Кароткі адрас


На станцыю Полацк кожны дзень прыбывалі таварныя саставы з кароткім адрасам: «Нафтабуд».

На платформах стаялі новенькія мінскія самазвалы i пад'ёмнікі «Піянер», вагоны былі загружаны цэглаю i сухім тынкам, таўравымі бэлькамі i швэлерам. Саставы разгружаліся хутка. Пакгаузы i станцыйныя павеці былі завалены абсталяваннем i матэрыяламі. Але як гэта ўсё даставіць туды, дзе разгарнулася будаўніцтва горада беларускіх нафтавікоў? «Чырвоны мост» праз Палату, так-сяк адноўлены пасля вайны, наўрад ці вытрымае такую нагрузку, а мост праз Дзвіну можа прапускаць толькі машыны з грузам 3-4 тоны. Пасля дажджу на грунтавых дарогах гадзінамі равуць цяжкія самазвалы, коўзаюцца ў разбітых гразкіх каляінах, пакуль ix не выцягне трактар. На будаўнічай пляцоўцы гадзінамі прастойваюць рабочыя, чакаючы цэглу i вапну, цвікі i шыфер, а матэрыялы ляжаць на чыгунцы або марудна паўзуць на машынах па разбітых дарогах.

— Што рабіць? — упарта думае начальнік участка, седзячы позна ноччу ў маленькай хатцы Ганны Мікалаеўны. Нядаўна тут тоўпіліся майстры i брыгадзіры, маладыя муляры i бетоншчыкі. Усе яны патрабуюць аднаго — бесперабойнай дастаўкі матэрыялу i шырокага фронту работ. І не толькі патрабуюць, a i раяць, кожны ідзе ca сваімі прапановамі i парадамі.

Рашэнне, здаецца, знойдзена. Заўтра раніцай трэба дамовіцца з трэстам i пачынаць будаваць праз Дзвіну пераправу. Хоць часова будзе развязаны вузел, што паспеў зашмаргнуцца ў першы месяц. «Эх, дарогі — пыл ды туман»,— уздыхае начальнік участка, праглядаючы зводкі дзённай выпрацоўкі, правяраючы парады, намячаючы заданні брыгадам на заўтрашні дзень. За месяц існавання будоўлі калектыў вырас да 228 чалавек, а вопытных, кваліфікаваных майстроў можна пералічыць па пальцах. Прыйдзецца вучыць моладзь — адкрыць філіял будаўнічага вучылішча. Неабходна сталовая, лазня, трэба найхутчэй закончыць першыя інтэрнаты, каб да восені людзі жылі пад дахам. Рамантыка рамантыкай, а жыццё — жыццём.

Колькі клопатаў, самых неадкладных спраў прыносіць кожны дзень! I ўсё трэба вырашаць сёння, вырашаць грунтоўна, каб болей ужо да яго не вяртацца.

Большасць рабочых жыве ў навакольных вёсках, ходзіць на працу за 3-5 кіламетраў, i ніхто не ные, ніхто нічога не патрабуе, бо няма ад каго патрабаваць. Будуюць самі i для сябе. Перад вачыма Рыгора Васільевіча, буйным планам, як на экране, праходзяць твары самых маладых будаўнікоў, што толькі сёння прыехалі на яго ўчастак.

Ён успамінае траіх выпускнікоў Смалоўскай сярэдняй школы — стройную бялявую Раю Бацінька i яе чарнавокую сяброўку Галю Германтаву, а за імі, пераступаючы з нагі на нагу, моўчкі стаяў ix учарашні аднакласнік Дзіма Павядзёнак. Дзесяць год правучыліся ў адным класе i просяцца ў адну брыгаду. Пра работу ў канторы i слухаць не хочуць.

— Нас пастаўце туды, дзе трэба болей браць i далей кідаць,— за ўсіх адказаў Дзіма.

«Не, з такімі не прападзеш, з такімі можна горы звярнуць»,— думаў ноччу Рыгор Сабко.

Загрузка...