Частка другая Воўчай сцежкай

Граніца накорміць,

Граніца напоіць,

Граніца пацешыць,

Граніца выстроіць!

З песні перамытнікаў

1

Набліжаецца канец сакавіка. Адчуваю надыход вясны. Сум кроіць маё сэрца.

Шосты тыдзень сяджу ў першым падвале менскай «Чрэзвычайкі». Камера, куды мяне ўкінулі, цёмная і вільготная. Са сцен сцякае вада. Праз брудныя мутныя шыбіны малога закратаванага вакенца прасочваецца дзённае святло. Праз вакно відаць боты салдатаў і чэкістаў, якія праходзяць па дзядзінцы. Вакол страшэнны бруд. Ад усяго клеіцца балота. Напачатку нават баяўся датыкацца да сцен, дзвярэй і нараў. Зараз ужо прызвычаіўся. Паветра непрыемнае, смуроднае, настоенае вільгаццю і потам ніколі не мытых цел. Бялізну ніхто не мяняе, «параша» — вялікі драўляны кубел, дрэнна замыкаецца і працякае. Прасочваючыся на падлогу, мача ўтварае калюжыны, якія вязні нагамі разносяць па ўсёй камеры.

Нас тут адзінаццаць. Ледзь змяшчаемся ў маленькай прасторы. На нарах спяць сямёра, а на падлозе — чацвёра. Часам падкідваюць новых, аднак часта і выпускаюць або пераводзяць куды-небудзь у іншае месца. Мы знаходзімся тут найдаўжэй.

Акрамя мяне, яшчэ сядзяць двое перамытнікаў, якія жывуць за граніцай у вёсцы, непадалёку ад Стоўбцаў. Гэта браты — Ян і Мікола Спландзінавы. Яны маладыя: аднаму 20, другому — 23 гады. Папаліся на мяліне каля Койданава. Гаспадар іхняга пункта — Умэнскі — плячысты, моцны селянін, сядзіць разам з імі. Спачатку былі разлучаныя, а зараз іх звялі. З гэтага можна было рабіць вывад, што справа іх не такая ўжо кепская.

Ёсць адзін самагоншчык — Каспар Буня, велічэзны, касцісты селянін. Ён жыў у смалакурні, каля Заслаўля і там са збожжа гнаў гарэлку. Злавілі яго на гарачым — пры апараце. На ім быў вялікі кажух, ад якога на ўсю камеру смярдзела дзёгцем.

Ля вакна стаіць Жаба, злодзей-рэцыдывіст. Засунуўшы рукі ў кішэні, свісціць. Цяжка вызначыць яго ўзрост. Можна даць і 40, і 50 гадоў, а магчыма, нават і больш. Галава ў яго вялікая. Рот ад вуха да вуха. Вочы, мутныя, без выразу, выглядаюць на бруднай скуры твару, нібы зліпкі макротаў. Заўсёды сагнуты. Цела слабое, але з адзнакамі вялікага спрыту.

Ёсць адзін бандыт — Іван Лобаў. Сядзіць за некалькі нападаў і абрабаванняў. Гэта прыстойны з выгляду мужчына гадоў 35. У яго чорная клінком барада. Заўсёды смяецца. Пакідае ўражанне ўладзімірскага «богомаза». Яго даўно б ужо «пусцілі ў расход», але тут стараюцца заможныя сваякі.

Ёсць тэхнік з тэлеграфа — Фэліцыян Кропка. Абвінавачаны ў сабатажы, бо выпадкова спаліў рэастат высокага напружання. Зрабіўся ахвярай нейкага камісара, пра якога ён часта расказвае і які заўжды яго прыціскаў, пакуль не скарыстаў магчымасць і засадзіў у ЧЭКа. Кропка выглядае страшэнна запалоханым чалавекам. Пры кожным скрыпе дзвярэй ён трасецца, нібы ў ліхаманцы. Сам жа смешны: малы, заўсёды пацірае рукі далонямі адна аб другую, a калі слухае каго-небудзь, тады разяўляе рот.

Ёсць і контррэвалюцыянер — у мінулым афіцэр царскай арміі — Аляксандр Квалінскі, які працаваў у нейкай савецкай установе і якога зараз засадзілі сюды. Гэта высокі, смуглы мужчына гадоў 40. Заўсёды маўчыць. Твар бледны, змучаны. Амаль заўсёды ляжыць на нарах, але не спіць, а гадзінамі ўзіраецца ў столь. Да яго адчуваю найбольшую сімпатыю. Нават робіцца шкада, што такі інтэлігентны, выхаваны і, як я заўважыў, вельмі добры чалавек, прападае тут з намі.

Ёсць адзін жыд. Тоўсты, важкі: мае больш чым пяцьдзесят гадоў. Яго прозвішча Кобэр, а імя Гірш. Да вайны быў фабрыкантам, вырабляў карты для гульняў. Зараз сядзіць за спекуляцыю. Яму найлепш у нашым астрозе. Штодня прыносяць з горада абеды. Яго часта выклікаюць на допыты. Тады Жаба кажа, што яго зноў будуць даіць.

Адзінаццаты чалавек у нашай камеры — крануты. Клічуць яго ўсе: і мы, і чэкісты, і салдаты «Бзік». Ніхто не ведае ні яго імя, ні прозвішча. Арыштаваны ж быў у цягніку, недалёка ад Слуцка. Гэта высокі, худы маладзён. У яго вялікія вочы, якія незвычайна гараць. Ён заўсёды ходзіць па камеры і часта выбухае смехам, які нас заўсёды бянтэжыць. Яго падазравалі ў шніянажы. Зараз увогуле не дапытваюць. Мусіць, забыліся пра яго або ўзялі «на вытрымку».

Дні паўзуць нудна, сумна, доўга. Заядае самота, надакучае голад. Голад не выходзіць з нашай камеры. Увесь час мы думаем пра ежу, у марах толькі ежа. Рухаемся з апатыяй, павольна. Голад выбеліў нашы твары, прыпудрыў зялёным і жоўтым, паклаў чорныя цені пад вачыма. У некаторых апухлі ногі і рукі. Заўважыў, што і ў мяне пачынаюць ацякаць ногі. Другая балячка, якая далася ў знакі — гэта вошы. Вялізныя турэмныя вошы, лянівыя, сонныя, як і мы (хоць не з голаду, а, магчыма, з пераядання), пасвяцца на нашым целе. Вошай шмат. Поўзаюць нават па адзенні і па дошках нараў. He б’ём іх. Гэта нічога не дае. На месцы сотні забітых з’яўляюцца тысячы новых. Жартаўліва называем іх «жывое срэбра». Ад часання на скуры з’яўляюцца раны. А там, дзе падгрызаюць іх вошы, асабліва на плячах, шыі (там скура танейшая), утвараюцца струпы.

А ўначы, калі ў камеры гарыць лямпа, і мы кладзёмся спаць на голыя нары, са шчылін у дошках на сценах выпаўзаюць клапы. Гэтыя смокчуць заўзята, нібы крапіўкай сякуць усё цела. Асабліва яны надакучаюць новым вязням.

Калі аднаго разу прачнуўся ноччу і расплюшчыў вочы, заўважыў, што Бзік сядзіць у камеры і неяк дзіўна прыглядаецца да сябраў, якія ляжалі на нарах. Зрабіў выгляд, што сплю. Мой твар хаваўся ў сутонні. Праз прыплюшчаныя павекі пачаў сачыць за ім. Бзік доўга, з увагай глядзеў на нас. Я прыкмеціў, што ў яго на каленях ляжыць скінутая кашуля. У нейкі момант заўважыў, як вар’ят нахіліў галаву і, не перастаючы сачыць за камерай, зубамі надрываў каўнер кашулі. Гэта яшчэ больш зацікавіла мяне. Хлопец выняў з каўняра кавалак тонкага палатна. Акідваючы позіркам камеру, раскруціў яго. Я ўбачыў на ім нейкія надпісы. Пэўны час Бзік учытваўся ў іх, а потым пачаў дзерці палатно зубамі. Праз некалькі хвілін трымаў у руках толькі шматкі нітак. Злез з нараў і ўкінуў усё гэта ў кубел.

Я зразумеў, што там было нешта значнае, і што Бзік толькі прыкідваецца вар’ятам, а на самай справе ён разумнейшы за многіх тых, хто прымае яго за кранутага. У тую ноч я не заснуў аж да раніцы. Голад скруціў мне кішкі: «А што будзе далей? Як доўга я вытрываю?» — думаў бесперапынку.

У сне наведвалі мяне звычайныя для галодных мроі. Мне сніліся не асаблівыя стравы, а тоўстыя лусты ржанога хлеба, вялікія кавалкі сала і мяса, місы гарачага супу, саганы, напоўненыя паранай бульбай, якая выбухае белымі клубамі. Змучаны, я абуджаўся, апухлы, і мяне яшчэ больш даймаў голад, яшчэ вастрэй адчуваў сваю няволю.

* * *

Спачатку мяне абвінавачвалі ў шпіянажы. Так падалі матэрыялы тыя, хто арыштаваў. Справу ж вёў Стафан Нядбальскі, паляк, які паходзіў з мястэчка Мір, размешчанага непадалёку ад Стоўбцаў. Гэта быў пульхны малакасос у карычневай гімнасцёрцы і галіфэ. Я прыкмеціў, што ён вельмі саманадзейны. Дапытваў мяне па начах. Распытваў цэлымі гадзінамі. Ставіў «хітрыя» пытанні-пасткі, якія, аднак, лёгка было прадбачыць і якія самі нярэдка дапамагалі арыштаванаму арыентавацца ў сітуацыі. Ён найбольш часта паўтараў наступны выраз:

— Ну, кажы!.. Ну, кажы!.. Мы і самі даведаемся праўду!..

— Што я павінен казаць? Я і кажу праўду!.. Хіба хочаце, каб ашукваў вас!..

Так звычайна адказваў на яго пытанне.

Некалькі разоў мне рабілі вочныя стаўкі з рознымі асобамі. Некаторых я бачыў, бо яны сядзелі ў іншых камерах першага падвала ці ў другім падвале.

Потым увогуле перасталі дапытваць. Ідучы за парадай братоў Спландзінаў, я паклікаў «карнача» і сказаў, каб паведамілі следчаму, Стафану Нядбальскаму, што ёсць пільная справа. На наступны дзень увечары мяне выклікалі. У суправаджэнні двух чырвонаармейцаў увайшоў у кабінет, дзе дапытваў Нядбальскі.

— Ну што?.. Адумаўся? — запытаўся следчы. — Добра. Гэта сама правільна! Бяры крэсла і сядай тут!

Ён паказаў на месца злева ад стала.

Заўважыў, што ў адсунутай шуфлядцы ляжыць наган.

«Падрыхтаваўся!» — падумаў я.

— Вазьмі папяросу! — прамовіў Нядбальскі.

Я закурыў папяросу, і мне стала нядобра.

— Ну, расказвай, — рыхтуючы аркуш чыстай паперы, сказаў Нядбальскі.

Я пачаў даваць новыя прызнанні. Расказаў яму гісторыю, якая збольшага паходзіла на праўду і якую я добра абдумаў… Нарадзіўся ў Вільні. He маючы магчымасці знайсці працу, выехаў да сябра на пагранічча. Ён прапанаваў хадзіць з кантрабандай за граніцу. Зрабілі некалькі рэйсаў. Пасля сябра папаўся і зараз сядзіць у Наваградку. Тады я перастаў хадзіць і жыў у яго маткі. Пасля Новага года быў тры разы за мяжой з некалькімі хлопцамі. На трэці раз папаўся.

— Куды хадзілі з таварам? — запытаў Нядбальскі.

— Я не ведаю, дзе гэтая мяліна, машыніст вадзіў нас ноччу і спалі заўсёды ў стадоле, не выходзячы з яе днём. Таму не ведаю, як выглядае хутар, дзе знаходзіцца і якое прозвішча маюць гаспадары… Яду прыносіла ў стадолу нейкая старая жанчына. Была ў доўгім жоўтым кажуху. Таварам займаўся машыніст.

— Мне здаецца, ты нешта махлюеш! — прамовіў Нядбальскі.

— Не хлушу, бо ведаю, што вас не аб’едзеш. Вы для гэтага занадта вопытны.

Нядбальскі ўсміхнуўся, падумаўшы, праз хвіліну вымавіў:

— А чаму прыйшоў на хутар Леаніды Бамбінскай? Яна ж таксама прымала кантрабандыстаў?

— Я не ведаю, ці прымала яна перамытнікаў, ці не. Я там заблудзіўся… Была моцная завея. Пагубляў сябраў. Усю ноч хадзіў і амаль не загінуў. Скінуў ношку, бо ўжо не мог ісці. Толькі пад раніцу ўбачыў нейкі хутар і зайшоў туды, каб запытаць пра дарогу.

Следчы з хвіліну разважаў. Пасля, гледзячы мне ў вочы, хутка задаў некалькі пытанняў, відавочна, каб мяне шакіраваць.

— Кажы, толькі праўду! Перамытнікі ў Менск ходзяць?

— He.

— Ваша «пачка» хадзіла?

— He.

— Ніколі?

— Ніколі.

— А навошта, калі гэта не было патрэбным, ты пытаўся пра дарогу да Менска!.. Ну?..

— Бо баяўся, каб гаспадыня не падумала, што іду з-за мяжы, і не паклікала людзей, каб арыштаваць мяне.

Праз нейкі час Нядбальскі вымавіў:

— А чаму, калі цябе арыштавалі, казаў розныя глупствы: што прыйшоў у Саветы, каб тут жыць, і што ў Польшчы табе было кепска?.. Як?..

— Бо баяўся, што мяне за перамытніцтва пасадзяць у астрог. А так думаў, што альбо дазволяць застацца тут, або перакінуць у Польшчу.

Нядбальскі доўга нешта запісваў, а потым зноў звярнуўся да мяне, пытаючы так, нібыта яго гэта не датычыла, аднак вочы былі хітравата прыплюшчаныя… Я адчуў пастку…

— Колькі разоў быў за мяжой?..

— Сёлета двойчы. За трэцім разам папаўся.

Доўгае маўчанне. Следчы марудна запальвае папяросу.

— Колькі грошай у цябе забралі?

— He памятаю.

Нядбальскі вымае папяровы шматок з папкі і чытае:

— 70 даляраў, 45 рублёў золатам і 18000 польскіх марак. Так?

— Так.

— Колькі зарабляў за дарогу?

— За ношку мне плацілі 15 рублёў.

— Добра! Дык за дзве ношкі трыццаць рублёў, а адкуль узяліся астатнія грошы? Ну, кажы?..

— Летась у лістападзе мы зрабілі агранду на тавар. На маю долю дасталося 400 даляраў.

— Што гэта такое — агранда?

— Неслі ў Польшчу тавар і ўцяклі разам з ім. А пасля прадалі…

— Які быў тавар?

— Скуркі. Алтайскія вавёркі. Я меў 380 штук.

Нядбальскі зрабіў перапынак у допыце. Загадаў мне стаць каля сцяны.

— Сачыце за ім! — кінуў чырвонаармейцам і выйшаў з кабінета.

Праз хвілін 20 вярнуўся.

— Ведаеш Цвіка? — запытаўся ў мяне.

— Ведаю. Гэта наш хлопец з Ракава.

— А ён цябе пазнае?

— А як жа?.. Пазнае. Бачыў мяне некалькі разоў.

Нядбальскі запісаў паказанні ў пратакол і даў мне іх падпісаць.

— Я яшчэ гэта праверу! — вымавіў на заканчэнне. I загадаў чырвонаармейцам адвесці ў камеру.

Браты Спландзінавы чакалі мяне. Падрабязна расказаў ім, як прайшоў допыт.

— Зараз усё будзе добра! — прамовіў Ян. — Шпіянаж табе адшыюць напэўна!

— Магчыма, праз пару дзён цябе разам з намі перавядуць у Допр. Там будзе лепей. Там нашых хлопцаў шмат, — прамовіў Мікола.

У гэтую ноч я доўга не засынаў. Было трохі весялей. Перад гэтым баяўся, каб мяне не асудзілі як шпіёна, за гэта, звычайна, прыгаворвалі да страты. А казаць праўду не хацелася з-за Лёні. Ведаў, што яе таксама арыштавалі. Са шматлікіх акалічнасцяў справы, пра якія мяне распытвалі раней, зрабіў выснову, што супраць яе няма ніякіх доказаў.

2

Чацвёртая гадзіна апоўдні. У камеры пануе паўзмрок. Бзік бесперапынку ходзіць ад дзвярэй да вакна і назад. Часам спыняецца і смяецца. Рагоча доўга, весела… Спачатку яго смех прымушаў смяяцца і нас. Потым толькі бянтэжыў, а зараз ужо прызвычаіліся да яго. Аднак я ведаю, што гэта сімуляцыя, і пакрыёма сачу за Бзікам. Прыкмеціў шэраг дробязяў, якія не заўважалі астатнія вязні, але якія яшчэ больш пераконвалі мяне, што ён прыкідваецца вар’ятам.

Лобаў скінуў з сябе шэра-жоўтую ад пота, брудную кашулю, расклаў яе на нарах і прасуе бутэлькай. Такім чынам адбываецца масавае знішчэнне вошаў.

Жаба, скруціўшыся на нарах і абхапіўшы худымі рукамі калені, напявае песню:

И вот собрались,

Как будто на подбор:

Она проститутка,

А он карманный вор.

Фэліцыян Кропка моршчыцца, нібы ад зубнога болю. На яго твары з’явіўся пакутлівы выраз, як гэта адбываецца звычайна, калі Жаба пачынае спяваць. Злодзей пераважна выконваў песні з вельмі цынічным зместам. Квалінскі ляжыць на нарах, утаропіўшыся ў столь. Часам закрывае вочы, тады ён становіцца падобным да нябожчыка.

А Жаба спявае:

Её как проститутку

По морде все бьют.

Его же как вора

В полицию ведут.

— Ах ты, доля, доля! — уздыхнуў Буня. Злез з нараў — вялікі, касцісты, страшэнна худы, пачаў тэпаць цяжкімі бахіламі па камеры.

Надыходзіць цемра. За дзвярыма гучаць крокі салдатаў і крыкі, якія далятаюць з глыбіні калідора.

— Некаму ў косці даюць! — кажа Спландзін.

— Выціскаюць звесткі! — пацвярджае Жаба.

Запальваецца святло. У камеры робіцца відней і… весялей. Усе пачынаюць варушыцца. Нават Квалінскі ўстае і праз недахоп месца на падлозе ходзіць па нарах. Толькі запалоханы жыд маўчыць, седзячы ў кутку: сёння не прынеслі абед, таму ён галодны і сумны.

Стаю ля вакна з Умэнскім, гаспадаром мяліны з-пад Койданава. Размаўляем пра перамытніцтва і пра тое, што зараз «ідзе» ў Саветах, а што ў Польшчы.

У камеру заходзіць «карнач» разам з некалькімі чырвонаармейцамі. Хвіліну глядзеў на нас, пасля прамовіў:

— Хто хоча ехаць у горад па муку?

Лобаў рвануў наперад.

— Я!..

— Занадта прыткі! — адказвае карнач.

Агледзеў усіх нас, потым павярнуўся да Бзіка.

— Ну, ты, хадзі!.. I ты, таксама… — тыцнуў пальцам у грудзі Буню. — Трэба папрацаваць, бо толькі дарэмна хлеб жраце.

Выйшлі з камеры.

Праз дзве гадзіны мы пачулі на калідоры грукат крокаў і праклёны. Дзверы ў камеру адчыніліся, і ўсярэдзіну ўпіхнулі Буню. Ён быў перапалоханы. З бязрадна разведзенымі рукамі доўга стаяў нерухома ля парога. Пасля прамовіў:

— Ах ты, доля, доля!.. I за што нас так душаць?

Здзівіла нас тое, што не вярнуўся Бзік. Пачалі пытацца пра яго ў Буні. Даведаліся, што яны паехалі на вялікай грузавой машыне, з чатырма салдатамі да вайсковых складаў. Там пагрузілі некалькі дзесяткаў мяшкоў мукі і вырушылі назад. Непадалёку ад моста праз Свіслач, на вуліцы Вясёлай, Бзік скочыў з машыны і пачаў уцякаць у бок рэчкі. Спынілі машыну. Чырвонаармейцы пачалі абстрэльваць уцекача. Двое пагналіся за ім наўздагон. Але, скарыстаўшы цемру, той уцёк ад іх. Буню прывезлі назад і тут на калідоры збілі. Салдаты заявілі, што ён дапамагаў ва ўцёках Бзіку.

Гэтая навіна зрабіла на нас вялікае ўражанне. Пачалі шырока абмяркоўваць уцекача. Амаль кожны казаў, што даўно ўжо ведаў пра сімуляцыю Бзіка. Хлусілі. Усе лічылі яго «кранутым» і адносіліся, як да вар’ята.

— Эх, братцы! — прамовіў з жалем Лобаў. — Шкада, што мяне не ўзялі. Я таксама зрабіў бы гэты фінт. He маю тога шчасця, хлапцы! Трэба будзе каўкнуць тут!

Жаба, седзячы на нарах, працягваў тонкім, скрыпучым, жаласным галаском выцягваць:

Ох ты, мама моя дорогая,

Ох, зачем же родила меня?

— А гэты енчыць! — моршчыцца Лобаў.

— He падабаецца — не слухай! — кідае Жаба і спявае далей, падпёршы даланёй шчаку і хістаючы галавой то ўлева, то ўправа.

Ноччу я не мог спаць. Заядалі клапы і вошы. Дакучаў голад. Паліла гарачка. У думках чапляўся за слабую надзею — можа, хутка перавядуць мяне ў Допр.

За вокнамі чуў булькат вады, што сцякала па рынах… Ідзе вясна. Нясе новае жыццё, абуджае новыя надзеі. А ў нас чорна, брудна, галодна. Пакінутыя ў страшнай, агіднай камеры, павольна, гадзіна за гадзінай, паміраем тут… Шчаслівы Бзік! Дзе ён зараз?!. Магчыма, сядзіць на мяліне, а магчыма, крочыць палямі і лясамі, пад покрывам ночы…

Заснуў я пад раніцу.

* * *

Назаўтра, каля першай гадзіны дня, мяне выклікалі наверх. У экскорце двух чырвонаармейцаў увайшоў у кабінет Нядбальскага. Следчы загадаў мне стаць каля дзвярэй і сам выйшаў з пакоя. Праз хвіліну вярнуўся. Услед за ім чырвонаармейцы са штыкамі на карабінах канваіравалі панурага, крыху сагнутага, нахіленага ўперад высокага чалавека. Адразу пазнаў у ім Цвіка.

Нас паставілі насупраць.

Нядбальскі звярнуўся да Цвіка.

— Ведаеш яго? — паказаў на мяне пальцам.

— Калі ён ведае, дык і я яго ведаю, калі не ведае, дык і я яго не ведаю!

Нядбальскі тупнуў нагой.

— Ну ты, не мудры!.. Адказвай на пытанне!

— А ты не верашчы! He баюся я цябе… Бабу сваю палохай! — адказаў Цвік.

— Ведаеш яго? — запытаўся мяне Нядбальскі, тыцнуўшы пальцам у Цвіка.

— Ведаю.

— Адкуль ведаеш?

— Гэта наш хлопец з Ракава.

— I я яго ведаю, — адказаў Цвік, якога і не пыталіся.

— Чаму раней маўчаў? — прамовіў Нядбальскі.

— Бо я не твой агент… Можа, ён, — Цвік кіўнуў галавой у мой бок, — не хацеў, каб я яго пазнаў.

Нядбальскі загадаў салдатам вывесці Цвіка. Потым я даведаўся, што Цвік сядзіць у Допры, адкуль яго прыводзілі для вочнай стаўкі.

Праз два дні гэта паўтарылася з Лёняй. Адразу па абедзе мяне паклікалі з камеры. Калі ўвайшоў у кабінет Нядбальскага, Лёня ўжо была там. Сядзела ў крэсле зводдаль ад стала. Салдаты, якія яе канваіравалі, засталіся за дзвярыма. Следчы нешта казаў ёй і смяяўся. Лёня паводзіла сябе стрымана. Выглядала добра. Была апранутая ў цёмнае паліто з вялікім футраным каўняром. У руках трымала ладны скрутак.

Разам з канвоем я прыпыніўся ля дзвярэй. Нядбальскі некалькі хвілін праглядаў паперы, а пасля кіўнуў галавой.

— Падыдзі сюды.

Я падышоў да стала.

— Ведаеш гэтую жанчыну? — запытаўся Нядбальскі.

— Так. Ведаю.

Нядбальскі, прыплюшчыўшы вочы, уважліва паглядаў на мяне. Лёня, відавочна, не чакала такога адказу і была здзіўлена.

— Адкуль ведаеш?

— Зайшоў да яе запытацца пра дарогу, там мяне і арыштавалі.

— А раней быў у яе?

— He.

— Магчыма, ведаеш што-небудзь пра пункт, які яна трымала?

— Нічога пра гэта не ведаю. Дарэчы, яна жыве пад Менскам, а там пунктаў няма! — хлусіў я, каб палегчыць Лёніну сітуацыю на допытах.

— Адкуль ты пра гэта ведаеш?

— Ад хлопцаў ведаю.

— Дык яе ты не ведаеш увогуле?

— He ведаю.

Следчы звярнуўся да Лёні.

— А вы, грамадзянка, ведаеце яго?

— Зусім не ведаю. Але шкада мне яго. Такі малады хлапец і сядзіць!..

— А вы любіце «такіх маладых хлопцаў»? — з іроніяй запытаў Нядбальскі.

— Я не таму… Кожнага чалавека шкада… Турма не мёд!

Лёня на хвіліну спынілася, а потым звярнулася да следчага.

— Можа, таварыш следчы дазволіць мне перадаць арыштаванаму крыху яды? Ён так кепска выглядае!..

— Чаму грамадзянка пра яго так клапоціцца?

— Бо пакутую за тое, што зайшоў да мяне запытацца пра дарогу… Магчыма, на мяне ў крыўдзе!..

— Бо сядзіць тут за вас, а вы за яго… Квіты… Зрэшты, аддайце яму…

Лёня хутка разгарнула паперу і выняла адтуль амаль два кіло каўбасы і вялікую буханку. Потым мяне адвялі назад у камеру. Там, раздзяліўшы яду на адзінаццаць частак, раздаў усім. Жыд нічога не ўзяў. Афіцэр таксама не хацеў браць, але, заўважыўшы, што гэтым крыўдзіць мяне, узяў сваю долю.

Цяпер мне было весялей… З’явілася надзея, што ў бліжэйшыя дні мяне перавядуць у Допр. Гэта самае сцвярджалі астатнія арыштанты.

3

«Двойка» — гэта прасторная камера. У ёй два вялікія вакны. Калі ж стаць на падваконнік і выпрастаць угару рукі, то немагчыма дацягнуцца да верхняй часткі рамы. Да сцен прымацавана 17 лежакоў. Днём яны падымаліся ўгару, тады ўтваралася шмат месца для хадзьбы. Пасярод камеры стаіць вялікі стол на казлах. У сцяне ёсць шафка для пасуды. Падлога бетанаваная. У правым куце камеры стаіць вялізная, абітая бляхай печка.

Нас тут сядзіць семнаццаць чалавек. Некалькі зладзеяў. Некалькі бандытаў. Некалькі сялян, якія маюць адну справу — яны абвінавачваюцца ў забойстве. Ёсць адзін чыгуначнік: украінец, з Палтаўшчыны. Яго прозвішча Калбенка. Сядзіць за спекуляцыю. У службовым вагоне перавозіў рэчы «мяшэчнікаў».

I тут голад паклаў на ўсіх свой адбітак. Вязні рухаюцца павольна, яны заспаныя, апатычныя. У некаторых апухлыя твары, у іншых — ногі. Вошай і тут поўна.

Спачатку я адчуваў сябе як напалову вызвалены. Камера была светлая, паветра чыстае. Хадзіў на шпацыр. Гуляў з іншымі вязнямі самаробнымі картамі. Потым прызвычаіўся да ўсяго новага.

З дня на дзень сілы ў мяне меншалі: пачалі апухаць ногі. А за вокнамі, за мурамі вясна была ў росквіце. Сонечныя праменні залівалі дзядзінец астрога. Некаторых вязняў адпусцілі. Іх месцы занялі новыя.

Мяне забіваў сум па свабодзе… Заўважыў, што арыштанты, якія часта сядзелі ў турмах, не смуткавалі ўвогуле. Яны заўсёды ўмелі знайсці сабе нейкі занятак: гулялі ў карты, у рамса, ці размаўлялі пра розныя рэчы. Гэтыя гутаркі звычайна круціліся каля некалькіх галоўных тэм: ежы, «работы», жанчын, судовых спраў, турэмнай адміністрацыі. Гэтыя размовы мяне даставалі. Страшэнна сумаваў па волі і худзеў усё больш… Звычайна садзіўся на падваконнік і гадзінамі глядзеў у далёкі нябесны блакіт. Пра што я тады думаў?.. He ведаю… Забываўся тады пра ўсё. Праз пэўны час мяне вяртала да жыцця нейкая звада ці песня Жабы.

Неяк раз да мяне падышоў Бласт. Гэта быў смаленскі злодзей.

— Ты, хлопец, так не задумвайся… «змінінгіцішся»!.. У вакно таксама не глядзі!.. Сабака іх дзяры!.. А галоўнае, не думай, бо звіхнешся!..

— Што ж рабіць?

— Гуляй у карты!.. Спявай!.. Рабі што-небудзь… Я некалі таксама… Гэта нічога…

Увечары, пасля «паверкі», мы апускалі лежакі і клаліся спаць.

— Ну, тры званкі да «пайкі»! — казаў хто-небудзь з вязняў.

У гэты момант усе праглыналі сліну, падумаўшы пра ранішнюю двухсотграмовую порцыю дрэннага, кепска выпечанага хлеба. Скарынку мы аддзялялі асобна, а сыры мякіш лыжкай накладалі на яе. Гэта заўсёды нагадвала мне пірожнае альбо вафельнае марожанае. Найбольш хутка для мяне мінала ноч. Адразу засынаў цяжкім сном, поўным трывожных і галодных мрояў. Калі прачынаюся, першае адчуванне: голад, першая думка: «Два званкі да пайкі!»

Калі атрымлівалі сваю порцыю хлеба, у кожнага з нас трэсліся рукі. Можна было ў адзін момант з’есці сваю долю, але кожны не спяшаючыся, павольна адкусваў ад хлеба невялічкія кавалачкі. He марнавалася ніводная крошка, зрэшты, і крошак не было, бо хлеб заўсёды быў недапечаны. Пасля снядання ўсе думкі віліся вакол абеду… У чаканні абеду праходзіла шмат доўгіх, нудных гадзін. Нарэшце мы набіраем у вялікія «бачкі» рэдкае з пахам варыва — суп з сушаных буракоў ці памерзлай бульбы. Адзін бачок на шэсць чалавек. Пачыналі есці, а дакладней, піць з лыжак, рэдкую, мутную гарачую пахлёбку. Абпякалі сабе вусны і горла, аднак з’ядалі ўсё вельмі хутка. На нейкі час цела ахутвала прыемным цяплом і прыходзіла ілюзія поўнай сытасці. А праз квадру гадзіны з’яўляліся яшчэ мацнейшыя патрабаванні страўніка: есці! есці! есці!.. Страўнік нельга было ашукаць. Вячэра была яшчэ горшая. Як казалі арыштанты: «Даюць піць і папіць!»

