Ёсьць рукапісы, зьмест якіх сьцярты́
ледзь знаць,
Ці нат’ другі напісан сэнс бязбожна.
Іх палімпсэстамі прынята здаўна зваць,
І першы іхні змысл пайме ня кожны.
Нажаль, гэтую кнігу аўтар ўжо не пагартае....
Творы, выбраныя ім самім для публікацыі і зьмешчаныя ў зборніку «Хмары над Бацькаўшчынай», -- толькі невялікая частка напісанага Міколам Цэлешам. Аднак яны дазваляюць ня толькі адчуць адметнага пісьменьніка са сваёй тэмай і сваім мастацкім бачаньнем, але й гаварыць пра тую ролю, якую мелі й будуць мець яго апавяданьні -- рэалістычныя замалёўкі жыцьця -- у аднаўленьні гістарычнай праўды.
Канец 20-х і 30-я -- гады, што пакінулі жахлівы сьлед у лёсе беларускага народу. Нацыянальны ўздым, які абяцаў сапраўднае адраджэньне беларускае мовы й беларускае культуры й даў шэраг таленавітых працаўнікоў на ніве народнай, узнавіў надзеі на лепшую долю, -- зьмяніўся ганеньнем на ўсё нацыянальнае, спусташэньнем сялянства, зьнішчэньнем інтэлігенцыі, трыумфам таталітарызму й вялікадзяржаўнага шавінізму.
Як шмат напісана ў беларускай савецкай літаратуры пра гэты час, і як мала ў гэтым праўды! Няма сэнсу казаць пра тых, хто адкрыта фальсыфікаваў рэчаіснасьць, падмяняў праўду жыцьця непрыхаванай прапагандысцкай маной. Тыя-ж, хто меў вочы, ня меў голасу, бо цэнзурна-ідэалягічная машына да апошняга ўшчэнт руйнавала нават падабенства праўды. А між тым, не зразумеўшы таго, што адбылося, не данёсшы гэтую праўду да людзей, нельга спадзявацца на новы пасьпяховы ўздым нацыянальнай самасьвядомасьці, на ліквідацыю вынікаў тых трагічных гадоў: хто забывае, не асэнсоўвае мінулае -- асуджаны зноў перажыць яго.
Мікола Цэлеш быў Сьведкам. Ён бачыў, як ідзе заняволеньне сялян, як вытраўляецца з чалавека гаспадар, як планамерна нішчыцца нацыянальная інтэлігенцыя, як рабуюць і расьцягваюць багацьце зямлі беларускай. Нельга сказаць, што сэнс падзей даўся яму лёгка, што разуменьне прыйшло як прасьвятленьне. Але ці не самы цяжкі быў шлях да мужнасьці белае зваць белым, чорнае -- чорным. Так сфармуляваў для сябе Цэлеш прызначэньне інтэлігента, пісьменьніка, беларуса.
Адкрыты ліст Міколы Цэлеша ў рэдакцыю газэты
«Бацькаўшчына» (16.6.48)
Усякі народ шануе сваю інтэлігенцыю: паэтаў, пісьменьнікаў, артыстаў, мастакоў... Былі ў гісторыі ня раз прыклады, што народ разьбіваў вязьніцы й вызваляў сваіх інтэлігентаў. Былі й такія прыклады, калі каралі й князі хавалі ў сваіх палацах таго ці іншага паэта ці пісьменьніка, які адважыўся сказаць праўду й гэтым выклікаў нянавісьць у пэўнай часткі грамадства.
Такая пашана да гэтых людзей не таму, што яны рэдкія, іх мала, а таму, што яны, як ніхто больш, бачаць патрэбы свайго народу, бачаць няпраўду і сваёй працай, сваімі творамі стараюцца вывесьці людзей на сьветлы і праўдзівы шлях. У няшчасьці, якое спадае на цэлы народ, гэтыя людзі перажываюць найвастрэйшы боль і нясуць нярэдка сваё жыцьцё на алтар змаганьня за волю і шчасьце свайго народу...
Мы, беларусы, увесь наш народ, перажываем цяпер такое няшчасьце. Невялікая частка з нас выкінута за межы нашай зямлі, сярод іх ёсьць колькі паэтаў, пісьменьнікаў, артыстаў і г. д. Ніхто ня скажа, што каму-колечы з нас, эмігрантаў, лёгка. Аднак найцяжэй ім, паэтам, тварцам культуры, найменш прыстасаваным у жыцьці. Няма на сьвеце большай асалоды для іх, як жыць разам з народам, у сваім краі і -- тварыць, тварыць для шчасьця ўсіх.[1]
Самы раз аддаць тут належнае эміграцыі, рэху народу, па словах П.Крэчэўскага, сказаць пра тую надзвычай важную ролю, якую адыграе літаратура эміграцыі ў гісторыі кожнай нацыі. Вядомы той надзвычайны росквіт, якога дасягнула творчасьць Адама Міцкевіча, Юліуша Славацкага, Зыгмунта Красіньскага ў выгнаньні пасьля паўстаньня 1831 года, той уплыў, які аказалі іх творы на ўсё наступнае жыцьцё польскага грамадства. Добра вядома выключная роля Аляксандра Герцэна і яго свабоднай рускай прэсы ў жыцьці рускага грамадства. Зусім нядаўна ў рускую літаратуру вярнуліся Іван Бунін, Уладзімер Набокаў, Уладыслаў Хадасевіч і многія іншыя выдатныя пісьменьнікі. А зь імі вярнуўся велізарны, зусім не раскрыты або аднабакова асьветлены, пласт расейскага жыцьця.
Пакуль немагчыма поўнасьцю ацаніць зробленае беларускай эміграцыяй. Яе гісторыя яшчэ чакае сваіх дасьледчыкаў. Але ўжо й сёньня можна сказаць, што многія пісьменьнікі-выгнанцы, адарваныя ад роднай зямлі, асуджаныя ўладай і названыя афіцыйнай прапагандай здраднікамі, і ў такой якасьці вядомыя на Радзіме, кожным сваім радком служылі ёй, захоўвалі й перадавалі дзецям і ўнукам нацыянальныя традыцыі, не дазвалялі нікому абражаць і ганьбіць сваю Бацькаўшчыну.
Юрка Віцьбіч -- Міколу Цэлешу (8.1.55)
Занадта дарагая для ўсіх нас Бацькаўшчына, каб дазваляць каму-небудзь тут, на эміграцыі, брахаць на Яе.
