Жанчыны ля басэйну


Дасьвецьцем, а шостай гадзіне, тым часам, калі ў доме яшчэ сьпяць, дзьверы адзінаццатай кватэры расчыняюцца і на парозе паўстае пахілая постаць Ягора Іванавіча. Ягор Іванавіч зашпільвае гузікі старамоднага габардзінавага палітону, палохае цішу бразгатам ключоў і, палашчыўшы мыском чаравіка суседавага ката, які круціцца пад нагамі, ідзе па сходах.

Пляфоны крышталёвых сьвяцільняў, цёмных з падсподу ад перасохлых, відаць, яшчэ пазалеташніх мух, струменяць нежывое сьвятло, якое мякка кладзецца на лысіну Ягора Іванавіча, на мыскі ягоных чаравікаў і на згібы масянжовых парэнчаў.

Крокі гулка адбіваюцца ўгары, працяглым гулам поўняць скляпеньні і глухнуць на доле, зьліваючыся з храпам прыдзьверніцы. Прыдзьверніца, як заўсёды такой парой, сьпіць на сваім лежаку, паклаўшы пад голаў гаспадарчую сумку і бессаромна раскінуўшы тоўстыя ногі. Ягор Іванавіч крывеліцца, асьцярожна, каб не нарабіць зьвягі, прыўзьнімае клямку і, выпусьціўшы паперад ката, выходзіць з дому.

На вуліцы зябка, цёмна і волка.

- Вася! – кліча Ягор Іванавіч ката генэрала Абакумчыка.

Кот зьнікае ў цемры, але празь імгненьне зноў зьяўляецца ў коле жоўтага ліхтарнага сьвятла. Там, пад ліхтаром, на бэтоннай шайбе, якую замілаваў генэральскі гадунец, стаяла калісьці міліцэйская будка…

Ягор Іванавіч перакідвае з рукі ў руку поліэтыленавую торбу, зачаравана, нібыта шукаючы ў тым нейкі патаемны сэнс, глядзіць на каціную кучку, і кучка настальгічнай жоўцю расплываецца ў вачах. Згадкі пра будку, пра лісьлівыя воклічы “Здравія жалаю!”, пра службовую “Пабеду”, што пужала людзей сваімі фіранкамі на вокнах, поўняць грудзі халоднай тугой. Туга падкочваецца да горла, Ягор Іванавіч крэкае, смаркаецца ў жменю і, аблаяўшы Мікіту Сяргеевіча Хрушчова, ляпае торбаю па сьцягне. У поліэтыленавай торбе, якую ён нясе і на якой намаляваная нейкая заходняя самадайка, ляжыць зьмена бялізны, кавалак імпартнага мыла і айчынная лубяная вяхотка.

- Жыцьцё на іх, свалачэй, паклаў.. і яны паклалі… г… кучку, - па-старэчы ўголас разважае Ягор Іванавіч, і ягоныя мяккія, на вэтэранскі талён купленыя чаравікі рашуча плюхаюць па лужах.

І сапраўды! Аддзячылі! Каб яму, паважанаму чалавеку, памыцца ў роднай лазьні, даводзіцца ўставаць а палове шостай. Гэты стары шашок Абакумчык, што верхаводзіць у дынамаўскім спорткамбінаце, прызначыў сэанс на сёмую гадзіну. Ці ня зьдзек? Хацеў Ягор Іванавіч адмовіцца ад таго мыцьця, але як адмовішся, калі парылка, духмяны венік ды глыток халоднага “Пільзнэру” сталіся апошняю радасьцю ў жыцьці. Не, бяз лазьні ён нябожчык. Толькі на палку і пачуваецца чалавекам. Гэта ён тут, на праспэкце, пахілы ды скурчаны і галава торгаецца, як у таго доктара Плейшнэра, а на палку – ого-го! Зганяе стуль нават малойцаў з урадавай аховы.

Імжака, што вырываецца з-пад колаў імклівай таксоўкі, непрыемна кранаецца твару, сьцягвае скуру на пераносьсі: таксоўка ляціць у бок Беларускага, пасьпяваючы, як бачна, да ранішняга цягніка, і сьвятлафоры на скрыжаваньнях зацята міргаюць ёй усьлед сваімі пугачынымі зекрамі.

- Касмапаліт бязродны! – лаецца Ягор Іванавіч, выцірае пераносьсе і, прыклаўшы далонь да правага, больш чуйнага вуха, настройваецца пачуць сярод бязладзьдзя вулічных зыкаў шолах службовай сынавай “Волгі”.

Пагодным днём сярэдзіны верасьня ў Сеўруках дакопвалі бульбу. Шасьцідзесяціпяцігадовая Міронаўна, разьвязаўшы хустку, якой быў завязаны рот, выпрастала сьпіну, прыпала да бутэлькі з малаком, ды нечакана закашлялася, захіталася і паволі асела ў разору. Старая сьцяла павекі, намагаючыся пазбыцца чорных мятлікаў уваччу, але гэта не дапамагло: сьвет зрабіўся шары, потым насунулася ноч і, ці то папраўдзе, ці то гэта толькі падалося Міронаўне, дзесьці за Каінавай гарой цяжка ўздыхнуў Гасподзь.

- А божачкі! А што ж гэта? – спалохана войкнула дачка Міронаўны, цётка Кацярына. Адкінуўшы ўбок рыдлёўку, Кацярына ўкленчыла, сёрбнула на поўную губу з бутэлькі, пырснула малаком у твар самлелай маці.

- Чаго ты? – незадаволена скрывілася Міронаўна, калі расплюшчыла вочы.

- Як чаго? Самлела ж! – Кацярына выцерла лоб ражком матчынай хусткі, з вохканьнем паднялася на ногі: - Задуха – хоць язык высалапі. Ня йначай на дождж бярэцца, - прамовіла яна, пазіраючы на далягляд.

У доказ Кацярыніным словам за Каінавай гарой пагрозьліва грымнула.

- Давай, дачушка, а то змокне! – адчуўшы палёгку, Міронаўна стала вокрач, папаўзла да мяхоў, але дачка схапіла яе за спадніцу.

- Не дурніся ты! На твары ні крывінкі! Памрэш хутка ад тае работы! – крыкнула дачка, падхапіла маці пад пахі, і жанкі, паспрачаўшыся дзеля прыліку, паволі пасунуліся да хаты.

“Месяц дажджу не было, а як ехаць, так насьпеў”, - з гэтаю думкаю Кацярына выцягнула з-пад страхі жмутак поліэтылену і яшчэ раз зірнула на гасьцінец. Па гасьцінцы, цягнучы за сабою даўжэзны шлейф пылу, ляцела калгасная малакавозка. “Толькі б Хведзька не напіўся, - падумала жанчына, камечачы на грудзях поліэтыленавы жмутак, - цягніся тады пяць кілямэтраў… А можа ўжо дзюбнуў? Вунь як ляціць!

Малакавозка скацілася з гары, накрыла пыльнай аблачынаю вясковы клюб і, скіраваўшы да даржніка, спынілася ля крайняй фэрмы.

- А каб цябе… - выдыхнула жанчына, калі дзьверцы малакавозкі расчыніліся і з кабінкі, нібыта тая вязка саломы з адрыны, выкулілася нечая цёмная постаць. Жанчына прымружыла вочы, мерачыся сказаць пра вадзілу штосьці дужа абразьлівае, але подых ветру ды буйныя шроціны дажджу, што ўдарылі па плёнцы, не далі ёй гэтага зрабіць, і яна, разгарнуўшы плёнку над галавой, подбежкам кінулася да бульбы.

- Ізноў піковы кароль! – сустрэў Кацярыну запалы матчын голас, калі яна вярнулася ў хату. Маці, ачунялая, паружавелая з твару, сядзела на ложку і займалася тым, чым яна любіла займацца кароткімі хвілямі спачыну – варажыла на картах.

- І будзеш стаяць каля казённага дому, і сустрэнецца табе той кароль, і нейкі піковы ніжнік будзе побач, - бубніла старая, мерна ківаючыся. – Нядобры чалавек. Калісьці вы зь ім ужо сустракаліся. Цяпер ізноў стрэнецеся, але адно аднаго не пазнаеце.

“З кім гэта я сустрэнуся? – падумала Кацярына, сьцягваючы з плячэй дарэшты змакрэлую кофту. – Ці ня зь Хведзькам Мазарыным? Апух жа ад п’янкі, што й пазнаць цяжка”.

- Колькі ты мне, мама, жаніхоў наваражыла, ды дзе яны, жаніхі тыя? – Кацярына ўздыхнула, са стогнам узьлезла на ложак. – Хлусяць твае карты!

- Перабірала дужа, - азвалася са свайго кута маці, - дужа носам круціла. Вось і засталася векавухай.

Кацярына зноўку ўздыхнула, і маленькі, ня большы ад друкарскай кропкі, павучок мерна закалыхаўся пад стольлю.

- Перабірала… Было б што перабіраць, - скрозь сьлёзы прашаптала жанчына, кульнулася на правы бок, і вочы ейныя паланіў нехлямяжы алень на выцьвілым дыване. Колькі разоў яна парывалася зьняць гэты дыван, кінуць пад ногі, прыхаваць ад вачэй абрыдлага аленя, але маці не давала.

- Пройма ад сьценкі, дый па бацьку памяць. З Масквы, са зьезду ўдарнікаў прывёз, - казала старая, і алень стаяў у вачах, і крыўда смактала сэрца, і здавалася векавусе, што алень, гэта зусім і не алень, што гэта яна, Кацярына, тоне ў атрамантавай багне, загнаная туды невядомымі драпежнікамі.

- Непагадзь якая. Можа, ня ехалі б сёньня, перачакалі? – шпурнутыя вятрыскам кроплі звонка секанулі па шыбах. Маці прамармытала яшчэ нешта, але дачка не пачула. Кацярына плакала, утрапёна пазіраючы на аленя, і алень плыў у чорнай багне, і плылі лісты нетутэйшых расьлін, і ўсё плыло ў вачах векавухі, як плыло яно той салодкай хвіляй, калі гарачыя Хведзькавы рукі лашчылі яе маладое неспатольнае цела.

Кацярына лягла на сьпіну, яшчэ раз уздыхнула, і разам з павучком, што калыхаўся пад стольлю, ускалыхнулася і квяцістая фіранка ля ложку.

