Лексычны камэнтар


Творы Міколы Цэлеша адлюстроўваюць пэўныя фанэтычныя, лексычныя і граматычныя асаблівасьці, уласьцівыя беларускай мове 30-х гадоў і мове паваеннай эміграцыі.

Лексычны камэнтар уключае словы (устарэлыя, рэдкаўжывальныя, вузкаспэцыяльныя, дыялектныя) і вобразныя ўстойлівыя выслоўі, якія выяўляюць моўнае майстэрства аўтара.

Тлумачэньне слова ці выразу даецца апісальна або падборам сіноніма. Прыклад з тэксту ілюструе ўжываньне слова ці выразу ў кантэксьце.

Знак «...» паказвае на рэдактарскае скарачэньне.

У зборніку максімальна захаваны асаблівасьці аўтарскага правапісу.


Аб’е́здчык. Служачы лясьніцтва, які адказвае за пэўны ўчастак лесу, працу лясьнікоў. Вунь як жыве наш аб’ездчык! Курылка.

Аблога. Даўно ня воранае поле. Для тых, хто ня пісаўся ў калгас, зямлю адмерыў у Дубнікох на закінутых аблогах. На межах.

Абое рабое. Аднолькава. У вайну Масквы з Варшавай наш народ у бальшыні стаяў убаку. Так? Ні туды ні сюды -- «абое рабое». Вярнуўся чалавек.

Абора. Вераўчаная або раменная завязка ў лапці. Бацька ўцягнуў у новыя лапці аборы і кінуў мне іх на зачынак. Курылка.

Агіці́рнік. Агітатар. За ім праехаў Антон Балабон -- хітрунок, падлізьнік, боты чысьціў і штаны падцягваў пры патрэбе, бывала, пану -- іхны сучасны важны агіцірнік! На межах.

Агу́л. Каляктыў. Іхная-ж тут карысьць: будуць сядзець на карку агулу ды гарэлку смактаць. У імя догмы.

Аддаць астатні ўздых. Памерці. І вось ён прыйшоў сюды аддаць, бачу, астатні ўздых. Вярнуўся чалавек.

Адкалоць. Тут: зрабіць або сказаць нешта нечаканае, недарэчнае. У школе, чым больш біў яго Курылка, тым горш ён вучыўся, тым больш розных штук адколваў. Курылка.

Адсе́дка.Тэрмін зьняволеньня. І калі-б у камары было хоць крыху вальней, ён палічыў-бы гэта за лепшае да канца адседкі. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Азярод. Пярэплат. Прыстасаваньне са слупоў і жэрдак для дасушваньня збажыны, травы. Будоў ніякіх ня было -- толькі там-сям азяроды, частакол агародзікаў ды яблынькі й дулі... Хмары над Бацькаўшчынай.

Аі́р. Аер. Балацяная шматгадовая расьліна. Падышлі да новае вялікае выгарыны, суцэльна зарослай аірам, пухоўнікам, чаротам... Хмары над Бацькаўшчынай.

Алаві́к. Аловак. Тонкі хвост ягоны алавіком выпрастаўся й дрыжэў. Хмары над Бацькаўшчынай.

Амбі́тны. Амбіцыйны. З празьмерным пачуцьцём асабістай годнасьці, самалюбства. Людзі кажуць, што ён дужа амбітны, лезе ўверх! Пернікавае сэрца.

Амэрыка́нка. Турма ў Менску. Толькі час ад часу недзе далёка, мабыць, у «амэрыканцы», аб існаваньні якой ён чуў, недзе там ляскалі нейкія зялезныя запоры. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Аняго. Так, сапраўды, няўжо. -- Што, пайшоў? -- спытаў. -- Аняго! Ня будзе-ж ён тут спаць, як ты! Партыйны таварыш.

Апрычоны. Своеасаблівы, адасоблены. І яшчэ тады, калі ўсё наша апрычонае, не падобнае ні на расейскае, ні на польскае, каралася законам і вынішчалася, зьявіліся волаты нашага новага паўстаньня зь мёртвых... Ападкі.

Атопак. Стары зношаны чаравік, бот. Ёй было пад дваццаць. На нагах мела старыя атопкі ад бацькавых ботаў. Партыйны таварыш.

Аўву́л. Аул. Паселішча на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Чыноўнікі партыйнага апарату «...» разьязджаюцца па хвабрыках, заводах, шахтах, сёлах, вёсках і аўвулах. «Янка сеяў -- людзі жалі».


Ба́гнет (польск.). Штык. Кузьма стаяў і чамусьці доўга глядзеў на кончык багнета, добра адточаны й таксама заліты сонцам. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Балагол. Той, хто займаецца перавозам грузаў ці людзей на ўласнай фурманцы. Завуць гэтага балагола Шаем. Хмары над Бацькаўшчынай.

Барджэй. Хутчэй. -- Аняго, так табе й адчыняць барджэй дзьверы: калі ласка, гаспадар, мейце ахвоту выйсці... «Янка сеяў -- людзі жалі».

Ба́ўэр (ням.). Селянін, жыхар сельскай мясцовасьці. Зьехаліся ня толькі баўэры з усяго краю, але ўсе, хто толькі мог. Пернікавае сэрца.

Бачы́на. Старонка. А назаўтрае ў газэце зьявілася цэлая бачына, прысьвечаная «барацьбіту за лепшую будучыню чалавецтва Хвёдарку Скуратку»... У імя догмы.

Благачы́нны. Сьвятар, які кіруе цэрквамі некалькіх прыходаў. У клас увайшоў благачынны. Курылка.

Браць сябе ў рукі. Быць стрыманым, валодаць сваімі пачуцьцямі. Але ён бярэць сябе ў рукі й падыходзіць да вакна. Дзікі вецер.

Буга́й. Тут: начная балотная птушка сямейства чапляў, празваная так за тое, што вясной самец яе, апусьціўшы дзюбу ў ваду, утварае гукі, падобныя да рову бугая -- быка. У багнах каля Птычы трубіў бугай... Хмары над Бацькаўшчынай.

Будзёнаўка. Чырвонаармейскі суконны шлем. Кідае на брудны ложак сваю будзёнаўку... Дзікі вецер.

Бу́дзік. Будзільнік. Сьмяшок памацнеў, ператварыўся ў нейкі суцэльны мэханічны клёкат, быццам у таго, хто на печы, саскочыла, як у будзіку, накручаная спрунжынка... Акупанты.

Быць на языках. Заўсёды помніць, думаць, гаварыць пра каго або што-небудзь. Вось вам усім: буду ў вас на языках аж да вашага скананьня... Дзікі вецер.


Валасы сталі дубка. Пра пачуцьцё жаху, вялікага страху, зьведанага кім-небудзь. У Курылкі, здавалася, валасы сталі дубка. Курылка.

Ваўчкі́. Травяністая расьліна з учэпістымі калючкамі. Тады і іншыя немцы пачалі жартаваць з Мацея і зь ягонага каня, які толькі пакручваў пасьля кожнага замаху ўдарыць яго сплеценым шэрымі «ваўчкамі» хвастом. Акупанты.

Вашэці, вашэць. Ваша міласьць. Ужываецца пры ветлівым звароце да мужчыны. Пастанова гаворыць толькі: гаспадаркі вашэцяў зьяднаць у адну гаспадарку. Хмары над Бацькаўшчынай.

Вечары́на. Вечар. Раніца выдалася цудоўная -- ціхая й цёплая, як учарашняя вечарына. Ападкі.

Ве́чка. Верхняя частка скрыні. Калі ўзьнялі вечка, на дне, сярод усякае дробязі, убачылі невялікі плецены кошык. У імя догмы.

Вой. Воін. На фабрыцы, у войску і то кожны работнік і кожны вой розныя... У імя догмы.

Воласьць. Найдрабнейшая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, якая ўваходзіла ў склад павета, у дарэвалюцыйнай Беларусі. Бывала, перад сьвятам пойдзе ён у мястэчка, дзе была воласьць, двухкласная школа, і загуляе. Курылка.

Воўк у авечай скуры. Крывадушны чалавек. Аддаю рацыю нашым нацдэмам, якіх, прызнаюся, раней не разумеў, -- парваць сяброўстваз ваўком у авечай скуры! «Янка сеяў -- людзі жалі».

Вужла́к. Зацьвярдзеньне на целе. Пазногці ўпіліся ў далоні -- шурпатыя, патрэсканыя ад працы, з шэрымі вужлакамі мазалёў... На межах.

Вы́вараць. Выварацень. Вывернутае з коранем дрэва. Здавалася ім: вось зараз выскача з-за вывараці мядзьведзь. На межах.

Вы́гар. Выгарына. Участак лесу, балота, сенажаці, выпалены агнём, пажарам. Выбухалі трывожным крыкам на выгарах спалоханыя лісам ці ваўком крыжны... Хмары над Бацькаўшчынай.

Вы́жла. Выжал. Гончы сабака. -- Ну, дык-жа ў добры час! -- зірнуў на Лорда. -- Якраз -- выжла? Хмары над Бацькаўшчынай.

