Частка шостая


Ходзіць, нукае Араты,

Конь, залёгшы, цягне шчыра;

I сярэбрацца нарогі

Ад пяску сырога, жвіру.

Часам сталь скрабне паліцу,

Часам іскрай пырсьне крэмень…

I хаваюцца пад дзёрнам

Пікі, панцыры і шлемы,

Трупы царскіх слуг, ваякаў…

Колькі Вяль з братамі выбіў!

Колькі сіл варожых зьнішчыў!

— Ну, раўней лажыся, скіба!

Зааром, забарануем,

Сыпнем ядраны насевак,

I запеняцца ўраджаі,

Закалышуцца напевы…

Толькі дзень замітусіўся,

Вяль, прачнуўшыся, гаворыць:

— Што за дзіва? — дзе ні глянеш —

Скібы чорныя, разоры:

I на захад, і на поўнач

Без канца яны, бяз краю;

Там, дзе бой кіпеў учора,

Нават мейсца не пазнаеш…

Сонца залатой пагодай

Дываны жытоў абмыла.

Сеў Музыка каля броду,

Пад бярозаю пахілай.

Думу думае маркотны:

Ці жыве дзе Вяль з братамі?

Можа, хмарай пералётнай

Ці віхурамі-вятрамі

Мые косьці іх па нівах,

На прасторах на шырокіх,

Дзе ўсе песьні — шум прыліву,

Гул прыліву, хваляў рокат.

Летучы з краёў заходніх,

Воран, кружачы, гаворыць:

— Ой, лягло нямала войска,

Войска царскага з-за мора…

I ў раку ён нешта кінуў.

Паглядзеў Музыка ў тоні:

Зьзяе там красою дзіўнай

Камень, выдзерты з кароны…

I вясёлкамі зазьзялі

Воды сінія, здаецца,

I зноў тоны заігралі

Ў зачарованай жалейцы

Ціхім шэлатам крынічным,

Шумам трысьнікоў зялёных,

Медным коласам пшанічным,

Васільковым звонам лёну.

Рэхам збуджаным, вясёлым,

Даўняй казкай над калыскай…

I здаецца — нівы, сёлы

Нехта гукамі апырскаў…

А кругом красуе лета,

Вецер дрэмле ў полі роўным;

Сонца сьпелаю ранетай

Наліваецца над Нёмнам.


Загрузка...