Пачаткі роду Касюшкаў губляюцца ў глыбінях стагоддзяў.
Найпершыя, на жаль, вельмі нешматлікія дакументы, што сведчаць пра славуты род, захаваліся ў кнігах Літоўскай Метрыкі і адносяцца толькі да пачатку ХVІ стагоддзя.
Метрыка ўвогуле сталася асноўнаю, найбагацейшаю крыніцаю ведаў пра мінулае нашага краю. Менавіта дзякуючы ёй большасць паселішчаў Беларусі быццам выйшла з цемры гістарычнага нябыту. Упісаныя на старонкі афіцыйных справаводчых актаў, створаных пры велікакняскай канцылярыі, вёскі і гарады зажылі ўласным адметным жыццём, пачалі адлік сваёй пісьмовай гісторыі.
Міжволі невядомыя “хлапяты, што метрыкі перапісваюць” данеслі да нас і звесткі пра шматлікія роды, якія пакінулі след на беларускай зямлі. Сярод іншых сем’яў, некалі ўпершыню згаданых на старонках Метрыкі, мы знаходзім згадкі і пра Касцюшкаў-Сяхновіцкіх [32].
Каштоўнасць гэтых дакументаў нельга перабольшыць. Кожны з іх мае выключную важнасць, бо дазваляе па крупінках аднавіць згубленыя звёны ў генеалагічным ланцугу, які цягнецца да вяршыні роду — да Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі-Сяхновіцкага. А яшчэ — дапамагае акрэсліць родавыя і пазямельныя сувязі ягоных продкаў, “слаўных у міры, грозных на вайне”.
Асаблівае значэнне для ранняй гісторыі Касцюшкаў мае пастанова вялікага князя літоўскага ды караля польскага Жыгімонта І, складзеная 15 чэрвеня 1511 года ў Берасцейскім замку, якая называлася “Вырок князю Костентину Острозскому и князю Юрью Дубровицкому зъ бояры ихъ Степанскими, Костюшком Федоровичомъ и братьею его, которие, маючи под ними именья, то есть села Городец а Тотовичи и Вълюхчи, служити им не хотели” [33].
Пра гэты дакумент упершыню згадаў у ХІХ стагоддзі Адам Банецкі, але памылкова датаваў “вырок” 1512 годам, тую ж памылку следам за папярэднікам паўтарыў і Т. Корзан [34].
Будзе карысна цалкам прывесці тэкст велікакняскай пастановы, каб потым прааналізаваць яе:
«Жикгимонт, Божьею милостью король и велики князь.
Смотрели есмо того дела с паны радами нашими. Стояли перед нами очевисто, жаловали нам гетьман наш, староста Луцки, Браславъски и Веницки, маршалок Волынское земли, князь Костенътин Иванович Острозски, а князь Юрьи Иванович Дубровицки на Костюшка Федоровича и на его братью тым обычаем: што ж де они бояре звычные наши Степаньские; отцу их дал именье в Степани князь Юрии села, на имя Городец а Тотовичи а Вълюхчи, и он с того именья служил ему и по нем детем его; а тыми разы, как вже нам Степань достался, и они нам с тым именьем служити не хотят.
И Костюшко Федорович с братьею своею перед нами поведил: мы деи бояре не Степаньские, алде бояре есмо звычные Волынские, почонши от великого князя Витовъта; нижли отец наш, видячи ласку князя Юрьеву, и служил ему по доброи воли.
И князь Костентин и князь Юрьи послалися до всее земли Волынское, што ж они не Волынские бояре и з веку николи з Волынцы не служили, и под хоругвъю Волынскою не ставили.
И пан Богдан Гостъски, а князь Иван Путятич, а пан Петрушко Мушатич с ыными многими Волынъцы перед нами светъчили, што ж деи они бояре не Волыньские, Але Степаньские и николи з Волынцы не служивали и под хоруговъю Волынскою не стаивали, Але здавна служили к Степаню, посполь з бояры Степанскими.
Ино мы, того досмотревъшы с паны радами нашими суполъными и подлуг сведоцства тых панов Волыньских и теж их самых сознанья иж сами то знали, иж отец их и они сами князю Юрью и детем его служили, — в том есмо князя Костентина и князя Юрыя правых нашли и казали есмо Костюшку Федоровичу и его братьи с тым именьем, с селы, на имя з Городцом а с Тотовичи а Вълюхъчи, к Степаню служили, а естли бы они князю Констенътину и князю Юрью не хотели служити, и они маютъ, именье оставивши, прочь ехати, а князь Костенътин и князь Юрьи в ыменьи их вольни.
При том были: князь Воитех, бискуп Виленскии; воевода Виленскии, канцлер пан Миколаи Миколаевич; воевода Троцскии маршалок дворныи, пан Григоре Станиславович Остиковича; пан Троцкии, староста Жомоитъскии, пан Станислав Янович; воевода Полоцкии, пан Станислав Глебович; воевода Новгородскии, маръшалок пан Ян Янович Заберезынскии и иные панове рада».
Лёгка заўважыць, што дакумент з’явіўся ў адказ на скаргу князёў Канстанціна Іванавіча Астрожскага і Юрыя Іванавіча Дубровіцкага-Гальшанскага на “баяр звычных” Касцюшку Фёдаравіча (№ 1) і ягоных братоў. Згаданыя князі, атрымаўшы ў спадчыннае валоданне Сцяпанскую зямлю (цяпер частка Ровеншчыны, Украіна), былі абураныя паводзінамі мясцовых баяраў, якія катэгарычна адмаўляліся ісці да іх на службу.