Вы́йгада. Выгода. -- Эх, -- уздыхнуў Ігнат, -- выйгада ім тутака! Хмары над Бацькаўшчынай.

Вы́люднены. Тут: апусьцелы. Зь дзевятнаццаці двароў застаўся цэлым толькі адзін: васемнаццаць вылюднены, павысланы, зьнішчаны. У імя догмы.

Вы́пек. Пляма на скуры. Намёк быў ясным, і на твары Маўры зьявіліся чырвоныя выпекі. Пёрка й іншыя.

Вы́церабіць. Тут: зьнішчыць. Выцерабяць нас нанава, як у 1863! Хмары над Бацькаўшчынай.

Вы́шкі. Паддашак, гарышча, гара. Мейсца ад столі да страхі. Калі бялізна ўжо вісела на вышках, прыйшла суседка Аўгіньня... Пёрка й іншыя.

Вы́шук. Сьледства. Прыехаў неўзабаве прадстаўнік ДПУ з карагодам міліцыянэраў і з вышуковым сабакам і распачаў вышук. У імя догмы.

Вязьні́ца. Турма. Забралі каго... у вязьніцу? У імя догмы.


Галаме́нь. Дрэва без галін або малагалінастае. Вецер сьвішча, гоне з поля хвалі сьнегу, кідае яго на сосны й круце ля галамнёў. Дзікі вецер.

Гале́нь. Галёнка. Зьняў абодвы боты, паказваючы пакрамсаныя ікры галеняў. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Галота. Галеча, бедната. Рыбкі хоча галота?! Я пакажу табе рыбку! Дзе праўду шукаць.

Га́ля (польск.). Зала. Тут: вялікае памяшканьне. Прайшоў разы два па галі, кінуў позіркам на ложак Кузьмы. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Гамава́ць (польск.). Тармазіць. Цяжка сапучы, паравік загамаваў рух і спыніўся на паўстанку. Хмары над Бацькаўшчынай.

Га́ра. Тут: гарэлка. Калі ён і быў барацьбітом, дык толькі за бутэльку гары... У імя догмы.

Гарла́ч. Збан з вузкім горлам. Узяла з паліцы вялікі гарлач і выйшла. Хмары над Бацькаўшчынай.

Гарт. Стойкасьць, выносьлівасьць, сіла волі. І я сам нарадзіўся тут, атрымаў ад маіх бацькоў гарт жыцьця... Партыйны таварыш.

Га́чак (польск.). Кручок. А больш за ўсё рыба тыркала добра, толькі на гачак не чаплялася. Шчупак.

Глузд. Розум, развага. Я гаспадар, разумееш? Свой глузд маю! Акупанты.

Гмі́на (польск.). Адміністрацыйны цэнтр самай дробнай тэрытарыяльнай адзінкі ў Польшчы. От-жа, мне было ўжо гадоў за дваццаць, як і ў школах, і ў гмінах, і ў судох -- усюды нашая мова была! Першыя цаглінкі.

Гне́біць. Гнібіць. Прыніжаць, прыцясьняць, зьнішчаць. Усіх гнебіла адна й тая-ж думка, адна й тая-ж цяжкая роспач, скруха. У імя догмы.

Горан. Кавальская печ. Кожны імкнуўся першым дабегчы, каб быць ля самага горна. Курылка.

Гра́дка. Града. Выцягнутае ў даўжыню ўзвышша. Матузок схіляе галаву, глядзіць у вакно, за якім, як-бы ў сьне, разьлягліся шырака балоты, лысеюць пясчаныя градкі. На межах.

Гру́пка. Грубка. Невялікая пакаёвая печ для абагрэву. Далей, у кутку, каля групкі, стаяла скрыначка з набітай жарствой. Курылка.

Гэст (польск.). Жэст. Учора я ня быў п’яны й дасканала памятаю ня толькі кожнае маё слова, але й гэст, зь якім яно было выказана. «Янка сеяў -- людзі жалі».


Даваць бухлянкі. Моцна штурхаць, біць. Ён дае мне бухлянкі, а я злаўчыўся ды ўкусіў яго з-пад нізу. Вярнуўся чалавек.

Двохто́нка. Аўтамашына грузападымальнасьцю ў дзьве тоны. Я даў загад з гаража ўзяць крытую двохтонку -- у ёй будзе куды выгадней і вам і вашым сабачонкам... Партыйны таварыш.

Дзе Макар цялят ня пасьвіў. Вельмі далёка (трапіць, выслаць). А сам ты паедзеш туды, дзе Макар ніколі цялят ня пасьвіў... У імя догмы.

Дзе сабака закапаны. Пра сутнасьць справы, сапраўдную прычыну чаго-небудзь. Вось дзе сабака закапаны? Пёрка й іншыя.

Дзесяці́на. Мера зямельнай плошчы, роўная 1,09 га, якой карысталіся да ўвядзеньня мэтрычнай сыстэмы. Жыў сабе проста, гаспадаркі вялікае ня меў: шэсьць дзесяцінаў зямлі, добры конь, са тры каровы, авечкі, сьвіньні ды іншае. У імя догмы.

Дзякуй у шапку. Выказваньне нязгоды з чыёй-небудзь няпрымальнай прапановай. Дзякуй табе й тваёй партыі ў шапку! На межах.

Доба (польск.). Суткі. Ці я калі адлучыўся з дому хоць на адну добу? Дзікі вецер.

ДПУ. Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленьне пры Народным камісарыяце ўнутраных спраў БССР (НКУС). Прыехаў унезабаве прадстаўнік ДПУ з карагодам міліцыянэраў і з вышуковым сабакам і распачаў вышук. У імя догмы.

Дра́бкі. Драбіны, лескі. Драбкі таксама былі крыху закароткія, тым ня менш Славік палез па іх да гнязда. Галчыны дзеці.

Ду́бальтам (польск.). Падвойны, у два разы. Ігнат дубальтам зваліў дзьве, але Кандрат на гэты раз хібіў. Хмары над Бацькаўшчынай.

Ду́ля. Летні сорт ігруш зь вялікімі салодкімі пладамі. Я хочу выкапаць ямку ў садку, Ага! Пад тэй дуляй... На межах.

Дупля́к. Дупель. Балотная птушка. А дуплякоў і цецярукоў -- няма веры колькі. Хмары над Бацькаўшчынай.

Ды́хта (польск.). Фанера. На вуліцы ён знайшоў скрыначку з дыхты. Галчыны дзеці.


Е́йны. Яе. Берагі ейныя хаваліся ў гушчарох лазьняку й альшэўніку. Хмары над Бацькаўшчынай.


Ё. Ёсьць. Брат у мяне, праўда, за мяжой ё, ты-ж сам ведаеш! Дзікі вецер.

Ёміна. Харчы, прадукты. Некаторыя з жаўнераў, дастаўшы із сваіх ранцаў ёміну, пачалі закусваць. Акупанты.

Ёўня. Асець. Прыбудова да тока, у якой сушаць снапы. Піліп папаўдні натапіў ёўню. Воўчым сьледам.


Жарства́. Драсва. Дробныя каменьчыкі. А от як на жарству ставяць, гэта кепска. Курылка.

Жэрліца. Рыбацкая снасьць для лоўлі драпежнай рыбы на жыўца. -- Пэўна, жэрліцы там паставіў нанач! -- зазначыў Ігнат. Хмары над Бацькаўшчынай.


Завада́ты. Завадатай, завадатар. Верхавод, зачыншчык. Мінуў Дзяніс Галуза на пары коняў, з плугам на возе -- самы завадаты «іхны»... На межах.

Заварот кішок. Тут: неспадзяваная падзея. Без вайны цяпер ніяк усяго гэтага не разблытаеш... Або здарыцца які-небудзь заварот кішок!? Дзікі вецер.

Замыкаць граніцу на замок. Надзейна ахоўваць. Дваццаць тры гады балбаталі пра абарону, умацоўваліся, ачышчаліся, зьнішчалі ворагаў, замыкалі граніцу на замок... «Янка сеяў -- людзі жалі».

Заносіцца. Тут: быць падобным. Не заносіцца на тое, каб ён выйграў... Хмары над Бацькаўшчынай.

Заскочыць (польск.). Тут: зьдзівіць. Пытаньне, відаць, дужа заскочыла Балевіча. Партыйны таварыш.

За́смарга. Вузел са свабоднай пятлёй, завязанай адным канцом. Адзін зь іх зьняў з крука ў сьцяне лейцы, «...» зрабіўшы на адным з канцоў засмаргу, выйшаў з хаты. Акупанты.

Засьце́нак. Хутар або невялікае паселішча дробнай шляхты, якая арандавала гэтыя землі. Жыў у нас на засьценку чалавек. У імя догмы.

За сэрца хапіць. Хваляваць. Моцна ўразіць. І ў гэты час чую голас Захараў, але такі няпэўны, слабы, што мяне аж за сэрца хапіла. Вярнуўся чалавек.

За́ўвуч. Завуч (ад руск. заведуюэій учебной частью). Загадчык навучальнай часткі ў школе, вучылішчы. Часам да іх падыходзіў «...» заўвуч або й зусім хто-небудзь зь незнаёмых... «Янка сеяў -- людзі жалі».

