай Буйвід. А Налівайка заняў зручную для абароны Ільінскую гару, што каля Буйніцкага поля. Паставіўшы вазы ў некалькі ліній, ён утварыў замкнёны табар.
Бітва пачалася ўранку і доўжылася да вечаровай цемры. Шляхта неаднаразова кідалася на штурм табара, але казакі лёгка адбівалі яе залпамі агняпальнай зброі, якой мелі даволі. Калі сцямнела і бітва перапынілася, Налівайка пакінуў пазіцыі і табарам пачаў адыходзіць уніз па Дняпры - на Быхаў, потым на Рагачоў і Рэчыцу. Войска Буйвіда гналася за казакамі ажно да Рагачова, але нічога не магло зрабіць і павярнула на Менск.
Тады ж на паўднёвым усходзе Беларусі з'явіўся другі загон украінскіх казакоў, якіх прывёў атаман Шавула. Парабаваўшы шляхоцкія маёнткі і вёскі, ён спыніўся на зіму ў Прапойску.
А Налівайка, таксама «творачы шкоду вялікую», рухаўся ўздоўж Прыпяці, займаючы па чарзе Давыд-Гарадок, Лахву, Пінск. Да вясны 1596 года ён сышоў на Ўкраіну, дзе яго загон быў разгромлены дзяржаўным войскам. Самога Налівайку захапілі і, выслаўшы ў Польшчу, чвартавалі.
Пазней афіцыйныя гісторыкі пачалі сцвярджаць, што Налівайкаў паход быў выкліканы прыняццем вуніі, што казацкі атаман абараняў праваслаўную царкву ды што гэта было буйное антыфеадальнае паўстанне ў Беларусі.
Генадзь САГАНОВІЧ
Пасля аб'яднання Польскага Каралеўства і Вялікага Княства ў нашай краіне пачало ўзмацняцца каталіцтва, што несла з сабою пагрозу паланізацыі. У Маскоўшчыне тым часам з'явіліся свае патрыярхі, якія заадно з царамі глядзелі на Беларусь як на сваю вотчыну і дзеля яе захопу збіраліся выкарыстаць праваслаўную веру нашых продкаў. Дапамагчы пазбавіцца ад прэтэнзій Варшавы і Масквы, а таксама ад небяспекі рэлігійнае варожасці ў самой краіне магла новая вера, якая задзіночыла б у адным храме каталіцтва з праваслаўем. Гэта разумелі і свецкія, і духоўныя асобы Вялікага Княства - прыхільнікі ягонае самастойнасці.
Такую веру магла даць вунія.
З лаціны гэтае слова перакладаецца як «адзінства, аб'яднанне».
Ідэя вуніі ажыццявілася ў 1596 годзе на Берасцейскім царкоўным саборы. 9 кастрычніка архіепіскап полацкі Рыгор у царкве Святога Міколы ўрачыста прачытаў напісаны на пергамене тэкст вуніі, абвясціўшы гэтым пастанову сабора. Беларускія і ўкраінскія праваслаўныя ўладыкі прызналі зверхнасць рымскага папы, але захавалі ранейшыя, «грэцкія» абрады. Вялікі князь Жыгімонт адразу выдаў прывілей пра зраўнанне ў правах грэцка-каталіцкага духавенства з рымска-каталіцкім і пра вечную падтрымку вуніяцкай царквы каралеўскаю ўладай.
Кажучы пра гістарычны лёс беларусаў, некаторыя аўтары параўноўваюць Вунію з перамогаю пад Грунвальдам. Разгром тэўтонцаў адвёў пагрозу фізічнага вынішчэння продкаў, аб'яднанне цэркваў выратавала ад смерці духоўнай. Выратавала найперш дзякуючы жывой народнай мове, якая жыла ў вуніяцкіх храмах і манастырах - у казаннях, у навучанні і кнігадрукаванні, у царкоўных спевах.
Новая царква паступова перамагала як сапраўды нацыянальная, народная. Так яе расцэньвалі Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, а таксама, між іншага, і Фрыдрых Энгельс, які грунтоўна вывучаў гісторыю Рэчы Паспалітай. У канцы ХVІІІ стагоддзя вуніятамі былі тры чвэрткі ўсіх жыхароў Беларусі. Вуніяты добра ведалі, што яны не палякі і не расейцы. Таму так ненавідзелі Вунію маскоўскія цары ды іхныя верныя прыслужнікі ў царкоўных рызах.
Вунія пачалася з палітыкі, а працягвалася як лёс народа.
Увядзенне вуніяцтва напачатку сустракала моцны супраціў з боку праваслаўных брацтваў, але праваслаўе няўхільна здавала пазіцыі. Ягонае духавенства ў бальшыні сваёй вылучалася кансерватызмам і неадукаванасцю. Яно амаль не ведала лацінскай і грэцкай моваў, было адарванае ад навуковых ды культурных дасягненняў эўрапейскай цывілізацыі. Беларускі перакладнік Евангелля Васіль Цяпінскі пісаў, што праваслаўныя не атрымлівалі амаль ніякай адукацыі і часам нават не разумелі славянскае мовы, на якой маліліся. Праваслаўная царква не дала ў ХVІІ стагоддзі ніякіх значных прыкладаў заступніцтва за нацыянальныя правы беларусаў, а часам выконвала здрадніцкую ролю. Таму беларусы пакідалі змаганне за праваслаўе (асабліва пасля жудаснай вайны з Маскоўшчынай у 1654-1667 гадах) і рабіліся вуніятамі.
Вуніяцкая царква ў Рэчы Паспалітай мела Полацка-Віцебскае арцыбіскупства і дзевяць біскупстваў, якія падзяляліся на акругі-дыяцэзіі. Найбуйнейшая ў Беларусі была полацкая дыяцэзія. З полацкіх арцыбіскупаў звычайна выбіралі мітрапалітаў. Горад з яго кафедральным Сафійскім саборам зрабіўся сталіцаю беларускіх грэка-каталікоў і Меккаю ўсіх вуніяцкіх паломнікаў.
Умацаванню вуніяцтва спрыяў створаны ў 1617 годзе манаскі Ордэн базылянаў. Яго назоў паходзіць ад імя аднаго з айцоў царквы, змагара за адзінства хрысціянства святога Базыля Вялікага. Новы ордэн абвясціў, што падпарадкоўваецца папу і бярэ на сябе адказнасць за выхаванне моладзі. Базыляне друкавалі царкоўную літаратуру, адчынялі пры кляштарах школы і калегіі. У асвеце вуніятаў яны маюць, бадай, не меншыя заслугі, чым езуіты ў каталікоў.
Часам можна прачытаць, што базыляне і наагул вуніяты цалкам прадаліся лацінству, паслухмяна «скакалі пад езуіцкую дудку». Гэтую выдумку пусцілі праваслаўныя гісторыкі. Дакументы сведчаць пра адваротнае. Базыляне судзіліся з езуітамі за крыж святой Еўфрасінні і не аддалі святыню з вуніяцкага на той час Сафійскага сабора. У 1802 годзе езуіты, якіх тады падтрымлівалі царскія ўлады, падалі ў суд скаргу на полацкіх і ўшацкіх базылянаў за тое, што вуніяты «произносили неистовые слова против католической религии, что все католики суть погибшие и что религия римская не соглашается со святым Евангелием».
«Калі яшчэ і цяпер у некаторых кругах, - пісаў вядомы царкоўны гісторык беларускага замежжа айцец Леў Гарошка, - можна стрэнуць закід, быццам Вунія мела быць мостам для паланізацыі, дык на гэта трэба адказаць, што паўтараць такое можа хіба толькі папугай, які выхаваўся ў Маскве. Беларускі народ цэлыя 243 гады ішоў гэтым мостам і да ніякае паланізацыі не дайшоў, а затое Смаленшчына, якая па гэтым мосце не ступала, зусім зрусіфікавалася да страшэннай ступені».
Можна, вядома, ставіцца да Вуніі па-рознаму, але ў кожным разе трэба памятаць: гэта велізарная і неадлучная частка нашага гістарычнага быцця і нашае культуры. Гэта вера мільёнаў беларусаў, вера дзесяці пакаленняў нашых продкаў.
Уладзімір АРЛОЎ
На пачатку ХVІІ стагоддзя Рэч Паспалітая развязала вайну супроць Маскоўскай дзяржавы, якая, часам перапыняючыся, доўжылася амаль 15 гадоў. Пачалася яна пад сцягам Дзмітра Самазванца. Маскоўскае баярства і гараджане, незадаволеныя царом Барысам Гадуновым, падтрымалі інтэрвенцыю. Дзякуючы гэтаму Самазванец увайшоў у Маскву і заняў царскі пасад.
У 1607 годзе, калі з'явіўся другі Дзмітры Самазванец, дайшло да новага паходу на Маскву. Ізноў маскоўская апазіцыя цару шукала падтрымкі ў суседняй Беларусі, вербавала беларускую шляхту, клікала сялян. Сярод найманых добраахвотнікаў паходу было нямала праваслаўных шляхцічаў з Магілева, Мазыра, Крычава ды іншых беларускіх гарадоў. Праз год войска Самазванца стаяла каля сталіцы і кантралявала добрую палову Маскоўскай дзяржавы. Тады ж з Беларусі на ўсход рушыў аддзел Яна Сапегі, а ў 1609 годзе пад Смаленскам з'явіўся сам кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ з 20-тысячным войскам. Пры актыўнай падтрымцы маскоўскага баярства сілы Рэчы Паспалітай у 1610 годзе ўвайшлі ў Маскву, потым штурмам авалодалі Смаленскам. Жыхары Масквы прызналі каралевіча Ўладзіслава сваім валадаром. Толькі праз два гады шырокаму вызваленчаму руху, узначаленаму Пажарскім і Мініным, удалося вызваліць Маскву.
Але гэтым барацьба не скончылася, і дзяржавы яшчэ доўга знаходзіліся ў стане вайны. Жыгімонт Ваза спрабаваў вярнуць свайму сыну Ўладзіславу маскоўскі пасад. Дзеля гэтага мабілізаваліся сілы ў Вялікім Княстве і рыхтаваўся новы паход. У 1617 годзе гетманы Хадкевіч і Гасеўскі паспрабавалі дайсці да Масквы. Ізноў інтэрвенцыю падтрымалі шырокія колы апазіцыі маскоўскаму цару, у прыватнасці «вольнае» казацтва. Аднак працяглая вайна знясіліла абодва бакі. У тых умовах Вялікае Княства і Польскае Каралеўства прапанавалі Маскве падпісаць замірэнне.
Перамовы пачаліся ў лістападзе 1618 года ў вёсачцы Дэявуліна, недалёка ад Троіца-Сергіева манастыра. Маскоўскую дэлегацыю ўзначальвалі баяры Ф.Шарамецеў, Д.Мязецкі, акольнічы А.Ізмайлаў ды іншыя, а ўпаўнаважанымі Рэчы Паспалітай былі Л.Сапега, А.Гасеўскі, А.Навадворскі. Абедзве дэлегацыі не шкадавалі ўзаемных абвінавачванняў у «няпраўдах», і гэта ўскладняла перамовы. Гасеўскі скардзіўся, што маскоўскі бок адцягвае да Ржэва і Тарапца бельскія ды вяліжскія воласці і што за гэтыя межы можа праліцца яшчэ шмат крыві. Даходзіла да тупіковых сітуацый, і аднаго разу паслы Вялікага Княства ўжо ўсталі, каб ад'ехаць з Дэявуліна, але маскоўскія баяры пераканалі іх застацца ды скончыць перамовы.
Пагадненне было падпісанае 1 снежня. Яно дакляравала мір на 14 гадоў і 6 месяцаў. Паводле прынятых умоваў у склад Вялікага Княства Літоўскага адыходзілі вялізныя тэрыторыі - Смаленшчына, Чарнігаўшчына і Ноўгарад-Северская зямля з трыма дзесяткамі гарадоў. Прадугледжваўся абмен палоннымі. Калі князю Івану Шуйскаму і Васілю Янаву, якія былі ў абозе Ўладзіслава Жыгімонтавіча, прапанавалі вярнуцца ў Маскву, тыя адказалі, што яны цалавалі крыж каралевічу.
Улетку 1619 года на рэчцы Палянаўцы адбыўся абмен вязнямі. Па адным мастку да сваіх перайшоў бацька цара Філарэт, маскоўскія баяры і мноства ратнікаў, па другім - «літоўскі палон».
