Частка 6 НАШЧАДКІ І ПРЭТЭНДЭНТЫ

ПАРАДНЁНЫЯ “ПА КУДЗЕЛІ”

Паміж невядомым нам па імені бацькам заснавальніка роду Касцюшкаў, які жыў на памежжы ХІV і ХV стагоддзяў, ды Тадэвушам Касцюшкам, жыццё якога прыйшлося на сярэдзіну ХVІІІ і пачатак ХІХ стагоддзяў, налічваюцца дзесяць пакаленняў.

Беларускім пісьменнікам У. Ліпскім некалі было заўважана: калі памятаць, што “блізкія, роднасныя сувязі з кожным новым вітком (радавода) удвойваюцца”, дык у дзесятым калене кожны чалавек мае 1024 адных толькі блізкіх прародзічаў. “А яшчэ ўлічым, — дадае пісьменнік, — што ў кожнага з іх былі браты і сёстры, а нашы — прапрадзядзькі і прапрацёткі. А ў тых — свае дзеці. Дык вунь які пласт радні меў кожны з нас трыста гадоў назад!” [362].

Зразумела, выявіць усіх продкаў нават такой значнай гістарычнай асобы, якім з’яўляецца генерал Т. Касцюшка, немагчыма. Па традыцыі большую ўвагу складальнікі радаводаў адводзяць прадстаўнікам мужчынскага полу, значна цяжэй аднавіць імёны прадстаўніц той ці іншай сям’і. Змешчаны тут радавод Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, які абапіраецца на старажытныя акты Вялікіга княства Літоўскага і працы папярэдніх генеолагаў, таксама не стаў выключэннем. Сярод 202 пералічаных у ім Касцюшкаў толькі 74 жанчыны, прычым 30 з іх неназваныя па імені [363].

Нягледзячы на тое, што прасачыць радавыя повязі “па кудзелі” значна цяжэй, трэба пералічыць сем’і, што праз шлюб маюць дачыненне да радаводу Касцюшкаў. Называем толькі тыя шляхецкія радзіны, повязь якіх з сяхновіцкімі ўладарамі не выклікае ніякага сумнення:

1. Ажэшкі

2. Аніхімоўскія

3. Анцуты

4. Баброўскія

5. Багуслаўскія

6. Беліковічы

7. Блоцкія

8. Брухоўскія

9. Булгарыны

10. Бухавецкія

11. Бушы

12. Вайніловічы

13. Варапаевічы

14. Варатыніцкія

15. Вольскія

16. Выжыкоўскія

17. Вярбіцкія

18. Гайкі

19. Галаўні-Астражэцкія

20. Гальшанскія

21. Гарноўскія

22. Гернінгі

23. Глеўскія

24. Грабоўскія

25. Гузоўскія

26. Дзянісовічы

27. Ежыковічы

28. Жардзескія

29. Жулкоўскія

30. Заленскія

31. Здзітавецкія

32. Кальштэны

33. Касакоўскія

34. Качбутоўскія

35. Косці

36. Кулешы

37. Куравіцкія

38. Макавецкія

39. Мальчэўскія

40. Міхалоўскія

41. Міцкевічы

42. Мрочкі

43. Муралеўскія

44. Навіцкія

45. Непакойчыцкія

46. Нявельскія

47. Нямцэвічы

48. Паплаўскія

49. Парчэўскія

50. Плашкевічы

51. Пяльчыцкія

52. Разэнбаумы

53. Ракоўскія

54. Ратомскія

55. Рудніцкія

56. Рыбінскія

57. Сасноўскія

58. Снічкі

59. Сузіны

60. Сукнеры

61. Такарэўскія

62. Траўгуты

63. Тукальскія

64. Уланецкія

65. Урэты

66. Фурсы

67. Фядзюшкі

68. Хаткоўскія

69. Храноўскія

70. Храсцікоўскія

71. Целяціцкія

72. Цярлецкія

73. Чарнякоўскія

74. Шаметы

75. Шаставіцкія

76. Эсманты

77. Эсткі

78. Юдыцкія

79. Яблонскія

80. Яльцы

81. Янушкевічы

Да гэтага спісу трэба таксама дадаць Трэмбіцкіх. Б. Шындлер у сваёй біяграфіі Т. Касцюшкі, між іншым, зазначаў, што вядомы абаронца канстытуцыі 1791 года, пасол на Чатырохгадовы сойм ад Інфлянтаў Антоній Вікенцій Трэмбіцкі быў “параднёны з Касцюшкамі-Сяхновіцкімі” [364]. Хоць даследчык і не ўдакладніў ступень сваяцтва, але ягонае сцвярджэнне цалкам верагоднае, паколькі Трэмбіцкія і Касцюшкі былі бліжэйшымі суседзямі. А.В. Трэмбіцкі нават нарадзіўся ў маёнтку Плошча (месціўся блізу сучаснай вёскі Маціевічы на Жабінкаўшчыне). У краі ён стаў вядомы як палітычны дзеяч і аграном, быў здольным гаспадаром, лічыўся “прыяцелем навук”. У 1789 — 1791 гадах Антоній выдаў двухтомныя “Палітычныя і грамадскія правы Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага, ці Новы збор правоў абодвух народаў ад 1347 года да сучасных часоў” [365]. Апроч таго, ён пісаў кнігі, у якіх распрацоўваў ідэі развіцця вёскі, быў адным з першых біёграфаў Тадэвуша Касцюшкі [366].

ЧУРЫЛАЎШЧЫЗНА І ЗЕЛЕНКАЎШЧЫЗНА

Пасля смерці Т. Касцюшкі Касцюшкі-Сяхновіцкія па мужчынскай лініі страцілі родавыя Сяхновічы, якімі валодалі цягам трохсот гадоў. За імі захаваліся толькі невялікія надзелы ў блізкіх маёнтках Чурылаўшчызна і Зеленкаўшчызна (на картах ХІХ стагоддзя апошняя пазначалася як “фальварак Касцюшкаў”) [367].