Юрка Віцьбіч, Натальля Арсеньнева, Уладзімер Дудзіцкі, Майсей Сяднёў, Алесь Салавей, Міхась Кавыль, Уладзімер Клішэвіч і іншыя захавалі й вярнулі грамадству народнае слова, самабытнае й непаўторнае, адрознае ад той выхалашчанай беларускай літаратурнай мовы, якая ў выніку шматгадовай русіфікацыі стала ўспрымацца як расейскі дыялект. Пісьменьнікі захавалі на чужыне талерантнасьць -- слова, забытае на Бацькаўшчыне. Там ня было падзелу: «першае мейсца», «другі па значэньню створанага, напісанага й па таленту», нельга сказаць, што нехта меў «сваё мейсца», а хтосьці «не пакінуў больш-менш прыкметнага сьледу». Гэта катэгорыі заганнага літаратуразнаўства. Людзі, часам адметныя па мастацкім гусьце, розныя ў палітычных поглядах і ўхілах, рабілі адну справу, плён якой становіцца сёньня здабыткам усёй нацыі. Доўгія дзесяцігодзьдзі, калі нават сама думка пра дзяржаўную незалежнасьць Беларусі была пахавана, толькі ў асяродзьдзі эмігрантаў не спынялася праца на аднаўленьне гістарычнай праўды. Скрупулёзна зьбіраліся дакумэнты, асэнсоўваліся факты, сьведчаньні сучасьнікаў, фармаваліся архівы, публікаваліся навуковыя дасьледваньні, публіцыстычныя й мастацкія творы. Усё гэта было служэньнем далёкай, але такой блізкай Бацькаўшчыне.
Юрка Віцьбіч -- Міколу Цэлешу (11.2.61)
Зь вялікай прыемнасьцю прачытаў у «Бацькаўшчыне» пачатак Вашага апавяданьня -- «Ярылаў агонь». Хоць мы паходзім із розных бакоў нашае Беларусі, але й на маёй Віцебшчыне таксама ёсьць і Гарадцы, і Швэдавы магілкі, і Ярылавы капцы і... Раманкі. Асабліва апошнія, якія з маленства замілаваныя ва ўсё першае. Ня можа існаваць Ярылавых капцоў без Раманкі, як і Раманкі бязь іх...
А таксама прыемна, калі бачыш здаўна знаёмы і адпаведны добраму твору подпіс: Мікола Цэлеш. Хоць і пад псэўдонімам Вы напісалі ладне добрага, але цяпер такім чынам праклалі мост да свайго ранейшага -- знаёмага шырокім чытацкім колам там.
Эмігранты не рабілі кар’еры, не здабывалі славы й грошай, бо літаратурная праца не давала сродкаў для існаваньня. Кожнаму прыходзілася зарабляць на хлеб заняткам, далёкім ад творчасьці. Выратоўвала Ідэя, магчымасьць служэньня краіне, любоў да якой непадуладна аніякай уладзе ці рэжыму.
Юрка Віцьбіч -- Міколу Цэлешу (10.5.55)
Шчыра спачуваю Вам з прычыны Вашае цяжкае фізычнае працы, аб характары якое бяз слоў сьведчыць почырк Вашага ліста ад 7.5.55 г. Усё-ж няхай суцяшэньнем нам станецца тое, што, па-першае, нашая тутэйшая праца ва ўсіх адносінах лепшая за працу на Калыме, да якое мы ўсе завочна прысуджаныя, а па-другое, не нагадваем тых асобаў, якія, каб толькі спажываць з розных больш ці менш сьмярдзючых фондаў, тройчы на дзень адмовяцца і ад Бацькаўшчыны і ад роднага бацькі.
Я астатнім часам працую на фабрыцы паблізу Саут-Рыверу. Праца сталая начная, параўнальна нялёгкая -- каля канвэеру, але чыстая і ў памяшканьні... Удзень адсыпаюся, маючы для гэтага спрыяльныя ўмовы, і застаецца яшчэ 5-6 вольных гадзінаў для творчасьці, ліставаньня й рознага іншага...
Але й данесьці створанае, напісанае да Бацькаўшчыны няпроста: магчымасьці друкавацца былі вельмі абмежаваныя.
Юрка Віцьбіч -- Міколу Цэлешу (22.3.55)
З грашыма на выданьні ў нас небагата, бо бальшыня літаратараў нічым не нагадвае «тараканаў у саладусе», як і не прадаецца тым ці іншым інстытуцыям з грашыма. Напрыклад, я ўжо восем месяцаў як ня маю працы, Кавыль -- адзіны заработашнік на сям’ю, што жыве на дзьвюх кватэрах і г. д. Тым ня менш, і я, і Кавыль ахвяравалі па 5 даляраў.
Пісьменьнікі-эмігранты выкарыстоўвалі й старонкі ангельскіх, рускіх, украінскіх выданьняў, каб ажыцьцявіць, мажліва, сваю галоўную задачу -- стварыць летапіс часу, расказаць пра трагэдыю, сьведкамі якой яны былі. Разам з тым, яны ўзбагацілі беларускую літаратуру нечаканымі тэмамі, новымі вобразамі, іншым мастацкім бачаньнем.
Волею лёсу апынуўшыся ў эміграцыі, Цэлеш стварае люстэрка падзей тых часоў. Творы Міколы Цэлеша, аб’яднаныя ў зборніку, малююць бязрадасную, але праўдзівую карціну жыцьця савецкага грамадства перадваенных гадоў. Нішчыцца да тла нажытае цяжкай працай і ў Богуша («У імя догмы»), і ў Матузка («На межах»), і ў Гарася («Дзікі вецер»); б’ецца ў цісках галечы, жыве ў паўсядзённай трывозе абы не спазьніцца (бо трапіш на чорную дошку) і абы не захварэць (бо, калі ня будзе высокай тэмпэратуры, доктар ня дасьць вызваленьня, а за прагул пойдзеш пад суд) Маўра, удава салдата, загінуўшага на фінскай вайне («Пёрка й іншыя»); ходзіць жабраваць Аўгіньня, якая ратуе ад голаду сваіх трох унукаў (тамсама).
