Буйныя кроплі не па-восеньску цёплага дажджу бухматымі падзёнкамі мільгацяць у сьвятле ліхтароў, гучна і па-верасьнёўску маркотна лапочучы па каляным лісьці. Такою вусьцішнаю парою зь ціхай радасьцю адчуеш, што сэрца становіцца бязважкім, і будзеш прагавіта ўдыхаць волкае, настоенае на паху апалай лістоты паветра. Галава будзе зьлёгку кружыцца, і ты, уцяміўшы, дыхаеш паветрам той блаславёнай ночы, міжвольна запаволіш крок, намагаючыся зноў вярнуцца ў зманлівы сьвет мінулага, куды няма вяртаньня. Праз хвілю ты пасьміхнешся і, наставіўшы каўнер балоньні, нетаропка пойдзеш пад шатамі прысадаў, а мірыяды зьнічак будуць падаць і гаснуць у чорным люстры мокрага асфальту. І падумаецца, што адна з тых зьнічак – тваё жыцьцё.
Кроны старых каштанаў будуць хаваць ад дажджу, а рэдкія кроплі, якія патрапяць за каўнер, нагадаюць, што твой май даўно мінуў, што на дварэ верасень і што ўсе твае спадзяваньні і мары засталіся недзе там, далёка, за шчыльнай залонай восеньскага дажджу.
Тае начы таксама ішоў дождж. Яны стаялі пад яблыняй, і Адасю здавалася, што гэта ня сад цёткі Прузыны, а той, райскі, у якім жывуць толькі ён, Адам, і яна, Ілона. Усё, чым ён жыў і што рабіў дагэтуль, усе ягоныя радасьці, мары і згрызоты патанулі тае начы ў сінім бяздоньні Ілоніных вачэй. Адам кратаў кужэлістыя, прапахлыя дажджом валасы, лашчыў цёплыя дзявочыя рукі і ніяк ня мог адважыцца прыпасьці да хмельных і такіх жаданых вуснаў сваёй каханай. Дзесьці апоўначы дождж скончыўся, зь дзіравай апоны хмар выкацілася смарагдавая поўня, і ўсьлед за ёй на палову сусьвету сыпанулі вясёлкава-мігатлівыя зоры. Неба адчайна вызарылася, і толькі рэдкія, абпаленыя па краях месяцавым сьвятлом хмаркі нагадвалі аб мінулым дажджы. Яны ўтрапёна глядзелі на неба і былі амаль упэўненыя, што гэта не халодныя сакаўныя антонаўкі, а тыя далёкія зоры з працяглым шапаценьнем ападаюць у мокрую траву іх саду.
А потым была восень, сумная восень зь яе непрагляднымі дажджамі і раннімі прымаразкамі.
Халодным кастрычніцкім вечарам ён забег у бібліятэку і ўбачыў іх разам… Загадчык клюбу Стрыжак задзірыстым пеўнікам хадзіў між стэлажоў і, махаючы рукамі, уголас чытаў: «Шли, смеясь, по набережной хмурой парень со спортивною фигурой и девчонка – тонкий стебелёк…» Ілона зачаравана глядзела на загадчыка, слухала вершаваную балбатню і зусім не заўважала Адася, які муляўся ля бібліятэчнага стала, да сінечы ў пазногцях сьціскаючы раман Аўдзеенкі “Над Цісай”.
А калі зь іхняй яблыні апаў апошні крохкі лісьцік, Ілона звольнілася зь бібліятэкі і зьехала са Стрыжаком на Данбас.
Адам Марштрупа пракаўтнуў горкі камяк і прысьпешыў хаду.
Трэба было жыць…
І вось цёплым верасьнёўскім адвячоркам, несучы пад пахай вялікі слоік марынаваных агуркоў, ён шыбаваў да свайго інтэрната, прасторнага пяціпавярховіка, што вырас колькі гадоў таму на месцы непраходнага балота. Дома, у цёплым утульным пакоі, Адама чакалі хлопцы з брыгады і сардэчны друг Васіль.
- А-а! Адам! Адам Міцкевіч! Хэ-хэ-хэ.
Сьмеючыся з уласнага жарту, ля стэнду са схемаю супрацьгаза стаяў, шырока рассунуўшы ногі ў зялёных галіфэ, выхавацель Фарзун.
- І доўга ты, Марштрупа, зьбіраешся трэсьці кудламі? Ці мне позву ў цырульню выпісваць?
Вытрымаўшы паўзу, Фарзун злавесна сьцішыў голас і прасіпеў:
- А мо ты думаеш, што калі стылягі пазарасталі, дык і табе можна?
Пасьля выхаваўчай гутаркі Фарзун памякчэў і, падышоўшы да Адася, прамовіў:
- Вось я падстрыгся і выдатна пачуваюся!
Дзеля ілюстрацыі свайго выдатнага пачуваньня ён правёў далоньню па голенай патыліцы.
- Зусім моладзеж распусьцілася, - падтрымала выхавацеля інтэрнатаўская вахцёрка.
- Сёньня да гэтага… барадатага з трыццаць сёмай… прыбегла нейкая, дык у штанах! Я гэтую шалахвостку і на парог не пусьціла!
Наступнай хвілінай Фарзун з вахцёркаю пераключыліся на “барадатага з трыццаць сёмай”, і Адась прасьлізнуў у калідор. Ён ужо зьбіраўся быў збочыць на лесьвіцу, як убачыў ля дзьвярэй чырвонага пакою вялікі збой інтэрнатаўцаў.
- Што паказваюць? – бадзёра запытаўся Адам, але на яго абурана зашыкалі.
