Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад'ёмнікаў, a ўвесь дзень імжэў не то дождж, не то снег. За змену целагрэйкі прамакалі невылёт i пачыналі пахнуць нейкаю балотнаю тхлінай. Над самымі рыштаваннямі вісела нізкае шэрае неба, нібы прыціскаючы кожнага да зямлі. Позна світала i рана змяркалася. Можа таму i настрой у некаторых быў пахмуры, як гэтыя шэрыя снежаньскія дні.
Але скончыўшы змену, кожны азіраў свой гарадок i заўважаў, што ён вырас за гэты дзень: задыміла труба ў новай лазні, з'явіліся дахі яшчэ на трох інтэрнатах, паставілі кроквы на кінатэатры, перакрылі аконныя праёмы на будынку школы. У гэтыя дні каля вёскі Новы Двор разгарнуў сваю работу УНР-126 па будаўніцтву вытворчай базы нафтаперапрацоўчага завода. Тут закладваюцца дзесяткі заводаў будаўнічых матэрыялаў: палігоны жалезабетонных канструкцый, магутныя растворныя вузлы, заводы шлакабетонных блокаў, гіпсавых перагародак, цэментныя i бетонныя заводы. Пад ix закладку трэба было капаць катлаваны — выняць сотні тысяч кубаметраў зямлі. 10 снежня на будаўнічую пляцоўку вытворчай базы прыбыла з Мінска першая механізаваная брыгада камуністычнай працы на чале з праслаўленым беларускім бульдазерыстам Героем Сацыялістычнай Працы Сымонам Місуновым. Загулі бульдозеры i экскаватары, нібы дыктуючы тэмп працы ўсёй будоўлі. Гледзячы на старэйшых сяброў, у спаборніцтва за званне брыгад камуністычнай працы ўключыліся тынкоўшчыкі Галіны Сяргун, маляры Марыі Брыкоўскай i бетоншчыкі Пятра Блахіна.
Пеця Блахін, як ласкава ўсе завуць яго на будоўлі, у 1957 годзе скончыў Нізкаборскую сярэднюю школу ў Суражскім раёне i адразу па камсамольскай пуцёўцы паехаў асвойваць цаліну ў Кустанайскіх стэпах. Спакойны, разважлівы, з практычным розумам, высокі хлапец з Беларусі адразу спадабаўся ўсім навасёлам цаліннага саўгаса. За што б ні ўзяўся камсамолец Блахін, усё ў яго выходзіла так, нібы ён дзесяткі гадоў толькі гэтым i займаўся: браўся за сякеру — i яму мог пазайздросціць любы цясляр, цагляная сцяна з-пад яго кельмы выходзіла, як адлітая. I ўсё ён рабіў з любоўю i стараннем, спакойна i ўпэўпена, без мітусні i абыякавай паспешлівасці. А вясной ён дачуўся, што каля Полацка пачынаецца будаўніцтва першага ў рэспубліцы нафтаперапрацоўчага завода. У гэтым старажытным горадзе, на заводзе шклянога валакна, працуе яго старэйшая сястра, i Пеця ў першым жа лісце засыпаў яе пытаннямі пра будоўлю на Дзвіне. Не так проста добраму работніку адпрасіцца ў родныя мясціны, але i тут Блахіну пашанцавала: у ліпені ён ужо чакаў свае чаргі каля хаты Ганны Мікалаеўны Плаксы. Цяпер на дзвярах гэтай канцавой хаты вісела шыльда, напісаная чарцёжпым шрыфтам на аркушы пажоўклага ад сонца ватмана: «Упраўленне начальніка работ — 121, трэста «Нафтабуд».