Зачы́нак. Выступ варыстай печы. Бацька ўцягнуў у новыя лапці аборы і кінуў мне іх на зачынак. Курылка.

Збоку прыпёку. Лішні, непатрэбны. Я тут зусім збоку прыпёку. Дзікі вецер.

Збэсьціцца. Тут: даць волю языку. І ты таксама, Кузьма, сёньня нешта збэсьціўся... «Янка сеяў -- людзі жалі».

Зводзіць канцы з канцамі. Знаходзіць выйсьце зь цяжкага матэрыяльнага становішча. Яна ніяк не магла зьвесьці канцы з канцамі. Пёрка й іншыя.

З глузду зьехаць. Страціць розум, звар’яцець. Ото-ж ужо ад вялікага розуму з глузду зьехаў! Ападкі.

Здрантава́ны. Здратаваны. Патаптаны, вытаптаны (звычайна пра пасевы). Здрантаванае жыта мітусіцца ў ягоных вачох. На межах.

Зеляні́зна. Зеляніна, зелень. Там-сям рэчка срэбрам паблісквала з-за густой зелянізны расьлін. Хмары над Бацькаўшчынай.

З козырам зьявіўся. Ганарліва, з форсам. З сотні двароў нашае вёскі толькі ён адзін з козырам зьявіўся на пункт. Вярнуўся чалавек.

Злы́дзень. Тут: нягода, бяда. Перакінешся яшчэ раз у нашы родныя мясьціны, дзе кружылі мы ў жыцьці сьцежкамі-дарожкамі, ня раз спатыкаючы й злыдзень, і галечу, і незаслужаную крыўду-зьдзек... Ападкі.

Зьбіць з панталыку. Заблытаць. Выклікаць замяшаньне. І гэта зьбіла некаторых з панталыку. Партыйны таварыш.

Зэдлік. Услончык. Нёс таксама складаны зэдлік, каб ямчэй было сядзець каля рэчкі. Ападкі.


Імша́ра. Мохавае балота. Направа ляжала катлавіна балацяных імшараў. Партыйны таварыш.

Інтэнцыя (польск.). Намер, закід. Як гэта ня дзіўна, Кузьма зарагатаў, зарагатаў ад усіх гэтых бязглуздых інтэнцыяў і выдумак. «Янка сеяў -- людзі жалі».

І ў вус ня дзьмуць. Ні пра што не клапаціцца, не зьвяртаць увагі. Той, ад каго гэта залежа, і ў вус не падзьме, як яны будуць замярзаць. У імя догмы.


Кага́л (стараж.-яўр.). Тут: каляктыўная гаспадарка. І ці праўда таксама, што хутка пачнецца вялікі згон да кагалу? Хмары над Бацькаўшчынай.

Кагане́ц. Сьвяцільнік з кнотам, у якім гарыць тлушч. Мацей паднёс каганец і ў гэты мамэнт убачыў, што рукі ў бадзякі дрыжаць. Акупанты.

Кагу́цік (польск.). Певень. Выйдзе вось гэтакі кагуцік і пачынае кукарэкаць аб «адпаведнасьці вытворчых адносін вытворчым сілам...» «Янка сеяў -- людзі жалі».

Казе́льчык. Лугавы конік. Недзе каля варот цвыркаў казельчык. Хмары над Бацькаўшчынай.

Калга́н. Тут: калгас. Пазамарылі людзей гэнымі «калганамі»... ды яшчэ вайну наклікалі... Акупанты.

Каломна (польск.). Калона. З захапленьнем і, разам з тым, з роспаччу пазіраў на бронзавыя каломны волатаў-дрэваў; з роспаччу таму, што мала ўжо іх уцалела. Партыйны таварыш.

Каляі́сты. Каляіністы. З глыбокімі каляінамі. Хурманка кацілася па каляістай і няроўнай дарозе. Хмары над Бацькаўшчынай.

Ка́мара. Камера. І калі-б у камары было хоць крыху вальней, ён палічыў-бы гэта за лепшая да канца адседкі. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Камэртон. Прылада для настройкі музычных інструмантаў і вызначэньня асноўнага тону ў харавых сьпевах. Курылка ўдарыў камэртонам па парце, нагнуў галаву, прыклаў да вуха і працягнуў: -- А-а-а-а... Курылка.

Камі́нак. Выемка ў варыстай печы, дзе раскладаецца агонь для асьвятленьня хаты і гатаваньня ежы. Увечары на камінку трашчалі смольныя карчы. Курылка.

Каморнік. Спэцыяліст па межаваньню зямельных надзелаў. Ён быў інжынэр-каморнік і ўсё жыцьцё выкладаў у Полацкім каморніцкім вучылішчы. Пёрка й іншыя.

Каплі́чка. Невялікі царкоўны будынак зь іконамі бяз алтара, малельня. Шарэла маленькая старажытная каплічка, куды прывозілі памерлых перад пахаваньнем. Акупанты.

Карты́га. Картыжнік. Заўзяты ігрок у карты. А зь ім заходзіць і сакратар партыйнай ячэйкі, Янук Бізун, асоба таксама выдатная: картыга, выпіваха, хабарнік; у дзевятнаццатым папоў усё «расстрыгаў». У імя догмы.

Карчма́. Пітны дом з начлегам у дарэвалюцыйнай Беларусі. Гэта была старая, крытая цёсам будыніна. Калісь у ёй была карчма. Курылка.

Каршэнь. Карак. Але той схапіў яго за каршэнь і з такой сілай тузануў, што хлопец кулём падкаціўся яму пад ногі. Дзе шукаць праўду.

Каса ўзаемадапамогі. Добраахвотнае аб’яднаньне працаўнікоў для ўзаемнай матарыяльнай дапамогі. Узяла пазычку з касы ўзаемадапамогі, а потым цяжка было выплачваць. Пёрка й іншыя.

Касы́. Тут: заяц. Але касы ўсё яшчэ недзе ляжаў, прыціснуўшы да галавы вушы: авось, не заўважаць! Партыйны таварыш.

Катля́к. Цурбак, цурбан. Кароткае бервяно. Другі, кароценькі й гладкі, як катляк, з галавой, уросшай у плечы, тупаў за ім дробненькімі крокамі. Партыйны таварыш.

Каўзе́ль. Коўзаньне. Катаньне на лёдзе. Бацька злаваў і лаяўся. -- Каўзель! Каўзель усё гэта! І-і-і-іх! Лапцей не набрацца. Курылка.

Ка́чур. Качар. Качур перавярнуўся пузам угару й шлёпнуўся на ваду. Хмары над Бацькаўшчынай.

Класьці зубы на паліцу. Галадаць, быць у нястачы. Цяпер на рынку нічога ня купіш, хоць зубы кладзі на паліцу. У імя догмы.

Клу́тня (польск.). Сварка. -- А бачыце, што з гэтага выйшла?! Клутні й няшчасьці, кажуць, -- уставіў Кандрат. Хмары над Бацькаўшчынай.

Ключ. Тут: чарада птушак (гусей, жураўлёў), якія ляцяць клінам. Пачынаў успамінаць родны край і родны кут: бэз пад вакном, вазёрную глядзь, шумы бароў, ключ дзікіх гусей над галавой, калі яны вяртаюцца ўвесну на Бацькаўшчыну... «Янка сеяў -- людзі жалі».

Кляпа́ць. Тут: нагаворваць. Верыў Міхалку: Зьмітрачок кляпае на яго! Вычуў гэта й сам ня раз. Дзікі вецер.

Кодла. Пагардліва пра групу людзей, аб’яднаных агульным інтарэсам. Тыя, хоць і з аднаго кодла, а зусім ня дбалі пра людзей: абяцалі рай, а далі пекла! Акупанты.

Контра. Контррэвалюцыянер. -- Адысьці ад сьцяны! -- крыкнуў. -- Стаць па чатыры! Контра -- асобна, шпана -- асобна! «Янка сеяў -- людзі жалі».

Корба. Ручка, якой прыводзяць што-небудзь у рух. Ляпей жабрачы лёс, у рукі кій, за плечы торба; ляпей страха нябёс, бясконцы шлях і леры корба. Партыйны таварыш.

Краж. Тут: старая магутная сасна. Кілёмэтры за паўтара, праўда, сінела смуга маладога сасоньніку, сярод якога вылучаліся й старыя магутныя кражы. Партыйны таварыш.

Кроквы. Апоры страхі. Страха яе дзе-нідзе правалілася, і, як рэбры абгладанай ваўкамі жывёлы, тырчэлі кроквы і латы. Курылка.

Крут. Тут: вугал. Заяц пад прамым крутам ірвануўся ўбок і мячом пакаціўся па грэбню ўзгорка. Партыйны таварыш.

Кры́жна. Крыжанка, крыжань. Вадаплаўная птушка сямейства качыных. Выбухалі трывожным крыкам на выгарах спалоханыя лісам ці ваўком крыжны... Хмары над Бацькаўшчынай.