Дэявулінскае замірэнне 1618 года паклала канец доўгай спусташальнай вайне, плацдармам якой была Беларусь, і на дзесяцігоддзі злучыла ў адно цэлае этнічныя беларускія землі.
Генадзь САГАНОВІЧ
Усталяванне ў Беларусі вуніяцкай веры ішло напачатку пакутліва цяжка. Своеасаблівым сімвалам гэтага стаўся шлях полацкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча.
Сама вядомы з полацкіх царкоўных валадароў нарадзіўся ў 1580 годзе ва Ўладзіміры-Валынскім на Ўкраіне ў сям'і выхадцаў з Беларусі. Пераняўшы ад бацькі любасць да кніг, ён юнаком прыехаў у Вільню вучыцца на купца, зрабіўся прыхаджанінам вуніяцкай Свята-Траецкай царквы і спяваў там у хоры. Здольнага пабожнага хлапца заўважыў віленскі мітрапаліт Іпат Пацей. Ён узяў Кунцэвіча ў кляштар паслушнікам і адправіў яго вучыцца ў Віленскую акадэмію. У 1604 годзе, калі Язафат скончыў курс навук, мітрапаліт сам пастрыг яго ў манахі.
Неўзабаве ён стаў гераманахам, а потым і архімандрытам Свята-Траецкага кляштара. Неўзабаве пра Язафата гаварыла ўся Вільня. Вызначаючыся выключным красамоўствам, ён часта прапаведваў проста на вуліцах і пляцах, смела заходзіў у хаціны рамеснікаў і ў магнацкія палацы. Ворагі далі яму мянушку «душахват» - лавец душаў. За заслугі перад грэцка-каталіцкаю царквою, ва ўлонне якой ён перавёў з праваслаўя тысячы віленчукоў, Кунцэвіч быў узведзены ў біскупскі сан.
У першы прыезд палачане сустрэлі вуніяцкага архігерэя святочным ходам з абразамі, царкоўнымі і цэхавымі харугвамі. Вернікі ведалі і пра біскупава ўменне пераканаць сама ўпартага, і пра тое, што гэты яшчэ малады, высокі і танклявы чалавек з вострым поглядам носіць пад адзеннем цяжкія вярыгі і выпрабоўвае свой дух і цела доўгімі пастамі і самабізаваннем.
Зрабіўшыся ў 1618 годзе полацкім арцыбіскупам, Язафат атрымаў ад вялікага князя і мітрапаліта права на падначаленне сабе ўсіх праваслаўных манастыроў і храмаў у Полацку, Віцебску, Магілеве і Воршы. Факты кажуць, што ўладыку, на жаль, не хапала цярпення. Не шкадуючы сябе, гэты чалавек не шкадаваў і іншых. Прыспешваючы падзеі, ён пераступіў небяспечную мяжу, за якой пачыналася жорсткасць. У барацьбе з непакорлівымі ён зачыняў храмы, пазбаўляў сану і караў святароў. Кунцэвічу супрацьстаялі аб'яднаныя ў брацтвы праваслаўныя месцічы, якіх падтрымлівала яшчэ шматлікая праваслаўная шляхта.
Язафат Кунцэвіч быў сынам і ахвяраю свайго нялітасцівага часу. Шукаючы падтрымкі, ён звярнуўся да канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі. Той, хоць і належаў да прыхільнікаў ідэі Вуніі, адказаў вельмі суровым лістом: «Кажаце, што вы вольны тапіць невуніятаў і секчы ім галовы... Не, не так трэба абыходзіцца з імі, бо Евангелле боскае сурова ўнушае ўсім мсціўцам, у тым ліку і вам: «мне отмщение и аз воздам». Канцлеравы словы сталіся прарочымі.
У 1620 годзе праз Рэч Паспалітую вяртаўся з Масквы канстантынопальскі патрыярх. На ўжо занятыя вуніятамі епархіі ён паставіў праваслаўных архігерэяў. Прызначаны архіепіскапам полацкім Мялет Сматрыцкі паводзіўся не надта разумна. Прыбыўшы ў Віцебск, ён абвясціў, што адлучае Кунцэвіча ад царквы, і разаслаў па епархіі адпаведныя граматы. Такая чыннасць не дала ніякага плёну, апрача распальвання і без таго гарачых жарсцяў.
Увосень 1623 года Кунцэвіч прыехаў у Віцебск, каб угамаваць развярэджанае Сматрыцкім места. Гэта было яго апошняе падарожжа. Увайшоўшы ў змову з палачанамі і аршанцамі, віцебскія мяшчане пастанавілі пазбавіць уладыку Язафата жыцця. Нейкі шляхціч папярэдзіў яго, але Кунцэвіч рашуча ішоў насустрач лёсу.
12 лістапада ўдарылі званы і тысячны ўзброены натоўп напаў на арцыбіскупаў дом каля царквы Багародзіцы. Айцец Язафат толькі што адслужыў ютрань. Пачуўшы крыкі, ён выйшаў да людзей і, перахрысціўшы іх, паспрабаваў угаварыць мірна разысціся. Але ўсё было марна. Двума ўдарамі бердыша ўладыку рассеклі галаву. Верны сабака ўскочыў на цела, каб абараніць гаспадара, і ў момант вока быў пасечаны на кавалкі. Непрытомнага арцыбіскупа дабілі, а потым, як сведчаць судовыя дакументы, «здзекаваліся над целам, цягалі яго за ногі па двары, сарвалі адзенне, пакінуўшы ў адной валасяніцы, якую, утаймоўваючы сваю плоць, насіў гэты пастыр, білі нагамі нябожчыка па твары, ранячы яго і пасля смерці». Цела, узяўшы за ногі, скінулі з Прачысценскае гары, потым адвезлі ў чоўне ўверх па Дзвіне за горад і там, прывязаўшы да ног і шыі камяні і насыпаўшы камення ў валасяніцу, утапілі. Пасля гэтага забойцы разрабавалі арцыбіскупаў дом, выбілі ў ім вокны, разбурылі печы, пазбівалі архігерэевых слугаў і адзначылі свае подзвігі знойдзеным у склепе віном.
Рымскі папа Урбан VІІІ адгукнуўся на тыя падзеі суровым лістом да караля і вялікага князя Жыгімонта: «Няхай пракляты будзе той, хто ўтрымае меч свой ад крыві! Няхай ерась адчуе, што ёй няма літасці». У Віцебск прыехалі вялікакняскія суддзі на чале з Львом Сапегам. Паводле прысуду горад пазбавілі магдэбургскага самакіравання, ратушу разбурылі, а віцебскія званы знялі і адправілі на ператопліванне. (Праз колькі гадоў кароль вярнуў гораду ўсе забраныя правы за перамогу над маскоўцамі.) З плячэй бунтаўнікоў паляцелі галовы.
Паданне сцвярджае, што ўладыку Язафата знайшлі па снопе святла, якое ішло проста з Дзвіны. Цела прывезлі па рацэ ў Полацак і пахавалі ў Сафійскім саборы. Неўзабаве парэшткі дасталі з зямлі і пасля ўрачыстага адпявання віленскім мітрапалітам паклалі ў срэбную раку. Прах і пазней не меў спакою: яго блізу дзесяці разоў перазахоўвалі ў Беларусі і далёка за яе межамі.
Праз год пасля смерці Рым прызнаў айца Язафата блажэнным, а ў 1867-м папа Пій ІХ абвясціў яго святым. Пасля Другой сусветнай вайны мошчы полацкага святога перавезлі з Вены, дзе яны тады захоўваліся, у Рым і ў 1963 годзе пахавалі ў галоўным храме каталікоў свету - саборы Святога Пятра ў алтары Базыля Вялікага.
Уладзімір АРЛОЎ
Сапраўднае імя гэтага славутага палачаніна - Самойла Пятроўскі-Сітняновіч. Другое прозвішча - Пятроўскі - ён атрымаў ад айчыма, заможнага полацкага купца, што выхоўваў яго ў дзіцячыя гады.
Свой шлях у навуку малы Самусь пачаў з брацкай школкі полацкага Богаяўленскага манастыра, а працягваў у Кіева-Магілянскай калегіі, якую праваслаўныя лічылі найлепшай навучальнай установаю Рэчы Паспалітай. У Кіеве былі напісаныя яго першыя паэтычныя творы, што дайшлі да нашых дзён - пазначаныя 1648 годам «Канон» і «Акафіст».
Прага ведаў прывяла Самуся ў Віленскую акадэмію. На той час апрача роднай беларускай ён ужо настолькі дасканала авалодаў лацінай, царкоўнаславянскай і польскай мовамі, што пісаў на ўсіх чатырох вершы. Адукаваны палачанін зрабіўся прыхільнікам мірнага паяднання хрысціянскіх цэркваў, і гэта прывяло яго ў грэцка-каталіцкі Ордэн базылянаў. Вернасць вуніяцтву ён пранёс праз усё жыццё. Нават жывучы ў праваслаўнай Маскве, свае кнігі ён нязменна падпісваў (праўда, на лаціне, якой у расейскай сталіцы амаль ніхто не разумеў) поўным тытулам базылянскага манаха.
Вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай не дазволіла давучыцца. З разрабаванай і спустошанай царскімі войскамі Вільні Самойла вярнуўся ў Полацак і пад імем Сімяона прыняў пострыг у Богаяўленскі манастыр, ігуменам якога быў знаёмы па Кіеве прафесар вольных мастацтваў і таксама паэт Ігнат Іяўлевіч. Сімяон выкладаў у брацкай школе, дзе некалі вучыўся, стварыў там тэатр, пісаў для яго п'есы, але галоўным ягоным захапленнем заставалася паэзія.
Пад час прыезду цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацак і Віцебск Сімяон прадэманстраваў свой паэтычны дар расейскаму манарху. Прывітальныя Сімяонавы «Метры» нельга разглядаць як праяву шчырае прыхільнасці, бо яны былі, па сутнасці, пераніцоўкаю аднаго выдадзенага на паўстагоддзя раней твора, дзе такія ж велягурыстыя параўнанні адрасаваліся кіеўскаму мітрапаліту. Па-першае, паэт мусіў спрыяць манастыру, што даў яму прытулак. Па-другое - і гэта галоўнае - ён шукаў мецэната, пад абаронаю якога ў тую жорсткую эпоху мог бы спакойна служыць сваёй музе.
Шэраг паэтавых славаслоўных вершаў пры больш уважлівым чытанні ўспрымаюцца як рызыкоўна іранічныя. Да такіх, напрыклад, належыць прывітанне полацкаму епіскапу Калісту, пастаўленаму маскоўцамі ў абыход царкоўных законаў (бо беларускія землі знаходзіліся пад эгідаю не маскоўскага, а канстантынопальскага патрыярха). Сам уладыка Каліст цудоўна зразумеў іронію Сімяона і аддзячыў яму тым, што спачатку прызначыў яму ганебнае пакаранне працаю ў манастырскім хляве, а потым загадаў кінуць у астрог і закаваць у кайданы. Мо якраз гэтая падзея і была непасрэдным штуршком да выезду паэта ўвесну 1664 года ў Маскву.
У Масковіі наш зямляк і пачаў падпісвацца Сімяонам Полацкім. Ён адразу атрымаў адказнае даручэнне: стварыць лацінскую школу для царскіх людзей з Прыказа таемных спраў. На царкоўным саборы, што судзіў патрыярха Нікана і разглядаў пытанне пра раскольнікаў, Сімяон быў сакратаром і перакладнікам двух сусветных патрыярхаў - александрыйскага і антыяхійскага. Выконваючы іх волю, ён напісаў трактат «Жезл правления», накіраваны супроць правадыроў расколу. Полацкі быў прыхільнікам асвечанага абсалютызму, лічыў неабходным уздымаць культуру расейскага народа, бо чым вышэй культура, тым вышэй чалавечая маральнасць.
Яшчэ больш умацавалася становішча Сімяона, калі ў 1667 годзе яго прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Ён асабіста вучыў спадкаемцаў трона царэвічаў Аляксея ды Фёдара і царэўну Соф'ю, а таксама наглядаў за выхаваннем царэвіча Пятра.
