Першы дзень


Назаўтра зранку тут з'явіўся прараб Сікорскі, майстра Пілюшэнка, маладыя рабочыя Бягуноў, Квачонак — усяго сем чалавек. На ўзбярэжжы ракі напялі брызентавую палатку — гэты паходны домік усіх будаўнікоў. А пасля сюды паплылі па Дзвіне баржы з бярвеннямі i дошкамі, цэментам i гравіем, цвікамі i арматурай. На беразе выгружалі машыны, лапаты, прадукты i абсталяванне для першага бетоннага вузла.

Хлопцы ўзяліся скасіць зялёны калгасны лён на тым месцы, дзе будзе галоўная магістраль новага горада. Шкада было глуміць мяккі даўгунец, старанна выпаланы калгаснымі дзяўчатамі. Кожны з гэтых незвычайных касцоў добра ведаў цану людское працы. Кожны з ix прыйшоў сюды з палёў Гродзеншчыны i Палесся, з Віцебшчыны i Случчыны. З кожным днём расла сям'я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі i ў адзіночку хлапцы i дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі i з гарачым жаданнем будаваць. Кожны дзень турысцкія рукзакі i зрэбныя мяшэчкі, пашытыя клапатлівымі матчынымі рукамі, самаробныя фанерныя чамаданчыкі i пашарпаныя куфэркі з'яўляліся каля канторы УНР-121, каля тае самае канцавое хаткі Ганны Мікалаеўны Плаксы, у якую забег ад дажджу Рыгор Васільевіч Сабко.

З раніцы да вечара да яго ішлі i ішлі новыя рабочыя з непаслухмянымі юначымі чубамі i з косамі, заплеценымі белымі каснікамі, у форменных вучнёўскіх сукенках i ў спартыўных касцюмах з блішчастымі «маланкамі».

«Дзеці, зусім дзеці,— думаў аб сваіх «кадрах» Рыгор Васільевіч.— Кожнаму з ix яшчэ патрэбна мама, бацькоўская апека. Што я з імі буду рабіць? Ніводнага спецыяліста! Яны ж яшчэ нічога не ўмеюць». I ён, хаваючы свой лірычны настрой, афіцыйна i сухавата пытаўся ў наступнага наведвальніка:

— Прозвішча? Спецыяльнасць? Што ўмееш рабіць?

I амаль заўсёды чуў адзін адказ:

— Спецыяльнасці пакуль што няма. Скончыў дзесяцігодку, a рабіць буду ўсё, што загадаеце. Хачу быць мулярам. Хачу быць тынкоўшчыцай, хачу быць бетоншчыкам, цесляром, электрыкам.

Тут жа складваліся брыгады. Брыгадзірамі прызначаліся тыя, чыё прозвішча лягчэй было запомніць: «спецыялісты» былі ўсе аднолькавыя. Кожнай брыгадзе выдаваліся лапаты, усе накіроўваліся на адзін аб'ект — капаць катлаваны для падмуркаў пад інтэрнаты. З'явіліся першыя сем палатак на беразе Дзвіны, вечарамі загараліся вогнішчы, засыпаючы іскрамі зорнае неба, у кацялках булькаў чай i ў змроку плыла то гарэзная, то ціхая i задуменная песня. Палатка i рамантычны быт, праца ў адным катлаване здружылі ўсіх першых навасёлаў. А тыдзень назад яны не ведалі, што недзе жывуць такія цудоўныя ix равеснікі, што яны стануць неразлучнымі сябрамі, а можа i спадарожнікамі на ўсё жыццё.

К ночы прыходзілі баржы з цэглаю i шчытамі зборных дамоў, шчэбенем, шклом i шыферам. Адпрацаваўшы змену па будаўнічай пляцоўцы, хлапцы i дзяўчаты ішлі на бераг Дзвіны на разгрузку. Адны ўяўлялі сябе Карчагінымі, другія ўспаміналі будаўнікоў Камсамольска-на-Амуры, i ўсе жылі ў чароўным свеце герояў з любімых кніг. Сціралася мяжа паміж рамантыкай юнацкіх мараў i сапраўднасцю. A сапраўднасць была прыгожая i суровая. Самастойнае жыццё пачыналася на голым месцы, над трапяткім дахам палаткі, пры святле зыркага кастра, у нялёгкай рабоце. Здавалася, змора бярэ верх над усімі жаданнямі — толькі б дабрацца да свайго месца, упасці i заснуць. А тут невялічкі, хударлявы Валеры Фралоў, углядаючыся ў зорнае неба, перабірае лады на баяне i ціха спявае «Школьны вальс». Вакол яго збіраюцца тыя, хто толькі ўчора развітаўся з роднаю школаю, з блізкімі сябрамі i любімымі настаўнікамі. I ўжо суладная песня плыве над ракою, адгукаецца рэхам у прыбярэжным хвойніку, нібыта ёй адказваюць сябры i аднагодкі, што запалілі кастры на вялікіх будоўлях каля Старобіна i Бярозы, на Ангары i ў Казахстанскіх стэпах.

А праз чатыры дні, у першай дэкадзе чэрвеня, паабапал адзначанай вешкамі шырокай магістралі будучага гарадка ўжо было закладзена восем інтэрнатаў.

Загрузка...