Летам 1936 г. я зрабіў восем тысячаў кіламетраў, кружляючы ўздоўж усходняй сцяны.
Наша граніца з Саветамі хоць і патужэла ў абдратаванні, дрыжыць непакоем. Так, нібы мы знаходзімся ля падножжа вулкана. На ім растуць кветкі і пасвяцца козы. Толькі застылыя ў падножжа шлакавыя лавы прамаўляюць пра тое, што было. I чуем пад зямлёй няўломнае трымценне.
Тыя застылыя лавы мінуўшчыны — гэта крыжы па лясах, стаўляныя загінуўшым у барацьбе з дыверсійнымі бандамі паліцыянтам, гэта людскія праломіны пад стрэхамі сялянскіх хацін, праломіны сярод людзей, якіх выбухі Еўраазіі змялі, ці вымелі. Гэта крывае апавяданне, што дыхае злачынствам усходу, пасля якога ў душах людзей засталіся глыбокія раны.
Трымценне тое няўломнае — часам гэта прыведзены на стражніцу КОПУ[1] індывідуум, які імкнецца за драты, гэта няўлоўныя чуткі, што невядомымі шляхамі раптоўна паўзуць па вёсках, гэта прадуманая дыверсія, якая знянацку насычае камуністычнымі настроямі нашыя камунікацыйныя артэрыі, нашы вузлавыя пункты.
На граніцы прамінуў час залатых інтарэсаў — імпартовых і экспартовых, кантрабандысцкага эльдарада, ашалелых рэйдаў, арганізаваных гуртоў. Жыццё граніцы пайшло пад зямлю, але не замерла.
Я паходжу з Віцебска-Смаленскай брамы, брамы семдзесят кіламетраў ушыркі, у якой на працягу яе гісторыі адбылося 28 вялікіх бітваў. Можа, таму мы, людзі адтуль, маем адмыслова адчувальнае сейсмічнае вуха на шолахі з еўразійскіх абшараў, на мелодыю граніцы, якая ўсяляк у нашай гісторыі бегла ад бярозкі да бярозкі, ад балацінкі да балацінкі, пасам невядомым, пасам шырокім, не раз на некалькі дзесяткаў кіламетраў.
Можа таму я спецыяльна старанна занатоўваў тыя трымценні граніцы.
Таму для мяне сталася вялікім здарэннем, калі аднойчы я атрымаў з астрога на Святым Крыжы два вялікія агульныя сшыткі, засыпаныя дробным макам літарак, і калі ўчытаўся ў іх, зразумеў, што гэта піша свае ўспаміны колішні перамытнік з ракаўска-івянецкага памежжа.
Сяргей Пясецкі — так называўся аўтар, — пісаў:
«Калі б вечарам, у глухую восеньскую ноч, адкінуць з граніцы на даўжэйшым яе прамежку павалоку змроку, мы б убачылі партыі перамытнікаў, якія цягнуцца да граніцы… Ідуць па трох, па пяцёх і нават па дзесяцёх і звыш. Большыя групы вядуць „машыністы“, якія дасканала ведаюць мяжу і пагранічча. Малыя партыі ходзяць пераважна на сваю руку. Ідуць нават жанчыны, па некалькі адразу, каб за золата, срэбра і даляры купіць у Польшчы тавараў і з ліхвой прадаць у Саветах. Ёсць і ўзброеныя групы, але іх вельмі мала. Зброю перамытнікі не носяць. А калі хтосьці з іх бярэ з сабой комін, дык пры затрыманні, калі бачыць, што мае справу не з хамамі, абрэзаў[2] якіх перамытнікі баяцца больш за ўсё, тады адкідае зброю ад сябе. Са зброяй ходзяць Алінчукі, Сашка і некаторыя іншыя перамытнікі, што маюць на тое вельмі важкія падставы.