І ўсё гэта на фоне зьдзічэлага прапагандысцкага ляманту пра ўсенароднае шчасьце: «Ніколі й нідзе ня трацілася столькі чалавечай энэргіі на доказ вольнасьці, роўнасьці, сацыяльнага дабрабыту і іншых атрыбутаў наземнага раю, як у "сацыялістычнай бацькаўшчыне"... Вось урачыстасьці кастрычніцкай рэвалюцыі... Да гэтага дня рыхтуюцца тысячы розных брашураў, артыкулаў, выступленьняў, успамінаў, апісаньняў... Партрэты, сьцягі, лёзунгі, транспаранты, ілюмінацыі -- усё ў чырвоным колеры -- і ўсё гэта мусіць сьведчыць аб дасягненьнях, аб волі, аб шчасьці пад савецкай зоркай...» («Янка сеяў -- людзі жалі»)
Пад гэты прапагандысцкі грукат тварылася безьліч чорных спраў. Жахлівая намаляваная Цэлешам карціна высылкі «кулакоў» у апавяданьні «У імя догмы». Маўклівы адчай выгнаньнікаў, плач дзяцей, стогны і сьлёзы тых, хто застаецца, і над усім гэтым -- поўная, неабмежаваная ўлада энкавэдыстаў. Але становішча на самой справе больш страшнае й сымбалічнае; прыгадаем, што гэта была толькі адна зь першых спробаў масавай дэпартацыі. Зь Беларусі, Украіны, цэнтральных раёнаў Расіі, з Паўночнага Каўказу тады былі вывезены ў Сібір і Сярэднюю Азію мільёны сялян, залічаных да «эксплуататараў». Гэты нялюдскі вопыт быў пашыраны ўладамі, і хутка ўсьлед за «кулакамі» пайшлі другія мільёны людзей, а потым, у 1943, у 1944, -- і цэлыя народы. Апакаліпсісным паўторам створанай Цэлешам карціны гучаць расказы ўдзельнікаў тых падзей. Менавіта тая маса «кулакоў», абяздоленых, пазбаўленых маёмасьці і ўсіх правоў, паклала пачатак спэцпасяленьням -- аракчэеўскім селішчам ХХ ст., у якіх потым мадзела большая частка краіны. А зрабіць чалавека кулаком -- што было прасьцей!.. Дастаткова перагарнуць афіцыйныя дакумэнты тых гадоў, каб пераканацца, як беспасьпяхова спрабавалі партыйныя тэарэтыкі сфармуляваць паняцьце «кулак» і як шырока тлумачылі яго практыкі. Неабходна пры гэтым улічыць меркаваньне беларускага гісторыка Ўсевалада Ігнатоўскага, які пісаў: «Беларусь амаль ня ведае тыпу рускага кулака-міраеда, які, як павук, аплятаў усю вёску даўгавымі абавязацельствамі»[2]. І таму ахвярамі калектывізацыі на Беларусі сталі ня толькі сяляне, якія карысталіся наёмнай працай, але й безьліч іншых, агулам «раскулачаных» па тых або іншых прычынах, як той самы Богуш.
Мікола Цэлеш -- Вітаўту Тумашу (10.12.75)
Вы правідлова адзначылі «трагічную ролю беларускай вёскі». Аўтар разумеў гэта добра: сіла беларускага народу менавіта ў вёсцы, і вось чаму з такой садысцкай нянавісьцю сталінізм наваліўся на яе. Что-ж цяпер? Вёска голая, разьдзетая, разутая дый галодная...
А партыйна-дзяржаўны друк штурхаў, пагражаў і пераконваў: «лепш перагнуць, каб потым не абвінавацілі ў правым уклоне», гэта значыць, у абароне кулака. І «перагіналі»... Тым больш, што нямала людзей было зацікаўлена ў набыцьці чужой маёмасьці: і жыхары тых-жа вёсак, што шукалі, раскрывалі «кулакоў», паведамлялі пра іх уладам, а потым удзельнічалі ў «раскулачваньні» (падобна Зьмітрачку з апавяданьня «Дзікі вецер»), бо, акрамя маральнага задавальненьня -- магчымасьці разьлічыцца з суседам, -- атрымлівалі й матэрыяльную ўзнагароду; і мясцовыя партыйныя й дзяржаўныя ўлады, якія дзякуючы такому імпэту павышалі сваю палітычную надзейнасьць і свой імідж у вачах вышэйшага начальства; і кіраўнікі калектыўных гаспадарак, якім маёмасьць «кулакоў» дазваляла пакрываць заганы й няўдачы свайго гаспадараньня й рапартаваць «наверх» пра дасягнутыя «посьпехі». Няўжо, сапраўды, старшыня райвыканкому і раённы ўпаўнаважаны па палітычных справах ня ведаюць, што нават па самых жорсткіх мерках Гарась («Дзікі вецер») ня кулак? «А ты ведаеш,-- гаворыць упаўнаважаны Зьмітрачку, -- што гэта амаль што здрада -- сваяцтва з кулакамі?!» І тут-жа дабаўляе: «Ха-ха! Не палохайся! Сам ведаеш: ня кулак ён! Але хай будзе так, каб застрашыць "праваслаўных"... (Так ён заўсёды называў сялян)». Але калі ўжо ніяк нельга залічыць селяніна ў кулакі, то заўсёды застаецца магчымасьць зрабіць яго «памагатым кулакоў», як гэта і здарылася зь бедняком Матузком («На межах»). А выселіць сям’ю, абвінавачаную ў кулацтве, наогул было простай справай: дастаткова пастановы пракурора й нават сельскага савета.
Зразумела, што ў краіне з такімі «законамі», асоба -- меншая за нуль, яна велічыня адмоўная. Адгарніце любое апавяданьне Цэлеша і вы ўбачыце, які нявымоўна малы перад уладай чалавек, як ім пагарджаюць, зьдзекуюцца зь яго, прыніжаюць і зьнішчаюць. Бяз суда і сьледства трапляе ў лягер Кузьма Вальтэр толькі за чытаньне верша Янкі Купалы («Янка сеяў -- людзі жалі»), зьнікае за неасьцярожна сказанае слова Базыль («Пёрка й іншыя»), траціць розум зьняважаны й растаптаны Матузок («На межах»). Што для Шашка, які адчувае сябе гаспадаром жыцьця, Сымонка? («Дзе шукаць праўду») «Галота», -- як ён кажа. І ня дзіва, што Сымонка, безабаронны перад шашкамі, ня ведае, дзе шукаць праўду й жыве легендай.
Праз усе творы Цэлеша праходзіць думка пра супрацьстаяньне народу й дзяржавы, пра павіннасьць людзей перад дзяржавай і поўнай безадказнасьці дзяржавы перад народам. Натуральна, што сяляне, даведзеныя да адчаю, кідаліся на ўзброены супраціў уладам. Вось так, загнаны ў кут, пастаўлены перад выбарам: пагібель ці барацьба, герой апавяданьня «Дзікі вецер» Гарась бярэцца за сякеру. І гэта быў не такі ўжо рэдкі выпадак, а, як яшчэ нядаўна пісалі,-- тыповы пэрсанаж. Вядомыя, напрыклад, сялянскія паўстаньнні 1929 года ў Касьцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласьці, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласьці, Веліжскае паўстаньне, Слуцкае... Няма патрэбы казаць, што падаўляліся гэтыя паўстаньні з выключнай жорсткасьцю, а ўдзельнікі выстаўляліся «бандытамі» і «паслугачамі». Хіба трэба казаць, што тыя людзі былі сапраўднымі слугамі свайго народу?!