Вадзілу малакавозкі, па якім плакала жанчына, звалі Хведарам Пятровічам Мазарыным. І хоць вадзілу таму было далёка за сорак, Хведарам, а пагатоў Пятровічам, яго ніхто не называў. Клікалі па-свойску: Чомба. Хто такі гэты Чомба, у гонар якога ахрысьцілі Хведзьку, ніхто ў вёсцы ня памятаў – зьнік Чомба, расьцёкся бясьсьледна ў тумане людзкой няпамяці. Ну, ды такой бяды! Затое сеўрукоўскі цёзка ягоны квітнеў і пахнуў. Дарэчы, пахнуў цёзка адмыслова: у тых, хто меў шчасьце пастаяць зь ім побач і прынюхацца, стваралася ўражаньне, што ў чэраве ягоным месьціцца парфумны аддзел унівэрмагу. Гарадзкія алькагалічкі, якіх прыслалі ў Сеўрукі на перавыхаваньне, круцілі ад таго паху насамі, моташна вякалі, а каб пазбыцца пахмельных пакутаў, прыкладваліся да бітону з брагай. Налівалі, вядома, і адэкалёншчыку. Чомба бражку выпіваў, крэкаў, а пахмяліўшыся, любіў алькагалічкам пра свае любошчы распавесьці. Сядзе на тарпу саломы, папяроску прысмаліць і давай… Дзеўкі ад тых аповедаў вокраччу поўзалі, рукамі махалі ды за друзлыя жываты хапаліся. На дварэ раная раніца, каровы рыкаюць нядоеныя, а на фэрме сьмех, віскат… Чомба якую ссыльную і на торп узваліць, за сьцягно хапане, але тут усё і канчалася. Не падабалася сталічным дэвоткам такое абыходжаньне: па пысе Чомбу білі ды стармонам нярускім абзывалі. Надта ж крыўдаваў Чомба на тыя словы. Не, не за “стармона” – тут усё правільна. Не любіў вадзіла, калі яго “нярускім” называлі. І ў каго ён толькі такі смуглявы ўдаўся? Маці ж, цётка Тацяна, белая, бы тая павуцінка, ды і бацька, казалі, русявы быў. Праз тую смуглоту і чапляліся да Хведзькі розныя мурынскія мянушкі. Вунь і ў арміі, як на шафёра вучыўся, інструктар ваджэньня іначай як Поль Робсанам не называў.

Дык вось, сядзіць Чомба на тарпе, кусьцістыя бровы хмурыць – чакае, значыцца, калі яму яшчэ нацэдзяць. Але дзеўкі ўжо навучаныя: налі яшчэ – не даедзе малакавозка да гораду. Захрасьне дзе ў канаве ці мо, як летась, у Вядрошу зваліцца. Мінулым летам Чомба ўжо даваў нырца, як толькі не ўтапіўся. Машыну потым два дні з рэчкі цягнулі. Чомбу пасьля таго выпадку на комплекс паслалі, гной ад кароў адкідваць. Цэлы месяц з сахаром уходжваўся, аж неўзабаве на фэрме малако скісла, не было каму на завод адвесьці. Старшыня тады ў раён паехаў, некага там улашчыў, прывёз правы назад. Загадаў, праўда, заяву напісаць аб звальненьні, толькі дату ня ставіць. А Чомбу што – заяву напісаў і далей абаранак круціць, у канавы куляецца.

- І як толькі сабе мазгаўню не растрасе? – бедавалі вясковыя жанкі, што зьбіраліся перад абедам у сеўрукоўскай краме, і нехта зь іх абавязкова дадаваў: - А які хлопец быў! – Пасьля такіх слоў жанкі ківалі галовамі, зыркалі на Кацярыну, і тая, кінуўшы што-небудзь накшталт: - Няма чаго ўспамінаць! – скіроўвала вочы да балоньневых куртак, якімі была завешаная крама.

Няма чаго… Ды ўспамінала, успамінала Кацярына таго, былога Хведзьку, сарамлівага і пагляднага, з шыхтом прыгожых значкаў на мундуры, якія так пяшчотна калоліся скрозь сукенку. І аж дагэтуль шчымела ў грудзях векавухі ад таго прагнага глытка шчасьця, якім захлынулася яна тою далёкай восеньню.

Кароткімі былі іхныя ночы, кароткім было Кацярыніна шчасьце. Толькі тыдзень і пагуляў Хведзя пасьля службы. Перадзім’ем паехаў у горад – меў жа пашпарт, дый на шафёра вывучыўся ў войску.

- Уладкуюся – забяру цябе, - сказаў на разьвітаньне і на знак заручын надзеў ёй на палец маленькі пярсьцёнак. Пярсьцёнак і цяпер ляжыць у шкатулцы разам з хрысьцільным крыжыкам, жмуткам аблігацыяў ды пажоўклай даведкай з бацькавай рэабілітацыяй.

Успаміны. Яны засьцяць вочы гарачымі сьлязамі, яны робяць бяссоннымі ночы, толькі ж куды ад іх падзенесься? І чым жа яшчэ, як не ўспамінамі, жыць саракавасьмігадовай векавусе?

… Хведзька ажаніўся ўвесну. Паквапіўся на цесьцева багацьце. Цесьць жа, казалі, дужа багаты быў. На вясельлі, як ужо маладых надзялялі, тры сотні ў капэрту паклаў. Ну, а як жа іначай? Самохаць такую мымру ці ўзяў бы хто? Маладыя потым да Хведзькавай маці, цёткі Тацяны, прыяжджалі, пад ручку да клюбу праходжваліся. Кацярына напачатку ў хляве хавалася, скрозь шчыліны зыркала ды локці кусала. Гэта потым ужо астыла, плюнула на Хведзьку, і на мымру ягоную кірпатую.

- Адальюцца табе мае сьлёзы, - толькі і сказала Хведзьку пры сустрэчы.

Ну дык жа як у ваду глядзела! Пажыў Хведзька з гарадзкой жонкай, пахадзіў зь ёю пад ручку ды неўзабаве і разьвёўся. Што яны там не падзялілі – аднаму Богу вядома, але ж цётка Тацяна казала – усё праз грошы. Плакалася: сват маладым сэрвант падараваў, а што яна магла? І так апошнюю капейку з хаты вынесла, каб вясельле справіць.

Хведзька пасьля разводу піць пачаў. Ох, ужо і піў чалавек! Мазарыніха ўсе вочы выплакала, кожную суботу ў горад езьдзіла, сына вярнуцца ўпрошвала. Усё ж, думала, каля маткі, можа б, і ачуўся, за розум узяўся.

З аўтабазы, дзе працаваў сьлесарам, Хведзьку выгналі. Дзякуй Богу, сябрукі дапамаглі, на ДАК уладкавалі, на дрэваапрацоўчы камбінат, значыцца. Убіўся ён там у цэх шырспажыву, дзе труны майструюць. А там, - вядома. Якую труну дзяржаве, а якую і набок сьпіхнуць.

Аднаго разу прыехала цётка да сына і не засьпела таго ў інтэрнаце. Гадзіну чакала, другую… Зьбіралася ўжо да аўтобуса сунуцца, а тут нейкі хлопец на ДАК ішоў і цётку ўзяўся правесьці. Прывёў на ДАК, завёў у цэх шырспажыву, цётка глянула, і як не абамлела: ляжаў яё Хведзя ў труне, пад галоўку габлюшкі паклаўшы, белыя ручкі на грудзіне слажыўшы, і хроп на ўсю храпу. Сябрукі-п’янчугі таксама ў трунах ляжалі, некаторыя і векамі панакрываліся, каб мухі не надакучвалі. Паспрабавала цётка пабудзіць сына, але куды там… Хведзька толькі мацюкнуўся спрасонку. Так і зьехала шылам патакі хапіўшы і болей ужо ў горад ня езьдзіла.

А гадоў праз пятнаццаць Хведзька, да сівых валасоў дажыўшы, зь нейкай буфэтчыцай пабраўся. Сышліся, не расьпісваючыся, як ён сам потым расказваў. У нейкага бязногага інваліда катушок зьнялі, за сорак пяць рублёў у месяц. Сужыцелька таксама чарку міма рота не праносіла, у маладосьці нават лекавалася ад п’янкі. Хведзька, як жонку займеў, дык напачатку і піць кінуў, стаў да маці прыяжджаць, сёе-тое па гаспадарцы рабіць. А праз пару гадкоў і сын нарадзіўся. Хлопчыка Лёшам назвалі. Ад тае пары, ці то з радасьці, ці то яшчэ зь якой прычыны, запіў малады бацька горай ад ранейшага. Удзень піў, а ў начы з жонкай біўся. Жылі на сваіх сямі квадратах як кошка з сабакам, нават спалі паасобку. Хведзька дзеля гэтага двухрадны палок змайстраваў – другі ж ляжак не было дзе паставіць. Унізе жонка з сынам спалі, а сам ужо на гары, пад самай стольлю. З-за таго палка яны і разьбегліся. Аднойчы Хведзьку штосьці там падалося – чарцей якіх прысьніў ці яшчэ каго, усхапіўся, галавой аб бэльку ляснуўся – столь жа пад самым носам была – дый на падлогу зваліўся. Пакуль у больніцы ляжаў, жоначка ягоная зь нейкім капітанам пазнаёмілася, усё з катуху павыносіла. Нават старыя Хведзькавы чаравікі ў камісіёнку здала, Лёшу да бабы Тацяны пераправіла і зьнікла з далягляду – завэрбавалася, па чутках, на нейкую рыбалавецкую базу. Выпісаўся Хведзька з больніцы, зірнуў на голыя сьцены і, як быў больнічных тэпцях, так у тым абутку і на станцыю пацёгся, кій толькі ў інваліда прыхапіў, каб людзі думалі, што ў яго ногі хворыя – у тэпцях жа! Гэта ўжо як у Сеўрукі прыехаў, абутак свой за плот закінуў, басанож патупаў, маўляў, люба блуднаму сыну па роднай зямлі прайсьціся. Сеўрукоўскія жанкі блуднаму сыну ўсьлед пазіралі, языкамі цокалі, не разумелі жанкі Хведзькавых пачуцьцяў. Ды яно і вядома: на дварэ лістапад шэраньню зьвініць, лядком пахруствае, а чалавек голымі пяткамі сьвеціць. Згледзеўшы Хведзьку, і Кацярына да весьніц выйшла, “дзень добры” дала, дрыготкія вусны прыкусіла.

Колькі гадоў мінула, а не забылася крыўда. Не, не забылася. І цяпер, перадвячэрняю парою, апошнім днём бабінага лета, крыўда халодным ледзяшом падкочвала да сэрца, і сэрца марнела ў цеснай грудзіне, і не пачула Кацярына, як аціхла залева, не прыкмеціла, як насунулася сутоньне, і маці давялося голасна клікнуць, перш чым яна апрытомнела.

- Кацька, ты што, заснула? Зірні, ці Тацяна там сунецца? – Знадворку рыпнула брамка, пачуліся галасы, і ў прыцемным вакне размытаю плямай праплыў парасон і хлапечая галава з пучком натапыраных валасоў на макаўцы.

- О-от, паразыт! О-от, п’янтос няшчасны! – ужо з прысенку гракнула цётка Тацяна, прымусіўшы Міронаўну спалохана ўсхапіцца. У сенцах штосьці бразнула, пачулася валтузьня, і цётчын голас абарваўся. Старая, відаць, ізноў змагалася з парасонам, забыўшыся, як той складваецца. Нарэшце дзьверы разнасьцежыліся, і Мазарыніха, кінуўшы вока на Багародзіцу ў куце, коратка паведаміла:

- Зноў прынесьлі!

Павярнуўшыся да ўнука, які зайшоў сьледам, яна выхапіла з хлапечых рук парасон, раскрыла на прасушку.

- Ад ранку казала: ня пі! Адвязеш нас з Кацяй на станцыю. Адвёз… Зноў прынесьлі… сучкі гэтыя з фэрмы. Цётка зірнула на Багародзіцу, таропка перахрысьцілася.

- Ну, то, можа, не паедзеце? Я і Каці кажу. Непагадзь такая… і бульбу не дакапалі, - Міронаўна з вохканьнем паднялася, зьвесіла долу лілёва-ацёклыя ногі.