Хоць паэт і вучоны быў пад абаронаю цароў - спачатку Аляксея, а потым і свайго выхаванца Фёдара Аляксеевіча, жылося яму ў Маскве нясоладка. Не меней за раскольнікаў «лацінніка» ненавідзелі кіраўнікі афіцыйнага праваслаўя. Гэтая вера з яе кансерватызмам і падазронасцю да навукі заўсёды была Сімяону чужая. Прыгняталі Полацкага і жорсткія маскоўскія парадкі. У Рэчы Паспалітай барацьба розных рэлігійных плыняў ішла звычайна ў выглядзе літаратурнай палемікі і багаслоўскіх дыспутаў. У Маскоўшчыне, каб не казалі ерасі, людзям выразалі языкі.
Але і ў той задушлівай, гнятлівай атмасферы палачанін мужна і аддана служыў богу асветы. Ён стаў першым у Расеі прафесійным пісьменнікам, перакладаў з лацінскай ды польскай моваў, удзельнічаў у падрыхтоўцы поўнага перакладу расейскае Бібліі. Сімяон адчыніў сваю, незалежную ад патрыярхавай цэнзуры друкарню, першай кнігай якой быў «Букварь языка славенска», напісаў праект першай у Расеі найвышэйшай навучальнай установы, паводле якога потым стваралася маскоўская Славянска-грэцка-лацінская акадэмія. Яе студэнт Міхайла Ламаносаў па Сімяонавых творах упершыню пазнаёміўся з вершаскладаннем. Полацкі стаяў ля вытокаў першага ў Расеі тэатра, створанага ў 1672 годзе пры двары Аляксея Міхайлавіча.
Наш суайчыннік стварыў велізарны, шматстайны і непаўторны паэтычны свет. Ён складаў оды, элегіі, гімны, панегірыкі, эпітафіі, «плачи», «утешения»... Ён стаў у расейскай паэзіі пачынальнікам эксперыментаў з фігурнымі вершамі. Сваімі сатырычнымі і павучальнымі творамі ён змагаўся з тагачаснымі расейскімі прымхамі і забабонамі. Вялікую славу прынёс Сімяону вершаваны пераклад Псалтыра, выдадзены з цудоўнымі гравюрамі ў ягонай друкарні. Абдзеленыя прамоўніцкім талентам святары дзякуючы Сімяону Полацкаму атрымалі два падручнікі - зборнікі царкоўных «словаў» і казанняў пад назовамі «Обед душевный» і «Вечеря душевная».
Бальшыню сваіх вершаў паэт сабраў у вялікія рукапісныя кнігі «Рифмологион, или Стихослов» і «Вертоград многоцветный». «Вертоград» з яго размешчанымі ў алфавітным парадку вершамі быў своеасаблівай энцыклапедыяй. Яе чытач мог атрымаць звесткі з гісторыі, геаграфіі, заалогіі, паразважаць над царкоўнай прыпавесцю, пасмяяцца з анекдота. Пяру Полацкага належыць вершаваная мінералогія, адкуль можна даведацца пра ўласцівасці магніту, крэменю, горнага крышталю...
Пасля смерці Сімяона, які пакінуў гэты свет 25 жніўня 1680 года, засталася найбагацейшая ў Маскве бібліятэка: творы Цыцэрона, Тамаша Аквінскага, Эразма Ратэрдамскага, айцоў царквы, граматыкі, слоўнікі, зельнікі... Ён пакінуў пасля сябе цэлую школу расейскіх паэтаў. Пакінуў друкарню, дзе ўжо пасля ягонае смерці выйшлі «Обед душевный» і «Вечеря душевная».
У 1698 годзе маскоўскі патрыярх атрымаў ад запарожцаў просьбу прыслаць у іхную царкву зборнікі казанняў вучонага палачаніна. Казакі не ведалі, што праваслаўная царква ўжо абвясціла Сімяонавым творам анафему ды забараніла згадваць іх як ерэтычныя.
Уладзімір АРЛОЎ
Калі казацкае паўстанне на Ўкраіне, узначаленае Багданам Хмяльніцкім, абярнулася цяжкай вайною, якая знясіліла Рэч Паспалітую, у Маскоўскім царстве пачалі старанна рыхтавацца да наступу на захад. Фармальна падставай агрэсіі было абвешчанае заступніцтва за Ўкраіну, якую на просьбу Хмяльніцкага цар далучаў да Маскоўскай дзяржавы, а таксама абарона праваслаўя ад прыцясненняў з боку «проклятых ляхов». Аднак у сапраўднасці маскоўскія ўлады кіраваліся чыста захопніцкімі інтарэсамі. Галоўны ўдар быў скіраваны на Беларусь.
Увесну 1654 года тры вялізныя арміі з трох бакоў (з Вялікіх Лукаў, Масквы і Бранска) уварваліся ў Беларусь. На дапамогу ім Багдан Хмяльніцкі выслаў яшчэ тры палкі казакоў, якія наступалі з поўдня ўздоўж Дняпра. Разам на Беларусь абрынулася прыкладна 100-тысячная армія заваёўнікаў, укамплектаваная найманымі эўрапейскімі афіцэрамі, забяспечаная новай, закупленай на захадзе зброяй, магутнай артылерыяй.
Войска Вялікага Княства, узначаленае вялікім гетманам Янушам Радзівілам, налічвала тады нейкіх 10 тысяч жаўнераў. Ці магло яно абараніць край ад такога нашэсця? Памежныя гарады і замкі былі зусім не падрыхтаваныя да вайны: без запасаў пораху і харчу, з даўно занядбанымі ўмацаваннямі. У Смаленску, прыкладам, муры мелі такія шчыліны, што праз іх пралазіў чалавек. А шляхта, якая мусіла ўтвараць паспалітае рушанне, пакідала ўсходнія раёны Беларусі ды ўцякала далей на захад.
Нягледзячы на безнадзейна малыя сілы, вялікі гетман Януш Радзівіл нейкі час даволі ўдала шкодзіў маскоўскім ваяводам, прыкрываючы галоўны шлях з Смаленска на Менск і Вільню. 12 жніўня 1654 года ён нават выйграў бітву пад Шкловам з утрая большай арміяй ваяводы Я.Чаркаскага. Аднак 24 жніўня пад Шапялевічамі невялікі корпус гетмана быў разбіты арміяй ваяводы А.Трубяцкога. Краіна засталася зусім безабароннай.
Пазбаўленыя дапамогі, беларускія гарады не маглі доўга трымацца. Некаторыя (Полацак, Невель, Рослаў, Магілеў, Чавусы ды інш.) амаль адразу паддаваліся, іншыя ж, такія, як Смаленск, Віцебск, Дуброўна, Горы, Гомель, Друя, Амсціслаў, - пачалі адчайна адбівацца. Цар загадваў сваім ваяводам асабліва бязлітасна распраўляцца з кожным горадам, які, адмовіўшыся ад капітуляцыі, бараніўся, - каб, навучаныя, здаваліся іншыя. Так узорна былі пакараныя здабытыя штурмам Амсціслаў, Друя, Віцебск, а таксама невялікая Дуброўна, што паддалася, паспадзяваўшыся на царскую літасць. Затое Стары Быхаў, які разам з залогай абаранялі месцічы і сяляне, што сышліся з ваколіцаў, заставаўся непрыступным для заваёўнікаў.
У шэрагу ўсходніх раёнаў Беларусі мясцовае насельніцтва спачатку верыла заявам маскоўскіх уладаў пра тое, што вайна распачатая дзеля абароны праваслаўя, і лаяльна паставілася да царскіх ратнікаў. Аднак тыя паводзілі сябе як звычайныя захопнікі. Ваяўнікі Аляксея Міхайлавіча аднолькава бязлітасна чынілі гвалт над усімі, хто трапляўся, не зважаючы на веравызнанне, рабавалі, хапалі ў палон і выводзілі ў сваю дзяржаву. Заняўшы да глыбокай восені таго года беларускія землі з усходу ажно да Дняпра і на поўначы да Дзвіны, царскія ўлады рыхтаваліся да новых захопаў.
Беларускія сяляне з першых месяцаў вайны пачалі ўтвараць аддзелы самааховы. На акупаваных землях яны сыходзілі ў лясы, узбройваліся косамі, віламі, бердышамі ды спрабавалі абараніць ад чужынцаў свае пасяленні, перашкаджалі выводзіць мясцовых людзей у няволю, а таксама дапамагалі войску сваёй дзяржавы і часам уступалі ў адкрыты бой з рэгулярнай арміяй Аляксея Міхайлавіча. Так пачаўся шырокі партызанскі рух - першы ў беларускай гісторыі масавы добраахвотны рух супраціву, фактычна абарончая вайна народа. Асабліва актыўнымі былі сяляне Амсціслаўшчыны. Прыкладам, у ліпені 1654 года трохтысячны аддзел мужыкоў з Калеснікаўскай воласці заатакаваў пад Амсціславам армію ваяводы А.Трубяцкога, у якой налічвалася да 15 тысяч ратнікаў. На Смаленшчыне ў партызанскім руху бралі ўдзел нават праваслаўныя святары. Народная барацьба хутка ахапіла амаль усю тэрыторыю Беларусі і трывала да самага вызвалення краю.
Генадзь САГАНОВІЧ
Цяжкія выпрабаванні выпалі ў гады новай трынаццацігадовай вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўшчынай на долю Магілева.
У ліпені 1654 года беларускі шляхціч Канстанцін Паклонскі, які перайшоў на бок маскоўцаў і атрымаў за гэта чын палкоўніка, прывёз магілеўскім месцічам грамату цара Аляксея Міхайлавіча. Маскоўскі валадар дакляраваў, што, калі горад будзе добраахвотна здадзены, «вас, шляхту и служилых людей всяких войтов и бурмистров, и райцев, и лавников, и мещан, и всех православных христиан, пожалуем нашего царского величества жалованием и велим шляхте маетности, кто перед чем владел наперед сего по привилием, подкрепити нашего царского величества жалованными грамотами». Іначай кажучы, Аляксей Міхайлавіч пацвярджаў усе правы, якімі горад карыстаўся дагэтуль паводле магдэбургскага права.
Магілеўцы маглі расцаніць царову грамату як своеасаблівую падзяку за вернасць праваслаўю і барацьбу супроць царкоўнай вуніі. Тым не менш пускаць да сябе войскі валадара суседняй дзяржавы горад не спяшаўся. Гісторыя ўжо дала беларусам багата прыкладаў крывадушнасці маскоўскіх цароў. Апрача таго, жыхары сачылі за ваеннымі дзеяннямі і ведалі, што маскоўцы па-ранейшаму кіруюцца тактыкай выпаленай зямлі. Яны захапілі Амсціслаў, пасля чаго з 33 тысяч жыхароў багатага места засталося жыць не больш за тры тысячы. У аблозе стаялі Крычаў (які пазней таксама напаткаў няшчасны лёс Амсціслава), Дуброўна і Віцебск.
Калі на пачатку жніўня расейскае войска ваяводы Ваяйкова і казацкія аддзелы палкоўнікаў Паклонскага і Залатарэнкі падышлі да Магілева, яны ўбачылі, што «около де города осаду крепят и, по людям де смотря, хотят стоять и биться». Як бы на пацверджанне гэтага адпраўленага цару паведамлення з горада зрабіў адважную, хоць і няўдалую вылазку шляхоцкі аддзел на чале з Табіянам Ждановічам і Міхалам Гініцкім.
Аднак слабасць гарадскіх умацаванняў і падыход войскаў маскоўскага ваяводы Шарамецьева паставілі магістрат перад выбарам: бараніцца, каб урэшце горад быў спалены і разрабаваны, або здацца і паспрабаваць неяк дамовіцца з акупантамі. Магілеўцы абралі другі шлях і 25 жніўня 1654 года адчынілі перад царскімі стральцамі браму.
Праз колькі дзён усялякія спадзяванні на адзінаверцаў развеяліся. Расейцы заняліся ў горадзе гвалтам і рабункамі. Як сведчаць дакументы, стральцы адбіралі грошы і зброю, коней і хлеб, насенне і кухоннае начынне. Горкая доля была наканаваная месцічам-габраям. Пад прыкрыццём размоваў пра высылку юдэяў у Польшчу захопнікі загадалі ім узяць найбольш каштоўныя рэчы і пакінуць горад. У полі выгнаннікаў абрабавалі і амаль усіх перарэзалі. На месцы гібелі большай часткі магілеўскіх габраяў іхныя землякі-хрысціяне насыпалі курган, на які потым з'язджаліся, каб аплакаць адзінаверцаў, юдэі з усяе Рэчы Паспалітай.