У імкненьні зразумець сутнасьць і прычыны калектывізацыі, героі апавяданьня «Хмары над Бацькаўшчынай» у разгубленасьці пытаюцца: «Але для чаго гэта мае быць рабіцца?» І пачуўшы адказ адукаванага чалавека: «Людзі жывуць няроўна: адзін бедны, другі багаты -- хочуць зрабіць усіх роўнымі...», з горкім сьмехам прыгадваюць легенду аб Пракрусьце, які хацеў перарабіць усіх людзей на адзін капыл. Савецкая ўлада дзейнічала больш тонка за міфічнага Пракруста, дый капыл у яе іншы: ёй ненавісныя людзі свабодалюбівыя, пасьлядоўныя ў сваіх памкненьнях, тыя, што карыстаюцца павагай свайго асяродзьдзя. І гэта выдатна ўсьведамляюць усе «стукачы», зайздросьнікі, з душою на шэлег, якія атрымалі нарэшце магчымасьць расквітацца са сваімі ворагамі. «У князі з гразі», «не памыўшы пятак», казалі пра іх у народзе. Вось так той-жа Зьмітрачок помсьціць Марыне, якая адмовіла яму, і ў сваім даносе на яе бацьку ўпірае на аўтарытэт апошняга сярод сялян: «... калі яго не ліквідаваць, як клясу, дык калектывізацыя ў раёне зь мейсца ня зрушыцца. На яго глядзяць усе, бо ён аўтарытэт у іх... яму вераць! Не запішацца ён, ніхто пісацца ня стане». І ён мае рацыю: такіх людзей улады бязьлітасна зьнішчалі. Вось што піша ў сваіх успамінах «На крыжавой дарозе» Аўген Калубовіч (разьдзел «У гомельскім ГПУ»):
««...» Найбольш мяне ўзрушыў расстрэл Корзунаў.
Калі іх прывялі ў маю "адзіночку", было ўжо далёка за поўнач. Па шыбах вакна сьцёбаў буйны дождж. Яны былі мокрыя, зь іх цякло. Бацька й сын. З-пад Васілевічаў. Абодвы малыя ростам, худыя. Бацьку -- гадоў 40, сыну -- 16.
Іх прывялі да сьледчага ГПУ, які крычаў на іх: "Вашае сяло ня йдзе ў калгас, бо ты ня йдзеш. Мы расстраляем цябе й сына, тады ўсё сяло пойдзе... Нам нужно сломать сопротивление. И мы ни перед чем не остановимся..."
Гэта быў іхны першы й апошні "допыт".
Корзун -- ня "кулак", яго нат’ не "раскулачылі"...»[3]
Усе гэтыя ненавісныя ўладам людзі мелі рэдкі дар -- асабісты прэстыж. Гэта якасьць, незалежная і ад займаемай пасады і ад высокіх званьняў і чыноў. Такі прэстыж мае вельмі абмежаванае кола людзей. Яны здольныя ўплываць на сваё асяродзьдзе, нягледзячы на роўны з усімі сацыяльны статус і адсутнасьць традыцыйных сімвалаў улады. І зусім ня мае значэньня колькасьць людзей, якім яны вядомыя, важна, што яны набываюць вядомасьць менавіта дзякуючы ўласьцівай ім унутранай сіле. І другую якасьць маюць гэтыя людзі -- стрыжань душы, паводле вобразнага азначэньня Ул. Г. Караленкі, што не дае чалавеку гнуцца пры любым націску, які прыдае душы ўстойлівасьць, дазваляе ў самых страшных і нялюдскіх умовах зьберагчы годнасьць і гаварыць сваё «не» ў адказ на меркаваньні ўласнай выгады.
Раскулачваньне й калектывізацыя ішлі поруч са зьнішчэньнем нацыянальнай інтэлігенцыі. Наогул падазронасьць і няпрыхільнасьць да інтэлігенцыі былі ў кампартыі ў крыві. Колькі зьдзеклівых і зьняважлівых слоў сказалі тэарэтыкі марксызму пра інтэлігенцыю! А з устанаўленьнем савецкай улады ў грамадскую сьвядомасьць сталі ўкараняць думку пра інтэлігентаў як пра часовых «папутчыкаў». З нацыянальнай інтэлігенцыяй партыя й савецкая ўлада мелі свае разьлікі: менавіта інтэлігенцыя ўзначаліла нацыянальна-вызваленчы рух і тым была небясьпечная. Прыгадаем, што на Беларусі 1920-1927 гады былі гадамі актыўнай беларусізацыі, што самай актуальнай задачай у нацыянальнай палітыцы была менавіта беларусізацыя.
«Пад беларусізацыяй у шырокім сэнсе гэтага слова, -- адзначалася Цэнтральнай Нацыянальнай Камісіяй ЦВК БССР, -- трэба разумець:
1) разьвіцьцё беларускай культуры (школы, ВНУ на беларускай мове, беларуская літаратура, выданьне беларускіх кніг, навукова-дасьледчая праца па ўсебаковым вывучэньні Беларусі і г. д.);
2) вылучэньне беларусаў на партыйную, дзяржаўную, прафесійную і грамадскую працу;
3) перавод партыйнага, дзяржаўнага, прафесійнага, каапэратыўнага апаратаў і часьцей Чырвонай Арміі на беларускую мову».[4]
Колькасьць супрацоўнікаў розных арганізацый, якія карысталіся беларускай мовай, да 1927 года дасягнула 70-80 працэнтаў[5], і ўсё больш беларуская мова станавілася мовай штодзённага ўжытку. У гэтым культурным будаўніцтве роля нацыянальнай інтэлігенцыі была галоўнай і вядучай.
Калі да гэтага дадаць яшчэ дзьве заўвагі: па-першае, што ў адпаведнасьці зь дзейнай у тыя гады Канстытуцыяй прызнаваліся раўнапраўнымі беларуская, руская, яўрэйская і польская мовы[6]; а па-другое, што посьпехі гаспадарчай палітыкі, у прыватнасьці, у сельскай гаспадарцы, сталі даволі прыкметнымі (так, напрыклад, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі Беларусі ў 1925-1926 гадах перавысіла даваенную на 12,2 %[7]), і пры гэтым улічыць, што правядзеньнем суцэльнай калектывізацыі палітыка партыі і савецкай улады на мейсца шматмоўя паставіла адну мову -- рускую, нацыянальныя культуры замяніла адной, дзяржаўнай, а эканамічны ўздым -- голадам 30-х гадоў, то стане відавочны той жах, які абрушыўся на людзей рэпрэсіямі супраць «кулакоў» і «нацдэмаў».
