He хадзі ж ты, мілы,
He хадзі начамі
Па краю магілы
З смерцю за плячамі!
Зіма. Мароз. Заходзіць сонца. На небе рассцілаюцца шматкаляровыя ўзорыстыя дываны. Яны змяняюцца кожную хвіліну. Сонца не шкадуе фарбаў. Яны багатыя, шчодрыя і адмысловыя.
Стаю без шапкі на вузкай, разбітай санкамі дарозе. Робіцца холадна. Заснежаным падворкам бягу да будынкаў, а потым уваходжу ў вялікую цёплую хату.
Набліжаецца сярэдзіна снежня. Ужо чацвёрты тыдзень жыву на хутары Даўрыльчукоў, што ў трох кіламетрах ад граніцы, паміж Душкавам і Волмай. Да Ракава адсюль 11 кіламетраў. Схаваў мяне тут Лорд. Даўрыльчукі — ягоныя далёкія сваякі.
Хутар ляжыць збоку ад людзей. Да бліжэйшай вёскі два кіламетры. Іншых хутароў паблізу няма. Мяліна надзейная. Магу жыць тут шмат гадоў, і ніхто не знойдзе.
Непадалёку ад хутара ёсць вялікі лес. Адным канцом ён падыходзіць да будынкаў, а другім — бяжыць у далечыню, да граніцы, і цягнецца далёка на ўсход.
Даўрыльчукі — гэта збяднелая да ўзроўню сялян шляхта. У іх 25 дзесяцін зямлі і крыху лесу. Жывуць заможна. Грошы не заціскаюць, а дбаюць пра добры харч і адзенне. З навакольнымі сялянамі кантактаў не трымаюць. Жывуць адасоблена. Сям’я надзіва згодная. З-за драбязы не сварацца. Яны спакойныя і вясёлыя. Праца ў іх спорыцца. У хаце дастатак.
Галаве сям’і — Мацею Даўрыльчуку — 60 гадоў, аднак выглядае на 50. Ён здаровы і дужы, у працы не саступае сынам. Змоладу шмат ездзіў па свеце, таму досыць інтэлігентны, хоць ледзьве ўмее распісацца. У яго магутныя плечы і рукі: ходзіць злёгку нахіліўшыся ўперад. Вочы заўжды весела ззяюць, а на вуснах замёрла лёгкая ўсмешка. Ён любіць шмат распавядаць: кажа трапна і вобразна, праўда, хаатычна. Адчуваю, што пры гэтым яму замінае лішак слоў і думак.
Жонцы Мацея — Ганне — 55 гадоў. Трымаецца проста. Вельмі працавітая. Ніколі не бачыў яе без работы. Гаворыць мала і неахвотна.
У Даўрыльчукоў трое сыноў і чатыры дачкі. Сыны, як дубочкі, а дзяўчаткі, як маладыя ядроныя ліпкі. Усе яны здаровыя, вясёлыя, дужыя, працавітыя. He ведаюць, што такое нервавацца. Заўсёды ўраўнаважаныя, спакойныя. Працуюць шмат і ахвотна. Словы бацькоў для іх святыя, і не трэба звяртацца да прымусу, просьбаў, заахвочванняў ці абяцанак.
Сям’я набожная і трымаецца асвечаных традыцыямі звычаяў. He раз за ядой я ўглядаўся ў «годна» пасеўшых вакол стала сямейнікаў: усе сыны і дочкі падобныя між сабой. Іх мала розняць гады, пол і ўзрост. Маюць здаровыя, свежыя твары; густыя цёмныя валасы, заплеценыя ў дзяўчат у тоўстыя косы; вочы светла-карычневыя, з ззяючым сіняватым адлівам бялкоў. Толькі тварыкі дзяўчат пазбаўлены тых рысаў напорыстасці, якія назіраю ў хлопцаў. Калі сяджу за сталом і гляджу на Даўрыльчукоў, на памяць прыходзіць расейская народная забава: «Ванька-встанька». Гэта чародка вытачаных з дрэва фігурак, велічынёй ад 10 да 2 см. Тыя фігуркі пафарбаваны аднолькавымі колерамі і, за выключэннем памераў, нічым не розняцца. Звычайна іх сем. З круглымі тварамі, галовамі і тулавамі — ног няма. Пахіленая набок кожная з фігурак адразу падымаецца, бо ўнізе закладзена волава. Адсюль назва: «Ванька-встанька».
Старэйшаму сыну, Базылю, 30 гадоў, сярэдні — Ігнат, на два гады маладзейшы, а Сымону — 25 гадоў. Базыль выглядае няўклюдным мядзведзем — вонкава цяжкаваты і марудны, аднак за гэтым хаваецца вялікі спрыт і магутныя фізічныя здольнасці. Ігнась — больш зграбны, аднак таксама атлетычна збудаваны. З усіх братоў Сымон самы шчуплейшы, больш «далікатны». Магчыма, менавіта таму з’яўляецца пестунком маці.
Сясцёр чацвёра — Кася, Алена, Магдзя і Насця. Узрост ад 18 да 24 гадоў. Усе падобныя адна на другую і аднолькава апранутыя. Часамі мне цяжка іх адрозніць: усе налітыя, рослыя, круглатварыя, вочы карыя, валасы цёмныя.
Калі Лорд вёў мяне да Даўрыльчукоў, сказаў, што тыя таксама займаюцца перамытніцтвам. На савецкім баку ў прыграніччы маюць сваякоў і зрэдку носяць туды тавар. Аднак за ўвесь час майго побыту ў Даўрыльчукоў яны не хадзілі за граніцу ані разу. Запытаўся пра гэта ў Сымона, з якім мне лягчэй, чым з астатнімі, было размаўляць. Адказаў, што зараз не пара. Я троху сумую без працы, але цярпліва чакаю яе… Калі мы разам з Лордам прыйшлі на хутар, сябра прывітаўся з усімі, а пасля — ужо па абедзе — звярнуўся да Мацея, кажучы, што ёсць да яго важная справа.
— Ну, дзеці, — прамовіў Мацей, — схадзіце паглядзіце, ці ўсё ў нас у парадку!
Сыны і дочкі неўзабаве выйшлі з хаты.
— Вось, дзядуля, — сказаў Лорд, — хачу вас папрасіць, каб вы прынялі на зіму гэтага хлапца. Ён мой друг. У мястэчку жыць не можа, бо паліцыя хоча ўзяць яго на кручок… за кантрабанду… У вас яму было б найбольш надзейна.
— Хай сабе застаецца. Толькі ў нас няма выгод. Жывём па-сялянску.
— Ён да ўсяго «прызвычаены». Што вы ясцё, тое і ён з’есць. А як хлопцы пойдуць з таварам у дарогу, то спатрэбіцца вам. Добра ведае гэтую справу… стары кантрабандыст…
— Хай застаецца. Месца хопіць, хлеба таксама, а паліцыя да мяне не ездзіць. Суседзяў таксама няма… не данясуць…
Тады я ўмяшаўся ў іх размову:
— За ўтрыманне я магу заплаціць. Грошай у мяне дастаткова.
Адразу ўбачыў, што павёў сябе нетактоўна. Паглядзеўшы мне ў вочы, Мацей злёгку ўсміхнуўся і вымавіў:
— На грошы я не ласы. Меў і магу мець пад дастаткам, але не ганяюся за імі. Ты, хлопча, прыхавай для сябе. Спатрэбяцца, яшчэ малады!
— Даруйце. He хацеў вас пакрыўдзіць.
— Нічога. Мяне не абразіш, я да гэтага не прыткі. Для добрага чалавека ўсё і задарма зраблю, а дрэннага, хай ён з золата будзе, у вочы бачыць не хачу!
Увечары, развітаўшыся, Лорд разам з Базылём вырушыў у мястэчка. Паабяцаў прыходзіць час ад часу, або прысылаць Шчура. Пайшоў правесці іх. He заўважылі, як дайшлі да Душкава. Там развіталіся, і я, папрасіўшы Лорда часцей прыходзіць, пабег па дарозе да хутара.
Назаўтра Базыль вярнуўся. Прынёс мне вялікі пакунак і ліст ад Лорда.
Адклаўшы набок пасылку, пачаў чытаць ліст:
Прывітанне, Вар’ят!
Ведаю, што табе сумна ў Даўрыльчукоў, але ты пацярпі. Да вясны, можа, штосьці прыдумаем. У мястэчка ты не прыходзь, бо цябе зноў апыляць. Трымайся Даўрыльчукоў — там мяліна надзейная, мураваная. А калі будзе штосьці патрэбна, прышлі Базыля.
Альфрэд распытвае пра цябе ў паўстанцаў, але ніхто не ведае, дзе ты. Учора ў Гінты Анёл аддубасіў яму скуру — Альфрэд адбіў у яго Зоську Колбаўшчанку. Цяпер Анёл, нібы д’ябал, зацяўся на таго. Кажа, што выверне яго подшыўкай наверх. Бэльку Альфрэд ужо пусціў кантам. Цяпер з яе смяюцца: называюць салдаткай.
Табе там сумна, але і нам не весела. У дарогу не ходзім. Хлапцы робяць гранды: штодня б’юцца. Размаўляў са Шчурам. Ён сказаў, што прыйдзе да цябе пасля нядзелі.
Я купіў тут усялякай дробязі. Хусткі аддай кабетам, а рэшту — як хочаш.
Пятрок Філосаф пытаўся пра цябе. Сказаў яму, што ты здаровы і жывеш у добрым месцы. З Юлікам Вар’ятам дрэнна. У яго сухоты. Да вясны, напэўна, не дацягне. Каўкне. Шкада хлапца.
А больш нічога новага няма. Калі нешта будзе, дык напішу табе.
Ну, заставайся.
У пакунку было пяць вялікіх ваўняных жаночых хустак, дзевяць пляшак спірытусу, некалькі кілаграмаў цукерак, ангельская люлька, шмат тытуню і папяросаў.
Адну хустку я аддаў гаспадыні, астатнія — дзяўчатам. Яны спачатку не хацелі браць тыя прэзенты. Малодшая, Насця, вымавіла:
— Як татка захоча!
Тады Мацей кажа:
— Ты што, хочаш, каб я ў бабскай хустцы хадзіў?
Усе рассмяяліся, і дзяўчаты прынялі падарункі. Мацею на памяць я даў люльку. Агледзіўшы яе, ён прамовіў:
— Старая люлька, як старая жонка: верная і надзейная, але і маладая часам спатрэбіцца! — і міргануў вокам сынам.
Зноў смех.
Вечарам за сталом выпілі дзве бутэлькі разведзенага вадой спірытусу. Усё адбылося спакойна, без галасу. Я частаваў мужчын гарэлкай, а дзяўчат, паколькі ад гарэлкі наадрэз адмовіліся, цукеркамі.
Так я пачаў жыццё ў Даўрыльчукоў…
Праз тыдзень, у нядзелю, мяне адведаў Шчур. He чакаў яго. Увайшоў у хату, калі мы абедалі. З сабой меў ладны пакунак. Паклаў яго на лаву каля сцяны, потым скінуў шапку з галавы і пачаў казаць, паціраючы далоні:
— А я так спяшаўся, так спяшаўся! Думаю сабе: паспею на абед ці не?.. Я до лыхы і до міхы едыны! У мяне ж так: да работы — кажух апранаю, а есці — кашулю скідаю!
На тварах прысутных бачу ўсмешкі: што за такі весяльчак? А Шчур вітаецца са мной і з прысутнымі, пачынаючы ад гаспадара. Усе зразумелі, што гэта мой сябра. Гаспадар запрашае за стол. Шчур сядае ля мяне і кажа далей:
— Я такі, як мала хто, на яду слых маю: што ні дай — усё зайграю! Струблю як гляну: капусту дык капусту — абы тлусту! Гарох — наемся так, што — ох! ох!
Усе ўсміхаюцца. Мацей кажа дачцэ:
— Насця, прынясі госцю міску і лыжку!
Шчур звяртаецца да Насці, якая выходзіць з-за стала:
— Панна Насця! Але прыкіньце, каб місачка і лыжачка былі як трэба! У мяне, гаспадар, так: заўсёды цягне з’есці што-небудзь добрае і… шмат! А вашу капусту я ўжо ў Душкаве знюхаў. Бег так, што боты амаль не згубіў.
Пры ядзе ў Даўрыльчукоў звычайна пануе цішыня. Зараз жа з’явіўся нязвыклы рух, які выклікаў толькі сам Шчур. Еў і гаварыў, еў і гаварыў. Нахіляўся то ўправа, то ўлева, блішчэў вачыма і жартаваў. Усіх зачапіў… Бачу вясёлыя твары. Разлягаюцца ўсё мацнейшыя выбухі смеху. Я прыглядаюся да Шчура і не пазнаю яго. Звычайна размаўляе мала. З сябрамі ўедлівы, задзірысты. Са мной прыстойны, зычлівы, але скупы на жарты. А тут кіпіць удаваным рухам і жыццём. Хоча развесяліць нас, і гэта яму ўдаецца напоўніцу.
У пакоі была балалайка, на якой хлопцы і дзяўчаты час ад часу штосьці сабе падыгрывалі. Вечарам, калі ўся сям’я сабралася ў камплекце, бо найважнейшыя справы па гаспадарцы былі скончаны, Шчур, настроіў балалайку і пачаў іграць. Іграў добра, і ўсе са здзіўленнем слухалі яго. He думалі, каб на гэтай брэнкале можна было так прыгожа іграць. А Шчур сёк кавалак за кавалкам. Тое, што не мог выціснуць з інструмента, дарабляў мімікай, рухамі рук і цела. Пачаў, акампануючы сабе на балалайцы, спяваць па-беларуску:
Дзяўчыненька, сэрца мое,
Як прыемна ліца твое!
He так ліца, як ты сама,
I ў паперах упісана.
Шчур, зіркаючы салодкімі вачыма на дзяўчат, спяваў далей:
Як я сяджу каля цебе,
Дык жа ж мыслю, што я ў небе!
Як я цебе пацалую,
Тры дні ў губе цукар чую!
Дзяўчаты пырскаюць смехам, штурхаюцца лакцямі, Шчур з пачуццём спявае далей. Спявае песню за песняй, іграе полькі, вальсы, маршы і нейкія ўласныя імправізацыі. He думаў, што з яго такі артыст. Цэлы дзень забаўляў нас усіх, а вечарам, пасля яды, пачаў збірацца ў дарогу.
Мацей запрашаў Шчура, каб прыходзіў, калі будзе мець вольны час. Я пайшоў праводзіць яго. Па дарозе расказваў мне местачковыя навіны. Непадалёку ад лесу затрымаўся. З паўгадзіны яшчэ размаўлялі і курылі папяросы. У нейкі момант Шчур міргануў мне вокам:
— А паненкі там у цябе клёвыя! Дзеўкі як печы!
— Так, так…
— Ты падваліся да якой. Будзе табе весялей.
— Неяк не да таго…
— Дык зрабі, каб было таго… Дзяўчаты аж пішчаць. Гараць. Ногі заціскаюць, а ты глядзіш. Падумаюць, што калека!
Хутка развіталіся, і Шчур спяшаючыся пайшоў па дарозе, што вяла на тракт, а я вярнуўся на хутар. Застаў усіх за сталом. Доўга яшчэ размаўлялі і смяяліся, прыгадваючы жарты і апавяданні Шчура.
Адзін з братоў узяў у рукі балалайку і пачаў іграць на ёй. Аднак у яго руках інструмент зноў стаў паспалітым брынкалам.
Словы Шчура пра дзяўчат абудзілі ў мяне да іх цікавасць. Пачаў уважлівей і інакш, чым раней, сачыць за імі. Штораз больш падабаюцца мне. Маюць ладныя, карыя вочы, бялкі якіх аддаюць сінявой, зацяняюць іх густыя доўгія павейкі. Вусны малыя, выразныя, шчокі ружовыя, зубы выдатныя, і павінны быць цудоўна збудаваныя. З усё большай зацікаўленасцю аглядаю дзяўчат. Яны адчуваюць гэта. Заўважыў у іх пэўнае какецтва: хочуць мне спадабацца. Але як яны падобныя! Нават розніца ва ўзросце сціраецца.
У той вечар мы пайшлі спаць досыць позна.
Мне прысніліся «Ваньки-встаньки». Яны мелі карыя вочы з сіняватым адлівам бялкоў. Смешна нахіляліся і рухалі вуснамі.
Незадоўга перад Калядамі браты Даўрыльчукі пачалі рыхтавацца ў дарогу за граніцу. Мацей і Базыль прывезлі шмат тавару з мястэчка. Гэтага хопіць больш чым на дзесяць ношак. Тавар танны: мужчынскія і жаночыя свэтры, шалі, панчохі, хром, скура на падэшвы. Аднак на тым тавары добра зараблялі, бо на яго вялікі попыт у Саветах.
Мы пасартавалі тавар і прырыхтавалі пяць ношак. У дарогу пойдуць тры браты, я і Кася. He хацелі яе браць, аднак яна ўперлася, што абавязкова пойдзе, паколькі ўжо не раз насіла з братамі кантрабанду праз граніцу. Урэшце Мацей дазволіў ёй. Зараз чакаем толькі спрыяльнага надвор’я.
Праз некалькі дзён пасля дастаўкі тавару пачалася лёгкая завея.
— Калі снегавіца не сунімецца да вечара, дык вырушым сёння ў дарогу, — сказаў мне Базыль.
— Напэўна, не перастане! — жвава адказаў яму.
I сапраўды, завея не толькі не сцішылася, а наадварот, памацнела. Калі незадоўга да змяркання я выбег за браму, то апынуўся ў каламутнай хмары са снегу, у якой знікалі прыкметы мясцовасці. А лес, які быў адсюль на адлегласці двухсот крокаў, не мог увогуле разгледзець. Змерзнуўшы, вярнуўся ў хату. Там рыхтавалі для нас вячэру.
У час вячэры панаваў паважны, амаль урачысты настрой. Уся сям’я была ў зборы. На разагрэў і за поспех выпілі па шклянцы гарэлкі. Потым пачалі апранацца ў дарогу. Браты і Кася нацягнулі белыя, хатняга вырабу, тоўстыя суконныя парткі, вырабленыя на белы колер кажухі і белыя шапкі са штучнага каракуля, такія, якія зімовай парой насілі салдаты царскай арміі. Мацей прынёс з «каморы» гэткі самы кажух і шапку для мяне. Апратка была вельмі зручная: лёгкая, цёплая, яна не адрознівалася ад снежнай белі наваколля.
Браты і Кася развітваліся з астатнімі сямейнікамі. Я рабіў тое самае. Паціскаў моцныя далоні Мацея, Ганны і іх дачок.
— Дай Божа шчасця! — казалі мне ўсе.
Непадалёку ад стадолы мы выйшлі ў поле і патанулі ў снежнай замеці. Першым ішоў Базыль, за ім — Сымон, трэцяя Кася, потым я; наш паход замыкаў Ігнась. У дарозе я трымаў правую руку за пазухай, на рукаятцы зараджанага парабелума, які купіў мне Шчур, бо маю ранейшую зброю забрала паліцыя пры арышце ў Калішанак. У левай кішэні я меў пяць запасных магазінаў і ліхтарык.
Доўгі час мы крочылі палямі на адлегласці ў некалькі дзесяткаў крокаў ад лесу. Потым увайшлі ў лес і рушылі далей, ідучы між высокімі пнямі хвояў. З паводзін Базыля — яго асцярожнасці — раблю выснову, што знаходзімся паблізу граніцы. Крочылі ўсё павольней і час ад часу затрымліваліся.
Завея не сціхала. Ледзьве мог прыкмячаць Касю, што ішла ў некалькіх кроках наперадзе. Унізе, перад сабой, бачыў толькі цёмную, рухлівую пляму спадніцы, паколькі белізна кажуха і шапкі дзяўчыны злівалася з белізной снегу… На нагах у нас доўгія белыя валёнкі, якія таксама не вылучаліся з агульнага фону.
Выходзім на ўскраіну лесу. Перад намі мільгаціць снегавы туман… Знаходзімся на беразе пагранічнай паласы. Кася расшпільвае кажух і запіхвае спадніцу ў белыя парткі. Зараз наша група нічым не адрозніваецца на белым фоне. Калі так нерухома стаім, нас цяжка заўважыць нават з вельмі блізкай адлегласці.
Рушылі наперад. Зараз я вымушаны трымацца вельмі блізка да дзяўчыны, што ідзе перада мной. Снегавы вір разразае нейкія зблытаныя і, мне падаецца, рухомыя ніткі. Гэта калючыя драты. «Як мы празь іх пералезем?» — думаю я, ведаючы, што не маем ані мата, ані жэрдак, ані нажніц, каб рэзаць драты. Аднак Базыль упэўнена ідзе наперад, і мы абмінаем доўгую засеку, якая застаецца справа.
Зараз уваходзім у лес па другім баку кантрольнай паласы. Сляды, дзве доўгія глыбокія раллі, пакінутыя намі на снезе, спяшаючыся, замятае працавітая завея. Праз гадзіну тут зноў будзе роўнае месца.
У лесе ціха. Бяз шуму, нібы здані, праходзім паміж вялікімі пнямі дрэў, каля аснежаных кустоў. Прабіваемся скрозь снегавыя замёты, увальваемся ў замаскаваныя снегам яры.
Зноў выходзім на поле. Я ўвогуле не адрозніваю перад сабой мясцовасць. Адхоны і пахілы пагорка адчуваю толькі нагамі… Агортвае санлівасць. Аднастайнасць рухаў закалыхвае мяне да сну. Аўтаматычна сачу за постаццю дзяўчыны, якая ідзе перада мной. На снежнай белі адрозніваю яе толькі таму, што ўтварае суцэльную, рытмічна-рухлівую перад вачыма белую пляму. На фоне гэтай плямы бачу цямнейшы прастакутнік ношкі, які няўхільна плыве ўперад. У думках узнікаюць розныя малюнкі: бачу шматлікія постаці, размаўляю з імі, і, увогуле, не заўважаючы таго, пхнуся наперад.
Адчуваю сябе ў поўнай бяспецы. Ідзём вельмі асцярожна. Амаль зусім не рызыкуючы. Нас ахоўвае мяцеліца, маскіруе белізна апраткі. Праваднік надзейны і дасканала ведае мясцовасць, без вагання вядзе наперад, адрэзак спакойны. На выпадак небяспекі дастаткова адскочыць некалькі крокаў убок, каб назаўсёды ўнікнуць пагоні… У дадатак маю ў далоні рукаятку парабелума — машыны надзейнай, якая не падвядзе.
Апоўначы набліжаемся да нейкага будынка. Спыняемся ў зацішку пад яго сцяной. Гэта вялікая пуня. Недзе злева брэша сабака: пачуў нас, бо вецер дзьме ў той бок. Браты размаўляюць шэптам. Кася здымае з плячэй ношку, выцягвае з нагавіцаў спадніцу і крочыць уздоўж сцяны пуні. Знікае за вуглом будынка. Вяртаецца яна праз пятнаццаць хвілін.
— Казалі ісці ў пуню. У іх спакойна. Дзядзька зараз прыйдзе.
Абыходзім будынак і спыняемся перад самавітай брамай. Прынесеным з хаты ключом Кася адмыкае вялікі замок і памалу адсоўвае завалу. Уваходзім у пуню. Нас ахутвае цішыня, цяпло і змрок. Скідаем з плячэй ношкі. Я залажу высока на сенавал, а браты застаюцца на доле. У сухім, духмяным сене раблю глыбокую нару і забіраюся ў яе. Захінаюся кажухом. Мне цёпла і мякка. Вочы зліпаюцца ад сну. Чую, як нехта ўвайшоў у пуню. Доўга паціху размаўляюць. Потым дзверы зноў замыкаюцца. Браты таксама ўзлазяць да мяне і пачынаюць ўкладвацца спаць. Нораў не робяць. Базыль лёг недалёка ад мяне.
— А дзе Кася? — пытаю яго.
— Пайшла ў хату спаць.
— Гэта хутар?
— He… вёска… дваццаць тры хаты.
— Каб нас не «засыпалі»!
— Што ты кажаш?.. Тут народ надзейны… I ніхто не ведае, што мы сюды прыйшлі.
Супакойваюся гэтымі адказамі і хутка засынаю.
Назаўтра прачнуўся позна. Браты ўжо не спалі і, седзячы на сене, паціху размаўлялі.
Праз гадзіну прыйшоў высокі плячысты селянін у доўгім жоўтым кажуху. Сваім выглядам нагадваў мне Мацея — паважны, разважлівы, павольны, гаварыў засяроджана; часта паўтараў «от, на гэты прыклад, скажу я вам». Завуць яго Андрэй. Расказвае нам мноства розных рэчаў і навін, вельмі цікавых Даўрыльчукам і далёкіх мне.
Хутка прыходзіць Кася. У руках яна трымае шчыльна накрыты «радном» вялікі кош. Павольна ўздымаецца па драбіне, трымаючы кош у руцэ. Падыходжу да краю сенавала і бяру кош з яе рук.
— Дзень добры, Кася! — кажу.
Весела ўсміхаецца і адказвае:
— I вам дзень добры!
Я стаўлю кош паблізу ад братоў на сена і хутка вяртаюся назад. Хачу дапамагчы Касі ўзлезці нагару. Бяру яе за рукі. Дзяўчына скача з драбіны на сена і амаль не валіцца. Лаўлю яе за сярэдзіну і, моцна абняўшы рукой, падымаю. Дзяўчына зачырванелася і вымавіла:
— Ах, якая я… недарэка!
— Гэта я вінаваты. Замінаў Касі.
Дзяўчына бліснула ў мой бок прыгожымі карымі вачыма і ўсміхнулася.
Ядзім сняданне: яечню, смажаныя скваркі, бліны. З кішэні кажуха Базыль вымае 2 пляшкі гарэлкі. П’ём па чарзе — адной шклянкай. У нейкі момант дзядзька Андрэй рухам галавы паказвае на мяне і, кіўнуўшы на Касю рукой, кажа:
— A то, на той прыклад, яе нарачоны?
Дзяўчына чырванее і хавае вочы. Браты смяюцца.
— He, гэта наш госць, — гаворыць Базыль.
Дзядзька Андрэй хвіліну разважае над тым адказам, а потым вымаўляе:
— Госць, госць… Сёння госць, а заўтра, на той прыклад, швагер. Гэ?
Браты смяюцца. Я таксама смяюся, такім чынам хаваючы сваю зацікаўленасць.
— А чаму, на той прыклад, замуж не ідзеш? — зноў звяртаецца да Касі дзядзька Андрэй. — Бач, як разраслася! Згарыш, дзеўка! Кроў цябе спаліць!
Тут улазіць Базыль.
— А нашто ёй ісці да чужых людзей бяду шукаць?.. Хлеба і работы ў хаце ўсім хопіць. He прымушаем яе: як хоча! Сваты не раз прыязджалі, — не прыняла іх…
Пасля дзядзька Андрэй збіраецца адыходзіць. Мусіць адвезці тавар у мястэчка паблізу да купца, які здаўна прымае ад яго кантрабанду. He займаецца гэтым прафесійна, толькі пры выпадку. Кася выходзіць з пуні разам з ім.
Вечарам дзядзька Андрэй і Кася прыходзяць зноў. Дзяўчына прыносіць кош яды, а дзядзька трымае на плячах спорны мяшок. Залазяць на сена.
Доўга вячэраем. Выпілі дзве пляшкі самагону, якія дзядзька захапіў з сабой. Потым браты Даўрыльчукі і дзядзька Андрэй пачынаюць падлічваць кошт прынесенага намі тавару. Гэта цягнецца доўга. Нарэшце канчаюць рахункі. Дзядзька Андрэй вымае з мяшка 85 лісіных скурак і дае іх Базылю. Акрамя таго, яшчэ некалькі дзесяткаў залатых манет. Пры гэтым кажа:
— У нас, на той прыклад, усё па-боску. Мы ж сваякі. I вы заробіце, і мне штось кропне. Неяк будзем жыць. Абы здароўе!
Збіраемся ў дарогу. Лісіныя скуркі браты ўпакоўваюць у дзве ношкі, якія бяруць Базыль і Ігнась. Я пярэчу гэтаму. Кажу, што тавар павінны мы несці ўсе, апрача Касі. Базыль адказвае:
— Тут і двум няма чаго несці!
Пасля выходзім з пуні. Дзядзька на чарзе жагнае нас і гаворыць Касі:
— А ты, дзеўка, не хадзіла б у дарогу, а яшчэ, на той прыклад, у портках. He па-божаму гэта!
— Але зручна! — весела гаворыць Сымон.
Мы вырушылі ў зваротны шлях.
Назаўтра да мяне падышоў Базыль і прамовіў:
— Што хочаш за дарогу: дзве лісіцы ці 25 рублёў?
— Нічога не хачу. Хай застанецца вам… за мас ўтрыманне.
Базыль энергічна запратэставаў, і я мусіў узяць ад яго 25 рублёў.
Да свята паспелі яшчэ раз схадзіць за граніцу, але зараз Кася засталася дома. Магчыма, засаромелася слоў дзядзькі Андрэя! А можа, сёстрам хоча дапамагчы ў працы, якой зараз у гаспадарцы значна павялічылася.
Шчасліва вярнуліся з-за граніцы, і я зноў атрымаў ад Базыля 25 рублёў. Раніцай Мацей, Ганна і Базыль паехалі на апошні, перадсвяточны «кірмаш». Склаў Базылю спіс рэчаў, якія павінен быў купіць для мяне, і ліст Лорду. Калі яны выехалі са двара, пачаў памагаць Сымону і Ігнасю. Яны пілавалі тоўстыя бярвёны дроў, а я іх сёк. Пасля пабег дадому у «чорную палову» хаты і кінуўся дапамагаць Насці, якая ткала на кроснах вялікае ўзорыстае «радно». Больш перашкаджаў ёй, чым дапамагаў, таму атрымаў кулаком у бок і, пакінуўшы Насцю, прыміндаліўся да Касі, якая пякла «аладкі» з мукі і надзёртай бульбы. Нейкі час працавалі ў згодзе. Яна пякла аладкі і скідала з патэльні ў вялікую міску, а я еў іх яшчэ гарачымі. Хутка Кася заўважыла, што ў місцы нічога не прыбывае, і наша ўзаемнасць скончылася. Перад пагрозай вялікай драўлянай лыжкі, з якой Кася налівала на патэльню цеста, змушаны быў адысці ад міскі. Тады падаўся да Магдзі, якая, пабліскваючы мускулістымі плячамі, у клубах пару, мыла ў балейцы бялізну. Скарыстоўваючы тыя аблокі, як дымавую заслону, вырашыў паспрабаваць, ці цвёрдыя ў яе мускулы. Але гэтая спроба скончылася для мяне фатальна. Магдзя трэснула мне па плячах моцна скручанай штукай мокрай бялізны, і я вымушаны быў як мага хутчэй уцякаць, атрымаўшы пераканаўчае пацверджанне моцы яе мускулаў. Нарэшце падваліў да Алены, якая на чыстай палове хаты шаравала пяском і гарачай вадой стол, лаўкі і падлогу. Пару разоў, калі яна анучай сцягвала ваду з падлогі, зрабіў так, што мы нібыта выпадкова сутыкнуліся. Трэцяе такое збліжэнне выклікала неабходнасць хуткіх маіх уцёкаў. Алена замахнулася ўсім кублом вады, і калі б я не адхіснуўся ў бок ад струменя вады, быў бы ўшчэнт абліты. Мусіў вяртацца да Сымона з Ігнасем, якія за гэты час напілавалі ўжо цэлую гару дроў. Таму ўзяў у рукі сякеру і пачаў іх секчы.
Цяпер пачуваю ў Даўрыльчукоў сябе так, нібы быў іх сямейнікам. Пасябраваў з хлапцамі і з дзяўчатамі, якія зараз зусім не саромеюцца мяне. Разам працуем, разам ямо, разам бавім вольны час. Стары Мацей любіць апавядаць мне розныя эпізоды са свайго досыць бурлівага ў маладосці жыцця. Апавядае цікава і вобразна, таму з ахвотай яго слухаю. Ён курыць люльку, я — папяросы, і мы часта праводзім разам шмат гадзін.
На трэці дзень пасля першага вяртання з-за граніцы ўвечары лёг спаць. Для мяне на ноч рассцілаюць вялікі сяннік на дзвюх састаўленых разам лаўках. Пад галаву даюць велізарную падушку, а накрываюся я ватняй коўдрай, верх якой зроблены з каляровых кавалачкаў ад розных матэрыялаў. Дзяўчаты спяць за перагародкай на дзвюх ложках, а хлопцы на вялікіх «палацях» за печкай. Ложак гаспадара і гаспадыні стаіць ля дзвярэй за перагародкай, якая ўтварала нешта накшталт малога пакойчыка на другім канцы хаты.
У той вечар доўга не мог заснуць. Браў з паліцы папяросы і курыў. Думаў пра рознае. З-за печы далятаў моцны храп братоў. Напачатку гэта перашкаджала мне спаць, а потым прызвычаіўся… Так мінула гадзіны са дзве, а я ўсё не мог заснуць. Падняўся з пасцелі і пайшоў у кут пакоя, дзе, на нізкім зэдліку, стаяла ладная дзежка з хлебным квасам. Напіўся і вярнуўся на месца. Мне ўвогуле не хацелася спаць. Зараз найахвотней пайшоў бы куды-небудзь на гулянку ці за граніцу з таварам.
У нейкі момант пачуў за перагародкай дзявочы шэпт. Часта чуў, як яны размаўлялі і шапталіся між сабою, але не так ціха і позна, як зараз. Потым усё сціхла. Праз пару хвілін я пачуў лёгкія крокі босых ног. Глядзеў у бок перагародкі, аднак абсалютна нічога не мог убачыць, бо ваканіцы былі замкнутыя і хата патанала ў поўным змроку. Крокі наблізіліся да маёй пасцелі. Затрымаліся непадалёку ад лавак. Чую шоргат далані па паліцы, якая вісіць нада мной на сцяне. Нечага там шукае. Шукае доўга і не знаходзіць. Тады я думаю: «А можа, гэта толькі зачэпка!» Вельмі ціха кажу: «Хто гэта?» Няма ніякага адказу, а шоргат далані па паліцы не спыняецца. Тады я сядаю на пасцелі і выцягваю рукі ў той бок, дзе адчуваю чыюсьці прысутнасць. Пальцамі датыкаюся да цела дзяўчыны ў грубай льняной кашулі. Робіць рух, нібы хоча ўцячы, але я моцна абдымаю яе за стан і саджу на пасцель. Пачынаю яе цалаваць. Штосьці хачу вымавіць, але яна спяшаючыся кладзе мне на вусны даланю. Тады я моўчкі валю яе на ложак.
Праз гадзіну дзяўчына хоча мяне пакінуць. Спрабую яшчэ затрымаць, але яна рашуча адрывае ад сябе мае рукі і паціху адыходзіць за перагародку… Бязгучна ляжу адзін. Праз некалькі хвілін за перагародкай чую ціхае шаптанне і, як мне падалося, смех.
Нараніцу адчуваю сябе трохі няёмка. Снедаючы, сядзелі, як звычайна: гаспадар з гаспадыняй «на красным покуце», я каля братоў, а сёстры насупраць нас. Як заўсёды, у час яды пануе маўчанне. Усе павольна ядуць. Я штохвілінна зыркаю на дзяўчат. Час ад часу лаўлю на сабе іх погляды — такія, як звычайна. Ніякіх змен не заўважаю ў іх паводзінах. Гляджу на спакойныя твары, на цёмныя галовы з выразнымі праборамі пасярэдзіне і косамі, што спадаюць на плечы, на іх прыгожыя карыя вочы і думаю: якая?.. Днём не бачу ніякіх перамен у іх паводзінах, у адносінах да мяне.
Так прайшоў цэлы дзень. Вечарам, пасля працоўнага дня, зноў ідзём на адпачынак. Гасне лямпа. Хату ахутвае цемра. Сквапна лаўлю вухам кожны шолах, кожны гук… Цішыня… Разлятаецца храп братоў. Углыбі хаты чую кашаль Мацея. Закурыў папяросу. З боку на бок кручуся на пасцелі. Калі ўжо зусім згубіў надзею, што дзяўчына да мяне прыйдзе, і хацеў заснуць, пачуў за перагародкай шэпт, а праз хвіліну адрозніў лёгкія крокі босых ног. Калі пазней дзяўчына ляжала на пасцелі, пачаў пальцамі абмацваць яе чало, шчокі, падбародак, нос, вушы, вусны. Дзяўчына, напэўна, думаючы, што яе ласкаю, не перашкаджала рабіць гэта. Я ж такім чынам стараўся запомніць яе твар. Аднак нічога не атрымлівалася: усе сёстры маюць падобны твар. Хацеў, каб адгукнулася і пазнаць яе па голасе, але ўпарта маўчала і ніводным слоўкам сябе не выдала. А калі пачаў нешта шаптаць ёй на вуха, хуценька закрыла мне рот.
Назаўтра зноў уважліва сачыў за дзяўчатамі, але ніякіх высноў зрабіць не здолеў. Так працягвалася некалькі начэй запар. Адзін раз вечарам паклаў пад падушку ліхтарык. Наважыўся — калі дзяўчына будзе са мной, асвяціць яе. Усунуў руку пад падушку. Але, відавочна, прадбачыла мой намер, бо хуценька выхапіла з маёй рукі ліхтарык і, кленчачы на пасцелі, паклала яго на паліцу. Зараз, калі прыходзіла да мяне вечарамі, перш-наперш правярала, ці не маю пры сабе ліхтарыка. Зрэшты, пакінуў тыя спробы, баяўся, каб не перастала наведваць мяне… Паразважаўшы, вырашыў увогуле не імкнуцца, каб даведацца, хто ж з сёстраў прыходзіць да мяне па начах. Мог бы асвяціць яе ліхтарыкам, калі будзе набліжацца да ложка, або нанесці хімічным алоўкам значок на шыю, які пасля раніцай заўважыў бы, перш чым яна агледзіцца. Але калі яна вельмі хоча заставацца непазнанай, то не буду рабіць спробаў у гэтым кірунку.
Пра яе адведкі павінна ведаць нехта з сёстраў, паколькі, калі вяртаецца ад мяне, досыць часта паціху размаўляюць. Напэўна, думаюць, што я гэтага не чую.
Як і раней, жартую з дзяўчатамі, як і раней, мне перападае за зачэпкі ад усіх без выключэння сёстраў ударамі кулаком або даланёй, і, як раней, далей працягваюцца начныя наведванні маёй таямнічай, маўклівай каханкі.
А ў хаце віруе падрыхтоўка да свята, ад якой нам увогуле не застаецца вольнага часу. Зараз працую нароўні з усімі. Гэта скарачае мне дні і (як кажа Шчур) дае лепшы слых на яду. I кожны дзень з нецярпеннем чакаю вечара і… маёй незвычайнай каханкі. Зараз мне весялей, менш прыгадваю мястэчка і хлопцаў. Толькі часам вельмі кліча да сябе перамытніцкая праца і наведваюць успаміны пра Фэлю; але вобраз яе ўсё больш заціраецца ў маёй памяці. Думаю пра яе не як пра рэальную жанчыну, а як пра ўяўленую ў сне, мроях або недзе вычытаную ў кніжцы прыгожую дзяўчыну, што папраўдзе не існуе… Спачатку шмат думаў пра Сашку і Жывіцу, зараз стараюся як мага далей адагнаць ад сябе згадкі пра іх, бо адчуваю — гэта мне шкодна. Тады мяне цягне некуды ў лясы, на бездарожжа… Туды, дзе свеціць цыганскае сонца, дзе неба іскрыцца зорамі, дзе валадарка — Вялікая Мядзведзіца.
Надышлі Каляды. Свята сустрэлі ўрачыста, згодна даўняй традыцыі. Было і сена пад абрусам, і «куцця» пад абразамі, і 12 посных страў. Усё было смачнае, і ўсё трэба было пакаштаваць, і я так наеўся, што ўвечары ледзьве выбраўся з-за стала. Ноччу дзяўчына не прыйшла, хоць уначы доўга чуўся шэпт за перагародкай. Магчыма, нешта перашкаджала альбо не захацела рабіць гэтага святам.
Раніцай усе, апроч мяне і Сымона, які моцна застудзіўся ў перадсвяточнай лазні і зараз лячыўся на печы, паехалі на набажэнства не ў Валмянскі парафіяльны касцёл, а ў Ракаў. Дахаты вярнуліся ў дзве гадзіны дня. Расказалі шмат навін і перадалі мне віншаванні ад Лорда і Шчура, якія абяцалі наведацца заўтра.
Вечарам накрылі багаты стол. Гарэлкі не шкадавалі, і ўсе добра падпілі… нават дзяўчаты. Седзячы ў радочак на лаве і лускаючы арэхі, яны весела размаўлялі са мной, з братамі і з усімі. Гарэлка падфарбавала ім шчокі, запаліла ў вачах новыя агеньчыкі, выклікала вясёлыя выбухі смеху. Я бяру балалайку і пачынаю іграць. Захмялеў ад выпіўкі і поглядаў, якія паціху кідаюць на мяне зусім іншыя, чым звычайна, дзяўчаты. Потым, калі гасне лямпа, я з нецярплівасцю чакаю прыходу каханкі. Шкада, што сам не магу пайсці да яе. He чакаў бы так доўга! Браты размаўляюць на палацях. Зрэдку да іх адгукаецца з печы хворы Сымон. А дзяўчаты доўга паціху размаўляюць. Чую вясёлы смех і воклічы. Нарэшце ўсе супакоіліся. Браты храпуць. Кашаль Мацея спыняецца. Перастаюць размаўляць дзяўчаты. А яшчэ праз гадзіну чую лёгкі шэпт. Пасля адрозніваю крокі босых ног… Моцна абдымаю і прытуляю да сябе разагрэтае ядранае і зграбнае цела дзяўчыны. У забыцці цалую яе вусны, твар, шыю.