Тым часам у стане маскоўцаў ды іх хаўруснікаў разгаралася варожасць паміж Паклонскім і Залатарэнкам. Паклонскі скардзіўся цару, што ўкраінскія казакі Залатарэнкі «приезжают де в город Могилев и чинят обиды болшие, а в уезде хлеб у крестьян ржаной, и яровой, и лошади, и всякую животину побрали». Супрацьстаянне беларускіх і ўкраінскіх аддзелаў не абмяжоўвалася ўзаемнымі скаргамі, а перайшло ў крывавыя сутычкі. Воіны Паклонскага няраз нападалі і на расейскіх стральцоў. «На твою государеву службу полковник не идет, а люди его твоих государевых солдатов в городе на карауле по воротам бьют», - пісаў цару магілеўскі ваявода Алфёраў.
Калі ў лютым 1655 года да магілеўскіх муроў прыйшло войска гетмана Януша Радзівіла, здрайца Паклонскі зноў прызнаў валадаром нашага вялікага князя. Прычыны свайго ўчынку ён растлумачыў у лісце да магілеўцаў, дзе пісаў, што спадзяваўся на вызваленне сваёй зямлі ад ляхаў, ды замест гэтага ўбачыў «лупление домов Божих, что и от татар бывало; а християн наших, которые в повседневном гонении от униатов пребывали, ныне в вечную неволю забрали, а иных помучили; а какие безделия над чесными женами и девицами чинили...»
Гетману Радзівілу не ўдалося адолець моцны расейскі гарнізон, і ён пасля трохмесяцавай аблогі адступіў. Гэта канчаткова развязала акупантам рукі. Горад быў пазбаўлены самакіравання, з жыхарамі абыходзіліся ненашмат лепей, чым з палоннікамі. Магілеўцы рыхтаваліся да помсты.
Зручны момант для гэтага з'явіўся на шостым годзе акупацыі, калі войска Вялікага Княства і Польшчы разбіла расейцаў на рацэ Басі. Пасля таго як стральцы абрабавалі на рынку магілеўскіх пякарак, цярпенне ў магілеўцаў скончылася. На загад магістрата жыхары, у дамах якіх жылі маскоўцы, выкруцілі з іхных стрэльбаў крэмні. Мужчыны даставалі са сховаў падрыхтаваную загадзя зброю. У шматтысячным горадзе не знайшлося ніводнага здрадніка, і захопнікі да апошняй хвіліны нічога не ведалі.
1 лютага 1661 года бурмістр Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкаю паўстання, з крыкам «Пара!» выхапіў шаблю і кінуўся на стральцоў. Над местам паплыў набатны звон. Паўстанцам дапамагалі вызваленыя з астрога нашы палонныя жаўнеры. За колькі гадзін царскі гарнізон быў знішчаны. Ад шабляў і куляў магілеўскіх мсціўцаў загінула сем тысяч захопнікаў.
Вялікі князь Ян Казімір выдаў прывілей, паводле якога шмат паўстанцаў атрымалі шляхоцтва, а горад зраўнаўся ў правах са сталічнаю Вільняй. У гонар паўстання Магілеву быў нададзены новы герб: тры вежы на блакітнай асноведзі і збройны рыцар у браме пад выяваю «Пагоні».
Апрача Магілева беларускія мяшчане знішчылі або выгналі царскія гарнізоны ў Дзісне, Амсціславе, Себежы, Гомелі і Старым Быхаве.
Уладзімір АРЛОЎ
Знясіленая за доўгія гады вайны, Маскоўшчына не магла ўтрымаць усе захопленыя ў Беларусі землі ды ўжо ў 1664 годзе прапанавала Рэчы Паспалітай распачаць перамовы аб замірэнні. Групы ўпаўнаважаных абедзвюх дзяржаваў сустрэліся ў Дуравічах на Смаленшчыне. Перамовы праходзілі марудна і малаплённа. Маскоўскія паслы спрабавалі пакінуць пад уладаю цара Полацак ды іншыя беларускія гарады, падкупіць камісараў Рэчы Паспалітай вялізнымі сумамі грошай або запужаць іх войскам, якое нават у часе замірэння ўрывалася на Беларусь.
Паступова пазіцыі Рэчы Паспалітай у супрацьстаянні з Масквой таксама слаблі. Шанцы на радыкальную перамогу ў спрыяльнай сітуацыі ў 1661-1662 гадах былі змарнаваныя. Тым часам на поўдні актывізавалася Турэччына, якая аднолькава пагражала і Маскве, і Варшаве ды прымушала іх думаць пра аб'яднанне перад асманскай Портай. У самой Польшчы распачалася вайна гетмана Любамірскага супраць караля. Дый у Вялікім Княстве дайшло да абвастрэння нутраной барацьбы паміж магнатамі. У такой сітуацыі камісары Рэчы Паспалітай пайшлі на кампраміс і 3 студзеня 1667 года, пасля трыццаці сустрэчаў з царскім пасольствам у вёсцы Андрусава, што паміж Смаленскам і Амсціславам, падпісалі дамову аб замірэнні тэрмінам на 13 з паловай гадоў. 20 студзеня тэкст дамовы быў зацверджаны ўрачыстымі прысягамі ўпаўнаважаных. Так закончылася сама доўгая і стратная для Беларусі вайна.
Паводле ўмоваў замірэння да Маскоўскага царства адыходзілі Смаленскае ды Чарнігаўскае ваяводствы, Старадубскі павет і землі Ўкраіны да самага Дняпра. Затое яшчэ акупаваную паўночную Беларусь - Віцебшчыну, Полаччыну, Дынабург, а таксама Інфлянты Аляксей Міхайлавіч вяртаў Рэчы Паспалітай. Трактат адлюстраваў кампраміс з абодвух бакоў: Масква, хоць і не здолела ўтрымаць усё заваяванае, моцна павялічыла сваю тэрыторыю, а Рэч Паспалітая, не змогшы адваяваць усяго страчанага, вярнула найбольш важныя землі. Абодва бакі суцяшалі сябе таксама тым, што Андрусаўскае замірэнне толькі часовае, што ўмовы яго праз 13 гадоў можна будзе перагледзець.
Усе палонныя, выведзеныя за гады вайны ў Маскоўскае царства (як, дарэчы, і вывезеныя каштоўнасці), там і заставаліся на гады замірэння. Толькі шляхта, жаўнеры, духавенства і казакі з татарамі - зусім нязначная частка сярод сотняў тысяч заняволеных - атрымалі фармальнае права вярнуцца на айчыну, аднак далёка не ўсе маглі яго выкарыстаць. Куды толькі не рассылалі палонную беларускую шляхту! Яна служыла ў далёкіх сібірскіх астрогах - у Якуцкім, Енісейскім, Томскім, Ілімскім, Мангазейскім і г.д. Простых жа людзей, якіх у Маскоўскай дзяржаве звычайна ператваралі ў халопаў, ніхто і не збіраўся вяртаць. У адной Маскве пасля вайны выведзеныя з Беларусі палоннікі складалі прыкладна 10 працэнтаў пасадскага насельніцтва. Шмат беларускага люду было ў іншых гарадах царства - у Астрахані, Вялікіх Луках, Ноўгарадзе, Тарапцы, Цверы ды інш. І гэта былі лепшыя, здаравейшыя, маладзейшыя...
Беларусь выйшла з трынаццацігадовай вайны з катастрафічнымі стратамі. Яе насельніцтва зменшылася на 53 працэнты. Асабліва пацярпелі паўночныя ды ўсходнія раёны, што найдаўжэй заставаліся пад акупацыяй. Там не засталося нават траціны ад даваеннай колькасці жыхароў! Гаспадарку, што апынулася ў жудасным стане, у зваяваным ды спустошаным краі не было каму і як аднаўляць. Каб не памерці з голаду, людзі і пасля вайны пакідалі свае мясціны ды ішлі па лепшую долю ў іншыя землі. Дзесяцігоддзямі яшчэ зарасталі хмызамі пустыя вёскі, удзірванелыя ляжалі сялянскія палі.
Вайна 1654-1667 гадоў настолькі моцна падарвала Беларусь, што наступствы той трагедыі яшчэ не адно стагоддзе вызначалі дэмаграфічнае, гаспадарчае і культурнае аблічча краіны. Да катастрофы, перажытай тады беларускім народам, сыходзяць вытокі і многіх яго цяперашніх бедаў.
Генадзь САГАНОВІЧ
Яго часта называюць беларускім Джардана Бруна. Наш зямляк кінуў клерыкальнай мафіі свайго часу не менш дзёрзкі выклік, чым ягоны італьянскі брат па духу. Гэтак жа трагічна склаўся і ягоны лёс.
Казімір Лышчынскі паходзіў са старадаўнага беларускага шляхоцкага роду Корчакаў. Ён нарадзіўся блізу 1634 года ў маёнтку Лышчыцы пад Берасцем. Навучанне ў езуіцкім калегіуме, потым у Кракаўскім універсітэце (паводле некаторых звестак, і ў Віленскай акадэміі) дало Лышчынскаму выдатную адукацыю. Тады ж, у маладосці, ён браў удзел у маскоўскай, шведскай і турэцкай вайсковых кампаніях.
У дваццаць пяць гадоў ён уступіў у Ордэн езуітаў, у трыццаць зрабіўся прарэктарам Берасцейскага езуіцкага калегіума. Наперадзе - бліскучая будучыня, якой будзе спрыяць ордэн. І замест гэтага - разрыў з Таварыствам Ісуса і вяртанне ў родавы маёнтак. Лышчынскі займаўся гаспадаркай, удзельнічаў у мясцовых сойміках, ездзіў паслом ад павятовай шляхты на выбары вялікага князя. Вывучэнне права і паспяховая юрыдычная практыка прывялі яго на пасаду падсудка берасцейскага земскага суда. Яшчэ адзін клопат гаспадара Лышчыцаў - адчыненая ім у маёнтку школка, дзе ён вучыў сялянскіх дзяцей чытанню, ліку, пісьму і асновам навук.
Гэта - тое, што на паверхні. Але ў Лышчынскага было і іншае жыццё. Над старонкамі кніг антычных філосафаў і мысляроў эпохі Адраджэння, над тэалагічнымі і прыродазнаўчымі трактатамі ён шукаў адказы на небяспечныя, «грахоўныя» пытанні.
Езуіты не пакінулі адступніка без сваёй увагі. Сабраныя імі звесткі сведчаць пра змены светапогляду Лышчынскага: «Пагарджаючы таемствам хрысціянскага шлюбу, выдаў дачку замуж за сваяка... На богаўгодныя справы выдаткоўвае не больш як тры фларыны на год... Склаў запавет, дзе загадаў цела сваё пасля смерці спаліць, а попел пахаваць пры дарозе, зрабіўшы на магіле богазневажальны надпіс...» У матэрыялах судовага працэсу над вальнадумцам захаваўся тэкст гэтага надпісу: «Падарожнік! Не абмінай гэтых камянёў. Ты не спатыкнешся на іх, калі не спатыкнешся на ісціне. Спасцігнеш ісціну ля камянёў, бо нават тыя людзі, якія ведаюць, што гэта праўда, вучаць, што гэта хлусня. Вучэнне мудрацоў - свядомы падман».
З 1674 года вальнадумец пачынае пісаць на лацінскай мове трактат пад крамольным назовам «Аб неіснаванні бога». Ягоны рукапіс не захаваўся, і меркаваць пра змест твора можна толькі па некаторых тэзісах, якія прыводзіліся на судзе. Лышчынскі лічыў, што вечная прырода існуе і развіваецца па сваіх натуральных законах. Ён адмаўляў галоўныя хрысціянскія догматы, выкрываў крывадушнасць і карыслівасць сучаснага яму духавенства, што выстаўляла сябе ўладальнікам найвышэйшае праўды і маральнасці. У трактаце выказвалася мара пра грамадства, заснаванае на роўнасці і братэрстве, пра «свет без улады і народы без гаспадароў».
Зрабіўшыся перакананым атэістам, Казімір Лышчынскі «пачаў заражаць гэтай навукай нявінную свядомасць маладых і сталых людзей». Над бязбожнікам навісла смяротная небяспека.