- Ай, во… А калі ехаць? У Лёшы вунь формы няма. Мне ў аптэку трэба…

- Гэта ж, Тацяна… Ты мне дыбазолу вазьмі, - пажвавела той хвіляй Міронаўна. – Сёньня ж ужо ледзь не памерла. Каця, дачушка, запішы, каб не забыцца, - Міронаўна тыцнула пальцам у бок кухоннага стала, на якім ляжаў аркушык паперы. Увесь учарашні вечар старая праседзела над тым лістком, складаючы сьпіс неабходных справункаў.

- Запомню! – адмахнулася Кацярына. – Кожны раз лекі бяру.

- Запомніш?! Забудзесься ў тым тлуме! Лёша, дзетухна, запішы ты бабе. – Лёшка, мокры і натапыраны, як верабей, без ахвоты паклыгаў да стала.

- Чаму, Лёша, такі надзьмуты? Няйначай як двоек нахапаў? – запыталася Кацярына, падымаючыся з ложку.

– Ходзіць за мной цэлы дзень, нейкі самалёт просіць. У мяне дзьве сумкі ў руках, дзьве торбы наперавес, ды яшчэ ягоны самалёт у зубах пацягну…

- Напішы, які там табе самалёт, вазьму, калі ўбачу, - Кацярына паклала далонь на хлапечую галаву і, уздыхнуўшы, прылашчыла непаслухмяныя Лёшкавы валасы.

Позьнім вечарам дождж аціх, неба неяк адразу праясьнела, адно рэдкія хмаркі яшчэ ляцелі наўздагон навальніцы, губляючы долу буйныя халодныя кроплі.

Жанчыны ішлі ўскрайкам гасьцінцу, старанна абміналі лужыны і зь неўсьвядомленаю трывогай пазіралі на сіні ад вечаровай смугі далягляд. Смуга паўзла па схілах Каінавай гары, рабіла невыразнымі абрысы дрэў, і Кацярыне мроілася, што гэта не сухастойны ельнік, а нечыя постаці падымаюцца ад зямлі, раскінуўшы ўбокі ашмёткі сатлелых рук. Каб пазбыцца відмаў, жанка перахрысьцілася, паскорыла крок, але трывога не мінала – ляцела наўздагон вухканьнем шэрай савы, рыпеньнем старой таполі.

- Маўрына дрэва рыпіць, - прамовіла цётка Тацяна, азірнуўшыся на высозную, зьнявечаную навальніцамі таполю. Маўра тады чатыры дрэвы пасадзіла, гэта ўжо каб Юрку Абакумчыка прываражыць. Апоўначы вадою замоўленай палівала, - старая змоўкла на хвіліну, а Кацярына, павёўшы вачыма на знак змогі ад тых абрыдлых, зь дзяцінства чутых аповедаў, зморана перавяла дых. – Ну дык жа прываражыла. Пасьля заручын Хадоры-варажбітцы рэшата яек занесла ды хустку кашаміравую падаравала. Паглядная была дзеўка. А працавітая-а! Гэта ўжо як пасаг да Абакумчыкаў несьлі, бабы абгаворваць пачалі: камяні, камяні, кажуць, панесьлі!.. Бабы, ты ж ведаеш… Адамкнулі два куфры, а там… - старая боўтнула нагой у калюжыне, стоена, нібыта давяраючы нейкую страшную тайну, выдыхнула: - Бялёнага палатна аж па века накладзена. Усё сама выткала! – Выбіўшыся на сухое, цётка аддзьмулася, зябка перасмыкнула плячыма. – Вылюдак гэты, Лёнька-Каін, хацеў Маўру гвалтам узяць. Ледзь адбілася. Я зь яе сястрою дружкавала, сама бачыла: у Маўры ўсе рукі сінія былі.

“Загаворваецца старая, - падумала Кацярына, працяўшы позіркам гронку зыркіх агнёў на даляглядзе. – Мінулым разам пра Лёньку-Каіна дзяўбла і зараз пачынае…”

- У раёнцы пісалі – у Маскве жыве, зь піянэрамі сустракаецца, - не сунімалася старая. – І што ўжо ім кажа? Як роднага брата забіў?

Пачуўшы пра раёнку і зразумеўшы, што байкам цётчыным ня будзе скону аж да самай станцыі, Кацярына ўздыхнула і асуджана панурыла голаў.

Мінулай вясною старая праз тую раёнку нікому жыцьця не давала. Адвеку газэт не чытала, а тут яшчэ адранку, управіўшыся з чыгунамі, на нос акуляры насоўвала і ці то Хведзьку, ці то ўнуку, ці то сама сабе артыкул пра Лёньку-Каіна перачытвала, абурана галавою хітала, у бок печы плявала, а дайшоўшы да месца, дзе камсамолец Абакумчык верхавода кулацкай банды зьліквідаваў, газэту на падлогу кідала ды прамаўляла ўзрушана:

- Гэта ж трэба так брахаць!

- Дабалбочашся, - казаў іншым разам Хведзька, сёрбаючы расол з бочкі. – Будзе табе як таму кулацкаму верхаводу.

- Якому верхаводу?! – стакроць адбіваўся ў ёмістых саганах зьвяглівы цётчын голас. – Верхавод той працаваў не разгінаючыся, матку хворую даглядаў, хату новую паставіў. А паскуднік гэты адно і рабіў, што сходы праводзіў. Брат арэ, зь сіл выбіваецца, а Лёнька мітынгі ладзіць ды лёзунгі на сьценах піша. Лены ж быў, як палка!

Як там усё дзеялася, ніхто ня ведаў, а хто ведаў, той маўчаў, але ж Мазарыніха гнула сваё. Паслухаць яе, дык і банды ніякай не было, і брат брата забіў ня з клясавых памкненьняў, а праз жаночую спадніцу. Летась старую на піянэрскі збор запрасілі як калгаснага вэтэрана, дык яна там такога нагаварыла, што дырэктару школы давялося ў Цюменскую вобласьць пераяжджаць.

- Лухта ўсё! – бухнула яна на зборы, паслухаўшы вершыкі пра Лёньку Абакумчыка. – Якое там, кажа, палымянае сэрца! Да чужых жонак палымяны быў, праз тое і брата забіў. Прыцёгся, кажа, на Юрчын падворак, жыў жа побач, у хаце, якую яшчэ дзед паставіў. Агледзеўся, прынюхаўся, убачыў, што гаспадара няма, – і да Маўры. Маўра якраз на ганку сядзела, гарох лушчыла. Напачатку, як заўсёды, у ячэйку запрашаў, а потым і пад спадніцу паторкнуўся. Маўра, вядома, у лямант, пачала мужа клікаць – Юрка непадалёку, у хляве быў, канюшыну з вышак скідваў. Так зь вілкамі на падворак і выкуліўся. Мы з Маўрынай сястрой таго дня каласкі падбіралі. Як пачула стрэлы, так у мяне ўсё і абарвалася. Адчула сэрца, што зь Юркам няшчасьце. У вылюдка ж гэтага рэвальвэр быў. Чорны такі, на баку матляўся. Ён і майго бацьку ледзь не застрэліў, як у калгас запісваў. Пабеглі мы з Настаю, гэта ўжо зь сястрою Маўрынай, да Абакумчыкавага хутару. Бяжым, а ў саміх ногі падкошваюцца. А як кроў пасярод двара ўбачылі, так і зусім абамлелі. Маўра тым часам Юрку ў хату зацягнула, выбегла на ганак, валасы на сабе рве: “Бяжыце, крычыць, па фэльчара!” А мы з Настаю стаім, вачыма лыпаем і зварухнуцца ня можам.

Каіна потым цэлы дзень шукалі, усе кусты-яры абгледзелі, а таго як чорт з хлебам зьеў. Гэта ўжо як пастухі з паствы вярнуліся, тыя сказалі: бачылі, як Лёнька ў бок Навасёлак бег. Мужыкі калы пахапалі, на станцыю пабеглі, думалі, чыгункаю зьбегчы хоча. Толькі да могілак і дабеглі. Атачылі вайскоўцы на манголках, і Каін зь імі. Тры дні вёску трэсьлі. У каго мех жыта знойдуць, у каго кубел з просам – хавалі людзі, каб з голаду не памерці. Толькі ж ад Лёнькі-Каіна ці схаваеш? Сорак душ пасьля таго ў Сібір зьвезьлі. Усе тамака і памерзьлі. Адно Мішка Дзямідаў вярнуўся. Двое сутак, казаў, у асэнізатарскай бочцы ехаў, да чыгункі выбіваўся.

Піянэры на зборы гамоняць, летакі з паперы пускаюць, а тут прыціхлі, нават раты паразявалі, а ў цёткі і зусім язык разбэрсаўся: ужо і пра хлебную машыну згадала. Балазе, настаўніцы схамянуліся, вывелі старую з памяшканьня. Дырэктара праз тыя балачкі на парткамісію выклікалі, спагнаньне ўляпілі, а потым і зусім са школы звольнілі. Давялося чалавеку на новае месца параяжджаць. Перад ад’ездам да Мазарыніхі заходзіў, пра хлебную машыну пытаўся. Цётка і распавяла, як тое было: як яны калгасам палеглы лёг падымалі, як тую машыну ўгледзелі. Да вайны на машыны як на дзіва глядзелі, а тут яшчэ на будцы “Хлеб” напісана – людзі і кінуліся за той хлебавозкай, думалі папраўдзе хлеб вязуць, галадуха ж была. Машына па вёсцы праехала, ля праўленьня супынілася, а з кабінкі Лёнька-Каін вылез, рамянямі парыпваючы. Усе і разьбегліся хто куды, па стагах ды па гарышчах пахаваліся.

У той дзень старшыню забралі – Кацярыненага бацьку. Каці тады і годзіка ня споўнілася. Не паглядзелі, што ўдарнік, што ў Маскву езьдзіў ды з Куйбышавым фатаграфаваўся. Пазьней, як ужо сьнег выпаў, хлебавозка амаль штоночы на Каінаву гару прыяжджала. Стрэлы покалі, ды чуваць было, як людзі галасілі. На гару тую і зараз ніхто ня ходзіць. Гэта ўжо як з гораду хто прыедзе, тыя таўкуцца. Грыбоў там дужа багата… Дырэктар цётчын аповед у кніжачку запісваў ды потную лабаціну выціраў. Усё бубніў: “Пакладу партбілет…” Ды, відаць, не паклаў: зьехаў у Цюменскую вобласьць і радзіну з сабой забраў.

… Ужо і сіл не ставала цягнуцца па дарозе, ужо і сэрца глуха тахкала ў грудзіне, а цётка ўсё гаварыла, гаварыла, і толькі ля самай станцыі суціхла, уражаная зычным гудком цеплавозу. Хвілін пяць яна ішла моўчкі, сумнымі вачыма паглядаючы на каляровыя агні сэмафораў, а згледзеўшы натоўп ля будынка вакзалу, запыталася:

- Калі ж ужо прыедзем?

- У шэсьць трыццаць, - адказала Кацярына, і цётка Тацяна, змучана ўздыхнуўшы, прашаптала:

- Хоць бы ў пляцкарту ўбіцца, а то мінулым разам ў тамбуры таўкліся…

Бледна-зялёныя стрэлкі “камандзірскіх” паказвалі палову сёмай. Ягор Іванавіч перасмыкнуў галавою, пстрыкнуў пальцам па шкельцы гадзіньніка і зноў наструніў вуха.

Гулі цягнікі на Беларускім, поклічы радыёстанцыі “Маяк” луналі ў сутарэньні камяніц, пустыя скрыні бразгалі на задворках унівэрсальнага магазыну.

