Частка 2 ПЕРШЫЯ ПАКАЛЕННІ

ДОЧКІ КАСЦЮШКІ

Калі з першых двух пакаленняў сям’і, разгледжаных вышэй, вядомы сёння толькі адзінкавыя асобы, дык з прадстаўнікоў трэцяга пакалення мы ўжо ведаем 13 чалавек — усе яны былі дзецьмі Касцюшкі Фёдаравіча і князёўны Гальшанскай, пачынальнікаў славутай радзіны.

Першыя радкі радаводу займаюць сыны Касцюшкі — Іван (1530? — 1571) (№ 7) і Фёдар (1540? — 1622) (№ 8), якія заснавалі дзве галоўныя лініі роду.

Старэйшая галіна (“Іванавічы”) паспяхова даіснавала да ХХ стагоддзя. Яе шляхецтва было пацверджанае ў Расійскай імперыі (1852 год) і запісана ў “Першую кнігу дваранства Гродзенскай губерні” [101].

А вось малодшая галіна (“Фёдаравічы”) “па мячы” (з мужчынскага боку) згасла ў 1817 годзе — са смерцю генерала Тадэвуша Касцюшкі, які не пакінуў пасля сябе прамых нашчадкаў [102].

Апроч двух сыноў, з якімі больш падрабязна мы пазнаёмімся пазней, Т. Корзан налічыў у Касцюшкі шмат дачок, праўда, імёнаў ніводнаай з іх ён не ведаў, і толькі пералічыў для некаторых прозвішчы мужоў.

На падставе знойдзеных дакументаў мы маем магчымасць цяпер часткова запоўніць гэты прабел.

Адна Касцюшкаўна — Ганна (№ 9) напрыканцы ХVІ ці ў самым пачатку ХVІІ стагоддзя ўзяла шлюб з зямянінам Янам Косцем. (Тадэвуш Корзан у радаводзе Касцюшкаў паказаў, што ажно дзве не названыя па імёнах дачкі Касцюшкі Фёдаравіча былі за Косцямі, аднак гэта сумнеўна). Ян Косця атрымаў у 1602 годзе ад караля і вялікага князя Жыгімонта ІІІ Вазы маёнткі Збірогі (Брэсцкі раён) і Старое Сяло ў Берасцейскім ваяводстве [103].

Таму Ганна лічыцца прадаўжальніцаю “па кудзелі” (з жаночага боку) роду Косцяў-Збірожскіх, шырока вядомага ў гісторыі Брэстчыны [104].

Дакументы Літоўскай Метрыкі дазваляюць з вялікай доляй верагоднасці меркаваць, што ў Касцюшкі Фёдаравіча была яшчэ адна дачка, якая насіла імя Ганна (№ 16). (Наяўнасць у адной сям’і некалькіх дзяцей з аднолькавым імем было нярэдкасцю ў сярэднявеччы [105]). Ганна Касцюшкаўна пабралася шлюбам з берасцейскім зямянінам Астафіем Навіцкім і мела ад яго сына Афанасія. 26 студзеня 1566 года яна атрымала ад гаспадара Жыгімонта Аўгуста прывілей на засценак ва ўрочышчы Убрышчы, які “мает она сама, дети и потомки ее... держати и вживати вечные часы, а намъ с того службу земскую военъную служити” [106].

Яе сястру Багдану Касцюшкаўну (№ 10) пасватаў пан Пётр Целяціцкі. Вясною 1577 года Багдана “дала, даравала і на вечнасць запісала дочкам сваім: Фядоры, Зафеі, Васілісе, Марыне і Аляксандры” трэцюю частку свайго маёнтка ў Цяляцічах, які перайшоў да яе ў спадчыну ад памерлага мужа П. Целяціцкага. (Астатнія дзве часткі, запісаныя ў 600 копах грошаў, яна ахвяравала сваім сынам Фёдару і Адаму Целяціцкім) [107].

Іншыя Касцюшкаўны былі за панамі Ажэшкам, Юдыцкім, Сузіным. Апошні ў 1589 годзе трымаў за сабою вёску Семенаўцы (на Жабінкаўшчыне), якая пазней перайшла ў спадчыну да Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. З перапісу 1567 года вядомы шляхціц Багдан Сузін, які з’явіўся пад Чырвонае Сяло разам з Іванам Касцюшкавічам, магчыма, ён і быў мужам сястры Івана [108].

ПЕРШАЕ РАЗГАЛІНАВАННЕ РОДУ

Віленскі прафесар Фелікс Канечны сцвярджаў, што Касцюшка Фёдаравіч пакінуў сынам пяць вёсак і чатыры маёнткі, аднак не называў гэтыя населеныя пункты [109].