Прычыны жорсткіх мер супраць нацыянальнай інтэлігенцыі ўсьведамляюць многія героі Цэлеша. Вось якая размова адбываецца паміж апавядальнікам і яго кампаньёнам у творы «Хмары над Бацькаўшчынай», які й даў назву зборніку:
«-- Выцерабяць нас нанава, як у 1863! Прышчэпава ніяк нельга залічыць у ворагі народу -- ён патрыёта й не абы які! -- адукаваны, паезьдзіўшы па Эўропе, нагледзіўшыся на сельскую гаспадарку ў Даніі, шмат чаго перадумаўшы... Ягоная зямельная палітыка ў стасунку да нашых умоў вельмі ўдалая -- зірнем на тых, хто прыняў яе. Пачалося зусім іншае жыцьцё!
-- Дык, кажаш, выцерабяць?
-- А ты што, ня бачыш і ня чуеш? "... Адсячы галаву нацдэмаўскай гадзіне..." Заклік: выбіць нашу інтэлігенцыю, пакінуць народ без кіраўнікоў...»
Шырокую сетку закінулі рэпрэсіўныя органы. У першую чаргу, былі арыштаваныя выкладчыкі і студэнты ВНУ і тэхнікумаў, навуковыя супрацоўнікі Акадэміі Навук, пісьменьнікі й работнікі Белдзяржвыдавецтва, супрацоўнікі наркаматаў і іншыя. Адзін з выкрывальнікаў «нацдэмаўшчыны» пісаў: «Нацдэмаўскі ўплыў на культурнае будаўніцтва праводзіўся па двух, галоўным чынам, каналах: першым каналам былі розныя курсы настаўніцтва, вышэйшыя курсы беларусазнаўства і г. д. Другім каналам была выдавецкая дзейнасьць, падручнікі для школ, мастацкая літаратура і г. д. «...» Што датычыцца мастацкай літаратуры, дык мы ўжо ведаем пра такія вылазкі нацдэмакратызму, як рэакцыйныя творы Зарэцкага, Пушчы, Дубоўкі ды інш.».[8]
Іншыя разглядалі пытаньне «шырэй»: «Амаль да апошняга часу мы мелі такога роду факты, калі Акадэмія Навук была сапраўдным плацдармам нацыянал-дэмократызму, разгарнуўшага там «навучную» работу пад прыкрыцьцём «...» прэзыдэнта Акадэміі Ігнатоўскага. Той-жа малюнак яшчэ нядаўна быў у Белдзяржвыдавецтве. «...» лінія партыі на фронце асьветы самым наглым чынам скажалася былым наркомам па асьвеце Баліцкім. «...» па лініі Наркамзему нацдэмы павялі атаку на лінію партыі мэтадам насаджэньня кулацкіх хутарскіх гаспадарак...»[9]
Некаторыя з інтэлігентаў адразу-ж, а некаторыя з часам, зразумелі, як будзе праходзіць «ідэалягічная барацьба». Здольнасьць савецкай тайнай паліцыі, якую-б назву яна ні абрала, да ўтварэньня «змоў» была ўжо вядома самым праніклівым ці самым дасьведчаным. Паказальныя словы Цішкі Гартнага ў турэмнай камэры: «Вы бачыце, гаварыў ён, што зараз ідзе зьнішчэньне ўсяго беларускага, ідзе зьнішчэньне духоўнага жыцьця гэтага народу, больш таго -- ідзе яго фізычнае зьнішчэньне... Дзеля гэтага і створана сягоньня ворганамі НКВД нацдэмаўская арганізацыя. Сябраў гэтай арганізацыі будуць цяжка абвінавачваць у дзяржаўнай здрадзе. Нікому з нас ня будзе літасьці. Гэта ў адносінах да так званых "прыкметных" нацдэмаў. А далей пойдуць арышты "няпрыкметных" нацдэмаў -- сялян і іншых. Нельга-ж, каб гэтая арганізацыя не абапіралася на нізы, на "масу". Таму трэба гэтую "масу" зьнішчыць».[10]
Падставы для арыштаў былі самыя неверагодныя. І якое багацьце фантазыі пры гэтым! Узяць, да прыкладу, амаль анэкдатычны «літаратуразнаўчы аналіз» верша Янкі Купалы «Янка сеяў -- людзі жалі», які робіць загадчык спэцадзьдзелу Падкаблук: «Па-першае, высьмейваньне калгаснага будаўніцтва -- адчыненае, нахабнае... Вось нейкі Янка сеяў, а прыйшлі людзі й зжалі! Хіба гэта не намёк на беднату й не абарона кулака? Па-другое, у той час, як Янка сеяў, зязюлька кукавала. Якая яна, гэтая птушка?! А птушка яна такая, што не клапоціцца аб сваім дабрабыце -- ня робіць сабе гнязда, а забіраецца ў чужыя... Хіба тут, у гэтай бяздомнай птушцы, не відавочны намёк на пралетарскую клясу, вясковую беднату й ліквідацыю прыватнай уласнасьці на аднэй шостай зямной кулі? Не працуюць, ня дбаюць, а як Янка пасее, сажнуць! Так, Янка Купала -- народны паэта, адзначаны ордэнам, пакінем яго ў баку, хай жыве сабе на здароўе, пакуль што... »
Але, па праўдзе кажучы, у большасьці выпадкаў і ня трэба было аніякіх адмысловых падстаў: слова «нацдэмаўшчына» ўжо ўсё абымала, усё тлумачыла, бо яшчэ на сакавіцкім пленуме (1924) ЦК КП(б)Б была дадзена характарыстыка асноўных момантаў нацыянал-демакратычнай ідэалёгіі, што заключаліся «ў адмаўленьні дыктатуры пралетарыята і ў імкненьні да палітычнага раўнаваньня сялянства з рабочай клясай, у стаўцы на кулацкія элемэнты ў вёсцы, у адмаўленьні клясавага расслаеньня ў ёй, у імкненьні да ўплыву з боку інтэлігенцыі на дзяржаўны апарат, у правядзеньні беларускага шавінізму».[11]
Зірнем, як гэтыя ўказаньні выкарыстоўвалі потым улады, калі прыступілі да зьнішчэньня «нацдэмаўшчыны». Аўтар артыкула пра «нацдэмаўшчыну» ў Белдзяржвыдавецтве пасьля многіх і гучных абвінавачваньняў агульнага характару абурана пісаў: ««...» якія пасьля гэтага выходзілі падручнікі, відаць з такога прыкладу: БДВ выдае 5-цьцю выданьнямі чытанку Самковіча і Пратасэвіча «Родны шлях» (адна назва чаго варта!)».[12]
Гэта заўвага, вартая «навуковых вышукаў» Падкаблука, надзвычай паказальная: на адданасьць сваёй Бацькаўшчыне глядзелі нядобразычліва, імкнуліся замяніць яе «сацыялістычным патрыятызмам», які, у сапраўднасьці, азначаў поўнае ўхваленьне ўсяго таго, што, прыкрываючыся імем народу, рабілі кампартыя й савецкая ўлада. І, бязумоўна, уладаносцы дасягнулі шмат чаго: хто падлічыць колькасьць тых, каго Цэлеш пагардліва называе «ападкамі», хто выракаецца сваёй мовы, культуры, традыцыяў і звычаяў... «Божа! І цяпер, -- гаворыць адзін з герояў твора «Партыйны таварыш», -- калі ўжо фізычна выразана наша другая эліта, вырасшая на новых пачатках, пляскаюць у далоні й крычаць: "Хвала! Патапіць нацдэмаў!" Быццам-бы не разумеюць, што, па сутнасьці, ніякіх нацдэмаў, як ворагаў, ня было -- быў страх у акупанта перад растучай нашай сілай...»