“Зноўку позьніцца, сволач”, - падумаў Ягор Іванавіч і, кінуўшы дакорлівы позірк на чорную “Волгу”, што ляцела па праспэкце, са скрухаю вымавіў:

- Няма парадку…

Злосьць на шафёра халоднаю жоўцю расьцякалася па чэраве. Сэрца глуха тахкала, а ўмомант спапялелы жаўталіст, якім быў усланы ходнік, шэраю пацучынай зграяй заварушыўся пад нагамі. Ягор Іванавіч войкнуў, асунуўся плечуком на стаўбур згалелай таполі, глыбака, аж да колікаў у сэрцы, уздыхнуў.

Яшчэ зьвечару ён пачуў сябе нядобра: застарэлым болем ныла пячонка, кружылася, як гэта часта бывае ў старых людзей, галава, гарачыя голкі калолі цела, а само цела зрабілася лёгкім і нядужым. Апошнім часам, асабліва пасьля выпітай чаркі, пячонка ўсё часьцей дапякала Ягора Іванавіча. Ды яно і вядома – як-ніяк семдзесят гадоў стукнула. Але ж затое сэрца… Сэрца ў Ягора Іванавіча было што ў таго падводніка. Сябры-таварышы па службе даўно на тым сьвеце спачывалі, інфарктамі ў зямельку ўвагнаныя, а Ягор Іванавіч за ўсё жыцьцё нават валідолу не пакаштаваў. Толькі нездарма кажуць: конь на чатырох нагах, а спатыкаецца. Вось і Ягор Іванавіч… Глядзеў учора інфармацыйную праграму “Час”, сёрбаў гарбату са сьвятаяньнікам, аж раптам кальнула яму пад лапатку, увушшу званы загулі, а ліванскія патрыёты на тэлеэкране дагары нагамі перакуліліся. Войкнуў стары, глынуў пігулку снатворнага – іншых лекаў у хаце не было – і да ложку пацёгся. Лёг не распранаючыся, коўдру па падбародзьдзя нацягнуў. “Пройдзе”, - сказаў сам сабе, - памыюся ў лазьні, усе хваробы як рукой зьніме”. – З тымі словамі і заснуў.

І прысьніўся Ягору Іванавічу палкоўнік, вясёлы, усьмешлівы, апрануты ў навачасную майку з надпісам “Перабудова” ўздоўж грудзіны. І толькі атачалі палкоўніка тыя ж самыя сьцены ізалятару, і ў руках ён трымаў той самы брызэнтавы мяшэчак. І Ягор Іванавіч ізноў крычаў у сьне, а прачнуўшыся, доўга спатольваў сэрца шчасьліваю думкай аб тым, што палкоўніка даўно няма, што ён згінуў бясьсьледна ўвосень сорак шостага году.

Дыхнуўшы бэнзынавым гарам, дзесьці зусім побач спынілася машына, і Ягор Іванавіч разьмежыў павекі. Замарачнае мроіва засьціла вочы, і з мроіва прагучаў вясёлы голас шафёра Міколы:

- Што, Іванавіч, заснуў?

Ягор Іванавіч хітнуўся, невідушча павёў рукамі, з астатніх сіл адчыніў дзьверцы машыны.

- Коля, блага мне, - выдыхнуў ён, залазячы ў салён, але вадзіла не пачуў. Выцягнуўшы з-пад сядзеньня анучку, Мікола скочыў з машыны і праз імгненьне рука ягоная імпэтна засьлізгала па шкле.

Зачыніўшы за Ягорам Іванавічам дзьверцы, вадзіла плюхнуўся на сядзеньне, рашуча паддаў газу. Стары вохнуў, пацягнуўся рукой да Міколавага плечука, але яго адкінула назад і ён бязвольна абсунуўся скроньню на халодную шыбу.

Восеньскі дождж церусіў з зацятай аднастайнасьцю, завілымі раўчукамі зьбягаючы па шкле. На падворку было пустэльна, адно ўдалечыні, насупраць задымленай кацельні, купка салдат выгружала з трафэйнай трохтонкі скрыні зь нямецкім архівам. Пасмы густога дыму слаліся над зямлёй, хавалі ад вачэй увішныя фігуркі, міжволі нагадваючы лейтэнанту пра духмяны хачапуры: спальваць трупы на кацельні мелі звычай акурат пад час абеду. Лейтэнант адышоў ад вакна, пацёр далоньню бурклівае чэрава і, зазірнуўшы пад стол, падняў з падлогі плексыглясавую лінарку. Пакруціўшы ў руках празрысты прастакутнік, ён уздыхнуў і рупліва сьцёр лязом выдрапанае на лінарцы прозьвішча былога гаспадара кабінэту.

Начальніка трэцяга аддзелу Казарына арыштавалі ў пятніцу. Раніцой маёр атрымаў новае прызначэньне – у разьведшколу на Валакаламскай шашы, а ўвечары таго ж дня, выкапаны з пасьцелі нейкай балерыны, загрымеў на Лубянку. Казарын быў спрытнюга, на высокія пасады галіўся, таму, відаць, і згарэў. Але ж хто яго падпаліў? Казарын – сваяк палкоўніку, за Літву яшчэ да вайны Чырвоную Зорку атрымаў… Незгаральны, як сьмершаўскі сэйф, а глядзі ж ты… згарэў!

“Страціў, страціў палкоўнік ласку. У пятніцу сваяка забралі, а сёньня-заўтра самога зябяруць. Будзе ведаць, як да Бацькавых каханак заляцацца, - падсумаваў дакучлівыя разважаньні лейтэнант, а пачуўшы стук у дзьверы, падаўся да стала. Зарыпелі завесы і зь цёмнага тамбуру выплыла задаволеная фізіяномія даручэнца Фаміных.

- Дазвольце зайсьці, таварыш лейтэнант?

- Ну што там у цябе? – прабурчаў лейтэнант, зашпільваючы аплікі выхаднога кіцеля.

- “Сорак першы” памёр, таварыш лейтэнант! – бадзёры голас даручэнца зьліўся з гэткім жа бадзёрым рыпеньнем ягонай навюткай партупеі.

- Як памёр, - перапытаў лейтэнант, але, уцяміўшы ўсю недарэчнасьць пытаньня, панурыў вочы і ледзь чутна загадаў: - Ідзіце!

Хвілін празь дзесяць лейтэнант ішоў бясконцымі калідорамі, ляпаў далоньню па сьценах і, нэрвова міргаючы пасьля кожнага ляпу, абмазгоўваў сытуацыю. Сьмерць “сорак першага” яго ня надта каб турбавала. Здыхлю гэтага яму павесілі на шыю мінулым тыднем, калі Абакумчык зьехаў у камандзіроўку. Што ўжо Абакумчык зь ім рабіў – аднаму Люцыпару вядома. Прымушаў, відаць, усяночныя адстойваць, той і ня вытрымаў. Двое сутак у лазарэце бяз памяці адляжаў і вось… скапыціўся. Скрывіўшыся ад паху карболкі, лейтэнант зайшоў у трупярню, а згледзеўшы на падлозе скрываўлены хвартух, скрывіўся яшчэ болей. Патолягаанатам Ніжагародзкі, сівагаловы, сьпісаны зь нейкага тылавога шпіталю дзядок, стаяў ля стала й нэрвова дыміў самакруткай. Дзядок, безумоўна, чуў тупаценьне за сьпінай, але не азірнуўся.

- Разьнік чортавы, - буркнуў лейтэнант, зь нецярплівасьцю кашлянуўшы ў жменю.

Дзядок рэзка павярнуўся, сьцягнуў зь нябожчыка падзертую прасьціну:

- Навошта было тое ўскрыцьцё. Дастаткова на ногі глянуць… Трое сутак на нагах прастаяў, ня меней. Кантузія ж была ў чалавека.

- Чалавекі, шматпакутнікі… папоўшчына нейкая, таварыш ваенлекар, - састроіў гіранічную ўсьмешку лейтэнант. – Вас часам не з манастыра да нас накіравалі? – лейтэнант дастаў з кішэні папяросы, зьбіраючыся пачаставаць Ніжагародзкага, але той, падхапіўшы з падлогі валізу з хірургічным прычандальлем, выйшаў з трупярні.

І без таго паганы настрой быў сапсаваны канчаткова. Лейтэнант вылаяўся, кінуў вока на тэлефон унутранай сувязі, што вісеў ля ўваходу, і, прыпаліўшы “беламорыну”, падышоў да апарату. Кіквідзэ, зь якім яго злучылі, доўга не падымаў трубкі, нарэшце адгукнуўся сіплым і, як падалося лейтэнанту, прыспаным голасам.

- Кіквідзэ? Сьпіш?

- Ныкак нэт, таварыш лейтэнант! – голас каўказца працяглым трэскам скалануў мэмбрану.

- Глядзі ў мяне!

- Гляджу, таварыш лейтэнант!

Колькі часу лейтэнант узважваў адказ Кіквідзэ, пасьля чаго запытаў:

- Як там “дваццаты”?

- Плачэт, таварыш лейтэнант!

- Спаць не даваць! Заўтра ад ранку – да мяне!

- Слушаюс, таварыш лейтэнант!

- А як пісака? Не паразумнеў?

- Ныкак нэт, таварыш лейтэнант. Савсэм плоха сэбя ведот. Пракурора трэбует.

- Пракурора? – прыхоўваючы абурэньне, лейтэнант прыкусіў верхнюю губу і каротка выдыхнуў: - Давай!

Карэспандэнт акруговай газэты Штэрн, хударлявы, пасінелы ад бяссоньня чалавечак, празьмерна шырокім крокам зайшоў у кабінэт і, задраўшы ўгору няголенае падбародзьдзе, голасна выдаў:

- Я патрабую пракурора!

За чатыры гады работы лейтэнант упершыню чуў такое патрабаваньне, таму і ня ўцяміў адразу – весяліцца яму, ці абурацца. Пасьля хвіліннага роздуму ён усё ж такі пасьміхнуўся, тыцнуў пальцам у кут, дзе стаяў прышрубаваны да падлогі ўслон, але падсьледны і ня думаў садзіцца.

“Паказытаць карэспандэнту пяткі, ці што?” – падумаў лейтэнант, выцягнуў са стала шуфляду, намацаў пад слоем правазнаўчых брашур важкі гумовы друк.

- Як вы… козыту не баіцеся? Сэрца не заходзіцца?

- Папрашу без эківокаў! – ужо без ранейшай упэўненасьці азваўся Штэрн, і голас ягоны заглушыла напорлівае зумканьне тэлефону.

Лейтэнант не любіў гэтых званкоў. Тэлефон заўсёды абуджаўся ня ў час, поўнячы душу халоднай трывогай. Вось і цяпер, прыціснуўшы слухаўку да вуха, ён адчуў, як клёкнула ў горле ўраз абамлелае сэрца. Трубка пагрозьліва маўчала, але па тым мерным сіпе, што далятаў з тэлефонных глыбінь, можна было зразумець: тэлефанаваў палкоўнік.

- Як там, лейтэнант, твае гадунцы? – голас палкоўніцкі перарваў пракураны кашаль.

- Жывыя-здаровы, таварыш палкоўнік! – гракнуў лейтэнант, калі аціхла кашляніна.

- А як “сорак першы”?

“Ужо ведае”, - мільганула ў галаве лейтэнанта. Абцягнуўшы канец кіцеля, ён ямчэй прыціснуў слухаўку да вуха і гэткім жа бадзёрым голасам прамовіў: - Памёр, таварыш палкоўнік!