Тут гаспадарылі прадстаўнікі старэйшай лініі Касцюшкаў — Іванавічы, верагодна, нашчадкі Бруна, унука фундатара Вялікасяхновіцкай царквы пісара гродскага берасцейскага Паўла Касцюшкі-Сяхновіцкага. У 1774 годзе Бруна набыў у свайго брата харунжага Казіміра (№ 182) Чурылаўшчызну [368].

Зразумела, гэтая галіна роду мела працяг у нашчадках, але ніхто з іх не ўвайшоў у складзены намі радаводны роспіс, паколькі прасачыць дакладна іх сямейныя сувязі цяпер ужо немагчыма.

Паводле рэвізіі 1816 — 1817 гадоў, Чурылаўшчызнай валодаў Кузьма Касцюшка, уласнік аднаго “дыма” з 3 сялянамі [369].

У 1832 годзе, адразу пасля падаўлення паўстання 1830 — 1831 гадоў, калі ўлады Расійскай імперыі з новай сілай разгарнулі палітычную кампанію, вядомую ў гісторыі пад назваю “разбору шляхты”, быў складзены “Спіс навакольнай шляхты і шляхты, што не мае сваёй аселасці, але пражывае ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні”. У гэтым “Спісе”, між іншымі, былі пазначаны Казімір і Аляксандр Касцюшкі. Першы меў 9 сялянаў мужчынскага полу, другі — усяго аднаго. Нягледзячы на тое, што абодва Касцюшкі мелі пацвярджэнне з боку дэпутацкага збору свайго статусу, Герольдыя гэтыя так званыя “доказы на дваранства” не прыняла і не зацвердзіла [370]. Таму ў дакументах пачатку ХХ стагоддзя Канстанцін Касцюшка з Чурылаўшчызны быў названы мешчанінам [371].

Т. Корзан, які ў 1893 годзе наведаў Касцюшкавы родавыя мясціны, пазначыў, што на той час Сяхновічы падзяляліся на пяць маёнткаў. Акрамя Вялікіх і Малых Сяхновічаў ды Сяхновічаў-Жулкаўшчызны, былі таксама пазначаныя “Чурылаўшчызна (ці Піндзярышкі) разам з 1 сялянскай распрыгоненай хатай, што належыць Касцюшкам: Феліксу, Канстанціну і Ганне”, і “Зеленкаўшчызна — малы надзел зямлі з адной сялянскай хатай, у першай палове ХІХ стагоддзя была ва ўласнасці адваката Казіміра Касцюшкі, цяпер — у Канстанціна Касцюшкі” [372].

Зеленкаўшчызна сёння ўяўляе сабою хутар, размешчаны ў цэнтральнай частцы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Паселішча існуе прыблізна з сярэдзіны ХVІ стагоддзя. Першапачаткова яно насіла назву Здзітавец-Зеленкаўшчызна. Паводле інвентара 1770 года, была маёнткам, да якога належалі вёскі Курпічы і Ханькі. З таго часу апынулася ў руках Касцюшкаў, таму звалася Сяхновічамі-Зеленкаўшчызнай.

Перад 1939 годам яе ўласнікамі былі Тадэвуш, Антаніна і Ядвіга Касцюшкі. Сядзіба складалася з невялікага драўлянага атынкаванага дома з ганкам на дзвюх калонах, гаспадарчага двара, дзе і цяпер захаваліся амаль занядбаныя свіран, абора ды сад са стаўком. Прафесар А.Т. Федарук падкрэсліваў, што “азначаныя сядзібныя пабудовы з’яўляюцца ў Беларусі апошнімі і адзінымі збудаваннямі, узведзенымі Касцюшкамі” [373].

ЭСТКІ ГЕРБА ”ДРЫЯ”

Прадаўжальнікам слаўных вайсковых традыцый Тадэвуша Касцюшкі сталі ягоныя пляменнікі — сыны смаленскага стольніка Пятра Антонія Эсткі (1729 — 1787) і любай сястры генерала Ганны (1741 — 1814).

Паміж Эсткамі, якія пабраліся шлюбам увосень 1762 года, была даволі значная розніца ва ўзросце, але гэта зусім не перашкаджала цёплым і добразычлівым адносінам, што склаліся ў іх сям’і.

Ужо ў 1763 годзе нарадзіўся Станіслаў Тэадор (1763 — 1820), старэйшы з сыноў Эсткаў. За ім былі яшчэ Тадэвуш (1770 — 1812), названы, верагодна, у гонар славутага дзядзькі, і наймалодшы Сыкстус (1776 — 1813), самы вядомы сярод братоў Эсткаў, які шмат у чым паспрыяў, каб “не згінуў у сям’і вайсковы дух Касцюшкі” [374].

Усе дзеці Пятра і Ганны Эсткаў абралі для сябе ваенную кар’еру, прымалі ўдзел у паўстанні 1794 года, якое ўзначальваў іх дзядзька.

Пра старэйшага Станіслава Т. Касцюшка ўпершыню згадвае ў сваім лісце да сястры, напісаным перад ад’ездам у эміграцыю восенню 1792 года, дзе прасіў Ганну ад яго імя пакланіцца “Станіславу, твайму сыну”, а таксама паведамляў пра свой намер запісаць Сяхновічы ў спадчыну сястры: “А ты ўжо аднаму са сваіх сыноў альбо ўсім адразу перадаць маеш права, пры ўмове, аднак, што Зузанну (№ 183) і Фаўсціна да смерці даглядаць будуць”. (Названы Фаўсцін Касцюшка (№ 137?) ў кастрычніку 1775 годзе фінансава дапамагаў Т. Касцюшку перад ягоным падарожжам у Амерыку) [375].

У час паўстання Станіслаў Эстка даслужыўся да звання маёра. Пазней (1809 год) быў ва ўрадзе Люблінскага дэпартамента, створанага па загадзе Напалеона Банапарта. Пабраўся шлюбам з Тэкляй Асецкай, з якой меў сына Ігнація.