Аднойчы, у дзень наведвання, а дзесятай гадзіне, мяне выклікалі ў калідор. Гэта здарылася ў канцы красавіка. Павялі ў пакой для сустрэч. Там стаяла шмат людзей мізэрнага выгляду. Доўгі пакой быў пасярод разгароджаны на драцяныя перагародкі, паміж якімі знаходзіліся наведвальнікі.

Калі пачаліся размовы, пакой напоўніўся плачам, лямантам, крыкам, у якім цяжка было што-небудзь пачуць. Падышоўшы да сеткі, стараўся разгледзець там кагосьці са знаёмых. Думалася, што нехта з ракаўскіх хлопцаў пры дапамозе сваякоў ці знаёмых у Менску атрымаў дазвол на сустрэчу са мной. Адразу убачыў радасную ўсмешку і вясёлыя вочы Лёні. Прывітаўся з ёй. Стараючыся перакрычаць іншых, пачаў «размаўляць»:

— Што ў цябе чуваць? — запытаўся ў Лёні.

— Мяне выпусцілі!

— Ты зусім вольная?

— Я дала «распіску», што не пакіну месца жыхарства і з’яўлюся на кожнае пажаданне ўладаў…

— Дорага каштавала?

— Так… Але нічога… Я не збяднела…

— Ты добра выглядаеш!

— Але ты зблажэў!

Бездапаможна развёўшы рукамі, вымавіў:

— Няма ад чаго таўсцець: штодня 200 грамаў хлеба.

— Прывезла табе перадачу… Буду прыязджаць кожны тыдзень… На кожны кірмаш…

— Дзякуй табе.

— Магчыма, і ты хутка вызвалішся?

— He ведаю. Магу атрымаць некалькі гадоў Допра.

— Я чула, што Першага мая будзе аб’яўлена амністыя.

Спатканне кончылася хутка. Адведкі Лёні надалі мне сілы. Зрабілася весялей. Я не адчуваў сябе такім бездапаможным, забытым. Апрача таго, пачаў лепей харчавацца, бо Лёня ведала, які голад пануе ў турме, і прывезла мне шмат хлеба, сухароў, сала, сыроў.

Праз тыдзень зноў атрымаў перадачу ад Лёні, аднак яе не пабачыў. Магчыма, што не мела часу, а можа, і не далі дазволу на спатканне.

На пачатку траўня прысудам Рэўтрыбунала мяне прыгаварылі за перамытніцтва да трох гадоў высылкі ў ніжнегародскую губерню. Mae грошы канфіскавалі. Я прадбачыў такі вырак і таму не быў здзіўлены. Нават хацеў ехаць у высылку, чым адбываць пакаранне ў Допры. Вырашыў пры першай магчымасці збегчы з месца высылкі.

Пасля суда Лёня зноў адведала мяне. Сказала, што будзе матэрыяльна падтрымліваць мяне, а калі з’явіцца вольны час, то адведае і там. Прасіла, каб часта пісаў лісты. Адзначыла, што зараз я выглядаю нашмат лепей, чым раней. Сапраўды, адчуваў сябе значна здаравейшым, чым дагэтуль. Пухліна спала з ног… Найгоршая хвароба — гэта голад. А найлепшыя лекі ад яго — гэта ежа… абы толькі каб не запозна.

У камеры хлапцы кажуць, што мяне могуць неўзабаве перавезьці этапамі на месца высылкі. Даюць розныя практычныя парады. Кажуць, каб уцякаў з цягніка па дарозе. Пра гэта думаю зараз увесь час.

У сярэдзіне мая мне загадалі сабраць свае рэчы і адвялі ў канцылярыю. Каля брамы заўважыў экскорт: восем салдат і малодшага афіцэра з трыма трохкутнікамі на рукаве.

Арыштаваных было шэсць. Адзін у Смаленск. Трое ў Маскву і двое да Ніжняга Ноўгарада. Першы этап быў у Смаленску.

Пасля выканання ўсіх фармальнасцяў у астрозе нас адвялі на вакзал. У вагоне мы занялі два аддзяленні. У кожным з іх размясцілася па чатыры салдаты і тры арыштанты. Камендант аховы пайшоў на вакзал праштампаваць падарожныя дакументы. Я меў пры сабе крыху грошай, якія Лёня пакінула для мяне ў турэмнай канцылярыі. Папрасіў начальніка купіць мне два пачкі папяросаў, запалкі, а з рэшты харчоў — булак і каўбасы. Афіцэр аддаў грошы салдату і паслаў яго да кіёскаў, размешчаных на пероне. Салдат прынёс мне пяцьдзесят папярос, пачак запалак, некалькі булак і крыху каўбасы.

— Купіў на ўсе! — прамовіў чырвонаармеец.

— Добра. Дзякую!

Пачаў падсілкоўвацца. Таварышам майго падарожжа даў крыху каўбасы, булак. Тыя падзялілі паміж сабой.

У гадзіну дня цягнік рушыў у дарогу. Я сядзеў на лаўцы паміж двума чырвонаармейцамі, а насупраць нас сядзелі два салдаты і два арыштанты. Наша купэ было першым ад тамбура. Яго адгароджваў вузкі калідор. Уздоўж па вагону, з левага боку, ішоў доўгі, досыць шырокі праход, які злучаў сабой усе аддзяленні. Другая палова аховы і рэшта арыштантаў размясціліся за намі.

Вагон быў перапоўнены. Аддзяленні былі напханыя людзьмі да краёў. У праходзе наставілі куфраў, кашоў, мяшкоў. Людзі пазалазілі на палкі. У паветры перакрыжоўваліся крыкі і праклёны. Нарэшце ўсе прыстасаваліся і пачаліся размовы, жарты.

Непадалёку ад Барысава ў вагон зайшоў чыгуначны кантроль Чэка. Правяраючы дакументы пасажыраў, чэкісты падышлі да нас. Камендант аховы падаў ім падарожныя дакументы. Прамовіў:

— Разам са мной дзевяць чалавек аховы і шэсць арыштантаў…

Чэкісты праверылі дакументы, агледзелі нас і пайшлі далей.

У Оршы зноў прыйшоў кантроль Чэка.

Калі выехалі з Оршы да Смаленска, пачало змяркацца. Гледзячы праз вакно вагона наўскасяк угару, заўважыў на небе Вялікую Мядзведзіцу… Так даўно не бачыў яе!.. Прыгадала мне столькі вясёлых і сумных рэчаў, выклікала столькі думак. Доўга ўзіраўся на яе, пакуль адзін з салдатаў не загадаў мне адсунуцца ад вакна.

— Глядзі, глядзі, нічога табе гэта не дапаможа!.. He выскачыш!..

— Я нічога… я на зоркі пазіраў…

— Зоркі?.. Вось тут зоркі! — чырвонаармеец стукнуў даланёй па будзёнаўцы, на якой была спераду нашыта выразаная з чырвонага сукна вялікая пяціпраменная зорка.

Астатнія салдаты рассмяяліся. Я адсунуўся ад вакна. Чырвонаармейцы курылі і без вялікага жадання размаўлялі. Mae сябры, што сядзелі супраць на лаўцы, паснулі. Салдаты драмалі. Яны дамовіліся, што будуць па чарзе ўдвух пільнаваць нас.

Прыйшоў малодшы камандзір і загадаў:

— Ну, «ребята», не заснуць!.. Будзьце пільнымі!..

— Будзьце спакойнымі. He заснём! — адгукнуўся адзін з чырвонаармейцаў.

— Ну, ну!..

Малодшы камандзір пайшоў у суседняе аддзяленне.

Набліжалася поўнач. Да Смаленска засталося некалькі станцый. Прыкінуўшыся, што сплю, я сачыў за аховай. Трое салдат заснула: толькі адзін, той, што сядзеў каля выхаду, паставіў ногі так, каб ніхто не змог выйсці з вагона на тамбур, не зачапіўшыся за яго. Ён таксама драмаў, аднак час ад часу прыадплюшчваў вочы, акідваў позіркам аддзяленне і пасля зноў засынаў. Раз-пораз з вагона хто-небудзь выходзіў у калідор, дзе была прыбіральня, і тады ён прымаў свае калені з дарогі, дазваляючы адкрыць дзверы.

Наша аддзяленне напалову хавалася ў цемры. Наўскасяк сюды трапляла толькі святло ад насценнага ліхтара, падвешанага ўверсе на калідоры. Там гарэла свечка.

У нейкі момант, нахіліўшыся з аддзялення далёка ўправа, зірнуў у калідор. Ён да краёў быў завалены людзьмі, якія спалі на падлозе. Дзе-нідзе чулася ціхая гамана. Зразумеў, што тудой будзе цяжка дабрацца да выхаду з вагона. Акрамя таго, існавала небяспека — салдаты і афіцэр, якія пільнавалі арыштантаў у наступным аддзяленні і маглі не спаць, заўважылі б мяне. Адсюль я не мог заўважыць, што там робіцца, але чуў нейкія шоргаты нагамі і шолахі.

«Можа, апусціць вакно?» — падумалася.

Аднак, разважыўшы, адкінуў гэты план. Адчыняючы вакно, мог бы разбудзіць каго-небудзь з аховы, і тады б усё пайшло намарна. Зноў выглянуў на калідор. Здаля ўбачыў постаць чалавека, што набліжалася да нас. Гэта быў салдат, які, накінуўшы на плечы шынель, крочыў да выхаду, асцярожна пераступаючы праз сонных людзей. Падыходзіў усё бліжэй. Быў ужо каля мяне. Адчыняючы дзверы, адсоўвае на бок калена салдата з нашай аховы, які расплюшчвае вочы і ўглядаецца ў яго.

— Што-о?

— Нічога, таварыш… Адсуньце ногі!

Чырвонаармеец дазваляе прайсці, уладкоўваецца на лаўцы, плюючы некуды на сцяну, засоўвае рукі ў кішэні шыняля і голасна пазяхае. Потым, нахіліўшыся наперад, уважліва аглядае аддзяленне. Я прыкідваюся, што сплю. Салдат зноў упіраецца плячыма ў сцяну і заплюшчвае вочы. Рамень ад карабіна ён перакінуў праз калена, а рулю ўсадзіў паміж ног. Забыўся загарадзіць імі дзверы… А можа, хацеў пачакаць таго чырвонаармейца, які за хвіліну да гэтага выйшаў з вагона.

Пільна ўзіраюся ў салдата. Вырашыў, што буду ўцякаць нават у самай непрыдатнай сітуацыі, але стараюся дачакацца лепшай. Праз хвіліну заўважыў, што галава салдата пачала ападаць на грудзі.

Падымаюся з месца. Раблю два крокі з аддзялення на калідор, затым крок наперад. Павольна націскаю клямку і адчыняю дзверы. Шырэй… шырэй… Гляджу на твар салдата. Той раптоўна, нібы адчуўшы мой позірк, расплюшчвае вочы. Утаропіўся ў мяне мутным позіркам. Я зрабіў хуткі рывок наперад.

— А ты куды?!. А?.. Сто-ой!..

У гэты ж момант, затрэснуўшы за сабой дзверы, я скокнуў наперад. Адчыніў дзверы, якія вядуць на пляцоўку, і маланкава зачыніў іх. У той жа момант расчыніліся дзверы з вагона, і я чую нялюдскі крык:

— Товарщи!.. Бегут!.. Вставайте!.. Товари…

Я кінуўся да дзвярэй, якія вялі з пляцоўкі на вагонныя прыступкі. Моцна націскаю на ручку і піхаю дзверы наперад… He паддаюцца. Праз імгненне апамятаўся: дзверы адчыняюцца ўсярэдзіну, а я піхаю іх вонкі. Ірву іх на сябе. Дзверы адчынены. Ззаду цемру працінае шырокая паласа святла. На пляцоўку ўвальваюцца ўзброеныя людзі. Чую іх галасы:

— Стой, дрэнь!.. Стой!..

Перада мной чорная ноч, засеяная залатымі кропкамі зорак. Раблю моцны кідок наперад у густы, таямнічы змрок…

Падаю ў паветраны віхор. Мяне круціць і адкідвае некуды набок. Сэрца замірае ў грудзях. На момант у вачах бліснула доўгая светлая палоска, а потым усё знікла ў цемры і цішы… глыбокай цішы…

4

He магу зразумець, што адбываецца. Толькі адчуваю, што задыхаюся, што ў мой рот лезе ліпучая, густая твань. У роспачы рвануўся направа, налева, угару… Нарэшце ўкленчыў… Аддыхаўся… Адчуў, як у лёгкія ўліваецца паветра.

Доўга заставаўся нерухомым. Тулава завязла ў балоце, галава — на паверхні. Выцягваю з балота рукі. Далонямі абцёр твар і вочы. У некалькіх сотнях крокаў ад сябе ўбачыў зверху доўгі шэраг жаўтавых агеньчыкаў. Гэта быў цягнік, які затрымалі адразу пасля майго скоку з вагона. Заўважыў, што ўздоўж чыгуначнага насыпу рухаюцца іншыя, меньшыя, але больш яркія светлячкі. Гэта былі ліхтары ў руках людзей — мяне шукалі непадалёку ад каляіны.

Я пачаў выбірацца з балота. Падняўся. Зноў ледзь не праваліўся ў твань. Зрабіў два крокі, намацаў рукамі бераг рва. Вылез з балота і памалу адышоў на дзесятак крокаў ад месца, куды ўляцеў, коцячыся з высокага насыпу. Магчыма, гэта змякчыла маё прызямленне, але я ледзьве не задыхнуўся ў балоце.

Узабраўся на нейкі пагорак і, самотны, седзячы ў полі, пазіраў у напрамку чыгункі. Святло ад ліхтароў доўга поўзала ўздоўж насыпу, а пасля пачало сунуцца назад. Чуў узбуджаныя галасы, аднак слоў не мог разабраць.

Разнёсся паравозны гудок… моцны, працяглы, настойлівы. Светлячкі каля насыпу пачалі варушыцца хутчэй. Наблізіліся да агнёў у вокнах вагонаў. Цягнік зноў свіснуў, і доўгі пас святла паплыў у змрок, праз хвіліну зліўся ў рухлівую агністую пляму і хутка знік у цемры.

Я падняўся. Адчуваў сябе яшчэ прыгаломшаным. Хістаўся на нагах. Пайшоў у напрамку да нябачнай у змроку чыгункі. Мой шлях загарадзіў роў. Перабраўся на другі бок. Яго шырыня была каля 2 метраў, а даўно нячышчанае дно зарасло 70–90-сантыметровым пластом рэдкага балота. Апынуўся каля стромістага насыпу. З хвіліну разважаў: ці крочыць верхам па рэйках, ці долам? «Там я магу кагосьці напаткаць! Лепей будзе сюдой!» — падумаў я.

Паглядзеў на неба: на яго паўночнай частцы была добра відаць Вялікая Мядзведзіца. Нахілены ўніз «дышаль» паказваў мне накірунак на захад.

Павольна пакрочыў наперад. Зрэдку затрымліваўся, прыслухоўваўся і некалькі разоў абыходзіў дарожныя домікі. Зводдаль абмінуў нейкі чыгуначны паўстанак.

Праз дзве гадзіны заўважыў здалёк станцыю. Пайшоў марудней. Каля вакзала прыкмеціў шмат будынкаў. Гэта быў нейкі пасёлак. Абмінуўшы будынкі, зноў апынуўся ля рэек. Тут прысеў на стос старых шпалаў і адпачываў. Разлічваў дачакацца якога-небудзь цягніка, каб ім ехаць далей. Гэта была мая адзіная надзея: бо за ноч змог бы прайсці 30–40 кіламетраў, а цягніком за гэты ж час можна праехаць 250–350 кіламетраў.

Вырашыў не ісці, а чакаць тут хоць бы да раніцы. Аднак нават раней, чым спадзяваўся, пачуў удалечыні паравозны гудок. На станцыю выехаў таварны цягнік.

Я накіраваўся да станцыі і пакрочыў уздоўж цягніка. Пакідаючы вакзал з другога боку састава, хаваючыся ў цені вагонаў, краўся па рэйках. Убачыў некалькі доўгіх платформаў з страявым лесам. Узабраўся на адну з іх і схаваўся паміж канцамі бярвенняў у шчыліне каля нізкага борта платформы. Адсюль можна было выдатна аглядаць усё, што адбывалася навокал. А на выпадак небяспекі мог бы ўцячы ў любым напрамку.

Цягнік прастаяў даўгавата. Я нецярпліва чакаў яго адыходу. Нарэшце той крануўся наперад.

* * *

Пад раніцу я прыехаў у Оршу. Вылез са сваёй схованкі і падаўся да паравоза. З падслуханай размовы чыгуначнікаў даведаўся, што цягнік не пойдзе далей. Тады я накіраваўся па рэйках наперад, усё больш аддаляючыся ад станцыі.

He хацеў, каб дзень заспеў мяне ў Оршы: ведаў — тут узмоцненая служба Чэка і міліцыі. Едучы цягніком, я вымушаны быў сядзець у сваёй схованцы нерухома, і холад даймаў мяне. Зараз жа стараўся разагрэцца хуткай хадзьбой.

Калі пачало днець, адышоў ад Оршы на 10 кіламетраў. Цяпер адчуваў сябе ў большай бяспецы. Аддаліўся больш дзесяці кіламетраў ад месца маіх уцёкаў.

Хацеў дабрацца да наступнай чыгуначнай станцыі за Оршай, таму ўсцяж крочыў наперад: то сцяжынкамі ля рэек, то па выбітых коламі вазоў дарогах. Калі здалёк заўважаў якія-небудзь будынкі, абыходзіў іх зводдаль.

Праз некалькі гадзін дабраўся да станцыі. He падыходзіў лішне да вакзала, а падаўся ў лес. Там залез у зараснік кустоў і лёг спаць.

З набліжэннем цемры абышоў станцыю і ўзабраўся на палатно. Вечар быў цёплы. Прылёг непадалёку ад рэек і пачаў чакаць любога цягніка, які ішоў бы ў напрамку Менска.

Надакучваў голад, але есці нічога не меў. Грошай таксама не было.

Толькі пасля поўначы падышоў пасажырскі цягнік. Прыпыніўся на станцыі. Па вузкай жалезнай драбінцы, прымацаванай да задняй сцяны вагона, я ўзлез наверх і распластаўся на страсе. Неўзабаве цягнік рушыў ад станцыі. Вецер свісцеў у маіх вушах. Вагон гайдаўся справа налева. Зрэдку абсыпаў мяне рой залатых іскраў, якія выляталі з паравознай трубы.

Калі цягнік прыпыняўся на станцыях, я ссоўваўся на процілеглы ад вакзала край страхі, каб мяне немагчыма было заўважыць з перона. Здранцвелі рукі. Было вельмі холадна. Дрыжэў усім целам, аднак не прыпыняў падарожжа. Калі выехалі з Барысава, пачало світаць, а ў Смалявічах я вымушаны быў пакінуць цягнік, бо мяне маглі ўбачыць людзі… Вырашыў не рызыкаваць. He хацелася папасціся пасля ўсяго перажытага.

Цягнік панёсся далей, а я пакрочыў уздоўж рэек. Да Менска заставалася больш 40 кіламетраў. Голад усё мацней даймаў мяне. Адчуваў моцную слабасць. Калі нахіляўся, то ў вачах цямнела.

Ідучы па рэйках, у пэўным месцы ўгледзеў будку дарожніка. Дзверы ў яе былі адчыненыя. Прыкмеціў усярэдзіне будынка жанчыну, якая ў балеі мыла бялізну. Каля парога гуляла двое дзетак. Хвіліну вагаўся, а потым… пайшоў да хаткі.

— Добры дзень! — прывітаўся з гаспадыняй.

— Добры дзень! Што скажаце?

— Можа, гаспадынька дасць мне што-небудзь з’есці!

— А адкуль вы?

— Я з Менску. Быў у Смаленску на рабоце, а зараз вымушаны вяртацца дахаты… Купіў білет да Барысава, бо не хапіла мне грошай на дарогу… Два дні ўжо не еў.

Будка дарожніка была раздзелена перагародкай на дзве палавіны. Пад час маёй размовы з гаспадыняй малыя дзверцы ў перагародцы адчыніліся і адтуль паказаўся мужчына гадоў 50. У яго быў дробны твар з хітра прыплюшчанымі вачыма. Дарожнік уважліва агледзеў мяне і звярнуўся да жонкі:

— Дай яму, Даша, што-небудзь з’есці. Пакармі яго добра!.. Я зараз вярнуся… Вы сядайце… адпачніце! — кінуў мне гаспадар.

Я прысеў на табурэт з краю стала, аднак адчуваў сябе неспакойна. He спадабаўся мне погляд дарожніка. А словы, якія сказаў жонцы, здаліся падазронымі. Нахіліўшыся да вакенца, я зірнуў у яго. Убачыў, што дарожнік, спяшаючыся, крочыў у напрамку нейкіх забудоў, стрэхі якіх праглядалі ўдалечыні праз верхавіны дрэў. Некалькі разоў азірнуўся і яшчэ хутчэй пашыбаваў наперад.

Жонка адрэзала ад паловы буханкі вялікую лусту і паклала яе на стале. Я ўзяў хлеб і пачаў паспешліва есці.

— Зараз дам вам малака!

Зняла з паліцы збанок і наліла малака ў кубак. З прагнасцю яго выпіў. Жанчына наліла мне яшчэ адзін кубак. Я працягваў пазіраць у вакно. Еў хлеб, піў малако і сачыў за дарожнікам, які ўсё больш набліжаўся да купіны дрэў з будынкамі. Тады, паклаўшы недаедзены хлеб у кішэню, вымавіў:

— Вельмі вам удзячны, гаспадынька, за хлеб і малако. Калі хочаце, дык пакіну вам гэтую куртку, што на мне, бо не маю грошай…

— He, нічога не трэба… Але ж куды вы?.. Зараз зрыхтую абед!

— He маю часу чакаць!

— Дык усмажу яечню.

— Дзякую, яечню не люблю… Да пабачэння!

Хутка выйшаў з хаты дарожніка і пакрочыў у адваротным напрамку, у бок Смалявіч. Калі адышоўся досыць далёка, азірнуўся. Кабета стаяла на рэйках і глядзела мне ўслед. Далей чыгунка рабіла паварот: апынуўшыся там і не пакідаючы за сабою слядоў, я збег з палатна і падаўся да хмызоў, якія раслі ўскрай лесу. He паказваючыся на адкрытых мясцінах, хутка пайшоў назад. Адначасова назіраў за чыгункай.

Ідучы па лесе, параўняўся з будкай дарожніка. Убачыў трох чалавек, якія таропка крочылі ад тых будынкаў лясной сцежкай. Гэта быў дарожнік з двума мужчынамі ў вайсковай форме. Непадалёку ад будкі яны ўзабраліся на палатно. Да іх кінулася жонка дарожніка. Нешта расказала, паказваючы рукой у напрамку, у якім я перад тым аддаліўся. Яны хуткімі крокамі накіраваліся туды. А я падаўся далей, стараючыся трымацца бліжэй лесу, але і не адыходзячы занадта далёка ад рэек.

Перабраўся праз нейкую рэчку, апалудні апынуўся непадалёк станцыі Калодзішчы. Тут увайшоў у лес і вырашыў застацца ў ім да вечара.

Калі над зямлёй запанавала ноч, я дабраўся да Менска. He заходзячы ў горад, праставаў нацянькі праз палі, ідучы спачатку на захад, а пасля на паўднёвы захад. Праз чатыры гадзіны ўзбіўся на тракт з Менска да Ракава. Знаходзіўся блізка ад вёскі Яркова, у 9 кіламетрах ад Менска. Тут спусціўся з высокай гары ўніз. Ведаў, што там знаходзіцца студня, хацеў наталіць смагу. Выцягнуў жураўлём са студні абкутае жалезам драўлянае вядро, доўга піў. Пасля рушыў далей у дарогу. Досыць хутка крочыў прыдарожнымі сцежкамі, стараючыся не губляць з вачэй тракт.

На чатырнаццатай вярсце зайшоў у лес і зноў адпачыў — быў вельмі стомлены. Тут выкурыў апошнюю папяросу.

Пакінуўшы злева Старое Сяло, увайшоў у Старасельскі лес і на ўскрайку цягнуўся наперад. Знаходзіўся на добра вядомай мне дарозе, ішоў упэўнена. Зрэшты, мог бы ісці па зорках — неба было чыстае.

Усё больш віднела. He думаў, што ўжо раніца, таму быў непрыемна здзіўлены. Да мяжы заставаўся добры кавалак шляху, а я знаходзіўся ў самым небяспечным месцы. Вярнуўся назад у Старасельскі лес і крыху адпачыў.

Старасельскі лес мне быў добра вядомы. Тут я шмат разоў праходзіў з таварам, тут мы рабілі днёўкі. Вырашыў цэлы дзень не спаць. Страшэннай няўдачай было б для мяне папасціся зноў, пасля такой цяжкай дарогі, уцёкаў з вагона. А тут маглі б убачыць пастухі і навесці падпольнікаў ці міліцыянераў.

Знайшоў для сябе добрую схованку і ўладкаваўся ў ёй на дзень. На выпадак абароны падрыхтаваў ёмкі кол. Вельмі хацелася спаць, але калі заўважаў, што цяжка перамагаць санлівасць, тады падымаўся з месца і паціху хадзіў непадалёк схованкі вакол дрэў, кустоў.

Шмат разоў чуў галасы і воклічы пастушкоў, якія швэндаліся па лесе. Зрэдзь часу адрозніваў крокі людзей, якія праходзілі паблізу. Неўзабаве пасля палудня з гушчара кустоў заўважыў двух хлопцаў. Адзін трымаў у руцэ лазовы кошык, другі нёс доўгі кій. Яны глядзелі ўгару на дрэвы і нешта шукалі там. Наблізіліся да маёй схованкі: я ўжо хацеў пакінуць яе, аднак яны неўзабаве адышлі. Калі ж сонца схілілася на захад, вырушыў лесам у дарогу. Крочыў павольна, уважліва ўзіраючыся ў наваколле.

Пакуль выбраўся з Старасельскага лесу, ужо змяркалася. Праз пэўны час адчуў нейкую дзіўную дрыготку, зрабілася холадна. Каб не ляскаць зубамі, вымушаны быў моцна сціскаць сківіцы.

Крочыў далей. Рабілася ўсё халадней, а цела было мокрае ад поту… Я лёг на шырокім узмежку і ўвесь закалаціўся. Адчуваў сябе усё горш… А да граніцы было яшчэ далёка.

Усхопліваўся на ногі і кідаўся наперад. Зубы стукалі без перапынку. Я ледзьве арыентаваўся ў наваколлі. Часта спыняўся і глядзеў на Вялікую Мядзведзіцу. Зоркі то круціліся на месцы, то ападалі дзесьці ўніз… Зноў адшукваў сузор’е і амаль інстынктыўна крочыў наперад — на захад.

He ведаю, калі перайшоў «другую лінію» і як апынуўся на граніцы. Памятаю, што ў нейкі момант прагучалі стрэлы з карабіна. Гэта было справа ад напрамку майго шляху. Тыя стрэлы на пэўны час абвастрылі маю чуйнасць, і я зноў амаль вярнуўся да прытомнасці. Спяшаючыся, падаўся ўлева. Калі ж стрэлы прагучалі зноў, — гэтым разам вельмі блізка ад мяне — пачаў паўзці па траве, якая здалася надзіва халоднай.

Наступнае, што памятаю, як з цяжкасцю ўзбіраўся на нейкі ўзгорак, як зваліўся на ім, пазбаўлены сілы варушыцца. Крыху пазней усвядоміў, што гэта — Капітанская Магіла… Тут ужо я амаль поўнасцю страціў прытомнасць. У нейкі момант да мяне зноў вярнулася адчуванне рэальнасці, і я нечакана заўважаю незвычайную рухлівую белую пляму… Яна пасоўваецца туды-сюды… Правальваецца ўніз, падымаецца ўгару, часам зусім знікае з відавоку, то ўсё больш набліжаецца да мяне. Нейкім намаганнем памяці вяртаюцца да мяне згадкі з апавядання Юзіка Трафіды і іншых перамытнікаў пра здань… Пасля прыгадалася, што каля кургана я ўпершыню сустрэўся з Сашкам Вэбліным. «Каб ён ведаў, што зараз знаходжуся тут!» А здань усё набліжаецца да мяне. Ужо блізка… яшчэ бліжэй…

Потым… праз нейкі час бачу нахілены над сабой твар: адрозніваю спакойны, суровы позірк вачэй і цёмныя бровы. Чую голас… У мяне пра штосьці пыталі, я нешта адказваў, але не памятаю што.

Нарэшце апошні водбліск свядомасці: хтосьці спытаў, ці ведаю я Петруся?.. Заўважыў, што пачынаю смяяцца, стукаючы ў перапынках зубамі:

— А як жа… ведаю… ведаю… Яго не ведаць!.. Ха!.. ха!.. ха!..

Затым усё панеслася з ашалелай хуткасцю ў бязмежную далячынь… Мігцяць барвы… Грымяць гукі… Шалее навальніца галасоў… віруюць твары, вобразы, фарбы… Імкне наперад страшэнны, гарачы прыліў, які падымае мяне ўгару, а пасля кідае на дол… у чорную халодную бясконцасць…

5

Апрытомнеў у малым пакойчыку. Справа заўважыў дзверы, спераду прыадчыненае вакно, завешанае фіранкай, якую хістаў лёгкі ветрык.

Прыслухаўся. Да маіх вушэй аднекуль здалёк з надворку даляталі жаночыя галасы. He змог зразумець, дзе знаходжуся. Ніколі раней не быў у тым пакойчыку. Хацеў устаць з ложка, аднак не хапіла сіл падняцца. Тады голасна вымавіў:

— Ёсць хто ў хаце?

Дзверы ў пакой адчыніліся, і ў праёме ўбачыў малога чалавечка. Ён глядзеў на мяне праз тоўстыя шкельцы акуляраў і пасміхаўся.

— Прачнуўся? — запытаўся праз хвіліну.

— Так.

Прыпомніў, што гэта ж гадзіннікавы майстар Мужаньскі, у якога жылі Юлік Вар’ят і Пятрусь Філосаф. He мог толькі ўцяміць, якім чынам я апынуўся тут.

— На, напіся вось гэтага! — Мужаньскі наліў у шклянку нейкіх лекаў і даў мне выпіць. — Хлапцы прыйдуць пазней.

Ён выйшаў з пакоя, а я зноў заснуў. Другі раз прачнуўся ўвечары. У маім пакоіку было цёмна. Праз прыадчыненыя дзверы пачуў галасы сваіх сяброў. Гукнуў іх. У пакой увайшлі Юлік Вар’ят і Пятрусь, уносячы запаленую лямпу.

— Як ты сябе адчуваеш? — запытаўся Юлік.

— Выспаўся?.. — дадаў Пятрусь.

— Безумоўна… Выспаўся…

— Я думаю!.. Доўга спаў!.. Ой, доўга! — прамовіў Юлік.

— Як я апынуўся тут?

Сябры зірнулі адзін на аднаго, а Юлік запытаў:

— Дык ты нічога не памятаеш?

— He… Праўда, памятаю Капітанскую Магілу і… здань… Размаўляла са мной.

Усміхнуўшыся, Пятрок прамовіў:

— Уласна кажучы, гэтая здань уратавала цябе, бо ты альбо там загінуў бы, альбо падабралі б цябе зялёнкі!.. Як пачуваешся?

— Добра.

— Табе размаўляць не цяжка?

— He.

— To раскажы, як ты туды дабраўся? Толькі памалу і падрабязна. Маем час, — прамовіў Пятрусь.

Я пачаў апавядаць ім пра ўсё, што перажыў з той раніцы, калі мяне арыштавалі на пункце ў Бамбіны. Сябры часта перапынялі і задавалі пытанні.

