Частка другая


Доўга думалі паслы

Над сваёй бядой-няшчасьцем.

Парашылі, што жалейку

Трэба ім украсьці.

Скураной дарожнай торбай

Зь іх патрос адзін:

З торбы вылецела птушка,

Паднялася ў сінь.

А другі на мокры дзёран

Зь сьвіткі рукава

Вытрас цень кудлаты, чорны, —

Ні воўк, ні сава, —

Аж, здаецца, пацямнела

Неба, зелень траў…

Трэйці — гадзіну

З-за пазухі дастаў.

Вось адзін пасол гаворыць

Птушцы:

— Ты ляці,

Дзе лускою серабрыстай

Нёман зіхаціць,

Дзе купаецца зялёны

Вецер у траве…

Там, здаецца, і Музыка

Ў тым баку жыве.

Ценю кажа:

— Пойдзеш полем,

Згасіш ясны дзень,

Заблытаеш сьцежкі зораў

Зь сьцежкамі людзей.

Кажа гадзіне:

— Як толькі

Край задрэмле ўвесь,

Да Музыкі па жалейку

Ціха папаўзеш…

Над ракою зьвісла жыта

I клён малады.

Сьпіць Музыка пад ракітай,

Ня чуе бяды,

Што лягла нямая ціша

На палі, лугі,

Што над ім снуе начніца

Чорныя кругі;

Што апала ноч глухая

I па дзеразе

Да яго на скат пясчаны

Гадзіна паўзе.

Сьніцца сон яму, што быццам

Ружавее даль

І пяе, і залаціцца

Ў Нёмане вада.

Бачыць дзіва: у палацы

Нейкі цар сядзіць,

Сьмеючыся, на Музыку

Весела глядзіць.

Сербануў з каўша ён мёду,

Выцер бараду

I зайграў ды на жалейцы:

— Ці-ра-ра, ду-ду!..

Скочыў да цара Музыка…

Зьнік раптоўна сон.

Толькі шолах мокрай вікі

Ды калосься звон.

I ў траве шум чуе нейкі,

Там, дзе яра скат…

I… за пазухай жалейкі

Не знайшла рука…


Загрузка...