На наступны дзень пасля бойкі з павукамі Більба і гномы "зноў, адчайна і безнадзейна, паспрабавалі знайсці выхад. Ранкам яны падняліся, ледзь трымаючыся на нагах ад голаду й смагі. Паспрачаліся крыху наконт таго, у якім баку сцежка, дый пайшлі, куды захацелі восем з трынаццаці. Але даведацца, чыя была рацыя, ім так і не давялося. Змрочны лясны дзень зноў паціху рабіўся паўнюткай начной чарнатой, калі знянацку побач успыхнула мноства паходняў, быццам сотні чырвоных зор навокал. 3 цемры скочылі Лясныя эльфы з лукамі й дзідамі напагатове і загадалі гномам спыніцца.
Пра бойку і думаць было немагчыма. Нават калі б гномы не былі ў такім стане, што палон здаваўся ім шчасцем, са зброі недарэкі мелі толькі маленькія нажы. А што нажы супраць эль-фавых стрэлаў? Эльфы здольныя пацэліць у цемры ў птушынае вока. Так што гномы пакорліва спыніліся ды паселі на зямлю ў чаканні — апроч Більба, які хуценька насунуў на палец пярсцёнак ды скочыў убок. I таму, калі эльфы павязалі ды пералічылі па-лонных, хобіта і не ўлічылі, і не звязалі.
Яны і не чулі, пакуль вялі палонных па лесе, як хобіт спрытненька ішоў за імі на бяспечнай адлегаасці ад святла паходняў. Гномам пазавязвалі вочы, але можна было пра тое і не клапаціцца — Більба і з шырока расплюшчанымі вачыма не бачыў, куды рухаецца, а адкуль пачаўся рух, ні ён, ні гномы не ведалі. Давялося напружыцца, спяшаючы за паходнямі, бо эльфы прымушалі гномаў ісці з усёй магчымай спрытнасцю, дарма што тыя былі аслабелыя ды стомленыя. Кароль загадаў спяшацца. Раптам паходні спыніліся. Хобіт хуценька падкраўся пабліжэй — і ў час! Бо эльфы пераходзілі мост, што выводзіў да дзвярэй каралеўскай крэпасці. Пад мостам хутка і шумна струменілася цьмяная вада, а над другім краем узвышалася брама, якая зачыняла ўваход у вялізную пячору. Брама ўрэзалася ў круты схіл, зарослы лесам. Вялізныя бярозы спускаліся да самай вады, нават акуналі ў струмень карані.
Эльфы прагналі палонных цераз мост, але Більба прыпыніўся ў хваляванні. Зусім, зусім не падабаліся яму ні пячора, ні брама. Ён вырашыў не пакідаць таварышаў якраз тады, калі апошнія эльфы ўжо заходзілі за браму. Хобіт ледзь паспеў прашмыгнуць за імі, і вялікія каралеўскія дзверы з бразгатам зачыніліся за ягонай спінай.
Падземныя праходы асвятляла чырвонае полымя паходняў. Эльфы-вартаўнікі спявалі, ідучы пакручастымі, перакрыжаванымі праходамі, паганяючы перад сабой рэха. Тунелі каралеўскага палацу не былі падобныя да гоблінскіх: меншыя, не такія глыбокія, і дыхалася там лягчэй. У вялікай залі з калонамі, што высеклі разам з заляй у горнай тоўшчы, на разным драўляным троне сядзеў кароль з разным дубовым посахам у руцэ. Надышла восень, і таму галаву караля вянчала карона з ягадаў ды пачырванелага лісця. Увесну ён насіў карону з лясных кветак.
Палонных прывялі да яго. Хоць ён і зірнуў на іх сувора, але загадаў развязаць, бо былі яны стомленыя і знясіленыя.
— У маім доме вяроўкі ім не патрэбныя, — сказаў ён. — Чароўная брама нікога не выпусціць адсюль без майго дазволу.
Доўгі час кароль уважліва і дбайна выпытваў у гномаў, хто такія і што робяць, куды мелі намер трапіць і адкуль ідуць, але пачуў ад іх не больш за тое, што расказаў Торын. Гномы мелі найгоршы настрой, злаваліся і нават не спрабавалі быць ветлівымі.
— У чым жа мы вінаватыя, о кароль? — спытаў Балін, старэйшы з тых, хто застаўся. — Ці ж злачынства заблукаць у лесе, ледзь не памерці з голаду і смагі, быць палонным павукоў? Ці ж павукі — твае хатнія жывёлы альбо ўлюбёнцы, што за-бойства іх так цябе раззлавала?