Пад час размовы пачулі, што дзверы ў вялікі пакой адчыніліся. Пазнаў голас Лорда. Праз хвіліну сябра радасна прывітаўся са мной.

— А я так перажываў за цябе! — вымавіў Лорд. — He мог даведацца, што з табой здарылася.

Яны зноў пачалі распытваць мяне, і я падрабязна расказваў ім пра арышт, знаходжанне ў «Чрезвычайке» і Допры, аб прыгаворы на высылку, пра ўцёкі з вагона і пра зваротны шлях з-за граніцы.

Сябры задавалі бясконцыя пытанні і шчыра цешыліся шчаслівым заканчэннем усіх маіх прыгодаў. Потым я запытаў Лорда, што стала з імі пасля майго арышту.

— Ведаеш, — прамовіў Лорд, — мы чакалі цябе 5 хвілін, чакалі 10, чакалі квадру гадзіны: нічога, анічога… Раімся, што рабіць? Адны кажуць: вяртацца! Другія: паслаць кагосьці на мяліну. Ну, Шчур і пайшоў на выведку. Палямі дайшоў ззаду да хутара, тудой жа прабраўся да дзядзінца. Убачыў салдат: ходзяць па падворку, зазіраюць у стадолу. Справа зразумелая — засыпалі. Ну, ён зараз жа да нас і расказвае гэта. Мы за ношкі і гайда назад! Аднак хлапцы проста валіліся ад стомленасці. Ледзьве паспелі да світання дабрацца да Старасельскага лесу. Віхура крыху сунялася. Забраліся ў самую сярэдзіну лесу. Там былі пасечаныя і складзеныя ў шліхты дровы. Расклалі вогнішча і збольшага абсушылі апратку. Пасля полымя трэба было загасіць, баяліся, каб не ўбачылі дым здаля. Мелі з сабой 4 пляшкі спірытусу, і гэта ўратавала. Неяк дачакаліся вечара і хутчэй да граніцы. Ледзьве жывыя дабрылі назад. Лёва і Алігант захварэлі…

— Заплаціў вам жыд за дарогу? — запытаўся я ў Лорда.

— А як жа?.. У два разы болей — па трыццаць рублёў кожнаму. А пункт у Бамбіны закрыўся назаўсёды.

— Пасля куды хадзілі?

— Па-рознаму. Я зараз хаджу з групай Юрліна. Шчур таксама. Але ходзім рэдка. Найперш да гарэлкі зарабляем, а на гарэлку не стае… Чакаем восені…

— Ніхто з хлопцаў больш не папаўся?

— З нашых ніхто… Зараз мала хто ходзіць…

— Што яшчэ чуваць?

Хлапцы пачалі апавядаць шмат навін. Потым сказалі, што яны пусцілі па мястэчку погаласку, што я нібыта выехаў у Вільню. Зараз, пасля выздараўлення, павінен быў гэта пацвердзіць. Пра маю засыпку за мяжой ведаюць толькі самыя надзейныя хлапцы. Лорд даў мне трыццаць залатых рублёў.

— Гэта за што? — запытаўся ў яго.

— За тваю апошнюю ходку… У два бакі… Калі паправішся, сходзім да Бэргера. Табе належыць узнагарода за выратаванне групы. Тавар быў дарагі. Ацаліў жыду не менш 3000 даляраў, а магчыма, і значна больш… Размаўлялі з ім пра гэта. Акрамя 30 рублёў даў мне яшчэ 70.

Я слухаў яго не вельмі ўважліва, а пасля запытаўся:

— Як ты думаеш, чаму ў Бамбіны была засада?

— Хтосьці нас лягнуў! — адказаў Лорд. — Інакш ніколі так пэўна не чакалі б нас… Знарок жа не палілі святла. Пахаваліся ў сенцах, у стадоле і за занавескай… Бамбіну і нас нехта засыпаў!..

— Ніхто іншы, як ён! — прамовіў я, думаючы пра Альфрэда.

— I я так думаю! — дадаў Лорд. — Толькі адкуль жа ён даведаўся, дзе знаходзіцца наша мяліна?

— Магчыма, нехта з хлопцаў п’яным прагаварыўся, а пасля з языка на язык, і дайшло да Альфрэда? — выказаў сваю думку Юлік.

— Хіба што так, — прамовіў Лорд. — Але нічога… Атрымае ён некалі за сваё! За ўсё адразу!..

Назаўтра я так добра пачуваўся, што апрануўся, і разам з Юлікам выйшлі ў горад. Было цёпла. Сонца, шалеючы промнямі святла залівала мястэчка. Па дарозе зайшлі за Лордам і разам падаліся на Букраўку да Бэргера.

— Трэба крыху патрэсці цабэрак! — вымавіў Юлік. — Ёсць з каго і ёсць за што. Выратаваў яму цэлую партыю тавару.

Бэргер быў у хаце. Засталі яго ў сталовым пакоі, загрувашчаным дарагой мэбляй, што не адпавядала малому па памерах драўлянаму будынку. Яна была ўся разбярная. Вялікія крэслы, абцягнутыя скурай, выдатны буфет, вялізны стол.

Я ўбачыў тыповую жыдоўскую постаць. Паціраючы далоні, Бэргер запрасіў нас у бакавы пакойчык.

— Там нам будзе зручней, і ніхто з вуліцы не ўбачыць.

У гэтым пакоі ўздоўж сцен стаяла некалькі вялікіх куфраў, зачыненых на замкі-калодкі. Пасярэдзіне стаяў доўгі стол, які займаў усю астатнюю прастору. Праз прыадчыненыя дзверы з суседняга пакоя далятаў сакавіты дзявочы голас, напоўнены ўсходняй меланхоліяй:

— О, баядэра, я кахаю цябе!

О, баядэра, та-рім та-ра-рам!

Лорд засмяяўся.

— Ну, Шлёма, колькі за гэтую баядэру аддаеш пасагу?

— Уй, які там пасаг! Навошта ёй пасаг?.. Яна сама золата!

— Ну, ну, не кажы! Сама менш на паўлімона зацягне!

Жыд крыху ўсміхнуўся, з пяшчотай пагладзіў бараду і запытаўся:

— Што пан Баляслаў мне скажа? Ёсць нейкі інтарэс?

— Тут наш хлопец вярнуўся, — Лорд рухам галавы кіўнуў у мой бок. — Шлёма ведае… Той, што нам у сакавіку групу ўратаваў, a сам папаўся… Сядзеў у Допры. I Чэка. Там у яго забралі ўсе грошы і прысудзілі да высылкі… Уцёк па дарозе!.. Ад Шлёмы яму належыць прэмія… для расфартавання…

— Гэта той… Уладзік!..

— Так.

— Я зараз, — прамовіў жыд і выйшаў з пакоя. Ён хутка вярнуўся з маладым жыдком, убраным з прэтэнзіяй на элегантнасць. Я пазнаў Лёву і прывітаўся з ім. Некалькі хвілін размаўлялі, а пасля Лорд прамовіў:

— Ну, Шлёма, трасяні мяшок, бо мы хочам ісці абмыць вяртанне сябра. За твой жа тавар ён добра дастаў у бакі і больш трох месяцаў вошы карміў. Забыўся нават, які смак у гарэлкі…

Жыд выцягнуў з кішэні доўгую ў пацерках каліту, напэўна, зробленую ўласнаручна кімсьці з сям’і яму на імяніны ў падарунак. Дастаў з яе і паклаў на стол 10 дзесяцірублёвак, пяшчотна датыкаючыся да іх пальцамі. Падсунуў да мяне.

— Калі ласка. На шанс пану Уладзіславу…

Я ўзяў грошы, і мы развіталіся са Шлёмам.

— Сквапны тартар! — вымавіў на вуліцы Лорд. — Столькі тысяч ты яму ашчадзіў, а ён сотню адваліў. — Хвіліну памаўчаў, а пасля дадаў: — Таму і агранды робім!.. Такі лепей усё страціць, чым за працу добра ўзнагародзіць!

Потым мы накіраваліся да Пінты. Калі ўвайшлі ў наш салон, убачыў вясёлыя твары хлопцаў. Пры маім з’яўленні пачалі выкрыкваць:

— Гур-ра!

— Хай жыве!

— Давай яго сюды!

За сталом убачыў старых наведвальнікаў — Болека Камету, Фэльку Маруду, Маманта і Шчура. Тут быў і Кручок, вельмі малады з выгляду перамытнік, які на вечарынцы ў Сашкі гуляў са мной у суполцы і стукнуў Альфрэда бутэлькай у лоб за тое, што той меў пазначаныя стыркі. Побач з Каметай сядзеў Юрлін, вядомы перамытнік-машыніст, які здаўна водзіць групы і ходзіць нават улетку. Гэта быў мужчына гадоў 50, высокі, шыракаплечы, рыжы. Юрлін быў п’яны. Ён голасна смяяўся і паўтараў: «Абы толькі ціха!» У куце пакоя драмаў гарманіст Антось.

Калі я падышоў да стала і прывітаўся з прысутнымі, Болек Камета падняў угару рукі і прамовіў:

— Кажу і сцвярджаю, хлапцы, што з гэткай нагоды, — меў на ўвазе мае ўцёкі, пра якія ведала ўжо шмат хлопцаў, — тры дні і тры ночы шклянкамі… не, не шклянкамі, а вёдрамі гарэлку трубіць трэба!

— Мудра! — вымавіў Лорд.

— Абы толькі ціха! — дадаў Юрлін.

Пачалі гулянку. Я піў толькі піва, і то пакрысе. He адчуваў яшчэ сябе здаровым. Антось граў на гармоніку… Я плаціў сёння за ўсё.

Пасля, змучаны гаманой, пайшоў разам з Юлікам дахаты. Лёг спаць.

Я даведаўся, што Юзік Трафіда адбыў пакаранне і вярнуўся ў мястэчка, таму папрасіў Юліка, каб разбудзіў мяне ўвечары, а восьмай гадзіне. Аднак сам прачнуўся за квадру да васьмі. Апрануўся і разам з Юлікам вырушыў на Слабаду. Там затрымаўся.

— Ты, Юлік, ідзі дахаты, я сам вярнуся.

— Глядзі, каб зноў не захварэў!

— Я ўжо здаровы. Зрэшты, выбраўся толькі да Трафіды.

Юлік павярнуў назад, я ўвайшоў на падворак. Там усё было так, як даўней. У вокнах памяшкання прыкмеціў святло ад лямпы, якая гарэла ў сталовым пакоі. Адчыніў дзверы і ўвайшоў усярэдзіну. Убачыў на стале лямпу пад блакітным абажурам, а ў яе святле абапёртую на далоні галоўку Янінкі. Дзяўчына даўгавата, праз усю шырыню пакоя ўзіралася, затым адклала набок кнігу, якую чытала за хвіліну да гэтага, і прамовіла:

— Я вас чакала.

— Так?.. Адкуль ты ведала, што я прыйду?

Усміхнулася.

— Я ведала. Мне котка падказала. Яна сёння каля млына рыбу лавіла, а потым мылася і мылася.

Янінка паказала рухамі, як мылася котка.

Тады ж пачуў крокі ў сенцах, і ў пакой увайшоў Юзік Трафіда.

— А, гэта ты!.. Чакаў цябе. Я ведаў, што ты ўжо вярнуўся… Ну, усё клёва!.. Вып’ем гарэлкі ці гарбаткі?

— Лепей гарбаты!

— Ну і муравана! Зараз арганізуем гэтую плюсканку.

Юзік выйшаў на кухню. Мяне здзіўляла тое, што я не заўважыў у памяшканні Гэлі. Падумаў, што яна, можа, пайшла ў мястэчка.

Калі крыху пазней мы селі за стол, пачаў распытваць у Юзіка, як той праводзіў час да майго вяртання. У сваю чаргу сам падрабязна расказаў усе свае прыгоды. Янінка ўважліва слухала нас і ані слоўкам не ўлазіла ў гэтую размову. У нейкі момант запытаўся ў Юзіка:

— Як здароўе Гэлі?

Па твары Юзіка прабегла сударга. Вочы шырока расплюшчыліся. Ён доўга ўглядаўся на мяне, не адказваючы на пытанне. Пачуў ціхія ўсхліпы і ўбачыў, як Янінка, падняўшыся з-за стала, пайшла ў спальню. He мог зразумець, што здарылася? Чаму пытанне пра здароўе Гэлі так моцна ўсіх узрушыла? Нарэшце Юзік выціснуў з сябе:

— Дык ты… сапраўды не ведаеш?

— He ведаю… А што здарылася?

— Няма Гэлі, — адказаў Юзік, схіляючы галаву. — Няма… Няма Гэлі…

— Памерла?

— He…

Юзік пакруціў галавой, нібы ў задышцы, пасля чамусьці падняўся з месца і вельмі ціха вымавіў:

— Засілілася…

— Засілілася?

— Так… На грушцы…

Быў уражаны гэтай навіной. Адчуў, як у мяне аслаблі ногі. Раптоўна, — не ведаю чаму, — прыгадаўся такі малюнак: Гэля стаіць на драбінцы ў садзе і абірае яблыкі, а Альфрэд, франтаваты, з лясачкай у руцэ стаіць і прыглядаецца да яе. Нешта кажа дзяўчыне. Гэля чырванее. Затым Альфрэд выцягвае руку і праводзіць даланёй па Гэлінай лытцы.

— Чаму яна гэта зрабіла? — запытаўся ў сябра.

Юзік доўга глядзіць мне ў вочы. Бачу, што ён не разумее пытання. Паўтараю.

— Чаму?.. — глуха кажа Юзік. А пасля хутка кідае: — Бо была цяжарная!.. Вось чаму!..

— Ага!

— Так! Зацяжарала і баялася, што панясуць на языках!.. Ох, якая дурная!.. дурная… Пакуль я жывы, ніхто яе не пакрыўдзіў бы… а яна!..

Позна ўвечары я вяртаўся дахаты. Юзік прапанаваў і далей жыць у яго, але я адказаў, што параюся з Петрусём і Юлікам. Мне было вельмі дрэнна. Адчуваў, як у маёй душы ўзрастае ўсё большая нянавісць да Альфрэда. Крочыў, задуменны, і не ведаю, калі збіўся з патрэбнай дарогі. Затрымаўся непадалёку ад нейкай хаты. «Дзе я знаходжуся? — падумаў. — Ага, тут жыве Ёська Гусяр!» Падышоў да дзвярэй хаты і загрукатаў клямкай. Праз хвіліну з сенцаў даляцеў Ёськін голас:

— Ну, хто там?

— Я… Уладзік…

— А!.. Зараз…

Спяшаючыся, адчыніў дзверы і ўпусціў мяне ўсярэдзіну. Убачыў на стале нейкую жыдоўскую кніжку; на ёй ляжалі акуляры ў касцяной аправе.

— Можа, вып’еш? — запытаўся Ёська. — Маю добрую вішнёўку. Жончына работа… У яе залатыя рукі!.. Ай, якія ў гэтай жанчыны рукі!.. Ды-я-мен-та-выя!..

Гусяр прынёс графінчык вішнёўкі, і мы выпілі некалькі кілішкаў. Жыды не любяць піць шклянкамі. Пасля пачалі размаўляць на ўсялякія тэмы. Пра маю засыпку Гусяр ведаў.

— Хтосьці нас лягнуў у Бамбіны, — прамовіў я. — Інакш самі ніколі б не патрапілі на мяліну!.. Была засада… Зрабілі яе на «пэ»!.. Разумееш?

— Гэта яго работа! — адказаў з вялікім перакананнем Ёська.

Hi імя, ні прозвішча Альфрэда Ёська не назваў, але я добра ведаў, на каго ён думае.

— Кажаш, яго работа?

— Яго. Каб я шчасце так меў! Каб я так жонку і дзяцей бачыў!.. Яго!..

Ёська замоўк. Я таксама маўчаў. Цягнулася гэта доўга. Пасля нечакана для сябе прамовіў:

— Мне патрэбна машына.

Ёська зірнуў на мяне.

— Машына?..

— Так. Хачу набыць добры капыт. Такі, на 102! Каб быў надзейны…

Вочы ў Ёські бліснулі.

— Я разумею цябе…

Ён пачаў грунтоўна разважаць з веданнем вартасцяў і недахопаў розных сістэм стралковай зброі. Я перапыніў тую лекцыю.

— Разбіраюся ў гэтых цацках, — прамовіў я. — Хачу мець добры наган. Аўтамат мне не патрэбны, ваяваць не збіраюся. А наган — гэта найлепшы комін.

— Так, так… самы пэўны… Ведаеш што? Ты пачакай крыху. Выпі яшчэ вішнёўкі… Жонка зрабіла… Дыяментавыя, кажу я табе…

— Ведаю, ведаю: рукі.

— Так. А я зараз.

Ёська выйшаў з хаты.

He ведаю, чаму менавіта вырашыў набыць рэвальвер тады, калі даведаўся пра самагубства Гэлі. Праўда, мне заўсёды не падабаўся Альфрэд, аднак ніколі не думаў пра тое, каб забіць яго. Быў далёкі ад гэтай думкі. I нават цяпер, купляючы рэвальвер, разлічваў, што неўзабаве пачну займацца перамытніцтвам. Яшчэ знаходзячыся ў Чэка і Допры, вырашыў: калі ўцяку і зноў буду хадзіць за граніцу, дык толькі так, як Алінчукі… са зброяй. Ведаў, што Альфрэд не праміне выпадку, каб мне нашкодзіць, і ўжо пару разоў гэта зрабіў, аднак забіваць яго?.. Ніколі пра гэта не думаў. Проста агіднай была для мяне думка — забіць чалавека!.. Што-небудзь іншае ўтварыць: выкінуць нейкую штуку, але не забіваць.

Гусяр хутка вярнуўся. Замкнуў дзверы. Праверыў, ці добра занавешаны фіранкі на вокнах, і толькі тады выняў з бакавой кішэні паліто закручаны ў паперу і шмат разоў перавязаны аборкай скрутак. Сцізорыкам перарэзаў шнурок, разгарнуў паперу. Паказаўся аксідаваны з матавым бляскам наган. Гэта быў афіцэрскі «самаўзвод». Гусяр некалькі разоў пацягнуў затвор — курок падымаўся і з сухім трэскам ападаў уніз.

Я агледзеў рэвальвер. Быў новы і чысты. Спрацоўваў бездакорна. Яго прыемна было трымаць у руцэ. Гусяр убачыў, што зброя мне спадабалася, усміхнуўся, цмокнуў кончыкі пальцаў і вымавіў:

— Руля як гадзіннік!.. Сем ілбоў пэўных!..

— А набоі?

Гусяр выняў з кішэні дзве кардонныя скрыначкі з патронамі.

— Тут 50. Калі табе трэба будзе болей, прыйдзі да мяне. Можна купіць і тысячу.

— Колькі табе павінен?

— Столькі, колькі мне каштуе. Я не гандляр.

— Дык колькі?

— Дзесяць рублёў.

— На пятнаццаць.

Даў яму 15 рублёў, але Гусяр вярнуў пяцірублёўку.

— Кажу, што не хачу на табе зарабляць! Калі б ты не меў грошай, аддаў бы машыну задарма.

Развітаўся з Ёськам. Калі былі ўжо ў сенцах, прамовіў:

— Ты не думай, што гэта я для Альфрэда падрыхтаваў.

— Я пра гэта зусім не кажу.

— Гэта для таго, каб у Саветах не трапіць у рукі гадам. Хамы любяць рабіць на нас засады і часам могуць укакошыць.

— Так, так… Ведаю пра гэта, — адказаў Гусяр, адчыняючы мне дзверы на падворак.

— Дабранач! — прамовіў я. — А вішнёўка ў цябе добрая!

— Шчасліва! — адгукнуўся Гусяр. — Гэта жонка. Дыя-мен-тавыя ручкі…

Я пакрочыў цёмным завулкам. У галаве шумела ад вішнёўкі. У пэўным месцы спыніўся. Агледзеў неба. Знайшоў Вялікую Мядзведзіцу. Дастаў з кішэні наган і зарадзіў. Прыемна было трымаць у далані выгнутую шурпатую ручку рэвальвера. Жмурачы левае вока, цэліўся ў паасобныя зоркі. Раптам рассмяяўся. У галаве з’явілася думка, што зараз у мяне два найлепшыя сябры: Вялікая Мядзведзіца — з сямі зорак, што не раз дапамагалі мне ў дарозе, паказваючы сапраўдны напрамак, і наган, зараджаны на сем патронаў, якія пры патрэбе надзейна мяне абароняць!

Будучы ў Допры, чуў ад злачынцаў, што лічба сем — гэта зладзейская шчаслівая лічба. Магчыма, такая думка ўзнікла таму, што лічба 7 сваім выглядам нагадвае адмычку.

6

Трэці тыдзень жыву ў Мужаньскага. Я не захацеў вяртацца да Трафідаў. У іх цяпер увесь час прыгнечаны, пануры настрой. Юзік увогуле не ходзіць за граніцу. Баіцца за маці, якая пасля смерці Гэлі запала ў нейкае здранцвенне і перастала размаўляць. Зрэшты, ён заўсёды патрэбны ў хаце. He хацелася дадаваць ім клопату. Сказаў пра гэта Юзіку. Сябра пагадзіўся са мной.

Ніколі не адчуваў сябе так добра, як зараз, жывучы ў Мужаньскага. Стары гадзіннікавы майстар аб’ехаў паўсвету. Наведаў шмат цікавых краін і вечарамі, каля самавара, апавядае нам розныя цікавыя гісторыі. Штодня раніцой хаджу з Петруком і Юлікам купацца на Іслач, а пасля снядання падаёмся ў навакольныя лясы. Збіраем там ягады, грыбы, потым кладзёмся на мяккі мох і падоўгу ляжым нерухома, гледзячы ў прадонне нябёсаў, па якім лятуць наўздагон лёгкія, вясёлыя хмаркі.

Пятрусь заўсёды бярэ якую-небудзь кніжку і гадзінамі чытае нам. Мы слухаем яго. Здараецца, пры гэтым засынаю, а потым распытваю Петрука, што было далей, ад тога месца, ад якога перастаў слухаць.

— Трэба было не спаць! — кажа Пятрусь, але яго ўдаецца ўгаварыць, і ён расказвае праспаную частку кнігі, такім чынам звязваючы абарваны ўток. Потым чытае далей.

Апоўдні распранаемся і загараем на сонцы. Вяртаемся дахаты на абед, прыносячы з сабой пах лесу, вясёлы настрой. Бася — рабая служанка Мужаньскага, рыхтуе полудзень. Садзімся да стала, і кожны есць за двух. П’ём піва. Я ўвогуле ўжо даўно не каштаваў гарэлкі.

Такі лад жыцця ўмацаваў маё здароўе, але сваё пачынала браць нуда. Пятрок з Юлікам маюць занятак. Пятрусь дае некалькі ўрокаў у мястэчку, Юлік памагае Мужаньскаму, які паабяцаў вывучыць яго на гадзіннікавага майстра. А мне няма чым заняцца. Некалькі разоў заходзіў Лорд і клікаў у дарогу (ён часам ходзіць за граніцу), але я яму адказваў, што яшчэ хачу адпачыць.

Я неаднойчы распытваў сябраў, якім чынам я дабраўся ад граніцы да іх хаты. Вельмі здзівіла, што не хочуць гэтага растлумачыць. Юлік прамовіў:

— Здань нам перадала.

А Пятрусь:

— Калі-небудзь даведаешся.

Утойваюць нешта ад мяне. Але што? Не хацеў вельмі моцна на іх насядаць. Магчыма, у будучым самі раскажуць пра гэта.

Аднаго дня, калі Юлік працаваў разам з Мужаньскім ля стала, а Пятрусь пайшоў у горад, я выбраўся з хаты, — вырашыў схадзіць да Сашкі Вэбліна. Ад хлопцаў даведаўся, што Сашка разам з Жывіцам выехаў у Радашковічы, але мне хацелася пабачыцца з Фэляй. Заўжды думаў пра яе, на апошнім тыдні штодня збіраўся пайсці туды: адпалохвала халоднае расстанне пры апошняй сустрэчы ў студзені, калі не захацела са мной танцаваць.

Фэлю застаў у хаце. Выглядала выдатна. На ёй была прыгожая крэмавая сукенка. Не мог пазнаць у ёй ранейшую свавольную дзяўчыну. Здзівіла мяне тое, што Фэля заўжды выглядала па-рознаму. Кожная новая сукенка надавала ёй адметнае хараство. Але заўжды была пекнай. Сёння захоўвалася паважна.

Калі ступіў у хату, убачыў яе ў таварыстве Люткі Зубік, якая была апранутая ў яркую жоўтую сукенку; сукенка шчыльна аблягала мажнае мясістае цела, што трэслася пры кожным руху. Лютка была туга падперазана паяском з вялікай нікеляванай спражкай. Гэта пацешна падкрэслівала яе жывот, грудзі, што тырчэлі ў бакі.

Дзяўчаты пілі гарбату. Лютка штохвіліны весела смяялася, паказвала ружовыя дзёсны і вялікія, дастаткова прыгожыя зубы.

— Хочаш гарбаты? — запыталася Фэля.

— Я ўжо паснедаў.

— Не зашкодзіць. Сядай. На шклянку гарбаты месца хопіць… У мяне ёсць сунічнае варэнне… Сама рабіла…

Я выпіў шклянку гарбаты.

— Болек нешта доўга не ідзе, — прамовіла Лютка.

— Яшчэ рана, — адказала Фэля.

Ад хлопцаў ведаў, што Лютка ад пэўнага часу зрабілася каханкай Лорда. Болек не думаў браць з ёй шлюб, але дзяўчына не задавалася такой мэтай, была зусім вольнай і не баялася абгавораў. Лютка не толькі не хавала свае стасункі з Лордам, а падкрэслівала, скрозь паказваючыся побач з Болекам.

Калі пасля снядання Фэля парадкавала стол, увайшоў Лорд. Быў прыбраны, нібыта сам ягамосць граф: элеганцкі капялюш, белыя нагавіцы, лакеркі, лясачка, японскі гальштук і камізэлька пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі.

— Наша ўшанаванне! — прывітаўся з парога Лорд.

Лютка піснула, зляцела з месца і, трасучы тоўстым целам, падбегла да Лорда. Закінула яму на шыю ружовыя, таўшчэзныя рукі і, падымаючы ззаду ўгару сагнутую ў калені левую нагу, цмокнула ў вусны. Лорд адразу схапіў яе ў абдымкі і закруціў у паветры па пакоі.

Фэля, злёгку ўсміхнуўшыся, зірнула на мяне. Адказаў ёй усмешкай.

Мы пайшлі ў горад. Нас абмінала шмат народу. Усе звярталі ўвагу на Фэлю: мужчыны азіраліся ўслед. Гэта мне імпанавала. У вушах Фэля мела завушніцы з вялікімі дыяментамі. На грудзях дарагі кулон. На руках некалькі бранзалетак, на пальцах шмат пярсцёнкаў. Дзяўчына вельмі любіла біжутэрыю, Сашка ж не шкадаваў для сястры прэзентаў.

Сустракаліся штораз з большымі купкамі. Віталіся са знаёмымі. Непадалёку ад касцёла ўбачыў Альфрэда, які крочыў насустрач нам. Трымаў пад руку Бэльку і нешта казаў ёй. Дзяўчына голасна смяялася. Паглядзеў на Фэлю. Мела ссунутыя бровы.

Альфрэд і Бэлька набліжаліся да нас. Раптам Бэлька заўважыла мяне. Перастала смяяцца. Лорд сказаў ёй:

— Панне Бэльцы ўшанаванне!

Альфрэд пакланіўся Фэлі капелюшом. Яна кіўнула яму галавой.

Пасля вяртання з Саветаў не бачыў Бэлькі. Зараз упершыню сустрэў яе. Думаў схадзіць адразу, вярнуўшыся з-за граніцы, але ад Шчура даведаўся, што Бэлька «ходзіць» зараз з Альфрэдам, і таму расхацелася. Зараз убачыў яе сам. Гэтая акалічнасць, асабліва сустрэча, узмацніла маю зацікаўленасць Фэляй. Ведаў, што Альфрэд два гады заляцаўся да яе і нічога не дабіўся. He захацела нават выйсці за яго замуж, хоць неаднойчы рабіў ёй прапановы.

«Дзяўчына разумная і спраўная! — падумаў. — Такую не проста ўзяць гладкім тварам і чорнымі вусікамі!»

Фэля і Лютка пайшлі ў касцёл, а я з Лордам пачаў шпацыраваць сярод святочна прыбраных хлопцаў, надзьмутых, як індыкі, што купкамі пахаджвалі, пакрыёма пазіралі на сходы касцёла, якія выглядалі нібы клумба, засаджаная кветкамі. Прыступкі займалі дзяўчаты ў яркіх каляровых строях. Стаяць, шэпчуцца, хіхікаюць, ацэньваючы, азіраюць хлопцаў, якіх тыя погляды ўводзяць у экстаз. Яны ходзяць, нібы бегавыя коні, стрыманыя рукой жакея, і збоку пазіраюць на паненак.

Да нас падышоў Юрлін. Прывітаўся і сплюнуў убок, трапляючы на лакерку старэйшага брата Альфрэда — Альбіна Алінчука, што ў гэты момант апынуўся ля нас. Той, зачырванеўшы, не ведаў, з чаго пачаць.

— Перапрашаю, Альбін, — спакойным тонам прамовіў Лорд.

— Добрае прабачэнне! — буркнуў Альбін, абціраючы шматком паперы апляваны абутак.

— Ну, як не падабаецца табе прабачэнне, дык не перапрашаю.

Збоку вынырнуў Шчур.

— Яму не падабаецца, што на нос чаравіка патрапіў! — прамовіў перамытнік. — Алінчукі любяць, каб ім у морду плявалі!

Да Альбіна наблізіліся браты, а Шчур працягваў дацінаць:

— Навошта абціраеш паперай? Зліжы языком! Будзе зіхацець, нібы сонца. Людзі падумаюць: князь нейкі, а не сын крамніка!

— Княжа, што псы вяжа! — дадаў Лорд.

— Графе, што скуры драпе! — прамовіў Шчур.

Алінчукі адышліся падалей. Юрлін звярнуўся да Лорда:

— Мне патрэбны яшчэ два хлапцы. Тавару да халеры, а ісці няма каму!

— Ці мала ў мястэчку хлопцаў?

— Не хачу абы-каго браць.

— А можа, ты пойдзеш? — запытаў мяне Лорд.

Я хвіліну вагаўся. Грошай мне ўжо не хапала. Трэба было брацца за работу. Доўгае беспрацоўе абрыдла.

— Калі ідзеш? — запытаўся ў Юрліна.

— У аўторак.

— Добра. I я з вамі.

— Мудра! — прамовіў Лорд. — Запытаю яшчэ Аліганта. Ён у нястачы. Можа, таксама пойдзе.

— Добра наша! — вымавіў Юрлін. — Дык падрыхтуем 10 ношак. Але каб было «пэ»!

— Гэты пэўны! — прамовіў Лорд. — А Алігант таксама павінен пайсці!

Юрлін накіраваўся да Гінты, а мы далей чакалі з касцёла дзяўчат. Нарэшце ўбачылі Фэлю і Лютку, што ішлі прамеж дзяўчат, якія саступалі ім шлях. Мы падышлі да іх і разам падаліся з касцельнага пляца. Шмат поглядаў бегла за намі. Лютка зачароўвала хлопцаў сваёй адмысловай постаццю, Фэля прыгажосцю. Лорд быў слынным перамытнікам і гулякам, я ж да гэтага часу заставаўся загадкавым прыбышом, а прысутнасць побач з Фэляй яшчэ больш павялічвала цікавасць да маёй асобы.