Насуперак аўтарытэтным сведчанням, браты Фёдаравічы лічылі сябе валынскімі баярамі і таму не прызнавалі ніякіх абавязкаў перад новымі ўладарамі, што і настойліва падкрэслівалі ў звароце да караля: пачынаючы з часоў Вітаўта Вялікага, іх продкі лічыліся валынцамі, а сёлы блізу Сцяпані ўпершыню атрымаў у валоданне іх бацька ад нейкага князя Юрыя.
Хто ж быў гэты загадкавы князь?
Канечне, ім не можа быць Юрый Дубровіцкі. Ён толькі пачынае валодаць Сцяпанню. Ды і сам тэкст дакумента дазваляе лічыць згаданага князя Юрыя нябожчыкам.
Галоўным прэтэндэнтам на ролю старога сцяпанскага гаспадара з’яўляецца дзед Ю.І. Дубровіцкага — князь Юрый Сямёнавіч Гальшанскі (каля 1410 — каля 1457). Той атрымаў Сцяпань прыкладна ў канцы 1440-ых гадоў ад гаспадара ВКЛ Казіміра Ягайлавіча (1440 — 1492). Ён шмат пасадзейнічаў вялікаму князю ў набыцці ўлады, і, трэба думаць, такі шчодры падарунак яму быў падзякаю за дапамогу.
Аднак з сярэдзіны 50-ых гадоў адносіны між Казімірам і Гальшанскім рэзка абвастрыліся. Прычынаю стала далучэнне Юрыя да апазіцыі, якая выступала за абранне на велікакняскі пасад Сямёна Алелькавіча [35].
Змова была раскрытая ў 1456 годзе, таму баярын Фёдар мог карыстацца сваімі землямі “з ласкі князя Юрыя” толькі да гэтага тэрміну.
Сыны апальнага князя Іван (каля 1435 — 1481) ды Сямён (каля 1445 — 1505) падзялілі сцяпанскі надзел. Прычым першы ў нечым паўтарыў нешчаслівы лёс свайго бацькі: узняў змову супраць Казіміра і быў за гэта пакараны смерцю. Але вялікі князь быў літасцівым да сына змоўшчыка — прыгаданага ў “выроку” 1511 года Ю.І. Дубровіцкага (каля 1480 — 1536).
Другім удзельнікам спрэчкі з Касцюшкамі выступаў славуты гетман К.І. Астрожскі (каля 1460 — 1530). Ён атрымаў частку Сцяпані ў 1509 годзе як пасаг за жонкаю — Таццянаю Сямёнаўнаю Гальшанскай [36].
Ці працягваў Фёдар служыць ім, як некалі памёрламу князю Юрыю Гальшанскаму?
З ХІХ стагоддзя ўсталявалася думка, што ў 1458 годзе вялікі князь Казімір падараваў Фёдару за паслугі маёнтак Сяхновічы [37]. Гэта, быццам, цалкам адпавядае логіцы падзеяў, якія разгортваліся вакол Сцяпані ў сярэдзіне ХVI стагоддзя, але, на жаль, зусім не пацверджана дакументальна.
Таму не будзем цалкам абвяргаць вельмі прывабную версію папярэдніх даследчыкаў, але прызнаем, што адзіны дакладна вядомы факт з жыцця Фёдара — прашчура роду Касцюшкаў сведчыць, што ў сярэдзіне ХV стагоддзя ён валодаў трыма сёламі ў Cцяпанскай зямлі. А спробы некаторых гісторыкаў лічыць яго першым уладаром Сяхновічаў ды яшчэ — велікакняскім сакратаром толькі на той падставе, што гэтыя валоданні і пасаду пазней меў ягоны старэйшы сын, — прызнаем за гіпотэзу, якая яшчэ патрабуе важкіх доказаў [38].
“Вырок” 1511 года павінен быў прымірыць абодва бакі. Касцюшка “з братамі сваімі”, нязгодны служыць новым гаспадарам Сцяпані, атрымалі магчымасць пакінуць тыя сёлы, якія яны мелі ў воласці, і “прэч з’ехаць”. А князі К.І. Астрожскі і Ю.І. Дубровіцкі маглі ўчыніць з гэтымі сёламі паводле сваёй волі [39].
Такое рашэнне вялікага князя Жыгімонта сведчыла, з аднаго боку, што Сцяпанскія землі Фёдаравічы трымалі толькі на правах асабістай службы, а з другога боку, яно ўскосна пацвярджала іх валынска-палескае паходжанне.
Ёсць у гэтай справе і яшчэ адзін цікавы момант. У так званым “Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх”, складзеным паміж 1387 і 1406 гадамі, “Сцяпань на Гарыні” названая ў пераліку менавіта валынскіх гарадоў [40]. За тое стагоддзе, што мінула з часоў Вітаўта, як бачым, змянілася тэрытарыяльная прыналежнасць земляў вакол Сцяпані. Гэта і выклікала непаразуменне, бо продкі Фёдаравічаў, трымаючы тыя самыя землі, лічылі іх валынскімі, а не сцяпанскімі.
Акрамя таго, пад час выдання пастановы Касцюшка, старэйшы сын Фёдара, ужо служыў у велікакняскай канцылярыі [41], таму Жыгімонт І не жадаў ствараць прэцэдэнт, падпарадкоўваючы аднаго чалавека дзвюм уладам.
Справа, аднак, як паказалі далейшыя падзеі, мела свой працяг, паколькі браты Фёдаравічы і надалей не збіраліся губляць свае сувязі са Сцяпанскім паветам.