Зразумела, таюе пытанне толькі болей раз'юшыла караля, і той адказаў:
— Злачынства — бадзяжыць у маім каралеўстве без майго дазволу. Ці ж вы забыліся, што знаходзіцеся ў маіх уладаннях, ды карыстаецеся шляхам, які праклаў мой народ? Ці ж не вы тройчы турбавалі і пераследавалі маіх людзей па лесе ды раз-будзілі павукоў сваш лямантам і мітуснёй? Пасля ўсяго, што вы нарабілі, я маю права даведацца, чаму вы сюды з'явіліся. Калі я не даведаюся зараз жа, я загадаю трымаць вас, аж пакуль вы не прыдбаеце крыху розуму й добрых манераў!
Пасля кароль загадаў зачыніць кожнага з гномаў у асобнай каморы, даць досыць ежы і пітва, але не дазваляць выходзіць за дзверы, пакуль хаця хто не распавядзе тое, што караля цікавіла. Аднак ён не сказаў ім, што і Торын таксама палонны. Вось пра гэта даведаўся Більба.
Бедны спадар Торбінс! Доўгі, невыносна нудны час правёў ён у гэтым месцы ў поўнай самоце, заўсёды хаваючыся, баючыся на імгненне зняць пярсцёнак, толькі зрэдку адважваючыся па-спаць у самых цёмных і дальніх кутах, якія толькі мог знайсці. Рабіць не было чаго, таму Більба блукаў па каралеўскім палацы. Дзверы зачыняліся чарамі, але можна было праскочыць, калі паспяшацца. Кампаніі эльфаў, часам з каралём на чале, выязджалі на паляванні ці па якіх іншых справах у лес або да земляў на Усходзе. Більба з ягоным спрытам мог праскочыць за імі і пра-скокваў, але ж небяспечная тое была справа. Не адзін раз яго ледзь не прыхлопвала дзвярыма, бо зачыняліся яны адразу ж за апошнім эльфам, а ў натоўпе з імі хобіт ісці не адважваўся з-за свайго ценю (хоць і тонкага й няпэўнага ў святле паходняў) — а раптам хто заўважыць ці натыркнецца. А калі і выскокваў, што рабіў даволі рэдка, асаблівага задавальнення не знаходзіў. Ад гномаў сыходзіць ён не хацеў, а што рабіць без іх у лесе і куды наагул падацца? Паляванне эльфаў не дагоніш, таму аніякіх лясных таямніц ды сакрэтаў Більба не выведаў, толькі бадзяўся па лесе як той няшчасны шчанюк. Адзін клопат меў — каб не заблукаць у чаканні, пакуль пашанцуе вярнуцца. А таксама паку-таваў з голаду, бо паляваць не ўмеў, а ў пячорах хоць пачаставацца можна было, крадучы ежу са сталоў ды камораў, калі побач нікога.
«Я быццам злодзей, які не здольны ўцячы і кожны дзень прымушаны рабаваць той самы дом, — думаў няшчасны хобіт. — Вось яна, самая занудлівая і гадкая частка гэтай няшчаснай, недарэчнай, няўтульнай, дурной авантуры! Хацеў бы я зноў апынуцца ў сваёй норцы, перад агменем, і каб лямпа ззяла!»
Часта ён таксама думаў, каб нейкім чынам паслаць вестку да чараўніка, што, відавочна, было немагчымым. Так што хутка давялося ўцяміць, што калі нехта тут і зробіць што-небудзь, то будзе гэта менавіта ён, самотны і пазбаўлены дапамогі спадар Торбінс.
Нарэшце, пасля тыдня-другога гэткага патаемнага прасліз-гучага жыцця, пасля падглядання і высочвання вартаўнікоў, хобіт здолеў угледзець, дзе трымаюць кожнага з гномаў. Ён знайшоў усе дванаццаць камораў у розных канцах палацу і праз пэўны час вывучыў выдатна шлях да іх. Як жа ён здзівіўся, калі аднойчы ад вартавых (падслухоўваць стала ягонай звычкай) даведаўся пра нейкага палоннага гнома ў асабліва далёкім, цьмяным кутку палаца. Зразумела, хобіт адразу здагадаўся, што гэта ніхто іншы як Торын, — і хутка пераканаўся ў гэтым. Пасля шматлікіх турботаў хобіт здолеў трапіць на месца якраз тады, калі нікога побач не было, і перакінуцца словам-другім з права-дыром гномаў.
Цяжка пакутаваў Торын. Нават не злаваўся больш на ня-шчасці ды нягоды, а раздумваў, ці не распавесці каралю пра скарбы і вандроўку да цмока (вось да чаго ён дайшоў!), і тут пачуў Більбава шапаценне ў замковай шчыліне. Торын ледзь паверыў сваім вушам. Хутка, аднак, ён зразумеў, што менавіта так яго вушы падманваць не могуць, падышоў да дзвярэй і праз іх доўга шаптаўся з хобітам.