Паспрабуем запоўніць гэты прабел.

Першымі ў спісе павінны былі ісці, зразумела, Сяхновічы — спадчыннае сямейнае гняздо Касцюшкаў-Сяхновіцкіх на працягу ХVІ — ХІХ стагоддзяў, аснова іх зямельных валоданняў [110].

Далей размова ішла пра Ліневічы (у Пружанскім раёне) і Ступічава. Апошнія, змешчаныя недалёка ад Камянца, у якім Касцюшка быў гараднічым, магчыма, былі нададзеныя яму літоўскім гаспадаром за верныя паслугі [111].

Наконт гэтых валоданняў Т. Корзан выказваўся вельмі асцярожна: ён не адмаўляў цалкам прыналежнасці Ліневічаў і Ступічава Касцюшкам, але і не знайшоў сярод сямейных архіваў дакументаў, якія б пацвярджалі іх правы на гэтыя вёскі [112].

Урадавыя і судовыя пастановы, што зберагліся да нашых часоў, дазваляюць прасачыць лёс Ліневічаў (іншыя назвы — Лінова, Лінёўка, Аранчыцы) толькі з другой паловы ХVІІ стагоддзя [113]. Аднак традыцыя, заснаваная на працах Ш. Акольскага, К. Нясецкага і А. Банецкага, сцвярджае: гэты маёнтак у часы вялікага князя Аляксандра Казіміравіча (1492 — 1506) быў перададзены Касцюшкам [114].

Ступічава (у адрозненне ад Ліневічаў) на працягу ХVІ стагоддзя неаднаразова выступала менавіта як касцюшкаўская ўласнасць [115].

Апошнім маёнткам, пра які мог весці гаворку Ф. Канечны, былі Пеляпелкі (сучаснае месцазнаходжанне не выяўлена), купленыя Касцюшкам Фёдаравічам у 1537 годзе ад чатырох камянецкіх баяраў за 80 коп літоўскіх грошаў [116].

Жыгімонт І дараваў прывілей на атрыманне маёнтка ва ўласнасць без выслугі. Але ўжо праз год вялікі князь пазбавіў Касцюшку гэтага валодання разам з пасадай гаёўніка. Надзеі вярнуць некалі прыдбаны надзел Касцюшкі-Сяхновіцкія не гублялі. Вядома, што ўнук Касцюшкі пан Мікалай Іванавіч Касцюшка-Сяхновіцкі (№ 22) вясною 1589 года скардзіўся, што з ягонай сядзібы была скрадзена скрыня з паперамі, сярод якіх захоўваўся “ліст на тое, што выкупіў [ён, пан Мікалай — А.Б.] маёнтак Пеляпелкі ў пана Паўла Крычкоўскага за паўтараста коп грошай” [117].

Такім чынам, пан Мікалай Касцюшка засведчыў, што Пеляпелкі некалі былі валоданнем ягонай сям’і. Па невядомых для нас прычынах Касцюшкі гэты маёнтак страцілі, але канчаткова ад сваіх правоў на яго не адмовіліся, а таму каля 1589 года дамагліся зноў яго выкупіць.

Трэба яшчэ дадаць, што асаблівасць рассялення шляхты ў Вялікім княстве Літоўскім заключалася ў тым, што дваранскія сядзібы-двары знаходзіліся, як правіла, на пэўнай адлегласці ад вёсак. Таму, калі Ф. Канечны гаварыў пра пяць Касцюшкавых вёсак (“весяў”), ён, хутчэй за ўсё, меў на ўвазе Вялікія і Малыя Сяхновічы, Лінова, Ступічава і невядомае цяпер паселішча Пеляпелкі.

26 лістапада 1561 года адбыўся першы значны падзел касцюшкаўскай спадчыны [118]. Адначасова настаў і канчатковы падзел роду. (Т. Корзан падкрэсліваў, што з гэтага часу з’явіліся “дзве лініі, якія больш ніколі не сыходзіліся”).

ГРАМАДСКАЕ СТАНОВІШЧА

З самага пачатку сяхновіцкія ўладары займалі даволі сціплае становішча ў грамадстве. Пра гэта сведчаць дадзеныя так званых “Попісаў войска Вялікага княства Літоўскага”, якія складаліся ў 1528, 1565 і 1567 гадах [119].

Галоўная мэта такіх мерапрыемстваў заключалася ў праверцы баяздольнасці і мабілізацыйных магчымасцяў шляхецкага апалчэння. (Гэта было тым больш важна, што апошнія два “попісы” адбываліся ва ўмовах Інфлянцкай (Лівонскай) вайны 1558 — 1583 гадоў).