— Якая ты цудоўная! Выдатная! — шапчу ў вуха.
Кладзе мне пальцы на вусны і, здаецца, бязгучна смяецца, а затым з нечаканай сілай і напалам адказвае на мае ласкі.
Назаўтра а 10-й раніцы прыйшлі Лорд і Шчур. Расказалі мне шмат навін і прынеслі два пакункі з мноствам смачных для нас рэчаў. Выклікалі вялікае ажыўленне. Мы значна павесялелі.
Пачаўшы ад старэйшых, Лорд вітаўся з усімі, а Шчур выказваў жартаўлівыя пажаданні. Вітаючыся з дзяўчатамі, ён рабіў выгляд, што цалуе ім ручкі, а на самой справе датыкаўся вуснамі да сваёй далані. Адной ён зычыў вясёлага сну, другой крэпкага храпака, трэцяй — лёгкага сапення, чацвёртай — моцнага чыху.
Дзяўчаты весела ўсміхаюцца, зрэдку дасціпна адказваюць на зачэпкі. Сёння сёстры апрануліся вельмі старанна: у новыя, каляровыя сукенкі, вышываныя станікі, у боцікі на высокіх абцасах, на нагах белыя панчохі. У косы пазапляталі каляровыя істужкі, на шыю навесілі шмат караляў. Ад іх пахне парфумай і памадай. Шчур падыходзіць да Насці, прынюхваецца, чыхае і кажа:
— Вось бы такую жоначку мець… I тытуню не трэба!
Лорд размаўляе з Мацеем і братамі, а пасля далучаецца да нас і пачынае гутаркай, жартамі забаўляць дзяўчат. У нейкі момант Шчур набліжаецца да Касі і, ушчыкнуўшы яе за сцягно, пытаецца:
— А колькі панна Касюхна плаціла за тавар?
Дзяўчына дае яму такога штурхаля, што той адлятае на сярэдзіну хаты.
— Мудра! — адгукаецца Лорд.
А Шчур, зрабіўшы перапалоханы выгляд, вымавіў:
— Калі б уласнымі вачыма не бачыў, што вось гэтая далікатная ручка панны Касі ды так урэзала, то заклаўся б, што гэта конь мяне лягнуў. Ну і ну! Ёсць у паненкі пар у ручках! Цікава, а як жа ў ножках?
— I ў ножках панне Касі не забракне! Хочаш паспытаць? — кажа Лорд.
Адсоўваючыся, Шчур вымаўляе:
— He буду рызыкаваць!
Пасля абеду мы бяром трое санак і накіроўваемся да бліжэйшай горкі. Пачынаем катацца. Стаіць моцны мароз. Снег зіхаціць на сонцы і рыпіць пад нагамі. Санкі хутка нясуцца з гары. Вецер спявае ў нашых вушах. Часам санкі перакульваюцца, і тады мы вывальваемся ў снежныя гурбы.
У дзяўчат адны санкі на ўсіх, і яны па двое ці утрох з’язджаюць з гары. Некалькі разоў спрабуем іх дагнаць, аднак яны ўцякаюць. Раз, калі дзяўчаты, усеўшыся, хацелі з’язджаць, паміж Аленай і Магдай уціснуўся Шчур. Дзяўчаты напхалі яму за каўнер снегу і, перакуліўшы санкі, вымусілі Шчура ратавацца ўцёкамі.
Забава цягнулася да самага вечара. У пэўны момант, калі Кася збіралася з’язджаць, я вырашыў зрабіць тое самае і выхапіў з-пад яе санкі. Кася кінулася адбіраць. Мы пачалі дужацца. Спачатку жартам, а затым усур’ёз. Падахвочваючы нас да барацьбы, усе пасталі вакол.
— Ну, ну, не паддавайся, Кася! — крычыць Лорд.
— Глядзі, Уладзік, каб не спіхнула з гары! — чую голас Шчура.
А мы змагаемся зацята, аднак безвынікова. Кася была мацнейшая і нашмат цяжэйшая за мяне. Аднак я быў больш спрытны, хоць і яна таксама некалькі разоў выкруцілася з маіх рук. Нарэшце абое зваліліся ў гурбу. Усе зарагаталі. Я ўсхапіўся на ногі і кінуўся да санак, за якія мы пачалі барацьбу. Я ўскочыў і панёсся з гары. Аднак у апошнюю хвіліну Кася паспела ўхапіцца і ўзлезла ззаду. Мы імчымся ўніз. Вецер астуджвае твары. Звяртаюся да дзяўчыны:
— Кася, гэта ты?
— Што? — пытаецца яна.
— Ну, не ведаеш, ці што?
Яе твар палымнее. Вочы весела смяюцца.
— He ведаю…
Больш не пытаюся. Баюся, каб не атрымалася памылка. Ужо мы ўнізе. За намі з’язджаюць Лорд, Базыль і Шчур, за імі — Алена, Магда і Насця.
Позна ўвечары мы ўсе весела вяртаемся дахаты. Смех не сціхае. Шчур, падышоўшы да мяне, мацае бакі.
— Чаго хочаш?
— Хачу паглядзець, ці засталіся цэлыя рэбры? З Касяй, браце, не жарты!
На стале нас чакае багатая святочная вячэра. Мы з апетытам ядзім і шмат п’ём. А пасля вячэры забава цягнецца зноў.
Шчур грае на балалайцы і спявае:
Закладай-ка пару коні
I пояс шырокі!
Мы паедзем у залёты
Да панны Сарокі…
Пасля Шчур просіць, каб я зайграў вальс. Бяру балалайку і выконваю просьбу сябра. З камічнай грацыяй Шчур па чарзе абыходзіць дзяўчат і запрашае іх таньчыць, аднак ніхто не ўмее вальса. Тады Шчур таньчыць разам з Лордам. Робіць смешныя рухі, крывіць твар і выклікае агульны смех. Потым я для іх жа выконваю польку, а яны таньчаць яшчэ смяшней. Нарэшце Шчур прыносіць з сеняў венік і таньчыць разам з ім. Да сваёй дамы спачатку адносіцца вельмі галантна, але калі тэмп полькі ўзмацняецца, ён сам і партнёрша робяць вар’яцкія рухі. Штохвілі хату трасуць моцныя выбухі смеху.
У нейкую хвіліну Мацей кажа Шчуру:
— А можа, хлопча, зайграеш «Лявоніху»?
Шчур ляпае сябе па лбе у знак таго, што забыўся пра гэты танец. Бярэ балалайку. Па хаце разлятаюцца вясёлыя гукі танца. Лорд запрашае Алену. Я таньчу з Магдай. Кася і Насця з братамі. Мы ўтварылі некалькі пар.
Пасля Шчур зайграў другі беларускі народны танец — «Мяцеліцу». Тэмп рабіўся ўсё жвавейшы, і хата захадзіла ў мяне перад вачыма. У паветры ляталі каляровыя сукенкі дзяўчат. Усіх паланіла вясёлая імпэтная «Мяцеліца». Ззяюць вочы, зіхацяць твары, ногі ледзь паспяваюць за шалёным рытмам танца. У паветры нясуцца воклічы Шчура і Лорда. Танец уздымае усіх, нават Шчур таньчыць на месцы разам з балалайкай, на якой грае з усё большым запалам. «Мяцеліца» захапіла нас і круціць, і віруе, і мяце, нібы сапраўдная снежная завіруха.
Забава працягвалася доўга, і толькі позна ўвечары ўсе разышліся адпачываць. Шчур і Лорд засталіся нанач. Для гасцей ссунулі дзве лавы і зрабілі адзін супольны ложак.
Цішыня яшчэ не хутка ўсталявалася ў хаце. Доўга па розных кутках гучалі размовы і смех. Гэтую ноч я спаў адзін. Мая каханка не наведалася ў госці. Магчыма, пабаялася, каб не заўважылі мае сябры.
Нараніцу, адразу пасля снядання, Шчур і Лорд вырушылі назад. Даўрыльчукі ўгаворвалі іх, каб яшчэ пагулялі адзін дзень, але хлапцы адказалі, што сёння ім абавязкова трэба вярнуцца ў мястэчка і рыхтавацца ў дарогу.
Я пайшоў іх праводзіць. Даведаўся шмат новага. Юрлін перастаў хадзіць за граніцу. Ён добра зарабіў у «залаты сезон» і зараз не хоча рызыкаваць. Вырашыў дачакацца прыдатнейшай пары. Яго месца заняў Лорд і, як машыніст, водзіць групу на пункт Юрліна. Перад святамі ў мястэчка вярнуўся Цвік, які восенню 1922 года паклаў сваю групу ў Саветах. Ён уцёк з высылкі і, змучаны, хворы, ледзьве жывы, дабраўся дахаты. Анёл трапіў у рукі польскіх стражнікаў і зараз сядзіць у Наваградскай турме. Цяпер «дзікіх» водзіць Сум. Група «дзікіх» зменшылася — налічвае ад 10 да 15 чалавек. У пачатку зімы «дзікія» зрабілі Кентаўру дзве агранды, але зараз некалькі партый перакінулі чыста. Браты Алінчукі ў дарогу не ходзяць — нечага баяцца. Пятрусь Філосаф хоча адаслаць Юліка Вар’ята ў шпіталь, можа, там яго падлечаць. Хлапцы зрабілі складчыну і сабралі на лячэнне Юліку больш за 400 рублёў. Пачуўшы гэта, я напісаў Петрусю, каб з маіх 1200 даляраў узяў для Юліка на лекаванне 100 даляраў, а калі спатрэбіцца больш — няхай паведаміць мне. Болек Камета п’е, як і раней. Мамант, Алігант і Фэлік Маруда ходзяць за граніцу разам з групай Лорда. З імі таксама фартуе Ванька Бальшавік. Шчур сказаў, што Юрлін нібыта перапыніў працу праз Соньку, якую падазрае ў здрадзе: у дарозе ёй і Ваньку здаралася шмат момантаў, якія заўсёды выкарыстоўвалі ў сваіх інтарэсах. Бэлька разам з бабскай (Лорд сказаў — дзюравай) групай, добра зарабіўшы ў залаты сезон, таксама за граніцу не ходзіць.
Сябры расказалі яшчэ шмат навін пра граніцу, пра паўстанцаў, пра жыццё ў мястэчку, але ні слоўкам не абмовіліся пра Фэлю. Нарэшце запытаўся пра яе ў Лорда.
— Зараз у Фэлі жыве сваячка з-пад Дубрава, — адказаў Лорд. — Альфрэд пасылаў да яе сватоў і зноў з’еў гарбуз. Фэля стала паненкай з пасагам. Ходзіць пра 30.000 даляраў чыстымі! Гараць да яе ўсе, але круціць носам. Мусіць, чакае каралевіча!
Я правёў хлапцоў амаль да Душкава. Калі развітваліся, Лорд запытаўся:
— Ну, крыху звык?.. He абрыдла табе?
Шчур адгукнуўся да яго:
— Што яму абрыдзіць! Шамкі і гарэлкі пад дастаткам, а дзеўкі як лані! Мёртвы б падняўся!
— Я не ляту на іх, — з удаванай абыякавасцю адказаў ім. — А пацехі ў нас ніякай няма. Вось вы толькі трошачкі разварушылі… Сяджу там, бо мушу!
— Ну, нічога! — прамовіў Лорд. — Пакуль што трымайся гэтага месца, а на вясну нешта прыдумаем. У мястэчку жыць табе нельга… Зноў апыляць. Альфрэд скрозь цягаецца. Лбы толькі што разнюхае, зараз у паліцыю паляціць.
Сябры пакрочылі па дарозе да Душкава, а я вярнуўся на хутар Даўрыльчукоў. Там зараз пасля адыходу Шчура і Лорда ўсталявалася яшчэ большая цішыня.
Мінулі святы. Пачаўся новы год. Далей жыву ў Даўрыльчукоў. Дапамагаю ў працы і ўсё больш сумую. Некалькі разоў пытаўся ў Базыля, калі нойдзем за граніцу. Адказваў мне, што не гарыць.
На свята Трох Каралёў дзяўчаты пачалі варажыць. Яны плавілі волава і па чарзе ўлівалі ў ваду. Сыкаючы, метал прымаў розныя формы, якія дзяўчаты ўважліва разглядалі і тлумачылі. Я таксама далучыўся да іх, хоць паненкі неахвотна ўспрынялі маю прысутнасць у сваёй кампаніі. Дазволілі нават адліць крыху волава ў ваду, але я выкуліў увесь тыгель, за што атрымаў некалькі кухталёў. Вынялі з міскі ўстылы метал. Пачалі разглядаць. Праз хвіліну Насця пырскнула смехам:
— Гэта ж мядзведзіца.
— Што? — запытаўся я, здзіўлены.
— Ну, так… Мядзведзіца! — пацвердзілі Насціны словы дзяўчаты. — Яна штосьці нясе ў лапах. Напэўна, у гэтым годзе ажэнішся з мядзведзіцай. Сам адліў сабе нарачоную!
— А сватам будзе воўк! — прамовіла Магда.
— А шлюб дасць ліс! — дадала Кася.
Потым дзяўчаты палілі паперу і па выкрыўленых формах варажылі сваю будучыню. Затым сыпалі на палатно мак. Пазней паставілі дзве свечкі перад люстэркам і глядзелі ў доўгую, цёмную перспектыву калідора, які шарэнгамі свечак па баках сягаў далёка ў глыб люстэрка. Гэта рабілася на чорнай палове хаты — кожная асобна. Усе дзяўчаты бачылі там нешта незвычайнае і доўга расказвалі пра гэта адна другой. Напрыканцы і я пайшоў у тую хату, усеўся перад люстэркам 1, знерухомеўшы, стараючыся не міргаць, глядзеў у глыбіню таямнічага калідора. Доўгі час нічога не бачыў. Пасля ўдалечыні паказалася невялікая трапяткая залатая плямка, якая рухалася ў мой бок. Перамяніўшыся на белую, яна пачала хутка набліжацца і… расці… Праз хвілю перад сабой убачыў Фэлін твар… вясёлы, усмешлівы… Твар бялее, на лбе з’яўляецца доўгая папярэчная складка. Тады ж заўважаю, што гэта не твар Фэлі, а збялелы халодны твар Сашкі. Нібы бліскавіцы, яго бесперапынна перасякаюць зменлівыя каляровыя лініі. А твар усё адыходзіць і расплываецца ў цёмнай глыбіні, ад якой не магу адарваць вачэй; раптам бачу перад сабой бляклы худы твар з дзіўным засяроджаным выразам чорных броваў і вачэй… Адкуль яго ведаю? Гэты жаночы твар!.. Думаю, думаю… Ах! Гэта ж здань, якая з’явілася на Капітанавай Магіле, калі я ў гарачцы ляжаў там пасля ўцёкаў з Саветаў… I гэты твар знікае. У той жа момант перад вачыма яго месца займае выразна абазначаны мужчынскі твар — непрыемны, агідны… Бачу рыжую бараду, шрам на левай шчацэ, злосныя вочы, з’едлівую ўсмешку… Гэта ж падпольнік Макараў!.. Ускокваю з крэсла, і ўсё гіне… Гараць свечкі. Хата патанае ў паўзмроку. Па кутах залягло густое сутонне.
Спяшаючыся, крочу на чыстую палавіну. Дзяўчаты сустракаюць мяне сваімі позіркамі.
— Чаму такі бледны?.. Што табе здалося? — пытаецца Кася.
— Замёрз! — кажу, паціраючы рукі.
— He… ты штосьці ўбачыў! — з напорам гаворыць Кася. — Кажы што!
Звярнуўшыся да Касі, сур’ёзна кажу:
— Спачатку я ўбачыў цябе, пасля яе! — паказваю на Алену. — Пасля яе! — звяртаюся да Магды. — А пазней яе! — паказваю на Насцю.
Магда пырскнула смехам. Я ж працягваю далей:
— Нарэшце я ўбачыў мядзведзіцу… Вялізную-вялізную… Вялікую Мядзведзіцу.
Дзяўчаты ў смех.
— У гэтым годзе ты ажэнішся з мядзведзіцай, — кажа Кася.
— З вялікай мядзведзіцай, — дадае Насця.
У студзені за граніцай мы былі толькі адзін раз. Зрэшты, і надвор’е было неадпаведнае. А ў лютым — браты, скарыстаўшы выпадак, набылі пры пасрэдніцтве Лорда, вялікую партыю тавару. Мяркую, што тавар паходзіў з агранды. Там было шмат батыста, сукна, падцяжак, пальчатак, надвязак і панчох. Потым чакалі спрыяльнага для нашай працы надвор’я (непагадзі). Увесь тавар раздзялілі на 12 ношак. Гэтага хопіць на тры вандроўкі за граніцу.
Нарэшце ў сярэдзіне лютага пачалася моцная завіруха. Карыстаючыся зручнай акалічнасцю, адвячоркам мы вырушылі ў дарогу. Шчасліва дабраліся да пункта, а наступнай ноччу вярнуліся назад, прынёсшы шмат лісіных скур і некалькі сот рублёў золатам. Праз два дні перакінулі наступную партыю тавара. Калі вярталіся да хаты, пачало выпагоджвацца, аднак, не зважаючы на гэта, мы ўпакавалі рэшту тавара ў чатыры ношкі, вагой каля 70 фунтаў кожная. Баяліся, каб завея зусім не сціхла, таму, удзень адпачыўшы, вечарам выйшлі ў дарогу.
Ноч была ясная. Поўня то хавалася за аблокі, то выплывала на чыстую прастору неба. Вецер быў пераменны. Увесь час змяняў свой накірунак. Зрэдку мацнеў і, падымаючы ўгару цэлыя сумёты снегу, нёсся за ім некуды ўдалечыню, а снег зноў агортваў поле мяккім пушыстым вэлюмам.
Дарога была нязручная. Павольна цягнуліся наперад, з цяжкасцю адольваючы розныя перашкоды. Базыль вёў нас пераважна лясамі. Зноў пайшлі новым шляхам. За гадзіну ледзь паспелі дабрацца да граніцы. У гэтым месцы не было засекі, таму адным духам пераскочылі паласу і схаваліся сярод дрэў на савецкім баку. Хутка выбраліся з ляска і палямі накіраваліся далей. Мясцовасць тут была няроўная, узгорыстая. Ішлі пераважна нізінамі і ярам, дзе-нідзе паросшым кустоўем. Праз дзве гадзіны, прыпыніўшыся на раўніне, убачылі перад сабой вялікі лес. Далей дарога была амаль бяспечная, і, прабіраючыся па лесе, дабраліся да самай мяліны.
Дзядзька Андрэй сказаў нам:
— Кепска, хлопцы, на гэты конт, робіце! Гэта ж святлей, чым днём, і завея сціхла…
— Нічога, дадзім сабе рады, — адказаў Ігнась.
— Ваша справа! Толькі глядзіце! Будзьце асцярожныя!
За дзень спарадкавалі тавар. Гаспадар мяліны даў Базылю некалькі сот рублёў і пару дзесяткаў лісіных скур. А вечарам мы вырушылі ў зваротны шлях.
Мясцовасць выглядала так, нібы аркуш пакамечанай паперы, асветлены промнямі электрычнага ліхтарыка. Ніякі рухомы аб’ект не мог схавацца на полі ад людскога вока. Добра, што мелі на сабе белую вопратку, таму нас можна было заўважыць толькі з блізкай адлегласці.
Ісці без ношак было лёгка, і мы хутка крочылі ўперад… на захад. Прыкмеціў, што вяртаемся дарогай, па якой я ўпершыню, разам з братамі і Касяй, хадзіў за мяжу. Зразумеў, Базыль хоча абысці засекі з поўначы.
Мінаем лес, выходзім на поле. Зноў лес і зноў поле… Нарэшце апынуліся ў невялікім ляску, які ўпіраўся ў пагранічную паласу. Гэты лясок, утвараючы на снежнай бялізне палёў цёмны востраў, нібы плыў у моры месячных промняў. Перамахнулі на другі бок і затрымаліся ў густых хмызах. Злева, у сотні кроках ад нас, бачу засеку, якая хаваецца ўдалечыні. Справа, паміж канцом засекі і цёмным сілуэтам кустоў, адрозніваю чыстую шырокую прастору. На другім баку пагранпаласы, у месячным ззянні, плавіцца змрочна-цёмная лясная смуга.
Доўга стаім на месцы і ўважліва аглядаем абшар. Нічога падазронага не заўважаем.
Рашучым крокам Базыль падаўся наперад. Ідзём за ім. У схаванай у рукаве кажуха правай далані сціскаю зараджаны і ўзведзены парабелум. У левай — запасны магазін. Кіруемся ў напрамку прасторы між засекай і хмызняком. У нейкі момант мне здалося, што ў тых кустах нешта зварухнулася, аднак не быў у тым перакананы, Базыль жа шырокім размашыстым крокам пасоўваўся наперад.
Былі мы ўжо побач з граніцай. Раптам прагучала некалькі стрэлаў і з-за кустоў выбеглі чырвонаармейцы з карабінамі ў руках, адрэзаўшы нам шлях да граніцы.
— Стой! Рукі ўгору! — залунаў у паветры голас.
Мы хутка кінуліся назад. На адкрытай прасторы пагранічнай паласы зялёнкі маглі лёгка дагнаць нас і ўсіх перастраляць… Разумеў гэта, таму, як толькі прагучалі першыя стрэлы і чырвонаармейцы выскачылі з-за кустоў на граніцу, пачаў страляць з парабелума. Стрэліўшы дзевяць разоў і накіроўваючыся ўслед за братамі, я ўсадзіў запасную абойму ў рукаятку рэвальвера. Бег, нізка схіліўшыся над зямлёй, і, каб ускладніць прыцэльванне, раз-пораз кідаўся то ўправа, то ўлева.
Больш дзесяці секунд стаяла цішыня. Потым салдаты, якія пасля маіх стрэлаў пахаваліся назад у кусты, пачалі зноў страляць. Мы ўляцелі ў лес. Азірнуўся назад. Салдаты несліся па нашых слядах. Браты Даўрыльчукі хутка беглі лесам. Укленчыў за тоўстым камлём зламанай бярозы. У паветры свісцелі кулі. Салдаты ляцелі кучай. Некаторыя на хвіліну затрымліваліся і стралялі ў бок лесу «на страх врагам». Чуў іх крыкі:
— Таварышы, наперад!
— Браць іх!
Яны былі перакананыя, што мы, спяшаючыся, уцякаем лесам. Тую ўпэўненасць ўзмацняла рыпенне крокаў на снезе, што далятала сюды. Гэта браты імчалі да супрацьлеглага краю лесу.
Калі ж салдаты наблізіліся да мяне на адлегласць трыццаці крокаў, хутка пачаў страляць. Некаторыя паляглі на снезе, астатнія пачалі адыходзіць да граніцы. Тады я пабег па слядах Даўрыльчукоў. Стараўся не шумець, каб не зразумелі, што пакінуў засаду, і баяліся сунуцца следам.
Хутка праскочыўшы лясок, у некалькіх сотнях метраў перад сабой убачыў тры чалавечыя постаці. Гэта браты Даўрыльчукі, спяшаючыся, джгалі ў напрамку вялікага лесу, што знаходзіўся ў 3 кіламетрах ад нас. Хоць мелі на сабе белую вопратку, аднак выразна абазначаліся на снезе, нават мог пазнаць кожнага па постаці.
Бег услед. Дагнаў іх толькі на палове дарогі да ляска. Далей ужо рухаліся разам. Далёка ззаду, недзе на граніцы, гучалі карабінавыя стрэлы… У нейкі момант заўважыў на снезе цёмныя плямы. Нахіліўся над імі. Гэта былі плямы крыві… Пабег наперад і параўняўся з Сымонам, які крочыў апошнім.
— Хто паранены? — запытаўся ў яго.
— Ігнась… Прастрэлілі руку.
Калі прайшлі дзве трэці адлегласці, што аддзяляла нас ад вялікага лесу, зноў загрымелі стрэлы… бліжэйшыя і больш выразныя. Азірнуўся. Убачыў салдат, якія вывальваліся з-за паўночнай ускраіны ляска. He рызыкуючы заходзіць усярэдзіну, абышлі яго і ўбачылі, што мы ўцякаем палямі. Зрэдку пастрэльваючы, гналіся за намі. Але адлегласць была занадта вялікай, іх стрэлы не маглі нам пашкодзіць.
Мы наблізіліся да лесу. Я хутка крочыў за Сымонам.
— Адкуль іх столькі? — запытаўся, думаючы пра нашых пераследнікаў, якіх налічыў больш дзесятка.
— Там блізка стражніца, — адказаў Сымон.
Увайшлі ў лес і нейкі час адпачывалі. Ігнась скінуў з сябе ношку і кажух, а Базыль пачаў спрытна рабіць перавязку.
— Добра, што затрымаў іх там! — сказаў мне Сымон. — He ўцяклі б… Яны адпачылыя, а мы гэткі кавалак дарогі адмералі!
У некалькіх дзесятках крокаў ад ускрайку лесу я прыкмеціў засыпаную снегам вялікую капу. У галаву прыйшла адна думка. Пайшоў да той капы і разам са снегам скінуў верхні пласт галля. Гэта было нацяганае сухое сукаўё. Выняў з кішэні запалкі і падпаліў той стос знізу. Полымя весела пабегла па сухіх смалістых лаўжах і вельмі хутка, ператвараючыся ў штораз большае вогнішча, пачало разгарацца.
Я вярнуўся да братоў Даўрыльчукоў. Перавязка Ігнася закончылася. Апранулі яго. Параненую руку падвесілі на доўгім шаліку з воўны, які завязалі на шыі. Ягоную ношку з больш чым дзесяткам лісіных скур узяў Базыль.
— Навошта гэта зрабіў? — запытаўся ў мяне Сымон, паказваючы на вогнішча.
— Падумаюць, што мы тут затрымаліся, і будуць баяцца ісці ў лес!
— Твая праўда, — адказаў Сымон.
Пагоня была ўжо на палове дарогі да лесу і, страляючы, хутка пасоўвалася наперад. Спачатку мы накіраваліся ў глыб лесу, пасля павярнулі на поўдзень і, зрабіўшы вялікае паўкола, выйшлі на ўскраіну лесу за паўкіламетра ад таго месца, дзе пакінулі вогнішча. Адсюль мы выразна бачылі зялёнак, якія сунуліся палямі. Зараз разгарнуліся ланцугом і павольна крочылі наперад. Іх збівала з панталыку вогнішча. He разумелі, што гэта азначае… Спыніліся і пачалі біць залпамі ў напрамку лесу. Базыль рассмяяўся:
— Да раніцы так будуць забаўляцца… Каб ім толькі патронаў хапіла!..
Узлескам мы рухаліся на поўдзень, а потым на паўднёвы ўсход. Да нашых вушэй з усё большай адлегласці даляталі карабінавыя стрэлы. Я цешыўся са сваёй выдумкі.
Пасля дзвюх гадзін дарогі на поўдзень і паўднёвы ўсход Базыль нейкай лагчынай вывеў усіх на захад. Зараз, разумеючы, што браты ведаюць пра зброю, не хаваў рэвальвер так старанна, як раней, у рукаў кажуха.
Пад раніцу ў чатыры гадзіны мы перайшлі граніцу на паўднёвым захадзе, далёка за Волмай. Дахаты вярнуліся, калі пачало днець. У дарозе былі 13 гадзін. Ігнась ледзьве здолеў дайсці дахаты. Быў зусім знясілены, хоць рана не надта балела і мала крывавіла.
У хаце завіраваў рух. Запалілі ў печы. Гатавалі ваду. Пасля Мацей пачаў сам аглядаць Ігнатаву руку. Костка была цэлая. Куля прабіла толькі цягліцы.
За гадзіну ўсё спарадчылі: тавар быў пахаваны, а вопратку развесілі сушыцца каля печы.
Снедаючы, мы выпілі па шклянцы гарэлкі і наваліліся на яду. Калі скончылі, браты пачалі апавядаць пра нашу прыгоду. Падрабязна яе каментавалі. Моцна перабольшваючы «маю заслугу», апавядалі, як я двойчы затрымаў масалкаў… У хаце рабілася ўсё весялей. Калі расказвалі, як расклаў вялікае вогнішча, па хаце разляцеўся смех. Толькі Мацей уважліва, моўчкі слухае, а пасля ўрачыстым голасам кажа:
— Ну, сынкі, падзякуйце Уладзіку, што адбіў вас ад красных, можа, зараз ніводнага з вас не аглядаў бы тут! — на хвіліну спыніўся, а пасля, яшчэ больш паважна, прамовіў:
— А зараз паслухайце, якая будзе мая воля!..
Усе ўважліва пазіралі яму ў твар.
— За граніцу больш не пойдзеце!.. Ніколі!.. Не хачу дзеля золата губляць сыноў!.. Не шукайце лісіных скур, а пільнуйце лепей свае!.. Гэта мая воля!..
Ніхто яму не запярэчыў.
Ад таго часу браты больш не выбіраліся за граніцу, хоць і надышла для такіх вандровак адпаведная пара.
Мінае дзень за днём. Тыдзень сплывае за тыднем. Працягваю жыць на хутары. Дапамагаю ў працы. Не просяць пра гэта, але сам стараюся быць карысным для зычлівай да мяне сям’і. Зрэшты, працай забіваю сум, які ўсё больш надакучае. Такое становішча мне самому выдавалася вельмі непрыемным. Адчуванне, быццам назаўсёды зняволены. А магчымасць у любую хвіліну пакінуць гэты куток яшчэ больш спакушае мяне на тое. Жыве непераможнае жаданне развітацца з хутарам і вярнуцца ў мястэчка, дзе мог бы таксама добра схавацца і хадзіць за граніцу з групай Лорда… Акрамя таго, можа, зрэдку бачыў бы Фэлю і пагаварыў бы з ёй. Меркаваў, што пра той выпадак яна ўжо забылася.
Наведванні маёй каханкі працягваюцца далей. Кожны вечар з нецярпеннем чакаю яе прыходу. Гэта адзіная асалода майго побыту на хутары, і, калі б не яна, даўно б уцёк адсюль. Дарэчы, нават гэта мяне не задавальняе… Чаму так зацята маўчыць?.. Усё працягваецца ўжо трэці месяц! Аднак яна не робіць захадаў для свайго апазнання. Калі ж гэтага не хоча, то хай застаецца так надалей. Можа, яно і да лепшага!..
У другой палове сакавіка з захаду падзьмулі цёплыя вятры. У паветры адчувалася вясна. Мой сум памацнеў. Узбуджаны, хадзіў па хутары. Знікла ахвота да працы. Крочыў да недалёкага лесу і праставаў па цаліку куды вочы глядзяць. Зрэдку пракрадаўся лясамі да граніцы і са схованкі назіраў за стражнікамі, якія пахаджвалі пагранічнай паласой. Пасля вяртаўся на хутар.
Пачаў пакрыёма піць гарэлку, якую Сымон у таямніцы ад усіх прыносіў для мяне з недалёкай вёскі ад селяніна, які нелегальна гандляваў гарэлкай.
Аднойчы з пляшкай гарэлкі ў кішэні накіраваўся ў лес. Вельмі далёка адышоў ад хутара. Дахаты вярнуўся пад вечар. Якая ж гэта была радасць, калі ў пакоі ўбачыў Лорда. Шчаслівы, прывітаўся з сябрам і пачаў распытваць пра навіны. Вельмі доўга размаўлялі. У нейкі момант Лорд запытаўся:
— He абрыдла табе тут?
— О, не кажы, вельмі! — адразу адгукнуўся я.
— Ну, калі пажадаеш, дык ёсць работка. Акурат для цябе. Трохі таго… рызыкоўная, але заробак добры.
— Што за работа? — запытаўся ў яго.
— «Фігуркі» вадзіць…
Лорд сказаў, што Кручок шукае сабе кампаньёна — надзейнага і смелага хлапца, які разам з ім мог бы пераводзіць праз граніцу ўцекачоў з Саветаў. Яго папярэдні «супрацоўнік» папаўся разам з таварам у Менску, калі рашыў адведаць сваякоў, і апынуўся ў Чрэзвычайцы (зараз ГПУ). Пра Кручка ўжо казаў раней, як некалі на вечарынцы ў Сашкі ён разбіў бутэлькай галаву Альфрэду за тое, што той гуляў пазначанымі цынкам стыркамі.
Я з радасцю пагадзіўся з прапановай Лорда. Прываблівала не толькі перспектыва добрага заробку, але і новая цікавая праца… Кручок жа быў вядомы сярод перамытнікаў як хлопец з «характарам», з ім нароўні сябравалі і найслынныя местачковыя «варавы», і «старыя завадатары».
У тую ноч Лорд не вярнуўся ў мястэчка, а застаўся ў Даўрыльчукоў. Пад час вячэры аб’явіў усім, што раніцою я адыходжу ў мястэчка.
— Надоўга? — запытаўся Сымон.
— Невядома… Магчыма, назаўсёды…
— Хіба не дагадзілі чым-небудзь? — адгукнуўся Мацей.
Я рашуча запратэставаў:
— Ніякай крыўды ад вас не меў. I буду заўсёды прыгадваць вас усіх добрым словам!
— Што ж рабіць, ваша воля! — прамовіў Мацей — Як трэба будзе, прыходзьце зноў. Выгод у нас няма, але хлеба не бракуе.
He зважаючы на тое, што Лорд начаваў у адным пакоі і было досыць рызыкоўна, мяне ў апошні раз наведала мая маўклівая каханка. Была доўга, але і гэтым разам ані слова не прамовіла.
Раніцай, сардэчна развітаўшыся з Даўрыльчукамі, разам з Лордам пакрочыў у дарогу. Шмат разоў азіраўся на будынкі, што знікалі ўдалечыні і рабіліся ўсё самотней. Дзіўнае ты, сэрца чалавека: пакутуеш ад аднастайнасці, нудзяць цябе адны і тыя ж людзі, а калі пакінеш — пачынаеш сумаваць па іх.
Высока ў небе свяціла сонца. На дарозе таяў снег. У цёплым подыху паветра ўсё мацней адчувалася вясна. Мы бадзёра крочылі наперад і жвава размаўлялі на розныя тэмы. Лорд сказаў, што хлопцы зараз вельмі рэдка ходзяць за граніцу. Большасць спыніла работу да восені. Сонька разам з Ванькам Бальшавіком збегла з мястэчка. Іх бачылі ў Аляхновічах, як садзіліся ў цягнік, што адыходзіў на Вільню. Юрлін паехаў услед, сказаўшы, што заб’е і суку, і «кабяля». Некалькі хлапцоў з групы «дзікіх» папаліся ў Саветах.
Я заўважыў, што ўвесь час ідзём па дарозе ў напрамку Ракава. Лорд растлумачыў: хутар, на якім разам з маткай жыве Кручок, знаходзіцца ў трох кіламетрах ад мястэчка і схаваны ў вельмі зручным месцы, таму стане для мяне «мураванай мялінай».
Я запытаўся ў сябра, ці папярэдзілі Кручка, што буду з ім працаваць. Лорд расказаў, як учора размаўляў з ім пра гэта і што ўжо паабяцаў — калі я згаджуся на прапанову — прывесці мяне сёння на хутар.
He даходзячы кіламетры два да Ракава, Лорд звярнуў направа ў лес. Доўга крочылі напрасткі. Нарэшце апынуліся на ўскрайку вялікай паляны. У адным яе канцы, у засені з чарады елак, стаяла малая ўчарнелая хаціна. Да яе прытуліліся нейкія паветачкі і хляўкі.
Насустрач вылецеў вялікі чорны сабака і з заўзятым брэхам кінуўся нам пад ногі.
— Каро! Каро! Хадзі сюды!
З памяшкання выбег Кручок і адагнаў сабаку. Мы прывіталіся. Кручок выглядаў вельмі маладым… Ніхто б не падумаў, што гэта — стары, дасведчаны перамытнік і славуты праваднік фігурак. Пры гэтым ягоныя дзіцячыя блакітныя вочы ўсміхаліся, а ўвесь твар свяціўся смехам. Бегаючы па падворку і ганяючыся за сабакам, ён ствараў уражанне падлетка. Назіраючы за ім, пацяшаліся і мы. Лорд прамовіў:
— У гэтага заўсёды ўсюды гулі!
Пераступілі парог хаты Кручка. Невялікае памяшканне, складзенае з нядбала абчэсаных бярвенняў, выглядала змрочна. Непадалёку ад увахода стаяла вялікая печ. Левы бок хаты аддзяляла доўгая перагародка. Падлога была гліняная, сцены голыя, столь з круглякоў, цёмная, закураная. Аднак весялосць Кручка асвятляла пануры выгляд хаты.
— Гэлька, мамуська! — крыкнуў хлопец. — Маем гасцей! Рыхтуйце есці! Шмат і хутка.
Я ўбачыў старую жанчыну — маленькую, худзенькую, з такімі ж, як у сына, вясёлымі вачыма. Побач ішла маладая, можа, пятнаццацігадовая дзяўчынка, вельмі падобная да брата. Яны пачалі рыхтаваць ежу.
— Мы толькі паснедалі! — вымавіў Лорд.
— Што там сняданне! Мы зробім абед. Наедак будзе ціп-топ, — адказаў Кручок.
Перамытнік пачаў дапамагаць, а лепш сказаць, замінаць маці і сястры, што завіхаліся ля печы. Потым ён выбег з хаты і праз пару хвілін вярнуўся, несучы чатыры пляшкі гарэлкі.
— Кожнаму па пляшцы, а мамцы і Гэльцы, паколькі не маюць вусоў, — па палове!
— Ты ўжо маеш! — адгукнулася сястра. — Намалюй сабе вуглём.
— Але ж буду мець! А ты — фігу!
Яны хутка зрабілі нам закуску, і мы пачалі піць гарэлку. У такой кампаніі адразу зрабілася цёпла і весела. He хапала толькі Шчура… Я прадчуваў — надыходзіць пачатак цікавай, новай для мяне працы.
Вечар быў цёмны. Дзьмуў цёплы заходні вецер. Неба было густа засыпана зоркамі. Мае вочы ў цемры адрознівалі два адценні: чорны фон неба з параскіданымі зоркамі і белы фон снегу, дзе-нідзе засеяны чорнымі сілуэтамі дрэў і кустоў.
Палі ўсцілала рэдкая шэрая каша з падталага снегу, у які глыбока правальваліся ногі і па якой у розныя бакі коўзаліся падэшвы. Гэта вельмі ўскладняла нам шлях. Месцамі падталы за дзень снег утвараў велікаватыя калюжыны. Ноччу мароз зацягваў іх лядком
і падрыхтоўваў мноства коўзанак, па якіх дурэў раніцою цёплы заходні ветрык. Калі ж гэта яму надакучвала, тады трушчыў яго, пакрываючы лужыны лускай дробных хваль.
Увечары разам выйшлі з хаты і падаліся ў лес. На сабе пад курткамі мелі «бандажы», якія ўтваралі нешта накшталт вялікіх двайных камізэлек з палатна для пераносу тавару. Асноўным заняткам Кручка быў перавод праз мяжу фігурак, але на сваю руку ён яшчэ займаўся перамытніцтвам. У дарогу, каб не перашкаджала рухацца, ён не браў шмат тавару. Перавяз быў напоўнены іголкамі для ручнога і машыннага шва, іголкамі для грамафонаў, шавецкімі і рымарскімі шыламі. Акрамя гэтага, кожны з нас нёс па некалькі дзесяткаў брытваў.
Крочылі па лесе непадалёку ад сялібы Кручка. Наперадзе бег Каро. У адным месцы Кручок узлез на вялікую ліпу і выняў з дупла рэвальвер. Гэта быў расейскі «афіцэрскі» наган — «самовзвод». Тады я паказаў свой парабелум.
— Добрая цацка! — адказаў Кручок. — Але для мяне і гэтага хапае. Я ваяваць не збіраюся.
Пасля мы вырушылі лесам на ўсход. Каро бег наперадзе.
— Ты з сабакам ходзіш за граніцу? — запытаўся я ў Кручка.
— Так. Каро лепш ведае пагранічча, чым я. На яго можна пакласціся. Трэці год разам працуем.
Пачуўшы сваё імя, сабака падбег да нас, спыніўся і зірнуў у вочы гаспадару.
— Ідзі наперад! — загадаў перамытнік.
Сабака зноў пабег, апярэджваючы нас на дзесятак крокаў. Выйшлі на ўскраек лесу. Я ўбачыў вялікую адкрытую прастору. У трох кіламетрах адсюль была граніца, а крокаў за 200 праходзіла дарога, што вяла з Волмы да Ракава.
Селі на павалены камель дрэва і чакалі змяркання. Выпілі бутэльку гарэлкі, закурылі папяросы. Калі згусцелі сутонні, мы павольна пакрочылі палямі ў напрамку граніцы. Моцна нашмараваныя шкіпінарам боты не прапускалі вільгаці.
Непадалёку ад граніцы адпачывалі і прыслухоўваліся больш дзесяці хвілінаў… Каро пабег наперад. Мы пайшлі за ім. Снег, уціснуты падэшвамі нашых ног, глуха рыпеў. Стараліся не ставіць ногі проста зверху, а расстаўляць, слізгаючы, наўскасяк, ступаком зверху ўніз. Тады таўшчыня снегу пад ботамі рабілася танчэйшай і менш мокрай, а, рухаючыся наперад, мы менш шаргаталі.
Хутка апынуліся на граніцы. Гэта адразу распазналі па шматлікіх слядах, якія перамервалі снегавую бель з поўдня на поўнач і ў адваротным напрамку.
Дарога была цяжкой. Перашкаджала бясконцае правальванне і даставанне ног з глыбокай снежнай кашы. У адным месцы Кручок затрымаўся. Падышоў да яго.
— Што такое?
— Хочаш рызыкнуць? — замест адказу запытаўся Кручок.
— Дзеля чаго?
— Калі хочаш рызыкаваць, дык можам пайсці па дарозе! Я адзін часта хаджу дарогамі.
— Добра, — адказаў. — Хадзем дарогай.
— А калі нарвецца на нас які д’ябал, то…
Кручок махнуў у паветры наганам.