Былі сярод гэтых «ападкаў» і тыя, якія пад канец жыцьця пачыналі ўсьведамляць, што прадалі першародства за сачавічную поліўку, і вярталіся паміраць дадому, у родныя мясьціны. («Вярнуўся чалавек») Але, па словах Уладзімера Дудзіцкага, «сьмерцю жыцьця не паправіш...»
На шчасьце, нягледзячы на вялізныя намаганьні, кампартыя ня здолела ператварыць усіх у пустадомкаў, як назваў такіх людзей вялікі майстар трапных характарыстык Фёдар Янкоўскі. У «Партыйным таварышы» некалькі чалавек едуць на паляваньне, і ў машыне адбываецца наступная размова:
«-- Вы зь беларускага паходжаньня, зразумела?
-- Для мяне, як для члена партыі, падобнай праблемы не павінна было-б існаваць. Аднак, ці я мушу крывіць душой? Корань маіх продкаў ідзе глыбака ў вякі гэтае зямлі! І я сам нарадзіўся тут, атрымаў ад маіх бацькоў гарт жыцьця, вырас тут, усмактаў у сябе пах гэтых цудоўных волатаў-сосен! -- зірнуў на лес. -- Гэта мая Бацькаўшчына! Люблю я яе ўсімі фарбамі мае душы! А іншыя землі, народы, гэта толькі суседскі двор для мяне -- мушу быць у кантакце зь ягонымі жыхарамі для агульнай карысьці...
-- Дробна-мяшчанскі перажытак... -- ціха прамовіў партыйны таварыш».
Зусім натуральна ўзьнікаюць у Цэлеша тэмы маральнай спустошанасьці пануючых улад і раскраданьня багацьцяў беларускай зямлі. Гэта, уласна, адна вялікая праблема, непасрэдна зьвязаная з раскулачваньнем, калектывізацыяй і ліквідацыяй «нацдэмаўшчыны». Менавіта тут хаваюцца вытокі шматлікіх балючых і нявырашаных праблем сёньняшняй Беларусі. Вось яны -- тыя, каму было дадзена права распараджацца лёсам людзей: фабрычны прапагандыста Падкоўнік («Пёрка і іншыя»), Шашок («Дзе шукаць праўду»), партыйны таварыш Галякоў («Партыйны таварыш»), картыга, выпівака, хабарнік сакратар партыйнай ячэйкі Янук Бізун («У імя догмы») і іншыя. Уражвае сваёй звычайнасьцю эпізод дзяльбы мясцовымі начальнікамі маёмасьці Богуша. А прыслухаемся да слоў прадстаўніка ДПУ («Дзікі вецер»), гэта-ж адпрацаваная схэма дзеяньняў савецкіх карных ворганаў, але гэта і дакладная копія плану налёту бандытаў-крымінальнікаў: «Пасьпеем! Часу яшчэ -- уга колькі! -- прадстаўнік дастае з кішэні гадзіньнік. -- За сем мінут дванаццатая. Для нашых спраў найлепш -- другая або трэцяя, верце мне! Чалавек усьпіцца, часам дзікія сны, бо чуткі-ж -- чуткамі зямля поўніцца! -- і пабуджаны зьнянацку, як ачумелы. Крыкнеш, ногі падгінаюцца й у нагавіцы не пападаюць... І золатца! Золатца, калі ёсьць, не пасьпее прыхаваць... Ха-ха!»
Прыкрываючыся рэвалюцыйнай тэрміналёгіяй, гэтыя людзі, у сапраўднасьці, усюды й заўсёды дбалі толькі пра сваю карысьць. Паказальная ў гэтым сэнсе пахвальба Галякова («Партыйны таварыш»), як ён, «будучы ваенкомам палка, уласнаручна застрэліў свайго найлепшага таварыша, падазраючы яго ў здрадзе». Без вялікай цяжкасьці яго спадарожнік Барута выкрывае сапраўдную прычыну гэтага «рэвалюцыйнага акту».
Ці маглі такія людзі хварэць душой за захаваньне багацьцяў краіны? Яшчэ менш былі зацікаўлены ў гэтым тыя, што стаялі над імі, што выпрацоўвалі і праводзілі такую палітыку.
«Спачатку йшлі краем засекі. Усюды ляжаў павалены лес: і ў шуртах і проста калодамі на зямлі. Там-сям ужо пакрыўся грыбком, спарахнеў, гніў...
-- Правая рука ня ведае, што робіць левая, -- капануўшы нагой гнілое палена, прамовіў Балевіч. -- Плян нарыхтовак лесу нашы бюракраты склалі, у Маскве зацьвердзілі й перадалі ЛесБелу для выкананьня, а пра тое, што няма каму й няма на чым вывезьці лес, забыліся... І ляжыць цяпер, грыбком аброс, гніе... а ў горадзе няма чым кватэру абагрэць... » («Партыйны таварыш»)
А потым безгаспадарлівасьць, руйнаваньне роднай зямлі перастала абураць людзей. Да гэтага прывыклі, прынялі, як нешта звычайнае й непазьбежнае. А калі хто адважваўся падняць голас, сказаць праўду, -- яму нядоўга заставалася быць на свабодзе. Апошнім часам шмат напісана правільнага й глыбокага пра вынішчэньне ў селяніне спрадвечнай цягі да зямлі, пра разбурэньне традыцыйнай працоўнай і гаспадарчай маральнасьці. Карціна Беларусі перадваенных гадоў, намаляваная Цэлешам, узнаўляе важны этап выхаваньня краіны ў духу інфантылізму. Звычайна гавораць пра інфантыльнасьць асобнага чалавека. Але грамадства, выхаванае ў перакананьні, што ёсьць нехта, хто ведае лепш за ўсіх і, тым больш, за «нас»; грамадства, якое вырасьціла ў кожным сваім грамадзяніне рабскае пачуцьцё згоды й маўчаньня; грамадства, у якім той, хто прымае рашэньне, не нясе ніякай адказнасьці, а той, хто адказвае, нічога не вырашае, -- такое грамадства інфантыльнае. І калі не вярнуць чалавеку пачуцьцё грамадзянскай адказнасьці за ўсё, што адбываецца ў краіне, пакуль ён не адчуе сябе гаспадаром і грамадзянінам, -- краіну не падняць.