1 мая 1528 года на перапіс з’явіўся Касцюшка Фёдаравіч з трыма добраўзброенымі вершнікамі. Сучасныя даследчыкі на падставе “попісаў” па рознаму падзяляюць шляхту ВКЛ на катэгорыі. А.П. Грыцкевіч і М.Ф. Спірыдонаў лічаць шляхціцаў, падобных да Касцюшкі Фёдаравіча, “дробнымі феадаламі”, а класіфікацыя В.С. Мянжынскага дазваляе ад-несці яго нават да шляхты “сярэдняй рукі” [120].

Пасля падзелу 1561 года карціна змянілася. На попіс 1565 года браты Касцюшкавічы прыехалі 7 жніўня, адначасова, але выстаўлялі сваіх вершнікаў ужо па-асобку: Іван прывёў аднаго ваяра ў панцыры, узброенага ашчэпам, а Фёдар выставіў двух экіпіраваных слуг. Касцюшкі былі залічаныя ў Берасцейскую харугву (полк), узначаленую панам Кірдзеем Крычаўскім [121].

Праз два гады, на перапіс 1567 года, што адбываўся ля Чырвонага Сяла пад Маладзечнам, браты з’ехаліся ўжо ў розныя часы [122].

Спачатку 28 верасня з’явіўся Фёдар, які ставіў з Сяхновічаў і Ступічава свайго вершніка ў панцыры з прылбіцай і рагацінай. А 1 кастрычніка прыбыў і старэйшы Касцюшкавіч. Са сваіх частак спадчынных маёнткаў ён выдзяліў у велікакняскае войска “кони два збройно”, прычым аднаго з іх — на “ласку господарьску”, гэта значыць па сваім уласным жаданні, а не па абавязку [123].

Атрымліваецца, што пасля падзелу, у 60-ыя гады ХVІ стагоддзя, Касцюшкі ўжо залічваліся да “найдрабнейшай шляхты”.

Нягледзячы на гэтую акалічнасць, Касцюшкі-Сяхновіцкія па-ранейшаму карысталіся вялікаю пашанаю ў мясцовай шляхты, пра што сведчыць вылучэнне Івана Касцюшкавіча на берасцейскім павятовым сойміку ў дэпутаты на “вальны” (агульны) сойм, які праходзіў вясною і летам 1568 года ў Гародні [124]. На адным з апошніх соймавых пасяджэнняў (10 ліпеня 1568 года) пан Іван разам з Багданам Тумінскім былі прызначаныя “бирчими на люд служебный” (зборшчыкамі падаткаў) у Берасцейскім ваяводстве [125].

СПРОБА АБ’ЯДНАННЯ СПАДЧЫНЫ

Іван Касцюшкавіч Сяхновіцкі памёр на Вадохрышча (6 студзеня) 1571 года.

Тадэвуш Корзан зусім слушна крытыкаваў Ю. Барташэвіча і К. Вуйціцкага, якія лічылі, што Іван загінуў на Лівонскай вайне пры аблозе Дынабурга (Даўгаўпілс, Латвія) у 1577 годзе. Даследчык прыводзіў словы з дыкрэта земскага берасцейскага суда ад 15 студзеня 1586 года: “да зыходу з гэтага свету нябожчыка пана Івана на дзень Трох Каралёў, рымскага свята, у годзе семдзесят першым, як і сам пан Фёдар прызнаў, што таго дня (брат ягоны) памёр” [126].

Смерць прыйшла да старэйшага Касцюшкавіча заўчасна, калі яму было каля сарака гадоў. Такое дапушчэнне грунтуецца на пэўных ускосных аргументах. Па-першае, ягоны старэйшы сын Мікалай Іванавіч упершыню выступае ў якасці паўнамоцнага ўдзельніка юрыдычнай справы толькі праз пятнаццаць гадоў (з 1586). Па-другое, малодшы брат Івана — Фёдар Касцюшкавіч памёр толькі ў 1622 годзе [127] і, такім чынам, перажыў Івана больш чым на паўстагоддзя.

Пасля смерці Івана ў ягоных валоданнях пачала гаспадарыць удава Ганна Фурс (Фурсаўна), праз якую Касцюшкі парадніліся з вядомым палеска-валынскім родам Дастаеўскіх, які даў у ХІХ стагоддзі вялікага пісьменніка Ф.М. Дастаеўскага [128].

Ганна Фурс паказала сябе вельмі здатнаю гаспадыняю. Менавіта пры ёй, дзякуючы шматлікім пагадненням між Касцюшкамі, паспяхова ішло далейшае “збіранне” сяхновіцкай спадчыны, хоць часам гэта і выклікала спрэчкі і канфлікты паміж родзічамі.