Мажліва, самае значнае, пра што мы даведваемся з “вырока”, — гэта тое, што Касцюшкі ведалі свае пачаткі і выводзілі іх ад канца ХІV — першай чвэрці ХV стагоддзя — з часоў Вітаўта Вялікага.
Ужо ў ХІХ стагоддзі даследчыкі атаясамлівалі сяло Гарадзец, якім валодаў продак Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, з сучаснаю Гарадною Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.
Гэтае паселішча, упершыню згаданае ў гістарычных дакументах пад 1448 годам, здавён было вядомае як цэнтр ганчарнай вытворчасці, а з цягам часу стала мястэчкам, якое карысталася магдэбургскім правам і мела свой уласны адметны герб [42].
Падзеі, што адбываліся вакол Сцяпанскай зямлі, не выходзілі з полю зроку Касцюшкі Фёдаравіча.
Праз нейкі час пасля пазбаўлення бацькавай спадчыны “на Гарадцы, Татовічах і Влюхчах”, князь Канстанцін Астрожскі перадаў трэцюю частку былых земляў Фёдара з сялом Гарадзец (Гарадная) Сцяпану Варапаевічу, ажанёнаму з Жданай Фёдараўнай.
Пасля смерці швагера браты Фёдаравічы, спасылаючыся на ранейшыя гаспадарскія лісты, запатрабавалі ад сястры вярнуць ім Гарадзец і нават выклікалі яе ў велікакняскі суд. Аднак Ждана зусім не жадала весці цяжбу з братамі. Таму 9 лютага 1545 года яна добраахвотна склала ліст, у якім афіцыйна адмаўлялася ад сваіх правоў [43]:
“Я, Степановая Воропаевича Ждана Федоровна, сознавам тым моим листом, што братья мои рожоные пан Гурко а пан Костюшко Федоровичы позвы господарскими позвали были мене до господаря его милости на рок судовыи о имение нашом отчизное Городец в повете Степанском, которого я в держанию есть менячи собе мети тое имение Городец за отчизну, где я за тыми позвы господарскими яко будучи невеста хворая не могла есми перед господарем его милостию стати на тые роки и к тому, ведаючи то, иж тое имение Городец есть их властная отчызна и моя, а не хотячы в том собе от них яко от отчычем и рожоное братии своее жадное трудности и шкоды за тым позванем их прыняти, за их властную отчызну добровольне есми их милости того имения Городца отчызны их поступила не вдаючыся в жадное то имение Городец само в собе и во всих пожытках своих сие мает им самим и их детям и на потом будучым их шчадкам мают их милостъ тое свое имение Городец спокоине держати и уживати и мене яко сестру свою на том имении ховати и мною сие опекати и от кривд боронити аж до моего живота и на то есм пану Гурку и пану Костюшку Федоровичам дала сесь мои лист с моею печатъю а при том были добрые сведомы земяне земли Волынское повету Луцкого их милость пан Яско Мотхеевич Чечнинскии а пан Иван Покотило и для лепшые твердости того моего листа просила есми тых панов земян о печати абы их милости на мою прожбу вчынили и печати свои прыложили их милостъ то для мене здзелатъ рачыли к сему моему листу”.
Дакумент яскрава сведчыў, што першыя Касцюшкі не перарывалі сваёй сувязі са Сцяпанскаю зямлёю і па-ранейшаму лічылі Гарадзец свёй вотчынай.
13 красавіка 1546 года вялікі князь Жыгімонт Аўгуст, разгледзеўшы гэтую справу ў Вільні, дазволіў Касцюшку і Гурку Фёдаравічам трымаць Гарадзец і несці васальную службу з гэтага маёнтка.
На жаль, цяпер ужо немагчыма дакладна даведацца, калі Касцюшкі канчаткова адмовіліся ад сваіх правоў на Гарадзец. Мабыць, гэта адбылося да 1579 года, калі паселішча атрымала права на самакіраванне [44].
Яшчэ раней цэнтр зямельнай спадчыны Касцюшкаў перамясціўся на поўдзень тагачаснага Камянецкага павета Падляшскага ваяводства. І сюды ў памяць пра Сцяпань на Гарыні, яны перанеселі назву вёскі Сцяпанкі (у Жабінкаўскім раёне), утворанай прыкладна ў пачатку ХVІ стагоддзя [45].
А цэнтрам зямельнай спадчыны Касцюшкаў, будучым іх “дваранскім гняздом”, зрабіўся блізкі да Сцяпанак маёнтак Сяхновічы, набыты ва ўладанне ад Жыгімонта І.
За некалькі стагоддзяў імя Касцюшкаў і назва родавых Сяхновічаў сталі адным цэлым.
У ХVІІ стагоддзі Ш. Акольскі і ў ХVІІІ стагоддзі К. Нясецкі аднагалосна сцвярджалі, што кароль і вялікі князь Казімір надаў аднаму з Касцюшкаў (не названаму па імені) гэты маёнтак у падзяку за верную службу [46].
У 1864 годзе К. Вуйціцкі ў сваёй вялікай біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі, створанай для “Усеагульнай энцыклапедыі”, упершыню сцвярджаў, што такое наданне адбылося ў 1458 годзе [47]. Праз чвэрць стагоддзя гэтая дата, падхопленая аўтарамі артыкула пра Сяхновічы ў папулярным “Геаграфічным слоўніку Польскага каралеўства і іншых краёў славянскіх” (1889 год) [48], увайшла ў шырокі навуковы ўжытак. Гісторыкаў не засмучаў нават той факт, што інфарацыя была ўзята з вельмі ненадзейнай і супярэчлівай крыніцы і не мела ніякага дакументальнага пацвярджэння. У Беларусі напрыканцы ХХ стагоддзя названая дата ўвогуле зрабілася амаль аксіёмаю [49].