Стаўшы на дыбкі, ён глянуў цераз галовы.
У пакоі было не прадыхнуць, а шэра-блакітны тэлевізійны экран, на якім цьмяна вымалёўваліся бялявая жаночая ды круглявая мужчынская галовы, прывідна сьвяціўся ў нетрах тытунёвай аблачыны…
- Ну, а якая ваша ўлюбёная песьня? – падала голас жанчына.
Круглатвары, які сядзеў у нізкім фатэлі, задуменна правёў пальцам па скроні.
- Мая ўлюбёная песьня “Анджэла”, я нават дачку сваю назваў Анджэла…
Тым часам нехта з жыхароў уключыў электрабрытву, і інтэрнацкі “Тэмп-6” азваўся натужлівым выцьцём.
Калі перашкоды скончыліся, тэлевізар жаночым голасам паведаміў, што зараз прагучыць песьня амаль трагічнага гучаньня, і круглатвары ізноў зьявіўся на экране. Укленчыўшы перад бялявай жанчынай, ён роспачна заламаў рукі і пранікнёна зацягнуў: “Льёт ли тёплый дождь, падает ли снег…”
Гэта была знакамітая “Ўсходняя песьня”, якую ў жаночым інтэрнаце насупраць круцілі амаль безь перадыху. Адам заклапочана выцягнуў шыю, але даслухаць “Усходнюю” не давялося – яго тузанулі за пінжак.
- Марштрупа, дзе ты бадзяешся? – даўгалыгі Пецька з інструмэнтальнага стаяў за сьпінай і еў булку, - Цябе там нейкі фраер чакае.
Тулячы да грудзей слоік, Адам борздка пашыбаваў па сходах.
Нішто гэтак не ўзьнімае чалавека і нішто яго гэтак не катуе, як чаканьне невядомага. Адам Марштрупа жыў гэтым чаканьнем. Кожнага ранку, прачнуўшыся а сёмай, ён прыспана глядзеў у вакно, за якім (у залежнасьці ад пары году) пунсавела дзяньніца, займаўся няўтульны шэры сьвітанак альбо зеўрала апраметная цемра, і ва ўскудлачанай галаве ягонай прачыналіся цьмяныя надзеі і мары. Адаму мроіліся паркетныя залі, выбухі шампану, чароўныя дзяўчаты, зь якімі ён кружляў пад музыку “Ўсходняй”, з высокай нябачнай столі на іхнія галовы сыпаліся рознакаляровыя зоркі, і цэлы сусьвет раскручваўся наўкол у шалёным вогнепырскім віры.
Як і астатнія насельнікі інтэрнату, Адам Марштрупа меў права марыць аб шчасьці. Але ішлі дні, міналі тыдні, сыходзілі месяцы, а ў жыцьці Адамавым нічога не мянялася. Яго атачалі ўсё тыя ж падрапаныя сьцены, ён па-ранейшаму спаў на рыплівым ложку з панцырнай сеткай, а вечарамі смажыў на пазычаным здоры ўсё тую ж цыбулю, ад якой тхнула на тры паверхі. І вось зараз, падымаючыся па сходах, Адам адчуў, як у сэрца кальнула трапяткое прадчуваньне: “Вось яно!”
Адчыніўшы дзьверы, Адам убачыў таго, каго менш за ўсё меркаваў убачыць: на ягоным ложку сядзеў інструктар па фізычнай культуры і спорту Алег Жамяра. Жамяра гэты быў Адамаў аднагодак, аднак пасьпеў тым часам ажаніцца з дачкою дырэктара таварнай базы і атрымаць двухпакаёўку з асобным санвузлом.
Схамянуўшыся, госьць ускочыць з ложка і, схапіўшы Адася за руку, пачаў яе моцна і шчыра трэсьці.
- Адам Ігаравіч, калі не памыляюся?..
- Іванавіч, - нясьмела паправіў разгублены Адам.
Утаймаваўшы прыпадак радасьці, госьць паглядзеў на заседжаную двухкрылымі лямпачку і як бы між іншага запытаў:
- Дарэчы, якая ў цябе вага?
Пачуўшы, што ў Адасю “сто пяць з трусамі”, ён натхнёна пацёр рукі, запалым ад хваляваньня голасам прамовіў:
- І ня сорамна, Адам Іванавіч, - глыбокі ўздых, - валодаць такой унікальнай вагой і ўхіляцца ад актыўных заняткаў спортам, гэта… - хвілю госьць падбіраў патрэбныя словы і, не знайшоўшы нічога вартага, скончыў: - проста не спартыўна!
Адась зразумеў усё: яго прыйшлі запісваць на ўдзел у масавым аздараўленчым кросе “Сьцяжына здароўя”.
- Не магу я, таварыш інструктар. Атлусьценьне, нэўрозы… У мяне й даведка…
- Ды пачакай ты, далібог, - інструктар незадаволена скрывіўся, - сядзіш тут, як тхор у нары, замест таго каб абараняць спартыўны гонар заводу. А ці ведаеш ты, калека вандроўны, што толькі адным сваім удзелам у абласным першынстве ты забясьпечыш нам першае месца ў…
Інструктар асекся. Позірк ягоны, сьлізгануўшы па адтуліне душніка, засяродзіўся на ложку Адасёвага суседа па пакоі. Сусед спаў, з галавой захінуўшыся байкавай коўдрай, і звонку тырчэлі толькі жоўтыя пяткі ды белая матузы споднікаў. Наблізіўшы твар да Марштрупы, Жамяра таямніча і страшна выдыхнуў:
- Ёсьць справа!
