ФАНТЭЗІ ПАЭТКІ


«Заспявала табе серынады,

Белая дзеўка-зіма,

А ў змроку, сярод духмянай мяты,

Месяца даўно няма…»

(Марына Башурава)

Пародыя

Вунь снег, згубіўся ў завулку,

Знікла з дарогі святло.

Бегла па вуліцы гулка,

Лета гукала, цяпло.

Мілы дарыў серынаду,

Песню спявала вясна,

Мята буяла на градах,

Танчыў там месяц з цямна.

Цень адлюструе малюнкі,

Мілы засне ля акна,

Толькі гараць пацалункі,

Ночкай мне зноў не да сна!

16.05.2012.

ЛІСТАВЕЙ

Зіхцяць ужо інеем долы,

Пануе даўно ліставей...

А дзень будзе сонечным новы,

І ўсё наваколле мілей.

Скідаюць лістоту ўжо дрэвы,

На сцежцы ў прысадах ясней,

Даўно адзвінелі напевы,

З якімі і жыць весялей...

30.06.2012.

УЗІМКУ

Зімка сцяжыну ўзвіхрыла,

Зноў замятае сляды,

Кружацца белыя крылы,

Ціха гартаюць гады.

Вецер бяжыць да пагорка,

Грозна жартуе ізноў,

Каб патушыць усе зоркі,

Ці мо чужую любоў…

Толькі на ўзгорку пакатым

Стрэў яшчэ болей трывог,

Бачыў Вясну, луг і мяту,

Тое, што травень збярог.

1.07.2012.

КАЛЯ СОЖА

Плёс залатаносны,

Жоўценькі пясок,

Побач – шумяць сосны,

Бачу іх здалёк.

Водар зноў чабору

Лашчыць паплавы,

У зялёным бору –

Лесавік сівы.

Дзед жартуе з ветрам,

Чмыхне ў бараду,

І лясныя нетры

Моляцца дажджу…

9.07.2012.

МАЙ

Вішня сёння стала белай,

Знак абноўленнай вясны!

Бегла сцежкай я нясмела,

Каб паслухаць спеў лясны.

За плячом – плывуць аблокі,

Танчаць польку ў вышыні,

Хай лясок і луг шырокі

Дораць кайстру дабрыні.

Дождж – на ніву, на палетак,

Будзе сёння ён густы!

За вясной прыходзіць лета,

Чэрвень – месяц малады.

І да самага світання

Чую шум і плёск вады,

І народзіцца жаданне:

Каб квітнеў наш край заўжды!

СПОВЕДЗЬ ПЕРАСЯЛЕНКІ

Бягуць ручаёчкі – сцяжыны

Да родных мясцінаў маіх,

Да самай чароўнай краіны,

Дзе лепей жылося за ўсіх!

Вось тут, каласілася жыта,

Квітнеў сіні лён, як заўжды.

Сцяжына мая – не забыта!

З маленства бяжыць праз гады.

Ды шлях гэты, людцы, не блізкі,

І столькі падзей тут было!

Самотна глядзяць абеліскі

На хаты, на наша сяло.

І боль, мой такі невыносны,

Вунь вочы слязой заплылі…

Бо стронцый – шалёны і злосны –

Дастыў дзесьці ў нетрах зямлі.

РОДНЫМ МЯСЦІНАМ

Мяне, напэўна, не чакае

У госці родны, мой куток!

Як не чакае белых чаек

У лютым, белы беражок.

Але ў мясцінах гэтых звыклых,

Няма ні вёскі, ні людзей…

І далягляд амаль блакітны,

Сатканы з мроі і надзей.

Схілюся да зямелькі нізка,

Вось тут быў родны, мой парог…

І да дзяцінства ўжо не блізка:

Віецца шлях цераз разлог.

О, родны краю, мне вядома,

Што цягнеш, нібыта магніт…

Няма ўжо вёскі, майго дома,

Але ёсць грэбля і блакіт!

УСПОМНІ

Са светлай думкаю, харошай,

Успомні сёння пра мяне…

Няхай зіма белай парошай

Тваю сцяжыну замяце.

Няхай не будзе і сустрэчы,

Твой вобраз бачу толькі ў сне…

Гады не ціснуць болей плечы!

Ты – сонейка, маё ў акне.

14.06.2012.