Хутка выбраліся на тракт. Ён быў увесь у калдобінах і выбоінах ад конскіх слядоў. Часта яго перасякалі шырокія лужыны. Аднак крочыць тут было значна лягчэй, чым пнуцца палямі. Хоць ногі не правальваліся ў снег. Праўда, было вельмі слізка.
Здалёк я прыкмеціў агні нейкай вёскі. Да нашых вушэй далятаў сабачы брэх. Кручок спыніўся.
— Пройдзем праз вёску ці абыдзем навокал?
— Ці ёсць там масалкі?
— Няма… Раней не было…
— Дык сіганём праз яе.
Неўзабаве перайшлі мост праз нейкую рэчку і пакрочылі па забудаванай з двух бакоў вуліцы, якая была вельмі вузкай і рабіла ладнае паўкола на вялікай вёсцы. Снег, што ляжаў на дарозе, быў шэры, амаль чорны, у многіх месцах перамешаны з балотам.
Крочылі дастаткова хутка. Справа і злева ў нізкіх вокнах пахілых хацін, якія прытуліліся каля дарогі, бліскалі невялікія жаўтаватыя агеньчыкі. Праз некалькі крокаў вуліцу перарэзвалі прастакутнікі святла ад вокнаў. Дзе-нідзе на падворках гучалі людскія галасы. Пераважна напятыя, узбуджаныя ад злосці. У асноўным чуліся кленічы.
У пэўным месцы Кручок падышоў да плота і вырваў адтуль кол. Мусіць, таму зрабіў гэта, што наперадзе заўзята брахалі сабакі. Каро ўжо не бег уперад, а трымаўся побач. Прайшлі яшчэ некалькі хат. На сярэдзіне вёскі акружылі нас сабакі і, кідаючыся пад ногі, пачалі ўядаць. Кручок ударамі кала разагнаў іх, і тыя, зацята брэшучы, беглі на адлегласці за намі. Каро спакойна трымаўся наперадзе. Тады з брамы нейкага двара паказаліся дзве постаці. Калі ж мы падышлі бліжэй, нас асвяціў кішэнны ліхтарык. Прагучаў голас:
— А вы куды?
— Цябе гэта не датычыць! — адказаў Кручок.
— Я сакратар Волисполкома.
— Вось і добра. Ідзі да свайго Волисполкома і кладзіся спаць, бо ты п’яны.
— Што-о?
— Нічога. Сыдзі з дарогі!
Кручок хацеў прайсці міма, але сакратар схапіў яго за левую руку. У той жа момант Кручок агрэў таго палкай, а Каро кінуўся да сакратаровага горла. Другі мужчына хацеў уцячы, але я падставіў нагу, і ён пакаціўся ў балота. Кручок дабавіў ім калом. Вуліца ажыла крыкамі. Здалёк даляталі галасы людзей. Пакінуўшы на зямлі тых двух, мы, спяшаючыся, рушылі далей, а яны пачалі крычаць:
— Трымай іх! Трымайце!
— Зладзеі! Бандыты! Трымайце!
У цемры гучалі крыкі людзей, якія беглі ў наш бок. Пасвяціўшы ліхтарыкам, я ўбачыў больш дзесятка мужыкоў з каламі: яны гналіся за намі.
— Ану, пальні пару разоў, каб пачулі! — вымавіў Кручок.
Я стрэліў некалькі разоў угару. Данёсся яшчэ мацнейшы тупат ног, аднак зараз ён не набліжаўся, а хутка ўсё больш аддаляўся.
— Навыперадкі панесліся! — прамовіў Кручок.
Мы, спяшаючыся, пакрочылі далей. За вёскай збочылі з дарогі і палямі накіраваліся ўперад. Кручок лічыў, што сакратар Волисполкома пазвоніць у наступную вёску, якая ляжала ля тракта і дзе раскватараваўся «заградительный отряд». Там маглі б наляцець на засаду ці аблаву.
Зноў пачалася цяжкая бясконцая дарога палямі. Асабліва дрэнна ішлося ворывам, умёрзлую зямлю зверху яшчэ пакрывала ледзяная абалонка, на якой нага не магла адшукаць надзейнай апоры. Праз значны кавалак часу мы ўсё ж ўзбіліся на дарогу і па ёй прайшлі каля пяці кіламетраў. Потым, звярнуўшы направа, палямі дабраліся да лесу.
Каля чацвёртай гадзіны ўранку наблізіліся да адзінокага хутара. Кручок пусціў сабаку наперад, і мы паціху пачалі сунуцца ў кірунку будынкаў. Нішто не сведчыла пра наяўнасць чужых людзей. З рэвальверамі ў руках падкраліся да вакна, якое выходзіла на дарогу і не было зачынена ваканіцамі. Кручок пасвяціў туды ліхтарыкам. Паміж белай фіранкай і рамамі я ўбачыў вазон герані — знак таго, што на хутары ўсё ў парадку і нікога няма.
Кручок пастукаў у шыбу; Доўга ніхто не адгукаўся. Калі ж праз некалькі хвілін ён пачаў настойліва ляпаць, з сярэдзіны даляцеў жаночы голас:
— Чаго трэба? Хто там?
— Адчыняй, Стася, — прамовіў у адказ Кручок.
— Чакай! Ужо!
— Можаш не апранацца, і так цябе пазнаю!
— Разумнік! — даляцеў праз шыбіны голас.
Праз хвіліну адсунулі ўбок фіранку, а з падваконніка знялі вазон. Кручок спрытна ўскочыў на тое месца і праз вакно залез у хату. Я зрабіў па яго прыкладу. Хлопец паклікаў сабаку, і Каро таксама праз вакно ўскочыў у сярэдзіну памяшкання. Гэта была кухня. Нейкі час мы стаялі ў цемры. Стася выбегла з хаты і зачыніла ваканіцу. Пры неабходнасці яе можна было адамкнуць з сярэдзіны. Стоячы ў змроку, недзе злева чую шэпт.
— Гэнюся не спіць? — вымавіў Кручок. — Можа, прыме мяне на печ, пагрэцца?.. На цёпленькія ножкі!..
— Ах ты, лайдак! Лезь сюды, зраблю табе цёплыя вушы. Бач ты, чаго яму захацелася… А малака!
Чую смех. Вяртаецца Стася і запальвае падвешаную над сталом лямпу. Левы бок кухні займае вялікая печ. З-пад завешанай угары доўгай узорыстай фіранкі затоена зіркаюць нечыя цікаўныя вочы.
Здымаем з сябе курткі, а пасля перавязы. Вымаем з кішэняў чатыры пляшкі спірытусу. Адчыняюцца дзверы, і на кухню, заплюшчваючы ад святла вочы і чухаючы клубы, заходзіць высокая мажная кабета гадоў 45. На ёй шырокі ружовага колеру халат і чаравікі на босую нагу. Гэта гаспадыня хутара — Мар’яна Зых — матка шасці дачок. На хутары не было мужчын, калі не лічыць дурнаватага парабка Ануфрыя, які быў аднаго ўзросту з гаспадыняй і ўжо больш дзесяці гадоў жыў тут. Яго трымалі як конюха і для вывазу з лесу дроў. Астатнюю працу па гаспадарцы рабілі ўласнымі сіламі, як казаў Кручок, «бабскай брыгадай». Зрэшты, гаспадарка была малая, і жанчыны даволі лёгка спраўляліся з ёй… Маці Кручка была далёкай сваячкай Мар’яны, пра што і казала: «сёмая вада на кісялі».
Мар’яна Зых трымала пункт, які знаходзіўся паміж Новым Дваром і Пятроўшчынай, на паўднёвым захадзе ад Менска. У горадзе спецыяльныя пасярэднікі шукалі людзей, якія б хацелі нелегальна перабрацца з Саветаў у Польшчу, і за добрую плату прыводзілі на пункт да Мар’яны, а адсюль Кручок перакідваў іх праз кардон. Ужо трэці год ён паспяхова займаўся гэтым, адначасова носячы кантрабанду.
Распакавалі перавязы, і Мар’яна разам са Стасяй — старэйшай дачкой — палічыла і запісала тавар. Пасля пачала разлічвацца з Кручком (рабілася гэта на вока). За ўвесь тавар Кручок атрымаў 370 даляраў. Даў мне 20 за дарогу.
Затым Стася і Мар’яна падрыхтавалі нам сняданне. А пасля яды гаспадыня прамовіла:
— Ну, хлапцы, ідзіце на гарышча, пераспіце!
— Яшчэ чаго? — адгукнуўся Кручок. — На гарышча? А я хачу на печ!..
Ён скокнуў на прыпечак, а адтуль даў нырца пад занавеску. Пачуліся крыкі, піск, смех.
— А пойдзеш адсюль!
— Ты бессаромнік!
— Наладзім лазню!
Неўзабаве Кручок, сустрэты кулакамі, сігануў з печы на падлогу. Пасля мы ўзялі два доўгія кажухі і разам з Мар’янай і Стасяй, якая несла лямпу, падаліся ў сенцы, дзе стаяла драбіна, што вяла на гарышча. Кручок узлез наверх і паклікаў сабаку, Каро пачаў спрытна ісці па драбіне. Калі ўсе залезлі на падстрэшак, Мар’яна прамовіла:
— Ліхтарыкам там не свяціць і агню не кідаць.
— Добра, добра, — адказаў Кручок.
Палову гарышча займалі высока складзеныя снапы. Кручок выняў збоку некалькі снапоў і загадаў мне залазіць у нару. За мной пайшоў Каро. Тады Кручок адцягнуў снапы назад у праход і замаскіраваў выйсце з сярэдзіны. Звонку яму дапамагала Стася, якая ўзлезла на гарышча разам з намі. Пазней мы папаўзлі па вузкай нары ў канец падстрэшша. Там было прастарней і магло схавацца з дзесятак людзей. Малое акенца, якое выходзіла на дах, было занавешана рэшткамі чорнай ваўнянай хусткі. У выпадку небяспекі і туды можна было ўцячы.
Зрабілі сабе прыдатную пасцель і хутка паснулі.
Надыходзіў вечар. У прысутнасці Мар’яны, якая апранула на сябе доўгі жоўты кажух, а на ногі юхтовыя з доўгімі халявамі боты, я і Кручок накіраваліся да блізкага лесу. У руках Мар’яна трымала доўгі кій і абапіралася на яго ў дарозе. Каро бег наперадзе.
— Колькі іх? — запытаў Кручок.
— Пяцёх, — адказала Мар’яна.
— Хто такія?
— He ведаю… Я дакументаў не пытаю. Але нейкія не надзейныя. Ты глядзі там!
— Чаму не надзейныя?
— Ну, бо выхаваныя! А да мяне ўсё: калі ласка пані гэта, калі ласка пані тое… Напэўна, якія-небудзь нігілісты альбо іншыя інтэлігенты…
Крочылі лесам. У нейкім месцы з-за дрэў паказалася малая хацінка. Адтуль выйшаў сівенькі стары дзядок. Нягледзячы на ўзрост, быў вельмі рухавы і, размаўляючы з Кручком і Мар’янай, жвава махаў рукамі.
— Ну, Грыбок, як там у цябе, усё ў парадку?
— А, усё, усё… Як заўжды…
— Занёс ім яду?
— А як жа! А як жа!
— Ну, дык пайшлі!
Заглыбіліся ў гушчар. Праз некалькі хвілін дарогі ўбачыў стрэшку зямлянкі. Спераду былі малыя дзверцы, замкнутыя заржавелым, у форме агурка, замком. Грыбок, не падыходзячы да іх і абышоўшы навокал страху, выняў з яе задняй часткі некалькі дошак. Пасля, нахіліўшыся ўніз, прамовіў:
— Вылазьце! Зараз пойдзеце ў дарогу!
Наверх пачалі высоўвацца нейкія людзі. Апрануты былі па-рознаму, аднак, зірнуўшы на твары, я заўважыў ва ўсіх аднолькавы выраз, які цяжка акрэсліць, але ў ім месціліся: увага даследчыка, халодны позірк баксёра, дзіцячая прастата, цікавасць здзіўленага чалавека, які ўбачыў перад сабой людзей, у чые рукі аддаваў свой лёс, сваю надзею, і, нарэшце, нейкі ціхі смутак захоўвалі яны на сваіх спакойных рашучых тварах. Былі апрануты ў паношаныя курткі і паліто, двое ў ботах, трое — у чаравіках. Адзін на галаве меў салдацкую шапку «ячменная каша», другі — вялікую мехавую з навушнікам, двое насілі «керанкі», пяты — быў уладальнікам вялікай чорнай папахі. Такое адзенне не падыходзіла ім. Адчуў гэта адразу. Выглядалі вайскоўцамі або спартсменамі, апранутымі ў рыззё. Іх рухі былі дакладныя і зграбныя. Постаці выпрастаныя. Калі вылезлі са склепа, адзін з іх прывітаў Мар’яну:
— Наша ўшанаванне, пані! Сёння выходзім у дарогу?
— Так. Гэтыя двое, — кабета рухам галавы паказала ў наш бок, — перавядуць усіх праз граніцу і здадуць на пункт.
Усе з цікавасцю паглядалі на нас. З вачэй прамянілася радасць і недавер. Напэўна, іх здзіўляла, што бачаць перад сабой двух маладых хлапцоў. Мусіць, сваіх праваднікоў уяўлялі ў выглядзе магутных страшных здаравякоў.
Змяркалася. Мы павольна крочылі па вузкай лясной сцяжынцы. Кручок быў першым, «фігуркі» ішлі за ім, я замыкаў паход. У лесе снег лепш затрымаўся, чым на палях; калі збіваліся са сцежкі, ён са скрыгатам ламаўся пад нагамі. Тады адшуквалі сцежку, якая хутка прывяла нас да ўскраіны лесу, ля якога ўдалеч бегла шырокая, наезджаная санямі дарога.
Вечар быў цёмны і досыць цёплы. У паветры адчуваліся подыхі надыходзячай вясны. Па лесе разляталіся нейкія дзіўныя пошумы. To трашчала галлё дрэў, то з высокіх ствалоў валіліся ўніз абледзянелыя камякі снегу, то рвалася і сціскалася ад вячэрняга холаду ледзяное шкарлупінне, якім пакрываліся снежныя астраўкі.
Кручок затрымаўся, выняў з кішэні бутэльку спірту. Стукнуў даланёй аб дно і, выбіўшы корак, закінуў назад галаву, пачаў піць проста з рыльца. Прыкмеціў на тварах людзей усмешкі. Іх здзівіла, што такі малец — ды так п’е. Кручок адарваўся ад пляшкі і падаў мне:
— Трымай!.. Смакчы… і перадай далей!
Я таксама крыху адпіў спірту, а пасля, аддаючы пляшку фігуркам, прамовіў:
— Піце па чарзе… Каб разагрэцца!..
Яны, няўмела лыкаючы, пачалі піць спірт. Амаль усе задыхаліся і адкашліваліся. Упяцёх ледзь асілілі палову бутэлькі. Разам з Кручком мы дапілі рэшту спірту. Пасля сябра вымавіў:
— Хто жадае, можа закурыць… Далей курыць нельга…
Усе закурылі.
— Ці далёка да граніцы? — запыталася мяне адна з фігурак.
— Далёка.
— Ці моцна ахоўваецца?
— He… Хаця гэта залежыць… як для каго… Перайсці заўсёды можна.
У Кручка яны таксама распытвалі пра розныя рэчы, і ён без вялікага жадання адказваў: звычайна цяжка дакладна растлумачыць людзям, якія ў гэтых справах не арыентуюцца, і таму задаюць такія недарэчныя пытанні.
Пасля кароткага адпачынку вырушылі ў далейшы шлях. Доўга цягнуліся палямі, якія дзе-нідзе былі поўнасцю аголеныя ад снегу. Неўзабаве апынуліся на беразе Пцічы. Па краях рэчка была закутая лёдам, а сярэдзінай неслася бурлівая плынь. Трымаючыся левага берагу, мы крочылі ў напрамку Новага Двара. Ісці было цяжка. Ногі гразлі ў тугім, набрынялым вадой снезе. Нарэшце перад сабой убачылі невыразныя абрысы моста. Кручок спыніўся і доўга прыслухоўваўся. Потым падаўся далей. Мы ішлі за ім.
Пакрочылі даволі хутка і дабраліся да моста. Пад нагамі глуха дуднелі замерзлыя дошкі. Унізе шумелі, пераліваліся хвалі. He чакаючы нічога дрэннага, я павольна ішоў за групай. Раптоўна наперадзе ў цемры бліснуў карабінавы агеньчык і бухнуў стрэл. Фігуркі спыніліся. Выхапіўшы з кішэні парабелум і зняўшы забеспячальнік, я кінуўся наперад. Бліснуў ліхтарыкам. Убачыў Кручка, які левай рукой трымаўся за рулю карабіна, а правай накіроўваў наган у грудзі чырвонаармейца. Спачатку не мог іх добра разглядзець, бо чырвонаармеец ляжаў на зямлі, а сабака прытрымліваў яго лапамі і пысай. Пачуў голас Кручка:
— Каро, прэч! Пусці яго!
Сабака адскочыў убок і стаяў нерухома, гатовы ў кожную хвіліну кінуцца зноў. Салдат выпусціў з рук карабін, і Кручок адкінуў яго да ракі. Пачуўся пляскат вады.
— Падымайся! — загадаў Кручок.
А калі салдат падняўся, Кручок вылаяўся і прамовіў:
— Што ж гэта вас так вучаць: спачатку страляць, а пасля крычаць «стой»!
— Мяне, таварыш, сабака напалохаў. Падумаў — воўк!
— He трэба лепшага ваўка, чым ты, чалавеча!.. Дулічы ведаеш?
— Ведаю.
— Далёка адсюль?
— Восем вёрст.
— Дарогу добра ведаеш?
— А як жа!
— Ну, дык завядзі нас туды. Толькі глядзі: зробіш крок убок, каб уцячы — пальну ў лоб! I сабака цябе схопіць!..
— He буду ўцякаць… Завяду вас туды, куды хочаце!..
Пасунуліся далей. Першым ішоў салдат, за ім Кручок, фігуркі і, нарэшце, я. Крочылі па вузкіх, ледзьве азначаных на снезе палявых дарогах і сцежках. Чырвонаармеец, відавочна, вёў нас так, каб пазбегнуць непажаданых сустрэч. Баяўся, што тады застрэлім яго.
Праз гадзіны паўтары маршу палямі мы ўбачылі злева лес, а справа — агеньчыкі ў вокнах хацін. Гэта былі Дулічы. Тут Кручок загадаў салдату крочыць перада мной, а сам павёў усіх далей. Я ўважліва сачыў за шэрай постаццю салдата. Праз гадзіну дарогі напрасткі мы выйшлі на добра ўтаптаную лясную сцежку. Тут Кручок затрымаў усіх і падышоў да салдата. Паказаў на сцежку:
— За тое, што страляў без папярэджвання, табе варта было б пальнуць у лоб, але не хачу пэцкаць рукі ў кроў… Ідзі хутка назад. Скажаш, што на цябе напала 100 бандытаў і 10 тыграў. Атрымаеш ордэн за гераізм. Ну, «пошел»!
Чырвонаармеец хутка пакрочыў сцежкай, якая вяла ў глыбіню лесу, і неўзабаве знік у сутонні між дрэвамі. А мы рушылі далей.
«Не шанцуе нам! — думаў я. — Сюды ішлі, нам заступілі дарогу! Назад ідзём — тое самае!»
Фігуркі стаміліся і праз кожныя пару кіламетраў прасіліся адпачыць. Кручок, зірнуўшы на гадзіннік, прамовіў:
— Занадта часта адпачываеце, гэта надакучае. Зараз даю вам большы перапынак, а потым на адным уздыху пойдзем да граніцы… Нельга губляць час… Зараз другая гадзіна… Калі нас пагоняць на граніцы, спатрэбіцца час, каб перакінуцца ў іншым месцы. Разумееце?
— Добра.
— Будзем старацца.
— Дарога дрэнная… — раздаліся галасы фігурак.
Пасля даўгаватага адпачынку мы, спяшаючыся, ірванулі наперад. Кручок вёў нас добра наезджанай дарогай, якая перасякала лясы і палі. Гэтай дарогай я ішоў першы раз, аднак добра ведаў усю мясцовасць абапал тракту.
Дабраліся да берага рачулкі. Гэта была другая лінія. Пайшлі направа. Я ўбачыў даўгаватае, перакінутае праз ваду дрэва. Каро перабег на другі бок і гойсаў там па лазняку. Хутка вярнуўся да нас. Кручок распачаў пераправу. Досыць хутка перайшоў на другі бераг рачулкі. Потым фігуркі, седзячы на ствале і ўпіраючыся рукамі аб дрэва, пачалі памалу сунуцца ўперад.
Чакаю, пакуль усе пераправяцца. Сціскаючы рукаятку парабелума, аглядаю шырокую адкрытую прастору паміж гэтай рачулкай і лесам. Мне ўсё здаецца, што там, на беразе лесу, ёсць нейкія людзі… He ведаю, адкуль у мяне ўзнікла такое ўражанне. Магчыма, там сапраўды хавалася група перамытнікаў, чакаючы адпаведную хвіліну для пераходу другой лініі і рачулкі.
Пераправа закончана. Павольна ідзём лесам. Заўважаю, што людзі, якіх мы пераводзілі, вельмі хвалююцца. Стараемся крочыць як мага цішэй. Кручок пусціў сабаку наперад.
Нарэшце дабраліся да граніцы. Кручок затрымліваецца, і мы доўга стаім нерухома… Злева далятаюць нейкія шоргаты. Яны штораз выразней даходзяць да маіх вушэй. Кручок павольна крочыць наперад і падыходзіць да густа парослых елак. Збіраемся ў кучу. I доўга, прыслухоўваючыся, стаім на месцы. А шолахі злева то ўзмацняюцца, то заціхаюць. «Альбо перамытнікі ідуць, альбо — зялёнкі», — думаю я.
Мне падалося, што шоргаты абмінаюць нас зводдаль і пасоўваюцца да мяжы. «А можа, гэта „дзікія“?» У той жа момант злева, наўскасяк, перад намі гучаць адзін за другім некалькі стрэлаў, якія рознагалосым рэхам ляцяць па лесе. Пасля чуваць галасы людзей:
— Стой! Стой!..
— Падай! Рукі ўгору!
«Спачатку забіваюць, а пасля крычаць: „Стой!“», — думаю, прыслухоўваючыся да гэтага ляманту злева.
Кручок выходзіць з нашай схованкі і шэптам кажа:
— He адставаць… Крочыць ціха…
Пайшоў наперад, мы за ім. Трымаю падрыхтаваную для стрэлу зброю. А лямант злева не аціхае. Адтуль чуваць стрэлы, воклічы, тупат ног. Прыкідваю, што адбываецца гэта на адлегласці больш ста крокаў ад нас.
Выходзім на пагранічную паласу. На снезе бачым мноства слядоў, якія ідуць у розных напрамках. Гэта сляды звяроў і людзей. Яны ўяўляюць цікавую кнігу жыцця граніцы, адкуль той, хто ўмее чытаць, можа даведацца шмат цікавых рэчаў. Знікаючы ў лесе, на другім баку паласы, мы пакінулі ў той кнізе свае сляды.
Пад раніцу завялі фігурак да стадолы на ўскрайку мястэчка. Я застаўся каля брамы, а Кручок пайшоў да хаты жыдоўкі, якая трымала гэты пункт. Праз квадру гадзіны вярнуўся. Побач крочыў нейкі стары жыд. Разам увайшлі ў гумно. Кручок звярнуўся да прысутных:
— Вы знаходзіцеся ў Ракаве. Тут пункт. Тут вам усё растлумачаць, у чым трэба — дапамогуць. Далей свае справы вырашайце як захочаце. Зычу поспеху.
Фігуркі падышлі да нас. Адзін з іх, старэйшы, імкнуўся ўсунуць Кручку, а потым мне некалькі залатых манет, аднак Кручок, а пасля і я не ўзялі грошы. Хлопец прамовіў:
— Нам ужо заплочана… За ўсё сваё падарожжа вы разлічыліся на пункце ў Менску… Мы з вас скуру здзіраць не будзем. Нам хопіць таго, што зарабляем.
— Але ж гэта не плата! Цэнім вашу працу… Мы проста ўдзячны… Ну, і ў нас хапае!..
— Тады штось іншае! — адказаў Кручок. — Калі так, дык трасіце.
Узяў 60 працягнутых яму залатых рублёў і 30 аддаў мне. Пасля мы выйшлі з гумна і, спяшаючыся, накіраваліся бочнымі вулачкамі на Слабаду.
Ужо світала, калі наблізіліся да хаткі Кручка. На ўсходзе неба ўсё больш ярчэла… Абвяшчала пра ўзыход сонца.
Прыйшла вясна. Знікла белая сцежка. Лягла чорная. Але перамытнікі мала хадзілі за граніцу. Ночы былі кароткія, дарогі вельмі цяжкія, мяжа і пагранічча добра ахоўваліся. У параўнанні з залатым сезонам зараз працавала толькі 10 працэнтаў перамытнікаў. Тавар за граніцу піхалі нерэгулярна — выбіралі лепшыя ночы… Амаль усе старыя групы надоўга спынілі сваю работу. У той жа час хадзілі паўстанцы — маладыя, недасведчаныя хлопцы, якія не мелі паняцця аб перамытніцкай працы і хадзілі на схібіў-трапіў. Вельмі часта пападаліся, аднак іх месцы займалі новыя паўстанцы, якім прыходзіла ахвотка зарабіць пару рублёў на гарэлку.
Разам з Кручком пяць разоў быў за граніцай. Працягвалі вадзіць фігуркі. Сябра сказаў мне, што тыя пяцёра, каго мы перакінулі ў пачатку нашай агульнай працы, былі афіцэры.
— Адкуль ты ведаеш? — запытаўся ў яго.
— Нюхам адчуваю!.. Я ўсялякага народу сотні перакінуў. Адразу кожнага пазнаю: што за ён!
У час нашай працы на пункт прывялі дзвюх жанчын з двойкай дзетак ды іхняга спадарожніка — чалавека сталага веку. Мелі мы з імі шмат клопату. Жанчыны напакутваліся, а дзеці наплакаліся: вымушаны былі рабіць днёўку ў лесе і толькі на другую ноч перайшлі граніцу. На трэці раз перавялі ў Ракаў папа з жонкай і дачкой. Яны вельмі баяліся. Поп увесь час паўтараў:
— Каб, мае даражэнькія, толькі ўсё было ў парадку!
— У нас заўжды ўсё ў парадку! — адказваў яму Кручок.
Акрамя перакідкі фігурак мы яшчэ займаліся перамытніцтвам.
На кожным пераходзе зараблялі ад 60 да 150 рублёў золатам. Пасля вяртання з-за граніцы мы звычайна адпачывалі 2–4 дні і зноў выходзілі ў дарогу. Кручок арганізоўваў справы на пункце. Купляў тавар, а я альбо сядзеў у хаце, чакаючы яго звароту, ці бадзяўся па лясах, якія зараз, пакрыўшыся веснавым зялёным уборам, выглядалі цудоўна.
Калі мы за пятым разам прыйшлі з-за граніцы, Кручок, як звычайна, падаўся ў мястэчка, а я лёг спаць. Hi ўдзень, ні ўначы сябар не вярнуўся. Гэта мяне занепакоіла, паколькі ён абяцаў прыйсці па апоўдні таго ж дня. Увесь наступны дзень яго таксама не было. I я ўжо меркаваў вечарам схадзіць на пункт, каб даведацца, што з ім такое. Аднак незадоўга да змяркання прыйшоў Шчур. Быў страшэнна ўсхваляваны. Ніколі не бачыў яго такім узбуджаным.
— Што з табой?! Дзе Кручок?.. — пытаюся ў яго.
— З Кручком дрэнна! He ведаю, ці выжыве! Адаслалі ў шпіталь… Лорда арыштавалі…
— За што?!
— Заступіўся за Кручка!.. Гэта хамы! Гэта гады! Гэта жлабы! — праклінаў Шчур.
З яго адрывістага апавядання даведаўся наступнае. Учора апоўдні Кручок і Лорд пайшлі выпіць у рэстаран Гінты. З нашых хлапцоў там нікога не было. Салон запоўнілі паўстанцы… Былі п’яныя і лезлі біцца. Разам з імі піў Альфрэд Алінчук. Меў нейкія агульныя інтарэсы. Лорд з Кручком прыселі за бакавы столік, паўстанцы пачалі чапляцца да Кручка. Іх падбухторваў Альфрэд, які не забыўся, як Кручок стукнуў яму бутэлькай па галаве на вечарынцы ў Сашкі. Адзін з паўстанцаў, зусім п’яны, кінуў у твар Кручку кавалак селядца. Кручок падскочыў да яго і стукнуў кулаком. За сябру заступіліся іншыя паўстанцы. Пачалася бойка. Біліся кулакамі, бутэлькамі, крэсламі. Паўстанцы схапіліся за нажы. Павалілі Кручка на падлогу. Тады Лорд, выхапіўшы рэвальвер, стрэліў некалькі разоў для спалоху, а калі паднялася паніка, пачаў крэсламі біць паўстанцаў, якія ўцякалі. Двух моцна параніў. Яго арыштавалі. Кручок меў некалькі сур’ёзных нажавых ран. Альфрэд жа ўцёк, як толькі пачалася бойка.
Я быў страшэнна ўражаны гэтым апавяданнем.
— Што ж зараз будзе? — запытаўся ў Шчура.
— He ведаю. Кручок цяжка паранены. Можа, не выжыве. А Лорд зараз пасядзіць і за зброю, і за пабоі.
— Кепска! — прамовіў я.
— Дрэнна, браце! — пацвердзіў Шчур.
— Цяпер за адным разам — і ты і я — засталіся без працы! Бо групу Лорда д’яблы пабралі.
Шчур не адказваў і доўга маўчаў. Потым прамовіў:
— Гэта яшчэ пабачым!
— Што? — не зразумеў яго адказу.
Шчур тупнуў нагой. Пальцы сціснуў у кулакі.
— Я ім гэтага не дарую!.. Ніколі!.. I Альфрэдчыку таксама! — казаў, утаймоўваючы гнеў.
Замоўк і доўга нерухома глядзеў перад сабой.
— Гарэлка ёсць? — запытаўся ў мяне пазней.
— Ёсць.
— Давай!.. Гэта клячы! Гэта жлабы! Гэта гады! — зноў пачаў лаяцца Шчур.
Я прынёс бутэльку гарэлкі. Сябра адразу выпіў амаль палову пляшкі. Потым закурыў папяросу, сплёўваючы направа і налева, прамовіў:
— Нічога. Ты гэта надта не бяры да галавы. Дадзім сабе рады і Лорду дапаможам. А да Кручка трэба матку паслаць. Пойдзем да яе.
Пераступілі парог. Шчур коратка расказаў маці Кручка пра здарэнне з яе сынам. Бабулька хуценька апранулася і разам са Шчурам пайшла з хаты.
Развітваючыся, Шчур наказаў мне:
— Ты далёка не адыходзься. Калі ўсё параблю ў мястэчку, вярнуся да цябе.
Шчур з’явіўся назаўтра ўвечары. Ужо быў п’яны. Сардэчна прывітаўшыся са мной, вымавіў:
— Так, браце, пачнем работу! Вырабім ім скуру!
— Каму?.. Якую работу!..
— Паўстанцам. Я ім: халера, ні адной групы не прапушчу! Усе пакладу! Толькі трымацца клёва!
Мы сядзелі ў пакоі Кручка. Яго сястра нешта рабіла на падворку.
— Дзе Кручок? — запытаўся ў Шчура.
— Павезлі ў віленскі шпіталь. Трэба будзе рабіць аперацыю. Матка Кручка паехала разам з ім.
— А дзе Лорд?
— Адаслалі ў Івянец. Да следчага.
— Пра якую работу ты казаў?
— Стоп! Тут шмат гутаркі. Трэба выпіць… Пасля растлумачу ўсё падрабязна.
Мы выпілі бутэльку гарэлкі, і Шчур пачаў казаць:
— Пакуль на мяжы працавалі нашы фартоўцы, усё было: маё ўшанаванне!.. З’явіліся паўстанцы. Ходзяць за некалькі грошаў. Адзін у аднаго адбівае работу. Адзін другога засыпае. Можна сказаць, не фартоўцы, а хамы! Машыністы ў іх таксама гады. З імі нават «дзікія» не хочуць знацца. Яны клікалі да сябе ў машыністы Сума, дык ён адказаў, што галодны будзе сядзець або ваду жыдам цягаць, чым са жлабамі справу мець! Тое самае сказаў і Бульдог… Некалі перамытнік — то быў зух, а зараз — альфонс, гультай альбо шпанюга! Зараз за пляшку гамэры паўстанец лепшаму хлапцу лязо ў бок усуне. Так, як зрабілі Кручку па намове Альфрэда! I ведаеш, што я зараз прыдумаў?
Я быў вельмі здзіўлены такой незвычайна доўгай для Шчура прамовай і запытаўся ў яго:
— Уласна і жадаю даведацца хутчэй, што ты задумаў.
— Хачу паўстанцкія групы разбіваць і тавар забіраць. Калі гэтак доўга рабіць, купцы перастануць ім даваць тавар. Зразумеў?
— А як уведаеш, куды ідуць?
— Пра ўсё даведаюся ці ў машыністаў, ці ад хлопцаў з груп, ці сам высачу. Дам рады!.. Будзем «крыць» альбо тут, на паграніччы, альбо, сама лепш, у Саветах!
Шчур з усё большым запалам расказваў, як мяркуе весці работу. Паддакваючы, я ўлазіў у размову са сваімі заўвагамі. Незадоўга перад адыходам сябар вымавіў:
— Пазбавілі, чэрці, нас добрых хлапцоў і працы! Але ж і мы ім пакажам па чым фунт перцу!
Праз некалькі дзён з Вільні вярнулася маці Кручка. Яе сын памёр у шпіталі, і матка з дачкой выплакалі па ім усе вочы. Калі глядзеў на іх роспач, мяне ахоплівала ўсё большая нянавісць да паўстанцаў. З нецярпеннем чакаў Шчура, але ён недзе прапаў, і я ўжо пачаў баяцца за перамытніка. Праз некалькі дзён ён прыйшоў. Радасна прывітаўся са мной:
— Даўно б пайшла работа, але не хапала трэцяга хлапца!.. Трэба, каб яго не ведалі паўстанцы.
— Знайшоў?
— Знайшоў! З’ездзіў за ім аж у Радашкавічы!
— Хто гэта?
— Янка Грабар. Ты яго не ведаеш! Клё-ё-вы хлапец! Надзейны і баявы! Да любой працы здатны! I не жмінда… Ведаеш, дзе яго пакінуў… для пачатку…
— Дзе?
— У Петруся Філосафа. Сёння ўвечары прынясём сюды шмат розных рэчаў. Я буду жыць у мястэчку і ўсё выведваць, а вы тут… Трэба пагаварыць з маткай Кручка.
Паклікаўшы бабульку, запыталіся ў яе, ці згодна трымаць нас у хаце, бо мы хочам адчыніць тут пункт. З радасцю згадзілася. Шчур жа паабяцаў добра ёй плаціць!
— Але ж я і так магу! — прамовіла бабулька. — Вы былі яго добрымі сябрамі… Жывіце, як у сябе дома! — і пачала плакаць.
— Вы, мама, не плачце! — адказаў Шчур — Яшчэ пажывём!.. He трэба кідацца ў роспач. Прапала! А з пункта будзеце мець працэнты. Калі доўга шчасліва папрацуем, то збярэце Гэльцы на пасаг!
Я забыўся напісаць, што Каро — сабака Кручка — загінуў пад час бойкі з паўстанцамі. Абараняючы свайго гаспадара, ён кінуўся на іх. Паразрываў рукі, ногі, твары. Аднак адзін з паўстанцаў, лежачы на падлозе, распароў яму знізу бруха.
Таксама забыўся напісаць, што Юлік Вар’ят памёр у шпіталі ад сухот. Пра гэта паведаміў мне праз Шчура Пятрусь Філосаф.
Увечары разам са Шчурам прыйшоў новы сябра — Янка Грабар. Гэта быў мужчына сярэдняга веку, дастаткова моцны і вельмі спрытны. Меў светлыя валасы, якія наперадзе выпалі, і там утварылася досыць вялікая лысіна. Увесь час смяецца і прыплюшчвае ўважлівыя шэрыя вочы. Яму магло быць гадоў 40. Часта паціраў далоні і казаў: «Пайшло!.. Першая катэгорыя!»
Сябры прынеслі два вялікія пакункі. Распакавалі мы іх на гарышчы, дзе мелі схованку і куды можна было, не будзячы маткі Кручка і Гэлю, лёгка залазіць па страсе, а пры небяспецы — уцякаць ва ўсе бакі праз спецыяльна зробленыя для гэтага ў даху дзверцы. I скрозь паблізу рос лес.
У пакунках было шмат усялякага адзення і шапак. Акрамя таго, знаходзіліся там розныя незразумелыя па прызначэнні прылады. Спарадкаваўшы ўсе рэчы, зрабілі нараду.
— Зброі ў нас мала, — прамовіў Шчур. — Дзве машыны на трох. Але заўтра будзе болей!
— Адкуль? — запытаўся ў яго.
— «Адкуль»? — Шчур усміхнуўся і вымавіў: — Сам даведаешся. Заўтра ідзём на першую работу!
Грабар пацёр рукі.
— Ну і пайшло! Першая катэгорыя!
— Каго бяром? — запытаўся я ў Шчура.
— Алінчукоў! — урачыста адказаў Шчур.
— He можа гэтага быць! — не паверыў яму.
— Каб мяне так чэрці ўзялі!..
— Дзе крыем?
— Пад мостам, насупраць Вялікага Сяла. Пойдуць туды з таварам.
— Адкуль ты ведаеш пра гэта?
— Я ўсё ведаю. Там праходзяць кожны чацвёрты і пяты раз… I зараз павінны там ісці. А пра тое, што яны выходзяць раніцай у дарогу, я даведаўся ад аднаго «блатняка».
— Можа, ад Ёські Гусяра?
— Ты яго ведаеш?
— Ведаю.
— Ад яго і пачуў.
— Але ж усе Алінчукі ходзяць узброеныя, а ў нас толькі дзве машыны на трох!
— Таму і секанём іх найперш! Трэба здабыць зброю. Я ўжо ўсё абмазгаваў! — вымавіў Шчур.
Мы пачалі абмяркоўваць падрабязнасці заўтрашняга нашага налёту. Пасля, развітаўшыся з намі, Шчур вярнуўся ў мястэчка, а я з Грабаром, лежачы на гарышчы, перад сном размаўлялі пра ўсё на свеце.
Вечар быў цёмны і ціхі, як і тады, калі першы раз пайшоў з Юзікам Трафідам за граніцу. Мы знаходзіліся на тым самым месцы, на якім я быў некалі, толькі зараз не сядзеў у канале разам з гуртам перамытнікаў, а на плячах не было ношкі.
Як я ўжо пісаў на пачатку гэтай аповесці, дарога там ішла па высокім насыпе, дзе ў адным нізкім месцы быў доўгі, на некалькі метраў, адводны канал для вытоку вады пад час веснавой паводкі. Алінчукі павінны былі ўвайсці ў канал і на нейкі час там схавацца, каб адпачыць. Так рабіла кожная група, машыніст якой вёў па гэтым шляху хлопцаў. Ведалі пра тое пэўна.
Калі ўвечары прыйшлі туды, перш за ўсё ўважліва агледзелі мясцовасць. Ад Паморшчыны да нас цягнулася ўзараная вялікімі скібамі чорная ралля. З таго боку блізка ад канала схавацца было немагчыма. З другога боку насыпу (ад граніцы) вузкім клінам накіроўваўся ў поле, на ўсход да граніцы, луг. Тут таксама немагчыма было зручна схавацца, каб увесь час трымаць на воку ўваход канала. Тады вырашылі зрабіць наступнае: па краях насыпу мы выкапалі дзве даўгаватыя канавы глыбінёй па 25 сантыметраў кожная. Я і Грабар залеглі ад Паморшчыны, а Шчур уладкаваўся ў канаве з боку граніцы. Пад намі знаходзіўся канал, а падняўшы галаву ўгару, мы маглі бачыць уваходы ў канал, што чарнелі на стромкіх берагах насыпу. Потым спраўдзілі, ці добра замаскаваліся. Сапраўды, ідучы ў напрамку да канала, нічога не маглі прыкмеціць на насыпе. Затым, залезшы ў канал, выкурылі па некалькі папярос і толькі тады занялі свае месцы. Як павінны дзейнічаць, мы дамовіліся раней.
Час цягнуўся марудна. Мне шмат разоў здавалася, што чую крокі людзей, якія набліжаюцца да нас з боку Паморшчыны, і нават — што бачу цёмныя абрысы, якія хістаюцца ў змроку, але заўсёды пазней упэўніваўся, што гэта падман… У правай руцэ я трымаў парабелум, у левай аборку, другі канец якой знаходзіўся ў Шчура. Калі б паказаліся людзі, я павінен быў тузануць адзін раз на сябе, а калі б тыя залезлі ў канал — тройчы моцна пацягнуць. Тады б Шчур, скокнуўшы ўніз, уключыў бы ліхтарык і свяціў ім усярэдзіну, а Грабар павінен быў паўтарыць усё гэта, толькі з нашага боку. Далейшы працяг «аперацыі» абдумалі да дробязей, і кожны добра ведаў, што яму належыць рабіць… Я і Шчур павінны былі захоўваць маўчанне і адгукацца толькі ў надзвычайным выпадку, змененымі падробленымі галасамі, кароткімі воклічамі. Гэта асабліва датычылася Шчура, які знаходзіўся на легальным становішчы і мог без перашкод, жывучы ў мястэчку, здабываць усялякую патрэбную нам інфармацыю. На Шчуру была куртка з настаўленым каўняром і капялюш з нізка насунутымі на вочы вялікімі палямі. Свой твар ён упрыгожыў магутнымі рыжымі вусамі і таму выглядаў вельмі пацешна, а гледзячы на яго, хацелася рассмяяцца. Я ж меў наклееныя чорныя вусікі.