Т. Касцюшка клапаціўся і пра астатніх пляменнікаў. Падпаручнік Тадэвуш Эстка, які ў 18 гадоў далучыўся да войска ВКЛ, браў чынны ўдзел у вайне 1792 года. За перыяд паўстання стаў капітанам [376]. Тадэвуш Касцюшка, адзначаючы здольнасці цёзкі і пляменніка, згадваў, што той “любіць пачцівасць і з’яўляецца чалавекам гонару” [377].

Наймалодшы Сыкстус пачынаў сваю кар’еру з корпуса інжынераў, а затым у званні харунжага ўдзельнічаў у справе 1794 года. Праз тры гады, калі стала вядома пра ўтварэнне ў Італіі польскіх легіёнаў генерала

Я.Х. Дамброўскага, браты Тадэвуш і Сыкстус пакінулі Сяхновічы. З сабою яны везлі ліст маці, напісаны на імя Напалеона Банапарта, дзе, у прыватнасці, паведамлялася: “Спадар генерал! Мае сыны, якія перадаюць у Вашыя рукі гэты ліст, з’яўляюцца пляменнікамі Касцюшкі... Мая матчыная любоў дазваляе верыць, што пад Вашым кіраўніцтвам яны пройдуць добрую вайсковую школу” [378].

Пад канец красавіка 1798 года браты прыбылі ў Мантую. Тадэвуш быў залічаны ў І батальён 2-га легіёна ў чыне капітана, а ягоны малодшы брат прыняты ў якасці заштатнага афіцэра. (Праз пэўны час стаў падпаручнікам ІІ батальёна 1-га легіёна).

Неўзабаве Тадэвуш, паранены пад Мантуяй, трапіў у аўстрыйскі палон, дзе прабыў да 1800 года. З вязніцы выйшаў ужо вельмі хворым, папрасіў адстаўкі і больш ніколі не прымаў удзелу ні ў якіх ваенных дзеяннях.

Затое малодшы Эстка зрабіў бліскучую вайсковую кар’еру. Пасля крывавай бітвы ў чэрвені 1799 года ён таксама трапіў у палон да аўстрыякаў, з якога вярнуўся яшчэ больш загартаваным. У 1801 годзе капітан С. Эстка вызначыўся на чале жменькі храбрацоў, штурмуючы італьянскае мястэчка з аўстрыйскім гарнізонам. У 1805 годзе ён удзельнічаў у вядомай бітве пры Кастэль-Франка, у войнах з Неапалітанскім каралеўствам і ў Іспаніі.

У час сваёй іспанскай эпапеі Сыкстус пабраўся шлюбам з Вікторыяй Ла Фігуэрай. Потым быў пераведзены на радзіму, прызначаны палкоўнікам 3-га палка Надвісленскага легіёна. Атрымаў адзнаку вайсковай мужнасці “Віртуці мілітары”, стаў кавалерам ордэна Ганаровага легіёна. Служыў Напалеону І. У ліпені 1813 года атрымаў званне брыгаднага генерала, перад сваім апошнім паходам адвёз жонку ў Люблін, дзе пакінуў яе пад наглядам брата Станіслава.

18 кастрычніка 1813 года ў знакамітай “бітве народаў” пад Лейпцыгам быў паранены, ад атрыманых ран хутка памёр [379].

Звесткі пра смерць хваравітага Тадэвуша (у 1812 годзе) і гібель Сыкстуса канчаткова пахіснулі здароўе іх маці. Ганна Барбара Крысціна Эстка, любая сястра Тадэвуша Касцюшкі, таксама неўзабаве (6 лютага 1814 года) сышла ў магілу.

Яе нашчадкі, што дасюль яшчэ жывуць у Польшчы, паходзяць галоўным чынам ад сярэдняга сына. Удаве Тадэвуша Эсткі Кацярыне Ляховіч і яе дзецям тэстаментам ад 2 красавіка 1817 года Т. Касцюшка пацвердзіў правы на Сяхновіцкі маёнтак. Амаль адразу пасля гэтага генерал напісаў ліст да “мадам Кацярыны Эсткавай, праз Брэст у Сяхновічы” (згодна штэмпеляў на канверце, 8 мая гэты ліст дайшоў да Варшавы, а ўжо 11 мая быў у Брэст-Літоўску), дзе ўласнаручна запісваў Сяхновічы Кацярыне і яе нашчадкам. Менавіта яна дабілася адмены апошняй волі генерала ў той часцы, што тычылася скасавання прыгону [380].

З гэтага часу Кацярына Эстка поўнаўладна трымала Малыя Сяхновічы, у якіх налічвалася 18 двароў, дзе жылі 63 селяніна [381]. Самастойна выхоўвала чатырох дзяцей: Іпаліта (1801 — 1857), Рамана (1803 — 1858), Марціну, Людвіку (каля 1809 — ?).

Старэйшы сын Іпаліт меў дачку Уладзіславу Марыянну, народжаную 29 чэрвеня 1825 года. Ён браў актыўны ўдзел у паўстанні 1830 — 1831 гадоў (быў падпаручнікам коннай артылерыі), пасля задушэння выступлення эміграваў у аўстрыйскія валоданні, пазней амнісціраваны, вярнуўся на радзіму, уладкаваўся з сям’ёю на сталае жыццё пад Люблінам [382]. Неаднойчы па сямейных справах Іпаліт наведваўся ў Сяхновічы, дзе гаспадарыў ягоны брат. (Пра тагачасны стан маёнтка дазваляюць мець уяўленне інвентар, складзены ў 1846 годзе [383], і звесткі пра эканамічныя складаннасці навакольных земляў за 1858 год [384]).

У Рамана Эсткі былі дзве дачкі. Старэйшая — Марыя Віслоцкая (1846 — 1932) пражыла доўгае жыццё, захоўвала ў Лышчыцах пад Брэстам (у маёнтку мужа) значную частку сямейнага архіва Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, клапацілася пра памяць генерала Т. Касцюшкі. Памерла ў Сяхновічах 29 лістапада 1932 года, пахаваная на могілках у Ківацічах (Кобрынскі раён) 2 снежня.