А разам з тым, першы бясспрэчны дакумент, які тычыўся непасрэдна Сяхновічаў, некалі знаходзіўся ў сямейным архіве Касцюшкаў, і цяпер шырока вядомы, дзякуючы Т. Корзану, які апублікаваў яго цалкам у 1894 годзе [50].
Вось ён, дакумент, выдадзены ў Кракаве 25 красавіка 1509 года, прывілей Жыгімонта І Старога:
“Жикгимонт Божею милостю король польскии, великии князь литовскии, рускии, княжа пруское, жомоитскии и иных.
Бил нам чолом дьяк наш Костюшко Федорович и просил в сельце в каменецком повете людеи путных на имя Сехновичов а поведал нам. Што в том сельцу сдавна было тры чоловеки на имя Кисель, а Перко, а Ляхович, Ино деи тот Кисель ешчо жив, а тыи два чоловеки Перко а Ляхович померли, нижли дети их осталися. А к тому просил у нас пашень, и леса, и дубров, тых которые ж был одсудил людем нашим каменецким Орепичом а Жиличом наместник берестеискии пан Станислав Остыкович од Тышковое Кореневское и од ее детеи, которых то пашень и дубров был в держаню Тишко от колькось лет — ино естли будет так, и мы тое сельцо Сехновичи тые три чоловеки и сбратьею, и с детьми их, и с внуками, и тые пашни, и дубровы, и лес ему дали со всим, по тому как тое сельцо вышей писаное сдавна, и тые пашни, и дубровы в своих границах мают, и как на нас держано. А ввязати его в то послали есмо дворянина нашего Богдана Алексиевича”.
Для высвятлення далейшага гістарычнага лёсу Касцюшкаў прыведзены дакумент мае выключнае значэнне (нездарма прывілей 1509 года ахвотна цытуюць шматлікія біёграфы Тадэвуша Касцюшкі [51]).
Якую новую інфармацыю ён утрымлівае?
Адразу пасля прачытання адчуваецца, што прывілей не з’яўляецца пацвярджэннем нейкага ранейшага даравання. Кароль і вялікі князь называе Касцюшку “дзякам нашым”. На гэтай падставе апошняга звычайна лічаць служачым велікакняскай канцылярыі за часоў Аляксандра Казіміравача і першых гадоў панавання Жыгімонта Старога (прыкладна паміж 1492 і 1509 гадамі). Аднак цяжка пагадзіцца з прафесарам Ф. Канечным, які сцвярджаў, што ў канцылярыі Касцюшка Фёдаравіч займаў нейкую “вышэйшыю ступень” [52]. Для такога дапушчэння бракуе пісьмовых дадзеных. Затое нават з дапамогаю скупых звестак, прыведзеных у прывілеі, можна ўзнавіць пэўныя моманты першапачатковай гісторыі Сяхновіч (да 1509 года).
Дакладны час заснавання “сяльца” вызначыць цяжка. Аднак на момант дарэння ў ім ужо жылі тры пакаленні сялян, таму паселішча ўзнікла не пазней за сярэдзіну ХV стагоддзя.
Спачатку Сяхновічы належалі вялікаму князю. Казімір Ягайлавіч надаў некалькі вёсак (у тым ліку і Сяхновічы), аб’яднаныя пад назваю “Сцяпанаўскія паселішчы”, свайму службоўніку Тышку (Цішку) Хадковічу Каранёўскаму [53]. Каля 1500 года [54] Тышка быў забіты Пацам, ягоная спадчына перайшла да жонкі і пяцёх сыноў.
У прывілеі згадваецца берасцейскі намеснік Станіслаў Осцікавіч. Аднак ні Ю. Вольф, ні А. Банецкі не ведалі яго ў якасці старосты (ці намесніка) берасцейскага. Разам з тым у спісах намеснікаў [55] паміж Станіславам Міхайлавічам Пятковічам (намеснік берасцейскі ў 1498 — 1503 гадах) і Васілём Львовічам Глінскім (староста ў 1506 — 1508 гадах) утварылася пэўная лакуна, таму верагодна дапусціць, што Станіслаў Рыгоравіч Осцікавіч (Осцік) (? — 1519) [56] намеснічаў у Брэсце менавіта паміж 1503 і 1506 гадамі.
Толькі ў гэты тэрмін як вышэйшая службовая асоба на Брэстчыне ён меў права адняць у Тышкевічаў частку пожняў ды лясоў і перадаць іх у карыстанне каралеўскім (велікакняскім) сялянам з вёсак Арэпічы (на поўначы сучаснай Жабінкаўшчыны) і Жылічы (магчыма, скажоннае напісанне назвы суседняй вёскі Жыцінь).
Такім чынам, Сяхновічы зноў апынуліся ў валоданні літоўска-польскага гаспадара. Нарэшце, сваім прывілеем 1509 года Жыгімонт І узнагароджвае Касцюшку Фёдаравіча і перадае яму ва ўласнасць Сяхновіцкі маёнтак.
Вядома, рашэнне вялікага князя не паспрыяла ўсталяванню добрасуседскіх адносінаў між новымі і старымі ўласнікамі. Хутка адбыліся першыя сутычкі з-за зямлі.
27 мая 1529 года падляшскі ляснічы Пацей Тышковіч Каранёўскі [57] здолеў вярнуць сабе частку лясоў і палёў каля вёсак Драмлёва (былая вёска на Жабінкаўшчыне, знішчаная нямецкімі карнікамі ў 1942 годзе) і Гневава (сучаснае месцазнаходжанне не высветленае).