Адхінуўшы заслону змроку з пагранічча, мы ўбачылі б акул граніцы: сялян з абрэзамі, карабінамі, рэвальверамі, сякерамі, віламі і каламі, якія цікуюць здабычу. Часам убачылі б і дыверсійную банду ў складзе звыш дзесятка ці некалькі дзесяткаў людзей, узброеных рэвальверамі, карабінамі, гранатамі, а зрэдку і кулямётамі. Убачылі б мы і канакрадаў, што пераводзяць скрадзеных коней з Польшчы ў Саветы і з Саветаў у Польшчу. Нарэшце, убачылі б незвычайную постаць… чалавека, які самотна перамервае пагранічча і пераходзіць мяжу… Найчасцей ідзе самымі небяспечнымі дарогамі. Крочыць з рэвальверамі ў руках, з гранатамі за пасам, з кінжалам на баку. Гэта шпіён… Стары, загартаваны, цудам ацалелы ў дзесятках сутычках, рашучы, нібы д’ябал, да шаленства смелы пірат граніцы. Усе баяцца яго: і перамытнікі і стражнікі, і агенты ўсіх падраздзяленняў выведкі і контрвыведкі, і сяляне… Злавіць перамытніка — запаветная мара! Але ўзбіцца на такую сатану — найстрашнейшая справа! Убачылі б і шмат іншых цікавых рэчаў… Пра некаторыя з іх раскажу далей у маёй аповесці».
Я ўчытаўся ў рукапіс. Вось ужо другі раз аднекуль з глыбіні турэмных лёхаў да мяне выцягваюцца рукі, замураваныя ад свету. Якая ж гэта жахлівая справа доўгімі месяцамі, гадамі сляпіцца над пісаннем, у страшнейшых умовах брацца за пісаніну людзям, якія да яе нясхільныя: не мець аніякай дапамогі, аніякай падказкі, аніякага заахвочвання, аніякай ўзнагароды, падаць пад цяжарам сумненняў, прасоўвацца ў поўнай невядомасці, у недасведчанай галаве круціць слова — новую прыладу, якая так адрозніваецца ад нажа і браўнінга, а пасля пасылаць разбухлую рэч у далёкі, адпаліраваны свет.
Той першы — гэта быў Урка Гвалтаўнік. De profundis[3] жыдоўскага гета, выцягнуты з турмы ўзмоцненага рэжыму, семнаццацігадовага тэрміну зняволення, падтрыманы дапамогай, ён хутка адшукаў у сабе мяшчанскія запатрабаванні, далікатным розумам ацаніў, што прафесія злачынцы не з’яўляецца дыхтоўнай. Ажаніўся з акушэркай, а выдавецтва як шлюбны падарунак ахвяравала яму шырокі французскі ложак. Пасля ён пачаў добра зарабляць на ганарарах з амерыканскіх газет.
Рукапіс Пясецкага быў рукапісам з цалкам іншых перажыванняў. Больш складаных. Назва гэтага рамана або аповесці «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Гэта пад халодным бляскам таго ніколі не заходзячага сузор’я свае першыя крокі ставіць пасля дэмабілізацыі з войска малады, недасведчаны хлапец, якога калегі бяруць на першую перамытную выправу. Пад нагамі ўгінаецца срабрысты верас, чорныя лясныя нетры адчыняюць ясныя палянкі, над якімі ў бляску сваіх сямі зорак стаіць Вялікая Мядзведзіца.
У сталай небяспецы і празмерных грашах цячэ жыццё ў пагранічным Эльдарада. Адважны і прадпрымальны дзяцюк бярэ ўсё большыя вышыні. Распараджаецца тысячамі даляраў. Мае з абодвух бакоў граніцы каханак, дыктуе граніцы свой закон. Перастае насіць тавар, пачынае «вадзіць фігуркі», гэта значыць пераводзіць людзей праз граніцу. Аж нарэшце выплывае на шырокія воды сапраўднага пірацтва ў таварыстве з двума другімі шалёнымі галовамі, пачынае нападаць з засадаў на перамытнікаў, што вярталіся з далярамі і залатымі рублямі з-за мяжы. Тыднямі ён спіць пад балдахінамі лясных ялін. Ведае кожны перасмык, па якім ідзе зверына, ведае калі ўдарыць не намарна, ведае яе звычкі.
Напрыклад, гісторыя палявання на Бэрку, званага Станогім.