- Вось што, лейтэнант, - вымавіў палкоўнік пасьля пярэрвы, - разьбярыся з гэтай справай і ўсе матэрыялы па “сорак першым” мне на стол. І не пазьней панядзелку. Па-ня-дзел-ку! – па складох паўтарыў шэф і паклаў слухаўку.

- Абакумчык! Абакумчык! Абакумчык! – пачулася лейтэнанту ў кароткіх гудках адбою, і цьмяная здагадка пакутліва заварушылася ў галаве. “Так-так… Абакумчык… Гэта ён зьеў Казарына. Палкоўнік, вядома, усё ведае. Толькі Абакумчыка голымі рукамі ня возьмеш. Ня йначай як на самога Бацьку працуе”.

Заняты сваімі думкамі лейтэнант і не прыкмеціў, як падсьледны Штэрн падышоў да стала, выхапіў са шклянкі аловак. Кароткае імгненьне лейтэнант глядзеў на рухавы аловак, потым перавёў позірк на няголеную пысу Штэрна і толькі тады ачуўся. Ён крадком, не раўнуючы як той кот, падышоў да Штэрна, зазірнуў у паперку.

- Заява пракурору? – роблена ўсхваляваным голасам запытаў лейтэнант і, ступіўшы крок назад, выцяў нагой па схуднелым азадку ваенкара.

- Пад стол! Пад стол, юда! – другім высьпяткам лейтэнант загнаў карэспандэнта пад стол, пісака спалохана заенчыў, паспрабаваў устаць, і стол завіс на ягоным карку.

- Сволач! Дывэрсант! – галёкнуў лейтэнант, з жахам заўважыўшы, як хітнуўся на стале алебастравы бюсьцік Сталіна.

Дзьверы за сьпінай расчыніліся, і Фаміных зь днявальным віхурна падляцелі да Штэрна. Заехаўшы карэспандэнту па шыі, хлопцы пацягнулі небараку па падлозе, і лейтэнант з палёгкаю расшпіліў аплікі на ўзмакрэлай шыі.

- Запомні, сука! Жыць табе засталося два дні! Так што падумай… - крыкнуў лейтэнант, але той, да каго ён зьвяртаўся, наўрад ці меў здольнасьць думаць. Галава карэспандэнта матлялася, як у хворага гусака, і толькі на імгненьне ажыла, ляснуўшыся аб вушак падвойных дзьвярэй. Лейтэнант паставіў на месца алебастравы бюсьцік, абцёр зь яго нябачны пыл, крутнуў корбу ўнутранага тэлефону.

- Кіквідзэ? Зноў сьпіш? – у трубцы нарадзіўся сіплы зык: Кіквідзэ набіраў паветра, каб гойкнуць “Ныкак нэт!”, але лейтэнант папераджальна крэкнуў: - Зараз пісаку прывалакуць. Ты яго… гэта… у сто другую аформі, - трубка зноў засіпела, мерачыся азвацца грымлівым голасам Кіквідзэ, але замест грому пачулася запабежлівае хіхіканьне: у сто другой каморы сядзелі гомасэксуалісты.

Паклаўшы трубку, лейтэнант ладную хвіліну сядзеў нерухома, штосьці няўцямна мармытаў сабе пад нос, выразна прамаўляючы толькі адно слова “дзіўна”, нарэшце яшчэ раз крэкнуў і падняўся з крэсла.

“Абакумчык капаў пад палкоўніка… і так схібіў з “сорак першым”. Хітры, абачлівы Абакумчык. Не, тут штосьці ня тое”, - лейтэнант адчыніў сэйф, выцягнуў адтуль сьледчыя матэрыялы – зялёную тэчку з забарскамі і перавязаную аборкай гімнасьцёрку са жмуткам прычэпленых мэдалёў. Пералічыўшы ўзнагароды, ён калупнуў пальцам чырвоную лычку раненьня, перасмыкнуў галавою і запіхнуў гімнасьцёрку ў ніжні аддзел сэйфу.

Матэрыялаў у тэчцы было небагата: паперка з анкетнымі дадзенымі, рапарт нейкага капцёра ды пара лісткоў з пратаколамі допыту. Чытаць пратаколы лейтэнант ня стаў, а вось рапарт перачытаў аж тройчы. Ад тае непісьменнай, шчодра прыпраўленай украінскімі словамі пісаніны лейтэнанту стала моташна. Ён закрыў тэчку, піхнуў назад у сэйф і, зрабіўшы на халявах ботаў гармонік – адзнаку блізкай сустрэчы з жанчынай, рушыў у ядальню.

Справа сяржанта Мазарына, якую так уважліва вывучаў лейтэнант, узьнікла, можна сказаць, на голым месцы. 25 верасьня 1946 году дэмабілізаваны Мазарын стаяў у чарзе па сухі паёк і новае абмундзіраваньне. Ну, стаяў бы сабе ды стаяў, як усе астатнія дэмабілізаваныя, дык не… пачаў языком мянціць, з капцёра пацьвельваць. “Тыловою крысою мэні назвав, та всі сміялыся” – так напісана ў рапарце. Дайшла да сяржанта чарга новае абмундзіраваньне атрымліваць, а капцёр не дае. Загад, кажа, выйшаў – не даваць дэмабілізаваным новай гімнасьцёркі, калі старая ня зношаная. У чарзе захваляваліся, “мацюкатыся почалы”, капцёр па інтэнданта пабег. Скончылася тым, што сяржант старую гімнасьцёрку з мэдалямі над галавой раскруціў ды на кучу брудных падштанікаў ускінуў – ня вытрымалі ў хлопца нэрвы. А наступнага дня сяржанта ў адмысловы аддзел паклікалі. Асабіст на яго і накінуўся: “Што вас прымусіла савецкія мэдалі пад ногі кінуць, на іх жа выявы правадыроў выбітыя? Хто падбіў на такую правакацыю?” Карацей, пачаў на псыхіку ціснуць, ды так натхнёна, што ў сяржанта пасьля першага ж допыту старая рана адкрылася.

“Ну, з асабістам рэч зразумелая. Дарваўся чалавек да паважнай справы. Абрыдла, відаць, салдацкія лісты чытаць ды слухаць, аб чым асабовы склад у прыбіральні балбоча. Але ж Абакумчык! Што яго прымусіла так шчыраваць?” – лейтэнант прайшоўся па склізкай, толькі што вымытай падлозе афіцэрскай ядальні, сеў за крайні стол і абхапіў рукамі скроні. Абед даўно скончыўся, у залі было пуста, і толькі ў супрацьлеглым куце, пад сховай лапушыстага фікуса сядзелі два маладзёны і сёрбалі піва. Аматары піва суцішна гаманілі, круцілі стрыжанымі галовамі, цікуючы афіцыянтку, але тая не ішла.

- Капа! – гукнуў неўзабаве адзін з маладзёнаў, і залатая Капіна галоўка вытыркнулася з проймы кухонных дзьвярэй.

- Капа, яшчэ па куфлю! – хорам гракнулі маладзёны, але афіцыянтка ў іхны бок нават не зірнула. Паправіўшы прычоску, таропка зацокала ў канец залі. Вось ужо месяц, як Капіталіна не давала ў аддзел ніякай інфармацыі і, адчуваючы сваю віну, шыбавала ледзь ня подбегам, у пяты мо раз папраўляючы наколку ў хвалістых валасах.

- І хто ж такія? – баднуў галавой лейтэнант, паказваючы ў бок лапушыстага фікуса.

- Курсанты. На стажыроўку прыехалі, - паведаміўшы гэта, Капа панурыла вочы, пракудліва тарганула плечуком.

- А-а… наша зьмена, - лейтэнант зірнуў з-пад брывоў на лапушысты фікус, пасьміхнуўся і шматзначна кашлянуў у жменю. – Ну, дык нясі што-небудзь, з галадухі паміраю.

Капа крутнулася на абцасіках, трывожным пахам парфумы павеяўшы на лейтэнанта.

- Сучка! – уголас вымавіў лейтэнант. Выцягнуўшы сурвэтку, ён чыркнуў на ёй адно толькі слова “Ўдарнік” і, прыціснуўшы цыдулку сальніцай, выйшаў зь ядальні.

З прачыненых дзьвярэй кінатэатру (адчылілі з выпадку задухі) гугнявым рэхам перабрэхваліся мужчынскія і жаночыя галасы: ва “Ўдарніку” чацьвёрты дзень запар круцілі “Першую пальчатку”. Капа стаяла на звычайным месцы, ля ўваходных дзьвярэй і нецярпліва ляпала адна аб другую халявамі гумовых боцікаў.

- Цябе сягоньня не пазнаць, - прашаптала Капа, ступіўшы насустрач лейтэнанту. Капін голас прымусіў лейтэнанта сумецца, сарамліва прыкрыць рукамі прапаліны на баках ватоўкі. Захоўваючы кансьпірацыю, лейтэнант вытрас з бота ўяўны каменьчык, азірнуўся і гэткім жа ціхім голасам выдыхнуў:

- Працуем…

Па вечарах лейтэнанту даводзілася “працаваць” у піўнушках – запісваць размовы падпітых інвалідаў.

– Тут справаздача за месяц, - Капа тыцнула ў лейтэнантаву руку скрутак абгортачнай паперы. – Асабліва нічога цікавага. Адно што курсанты… Ну, там я напісала.

- Якія яшчэ курсанты? – у лейтэнантавым голасе гучала выкрывальніцтва.

- Ну… хлопцы… што піва пілі, - Капа перасмыкнула нафарбаванымі вуснамі і, каб яшчэ больш распаліць лейтэнанта, гарэзьліва хіхікнула.

- Капа, нам трэба пагаварыць…

- Трэба, - пагадзілася дзяўчына, закаціла вочы, мерачыся пачуць звычайныя мужчынскія дакоры, але пачула нешта зусім іншае.

- Куды гэта Абакумчык зьехаў? І ўвогуле… узвалілі на мяне ягоныя справы, - блытана замармытаў лейтэнант, але, адчуўшы, што гаворыць ня тое, ужо больш рашуча запытаўся: - Дзе Абакумчык?

- Абакумчык? Знаёмае прозьвішча. Ці ня той гэта, што ў нядзелю за абед на заплаціў? Касавокі такі. Чатырнаццатага году нараджэньня… ураджэнец Смаленскай губерні… - Капіталіна блазнавала. Памяць у агента была выключная: цытаваць жыцьцяпісы яна магла хоць да ночы.

Лейтэнант азірнуўся, расшпіліў ватоўку, выцягнуў з нутраной кішэні храбусткі цэляфанавы пакет.

- Панчохі… Ленд-лізаўскія… Са штучных валокнаў.

Прыхаваўшы пакет у сумачку, Капа разам пасур’ёзьнела.

- Куды зьехаў – ня ведаю. Яго Лубянка выклікала, - дзяўчына бліснула бялкамі вачэй, паказваючы, дзе знаходзіцца Лубянка. – Палкоўнік хацеў Абакумчыка ў нейкую небясьпечную камандзіроўку выправіць, ды ў таго сувязі… адкруціўся.

- Ці не ў Прыбалтыку камандзіроўка? – усхвалявана прамовіў лейтэнант, адваротным бокам прыпальваючы папяросу.

- Вы што, таварыш “Пяты”, і ў піўнушцы “Беламор” смаліце? – запыталася супрацоўніца трэцяга аддзелу, потым перапытала, але таварыш “Пяты” нічога не адказаў.