Для Цэлеша ўсё ўпіраецца ў аднаўленьне дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі. Героі яго твораў зноў і зноў вяртаюцца да абмеркаваньня вытокаў залежнасьці то ад Масквы, то ад Варшавы. Асэнсоўваючы дзень сёньняшні, забіраюцца ў глыб гісторыі. Гаспадарчая дзейнасьць крывічоў і дрыгавічоў; Вялікае Княства Літоўскае й тагачасная дзяржаўная мова; трагэдыя Люблінскай уніі 1569 года; паўстаньне 1863 года; становішча Беларусі пры царызме і пры бальшавіках -- і многае, многае іншае зацікаўлена абмяркоўваецца людзьмі розных сацыяльных слаёў. «Гэтакія гамонкі, -- гаворыць Кастусь у няскончанай аповесьці «Першыя цаглінкі», -- першыя цаглінкі на новы падмурак для нашае Бацькаўшчыны, каб яна стала сапраўды вольнай!»
Ішлі гады эміграцыі. Адзінота, сьмерць сына, развал сям’і, старасьць, адарванасьць ад Бацькаўшчыны (як ён хацеў быць хаця-б пахаваным у роднай зямлі!), супрацьстаяньне дзяржаў параджалі пэсімізм, нявер’е ў тое, што даведзецца ўбачыць незалежную Беларусь. Апускаліся рукі, сьвет здаваўся чужым і варожым. Гэты настрой знайшоў адбітак у ліставаньні Цэлеша. Але не ў мастацкіх творах.
Мікола Цэлеш -- Юрку Віцьбічу (20.11.67)
Ня пішу цяпер нічога, хаця задумана й навет пачата досыць шмат; не спадзяюся скончыць -- пісаць няма ніякай ахвоты, калі падумаеш, што ўсё гэта да нічога й да нікога; ня толькі сярод нас, беларускіх эмігрантаў, пануе цяпер апатыя да творчасьці ва ўсіх галінах чалавечага духу, але і ўва ўсіх і ўсюды -- сьвет імчыцца поўным тэмпам да катастрофы, бо «не адзіным хлебам жыве чалавек» і не адзінымі ракетамі можна змагацца із злом, напроціў -- ракеты павялічаюць зло!..
У зборнік уключана аўтарам і некалькі апавяданьняў, якія адрозьніваюцца ад разгледжаных. Яны дазваляюць ацаніць разнастайнасьць творчасьці Цэлеша і ў тэматычных і ў жанравых адносінах. Тут і апавяданьне з часоў нямецкай акупацыі «Акупанты», і «Шчупак» з сэрыі паляўніча-рыбацкіх замалёвак -- асноўнага жанру даваенных твораў пісьменьніка, і гістарычны нарыс «Летапісная Няміза і ейнае мейсца на мапе» -- прыклад майстэрства Цэлеша -- журналіста й гісторыка, і аповесьць «Курылка», бадай, самы вядомы з апублікаваных да вайны яго твораў і адзіны, уключаны ў зборнік, акрамя вылучаных аўтарам. У гэтай аповесьці Цэлеш ня толькі расказаў пра свае ўражаньні аб дарэвалюцыйнай школе, але й намаляваў прывабныя вобразы вясковых дзяцей.
Юрка Віцьбіч -- Міколу Цэлешу (10.3.62)
Мне прыемна, што Вам спадабаўся мой артыкул «О широте российских просторов»... Можа, гэта й таму, што ў ім згадваюцца Вашыя ўлюбёныя героі -- беларускія вясковыя школьнікі, аб якіх Вы пісалі гэтак сардэчна, як ні адзін беларускі пісьменьнік.
Творы, аб’яднаныя ў зборніку, дазваляюць убачыць творчую мэтоду Міколы Цэлеша. Перад намі рэаліст і ў адборы жыцьцёвага матэрыялу, і ў яго падачы. Адсутнасьць эфэктных сцэн, стрыманая манера выражэньня, скупасьць мастацкіх сродкаў побач з верагоднасьцю падзей надаюць апавяданьням Цэлеша асобую пераканаўчасьць. Апавяданьні пакідаюць уражаньне адзінства жыцьцёвага матэрыялу. Чытач бачыць як-бы фрагмэнты адной цэльнай карціны. Гэтаму спрыяе й кампазыцыя, бо ў большай частцы твораў яна пазбаўлена ярка выражанай кульмінацыі, крутых сюжэтных ходаў, штучных пабудоў. І чытач ўспрымае ўсе творы Цэлеша, асабліва апавяданьні, прысьвечаныя Беларусі 30-х гадоў, як часткі адзінага вялікага палатна. Цэлеш удала стварае эфэкт прысутнасьці. Гэтаму ў значнай ступені служыць вобраз апавядальніка. Але ня толькі. Выкарыстаньне цяперашняга часу замест прошлага й побач з прошлым пры апісаньні падзей стварае нават нейкую кінонагляднасьць: «Зьмітрачок вярнуўся з раёна радасна ўсхваляваны. "Так, пачынаецца! Ну, вось і дачакаўся". Цяпер ён ні аб чым іншым ня думаў, як толькі аб тым, як ён прыйдзе да Гарасёвых, як абвесьціць ім пра пастанову раёну аб высылцы і як яны будуць гэтым прыгнебены... "Во, упэўніліся, што азначае маленькі Зьмітрачок!" (Так называў яго, бывала, Гарась). Зласьлівая радасьць абхоплівае сэрца Зьмітрачка...
Кідае на брудны ложак сваю будзёнаўку, запальвае сьвятло ў пакоі й садзіцца за стол... Сэрца ягонае перапоўнена злосьцю. Ён хоча ўбачыць сьлёзы бацькі й маці Марыны. Як соладка будзе глядзець яму ў гэты час на іх. "Сьмерць! Усім ім сьмерць; усім такім, хто супроць яго, Зьмітрачка! Не, не раптоўная сьмерць, а цяжкія павольныя мукі -- там, у зьледзянелай поўначы, дзе ня сьвеціць сонца, а потым ужо сьмерць... пад цяжкім паленам, дзе-небудзь... Вось вам усім: буду ў вас на языках, аж да вашага скананьня..."