Паволі цярусіць дождж. Скрозь бязладзьдзе, непраглядзьдзе і непраладзьзе гарадзкой ускраіны сунуцца двое. Той, на галаве ў якога мадняцкі балоньневы барэт, сігануўшы праз лужыну, супыняецца, вылівае ваду з чаравіка.
- Дык вось, за апошнія пяць гадоў у гэтай вагавай катэгорыі першынство не разыгрывалася, бо папросту не было з кім разыгрываць. Такім чынам, твой удзел у спаборніцтвах будзе абмяжоўвацца толькі парадам адкрыцьця. Ты чуеш? Дзе ты?
Непадалёку пачулася гучнае боўтаньне, занепакоенае “Тута!, і суразмоўца выплыў зь цемры. Насунуўшы чаравікі і закурыўшы, Жамяра (а гэта быў, зразумела, ён) дастаў з кішэні нататнік, штосьці напісаў у ім і, выдраўшы аркушык, працягнуў Адасю.
- Прыйдзеш заўтра па гэтым адрасе, атрымаеш форму. І вось яшчэ што, - Жамяра скрыва глянуў на Адасёвы каўтуны, - абавязкова зайдзі ў цырульню, а то ў нас наконт гэтага строга.
Інструктар па фізычнай культуры з асалодаю зацягнуўся “Варнай” і, правёўшы далоньню па шчацэ, нібыта прыкідваючы, ці не пара галіцца, прамовіў:
- Ну, а зараз не перашкодзіць і ўзбадзёрыцца!
І Адась, якому ўжо мроіліся грашовыя прэміі, адгулы і квіткі на дармавы харч, кінуўся за інструктарам ў густую імжыстую цемру.
“Ивушка зелёная», шыкоўная кавярня ў цэнтры новага мікрараёну, грымела папулярнымі песьнямі ў рытме халі-галі, прывабна сьвецячы ў цемры барвовай лямпачкай сыгналізацыі. Лямпачка тая ўдзень і ўначы гарэла над уваходам і, відаць, з тае прычыны “Ивушка” атрымала сваю неафіцыйную назву “Бычынае вока”.
Гэтым вечарам у дзьверы кавярні нецярпліва пастукалі. Прыдзьвернік Пятровіч, лаючы надвор’е і застарэлую касталоміцу, з вохканьнем падышоў да дзьвярэй. Ён ужо зьбіраўся быў патузаць аборку, на якой вісела шыльда “Месцаў няма”, але, згледзеўшы праз шыбу Жамяру, таропка павярнуў ключ.
- Га! Спартсмэны… Штосьці сёньня запазьніліся.
- Справы, Пятровіч, справы, - інструктар прасьлізнуў у прачыненыя дзьверы і, кіўнуўшы на спадарожніка, які нерашуча тупаў ля ўваходу, дадаў: - Гэты са мной.
Адась ужо заносіў нагу над парогам, як адчуў раптам штуршок у сьпіну. Хлопцы, што дагэтуль мірна курылі зводдаль, таксама рынулі ў дзьверы, але тыя з трэскам зачыніліся. Небаракі паказвалі чырвоныя кніжачкі, даводзілі, што яны журналісты і запрошаныя сюды на творчую сустрэчу, але прыдзьвернік быў няўмольны.
- Ведаю я вас… журналістаў, - прасіпеў Пятровіч, і невыразная лаянка знадворку пакрылася шоргатам ягоных тэпцяў.
О, дзіўны і поўны таямнічай інтрыгі сьвет вечаровай кавярні!
Колькі нясьмелых душ станавіліся тут безразважна сьмелымі, колькі зьнявераных у каханьні перажывалі тут сваю другую маладосьць, асавела паглядаючы на смуглявыя ногі афіцыянтак, і ўсьлед за героем Талстога хто толькі не казаў тут сам сабе: “Не, жыцьцё ня скончанае”
Так, жыцьцё ня скончылася, яно толькі пачынаецца, і, натхніўшыся гэтым адкрыцьцём, хто з нас, шаноўныя, ня кідаўся наталяць прагу жыцьця ў баксёрскіх рухах палымянага “шэйку”. Чые толькі абцасы не мазгаталі па наваскаванай падлозе “Ивушки”! Дробным макам сыпалі тут чаравікі заезджых лектараў і камандзіраваных, імпэтна лёталі танныя туфлікі і паўкеды навучэнак і навучэнцаў мясцовага палітэхнікума, адчайна грукалі вастраносыя, з загнутымі мыскамі “коры” слухачоў праскораных курсаў электралінейшчыкаў і, урэшце, выхаднымі днямі на скочным майдане зьяўляліся боты кіраўнікоў ніжэйшага зьвяна сельгасарцеляў, якія нехлямяжа бухалі, намагаючыся зьвязаць мудрагелістыя па “барыні” з простым рытмам “леткі-енкі”.
У гэты бліскучы сьвет і даў нырца аглушаны і спанталыжаны “атлет-цяжкавагавік”. І хаця дагэтуль бываць у вечаровых кавярнях Адасю не даводзілася, за сьпінай дасьведчанага трэнэра ён пачуваў сябе, нібыта ў калідоры роднага інтэрнату.
- Адаме, дарагі, мы сёньня ж правядзём першую трэніроўку, - паведаміў інструктар выхаванцу, калі яны добра падсілкаваліся.
- Табе дастаткова будзе авалодаць толькі адным прыёмам – “сядло”, і да цябе будзе страшна падыходзіць. Чуеш? Я зраблю зь цябе першакляснага барацьбіта! – Жамяра вісеў на Адамавай шыі і даволі дрэнна варочаў языком: - Ты чуеш?..