У 1570 і 1580-ыя гады Ганне з Фурсаў Касцюшкавай нярэдка даводзілася звяртацца ў берасцейскі суд, каб бараніць уласныя правы і правы сваіх дзяцей на землі [129]. У 1577 годзе яна нават здолела пашырыць валоданні, адсудзіўшы дзве валокі ворыва ад суседняга Непакойчыцкага маёнтка (цяпер не існуе, ягоныя рэшткі месцяцца каля Жабінкі). У лютым 1580 года Ганна ледзь не страціла лес каля Сяхновіч, адтуль сілаю зброі яе спрабаваў збройна сагнаць зямянін Леў Пацей [130].

Напружаныя адносіны ў Ганны таксама захоўваліся з дзеверам. Фёдар Касцюшкавіч на пачатку чэрвеня 1577 года зрабіў спробу замацавацца ў Ступічаве, ігнаруючы дамоўленасць 1561 года.

Пазямельная спрэчка хутка перарасла ў адкрытую варожасць. Фёдар у прысутнасці судовых сведкаў аднойчы запатрабаваў ад братавай “учыніць яму справядлівасці” па справе забойства жывёлы. На тое Ганна дзёрзка адказала: “Няхай Касцюшка першы ўчыніць мне справядлівасць, тады і я ўчыню!” [131].

Калі Фёдару Касцюшкавічу не ўдалося сілаю аб’яднаць ў адных руках усю бацькаву спадчыну, ён быў вымушаны ў 1577 годзе перадаць сваю частку Ступічава ў пажыццёвае карыстанне жонцы Таміле Міхайлаўне Сасноўскай. З удавой Афанасія Навіцкага Тамілай Фёдар ажаніўся каля 1574 года. У якасці пасагу за ёй узяў маёнтак Клюкавічы (сённяшняе месцазнаходжанне невядомае). Немалаважна, што Афанасій быў пляменнікам Фёдара Касцюшкавіча, а таму гэты шлюб стаў яшчэ адною спробаю ўмацаваць сямейную спадчыну, да чаго паслядоўна на працягу ўсяго жыцця імкнуўся сяхновіцкі гаспадар [132].

Існуе меркаванне, што ў адрозненне ад праваслаўнага мужа Таміла была каталічкай, але Фёдар не патрабаваў ад яе змяніць веру [133]. Роўна праз дзвесце гадоў Касцюшкі і Сасноўскія зноў ледзь не парадніліся: у 70-ыя гады ХVІІІ стагоддзя бурна развівалася рамантычнае, але нешчаслівае каханне паміж Тадэвушам Касцюшкам і Людвікай Сасноўскай, будучай княгіняй Любамірскай [134].

Зямельныя непаразуменні ХVІ стагоддзя паміж галінамі касцюшкаўскай радзіны канчаткова былі вырашаныя праз земскі берасцейскі суд 15 студзеня 1586 года, калі Фёдар Касцюшкавіч склаў дамову з Ганнаю Фурсавай пра скасаванне ўсялякіх прэтэнзій, што ўзнікалі паміж абодвума бакамі [135].

Гэтае пагадненне аформіла канчатковы “развод” старэйшай і малодшай галінаў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.

МІКАЛАЙ ІВАНАВІЧ

У Івана і Ганны Касцюшкаў было пяцёра дзяцей.

Абедзвюх сваіх дачок яны выдалі за блізкіх суседзяў. Старэйшая — Аўдоцця (№ 20) заручылася з Дзмітрам Сямёнавічам Здзітавецкім, адным з уласнікаў блізкага Здзітаўца [136].

Другая пайшла за Рудольфа Рудніцкага, які ў канцы ХVІ стагоддзя валодаў часткамі Грыцэвічаў і Канатопаў на Жабінкаўшчыне, што дазволіла пазней Касцюшкам-Сяхновіцкім дамагацца ў гэтых мясцінах новых земляў.

Нам нічога не вядома пра малодшых сыноў Івана — Васіля (№ 23) і Андрэя (№ 24), акрамя іх імёнаў, прыведзеных Т. Корзанам. Праўда, у дзяржаўных справах 1585 года некалькі разоў згадваецца нейкі Андрэй Касцюшка, аднак вельмі сумнеўна, што ён быў сынам Івана Касцюшкавіча, паколькі пазначаўся як жыхар далёкага ад Сяхновічаў Упіцкага павета, а аднойчы нават быў названы “Мікалаевічам” [137].

Затое старэйшы сын — Мікалай Іванавіч Касцюшка-Сяхновіцкі (1560? — да 1646 гг.) (№ 22) — вельмі часта згадваецца на старонках справаводчых паміж 1586 і 1636 гадамі.