Час ідзе. Ляжу ў схованцы каля Грабара і, павярнуўшыся тварам да Паморшчыны, думаю пра рознае… Непадалёку адсюль, бліжэй да граніцы, знаходзіцца Капітанская Магіла. Падымаю галаву і праз насып гляджу ў бок граніцы. Аднак нічога не магу заўважыць у змроку, які шчыльна ахутаў нас.
Дзесьці брэша сабака. Стараюся вызначыць: дзе. «Там хтосьці ідзе!» У Паморшчыне гараць агеньчыкі. Іх некалькі. Калі даўжэй узіраюся — здаецца, яны перасоўваюцца. Прымушаю сябе не глядзець, паколькі цемра потым гусцее і цяжка што-небудзь заўважыць на мясцовасці.
Сплываюць хвіліны, квадры, гадзіны. Няма нікога. Паглядаю на фасфарычныя стрэлкі. Хутка адзінаццаць. Тады чую нейкі невыразны звон, нібыта стук па каменю абцасам. Зірнуў управа і пачаў прыслухоўвацца. Падалося, што чую тупат крокаў. Потым усё сцішылася. Зноў хібіў… «А можа, сёння яны ўвогуле не пойдуць альбо вырушылі іншым шляхам?»
Раптоўна ўсё выразней чую лёгкі шоргат крокаў.
«Ідуць, — думаю радасна. — Сапраўды ідуць!»
Тулавам прыціскаюся бліжэй да зямлі, галаву падымаю над насыпам і стараюся ахапіць зрокам мясцовасць, якая знаходзіцца справа ад мяне і патанае ў сутоннях. Аднак у такую змрочную ноч найлепшы мой паслугач — слых, і цяпер я штораз выразней адрозніваю крокі людзей. Штурхаю Грабара ў бок локцем і руляй парабелума паказваю ў цемру, адкуль чую крокі. Ён доўга прыслухоўваецца, а потым сцвярджальна ківае галавой. Падрыхтоўвае ліхтарык і нож: з нажом у руцэ будзе абшукваць Алінчукоў.
Ужо вельмі выразна чую крокі. Тады цягну адзін раз за шнурок. Шчур злёгку адказвае мне… He спіць…
А крокі ўсё бліжэй. Ведаю — гэта не зялёнкі — да граніцы адсюль значны кавалак адлегласці, і трымаюцца яны гуртам, а зводдаль ад граніцы не паводзілі б сябе так ціха. Гэта ці Алінчукі, ці іншыя перамытнікі.
Нечакана ў 10 кроках ад мяне выразна бачу постаць, якая ўзнікае з цемры. За ёй сунуцца наступныя. Каб перамытнікі не заўважылі мой твар, нахіляю ўніз галаву.
Іх пяцёра. Падыходзяць да насыпу. Спыніліся паблізу канала. Доўга стаяць нерухома, потым адзін з тых хутка ўзбег на насып і перайшоў яго на другі бок. Я не чакаў гэтага. «Што такое? Можа, увогуле не пойдуць у канал!» Пазіраю то на астатніх чатырох чалавек, то на ўваход у канал. Вакол цішыня. «Можа, хочуць разведаць другі бок насыпу і канал?» — думаю і не памыляюся. Праз пэўны час заўважаю, як у некалькіх кроках ад мяне з канала паказалася істота з шэрым прастакутнікам ношкі на спіне. Чую ціхае: «Цыц! Цыц!» — і чатыры цёмныя постаці накіроўваюцца паўз насып да ўвахода. Адразу ўсе. Сэрца хутка з радасцю б’ецца, скача ў грудзях: усё атрымалася выдатна — як мы прадбачылі!
Нізка нахіляючыся, Алінчукі адзін за другім залазяць у канал. Тады я моцна тройчы тузаю аборкай, і Шчур ускоквае на ногі. Зрабіўшы некалькі скокаў, знікае за насыпам. З нашага боку Грабар скокнуў уніз, а я збег за ім.
Амаль адначасова каля двух выйсцяў бліснулі электрычныя ліхтарыкі. Залілі сцены яркімі праменнямі. У той жа момант прагучаў спакойны, халодны, упэўнены ў сабе голас Грабара:
— Ручкі ўгору!.. Раз, два!.. I ані мур-мур! Першая катэгорыя!
«Ого! — чамусьці падумаў я. — Дык вось ты які!»
Грабар засвяціў свой ліхтарык і з бліскучым нажом у правай руцэ пайшоў, нахіліўшыся ўперад. Шырока расхінуўшы курткі, каб закрыць выйсце з канала, я са Шчурам усцяж свяцілі ўсярэдзіну. Рабілі так, каб не было здалёк відаць бляску ліхтарыкаў.
Грабар абшуквае першага з краю. Пазнаю Альбіна. З яго кішэні Грабар выняў рэвальвер, запасныя магазіны і нешта яшчэ, што здалёк я не мог заўважыць. Усё гэта ён хавае ў свае кішэні. Потым аглядае наступнага — Адольфа. Таксама ўсяго абмацвае, выварочвае кішэні і забірае зброю. Наступны быў Альфонс. За ім Амброжык. I, нарэшце, Альфрэд. Перамытнік нешта сказаў Грабару. Я не пачуў што. У адказ прагучаў голас Грабара:
— Якім правам?.. А гэткім, што мне так падабаецца! Разумееш?.. А як захочацца — выб’ю табе зубы альбо во — «касу» ў бок заганю! «Понял»?
Грабар скончыў абшукваць Алінчукоў. Пасля загадаў ім:
— Скідайце ношкі! Хутка, бо я падганю!
Зараз ужо Грабар трымаў у левай руцэ ліхтарык, а ў правай зараджаны парабелум, які забраў у Альфрэда. Браты скінулі з плячэй ношкі. Тады Грабар голасна загадаў:
— А зараз марш за граніцу! Гуськом… Адзін за другім… Я буду ззаду… хто азірнецца, атрымае пілюлю для ачышчэння сумлення… Вылазь!.. Пайшлі!.. Першая катэгорыя!
Шчур, пагасіўшы ліхтарык, адсланіў ім выйсце. Алінчукі вылезлі па адным і накіраваліся ў поле. Грабар пакрочыў за імі. Шчур забраўся ў канал і пачаў выкідваць адтуль ношкі. Яны былі дастаткова цяжкія. Я пачаў іх звязваць па дзве зараз. Дзве Грабару, дзве мне, а Шчуру, які быў слабейшы за нас, пакінуў адну ношку.
— Мурова ён іх апрацаваў! — шэптам сказаў я Шчуру.
— Гэта старая фірма! Жыган! Ведаю, каго да такой работы браць!.. Такіх, як ён, на паграніччы мала!
Хутка пачуліся лёгкія крокі, і з насыпу збег Грабар.
— Дзе ты іх пакінуў? — запытаўся Шчур.
— Паўкіламетра іх вёў. Можа, да самай граніцы… Я тут мясцін не ведаю… А пасля паціху ўзад, узад… Як я петру, да самай Масквы памаршыруюць: думаюць, што крочу следам…
Мы вярнуліся на мяліну. На падстрэшшы пры свеце ліхтарыка Грабар пачаў выкладваць адабраныя ў Алінчукоў рэчы. Там было 5 рэвальвераў: тры парабелумы і два наганы, 5 ліхтарыкаў, шмат набояў і запасных абоймаў. Акрамя гэтага — некалькі партманетаў. Шчур пачаў іх правяраць. Там было шмат польскіх і савецкіх грошай, былі даляры і стэрлінгі. Ніякіх дакументаў не было. Асабістых пасведчанняў перамытнікі ў дарогу не бяруць.
— Ведаеш што? — прамовіў Шчур. — Палову грошай аддадзім матцы Кручка, а палову адашлем Лорду ў астрог. Яны праз іх пацярпелі. Хай хоць гэта скарыстаюць!
— З паршывай авечкі — абы клок воўны! — вымавіў Грабар.
— А нам застаецца тавар і зброя.
Мы пачалі распакоўваць ношкі. Тавар быў дарагі: лакеркі, шаўро, перламутравыя французскія гузікі, батыст, шаўковыя панчохі — усё самага лепшага гатунку.
— Ну і ну! Добры куш сарвалі! — прамовіў Шчур.
— Дзе ты гэта апыліш? — запытаўся ў яго Грабар.
— Халера яго ведае! Ёсць дзе прадаць, але трэба шмат страціць!
Тады мне ў галаву прыйшла адна думка.
— Ведаеш што? — сказаў Шчуру. — А можа, паспрабуем занесці тавар да Бамбіны? Яна даўно ўжо на волі, а свае справы завязала.
— Добрая парада! — адгукнуўся Шчур. — Тут трэба аддаваць за палову кошту. А там мы яшчэ 100 працэнтаў заробім. Возьмем у восем, дзесяць разоў больш, чым тут… Ну і таго! — міргануў мне вокам. — Убачыш сваю Бамбусю. Добра, што ты яе прыгадаў!
Вырашылі, скарыстаўшы цёмныя ночы, назаўтра аднесці за граніцу адабраны ў Алінчукоў тавар. Шчур пайшоў у мястэчка, а я і Грабар засталіся на мяліне.
Мы добра ўзброіліся. У мяне два парабелумы: адзін — уласны, а другі — адабраны ў Альфрэда. У Шчура таксама два парабелумы, у Грабара два наганы — ён не давярае аўтаматычнай зброі. Нясём складзеныя ў тры вельмі цяжкія ношкі, тавар Алінчукоў… Быў прызначаны для Саветаў і ідзе ў Саветы. Толькі з розніцай у адзін дзень і на іншы пункт.
Ноч вельмі цёмная. Ідзём пераважна лесам. Крок у крок, паціху і асцярожна, хоць не баімся нікога, бо на кулі з засады, з-за куста мы можам адказаць дзесяткам куль. Такая асцярожнасць прадыктавана жаданнем апярэдзіць людзей, якія б напалі на нас. Аж занадта асцярожныя, але калі спатрэбіцца, будзем біцца да апошняга. He гаворым пра гэта, але ведаем, што так будзе.
Недалёка ад мяжы затрымаліся, паселі на зямлю і скінулі боты. Пасля заткнулі за рамні халявамі ўніз. Далей пайшлі ў шкарпэтках. Наперад рухаліся як здані, без шолаху. Ступні ног мякка абдымаюць галінкі галля, шышкі і ўвогуле не робяць гукаў.
Нас вядзе Шчур. Я добра ведаю гэты прамежак і таму крочу апошнім. Грабар рухаецца за Шчурам — яму гэтая мясцовасць зусім незнаёмая. Трымаю ў руках два рэвальверы, запасныя абоймы адцягваюць левую кішэню. Крок за крокам, паціху, марудна пасоўваемся далей. Абмінаем кусты, дрэвы, кучы ламачча. Паступова вочы ўсё больш прызвычайваюцца да цемры і бачаць мясцовасць на значнай адлегласці.
Вось і тылавыя сцежкі, па якіх ходзяць бальшавіцкія салдаты. Павольна набліжаемся да кожнай з іх. Доўга, з увагай прыслухоўваемся, а пасля пераходзім небяспечнае месца. Зноў марш, зноў лес і зноў сцежка.
У адным месцы Шчур спыняецца ў двух кроках ад сцежкі. Раптоўна прысядае. Робім, як ён. Напачатку я нічога не чую, але праз хвіліну да маіх вушэй далятаюць невыразныя гукі. Адразу не магу зразумець, што гэта. Пасля ўжо адрозніваю выразны шоргат ног аб зямлю… Гэта крочаць зялёнкі. Часам спыняюцца, пасля чаго пануе дзіўная, неспакойная цішыня… Зноў разносіцца шоргат… Бліжэй, бліжэй. Нечакана заўважаю цёмныя сілуэты, якія сцежкай павольна сунуцца да нас… Маўчым… Паціху падымаю рэвальверы ўгару, накіроўваю іх уперад… «Магу зрабіць з імі што захачу!.. У мяне напагатове 18 куль… Магу іх выстрэліць за некалькі секунд. Магу ператварыць гэтых двух стражнікаў у рэшата з мясам!»
Крочаць марудна, ляніва… Затрымліваюцца насупраць нас. Адзін злёгку кашлянуў. Тут жа пры іх знаходзіцца Шчур, які, калі б захацеў, мог бы схапіць іх рукой за шынялі. Яны, прыслухоўваючыся, стаяць хвіліну… Нічога не заўважыўшы навокал сябе, пакрочылі далей, цяжка ступаючы нагамі. Адчуваю да іх нешта накшталт літасці і пагарды.
Шолах крокаў усё больш аддаляецца ад нас. Шчур устае і падаецца наперад. Рухаемся за ім. Крочым без шуму — як цені, як здані. Мы спрытныя, дасведчаныя, прадбачлівыя, добра ўзброеныя, упэўненыя ў сабе… Прыемна працаваць у такіх умовах, з такімі сябрамі…
Дзіўлюся з гэтага вар’ята, Шчура. Думаў, што ён толькі здольны рабіць скандальныя забавы, а ён вядзе нас так асцярожна і ціха, што не знаходжу слоў, каб выказаць сваё захапленне. I адначасова дэманструе бравуровую адвагу. Напрыклад, другую лінію перайшлі па мосце, ніхто яго не ахоўваў. А калі б хто і быў там, дык заўважыў бы нас толькі перад сабой. А тады… Ці трэба пісаць — што адбылося б тады.
Чуем, што па дарозе едзе нейкі воз. Збочваем з тракту і спыняемся зводдаль купіны елак… Гэта не адзін воз, гэта цэлы табар. Едуць некуды ў бок граніцы — магчыма, на лясныя распрацоўкі на паграніччы.
Праз некалькі кіламетраў ад граніцы, абуўшы боты, рухаемся палявымі дарогамі і стараемся не звяртаць на сябе ўвагу. Досвіткам мы падыходзім да хутара Лёні. Нарэшце ўбачу яе. Так часта пра яе думаў, меркаваў калі-небудзь адведаць. Затрымаліся ў лесе, зводдаль ад хутара. Чакаем ўзыходу сонца.
Віднее ўсё больш. Зараз выразна бачым дарогу, якая вядзе на хутар і дзядзінец. Бачым, як парабак запрагае каня і выязджае ў поле. Пасля заўважыў, што дзеўка, рухаючы вялікі цэбар, пайшла ў хлеў. Паблізу ад хутара таксама не відаць чужых людзей.
— Я пайду… пагляджу… — кажу Шчуру.
— Добра… А калі што — сячы з комінаў і ўцякай да нас. Мы падтрымаем.
— Гіт.
Бяз ношкі хутка іду па дарозе да хутара. Выходжу на дзядзінец, пасля на ганак і ў сенцы. He вымаю з кішэні рук. Трымаю там зараджаныя і без забеспячальнікаў рэвальверы. З сенцаў заглядаю ў прыадчыненыя дзверы на чорную палову хаты. Бачу Лёню. Адвярнуўшыся ад мяне, мыецца ў вялікай мядніцы, пастаўленай на табурэце пасярод хаты. Намыленымі рукамі цярэ твар і шыю. Крадуся да яе. Лёня змывае вадой твар. Калі праз момант выпростваецца, хапаю яе аберуч рукамі і падымаю ўгару. Крыкнуўшы, яна вырвалася ў мяне з рук. Мядніца звалілася на падлогу. Разлілася вада.
— Гэта я, Лёня!
Прыціскае рукі да сэрца і кажа:
— Як ты мяне напалохаў! Адкуль ты?..
— З-за граніцы… Надарыўся мне тавар. Хацеў цябе адведаць і прыйшоў з сябрамі.
— Колькі іх?
— Двое.
Лёня хуценька выцерлася ручніком і, адказваючы на мае пытанні, весела ўсміхалася і радасна бліскала вачыма.
— У цябе спакойна?
— Зусім… Зараз мяне не чапаюць… Напэўна, аднекуль ведаюць, што закрыла пункт.
— А мой тавар прадасі?
— Што б я для цябе толькі не зрабіла! He забыўся на мяне?.. Хадзі, прывітаемся!
Адкладвае ручнік на лаўку і абдымае за шыю. Пахне мылам і мятай. Цягне мяне за руку на другую палову хаты.
— Там хлопцы чакаюць! — кажу ёй.
— Хай трохі пачакаюць. Я цябе даўжэй чакала.
Потым іду ў лес і прыводжу сябраў на хутар. Лёня ўжо цалкам апранулася. Запрашае нас у пакоік за перагародкай, дзе мы звычайна камплектавалі ношкі. Зараз вымаем тавар і, раскладваючы яго па гатунках, лічым колькасць рэчаў.
— Калі нам Бамбіся піхне гэтыя цюкі? — пытаецца Шчур.
— Спяшаешся?
— Так, і форса патрэбна.
— Як хочаш прадаць: за золата ці за даляры?.. А можа, абмяняць на футра?
— Прадай за даляры.
— Калі так, дык назаўтра да вечара ўсё арганізую. Сёння не паспею. Мусіце пераначаваць у мяне.
— Каб нас тут не цапнулі.
— He цапнуць. Бо адкуль даведаюцца?
— А тады, Уладзік?
— «Тады»?.. Тады чакалі. Засыпаў вас хтосьці з местачковых хлапцоў, і Макараў зрабіў засаду… Чатыры дні чакалі.
Днявалі мы на гарышчы. Адсюль добра праглядаліся дарогі ва ўсе бакі і пры патрэбе можна было хутка ўцячы. Лёня днём паехала ў Менск, а вечарам пяць пераносчыц занеслі ўвесь тавар на месца. Я бавіў час у памяшканні, а сябры на падстрэшку.
— Сёння можам вярнуцца, — сказаў я Лёні. — Тавар перанеслі, і, напэўна, у цябе ёсць для нас грошы.
Лёню гэта абурыла.
— Чаго ты спяшаешся? Больш года не бачыліся, а табе карціць! Паспееш!.. Ёсць якая справа дома? Ну?
— Няма.
— Ну, дык заўтра пойдзеш. Грошы я таксама не ўсе атрымала. Раніцай забяру астатнія, з жыдамі было па-ўсякаму, а вам трэба манету на рукі даць!
— Так!
— Бачыш. Я ведаю, як зрабіць найлепей.
Хлапцы засталіся на гарышчы, а я правёў яшчэ адну ноч з Лёняй. Раніцою яна паехала ў горад. Вярнулася пасля палудня. Уважліва падлічыла кошт тавару і выплаціла нам 2950 даляраў. Я ўзяў з тых грошай 250 даляраў і даў ёй, кажучы:
— А гэта атрымай за сваю працу і пункт.
Яна весела рассмяялася.
— Які ж ты добры!.. А ты мне дай са сваіх грошай… з долі, а не з агульных.
— Добра, — адказаў я. — Дам табе палову з таго, што мне належыць, а калі хочаш, дык і ўсе!.. Грошы ў мяне ёсць.
Лёня з удаваным здзіўленнем ківае галавой.
— Глядзіце на яго, які багач! Але ты за мяне не хвалюйся. Я свае працэнты атрымаю ад жыдоў. А гэта вашае чысцяком. Калі хочаце за даляры ўзяць скуркі, дык заробіце яшчэ больш.
— Нам хопіць і гэтага заробку, — сказаў Шчур.
— He хочам лішніх клопатаў.
Падзялілі паміж сабой атрыманыя грошы. Вечарам, пасля моцнай вячэры, развіталіся з Лёняй і вырушылі назад.
— Калі яшчэ будзе тавар, дык прыходзьце! — наказала мне Лёня. — Я пункт цяпер не трымаю, але твой тавар заўжды прадам.
Ноч была цёплая. Прыемна было ісці палямі і лясамі без ношак за плячыма. Быў пярэдадзень нейкага свята. У вёсках дзяўчаты цягнулі беларускія песні. Крочым праз лугі, палі і лясы, па сцежках, імхах, дарогах… Усё на захад. Туды, дзе нясецца наўскасяк зверху ўніз, з усходу на захад Вялікі Воз.
Мы выдатна дапасаваліся адзін да другога. У нас дасканалая зброя. Маем шмат грошай і надзею на яшчэ большыя… Навошта яны мне? Хіба я ведаю? Мне грошы ўвогуле не патрэбны. Абыходжуся малым.
Ужо сярэдзіна траўня. Шчур падрыхтоўвае ў мястэчку нашы справы: уважліва і спрытна разнюхвае, ці не пойдзе за мяжу якая-небудзь група паўстанцаў. Грабар цэлымі днямі адсыпаецца на гарышчы нашага пункта ў маці Кручка. А я, з двума парабелумамі ў кішэні, швэндаюся па дарогах і лясах. Часамі заходжу вельмі далёка. He ведаю, што мяне падганяе. He магу гэтага і зразумець… Магчыма, гэта сум? Але па чым сумаваць? У мяне ёсць ежа і гарэлка, адданыя сябры…
Веснавы поўдзень. Сонца прапякае гарачымі промнямі глебу. Лес іграе, шуміць і спявае… Зямля млее і цяжка дыхае!
Працягваю хадзіць па лясах вакол мястэчка. Зрэдку да мяне далучаецца Грабар (але толькі вечарамі, мой сябра не любіць сонца), і тады мы ідзём да бліжэйшых вёсак. У нас там шмат знаёмых хлапцоў і дзяўчат. Прыцягваем іх да сябе гарэлкай і цукеркамі. Грабар не выбірае — задавальняецца абы-чым, толькі каб была баба! А днём з цынізмам насміхаецца над дзяўчатамі, якіх вечарамі і начамі з працавітай трываласцю абмацвае на прызбах і па гумнах. Кажа, напрыклад, так:
— Вясна для мяне пачынаецца далёка за каленямі, а канчаецца каля пупка. Гэта першая катэгорыя! Няма розніцы. А рэшта не ўлічваецца!..
Грабар умее размаўляць з дзяўчатамі і, нягледзячы на тое, што сам брыдкі і цынік, карыстаецца ў іх папулярнасцю. У кожнай навакольнай вёсцы ў яго па некалькі каханак… Я не раз чуў, як ён апавядаў дзяўчатам такія амаральна-вытанчаныя, заслюняўленыя анекдоты, што аж плявацца хочацца, а тыя клянуць яго, дубасяць кулакамі, вушы сабе затыкаюць пальцамі, але слухаюць і лезуць да яго.
Калі ночы не занятыя працай, Грабар на пункце не спіць. Вяртаецца толькі пад раніцу, што-небудзь з’есць і кладзецца спаць аж да вечара, пакуль зноў не выходзіць на інспекцыю па вёсках. Таму я заўсёды ўдзень адзін, ды і спаць доўга не магу. Тады, задумаўшыся, бадзяюся па лясах. Цэлымі гадзінамі ляжу на мяккіх імхах, узіраюся ў глыбокі лазуровы фон неба, па якім прабягаюць лёгкія аблачынкі або доўгія чароды хмар.
Аднойчы я прабавіў шмат часу ў лесе каля Душкава. У мяне з’явіўся намер абысці вёску Выганічы і вярнуцца на пункт. У гэты момант, стоячы на ўзлеску, заўважыў пару, якая рухалася па дарозе — маладога хлапца і дзяўчыну. Постаць юнака мне некага нагадвала. Я адышоў у лес і схаваўся ў хмызах.
Сярод тых, што набліжаліся, пазнаў Петруся Філосафа, які трымаў пад руку невядомую мне паненку. Ніколі не бачыў яе ў мястэчку. Была сціпла апранутая. З чорнымі валасамі, брывамі і светлым воблікам. Была надта маладая, нават маладзейшая за Петруся. Мне падалося, што недзе бачыў гэты твар. Спачатку хацеў падысці да іх, але калі заўважыў у дзяўчыны падабенства да некага, каго я ведаў раней… спыніўся. Абмінулі мяне. Ціха размаўляючы, пайшлі далей. А я глядзеў услед і ўсё думаў, думаў… Нарэшце прыпомніў Капітанскую Магілу і здань… гэты самы воблік… або вельмі блізкі… Бачыў яго ў гарачцы, паўставаў са змроку, аднак застаўся ў памяці.
Сачу за імі зводдаль. Няма рашучасці падысці. Штосьці мяне ўтрымлівае.
Наблізіліся да Душкаўскага маёнтка і павярнулі назад. Крочу за імі. Пасля забягаю лесам наперад і залажу ў прыдарожныя кусты. Падыходзяць да схованкі. Чую дзявочы голас:
— Няхай спадар напіша ў Варшаву. Магчыма, там знойдуцца якія-небудзь звесткі?
— He, панна Ірэна!.. Усё гэта намарна. Думаю зараз, пры дапамозе газет, звярнуцца да эмігрантаў… Маглі выехаць у Германію альбо Францыю. Павінны мець знаёмых, што ведаюць пра іх лёс…
Працягу размовы не разабраў. З самога ўрыўка зразумеў, што Пятрусь імкнецца адшукаць сваіх блізкіх, і размаўляў пра гэта з дзяўчынай, імя якой — Ірэна. Але хто яна? Адчуваў, што гэтую загадку без дапамогі Петруся мне не разгадаць…
Адыходзілі ўсё далей ад мяне і зніклі за нейкім пагоркам. А я доўга ўзіраўся ўслед.
Крочу па палях у напрамку лесу, дзе знаходзіцца наш пункт. У памяшканні Гэля рыхтуе нам вячэру. Маглі б есці ў пакоі, але на гарышчы адчуваем незалежней — няма ўмоўнасцей. З гэтае нагоды кладу яду ў кош, выходжу з хаты і залажу на гару. Убачыўшы мяне, Грабар зірнуў прыплюшчанымі вачамі і прытварыўся, што спіць.
— Чалавек, калі ты выспішся! — кажу я, здзіўлены.
— Ну, бо што?.. Што трэба рабіць?.. Ноччу да баб на біржу, а днём дрыхну.
— Падымайся есці!
Са смакам ядзім засмажаную са скрылёчкамі ад бачка яечню, гарачыя бліны, тушанае мяса, капусту. Выпіваем пляшку гарэлкі. Пасля закурваем папяросы. Да заходу сонца яшчэ далёка.
— Быў Шчур, — вымавіў Грабар.
— Ну?..
— Прынёс 10 пляшак «гамэры» і 2000 папярос.
— Што казаў?
— Паўстанцы сядзяць ціха. У дарогу не рыпаюцца. А Алінчукі данеслі на цябе ў паліцыю, што абрабаваў іх на дарозе з Ракава да Аляхновіч.
— Супакойся! He можа быць!
— Шчур казаў. Таксама лаяўся. Першая катэгорыя!
— Але ж не маглі мяне пазнаць. He адгукнуўся ж да іх ні адным словам, не бачылі мяне ўвогуле!
— Шчур казаў, што гэта яны з понтам, налева. Яны самі не ведаюць, хто іх абрабаваў, а на цябе данеслі са злосці. Гэта Альфрэдава работа… А што, хвалюе гэта цябе? I так ніхто не дасць веры, што ў іх адабралі тавар па дарозе на станцыю.
— А я на іх пляваць хацеў, — адказаў са злосцю — Няхай даносяць! Папрашу Шчура, каб абавязкова даведаўся, калі ізноў пойдуць за граніцу, і на «чыстую» іх выведу!
— Гэта я разумею! У гэта я гуляю! — вымавіў Грабар.
— Што казаў Шчур? Будзе работа?
— Зараз нічога няма. Шчур сказаў: пацярпіце! Няхай стануць цёмныя ночы. Тады пачнецца работа! Першая катэгорыя!
— Абрыдла мне чакаць.
— Дык пайшлі да баб. Ведаю тут у адной вёсцы такіх кабет, што трасца чалавека схопіць! Першая катэгорыя!
Сонца зайшло. Вырушылі ў вандроўку да адной з навакольных вёсак. Садзімся на вялікім камені, непадалёку ад апошняй з канца хаціны, і зводдаль назіраем за вячэрнім рухам на вёсцы. Пастухі гоняць з выпасаў, у хмарах пылу, чароды кароў. Каля нас праходзіць селянін. У яго вялізны ўскудлачаны лоб і магутныя, зчарнелыя, дэфармаваныя ступакі ног.
— Памагай, Божа, Валентаму! — крычыць яму Грабар.
Хлопец паварочвае да нас потны твар.
— Га?.. Дзякую!
Пакрочыў далей.
— Бачыш, які аўтаматычны карабін, — вымавіў Грабар.
— Дзе аўтамат?
— Ну, на плячы нясе.
— Гэта ж вілы!
— Уласна… Беларускі аўтаматычны карабін, адразу 5 дзюрак робіць!
— Ну, а як выглядае беларуская гармата?
— Сякера, — кажа Грабар. — Дай у лоб, конь не вытрымае!
Ад лугавін да нас набліжаецца гурт дзяўчат з граблямі ў руках. Спадніцы ў іх высока пападтыканыя, кашулі потныя. Як на парадзе, трасучы цыцкамі, праходзяць побач, пакідаючы пасля сябе моцныя пахі поту, сыру, цыбулі і гною. Паглядзелі ўважлівымі каровінымі вачыма без выразу і пайшлі далей, з выклікам калыхаючы бёдрамі.
— Ганка, у цябе каса заплялася! — крычыць Грабар.
Адна з дзяўчат датыкаецца даланёй шыі.
— He ззаду… спераду! — кідае ёй Грабар.
— А што б цябе трасца ўзяла, — адказвае Ганка.
Астатнія дзяўчаты паказваюць у шырокіх усмешках ружовыя дзясны і па эскадрону здаровых белых зубоў.
— Прыходзьце, хто хоча, да Акуліны. Пагуляем! — крычыць услед дзяўчатам Грабар.
— Добра, — адгукаецца здаля адна з іх.
Сядзім далей на камені. Надыходзіць цёплы веснавы вечар. Змяркаецца. Грабар падымаецца з месца і, сціснуўшы кулакі, пацягваецца, аж косці трашчаць.
— Ну, пайшлі! Пагуляем, першая катэгорыя!
Крочым вузкай крывой вуліцай у глыб вёскі. Усё тут натуральна: смурод, бруд, голад… Жанчыны таксама: калі прыгожыя — дык прыгожыя, калі брыдкія — дык брыдкія. Ва ўсёй вёсцы не знойдзецца гарсэта, парыка, штучных зубоў. Толькі крыху румян, пудры і памады. I то ў адной з дзвюх, больш заможніх, хацін, якія знаходзяцца ў цяснейшым кантакце з мястэчкам.
Ноч цёплая і ціхая. Цёмнае неба пакрыта мноствам зорак, якія асвятляюць мясцовасць на значнай адлегласці. Сяджу на беразе высокага, у некалькі метраў, адхону, унізе якога ляжыць тракт, што вядзе з Ракава на Менск. У левай руцэ трымаю ліхтарык, у правай зараджаны парабелум.
Уважліва ўглядаюся ў напрамку моста, які знаходзіцца ў ста кроках ад мяне. Сюды далятае шум вады, але я не бачу ні моста, ні рачулкі. Злева ад моста вада булькае па каменнях. Чакаем паўстанцаў, якія будуць вяртацца гэтым шляхам з Саветаў, несучы скуркі. Павінны, як лічым з дакладнай інфармацыі і ўласных назіранняў над мясцовасцю, перайсці па камянях рачулку, а пасля, праз выкапаную ў доўгім узгорку дарогу, выйсці на вялікую паляну. Тут дарога ўтварае нешта накшталт яра шырынёй на чатыры-пяць метраў, а ўдоўжкі на некалькі дзесяткаў крокаў.
Я знаходжуся з аднаго боку, а Шчур насупраць, каля ўвахода ў гэты штучны яр. Зручная пастка для групы, за якой палюем два тыдні і якая ўжо тройчы выслізгвала ў нас з рук. Ім неяк дзіўна шанцуе! Гэта нас дражніць, і мы з упартасцю высочваем іх далей. У гэтым яры робім засаду тры начы запар.
Стаіць сярэдзіна жніўня. Лета адплывае. Чацвёрты месяц палюем на паўстанцаў. Схапілі больш дзесяці груп. Напэўна, больш, чым стражнікі з двух бакоў граніцы на працягу ўсяго года. Малыя партыі паўстанцаў, якія ходзяць на ўласную руку, не чапаем увогуле: гэта занадта дробная для нас рыба. Высочваем вялікія групы, якія пераносяць дарагі тавар. Некалькі груп разбілі ўшчэнт, бо купцы, убачыўшы сталыя правалы, перасталі даваць ім тавар. He раз працуем «на моцю» з машыністамі тых груп, або з іх членамі, якія дамаўляюцца са Шчурам у вялікай таямніцы перад астатнімі сябрамі. Менавіта яны паказваюць дакладныя дарогі і пункты, а мы наладжваем засады ў Саветах. Імітуючы падпольнікаў, чэкістаў, сексотаў, бярэм іх «жыўцом», перш чым тыя здолеюць зразумець, што адбылося і хто мы такія.
На мне чорная скураная куртка і шапка з чырвонай зорачкай. Акрамя гэтага, нашу карычневыя штроксы, абшытыя скуранымі лампасамі, і боты з доўгімі халявамі. Гэтаксама апрануты і Грабар. На Шчуру доўгі вайсковы шынель і вайсковая шапка без адзнак.
Ужо першая гадзіна ночы. Мне вельмі хочацца спаць, але перамагаю санлівасць і пільна ўзіраюся ў напрамку моста. У гэты момант ззаду чую нейкія ціхія шолахі. Нахіляюся да зямлі і падрыхтоўваю рэвальвер. Разносіцца ціхі свіст. Двойчы. Адказваю. Збоку, з-за дрэў, паказваецца Шчур. Садзіцца каля мяне і шэпча:
— Напэўна, ужо не пойдуць.
— Напэўна… Далёка па першай…
— Закурым?
— Давай.
Адыходзім у глыб лесу. Здымаю з сябе куртку. Кладуся на зямлю. Накрываю курткай галаву і верхнюю частку тулава. Закурыў папяросу. Хаваю яе ў рукаў і вяртаюся да Шчура. Ён таксама запаліў папяросу.
Доўга сядзім моўчкі і курым. Адначасова ўважліва прыслухоўваемся, што робіцца навакол, і аглядаем перад сабою мясцовасць.
Сядзім на краю адхону. Ногі звесілі ўніз. Пад намі рассцілаецца шэрая паласа дарогі і знікае ў сівым сутонні.
Грабара з намі няма. Ён у засадзе з другога боку рэчкі ў купіне кустоў, недалёка ад моста. Мы ўлічваем тое, што група можа падацца іншай дарогай, бо з левага боку моста таксама знаходзіцца брод. Калі б Грабар заўважыў, што паўстанцы перапраўляюцца там, ён павінен быў паведаміць пра гэта, і мы разлічвалі перапыніць іх у некалькіх кіламетрах ад абранага месца.
Калі сядзелі, асцярожна пакурваючы, на краю адхону, заўважыў, што ўнізе нешта рухаецца. Гэта выглядала так, як бы раптоўна частка дарогі пачала без шуму паўзці ўгару… Паспешліва нахіляюся ўніз. Чую лёгкі звон, нібы ад удара металу аб метал. Зноў такі самы звон. Напэўна, стук зброі… Падымаю з каленяў парабелум і кладуся на крайку рова. Шчур укленчыў побач з рэвальверам, падрыхтаваным да стрэлу. Сплывае некалькі секунд, і мы бачым, як унізе, акурат пад намі, сунуцца два ўзброеныя чырвонаармейцы. Іх сівыя шынялі зліваюцца з шэрым фонам дарогі, і, калі б не рухаліся, нельга было б іх заўважыць нават з такой блізкай адлегласці. Лёгкі бразгат зброі грыміць без перапынку, пры кожным іх кроку. Тупата ўвогуле не чуваць, бо ногі чырвонаармейцаў патанаюць у мяккім пыле, што засцілае дарогу…
Усё глядзім уніз. Губляем іх са зроку. Лёгкі стук зброі сціхае ўдалечыні.
— Пайшлі, — ціха кажу я Шчуру.
Той доўга не адказвае мне, а пасля шэпча:
— He… Стаяць…
— Пайду пагляджу.
Падымаюся і, робячы павольна і ціха вялікае паўкола паміж соснаў, якімі зарос верх рова, выходжу на ўскрай вялікай паляны, пасярэдзіне якой бяжыць дарога да граніцы. He адрозніваю ні процілеглага, парослага лесам краю паляны, ні мастка на дарозе, у той жа час мне здаецца, што я чую ляскат зброі, які аддаляецца. Кладуся на зямлю і гляджу ў напрамку дарогі такім чынам, каб позірк наўскасяк трапляў на цёмны фон неба. Абсяг так значна пашыраецца. Мне здаецца, што адрозніваю постаці людзей, якія адыходзяць па дарозе. Амаль упэўнены ў гэтым. Вяртаюся ў лес і крочу да краю абрыву. Тут у адным месцы, паміж выступаючымі карэннямі сасны, я пакінуў брызентавую торбу, у якой было шэсць пляшак спірту, літр лікёру і больш дзесятка шакаладных плітак.
Шукаю тое месца. Нахіліўшыся ўніз, павольна іду паміж дрэвамі. У левай руцэ ліхтарык, у правай парабелум. У гэты момант заўважаю ля краю абрыву, недалёка ад пня старой сасны, нейкую шэрую пляму. Думаючы, што гэта мая торба, нахіляюся, каб яе ўзяць. Нечакана тая пляма адсоўваецца ад маёй выцягнутай рукі, і я чую крык:
— Кто это? Руки вверх!
Раблю моцны скачок назад і ўніз. Укленчваю і з выцягнутай улева рукі накіроўваю перад сабой сноп электрычных промняў з ліхтарыка. Бачу дзве галавы ў будзёнаўках з чырвонымі зоркамі наперадзе. Дзве карабінавыя рулі, накіраваныя ў тое месца, дзе перад гэтым за хвіліну быў я. Адначасова справа, з берага рова, бліснуў яшчэ адзін ліхтарык і даляцеў голас Шчура:
— Руки вверх.
Я пагасіў свой ліхтарык і саскочыў уніз з абрыву, які ў гэтым месцы быў невысокі, і апынуўся паміж чырвонаармейцамі. Трымаю напагатове парабелум. Шчур свеціць на нас зверху.
— Што за такія, сукіны дзеці? — пытаюся, лаючыся па-расейску.
— Чырвонаармейцы.
— А што вы тут, да д’ябла, робіце?
— Вяртаемся з Краснага. Былі там у засадзе.
— Адкуль будзеце? З граніцы?
— Ну, так.
— А хто вам дазволіў бадзяцца па тылах і рабіць засады?
— Палітрук.
— У вас ёсць чырвонаармейскія кніжкі?
— He.
— А адкуль я, да халеры, магу ведаць, што вы сапраўдныя чырвонаармейцы?
— Вы, таварыш, не сварыцеся. He маеце на гэта права!
— А чаго тут лазіце і палохаеце нам перамытнікаў?
— Мы ішлі па дарозе… вельмі ціха…
Шчур, працягваючы свяціць ліхтарыкам, таксама саскочыў уніз. Пасля загасіў ліхтарык, і нас на нейкі момант, пакуль мы не прызвычаіліся, агарнула цемра.
— У вас ёсць крыху часу? — запытаўся сябра ў чырвонаармейцаў.
— Ёсць.
— Дык дапамажыце нам… Трэба ціха… Могуць пачуць. Зараз палова другой. Ёсць сэнс яшчэ да трох пасядзець…
Адзін з салдатаў адгукнуўся да мяне:
— Таварыш, на тым баку ў кустах хтосьці сядзіць.
— Адкуль гэта ведаеце?
— Бачылі, як запалілі папяросу. Бліснула запалка.
Зразумеў, што заўважылі там Грабара, і адказаў:
— Гэта наш чалавек… Ведаеш Макарава?
— Чулі…
— Гэта ён.
— А мы думалі — перамытнікі. Чакалі, што выйдуць на поле, але не вылезлі. Таму пайшлі ўперад, бо ў кустах чорт яго ведае хто можа сядзець.
— Добра зрабілі, — вымавіў я, звярнуўшыся да салдат, — калі б нечакана напалі, ён мог бы вас пастраляць.
Шчур забірае сабе аднаго чырвонаармейца, а я другога. Вяртаемся на свае месцы і цікуем далей. Паціху размаўляю з салдатам. Ён з Барысава. Расказаў мне падрабязна пра сябе і службу. Кажа, што на адным прамежку падпольнікі возам перавозяць тавар у Менск. Абяцае дапамагчы нам наладзіць засаду. Пытаецца ў мяне, якой фірмы рэвальвер. Упершыню за сваё жыццё бачыць такую зброю.
Каля трэцяй гадзіны ночы перастаём пільнаваць. Шчур ціха двойчы свіснуў і са сваім кампаньёнам сышоў уніз. Мы таксама збягаем з пагорка і выходзім на дарогу. Пасля дамаўляемся сустрэцца з чырвонаармейцамі ў нядзелю а дзевятай гадзіне вечара, непадалёку ад купіны кустоў, справа ад дарогі, на тым беразе рэчачкі. Развіталіся з салдатамі, якія пакрочылі ў напрамку граніцы. Пасля мы пайшлі шукаць Грабара. Вылез нам насустрач з кустоў.
— Што ў цябе чуваць? — запытаўся ў таго.
— Былі тут масалкі… удвух… Панюхалі, панюхалі і пайшлі… Думаў лупануць па іх з комінаў, але не хацеў шухеру рабіць.
— Заўважылі, як ты курыў, — вымавіў Шчур. — Ты глядзі, так нельга!
Пакручастымі вузкімі сцежкамі мы пайшлі ў глыб лесу. Дарога цягнулася доўга. Некалькі разоў змянілі напрамак… Перамералі велікаватую дрыгву. Нарэшце, калі пачало світаць, затрымаліся ў надзейным, добра схаваным месцы. Тут наладзілі днёўку.