Спрэчка адбывалася пад наглядам велікакняскіх арбітраў. А рашэнне па справе выносіў сам Жыгімонт І. Касцюшка Фёдаравіч (ці, як яго называў К. Нясецкі, — Сяхно Фёдаравіч Касцюшка [58]) для доказу сваіх правоў прадставіў толькі 171 сведку з ліку людзей “простых і далёкіх”, у той час як Пацеевы паказанні пацвердзілі 222 суседзі акалічныя, у тым ліку шэсць шляхціцаў [59]. Вядома, Касцюшка справу прайграў.
У біяграфіях Пацея і Касцюшкі мелася агульная рыса: абодва былі фактычнымі заснавальнікамі сваіх родаў, ад іх імён утварыліся вядомыя на Брэстчыне і далёка за яе межамі прозвішчы Пацеяў і Касцюшкаў. У абедзвюх сем’ях у рэшце рэшт з цягам часу з’явіліся славутыя нашчадкі: епіскап брэсцкі ды ўладзімірскі Іпацій Пацей і генерал Тадэвуш Касцюшка.
Усе актавыя лісты, складзеныя пры жыцці першага сяхновіцкага ўладара, нязменна і пераканаўча называюць яго “КОСТЮШКО”. Бясспрэчна, імя ўзнікла як памяншальная форма лацінскага імя Канстанцін [60]. Аднак усялякія спробы замест назвы “КОСТЮШКО / КОСЦЮШКО / КАСЦЮШКА / KOŚCIUSZKO” ўжываць поўную ягоную форму, як гэта робяць амаль усе біёграфы Касцюшкаў [61], трэба прызнаць неапраўданымі.
Імёны тыпу “ТИШКО” (замест Цімафей), “ИВАШКО” (замест Іван), “МОЖЕЙКО” (замест Майсей), “ВАСКО” (замест Васіль), “ХОДКО” (замест Фёдар), якімі карысталіся Хадковічы-Каранёўскія, а таксама “ГУРКО” (замест Рыгор) і “КОСТЮШКО” (замест Канстанцін), якія ўжывалі Касцюшкі-Сяхновіцкія, для ХV — ХVІ стагоддзяў лічыліся нарматыўнымі, зацверджанымі ў шматлікіх справаводчых паперах [62].
Тым больш, што ў разгледжаных намі вышэй актах ад 1511 і 1545 гадоў побач з Касцюшкам Фёдаравічам нязменна сустракаецца імя князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага, пададзенае ў варыянтах: “КОСТЕНТИН / КОСТЕНЪТИН, КОСТЯНТИН / КОСТИАНТИН”.
Атрымліваецца, што для сярэдняга і дробнага баярства ў той час нярэдка ўжываліся памяншальныя формы, а вышэйшае дваранства насіла імёны, якія мелі поўную форму.
Аднак чаму менавіта імя Касцюшкі Фёдаравіча, а не ягонага бацькі пазней ператварылася ў сямейнае прозвішча? Для адказу на гэтае пытанне патрэбна ўважлівей разгледзець кар’еру Касцюшкі.
Пасля набыцця спадчыннага Сяхновіцкага маёнтка, як вынікае з акта ад 15 студзеня 1515 года, ён зрабіўся “дваранінам гаспадарскім”, выканаўцам даручэнняў вялікага князя. Напрыканцы 1514 года (ці ў самым пачатку наступнага) Касцюшка Фёдаравіч збіраў вайсковы падатак (“серабшчыну”) з земляў Кобрынскага княства [63].
Тут да месца будзе цалкам прывесці згаданы дакумент, які дазваляе дадаць некаторыя фарбы да партрэта заснавальніка Касцюшкавай радзіны:
“Я, Ян Миколаевич, маршалок земскии, державца Слонимскии. Жаловал нам дворянин господарьскии Костюшко Федорович на маршалка господарьского на пана Венслава Костевича: коли господарь его милость казал мне на людех его Кобринских совито серебщину правити, иж на рок серебщины до скарбу господарьского не отдали; и велел ми его милость децкован с сохи по грошу взятии; и я пане его в Кобрыне был с листы господарьскими; и едучи с Кобрыня, пограбил был есми в людеи за тое децкованье шестеро конеи; и они, мене угнавши тыи вси кони свои, и надто еще моих власных шесть конеи отняли и иншии речи побрали.
И пан Венслав к тому мовил: был ты у пане моее, и она тебе за то чьстила и даровала; и ты, едучи оттуль, безвиннее в людеи моих пограбил 17 конеи. Ино в том смотрел нас староста берестеискии пан Юрьи Ильиничъ а князь Семен Чорторыискии и нашли тебе в том винного, и тыи кони казали тобе зася людем моим поотдавати. А естли будет пан Юрьи и князь Семен в том мене с тобою не судити, готов хочу в том винен без каждого права быти.
И Костюшко рек: пан Юрьи и князь Семен в том мене не судили, нежли только перед их милостью размова была, а конца праву их милость не вчинили.
И мы то отложили до пана Юрья и до князя Семена их милости. И потом, будучи в Берестьи, поведили мне тую речь пан Юрьи и князь Семен их милость тым обычаем: была деи в том размова перед нами, права ни которого не было, они тежь конца есмо тому межи ними не вчинили.
Ино мы, подле их милости отповеди, пана Венслава нашли в том винного и казали есмо ему Костюшка в том перееднати и за то ему досыть вчинити; а в таковои речи господаря его милости”.