«Шчур (мянушка кампаньёна Пясецкага) даведаўся ў мястэчку, што пэўная група паўстанцаў[4] ходзіць за граніцу не прама з мястэчка Ракава, але з Волмы. У той бок нясуць вельмі каштоўны тавар, а на нашым адрэзку вяртаюцца без яго. У той жа час іх праваднік Бэрка Станогі пасля перакідкі двух-трох груп вяртаўся з-за мяжы адзін і з выплачанымі яму за тавар грашыма. У залежнасці ад колькасці і вартасці перакінутага праз граніцу тавару, насіў вялікія сумы ад пяці да дзесяці тысяч даляраў. Нам падказалі прыкладны адрэзак, якім з Саветаў вяртаўся Бэрка Станогі. Ён знаходзіўся непадалёку ад Тэклі Поля. Па нейкім часе мы ўдакладнілі, што Бэрка Станогі пасля пераходу граніцы ідзе шасцю дарогамі. Праходзіць каля дубравы дзедзіча Навіцкага, ярам непадалёку стадолы ўпраўляючага таго маёнтка Карабіновіча; каля карчмы па дарозе з Волмы да Ракава, і, нарэшце, лесам, паблізу ад карчмы. Там ішоў трыма дарогамі: лугам, каля вёскі, левым ускрайкам лесу і сцежкай, якая перасякала лес на другі бок. Прымаючы пад увагу шэраг розных акалічнасцяў, рабілі засады на адной з тых дарог. Усё безвынікова. А пасля ў мястэчку Шчур даведваўся, што Бэрка Станогі зноў вярнуўся прамежкам, які мы пільнавалі. Шчур шалеў.
Пачаліся месячныя ночы. Калі неба ачышчалася ад хмараў, было зручней рыхтаваць засады. Аднаго разу, як звыкла, зрабілі засаду ў двух пунктах: я на сцежцы, якая вяла праз сярэдзіну леса, а Шчур на яго левым крыле. Прыкідвалі, што Станогі будзе вяртацца па адной з тых дарог.
Была другая гадзіна ночы. Месцы нашых засад знаходзіліся ў значнай адлегласці ад мяжы. Баючыся каб не прагледзіць жыда, які вяртаецца з-за граніцы, я ўважліва ўзіраўся ў прастору перад сабой. Калі здавалася, што ўхапіў нейкія зрухі на мясцовасці, падымаўся і пільна аглядаў наваколле. Пераконваўся ў зрокавым падмане і зноў сядаў на спілаваны хваёвы пень.
У нейкую хвіліну пачуў злева лямант. Пабег туды ўскрайкам лесу. Наблізіўся да месца засады Шчура. Убачыў, што абшуквае нейкага селяніна, які галасліва прасіўся, каб Шчур яго адпусціў; даваў дзесяць рублёў золатам. Селянін нёс у мяшку звыш дзесяці кілаграмаў авечай воўны і казаў, што ідзе да сваякоў, якія жывуць паблізу Волмы.
Нечакана мне прыйшла ў галаву адна думка. Калі Шчур адпусціў селяніна, я сказаў калегу, што як на мой розум, дык Бэрка Станогі ніколі не вяртаецца з Саветаў адзін, а заўсёды ідзе разам з селянінам і бабай, якія ідуць першымі на адлегласці ў некалькі дзесяткаў крокаў ад сябе, а за імі зводдаль прастуе Бэрка. Прыгадаў яму бабу, якую затрымалі непадалёку ад свірна Карабіновіча. Шчур, нічога не кажучы, пабег дарогай, якой папярэдне прайшоў селянін. Праз квадру гадзіны вярнуўся і прамовіў:
— Маеш рацыю: ззаду ішла баба, а далей нехта ў ботах; аб’ягорылі нас».
Каб даць пробу фактуры прывёў нейкі з фрагментаў. Чытаў гэтую кніжку са штабной картай у руках.
Паступова Пясецкі застаецца адзін. Калегаў перастралялі, або яны разышліся. Шчур, напрыклад, падаўся ў свет, у далёкі Растоў; гэта быў даваенны растоўскі злодзей. Што гнала яго туды? Сам бы не адказаў. Нейкая невылечная настальгія кіруе паводзінамі тых людзей.
Правёўшы сябра, Пясецкі вяртаецца з таго боку граніцы.
«Воўк ірвануў з месца і праз некалькі скокаў вылецеў на паласу. Спяшаючыся, я падаўся за ім. Перад маімі вачыма паказалася шырокая адкрытая прастора пагранічнай паласы, узятая з двух бакоў, нібы ў раму, сценамі леса. Воўк імчаў да драцянай засекі. Уляцеў у разрыў, зроблены мною мінулай ноччу, і знік у лесе на другім баку паласы. Недзе мае вельмі пільную справу… Перабег за ім пагранічную паласу і апынуўся ў лесе. Затым накіраваўся на захад».