Памалу прадэфілявалі вуліцамі горада. Лорд па дарозе зайшоў і купіў цукерак, шакаладу і арэхаў.

Вярнуліся дахаты. Фэля падала палудзень, які зрыхтавала папярэдне разам з Люткай. На стале апынуліся бутлік гарэлкі і пляшка вішнёўкі. Лорд пачаў піць за здароўе нашых паненак, пасля за іх сваякоў па мячу і кудзелі, пасля за граніцу і перамытнікаў. Піў за шчасце, за поспех і д’яблы ведаюць за што яшчэ! Была нагода гульнуць — галоўнае. Лютка піла амаль упоравень з намі. Фэля была больш стрыманая, але таксама добра ўзяла вішнёўкі. Яе твар пасвятлеў, вочы заззялі, вусны зрабіліся пунсовымі… Я амаль не адрываў ад яе свой позірк і штохвіліны падліваў ёй у кілішак.

Пазней мы адсунулі стол ўбок, і Лорд запусціў грамафонную пласцінку. Гэта быў нейкі стары вальсік. Лорд узяў Лютку пад пахі, і, шчыльна пераплёўшыся, яны закруціліся па хаце. Дзяўчына смяялася, закінуўшы назад галаву.

— Ой, задушыш!

А сама ўся ціснулася да яго. Я запрасіў Фэлю. Паднялася. Мы пачалі круціцца па пакою. Я штораз мацней прыцягваў да сябе дзяўчыну. He забараняла… У нейкі момант пачуў яе голас, што даходзіў да маіх вушэй як бы са значнай адлегласці:

— Можа, хопіць?.. Бо згарыш!..

Вечарам разам з Лордам я праводзіў Лютку дахаты. Калі перад гэтым развітваўся з Фэляй, дзяўчына з асаблівай сілай паціснула мне даланю і вымавіла:

— Прыйдзі як-небудзь.

— Калі?

— Калі захочаш.

— Добра. Прыйду.

Мне было так весела. He шкадаваў ні Бэлькі, ні Лёні. Поўнасцю знаходзіўся ва ўладзе хараства Фэлі. Аднак жа пасля таго, як мы адвялі Лютку дахаты, Лорд сказаў мне:

— А можа, таго?.. Пойдзем да Калішанак? — відавочна, быў крыху засаромлены.

Я адказаў, затойваючы праўдзівую мэту:

— Добра… Варта б выпіць.

— Уласна, уласна… Вельмі мудра! — вымавіў Лорд.

У гэтую ноч я ўпершыню пасля вяртання з-за граніцы не начаваў дома.

7

Нас адзінаццаць. Звычайная вялікая група перамытнікаў. Ідзём лесам у зялёным паўзмроку, па мяккіх імшарах, як па дне мора. Пракрадаемся паміж дрэў без шуму — нібыта здані. А ўгары таксама ціха пракрадваюцца хмары… Пусцілі ўперад «на зман» малую лёгкую аблачынку і плывуць услед усёй навалай.

Юрлін ступае першы. Крочыць памалу, крыху перавальваючыся злева направа. Вачыма рысі аглядае перад сабой абшар. За ім паспяшае Лорд. Ідзе лёгка, як па паркеце. Кідае позіркі ўправа і ўлева. За імі — двума слыннымі машыністамі — іду я. За мной — уперавалку Шчур. Ён увесь час усміхаецца. Магчыма, нешта прыпомніў: якую-небудзь агранду, або абдумвае агранду. Далей валіць Камета. Распусціў чорныя вусы па ветры і размашыста крочыць наперад. За ім пнецца Соня, жонка Юрліна. Знарок пускаем яе пасярэдзіне групы, там самае бяспечнае месца. Жанчына ступае дробным, але ўпэўненым крокам. Яна прызвычаена да такіх падарожжаў, ужо другі год чэпае з мужыком. За Соняй — дае шлапака Ванька Бальшавік. Ідзе, загледзеўшыся на яе лыткі: вывучае, як з выклікам калыхаюцца клубы жанчыны. У яго галаве рояцца ўсялякія эратычныя малюнкі, і часта, праз няўвагу, ламае ботамі сухое галлё. Тады Шчур паварочвае галаву і, робячы пагрозлівы выгляд на твары, паказвае яму кулак. У гэты час Ванька бурчыць:

— Аглядаецца, нібы кабыла на ваўка!

За Ванькам — Смактун, вясёлы, смешны і прасцякаваты хлапчына. Вельмі не любіць, калі яго клічуць Смактуном. Такую мянушку атрымаў у наступнай прыгодзе. Аднаго разу пайшоў «на ўласную руку» за мяжу. Тавар меў незвычайны — некалькі тысяч дзіцячых смактуноў-сосак. Зрабіў сабе перавяз: пананізваў аборкамі смактункі на шнуркі і надзеў усё пад куртку.

Было гэта ўлетку. За ноч хлопец не паспеў дабрацца да мяліны. На дзень прыхаваўся ў жыце. Абрыдла там сядзець і пачаў пракрадацца палеткамі. Яго заўважыў кавалерыйскі патруль. Салдаты хацелі затрымаць, але ён, як шчупак у ваду, даў нырца ў жыта. Вылавілі пасля моцнага шчыравання і здратавання значнай плошчы збажыны. Салдаты збілі яго і пачалі абшукваць. Ён скінуў куртку і стаіць перад імі ўвесь у смактунках, нібы ў ордэнах. Бальшавікі грымнулі смехам. Пасля адзін з іх вымавіў:

— Ведаеце што, таварышы? Такога спекулянта не варта затрымліваць!

Другі далучыўся да яго:

— Хай нясе. Малым камунарам будзе забава!

I адпусцілі. Нават тавар не забралі. Пасля вяртання ў мястэчка хлопец расказаў пра гэты выпадак сябрам, не мяркуючы, што стане прадметам жарцікаў і кпінаў. Ад гэтага часу ўсе ў мястэчку звярталіся да яго: Смактун.

За Смактуном крочыць Лявон Юбін. Хлапцы дражняць яго Кавалерчыкам — ён любіць фліртаваць з дзяўчатамі і заўсёды сядзіць у іх кампаніі на вячорках. За мяжу Юбін ходзіць зрэдку — калі выпіхвае бяда. Хлопец баіцца такіх падарожжаў. За Юбінам элеганцкім крокам, у элеганцкіх ботах і нагавіцах ідзе Алігант. Каб надта не адрознівацца ад астатніх, апрануў толькі паношаную шапку і куртку. У канцы групы валачэцца суправаджаючы Гірш Кнот — маладжавы таўставаты жыд. У яго слабы зрок, і нададатак ён палахлівы, таму ўсцяж прыплюшчвае вочы і азіраецца па баках. Нязручна яму паспяваць за групай і боязна застацца далёка ад яе: каб там што-небудзь з хмызоў не выскачыла — ну, бо гэта ж лес! Таму, калі заўважае, што адстаў на некалькі крокаў ад групы, пачынае бегчы, смешна перабіраючы кароткімі нагамі і выціраючы насоўкай спацелы твар. Аднойчы Лорд азірнуўся і заўважыў, што Гірш абцірае чало. Падышоў да яго.

— Хочаш у морду атрымаць?

— Ну, што?.. Чаго лезеш?

— Зараз жа схавай насоўку!.. Белая пляма ў лесе за кіламетр відаць. Калі патрэбна табе, бяры жаўтаватую ці зялёную.

Ношкі маем па 45 фунтаў. Толькі Соня нясе трыццаціфунтовую. Тавар не дарагі, аднак добра ідзе ў Саветах: люстэркі, сцізорыкі, пацеркі, іголкі, грабеньчыкі, напёрсткі, брытвы, памазкі для галення. Зарабляем таксама, як на дарагім тавары — 15 рублёў ад ношкі. Тавар належыць Рыве Глянц і Фэйзе Ядвабнай, якія супольна трымаюць крамку на рынку.

Жонка Юрліна, Соня, мае 30 гадоў, а выглядае нашмат маладзей. У яе круглы вясёлы тварык, блакітныя вочы, вішнёвыя вусны, светлыя валасы і ямка на падбародку. Дастаткова прывабная. Юрлін чамусьці лічыць яе за вяршыню прыгажосці і бярэ ў дарогу не дзеля большага заробку, а таму, што вельмі раўнівы — баіцца пакідаць яе дома. Ведае — Соня валодае агністым тэмпераменцікам і хуткім да здрады сэрцайкам, у той жа час у ёй самой няма належнай пашаноты да шлюбнай вернасці. Вось чаму ён жадае заўсёды мець яе на воку.

Па дарозе час ад часу я засоўваю руку ў бакавую кішэню курткі і з прыемнасцю моцна сціскаю шурпатую ручку нагана. Нікому з хлопцаў не казаў, што бяру з сабой рэвальвер. Ведаю — баяцца хадзіць са зброяй — у Саветах узброеных перамытнікаў караюць вельмі сурова. Некалькі разоў здаралася, што ім «шылі» бандытызм і «пускалі ў расход». Гэта мая таямніца, якую нікому вырашыў не адкрываць. Я жадаю ў выпадку засыпкі ў Саветах змагацца і адбівацца альбо загінуць, чым зноўку цярпець голад, карміць вошай у Чрэзвычайцы ці Допры. А што чакала б мяне далей — на працягу трох гадоў высылкі, якіх я здолеў пазбегнуць?

Зараз ночы кароткія, таму не паспяваем за адзін пераход дабрацца да мяліны і звычайна робім на шляху днёўку. Пункт, да якога накіроўваемся, знаходзіцца ў 25 кіламетрах за граніцай на паўночным усходзе ад Старога Сяла. Стараемся крочыць па лесе, толькі ў крайнім выпадку выходзім на поле. Юрлін вядзе групу дасканала: не трымаецца ніякіх дарог, ні сцежак і, здаецца, прастуе нацянькі.

Перачакаўшы дзень у лесе, нарэшце, у наступную ноч, дабіраемся да вялікага сада. Юрлін адсоўвае набок адну дошку ў плоце, і мы праз дзюрку ўлазім у сад, пасярод якога знаходзіцца вялікая адрына. Уваходзім усярэдзіну.

Юрлін і Лорд ідуць на хутар. Праз квадру гадзіны вяртаюцца і пачынаюць выносіць ношкі, беручы адразу па дзве. Тры разы робяць гэты паход. Мы ўсе кладземся спаць. Соня спіць у куце будынка разам з Юрліным. Гірш Кнот таксама спіць у адрыне.

8

Надышоў жнівень. Набліжаўся залаты сезон. На ўсёй граніцы запанаваў рух. Перамытнікі выходзілі ў дарогу часцей і ў больш шматлікім складзе. Я працягваў фартаваць у групе Юрліна. Увогуле, хадзілі мы шчасліва. Пару разоў зялёнкі пагналі нас, аднак ніхто не папаўся. Шчур вырашыў зрабіць жыдоўкам агранду, але Лорд не згаджаўся, тавар быў дрэнны — агранда не аплацілася б.

Працаваць зараз было цяжэй, чым раней. Граніцу прыняла пад ахову паліцыя. Баоны мытныя зліквідавалі. Як толькі паліцэйскія пачалі выконваць свае абавязкі па ахове граніцы, пачаліся канфлікты з савецкімі салдатамі, якія з баанярамі жылі ў згодзе: хадзілі па адной сцежцы, часта сустракаліся і размаўлялі. Зараз на граніцы ўсё часцей гучалі стрэлы. Бальшавікі стралялі ў нашых пагранічнікаў і ўчынялі ім розныя псоты. Паліцэйскіх, якія ахоўвалі граніцу, чырвонаармейцы называлі «чорныя вораны» і «чорная сотня». Тады пагранічную ахову з самой мяжы пасунулі на некалькі дзесяткаў метраў назад і там парабілі сцежкі для варты. Гэта адначасова зрабілі палякі і бальшавікі. Умацоўвалася граніца і засекамі з калючага дроту, які не раз цягнуўся на досыць значнай прасторы.

Хадзіць за граніцу было штораз цяжэй. Пагранічная ахова працавала нярвова, інтэнсіўна. Скрозь былі засады. У прыдатных для пераходу месцах нам перашкаджалі калючыя драты, і, каб праз іх перабрацца, мы вымушаны былі хадзіць з матамі ці жэрдкамі. Здаралася кусаць дрот нажніцамі, аднак рабілі гэта ў выключных выпадках, не жадаючы беспадстаўна злаваць зялёнак і паказваць нашы любімыя месцы перапраў праз граніцу.

Пад канец жніўня я сёмы раз пайшоў з групай Юрліна. Вырушылі ў дарогу рана. Ночы падаўжэлі, таму хацелі да раніцы дабрацца да мяліны. Група была ў камплекце: Юрлін, Лорд, я, Камета, Шчур, Соня, Ванька Бальшавік, Алігант, Смактун, Юбін і Гірш Кнот. Ношкі мелі па 40 фунтаў.

Непадалёку ад граніцы Лорд і Камета выцягнулі з густога хмызняку доўгую — некалькі метраў — мату. Была яна сплецена з саломы і лазы, моцна сшытая па берагах аборкамі. Лорд нёс дзве доўгія жэрдкі, а Камета валок скручаную, нібы ходнік, мату.

Вельмі ціха ідучы лесам, дабраліся да граніцы. Ноч была цёмная. Неба замглёнае. Прыслухоўваючыся, доўга стаялі на ўскрайку лесу і затым выйшлі на пагранічную паласу, наблізіліся да засекі. Прывязаўшы да аднаго канца маты жэрдкі, паднялі іх угару і разам з матай паклалі гэты «памост» на драты. З нашага боку таксама прывязалі да жэрдак канцы маты.

Тады пачалася пераправа. Перамытнікі па чарзе залазілі наверх і, трымаючыся рукамі за жэрдкі, на каленях перапаўзалі на другі бок засекі. Гэта адбывалася хутка, бязгучна. Калі ж усе апынуліся на тым баку, пачалі падымаць мату ўгару. Потым паадвязвалі жэрдкі. Мату скруцілі і падаліся ў лясны гушчар. Жэрдкі і мату прыхавалі ў густым малінніку, на значнай адлегласці ад мяжы. На зваротным шляху меркавалі забраць іх з сабой.

Шчасліва перайшлі лес паблізу ад граніцы і рэчку на другой лініі. У нейкім месцы Юрлін, каб скараціць шлях, пакрочыў вузкай сцежкай праз лес. Ноч была цёплая і ціхая. Прасоўваліся досыць хутка, а паколькі ў лесе было зусім цёмна, часта натыкаліся на плечы пярэдніх сябраў.

Лес рабіўся ўсё радзейшым. Хутка выбраліся на вузкі лужок, што клінам урэзваўся паміж двума крыламі лесу. Пасярэдзіне лужка бег ручай. Далей Юрлін павёў нас уздоўж яго берага. Лес застаўся ў цемры. Зараз было відней, і я мог адрозніваць мясцовасць на некалькі крокаў ад сябе. Лужок шырэў усё больш.

У нейкім месцы пачулі на дарозе звон жалеза. Юрлін спыніўся. Уся група замерла. Звон паўтарыўся некалькі разоў. Зразумеў, што гэта звіняць жалезныя путы на нагах коней, якія пасвіліся ў начным.

У вузейшым месцы Юрлін пераскочыў на другі бок ручая і, адыходзячы ад яго, трапіў на дрыгву. Але хутка зямля пачала правальвацца пад нагамі, і мы вымушаны былі вяртацца на ранейшае месца.

Калі зноў спыніліся, прыслухоўваючыся, на беразе ручая, я выразна пачуў крокі людзей, якія спяшаліся да нас. Юрлін амаль бягом кінуўся ўправа. Тады спераду бліснуў ліхтарык. У яго святле ўбачыў абрысы пярэдніх сябраў. Юрлін павярнуў на дрыгву. У той жа момант збоку прагучаў вокліч:

— Стой! Стой! Стой… «Ребята», заходзьце ад лесу! Жыва!

Бліснула яшчэ некалькі ліхтарыкаў. Разнёсся тупат ног, крыкі, кленічы.

— Стой! Стой!..

— Кажу, стаць, халера, бо страляем!

«Напэўна, не маюць карабінаў пры сабе, — падумаў я, — даўно б стралялі!»

Адступаем усё далей у дрыгву. Ногі глыбока правальваліся ў балота, а ззаду пагоня ўсё набліжалася да нас.

Шчур бег каля мяне і праклінаў:

— Гэта жлабы! Гэта хамы! Гэта дрэнь!

Я ведаў, што не паспеем уцячы. У нейкі момант адскочыў убок з дарогі. Шчур крыкнуў:

— Ты дзе?

He адказаў яму. Хвіліну стаяў адзін, пасля прыкмеціў нейкія цьмяныя сілуэты, што набліжаліся да мяне. Асвяціў іх ліхтарыкам і адначасова — стрэл за стрэлам пачаў паліць у іх з нагана. Убачыў, што людзі, якія гналіся за намі, пачалі ўцякаць. Па хуткаму выкінуў гільзы з барабана і зноў зарадзіў рэвальвер. Збоку пачуў лёгкія крокі. Ледзь не стрэліў туды, аднак кароткі бліск майго ліхтарыка вырваў з цемры постаць Шчура.

— Гэта мурова! — вымавіў перамытнік.

— Хто гэта быў? — запытаўся яго.

— Альбо масалкі пасвілі коней і не мелі карабінаў, альбо гады на начлезе… Гэта найхутчэй! — дадаў за хвіліну. — Але ты клёва іх пачаставаў. Яны нас дагналі б! Ведаюць тут кожны куст і не маюць ношак… Але добра ім!.. Добра!

— Пойдзем за нашымі? — запытаўся я сябра.

Шчур злёгку свіснуў.

— За нашымі?.. Дзе ты іх зараз знойдзеш?.. Вяртаемся да мястэчка!.. А тавар ужо наш і без агранды! — дадаў праз хвіліну і ціха засмяяўся.

Павольна пакрочылі па дрыгве ў бок ручая, а потым яго берагам дабраліся да лесу.

Яшчэ перад апоўначчу прыйшлі ў мястэчка.

— Дзе ты прадасі тавар? — запытаўся ў Шчура.

Перамытнік чмыхнуў носам.

— Я табе 100 фураў тавару прадам. Толькі давай!

— Можа, і мой прадасі?

— Добра. Толькі памажы паднесці дахаты, на раніцу будзем мець грошы.

Непадалёку ад кватэры Шчура развіталіся. Сябра на хвіліну затрымаў маю даланю.

— Ты гэта… не кажы хлопцам, што крапіў з капыта тых гадаў… Будуць баяцца з табой хадзіць!

— Добра.

— А пра тавар кажы, што кінуў на балоце, бо сам ледзь вылез. Разумееш?.. Каб не падумалі, што гэта агранда!

— Добра.

— Увечары прыйду да цябе, — прамовіў Шчур і з дзвюма ношкамі за плячыма знік у глыбіні падворка, а я падаўся дахаты.

У такі спосаб упершыню выпрабаваў свой рэвальвер.

* * *

Назаўтра Шчур прыйшоў да мяне апоўдні.

— Апыліў ношкі? — запытаўся яго.

— He… За ўвесь тавар: твой і мой разам даюць 180 рублёў. За горла бяруць, дзярмо, бо ведаюць — пільная патрэба. Я б аддаў, ды не ведаю, як ты? Каб не падумаў чаго?

— А што я падумаю?

— Што з тваёй долі частку заціснуў.

— Ведаю, гэтага не зробіш!.. Няма пра што казаць! Ідзі і бяры грошы!

Шчур выйшаў з памяшкання, а вечарам вярнуўся, прыносячы мне 90 рублёў золатам… Весела смяяўся.

— Ведаеш, група Юрліна таксама вярнулася.

— Усе прыйшлі?

— Юрлін вярнуўся з Лордам, жыдам і Каметай. Алігант і Смактун прыйшлі разам. А Соньку Ванька Бальшавік пад раніцу прывёў. Напэўна, усю траву на паграніччы памялі. Скарысталі сабе рух.

— А Кавалерчык? — я меў на ўвазе Юбіна.

— Ён не вярнуўся! Можа, недзе блукае.

— А як з таварам?

— Юрлін, Лорд і Камета аддалі, бо ішлі разам з жыдам. А рэшта — фьюць! — Шчур працяжна свіснуў. — Няма дурняў!

Пасля пайшлі да Гінты. У салоне было поўна перамытнікаў. Наша «біржа» працавала ва ўсю. Тут вырашаліся розныя інтарэсы. Тут камплектаваліся групы. Тут забаўляліся тыя, хто зарабіў… Тут граў гармонік, лілася гарэлка, а нярэдка і кроў, тут гулялі ў карты.

Калі мы ўвайшлі ў напоўненую хмарай тытунёвага дыму хату, я ўбачыў — за сярэднім сталом сядзяць усе нашы і Юрлін, які рэдка калі сюды зазіраў. Пасунуліся для нас.

— Ну, выпіце, а пасля пагаворым! — прамовіў з намёкам Лорд.

Выпілі па дзве шклянкі гарэлкі. Пасля Лорд звярнуўся да Шчура:

— Учора ты валіў з машыны ў хамаў?

— He, не я… А што?

— Нічога.

Лорд звярнуўся да мяне:

— Ты сёк у гадаў?

— He.

Юрлін падаў голас.

— Яны стралялі… Альбо адзін, альбо другі… Я ведаю. Я блізка быў!

— А можа, гэта яны ў нас стралялі? — вымавіў Шчур.

— А ліхтарыкам хто іх асвятляў? Што? — запытаў Юрлін.

— Пра што ходзіць? — запытаўся я ў Лорда, крыху раззлаваны гэткім допытам.

— Ходзіць пра тое, што наша група спакойная. Ходзім на чыстую работу, машын браць не хочам… Бо калі ісці з машынамі, дык усім, бо інакш — аднаго зловяць са зброяй, а ўсе пад сценку станем! Вось Кавалерчык не вярнуўся. Можа, яго там і цапнулі?

Шчур рассмяяўся.

— Эх вы, зайцы! А калі б нас усіх цапнулі, дык што тады?..

— Дык нічога! — адрэзаў Юрлін.

— Так… табе нічога. Цябе жыды выкупяць, а мы ў Чрэзвычайцы паздыхаем!

— Можа, і цябе выкупяць.

— Я не іх служка.

— Ты так не кажы! — заступіўся Камета. — Юрлін наш мужык і ведае што гаворыць!

Шчур ускочыў з месца.

— Ён ведае, але для сябе!.. А вы памятаеце тых пяцёх кучкуноўскіх хлопцаў, якіх летась гады на балоце паблізу ад Гараняў утрупенілі? Што? Памятаеце? Га?.. А нас таксама затрымалі каля Гараняў!

Усе маўчалі. Тады я падняўся і вымавіў:

— Гэта я паліў па гадах з машыны!

Ніхто не адгукнуўся. Толькі Шчур урачыста прамовіў:

— I добра зрабіў!

Праз хвіліну ўзяў голас Лорд.

— Гэта мяняе справу!.. Ты ж не ведаў, што ніхто з нашых у дарогу машыны не бярэ!

— Я ведаў.

У гэты момант Юрлін прамовіў:

— Каб гэтага другі раз не рабіў.

— Гэта мая справа! — адрэзаў яму. — Ты не будзеш мне загадваць! Хадзіў з машынай і далей буду з машынай хадзіць!

— Клёва! — вымавіў Шчур.

— Ну, дык з маёй групай не пойдзеш! — адказаў Юрлін.

— I не трэба! — адазваўся за мяне Шчур. — Бач ты, які ганарысты! Хлопец табе, можа, жыццё ўратаваў, а ён носам круціць.

Нечакана ад дзвярэй даляцеў высокі голас:

— З квасу піва не будзе!

Мы азірнуліся. У дзвярах, сярод клубаў тытунёвага дыму стаяў Сашка. He бачылі, калі ён увайшоў сюды, бо дзверы салона для вентыляцыі заўсёды былі адчыненымі. Сашка стаяў ля парога і чуў усю нашу размову. Зараз ён павольна падыходзіў да стала. За ім крочыў Жывіца. Абодва трымалі рукі ў кішэнях.

Загучалі прывітанні. За сталом пацясніліся. Хутка пасля іх прыходу Юрлін выйшаў з памяшкання.

— Mae мойра! — вымавіў Сашка, наліваючы дзве шклянкі гарэлкі.

Шчур пагардліва фыркнуў.

— Mae тонкія трыбухі.

Сашка звярнуўся да мяне:

— Валіў учора па хамах?

— Так.

— Ну, дык трымай!

Падсунуў да мяне адну шклянку, а сам узяў другую.

— Вып’ем на шчасце!

Мы стукнуліся шклянкамі і адным духам выпілі гарэлку. Потым Сашка запаліў папяросу і прамовіў:

— Калі будзе работа для трох, вазьму з сабой у дарогу.

Мне зрабілася весела. Са шчырай удзячнасцю зірнуўшы Сашку ў вочы, кіўнуў галавой:

— Добра.

Сашка выйшаў з салона ў рэстаран. Неўзабаве вярнуўся да нас, а праз некалькі хвілін Гінта і Тэкля пачалі прыносіць і ставіць на стол бутэлькі з гарэлкай, півам і лікёрам. Потым прынеслі рознай стравы з рыбай і мясам.

— Сашка буфет закупіў! — прамовіў Камета.

А Сашка звярнуўся да ўсіх.

— Ну, піць, братва! Піць і есці! Сёння ніхто не плоціць!

Пасля ён гукнуў да стала Антося і наліў у яго шклянку лікёру.

— Сь-сі!

Гарманіст выпіў і закусіў. Сашка тыцнуў яму ў даланю некалькі дзесяцірублёвак і прамовіў:

— Ідзі, рыпані «Шабасоўку»! Але па-нашаму: з агнём! Каб стол нагамі хадзіў!

Пакой хутка напоўнілі гукі «Шабасоўкі», якая сваімі рытмамі заўсёды зрывала хлопцаў з месцаў у скокі. Перамытнікі пілі на змор. Гарэлку закусвалі грушамі і цукеркамі, лікёр — селядцамі, кілбасой ды агуркамі.

— Піць, братва, піць! Каб нічога не засталося! — падахвочваў нас Сашка.

I хлапцы не драмалі; гарэлка не марнавалася. А Лорд зацягнуў на мелодыю «Хто смяецца з нашай веры».

Зірні, Гэля, на бяду,

Як з забавы той іду:

Голы, босы, абарваны!

Спіты, збіты, падрапаны!

Позна ўначы я разам са Шчурам выбраўся з салона. У галаве ўсё гудзела. Шчур таксама быў зусім п’яны. Пасярод рынку мы прыпыніліся. Я прамовіў да сябра:

— Дык з Юрліным кончана?

— А канец…

— Халера! З кім зараз пойдзем? Залаты сезон на носе!

— А хоць бы з «дзікімі»!

— Ведаеш іх? — запытаўся ў Шчура.

— Каго я не ведаю!.. Як гранда, дык гранда! Хоць пазабаўляемся!.. Тай-да! Та-ра дзі-ра…

I Шчур, напяваючы і насвістваючы «Шабасоўку», пачаў танцаваць на балоце, што ўсцілала Рынак.

Потым мы доўга адводзілі адзін другога дахаты. Ён нешта казаў мне, я яму, але нічога з гэтага пасля не памятаў.

9

На паграніччы была адна незвычайная група. Яе называлі «дзікай», хлопцаў, што да яе належалі — «дзікімі», а таксама вар’ятамі. «Дзікія» амаль не захоўвалі ніякіх сродкаў бяспекі і праз граніцу хадзілі на «ўра»! Часта пападаліся. Машыністы ў іх мяняліся праз некалькі месяцаў. Аднак дзіўная рэч — гэтая вар’яцкая група працавала трэці год. Сто разоў разбітая, сто разоў збіралася і далей трэсла па начах граніцай і паграніччам… Ствараліся і знікалі шматлікія групы, «клаліся» найлепшыя, рафінаваныя машыністы, а гэтыя д’яблы працавалі без перапынку. Наладжвалі гранды і праіснавалі гады — праўда, заўсёды ў іншым складзе.

У «дзікіх» знаходзілі сабе месца тыя, каго не прымусіш хадзіць з рэгулярнай групай, і тыя, хто з перакананняў не хацеў падпарадкоўвацца абавязковым для ўсёй групы ўмовам, правілам дысцыпліны, і тыя, хто хацеў час ад часу зарабіць крыху грошай, а таксама і тыя, хто любіў авантуры, хто не турбаваўся пра асабістую бяспеку і сталыя заробкі.

Назаўтра, пасля нашай спрэчкі з Юрліным, Шчур пазнаёміў мяне з машыністам «дзікіх» — Войцехам Анёлам. Мы не хацелі губляць ні аднаго тыдня залатога сезона і ведалі, што «дзікія» не будуць нас распытваць, ці ходзім са зброяй, ці без яе. Анёла засталі ў хаце. Ён сядзеў у велікаватай дзіцячай калысцы на драўляных палазах, што стаяла пасярод пакоя, і заўзята гушкаўся, выкідваючы ўзад і ўперад ногі. Да ніжняй вусны прыляпілася самакрутка, скручаная з календарнага лістка. На стале ў коўдрачцы ляжаў выняты з калыскі зусім голы хлопчык. Дзіўная справа, але ён не плакаў: магчыма, што быў заняты засоўваннем пальцаў левай нагі ў рот.

— Здароў, Анёл! — крыкнуў Шчур, заходзячы са мной у хату.

Анёл, прыплюшчыўшы левае вока, сплюнуў у кут.

— Ну і што з таго? — сказаў.

— Што ў цябе чуваць? — працягваў далей Шчур.

— Інтарэс у руху, a pyx у інтарэсе! — адказаў, не перастаючы гушкацца, Анёл і, напэўна, гэта маючы на ўвазе.

— Хочам хадзіць з вамі за граніцу, — прамовіў Шчур.

— Можаце… He даю вам, ці што?.. Анёльскі інтарэс.

— To калі ідзеце?

— Сёння.

— Адкуль?

— Халера яго ведае, адкуль!

— Дык як жа вас знайсці?

— Халера яго ведае як!

Шчур выцягнуў з кішэні пляшку гарэлкі.

— To замочым інтарэс.

Анёл згодна кашлянуў і выпусціў пад столь густы клубок дыму. Шчур падаў яму пляшку. Анёл лёгкім рухам далані выбіў з бутэлькі корак і, гушкаючыся, зірнуў на мяне.

— Гэты таксама да моці?

— Так… з храпай…

— He, я не хачу, — адказаў.

— Дык і добра, — выгукнуў Анёл.

Потым пазначыў пазногцем на пляшцы палавіну яе ёмкасці, закінуў назад галаву і, працягваючы гушкацца, пачаў піць. Гарэлка булькала ў яго горле: кадык скакаў угару. Анёл, не зірнуўшы на пляшку, перастаў піць. Зноў паглядзеў на шкло бутэлькі: выпіў як адмераў — па край пазногця. Пасля перадаў пляшку Шчуру, які выхлебтаў сваю долю, а потым запытаў Анёла:

— Дык дзе мы сустракаемся?

— Пад вечар… Каля Кентаўра… як анёлкі.

— Клёва! Заставайся з Богам!

— Ідзіце з д’яблам.

Калі выйшлі ад Анёла, я сказаў Шчуру:

— Гэта ж вар’ят!

— Мудры вар’ят! — адказаў сябра.

Увечары падаліся ў напрамку хаты купца Кентаўра, якога ў мястэчку таксама лічылі вар’ятам. Пра гэта сведчыла шмат акалічнасцяў, і найперш тое, што даваў тавар «дзікім». Надараліся яму лепшыя, «салідныя» групы, аднак ён меў да «дзікіх» нейкі сантымент і даваў ім тавар ужо трэці год… «Дзікія» рабілі яму агранду, ён міргаў вокам — «ведаю пра гэта!..» Зноў агранда. Ён зноў міргаў вокам і запрашаў некалькі вар’ятаў да сябе на пэйсахоўку. Пасля казаў ім:

— Ну, хлапцы, калі цяпер здарыцца правал, дык наступным разам за граніцу панясяце салому… I я з вамі!