Мікалай Іванавіч стаў фактычным заснавальнікам старэйшай лініі сям’і, а тая частка Сяхновічаў, у якой ён стаў гаспадаром, ужо афіцыйна пачала звацца Іванаўшчынаю (Іванаўшчызнаю) [138].

Тройчы Мікалай Касцюшка абіраўся ад Берасцейскага ваяводства дэпутатам Галоўнага трыбунала — найвышэйшай судовай установы Вялікага княства Літоўскага: у 1605, 1613 і 1623 гадах [139].

Вясной 1632 года пан Мікалай павінен быў удзельнічаць у надзвычайным канвакацыйным Варшаўскім сойме, аднак па нейкай прычыне не з’явіўся ў польскай сталіцы. Гэта магло тлумачыцца тым, што ў той самы час М.І. Касцюшка ў складзе камісіі, прызначанай князем Альбрыхтам Уладзіславам Радзівілам, прымаў ля Пружан ад арандатара Мойзеша Лазаровіча Шарашоўскую воласць [140].

Дзейнасць Мікалая Іванавіча ў адносінах да сямейнай спадчыны таксама была даволі бурнай, асабліва вясною 1589 года, пры вырашэнні справы рабавання Сяхновічаў [141].

Сутнасць канфлікту заключалася ў наступным. 11 красавіка 1589 года ў маёнтак М.І. Касцюшкі забраўся злодзей, які выкраў скрыню з паперамі, аднак, уцякаючы, згубіў сваю чырвоную рукавіцу. Па гарачых слядах сяхновіцкі ўладар паводле тагачасных судовых традыцыяў наступнага дня склікаў копны суд, на якім спрабаваў высветліць праўду (“на гоненье следу на копи врочищом У Град”).

Самае бурнае паседжанне адбылося 16 красавіка ў прысутнасці берасцейскага вознага К.М. Непакойчыцкага. У той дзень на капу сышліся прадстаўнікі 11 навакольных вёсак. І перад усімі Мікалай Касцюшка-Сяхновіцкі абвінаваціў шляхціца Яна Мачульскага, у якога на Вялікоднае свята ў царкве бачыў падобную рукавіцу. За Я. Мачульскага ўступіўся ягоны стрыечны брат зямянін Дзмірый Здзітавецкі, а сам абвінавачаны заявіў:“То руковица моя властная, которая деи у меня украдена, коли деи матка твоя з Сехнович вывозилася” [142].

Такім чынам, справа непрыкметна перайшла ў сямейна-бытавую катэгорыю, паколькі ўсе яе галоўныя ўдзельнікі знаходзіліся ў пэўнай ступені сваяцтва: Дзмітр Здзітавецкі быў швагерам Мікалая Касцюшкі-Сяхновіцкага (у сваю чаргу, старэйшы сын Мікалая Павел пазней пабраўся шлюбам з Зоф’яй Здзітавецкай [143]). Акрамя таго, з прыведзенага выказвання Яна Мачульскага, як падаецца, вынікае, што ўдава Івана Касцюшкавіча Ганна Фурсаўна (Фурс) да вясны 1589 года пераехала з Сяхновічаў у Здзітава (хутчэй за ўсё, пасля смерці першага мужа паўторна ўзяла шлюб з нейкім Здзітавецкім, якіх на той час было ўжо багата).

На капе, скліканай па гэтай справе, разгарнулася сапраўдная бойка. Кожны з бакоў абвінавачваў супернікаў. Возны прыняў бок Мікалая Касцюшкі. Абвінавачаны Ян Мачульскі быў перададзены ў рукі сяхновіцкага гаспадара, перад якім прызнаўся ў наступным:

“Правда деи, же шкатулку пана Миколаеву Костюшкову з Юрком, возницою пана Костюшкова, украл, сам деи у окна того коморного стоял, а тот Юрко одорвавши сокерою оконницу и оболонушклянную выбивши там влез … и шкатулку с тое коморы тот истый Юрко … окном подал, а сам лезучи с тое коморы в окне коморном там завяз; а потом, кгдым деи его ратовал с того окна, псы се на нас кинули, а я деи на тот час ратуючи товариша своего Юрка руковицу у комору упустил тую” [144].

Пасля гэтага абвінавачаны прызнаўся, што на гэты ўчынак іх падбівалі і іншыя родзічы М.І. Касцюшкі: Мікалай Целяціцкі, Леў Рудніцкі ды пані Касцюшкава, “а за тое, што мы шкатулу украли з листы и што в неи было, нам коня обецали”.

Атрымліваецца, што галоўнаю прычынаю крадзяжу былі менавіта сямейныя паперы.