Тут Блахіна назначылі ў брыгаду муляроў, а як толькі пачаліся работы на будаўніцтве вытворчай базы, Пеця Блахін узначаліў брыгаду бетоншчыкаў. З нейчай лёгкай рукі яе пачалі зваць «першым курсам будфака»: усе яе члены былі выпускнікі сярэдніх школ, i не якія-небудзь троечнікі, якім не было куды дзецца пасля дзесяцігодкі! Тут бетоншчыкам працуе Аляксандр Гугнін, што ўвесну 1958 года скончыў Полацкую сярэднюю школу з залатым медалём, i Мікола Пышко, i Гаўрыла Вярыга, i Алесь Пазняк, атэстаты якіх не сорам паказаць любой прыёмнай камісіі любога інстытута. Паказчыкамі i якасцю працы ix брыгады ганарыцца ўся камсамольская арганізацыя трэста, увесь калектыў нафтабуда. 196, 201, 214 працэнтаў выканання — такія лічбы заўсёды стаяць супраць прозвішча Блахіна на дошцы паказчыкаў.
На будаўнічай пляцоўцы бетоншчыкаў адразу i не адшукаеш: яны ў глыбокіх катлаванах, падрыхтаваных брыгадай Місунова, робяць апалубку, ставяць арматуру, заліваюць бетонам падмуркі будучых цэхаў i заводаў. Але як весела i дружна працуюць учарашнія дзесяцікласнікі, колькі кемлівасці i выпаходлівасці праяўляе кожны з ix, якія цікавыя гаворкі вядуць яны ў час перапынку аб кнігах Кочатава i Рэмарка, аб вершах Блока i Сельвінскага, горача спрачаюцца аб фельетоне, толькі што прачытаным у «Чырвонай змене» або ў «Комсомольской правде». I не дзіўна, што кожны пакой інтэрната маладых нафтабудаўцаў хутчэй нагадвае студэнцкі інтэрнат, чым інтэрнат будаўнічых рабочых. Над кожным ложкам — палічкі з кнігамі, на сценах — партрэты любімых пісьменнікаў i рэпрадукцыі з карцін славутых мастакоў, на тумбачках — падручнікі па трыганаметрыі, фізіцы i хіміі, канспекты i сшыткі.
— У інстытут рыхтуецеся? — спытаешся ў чубатага хлапца, што схіліўся над падручнікам.
— Пакуль не, але вучыцца прыйдзецца. Каб працаваць на заводзе, які мы будуем, трэба мець грунтоўную адукацыю. Вось i брыгадзір наш, ды i многія з нас мараць вучыцца на завочным аддзяленні Маскоўскага нафтавага інстытута.
— А чаму не на схацыянары?
— Толькі абыякавы чалавек можа кінуць пачатую справу, не скончыўшы яе,— адказвае Мікола Пышко.— Хіба ж цяпер мяне адарвеш ад таго, што тут зроблена i робіцца кожны дзень? Вось быў я не так даўно ў адпачынку, у бацькоў на Гродзеншчыне, i так закарцела хутчэй вярнуцца сюды, што дзён за пяць да тэрміпу пачаў збірацца ў дарогу.
— Куды ты спяшаешся, сынок? — занепакоілася маці.— Можа, чым табе не ўгадзіла?
— Што ты, мамачка, лепш i не трэба, але ж дадому пара,— не падумаўшы, растлумачыў я.
— Дзе ж твой дом, сынок? Няўжо ты нас зусім цураешся? Хто ж цябе там так прысушыў да таго Полацку? — ледзь не плачучы, дапытвалася маці.
— I сапраўды, нібы прысмактала мяне да гэтай зямлі, нібы прырос да нашай брыгады, а з хлопцамі, якіх ведаю толькі год, здаецца, рос з самага маленства i ўжо жыць без ix не магу.