Гэтым браў «дзікіх» за сэрца, і тыя чыста перакідвалі праз граніцу 5–8 груп. Кентаўр падкоўваўся. Закладаў фабрыку мыла ў Вільні, фабрыку атраманту ў Лідзе, фабрыку шакаладу ў Гародні. Фабрыкі былі ягонай маніяй. Акрамя мянушкі — Кентаўр (фірмовы знак яго шматлікіх фабрык), была яшчэ адна — Фабрыкант… Звычайна фабрыкі атрымлівалі па лбе; «дзікія», прыкмеціўшы, што купец падкуўся, бо закладвае новыя фабрыкі, пачыналі рабіць яму агранды, і Кентаўр занепадаў. Ён зноў запрашаў да сябе сваіх вар’ятаў на пэйсахоўку, зноў прапаноўваў ім насіць за граніцу салому і зноў адкоўваўся. I так кругаля — трэці год.

Непадалёку ад хаты Кентаўра сноўдаліся групы хлопцаў. Прахаджвалі ўдвух, утрох, па некалькі адразу. З некаторымі перамытнікамі Шчур вітаўся.

— Дзе Анёл? — запытаўся ў аднаго з іх.

— Ён разам з Сумам у Кентаўра сядзіць.

— Пэйсахоўку п’юць, — дадаў нехта збоку.

Мы шпацыравалі далей уздоўж шэрагу крамак і жыллёвых будынкаў. Неўзабаве з брамы гандляра выехаў вялізны воз. На ім сядзелі — Анёл, Сум і жыд-суправаджаты — Бэрка Ступа. За фурмана — Кентаўраў парабак — Кастусь Кульгавы. Анёл, паклікаўшы да сябе аднаго з хлопцаў, прамовіў некалькі слоў. Той кіўнуў галавой. Воз паехаў наперад і хутка знік за павароткай.

Хлапцы купкамі, па некалькі чалавек, накіраваліся на Слабаду, а адтуль пакрочылі ў напрамку Душкава.

* * *

Недалёка за Выганічамі, з лесу, насупраць першай групы перамытнікаў, выйшаў Анёл. Разам пачакалі астатніх хлопцаў, а потым падаліся ў глыб лесу.

У адным месцы, каля вялікага стосу ламачча, дзе стаялі Сум і Бэрка Ступа, усе затрымаліся. Анёл пачаў выцягваць з-пад галля ношкі. Нядбала кідаў на зямлю, лічачы ўголас: раз, два, тры… Адлічыў васемнаццаць і спыніўся. Прамовіў да нас:

— Бярыце ношкі! Па-анёльску…

Выходзіць у дарогу было зарана. Хлапцы рассыпаліся па лесе і выразалі сабе тоўстыя кіі. «Дзікія» рабілі так заўжды — у дарогу ішлі з каламі, якімі неаднойчы гналі і білі «падкіх» на лёгкую здабычу сялян, што заступалі ім шлях. Я са Шчурам таксама выразаў дзве ёмкія палкі. Пасля хлапцы сабраліся каля ламачча і, лежачы на імху, курылі папяросы.

Нас было дзевятнаццаць. Набліжаўся вечар. У лесе ўсё больш цямнела. Анёл, падышоўшы да галля, асцярожна выцягнуў адтуль мяшок. Пачаў вымаць і адкідваць у розныя бакі на мох пляшкі спірытусу. Адлічыў дзевяць, прамовіў:

— Па адной на двух! Як анёлкі…

Хлапцы адразу пачалі піць, Анёл жа рупліва завязаў мяшок і аддаў яго, як дадатковую ношку, Суму.

— Панясеш ты!.. Толькі не пабі і не набярыся!

Штосьці мармычучы, Сум узяў мяшок.

Хлапцы пілі. Некаторыя захлыналіся спіртам і адкашліваліся. Разляцеліся вясёлыя галасы і выбухнуў смех.

Змяркалася.

— Ну, вар’яты, бярыце ношкі! — загадаў Анёл.

Усе падняліся з месцаў, пачалі закідваць рамяні ношак. Ношкі былі цяжкія. Мы неслі скуры на падэшвы. Тавар быў танны, аднак даваў ад 150 да 300 працэнтаў прыбытку.

— Ну, шах!.. I ані мур-мур!.. — прамовіў да хлопцаў Анёл, рухаючыся ў дарогу.

Нехта ў адказ заліўся вясёлым смехам, іншыя засвісцелі. Група пакрочыла наперад. Хлапцы не захоўвалі ні цішыні, ні дыстанцыі. Ламалі кусты, трашчалі галлём, кашлялі, кляліся, смяяліся і расцягнуліся на чвэрць кіламетра. Анёл некалькі разоў прыпыняўся, трос кулаком, але безвынікова, і толькі выклікаў смех. Тады Анёл так хутка рвануў наперад, як быццам хацеў уцячы ад нас. Мы вымушаны былі подбегам даганяць яго.

Я са Шчурам ішоў пасярэдзіне групы. Напачатку нас здзіўлялі такія паводзіны перамытнікаў непадалёку ад граніцы, а потым мне таксама зрабілася весела. Спірт разагрэў, а недысцыплінаваны марш хлопцаў пазбаўляў ад думак пра небяспеку.

За крокаў дзесяць перада мною хтосьці зацягнуў на матыў «Яблычка»:

Што я бачу, што я чую?

Троцкі лезе на страху.

I так крычыць ён народу:

«Фігу вам — а не свабоду!»

— Здорава.

— Рубай далей!

Разнесліся галасы перамытнікаў, і Валюсь Шымпанзэ (гэта ён спяваў) прапітым голасам выводзіў далей строфы «Яблычка».

Раптоўна група затрымалася. Да Шымпанзэ падбег Анёл.

— Замкні морду, жлоб!

— Ну, бо што?

— Бо тое!.. Бо бальшавікам у лапы нас завядзеш!.. Як анёлкаў!.. З понтам рыкаеш, халера! Зараз граніца!.. Масалкі дарогу заступяць!..

Анёл вырушыў наперад. Ідзём хутка. Ужо ніхто не спявае, але без таго робім шмат галасу!

Праз нейкі час трапляем на пагранічную паласу. Таксама шпарка, зусім не прыслухоўваючыся, крочым далей. Яшчэ досыць відна. Можна адрозніваць мясцовасць на адлегласці ў некалькі дзесяткаў крокаў. Перад намі бачу высокую і шырокую засеку калючага дроту. Анёл зварочвае ўлева і крочыць па паласе. Мінаем пагранічныя слупы. Хлапцы па ходу ляпаюць у іх даланямі альбо канцамі палак па насыпах.

Анёл падаецца ўправа і прыпыняецца каля засекі. Падыходзім да яго.

— Міндаль, нажніцы! — кажа Анёл.

Кастусь Міндаль вымае з-за паса нажніцы, і Анёл пачынае хутка перакусваць дрот, які звініць пад вострымі нажніцамі і абвальваецца па баках. Работа спорыцца. Хлапцы адгортваюць абвіслыя драты.

Праход вольны. Перабіраемся на другі бок паласы і імкнём наперад. Заўважыў, што не ўсе ідуць воўчай сцежкай, некаторыя крочаць гурбой.

Наперадзе чую выразны пляскат па вадзе. Гэта хлапцы пераходзяць рэчку… без усялякай перасцярогі… галопам. Я амаль па грудзі ўляцеў у ваду і па-хуткаму спяшаўся ўслед за Шчурам. Вылажу на бераг і амаль бягу за сябрам.

Дабраліся да гая. Тады збоку далятае спалоханы вокліч:

— Кто идет?

— Свой!

— Кто свой? — пытаюцца здалёк.

— Дзядзька! — рыкае Сум.

У некалькіх месцах гучна засмяяліся, а зводдаль ад нас, з цёмнага гушчару кустоў бухнуў карабінавы стрэл. З нашага боку адразу бліснула некалькі ліхтарыкаў і выразна асвяцілі тыя кусты. Я ўбачыў постаці салдат у доўгіх шэрых шынялях. Некалькі калоў паляцела ў той бок. Нехта з хлопцаў крыкнуў:

— Ура! На іх!

Салдаты жвава пахаваліся ў хмызы. Усё гэта адбывалася на маршы, што не спыняўся нават на хвіліну.

Калі адышліся на некалькі сотняў крокаў ад гэтага месца, ззаду загучалі стрэлы і крыкі. He звяртаючы на іх увагу, мы праставалі штораз хутчэй наперад.

У двух кіламетрах ад граніцы Анёл пакрочыў па добра наезджанай дарозе. Пазней мы звярнулі направа і пайшлі па вузкай сцежцы, якая вяла праз лес.

Хлапцы размаўлялі. Раз-пораз бліскалі ліхтарыкі. Анёл ніяк не рэагаваў на гэта і вельмі хутка крочыў наперад, трымаючы ў левай руцэ ліхтарык, гатовы асляпіць ім напатканага чалавека, у правай кол — каб абапірацца і для абароны.

З часу ўзнікнення групы «дзікіх» Анёл быў дзевятым машыністам. Першым заснавальнікам і арганізатарам быў Антон Мур (заўсёды ўжываў у гаворцы слова «мур»: як мур! муравана! мурам!). Гэта быў вар’ят лепшага гатунку. Працаваў не толькі дзеля грошай, але найперш для вар’яцкіх жарцікаў. Здолеў прайсці з групай уздоўж мяжы пару кіламетраў і павыварочваў пагранічныя слупы, пасля разам з хлопцамі аднёс іх на другую лінію, каб укінуць у рэчку. Ягоныя анекдоты дагэтуль памятаюць хлапцы і не раз згадваюць Антона Вар’ята. Яго забілі на савецкай заставе, куды ўшчэнт п’яны зайшоў запытацца пра дарогу і там пачаў бойку з салдатамі.

Пасля яго заступіла шасцёра меншых ці большых вар’ятаў. Ніводзін не скончыў шчасліва. Адных забілі, іншых расстралялі або саслалі.

* * *

Папярэднік Анёла — восьмы вар’ят — быў Ванька Гук (мянушка ад: з гукам хлапцы! аж гук пойдзе!). Ён падарваўся на ўласнай гранаце, якая вісела на рамяні: выпадкова згубіў запал, і адбыўся выбух. Анёл быў дзевятым вар’ятам (так празвалі за яго любімыя выразы: ну, анёлкі! па-анёльску! як анёлы!).

Жыццё і гісторыі «дзікіх» машыністаў, дарэчы, як і хлопцаў, што стала працавалі ў групе, былі незвычайныя. Я потым пазнаёміўся са шмат кім з іх і не знайшоў там ніводнага звычайнага тыпа. Гэта былі пераважна натуры бурлівыя, не ўладкаваныя і не прыстасаваныя да рамак звычайнага жыцця ў грамадстве, сапраўднай стыхіяй якіх была партызаншчына, вайна, рызыкоўныя падарожжы… Гэта была мяшанка з розных рэгіёнаў Расеі і Польшчы. Большасць складалі ўцекачы, хто ўжо не мог вярнуцца па шматлікіх прычынах у Саветы і таму аселі на паграніччы. Некаторыя з іх колісь належалі да фарміраванняў Булаховіча і служылі ў аддзелах «зялёных». Мяжа прыцягвала іх да сябе, як магніт жалеза. Тут яны жылі з дня на дзень, тут працавалі, тут гінулі. Жыццё значнай часткі гэтых хлопцаў магло стаць тэмай каляровага, неверагоднага рамана. Літаратар знайшоў бы тут невычэрпнае прадонне сюжэтаў і вобразаў. Мы ж не разумелі таго і ўвогуле не задумваліся пра такое. Мала хто з нас умеў пісаць, ніхто нічога не чытаў. Палітыка не цікавіла нас увогуле. Неаднойчы, назіраючы за сваімі сябрамі, бачыў іх незвычайныя характары, нечалавечую энергію і думаў: колькі ж гэтыя людзі маглі б прынесці карысці, калі б іх энергію, здольнасці, фантазію накіравалі для карыснай працы. Тут жа не раз безвынікова марнаваліся вялікія сілы.

Каля другой гадзіны ночы мы прыйшлі на мяліну. Гэта быў адзінокі хутар, да якога з усіх бакоў падступаў лес. Раней тут была смалакурня.

Калі наблізіліся да хутара, нас сустрэў заўзяты сабачы брэх. Спыніліся. Анёл тры разы працягла засвісцеў. Праз пару хвілін з цемры даляцеў хрыпаты голас, які супакойваў сабак, а потым сем разоў запар бліснула святло ліхтарыка. Мы рушылі наперад. Ля брамы хутара нас чакала нейкая невыразная постаць. Разнесліся вясёлыя галасы хлопцаў:

— Здароў, Скала!

— Ты яшчэ жывеш?

— Д’яблы цябе не задушылі?

Даляцеў нізкі сіпаты бас:

— He трэба горшых д’яблаў, як вы!

Насуперак звычаям перамытнікаў і мелінарства мы падаліся не ў хлеў, а ў хату. Там у велізарным памяшканні з чорнымі закуранымі сценамі пачалі скідаць з плячэй ношкі. Я ўбачыў вялікага плячыстага барадатага мужчыну, які меў на галаве густую чупрыну і моцную шчаціну на твары. Мянушка Скала поўнасцю адпавядала ўсёй яго паставе.

Анёл і Скала паклалі на лаве пры сцяне ношкі. Пасля Скала падкінуў на прыпек у полымя смаляных шчэпак, зрабілася святлей. З суседняга пакоя пачуўся дзіцячы плач і голас жанчыны, які ўлашчваў немаўлятка.

Перамытнікі паставілі вакол стала лавы і пачалі піць спірытус. Скала паклаў вялікае, магчыма, дваццацікілаграмовае «кола» чорнага хлеба, прынёс вэнджаны бачок. Хлапцы пілі свой спірытус, бо акрамя таго запасу, які нёс Сум, амаль кожны захапіў у дарогу яшчэ па дзве пляшкі. Некаторыя дабаўлялі ў пляшкі ваду.

Бэрка Ступа, Анёл і Скала вымалі тавар з ношак, раскладвалі яго на лаве.

Пад раніцу Скала вывеў нас з хаты, і мы падаліся ў глыб лесу. Амаль гадзіну прабіраліся нацянькі. Калі развіднелася, дабраліся да невялікай палянкі. Пасярод яе ўбачылі вялікі будан, большую частку якога займалі паскіданыя ў кучу смаляныя карчы. Паклаліся хто дзе змог, пачалі засынаць.

* * *

Змярканнем пакідаем гэтую прагаліну і ўваходзім у лес. Некалькі разоў азіраюся і бачу языкі вялізнага вогнішча, якія ірваліся да неба… Гэта ахвяра «дзікіх», складзеная шматлікім і капрызным бажкам лясоў, палёў, начы і… граніцы.

Напачатку мне здаецца, што ў лесе ўжо сцямнела, аднак вочы хутка прызвычаіліся да змроку, і бачу, што яшчэ не вечар.

Выходзім з лесу. Удалечыні паўстаюць абрысы забудоў. У вокнах хутара мігаціць святло.

— Тут пачакайце, анёлкі, — кажа Анёл і накіроўваецца ў бок хутара.

Праз квадру гадзіны вяртаецца разам з Бэркам Ступам. Прыносяць 10 пляшак самагонкі. Анёл бярэ сабе адну, другую дае Суму (арыстакраты групы), а рэшта нам: па пляшцы на два горла.

Адразу п’ём самагон, які аддае рыбай. Дастаткова моцны, ён значна ўздымае наш настрой.

Рухаемся ў дарогу. Крочым з папяросамі ў зубах, групкамі — па двух, па трох. Некаторыя абапіраюцца на кіі, іншыя нясуць іх, як карабіны, на плячах. Разлятаецца гамана гутаркі.

Лес скончыўся. Перад намі чыстае поле. Гляджу на неба і бачу Вялікую Мядзведзіцу. Зрабілася весела. Паўтараю ў думках па чарзе імёны асобных зорак: Эва, Ірэна, Зося, Марыля, Гэлена, Лідзія, Леаніда… Прыгадаў сабе Лёню.

Пачынаецца марш — амаль бягом праз поле. Хлапцы ідуць без ношак, алкаголь усё больш узбуджае іх. Злева і справа абмінаем вёскі, чуем галасы людзей, бачым святло ў вокнах.

Выходзім на добра наезджаную дарогу. Здалёк чую грукат колаў. Чакаю, што звернем з дарогі, аднак памыляюся. Прастуем далей па дарозе. Грукат далятае ўсё бліжэй. З цемры вырастае сівы конь, за ім доўгі з драбінамі воз. На ім бачу трох сялян з жанчынай, галава якой павязана белай хусткай. Яны запыняюць каня і са здзіўленнем прыглядаюцца да нашага паходу. Чую галасы хлопцаў:

— Глядзіце: трох на адну!

— Што прадаеце — кароўку ці ялоўку?

— Хадзі, малая, на траўцы пагрэемся!

Абыходзім воз і ныраем у змрок. Паветра цёплае, настоенае водарам. Засоўваю руку ў кішэню курткі, сціскаю даланёй цёплы ад майго цела наган. Нечакана мяне ахоплівае дзіцячая радасць. Хочацца смяяцца, скакаць, выдурвацца. Адчуваю надмер моцы, здароўя. А небяспека?.. He думаю пра гэта!.. Са мной жа машына, якая ніколі не здрадзіць. Сем набояў пэўных… «Сем набояў у машыне. Сем зорак на небе!» Падміргваю Вялікай Мядзведзіцы, пасля паказваю ёй язык. Потым плююся: халера, хіба і я вар’ят!

Імкнемся лесам на захад. Крочу з рэвальверам у руцэ. Ніхто гэтага не заўважыць, а другая лінія ўжо блізка. Мінаем ручаі, яры, рвы…

Раптам спыніліся — першым Анёл, за ім астатнія. Знаходзімся ў 200 кроках ад узлеску вялікага лесу. Дрэвы тут рэдкія, аднак зрок сягае ледзьве на крокаў 20. Доўга стаім моўчкі. Пасля Анёл упэўненым крокам ступае наперад. Каля яго ідуць Сум і Шымпанзэ. Тады спераду далятае нейкі шоргат. Нехта з нашых крыкнуў: «Стой!» Бліснула некалькі ліхтарыкаў. З каламі напагатове Анёл, Сум і Шымпанзэ кінуліся ўперад. Мы за імі. Разнёсся трэск галля… Хруст стаяў па лесе і ўсё далей аддаляўся ад нас. Падышлі да ўзлеску. Убачылі Анёла, Шчура і Шымпанзэ. Яны трымалі ў руках і аглядалі нейкія мяшкі. Уважліва прыгледзеўся да іх. Гэта былі ношкі перамытнікаў.

— Плітавалі, як анёлы! — вымавіў наш машыніст.

— Драпалі, нібы каты! — дадаў Шымпанзэ.

— Хто гэта быў? — запытаўся Плюш.

— Напэўна, нашы… з Ракава, — прамовіў Сум. — Зараз убачым.

Анёл пачаў распакоўваць ношкі. Там былі панчохі, трыкатаж, хром.

— Гэта група Адама Друнілы. Ён бярэ тавар у Арона з Віленскай вуліцы, — сказаў Сум.

— Ну, хлапцы, будзе на ўсіх газ і па пару гузікаў таксама.

Узялі ношкі і пакрочылі праз шырокі луг да рэчкі.

Другая лінія. Вада тут дастаткова глыбокая, аднак на брады не ідзём — там за апошні месяц папалася некалькі людзей з розных груп.

Хлапцы распранаюцца дагала і, несучы ў руках адзенне, перабіраюцца на процілеглы бераг. Я заглыбляюся па грудзі ў ваду. Хутка выходжу на бераг, кідаю апратку. Вяртаюся назад і некалькі разоў з галавой хаваюся пад ваду. Пасля вылятаю на бераг і хутка апранаюся.

Зноў крочым наперад, да граніцы. Ідзём паспешліва, аднак кожны стараецца не рабіць непатрэбнага шуму, каб не пачулі здалёк. Амаль усе трымаюць у руках ліхтарыкі. Я ж — наган, усунуты ў рукаў курткі.

Граніца вось-вось… Амаль бягом вылятаем на паласу і імчымся ўздоўж засекі. Зноў скрыгочуць вострыя нажніцы, перарэзаныя драты абвальваюцца па баках… Шлях вольны! Гайда наперад!

А другой гадзіне ночы выйшлі да могілак, што ляжаць на ўскрайку мястэчка. Адсюль хлапцы разыходзяцца ва ўсе бакі. Я іду спаць да Шчура. He стукаючыся ў хату, ідзём у гумно і там кладземся на мяккае духмянае сена… Мне сняцца «дзікія», граніца, уцёкі і Лёня… Часта бачу яе ў сне. Можа, думае пра мяне? Вельмі хацеў бы яе ўбачыць! Дагэтуль не меў ад яе ніякіх звестак. Вырашыў, абавязкова пры першай магчымасці наведаю. Хацеў напісаць ліст і аддаць хлопцам, што бываюць у Менску, але пабаяўся, каб не перахапілі іх дзесьці па дарозе. Тады б Лёня зноў магла мець непрыемнасці.

* * *

Назаўтра раніцай пайшоў да Петруся і Юліка, аднак іх не было у хаце. У маю адсутнасць вырушылі ў дарогу з групай Юрліна. Пасля нашага разрыву з Юрліным хлапцы пачалі хадзіць з гэтай групай. Такое становішча мяне задавальняе. Што будзе, тое будзе, але гэта група самая надзейная і мае добрую мяліну. А хлопцам трэба зарабіць на зіму. Юліка Вар’ята я зараз не пазнаю, пад уплывам Петруся зрабіўся сур’ёзны — шмат чытае, вучыцца.

Увечары пайшоў да Гінты і дапазна забавіўся ў нашым салоне. Шчур таксама быў там. Даў мне 45 рублёў: 15 за ношку, 30 — мая доля ад ношак, падабраных у лесе ад перамытнікаў, якія драпанулі. Пазней я паціху выбраўся з салона. Пайшоў да Сашкі. He… не да Сашкі! Гэта была толькі зачэпка… Мне ж вельмі хацелася ўбачыць Фэлю.

У Вэблінай хаце было цёмна. Абышоў яе наўкола. Заўважыў, што адно вакно свеціцца. Гэтае вакно выходзіла з пакоя Фэлі на агарод.

Паціху падкраўся бліжэй. Вакно было занавешана фіранкай, і знізу не даставала да падваконніка. Я нахіліўся і заглянуў праз шчыліну ўсярэдзіну. Амаль не адскочыў… Ля вакна знаходзіўся маленькі столік, на якім гарэла лямпа, і ў яе святле выразна бачыў твар Фэлі… Падпёршы галаву рукамі, чытала кніжку. Пры святле лямпы яе твар здаваўся чароўным — я не мог адарваць свайго позірку… Перагарнула старонку… зноў чытае… Праз хвіліну на твары з’явілася вясёлая ўсмешка. Вочы змяніліся і заззялі, нібыта каштоўныя каменьчыкі. У іх была дзівосная глыбіня, адтуль выляталі цёплыя праменні, што і мяне напоўнілі радасцю… Ухапіла зубамі ніжнюю вусначку і з хвіліну так яе трымала… Потым усмешка знікла. Твар стаў халодным, амаль суровым. Але гэты холад пёк мяне як агнём, прыцягваў да сябе. Гатовы быў так стаяць, любавацца яе выглядам, аднак баяўся, каб мяне не заўважылі з вуліцы.

Паціху адышоўшы ад вакна, спыніўся пасярод дзядзінца. Доўга вагаўся, пасля рашучым крокам накіраваўся да дзвярэй. Узяўся за клямку. Гэта працягвалася з хвіліну. Потым павольна падаўся да брамы, доўга, знерухомлены, стаяў на вуліцы. Вузкі серп маладзіка плыў па небе. Зоркі свяцілі ясна. Пахла ноччу, Вялікая Мядзведзіца была асабліва прыгожай.

Адчуваў: не змагу адысці адсюль, павінен убачыць Фэлю, пачуць яе голас, штосьці сказаць ёй… Нешта вельмі значнае!

Зноў пакрочыў да хаты. Паварушыў клямку ў дзвярах. Замкнуты. Раптоўнае жаданне: магу яшчэ адысці!.. Бо што ёй скажу?.. Але міжволі набліжаюся да вакна. Да таго вакна, у якое летась увосень стукаў, калі прынёс на сабе Сашку Вэбліна… Стукаю у шыбіну. Ведаю, раблю гэта занадта моцна. Аднак, няведама чаму, пачынаю стукаць яшчэ грамчэй, упарцей.

Хутка чую ў пакоі паспешлівыя крокі, пасля за вакном загучаў голас Фэлі:

— Хто гэта?.. Што здарылася?..

— Я.

— Хто «я»?

— Уладзік.

— Ула-дзік?!. Зараз…

Зноў чую яе крокі. Ідзе ў свой пакой. Потым выходзіць у залу з лямпай у руках. Ставіць яе на стол і хуценька ідзе ў сенцы.

Рыпіць засаўка. Я адчыняю дзверы. Уваходжу ў сенцы, пасля ў пакой. Забываюся прывітацца з Фэляй. Стаю ля дзвярэй і гляджу ёй у вочы.

— Што з панам?

Нейкі час маўчу. Фэля заўжды адзін на адзін казала мне «ты», а зараз «пан»! Пасля кажу:

— Што?.. Са мной нічога!

Бачу ў яе вачах здзіўленне.

— Я падумала, нешта здарылася!.. Пан неяк выглядае… — не даказала.

— Хацеў запытацца: дзе Сашка? Думаў — можа, у хаце?

Дзяўчына хвіліну глядзіць мне ў вочы, потым кажа:

— Та-а-ак?.. Пан думаў?..

Адчуваю, як усё мацней чырванею. Хачу гэта спыніць і не магу. А яе вочы раптоўна пачынаюць смяяцца.

— Дык пан Уладзік, — вымавіла маё імя мякка, амаль пяшчотна, — прыйшоў запытацца пра Сашку. Так?

— Так.

— А мной пан зусім не цікавіцца?

— Увогуле і паняй таксама.

— I мной таксама?

Яе вочы блішчаць усё весялей. А мне робіцца страшна горача. «Чаго я сюды прылез? Яна ж відавочна смяецца з мяне!» Аднак, не ведаючы чаму, кажу далей:

— Так… Паняй таксама… Бо пані казала тады… у нядзелю…

— Слухаю, слухаю!

— …Казала пані… — I я ўсё з гэтым «пані»! — Каб прыйшоў як-небудзь…

— Ага! Так, так… памятаю! Памятаю!.. Ну, і пан Уладзік знайшоў вольную хвілінку…

— Уласна.

— …і прыйшоў сабе ў адведкі…

— Уласна.

— …уначы…

— Так.

— А для настрою пан Уладзік крыху сабе выпіў! Што?

«Выразна кпіць з мяне!» Пачынае ахопліваць злосць. Адчуваю, што гэтымі пытаннямі прыціснуты да сцяны. Кажу ёй холадна:

— Заўсёды сабе выпіваю. Мне на гэта хапае!

— А як жа! Пан Уладзік хлопец фартовы…

Нешта хачу вымавіць, аднак Фэля рухам рукі стрымлівае мяне і працягвае далей:

— …А ці пан Уладзік заўжды так: як крыху сабе вып’е, дык ідзе да знаёмых дзяўчат?

Нечакана адчуваю — губляю над сабой панаванне. Пачынаю гаварыць. Хачу затрымацца і не магу. Кажу штораз з большым запалам.

— А гэта панну Фэліцыю так хвалюе, дзе хаджу па начах? Я ж не пільную, куды панна Фэліцыя ідзе пасля выпіўкі. I хлопчыкаў таксама не рахую!

— Ну? — Фэля падпіраецца адной рукой у бок. — А гэта вельмі прыемна! Вельмі!

— Дзякую за прызнанне! А што да клопатаў, якія прынёс панне Фэліцыі, дык сардэчна прашу прабачэння…

— Калі ласка.

— Пані мяне перабівае!

— Выбачайце…

— Калі ласка… Дык прабачце, увогуле магу больш ніколі панну Фэліцыю не турбаваць сваім таварыствам.

— А гэта, як пану лепей…

Гляджу ў яе твар — халодны, спакойны, амаль мёртвы і такі цудоўны. Раптам прыкмячаю на яе лбе доўгую вертыкальную маршчыну. За хвіліну да гэтага зморшчыны не было. «Што яна мне нагадвае?.. Ага! Яе мае Сашка!»

— Дабранач пані!

— Добрай ночы пану!

Паварочваюся на месцы і ўпэўненымі, хуткімі крокамі выходжу з хаты. На падворку затрымліваюся, адчуваю, як хваля горычы залівае мне душу: «Навошта ўсё гэта казаў? Навошта? Яна спачатку была ў такім добрым настроі! Ніколі не бачыў у яе такіх радасных прамяністых вачэй! Відавочна ж — жартавала, а я пакрыўдзіўся! Навошта? Чаго?.. Што зараз рабіць?.. Ісці і прасіць прабачэння ў яе?.. He, не магу… Нізашто на свеце не зрабіў бы гэтага!.. Нізашто!»

Узіраюся ў асветленыя вокны хаты. Бачу постаць, якая рухаецца па пакоі. На вокны падае рухомы цень. Пасля чую, як адчыняюцца дзверы ў сенцы. Пасля… рэжа мне сэрца скрыгатанне засоўкі. Хутка ў хаце зрабілася цёмна.

Павольна абыходжу будынак. З сэрцам, якое грукоча ў грудзях, пракрадваюся да таго ж вакна. Зноў гляджу праз шчыліну паміж фіранкаю і падваконнікам.

Фэля сядзіць пры століку. Даланёй левай рукі прыціскае раскрытую кнігу, а правай, сціснутай у кулак, стукае па стале. Твар у яе халодны. Вочы панурыя. Гэтак трывае доўга. Потым дзяўчына нахіляецца над кніжкай і пачынае чытаць… Неспадзявана ляснула, закрываючы кніжку, і адкінулася на спінку крэсла. Далоні паклала на край століка.

Неадрыўна гляджу ў яе твар, у яе вочы, і мяне ахоплівае шкадаванне… Пачынаю грызьці вусны. Тады ж нашы погляды сустракаюцца… «Але ж не можа бачыць мяне тут з асветленага пакоя! А можа, адчувае мой позірк?» Бачу, што на ілбе ў яе зноў з’яўляецца доўгая вертыкальная складка, а вочы набіраюць драпежны выгляд… Хачу адскочыць… У тую хвіліну Фэля хуткім рухам рукі адхінае набок фіранку. Адначасова я нахіляюся і, схаваны ценем ад хаты, крадуся ўбок. Раблю некалькі скокаў у глыб агарода, а пасля набліжаюся да плота і прысядаю каля яго ў нейкае зелле.

Вакно адчыняецца. У яго асветленым прастакутніку, нібы ў раме, бачу постаць дзяўчыны. Яна нахіляецца ўперад з жаданнем зазірнуць перад сабой у цемру. Прыслухоўваецца. Доўга не кранаецца з месца…

Пасля вакно замкнулі, а яшчэ праз хвіліну загасілі лямпу.

Падняўся. Доўга стаяў без руху. Месяц пнуўся ўвышыню. Спяшаючыся, ныраў у хмары. Зоркі пазіралі спакойна і ясна. Вялікі Воз без перадыху нёсся на захад.

