Часы Полацкага княства


980 - чэрвень, напад ноўгарадскага войска на чале з князям Уладзімірам Святаславічам сумесна з нанятымі посілкамі з варагаў, чудзі і меры на Полацак. Забойства полацкага князя Рагвалода і ягоных сыноў. Гвалт Уладзіміра над князёўнай Рагнедай. Разбурэнне заваёўнікамі першага Полацкага дзядзінца. Гэтая крывавая падзея адкрывае засведчаную летапісамі беларускую гісторыю.

983 - заваёўчы паход кіеўскага войска князя Ўладзіміра на землі яцвягаў (займалі поўдзень-захад Берасцейскай і Гарадзенскай зямель) дзеля іх падпарадкавання кіеўскай уладзе.

984 - заваёўчы паход кіеўскага войска на радзімічаў дзеля падпарадкавання Кіеву зямель, багатых на балотную жалезную руду. Няўдалая для радзімічаў бітва з кіеўлянамі на рацэ Пяшчане.

987 - няўдалы замах Рагнеды на жыццё мужа, князя Ўладзіміра. Высылка Рагнеды са старэйшым сынам Ізяславам у горад на памежжы дрыгавіцкіх і крывіцкіх зямель (сённяшняе Заслаўе).

989 - захоп кіеўскім князем Уладзімірам горада Турава пасля аблогі. Жорсткая бітва з кіеўлянамі пакінула след ў мясцовай легендзе пра крывавыя камяні, што прынесла ў Тураў рака. Прымусовае хрышчэнне жыхароў Турава.

989 - прымусовае хрышчэнне насельніцтва Заслаўя. Змушэнне з волі князя Ўладзіміра да манаскага пастрыгу княгіні Рагнеды, якая пад імем Анастассі стала першай беларускай манашкай.


XI стагоддзе

1013 - спроба князя Святаполка Тураўскага вывесці Тураў з-пад улады Кіева, за што кіеўскі князь Уладзімір пасадзіў Святаполка разам з жонкай, дачкой польскага караля Баляслава, і яе духоўнікам біскупам Рэйнбергам, у цямніцу. Былі вызваленыя пад пагрозай вайны Кіеву з боку караля Баляслава, цесця Святаполка.

1015 - пачатак міжусобнай вайны тураўскага князя Святаполка са зводным братам, ноўгарадскім князем Яраславам Мудрым (вайна цягнулася па 1018 год).

1016 - Любецкая бітва паміж палкамі Святаполка Тураўскага і Яраслава Ноўгарадскага.

1018 - бітва палка Святаслава Тураўскага сумесна з посілкамі цесця, польскага караля Баляслава Храбрага, супраць войска ноўгарадцаў князя Яраслава Мудрага. Параза Святаполка.

1020 - захоп Берасця войскам польскага караля Баляслава.

1021 - паход полацкага князя Брачыслава Ізяславіча на Ноўгарад. Бітва са сваім родным дзядзькам, кіеўскім князем Яраславам, на рацэ Судаміры.

1022 - паход войска князя Яраслава Мудрага на Берасце для адбіцця горада ў палякаў.

1038 - рабаўнічы паход кіеўскага палка князя Яраслава на поўдзень Берасцейшчыны на яцвяжскія паселішчы.

1040 - рабаўнічы паход кіеўскага палка князя Яраслава Мудрага на паселішчы панёманскай літвы (Гарадзеншчына).

1044 - паўторны рабаўнічы паход кіеўскага князя Яраслава на панёманскую літву (гістарычная літва займала ўсходнюю частку сённяшняй Гарадзенскай вобласці). Заснаванне Наваградка на месцы спаленага заваёўнікамі паселішча Жоўны.

1055 - удзел полацкага палка ў рабаўнічым паходзе кіеўскага і чарнігаўскага князёў на сцепавыя паселішчы торкаў.

1065 - заваёўны паход полацкага князя Ўсяслава Чарадзея на Пскоў. Бітва з ноўгарадцамі на рацэ Чарэсе.

1066 - заваёўны паход полацкага князя Ўсяслава Чарадзея на Вялікі Ноўгарад. Захоп і разбурэнне горада, легендарны вываз званоў з ноўгарадскай Сафійскай царквы ў Полацак.

1067 - люты, напад братоў Яраславічаў (кіеўскі князь Ізяслаў, пераяслаўскі князь Святаслаў і чарнігаўскі князь Усевалад) на Менск. Захоп і спусташэнне Менска і менскага замка, вынішчэнне мужчын, вывад у палон жанчын і дзяцей.