ШТО НАПЕРАДЗЕ?

Што наперадзе? А потым –

Нас чакае, падкажы!

Ці сцяжына праз балота,

Ці туман і міражы?

І не веру я «прароку»,

Варажыў ён – на вадзе!

І трашчаў, нібы сарока,

Не скаруся я бядзе…

14.06.2012.

МОЙ СОН

Не звіняць тут болей бубны,

Не спявае карагод,

Не наступіць час той шлюбны,

Не крычыць «горка» народ.

Толькі птах раскрые крылы,

Нібы белы парасон,

Павітае звонка нівы,

Растрывожыць моцны сон.

І бяжыць стралой дарога,

Да чужога ўжо сяла.

І людзей няма. Нікога!

Быццам тут і не жыла…

14.06.2012.

ПОГЛЯД

Сплыве, як дым, за небасхіл

Усё, што так было балюча…

О, Госпадзі! Дай розум, сіл,

Каб напісаўся верш пявучы.

Каб адышла мая бяда,

Адны рубцы на целе, раны…

Спявай, паэзіі, дуда,

Зірну на свет замілавана.

15.06.2012.

МЕСЯЧЫК – ВЕСЯЛУН

Зоркам весела на небе,

Скача месяц на градзе,

Шлях такі яму патрэбен,

Як сцяжына на вадзе.

І гукае жоўты месяц,

Пеўчых птушак у бары,

Каб уранні, свае песні,

Падарылі дзетвары!

22.06.2012.

ВЯСЕННЯЯ МЕЛОДЫЯ

Калі вясна зноў за акенцам –

прыйшла руплівасці пара,

і зашчыміць чамусьці сэрца:

бо прагне радасці, дабра.

Калі ўсмешку без прычыны

падорыць ранкам цішыня,

і сінявокая Айчына,

квітнее кветкаю штодня.

І сонца ўжо за небасхілам

хавае промень у вадзе,

а вечар будзе – цёплям, мілым,

які салодкі сон вядзе…

6.05. 2012.

КАЛАСОК

У якім краю ты вырас,

Тонкі каласок?

Бог зярнятак – твой Асірыс,

Цябе не збярог.

І было табе балюча,

Калі хтось зрываў,

Слёзы ліў вярбой плакучай

Сярод кветак, траў…

ПРА КАХАННЕ

Каханню з нас кожненькі варты,

Бо гэта – жыцця талісман!

Забудзем Люцыпара карты,

Які прадказаў нам падман.

Забудзем той дзень і сустрэчу,

Калі нас сцяжыны звялі…

А, як жа забыць нам той вечар,

І зорак далёкіх агні?

Ды толькі, нібыта ў люстэрку,

Убачым шчаслівы той час,

Калі заспявала ля сэрца

Каханне, што выдала нас…

7.08.2012.

ВЯРТАННЕ Ў ДЗЯЦІНСТВА

А вечар – вунь які нясмелы!

І чырванеў зноў небакрай,

Сярпочак месяца быў белы,

Нібыта ўзімку скрушны гай.

Хадзіла поплавам пры зорах,

Дзятва ў маленстве басанож,

Раса была для нас не вораг,

Як і вясёлы летні дождж.

Глядзела маці ўслед з трывогай,

Не зачынялася акно…

Няма кутка, майго малога,

Было гэта – даўным-даўно!

* * *

Як цябе завуць?

Адзінота…

А што робіш тут?

Мне маркотна!

Не ідзі ка мне,

Не чакаю…

Сонейка ў акне

Сустракаю…

ПЫТАННЕ

Адкуль на сэрцайку трывога?

І, дзе чарговы паварот?

Я запытаю зноўку ў Бога,

як жыць шчасліва мне штогод?

Каб позірк, мой быў больш адкрыты,

Каб сум зляцеў з маіх павек,

Няхай ляцяць увысь малітвы

і застануцца там навек!

МАТУЛІ

А кватэра стала сірацінай,

Адзінота — сябар толькі мой…

І была ты для мяне адзінай,

Як надзея ранняя вясной.

Прыляціш ка мне ты зноў на золку,

Зазірнеш з пяшчотаю ў мой сон,

Зіхаціць на небе, мая зорка,

Раскрывае светлы парасон!