Цяпер, самотны нібы воўк, ірве ды кусае людзей. Нарэшце падлавіў Бэрку Станогу і адбірае ў яго 7400 даляраў. Ужо і сам не ведае, колькі грошай мае на мялінах. Але яны не цешаць: заўсёдная невылечная хандра раздзірае яго. Ідзе развітацца з магілай, месцам, дзе калісьці калегі знайшлі яго, абамлелага, без сіл, па ўцёках з савецкіх турмаў. Тут з’яўлялася здань, сам некалькі разоў бачыў белы цень. I зараз ёсць цень. Гэта дачка расейскага афіцэра, забітага на тым месцы над час пераходу мяжы. Развітваюцца.
«На паўночным захадзе ззяе неверагодна прыгожая Вялікая Мядзведзіца. Яе атулілі лёгкія пушыстыя снежна-белыя аблокі. Гэта быў канец майго трэцяга залатога сезона. Гэта была гадавіна смерці Сашкі Вэбліна — некаранаванага караля граніцы. Гэта была мая апошняя ноч на памежжы…»
Так закончыўся гэты тоўсты рукапіс, густа пазначаны сінімі штэмпелямі турэмнай цэнзуры.
Выдавецтва адпісала, просячы падрабязнасцяў. Адказ прыйшоў праз доўгі тэрмін (турэмная цэнзура). Аўтар паведамляў:
«Маё пакаранне скончыцца 30 верасня 1941 г. Акружным судом г. Вільні я быў засуджаны да пакарання смерцю, літасціва замененай Прэзідэнтам на 15 гадоў. Згодна закону, па адбыццю двух трэціх пакарання я быў бы пераведзены пад умоўны тэрмін, аднак не маю магчымасці пераканаць, што не вазьмуся зноў на пражыццё зарабляць зброяй».
Пераходзячы да спраў свайго рукапісу, ён пісаў:
«Пішу, бо пісаць павінен. Гэта ёсць мая арганічная патрэба, неадольнае і непераможнае жаданне. Навала ўспамінаў часам палохае мяне, якія (выкрэслена цэнзурай) на паперу бы (выкрэслена цэнзурай). Развальвае гэта мой розум. А ў той жа час здаровы сэнс падказвае пісаць павольна, цярпліва, спланавана, удасканальваць стыль, пазнаваць мову, пашыраць навуку. Як гэта цяжка без неабходных кніг, у неадпаведных умовах. Як прыкра раскладваць працу на месяцы, гады, калі хочацца яе зрабіць адразу… каб мець супакой.
Мне вельмі прыкра, што моўнае адзенне аповесці такое благое. Пасля года працы над авалоданнем мовы гэта добра разумею. Упэўнены, такія памылкі, якія дапускаю, выглядаюць дзікімі і камічнымі. Пазбаўлюся іх у наступных раманах… Мне шмат перашкаджае знаёмства з расейскай мовай і тое, што дагэтуль не сутыкаўся з людзьмі, якія правільна размаўляюць па-польску, паколькі я больш дзесяці гадоў знаходжуся ў асяроддзі людзей, якія прыслугоўваюцца дзівоснымі дыялектамі, або ўжываюць гратэскавую трасянку з некалькіх моў. Дагэтуль адзіным маім правадніком і настаўнікам былі „Wiadomości Literackie“, якія я, па маёй просьбе, атрымліваю ад пана рэдактара, з сакавіка 1935 г. задарма. З іх чэрпаю веды, вучуся мове і нават баюся падзякаваць любімай газеце за тое, што недзе там за бартом жыцця ёсць чалавек, які сам, нічога не даючы, карыстаецца працай, талентам і арганізацыяй шматлікіх людзей, што стаяць ля варштата культуры. Яны былі маёй радасцю, маім святлом, і з іх я найбольш скарыстаў… Мару пра тое, каб у будучым падзякаваць ім.