Як бачым, нягледзячы на тое, што Касцюшка дзейнічаў афіцыйна, у межах закону і ў пацверджанне сваіх паўнамоцтваў прадставіў гаспадарскі ліст, кобрынскія падданыя абрабавалі яго ў дарозе, а ўладары Кобрына — княгіня Ганна Сямёнаўна Кобрынская (? — 1519) і яе муж Венслаў (Венцлаў) Касцевіч (каля 1480 — 1532) — спрабавалі перад земскім маршалкам Янам Радзівілам (каля 1474 — 1522) бараніць рабаўнікоў. Аднак вялякі князь Жыгімонт І уступіўся за свайго служэбніка і прымусіў В. Касцевіча выдаць Касцюшку кампенсацыю за шкоду, якую той пацярпеў пры выкананні дзяржаўнага даручэння.
Пад 1528 годам у справаводстве ВКЛ Касцюшка Фёдаравіч выступае ўжо ў якасці баярына (1 мая названага года ён згадваўся сярод камянецкіх баяраў у “Перапісе войска Вялікага княства Літоўскага”) [64]. У 1537 — 1538 гадах заснавальнік роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх нядоўгі час выконваў абавязкі гаёўніка ў Белавежскай пушчы [65].
Функцыі гэтай службовай асобы, якая прызначалася ў дапамогу камянецкаму намесніку, выразна акрэслівае ліст Жыгімонта Старога [66]:
“А што перед тым, на наш приезд гаевник каменецкии давал кони, того он вже не мает давать. А з дани медовые мает братии собе третью часть, а нам мает давать две части”.
Аднак нядоўга плаціў Касцюшка Фёдаравіч сваёму гаспадару “дані мядовыя”. Ужо праз год ён быў абвінавачаны ў нейкіх хітрыках пры набыцці пасады, і за тое вялікі князь гаёўніцтва Касцюшку пазбавіў і паставіў на ягонае месца нейкага Яцка Чарнеўскага, які быў гаёўнікам яшчэ да Касцюшкі [67].
Да таго ж, Касцюшка Фёдаравіч ужо сумяшчаў пасады камянецкага суддзі і гараднічага [68]. (За ўсю шматвяковую гісторыю Камянца сяхновіцкі гаспадар быў адзіным, хто менаваўся гараднічым гэтага горада).
Апроч таго, у 1543 годзе ён быў велікакняскім камісарам пры размежаванні спрэчных земляў, а прыкладна ў той жа час (да 1549 года) удзельнічаў у замене каралеўскіх і шляхецкіх надзелаў каля Старога Сяла (Жабінкаўскі раён) на Берасцейшчыне [69].
Такім чынам, грамадская дзейнасць Касцюшкі Фёдаравіча была дастаткова актыўнаю, каб зрабіцца ўзорам для ягоных нашчадкаў. Бліскучая кар’ера (ад звычайнага баярына да фактычнага кіраўніка старажытнага памежнага горада-крэпасці) адыграла сваю ролю ў замацаванні імя Касцюшкі за ўсімі ягонымі нашчадкамі ў якасці прозвішча. Калі ягоныя сыны яшчэ карысталіся імем па бацьку (у форме “КОСТЮШКОВИЧИ” [70]), то ў далейшым нормаю стала звацца “КОСТЮШКАМИ / КАСЦЮШКАМІ”.
Імя слыннага продка стала часткаю спадчыны, якая трывала замацавалася за радзінаю.
У афіцыйным справаводстве Вялікага княства Літоўскага Касцюшкі найчасцей не задавальняліся адным толькі прозвішчам, утвораным ад імя продка, і называлі сябе, паводле традыцыі, замацаванай у дваранскім асяродку, Касцюшкамі-Сяхновіцкімі. Другая частка прозвішча — гэтак званы п р ы д о м а к (польскае przydomek) [71] — паходзіла ад назвы спадчыннага маёнтка.
У заўвагах да ўласных успамінаў Фадзей Булгарын тлумачыў слова “придомок” як “родоуказание, т.е. указание, из какого рода или дома происходит фамилия” [72].
Як вядома, прыдомкі мела значная колькасць беларускіх шляхецкіх родаў, у тым ліку і найбліжэйшыя суседзі Касцюшкаў — Здзітавецкія, Каранёўскія, Непакойчыцкія ды іншыя.
Прыдомак, на думку тых, хто яго ўжываў, надаваў большую значнасць прозвішчу, своеасабліва падвойваючы яго, дазваляў адрозніваць розныя галіны аднаго роду ці ўвогуле аднафамільцаў [73].
Прыдомак Касцюшкаў паказваў на іх спадчыннае валоданне (“дваранскае гняздо”) і ўжываўся галоўным чынам у афіцыйным справаводстве, пачынаючы з ХVІ стагоддзя. (Да прыкладу, ужо сын і ўнук Касцюшкі Фёдаравіча на старонках справы 1589 года зваліся Касцюшкамі-Сяхновіцкімі [74] ).
У ХVІІ стагоддзі пад урадавымі дакументамі, у прыватнасці, пад інструкцыямі дэпутатам дзяржаўных сеймаў, Касцюшкі падпісваліся найчасцей менавіта як Касцюшкі-Сяхновіцкія. Напрыклад, 30 ліпеня 1670 года з чатырох Касцюшкаў усе назвалі сябе Касцюшкамі-Сяхновіцкімі, а 15 красавіка 1697 года з семярых — шасцёра [75].
Такая сямейная традыцыя працягвала існаваць і ў ХVІІІ стагоддзі. Сам генерал Тадэвуш Касцюшка, які звычайна карыстаўся толькі першаю часткаю радавога прозвішча, калі справа тычылася сямейных валоданняў на Берасцейшчыне, ужываў поўную форму прозвішча [76].