Ролю галоўнага памагатага ў расправе над «здраднікам» выканаў ягоны сусед і сябар браслаўскі стольнік Ян Бжоска, які, дарэчы, быў вінен атэісту 100 тысяч талераў. Ён выкраў пятнаццаць сшыткаў крамольнага трактата, а таксама прыхапіў з бібліятэкі Лышчынскага кнігу кальвінісцкага тэолага Г.Альстэда з атэістычнымі заўвагамі на палях. На падставе напісанага Бжоскам у 1687 годзе даносу, які быў гучна названы «маніфестам», «злачынца» кінулі ў віленскую турму. Берасцейская шляхта рашуча пратэставала супраць біскупскага суда над прадстаўніком вольнага стану, і справа была перададзеная на разгляд сойма.
15 лютага 1689 года на варшаўскім сойме Рэчы Паспалітай справу Лышчынскага ўставілі ў парадак дня. Разгляд пачаўся з таго, што свецкія дэпутаты не захацелі слухаць ліфляндскага біскупа Паплаўскага, які спрабаваў выступіць з заявай супроць «ворага Бога і прыроды». Тады перад пасламі сойма з абвінаваўчай прамоваю выступіў інстыгатар Вялікага Княства Літоўскага Сымон Куровіч - юрыст з саракапяцігадоваю практыкай, бакалаўр філасофіі і вольных мастацтваў, бліскучы прамоўца. «Я абвінавачваю яго ў тым, - грымеў Куровіч, - што на 265 старонках свайго трактата ён насмеліўся паказаць Бога як няіснае стварэнне фантазіі і зрынуў яго з недасяжнай вышыні, прыпісаўшы кіраванне зямлёй і небам натуральнай прыродзе».
Пасля прамовы інстыгатара Лышчынскаму паказалі рукапісы, якія ён прызнаў сваімі. Услед за гэтым падсудны папрасіў у сойма літасці і паведаміў, што сабраныя ў трактаце атэістычныя думкі ён збіраўся зняпраўдзіць у другой частцы трактата, якую меў намер напісаць, «каб даць у ёй новыя доказы сапраўднай сутнасці Бога». Адзін з гэтых доказаў гучаў наступным чынам: «У кожным родзе істотаў ёсць найбольш дасканалая. У Сусвеце найдасканалейшае Сонца, у свеце жывёл - чалавек, а сярод разумных стварэнняў - Бог». Зразумела, што гэтакія неартадаксальныя доказы ніякім чынам не маглі задаволіць каталіцкае духавенства. За працэсам уважліва сачыў папскі нунцый Дж.Кантэльмі, які па сутнасці кіраваў дзеяннямі духоўных паслоў.
Суд доўжыўся некалькі тыдняў. Кіеўскі біскуп Залускі запатрабаваў пакарання смерцю. Бальшыня паслоў сойма пад час збору галасоў выказалася за спаленне на вогнішчы. У зацверджаным каралём Янам ІІІ Сабескім прысудзе гаварылася: «Напісаныя Лышчынскім бязбожныя лісты аддаць агню пры выканаўцы правасуддзя ў яго правай руцэ на эшафоце, самога ж абвінавачанага спаліць і ператварыць у попел. Маёмасць канфіскаваць, падзяліўшы напалам паміж даносчыкам і дзяржаўным скарбам. Будынак, у якім асуджаны тварыў ганебныя пісанні, разбурыць як прытулак вар'ята. Зямля яго маёнтка павінна навечна застацца пустэльнай і бясплоднай...»
Кароль замяніў спаленне жыўцом на адсячэнне галавы. 30 сакавіка на плошчы Старога рынку ў Варшаве кат сцяў Лышчынскаму галаву. Цела вывезлі за горад і спалілі, а попелам стрэлілі з гарматы.
Аб судзе над вальнадумцам пісала прэса Францыі, Італіі, Швецыі. Ягоныя погляды былі вядомыя ў Нямеччыне, Англіі, Гішпаніі ды іншых краінах Эўропы. Высокую ацэнку Казіміру Лышчынскаму далі беларускія прадстаўнікі каталіцкага Ордэна піяраў, якія паставілі яго ў адзін шэраг з такімі волатамі эўрапейскай філасофскай думкі, як Ваніні і Спіноза.
Уладзімір АРЛОЎ
Гэтаму злачынству папярэднічалі не менш драматычныя падзеі.
Пачатак ХVІІІ стагоддзя зноў зрабіў Беларусь тэатрам ваенных дзеянняў. Частка беларускіх магнатаў, узначаленая Сапегамі, падтрымала ў Паўночнай вайне шведскага караля Карла ХІІ і дапамагла яму войскам. Прыхільнікі шведаў абралі сабе іншага караля і вялікага князя - Станіслава Ляшчынскага. Такім чынам Рэч Паспалітая займела адразу двух гаспадароў, паміж якімі таксама пачалася вайна. Скандынавы занялі Жамойць і Гарадзеншчыну.
Пётр І паслаў на Беларусь 70-тысячнае войска. Значная яго частка на чале з князем Аляксандрам Меншыкавым у лютым 1705 года падышла да Полацка і стала за горадам вайсковым табарам. У чэрвені сюды прыехаў сам цар. У Полацку ён выдаў маніфест, дзе забараняў шляхце збірацца на з'езды або ехаць у Варшаву на зацвярджэнне новага караля. Парушальнікаў яго вялікасць абяцаў пакараць як здраднікаў Айчыны і «истребить их имения огнем и мечем».
Цар не вылучаўся пабожнасцю. Хоць ён і заходзіў у храмы, зняўшы парык, але не цырымоніўся нават з расейскім духавенствам. Што ўжо казаць пра неправаслаўных! Вуніятаў Пётр проста ненавідзеў. У хвіліну шчырасці ён сказаў свайму хаўрусніку Аўгусту ІІ, што ў Вялікім Княстве Літоўскім мусяць застацца толькі «ваша (значыцца, каталіцкая) і наша царква». У Віцебску цар загадаў пасекчы ўсе абразы з выяваю Язафата Кунцэвіча. Не спадзеючыся на іншае і ў Полацку, манахі-базыляне адправілі срэбную труну з мошчамі святога Язафата ў Жыровічы.
Сваё стаўленне да веры нашых продкаў расейскі імператар засведчыў не дзе-небудзь, а ў кафедральным Сафійскім саборы. Аднаго дня п'яны Пётр з Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі зайшоў у галоўны полацкі храм. Простых вернікаў-вуніятаў у Сафіі гэтай парою не было, маліліся толькі шасцёра святароў і манахаў. Цар гучна запатрабаваў наладзіць яму па святой Сафіі экскурсію. Вікар Канстанцін Зайкоўскі мусіў перапыніць імшу і падпарадкавацца. У кожным алтары цар спыняўся, і святар апавядаў пра паходжанне абразоў. Вікару хапіла мужнасці распавесці пра жыццё і пакутніцкую смерць Язафата Кунцэвіча. «Хто ж яго паслаў на той свет?» - запытаўся імператар з шалёным агнём у вачах. Вікар адвёў позірк і цвёрда адказаў: «Святога айца Язафата пазбавілі жыцця віцебскія схізматыкі».
Цар выцяў немаладога святара пудовым кулаком. Зайкоўскі ўпаў, і Пётр пачаў біць ляжачага кіем, а потым секчы шабляй. Меншыкаў выхапіў палаш і адным ударам забіў прапаведніка Феафана Кальбячынскага - той якраз прымаў перад алтаром пакутніка Язафата прычасце. Беручы прыклад з раз'юшанага гаспадара, афіцэры ўжо секлі рэгента саборнага хору Якуба Кнышэвіча, айцоў Язэпа Анкудовіча і Мялета Кандратовіча. Святыя глядзелі з абразоў, як па храме плыве крывавая ручаіна.
Старога архімандрыта Якуба Кізікоўскага царовы служкі забралі ў свой табар і ўсю ноч катавалі, патрабуючы выдаць, дзе схаваны саборны скарб. Уранні яго павесілі. У пятлі сканаў і вікар Зайкоўскі. Уратаваўся ад каранаванага ката з памагатымі адзін Язэп Анкудовіч - толькі з тае прычыны, што яго палічылі забітым. Целы пяцёх ахвяраў паводле загаду расейскага цара спалілі, а попел развеялі над Дзвіною, каб магілы не сталі месцам паломніцтва. Дзікунскае забойства ў Сафійскім саборы выстаўляла імператара перад Эўропаю ў абліччы ўсходняга тырана, якім ён па сутнасці і быў.
Пабітых кіямі і параненых шаблямі манахаў, што прыбеглі ў дзень злачынства ратаваць вікара ды архімандрыта, цар зняволіў, а Сафію і базылянскія кляштары аддаў на рабаванне салдатам. Тыя выцягнулі з храма ўсе каштоўнасці і тры тысячы залатовак, а начальніку полацкага гарнізона прыйшоў загад не разглядаць скаргі «богомерзких» вуніятаў. Выступіўшы перад сабранаю ў Полацак беларускай шляхтай, цар папярэдзіў: няхай вуніяты і надалей не чакаюць літасці. Тут царскае слова не разыходзілася з чынам. Узімку 1707 года расейская кавалерыя абчысціла ў Менску жаночы вуніяцкі манастыр святой Тройцы (ад яго пайшло найменне сённяшняга Траецкага прадмесця). Шукаючы золата, зладзеі паламалі ў манастырскім саборы алтар і ўзадралі падлогу. Потым надышла чарга Святадухаўскай царквы на Высокім рынку (цяпер пляц Волі) ды іншых храмаў і кляштараў. Па слядах гэтых рабаўнікоў ішлі царскія казакі і калмыкі. Здабычы засталося мала, таму казакі ламаліся і ў цэрквы аднаверцаў. Менскае праваслаўнае брацтва заклікала месцічаў да зброі, і на Нямізе захопнікі атрымалі адпор.
Ад гэтых «хаўруснікаў» Беларусь за гады Паўночнай вайны зазнала гора не меней, чым ад шведаў. Продкі апынуліся паміж двух агнёў. Нядзіва, што віцябляне прызналі новага караля Станіслава Ляшчынскага і таемна паслалі шведскаму каралю сем тысяч талераў. Даведаўшыся пра «здраду», Пётр даў казакам і калмыкам загад падпаліць места Віцебскае з чатырох бакоў.
За вольнасць і незалежнасць полацкіх вуніятаў цар Пётр пакараў і святую Сафію. Адразу па забойстве пяці святароў храм апячаталі і зрабілі вайсковым складам. Тут трымалі амуніцыю, а часам і коней. Полацкі грэцка-каталіцкі ігумен Лаўрэн пісаў у Рым папу: «Не толькі кляштар дагэтуль заняты маскавітамі, але нават сама кафедральная царква, апаганеная зверскім забойствам манахаў, пазбаўлена столькі гадоў магчымасці адпраўляць святыя малітвы і даваць святое прычасце вуніятам, бо ў выніку выгнання адтуль манахаў з яе выкінулі ўсе царкоўныя рэчы». У сутарэннях сабора месцілася царскае парахавое сховішча. Досыць было іскрынкі, каб беларуская святыня ўзляцела ў паветра. І такая іскра ўспыхнула якраз напярэдадні - дзіўнае супадзенне! - адыходу з Полацка расейскіх войскаў. Выбух знішчыў сцяну, левы бакавы алтар, пашкодзіў калоны і скляпенні.
Куродымныя руіны трыццаць гадоў стаялі на Верхнім замку, нараджаючы ў сэрцах палачанаў і тых, хто плыў па Дзвіне, глыбокі смутак, нагадваючы пра цяжкія страты беларускай зямлі, якая за Паўночную вайну страціла амаль траціну свайго насельніцтва - 800 тысяч чалавек.
Уладзімір АРЛОЎ
Гісторыя Беларусі ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў ведае шмат узброеных сялянскіх выступленняў супроць прыгнятальнікаў. Найбольш буйное з іх - паўстанне ў Крычаўскім старастве Амсціслаўскага ваяводства.