Што ж было ў скрыні? Сведчыць Мікалай Касцюшка-Сяхновіцкі:

“...в шкатулке были деи листы потребные и мел справ, то есть: наперед лист, иж што выкупил именье Пелепилки у пана Павла Кричковского на полтораста коп грошеи ... ку тому справы з листы с паном Григорьем Костею, так теж и позвы, которые были положены от пана Ивана Шляхты, два позвы на именью его Сехновицком, так теж и позвы положеные от пана Михаила Сосновского и от пана Беняша Хоружича и инших справ деи не мало менит быть пан Миколаи Костюшко у тои скрынцы были, которых и спомнеть не может. Ешче теж у тои же скрынцы было грошеи готовых коп двесте литовских, и ложок деи серебряных шесть, кубков два, перстень з жабинцом золотыи и инших деи речеи не мало” [145].

Паны Здзітавецкі, Целяціцкі і Рудніцкі таксама праз шлюбы знаходзіліся ў сваяцтве з Касцюшкамі. Увогуле, заключэнне шлюбаў было адным з галоўных сродкаў для пашырэння зямельнай спадчыны. І Касцюшкі шырока карысталіся ім.

НА ШЛЯХУ ЗБІРАННЯ ЗЕМЛЯЎ

Пагадненні ХVІ стагоддзя заклалі падмурак сяхновіцкай зямельнай спадчыны. Пазней абшары, што належалі Касцюшкам, вымяраліся ў 115 валок (каля 2450 га, ці 24,5 км2).

Набыццё земляў ішло павольна. Таму нельга пагадзіцца з Б. Шынд-лерам, які лічыў, што ўжо акт 1509 года надаваў Касцюшкам-Сяхновіцкім права карыстацца прыбыткам з названых 115 валок [146]. Першапачатковы надзел быў значна драбнейшым і ахопліваў толькі каля 5 км2 — землі, занятыя сёння вёскамі Вялікія і Малыя Сяхновічы.

Складванне касцюшкаўскага землеўладання (так званага “дваранскага гнязда”) цягнулася больш за сто год — да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя. Паступова да маёнтка былі далучаны блізкія вёскі Грыцэвічы, Канатопы, Сенькавічы, Ханькі (сёння яны ўсе знаходзяцца ў межах Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) [147].

Шляхі для пашырэння валоданняў былі розныя. У першую чаргу Касцюшкі выкарыстоўвалі зямельныя і маёмасныя спрэчкі паміж тутэйшымі зямянамі, часам беручы ўдзел у разборы маёнткаў, якія апынуліся без гаспадарскага нагляду, а таксама купляючы надзелы ў збяднелых суседзяў.

Не меншую карысць, як ужо было паказана вышэй, прыносілі выгодныя шлюбы з навакольнаю шляхтаю. Праз крэўныя сувязі сяхновіцкія ўладары ўзмацнялі свае становішча. Таму найчасцей яны радніліся з сем’ямі, землі якіх ляжалі ў Берасцейскім ваяводстве. У розных ступенях сваяцтва Касцюшкі-Сяхновіцкія знаходзіліся з радзінамі Ажэшкаў, Здзітавецкіх, Мальчэўскіх, Нямцэвічаў, Фядзюшкаў, Целяціцкіх і іншых [148].

Каб зразумець шляхі збірання Касцюшкамі земляў вакол іх родавага гнязда, трэба бліжэй пазнаёміцца з уладаннямі, якія акружалі Сяхновічы ў ХVІ — ХVІІІ стагоддзях.

СТАСУНКІ З СУСЕДЗЯМІ

На поўдні сяхновіцкія землі межавалі з надзеламі Здзітавецкай дзяржавы. Яна дзялілася на шматлікія дробныя “именьица”, якія былі ў руках разнастайных шляхецкіх сем’яў. Да сярэдзіны ХVІ стагоддзя, пакуль жыў пан Венцлаў Багушэвіч-Федкавіч-Здзітавецкі, яшчэ захоўвалася адносная цэласнасць гэтых земляў. Аднак ягоныя дочкі пайшлі на падзелы спадчыны, і Здзітавец пачаў драбіцца. Летам 1577 года прэтэнзіі на свае часткі дзяржавы заявілі ажно 14 спадчыннікаў [149].

Cпрэчкі за землі і дзяльба ўласнасці ды сялян паміж здзітавецкімі ўладарамі не прыпыняліся ўсё ХVІ стагоддзе. Тагачасныя судовыя акты перанасычаныя заявамі і скаргамі, што тычацца канфліктаў, у цэнтры якіх знаходзіўся Здзітавец. Напрыканцы ХVІ стагоддзя дзяржава падзялялася не менш, чым на сорак невялікіх валоданняў пры агульнай плошчы каля 3000 валокаў (30 км2).