Я пералез праз паркан і пакрочыў вузкім завулкам. Было досыць відна. Мінакоў не сустракаў увогуле. Калі падыходзіў да Менскай вуліцы, убачыў групу людзей, якія ішлі насустрач. Голасна размаўлялі і смяяліся. Напэўна, былі п’яныя. Калі падышоў да іх бліжэй, адрозніў голас Альфрэда. Хацеў падацца назад, але ўбачыў, што ўгледзелі мяне, таму пакрочыў наперад.

Калі наблізіўся да іх, пазнаў братоў: Альфрэда, Альфонса і Альбіна Алінчукоў. Да камплекту не ставала Адольфа і Амброжыка.

Быў у некалькіх кроках ад іх; жадаючы абмінуць, сышоў з дарогі. Яны таксама падаліся ўбок, стараючыся заступіць мне шлях. Тады я накіраваўся ўправа. Яны таксама рушылі ўправа. Альфрэд хістаўся на нагах і, прыгаворваючы, смяяўся:

— А… Маем фраера!.. Фэлін… — вымавіў некалькі непрыстойных выразаў.

Я адчуў, як кроў прыліла мне да твару, але нічога не адказаў і хацеў іх абысці. Тады Альфонс падставіў мне нагу, а Альфрэд заскочыў наперад.

— Чаго хочаш? — звярнуўся я да таго.

— Падкуць табе морду, жлоб! — адказаў Альфрэд.

— Што ты з ім размаўляеш? Валі яго! — крыкнуў Альфонс і замахнуўся кулаком.

У той жа момант я моцна выцяў яго нагой у жывот. Альфонс енкнуў і, скурчыўшыся, абсеў на зямлю. Тады Альфрэд і Альбін кінуліся да мяне. Збілі з ног.

Я выхапіў з кішэні рэвальвер, рукаятку якога даўно трымаў у далані. Альфрэд душыў мяне за горла. Прыціснуў ствол да яго бядра і націснуў на курок. Выбухнуў стрэл. Альфрэд падскочыў угару, але адразу апаў на зямлю. Я ўсхапіўся і пачаў нагамі таўчы Альфрэда. Тады Альбін адбег убок і закрычаў:

— Паліцыя!.. Паліцыя! Забіваюць!.. Паліцыя!..

Я пакінуў Альфрэда і Альфонса на зямлі і спяшаючыся пайшоў назад. Альбін зводдаль рухаўся следам. Я зрабіў некалькі крокаў у яго бок і стрэліў угару з нагана… Потым без перашкоды падаўся вуліцай у кірунку жыдоўскіх могілак. Ззаду чуў крыкі:

— Паліцыя!.. Забіваюць!.. Паліцыя!..

— Тры-ы-ымайце яго!

Недзе ўдалечыні рэзануў свісток.

Я не пайшоў дахаты, а накіраваўся ў поле. Потым, абыходзячы навокал мястэчка, дабраўся да будынка, дзе жыў Шчур. Адшукаў яго ў хляве. Спаў. Разбудзіў і расказаў пра сутычку з Алінчукамі.

— Што зараз рабіць? — запытаўся ў яго.

— Даў ім перцу панюхаць. Правучыў хамаў! Але зараз з табой цяжэй!.. Заявяць у паліцыю!

— А калі я сам пайду ў камісарыят і раскажу, як яны напалі на мяне?

— Ты што, звар’яцеў?.. У цябе няма сведкаў!.. Атрымаеш і за зброю, і за падстрэл!.. Пасядзіш з год пад следствам! Я гэта ведаю!

— Дык што рабіць?

— Пакуль што трэба схавацца, а пасля паглядзім. Невядома яшчэ куды пацэліў Альфрэду.

— Валіў у нагу!

— Страляў у нагу, а трапіць мог у бруха! Я раніцай пайду выведаю, а цябе схаваю ў гумне… Ведаю такое месца… тут блізка. Там можаш і год адседзець. Ніхто цябе не знойдзе.

Адразу падаліся ў дарогу. У адным месцы на ўскрайку мястэчка падышлі да вялікага гумна. Яно было зачынена на цяжкую завалу. Адклаўшы набок дошку, залезлі праз дзюрку пад варотамі. Пасля засунулі назад дошку.

Тут было цёпла і ціха. Панаваў змрок. Гумно было шырокае. Я ўбачыў шмат розных закаморкаў.

— Батальён салдат схаваецца. А цябе тут і сам д’ябал не знойдзе. Толькі нікуды адсюль не выходзь.

Шчур пакінуў мяне ў гумне, а сам накіраваўся ў мястэчка. Праз гадзіну вярнуўся. Прынёс сотню папярос, бутэльку спірту, некалькі пляшак вады і шмат харчоў… Я залез на сена і там, з дапамогай Шчура, зрабіў глыбокую нару. Пасля Шчур, паабяцаўшы адведаць мяне ўвечары, пайшоў.

Я забраўся ў нару і заснуў.

10

Мінула два тыдні. Стаіць палова верасня. Пачаўся залаты сезон. Граніца ажыла. Перамытнікі працуюць зацята. Ёсць групы, якія ходзяць па тры разы на тыдзень. Увесь гэты час я хаваюся ў гумне. Дні праводжу адзін, шмат сплю. А вечарамі і начамі раблю паходы ў мястэчка, стараюся быць непазнаным.

Назаўтра ж, пасля здарэння, даведаўся ад Шчура, што Алінчукі заявілі ў паліцыю, нібыта я напаў на іх на вуліцы і параніў Альфрэда. Рана ў яго лёгкая — прастрэлена левае бядро. Костка цэлая. Акрамя таго ўдарам нагі выбіў яму некалькі пярэдніх зубоў.

— Паставіць залатыя. Добрая нагода! — са смехам вымавіў Шчур.

Таксама даведаўся, што паліцыя шукае мяне. Зрабілі вобыск у гадзіннікавага майстра Мужаньскага і ў Юзіка Трафіды, але я там не з’яўляўся.

Шчур апавядае ўсім у мястэчку пра тое, як напраўдзе здарылася паміж мною і Алінчукамі, што гэта яны першыя зачапілі мяне на вуліцы. Амаль усе хлапцы на маім баку. Зараз браты Алінчукі не могуць паказацца на вуліцы: хлапцы насміхаюцца і здзекуюцца над імі. Шчур і Лорд два разы вымазвалі дзёгцем браму і ваканіцы іх хаты — што звычайна робяць дзяўчыне, на якую маюць злосць. Вымазаная дзёгцем брама або ваканіцы азначае — тут жыве непрыстойная дзяўчына. А паколькі ў Алінчукоў няма сёстраў, усё гэта адрасуецца ім.

Некалькі разоў сустракаўся з Лордам, Каметай, Юлікам і Петрусём. Хлапцы вельмі зычлівыя да мяне. Прапаноўваюць грошы і надзейныя схованкі. Гэта вельмі кранае мяне. He думаў, што маю столькі сяброў. Аднаго разу Шчур сказаў:

— Ты глядзі, калі раптам здарыцца, што цябе будзе арыштоўваць паліцыя, дык не бараніся. Разумееш? Калі арыштуюць, я паклапачуся пра цябе. Знойдуцца грошы, нават вялікія, на працэс і на адваката. Хлапцы дакладуць некалькі гузікаў, і назбіраецца пару кавалкаў.

Нягледзячы на тое, што быў выстаўны, тройчы хадзіў за мяжу. Фартаваў з «дзікімі». Тыя не баяцца працаваць са мной. А калі б хто захацеў мяне засыпаць, не здолее гэтага зрабіць. Пра маю схованку ніхто, акрамя Шчура, не ведае. Каб мне было весялей, ён часта начуе ў гумне. Я двойчы заглядаў да Калішанак, але не начаваў там, а крыху пазабаўляўся і — айда на мяліну.

Штодзённае пакрыёмае жыццё ў гумне пачынае мне надакучаць. Калі самотны марнуюся там доўгія дні, у галаву прыходзяць розныя дурныя думкі. Часта з’яўляецца жаданне пайсці пастраляць Алінчукоў і здацца паліцыі. А найбольш думаю пра Фэлю. Асабліва калі змяркаецца. Смяюся і размаўляю з ёй уголас… Можа, я вар’ят?.. Штораз больш п’ю. Спірт п’ю, як гарэлку, гарэлку — як піва, піва — як ваду. Аднак не напіваюся да непрытомнасці. Ведаю — гэта для мяне асабліва небяспечна. Толькі прысутнасць Шчура мяне падбадзёрвае. He ведаю, чым яму аддзячыць за ўсё: ён такі прыкры і задзірысты для многіх, са мной жа заўсёды памяркоўны і вельмі ўважлівы. Ніколі не ўжывае моцныя выразы і не лаецца без «крайняй патрэбы». Часта спыняе на вуснах якую-небудзь лаянку ў палове выраза.

Неяк Шчур сказаў, што Юзік Трафіда хоча мяне ўбачыць. Я перадаў, каб чакаў а 10-й увечары на Слабадзе, на мосце ля млына.

Вечар быў цёмны. Пракрадаліся разам са Шчурам па вуліцах і завулках у напрамку Слабады. Юзік ужо чакаў нас. Пасля Шчур пайшоў назад у мястэчка, а я з Юзікам — у бок млына. У надзейным месцы прыселі на беразе Іслачы. Доўга маўчалі, а потым Юзік запытаўся:

— Як жывеш?

— Неяк трымаюся.

— Можа, хочаш выехаць адсюль?

— Куды я паеду?

— Ёсць у мяне недалёка ад Івянца сваякі на вёсцы. Калі хочаш, дык уладкую ў іх…

— He. He хачу. Там памёр бы з нуды.

Зноў маўчанне. Праз нейкі час Юзік кажа:

— Дай граблю!

Моцна паціскае мне далонь і, стрымліваючы ўзрушэнне, вымаўляе:

— Дзякуй табе!

— За што?

— Ну, за… Альфрэдчыка. Зараз яго за сабаку ўсе лічаць.

— Шкада, што не забіў гада! — кажу з нянавісцю.

— He шкадуй! Так лепш!

Зноў надыходзіць працяглае маўчанне. Пасля я пытаюся:

— А ты што мяркуеш рабіць? He збіраеш групу?

— Я? — пытае здзіўлены. — He. Са мной, браток, крышка. З граніцай я развітаўся назаўсёды!

— Та-а-ак?

— Так, браце!.. Адну сястру страціў, па начах як воўк лазячы. Другую не дам пакрыўдзіць!.. He, халера!..

Пачуў, як скрыгатнуў зубамі. Было цёмна. Я не бачыў яго зусім, але адчуваў, як пакутуе сябра. Ён вельмі любіў сястру. Мне таксама смылела сэрца. Таму прамовіў:

— Супакойся, Юзік, Альфрэд атрымае за сваё… з ім яшчэ не скончана. Кажу табе… — Хвіліну павагаўшыся, дадаў: — Толькі нікому гэта не пераказвай: Алінчукі трымаюць сувязь з падпольнікамі ў Саветах.

— Та-ак?

— Так… Я даведаюся пра ўсё. Тады разлічымся з імі, раз і назаўсёды.

Зноў западае доўгае маўчанне. Потым Юзік звяртаецца да мяне:

— Можа, табе нешта трэба?

— He. Я ўсё маю.

— А як штосьці будзе неабходна, дык перадай!

— Добра.

Пасля Юзік кажа:

— Навошта я цябе сюды сцягнуў? Ты быў бы шчаслівейшы, калі б не ведаў граніцы!

Я горача запярэчыў:

— He кажы так. Вельмі ўдзячны табе і за дабрыню сэрца, і за сяброўскую дапамогу. Я шчаслівы, браце! Часамі мне сумна, але з гэтым не парадзіш. Ніколі не думай так і не кажы мне пра гэта!..

Мы доўга размаўлялі, седзячы ў цемры на беразе рэчкі. Пасля развіталіся, і я, узрушаны, доўга крочу невядома куды завулкамі. Ноч цёмная. Немагчыма разгледзець твар рэдкіх мінакоў.

Позна ноччу вяртаюся ў сваю схованку. Выпіў палову пляшкі гарэлкі і залез на сена. Аднак заснуў не хутка.

Нараніцу сустрэўся з Лордам. Шчур перадаў, што ён мае нейкую пільную справу. Лорд чакаў нас на могілках. З сабой у яго было тры пляшкі гарэлкі і крыху закускі. Седзячы на траве каля нізкага каменнага тыну, мы пілі гарэлку… Пасля я запытаў:

— Што ты хацеў сказаць?

— Фэля пыталася пра цябе.

На хвіліну ў мяне адабрала мову. Добра, што сябры не бачылі выразу твару. Потым я нібы абыякава запытаўся:

— Што ёй трэба?

— Яна чула, што ты некалі меў сутычку з Алінчукамі пры касцёле, а другі раз тады, як падстрэліў Альфрэда. Што ён нібыта сказаў пра яе нешта абразлівае, а ты за гэта стрэліў.

З хвіліну я не адгукаўся, а пасля прамовіў:

— Пра першы выпадак ты і сам добра ведаеш. А калі Алінчукі ўначы прычапіліся, дык Альфрэд сказаў непрыстойнае пра мяне і Фэлю разам. Аднак я нікому пра гэта не казаў. He разумею, адкуль яна даведалася.

— Уласна, пра гэта Фэля і прасіла мяне спытаць у цябе: што сказаў табе пра яе Альфрэд?

Я яшчэ вагаўся. Тады Лорд вымавіў:

— Ты кажы. Фэля — гэта такая баба, якой можна ўсё расказаць! Ёй гэта трэба. Можа, раскажа Сашку…

— Альфрэд сказаў… — я дакладна паўтарыў Лорду словы Алінчука.

— Добра, — прамовіў калега. — Перадам ёй.

— Лепей не кажы. Можа, разгневаецца, што я даю падставы абгаворваць яе.

— Ты за гэта не перажывай. Яна нічыіх языкоў не спалохаецца. Яна сабе парадзіць. Проста хоча ведаць усю праўду.

Хутка Лорд развітаўся з намі.

— Пойдзеш да яе? — запытаўся я ў яго.

— Так. Можа, хочаш штосьці сказаць?

— He… Нічога…

— Да сустрэчы!

— Шчасліва!

Я і Шчур яшчэ доўга ляжалі на могілках. Ён апавядаў мне пра апошнія здарэнні на граніцы, пра местачковыя навіны, пра тое, што чуваць у хлопцаў. Пасля правёў мяне ў гумно і пайшоў да мястэчка.

У тую ноч я доўга не засынаў. Усё думаў пра Фэлю…

Назаўтра, як толькі змяркалася, да мяне прыйшоў Шчур. Быў вельмі вясёлы, таямніча міргаў вокам і безупынку ўсміхаўся.

— Зараз пойдзем у адно месца. Хутчэй збірайся!

— Куды? Чаго?

— Убачыш…

— Каго? Што?

— Бач, які ты?.. Пацярпі трошкі. Будзеш задаволены!

Паспешліва крочыў каля сябра, стараючыся разгадаць, што гэта можа быць. У адным месцы мы пералезлі праз паркан у агарод і ўвайшлі на падворак чыёйсці хаты. Неўзабаве апынуліся на парозе вялікага будынка з выбеленымі вапнай сценамі.

Я ўбачыў Сашку і Жывіцу, якія сядзелі за сталом.

— А, ёсць! — вымавіў Сашка.

— Ёсць, — адгукнуўся Шчур.

Падышоўшы да стала, я паціснуў руку Сашку і Жывіцы.

— Сядай! — сказаў Сашка. — Пагутарым трохі.

Я сеў за стол.

— Дык ты добра яго выфранціў! Нібы пярлінку! — прамовіў Сашка.

— Трэба было… Зачапілі мяне…

— Гэта добра — як трэба, дык трэба!

Сашка наліў да паловы чатыры шклянкі гарэлкі і кіўнуў нам галавой:

— Ну, шахнем!

Усе адразу выпілі.

— Дык зараз табе цесна тут?.. Хаваешся?.. — казаў далей Сашка.

— Так, хаваюся. Але неяк жыву, ды і на работу хаджу таксама. Ён мне дапамагае! — я паказаў галавой на Шчура. — Калі б не ён — не ведаў бы, што і рабіць!

Сашка ляпнуў Шчура даланёй па плячы і запытаўся ў мяне:

— З кім фартуеш? З Юрліным?

— He… З «дзікімі»…

Жывіца адрывіста засмяяўся.

— З «дзікімі»?! — выгукнуў Сашка.

— Так… А што рабіць?.. Астатнія баяцца мяне. Хіба што «на сваю руку» хадзіць…

Сашка задумаўся. Доўга знерухомлена глядзеў у кут пакоя. Раптоўна ў яго на лбе пралегла вертыкальная доўгая складка… як у Фэлі. Я, узрушаны, гляджу на яго і маўчу… Маўчым усе. Шчур пакусвае ніжнюю вусну і пазірае то на мяне, то на Сашку, то на Жывіцу, які камячыў у пальцах кульку з хлеба.

Пасля Сашка глядзіць мне ў вочы і кажа:

— Заўтра пойдзеш са мной на работу!

He раздумваючы, я радасна выгукнуў:

— З ахвотай!

Бачу ўсмешку на твары Шчура. Сашка звяртаецца да Жывіцы:

— Спатрэбіцца ён нам?.. Як?..

— Спатрэбіцца, — у знак згоды кіўнуўшы галавой, адказвае Жывіца.

— Ну, то дай граблю!

Сашка моцна паціскае мне далонь. Жывіца ідзе за яго прыкладам, толькі сціскае злёгку. Моцны поціск яго рукі мог бы знявечыць мне пальцы. Сашка зноў налівае ў шклянкі гарэлкі і кажа:

— Ну, дык за поспехі!.. Шахнем!..

Выпілі.

Гляджу на Сашкаў лоб… Ён гладкі… Маршчынка знікла. Радасна гляджу ў вочы сяброў… Мне становіцца так лёгка і весела… Зноў чую голас Сашкі:

— Ну, шахнем, хлапцы!

11

Едзем на захад. Коні нясуцца навыперадкі з ветрам. Нас вязе Янкель Парх. У мястэчку жыды называюць яго мішыгінэ («вар’ят»). Янкель Парх упадабаў хуткую язду, упадабаў рызыкоўныя мерапрыемствы, але больш за ўсё любіць Сашку, якога абагаўляе за смеласць, за шчырасць, за шырыню! Працуе з Сашкам часта.

Янкель Парх — горкі п’яніца. Па п’янцы ён неаднойчы заганяў і калечыў коней. Пару разоў коней яму купляў кагал. Аднак калі Янкель перастаў рамізнічаць, а пачаў ездзіць з перамытнікамі на «фарт», кагал пакінуў яго на асабістую ініцыятыву… Цяпер Янкель меў пару вараных коней — маладых, моцных, трывалых.

Воз нагружаны таварам, на які зверху накладзены тоўсты пласт сена. Я сяджу каля Жывіцы. Сашка ляжыць на сярэдзіне воза, захутаны ў кажух. Дрэмле. Жывіца маўчыць. Я ў захапленні ад хуткай язды і перспектывы цікавай працы разам з Сашкам і Жывіцам. Задаволены таксама і пераменай месца.

Стаіць цёплы вечар. Паветра настоена водарам.

Ноч выпаўзае з-за лесу, што на ўсходзе. Яна павісае над зямлёй — змрочная, велізарная… З намаганнем абедзвюма рукамі сцягнула зверху ўніз чорны балдахін… цяжкі і халодны… А потым, нябачная, бо схавана цемрай, яна доўга рагатала аб перамозе…

— Но, дзеткі, но! — падахвочваў коней да бегу Янкель, і мы імчым далей у начны змрок.

Зараз едзем на поўдзень. Вочы прызвычаіліся да цемры, і я ўсё лепш адрозніваю мясцовасць. Думаю пра ўсялякія рэчы: пра мяжу, пра сяброў, пра Лорда, пра Шчура, пра Камету. Думаю пра Чрэзвычайку і Допр. Думаю пра Лёню і Бэльку, пра Фэлю. Падлічваю, у колькіх групах прымаў удзел: першай — Юзіка Трафіды, пасля — Лорда, пазней — Маманта, наступнай — Юрліна, нарэшце — «дзікіх», а зараз буду працаваць з Сашкам.

Гляджу на паўночны захад. Вялікая Мядзведзіца — агромністая, прамяністая, шырока раскінулася на небе. Засоўваю руку ў кішэню, пястую даланёй разагрэтую ад цела сталь рэвальвера.

Зварочваем на поўдзень. Едзем вузкімі палявымі дарожкамі. У адным месцы скіроўваем на луг і напрасткі нясёмся па ім. Коні ляцяць уперад, а фурман падахвочвае іх да яшчэ шпарчэйшага бегу. Выязджаем да нейкай рачулкі. Вада пырскае далёка ў бакі. Воз нырае па восі. Затым, ламаючы кусты, выязджаем на прастору палеткаў.

Воз хістаецца ўправа і ўлева. Падскоквае ўгару. Мне часам здаецца, што зараз перакулімся, аднак Янкель — майстар у кіраванні, і мы імчымся далей, не змяншаючы хуткасці язды.

— Но, дзеткі, но!

I дзеткі нясуцца, як бура, дратуючы кусты і выкідваючы з-пад капытаў скібы зямлі.

Пазней зварочваем на ўсход. Дзе-нідзе мігацяць у вокнах будынкаў агні. Пару разоў праязджаем праз вёскі. Нас сустракае брэх сабак, якія вылятаюць нам наперад, але зараз жа адскокваюць на бакі і замаўкаюць.

Мне вельмі хочацца заспяваць песню, але стрымліваю ў сабе гэтае жаданне. Грудзі распірае захапленне і прага дзейнасці. Зрабіўся нібы п’яны.

Позна ўвечары прыязджаем на адзінокі хутар, далёка за Волмай. Ён схаваны з трох бакоў крыламі лесу. З чацвёртага боку яго захінае агарод.

Воз уязджае на шырокі дзядзінец і затрымліваецца зводдаль ад хаты. Мы на месцы. Злазім з воза. Па дзядзінцы да нас крочыць нейкі мужчына з ліхтаром у руках. Паціскаючы даланю Сашкі, вітаецца з ім:

— Значыць, таго, пан Алесь, будзе работа!

— Яшчэ якая! — весела адгукаецца Сашка.

Ужо цёмны вечар. Я, Сашка і Жывіца павольна ідзём праз вялікі сад. Нябачныя ў цемры галінкі дрэў б’юць па твары. Захінаю галаву рукамі і нізка нахіляюся.

Прадзіраемся праз густы маліннік. У адным месцы Сашка затрымліваецца. Адчыняе выдатна замаскіраваныя дзверцы і, свецячы ліхтарыкам, сыходзіць уніз па стромістай драбіне. Я раблю як ён. Апошнім залазіць Жывіца. Зачыняе за сабой дзверцы.

Мы ў невялікім склепе. Яго сцены ашаляваны тоўстымі дошкамі і дылямі. Сашка павесіў у куце на цвік ліхтар з вялікім рэфлектарам, і ён выразна асвяціў увесь склеп.

З аднаго боку на тоўстай драўлянай лаве я бачу некалькі поўных мяшкоў. На другой лаўцы ляжаць тры ношкі. А праз плячо ў Сашкі вісіць ёмістая скураная торба. Ён сядае на лаву непадалёку ад ліхтара і выймае з яе тры рэвальверы. Адзін з доўгай руляй, a два звычайныя. Кладзе іх на лаву і выцягвае з торбы некалькі запасных абоймаў. Уважліва аглядае зброю, потым зараджае і ставіць на засцерагальнікі. Падае мне адзін парабелум і пытае:

— Ведаеш гэты капыт?

— А як жа, ведаю!

— Ну, дык трымай!

Пасля падае мне шэсць запасных абоймаў.

Вымаю з кішэні наган і паказваю яму.

— Яшчэ адна машына ёсць!

— I гэта не пашкодзіць, — адказвае Сашка, падаючы Жывіцу наступны парабелум. Пасля звяртаецца да мяне:

— Глядзі, каб кішэня, у якой магазіны, была чыстая. Найлепей трымай у левай.

Зручна рассоўваем зброю і абоймы, правяраем, як працуюць ліхтарыкі. Затым Сашка паказвае на меншую ношку і кажа:

— Гэта твая… Адзенеш, калі выйдзем наверх.

Мы павольна вылазім па драбіне. Я закладаю на плечы ношку. Важыць, напэўна, фунтаў сорак. У Сашкі яна значна большая. А ношка Жывіцы важыць прыкладна сто фунтаў.

Знаходзімся ў садзе. Крочым паціху некуды ў цемру. На ўскрайку саду затрымліваемся. Сашка лёгка свіснуў. Праз хвіліну з цемры паказваецца нечая невыразная постаць. Чую голас гаспадара:

— Усё, значыць, у парадку… Ідзіце па краю, потым лугам… Напэўна, да раніцы не вернецеся?

— He паспеем, — кажа Сашка, а праз хвіліну дадае: — Ну, дык бывайце здаровыя!

— Дай вам Бог шчасця! — адказвае гаспадар.

Сашка ступае наперад, за ім ідзе Жывіца, я замыкаю паход. Каб не пакінуць слядоў у чыстым полі, крочым межамі. Праз чвэрць гадзіны ўваходзім у стары бор. Угары лунае глухі пошум дрэў. Пахне галлём і вільгаццю. Ногі без шоргату ступаюць па густым моху. Усё больш цямнее.

Праз паўгадзіны мы выйшлі на ўскрай бору. Перад намі, раскінуўшыся, ляжыць вялікі луг. Бачу толькі яго пачатак, далей прастора губляецца ў змроку.

Зноў марш. Ідзём роўна, павольна, блізка адзін ад другога.

Пачынаецца дрыгва. Крочым яшчэ марудней. Дзе-нідзе бачым бліскучыя калюжыны. Туды пазіраюць зоркі і прымглёна мігцяць, нібыта з глыбокай цясніны.

Ідзём полем. Штораз крочым марудней. З гэтага раблю выснову — блізка граніца. Недзе далёка ад нас брэша сабака. Уядае доўга, са злосцю.

Крок за крокам прабіраемся наперад. Сціскаю ручку рэвальвера і паглядаю ў бакі, аднак нічога не бачу ў цемры.

Заўважыў, што Жывіца спыніўся на месцы. Таксама затрымліваюся. Так, не рухаючыся, стаім вельмі доўга.

Дзесьці збоку чую лёгкія шолахі. Потым адрозніваю крокі людзей, якія ідуць. Уважліва гляджу ў тым накірунку, але абсалютна нічога не магу ўбачыць. Чорная постаць Жывіцы на цёмным фоне неба выглядае як пень ад дрэва. Сашку ўвогуле не бачу. А крокі набліжаюцца да нас. Штораз бліжэй. Чую лёгкае пакашліванне. Хтосьці плюецца. Трымаю ўзведзены рэвальвер і здзіўляюся, што мы не адыходзім або не рухаемся наперад, каб пазбегнуць сустрэчы з нябачнымі ў цемры зялёнкамі.

Крокі ўсё набліжаюцца да нас. Сунуцца без жадання, доўга члапаюць. Мне здаецца, што яны ўжо тут, побач.

Нечакана шоргат крокаў прыпыняецца, і чую выразны голас, які гаворыць па-расейску, з вялікарускім акцэнтам:

— Никак что-то плюснуло?

Праз некалькі секунд адгукаецца сіпаты нізкі бас:

— Это у тебя в голове…

Зноў чую крокі. Шоргаюць доўга, цяжка. Здаецца, што зараз напаткаем людзей, якія ідуць насустрач нам. Гэта падман. Крокі пачынаюць аддаляцца. А праз некалькі хвілін усё ахінае поўная ціша. У той жа момант цёмная постаць Жывіцы рухаецца наперад, услед за ёй іду я.

— Будзеш дняваць? — пытаецца Барсук.

— У лесе, — кажа Сашка.

— Можа, што-небудзь з’ясцё?

— Возьмем з сабой… Прынясі сюды.

Барсук выходзіць з хаты і праз некалькі хвілін вяртаецца з дрэнна выпечаным ржаным хлебам і ладным кавалкам сала. Жывіца ўкладвае правіянт у пустую ношку. Сашка выняў з кішэні пляшку спірту. Кіўнуўшы галавой гаспадару мяліны, вымавіў:

— За цябе!

Сашка трошкі адпіў з бутэлькі. Абцёр даланёй рыльца і падаў Барсуку, які паўтарыў гэтую цырымонію, п’ючы да Жывіцы, a Жывіца — да мяне. Потым разбавілі спірт вадой і выпілі па другім крузе: «За поспех!»

Неўзабаве выйшлі з хаты і накіраваліся ў лес.

Калі пачало світаць, мы апынуліся ў гушчары вялікага лесу. Ляжалі пад магутным дубам. Угары шумелі дрэвы.

Сашка кроіў нажом сала і хлеб. Пачалі есці. Знішчылі большую палову прынесенага з сабой харчу. Пасля закурылі папяросы.

— Ён адзін жыве? — запытаўся ў Сашкі, маючы на ўвазе Барсука.

— Жонка ад яго ўцякла… Здзічэў… — адказаў мне сябра.

Калі скончылі курыць, Сашка прамовіў да мяне:

— Праз тры гадзіны пабудзі! Калі табе будзе цяжка, будзі раней.

Сябры леглі спаць, а я сядзеў, абапершыся плячыма аб камель дрэва, з рэвальверам напагатове — пільнаваў іх ад небяспекі. Узіраўся ў лес, паглядаў на перамытнікаў, што спалі, на гадзіннік, на выдатны парабелум.

Мне вельмі імпанавала, што вартую сон гэтых славутых фартоўцаў, якія давяралі мне ва ўсім. Зразумеў, што Сашка даў мне першую — лягчэйшую варту, бо другая — перарывала сон…

Гляджу на стрэлкі, якія рухаюцца марудна, і думаю шмат пра што… Пасля ўглядаюся ў адкрыты твар Сашкі. На яго чале з’яўляецца глыбокая вертыкальная маршчынка. Яму сніцца нешта дрэннае!

— Нічога, нічога… Спі спакойна!.. — кажу яму ціха і пранікнёна.

А лес шуміць навокал. Шуміць весела, голасна, радасна… Вітае ўзыход сонца…

12

Стаяла сярэдзіна кастрычніка. Ночы былі яе доўгія, цёмныя. Восень ахінула граніцу і пагранічча. Выслала жоўтымі кілімамі лістоты.

Мы перакінулі праз граніцу ўжо дзевяць партый тавару. Некалькі разоў паспявалі за адну ноч перанесці тавар за граніцу на мяліну і пад раніцу вярнуцца назад дахаты. Усё перакідваем сахарын, які прывезлі з сабой. Тавару ўжо засталося няшмат. Я мяркую, што пасля заканчэння «салодкага інтарэсу» мы пачнём насіць новы тавар. А можа, Сашка зробіць перапынак. He пытаюся ў яго. Увогуле размаўляем мала, толькі пра важныя, патрэбныя справы. Зжыліся ўсе вельмі блізка. Часта разумеем адзін другога без слоў — адным жэстам, адным позіркам.

Тры дні запар не ішлі ў дарогу. Ліло безупынку. Дождж размачыў мясцовасць. Стварыў шмат новых азёр. Малыя ручаі ператварыліся ў вірлівыя рэчкі. Учора ўначы дождж перастаў і выпагадзілася. Цэлую ноч і ўвесь дзень быў вецер з захаду.

Па абедзе Сашка выйшаў з хаты. Праз вокны я бачыў, як ён пайшоў да лесу, што чарнеў непадалёку ад хутара. Адсутнічаў больш дзвюх гадзін, а калі вярнуўся, дык вымавіў:

— Сёння ідзём… З гэтым трэба канчаць…

Жывіца кіўнуў яму галавой і далей гуляў са мной у карты — у 66. Гулялі проста так.