Перш за ўсё з’елі сняданне. Па малой пайцы хлеба і вялікаму кавалку сала, па палове шакаладкі і па некалькі глыткоў спірту на брата.
Разагрэтыя ад руху і алкаголю, мы кладземся спаць. Я вартую першым. Так рабілі заўсёды: ахоўваем спакой сяброў па дзве гадзіны кожны. Заснуць нельга. Стараюся не класціся на зямлю. Сяджу, стаю, паціху хаджу побач з нашай схованкай, але не прыкладаюся да зямлі — можна заснуць і не заўважыць, як гэта выйшла.
Спірт і сала канчаюцца. Хлеба няма ўжо некалькі дзён. У нас шмат скурак куніц, лісаў і пясцоў, але няма чаго есці.
Робім днёўку. Я вартую. Падтрымліваю вогнішча. Пяку бульбу, якую накапаў на полі, недалёка ад смалярні. У мяне на каленях сядзіць дужы рыжы кот. У яго вялікі лоб і падзёртыя ў шматлікіх бойках вушы. Гэта павінен быць бадзяга па прызванні. Такі кацячы канквістадор. Ачышчаю ад солі скрылёчак сала і кармлю ката. Есць без вялікага энтузіязму.
Гэты кот прыйшоў да мяне ўчора на засаду. Маё месца было ў неглыбокім рове, тут жа каля мастка. Шчур сядзеў у зарасніку з другога боку дарогі. Грабар знаходзіўся на процілеглым канцы паляны. Сюдой павінна была прайсці вялікая група перамытнікаў, машыніст якой і кантралёр, як было вядома, неслі вялікія сумы грошай. План мелі просты: калі група выйдзе з лесу, Грабар павінен прыстаць і незаўважаным крочыць ззаду за імі па паляне, а калі ж група ўзыдзе на мост, я асвятляю яе ліхтарыкам і крычу: «Стой, рукі ўгору!» Пасля тое самае паўтарае Шчур. Ад нас залежала заўважыць кантралёра і машыніста, а пры ўцёках групы лавіць толькі іх, бо маюць пахаваныя даляры.
Час цягнуўся марудна. Было вельмі цёмна. Я сядзеў у густых кустах, якімі парос бераг лесу і даўно нячышчаны роў. Трымаў у левай руцэ ліхтарык, а ў правай рэвальвер. Надакучыла ўжо бесперапыннае прыслухоўванне і ўзіранне ў начны змрок. Я прыплюшчыў вочы. Быў упэўнены, што і так пачую крокі перамытнікаў. Раптоўна злева ў рве разнёсся шолах. Я амаль не падскочыў на ногі. Адразу хацеў пасвяціць туды ліхтарыкам, але нельга было гэтага рабіць без крайняй неабходнасці. Працягваў стаяць, укленчыўшы на дне рова. Высунуў улева рулю рэвальвера, які быў падрыхтаваны для стрэлу. Пасля пачуў, як штосьці даткнулася майго калена. Рукой з ліхтарыкам я намацаў цёплую мяккую скурку. Гэта быў кот. Хвост меў каротка адсечаны. Здзівіла мяне тое, што ён мог знаходзіцца ў адлюдным месцы, у глыбіні вялікага лесу. Прасядзеў разам з ім у засадзе да раніцы. Затым занёс яго да нашай дзённай мяліны… Зараз сумесна вартуем сон Шчура і Грабара.
Незадоўга да змяркання мы пачалі па чарзе, каб не было адразу некалькі разабраных рэвальвераў, чысціць зброю. Я пачаў апавядаць калегам свой сон. Прыснілася мне, што знаходжуся ў гушчары вялізнага лесу, што стаю паміж камлёў велічэзных елак і азіраюся па баках; у нейкі момант заўважаю, што дрэвы пачынаюць рухацца. Гэта мяне дзівіць. He ведаю чаму, але здаецца, што яны хочуць мяне раструшчыць. Думаю абараняцца. Разумею, што толькі гэта можа мяне выратаваць. Вось тут і бачу на зямлі вялікі рэвальвер. Падымаю, ён зараджаны. Заціскаю яго ў далоні і аглядаюся навокал. А дрэвы ўсё больш сціскаюць сваё кола. Уверсе выразна грыміць пярун. Гэта дрэвы насміхаюцца з мяне… Трыумфуюць… Ужо знаходжуся ў цесным коле, якое ўсё звужаецца. Тады падымаю ўгару рэвальвер і страляю ў чырвоныя, нібы акрываўленыя, камлі дрэў. Кулі аблупліваюць з іх кару, і паказваецца сакаўная мяздра дрэў. Дрэвы адразу мацней сціскаюць сваё кола. Нарэшце я апынуўся ў цвёрдым бязлітасным уціску волатаў, пакрытых шарахаватай карой, якія трушчаць мне косткі. Мае рукі выцягнуты ўгару. У правай далані рэвальвер. Адчуваю, што заходжуся. He хапае паветра, а ўціск усё ўзмацняецца. Бачу над сабой угары малую блакітную пляму — гэта неба. Апошні раз націскаю на курок і страляю ўгару з рэвальвера. Гук стрэлу будзіць мяне. Бачу калегаў і з вялікай палёгкай уздыхаю. Грабар вылаяўся: у час сну загарэлася яго шапка і абпаліла і без таго рэдкія валасы. Шчур, які быў на варце, не заўважыў, што на шапку Грабара трапіў з вогнішча вугалёк.
— Ведаеце, што мне прыснілася, — кажа Грабар, гасячы шапку і мацаючы галаву.
— Што? — пытаюся з цікавасцю.
— Лес перада мной схіляўся.
— Як схіляўся?
— Схіляўся аж да самай зямлі, і малыя дрэўцы, і старыя…
Шчур коратка чмыхнуў носам. He ведаю — здзівіў яго сон Грабара, ці надаваў гэтаму якое-небудзь значэнне, або не ўспрыняў яго. Але калі пазней расказаў калегам свой сон, Шчур паважна сказаў:
— Будзе нейкая завіруха! Быць пільнымі!
Увечары, як звычайна, пайшлі на засаду. Я засеў у рове. Ката пасадзіў сабе на калені. Ён паціху мурлыкае. Мне ж прыгадалася хата, сям’я, полымя, якое гарыць у печы… Думкі ляцяць удалечыню, а разам з імі сыходзяць гадзіны. У нейкую хвіліну я страпянуўся. Выразна чую зусім блізка шоргат крокаў. Вылаяўся паціху, устрывожаны тым, што амаль не заснуў. Скідаю з каленяў ката. Незадаволены, той фыркае ў цемры. Я падрыхтаваўся да скачка наперад, сціскаю ліхтарык і рэвальвер. Прыгадаў, што трэба лавіць машыніста, які вылучаецца вялікім ростам, або кантралёра, які малы і ідзе апошнім. Зрэшты, яго будзе хапаць Грабар, які крочыць за групай ззаду.
Уважліва гляджу ў глыб ночы. Левую нагу паставіў на ўскрай рова. Бачу цёмны абрыс, які рухаецца. Прапускаю. На мосце грымяць крокі. Слушна мяркую, што гэта выпушчаны «на зман» перамытнік. Праз крокаў дзесяць сунецца рэшта групы. Крочаць нядбала, шаргочуць нагамі і робяць значны шум. Уласна таму, што не ўмеюць ціха хадзіць, паўстанцаў празвалі «сланамі».
Параўняліся са мной. Наперадзе заўважаю цёмную постаць дужага мужчыны. Думаю — «машыніст» і кідаю ў цемру сноп жоўтых праменняў. Адначасова крычу:
— Стой! Рукі ўгору!
Адбылася дзіўная рэч. Разнесліся перапалоханыя воклічы, і цёмная маса з ценяў кінулася ў кусты, на другі бок дарогі, адкуль у тую ж хвіліну бліснуў ліхтарык і пачуўся голас Шчура:
— Стой! Валіся!
Ззаду паўтарыў той жа загад Грабар. Але паўстанцаў ахапіла паніка. Бягуць, валяцца, стукаюцца аб дрэвы, паўзуць. Страляючы з рэвальвераў, крычым «Стой!», але гэта ўзмацняе паніку.
Шукаючы машыніста, свячу ліхтарыкам навокал. Заўважаю ў некалькіх дзесяткаў крокаў ад сябе высокага плячыстага мужчыну, які хаваецца за дрэвамі. Бягу за ім. Ашукваючы яго, свячу ліхтарыкам убок, жадаючы, каб той стукнуўся аб дрэва. Але ён шчасліва пазбягае гэтага. Даганяю яго. Свячу ўніз, яму пад ногі. Выбіраю зручны момант і скачу на яго. Той зваліўся на зямлю.
— Падымайся! — кажу.
Устаў.
— Рукі ўгору! — вымавіў, навёўшы яму на асветленыя ліхтарыкам грудзі рэвальвер.
Нечакана перамытнік робіць бліскавічны рух. Ледзь паспеў адскочыць, бо ён хацеў вырваць у мяне з рукі зброю. Б’ю яго ў жывот. Тады пачынае ўцякаць. Зноў ганюся за ім. Здзіўляюся яго адвазе. Калі б не жорсткая дамоўленасць не забіваць без апошняй патрэбы, даўно б застрэліў яго. А сапраўдны стражнік стрэліў бы, нават не гонячыся, калі б на першае папярэджванне перамытнік не спыніўся.
Ганюся ўслед. Зноў валю на зямлю. Кажу падняцца. Перамытнік яшчэ раз паспрабаваў выхапіць у мяне рэвальвер, а калі не атрымалася, пачаў уцякаць.
Гэта мяне шакіруе. He магу зразумець, чаму так безразважліва ўцякае, рызыкуючы загінуць. Зноў збіваю яго на зямлю. Тады хапаю ў зубы ліхтарык, а левай рукой, трымаючы за каўнер курткі, падымаю ўгару. Парабелум трымаю ў правай руцэ. Выводжу яго на дарогу, і мы крочым у напрамку моста. Там здалёк бліскаюць ліхтарыкі сяброў. Неспадзявана мой арыштант моцна б’е кулаком мне ў бок і кідаецца з дарогі направа. Мой ліхтарык зваліўся на дарогу. Добра, што не сапсаваўся. Падняўшы яго і адчуваючы яшчэ боль у баку, пагнаўся за машыністам. Мяне ахоплівала ўсё большая злосць.
— Стой! Стой, бо заб’ю! — крычу ў часе бегу.
Ён уцякае далей. Тады, амаль датыкаючыся рукуяткай парабелума яго пляча і не спыняючы пагоню, націскаю курок. Стрэлу не адбылося. Упершыню здарылася са мной такое, бо заўсёды лічыў парабелум дасканалай зброяй. Спяшаюся, хаваю ў кішэню рэвальвер і на бягу выцягваю наган, які гэтым разам узяў з сабой. Гэты ніколі не падводзіць. Крычу:
— Стой! Апошні раз!.. Бо страляю!..
Ён не спыніўся. Я стрэліў, нацэліўшыся ў левую руку вышэй локця. Той грымнуўся на глебу, як толькі прагучаў стрэл, і пачаў лямантаваць дзікім голасам:
— О-го-го-го-го!
Мне здалося, што гэта больш падобна на выбух радасці або покліч, чым на крыкі роспачы. А ён дзёрся далей. Крычаў страшэнным голасам, які падхапіла рэха і разнесла далёка па лясах.
— О-го-го-го-го!..
Я адчуваю, што бялею. З’яўляецца жаданне стрэліць яму ў лоб, каб спыніць гэты жахлівы крык. Чаму ён так лямантуе? He ад болю ж! З асабістага вопыту ведаю, што болю адразу не чуваць. I рана неглыбокая. А можа, ад роспачы, што не можа ўцячы?
— Падымайся, — крычу на яго.
He зварухнуўся з месца, яшчэ мацней лямантуючы:
— О-го-го-го-го!..
Між дрэў бліснуў ліхтарык. Нехта падыходзіў да нас. Гэта Грабар. Нахіляецца над параненым.
— Што з ім? — пытаецца ў мяне.
— He хацеў стаяць! Некалькі разоў спрабаваў уцякаць! Стукнуў мяне. Хапаўся за рэвальвер… Прастрэліў яму руку.
— А чаму адразу пілюлю яму не ўсунуў? Гульню знайшоў! Ён бы з табой не цацкаўся!
Грабар звярнуўся да параненага:
— Ну, падымайся! Умомант. Бо ўрэжу ў лоб і труп абшукаю!
Машыніст падняўся і, нахіліўшыся ўлева, пайшоў да дарогі.
Падышлі да мастка недалёка ад паляны. Заўважыў тут двух людзей, што ляжалі на зямлі. Гэта былі паўстанцы, якіх злавіў Шчур пад кустамі, дзе разлічвалі схавацца ад пагоні. Абшукалі іх. Нічога не мелі. Пачалі вельмі ўважліва абшукваць майго. Пры ім знайшлі толькі 10 рублёў золатам і некалькі срэбных рублёў. Гэтая акалічнасць зрабіла на нас вялікае ўражанне.
— Навошта ўцякаў, халера! — лаяўся Грабар. — Хацеў кулю атрымаць?
Пасля запыталіся ў сланоў, ці забяруць з сабой параненага, і адпусцілі іх. Яны вельмі ўзрадаваліся. Ведучы пад руку параненага, яны адышлі дарогай у напрамку граніцы.
Пад час гэтага выпадку Шчур хаваў твар у цень і не размаўляў. Нягледзячы на бутафорыю (начэпленыя вялікія рыжыя вусы), баяўся, каб яго не апазналі.
Маючы вольную хвіліну, я агледзеў парабелум, каб даведацца: чаму ж не стрэліў. Прычына была неспадзяваная для мяне. Рэвальвер знаходзіўся ў поўным парадку, толькі, дужаючыся са сланом, выпадкова забяспечыў яго. Таму не стрэліў.
На гэты раз нам не пашанцавала. Нічога не зарабілі і групу не разбілі, а толькі паранілі чалавека. Калі я абшукваў, заўважыў, што яго рука цэлая, а куля прабіла збоку мяса на левай частцы грудной клеткі.
Ката я знайшоў крыху пазней у рве. He напалохалі яго ні крыкі, ні стрэлы, ні беганіна, ні бляскі ліхтарыкаў. Гэта, напэўна, вельмі дасведчаны коцік, які перажыў шмат у сваім жыцці і якога цяжка было чым-небудзь здзівіць альбо застрашыць.
Пяты дзень адзін сяджу на мяліне ў Краснасельскім лесе. Шчур і Грабар панеслі за граніцу скуркі (мелі іх вельмі шмат), каб там прадаць. А я застаўся ў лесе сачыць за групай Казіка Павука, які водзіць вялікую групу паўстанцаў. Нас паінфармавалі, што група Павука звычайна двойчы вяртаецца з Саветаў без тавару, а на трэці — нясе назад вялікую колькасць скурак. Нам рупіла тое, каб схапіць гэтую групу тады, калі будуць несці скуркі за тры партыі тавару. Краснасельскі лес (у якім мяркуем апрацаваць групу Павука) яны перасякаюць па чатырох дарогах. Калі ўважліва назіраць іх пераходы і лічыць па чарзе іх шляхі з таварам, можна прыблізна меркаваць, калі і якім шляхам будуць вяртацца са скуркамі з Саветаў.
Сяджу і фіксую праходы групы Павука. Да гэтага часу ні разу не празяваў і штодня ўвечары і ранкам праглядаю сляды па чатырох «дарогах», якімі звычайна ходзіць група Павука праз Краснасельскі лес. Пасля заціраю гэтыя сляды, якія засталіся на балоце, пяску, па беразе рачулкі і на дарозе, каб лепш заўважыць іх з’яўленне ў наступны раз. З гэтага раблю амаль беспамылковую выснову, якой дарогай у наступны раз пойдуць сланы.
Шчур і Грабар паабяцалі мне вярнуцца найпазней праз тыдзень. Прададуць скуркі і прынясуць тытуню і спірту. Адыходзячы, хлопцы пакінулі мне трохі сала, няпоўную пляшку спірту і некалькі плітак шакаладу. Я павінен абысціся гэтым да іх звароту.
Неўзабаве пасля адыходу сяброў пачалася залева. Ліло без перапынку дзень і ноч. Я наскрозь прамок. Раніцай пачаў будаваць сабе будан, але той быў слабы, цесны і працякаў. Тады я надраў шмат кары з дрэў і пачаў рабіць страху. Працаваў доўга, абдумваннем кожнай драбязы і работай забіваў самоту. Нарэшце закончыў страху, замацаваў яе на чатырох жэрдках, над вогнішчам, якое бесперапынку заліваў дождж. Пасля, схаваўшыся ад дажджу зверху, пачаў будаваць тры бакавыя сцяны, каб касы дождж не забіваў і пад страху.
Дровы для вогнішча былі мокрыя і дыміліся. Гэта стамляла мяне і было небяспечна, бо дым здалёк выдаваў маю прысутнасць. У кіламетры ад схованкі заўважыў складзеныя штабялямі сухія бярозавыя дровы. Зняўшы верхнюю частку, пачаў іх насіць да сябе. Складаў пад страхой так, каб не замоклі. Зараз меў шмат дроў і быў добра схаваны ад непагадзі.
Кот увесь час круціўся ля мяне. Як толькі дождж пераставаў ліць, кот знікаў недзе ў лесе. Вяртаўся мокры, цёрся аб мяне, грэўся пры вогнішчы і спяваў сваю аднастайную песню. Мне рабілася весялей, калі адчуваў прысутнасць ката. Я размаўляў з ім, дзяліўся рэшткамі яды, а ён прымаў усё гэта як належную ўвагу. Аднак нягледзячы на яго прэтэнзійную паставу, мой сябар з адсечаным хвастом і падзёртымі вушамі выглядаў бяздомным абарванцам, валацугам, а не сур’ёзным хатнім пагромшчыкам мышэй.
Вечарам я ішоў у лес. Нацягваў ніткі на добра знаёмых мне лясных сцежках. Загароджваў пераходы злёгку ўмацаванымі галінкамі. На берагах рэчкі і ручаёў, дзе я знаходзіў сляды, заціраў старыя, каб пасля новага пераходу групы заставаліся свежыя. Затым вяртаўся ў сваю схованку. Неаднойчы з вялікай цяжкасцю адшукваў яе ў начной цемры. Падкідваў дроў у глыбока выкапаную ў зямлі ямку для вогнішча. Засланяў уваход будана і расстаўляў навокал розныя перашкоды такім чынам, каб людзі, якія надумаюць падкрасціся, нарабілі галасу. Пасля пёк бульбу. Еў яе з салам. Выпіваў крыху спірту і, не падкідваючы ў полымя, каб не было водбліскаў, клаўся спаць на смаляных, абагрэтых пры вогнішчы яловых лапках.
Дождж барабаніць па страсе і цуркамі сцякае па яе краёх. Жар ад вогнішча напаўняе цяплом маю цесную схованку. Кот прыціскаецца да мяне і мурчыць песню. Зброю трымаю падрыхтаванай, хоць і адчуваю тут сябе ў поўнай бяспецы… Хто сюды дойдзе ў змроку?.. Ноч — матка няшчасных людзей, якія вымушаны хавацца ад астатніх — ахінула мяне сваім покрывам.
Раніцай іду вывучаць пакінутыя ноччу на сцежках і таемных пераходах сляды. З гэтага раблю розныя высновы і дакладна занатоўваю іх у памяці.
Хутка па адыходзе сяброў заўважыў, што група Павука таксама вярнулася дахаты. Ад гэтага часу яны за граніцу не хадзілі. Магчыма, ім перашкодзіла залева. Прагледзець іх пераход я не мог. Калі б нават не ўсачыў за пераходам да Саветаў, дык павінен быў бы заўважыць іх зварот. Бо нішто не выпала з маёй увагі. Ведаю, колькі дробных груп перайшло да Саветаў і колькі вярнулася. Мяркую так па слядах і шматлікіх акалічнасцях, якія, разам узятыя, ствараюць дакладны малюнак начнога жыцця пагранічча.
Заканчваецца шосты дзень майго побыту ў Краснасельскім лесе. Спірту няма ўвогуле. Шакалад таксама скончыўся. Засталося ў мяне крыху сала. Ашчаджаю яго і таму ўвесь час галодны. Печаная бульба без солі мне ўжо абрыдла. Група Павука дагэтуль не пайшла за граніцу, і нішто не прымушае мяне сачыць за імі далей. Лягчэй можна даведацца пра яе ў мястэчку. Разважыўшы, вырашыў сёння ўначы ісці за граніцу.
Адзін дзень і ноч дажджу ўвогуле не было, а зараз пачалі збірацца чорныя хмары. Яны шчыльна засцілаюць неба, і робіцца цёмна. Рыхтуецца вялікая залева. Кот непакоіцца. Усё круціцца, хоча некуды бегчы, мяўкае. Супакойваю яго.
Надыходзіць вечар. У лесе зусім сцямнела. Запанавала цішыня. Усё замерла, і здаецца, што толькі хмары з глухім лапатаннем нясуцца па небе. Закідваю ў полымя ўсе дровы і раскладаю вялікае вогнішча. Грэюся і пяку бульбу. Выгортваю яе набок. Выймаю з сумкі апошні кавалак сала. Даю трэцюю частку кату, а сваю долю з’ядаю з гарачай бульбай.
Усё больш цямнее. Падымаюся. На развітанне лашчу ката, а пасля выходжу са схованкі. Кот мяўкае ззаду. Магчыма, адчувае, што назаўсёды пакідаю яго.
Прастую нацянькі лесам у кірунку дарогі, якая вядзе да Затычына. Здалёк разносяцца глухія, цяжкія подыхі грымотаў. Набліжаюцца ўсё бліжэй да граніцы. Вецер зрываецца і нясецца ўгары па верхавінах дрэў, напаўняючы лес галасістым шумам.
Змяркаецца. Ледзь адшукваю дарогу між дрэвамі. Неспадзявана, як лань вылятае на луг, так на лес ападае доўгая зялёная бліскавіца. Нізка, нібы з-пад зямлі, гучыць гром і цяжкімі хвалямі плыве ў змрок… Другая бліскавіца, жоўтая — калыхае паветра… Трэцяя — чырвоная, выбухае як ракета… Чацвёртая — жоўтая, далёка прабівае змрок… Пятая — белая, зрывае ноч з зямлі, і нейкі пэўны момант я выразна бачу кожны камель, кожную галінку, кожны лісток… А пасля маланкі ляцяць бесперапынку. Пераплятаюцца. Абганяюць адна другую. Імчацца ўслед і раскідаюць паміж дрэвамі струмені святла…
Паветра дзівосна калышацца… цяжка гудзіць… Дрэвы хістаюцца…
Навальніца… Вецер ламае галіны і кідае на зямлю дрэвы. Бліскавіцы ўшчэнт разбіваюць наймагутнейшыя хвоі, яліны і бярозы. Лес трымціць…
Крочу ўсё наперад. Зверху на галаву ляціць галлё. Недзе справа і злева падаюць паламаныя дрэвы. Угары мігцяць маланкі. Трывожны пошум лесу зліваецца са свістам ветру і гукам грому.
Я трымаю ў руцэ ліхтарык, але, каб свяціць, ён не патрэбны. Бліскавіцы безупынку раз’ясняюць дарогу.
Нарэшце выбіраюся на ўзлесак. Полем іду ў некалькіх дзесятках метраў ад апошніх дрэў. Так бяспечней. He прыцісне мяне зламанае дрэва, не стукне, злятаючы з вышыні, надламаны сук.
Пачынаецца залева. Па палях плывуць ручаі вады. Неўзабаве я наскрозь мокры. Спрабую ліхтарык. Ужо сапсаваўся. Тады вымаю з кішэні наган і з двума рэвальверамі ў руках іду наперад. Стараюся ўзбіцца на тракт. Інакш у такое надвор’е не здолеў бы адшукаць патрэбны напрамак.
Нарэшце знаходжу дарогу. Доўга вывучаю яе, перш чым адважваюся ісці наперад. Баюся, каб не апынуцца на памылковым шляху.
Крочу наперад. Зброя напагатове. Пад дажджавой завесай чапаю далей па бясконцых лужынах. Паабапал дарогі ў рвах нясуцца рэчкі вады. «Што зараз робіць кот?.. Ад маёй лясной схованкі — будана з вогнішчам, — напэўна, не засталося і следу».
Іду трактам усё наперад і наперад. Мінаю адзін за другім некалькі мастоў. Лічу іх. Паблізу павінен быць мост на другой лініі. Спыняюся і слухаю, але праз хвіліну рухаюся далей. «Ці можна што-небудзь распазнаць у гэтай буры гукаў!»
Узыходжу на мост. Паволі, увесь у напружанні, трымаючы пальцы на ўзведзеных курках рэвальвераў. Крочу наперад. «Можа, вось тут каля мяне нехта ёсць!» Ад неспадзяванкі ледзь не валюся. Мала заставалася, каб не стрэліў. Затрымліваюся і дакранаюся нагой да нечага мяккага. Гэта згублены мяшок з сенам.
Рухаюся далей. Дарога пнецца ўгару па слізкім схіле пагорка. Ад граніцы мяне аддзяляе кіламетр шляху. Крок за крокам марудна ступаю наперад. У нейкім месцы, напэўна, паблізу ад граніцы, гляджу на фасфарычныя стрэлкі гадзінніка. Дзесятая гадзіна. Праз гадзіну, калі ўсё будзе добра, дабяруся да пункта.
Адчуваю, што недзе побач граніца. Сыходжу з тракту ўлева і хутка заходжу па пояс у ваду, пераходжу занадта моцную плынь ручая, які ўсё павялічваецца. Праз некалькі гадзін ён ператворыцца ў рэчку.
Нарэшце падыходжу да мястэчка. Крочу па Менскай вуліцы, пасля па Рынку, а адтуль на Слабаду. Яшчэ праз паўгадзіны набліжаюся да нашай хаты. Залажу на страху і стукаю ў дзверы, якія вядуць на падстрэшак. Праз хвіліну далятае голас Грабара:
— Хто там?
— Я. Уладзік.
Дзверы паспешна адчыняюцца. Залажу на гарышча. На перавернутай уверх дном скрыні гарыць свечка. Каля яе на меншай скрынцы сядзіць Шчур. Перад ім стаяць бутэлькі і закуска. Шчур радасна вітаецца са мной:
— Нібы ведаў, калі прыйсці. Гаварылі пра цябе. Хацеў сёння падацца за табой, але надарылася пільная справа ў мястэчку, дык адклаў на заўтра…
— Дайце што-небудзь выпіць і з’есці, — кажу сябрам, — бо згаладаўся.
Спяшаючыся выпіваю шклянку гарэлкі і заядаю тоўстым кавалкам шынкі. Пасля, калі збольшага супакоіў голад, скінуў з сябе мокрую апратку, бялізну, абутак і апрануў усё сухое.
Шчур сказаў мне, што Павук пасля першага разу зрабіў перапынак, бо ў гандляроў няма тавару і таму чакаюць транспарту з Вільні.
— Дык дарэмна там сядзеў! — кажу Шчуру.
— He… гэта спатрэбіцца пасля… Даведаўся лепей, як сланы ходзяць!..
Далей Шчур вымае з партманета і дае мне 1960 даляраў. Мая доля з апошніх нашых спраў. Зараз у мяне, разам з тым, што даў на захаванне Петруку, было больш за 4000 даляраў. Для мяне гэта значная лічба. Мог бы зрабіць так, як некалі раіў Сашка: спыніць працу і пераехаць у вялікі горад, каб там пасяліцца на сталае жыхарства. Задумваюся над гэтым, але Шчур перапыняе мае разважанні. Жвава выкладае нам праекты будучай работы. Запальваецца, пагражае кулакамі паўстанцам і ўзбуджае нас сваім настроем.
Выпілі яшчэ шклянку сівухі — за поспех і паклаліся спаць. Шчур з-за залевы не вярнуўся ў мястэчка, а застаўся з намі начаваць. Сказаў мне, што параненага паўстанца лечаць пакрыёма ў мястэчку і што група, з якой ён ішоў, вярталася без грошай і кантралёра.
Курылі папяросы і доўга паціху размаўлялі. Над намі шалела навальніца…
Я заснуў. У тую ноч мне сніліся сланы… не афрыканскія і не індыйскія, а нашы, пагранічныя, якіх старыя фартоўцы пагардліва называюць паўстанцамі. Сачыў за імі, гнаў, лавіў. Дапамагаў мне ў тым вялікі рыжы кот з адсечаным хвастом і падзёртымі вушамі.
Аднойчы Шчур прыйшоў на пункт раней, чым мы разлічвалі. Залез на гарышча, зачыніў за сабой дзверцы і ўрачыста вымавіў:
— Ведаеце, хлопцы, што?
— Ну, ну, кажы хутчэй! — не выцерпеў Грабар.
— Пятрусь Філосаф развітваецца з граніцай. Сёння ад’язджае ў Вільню. Хоча ўбачыцца з табой, — прамовіў да мяне Шчур.
— Ён знайшоў родных. Учора атрымаў ліст ад маці. Як п’яны хадзіў. Сёння пачаў збірацца ў дарогу. Ягоны гаспадар, Мужаньскі, ледзьве не плача. Прызвычаіўся стары да яго. Як сына палюбіў.
Шчур замоўк. Доўга думаў, а пасля дадаў:
— Ведаеце што, хлопцы? А можа, і мы на пару дзён у Вільню злятаем? Што… Маем гэтулькі скурак. Трэба іх апыліць. Ну і пазабаўляемся збольшага. Што ты на гэта скажаш?
— Пайшло! Першая катэгорыя! Я дык хоць зараз! — вымавіў Грабар.
Тады і я далучыўся.
— Таксама згодны. Зрэшты, сапраўды, трэба штосьці зрабіць са скуркамі. Столькі іх назбіралася!
Шчур пайшоў у мястэчка пагаварыць з Петрусём пра наша падарожжа ў Вільню. Вярнуўся ўвечары, прынёсшы два вялікія новыя чамаданы. Уклалі туды ўсе скуркі і пачалі даводзіць да парадку сваё адзенне, каб выглядаць трохі паважней.
— Пятрусь таксама едзе начным цягніком? — запытаўся я ў Шчура.
— Так.
— Ведае пра тое, што і мы далучымся?
— Ведае. Ён едзе адзін. Сустрэнемся ў цягніку па дарозе.
Увечары мы развіталіся з Гэляй і яе маткай, пакінуўшы ім шмат грошай. He хацелі браць, кажучы, што гэтага больш, чым трэба. Але Шчур сказаў, што гэта іх працэнт ад нашай работы. Паабяцалі ім вярнуцца праз тыдзень. Пасля, калі надышоў вечар, з валізкамі ў руках мы пайшлі ў напрамку мястэчка.
Кругавымі сцежкамі абышоўшы яго лугамі і агародамі, накіраваліся да гасцінца, які вёў з мястэчка да станцыі.
Затрымаліся на ўскраіне, непадалёк ад канца Віленскай вуліцы.
— Каго чакам? — запытаўся я ў Шчура.
— Фурмана.
— Як нас тут адшукае?
— Ён адшукае… Дамовіліся… Гэта Янкель Парх…
— А, гэта мяняе справу!
Праз некалькі хвілін пачулася туркатанне колаў воза, які ляцеў па Віленскай вуліцы. Наблізіўся да нас. Пазнаю голас фурмана.
— Но-о-о! Дзеці!.. Но-о-о!..
Шчур запаліў ліхтарык і зрабіў вялікае кола ў паветры.
Воз затрымліваецца. Узлазім на шырокую і моцную, прыстасаваную да такіх няпростых дарог фурманку. Янкель нейкім дзіўным чынам апазнае мяне. Магчыма, бачыць у цемры, як кот, бо я не адгукнуўся ніводным словам.
— Прывітанне Уладзіку!
— Добры вечар, Янкель!
Воз кранаецца з месца і мчыць у густы змрок наперад.
Едзем не па звычайнай, дастаткова зручнай дарозе да Аляхновіч, якая пракладзена ўздоўж граніцы: з Ракава да Кучкуноў і Дубрава, а дарогай на Бузуны і Воўкаўшчыну. Гэта дрэнная дарога. Увесь час мне здаецца, што мы зараз выкулімся… Воз хістаецца справа ўлева, скача ўгару, а коні ляцяць удалячынь, праз палі, лугі і лясы, каля вёсак і хутароў.
— Но-о-о! Дзеці!.. Но-о-о!
Мне прыгадваецца язда з Сашкам і Жывіцам, і жаль сціскае сэрца.
Мінаем Дубрава і звычайнай дарогай, аб’язджаючы шматлікіх падарожных, нясёмся далей.
На станцыйным пляцы Янкель затрымлівае каня. Шчур і Грабар застаюцца на возе, а я іду па білеты. Меркаваў купіць другі клас, але Шчур сказаў мне, што гэта зверне ўвагу, бо мы не адпаведна апранутыя.
Іду на вакзал. Стаю ў чарзе да касы і купляю тры білеты. Пасля вяртаюся на пляц перад вакзалам. Воз знаходзіцца побач з заездам… Сябры стаяць непадалёк і, п’ючы гарэлку, частуюць ёй фурмана.
— Хутка адыходзіць цягнік? — запытаўся Шчур.
— Праз квадру гадзіны.
— Ну, дык пайшлі!
Шчур шчодра плоціць фурману. Дадае ад сябе 20 даляраў і кажа:
— На шчасце.
— Дай вам Бог шчасця! — адказаў Янкель.
Бярэм чамаданы і абыходзім вакзал. He хочам ісці праз залу адпачынку, дзе паліцыя і дзе можам спаткаць знаёмых з мястэчка. З другога боку цягніка падымаемся ў адзін з вагонаў трэцяга класа. Займаем вольнае аддзяленне.
Цягнік кранаецца з месца. Шчур выходзіць з вагона. Пайшоў шукаць Петруся. Неўзабаве яны вяртаюцца разам. Вітаюся з калегам. Дапамагаю пакласці на паліцу яго рэчы. Размаўляем пра рознае. Непрыкметна плыве час. Шчур і Грабар леглі спаць, а мы ўсё гаворым. Пятрусь хоча аддаць мне грошы, але я прапаную яму ўзяць ад мяне на захоўванне яшчэ 2900 даляраў, каб разам было 4000. Неахвотна згаджаецца.
Раніцай прыехалі ў Вільню. Шчур сказаў, што затрымаемся ў розных гатэлях, каб не звяртаць увагі агентаў паліцыі. Пятрусь даў мне адрас сваёй маткі, якая жыла на Звярынцы, і папрасіў наведацца вечарам.
Шчур пасяліўся ў другарадным гатэлі непадалёк ад станцыі. Аднеслі туды ўсе свае рэчы. Я спыніўся ў гатэлі на вуліцы Вялікай. А Грабар велічным рухам рукі кіўнуў на фурмана:
— Вязі ў гатэль!
— Які?
— Першая катэгорыя!
— Ёсць Брыстоль, Кунецкі, Палас…
— Вязі да лепшага!
Напачатку вялікі горад зрабіў на мяне незвычайнае ўражанне. Проста ашаламіў. Мяне раздражняў вулічны рух. Аглушаў галас… Мінуўшыя два гады жыцця на воўчай назе не прайшлі марна. Мноства нявыспаных начэй, заўсёднае ўзіранне вачыма ў цемру, сталае знаходжанне пад кулямі, неабходнасць паводзіць сябе асцярожна стварылі з мяне іншага чалавека. Я змяніўся нават фізічна.
Даўно не бачыў сябе ў вялікім люстэрку. Калі зараз я, апрануты з ног да галавы ва ўсё новае, паглядзеў у люстэрка, то здзівіўся: убачыў незнаёмага чалавека! Асабліва ўразіў мяне твар і вочы… халодныя, а ў іх затаіліся незвычайныя глыбіні, якіх не было раней… З таго часу не люблю ўзірацца ў вочы людзям і стараюся, каб мой погляд быў спакойны, лагодны… Доўга прыглядаўся да сваіх вачэй, стараючыся зразумець: што гэта? Але не мог таго ўцяміць!.. Там было штосьці ад змрокаў ночы, ад бляску сталі, ад яскравых агеньчыкаў карабінавых стрэлаў, ад сталага чакання ўдару і жадання апярэдзіць гэты напад… Адбілася ў іх таўро ночы і граніцы…
Мяне здзіўляюць людзі. Яны без патрэбы нярвовыя. Робяць столькі лішніх непатрэбных рухаў. Яны вельмі заклапочаныя і няўважлівыя. З любой нагоды пачынаюць хвалявацца, сварыцца, крычаць. Усе вельмі сквапныя і вельмі палахлівыя. Увесь час, скрозь стараюцца ашукаць мяне… на капейкі. Дазваляю аблічваць і ў думках пацяшаюся з гэтага.
Баўлюся днём і ноччу. Ледзьве стае часу, каб выспацца. Гуляю. Гэта значыць: ем і п’ю па розных рэстарацыях, хаджу ў кіно і тэатры, купляю прадажных жанчын. Танны гэты тавар, ды і пасрэднікаў цьма! Прапаноўваюць пазнаёміцца з рознымі какеткамі, дзяўчатамі, дзяўчынкамі, амаль што не дзецьмі. Да жанчын тут адносяцца як да жывёлы. Па грашоваму курсу, за гадзіну… Прапаноўвалі мне такія паслугі, ад якіх з агідай не раз адварочваўся. Каля мяне круцяцца розныя фарцоўшчыкі. Яны пачулі грошы. Зараз я пазнаю горад зусім з іншага, невядомага мне раней боку. I бачу, што тут жывуць страшна… горш, чым на паграніччы!.. Што тут увесь час, на кожным кроку ідзе бесперапынная, бязлітасная бойка, у якой бяда слабейшаму, ці менш здольнаму.
Учора ноччу каля першай гадзіны вяртаўся ў гатэль. Разам са Шчурам і Грабарам забаўляліся ў адным з дарагіх падпольных прытонаў. Мне ўсё гэта абрыдла: п’яныя, драпежныя, бессаромныя жанчыны, душныя пакоі і пах алкаголю. На хвіліну выйшаў на дзядзінец. Ноч была чароўная. Зоркі блішчэлі так прыгожа, як і там… на паграніччы. Вялікая Мядзведзіца раскінулася на чорным фоне небасхілу. Усё такое ж дасканалае, як быццам там… He хапала толькі лясных шолахаў, і вакол мяне не палі, не дрэвы, а змрочныя, панурыя, халодныя камяніцы, у якіх таксама жывуць змрочныя, цяжкія, халодныя людзі…
Вярнуўся ў пакой, развітаўся з сябрамі і жанчынамі.
— Куды ты так рана?
— Толькі пачалі забаўляцца і ўжо!..
— Застанься, каток!
— Так, на сухую, і скончыш?
Бачу п’яныя, мутныя вочы калегаў і іх неразумныя ўсмешкі. Бачу спацелыя, тлустыя твары жанчын, па якіх сцякае пудра.
— Галава баліць, — адказваю я і выходжу.
Павольна крочу на горадзе. Пустынныя вуліцы. Прахожых мала. На скрыжаваннях віднеюцца постаці паліцэйскіх.
«Граніца, — думаю я, — і зялёнкі… I тут пагранічныя палосы, калючыя драты, пастарункі і засады. Толькі тут гэты перамыт робяць легальна. Пад усялякімі заслонамі і паставамі. Тут перакідваецца, бы тавар, хлусня, ліхвярства, разлік, ашуканства, хваробы, садызм, ганарлівасць… Тут усе кантрабандысты!.. Паўстанцы!..»
Павольна крочу вуліцамі. Я элегантна апрануты, таму паліцыя не звяртае на мяне ўвагі. Непадалёку ад гатэля, у якім спыніўся, з бакавой вуліцы мне насустрач выходзіць дзяўчына. Яна дрэнна апранутая. Хвіліну вывучае мяне, а пасля ўсміхаецца і залётным голасам кажа:
— Можа, пойдзем?..
Бачу малады твар і нібы прыклееную да твару прафесійную ўсмешку.
— Чаму так позна на вуліцы? — запытаўся ў яе.
— He зарабіла… Дрэнны час… Перад першай гадзінай!..
— Ну, дык хадзі.
Я завёў яе ў свой пакой.
— Хочаш есці? — запытаўся.
— Так.
Кажу заспанаму афіцыянту прынесці графін гарэлкі, піва і халодных закусак. Дзяўчына сквапна есць, і гэта мне падабаецца: сапраўды галодная! Выпіў шклянку гарэлкі. Калі дзяўчына скончыла есці, загадаў ёй класціся на ложак ад сцяны. Замкнуў дзверы ключом і схаваў яго ў кішэні, тая заўважыла гэта. Партманет з часткай маіх грошай паклаў у шуфлядку начнога століка. Буйнейшыя купюры трымаў у сакрэтнай кішэні піджака.
Кладуся на ложак. Куру папяросу. Пасля засынаю. Ноччу мяне будзяць асцярожныя рухі дзяўчыны. Прачынаюся хутка, не так, як гараджане, што патрабуюць для гэтага асаблівага намагання і часу, каб поўнасцю прыйсці ў сябе. У адну хвіліну я апрытомнены і ўважлівы, але раблю выгляд, што ўсцяж сплю. Адразу інстынктыўна адчуваю нейкі падвох. Думаю: «Мяне, сястра, неспадзявана не застукаеш!» Ведаю — ёй хочацца вылезці з ложка, таму, прыкідваючыся, што сплю, пераварочваюся на левы бок — так, каб мог бачыць увесь пакой. Закрываючы плячом твар, чакаю, што будзе далей…
Дзяўчына вылезла з ложка. Падышла да стала. Паціху наліла з графіна ў шклянку вады і п’е, пазіраючы на мяне. Пасля вяртаецца да ложка і схіляецца нада мной. Я дыхаю рэгулярна і моцна. Доўга ўслухоўваецца, а затым паціху адсоўвае шуфлядку начнога століка і вымае адтуль партманет. З тоўстай пачкі банкнотаў бярэ некалькі паперак па дзесяць злотых. Кладзе назад складзены партманет, засоўвае шуфлядку на месца. Потым падымае з падлогі свой чаравік. Складвае ў некалькі разоў банкноты і моцна затыкае ў носік чаравіка. Паставіўшы паціху абутак на падлогу, яна асцярожна праслізнула назад. Залезла пад коўдру і прыслухоўваецца: ці сплю! Але я сплю!.. Сплю і ў душы смяюся.