Так Більба здолеў перадаць Торынавы словы кожнаму вязню. Сказаў, што іх правадыр таксама ў турме побач з імі, ды каб ніхто пра планы каралю не распавядаў — пакуль Торын не загадае. Бо Торынаў настрой значна палепшаў, калі ён даведаўся пра выра-таванне сяброў ад павукоў і пра хобітавы здзяйсненні. Торын вырашыў не адкупляцца ад караля абяцаннямі часткі скарбаў, пакуль надзея на ўцёкі не знікне цалкам. Іншымі словамі, пакуль адметны спадар Нябачны Торбінс (даякога Торын пачаў ставіцца з надзвычайнай павагай) канчаткова пераканаецца ў сваёй няздольнасці выдумаць што-небудзь таленавітае.
Астатнія, вядома, згадзіліся цалкам. Усе думалі, што калі дазволіць эльфам прыкласціся да скарбаў (якія ўжо лічылі сваімі, дарма што ў турме сядзелі і да цмока яшчэ не прыступіліся), частка кожнага заўважна зменшыцца. Апроч усяго, яны верылі ў Більба. Ну, Гэндальф жа прадказваў, бачыце. Казаў, што пакінуў іх на Більба.
Аднак хобіт зусім не адчуваў сябе такім ужо ўпэўненым. Не падабалася яму адказваць за нешчаслівы тузін гномаў з Торынам на чале. Калі б толькі чараўнік быў побач! Але паміж імі, хутчэй за ўсё, пралягла непамерная чорная пашча Ліхалесся. Хобіт сядзеў і думаў, думаў і сядзеў, пакуль галава ледзь не разарвалася, а што толку? Пярсцёнак нябачнасці — рэч цудоўная, аднак яго на чатырнаццаць пальцаў не хопіць. Усё ж, як вы, напэўна, здага-даліся, спосаб выратаваць сяброў ён знайшоў.
Аднойчы, як звычайна швэндаючыся ды вынюхваючы, Більба даведаўся пра вельмі цікавую рэч: чароўная брама не была адзіным выхадам з палацу! Пад ім цякла рака, якая тро-шачку далей на Усход далучалася да Лясной Ракі — акурат за доўгім схілам, куды выходзіла пячора. Там, дзе рака выходзіла з-пад гары, была другая, рачная брама. Каменная столь даходзіла амаль да самай вады, з яе можна было спускаць краты, якія і не дазвалялі нікому прайсці або праплысці тут. Але краты часта ўздымалі, бо рачной брамай няспынна карысталіся. Калі б хто-небудзь з'явіўся там, ён бы ўбачыў цёмны грубы тунель, які ішоў да самага сэрца гары. У адзіным месцы, дзе тунель пра-ходзіў пад пячорамі, яго столь была прарэзаная і зачыненая вялізным дубовым люкам. А люк той адчыняўся наверх, да каралеўскіх кладовак, застаўленых мноствам, мноствам бочак і бочачак. Лясныя эльфы (а асабліва кароль) вельмі любілі віно, а вінагрон у тых мясцінах не рос. Віно, як і іншыя тавары, даво-дзілася везці здалёк, ад эльфавай радні з Поўдня, ці з людскіх вінагроннікаў у далёкіх землях.
Хаваючыся за адной з найвялікшых бочак, Більба і высветліў пра люк ды ягонае прызначэнне. Падслухоўваючы ды пад-шнырваючы, даведаўся ён ад каралеўскіх пакаёўцаў, як віно і іншыя тавары дастаўляліся па зямлі ці па рэках да Доўгага Возера. Здавалася, там яшчэ жылі людзі, і нават няблага. Горад яны пабудавалі на мастах пасярод возера, каб бараніцца ад ворагаў, а асабліва ад цмока з Гары. 3 Азёрнага Гораду бочкі прыганялі ўверх па Лясной Рацэ. Часта бочкі проста звязвалі ў адно нак-шталт вялізнага плыта, ды цягнулі ці веславалі іх супраць плыні. Часам бочачкі грузілі на баржы.
Калі бочкі спусташаліся, эльфы кацілі іх да люка, адчынялі яго і рачную браму, скідвалі. I яны плылі сабе, падскокваючы ды куляючыся. Плылі далёка, пакуль не даплывалі за ўсходні край Ліхалесся, дзе ад берага адыходзіла доўгая каса. Туды бочкі прыбівала плынню, там іх збіралі, звязвалі ды скіроўвалі зноў да Рачнога Гораду, што знаходзіўся непадалёк месца, дзе Лясная Рака ўлівалася ў Доўгае Возера.
Нейкі час Більба сядзеў ды разважаў пра рачную браму, ці можна выкарыстаць яе, каб выратаваць сяброў, і нарэшце прыйшоў у ягоную галаву адчайна дзёрзкі план.