Пасля трох выпраў за граніцу Сашка даў мне 75 даляраў.

— Твая доля, — прамовіў ён коратка.

Пасля трох наступных — даў мне яшчэ 100 даляраў. Напэўна, таму, што я ўжо браў не сарака, а пяцідзесяціфунтовыя ношкі. Калі мы вярнуліся з апошняга падарожжа — зноў даў мне 100 даляраў. Зараз маю 275 даляраў. Я запытаўся ў Сашкі, колькі павінен гаспадару за харчаванне. Ён адказаў:

— Гэта цябе не абыходзіць! Гэта я арганізоўваю.

У дарогу вырушылі вельмі рана, як толькі змяркалася. Вецер змяніўся і дзьмуў зараз з усходу. Неба ачысцілася ад хмар. Месяц каціўся ўгары — вялікі, бляклы, скрыўлены, нібы пасля касторкі.

Крочыць было цяжка — залева ператварыла палеткі ў гразюку. Мы з намаганнямі выцягвалі ногі з балота. Нарэшце дабраліся да лесу. Тут ісці лягчэй, толькі вельмі цёмна. Промні месяца ледзь-ледзь прабіваюцца дзе-нідзе паміж галля.

Амаль кожны раз ідзём за граніцу іншай дарогаю. Напрамак — заўсёды адзін, толькі разлічваем так, каб граніцу перасячы ў іншым месцы. Сашка бярэ пад увагу, што мы заўсёды пасля сябе пакідаем сляды, таму на нашай сцежцы зялёнкі могуць наладзіць засаду, разлічваючы, што калі-небудзь мы будзем вымушаныя пайсці па адным з добра знаёмых шляхоў. Аднак мы ніколі не ідзём два разы адной і той жа дарогай. Толькі ў тылах не так часта змяняем яе. Там больш бяспечна.

Сёння з самага пачатку ўсё ўскладняла наша падарожжа. Сашка гэта прадбачыў, таму так рана выйшлі… Ногі гразнуць у балоце амаль па калена. Там, дзе за некалькі дзён перад гэтым былі лужы, сёння стаялі азёры, дзе былі ручайкі, сёння бруяць вадаспады, дзе былі вадаспады, зараз ужо рэкі. Востры, халодны вецер рэжа па вачах, не дае дыхаць. А найгорш — гэта Лысы. Свеціць ярка, моцна, нібы ўвайшоў у хаўрус з зялёнкамі. Ён асвятляе нас, як з рэфлектара, снапом промняў, і мы бачны на значнай адлегласці.

Доўга стаім на ўскрайку лесу. Перад намі знаходзіцца вялізная адкрытая прастора, на сярэдзіне якой пралягла граніца… Ступаем на багну. Пераскокваючы з купіны на купіну, памалу сунемся наперад.

Хоць я амаль па пояс мокры і ў балоце, аднак мне горача: рух разаграе цела. Нарэшце пераходзім граніцу і крочым па прамой. Раптоўна Сашка прыспешвае крокі і штораз ідзе хутчэй. Гэта мяне здзіўляе, але, не азіраючыся па баках, іду следам за Жывіцам. Тады ззаду выбухае карабінавы стрэл. Мне падаецца, што ён даляцеў да маіх вушэй з вельмі далёкай адлегласці, бо моцны ўсходні вецер адносіць гук стрэлу назад. Магчыма, што там, як звычайна, крычаць: «Стой! Стой! Стой!», аднак я не чую слоў.

Вакол усё часцей пачынаюць свісцець кулі. Я азіраюся і бачу людзей, якія бягуць на адлегласці 200 крокаў ад нас… Іх некалькі дзесяткаў. Рассыпаліся ланцугом. «Адкуль столькі салдат?» — думаю, прастуючы за сябрамі.

Сітуацыя крытычная. Адступаць нельга. А да бліжэйшага лесу на ўсходзе больш пяці кіламетраў. Непадалёку ёсць пералескі і грывы кустоў, але яны не могуць схаваць нас ад пагоні.

Сашка зварочвае на паўднёвы ўсход. Амаль бяжым. Стрэлы грымяць без перапынку. На шчасце не трапляюць у нікога з нас. Дабраліся да густых зарасляў лазняку. Затрымаліся. Сашка кідае:

— Падпусціць блізка!.. Пасля секануць!..

Схаваныя ў кустах, чакаем, укленчыўшы. Падрыхтавалі парабелумы і запасныя абоймы.

Пагоня ўсё бліжэй. Выразна бачу шэрыя постаці, якія рухаюцца ў наш бок. Полы доўгіх шынялёў засунутыя за рамяні, каб не перашкаджалі ў руху. У месяцовых промнях блішчыць зброя.

Чую моцны зычны голас, які зрываецца на крык:

— Цепью, за-хо-ди спра-ва-а-а!

«Хочуць загнаць нас у багну!» — думаю, уважліва пазіраючы наперад.

Ужо блізка. Крокаў пяцьдзесят ад нас.

«Чаму Сашка не страляе?»

Бачу, што ён паклаў на локаць левай рукі доўгую рулю парабелума… Цэліцца ўправа. Гляджу на Жывіцу… Нацэліўся ў сярэдзіну ланцуга. Тады я цэлюся ў аднаго з салдатаў на левым крыле.

А шэры ланцуг узброеных людзей, здаецца, плыве наперад у моры месячных праменняў.

Нечакана справа разлятаецца рэвальверны стрэл Сашкі. Уважліва цэлячыся ў людзей, якія набліжаюцца, пачынаю страляць. Выбіў дзесяць патронаў і ўвагнаў у ручку парабела новы магазін. Сашка і Жывіца паляць безупынна. Ланцуг затрымліваецца і ламаецца. Здалёк далятае голас:

— Ложись!

Шэрыя постаці знікаюць. Грымяць стрэлы карабінаў. А мы перабягаем на другі бок кустоў і ступаем на багну. Крочым па купінах, якія ўгінаюцца пад нагамі. А ззаду ляціць частая страляніна.

Як здані, крок за крокам павольна сунемся наперад у імглістым моры месячных праменняў. Гук стрэлаў усё больш аддаляецца.

«Не пойдуць зараз за намі. Пераканаліся, што не лёгкае на здабычу паляванне!»

Ідзём далей. Багна трасецца пад нагамі. З-пад ботаў прасочваецца вада. Каб не парваць эластычную накрыўку з імхоў і вадзяных раслін, што ляжала на гразкай дрыгве, мы павялічваем адлегласць паміж сабой.

Праз дзве гадзіны выбіраемся на трывалы грунт. Паблізу сцяной стаіць чорны лес. Бліснуўшы вачыма, Сашка паказаў на дрыгву, якую мы перайшлі:

— Ну, хай яны паспрабуюць!

— He здолеюць! — адказвае Жывіца.

Рухаемся наперад і хутка ныраем у таямнічы змрок лесу.

«Тут нас сам д’ябал не затрымае!»

Ужо дванаццаць партый тавару перакінулі праз граніцу. Учора Сашка даў мне за апошнія тры падарожжы 150 даляраў. Гэта вельмі шмат, але ж і ношкі былі па 70 фунтаў. Зараз у мяне 425 даляраў… Цэлы капітал, зароблены без агранды.

Заўважыў, што за год і тры месяцы знаходжання па паграніччы фізічна вельмі падужэў. Зараз мне лягчэй рухацца з 70-фунтовай ношкай, чым некалі з 30-фунтовай. А самыя цяжкія дарогі перамерваю гэтак лёгка, нібы звычайныя шпацыры.

Пад час нашай працы мы мелі шмат розных здарэнняў на граніцы і паграніччы, але не расказваю тут, каб занадта не зацягнуць свой аповяд.

Калі апошні раз вярталіся з-за граніцы, Сашка павёў нас па зусім новай, акружной дарозе. Цяпер здалёк абыходзім той адрэзак, на якім сутыкнуліся з салдатамі. Дабаўляем некалькі кіламетраў шляху, аднак мясцовасць тут зручнейшая. Няма дрыгвы, а навокал вялікія лясы. Дык вось, вяртаючыся дахаты, непадалёку ад мяжы мы заўважылі ў лесе «караульное помещение». Сашка пачаў падкрадацца да яго. Мы пайшлі за ім. Зброю трымалі напагатове.

Сашка спыніўся каля асветленага з сярэдзіны вакна. Я стаў побач. Убачыў вялікае памяшканне. Углыбіні былі нары, на іх ляжала некалькі чырвонаармейцаў. Яны, напэўна, спалі. Ля вакна быў стол, там ляжалі нейкія паперы і гарэла вялікая лямпа.

Пасярэдзіне хаты стаяў высокі шчуплы чырвонаармеец і, прамаўляючы да некалькіх салдат, што сядзелі на лаўках абапал сцяны, нешта ім апавядаў, жвава рухаючы рукамі. Бачым вясёлыя твары і цікаўныя вочы. Раптоўна разлятаецца агульны моцны выбух смеху.

Тады ж заўважыў, што Сашка падымае ўгару парабелум. У першы момант падумаў, што ён вырашыў страляць праз вакно ў салдат, але потым заўважыў — цэліцца ў лямпу.

Чырвонаармеец апавядае далей: выкрыўляе твар, уздымае бровы, разводзіць рукамі. Потым робіць крок наперад і гаворыць так моцна, што да маіх вушэй далятаюць паасобныя выразы.

Выбухае яшчэ мацнейшы смех. У гэты момант Сашка стрэліў. Разносіцца гук, трэск, звон шкла, і хата напаўняецца змрокам…

Нейкі час усярэдзіне пануе поўнае маўчанне, пасля пачынаюць далятаць спалоханыя галасы і воклічы:

— Что за черт?

— Какой мерзавец разбил лампу?

Чуем усярэдзіне шоргат ног. Нарэшце бліснуў ліхтарык.

— Это кто-то выстрелил снаружи! — крычыць хтосьці ў хаце.

Мы павольна адыходзім у глыб лесу. Сашка ціха смяецца.

Шчасліва вярнуліся на мяліну. Гэта было наша апошняе падарожжа з сахарынам. Перакінулі праз граніцу ўвесь запас, які прывезлі з мястэчка. Пасля апошняга паходу за граніцу Сашка сказаў:

— Ну, браткі, заўтра шуруем у Рубяжэвічы! Трэба трошкі гульнуць, а потым зробім яшчэ адзін інтарэс. Зіма блізка!

* * *

Ужо трэці дзень мы ў Рубяжэвічах. Затрымаліся ў Сашкінага сябра, які жыў на ўскрайку мястэчка. Сашка цэлымі днямі хадзіў па справах. Некалькі разоў бачыў яго ў мястэчку з нейкімі жыдамі. Гэта былі купцы. Я і Жывіца бавім час у хаце. Спім, п’ем гарэлку ці гуляем у карты.

Учора бавіліся ўсю ноч. Каб зусім вызваліць памяшканне, Сашкаў сябра, Стасік Удрэнь, у якога мы спыніліся, адправіў двух малых братоў на ноч да суседкі. Ведаў, якая будзе забава.

Неспадзяванкай для мяне стаў прыезд з Ракава гарманіста Антося. Прывёз яго, спецыяльна для гэтай мэты высланы, Янкель Парх.

Удзень Стасік з Сашкам за некалькі разоў прынеслі мноства скрынак рознай велічыні. Хата ў Стасіка была вялікая, але вельмі занядбаная. Я з Жывіцам крыху давялі яе да парадку. На чорнай палове і кухні развязалі прынесеныя з горада пакункі, расклалі іх на стале і на паліцах. Тут было шмат дабраных рэчаў: каньякі, лікёры і гарэлку паставілі ў шафку.

Пазіраючы на такое багацце, у мяне ўзнікала жаданне палепшыць сабе настрой, аднак Жывіца сказаў, каб я пачакаў, паколькі трэба пакінуць месца на вечар.

Гарманіст Антось сядзеў у чыстай палове хаты і паціху парыпваў на гармоніку розныя фрагменты мелодый.

Увечары, каля сёмай гадзіны, у кампаніі трох дзяўчат прыйшоў Стасік. Ён пазнаёміў нас.

— Юля.

— Казя.

— Ядзя.

Называлі свае імёны, па чарзе вітаючыся з намі. Напачатку яны трымаліся вельмі паважна, аднак хутка іх разагрэлі жарты Стасіка, музыка Антося і перспектыва вясёлай забавы.

Мы пасадзілі дзяўчат каля стала і пачалі частаваць іх гарбатай і пячэннем. Я паспрабаваў падліць у гарбату каньяк — не пратэставалі.

Юля — гэта пульхная бландзінка з прыемнай усмешкай. Яна часта, нібы ад ласкі, весела смеючыся, закідвае назад галаву. Казя — брунетка з цёмнымі вачыма і прадаўгаватым тварыкам. Трымаецца сур’ёзна і смяецца толькі куточкамі вуснаў. У Ядзі пышныя рыжыя валасы і белы твар. Яе вельмі вясёлая ўсмешка прыадчыняла выдатныя зубы. Mae прыгожыя ногі і, напэўна, зважаючы на гэта, носіць вельмі кароткую сукенку. Усе маладыя; мусіць, ніводнай з іх няма больш дваццаці. Седзячы за сталом, утвараюць тры яркія плямы. Юля — крэмавай сукенкай, Казя — цёмна-зялёнай, Ядзя — жоўтай.

Праз нейкую гадзіну прыходзіць Сашка. Весела вітаецца з дзяўчатамі і Антосікам. Размова ажывае. Стасік безупынна жартуе. Дзяўчаты штохвілі выбухаюць смехам. Мы стараемся іх спаіць, аднак тыя п’юць неахвотна. Каб яны ўзялі кілішак, трэба кожны раз прымушаць.

Праз гадзіну настрой уздымаецца. У паненак ззяюць вочы і пунсавеюць шчокі. Мы таксама добра прыклаліся. Антось рэжа на гармоніку. Дзяўчаты сядзяць за сталом у радок. Стараемся іх разлучыць. Сашка, падняўшыся з месца, падыходзіць да Казі, якая найбольш цвярозая з усіх. Хутка хапае яе пад пахі і, перш чым дзяўчына паспела запратэставаць, пераносіць і садзіць побач з сабой на другім баку стала. Юля, пляскаючы ў далоні, кажа:

— Гэта выдатна!

— Як выдатна, дык выдатна! — вымаўляе Жывіца. Набліжаецца да Юлькі і разам з крэслам падымае яе ўгару.

Дзяўчына пішчыць і хапаецца рукамі за падлакотнікі крэсла. Усе смяюцца. Жывіца абносіць Юльку з крэслам вакол стала і ставіць каля сябе. Затым садзіць яе на калені. Паненка хоча вырвацца, перамытнік злёгку, аднак рашуча, утрымлівае яе. Я ўладкоўваюся каля Ядзі, ладныя ногі якой, белы твар і вогненна-рыжыя валасы даўно хвалююць мяне.

— Бач, як падабраліся! — кажа Стасік. — Парамі. А я адзін, нібы цвік у плоце.

Сашка звяртаецца да яго:

— Схадзі за Эстэркай. Пэўна, ужо вярнулася з Баранавіч… Скажы, што гэта я яе клічу. Хай захопіць гітару… Адным дыхам!

— Гарыць! — выгуквае Стась і без шапкі вылятае за дзверы.

Мы ж далей узмоцнена частуем паненак лікёрам і вішнёўкай.

Ужо трошкі п’яныя. Моцна жэстыкулююць. Часта выбухаюць смехам з любой нагоды. Ідучы за прыкладам Жывіцы, я пасадзіў сабе на калені Ядзю. He пратэстуе, абхапіла мяне рукамі за шыю. Калыхаемся з ёй у такт вальса.

Праз чвэрць гадзіны вяртаецца Стась.

— Ёсць! — крычыць ён з парога. — Выдатнейшая, найпрыгажэйшая Эстэрка ўласнай асобай!

Хуткімі крокамі ў пакой уваходзіць худая, сярэдняга росту дзяўчына-жыдоўка. Вымае з-пад паліто гітару і, кладучы яе на крэсла, зычна кажа:

— Вясёлай забавы!

— Запрашаем! — адгукаецца Сашка. — Сядай тут! — паказвае на вольнае месца каля стала.

На Эстэрцы вельмі кароткая чырвоная сукенка. Твар непрыгожы, але постаць надта зграбная. У яе чорныя, коратка падстрыжаныя валасы, вялікія пачуццёвыя вусны і прыгожыя вочы. Стась пачынае хутка паіць яе вішнёўкай. Дзяўчына, не саромеючыся, есць і п’е і сама ж весела жартуе.

— Аднак у Эстэркі ручкі, як цукерачкі! — кажа Стась.

— У мяне і ножкі, як цукерачкі! — адказвае Эстэрка і кладзе на стол нагу з выпрастанай ступнёй.

Гэта вітаецца агульным выбухам смеху. Стась не здаецца і таксама ўладкоўвае нагу на стол.

— Ну, паглядзім, чые ладнейшыя? Хай паненкі ацэняць.

А дзяўчаты весела смяюцца.

Затым Эстэрка выбягае на сярэдзіну пакоя. У руках трымае гітару. Нейкі момант перабірае пальцамі струны, спрабуе розныя акорды, а пасля спявае:

Глядзіце, фраеры,

На мае лакеры.

Ці не цуд яны?

Ззаду лытка зграбная;

Тварык, грудка вабная.

А таксама шык які!

Спявачка рухаецца на насках чаравічкаў, нахіляецца ўзад і ўперад, спрытна круціцца на адным месцы. Мы ўсе глядзім на яе ў маўчанні, а яна, грацыёзна рухаючыся па пакоі, сваёй мімікай твару, падкрэсленымі жэстамі ілюструе песню.

Нарэшце заканчвае куплеты:

Хоць лысы і здрадзе,

Нас гэта не звяжа.

У нашых ты марах — ноч!

Як скончым забаву,

Пойдзем мы па справу.

Адмычак у кожнага шмат!

Эстэрка стукнула костачкамі пальцаў аб гітару і з воклічам: «Э-эх!» крутанулася на абцасах так хутка, што падол спадніцы ўзвіўся ўгару. Паненкі засмяяліся. Мы ж пляскаем у далоні.

П’ём далей. Ніхто не адчувае няёмкасці. Эстэрка моцна лупіць па твары Стасіка, які намагаецца скінуць з яе сукенку. Упіраецца не ад сораму, а лічыць, што гэта яшчэ рана. Я абмацваю Ядзіны ногі. Заўважаю, што Жывіца разам з Юлькай выйшлі ў суседні пакой. Вяртаюцца праз хвілін пятнаццаць. У Юлі палымнее твар і сукенка не ў парадку. Седзячы на каленях у Стася, Эстэрка смяецца і крычыць:

— Панне Юльцы на здароўе!

— Узаемна! — адказвае дзяўчына.

Тады Эстэрка зрываецца з каленяў Стася і цягне яго ў той жа пакой. Праз нейкі час яна вяртаецца, але ў адной бялізне. Падпёршыся пад бакі, загадвае Антосю:

— Іграй марша!

Антось пачынае ўрачысты марш, а Эстэрка танцуе і носіцца па пакоі, зграбна пераступаючы смуглымі ножкамі ў чорных доўгіх шаўковых панчохах. Некалькі разоў паказала вельмі эратычныя позы, аднак гэта сустракалася з агульным захапленнем.

Я нахіляюся да Ядзі і кажу: «Хадзем!» Яна ўсміхаецца. Ідзём у бакавы пакойчык, дзе на падваконніку гарыць свечка ў цяжкім ліхтары і стаіць вялікі ложак. Ззаду Эстэрка крычыць:

— Поспеху!

Забава працягваецца далей! Ужо далёка за поўнач. Дзяўчаты зусім п’яныя. Мы паздымалі з іх сукенкі. У нейкі момант Эстэрка крычыць:

— Ну, дык зробім конкурс: у каго самыя прыгожыя ногі?

Яна ўскоквае на стол. Упэўнена, што мае самыя стройныя ногі. Яна, зрэшты, з самага пачатку не саромеецца і вядзе рэй у гулянцы.

— Брава! — выгуквае Стась. — Давай конкурс.

Мы ставім на стол паненак, якія крыху супраціўляюцца. Аглядаем іх ногі. Тры галасы за Ядзю. Адзін — Стася — за Эстэрку. Ядзя, Казя, Юля з нашай дапамогай саскокваюць уніз. Эстэрка робіць нібыта пакрыўджаны тварык, а пасля крычыць:

— Як конкурс, дык конкурс! Што там ногі! Ногі і ў свінні ёсць… Давай усё!..

Пачынае здымаць з сябе і скідаць на падлогу бялізну… Затым аголеная стаіць пасярод стала. Яна смуглая і ладна скроеная, толькі трохі зашчуплая. Эстэрка ляскае даланямі на грудзях, баках і клубах і звяртаецца да дзяўчат:

— Ну, каторая рызыкне?.. Конкурс! Пайшлі!

Аднак дзяўчаты яшчэ саромеюцца поўнасцю распрануцца ў прысутнасці ўсіх. Тады яна саскоквае са стала і загадвае Антосю:

— Вальс!

Антось грае вальс, а голая Эстэрка круціцца па пакоі. Ззяе вачыма. Калі смяецца, паказвае дробныя беленькія зубкі. Закідвае за галаву рукі. Гэта нас шакіруе і ўзбуджае… Пазней па чарзе танцуем з ёй. Затым Эстэрка зноў спявае і танцуе.

Незадоўга перад канцом гулянкі Сашка дастае з бакавой кішэні пінжака тоўсты партманет і раздае дзяўчатам грошы. Кожнай па сто даляраў. Эстэрка хавае грошы за панчоху і кажа:

— Гэта за гулянку і кампанію, а за песні?..

Сашка кідае ёй 20 даляраў.

— А за танцы?

Сашка дае яшчэ 20 даляраў.

— А за конкурс?

— Дык яго ж выйграла Ядзя, — кажа Сашка і аддае 20 даляраў Ядзі.

— Ядзя ўзяла за ногі, а я за ўсё! — не здаецца Эстэрка.

— Ну, трымай! — Сашка кінуў ёй яшчэ 20 даляраў.

Гарманіст Антось таксама атрымаў за музыку 100 даляраў.

Забаву скончылі пад раніцу, калі дзяўчаты былі ўшчэнт п’яныя.

* * *

Сёння да Сашкі прыйшло двое купцоў. Адзін з іх — Юдка — вядомы багацей. Яны доўга размаўлялі пра нешта. Сашка пісаў на шматку паперы назвы тавараў, іх колькасць і кошт. Доўга таргаваліся і дамаўляліся. Потым разам падаліся ў мястэчка. Сашка вярнуўся позна ўвечары і сказаў нам:

— Ну, хлапцы, усё вырашана! Раніцой вяртаемся! Трэба араць, бо зіма на носе!

Жывіца весела пацёр магутныя далоні. Мяне таксама агарнула радасць.

Пойдзе работка!

13

Дождж сячэ, цурчыць і льецца. Ноч чорная, нібы смала.

Воз да краёў напакаваны фарбай і скурай на падэшвы. Тавару некалькі дзесяткаў пудоў. Воз накрылі вялікім брызентам і абвязалі яго тоўстымі вяроўкамі. Калі б ён перавярнуўся — нічога не вываліцца. Прасмоленымі танейшымі вяроўкамі абкруцілі абады колаў. Гэта было добра з некалькіх меркаванняў: пры яздзе робіць менш грукату; колы воза не так глыбока ўлазяць у глебу; не слізгаюцца на пагорках і на мокрай траве.

Усё падрыхтавана. Чорны конь — вялікі і моцны — ірвецца наперад. Выязджаем на дарогу. Гаспадар, стоячы пры браме, хрысціць нас:

— Дай вам Бог шчасця!

Ныраем у змрок. Жывіца, трымаючы ў руках скураныя лейцы, кіруе канём. Сашка сядзіць каля яго. Я ўладкаваўся ззаду на возе. Павольна едзем наперад. Абсалютна нічога не адрозніваю ў цемры.

Праз гадзіну Жывіца спыняе каня. Я з Сашкам злазім з воза. Ён кажа мне пачакаць, а сам крочыць далей. Праз чвэрць гадзіны вяртаецца.

— Ну, пайшло!.. Толькі памалу…

Зараз я і Сашка ідзём наперадзе, а воз ціха коціцца за намі. Мы трымаем напагатове рэвальверы і ліхтарыкі. Інстынктыўна адчуваю, што побач граніца, аднак, не ведаю, калі яе пяройдзем.

Едзем без дарогі. He робім амаль ніякага галасу. Магчыма, дзе-небудзь недалёка зялёнкі, але яны не могуць нас бачыць альбо чуць.

Іду і думаю пра тое, што сёння сказаў мне Сашка: «Ну, браце, пачынаем працу! Пакуль ляжа белая сцежка, заробіш пару тысячаў даляраў. Тады паедзем у Вільню. Там і ўладкуешся, бо тут згінеш… Раней ці пазней».

Дарога цягнецца вельмі марудна. Дождж усё мацнее. Доўга калясім у цемры, асцярожна аб’язджаем розныя перашкоды. Нарэшце выбіраемся на нейкую дарогу. Зараз хутка падаёмся ўперад. Воз ціха едзе за намі. Часам конь датыкаецца да маёй шыі храпай, тады адчуваю цёплы подых.

Потым Сашка спыняе каня. Садзімся на воз і досыць хутка едзем далей. Абапал дарогі стаіць нябачны ў змроку лес. Час ад часу воз падскоквае на карэннях дрэў. Па твары ляскаюць мокрыя лісты і галінкі, вострыя іголкі елак. Увесь час трымаю ў руках ліхтарык і парабелум. Можа, напаткаем кагосьці на дарозе.

У нейкім месцы зварочваем з дарогі ў лес. Тут здымаем з колаў вяроўкі. Нельга пакідаць такі след ад мяжы да мяліны.

Зараз калясім рознымі дарогамі. З’язджаем набок. Вяртаемся: губляем след.

Каля трэцяй гадзіны ночы — мы на месцы. Тавар заносім у стайню. Днём Барсук адвязе яго на наступны пункт, які недалёка ад Менска. Каня і воз заводзіць на стайню Жывіца. Барсук, я і Сашка крочым у памяшканне.

У печы гарыць ладнае полымя. Здымаем з сябе мокрае адзенне і развешваем яго на шнурах вакол печы. Калі вяртаецца Жывіца, ён таксама пачынае рабіць тое самае. Барсук смажыць нам сала.

П’ём спірт і ядзім гарачыя скваркі. Нам смакуе ўсё: і дрэнны чэрствы аржаны хлеб, і з’ялчэлае сала.

Пад раніцу дождж аціх. Барсук запрагае каня, з дапамогай Жывіцы ладуе тавар на воз і едзе на наступны пункт. Тавар зверху прыкрыў сенам.

— Ці не возьмуць на кручок у дарозе? — пытаюся я ў Сашкі.

— Яго?.. Яго сам д’ябал не затрымае! Праедзе такімі сцежкамі, дзе і духа жывога не сустрэне. А калі спаткае, дык атрымаў ад мяне клёвую машыну… Будзе секчы да апошняга! Гэта, браце, добры нумар!

Залазім спаць на печ. Тут вельмі горача. Па чарзе пільнуем сон сяброў.

Каля трох гадзін дня вяртаецца Барсук. Прывёз некалькі вялікіх мяшкоў шчаціны. Гэты тавар павязём назад. He будзе нам перашкаджаць, бо тавар лёгкі, а заробак — большы.

Вечарам спакавалі шчаціну на воз і вырушылі ў дарогу. Едзем хутка. Конь ірвецца да шпаркага бегу, аднак Жывіца стрымлівае яго.

Пасля трох гадзінаў дарогі затрымліваемся. Зноў абкручваем вяроўкамі колы і яшчэ марудней едзем наперад. Пачынаецца дождж. Дзьме ўсходні вецер. Гэта дапамагае ўтрымліваць патрэбны кірунак у дарозе нацянькі.

Граніцу пераязджаем, захоўваючы ўсю асцярожнасць, і каля першай гадзіны ночы вяртаемся на хутар.

* * *

Перакінулі праз граніцу тры вазы тавару. Я атрымаў ад Сашкі 240 даляраў. Зараз маю 665 даляраў. Сашка сказаў, што мне прыпадае больш, аднак аддасць пазней, калі закончым усю работу, бо зараз цяжка падлічыць прыбытак. Я ніколі столькі не зарабляў.

Калі апошні раз вярталіся з-за мяжы, з намі здарыўся выпадак, які ледзь не скончыўся крывава. Мы разлічвалі хутчэй вярнуцца дахаты. Паехалі акружной дарогай. Везлі чатыры вялікія пакункі шчаціны.

У адным месцы выехалі на луг. Злева ўдалечыні віднелася вёска. Змрок апускаўся павольна. З усходу паўзлі дзяды і шырока засцілалі неба. Збіралася на дождж.

Дарога была слаба наезджаная, воз скакаў па рытвінах. Я здалёк прыкмеціў паласу лазовых кустоў, якая пераразала луг, мост праз нейкую рачулку і пры ім вербы. Мне здалося, што на мосце ёсць людзі. Калі пад’ехалі бліжэй, убачыў некалькі мужчын, што стаялі, абапёршыся на парэнчы, і глядзелі ў наш бок.

— Там нехта стаіць! — звярнуўся я да Сашкі.

— Каб іх сабака падзёр! — адгукнуўся сябра.

Наблізіліся да моста. Разгледзелі на ім сем чалавек. Трое былі апрануты па-вясковаму, трое — па-гарадскому, а адзін у чорную куртку і шапку.

Жывіца адпусціў лейцы і ціха свіснуў. Воз паехаў хутчэй. Трымаючы рукі ў кішэнях, я мацней заціснуў у далонях рукаяткі рэвальвераў. Ногі шырока рассунуў, каб мець лепшае апірышча. Глянуў на Сашку. На яго твары блукала ўсмешка, адна рука была засунута ў кішэню.

— Цішэй! — сказаў Сашка Жывіцу.

Жывіца крыху стрымаў каня. Уз’ехалі на мост.

— А вы хто такія?.. Адкуль?.. — крыкнуў нахабным голасам мужчына ў скуранай куртцы, спрабуючы схапіць лейцы.

— А з Менска! — весела і голасна адгукаецца Сашка.

— З Менска? А куды?

— Куды?.. Зараз дакладна раскажу! Тпррр!

Жывіца затрымлівае каня, а Сашка саскоквае з воза і падыходзіць да мужчыны ў скуранцы. Нейкі час глядзіць яму ў твар, а потым кажа:

— Ваша морда, таварыш, мне вельмі падазроная!.. Па якому праву затрымліваеце праезджых на дарогах?

— Як па якому праву?

— А так: па якому праву? Прашу дакументы!

— Я сотрудник койдановского погранотряда!

Тады Сашка зрабіў крок назад і бліснуў яму перад вачыма руляй парабелума, гаворачы холадна і спакойна:

— Лапы ўгору! Hy!!.

Мужчына ў скуранцы збялеў і падняў рукі угару. Тады я выхапіў з кішэні два рэвальверы і, стоячы на возе, загадаў тым, што знаходзіліся на мосце:

— Рукі ўгору! Мігам!

Усе падымаюць рукі. Жывіца ў адной далані трымае лейцы, у другой — парабелум. Усміхаецца і з цікавасцю паглядае на людзей з паднятымі рукамі. Сашка абшуквае чалавека ў скуранцы. Вымае з кішэні яго курткі зараджаны наган.