Нярэдка прыдомак займаў месца перад асноўным прозвішчам, а часам нават выцясняў апошняе. Дарэчы, гэта знайшло адбітак у польскай традыцыі, дзе Касцюшкаў часам завуць проста Siechnowccy (“Сяхноўцы”, у сэнсе — Сяхновіцкія).
Ужо сыны Касцюшкі ўтварылі дзве галіны сям’і, якія ў сучаснікаў (для адрознення) называліся Касцюшкамі-Іванавічамі і Касцюшкамі-Фёдаравічамі [77].
Акрамя таго, як мы адзначылі вышэй, прыдомак быў патрэбны і дзеля адрознення ад шматлікіх аднафамільцаў Касцюшкаў, якія жылі ў розных частках Вялікага княства і зваліся Касцюшкамі-Валюжанічамі, Касцюшкамі-Валюжынічамі, Касцюшкамі-Хабатоўскімі і іншымі [78].
Як і іншыя беларускія шляхецкія сем’і Касцюшкі-Сяхновіцкія шырока карысталіся ўласным гербам — спадчынным знакам, дзякуючы якому яны адрозніваліся ад іншых родаў.
Касцюшкаў герб быў названы “РОХ-ІІІ” (Roch Tercio), каб адрознівацца ад іншых, больш старажытных і значна пашыраных (галоўным чынам на тэрыторыі Польшчы) гербаў “Рох-І” і “Рох-ІІ” (іншыя іх назвы — “Калюмна” (“Калумна”) і “Пяршхала”) [79].
У першай палове ХІХ стагоддзя памылкова лічылася, што свой герб Касцюшкі набылі на знакамітым Гарадзельскім сойме 1413 года, дзе ўпершыню польская шляхта далучыла да свайго асяродку і надала ўласныя прыватныя гербы асобным прадстаўнікам беларуска-ліцьвінскай шляхты [80]. Аднак сярод тых, хто падпісваў пагадненне ў замку Гарадле на Заходнім Бугу 2 кастрычніка 1413 года продкі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх не выяўленыя [81].
Герб Касцюшкаў-Сяхновіцкіх упершыню згадваў Ш. Акольскі, які лічыў, што “Рох-ІІІ” быў нададзены ўжо заснавальніку рода каралём і вялікім князем Казімірам Ягайлавічам разам з перадачай яму ў спадчыну Сяхновічаў. Сучасны біёграф Тадэвуша Касцюшкі Б. Шындлер лічыць гэтую інфармацыю памылковаю і выказваецца за ХVІІ стагоддзе як верагодны час з’яўлення Касцюшкавага герба, аднак тады ўзнікае пытанне, на якое не ў стане адказаць даследчык: які рaдавы знак насілі сяхновіцкія ўладары да таго часу, пакуль не прыдбалі “Рох”? [82].
Акрамя Касцюшкаў, “Рох-ІІІ” ужывалі Гуркі, Каршы і Расудоўскія, аднак, Каспар Нясецкі меркаваў, што ўпершыню гэты герб быў створаны каля сярэдзіны ХV стагоддзя менавіта для сяхновіцкіх уладароў [83].
Заўважым таксама, што да “Роха-ІІІ” былі далучаныя ўсяго толькі чатыры шляхецкія сям’і. Усе яны паходзілі з Берасцейскага ваяводства, а гэта можа сведчыць на карысць іх даволі блізкага сваяцтва. З ліста 1545 года нам ужо вядомае імя аднаго з братоў Касцюшкі Фёдаравіча — Гурка (№ 3). Магчыма, іншыя Фёдаравічы былі заснавальнікамі радоў Каршаў і Расудоўскіх [84].
Традыцыйна касцюшкаўскі герб уяўляе сабою наступную геральдычную кампазіцыю:
“У чырвоным полі шчыта знаходзяцца тры сярэбраныя насечкі (пласціны); кожная наступная насечка даўжэйшая за папярэднюю; на апошняй — самай большай — змешчаная стылізаваная лілея са срэбра (такая самая лілея месціцца і на шаломе, над дваранскаю залатой каронай, але ўжо без насечак); шалом упрыгожваюць таксама тры страусавыя пёры” [85].
Герб Касцюшкаў неаднойчы публікаваўся [86], прычым не заўсёды прыведзенае вышэй апісанне цалкам супадала. Напрыклад, насечкі часам маляваліся іншых памераў: на самым версе знаходзілася самая меншая з іх, як гэта было на выяве Касцюшкавага герба, змешчанага ў актах, што прадастаўляліся ў ХІХ стагоддзі пры пацверджанні дваранства Касцюшкаў [87].
Выява герба “Рох-ІІІ” і сёння яшчэ ўпрыгожвае з тарца саркафаг генерала Т. Касцюшкі, які захоўваецца ў каралеўскай пахавальні на Вавелі ў Кракаве (труна выкананая таленавітым разьбяром Паола Філіпі паводле малюнка італьянскага ды польскага архітэктара Франчэска Ланчы). Родавы герб таксама шырока выкарыстоўваўся ў 1818 годзе падчас перазахавання астанкаў героя [88]. А ў музеі князёў Чартарыйскіх у Кракаве аздабляюць калекцыю 17 бронзавых шчытоў з гербам Т. Касцюшкі [89]. Ёсць выявы гэтага шляхецкага знака таксама ў Сяхновіцкім мемарыяльным пакоі.