Такая нестабільнасць утварала пэўную пагрозу для суседніх Сяхновічаў. Менавіта таму Касцюшкам спатрэбілася выразна акрэсліць межы са Здзітаўцом, каб у далейшым перадухіліць магчымыя памежныя непаразуменні і сутычкі.

Адбылося гэта пры непасрэдным удзеле менавіта Мікалая Іванавіча Касцюшкі-Сяхновіцкага, які каля 1595 года супольна з “зямянамі гаспадарскімі, удзельнікамі маёнтка здзітавецкага” пабудаваў “граніцу і сцяну гранічную”. Паміж маёнткамі сумесна былі насыпаныя больш за два дзесяткі курганоў-капцоў. Гэтыя межы аказаліся замацаваныя пагадненнем, складзеным 1 лютага 1599 года, якое падпісалі ажно 28 уласнікаў Здзітаўца:

“Я, Лев Патей, писар земски берестеиски. Я, Лукаш и Лаврын Федюшки, Михаило Сосновскии, Василеи Сасин Калечмцки, Остафеи и Миколаи Здитовецкие, Иван и Юреи Данилевичи Шляхта Здитовецкие, Григореи Бурыи, Андреи, Петр и Адам Тишковичи, Юреи, Павел и Григореи Гуриновичи Здитовецкие, Лаврин и Сегень Федоровичи Здитовецкие, Василеи Сасин Старовольски, Федор и Кондрат Микитичи, Рудольф Рудницки, Григореи Островски, Павел и Федор Дмитровичи Здитовецкие, Малхер Паршлински, Ян Поплавски, Миколаи Яблонски, земяне господарские воеводства Берестеиского, участники имения Здитовецкого, в повете Берестеиском лежачого, сознаваем сами на себе тым нашим добровольным листом-записом, кому бы то належило ведати нинешним и напотом будучим. И што есмо мели права … о забране грунтов через границу нашу в земянином господарским воеводства Берестеиского з паном Миколаем Яновичом Костюшком Сехновицким од имения его Сехнович, в том же повете Берестеиском лежачого, за которым зобранем розные немалые межи нами в перехоженю через границы делали, так теж и з стороны третьего жеребя, которого собе Ян Костюшко за правом своим бытии у нас меновал во имению нашом Здитовецком межы речками Полехвы, Mытишча и речки Нечавницы Глиненца, леса Бовшова аж до Град, о которую то третюю часть пан Миколаи Костюшко некоторых особ, нас участников, перед суд земски берестеиски был позвал, также и мы пан(а) Миколая Костюшко о грунты наши забраны их позвали. И правом яко власное свое позыскали.

А хотечи мы в тих границах и в грунтех покои вечисти з паном Миколаем Костюшком од имения его Сехнович, имению нашому Здитовецкому меть, и давше се на узнание и разсудок жебо полныи их милости панем-приятел наших, права свое перед их милостю з обедвух сторон показали, а их милость панове-приятели наши успокояючи тие вси розницы и заистя, а одложивши права пана Миколая Костюшко о третью часть на сторону прыступу ниякого пана Миколаю Костюшкудо поисканя тое трете части вечными часы не зоставили, на чом и сам пан Костюшко перестать. А зас о тые пекные грунты нас померковавши и границу певную тым имениям нашим стеною положили урочишчами тыми: почавши од петы граничное имения панов Короневских Коронева з-под Жеидик од границы помененое Град, на котором местцу копа на следогониско сходытсе, и там тых трох именеи границы опираются, то есть Коренева, Здитовце, Сехнович, на котором местцу на сесь час дуб есть лежачи и други неподалеку стоячи, а тепер и копец через нас на том местцу на Градах у петы велики з паном Миколаем Костюшком сполне усыпан, а од того копца Град граница и стена граничная есть положона межи имением нашим Здитовцами, и его пана Костюшковым Сехновичами, почавши од конца и дуба лежачого долиною стеною зпрослею над лесом великим до дуба, которы на сесь час стоит над ролем нашим Градами, до которого дуба тою стеною копцов три кром першого нарожник, в котором то дубе и знаки крыжами положили есмо, а од того дуба другым простим трыбом так же стеною через заросли дуброве до полька и дуба, которыи стоит над смужкою подле Долгого поля, межи которыми дубами копцов усыпанных осм, в том теж дубе знаки положили осмо.

А то все выполнивши и поплативши пред сес наш лист и положенье границ и стена урочышчами звышписаными вечными часы ни в чом ненарушаючы держати бытии мает” [150].

Усталяваныя межы паміж Здзітаўцом і Сяхновічамі захоўваліся некалькі стагоддзяў, выконваючы сваё вызначэнне быць граніцаю між двума феадальнымі валоданнямі. Блізкія стасункі паміж суседзямі працягваліся і значна пазней. Нават у сярэдзіне ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў Касцюшкі, якія страцілі ўжо на той час свае спадчынныя Сяхновічы, працягвалі ўтрымліваць за сабою невялікія фальваркі на былых землях колішняй Здзітавецкай дзяржавы [151].