Але Адась ужо нічога ня чуў. Думкі ягоныя паланіла яна – бялявая дзяўчына ў стракатых штанах. Дзяўчына сядзела за суседнім столікам і з адсутным выглядам слухала чорнага даўгялу, які падсеў да яе.
- Божухна! – прашаптаў Адам. – Якое гэта шчасьце – прытуліць да сябе гэтую красуню!
Недзе пад стольлю загуло, засьвістала, пачуўся гучны дробат і нехта ўзрадаваным голасам паведаміў: - Для нашых дарагіх гасьцей Наталі і Вагана сьпявае салістка ансамблю Анджэла Шамшура!”
Кульнуўшы восьмую чарку, Адам асьмеліўся.
- Ана нэ танцуэт, - адказаў за дзяўчыну даўгяла, пасьміхаючыся з-пад сваіх чорных вусікаў.
Да свайго стала Марштрупа вярнуўся пастарэлі і асунуты. Абхапіўшы далонямі голаў, ён самотна паглядаў на танцораў.
Дзяўчына стала сьпінай да Адася, гэткая зграбненькая і харошая, і на яе сьпіне, якраз там, дзе была сушпілка станіка, ляжала валасатая рука даўгялы.
- Міленькая, - прашаптаў Адась, і ўваччу паплылі постаці бялявай дзяўчыны, афіцынткі Люсі, галасістай сьпявачкі Шамшуры, і ўжо немагчыма было аднавіць з усіх гэтых зыкаў і неўсьвядомленых парываньняў душы сапраўдную карціну сьвету. Ён парываецца бегчы, яго трымаюць, просяць суняцца… Навошта яго трымаюць? Няўжо яны не разумеюць, што яму трэба ехаць на Данбас, да Ілоны? Пах бэнзыну на момант праясьняе розум: за мокраю шыбай плывуць размытыя плямы ліхтароў, потым усё зьнікае, і душу спавівае такая жаданая ціша.
Наўкол, як кінуць вокам, шэрая верасовая імшара і як адбітак яе – шэрае неба над галавой. Доўгія кужэлістыя пасмы сьцелюцца долам – дзесьці побач гарыць тарфянік.
Вось ужо каторую гадзіну ён блукае па Ельнінскім балоце і шукае Ілону. Яна недзе тут – за шэраю завесай смугі толькі што гучаў яе голас. Зьняможаны, ён валіцца на купіну і бачыць сьляды: два цёмныя хвалістыя паскі прыбітага верасу цягнуцца ў кірунку да выспы.
Ён і не прыкмеціў, як апынуўся на высьпе – парослым чэзлымі хваінкамі пагорку, на якім стаяла пахілая, падобная да курнай лазьні хаціна. Некалі, яшчэ перад вайной, на імшарыне здабывалі торф, ад тых часін і буцьвее яна тут, цёмная і закінутая, бунтуючы фантазію вясковых кабет.
Якраз у той год, як ён нарадзіўся, на балоце згубілася дачка глухой Хадорыхі – правалілася, відаць, у падземнае тарфяное вогнішча. Але жанкі казалі іншае. Нібыта загінула дзяўчына страшнаю сьмерцю ў абдымках ваўкалака, які, як казалі, і дагэтуль жыве на высьпе, а сьветлымі месяцовымі начамі лётае, бледны і страшны, шукаючы ахвяраў.
У адзіным вакенцы хаткі гайданулася няпэўнае фасфарычнае сьвятло. Слабасьць валіла з ног, а грукат сэрца азываўся глухім булькаценьнем у горле. Укленчыўшы, ён падпоўз да вакенца і, прымружыўшы ў нясьцерпным чаканьні вочы, наблізіў твар да шыбы.
Цьмяны агеньчык каганца выхопліваў зь цемры толькі рукі: маленькую белую руку ягонай каханай і нечую смуглявую, валасатую, якая трымала Ілону за локаць. Ён пазнаў гэтую руку – гэта той, чорны даўгяла з-за суседняга століку. Кроў хваляй б’е ў скроні, яго пачынае трэсьці.
У цемры матава пазначылася сьпіна, і сьвечка згасла. Апантана ўглядаючыся ў чорную бездань, ён адчуў раптам, што той, у хаце, таксама падышоў да вакенца і глядзіць, нябачны, яму ў твар, пасьміхаючыся нежывой, застылай усьмешкай. У вочы яму глядзеў страхаморлівы ваўкалак!
Адхінуўшыся, ён намагаецца бегчы і заўважае, што нехта медзьведзяваты і жудасны стаіць за сьпінай… Твару не было: толькі вялікія страказіныя зекры ды шэрая пыса аграмаднага палёвага коніка.
- Падглядваеш?! – рыпучы голас азываецца рэхам. Адась цісьнецца лапаткамі да збуцьвелага бярвеньня і бачыць зялёнае галіфэ. Выхавацель Фарзун? Але чаму ён у супрацьгазе і што гэта ў ягонай руцэ?
Фарзун намёртва сьціскае плячук і, узьнімаючы над галавой нешта льсьняна-чорнае і жахлівае, пачынае шалёна трэсьці… Страшная здагадка шыбае ў мозг – у руцэ Фарзуна атамная бомба!
Яму млосна, з астатніх сіл ён лямантуе і, разадраўшы павекі, бачыць салатавую майку з надпісам “Авторемзавод”. Васіль яшчэ трасе яго за плячо, але, убачыўшы, што сябар прачнуўся, уздыхае і стомлена валіцца на ложак.
- Як я ўчора, сам прыйшоў, ці як?