КАЛІ АЗІРНУСЯ

Прысвячаю брату Васілію, які трагічна загінуў

Калі ў натоўпе азірнуся,

Калі ў вачах маіх смуга,

Успомню зноўку я ў скрусе

Усё тое, што цяпер няма.

Успомню бэз, што каля хаты,

Квітнее ў траўні дзесьці зноў!

І клёнік стройны, і кудлаты,

Вясёлы шэпт тугіх лістоў.

І лаўку бачу каля плота,

Там чую голас малады…

Крадзецца злодзеем самота,

Прайшлі, прайшлі мае гады!

Брыду ў натоўпе зноў шумлівым,

І мару я аб цішыні,

Сумую аб завулку мілым,

Аб сваёй Добрушскай зямлі!

ДАЙ МНЕ КРЫЛЫ!

Ты, надзея, дай мне крылы!

Дай мне веру і любоў…

Ды, каб краю – родны, мілы

Быў, як ружачка, ізноў.

Дай мне кропельку вадзіцы,

Дай мне радасць, не тугу…

Каб змагла я памаліцца

За ўсё тое, што люблю.

Дай мне сонейка ў вокны,

І праменьчык залаты!

Каб не лётаць у аблоках,

Адшукаць свае шляхі.

Каб бядзе мне не скарыцца,

Не згубіцца ў мітусні…

Каб зямельцы пакланіцца,

Пажадаць: жыві, жыві!

РОЗДУМ

Бягуць хвіліны і жыццё

Віруе, як крыніца…

Здаецца, робім мы ўсё,

Каб Богу памаліцца.

Здаецца: вось яны шляхі,

Але збіваем ногі!

І лёс зусім наш не такі –

Ёсць горыч і трывогі.

Дый і жыццё наша не рай!

І шмат яшчэ задумак…

Але надзею – не губляй,

Сярод гаротных думак.

ПАМІЛУЙ!

Сплыве, як дым, за небасхіл

Усё, што так было балюча…

О, Госпадзі! Дай розум, сіл,

Каб напісаўся верш пявучы.

Каб адышла мая бяда,

Адны рубцы на целе, раны…

Спявай, паэзіі, дуда,

Зірну на свет замілавана.

15.06.2012.

ЗЯМЛЯЧЦЫ

ЛідзіАне (Лідзіі Возісавай)

Крыўдавала ты знарок,

Апусціўшы вочы…

Паэтычны твой радок,

Нібы смех дзявочы!

Усміхайся ты часцей,

Хай знікаюць хмары,

Будзе светлым лёс дзяцей,

Сонечнымі мары.

І зялёнае святло

На шляху жыццёвым.

Усё горкае – сышло,

Стрэнеш дзень ты новы!

НАДЗЕЯ

Хай у вясны – халоднай, ранняй

Няма зялёнага святла,

Ды на цяпло ёсць спадзяванне,

Хоць шэрань тут адна лягла.

І рэдкі сонечны праменьчык

Кране ля сэрцайка струну,

Надзея ўспыхне, як агеньчык,

Народзіць радасць, не тугу.

Няхай туман каля абрыва

Віецца белым матыльком,

Зямля мая – будзе шчаслівай,

І светлым будзе кожны дом!

7.05.2012.

ВОСЕНЬ

Увосень, як клін жураўліны

Вяшчуе з нябёсаў журбу,

Зіхцяць, бы касцёр, арабіны…

Я гэту часіну люблю.

Хай лета прайшло незваротна,

І горыч душу паласне,

А дзень будзе шэрым, самотным,

Які растрывожыць мяне.

Шукаць цеплыню я не стану,

І лета гукаць не змагу,

Здаецца, з густога туману

Па жоўтай лістоце іду.

Шукаю патрэбныя словы,

Каб зноў азірнуцца назад,

На клёнік высокі, барвовы,

Які цалаваў лістапад.

ВЫСНОВА

Пражыць бы крышку без турбот,

Без слёз, без болю, адзіноты…

Чаму ж тады вось кожны год

Плыве, як човен, час самотны,

І дзе чарговы паварот?

Калі ёсць родныя, сябры,

Калі здароўе ёсць, шчэ й сілы,

Працуй без стомы да зары,

Бо толькі – родны край нам мілы,

І на зямлі дабро твары!

І ведай толькі ты адно:

Што жыць нам трэба светлай марай,

І зазірне святло ў акно!

