Аўтабіяграфія


Нарадзіўся 25-га ліпеня 1900 году ў в. Зазер’е Есьмінскай воласьці, Барысаўскага павету, Менскай губерні. Бацька -- Яўхім Цэлеш, маці Барбара, абодвы -- сяляне.

У 1911 годзе скончыў вясковую школу. Настаўніца (пазьней жонка Янкі Купалы) дамаглася, каб мяне аддалі ў «Выше-начальное училиэе» за сямнаццаць вёрст, у мястэчку. Гэта ўваходзіла ў пляны й бацькі, бо зямлі на нашу сям’ю прыпадала толькі тры дзесяціны, а, апроч мяне, было яшчэ двох сыноў.

Вучні «Выше-начального училиэа» мелі жалю вартае існаваньне. Жылі ў бруднай і халоднай «бурсе», харчаваліся, галоўным чынам, сухім хлебам і адзінай на дзень цыкорыяй; крупнік варыўся таксама толькі раз на дзень і толькі ў дні школьных заняткаў. Гэта прымушала мяне, нягледзячы на такую далёкую дарогу і супроць волі бацькі, уцякаць дахаты. Можаце сабе ўявіць, як я дабіраўся праз пушчы й пустыя палі, часта ўжо ўпоцемку, да майго Зазер’я. Цяпер часта ўспамінаю, як мяне не загрызьлі ваўкі, якіх у нашай мясцовасьці было шмат.

Навука мая ў «Выше-начальном училиэе» скончылася ў 1914 годзе, калі бацьку забралі на вайну. У шаснаццатым я выехаў у Варонеж, дзе дастаў працу на пошце. Гэта была няўдалая спроба палепшыць становішча сям’і, бо ў Расейскай імпэрыі быў ужо пачаўся хаос і голад. Сябры з Бацькаўшчыны, якіх было шмат у Варонежы, як уцекачоў ад вайны, параілі мне кінуць працу на пошце і ехаць на поўдзень. Другога выйсьця ня было, і я апынуўся, якраз у дні лютаўскай рэвалюцыі, у невялікім гарадку Кадзіеўка, на Кацярынаслаўшчыне. Тут таксама было шмат уцекачоў ад вайны з Бацькаўшчыны -- галоўным чынам інтэлігенцыі. Пры іхнай дапамозе пры мясцовай гімназыі для маладых людзей, страціўшых магчымасьць вучыцца на Бацькаўшчыне, былі арганізаваныя агульнаадукацыйныя курсы. Я знайшоў такую-сякую працу й пачаў наведваць гэтыя курсы. У 1919 годзе скончыў іх.

Пачалася грамадзянская вайна. «Недзялімцы» наступалі з Дону, саветчыкі арганізоўвалі абарону на мясцох, і ў чырвені дзевятнаццатага мяне паклікалі ў войска. Цяжка перадаць усё тое, што мне прыйшлося перажыць; даволі сказаць, што, калі я вярнуўся дахаты па дэмабілізацыі, ні бацька, ні маці не пазналі мяне -- так зьнясілены быў я двума тыфусамі запар.

У 1922 годзе я асеў на сталае жыцьцё ў Менску. Аслаблены тыфусамі, я ня мог дазволіць сабе вялікай нагрузкі, што патрабавалася ўмовамі жыцьця. Не пайшоў я й ні ў якую партыю; паспрабаваў слухаць лекцыі на факультэце грамадскіх навук, але мне яны не падабаліся -- усю іхную мудрасьць я прайшоў у жыцьці на практыцы...

У 1928 паспрабаваў свае сілы ў літаратуры. Выявілася, што яны ў мяне ёсьць, і я ўзяў працу ў рэдакцыях. У 1929 годзе была выдадзена мая першая кніжка, рэдактар -- сьветлай памяці Міхась Чарот. Мела яна добрыя водгукі, і я наважыў заняцца літаратурай.

Новая вайна прынесла нам жудасныя няшчасьці. Я згубіў палавіну сям’і, а пазьней і ўсю.

Літаратурная праца мяне крыху натхняла, але са старасьцю і гэтаму прыйшоў канец. Дажываю жыцьцё самотным, у адзіноце: што лёс пашле?..

Мікола Цэлеш


Загрузка...