…Пісаць сур'ёзна я пачаў з сакавіка 1934 г., аднак усе дачасныя спробы лічу толькі ўступам да грунтоўнай літаратурнай працы… Нядаўна меў магчымасць прачытаць выдатную прадмову Яна Парандоўскага да „Школы сэрца“ Густава Флабэра. Зрабіла на мяне агромістае ўражанне. Памятаю з яе цэлыя абзацы. Гэта будзе для мяне… школай працы. Што праўда, не патраплю пісаць павольна, бо тэма заўсёды спальвае мяне, але гэта будуць тыя лейцы, якімі як-небудзь затрымаю непатрэбны і шкодны разгон.
…Закранаю шматлікія пытанні, бо гэты ліст асаблівы (наступны тэкст выкрэслены цэнзурай). Другі раз не буду магчы так шырока пісаць. Таму адразу прашу прабачэння, калі далейшая карэспандэнцыя будзе лаканічная і сухая…»
I зноў апусцілася заслона, і зноў мы нічога не ведалі. Але ўжо быў след да спраў Віленскага Акруговага суда. Перагледзеў тыя акты і, што вычытаў у іх, падаю.
Гэтыя судовыя справы агромністыя, таўшчэзныя. Беспамылковай сцежкай, з непахіснай мудрасцю вядуць яны да страты.
Пакуль даведаюся, вывальваецца да мяне малая ружовая «фішка» з інфармацыяй: «Сяргей Пясецкі, праваслаўны, паляк, шляхціч, падхарунжы, выведчык II Аддзела, какаініст, асаблівыя прыкметы: зарубцаваныя агнястрэльныя раны на левым плячы і назе».
I толькі з актаў паўстае яго пакручастае жыццё.
Народжаны ў 1901 як сын паштовага чыноўніка. Закончыў сямікласную гімназію ў Пакрове. Маладзенькім хлапчынай бярэ ўдзел у паўстанцкай антыбальшавіцкай арганізацыі «Зялёны Дуб», кантактуе з польскімі войскамі пры захопе Менску, і падчас гэтай акцыі быў упершыню паранены. Накіроўваецца ў школу падхарунжых у Варшаве, адкуль выходзіць са званнем падхарунжага і ў гэтым званні служыць у дабраахвотных беларускіх фармаваннях у кампаніі 1921 г. Пасля вайны ягонымі паслугамі карыстаецца Другі Аддзел.
Прагал у справе. I далей, што 21 месяц сядзіць у Наваградскай турме, дзе за абрабаванне і знішчэнне перамытніцкай групы знаходзіцца пад следствам, але 26 жніўня 1925 г. выпушчаны без прысуду; аднак ужо ў кастрычніку зноў паранены на савецкай тэрыторыі. За той кароткі тэрмін трыццаць разоў пераходзіць граніцу.
Нейкія там за той граніцай адбываюцца пагромы, забойствы; ірванне кантрактаў. 18 сьнежня 1926 г. Пясецкага адхіляюць ад службы. Дзе пойдзе, калі ягоная прафесія — гульня з небяспекай? Хоча выехаць у Іншаземны Легіён, але, як афіцэр запасу, не атрымлівае дазволу. Прапаноўвае свае паслугі французскай выведцы, ведае Расею, але яго не прымаюць. Што зробіць? Грошай не мае, бо ніколі не цаніў іх. Залатыя перамытніцкія часы прайшлі; граніца ўмацавалася і нічога на ёй нельга зарабіць.
Знаходзіцца ў галечы. Церпіць голад. Пяшком ідзе да брата ў Гародню. Але высвятляецца, што і брат таксама знаходзіцца ў нястачы. Пясецкі валачэцца назад у Вільню. Дарэшты разваліўся абутак. Крочыць босы. З лепшых часоў застаўся толькі адзін надзейны сябар — наган. Зброю любіць, у ягонай аповесці частыя згадкі пра зброю.
Пачуваецца бяздомным зверам. Прымае ўвесь дарэшты какаін — палову грама. У актах знаходзіцца выснова спецыяліста пра тое, што звычайна какаіністы ўжываюць пяць сотых грама, а на працягу дня — пятнаццаць сотых, што адзін грам з’яўляецца сьмяротнай дозай.