Зласлівасць – будзе Божай карай,

Пацягне цемра ўсіх на дно…

САМОТА

Я прыехала дадому…

Толькі хаты ўжо няма!

Па шляху іду старому,

Да чужога ўжо сяла.

Мой пасёлак знік і з карты,

І было гэта даўно…

Кожны з нас чагосьці варты,

Снег прылёг вунь на чало.

Але памяць зноў вяртае

У той дзень, які патух!

І душа зноў ажывае,

Каля сажалкі. Вось тут…

ГОРЫЧ

Чырванела неба, як дзяўчына,

Луг драмаў самотны ад расы.

І вільготнаю была даліна,

Нахілілі голаў каласы.

Маладзік, загнуўшы свае рожкі,

Весела над возерам скакаў...

Веерам, раскінўшы дарожку

Штосьці ён на плёсах адшукаў.

Толькі тут няма даўно і следу,

Зараслі сцяжыны, як мурог...

І туды – я болей не паеду,

Бо няма ні вёскі, ні дарог!

ШТО ЗГУБІЛА?

Ніне Шкляравай

Што згубіла ты сягоння?

Што цікавае знайшла?

Жартавала з ветрам вольным

Зноў вярбіна ля двара.

Абдымала зноў за плечы,

Цалавала бараду…

На спатканне, на сустрэчу,

Кроплі выпалі дажджу.

І вярбіна галасіла,

Бо стрымацца не змагла!

І якая гэта сіла

Да вятрыскі прывяла?

24.04.11.

НЕ ПАКІДАЙ!

Не пакідай мяне, надзея,

Не пакідай!

Душа ніколі не старэе,

Пра гэта знай!

Не пакідай мяне, сяброўка,

Не пакідай!

Калі мне цяжка – тваё слоўка,

Нібыта рай.

Не пакідай, Анёл-ахоўнік,

Не пакідай!

Жыццё цяплом маё напоўні

І зберагай.

БЫЛОЕ

Руіны Калізея…

Загадка ці туга?

Калісьці тут надзея

Загінуць не змагла.

Разбэшчаннасць і смутак

Ішлі яны паміж,

Любоўю і атрутай,

Цярпліва неслі крыж.

Шмат год тут адшумела,

І парасло быллём…

Вунь чайка зноў нясмела

Махнула нам крылом.

18.06.2012.

БЯРОЗЦЫ

Мне зялёнаю касынкай

Узмахнула ты здаля,

Калі бегла я сцяжынкай,

Ногі лашчыла ралля.

Вунь шырокаю палоскай

Зелянее родны гай,

Да чужой іду я вёскі,

У вачах маіх – адчай!

Хоць надзей было багата,

У душы – адна слата…

Тут калісь стаяла хата,

А цяпер – там пустата.

Мне і сумна, і балюча,

Дай жа, Божа, лепшых сіл!

Бо прайшло ўсё немінуча,

І сплыло за небасхіл.

19.06.2012.

КАЛЯ САЖАЛКІ

Зацягнула жоўтай раскай

Зноўку сажалку маю…

І схавала, як пад маскай,

Усё тое, што люблю.

Што тварыцца там, на донцы?

Здагадайся, адшукай.

Не купаецца там сонца,

Толькі цемра і адчай.

І з балючаю трывогай

Азірнуся я вакол…

Ні людзей тут, анікога,

Адзін росны толькі дол.

7.07.2012.

ЗАБЫТАЯ ДАЧА

Пачарнелы дом, як сажа,

Стаў забыты агарод…

І ніхто цяпер не скажа,

Што тут сеялі штогод.

І ніхто не прыгадае

Пра цяпло жаночых рук…

Як маланка, пралятае,

Кола радасці і мук.

Пустацвету тут нямала,

Шалясціць садок сцяной!

Гаспадыня тут спявала,

Быццам ластаўка вясной.

Адляцеў той спеў далёка,

На чужыя рубяжы.

У нябёсах, дзесь высока,

Няма болю і мяжы…

22.06.2012.

МЕЛОДЫЯ ВОСЕНІ

Эме Усціновіч

Мяцеліцай ляціць зноў лісце,

Віруе, танчыць каля ног…

І так было, пэўна, калісьці,

Ля пуцявіны, ля дарог.