— Спатрэбіцца, — вымавіў, засоўваючы рэвальвер у сваю кішэню. Потым вымае з бакавой кішэні яго курткі тоўсты партманет і таксама забірае яго.

— Гэта паглядзім пазней!

Пасля, абшукаўшы супрацоўніка, звярнуўся да астатніх людзей, якія стаялі на мосце:

— У каго яшчэ ёсць зброя?.. Ну?..

— У нас нічога няма, — прагучалі некалькі галасоў.

— Глядзіце!.. Як знайду, пальну ў лоб! Ну, хто мае зброю?

— Няма ў нас, таварыш!

Сашка звяртаецца да супрацоўніка:

— Хацеў ведаць, куды едзем?.. Дык вось — едзем за граніцу… А хочаш ведаць, хто мы? Мы вясёлыя хлапцы. З тых, хто «граніцу не купляюць» і такім сексотам, як ты, у лапу не даюць!.. Зараз ведаеш… А вязём шчаціну!.. Хочаш памацаць?..

— Таварыш… я не…

— Я табе не таварыш! Твой таварыш у будцы сядзіць і зубамі блох ловіць!

— Я не думаў… Я толькі хацеў…

— …скуру садраць!.. — закончыў Сашка і вымавіў: — Скачы ў ваду!

Супрацоўнік вагаўся. Сашка падняў угару парабелум і сціснуў бровы.

— Ну!

Супрацоўнік, спяшаючыся, узлез на парэнчу моста і сігануў у рэчку. Пачуўся моцны ўсплёск вады. Жывіца рассмяяўся.

— Гайда ў ваду! Блох тапіць! — крыкнуў Сашка людзям, якія заставаліся на месцы. — Жвава!

Тыя пачалі ўзлазіць на парэнчу і скакаць. Кожную хвіліну чуўся плёскат вады.

— Купаюцца, — прамовіў Жывіца.

Сашка ўскочыў на воз. Конь ірвануў наперад.

— Гэта для іх добра. Крыху астынуць! — кажа Сашка.

Мінулі мост і выбраліся на луг. Ззаду пачулі крыкі людзей, якія вылазілі з рэчкі.

Змяркалася. Я думаў пра тое, што нядаўна адбылося. Дзівіўся з паводзін Сашкі… Ніхто не зрабіў бы так, як ён… Маглі б пагнаць каня, і людзі, якія знаходзіліся на мосце, вымушаны былі б саступіць нам дарогу, але пазней атрымалі б магчымасць ззаду страляць у нас… Маглі б адразу самі страляць і нават пазабіваць усіх, але без патрэбы палілася б людская кроў і нарабілі б галасу. А Сашка здолеў пазбегнуць усяго гэтага… Пазіраю на яго спакойны, задуменны твар, на ілбе з’яўляецца вузкая, выцягнутая ўгару складка.

«Пра што ён думае?»

14

Набліжаецца сярэдзіна лістапада. Мы перакінулі праз граніцу сем вазоў тавару, Сашка даў мне яшчэ 240 даляраў. Іх у мяне ўжо 905.

Адчуваем надыход зімы і спяшаемся працаваць.

Сашка мяркуе перад канцом лістапада спыніць работу. Купцы ў бліжэйшыя дні прывязуць з Рубяжэвіч дарагі тавар, на якім добра заробім. Поспехі нашай групы акрылілі іх.

Два дні таму выпаў першы снег, аднак зараз жа згінуў. Далей трымаецца чорная сцежка. Хоць бы даўжэй паляжала.

А яшчэ праз некалькі дзён адбылася жахлівая рэч, якая знявечыла ўсе нашы планы. Лепей было не пачынаць тую работу, чым мець такое заканчэнне! Аднак не буду залятаць наперад, а раскажу ўсё сваёй чарадой.

Мы вярталіся з работы. Здалі Барсуку тавар і везлі назад некалькі цюкоў авечай воўны. Шчасліва дабраліся да лугу, што ляжаў непадалёку граніцы.

Было ўжо за поўнач. Мы далі трохі адпачыць каню, а пасля рушылі ўперад. Воз паціху сунуўся па вільготнай траве. Сашка саскочыў з воза і пакрочыў наперад. Хацеў ісці за ім, аднак Сашка рухам рукі затрымаў мяне. Я застаўся на возе.

Бачыў, як Сашка ішоў па лузе крокаў за сорак ад нас. Стараюся не губляць яго з вачэй… Ён наблізіўся да цёмнай паласы кустоў, што раслі каля граніцы… Мінае іх… Нечакана гучыць стрэл. Пасля некалькі — адзін за другім. I толькі пазней чую крык:

— Стой! Стой! Стой!

Бухаюць рэвальверныя стрэлы. Гэта адбіваецца Сашка. Бачу, як ён адыходзіць да нас. А з кустоў усё бліскаюць агеньчыкі карабінавых стрэлаў.

Жывіца спыняе каня. Апусташаю адзін магазін. Зараджаю другі і страляю далей. Карабінавыя стрэлы сціхаюць. Рантам чую дзіўны, дрыготкі голас Жывіцы:

— Трымай каня! Хутчэй!

Хапаюся за лейцы і бачу, што Жывіца бяжыць уперад. Заўважаю Сашку, які ляжыць на лузе за 30 крокаў ад нас, але не страляе і не рухаецца з месца. Перад тым, заняты стралянінай, я згубіў яго з вачэй.

У гэты момант месяц хаваецца за хмары. Робіцца цямней. He бачу ні Сашкі, ні Жывіцы, ні кустоў.

Зноў чую галасы:

— Стой! Стой! Стой!

Я ўвесь трымчу. «Што там здарылася?» Конь ірвецца наперад, але я моцна трымаю яго. Праз хвіліну чую паспешлівыя крокі. Жывіца бяжыць да воза, несучы Сашку на руках. Паклаў яго на цюкі з воўнай. Паказвае на воз і кажа мне нейкім дзіўна палахлівым голасам:

— Глядзі яго!.. Каб не трэсла!.. Гэх, халера!

Ён хапае лейцы і заварочвае каня назад. Непадалёку чую крокі людзей, што бягуць да нас. Стоячы на возе, выхопліваю з кішэні парабелум.

Месяц выходзіць з-за хмар і, нібы рэфлектар, асвятляе луг. У трыццаці кроках ад сябе бачу чатырох салдат. Б’ю па іх з рэвальвера. Спяшаючыся, тыя адыходзяць. Жывіца пагнаў каня. Я амаль не зваліўся… Укленчыўшы на возе, працягваю страляць. У адказ грымяць карабінавыя стрэлы. Кулі свісцяць побач… Страляю нібы ў забыцці. Месяц зноў хаваецца за хмары… He бачу салдат, яны далёка. Воз хутка едзе наперад. Нахіляюся над Сашкам. Бачу яго бледны твар і бліскучыя вочы… Ён кусае вусны…

— Што з табой?.. Чым дапамагчы? — пытаюся яго ў роспачы.

Нічога мне не адказвае.

Усё нясёмся. Добра, што хмары зацягнулі месяц.

На ўскрайку маленькага падлеску спыняемся. Жывіца бярэ на рукі Сашку і кладзе на луг. Я кленчу побач. He ведаю, што рабіць. Усцяж пытаюся:

— Чым табе дапамагчы?

He адгукваецца ніяк.

Жывіца выкідае з воза цюкі і па-хуткаму паласуе нажом упакоўку. Пасля кідае на воз вялізныя клубы воўны: сцеле мяккае ложа для Сашкі. Заслаў воз да паловы і накрывае воўну палатном з распоратых цюкоў. Пасля ўладкоўвае там параненага. Ногі, рукі і галава Сашкі безуладна звісаюць уніз.

Жывіца ўскочыў на воз і глуха сказаў:

— Сачы за ім!

Воз кранаецца з месца. Павольна падаемся ўбок, не набліжаючыся да граніцы, што засталася ў трох кіламетрах ад нас. Без шуму сунемся па лугах і палях. Я трымаю ў руках два рэвальверы.

Укленчыў побач з Сашкам. Бачу, што ён адкрыў павекі. Нешта кажа. Нахіляюся над ім.

— Здымі мяшэчак… з шыі… пад кашуляй…

Спяшаючыся, расшпільваю яго куртку, камізэльку, кашулю. Здымаю з грудзей замшавы мяшэчак. Ён досыць тоўсты.

— Аддасі Фэлі… Дастань партманет… — шэпча Сашка.

З бакавой кішэні яго курткі вымаю партманет.

— Пяцьсот даляраў для цябе… пяцьсот для Жывіцы… астатняе Фэлі…

— Добра, — кажу яму.

— З купцамі і Барсуком Жывіца… скажы… ён разлічыцца…

— Нічога з табой не станецца, — кажу. — Усё яшчэ сам зробіш.

— He… са мной скончана… Зрабі, як кажу…

Ён змоўк.

— Можа, табе што трэба? — пытаюся.

— He… кідайце гэта… Ты выязджай…

Маўчыць. Падкладваю яму пад галаву воўну. Зноў гаворыць… вельмі ціха:

— Уладзік.

— Я.

— Дай машыну.

Ён рухае пальцамі правай рукі. Укладаю яму ў далонь рукаятку парабелума. Сціскае. He разумею, што хоча зрабіць.

З-за хмараў выглянуў месяц.

Выразна бачу запалыя Сашкіны вочы і яго белы твар, на якім заўважаю пакутлівы выраз: лоб перасякае глыбокая папярэчная складка. Mae вочы засцілаюць слёзы.

Раптам на ягоным бледным твары з’яўляецца дзівосная ўсмешка. Звяртаюся да Жывіцы:

— Затрымай каня! Ён памірае!

— Што ты вярзеш! Халера! — палахліва адгукаецца Жывіца.

Нахіляемся над Сашкам. Ён шэпча:

— Бі ўлева… Ну, яшчэ… яшчэ…

Мы маўчым.

— Хлапцы, наперад! Сячы ва ўсю! — голасна выгукнуў Сашка і зваліўся на пасцель.

Гэта былі яго апошнія словы.

Так загінуў Сашка Вэблін — кароль граніцы. Загінуў на савецкім баку, у сярэдзіне лістапада, у «залаты сезон», месячнай ноччу! Памёр а другой гадзіне ночы. Сведкамі ягонай смерці былі я і Жывіца. У апошнія хвіліны жыцця яму свяціла «цыганскае сонца». Навокал панавала ўрачыстая цішыня… Ён пакінуў Фэлю — сястру, і нас — усёй душой адданых яму сяброў — мяне і Жывіцу. Пакінуў па сабе добрую памяць сярод усіх хлопцаў на паграніччы.

У змрочным маўчанні кленчым над целам дарагога сябра. На мае рукі спадаюць слёзы Жывіцы. Ад гэтага я пакутую яшчэ больш: ён і плач!.. Нахіляюся над целам Сашкі. Раптоўна Жывіца з перакрыўленай усмешкай на твары, са збялелымі вачыма ўстае на ногі:

— Га… А чаго ж мы так… стаім?.. Га?..

Хапае за лейцы і ў забыцці цягне іх да сябе, аж конь прысядае на задніх нагах. Потым голасна крычыць:

— Но-о!.. Яз-да!..

Хутка імчымся наперад. Воз глуха барабаніць па лузе. Падскоквае на раллі. А конь усё больш ірвецца да бегу.

— Но-о! Пайшоў! — на ўсю граніцу крычыць Жывіца.

«Звар’яцеў, халера!»

— Э-гэ-гэ-гэ, — крычыць Жывіца.

I конь усё хутчэй нясецца наперад. Гэта перамытніцкі конь. Ён добра ведае нас. Ведае — паводзім сябе дзіўнавата, разумее — здарылася нешта незвычайнае. Можа, яго бянтэжыць тое, што не чуе карабінавых стрэлаў.

— Пайшоў!

Жывіца прарэзліва свішча на пальцах. Я сяджу на клубах воўны. He ведаю, куды паклаў зброю. Нічога не магу зразумець… Над намі віруе месяц. Mae вочы засцілаюць слёзы.

— Э-гэ-гэ-гэ!.. Пайшоў! — страшным голасам на ўсю граніцу грыміць вокліч Жывіцы.

«Навошта ён гэта робіць?» — думаю я і пачынаю кусаць вусны.

Што яшчэ адбылося ў гэтую ноч? Нічога больш не магло здарыцца!.. Нічога… Гэта было найгоршым!..

Збоку грымелі стрэлы карабінаў. Ганаровы салют зялёнкаў для Сашкі. Воз скакаў, як мячык. Конь, нібы бура, нёсся наперад. Месяц танцаваў па цэлым небе, і ў паветры ўвесь час лунала:

— Э-гэ-гэ-гэ!.. Я-я-зда!..

Нічога больш не магло здарыцца! Нічога!

Раніцай выпаў снег і затрымаўся. Адразу ўсталявалася «белая сцежка». З намі скончана. Чорная сцежка ўжо нам непатрэбная… бо няма Сашкі Вэбліна…

I менавіта таму ў 1923 годзе лягла ранняя зіма.

15

У Ракаў я прыйшоў, як толькі змяркалася. Бакавымі вуліцамі і завулкамі пракраўся да хаты гадзіннікавага майстра Мужаньскага. Застаў у доме Петруся Філосафа. (He ведаю, чаму пайшоў адразу да яго.) Хлопец сядзеў ля ложка, на якім ляжаў Юлік Вар’ят, і чытаў яму нейкую кніжку.

— Дзе Шчур? — запытаўся я.

— He ведаю… Даўно не бачыў. Хадзіў з «дзікімі».

— Дзе Лорд?

— Пайшоў з групай. Яшчэ не вярнуўся.

— Што з табой? — запытаўся ў Юліка, убачыўшы, як марна ён выглядае.

— Застудзіўся… Але гэта нічога…

Хлопец пачаў кашляць. Прыступ кашлю быў доўгі і цяжкі. У вачах Петруся я прачытаў неспакой.

— Ведаеш што? — кажу Петрусю. — Можа, прыхаваеш мае грошы? Бо я, разумееш, хаджу за граніцу… Секануць мяне там, і грошы змарнуюцца… Вы зараз не ходзіце?

— He… Грошы магу зберагчы.

Спяшаючыся, вымаю з кішэні пачак банкнотаў. Адлічваю 1200 даляраў і даю іх Петрусю.

— Але ж гэта шмат!

— Дастаткова… Працаваў таксама шмат!

Развітваюся з хлопцамі і крочу да дзвярэй. Каля парога затрымліваюся.

— Ці ведаеце, што… Сашкі няма!

— Як няма… у мястэчку?

— He… Зусім няма!

Раблю ў паветры знак крыжа. Бачу іх здзіўленыя вочы.

Выходжу на падворак і гляджу ўгару. Месяц, апусціўшыся нізка, без прычыны смяецца.

Вуліцамі крочу ў напрамку Фэлінай хаты. У вокнах яе сядзібы цёмна. Моцна стукаю ў шыбіну… як тады… Чую паспешлівыя крокі…

— Хто-о?

— Уладзіслаў.

— Які Уладзіслаў?

— Ну, Уладзік.

— Ага!

Неўзабаве апынуўся ў памяшканні. На стале гарыць лямпа. Здзіўленымі вачыма Фэля ўзіраецца ў мяне. Доўга маўчыць, a потым кажа:

— Добры вечар!

— Добры вечар!

Зноў маўчым.

Засоўваю руку ў бакавую кішэню курткі і вымаю замшавы мяшэчак. Падаю яго Фэлі і кажу:

— Гэта ад Сашкі.

Бярэ яго ў рукі. Выцягваю Сашкін партманет і таксама падаю ёй.

— I гэта ад Сашкі… Я ўзяў адтуль 500 даляраў сабе і 500 для Жывіцы. Ён так распарадзіўся. А гэта наказаў аддаць пані.

— Што тут? — рухам галавы паказала на торбачку.

— He ведаю. He глядзеў.

Нечакана Фэлін лоб перасякае глыбокая маршчына, такая ж, як у брата. Яе вочы цямнеюць. Бровы ссоўваюцца.

— А дзе ён?

— Яго няма.

— Няма?

— Так… Бальшавікі забілі яго непадалёку ад граніцы.

Расказваю коратка, аднак дакладна, пры якіх абставінах загінуў Сашка. Яна ўважліва слухае. He перабівае пытаннямі… Бачу бледны твар… усё больш бялее… Ідзе да крэсла і сядае…

Доўга маўчым. Гляджу на яе, а ў душы — поўная пустка. Падняла галаву.

— Можа, пані нечым дапамагчы?

— Спадар «выстаўны»?

— Так.

— Нічога не трэба. Я ўсё арганізую сама. У пана ёсць дзе схавацца?

— Ёсць.

— Добра. Зараз жа еду да яго… Жывіца там?

— Там.

Ідзе ў суседні пакой і пачынае збірацца. За хвіліну вяртаецца.

— Можаце ісці. He затрымліваю пана.

— Да сустрэчы.

— Да сустрэчы.

Выходжу з памяшкання. Доўга бадзяюся па вуліцах. Наставіў каўнер курткі. Ніхто мяне не пазнае.

Гляджу ўгару. Месяц усё смяецца.

Мяне абмінаюць нешматлікія прахожыя. Хутка крочу вуліцамі. Холадна. Налятае рэзкі пранізлівы ўсходні вецер. З вачэй коцяцца слёзы.

Іду да Гінты. Мушу штось зрабіць. Але што? Хіба напіцца.

У салоне знаёмых няма. Пад столлю гарыць падвешаная на дроце керасінавая лямпа. Яна слаба асвятляе вялікі пакой. Сярэдні стол пусты. Збоку, пры малым століку, бачу чатырох паўстанцаў.

Клічу Гінту.

— Даўно не бачыла пана Уладзіка, — кажа жыдоўка.

— Дык што з таго?

— Нічога, а што пан жадае?

— Бутэльку сівухі, агуркі і кілбасу.

П’ю адзін. Паўстанцы не звяртаюць на мяне ўвагі. He ведаю чаму, але я вельмі спяшаюся, хоць ісці няма куды. Усё зрабіў.

Выпіў яшчэ паўбутэлькі гарэлкі. Стала цяплей, але мацней цісне сум.

Разлічыўшыся за ўсё, выходжу на вуліцу. Зноў блукаю па мястэчку.

Падае снег. Дробныя бялюткія сняжынкі весела лятаюць у паветры. Цягнуцца ўгару па доўгіх месяцовых промнях і па іх жа саслізгваюць долу.

Хочацца спаць. Я так даўно не спаў. Вельмі стаміўся.

Позна ўвечары пастукаўся ў вакно да Калішанак. Зузя адамкнула дзверы. Пляскае ў далоні і вельмі голасна выказвае радасць:

— А… Гэта пан Уладзіслаў! Нарэшце! Вітаю! Вітаю пана! Вітаю!

— Вітаю! Вітаю! — змрочна паўтараю яе словы.

— Калі ласка, праходзьце. Калі ласка.

Усміхаецца. Вірлівымі вачыма, вывучаючы, абмацвае мяне.

— Можа, што з’есці, выпіць?

— Дай гарэлкі.

— Зараз будзе. Зараз. Усё, што пан захоча. Сядай, пан, тут. Тут выгодней.

Зноў п’ю гарэлку. Зузана спакушальна ўсміхаецца. Увесь час круціцца па хаце. Устае з-за стала, пасля зноў сядае. Яе грудзі скачуць, нібы налітыя вадой гумавыя шары.

— А Тоська часта пана ўспамінае… А пан гэткі «не ў гуморы». Я гавару і гавару, а пан сабе — нічога!

— Язык у мяне замёрз. Трэба разагрэць!

Зузя голасна рагоча і пульхнымі далонямі б’е па ляжках.

Працягваю піць. Потым куру папяросу за папяросай. Кабета скоса паглядае на мяне.

— А можа, бай-бай? Да Тосенькі ў ложачак. З такога холаду ды на цёплыя ножкі!.. Хэ-хэ-хэ!

Трасецца ў бязгучным смеху.

Бачу, што ў яе два насы і шмат вачэй, а таксама, што ўсё трасецца і калоціцца, як гума, як цеста.

Крочу ў суседні пакой. За мной з лямпай у руках шлэпае пантофлямі Зузя.

— Тосенька, прывітай добра пана Уладзіслава!

— Мамуся, як з глузду з’ехала! — адказвае заспаная дзяўчына.

Распранаюся. Так даўно не спаў. Зузя сцягвае з мяне боты.

Пасля ўсім целам ныраю ў мяккі цёплы ложак. Зузя нешта кажа, хіхоча і з лямпай у руках выходзіць з пакоя. Робіцца цёмна. Тоська прыціскаецца да мяне гладкім гарачым целам.

«Здарылася нешта вельмі важнае! Вельмі! Вельмі! Вельмі!.. Але што?»

Лячу ў душную гарачую бездань.

* * *

— Ну, падымайся! — чую праз сон патрабавальны голас.

Хтосьці трасе мяне за руку.

Адкрываю вочы. Мяне асляпляе прамень святла кішэннага ліхтарыка. Праз хвіліну заўважаю ў пакоі некалькі паліцыянтаў. У руках трымаюць рэвальверы.

У той жа момант да мяне вяртаецца прытомнасць. «Зброя ляжыць у бакавой кішэні курткі. А дзе куртка? Зрэшты, мне нельга абараняцца!»

— Імя і прозвішча? — пытаецца той самы службісцкі голас.

— Антон Пятроўскі.

Зузя хіхоча.

— А пан Уладзік жартаўнік. Ён, пан начальнік, яшчэ не працверазіўся. Пагуляў сабе хлопчык… Хэ! Хэ! Хэ!

Яна мне агідная. Зразумеў, што гэта Зузя мяне засыпала.

— Апранайся!

Вылажу з ложка і павольна пачынаю апранацца. Увесь час знаходжуся ў святле ліхтарыка, але гэта мяне не кранае. Зрабіўся да ўсяго абыякавы.

— Пагуляў кавалер! — чую сіпаты бас, які даходзіць да маіх вушэй нібы здалёк.

Нехта смяецца. Зузя лісліва падтрымлівае.

* * *

Пасля на запясцях рук адчуваю халодную сталь кайданаў.

«Здарылася нешта вельмі важнае! Але што? Што?»

Выходзім у сенцы. Рулі рэвальвераў чуйна сочаць за мной. Лашчаць праменні ліхтарыкаў.

— У мяне заўсёды парадак, пан начальнік… — чую ззаду шэпт Зузі.

Ідзём вуліцамі. Месяц пырскае смехам. Сняжынкі весела гуляюць у паветры.

Абмінаем двух мужчын з кіямі ў руках. Начная варта.

Мяне адвялі ў камісарыят.

Назаўтра допыт. Пратакол.

На вочную стаўку прыводзяць Альфрэда, Альфонса і Альбіна Алінчукоў.

— Ведаеш яго? — запыталіся ў Альфрэда.

— А як жа, ведаю! — з’едліва пасміхаецца перамытнік.

— Ён цябе падстрэліў?

— Ён. Заступіў нам дарогу і пачаў страляць. Хацеў абрабаваць!

Браты Алінчукі з дакладнасцю паўтараюць яго словы. He перабіваю. Хай гавораць, што хочуць! Усё гэта глупства ў параўнанні з тым…

Потым пытаюцца ў мяне. Расказваю ўсё, што казаў перад гэтым. Дакладна апавядаю пра ўсё здарэнне. Прыгадваю новыя падрабязнасці. Але бачу ўсмешкі і недаверлівыя позіркі. He вераць мне. Тады я зусім перастаю адказваць на іх пытанні.

На чацвёрты дзень майго арышту, у пяць гадзін пасля палудня, выязджаем з Ракава ў Івянец да следчага. Едзем у санях. Я ўціснуўся ззаду на сядзенні паміж двума паліцыянтамі.

З Рынка едзем на Слабаду. Мінаем Трафідаву хату. Гляджу ў вокны. Здалося, што бачу за шыбай нечы твар. Можа, Янінкі?

Уз’язджаем на мост. Колькі разоў я праходзіў тут адзін і разам з хлопцамі. А зараз!

Памалу змяркаецца. Цісне моцны мароз. Кайданы марозяць запясці, таму засоўваю далоні глыбока ў рукавы. У паветры круцяцца дробныя аплаткі снегу і ствараюць рухавую, зіхоткую фіранку, з-за якой краявід выглядае асабліва чароўна.

Абапал дарогі стаяць дрэвы. Яны трымаюць на галінах цяжкае пакрывала са снегу. Разам з трактам удалячынь бягуць тэлефонныя слупы. Чую іх манатоннае, з нейкай вібрацыяй, гучанне.

Паліцыянты вымаюць папяросы, закурваюць самі і частуюць мяне. Адмаўляюся.

— Пан не курыць? — пытаецца адзін з іх.

— Куру… але свае.

— Слушна! — кажа другі.

Фурман паганяе каня, аднак кляча марудна члапае і толькі тады прыспешвае крокі, калі чуе ў паветры посвіст пугі.

З усходу дзьме пранізлівы халодны вецер. У мяне замярзае левая шчака і вуха. Вымаю з рукавоў далоні і з цяжкасцю настаўляю каўнер курткі.

Снег падае ўсё радзей і нарэшце зусім перастае. На небе з’яўляюцца зоркі. Месяц старанна пнецца ўгару: паважны, задуменны, ён не звяртае на нас увагу.

У галаве пралятае шмат розных думак… Мільгаюць, не звязваюцца, імчаць хутка, бясформенна. Мяне агортвае абыякавасць да ўсяго.

Паліцыянты размаўляюць. Кажуць пра нейкія падвышкі на сем’і, пра дзяцей. Часта перапыняюць размову. У нейкі момант адзін з іх кажа другому:

— Ведаеш Сашку Вэбліна?

— Ведаю. Брат той чарнулі. Як яе імя?

— Фэля.

— Правільна! Ну, і што ён?..

— Застрэлілі яго на паграніччы.

— Хто застрэліў?

— Невядома. Жывіца прызнаўся, што вёз яго з Рубяжэвіч да Ракава і непадалёку ад Волмы нехта выстраліў у іх з лесу і трапіў у Вэбліна.

Пачынаю ўважліва прыслухоўвацца, хоць раблю выгляд, што іх размова мяне зусім не цікавіць.

— Магчыма, мелі нейкія рахункі?

— Д’яблы іх ведаюць!.. Хоць Сашку Вэбліна ўсе і любілі, але мог мець і ворагаў… Здаецца, Жывіца штось скруціў з тым падстрэлам… Ён учора сабе ў лоб пальнуў.

— Хто? Жывіца?

— Так.

— Што гэта ён?..

— Па п’янцы нешта яму ў галаву цюкнула… Учора хавалі Вэбліна, а потым яго сястра зрабіла хаўтуры. Ну, скарыстаў з нагоды: напіўся і пайшоў увечары дахаты, а на Рынку пальнуў сабе з парабелума ў рот.

Пачуўшы гэта, я проста здранцвеў ад уражання.

— А можа, ён памачыў пальцы ў тым… стрэле і пабаяўся адказнасці? Што?

— Усё можа быць… Справа цёмная. Сам д’ябал з тым не разбярэцца. Гэты таксама за падстрэл арыштаваны, — паліцыянт кіўнуў галавой у мой бок.

З іх папярэдняй размовы я ведаў, што другі паліцыянт толькі сёння вярнуўся з адпачынку і не ў курсе местачковых навін. Таму зараз ён трасе маю руку і пытае:

— Э… спадар!.. За што спадар яго падстрэліў?

— Каго?

— Ну, гэтага…

— Алінчука, — дадае другі паліцыянт.

— За тое, што ён дзярмо!

Паліцыянты шматзначна пераміргваюцца: добрая птушачка! Пасля зноў закурылі папяросы.

«Дык Жывіцы няма! Застрэліўся!» — усцяж круціцца ў маёй галаве.

Неспадзявана ахоплівае нясцерпнае жаданне даведацца пра ўсё. He магу паверыць у тое, што Жывіца застрэліўся. Гэта не месціцца ў маёй галаве. Тут нешта не так… Можа, ёсць яшчэ адзін Жывіца?

У адну хвіліну прыходзіць цвёрдае рашэнне: мушу ўцячы і пайсці туды! Павінен!..

Зараз паціху ўважліва назіраю за паліцыянтамі. Яны ўпэўнены, што я не ўцяку. Сядзяць нядбайна. Кураць папяросы. Карабіны заціснулі паміж нагамі.

Выскачыць з саняў набок не паспею. Схопяць мяне. А што, калі адштурхнуцца нагамі ад днішча саняў і адкінуцца назад?.. Такім чынам можна лёгка вылецець — перш чым паспеюць працягнуць рукі. Толькі б не зваліцца на галаву…

Пакрыёма ўважліва аглядаю мясцовасць. На выбоінах сані так моцна падскокваюць, што з іх лёгка можна вываліцца. Ногі паліцыянтаў засунуты пад сена і закручаны шынялямі. Перш чым здолеюць падняцца і выскачыць з санак, я ўжо паспею ўстаць і пачну ўцякаць. Апрануты я лёгка, таму змагу бегчы вельмі хутка і, калі не патрапяць першымі кулямі — лёгка ўцяку ад іх.

— Далёка да Івянца? — пытаецца адзін з паліцыянтаў у сябра.

— Тры кіламетры.

Гэта падсцёбвае мяне. Шукаю вачыма прыдатную мясціну і чакаю адпаведнага моманту. Падсоўваю да сябе ступакі ног і цвёрда ўпіраюся ў дно саняў. Выцягнуў далоні з рукавоў. Каб яшчэ не кайданы!

Паліцыянты зноў задымілі папяросы.

Сані памалу ўз’язджаюць на адхон гары. Пры святле месяца бачу доўгі, стромісты нахіл спуску, па якім уніз бяжыць дарога. Злева заўважаю доўгую паласу прыдарожных хмызнякоў, а за імі адкрытае поле.

Кідаю апошні позірк направа, налева: на ахову і мясцовасць. Сані хутка ляцяць з гары ўніз. Імпэт руху адкідае нас на нізкія парэнчы. Тады я раблю целам моцны кідок назад і адпіхваюся нагамі ад днішча саняў.

Узлятаю ў паветра і падаю на дарогу. Ускочыў на ногі і нясуся ўгару па дарозе, па якой хвіліну назад імчалі ўніз сані.

— Трымай каня! Тры-ы-май каня-я-я!

Сані яшчэ ляцяць уніз.

— Трр! — крычыць фурман.

Бягу далей па дарозе ўгару. Зноў азіраюся. Здалёк бачу паліцыянта, які бяжыць па дарозе. Спыніўся. Цэліцца. Я хутка адскокваю ў бок кустоў. Гучыць стрэл. Вылятаю на поле і зноў бягу каля кустоў угару.

Зноў гучыць стрэл. Потым адразу некалькі адзін за другім. Страляюць без цэлі, не бачачы мяне, бо і я іх не бачу.

Узабраўся на самы верх гары, а пасля лёгка і хутка збягаю ўніз. He стаміўся ані, толькі ўзапрэў ад хуткіх рухаў. Некалькі разоў азіраюся. На заснежанай белі дарогі і поля нікога няма.

Адбегся ўжо кіламетр ад верхавіны ўзгорка, калі ў святле месяца ўбачыў сані, што ўз’язджалі на яе. Прыкмеціў недалёка лес. Панёсся туды. Перасек яго на другі бок… Хутка пакрочыў палямі. Зноў увайшоў у лес… Няхай зараз дагоняць мяне!

Зноў лес і зноў поле. Азіраюся навокал. Пуста. У месяцовых промнях пераліваецца снежная бель палёў. Гляджу на зоркі: шукаю напрамак. Вялікая Мядзведзіца паказвае мне дарогу на захад.

«Не, мая каханая, не… Мая дарога вядзе на ўсход… На захадзе для мяне няма месца!»

Загрузка...