20 мая пачаліся работы на будаўнічай пляцоўцы нафтаперапрацоўчага завода. Пакуль што быў створаны толькі прарабскі ўчастак. На месцы будучага завода-гіганта рабочыя высякалі хмызняк, складалі яго ў лаўжы, а на ачышчаных пляцоўках пачыналі закладаць падмуркі складаў пад абсталяванне i будаўнічыя матэрыялы, пачыналі будаваць памяшканне вучэбнага камбіната i сталовую, a самі пакуль што абедалі па-паходнаму, пад невялічкаю павеццю, што прытулілася да маладога бярэзніку. У першы дзень работ на новым рубяжы будаўніцтва быў узняты чырвона-зялёны флаг нашай рэспублікі. Да слупа імправізаванай сталовай прымацаваны фанерны плакат: «Закончым будаўніцтва першай чаргі беларускага нафтагіганта на год раней тэрміну!»
Убачыўшы тое, што зрабілі маладыя будаўнікі за дзесяць месяцаў, верыш кожнаму ix абавязацельству, кожнаму ix слову. Зробяць, пабудуюць, скараціўшы ўсе тэрміны i графікі, бо будуюць самі гаспадары свой горад маладосці, горад першай сямігодкі. I аблічча яго не будзе падобна на тыя гарады, што будаваліся нашымі продкамі i бацькамі. Тут — гарманічнае спалучэнне некранутай прыроды i самай дасканалай тэхнікі сучаснага горадабудавання. Кожны кусцік, кожнае дрэва ў лесе клапатліва ахоўваюцца будаўнікамі. Лес павінен застацца лесам — з чарнічнікам i вываратамі, з грыбнымі мясцінамі i чыстымі азярынкамі крынічнай вады, з імшарынамі i птушынымі гнёздамі. Голле гэтага старога бору ўжо цяпер калышацца пад вокнамі трохпавярховых дамоў, з паркетам i паравым ацяплепнем, з халадзільнікамі i ваннамі. Ад жылога гарадка вытворчую базу аддзяляе векавы бор, што працягнуўся на пяць кіламетраў ушыркі. У ім будуць пабудаваны санаторыі i піянерскія лагеры, дамы адпачынку i рабочая паліклініка.
Паміж заводам i вытворчаю базаю застаецца некранутая трохкіламетровая зялёная зона, што падыходзіць да самай Дзвіны. А на вуліцах гарадка ўжо шумяць маладыя прысады.
Смалістыя бары, верасовыя паляны i лясныя кветкі напоўняць новы горад водарам жыцця i сілы, прынясуць здароўе i радасць жыхарам беларускага нафтагорада. Тут усё — для чалавека, для яго будучага, для яго дзяцей. На нашых вачах расце горад камуністычнага заўтра, які праз некалькі год стане прамысловым раёнам старажытнага Полацка, магутным цэнтрам Савецкай Беларусі.
I сёння працоўныя будні чаргуюцца з урачыстасцямі перамог: амаль праз дзень начальнік будаўнічага ўпраўлення Рыгор Васільевіч Сабко здае дзяржаўнай камісіі то новы 16-кватэрны дом, то цудоўны будынак сталовай, якая можа ўпрыгожыць любы раённы цэнтр, то кінатэатр, то прадуктовы магазін, не горшы за многія сталічныя. Патрабавальная i прыдзірлівая камісія заўважае кожную шчыліну ў дзвярах, дрэнна закітаваную шыбу, няроўна пафарбаваную падлогу i праз такія «дробязі» не прымае аб'ект. Будаўнікі хвалююцца i крыўдзяцца, але старшыня дзяржаўнай камісіі няўмольны.
— Калі б вы так зрабілі асабіста для мяне, я, магчыма, i прыняў бы, а вы ж будуеце не толькі сабе, але i сваім нашчадкам. Перарабіце! Не хачу, каб вам перад імі было сорамна.