Увечары вартавыя прынеслі вязням ежу ды патэпалі прэч, забраўшы паходні з сабою і пакінуўшы ўсё ў паўнюткай цемры. А потым Більба пачуў, як каралеўскі дамараднік пажадаў ачольцу варты «дабранач».
— А да таго — ці не хочаш ты са мною глынуць новага вінца, якое толькі што прывезлі? — запытаў ён. — Пойдзем, пакаштуеш глыточак-другі. Сёння ўначы мне працы — безліч, каморы чыс-ціць ды бочкі катаць, так што давай вып'ем крыху, каб праца падалася лягчэйшай.
— Добра! — рассмяяўся ачольца варты. — Пачастуемся! Трэба ж высветліць, ці прыдатнае новае віно да каралеўскага стала. Сёння вялікае свята ды баляванне, нягодна было б прынесці туды што-небудзь дрэннае.
Пачуўшы гэткае, Більба ажно задрыжэў ад узбуджэння, бо вось яна, удача, самы час выпрабаваць свой адчайны план. Ён пракраўся за двума эльфамі, пакуль тыя зайшлі ў маленькі па-койчык і селі за стол, а на стол паставілі два вялізныя келіхі з віном. Хутка эльфы прьшяліся піць ды смяяцца. I тут Більба пашанцавала проста неверагодна. Трэба надта моцнае віно, каб прымусіць ляснога эльфа дзяўбці носам, але ж гэтае віно, вера-годней за ўсё, было найлепшага гатунку вялікіх садоў Дарвініёна і прызначалася зусім не для простых салдатаў ці пакаёўцаў — толькі для каралеўскай вячэры, і піць яго належала маленькімі чарачкамі, а не куфлямі.
Вельмі хутка ачольца пачаў дзяўбці носам, паклаў галаву на стол ды заснуў. Дамараднік пэўны час яшчэ размаўляў ды смяяўся сам з сабою, не заўважыўшы, што застаўся сам-насам, але хутка і ягоная галава схілілася да стала, і бразь — галава побач з келіхам, а сам спіць, ды храпіць да таго ж. А ў пакойчык праслізнуў хобіт.
Вельмі хутка ачольца быў пазбаўлены ключоў, а Більба з усёй магчымай хуткасцю нёсся па калідоры да гномавых камораў. Звязка надта адцягвала руку, і сэрца хобітава скакала недзе ў пятках, бо, хоць ён і меў на пальцы пярсцёнак, ад бразгання ды ляскання ключоў чары дапамагалі не надта. Небараку Більба аж калаціла ад страху.
Першымі адчыніў ён Балінавы дзверы і зачыніў іх зноўку, як толькі гном выйшаў. Вы можаце сабе ўявіць, здзіўлены быў Балін нязмерна, і хоць рады быў выбрацца з непрыемнай маленькай каменнай каморы, не стрымаўся, і пажадаў тут жа пачуць, якім чынам, як, куды і што Більба збіраецца рабіць, і шмат чаго яшчэ.
— Часу няма! — сказаў хобіт. — Спяшайся за мной, і ўсё! Трэба трымацца разам і не дазволіць нікому адстаць ці заблукаць. Уцякайма разам, альбо зусім не ўцякаем, і гэта наш апошні шанец. Калі знойдуць, мне і думаць не хочацца, куды вас кароль запіхне з кайданамі на руках (і на нагах у дадатак). Калі ласка, не трэба спрачацца, пойдзем!
Вось так і пайшлі ад дзвярэй да дзвярэй, пакуль не сабраліся дванаццацёра — даволі нязграбныя ды неслухмяныя, бо цёмна ж было навокал, дый праседзелі доўгі час у каморах амаль у нерухомасці. Більбава сэрца кожны раз сустракалася з пяткамі, калі гномы стукаліся адзін аб аднаго ў цемры, буркацелі ці шапа-целі. «А каб іх, нязграбаў!» — сказаў ён сам сабе. Але ўсё ішло добра, на вартавых не натрапілі. I не дзіва, бо якраз гэтай ноччу ў лесе ды ў залях наверсе адзначалі вялікае восеньскае свята, і практычна ўсе падданыя караля весяліліся.
Нарэшце, пасля доўгіх бадзянняў дабраліся да Торынавай каморы, схаванай далёка і глыбока, аднак, на шчасце, побач з кладоўкамі і выратавальным люкам.
— Клянуся! — сказаў Торын, калі Більба прапанаваў яму выходзіць і далучацца да сяброў. — Як і звычайна, Гэндальф меў рацыю. Неблагі ж узломшчык з вас атрымаўся, калі надышоў час! Упэўнены, мы ўсе заўсёды будзем удзячныя вам за дапамогу. Але што далей?