Малодшая — Казіміра Раманаўна пабралася шлюбам з Аляксандрам Восіпавічам Булгакам, прынёсшы ў пасаг Малыя Сяхновічы роду Булгакаў. Апошняя ўласніца маёнтка Стэфанія Булгак, сваячка Эсткаў па жаночай лініі, жыла тут да 1939 года.

На месцы колішняй сядзібы, перад будынкам школы ў 1988 годзе быў пастаўлены адзіны пакуль на Беларусі помнік-бюст Тадэвушу Касцюшку (створаны ў 1930-ыя гады мясцовай архітэктаркай Альбінай (Бальбінай) Свіціч-Відацкай [385]).

Наймалодшая сястра Іпаліта і Рамана Эсткаў Людвіка пайшла за Караля (Карла Ігнацьевіча) Нарбута. У сям’і было, па звестках А.М. Нар-бута, чацвёра дзяцей: Тэкля (каля 1830 — 1865), Георг (каля 1835 — ?), Казімір Караль (1837 — ?) і Хрысціна (1839 — ?) [386].

Муж Людвікі трымаў маёнтак Шпіталі з часткаю Сяхновічаў. У 1849 годзе ён меў маёмасныя стасункі з Рамуальдам Траўгутам, будучым кіраўніком паўстання 1863 — 1864 гадоў, якому павінен быў сплаціць ранейшую запазычанасць коштам сялян, якімі валодаў [387].

Старэйшая дачка Карла Нарбута Тэкля мела шлюб з Ілаковічам, спадчыннікам суседніх Вялікіх Сяхновічаў. Ад іх маёнтак у 1850 годзе перайшоў у рукі Пшыбораў (Прыбораў, Пржыбораў), якія жылі тут да верасня 1939 года [388].

Нашчадкі Ганны з Касцюшкаў Эсткі жывуць і сёння. Польская пісьменніца Б. Ваховіч згадвала, як падчас інтэрв’ю на польскім радыё ў Чыкага (ЗША) у пакой убегла ўсхваляваная сакратарка з крыкам: “Звоніць унучка Касцюшкі!” Патэлефанавала Ганна Стэцкая, якая сумесна з мужам Юзафам Арчыньскім трымала “на Крупушках лепшую кнігарню ў Закапані” і сапраўды мела сваяцкія сувязі з Касцюшкамі. Па прамой лініі яна паходзіла ад “героя паўстання і легіёнаў Дамброўскага” Тадэвуша Эсткі.

Акрамя таго, у Познані і цяпер яшчэ жывуць Ратомскія — нашчадкі сям’і, з якой паходзіла Тэкля, маці Ганны, Юзафа, Кацярыны і Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкаў-Сяхновіцкіх [389].

ЖУЛКОЎСКІЯ

На поўнач ад сучаснай вёскі Малыя Сяхновічы, каля праваслаўных могілак, знаходзіцца ўрочышча Жалкоўшчына (Жулкаўшчызна), у назве якой зберагаецца памяць пра колішніх уласнікаў гэтых мясцінаў Жулкоўскіх (Жалкоўскіх),

А менавіта — ваўкавыскага харунжага Караля Жулкоўскага, які ў 1763 годзе ажаніўся з Кацярынай, малодшай дачкой Людвіка і Тэклі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.

Калі адносіны генерала Тадэвуша Касцюшкі з Эсткамі складваліся надзвычай прыхільна, дык стасункі з Жулкоўскімі, наадварот, амаль увесь час азмрочваліся судовымі канфліктамі. З 1770-ых гадоў К. Жулкоўскі быў адным з крэдытораў Т. Касцюшкі (даўгі генерала пазней сплаціў Пётр Эстка). У 1787, 1788, 1791, 1792 гадах вяліся грашовыя цяжбы між

Т. Касцюшкам і Жулкоўскімі [390].

Генерал, які ахвотна падтрымліваў сувязі з Ганнаю, быў, здаецца, зусім абыякавым да лёсу Кацярыны. Дакладная дата смерці ўласніцы Жулкаўшчызны невядомая. Т. Корзан лічыў, што гэта адбылося каля 1789 года (16 снежня 1791 года Кацярыны дакладна ўжо не было сярод жывых). Яе пахавалі на Спораўскіх могілках (адна з дачок Кацярыны была замужам за ўласнікам маёнтка Спорава на Бярозаўшчыне з роду Лях-Шырмаў [391]). Караль Жулкоўскі памёр у 1791 годзе (гэтыя даты Т. Корзан прыводзіў “па памяці, паводле акта з ХІХ стагоддзя, выняткі з якога згубіў”).

Жулкоўскія пакінулі сем дзяцей: Юзафа, Яна, Ігнація, Караліну, Брыгіту, Ганну, Алену (Хелену).

Старэйшы сын Юзаф (Іосіф Карлавіч) Жулкоўскі ў часы 7-й рэвізіі, якая адбывалася ў Расійскай імперыі ў 1816 — 1817 гадах, быў пазначаны як уласнік Сяхновічаў-Жулкаўшчызны з 43 прыгоннымі сялянскімі сем’ямі [392].

Не выклікае сумнення, што свой працяг радавод Жулкоўскіх меў ад Яна і Ігнація.

Ян (Іван Карлавіч) нарадзіўся ў 1765 годзе. У алфавітным роспісе кобрынскай шляхты за 1820 год пра яго паведамляліся наступныя звесткі: “Іван Караля сын Жалкоўскі, 55 гадоў, з дваран, вотчынны маёнтак у Ваўкавыскім павеце з 46 душамі мужчынскага полу. 1792 г. — (прызначаўся) ваўкавыскім земскім суддзёй. 1811 г. — межавым суддзёй. 9 снежня 1817 года — павятовым харунжым. 26 сакавіка 1819 г. — пасля смерці суддзі Радавіцкага дваранствам абраны межавым суддзёй” [393].

Суддзя Ян Жулкоўскі меў дачку (імя яе невядомае), якая зрабілася жонкаю суддзі ваўкавыскага апеляцыйнага суда, удзельніка паўстання 1863 — 1864 гадоў Адама Яна Віктара Быхаўца герба “Магіла”. Яны жылі на Пружаншчыне. Верагодна, у сядзібе Адамкава, якая атрымала назву паводле імя заснавальніка [394].