Крыміна́л. Тут: асуджаныя па крымінальнай справе. Кузьма добра ведаў, што ў няволі крыміналулепей, ніж палітычным. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Кры́нка. Збан. Паднёс да роту крынку і гвалтам уліў ёй глыток вільгаці. У імя догмы.

Кула́к. Міраед. У савецкі час -- заможны, спраўны гаспадар, залічаны ўладай да ворагаў народа. Адно зьдзекі з народу нашага: былі нацдэмы -- вучняў забіралі ў турмы, а цяперака кулакі -- высылкі ў сібірскую немарач... У імя догмы.

Кулдыя́чыць. Гаварыць нявыразна, неразборліва. Поп бегаў кругом нас, задзіраў галаву і кулдыячыў, як індык. Курылка.

Кулёк. Мужчынская верхняя вопратка прамога пакрою з сукна або паўсукна без падкладкі (вядома больш на Віцебшчыне й Магілёўшчыне). На ім быў шэры кулёк з сукна хатняга вырабу, якія ў нас насілі тады, як мелі права браць воўну ад сваіх авечак для хатніх патрэб. Вярнуўся чалавек.

Ку́ля (польск.). Тут: зямны шар. Хіба тут, у гэтай бяздомнай птушцы, не відавочны намёк на пралетарскую клясу, вясковую беднату й ліквідацыю прыватнай уласнасьці на аднэй шостай зямной кулі? «Янка сеяў -- людзі жалі».

Ку́ндаль (польск.). Сабака. Жыву на правох кундаля: захоча -- пакіне, не захоча -- скажа «пайшоў вон!»... Пёрка й іншыя.

Ку́па Куча. Асьцярожна згарнуў сшыткі да купы і недзе схаваў, падалей ад вачэй людскіх. У імя догмы.

Купава́ць (польск.). Купляць. Грошы мне няма адкуль браць, каб купаваць розныя рэчы на кірмашах. Пернікавае сэрца.


Ла́ты. Жэрдкі, прымацаваныя ўпоперак крокваў. Страха яе дзе-нідзе правалілася, і, як рэбры абгладанай ваўкамі жывёлы, тырчэлі кроквы і латы. Курылка.

Лаху́дра. Неахайны, апушчаны чалавек. А ну, адчыняй там, кулацкая лахудра! Дзікі вецер.

Ле́ра. Ліра. Даўнейшы народны беларускі струнны музычны інструмант з клавішамі і корбай. Ляпей жабрачы лёс, у рукі кій, за плечы торба; ляпей страха нябёс, бясконцы шлях і леры корба. Партыйны таварыш.

ЛесБел. Орган дзяржаўнага кіраваньня лясной гаспадаркай БССР. Плян нарыхтовак лесу нашы бюракраты склалі, у Маскве зацьвердзілі й перадалі ЛесБелу для выкананьня, а пра тое, што няма каму й няма на чым вывезьці лес, забыліся... Партыйны таварыш.

Лётнішча (польск.). Аэрадром. Ня ведаю, дзе цяпер сям’я. Жыла тут недалёка, на лётнішчы. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Лі́тня. Рудня, рудніца. Невялікі завод, дзе выплаўлялі жалеза, медзь, чыгун. Паўстанцы Кастуся Каліноўскага ўрахумілі закінутыя дзьве літні, у якіх выраблялася зброя... Першыя цаглінкі.

Лі́штва. Драўляная планка. Піліп павёў позіркам па ліштве сваёй дубальтоўкі і потым націснуў на язычок курка. Воўчым сьледам.

Лонка (польск.). Луг. А я ведаю такія цудоўныя мясьціны: лес, рэчка, як люстэрка, лонка з краскамі!.. Пёрка й іншыя.


Макі́тра. Макацёр. Гліняная пасудзіна, вузкая ўнізе і шырокая зьверху, у якой звычайна труць мак, ільняное і канаплянае семя. У слоіках ды макітрах ляжала масла ды сыры. У імя догмы.

Ма́па (польск.). Геаграфічная карта. Прытока гэтая паказаная толькі на самых падрабязныхмапах... Летапісная Няміза.

Мех. Тут: прыстасаваньне для нагнятаньня паветра ў кавальскім горне. Потым, калі мех пачне ямчэй разьдзімацца, вуглі разгарацца... Курылка.

Млосьць. Млоснасьць. Няпрыемнае пачуцьцё слабасьці. Млосьць разьліваецца па целу. Дзікі вецер.

Мры́йнік. Той, хто мрые, марыць; лятуценьнік. -- А ўсё-такі прыехалі?! -- зьдзівіўся -- Гэта ўжо ня мрыйнікі, а цэлыя пакутнікі... Хмары над Бацькаўшчынай.

Мунду́р (польск.). Мундзір. Бачыш, цурацца цяпер стаў нашага мужыцкага побыту, як начапіў энеральскія лычкі на мундур... Ападкі.

Мутаўза́. Моцны вецер са сьнегам. Але вось у мутаўзе мяцеліцы вымалёўваюцца будынкі Гарасёвага хутара. Дзікі вецер.

Мушта́рда (польск.). Гарчыца. Гледзячы на яго, роіліся ўспаміны з гадоў мінулых, і тады, быццам-бы наяве, пахла смажанай скваркай, вясковай каўбаскай: з часначком, перчыкам і нямолатай муштардай. Партыйны таварыш.

Мя́ліньне. Адыходы ад цёртага лёну. Кузьня была на замку. Я сеў на мяліньне, прытуліўшыся плячамі да сьцяны. Курылка.

Мянтэжыць. Непакоіць, трывожыць. Зенька пайшоў, а тое, што ён сказаў, яшчэ доўга мянтэжыла Богушавых. У імя догмы.

Мястовы. Гарадскі. Вы людзі мястовыя, адукаваныя, дык-жа мусіце ведаць усё... Хмары над Бацькаўшчынай.


На́вет. Нават. Вось бачыце, навет птушкі дзякуюць прыродзе, што яна дала ім магчымасьць пражыць дзень! «Янка сеяў -- людзі жалі».

Навонкі. Тут: наверх. Я-ж кажу, цяперацькі, пасьля таго вусатага, усё гэта выкрываецца навонкі... Вярнуўся чалавек.

На́дысь. Нядаўна, надоечы. Надысь дык завязалі дзьверы знадворку ў хаце Міхалкі... У імя догмы.

Напраку́дзіць. Зрабіць кепскае, няпрыемнае. «Пэўна, дзе-небудзь лясныя хлопцы напракудзілі?» -- падумаў. Акупанты.

На́пята. Насьцеж. І тады Раіна з усёй сілы кінулася да дзьвярэй, штурханула далоньню засаўку і адчыніла зусім напята дзьверы. У імя догмы.

На́рты (польск.). Тут: лыжы. Ішоў ён да нас шырокімі крокамі, быццам нартамі соўгаў; на правым плячы дубальтоўку трымаў. Партыйны таварыш.

Наруга́цца. Насьмяхацца; рабіць, гаварыць назло каму-небудзь. Язь «...» то нырне глыбока й перакуліцца жоўтым пузам угару, то мільгне маланкай перад вачыма, то моцна плёхне вадой, як-бы некаму наругаецца. Шчупак.

Насоў. Верхняе адзеньне з даматканай тканіны. Сьляза выкацілася зь ягоных вачэй -- ён хуценька змахнуў яе рукавом насову. Першыя цаглінкі.

Насмарава́ць (польск.). Змазваць. Можна насмараваць нашы стрэльбы й схаваць іх надалей. Хмары над Бацькаўшчынай.

Нахра́пам. Тут: неасьцярожна, сілай. Казаў табе: не цягні нахрапам. Шчупак.

Нацдэм. Нацыянальны дэмакрат. Па вызначэньні сакавіцкага (1924) пленума ЦККП(б)Б нацыянальна-дэмакратычная ідэалёгія («нацдэмаўшчына») заключалася «ў адмаўленьні дыктатуры пралетарыята і ў імкненьні да палітычнага раўнаваньня сялянства з рабочым класам, у стаўцы на кулацкія элемэнты ў вёсцы, адмаўленьні класавага расслаеньня ў ёй, у імкненьні да ўплыву з боку інтэлігенцыі на дзяржаўны апарат, у правядзеньні беларускага шавінізму». -- Выцерабяць нас нанава, як у 1863! «...» -- Дык, кажаш, выцерабяць? -- А ты што, ня бачыш і ня чуеш? «...Адсячы галаву нацдэмаўскай гадзіне...» Заклік: выбіць нашу інтэлігенцыю, пакінуць народ без кіраўнікоў. Хмары над Бацькаўшчынай.

Начы́ньне. Тут: набор прадметаў, інструмантаў для выкананьня якой-небудзь работы. Начыньня няма, цьвік або ломіцца, або гнецца, ня йдзе. Пёрка й іншыя.

Наш закрыты. Гл. Разьмеркавальнік. Ты быў у нашым закрытым? Не? зойдзеш калі-небудзь паглядзець. Балыкі, асятры, сёмга амурская, шынкі -- усё гэта вэндзанае, толькі ў рот кладзі! Дзікі вецер.

Ная́ў. Наяве. -- Перапрашаю! -- сказала, імкнучыся ня даць магчымасьці вырвацца наяў свайму гневу. Пёрка й іншыя.