Більба ўбачыў, што надышоў час растлумачыць свой план, але ж не зусім быў упэўнены ў тым, як гномы паставяцца да такой задумы. I не дарма баяўся, бо гномам план зусім не спадабаўся. Яны ўголас забурчэлі ды заспрачаліся. нягледзячы на небяспеку.
— Нас паб'е ды раструшчыць, мы патонем ці ўвогуле костак не збяром! — мармыталі яны. — Мы думалі, табе да галавы прыйшло нешта разумнае, калі ўжо здолеў руку на ключы на-класці. Вар'яцкая ідэя!
— Ну добра! — сказаў крыху раззлаваны і вельмі па-крыўджаны Більба. — Вяртайцеся ў свае ўтульненькія каморы, я вас зноў зачыню, ды сядзіце там ціхутка, пакуль не прыдумаеце новы план — але ж наўрад ці я яшчэ калі здолею здабыць ключы. Зразумела, калі ўвогуле будзе жаданне іх здабываць.
На гэта пярэчыць не было чым, і гномы супакоіліся. Вядома ж, у рэшце рэшт яны зрабілі менавіта тое, што прапанаваў хобіт, бо відавочна немагчыма было знайсці шлях да верхніх заляў, прабіцца вонкі ды адчыніць замкнёную магіяй браму. I ў прахо-дах няма сэнсу бадзяцца ды буркацець, пакуль эльфы не заў-важаць ды не зловяць. Таму гномы пакраліся за хобітам да ніжэйшых кладовак. Мінулі дзверы, за якімі ачольца варты й дамараднік задаволена храпелі ды шчасліва ўсміхаліся адзін адному. Дарвініёнскае віно прыносіла глыбокія і захапляльныя сны. Відавочна, раніцай твар ачольцы меў іншы выраз, хоць Більба і пракраўся да яго ды добрасардэчна прывесіў ключы зноў да ягонай папругі.
— Хоць трошачкі дапаможа небараку пазбегнуць турботаў, — сказаў сам сабе спадар Торбінс. — Неблагі хлапец, і да вязняў ставіўся някепска. Дый эльфаў азадачу. Палічаць, пэўна, што гномы карысталіся вельмі моцнай магіяй, каб прайсці праз за-чыненыя дзверы ды знікнуць. Знікнуць! Варушыцца трэба спрыт-ней, каб гэткае атрымалася на самай справе!
Баліну даручылі назіраць за ачольцам ды дамараднікам і папярэдзіць, калі тыя пачнуць варушыцца. Астатнія рушылі ў суседні пакой, дзе і быў люк. Часу заставалася — драбок. Як Більба ведаў, хутка якім-небудзь эльфам загадаюць сысці й дапамагчы дамарадніку скінуць пустыя бочкі ў раку. Бочкі гэтыя ўжо пасталі ў чаканні шэрагамі пасярэдзіне пакою. Некаторыя былі з-пад віна, і ад тых карысці не было — паспрабуй адчыніць іх без грукату і шуму, а тым больш зноўку зачыніць! Але некаторыя былі з-пад яблыкаў ці алею, ці іншых рэчаў, што завозіліся ў каралеўскі палац.
Хутка адшукалі трынаццаць дастаткова прасторных бочак, у якіх змясціўся б гном. Гномы пазалазілі ў іх і адразу ж пачалі хвалявацца пра штуршкі ды біццё аб сценкі, хоць Більба і на-магаўся, як толькі мог (і як час дазволіў), каб знайсці ім салому і яшчэ што мяккае і запакаваць усіх як утульней. Нарэшце, дванаццаць гномаў былі запакаваныя па бочках. 3 Торынам давялося павазіцца, бо ніяк ён не мог прыладзіцца да сваёй бочкі, варушыўся, круціўся ды бурчэў, нібы вялізны сабака ў надта малой кануры. А Балін, які прыйшоў апошні, усё непакоіўся пра дзіркі для дыхання і заявіў, што задыхаецца, нават калі накрыўку на бочку не прымацавалі. Більба зрабіў, што мог, каб пазатыкаць усе дзіркі па баках бочак і прышпунтаваць накрыўкі най-ладнейшым чынам. I вось, нарэшце, застаўся адзін. Ён пабегаў яшчэ між бочак, папраўляючы тое-іншае і спадзеючыся (супраць уласнага ж глузду), што ўсё атрымаецца добра.
I ні на імгненне раней, чым трэба. Хвіліна ці дзве прайшлі, як Балінава накрыўка была прымацаваная, і пачуліся галасы, сталі бачныя водбліскі полымя ад паходняў. Некалькі эльфаў зайшлі ў пакой. Яны смяяліся, размаўлялі, жартавалі ды напявалі ўрыўкі з песень. Яны пакінулі святочнае баляванне ў адной з заляў і, зразумела, збіраліся вярнуцца да яго як мага хутчэй.