Так разважае кожны член брыгады Блахіна, так разважае амаль кожны малады рабочы юнага горада на Дзвіне. Але яшчэ не усе бетоншчыкі працуюць так, як «першы курс будфака» Пеці Блахіна. Побач з яго брыгадай стаўляюць апалубку i арматуру такія ж маладыя i здатныя хлопцы, як i яго, а скончыцца дзень i глядзіш — ледзь дацягнулі да 9З нрацэнтаў. Назаўтра прыйдуць, а на аб'екце няма ніводнага апалубачнага шчыта, не рассартавана арматура, не падрыхтаваны цвікі, «схапіўся» бетон да пачатку змены. Сядзяць без работы, лаюцца, папракаюць свайго брыгадзіра Міколу Рудзенчыка, а той бегае, крычыць, размахвае рукамі, абвінавачвае майстра, прараба, а справа стаіць на месцы.
Да сваіх суседзяў у вольную хвіліну падыходзіць арматуршчык з брыгады Блахіна — Алесь Пазняк.
— Чаго вы лаецеся, хлопцы? Працаваць трэба, а не лаяцца. Вы чакаеце, калі скончыцца змена, кінулі рыдлёўкі i хутчэй на аўтобус, а што заўтра будзеце рабіць — ніхто і не падумаў. А я ўчора ўсю арматуру рассартаваў, цвікоў назапасіў, Сашка Гугнін шчыты падрыхтаваў на сёння, a брыгадзір да нашага прыходу на змену дзве машыны бетону арганізаваў. I сёння ў нас працэнтаў дзвесце будзе. А вы дадому першыя на аўтобусе едзеце, а на дошцы паказчыкаў — на чарапасе паўзеце.
— Каб нам такога брыгадзіра, як ваш, дык i мы б не адсталі. А то ходзіць наш Мікола, нібы ўчарашні дзень згубіў.
У брыгаду Рудзеньчыка не-не дый забяжыць Пеця Блахін, нібы шукае майстра Рыбакова ці загадчыка склада. Ссуне палінялую кепку-аладачку на патыліцу, нахмурыцца i нібы незнарок параіць, дзе лепей выгрузіць бетон, як зручней замацаваць апалубку або хутчэй звязаць арматуру. I бетоншчыкі Рудзеньчыка адразу ажываюць, пачынаюць завіхацца.
Пазіраючы з катлавана, невысокі рыжаваты хлопец звяртаецца да Блахіна:
— Ты вось што, Пеця, скажы, чаму так выходзіць: паглядзіш — твае хлопцы ўсё робяць, нібы гуляючы, з перакурамі, з жарцікамі, i не адзін не ўпацее, а мы аж ca скуры вылузваемся, i ўсё наперакасяк выходзіць. У цябе дзвесце к канцу дня, a ў нас — нуль цэлых i кол дзесятых працэнта.
— Ты вучыў у школе байку Крылова, як мядзведзь дугі гнуў? — пытаецца Блахін.— Дык вось i ты, як той мядзведзь, усё на пуп бярэш, a дугі не выходзяць. Усё з розумам рабіць трэба. Вось учора ты апалубку не падрыхтаваў, а сёння i вылузваешся са скуры. Думаць трэба!
— Ты б, Пеця, да нас хоць на тыдзень прыйшоў, памог на ногі стаць,— загаманілі бетоншчыкі Рудзеньчыка.
— Калі мае хлопцы адпусцяць, магу памяняцца з Мікалаем,— не то жартам, не то ўсур'ёз адказаў Пеця Блахін i хуценька пабег да сваёй брыгады.
Тут хочацца забегчы крыху наперад. Як толькi краіна даведалася аб патрыятычным пачыне вышневалоцкай ткачыхі Валяйціны Гаганавай, у шматтыражцы «Сцяг новабудоўлі» з'явілася інфармацыя:
«Камсамолец Пятро Блахін, які ўзначальваў перадавую камсамольска-маладзёжную брыгаду бетоншчыкаў УНР-126, выказаў жаданне перайсці ў адну з адстаючых брыгад «Нафтабуда».
Ужо некалькі дзён ён узначальвае былую брыгаду Міколы Рудзеньчыка. Першыя дні работы паказалі, што ў бліжэйшы час брыгада будзе ў ліку перадавых».