За борам цёмным,
Вялікім,
Дзе, зачапіўшыся
За сасновы грэбень,
Калышацца сіняе неба, —
Жыў сірата Музыка.
Ня меў ён ні двара,
Ні гароду,
Толькі сярмяжку старую —
Прыкрыцца калі ў непагоду —
I жалейку жывую.
А іграў ён заўсёды
Весела.
Нават дрэва, пачуўшы яго,
Хоць бы нізка да долу
Галіны плакучыя
Зьвесіла,
Зашуміць, засьмяецца,
Атрасаючы пыл,
Закалышацца вецер,
I заскачуць,
Як зайцы,
Наполі снапы.
А што ўжо казаць пра людзей!
Калі кожная песьня яго
Сілы шмат дадавала,
Шмат будзіла у сэрцы надзей,
Беднякоў і сірот сагравала…
Вось які быў з Музыкі
Мастак-чарадзей!
Далёка,
Там, дзе сонца заходзіць,
А мо’ і яшчэ далей,
Жыў цар у палацы вялікім.
Ён ня раз чуў ад розных
Бывалых людзей,
Што на сьвеце ёсьць
Гэткі Музыка.
Загадаў цар
Музыку таго прывясьці
У палац, на царскія вочы.
Прывядуць —
Усіх азалоціць,
А то — лепш і дамоў не ісьці…
Ішлі слугі цара дзень і ноч:
I пры сонцы,
I пры месяцы высокім;
То лесам,
То полем,
То гарой,
То сухадолам глыбокім.
Аж пачулі, нехта недзе грае,
Толькі дзе і хто —
Ня бачаць,
Хоць ідуць
На дзіўны голас краем
Ноч і целы дзень гарачы.
Адзін кажа:
— Можа, гэта здань?
Другі:
— Мо’ трава сьпявае?
Толькі трэйці,
Прытуліўшы вуха,
Кажа:
— Браткі! тут зямля такая!..
Можа, лепей пойдзем да ракі,
Дзе ля вадапою
Ловяць сонца рыбакі,
Ды спытаем,
Што такое.
Аж глядзяць —
Насустрач ім ідзе
Ў лапціках лазовых хлопчык
Невялікі.
Вось паслы ў яго пытаюць:
— Дзе
Ў вас жыве такі Музыка?
Выняў ён жалейку ды зайграў,
Толькі зазьвінела рэха борам,
Разьлілося шумам траў,
Высыпалі песьню слухаць зоры…
Тут усе пазналі, хто прад імі.
Вось паслы і кажуць:
— Хоча цар
Адкупіць тваёй жалейкі чар
Разам зь песьнямі жывымі.
А Музыка кажа:
— Бедны мы.
Сам я голы, як калок у плоце.
Можа, ваш багаты гаспадар
Камяні ўсе ў полі азалоціць,
Але я жалейкі не прадам
Ні цару, ні вам ніколі!.. —
I пайшоў Музыка ўдаль,
У сінеючае поле.