Раніцай памыўся і старанна апрануўся. Лёля (так сказала яе завуць) таксама прыбралася. Заказаў багаты сняданак і запрасіў яе да стала. Паводзіў сябе з ёй вельмі ўважліва. Дапамагаў. Кожную хвіліну пытаў:
— А можа, Лёля яшчэ нечага хоча?
Дзяўчына ела хутка і прагна. Пасля сказала:
— Ну, мне ўжо досыць.
— Досыць?
— Так.
— Ну, дык развітаюся з паняй.
Падаю ёй руку. Тут яна неяк са злосцю і пісклява кажа:
— А за ноч?
Гэта мяне забаўляе.
— За ноч? — пытаюся.
— Так… за ноч!.. Што ж ты сабе думаеш?..
Гляджу ўважліва ёй у вочы. Доўга маўчу. Тая пачынае адыходзіць задам да дзвярэй. Набліжаюся да яе. Нахіляюся і зрываю з яе нагі чаравік. З цяжкасцю вымаю банкноты. Раскручваю іх. Там 70 злотых. Аддаю ёй дзесяцізлотны банкнот, а рэшту хаваю ў кішэню.
— Трымай за ноч!
Хацела нешта сказаць, але я паказаў ёй даланёй на дзверы. Спяшаючыся, выйшла на калідор. Крыху пазней да мяне завітаў Грабар, і мы разам пайшлі ў гатэль да Шчура.
Скуркі на ложку. Скуркі на стале. Шмат скурак ляжыць на крэслах, на падлозе, на падваконніках. Ёсць тут лісы: жоўтыя, белыя і блакітныя, ёсць і куніцы, выдры, каракуль, вавёркі. Заблудзіліся сюды і 300 скурак янотаў (венгерскіх катоў), 15 пачак па 20 штук у кожнай. Чаму «заблудзіліся» — бо каты звычайна «ідуць» ад нас да Саветаў. Гэта адзіныя скуркі, якія перамытнікі нясуць у Расею.
У пакоі акрамя нас яшчэ трое жыдоў. Гэта гандляры. Яны сарціруюць тавар па гатунках і ўважліва ўглядаюцца ў кожную скурку. Дзьмухаюць на поўсць, спрабуюць даланёй два бакі, глядзяць на святло.
Нарэшце ўвесь тавар параскладаны. Пачынаецца торг паміж Шчурам і купцамі. Са здзіўленнем даведваюся, што вырабленыя скуркі каштуюць танней, чым нявырабленыя. Шчур растлумачыў мне пазней, што ў Еўропе не цэняць расейскія метады вырабу футра і таму за вырабленыя плоцяць менш. Мардэры прадалі агулам па 12,5 даляраў за скурку, а феі — па 20 даляраў за пачку (20 скурак). Гэтага тавару было найбольш. Пасля дамаўляемся на цану венгерскіх катоў — таксама па 20 даляраў за пачку… Гандляры таргуюцца. Клянуцца: «Каб я так сваіх дзяцей не ўбачыў, як я на гэтым інтарэсе трачу!» Нарэшце плоцяць нам за ўсё адразу, агулам 7500 даляраў.
Купцы ўпакавалі тавар у мяшкі і выйшлі з пакоя Шчура. Мы падзялілі грошы паміж сабой па 2500 на кожнага. Пазней падаліся абмываць інтарэс.
Я пайшоў на абед да Петруся. Застаў яго дома. З Петрусём адбылася нейкая незвычайная перамена: хлопец папросту свеціцца шчасцем. Увесь час смяецца, жартуе. Пра граніцу увогуле не згадвае… У памяшканні яго маці адчуваю сябе дзіўна нязграбным. Баюся паварушыцца, каб чаго-небудзь не перакуліць, або не разбіць. Усе адносяцца да мяне ветліва, з далікатнасцю, але ў іх вачах чытаю пільную ўвагу, якую нічым не могуць замаскіраваць… I гэта сапраўды яшчэ больш пазбаўляе мяне смеласці, злуе і выклікае дрэнны настрой.
Улучыўшы вольную хвілінку, прамовіў да Петруся:
— У мяне да цябе ёсць справа!
— Добра… Зараз…
Калі апынуліся адны ў яго пакоі, перадаў яму на захаванне з маёй апошняй долі яшчэ 2000 даляраў. Разам з папярэднімі грашыма зараз атрымлівалася сума ў 6000 даляраў. Тут Пятрусь сказаў:
— А што было б, калі б гэтыя грошы зніклі?.. Каб іх у мяне ўкралі?..
Паглядзеў яму ў вочы і спакойна прамовіў:
— He шкадаваў бы ўвогуле. Калі б мне былі патрэбныя, зарабіў бы вельмі шмат!.. А калі спатрэбяцца табе, дык скажы мне.
— He думай нічога! — адказаў Пятрусь. — Я пажартаваў. Ніхто не ведае, што ў мяне гэтыя грошы, і ніхто іх не ўкрадзе!
Палуднуючы, адчуваю сябе няёмка. Стол пераліваецца белізной. У пакоі кветкі. За сталом сядзяць элегантныя паненкі — сяброўкі Петрусёвай сястры Зосі, і нейкія выпеставаныя панічы. Я тут лішні. He ўмею гаварыць пустых сказаў, не магу дастасавацца да агульнага тону такой кампаніі. Адчуваю гэта і трапляю ў змрочны стан.
Вальней уздыхнуў, калі абед скончыўся, а я атрымаў магчымасць пакінуць залу. Пайшоў разам з Петрусём у сад. Ходзім па алеях і размаўляем. Пасля сядаем на лаўку ў самым далёкім кутку невялікага саду. Закурылі папяросы. Доўга маўчым… Потым пытаю Петруся:
— Ці ты шчаслівы?
Той нейкі момант маўчыць: ён уражаны неспадзяваным пытаннем, пасля адказвае мне:
— Так… Я шчаслівы!
— Сапраўды?
— Так.
— I не сумуеш па хлапцах на граніцы?.. Падумай, зараз залаты сезон! Ночы доўгія, глухія, чорныя! Золата цячэ праз мяжу. Хлопцы крадуцца палямі і лясамі… Робяць днёўкі ў стадолах, у барах!.. П’юць, забаўляюцца… Кожны дзень штосьці новае! Кожную ноч нейкі выпадак!..
Доўга прамаўляю да яго, але праз нейкі час заўважаю здзіўлены погляд Петруся і замаўкаю. Разумею, што зусім не слухаў мяне. А той кажа:
— Ведаеш што?.. Я зусім пра ўсё забыў!
— Зусім?
— Так. He думаю пра гэта… Бо і што там было цікавага?
Тады я падымаюся і кажу:
— Ну! Мне час!.. Чакаюць!
Развітваемся. Паціскае мне даланю і пытаецца:
— Калі прыйдзеш?
— He ведаю.
— Прыходзь заўтра. Абавязкова.
— Магчыма, прыйду.
Выводзіць мяне на вуліцу. Потым вяртаецца. Ідучы па ходніку каля дома, чую праз адчыненае вакно яго вясёлы смех. Іншы, чым звычайна: сакавіты, шчыры, напоўнены жыццесцвярджальнай сілай!..
«Не, ён не наш!»
Крочу па вуліцы. Галава поўніцца бязладнымі ўрыўкамі думак. Нечага шкада. У душы так цяжка, нібы страціў нешта беспаваротна! Іду шукаць сяброў, каб потым пайсці да рэстарацыі: нап’ёмся і закончым вечар у дзевак.
Ад усяго гэтага мяне пачынае ванітаваць. Абрыдлі п’янкі, і хлуслівыя людзі, і горад, у якім праўда пералазіць праз шматлікія кардоны накшталт таго, як мы перакідваем тавар. Тут усё штучнае, бліскучае і вельмі прэтэнцыёзнае, але пад гэтым хаваюцца звычайны бруд і нікчэмны змест… Там я жыў змястоўней. Там людзі шчырыя, і пад кепскай вымовай слоў жывуць залатыя думкі, а ў грудзях яны нясуць жывыя пачуцці і гарачае сэрца. Тут — ніводнай шчырай думкі, ніводнага шчырага слова. Тут усе скрозь, заўсёды прыкідваюцца… выконваюць ролі ў вялізным фарсе… камедыі…трагедыі… Сталы тэатр — і дома, і на вуліцы… Жанчыны тут маскіруюцца багатымі строямі і мудрагелістай белізной, пад якімі нярэдка бруднае, вынішчанае, нездаровае цела. Там пад небагатым уборам і беднай ільняной бялізнай знаходзіцца гарачае і моцнае цела, якое кахае без падману — па поклічу, а не з карысці і цікавасці…
Пачынаю сумаваць… невядома па чым… З’яўляецца намер паскорыць вяртанне на граніцу. Прычына ёсць добрая — трэба выкарыстаць залаты сезон і разлічыцца з паўстанцамі. Пагавару заўтра з хлапцамі.
Неяк з адным новым знаёмым на начных прыгодах, які добра ведаў «вясёлую» подшыўку горада, я ўвайшоў у «салон», дзе было некалькі досыць прыгожых жанчын. Са здзіўленнем заўважыў там Соньку Юрлінаву, спачатку падумаў, што памыліўся, але неўзабаве пераканаўся, што гэта яна. На ёй была зялёная шаўковая сукенка з глыбокім дэкальтэ. Рукі былі зусім голыя. Выглядала маладой і апетытнай. Была вясёлай. Я надышоў да яе. He пазнала.
— У пані ёсць свой пакой? — запытаўся ў Соні.
— Так.
— Дык пойдзем.
Калі ж апынуўся ў малым пакоіку адзін на адзін з Сонькай, убачыў, што жанчына моршчыць лоб і ўважліва прыглядаецца да мяне.
Запытаўся:
— Як пані завуць?
— Лаура.
Тады сказаў ёй на «ты»:
— Добра, для ўсіх ты будзеш Лаура, а для мяне будзеш Соняй.
— А ты хто?
— Я з Ракава. Хадзіў з табой і Юрліным за граніцу. Потым не ўзялі мяне, бо страляў у мужыкоў на дрыгве паблізу Гараняў.
— Ага! Ужо пазнала!.. Гэта ж Уладзік!
— Так.
— He магла цябе прыгадаць… Так перамяніўся!..
— Уцякла ад мужа разам з Ванькам Бальшавіком?
— Так.
— Дзе ён?
У вачах Соні паказаліся слёзы.
— Кінуў мяне, халера! Забраў усё, што мела, і ўцёк немаведама куды!..
— Дык вяртайся да мужа. Ён цябе так кахае! Прыме цябе.
— Так, каб зноў пад ключом сядзець альбо лазіць па лясах… Досыць мне граніцы, бокам мне вылазіла!
— Дык лепей быць тут?
— Ну так… Што дрэннага тут?.. Гаспадыня добрая. Есці колькі хочаш. Рабіць нічога не трэба. Апранаюся як мне падабаецца. Госці мяне любяць…
Уражаны, слухаў, як хвалілася сваёй новай прафесіяй. Пасля Соня запытала мяне:
— Будзеш у мястэчку?
— Буду.
— Дык, маё золатка, не кажы там нікому, што мяне тут убачыў. He скажаш?
— Калі не хочаш, дык не скажу. Гэта мяне не абыходзіць.
Калі пазней развітваўся з ёю, зноў прасіла, дагаджальна заглядаючы ў мае вочы, каб нікому не казаў пра яе. Адчуваў у яе голасе непакой:
— He скажаш, золатка?
— Кажу, што не, дык не! I кончана!
— Ну, не гневайся.
Развітаўся. Просіць адведваць яе… Іду да Грабара. Сябра аглядае новую серыю закупак, а Шчур сядзіць у крэсле, курыць папяросу і насміхаецца з яго.
— Бачыш ты, — паказвае пальцам на Шчура. — Усеўся на мяне, як Каспар на сучку. Усё дрэнна. Усё яму не падабаецца.
— Ну, на халеру табе гэта? — кажа Шчур. — Куды падзенеш?
— Завязу ў Рубяжэвічы… Аддам маці…
— I нэсэсэр таксама? — пытаецца Шчур.
— Усё.
— Што яна будзе з ім рабіць?
— Спатрэбіцца ў гаспадарцы. Першая катэгорыя!
— Нэсэсэр замест меркі на бульбу.
— Шкада табе маіх грошай?
— Можаш іх нават выкінуць альбо спаліць!.. Мне і сваіх не шкада! — вымавіў Шчур. — Але на якога д’ябла табе ўсё гэта? Даеш зарабіць фурманам, кельнерам, швейцарам, дзеўкам — гэта разумею… Але навошта купляць усё гэта: не ведаю, не ведаю!
— Трэба даць зарабіць і фабрыкантам, — кажа Грабар і голасна пырскае смехам.
— Смяецца, як жарабец да кабылы! — кіўнуў Шчур, устаючы з мяккага крэсла і падыходзячы да вакна.
Вечарэла. У пакоі сцямнела. Святло не запальваем. Маўчым. У пэўны момант Шчур вымавіў:
— Ведаеце што, хлопцы?.. Ці не досыць гэтага?.. Зараз залаты сезон, самая работа, а мы тут забабіліся, дзеўкам валасы пад пахамі падглядаем!..
— Хопіць гэтага! Заўтра вяртаемся! — рашуча кажу я.
Грабар маўчыць.
— I я вяртаюся! — кажа Шчур.
— Ну, дык і я з вамі, — адгукаецца Грабар. — Але трэба напаследак гульнуць! — дадае жвава. — Каб іскры ляцелі. Першая катэгорыя!
Затрымаліся на ўскраіне мястэчка і адпусцілі селяніна, які прывёз нас са станцыі Аляхновічы да Ракава.
— Вы, хлопцы, пастойце тут, я схаджу да Гусяра. Даведаюся, што чуваць у мястэчку, — кажа Шчур.
— Толькі вяртайся адным духам, — адказаў Грабар.
— Добра.
Шчур знік у цемры.
He вяртаўся больш за гадзіну, а калі нарэшце прыйшоў, дык сказаў:
— Ну, хлопцы, добра, што адразу не пайшлі на пункт. Там нас ужо другі дзень чакаюць… Зрабілі вобыск… Нехта данёс, што ты хаваешся ў Кручка… Усляпую, сабакі, тыкаюць пальцамі і трапляюць! Пра мяне яшчэ нічога не ведаюць… Толькі цябе шукаюць!.. Ну, і яго, — Шчур кіўнуў галавой на Грабара. — Але не ведаюць, хто ён такі.
— Што зараз рабіць? — запытаўся я ў Шчура.
— Ведаю адно месца… Мяліна мураваная і пункт добры… Толькі там трэба ці-і-ха…
— Дык вядзі туды!
Абмінаючы мястэчка, берагамі рэчкі выйшлі на поле. Доўга прабіраліся па вузкіх сцежках каля Іслачы. Затым, ідучы па палях нацянькі, наблізіліся да вялікага мураванага, але крыху разбуранага гмаху.
— Што гэта? — запытаўся ў Шчура.
— Бровар… Тут зараз вёска Паморшчына. А да мяжы як рукой падаць. He раз пакідаў тут тавар і сам кімарыў.
Шчур падышоў да аднаго вакна ў тыльнай сцяне бровара, які зараз не дзейнічаў, і без напругі выцягнуў з фрамугі вялікі, нагледжаны раней і вырваны ломам жалезны крук. Пасля ён адхіліў ваканіцу і загадаў нам залазіць усярэдзіну. Мы апынуліся ў невялікай прыбіральні, дзверы з якой вялі ў іншыя памяшканні і да самога бровара. Прыкмеціў у адным куце магутны кацёл, а ў другім вялізную бочку, у якой пры патрэбе можна было б і затанцаваць у дзве пары. Зазірнулі ў сярэдзіну той бочкі. Было там шмат сала, вядро і некалькі пляшак ад гарэлкі — рэшткі даўняга гаспадарання Шчура. Паклалі ў бочку прынесеныя з сабой рэчы. Шчур прынёс для нас з недалёкай рэчкі вядро вады. Пасля мы накіраваліся ў лес, да хутара маці Кручка. Я адшукаў ліпу, у якой хавалі зброю, выняў з дупла рэвальверы, набоі, нажы, паясы, торбы і ліхтарыкі. Забралі з сабой зброю і рэчы.
— Шкада, што не маем нашага адзення, — сказаў Шчур.
— Так. Усё засталося на страсе.
— А можа, сходзім на мяліну? — сказаў Грабар — He павінны ж увесь час пільнаваць яе… Нас трох. Мы ўзброеныя. Калі што, дадзім сабе рады!
— Я думаю інакш, — адказаў Шчур. — Хай ніхто нават не ведае, што мы вярнуліся. Сама лепей гэты дзікі пункт. А зрэшты, навошта вам сталае месца? Зараз час для работы. А ў лесе кожная елка схавае, кожны кусцік прытуліць.
Спыніўся, доўга маўчаў, а пасля ўрачыста сказаў:
— А зараз, хлопцы, трэба будзе ўдарыць ва ўсю!.. Каб запомніла граніца, якія на ёй былі фартоўцы.
— Пайшло. Першая катэгорыя! — вымавіў Грабар, паціраючы далоні.
Мне таксама зрабілася весялей.
Вярнуліся на новую мяліну. Шчур сказаў, каб ні ў якім разе не выходзілі адсюль удзень, бо могуць заўважыць, а сам пайшоў у мястэчка на закупку неабходных для нас рэчаў і па навіны.
Мы выпілі з Грабаром пляшку гарэлкі і ляглі спаць у гіганцкай бочцы. Мяліна тут жалезная. Адчуваем сябе ў поўнай бяспецы. Курым і паціху размаўляем пра будучую працу. Я сную наконт яе розныя зманлівыя мроі, а Грабар мне падтаквае:
— Пайшло! Першая катэгорыя!
Залаты сезон і залатая восень ляглі на граніцу. Перамыт ідзе бесперапынку. Старых фартоўцаў амаль няма… працуюць паўстанцы. Яны інтрыгуюць, пляткараць, засыпаюць сябе ўзаемна з двух бакоў граніцы, збіваюць кошты работы.
Шчур прабыў у мястэчку два дні. Даведаўся дакладна, якія групы ходзяць за граніцу, дзе знаходзяцца пункты, якімі шляхамі ідуць на пагранічча… Прынёс шмат цікавых і важных для нас навін.
У мястэчку засталося вельмі мала старых перамытнікаў. У той жа час усё раілася, аж мігацела ад паўстанцаў — несімпатычных людзей, якія пагарджаліся нешматлікімі фартоўцамі. Граніца выглядала зараз пустой і шэрай. Неаднойчы я згадваў старых сяброў, і мяне ахоплівала самота… Юзік Трафіда не ходзіць за граніцу. Сашка Вэблін забіты. Жывіца застрэліўся. Юлік Вар’ят памёр. Пятрусь Філосаф выехаў. Болек Лорд сядзіць у турме. Кручка забілі паўстанцы. Юрлін пасля ўцёкаў Сонькі перастаў працаваць. Кітайчык згінуў у Саветах. Цвік зарэзаўся брытвай неўзабаве пасля ўцёкаў з турмы. Фэлік Маруда папаўся за граніцай на пачатку восені. Бульдога Рэўтрыбунал прыгаварыў да высылкі. Ванька Бальшавік пасля ўцёкаў з Сонькай у мястэчка не вярнуўся. Болек Камета зараз водзіць «дзікіх». Пасля забойства Сума ён адзінаццаты машыніст і адзінаццаты — вар’ят (інакш яго не ўзвялі б да такой высокай ступені годнасці). Мамант зламаў сабе нагу, калі на другой лініі скокнуў з абрывістага берага рачулкі на каменні, і пасля ўсяго гэтага пачаў кульгаць. Алінчукі ходзяць вельмі рэдка. Баяцца, каб іх не ліквідавалі за граніцай, бо ведаюць, што нажылі вельмі шмат ворагаў. «Дзікія» працуюць далей, штораз у іншым складзе. Некалькі папалася ў Польшчы, некалькі ў Саветах, некалькіх забілі або расстралялі, а астатнія працуюць яшчэ гучней і весялей пад кіраўніцтвам славутага вар’ята Баляслава Каметы. Мы ніколі не наладжвалі засад на «дзікіх», хоць гэта лёгка было зрабіць. Зараз гэта адзіная група, да якой адчуваем сімпатыю.
Зваліліся мы на граніцу нечакана. Адразу пачалі класці групу за групай. Здаралася, што за ноч спраўляліся з дзвюма групамі. I неаднойчы па некалькі разоў запар клалі адну і тую ж групу… Пагранічча ахапіла паніка. Сланы затрымцелі. Купцы пагублялі розум. Ніхто не мог зразумець, хто іх крые. Бралі іх і ў Польшчы, і ў Саветах, і на паграніччы, і на граніцы. Калі не маглі схапіць іх у дарозе, бралі на мялінах. Калі б маглі працаваць ушасцёх, — трое тут, трое там, — усе б гандляры вымушаны былі б згарнуць работу.
Наадбіралі шмат тавару. Перахоўвалі яго па лясах, стадолах, у зарослых акопах, у закінутым бровары. Час ад часу Шчур прадаваў вялізныя партыі тавару перамытнікам з Рубяжэвіч і Стаўбцоў.
Наладжвалі засады так спрытна, што ўтрох затрымлівалі самыя вялікія групы, прытым на вока выбіралі мясцовасць, час дня, колькасць групы, надвор’е, «характар» кантрабанды, гатунак групы, яе звычкі.
Неўзабаве паўстанцы даведаліся, што гэта я разбіваю групы і забіраю кантрабанду: мяне ўбачылі Салавей і Алігант, якія зараз хадзілі з «дзікімі». Заўважылі мяне разам з Грабаром, якога не ведалі ў мястэчку, і Шчурам, якога ніхто не пазнаў, бо меў змененае грымам аблічча.
Па мястэчку пайшла пагалоска, што пасля ўцёкаў я, каб адпомсціць Алінчукам, стаў падпольнікам. З таго моманту, калі дзе-небудзь засыпалася група, усю віну валілі на мяне. А Алінчукі зусім перасталі хадзіць за граніцу і нават баяліся паказвацца ўвечары на вуліцах мястэчка. Толькі адна рэч заставалася загадкай для паўстанцаў: тое, што я накрываю іх і ў Саветах, і ў Польшчы.
У выніку нашай працы некалькі груп паўстанцаў закончылі сваё існаванне, а некалькі гандляроў перасталі даваць тавар для перамыту. Мы ж працавалі далей, і чым цяжэй было, тым больш узбуджаўся наш імпэт і ўзмацнялася настойлівасць.
Гульня наша была не з лёгкіх. Яна патрабавала шмат спрыту і вытрымкі. Часамі мы проста выбіваліся з сіл. Узяўшыся за работу, вымушаныя былі трымаць у полі зроку самыя розныя рэчы. Усё гэта разам узятае стварала цікавую азартную гульню, у якой не раз ставілі на карту ўласныя галовы, але нам нельга было прайграваць… I мы не прайгравалі. Іншы раз рабілі невялікія пралікі, але хутка выпраўлялі іх. А карыстаючыся набытым вопытам і паслугамі местачковых інфарматараў, якіх Шчур шчодра аплочваў, мы працавалі амаль напэўна.
Была ў мястэчку адна група, якую дагэтуль мы не маглі схапіць, хоць неаднойчы рабілі на яе засады. Заўсёды пазбягала іх. Гэта нас выводзіла з сябе, і мы вырашылі пакласці яе абавязкова. Каб не ганяцца ўсляпую, Шчур ішоў у мястэчка здабываць звесткі. Зноў пачыналі паляванне і зноў безвынікова.
У склад гэтай групы ўваходзіла дзесяць перамытнікаў-паўстанцаў, якіх вадзіў машыніст Вінцук Гетман — калега і сябра Альфрэда Алінчука. Гэтая акалічнасць яшчэ больш нас натхняла… Тавар яны насілі вельмі каштоўны і ніколі не засыпаліся. Зрэшты, група нядаўна сфармавалася. Шчур паведаміў нам, што Альфрэд уваходзіць у моцю з жыдам, які даваў тавар групе Гетмана.
Апошнім разам выведаўшы, якімі шляхамі ходзіць група, зрабілі засаду ў трох кіламетрах ад граніцы. Вырашылі накрыць іх на зваротным шляху ў Польшчу. Разлічылі, што тыя будуць змораныя пасля амаль 30 кіламетраў дарогі (іх мяліна знаходзілася пад Менскам). Акрамя гэтага, ведалі, што назад яны панясуць вялікую колькасць лёгкага і каштоўнага тавару — скурак. Ведалі, што тое месца, у якім наладзілі засаду, група Гетмана мінае на досвітку. А граніца ў іх з абодвух бакоў была закуплена, таму перасякалі яе вельмі чыста. Пасля ўважлівага вывучэння мясцовасці мы наладзілі засаду ў чыстым полі. Ззаду заставаўся Краснасельскі лес. Справа за дрыгвой і некалькімі пагоркамі знаходзілася вёска Гарані. Далёка перад намі распрасталася ў напрамку Смалярні чорная паласа лесу. Адсюль, уласна, і павінна была з’явіцца група Гетмана і, каб скараціць шлях, значную частку адкрытай прасторы мусіла перайсці лужком каля рэчкі, каб пасля схавацца ў Навапольскім лесе і рухацца да граніцы.
Грабар засеў пасярэдзіне лугавіны, за высокай купінай, у штучна павялічанай для гэтага яме. Шчур схаваўся ў малой капе, складзенай з некалькіх дзесяткаў снапоў на краю поля. Я прылёг справа ў кустах, на беразе рачулкі. Такім чынам мы ўтварылі трохкутнік, кожны бок якога меў каля 50 крокаў у даўжыню. Належала ўпусціць групу ў гэты трохкутнік — нібы ў сак — і пасля браць усіх.
На засаду прыйшлі а трэцяй гадзіне ночы. Яшчэ быў час пачакаць. Мы выпілі спірт, выкурылі па дзве папяросы, а пасля разышліся на вызначаныя месцы. Я падрыхтаваў рэвальвер і гранату. Зараз у кожнага было па пяць гранат (Шчур прыдбаў іх у мястэчку). Памалу віднее. Адрозніваю ўсё новыя абрысы ў наваколлі. Нарэшце змог заўважыць вузкую лугавіну і крыло лесу, што чарнела ўдалечыні, адкуль і павінна была выйсці група Гетмана.
Навокал пуста. Шумяць дрэвы з бліжэйшага лесу. Ціха шапоча рачулка, якая крадзецца па балоцістай глебе. Доўга гляджу ў напрамку лесу, а пасля шукаю позіркам сваіх таварышаў. Яны дасканала замаскіраваныя — можна толькі здагадвацца, дзе знаходзяцца. А ў апошні момант вырастуць як з-пад зямлі. Маю схованку таксама нельга заўважыць, нават з адлегласці ў некалькі крокаў.
У пэўную хвіліну мне здалося, што адрозніваю ўдалечыні нейкі рух. Напачатку мяркую, што памылка, але пазней пераконваюся, што сапраўды ў канцы лагчыны, зводдаль ад лесу, штосьці рухаецца. Праз нейкі час бачу людзей, якія ідуць у нашым напрамку. Крочаць хутка, бо хочуць як мага хутчэй абмінуць адкрытую прастору.
Гляджу ў тыя месцы, дзе схаваліся Шчур і Грабар. Прыкмячаю, як тыя пакрысе рыхтуюцца да скоку наперад. Я таксама ўзвёў рэвальвер і выбраў зручнае становішча для рыўка. А людзі, якія ішлі лужком, з верху лагчыны, усё бліжэй. Зараз бачу іх зусім выразна, хоць і не магу заўважыць усіх паасобку, бо ідуць гуськом. Наперадзе размашыста крочыць Гетман. Магу ўжо адрозніць рысы яго твару… Сланы ўсё бліжэй… Цярпліва чакаю іх.
Нечакана Гетман сыходзіць улева. Пераскоквае ў ста кроках ад нашай засады рачулку і бярэ наўскасяк, праз невялікі ўзгорак у бок лесу. Ідзе нацянькі, праз поле, па вельмі нязручнай дарозе. За ім прастуюць іншыя паўстанцы. Іх не дзесяць, як звычайна, а адзінаццаць: група павялічылася.
Я напружыўся. Праз нейкі час зірнуў на сябраў. Убачыў, што з-за стажка паказалася галава Шчура, а з-за купіны на лужку вылез Грабар. З жалем глядзелі на групу, якая ўсё больш аддалялася. Бегчы за імі не было сэнсу. Гэта іх толькі перапалохае, і яны разбягуцца ў розныя бакі. А нам цікава было схапіць не некалькі людзей, а ўсю групу.
Шчур і Грабар ідуць да мяне. Шчур пагражае кулаком у плечы групе, якая знікала ў лесе.
— Ну, сабакі, пашанцавала вам! Але нічога, зараз затанцуем інакш.
У гэты момант Грабар без слоў паказаў нам пальцам уверх лагчыны. Паглядзелі туды. Відавочна каля лесу быў нейкі рух.
— Хлопцы, па месцах! — вымавіў Шчур і, спяшаючыся, перапоўз праз лужок на другі бок, дзе схаваўся ў капе.
Грабар як мага хутчэй залез за купіну.
Пасля я заўважыў, што да нас здалёк падыходзіць група сланоў. Нядбала крочылі, не звяртаючы ўвагу на мясцовасць. Адразу відаць — паўстанцы!
Ужо блізка. Я прыгнуўся ў зарасніку, падрыхтаваны для скоку. Наш выбар добры: гэтая лагчына, лужок і сцежка каля ручая былі дасканалым шляхам для перамытнікаў. I сланы ступілі на гэту сцежку. Крочаць каля кустоў, за якімі схаваўся я. Бачу іх ногі. Ёсць жаданне схапіць каго-небудзь за лытку. «Вось бы крыкнуў!» Лічу іх: раз, два… Раптам бачу кароткую спадніцу і жаночыя ногі ў чорных панчохах. Гэта мяне здзіўляе. Сланы прайшлі. Я высунуўся з-за кустоў і паціху падаўся за імі. Трымаю ў адной руцэ рэвальвер, у другой гранату. Не азіраюцца і не заўважаюць мяне. Крочу далей у напрамку зарослай травою купіны… Усё як і прадбачылі… Ужо блізка да яе. Нечакана перад імі вырастае Грабар. Чую спакойны, адрывісты яго голас:
— Стой! Рукі ўгору!
Сланы кідаюцца назад. Далятаюць перапалоханыя галасы. Збоку з капы вылецеў Шчур. Прагучаў яго зменены голас:
— Ані з месца!
Бачу, што некалькі паўстанцаў накіроўваюцца назад. Тады і я крычу:
— Укленчыць, бо кіну бомбу!
— Таварыш, не кідайце гранату, — крычыць хтосьці з паўстанцаў.
Каб нельга было нас заўважыць здалёк, вядзём сваіх арыштаваных пад лес і тут ставім іх спінамі да кустоў. Шчур і Грабар спыніліся абапал і крыху ў баку ад групы перамытнікаў, загароджваючы ім дарогу ў лес.
Я схаваў рэвальвер і гранату ў кішэні і вымаю з-за папругі завостраны з абодвух бакоў кінжал. Гэта для таго, каб пры вобыску які-небудзь рашучы вар’ят не паспрабаваў выхапіць з маіх рук рэвальвер. Сланоў сем — шэсць мужчын і жанчына. Набліжаюся да іх і пытаю:
— У каго ёсць зброя?
Усе маўчаць. Тады паўтараю:
— У каго ёсць зброя, няхай прызнаецца адразу. Пасля будзе горш!
Маўчаць, стоячы з паднятымі ўгару рукамі. Раптам заўважыў знаёмы твар. Адразу прыгадаў перамытніка, якога некалі параніў у бок, калі ўцякаў ад мяне ноччу ў Краснасельскім лесе. Толькі тады ён ішоў з іншай групай. На левым крыле стаіць жыд. Гэта кантралёр.
Пачынаю з яго. Напачатку абшукваю збольшага, ці не мае зброі, а пасля дэталёва. Знаходжу на ім тры серабрыстыя лісіцы. Забіраю іх.
— Таварыш, адпусціце нас, — кажа, звяртаючыся да мяне, жыд. — Дам вам 30 рублёў.
— Паспееш! А грошы забяру і без твайго дазволу!
Распорваю кінжалам халявы яго ботаў і вымаю з аднаго 5 стодаляравых банкнотаў. Пасля разрываю брылёк у шапцы і знаходжу там яшчэ 200 даляраў.
— Разумнік! — кажу жыду, які жаласліва пасміхаецца збялелымі вуснамі.
Абшукаўшы кантралёра, загадаў яму легчы на зямлю. Пачынаю рабіць вобыск у першага ад краю паўстанца. Адкідаю набок мяшок са скуркамі, які трымае на плячах. Акрамя гэтага, не знаходжу больш нічога. У яго незвычайны выраз на твары.
— Адкрый рот, — кажу яму.
Тады перамытнік выплюнуў на далонь некалькі залатых манет. Падміргваю яму і кажу:
— Чые грошы? Гандляра?
— Мае, таварыш, мае!
Паклаў грошы ў кішэню яго курткі. У гэты момант пачуў тупат ног і трэск кустоў. Перамытнік, які некалі пару разоў кідаўся на ўцёкі, і зараз зрабіў тое ж самае. Грабар пагнаўся за ім. Дагнаў у лесе і прывёў назад. Загадаў яму ўкленчыць і сказаў са злосцю:
— Яшчэ раз пабяжыш, трэсну ў лоб! Папярэджваю!
Падыходжу да перамытніка і кажу:
— Што, ужо вылізаўся ад той раны?
Паўстанец здзіўленымі вачыма глядзеў мне ў твар. Пасля дадаю:
— Глядзі, браток, бо загінеш!
З асаблівай увагай абшукаў яго, але знайшоў толькі некалькі рублёў срэбрам. He ўзяў у яго гэтыя грошы. Таксама некаторым сланам пакінуў пад курткамі скуркі. Гэта будзе іх заробкам з нашай гранды… Ношкі скідаў у кучу. Тавару шмат.
Падыходжу да жанчыны. Крыху няёмка абшукваць яе. Яна перапалоханая, але стараецца ўсміхацца збялелымі вуснамі. Бачу, што дрыжыць усім целам. Хутка і збольшага абмацваю яе. Лаўлю падміргванне Грабара і яго ўсмешку. Тады пачынаю абшукваць перамытніцу ўважліва і спакойна. Нічога не знаходжу. Гэта падазрона, бо мяркую, што тая трымціць не столькі ад страху, але і з боязні, каб я не знайшоў чаго-небудзь, схаванага пры ёй. Калі б не думка, што сябры ўспрымуць гэта па-іншаму, абшукаў бы яе вельмі дакладна. У нейкую хвіліну заўважыў, што валасы ў жанчыны ззаду на галаве скручаны ў вялікі вузел. Выняў з іх шпількі і грабеньчыкі. На зямлю штосьці звалілася. Там было некалькі сот даляраў, моцна сціснутых і закручаных у анучку ад чорнай панчохі.
— Мудра! — сказаў ёй і прыгадаў Лорда, бо гэта быў яго любімы выраз.
Звычайна праважаты не нясе ўсе грошы, а дае частку для захавання больш надзейным людзям з групы.
Па заканчэнні рэвізіі я сказаў перамытнікам, якія ляжалі на зямлі:
— Падняцца.
Усе, спяшаючыся, сталі на ногі і ўважліва глядзелі мне ў твар. Тады я вымавіў:
— Гайда на шпацыр. I запрашаем яшчэ раз у госці… з таварам!
Твары перамытнікаў павесялелі. Той, якога некалі параніў, звярнуўся да мяне:
— Таварыш дазволіць мне пашукаць у лесе картуз? Я згубіў яго, калі ўцякаў.
— Пойдзеш без картуза! Бачу, ён табе вельмі патрэбны! Гайда Ў дарогу!
Сланы пакрочылі хутка ў накірунку, які я паказаў, і неўзабаве зніклі ў лесе. А мы склалі тавар у дзве вялікія ношкі. Там было 42 мардэры і 5 аблямовак з пясцоў. У адным з мяшкоў знайшлі крыху харчоў і брудную жаночую бялізну. Грабар смяецца:
— Вось элегантная: нават на работу бярэ запасную бялізну!.. Гэта на выпадак, калі перапалохаецца!
Пазней сказаў мне:
— He мог як належыць абшукаць яе. Трэба было дагала распрануць.
— Ён жа не распранаў яе і ўсё знайшоў, — вымавіў Шчур. — А ты б усю распрануў і нічога б, акрамя кудлаў, не ўбачыў!
Добра зарабілі на гэтай групе, якая неспадзявана трапіла нам у рукі. Пасля Грабар знайшоў у лесе згублены паўстанцам картуз. Распаролі яго, але нічога не знайшлі… Надзіва ўпарты тып! Навошта яму спатрэбіўся гэты стары картуз? Я быў упэўнены, што там знаходзяцца грошы.
Ідзём на мяліну ў лес. Там раскладаем вогнішча. Ядзім, курым, п’ём спірытус, але застаёмся незадаволеныя. Тое, што група Гетмана ўцякла з-над носа, усіх нас злуе.
— Ну, нічога… Паглядзім! — бліскаючы вачыма, кажа Шчур. Без пытанняў ведаем, што той мае на ўвазе. Разумеем адзін аднаго па погляду, руху.
Пачаліся дажджы. Ночы былі чорныя. Мы ныралі ў іх, нібы ў сажу. Працягвалі ганяцца за групай Гетмана. Калі Шчур прадаў за нішто рэштку тавару, якога ў нас назбіралася шмат, то сказаў:
— Ну, хлопцы, зараз бяромся за Гетмана. Павінен ён у нас лопнуць, халера!
— I лопне! — урачыста вымавіў Грабар.
— Зараз па-іншаму будзем браць яго! — сказаў Шчур.
— Як? — запытаўся я.
— Як? — паўтарыў маё пытанне. — А так, на мяліне. Як яны ў дарогу, то і мы ў дарогу; яны на мяліну, і мы на мяліну. Яны з мяліны шусь! а мы: цап за морду! Баліць, халера, сармак або тавар!
— Гэта клёва! — пацвердзіў Грабар, стукаючы даланёй аб калена.
Шчур вяртаецца ў мястэчка, а я з Грабаром мялінуем у лесе. Знайшлі дасканалую схованку. На выпадак шухеру можна лёгка развеяцца ва ўсе бакі. Увечары Шчур прыбег да нас:
— Ну, хлопцы, у дарогу!.. Пайшлі!..
Інстынктыўна знаходзячы дарогу ў поўнай цемры, накіроўваемся ў бок Менска, на пункт, дзе знаходзіцца мяліна Гетмана. Як толькі змерклася, мы выйшлі. Крочым вельмі хутка, без адпачынку і а дванаццатай гадзіне ночы апынаемся недалёка ад пункта. Шчур неўпрыкметку пералез праз плот і пракраўся да стадолы. Неўзабаве вярнуўся да нас.
— Ну, паехалі, хлопцы! Усё ў парадку!
Падаліся да стадолы. Улезлі праз падваротню ўсярэдзіну. Там гаспадарыла цішыня і цемра. У левым баку стадолы ўгары былі вышкі, на якіх спалі паўстанцы. Справа стаяла сячкарня і ляжалі горы снапоў. У адным куце я прыкмеціў некалькі дзесяткаў мяшкоў з зернем. Паміж імі і сцяной быў праход. Туды мы і схаваліся. Шчур сказаў нам:
— Сёння прыйдуць і сёння вырушаць назад. Ведаю гэта на «пэ»… Разумееце, нясуць сюды дарагі тавар, а за мяжу возьмуць яшчэ даражэйшы: скуркі за тры партыі тавару. «К.п.у.»? Гэта будзе работа!.. Толькі зважайце, у Гетмана ёсць машына… Грабар стане ля варот, а ты пакладзеш іх і правядзём рэвізію. Забярэш «рулю» ў Гетмана… Грошы не шукай, не знойдзеш шмат, а тавар будзе ў мяшках… Павінны ўжо падысці. Выйшлі раней за нас, а зараз дванаццаць.
Праз квадру гадзіны пачулі каля сцяны стадолы шолах ад крокаў. Пасля ўсё заціхла.
— Пайшлі да гаспадара, — нячутна вымавіў Шчур. Неўзабаве пачаўся гоман ля дзвярэй. Заскрыпелі засовы. Зарыпелі вароты стадолы. Разлеглася шаргатанне крокаў аб ток. Гаспадар выняў з-пад кажуха запаленую лямпу і паставіў яе непадалёку ад варот. Мы ўбачылі перамытнікаў, якія круціліся па стадоле. Скідалі з плячэй ношкі і складалі іх каля выйсця. Рассцілалі сена на таку і клаліся адпачываць. Гаспадар, Гетман і яшчэ два перамытнікі ўзялі ношкі і пайшлі з гумна. Праз некалькі хвілін вярнуліся, несучы пяць вялікіх ношак. Там былі белыя і чорныя каракулевыя скуркі, якія паўстанцы меліся занесці ў Польшчу. На двух выпадала адна ношка, якую вымушаны былі несці па чарзе.
Лежачы на сене, сланы курылі папяросы.
— Есці будзеце? — запытаў гаспадар Гетмана.
— He. Зараз жа вяртаемся. Трэба да раніцы перайсці граніцу. Вып’ем і ў дарогу, — вымавіў перамытнік.
— Як хочаце, — адказаў селянін.
— Можа, прынясеце крыху яблык? У вас добрыя антонаўкі, — пачуўся голас нейкага паўстанца.