Далейшы радавод галіны Яна паспрабавалі аднавіць А.М. Нарбут і А.Т. Федарук [395]. Унук Я. Жулкоўскага — Здзіслаў Быхавец (нар. 1840) меў сыноў Льва (нар. 1876) і Адама (нар. 1878). Унучка — Аляксандра (? — 1915) пабралася шлюбам з Ксаверыем Францішкам Мельхіёрам Бутрымовічам (1820 — 1911), ад якога нарадзіла дачку Ядвігу Біруту (1863 — ?) і сыноў Вітольда Матэвуша (1865 — 1917) і Збігнева Станіслава (1868 — 1923), прадаўжальнікаў вядомага на Беларусі роду Бутрымовічаў герба “Сякера”.

У сваю чаргу Ігнацій, родны брат Яна Жулкоўскага, меў дачку Ізабелу, што выйшла замуж за Ігнація Ваньковіча, ад якога нарадзіла сыноў Уладзіслава і Іпаліта. Браты Ваньковічы нароўні з іншымі нашчадкамі Т. Касцюшкі ўдзельнічалі ў справе спадчыны генерала, якая засталася ў ЗША. Прычым старэйшы — Уладзіслаў, які атрымаў даверчы ліст (“верющее письмо”) на правядзенне гэтай справы ад памешчыкаў Ваўкавыскага павета Міхала Ігнацьевіча Шырмы і Адама Восіпавіча Быхаўца (таксама родзічаў Т. Касцюшкі па жаночай лініі), як вынікае з матэрыялаў архіўнай справы, нават лічыў, што “дзед ягоны генерал Тадэвуш Касцюшка памёр у Амерыцы”. А амерыканскія адвакаты, якія выступалі на працэсе ў абарону беларускіх спадчыннікаў, запатрабавалі, каб не толькі Эсткі, але і нашчадкі Кацярыны з Касцюшкаў Жулкоўскай атрымалі сваю долю. Пасол Расіі ў Злучаных Штатах А. Бадзіска яшчэ напачатку 1846 года ў лісце на імя міністра замежных спраў паведамляў, што раней ў якасці спадчыннікаў генерала разглядаліся выключна Эсткі, “але паколькі з ягонага радаводу бачна, што Жалкоўскія і Ваньковічы таксама ягоныя родзічы ў такой самай ступені”, тады, па прапанове адвакатаў, і ім былі дасланыя афіцыйныя паперы па справе (“для избежания возражений противной стороны и всяких других проволочек”) [396].

Фальварак Жулкаўшчызна, родавае гняздо сям’і, размешчанае ва ўрочышчы Бабій Грудок, на поўнач ад Малых Сяхновічаў, пазней быў апісаны ў інвентары 1855 года. Ад колішняй сямейнай капліцы-пахавальні да ўязной брамы цягнулася алея. Дзяцінец сядзібы быў акружаны новым штакетнікам, а сад і парк — жардзінамі. У цэнтры сядзібы месціўся дом з вокнамі ў драўлянай і алавянай рамах, камінамі і зялёнымі кафлявымі печкамі. Побач было шмат гаспадарчых пабудоў, у тым ліку пякарня, невялікі свіран з сырніцай, канюшня, вазоўня. Далей меліся бровар, лазня, абора і хлявы [397].

Жулкаўшчызна, якая пазней злучылася з Малымі Сяхновічамі, цалкам выгарэла падчас пажару, які адбыўся каля 1915 года (па ўспамінах мясцовых жыхароў, фальварак быў падпалены рускімі салдатамі, якія адыходзілі на ўсход).

Да сённяшняга дня захаваліся дзве невялічкія сажалкі, якія моцна абмялелі і зараслі. Праз дарогу, насупраць былой сядзібы (на Сяхновіцкіх вясковых могілках), месціцца цагельная капліца-пахавальня ХІХ стагоддзя, адноўленая ў 2002 годзе [398].

ПА-ЗА РАДАВОДАМ

Апроч тых Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, сямейныя сувязі якіх стала магчыма рэканструяваць, яшчэ вялікая колькасць прадстаўнікоў сям’і застаецца па-за радаводам.

Б. Шындлер наступным чынам тлумачыў прычыны праблемаў, што паўстаюць перад даследчыкамі, якія спрабуюць абнавіць генеалогію Касцюшкаў-Сяхновіцкіх: “Выводзіць іх радавод — справя нялёгкая. Асноўную цяжкасць выклікае адсутнасць многіх урадавых крыніц, што датычацца Касцюшкаў, а таксама досыць частае з’яўленне аднолькавых імён у блізкіх пакаленнях” [399].

Адам Банецкі, які ў пачатку ХХ стагоддзя падаў даволі падрабязны пералік Касцюшкаў герба “Рох-ІІІ” [400], прызнаваў, што пра частку іх не ведае дакладна, ці належаць яны сапраўды да названага герба.

У 1860 — 90-ыя гады, напрыклад, сваё шляхецкае паходжанне пацвердзілі ў Валынскай губерні наступныя Касцюшкі: “Мікалай з сынамі Янам і Тэадорам ды Ян з сынамі Паўлам і Аляксандрам, сыны Цэлесціна, унукі Ігнація, праўнукі Антонія Янавіча”. У названага Тэадора былі сыны Стэфан і Мікалай.

Даследчык прыводзіў таксама і іншы сямейны ланцужок Касцюшкаў, што засталіся па-за нашым радаводам.

У 1862 годзе браты Юзаф, Ян і Базыль Пятровічы Касцюшкі былі ўнесеныя ў дваранскія кнігі. Пры гэтым яны паказалі, што з’яўляюцца ўнукамі Яна, праўнукамі Юзафа і прапраўнукамі Канстанціна Рыгоравіча Касцюшкі.

Старэйшы з вышэйназваных братоў меў сына Лукаша, а той, у сваю чаргу, сыноў Паўла і Аляксандра.