- У такім стане самі ня ходзяць, - Васіль нацягвае на голаў коўдру, і Адась, шукаючы апірашча, ідзе па хісткай падлозе ў мыцельнік.
Пругкі струмень б’е ў патыліцу, разганяе пахмельную замарач і вяртае сякія-такія прыгадкі. Але дзе ён прымудрыўся набіць такі гузак, што страшэнна шчымеў і кроватачыў, гэта так і засталося таямніцай. Памыўшы твар, ён глянуў на свае штаны і забыўся на боль: адзіныя выхадныя клёшы былі ў некалькіх месцах падраныя і спрэс залепленыя крэазотам, якім насычаюць шпалы. Ліхаманкавым рухам Адась сунуў руку ў кішэню і замест чаканай пяцёркі выцягнуў адтуль пакамечаную паперку. “Вул. Лумумбы, 25 – уваход са двара”, - прачытаў ён і ўпершыню пашкадаваў, што ўблытаўся ва ўсю гэтую гісторыю.
Ачомаўшыся, Адам пацёр вастраносыя “коры” абрыўкам цётчынай вышыванкі, у якую было загорнута сала, і рушыў пастрыгацца ў атлеты.
У пачакальні кагадзе адрамантаванай цырульні “Лада” сядзела з тузін наведнікаў. Заняўшы чаргу, ён сьцішыўся пад лёзунгам “Одеколон не роскошь, а гигиена» (нейкі жартун закрэсьліў дзьве першыя літары апошняга слова) і пачаў вывучаць прэйскурант на парфуму. Пачынаўся прэйскурант танным “Шипром”, а сканчваўся адэкалёнам зь дзіўнаю назвай “Возможно…”. “Чорт зь імі, з грашыма, - абальюся самым дарагім”, - падумаў Адась і перавёў позірк на фотаздымак мадэльнай фрызуры “Грёза”. Носьбіт “Грёзы”, вірлавокі тыпус з нафарбаванымі вуснамі, падаўся знаёмым. “Дзе ж я бачыў гэтую пысу?” – Адась яшчэ раз глянуў на здымак. Добрых паўтары гадзіны ён перабіраў у памяці ўсіх сваіх сяброў і знаёмых, але ня даў рады прыгадаць ні месца, ні абставінаў сустрэчы зь вірлавокім. І калі няшчасны наведнік “Лады” з трывогай падумаў, ці не ваўкалакавы вочы глядзяць з фотаздымка, на яго найшло прасьвятленьне. І прымроіцца ж такая лухта! Ну, вядома, смаўжа гэтага ён бачыў на фотакартцы ў хаце цёткі Прузыны. На той картцы вірлавокі трымаў у руцэ жарую кветку, а над галавой ягонай было напісана: “Люби меня, как я тебя!”
- Поўны мужчына, а поўны мужчына!
Зразумеўшы, што гэта да яго, Адась прабег у залю.
Працавалі дзьве яшчэ даволі маладыя майстрыхі. Маладзейшая спрытна апавіла вакол Адасёвай шыі прасьцірадла, запытальна паглядзела на наведніка.
“Грёзу” зрабіце…
- Чаго, чаго табе зрабіць? – цырульніца энэргічна задыхала. – Ты, малец, гляджу, дужа разумны, дык ты лепей з жонкай разумнічай, а ў мяне вунь колькі кліентаў.
Адась увабраў голаў у плечы і паправіўся:
- Кароткая стрыжка з праборам…
Ж-жык – першая пасма ўпала на прасьціну, парушыўшы нечапаную чысьціню белай асноведзі.
- Мой жа ўчора Мішу лыжы купіў, - падала голас старэйшая, якая стрыгла пад бокс рудога наведніка, - але, кажа, атрымаеш двойку – пасяку ўсе лыжы!
- А я ўчора да Веркі на цілівізер хадзіла, - адгукнулася Адасёва, - Абадзінскага паказвалі.
- Верчын жа муж ці нармальны быў?
- Цьвярозы, і аванс да капейкі прынёс…
- Ідзі ты!
Старэйшая ўключыла машынку, гудзеньне якой выклікала зубны боль, а маладая, памацаўшы кірпаты нос, голасам, поўным роздуму, прамовіла:
- Ці прывезьлі гэта маянэз у дваццаць шосты?
Праз колькі хвілін Адась ужо ведаў, што Верчын муж п’е і што Верка хадзіла скардзіцца ўчастковаму, што ў краму меліся завезьці маянэз і што Сазоніха круціцца зь нейкім вайскоўцам.
На запытаньне майстрыхі, ці трэба асьвяжыць, Адась папрасіў зрабіць гэта адэкалёнам “Возможно…”, пасьля чаго майстрыха пачырванела і, схапіўшы флякон з надпісам “дэзынфэкцыя”, націснула гумовую грушу.
Гарэза-ветрык лашчыў стрыжаную галаву, і, напэўна, з тае прычыны галава зрабілася назвычай лёгкай, а думкі прасьветленымі і чыстымі. Вуліца Лумумбы, па якой ішоў Адась, была знаёма да драбніц. На гэтай вуліцы месьціліся гастраном, Палац культуры чыгуначнікаў, у якім, як сьведчыла афіша, сёньня чыталася лекцыя “Ці ведаеш ты закон?”, пункт прыёму шклатары і, нарэшце, кніжны шапік, дзе ён набыў аднойчы лятарэю і выйграў паэтычны зборнік “Атава”.
Адшукаўшы дом пад нумарам 25, Адась у нерашучасьці спыніўся перад абабітымі бляхай дзьвярыма. Керхануўшы ў руку, ён нясьмела пацягнуў клямку, ступіў на парог і сутыкнуўся з прысадзістым хлопцам, моцна скроенае цела якога дыхала дужасьцю і здароўем, а квадратныя сківіцы надавалі маладому твару валявыя рысы.