Неаднокраць. Не адзін раз. Капейкаў Султан неаднокраць зьбіваў іх з тропу... Партыйны таварыш.

Не́вашта. Нешта. Яны пра невашта доўга спрачаліся... У імя догмы.

Недзялі́мцы. У часы грамадзянскай вайны прыхільнікі адзінай і недзялімай Расіі пад уладай цара. «Недзялімцы» наступалі з Дону, саветчыкі арганізоўвалі абарону на мясцох, і ў чырвені дзевятнаццатага мяне паклікалі ў войска. Аўтабіяграфія.

Ні пяра ні пуху. Пажаданьне посьпеху, удачы ў якой-небудзь справе. Ну, дык ні пяра ні пуху. Хмары над Бацькаўшчынай.

Ні слыху ні дыху. Ніякіх вестак. Дый ня дзіва: пяць год ня было ні слыху ні дыху... Першыя цаглінкі.

НКУС. Народны камісарыят унутраных спраў БССР. А тут якраз і трэба найбольш высьцерагацца, бо НКУС, бясспрэчна, ведае прыказку: «Што ў цьвярозага ў галаве, тое ў п’янага на языку». «Янка сеяў -- людзі жалі».

Ня варта аўчынка вырабу. Пра справу, ня вартую намаганьняў, затрачаных сродкаў. Раней быў на ўтрыманьні UNRR'ы, а потым кінуў, ня варта аўчынка вырабу. Пернікавае сэрца.

Няза́вашта. Ні за што. От, Нупрэй і падумаў, што ты пайшоў на той сьвет, -- крыўдзіцца на яго нязавашта... -- адазваўся ўрэшце. Першыя цаглінкі.

Ня йсьці ў галаву. Не запамінаецца, не засвойваецца. Узяў у рукі кніжку, але чытаньне у галаву ня йшло. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Ня кіем дык палкай. Аднолькава, бяз розьніцы. -- Зьяднаць?! Гэта значыць: ня кіем дык палкай! -- выклікнулі разам Ігнат з Кандратам. Хмары над Бацькаўшчынай.


Паварочваць аглоблі. Тут: вяртацца да старога. Дык паварочвай, брацец, аглоблі назад. Вярнуўся чалавек.

Павесіць нос. Адчайвацца, маркоціцца. Я ўспомніў пагрозы і павесіў, як гэта кажуць, нос. Курылка.

Паве́т. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Расійскай імпэрыі і ў СССР да 1924 г., уваходзіла ў склад губэрні. -- Няма цяперака ніякіх паветаў, -- запярэчыў Богуш, -- раёны ўсюды... У імя догмы.

Пагосцкі. Могільнікавы. Пасярод вёскі маркотна шумеў пагосцкі бярэзьнік. Акупанты.

Падкула́чнік. Селянін, які дзейнічаў у інтарэсах кулака. Падкулачнік я! Падкулачнік! Хай ужо будзе й гэтак... На межах.

Падлоўчы. Старшы аб’ездчык, лясьнічы. Бацька мой быў падлоўчым і лічыўся «панам»... Цётка Магда.

Падносак. Частка падэшвы ў абутку ад наска да палавіны ступні. І яшчэ адно: якраз у гэты час у адным зь ягоных чаравікаў адарваўся падносак... Пёрка й іншыя.

Падпа́сак. Памочнік пастуха, звычайна падлетак. Мацьвей часта хадзіў з бацькам за падпаска. Курылка.

Падсту́пна. Вераломна, каварна. У 980 годзе Ўладзімер Сьвятаславіч падступна напаў на Полацак... Летапісная Неміза.

Па́йка. Паёк. Пэўная колькасьць ежы, выдзеленая адпаведна ўстаноўленай норме (вайсковая, турэмная пайка). Куды ні пойдзеш, зь кім ні пагамоніш, чуеш толькі адно: няма дроў, нехапае пайкі, дзеці галодныя, не дастаць абутку, няма кватэры, усюды чарга... Пёрка й іншыя.

Пайсьці на той сьвет. Памерці. От, Нупрэй і падумаў, што ты пайшоў на той сьвет... Першыя цаглінкі.

Пакана́ны. Зьнішчаны. Хутчэй за ўсё на Нямізе былі пакананыя Яраславічы, а не Ўсяслаў. Летапісная Няміза.

Памара́нчык (польск.). Апельсін. Любенькая, купіце мядку зь кілаграмік, ды сьлівачнага масьліка, ды яечак зь дзесяць, памаранчыкаў, ды зварыце ўсё гэта разам, ды папаіце ім хлапчука -- усю хворасьць як рукой здыме. Пёрка й іншыя.

Па́нцыр (ням.). Браня, танк. Ты чуеш, Алесь, як недзе грукочуць панцыры? «Янка сеяў -- людзі жалі».

Паняве́рка. Тут: зьнявага. Беларускі народ нясе іхныя імёны на сваіх шчытох і па-сёньня, не зважаючы на тэрор і паняверку... Ападкі.

Папу́каць (польск.). Пастукаць. Калі сьцямнела, Богуш па агародах дабраўся да школы і ціха папукаў пальцам па шыбе. У імя догмы.

Параві́к. Паравоз, поезд з паравозам. Цяжка сапучы, паравік загамаваў рух і спыніўся на паўстанку. Хмары над Бацькаўшчынай.

Пардва́ (польск.). Белая курапатка. Улетку на гэтых імшарах, сярод досыць густых, але дробных зарасьляў, было даволі шмат цецярукоў і пардвы. Партыйны таварыш.

Парубе́жны. Пагранічны. У 1067 годзе Яраславічы напалі на парубежны горад Полацкае дзяржавы -- Менск. Летапісная Няміза.

Парху́ма. Парфума (франц.). Тут: пах. Сена ляжала й у копах, ад яго пахла размаітымі пархумамі траў. Хмары над Бацькаўшчынай.

Пастронак. Частка збруі -- рамяні або вяроўкі, якія злучаюць ворчык з хамутом. Падбег, замахнуўся сякерай па пастронках. На межах.

Па́тас, тое, што і пафас. Не, браток, вар’яваць нам ня трэба -- лепей праўдзіва перадаць той патас, зь якім мы вялі змаганьне, каб новае пакаленьне ведала, як прадоўжыць яго ў выпадку новай небясьпекі... Юрка Віцьбіч.

Патомака. Потым. А патомака, можа, такое прыдумаюць, што й жыць не захочаш... Першыя цаглінкі.

Паўкватэркі. Палова кварты. Кварта -- даўнейшая мера вадкіх і сыпкіх рэчываў, роўная чацьвертай частцы гарца, або 0,7 літра. Паставіў чарку на найбольшую мерку -- прыблізна з паўкватэркі -- і наліў у яе агністай вадкасьці. Хмары над Бацькаўшчынай.

Па́чка. Тут: група людзей. Гэта, як я ўспамінаю, пачалося ад тае першае пачкі, што папісаліся ў гэты самы хаўрус. У імя догмы.

Паяды́нка (польск.). Аднастволка. -- Пэўна, не адзін ён тут, -- заўважыў Кандрат, пасьпешна заганяючы новы набой у сваю паядынку. Хмары над Бацькаўшчынай.

Перабіраць і перамываць костачкі. Абгаворваць, пляткарыць. Але вельмі хутка спаўзае на тэму пра суседзяў: перабірае і перамывае ім костачкі. Пёрка й іншыя.

Перамы́тнік (польск.). Кантрабандыст. Ён нас у перамытнікі ўпісаў; за мяжу, кажа, хадзілі, разам з таварам весткі пераносілі. Дзікі вецер.

Пілі́паўка. Тут: пост перад калядамі. Падыходзе да ўслончыка, на якім стаіць вядро з вадой, і смачна, нібы то каляды, а ня піліпаўка, п’е ваду. Дзікі вецер.

Пі́пка. Люлька для курэньня. Зенька не выпускаў з зубоў піпку -- ціснуў яе зубамі, грыз, пыхкаў ёю, хоць у ёй ужо нічога й ня было. У імя догмы.

Плюга́ўства. Кепства, подласьць. Як ападкі, «...» гэтак і яны зьнікнуць бясьсьледна з памяці свайго народу, стаўшы служакамі чужынцаў у сваёй уласнай хаце й згодныя на ўсялякае плюгаўства, усхваляючы ўсё чужое! Ападкі.

Помрак. Страта розуму. Думаю: у помраку ад «гары» нехта ня можа знайсьці тропу. Вярнуўся чалавек.

Прамга́с. Прамысловая гаспадарка. Не па мерцы купленыя ў прамгасе штаны зь вялізарнейшай ластавіцай торбамі матляюцца вакол ягоных ног. На межах.

Пра́нік. Плоскі драўляны брусок з ручкай для выбіваньня бялізны пры мыцьці ці для абмалоту лёну, канопляў, лубіну. І пранік выскачыў у мяне з рук. Цётка Магда.