І слёзы горкія, расстанні,

Каханне кветкаю цвіло…

Спяваў салоўка мне ўранні,

І ўсё жывое – зноў жыло!

Прабеглі ранкі і дзянёчкі,

Гадочкі юныя сплылі…

І адцвілі, нібы валошкі,

Каля сцяжыны, ля раллі…

АДЗВІНЕЛА ЛЕТА…

Птушкай звонкай, лёгкакрылай,

Адзвінела лета…

І ляціць жыццё імкліва,

Ціха, непрыкметна.

Зніклі мроі, летуценні,

Кветкі ў лузе, росы…

Дзе ж вы, юныя імкненні,

Кут мой, шматгалосны?

Дзе ж ты птах, мой пералётны?

Адляцеў мо ў вырай?

Вечар сёння зноў самотны,

Ад размовы шчырай…

ПРОСЬБА

Не крыўдуй, я прашу, на мяне!

Адзінока мне сёння, няўтульна,

У натоўпе стракатым і сумным…

Не крыўдуй, я прашу, на мяне.

Не крыўдуй, я прашу, на мяне!

Дай мне кропельку шчасця і волі,

І цябе не забуду ніколі,

Не крыўдуй, я прашу на мяне…

ПАСЛУХАЙ ВЯСНУ

Пра каханне сваё не кажы,

Толькі, дружа, не вер забабонам!

Калі дойдзеш да самай мяжы –

Ты паслухай вясны звонкі гоман.

Хай віруе наш час, як шалёны,

Усміхніся дажджу і імжы…

Калі дойдзеш да самай мяжы,

Ты паслухай вясны звонкі гоман!

ЗАБЫВАЙ!

Забывай апошні вечар,

Не крычы і не кляні…

Дам параду, чалавеча:

Не губляй ты дабрыні!

Калі хтось каму патрэбен,

Знойдзе нават і на дне,

Быццам зорачку на небе,

Ці праменьчык у акне.

СЯБРОЎЦЫ

Жывём мы і ў шчасці, і ў смутку,

Як госці прыйшлі на зямлю,

І марым аб родным закутку,

І кажам Радзіме: «Люблю!»

Нам шмат чаго, пэўна, не трэба,

Каб сонца глядзела з нябёс,

І бохан духмянага хлеба,

Які хлебароб нам прынёс.

4.07.2012.

У ВЁСЦЫ

Там за лесам, за той вёскай,

Адспявала штосьці, адгуло…

І журботным адгалоскам

Усё мінула, усё прайшло.

Ціха тут заўсёды ўранку,

Спеў дзявочы дзесьці адзвінеў…

Ліст кляновы зноў на ганку

Полымем чырвоным барвавеў.

НЕ ЗАБЫЦЬ!

Нам не забыць тыя чорныя дні,

Як не злічыць чалавечыя страты…

Вунь, як галосяць, родныя хаты,

Рэха гучыць у начной цішыні.

Пуста на вуліцы. Ціха ў полі,

Только на ўзлеску бялеюць бярозы.

Што ім Чарнобыль і тыя марозы!

Зноў зелянеюць у траўні, на волі.

Толькі вось дзіўна: у чым тут віна?

Зноўку ля сэрца застыне гаркота.

Вечны сябрук мой – цяпер адзінота…

Выпіта горыч да самага дна!

НАВОШТА?

Скажы: навошта зноў трывога?

На сэрцы камень, нейкі боль…

Куды вядзе мяне дарога?

Няма цукерак, толькі соль…

Пейзаж сагрэе мае вочы,

А думкі – танчаць карагод…

Блукаю ціха я да ночы

У лабірынце цэлы год.

І толькі сонейка прыветна

Гарыць сланечнікам у акне…

Надзея – дар той запаветны,

Які ў жыццё вядзе мяне.

* * *

Срэбра дораць мне сняжынкі,

Ціха падаюць на плечы…

Не забыўныя хвілінкі,

Бо прырода – сэрца лечыць!

І няхай зіма навокал,

Хай чаруе белізной!

Набяжыць сляза на вочы-

Помню, помню голас твой…

Дый было гэта даўнютка,

Можа, нават не са мной?

Хай бягуць гадочкі хутка,

А на сэрцы – неспакой.

Хай не спраўдзіліся мары,

Хай каханне адцвіло…

Разганяю свае хмары,

Уздымаю зноў крыло.

Загрузка...