На ўсходзе Сяхновічы межавалі з Каранёўскім маёнткам — вотчынаю сем’яў Каранёўскіх, Мажэйкаў і Пацеяў [152].

Ужо згадвалася, што да пачатку ХVІ стагоддзя сяхновіцкія землі належалі да Каранёва (цяпер гэта хутар блізу Крыўлянаў). На працягу ХVІ — ХVІІІ стагоддзяў адбылося некалькі значных размежаванняў паміж двума маёнткамі, апошняе — восенню і зімою 1778 года [153].

Для ўмацавання сваіх валоданняў паны Каранёўскія пабудавалі невялікую драўляную фартэцыю (так званы Крыўлянскі замак), рэшткі якога і сёння існуюць паміж вёскамі Мажэйкі і Налезнікі на Жабінкаўшчыне [154].

У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя гэтыя землі зрабіліся адным з цэнтраў латыфундыі Рэчыцкі Ключ князёў Чартарыйскіх, у склад якой увайшлі таксама Вялікія Сяхновічы.

На захадзе непасрэднымі суседзямі Сяхновічаў былі Чарнаўчыцы (званыя ў тагачасных дакументах Чарнаўчыцкім графствам, сёння ў межах Брэсцкага раёна) — уласнасць адной з галінаў заможных Радзівілаў — і маёнтак Непакойчыцы — родавае гняздо шляхціцаў Непакойчыцкіх герба “Пацей” [155].

Заходнія межы сяхновіцкага валодання былі найбольш трывалымі: ад ХVІІ — ХVІІІ стагоддзяў не дайшло ніводнага паведамлення пра сур’ёзныя спрэчкі, парушэнні ці прэтэнзіі.

Цесныя сувязі Сяхновічы падтрымлівалі таксама з каралеўскімі (велікакняскімі) уладаннямі, найперш — з блізкімі землямі Кобрынскай і Берасцейскай эканомій.

Кобрынскае староства (эканомія) было ўтворанае на абшарах былога ўдзельнага княства [156]. У ХVІ стагоддзі на Кобрыншчыне амаль упершыню ў ВКЛ ажыццявілася на практыцы аграрная рэформа, вядомая пад назваю “Валочнай памеры” (ці “Уставы на валокі”) [157]. Рэформа дала моцны штуршок да станаўлення фальварачнай гаспадаркі, што паспрыяла развіццю эканамічных адносінаў у краі. Пра хуткае развіццё Кобрыншчыны сведчаць наступныя факты: паміж 1563 і 1597 гадамі на гэтых землях узніклі 10 новых вёсак, а шчыльнасць насельніцтва склала 10 чалавек на 1 км2, што было значна больш, чым у прыватнаўласніцкіх вёсках [158].

Касцюшкі, як і большасць вясковых памешчыкаў, звярнуліся да фальварачнай сістэмы значна пазней. Толькі ў другой палове ХVІІ стагоддзя яны пачалі ўводзіць у сваіх валоданнях новую сістэму гаспадарання. Такое спазненне стала адной з прычын хуткага заняпаду гаспадарак кшталту Сяхновічаў. (Дарэчы, насельніцтва самага значнага касцюшкаўскага валодання — Вялікіх Сяхновічаў — нават у 1760-ыя гады не дасягала і 70 чалавек) [159].

У першай палове ХVІІІ стагоддзя Кобрыншчына адміністрацыйна злілася з Берасцейскай эканоміяй (апошняя таксама ўтварылася ў ХVІ стагоддзі) [160]. Як сведчаць інвентары 1712, 1724, 1731, 1742, 1757 гадоў, з’явілася агульная Берасцейска-Кобрынская эканомія, якая здавалася ў арэнду найзаможнейшым магнатам [161].

Як бачым, суседнія з Сяхновічамі землі моцна розніліся па тыпах уласнасці. Тут можна было знайсці паселішчы дзяржаўныя (Арэпічы, Рачкі), каралеўскія (так званыя “гаспадарскія сталаванні”) (Азяты, Вежкі), магнацкія (Булькова, Чарнаўчыцы), шляхецкія (Здзітавец, Каранёва) і царкоўныя (Алізараў Стаў, Крупчыцы).

З кожным з гэтых валоданняў Касцюшкам-Сяхновіцкім прыходзілася будаваць адносіны, часам не абыходзілася без канфліктных сітуацыяў, якія вырашаліся, галоўным чынам, праз суд.


Загрузка...