1067 - 3 сакавіка, знакамітая, апаэтызаваная ў «Слове пра паход Ігаравы», крывавая сеча паміж полацкім войскам Усяслава Чарадзея і злучанымі войскамі братоў Яраславічаў на рацэ Нямізе (цэнтр цяперашняга Менска).

1067 - 10 ліпеня, здрадніцкі захоп братамі Яраславічамі князя Ўсяслава Чарадзея каля Воршы пад час перамоваў. Браты парушылі сваю крыжацалавальную клятву пра бяспеку для Ўсяслава пры сустрэчы. Полацкі князь і два яго старэйшыя сыны апынуліся ў земляной турме кіеўскага замка. Прабылі ў зняволенні 10 месяцаў.

1068 - 15 жніўня, паўстанне кіеўлянаў супраць князя Ізяслава прынесла Ўсяславу і яго сынам волю. Усяслаў Чарадзей быў абраны на кіеўскага князя. Прабыў на кіеўскім стальцы 7 месяцаў і вярнуўся на Полаччыну адваёўваць сваю сталіцу ад кіеўскага стаўленніка, на што спатрэбілася тры гады.

1069 - бітва полацкага войска Ўсяслава Чарадзея з ноўгарадскім войскам на рацэ Бені.

1076 - рабаўнічы паход на землі Полацкага княства войска Ўладзіміра Манамаха.

1077 - паход на Полацак чарнігаўскага і смаленскага палкоў на чале з князем Уладзімірам Манамахам.

1078 - бітва палачанаў з аб'яднанымі кіеўскім і ноўгарадскім войскамі Ўладзіміра Манамаха і яго палавецкімі хаўруснікамі.

1085 - паноўны заваёўны паход Уладзіміра Манамаха на Полацкае княства. Бітва палачанаў на чале з Усяславам Чарадзеям з войскамі Манамаха. Бязлітаснае разбурэнне («не пакінуў ні чэлядзіны, ні скаціны») Манамахам гістарычнага Менска на рацэ Менцы, які знаходзіўся ў 20 вярстах ад сучаснага Менска.


XII стагоддзе

1102 - рабаўнічы паход полацкага князя Барыса на яцвягаў. Заснаванне Барысава на Бярэзіне і засяленне яго палоннымі яцвягамі.

1103 - удзел полацкага палка князя Давыда Ўсяславіча ў рабаўнічым паходзе кіеўскіх князёў на палавецкія землі.

1104 - спусташальны паход полацкага князя Давыда і групоўкі смаленскага, чарнігаўскага, пераяслаўскага князёў на чале з Уладзімірам Манамахам на менскага князя Глеба, роднага брата Давыда.

1106 - рабаўнічы паход менскага князя Глеба разам з дружынамі іншых удзельных князёў Полаччыны (сваіх родных братоў) на земгалаў.

1114 - вайна менскага князя Глеба з літоўскім князем Жывібундам. Аблога і спаленне літоўцамі прадмесцяў Менска.

1116 - рабаўнічы паход смаленскага палка князя Вячаслава на Менскае княства, захоп Воршы і Копысі.

1116 - вайна кіеўскага князя Ўладзіміра Манамаха сумесна са смаленскім князем Вячаславам, князем пераяслаўскім Яраполкам і князем чарнігаўскім Давыдам супраць дрыгавічоў і палачанаў. Разбурэнне Друцка, вывад друцкага жыхарства ў Пераяслаўскае княства дзеля засялення пустак.

1117 - паход менскага палка князя Глеба вайной на землі Смаленскага княства.

1117 - паход менскага палка князя Глеба на Наваградак, каб выбіць адтуль кіеўлянаў.

1119 - перамога войска Ўладзіміра Манамаха над менскім войскам. Асада і ўзяцце штурмам Менскага замка, палон менскага князя Глеба Ўсяславіча. Пакутніцкая смерць Глеба ў кіеўскай вязніцы (быў замардаваны голадам).

1128 - захопніцкі паход згуртаваных войскаў кіеўскага, чарнігаўскага, смаленскага князёў на Полацкае княства. Захоп і высылка пяці полацкіх князёў з сем'ямі ў Візантыю.

1132 - паўстанне па рашэнню веча ў Полацку супраць кіеўскага стаўленніка князя Святаполка Мсціславіча. Вяртанне ў Полацак князя полацкай дынастыі - Васілька Святаславіча.