— Ну дзе ж стары Галіён, наш дамараднік? — сказаў адзін з іх. — Нешта я яго не бачыў за сталом. Яму трэба быць тут, каб паказаць нам, што рабіць.
— Раззлуюся, калі стары маруда спазніцца, — сказаў другі. — У мяне аніякага жадання валэндацца тут унізе, калі наверсе песні спяваюць!
— Ха-ха! — пачуўся крык. — Вось ён, злодзей стары, з галавой у келіху! У яго з сябрам ачольцам сваё прыватнае застолле!
— Трасі яго! Пабудзі яго! — закрычалі астатнія нецярпліва. Зусім Галіёну не падабалася, што яго трасуць ды будзяць, а яшчэ менш, што з яго смяюцца.
— Вы спазніліся, — прабурчэў ён. — Я тут чакаў вас, чакаў, пакуль вы спявалі, пілі ды танчылі, а на абавязкі свае забыліся. Чаму ж здзіўляцца, што я ад стомленасці і заснуў!
— Чаму ж здзіўляцца, — сказалі яны, — калі тлумачэнне стаіць побач на стале ў куфлі! Дай жа нам пачаставацца тваім сродкам ад стомы, атое мы тут і пападаем! А турэмшчыка будзіць не трэба. На яго зірнеш, і зразумела — з яго ўжо хопіць!
Потым эльфы глынулі яшчэ і раптам зрабіліся надта вясёлыя. Але ж розуму не страцілі.
— Галіён! — закрычалі яны. — Ці ж ты пачаў святкаваць надта рана і зусім мазгі твае затуманіліся? Ты тут паставіў паўнюткія бочкі замест пустых, калі меркаваць па цяжару.
— Вы працуйце, і ўсё! — прабурчэў дамараднік. — У руках лайдакоў усё падаецца цяжкім, няма тут чаму здзіўляцца. Менавіта гэтыя бочкі трэба паскідаць, і аніякія іншыя! Рабіце, што загадана!
— Ну добра, добра! — адказалі яны, штурхаючы бочкі да адчыненага люка. — Сам адкажаш, калі бочкі з найлепшым каралеўскім віном і алеем сплывуць па рацэ да Доўгага Возера — тамтэйшаму люду дармавы пачастунак!
Грук-грук-грук-грук,
Грук — каціся, бочка, у люк!
Націскай! Плясь, плюх!
Бочка ў плыню — вух! Бух!
Вось так яны спявалі, калі першы цабэрак, а за ім і астатнія з грукатам каціліся да цёмнай дзіркі ў падлозе і пасля добрага штуршка валіліся ў цёмную ваду ў некалькіх лакцях ад люка. Некаторыя былі пустыя, некаторыя — з гномамі, заціснутымі шчыльна і цесна, а падалі ўсе разам, адна за адной, бразгаючы ды грукочучы, бухаючы зверху на іншыя, пляскаючыся аб ваду, стукаючыся аб сценкі тунеля і адна аб другую і падскокваючы на плыні.
Якраз у гэты момант Більба і знайшоў слабое месца ў сваім плане. Верагодна, вы яго даўно ўжо заўважылі, ды пасмяяліся з яго. Але сумняюся, што вы і напалову так добра справіліся б на Більбавым месцы. Ну вядома, сам жа ён не сядзеў у бочцы, і ніхто не запакаваў бы яго, калі б і была магчымасць! Выглядала, быццам ён назаўсёды губляе сяброў (а бочкі з гномамі ўжо амаль усе пападалі ў цемру) і застаецца зусім адзін, прыйдзецца да самай смерці бадзяцца ды красці ў эльфійскіх пячорах. Бо нават калі ён і ўцячэ праз верхнюю браму, гэта не дапаможа зноў сустрэць гномаў. Ён не ведае шляху па зямлі да месца, дзе збі-раюць бочкі. А што станецца з гномамі без яго? Ён не меў часу распавесці гномам усё, што выведаў у каралеўскім палацы. I яны яму не казалі, што рабіць, калі лес закончыцца.
Пакуль такія думкі прабягалі, штурхаючыся, праз ягоную галаву, эльфы вельмі бадзёра ды весела заспявалі пра рачную браму. А некаторыя ўжо пайшлі цягнуць вяроўкі, каб узняць краты брамы й дазволіць цабэркам выплысці, як толькі ўсе апынуцца ў вадзе.
Гэй! Назад плыві хутчэй
Да азёрных да людзей
Ад тунеляў, ад пячораў,
Горных схілаў і прастораў,
Дзе ў лясах спрадвечны цень
Змрок вартуе ноч і дзень!