Ён стаяў у непаразуменьні, слухаў шчымлівую мэлёдыю, што далятала з расчыненых дзьвярэй кінатэатру, а калі ачомаўся і страсянуў галавой, музыка скончылася і тупат Капіных боцікаў заціхаў у далечыні.

“Ну і прайдзісьвет гэты Абакумчык! Зьеў Казарына, зьліквідаваў Мазарына і хвастом накрыўся. І на каго толькі працуе?” – падумаўшы так, лейтэнант шпурнуў на ходнік непапаленую папяросіну, за якой пацягнулася адразу ж некалькі рук, і шырокай ступою рушыў у піўніцу.

“Абакумчык… Леанід Мікалаевіч… вёска Сеўрукі… Смаленскай вобласьці… - адбіваліся ў мазгах радкі асабістай справы Абакумчыка. – Расеец… член ВКП(б)…” – бухалі кірзачы, стоена грукала сэрца, лопала на ветры радно з рэклямаю “Першай пальчаткі”. Не мінаючы лужын, сьледчы трэцяга аддзелу прайшоўся па самай глыбокай зь іх, пасьля чаго хада ягоная запаволілася і рассохлыя кірзачы разгублена зашоргалі па асфальце.

Дзіўнае пачуцьцё апанавала лейтэнанта. Яму раптам здалося, што ўсё наўкол: малады баксёр на франтоне кінатэатру, п’яныя інваліды, кусты пажоўклай акацыі, надрыўныя званкі трамваяў на скрыжаваньні, што ўсё гэта ўжо было, што ўсё гэта ён ужо чуў і бачыў у нейкія далёкія часіны. Лейтэнант наструніўся, намагаючыся пачуць яшчэ сякія-такія водгукі мінулага, і ў мазгах ягоных нарадзіліся два словы, якія на момант апанавалі сьвядомасьць.: “Смаленская вобласьць”.

“Так-так… Смаленская… была Заходняя. Радзіма Васі Цёркіна, Абакумчыка і Мазарына…”

- Трэба тэрмінова спраўдзіць – ці не з адной яны мясьціны, - уголас прашаптаў лейтэнант і, выцершы халодны пот з ілба, брыклівым подбегам кінуўся да трамвайнага прыпынку.

Раніцою, па дарозе ў прыбіральню, куды ён ішоў памыць рукі, лейтэнанта пераняў даручэнец Фаміных.

- Таварыш лейтэнант, вас у сорак дзявятай чакаюць…

Лейтэнант безуважна кіўнуў у адказ і толькі пазьней, у прыбіральні, падсунуўшы голаў пад халодны струмень, уцяміў сэнс пачутага.

“Сорак дзявятая камора. Катоўня на ніжнім паверсе падвалу. Трыццаць мэтраў пад зямлёй, а лямант чуваць ля кацельні. І хто там яго можа чакаць?” – з гэтаю думкаю лейтэнант зьняў кіцель, павесіў яго на цьвік і, заплюшчыўшы вочы, плюхнуў халоднай вады на грудзіну.

На трэцім падвальным паверсе сядзелі нацыяналісты. Пра гэта падвал распавядалі страшныя рэчы. Дзень і ноч там нема крычалі жанчыны, прарываючыся сваімі галасамі праз тоўстыя сьцены, раўлі мужыкі, і лейтэнант, як і астатнія “людзі з гары”, сыходзіў у падвал толькі па пільнай патрэбе. Не хацеў пэцкаць рукі, здароўкаючыся з падвальнымі касталомамі.

Намацаўшы кончыкамі пальцаў пукатыя літары на дзьвярах, лейтэнант зайшоў у камору і нечакана сутыкнуўся з палкоўніцкім азадкам. Начальнік сьледчай часткі стаяў сьпінай да дзьвярэй і, усьпёршы нагу на ўслон, даводзіў да бляску халявы юхтовых ботаў. Допыт, відаць, толькі што скончыўся: у каморы было задушна, пахла нечым паленым, а на падлозе, пад нагамі палкоўніка, валяўся скручаны з тоўстага дроту электрод. “Жанчыну катавалі”, - падумаў лейтэнант, утаропіўшыся на драцяную прыладу.

- Што лейтэнант, з жанчынамі справы ня маеш? – з уяўнай весялосьцю запытаўся палкоўнік, давёўшы да бляску левую халяву.

- Ня маю, таварыш палкоўнік, - сказаўшы гэта, лейтэнант насупіўся, вінавата панурыў вочы.

- Та-ак… гэта вам не з мужыкамі… З бабамі важданіна… - палкоўнік няроўнай хадою падышоў да стала, засунуў руку ў шуфляду, выцягнуў адтуль напакаваную супрацьгазавую сумку.

- Навязалі халеру, - напаўголасу працэдзіў палкоўнік, кіўком галавы запрашаючы лейтэнанта падысьці да стала. – Ёсьць магчымасьць разьвеяцца, лясным паветрам падыхаць… з маладзіцай якой пабавіцца. Га? Як ты, лейтэнант, ня супраць?

- Ня супраць, таварыш палкоўнік! – азваўся лейтэнант, прафэсійным нюхам учуўшы, што там, у нетрах брызэнтавай сумкі, тоіцца небясьпека.

Кінуўшы сумку на стол, палкоўнік адсопся, дастаў з кішэні складзеную ў некалькі столак мапу-пяцівёрстку.

- Ты ж, напэўна, чуў пра рэкультывацыю могільнікаў? Свойчас панаварочвалі… - палкоўнік адсунуў убок важкую сумку, расклаў мапу на стале.

- Вось тут, блізу Смаленска, дзевяцьсот дзевятнаццаты могільнік, - закарузлы палец тыцнуўся ў квадрацікі смаленскіх кварталаў, прапоўз уздоўж ракі і замёр на чорнай пляме паміж станцыяй Навасёлкі і населеным пунктам Сеўрукі.

- Да вайны тут палякаў зьліквідавалі. Войтаў, солтысаў розных… Вымушаная была мера. Ну, дык вось… Андэрсаўскія недабіткі са сваімі гаспадарамі вэрхал узьнялі. Міжнародныя камісіі ствараюць… Карацей, гэты могільнік павінен зьнікнуць. Кінулі мы на тую справу адмысловую роту, але маем праблемы. Рэжым сакрэтнасьці не захоўваецца, салдаты цягаюцца па навакольлі, да баб чапляюцца. На смаленскім базары насельніцтва шкодныя размовы пачынае весьці. У дзятвы ў кішэнях гузікі з польскімі арламі. Кажуць: “Салдаты далі, што магілы раскопваюць”, - на сківіцах палкоўніка зварухнуліся жаўлакі. – Сёньня ж здасі справы Кіквідзэ, а заўтра ўраньні выедзеш на месца. Першае, што зробіш, - камроты ў Смаленск выправіш. Потым… правядзеш чыстку сярод мясцовага насельніцтва. Ну, і апошняе: работу трэба скончыць не пазьней панядзелка. Аб дэталях даведаешся ў аддзеле. Усё зразумеў?

- Так точна, таварыш палкоўнік!

І таварыш палкоўнік, папярэдне ляпнуўшы сябе па лбе, выцягнуў з-пад стала дыхтоўны фібравы чамадан.

- Вось… параскідваеш там… - здушана вымавіў шэф, паклаў брызэнтавую сумку ў чамадан і працягнуў паклажу падначаленаму.

У канцы даўжэзнага, напаўцёмнага калідору гарэла самотная лямпачка. Калідор нагадваў апошнюю дарогу сьмертнікаў, і лейтэнанту здавалася, што вось зараз ён наступіць на хісткую цагліну, жудасны мэханізм спрацуе і ён упадзе, працяты скрыжаваным агнём чатырох аўтаматаў. Апанаваны жахам, лейтэнант спыніўся ў канцы калідора, азірнуўся і, кляцнуўшы чамаданнымі зашчапкамі, панурыў руку ў нетры супрацьгазавай сумкі. Тузін рознакалібэрных, пакрытых зялёнай пацінай гільз важка лёг на далонь. Рука здрыганулася, маленькая “вальтэраўская” гільза сьлізганула між пальцаў, стукнулася аб падлогу, і суцішны зык гэты зьліўся з кароткім словам “Канец”, якое прашаптаў лейтэнант. Цяпер толькі ўцяміў ён – у якую камандзіроўку хацеў адправіць палкоўнік Абакумчыка. “Заб’юць, заб’юць, сволачы… Скінуць зь цягніка ці застрэляць. І на “Чорную кошку” сьпішуць. Нямецкі сьвінец на энкавэдысцкім пахаваньні. З такой інфармацыяй толькі ў магілу…”

- У магілу! – прашаптаў лейтэнант, малітоўна закаціўшы вочы на лямпачку. – Божа, што мне рабіць? – упершыню за апошнія дваццаць гадоў ён згадаў Бога, і адбіткі самотнай лямпачкі іскрамі кволай надзеі мільганулі ў вачах.

“Камандзіроўка сканчваецца ў панядзелак. Калі да гэтага часу палкоўніка накрыюць, можна яшчэ ўратавацца. Са сьледчага ізалятару загад на ліквідацыю не дасі…” – спатыкаючыся на пакручастых сходах, нават забыўшыся зачыніць валізу, лейтэнант рынуўся наверх і праз гадзіну ўжо ліхаманкава выцягваў цагліны з коміну на гарышчы шматпавярховага дому на Махавой. Дастаўшы са схову фотакарткі з выяваю палкоўніка, лейтэнант сьцёр са здымкаў чырванаваты пыл і перавёў дых. На адным са здымкаў палкоўнік абдымаў балерыну Прэабражэнскую – улюбёную бацькавы выляжанку, а на другім, пажоўклым, па-аматарску невыразным, палкоўнік сядзеў на лаўцы ля будынку францускай місіі, а за ягонай сьпінай стаяў яшчэ нехта – падхорцісты, у шэрым пыльніку, якога можна было прыняць за францускага рэзыдэнта.

– Валадарства табе нябеснае, таварыш палкоўнік, - уголас падумаў лейтэнант і ўпершыню за апошнія дваццаць гадоў перахрысьціўся.

У высокім, колеру выцьвілай валошкі небе раставаў празрысты лядзяш поўні. Вецер яшчэ ад раньня разагнаў пахмуру, неба праясьнела, і толькі на даляглядзе, напамінкам аб мінулай непагодзе цягнулася палоска нізкіх хмар. Здавалася, што там, на даляглядзе, разьлілося вялізнае возера, і шызая, на паўсьвету разьлеглая палоска была ягоным уяўным берагам. Ці мала часу лейтэнант аглядаў бязьлюдны абшар, які нагадаў яму роднае Прыдняпроўе, потым ямчэй захінуў ватоўку і расправіў на каленях мапу-пяцівёрстку. На даваеннай, дарэшты зацёртай у пляншэтах пяцівёрстцы было пазначана штосьці зусім ня тое: хутары, цэрквы, млыны на рацэ Вядрошы. Не падымаючыся з валуну, лейтэнант яшчэ раз агледзеў навакольле, маракуючы, дзе гэта ён мог зьбіцца з дарогі, і пачуў раптам як непадалёку пырхнуў конь і мерна зарыпелі колы.