Дастае з кішэні пакамечаны кавалак паперы. Разгортвае й глядзіць у яго. Чытае.. Глядзіць угару, на партрэт правадыра: вусаты твар сурова ўхмыляецца. -- Так-так! Грамі ворага!
-- Зьмітрачок задаволена хіхікае. Падсоўвае лямпу, чытае далей... Глядзіць на гадзіннік. Яшчэ рана! Комкае паперу й засоўвае яе зноў у кішэню. Кладзецца на ложак, выцягвае ногі й глядзіць угару: там бездапаможна дзынкае ў павуціньні муха. Непамерна падкручаная лямпа хліпае, агеньчык падымаецца, робіцца мутным і гасьне... »
Кожнае апавяданьне Цэлеша мае своеасаблівую рытмічную структуру, якая зь першых радкоў стварае пэўны настрой. Параўнаем пачатак двух апавяданьняў. Вось як пачынаецца «Цётка Магда»: «Яна сядзела каля стала, накрытага чыстым абрусам, зусім ужо сівая, хоць ёй і было яшчэ ўсяго пад сорак. Стол стаяў пасярод пакою, а крыху наводдаль ад яго, каля сьцяны, зялезны нікеляваны ложак, засланы жоўтай, з зялёнымі разводамі, коўдрай». А вось «Дзікі вецер»: «Гойдаюцца сосны над хутарам, шумяць, гамоняць. Вецер сьвішча, гоне з поля хвалі сьнегу, кідае яго на сосны, круце ля галамнёў. І страшна на хутары: ходзяць галодныя людзі, забіваюць, рабуюць». У першым -- плаўны, нетаропкі рытм разгорнутых сказаў абяцае нягучна расказаную, можа, драматычную, а можа, і зьлёгку сэнтыментальную гісторыю, у той час як кароткія неразгорнутыя сказы другога апавяданьня адразу настройваюць на небясьпеку, магчымую трагэдыю.
Цэлеш ніколі не дае падрабязнага партрэта сваіх пэрсанажаў. Вельмі скупа апісвае мейсца дзеяньня. Рэдка і ў асобных выпадках робіць пэйзажныя замалёўкі. Так, у «Хмарах над Бацькаўшчынай» -- амаль ідылічны пэйзаж палескага вечара і партрэт маладой жанчыны «зь цёмна-васільковымі, крыху нібы засмучонымі вачмі й вельмі прывабнымі рысамі тавару» дазваляюць аўтару падкрэсьліць рэзка кантрасную з гэтай спакойнай прыгажосьцю трывожную размову аб становішчы ў краіне. Тут, як і ў іншых творах Цэлеша, усё падпарадкавана думцы й дзеяньню, усё адпавядае суровай мэтазгоднасьці сюжэту. Ніякага «прыгоства», ніякіх дадатковых фарбаў, якія маглі-б павесьці чытача ўбок ад галоўнага. Перад намі летапісец-сьведка.
Мікола Цэлеш -- Вітаўту Тумашу (10.12.75)
Рыхтую Вам перасылку зборніка апавяданьняў -- выбраных, папоўненых новымі, дапрацаваных. З маімі слабымі сіламі -- гэта нялёгкая праца. У канцы гэтага месяца думаю Вам пераслаць. У далейшым, калі-б із мной што-кольвек здарылася дрэннае, трэба зьвяртацца да дачкі Карал... Ад перасылкі «Ашчадкаў» пакуль што паўстрымліваюся: а можа, і праўда, дасьць Бог сілу паправіцца, і тады зноў вазьмуся за працу...
Мікола Цэлеш, верагодна, ніколі ня лічыў свае творы канчаткова завершанымі. Высокая патрабавальнасьць да сябе вымушала ўдасканальваць напісанае. Нават у надрукаваныя раней творы пісьменьнік уносіў зьмены, імкнучыся да ўсё большай дакладнасьці, ёмістасьці, мастацкасьці.
Адзін прыклад. «Хмары над Бацькаўшчынай». У кнізе «Дзесяць апавяданьняў», дзе гэты твор меў назву «Палескія мрыйнікі», чытаем: «Саламяныя стрэхі вёскі Клетні зьявіліся перад вачыма зусім нечакана. Цяпер фурманка кацілася па вузкай палёвай дарожцы. З абодвух бакоў ад яе беглі ўдалеч шнуры палосак, там-сям ужо ўзаратыя.
-- Папар наш, -- растлумачыў Ігнат.
На адным з шнуроў ляжалі кучкі неразьбітага гною, па краёх якіх прарастала расьліна. Каняка Ігната раптам павярнула з дарогі на гэты шнур.
-- Пазнаў!? -- выкрыкнуў Ігнат і сьцебануў Шарака пугай, паварочваючы яго зноў на дарогу. -- То мая палоска, -- вытлумачыў.
-- Чаму-ж ты не разьбіў гной? -- спытаўся мой кампаньён.
-- Пасьпеецца! Паляжыць, умацнее...»
У рукапісе, падрыхтаваным аўтарам для гэтай кнігі, урывак гучыць інакш:
«Саламяныя стрэхі вёскі Клетні выскачылі з-за алешніку нечакана. Цяпер мы ехалі па вузкай палявой дарожцы. З абодвых бакоў яе беглі ўдалеч шнуры палосак, там-сям ужо ўзаратыя.
-- Папар наш! -- растлумачыў Ігнат.
На адным з шнуроў ляжалі кучкі неразьбітага гною. Ад яго моцна пахла хлевам. Конік Ігнатаў раптам павярнуў на гэты шнур.
-- Пазнаў!? -- выклікнуў Ігнат і сьцебануў каня пугай, паварочваючы яго зноў на дарогу.
-- За што-ж ты яго! Належыць узнагародзіць аўсом, а ты пугай яго!?
-- Пасьпеецца з аўсом!»
Унесеныя зьмены ня толькі надалі замалёўцы большы дынамізм і выразнасьць, але і дазволілі пазьбегнуць некаторай двухсэнсоўнасьці ў характарыстыцы Ігната -- руплівага гаспадара. І так заўсёды: Цэлеш дабіваецца яснасьці, пластычнасьці і рэльефнасьці адлюстраванага. Параўнаньне твораў у «Дзесяці апавяданьнях» з гэтым зборнікам -- выдатны матэрыял для роздуму пра работу пісьменьніка над вобразам, пра адвечныя пошукі пісьменьнікам шляхоў у духоўны сьвет чытача.
Лявон Юрэвіч