Размешчанае на мяжы з Расеяй стараства лічылася ўласнасцю караля Рэчы Паспалітай, аднак было перададзенае ў «дзяржанне» магнацкаму роду Радзівілаў, якія здавалі Крычаўшчыну ў арэнду. Арандатары былі зацікаўленыя ў тым, каб паспець за вызначаны ім тэрмін выціснуць як мага больш прыбытку, а таму ўвесь час груба парушалі зацверджаныя Радзівіламі інвентары, дзе вызначаліся павіннасці сялянаў. Толькі за два гады арандатары Валкавіцкія сабралі з крычаўцаў больш за 100 тысяч залатовак звыш інвентара. Сяляне скардзіліся князю Гераніму Радзівілу, што іх змушаюць выконваць павіннасці ў пяць разоў цяжэйшыя, чым належыць. Вялікім няшчасцем для стараства былі таксама пастоі каралеўскага войска. Не задавальняючыся пастаўкамі правіянту і фуражу, жаўнеры займаліся рабункамі, нярэдка ўчынялі забойствы.
У 30-х гадах ХVІІІ стагоддзя, калі стараства было ў арэндзе ў братоў Гдаля і Шмуйлы Іцкавічаў, становішча крычаўскіх сялянаў зрабілася зусім невыносным. Зверствамі і вынаходлівасцю ў незаконным спагнанні грошай Іцкавічы перасягнулі ўсіх папярэднікаў. Яны вымагалі ад сялян павышанага чыншу, але нярэдка не выдавалі квіткоў пра аплату і потым, спасылаючыся на адсутнасць дакументаў, патрабавалі грошы зноў. За карыстанне млынам Іцкавічы бралі не дзесятую, як звычайна, а сёмую мерку збожжа. Раз'язджаючы з узброенай вартаю па вёсках, Іцкавічы збіралі «падарункі» і «пачастункі».
Крычаўцы слалі князю Гераніму скаргі-суплікі, але слугі Гдаля і Шмуйлы часта лавілі пасланцоў на дарогах і чынілі жорсткую расправу. Войта вёскі Селішчы Васіля Вашчылу за тое, што ездзіў са скаргамі, аднойчы збілі на горкі яблык і кінулі ў астрог, а другім разам пакаралі 150 бізунамі. Дзеля праверкі суплікаў Радзівіл прысылаў сваіх «камісараў», але Іцкавічы падкуплялі іх або абвяшчалі камісарамі сваіх людзей. Адзін такі падстаўны камісар Шыманскі сабраў у 1740 годзе ад сялянаў 200 тысяч квіткоў на выплачаны чынш, а потым знік, пасля чаго Гдаль са Шмуйлам пачалі нанова збіраць ужо спагнаныя падаткі. Прыкладна так дзейнічаў і наступны часовы гаспадар стараства арандатар Марціян Літавор Храптовіч. Крычаўцы пісалі ў сваіх скаргах, што «пан Храптовіч не лепшы за габрая-арандатара».
Напрыканцы 1743 года сяляне, баронячы свае правы, узяліся за зброю. Яны знішчалі кабальныя дакументы, грамілі дамы звязаных з арандатарамі шляхцічаў, купцоў і ліхвяроў. На чале паўстання сталі Васіль Вашчыла і бурмістр Іван Карпач, а таксама Стэсь Бочка, Васіль Вецер, Навум Буян ды іншыя сялянскія правадыры, у чые рукі перайшла ўлада ў старастве.
Геранім Радзівіл накіраваў супраць крычаўцаў сваё добра ўзброенае і абвучанае прыватнае войска - колькі сотняў пяхоты і казацкай конніцы з гарматамі, на чале якога быў пастаўлены палкоўнік Пястжэцкі. Вестка пра гэта толькі павялічыла шэрагі ўдзельнікаў паўстання.
У студзені 1744 года дзвюхтысячнае паўстанцкае войска атакавала крычаўскі замак. Сяляне і частка прымкнулых да іх мяшчанаў мелі на ўзбраенні ў лепшым разе стрэльбы і ручніцы, а то й проста дзіды з косамі. Не маглі спрачацца з замкавай артылерыяй і колькі паўстанцкіх гарматаў, што былі зробленыя з дубу і стралялі ўсяго адзін раз. Прыступ захлынуўся. Сялянскае войска страціла болей за сотню чалавек забітымі, пяцьсот параненымі і 77 палоннымі. Палову палонных палкоўнік Пястжэцкі загадаў павесіць, а палову пасадзіць на палю.
Нягледзячы на паразу, паўстанцы не склалі зброі. У іх табары ў вёсцы Царковішчы сабралася блізу чатырох тысяч людзей. Васіль Вашчыла з паплечнікамі распрацаваў план, паводле якога меркавалася ўзяць крычаўскі замак у аблогу і змусіць гарнізон да капітуляцыі. Пачуўшы пра такія намеры ад сваіх выведнікаў, Пястжэцкі вырашыў ударыць першы, пагатоў ён якраз атрымаў падмацаванне з Себежа і Невеля і меў пад сваёй рукой чатыры сотні спрактыкаваных ваякаў.
Напярэдадні таго дня, калі сяляне меліся пачынаць аблогу, карнікі непрыкметна наблізіліся да Царковішчаў і раніцою знянацку напалі на паўстанцкі табар. Больш за дзве сотні бунтаўнікоў было забіта, 176 трапіла ў палон, астатнія рассеяліся. 60 палонных Пястжэцкі адразу ж пакараў смерцю. Неўзабаве ягоныя людзі схапілі бальшыню завадатараў.
Пасля канчатковага задушэння хваляванняў у Крычаў з конным аддзелам на трыста шабляў прыехаў сам дзяржаўца Геранім Радзівіл. Над кіраўнікамі паўстання адбыўся суд, пастановаю якога шаснаццаць з іх чакала смерць. Страта адбылася 26 лютага 1744 года. Івана Карпача, Стэся Бочку, Васіля Ветра, Навума Буяна, Мікіту з Бароўкі, Івана Труса, Васіля Пачаёнка і Ваську Косціна жывымі пасадзілі на палю. Іван Дакука, Захарка Сямашка, Іванішка з Баранкова і Мікіта з Тупічына сустрэлі смерць на шыбеніцы. Сямёну Варону, Ігнату Малунёнку, Івану Крывулю і Івану Галёнцы кат адсек галовы. Сакратару бунтаўнікоў сыну Стэся Бочкі князь Геранім загадаў адрэзаць вушы і выпаліць на лобе шыбеніцу.
Барацьба крычаўцаў, нягледзячы на паразу, дала простаму люду палёгку. Радзівіл адмовіўся, у прыватнасці, ад здачы стараства ў арэнду, зняў шэраг абмежаванняў у сялянскім гандлі, пайшоў на іншыя ўступкі.
Васілю Вашчылу ўдалося ўцячы на Ўкраіну, але і туды дацягнуліся рукі Радзівілавых слугаў: неўзабаве галоўны правадыр паўстання раптоўна памёр.
Уладзімір АРЛОЎ
У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя Рэч Паспалітая была паралізаваная палітычнай анархіяй, нутраной барацьбой магнацкіх груповак. Па смерці Аўгуста ІІ зацятае змаганне за пасад манарха вялі, з аднаго боку, Чартарыйскія, а з другога - Патоцкія ды Радзівілы. На просьбу Чартарыйскіх у барацьбу ўмяшалася Кацярына ІІ, і на тэрыторыю Беларусі ўвайшла расейская армія. Пачаліся ваенныя дзеянні, у выніку якіх расейскае войска разам з Чартарыйскімі заняло Нясвіж і Слуцак, а Кароль Радзівіл уцёк на Захад. На сойме 1764 года пад уплывам Расеі каралём і вялікім князем быў абраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі - фаварыт Кацярыны ІІ. Ён імкнуўся супрацоўнічаць з расейскімі ўладамі, спадзеючыся з іх дапамогаю ўтаймаваць нутраную анархію ў сваёй рэспубліцы.
Аднак рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, распачатыя Чартарыйскімі (адмена «liberum veto», эканамічныя навацыі, павелічэнне арміі ды іншае), занепакоілі Расею. У 1764 годзе яна падпісала дамову з Прусіяй, паводле якой абедзве імперыі абавязаліся не дапускаць аніякіх паляпшэнняў у Рэчы Паспалітай і трымаць яе ў стане анархіі. Балазе рабіць гэта было не складана, бо моцная калісьці шляхоцкая рэспубліка з часоў Пятра І знаходзілася пад пратэктаратам Расеі. «Сусветная гісторыя не ведае іншага акта падобнай подласці!» - напісаў пазней пра дамову 1764 года К.Маркс.
У хаду пайшла даўняя карта «дысідэнтаў» - грамадзян некаталіцкага веравызнання. Прыгадаўшы ўмовы «вечнага міру» 1686 года, які дазваляў Расеі заступацца за праваслаўных Рэчы Паспалітай, Кацярына ІІ запатрабавала зраўнаць правы дысідэнтаў з правамі каталікоў. Сойм 1766 года не прыняў такой пастановы, і тады імператрыца ўвяла ў Вялікае Княства сваю армію - маўляў, для абароны праваслаўных.
Увесну 1767 года стараннямі расейскага пасла М.Рэпніна (якому доўга давялося шукаць праваслаўных шляхцічаў, гатовых дамагацца сваіх правоў) у Слуцку была створаная канфедэрацыя праваслаўных, да якіх далучыліся 22 кальвіністы і лютэране Вялікага Княства Літоўскага. Разам акт канфедэрацыі падпісалі 248 чалавек, сярод якіх - беларускі епіскап Георгі Каніскі. Маршалкам быў абраны генерал-маёр Грабоўскі.
Хоць колькасць слуцкіх канфедэратаў была такой невялікай (апрача таго, аўтэнтычнасць шэрагу подпісаў выклікала сумнеў), Кацярына ІІ адразу ўзяла іх пад сваю апеку, а для падтрымкі Слуцкай канфедэрацыі прыслала ў суверэнную дзяржаву 40-тысячнае расейскае войска.
Прусія ў сваю чаргу падтрымала канфедэрацыю пратэстантаў, якая ўтварылася ў Торуні.
Праціўнікі расейскіх уплываў аб'ядналіся і стварылі сваю канфедэрацыю ў Бары, што на Падоллі. Да Барскай канфедэрацыі пачала далучацца шляхта Вялікага Княства. Дайшло да ваенных дзеянняў. Хоць барскія канфедэраты прасілі дапамогі ў Аўстрыі, Францыі, Турэччыны, яны не атрымалі ніякай падтрымкі і мусілі самі змагацца з намнога перасяжнай па сілах расейскай арміяй.
Пад націскам Расеі і Прусіі, калі ў Варшаве стаяла расейскае войска, калі вяліся арышты найбольш уплывовых людзей, сойм Рэчы Паспалітай у 1767 годзе прыняў пастанову аб поўных правах дысідэнтаў (паводле пастановаў першай паловы ХVІІІ стагоддзя яны мелі права на свабоду веравызнання, але не маглі займаць дзяржаўных пасадаў і г.д.). Тады ж была падпісаная Варшаўская дамова, якая давала права Расеі дзеля «абароны» праваслаўных умешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай. Кацярына ІІ брала на сябе ролю гаранта выканання соймавых пастановаў 1767 года. Расея прымусіла ўрад рэспублікі аднавіць поўнае «liberum veto», шляхоцкія вольнасці, выключнае права шляхты на дзяржаўныя пасады і інш. - усё тое, ад чаго гінула Рэч Паспалітая.
Барацьба барскіх канфедэратаў працягвалася. Яны мелі шырокую падтрымку шляхты ў Беларусі. Хоць яшчэ на пачатку дзеянняў расейскае войска перамагло пад Дзярэчынам і зноў захапіла Слуцак ды Нясвіж, на захадзе Беларусі канфедэраты разбілі яго каля Слоніма, Мышы і Бераставіцы. У 1770-1771 гадах рух дасягнуў, бадай, апагею, але пасля паразы гетмана Міхала Казіміра Агінскага пад Сталавічамі пачаў затухаць. Расправіўшыся з канфедэратамі, у жніўні 1772 года Расея падпісала з Аўстрыяй і Прусіяй пагадненне аб першым падзеле Рэчы Паспалітай.