- Таварыш Маршрутаў? – вочы незнаёмца сьвяціліся радасьцю сустрэчы, а натрэніраваная рука ледзь не раструшчыла пальцы.
- Вы, часам, ня “клясык”? – запытаўся хлопец, калі яны ўвайшлі ў разьлеглы, спрэс застаўлены бляшанымі кубкамі пакой. Адась, не зусім разумеючы, аб чым гаворка, махнуў рукою.
- Ды які там клясык!
- Так, усе кінуліся ў вольную, не дадзім рады сабраць збольшага прыстойную сэкцыю, - уздыхнуўшы, хлопец паглыбіўся ў нетры вялізнага шыфаньера, а госьць тым часам агледзеўся. Позірк ягоны спыніўся на трох партрэтах, што віселі на сьцяне і над якімі буйнымі літарамі было пазначана, што гэта славутыя волаты. Адась падышоў бліжэй і прачытаў подпісы. З усіх трох ён чуў толькі пра Йвана Паддубнага, двое другіх – Іван Заікін ды Іван Шамякін, былі яму невядомыя.
“Напэўна, гэта і ёсьць сапраўдныя клясыкі”, - падумаў Адась, але спытаць не наважыўся.
- А вы, гляджу, ці ня ў “цяжы” выступаеце? – пачулася з шыфаньеру.
Адам пачухаў за вухам, заклапочана глянуў на трох Іванаў, што пасьміхаліся яму з партрэтаў, і адказаў неакрэсьлена:
- Пакуль што ня ведаю.
- Скідваць зьбіраецеся? Тады я вам не зайздрошчу.
Канчаткова спанталыжаны, Адась з трывогаю падумаў, ці не адразу ж давядзецца скідваць “тое” невядома што, але хлопец прабачальным тонам працягваў:
- Барцовак вашага памеру, на жаль, няма, адны “мухачыныя”. Знайшоў вось тут самыя вялікія, ды і тыя хутка разьлезуцца.
Ён працягнуў Адаму трыкатажную апранаху ды пару дзіўных чаравікаў. Новасьпечаны атлет загарнуў набытак у газэту і сьпехам разьвітаўся з прысадзістым хлопцам.
Дома Адам нацягнуў на сябе спартовае ўбраньне – мяккія скураныя чаравікі без абцасаў і штосьці падобнае да дзіцячых майтак са шлейкамі. І калі чаравікі прыйшліся як па мерцы, то майткі аказаліся задужа цесныя – сядзець у іх яшчэ можна было, а вось стаяць даводзілася прыгнуўшыся. Калі ж ён паспрабаваў выпрастацца, адзежына пагрозьліва затрашчала.
“Ат, драбяза!” – махнуў на ўсё Адам, аглядаючы ў цёмным вакне сваю пахілую постаць, – як-небудзь ужо прайдуся на тым парадзе…”
Тады ён яшчэ ня ведаў, што ў вялікім спорце драбязы не бывае.
З даху гатэлю, дзе палымнелі нэонавыя словы закліку “Храните деньги в сберегательной кассе!”, лілося мяккае чырвонае сьвятло. Адам пералічыў квадраты вокнаў, ступіў на цэмэнтавыя сходы, і паліты чырваньню твар ягоны асьвяціўся трывожнай сінечай маланкі, народжанай позьнім трамваем.
Гатэльнае фае ўражвала бліскучай падлогай і двума прапэлерамі, што зь ціхім гудзеньнем круціліся пад стольлю. Раней гэтыя круцёлкі Адасю даводзілася бачыць толькі ў кіно. Там яны бестурботна круціліся над галовамі дзядзькоў у сонечных акулярах, якія, закінуўшы ногі на сталы, пілі віскі з содавай, курылі тоўстыя цыгары і паміж зацяжак цадзілі: ”Шэф вамі незадаволены!”
Марштрупа міжволі сьцепануўся і пашукаў вачамі Жамяру, які пасьпеў згубіцца ў натоўпе ля вакенца адміністратара. Натоўп, шасьцёра смуглявых хлапцоў у велізарных кепі і двое ў шчыгульных бастонавых гарнітурах, прыкметна хваляваўся. Чаргу затрымліваў зеленатвары інтэлігент, якому чалавечай мовай казалі, што месцаў у гатэлі няма, а той не сунімаўся і, трасучы ў паветры накіраваньнем у абласную клініку, каторы раз пералічваў свае хваробы.
- Прабачце, грамадзянін, - стамлёны ўсёй гэтай балбатнёй, Жамяра адціснуў інтэлігента ўбок і глянуў у вакенца.
Яшчэ не старая адміністратарка, даведаўшыся, што прыехалі спартоўцы, прыязна пасьміхнулася Жамярынаму носу і падала анкеты.
“Як усё ж такі добра быць спартоўцам!” – падумалася Адаму, калі ён, сапсаваўшы некалькі паперак, адказаў на тузін пытаньняў і атрымаў пропуск.