3 царства дрэваў — ды на Усход,
Дзе хістаецца чарот
Пад вятрамі на балотах,
Багнах гіблых ды дрыгвотах,
Дзе туман стаіць сцяной
Над азёрнаю вадой!
3 плынню бегчы вам гурбой
Зорцы наўздагон начной,
3 раніцою — павярніце,
Ды на поўдзень паплывіце,
Да садоў і да лугоў,
Сенажацяў і палёў,
Дзе пад сонцам свет квітнее,
Зіхаціць, расце і спее!
Паспяшаць туда вам варта,
То імчыцеся ж упарта
Да азёрных да людзей
Гэй! Хутчэй, хутчэй, хутчэй!
I вось самая апошняя бочка падкацілася да люка! 3 адчаю, не ведаючы, што ж рабіць, небарака Більба схапіўся за яе — дый быў скінуты разам з ёй. Плюх! Бухнуўся ён у ваду, у халодную, чорную ваду, а бочка — за ім.
Хобіт вьшырнуў, адплёўваючыся, схапіўся за цабэрак, нібы пацук, але ж як ні намагаўся, наверх ускараскацца не змог: толькі, ускараскаецца — а пустая бочка пераварочваецца — і плюх! Зноў пад ёю. Яна была пустая і плавала, быццам корак. Хаця вушы былі паўнюткія вадой, Більба чуў эльфійскі спеў наверсе ў кладоўцы. Потым люк з грукатам зачыніўся, і галасы зніклі. Хобіт застаўся ў цёмным тунелі, у ільдзяной вадзе, зусім адзін — не браць жа ў разлік сяброў, запакаваных ў бочкі.
Хутка наперадзе ў цемры ўзнікла шэрая пляма. Хобіт пачуў рыпенне кратаў, якія цягнулі наверх, і раптам зразумеў, што знаходзіцца ў сярэдзіне натоўпу розных бочак і бочачак, што збіліся ў кучу і штохвілінна падскокваюць, каб праціснуцца пад аркай і вырвацца да рачной прасторы. Давялося Більба паклапаціцца, каб яго не расціснула, не збіла ды не расцярушыла на тузін маленечкіх хобіцікаў. Нарэшце, натоўп бочак пачаў радзець і расплывацца, адна за адной бочкі праскоквалі пад аркай і знікалі. Вось тут хобіт і заўважыў, што, калі нават і ўскараскаўся б на бочку, аніякай карысці з таго не было б, якраз наадварот — бо месца пад аркай зусім не заставалася, нават для хобіта: столь тут зніжалася і амаль дакраналася да вады. Вось табе й брама!
Яны выплылі вонкі, пад нізкія галіны дрэваў, якія шчыльна раслі па абодвух берагах. Більба стала цікава, што цяпер адчуваюць гномы і ці шмат вады да іх налілося. Некаторыя бочкі з тых, што скакалі побач з ім па плыні, мелі даволі нізкую пасадку. Напэўна, там бедныя гномы і сядзелі.
«Спадзяюся, што сапраўды добра прымацаваў накрыўкі!» — падумаў ён, але хутка давялося паклапаціцца пра сябе самога, і думкі пра гномаў выпетрыліся цалкам. Галаву над вадой ён здолеў трымаць, аднак дрыжэў ад холаду. А колькі давядзецца так прадрыжэць, пакуль не зледзянееш ды не сканаеш? I як доўга яшчэ здолееш трымацца за бочку? I ці не лепш было б адчапіцца ад бочкі й плысці да берага?
Пашанцавала даволі хутка. Плынь віхрылася, закручвалася, і некалькі бочак збіліся гуртом — пэўна, адна з іх зачапілася за нейкі падводны корань. Тут Більба не прамінуў магчымасці ўскараскацца на сваю бочку, пакуль тая была шчыльна прыціснутая да іншых. Ускараскаўся ён, быццам прытоплены пацук, ды лёг на бочку, прыціснуўся, як толькі здолеў — каб раўнавагі не парушыць. Вецер ледзяніў, але менш за ваду, заставалася толькі спадзявацца, што раптоўны штуршок не скіне ў раку, і не прымусіць усё пачынаць спачатку.
Неўзабаве бочкі выплылі на рачную прастору, ды прыняліся коўзацца і скакаць на плыні. Тут трымацца стала амаль што немагчыма, але ж Більба справіўся, хоць і адчуваў сябе — горш няма куды. Добра, што хоць лёгкі, а бочка трапілася агромністая ды цяжкая, напэўна, працякла й набрала крыху вады. Усё роўна, гэта было падобна да язды без сядла ды страмёнаў на круглым поні, які быў перакормлены, слізкі й заўсёды намагаўся пакачацца ў траве.