Незвычайна ўзбуджаны. Калі на шашы з’яўляецца фура з жыдамі, якія едуць на кірмаш, выцягвае наган: «Рукі ўгору!» Атрымалася. Забірае 1054 зл. Шчодра дае фурману на піва і скіроўваецца да Наваградка. Там яшчэ за тую справу (напад на перамытнікаў), сядзіць верны кампаньён Невяровіч, капрал у валанцёрскім атрадзе Дамброўскага, двойчы паранены, потым сяржант міліцыі на нейтральнай паласе, што, як і Пясецкі, ведае і савецкія турмы.
У Наваградку Пясецкі, купляе адзенне і абутак для Невяровіча, ідзе ў астрог. Хоча зрабіць заставу за Невяровіча, але пераконваецца, што яго ўжо вызвалілі. Пакідае толькі сорак злотых на турэмную бібліятэку.
Невяровіча знаходзяць у Вільні. Што будуць рабіць у Польшчы? Мусяць крочыць сцежкай, якая ёсць іх прафесіяй. Навучыце рысь харчавацца раслінамі. Нехта даверліва адкрыў Пясецкаму месцазнаходжанне дрывотні ў Маскве, дзе закапаў дыяменты. За іх зварот паабяцаў палову, гэта было б 6000 даляраў. На справу мяркуе ісці разам з Невяровічам, а тым часам, каб было таней, перабіраюцца з гатэля да каханкі Невяровіча ў Новую Вілейку. З той таннасці зрабілася тое, што спусцілі ўвесь капітал, паспеўшы толькі купіць Невяровічу рэвальвер. Апошні раз трэба выпрабаваць шчасце. Затрымліваюць конку, якая рухалася вузкакалейкай з Васілішак. Польскаму чыноўніку дазваляюць апусціць рукі і не абшукваюць. Таксама як і нейкую польку. Калі супраць гэтага пратэстуе пасажырка жыдоўка, Пясецкі кажа ёй зняць яшчэ завушніцы, а калі тая супраціўляецца, б’е яе рукаяткай па галаве. Здабыча надзвычай марная — 160 злотых.
Далейшы працяг надзвычай шаблонны. Здраджвае каханка Невяровіча. Паліцыя і кайданы. Палявы суд.
У актах прысуд віднеецца здалёк. Аднак перш, чым вынесуць прысуд, прыляцелі два задыханыя ганцы. Адзін высланы смерцю з пажаданнем карнага аддзялення суда. I высланы жыццём — пасведчанне Другога Аддзела ад 9.01.26 г.: «…праца Пясецкага была вельмі выніковая… Данясенні маюць вялікую вартасць… выказаў вялікую адданасць польскай справе… вызначаўся бравуровай адвагай. У выведцы служыў старанна. Даручаныя заданні выконваў не ашчаджаючы жыцця і здароўя».
Намарна!..
«Прымаючы пад увагу і г.д. суд аднагалосна прызнаў слушным і справядлівым пакараць абодвух стратай — расстрэлам паводле арт. 25, 28, 30, 31, 34, і паводле судовага заканадаўства з маёмасці падсудных Пясецкага і Невяровіча ўзяць па шэсцьсот злотых, а таксама аднолькава прысудзіць ім аплату судовага справаводства».
Яшчэ адзін акт — паведамленне пра памілаванне з заменай на пятнаццаць гадоў. А потым ціша.
I пасля, пачынаючы з 1930 г., нібы стук з труны прашэнне пра памілаванне.
Першае прашэнне пра скарачэнне тэрміна пакарання напісана ў Равічах у студзені 1930 г. на імя Прэзідэнта.
«…да бацькі, — піша вязень, — падацца не мог, бо той жыў у Менску-Літоўскім, у Іншаземны Легіён я трапіць не мог як афіцэр запаса. Шэсць месяцаў марных намаганняў і прыніжэнняў… усе акалічнасці склаліся на тое, каб мяне схіліць на злачынства, і ў той жа час не было ніводнай, каб утрымаць мяне ад яго… У Расеі, круцячыся ў сферах чыноўнікаў і афіцэраў Чырвонай арміі, я навучыўся шырока распаўсюджанаму там ужыванню какаіну: не быў дарэшты сапсаваны чалавекам, але нешчаслівы… Я не заслужыў сабе нічога за сваю працу, нават адпачынку… пасля больш чым некалькігадовага туляння ў войску, акопах, шпіталях…»
Суд на таемным пасяджэнні 18.11.30 г. «не знайшоў падстаў».