Лейтэнант пасьпеў выпаліць “беламорыну”, перш чым з-за шчытнай сьцяны маладога ельніку выплыла даўгагрывая конская галава. Матляючы ў такт хадзе галавой, конь цягнуў наладаваны мяхамі воз, а на самім возе сядзела, сонна ківаючыся ў бакі, вясковая баба. На чарговым пад’ёме, акурат насупраць валуна, конь спыніўся, прыпаў пысай да травы, і абуджаная баба спалохана ўсхапілася.

- Як я, да Сеўрукоў выйду? – запытаўся лейтэнант, адзначыўшы, што возьніца, якую ён прыняў за старую бабу, наяве аказалася маладой і прыгожай жанчынай.

Прыбраўшы з вачэй кудзеркі валасоў, жанчына пасьміхнулася і, запрашаючы садзіцца, пасунулася на край калёсаў.

- Сядайце, сядайце… Не глядзіце, што конь худы. Цяпер да самых Сеўрукоў з гары паедзем, - прамовіла жанчына зь мяккім беларускім акцэнтам, і лазовы дубец у яе руках са сьвістам разрэзаў паветра.

Калёсы трэсла неверагодна. Ад тае калатнечы ў лейтэнанта нават памутнела ў галаве, і ён ніяк ня мог уцяміць, пра якога гэта палкоўніка вядзе гаворку спадарожніца.

- Нам яго артылерысты падаравалі. На правую нагу прыпадаў. На ўвесь калгас толькі гэты конь. Але і то добра. У суседнім, імя Кагановіча, і таго няма. Збожжа са станцыі на сабе носяць, - спадарожніца балбатала без супыну, і калдобіны на дарозе ёй не заміналі.

Праселіца завярнула ў хваёвы пралесак, калёсы пакаціліся па шыльніку, і лейтэнант здолеў, нарэшце, зварухнуць прыкушаным пад час язды языком.

- А што… здаецца, калісьці тут царква стаяла? – запытаўся ён, сьлізгаючы вачамі на дзідах хваёвых вершнякоў.

- Была царква. Нават дзьве. Адну дык яшчэ да вайны ў клюб перарабілі, а другую, што на гары стаяла, дык пазалетась… на печы разабралі.

- Цяжка, гляджу, вам тут, - прамовіў лейтэнант, скасіўшы вока на калена спадарожніцы.

- Анягож, - спадарожніца хвастанула Палкоўніка, памаўчала трохі і, павярнуўшы да лейтэнанта забранзавелы ад загару твар, акрыялым голасам запытала: - А вы да нас з раёну ці з самой вобласьці?

- З раёну. Па каморніцкай справе.

- Землеўпарадчык, значыцца?

- Ён самы, - кіўнуў лейтэнант, не адрываючы вачэй ад жаночых каленяў.

- То ж заходзьце, як час будзе. Я адна жыву…

На кароткі міг лейтэнант застыў у нерухомасьці. Прапанова была спакусьлівай, але ж служба… Лейтэнант возіркам глянуў на жанчыну і, сказаўшы сабе кароткае слова “Адставіць!”, скочыў з калёс.

- Калі тут заходзіць?... Загадалі ў аддзеле вунь тую гару абмерыць. Пайду, зірну.

- Ці ж пусьцяць вас туды? – зь нечаканай пасьпешнасьцю адказала жанчына. – Салдаты там нейкую халеру капаюць.

- Салдаты? – перапытаў лейтэнант.

Тоячы нейкія свае думкі, жанчына маўчала хвіліну, потым схамянулася, загаварыла таропка і блытана:

- Гэта ж у аўторак мне была чарга бульбу вартаваць. Цалюткую ноч пад вярбою адтрэслася. Халодна было. Ага. І вось на золку чую – машына едзе. Прыгледзелася гэта я, ажнуль гэта вайскоўцаў машына, ну тых, што на Каінавай гары поркаюцца. Вялікая такая машына, з будкай замест кузаву. Ну-тка, думаю, пагляджу я, куды гэта вайскоўцы такой раніцай едуць. Глянула, а машына да могілак па’ехала і там, насупраць брацкай магілы, і супынілася. Прыгледзелася, значыць, працерла вочы, а магіла ж тая раскапаная! Ну, думаю, звозяць партызан забітых зь безназоўных магіл у адну вялікую. Пра гэта яшчэ на сходзе казалі. Ага. І вось бачу: штосьці там такое пасыпалася. Падпаўзла бліжэй і як не самлела. Гэта ж цэлую машыну чарапоў з машыны скінулі. Тут я і сьцяміла – з Каінавай гары чарапы. Перад вайной там ворагаў народу забівалі… Ну, шкоднікаў там розных… Вайскоўцы тыя магілы і раскапалі. Дык вось я і кажу: як жа так… нашых салдацікаў разам са шкоднікамі хаваюць.

- Тое, што вы сказалі, папросту ня месьціцца ў галаве, - лейтэнантаў голас дрыжэў ад абурэньня. – Буду ўзьнімаць гэтае пытаньне на партактыве.

- Толькі ж не кажыце, што ад мяне пачулі, - войкнула жанчына, прыкрыўшы вусны ражком заношанай хусткі.

- За гэта не хвалюйцеся. Магіла! Дарэчы, як вас завуць?

- Клаваю… Ад могілак – першая зямлянка. Калі што – заходзьце.

- Зойдзем, абавязкова зойдзем, - ледзь чутна прамовіў лейтэнант і, зьняўшы з галавы аблавух, памахаў жанчыне на разьвітаньне.

Раніца наступнага дня абяцала пагоду. Празрыстым было нябеснае прадоньне, вымытае дажджамі сонца адбірала вочы, а ранішняе паветра і ручаёвая вада аж да сьвербу ў пахвіне бадзёрылі цела. Пахвіна й сапраўды зайшлася ад сьвербу, калі камроты Максімаў, чэрпнуўшы вады з ручая, кульнуў вядро не на выстаўленыя прыгаршчы, а на голую сьпіну лейтэнанта. Лейтэнант крэкнуў, страсянуў, нібыта той сабака, адвіслай чупрынай і, паскакаўшы на назе, каб выліць ваду з вуха, прыхапіў працягнуты Максімавым ручнік.

- Добра тут у цябе, - выдыхнуў лейтэнант, расьціраючы магутную грудзіну. – Як на курорце. Адно кепска – мора няма.

- Ці да мора тут? – гнятліва ўздыхнуў камроты, і вушы ягоныя, якія прагнулі пачуць словы спагады, яшчэ больш натапырыліся.

- Ну што ты млееш! Зьядуць цябе ў тым упраўленьні, ці што? Можа і выклікаюць, каб у адпачынак адправіць, - выцяўшы нагой па ўчарнелай рабрыне, якімі было скрозь засеянае навакольле, лейтэнант даверліва-пацішэлым голасам запытаўся: - Ты, часам, з Клаваю не знаёмы? Ладная такая баба… У Сеўруках жыве, першая зямлянка ад могілак.

- Якія там бабы… Жартуеце, таварыш упаўнаважаны? – прабурчэў суразмоўнік, а ўпаўнаважаны, задаволена рагатнуўшы, працягваў:

- Зусім ты ачах. Ужо і бабамі не цікавішся. А я дык маю грэх. Як гляну на якую – сэрца заходзіцца. Цяпер вось гэтая сеўрукоўская маладзіца спакою пазбавіла, - лейтэнант сьмяшлівым вокам зірнуў на Максімава, даючы таму зразумець, што гэта жарт, і, ужо бяз жартачак, прамармытаў: - Просьба ёсьць. Будзеш ехаць – завярні ў вёску, прыхапі гэтую Клаву. Прозьвішча, на жаль, ня ведаю. Ну, ды сам знойдзеш – у зямлянцы, каля могілак жыве. Я там суправаджальнага ліста напісаў – перадасі ў прыёмную. І яшчэ… пасыгналь з дарогі, гляну, ці тая… - ня скончыўшы фразы лейтэнант зьнямеў, наструніў слых, тыцнуў пальцам у неба. – Сфальшывіў, - прамовіў ён, уздыхнуўшы, і зь нейкім шкадаваньнем у голасе дадаў: - Сам дудзеў калісьці…

Салдатам на Каінавай гары ігралі ранішнюю пабудку.

Гудок аўтамашыны засьпеў лейтэнанта ў самы нязручны момант. Лейтэнант галіўся. Дакладней, нават не галіўся, а заміраў ад асалоды. Якое гэта было лязо! Золінгенаўская сталь, гамбурская наводка, маціцовыя тронкі. Лейтэнант даўно шукаў такое. І вось знайшоў! У чамадане ў Максімава. Ну, і рэквізаваў, вядома. Не пакідаць жа дабро нейкім там смаленскім апэратыўнікам.

Прыслухаўшыся да гуду, лейтэнант скрывіўся, выцер падбародзьдзе абрыўкам газэты і, прыхапіўшы бінокль, выйшаў з намёту.

Баба, вядома, была ня тая: надта ж нізкарослая, ды і апраненая зусім па-іншаму. Зьлізнуўшы з губы рэшткі мыльнай пены, лейтэнант плюнуў, смачна вылаяўся і рушыў да машыны.

- Каго ты прывёз? – крыкнуў ён Максімаву, калі да машыны заставалася яшчэ добрая сотня мэтраў. Камроты выпіхнуў бабу з кузаву і тая абхапіла рукамі кола.

- А таварышок… А дачушка ж у мяне… а чым жа я правінілася? – маленькае, спавітае нямецкім шынялём стварэньне, галасіла на ўсю акругу.

- От, ты яшчэ… Сядай, назад адвязем, - крыкнуў лейтэнант, але стварэньне і ня думала садзіцца: ямчэй абхапіла кола й залямантавала яшчэ натужлівей.

Толькі праз чвэрць гадзіны ўдалося ўпіхнуць тую вар’ятку ў кабіну, пры гэтым камроты Максімаў вывіхнуў палец, а шафёр “студэбэкеру” падраў свае дыхтоўныя дыяганалевыя брыджы.

“Толькі б з аб’екту вывезьці”, - падумаў лейтэнант, калі машына скранулася зь месца. Паціраючы ўкушаны азадак, ён з насьцярогаю паглядзеў на жанчыну, але тая, на шчасьце, больш не буяніла.

- Так яно лепей, - задаволена перавёў дых лейтэнант і, уладкаваўшыся на прадушаным сядзеньні, скіраваў позірк на дарогу.

Спачатку ён і не зразумеў – што там мільганула за кустамі, а калі “студэр”, адчайна завыўшы рухавіком, узьехаў на пагорак, убачыў: насустрач машыне бегла жанчына з двума малымі.

- А дачушка ж ты мая Кацечка, - выдыхнула на вуха кусьлівая баба, прымусіўшы ямчэй ухапіцца за дзьверцы.

- Твае? – запытаўся лейтэнант, калі машына скінула абароты.

- Мае, мае, таварышок. Дачушка мая Кацечка… суседка Тацяна… сынок яе Хведзя… - ступіўшы на падножку, лейтэнант выцягнуў бабу з кабінкі і, каб тая не патрапіла пад колы, штурхнуў у прыдарожныя хмызы.

Машына пайшла на разварот, галава Ягора Іванавіча матлянулася, сьлізганула скроньню па шкле. Правае вока ягонае раскрылася і з ашклянелаю абыякавасьцю зірнула на сьвет. У змроку дажджыстага заваконьня мільгнулі мокрыя дрэвы, праплыў бэтонны мур і ўрэшце міргатлівы сьвет за вакном застыў у незварушнасьці двухпавярховага лецішча. Працягла, як той воўк на піліпаўку, заскавытаў сабака. Мужчынскі голас загадаў сабаку аціхнуць, на лецішчы грукнулі дзьверы, і рэха гулкіх крокаў выразна адбіліся ў цішы.