Прапазы́цыя. Прапанова. Учора, казаў Міхалка, Зьмітрачок езьдзіў з новымі «прапазыцыямі» у раён, -- успамінае Гарась. -- Якія там у сабакі прапазыцыі?! Дзікі вецер.

Прапу́стка (польск.). Пропуск. Пад аркай стаяла будка для міліцыянера, які ва ўсіх уваходзячых пільна правяраў прапусткі. Пёрка й іншыя.

Пра́ўнік. Юрыст. Я, як праўнік, мушу вам сказаць: вы зрабілі вялікае злачынства... Партыйны таварыш.

Прыва́тка. Прыватная кватэра. Жыву на прыватцы. Пернікавае сэрца.

Прыгне́бены. Прыгнечаны, занепакоены. Кузьма «...» быў усхваляваны або, праўдзівей, прыгнебены. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Прыкле́тнік. Прыбудова да клеці; ганак перад клецьцю, сьвірнам. Калі Кастусь увайшоў у двор, Сымон стругаў абручы ў прыклетніку. Першыя цаглінкі.

Пры́мус. Награвальны прыбор з помпай, якая падае газу ў гарэлку. Раптам перадумала: зьняла рундальчык із пліты й паставіла на прымус, мяркуючы, што тут суп хутчэй згатуецца.. Пёрка й іншыя.

Прыўла́шчыць (польск.). Прысвоіць. Прыўлашчыў, значыць, народную працу... Дзе шукаць праўду.

Прышы́ць. Тут: абвінаваціць, абылгаць. Баіцеся, каб ня прышылі месяцаў пяць за спазьненьне? Пёрка й іншыя.

Псюк (польск.). Сабака. Псюкі самыя шляхетныя з жывёлаў, што жывуць на зямлі! Пернікавае сэрца.

Пухоўнік. Пухоўка, рогаз. Водная і балотная шматгадовая травяністая расьліна. Падышлі да новае вялікае выгарыны, суцэльна зарослай аірам, пухоўнікам, чаротам, а там, дзе крыху віднелася дно, асакой. Хмары над Бацькаўшчынай.

Пы́са. Тут: твар. Капейка цягнуў за імі Саладуху. -- Ну, ідзі, ідзі! А то дам у пысу! Партыйны таварыш.

Пэндзлік. Тут: кутасік. Зялёны баварскі капялюшык зь белай вяровачкай і з пэндзалькамі на баку... Пернікавае сэрца.

Пяць пятніц на тыдні. Пра таго, хто часта, лёгка мяняе свае намеры. Але хіба ёсьць у іх што-небудзь пэўнае, станоўкае? Пяць пятніц на тыдні. Дзікі вецер.

Пячу́рка. Невялікая ніша ў сьцяне печы. Нацягнуўшы на плечы кажух, Гарась падышоў да пячуркі, узяў ключ і выйшаў. Дзікі вецер.

Рага́тка. Тут: рыбацкая снасьць. Але на возера былі пушчаны рагаткі з жыўцамі, і ён баяўся, што хвалі занясуць іх куды-небудзь вельмі далёка... Дзе шукаць праўду.

Разабра́цца. Распрануцца. Як толькі вярнуўся, зноў разабраўся і лёг на ложак. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Размаі́ты (польск.). Неаднолькавы, разнастайны. Сена ляжала й у копах, ад яго пахла размаітымі пархумамі траў. Хмары над Бацькаўшчынай.

Разьвёрстка. Тут: прадразьвёрстка. Сыстэма нарыхтовак сельскагаспадарчых прадуктаў савецкай дзяржавай, якая абавязвала сялян здаваць дзяржаве ўсе лішкі хлеба і іншых прадуктаў па цьвёрдых цэнах. От, дай ім гэтую «разьвёрстку», патомака накармі маскаля, якога паставілі табе ў хату, дай фурманку, адбудзь цягла, заплаці падатак... Першыя цаглінкі.

Разьмеркава́льнік. Спэцыяльная крама, якая абслугоўвала толькі партыйна-савецкую эліту. А што будзем есьці ў наступным годзе, ён пра гэта ня дбае, ён будзе сваё мець з разьмеркавальніка! На межах.

Расстрыга́ць. Пазбаўляць сьвятара сану або манаха -- манаства. А зь ім заходзіць і сакратар партыйнай ячэйкі Янук Бізун, асоба таксама выдатная -- картыга, выпіваха, хабарнік; у дзевятнаццатым папоў усё расстрыгаў. У імя догмы.

Рата́тарны. Зроблены на шапірографе. Я ўспомніў: праўда, выпускаў ён якіясьці рататарныя лісткі і лістоўкі... Пернікавае сэрца.

Ру́ля. Дула. Ствол агнястрэльнай зброі. Сеў на загадзя падрыхтаваныя снапы, прасунуўшы рулю сваёй дубальтоўкі ў вакенца. Воўчым сьледам.

Ру́ндальчык (польск.). Каструля з ручкай. Раптам перадумала: зьняла рундальчык із пліты й паставіла на прымус, мяркуючы, што тут суп хутчэй згатуецца... Пёрка й іншыя.

Ру́ра (польск.). Труба. Няміга, невялікая рачулка, цяпер узятая ў бэтонныя руры, працякае цераз Менск і ўпадае ў Сьвіслач... Летапісная Няміза.


Сабатоўнік. Сабатажнік. Той, хто сьвядома зрывае выкананьне пэўнай справы. Ён цябе таксама ў перамытнікі ўпісаў! Раней -- падкулачнік, зрыўшчык, сабатоўнік... Дзікі вецер.

Саве́тчык. Прыхільнік савецкай улады. «Недзялімцы» наступалі з Дону, саветчыкі арганізоўвалі абарону на мясцох, і ў чырвені дзевятнаццатага мяне паклікалі ў войска. Аўтабіяграфія.

Сала́ш. Шалаш, будан. Часовае жыльлё з гальля, саломы ці жэрдак. Сядзіш у сваім салашы й душы ня чуеш: ні пагутарыць зь кім, ні чаркі выпіць. Дзе шукаць праўду.

Самаабклада́ньне. Збор сродкаў на мясцовыя грамадскія патрэбы, вызначаныя быццам-бы добраахвотна самім насельніцтвам, рабочым каляктывам. Перастаўляе сьветлячок на край стала, раскладае паперы: самаабкладаньне, падаходны, цягла (гужавая павіннасьць), культурны збор... Дзікі вецер.

Самі з вусамі. Ня горш за іншых. А калі гэтак, дык і гэць ад нас: мы самі з вусамі! Першыя цаглінкі.

Свэны. Швэды. От-жа сядзяць там сабе ціха гэныя швайцары ды свэны. Акупанты.

Скіпа́ць. Шчапаць, калоць, секчы дровы. Першы немец паставіў у варотах калодку, на якой Мацей кляпаў косы й скіпаў дровы... Акупанты.

Скірт. Сьцірт. Укладка, рад насечаных дроў. На двары, каля сьвірна, сохлі ў скіртах пашчапаныя дровы... Хмары над Бацькаўшчынай.

Скура́т. Кавалачак, абрывак скуры. Замахваецца зноў секчы пастронкі, моцны скурат гойдаецца, не падаецца. На межах.

Слуха́ўка (польск.). Тэлефонная трубка. Падкаблук узяўся за адзін з трох, стаячых на стале, тэлефонаў. Потым перадумаў, паклаў слухаўку на мейсца і зьвярнуўся да Кузьмы... «Янка сеяў -- людзі жалі».

Смочка (польск.). Нарост, лядзяш. Богуш ні то сядзеў, ні то ляжаў у перадку вазка, час ад часу мацаючы вусы й бараду і скідаючы зь іх смочкі намёрзшага лёду. У імя догмы.

Смык. Тут: вузкая палоска зямлі. З правага боку, на пясчаным смыку, чарнеў перасохлы лубін. Партыйны таварыш.

Сноўдацца. Хадзіць туды-сюды (часта -- бяз мэты). Насупраць вёскі, паміж іх, сноўдалася бялявая постаць чалавека зь сеткай-таптухай на доўгім кіі. Хмары над Бацькаўшчынай.

Собіць. Трапіцца, прыйсьці ў галаву. А дзе гэта табе собіла цераз рэчку лазіць? Акупанты.

Собскі. Уласны. Некаторыя гісторыкі выказвалі думку, што ў летапісныя часы ўсякая малая рэчка бяз собскага ймя называлася Нямізай. Летапісная Няміза.

Соўгаць. Рухацца паволі, зь цяжкасьцю. Ішоў ён да нас шырокімі крокамі, быццам нартамі соўгаў; на правым плячы дубальтоўку трымаў. Партыйны таварыш.

Спалу́чына. Сувязь. Гэта спалучына з грамадствам, з вашай функцыяй у ім... Пёрка й іншыя.

Спаць як забіты. Вельмі моцна. Ён бегаў, як юнак, ня ведаў ніякіх хваробаў, спаў як забіты... Ападкі.

Спраўнасьць навесьці. Давесьці ўсё да ладу. Трэба, кажа, раней у гаспадарцы спраўнасьць навесьці, а потым ужо пра стрэльбы думаць. Хмары над Бацькаўшчынай.