Хвілін празь дзесяць Адам, бразгочучы ключамі ад нумару, сыходзіў долу, а нейкая радасная сіла няўмольна ўздымала яго ўгору. Ісьці ў спартовых чаравіках было на дзіва лёгка. Ён наўмысна абуў іх, каб людзі ведалі, што бачаць ня нейкага там сьлесара, а спартоўца-цяжкавагавіка. Адам ступаў па дывановым ходніку, кідаў абыякавыя позіркі на дзяўчат, што беглі па лесьвіцы, і сэрца ягонае прасіла песьні. “Вось яно, жыцьцё!” Унізе, у апусьцелым фае, ён убачыў скурчанага інтэлігента – той сядзеў на валізе і дрыготкай рукой намагаўся закінуць у рот пугулку. Відовішча гэтае Адама ня надта каб расчуліла. Інтэлігент быў чалавекам зь іншага сьвету, сьвету, які ён даўно пакінуў і дзе засталіся падрапаныя сьцены, рыплівы ложак з панцырнаю сеткай, сардэчны друг Васіль і ўсё ягонае дагэтуляшняе інтэрнацкае жыцьцё.
Наперадзе іграла музыка. Тыцнуўшы швайцару дваццаць капеек, Марштрупа хадою стамлёнага заўсёдніка ўвайшоў у рэстаран.
Ён уваходзіў у ролю.
Барацьба, як аб тым сьведчаць шматлікія літаратурныя помнікі, - адзін з самых пракаветных чалавечых заняткаў. “Аякс Тэламанід і цар Адысэй спаборнічалі ў барацьбе. Доўга яны барукаліся. І ні адзін, ні другі ня змог перамагчы суперніка. І аднолькавыя дасталіся ім узнагароды…” – так апісваў вялікі Гамэр славуты паядынак на магіле Патрокла.
Мінуліся стагодзьдзі, і сёньня ўжо ня толькі цары ды героі, а дзясяткі і сотні тысячаў савецкіх людзей захапляюцца гэтым старажытным і вечна юным відам спорту. У іх барацьба – гэта сапраўднае сьвята, сьвята сьмеласьці, спрыту і мужнасьці. І таму ня дзіва, што ў былым культавым будынку, дзе месьцілася цяпер спартовая заля, таго ранку панаваў усеагульны ўздым, а старажытныя скляпеньні поўніліся сяброўскім сьмехам і вясёлай гаманой.
Выдатны настрой быў і ў калегі слаўных ахейцаў Адама Марштрупы, які паходжваў па судзейскім пакоі, дзе адбывалася ўзважваньне ўдзельнікаў, і, ляпаючы далоньню па сьцягне, насьвістваў мэлёдыю, пачутую надоечы ў гатэльным рэстаране. Адзінае, з чым быў клопат, гэта з барцоўкай, у якой даводзілася хадзіць сагнуўшыся, але затое ўсе сустрэчныя з павагаю рассоўваліся, даючы дарогу “цяжу”; прагнутая постаць і калючы пагляд з-пад брывоў надавалі яму выгляд чалавека рашучага і гатовага даць сакрушальны адпор любому суперніку.
Саступіўшы з вагаў, Адам між тым сутыкнуўся з Жамярам, твар якога быў пазначаны ценем глыбокай турботы. Адвёўшы выхаванца ўбок, трэнэр працягнуў аркуш паперы.
- Толькі не губляйце прытомнасьці, Марштрупа, але, здаецца, мы ў глухім залёце.
Адась глянуў на аркуш. У канцы доўгага сьпісу буйнымі літарамі было надрукавана: “Цяжкая вагавая катэгорыя: кмс Б.Шчабол (трэнэр Ф.Кір’язаў) – 1 р. А. Марштрупа (трэнэр А.Жамяра)”.
- Пяць гадоў нікога не было, і на табе… І адкуль яны выкапалі гэтага Б.Шчабла?
Сэрца “першаразрадніка” парывіста грукнула і, як падалося самому Адаму, закацілася некуды на самае дно страўніка.
- Дык што… выходзіць…
Ён не дагаварыў – у глотцы захрас даўкі камяк.
Парад удзельнікаў завяршала іхняя дружына. Наперадзе адбіваў крок Жамяра, а замыкала шэсьце каструбаватая і няўклюдная постаць Марштрупы, якая адразу ж прыцягнула ўвагу нешматлікіх гледачоў. “Гляньце, хто гэта?!”
Адасю было не да параду - матляючы ня ў такт хадзе рукамі і пужліва азіраючыся, ён сюд-туд наступаў на пяткі папярэдніка, і калі той урэшце паваліўся, да вуха няўдалага атлета даляцеў злавесны шэпт Жамяры:
- Ды выпрастайся ты… Што ты ідзеш, як абасраўшыся?
- Не магу-у… Барцоўка трашчыць.
Адам сьцяўся і, як ніколі дагэтуль, адчуў сваю нікчэмнасьць.
Пасьля параду “першаразраднік” зашыўся ў распранальні. Ён сядзеў у кутку і ўздрыгваў ад кожнага зыку, што далятаў з залі. Адседзеўшы гэткім чынам калі трох гадзін, Адась падумаў было, што на яго забыліся, як раптам дзьверы расчыніліся і ў распранальню зайшоў Жамяра.
- А, вось ты дзе… Ну, уставай, зрабі разьмінку.
- Ня ўстану… Хворы я… - атлет шмаргануў носам і глянуў на трэнэра вачыма, якія прагнулі спагады.
- Хворы? А ў рэстаранах сядзець – здаровы? – па твары ў Жамяры пайшлі нездаровыя чырвоныя плямы.
- Адчапіцеся ад мяне. Я ніколі ня дужыўся і не зьбіраюся, так і скажыце там…
- Ня дужыўся, кажаш? А гэта што?! – трэнэр сунуў пад нос выхаванцу жмутак папер. – Та-ак… Марштрупа Адам. Першы разрад… Другое месца ў спаборніцтве сярод пажарных дружын у Сыктыўкары, удзел у мэмарыяле…
- Якога Сык…тык… Ды я там ніколі ня быў!