Генадзь САГАНОВІЧ
У другой палове ХVІІІ стагоддзя, за часам імператрыцы Кацярыны ІІ, феадальная манархія ў Расеі дасягнула найвышэйшай магутнасці, заснаванай на жорсткай азіяцкай сістэме эксплуатацыі. Сяляне былі канчаткова запрыгоненыя, іх пачалі называць рабамі. Царыца забараніла вучыць мужыкоў ды іхных дзяцей грамаце. Раб, паводле закону, не мог скардзіцца на рабаўладальніка. Расейскія памешчыкі мелі права высылаць сялянаў у Сібір, засякаць бізунамі да смерці, прадаваць, назаўсёды разлучаючы бацьку з сям'ёй, маці з дзецьмі, мужа з жонкаю. Жорсткі пераслед цярпелі вернікі-стараабрадцы. Краіну душыла неабмежаванае самаўладдзе, чый партрэт мужна намаляваў Аляксандар Радзішчаў: «Чудище ообло, озорно, огромно, стозевно и лаяй». Штогод тысячы жыхароў імперыі, ратуючыся ад гэтага «чудища», перасяляліся ў Беларусь. Згодна са звесткамі вядомага расейскага гісторыка С.Салаўёва, у сярэдзіне стагоддзя царскі ўрад патрабаваў ад сойма Рэчы Паспалітай вярнуць мільён уцекачоў.
У Рэчы Паспалітай панавалі іншыя дзяржаўныя парадкі. Яна была, па сутнасці, шляхоцкай рэспублікай; гэта падкрэслівў сам назоў, які азначаў тое сама, што і лацінскае «res publika» - грамадская справа. Пад грамадствам, вядома, разумелі шляхту. Яе ў Вялікім Княстве параўнальна з усім жыхарствам было значна болей, чым у іншых дзяржавах Эўропы. Адзін шляхціч у Беларусі прыпадаў на шэсць-сем сялянаў. Пераважная частка шляхты належала да так званай засцянковай, або шарачковай, што мела герб і права насіць шаблю, але не мела прыгонных. Пра такога шляхціча Ўладзімір Караткевіч пісаў, што ён араў сваё поле «высакародна», а гной з хлява на палетак вёз, уторкнуўшы побач з сахаром дзедаўскую шаблю. Тым не менш кожныя дванаццаць-пятнаццаць са ста нашых продкаў былі асабіста незалежныя людзі і маглі вырашаць мясцовыя і дзяржаўныя справы, засядаючы на павятовых, ваяводскіх і агульнадзяржаўных соймах і сойміках.
Аднак шляхоцкая дэмакратыя мела і адваротны бок - анархію. Раней сойм прымаў пастановы бальшынёй галасоў, але з 1652 года ўступіла ў дзеянне права «liberum veto» (пастанова прымалася толькі ў выпадку аднадушнага галасавання). У выніку ў 1652-1764 гадах былі сарваныя сорак чатыры соймы з васьмідзесяці. Калі разгаралася спрэчка паміж магнацкімі групоўкамі, дэпутаты пускалі ў ход зброю, і некалькі дзяржаўных мужоў, як правіла, перасяляліся на той свет. Шабельным звонам часта завяршаліся і павятовыя ды ваяводскія соймікі, якія прысвойвалі сабе правы заканадаўчай і судовай улады і не лічыліся з пастановамі агульнадзяржаўнага сойма.
Статут 1588 года, што дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім, быў непараўнана больш прагрэсіўны, чым законы Расейскай імперыі, ды выкананню ягоных нормаў замінала феадальнае самавольства. У сваіх уладаннях магнаты трымалі ўласныя войскі і нярэдка вялі з фамільнымі ворагамі сапраўдныя войны.
Выкарыстоўваючы феадальную анархію і барацьбу розных магнацкіх груповак за ўладу, Расея ўсё часцей умешвалася ў нутраныя справы суседняй дзяржавы і ўводзіла на яе тэрыторыю свае войскі. Гэта адбывалася пад прыкрыццём крывадушных заяваў пра абарону правоў праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай.
У 1764 годзе каралём і вялікім князем стаў былы фаварыт Кацярыны ІІ Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, што быў прыхільнікам рэформаў і ўмацавання дзяржаўнае ўлады. Суседзі - Расея і Прусія - былі, натуральна, незадаволеныя такой палітыкай і падтрымлівалі праціўнікаў караля, якія аб'ядноўваліся ў канфедэрацыі і выступалі супраць цэнтральнай улады са зброяй у руках. У сваю чаргу праціўнікі Расеі аб'ядналіся ў Барскую канфедэрацыю, што выступала за незалежнасць дзяржавы.
У Беларусь зноў уступілі расейскія войскі. У 1768 годзе яны занялі Слуцак і Нясвіж. Найбольшай сілы рух канфедэратаў дасягнуў у 1770-1771 гадах. На іх бок перайшоў вялікі гетман Міхал Казімір Агінскі, аднак ягоны трохтысячны аддзел быў разбіты Суворавым. Расея і Прусія ўжо вялі перамовы пра падзел Рэчы Паспалітай. Пазней да іх далучылася Аўстрыя.
5 жніўня 1772 года гэтыя дзяржавы падпісалі ў Санкт-Пецярбурзе канвенцыю, паводле якой пад уладу расейскага трона пераходзілі Інфлянцкае і Амсціслаўскае ваяводствы, амаль усё Віцебскае, размешчаная на правым баку Дзвіны частка Полацкага, а таксама ўсходнія землі Менскага ваяводства з гарадамі Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем. Генерал-губернатарам захопленых земляў Кацярына ІІ прызначыла аднаго з фаварытаў - графа Захара Чарнышова. Ён атрымаў найвышэйшы загад: «Со дня действительного тех земель занятых под державу нашу собирать все публичные доходы в нашу казну. Суд и расправу велеть до времени производить в настоящих судебных местах по тамошним правам и обычаям, но нашим уже именем и властью. Велеть обнести все пространство новых границ от одного края до другого столбами с императорским нашим гербом, дабы после в частных межах с литовцами нигде спора оставаться не могло».
Усходняя Беларусь трапіла ў кіпцюры двухгаловага расейскага арла.
Уладзімір АРЛОЎ
На працягу двух стагоддзяў пасля таго, як Расея разам з Прусіяй і Аўстрыяй пачала дзяліць Рэч Паспалітую, каб урэшце сцерці яе з палітычнай карты, царскія, а затым савецкія афіцыйныя гісторыкі нязменна называлі захоп беларускіх земляў «уз'яднаннем». Беларускі ж народ «галасаваў» за гэтае ўз'яднанне нагамі: за два дзесяцігоддзі пасля трагічнага 1772-га з акупаванага Расеяй абшару Полацкага, Віцебскага і Амсціслаўскага ваяводстваў мяжу Вялікага Княства Літоўскага перайшло больш за трыццаць тысяч сялянаў. У сваіх нотах кацярынінскі ўрад называў гэтыя ўцёкі «неразумнай эміграцыяй», ацэньваючы агульную колькасць перасяленцаў з імперыі ў 300 тысяч «голов».
Пагроза, што навісла над дзяржаўным існаваннем Рэчы Паспалітай пасля першага падзелу, прыспешыла ў ёй прагрэсіўныя пераўтварэнні. Там дзейнічала першае ў свеце міністэрства народнай асветы - Адукацыйная камісія, што адчыніла на Беларусі дзвесце пачатковых школ. У траўні 1791 года агульнадзяржаўны сойм зацвердзіў першую ў Эўропе і другую ў свеце (пасля ЗША) Канстытуцыю.
Канстытуцыя 3 траўня стала магутным ударам па магнацкім самаўладстве і феадальнай анархіі. Рэч Паспалітая рабілася канстытуцыйнай спадчыннай манархіяй, дзе абвяшчалася свабода друку і сумлення, галоснасць суда, адмена неабмежаванага прыгоннага прыгнёту. Скасоўвалася права «liberum veto». Дзяржава давала свабоду ўсім іншаверцам-уцекачам нешляхотнага паходжання і абяцала захоўваць рэлігійную талерантнасць. З'яўляліся тэрміны і фармулёўкі, знаёмыя з сённяшніх газет і тэлеперадач: справаздача міністраў, адстаўка ўрада па патрабаванні 2/3 дэпутатаў сойма, падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Мяшчанам гарантавалася недатыкальнасць асобы. «Земляробчы люд, - было запісана ў Канстытуцыі, - з-пад рукі якога плыве шчодрадайная крыніца багацця краіны, з'яўляецца найбольш колькаснай часткаю народа, а ў выніку - наймагутнейшай сілай краіны, павінен быць у апецы права і дзяржаўнага ўрада». Пазнаёміўшыся з Канстытуцыяй, Энгельс назваў Рэч Паспалітую авангардам рэвалюцыйнай Францыі.
3 траўня былі імяніны караля Станіслава Аўгуста. Прыхільнікі рэформаў у Беларусі выкарысталі гэта, каб шырока адсвяткаваць прыняцце новага зводу законаў. Шумелі балі, звінелі тосты, шугалі феерверкі. Ілюмінацыя загарэлася і ў левабярэжнай частцы памежнага Полацка. Праз Дзвіну, з расейскага боку, на яе насцярожана глядзелі царскія чыноўнікі, вайскоўцы і праваслаўнае духавенства. Тут канстытуцыяй і не пахла. Імператрыца выказалася на гэты конт так: «Конституция обошлась бы стране еще дороже самодержавия. Лучшая из конституций ни к черту не годится, потому что она делает более несчастных, нежели счастливых. Добрые и честные страдают от нее, и только негодяи чувствуют себя при ней хорошо, потому что набивают карман и никто их не наказывает».
У сваім маёнтку Лявонпаль недалёка ад Полацка граф Лапацінскі ўзвёў у гонар Канстытуцыі 1791 года мемарыяльную калону, якая і цяпер узвышаецца ў парку на левым беразе Дзвіны. Радасць графа і яго аднадумцаў была нядоўгай: праз год у межы Рэчы Паспалітай уварваліся расейскія і прускія войскі, што скончылася другім падзелам дзяржавы.
Уладзімір АРЛОЎ
Рэакцыйнае магнацтва на чале з Севярынам Ржэвускім, Шчэнсным Патоцкім і Ксаверыем Браніцкім разгарнула барацьбу супроць Канстытуцыі 1791 года і звярнулася па вайсковую дапамогу да Расеі. Складзены ў Пецярбурзе акт антыўрадавай канфедэрацыі быў апублікаваны ў памежным украінскім мястэчку Таргавіца. У дакуменце ішла гаворка пра барацьбу за ранейшы парадак кіравання Рэчай Паспалітай.
У траўні 1792 года канфедэраты следам за царскімі палкамі перайшлі мяжу. Адначасова на тэрыторыю Рэчы Паспалітай уварваліся войскі Прусіі. У Беларусі дзейнічала 30-тысячная расейская армія. Яна без бою захапіла Ўшачы, Браслаў, Бабруйск, Нясвіж, Наваградак, Слонім і Горадню. Пад Мірам быў разбіты корпус Юдзіцкага. 23 ліпеня, пасля бітвы пад Берасцем, войска Вялікага Княства адышло за Буг. Назаўтра кароль Станіслаў Аўгуст абвясціў, што ён далучаецца да Таргавіцкай канфедэрацыі.
Перамога таргавічанаў, падтрыманых расейскімі і прускімі штыхамі, прывяла да скасавання Канстытуцыі і адмены ўсіх прагрэсіўных рэформаў, прынятых Чатырохгадовым соймам 1788-1792 гадоў. Было замацавана прыгоннае права, выгнаны ў эміграцыю сотні патрыётаў і прыхільнікаў рэформаў. Трымаючы на месцах уладу ў сваіх руках, канфедэраты займаліся рабункамі і тэрорам.
Таргавіцкая канфедэрацыя спрычынілася да другога падзелу Рэчы Паспалітай. Расея ўлучыла ў свае межы Менскае ваяводства, а таксама рэшту Полацкага і Віцебскага. Каралеўскім універсалам гэтыя ваяводствы, як і захопленыя раней Амсціслаўскае і Смаленскае, былі ліквідаваныя.