Сярэдні брат Ян у 1872 годзе ўнёс ў родавыя кнігі ўжо свайго сына Яна, а ў 1897 годзе яшчэ і Паўла.

У Базыля таксама былі сыны: Павел, Антоній і Дзімітр, якіх ён “легімітаваў” у 1874 годзе. Нарэшце, самы малодшы з гэтай галіны Касцюшкаў Ян (Іван) Паўлавіч быў запісаны да кніг у 1903 годзе [401].

Акрамя таго, у пераліку, пададзеным А. Банецкім, у які была ўключаная амаль сотня Касцюшкаў, пазначаныя яшчэ некалькі прадстаўнікоў сям’і, што не ўвайшлі ў наш радаводны роспіс.

Гэта, у першую чаргу, обербурграф Адам Казімір Касцюшка (памёр пасля 1729 года), пра якога згадвалася пад 1752 годам у інструкцыі паслам Старадубскага павета. Са справы вынікала, што Адам Казімір некалі за верныя паслугі атрымаў “фартуну” (вялікі маёнтак), але ў гады ліхалецця ягоныя валоданні моцна пацярпелі, а іх уласнік так і не дачакаўся ніякай кампенсацыі, таму мясцовая шляхта прасіла сваіх прадстаўнікоў паклапаціцца на сойме, каб узнагарода за бацьку перайшла да ягонага сына Мікалая [402].

Польскія даследчыкі лічылі Адама Казіміра настолькі значнаю фігураю, што ягоная біяграфія нават увайшла ў вядомы “Польскі слоўнік біяграфічны” [403]. Ён з’яўляўся мечнікам і падчашым інфлянцкім, старостам зельборскім, ландгофмайстрам і радцам Курляндскага герцагства. Быў прыхільнікам далучэння Курляндыі да Рэчы Паспалітай, за што быў арыштаваны расійскім урадам [404].

У афіцыйных дакументах ВКЛ ХVІІІ стагоддзя таксама сустракаюцца Станіслаў (уладар Дарэва, частку якога ў 1774 годзе трымала Барбара з Касцюшкаў Берасневіч), Фердынанд Станіслаў, ажэнёны з Аляксандрай Кунегундай Малахоўскай, што ў 1743 годзе ў якасці ўдавы дала запіс на імя базыльянскага уніяцкага манастыра; Мікалай Касцюшка, які меў шлюб з Даротай Галоўскай (яны жылі ў Ваўкавыскім павеце) [405]. Такім чынам, у ХVІІІ стагоддзі Касцюшкаў можна было адшукаць па ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Назіраліся перамяшчэнні і далёка за межы родавага гнязда. Вялікая частка Касцюшкаў на той час жыла ва Украіне, прасачыць іх родавыя повязі ўжо не ўяўляецца магчымым, таму толькі коратка пералічым прадстаўнікоў украінскай часткі фаміліі: Ян, парнаўскі стольнік (1790 год). Міхал, оўруцкі мечнік (1762), жытомірскі пісар (1766 — 1768), Міхал, упіцкі суддзя (1777), Якуб, оўруцкі рэгент (1788), Дзімітрый, оўруцкі архівіст (1790).

Многія Касцюшкі абіралі духоўную кар’еру. Напрыклад, Ян Рох Касцюшка як радамыскі уніяцкі святар, чапавіцкі настаяцель у 1768 годзе ўносіў пратэст у Кіеўскую магдэбургію супраць уціску, якім падвяргаліся на той час уніяты. А Нівард Касцюшка ў 80-ыя гады ХVІІІ стагоддзя быў прэорам каталіцкага цыстэрцыянскага манастыра.

Украінскія часткі моцна разгалінаванай радзіны ў наступным ХІХ стагоддзі найбольш актыўна дамагалася прызнання свайго сваяцтва з

Т. Касцюшкам, менавіта гэтыя абставіны сталі прычынаю таго, што на пачатку ХХ стагоддзя Адам Банецкі адносіў Касцюшкаў герба “Рох-ІІІ” да дваранства Валынскай губерні [406].

ПРЭТЭНДЭНТЫ НА ІМЯ

Надзвычайная папулярнасць Тадэвуша Касцюшкі выклікала ў ХІХ стагоддзі з’яўленне вялікай хвалі прэтэндэнтаў, якія называлі сябе (часам нават не маючы якіх-небудзь папер) родзічамі генерала. Часцей за ўсё даказаць сваё сваяцтва са знакамітым военачальнікам было немагчыма, хоць, бяспрэчна, мае рацыю А.М. Нарбут, які лічыць, што, “магчыма, дзесьці і цяпер яшчэ жывуць нашчадкі гэтага рода па мужчынскай лініі” [407].

Б. Ваховіч адзначала, што “атрымала шмат лістоў ад “нашчадкаў” Касцюшкі і нават ад ягонага брата Юзафа (нежанатага і бяздзетнага)” [408].

Яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя, калі не былі вядомыя падрабязнасці жыцця Юзафа Касцюшкі-Сяхновіцкага, існавалі згадкі, што ён пакінуў край і выехаў у невядомым накірунку. А ў 1893 годзе рэдакцыя часопіса “Касцюшка” надрукавала паведамленне ад ананімнага карэспандэнта (пазначалася толькі, што крыніца інфармацыі была “паважанаю і блізкаю да сям’і Касцюшкі”). У лісце дадавалася: Юзаф “зусім не выжыў з розуму і не выехаў з краіны, а наадварот — гаспадарыў, ажаніўся і меў чатырох сыноў” [409]. Гэтае, цалкам легендарнае паведамленне, дапаўняла наступная інфармацыя. У 1835 годзе аўтар ліста прыбыў у вёску Каспераўку Тарашчанскага павета, блізу Цеціева (сучаснай Кіеўскай вобласці, Украіна), дзе пражыў некалькі месяцаў. Аднойчы на паляванні ён сустрэў вершніка, апранутага ў цёмную канфедэратку і ў гранатавай чамарцы і быў уражаны ягоным падабенствам з вядомым партрэтам Тадэвуша Касцюшкі, створаным М. Стаховічам [410]. А зблізу незнаёмец “меў яшчэ больш падабенства да нашага бессмяротнага правадыра як у рухах, так і з твару”. Калі невядомы наблізіўся, то саскочыў з каня і працягнуў руку для прывітання. Ён паведаміў: як толькі пачуў, што госць прыбыў з Кракава, дык адразу паспяшаўся насустрач, бо “жадаў даведацца пра апошнія навіны з месцаў, пра якія ўжо не аднойчы чуў у дзяцінстве ад свайго бацькі — брата светлай памяці Касцюшкі”.