- Што, зноў сьпіць?

- Сьпіць, таварыш палкоўнік… Ад самага Беларускага. Як сеў, так і заснуў адразу, - шафёр Мікола спрытным рухам уключыў перадачу. – Здае стары, - сын з замілаваньнем зірнуў на бацьку, з крэканьнем залез у машыну.

- “Трэці” выходзіў, таварыш палкоўнік. Ці то з дому, ці то з упраўленьня. Я так і не зразумеў. Прасіў зь ім зьвязацца.

Палкоўнік паморшчыўся, правёў далоньню па твары, зь відочнай неахвотаю пацягнуўся да рацыі.

- Цэнтральная? З “трэцім” злучыце, - прамовіў ён, прыціснуўшы слухаўку да вуха, і тая пасьля кароткага маўчаньня стамлёна азвалася:

- Злучаю.

У гэты момант вусны Ягора Іванавіча зварухнуліся ў памкненьні сказаць нешта, ды так нічога і не сказалі. У схаладнелых мазгах яшчэ тлелі нейкія вобразы, вушы яшчэ ўспрымалі нейкія зыкі, і голас упраўленскай тэлефаністкі падаўся яму голасам кусьлівай жанчыны, якую ён на хаду скінуў з машыны ў далёкім сорак шостым годзе.

Панурыўшы твар у прыпол матчынай спадніцы, дзяўчынка ці то плакала, ці то проста спачывала, раз-пораз пацепваючы вострымі плечукамі. Маці лашчыла яе стрыжаную галоўку, люляла на каленях і, нічога не заўважаючы навокал, ціхім голасам прамаўляла:

- Як ужо на тую гару ўзьехалі, так я і самлела. Думала – усё… лягу ў зямельку. Ды ня даў Бог памерці. Зьлітасьцівіўся. Каб ня Ён – ляжала б зараз побач зь Мішам.

- Ну што ты, Клава, гаворыш! – азвалася сяброўка, гарбаценькая кабетка, што стаяла ў яе за сьпінаю, зрываючы з шынялю засохлыя шышкі дзядоўніку. – Сама ж чула – у Коміасасэры ён. На шахце працуе. Жывы і здаровы… Хведзька, ці знайшоў? – перавяла размову на іншае кабетка, і адказам ёй быў невыразны хлапечы голас:

- Нясу ўжо!

Набіўшы рот перасьпелай ажынай, Хведзька вылез кустоў, трымаючы ў руцэ згублены цёткай атопак.

- Ну, абувай… ды падымайцеся, а то зямля халодная, Кацю прасьцюдзіш, - гарбуха выхапіла з Хведзькавых рук атопак і, зьвяртаючыся да сына, злавесна выдыхнула: - А ты… будзеш цягацца на гару… усе вушы паабрываю. А бацька прыедзе, скажу, каб дубцом пачаставаў… - слухаючы матчыны пагрозы, Хведзька натапырыўся, шморгнуў носам, а ўбачыўшы, што дзяўчынка падняла голаў, употай паказаў ёй кулак.

- Цётка Таня, а Хведзька з гары чарапок прынёс. Нямецкі крыж на ім намаляваў і на бярэзіну павесіў, - не засталася ў даўгу дзяўчынка і, зірнуўшы на Хведзьку, паказала язык.

- Які такі чарапок? – зьякавела гарбуха, на ўсякі выпадак схапіўшы Хведзьку за вуха.

- Ну, чалавечы. Якія салдаты капаюць.

Рука цёткі Тані сьлізганула па сынавым плечуку, завісла ў паветры і паволі лягла на грудзіну, на тое месца, дзе ёкнула цётчына сэрца.

Чарапок вісеў на суку, пазіраючы на сьвет пустымі вачніцамі. Маленькі, перапэцканы ў сажу, ён, здавалася, мог належаць дзіцёнку, і толькі шыхт зубных пратэзаў ды самі зубы – буйныя і пажоўклыя, пераконвалі, што на Каінавай гары быў забіты дарослы.

Пераводзячы дых, жанкі пераглянуліся, паслухалі, ці ня чутна дзе тая страшная машына, і адна зь іх нерашуча падышла да бярэзіны. Жанчына доўга глядзела на чэрап, не рашаючыся ўзяць у рукі, а калі сяброўка яе аклікнула, тая азірнулася і, абхапіўшы рукамі дрэва, паволі спаўзла на зямлю.

– М-міша! Міша ты мой… Вунь і зубы твае жалезныя, што ў Маскве паставілі, - вусьцішна вымавіла жанчына, ударылася галавой аб камель, залямантавала нема і безразважна: - А Міша ж ты мой… А забілі ж яны цябе, родненькага-а…

- Клава, аціхні! Заберуць! – пляснула рукамі сяброўка, - у цябе ж дачушка. Пра яе падумай. Чуеш?! – У гэты момант дзесьці на другім канцы вёскі загула машына, і Клава, гучна шморгнуўшы носам, аціхла.

- Зусім здурнела баба. У Мішы ж два жалезныя зубы былі, а тут чатыры, - прашаптала Клава і нечакана зноў заплакала, заглушыўшы плачам сваім натужлівы гуд машыны пад гарой.

Увечары, густой імжыстай цемрай, жанкі прабраліся на могілкі, выкапалі каля агароджы ямку і апусьцілі туды маленькую фанэрную скрынку. Прысыпаўшы яму зямлёй, Тацяна ўторкнула ў пяшчысты грудок два перавязаныя лазовы пруткі, сьцішана прамовіла:

- Хай хоць гэтыя косткі на могілках спачынуць.

- Хай спачынуць, - падтакнула ёй Клава і, падымаючыся на ногі, з глыбокім уздыхам прашаптала: - Добра табе… Мужык з арміі вернецца. Зажывеце. А мне як… з дачкой? – сказаўшы гэта, Клава хацела яшчэ раз пачуць, што Міша жывы, што яго бачылі на шахце пад Варкутою, ды нічога такога не пачула. Сяброўка зьнянацку абмякла, апусьцілася на зямлю і, прыкрыўзшы твар рукамі, заплакала роспачна і ціха:

- Хведзька, бедненькі, кожны дзень на станцыю бегае. Бацьку пільнуе. А бацька… тры месяцы вестачкі няма. А пісаў жа – еду, цукерак сыну вязу, - і ўжо Клаве давялося супакойваць сяброўку, казаць ёй няшчырыя словы, што муж вернецца, што кот Васька цэлы дзень намываў гасьцей, і золкая імжака сеялася навокал, робячы кастрычніцкую цемрадзь яшчэ больш густою і непрагляднаю.

Сагнаўшы з дарогі нейкіх кабет, “Волга” прывітала кароткім гудком паставога міліцыянта і загамавала ля сходаў басэйну.

- Сёмая гадзіна, а тарбешнікаў поўны горад, - прамовіў Мікола, зь цікаўнасьцю зірнуўшы ў задняе шкло. Там, за шклом, у дажджыстым паўзмроку, малады міліцыянт ужо клікаў да сябе двух немаладых, ачмурэлых ад гарадзкога тлуму кабет.

- Пераблытала вёска басэйн з гастраномам. Зараз ім Федарчук дасьць дыхту, - Мікола рагатнуў, запабежліва крутнуў галавою. – А Іванавіч разаспаўся! Ажнуль рот разявіў.

- Не высыпаецца стары, на раматус пакутуе, - палкоўнік працёр рукой запацелую шыбу. – Як там, Хачык не пад’ехаў?

- Едзе, таварыш палкоўнік. Гэты на бессань ня скардзіцца.

Выцягнуўшы ногі, палкоўнік салодка, аж да хрусту ў каленях пацягнуўся.

- Нічога, злазіць на палок, Хачык масаж зробіць – адразу ачуняе. Як ты наконт масажу? Чуеш, бацька?

Цярусіць дождж, шапаціць па даху легкавушкі, мутнымі рагамі зьбягае па шкле, і сьвет за вакном паўстае фантастычна-перакручаным: вужакамі віюцца стромкія калёны басэйну, цыбатыя ногі масажыста Хачыка, які падымаецца па сходах, аддзяляюцца ад тулава і бягуць паасобку, галава паставога Федарчука спаўзае з плячэй і расплываецца мутнаю плямай, а далёкія постаці кабет торгаюцца ў дажджавых кроплях, ствараючы ўражаньне шалёнага бегу.

Цёткі і папраўдзе беглі, што мелі сілы. Наперадзе, цяжка сапучы, бегла старэйшая, увішная гарбуха ў плюшавай кацавейцы. Мацаючы пад грудзямі кашэль з грашыма, гарбуха задыхана прамаўляла:

- Добра яшчэ, што міліцыянэр добры… штраф не плацілі.

- Рана вылезьлі… Трэба было да “Сокала” ехаць, - адзывалася маладзейшая, бегчы якой замінала аграмадная, надзьмутая ветрам торба.

Надрыўная сырэна, што прагучала за сьпінамі, прымусіла жанок азірнуцца. Драпежна абсеўшы на заднія колы, зьбіваючы ссохлае лісьце з клёнаў і захліпана сыгналячы, насустрач ім ляцела тая самая чорная “Волга”.

- Ці не за намі? – высокім дыскантам загаласіла гарбуха і, замест таго, каб сысьці з дарогі, бязвольна асунулася на асфальт.

Калі машына была ўжо зусім блізка і дробна віхлялася, маракуючы, як аб’ехаць гэтых чортавых жанок, маладзейшая адчайна абхапіла гарбуху і выкуліла на ўзьмежак дарогі. “Волга” праляцела міма, паліла жанок вадою з-пад колаў, са страшным скавытаньнем выруліла на праспэкт.

- Чаго ты з дарогі не сыходзіла? – пралепятала маладзейшая, падымаючыся з мокрага асфальту.

- Баюся я гэтых чорных машын, - голас гарбухі быў падазрона мэлянхалічны. – Чуе маё сэрца… гэта яны майго Пецечку зьвезьлі…

- Што ты такое кажаш? Тады ж і машын такіх не было. – Маладзейшая няўзнак азірнулася. – Уставай, вунь ізноў той міліцыянэр ідзе.

- А дастань жа ты мне, Кацечка, хусьцінку, твар уцерці, а то ў мяне рукі калоцяцца, - заенчыла старая, спрабуючы падняцца на ногі.

Кацярына выцягнула зь цётчынай кішэні насоўку, стрэсла зь яе нейкую прыліплую паперку і, правёўшы насоўкай па цётчыным лобе, падняла старую на ногі.

- Пайшлі хутчэй, а то сапраўды штраф улепяць, - выдыхнула Кацярына, і жанкі жвава патрухалі па алеі.

Паперка, што выпала зь цётчынай кішэні, паляцела была ім наўздагон, ды неўзабаве захрасла ў лужыне. На паперцы, калі ўважліва прыгледзецца, можна было прачытаць: “Каўбасы пяць кіло. Сасісак колькі зможаш”, і ніжэй, пад тымі няроўнымі радкамі, руплівым дзіцячым почыркам было выведзена: “Мадэль самалёта і кукурузныя палачкі”. Хвіліну паперка бялела на асфальце, а потым зьнікла з вачэй, уціснутая ў слату падэшвай міліцэйскага бота.


Загрузка...