Імперыя набыла тры мільёны новых падданых. Каб ні ў кога не засталося сумневу ў намерах Кацярыны ІІ, ва ўсіх храмах на далучаных землях чыталі маніфест: «С особливым соболезнованием ее императорское величество всегда взирало на те притеснения, которым земля и грады, к Российской империи прилеглые, некогда сущим ее достоянием бывшие и единоплеменниками ее населенные, созданные и православно христианскою верою просвященные и по сие время оную исповедующие, подвержены были... И потому имеет все и каждый, начиная от знатнейшего дворянства, чиновников и до последнего, кому надлежит, учинить в течение одного месяца торжественную присягу в верности. Если же кто из дворянства и из другого сословия, владеющий недвижимым имением, небрежа о собственном своем благополучии, не захочет присягать, тому дозволяется на продажу недвижимого своего имения и добровольный выезд вне границ 3-месячный срок, по прошествии которого все остающиеся имения его секвестровано и в казну взято быть имеет. Духовенство высшее и нижнее долженствует подать собою, яко пастыри душевные, первый во учинении присяги пример и в повседневном Господу Богу публичном принесении теплых молитв о здравии ее императорского величества всемилостивейшей государыни и дражайшего ее сына и наследника цесаревича великого князя Павла Петровича и всего высочайшего императорского дома по тем формам, которые им для сего употребления дадут».
Каб узаконіць падзел, на загад імператрыцы ў Горадні склікалі сойм, які ўвайшоў у гісторыю пад назовам «нямога». Пратэстуючы, дэпутаты тры дні маўчалі. Царыцыных назіральнікаў цяжка было збіць з панталыку: яны задаволена абвясцілі, што маўчанне - знак згоды.
Але разарваная на часткі краіна не збіралася пратэставаць толькі маўчаннем. Увесну 1794 года яна выбухнула паўстаннем.
Уладзімір АРЛОЎ
Паўстанне, якое ўзначаліў наш зямляк Тадэвуш Касцюшка, было пратэстам супроць другога падзелу Рэчы Паспалітай і магнатаў, што захапілі ў ёй уладу ў выніку Таргавіцкай канфедэрацыі. Кіраўнікі паўстанцаў імкнуліся адрадзіць незалежнасць дзяржавы ў межах 1772 года, аднавіць прынятую ў 1791 годзе Канстытуцыю і працягваць рэформы.
Следам за Польшчай, дзе паўстанне пачалося 24 сакавіка, у красавіку ўзялася за зброю Беларусь. Тут быў створаны часовы рэвалюцыйны ўрад - Найвышэйшая Літоўская Рада. На нашых землях інсургентамі кіраваў трыццацітрохгадовы палкоўнік Якуб Ясінскі, што належаў да так званых «віленскіх якабінцаў». Ён быў гарачы прыхільнік ідэяў Французскай рэвалюцыі, хацеў знішчыць прыгон, пісаў па-беларуску звернутыя да сялянаў вершаваныя пракламацыі.
Змагары спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:
Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Дакуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы акавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Здрада ёсць ужо ў сенаце,
А мы будзем сніць у хаце?
Возьмем косы ды янчаркі,
Будзем гордыя гнуць каркі!
Коней нам пазаязджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі!
Напачатку беларускія сяляне чынна дапамагалі рэвалюцыянерам, паверыўшы ў абяцанне часовага паўстанцкага ўрада (Найвышэйшай Літоўскай Рады) скасаваць прыгоннае права. Паўстанцы ўзялі ўладу ў Вільні, Горадні, Берасці, Наваградку, Слоніме, Пінску, Ваўкавыску, Кобрыне, Ашмянах, Лідзе, Браславе.
Але сілы былі няроўныя. Апрача таго, паўстанцкія ўлады нічога не зрабілі дзеля вызвалення сялянаў.
Атрад Міхала Клеафаса Агінскага (ён напісаў не толькі славуты паланез, але і «Марш паўстанцаў 1794 года») спрабаваў прабіцца на Меншчыну, ды быў у чэрвені разбіты. Інсургентам на чале з С.Грабоўскім удалося прасунуцца далей, але ў верасні ў баі пад Любанню яны мусілі капітуляваць.
У стане паўстанцаў пачаліся рознагалоссі.
Касцюшка баяўся абаперціся на просты народ. Яго палохала рэвалюцыйная праграма Якуба Ясінскага і намер таго аднавіць дзяржаўную незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага. Адначасова царызм вёў хітрую прапаганду сярод беларускага сялянства, абяцаючы яму забраную ў «паноў-бунтаўнікоў» зямлю. Найвышэйшая Літоўская Рада была абвінавачаная ў сепаратызме й дзеяннях супраць «вуніі братніх народаў» і распушчаная, а Ясінскі зняты з пасады галоўнакамандуючага. Гэта яшчэ больш аслабіла паўстанне, і ў жніўні расейскія войскі занялі Вільню.
Жалезнай хваткай душыла паўстанне рэгулярная, загартаваная ў захопніцкіх паходах армія Аляксандра Суворава. На працягу ўсёй сваёй кар'еры ён аддана служыў жандарскай палітыцы царызму і, дарэчы, не ўдзельнічаў ні ў адной абарончай вайне. Для Расеі ён сапраўды выдатны палкаводзец, для Беларусі - найперш камандзір акупантаў. За здзейсненыя ягонымі салдатамі ў 1794 годзе крывавыя подзвігі Сувораў атрымаў ад імператрыцы Кобрынскую воласць ды іншыя беларускія землі з 13 279 душамі прыгонных сялян. На душы тады лічылася дарослае мужчынскае насельніцтва, значыцца, агулам генерал-фельдмаршал атрымаў у падарунак не меней за 60 тысяч беларусаў.
У лістападзе паўстанне было канчаткова патопленае ў крыві. Да ліквідацыі Рэчы Паспалітай як дзяржавы заставалася ўсяго некалькі месяцаў.
Уладзімір АРЛОЎ
Гэты падзел стаўся гістарычным сконам дзяржавы. Аўстрыя і Прусія захапілі польскія, частку ўкраінскіх і летувіскіх земляў. Расея «прырэзала» сабе ўсю Беларусь і большую частку Летувы і Ўкраіны. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст ператварыўся ў вязня пецярбургскай цытадэлі і сядзеў па суседстве з Касцюшкам.
Нам доўга і не без поспеху падсоўвалі прыгожую казку пра тое, што Расея, маўляў, ніколі не мела калоніяў. Закласці гэта ў галовы дапамагала адметнасць створанай царызмам каланіяльнай імперыі: яна, у адрозненне, напрыклад, ад Брытанскай, была не заморская, а - кантынентальная. Іначай кажучы, калоніі знаходзіліся побач з метраполіяй. Такая геаграфічная, а часам і этнічная (падабенства мовы, народных традыцый) блізкасць давала магчымасць не толькі маскаваць каланіяльны прыгнёт, але і навязаць паняволенаму народу, апроч усяго іншага, яшчэ і чужую гісторыю, падсунуць яму чужых герояў.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай даўняя мара расейскіх цароў здзейснілася: Беларусь на два стагоддзі зрабілася калоніяй. Пры ўсіх яе хібах Рэч Паспалітая перад гібеллю была шляхоцкай рэспублікай, дзе ўжо даволі хутка развіваўся капіталістычны ўклад. У Расеі ж дасягнула вяршыні магутнасці абсалютысцкая феадальная манархія з сярэднявечнымі законамі ці, дакладней, беззаконнем. Тым, хто прывык больш верыць класікам марксізму-ленінізму, нагадаем: Беларусь была захопленая краінай, якую Маркс і Энгельс называлі жандарам Эўропы, а Ленін - турмой народаў.
Кацярына ІІ і яе сын Павел І раздалі ў беларускіх губернях сваім памешчыкам 208,5 тысячы душ «мужеска полу». Па такіх душах лічылі сем'і, а яны мелі ў сярэднім па чатыры-пяць чалавек. Такім чынам, больш за мільён беларусаў зрабіліся прыгоннымі расейскіх памешчыкаў, прычым значная частка гэтых сялянаў раней была асабіста свабодная. Феадальная гаспадарка ў Расеі вылучалася крайняй прымітыўнасцю. Беларускіх сялян, якія ў бальшыні сваёй раней плацілі грашовы аброк, пагналі на паншчыну. Формы прыгону ў Расеі былі больш жорсткія. Якраз пасля першага этапу «ўз'яднання», у 1773-1775 гадах, імперыю трэсла «пугачоўшчына».
Беларускія гарады пазбавіліся магдэбургскага самакіравання і старых гербаў. Дробную шляхту, што не магла давесці дакументамі сваіх правоў, пераводзілі ў падатковае саслоўе. Падаткі ў беларускіх губернях, у адрозненне ад расейскіх, дзяржава да 1811 года збірала не ў асігнацыях, а ў звонкай манеце. Па неафіцыйным курсе 100 папяровых рублёў былі роўныя 22 рублям срэбрам. Значыцца, на нашую зямлю лёг цяжар падаткаў у чатыры-пяць разоў большы, чым у нутраных губернях. Царскі ўрад злачынна выбіраў адсюль золата і срэбра.
На змену расфармаванаму новымі ўладамі прафесійнаму войску Вялікага Княства Літоўскага (ягоных жаўнераў і афіцэраў высылалі на вечнае пасяленне ў Екацярынаслаўскае намесніцтва) прыйшлі невядомыя дагэтуль Беларусі рэкруцкія наборы. У рэкруты бралі маладых здаровых мужчын ва ўзросце ад 19 да 35 гадоў. Мірным часам Пецярбург вымагаў ад 500 душ аднаго жаўнера, у вайну - чатыры, пяць і нават восем. Родныя праводзілі іх, не раўнуючы як на той свет. Да 1793 года рэкруты служылі ўсё жыццё, потым тэрміны абмежавалі «ўсяго» чвэрцю стагоддзя, а наступнае скарачэнне службы - да дваццаці гадоў - адбылося толькі ў 1834-м.
Беларусы рабіліся гарматным мясам у захопніцкіх царскіх паходах.
Расея ніколі не ведала нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасці. Беларусаў наагул не прызнавалі за народ, лічылі крыху папсаванымі пальшчызнаю расейцамі. Адпаведнае стаўленне было і да мовы. Продкаў пазбавілі нават права на ўласныя імёны і прозвішчы. Адразу пасля захопу ўсходніх беларускіх земляў царскія пісарчукі пазапісвалі Язэпаў - «Иосифами», Міхасёў - «Михаилами», Тамашоў - «Фомами». Жукі ператварыліся ў «Жуковых», Каты - у «Котовых», Кавалі - у «Ковалёвых»...
Царызм не мог пакінуць без увагі і навучальныя ўстановы. Над некаторымі ўвялі вайсковы нагляд. Новых падданых пазбавілі трохсотгадовага права набываць адукацыю ў замежных універсітэтах. Рабіліся спробы вярнуць тых, хто ўжо вучыўся ў Эўропе. За імі сачылі, чыталі іхную карэспандэнцыю. Такога паняцця, як таямніца ліставання, у імперыі не існавала.
Моваю навучання ў абсалютнай бальшыні беларускіх школ і вучэльняў у першыя дзесяцігоддзі пасля далучэння была польская. Гэта можа здавацца дзіўным, але якраз тады, ужо ў Расейскай імперыі, паланізатары дасягнулі вялікіх поспехаў. У Пецярбурзе лічылі, што на захопленых землях лепей мець справу з аднымі палякамі.
З другога боку, няўхільна набірала абароты русіфікацыя. Не было даверу нават лаяльнаму да Пецярбурга праваслаўнаму духавенству, не кажучы ўжо пра вуніятаў. Святароў-беларусаў пераводзілі ўглыб імперыі, а на вызваленыя месцы адтуль ехалі расейцы, што не ведалі ні мовы, ні мясцовых традыцый і глядзелі на прыхаджанаў як на схізматыкаў. Яны падазрона перачытвалі спісы тутэйшых святых, паніжалі іх у рангах, бязлітасна змагаліся з калядаваннем, купаллямі ды іншымі спрадвечнымі звычаямі.
Каланіяльны стан былога Вялікага Княства Літоўскага змушаў многіх патрыётаў пакідаць радзіму. Сотні беларусаў уступілі ў створаныя ў Мілане касцюшкаўскім генералам Янам Дамброўскім легіёны і ваявалі ў напалеонаўскай арміі супроць Аўстрыі, аднаго з далакопаў Рэчы Паспалітай. Яны марылі, што Напалеон дапаможа Бацькаўшчыне адрадзіцца.
Набліжаўся 1812 год - вайна, якая, з вядомых прычынаў, для Беларусі была зусім не такой, як для Расеі.
Уладзімір АРЛОЎ