Дакладна вядома, што, апроч сямейнага герба, асобныя прадстаўнікі роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх ужывалі уласную пячатку (сыгнет). Яна ўяўляла сабою пярсцёнак, які звычайна гаспадар трымаў пры сабе (насіў на мезеным пальцы левай рукі). З дапамогаю сыгнета Касцюшкі надавалі падпісаным імі дакументам юрыдычную сілу.
Пячаткі, у адрозненне ад герба, знішчаліся на магіле пасля смерці ўладальніка [90], таму ніводзін сыгнет Касцюшкаў-Сяхновіцкіх не дайшоў да нашых часоў, хоць у дакументах пра іх ужыванне існуюць бясспрэчныя згадкі (як, напрыклад, у прыведзеным вышэй лісце Жданы Фёдараўны) [91].
Біёграфамі Касцюшкаў часам уздымаецца і яшчэ адно дыскусійнае пытанне, якое тычыцца асобы жонкі Касцюшкі Фёдаравіча.
Паводле традыцыі, пачатак якой ізноў жа быў пакладзены Тадэвушам Корзанам, пачынальнік роду ўзяў выгодны шлюб з князёўнай Ганнай Гальшанскай і такім чынам парадніўся з найстаражытнейшаю сям’ёю гістарычнай Літвы [92].
На працягу ХV — ХVІ стагоддзяў з князямі Гальшанскімі герба “Гіпацэнтаўр”, якія стаялі ля самых вытокаў Вялікага княства Літоўскага, радніліся слынныя дзяржаўныя дзеячы, у тым ліку — кароль польскі Уладзіслаў ІІ (Ягайла), вялікі князь літоўскі Вітаўт Кейстутавіч, князі Сямён Кобрынскі і Баляслаў Мазавецкі, гаспадар малдаўскі Іліе І [93].
Сучасніцамі Касцюшкі Фёдаравіча былі некалькі князёўнаў Гальшанскіх з імем Ганна. Якая з іх магла стаць жонкаю сяхновіцкага ўладара?
Т. Корзан называў бацькам Ганны князя Юрыя Гальшанскага. Аднак гэта малаверагодна, хоць ужо вядомыя нам Юрый Сямёнавіч і ягоны ўнук Юрый Іванавіч Гальшанскія сапраўды мелі дачок з імем Ганна. Аднак, першая была значна старэйшая за Касцюшку, а другая з’яўлялася жонкаю нейкага Кірдзея [94].
Прафесар Т. Корзан, зразумела, схіляўся да кандыдатуры апошняй, прычым дадаваў: шлюб з панам Кірдзеем “не выключаў мажлівасці” таго, што Ганна бралася шлюбам і з Касцюшкам, перад ці пасля Кірдзея [95].
Аднак гэтае дапушчэнне цяжка стасуецца са сведчаннем дакументаў Літоўскай Метрыкі, выяўленымі ў 1880-ыя гады Юзафам Вольфам. Яны тычыліся сям’і Ганны.
Яе бацька быў двойчы жанаты. Ганна нарадзілася ад другога шлюбу з Марыяй Андрэеўнай Сангушкаю, заключанаму ў 1522 годзе. У княгіні Марыі было ад Ю.І. Гальшанскага сем дзяцей, у тым ліку пяць дачок [96]. Калі нават дапусціць, што Ганна з’яўлялася самым старэйшым дзіцём у сям’і, узросту, з якога яна магла мець дзяцей, дзяўчына магла дасягнуць не раней за 1537 — 1538 гады. Аднак старэйшы сын Касцюшкі нарадзіўся значна раней — каля 1530 года, а ўсяго ў сяхновіцкага гаспадара было не меней за 13 дзяцей [97]!
У 1924 годзе польскі гісторык А.М. Скалкоўскі выдаў працу пад шматзначнаю назваю “Касцюшка ў святле найноўшых даследаванняў”, дзе яшчэ больш заблытаў пытанне, паколькі назваў Ганну з Гальшанскіх Касцюшкаву “ўдавой ваяводы трокскага М. Гаштольда” (памерлага ў 1483 годзе) [98], аднак ягоная “ўдава”, атрымліваецца, памерла яшчэ раней — у 1480 годзе [99]!
Такім чынам, нават тэарэтычна ніводная з прапанаваных кандыдатак на ролю жонкі Касцюшкі Фёдаравіча не падыходзіць.
Аднак існавала яшчэ адна Ганна Гальшанская, імя якой толькі аднойчы сустракаецца на старонках старадаўніх дакументаў.
У 1507 годзе перад Жыгімонтам І паўстала справа нашчадкаў князя Юрыя Сямёнавіча Гальшанскага, у якой “Юрый Іванавіч Дубровіцкі выклікаў на суд свайго дзядзьку князя Аляксандра Юр’евіча, віленскага кашталяна, і сваю цётку княгіню Сямёнаву Юр’евіча Настассю і ейную дачку Ганну”, каб высветліць з імі пытанне пра падзел маёмасці [100].
Згаданыя Сямён і Настасся Гальшанскія пабраліся шлюбам у 1481 годзе, таму іх дачка Ганна, якая нарадзілася не раней за 1482 і не пазней за 1490 год, была амаль равесніцаю Касцюшкі і, безумоўна, магла ў будучым стаць ягонай жонкай.
Мы не можам цалкам адхіляць і версію, што “князёўну Гальшанскую”, заснавальніцу “па кудзелі” роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, проста прыдумаў Т. Корзан, магчыма абапіраючыся на нейкія легендарныя сямейныя радаводы, якія не дайшлі да нашых дзён, але былі яшчэ даступныя вядомаму навукоўцу напрыканцы ХІХ стагоддзя.