Вось такім чынам дабраўся спадар Торбінс да месца, дзе дрэвы з кожнага боку раслі менш шчыльна, і між імі можна было бачыць цьмяныя нябёсы. Цёмная рака раптам раздалася і троху далей злілася з асноўным струменем Лясной Ракі, якая жвава бегла ад каралеўскай вялікай брамы. Цяпер на рацэ была змрочная паласа, якую не зацянялі дрэвы, па ёй скакалі і танчылі паламаныя адбіткі аблокаў ды зорак. Спрытная вада Лясной Ракі падхапіла бочкі ды бочачкі і панесла да паўночнага берага, дзе струмень выцяў шырокі заліў. Пад навіслым берагам быў галечны пляжык, які з усходняга краю абараняла невялікая скала, што выходзіла да самай вады. Большасць бочак трапіла на пляжык, але некалькі стукнуліся аб скалу.
На беразе стаялі напагатове эльфы. Яны ўмела пачаплялі ды пазганялі бочкі ў адно месца, і, пералічыўшы іх, звязалі й пакінулі да раніцы. Бедныя гномы! Більба было не так ўжо і блага. Ён споўз з бочкі й пачапаў на бераг, а потым прашмыгнуў да хатак, якія ўбачыў непадалёк. Цяпер ён не раздумваў, калі траплялася магчымасць павячэраць за чый-небудзь кошт. Ужо доўгі час давялося займацца гэтым. Да таго ж і галодны ён быў надзвычайна, і кіравала ім зусім не гультайская зацікаўленасць скарбамі чужой схованкі. Таксама ён заўважыў і зіхаценне вогнішча паміж дрэваў, і гэта прывабіла яго нават больш, бо мокрае ды падранае адзенне ліпла да скуры, і надта ў ім было няўтульна.
Няма патрэбы распавядаць вам пра усе Більбавы прыгоды гэтай ноччу. Мы ўжо набліжаемся да канца падарожжа на Ўсход, а таксама да апошняй, самай незвычайнай ды вялікай прыгоды, таму трэба спяшацца. Зразумела, спачатку хобіту дапамог чароў-ны пярсцёнак, але ж яго выдавалі лужынкі ў слядах і кроплі, што падалі з адзення, калі толькі ён спрабаваў прысесці ці спыніцца. Да таго ж пачаўся насмарк, і як не хаваўся Більба, заўжды яго заўважалі па здрадніцкіх чыхах, якія ён намагаўся стрымаць і якія вырывалася са страшэнным гукам. Надта хутка ўзварушылася ўся прыбярэжная вёска, але Більба ўцёк-такі да лесу з боханам хлеба, скураной біклагай віна ды пірагом, якія яму не належалі. Рэшту ночы яму давялося правесці мокрым і далёка ад вогнішча, але ж біклага трошачку дапамагла. Хобіт нават крыху падрамаў на сухім лісці, дарма што восень заканчвалася і па начох паветра моцна халадзела.
Прачнуўся ён ад асабліва гучнага чхання. Ужо займалася раніца, а з ракі даносіліся шум і вясёлы гоман. Хутка эльфы-плытагоны пагоняць плыты да Доўгага Возера. Більба чхнуў зноў. 3 яго больш не капала, але ж і скалеў ён! Бедны хобіт пакульгаў да ракі з усім спрытам, на які былі здатныя ягоныя змярцвелыя ногі, і патрапіў акурат у час, каб схавацца за кучаю цабэркаў і не трапіць каму-небудзь пад ногі ў агульнай мітусні. Пашанцавала, што сонца не было, а значыць, не было і ценю, і ўжо зусім незвычайна пашанцавала, што доўгі час не чхалася.
I вось эльфы разам моцна адштурхнуліся жардзінамі. Тыя, хто стаялі ў вадзе каля берага, націснулі і адсунуліся. Бочкі, якія цяпер усе былі ўжо звязаныя разам, зарыпелі і затрашчалі.
— Цяжка гружаныя, напэўна, — прабурчэлі некаторыя з эльфаў. — Надта глыбока сядзяць. Дакладна некалькі паўнюткіх! Калі б іх прыбіла ўдзень, абавязкова б зазірнулі.
— Часу няма! — пракрычаў плытагон. — Штурхай!
I яны паплылі. Спачатку паціху, пакуль не мінулі скалу, адкуль астатнія эльфы адсунулі плыты жардзінамі, а потым спрытней і спрытней, выплылі да галоўнага струменя і панесліся ўніз, уніз, да Доўгага Возера.
Так кампанія ўцякла са скляпенняў эльфійскага караля ды прайшла праз лес, але жывой ці мёртвай — яшчэ пабачым.