I зноў прашэнне ад 16.08.32 г. пра памілаванне, дасланае з турмы ўзмоцненага рэжыму ў Каранове.
Суд на таемным пасяджэнні ад 3.11.32 г. «не бачыць падстаў».
Цяпер яго асаджваюць на Св. Крыж, і з’яўляецца звычайны госць — сухоты.
На падставе заключэння турэмнага лекара з далучаным пасведчаннем стрыечнага брата сталяра з Наваградка, што той дае яму памяшканне і бярэ на ўтрыманне, звяртаецца да суда 2 снежня 1933 г. I зноў намарна.
13 красавіка зноў прашэнне — без выніку.
Нарэшце — апошняе — прашэнне ад 24 красавіка 1936 г. Спасылаючыся на стрыечных братоў Кулакоўскіх з Наваградка, роднага брата Анатоля з Гародні, на пасведчанне II Аддзела, на лекарскае заключэнне, на пасведчанне ад турэмнага кіраўніцтва пра добрыя паводзіны, на адбыццё дзесяці гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму…
На таемным пасяджэнні Віленскі Акружны суд ад 28 траўня 1936 г. вырашае, «што ні ў акалічнасцях справы, ні ў прашэннях просьбіта суд не бачыць ніякіх падстаў прызнаць Сяргея Пясецкага вартым памілавання».
Дзякуючы прыхільнасці міністра Грабоўскага, я атрымаў магчымасць наведаць Пясецкага на Святым Крыжы.
Некалі, перад вайной, я вандраваў з Сандаміра ў Апатаў, Клімантаў, Слупы праз свентакшыжскія горы на Кельцы. Збіў ногі. Угіналіся пад плецакамі. Пнуліся ўгару, хіба аднолькава марудна, быццам той святы, забыўся як яго звалі, які штогоду, падобна, уздымаецца на паўметра. У нашых галовах шумеў пачатак «Папёлаў», навакол нас шумела яловая пушча. Набожна ўглядаліся на камяністыя вяршыні Лысіцы, на якія нібыта зляталіся на шабаш д’яблы. Існавалі мы Польшчай беднай і знішчанай, вольнай ад думак пра нормы харчавання для вязняў, вольнай ад пасяджэнняў таемных судоў; галоднай у буднія дні і шчодрай па святах, скрываўленай але бесклапотнай.
Я начаваў у гатэлі «Польскім», у пакоі, прызначаным для гасцей, якія прыязджаюць у адведкі да вязняў. Раніцай з’явіўся шафёр у зялёнай форме. Захутаны ў футра, я зноў ехаў дарогай, перамеранай калісьці залатанымі, збітымі пятамі.
Каля высокай гатычнай брамы стаяў вартаўнік з рэвальверам у руцэ. Над стромкім мурам, што апаясваў астрог, навісала шэсць вежаў, у якіх нясуць варту ўзброеныя стражнікі.
Мяне прымаў начальнік турмы, у мінулым кіраўнік расейскага астрога ў Радаме, у прысутнасці аўтэнтычнага прыручанага ваўка. Калі я выконваў фармальнасці, ваўканяр глядзеў на мяне крывавым зрокам.
Я атрымаў дазвол на сустрэчу з вязнем Пясецкім. Земляністы, знясілены твар. Хто ж вызначыць узрост гэтай маскі? Бліскучыя, глыбока запалыя вочы. Гэта той чалавек, які штогод стукаецца ў свет з прадоння труны?..
Гаворыць толькі пра пісаніну. He скардзіцца. Пытаецца, усцяж пытаецца, як трэба пісаць. Паведамляю яму, што аванс з ганарара пакідаю ў начальніка астрога. Гэта яго зусім не цікавіць. Пытаецца, ліхаманкава пытаецца, як жа пішацца. Кажа, над чым працуе, што распачаў трылогію з жыцця злачыннага свету.
Я купіў яму вечнае пяро і бутлік атраманту, а таксама пачак паперы. Але паперу не прымае: правілы не дазваляюць трымаць паасобную паперу — павінна быць збрашураванай. Абяцаю выслаць агульныя сшыткі. Напаўняю асадку. З захапленнем глядзіць, як запаўняецца празрысты балончык.