Трэнэр хвілю маўчаў, набіраючы паветра для новага выбуху.
- Ах, ня быў! Дык гэта Жамяра ўвёў у зман спартыўную грамадзкасьць, а Марштрупа, выходзіць, анёл бязгрэшны?
Павярнуўшыся тварам да ржавай сьценкі душавой, трэнэр раскрыліў рукі і прадэклямаваў:
- Арыштуйце мяне!
- Ты… вы мяне ашукалі. Вы ведалі, што я ня ўмею дужацца, - плечы Адамавы гатовы былі затрэсьціся ад роспачнага плачу.
- Падманулі хлопчыка! Дужацца хлопчык ня ўмее, а вось ставіць подпіс у ведамасьці ўжо навучыўся. А прэмія… таго… незаслужаная.
Трэнэр нэрвова прайшоўся з кута ў кут і, крыху супакоіўшыся, прамовіў:
- Ну што ты кісьнеш? Ды гэты Шчабол цябе баіцца больш, чым ты яго. Можа, нават такі ж атлет, як і ты. Ведаем мы гэтых кандыдатаў… у калоднікі.
Жамяра з абурэньнем глянуў на дзьверы, нібыта за імі й сапраўды знаходзіліся тыя, каго ён гэтак рашуча выкрываў, і дзьверы азваліся вясёлым грукатам.
- А-а… Фэлікс Артуравіч! З прыездам! – голасна ўсклікнуў інструктар пад рыпеньне дзьвярных завесаў.
- Чаго хаваецеся? Дапрацоўваеце, напэўна, тэхнічныя навінкі? – адгукнуўся прыемны барытон, і ў распранальню ўваліўся трэнэр сяброў-супернікаў Кір’язаў, асьвяціўшы сьцены прамяністай усьмешкай і заняўшы добрую палову памяшканьня.
- Ану, паказвай сваю “чорную маску”, - Кір’язаў падышоў да Адася і, паціснуўшы потную пяцярню, ляпнуў таго па карку.
- Дык вось які ты, Адам Марштрупа! Хвалюешся?
Адам баднуў галавой.
- А мой Барыс хвалюецца, баюся, каб не перагарэў.
Правёўшы далоньню па непаслухмяных кучарах, ён расчуленым голасам прамовіў:
- Цудоўныя хлопцы! – і, апусьціўшы вочы, ужо ледзь чутна паўтарыў: - Цудоўныя!
Далі сьвісток. Кандыдат у майстры прыкметна хваляваўся. Трымаючы дыстанцыю, ён кружляў вакол суперніка, не раўнуючы як лісіца вакол вожычыхі, і пільнаваў момант на атаку. Праціўнік жа, сунімаючы дрыготку ў лытках і выставіўшы наперад рукі, увесь час ішоў у наступ, відавочна навязваючы бліжні бой.
Разьвязка надышла нечакана. Не пасьпеў Адась пачухаць сьвярблівую патыліцу, як кандыдат намёртва ўчаперыўся ў кісьць.
Гэта ўжо было што-нішто, і Шчабол на момант расслабіўся. Моманту гэтага Адасю хапіла на тое, каб схапіць суперніка за чупрыну і, што было моцы, тузануць. Гэты арыгінальны спохват уразіў ня толькі хвалёнага кандыдата, але й рэфэры, які нават забыўся дзьмухнуць у сьвісток, і той, выпаўшы з разяўленага роту, бездапаможна матлянуўся на матузку.
Шчабол адчайным рухам схапіў Адама за нагу і, уклаўшы ў гэта ўсю моц сваіх сталёвых цягліцаў, славутым “млынам” узьняў праціўніка над галавой.
Апошняе, што бачыў і чуў “першаразраднік”, былі лямпы дзённага асьвятленьня, што зьнічкамі праляцелі пад нагамі, і натужлівы трэск казённае апранахі. Вылузаўшыся зь ліхенькай барцоўкі, Адам бразнуўся вобзем ля самага краю дывана, выдаўшы гук, ад якога дзынкнуў графін на стале галоўнага рэфэры.
Запанавала мёртвая цішыня, і ў гэтай цішыні прагучаў ціхі, не нават ня голас, а штосьці падобнае да здушанага піску мышаняці ў запеччы:
- А ма-аці мая Казімераўна…
Рогат некалькіх дзясяткаў гледачоў скалануў сьцены спартзалі. Некаторыя з аматараў спорту не маглі ўтрымацца на нагах і курчыліся, хапаючы ротам паветра. І толькі прыбіральшчыца, што стаяла ля дзьвярэй, пабачыўшы голы мужчынскі азадак, абурана плюнула, і падхапіла сваё вядро.
Але Адась нічога ня чуў і ня бачыў. У вачах ягоных ападалі рознакаляровыя зоркі. Што зь ім, дзе ён? Чые гэта рукі кратаюць яго? Ілона, гэта ты? Ты вярнулася, Ілона?
Паступова вярталася сьвядомасьць… Вакол чынілася штосьці няўцямнае. На яго накінулі коўдру, яму згіналі-выпроствалі рукі, піхалі ў нос нейкую брыдоту, ад якой калола ўвушшу, і на розныя галасы патрабавалі насілкі.
Нарэшце заслона з вачэй спала, і нізрынуты цяжкавагавік убачыў перапужаны твар Жамяры. Стогнучы, Адась глытнуў паветра.
- Маўчы, маўчы – табе шкодна размаўляць… Усё ведаю!
- Пайшоў прэч! – выдыхнуў Адам, і скупая мужчынская сьляза бліснула на ягоным твары.