“Малады чалавек (ён выглядаў не больш як на 25 ці 26 гадоў) быў моцнага складу, твар трохі загарэлы, са свежым румянцам, прыметна кульгаў на адну нагу, але пры гэтым быў надзвычай красамоўны, жвавы, поўны агню, а пачцівасць і шляхетнасць яго адразу чыталіся ў сапфіравых зрэнках”. Імя маладога Касцюшкі, які быў упраўляючым суседняга маёнтка, карэспандэнт не запомніў дакладна (“здаецца, зваўся Тадэвушам”).

Пры наступнай сустрэчы Касцюшка пазнаёміў аўтара допісаў са сваім швагерам Слівінскім. Той, у сваю чаргу, паведаміў, што адзін з ягоных продкаў некалі служыў у князёў Астрожскіх, тагачасных уладароў Цеціеўскага Ключа. Ад гэтых князёў продак Слівінскіх за верныя паслугі атрымаў фальварак ля самага мястэчка. Сам пан Слівінскі ажаніўся з сястрою Касцюшкі. Апроч таго, у доме Слівінскіх таксама жыла малодшая сястра — панна ўжо дарослая, вельмі падобная на брата [411].

Ужо на пачатку ХХ стагоддзя пошукі нашчадкаў Т. Касцюшкі завялі іншага даследчыка У.М. Казлоўскга нават за акіян. Збіраючы матэрыялы да біяграфіі генерала, ён трапіў у госці да нейкага Т.К. Хуткоўскага, які жыў у тагачасным прыгарадзе Нью-Йорка Брукліне [412].

Той не ведаў аніводнага слова па-польску, нават прозвішча свае вымаўляў як “Чуткоўскі”. Пры сустрэчы амерыканец паказаў лацінскамоўную метрыку шлюбу (ад 11 ліпеня 1773 года) сваёй прабабкі Малгажаты Касцюшкі са стольнікам дабжынскім Вінцэнтам Хуткоўскім.

Праз год (10 жніўня 1774 года) нарадзіўся іх першанец Каспар Хуткоўскі, які ў 1802 годзе афіцыйна атрымаў пацверджанне свайго дваранскага паходжання.

Сын Каспара Ігнацій Хуткоўскі (1809 — 1884) у нечым паўтарыў лёс генерала Тадэвуша Касцюшкі: удзельнічаў у паўстанні 1830 — 1831 гадоў на былых землях Рэчы Паспалітай, скіраваным супраць расійскага самадзяржаўя, затым вымушаны быў эміграваць, а 13 мая 1835 года пераехаў на сталае жыццё ў ЗША. Неўзабаве быў залічаны ў амерыканскую армію. Самым значным эпізодам яго вайсковай біяграфіі стаў удзел у вайне з індзейцамі племені семінолаў, якая разгарэлася ў 1837 годзе на тэрыторыі Фларыды.

Сын Ігнація Хуткоўскага, з якім і сустракаўся У.М. Казлоўскі ў Брукліне, быў названы ў гонар славутага генерала Тадзіусам Касцюшкам [413].

Бруклінскі жыхар належаў да “старой гвардыі Нью-Йорка”, з’яўляючыся сябрам таварыства “Сыны Рэвалюцыі”, якое прымала ў свае шэрагі толькі нашчадкаў тых, хто змагаўся за незалежнасць Злучаных Штатаў.

Т.К. Хуткоўскі ведаў, што ягоны знакаміты цёзка меў толькі дзве родныя сястры, з якіх ніводная не звалася Малгажатай. Чуў, аднак, ад бацькі сямейнае паданне, быццам дзяўчыну доўгі час утрымлівалі ў каталіцкім кляштары, адкуль яна збегла. Тадзіус Касцюшка меркаваў, што Малгажата была невядомаю сястрою Тадэвуша Касцюшкі. Яе, магчыма, рыхтавалі да пастрыгу, а ў сям’і з нейкай прычыны захоўвалі тайну яе існавання.

У.М. Казлоўскі, у сваю чаргу, лічыў, што Малгажата належала да той самай галіны Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, што і генерал. Ступень сваяцтва між імі, на думку даследчыка, “не была далёкаю”, магчыма, Малгажата для Тадэвуша “з’яўлялася стрыечнай сястрой” [414].

Т.К. Хуткоўскі меў адзіную дачку, якую назваў Тадэяй, таксама ў памяць пра славутага продка.

Яшчэ адзін “нашчадак” Т. Касцюшкі прыкладна ў той самы час аб’явіўся на Украіне. Нехта Мар’ян Глязярэвіч, які выконваў абавязкі натарыуса, звярнуўся з лістом у рэдакцыю “Кур’ера Львоўскага”, у якім паведамляў пра сваю сустрэчу з нашчадкам генерала. Артыкул меў назву “Радзіна Касцюшкаў у Галіцыі” (1893 год) [415] і пачынаўся словамі: “Маю абавязкам падзяліцца з чытачамі весткаю, якая, напэўна, іх жыва зацікавіць і ўзрушыць... Імя вялікага героя, сустрэтае праз столькі гадоў у нашым засцянковым павеце, нарадзіла ўва мне розныя здагадкі і дапушчэнні, якімі хочацца падзяліцца. З гэтай нагоды выклікаў я да сябе селяніна Марцэлія Касцюшку, што жыве ў Бучацкім павеце” (цяпер частка Цярнопальскай вобласці).

