Частка чацьвёртая


Да ўсходу сонца ўстаў Музыка.

Ў сэрцы непакой і скруха.

Хутчэй сяброў паведаміў ён

Аб тым, што ў выраі падслухаў.

Рашылі: трэба секчы сосны,

Хутчэй зьбіваць вялікі плыт,

I хоць бы леты, зімы, вёсны,

I на далёкі востраў плыць!

Шуміць бор цёмны, уздыхае,

Кіпіць работа, звон удараў.

Гатова мачта смаляная,

На ёй з кашулі белы парус.

I толькі збуджанае сонца

Праменьні кінула над логам, —

Плыт ціха па марской затоцы

Крануўся ў дальнюю дарогу.

Вяслуюць, але толку мала:

Прачнуўся раньні вецер шэры,

Насустрач гоніць вал за валам

I зноў варочае на бераг.

— Зацяжак плыт, —

Асілак кажа, —

Хай едзе Вяль адзін з Музыкам,

Каб не зьмяла іх бура часам,

Няхай сябе прывяжуць лыкам.

А сам пайшоў на бераг з братам,

Дзе леглі на пясчаны ўзгорак

I проста ў твар вятроў кудлатых

Дзьмуць пачалі на сіне мора.

I мора грозна застагнала,

I мора грозна загрымела,

Як горы, ўсьпененыя хвалі

Панесьлі плыт на грывах белых…

Мінаюць дні, то ў моры тонуць,

То зьзяюць зноў агнём зары.

Глядзіць Музыка зь Вялем ў тоні

I на каралы, і на рыб;

На груды пэрлаў і каменьня,

На вадаростаў сьвет багаты

I на затопленыя лодкі

Купцоў, ваякаў і піратаў.

Над галавой, пад аблакамі,

Арол ляціць з ахрыплым клічам:

Мо’ ён спрачаецца зь вятрамі

Ці ўбачыў сьвежую здабычу?

Ды адлятае без абеду

За вадзяныя горы-хвалі,

I толькі доўга яго сьледам

Глядзяць сябры —

Музыка зь Вялем…

Гаворыць Вяль:

— Здаецца, востраў

Відаць, а можа, гэта сон?

Сьцяной залочанай і вострай

Абнесены з усіх бакоў.

Калі наблізіліся, бачаць:

Зусім нязнаны край зямлі;

Куды ні глянь — дамы, палацы,

А ў порце — мачты, караблі.

Шуміць натоўп, шуміць, сьмяецца;

Па цэлым беразе пакатым

Вясельле хмельнае ліецца, —

Відаць, што цар спраўляе сьвята.

Сядзіць сам высака на троне,

Сем чалавек трымаюць бруха,

Ў брыльянтах, янтарах карона

Цяжкая зьехала на вуха.

А слугі сьпераду і ззаду —

Кругом стаяць напагатове,

Каб выпаўняць цара загады.

На лавах, на сталах дубовых

Нямала мёду, рыбы сьвежай,

Хлябоў, зьвяроў і птушак дзікіх

З глыбінь Палесься, зь Белавежы…

Аж не надзівіцца Музыка!..

Гаворыць цар:

— Пара сягоньня

Гасьцей маіх павесяліць…

I вось з паклонамі да трона

Падходзяць царскія паслы.

— Зайграем, — кажуць яны, — тое,

Што самі гукі запяюць…

Аж анямеў Музыка з болю,

Жалейку ўбачыўшы сваю…

На цэлым беразе ўсё змоўкла;

Застыла цішыня нямая.

Ды не чуваць чароўных тонаў…

Маўчыць жалейка, не іграе.

Цар узлаваўся:

— Вось дык штуку

Прынесьлі мне з чужога краю!

Няўжо ж ніхто ня збудзіць гукаў,

Ніхто на ёй не заіграе?

Маўчаць.

Спусьцілі ўсе галовы,

I, калі цар другі раз клікаў,

Наперад у лапцях лазовых

З кійком праціснуўся Музыка.

Узяў жалейку і шчасьлівы

Яе абцёр крысом ад пылу…

На ўсе лады і пералівы

Яна ў яго загаварыла:

То звонам жаваранка ў жыце,

То салаўіным сьвістам чулым,

Трывожнай кнігаўкай ў ракіце

I ў лесе шэраю зязюляй.

Пазьней зайграў, як жнеі пелі,

Як вецер шапацеў саломай,

Сівыя хвалі Нёмну пеніў,

I абарваў акордам грому…

А рэха ўсё яшчэ іграла

І толькі змоўкла ў нэтрах бору

Тады, калі Музыка зь Вялем

Дабеглі ўжо да сіня мора.

Схапіўся цар:

— Хутчэй вярніце,

Пагоню шліце за пагоняй!..

Ды белай чайкаю ў блакіце

З кашулі белы парус тоне.


Загрузка...