1132 - рабаўнічы паход гарадзенскага князя Ўсяслава Давыдавіча на паселішчы панёманскай літвы.

1150 - паноўная міжусобная война Полацкага і Менскага княстваў.

1151 - паўстанне гараджанаў Полацка супраць свайго князя Рагвалода Барысавіча, разрабаванне княжага двара.

1151 - удзел гарадзенскага князя Барыса Ўсеваладавіча ў сумесным паходзе князёў на Кіеў.

1158 - беспаспяховая аблога Турава супольным войскам князёў на чале з кіеўскім князем Ізяславам (працягвалася 10 тыдняў).

1158 - міжусобная война палачанаў з менчукамі. Аблога Менска войскам полацкага князя Рагвалода Барысавіча.

1159 - паўторная аблога Менска полацкімі і друцкімі дружынамі князя Рагвалода Барысавіча.

1161 - 3-тыднёвая аблога Турава палкамі валынскіх князёў.

1161 - разгром менчукамі полацкага войска князя Рагвалода Барысавіча пад Гарадцом.

1169 - удзел палачанаў у разбурэнні Кіева разам з войскамі ўладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага.

1181 - рабаўнічы паход на Друцк згуртавання чарнігаўскіх, полацкіх князёў і ноўгарадскага палка.

1183 - удзел гарадзенскай і пінскай дружынаў ў паходзе на палавецкага хана Канчака разам з кіеўскім князем Святаславам.

1191 - рабаўнічы паход ноўгарадцаў на літоўскія паселішчы.

1195 - змаганне полацкіх князёў са смаленскім князем Давыдам Расціславічам. Перамога палачанаў над смалянамі.

1198 - сумесны захопніцкі паход полацкіх і літоўскіх дружынаў на горад Вялікія Лукі ў Ноўгарадскую зямлю.


XIII стагоддзе

1201 - паход войска полацкага князя Валадара на літоўскія землі.

1203 - першы ваенны паход полацкага войска ў Лівонію на Ордэн мечаносцаў.

1205 - рабаўнічы паход літоўскіх дружынаў на полацкія землі.

1206 - паноўны паход палачанаў ў Лівонію на Ордэн мечаносцаў, каб абараніць свае правы на даніну з ліваў.

1207 - прайграная бітва палачанаў крыжакам-мечаносцам за горад Кукейнос.

1208 - захоп мечаносцамі полацкага прыгарада Ерсікі. Паўстанне жыхароў Кукейноса, вынішчэнне крыжацкага гарнізона.

1212 - у сутычках з мечаносцамі Полацак страціў правы на збор даніны з воднага шляху па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае мора.

1219 - сумесныя ваенныя дзеянні Наваградка, галіцкіх і літоўскіх князёў супраць палякаў.

1222 - захопніцкі паход мазураў разам з немцамі на землі прусаў і дайновы (племя дайнова займала поўнач Гарадзеншчыны).

1226 - абарона кукейноскім князем Вячкам разам з палачанамі горада Юр'ева ад мечаносцаў.

1226 - захопніцкі паход галіцкіх палкоў на Берасцейшчыну. Напад на Пінск, захоп у палон сям'і пінскага князя. Бязлітаснае вынішчэнне яцвяжскіх паселішчаў.

1229 - рабаўнічы наезд нальшанцаў і літвы на Вялікі Ноўгарад.

1229 - чарговы захопніцкі паход галіцка-валынскага войска на Берасцейшчыну на паселішчы яцвягаў.

1234 - няўдалы наезд нальшанцаў і наваградцаў на горад Русу; бітва са смалянамі на рацэ Дуброўцы.

1235 - паход наваградскіх і літоўскіх дружынаў на Мазовію.

1237 - пераможная бітва наваградцаў, літвы і галіцка-валынскіх палкоў з тэўтонскімі крыжакамі пад Драгічыным на Бузе. Пасля гэтай паразы Ордэн мечаносцаў (Лівонскі) і Нямецкі ордэн аб'ядналіся.

1239 - рабаўнічы наезд наваградцаў і літвы на землі Смаленскага княства. Звычайная мэта наездаў - лупы.

1240 - удзел палачанаў у бітве ноўгарадцаў са шведамі на Няве.

1242 - засведчаны летапісамі ўдзел полацкіх ваяроў ў разгроме мечаносцаў у бітве на Чудскім возеры.


Загрузка...