Ягоны дзед Ян Касцюшка, якога Марцэлій лічыў братам генерала, перасяліўся ў Галіцыю з Літвы-Беларусі пасля Касцюшкавага паўстання. Ужо на Украіне Ян пабраўся шлюбам і нарадзіў Ваўжэнца (Лаўрына) (1799 — 1865) ды Матэвуша. Першы таксама меў двух сыноў — згаданага вышэй Марцэлія і Антонія Касцюшкаў (Антоній у 1893 годзе меў малога сына Войцеха). Як сцвярджаў М. Глязярэвіч, Марцэлій “сваімі рысамі вельмі нагадваў Тадэвуша”.

Нягледзячы на тое, што на той час у навуковым свеце ўжо было дакладна вядома, што пералічаныя асобы не маглі знаходзіцца ў той ступені сваяцтва да генерала, пра якую гаварылі, у рэдакцыі “Кур’ера Львоўскага” не выключалі магчымасці, што яны ўсё ж былі ўнукамі, а малы сын Антонія — праўнукам генерала [416]. (Пры гэтым усе сямейныя паперы нібыта згарэлі ў час паўстання 1830 — 1831 гадоў).

Цалкам зразумела, што адно толькі знешняе падабенства не можа з’яўляцца пераканаўчым доказам роднасці з кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстання. Тым больш што яшчэ пры жыцці Т. Касцюшкі сучаснікі знаходзілі пэўнае яго падабенства нават з імператарам Паўлам І [417]. А ў 1798 годзе былі разасланыя шматлікія партрэты генерала, якога прадпісвалася неадкладна арыштаваць пры спробе перасячы дзяржаўную мяжу [418]. У выніку неаднойчы здараліся казусы. Арыштаваны на пруска-аўстрыйскай граніцы невядомы купец, знешне падобны на Т. Касцюшку, быў пад узмоцненым эскортам дастаўлены ў Берлін. Праз некалькі тыдняў следчая камісія прызнала памылку памежнікаў. А ў мястэчку Баруны на Ашмяншчыне (Беларусь) пад падазрэнне патрапіў бедны селянін, надзіва падобны на генерала. Яго нават адвезлі ў Санкт-Пецярбург, дзе некалькі месяцаў трымалі пад арыштам. Потым вярнулі дамоў. Сярод аднавяскоўцаў ён ужо да смерці атрымаў мянушку “Начальнік Касцюшка” [419].

Нават праз колькі стагоддзяў калі-нікалі з’яўляюцца асобы, якія спрабуюць давесці пра сваяцтва з “Героем Двух Кантынентаў”. Таму амаль кожны даследчык жыцця і дзейнасці Т. Касцюшкі, як і Б. Ваховіч, сутыкаецца з “нашчадкамі” генерала. І мы таксама не сталі выключэннем.

У 2000 годзе цягнулася наша перапіска з жыхаром Сяміпалацінска (Казахстан) А.А. Болатавым. Ён прыводзіў сямейныя паданні, якія вяліся ад дзеда Іллі Касцюшкіна, родныя якога былі “сасланыя пасля паўстання ў Польшчы... з Валыні”. Незадоўга да смерці дзед быццам гаварыў дачцэ Аляксандры (Шандры): “Род у мяне знакаміты і прозвішча маё вядомае”.

А.А. Болатаў лічыў, што ягоны дзед першапаткова зваўся Касцюшкам, але ў ссылцы змяніў “небяспечнае” прозвішча. Маці (ці бабуляй) Іллі Касцюшкіна, на яго думку, магла быць “сястра Антаніны Касцюшкі, Аляксандра Аляксандраўна Касцюшка (№ 200), высланая ў Чыцінскую вобласць пасля польскага паўстання 1863 — 1864 гадоў”. Асаблівую надзею “ў справе высвятлення гістарычнай Праўды” свайго роду наш адрасат ускладаў на нейкія “сакрэтныя архівы ФСБ”, у якіх спадзяваўся адшукаць паперы, што “загубілі майго дзеда ў гады праўлення Сталіна”. Ліставанне з нашчадкам Іллі Касцюшкіна перарвалася гэтак жа нечакана, як і пачалося: адрасат не хаваў расчаравання ад таго, што намі не была прынятая напавер ягоная (не падмацаваная дакументальна) упэўненасць у сваяцтве з Тадэвушам Касцюшкам.

ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ

Гісторыя любой сям’і мае сапраўдную каштоўнасць. Занатаваная ў сямейных дакументах і паданнях, яна — найкарыснейшая крыніца выхавання.

У гэтым даследаванні намі быў коратка апісаны гістарычны шлях аднаго з найстаражытнейшых беларускіх родаў, які пакінуў глыбокі след у айчыннай гісторыі.

Слава і сусветная вядомасць да Касцюшкаў-Сяхновіцкіх прыйшла ў першую чаргу дзякуючы Тадэвушу Касцюшку. Аднак і шматлікія продкі генерала годна рэпрэзентавалі сваю радзіну ва ўсіх краях, дзе ім надаралася жыць і дзейнічаць. Касцюшкі-Сяхновіцкія змагаліся на палях бітваў, якіх было шмат у нашым мінулым, пры гэтым невядома ніводнага выпадку, калі б яны здрадзілі ці перайшлі на бок ворага. І хоць Касцюшкі не дасягнулі высокіх пасадаў, аднак свой шляхецкі гонар заўсёды неслі высока [420].

Многія з прадстаўнікоў гэтай сям’і вызначаліся мастацкімі талентамі. Касцюшкі будавалі храмы, рабілі ахвяраванні, клапаціліся пра сваіх падданых. І хоць прытрымліваліся маралі, прынятай у феадальныя часы, гэта сведчыць толькі пра тое, што заўсёды былі “дзецьмі свайго часу”.

Драматычныя падзеі канца ХVІІІ стагоддзя, якія прынеслі карэнныя змены ў палітычным і эканамічным развіцці свету, выхавалі генерала

Т. Касцюшку, якому было наканавана ўславіць у гісторыі сям’ю Касцюшкаў-Сяхновіцкіх і свой маленькі маёнтак Сяхновічы, змешчаны блізу Жабінкі.

1994-2005

Жабінка — Гародня — Жабінка

Загрузка...