— Антонаўка ў мяне выдатная! — кажа гаспадар і, хаваючы пад кажух ліхтар, выходзіць са стадолы.
Робіцца цёмна. У змроку гараць агеньчыкі папяросаў. Чуваць скупыя выразы. Усе прагнуць адпачыць. Некаторыя дрэмлюць. Тады Шчур паціху кажа:
— Грабар ад варот! Ты ўсярэдзіну!..
— Пайшло… Першая катэгорыя! — шэпча Грабар.
Выходзім са схованкі і па пацёмках рухаемся наперад. Трымаю ў левай руцэ ліхтарык, а ў правай узведзены парабелум. Набліжаюся да паўстанцаў, якія нягучна размаўляюць… Чакаю…
— Тут нехта чужы, — чую голас з цемры.
Тады запальваю ліхтарык і высоўваю наперад парабелум. Ад варот гумна і ад засекаў бліскаюць ліхтарыкі сяброў.
— Рукі ўгору! Раз, два… Ну, бо ў лоб!
— Класціся ніцма! — крычыць Грабар.
Усе змоўклі. Бачу, як Гетман спадцішка апускае руку ўніз. Ведаю, што хоча адкінуць убок рэвальвер. Шчур ідзе да варот стадолы. Адчыняе іх. Выкідвае на двор ношкі са скуркамі. Я абшукваю па чарзе паўстанцаў. Пачынаю з Гетмана, у якога забіраю зараджаны наган.
— Таксама маеш кіпцюрыкі! — кажу яму.
Неўзабаве агледзеў усіх паўстанцаў. У кантралёра знайшоў каля тысячы рублёў золатам.
— Хадзі! — кліча мяне Грабар.
Іду да адчыненых варот, пасля адварочваюся назад і кажу:
— Да раніцы каб ніхто не падумаў выйсці адсюль, бо як зловім каго за стадолай… застрэлім!
Калі апынуліся на дзядзінцы, я заўважыў гаспадара, які ішоў удалечыні з ліхтаром у руцэ. Сам ліхтар быў прыкрыты кажухом і кідаў уніз на зямлю мігатлівыя плямы святла. Я падбег да яго. Узяў з рук гаспадара кош з яблыкамі і паставіў на зямлю. Пасля бліснуў яму ліхтарыкам у вочы і вымавіў:
— Ты арыштаваны. Са стадолы не выходзіць, бо схопіш кульку!
Адчыніў вароты і ўвапхнуў усярэдзіну абамлелага ад страху селяніна. Пасля зноў замкнуў дзверы на засоўку.
Я і Грабар узялі па дзве ношкі, а Шчур адну. Павольна рушылі наперад. Ахутваў нас густы змрок. Неслі значны цяжар і таму вымушаныя былі часта адпачываць. Да раніцы ледзьве паспелі дабрацца да нашай схованкі ў Краснасельскім лесе. Вечарам у той жа дзень занеслі тавар у мястэчка, і Шчур з вялікімі стратамі апыліў яго.
А праз два дні зноў паклалі групу Гетмана. Шчур даведаўся ў мястэчку, што партыя Гетмана ідзе на іншую мяліну. Прыбег да нас удзень:
— Ну, хлопцы, — вымавіў са злосным бляскам у вачах. — Сёння Гетман са сваімі зноў валіць у дарогу. Трасянём іх тут… у мястэчку. Вось будзе гаю, ваю… Вырушаць з пуні Мальцысяка, з Загуменнай… Толькі рабіць з трэскам! Дадзім ім перцу панюхаць!
Увечары зрабілі засаду паблізу стадолы, у якой павінны сабрацца паўстанцы. Калі зусім сцямнела, мы пералезлі праз плот і залеглі па барознах, у дзесяці кроках ад увахода ў пуню. Пачулі, як недалёка ад нас затрымаўся воз, з якога выгрузілі тавар. Пасля воз ад’ехаў, і да пуні пачалі падыходзіць паўстанцы. Крочылі па аднаму і ўдвух. Даносіліся іх прыглушаныя размовы.
— Ужо ўсе? — разнёсся голас Гетмана.
— Няма Янкі Келба, — адказаў хтосьці.
— Зараз прыйдзе. Пайшоў на спірт для нас, — адказаў іншы паўстанец.
Праз некалькі хвілін пачуліся хуткія крокі, скіраваныя ў наш бок. Той, хто ішоў, завярнуў да пуні, адамкнуў вароты і ўвайшоў усярэдзіну. Мы ўзляцелі на ногі і ўслед за ім апынуліся ў пуні. Амаль адначасова засвяцілі ліхтарыкамі і, высоўваючы ў промнях святла рэвальверы, загадалі:
— Рукі ўгору!
— Сядаць!
Зноў абшукаў сланоў. I зноў пачаў з Гетмана. Забіраючы ў яго наган, сказаў яму:
— Як трэці раз знайду ў цябе такую цацку, дык табе са лба ёй мазгі выдзьму! Разумееш?
Абшукаў усіх сланоў. Рабіў гэта знарок марудна. Тым часам Грабар павыкідваў з пуні ўсе ношкі, а Шчур адносіў іх на дзве адразу далёка ў поле. Пасля я загадаў перамытнікам не выходзіць да раніцы і замкнуў вароты. Натуральна, не паслухаюць нас: выйдуць раней, але нас гэта не абыходзіла.
Перанеслі тавар да перакупшчыка, якога Шчур папярэдзіў пра гэта ўдзень. Праз паўгадзіны пасля гранды тавар ужо быў апылены. Узялі мы ледзь за трэцюю частку яго вартасці.
Шчур весела смяяўся.
— Гэта будзе гутаркі! Гэта будзе гаю! Але сваё зрабілі. А як з’явіцца магчымасць, дык і трэці раз іх пакладзём!
Некалькі дзён мы патрацілі, каб сабраць на мяліну ўвесь схаваны па розных месцах тавар і каб перанесці яго адтуль да перакупшчыка. Прадалі ўсё і маем вольныя рукі. Вырашылі некалькі дзён адпачыць.
Я і Грабар днём снім у бровары, а ноччу бадзяемся паблізу Ракава. Ходзім па лясах, па палях, па дарогах, а часам запускаемся ў мястэчка. Шчур тым часам рыхтуе нам будучую работу. Сустракаемся з ім начамі.
Зараз у мяне акрамя тых 6000 даляраў, якія даў на захаванне Петрусю, яшчэ 8500 даляраў і больш 2000 рублёў золатам. Большую частку тых грошай схаваў у ліпе Кручка. Грабар таксама захоўвае там свае грошы. Называем гэтую схованку (дупло старой ліпы) нашым банкам.
Неяк вечарам пайшоў разам са Шчурам і Грабаром да Маманта, які закульгаў так моцна, што вымушаны быў пакінуць перамытніцкую працу. Калега сустрэў нас з радасцю. Пазавешваў вокны фіранкамі і пазачыняў ваканіцы. Мы пачалі піць гарэлку. Мамант доўга прыглядаўся да мяне, пасля павольна вымавіў, з напругай складаючы выразы ў словы:
— Ці гэта… праўда… што ты… гэтага?..
— Што? — запытаўся яго.
— Пад-поль-нік?..
Шчур пырснуў смехам, а пасля дадаў:
— Цёмная твая галава, Мамант… Гэта мы ўсе кладзём паўстанцаў. Разумееш?.. Накрываем іх і там і тут… Бачылі яго, калі іх стрыг, ну і плявузгаюць!
Мамант кіўнуў мне галавой, і весела заблішчалі яго вочы.
— Гэта, браце, ім за ўсё! — казаў далей Шчур. — за Кручка, і за Лорда, і за тое, што яны цапы, хамы, быдла!..
Выпіў шклянку гарэлкі і стукнуў кулаком па стале:
— Як захочам, ні адну групу за граніцу не выпусцім! Наша граніца, а не іх! Наша ўжо!.. Нас трое, а іх трыста, і ніводны не пяройдзе! Ніводны!.. Наша граніца!..
Мамант піў і ківаў галавой. Яго твар быў нібы выбіты з каменю, і толькі вочы асілка, дзіцячыя, добрыя, весела ўсміхаліся нам, і ў іх адбівалася мноства розных пачуццяў і думак, якіх ніколі не здолеў выказаць словамі.
Калі збіраліся адыходзіць, Шчур паклікаў жонку Маманта і сказаў ёй:
— Няма ў вас зараз пацехі з мужа… Што?
— Што рабіць? Я не наракаю…
— Хочаце адчыніць краму альбо які-небудзь інтарэс?
Вочы жанчыны радасна бліснулі.
— Але з чаго?
— Я дам 1000 рублёў, — сказаў Шчур.
— I я дам тысячу, — вымавіў услед за ім я.
— Я таксама дам тысячу, — дадаў Грабар.
— Як я гэта вам выплачу? — прамовіла жанчына.
— Увогуле не трэба! Гэта яму, — Шчур паказаў пальцам на Маманта. — Толькі дбайце пра яго, пра гэтага… маманта, бо яго і дзіця скрыўдзіць. А зараз свет такі: слабога, добрага, сарамлівага зубамі загрызуць.
Мы далі жонцы Маманта 3000 рублёў і пакінулі іх жытло.
Назаўтра Шчур прынёс мне пошту, якая прыйшла на яго адрас, але была прызначана мне. Пошта была з Вільні ад Петруся. У ёй знаходзіўся ліст і маленькая скрыначка з дасканалым бэзардоўскім компасам у скураным футарале. Ніколі не думаў пра набыццё компаса, хоць гэта была вельмі зручная і патрэбная для мяне рэч. Зараз мог беспамылкова, у найцямнейшую ноч, па зусім незнаёмай мясцовасці адшукаць патрэбны мне накірунак!
Увечары доўга глядзеў на стрэлку компаса, якая свяцілася, і, замілаваны, думаў пра Петруся:
«Як яму гэта прыйшло ў галаву?.. Аднак жа думаў пра мяне… Купіў гэта мне!..»
Пасярэдзіне Краснасельскага лесу, у трох кіламетрах ад граніцы, ляжыць перасечаная наўскос трактам вялізная паляна. З паўднёвага боку той паляны знаходзіцца шырокі, цёмны, густа зарослы дрэвамі лог. Туды часта пракрадаюцца паўстанцы, якія, каб скараціць шлях, хутка пераходзяць паляну і знікаюць у гушчары кустоў, якія разрасліся па берагах логу.
У ста кроках ад левага краю той паляны адной ноччу вырас кусцік, а за ім з’явілася нябачная здалёк ямка. А ў дзесяці кроках, злева, на ўскрайку логу апынулася капа сена… Я сядзеў у ямцы за кусцікам, а Шчур схаваўся ў капе. Грабар вартаваў у хмызняку ў дзесятку кроках ад месца, дзе сутыкаўся край лесу з логам. Такім чынам мы наладзілі сак, накшталт таго, як раней паблізу Гараняў, калі выпадкам злавілі ў яго, замест групы Гетмана, шэсць перамытнікаў і перамытніцу.
Праз гадзіну пасля ўзыходу сонца я заўважыў людзей, якія выходзілі з лесу на другім баку паляны. Крочылі спяшаючыся, стараючыся як хутчэй перайсці адкрытую прастору… Усе ў чорных кароткіх куртках і доўгіх ботах… Набліжаюцца да мяне. Праходзяць у некалькіх кроках ад маёй засады і набліжаюцца да купы кустоў на паляне. Бачу, як ім насустрач, — каб не дапусціць занадта блізка да лесу, — бяжыць Грабар. Паўстанцы не адразу заўважылі яго. Пасля, аслупянеўшы, сталі. Разнёсся голас Грабара:
— Рукі ўгору!
Паўстанцы лавінай кінуліся ўлева, на ўскрай паляны. З капы сена выскачыў Шчур. У руках трымаў два рэвальверы. Крыкнуў ім зблізку:
— Кладзіцеся, бо кіну гранату!
Тыя паваліліся на зямлю.
— Рукі накрыж! — крыкнуў Грабар.
Я хутка абмацаў іх: шукаў зброю. Потым загадаў усім устаць, уважліва абшукаў кожнага.
Мяшкі са скуркамі, якія неслі з сабой, скідаў у кучу. У склад гэтай групы ўваходзілі дужыя, рослыя мужчыны.
— Добрыя былі б салдаты для Чырвонай арміі! — вымавіў, абшукваючы іх.
Паўстанцы напружана захіхікалі. Раптоўна з аднаго боку групы данёсся знаёмы голас Аліганта (дзіўна, што я не заўважыў яго раней).
— Хло-о-п-цы!.. гэ-та ж Шчу-ур!..
Алігант паказаў пальцам у бок Шчура, які стаяў за некалькі крокаў ад капы. З яго твару зваліліся дрэнна прыклееныя вусы, таму адразу яго пазналі. Я падбег да Аліганта:
— Замкні морду, бо зараз я табе пакажу не шчура, а ката.
Алігант, плаксіва вымаўляючы, пачаў адсоўвацца ад мяне.
— Пане… таварыш… Уладзік…
Абшукаў паўстанцаў і адпусціў іх. Перад гэтым вымавіў:
— Скажыце вашым хаўруснікам у Ракаве, што граніца закрыта! Што ні адной групы не пушчу! Скажыце, што гэта за Кручка і за Лорда, і за тое, што водзяцца з Алінчукамі! Зразумелі?
Пачуліся галасы паўстанцаў:
— Так.
— Зразумелі.
Тады я дадаў:
— Ну, дык рвіце! Бягом, бо буду секчы па вас!
Сланы ўскочылі на ногі. Я стрэліў некалькі разоў услед (так, каб не трапіць). А Грабар крычаў:
— Го-го-го!.. Тры-майце фартоўцаў, жыканоў, мудакоў, блатнякоў, шубраўцоў, задавакаў!..
Калі пазней мы занеслі тавар на мяліну, Шчур сказаў:
— Ну, зараз і мне канец. Усё мястэчка будзе ведаць. Зараз і я павінен хавацца.
— Нічога, дадзім рады! — кажа Грабар.
А праз пару дзён наладзілі паляванне на нас. Мы былі па пэўнай справе паблізу Менска. Ноччу пачаў ліць дождж. Да раніцы перайшлі з Архірэйскіх лясоў у Старасельскі.
Зрабілі днёўку ў лесе недалёка ад тракта на 19-й вярсце ад Менска. Прамоклі да апошняй ніткі. Незадоўга перад палуднем дождж аціх, і мы расклалі вогнішча, каб абагрэцца і высушыць рэчы. Дым вогнішча мог выдаць, але мы не звярталі на гэта ўвагу.
Вартавалі па чарзе, па адным, і сушылі рэчы каля полымя, у якое кідалі вялікія палкі са складзенай непадалёк паляніцы дроў. У нейкі момант паблізу ад нашай схованкі прайшло двух пастушкоў. Хлапцы, затрымаўшыся на хвіліну, з цікавасцю зіркалі на нас.
— Ну, чаго там? — крыкнуў ім Грабар. — Шуруйце далей!
Пастушкі, спяшаючыся, зніклі ў кустах. А праз гадзіну (я тады высушыў адзенне і стаяў на варце) пачуў у лесе нейкі падазроны шолах. Адвярнуў галаву ўлева і нечакана мой позірк мімаходам сустрэўся з поглядам людзей, вочы якіх сачылі з-за кустоў за мной. Акрамя гэтага заўважыў чорную скураную шапку з чырвонай пяціпраменнай эмалевай зорачкай. Ведаў, што за мной сочаць, але не выказаў непакою, толькі зняў забеспячальнік з рэвальвера і паставіў нагу на вогнішча. Сябры са здзіўленнем паглядзелі на мяне. Рухамі рук паказаў ім, каб хутка апраналіся. Зрабілі гэта, не трацячы ні адной хвіліны, але не паказаліся са схованкі. Я паказаў даланёй у накірунку бліжэйшых кустоў. Там чуліся штораз выразнейшы шоргат і прыглушаны шэпт. Чуў іх і справа, і злева. Нечакана недалёка коратка гаўкнуў сабака. Тады я схіліўся і шапнуў хлапцам:
— Гранаты! Жвава!
Сябры вынялі забеспячальнікі з шасці разрыўных французскіх гранат і падалі мне дзве. У тую ж хвіліну кінуў адну гранату проста ў купіну кустоў перад сабой, а другую крыху далей. Шчур і Грабар у той жа момант кінулі гранаты направа і налева. Праз некалькі секунд гранаты пачалі выбухаць. Лес затрымцеў. У паветра паляцелі фантаны зямлі. Трашчалі галіны дрэў. Пачуліся крыкі і тупат уцякаючых людзей. А мы адразу пайшлі на захад. Стараліся не рабіць галасу.
Доўгі час панавала цішыня, а пасля прагучаў стрэл з карабіна. За ім усчалася частая страляніна. Не адказалі аніводным стрэлам
і ўсё рухаліся наперад. Праз нейкі момант ззаду разнёсся сабачы брэх.
— Дрэнна! — вымавіў Шчур. — Ідуць за намі з сабакам, а да вечара далёка.
— Каб быў шкіпідар або аміяк, можна было б выліць на зямлю. Аўчарка не пайшла б далёка за намі. А так марная справа! — прамовіў Грабар.
Мы наблізіліся да ўскрайку лесу. Перад намі наперадзе раскінуліся ўдалечыні налі. Да граніцы было 12 вёрст, да найбліжэйшага лесу, які вёў да граніцы, больш 4 вёрст, а змяркацца пачне не раней як праз З гадзіны, таму выйсці з лесу на поле было занадта небяспечна.
Рушылі ўзлескам на поўдзень. Перайшлі на другі бок тракту і ў гушчары павярнулі на ўсход. Зараз ад пагоні нас аддзяляў тракт. У дадзены момант пераслядоўнікі ішлі на захад, а мы накіраваліся на ўсход. Яны рухаліся вельмі марудна, бо баяліся засады, а мы ішлі спяшаючыся. Зрэдку чулі злева брэх сабакі.
Я ішоў першым. Каб не згубіць накірунак і не павялічваць дарогі, вёў сяброў па компасе. Наблізіліся да ўскраіны лесу. Адсюль было відаць Старое Сяло і вазы, якія ехалі па тракту. Я звярнуў на поўнач. Вылучыўшы зручную хвіліну, калі нікога не было паблізу, мы перайшлі на другі бок тракту і апынуліся ў той частцы лесу, з якой выйшлі гадзіну таму. Зараз знаходзіліся ў тылу аблавы, якая павольна пасоўвалася наперад у двух кіламетрах перад намі.
Абыходзім наша вогнішча, якое затухае. Бачым ямкі, якія вырылі ў зямлі гранаты. Ад гэтага месца накіроўваемся на поўнач, а пасля зноў рухаемся на захад — услед за аблавай. Усё выразней чуваць сабачы брэх і шум, што нарабілі людзі, якія крочаць наперадзе нас. Чуем, як яны аддаляюцца на поўдзень, як перайшлі тракт. У тую хвіліну мы падыходзім да ўскраіны лесу і тут затрымліваемся. Зноў бачым перад сабой поле… А да змяркання яшчэ 2 гадзіны. Другі раз ужо не ідзём вакол лесам, бо ведаем, што, убачыўшы наш манёўр, тыя зробяць засаду, або накіруюць аблаву назад, а мяркуючы па папярэдніх стрэлах з карабінаў і зробленага шуму, маюць значныя сілы. Затрымліваемся ў хмызняку на беразе лесу і чакаем. Падрыхтавалі гранаты і рэвальверы… Час цягнецца бясконца доўга… Да вечара далёка…
Праз гадзіну аблава абышла вакол па лесе і зноў пачала набліжацца да нас. Праз кожную пару хвілін брэша сабака.
— Я гэтага брахуна прыбяру! — са злосцю кажа Грабар. — Вы пачакайце тут.
Ён засоўвае рэвальверы ў кішэні і вымае забеспячальнікі з 2-х гранат. Пасля ідзе лесам насустрач людзям, якія набліжаюцца да нас.
Хвілін пятнаццаць пануе цішыня. Аблава ўсё бліжэй. Раптоўна адбываецца выбух гранаты, і рэха ляціць далёка па лесе… Другі выбух… Сабака замоўк… Поўная цішыня… Пасля пачынаюць грымець карабіны. Праз пару хвілін падыходзіць да нас Грабар.
— Патрапіў у брахуна? — запытаў яго Шчур.
— He ведаю. Але яны, напэўна, затрымаюцца.
Да змяркання яшчэ больш гадзіны. Выходзім на поле. Нельга чакаць на месцы, каб нас акружылі. Хутка рухаемся проста да лесу, які чарнее ў 4-х вярстах ад нас. Калі перамералі трэцюю частку той дарогі, ззаду прагучалі стрэлы. Я азірнуўся. Полем беглі за намі салдаты з карабінамі ў руках і, час ад часу спыняючыся, стралялі ў нас. Мы пакрочылі яшчэ хутчэй.
На сярэдзіне нашай дарогі ляжала вёска. Хочучы скараціць сабе шлях, каб мець аднолькавыя шансы з нашымі пераследнікамі, якія, безумоўна, пойдуць праз вёску, мы ступілі на вузкую, патанаючую ў балоце вуліцу. Зброю не хавалі. Трымалі ў руках гранаты і рэвальверы.
Пасярод вёскі стаяў натоўп людзей. Нейкі сход. Натоўп акружыў воз, на якім стаяў мужчына і, жвава махаючы рукамі, штосьці ім казаў. Нечакана нехта з натоўпу заўважыў нас. Нешта крыкнуў. Усе погляды скіраваліся ў наш бок. He звяртаючы на гэта ўвагі, хутка крочым наперад. У той момант мужчына, які гаварыў людзям, што сабраліся на вуліцы, саскочыў з воза і пабег да бліжэйшага падворка. Шчур голасна крыкнуў:
— Трымай!!
Грабар некалькі разоў свіснуў у пальцы.
Натоўп пачаў змяншацца. Людзі разбягаліся ва ўсе бакі. Ідучы далей пустой вуліцай, бачым толькі дзе-нідзе людзей, якія пакрыёма сачылі з вокан і з-за вуглоў хат.
Выйшлі на другі канец вёскі і пакрочылі нацянькі праз поле. Зводдаль бесперапынна несліся стрэлы пераследваючых нас салдат, якія хацелі такім чынам папярэдзіць насельніцтва вёскі, каб нас лавілі, але нарабілі яшчэ большага спалоху і дабіліся толькі таго, што сяляне пахаваліся хто дзе мог.
Нарэшце мы дабраліся да лесу, які ўсцілаўся вячэрнімі ценямі.
— Можам пачакаць іх тут, — сказаў Грабар, сядаючы на спілаваным камлі бярозы. — Бачу, што ім пільна трэба ў пекла…
Зараз ужо ніхто з нас не можа свабодна паказацца ў мястэчку. У большасці выпадкаў толькі вечарамі ідзём туды разам. Шчур пракрадаецца да хат сваіх інфарматараў і збірае звесткі аб працы паўстанцаў і пра розныя выпадкі на граніцы, паграніччы і ў мястэчку. Пасля разам ідзём у крамы і купляем патрэбныя нам рэчы. Пару разоў нас пазнавалі, але ніхто не адважыўся заступіць нам дарогу, або ў той жа момант данесці паліцыі. А пазней мы выбіраліся з мястэчка і ішлі да бровара ў Паморшчыну або ў навакольныя лясы. Часцей у лясы — там было нам больш бяспечна.
Зноў згубілі некалькі дзён на збіранне ў адно месца і перанос да пасрэдніка сабранага і пахаванага па розных месцах тавару. Зарабілі шмат. Грошы ўжо не цешаць мяне. Якая розніца, колькі я маю, калі не магу купляць усё, што мне падабаецца. Большую частку, пераважна золата і дробныя банкноты, складваю ў наш банк — дупло старой ліпы.
Учора Шчур адзін пайшоў у мястэчка. Чакалі яго на могілках. Прынёс некалькі пляшак спірытусу, шмат ежы і сказаў мне:
— Для цябе ёсць навіна.
— Якая?
— Раскажу на мяліне.
Ішоў дождж, таму, хочучы добра адпачыць, мы пайшлі да бровара.
— Што за навіна? — запытаў я ў Шчура.
— He ведаю, ці казаць табе…
— Ну, кажы!
— Добра. Толькі ты гэта не бяры да галавы… Заўтра, у нядзелю, будуць Фэліны заручыны.
— He можа быць!.. А з кім?..
— Адгадай.
— He магу дадумацца.
Шчур крыва ўсміхнуўся і павольна працадзіў:
— З па-нам Аль-фрэ-дам А-лін-чу-ком…
У мяне заняло мову. Шчур, заўважыўшы, якое гэта зрабіла ўражанне, прамовіў:
— Мяне, браце, гэта таксама ўразіла. Доўга думаў над гэтым… Вельмі доўга… Так сабе разважаў: ці гэта можа быць, каб такі жлоб узяў сястру Сашкі і карыстаўся з пасагу, які Сашка коштам свайго жыцця сабраў для яе?.. Так уласна і думаў. I адказаў сабе: секану яго!.. А пасля я лепей раздумаўся і адказаў сабе інакш: не трэба і нельга!.. I ты гэта зразумей… А ведаеш чаму?
— Ну?
Шчур паправіў свечку, якая гарэла ў бутэльцы, а потым падняў угару два пальцы і прыплюшчыў вочы. На яго твары з’явілася крывая ўсмешка.
— А таму, што яны адзін другога вартыя!.. Разумееш?.. Калі яна згаджаецца выйсці за яго замуж, хоць ведае, што гэта за ананас, дык… варта яго… А ён яе варты!.. I сабака ім морду лізаў. А ты плюнь і галаву сабе не заварочвай!.. Сястра Сашкі не павінна была так зрабіць, а калі робіць, дык яна звычайная… цёрка… Вось як… Можа, так і лепш…
Я доўга маўчаў. У маёй галаве пралятала шмат думак. Пасля моцна паціснуў даланю Шчура і прамовіў:
— Маеш рацыю!
Шчур кіўнуў мне галавой і весела бліснуў вачыма. А крыху пазней сказаў:
— Ведаеш, што прыдумаў?
Я з запытаннем паглядзеў яму ў вочы.
— Пойдзем заўтра ўтрох на заручыны Фэлі… Што?.. He чакаюць такіх гасцей. Уся смятанка будзе. А тут мы ўвальваемся і складаем павіншаванні і зычэнні вясёлага свята паненцы і халую!.. Што вы на гэта?
— Давай! — весела сказаў Грабар. — Першая катэгорыя!
— Давай! — крыкнуў і я.
Мяне ахапіла злосць. Быў здольны на любую, самую жахлівую авантуру. Пасля, калі сябры паснулі, я доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма.
Назаўтра позна ўвечары мы накіраваліся ў мястэчка. Да хаты Вэблінаў быў зручны подступ з усіх бакоў. Пералезлі праз некалькі парканаў і апынуліся ў агародзе. Адсюль можна было выгадна назіраць за ўсім рухам у памяшканні і на падворку.
Пачаў крапаць дождж, і дзядзінец апусцеў. Праз адчыненыя, ярка асветленыя вокны хаты даляталі гукі грамафона. Я падкраўся пад вакно і заглянуў усярэдзіну. Убачыў больш дзесятка людзей, якія сядзелі за сталом, застаўленым вячэрай. Фэля сядзела каля Альфрэда, які штосьці казаў ёй, салодка пазіраючы дзяўчыне ў вочы. Увесь час пасміхаўся, мацаў пальцамі вусікі, але твар дзяўчыны быў спакойны і суровы.
Акрамя іх у хаце ўбачыў усіх братоў Алінчукоў, Караля і Зыгмунта Фабіньскіх, Аліганта, Салаўя, які трымаў на каленях гітару. Акрамя таго, прысутнічала некалькі незнаёмых старэйшых і маладзейшых за мяне мужчын — напэўна, сваякоў Алінчукоў і Фэлі. З дзяўчат былі: Бэлька, якая прымірылася з Альфрэдам, Андзя Салдат, кузынка Фэлі, Зося, і яшчэ пару жанчын, знаёмых мне толькі з выгляду.
На стале стаяла шмат пустых пляшак. Таварыства ўжо было ўлюляна, але захоўвалася паважна. Да мяне падышлі Шчур і Грабар. Пачалі разам са мной глядзець у вакно. Грамафон замоўк. Заўважыў, што Лютка Зубік кажа штосьці Салаўю. Напэўна, просіць яго, каб зайграў альбо заспяваў. Да яе далучыліся іншыя дзяўчаты. Прыкмеціў, што Салавей пачырванеў. Уладкаваўся зручней у крэсле, узяў некалькі акордаў на гітары і пачаў спяваць. Але спяваў не нашу перамытніцкую песню, якую складала граніца, а іншую… смутную, жаласлівую:
Стэп, бязмежны стэ-эп!..
Сэрца цісне жа-а-ль!..
Як высланца енк,
Песня ляціць удаль.
Песня ля-я-ці-ць уда-ль!..
He магу адарвацца ад вакна. Песня ўзрушае мяне. Завалодвае ўсёй маёй істотай. Убіраю яе душой, сэрцам, нервамі… Тады Шчур кладзе мне на плячо руку.
— Пайшлі!
Іду разам з імі ў сенцы. Песня скончылася. У пакоі з хвіліну пануе цішыня. У гэты момант Шчур шырока адчыняе дзверы і ўваходзіць у хату. Крочым за ім. Усе глядзяць на нас здзіўленымі вачыма. Заўважаю рух сярод Алінчукоў. Альфрэд засунуў руку ў кішэню. У тую ж хвіліну Шчур бліснуў двума парабелумамі, накіроўваючы іх на прысутных у памяшканні людзей. Мы таксама вынулі зброю. Шчур вымавіў, звяртаючыся да ўсіх:
— Прыйшлі сюды ад брата Фэлі, Сашкі. Сашка быў маім калегам, а памёр у яго на руках! — рухам галавы паказаў на мяне. — Таму, калі б жыў, запрасіў бы нас на заручыны сястры хутчэй, чым шмат каго з вас. А кавалер, — Шчур звярнуўся да Альфрэда, — няхай супакоіцца і трымае ручкі ў парадку, бо замест заручын зробім пару пахаванняў.
Шчур садзіцца за стол насупраць Альфрэда, паміж Люткай Зубік і Зосяй, якія адсоўваюцца ў бакі. Усе маўчаць. Тут загучаў голас Фэлі, якая глядзіць мне ў вочы і кажа:
— А гэта прыстойна, спадар Уладзіслаў, са зброяй у госці прыйсці?..
— Зброю ў руках я не трымаў, — панура адказаў ёй. — Выняў толькі, калі Альфрэд палез на яе, бо ведаю, што нават з-за плота страляць яму не ўпершыню!
— Гэта абраза мяне! — кажа Фэля, і на яе лбе паказалася доўгая папярэчная маршчынка.
— А!.. гэта панна Фэліцыя такая абразлівая?.. Не ведаў пра тое. Думаў інакш, бо бачу, што той, хто летась называў панну к…, пра што Фэлечка добра ведае, зараз яе нарачоны.
— А што, цябе гэта датычыць? — праз зубы працадзіў Альфрэд.
Тут улез Шчур:
— Вельмі яго гэта датычыць! Вельмі, бо ён твой кум!
— Бурага ката на хросце трымаў! — адгукнуўся Грабар.
— He, — цягнуў далей Шчур, — таму, што ён морду тваю падкуў і ножку прадзюравіў.
— А вас хто сюды прасіў? — вымавіла Фэля.
Тады сказаў я:
— Пані мяне калісьці запрашала. Прыйшоў нападпітку… пасмяялася з мяне пані. Зараз прыходжу цвярозы, з сябрамі — зноў не падабаецца.
— З бандытамі, — кінуў Альфрэд.
— He з такімі жлабамі, як ты, што з-за плота ў хлапцоў страляюць, налева ў паліцыю даносяць, з падпольнікамі ў Саветах сябруюць і хлопцаў засыпаюць! — кажу яму я.
— Вы самі нікому не даяце працаваць! — вымавіў Альфрэд.
— He даем такім жлабам, як ты! I не дамо! Скончыцца для вас залатое дно! Вам дровы секчы, ваду насіць і пялёнкі мыць, а не фартаваць! — кажа Шчур. — Праз цябе загінуў Кручок, праз цябе загінуў Цвік! Ты насылаў на нас паўстанцаў. Ты наводзіў чэкістаў. Дык памятай: для вас граніца замкнута, і калі ад сённяшняга дня злаўлю каторага, — Шчур па чарзе ткнуў пальцам у грудзі кожнага праз стол, — за граніцай, то секану ў лоб! Бо запаскуджваеце граніцу! А калі злаўлю кагосьці з паўстанцаў, а я злаўлю, дык таксама косткі пахрабушчу. Скажыце ім. А зараз досыць размоў. Мы прыйшлі сюды выпіць і зычыць Фэлі шчасця. А свае інтарэсы аформім дзе-небудзь у іншым месцы!
Шчур узяў са стала вялікі графін і наліў у тры шклянкі гарэлкі: для сябе, для мяне і для Грабара.
— Ну, хлапцы, шахнем! — вымавіў ён весела. — Вып’ем за здароўе Фэліцыі — сястры караля граніцы Сашкі Вэбліна!
Выпілі адным духам гарэлку.
— А зараз, хлапцы, шклянкі аб падлогу: каб ніхто не выпіў імі за здароўе Фэліцыі Алінчуковай, жонкі Альфрэда!
Твары прысутных у хаце людзей выяўлялі шмат розных пачуццяў. Адны стрымліваліся, каб не выбухнуць смехам, другія затойвалі ў сабе бяссільную злосць. Некаторыя былі перапалоханыя, хоць з нашых паводзін бачылі, што мы не маем намеру зрабіць прысутным нічога кепскага. На тварах Салаўя і Аліганта я прыкмеціў сімпатыю нам. А Шчур падышоў да Салаўя, узяў у яго з рук гітару і сказаў:
— He раз спяваў Сашку. Заспяваю апошні раз яго сястры!
Крануў струны гітары і пачаў спяваць. Песня была вельмі фрывольная і смешная. У ёй з гумарам апявалася нядоля і рызыка прафесіі перамытніка. Заўважыў на некаторых тварах, асабліва ў дзяўчат, вясёлыя ўсмешкі. Шчур закончыў песню і сказаў:
— А зараз, мая дарагая Фэля…
— He твая і не дарагая! — гаркнуў Альфрэд праз стол.
Шчур прыплюшчыў вочы і вымавіў:
— Што не мая, дык твая рацыя, але што дарагая, дык мая рацыя, бо мае пасаг, на які ты ласы больш, чым на Фэлю! — паказваючы пальцам на Альфрэда, жартаўліва сказаў Шчур.
Фэля падскочыла з месца.
— Ці панове доўга мяркуюць заставацца тут? — сказала высокім непрыемным голасам. — Калі так, я адсюль пайду!
— He, — адказаў Шчур, — зараз ідзем… А на заканчэнне хачу падарыць панне Фэліцыі шлюбны прэзент, бо не спадзяюся, каб нас запрасіла на вяселле… I не прыйшлі б, — па хвіліне маўчання сказаў ён далей. — Дык вось, золата пані не трэба — бо Сашка досыць зарабіў яго для… Альфрэда, таму золата не дам. Дам пані іншы падарунак, які і Сашка з ахвотай прыняў бы.
Шчур перахіліўся праз стол і паклаў на абрус перад Фэляй гранату. Грабар зрабіў тое ж. Тады я вымавіў:
— А я падарую пані нешта іншае: напамін, які мне некалі паслаў Альфрэд. Я не пабег з ім у паліцыю, толькі паказаў Сашку, а зараз даю пані.
Паклаў каля гранат кулю ад браўнінга, якую, пасля нападу на мяне восенню 1922 года, выняў са сцяны хаты Трафідаў.
Усе маўчалі. Фэля здзіўленымі вачыма паглядала на гранаты і кулю, якія ляжалі перад ёй. Некаторыя госці разам з крэсламі адсоўваліся ад стала. А Шчур сказаў:
— Ну, хлопцы, гайда ў дарогу! Няхай яны тут смуродзяць і дзяцей плодзяць, а нас чакае чорная ноч, чорная сцежка, зялёны лес і зялёная граніца!
Мы выйшлі з памяшкання. Затрымаўшыся ў сенцах, пачуў голас Альфрэда:
— Трэба ў паліцыю!.. Што гэта такое?!. Гэта ж гранда!.. Ёсць сведкі!..
У наступную хвіліну разнёсся спакойны, нізкі, з металічнымі ноткамі голас Фэлі:
— Садзіся ж, ну, ты… ты… — не скончыла.
Мы выйшлі на вуліцу і нырнулі ў цемру лістападаўскай ночы. Я крочыў і ўсё думаў: «Які сказ рваўся на вусны Фэлі, калі казала Альфрэду?» Шмат даў бы за тое, каб даведацца! Шмат даў бы!..
Наша мяліна вельмі небяспечная. З усіх бакоў мы акружаны ворагамі. Навокал па дарогах, па сцежках, па лясах, па палях, па лугах лазяць зялёнкі, падпольнікі, мытнікі, сексоты, чэкісты. А мы сядзім, нібы ў гняздзе, у дасканала замаскіраванай мяліне ў нетрах Краснасельскага лесу і чакаем пачатку змяркання. Любая неасцярожнасць можа нас выдаць, а сутычка ўдзень з шматлікім непрыяцелем ўвогуле не ўсміхаецца нам, таму паводзім сябе вельмі ціха і нават не раскладваем вогнішча.
Трымаемся гэтага небяспечнага месца, паколькі мяркуем тут накрыць некалькі паўстанцкіх груп. Пункт гэты выдатны і добра намі вывучаны.
Днём пачаў ісці дробны надакучлівы дождж. Хмары засцілі неба. Была другая гадзіна. Мы ўжо не спалі. Шчур расклаў невялікі агеньчык у глыбокай яме, з якой агульнымі намаганнямі выкацілі аграмадны, асеўшы ў зямлю валун. Для вогнішча карыстаемся толькі сухім дрэвам.
Наша мяліна была акружана з трох бакоў балотам, але знаходзілася на сухім пагорку. Навокал стаялі задумлівыя, змрочныя, сівыя ад старасці яліны. Чорнымі калонамі яны пнуліся высока ўгару. Дарогу да нас, акрамя дрыгвы, загароджвалі вялізныя паваленыя дрэвы, густыя хмызнякі і завалы галля.
У нейкі момант Грабар падняўся з месца і сказаў:
— Прайдуся крыху… Прынясу вады.
Шчур кіўнуў галавой. Грабар узяў біклажку і знік за дрэвамі. З таго часу прайшла гадзіна, а Грабар не вяртаўся. Нечакана мы пачулі на поўдні, у дастаткова блізкай ад нас адлегласці, два рэвальверныя стрэлы. Шчур ускочыў на ногі:
— Наган, — вымавіў ён коратка.
Тут жа прагучала яшчэ некалькі стрэлаў.
— Парабелум! — кінуў мне Шчур. — Гэта Грабар!
Мы пабеглі нацянькі лесам у напрамку стрэлаў. Праз пятнаццаць хвілін апынуліся на ўскрайку лесу. Удалечыні была відаць страха хутара. Злева, у некалькіх сотнях метраў ад нас, я заўважыў у траве нешта чорнае. З рэвальверам у руцэ пабег туды. Убачыў мужчыну ў сялянскай вопратцы, які ляжаў на лузе. Наблізіўся да яго. Убачыў рыжую бараду, якая тырчала ўгару, шрам на левай шчацэ і скрыўленую злосную ўсмешку, што назаўсёды застыла на мёртвых, збялелых вуснах.
— Гэта… Макараў! — крыкнуў я.
Шчур нахіліўся над целам падпольніка.
— Мудрэц!.. Апрануўся як селянін! — выціснуў ён сіпата.
— А дзе ж Грабар? — запытаўся ў яго.
Мы агледзеліся навокал. Край лесу і луг былі пустымі. Шчур паклікаў:
— Грабар! Грабар!
Ніхто не адгукнуўся. Шчур, падышоўшы да трупа, падняў з зямлі наган, які ляжаў непадалёку. Агледзеў рэвальвер і вымавіў:
— Грабар павінен быць недзе непадалёку. Можа, паранены, бо забраў бы ў яго машыну.
Мы пачалі абшукваць ускраіну лесу. У адным месцы я заўважыў боты, якія тырчэлі з-за куста. Гукнуў Шчура:
— Хадзі сюды!.. Ёсць!..
Сябра прыбег да мяне. Выцягнулі з-пад куста цела, якое астывала. Шчур перавярнуў яго на спіну. Грабар быў мёртвы. Шчур доўга глядзеў на труп сябра, потым сказаў:
— Поўз да нас і сканаў.
На грудзях Грабара былі дзве кулявыя раны. Няцяжка было зразумець, што тут адбылося. Грабар выйшаў на ўскрай лесу, і, заўважыўшы селяніна, які крочыў па лузе, і не падазраючы, што гэта падпольнік, наблізіўся да яго. Калі спаткаліся, Макараў, напэўна, выхапіў з кішэні рэвальвер і загадаў Грабару, у якім адразу пазнаў перамытніка, падняць угору рукі. Тады Грабар хватануўся за зброю. Макараў стрэліў яму двойчы ў грудзі і пачаў уцякаць. А Грабар рэшткамі сіл стрэліў у яго некалькі разоў з парабелума, трапляючы ў бядро, плячо і галаву. Апошняя куля была смяротная. Пасля гэтага Грабар пачаў паўзці ў напрамку нашай мяліны. Дабраўся да куны кустоў і тут памёр ад страты крыві.
— Ну, так, так, так!.. Клёва! — казаў Шчур, гледзячы на труп сябра.
Я зірнуў на яго са здзіўленнем і сказаў:
— Занясём яго на мяліну.
Узяў цела пад пахі, а Шчур ухапіўся за ногі. Павольна панеслі яго ў напрамку нашай мяліны. Нарэшце дабраліся да схованкі. Паклалі труп на зрэзаныя яловыя лапкі.