Набожна бярэ ў руку пяро і спрабуе пісаць. За вокнамі, узятымі ў пляцёнку тоўстых крат, вялікімі мяккімі аплаткамі павольна ападае снег. I з гэтага простага акту перадачы прылады працы творыцца нейкі абрад. Пазіруе? He — гэта хутчэй нейкія два адрозныя між сабой сусветы хочуць паразумецца між сабой.
Пытаю яго пра колішніх сяброў. Гэтым летам паеду туды; буду з імі размаўляць. Але што можа распавесці пра іх пасля адзінаццаці гадоў? Дае адрасы, якія некалі былі актуальнымі, называе прозвішчы людзей, якіх, напэўна, шмат разоў парасцярушваў, параскідаў вецер.
Развітваемся.
А потым я іду аглядаць астрог. На скрыжаванні кожнага калідора ахоўнік працягла крычыць: «У-ва-а-а-га-а!..» і глухі гул, якім поўніцца гмах, замірае. Што азначае гэты гул?
У камерах, адасобленых пляцёнкамі крат ад калідораў, падлогі якіх адпаліраваныя да бляску (вязні паліруюць іх бутэлькамі), стаяць па стойцы «Зважай!» дзве шарэнгі вязняў у арыштанцкай вопратцы. Тыя твары — гэта твары вупыраў. Толькі адзін Саберай — забойца дырэктара мясной біржы — не страціў яшчэ выгляду. Да агульнай матавасці гэтай земляністай скуры яшчэ не дацягнулі і ўкраінцы са змовы на св[ятой] п[амяці] Пярацкага.
У камерах, малых камерах, велічынёй з палавіну пакойчыка, сядзіць больш дзесятка вязняў. Іх сяннікі паднятыя высака пад столь. Уначы не застаецца і пядзі зямлі. У камеры па нейкія тры зэдлікі на дзесятак людзей. Рэшта…
«Адпачывай…» Глухі гул зноў нараджаецца ў астрозе. Гэта арыштанцкі тлум у семсот з нечым пачынае хадзіць па камерах, стукаючы драўлянымі падэшвамі ступакоў.
Ходзіць… Але як?
Камеры гэткія цесныя, што хадзіць немагчыма. Таму вынайшлі тэхніку: становяцца ў дзве шарэнгі і крочаць па камеры, паварочваючыся па камандзе. Так, ходзячы, размаўляюць, або… думаюць. Ніхто не можа збіцца з кроку, ні адступіцца на палову рытма, бо ўсё змяшалася б.
Зараз праходзім шэраг закратаваных камер, і ў кожнай бачым больш дзесятка забойцаў, бандытаў, кровазмяшальнікаў, шпіёнаў, альфонсаў, атрутнікаў, наёмнікаў (на Святы Крыж рэдка трапляе вязень, які атрымаў менш дзесяці гадоў, а колькі ж тут пажыццёва асуджаных, што засталіся ў спадчыну яшчэ ад немцаў). У рытме, адбіваным драўлянымі ступакамі, яны ходзяць, кідаючыся ад сцяны да сцяны. Страшныя твары нарастаюць, сунуцца да дзвярэй, каб праз хвіліну перад намі былі шарэнгі стрыжаных патыліц. Як дзікі драпежнік, кідаецца астрог ад кратаў да вакна, ад вакна да кратаў на дзвярах.
У нейкай з тых камер піша свае раманы Пясецкі.
У Варшаве атрымаў ад яго ліст. Паведамляе, што перасылае мне раман «Пяты этап» і раман пад назвай «Жыццё раззброенага чалавека».
«Я вельмі хацеў, каб у будучым спадар ганарыўся б мною, — піша Пясецкі, — і я пастараюся гэтага дасягнуць. Дзякуй, вялікі дзякуй за вечнае пяро. Як дзіця цешуся ім. Сапраўды… Вечарам думаю, як падымуся дык буду ім пісаць… і вельмі недаверліва гляджу на кожнага, хто на яго пазірае. Радуе мяне больш, чым некалі зброя… Вялізная палёгка для працы. Нарэшце я магу карыстацца тым, што ўяўляе сабой часціну культуры. He маючы чым падзякаваць спадару, пасылаю прывітанне ад Вялікай Мядзведзіцы. Пагодлівымі вечарамі бачу яе з маёй камеры… Якія прыгожыя, якія прыгожыя, якія цудоўныя, якія прамяністыя мае вочы!..»