Спусьці́ць. Тут: збавіць цану. Доўга таргаваліся, урэшце ён крыху спусьціў, мы набавілі. Хмары над Бацькаўшчынай.

Стадола. Канюшня, вялікі хлеў. І ў гэты-ж мамэнт рыпнулі вароты ў стадоле. Хмары над Бацькаўшчынай.

Станоўкае. Станоўчае. Але хіба ёсьць у іх што-небудзь пэўнае, станоўкае? Дзікі вецер.

Ста́рац. Жабрак. Мы, як старцы, сталі ля парога. Курылка.

Ста́рка. Тут: старая птушка. Старка! Малых пахавала, а сама для адводу вачэй узьнялася... Хмары над Бацькаўшчынай.

Стасу́нак (польск.). Адносіны, сувязь. Ягоная зямельная палітыка ў стасунку да нашых умоў вельмі ўдалася. Хмары над Бацькаўшчынай.

Стопка. Варыўня. Невялікая гаспадарчая пабудова для захоўваньня бульбы, гародніны. Адчыні сваю стопку, трэба замкнуць гэтага чалавека, пакуль прыедзе пагранічная ахова... Ападкі.

Страві́ць. Пашкодзіць, зьнішчыць (пра пасевы). Жыта тваё коні стравілі... На межах.

Страхка́са. Каса сацыяльнага страхаваньня. Страхкаса заплаціла толькі шэсьцьдзесят працэнтаў... Пёрка й іншыя.

Струг. Тут: інструмант для апрацоўкі драўніны. Сымон адарваў вочы ад струга, які гладка й лёгка рэзаў мяккую ляшчыну, і зірнуў на ўвайшоўшага. Першыя цаглінкі.

Сувора. Сурова, строга. І потым сувора: -- Пакаж мне свае паперы. Акупанты.

Судзьдзё. Тут: кухонны посуд. Маўра «...» выцерла й параставіла на мейсца судзьдзё... Пёрка й іншыя.

Сызорак. Сьцізорык (польск.). Невялікі складаны кішэнны нож. За сызорак купіў каня, ды такога маладога?! Хмары над Бацькаўшчынай.

Сьвірэпка. Пустазельле. Што будзе тады, як замест збажыны на нівах парасьце сьвірэпка?! На межах.

Сьві́тка. Доўгая сялянская верхняя вопратка з сукна. Але вецер, здавалася, заходзіў з другога боку, забіраўся пад сьвітку, пад сарочку, як іголкамі, калоў маё цела. Курылка.

Сьціга́ць. Прасьледваць, даганяць. Я, як праўнік, мушу вам сказаць, што вы зрабілі вялікае злачынства, і ён цяпер вас усюды сьцігае... Партыйны таварыш.


Талён. Талон. Паперка, якая дае права набыць пэўную рэч, атрымаць паслугу. Мабыць, прыйшоўся й вам талён на пашыўку паліто альбо гарнітура ў атэлье? Пёрка й іншыя.

Та́мака. Там. У мяне тамака ё шчупак. Хмары над Бацькаўшчынай.

Тапча́н. Пакаёвая шырокая лаўка, звычайна са сьпінкай. Становіцца каленкамі на тапчан і мацае рукою за абразамі -- тут у яго квіткі, уся «канцылярыя». Дзікі вецер.

Таргсі́н (ад руск. торговля с іностранцамі). Назва крамаў, якія існавалі ў СССР у 30-я гг. і гандлявалі на золата і залатую валюту, пераважна з чужаземцамі. Але два срэбныя пярсьцёнкі і два такіх самых крыжыкі, за якія тое-сёе можна было набыць у «Таргсіне», падзялілі паміж сабой. У імя догмы.

Тва́нкі. Тваністы. Берагі гэтае рэчкі вельмі тванкія -- на іх і сапраўды могуць «топнуць коні»... Летапісная Няміза.

Тлу́стасьць. Тлушч. І цяпер я помню яго намазаныя нейкай тлустасьцю бліскучыя чорныя валасы... Курылка.

Тоня. Вадаём, дзе ловяць рыбу закідным невадам. Я аблюбаваў ужо некалькі год таму назад такія віры і ведаў, дзе трэба сесьці, куды й на якой тоні закідаць. Ападкі.

Траха. Трохі. -- Горача сёньня траха! -- прамовіла Марына, пазіраючы на нас зь вясёлай усьмешкай. Хмары над Бацькаўшчынай.

Троп. Тут: дарога. Думаю: у помраку ад «гары» нехта ня можа знайсьці тропу. Вярнуўся чалавек.

Трохполка. Трохпольле. Сыстэма паляводства з падзелам ворнай зямлі на тры палі, якія засяваліся спачатку азімымі, потым -- яравымі, а на трэці год пакідаліся пад папар. Вясковыя люмпэны -- прадукт палітыкі 1861 года, якіх трохполка й цераспалосіца парабіла жабракамі. Хмары над Бацькаўшчынай.

Трыгу́біца. Рыбацкая снасьць. На плоце сушыліся: трыгубіца, лыкавыя лапці з анучамі й шэрыя нагавіцы, запэцканыя водарасьцямі. Хмары над Бацькаўшчынай.

Тры́зна. У старажытных славянаў заключная частка пахавальнага абраду з ваеннымі гульнямі, спаборніцтвамі, а таксама памінальнай вячэрай. У дахрысьціянскай эры на нашай Бацькаўшчыне спраўляліся трызны. Галчыны дзеці.

Трымаць вуха востра. Быць асьцярожным, абачлівым. Падкапаюцца й пад сьцяну, атруцяць і сабаку -- тут трымай вуха востра! Дзікі вецер.

Ту́така. Тут. Схадзіў-бы ты да Сукеніка, усё-ткі ён начальнік тутака, у павеце. У імя догмы.

Ты́лак (польск.). Зад. Але сьмяецца той, хто сьмяецца апошнім. Мы ім больш, чым яны нам, давалі ў «тылэк». Апошнія цаглінкі.

Ты́ркаць. Тут: кляваць (пра рыбу). Знайшоў човен і, як звычайна, забраўся ў сітнікі, дзе рыба найбольш тыркала. Дзе шукаць праўду.

Тыркаце́ць. Ехаць з грукатам. За Антосем тыркацелі: Сымон, Паўлюк, Гіляр, Рыгор -- усе дванаццаць -- «дванаццаць юдаў»... На межах.

Тэчка (польск.). Партфель, сумка. Паказаў на груд ардэноў і мэдаляў, выкладзеных з тэчкі. Вярнуўся чалавек.


У гэтым і ўвесь цьвік. Пра сутнасьць справы. Дык-жа вось у гэтым і ўвесь цьвік: што Маскве да нас? Хмары над Бацькаўшчынай.

Удаводніць (польск.). Даказваць, пераконваць. Ён мерыўся перабегчы на другі бок з дачкой белагвардзейскага ахвіцэра -- гэта я дакладна ўдаводніў! Партыйны таварыш.

Уда́рнік. Работнік сацыялістычнай вытворчасьці, які перавыконваў нормы... Учора былі запрошаны толькі «перадавікі-ўдарнікі», а Базыль у іх ня лічыўся. Пёрка й іншыя.

Узяць сэрца ў кулак. Авалодаць сваімі пачуцьцямі, настроем. Вазьмі сваё сэрца ў кулак і скажы яму, каб яно маўчала. У імя догмы.

Унезаба́ве. Неўзабаве. Прыехаў на райкомаўскай машыне й Сукенік, а ўнезабаве й пракурор. У імя догмы.

Упакара́ньне. Тут: асуджэньне. Мы мусім ведаць ня толькі тое, што выклікае спачуваньне, але й тое, што ўпакараньне... «Янка сеяў -- людзі жалі».

У пух і прах. Поўнасьцю, да тла. А разьляцелася ўсё гэта ў пух і прах за няцэлыя дваццаць тры гадзіны. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Ура́днік. Ніжэйшы чын павятовай паліцыі ў дарэвалюцыйнай Беларусі. Раптам у хату ўвайшоў ураднік. Курылка.

Ураху́міць. (польск.). Пускаць у ход, прыводзіць у дзеяньне. Паўстанцы Кастуся Каліноўскага ўрахумілі закінутыя дзьве літні, у якіх выраблялася зброя для іх... Першыя цаглінкі.

Усімі фарбамі душы. Усімі фібрамі душы. Вельмі моцна, страсна (любіць, ненавідзець, пагарджаць). Гэта мая Бацькаўшчына! Люблю я яе ўсімі фарбамі мае душы! Партыйны таварыш.

Ускочыць у пры́сак. Трапіць у няпрыемнае, небясьпечнае становішча. Зусім за нішто ўскочыў у прысак. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Услончык. Пераносная лаўка на ножках. Я сядзеў перад сшыткам на ўслончыку. Курылка.

Утока. Вусьце ракі. Выраз у летапісе «пойдоша к Немізе» «...» «можа тлумачыцца зусім не як рух да ўтокі гэтае рэчкі, а як пераход да сярэдняга й верхняга ейнага цячэньня... Летапісная Няміза.