Шчур пачаў выграбаць з ямы, у якой гарэла полымя, галавешкі, вугаль, попел і зямлю. Ён рабіў гэта спяшаючыся, нібы ў гарачцы.
— Што гэта будзе? — запытаўся ў яго.
Калега падняў заліты потам і накрыты попелам твар, на якім па-дзікаму блішчэлі вочы.
— Магіла для яго… Як жа інакш?.. Пакінь жа — будуць цягаць, рэзаць. Досыць гэтага меў за жыццё. Няхай хоць зараз атрымае супакой! Труна будзе як халера!
Мне падалося, што Шчур засмяяўся, але гэтага не магло быць. Хіба заенчыў… Ён капаў далей. Выкідваў наверх груды зямлі. Хутка працаваў рукамі і калом, загостраным з аднаго боку на полымі. Нарэшце выкапаў глыбокую, на 1,5 м, яму. Тады вылез адтуль, абцёр рукавом кашулі з твару пот і сказаў:
— Агледзь яго. Забяры грошы і зброю. Грошы адашлеш яго матцы ў Рубяжэвічы. Дам табе адрас… Я зараз вярнуся.
Шчур пайшоў у лес, а я павымаў з кішэняў Грабара ўсе рэчы. Там былі: два рэвальверы (наган і парабелум), дзевяць запасных абоймаў для парабелума, шмат набояў, 4 гранаты, ліхтарык, партманет з грашыма і шмат рознай дробязі. Паклаў усё гэта на вялікай хустцы.
Неўзабаве вярнуўся Шчур. Ён прынёс стос ладных яловых лапак. Пачаў высцілаць імі дно магілы. Пасля вылез наверх і сіпатым голасам вымавіў:
— Ну… трэба скончыць!
Мы апусцілі ў магілу цела Грабара. Шчур спусціўся ўніз і паправіў яго там. Паклаў уздоўж цела рукі і сказаў мне:
— Дай машыну… наган… Няхай мае хлапец!
Ён паклаў зараджаны наган ля далані правай рукі Грабара і пачаў, спяшаючыся, закрываць цела яловымі лапкамі. Пасля вылез наверх і вымавіў, нахіляючыся над магілай:
— Ну, бывай, Янак!
Ён пачаў хутка ссыпаць зямлю ў яму. Зсоўваў яе рукамі і нагамі. Неўзабаве яма была засыпана. Шчур утаптаў зямлю нагамі.
— Можа, пакладзём на магілу камень? — запытаў я Шчура.
Той хвіліну думаў, пасля зморшчыўся, махнуў рукой і прагаварыў:
— He трэба… I так яму нялёгка было… у жыцці… Ты не ведаеш…
Змоўк.
Я давёў да ладу вогнішча. Зноў пачаў ісці дождж. Уверсе свісцеў, плакаў, завываў вецер. Зрываў з дрэў жоўтыя лісты і засцілаў імі магілу Грабара.
Грабар, наш надзейны калега, загінуў у канцы залатога сезона (як і Сашка Вэблін). I ўсё навокал было прыбрана ў золата. Залатыя дываны ляжалі па лясах, золата вісела на галінках дрэў, золата засцяліла яго магілу.
Набліжаўся вечар. Я развёў большае полымя. Шчур страпянуўся. Выняў з сумкі пляшку. Пачаў мыць спірытусам рукі і твар, на якіх была кроў сябра. Абцёр іх хусткай. Пасля закурыў папяросу, сеў ля вогнішча і доўга, задумаўшыся, глядзеў у полымя. Курыў папяросу, сплёўваў на вуглі і пра нешта думаў, думаў, думаў…
Змяркалася. Цемра накрыла лясы. Змрок ахутаў усё жалобным вэлюмам.
Вецер памацнеў. Дождж не спыняўся. А зверху, з дрэў, усё ляцела на зямлю золата.
Зараз працавалі без усялякай сістэмы. Шчур нічога не абдумваў. Накрывалі сланоў адкрыта. Працавалі са злосцю і напорам. Амаль не мелі часу на адпачынак. Паўстанцы хадзілі штораз радзей. Шмат груп пакінула зусім работу, а тыя, якія яшчэ працавалі, хадзілі па далёкіх акружных дарогах. Але і там даставалі. Інтуіцыяй адчувалі іх сцежкі.
Была толькі адна група, якую ніколі не чапалі, хоць было вельмі лёгка яе ўзяць. Гэта «дзікія». Зараз вадзіў іх Дысек Магель, 12-ты машыніст «дзікіх» і 12-ты вар’ят. Болека Камету бальшавікі забілі з засады. Ён ноччу ўзлезь ім на карабіны, і забілі яго некалькімі кулямі… Знік Камета з пагранічча. Загінуў першы мачыморда.
Неяк я заўважыў, што ў галаве Шчура памяшалася. Пачаў уважліва за ім назіраць і пераканаўся ў гэтым. Неўзабаве пасля смерці Грабара мы злавілі пяць сланоў. Забралі тавар, які тыя неслі ў Саветы.
Шчур распакаваў усе ношкі і паскідаў тавар у адну кучу. Пасля пачаў развешваць на елках яркія шалікі, панчохі, свэтры, шаўкі, рукавічкі, лакіраваныя наскі. Такім чынам ён упрыгожыў некалькі елачак. Я прыглядаўся за работай сябра і не перашкаджаў яму. А ён адышоў больш чым на дзесяць крокаў ад дрэў і, нешта напяваючы пад нос, аглядаў сваю працу. Пацёр далоні і сказаў мне:
— Ну, як… муравана?
— Так сабе… Пойдзе…
Шчур узяў рэшту тавару і ўкінуў у ручай паблізу ад нас. Калі потым мы былі на мяліне, Шчур вымавіў:
— Ведаеш, што зрабіў адзін селянін з-пад Курдуноў?
— Ну?
— Быў жміндай. Усё жыццё збіраў грошы. А калі па старасці захварэў і лёг воблагам, дык трымаў іх у скураным мяшэчку пад падушкай, бо баяўся, каб хто-небудзь са сваякоў не забраў. А незадоўга перад смерцю пачаў глытаць залатыя манеты. Глытаў адну за другой — нібы цукерачкі. Пасля пачаў задыхацца ад золата. Прыбеглі сыны, дочкі і жонка. Хацелі яму перашкодзіць. Той пачаў іх дзерці, кусаць і праклінаць. Пры тым і памёр.
Я не цяміў, навошта і ў сувязі з чым ён мне гэта апавядае. А ён час ад часу, найчасцей у вельмі неадпаведны момант, казаў мне: «А ведаеш, што адбылося ў Гярвелях, ва Ушы, у Дубраве?», або: «Ведаеш, што зрабіў той альбо той?». I апавядаў мне дзіўныя гісторыі.
Я зразумеў, што ў галаве Шчура перакулілася мэбля. Толькі не мог здагадацца, на чым трымаецца яго вар’яцтва. He адыходзіў ад яго ні на крок. Жылі пераважна пад голым небам. Працягвалі далей ганяцца за сланамі, але не раз мы пакідалі тавар у лясах, дзе ён нішчыўся і марнаваўся. Некалькі разоў вечарамі заходзілі ў мястэчка. Куплялі там правіянт і папяросы. Шчур наведваў сваіх інфарматараў і даведваўся ад іх, хто яшчэ ходзіць за граніцу. Наша работа зменшылася, бо паўстанцы амаль зусім закінулі перамытніцтва. Некаторыя нават баяліся хадзіць вуліцамі мястэчка па адным. Мы трымалі ўсіх у страху.
Шчур даведаўся ў мястэчку, што пэўная група паўстанцаў ходзіць за граніцу не прама з мястэчка Ракава, але з Волмы. У той бок нясуць вельмі каштоўны тавар, а на нашым адрэзку вяртаюцца без яго. У той жа час іх праваднік Бэрка Станогі пасля перакідкі двух-трох груп вяртаўся з-за мяжы адзін і з выплачанымі яму за тавар грашыма. У залежнасці і вартасці перанесенага праз граніцу тавара, насіў вялікія сумы ад 5 да 10 тысяч даляраў. Нам падказалі прыкладны адрэзак, якім з Саветаў вяртаўся Бэрка Станогі. Ён знаходзіўся непадалёку ад Тэклі Поля.
Па нейкім часе мы ўдакладнілі, што Бэрка Станогі пасля пераходу граніцы ідзе шасцю дарогамі. Праходзіць каля дубравы дзедзіча Навіцкага, ярам непадалёку стадолы ўпраўляючага таго маёнтка Карабіновіча; каля карчмы па дарозе з Волмы да Ракава, і, нарэшце, лесам, паблізу ад карчмы. Там ішоў трыма дарогамі: лугам, каля вёскі, левым ускрайкам лесу і сцежкай, якая перасякала лес на другі бок. Прымаючы пад увагу шэраг розных акалічнасцяў, рабілі засады на адной з тых дарог. Усё безвынікова. А пасля ў мястэчку Шчур даведваўся, што Бэрка Станогі зноў вярнуўся прамежкам, які мы пільнавалі. Шчур шалеў.
Пачаліся месячныя ночы. Калі неба ачышчалася ад хмараў, было зручней рыхтаваць засады. Аднаго разу, як звыкла, зрабілі засаду ў двух пунктах: я на сцежцы, якая вяла праз сярэдзіну леса, а Шчур на яго левым крыле. Прыкідвалі, што Станогі будзе вяртацца па адной з тых дарог.
Была другая гадзіна ночы. Месцы нашых засад знаходзіліся ў значнай адлегласці ад мяжы. Баючыся каб не прагледзіць жыда, які вяртаецца з-за граніцы, я ўважліва ўзіраўся ў прастору перад сабой. Калі здавалася, што ўхапіў нейкія зрухі на мясцовасці, падымаўся і пільна аглядаў наваколле. Пераконваўся ў зрокавым падмане і зноў сядаў на спілаваны хваёвы пень.
У нейкую хвіліну пачуў злева лямант. Пабег туды ўскрайкам лесу. Наблізіўся да месца засады Шчура. Убачыў, што абшуквае нейкага селяніна, які галасліва прасіўся, каб Шчур яго адпусціў; даваў 10 рублёў золатам. Селянін нёс у мяшку звыш дзесяці кілаграмаў авечай воўны і казаў, што ідзе да сваякоў, якія жывуць паблізу Волмы.
Нечакана мне прыйшла ў галаву адна думка. Калі Шчур адпусціў селяніна, я сказаў калегу, што як на мой розум, дык Бэрка Станогі ніколі не вяртаецца з Саветаў адзін, а заўсёды ідзе разам з селянінам і бабай, якія ідуць першымі на адлегласці ў некалькі дзесяткаў крокаў ад сябе, а за імі зводдаль прастуе Бэрка. Прыгадаў яму бабу, якую затрымалі непадалёку ад свірна Карабіновіча. Шчур, нічога не кажучы, пабег дарогай, якой папярэдне прайшоў селянін. Праз квадру гадзіны вярнуўся і прамовіў:
— Маеш рацыю: ззаду ішла баба, а далей нехта ў ботах; аб’ягорылі нас.
Ён усеўся на камель зваленай ветрам бярозы і доўга сядзеў нерухома. Я закурыў папяросу, падаў яму. Выкурыў усю, ні словам не адгукваючыся да мяне.
— Можа, пойдзем, — запытаў яго.
Падняў галаву. Пры святле месяца ўбачыў яго бледны худы твар і бліскучыя, крыху прыплюшчаныя вочы.
— Кажаш: пойдзем?
— Так. Няма чаго тут сядзець!
— He… He пойдзем… Я адзін пайду… Ты не пойдзеш…
— Куды? — запытаўся я здзіўлена.
— На поўдзень пайду. Туды, куды птушкі паляцелі… Там у мяне свае… Ведаю Кіеў, Харкаў, Растоў, Адэсу, Тыфліс… Пайду… Што я тут? Няма нікога… У мяне брат жыве ў Растове… Брат, матка і сястра… Маці старая, брат старэйшы за мяне, а сястры — чатырнаццаць… Можа, ім блага?.. Пагляджу… Няхай гэта ўсё халера забярэ!..
Падняўся і пакрочыў у напрамку тракта. Рэвальвер трымаў у руцэ. Забыўся яго схаваць. Я ішоў за ім. Ведаў, што трапіла яму ў галаву цяпер нейкая новая думка, і я не выб’ю яе з ягонай галавы.
На наступны вечар мы перайшлі граніцу ў Альшанцы. Засекі калючага дроту я перарэзаў нажніцамі, якія ўвесь час нашу пры сабе. Мы пайшлі лесам да другой паласы. Крочылі па добра вядомых нам дарогах, якімі перанесена з усходу на захад і наадварот міліёны ў таварах і грашах. Мы ведалі тут кожную сцежку і кожную дарогу, кожную паляну, кожны лог, кожны ручай, амаль ці не кожнае дрэва і куст. Наведалі шмат памятных для нас мясцін. Нічога не казалі. Крочылі без шолаху пры святле месяцовых промняў і ў змроку, які ляжаў у нетрах лесу. Трымалі ў руках рэвальверы.
Наблізіліся да Старасельскага лесу. Тут ступілі на тракт. Рухаючыся далей адкрыта па дарозе, сталі на скрыжаванні чатырох шляхоў. Тут выцягнулі рукі ва ўсе бакі света некалькі дарожных указальнікаў. Тут было на паўдарозе з Ракава да Менску. Каля тых дарожных знакаў Шчур затрымаўся. Сеў на малым, зарослым травой пагорку, выняў з кішэні вялікую пляшку. Паглядзеў праз яе на месяц і вымавіў:
— Даўно мы не пілі лікёру? Што?
— Даўно.
— Дык вып’ем… на развітанне… Бо, напэўна, больш ніколі не ўбачымся.
Ён здзёр аб дарожны паказальнік з бутэлькі сургуч і ўдарам далані выбіў з бутэлькі корак. Пасля сказаў:
— Ну, будзь здаровы і шчаслівы і ніколі не паддайся хамам!
Пачаў піць. Адпіў палову пляшкі і даў яе мне.
— За твой поспех ва ўсім! — адказаў я яму.
Выпіў рэшту лікёру, а бутэльку кінуў далёка ў поле. Мы закурылі папяросы.
— Ведаеш што? — вымавіў Шчур.
— Слухаю.
— Ты павінен злавіць Бэрку Станогу… Хоць адзін раз… Я не магу застацца… павінен ісці туды… Але ты гэта зрабі!.. Зробіш?..
— Добра.
— Дакладна? Слова?
— Калі не перастане хадзіць, дык напэўна!
— Гэта клёва!
Зноў закурылі… Пасля Шчур падняўся. Агледзеўся навокал, па палях, і потым сказаў мне:
— Ведаеш што? Жыў недалёка ад Каменя адзін селянін. У яго былі справы з дзедзічам. Аднаго разу дзедзіч пакрыўдзіў яго. Селянін вырашыў абавязкова адпомсціць яму. Неяк на яго падворак забег сабака дзедзіча. Селянін трымаў у руках касу. Замахнуўся і адсек сабаку нагу. Так было. Разумееш?
He ведаю, што ён гэтым хацеў сказаць і да чаго гэта павінна адносіцца, але я сказаў:
— Разумею.
— Ну, дык бывай!.. Мне ўжо пара!..
Моцна паціснуў мне даланю і, спяшаючыся, пакрочыў дарогай у напрамку Старога Сяла. Я глядзеў яму ўслед: ці азірнецца?.. Не азірнуўся… Ён хутка знік у сяйве з месячных промняў на ўскраіне Старога Сяла. Я падумаў, што з ім можа нешта здарыцца: у Старым Сяле звычайна жылі і спыняліся падпольнікі, сексоты і чэкісты. Мы заўсёды абыходзілі яго зводдаль… Я доўга чакаў: а можа, прагучаць стрэлы?.. Можа, трэба будзе бегчы на дапамогу?.. Але ўсё было ціха…
Я павярнуўся і павольна пакрочыў на захад. Застаўся адзін… зусім адзін на ўсё пагранічча. Дарога мая была сумная. З ахвотай напіўся б, але не меў гарэлкі. У бровары пакінуў некалькі пляшак спірытусу ў бочцы, але гэта было далёка, за граніцай.
На світанні я апынуўся непадалёку ад граніцы. У Альшанцы лёг на багну паміж дзвюма купінамі ў ямку. Ззаду шумеў вялікі хваёвы лес і разносіўся гоман ручайка, які бег паблізу. Перада мной за доўгім пасам альшынак была пагранічная паласа, пасярэдзіне якой праходзілі засекі з калючага дроту, а ў іх у найбліжэйшай адлегласці ад мяне павінен быць прарыў, які ўчора ноччу выразаў нажніцамі.
На паласу выходзіць нельга. Калі там дзе-небудзь знаходзіцца засада (а ёсць дакладна), дык могуць дастаць мяне кулямі нават з вялікай адлегласці. Я павінен першым заўважыць іх.
Ляжу ў вільготнай ямцы. Трымаю ў руках два ўзведзеныя парабелумы. Гляджу паміж дрэў у напрамку граніцы. Бачу засеку і — крыху справа — у ёй прарыў. Тут чую ззаду лёгкі шолах. Азірнуўся. З купы ялін на балота вылецеў вялікі, не шэры, а парыжэлы, стары «конскі» воўк. У некалькі прыжкоў ён пераляцеў палову балота і лёг на вялікай купіне, ілбом да граніцы… Знаходзіцца ў дваццаці кроках ад мяне.
«Мусіць, у яго насмарк, — прыходзіць мне ў галаву думка, — інакш бы, напэўна, пачуў мяне».
У гэтую хвіліну воўк хутка адвярнуў галаву ўлева. На яго карку натапырыліся тоўстыя складкі скуры. Гляджу яму ў вочы. He ўцякае. Клацнуў зубамі.
Справа, на пагранічнай паласе, я пачуў крокі людзей… Спачатку вельмі ціхія, пасля штораз выразнейшыя. З-пад ніжніх галін альшынак бачу, як з-за занавесу, боты і сівыя шынялі трох чырвонаармейцаў. Чапаюць марудна, без ахвоты. Спыняюцца. Лаўлю носам ноздры тытунёвы дым… Моцна сціскаю ў руках зброю.
Прайшлі, аддаляюцца.
Воўк ірвануў з месца і праз некалькі скокаў вылецеў на паласу. Спяшаючыся, я падаўся за ім. Перад маімі вачыма паказалася шырокая адкрытая прастора пагранічнай паласы, узятая з двух бакоў, нібы ў раму, сценамі лесу… Воўк імчаў да драцянай засекі. Уляцеў у разрыў, зроблены мною мінулай ноччу, і знік у лесе на другім баку паласы.
«Недзе мае вельмі пільную справу!..»
Я перабег за ім пагранічную паласу і апынуўся ў лесе. Затым накіраваўся на захад.
Блукаю адзін па лясах, палях, лугах. Крочу начамі па паграніччы. Самотная і таямнічая цішыня палёў і лясоў навучыла мяне шматлікім рэчам. Навучыла мяне лепей разумець людзей, нават тых, якіх не бачу, нават тых, якія адышлі… Адзінота навучыла мяне думаць і любіць… Таму люблю лес — як рысь, як воўк. Люблю зброю — як найлепшага сябра, і надзвычайна люблю ноч: самую надзейную маю каханку. Кожную новую ноч я сустракаю радасна, з захапленнем… Калі ночы цёмныя, калі неба ахутваецца хмаркамі, тады я вешаю на грудзі компас і, кіруючыся жывым, ласкавым святлом стрэлкі, бадзяюся па паграніччы.
Штовечар выходжу са сваіх дзённых схованак і крочу ў змрок. Прывязваю на канцах рэвальверных руляў белыя палоскі хусткі — каб лягчэй было цэліцца ў цемры. Часам ночы такія цёмныя, што нават белых плям на рулях нельга ўбачыць. Тады бяру ў левую руку ліхтарык, а ўказальны палец правай рукі выцягваю ўздоўж рулі рэвальвера. Такім чынам можна з вялікай адлегласці, арыентуючыся толькі слыхам, патрапіць у поўнай цемры. Праверыў гэта; указальны палец мае нейкае сваё чуццё. Слухавыя нервы і мозг лепш, чым усёй далані, падказваюць яму накірунак, у якім разнёсся нейкі шолах. А за курок можна пацягнуць сярэднім пальцам.
Амаль кожны дзень пракрадаюся праз граніцу. Для мяне яна ўвогуле не існуе. Хаджу ціха, як кот. У бязветраныя ночы хаджу басанож… Неаднойчы набліжаўся да засады і не быў заўважаны. Навучыўся вельмі хутка пералазіць засекі з калючага дроту і маю для гэтага шмат спосабаў. З жэрдкай у руках, як з шастом, пераскокваю над засекай у паветры. З дзвюма жэрдкамі ў руках, якія служаць мне падпорамі, пераходжу засекі проста па дратах. А часам пералажу засекі па калах, прасоўваючыся на чатырох апорах. Кусаю драты нажніцамі. Урэшце, пералажу над дратамі. Звычайна для гэтага я зразаю шмат кароткіх, моцна сукаватых галінак і, падцягваючы імі драты ўгару, пералажу пад імі на другі бок засекі.
Аднойчы ноччу, пасля таго, як пералез праз засеку, у поўным змроку ішоў да купіны кустоў на паласе. Злёгку даткнуўся руляй парабелума галінак. У тых кустах была схавана засада. Пільнавалі добра, бо хоць і не чулі маіх ціхіх крокаў, аднак лёгкі дотык да кустоў абудзіў іх слых. Амаль ці не ў твар мне прагрымеў стрэл. Некалькі разоў стрэліў усляпую перад сабой з парабелума і адскочыў убок. Загрымелі стрэлы, але больш не адказваў на іх. Калі б захацеў, мог бы зайсці ім ззаду і кінуць гранату альбо засыпаць кулямі з рэвальвераў, але гэта было мне непатрэбна.
Іншым разам я ішоў трактам да граніцы. Пясок заглушаў мас крокі. Раптам перад сабой пачуў шолах. Прысеў. Праз нару секунд абцёрліся аб мяне, справа і злева, полы шынялёў. Чырвонаармейцы абмінулі мяне, не падазраючы, што сяджу, укленчыўшы паміж імі. Пайшлі далей. Гэта мяне пазабавіла.
Некалькі разоў заходзіў вечарам у мястэчка. Круціўся непазнаны па вуліцах. Адведваў Маманта і ў маўчанні ніў з ім гарэлку. Даў яму шкатулку, у якой былі грошы Грабара (дастаў іх з нашага «банка»). Там было каля 10.000 даляраў і больш 6000 рублёў золатам. Мы зашылі шкатулку ў палатно. Я напісаў на пасылцы зверху адрас маткі Грабара і наказаў Маманту выслаць іх назаўтра каштоўнай пасылкай. Ён зрабіў гэта.
Неяк увечары зайшоў да Ёські Гусяра. З’еў з ім вячэру і выпіў пейсахоўкі. Размаўлялі пра розныя рэчы. У пэўны момант Гусяр сказаў:
— Навошта ты гэта робіш?
— Што?
— Не даеш хлапцам хадзіць за граніцу.
— Бо так мне падабаецца. Бо гэта галодныя фартоўцы.
— Я размаўляў пра гэта з нашымі… ну і з купцамі… Ты ведаеш, што? — казаў Гусяр, жвава махаючы рукамі. — Яны зрабілі б усё! Вырашылі б і з паліцыяй, і з Алінчукамі… Тыя забяруць паказанні… Яны на вуліцу баяцца выйсці!.. А ты можаш мільёны зарабіць… Ты можаш, калі захочаш, сабраць групу і вадзіць яе сам у суполцы з купцамі… на працэнтах… Ты ведаеш, што гэта такое?.. Ты так ведаеш граніцу і розныя дарогі… Кожная група пойдзе надзейна, і на кожнай групе (у два бакі) заробіш сама менш 2000 даляраў… Ты ведаеш колькі гэта будзе за год?..
— Добра, — перапыніў яго. — Але навошта гэта мне?
— Што «навошта»?
— Ну, тысячы даляраў.
— Навошта тысячы?! — вымавіў здзіўлены жыд, рухаючы ў паветры пальцамі. — Гэта ўсе любяць.
— А я тога не люблю і не варта пра тое размаўляць.
Хутка развітаўся з Гусяром. Яго практычны розум не мог мяне зразумець. Напэўна, лічыць мяне вар’ятам, а я яго…
Кожную ноч ішоў рабіць засады на Бэрку Стонагу. Адыходзіў на 10 кіламетраў ад Ракава, у напрамку Волмы і пільнаваў на адной з шасці дарог, па якіх ён прабіраўся. У мяне няма інфарматара, які даваў бы звесткі пра яго, таму лавіў Бэрку ўсляпую… абы стрымаць дадзенае Шчуру слова.
Нарэшце пашанцавала мне яго злавіць. У поўнач неба ачысцілася ад хмар і паказаўся месяц у поўні. Сядзеў у засадзе тут жа за трактам, які вёў з Волмы да Ракава. Размясціўся на ўскрайКу дубовага бору. Ён быў цудоўны. Дубы стаялі высокія, стромкія. Кроны пачыналіся высока над зямлёй.
Я быў адзін. Свяціла мне цыганскае сонца. Спяваў вецер. Шумеў бор. Каля трэцяй гадзіны пад раніцу заўважыў шэрую постаць, якая пераразала поле ў маім напрамку. Я лепей схаваўся. Чалавек, а бачыў яго зараз выразна, ішоў, спяшаючыся, полем ў напрамку лесу… Гэта быў селянін у лапцях і світцы. Ён нёс на плячах мяшок… Спыніўся на рагу лесу, азірнуўся ва ўсе бакі, нару разоў кашлянуў і пайшоў далей. Абмінуў мяне. Праз хвіліну я заўважыў жанчыну, якая крочыла па полі ад тракту, апранутая ў кажух, і мела вялікую ваўняную хустку на галаве і плячах. Была босая. Мела высока падаткнутую спадніцу. Ішла досыць хутка і ўсё азіралася па баках. Пад пахай несла нейкі пакунак. Прапусціў і яе далей. Прайшла, аціраючыся кажухом аб кусты, за якімі я схаваўся. Усцяж глядзеў у бок граніцы. Праз нейкі час заўважыў трэцюю постаць, якая крочыла нізам да лесу. Гэта быў мужчына ў чорнай куртцы і доўгіх ботах. Маё сэрца забілася мацней. Радасць распірала грудзі. «Тыя ішлі „на зман“, а гэты пэўна Станогі».
Незнаёмы набліжаўся да мяне. Пры хадзьбе апіраўся на кій. Калі быў ля кустоў, я скочыў на сцежку, па якой ішоў, і апынуўся насупраць яго.
— Рукі ўгору!
Ён, спяшаючыся, падняў рукі. Кій зваліўся і пакаціўся па зямлі.
— Давай грошы. Жвава!
Станогі хутка павыварочваў кішэні і высыпаў з іх залатыя і срэбраныя манеты. Даваў іх мне:
— Калі ласка, пане… Калі ласка…
— Гэта ўсё?
— Усё, калі ласка, пане.
— Ну, а калі я знайду?
Забаўляўся ім. Шкада хутка вырашаць з чалавекам, якога так цярпліва чакаў шмат начэй сам і разам са Шчурам. Напэўна, ніхто так старанна не выглядаў каханай, як я гэтага жыда.
— Што спадар знойдзе? Я нічога не маю.
— Калі яшчэ што-небудзь знайду… хаця б грош, хаця б адзін даляр, дык ведаеш, што я з табой зраблю?
Станогі шырока адкрывае вочы і аблізвае вусны. Яму горача.
— Я не… не… — спалохана шэпча.
— Не?.. Добра. Распранайся!
Перастаў размаўляць з ім памяркоўна і тузануў за край курткі так, што пасыпаліся гузікі.
— Ну, жвава! Раз, два! Бо я табе дапамагу!
Жыд затрымцеў. Спяшаючыся, сцягваў з сябе куртку і фрэнч.
— Калі ласка, спадар! Што спадар хоча?
— Паглядзець, ці прыгожы.
Ён распрануўся дагала. Тады я звярнуўся да яго:
— Ведаеш што, Бэрка?
Калі пачуў сваё імя, ён тузануўся і здзіўленымі вачыма глядзеў мне ў твар.
— Што-о?
— Ці можаш паклясціся сваім жыццём і жыццём сваіх бацькоў, што не маеш пры сабе больш грошай?
— Каб я так быў здаровы і ўбачыў сваіх бацькоў, як не маю пры сабе ані граша! — Бэрка стукнуў сябе кулаком у голую грудзіну.
— Зараз, Бэрка, веру табе!
Жыд павесялеў і нахіліўся над вопраткай.
— Можна апранацца?
— Што? Апранацца?.. Ах ты, круцель! Ты пакляўся, што не маеш нічога пры сабе, бо быў голы. Даляры ў вопратцы!
Я пачаў пераглядаць уважліва, штука за штукай яго рэчы. У бялізне нічога не было. Таксама нічога не знайшоў у фрэнчы, штанах і камізэльцы. Аднак у халявах ботаў я знайшоў каля тысячы даляраў. З каўняра курткі выняў яшчэ 500 даляраў. У брыльку шапкі нічога не знайшоў. Гэтага было занадта мала. Ведаў, што пераносіць сама менш па 5000 даляраў, за дзве, за тры партыі тавару. Зноў перагледзеў яго боты, распорваючы іх на кавалкі. Нічога ў іх не было. Нічога не знайшоў і ў куртцы, хоць і павыпорваў адтуль усю вату. Мог бы стукнуць Стонагу і пад пагрозай біцця або біццём прымусіць яго сказаць мне, дзе знаходзіцца рэшта грошай. Але гэты сродак быў мне агідны. Раптам мне ў галаву прыйшла адна думка: «Ага! Кій, на які апіраўся!.. Там ёсць грошы!» Тады я зрабіў выгляд, што спыняю свае пошукі.
— Апранайся, Бэрка!
Станогі, спяшаючыся, апрануўся. Я зрабіў некалькі крокаў у бок тракта, пасля павярнуўся да яго і сказаў:
— Чаго стаіш? Можаш ісці!
Бэрка падняў з зямлі кій і хацеў падацца ў дарогу. «Так, грошы ў кіі: не забыўся пра яго!» Тады я сказаў:
— Пачакай!
— Чаго спадар хоча?
Я наблізіўся да яго і вымавіў:
— Колькі зараз гадзін?
— He ведаю… Можа, чацвёртая…
— Чацвёртая? Так позна!.. Ну, дык дай мне гэты кій. Баліць мне нага… Можаш ісці.
Выняў з рукі Станогі кій і, пакінуўшы жыда на дарозе, пайшоў у напрамку Душкава. Бэрка застаўся на ўзлеску і доўга глядзеў мне ўслед. Пра што ён думаў? Быў перакананы, што я не ведаю аб большых грошах у кіі і меркаваў, што дзе-небудзь яго кіну. He вывеў яго папярэдне з той думкі. Гэта была мая помста за так шмат праведзеных у чаканні яго начэй.
Шкада, што не было са мной Шчура і я нават не меў магчымасці паведаміць яму пра тое, што разабраўся са Станогім…
Сум па ім сціснуў мне сэрца. Дзе ён зараз? Што робіць мой бедны, звар’яцелы сябра, які часам меў такое добразычлівае сэрца?
Калі потым на мяліне ў бровары я асцярожна разлупіў нажом кій, дык знайшоў у выдзяўбленым яго асяродку 60 стодаляравых банкнотаў. Увогуле забраў у Станогі 7400 даляраў. Гэтае павелічэнне майго капіталу зусім не пацешыла мяне. З ахвотай аддаў бы тыя грошы за магчымасць апынуцца хоць на некалькі хвілін разам са Шчурам.
Усцяж вандрую паграніччам. Я ўсімі пакінуты. Няма аніводнага сябра. Аднаго разу пайшоў на мяліну ў Краснасельскі лес, дзе некалі хаваўся разам з Грабаром і Шчурам. Гола тут, пуста і холадна. Усё заслаў тоўсты слой пажоўклых лістоў. Няма тут нікога… нават майго старога сябра… рыжага ката з адсечаным хвастом.
Усё хаджу па паграніччы. Атручвае мяне смутак. З’ядае неспакой.
Выходжу на тракт. Вецер гоніць па ім пажоўклыя мокрыя лісты. Тэлеграфныя слупы стаяць сумныя, змоклыя, цёмныя…
Ідзе зіма. Адчуваю ў паветры яе подых. Незадоўга ляжа белая сцежка!..
Тую ноч я правёў у лясной глушы непадалёку ад другой лініі. Падняў уверх вялізныя, срабрыстыя ад старасці, доўгія, па чатыры метры, лапы яліны і залез над яе… Там панавала цішыня. Пахла смалой і цвіллю. Меў сухую пасцель з шматгадовага шыльніку. Тут было суха і цёпла ў найцяжэйшыя зімы.
Я не спаў амаль усю ноч. Наведвалі мяне розныя прывіды. Бачыў незвычайныя рэчы. Чуў галасы жывых і памёршых людзей… У гэтую ноч я зразумеў і перадумаў шмат рэчаў, якіх не ўмею выказаць словамі, але якія жывуць ўва мне і якія ніколі не наведаюць людзей, што спяць у ложках.
У тую ноч я вырашыў назаўсёды пакінуць граніцу. Назаўтра прыпадалі ўгодкі смерці Сашкі Вэбліна. Узыход сонца таго дня быў непараўнальна прыгожы. Я глядзеў на яго з высокага пагорка на другой лініі.
На наступны дзень пайшоў у мястэчка. Хацеў развітацца з Юзікам Трафідам і Янінкай. Але іх не было дома. Там жылі незнаёмыя мне людзі. Сказалі, што Юзік Трафіда прадаў хату і разам з сястрой і маткай выехаў да сваякоў, якія жылі недалёка ад Івянца.
Тады я пайшоў да Маманта. He застаў яго ў хаце. Ён паехаў на станцыю для адбору прысланых чыгункай тавараў для крамкі, якую адчыніў у мястэчку.
Я апынуўся непадалёку ад рэстарана Гінты. З нашага салона да маіх вушэй даляталі гукі гармоніка, вясёлыя крыкі, выбухі смеху. Увайшоў туды.
Калі спыніўся пасярэдзіне пакоя з рукамі ў кішэнях на рукаятках рэвальвераў, убачыў там больш дзесяці п’яных паўстанцаў. Некаторых ведаў асабіста. Шмат каго з іх не раз затрымліваў з таварам. Раптам хтосьці крыкнуў:
— Хлопцы, гэта ж ён!.. Той…
Усе твары павярнуліся да мяне. Антось спыніў марш. У салон выбегла Гінта, здзіўленая і напалоханая нечаканай цішынёй. Убачыла мяне і пачала адыходзіць да дзвярэй.
— А… гэта спадар Уладзя!
— Так. Я. Давай адным духам пляшку гамэры і загрызці!
— За-араз…
Праз хвіліну прынесла з буфета гарэлку і закуску. Усё гэта яна паставіла на адным канцы вялікага стала, пры якім сядзелі паўстанцы. Нехта з іх хацеў пракрасціся з хаты на двор. Я выняў парабелум і паказаў яму руляй на кут.
— Марш туды!.. А вы, — звярнуўся да астатніх, — сядзець на месцы і маўчаць!
Выпіў шклянку гарэлкі. Закусіў. Потым падышоў да Антося і даў яму стодаляравы банкнот.
— Іграй «Яблычка»!
Антось бравурна зайграў «Яблычка». Я выпіў рэшту гарэлкі і закурыў папяросу. Затым кіўнуў галавой Антосю і выйшаў з салончыка, які зрабіў на мяне прыкрае ўражанне. He ўбачыў у ім ніводнага са сваіх старых сяброў, з якімі не раз весела тут забаўляўся.
Позна ўвечары пайшоў дарогай у напрамку Паморшчыны. Забраў з бровара астатнюю схаваную там зброю. Пасля накіраваўся ў напрамку граніцы. Цыганскае сонца з-за хмар кідала на Зямлю цьмяныя праменні.
Затрымаўся каля падножжа малога пагорка. Гэта была Капітанская Магіла. Узышоў на яе верх. Бачыў адсюль агеньчыкі ў вокнах хацін Вялікага Сяла на савецкім баку. Ззаду была вёска Паморшчына. Паблізу праходзіла дарога, якая вяла з Ракава да граніцы. Мне захацелася паглядзець, як выглядае канал пад насыпам… Калі ўпершыню ішоў за граніцу, сядзеў у тым канале разам з Юзікам Трафідам і іншымі сябрамі. Менавіта ў гэтым канале я адабраў разам са Шчурам і Грабаром тавар у Алінчукоў.
Падышоў да насыпу. Пасвяціў ліхтарыкам па каналу. Пуста і ціха. Перайшоў яго на другі бок, потым вярнуўся. Усеўся каля яго выйсця і глядзеў на граніцу.
Закурыў папяросу. Агонь не хаваў. «Каго буду баяцца? У мяне чатыры зараджаныя рэвальверы і адзінаццаць гранат… Цэлы арсенал зброі!»
Раптам заўважыў на лужку, пасярэдзіне якога праходзіла рэчышча высахлага зараз ручайка, нейкую цёмную постаць. Ускочыў на ногі. Гэтая постаць хутка рухалася наперад. Некалькі разоў тут жа пры ёй угледзеў нейкую белую пляму.
«Здань!» — падумаў я.
Без шолаху, спяшаючыся, пайшоў услед за гэтай постаццю. Знікла з маіх вачэй каля Капітанскай Магілы… Стараючыся не рабіць шуму, я бег наперад.
Паціху ўспаўзаў збоку па насыпе кургана. Заўважыў на яго версе цёмную самотную ўкленчаную постаць. Яе твар быў закрыты далонямі. Я, знерухомеўшы, глядзеў.
«Што яна робіць?.. Можа, моліцца?»
Павольна рушыў наперад. Убачыў маладую дзяўчыну, апранутую ў цёмнае паліто. Напэўна, адчула маю блізкую прысутнасць, бо раптам ускочыла на ногі. Пачала адыходзіць ад мяне ўзад. Тады я вымавіў:
— Няхай пані не баіцца.
Спынілася. Месяц выплыў з-за хмар і, як з рэфлектара, заліў струменем праменняў яе твар. Пазнаў у ёй дзяўчыну, якую бачыў на шпацыры разам з Петрусём непадалёку ад Душкава і твар якой заўважыў некалі на гэтым пагорку, калі, пасля ўцёкаў з Саветаў, страціў на тым месцы прытомнасць. Зразумеў, што гэта яна расказала тады Петрусю і Юліку пра маё знаходжанне тут. I яшчэ зразумеў адну рэч: што ёсць нейкая сувязь са «зданню» і пачутым некалі апавяданнем пра Капітанскую Магілу. Тады загаварыў да яе:
— Я сябар Петруся… Пані некалі выратавала мяне, калі ляжаў тут хворы… Запомніў твар пані… Пані, здаецца, завуць Ірэнай?
— Так.
— Дзіўная рэч, што менавіта сёння спаткаўся тут з паняй!
— Прыйшла сюды развітацца з бацькам… Ён тут загінуў…
— I я прыйшоў сюды, каб развітацца з… граніцай. Хачу запытацца ў пані пра адну справу, якая мае сувязь менавіта з гэтым месцам…
— Калі ласка.
— Я чуў легенду пра здань, якая з’яўляецца паблізу ад гэтага месца… Бачыў яе ўласнымі вачыма…
— Што спадар бачыў?
— Бясформенную белую пляму, якая ўсё рухалася ў розных напрамках… To падымалася ўгару, то апускалася ўніз…
На твары дзяўчыны з’явілася лёгкая ўсмешка.
— Гэта была не здань. Гэта была Мушка. Сабака гаспадара, у якога я жыву. Брала яго з сабой, каб у цёмныя ночы не заблудзіцца і каб сцярог мяне ад небяспекі… Сёння прыйшла адна…
Дзяўчына замоўкла. Хвіліну стаяла ў задуменні, а пасля вымавіла:
— Развітваюся з спадаром… Сёння ад’язджаю ў Вільню… да Петруся. Ён і яго сям’я запрасілі мяне да сябе.
— Пані пойдзе ў Выганічы?
— Так… Яшчэ сёння выеду адтуль да Аляхновіч.
— Можа, пані адвесці да вёскі?
— He… Я нічога не баюся… Часта сюды хадзіла. Ведаю тут кожны крок… Да пабачэння!..
— Шчаслівай дарогі!
Хутка і лёгка яна збегла з кургана. Яшчэ раз азірнулася, махнула мне рукой і пайшла на захад… Доўга глядзеў ёй услед… Знікла ў месячным святле.
Памалу пайшоў у кірунку Вялікага Сяла. Неўзабаве апынуўся каля пагранічных слупоў. Стаялі змрочныя… Варожа глядзелі на сябе, як барацьбіты, якія, напяўшыся, узважваюць свае сілы…
Аднекуль злева даляцеў карабінавы стрэл. Пасля прагрымела больш дзесятка стрэлаў, якія разбудзілі рэха ў навакольных далінах і лясах.
«Напэўна, „дзікія“ перайшлі граніцу».
Агледзеўся навокал… Цішыня… Пустэча…
Месяц лье на пагранічча бляклыя халодныя праменні. Зоркі свецяць імгліста. Верхам пракрадаюцца хмары. Яны патаемна пераходзяць праз невядомыя людзям кардоны. А на паўночным захадзе цудоўна блішчыць каштоўнымі каменьчыкамі прыгожых зорак найпрыгажэйшая Вялікая Мядзведзіца. Яе пяшчотна ахуталі лёгкія снежна-белыя бухматыя аблокі.
Гэта быў канец майго трэцяга залатога сезона.
Гэта была гадавіна смерці Сашкі Вэбліна, некаранаванага караля граніцы.
Гэта была мая апошняя ноч на паграніччы.
14 кастрычніка 1935 г. — 29 лістапада 1935 г.
Святы Крыж, астрог.