I перарабляюць. Праходзіць дзень, два — i над новым аб'ектам уздымаецца чырвона-зялёны флаг. Глядзіш на гэтыя флагі i здагадваешся, што ўжо ўступіла ў строй сталовая, кінатэатр, новы жылы дом, гараж. Асабліва прыгожа выглядаў дом каля самага лесу, у якім адкрываўся першы ў гісторыі гарадка піянерскі лагер. На арцы i на франтоне трапяталі ад ветру сцяжкі. Рабочы полацкага завода будаўнічых дэталей прывёў свайго адзінаццацігадовага сына ў лагер нафтабудаўцаў.
— Тата, а татачка, якое сягоння свята? — пытае хлапчук.
— Ніякага свята няма, сынок. Бачыш, усе працуюць.
— А чаму столькі флагаў развешана?
— Э... э... тут кожны дзень свята. Як закончаць новы будынак, так i сцяг павесяць — святкуюць будаўнікі перамогу. Вось хутка i на школе з'явіцца сцяг, ужо i вокны зашклілі, i пляцоўку асфальтам залілі.
Але ў сярэдзіне школы яшчэ стукалі сантэхмантажнікі, маляры шпаклявалі дзверы i адцягвалі панэлі ў калідорах i школьнай сталоўцы, сталяры абсталёўвалі спартыўыую залу. Школа была ўдарным аб'ектам ударнай будоўлі. Да майстра кожны дзень прыходзілі добраахвотнікі, пытаючы: «Можа трэба чым дапамагчы?» Ішлі тыя, што не паспелі закончыць сярэднюю школу i марылі сесці за парту пасля работы, прыходзілі бацькі першакласнікаў, i кожны прапаноўваў сваю дапамогу. Па некалькі разоў на дзень у школу заходзілі Сабко, Катаводаў i галоўны інжынер трэста Плоткін, не дапускаючы перабояў у забеспячэнні матэрыяламі, прастояў механізмаў.
Першага верасня над дахам школы ўзвіўся чырвоны сцяг, упершыню зазвінеў званок — зранку за парты селі дзеці будаўнікоў, a ўвечары — маладыя муляры i тынкоўшчыкі, шафёры i бетоншчыкі, тыя, хто будаваў школу сабе i сваім нашчадкам. У дзесятым класе вучыцца Каця Ніколіна. Пачатак навучальнага года супаў з вялікай радасцю ў яе жыцці — Кацю прынялі ў рады Камуністычнай партыі. У восьмы клас прыйшлі муляр нафтабуда, завочніца Мінскага энергетычнага тэхнікума Ліля Ашурак i работніца УНР-124 Рая Курыловіч, селі за парты вячэрняй школы Генадзь Быкаў i Мікола Маскевіч — больш за 300 юнакоў i дзяўчат вучацца цяпер у сваёй вячэрняй школе рабочай моладзі. Часам каля настаўніцкай можна сустрэць былых выпускніц Смалоўскай школы, выдатных тынкоўшчыц Галю Германтаву i Раю Бацінька. Цяпер яны, студэнткі-завочніцы Віцебскага педінстытута, прыйшлі на кансультацыю да сваіх будучых калег.
— Вось збудуем завод, закончым інстытут i прыйдзем настаўнічаць у гэтую школу. Тут жа ёсць частка i нашай працы,— гавораць студэнткі-тынкоўшчыцы.
...Вечарамі самы юны горад нашай рэспублікі заліты злектрычнымі агнямі. Ідуць заняткі ў школе, у кінатэатры дэманструецца новы фільм, у чырвоных кутках інтэрнатаў праводзяцца палітзапяткі. У рацыяналізатарскім бюро над чарцёжнымі сталамі схіліліся электраманцёр Лебедзеў i прараб Варашок — яны заканчваюць афармленне тэхнічнай дакументацыі на свае вынаходствы. У новых дамах іграюць баяны i гучаць суладныя песні — гэта брыгадзір тынкоўшчыкаў Мікола Завадскі, шафёр Iван Канапелька i асфальціроўшчык Міхась Лазуцкі спраўляюць наваселле.
A заўтра раніцою пачнецца новы працоўны дзень на новым рубяжы першай сямігодкі.