Утранча́цца (польск.). Умешвацца. І ратунку няма ніадкуль: ніхто не захоча ўтранчацца ў гэтую справу. Дзікі вецер.

Уца́ліць (польск.). Зьберагчы, выратаваць. Што датычыць мяне, то дай, Божа, сваё як-кольвек уцаліць! На што мне яшчэ куплёнае сэрца? Пернікавае сэрца.


Фа́йка (польск.). Трубка для курэньня. Застаўся адзін толькі жаўнер, ужо стараваты, з пасівелымі вусамі, што стаяў увесь час убаку й, пакурваючы файку, моўчкі пазіраў, што робіцца наўкола. Акупанты.

Фатэля (польск.). Крэсла. Сядзіш сабе на мяккай фатэлі ды пакурваеш, ды ў вакенца пазіраеш... Партыйны таварыш.

Фільца́к (ням.). Валёнак, фетравы бот. Да воза набліжаўся, у вялікіх фільцаках, немец. Акупанты.

Фузэя (польск.). Крамянёвая гладкаствольная стрэльба. Мог-бы й ты набыць новую фузэю... Хмары над Бацькаўшчынай.

Футура́л (польск.). Футляр, кабура. Мундур ягоны ў гэты час як-бы няўзнак расхінуўся, і я ўбачыў пад ім футурал ад браўнінга. Ападкі.

Фуфа́йка. Тут: куртка, падбітая ватай, ватоўка. Некаторыя зь іх яшчэ ў даўнейшых дублёных кажухох, досыць ужо паношаных; другія ў ватных фуфайках фінскага тыпу. Вярнуўся чалавек.

Фэльдфэбаль (ням.). У царскай і некаторых замежных арміях -- званьне старшага ўнтэр-афіцэра ў пяхоце. Белабрысы фэльдфэбаль зь зялезнай каскай на галаве загадаў жаўнерам праверыць мяхі. Акупанты.

Фэнік. Пфэнінг (ням.). Германская дробная манета, адна сотая маркі. Вохра, хоць і яму ня было дзе браць грошаў, меў якіясьці «фэнікі». Пернікавае сэрца.


Ха́ліпа. Кепскае мокрае надвор’е, слата. І халіпа якраз, склізка. Вярнуўся чалавек.

Хаўру́с (яўр.). Суполка, аб’яднаньне, саюз. Гэта, як я ўспамінаю, пачалося ад тае першае пачкі, што папісаліся ў гэты самы хаўрус. У імя догмы.

Хмы́ліцца. Касавурыць вочы, прыціскаць вушы (пра коней). Коні хмыляцца, прыпыняюцца, а потым скачуць цераз Матузка. На межах.

Ходаньне. Тут: змаганьне. Князь Ізяслаў пачаў ходаньне за канчатковае вызваленьне бацькаўшчыны сваёй пагвалчанай маці з-пад улады Кіева. Летапісная Няміза.

Ходнік. Тратуар. Пёрка крышыла бліжэйшыя тыны, здымала дошкі з драўляных ходнікаў і навет крыжы на бліжэйшым магільніку. Пёрка й іншыя.

Хоць вока выкалі. Нічога ня відаць; вельмі цёмна. Іду, цемра хоць вока выкалі. Вярнуўся чалавек.

Хоць кол на галаве цяшы. Пра немагчымасьць пераканаць некага; пра ўпартага, няўступчывага чалавека. І сумленьня ў іх, падобных яму, ніякага, хоць ты кол на галаве цяшы! Ападкі.

Хэўра(яўр.). Група людзей, аб’яднаных для разбою, злачынства; банда. Проста ўтварылася хэўра злачынцаў, і зьдзекваюцца зь людзей. У імя догмы.


Цалка́ч. Сярэбраная манета вартасьцю ў адзін рубель. Піліп захваляваўся: «Гэта-ж цэлых сорак пяць цалкачоўВоўчым сьледам.

Цераспалосіца. Разьмяшчэньне зямельных надзелаў адной гаспадаркі палосамі ўперамежку з суседнімі надзеламі. Вясковыя люмпэны -- прадукт палітыкі 1861 года, якіх трохполка й цераспалосіца парабіла жабракамі. Хмары над Бацькаўшчынай.

Цыду́лька (польск.). Запіска, пісулька. Патрэбны ёй гэтыя цыдулькі?! У імя догмы.

Цыпэлін. Цэпелін. Дырыжабль зь металічным каркасам, абцягнутым тканінай. У гаспадарцы спатрэбіцца, як сказала адна бабуля, становячыся ў чаргу, дзе ёй сказалі, выдаюць цыпэліны. Пёрка й іншыя.

Цыранок. Дзікая качка. На заваротах утвараліся затокі, і на аднэй зь іх мы заўважылі чародку цыранкоў. Хмары над Бацькаўшчынай.

Цэтлік. Тут: пропуск, дазвол. Мне-б вось цэтлік атрымаць на выйсьце адсюль -- зусім занішто ўскочыў у прысак... «Янка сеяў -- людзі жалі».

Ця́гла. Адзінка абкладаньня павіннасьцямі. Знайсьці цяпер хурманку амаль немагчыма з тае прычыны, што кожны стараецца збыць каня, калі мае яго, бо дужа вялікія і падатак і цягла. Хмары над Бацькаўшчынай.

Цяпе́рака. Цяпер. Вы, Максім, мусіць, і цяперака ім засталіся, а я цяперака Грукацень, а раней, як вам вядома, быў Пукаліч... Пернікавае сэрца.

Цяпе́рацькі. Цяпер. Як-жа вы цяперацькі будзеце безь мяне? У імя догмы.


ЧК (руск. Чрезвычайная Коміссія). У 1917-1922 гг. назва рэпрэсіўнага органа, створанага для барацьбы з контррэвалюцыяй і сабатажам. Колькі нявінных тамака, у той ЧаКа, палягло?! Вярнуўся чалавек.

Чырвонец. Грашовы крэдытны білет вартасьцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947 г. А то ў кішэні ў чалавека нічога: адно чырвонец недзе валяўся, які некалі прыслала дачка Раінка. У імя догмы.


Шалапу́т. Легкадумны, пусты чалавек; свавольнік. І тады Богуш зноў ірвануўся да сякеры, але Янук загарадзіў яму дарогу. -- Куды, шалапут! У імя догмы.

Швайца́р. Тут: швайцарац, жыхар Швайцарыі. От-жа сядзяць там сабе ціха гэтыя швайцары ды свэны?! Акупанты.

Шворан. Мэталічны з плешкаю стрыжань ў перадку калёс. -- А то вось: найлепшая зброя, без аніякага гуку! -- узяў з-пад лавы шворан: -- Дзёбнуць -- і гатова!.. Дзікі вецер.

Шка́па (польск.). Худы, замораны конь. -- Шая, як ты можаш пускацца ў дарогу на такой шкапе? Хмары над Бацькаўшчынай.

Шмат, шмата. Адарваны кавалак тканіны, паперы. Разгарнуўшы шмат, у які быў загорнуты хлеб, асьцярожна, каб адмераць па-роўнаму й не пакрышыць, разрэзаў яго на дзьве часткі. На межах.

Шнур. Тут: вузкая палоска зямлі. На адным з шнуроў ляжалі кучкі неразьбітага гною. Хмары над Бацькаўшчынай.

Шпана́. Злачынцы, бадзягі, бяспрытульныя. Калі былі выведзеныя й жанчыны, іх таксама пачалі ставіць па тым-жа прынцыпе: контра -- асобна, шпана -- асобна. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Шпі́цаль (польск.). Шпік, даносчык. Сярод іх няма «ворагаў народу» і шпіцаляў. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Шу́ла. Слуп ці брус, на які падвешваецца створка дзьвярэй. Першы немец паставіў у варотах калодку, на якой Мацей кляпаў косы й скіпаў дровы, стаў на яе й прывязаў лейцы да перакладзіны паміж шуламі. Акупанты.

Шурт. Рад, укладка сьпілаванага лесу. Усюды ляжаў павалены лес: і ў шуртах, і проста калодкамі на зямлі. Партыйны таварыш.

Шыкава́ць (польск.). Тут: рыхтаваць. На ворагаў усё шыкуюцца! «Янка сеяў -- людзі жалі».

Шынге́льсы (англ.). Дранка, драніца, гонта. Тонкія дошчачкі для абіваньня сьцен пад тынкоўку або для крыцьця даху. Бывала, кладу шынгельсы і прыбіваю іх цьвікамі; раптам зьяўляецца цікавая думка, вобраз, пасаж... Да чытача.


Этажэрка. Некалькі разьмешчаных адна над другой паліц на стойках. Потым падышоў да этажэркі і ўзяў сямейны альбом. Пёрка й іншыя.


Яды́нка. Ёд. Пабеглі да настаўніцы па ядынку. Воўчым сьледам.

Які-колечы. Які-небудзь. На целе Скуратка ня было нічога такога, што паказвала-б на сьмерць ад забойства ці іншага якога-колечы гвалту... У імя догмы.

Як рукой здыме. Пройдзе, прападзе. Усю хворасьць як рукой здыме. Пёрка й іншыя.


Загрузка...